Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Пілсудскі ў Менску, хроніка аднаго візіту 


Аўтар: Астрога Віктар, Скалабан Віталь,
Дадана: 06-06-2021,
Крыніца: Астрога Віктар, Скалабан Віталь. Пілсудскі ў Менску. хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. №4. С. 32-53.



8 жніўня 1919 г. у выніку паспяховага наступу, польскія войскі занялі Менск. Кіраўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі, які распрацоўваў у той час праект федэратыўнай Польшчы, вырашыў нанесці візіт у горад, які лічыўся «сэрцам Беларусі». Крыху больш чым праз месяц, 15 верасня, ён разам ca сваім атачэннем прыбыў у Горадню, дзе пераначаваў, i ўранку выехаў у Ліду. Па прыездзе правёў нараду разам з генералам Шаптыцкім, пасля чаго накіраваўся ў Вільню [1]. Праз два дні, 18-га, панцырны цягнік Пілсудскага прыбывае ў Менск, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях з нагоды заняцця места польскімі войскамі.

Менскі магістрат загадзя падрыхтаваўся да прыезду кіраўніка Польшчы. Быў нават утвораны адмысловы Камітэт прыняцця, які меў скласці праграму візіту Пілсудскага ў месце ды падрыхтаваць пакоі для дэлегацыі. Між іншым, адной з адказных задачаў камітэту было дамовіцца з Менскім праваслаўным архібіскупам Мельхісэдэкам аб урачыстай сустрэчы дзяржаўнага кіраўніка ў Святадухаўскім катэдральным саборы, бо, як піша ў мемуарах іаіачасны афіцэр сувязі галоўнакамандавання польскага войска ва ўсходніх землях Е.Гадлеўскі, «існавала магчымасць "адмовы архібіскупа ад удзелу ва ўрачыстасцях" [2]. Але апошні выказаў згоду прывітаць Пілсудскага каля сабору, і з гона­рам, належным кіраўніку дзяржавы. Гэткія ж прывітанні мелі выказаць біскуп З.Лазінскі ў катэдральмым Марыінскім касцёле, іудзейскі рабін i мусульманскі мална.

Імкненне як мага лепш падрыхтаваць былы франтавы горад дало плён. Як паведамлялася ў газеце «Минский курьер», 18 верасня «Менск з самага ранку набыў святоч­ны выгляд: усе будынкі былі аздобленыя сцягамі, зелянінаю, транспарантамі. Усюды відаць партрэты Начальніка дзяржавы. Шмат будынкаў i памяшканняў асабліва вылучаліся пекнатой i эфектоўнасцю сваіх упрыгожанняў (...) а вуліцы места напоўніліся святочна настроеным натоўпам - тутака былі людзі ўсіх нацыянальнасцяў, рознага стану i становішча...» [3]

Цікава адзначыць, што Камітэт магістрату праявіў вялікую ўвагу ў падрыхтоўцы пакояў для Пілсудскага ў Шляхоцкім доме. Туды прывезлі найлепшую мэблю, прынеслі бялізну, падушкі, коўдры, адначасова пашаравалі ды нацерлі да бляску цісавую падлогу. Нават канапу ў гасцёўні пакрылі срэбна-шэраю скураю ў колер мундзіру Начальніка дзяржавы.

Акрамя афіцыйных акупацыйных уладаў, да сустрэчы рыхтаваўся i Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт (БНК) на чале з А.Прушынскім (Алесем Гаруном). 16 верасня БНК правёў разам з начальнікам Менскай акругі У.Рачкевічам адмысловае паседжанне, прысвечанае гэтаму пытанню. Было вырашана, што Камітэт возьме актыўны ўдзел у прыёме кіраўніка Польшчы; у прыватнасці, сябра БНК кс. А.Цікота накіруецца ў агульную камісію дзеля арганізацыйнае працы, сакратар Аўсянік прывітае Пілсудскага на вакзале, a Прушынскі выбіраецца як афіцыйны прамоўца на паседжанні ў Шляхоцкім доме [4].

У дзеячоў беларускага нацыянальнага руху былі вялікія спадзевы на прыезд кіраўніка Польскае дзяржавы ў Беларусь. Вельмі трапна ix выказала тагачасная менская газета «Звон»: «... для нас, беларусаў, прыезд у Менск творцы польскага войска i незалежнай Польшчы мае асаблівае, гістарычнае значэнне... Польшча мела вялікіх людзей. Яны прагаласілі ў цёмнай няволі свой лозунг «За нашу i вашу вольнасць», ішлі за яе на пэўную смерць. Мы добра ведаем, што i Касцюшку, i Міцкевіча, i паўстанцаў - адным словам, увесь польскі рамантызм (...) дала Польшчы беларуская зямля. На беларускай зямлі вырас i Пілсудскі... Тое, што зрабіў Пілсудскі для Польшчы, ставіць яго імя разам з успомненымі людзьмі, што выгадаваліся на бела­рускай зямельцы на гонар Польшчы. Але мы спадзяемся, што для Беларусі імя Пілсудскага будзе яшчэ больш значным i слаўным. Пілсудскі - наступнік вялікіх традыцыяў - сучаснік адраджэння беларускай дзяржаўнасці. Нават, незалежна ад старання асобных людзей, Беларусь хутка ўжо зойме належнае ёй месца сярод народаў i дзяржаваў... Пілсудскі мусіць дапамагчы нам, прыняўшы праграму беларускай дзяржаўнасці. A калі ён прыме яе, дык мы пэўны ў гэтым, - i споўніць. Бо калі б яму гэта не ўдалося, дык хіба не ўдалося б нікому іншаму. Вось дзеля чаго беларусы ўжо не раз зазначалі сваю асаблівую веру i надзею на Пілсудскага.

Нам здаецца, што падыходзіць развязуючы момант. Пілсудскі - на Беларусі. Пілсудскі цяпер мусіць стаць у тыя ці іншыя выразныя адносіны да справы адраджэння беларускае дзяржаўнасці. Хвіліна для Беларусі паважная.

Свядомыя гэтай павагі, мы разам з усімі радасна вітаем нашага вялікага земляка ў сэрцы зямлі беларускай, найстарым Менску. Мы хочам верыць, што ён, гэты рыцар з Захаду, не па тое завалодаў сэрцам Беларусі, каб яе скрыўдзіць, але каб падняць з заняпаду зачараваную князёўну ў сялянскіх шатах, каб вярнуць ёй адвечны пасад яе, каб памагчы ўтварэнню незалежнай i непадзельнай Беларуci!» [5]

Як вынік агульных намаганняў, ад самага пачатку сустрэча кіраўніка Польшчы адбылася вельмі ўрачыста. Ягоны прыезд чакаўся а 9 гадзіне раніцы, але потым стала вядома, што цягнік прыедзе не раней за 18 гадзінаў. Але, як сведчаць крыніцы, «публіка цярпліва ўвесь дзень чакала прыезду i не разыходзілася». Пляц ля Віленскага вакзалу i прылеглыя да яго вуліцы былі запоўненыя людзьмі, а на пероне знаходзіліся пашыхтаваная ганаровая варта, прадстаўнікі магістрату, розных грамадскіх i палітычных аб'яднанняў места i па-за Меншчыны, таксама адмыслова прыбыўшыя супрацоўнікі варшаўскіх газетаў i тутэйшай прэсы.

У 18 гадзінаў 15 хвілінаў падышоў цягнік, з якога пад гукі гімну выйшаў Ю.Пілсудскі. Вось як узгадавае гэты мо­мант адзін з польскіх урадаўцаў К.Рдултоўскі, які прыехаў на ўрачыстасць з Баранавічаў: «Разам ca старастамі ды менскімі ўрадаўцамі мы чакалі Начальніка дзяржавы на вакзале Лібава-Роменскай чыгункі. Усе мы былі ў мундзірах, таму адмыслова пашыхтаваліся, каб, калі падыдзе цягнік, утварылася ганаровая варта. Ужо змяркалася, калі нарэшце мы яго ўбачылі, хутка ён спыніўся, i з вагону насупраць мяне выйшаў Пілсудскі, задумлены, паважны. Быў ён у сваім шэра-блакітным плашчы, у мацееўцы i выглядаў бадзёра. За ім выйшаў Генеральны камісар усходніх земляў Ежы Асмалоўскі [6] i начальнік Менскай акругі Уладзіслаў Рачкевіч», які паводле прынятага звычаю сустракаў кіраўніка дзяржавы на мяжы сваёй акругі, ад'ютант Пілсудскага i іншыя. Мы стаялі на «зважай». Аркестр зайграў нацыянальны гімн, i Начальнік дзяржавы, салютуючы, пайшоў уздоўж нашае лініі» [7].

Павітаўшыся з вартаю, ён прыняў рапарт яе начальніка i намесніка Рачкевіча А.Яленскага, выслухаў кароткае прывітанне бургамістра М.В.Доўнар-Запольскага i пасля прыняцця на прывакзальным пляцы рапарту камандзіра кавалерыйскага экскорту пад гучныя воклічы «Няхай жыве!» накіраваўся ў Шляхоцкі дом, дзе месцілася ягоная штаб-кватэра. А на вакзалі «святочна настроены натоўп не разыходзіўся да самага позняга вечару» [8].

Усю дарогу Ю.Пілсудскі ехаў уздоўж ганаровай варты легіянераў. Дарэчы, апошнія ўвесь час спрачаліся з г. зв. «пазнанчыкамі» - познаньскімі вайсковымі часткамі, аб першынстве заняцця Менску. У выніку легіянеры віталі Начальніка ў горадзе, a «пазнанчыкі» на вакзале.

Ля Шляхоцкага дому госця сустракаў натоўп не меншы, чым на Віленскім вакзале. На ганку яго ўрачыста, з хлебам i соллю, вітала дэлегацыя менчукоў, a спадарыня Фабіяна Чапская ўручыла вялізны букет кветак нацыянальных польскіх колераў. Пасля прывітання кіраўнік Польскай дзяржавы літаральна хвіліну пабыў у сваім пакоі, адкуль выйшаў у вялікую залю, напоўненую дэлегацыямі з местаў i вёсак. Пілсудскі ў прысутнасці Генеральнага камісара ўсходніх земляў Е.Асмалоўскага ды Камісара Менскай акругі У.Рачкевіча [9] па чарзе падыходзіў да дэлегацыяў, да асобных асобаў, ведучы з імі кароткую гаворку. Часта вітаў старых знаёмых.

Прыезд маршалка Ю.Пілсудскага ў Горадню 1 ліпеня 1919 г. Разам з Начальнікам Польскай дзяржавы ганаровую варту абыходзяць камандуючы 4-й польскай арміі, генерал Станіслаў Шаптыцкі i французскі генерал Картон дэ Віяр.

Вельмі сімвалічна, што першай яго вітала дэлегацыя БНК, старшыня якога А.Прушынскі зачытаў адрас:

«Пане Начальніку Дзяржавы Польскай!

Мінае ўжо шосты тыдзень, як мы, тубыльцы гэтага места, слаўнага сэрца Беларусі - Менску, жывем спакойным жыцьцём.

Развееўся той чырвоны туман, каторы вісеў над намі гэтыя доўгія месяцы, не даючы ні дыхнуць, ні зірнуць на ясны свет спакойнымі вачыма, развеелося відмо галоднай смерці...

Цуд гэты ёсць дзелам i заслугаю гераічнага польскага войска, каторага Вы ёсць Начальнікам i каторае, не шкадуючы ні сілаў, ні ахвяраў, вырушыла сюды, адлажыўшы на час творчую працу над адбудаваннем свае Бацькаўшчыны, за яе рубяжы, несучы нам братнюю дапамогу.

От-жа, вітаючы Вас, як Начальніка гэтага гераічнага войска i як чалавека шмат i сваёй сілы, i добрай ахвоты палажыўшага ў гэтую справу, ад імені нашых беларускіх дэлегацыяў, прадстаўляючых тутака беларускае насяленне, выслаўляю гарачую падзяку за звальненне Менску i Меншчыны ад новага цяжкага нападу маскоўскага імперыялізму, каторы на гэты раз прыбраўся ў бальшавіцкую вопратку.

Вольна i спакойна жывем мы сягодня i навет маем радасць, што бачым Вас, Пане Начальніку... Але, гаворачы словамі вешчага Баяна нашага, плачуць яшчэ маткі ў Віцебску, стогнуць людзі ў Магілёве, маўчыць, бо забаронены, хаўтурны голас абімшэлых званіцаў Смаленску, адкуль кожны дзень прыходзяць весткі пра новыя i новыя нявінныя ахвяры. Сэрцы нашыя, радуючыся за нашае аслабаненне, не могуць быць спакойнымі за іхнюю долю. Тутака чуем мы іхнія галасы аб помачы. Але мы слабыя, сілы не маем i нічым, акрамя болю ў душы за ix i сціснутых ад гневу кулакоў, дапамагчы ім не можам.

Але ж мы пэўныя, што страшэнная хмара развеецца i над намі, i да гэтага рады i гатовы далажыць усіх сваіх сілаў, аддаць i свае ахвяры. Бо няма тых ахвяраў, няма тых скарбаў, таго дабра, каторых сыны Беларусі не згадзіліся б аддаць за волю i шчасце сваёй Бацькаўшчыны.

Яшчэ хачу сказаць Вам, Пане Каменданце: мы верым i спадзяемся, што разам з вольным Менскам, Вільняй i сівой Горадняй вольнымі i шчаслівымі будуць у вольнай i незалежнай Беларускай Рэспубліцы нашыя адвечныя астрогі на рубяжох Масквы - Віцебск i Магілёў, i стары Смаленск. Гэтага мы спадзяемся, у тэта мы верым, а гэтымі верай i надзеяй абдараваў нас братні народ, каторага слаўнаму прадстаўніку гатовы мы сказаць на Меншчыне не толькі нашае сягонняшняе «дзякуй», але i заўсёды: «Здароў будзь, прыходзь да нас, госцю мілы, суседзе дарагі» [10].

Пасля гэткай усхваляванай прамовы паміж Пілсудскім i беларускімі прадстаўнікамі пачалася шчырая гутарка аб патрэбах i праблемах Меншчыны, але ў ёй не краналіся пытанні палітычнай будучыні краю. Падчас яе польскі кіраўнік, запэўніваючы беларусаў у сваёй зычлівасці, парэкамендаваў з усімі прапановамі звяртацца да прадстаўнікоў Начальніка ў Менскай акрузе i Камісарыяту ўсходніх земляў, якія б у меру мажлівасці вырашалі б праблемы альбо прадстаўлялі б ix перад польскімі ўладамі ў Варша­ве. Як узгадваў Асмалоўскі, беларусы другі раз выказалі надзею, што Начальнік дзяржавы падтрымае беларускую справу, але не атрымалі ніякага адказу [11].

Падчас у рачыстасцяў, прысвечаных прыеэду Начальніка Польскай дзяржавы ў Горадню. Разам з маршалкам Ю.Пілсудскім у крэсле сядзіць камандуючы вайсковым корпусам, які першы ўвайшоў у горад, генерал Эдвард Рыдз-Сміглы. Ліпень 1919 г.

Падчас гэтай гутаркі адбыўся нечаканы скандал. Прадстаўнік ад менскага земства М.Ярашэвіч [12] кінуўся да Пілсудскага з абвінавачаннямі ў акупацыі краіны. Вось як узгадваў здарэнне Е.Гадлеўскі: «Той дзіўны «дэлегат» пачаў папракаць Пілсудскага, што ён уварваўся са сваім «панскім» войскам, чаго ніхто не прасіў рабіць, бо палякам няма чаго шукаць на Беларусі ... Ля Начальніка дзяржавы сталі ад'ютанты Свірскі, Стаміроўскі, побач з імі стаў i я. Бача­чы выклікаючыя, нават грозныя паводзіны Ярашэвіча, сую руку ў кішэнь, дзе на ўсялякі выпадак ляжала зброя. Калі б была патрэба, я вымушаны быў бы страляць з кішэні. Пілсудскі, аднак, спакойна, з годнасцю выслухаў «дэлегата», а потым з тым самым спакоем адказаў яму, што нашае войска прыйшло выгнаць бальшавікоў, даць народу вольнасць, накарміць галодных, а ва ўсеагульным галасаванні даць магчымасць вызначэння тутэйшага жыхарства, якое гэтага прагне. Тое, што народ прагне спакою, парад­ку, справядлівасці i дапамогі, даказвае энтузіязм, з якім віталі вяртанне польскага войска. У будучыні, - яшчэ раз падкрэсліў Пілсудскі, - будуць праведзеныя вольныя выбары. Мы з палёгкай уздыхнулі, Начальнік дзяржавы казаў гэтак унушальна i пераканаўча, як рэдка ў жыцці мне давялося яшчэ чуць» [13].

Пасля беларусаў польскі кіраўнік у тым жа спакойным тоне павёў размовы з прадстаўнікамі польскага жыхарства, якія таксама выказалi падзяку за вызваленне i падкрэслілі жаданне найхутчэйшага злучэння Меншчыны з Польшчаю. Наступнымі былі дэлегацыі гэбраяў, праваслаўнага духавенства, земства i іншыя. Усе дзякавалі за вызваленне ад бальшавікоў. Неабходна адзначыць, што фактычна толькі прадстаўнікі аднае нацыянальнае групы на Беларусі - расейскае - афіцыйна не выявілі свайго стаўлення да Пілсудскага.

На наступны дзень, 19 верасня, была запланаваная вялікая праграма разнастайных сустрэчаў i візітаў, якія не адбыліся ў першы дзень з прычыны спазнення ўрадавага цягніка. Асноўнымі пунктамі яе былі: ранішняя імша, вайсковы парад, наведванне праваслаўнага сабору, прыём дэпутацыяў у Шляхоцкім доме.

Раніцой, у 9 гадзін, кал я рэзідэнцыі Пілсудскага адбыўся агляд войскаў пад камандаваннем палкоўніка Крок-Рачкоўскага. Войскі спазніліся на хвілінаў 10-15, але Начальнік дзяржавы, які быў у добрым гуморы, амаль не звярнуў на гэта ўвагі, сказаўшы толькі з усмешкаю: «Ух, я навучу вас пунктуальнасці, я вам пакажу...» [14] Пасля дакладу палкоўніка ён прайшоў уздоўж фронту войскаў па пляцы, павітаў ix i паехаў да катэдральнага Марыінскага касцёлу.

У гэты час на Саборным пляцы, дзе месціўся касцёл, ужо былі пашыхтаваныя войскі, вайсковыя аркестры, пажарная каманда, вучні польскіх школаў i прытулкаў, шматлікія прадстаўнікі менскай грамадскасці. Апалове 10-й на пляц уехаў аўтамабіль з Ю.Пілсудскім. Пад прывітальныя воклічы i воплескі ён са сваім атачэннем заняў адпаведнае месца каля аўтара. Вось як апісвае гэтую «палявую імшу», якую адпраўляў кс. Зыгмунт Лазінскі, ужо памянёны К.Рдултоўскі: «Перад пекнай атынкаванай на белае нашай катэдрай - у стылі польскага рэнесансу, а дзвюх высокіх вежах ад франтону, i трошкі далей адсунутай квадратнай гадзіннікавай вежаю з пройсцем пад ёю для мінакоў, быў усталяваны палявы аўтар. Наперадзе яго, з боку былога губернатарскага палацу, у свой час біскупскага, ляжаў дыванік для Начальніка дзяржавы... Пілсудскі ў сваім звычайным плашчы ўкленчыў. Аберуч яго, трохі адступіўшы, стаялі Асмалоўскі i Рачкевіч. За імі Яленскі ды іншыя з кіраўніцтва ўсходніх земляў, штабу i магістрату. Пасля заканчэння імшы біскуп звярнуўся да прысутных з кароткаю прамоваю, у якой адзначыў ролю кіраўніка Польшчы ў справе вызвалення краю ад бальшавікоў i заклікаў усіх прысутных памаліцца аб дараванні моцы i здароўя правадыру польскага войска» [15].

У хуткім часе на Саборным пляцы адбыўся парад польскіх войскаў. Пасля Пілсудскі ў суправаджэнні шматлікіх дэпутацыяў накіраваўся ў праваслаўны Святадухаўскі катэдральны сабор, дзе ля ўваходу быў сустрэты архібіскупам Менскім i Слуцкім Мельхісэдэком, будучым галавою Беларускае праваслаўнае царквы, са словамі «Многая лета Пану Начальніку Рэчы Паспалітай, многая лета...» Гэтыя словы падхапіў царкоўны хор, што стварыла вельмі ўрачысты настрой.

Пасля гэтага візіту Юзаф Пілсудскі яшчэ нейкі час аглядаў места, заходзіў у розныя ўстановы. У прыватнасці, сустрэўся са старымі знаёмымі па даўнейшай канспірацыйнай працы - К.Дэмідэцкім-Дземідовічам, Цывінскім, Кяневічам, Незабытоўскім i іншымі.

А 13-й гадзіне адбылася найважнейшая падзея за ўвесь час прыезду кіраўніка Польшчы на Беларусь - прыём 44 дэпутацыяў ад амаль усіх нацыянальных, рэлігійных ды грамадска-палітычных згуртаванняў Меншчыны i абшараў па­за яе межамі.

Спачатку Начальнік дзяржавы сустрэўся з прадстаўнікамі большасці дэлегацыяў, якія па чарзе падыходзілі да яго, выказваючы сваю «радасць з нагоды вызвалення» [16]. Затым усе запрошаныя перайшлі ў Вялікую залю дзеля прагляду выступаў, прычым на першыя месцы паселі прадстаўнікі духавенства: каталіцкі біскуп Лазінскі, праваслаўны архібіскуп Мельхісэдэк, татарскі мална, гэбрайскі рабін. Карэспандэнт «Минского курьера» адзначаў: «Тутака ў наяўнасці прадстаўнікі нацыянальнасцяў усяе Рэчы Паспалітай: тыповыя сяляне беларусы, у нацыянальных строях, прадстаўнікі гэбрайскай абшчыны ды шматлікіх польскіх арганізацыяў» [17].

Першы прамоўца быў біскуп Лазінскі. У сваёй прамове ён адзначыў, што вітае не толькі «народнага героя, Правадыра i Галаву дзяржавы, але i чалавека шчыльна сувязанага з ускраінамі» i пажадаў, каб «Польшча пад кіраўніцтвам свайго правадыра выйшла на шлях велічы i сла­вы» [18].

Наступным быў архібіскуп, прамова будучага мітрапаліта Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы, вартая таго, каб прывесці яе цалкам:

«Спадар Начальнік! У пакутах ды хваробе нараджаецца чалавек. Цяжкі ягоны жыццёвы шлях, але ў горане пакутаў i выпрабаванняў загартоўваецца ягоная энергія, мацнее воля, расце i аднаўляецца ягоны дух. Дужаю моцаю гэтага духу перамагае ён усе зменлівасці жыцця i ўзыходзіць духоўна ўсё вышэй ды вышэй, часта здзіўляе, уражае свет i людскою прыгажосцю, i веліччу адноўленай пакутамі душы сваёй.

Ці не гэтак бывае з народамі? Ці не прыклад гэтаму бачым у народзе польскім, вітаючы ў Вашай асобе Галаву i Найвышэйшага Правадыра яго. У агні пакутаў гарэў польскі народ, але гэты народ толькі абнавіў ды загартаваў ягоны дух да гэткае ступені, што зараз усе бачаць Польшчу адроджанай, вольнай i прыгожай.

Ад імя двухмільённага праваслаўнага беларускага жыхарства Менскай зямлі, прадстаўнікамі якога мы з'яўляемся, прыносім нашае брацкае прывітанне i горача зычым блаславення Божага народу польскаму i Галаве яго.

Праз доблесць народу польскага Богу ўгодна было спыніць у зямлі Менскай далейшае разводдзе каламутнага мора, няшчасця i крывавага зла, гатовага сваім жахлівым патопам заліць усё i ўсіх. Рукою польскага ваяра Бог даў усяму краю i жыхарам ягоным даўно жаданае вызваленне ад гэтага пекла i жахаў ягоных.

Наш абавязак памянуць пра гэта перад вамі словамі жывой удзячнасці. Верым, цвёрда спадзяемся i чакаем, што адроджаная Польшча, у пакутах атрымаўшая сваю вольнасць, праз крыж уваскрослая, нясе праваслаўнай царкве i ўсяму праваслаўнаму жыхарству не смутак, а суцяшэнне, не слёзы ды пакуты, а тую ж залатую воль­насць, дзіўнай шатай якой апранулася сама.

Няхай жыве вольны польскі народ!

Няхай жыве ягоны Правадыр!»

Затым выступілі татарскі мална i старшыня гэбрайскае абшчыны Е.Хургін. Першы выказаў надзею, што мусуль­мане ўсходніх земляў «як i даўней, здолеюць стаць сы­нам! сваёй Радзімы - Вялікай Польшчы», a другі прасіў ставіцца з поўным «разумением да імкнення гэбрайскага народу, які змагаецца за сваё раўнапраўнае становішча сярод іншых народаў» [19]. Прамовы мелі таксама старшыня «Польскае Рады Зямлі Мінскай» І.Кяневіч, прадстаўнік дэпутацыі дробнай шляхты i землеўладальнікаў i іншыя. Але для нас, несумненна, выклікаюць інтарэс выступы ад беларускіх груповак i арганізацыяў. На прыёме выступалi тры беларускія прамоўцы - два ад сялянаў i адзін ад імя ўсіх беларускіх арганізацыяў. Першы сялянскі прадстаўнік выступаў на беларускай мове i выказаў жаданне вяскоўцаў «жыць i працаваць у непарыўнай братэрскай сувязі з Польшчаю i польскім народам i прасіў не адпіхваць ix, не выдзеляць i не ствараць абмежаванняў» [20]. Другая прамова была зробленая па-расейску ўжо ўзгаданым М.Ярашэвічам. Яна значна рознілася ад словаў ранейшых прамоўцаў i з'яўлялася яскравым прыкладам сітуацыі раз'яднанасці тагачаснага беларускага грамадства. Ярашэвіч выступіў з крытыкай акупацыйных уладаў. У прыватнасці, ён закрануў балючае для часткі былых грамадзянаў Расейскай імперыі моўнае пытанне, пытанне аб статусе беларускае мовы як былое «мужыцкае». «Беларусы ў Менскай акрузе складаюць 77,4 % паводле статыстычных звестак 1897 г., народная мова Беларусі складае частку расейскай, - заяўляў прамоўца. - Літаратурная мова беларуская знаходзіцца ў стане распрацоўкі i не зразумелая бальшыні беларускага народу i беларускай інтэлігенцыі. Бальшыні знаёмая расейская літаратурная мова. Тутэйшыя ж улады прыгнятаюць расейскую мову; не дазваляецца ра­сейская мова на публічных сходах, не друкуюцца на ёй аніякія распараджэнні; бальшыня беларусаў, якія валодаюць толькі расейскай літаратурнай моваю, пазбаўляюцца працы i пасадаў. Пытанне аб тым, якая павінна быць мова для беларусаў - расейская альбо беларуская, - павінна быць вырашана законным дэмакратычным прадстаўніцтвам краю, а не акупацыйнаю ўладаю, каб гэтае стаўленне ўладаў не магло быць названа гвалтам над карэнным беларускім жыхарствам» [21]. Гэткім ж дысанансам, але ўжо да Ярашэвіча, быў выступ на беларускай мове трэцяга прадстаўніка беларусаў А.Прушынскага, які адзначыў: «Пад ударамі гераічных польскіх войскаў адбыўся цуд вызвалення беларусаў Меншчыны ад новага маскоўскага наез­ду, што з'явіўся да нас у выглядзе бальшавікоў. Мы верым, што (...) усе беларускія землі будуць аб'яднаныя ў адзіны дзяржаўны арганізм».

Неабходна падкрэсліць, што ўсіх выступоўцаў з цікавасцю выслухалі, але сапраўднай кульмінацыяй трэба, без- умоўна, лічыць прамову Ю.Пілсудскага, які выступіў апошнім, у адказ на ўсе прывітанні. Ён прамаўляў на бела­рускай мове, якую ў гэтай зале цынічна абвінавацілі ў тым, што яна «не зразумела большасці беларусаў». Галоўныя палажэнні прамовы Начальніка дзяржавы былі наступныя: «Шчыра дзякую за выказаныя мне, як Галаве польскага войска i Польскай дзяржавы, прывітанні. Як сын гэтае зямлі, я добра ведаю гаротнае палажэнне яе, якое было заўсёды доляю яе насельніцтва. Дзяды нашыя не бачылі ніколі нічога лепшага за гвалт, мукі i злачынствы. Кожнага жыхара гэтай зямлі прымушалі прызнаць тое, што яму гвалтоўна дыктавылі. Нараджаліся людзі ў няволі. Нараджаліся нявольнікамі i не маглі дыхнуць вольна, як іншыя людзі. Надышла гэтая вялікая вайна, вялікая хваля разрухі. Яна пракацілася па гэтай зямлі ад краю ў край, i на працягу 5-ці гадоў тутака гуляў самы злосны гвалт над душамі i сэрцамі жыхароў. Усе мары, усе ідэалы, усё лепшае забівалася ў душах людзей або пакаралася таму, чаго вымагалі гвалтаўнікі. Польскае войска, якім я маю гонар камандаваць, усюды нясе вызваленне i свабоду. Польшча йдзе на ўскраіны не дзеля таго, каб навязваць сваю волю. Я выдаў Адозву, пацьверджаную вышэйшай уладаю - Польскім Соймам, што гэтай зямлі ніхто i нічога гвалтам накідаць не будзе, яна будзе вольнаю, i само насяленне вырашыць формы свайго палітычнага быту.

Я даў слова i трымаюся яго моцна. Насельніцтва будзе паклікана да выбараў органаў мясцовага самакіравання, а затым надыдзе час, калі вы зможаце выказаць свае думкі i пажаданні пра дзяржаўны лад. I ў першым, i ў другім выпадках дадзеная будзе поўная свабода, без усялякіх рэлігійных, нацыянальных або класавых абмежаванняў. Я буду ганарыцца Польшчаю, польскім войскам i самім са­бою, калі змагу даць гэтай зямлі найвышэйшы дар, з якога яна гэтулькі часу не карыстала, - дар волі. Жадаю вам поўнага поспеху ў працы, якая ў атмасферы поўнай волі, з'яднае ўсіх. Пакуль я буду камандаваць польскім войс­кам - я гарантую вам дакляраваную свабоду. Я веру i спадзяюся, што гэтая зямля, як асобная адзінка, зойме належнае ёй месца ў сусветным ліку дзяржаўных народаў» [22].

Нягледзячы на доўгія вітальныя воклічы, якія грымелі ў зале ў гонар высокага госця, бальшыня прысутных была ў здзіўленні. Вось як пра гэты настрой узгадвае Рдултоўскі: «Для большасці з нас, палякаў, не знаёмых з палітычнымі праектамі Пілсудскага, абедзве гэтыя беларускія прамовы здзейснілі дзіўнае i турботнае ўражанне. Нават той факт, што прывітанне было прамоўлена не па-польску, рабіў для польскіх вушэй пэўную прыкрасць. Столькі гадоў мы чакалі яго па-польску, але, кал i яно адбылося, Начальнік дзяр­жавы звярнуўся па-беларуску да людзей, дасканала ведаючых польскую мову.

Узгадванне аўтаноміі. Як яна павінна выглядаць? Якое будзе становішча палякаў у гэтым аўтаномным краі, дзе мы ў меншыні? Калі аўтаномія будзе шырокаю, ці здолеюць гэтыя землі супрацьстаяць камуністам i сацыял-рэвалюцыянерам? Аўтаноміі хоча жменя нацыяналістаў, а большасць насельніцтва аб ёй i не думае. Нарэшце, сам Пілсудскі лічыўся за сацыяліста, таму можа ён саступіў у дадзеным выпадку занадта прагрэсіўным тэорыям? Гэткія думкі выказвалі сустраканыя мною палякі. Супакойвала ix толькі вялікая павага да асобы Правадыра, нейкая вера ў гэтага чалавека, які уваскрэсіў Польшчу i выратаваў яе ўсходнія землі з маскоўскае няволі» [23].

Пасля афіцыйнага прыёму дэлегацыяў Пілсудскі запрасіў да сябе тых, хто жадаў персанальна з ім пагутарыць. Вельмі працяглую гутарку меў з ім архібіскуп Менскі i Слуцкі Мельхісэдэк, прадстаўнікі гэбрайскай абшчыны. Цікавая сустрэча адбылася з дэлегацыяй Менскага вольна-пажарнага таварыства, якія «прасілі Начальніка дзяржавы аказаць гонар таварыству ўласнаручным прымацаваннем свайго вензеля да тронку штандару таварыства. Залаты вензель з ініцыяламі «J.P.» адразу ж быў пададзены на адмысловай талерцы Начальніку дзяржавы, які ўласнаручна прыбіў вен­зель да тронку штандару» [24].

Сход у Шляхоцкім доме працягваўся не вельмі доўга, i ўжо а 15 гадзіне адбыўся парадны абед у казіно Беластоцкага палка, падрыхтаваны Менскім Польскім камітэтам у гонар кіраўніка польскай дзяржавы. На яго, у прыватнасці, былi запрошаныя дзеячы БНК. Падчас абеду ўздымаліся шматлікія тосты ў гонар Галоўнакамандуючага i будучыні краю. Неўзабаве адбылося даволі цікавае здарэнне. Старшыня Польскага камітэту Генрык Грыбоўскі паставіў перад Пілсудскім срэбны кухаль, напоўнены віном, просячы выпіць яго за гонар Вялікага Княства Літоўскага. Апошні пачаў адмаўляцца, кажучы, што кухаль занадта вялікі i запытаў, адкуль ён. Грыбоўскі адказаў: «Няхай спадар Начальнік вып'е, а мы паглядзім.» Пасля таго, як по­суд апусцеў, аказалася, што ўсяродку келіху было выгравіравана пасвячэнне, што ён быў ахвяраваны Тадэвушу Рэйтану ад паслоў Наваградскае зямлі [25].

Як кіраўнік дзяржавы, што знаходзілася ў стане вайны, Ю.Пілсудскі, натуральна, павінен быў думаць i пра сітуацыю на франтах, таму адразу пасля абеду сустрэўся з вайсковым камандаваннем у Менску i выдаў неабходныя загады дзеля далейшых вайсковых дзеянняў. Адзін з тых польскіх вайскоўцаў - палкоўнік Складкоўскі, хто бачыў Галоўнакамандуючага ў той час, адзначыў у сваім дзённіку: «Нідзе пазней, падчас найвышэйшых палітычных трыумфаў, я не бачыў гэтулькі агню, радасці i задавальнення ў вачах Каменданта, як тады ў Менску, у хвіліны планавання пераследу маючага быць знішчаным супраціўніка, вяртання захопленага ім гораду» [26]. Застаецца толькі дадаць адно - гэта былі адчуванні ліцвінскага сэрца Юзафа Пілсудскага, якое было ў гэты час на сваёй Радзіме.

Пра тое, што кіраўнік Польшчы шчыра цікавіўся «сэрцам Беларусі», сведчыць i даволі непрыемны для ягонага атачэння інцыдэнт, што адбыўся амаль перад запланаваным на 20 гадзінаў урачыстым канцэртам. Калі У.Рачкевіч зайшоў да Пілсудскага, каб паведаміць яму аб пачатку ўрачыстасці, то даведаўся, што апошні, ужо прыцемкам, у суправаджэнні толькі аднаго ад'ютанта вырашыў прайсціся па горадзе. Гэтая вестка ва ўсіх выклікала моцны занепакой. Але праз нядоўгі час Галоўнакамандуючы ў выдатным настроі прыйшоў сам.

А 20-й гадзіне пачаўся канцэрт у гарадскім тэатры, наладжаны сп. Свянціцкай на карысць жаўнерскіх сходаў. Паводле паведамлення газеты «Звон», «урачысты вечар быў поўным трыумфам вядомага беларускага хору сп.Тэраўскага» [27]. Перад святочна настроенай публікай тэатру было выканана шмат спеваў, полек, музычных кампазіцыяў. Кульмінацыйным момантам была дэкламацыя беларус­кага вершу маленькай дзяўчынкаю, да якой пасля выступу падышоў Пілсудскі i падараваў букет кветак. А выкананне беларускага гімну «Краіна родная» наогул выклікала «мора кветак i гром апладысментаў.»

Пасля канцэрту, як пісала газета «Минский курьер», Камендант наведаў жаўнерскія сходы, дзе яго сардэчна прынялі тутэйшыя дамы-патронкі [28]. Калі Пілсудскі развітаўся з імі, то У.Рачкевіч, як гасцінны гаспадар, прапанаваў Начальніку дзяржавы i яго знаёмым зайсці да яго «на філіжанку кавы i келіх віна.» Усе пагадзіліся, тым больш у хуткім часе цягнік Я.Пілсудскага павінен быў ад'язджаць з Менску.

Ba ўтульным кабінеце Рачкевіча хутка завязалася ажыўленая гутарка. Спачатку яна йшла пра мінулае, затым перацякла ў сучаснасць, з якой перайшла да будучыні. Пілсудскі, як узгадвае Асмалоўскі, казаў аб сваіх уражаннях аб Менску ў жартоўным тоне: «Не спадабаўся мне ваш Менск (...) занадта расейска-жыдоўскім духам пахне, на вуліцах не чуваць іншай мовы, акрамя расейскай...» A калі Дэмідэцкі i Рачкевіч запратэставалі супраць падобнага ўражання аб вечаровых вуліцах, калі, асабліва ў пятніцу, усе менскія гэбраі накіроўваюцца на шпацыр, гэта зусім не было доказам, што Менск не ёсць вельмі польскім горадам, адпаведнікам Вільні. У адказ Галоўнакамандуючы аспрэчыў параўнанне Менску з Вільняю: «Вільня i Віленшчына, як край больш польскі, чым цэнтральныя раёны (...) заходнебеларускія абшары, зусім абасобленыя ад Меншчыны». Абвяржэнне з боку прысутных, што ваколіцы Менску гэткія ж польскія, як i Вільні, што існуюць шляхоцкія засценкі, якія захоўваюць польскія традыцыі, не пераканала Пілсудскага. Ён выказаў свой погляд у наступных сло­вах: «Вільня ёсць i мусіць застацца ў сваім характары асяродкам польскасці на ўсходніх землях. Менск павінен стаць асяродкам беларускіх земляў...» [29] Паціху гутарка перайшла на прыватныя тэмы i толькі амаль у поўнач скончылася.

Вось як апісвае «Минский курьер» ад'езд кіраўніка Польшчы: «... а 12-й гадзіне ночы, пасля вячэры ў Камісара акругі У .Рачкевіча, Начальнік дзяржавы ў суправаджэнні свайго атачэння i прыбліжаных адбыў на Віленскі вакзал. На пляцы перад вакзалам яго сустракалі дабрахвотнікі вольнапажарнага таварыства з аркестрам музыкі, пры запаленых паходнях.

На пероне вакзалу пашыхтавана ганаровая варта з ар­кестрам музыкі. Начальнік дзяржавы, шчыра развітаўшыся з прадстаўнікамі вайсковай i цывільнай улады, якія яго праводзілі, зайшоў у вагон.

З пляцоўкі вагону ён у цёплых выразах дзякаваў за аказаны яму ў Менску прыём.

Пры гуках польскага гімну цягнік павольна адышоў ад станцыі» [30]. 21 верасня бронецягнік прыбыў у Варшаву.

Вось гэтак праходзіў першы, пасля падзелау ў XVIII ст. Рэчы Паспалітай, візіт на Беларусь галавы адроджанай Польскай дзяржавы, які выклікаў марныя, як высветлілася ў будучыні, спадзяванні ў беларускіх патрыятычных колах.

Юзаф Пілсудскі яшчэ доўга знаходзіўся пад уражаннем паездкі.



[1] Jędrzejewicz W., Cisok J. Kalendarium życia Józefa Piłsudskiego (1867-1935). - Wrocław, Warszawa, Kraków, 1993, Т. II. - S. 104.

[2] Godlewski J. Na przełomie epok. - Warszawa, 1990. - S. 186.

[3] Минский курьер, 1919 г., 19 сентября.

[4] НАРБ, ф. 368, воп. 1, спр., арк. 5.

[5] Звон, 1919 г., 19 верасня.

[6] Ежы Марцін Асмалоўскі, бліжэйшы паплечнік Я.Пілсудскага па справах усходніх земляў, нарадзіўся ў засценку Падпінскім (2 км ад Пінску) у 1872 г. З 1905 г. стаў сябрам нелегальнага «Дэмакратычнага Звязу палякаў, захопленых Расеяй тэрыторыяў». Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў Польскай радзе беларускіх земляў кіраваў аддзелам польскіх школаў. У 1918 г. пазнаёміўся з Пілсудскім. З 15. IV. 1919 г. па 20. IX. 1920 г. (дэ-юрэ) быў Генеральным камісарам цывільнага ўраду ўсходніх земляў (акупаваных). Імкнуўся праводзіць сваю дзейнасць у рэчышчы вядомай адозвы Пілсудскага да жыхароў былога BKЛ, чым заслужыў шматлікія нападкі прыхільнікаў інкарпарацыі «крэсаў» (Polski Słownik Biograficzny. - Kraków, 1979, Z. 101. - S. 375-379). Вельмі цікавым моментам, які можа праліць пэўнае святло на асаблівасці працы Генеральнага камісара, з'яўляецца вытрымка з ягоных успамінаў: «Бацькаўшчына мая - беларуская губерня Магілёўская, у ёй жылі i ўсе мае продкі. Праўда, толькі моваю маіх прадзедаў была польская мова. Тады якая сапраўды мая Бацькаўшчына - Польшча ці Беларусь? Хто я, паляк ці беларус? Я паляк культуры мовы рэлігіі, але не жыву ў Польшчы, таму я абавязаны краю, у якім нарадзіўся, i людзям, якія мяне тутака атачаюць, - гэта мне бліжэй» (Wspomnienia z lat 1914-1921, t. 1, I. 142.)

[7] Rdułtowski К. Józef Piłsudski w Mińsku / Zeszyty Historyczne (Paryż), 1972. Z. 22.- S. 124.

[8] Минский курьер, 1919 г., 19 сентября.

[9] Кароткі жыццяпіс Уладзіслава Рачкевіча паказвае неардынарнасць гэтага чалавека. Ён нарадзіўся ў 1885 г. у г. Кутаісі (Грузія), куды трапіў ягоны дзед, высланы ў свой час з Беларусі, як удзельнік паўстання 1863 г. Праўную адукацыю атрымаў у Пецярбургскім i Дэрпцкім універсітэтах. З 1914 г.- на Заходнім фронце. З 1917 г. - Старшыня Галоўнага польскага вайсковага камітэту. З гэтага часу знаходзіцца ў Менску, дзе займаецца грамадскімі справамі, наладжвае сістэму адукацыі для польскіх дзяцей. Улетку i ўвосень 1918 г. браў удзел у арганізацыі аддзелаў самаабароны Менску, якія потым сталі зародкам Літоўска-Беларускай дывізіі. З чэрвеня 1918 г. уваходзіў у склад Польскай рады Менскай зямлі. У хуткім часе стаў сябрам створанага ў Варшаве Камітэту «Абарона Крэсаў», у якім кіраваў вайсковым аддзелам. З 16. V. 1919 г. - намеснік Генеральнага камісара цывільнага ўраду ўсходніх земляў, стаў кіраўніком цывільнага ўраду Менскай акругі. З 28. VI. 1921 г. - міністр нутраных справаў Рэчы Паспалітай. У 1921-1924 гг. быў наваградскім ваяводаю, затым віленскім. У 1930-1933 гг. - маршалак сенату. У 1935-1936 гг. - ваявода кракаўскі, у 1936-1939 гг. - ваявода паморскі. У верасні 1939 г. У.Рачкевіч быў абраны на пасаду Прэзідэнта Рэчы Паспалітай, фактычна ў выгнанні. Гэта быў ужо другі Прэзідэнт, ураджэнец беларускіх земляў. 6.VI.1947 г. памёр ад цяжкай хваробы. Пахаваны на могілках польскіх лётнікаў у Ньюарку (Ангельшчына), дзе пахаваны таксама i генерал Сікорскі. (Polski Słownik Biograficzny, - Kraków, 1986, Z. 123. - S. 607-614).

[10] Звон, 1919 г., 1 кастрычніка.

[11] Успаміны Е.Асмалоўскага. Рукапіс. Бібліятэка Нарадова ў Варша­ве. - S. 108.

[12] Ураджэнец м. Нова-Свержань Менскага павету Міканор Ярашэвіч нарадзіўся 11 ліпеня 1885 г. (паводле старога стылю). Пачатковую адукацыю атрымаў у Мірскай гарадской вучэльні. Да Першай сусветнай вайны скончыў Глухаўскі настаўніцкі інстытут (на Чарнігаўшчыне) i Macкоўскі сельскагаспадарчы інстытут. У 1910-1912 гг., падчас навучання ў Маскве, уваходзіў у беларускі студэнцкі гурток. Пасля заканчэння вучобы працаваў аграномам-выкладчыкам, чытаў лекцыі па аграноміі ў земскіх установах Менскай, Смаленскай ды Харкаўскай губерняў. Удзельнік Пер­шай сусветнай вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.- старшыня Менскай земскай губернскай управы, адзін з кіраўнікоў мясцовай філіі расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (г. зв. «эсэраў-абласнікоў»). У пачатку сакавіка 1918 г. у складзе земскай групы кааптаваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, але ужо 25 сакавіка разам с a сваімі прыхільнікамі выйшаў з яе ў знак нязгоды з прыняццем Трэцяй Устаўной граматы БНР, у якой Беларусь абвяшчалася незалежнаю дзяржаваю. Падчас польскай акупацыі выкладаў аграномію i палітэканомію у Менс­кай політэхнічнай вучэльні, у складзе г. зв. «расейскай сацыялістычнай групы» ўдзельнічаў у выбарах у гарадскі магістрат Менску восенню - зімою 1919-20 г. З прыходам у горад у ліпені 1920 г. бальшавікоў, прызначаны першым рэктарам Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытуту (БДПІ), адначасова выконваў абавязкі загадчыка аддзелу прафесійнай адукацыі (Главпрофобр) Наркамасветы ССРБ. Ініцыятар стварэння i старшыня Беларускага вольнага эканамічнага таварыства, у мясцовым перыядычным друку выступаў з артыкуламі па праблемах сельскай гаспадаркі ды агульнага эканамічнага становішча Беларусі. Выступаў супраць г. зв. «гвалтоўнай беларусізацыі», дамагаўся паступовага пераводу на беларускую мову выкладання ў школах Беларусі. Сам чытаў лекцыі студэнтам як па-расейску, так i па-беларуску. Падчас працы ў Наркамасвеце ССРБ зблізіўся i пасябраваў з Якубам Коласам. У 1920-1921 гг. намагаўся ўзнавіць дзейнасць эсэраўскай арганізацыі «абласнікоў». У сакавіку 1921 г. арыштаваны чэкістамі ды зняволены ў Пішчалаўскім замку. Дзякуючы заступніцтву 38 выкладчыкаў БДПІ i Беларускага рабочага тэхнікуму праз два месяцы вызвалены. У студзені 1923 г. на загад ГПУ БССР высланы з Беларусі ў Ташкент. У 1920-я гг. працаваў у Сярэднеазіяцкім універсітэце ды Інстытуце ірыгацыі i механізацыі сельскай гаспадаркі ва Узбекістане. У 1930 г. пасля чарговага арышту выселены разам з сям'ёю з Ташкенту ў сельскую мясцовасць, праз тры гады яму зноў дазволена вярнуцца ў горад. У 1937 г. арыштаваны ды асуджаны на 10 гадоў канцлагеру без права на ліставанне «за шпіянаж на карысць замежных разведак». Са словаў ягонай жонкі Веры Ярашэвіч-Шыманскай, знаходзіўся ў адным з лагераў КраснаярЛАГу, пазней расстраляны (паводле інфармацыі Уладзімера Ляхоўскага ды Веры Міцкевіч).

[13] Godlewski J. Тамсама. - S. 187-188.

[14] Тамсама. - S. 188.

[15] Минский курьер. 1919 г., 20 сентября.

[16] Rdułtowski К. Тамсама. - S. 125.

[17] Минский курьер, 1919 г., 20 сентября.

[18] Тамсама.

[19] Тамсама.

[20]Минский курьер, 1919 г., 21 сентября.

[21] Тамсама.

[22] Звон, 1919 г., 24 верасня. Гл. таксама тэкст у перакладзе на польскую мову: Piłsudski J. Pisma zbiorowe.-Warszawa, 1937. Т. V - S. 106-107.

[23] Rdułtowski К. Тамсама. - S. 126.

[24] Минский курьер, 1919 г., 21 сентября.

[25] Jędrzejewicz W., Cisok J. Kalendarium życia Józefa Piłsudskiego (1867-1935). Wyd. Ossolineum, Wrocław, Warszawa, Kraków, Т. II. 1993. - S. 106.

[26] Składkewski F. Strzępy meldunków. - Warszawa, 1938 - S. 22.

[27] Звон, 1919 г., 24 верасня.

[28] Минский курьер, 1919 г., 21 сентября.

[29] Успаміны Е.Асмалоўскага. Рукапіс. Бібліятэка Нарадова ў Варша­ве. - S. 110.

[30] Минский курьер, 1919 г., 21 сентября.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX