Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Дыпляматычны пашпарт ураду Беларускае Народнае Рэспублікі 


Аўтар: Запруднік Янка,
Дадана: 16-03-2018,
Крыніца: Запруднік Янка. Дыпляматычны пашпарт ураду Беларускае Народнае Рэспублікі // Спадчына. 2000. №1. С. 81-84.



Дзяржаўныя дакумэнты й акты Беларускае Народнае Рэспублікі сяньня ў архівах Беларускай ССР пад замкамі, недаступныя навет i гісторыкам. Дзеля гэтага тут даецца вопіс дыпляматычнага пашпарту ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі ды зьмешчаная фотарэпрадукцыя (гл. малюнак) аднае яго бачыны як цікавага дакумэнтальнага сьветчаньня зь дзейнасьці ўраду БНР.

Дыпляматычны пашпарт ураду Беларускае Народнае Рэспублікі.

Пашпарт выстаўлены 19 красавіка 1919 г. у Горадні для аташэ Беларускага Пасольства на Украіне Аляксандра Галавінскага ды з подпісам тагачаснага старшыні Рады Міністраў Беларускае Народнае Рэспублікі Антона Луцкевіча.

Пашпарт вялікага фармату, 22 цм на 33 цм, мае чатыры бачыны. На бачыне першай надрукаваны ў мовах беларус­кай, францускай i нямецкай загаловачны напіс:

Дыплёматычны пашпарт

Passeport Diplomatique

Diplomatischer Pass

Угары, зь левага боку, наклееная фатаграфія аташэ А.Галавінскага з прыкладзенай на ёй круглаю пячаткай Міністэрства Загранічных справаў БНР.

На другой бачыне, зь левага боку ўгары, нумар пашпарту - 81, a ніжэй надрукаваны беларускі тэкст з дапіскамі рукою, каму, дзе, калі ды на які час пашпарт выстаўлены.

Тэкст усяе другое бачыны, друкаваны й пісаны рукою, гэткі:

Мы,

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі,

і м е н е м Б е л а р у с к а г а Н а р о д у

просімо ўсе ваенныя i цывільныя ўстановы чужаземных Дзяржаў i загадываемо ўсім прыслухаючым нам ваенным i цывільным уласьцям, каму гэты пашпарт будзе паказаны, дазволіць свабодны праезд аташэ Беларускага Пасольства на Украіне Аляксандру Галавінскаму i даваць яму ў патрэбе ўсялякую дапамогу.

Выданы ў Горадні 19 красавіка 1919 г.

Старшыня Рады Народных Міністраў

(-) Ант.Луцкевіч

(Круглая пячатка з Пагоняй усярэдзіне ды напісам на аточыне):

БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ РЭСПУБЛІКА

Міністэрства Загранічных Спраў

(Дзеля слаба адціснутае на пашпарце пячаткі на фотарэпрадукцыі яе ня відаць.)

Пашпарт мае моц да 19.X. 1919 г.

(Унізе рукой дапісана):

Пашпарт прадоўжаны да 10.X.20 году

(Круглая пячатка з Пагоняй усярэдзіне ды напісам на аточыне па-беларуску й па-францу ску):

ПАСОЛЬСТВА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ

НА ЎКРАІНЕ

На другой бачыне развароту надрукаваны францускі пераклад вышэйпрыведзенага беларускага тэксту:

№ 81.

Traduction

Nous,

le Gouvernement de la Republique Democratique

Blanche-Ruthenienne,

au nom du Peuple Blanc-Ruthenien,

requerons toutes le Autorites militaires et civiles etablies dans les autres pays, et ordonnons a toutes les Autorites militaires et civiles placees sous nos ordres auxquelles le present Passeport sera produit de laisser passer en tout liberte Attache a la Legation BlancheRuthenienne en Ukrainę Alexander Golovinskij, et de lui preter, en cas de besoin, toute aide et assistance.

Fait a Grodno le 19.IV.1919

Le President du Conseil des Ministres

(-) Antoine de Loutckewitch

(пячатка)

Passeport valable pour 19.Х.1919.

(Унізе дапіска па-француску рукой беларускага пасла на Ўкраіне аб прадоўжаньні пашпарту да 19.Х.1920 г. зь ягоным подпісам i пячаткай пасольства.)

На чацьвертай бачыне надрукаваны нямецкі тэкст паш­парту:

№ 81.

Obersetzung

Wir,

die Regierung der Weissruthenischen Volksrepublik,

in Namen des Weissruthenischen Volkes

ersuchen hiermit alle Militarund Civilbehórden der anderen Staaten, samtlichen uns untergebenen Militarund Civilbehórden aber befehlen wir ausdrGcklich, auf Vorzeigung dieses Attache bei der Weissruthenischen Gesandschaft in der Ukraina Alexander Golowinski frei und ungehindert reisen, auch notigenfalls in Schutz und Beistand angedeihen zu lassen.

Gegeben Grodno den 19.IV.1919

Der President des Ministerrates

(-) Anton von Lutzkewitch

(пячатка)

Reisepass giiltig auf 19.Х. 1919

(Унізе дапіска рукой па-нямецку беларускага пасла на Ўкраіне аб прадоўжаньні пашпарту да 19.Х.1920 г. зь яго­ным подпісам i пячаткай пасольства.)

На бялюгох усіх чатырох бачынаў пашпарту адбітыя ў гадох 1919 - 1920 візы, пячаткі, штэмпялі зь пісанымі рукою анатацыямі розных міністэрстваў замежных справаў, кансулятаў, вайсковых i паліцыйных уладаў ды ўзьмежных станцыяў Лацьвіі, Летувы, Польшчы, Нямеччыны, Аўстрыі, Чэхаславаччыны, Украіны.

Паколькі для візаў i праездных штэмпялёў на бачынах пашпарту не хапіла месца, дык да пашпарту даклееная дадатковая балонка, уся першая бачына якой ды палавіна бачыны другое задрукаваная пячаткамі й штэмпялямі. Усіх пячатак i штэмпялёў на пашпарце каля 50-ці. Адбітыя яны ў Рызе, Коўні, Варшаве, Бэрліне, Празе, Сухадоле, Дэчыне, Казятках, Эйткунах, Вірбалях, Мажэйках ды колькі іншых месцах, назовы якіх цяжка расчытаць. Ёсьць на пашпарце й штэмпель Стацыйнае Каманды Галіцкага Корпусу ды дазвол Чэскага Прамысловага Банку на перавоз 2000 марак.

На некаторых візах падаецца й мэта падарожжа. Прыкладам, на візе 5 жнівеня 1920 г. Лацьвійскае Легацыі ў Коўні адзначана, што яна выстаўленая на выезд да Рыгі "на Балтыйскую канфэрэнцыю".

Вялікі лік візаў на пашпарце аташэ БНР А.Галавінскага паказвае, што дыпляматычныя пашпарты ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі прызнаваліся й ушаноўваліся ўрадамі й уладамі розных краёў Эўропы. Гэта ж довад таго, што ў гадох 1919-1920 дзяржавы цэнтральнае й заходняе Эўропы прызнавалі Беларускую Народную Рэспубліку й ейны ўрад "дэ-факто". Ведама, што шмат дзяржаваў прызнавала ix тады й "дэ-юрэ".

Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларускае Народ­нае Рэспублікі яна была прызнаная больш як дванаццацьма дзяржавамі, a ў замежных сталіцах былі заснаваныя прадстаўніцтвы и кансуляты БНР [1]. Дзейнасьць гэтых прадстаўніцтваў зь вялікім нездаваленьнем адзначае савецкі прапагандьісты М.Сташкевіч. Ён піша: "У гэты час нацыяналісты мелі ў Бэрліне Беларускую місію (выдавала на нямецкай мове "Весьці Беларускага прэс-бюро", газэту "З роднага краю"), у Рызе - Ваенна-дыпляматычную місію ў Латвіі й Эстоніі, у Празе - "Раду беларускай калёніі", у Парыжы - дыпляматычную місію. Празь ix лідэры нацыяналізму настойліва прапагандавалі ідэю "нацыянальнай незалежнасьці Беларусі" [2].



[1] Abramchik A. Belorussia. Reprinted from the Symposium "Captive Nations in USSR", Miinich, 1963, p. 9.

[2] Сташкевіч M. Непазбежнае банкруцтва. - Мінск, 1974. - Б. 91.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX