Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Луцкевіч Антон. 25 марца 1918 году


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 01-10-2016,
Крыніца: Луцкевіч Антон. 25 марца 1918 году (З маіх успамінаў) // Спадчына №1-1997. С. 10-15.



Калі ў лютым 1918 году нямецкія войскі занялі Менск, віленскія беларусы нязвычайна ажывіліся: гэта-ж у працягу трох гадоў мы былі зусім адрэзаны фронтам ад нашых усходніх братоў, гэта-ж ніводная вестка аб ix i іхнай працы не далятала да нас праз лінію акопаў, - i вось адкрываецца магчымасьць зьвязацца з Менскам!..

Беларуская Рада ў Вільні, абраная толькі за месяц да таго на конфэрэнцыі 25.1.1918г., зараз-жа начала заходы перад акупантамі, каб дабіцца пазваленьня на падарожжу спэцыяльнае дэлегацыі ў Менск. Цяжкая была з гэтым справа: беларуская конфэрэнцыя ня споўніла таго, чаго дамагалася ад яе нямецкая ўлада, i станула на ярка незалежніцкім становішчы. Цэлы месяц прайшоў, пакуль дэлегацыя атрымала гэтак жаданае пазваленьне:перад тым у Менск быў пасланы на "рэкогносьціроўку" дазнаны шпіон, Эдмунд Зузэміль, каторага ў тайне ад Рады надзяліў пісьмамі да менскіх дзеячоў адзін з віленскіх беларусаў (імя яго ў сваім часе будзе пададзена да агульнага ведама), i толькі пасьля павароту Зузэміля, выступаўшага ў Менску пад прозьвішчам "таварыша Кузьміцкага", пазваленьне было дадзена.

У дэлегацыю ўвайшло пяць асоб: ніжэпадпісаны, мой брат Іван Луцкевіч, Янка Станкевіч, Язэп Туркевіч i Дамінік Сямашка. Мы ўраз-жа i выехалі, ня гледзячы на тое, што ў люты мароз трэба было правясьці ў нятопленых вагонах 24 гадзіны, што Іван ужо тады быў цяжка хворы на грудзі i харкаў крывёй...

Прыехаўшы ў Менск, дэлегацыя наша прыбыла першым чынам да Народнага Сэкрэтарыяту Беларусі - першага беларускага ўраду, каторы пасьвяціў спэцыяльнае засяданьне для парады з намі. На гэтым засяданьні першы раз была ясна i выразна пастаўлена справа незалежнасьці Беларуci.

Справа гэта ўжо даўно "вісела ў паветры". Ужо ня раз на сходах, кіраваўшай тады ўсім палітычным жыцьцём Беларусі "Беларускай Соцыялістычнай Грамады", узьнімаліся галасы за тое, каб не чапляцца па старой прывычцы за расейскую дзяржаўнасьць, пачаўшую валіцца пасьля бальшавіцкага перавароту. Але ніхто ня мог адважыцца разьбіць старую фэдэралістычную традыцыю i пытаньне аб адносінах да Расеі абаперці не на гэнай традыцыі, а на волі насяленьня Беларусі, выяўленай на Устаноўчым Сойме Беларусі. Абмен думкамі з віленскімі дзеячамі, якія ўжо самым ходам выпадкаў былі прымушаны стануць на незалежніцкае становішча, паслужыў i для мянчукоў імпульсам да перагляду ix палітычнага становішча, чаго i так вымагаў учынены. над беларусам на Берасыдейскім міры гвалт. I вось Народны Сэкрэтарыат пастанаўляе: на 24 марца склікаць пленарнае засяданьне Рады Рэспублікі, паставіўшы на павестку дня аб праўна-дзяржаўным палажэньні Беларускае Народнае Рэспублікі.

Пачаліся вельмі жывыя нарады фракцый Рады. Дзякуючы лічэбнай перавазе сябраў "Беларускае Соцыялістычнае Грамады", разьвязка пастаўленага пытаньня залежала ад таго, якое становішча займець гэта партыя,- 23 марца адбыўся пленарны сход членаў Грамады i з нязвычайнай аднадушнасьцю пастанавіў: усе галасы свае ў радзе падаць за незалежнасьць.

(145KB) Адозва Прэзыдыюму Рады БНР да беларускага народу з нагоды 3-х угодкаў абвяшчаньня незалежнасьці Беларусі. Коўна, 25.03.1921 г. БДАМЛіМ.

Першы крок у кірунку незалежнасьці быў зроблены. Але перад намі была яшчэ генэральная баталія на сходзе Рады Рэспублікі. Мы ўжо даведаліся, што партыя "земцаў"- прадстаўнікоў земств, прыналяжаўшых пераважна да расейскіх соцыялістаў-рэвалюцыянэраў, будзе проці незалежнасьці. Так сама i большасьць блоку жыдоўскіх соцыялістаў жадала захаваць старую сувязь з Расеяй, не аглядаючыся на пытаньне, з якой Расеяй? Але мы бачылі, з якой пэўнасьцю, з якой верай у сваю справу выступалі ўсе беларускія сялянскія i работніцкія дэпутаты, мы чулі ў ix словах сапраўдны голас народу, i мы не баяліся нічога.

Урэшце, настаў гэты дзень, катораму было суджана стаць гістарычным днём у барацьбе за волю Беларусі. Вечарам 24 марца - у 6 гадзін, сабралася Рада Рэспублікі. I запраўды, было штось сільнага, штось магутнага ў гэтым першым беларускім народным Парляманце!..

Шэрыя сьвіткі, шэрыя салдацкія шынэлі, якія яшчэ мала хто пасьпеў скінуць з плеч, надавалі агульны тон сабраньню. Але сьветлыя, рахманыя вочы, энэргічныя твары ix валадароў гаварылі ясна, што то ня простыя сярмягі зыйшліся, а цьвет беларускае народнае інтэлігенцыі!

Настрой з самага пачатку быў урачысты, паважны. Відаць было, што штось запраўды важнае мае важыцца ў салі Рады.

Пасьля гарачае сустрэчы дэлегатаў (на сходзе Сямашкі ня было: даведаўшыся, што нямецкая ўлада скоса глядзіць на Раду, гэты "дэлегат" убаяўся за сваё "высокае" становішча начальніка віленскае пажарнае дружыны і ў Раду не зьявіўся!), пасьля нашае абшырнае палітычнае справаздачы аб палажэньні i працы ў Віленшчыне i Горадзеншчыне, старшыня Рады Рэспублікі абвесьціў цэнтральны пункт павесткі: пытаньне аб незалежнасьці. I вось пачалася запраўдная баталія!

Дванаццаць гадзін трывала яна. Першую атаку пачалі "земцы", а між імі асабліва яркім было выступленьне вялікага зямляўласьніка Менскае губэрні адваката Канстанціна Дэмідэцкага-Дэмідовіча. I так дзіўна было чуць у вустах гэтага гарачага польскага патрыота, б. члена П.П.С., гарачьы словы аб "нашай дарагой Матушцы-Расеі", каторая адна толькі нясе запраўднае шчасьце беларускаму народу... Нікога не ўражала, калі ў такім-жа тоне прамаўлялі людзі, узросшыя ў расейскай культуры i абаламучаныя абрусіцельнай расейскай школай. Але ў вустах паляка-абшарніка гэтыя словы здаваліся фальшывымі, прымушалі шукаць у ix укрытага значэньня, укрытае мэты... Так паглядзелі на ix усе шчырыя беларусы - сялянскія сыны, ды толькі ўзмацаваліся ў сваей веры ў слушнасьць справы незалежнасьці.

Няшчырымі, фальшывымі выглядалі i прамовы бундаўцаў, каторыя стаялі за еднасьць з Расеяй "у імя інтарэсаў сялянства". I толькі выступленьні соцыяліста-сыяніста Мар'ясіна, натхнёныя гарачым спогадам да беларускага народу i яго жаданьні незалежнасьці, паказалі, што далека ня ўсё жыдоўскае грамадзянства так сьлепа кідалася ў абоймы маскоўшчьшы...

Атмасфэра ставалася ўсё больш цяжкой. Узрастала нэрвовасьць прамоўцаў, i часта падалі рэзкія словы то з аднаго, то з другога боку. Усе спробы дайсьці компромісу нічога не далі. "Мы выйдзем з Рады!" - гразіліся "земцы". - "Шчаслівае дарогі!"- адказвалі з беларускіх месц.

Урэшце, настаў станоўчы мамэнт: галасаваньне. Новыя спробы сарваць справу, новыя "адводы" з боку ворагаў незалежнасьці. Дарэмна!

Ужо днее. Блеск сьвітаньня так дзіўна б'ецца з сьвятлом электрычных лямпачак i так дзіўна асьвятляе змучаныя, але ажыўлёныя напружанай воляй твары людзей.

Каля шостае гадзіны раніцы старшыня ставіць на галасаваньне формулу: "Рада Рэспублікі абвяшчае Беларусь незалежнай i сувэрэннай дзяржавай i выдае аб гэтым устаўную грамату".

Хоць ясна для ўсіх, што пабеда забясьпечана, усё-ж глыбокая ціша пануе ў салі, пакуль лічаць галасы. Кожын чуе, што вось-вось зараз нешта мае зрабіцца - нешта важнае, выключнае, такое, што двойчы не паўтараецца. Кожын разумее, што кліч, каторы зара прыме ці адкіне Рада, - гэта кліч да новага, вольнага жыцьця, гэта запаведзь яснае долі для усяго многапакутнага беларускага народу...

I яно сталася: новая ідэя нарадзілася. Вялізарнай перавагай галасоў формула прынята!

Радаснымі клікамі нарушаецца ціша. Пачьшаюцца гарачыя овацыі.

"Новае сьвятло нарадзілася на Беларусі!"- кліча нехта ў экстазе.

I быццам у адказ яму ў салю ўліваюцца ясныя праменьні толькі-што ўзышоўшага сонейка, якое паднялося ўжо панад дахі камяніц i заглянула праз вокны да нас.

Тухнуць электрычныя лямпачкі...

"А старое сьвятло загасла!"- адказвае брат Іван.

Сонца 25 марца сьвяціла ўжо незалежную Беларусь. Во хоць i стаялі на ёй чужацкія войскі, хоць i далей паношыўся i паношыцца на ёй чужьшец, але народ беларускі скінуў путы няволі з душы сваей, i гэтых путау ніхто i нішто яму ужо назад ня узьдзене!

25 марца роўна ў 12 гадзін дня Рада прадоўжыла сваё начное засяданьне. Тэкст Устаўное Граматы ўжо гатоў. Яшчэ раз ворагі незалежнасьці прабуюць адрабіць зробленае: яны вядуць спорку аб кожнае слова i стараюцца хоць контрабандай правясьці сувязь з Расеяй. Але ўсё дарэмна.

Акт аб незалежнасьці прыняты. Тут-жа яго тлумачаць на чужаземныя мовы, i на ўвесь сьвет ідзе вестка, што нарадзілася у гэту ноч Незалежная Бeлapусі...

А з наступленьнем новае ночы мы ізноў у сьцюдзёных, нятопленых, намерзшых "цяплушках". Мароз ажно трашчыць, на ўсей дарозе ад Менску да Вільні нельга дастаць ані кроплі вады, ані чым сагрэцца. Але нам гэта - нічога!

Во цёпла i радасна на душы, бо мы, старыя дзеячы, першыя сяўцы беларускае ідэі, неўспадзеўкі ўбачылі, які багаты плён дала наша сяўба, пераросшы самыя сьмелыя нашы спадзяваньні!..

I якой дзіўнай радасьцю, якой глыбокай верай i пераконаньнем веець ад слоў брата Івана:

"Ну, цяпер дык нам i паміраць ужо можна!

Вільня, 25.111.1921.

"Наша Думка", № 12, 25.3.1921 г.

Ліст удагонку

Шаноўны пане Рэдактару!

У артыкуле п. Ант. Луцкевіча "25 марца 1918 г." ("Наша Думка", № 12) ёсьць маленькая абмылка, якую не адмоўце паправіць у інтарэсах гістарычнае праўды. У часе спрэчак у Радзе Рэспублікі ўночы з 24 па 25 сакавіка 1918 г. на пытаньні аб аглашэньні Беларусі незалежнаю да беларускіх аратараў далучыўся сваёю гарачаю прамоваю ў духу незалежнасьці прадстаўнік жыдоўскае партыі сацыялістых-сыяністых, але прозьвішча яго не Мар'ясін, а Мац, сябар Віцебскае арганізацыі С.С. Прадстаўнікоў эсэсаў было тры ў Радзе Рэспублікі: Мац, Мар'ясін i Гутман (апошні бьшы Таварыш Старшьші Народнага Сэкратарыяту (Я.Варонкі), Мар'ясін i Гутман стаялі за фэдэрацыю з Расеяй, i такім чынам трэйці ix таварыш Мац адкалоўся ад ix, але, галасуючы, як партыйны чалавек, мусіў пакарыцца ix большасьці, аб чым i заявіў пры галасаваньні. Дзе цяпер тав. Мац - невядома. Мар'ясін, як i бундаўцы, у часе наезду быў нейкім маленькім камісарам i наўрад ці заслужвае папасьці ў Беларускую гісторыю.

Прымеце, пане Рэдактару, шчырую пашану.

Краўцоў Макар.

"Наша Думка". 15.4.1921 г., № 15.


Публікацыя, заўвагі i камэнтары Уладзімера ЛЯХОЎСКАГА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX