Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Езавітаў і Кандратовіч


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 15-05-2018,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Трошкі пра Кастуся Езавітава // НАША СЛОВА № 20 (1379), 16 траўня 2018.



Да 100-годдзя БНР

Як вядома, Ян Пазьняк - рэдактар газеты "Крыніца" і адзін з лідараў Хрысціянскіх дэмакратаў Заходняй Беларусі ў 1930-я гг. жыў у Вільні па адрасе: вуліца Завальная, 1. У гэтым доме, практычна знаходзіўся цэнтр Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі (перад гэтым такі цэнтр хадэкаў месціўся па вуліцы Людвісарскай, 9, дзе знаходзілася рэдакцыя "Крыніцы", друкарня і таксама жыў Пазьняк).

У вялікай зале дома па вуліцы Завальнай, 1, каля сцен стаялі прыгожа зробленыя з дошак тапчаны. На іх падчас розных імпрэзаў, канцэртаў і сходаў сядзелі людзі, а вечарам, прыходзілі бедныя беларускія студэнты, якія не мелі дзе жыць, даставалі з гэтых тапчаноў свае пасцелі, раскладалі і там спалі.

Антон Шукелойць, які сам падчас сваяго студэнцва ў Вільні нейкі час жыў у Яна Пазьняка, узгадваў, што: "Вечарам заўсёды, пасля таго, як мы, студэнты, ужо вярнуліся ў гэтую залу, Ян Пазьняк заканчваў працу ў рэдакцыйным сваім кабінеце, прыходзіў да нас і любіў расказваць цікавыя анекдоты пра палітычных дзеячаў". (Пазняк Зянон. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава, 2003. С. 20-21.).

Ян Пазьняк быў сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і займаў кіруючае становішча ў гэтай партыі, таму ягоныя анекдоты тычыліся пераважна розных дзеячаў сацыялістычнага кірунку. Антон Шукелойць, успамінае адзін з такіх анекдотаў пра тое, як "выдатнага нашага дзеяча, ведамага Канстанціна Езавітава, за адну ноч сацыялістычны ўрад ў Менску паднёс з паручніка да палкоўніка".

Шукелойць успмінае: "Як ведама, Езавітаў прыняў актыўны ўдзел у стварэнні Рады БНР, быў заслужаным афіцэрам. Вельмі прыгожы ягоны нарыс ёсць, як ён выгнаў бальшавікоў з Менска ў 1918 годзе. Ну і паколькі такі высоказаслужаны чалавек, то вось гэты першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі вырашыў яго падняць да генерала. Ноч цэлую сядзелі, згодна з вымогамі ваеннага Статуту, заўсёды падымалі яго на адзін чын вышэй, тады казалі тост і выпівалі. (Як ведама, сацыялісты, асабліва эсэры, любілі выпіць.) Так вялі яго паступова: штабс-капітан, капітан, маёр, падпалкоўнік, палкоўнік. Ужо пачало світаць. Давялі яго да палкоўніка, выпілі. Гарэлкі болей не было - скончылася, і Езавітаў застаўся палкоўнікам. Генералам ужо яго не маглі менаваць: не хапіла гарэлкі. І сонца ўзышло, развіднела". (Гутаркі з Антонам Шукелойцем. С. 21.)


Прызнацца, я ў свой добра пасмяяўся з гэтага анекдота, і таму ён адклаўся ў памяці. І раптам, нават з нейкім здзіўленнем прачытаў у аўтабіяграфіі Езавітава, напісаннай у 1944 г. (таму Ян Пазьняк не мог карыстацца гэтым тэкстам як крыніцай для анекдота) наступныя радкі:

"21.02.1918 г. пастановаю Народнага сакратарыяту Беларусі зацьверджана падвышэньне ў штабс-капітаны, згодна прадстаўленьня ад 25.10.1917 г.

За выслугу чарговых чатырох месяцаў у абставінах бязупыннага змаганьня з бальшавікамі пастановаю Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын капітана.

За падрыхтоўку арганізацыі беларускіх вайсковых фармаваньняў усіх франтоў і за кіраваньне Аддзелам Фармаваньняў Беларускай Вайсковай Цэнтральнай рады пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын падпалкоўніка.

За арганізацыю захопу ўлады ў Менску і ўмелае кіраваньне беларускай камэндатурай пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын палкоўніка". (Езавітаў Канстанцін. Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999. С. 188.)


Такім чынам, з яго аўтабіяграфіі даведваемся, што чын палкоўніка Езавітаў атрымаў 21.02.18 г.

Гістарычны кантэкст лютага 1918 г. наступны: наступленне нямецкіх войск пачалося 16 лютага 1918 г. што прымусіла бальшавікоў ў ноч на 19 лютага эвакуявацца з Менска ў Смаленск. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда выйшаў з падполля, з турмы былі вызвалены дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Выканкам Рады Усебеларускага з'езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лютага абвясціў, што ён "узяў уладу ў свае рукі", а навядзенне парадку ў Менску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская ваенная арганізацыя, усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К. Езавітава. Таму лагічна, што каменданту Менска мэтазгодна было даць чын палкоўніка і, дарэчы, чын генерала Езавітаў яшчэ атрымае потым.

Цікава, што, Ян Пазьняк быў абсалютна дакладны нават ў дэталях, апісваючы падвышэнне Езавітава. Але ці ў той дзень (ці ноч 21.02.1918 г.) падчас "кар'ернага ўзлёту" паручніка Езавітава прысутнічала гарэлка, мы ўжо ніколі не даведаемся.

21 лютага 1918 г. - вельмі важны дзень у гісторыі беларускага народа. Менавіта ў гэты дзень была прынята 1-я Устаўная грамата да народаў Беларусі, у якой адзначалася: "Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы... Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі. Вы павіннны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі". Першая Устаўная грамата заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на "поўнае самавызначэнне". У гэтым дакуменце Выканкам абвясціў пра стварэнне 20 лютага ўрада (часовага выканаўчага органа народнай улады ў краі) - Народнага Cакратарыята Беларусі (старшыня Я. Варонка), які менавіта 21 лютага 1918 г. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Дарэчы ва ўрадзе Варонкі пасаду ўпаўнаважанага па вайсковых справах заняў К. Б. Езавітаў (Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. Вільня-Mенск-Нью-Ёрк-Прага, 1998. С. 46-48.).


Яшчэ, у "Кароткім жыцьцяпісе ..." Езавітава, мяне зацікавілі наступныя радкі:

"Пераведзены на становішча начальніка Плянтава-Шчучынскага павету 10.01. 1919 г.

Па даручэньню вайсковых уладаў разам з двума веставымі накіраваўся конна ў глыбокую вайсковую разьведку ў тыл бальшавіцкага фронту праз Васілішкі й Радунь пад Ліду 20.02.1919 г.

Прыбыў з разьведкі з ваеннымі весткамі 25.02.1919 г.

Загадам ураду БНР за разьведку й за дастаўленьне з маёнтку генэрала-ад-інфантэрыі Кандратовіча ягоных ордэнаў узнагароджаны белым эмалева-залатым афіцэрскім Крыжам Пагоні 4-ае ступені 1.03.1919 г." (Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы. С. 189.)

"Архівы БНР" змяшчаюць "Загад на Плянты-Шчучынскім павеце камісара павета Кастуся Езавітава (Астрына, 06.02.1919 г.)" у якім ён паведамляе насельніцтва павета, што прыступае да спаўнення сваіх абавязкаў і пачынае фармаванне беларускай міліцыі (Архівы БНР, I, 1. С. 359.). Нагадаю што, 10 студзеня 1919 г. бальшавікі занялі г. Ліду і выставілі заставы на гарадзенскім і беластоцкім кірунку. Далей яны не пайшлі - у лютым чырвоным войскам было загадана ўмацавацца на рубяжы Араны - Ліда - Слонім - р. Шчара - канал Агінскага - Пінск - Сарны. Вясной 1919 г. палякі пачалі паспяховы наступ на ўсход.

Зразумела, чаму Езавітаў прывёз генералу Кандратовічу ягоныя ўзнагароды. У той час генерал за свае грошы збіраўся ў Парыж адстойваць беларускую дзяржаўнасць на Версальскай канферэнцыі. І сярод іншых шматлікіх узнагарод (ён быў узнагароджаны практычна ўсімі вышэйшымі ордэнамі імперыі) меў і найвышэйшую ўзнагароду Францыі - Ордэн Ганаровага легіёна, што было вельмі істотна пры перамовах з французамі. Таксама з радкоў Езавітава можна зрабіць выснову, што паміж Кандратовічам і Езавітавым ў 1919 г. захоўваліся добрыя дачыненні і гэта пасля адстаўкі генерала на пачатку 1918 г. з Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады. Адстаўка гэтая адбылася пры актыўным удзеле паручніка (Гл: Езавітаў К. Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада // Крывіч. 1924. №1(7). С. 37-45.). Але, пасля адстаўкі прайшоў амаль што год. Кандратовіч і Езавітаў увесь гэты год актыўна займаліся беларускімі справамі, а год падчас рэвалюцыі можна раўнаваць да дзесяці звычайных.

Як аўтар кнігі пра генерала Кандратовіча, магу толькі паспачуваць самому сябе, што знайшоў гэтыя факты ўжо, калі кніга пра генерала была надрукаваная.

Леанід Лаўрэш, пісьменнік.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX