Сёння мы маем адносна поўную інфармацыю пра генерала БНР Кіпрыяна Кандратовіча (зараз я рыхтую другое выданне кніжкі пра яго). Падрабязнай і сістэматызаванай інфармацыі пра іншых беларускіх генералаў мне бачыць не даводзілася. Таму я склаў гэты артыкул, сабраўшы тое, што сёння вядома пра тых людзей.
Генерал Аляксееўскі Канстанцін Аляксеевіч (03.09.1855 - ?). З дваран Віленскай губерні. Адукацыю атрымаў у Полацкай вайсковай гімназіі. Паступіў на службу 10.08.1873 г. У 1875 г. скончыў 2-ю вайсковую Канстанцінаўскую вучэльню. Пасля вучэльні, 04.08.1875 г. атрымаў чын прапаршчыка і выпушчаны ў 27-ю артылерыйскаю брыгаду. З 09.12.1876 г. - падпаручнік, з 24.12.1877 г. - паручнік, 24.12.1881 г. атрымаў чын штабс-капітана. Тады ж 10 месяцаў быў камандзірам роты цвердзевай артылерыі, потым 4 гады і 9 месяцаў служыў намеснікам адказнага за рамонт артылерыі Віленскай вайсковай акругі. 16.12.1890 г. - капітан, 11 гадоў і 3 месяцы служыў начальнікам аддзела Дзвінскага артылерыйскага склада. За выдатную службу 15.05.1899 г. атрымаў чын падпалкоўніка, 5 гадоў і 7 месяцаў служыў камандзірам батарэі. 06.12.1905 г. атрымаў чын палкоўніка, пасля чаго з 31.10.1906 г. камандаваў Уладзівастоцкім цвердзевым 4-м артылерыйскім палком а з 26.10.1908 па 20.12.1911 г. камандаваў 1-й Уладзівастоцкай цвердзевай артылерыйскай брыгадай. 06.12.1909 г. атрымаў чын генерал-маёра. З 20.12.1911 г. служыў камандзірам Свеаборгскай цвердзевай артылерыі. 06.12.1916 г. атрымаў чын генерал-лейтэнанта.
На Усебеларускім з'ездзе 1917 г. абраны ў склад Савета старэйшын. У 1918 г. запрашаўся Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менск для фарміравання беларускай арміі.
Генерал Канстанцін Аляксееўскі - актыўны ўдзельнік Першага Усебеларускага з'езда, які адбыўся ў Менску ў снежні 1917 г.
20-га снежня, калі пасля доўгіх спрэчак было вырашана лічыць з'езд правамоцным, генерал папрасіў слова і сказаў: «Мы працавалі ўсю рэвалюцыю разам з украінцамі: мы адсталі ад іх, але ж ёсць прыказка "апошнія будуць першымі" (апладысменты) тут сабраліся лепшыя людзі Беларусі. Менавіта вы можаце вырашыць лёс Беларусі. Асцерагайцеся, каб не было таго, што ўсё наша багацце паразбіраюць, адбяруць жывёлу, коней, а нам нічога не пакінуць. (Бурныя апладысменты)». Потым Аляксееўскі прапанаваў запрасіць на адкрыццё з'езда "наш беларускі хор"» (Белорусская рада, № 6, 8 снежня 1917).
Канец гэтага дня быў азмрочаны «нечуваным нахабствам прадстаўніка, паводле яго слоў, латышскага народа, а дакладней проста нахабнага бальшавіка, які прапанаваў нам, сапраўдным сынам шматпакутнай, але з гэтага часу свабоднай Беларускай нацыі, ён меў дзёрзкасць прапанаваць нам выкінуць наш беларускі сцяг. Якая бульварная дзёрзкасць! Якая абраза ўсяго беларускага народа! Не добрую паслугу аказаў бальшавікам іх прадстаўнік. Крыкі абурэння, узнятыя кулакі, крыкі: "Прэч" і "Далоў" былі адказам на "прывітальную" гаворку". Пасля выступу бальшавіка "наперад выйшлі салдат, матрос і генерал, моцна сцяўшы рукі адзін аднаму, і стары генерал ... Аляксееўскі пацалаваў гэты сцяг, які толькі што быў абсмяяны вар'ятам» (Белорусская рада, № 7, 10 снежня 1917).
Генерал яшчэ шматкроць выступаў на з'ездзе і пакінуў цікавыя ўспаміны пра Першы Усебеларускі з'езд (Гл: Чырвоны шлях. 1918. №1/2.). «З'езд гэты назаўжды застанецца памятны тым, хто на ім прысутнічаў, і хай ён часцей пра яго ўспамінае, і хай раскажа іншым, хто не мог асабіста прысутнічаць, у асаблівасці беларускай моладзі. Такога ўздыму, такога нацыянальнага аб'ядноўваючага беларускага непасрэднага пачуцця нельга забыць да труннай дошкі» - пісаў Аляксееўскі, і далей: «Пачаўся з'езд вяла ... . Патроху справы З'езду сталі наладжвацца. Беларусы, воіны-салдаты і маракі, гэты цвет беларускай моладзі, хутчэй за іншых сталі аб'ядноўвацца, за імі пайшлі і іншыя элементы беларускага народа ... . Уздым народнай, нацыянальнай самасвядомасці адразу пачаў ужо адчувацца; але калі мы пачулі нашу родную беларускую мову, калі пачулася беларуская песня, калі мы пачулі сваіх паэтаў, сваю музыку, убачылі на сцэне свой тэатр і г.д. - мімаволі ўсе сэрцы пачалі аб'ядноўвацца, і патроху мы пачалі адчуваць сябе адзіным беларускім народам ...».
Узнагароды: ордэны Св. Станіслава 3-й ст. (1889 г.), Св. Уладзіміра 3-й ст. (1912 г.); Св. Станіслава 1-й ст. (18.02. 1915 г.); Св. Ганны 1-й ст. (24.11.1915).
Генерал Іосіф Фаміч Пажарскі (02.07.1866-1931). Адукацыю атрымаў у Смаленскай рэальнай вучэльні. На службу паступіў 28.12.1888 г. Скончыў Казанскую пяхотную юнкерскую вучэльню. 01.09. 1891 г. выпушчаны падпаручнікам у Клязмінскі рэзервны батальён. Тут жа ў Клязьме жаніўся з дачкой дзейнага стацкага дарадцы Яўгена Шчарбачова - Соф'яй.
Чын паручніка атрымаў 04.07.1896 г., штабс-капітана 04.07.1900 г., капітана 04.07.1904 г., падпалкоўніка 26.02.1910 г. На 15.05.1913 г. служыў у 176-м пяхотным Перавалачэнскім палку. Чын палкоўніка атрымаў 02.11.1914 г. і тады ж быў прызначаны камандзірам свайго Перавалачэнскага палка.
На пачатку Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені: «За тое, што ў баях з 24 па 30 жніўня 1914 г. паблізу горада Равы-Рускай, асабіста знаходзячыся пад жорсткім агнём цяжкай артылерыі, з мужнасцю і розумам адбіў цэлы шэраг дзённых і начных нападаў больш моцнага праціўніка і тым спрыяў ўзяццю гэтага горада, які прадстаўляе важны вузел чыгунак і грунтовых дарог», а потым узнагароджаны Георгіеўскай зброяй за «За тое, што ў баях на рацэ Сан з 4 па 10 кастрычніка 1914 г. пераправіўся цераз раку Сан, і заняўшы вёску Новавесь, адбіў усе настойлівыя паўторныя атакі значна больш моцных сіл праціўніка, якому не саступіў свае пазіцыі».
З-за хваробы у траўні 1917 г. адлічаны ў рэзерв чыноў пры штабе Петраградскай вайсковай акругі.
З 16.05.1916 г. прызначаны камандзірам асобнага батальёна для аховы Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага - Георгіеўскага батальёна і 11.10.1916 г. атрымаў чын генерал-маёра.
Падчас лютаўскай рэвалюцыі Георгіеўскі батальён Пажарскага быў прыдадзены атраду генерал-ад'ютанта Мікалая Іванова, якому цар Мікалай II загадаў задушыць рэвалюцыю ў Петраградзе. Місія генерала Іванова сталася няўдалай па многіх прычынах, сярод іх і была адмова генерала Пажарскага даць загад страляць у народ.
Пры Часовым урадзе Пажарскі камандаваў Марской дывізіяй Чарнаморскага флота а з жніўня 1917 г. - 30-й пяхотнай дывізіяй. З 1 верасня 1917 г. па 24 лютага 1918 г. займаў пасаду старшыні Беларускай вайсковай Камісіі пры штабе Румынскага фронту.
Да сярэдзіны снежня 1917 г. Румынскі фронт фактычна спыніў сваё існаванне Штабы фронту і армій, якія ўваходзілі ў яго склад, пераходзілі з рук у рукі ад прадстаўнікоў Цэнтральнай Украінскай Рады да бальшавікоў. Прадстаўнікі нацыянальных партый вялі моцную і паспяховую антыбальшавіцкую прапаганду. 30 кастрычніка (12 лістапада) 1917 г. франтавы камітэт прыняў рашэнне аб непрызнанні савецкай улады. Камандаванне фронту адмовілася падпарадкоўвацца бальшавіку Крыленку, бо мела моцную падтрымку з боку ўкраінскіх узброеных фарміраванняў.
Румыны адразу пасля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе ўзялі ўладу на ўсёй тэрыторыі Румыніі ў свае рукі. Румыны, яшчэ з моманту ўступлення на тэрыторыю гэтай дзяржавы рускіх войск не любілі іх за бесцырымоннае і жорсткае абыходжанне з мясцовымі жыхарамі. Для стабілізацыі сітуацыі ідэя нацыяналізацыі былога рускага Румынскага фронту была падтрымана прадстаўнікамі Антанты і румынскім каралём. Да таго ж нацыяналізацыю арміі было зрабіць дастаткова проста, бо да Першай сусветнай вайны руская армія камплектавалася пераважна па тэрытарыяльным прынцыпе (за выключэннем палкоў, якія стаялі ў Польшчы і Фінляндыі). І, напрыклад у 30-й пяхотнай дывізіі Румынскага фронту амаль што на 90% служылі беларусы, бо менавіта ў Беларусі дывізія дыслацыравалася ў мірны час (штаб дывізіі стаяў у Менску). Падчас вайны войскі папаўняліся з сваіх запасных палкоў, куды мабілізаваліся жаўнеры са сваіх жа губерняў. Афіцэрскі склад, вядома ж, быў змяшаным.
Для гэтага ў пачатку студзеня 1918 г. пры штабе Румынскага фронту была створана так званая «Нацыянальна-тэрытарыяльная дэмакратычная арганізацыя фронту», у якую ўвайшлі камісары: ад УНР, армянскі, малдаўскі, польскі, мусульманскі, літоўскі, эстонскі, казачы (данскі), грузінскі, ад БНР (Павел Данатавіч Манцэвіч) і сібірскі. Гэтая арганізацыя падрыхтавала загад аб нацыяналізацыі фронту, а камандуючы фронтам Шчарбачоў яго падпісаў.
Схема нацыяналізацыі арміі была наступнай: з 9-й (Палтаўскай), 14-й (Бесарабскай) або 30-й (Беларусь) і іншых пяхотных дывізій усе рускія салдаты звальняліся ў 2 - 4-х тыднёвы адпачынак. Пасля водпуску яны павінны былі з'явіцца да воінскіх начальнікаў па месцы жыхарства для прызначэння ў рускія часткі. А салдаты іншых нацыянальнасцяў павінны былі з'явіцца ў свае нацыянальныя часткі. Таму прыблізна на працягу тыдня з усіх нацыянальных дывізій рускія салдаты сышлі дадому, і дывізіі фактычна сталі ўкраінскімі, беларускімі, польскімі, мусульманскімі і г. д. Афіцэры заставаліся на сваіх пасадах, але па жаданні маглі таксама сысці.
Такім чынам, 9 студзеня 1918 г. загадам № 1332 па фронце было абвешчана аб арганізацыі Беларускай Вайсковай Камісіі па арганізацыі беларускіх вайсковых частак на Румынскім фронце. Узначаліў Беларускую камісію генерал-маёр Пажарскі. Былі беларусізаваны 6-ты Таўрагенскі пагранічны конны полк (атрымаў назву Першы Гусарскі Беларускі Нацыянальны полк), 4-ты Армейскі корпус у складзе 30-й i 40-й пяхотных дывізій з артылерыяй, штаб корпуса i ўсе яго дапаможныя часткі i ўстановы, 43-я дывізія з артылерыяй i прыдадзенымі ёй часткамі разам з 26-м аўтабранявым аддзяленнем. Усе беларусы фронту пераводзіліся ў гэтыя вайсковыя злучэнні. Потым былі беларусізаваны 357-я Віцебская i 401-я Менская дружыны.
З гэтых вайсковых частак утварылася вайсковая сіла колькасцю звыш за 100 000 чалавек. Больш паловы ўсёй маёмасці Румынскага фронту перайшла ў распараджэнне Беларускага Камісарыяту. Мелася думка ўсю гэту вайсковую сілу пераправіць на Бацькаўшчыну, што разам змяніла бы сітуацыю ў Беларусі, аднак зрабіць гэта стала немагчымым.
Справа ў тым, што пасля заключэння Берасцейскага міру сітуацыя на ўсходзе Еўропы змянілася. Румыны вымушаныя былі перайсці на бок саюза цэнтральных дзяржаў (Германія і Аўстра-Венгрыя) і былыя рускія войскі ім сталі не патрэбны. Са сваёй тэрыторыі яны выпусцілі толькі тыя нацыянальныя воінскія часткі былога Румынскага фронту, урады якіх прызнала Германія, напрыклад, украінцаў. Што тычыцца палякаў, беларусаў і іншых, каго немцы не прызналі, дык усе яны былі раззброеныя румынамі. У прыватнасці, 4-ты беларускі корпус быў цалкам раззброены ў лютым-сакавіку 1918 г.
Такім чынам, ходам падзей Беларуская Армія ў Румыніі спыніла сваё існаванне. Многамільённая маёмасць Беларускай Арміі (толькі коней больш за 2 000), грузавых i пасажырскіх аўтамабіляў (каля 800), баявых прыпасаў, уніформы, складаў, гармат, ручной зброі i іншага, было здадзена ў дэпазіт Румынскаму ўраду. Народны Сакратарыят БНР рабіў захады, каб на будучыню захаваць для сябе ўсю гэтую маёмасць.
Тагачасны Беларускі Камісар Румынскага фронту П. Манцэвіч атрымаў наступны загад:
«Беларуская Народная Рэспубліка.
Народны Сэкрэтар'ят.
Беларускаму Камісару Румынскага фронту
П. Д. Манцэвічу.
7 красавіка 1918 г.
№ 175.
Знаходзячаяся, на быўшым Румынскім фронце, маетнасьць i аружжа раззброеных беларускіх i беларусізаваных вайсковых часьцей Народны Сэкрэтар'ят Б.Н.Р. мае на мэце выкарыстаць для арганізаваньня на тэрыторыі Беларусі нацыянальных войск, калі варункі пазволяць гэта зрабіць (пасьля зьняцьця акупацыі).
На аснове вышэйпададзенага i згодна пастанове Народнага Сэкрэтар'яту Беларускай Народнай Рэспублікі ад 3 красавіка г. г. даручаецца Вам паведаміць аб гэтым адпаведным органам Румынскага Ураду, на быўшым Румынскім фронце, на той прыпадак, каб вышэйазначаная маетнасьць i аружжа, быўшых беларускіх часьцей, ня было перададзена іншым Урадам ці арганізаціям.
Старшыня Народнага Сэкрэтарьяту i Народны Сэкрэтар
Зьнешніх Спраў Варонка.
Кіраўнік Справамі Народнага Сэкрэтарьяту
Л. Заяц.»
Што потым сталася з гэтай маёмасцю - невядома, але найверагодней, яна была перададзена румынскаму войску. Расфармаваныя беларускія войскі ўразброд вярталіся на Бацькаўшчыну, дзе ў тыя часы трымалася нямецкая акупацыя, а немцы, як вядома, не дазвалялі ствараць беларускае войска (Крывіч №2. 1923. С. 41-44.)
Ужо ў красавіку 1918 г. шмат актыўных афіцэраў былога 4-га беларускага корпуса з'явілася ў Кіеве. Генерал Пажарскі асабіста добра ведаў украінскага гетмана Скарападскага і пасля паступіў на службу у войска Украінскай дзяржавы (красавік - снежань 1918 г.). Пасля знаходзіўся рэзерве чыноў Добраахвотніцкага арміі, а потым Рускай арміі барона Ўрангеля. Актыўнасці не выўляў, вядома толькі, што ў лістападзе 1919 г. быў прызначаны камендантам Харкава. Пасля паразы белых, быў эвакуяваны з Севастопаля ў Стамбул на транспарце «Карнілаў». Разам з ім на «Карнілаве» знаходзіліся і два сыны генерала. Першы з іх, палкоўнік Яўген Іосіфавіч Пажарскі, выпускнік Елісаветградскай кавалерыйскай вучэльні, удзельнік Першай сусветнай вайны ў складзе 11-га гусарскага палка, быў кантужаны ў 1915-м, у дзянікінскай арміі камандаваў Кабардзінскім дывізіёнам. Другі - Андрэй Іосіфавіч Пажарскі, былы выхаванец Варшаўскага дзіцячага корпуса і Елісаветградскай кавалерыйскай вучэльні, ротмістр гвардзейскага кавалерыйскага палка, удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскіх войнаў. Лёс трэцяга сына генерала Іосіфа Фаміча Пажарскага - Барыса Пажарскага застаецца невядомым.
Пазней з Турцыі Пажарскі перабраўся ў Югаславію і пасяліўся ў горадзе Белая Царква блізу румынскай мяжы, тут жа і памёр. Магіла генерала на рускіх могілках гэтага горада ацалела да нашага часу.
Узнагароды: ордэны Св. Станіслава 3-й ст. (1906 г.); Св. Ганны 3-й ст. (1912 г.); Св. Станіслава 2-й ст. (1914 г. ); Св. Георгія 4-й ст. (1915 г.); Гео-ргіеўская зброя (1915 г.); Св. Уладзіміра 3-ці ст. з мячамі (1915 г.); Св. Уладзіміра 4-й ст. з мячамі і бантам (1915 г.); мячы да Св. Станіслава 2-й ст. (1916 г.); Св. Ганны 2-й ст. з мячамі (1916 г.)
Генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко (19.01.1862-1944) паходзіў з аславяненага нямецкага роду праваслаўнага веравызнання, які належаў да дваран Маскоўскай губерні. Быў жанаты з дачкой калежскага дарадцы Свідэрскага - Вольгай Мікалаеўнай (нарадзілася ў 1872 г.). Меў сыноў Уладзіміра (нарадзіўся 13 ліпеня 1891 г.) і Аляксея (нарадзіўся 24 студзеня 1906 г.) і дачку Кацярыну (нарадзілася 4 лістапада 1897 г.). Будучы Лідскі спраўнік адукацыю атрымаў у 4-й Маскоўскай вайсковай гімназіі, а потым у Маскоўскай пяхотнай юнкерскай вучэльні.
31 студзеня 1905 г., загадам № 14 па Віленскім губернскім кіраванні «начальнік земскай варты Навамінскага павета (Мінск-Мазавецкі павет - Л. Л.) капітан фон Гротэ-дэ-Буко, згодна з яго прашэннем, прызначаецца часовым выканаўцам абавязкаў Лідскага павятовага спраўніка». З «Памятных кніжак Віленскай губерні» бачна, што з 1906 г. па пачатак 1915 г. ён узначальваў павятовую паліцыю і Лідскае пажарнае таварыства, г. зн. адказваў за пажарную бяспеку часта гарэўшага горада, а бліжэй да пачатку вайны быў сябрам апякунскай рады Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф.Л. і В. С. Навіцкіх. У «Памятнай кніжцы Віленскай губерні» за 1914 г. напісана: «Павятовы спраўнік - калежскі дарадца Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко». Такім чынам, да 1914 г. Лідскі спраўнік атрымаў ужо чын VI класа, які адпавядаў чыну армейскага палкоўніка. Загадам Віленскага губернатара № 163 ад 6 ліпеня 1914 г. звальняецца ў адстаўку па яго заяве «з-за хваробы ...».
У 1915 г. добраахвотна ідзе на фронт. 9 верасня 1915 г. яго ўзнагародзілі ордэнам Св. Георгія 4-й ст. за асабістую храбрасць. Свечын - камандзір 6-га Фінляндскага палка, у якім служыў Гротэ дэ Буко, пісаў у сваёй кнізе «Мастацтва кіравання палком...»: « Афіцэрскі склад у маім палку быў надзвычай удалы. У мяне было некалькі выдатных памочнікаў у асобах камандзіраў батальёнаў. ... выдатным камандзірам з'яўляўся ... Гротэ дэ Буко. Гэта быў бясхітрасны стары, перад вайной Лідскі спраўнік, які па сваёй добрай волі прамяняў сваю спакойную паліцэйскую пасаду на цяжкую прафесію - спачатку камандзіра роты, потым батальёна. Добрая воля, добразычлівасць, досыць моцныя нервы, а затым сівізна рабілі на салдатаў захапляльнае ўражанне. Салдаты яшчэ не вызваліліся ад кайданоў патрыярхальных уяўленняў, і для іх дзядуля Гротэ з'яўляўся несумнеўным правадыром-старэйшынам; слухалі яны яго з глыбокай павагай і любоўю, і пасля штурму афіцэры 1-га батальёна распавядалі, пра тое, што яны назіралі салдат, якія хапалі дзядулю ў крытычную хвіліну за фалды і хавалі яго ў вырву, салдаты баранілі яго сваімі целамі. Маладосць - сіла, але ў пэўнай абстаноўцы сівая барада, прыстаўленая да добрай галавы, таксама з'яўляецца буйной маральнай сілай пры ўмове непасрэднага судакранання з салдацка-сялянскай масай».
26 сакавіка 1916 г. былы Лідскі спраўнік атрымлівае званне палкоўніка. 9 кастрычніка 1917 г. Яўген Гротэ дэ Буко «за заслугі ў справах ...» атрымлівае званне генерал-маёра.
Лёс фон Гротэ дэ Буко на працягу 2-х гадоў да канца 1918 г. невядомы, але найбольш верагодным горадам, дзе ён мог зблізіцца з дзеячамі беларускага руху, быў Менск. Верагодна, пасля развалу арміі, у 1917 г. былы лідскі спраўнік жыў у гэтым горадзе, але ніякай дакладнай інфармацыі ў мяне няма. З'явіцца ў Лідзе генерал фон Гротэ дэ Буко зноў мог толькі пасля заключэння так званага «Берасцейскага міру», раней ён быў бы неадкладна арыштаваны.
Немцы не маглі вызначыцца, каго прызнаць пасля сябе ўладай у павеце, таму што, апрача палякаў, свае прэтэнзіі на ўладу адначасова выказвалі бальшавікі, беларусы і літоўцы. Польскі дзеяч Юзаф Дзічканец, аўтар кнігі «Самаабарона Лідскай зямлі» і відавочца тых падзей, пісаў: «Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі ... . Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко і той пакінуў шэрагі расіян. .... фон Гротэ дэ Буко пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю».
Такім чынам, генерал узначаліў беларускую палітычную партыю ў горадзе Лідзе і стаў першым лідэрам беларускага руху ў нашым горадзе.
Потым генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко ў 1920-х гг. жыў у Вільні. Загінуў у Варшаве ў 1944 г.
Узнагароды: 06.12. 1910 г. ордэн Св. Ганны 3-й ступені. Ордэны Св. Георгія 4-й ст. (09.09.1915 г.); Георгіеўская зброя (21.11.1915 г.); Св. Станіслава 2-й ст. з мячамі (20.10.1916 г.).
Сляды генерала А. Багдановіча, якога ўзгадвае шэраг гісторыкаў (Гл: Латышонак А. Жаўнеры БНР. Беласток, 2009. С. 63.), знайсці пакуль не ўдалося. Падобна, што ў рускай арміі 1917 г. такога генерала не было. Магчыма, генеральскі чын ён атрымаў у 1918 г.