Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Мітрапаліт Шаптыцкі i беларускі рух


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 14-09-2019,
Крыніца: Луцкевіч А. Мітрапаліт Шэптыцкі i беларускі рух // Богословія, т. IV, кн. 1-2, Львоў, 1926. С. 45-48.



Ад першых пачаткаў беларускага адраджэнскага руху, сягаючы ажно да беларускае "Энэіды", напісанае ў пачатку XIX ст. на ўзор "Энэіды" Котлярэвскага, між гэтым рухам украінскім адраджэньнем істнуе цесная сувязь. Багушэвіч, Няслухоўскі, Абуховіч, Косіч - усе гэтыя пісьменьнікі другое паловы XIX веку былі пад бясспрэчным уплывам украінскае літэратуры.

З украінскімі літэратурнымі творамі былі знаёмы і на іх узгадаваліся і тыя беларускія адраджэнцы, на долю якіх у пачатку XX ст. выпала ўвясьці беларускі рух у арганізаванае русло, з чыста літэратурнага зрабіць яго палітычным і сацыяльным. Першая бібліатэка беларускага гуртка моладзі ў Менску, - таго гуртка, з якога вырас увесь сучасны магутны народны рух, - складалася пераважна з украінскіх кніжак...

Зусім натуральна, што павадыры беларускага адраджэнскага руху шукалі сувязі з прадстаўнікамі украінскае нацыянальнае інтэлігенцыі, галоўным цэнтрам якое ў пачатку нашага сталецьця быў Львоў. I сюды пакіраваў свае першыя крокі тварэц сучаснага руху, с. п. Іван Луцкевіч, калі ў восені 1904 году ехаў у Вену дзеля папаўненьня тамака сваей архэалягічнай веды.

Зусім натуральна такжа, што Ів. Луцкевіч зьвярнуўся да найвыдатнейшага прадстаўніка украінскае інтэлігенцыі - мітрапаліта Андрэя Шэптыцкага. I гэтая сустрэча аказалася нязвычайна важнай дзеля ўзмацаваньня беларуска-украінскіх адносінаў.

Малады пачынальнік сучаснага беларускага руху зразу вельмі блізка зышоўся з архіўладыкай... Мітрапаліт горача прыняў да сэрца ўсё тое, што даведаўся аб першых спробах працы на груньце беларускага адраджэньня, - перадусім як украінец. Але былі яшчэ і два асаблівыя мамэнты ў гэтай шчырай прыхільнасьці мітрапаліта да беларусаў і іх прадстаўніка.

Такімі злучаючымі мамэнтамі былі: зацікаўленасьць архэалёгіяй, якая роўна захоплівала і архіўладыку і яго госьця, а такжа ідэя стварэньня беларускае нацыянальнае царквы ў пастаці Уніі, якая лунала ў галовах беларускіх адраджэнцаў і была натуральна вельмі блізкая Галаве Уніяцкае Царквы.

Сардэчная прыязьнь, якая завязалася між мітрапалітам і Ів. Луцкевічам, выявілася ў далейшым многалетнім супрацоуніцтве іх, зацясьняючы йшчэ больш традыцыйную беларуска-украінскую дружбу.

Мітрапаліт Шэптыцкі, дзякуючы якому паўстаў у Львове Украінскі Нацыянальны Музэй - сьпярша пад відам музэю царкоўнага, стараўся магчыма поўна сабраць памяткі Уніі. Ів. Луцкевіч дапамагае яму ў зьбіраньні гэтых памятак на Беларусі, дзе іх няміласэрна нішчыла расейская ўлада і фанатычны праваслаўны клір. Сюды-ж - у Львоў - дзякуючы шчодрасьці мітрапаліта - пападае большая частка беларускіх памятак з калекцыі менскага архэалёга Татура пасьля сьмерці апошняга, калі ўдава - вар'ятка нішчыла ненавісныя ёй рэчы, ці распрадавала іх першаму папаўшамуся, расьцярушываючы тое, што муж яе з такім піэтызмам зьбіраў праз усё жыцьцё.

Там-жа, у Львове, ў часе даволі частых паездак Ів. Луцкевіча, дасьпеў і быў распрацаваны вялікі плян, выпаўненьне якога, калі-б ён быў зьдзейсьнены, суліла вялікія эканамічныя карысьці беларускаму сялянству, незалежна ад рэалізацыі ідэі аб узнаўленьні Уніі, як беларускае нацыянальнае царквы. Бо-ж у гэтым пляне злучаліся ўвадно: ідэя парцэляцыі вялікіх зямельных абшараў на Беларусі між сялянамі - праз адумысна створанае акцыйнае таварыства, фінансаванае перадусім мітрапалітам Шэптыцкім, і ідэя перасяленьня на парцэляваную зямлю некаторае лічбы украінскіх сялян-уніятаў, якія зьяўляліся-бы прапагандыстамі ідэі Уніі. Але плян гэты ня быў зрэалізаваны, ня гледзячы на вялізарную затрату энэргіі і грошаў. Дзякуючы інтрыгам польскіх абшарнікаў, Столыпін адмовіўся зацьвярдзіць праектаванае парцэляцыйнае таварыства...

Справа працы на Беларусі так захапіла мітрапаліта, што ў 1908. годзе архіўладыка адважыўся на дужа небясьпечны крок: адпусьціўшы дзеля непазнакі бараду за час лячэньня ў санаторыі Лямана, мітрапаліт Шэптыцкі інкогніто - з пашпартам на імя д-ра Олесьніцкага - едзе ў Вільню, хаця ведае, што ў прыпадку раскрыцьця яго інкогніто яму пагражаюць вялікія прыкрасьці. У Вільні высокі госьць бліска знаёміцца з невялікай над той час жменькай беларускіх працаўнікоў, будзячы ў усіх шчырую любоў да сваей асобы, як высока-культурнага і глыбока ідэйнага чалавека. Згэтуль разам з Ів. Луцкевічам архіўладыка едзе ў Менск, а стуль - у Случчыну, знаёмячыся з настроямі грамадзянства на вельмі многалюднай сельска-гаспадарскай выстаўцы ў Слуцку. З Беларусі мітрапаліт едзе ў Маскву і ў Пецярбург, стараючыся ў асабістых гутарках з расейскімі палітычнымі верхаводамі таго часу выясьніць магчымасьць рэалізацыі ягоных шырокіх плянаў адносна да працы на Беларусі.

У часе падарожы мітрапаліта быў мамэнт, які пагражаў раскрыцьцем яго інкогніто. Едучы з Менску ў Вільню яго абакралі, ўзяўшы ня толькі грошы, але і дакумэнты. Толькі з вялікім трудом удалося папярэдзіць пагражаўшую ад гэтага бяду... Але-ткі справа прыезду мітрапаліта ня ўкрылася ад расейскае ўлады: пасьля яго выезду, "Новое Время" надрукавала вострую стацьцю проці мітрапаліта Шэптыцкаго, пагражаючы, што ў прыпадку новае спробы пранікнуць у межы негасьціннае для Галавы Уніяцкае Царквы Расеі яго "изловят и посадят"! Хто выкрыў расейцам запраўднае імя "д-ра Олесьніцкага", няведама. У той час вінавацілі ў гэтым аднаго, з якім архіўладыка быў лішне шчыры...

Ня гледзячы на ўсе няўдачы шырокіх плянаў, сардэчныя адносіны мітрапаліта з беларускімі адраджэнскімі дзеячамі ня спыніліся. Вільня не забывалася аб мітрапаліце, мітрапаліт памятаў аб Вільні. I толькі вайна, а пасьля вываз мітрапаліта Шэптыцкага з Львова расейскаю ўладай у часе нядоўгае расейскае акупацыі гэтага места - на даволі доўгі час разарвалі гэтыя адносіны.

У часе нямецкае акупацыі ў Вільню - праз орган польскіх актывістаў у Бэрліне "Polnische Blatter" - дайшла няспраудзіўшаяся на шчасце вестка, быццам мітрапаліт памер у расейскай няволі. Вестка гэтая выклікала глыбокі сум і жалобу сярод віленскіх беларусаў. Адзіная ў той час у Заходняй Беларусі беларуская часопісь "Гоман" пасьвяціла дзельнасьці мітрапаліта і яго адносінам да беларусаў абшырныя стацьці, зьмяшчаючы партрэт архіўладыкі. Беларускі Камітэт зьвярнуўся да тагачаснага кіраўніка віленскае дыэцэзіі, кс. Міхалькевіча, з просьбай аб арганізацыю жалобнага набажэнства, але той наадрэз адмовіў у гэтым... На шчасьце, сум і жалоба беларусаў аказалася беспадстаўнай!

З таго часу многа перажылі беларусы. Ужо зыйшлі з гэтага сьвету асобы, стаяўшыя найбліжэй да мітрапаліта і прадстаўляўшыя жывую сувязь між ім і беларусамі. Памер Іван Луцкевіч, памерла Алёізія Кайрысовая ("Цётка"), памер цэлы рад людзей, якія мелі асабістае падтрыманьне з боку мітрапаліта ў часе сваей прымусовай эміграцыі з царскае Расеі. Але ўдзячная памяць аб ім па сёньняшні дзень жыве глыбока ў сэрцах беларускага грамадзянства!

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX