Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Патрыярх Ціхан i БНР


Дадана: 08-10-2016,
Крыніца: Патрыярх Ціхан i БНР // Спадчына №2-1997. С. 101-118.



Напярэдадні заключэньня ганебнай Рыскай дамовы, падзяліўшай Беларусь паміж Варшавай i Масквой, урад Беларускае Народнае Рэспублікі ў студзені 1921 г. зьвяртаецца да патрыярха Маскоўскага i ўсяе Расеі Ціхана з мэмарандумам, у якім ставіць надзённыя пытаньні па беларусізацыі царкоўнага жыцьця ў праваслаўных эпархіях краю. У сваім пасланьні кіраўніцтва БНР заклікала вышэйшых іерархаў Расейскае праваслаўнае царквы (РПЦ), пад юрысдыкцыяй i ў кананічнай сувязі зь якой знаходзілася царкоўная арганізацыя Беларусі, адкінуць сваю варожасьць у дачыненьні да нацыянальнага руху, які ніколі не выступаў супраць праваслаўнае веры, i разам працаваць на карысьць духоўнага адраджэньня й дабрабыту беларускага народу. Галоўны тэзіс дакумэнта: "Праваслаўная царква ў Беларусі павінна быць беларускай",- г.зн., праваслаўнае сьвятарства павінна павярнуцца тварам да нацыянальных патрэбаў беларусаў, жыць духоўнымі клопатамі народу і размаўляць на яго мове. У пасланьні былі выкладзены канкрэтныя прапановы наконт правядзенъня паступовай беларусізацыі праваслаўнае царквы ў Беларусі, на якія павінны быць дадзены канкрэтныя адказы.

З прычыны бальшавіцкіх ганеньняў i перасьледаў на царкву ў Савецкай Расеі ліст у адказ ад патрыярха Ціхана быў атрыманы толькі праз год - у лютым 1922 г. У зваротным пасланьні адзначалася, што вышэйшае царкоўнае кіраўніцтва РПЦ выказала падтрымку пазыцыі ўраду БНР i вынесла пастанову пра дазвол ужываць беларускую мову ў праваслаўных храмах Беларусі, а таксама пра выданьне, калі будзе магчыма, беларускай праваслаўнай літаратуры духоўнага i літургічнага зьместу.

У канцы ліста патрыярх Ціхан пасылаў Божае дабраслаўленьне на народ беларускі i яго рад. Падтрымка кіраўніцтвам РПЦ пазыцыі БНР запаліла надзею ў сэрцах сьвядомых беларусаў, што справа ўвядзеньня роднае мовы ў рэлігійнае жыцьцё праваслаўнае царквы, нарэшце, скранулася зь месца. На жаль, зусім іншая рэакцыя была ў большасьці архірэяў мясцовых эпархіяў на Беларусі. За выключэнънем, бадай, менекага біскупа (пазьней мітрапаліта Беларускага) Мэльхісэдэка, увесь астатні вышэйшы праваслаўны клір нэгатыўна ўспрыняў патрыяршае дабраслаўленьне беларусізацыі царквы. Стоячы на пазыцыях замшэлага вялікадзяржаўнага шавінізму, яны фактычна абвінавацілі патрыярха Ціхана ў здрадзе "общему отечеству", у саступках беларускаму нацыяналізму ды ў маралънай падтрымцы ідэі незалежнасьці Беларусі, Біскупы заходнебеларускіх эпархіяў нават спрабавалі схаваць ад сваіх парафіянаў сам факт пасланьня ім пастановы Сыноду й Галоўнае царкоўнае ўправы наконт беларускае мовы. Толькі дзякуючы актыўнасьці беларускіх арганізацыяўу Вільні й Коўне широкая грамадскасьцъ (праз газэту "Беларускі Звон " i часопіс "Беларускі Сьцяг ") дазналася пра ix.

Намаганьнямі сьвядомых беларусаў мітрапаліт Варшаўскі Юры ў 1923 г. выдаў загад па Віленскае кансысторыі пра "пажаданасьць увядзеньня ў дадатковае набажэнства беларускае мовы". Але пасьля раптоўнага забойства мітрапаліта ды абвяшчэньня аўтакефаліі праваслаўнае царквы ў Польшчы далей размоў справа беларусізацыі ў эпархіях Віленшчыны й Горадзеншчыны не пайшла. У Савецкай Беларусі абнадзейвала шчырая беларуская пазыцыя мітрапаліта Мэльхісэдэка, які йшоў насустрач беларускім культурнікам па ўвядзеньні роднае мовы ў царкоўнае жыцьцё. Але бальшавіцкія рэпрэсіі супраць праваслаўнага сьвятарства ў канцы 20-х - пачатку 30-х гг. пахавалі на доўгія гады ня толькі ідэю аўтакефаліі Беларускае праваслаўнае царквы, але й сам беларускі дух у ёй.

Нягледзячы на тое, што падтрымка ідэі беларусізацыі праваслаўнае царквы патрыярхам Ціханам i Сынодам РПЦ у 1922 г. не была зрэалізаваная беларускім рухам, гэты факт меў вялікае значэньнеў гісторыі змаганьня за Беларускую праваслаўную царкву, каб у яе сьценах, нарэшце, загучала родная мова.

Гаворачы пра патрыярха Ціхана (у сьвеце Васіль Белавін), варта ўзгадаць галоўныя моманты яго біяграфіі. Нарадзіўся ён 19 студзеня 1865 г. у Таропецкім павеце на Пскоўшчыне. Пасьля заканчэньня Пецярбурскае духоўнае сэмінарыі (1888) выкладаў у Пскоўскай сэмінырыі. З 1898 г. біскуп Люблінскі, вікарый Холмскае эпархіі, пазьней накіраваны ў ЗНІА біскупам Алеуцкім (з 1905 г. архібіскуп Нью-Ёрскі). 3 1907 г. прызначаны архібіскупам Яраслаўскім. Са сьнежня 1914 г. архібіскуп Літоўскі. Падчас Першае сусьветнае вайны ў 1915 г. разам з расейскімі войскамі пакінуў Вільню.

У дарэвалюцыйны час вызначаўся правымі пазыцыямі. У Яраслаўлі ён узначальваў аддзел "Саюзу рускага народу", а ў Вільні абіраўся ганаровым старшынём мясцовае філіі гэтай арганізацыі. У 1916 г. удзельнічаў у нарадзе манархістаў, дзе выпрацоўваліся меры па ўвядзеньню ў краіне надзвычайнага становішча. Але ніколі будучы патрыярх ня быў вузкалобым расейскім шавіністам. Рэзка выступаў супраць жыдоўскіх пагромаў, прыхільна ставіўся да ўвядзеньня нацыянальных моваў у царкоўнае жыцьцё. Знаходзячыся ў Амэрыцы, дазволіў весьці дадатковае набажэнства на ангельскай мове, бо шмат хто з парафіянаў-амэрыканцаў (алеутаў, эскімосаў ды інш.) неразумелі па-расейску. Быў гарачым прыхільнікам ідэі ўзнаўленьня саборнасьці праваслаўнае царквы, што прадугледжвала шырокую аўтаномію i самакіраваньне ў парафіях. 5 лістапада 1917 г. на праваслаўным Саборы ў Маскве абраны патрыярхам Маскоўскім i ўсяе Расеі.

Падчас бальшавіцкага тэрору заклікаў парафіянаў цьвёрда трымацца праваслаўнае веры, стаяць на абароне царквы, якая павінна быць па-за палітыкай. Асуджаў разьвязваньне грамадзянскае вайны як з боку "белых так i "чырвоных

Прароча гучаць зараз ягоныя словы: "Ніякае іншаземнае ўмяшальніцтва i наагул ніхто ня выратуе Расею ад разбурэньня, пакуль сам народ не ачысьціцца ў купелі пакаяньня ад шматгадовых язваў сваіх". 9 траўня 1922 г. узяты ЧК пад хатні арышт. 1.6 чэрвеня 1923 г. нечакана вызвалены, Памёр 7 красавіка 1925 г., пахаваны ў Данскім манастыры. У 1988 г. кананізаваны Сынодам Расейскае праваслаўнае царквы.



Яго Сьвятаблівасьці Сьвяцейшаму Патрыярху Ціхану

МЭМАРАНДУМ

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі лічыць сваім абавязкам зьвярнуць увагу Сьвяцейшага Патрыярха на тую акалічнасьць, што палітычныя ўмовы, у якія падзеямі апошніх гадоў пастаўлена Беларусь, выклікаюць надзвычайнае апасеньне адносна будучыні Беларускага народу.

Пачалася дзяльба Беларусі паміж суседзямі. Імпэрыялістычныя намеры палякаў, дамовы Савецкага Ўраду з Польшчай i Літвой цяпер ужо чвартуюць жывое цела Беларусі. Суцяшацца думкаю пра тое, што дзяльба гэтая часовая, што палітычныя абставіны зьменяцца, як могуць думаць некаторыя аптымісты ці малаабазнаныя пра тое, што ёсьць акупацыя, асабліва польская - значыць проста заплюшчваць вочы перад небясьпекай i адкладваць непрыемнае пытаньне. Неабходнасьць патрабуе лічыцца з фактамі сучаснага стану рэчаў. Бяз волі i згоды Беларускага народу суседзі дзеляць этнаграфічную тэрыторыю Беларусі, разьлічваючы, вядома, на паскораную асыміляцыю прысабечанай беларускай часткі. Польшча, напрыклад, ніколькі не хавае сваіх намераў. Уся польская прэса гістэрычна крычыць пра гэта. Польскі ўрад ужо цяпер абвяшчае спрадвечна беларускую Горадзеншчыну, у якой 71% беларускага насельніцтва i ня больш як 10% палякаў "Літоўскай Польшчай" або пераніцоўвае яе зь Беларусі ў "Бела-Польшчу". I без таго павышаны "патрыятычны" (у дачыненьні "Ўсходніх Крэсаў") настрой польскай грамадзкай думкі мусіруецца шматлікімі "патрыятычнымі" брашурамі, галоўны матыў якіх - далучэньне да Польшчы "Ўсходніх Крэсаў", г. зн. частак Беларусі i Ўкраіны. Так, у адной з гэткіх брашураў Уладзіслаў Студніцкі патрабуе ад польскага ўраду далучэньня да Польшчы Горадзеншчыны, Віленшчыны ды інш., прычым адкрыта выказвае сваю пераконанасьць, што "на працягу толькі 10 гадоў Польшча асымілюе ix..." Якімі сродкамі? Вядома, перажуе ix жалезнымі зубамі "польскай культуры", г. зн. тым старым спосабам, якім палякі ўкаранялі тут сваю "культуру" ў XVII i XVIII стагодзьдзях. Сутнасьць у тым, што "патрыятычныя" выкрыкі Студніцкага - ня думка яго аднаго, а выяўленьне настрою польскіх уладных колаў, афіцыйных i неафіцыйных, інакш кажучы, усяго польскага панства, чые вялікія маёнткі займаюць значную зямельную плошчу Беларусі, i бальшыні польскае інтэлігенцыі, выхаванай на скрайне тэндэнцыйных творах Сянкевіча, Шайнохі ды іншых польскіх літаратараў i гісторыкаў. Надзвычай памылкова i небясьпечна было б думаць, што ў гэтым разе слова - адно, а справа - другое. Тут слова i справа сыходзяцца. Цьверджаньнем гэтага зьяўляецца сапраўды страшны, жорсткі рэжым польскай акупацыі частак Беларусі. Тысячам! беларусаў палякі запаўнялі i запаўняюць вязьніцы, лягеры для інтэрнаваных у Кракаве, Галіцыі, Нова-Георгіеўску, Бярэсьці, Беластоку. Як тыя, гэтак i другія асуджаюцца на голад, холад i хваробы: тыфус, цынгу, сухоты i да т. п., ад чаго шмат хто пне. Сяляне ў вёсках церпяць ад гвалту, зьдзекаў, дзікага самавольства жандараў, рабаўніцтва. Праваслаўныя храмы, нават тыя, што ня былі каталіцкімі ці ўніяцкімі, адбіраюцца. Праваслаўныя сьвятары месяцамі не дапушчаюцца мясцовымі польскімі ўладамі да выкананьня сьвятарскіх абавязкаў, прычым вымушаны жыць у сялянскіх хатах разам зь сям'ёй гаспадароў, бо царкоўныя будынкі займаюцца пад польскія школы, памяшканьні жандараў i да т. п. Беларускія школы зачынены, амаль у кожнай вёсцы адчыненыя польскія школы з настаўніцамі - зацятымі полькамі з Заходняй Галіцыі. Пры выданы пашпартоў пра дзяржаўную прыналежнасьць вымушаюць пісаць: "польскай". На публічных лекцыях аратары выказваюць [думку], што усе грамадзяне Польшчы павінны быць палякамі, прычым ласкава дазваляюць пакуль што лічыцца палякамі таго ці іншага веравызнаньня. I гэта пакуль толькі часовая акупацыя... Чаго ж чакаць беларусам таго раёну, якому нешчасьлівая доля абяцае далучэньне да Польшчы?..

У пастановах Вэрсальскай дамовы сказана пра нацыянальнае самавызначэньне народнасьцяў, i ў розных асобных пагадненьнях i дамовах згадваецца пра правы меншасьцяў. Але прыклад польскага Устаноўчага Сейму, які на працягу ўжо двух гадоў абыходзіць гэтае пытаньне маўчаньнем, а польскі друк злавесна гыркае пры адным успаміне пра правы меншасьцяў, а таксама змрочныя зьявы польскай акупацыі - усё гэта дастаткова сьведчыць пра палітычную i рэлігійную польскую "талерантнасьць", пра якую, да вышэйшага неўразуменьня народаў меншасьцяў, з такой самазадаволенасьцю ў кожным зручным моманце гавораць палякі,- мабыць, яны тлумачаць гэтае слова неяк па-свойму, па-польску, таму што насамрэч польская талерантнасьць ёсьць як самая дзікая шалёная нецярпімасьць - нацыянальная i рэлігійная. Несумненна таму, што беларусам у польскай дзялянцы пагражае нацыянальная сьмерць.

У іншых дзялянках, асабліва у Літве, лес беларусаў, відаць, можа быць больш шчасьлівы. Але сама пагроза падзелу, якім бы непрацяглым ён ні быў, настойліва дыктуе неабходнасьць прыняцьця карэнных захадаў дзеля захаваньня i выратаваньня нацыянальнага адзінства i цеснай маральнай сувязі паміж асобнымі часткамі нацыі. Гісторыя народнасьцяў сьведчыць, што дзяржаўнае разьдзяленьне аднаго i таго ж народа на працягу больш ці менш працяглага часу вядзе, разам з палітычнай, да маральнай адчужанасьці i нават да нацыянальнага разьяднаньня, у залежнасьці ад тых ці іншых уплываў i ўмоваў жыцьця i парадкаў той ці іншай дзяржавы. Відавочны доказ гэтага - сербы i харваты, якія раней складалі адзін i той самы сербскі народ. Падзеленыя воляй лёсу паміж Турцыяй i Аўстрыяй на працяглы час, жывучы ў розных умовах i пад рознымі ўплывамі, яны страцілі маральную повязь i адчуваюць узаемную адчужанасьць. Тое ж можна сказаць i пра паўднёваамерыканскія дзяржавы, якія ўтварыліся з былых гішпанскіх уладаньняў, населеных тымі ж іспанцамі, але ў цяперашні час маральна i нацыянальна адчужаныя.

Якім будзе бліжэйшы лёс Беларусі, цяпер нельга пэўна сказаць, даводзіцца пакуль лічыцца толькі з больш ці менш трывалымі акупацыямі i пажаданьнямі суседзяў. Але, улічваючы сучаснае стаўленьне да Беларускага пытаньня Расейска-савецкай улады i прымаючы пад увагу сквапнасьць захопніцкай палітыкі Польшчы i эгаістычную палітыку Антанты, трэба быць гатовымі да горшага.

У цяперашні час Беларусь пазбаўлена магчымасьці проціпаставіць насільлю актыўную сілу. Беларускі народ, арганізуючы партызанскія аддзелы, змагаецца за сваю нацыянальную незалежнасьць i непадзельнасьць, але гэтая няроўная барацьба ня можа вырашыць лесу народу, а зьяўляецца толькі напісаным народнай крывёю дакумэнтам пратэсту Беларускага народу супраць гвалту.

Таму дзеля нацыянальнай самаабароны i непадзельнасьці неабходна скіраваць усе сілы на справу ўмацаваньня нацыянальнага. грунту i нацыянальных асаблівасьцяў Беларускага народу i такім чынам стварыць тую яднальную нутраную духоўную повязь, якая памагла б беларусам зьберагчы нацыянальную еднасьць, вытрымаць націск варожых сілаў цяпер i ў будучыні, калі задумам суседзяў наканавана зьдзейсьніцца ў той ці іншай частцы.

Такой нацыянальнай гуртоўнай сілай можа быць перш за ўсё народная мова. Беларускі народ, асабліва ў мясцовасьцях, якія знаходзяцца пад пагрозай Польшчы,- Горадзеншчыне, Віленшчыне, Меншчыне, разумее ўжо ўсё значэньне гэтага сродку нацыянальнай самаабароны i пад кіраўніцтвам лепшых сыноў сваіх адкрывае ў гарадах i вёсках сярэднія i ніжэйшыя беларускія школы, каб рыхтаваць кадры новых змагароў за нацыянальнае існаваньне. Беларуская літаратура разьвіваецца - на беларускай мове выдаецца шмат кнігаў у розных галінах ведаў. У Горадні, Вільні, Менску друкуецца больш за дзясятак беларускіх газэтаў. У нацыянальных i асьветніцкіх беларускіх установах, камітэтах, каапэратывах размаўляюць i пішуць па-беларуску. Такім чынам, у цяперашнія цяжкія дні палітычнай барацьбы за сваё нацыянальнае існаваньне беларускі народ інстынктыўна шукае апірышча ў сваёй народнай мове.

Пакуль што ўбаку ад гэтага агульнанароднага беларускaга нацыянальнага руху стаяць царква i касьцёл. Хоць як у той, так i у тым ужо у некаторых парафіях робяцца казані на беларускай мове, але пакуль што гэта застаецца справай асабістага меркаваньня настаяцеляў, справай не агульнага парадку, а адзінкавай, выпадковай. Між тым, маючы на увазе усё вялізнае значэньне рэлігіі у жыцьці народаў, неабходна у інтарэсах самой жа рэлігіі i у інтарэсах хутчэйшага ажыцьцяўленьня нацыянальных мэтаў, так бы мовіць, нацыяналізаваць царкву i касьцёл.

Рыма-каталіцкі касьцёл у Бел ару ci, як вядома, апалячаны. На бяду, дакумэнтальна засьведчана, што касьцёл у Беларусі за час расейскага ўладараньня (1773-1915) мацней апалячаны польскім бокам, чым за ўвесь час прымусовай палітыкі польскіх уладаў 1569, 1772-1793 гг. Апалячаны ў выніку блізарукай палітыкі расейскіх уладаў, якія не дапусьцілі беларускай мовы ў касьцёл, нягледзячы на хадайніцтва вышэйшых прадстаўнікоў касьцёлу - напрыклад, каталіцкага біскупа Станіслава Сестранцэвіча ў 1776 г., магілеўскага каталіцкага біскупа Сымона у 1896 г. ды іншых. Палякі адмыслова пакарысталіся гэтым, забаранілі ў беларускіх касьцёлах беларускую мову, пераканалі беларусаў-каталікоў, што каталіцкая вера ёсьць вера польская, а для Ватыкана i Заходняй Эўропы вытлумачьші пастанову Трыдзенцкага Сабору 1545 г. пра "linąua vemacula" у тым сэнсе, што прльская мова на Беларусі ёсьць мова "агульнанародная".

У праваслаўнай царкве ў Беларусі пасьля 1839 г., калі уніятаў далучылі да праваслаўнае царквы, уведзена руская мова. Такім чынам блізарукая расейская палітыка паклала мяжу паміж беларусамі-каталікамі i беларусамі-праваслаўнымі, акрамя рэлігіі, i ў мове малітвы i штурхнула беларусаў-каталікоў пад польскае апякунства. Палякі ў XVII ст. выгналі беларускую мову з касьцёлу, а расейскі ўрад, на карысьць польскай справы, санкцыянаваў гэты прымусовы акт палякаў.

Між тым, калі-б у цяперашні час у царкве i ў касьцёле для казані i дадатковай багаслужбы ўжывалася беларуская мова, справа нацыянальнага самавызначэньня Беларускага народу трымалася б іншага накірунку. Для Антанты i ўсяго сьвету было б ясна, што 12-мільённы беларускі народ - не этнаграфічны матэрыял для суседзяў, а самастойная нацыя, якая мае ня менш правоў на нацыянальную незалежнасьць, чым малалікія народнасьці: фіны, эсты, латышы, літоўцы i іншыя; таксама самі па сабе адпалі б такія бязглуздыя аргумэнты палякаў на карысьць далучэньня Горадзеншчьщы да Польшчы, як пераніцоўваньне Горадзеншчыны ў "Літоўскую Польшчу", горадзенцаў з беларусаў - у белапалякаў.

Заклапочаны распалячаньнем беларускага касьцёлу, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі робіць усе магчымыя для гэтага захады i між іншым зьвяртаецца з адпаведным праДстаўленьнем у Ватыкан.

Праваслаўная царква на Беларусі таксама чакае неадкладнага ўвядзеньня беларускай мовы ў дадатковыя багаслужбы: казані, малітвы i духоўныя песьні ці багагласьнік.

Апрача выказаных вышэй прычынаў нацыянальна-палітычнага характару, неадкладнае ўвядзеньне ў царкву беларускай мовы патрабуецца яшчэ ніжэйпададзенымі меркаваньнямі:

А. Праваслаўная царква, да якой належыць бальшыня беларусаў, ня толькі сама мусіць стаць нацыянальна-беларускай, але павінна памагчы ў гэтым i каталіцкаму касьцёлу вызваліцца ад польскай мовы i стаць нацыянальна беларускім. Пры гэтым неабходна зацеміць, што наўрад ці ў інтарэсах царквы, каб рыма-каталіцкі касьцёл стаў раней за яе на гэты шлях; між тым i цяпер ужо некаторыя ксяндзы гавораць казані па-беларуску, i нават Менскі рыма-каталіцкі біскуп Лазінскі яшчэ ў 1919 г. выступіў у касьцёле з казаньню на беларускай мове.

Б. Хутчэйшае ўвядзеньне беларускай мовы ў царкву схіліць рыма-каталіцкае духавенства да хутчэйшага распалячваньня касьцёлу з-за боязі атрымаць ускладненьні, якія могуць узьнікнуць, дзякуючы абуджанай нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага люду.

В. Хутчэйшае ўвядзеньне ў царкве беларускай мовы пазбавіць палякаў падставы высоўваць перад Эўропай пытаньне пра русыфікацыю беларускай царквы, як наогул пра адзін з сродкаў русыфікатарскай палітыкі.

Г. Увядзеньне беларускай мовы ў рэлігійнае ўжываньне Беларускага народу будзе адным з канкрэтных доказаў таго, што Беларусь ёсьць самастойная нацыянальная адзінка i разам 3 тым адным з галоўных абвінаваўчых аргумэнтаў супраць захопнікаў беларускае тэрыторыі.

Пры гэтым увядзенні ці, дакладней сказаць, вяртаньне беларускай мовы ў рэлігійнае ўжываньне апраўдваецца зусім яснымі i дакладнымі зьвесткамі гістарычнага мінулага Беларусі, пра якое патрэбна хоць коратка ўзгадаць.

Тэрыторыя Беларусі

Беларусь ca старажытных часоў займае значную тэрыторыю, якая на сёньняшні дзень абымае 258.000 кв. км, г. зн. ня менш этнаграфічнай тэрыторыі Польшчы. На поўдні яна мяжуе з Украінай i Польшчай па рр. Бугу, Нараву i Бабру; на захадзе зь літоўцамі ды латышамі ў басэйнах рр. Неману i Віліі; на поўнач ад р. Заходняй Дзьвіны яна ахоплівае паўднёвую частку Пскоўскай губэрні i заходнюю - Цьверскай i мяжуе тут з латышамі ды расейцамі; на ўсход па р. Дняпры мяжуе з расейцамі; пераходзячы за р. Дняпро ў басэйн р. Дзясны яна ахоплівае паўночныя наветы Чарнігаўшчыны i, нарэшце, ахоплівае амаль увесь басэйн р. Прыпяці, мяжуе з Украінай. Здаўна Беларусь дзялілася на наступныя землі: Горадзеншчыну з Беластокам i Бярэсьцем, Віленшчыну, Меншчыну, Магілеўшчыну, Віцебшчыну, Смаленшчыну, частку Чарнігаўшчыны i Аўгустоўскі павет Сувальшчыны. Доказы прыналежнасьці пералічаных зямель да этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі знаходзяцца як у старажытных летапісах, хроніках, апісальнях рускіх i замежных, так i ў найноўшых этнаграфічных дасьледаваньнях.

Насельніцтва Беларусі

Здаўна беларускую тэрыторыю насялялі славянскія плямёны: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, севяране ды інш. Паводле ліку жыхароў, займанай тэрыторыі, асьветы i палітычнага ладу мацней i вышэй за іншых было племя крывічоў. Крывічы з VII ст. мелі дзяржаўнасьць, князёў i горад; галоўным горадам ix быў Полацак. Іншыя крыўскія плямёны таксама ў вельмі раньні час мелі гарады: Менск, Смаленск, Тураў, Гомель, Слонім, Горадню на Нёмане ды інш. УIX ст. усе крыўскія плямёны аб'ядналіся ў два княствы: Полацкае i Смаленскае. У IX-X стст. яны ўзялі назву Русь. У XIII ст. пачалі называцца Белай, ці Вольнай ад татарскай няволі, Русьсю, г. зн. Беларусьсю.

I ў даўнія часы Беларусь была шматлюднай. Зараз лік беларусаў складае больш за 12.000.000.

Паводле статыстычных зьвестак 1914 г, беларусаў налічваецца:

На Горадзеншчыне 1.400.000

На Віленшчыне 1.536,000

На Меншчыне 2.498.000

На Магілеўшчыне 2.261.000

На Смаленшчыне 1.251.000

На Віцебшчыне 1.243.000

На Чарнігаўшчыне 1.294.000

У Аўгустоўскім павеце 180.000

Акрамя таго, у Пскоўскай, Калускай, Цьверскай i Арлоўскай губэрнях беларусаў 246.000

Усяго 11.917.000

У Ковенскай губерні 82.000 беларусаў

У Курляндыі 21.000

А ўсяго.... 12.020.000

Па рэлігіі Беларусь падзяляецца на праваслаўных i каталікоў. Праваслаўных - 9½ мільёнаў, а каталікоў - 2½ мільёна.

Палітычная гісторыя Беларусі

Летапіс адзначае, што Рурык меў у Полацку намесьніка з сваіх дружыньнікаў. Але значна раней, нават у VII ст. крывічы мелі сваіх крыўскіх князёў, такім чынам, разьвіцьцё дзяржаўнасьці ў крывічоў пачалося рана, раней, чым у іншых суседніх славянскіх плямёнах. Полацкі князь Рагвалод у X ст. быў нагэтулькі моцны, што змагаўся з кіеўскімі князямі i напачатку змагаўся пасьпяхова; ён пашырыў Полацкае княства да Нёмана i Прыпяці.

Полацкае княства заўсёды трымалася незалежна ад іншых руска-славянскіх княстваў. Найбольшага разьвіцьця i росквіту крыўскія княствы (Полацкае i Смаленскае) дасягнулі ў XI i XII стст. \з полацкіх князёў, пасьля Ізяслава Ўладзіміравіча (?- 1044), найбольш вядомыя Брачыслаў Ізяславіч, Усяслаў Брачыславіч (1068-1098), якога летапісец называе "Чарадзеем", Барыс Усяславіч, Васілька Барысавіч, Ізяслаў Васількавіч, праслаўлены ў старой паэме "Слова пра полк Ігараў" ды інш. 3 князёў Смаленскага княства вядомыя: Вячаслаў Уладзіміравіч, Расьціслаў, Раман, Давыд ды іншыя.

У сярэдзіне XII ст. крыўскія княствы раздрабніліся на мноства малых i паступова сталі ўваходзіць у склад аб'яднанага Вялікага Княства Літоўскага. Пры вялікіх князях літоўскіх Гедыміне (1316-1341) i сыне ягоным Альгердзе (1345-1377) уся Беларусь увайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, i вялікія князі з тых часоў сталі звацца "літоўскімі i рускімі". Так утварылася Вялікае Княства Літоўска-Беларускае.

З часоў Гедыміна ў Літоўскім Княстве беларусаў было больш, чым літоўцаў, пры гэтым беларусы мелі ўжо высокую на той час асьвету i пісьменства, чаго ня мелі літоўцы. Беларуская мова мела ўжо тады багатую літаратуру, тады як літоўцы ня мелі нават свайго пісьма. Наогул палітычнае i грамадзкае жыцьцё беларусаў у той час набыло такія формы, да якіх літоўцам было яшчэ далека. Насамрэч беларуская мова ў Вялікім Княстве панавала i пры двары вялікага князя, i ў судох, i ў войску, i ва ўрадавых установах, i ў гарадзкіх магістратах. Пра гэта маюцца шматлікія сьведчаньні польскіх, нямецкіх ды іншых хронікаў. Беларусы, як больш культурная нацыя, мелі перавагу над літоўцамі ва ўсім. Жылі яны зь літоўцамі заўсёды ў добрай згодзе. Гэта нядзіўна, таму што спрадвеку яны мірна суіснавалі, а ў старажытныя часы, да прыняцьця беларусамі хрысьціянства ў X ст., пакланяліся адным i тым паганскім багам. Апрача таго, аб'яднаньне ў адзіную дзяржаву адбылося ня гэтулькі шляхам заваёўніцтва, колькі шляхам добраахвотных пагадненьняў ды шлюбаваньняў між беларускімі i літоўскімі князямі.

Пасьля сьмерці вялікага князя Альгерда вялікакняскі пасад заняў адзін з малодшых сыноў Ягайлавічаў - Якаў. Як ведама, Альгерд i ўсе 12 ягоных сыноў былі праваслаўныя.

У 1386 г. Ягайлавіч, прыняўшы каталіцтва i новае імя - Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралеўнай Ядвігай з умоваю аб'яднаньня Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім, але ў першым заставаўся вялікі князь, свой Сойм, мова i ўсё нутраное самакіраваньне; палякі лічыліся тут чужаземцамі i ня мелі права на зямельную ўласнасьць. Але ўсё-ткі Польшча ўплывала на Літву i Беларусь, ахопліваючы знаных баяраў літоўскіх i беларускіх, асабліва пасьля Гарадзельскага сойму 1413 г., які даў права атрымліваць польскія гербы ды іншыя прывілеі. Просты народ застаўся па-за польскім уплывам, але прававы стан яго стаў пагаршацца, - паноўныя ў Польшчы фэўдалізм i прыгоньніцтва прыходзяць у Літву i Беларусь. Польскі вольны кмет у 1496 г. быў запрыгонены абшарнікам, а ў сярэдзіне XVI ст. той жа лёс напаткаў літоўскіх ды беларускіх сялянаў. Такое становішча доўжылася амаль да сьмерці апошняга Ягайлавіча, Жыгімонта II Аўгуста (пам. у 1572 г.). Баючыся разрыву паміж Польшчай i Вялікім Княствам пасьля сьмерці апошняга Ягайлавіча, палякі ў 1569 г. на Люблінскім сойме гвалтоўна правялі адмысловы палітычны акт, вядомы пад назвай Люблінскай дзяржаўнай уніі. Гэтым актам Вялікае Княства пазбаўлялася свайго асобнага сойму i вялікага князя, тытул якога з тых часоў проста прьшісваўся да тытулу караля польскага, i зьведзена было да статусу правінцыі ці часткі Польскага Каралеўства, з тых часоў палякі пачалі калёнізаваць

Літву i Беларусь i займаць дзяржаўныя пасады, у ix уласнасьць пераходзілі маёнткі. Польская мова i польскія школы пачалі пашырацца, выціскаючы з ужываньня беларускую мову i асьвету. Да канца XVII ст. польская мова была ужо i ва ўрадавых установах, i у судох, i у войску, i у касьцёле. Толькі просты народ заставаўся верны сваей народнасьці. Да канца XVIII ст. Беларусь у вялікай ступені была апалячаная,- вышэйшыя ўсе грамадзкія станы рэнэгаваліся у бок Польшчы. I калі ў 1772- 1793 гг. Беларусь была далучаная да Расеі, расейскі ўрад зрабіў шмат недаравальных памылак, умацаваўшы яшчэ глыбей пальшчызну ў беларускі мацярык. Калі-ж урад адумаўся, то зноў жа пайшоў няправільным шляхам i, жадаючы разпалячыць касьцёл расейскай мовай, яшчэ больш умацаваў польскую мову ў, беларускім касьцёле.

Пісьменства i асьвета на Беларусі ў старыя часы

Асьвета трапіла на Беларусь з Візантыі ў вельмі раньнія часы, дзякуючы таму, што праз крыўскія землі праходзіў шлях "з Вараг у Грэкі". Жывым помнікам гэтага служаць назовы, якія захаваліся на Беларусі: "пагосты", "гасьцінцы", г. зн. паселішчы ці факторыі "гасьцей", таксама шляхі "гасьцей", г. зн. купцоў-чужаземцаў (ад слова hostus - чужаземец), уздоўж гэтага гістарычнага вараска-грэцкага шляху. Хрысьціянства зьявілася на Беларусі не пазьней IX ст., паводле паданьня, ад вучняў Кірыла i Мяфодзія, якія заходзілі сюды. Разам з хрысьціянствам прыйшло i славянскае пісьменства, кірыліца. У XI ст. на Беларусі былі школы: у Полацку, Тураве, Смаленску, Пінску, Мазыры, Менску, Слуцку i ў іншых гарадох. З XI ст. захаваліся рукапісы: Тураўскае дабравесьце i Чэцьі-Мінэі. У XI жа ст. у Полацку i Тураве былі, нават паводле сьведчаньняў польскіх хронікаў, біскупскія катэдры, а паводле іншых зьвестак утварэньне гэтых катэдраў можна аднесьці да X ст.

Наколькі высока была пастаўленая асьвета ў XVII ст., сьведчаць летапісы, што распавядаюць пра асьветнікаў таго часу. З найвядомых беларусаў гэтае пары летапіс адзначае Клімэнта Смаляціча, "кніжніка, якога ня было раней." З яго захаванага "Пасланьня" бачна, што ён чытаў творы Гамэра, Платона i Арыстотэля. Таксама трэба сказаць пра "смаленскага кніжніка" Аўрамія; тураўскага біскупа Кірылу II, выбітнага царкоўнага красамоўцу i знаўцу візантыйскай літаратуры; пінскага "летапісца". Мітрафана; Сьв. Еўфрасіньню (Прадславу) Полацкую. Пра высокі ўзровень асьветы ў XI-XII стст. сьведчыць цудоўнае.царкоўна-візантыйскае дойлідства храмаў у г. Полацку, ix нутраны жывапіс, фрэскі i да т. п. У XIII ст. беларускае пісьменства паступова пазбаўляецца царкоўнаславянскага ўплыву i разьвіваецца ў нацыянальным накірунку, набліжаючыся да народнай гаворкі, пра што сьведчыць дайшоўшая да нас "Мсьціславава Праўда" ці дамова смаленскага князя Мсьціслава з Рыгай, Готляндам ды нямецкімі гарадамі ў 1229 г. XIV, XV i XVI стст.- час найвышэйшага росквіту беларускага пісьменства i асьветы.

Так ад XVI ст. захазаліся старажытныя дабравесьці, фрагмэнты Пінскага дабравесьця, Полацкага, Аршанскага, Лаўрышаўскага дабравесьцяў i г. д. Наогул з XIV-XVI стст. захавалася незьлічоная колькасьць рукапісаў, а з XVI ст. i друкаваных актаў, хронікаў ды рознага характару дакумэнтаў i кнігаў як сьвецкага,-так i духоўнага зьместу. Пра гэта сьведчаць 37 тамоў актаў, выдадзеных Віленскай археаграфічнай камісіяй, Літоўскі статут выданьняў 1529, 1566 i 1588 гг., дыярыюш Сьв. Апанаса Берасьцейскага ды інш. Таксама шмат друкаваных кнігаў, пачынаючы з "Апостала" Францішка Скарых;_ і 1525 г. (Заўв,-Рэд.) За кароткі пэрыяд першай паловы XVI ст. на Беларусі, пачынаючы зь Вільні, значна разьвіўся кнігадрук.

Дастаткова заўважыць, што ў канцы XVI ст. у Вільні было 30 беларускіх школаў i толькі адна польская. Але ўжо напрыканцы XVI ст. палякі пачалі захопліваць у свае рукі друкарні і, наогул, кніжную справу. Польская гаворка, польскія кнігі i польскія школы пачалі распаўсюджвацца на Беларусі, выціскаючы беларускую мову, беларусісую кнігу i беларускія школы.

Адраджэньне беларускай мовы i беларускай літаратуры зноў пачалося з 1905 г. i зараз ужо маецца багатая новая літаратура, але ў царкве i ў касьцёле беларуская мова пакуль выпадковы госьць. Варожыя гістарычныя ўмовы пазбавілі беларуса права маліцца Богу на роднай мове. У царкве беларус моліцца па-расейску, у касьцёле - па-польску. Сьвятая мова-маці гвалтоўна пазбаўлена права быць сьвятой мовай малітвы да Нябеснага Айца.

Абуджэньне нацыянальнай самасьвядомасьці i нацыянальная воля беларускага народу

На працягу 9 ст. (з VIII да канца XVI), як адзначалася вышэй, беларуская асьвета, сілкуючыся з багатых крыніцаў усходняй візантыйскай культуры, знаходзячыся ў далейшым пад заходнім уплывам (дзякуючы сталым, пераважна гандлёвым зносінам з народнасьцямі Заходняй Эўропы), дасягнула ў XVI ст. ужо высокага ўзроўню.

Прытушаная i паступова гвалтоўна заціснутая беларуская асьвета на працягу 300 гадоў пакрывалася тоўстым пластам попелу забыцьця, пад якім, аднак, хавалася ў глыбінях народных тая жывая іскра, што магла зноў загарэцца яркім полымем падчас вялікай палітычнай буры, калі зрушваюцца ўсе дзяржаўныя асновы, ірвуцца магутнымі парывамі нявольніцкія ланцугі прыгнечаных нацыяў, разьвейваюцца, як пыл, мудрагелістыя напластаваньні i спляценьні даўніх гвалтаў.

Гэтая іскра таілася ў дымнай хаце прыгнечанага беларуса-селяніна, пазбаўленага польскай культурай у XVI ст. ня толькі чалавечых правоў, але i права звацца чалавекам. "Хлоп" i "быдла" (скаціна) сталі сынонімамі на вуснах паноў "талерантнай" i "вольнай" Польшчы. Расейскі ўрад пакінуў гэты жорсткі парадак да 1863 г., калі вызваліў сялянаў i даў ім некаторыя чалавечыя правы. Але мова іхная па-ранейшаму заставалася яшчэ "хлопскай" для польскіх паноў i грубым "мужицким наречием" для расейскага ўраду i нават шмат каго з расейскіх вучоных. Адчуўшы подых свабоды, беларус пацягнуўся да сьвету, да школы, але асьвету засвойваў не на роднай мове, зь якой яшчэ ня была зьнятая пячатка забароны. У 1905 г. зьнятыя ланцугі няволі i з мовы. З гэтае пары пачынаецца адраджэньне беларускай літаратуры i разам з тым нацыянальнае адраджэньне Беларусi.

Страшэнныя палітычныя катаклізмы, зварухнуўшыя ўвесь сьвет у апошнія гады, глыбока скаланулі беларускі народ. Але, на бяду, беларуская тэрыторыя стала арэнай крывавага змаганьня імпэрыялістычных суседзяў, аб'ектам захопніцкіх плянаў. Жах тэрору i гвалту акупацыі, якія зьмяняюць адна адну, не даюць магчымасьці беларускаму народу ўзьняцца на ногі ды пачаць самастойна будаваць сваё жыцьцё.

Але беларускі народ ужо адкрыта заявіў сваю нацыянальную волю на сваё нацыянальнае самавызначэньне, дзяржаўную незалежнасьць i тэрытарыяльную непадзельнасьць. Гэтая народная воля выявілася на Ўсё-Беларускім кангрэсе 5- 17 сьнежня 1917 г., калі была абраная Беларуская рада, якая вылучыла з свайго складу Урад Беларускай Народнай РэспубЛІКІ, затым на віленскіх беларускіх зьездах 25-27 студзеня 1918 г. i 9-10 чэрвеня 1919 г. i, нарэшце, на Горадзенскім губэрскім зьезьдзе 1 -2 сьнежня 1918г.


На падставе ўсяго вышэйвыказанага, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, зьвяртаючыся да Сьвяцейшага Патрыярха, мае цьвёрдую надзею, што Патрыяшы Пасад са свайго боку зробіць адпаведныя захады, каб:

· ва ўсіх прыходах Беларусі прыходзкія сьвятары ў казанях, катэхізацыі i наогул ва ўсім дадатковым набажэнстве карысталіся абавязкова беларускай мовай;

· ва ўсіх эпархіях беларускіх біскупскія катэдры былі замешчаныя біскупамі-беларусамі, што валодаюць беларускай мовай;

· для беларускіх эпархіяў выдадзеныя былi зборнікі казаняў, багагласьнікі, малітоўнікі i Новы Запавет на беларускай мове, як гэта было зроблена яшчэ да 1914 г. былым Сьвяцейшым Сынодам для Украіны. Сярод вучоных-багасловаў, гісторыкаў i філялёгаў ёсьць шмат ураджэнцаў Беларусі, што не забыліся свайго народнага паходжаньня, любяць сваю Беларускую радзіму i свой народ i, можна думаць, не забыліся мовы свайго дзяцінства i ва ўсялякім разе не адмовяцца паслужыць роднаму народу ў гэтую драматычную часіну для беларускай народнасьці.

27 студзеня 1921 гг


Пераклад з расейскай Галіны БІЛЬДЗЮКЕВІЧ.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 325, воп. 1, спр. 128, арк. 33-49.



Лютага 1 (14) дня 1922 г. №135

Патрыярх Маскоўскі i ўсяе Pacei

Пану Старшыні Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі

З прычыны Вашага ліста ад 14 студзеня г. г. за № 104 маю гонар паведаміць наступнае:

Мэмарандум Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі "Аб палажэньні Праваслаўнай Царквы ў Беларусі і, галоўным чынам, пад польскай акупацыяй", высланы 27 студзеня мінулага году, у свой час мною атрыманы.

Дзеля асаблівай вагі паднятых у гэтым Мэмарандуме пытаньняў, ён перададзены быў мною на абмеркаваньне Сьвяшчэннага Сыноду i Вышэйшай Царкоўнай Рады, складаючых пад маім старшынствам i прадставіцельствуючых увесь біскупат, клір i верных Праваслаўнай Царквы.

Пасьля самых сьціслых абмеркаваньняў Вышэйшым Царкоўным Упраўленьнем пастаноўлена:

1) Пазволіць Прэасьвяшчэнным Беларускіх эпархій (Літоўскай, Горадзенскай, Менскай, Магілеўскай, Полацкай i др.), у выпадку паступленьня ад большасьці парахіян просьбаў аб .ужываньні беларускай мовы ў так званым дадатковым богаслужэньні, у пропаведзях, катэхізацыі i др., у тых храмах карыстацца беларускай мовай

i 2) прапанаваць Прэасьвяшчэнным тых-жа эпархій прыступіць, калі акажацца магчымым, да выданьня на беларускай мове пропаведзяў, багагласьнікаў i Новага Завету.

Што датычна пажаданьня Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі аб замяшчэньні біскупскіх катэдраў у Беларусі асобамі, валодаючымі беларускай мовай, то ўцелаісьціць даннае пажаданьне ўжо цяпер не ўяўляецца магчымым, бо прышлося-б без павінных прычын зьмесьціць некаторых біскупаў, якія, хоць i не валодаюць беларускай мовай, але з пажыткам працуюць дзеля праваслаўнай справы ў Беларусі. Але ў той-жа час, прызнаючы паказанае пажаданьне справядлівым, Вышэйшае Царкоўнае Упраўленьне пастанавіла мець гэтае пажаданьне на ўвазе пры ўсіх пасьледуючых зьмяшчэньнях архірэйскіх катэдраў у Беларускіх эпархіях.

Паведамленьні вышэйназваным эпархіяльным Прэасьвяшчэнным па вышэйпісаных двох пастановах Вышэйшага Царкоўнага Ўпраўленьня разасланы былі тады-ж гэтым Прэасьвяшчэнным. Прыгатавана была i адповедзь Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, але, за нястачай аказіі, учарод не магла быць адаслана, а пасьля трапіла ў лік дакумантаў, апячатаных цывільнай уладай у былым памяіцканьні Канцылярыі Вышэйшага Царкоўнага Ўпраўленьня.

Прызываю на ўвесь Беларускі народ благаслаўленьне Божае i малітвенна жадаю, каб Гасподзь узмацаваў яго сілы ў абароне інтарэсаў роднай для яго Праваслаўнай Царквы.

Прызываю благаслаўленьне Божае i на Вашу працу i на працу ўсяго Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ціхан, Патрыярх Маскоўскі i ўсяе Pacei.


Прадмова, публікацыя, заўвагі й камэнтары Ўладзімера ЛЯХОЎСКАГА.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 325, воп. 1, спр. 128, арк. 69-69 адв. На беларускай мове падаецца паводле часопіса "Беларускі Сьцяг", Коўна. 1922 г., № 1 (красавік - травень)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX