Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

З гісторыі сьвяткаваньня 25 сакавіка


Дадана: 29-01-2018,
Крыніца: З гісторыі сьвяткаваньня 25 сакавіка // Спадчына. 1998. №1. С. 32-50.



1918 г. Будслаў

25-га сакавіка ў Будславе.

Гэта было ў Будславе Вялейскага павету, у Беларускай Гімназіі, якую заснавала беларуская мясцовая інтэлігенцыя й сялянства ўласнымі высілкамі пасьля выбуху расейскай рэвалюцыі. Цяга да навукі ў людзей была так вялікая, што існуючыя там толькі чатыры клясы зьмясьцілі болып за 300 дзяцей. Гімназія працавала нармальна й пад нямецкай акупацыяй у 1918 годзе. Немцы цікавіліся толькі, каб была добра пастаўлена нямецкая мова i каб сярод вучыцялей ня было бальшавікоў. Я быў прыняты ў 4-ю клясу, але, пакуль набраўся кантынгэнт, сядзеў у трэцяй.

Дзесь у канцы сакавіка дайшла вестка зь Менску аб абвешчаньні незалежнасьці Беларусі й да Будслава. Аднаго дня, памятаю, наш дырэктар Васілевіч, узварушаны й вясёлы, хадзіў па ўсіх клясах i дзяліўся з вучнямі гэтай радаснай навінай. «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесьціла незалежнасьць Беларусі, наш край будзе вольным i незалежным, як калісь даўней. Будзе мець свой урад, сваё войска, сваіх ураднікаў, свой скарб i свае школы. Цяпер беларусы будуць самі гаспадарамі на сваёй зямлі, i ня будзе ўжо нас трывожыць i страшыць чужое войска й паліцыя», - тлумачыў ён. Вучні слухалі гэтыя словы зь вялікім зацікаўленьнем i ўвагай, хоць многія яшчэ й не разумелі ўсёй важнасьці гэтай гістарычнай падзеі ў жыцьці Беларусі. «Абвешчаньне незалежнасьці Беларусі ёсьць вялікім нацыянальным сьвятам для ўсяго беларускага народуказаў ён далей, - i наша гімназія мусіць адсьвяткаваць гэта сьвята дастойна й урачыста. Сьвяткаваньне адбудзецца ў наступную нядзелю a шостай гадзіне вечара. Хорам i дэклямацыямі займуцца настаўнікі Панковіч i Ігнатава, яны-ж прыгатуюць усю праграму. A вы, дзеткі, скажыце сваім бацьком аб радаснай навіне й запрасіце іх на сьвяткаваньне разам з іхнімі сябрамі й знаёмымі».

Праз цэлы тыдзень гімназія была ўва ўзбуджаным сьвяточным настроі. Пасьля лекцыяў адбываліся сьпеўкі й рэпэтыцыі дэклямацыяў. Хадзілі ў лес па ялінкі й дзеразу, каб прыбраць зеленьню залю. На лекцыях рысункаў рысавалі Пагоню й бел-чырвона-белы сьцяг. Настаўнік рысаваньня сьв. пам. Мікола Шыла сказаў, што найлепшыя рысункі будуць павешаны ў залі ў дзень сьвяткаваньня. Гэта дадавала імпэту й стараньня ў працы. Сьцяжкі выходзілі ня блага, але з Пагоняй было горш. Мой сусед Кіслы так праняўся нацыянальнымі колерамі, што ягоны конь у Пагоні выйшаў бел-чырвона-белым. Пры конкурсе настаўнік амаль усе сьцяжкі прыняў годнымі й пазьней упрыгожыў імі залю. Пагоні-ж былі збракаваны ўсе. Настаўнік сказаў, каб кожны ўзяў сваю сабе на памятку, a для залі намаляваў сам вялікую прыгожую Пагоню.

Нарэшце прыйшоў доўгачаканы дзень сьвяткаваньня. Людзей сабралося столькі многа, што яны запоўнілі залю, сумежныя клясы й нават сенцы. Прыйшлі яны зь мястэчка i з суседніх i далейшых вёсак. Урачыстасьць адчыніў дырэктар палкай, хоць i даўгой прамовай. Ён прывітаў усіх зь вялікай навінай абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й вытлумачыў, якое значэньне мае гэты векапомны акт. Пазьней ён прачытаў цэлую лекцыю з гісторыі Беларусі, насьвятляючы найважнейшыя мамэнты: Полацкі пэрыяд i Вялікае Княства Літоўскае, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на ролю беларускае мовы й культуры ў апошнім.

Вялікі натоўп людзей у цішыні ўспрымаў як нешта сьвятое першы раз пачутыя словы са сваёй гісторыі. Патрыятычны настрой узрастаў. Прамова дырэктара закончылася магутным клічам народу: «Хай жыве Незалежная Беларусь!»

Далей прамаўлялі прадстаўнікі ад Гімназіяльнага Камітэту бацькоў i ад воласьці, a таксама сьв. пам. інжынэр архітэктар Дубейкаўскі зь Вільні, які кіраваў будаваньнем дому для гімназіі. Якісь дзядзька з Камарова ці Алешак пачаў прамаўляць, але ня мог скончыць, узварушаньне душыла яму словы ў горле. Ён патрапіў толькі сказаць: «Хай жыве Незалежная Беларусь!». Словы гэтыя, падхопленыя народам, зноў паліліся магутнай хваляй па гімназіяльным будынку й пляцы.

Пасьля кароткага перапынку пачалася канцэртная частка. Паліліся стройныя харавыя мэлёдыі беларускай песьні, што дагэтуль, бязь ніякага дырыжорства, бытавала ў народзе. I песьня, нібы атрымаўшы адукацыю, гучэла прыгажэй, як у звычайных жаночых сьпевах. «Бач, як стройна пяюць! - падміргівалі адна другой жанчыны,- a здаецца, тыя самыя песьні, што й мы сьпяваем; відзіш, што значыць навука!» Песьні чаргаваліся з дэклямацыямі. Найбольш спадабаліся дэклямацыі Зімношышкі «Бор» - Купалы, i "За свабоду сваю» - Купалы, прадэклямаваны найменшым з прысутных - вучнем В. Са сцэны яго зьнясьлі на руках. Нельга было зразумець, ці ён плакаў, ці сьмяяўся. Супакоіўся тады толькі, як уткнуўся ў падол роднай маткі.

Урачысты, паважны настрой сьвяткаваньня перайшоў у весялосьць, калі вучні на сцэне заскакалі Лявоніху. У танцы прымала ўдзел уся сялянская грамада, бо па-будслаўскаму звычаю жанчыны й мужчыны ў такт музыкі прыплесквалі рукамі, a некаторыя й прытуптывалі нагамі.

Так весялілася ўся грамада, народ спраўляў сваё нацыянальнае сьвята. Ён здаваў сабе справу з важнасьці падзеі ў сваёй гісторыі. Тут ня было нічога штучнага. Атмасфэра была шчырай, натуральнай радасьці й задаваленьня.

A як пачалі разыходзіцца, толькі й гутарка была аб тым, як пачнецца разбудоўвацца жыцыдё ў новай, вольнай Беларусі, у якой зямлёй будзе карыстацца той, хто сам на ёй працуе. Моладзь парушала вайсковыя тэмы, выказвала гатовасьць пайсьці пад родныя сьцягі, як толькі паклічуць. Ведала добра, што першай i неабходнай справай было замацаваньне незалежнасьці маладой Беларускай Народнай Рэспублікі.

A было іх - стройных, як дубы,- толькі ў самым мястэчку некалькі дзясяткаў, моцных духам, сьведамых нацыянальна маладых людзей. Не адзін добры горад мог пазайздросьціць у гэтым малому Будславу. Адны зь іх паварочаліся з войска, пабыўшы ў беларускіх гурткох, другія павырасталі за час вайны. Дзякуючы ім, мястэчка, апрача гімназіі, мела клюб i бібліятэку, тэатр зь вялікай заляй, што пакінуў штаб расейскай арміі, хор i струнную аркестру. Ня было нядзелі, каб не адбылося якое прадстаўленьне ці канцэрт. Руньню зелянела беларуская культура, пашыраючыся на суседнія вёскі. I ня было ані сварак, ані непаразумленьняў. Работа йшла ў атмасфэры задаваленьня й згоды пад уплывам цягі да веды й мастацтва. Маладое й здаровае беларускае жыцьцё станавілася на ўласныя ногі, абяцаючы ўзрасыді да сілы волата.

Бязьлітасны лёс, аднак, зноў пачаў баразьніць узыходзячую беларускую рунь. Ворагі з Усходу й Захаду шчапіліся клешчамі ў барацьбе за беларускую спадчыну нашых дзядоў, топчучы маладыя ўсходы, руйнуючы й пераворваючы стальлю той грунт, зь якога гэтыя ўсходы ўзрасталі.

Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

З кнігі «25 Сакавіка: Успаміны зь Менску, Будслава, Вільні, Прагі, савецкай турмы» (Таронта, 1978).

1920 г. Менск

Аб сьвяткаваньні нацыянальнага сьвята 25 Сакавіка: «Абвяшчэньне Радай Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнасьці Беларусі ў яе этнаграфічных межах».

(З пратаколу паседжаньня Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэту ад 22.3.1920 г.).

(...) 25 сакавіка - сувэрэнны беларускі народ праз свой прадстаўнічы орган Раду Беларускай Народнай Рэспублікі абвесьціў Незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны. Дзень гэты павінен зьявіцца нашым нацыянальным сьвятам. (...)

25 сакавіка (1920 году), дзеля важнасьці момэнту, абмежавацца гэтакім сьвяткаваньнем:

а) ва ўсіх беларускіх школах i прытулках (Менску) a 11-й гадзіне зрана сабраць усіх вучняў i іх бацькоў гэтых школ, a дзяцей прытулкаў у прытулках, дзе павінны быць зроблены прамовы кіраўнікамі аб значэньні гэтага сьвята (Устаўная грамата ад 25 сакавіка 1918 году), a затым вучні ўсіх школ i дзеці прытулкаў, a па мажлівасьці i іх бацькі пасылаюцца пад кіраўніцтвам настаўнікаў на набажэнства - каталікі a 12-й гадзіне ў касьцёл, a праваслаўныя - a 1-й гадзіне ў царкву, a пасьля набажэнства, a 4-й гадзіне па поўдні, у «Беларускай хатцы» робіцца дзеля дзяцей дзіцячы спэктакль, куды так сама павінны быць прыведзены дзеці. Усе дзеці павінны быць уквечаны нацыянальнымі значкамі. Выпаўненьне ўсяго гэтага прасіць Беларускую Школьную Раду i Настаўніцкі Саюз;

б) a 5-й гадзіне ўвечары ў памяшканьні Беларускага Нацыянальнага Камітэту (былы Юбілейны дом) адбудзецца ўрачысты сход Нацыянальнага Камітэту. Дзеля чаго на гэты сход прасіць усе арганізацыі, a так сама i Вайсковую Камісію (...);

в) a 7-й гадзіне ўвечары будуць пастаўлены беларускія пьесы: у мясцовым тэатры будзе пастаўлена пьеса з выступам хору (...), a ў «Беларускай хатцы» Таварыствам Працаўнікоў Беларускага Мастацтва будзе пастаўлена пьеса і інш. (...);

г) прасіць рэдакцыю газэты «Беларусь» па мажлівасьці (...) зьмяшчаць у газэце артыкулы аб значэньні сьвята, a ў дзень сьвята выпусьціць Юбілейны нумар.

Абіраецца Камісія (па апрацаваньні парадку сьвяткаваньня 25 Сакавіка) з п.п. Рак-Міхайлоўскі, Трэпка, Булат, Ламака, Козіч, Фарботка; прасіць, каб яны 23-га гэтага сакавіка a 4-й гадзіне дня сабраліся ў памяшканьні Нацыянальнага Камітэту дзеля абгавору пляну сьвяткаваньня.

НАРБ, ф. 368, воп. 1, спр. 24, арк. 5.

1920 г.

Šviatkavannie druhoj hadoůščyny abviaščennia niezaležnašci Bielarusi.

25-ha sakavika ů pamiač druhoj hadoůščyny abviaščennia niezaležnašci Bielarusi ů bielaruskaj katalickaj kaplicy ks. prafesar Abrantovič havaryů uračy stáje kazaňnie, pašla jakoha adbylosia nabaženstva; choř vielmi pryhoža spiavaů relihijnyja bielaruskija piešni.

Kaplica nie mahla patoůpič usich bielarusaů-katalikoů z roznych bielaruskich arhanizacyjaů. Na nabaženstvie byli taksama i dzieci kataliki z bielaruskich prytulkaů, na hrudziach jakich krasavalisia bielaruskija nacyjanalnyja znački.

Adbylosia taksama ůračystáje nabaženstva ů pravaslaůnym sabory. Sabor byů pierapoůnieny. Prysutnymi byli členy Rady, Bielaruskaj Vajskovaj Kamisii i inšych bielaruskich arhanizacyjaů; usie z nacyjanalnymi značkami. Byli taksama dzieci ůsich bielaruskich škol i prytulkaů z nastaůnikami (da 2500 dziaciej).

Pierad nabaženstvam kazaů uračy stáje kazaňnie pabielarusku blahačynny šviašč. Birula, jaki vykazaů značeňnie aktu abviaščennia niezaležnašci Bielarusi 25-ha sakavika 1918 h., kazaů ab tym, što ůsie syny našaha krajů pavinny addač usie svaje sily dziela lepšaj budučyny našaj maci-Bielarusi.

Na nabaženstvie spiavaů u poůnym skladzie bieiaruski chor Teraůskaha.

U 6-aj hadzinie ůviečary adbyůsia ů Bielaruskim domie ůračysty schod Bielaruskaha Nacyjanalnaha Kamitetu z pradstaůnikami ůsich bielaruskich arhanizacyjaů.

Schod adčyniů uračystaj pramovaj staršynia Biel. Nac. Kamitetu K.Tareščanka. Pašla prámový, p. Tareščanka pračytaů bielaruskuju Ustaůnuju Hramatu. Usie prysutnyje shichali hetu hramatu stojačy. Pašla hetaha vy stupali z pramovami roznyja bielaruskija dziejačy: prafesar V.Ivanoůski koratka pieradaů historyju bielaruskaha ruchu z pačatku 90 hadoů minulaho vieku da apošniaho času.

Prafesar Ks. Abrantovič havaryů ab tym, jak katalickaje duchavienstva spryčynilasia da bielaruskaj správy.

A.Smolič havaryů ab bielaruskim ruchu za ůvieš čas vialikaj vajny. Rak-Michajloůski znajomiů z pracaj Bielaruskaj Vajskovaj Rady, jakaja pačala svaju pracu ů 1917 h.

U kancy K.Tareščanka začyniů schod uračystými slavami ab tym, što ruch bielaruski rašcie i pavialičyvaicca z kožnym dniom. Ašviedamlajucca sioly, rastuč bielaruskija školy, roznyja bielaruskija kulturnyja arhanizacyi i budujecca bielaruskaje niezaležnaje žyčcio.

Schod začyniůsia a 8-aj hadzinie ůviečary.

«Bielaruš».

Зь віленскае газэты «Крыніца» ад 18.4.1920 г.

1920 г. Менск

Як гэта было...

25 сакавіка 1920 году - вяснова было, помніцца, сонечна. Вывелі нас, вучняў, на вуліцу - сьвята, кажуць. Што за сьвята - пытаемся. Дзень Народнай Беларускай Рэспублікі, - такім макарам i першае маё дзяржаўнае сьвяткаваньне. (...)

Тады ж з нашае клясы тры чалавекі пайшлі ў Беларускае войска. Форма звычайная, але на шапках - Пагоня. Глядзелася! I нам, маладзейшым, зайздрасна было. Бядуля ж, Зьмітрок, маёрам Беларускага войску быў. 1 Леніна, i бальшавікоў сьцябаў, але не кранулі яго, пранесла...

Мікола Ўлашчык [1] .

1920 г. Горадня

Сьвяткаваньне 2-й гадавіны незалежнасьці Беларусі.

27 сакавіка г.г. Горадзенскае Беларускае грамадзянство i ўсе беларускіе арганізацыі сьвяткавалі гадаўшчыну абвешчэньня Незалежнасьці Беларускй Народнай Рэспублікі, бо сьвято не магло адбыцца з розных прычын 25 сакавіка.

Саля «Беларускай хаты» была поўна народу.

Посьле прапеяньня гімну старшыня Нацыянальнага Камітэту Натусевіч у сваёй прамове абрысаваў становішчо Беларусі з 1917 году i падкрэсьліў вялікае значэньне для грамадзянскага жыцьця дня 25 сакавіка.

Грамадзянін Л. Дзекуць-Малей у сваёй прамове сказаў аб тэй цяжкай працы, якую прыходзілася выносіць на сваіх плячох лепшым сынам Беларускага народу, адзначыўшы, што з кожным днём лік працаўнікоў расьце.

Старшыня Грамады Беларускай моладзі Баранаў у сваёй прамове прывёў паралель гэтага сьвята між сучасным момантам i тым момантам, калі-б Беларусь была вольнай.

Посьля гэтага хор прапеяў некалькі нацыянальных песьняў.

Наагул, вечар прайшоў вельмі добра i зрабіў на прысутных прыемнае ўражаньне.

Зь менскае газэты «Беларусь» ад 10.4.1920 г. (№77(133)].

1920 г. Мар'іна Горка

Прывітаньне вучняў Мар'іна-Горскай сельска-гаспадарчае школы часоваму Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту ў Менску з нагоды сьвяткаваньня незалежнасьці Беларусі.

Вучні-Беларусы Мар'іна-Горскай сельска-гаспадарчае школы вітаюць вялікую гадзіну 25 сакавіка 1918 году, калі Беларускі народ пасьля доўгага нябыцьця зрабіў першы крок на шляху свайго палітычнага адраджэньня, чым заклаў пачатак канцу ўціску Беларускага народу.

Мы верым, што хутка прыдзе той час, калі Беларусы зьбяруць усе свае жыватворныя сілы, скінуць з сябе ярмо няволі, уціску i хуткімі крокамі пойдуць сваім шляхам да сьвятла роўнасьці i братэрства.

НЯХАЙ ЖЫВЕ ВОЛЬНЫ БЕЛАРУСКІ НАРОД!

НЯХАЙ ЖЫВЕ НЕПАДЗЕЛЬНАЯ, НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ!

Гурток вучняў.

Зь менскае газэты «Беларусь» ад 2.4.1920 г. (№72(128)].

1921 г. Вільня

Сьвяткаваньне Незалежнасьці Беларусі ў Вільні.

Дзеля таго, што на 25 сакавіка (марца) сёлета прыпала каталіцкая вялікая пятніца, сьвяткаваньне трохлецьця з часу абвешчаньня Беларусі незалежнаю рэспублікаю было раскладзена віленскімі беларусамі на розныя дні.

У пятніцу 25-га сакавіка адбылося ўрачыстае архірэйскае набажэнства ў старой беларускай царкве Сьвята-Траецкага манастыра. Нядаўна пасьвячоны дыакан-беларус магутным голасам вазьвесьціў, a жаноцкі манастырскі хор надта чынна i хораша сьпяяў «многая лета беларускай дзяржаве i благавернаму беларускаму ўраду» ... Вялікая царква была поўная, i шмат у каго на ваччу стаялі сьлёзы. Пры выхадзе народа з царквы разыйшлося колькі сот экзэмпляраў сьвяточнага нумара «Нашае Думкі».

Увечары таго-ж дня ў актовай салі Базыльлянскіх муроў адбылося ўрачыстае паседжаньне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, на якім былі прадстаўнікі ўсіх беларускіх арганізацый i шмат пачэсных гасьцей. Саля была поўная, i многія стаялі, бо ня было дзе сесьці. Паседжаньне распачаў сваёю прамоваю старэйшы беларускі дзеяч i пачэсны сябра Бел. Нац. Кам. - грамадзянін Антон Луцкевіч. Прыгожа, абразна i з вялікім хвалюючым пад'ёмам прамоўца намаляваў гістарычны шлях, пройдзены беларускім народам да абвешчаньня незалежнасьці 25/ІІІ.1918 г., выясьніў вялікую вагу ў нашай гісторыі гэтага акта i заклікаў усіх да няўпыннае далейшае працы, каб зрэалізаваць у поўным аб'ёме абвешчаны на ўвесь сьвет тры гады таму назад наш сьвяты ідэал незалежнасьці.

З гарачымі прамовамі выступалі далей прадстаўнік беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч, прадстаўнік эсэраў Чарапук, А. Смоліч i інш. Прытулковыя дзеці пяялі гімны, a ўся саля разам з імі сьпяяла «Ад веку мы спалі».

На трэці дзень каталіцкіх сьвят, у ваўторак 29-га сакавіка, адбылася другая частка сьвяткаваньня незалежнасьці. У Баніфратэрскім касьцёле была імша, прычым сьвятыя песьні былі сьпяяны пабеларуску з вучасьцем лепшых віленскіх беларускіх пеўчаскіх сіл, потым ксёндз А.Станкевіч сказаў казаньне.

Гэта было гістарычнае першае посьле векавога перарыву казаньне па-беларуску ў Вільні.

Касьцёл быў перапоўнены i ня толькі інтэлігенцыяй, але таксама народам. Цікаўна адзначыць, што ў касьцёле быў праваслаўны сьвяшчэньнік - беларус а. Пліс, настаўнік закона ў Беларускай Гімназіі, i некалькі палякоў, зайшоўшых паслухаць беларускае казаньне.

Роўна ў 1 гадзіну гэтага дня ў салі Беларускага Драматычнага гуртка (Біскупская, 12), недалёчка ад касьцёла, сабраліся дзеці з малодшых клясаў Гімназіі i з усіх пачатковых беларускіх школ у Вільні. Дзяцём было вытлумачана значаньне Сьвята Незалежнасьці, a потым дзеці дэклямавалі, пяялі, паказывалі рытмічную гімнастыку з беларускімі флачкамі ў руках. Асабліва добра дэклямавалі дзеці Кальварыйскае школы, a гімнастычныя абразы пад музыку вельмі хораша прадставілі дзеці з Радунскай школы.

Увечары ў той-жа салі быў спэктакль, перад якім пасьля беларускае прамовы выступілі з прывітаньнямі прадстаўнік польскай арганізацыі «Odrodzenie" п. С. Міцкевіч, прадстаўнік віленскага жыдоўскага насяленьня д-р Выгодзкі i прадстаўнік ліцьвіноў ксёвдз Краўяліс; усіх прадстаўнікоў тутэйшага дэмакратычнага грамадзянства сабраныя віталі доўгімі воплескамі, асабліва-ж літоўскага прадстаўніка, якога віталі на сцэне i ў салі. Сярод гасьцей многа было відных віленскіх дзеячоў усіх нацыянальнасьцяў, прадстаўнікоў прэсы i г.д.

На пачэсным месцы сядзеў праваслаўны епіскап Елеўферый. Госьці былі запрошаны на пачастунак.

На сцэне йшоў «Бутрым Няміра» Ф. Аляхновіча з самім аўторам у ролі Бутрыма.

Зь віленскае газэты «Наша Думка» ад 4.4.1921 г. (№ 15).

1933 г. Вільня

З пасланьня Юбілейнага Камітэту па сьвяткаваныію 15-х угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й 70-х угодкаў беларускае прэсы i Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні Мітрапаліту Праваслаўнае царквы ў Польшчы Дзіанісію ад 5 траўня 1933 г.

(Копіі пасланы Епархіяльным арцыбіскупам).

25 сакавіка б. г. у Вільні мела месца здарэньне, якое па свайму значэньню для ўрэгуляваньня царкоўнага жыцьця ў Заходняй Беларусі (пад Польшчай) зьяўляецца вельмі пагражальным, таму i ня можа быць пакінута бяз увагі беларускім грамадзянствам.

У працягу вось ужо 15 гадоў Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні ўрачыста сьвяткуе акт абвешчаньня Беларусі Незалежнай i Вольнай Дзяржавай, агалошаны ў Менску 25.III.1918 г. Кожын год гэтае сьвяткаваньне папераджаецца ўрачыстым малебнам у адным з храмаў г. Вільні, пры чым сьвяшчэньнік чытае Эвангельле i гаворыць прывітаньне па-беларуску, a хор пасьля малебну сьпявае беларускі рэлігійны гімн. Пачынаючы з 1929 году, у гэты дзень звычайна служацца два малебны: адзін для вучняў Віленскае Беларускае Гімназіі з іх выхаваўцамі, другі - для шырокіх кругоў беларускага грамадзянства.

Прыкладам мінулых гадоў i сёлета аб'яднанае беларускае грамадзянства мела намер распачаць сваё падвойнае сьвяткаваньне (з 15-мі ўгодкамі абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі злучыўся i другі юбілей: 70-я ўгодкі беларускае прэсы) урачыстым малебнам у Прачысьценскім Саборы, дзе i раней ня раз у гэты дзень зьбіраліся для малітвы беларусы - як праваслаўныя, так i каталікі. Калі з даручэньня адумыслова арганізованага - з ініцыятывы Беларускага Нацыянальнага Камітэту - Юбілейнага Камітэту, які прадстаўляў усё аб'яднанае беларускае грамадзянства, Старшыня Камітэту яшчэ за тьвдні два да сьвята зьвярнуўся з адпаведнай просьбай да прычту Прачысьценскага

Сабору, то з боку апошняга атрымаў поўную згоду, на падставе чаго Юбілейны Камітэт i зрабіў абвестку аб малебне ў газэце «Беларуская Крыніца» i друкованых запросінах на ўрачыстасьць. Таксама згодаю сьвяшчэньніка, які меўся служыць малебен, была спаткана i просьба арганізаваць «саборнае» служэньне. Аднак пасьля гэтага раптам зайшла нейкая незразумелая зьмена паглядаў, i Камітэту было запрапанована духавенствам замест Прачысыденскага Сабору прыняць удзел у малебне, які меўся адбыцца «сoбoрне» ў тую-ж самую гадзіну ў гімназіяльнай царкве. Камітэт ня мог прыняць зробленае яму прапазыцыі ўжо нават дзеля адных тэхнічных умоваў - дзеля таго, што гімназіяльная (Пятніцкая) царква вельмі малая i не магла-б зьмясьціць вучняў гімназіі з іх вучыцелямі i грамадзянства, якое чакала малебну з поваду падвойнага нацыянальнага сьвята беларусаў. Таму было пастаноўлена прасіць Арх. Феадосія багаславіць каго-колечы з духавенства адслужыць - хай сабе i не «соборне» - малебен усё-ж такі ў Прачысьценскім Саборы, бо аб гэтым было ўжо шырока абвешчана. З гэтаю мэтаю са складу Камітэту была выбрана асобная дэлегацыя, якая i зьвярнулася 22.ІІІ. да Архіепіскапа Феадосія з вышэй успомненаю просьбаю. Архіепіскап прыняў дэлегацыю вельмі прыхільна i абяцаў зрабіць распараджэньне адслужыць малебен «у парадку трэбы». Аднак у апошнюю хвіліну іераманах Сьвята-Духаўскага манастыра, які напярэдадні асабіста даў Старшыні Камітэту сваю згоду, раптам «захварэў» (хаця дэлегацыя ў той-жа самы дзень бачыла яго здаровым), аб чым i паведаміў пісьмом Старшыню Камітэту за гадзіну да малебну. Тады дэлегацыя, каб выясьніць справу i выратаваць прыкрую сытуацыю, безадкладна зьвярнулася ізноў да Арх. Феадосія. Архіепіскап адказаў дэлегацыі, што да справы гэтае прымяшалася «політіка», што духавенства хоча заставацца «лёяльным» да ўлады i што нікому з духавенства Ён, Архіепіскап, «прыказаць» ня можа. З гэтага адказу ясна было, што духавенствам згодна прынята пастанова ня служыць у Прачысыценскім Саборы, i дэлегацыі засталося толькі прыняць гэта да ведама.

Тымчасам перад Саборам сабралася ўжо шмат людзей з віленскага беларускага грамадзянства як праваслаўных, так i каталікоў. Прыйшлі на малебен i прыехаўшыя спэцыяльна на ўрачыстасьць госьці: трое паслоў Украінскага Пасольскага Клюбу на чале з Старшынёю Клюбу д-рам Д. Левіцкім, рэдактар украінскага «Діла», некалькі ксяндзоў-беларусаў i інш. Ня трэба казаць, што нічым неапраўданая i зусім неспадзяваная адмова духавенства зрабіла на ўсіх прыйшоўшых вельмі прыкрае ўражаньне. Усе ў адзін голас адкрыта выражалі сваё абурэньне i тлумачылі гэты факт як зьдзек, як абразу ўсяму беларускаму грамадзянству. I свайго роду протэстам проці такога бяспрыкладнага захаваньня духавенства сталася ўсё тое, што пасьля гэтага было, іменна: усе прысутныя, да апошняга чалавека, увайшлі ў адчынены храм i тут самачынна - разумеецца, пры захаваньні ўсяе павагі i пашаны да сьвятыні адсьпявалі беларускі рэлігійны гімн. Пасьля гэтага спакойна разыйшліся.

Вось здарэньне, якое дало повад Юбілейнаму Камітэту i Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту ў Вільні злажыць гэты мэморыял Вашаму Блажэнству. Як бы ні тлумачыць захаваньне Віленскае Епархіяльнае Ўлады i духавенства, але факт застаецца фактам: духавенства просьбу ўсіх аб'яднаных беларускіх грамадзкіх арганізацыяў адкінула, адмовіўшыся ў апошнюю хвіліну адслужыць малебен нават «у парадку трэбы». Юбілейны Камітэт не зьбіраўся рабіць з малебну якое-колечы палітычнае дэмонстрацыі i протэстуе супроць такога кваліфікаваньня яго Епархіяльнай Уладай. Як наша царкоўная ўрачыстасьць, так i адбытая ўвечары ўрачысхая акадэмія была арганізована з папярэдняга ведама i дазволу адміністрацыйнае ўлады. Камітэту хадзіла толькі аб малітву, толькі аб захаваньне прыгожае царкоўнае традыцыі, якая вось ужо на працягу 15-цёх гадоў аб'еднывае ўсіх беларусаў, бяз розьніцы веравызнаньня. Ніколі ў працягу 15-цёх гадоў гэты малебен ня лічыўся палітычнай дэмонстрацыяй, i само Віленскае духавенства, можна сказаць, ніколі раней гэтак яго не трактавала i заўсёды больш-менш ішло насустрэчу грамадзянству. Тым больш нам крыўдна, што за паўтары гадзіны перад вызначаным малебнам адбылося, бяз ніякіх перашкодаў, арганізаванае тым-жа самым Юбілейным Камітэтам урачыстае богаслужэньне ў касьцёле сьв. Мікалая, падчас якога былі прысутнымі i шмат праваслаўных. Там было i высоканатхнёнае казаньне ў беларускай мове, там быў адсьпяваны хорам i ўсімі прысутнымі беларусамі беларускі рэлігійны гімн. I ніхто не палічыў гэтага богаслужэньня нейкай замаскаванай палітычнай дэмонстрацыяй. (...) Ці трэба больш выразнага доказу варожасьці духавенства спэцыяльна да справы гэтак зв. беларусізацыі царквы i да беларускай нацыянальнай ідэі наагул, як, напрыклад, яшчэ нядаўная пастанова Зьезду Духавенства Віленскае Епархіі 1-3 сакавіка 1932 г., у якой Зьезд катэгорычна i надоўга, калі не назаўсёды, адмовіў беларускаму народу права на ўжываньне ў царкоўным жыцьці яго роднае мовы i наагул права на самастойнае нацыянальнае i культурнае разьвіцьцё (гл. «Голас Праваслаўнага Беларуса», 1.III.1932 г., № 3).

Здарэньне 25.ІІІ. б.г. наагул ня можна разглядаць па-за ўсёю сыстэмаю ці характарам адносін Вышэйшае Царкоўнае Ўлады да беларускага царкоўнага пытаньня. Яно ёсьць лёгічным вынікам гэтае сыстэмы. Поўнае i сталае ігнораваньне ўсіх найістотнейшых i найсправядлівейшых дамаганьняў беларускага народу ў галіне царкоўнага жыцьця - вось найбольш характарная азнака гэтае сыстэмы. (...)

На фоне вось такой палітыкі здарэньне 25.III. б.г. - паўтараем - зьяўляецца зусім зразумелым i лёгічным. Беларускае грамадзянства разглядае яго нават як «шаг наперад» у гісторыі адносін кіраўнічых царкоўных сфэраў i духавенства да беларускага царкоўнага пытаньня. Духавенства, паслухмяна ідучы за ўрадовым курсам, пачынае ўжо актыўна змагацца з беларускім адраджэнскім рухам на царкоўным грунце, пачынае - ёсьць факты - умешвацца ў барацьбу розных палітычных орыентацыяў між беларусамі, як быццам яно можа наагул забіраць голас у гэтай барацьбе, застаючыся само такім адарваным ад народнага жыцьця, такім чужым i проста варожым да ўсяго, што ёсьць беларускім. (...)

Віленскае здарэньне 25.III. б.г. як нельга больш ілюструе ўсё тое адчужэньне, увесь недавер, які ляжыць між духавенствам i масамі беларускага народу i ў якім крыецца найбольшая небясьпека для Праваслаўнае Царквы на Беларусі. Падвойны беларускі юбілей даваў духавенству вельмі добры повад, каб падыйсьці бліжэй да грамадзянства, каб завязаць з ім жывую сувязь для дабра i вялічча перш за ўсё Праваслаўнае Царквы. Замест гэтага духавенства пачало нейкую нядвузначную ігру, падсоўваючы грамадзянству, адухоўленаму народнай ідэяй, афіцыяльны або «ўрадовы» малебен, да слова сказаць, прайшоўшы, - як i трэба было чакаць, - пры поўнай адсутнасьці каго-колечы з грамадзянства. Духавенства аб усёй стварыўшайся сытуацыі было сваячасна паінфармована i папярэджана i добра ведала, які «соблазнь» можа выклікаць яго адмова, і, аднак, на гэта пайшло.

Юбілейны Камітэт i Беларускі Нацыянальны Камітэт лічылі-б сябе ў праве ўгледзець у гэтым вызаў, кінуты ўсяму беларускаму грамадзянству i народу, каб ня бачылі вачавіднай несамастойнасьці i залежнасьці духавенства ад вонкавых уплываў.

Юбілейны Камітэт i Беларускі Нацыянальны Камітэт, у асобах сваіх праваслаўных прадстаўнікоў, маюць гонар прадставіць гэты мэморыял Вашаму Блажэнству на ласкавы разгляд.

Старшыня Юбілейнага Камітэту С. Паўловіч.

Віцэ-С гаршыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні В. Багдановіч.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 879, воп. 1, спр. 22, арк. 69-72.

1940 г.

25-га Сакавіка ў савецкай турме

Дзьверы камэры раптам адчыніліся, вартаўнікі ўкінулі, як калоду, чалавечае цела й зьніклі за зьвяканьнем замка й ключоў. Напалоханая цішыня зноў разьляглася на воддых, хоць праз прамугі закратаваных i заслоненых вакон пачала ўжо прыскаць сакавіковая раніца, кідаючы шэры водблеск на затхлую ад людзкога згушчэньня камэру i вырысоўваючы па куткох панурыя кантуры вязьняў, што тырчэлі з покату целаў. I яны былі спавітыя начной цішынёй i змогай лёсу, хоць фактычна й ня спалі, бо чакалі, калі прыдзе іх чарга на роскаш ляжаньня на тым малым лапіку турэмнай падлогі, які на дзьве гадзіны займалі іх сябры.

Кінутае цела глуха шлёпнула па сьпячых на падлозе i лягло на іх нярухома, як-бы прыклеілася. Здавалася, што ўсе яны ўжо трупы: i тыя, што моцна спалі, трымаючы на сабе няпрошанае цела, i нават тыя, што стоячы ці седзячы чакалі на сваю чаргу палажыцца. Так было ўсё зможанае, застылае, нярухомае ў гэтай несамавітай цішыні зьбітай людзкой масы.

Але вось, як глухі водгалас, як гукавы цень пачуўся стогн - «вады»... Хоць ён быў такі ціхі, так мала чутны й прыкметны - заварушыў кантурамі стоячых i ляжачых, яны пачалі прыбліжацца да ўкінутага цела, абступілі яго, знайшлі для яго месца, палажылі на звольненым куску падлогі i нават пад галаву палажыць нешта знайпші.

«Пііць...» - праскрыпелі зноў сасмагшыя й выкрыўленыя ад болю вусны. Гэты стогн-скрып падзеіў мацней ад усякага загаду. Адразу знайшлася конаўка, прайшла праз ланцуг рук i ўвачавідкі апынулася пры вуснах таго, што стагнаў. Ён пацягнуў некалькі глыткоў i пачаў ачуньваць. Яго падбітыя вочы абвялі поглядам стоячых кругом сяброў, як-бы шукаючы на кім спынідца, a твар, хоць зьбіты й акрываўлены, пачаў набіраць азнак жыцьця. Гэта быў беларускі вучыцель Кастусь В. Палякі выкінулі яго ў сваім часе са школы, i ён праз доўгія гады нідзе ня мог знайсьці сабе месца. A як прыйшлі балыпавікі, дык арыштавалі яго аднаго зь першых i вось цяпер мучылі на допытах. (...)

Ён, небарака, вадзіў вачамі па ўсіх нас - беларусах, што абкладалі яго мокрымі ручнікамі, каб супакоіць ці палегчыць болі; здавалася, што ён хоча выбраць кагось i сказаць яму нешта вельмі важнае. Грамадка наша складалася зь некалькіх чалавек: апрача мяне быў тут старшыня Гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры з К.Цімафей, два грамадаўцы зь мясцовай акругі - Ш. i З., вучань

Віленскай тэхнічнай школы С. i малады асьвечаны земляроб А. У нашай камэры было шмат беларусаў, асабліва сялян, але пералічаная тут група месьцілася разам i была найбольш зжытая. Мы чакалі ў напружаньні, да каго Кастусь зьвернецца й што скажа. Ужо згаварыліся, каб адыйсьціся на хвіліну, пакінуўшы пры хворым таго, да каго ён мае давер. Але згаворы аказаліся лішнімі. Кастусь яшчэ раз правёў па ўсіх нас вачыма й тады вымавіў ціха, але выразна: «дваццаць пяць...» Мы задумаліся, бо ня ведалі, як гэта зразумець, што знача гэтых «дваццаць пяць»? Урэшце, пачалі пытаць, што ён праз гэта хоча сказаць. Кастусь ляжаў нерухома з заплюснутымі вачыма, як самлелы, a мы стаялі, са зьдзіўленьнем уляпіўшыся ў яго вачыма. Урэшце, не адчыняючы вочы, ён прамовіў зноў: - Я не дзіўлюся, што вы ня ведаеце, аб што ходзіць, бо ў гэтым пекле можна забыцца аб усім, асабліва-ж, калі ніхто ня сочыць за календаром. Як мяне цягнулі з допытаў, на нас наткнуўся зьнянацку з-за вугла калідору студэнт Б. зь Вільні з канвоем. Яго заразжа адвярнулі да сьцяны тварам, але ён усё-ж пасьпеў сказаць «дваццаць пяць», i я гэта выразна пачуў, я дагадаўся, што хацеў сказаць студэнт Б. Я пэўны, што й вы дагадаецеся, як падумаеце.

Фактычна ня трэба было й думаць. Некаторыя з нас i так добра ведалі, што на наступны дзень прыпадае 25 Сакавіка, a тыя, што забыліся, адразу прыпомнілі пры ўспамінах аб календары. Непаразуменьне-ж адразу вынікла з тэй прычыны, што нікому й у галаву ня прышло, што гэты да непрытомнасьці скатаваны беларус здольны думаць у такім стане аб 25-м Сакавіку. Таму цяпер, калі ўсім стала ясна, аб што ходзіць, на гэтага маладога чалавека пачалі мы глядзець, як на сьвятога, як на нейкі сымбаль. Ён быў амаль паміраючы, але ў ім жыў дух волата! Яго нацыянальнага ідэалу ня выбілі з галавы й сэрца ні турма, ні голад, ні катаваньне сталінскіх апрычнікаў. Трэба было дзівіцца, як мог вытрымаць гэты малы й хударлявы хлапец столькі часу галадаморства й катаваньня. Хіба таму толькі, што ў гэтым вымучаным целе жыў вешчы дух Вялікага Усяслава Чарадзея, Скарыны й Кастуся Каліноўскага, ягонага цёскі...

I таму ў нашых вачох тады ён вырас да велічы героя, мучаніка за Бацькаўшчыну. I нам стала й балюча, i сумна, i радасна адначасна, бо здалі сабе справу з таго, што такіх Кастусёў цяпер памірае шмат - сотні, тысячы... Паміраюць у мурох, замест таго, каб жыць i працаваць для Бацькаўшчыны...

* * *

На другі дзень наша група сядзела амаль цэлы дзень каля Кастуся. Ён чуўся значна лепш, усьміхаўся й браўудзел у гутарках. Гутарылі мы паўголасам, дзелячыся ўражаньнямі й успамінамі, як праводзілася сьвяткаваньне 25-га Сакавіка ў розных мясцовасьцях i асяродках. Разважалі над тым, чаму Акту 25-га Сакавіка не ўдалося правесьці ў жыцьцё. Ня гледзячы на панурыя абставіны, на душы неяк было весялей, бо ўрачысты дзень прыпамінаў нам, што мы не адны, што мы частка вялікага Беларускага Народу.

Наш лагодны настрой дзеіў нейкім флюідам i на цэлую камэру. Усе нашы сяляне-вязьні даведаліся аб беларускім нацыянальным сьвяце, хоць падыходзілі да нас толькі некаторыя зь іх. Відаць, ведалі аб гэтым i іншанацыянальныя групы. Неяк нечакана падыйшоў да нас былы рэдактар жыдоўскай газэты Р. і, не называючы ўсё іменьнямі, улучыў сказаць асьцярожненька, што ён ведае, што мы сягоньня перажываем, глыбока нам спачувае й ад душы жадае, каб жаданьні нашы зьдзейсьніліся. Пазьней падышоў да нас i паляк б. віленскі судзьдзя Н., які ў гутарцы вельмі недвузначна таксама сказаў нам свае пажаданьні. Нават не абмінуў нас i заўсёды сымпатычны паручнік рэзэрвіста З. - садавод па фаху, які марыў увесь час аб тым, каб папасьці ў Канаду й спакойна гадаваць добрыя яблыкі. Ён заўсёды гаварыў з намі пабеларуску і, здаецца, больш чуўся беларусам, чым палякам.

Не абыйшлося без надзвычайных праяў i вонках нашай камэры. Ужо ў часе ранішняй прагулкі мы заўважылі на сьценах у розных мясцох напісы алоўкам лічбу «25» i літару «С». Пры набліжэньні груп з розных камэраў чуліся словы «дваццаць пяць» зьнячэўку, хоць гэтыя групы адна другую й ня бачылі. I нічога дзіўнага. Хіба ня было тады такой камэры ў вялікай турме, у якой-бы не сядзелі беларусы. Супраць нашай камэры сядзеў інжынэр Б. зь некалькімі людзьмі, побач зь ім наш стары й заслужаны дзеяч А.Нэканда-Трэпка (ён ужо, напэўна, ня жыве), праз камэру за імі сядзелі К., У.- i так па ўсёй турме. Былі нават i такія, што хацелі праз вакно вывесіць напісаную на паперы вялікую лічбу 25, аднак ім адрадзілі гэта, баючыся якойсь правакацыі й непатрэбных ахвяр. Затое паўтараньне нявінных слоў «25» нікога ня разіла i ня ўзбуджала ніякага падазрэньня, i кожны беларус чуў яго ў гэты дзень ня раз.

«25» была для нас доўга магічнай лічбай. Яна нас падтрымоўвала на духу, лучыла ўсіх беларусаў у адну сям'ю, прыпамінала аб тым, што сядзім мы не прыпадкова. (...)

Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

З кнігі «25 Сакавіка» (Таронта, 1978 г.)


Публікацыя Ўладзімера ЛЯХОЎСКАГА.


[1] Аўтар гэтых успамінаў - слынны беларускі гісторык i археограф Мікола Ўлашчык (1896-1984). Запісана з аўтарскіх словаў Аляксеем Каўкам.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX