Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Пецюкевіч Мар'ян. Успаміны пра віленскі музэй 


Аўтар: Пецюкевіч Мар'ян,
Дадана: 09-06-2014,
Крыніца: Пецюкевіч Мар'ян. Успаміны пра віленскі музэй // Спадчына. 1995. №2. С. 77-85.



Пачатак II Сусьветнай вайны застаў мяне на становішчы загадчыка Аддзелу забароненай кнігі ў Дзяржаўнай Бібліятэцы ім. Урублеўскіх у Вільні, якая памяшчалася ў былым палацы Тышкевічаў па вул. Зыгмунтоўскай, 2/8.

Фонды гэтага забароненага аддзелу складаліся з кнігазбору Навукова-Дасьледчага Інстытуту Ўсходняй Эўропы, які па дамоўленасьці дырэкцыі Інстытуту з дырэкцыяй бібліятэкі быў перададзены Дзяржаўнай бібліятэцы ім. Урублеўскіх. У перададзеным кнігазборы пераважала літаратура, якая выйшла з друку на тэрыторыі Савецкага Саюзу і, як такая, лічылася небясьпечнай, а таму i была недаступная для публічнага карыстання.

Мар'ян Пецюкевіч.

На загад органаў дзяржаўнай бясьпекі з гэтага перададзенага Інстытутам кнігазбору дырэкцыя бібліятэкі арганізавала спэцыяльны аддзел г. зв. «забароненай кнігі», зь якога мелі права карыстаць толькі тыя асобы, якія мелі пісьмовае скіраваньне ад навуковых устаноў, ад пракуратуры, суду, органаў бясьпекі, ад дырэктара бібліятэкі i інш. З гэтай «забароненай літаратуры» маглі карыстацца ўпаўнаважаныя асобы толькi ў чытальні пад наглядам дзяржаўнага бібліятэкара. На становішчы загадчыка аддзелу «забароненай літаратуры» адпрацаваў я роўна 10 год.

Вось тут ад разу напрошваецца пытаньне: як сьвядомы i актыўны беларус, якія ў панскай Польшчы гуртам атрымлівалі этыкеткі «камуністаў», мог займаць такое вельмі адказнае становішча? Як органы дзяржаўнай бясьпекі

г. Вільні маглі згадзіцца з такім «ненармальным» фактам?

Так, каб атрымаць тут працу, мне былі неабходныя «моцныя цлечы». Як кажа наша прымаўка, «сьвет не бяз добрых людзей». Знайшліся добрыя людзі з моцнымі плячамі, а менавіта: мая прафэсар этнаграфіі Цэзарыя Бадуэн дэ Куртэнэ Эгрэнкройц - дачка славутага славіста, прафэсара-дэмакрата Яна Бадуэн дэ Куртэнэ, i ейны муж - прафэсар Стэфан Эгрэнкройц, які ў той час быў сэнатарам польскага парлямэнту i рэктарам Віленскага ўнівэрсытэту С. Баторыя. Мае пратэктары паручыліся за мяне, што я, маўляў, ня буду займацца прапагандай савецкай літаратуры, што нікому без пісьмовага дазволу ня буду «на лева» выдаваць «крамольную» літаратуру. А калі б парушыў абавязацельствы, то за гэта буду пакараны судом i страчу працу.

Але мае абавязацельства i «асьцярожнасьць» доўга не працягваліся. Я набраўся адвагі i пачаў патаемна выдаваць забароненую літаратуру без спэцыяльнага дазволу сваім давераным сябрам i добрым знаёмым ня толькі да карыстаньня ў публічнай чытальні, але некаторым «пазычаў» нават дахаты.

Да маіх нелегальных чытачоў належалі перадусім пісьменьнікі, журналісты, культурныя i палітычныя дзеячы Заходняй Беларусі, якія стала пражывалі ў Вільні, i некаторыя прыежджыя з правінцыі. Частымі наведнікамі чытальні былі Максім Танк, Міхась Машара, а прыяжджаючы ў Вільню, няраз наведвалі Міхась Васілёк, Валянцін Таўлай i іншыя. Часта наведвалі чытальню Янка Шутовіч, інж. Адольф Клімовіч, Янка Пазьняк, Язэп Найдзюк. Карысталі зь нелегальнай літаратуры i супрацоўнікі газэты «Попросту», якую выдавала польская дэмакратычная моладзь.

Некалькі год дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі ім. Урублеўскіх быў прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту д-р Эрвін Кашмідэр, які не хадзіў мне па пятах, што i да давала мне адвагі «падкормліваць» сваіх нелегальных чытачоў савецкай літаратурай. Але за пару год перад начаткам ІІ Сусьветнай вайны палажэньне пагаршаецца, змушае мяне да большай асьцярожнасьці. Замест праф. Э. Кашмідэра Міністэрства асьветы i рэлігійных веравызнаньняў на становішча дырэктара назначае д-ра Стэфана Бургардта - службіста, «пілсудчыка», які вельмі цікавіўся маёй асобай i аддзелам забароненай літаратуры. Новы дырэктар зь недаверам адносіўся да мяне, а я таксама да яго, але выжыць зь бібліятэкі ён ня меў ніякіх доказаў- «доводув жэчовых» - і, зразумела, лічыўся з тымі асобамі, якія за мяне паручыліся.

Першага верасьня 1939 году пачалася II Сусьветная вайна. Дырэктара бібліятэкі ім. Урублеўскіх д-ра Бургардта, як афіцэра рэзэрвы, змабілізавалі ў польскую армію. Кіраўніцтва бібліятэкі аўтаматычна абыймае намесьнік дырэктара - кусташ Галена Дрэж. Мяне покуль што ня клічуць на вайну, як аказалася, па той акалічнасьці, што я быў залічаны да катэгорыі нядобранадзейных грамадзян санацыйнай Польшчы, якім г. зв. ПКУ выдавала вайсковыя мабілізацыйныя білеты сіняга колеру. Вось мяне i ня клікалі на вайну, як сінебілетнага рэзэрвіста.

Як вядома, вайна санацыйнай Польшчы з гітлераўскай Германіяй, узброенай да зубоў, працягвалася коратка, кончылася разгромам Польшчы. Для Савецкага Саюзу i працоўных Заходняй Беларусі ўлучылася добрая нагода аб'яднаць Заходнюю Беларусь з Усходняй. 17 верасьня Савецкая армія займае ўсю тэрыторыю б. Заходняй Беларусі, у тым ліку i Вільню, якую ў тую пару савецкая ўлада лічыла сталіцай Заходняй Беларусі.

Разам з Савецкай арміяй прыбылі на вызваленыя абшары i арганізатары ўсіх рэсортаў савецкай улады. У Вільню, як у сталіцу Заходняй Беларусі, прыехалі выдатныя арганізатары - спэцыялісты па ўсіх галінах цывільнай савецкай адміністрацыі.

Я, як работнік культуры, апынуўся пад начальствам «зубастага» камісара па справах культуры i асьветы, назначанага на г. Вільню i акругу, - I. Ф. Клімава, якога штаб разьмясьціўся ў будынку б. польскай кураторыі Віленскай школьнай акругі. Зь мясцовых беларусаў у гэты штаб Клімава былі заангажаваныя такія асобы: паэт i журналіст д-р Францішак Грышкевіч i, называючы сябе беларусам, нікому тут не вядомы нейкі А. Кастальскі, які ў штабе Клімава займаў становішча начальніка кадраў. Ен жа выдаў мне назначэньне 1 кастрычніка 1939 г. на становішча дырэктара бібліятэкі ім. Урублеўскіх у Вільні i адначасна работніка Віленскай школьнай акругі з зарплатай паводле VI групы.

Ініцыятыва назначэньня мяне дырэктарам бібліятэкі ўрублеўскіх выйшла ад супрацоўнікаў бібліятэкі, якія ў асноўным былі польскай нацыянальнасьці і, убачыўшы, што савецкая ўлада зрабіла Вільню сталіцай Заходняй Беларусі, а Віленскае ваяводзтва бяз мала ўсё ўключыла ў склад БССР, запрапанавалі мне як беларусу выказаць згоду на становішча дырэктара. Я згадзіўся, калі на маю кандыдатуру згодзіцца камісар Клімаў. У камісарыяце Клімава з задавальненьнем была прынятая мая кандидатура на становішча дырэктара бібліятэкі ім. Урублеўскіх, якое я i заняў.

Нядоўга, аднак, давялося мне займаць становішча дырэктара згаданай бібліятэкі.

Па дамоўленасьці Савецкага Саюзу з у радам Літвы Вільня была перададзеная Літве, а таксама i некаторыя абшары б. Віленскага ваяводзтва, на якіх пражывала насельніцтва літоўскай нацыянальнасьці. Перададзеныя абшары, у тым ліку i Вільню, прыняла літоўская адміністрацыя, якая заводзіла на новых абшарах свае парадкі, як жа часта вельмі няпрыемныя для многанацыянальнага насельніцтва г. Вільні.

Перад самай эвакуацыяй савецкай адміністрацыі зь перададзеных абшараў Літве ў ліку арыштаваных ёю некаторых жыхароў Вільні аказаліся ведамыя беларускія культурныя i палітычныя дзеячы розных ідэалягічных напрамкаў, а менавіта: Вячаслаў Багдановіч, які толькі што выйшаў з канцлягераў у Картуз-Бярозе, Антон Луцкевіч - дырэктар Беларускага музэю ім. Івана Луцкевіча i старшыня Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні, Уладзімер Самойла, сталы супрацоўнік прагрэсіўнай прэсы Заходняй Беларусі, ведамы журналіст, ён жа i блізкі сябра i спадарожнік Янкі Купалы, інжынэр Антон Нэканда-Трэпка - заслужаны дзяяч на ніве культурна-асьветнай у Заходняй Беларусі, інжынэр Бусел - с.-р, Янка Пазьняк - журналіст i інш.

У выніку арыштаў Беларускі музэй быў пазбаўлены кіраўніцтва i працаўніка ў адной асобе, а Беларускае Навуковае Таварыства - свайго лідэра. На дзьвярох Беларускага музэю i Беларускага Навуковага Т-ва доўга вісеў замок, i мала хто ведаў, у каго знаходзяцца ключы.

На становішча дырэктара ў бібліятэку ім. Урублеўскіх сьмятонаўская адміністрацыя назначае добра мне знаёмага, сымпатычнага, вельмі культурнага пісьменьніка i перакладчыка польскай літаратуры на літоўскую мову Антанаса Валайціса. Я быў пераведзены на працу бібліятэкара бібліятэкі ім. Урублеўскіх, якая пры літоўскай адміністрацыі была падначаленая Інстытуту Літуаністыкі. Аб тым, што я быў працаўніком Інстытуту Літуаністыкі, сьведчыць

спраўка, падпісаная ўжо другім дырэктарам бібліятэкі Сужадзелісам ад 18 кастрычніка 1940 г. Працаваў я ў адным аддзеле бібліятэкі зь беларусам Аляксандрам Ружанцовым, які многа гадоў быў дырэктарам Цэнтральнай Ваеннай Бібліятэкі ў Коўне. Ня меў я прыемнасьці доўга папрацаваць з гэтым мілым чалавекам, высокакваліфікаваным i вопытным спэцыялістам бібліятэчнай справы.

29 кастрычніка 1940 г. атрымліваю пісьмовы загад за № 828 Інстытуту Літуаністыкі, падпісаны. сакратаром К. Борута, адчыніць Музэй Беларускага Навуковага Таварыства для перадачы яго ў ведамства Інстытуту Літуаністыкі. Ключы былі знойдзены, i музэй быў адчынены i перададзены Інстытуту Літуаністыкі, які падлягаў Народнаму Камісарыяту Асьветы Літ. ССР.

У канцы кастрычніка я пераходжу на працу ў Беларуси музэй ім. Івана Луцкевіча, як адзіны навуковы i адміністрацыйны працаўнік, а таксама пачаткова i фізычны. Быў адзіны работнік, які паліў у печах, каб ратаваць экспанаты ад плесьні i зьнішчэньня. Маім супрацоўнікам быў Віктар Дыра - беларус, вельмі працавіты ашмянчук. Такі быў пачатак, i да нашых абавязкаў у першую чаргу належала ратаваньне скарбаў ад зьнішчэньня.

Я безупынна дамагаўся ад кіраўніцтва Інстытуту павелічэньня ліку працаўнікоў, як навуковых, так i тэхнічных, а такія сярод беларускай творчай інтэлігенцыі ў Вільні былі i яшчэ ня мелі сталай працы. Дырэктарам Інстытуту Літуаністыкі, а здаецца, каротка i народным камісарам асьветы Літ. ССР быў тады прафэсар Вінцас Крэвэ-Міцкявічус. Ен прыняў пад увагу мае аргумэнты i дамаганьні ды дазволіў прыняць на працу ў музэй неабходную колькасьць працаўнікоў навуковых i тэхнічных. Прыйшлі на працу ў музэй ведамы беларускі мастак Петра Сергіевіч, літаратурны крытык i юрыст Янка Шутовіч, Янка Бэкіш - вопытны спэцыяліст па нумізматыцы, Владас Дрэма - мастак-літовец і дзьве працаўніцы ў бібліятэку музэю, якіх скіраваў да нас праф. Крэвэ-Міцківічус (мабыць, яго знаёмыя), адна полька, другая руская. Ніводная зь ix ня мела кваліфікацыі да працы ў нашым музэі, адно ўмелі чысьціць літаратуру ад пылу.

Неўзабаве на базе Інстытуту Літуаністыкі арганізуецца Акадэмія Навук Літ. ССР, i наш музэй, як усе іншыя ў Вільні, пераходзіць у ведамства Акадэміі, якой першым прэзыдэнтам быў праф. В. Крэвэ-Міцкявічус. Музэі былі панумараваныя. Беларускі музэй названы № 1: «Музеюс I (гуду)». На аснове загаду № 5 ад 4 траўня 1941 г. прэзыдэнта Акадэміі Навук Літ. ССР я як загадчык Музэю № 1 (беларускага) залічаюся ў штат працаўнікоў Акадэміі Навук Літ. ССР зь месячнай зарплатай 700 руб., пачынаючы ад 16 студзеня 1941 году.

Нягледзячы на неадпаведнае - цеснае, цёмнае i вільготнае - памешканьне, у якім знаходзіўся Беларускі музэй у гэтак званых «Базыльянскіх мурох» на Вастрабрамскай вул., № 9, ад 1921 году экспанаты яго, перавезеныя сюды з прыватнай кватэры братоў Луцкевічаў, былі збольшага разьмеркаваныя ў аддзелы: 1. Археалягічны. 2. Гістарычны. 3. Этнаграфічны. 4. Мастацтва. 5. Прадметы рэлігійнага культу. 6. Архіў (старыя друкі i рукапісы). 7. Нумізматыка. 8. Бібліятэка (у асноўным - беларусіяна).

Збольшага знаёмячыся са скарбам Беларускага музэю ім. Івана Луцкевіча, дзіву даешся, як адзін чалавек на працягу 20 год змог працаваць у музеі, выконваючы ўсе неабходныя абавязкі дзеля захаваньня бясцэнных экспанатаў ад нішчэньня. Быў гэтым тытанам ахвярнай працы Антон Луцкевіч, які знаходзіў яшчэ час i на дыдактычную працу ў Віленскай Беларускай Гімназіі, i на грамадзкую ў Беларускім Навуковым Таварыстве i ў розных беларускіх арганізацыях, і, як выдатны журналіст, як палітычны i культурны дзяяч Заходняй Беларусі, праз друк папулярызаваў беларускую справу на міжнароднай арэне. Не каму іншаму, а перадусім Антону Луцкевічу належыцца прызнаньне i словы ўдзячнасьці за працу i захаваньне ад зьнішчэньня экспанатаў, якую ён пасьвяціў Беларускаму музэю ў Вільні на працягу 20 год, кіруючыся высакародным піетызмам да роднай культуры i навукі.

Наша сьціплая грамадка музэйных працаўнікоў зь вялікім энтузіязмам прыступіла да працы, не шкадуючы ані сіл, ані здароўя, ані часу, бо працавалі i па-за абавязковымі гадзінамі. Зноў падкрэсьліваю, што праца праводзілася ў цяжкіх i шкодных для здароўя ўмовах неадпаведнага памешканьня.

Я як загадчык музэю меў агульнае кіраўніцтва i нагляд за нашай працай i дадаткова прыступіў да ўпарадкаваньня архіву (з рукапісамі) i старых друкаў, перадусім да інкунабулаў. У аддзеле мастацтва працаваў як спэцыяліст Петра Сергіевіч, памагаў яму Владас Дрэма, нумізматыку i сфрагістыку апрацоўваў Янка Бэкіш, Янка Шутовіч займаўся гістарычнымі экспанатамі i іншымі, а дзьве «бібліятэкаркі» здымалі пыл з друкаў i ўкладалі разрозьненыя часопісы ў гадавікі. Два тэхнічныя работнікі - Віктар Дыра i Юзаф Мусял - палілі ў печах i глядзелі за чысьцінёй у памешканьні музэю.

Тых, хто цікавіўся б колькасьцяй i якасьцяй экспанатаў Беларускага музэю ім. Івана Луцкевіча ў Вільні, адсылаю да артыкулаў Антона Луцкевіча:

1. Беларускі музэй ім. Івана Луцкевіча (Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства. Вільня, 1933 г.

2. Muzeum białoruskie im. Jana Luckiewicza w Wilnie. «Balticoslavica», Wilno, 1933, t. I. S. 47-55.

Згаданыя артыкулы даюць вычарпальныя i правідловыя зьвесткі пра гісторыю музэю i яго скарбы, якія перахоўваліся там да гітлераўскай акупацыі.

Праца нашага сьціплага калектыву даволі хутка пачала даваць добрыя вынікі.

але дзеля таго, каб экспанаты Беларускага музэю былі даступныя для мэтаў турыстычных, на гэта яшчэ чакала вялікая праца над экспанатамі, а перадусім адпаведнае памешканьне. Нягледзячы, аднак, на такі ненармальны стан музэю, мы дазволілі, шляхам выключэньня, карыстаць з нашых матар'ялаў вучоным, пісьменьнікам i журналістам. Напрыклад, у траўні 1941 г. наведалі музэй Янка Купала, Якуб Колас, акадэмік Цімох Гарбуноў, а таксама ў розных датах 1941 г. пабывалі тут літаратуразнаўца Васіль Барысенка, прафэсар Фіглоўская, паэт Алесь Кучар i інш. Наведвалі i літоўскія вучоныя. Усе такія наведнікі цікавіліся перадусім архіўнымі матар'яламі (рукапісамі) i «белымі крукамі» бібліятэкі, а, прызнацца, было ix нямала ў фондах музэю.

Але ўжо нават у траўні 1941 году адчуваўся пах пораху. Прыбліжаўся страшны дзень нападу гітлераўскай навалы на Савецкі Саюз. Нягледзечы на няпэўнасьць заўтрашняга дня, праца ў музэі працягвалася, можна сказаць, нармальна да апошняга дня перад інвазіяй. Яшчэ 5 чэрвеня 1941 году Акадэмія Навук Літ. ССР выдае мне спраўку за № 1268, якую мусіў я прадставіць у Кватэрны аддзел Гарвыканкому г. Вільні. А 14 чэрвеня сакратар]ят той жа

Акадэміі за № 1429 паведамляе мне, што мне належыцца водпуск на адпачынак ад 1 да 29 ліпеня.

Як бачым, нядоўга мы папрацавалі ў сьвятыні беларускіх скарбаў. 22 чэрвеня 1941 году пасыпаліся разрушальныя i сьмерцяносныя бомбы ворага на наш горад. Была нядзеля - выхадны дзень, Музэй быў зачынены, а ключы ад яго знаходзіліся ў тэхнічных работнікаў. Ужо было запозна ратаваць музэйныя экспанаты. На шчасьце, аднак, будынак, у якім знаходзіўся Беларускі музэй, ня быў пашкоджаны варожымі бомбамі. Ключы ад музэю былі забясьпечаныя. Я ня мог заставацца ў горадзе, на які часта налятала гітлераўская авіяцыя, трэба было ратаваць сям'ю i вывозіць з палаючага гораду на вёску. Хутка нельга было вяртацца мне ў горад. Я атрымаў праз свайго брата Уладыслава вестку ад кс. Адама Станкевіча, што мяне (за актыўнасьць у прафсаюзах работнікаў культуры) шукаюць літоўскія фашысты. I я ў Беларускі музэй на працу ўжо не вярнуўся.

У часы гітлераўскай акупацыі распачынаецца драматычны i апошні акт у гісторыі Беларускага музэю ім. Івана Луцкевіча.

На становішча загадчыка Беларускага музэю прэзыдэнт Акадэміі Навук праф. М. Біржышка назначыў Янку Шутовіча. Экспанаты музэю былі перавезеныя ў новае памешканьне Мастацкага Інстытуту пры Бэрнардынскім касьцёле. Пачалі ад часу да часу «наведваць» музэй гітлераўскія рабаўнікі, каб «аблюбаваць» сабе які каштоўны экспанат. Янка Шутовіч сумесна зь Петрам Сергіевічам, рызыкуючы сваім жыцьцём, пачалі што каштоўнейшае «выкрадаць» з музэю i хаваць у розных бясьпечных месцах, а перадусім замуроўваць у падзямельлі касьцёла сьв. Міхала, дзе кс. Адам Станкевіч быў пробашчам i як гаспадар гэтай сьвятыні параіў Я. Шутовічу перахоўваць тут каштоўнейшыя скарбы беларускага народу.

Нядоўга знаходзіліся экспанаты Беларускага музэю ў новым памешканьні. Разгром гітлераўскіх арміяў на франтох i на тылох ворага даваў пераканальныя доказы, што гітлераўская Германія з трэскам прайграе вайну. Распачаўся рабунак культурных каштоўнасьцяў на ўсіх акупаваных абшарах Эўропы.

Не абмінулі рабаўнікі i Беларускага музэю. Янка Шутовіч атрымаў ад нейкага «зондэра» па культурных справах загад зьбіваць скрыні i падрыхтаваць экспанаты да вывазкі ў Нямеччыну. Адмовіцца ад такога загаду ворага было раўназначна з куляй у лоб. Я. Шутовіч, ратуючы сваё жыцьцё, выканаў загад.

Скрыні з экспанатамі былі вывезеныя ў Кёнігсбэрг. Праўда, аб тым, які лёс спаткаў экспанаты, перахаваны ў касьцёле сьв. Міхала, i тыя, якія пасьля вызваленьня былі вернутыя ў Вільню, можа сказаць адзіны сьведка - Пётра Сергіевіч. Аднойчы, наведваючы Этнаграфічны музэй у Вільні, я бачыў экспанаты Беларускага музэю ім. Івана Луцкевіча. Па якіх крытэрыях адбываўся падзел экспанатаў між Вільняй i Менскам - мне няведама.

Торунь, 9 сьнежня 1977 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX