Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Макар Краўцоў пра Ўсебеларускі зьезд


Аўтар: Краўцоў Макар,
Дадана: 16-09-2011,
Крыніца: Спадчына № 1-1996 C. 181-194.



Адною магутнаю грамадой, зьяднаўшыся ў адзін моцны, непераможны маналіт, павінны дружна мы стаяць на варце дзяржаўна-палітычнай незалежнасьці, вольнасьці i шчасьця Бацькаўшчыны. Бо хмары, якія адвечна засьцілалі ад нас неба i сонцаву яснату, робяцца вось бялейшымі. Яны радзеюць.
Беларусы! Нам трэба бараніць сваю долю i незалежнасьць самым...
М. Краўцоў. Наш голас. (Звон. 1919. 27 жніўня).


КРАЎЦОУ Макар (сапр. КАСЦЕВІЧ Макар Мацвеевіч) нa­paдзіўся 6(18) жніўня 1891 г. у в. Баброўня Скідзельскай вол. Гродзенскага пав., цяпер Гродзенскі р-н, дзяяч нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, паэт, публіцыст, крытык, перакладнік. Паходзіў з сялянскай сям'і, дзядзька паэта. Міхася Васілька (М. В. Касцевіча).

Пасля заканчэння Галавацкай царкоўна-прыходскай школы паступіў у Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, з 1910 г. працаваў настаўнікам на Горадзеншчыне. У гады першай сусветнай вайны (з 1915 г.) служыў у царскай арміі, дзе пачаў удзельнічаць у беларускім руху. Узначальваў салдацкі камітэт 44-га армейскага корпуса Паўднёва-Заходняга фронту, ад якога быў абраны дэлегатам у Менск на Усебеларускі з'езд (снежань 1917 г). Прымаў актыўны ўдзел у яго працы. У 1917-1919 г. жыў у Менску, некаторы час npaцaвay настаўнікам у школе. Прытрымліваўся эсэраўскіх поглядаў, з 1918 - сябра БПС-Р.

Пісаў вершы, апавяданні, публіцыстычныя артыкулы, якія друкаваў у газетах «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», часопісе «Рунь». Яго творчасці ўласцівы дух барацьбы за беларускасць, за нацыянальнае адраджэнне, незалежнасць Бацькаўшчыны.

Са снежня 1919 г. уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі, якая займалася фармаваннем беларускіх аддзелаў у польскім войску. Некаторы час узначальваў культурна-прасветную падкамісію БВК.

(16KB) Афіцэр Беларускай вайсковай камісіі Макар Краўцоў. 1920-я гады. БДАМЛіМ. Друкуецца ўпершыню.

У 1919 г. напісаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (муз. У. Тэраўскага), які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. У ім упершыню ўслаўляўся «штандар наш бел-чырвона-белы», з якім паэт заклікаў ісці «на бой за славу i 3ą волю народу беднага свайго».

Верш быў апублікаваны ў газеце «Беларусь». У 1920 г. удзельнічаў у Слуцкім паўстанні. Ваяцкі марш Краўцова быў гімнам слуцкіх паўстанцаў.

3 1921 г., пасля Рыжскай дамовы, жыў i працаваў у Вільні, займаўся літаратурнай i грамадскай дзейнасцю. Друкаваўся ў віленскіх беларускіх выданнях: «Наша думка», «Сялянская ніва», «Беларуская крыніца», «Беларускае слова», «Родны край», часопісах «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» i інш.

Есць меркаванні, што Краўцоў меў сувязь з Беларускай сялянска-работніцкай грамадой i яе дзеячамі Б. Тарашкевічам, С. Рак-Міхайлоўскім, I. Дварчанінам i іншымі.

Пасля травеньскага перавароту Пілсудскага (1926) арыштоўваўся польскімі ўладамі.

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) працаваў У рэдакцыі газеты «Віленская праўда», але неўзабаве быў арыштаваны разам з іншымі дзеячамі беларускага руху (Антон Луцкевіч, Ян Пазьняк, Сяргей Бусел, Антон Трэпка, Вінцук Грышкевіч, Уладзімір Самойла i інш.).

«Контррэвалюцыйную нацдэмаўскую дзейнасць пачаў з 1919 года... Пасля здзяйснення Кастрычніцкага перавароту ў снежні месяцы 1917 года быў дэлегатам эсэраўскага кулацка-нацдэмаўскага з'езда... які ставіў пытанне аб нязгодзе з Савецкай уладай, Кастрычніцкай рэвалюцыяй i патрабаваў стварэння беларускай буржуазнай краявой улады»,- гэта радкі з паведамлення наркома ўнутраных справаў Л. Цанавы сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку 5 лістапада 1939 г., пасля арышту Макара Краўцова.

Першы Усебеларускі з'езд быў адной з найважнейшых nадзеяў у гісторыі Беларусі. Спрэчкі аб яго ацэнках i значэнні для лёсу беларускага народа ідуць i na сёння. Пошук шляхоў нацыянальнай незалежнасці - галоўная праблема, што абмяркоўвалася на з'ездзе. Рашэнні, выпрацаваныя ў 1917 г., сталі асновай для падрыхтоўкі i абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пры абмеркаванні рэзалюцыі аб самавызначэнні Беларусі i краёвай уладзе з'езд быў разагнаны бальшавікамі, Прэзідыум з'езда арыштаваны. Надзеі на ўсталяванне народаўладдзя дэмакратычным шляхам пацярпелі крах.

Першы пункт рэзалюцыі, за які пазней абвінавачвалі з'езд у контррэвалюцыйных настроях, быў такога зместу: «Замацоўваючы свае правы на самавызначэньне, абвешчанае расейскай рэвалюцыяй, i прыймаючы рэспубліканскі дэмакратычны строй на абшары беларускай зямлі, для паратунку роднага краю i для забесьпячэньня яго ад разьдзелу i адлучэньня ад Расейскай Дэмакратычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі, першы Усебеларускі зьезд ухваляе безадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Ўсебеларускага Савету сялянскіх, салдацкіх i рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіраваньня краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнай ўладаю, адпавядальнай перад Саветам рабочых, салдацкіх i сялянскіх дэпутатаў».

Для сучаснага чытача цікавым будзе погляд удзельніка тых далёкіх падзеяў. Першыя ўспаміны Макара Краўцова былі напісаныя ў траўні 1918 г. i апублікаваныя ў часопісе «Беларускае жыцьцё» ў сакавіку 1920 г. пад назвай «Разгон».

Уражанні больш свежыя, адлюстроўваюць узнёслую, урачыстую атмасферу з'езда. «Бясьсьмертны момант у жыцьці нацыі», «гістарычная часіна»,- так пісаў пра гэты дзень Краўцоў.

Праз 20 гадоў з'яўляецца новы варыянт успамінаў. У літаратурным плане яны больш дасканалыя, з асэнсаваннем трагічнасці таго, .што адбылося. Значнае месца адводзіцца паказу ўласнай ролі ў тых падзеях.

Толькі заканчваюцца ўспаміны па-рознаму.


«У душы не было жалю, што так сталася. Чулася энэргія, жаданьне барацьбы, чулася непакарымасьць праўды - бясьсьмертнасьць ідэі Вялікага Сходу!» - такі аптымізм гучаў у 1918-ым. У 1938-ым ён знікае: «Гінула народная воля сярод мяккае зімовае начы, ахінуўшай сэрца Беларусі ценямі рабства...»
КРАЎЦОЎ Макар

РАЗГОН
Успамін

Адчыніліся дзьверы дарадчага пакоя ў б. Шляхецкім Доме i адтуль пачалі выходзіць сябры Рады Зьезду - прадстаўнікі ўсіх групаў, усіх часткаў Вялікага Народнага Сходу - Першага Ўсебеларускага Зьезду.

Там - у дарадчым пакоі была ix парада аб тым, каб з гурбы рэзалюцыяў: зямлячастваў, фракцыяў, сэкцыяў, партыяў, стварыць нешта моцнае, зьліць гэтыя дробныя рэзалюцыі i жаданьні ў вадно ды вынесьці на зацьвярджэньне ўсяго Зьезда.

Пасьля доўгіх спрэчак, гоману, крыку, паправак, дадаткаў i г. д. агульная рэзалюцыя была знойдзена, i настаў рашучы момэнт: адважна, голасна абвясьціць свае жаданьні, сваю сувэрэннасьць i здольнасьць да дзяржаўнага жыцьця.

Заля сьцішылася; назначаны фракцыйныя i групавыя аратары дзеля пунктоўнага паясьненьня рэзалюцыі. Яна агалошана Старшынёю адзін i другі раз. Уносіцца й прыймаецца спакойна прапазыцыя аб галасаваньні рэзалюцыі па пунктах. Урачыстыя мінуты! Бясьсьмертны момант у жыцьці нацыі!

Гэта было ў Менску-Беларускім у рок ад Хрыстовага Нараджэньня тысячу дзевяцьсот сямнаццаты ў месяцы Сьнежні ўночы з 17 на 18 яго дзень, пасьля першае гадзіны па поўначы. Надходзіла гістарычная часіна - палова другой гадзіны. Сярод сьвяточнага настрою Вялікага Сходу прашарахцела нейкая трывога, усе крыху замітусіліся, напружыўшы нэрвы. Пісар голасна пачынае агалашаць першы пункт рэзалюцыі - прадмову да яе. A пунктаў усіх - пятнаццаць. Да стала прэзыдыуму падыходзяць дзьве фігуры ў шэрых салдацкіх шынэлях: міністры... гэнэралы, але, гледзячы на ix, здаецца, што гэта ўсё байка, так мала яны падходзяць да сваіх гэркулесавых роляў. Адзін зь ix у новай шапцы з надта доўгім брылём, з такімі ж доўгімі чорнымі вусыма, ідзе арлом - гэта начальнік Менскага гарнізону i тымчасовы (за выездам «праўдзівага») «Главкозап» (глаўнакамандуючы Заходнім фронтам) «гэнэрал-ад-рэвалюцыі» Крывашэін; другі ў стаўбунаватай шапцы зь нейкае рыжае скуры ліса ці медзьвядзя - народны камісар унутраных справаў Заходняй обласьці i фронту «гэнэрал-ад-Земсаюзу» - Рэзаўскі. Падыходзіць за імі i становіцца зь левага боку ад стала Прэзыдыуму трэйцяя фігура; баявая, у зімовай белаватай шапцы з шашкаю зь левага боку й «наганам» з правага, выбрытая, чырвоная, ад'еўшаяся морда, кароценькі да каленкаў ні то фрэнч, ні то шынэль - тыповага бальшавіцкага кшталту вопратка,- ва ўсім грубасьць, дзіч, малакультурнасьць. Гэта - камандзер «Першага Рэвалюцыйнага палку імя Менскае Рады Работніцкіх i Салдацкіх Дэцутатаў» - таварыш Рамнёў. Фігура Рэзаускага зьнімае з галавы зьвярыную смушку i штось ціха гаворыць Прэзыдыуму.

Старшыня трэбуе дакумэнтаў, хто яны такія, гэтыя фігуры. Рэзаускі не ўстаіць на месцы, размахвае праваю рукою (пад леваю пахай портфэль i шапка), a фігура Крывашэіна, ня зьнімаючы свайго доўгага брыля, сіпліва, нібы з прабітым горлам, прабуе крычаць: «Я начальник гарнизона»... ды яшчэ нешта, але сіплівасьць не пазваляе разыйсьціся, як ён хацеў бы, дый да таго замітусілася мацней заля, чуваць протэсты..

Пасьля крыху сьціхае гул, i Старшыня дае слова «начальніку гарнізону».

Ізноў сіплівасьць, кепска чуваць, язык заплятаецца, штось няздатна. Чутно толькі: «Под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели...».

Відочна п'яны начальнік гарнізону, апэрэтачны «Главкозап»; фігура народнага камісара Рэзаускага, больш адукаванага, сама не здаволена ахінэяй «таварыша Крывашэіна», моцна «дзюбнуўшага» й мала адукаванага.

Крывашэін на прапазыцыю Старшыні й галасы з залі . аб тым, каб зьняць шапку, нязграбна й паволі бярэцца за брыль, скідае з свае чорнае галавы «ваяводзкі ківер» і, глянуўшы на Старшыню, мармыча, як праз сіта: «Призываю президиум к... порядку».

Фігура Рэзаускага, бачучы, што стрымаць «Главкозапа» не ўдаецца, сама прапануе Прэзыдыуму: «Лишите его слова...» A Рамнёву тым часам прыказвае ўвясьці ў залю «таварышоў - ваякоў Першага Рэвалюцыйнага палка».

Паслухмяны Рамнёў зараз жа праціскаецца праз шчыльную масу нашых салдатаў i сялян - сяброў Зьезду, рвецца да стала, каб арыштаваць Прэзыдыум, як агаласіў Рэзаускі, што ён распушчае Зьезд, a Прэзыдыум абвяшчае арыштаваным. Рамнёў паднімае ўгару наган, націскае курок, але штось пстрыкае й ня паліць.

Усё завалтузілася, загаманіла, нібы пчолы ў вульлі - пайшла праўдзівая барацьба ўзброеных i безаружных шэрых фігураў між сабою. Некаторыя зь сялян пахаваліся ў куткох, але адважная ix большасьць зьмяшалася разам з шынэлямі i шчыльнаю сьцяной забараняе «рэвалюцыйнаму палку» дарогу да Прэзыдыума.

Адзін селянін, стаўшы на крэсла, з каменнаю аратарскай адвагаю шле праклёнствы збройцам, паказваючы свае мазольные далоні. Яго не хапаюць «ваякі», не глядзяць на яго. Некаторыя зь сялян з халопскай пакорнасьцяй моляць i просяць, каб ix выпусьцілі, бо яны вось не разумеюць, што гэта робіцца, бо, кажуць, яны не вінаваты. I апынуўшыся ўжо каля дзьвярэй, Крывашэін літасьціва пацягвае ix за рукавы: «Проходите... проходите...»

Прэзыдыум арыштованы. На яго месцы брыкаюцца «таварышы» са стрэльбамі ў руках. Прэзыдыум выводзяць. Раздаўся дружны сьпеў «Марсэльезы», у другім paгy сьпяваюць па-беларуску: «Ад веку мы спалі...».

Абодва гімны зьліваюцца ў рашучы гром адвагі й барацьбы... Загрукаталі крэсламі. У мінюту зьяўляецца новы Прэзыдыум... Растуць барыкады пасярод залі; з аднаго боку барыкадаў, пад гром гімнаў, новы прэзыдыум абвяшчае рэзалюцыю пратэсту, з другога боку бальшавіцкія гэнэралы абмяркоўваюць свае стратэгічныя дзеі.

Больш ніхто ўжо не пакідае сходу, уее цеснаю грамадой стоўпіліся за барыкадамі, слухаючы рэзалюцыю пратэсту. У гэтай масе зьядналіся i левыя, i правыя, i фракцыі, i зямлячаствы ў вадну моцную грамаду адважных рэвалюцыянэраў.

Спробы «гэнэралаў» «отозвать товарщеей большевиков» не ўдаюцца. Гэтыя «большевики» наймацней пратэстуюць. Стратэгія простая. Крывашэін камандуе зараз жа арыштаваць вунь гэтага кудлатага (старшыню новага прэзыдыуму). Ізноў атака... грукат крэслаў... «полк» разьбірае барыкады, абаронцы барыкадаў ix ізноў складаюць - ідзе нейкая бесканечная работа. Грукат заглушаецца новым громам гімнаў. «Полк» адхлынуў назад да дзьвярэй... Кінуўшыся ўперад, Рамнёў ізноў вядзе яго ў атаку... Лезуць праз барыкады, хватаюць новы прэзыдыум, хватаюць, каго могуць, ды выпіхваюць у дзьверы.

У новым прэзыдыуме паненка... Яна б'е па мэфістофэлевым твары Крывашэіна... Крык... гоман... гукі жалобнага маршу.

Нехта папхнуў мяне на Крывашэіна, той пацягнуў мяне за рукаў: «Проходите».

Я вырваўся ад яго, відочна пераканаўшыся па гарэлачнаму ад яго паху, што ён як мае быць п'яны... Зразумеўшы, што далейшая барацьба, напрасная, сход выходзіць у дзьверы, сьпяваючы «Жалобны марш». «Полк», акружыўшы ўсіх, падпіхае ззаду ў дзьверы.

Заля паволі апаражняецца. Пачало крыху днець. Выйшаўшы на вуліцу, я ўбачыў нейкіх «рыцараў» на сівых конях - чалавек каля дваццацёх - i два панцырных самаходы з кулямётамі.

Сход направіўся за арыштаванымі па Падгорнай вуліцы да Камэрчаскай школы (Штаба Рады Народных Камісараў). Я зірнуў на гадзіньнік: было ўжо пяць гадзін ранку 18 сьнежня.

Вялікі сход быў разагнаны за... «контррэвалюцыйныя мэты»!? «Контррэвалюцыянэры» пацягнуліся «да штабу рэвалюцыі», сьпяваючы... Што б вы думалі?.. Сьпяваючы рэвалюцыйныя гімны...

У душы не было жалю, што так сталася. Чулася энэргія, жаданьне барацьбы, чулася непакарымасьць праўды, бясьсьмертнасьць ідэі Вялікага Сходу!

26 мая 1918 Менск
Беларускае жыцьцё. 1920.
18 сакавіка.

20 ГАДОЎ НАЗАД
(Успамін пра Усебеларускі зьезд 1917 г.)

Шмат хто зь цяперашняе нашае моладзі чуў напэўна, што быў у Менску некалі Зьезд з усяе Беларусі, які хацеў лепшае долі свайму народу, што дасягнуць яе не ўдалося, бо сіла перамагла права: бальшавікі Зьезд разагналі, дэмагагічна трубячы, быццам складаўся ён... «из помешчыков и буржуазии». A тым часам нават i цяпер, праз 20 гадоў, лягчэй хіба было б сустрэць сярод беларусаў нэгра, як абшарніка або запраўднага капіталіста.

Што ж гэта быў за Зьезд? Як i скуль папаў на яго я? Што там рабіў, чуў i бачыў?

Шмат можна было б паставіць. падобных пытаньняў, шмат што напісаць. Хочацца ўспомніць пра кардынальнае зьявішча ў незайздроснай долі роднага народу, успомніць тое, што моцна трымаецца ў памяці.

Дый ці можна гэта з памяці выкінуць?..

Густы, малады хваёвы лес каля Рожышча (на Валыні). У зямлянках i бараках сярод гэтага лесу стаяў штаб 44-га расейскага корпуса, у якім мяне ўсе добра зналі як старшыню корпуснага камітэта. Зналі таксама, што я беларус, маю кантакт зь менскімі беларусамі, атрымліваю сваю родную літаратуру i г. д.

(13KB) Макар Краўцоў з жонкай. Вільня, 20-я гады. 3 асабістага архіва А. Ліса. Друкуецца ўпершыню.

Украінцаў у корпусе была цэлая 72-я дывізія. A беларусаў трудна было выявіць. Аказаліся яны самі. У першых чыслах сьнежня (паводле старога стылю) клічуць неяк мяне на сход беларусаў, быўшых у корпусе. Сход сабраўся недалёка ад корпуснага штаба ў 46-м інжынэрным палку. Заходжу ў прасторны барак. Каля сотні паўтары чалавек (а можа й больш) пад прэзэсоўствам штабс-капітана (прозьвішча ня помню, раз у жыцьці тады яго я толькі i бачыў); радзяцца, каго паслаць у Менск, на Ўсебеларускі Зьезд, a таксама i ў Кіеў на зьезд беларусаў-ваякаў был. расейскага Паўдзённа-Заходняга фронту (абодва зьезды зьбіраліся ў адзін i той жа самы час). Павінен зазначыць, што корпусны камітэт, на чале якога я тады стаяў, выбраны быў месяцы за два да бальшавіцкага перавароту, на 20 зь нечым сяброў сваіх меў гэты камітэт толькі 2-х бальшавікоў, органам новае (бальшавіцкае) улады ня быў... Землякі мае, сабраныя (ня ведаю, з чые ініцыятывы) у 46-м інжынэрным палку, таксама не былі бальшавікамі. Сярод сабраных пераважна былі салдаты, пара афіцэраў, некалькі вайсковых ураднікаў i пісараў. Скідаю шапку, вітаю землякоў па-беларуску. Нейкі ўраднік заікнуўся пра тое, што Беларусь, дык справа зразумелая, але каб мову сваю ў яе інстытуцыях заводзіць, дык гэта можа i крыху нешта лішняе. За родную мову выступіў адзін маладзенькі пісар i прачытаў цэлую лекцыю пра слаўную мінуўшчыну нашае мовы ў старадаўнай Літве... Мне запрапанавалі на выбар: ехаць дэлегатам у Менск або ў Кіеў, a калі спраўлюся, дык пабываць на абодвух зьездах. Я выбраў Менск. У Кіеў паехалі іншыя дэлегаты.

У Менск прыехаў я, калі Зьезд яшчэ зьбіраўся. Адразу кінулася ў вочы зусім слабая арганізацыя гэткага вялікага народнага веча. Не было ніякай рэальнай збройнай сілы, якая давала б гарантыю таго, што Зьезд магчыме давясьці сваю работу да канца. Думку гэткую я выказаў старшыні Цэнтральнае Беларускае Вайсковае Рады Рак-Міхайлоўскаму. Ад яго пачуў, што няма нават вартых жалю фінансаў, каб паслаць чалавек- пару ў Кіеў на зьезд фронту. Цешыла толькі тое, што прафэсіянальныя саюзы паштавікоў i чыгуначнікаў, a таксама іншая працоўная інтэлігенцыя, не вылучаючы акружнога камітэта расейскіх эсэраў i гарадзкіх ды губэрніяльных самаўрадаў (яшчэ тады бальшавікамі не паразганяных) былі на баку беларускага кангрэсу.

Адкрыць зьезд у гарадзкім тэатры 5(18)-га сьнежня 1917 году выпала на долю Рак-Міхайлоўскага. Ад прыроды не аратар, гаварыў ён неяк вяла, пачаў па-беларуску, зьехаў на расейскую мову... Энтузіязм, любоў да свае роднае зямлі, да лепшага заўтра свайго народу выклікалі сярод блізка што двухтысячнага Зьезду прывітальныя прамовы армейскіх дэлегатаў i прадстаўнікоў розных менскіх арганізацыяў. Громам воплескаў пакрываў Зьезд прывітаньне ўкраінца Кавердынскага, калі, паміж іншым, вырвалася з вуснаў яго: «Нашае гора - вашае гора, нашае сьвята - вашае сьвята...». Грымеў Зьезд на словы нашага паэта Алеся Гаруна, прамаўляўшага ад імя Белар. Сацыялістычнай Грамады. Паважна, на другі дзень (ужо ў зале былога Шляхоцкага Дома) віталі Зьезд два прамоўцы ад мясцовага польскага грамадзянства.

Сьвяточны бок справы мінуў, i Зьезд пачаў энэргічна працаваць у розных сэкцыях. Дыспанаваў Зьезд вялікім будынкам Шляхоцкага Дома, у зале якога зьбіраўся яго пленум; сэкцыі i камісіі Зьезду працавалі ў былым Губэрнатарскім доме. Бальшавікі стараліся, як маглі, раскласьці Зьезд унутры яго, зманулі на свой бок Шантыра i Фальскага ды аднаго з магілёўдаў. Кідалася ў вочы русафільства магілёўцаў з «Областного Белорусского Комитета», існаваўшага ў час керэншчыны ў Петраградзе. Земскія (самаўрадавыя) дзеячы з гэтага Камітэта - Канчар, Вазіла i іншыя абвясьцілі нават збор беларускага зьезду ў Менску на 10 дзён пазьней (Вялікая i Вайсковая Беларускія Рады склікалі Ўсеб. Зьезд на 5, a гэтыя паны на 15 сьнежня (паводле ст. стылю). Шантыру ўдалося на адзін вечар адкалоць меншую палавіну Зьезду, якую ён сам ахрысьціў як «левое течение». Вазіле з кампанамі ўдалося разьбіць Зьезд на гэт. званыя «зямлячаствы» (паводле губэрняў - Менскае, Магілёўскае, Віленскае, Горадзенскае i г. д.).

Мушу ўспомніць, што ў часе прывітаньняў віталі Зьезд i два народныя камісары «Западной областн н фронта»: «Берсан (нацыянальных справаў) i Рэзаускі (унутраных справаў). Першы зь ix выступаў ад ППС-левіцы, a другі - ад імя партыі балыпавікоў. Прамова Берсана была выслухана Зьездам спакойна, Рэзаускаму да канца дагаварыць не ўдалося. Калі ў часе прамовы ён узяў за ражок вісеўшага над аратарскай трыбунай (на сцэне Гарадзкога Тэатра) нацыянальнага беларускага штандару, назваў гэты штандар «национальной тряпкой» i заклікаў замяніць яе «красным знаменем Интернационала», дык на сцэну выйшлі два здаравяцкія матросы (адзін зь ix вядомы ўсяму Зьезду сваім грымотным голасам левы эсэр Дулін), узялі фігуру наркома Рэзаускага пад рукі i вывелі вон. Адзін зь менскіх наркомаў, таксама левы расейскі эсэр i матрос, Муха (сацыяльнай апекі), як дэлегат i беларус, быў увесь час на Зьезьдзе.

Характарным было тое, што ніводзін з выступаўшых на Зьезьдзе магілёўцаў па-беларуску не гаварыў. Будучы, гэтак трагічна закончыўшы сваю кар'еру, «прэзыдэнт» Савецкай Беларусі Алесь Чарвякоў хітранька маўчаў i трымаўся зусім незаўважаным, нічым не адрозьніваючыся ад цэлага мора сялянскіх шэрых світак i кажушкоў ды ня менш шэрых салДацкіх шынялёў, у якія вайна апранула тых жа сялянскіх сыноў Беларусі. Чорнаю вопраткаю выдзяляліся работнікі-петраградцы, жменя народных настаўнікаў, ня ўзятых на вайну, ды яшчэ меншая колькасьць прадстаўнікоў іншых інтэлігенцкіх прафэсіяў, a таксама i групка матросаў. Дзьве-тры адзінкі жанчын, напэўна, чуліся сіратліва сярод вялізарнага Зьезду. Некаторыя зь менскіх беларусаў, з наіўнасьцю чехаўскіх герояў зь мяшчанскага вясельля, цешыліся з таго, што быў на Зьезьдзе нават запраўдны гэнэрал (ген.- лейтэнант Аляксееўскі - былы начальнік артылерыі ўсяе Фінляндыі), выбраны дэлегатам ад сваіх салдатаў i беларусаў-маракоў Балтыцкага флёту.

Быў мамэнт, калі нашэпты бальшавікоў зрабілі немалы ўплыў на загадкавы сфінкс маўклівае наагул сялянскае масы Зьезду, і, апаражніўшы ад правізіі свае торбачкі, дзядзькі голасна заяўлялі, што ім пара ўжо ехаць дамоў. Адкрытыя контрвыступленьні лепшых аратараў Зьезду сярод сялян пераканалі ix, што галоўная задача яшчэ ня вырашана.

Надыходзіў фатальны мамэнт - ноч з 30-га на 31-е сьнежня (нов. стыль). Справа будучыні Беларусі абгаворана была ў «зямлячаствах», i ў кожным зь іх апрацованы былі дэклярацыі. Зарысаваліся два кірункі: смаленцы, менчукі, віленцы i горадзенцы выказваліся за як найбольшую самастойнасьць Беларусі, a віцябляне i магілёўцы не маглі разьвітацца з сваім усерасейскім патрыятызмам, снуючы думкі аб Расеі дэмакратычнай, якая надоўга, як аказалася, была пахована бальшавікамі. Ясна помніцца, што на паседжаньні горадзенцаў Я. Варонка заявіў: «Я ўжо цэлы тыдзень нашу ў партфэлі праект унівэрсалу аб незалежнасьці...».

Пад канец Зьезду зьявіліся зь Петраграда эмісары Сталіна-Джугашвілі (ён быў тады ўсерасейскім наркомам па справах нацыянальнасьцяў). Рознымі абяцанкамі нейкі салдат i два ці тры работнікі-беларусы стараліся дабіцца ад Зьезду прызнаньня ўсерасейскаю ўладаю петраградзкае рады народных камісараў. З гэтых стараньняў нічога ня выйшла.

Дэклярацыі «зямлячастваў» зводзіліся юрыстамі ў адну абшырную рэзалюцыю, i гэткія кампрамісныя людзі, як адвакат Цьвікевіч, стараліся хоць на паперы прымірыць масквафілаў-магілёўцаў з самастойнікамі. У бакавым пакоі вялікае залы Шляхоцкага Дома ішлі гарачыя спрэчкі сяброў Рады Зьезду вакол усялякіх формулаў Цьвікевіча. Каля гадзіны першай уночы з 30 на 31 сьнежня як быццам быў знойдзены нейкі кампраміс. Янка Серада - старшыня Зьезду - адкрыў яго пленум. У нарадзе над формулай Цьвікевіча (пункт першы, як бы дэкляратыўна-ўступны, рэзалюцыі) умоўлена было, што за i проці гэтага пункта рэзалюцыі (з папраўкай аб поўнай беларускай самастойнасьці) выступіць толькі па адным аратары. Гаварыць за рэзалюцыю Цьвікевіча вызначаны быў магілёўскі жыдок (здаецца, Гольдман), проці формулы Цьвікевіча, значыцца проці фэдэрацыі зь неіснаваўшай Расейскай дэмакратычнай рэспублікай, выступіць вызначылі мяне. Старшыня даў слова Гольдману. Той пачаў гаварыць. Я зыйшоў уніз, пад эстраду прэзыдыума, скуль Гольдмана вельмі добра было чутно, i натаваў слабыя месцы яго аргумэнтацыі, адначасна накідаючы кароткі канспэкт свае прамовы. Да мяне спусьціўся магілёвец Канчар i з буйнымі сьлязьмі на вачох прасіў не падрываць кампрамісу, прыдуманага Цьвікевічам. Мамэнт высока-драматычны. Нейкі малітвенны настрой.

Маўчу i лаўлю кожнае слова з трыбуны. Хвалі нявымоўных адчуваньняў расьпіраюць грудзі. Ні я, ні Канчар ня ведаем, што над Зьездам павіс фатум.

Гольдман гаварыў мінут пяць ці дзесяць. Раптам сьціх... Каля прэзыдыума вырасьлі дзьве шэрыя фігуры: успамінаны ўжо тут нарком унутраных справаў Рэзаускі i п'яны, у шапцы зь вялізарным бліскучым брылём, нязвычайна хамаваты выглядам, начальнік менскага бальшавіцкага гарнізона Крывашэін.

Кто вы? Ваш мандат, товарищ? - энэргічна пытаецца старшыня Зьезду д-р Серада.

Я начальннк гарнизона! - выкрыкнуў сярод агульнага гоману Крывашэін...- Прошу слова! - паўтарае ён...

Старшыня звоніць. На залі крыху цішэй.

Я под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели... - пляце нейкую бязглузьдзіцу Крывашэін. Магутны гул пратэсту заглушае яго... Віцэ-старшыня Вазіла закрывае Зьезд... Серада звоніць, пазбаўляе Крывашэіна слова i ўзнаўляе паседжаньне, на якім усе трымаюцца стоячы, не вылучаючы самога старшыні. Сядзіць толькі сакратар Калядка i ўвесь час піша. З маестатычнай павагаю ўзносіцца сярод прэзыдыуму фігура прафэсара Карскага. Вазіла брыкнуў назад галавою... Прыкінуўся ці запраўды самлеў?.. Страшэнны гоман i мітусьня...

Улавіўшы мамэнцік некаторай цішыні, Рэзаускі абвяшчае Зьезд распушчаным, a Прэзыдыум яго арыштованым... Матрос Муха голасна пратэстуе i заяўляе, што ён больш не камісар апекі... Тымчасам урываюцца ў залу ўзброеныя салдаты Рамнёва і, разыходзячыся направа i налева, стараюцца ахапіць Зьезд. Дэлегаты спраціўляюцца, настаўляючы грудзі, іншыя па-сярэдзіне грымяць крэсламі, барыкадаю адгароджваючы Прэзыдыум. Калёнаю ў два рады салдаты ўціскаюцца ў сярэдзіну Зьезду. Дайшоўшы да барыкадаў, Рамнёў вымае з похвы рэвальвэр, паднімае ўгару i колькі разоў націскае цынгель... Але стрэлу не чутно... Пара трусьлівых сьвітак бяжыць за раяль, што стаіць па левай руцэ прэзыдыуму. Магутная фігура селяніна ў жоўтым расшпіленым кажусе становіцца на крэсьле пасярэдзіне залы, сьціскае свае мазалістыя кулакі i крычыць: «Раззброіць ix!» - паказваючы на чырвонаармейцаў...

Усё бачанае апісаць немагчыма... Зьезд разганяецца пагрозаю штыхоў... Нехта запяяў беларускую марсэльезу. Зь ёю выходзім паміж шпалерамі збройных салдатаў, па сходах на Падгорную вуліцу...

На скрыжаваньні Скобелеўскай i Падгорнай - ваякі на белых конях... Два панцырнікі грозна маўчаць...

Паход разагнанага Зьезду скіроўваецца ў бок рэзыдэнцыі бальшавіцкае ўлады - будынку Камэрцыйнае Школы... З тысячы грудзей разьлягаецца матыў хаўтурнага марша: «Вы жертвою пали в борьбе роковой...»

З заміраньнем гукаў чужое трагічнае песьні гінула воля народная, сярод мяккае зімовае ночы, ахінаўшай сэрца Беларусі ценямі рабства...

Шлях моладзі. 1938. 5, 26 лют.


Прадмова i падрыхтоўка да друку Аляксандры ГЕСЬ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX