Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Езавітаў і Кандратовіч 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 15-10-2018,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Кастусь Езавітаў і Кіпрыян Кандратовіч: крэскі да біяграфій // Лідскі Летапісец. 2018. № 1(81). С. 13-15.



Як вядома, Ян Пазьняк - рэдактар газеты "Крыніца" і адзін з лідараў хрысціянскіх дэмакратаў Заходняй Беларусі ў 1930-я гг. жыў у Вільні па адрасе: вуліца Завальная, 1. У гэтым доме, практычна знаходзіўся цэнтр Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (перад гэтым такі цэнтр хадэкаў месціўся па вуліцы Людвісарскай, 9, дзе знаходзілася рэдакцыя "Крыніцы", друкарня і таксама жыў Пазьняк).

У вялікай зале дома па вуліцы Завальнай, 1 каля сцен стаялі прыгожа зробленыя з дошак тапчаны. На іх падчас розных імпрэзаў, канцэртаў і сходаў сядзелі людзі, а вечарам, прыходзілі бедныя беларускія студэнты, якія не мелі дзе жыць, даставалі з гэтых тапчаноў свае пасцелі, раскладалі іх і там спалі.

Антон Шукелойць, які сам падчас свайго студэнцтва ў Вільні нейкі час жыў у Яна Пазьняка, узгадваў, што: "Вечарам заўсёды, пасля таго, як мы, студэнты, ужо вярнуліся ў гэтую залу, Ян Пазьняк заканчваў працу ў рэдакцыйным сваім кабінеце, прыходзіў да нас і любіў расказваць цікавыя анекдоты пра палітычных дзеячаў" [1].

Ян Пазьняк быў сябрам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і займаў кіруючае становішча ў гэтай партыі, таму ягоныя анекдоты тычыліся пераважна розных дзеячаў сацыялістычнага кірунку. Антон Шукелойць успамінае адзін з такіх анекдотаў пра тое, як "выдатнага нашага дзеяча, ведамага Канстанціна Езавітава, за адну ноч сацыялістычны ўрад у Менску паднёс з паручніка да палкоўніка".

Шукелойць распавёў: "Як ведама, Езавітаў прыняў актыўны ўдзел у стварэнні Рады БНР, быў заслужаным афіцэрам. Вельмі прыгожы ягоны нарыс ёсць, як ён выгнаў бальшавікоў з Менска ў 1918 годзе. Ну і паколькі такі высоказаслужаны чалавек, то вось гэты першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі вырашыў яго падняць да генерала. Ноч цэлую сядзелі, згодна з вымогамі ваеннага Статуту, заўсёды падымалі яго на адзін чын вышэй, тады казалі тост і выпівалі. (Як ведама, сацыялісты, асабліва эсэры, любілі выпіць.) Так вялі яго паступова: штабс-капітан, капітан, маёр, падпалкоўнік, палкоўнік. Ужо пачало світаць. Давялі яго да палкоўніка, выпілі. Гарэлкі болей не было - скончылася, і Езавітаў застаўся палкоўнікам. Генералам ужо яго не маглі менаваць: не хапіла гарэлкі. І сонца ўзышло, развіднела" [2].

Прызнацца, я ў свой добра пасмяяўся з гэтага анекдота, і таму ён адклаўся ў памяці. І раптам, нават з нейкім здзіўленнем, прачытаў у аўтабіяграфіі Езавітава, напісаннай у 1944 г. (таму Ян Пазьняк не мог карыстацца гэтым тэкстам як крыніцай для анекдота) наступныя радкі:

"21.02.1918 г. пастановаю Народнага Сакратарыяту Беларусі зацьверджана падвышэньне ў штабс-капітаны, згодна прадстаўленьня ад 25.10.1917 г.

За выслугу чарговых чатырох месяцаў у абставінах бязупыннага змаганьня з бальшавікамі пастановаю Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын капітана.

За падрыхтоўку арганізацыі беларускіх вайсковых фармаваньняў усіх франтоў і за кіраваньне Аддзелам Фармаваньняў Беларускай Вайсковай Цэнтральнай рады пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын падпалкоўніка.

За арганізацыю захопу ўлады ў Менску і ўмелае кіраваньне беларускай камэндатурай пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын палкоўніка" [3].

Такім чынам, з яго аўтабіяграфіі даведваемся, што ўсе свае чыны Езавітаў атрымаў 21.02.18 г.

Гістарычны кантэкст лютага 1918 г. наступны: наступленне нямецкіх войск пачалося 16 лютага 1918 г., што прымусіла бальшавікоў ў ноч на 19 лютага збегчы з Менска ў Смаленск. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда выйшаў з падполля, з турмы былі вызвалены дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Выканкам Рады Усебеларускага з'езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лютага абвясціў, што ён "узяў уладу ў свае рукі", а навядзенне парадку ў Менску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская ваенная арганізацыя, усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К. Езавітава. Таму лагічна, што каменданту Менска мэтазгодна было даць чын палкоўніка і, дарэчы, чын генерала Езавітаў яшчэ потым атрымае. Цікава, што Ян Пазьняк, апісваючы падвышэнне Езавітава, быў абсалютна дакладны нават ў дэталях.

21 лютага 1918 г. - вельмі важны дзень у гісторыі беларускага народа. Менавіта ў гэты дзень была прынята 1-я Устаўная грамата да народаў Беларусі, у якой адзначалася: "Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы... Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі. Вы павінны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі". Першая Устаўная грамата заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на "поўнае самавызначэнне". У гэтым дакуменце Выканкам абвясціў пра стварэнне 20 лютага ўраду (часовага выканаўчага органа народнай улады ў краі) - Народнага Cакратарыяту Беларусі (старшыня Я. Варонка), які менавіта 21 лютага 1918 г. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Дарэчы ва ўрадзе Варонкі пасаду ўпаўнаважанага па вайсковых справах заняў К.Б. Езавітаў [4].

Ці насамрэч выпілі ў гэтым векапомны дзень "Айцы БНР"?

Невядома, але трэба ўлічваць, што значная частка тачачасных беларускіх лідараў - маладыя баявыя афіцэры. Усе народныя сакратары былі вельмі маладыя, сярэдні ўзрост ураду - 29 гадоў. Упаўнаважанаму па вайсковых справах Езавітаву - 24 гады, старшыні Народнага Сакратарыяту Беларусі (і адначасова народнаму сакратару міжнародных справаў) Язэпу Варонку - 26 гадоў [5]. Таму, думаю, усё магчыма.

Яшчэ, у "Кароткім жыцьцяпісе ..." Езавітава, мяне зацікавілі наступныя радкі:

"Пераведзены на становішча начальніка Плянтава-Шчучынскага павету 10.01. 1919 г.

Па даручэньню вайсковых уладаў разам з двума веставымі накіраваўся конна ў глыбокую вайсковую разьведку ў тыл бальшавіцкага фронту праз Васілішкі й Радунь пад Ліду 20.02.1919 г.

Прыбыў з разьведкі з ваеннымі весткамі 25.02.1919 г.

Загадам ураду БНР за разьведку й за дастаўленьне з маёнтку генэрала-ад-інфантэрыі Кандратовіча ягоных ордэнаў узнагароджаны белым эмалева-залатым афіцэрскім Крыжам Пагоні 4-ае ступені 1.03.1919 г." [6]

"Архівы БНР" змяшчаюць "Загад па Плянты-Шчучынскім павеце камісара павета Кастуся Езавітава (Астрына, 06.02.1919 г.)", у якім ён паведамляе насельніцтва павета, што прыступае да выканання сваіх абавязкаў і пачынае фармаванне беларускай міліцыі [7]. Нагадаю, што 10 студзеня 1919 г. бальшавікі занялі г. Ліду і выставілі заставы на гарадзенскім і беластоцкім кірунку. Далей яны не пайшлі - у лютым чырвоным войскам было загадана ўмацавацца на рубяжы Араны - Ліда - Слонім - р. Шчара - канал Агінскага - Пінск - Сарны. Вясной 1919 г. палякі пачалі паспяховы наступ на ўсход.

Зразумела, чаму Езавітаў прывёз генералу Кандратовічу ягоныя ўзнагароды. У той час генерал за свае грошы збіраўся ў Парыж адстойваць беларускую дзяржаўнасць на Версальскай канферэнцыі. І сярод іншых шматлікіх узнагарод (ён быў узнагароджаны практычна ўсімі вышэйшымі ордэнамі імперыі) меў і найвышэйшую ўзнагароду Францыі - Ордэн Ганаровага легіёна, што было вельмі істотна пры перамовах з французамі.

З радкоў Езавітава можна зрабіць выснову, што паміж Кандратовічам і Езавітавым у 1919 г. захоўваліся добрыя дачыненні нават пасля адстаўкі генерала на пачатку 1918 г. з Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады. Адстаўка гэтая адбылася пры актыўным удзеле паручніка Езавітава. Ён потым пісаў: "У віну ген. Кандратовічу, безмоўна, трэба палічыць тое, што ён не зразумеў усей вялікай адпаведнасьці моманту і ня змог перажаргнуць праз вайсковую традыцыю, патрабуючую ад падпарадкаванага безмоўнай паслухмянасьці распараджэньню старшага, і не даказаў, з належным у гэтым выпадку ўпорствам і націскам, усю неадкладную патрэбнасьць заразжа, не трацячы ніводнай хвіліны часу, разьвязаць беларускую вайсковую справу ў поўным маштабе і хутка аддаць патрэбныя срочныя загады" [8].

Генерал Кандратовіч быў чалавекам старой школы, трымаўся прысягі і чакаў распараджэнняў ад законнага вышэйшага кіраўніцтва. Пазіцыя старога ваякі складалася ў тым, што патрэбна палітычнае рашэнне, пасля якога прафесійныя вайскоўцы выканаюць свой абавязак. Але Часовага ўрада, які дазволіў стварэнне беларускага войска, ужо не было, а да прыняцця палітычнай дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі заставалася яшчэ тры месяцы, па мерках рэвалюцыйнага часу - цэлая эпоха. Не з'яўляючыся палітыкам, к, напрыклад, Пілсудскі, фармаваць войска, якое будзе служыць невядома каму, генерал не мог.

Пасля адстаўкі Кандратовіч не адышоў ад беларускіх спраў і ў канцы лютага 1918 г. прапанаваў свае паслугі Беларускаму выканаўчаму камітэту. Макар Краўцоў успамінаў: "Нішто іншае, як, мусіць, пачуццё ўсё-ж такі беларускасці прывяло на пасяджэнне Выканаўчага Камітэту ў быўшы Губэрн. Дом дашчэнту зрусыфікаванага генерала ад інфантэрыі Кандратовіча. Раней ён быў у Вайсковай Беларускай Радзе, але стуль яго выключылі, здаецца, за "буржуазнасць"" [9]. Як бачым, Краўцоў кажа менавіта пра "буржуазнасць" як прычыну адстаўкі генерала з пасады ў ЦБВР, што не стасуецца з закідамі Езавітава. Таксама вельмі цікавай з'яўляеца заўвага пра "пачуццё... беларускасці" ў генерала, гэта шмат што тлумачыць.

Але, пасля адстаўкі генерала ў 1918 г. прайшоў амаль што год. Кандратовіч і Езавітаў увесь гэты год актыўна займаліся беларускімі справамі, а год падчас рэвалюцыі можна раўнаваць да дзесяці звычайных.

Як аўтар кнігі пра генерала Кандратовіча, магу толькі паспачуваць самому сябе, што знайшоў гэтыя факты ўжо, калі кніга пра генерала была надрукаваная.

Дадаткі

Першая Устаўная грамата

УСТАЎНАЯ ГРАМАТА

Да народаў Беларусі

Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім палажэнні. Дзе цяпер уласьць, што тут была, німа ведама. Мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкім войскам.

Мы павінны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі.

Беларускі народ павінен зьдзейсьніць свае право на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меньшасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.

Право нацыяў павінно знайсьці свае зьдзейсьненне шляхам склікання на дэмакратычных пачатках УСТАНОУЧАГО СОЙМУ.

Але і да склікання Сойму ўся улада на Беларусі павінна належаць тым народам, якія на ей жывуць.

ВЫКАНАУЧЫ КАМІТЭТ РАДЫ ПЕРШАГО УСЕБЕЛАРУСКАГО ЗЬЕЗДУ, даданы прэдстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меньшасьцяў, зьдзейсьняючы задання Зьезду, абвяшчае сябе тымчасоваю Уладаю на Беларусі, падходзячаю да кіравання краям і да найхутчэйшаго склікання УСЕБЕЛАРУСКАГО УСТАНОУЧАГО СОЙМУ, на аснові агульнаго, простаго, роўнаго, таемнаго і прапарцыянальнаго выбарнаго права, дзеля ўсяго дарослаго насялення, ні рахуючы з нацыянальнасьцю, рэлігіяй і полам.

Тымчасовую народную ўладу краю, якая паставіць сабе задання абароны і зацьвярджэння здабыткаў рэвалюцыі, будзе зьдзейсьняць створаны намі НАРОДНЫ СЭКРЭТАРЫЯТ БЕЛАРУСІ, які з гэтаго дня пачаў выпоўняць свае абавязкі. Асабісты склад Сэкрэтарыяту будзе апублікованы потым.

Дана ў МІНСКУ-БЕЛАРУСКІМ 21 Лютаго 1918 року.

Выканаўчы Камітэт Рады 1-го Усебеларускаго Зьезду.

Загад па Плянты-Шчучынскім павеце камісара павета Кастуся Езавітава (Астрына, 6.02.1919) [10]

ПРЫКАЗ

Па Плянты-Шчучынскаму павету.

§ 1.

Гэтым паведамляю, што згодна з распарадженьнем Міністра Унутрэнніх Спраў i Міністра Беларускіх Спраў Літоўскага Гаспадарства, я, 6-го гэтаго лютаго, прыступіў да спаўненьня абавязкаў Камісара Плянты-Шчучынскага павету.

Канцэлярыя Павятовага Упраўленьня будзе знаходзіцца, па маему распараджэньню, у мястэчку Астрына, куды i належыць звертацца.

§ 2.

Нямецкія войскі на обшары павету застаюцца як ваенная сіла для ахраны парадку i граніц. Грамадзянскае Упраўленьне прыймаецца з рук немцаў i пераходзіць да мяне.

§ 3.

Для парадку i абезпэчэньня жыхароў ад грабежоў i гвалту мною ствараецца Павятовая Міліцыя.

Начальнікам міліцыі, з 8-го гэтаго Лютаго, назначаю Грамадзяніна ДРАМОВІЧА.

Начальніку міліцыі прыказываю зараз-жэ прыступіць да запісі кандыдатаў у міліцыю.

Прыймацца могуць асобы не меньш як 22 гадоў i па рэкамэндацыі Валасных Камітэтаў.

У помач Начальніку міліцыі назначаю Начальніка І-го ўчастка міліцыі Плянтоўскага павету, з того ж тэрміна, Грамадзяніна ЖУКОЎСКАГО.

Адзнакі для міліцыанероў будуць гэтакія:

1). Павязка на левам рукаве з трох коляроў - белай, чырвонай i белай;

2). З такіх же коляроў круглая кокарда на шапках;

3). Нацыанальны гэрб - Пагоня на шапцы пад какардой.

§ 4.

Сэкрэтаром Павятовага пры мне Упраўленьня назначаю, з 6-го гэтаго Лютаго, Грамадзяніна ЛЬВА КАШЧЭНЕЎСКАГО.

Камісар Плянты-Шчучынскага павету

К. Езавітаў.



[1] Пазняк Зянон. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава, 2003. С. 20-21.

[2] Там жа. С. 21.

[3] Езавітаў Канстанцін. Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999. С. 188.

[4] Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. Вільня-Mенск-Нью-Ёрк-Прага, 1998. С. 46-48.

[5] Шупа Сяргей. Падарожжа ў БНР. 2018. С. 41.

[6] Езавітаў Канстанцін. Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999. С. 189.

[7] Архівы БНР, I, 1. С. 328.

[8] Езавітаў К. Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада // Крывіч. 1924. № 1 (7). С. 41.

[9] Краўцоў Mакар. Рада Беларускае Народнае Рэспублікі // Спадчына. 1998. № 1. С. 92.

[10] Архівы БНР, I, 1. С. 328.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX