Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Самазванцы


Аўтар: Луцкевіч А.,
Дадана: 20-09-2018,
Крыніца: Луцкевіч А. Самазванцы // Наша Думка. 1921. №2.



"Прадстаўніцтвы" і "урады".

Пад той час, як усю зямлю Беларускую, пабітую на часткі рознымі окупацыямі, дратавалі чужацкія войскі, а правамочны ўрад Беларускае Народнае Рэспублікі прымушаны быў шукаць прыпынку ў прыязных для нас чужых дзяржавах (Лацьвіі, Ліцьве, Украіне, Францыі, Нямеччыче, Чэхах і т. д.), - на целе беларускага народу вырасталі паганыя, ядавітыя грыбы. Гэта - чысьленыя самазваныя "прадстаўніцтвы" Беларусі, беларускія "ўрады" і т. п., каторыя, маючы на мэце адно толькі "паспэкуляваць" на беларускай справе і набіць сабе кішэні грашмі розных ворагаў Беларусі, паганілі імя беларускае і абніжалі павагу запраўднага беларускага дзяржаўнага прадстаўніцтва.

Беларускі барон

Пачнем з Украіны. З благаслаўленьня ліхой памяці гэтмана Скорападзкага -напярэдадні яго палітычнае сьмерці - згуртавалася ў Кіеве цэлая грамада беларускіх паноў-абшарнікаў з Магілеўшчыны з баронам Розэнам на чале. Гэтая група, разам з гэтманам Скорапдзкім, манілася далучыць да Украіны тую часьць Беларусі, якая аставалася на ўсходзе ад лініі Берасьцейскага міру. Быў намечаны ў гэтмана ўжо і "намесьнік" для Беларусі - бяздарны, пусты генарал Дашкевіч-Гарбацкі.

Украінскі народ выгнаў вон Скорападзкага, а разам з тым разьбіліся і ўсе пляны магілеўскіх паноў, памыкаўшыхся "спэкульнуць" на беларушчыне.

Пан Бахановіч

Пад націскам бальшавікоў на Кіеў, дзе пры Скорападзкім была сабралася ўся расейская рэакцыя, гэныя чорныя крукі пачалі ўцякаць у Адэсу. I тут на рубяжы 1918-19 г. г. мы бачым новую спробу спэкуляцыі на беларусах. Гэтым разам папрабаваў шчасьця нейкі авантурнік Бахановіч (з Горадзеншчыны), быўшы некалі афіцэрам у расейскай арміі. Бахановіч гадоў дваццаць бадзяўся па Расеі, калі-ж узьнялася бальшавіцкая ревалюцыя, ён завёў нейкія падазрыцельныя адносіны з немцамі і пры іх помачы прыяжджаў з Пецярбургу на Беларусь. Не знайшоўшы тут грунту для сваёй спэкуляцыі, ён перакінуўся ў Кіеў і з усей маскоўскай чорнай сотняй перасяліўся адтуль ў Адэсу. Карыстаючыся з таго, што з Бацькаўшчынай ня было ніякае сувязі, Бахановіч заявіў тамтэйшым беларускім арганізацыям, быццам у Менску Рада Рэспублікі і Урад разагнаны немцамі, а затое ў Слоніме адбыўся новы "ўсебеларускі конгрэс", каторы выбраў "дырэкторыю" з пяцёх асоб, за галаву яе назначыўшы яго, Бахановіча. Ня гледзячы на паказаньне "нотарыяльных" копій пастаноў "Конгрэсу", ніколі ня быўшага, прадстаўнікі ўраду Бел. Нар. Рэспублікі зразу "раскусілі" самазванца і раскрылі яго карты перад францускай галоўнай камандай у Адэсе, да каторай Бахановіч зьвярнуўся па пропуск у Парыж на міравую конфэрэнцыю. Адначасна Бахановіч зьвязаўся з генаралам Дэнікіным, абвесьціў ад імя Беларусі прылучэньне яе назад да Расеі, атрымаў некалькі сот рублёў "задатку" за прадажу Беларусі і меўся атрымаць некалькі мільёнаў "на арганізацыю беларускай арміі , каб, маючы пропуск у Парыж, з гэтымі грашмі пусьціцца на вольны сьвет. Генарал Дэнікін, верачы Бахановічу, цаслаў яму прывітальную тэлеграму, высказваючы сваю радасьць з прычыны павароту беларусаў пад "Матушку Расею"! - Але адэскія беларусы папсавалі ўсе пляны Бахановіча: французы яго арыштавалі, як звычайнага ашуканца, і выпусьцілі толькі ўзяўшы падпіску, што пакіне распачатую авантуру. Дэнікін таксама адрокся ад яго і грошы ня даў.

Так скончылася і другая спроба спэкуляцыі на беларусах, і толькі зрэдка даходзяць глухія весткі, што ў Празе Бахановіч "працуе" ў расейска-чарнасоценскай хаўрузіі, як "прадстаўнік" Беларусі, здаволіваючыся дробнымі міласьцінамі...

Пан Цьвірка-Гадыцкі

Адначасна з тым, як Бахановіч абвяшчаў у Адэсе ніколі ня быўшы "слонімскі конгрэс", - у Горадні (ў пачатку 1919 году) ў газэтах зьявіласл нейкая дзіўная тэлеграма, быццам у Навагрудку адбыўся "другі ўсебеларускі зьезд" з учасьцем сябраў Рады Рэспублікі, літоўскай Тарыбы і да т. п., каторы таксама абабраў новы "ўрад" Беларусі. З прычыны таго, што Навагрудак пад той час быў ужо заняты бальшавікамі і што нікому з беларускіх дзеячоў, быўшых тады ў Горадні, а таксама і членам Тарыбы нічога аб падобным сьезьдзе ня было вядома, ўсе беларусы лічылі гэну вестку звычайнай газэтнай "качкай". Аднак, аказалася, што вестку гэту пусьціў новы "пратандэнт" на беларускую ўладу і на... польскія грошы! Гэта быў дробны панок з Меншчыны, Цьвірка-Гадыцкі, каторы, разам з нейкім палкоўнікам Янсэвам, быццам-то ад імя "конгрэсу" абвесьціў далучэньне Беларусі да Польшчы! Прадстаўнікі "новае ўлады" адбылі навет падарожу ў Варшаву, дзе былі прыняты прадстаўнікамі польскага ўраду. Але, варочаючыся ў Горадню, Цьвірка-Гадыцкі сустрэўся з вялікай прыкрасьцю: ён быў арыштаваны літоўскай уладаю і каля году прасядзеў у Ковенскім вастрозе, дзе зусім забыўся аб сваіх вялікіх плянах і ўдаваў дуркога...

Цікава адзначыць, што два апошнія самазванцы йшлі зусім тэй самай дарогай: абодва абвяшчалі сябе выбранцамі неістнаваўшага другога ўсебеларускага зьезду, навет памяшчаючы, яго ў суседніх мясцох: - Слоніме і Навагрудку! Спосаб нявыдумны.

Пан Аляксюк

Канец 1919 году прынёс сумнае здарэньне: разлад у Радзе Рэспублікі. Прайшло шмат часу, пакуль зробленую гэтым беларускай дзяржаўнай справе шкоду ўдалося паправіць. Але цяпер гэты разлад ужо можна лічыць аканчальна зьліквідованым. Дык-жа ізноў паяўляюцца новыя самазванцы. Гэтым разам працуе скомпрометованы ў вачох беларускага грамадзянства Аляксюк, а памагае Балаховіч. Утвораны ў Варшаве "Беларускі Палітычны Камітэт" з моральна блізкіх Аляксюку «дзеячоў» разам з Балаховічам абвяшчае сябе адзінай «законнай» уладай Беларусі.

Адна цана

Ведама, і аляксюкоўская авантура мае такую-ж цану, як авантура Розэна, Бахановіча, Цьвіркі-Гадыцкага. I мы-бы так доўга не затрымліваліся на ўсіх тых самазванных «урадах» беларускіх, каб не адна акалічнасьць: беларуская справа гэтак вырасла, рэалізацыя беларускае дзяржаўнасьці гэтак блізка, - што розныя амбітныя, ахвочыя лёгка здабыць і славу і грошы людзі, пачычаюць завіхацца каля захвату ўлады ў будучай незалежнай Беларусі.

Ды ўсё гэта - дарма. Самазванцы шыбка выяўляюць сваё аблічча, і народ на іх ніякае ўвагі не зварачае. Іменьні іх будуць запісаныя толькі на "чорнай дошцы"

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX