Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Васіль Захарка-другі прэзыдэнт БНР 


Аўтар: Глагоўская Галіна,
Дадана: 30-09-2013,
Крыніца: Глагоўская Галіна. Васіль Захарка - другі прэзыдэнт БНР // Спадчына №1-1994. С. 65-74.



Публікацыя, прысьвечаная Васілю Захарку (уступны артыкул, дакуманты, перадрукі, ілюстрацыі), падрыхтаваная Галінай Глагоўскай, якая выкладае ў Гданьскім унівэрсытэце паліталогію i мае адным з напрамкаў навуковай цікаўнасьці - беларускае палітычнае жыцьцё ў міжваенны час.

ВАСІЛЬ ЗАХАРКА - ДРУГІ ПРЭЗЫДЭНТ БНР

Васіль Іванавіч Захарка - актыўны палітычны дзяяч у пэрыяд станаўленьня сувэрэннай беларускай дзяржаўнасьці (1917-1921 гг.), пазьней эміграцыйны беларускі дзяяч, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1928-1943 гг.

Нарадзіўся ён 1 красавіка 1877 г. у беднай сялянскай сям'і на Горадзеншчыне. У 16-ці гадовым узросьце застаўся сіратой разам зь сястрой i двума братамі. Сам вымушаны быў весьці бацькавую гаспадарку i апекавацца малодшым сямействам. Навуку мог дазволіць сабе толькі зімой. У 1895 г. здаў экзамен на царкоўнапрыходзкага настаўніка i атрымаў працу ў царкоўнапрыходзкай школе. З-за нізкай аплаты кінуў настаўніцтва i пачаў працаваць пісарам.

Васіль Захарка. Васіль Захарка з жонкай Пелагеяй.

У кастрычніку 1898 г. яго паклікалі на вайсковую службу i пасьля 4 гадоў звольнілі ў чыне афіцэра запасу. Працаваў сакратаром губэрнскага ўпраўленьня, потым сакратаром бурмістра горада Пултуску (цяпер у Польшчы). З пачаткам японска-рускай вайны быў ізноў пакліканы ў войска, дзе застаўся да рэвалюцыі 1917 г.

Займаючы розныя гаспадарска-адміністрацыйныя пасады набыў багаты вопыт. які пасьля скарыстаў у дзейнасьці на карысьць беларускага нацыянальнага руху. Як сьвёдамы Беларус, належаў да Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

В. Захарка з жонкай. 20-я гады. Васіль Захарка (Коуна?).

22 кастрычніка 1917 г. прымаў актыўны ўдзел у зьезьдзе беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту ў Менску. У створанай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радзе займаў пасаду сакратара.

Рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. на Беларусі былі зьвязаныя перадусім зь вялікім уздымам нацыянальнага адраджэньня. Апрача зьезду вайскоўцаў, у 1917 г. адбыліся: у сакавіку - зьезд Беларускай Сацыялістычнай Грамады, у ліпені - зьезд беларускіх каапэратываў, у траўні - зьезд беларускіх ксяндзоў, урэшце ў сьнежні 1917 г.- I Усебеларускі кангрэс з удзелам каля 1800 дэлегатаў. Усе гэтыя ініцыятывы мелі адну мэту - стварыць сувэрэнную беларускую дзяржаву. У арганізацыі Усебеларускага Зьезду прымала ўдзел Вялікая Рада (раней Цэнтральная Рада Беларускіх Партыяў i Арганізацыя). У Вялікую Раду ўвайшлі таксама сябры Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады.

На I Усебеларускім Кангрэсе Васіль Захарка быў абраны сябрам Рады Зьезду. У зьвязку з разгонам Кангрэсу бальшавікамі сябры Рады былі арыштаваныя. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 г. на мейсцы франтавога Камітэта Заходняга фронту стварыўся Выканаўчы Камітэт Саветаў Рабочых, Салдацкіх i Сялянскіх Дэпутатаў Заходняй вобласьці (Облископзап). Камітэт абвесьціў сябе цывільнаю ўладаю на Меншчыне, Магілеўшчыне, Віцебшчыне i Віленшчыне.

У другой палове студзеня 1918 г. быў выдадзены «Декрет Совнаркома Западной обл. и фронта о роспуске Белорусской Войсковой Рады». У ІМ, у прыватнасьці, паведамлялася: «Заслушав доклад областного комиссара по внутренним делам об аресте по распоряжению комиссии по борьбе с контрреволюцией членов Центральной Войсковой Рады и о результатах произведенного в помещении рады обыска, во время которого обнаружена переписка, свидетельствующая о постоянных сношениях рады со штабом корпуса Довбор-Мусницкого о том, что рада организовала открытую поддержку контрреволюционным выступлениям этого корпуса, оказывала ему активную поддержку в борьбе с советскими войсками, помогала польским помещикам и контрреволюционерам в их борьбе против краевой власти, против белорусского народа, Совет Народных Комиссаров Западной области и фронта постановил:

1. Центральную Войсковую Белорусскую Раду распустить. Все её отделы закрыть, руководителей и членов арестовать и предать суду военно-революционного трибунала».

Васіль Захарка, Канстанцін Езавітаў, Язэп Мамонька былі арыштаваныя. У зьвязку з падыходам немцаў на ўсход, Облискомзап уцёк у Смаленск. Уначы з 18 на 19 лютага арыштаваныя вызваліліся i зарганізавалі ў Менску паўстаньне проціў бальшавікоў i згодна з пастановай I Усебеларускага Кангрэсу перанялі ўладу. 21 лютага 1918 г. стварыўся Народны Сакратарыят Беларусі - як выканаўчая ўлада - са старшынёй Язэпам Варонкам. В. Захарка быў скарбнікам. Пад нямецкай акупацыяй 25 сакавіка 1918 г. была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У чарговых урадах БНР В. Захарка займаў розныя міністэрскія пасады i дэлегаваўся на найбольш далікатныя місіі. У чацьвёртым урадзе, пасьля перайменаваньня ў кастрычніку 1918 г. Народнага Сакратарыяту ў Раду Народных Міністраў, Васіль Захарка стаў Міністрам фінансаў. Прэм'ерам - Антон Луцкевіч. У зьвязку з наступленьнем бальшавікоў урад БНР перамясьціўся зь Менску сьпярша ў Вільню, а потым у Горадню, дзе знаходзіўся да канца сакавіка 1919 г. Разам з А. Луцкевічам В. Захарка высьілаў 3 студзеня 1919 г. ноту пратэсту Рады Міністраў польскаму ўраду з прычыны аб'яўленьня палякамі ўсеагульнай мабілізацыі ў Вільні, а таксама ноту пратэсту супраць выбараў у Польскі Сойм i прылучэньня Аўгустоўскага павету да Польшчы, накіраваную дыпляматычным прадстаўнікам Амэрыкі, Англіі, Францыі i Італіі ў Спаа. У сувязі з канфэрэнцыяй у Парыжы Антон Луцкевіч i Васіль Захарка выслалі мэмарыял у справе прызнаньня Беларусі i ейных дзяржаўных правоў на этнічных беларускіх землях.

Напрыканцы сакавіка 1919 г., пасьля польскай акупацыі Горадні, Урад БНР выехаў у Бэрлін, дзе раней была ўжо дыпляматычная місія БНР. Васіль Захарка спаўняў функцыю заступніка Рады Міністраў, паколькі А. Луцкевіч быў у Парыжы, а пасьля ў Польшчы.

Сьпярша акупацыя Менску бальшавікамі, а пасьля Палякамі (ад 8 жніўня 1919 г.) стварала ілюзіі існаваньня беларускай дзяржаўнасьці. На просьбу А. Луцкевіча 24 лістапада 1919 г. грамадзяне Пётра Крэчэўскі, Васі ль Захарка і Белевіч выехаЛі з Бэрліна праз Прагу і Варшаву ў Менск, куды прыбылі 1 сьнежня. На скліканай 13 сьнежня 1919 г. Радзе БНР дайшло да падзелу на два кірункі: незалежніцкі і прапольскі (Народная Рада і Найвышэйшая Рада). «Народная Рада Рэспублікі аднагалосна выбрала новы прэзыдыюм у складзе старшыні П. А. Крэчэўскага і ягоных таварышаў - П. Бадуновай і В. Захаркі, i сакратароў - Козіча і Мамонькі, а таксама і новы склад ураду: старшынёй Рады Міністраў - В. Ластоўскага, Міністрам Замежных Спраў - Ладнова, фінансаў - Белевіча, унутраных спраў - Грыба, Справядлівасьці - Цьвікевіча, Дзяржаўнага Кантралёра - Зайца i Дзяржаўнага сакратара - Душэўскага».

Адасобленая Найвышэйшая Рада была прызнанай польскімі ўладамі як рэпрэзэнтацыя Беларусі. П. Крэчэўскі i В. Захарка вымушаныя былі эміграваць у Нямеччыну, каб ня быць арыштаванымі польскімі ўладамі, як Палута Бадунова i Язэп Мамонька. На запрашэньне міністра замежных спраў РСФР Георгія Чычэрына В. Захарка быў старшынёй Місіі БНР у Маскву. Перад савецкімі ўладамі дамагаўся прызнаць незалежнасьць БНР, арганізаваць армію, прызнаць урад В. Ластоўскага, шырокай матар'яльнай дапамогі беларускім арганізацыям i ўраду, вызваліць з турмаў беларускіх дзеячоў, шырокай культурна-асьветнай працы ва Ўсходняй Беларусі. На той час урад БHP перамясьціўся ў Коўню.

Рыская дамова (без удзелу дзеячоў БНР) падзяліла Беларусь між Расеяй i Польшчай. 26-29 верасьня 1921 г. у Празе (Чэхія) адбылася I Палітычная Нарада беларускай эміграцыі. За мэту мела вызначыць становішча беларускага нацыянальнага руху ў сучасны момант. В. Захарка быў заступнікам старшыні Нарады. Падпісаў прынятыя на ёй рэзалюцыі: «Аб слуцкім паўстаньні», «Аб чыннасьці Савенкова», «Аб чыннасьці Балаховіча», «Аб Рыскім трактаце», «Аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі». Апошняя рэзалюцыя гаварыла, што «Беларусь павінна быць дзяржавай непадзельнай i ні ад каго незалежнай. Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада зазначае: а) што адзіным законадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада БНР, маючая пераемнасьць улады ад Усебеларускага кангрэсу 1917 г., б) што адзінай адказнай уладай Беларусі зьяўляецца Урад БНР, маючы мандат ад Рады БНР».

На сходзе членаў Прэзідыюму Рады i Ураду БНР 23 жніўня 1923 г., пасьля адстаўкі старшыні Урада БНР В. Ластоўскага, стварыўся новы ўрад БНР Аляксандра Цьвікевіча, у якім Васіль Захарка стаў Міністрам фінансаў.

2 лістапада 1923 г. В. Захарка выехаў з Коўні ў Прагу, дзе працягваў сваю дзейнасьць як заступнік старшыні Рады БНР Пётра Крэчэўскага. На скліканай А. Цьвікевічам 10 кастрычніка 1925 г. канфэрэнцыі ў Вэрліне В. Захарка не прызнаў Радавай Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. На канфэрэнцыі прысутнічала 17 асобаў, у тым ліку Ульянаў i Зьміцер Жылуновіч зь Менску. Дэлегаты з Прагі Лявон Заяц, Уладзімір Пракулевіч i Васіль Захарка прыехалі ў Вэрлін як былыя міністры, згодна з заявай аб адстаўцы, пададзенай П. Крэчэўскаму 4 кастрычніка 1925 г.: «Прыймаючы пад увагу, што пытаньне ліквідацыі Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі можэ быць пастаўлена на павестку дня канфэрэнцыі ў Бэрліне, просім прыняць, гр. Старшыня, нашу адстаўку, каб мець свабодныя рукі ў абароне Беларускай Дзяржаўнасьці на падставе Усебеларускага Кангрэсу 1917 г. Дзяржаўны кантралёр Л. Заяц; Вык. абав. Міністра фінансаў В. Захарка; Дзяржаўны сакратар У. Пракулевіч». Згодна зь інструкцыяй: «Дэлегаты Ўраду БНР едуць на канфэрэнцыю зь інфармацыйнымі мэтамі. (...) Пры разбежнасьці поглядаў, толькі падаўшы адстаўку на рукі Старшыні Рады БHP, сябры Ўраду могуць лрыняць удзел у канфэрэнцыі персанальна, без адказу за ix паводжаньне Ўраду».

Пратакол прызнаньня Савецкай Беларусі падпісалі Л. Заяц, У. Пракулевіч, А. Цьвікевіч. Вось што яны падпісалі: «У сьвядомасьці таго, што ўлада сялян i работнікаў замацавана ў Менску - сталіцы Радавай Беларусі,- запраўдна імкнецца адрадзіць Беларускі Народ культурна, эканамічна i дзяржаўна, што Радавая Беларусь ёсьць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага іга, у поўным паразуменьні з краявымі арганізацыямі спыніць існаваньне ўраду i прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі». Васіль Захарка гэты пратакол не падпісаў.

Да апошніх дзён жыцьця В. Захарка жыў i працаваў у Празе. На сходзе Таварыства «Беларуская Рада» 12 сьнежня 1925 г. быў выбраны старшынёй. Супрацоўнічаў таксама з рускай i ўкраінскай эміграцыяй. Да 8 сакавіка 1928 г. быў заступнікам старшыні Рады БHP Пётра Крэчэўскага, а пасьля ягонай сьмерці заняў пасаду Прэзыдэнта БНР. Выў ім да 6 сакавіка 1943 г., калі тастамантам здаў усе паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку.

Праскі пэрыяд жыцьця Васіля Захаркі зьвязаны зь дзейнасьцю ў беларускім асяродзьдзі ў Празе (Таварыства «Беларуская Рада») i міжнароднай актыўнасьцяй у абароне правоў Беларусі. Выкарыстоўваў кожную нагоду, каб абвесьціць сьвету пра несправядлівы лёс ягонае нацыі. Пісаў мэмар'ялы i пратэсты ў Лігу Нацыяў, дыпляматычным прадстаўнікам іншых краінаў. Прыняў удзел у арганізацыі нацыянальных беларускіх імпрэзаў, такіх як угодкі БНР ці выстава беларускіх выдавецтваў у Празе. Зьбіраў архіў. Многае зь дзейнасьці Васіля Захаркі, падобна як іншых эміграцыйных дзеячоў, вымагае дасьледаваньня. Тым больш што спадчына В. Захаркі, якая захоўвалася ў ягоным архіве БНР, - была перададзеная Міколу Абрамчыку, наступнаму Прэзыдэнту БНР.

Найбольш балючай для Васіля Захаркі была справа Вільні. 9 сьнежня 1928 г. на імя старшыні Лігі Нацыяў ён накіраваў мэмар'ял, дзе прадставіў беларускі пункт гледжаньня на справу Вільні.

12 кастрычніка 1939 г. выслаў пратэст Прэзыдэнту Летувы супраць савецка-летувіскай дамовы ад 10 кастрычніка 1939 г., на аснове якое Вільня й Віленшчына апынуліся ў складзе Літвы.

Яшчэ ў пэрыяд 1917-1921 гг. В. Захарка не пагаджаўся на саступкі Беларусау у бок Польшчы, як А. Луцкевіч, Літвы, як В. Ластоўскі, ці БССР, як А. Цьвікевіч. Цьвёрда стаяў на грунце акту 25 сакавіка, адным з аўтараў якога быў. Толькі дзякуючы яму ня спыніла свайго існаваньня БНР у кастрычніку 1925 г. 7 красавіка 1942 г. у лісьце да Бэрлінскага Беларускага Камітэта Самапомачы пісаў: «Здрадна зыйсьці з шляху, указанага Актам 25 сакавіка, гэта ня толькі моцна абразіць свой народ, але i запляміць імя сваіх дзяцей. Беларусь была i мусіць быць выключнай уласнасьцяй Беларускага Народу. (...) Належыць помніць, што паняволеная нацыя, будучы ў падданстве нават у найкультурнейшай дзяржаве, палітычна абмяжоўваецца, а гаспадарча i сацыяльна выкарыстоўваецца. Калі глянуць у ваблічча акупантаў Беларусі, то знойдзем, што кожны зь ix падобны адзін на другога, з выразнай пячаткаю на твары шэльмы, плута i ката. Кожны зь ix быў на Беларусі ня культурным i гуманным правіцелем, а грабежнікам, абскурантам i асымілятарам, здольным толькі на выпампоўваньне зь Беларусі багацьцяў i на прасьледваньне i нішчэньне Беларускага народу, як асобнай нацыянальнай адзінкі».

У сваіх поглядах на Беларусь лічыў, што павінна яна быць сувэрэннай дзяржавай, толькі тады зможа нармальна разьвівацца. Каб даказаць дзяржаўнае права Беларусі, спасылаўся на багатую спадчыну, ейны высокі ўзровень культуры, заканадаўства і дзяржаўнага разьвіцьця ў Вялікім Княстве Літоўскім. «У гэтай дзяржаве стаяла на высокай вышыне ня толькі культура, але свабода народаў i гаспадарчы дабрабыт». Зьвяртаў увагу на факт, што хаўрусы Беларусі з Расеяй заўсёды зводзіліся да русыфікацыі перадусім праз праваслаўную царкву i цывільныя ўлады.

В. Захарка напісаў у Празе у 1926 г. працу пра падзеі беларускага адраджэнскага руху, г. зв. «Галоўныя моманты беларускага руху», якая захоўваецца ў машынапісным варыянце ў Бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Становіць сабою дакладнае апісаньне падзеяў на Беларусі, пачынаючы ад 1917 г., i ўдзел у ix розных асобаў. Напісаў таксама працу «Беларусь - роля i значэньне на ўсходзе Эўропы».

Ларыса Геніюш у сваіх успамінах пра Васіля Захарку пісала наступнае: «Быў гэта вельмі паважаны чалавек з думкамі пра Беларуса. (...) Палітычнай дзейнасьці ён ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў, падтрымліваў эміграцыю i меў цесную лучнасьць з эміграцыяй другіх народаў - украінскай, рускай. Быў ён беларускім эсэрам. У Бога ня верыў, але пасьля прасіў пахаваць яго па-хрысьціянску. У Прагу ix запрасілі чэхаславакі ўжо зь Літвы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад урада, а да акупацыі ад чэскага Чырвонага Крыжа».

Памёр Васіль Захарка на 67-м годзе жыцьця. Пахаваны ў Празе, як i першы прэзыдэнт БНР Пётра Крэчэўскі, як i іхны вялікі папярэднік беларускі першадрукар Францішак Скарына.

ВАСIЛЬ ЗАХАРКА

На вернай службе бацькаўшчыне й народу

Дзесяць год таму назад адыйшоу ад нас у вечнасьць адзін з найвялікшых нашых дзяржаўных мужоў, волат у змаганьні за волю беларускага народу - Прэзыдэнт БНР Васіль Захарка.

Пісаць на так цесных балонах нашае газэты а6 Захарку вельмі цяжка. Трэба было-б напісаць аб ім мо не адзін том. Ягоная манаграфія, так бліскучае постаці, як волата-змагара, як «тыгра», адданага змаганьню за нашую вызвольную справу, як празорлівага палітыка i як чалавека высокай маралі -была-б цэнным падручнікам для узгадаваньня нашае моладзі на прыкладзе ягонай жыцьцёвай практыкі. Пакуль-жа мы ня ў стане гэтага зрабіць, хай будуць хоць гэтых пару кароткіх радкоў маленькім праменьчыкам i маленькім вянком на ягоную, сяньня ад нас далёкую i далёкую ад Бацькаўшчыны, магілу ў дзень дзесятай гадавіны ягонае сьмерці.

В. Захарка. Прага, 30-я гады. В. Захарка на вуліцы Прагі. 25.ІV.1939 г.

Радзіўся Васіль Захарка 1 красавіка 1877 году ў вёсцы Дабрасельцах у Горадзеншчыне.

Маладыя гады былі цяжкія. Хлопец рваўся да навукі, бацькі - сяляне - былі бедныя. На шаснаццатым годзе жыцьця застаўся да таго круглым сіратою, маючы пад сваей апекай сястру i двух братоў. Шаснаццацігадовы Васіль улетку вёў гаспадарку, - узімку вучыўся.

Пахаваньне В. Захаркі. Прага, Альшанскія могілкі, сакавік 1943 г.

У 1895 годзе ён вытрымаў эгзамен на царкоўнапрыходзкага вучыцеля i атрымаў працу. Аднак царкоўнапрыходзкія школы плацілі настаўнікам мізэрна i да таго толькі падчас вучобы. Зрабіць нейкія ашчаднасьці для далейшых студыяў было немагчыма, а Захарка марыў аб далейшай навуцы. Па двухгадовай таму працы ён пакідае пасаду настаўніка i ідзе на працу пісарам.

15 кастрычніка 1898 году, пакліканы на вайсковую службу, вытрымлівае эгзамен на «заўрад ваеннага чыноўніка», далей эгзамен па праграме ваенна-юнкерскага вучылішча. Па чатырохгадовым тэрміне быў звольнены, як ахвіцэр запасу. Працуе сакратаром губэрнскага ўпраўленьня, потым бурмістра гораду Пултуск.

10 сьнежаня 1904 году, з выбухам японскай вайны, пакліканы быў ізноў у армію, зь якой ён ужо ня выступав аж да рэвалюцыі 1917 году. Тут мы бачым Захарку ў 1906 годзе ў чыне «калежскага рэгістратара», у 1909 годзе ў чыне губэрнскага сакратара, у 1912 годзе - калежскага сакратара, а ў 1915 годзе - «тытулярнага саветніка».

З займаных становішчаў: 1906 годзе - дзелавод брыгады, у 1914 годзе - памочнік начальніка аправізацыі арміі паўночна-заходняга фронту, у 1916 годзе - загадчык канцылярыі штабу 10-ай арміі, у красавіку 1917 году - намесьнік старшыні ваеннага суду штабу 10-ай арміі. Вайсковыя становішчы, займаныя Захаркам у расейскім войску па гаспадарска-адміністрацыйнай часьці, далі яму толькі добрае дасьветчаньне ў адміністраваньні, але ніколі ён не захопліваўся кар'ерызмам. Пачуваючы сябе сынам паняволенага народу, ён належыць да «Беларускай Сацыялістычнай Грамады».

22 кастрычніка 1917 году ён бярэ актыўны ўдзел у арганізацыі зьезду беларускіх вайскавікоў Заходняга фронту. 5 лістапада гэтага-ж году абыймае становішча сакратара Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады ў Менску. Потым быу дэлегатам на Першы Ўсебеларускі Кангрэс, які адбыўся ў сьнежані 1917 году ў Менску, дзе быў выбраны сябрам Рады Зьезду. У канцы Кангрэсу, падчас нападу бальшавікоў, Захарка быў арыштаваны, але, уцёкшы з бальшавіцкага арышту, ён прыступае да арганізацыі збройнага паустаньня, якое удала i праводзіць з сваім памоцнікам - палкоўнікам К. Езавітавым. 19-га лютага 1918 году Менск быў ачышчаны ад бальшавікоў, i ўрад БНР вышаў з падпольля.

У першым урадзе БНР В. Захарка займае становішча дзяржаўнага скарбніка, а потым ува ўсіх кабінэтах ураду меў розныя міністэрскія партфэлі i дэлегаваўся на найбольш далікатныя становішчы. 2 чэрвеня 1920 году, калі бальшавікі выказалі жаданьне весьці перагаворы з урадам БНР, Захарка быў вызначаны гэтым урадам за старшыню Надзвычайнай Беларускай Дыпляматычнай Місіі. Не дагаварыўшыся, аднак, з бальшавікамі, Захарка вяртаецца з Масквы i вядзе далейшае змаганьне за незалежнасьць Беларусі. Ен бескампрамісовы да ўсіх прэтэндэнтаў на беларускія землі, змагаецца зь імі ня толькі, як дыплямат, але i як рэвалюцыянэр, як адважны вайскавік. Ен уцякае пазьней з польскае турмы, кідае разам з П. Крэчэўскім гасьцінную Коўню за прэтэнсіі Летувісаў да Вільні і пераяжджае ў Прагу.

8 сакавіка 1928 году Захарка пераймае становішча Прэзыдэнта Рады Беларускай Народнай Рэспублікі пасьля сьмерці Петры Крэчэўскага, намесьнікам якога ён зьяўляўся з 1-га сьнежаня 1919 году. Пераймае гэтае найадказьнейшае становішча Захарка ў найкрытычнейшы мамэнт нашага вызвольнага змаганьня. У гэным годзе чэхаславацкі ўрад, з прызнаньнем СССР, прыпыняе афіцыяльныя дыпляматычныя дачыненьні з урадам БНР, як з урадам вызнаваным да гэтага часу «дэ-юрэ». Але Захарка не ўпадае на духу. Пасяліўшыся з сваей канцылярыяй Прэзыдэнта Рады БНР у скромнай хатцы ў ваколіцы Прагі, Захарка не спакарыўся i не спакусіўся рознымі прыманкамі акупантаў, якія яму няўпынна рабілі прапазыцыі пераехаць у Беларусь.

Ен жа станоўча адкінуў прапазыцыю i супрацоўніцтва зь Немцамі.

Жывучы пад Прагай у беднаце, у галіце, Захарка, як тыгр, змагаўся супраць крыўдаў, робленых беларускаму народу. Па ягонай сьмерці засталіся гурбы копіяў розных мэмар'ялаў i пратэстаў амаль на ўсіх эўрапэйскіх мовах, зь якіх пылае ня толькі i агонь Вялікага Патрыёты, а й Вялікага Дзяржаўнага Змагара.

6 сакавіка 1943 году Захарка перадаў тэстамэнтам свае паўнамоцтвы Прэзыдэнта Рады БНР інж. Мікалаю Абрамчыку. Сухоты, гэтая «нацыянальная беларуская хвароба», як прывыклі ўжо казаць, дагрызалі рэшткі ягоных лёгкіх, але хто адведваў яго, ніхто ня мог падумаць, што лютая сьмерць нам хутка яго забярэ. Ён ніколі ні а6 чым ня гутарыў i ні чым ня пераймаўся, як толькі аб Беларусі.

14 сакавіка 1943 году аддаў Богу душу, душу бунтарную, маладую духам, хоць i на 67-ым годзе свайго жыцьця.

Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе 19 сакавіка, не дачакаўся толькі адзінаццаць дзён да 25-гадовага юбілею абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі, адным з найбольшых тварцоў i абароньнікаў якой ён зьяўляўся праз усё сваё жыцьцё.

Паховіны ў тых абставінах адбыліся больш чым «скромна». Гэстапо забараніла ўсякія прамовы над магілай. Шматлікія дэлегацыі ад розных народаў, што зьявіліся з абозам вянкоў, з сумам i ціхім абурэньнем даведаліся, што разьвітальнага слова з Прэзыдэнтам Беларусі ім сказаць ня можна. Атмасфэра была нязвычайна цяжкая. Яна асабліва згусьцілася, калі пачалі спускаць труну ў дамавіну. У гэты мамэнт інж. М. Абрамчык, прарваўшыся да магілы, аднак прамовіў. За ім, гэткім-жа «рэвалюцыйным» спосабам, прамовіў прадстаўнік ад украінскай моладзі. У радох навокал магілы хтось забегаў. Замятусіліся. Прафэсар Мазэпа (пазьнейшы прэм'ер украінскага эгзыльнага ўраду), што быў прыгатаваўся гаварыць, сказаў толькі наступныя словы: «Нічога мы шчэ будэмо маты оказыю промовіты іншым разом».

Зашарахцелі аб пясок рыдлі. Міхал Забэйда-Суміцкі зь інж. Васілём Русаком выносілі на руках самлеўшую Ларысу Геніюш.

Нямецкая цэнзура абрэзала артыкулы-нэкралёгі ў беларускіх газэтах, выкідаючы зь ix усё тое, што сьветчыла аб велічы Захаркі, каб не зварухнуліся мацней сэрцы Беларусаў, а да Беларусі - «Гэнэралькомісарыяту фюр Вайсрутэньэн» - не дапусьцілі нічога.

Гэткае было разьвітаньне Беларусаў з сваім Прэзыдэнтам.

ПРАТЭСТ ЗАХАРКІ ПРЭЗЫДЭНТУ ЛЕТУВЫ

Старшыня Рады
Беларускае Народнае Рэспублікі 12 кастрычніка 1939 г.
№ 214
Прага-Модржаны, № 688

ЯГО ДАСТОЙНАСЬЦІ
Пану Прэзыдэнту Літоўскай Рэспублікі

Маскоўска-бальшавіцкі ўрад, заключаючы ў 1920 годзе свае «мірныя» дагаворы з суседзямі Беларусі, укладваў у гэныя дагааоры такі зьмест, каб паміж імі, з аднаго боку, i Беларускім Народам, з другога, ніколі ня было ні міру, ні згоды.

На такіх-жа падставах ім быў заключаны 12.VII.1920 году i дагавор зь Літвой, згодна якому савецкі ўрад прыпаднёс Літоўскай Рэспубліцы каварны падарунак у выглядзе ўступкі Літве беларускага гораду Вільні зь вялікім абшарам беларускіх зямель, адзначаных у гэтым дагаворы.

Уступка гэтая была настолькі нечаканаю, што выклікала не малое зьдзіўленьне нават сярод расейскіх камуністаў. На ix запытаньне, як гэта магло так стацца, што да Літвы адыходзіць горад Вільня i такі абшар беларускіх зямель, які перавышае сабой усю этнаграфічную Літву, старшыня савецкай дэлегацыі г. Іоффэ адказаў наступнае: «Товарищи, есть ли о чем говорить. Сейчас мы ведем войну с Польшей. Уступая жадным литовским ксендзам белорусскую территорию с гор. Вильня, мы, благодаря этому, не только обеспечиваем наш правый фланг, но в некоторых случаях получаем и помощь со стороны Литвы. Если мы Польшу победим, то и дни клерикально-буржуазной Литвы будут сочтены. Если же нам придется отступить в глубь Белоруссии, то мы оставляем этой ксендзовской Литве такое количество белорусского населения, которого она никогда не переварит. В результате недоразумений между литовцами и белоруссами, которие мы считаем неизбежными, мы будем иметь революцию, которая в свою очередь сотрет с лица земли клерикально-буржуазную Литву».

Да чаго да якіх непаразуменьняу, прадаужаўшыхся 20 гадоў, давёў успомнены дагавор Літвы, гаварыць ня прыходзіцца. Тутака мы напомнім ВАШАЙ ДАСТОЙНАСЬЦІ толькі аб тым, што у свой час урад Беларускай Народнай Рэспублікі, бачучы усю незаконнасьць вышэйадзначанага дагавору, рашуча пратэставау супраць яго i што гэты пратэст застаецца у сіле да гэтае пары.

Так было у 1920 годзе, чаго, на мой пагляд, не павінна было-б бьщь цяпер, асабліва у 1939 годзе, калі, як відаць, сама Літва траціць сваю дзяржаўную незалежнасьць.

Здавалася-б, што доля загінуўшай Польскай дзяржавы павінна была-б устрымаць, але, на жаль, ня устрымала Літву ад той ганебнай ролі, у каторай толькі што задушылася Польшча.

Ігнаруючы гэную небясьпеку, ігнаруючы добрасуседзкія адносіны зь Беларускім Народам i ігнаруючы вышэйпрыведзены пратэст беларускага ураду, гэтага выразіцеля агульна-нацыянальнай волі Беларускага Народу, Літва зноў пашла на тую самую незаконную зьдзелку з маскоўскім савецкім урадам, супраць якой у свой час пратэставау урад Беларускай Народнай Рэспублікі. Ня гледзячы ні на што, літоўскі ўрад другі раз заключыў 10.10.1939 г. з савецкім урадам дагавор, па таму самаму прадмету, з нарушэньнем тых самых правоў Беларускага Народу, як за гэтыя правы вядзе цяжкую барацьбу i нясе вялікія ахвяры.

Хто зь літоускага боку больш усяго дамагаўся у дадзены час гораду Вільні - літоўскі ўрад у Коўні ці літоўскія камуністыя ў Маскве, я гэтага ня ведаю i мяне гэта ня цікавіць, як ня ведаю i таго, хто i як на доўга, будзе фактычна гаспадараваць у Віленшчыне - Маскоўшчына ці Літва, думаю, што першая. Для мяне ёсьць ясным толькі адно, што, заключаючы з СССР новы дагавор на захват гор. Вільні і Віленскай вобласьці, Літвы тым узяла на сябе ня толькі адказнасьць, але й тую ненавісьць Беларускага Народу, якая да гэтае пары ляжала на Польшчы і Паляках.

Выходзячы з факту новага парушэньня Літвой разам з Маскоўшчынай правоў Беларусі i прыймаючы пад увагу бясспрэчны факт таго, што гор. Вільня быў пабудаваны на беларускай зямлі продкамі сучаснага Беларускага Народу яшчэ ў той далёкі ад нас час (пачатак XII стагодзьдзя), калі Літоўцы, раздробленыя на многалікія плямёны й кланы, ня зналі яшчэ ня толькі гарадоў, але i вёсак, Беларускі Народ i на гэты раз ня можа пагадзіцца з тым, каб яго ўласнасьцяй, гэта знача яго гарадам i яго землямі, гандлявалі захватчыкі Беларусі безь яго ўдзелу i безь яго дазволу.

Гвалтоўны захват гораду Вільні i Віленскай вобласьці ці то Маскоўшчынай, ці то Польшчай, ці то Літвой ёсьць ня права дагаварываючыхся паміж сабой захватчыкаў чужой маёмасьці, а ганебнае насільства над уласьнікам гэтай маёмасьці - Беларускім Народам.

На гэтай падставе я паўторна пратэстую супраць паўторнага дагавору Літоўскай Рэспублікі з Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік аб пераходзе да Літвы беларускага гор. Вільні i беларускіх зямель Віленскай вобласьці.

Ветліва прашу ВАШУ ДАСТОЙНАСЬЦЬ прыняць маю шчырую да Вас пашану i адданасьць.

В. ЗАХАРКА
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

ЗАКОН
аб грамадзянстве Беларускай Народнай Рэспублікі

Прыняты Радай Беларускай Народнай Рэспублікі 14 сьнежня 1919 г.

§ 1
Беларускім грамадзянінам лічыцца кожная асоба, якая да 1914 году была прыпісана да тэрыторыі Беларусі i карысталася правам расейскага падданства.

Грамадзяне гэтай катэгорыі залічваюцца у беларускае грамадзянства аўтаматычна i павінны зараз жа атрымаць нацыянальные пашпарты.

§ 2
Грамадзяне, пражываючы на тэрыторыі Беларусі, але прыпісаные да тэрыторыі іншых дзяржаў, маюць права, але па асобнай пісьменай прозьбе, уступіць у грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі, пры чым прозьба гэта павінна даказваць дакументальна лік часу, пражытага на Беларусі, прафесыю i тлумачыць, для якой патрэбы Беларускае грамадзянства прыймаецца.

§ 3
Прабываньне ў двох падданствах не дапускаецца i лічыцца дзяржаўнай здрадай.

§ 4
Права ўхода i выхада з падданства маюць толькі поўналетніе. Да дасьціжэньня ж яго гэтым правам карыстаюцца бацькт малалетняга грамадзяніна.

§ 5
Жонкі i дзеці прыймаюць грамадзянства бацькі - мужа.

За Старшыню Прэзыдыуму Рады Б.Н.Р.
В. ЗАХАРКА

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX