Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Лебедзева В. БНР і Гомельшчына


Аўтар: Лебедзева В.,
Дадана: 26-10-2016,
Крыніца: Лебедзева В. БНР і Гомельшчына // Спадчына №4-1996. С. 67-69.



Фармаванне межаў рэспублікі, дачыненні цэнтральных уладаў i тэрыторыяў сталіся адной з найбольш складаных праблемаў у палітыцы БНР. Адмаўленне Беларусі як этнічна-адміністрацыйнай адзінкі ў Расейскай імперыі прывяло да таго, што новаўтвораныя дзяржавы - Савецкая Расея, Польшча, Літва, Латвія ды Украіна разглядалі беларускія землі як нічыйны матэрыял для пашырэння сваіх межаў. Яскравы прыклад гэтага лёс Гомельшчыны.

Паводле дамовы ад 9 лютага 1918 г. паміж германскім бокам i Украінскай Радай беларускае Палессе трапіла ў межы Украіны. У канцы сакавіка, пасля акупацыі германскімі войскамі, Гомельскі павет быў афіцыйна перададзены Украіне.

25 сакавіка Трэцяя Устаўная Грамата абвесціла незалежнасць БНР на тэрыторыі, якая "мела абняць усе землі, дзе жыве i мае лічбавую перавагу беларускі народ". У гэты ж дзень урадам БHP была ўтвораная i накіраваная ў Кіеў спецыяльная дыпламатычная місія на чале з А.Цвікевічам, у якую ўвайшлі С.Рак-Міхайлоўскі, П.Трамповіч i М.Доўнар-Запольскі. Дэлегацыя дамаглася прызнання Украінай незалежнасці БНР i 19-20 красавіка пачала сумесна з украінскай камісіяй перамовы аб мяжы дзвюх дзяржаваў. З агульнага паразумення ў аснову размежавання было вырашана пакласці этнаграфічны прынцып з улікам геаграфічнага i эканамічнага. Беларускі бок прапанаваў наступнае вызначэнне мяжы: ад перасячэння р.Дзясны з мяжой Чарнігаўскай губ. 10 вёрстаў уніз па Дзясне, паварот на захад i перасячэнне Дняпра за 30 вёрстаў ніжэй ад упадзення яго ў р.Сож, каля сёлаў Любеч i Лушынава, затым супадзенне з межамі Кіеўскай, Валынскай i Горадзенскай губерняў да г.Уладава - пункта сыходжання межаў Украіны, Беларусі i Польшчы. Паводле гэтага размежавання Гомель­шчына разам з беларускім Палессем вярталіся ў беларускую дзяржаву.

Як сведчыў М.Доўнар-Запольскі, украінскі ўрад, "хоць i выказаў сімпатыю дзяржаўнаму ўтварэнню, праявіў шэраг ваганняў i стаў выяўляць імперыялістычныя тэндэнцыі ў сэнсе легальнага захопу паўднёвых частак Беларусі". Працэс перамоваў ішоў складана, а пасля прыходу да ўлады на Украіне гетмана Скарападскага быў амаль згорнуты. Гетманскі рэжым узмацніў экспансію на поўдзень Беларусі: на пачатку траўня была ўтвораная Палеская губерня з уключэннем акупаваных беларускіх земляў разам з Гомелем, у горад прысланая "дзяржаўная варта", прызначаны "павітовы камісар", начата украінізацыя школы i ўстановаў. Паводле ацэнкі Доўнар-Запольскага, украінскі ўрад паводзіў сябе так, што "далейшыя перагаворы з ім страцілі для беларускага ўраду рэальны інтарэс". Беларуская дэлегацыя звярнулася да прадстаўніка савецкай Расеі Х.Ракоўскага з просьбам падтрымаць БНР у пытанні аб межах з Украінай, але савецкі ўрад не пайшоў на юрыдычнае прызнанне БНР i ў падтрымцы адмовіў.

Тым часам у траўні Народны Сакратарыят БНР наведалі прадстаўнікі месцаў, у т.л. дэлегацыі Рэчыцкага i Гомельскага паветаў. Яны цікавіліся ходам i перспектывамі беларуска-ўкраінскіх перамоваў, выказвалі незадаволенасць уключэннем ва Украіну, прасілі дапамогі ў адкрыцці беларускіх школаў, у выкладанні беларускай мовы i беларусазнаўства ў дзейных школах. У гэтых умовах "беларуская місія... рабіла ўсё, што ад яе магло залежаць. Яна аспрэчвала захоп паўднёвых паветаў, адстойвала права беларусаў на самавызначэнне на той частцы тэрыторыі, дзе пераважалі беларусы, змагалася супраць украінізацыі паветаў, адстойвала тут беларускую школу". Дзеля абароны беларускіх інтарэсаў місія дамаглася прызначэння намесніка БНР на Гомельшчыне; Ім стаў службовец Управы Лібава-Роменскай чыгункі, арганізатар гомельскай суполкі БСГ Я.Няцецкі. У пасведчанні аб прызначэнні Няцецкага было сказана: "Народны Сакратарыят, згодна з пастановай сваёй за 4 чэрвеня г.р., мае гонар паведаміць Вам, што Вы назначаны Намесьнікам Народнага Сакратарыята БНР на ўсю Гомельшчыну i Палесьсе (паветы Менскай губерні: Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі; Магілёўскай губерні: Гомельскі; Чарнігаўскай: Навазыбкаўскі, Ноўгарад-Северскі, Суражскі, Мглінскі i Арлоўскай губерні: Бранскі). Дзеля гэтага Вы павінны ўвайсці ў адносіны як з найвышэйшай акупацыйнай Уладай, так i з Гарадамі, i Земствамі i іншымі грамадскімі арганізацыямі, каб там на месцах арганізаваць беларускую ўладу, на каторую бы маглі апірацца ўсе тамашнія жыхары - беларусы i грамадзяне Беларусі, а ў першы чарод - уцекачы, каторыя варочаюцца на сваю бацькаўшчыну. Ca сваей стараны Народны Сакратарыят прыме ўсе неабходныя меры, каб праца Ваша на такім атветным становішчы прынесла рэальныя скуткі для дабра Беларусі".

Пра дзейнасьць Намесніка НС БНР на Гомельшчыне захавалася няшмат звестак. Але вядома, што ў першую чаргу ён узяўся за вырашэнне найбольш складанай праблемы - праблемы ўцекачоў, якіх у прылеглых раёнах Украіны налічвалася каля 200 тыс. У Гомелі ўжо працавалі польская i літоўская ўцякацкія камісіі, якія рэгістравалі ўцекачоў Заходняй i Цэнтральнай Беларусі як грамадзянаў Літвы i Польшчы. Пад кіраўніцтвам Няцецкага была створаная "Беларуская уцякацкая камісія ў Гомелі", якая дзейнічала ў пастаянным кантакце з Народным Сакратарыятам БНР i беларускім генеральным консулам на Украіне. Дакументы адзначаюць, што яна хутка набыла папулярнасць сярод беларусаў-уцекачоў.

У чэрвені 1918г. Няцецкі разам з прадстаўнікамі кааператыўных i прадпрымальніцкіх колаў вёў перамовы аб эканамічных дачыненнях Украіны i Беларусі: размова ішла аб свабодным транзіце тавараў ды хлеба з Украіны i сыравіны ды спажывецкіх тавараў з Беларусі.

Сувязі Гомельшчыны з БНР аслаблі пасля арышту Няцецкага нямецкімі ваеннымі ўладамі за ўдзел у арганізацыі забастоўкі чыгуначнікаў у жніўні 1918г. Лёс Гомельшчыны быў вырашаны ў пачатку 1919г.: 14 студзеня пасля эвакуацыі германскіх войскаў горад заняла Чырвоная Армія, а ўлада перайшла да бальшавіцкага рэўкама. Гэтыя падзеі адбыліся ўжо пасля абвешчання БССР, але Гомель i ўтвораная ў красавіку 1919г. Гомельская губерня былі перададзеныя РСФСР, дзе знаходзіліся да 1926г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX