Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Герасімава I. Ідэя гэбрайскай аўтаноміі і БНР


Аўтар: Герасімава I.,
Дадана: 19-03-2012,
Крыніца: Cпадчына №5-6 - 2000. С.28-45.



Сярод пытаньняў гісторыі беларускага вызвольнага руху адным з важнейшых ёсьць вывучэньне дачыненьняў беларусаў-незалежнікаў і прадстаўнікоў нацыянальных рухаў іншых народаў, якія жывуць у Беларусі. У гэтай сувязі мае інтарэс дасьледаваньне тэмы "Гэбраі й беларуская нацыянальная ідэя", у якой цэнтральнае месца займае маладасьледаваная старонка ў гісторыі Беларускае Народнае Рэспублікі - ідэя абвешчаньня Ўрадам БНР у 1921 г. гэбрайскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі.

Гістарыяграфія беларуска-гэбрайскіх дачыненьняў напачатку XX ст. толькі пачынае складвацца. Але нельга не адзначыць, што цікавасьць да гэтага пытаньня праяўлялі як гэбраі, так і беларусы. Яшчэ ў 1913 г. у гэбрайскім літаратурным часопісе "Гэбрайскі сьвет" ("Ды ідышэ вэльт"), які выходзіў у Вільні, быў надрукаваны артыкул аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэньня Антона Луцкевіча (А.Навіны) "Нашыя суседзі" ("Унзэрэ шхенім"). У ім выкладзены мэты й задачы беларускага адраджэнскага руху й ягонае стаўленьне да г.зв. "гэбрайскага пытаньня" й да справы гэбрайскага нацыянальнага вызваленьня. Toe, што вялікі артыкул (друкаваўся ў 2-х нумарох) пра беларускі вызвольны рух быў зьмешчаны ў пэрыядычным выданьні на ідыш, мела вялікае значэньне, якое яму надавалі гэбрайскія нацыянальныя дзеячы нават у той час. Пазьней, ужо ў 1917 г., у Адэсе выйшла кніга І.Шэхтмана "Гэбраі і нацыянальныя рухі ў свабоднай Расеі", у якой аўтар падаў гісторыю нацыянальных рухаў 11-ці народаў, што жывуць на абшарах былой Расейскай імпэрыі, ды паспрабаваў вызначыць месца, якое займаюць сярод іх гэбраі. Характарызуючы беларускі вызвольны рух, адзін з самых маладых сярод іншых былых паняволеных народаў Расеі, Шэхтман адзначаў, што ён яшчэ да лютаўскае рэвалюцыі "зрабіў значныя посьпехі... і непасрэдна пасьля рэвалюцыі са зьдзіўляючай хуткасьцю пачалося гуртаваньне нацыянальных сілаў" 1. На пытаньне: якое ж месца зоймуць гэбраі ў беларускім руху? - аўтар кнігі адказваў, што гэта будзе залежаць ад палітыкі беларусаў у нацыянальным пытаньні. "Пры наяўнасьці адзінай і мэтаасэнсаванай нацыянальнай палітыкі гэбрайства Беларусі можа забясьпечыць сабе актыўны ўдзел у будаўніцтве краю, стаць адным з "краёвых элемэнтаў 2".

У 1921 г. у ковенскай рускамоўнай газэце "Вольная Литва" зьявіўся невялічкі артыкул "Беларусы і гэбраі", падпісаны крыптанімамі "А.В.". У ім аўтар ахарактарызаваў гісторыю беларуска-гэбрайскіх дачыненьняў зь лютага 1917 г. па чэрвень 1921 г. 3 Шырэй раскрыў гэтую праблему А.Луцкевіч у літаратуразнаўчым аглядзе "Жыдоўскае пытаньне ў нашым пісьменстве", зьмешчаным у тым жа годзе ў віленскзй газэце "Наша Думка", дзе разам з вывучэньнем адлюстраваньня гэбрайскае тэмы ў творчасьці беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў адказваў і на йншыя пытаньні дачыненьняў беларусаў і гэбраяў. I хоць гісторыя "вырашэньня пытаньня пра гэбраяў" у беларускім вызвольным руху, на думку А.Луцкевіча, пачынаецца напрыканцы XIX ст., шырокае разьвіцьцё нацыянальных кантактаў актывізуецца пасьля лютаўскае рэвалюцыі 1917 г.

Важную ролю ў распрацоўцы новага для таго часу па- няцьця "нацыянальнай аўтаноміі" адыграла "Рада нацыянальных сацыялістычных партыяў Расеі", якая дзейнічала ў Петраградзе да кастрычніцкага перавароту і дзе разам зь беларусамі, украінцамі, палякамі, латышамі, эстонцамі, грузынамі, татарамі, літоўцамі ды інш. працавалі гэбраі (Гутман, Рафалькес, Марголін, Давідовіч).

На Ўсерасейскай дэмакратычнай нарадзе дэлегатаў народаў Расеі, якая праходзіла ў "паўночнай" сталіцы 12- 14 верасьня, прадстаўнік гэбрайскае нацыянальнае групы Яфройкін (Ефройкйн) заявіў: "Умовай росквіту Расеі ёсьць вырашэньне нацыянальнага пытаньня на грунце тэрытарыяльнай ды нацыянальна-пэрсанальнай аўтаноміі". Прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, у тым ліку беларусы, падтрымалі гэтае палажэньне 4. Некаторыя гэбраі, дэлегаты названае нарады (найперш М.Гутман), пазьней удзельнічалі ва Ўсебеларускім зьезьдзе ў Менску ў сьнежні 1917 г. і былі абраныя сябрамі Рады ды Выканаўчага Камітэту гэтага кангрэсу, якія ў ноч на 21 лютага 1918 г. былі пераўтвораны адпаведна ў Раду ды Народны Сакратарыят Беларускае Народнае Рэспублікі.

Ідэя прадстаўленьня нацыянальна-культурнай аўтаноміі мяншыням, што стала пражываюць у Беларусі, афіцыйна знайшла адлюстраваньне ў студзені 1918 г. у Дэклярацыі беларускае дэлегацыі ўдзельнікам савецка-нямецкіх мірных перамоваў у Берасьці, складзенай ад імя Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага зьезду. Другі пункт дакумэнту абвяшчаў: "Нацыянальныя мяншыні маюць у Беларусі нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію" 5. Да таго часу ў Выканаўчы Камітэт Рады ўжо ўвайшлі прадстаўнікі нацыянальных мяншыняў, сярод якіх былі сябры Аб'яднанае гэбрайскае сацыялістычнае працоўнае партыі (сацыял-сіяністы), гэбрайскія сіяністы ды актывісты Гэбрайскае сацыял-дэмакратычнае партыі "Паалей-Цыён". У Першай Устаўной Грамаце БНР ад 21 лютага 1918 г. адзначалася, што нацыянальныя мяншыні, якія жывуць у Беларусі, павінны выкарыстоўваць сваё права на нацыянальную аўтаномію. У Другой Устаўной Грамаце БНР ад 9 сакавіка дадаваўся пункт пра раўнапраўе мясцовых моваў. Неабходна падкрэсьліць, што тэксты гэтых фактычна канстытуцыйных актаў Беларусі друкаваліся ў мовах ня толькі беларускай ды польскай, але й гэбрайскай, на ідыш.

Выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду, а пазьней Народны Сакратарыят Беларусі зьвярнулі ўвагу рэгіянальных структураў на прыцягненьне ў свае шэрагі прадстаўнікоў нацыянальных мяншыняў. У красавіку 1918 г. у "Часовым наказе мясцовым Беларускім Радам" загадвалася "дапоўніць (56KB) Браты Жытлоўскія. Крайні зьлева: былы міністар нацыянальных мяншыняў Ураду БНР Самуіл Жытлоўскі. Фота канца 1920-х гг. свой склад прадстаўнікамі іншых народнасьцяў краю, згодна зь іхным лікам у акрузе", дзеля чаго плянавалася правесьці перапіс жыхарства 6.

Вядомыя сябры гэбрайскіх палітычных партыяў і арганізацыяў у Беларусі ў гэты пэрыяд актыўна ўдзельнічаюць у працы Рады БНР і беларускага ўраду. У першы склад Народнага Сакратарыяту Беларусі ўвайшлі Г.Белкін (народны сакратар фінансаў) і М.Гутман (таварыш кіраўніка ўраду). Абодва гэбрайскія сацыялісты. У склад Рады БНР уваходзілі сябры іншых гэбрайскіх партыяў: "Паалей-Цыён", Бунда ды інш. (Айзэнштат, Літвак, Розэгаўз, Мац, Каплан, старшыня Менскае гарадзкое думы Вайнштэйн, Мар'ясін, Бергер, Хургін). Тэта знаныя ў гэбрайскіх палітычных колах людзі. Дагэтуль, напрыклад, не ацэнены ўклад у законатворчасьць БНР М.Гутмана. Вядома, што менавіта ў ягоным доме ды пад ягонай рэдакцыяй складзена Першая Ўстаўная Грамата Рэспублікі. Як былы сябра Цэнтральнай Украінскай Рады ў 1917 г., М.Гутман, несумненна, выкарыстоўваў свой досьвед удзелу ў структурах украінскага ўраду і для сваёй чыннасьці на пасадзе намесьніка старшыні Народнага Сакратарыяту Беларусі. Пры вывучэньні ягонае дзейнасьці ў Кіеве ды Менску становіцца зразумелым, чаму першыя канстытуцыйныя акты БНР і ўнівэрсалы Ўкраінскае Народнае Рэспублікі маюць шмат агульнага ў сваіх палажэньнях. Дэкляраваньне абодвума ўрадамі суседніх краінаў пра нацыянальную аўтаномію для гэбраяў, наяўнасьць міністэрстваў нацыянальных мяншыняў, іншыя элемэнты ва ўрадавай палітыцы Ўкраіны й Беларусі сьведчаць пра непасрэднае дачыненьне да гэтага Гутмана 7.

Супрацоўніцтва гэбрайскай мясцовай палітычнай эліты з урадам БНР было нядоўгае. У красавіку 1918 г. пасля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й дзяржаўнага разрыву з Расеяй гэбраі-сацыялісты пакінулі Раду і Ўрад Рэспублікі. I толькі ў 1920 г., калі Рада Міністраў БНР апынулася ў выгнаньні і вымушана асела спачатку ў Бэрліне, а затым у Коўне, гэбраі ўзнаўляюць сваю чыннасьць у складзе БНР.

Зьяўленьне гэбраяў ва Ўрадзе БНР у гэты час ня было выпадковым. Для Беларусі насталі цяжкія гады пасьля першае сусьветнае вайны ды акупацыі чужынцамі, якія працягвалі панаваць у краі. Апынуўшыся ў эміграцыі, Урад БНР імкнецца атрымаць міжнароднае прызнаньне як адзіны законны прадстаўнік Беларусі, дэнансаваць з дапамогай міжнароднае супольнасьці незаконныя прававыя акты, якімі зьдзейсьнены падзел беларускіх этнічных тэрыторыяў паміж суседзямі, кампэнсаваць Беларусі матэр'яльныя ды гуманітарныя страты падчас войнаў, інтэрвэнцыяў.

Дзеля рэалізацыі гэтых складаных задачаў патрэбны былі сталыя афіцыйныя й неафіцыйныя стасункі з рознымі міжнародавымі грамадзкімі арганізацыямі ды ўплывовымі прыватнымі асобамі. Такіх кантактаў сябры беларускага ўраду В.Ластоўскага ня мелі. Дзеля ўсталяваньня такіх дачыненьняў дзеячы БНР зьвярнуліся за падтрымкаю да былых выхадцаў зь Беларусі, якія жылі за мяжой. Сярод апошніх было нямала гэбраяў-эмігрантаў, лідэраў гэбрайскага ды сіянісцкага руху ў Эўропе й Паўночнай Амэрыцы. Гэбрайскія грамадзкія ды палітычныя міжнародавыя арганізацыі вызначаліся згуртаванасьцю й уплывам у сьвеце, іхная падтрымка беларускага вызвольнага руху стала б важным палітычным фактарам у справе прызнаньня й легалізацыі чыннасьці Ўраду БНР у эміграцыі. Але была яшчэ адна важная прычына, якая магла дапамагчы беларускім урадаўцам атрымаць рэальную дапамогу ад міжнародавага гэбрайства. Гэта гаротнае жыцьцё гэбрайскага жыхарства ў Беларусі, што пакутавала ад масавых этнічных пагромаў падчас польска-савецкае вайны 1919-1921 гг. Толькі ў 1921 г. пагромы адбыліся ў 177 населеных пунктах, ахвярамі якіх стапі 1748 гэбрайскіх сем'яў, забітымі лічыліся каля 1700 чалавек, параненымі - 150, 1259 жанчынаў былі згвалтаваны 8. Гэбрайскія міжнародавыя арганізацыі (Агра-Джоінт, ОРТ ды йнш.) аказвалі значную матэр'яльную ды гуманітарную дапамогу. Некаторыя спадзяваліся, што менавіта Ўрад БНР, стаўшы законнаю ўладай у краі, зможа спыніць этнічныя пагромы й супрацьстаяць бальшавіцкай дыктатуры. Такія людзі пачалі прапаноўваць беларускаму ўраду на эміграцыі свае паслугі.

Адзін зь іх, хто меў цесныя сувязі зь сіянісцкім міжнародавым рухам і ўвайшоў у склад Ўраду БНР - дыпляматычны прадстаўнік БНР у Капэнгагене, а пазьней у Бэрліне доктар Ісак (Саша) Лур'е. Ураджэнец Пінску, сын вядомага мясцовага фабрыканта, сіянісцкага лідэра, дэлегата некалькіх сіянісцкіх кангрэсаў Рыгора Лур'е, Ісак меў кантакты са знанымі ў сьвеце сіяністамі, выхадцамі з былой Расейскай імпэрыі, земляком Хаімам Вэйцманам, Навумам Сакаловым і Леа Моцкіным. У пачатку 1920-х гг. у бэрлінскім Беларускім прэс-бюро працаваў былы мянчук, студэнт Давід Анэкштайн, у кампэтэнцыю якога ўваходзіла наладжваньне кантактаў паміж міжнародавымі гэбрайскімі арганізацыямі й БНР. У лютым 1921 г. ён накіраваў вядомым у сьвеце сіяністам Н.Сакалову ды Л.Моцкіну ліст, у якім тлумачыліся некаторыя моманты праграмы Ўраду БНР адносна гэбрайскае праблемы ў Беларусі: "Наш урад [БНР] стаіць на том грунту, што жыды на Беларусі павінны атрымаць ня толькі шырокую нацыянальную аўтаномію, але раўнапраўнасьць жыдоўскае мовы і справядлівае прапарцыянальнае прадстаўніцтва жыдоў ва Урадзе, уладах цэнтральных і мясцовых і г.д." 9. Гэты ліст быў накіраваны з Бэрліну 16 лютага 1921 г., а 25 сакавіка на ўрачыстым паседжаньні ў Коўне, прысьвечаным 3-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, старшыня Рады БНР Пётра Крэчэўскі вітаў новага сябру беларускага ўраду міністра нацыянальных мяншыняў Самуіла Жытлоўскага: "Новы член кабінета С.Жытлоўскі дарагі для нас ня толькі як грамадзкі дзяяч, а яшчэ як прадстаўнік жыдоўскага народу, зь якім мы, беларусы, жадаем і будзем працаваць разам для шчасьця нашай радзімы". У адказ у сваёй прамове С.Жытлоўскі падзякаваў за гонар увайсьці ў склад Ураду БНР і ў прыватнасьці адзначыў: "Я ведаю тую тытанічную працу, якую праводзяць беларусы за сваё вызваленьне, і я жадаю прыняць удзел у гэтай працы як ураджэнец [краю] і як гэбрай. Гэбраі заўсёды добра ставіліся да беларусаў, і братняя еднасьць абодвух народаў у змаганьні за свабоду і незалежнасьць Беларусі будзе садзейнічаць хутчэйшаму вызваленьню [краіны]. Мы, гэбраі, ведаем, што моц не ў часовым падаўленьні чужой свабоды, а ў імкненьні самаго народа да волі. Нас, гэбраяў, прыгнечвалі ў даўніну і эгіпцяне, і асіра-вавіланяне, і рымляне, але гэтыя народы зьніклі бясьследна, а мы жывем, будзем жыць і імкнемся да свабоды нашае нацыі ды да братняга сужыцьця з усімі народамі, разам зь якімі жывем" 10.

Toe, што Ўрад БНР пасьля трох гадоў чыннасьці ў гэты складаны пэрыяд пайшоў на стварэньне Міністэрства па нацыянальных мяншынях, можна растлумачыць некалькімі прычынамі: па-першае, бальшыня гэбрайскіх уплывовых палітыкаў у 1918 г. не падтрымалі Акт 25 Сакавіка, які абвяшчаў незалежнасьць Беларускае Рэспублікі, выйшлі ў той час з усіх структураў БНР. Вяртаньне гэбраяў у беларускі ўрад адбылося ў канцы 1920-пачатку 1921 г., калі й беларусы, і беларускія гэбраі, што вызнавалі дэмакратычныя каштоўнасьці, апынуліся на чужыне ў эміграцыі пасьля прыходу ў Беларусь бальшавікоў. Па-другое, менавіта ў Літве, на тэрыторыі якой у Коўне ў 1921 -1923 гг. працягваў сваю чыннасьць Урад БНР, ва ўрадзе Літоўскае Рэспублікі існавалі міністэрствы беларускіх і гэбрайскіх справаў. Гэта, безумоўна, паўплывала на арганізацыю Міністэрства нацыянальных мяншыняў пры беларускім урадзе. Адпаведная структура, якая б займалася нацыянальнымі праблемамі небеларускага жыхарства, у краіне мусіла быць, бо (46KB) Давід Анэкштайн, супрацоўнік Дыпляматычнае місіі БНР у Бэрліне. Пачатак 1920-х гг. гэбраі ў Беларусі ў той час складалі 14 адсоткаў жыхарства. I, па-трэцяе, падтрымка сусьветнаю гэбрайскаю грамадзкасьцю міжнародавага прызнаньня БНР была для беларускіх незалежнікаў вельмі важная. Зарукай падтрымкі магла стаць ідэя нацыянальнай аўтаноміі для гэбраяў Беларусі.

Да факту прызначэньня новага міністра па справах нацыянальных мяншыняў ва Ўрад БНР быў складзены зварот да грамадзянаў Беларусі, апублікаваны ў газэтах пад загалоўкам "Беларусы і Жыды", прысьвечаны тэме абвешчаньня сувэрэннасьці абодвух нацыяў, беларускае ды гэбрайскае, і аб'яднаньня іх у адзіны "дзяржаўны народ". Аднак у дакумэнце ўжо не сустракаецца тэзы пра аўтаномію, ёсьць толькі пункт пра раўнапраўе ўсіх нацыяў краіны (гл. Дадатак № 1).

Менавіта гэты зварот Ураду БНР стане галоўным арыенцірам у далейшай дзейнасьці міністра нацыянальных мяншыняў Самуіла Жытлоўскага, на якога кіраўніцтва ўраду ўскладала значныя надзеі. Гэта было ня толькі таму, што ён гэбрай і актыўны грамадзкі дзяяч. Важна таксама і тое, што ён родны брат знакамітага навукоўца, пісьменьніка, публіцыста, выдаўца Хаіма Жытлоўскага, які жыў у Злучаных Штатах Амэрыкі яшчэ з канца 1880-х гг. і меў вялікі ўплыў ды аўтарытэт у гэбрайскім сьвеце. Хоць і сам Самуіл быў чалавекам неардынарным.

Нарадзіўся Самуіл Жытлоўскі ў Віцебску ў 1870 г. у сям'і ўплывовага ды заможнага купца. Пасьля сканчэньня Смаленскае рэальнае вучэльні, падчас навучаньня ў якой засвойваў таксама камэрцыйную справу, паступае ў Маскоўскую кансэрваторыю, дзе навучаўся адразу на двух аддзяленьнях: скрыпічным і дырыжэрскім. Адначасова наведваў у якасьці вольнага слухача юрыдычны факультэт тамтэйшага ўнівэрсытэту. Пасьля атрыманьня вышэйшае музычнае асьветы вярнуўся ў Віцебск, дзе выкладаў музыку ў вучэльнях гораду. Арганізаваў сымфанічны аркестар, якім сам дырыгаваў, даваў сольныя канцэрты як скрыпач. Працуючы на ніве музычнага мастацтва, адначасова шмат часу аддаваў камэрцыі, працягваў справу бацькі - зьяўляўся сябрам розных таварыстваў акцыянэраў ды прадпрымальнікаў, у якіх займаў важныя пасады.

Дзесьці ў 1905-1906 гг. зь сям'ёй пераяжджае зь Віцебску спачатку ў Рыгу, потым у Маскву і Пецярбург. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 г. нейкі час яшчэ жыве ў Маскве, намагаецца выехаць за мяжу. Спачатку перабіраецца ў Вільню, а потым у Коўна. Кандыдатура С.Жытлоўскага на пасаду міністра нацыянальных мяншыняў, як чалавека ўсебакова адукаванага й маючага сур'ёзныя сувязі з уплывовымі гэбрайскімі коламі, падыходзіла найлепей. У пацьвярджэньне гэтаму працытуем вытрымку зь ліста Д.Анэкштайна вядомаму сіяністу Л.Хазановічу: "Нам вельмі важна заваяваць сымпатыі жыдоўскага грамадзтва Амэрыкі. Мы маем надзею, што калі становішча гэтае дазволіць паслаць дэлегацыю ў Амэрыку, якая будзе мець сваёй мэтай вядзеньне там прапаганды, то не застанемся без Вашай цэннай дапамогі". 11

Заступіўшы на пасаду міністра БНР, С.Жытлоўскі даў інтэрв'ю шэрагу выданьняў, якое апублікавалі ўсе беларускія ды гэбрайскія газэты Літвы пад загалоўкам "Беларусы і Жыды", бо галоўная тэма выступленьня - стаўленьне гэбраяў да беларускай нацыянальнай ідэі, пэрспэктывы беларуска-гэбрайскіх дачыненьняў. Сур'ёзным грунтам да такога супрацоўніцтва стала сумесная Дэклярацыя Рады й Ураду БНР ад 21 сакавіка 1921 г. "Гэта безагаворачнае прызнаньне сувэрэннасьці жыдоўскае нацыі ў Беларусі, - адзначаў С.Жытлоўскі,- мае ня толькі вялікае палітычнае значэньне для беларускіх жыдоў, але ёсьць гістарычным прэцэдэнтам для ўсяго жыдоўскага народу... Я маю падставы сьцьвярджаць, што жыды, якія жывуць у Беларусі са старажытнасьці, прайшлі зь беларускім сялянствам пакутніцкі шлях уціску і прыніжэньня ад польскае шляхты й царскага самаўладзьдзя, прыйдуць на кліч свае другое радзімы і прыкладуць усю сваю энэргію, веды й згуртаванасьць, каб разам зь беларусамі будаваць агульны вольны дзяржаўны будынак". 12

З гэтага інтэрв'ю таксама зразумела, чаму ў Дэклярацыі БНР ад 21 сакавіка 1921 г. ня згадваецца пра нацыянальную аўтаномію для этнічных мяншыняў. Гэта зьвязана з палітычным становішчам Беларусі на той пэрыяд і немагчымасьцю Ўраду БНР, які знаходзіўся ў выгнаньні, рэалізаваць ідэю пра нацыянальную аўтаномію на практыцы. Вось як гэта тлумачыў С.Жытлоўскі: "Што тычыцца інтарэсаў нацыянальных меншасьцяў, то, пакуль радзіма нашая, разарваная Рыскаю дамовай на дзьве часткі, знаходзіцца пад акупацыяй, ня можа быць гаворкі пра якую-небудзь працу ў гэтым кірунку" 13.

Празь некалькі дзён міністар нацыянальнасьцяў БНР С.Жытлоўскі едзе ў Бэрлін, Лёндан, Парыж для сустрэчаў з кіраўнікамі гэбрайскіх грамадзкіх арганізацыяў і партыяў, тлумачыць сутнасьць палітыкі БМР, просіць дапамогі ў змаганьні за незалежнасьць Беларусі, у падтрымку беларускага ўраду, які змагаецца супраць акупантаў, выступав супраць гэбрайскіх пагромаў, зьбірае грошы на карысьць свайго ўраду 14. Яму даводзілася цяжка, бо бальшыня лідэраў гэбрайскай палітычнай эліты, галоўным чынам сіяністы, ня бачылі неабходнасьці ў падтрымцы беларускага вызвольнага руху. С.Жытлоўскі піша вялікі артыкул для гэбрайскіх выданьняў пра прычыны ягонага ўваходжаньня ў склад Ураду БНР, падкрэсьлівае падобнасьць мэтаў беларускага ды гэбрайскага народаў у адраджэньні незалежнае вольнае Беларуси "Гэта ніколі не азначае, што жыды павінны аслабіць сваё змаганьне за стварэньне жыдоўскае дзяржавы ў Палестыне. Аднак жыдоўская дзяржава ня зможа вырашыць цалкам "жыдоўскае пытаньне"... Магчымасьць ня толькі раўнапраўнага, але і паўнапраўнага існаваньня жыдоўскага народу ў Беларусі ёсьць адным з залогаў пасьпяховае рэалізацыі сіянізму. У гэтай працы па стварэньні незалежнае Беларусі мусяць браць удзел усе жыды, якім дарагія інтарэсы жыдоўскага народу. Удзел у гэтай працы кожнага жыда, актыўны ці пасіўны, абавязковы. Калі Палестына наш ваенны фронт, дык Беларусь, Польшча ды Галіччына - наш тыл. А фронт бяз тылу нічога не азначае" 15.

Да сваіх абавязкаў міністра нацыянальнасьцяў пры Урадзе БНР С.Жытлоўскі ставіўся адказна і з шчырым жаданьнем дапамагчы ў зьдзяйсьненьні ідэі вызваленьня Беларусі. У гэтым сэнсе цікавы ліст Самуіла свайму брату Хаіму Жытлоўскаму ў Амэрыку, напісаны па-расейску (звычайна браты ліставаліся на ідыш), і цалкам прысьвечаны гэбрайска-беларускім дачыненьням. Самуіл піша пра тое, што гэбраі атрымаюць дзяржаўны апарат дзякуючы дзейнасьці беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі, якая імкнецца будаваць новую дзяржаву разам з гэбраямі. Абавязак кожнага гэбрая, лічыць С.Жытлоўскі, дапамагаць ім. Менавіта таму ён езьдзіць па сьвеце, каб растлумачыць гэбраям неабходнасьць дапамогі беларускаму ўраду. I далей: "Зь Лёндану празь нейкі час я еду ў Амэрыку дзеля стварэньня грамадзкае думкі, зь якой у Эўропе цяпер вельмі лічацца, і дзеля збору неабходных сродкаў. У Амэрыцы я вельмі моцна разьлічваю на дапамогу" 16. У гэтым лісьце аўтар некалькі разоў узгадвае дамову паміж беларусамі й гэбраямі не тлумачачы падрабязнасьцяў. Пошукі тэксту ўзгаданага дакумэнту прывялі да посьпеху. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь вышуканы праект беларуска-гэбрайскае дамовы (гл. Дадатак N° 2). Пра яе ёсьць ускосныя пацьверджаньні. У парыскай рускамоўнай газэце "Еврейская трибуна" ад 10 чэрвеня 1921 г. у артыкуле "Права гэбраяў у Беларусі" падаецца размова журналіста з міністрам БНР С.Жытлоўскім, які распавёў пра афіцыйную дамову, падпісаную ў канцы сакавіка 1921 г. Урадам БНР і міністрам С.Жытлоўскім. Дакумэнт складаецца зь сямі пунктаў-тэзаў: 1) Дзьве нацыі, якія будуць дамінаваць у адроджанай беларускай дзяржаве - беларусы й гэбраі, якія аб'яднаюцца дзеля працы ў Беларускай Рэспубліцы; 2) гэбраі маюць роўныя правы ў культурных ды рэлігійных дачыненьнях; 3) прапарцыянальна колькасьці гэбрайскага жыхарства ў краіне гэтая нацыя мусіць быць ва ўрадзе; 4) гэбраям дазволена мець уласны суд (адпаведна з нацыянальна-рэлігійнай традыцыяй); 5) гэбраі маюць права, як і беларусы, на валоданьне зямлёй; 6) грашовыя знакі і паштовыя маркі мусяць выходзіць на чатырох мовах - беларускай, польскай, гэбрайскай (ідыш) і расейскай; 7) дачыненьні паміж нацыянальнасьцямі будуюцца на ўзаемным даверы.

Значэньне беларуска-гэбрайскае дамовы С.Жытлоўскі ахарактарызаваў як адзін зь нямногіх у тагачаснай сусьветнай практыцы афіцыйных актаў, што прызнаваў роўнасьць гэбраяў зь іншымі нацыянальнасьцямі і даваў ім усе правы свабоднае нацыі. Палажэньні беларуска-гэбрайскага пагадненьня ён актыўна прэзэнтуе праз прыватнае ліставаньне зь вядомымі гэбрайскімі палітыкамі ды грамадзкімі дзеячамі, у артыкулах й інтэрв'ю ў гэбрайскай эўрапейскай ды амэрыканскай прэсе. Ягоная актыўнасьць прыпадае да часу, маючага адбыцца ў верасьні 1921 г. у Карлсбадзе 12-га сусьветнага сіянісцкага кангрэсу, дзе С.Жытлоўскі зьбіраўся выступіць з Мэмарандумам пра становішча гэбраяў у Беларусі й вельмі спадзяваўся, як і кіраўніцтва БНР, на дапамогу беларускай справе ад сіянісцкіх ды йншых гэбрайскіх арганізацыяў. Удзел міністра нацыянальнасьцяў БНР С.Жытлоўскага ў Карлсбадзкім сіянісцкім кангрэсе патрабуе асобнага дасьледаваньня і не датычыцца разгляданага пытаньня - ідэі гэбрайскай нацыянальнай аўтаноміі ва Ўрадзе БНР.

У заключэньне трэба адзначыць, па-першае, што пра ідэю гэбрайскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі, як аўтаномію нацыянальнае мяншыні, упершыню заяўлена ў 1917 г. падчас Дэмакратычнае нарады прадстаўнікоў народаў Расеі, але практычнага ўвасабленьня яна тады не атрымала. Па-другое, ужо ў першых прававых актах БНР гэтая ідэя разглядалася ў дачыненьні гэбрайства Беларусі. Па-трэцяе, з сакавіка 1921 г. Урадам БНР робяцца канкрэтныя захады дзеля рэалізацыі гэтае ідэі на практыцы. Тагачасныя палітычныя варункі, калі Беларусь стала аб'ектам імпэрыялістычнага захопу з боку Савецкае Расеі й Польшчы, а Ўрад БНР апынуўся ў выгнаньні, не дазволілі ўвасобіць прынцыпы беларуска-гэбрайскае дамовы ў жыцьцё. Ідэя нацыянальнай аўтаноміі трансфармавалася ў ідэю аб'яднаньня двух народаў у дзяржаўную нацыю на грунце раўнапраўя.

Заўвагі

  1. Шехтман И. Евреи и национальные движения в свободной России. - Одесса, 1917. - С. 28-29.
  2. Тамсама. С. 32.
  3. А.В. Белорусы и евреи. "Вольная Литва", 10 июля 1921 г.
  4. БДАМЛІМ, ф.З, воп.1, спр.145: "Речи делегатов народов России на Всероссийском демократическом совещании 14-21 сентября 1917 г. Стенограмма".
  5. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі (Архівы БНР). Т.1. - Вільня, Нью-Ёрк, Прага, Менск, 1998. - Кн.1. С. 40.
  6. НА РБ, ф.325, воп.1, спр. 19, арк.29-30.
  7. Пададзены фрагмэнт зь Першага ўнівэрсалу Цэнтральнай Украінскай Рады ад 10 чэрвеня літаральна паўтараецца потым у заканатворчых актах БНР: "...спадзяемся, што народы няўкраінскія, якія жывуць на нашай зямлі .. . дружна, разам з намі стануць працаваць для аўтаноміі" (пераклад з украінскай). Гл.: Украінська Центральна Рада. Документі і матеріалй у 2-х томах. Т.2. - КиТв, 1996. - С. 222.
  8. Баравы М. Па крывавых сьлядах (Зборнік дакумэнтаў аб расстрэлах, катаваньнях і гвалтах над беларускім насельніцтвам у часы бела-польскай акупацыі. 1914-1920 гг. -Менск, 1927. -С. 39.
  9. НА РБ, ф.325, воп.1, спр. 130, арк.96.
  10. Тамсама, ф.325, воп.1, д. 112, арк.162-163.
  11. Тамсама, ф.325, воп.1, спр.130, арк.94.
  12. Тамсама, ф.325, воп.1, спр. 119, арк.36-37.
  13. Тамсама.
  14. Тамсама, ф.325, воп.1, спр.119, арк.29.
  15. Тамсама.
  16. Архив ИВО ( Нью-Ёрк).

Дадатак 1

АДОЗВА РАДЫ I ЎРАДУ БНР 25 САКАВІКА 1921 г.

25 сакавіка 1921 г. прайшло 3 гады ад часу, калі Беларуси Народ у асобе лепшых сваіх прэдстаўнікоў выявіў (122KB) Адозва Рады і Урада БНР ад 25 сакавіка 1921 г. на ідыш. сваю непахібную волю да самаіснага дзяржаўнага будаваньня і апавесьціў Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

(121KB) Беларускамоўны варыянт Адозвы Рады і Ўраду БНР.

Hi векавое панаваньне шляхецкай Польшчы, ні рабскі ўціск расейскага самадзержаўя ня вырвалі з душы народу яго сьвятога імкненьня да свайго вызваленьня ад векавых прыгнётчыкаў.

Наадварот, пракавечнае змаганьне за сваё нацыянальнае бытаваньне выкавала ў ім непахібную волю да свабоды і загартавала лепшых сыноў народу ў імкненьні да зьдзейсьненьня сваіх нацыянальных ідэалаў.

Гістарычны шлях быў доўгі і цярністы. Многа ахвяр палажыў Беларускі Народ на аўтар свабоды. Многа жывых палягло ў самаахвярным змаганьні за шчасьце і дабро народу. Вечная слава волатам змагарным. Маці-бацькаўшчына будзе вечна праслаўляць іх імёны.

Ды не сам адзін быў Беларускі Народ у сваім змаганьні. Побач яго цярпеў і бароўся другі Народ - пракавечны мучанік Народ Жыдоўскі - з незапамятных часоў паліваўшы зямлю беларускую сваім потам, сьлезамі і крывёй.

Бязьмерны быў глум панявольнікаў над верай і жыцьцём сыноў Ізраіля. Самадзержаўе Маскоўскае меркавала, што яно ў крыві жыдоўскай патопіць народны гнеў, які не адзін раз парываўся разбурыць ціранскую ўладу: шляхецтва польскае шчыра дапамагала свайму ж кату распаляць інстынкты разбэшчанай чэрні.

Жыдоўскі народ зразумеў ясна, што яму німа чаго чакаць ласкавасьці ад сваіх панявольнікаў: што толькі ў змаганьні жыды дабудуць правы на жыцьцё і свабоду.

Уразумеўшы гэта, жыды падалі прыязную руку свайму брату па няшчасьцю - Народу Беларускаму, дзеля далейшага змаганьня за сваю зямлю, культуру і дзяржаўную незалежнасьць.

У вялікі гістарычны дзень 25 Сакавіка 1918 г. - Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі першы раз была ясна і голасна на ўвесь сьвет высказана дзяржаўная воля гэтых дзьвёх сувэрэнных нацый. Ніякія найміцкія штыкі, ніякія інтрыгі і авантуры ап'янеўшых ад шовіністычнага чаду імпэрыялістаў не прымусяць Беларусоў зьвярнуць з раз выбранага імі шляху. Лёгіка гісторыі прымусіць прызнаць народы, каторыя шчыра зацікаўлены ў тым, каб спыніць братабойніцтва, згодна з яго нацыянальнымі ідэаламі, супакоіць развогненую пасыю і дасьць магчымасьць усім нашым суседнім народам улажыць меч у похвы і ўзяцца за плуг і молат.

У вялікі гістарычны дзень 25 Сакавіка 1918 году Беларуская рада, перэняўшы ўладу ад Усенароднага Беларускага Кангрэсу, першы раз развярнула запраўдны народны сьцяг, на якім накрэсьлены запраўды сьвятыя словы:

Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, як свабоднай дзержавы.

Перэдача ўсёй зямлі працоўнаму народу і дзяржаўная абарона працы.

Сувэрэннасьць нацый беларускай і жыдоўскай і поўнае аб'яднаньне іх у адзін дзержаўмы Беларускі Народ.

Грамадзянскае роўнапраўе ўсіх нацый, насяляючых Беларусь, бяз розьніцы веры і поўнае здаваленьне рэлігійных і культурных патрэб.

Вялікія словы. Пад гэтым сьцягам шчасьце жыць і змагацца і пачэсна паміраць.

У трэція гадавіны вялікага народнага сьвяткаваньня Беларуская Рада і выканаўчая ўлада ў асобе Рады Міністраў не да сьмерці клічуць вас, грамадзяне, а да жыцьця і змаганьня за сьвятыя ідэалы, пакінутыя ў спадчыну нам вялікімі змагарамі за шчасьце і свабоду Беларускага Народу.

Грамадзяне! Мы цьвёрда верым, што ў гэты вялікі дзень на ўсёй зямлі кожнае чэснае беларускае сэрца б'ецца разам з намі і разам з намі клічэ: Слава Беларускай Народнай Рэспубліцы! Няхай жыве Беларуская Незалежнасьць!

НА РБ, ф.325, воп.1, спр.164, арк.4.

Дадатак 2

ПРАЭКТ АСНОВЫ ДАМОВЫ ПРА СУМЕСНАЕ БУДАЎНІЦТВА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСАМІ I ГЭБРАЯМІ 3 РАЎНЫМІ, ДАМІНУЮЧЫМІ ЭЛЕМЭНТАМІ Ў БЕЛАРУСІ

Зыходзячы з факту гістарычнасьці гэбраяў у Беларусі і колькасьці гэбрайскага жыхарства ў Беларусі, у сілу чаго беларусы і гэбраі зьяўляюцца двума дамінуючымі нацыямі на тэрыторыі Беларусі, - абедзьве нацыі - беларуская ды гэбрайская, заключаюць дамову пра ўзнаўленьне Беларускае Дэмакратычнае Рэспублікі.

У межах БНР абедзьве нацыі, што прыйшлі да дамовы, будуць карыстацца ў поўным памеры ўсімі дзяржаўнымі правамі, а ў справах культурна-асьветных і культу [рэлігіі] кожная зь іх будзе карыстацца аўтаноміяй.

Ў дзяржаўных установах і ва ўрадзе кожны з бакоў, што прыйшлі да дамовы, займае адпаведна сваёй колькасьці [жыхарства] адсоткі месцаў.

Суд утвараецца агульнадзяржаўны і нацыянальны, апошні можа вырашаць справы толькі паміж прадстаўнікамі адной і той жа нацыі, прычым ягоныя пастановы не павінны супярэчыць агульнадзяржаўным законам.

Дзяржава зь зямельнага фонду прадстаўляе паводле агульнадзяржаўнага зямельнага закону надзелы зямлі для гэбрайскага жыхарства, для іх апрацоўкі і карыстаньня.

Усе мясцовыя мовы раўнапраўны і ўсе дзяржаўныя загады (паперы, грашовыя знакі, паштовыя маркі ды інш.) друкуюцца на чатырох мовах: беларускай, гэбрайскай, расейскай ды польскай.

Ва ўсіх без выключэньня дачыненьнях паміж беларусамі ды гэбраямі роўныя правы, узаемны давер, павага, пазьбяганьне спрэчак, самаадданае садзейнічаньне да выкараненьня дэфэктаў і хібаў, да падняцьця гаспадарчага ды культурнага ўзроўню ня толькі дамінуючых нацыяў, але і ўвогуле ўсяго жыхарства БНР.

НА РБ, ф.325, воп.1, спр.119, арк.6.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX