Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Павел Манцэвіч з-пад Браслава - камісар Румынскага фронту ад БНР 


Аўтар: Манцэвіч Аляксандр,
Дадана: 20-03-2018,
Крыніца: Манцэвіч Аляксандр. Павел Манцэвіч з-пад Браслава - камісар Румынскага фронту ад БНР // НАША СЛОВА № 12 (1371), 21 сакавіка 2018.



БНР у гісторыі маёй сям'і

Брат майго дзеда яраслаўскі журналіст Павел Манцэвіч быў адным з вайсковых дзеячаў абвешчанай 100 гадоў таму Беларускай Народнай Рэспублікі.

1913 г. Павел Манцэвіч - рэдактар 'Яраславских новостей'; Адваротны бок здымка, цёплыя словы да бацькоў.

Пра адно са сведчанняў гэтаму згадвае сёлета ў публікацыі «Генералы БНР» у газеце «Наша слова» гісторык Леанід Лаўрэш.

Ён піша, што ў 1918 годзе на Румынскім фронце для нацыяналізацыі былых падраздзяленняў расійскай арміі была створана «Нацыянальна-тэрытарыяльная дэмакратычная арганізацыя фронту», у якую ўвайшлі камісары: ад УНР, армянскі, малдаўскі, польскі, мусульманскі, літоўскі, эстонскі, казачы, грузінскі, ад БНР (Павел Данатавіч Манцэвіч) і сібірскі. Гэтая арганізацыя падрыхтавала загад аб нацыяналізацыі фронту, а камандуючы фронтам Шчарбакоў яго падпісаў.

Сялянскі сын

Кім быў камісар Румынскага фронту ад БНР Манцэвіч?

Павел нарадзіўся ў 1882 годзе і быў адным з васьмі дзяцей селяніна Даната Паўлавіча (1846 гн.) і Алены Паўлаўны (з Турчынскіх), з мястэчка Іказнь Ковенскай губерні паблізу Браслава. Данат у маладосці быў удзельнікам паўстання Каліноўскага.

Павел, а затым яго браты Іосіф і Флор прайшлі навуку ў Полацкай настаўніцкай семінарыі.

Апынуўшыся ў Віцебску, Павел стаў працаваць у «Витебских губернских новостях», быў, як піша даследчыца беларускага дарэвалюцыйнага друку Святлана Сарока, іх рэдактарам.

Праз нейкі час ён ужо жыве і працуе журналістам у Яраслаўлі. Не забываецца на сваіх бацькоў, братоў і сястру Юлю. У сямейным архіве захавалася фатаграфія Паўла, якую ён за год да пачатку Першай сусветнай вайны прысылае з Яраслаўля сваім бацькам у Іказнь.

Камісар Румынскага фронту

Перад вайной у жывых было двое братоў Паўла і сястра. І ўсе сыны Даната трапілі на фронт. Мой дзед Флор быў санітарам, Іосіф за баявыя заслугі быў удастоены трох ордэнаў, даслужыўся да штабс-капітана, быў намеснікам камандзіра палка. А Павел, як бачым, стаў ваенным камісарам Румынскага фронту ад БНР.

Леанід Лаўрэш заўважае, што нацыяналізацыя арміі была наступнай. З пяхотных дывізій усе рускія салдаты звальняліся ў адпачынак, пасля якога павінны былі з'явіцца да воінскіх начальнікаў па месцы жыхарства для прызначэння ў рускія часткі. А салдаты іншых нацыянальнасцяў павінны былі з'явіцца ў свае нацыянальныя часткі. 9 студзеня 1918 года загадам № 1332 па фронце было абвешчана аб арганізацыі Беларускай Вайсковай Камісіі па арганізацыі беларускіх вайсковых частак на Румынскім фронце. З гэтых частак утварылася вайсковая сіла колькасцю звыш за 100 тысяч чалавек. Былі планы пераправіць гэтыя часткі на Радзіму, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. Аднак зрабіць гэта стала немагчымым з-за дзеянняў румынскіх уладаў. Беларускія часткі былі імі раззброеныя.

Беларуская армія ў Румыніі спыніла сваё існаванне.

Тэлеграма на фронт

Леанід Лаўрэш піша, што многамільённая маёмасць Беларускай арміі (толькі коней больш за 2 000), грузавых i пасажырскіх аўтамабіляў (каля 800), баявых Каля 1905 г. мястэчка Іказнь каля Браслава. Будучы камісар Румынскага фронту Павел Манцэвіч сярод сваёй сям'і (другі рад, другі злева). Першы рад злева направа: бацька Даната, маці Алена, бабуля, невядомая. Другі рад: Іосіф, Павел, Флор, Юлія. прыпасаў, уніформы, складаў, гармат, ручной зброі i іншага, было здадзена ў дэпазіт Румынскаму ўраду.

Народны Сакратарыят БНР рабіў захады, каб на будучыню захаваць для сябе ўсю гэтую маёмасць. На фронт ад Сакратарыяту БНР ляціць тэлеграма наступнага зместу.

Лёс маёмасці арміі сёння невядомы.

Раскіданыя лёсы

Павел Манцэвіч урэшце аказваецца ў савецкай Расіі, яго брат Іосіф - у Віцебску, Флор - на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у Іказні, побач з бацькамі. Першы час паміж імі яшчэ была сувязь, прыходзілі паштоўкі. Пасля яна амаль знікла.

Сямейныя расказы сцвярджаюць, што на ўсю сцяну ў доме Паўла ў Яраслаўлі быў намаляваны яго радавод ад дзядоў-прадзедаў. Калі ж у канцы 30-х брата Іосіфа высылаюць на будаўніцтва Беламорканала, Павел знішчае рысунак радаводу. Дэманстрацыя радаводу станавілася смяротна небяспечнай.

Утрох браты ўжо ніколі не сустрэнуцца. Флор па даносе быў расстраляны немцамі ў 1941 годзе як дакладчык на Нацыянальным сходзе Заходняй Беларусі ў Беластоку ў 1939 годзе. Іосіфа высылаюць у Фергану, ён з цяжкасцю перажывае спачатку смерць жонкі, а затым гібель абодвух сыноў на фронце. Сям'я Паўла з часам аказваецца ў Горкім.

І сёння ў Ніжнім Ноўгарадзе жывуць нашчадкі камісара Румынскага фронту ад БНР Паўла Данатавіча Манцэвіча. На жаль, нашы сувязі пасля столькіх гістарычных катаклізмаў неяк аціхлі, перарваліся. Засталіся толькі старыя фатаграфіі. Але я спадзяюся, што мы знойдзем адзін аднаго дзеля памяці аб тых, хто змагаўся за нашу свабоду.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX