Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Прыжыццёвы некралог па Вацлаву Ластоўскім 


Аўтар: Талочка Уладзіслаў,
Дадана: 04-09-2019,
Крыніца: Талочка Ул. Вацлаў Ластоўскі. Успаміны // НАША СЛОВА. № 36 (1447), 4 верасня 2019.



Ад перакладчыка. На пачатку 1936 г. у Вільню з СССР дайшла чутка пра расстрэл Вацлава Ластоўскага. Але, насамрэч, у гэты час ён яшчэ працаваў у ссылцы загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта, арышт адбыўся праз паўтара года, 20 жніўня 1937 г.

Вацлаў Ластоўскі расстраляны 23 студзеня 1938 г. па прыгаворы Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР як "агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі".

Тэкст, які я пераклаў, з'яўляецца рэдкай з'явай прыжыццёвага памылковага некралогу. Цікава, ці паспеў прачытаць гэты тэкст сам Ластоўскі?

Я пад свежым уражаннем ад весткі пра смерць Вацлава Ластоўскага. Ён належаў да тых людзей, пра якіх не магчыма не сказаць. Меў ворагаў, але меў і сяброў, чым больш пра яго зласловілі першыя, тым больш паважалі другія. Чалавек ідэі. Верны ёй праз усё сваё жыццё. Бескарысна служыў гэтай ідэі. Ідэяй была Беларусь, яе адраджэнне. Служыў дваяка: як адзін з найвыбітнейшых дзеячаў культуры і як палітык поўны тэмпераменту, фантазіі і зацятасці. Беспярэчна, яго праца ў культуры больш важная, чым у палітыцы. Аднак, і першае, і другое трэба зараз падсумаваць, каб, нарэшце, стварыць сінтэтычны вобраз чалавека, якога звалі Вацлаў Ластоўскі.

Вацлаў Ластоўскі.

Ён перажыў розныя часы, бо працаваў у Вільні, Коўні, Рызе, Менску, у ссылцы і, пэўна, у турме. І гэтак да смяротнага выраку, бо праца для Беларусі была сэнсам яго жыцця, унутраная патрэба і штодзённы прымус. Чалавек высокіх намераў, высокага і смелага палёту думкі, ён, пэўна, выканаў толькі невялікую частку сваіх задум, планаў і праектаў - і тое толькі літаратурных і выдавецкіх. Калі паглядзім навокал, дык не ўбачым сярод беларусаў нікога, каго можна было б параўнаць з Властам па пафасе і энтузіязме ў культурнай працы. Ён гарэў агнём - адных запальваў, а іншых саграваў.

Самародак і самавук, начытаны і развіты, здольны і таленавіты, толькі ў малой ступені мог быць удзячны школе за сваё развіццё і веды бо не доўга ён выціраў лавы ў школе. Аднак вучыўся ўсё жыццё. Яго працы можа крытыкаваць нейкі адмысловец у метадалогіі які сам дасягнуў вышыняў ў напісанні навуковых тэкстаў. Аднак і такі навуковец будзе прымушаны з павагай ставіцца да вялізнага аб'ёму матэрыялаў сабраных Ластоўскім, асэнсаванню тэмаў, знаходкам заўсёды цікавых і важных арыгіналаў.

* * *

Я пазнаёміўся з Ластоўскім на старонках варшаўскага "Свята", які перад вайной першыя старонкі звыкла прысвячаў інтэрв'ю з прадстаўнікамі розных груп: этнічных, палітычных, грамадскіх, літаратурных, артыстычных ... Сярод іншых з'явіліся і інтэрв'ю з прадстаўнікамі беларускага і літоўскага грамадства ў Вільні. Папулярны і вольны ад эндэцкіх тэндэнцый варшаўскі штотыднёвік надрукаваў тады партрэт Власта і некалькі калонак інтэрв'ю з ім, з якога можна было даведацца, што робіцца ў беларусаў у Вільні і ў правінцыі і да чаго яны імкнуцца.

Асабіста я пазнаёміўся з Ластоўскім у Вільні пад час сусветнай вайны калі з'явілася шчаслівая думка пашырыць беларускую палітычную платформу праз заахвочанне да супрацы тых груп і асоб, якія да гэтага трымалі дыстанцыю ад беларускага руху.

Потым неаднаразова бываў у беларускай "Кнігарні" па вуліцы Завальнай, 7 - месцы якое беларусы добра памятаюць як пункт сходаў і прыватных размоваў, месца з добрай аўрай для бібліяфіла з-за наяўнасці старых, апраўленых у пергамент ці скуры фаліянтаў і рукапісаў. Колькі там было дыскусій! Колькі прыносілася навінаў і чутак з горада і правінцыі, якія будзілі надзею ці непакой.

Власт быў добрым, сардэчным чалавекам. Другой адзнакай Власта была яго далікатнасць, жаданне дапамагчы. Нічога няма добрага, каб яшчэ на пачатку якога-небудзь нацыянальнага руху працягнуць шавінізмам. Не было такога, бо ведаю пра яго сяброўства з палякамі, пра яго блізкае сяброўства з др. Басановічам [1] і іншымі. За выняткам, можа, некалькіх асобаў, з усімі ён меў добрыя стасункі.

Будучы вызнаўцам сацыялістычнага рэвалюцыйнага накірунку, В. Ластоўскі быў вольны ад любой партыйнай вузкасці, дактрынёрства, меў шырокі погляд і шырока расплюшчаныя на сусвет вочы даследчыка і мысляра. Разумеў усіх і ўсё. У гэтым можна бачыць прычыну рэдкай з'явы, што палітычна заангажаваны Власт сябраваў з некалькімі ксяндзамі, між іншым і з шваграм былога прэзідэнта Вайцяхоўскага, знаным у Вільні гімназічным катэхетам, с.п. кс. Казімірам Кярсноўскім і з жывым і зараз беларускім паэтам кс. Янам Семашкевічам. З іншымі ксяндзамі заўсёды меў найлепшыя стасункі. Цаніў значэнне рэлігійнага элементу як у выхаваўчай працы (Золак), гэтак і ў выдавецкай (Крывічанін), і трапна казаў пра важкасць добра праведзенай унійнай працы. У Коўне прыгожа сказаў развітальную прамову на жалобе па арцыбіскупу Матулевічу, з якім быў знаёмы яшчэ з Вільні. Не хачу сказаць, што ў асабістым жыцці і палітычнай дзейнасці Власта не было часам пэўных адхіленняў з гэтай дарогі. Адхіленні гэтыя ў большай ступені тлумачыліся парывамі сэрца і жывым характарам, якія не раз пхалі яго да рэалізацыі ці заключэння недастаткова прадуманых небяспечных саюзаў і канцэпцый. Пры гэтым, ён быў палітыкам з чыстымі рукамі. Ніколі не шукаў асабістага інтарэсу і нічога не рабіў у палітыцы для асабістага інтарэсу. У Варшаве быў такім жа, як у Коўні і Рызе, у Берліне быў аднолькавым, як і ў Парыжы. Упэўнены, што застаўся такім жа і ў Менску і хутка заплаціў за гэта сваім жыццём.

* * *

Меў усебаковыя здольнасці. У пэўным сэнсе, калі можна ўлічваць і дылетанцкія захапленні, быў нават і ўніверсальным чалавекам. Аднак нідзе не быў партачом [2], працаваў добра і якасна. Яго ратавала тое, што сябе не пераацэньваў. Высока ўзняўшыся на крылах мары, потым зніжаўся, каб паглядзець на ўжо пракладзеную дарогу і на ўжо вядомыя памылкі і гэтак чэрпаў навуку на будучыню. Хіба ніхто не назаве Власта рэальным палітыкам, але скажыце, ці мог быць рэальным палітыкам той, хто працаваў на адраджэнне Беларусі? Беларускі рух на сваім пачатку меў усё супраць сябе і нікога за сябе. Але нават у такіх варунках Ластоўскі мог быць рэалістам пра што сведчыць хаця бы тое, што ён не раз дэнансаваў беларускія эфемерныя арганізацыі словамі: "Хвасты на лік ..." (у старыя часы гіцлі атрымлівалі аплату ад магістрата за колькасць сабачых хвастоў, якія калі-нікалі маглі быць не сапраўднымі).

Власт усё жыццё працаваў у некалькіх накірунках. Вершы пісаў, зразумела, для справы. Натхняў імі, але ці было гэта мастацтвам? Напэўна, не менш, чым у сучасным польскім авангардзе, які прадукуецца ў незлічоных дадатках да газет і нават у "Ведамасцях Літэрацкіх". Быў гісторыкам беларускага народа, яго пісьменнасці, культуры, фальклору. Быў выбітным знаўцам беларускай мовы, сапраўдным яе радовішчам (але апрацаваць свае веды не змог, бо ў выдадзеным ім слоўніку бракуе тлумачэнняў).

Займаўся таксама і рэальнай працай і арганізоўваў дзіцячыя прытулкі, летнікі, добры дзіцячы тэатр, дэбютам якога была пастаноўка старабеларускай містэрыі. Ён прымушаў несвядомых людзей думаць. А яшчэ настаўніцтва, прытулкі, службы ... усё гэта пасля яго яшчэ доўга несла дух, якім жыў Власт і яго паплечнікі.

Заўсёды сардэчна зычыў Власту каб ён вярнуўся ў Вільню, каб тут ён яшчэ мог папрацаваць для беларускай культуры, дзяліцца з намі тым, што сабраў у галіне фальклору, непараўнальным знаўцам якога быў пасля адыходу з гэтага свету цэлай генерацыі як польскіх, гэтак і расейскіх даследчыкаў.

Хто ведае, можа гэта ахвярная смерць Власта ёсць для яго больш прыгожым канцом зямнога жыцця чымсьці павальная смерць у ложку хворага чалавека?

Жаль і смутак з-за смерці Вацлава Ластоўскага павялічвае яшчэ тая акалічнасць, што яго багатыя зборы і ўсе архівы былі раскіданы ці знішчаны. Смерць Власта, як і смерць Івана Луцкевіча ёсць межавым каменем, якім заканчваецца "нашаніўскі" перыяд беларускага руху. Сышоў яго другі заснавальнік.

Ad.Sołoduch (кс. У. Талочка).

Wacław Łastowski // Pregląd Wileński. № 1-2, 16 stycznia 1936. S. 5-6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Ян Басановіч (Basanavičius), адзін з заснавальнікаў літоўскага нацыянальнага руху. "Зь яго іменем зьвязана першая літоўская газэта "Aušra", выдаваная ў Тыльжы (у Прускай Літве) ад 1883 году. Зь яго пачыну адбыўся ў 1905 годзе ў Вільні вялікі ўселітоўскі зьезд, які да лёзунгаў расейскае Рэвалюцыі далучыў лёзунг аўтаноміі Літвы. Ён жа - бацька літоўскае Навукі, закладчык Літоўскага Навуковага Т-ва ў Вільні, аўтар чысьленых навуковых прац і дасьледаў у літоўскай мове. І ўся гэтая дзеяльнасьць Яго - гэта ж падстава, на якой вырасла сучасная Літва, яе незалежнае гаспадарства." - Цыт. па: Луцкевіч А. Д-р Ян Басановіч // Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня; Беласток, 2009. С. 380. - Л. Л.

[2] Партач, у сярэднявеччы, майстар, які не належаў да цэху і таму мог вырабляць прадукцыю некантраляванай, нізкай якасці. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX