Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Луцкевіч А. Публіцыстыка з часоў БНР 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 02-07-2013,
Крыніца: Луцкевіч А. Публіцыстыка з часоў БНР // Спадчына №3-1993. С. 11-15.



75 гадоў мінула з таго часу, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, якая стала найважнейшаю гістарычнаю вехай на шляху культурна-нацыянальнага Адраджэння, аднаўлення беларускае дзяржаўнасці. Адразу ж пасля абвешчання БНР разгарнулася шырокая праца па тэарэтычным абгрунтаванні права беларускага народа мець уласную дзяржаву, ішлі пакутлівыя пошукі беларускага шляху. Ці здольныя беларусы стварыць незалежную дзяржаву i кіраваць ёю? Што пакласці ў аснову, падмурак дзяржаўнага будаўніцтва, каб гмах новае дзяржавы быў трывалы? Увогyлe, ці з'яўляюцца беларусы нацыяй, а беларуская мова - асобнай мовай? Што рэальна можна зрабіць дзеля аднаўлення беларускае дзяржаўнасці ў даволі неспрыяльных умовах таго часу? Гэтыя i іншыя пытанні шырока абмяркоўваліся на старонках беларускіх газетаў i часопісаў, якія выходзілі ў той час. У 1918 г. у Менску выдаваліся «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Крыніца» (лацінкай), «Белорусская земля», часопіс «Варта», а ў Вільні - «Гоман» (кірыліцай i лацінкай). Выходзілі газеты i ў павятовых цэнтрах Дарэчы сказаць, што многія ідэі, выказаныя ў той час, не страцілі сваей акту альнасці i сёння. навука мінуўшчыны асабліва патрэбна нам цяпер, кал мы адбудоўваем нашу дзяржаўнасць», - пісаў А. Луцкевіч у 1918 г. Прапануем некалькі ягоных артыкулаў, змешчаных у «Гомане» пад псеўданімам I. Мялешка i А. Новіна.

АБ ДЗЯРЖАЎНЫМ БУДОЎНІЦТВЕ

Стацьця Антона Новіны

Як для кожнага народу, так i для нас, гісторыя - гэта жывая кніга жыцьця. Яна дае нам магчымасьць познаць агульны кірунак разьвіцьця нашаго народу, а разам з тым выкрывае прычыны нашаго пазьнейшаго упадку - ажно да апошніх часоў уваскрашэньня. А навука мінуўшчыны асабліва патрэбна нам цяпер, калі мы адбудоўваем нашу дзяржаўнасьць.

Углядаючыся ў эпоху тварэньня нашай старой дзяржаўнасьці, мы зусім не знаходзім у ім таго прынцыпу, які ляжыць звычайна ў аснове дзяржаўнасьці другіх народаў: прынцыпу нацыанальнаго. Магутная сіла цягаценьня беларускіх зямель да Балтыцкаго мора, як да вольнаго выхаду на ўвесь сьвет, прымусіла нас гуртавацца, як каля дзяржаўнаго ядра, каля літоўскаго племя, залёгшаго на дарогах нашых да мора. I хаця ў часе нашага супольнаго з літвінамі дзяржаўнаго жыцьця ў межах Вялікага Князьства Літоўскага мы бачым расьцьвет нашае нацыанальнае культуры, хаця наша мова была мовай гасударственнай ва ўсей Літве, хаця мы далі літвінам нашы нормы права i асновы грамадзянскаго быту, - аднак прынцып абароны рознаплямённай дзяржавы стаяў у нас вышэй прынцыпу нацыанальнаго, i гэта было прычынай таго, што, зьліўшыся з польскай дзяржаўнасьцю мы не здолелі даць адпору польскаму нацыанальнаму націску і, разам з утратай асобнасьці гасударственнай, утрацілі ў вышэйшых станах сваю нацыанальнасьць. Праўда, гэта сталася ня без барацьбы, - толькі i барацьба за нашу нацыанальную самабытнасьць вялася под штандарам не нацыанальным, а рэлігійным. Дарэмна паадзінокія людзі - патрыоты (як Васіль Цяпінскі i інш.) паднімалі свой голас с прызывам да вышэйшых станаў дзяржацца сваёй нацыанальнасьці i свайго языка: як раней прынцып дзяржаўнасьці, так пасьля рэлігія засланілі сабой аснову нашаго быту - прынцып нацыанальны.

Доўгая польская, а пасьля маскоўская няволя не давалі магчымасьці беларусам збудзіцца нацыанальна, бо ўсе нашы творчыя культурныя сілы забіралі полякі i маскалі. Аднак магутны парыў да волі, які дзевятнаццаты век абярнуў у век адраджэньня нацыанальнасьцей, дайшоў урэшці i да нас. I вось ужо у першай палове ХІХ ст. мы бачым спробы падняць беларускі рух. Але першыя спробы былі зроблены не на грунце чыста нацыанальным, а на грунце такзваным, «краевым»: пад той час ідэя краю, населенага неколькімі нацыанальнасьцямі, стаяла наперадзі ўсяго, i тыя, хто браўся будзіць беларусаў, былі нацыанальна далёкімі ад ix. Вось чаму ажно да канца XIX сталецьця спробы нацыанальнаго адраджэньня беларусаў канчаліся звычайна нічым, i толькі век дваццаты, калі ўрэшці зварухнуліся мільённыя масы беларускага «простага» народу, калі гэтыя «простыя» людзі ўрэшці пранікліся нацыанальнай сьвядомасьцю, - даў сапраўдны пачатак беларускага адраджэньня.

Пад нацыанальным штандарам адгэтуль ішла ўся беларуская культурная i грамадзкая работа, на грунце яе вырасла вялікая ідэя будаваньня нацыанальнай дзяржавы, каторай было сужаиа ў рэзультаце сусьветнай вайны быць праведзенай у жыцьцё: на нашых вачох Беларусь сталася незалежнай дзяржавай. I ў тым, што гасударственнае творства беларусаў абапёртана на нацыанальнай аснове, - заповедзь яснае будучыны нашага народу.

Нікому ня тайна, што доўгі сьцяг новаутвораных гасударственных арганізмаў свой быт атрымау толькі дзякуючы таму, што дужэйшым за ix палітычным сілам было карысна ix істнованьне. Mo шмат каму прыкра аб гэтым гаварыць, мо гэта балюча для тых народаў, каторыя аказаліся забаўкай у чужацкіх руках, - а ўсё-ж такі гэта - факт. Вось-жа, калі самыя народзіны гэтых дзяржаў аснованы на чужой волі, дык i далейшы ix быт можа быць залежным ад тэй-жа волі, а пры ненамысных палітычных варунках яны проста могуць запнуць. Ясна, што i прызнаньне i умацаваньне незалежнага дзяржаўнага быту Беларусі так сама залежны ад агульных палітычных варункаў. Вось-жа, каб пры зьмене гэных варункаў на нашу некарысьць не пагібла i наша дзяржава, мы павінны ў аснову яе палажыць нешта такое, што будзе трываць вечна, што не залежыць ад тых ці іншых наплываў. А гэта i ёсьць аснова нацыанальная, каторая не разваліцца датуль, дакуль жыць будзе беларускі народ.

Будаваць незалежную Беларусь павінны самі беларусы - i то беларусы нацыанальна сьвядомыя, беларусы, каторыя не на словах толькі, а на жывым дзеле - усім сваім жыцьцём, кожным сваім крокам умацоўваюць беларушчыну. Мы павінны цяпер больш, чым калі, сьцерагчыся так-званых «тоже белорусовъ», каторыя, называючы сябе беларусамі, маюць у душы толькі пагарду да свае мовы, да сваіх братоў сярмяжных, да ўсяго роднага, беларускага. Благі той будаўнічы, каторы закладае фундамэнты вялізарнага гмаху з нягоднага матэріялу: яго будыніна ня будзе мець моцы i хутка разваліцца. Вось-жа, каб будоўля незалежнай Беларусі i не развалілася, каб пры найгоршых для нас варунках мы асталіся самі сабой, трэба ў аснову нашага дзяржаўнага будоўніцтва палажыць чыстую беларускую нацыанальную ідэю.

Антон НОВІНА
м. Вільня

Примечаніе.
Трактуемый Антономъ Новиной вопрос мы ставим во главу угла всей нашей политики, всей нашей общественной и культурно-просветительной работы. Считаем, однако необходимым заметить, что оборона національнаго вопроса должна итти всеми путями, по которым только можно достигнуть цели. Вотъ почему, стойко защищая въ нашемъ белорусскомъ государственномъ строительстве национальный вопросъ, какъ базу нашего существования, мы, опубликовывая некоторые матеріалы или печатая статьи и не на белорусском языке, считаем это вполне отвечающимъ нашимъ задачамъ.
Как Mecciи, ждём того дня, когда в этомъ мінуеть всякая надобность.
Редакция

(«Варта», 1918, № 1, кастрычнік)

БУДАВАНЬНЕ ДЗЯРЖАЎНАГА ЖЫЦЬЦЯ

Выступленьне так званых «недзяржауных» народау з дамаганьнямі, каб за імі было прызнано права на будаваньне свайго асобнаго гасударства, вызываюць у «дзяржаўных» нацый недавер'е, а то i ўсьмешку. «Як вы будзеце тварыць сваю дзяржаву, калі у вас дзеля гэтага нічога няма?» - гэткія словы можна пачуць вельмі часта. Хоць на першы погляд высказанае ў ix сумлеваньне выдаецца абаснованым, - аднак, углядаючыся глыбей у ix значэньне, трэба сказаць, што дзеля сумлеваньня тут месца німа. Праўда, у народаў, каторыя пад панаваньнем чужой дзяржавы жылі на сваёй зямлі быццам рабы, няма тых элемэнтау, якія патрэбны дзеля гасударственнага будаўніцтва. Але німа толькі затым, што варункі жыцьця не давалі разьвівацца гэтым элемэнтам. Калі-ж спадуць путы няволі, жывы народ заўсёды здолее стварыць усё тое, што патрэбно дзеля гасударственнай арганізацыі, падобнай таму, як стварылі гэта народы, пахваляючыся сваёй дзяржаўнасьцю.

Апавяшчэньне незалежнасьці Беларусі актам 25 марца гэтага года стаўляе на чародзі пытаньне: чы маюць беларусы даволі сіл, патрэбных дзеля арганізацыі сваёй асобнай гасударственнасьці? У Заходняй.Еўропе аб Беларусі i беларусах; здаецца, ведаюць менш, чым аб якім-колечы афрыканскім племі. Факт, што беларуская мова i беларуская цывілізацыя панавалі у колішнім Вялікім Князстве Літоўскімі што знамяніты «Літоўскі Статут» быў напісан пабеларуску i сваё імя ўзяў ні ад народу літоўскага, а ад гасударства, - гэта для Заходняй Еўропы цэлае вялізарнае адкрыцьцёі I калі за час нямецкай акупацыі заходнееўрапейскія палітыкі крыху даведаліся аб літвінах, дык аб беларусах мы ні спатыкалі блізка ніводнага слова ані ў тамтэйшых газэтах, ані ў краязнаўчых працах. З гэтай прычыны пастаўленае вышэй пытаньне вызывав там бязспорна яшчэ вялікшае сумлеваньне, чым пытаньне аб Літве ці іншым «нідзяржаўным» краі.

Тым часам, як раз у Беларусі, мы знаходзім найбольш творчых гасударственных сіл. Hi кажучы ўжо аб тым, што беларускі народ у мінуўшчыні выявіў быў свае арганізацыйныя задаткі, стаўшыся кіраўнічым гасударственным элемэнтам у ВКЛ, - мы павінны адзначыць, што i цяпер беларусы больш прыгатаваны да таго, каб узяць у свае рукі ўпраўленьне сваім краем, чым літвіны i нават палякі.

Справа ў тым, што яшчэ за некалькі гадоў да вайны Беларусь - апрача дзьвох заходніх губерній: Віленскай і Гродзенскай - атрымала земскае самаўпраўленьне, каторага ні мела ні Літва, ні Польшча. Праўда, сьпярша правы беларускіх земств былі вельмі агранічаны. Праўда, што пры завядзеньні ix Сталыпін рупіўся перш за ўсё аб тое, каб ні даць у ix ходу палякам. Але факт, што на Беларусі ўтварылі органы самаўпраўленьня, ня мог ні пакінуць вельмі сур'ёзнага сьледу: тут, у земствах, утварылася першая школа грамадзкае гаспадаркі. I хоць расейскі ўрад стараўся праводзіць i празь земствы абмаскоўленьне беларусаў, усё-ж такі, заводзячы земскае самаўпраўленьне, ён даў беларусам магчымасьць навучыцца самым здаволіваць свае патрэбы. Вайна паставіла перад беларускім земствам новыя задачы: празь Беларусь праходзіла вялізарная часьць ваеннага фронту, i земствы былі прыцягнены да працы дзеля здавайваньня патрэб многамільённых армій. Калі-ж паў царызм i чыноўніцкая «апека» шмат палягчэла, земскія самаўпраўленьні на Беларусі вельмі пашырылі сваю кампэтэнцыю.

Урэшці, бальшэвіцкі пераварот да канца зьмяніў старыя земскія парадкі, завёўшы агульныя, роўныя, тайныя i безпасрэдныя выбары земскіх «гласных», i гэтак абярнуў Сталыпінскае «культурное» земство ў сапраўдны орган народнаго самаўпраўленьня. На жаль, апошнія выбары адбыліся пад бальшавіцкім тэрорам, i гэтак у беларускіе земствы папало многа элемэнтаў чужых нашаму народу i часта проста шкодных для краю.

Як бы там ні было, беларусы больш, чымсі ix суседзі з Захаду, прыгатованы узяць у свае рукі кіраўніцтво грамадзкай гаспадаркай, i пераход гасударственнай уласьці з рук маскоўскіх чыноўнікаў у рукі беларускага ўраду можа адбыцца скора i легка, - тым болей, што першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. А пасьля ліквідацыі вайны вернуцца ў родны край i тыя чысьленыя беларускія культурныя сілы, каторыя цяпер параскіданы па ўсёй Расіі, - як з прафесары расейскіх універсітэтаў i гімназій, так i з-паміж працаўнікоў расейскіх урадовых устаноў. I закіпіць тады дружная i плодная работа ўсіх сыноў Беларусі,- тым болей плодная, што ўсе яны будуць рабіць не для чужых, як было дагэтуль, а для сябе i сваіх.

I. МЯЛЕШКА
(«Гоман», 1918, 3 красавіка, № 28)

БЕЛАРУСЬ I РАСЕЯ

У справах, ад каторых залежыць мо ўся далейшая будучыня нашага народу, пачуцьцё - благі райца. Наадварот: тут патрэбна толькі развага, толькі халодны розум, каторы адзін можэ разьвязаць асноўныя пытаньні нашага быту, узіраючыся НІ на мімалётнае i зьменнае настраеньне, а на сапраўдныя інтарэсы i патрэбы нашага народу i краю.

Здаўна між маскоўскай i польскай інтэлігэнцыяй на Беларускай зямлі ішла канкурэнцыя на грунці дэнацыяналізацыі беларусаў: маскалі стараліся абяртаць нас у маскалёў, палякі - у палякоў, ды як адны, так i другія ўсімі магчымымі спосабамі нішчылі ўсё спрадвечна беларускае. Цяпер, калі настаў гістарычны мамэнт адбудовы палітычнай незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны, маскалі i палякі аб'явілі нашым незалежнікам такую-ж вайну, як колькі гадоў таму назад беларускім адраджэнцам, i пад той час, як палякі з безнадзежнасьцю ўглядаюцца на новабудаванае Польскае каралеўства i ажио сіпяць ад злосьці, што Беларусь аб'явіла разарванай старую унію з Польшчай; маскалі, карыстаючыся з пладоў старой палітыкі абмаскоўленьня беларусаў, сьпекулуюць на нацыянальнай забітасьці нашага народу i на насьледках тэй цемры, якую шырыла маскоўская казённая «прасьвета». Дзіва німа, што маскалі за час векавога панаваньня над нашым народам прывыклі глядзець на нас, быццам на сваю ўласнасьць, быццам на сваіх рабоў. Але сумна тое, што яны здолелі ўбіць шмат каму з абмаскоўленых, хоць i чыстакроўных, беларусаў падобны дзікі погляд: такім абмаскоўленым беларусам здаецца, што стан рабства для нашага народу - зусім нормальны, што без чужацкае нагайкі, без маскоўскага ўрадніка мы жыць ня здолеемі

«Вось, - кажуць яны,- вы хочаце, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай. Але як-жа яна будзе жыць без Расеі?»

I далей ідуць без канца збанкруціўшыеся за гэту вайну ўжо да канца старыя славянафільскія гутаркі аб «брацтве славянаў», каторыя з такім смакам білі адны адных чуць не на ўсіх ваенных фронтах, аб «славянскай сям'і», уславіўшайся тым, што дужэйшыя «браты» сто гадоў катавалі сваіх меншых братоў i т. д. На пытаньне: «Як мы будзем жыць без Pacei?», мы можэм адказаць таксама пытаньнем: а як-же мы без яе жылі сто з нечым гадоў таму назад? А як жыла Сербія i Чарнагорыя, як жыве i красуе Балгарыя, каторая не ўбаялася падняць аружжа проці свайго «старшага брата» - Расеі, памагаўшай сербам абрабаваць балгарскі народ, калі ён быў абясьсілены пасьля крывавай барацьбы з туркамі за волю ўсіх Балканскіх славянаў?

Толькі вельмі наіўныя людзі могуць верыць, быццам Расея, абіраючы пад сябе славянскія землі, папраўдзі думала калі-колечы аб утварэньні вольнай i сільнай «славянскай сям'і». Зьбіраньне славянаў вялікарусамі мело на мэці адно ўзмацаваньне Маскоўшчыны, высмактываўшай усе сокі з «братоў» i стараўшаяся вынішчыць усе адзнакі ix самабытнасьці ды абярнуць у маскалёў.

Само сабой разумеецца, што ад гэтага магла быць карысьць адно маскалём, а ні тым, каго яны нішчылі.

Вось жа, калі падыйшлі часы разьвіцця дэмакратызму па ўсім сьвеце i ў Расеі, адкрыты гвалт над слабейшымі «братнімі народамі» трэба было нечем прыкрыць, прыхарошыць. Тады маскоўскія палітыкі выдумалі «славянафільскую ідэю»: яны пачалі даводзіць, што вольнае i незалежнае жыцьцё для «меншых братоў» - шкодна, што яны толькі тады будуць счасьлівымі, калі паддадуцца пад «апеку вялікай і дужай» Расеі, - i гэта ў тым самым часе, як усе жыхары Расейскай дзяржавы былі падзелены на грамадзян «першага і другога сорту», як беларусам і украінцам, «найбліжэйшым i найсярдэчнейшым» сваякам маскалёў, было забаронено гаварыць, пісаць, друкаваць і маліцца ў роднай мове. Першыя славянафілы ў Расеі былі наогул чорнасоценцамі і знайшлі прыхільны прыём адно толькі ў польскіх чорнасоценцаў, маніўшыхся вытаргаваць ад маскалёў дзеля апалячэньня беларусаў-католікаў. Але ўсе іншыя славянскія народы далі ім дружны адпор: салодкіе словы маскоўскіх славянафілаў лішне ўжо напаміналі словы ваўкоў, якімі тыя заклікаюць бараноў да свайго трыбуха!.. Тады збанкроціўшуюся «славянафільскую ідэю» перанялі ад чорнасоценцаў расейскія лібералы: яны асаладзілі яе яшчэ харашэйшымі словамі, перафарбавалі пад ліберальны тон і нават пачалі цішком - але так, каб не пачуў гарадавыя - гутарыць аб аўтаноміі паняволеных народаў. Аднак і яны ня мелі ўдачы: з-пад авечай шкуркі хутка заблішчэлі воўчыя зубкі, - і калі ўкраінцы першыя адкрыта заявілі, што яны гатовы належаць да Расейскай федэрацыйнай дзяржавы, але толькі як палітычна нізалежны арганізм, тварцы «новаславянства» паднялі страшэнны крык і кінулі на ўвесь украінскі рух пракляцьце, закляйміўшы яго імем адшчапенства, здрады, мазепінства.

Учасьце ў вайне балгараў, выступіўшых проці Расеі; адбудова Польшчы... немцамі, пасьля таго як Расея суліла ёй адно толькі культурную аўтаномію, прызнаньне цэнтральнымі дзержавамі незалежнасьці Украіны пад той час, як бальшавікі, на словах прызнаючыя права народаў Расеі на самаазначэньне хоць бы ў форме поўнага аддзяленьня ад расейскай дзяржавы, стараліся крывёй затушыць украінскі незалежніцкі рух, - усе гэтыя факты з найнавейшага часу павінны паказаць нават і сьляпому, што народы ў сваёй палітыцэ кіруюцца не сымпатыямі, ня блізкасьцю па крыві, не гістарычнымі традыцыямі, а выключна сваёй карысьцю. I толькі правільным зразуменьнем сваёй нацыянальнай карысьці могуць і павінны кіравацца беларусы ў той незвычайна важны гістарычны мамэнт, калі перад імі адкрываецца магчымасьць самім наладзіць сваё жыцьцё. Толькі тады, як мы ўжо створым сваю нізалежную дзяржаву, мы можам у меры патрэбы пашукаць сабе саюзьнікаў, але пры гэтым наш выбар павінен быць зусім вольны ад усялякіх пустых i фальшывых ідэй аб «славянскай еднасьці», якой ніколі не было, няма і, трэба думаць, ня будзе. Расея, падпісываючы берасьцейскую умову, разарваўшую жывое цела нашага народу на 2 часьці, дала яшчэ адзін доказ таго, што аб карысьці i жыцьцёвых патрэбах беларускага народу яна зусім ня думае. Бальшавікі у гэтым ані ні адышлі ад старой ідэалогіі царскай Расеі. I калі беларусы, шукаючы сабе саюзьнікаў, ня выцягнуць свае рукі на Усход, дык у гэтым будуць вінаваты тыя нашы «старэйшыя браты», якія заўсёды цікавалі і цікуюць на нашу нацыянальную пагібель.

(«Гоман», 1918, 6 жніўня, № 61) I. МЯЛЕШКА


Прадмова і публікацыя Валянціна МАЗЦА.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX