Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Езавітаў К. Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада


Аўтар: Езавітаў К.,
Дадана: 06-03-2014,
Крыніца: Езавітаў К. Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада // Крывіч №1(7) - 1924. С. 37-45.; №9-1925 С. 80-92.



Крывіч №1(7) - 1924. С. 37-45.

25.XI.1917. - 25.XI.1924.

6 лістапада гэтага году спаўняюцца 7 гадоў з таго часу, як у Менску запачаткавана была Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада.

Створана яна была пастановай "Зьезду Беларусаў-Ваякаў Заходняга Фронту i прадстаўнікоў беларускіх арганізаціяў XII арміі, Балтыцкага флоту i Румынскага фронту", які адбіўся ў Менску 18-25 кастрычніка 1917 г. па стараму стылю, або, пераводзячы на новы, - 31 кастрычніка - 6 лістапада.

Адмячаючы 7 гадаўшчыну утварэньня Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады пастараемся успомніць усё тое што ўлажыла яна сваей працай ў Скарбніцу Беларускага Руху.

МЭТЫ БЕЛАРУСКАЙ ВАЙСКОВАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ.

Ужо з першых крокаў Беларускіх Націянальных Арганізаціяў, перад Часовым Урадам Расіі, ў 1917 гаду, выразна выявілася, што беларускія націянальныя дамаганьні толькі тады будуць споўнены, калі кождае з ix будзе падпірацца не старэнна мотываванымі дэкляраціямі, а моцнай націянальна-беларускай сілай, найлепш-жа - сілай аружнай.

Зрабілася гэта ясным яшчэ ў красавіку месяцы. Але беларусы не сьпяшаліся з утварэньнем беларускага націянальнага войска, бо ўсё яшчэ чакалі, што справядлівыя ix дамаганьні, якія абмежываліся ў той час толькі культурна-прасьветнымі i адміністраційна-тэрыторыяльнымі патрэбаваньнямі, будуць споўнены без аружнага дэмонстраваньня сваіх патрэб i правоў.

Беларусы яшчэ крэпка верылі ў большую моц права, што ня толькі лічылі беларускае войска не патрэбным, але зусім шчыра думалі, што яно будзе шкоднай абузай у Беларускім руху i замест дапамогі ў націянальнай справе прывядзе да якіх колечы непатрэбных вострых спрэчак i трэньняў паміж беларусамі i Цэнтральнай Уладай.

Аднак час - найлепшае лякарства.

I ўжо ў сярэдзіне лета 1917 г. ўсе беларусы зусім ясна сабе ўцямілі, штo спрэчкі ўжо ёсьць, што яны будуць i ў далейшым, што беларускія вымаганьні, як бы яны не былі малымі i як бы яны не былі праўдзівымі, павінны быць абаперты ня толькі на юрыдычна праўнай падставе, але яшчэ i на беларускі штык. I вось, - па прыкладу іншых націянальнасьцяў Расіі, - якія прыйшлі да гэтай думкі на цэлых поўгада раней за беларусаў i да восені 1917 г. здужалі ўжо стварыць свае вайсковыя націянальныя часткі, выдзяліўшы ix з агульных радоў Расійскага войска, - беларусы пераносяць націянальна арганізаціўную працу ў Расійскую Армію i гуртуюць беларусаў вайсковых раскіданых у ей па асобных частках, ставячы сваей мэтай выдзяленьне беларусаў ў асобныя палкі i перавод гэтых палкоў на заходні-беларускі фронт.

Страшна спозьніліся беларусы. Ужо па ўсіх фронтах разьвяваліся націянальныя сьцягі зусім закончаных украінскіх, татарскіх i іншых формаваньняў, ужо ў глыбокім тылу (бліжэй да штабаў i інтэндантстаў) заканчываў эквіпіроўку, ва ўсё новенькае i чысьценькае, сваіх лёгіёнаў польскі генерал Даўнар-Мусьніцкі, а беларусы, скончыўшы ўрэшце спрэчкі аб патрэбе, ці непатрэбнасьці беларускага войска, толькі-толькі яшчэ прыступілі да працы сярод сваіх вайсковых i да нацыянальнага усьвядомленьня i згуртаваньня ix.

З рэдкім адушаўленьнем i надзвычайнай радасьцю адазваліся беларусы вайсковыя на покліч сваей Бацькаўшчыны.

У працягу якіх колечы двох месяцаў, жніўня - верасьня, ўся Расійская армія пакрылася густой сеткай беларускіх вайсковых арганізаціяў.

У кастрычніку перад усімі імі паўстала пытаньне аб агульным аб'еднаньні беларусаў войсковых i аб утварэньні якогась Цэнтральнага Органу, які ўзяўбы йя сябе кіраўніцтва працай сярод вайсковых арганізацыяў Беларускага Войска.

СТВАРЭНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ ВАЙСКОВАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ.

Працай i старэньнем асобных беларускіх вайсковых арганізаціяў, а такжа з дапамогай Беларускай Цэнтральнай Рады Нацыянальных Арганізаціяў, - 18-24 кастрычніка, па старому стылю, у Менску адбыўся Зьезд Беларусаў вайсковых Заходняга фронту i прадстаўнікаў беларускіх арганізаціяў XII арміі, Балтыцкага флоту i Румынскага фронту.

Зьезд гэты на сходзе сваім 20.X (па старому стылю) пастанавіў утварыць "Беларускую Вайсковую Цэнтральную Раду" i перадаць ей агульнае кіраваньне беларускімі вайсковымі справамі.

Вайсковая Рада, па думцы зьезду павінна была злажыцца i потым злажылася гэткім чынам:

1. на кождым з істнуючых расійскіх фронтаў, а таксама i ў кождым з тылавых Вайсковых вокругаў, адбываецца фронтавы, або акружны, беларускі вайсковы зьезд;

2. кожды з гэтых зьездаў дэлегуе ў Беларускую Вайсковую Цэнтраль­ную Раду 15 чалавек;

3. кожды зьезд на мейсцы утварае фронтавую (або Акружную належнага фронту i Вокругу), Беларускую Вайсковую Раду, якая павінна працаваць у падчыненьні Вайскавай Цэнтральнай Радзе, i ў поўным кантакце з мясцовымі Беларускімі грамадзкімі арганізаціямі;

4. ўсе дэлегаты ад фронтаў i Акругоў пэрыядычна зьбіраюцца ў Менск дзе працуюць у сэсіях Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады;

5. Першая Сэсія Вайсковай Рады выбірае для заўсёднай працы асобны спаўняючы орган - "Спаўняючы Камітэт Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады";

6. Спаўняючы Камітэт Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады працуе ўвесь час у Менску i мае аддзелы:

а. Вайсковых формаваньняў,

б. агітаційны,

в. палітычны,

г. культурна-прасьветны,

л. фінансавы i

е. гаспадарчы.

7. На чале Спаўняючага Камітэту стаіць прэзыдыум з пяці асоб:

а. Старшыні,

б. 1-га таварыша яго,

в. 2 га

г. скарбніка,

д. сэкрэтара.

Зьезд Заходняга фронту зараз-жа выдзяліў сваіх прадстаўнікоў ў Беларускую Вайсковую Цэнтральную Раду, i яна, хоць i ня ў поўным пакуль што складзе, адразу-ж прыступіла да працы.

Першая сэсія Рады адбываецца яшчэ ў часе працы Зьезду Заходняга фронту, цягнецца ўсяго 2 дні: з 22 па 24 кастрычніка, i заканчываецца выбарамі Часовага Спаўнаючага Камітэту Беларускай Цэнтральнай Рады, на які ўскладаецца абавязак вясьці працу да поўнага сконструктаваньня яе.

Першымі дэлегатамі на папаўненьне Бел. Вайск. Цэнтр. Рады яўляюцца прадстаўнікі зьезду Беларусаў Вайсковых Паўночнага фронту, за імі -Паўдзённа Заходняга, пасьля Румынскага i т. д.

4 i 5 сьнежня адбываецца 2-я сэсія Бел. Вайск. Цэнтр. Рады.

Прэзыдзіум Спаўняючага Камітэту Бел, Вайск. Цэнт. Рады скл. даецца з гэтакіх асоб:

Старшыня - Сымон Рак-Міхайлоўскі,

Тав. Старшыні - Канстантын Езавітаў,

Тав. Старшыні - Тамаш Грыб,

Скарбнік - Васіль Захарка.

ПРАЦА БЕЛ. ВАЙСК. ЦЭНТР. РАДЫ.

Як i трэба было чакаць, уся праца Вайсковай Рады, концэнтруецца, галоўным чынам, каля двох яе аддзелаў: Вайсковых фармаваньняў i Агітаційнага.

Гэным аддзелам ахвяруецца i найбольш сіл, працаўнікоў, увагі i часу.

Але перад тым, як гутарыць аб ix працы, трэба сказаць некалькі слоў аб тым становішчы i аб тэй палітычнай сытуаціі, якая злажылася ў той момант, калі Бел. Вайск. Цэнтр. Рада прыступіла да сваей працы.

Трэба адзначыць адразу-ж, як бы гэта ня прыкра было казаць, што Беларусы вайсковыя, хоць i страшна сьпяшаліся, хоць i паклалі шмат працы ў сваю арганізацію але ўсёж такі страшна спазьніліся,

Былі ўжо апошнія дні кастрычніка 1917 г.

На Расійскай Рэволюційнай вуліцы ў тылу ўжо шумна сьвяткавалі сваю перамогу разнузданыя тоўпы большавікоў - дэзэртыраў пад кіраўніцтвам свайго главковерха дэмагога - Крыленкі.

Фронт - быў саўсім разтрачаны.

Кожды вайсковы ламаў галаву над пытаньнем:

- "За кім ісьці"?

- "Хто праў"?

Вайсковае жыцьцё старых жаўнераў i каманднага складу моцна кіравала ix на шлях безумоўнага падтрыманьня стаўкі, на чале якой стаяў палкоўнік Духонін, бо ён адзін толькі мог яшчэ стрымліваць фронт i кіраваць парадкам агромнай вайсковай машыны.

Шэрая, змучаная, з разьбітымі нэрвамі i мазгамі салдацкая радавая маса, неяк бязвольна, як гіпнотызаваная, цягнулася ня ў думках, якіх ужо не было, - а ў пачуцьцю, - да бальшавіцкага глаўкаверха, які абяцаў хуткае скончаньне вайны i салодкую салдацкаму сэрцу дэмобілізацію.

У самы сурёзны i важны момант Беларускага Вайсковага руху, у момант, калі трэба было прыступаць, урэшце, да паўсемясцовага выдзяленьня беларусаў-вайсковых з частак расійскай арміі, i да зьліваньня i злучаньня ix у беларускія націянальныя палкі, толькі што утвораная i не наладзіўшая яшчэ свайго ўнутранага жыцьця, працы i разпарадку Бел. Вайск. Цэнтр. Рада апынулася перад поўным хаосам у Расійскай арміі i перад фактычным істнаваньнем двох вайсковых цэнтраў, двох Расійскіх ставак i двох глаўкаверхаў. Адзін з ix сядзеў у Петраградзе, а другі ў Магілеве.

Кіраўніцтва беларускімі фармаваньнямі i належным аддзелам Вайсковай Рады, было Радай даручана генералу ад Інфантэрыі Кандратовічу.

Eн апрацаваў пляны выдзяленьня i фармаваньняў з некаторымі супрацоўнікамі Аддзелу Вайсковых Фармаваняў, у стаўку да палкоўніка Духоніна, каб дабіцца ix зацьверджаньня i найхутчэйшай аддачы разпараджэньняў i загадаў па арміі.

Палкоўнік Духонін знэрваваны апошнімі падзеямі, - сваей, пачаўшайся ўжо барацьбой з Крыленко, - не звярнуў на беларускіе дамаганьні i пляны патрэбнай увагі і, замест срочнага i рашучага разьвязаньня ix, ў агульным маштабе, агранічыўся тым, што дазволіў у Менску фармаваць 1-шы беларускі пешы полк.

У віну ген. Кандратовічу безмоўна трэба палічыць тое, што ён не зразумеў усей вялікай адпаведнасьці моманту i ня змог перажаргнуць праз вайсковую традыцыю, патрабуючую ад падпарадкаванага безмоўнай паслухмянасьці распараджэньню старшага i не даказаў, з належным у гэтым выпадку упорствам i націскам, усю неадкладную патрэбнасьць зараз-жа, не трацячы ніводнай хвіліны часу, разьвязаць беларускую вайсковую справу ў поўным маштабе i хутка аддаць патрэбныя срочныя загады.

Вынікі гэтай першай памылкі ген. Кандратовіча хутка выявіліся.

На мяйсцох, у арміях, корпусах i дывізіях выдзеляньне беларусаў затрымалася.

У Менску праз некалькі дзён, ўлада - перайшла да бальшавіцкага Савету Камісараў Заходняга фронту.

Фармаваньне 1-шага Менскага Беларускага Палка якое пачалося з вялікай удачай ў Менску, было, па распараджэньню бальшавіцкага Галоўнакамандуючага Заходнім фронтам (Глаўкадома) прапаршчыка Мясьнікова - спынена.

Палкоўнік Духонін - быў па зьверску забіты матроскім канвоем Крыленкі.

З вялікім трудом, пасьля даволі бурнай рашучай гутаркі, з новым Глаўкаверхам пераможцам, удаецца, групе членаў беларускага вайсковага зьез­ду ГІаўночнага фронту, ў вагоне Крыленкі ў Вітабску, вырваць ад Крыленкі загад аб адмене распараджэньня Глаўкадома Мясьнікова i прымусіць яго падпісаць тэлеграму ў Менск, аб дазволе далейшага фармаваньня 1-га пешага Менскага Беларускага палка.

Беларуска большавіцкія адносіны ў Менску адразу прыймаюць характар воражы, але як адны так i другія пакуль-што ня чуюць яшчэ пад сабой пэўнага грунту i паўстрымліваюцца ад аружнага спатканьня.

Цэнтр места Менска з домам губэрнатара заняты Бел. Вайск. Цэнтр. Радай, ў адным будынку з якой i пад яе абаронай, працуе Вялікая Беларуская Рада.

Акраіны Менска, прадмесьці, казармы, штаб Заходняга фронту i вагзал - у руках Савету Камісараў Заходняга фронту.

З абодвых бакоу ідзе гарачная праца над згуртаваньнем i арганізацыяй сваіх сіл.

Вайсковая Рада вызывае усё новых i новых беларусоў з бліжэйшых да Менску частак у 1-шы Беларускі Мейскі полк.

Савет Камісараў Заходняга фронту, фармуе 1-шы Менскі Рэволюційны полк, стараючыся сарганізаваць яго выключна з бальшавікоў.

Абедзьве стараны пакідаюць у баку i ў спакою змяшаны гарнізон м. Менска, добра ведаючы, што ён пяройдзе бяз стрэлу на той бок, дзе будзе ясная перамога.

Абедзьве стараны добра разумеюць, што гэтак доўга цягнуцца ня можа i што хутка павінна наступіць разьвязка.

У гэты рашучы момант, раптам, ясна выяўляецца вялікая памылка Зьез­ду Заходняга фронту i 1-шай сэсіі Вайсковай Рады, якія даручылі Беларускія Вайсковыя фармаваньні Ген. Кандратовічу, разьлічаючы на яго веданьне вайсковай справы.

Генерал ад Інфантэрыі Кандратовіч, бязумоўна меў практыку i ведаў вайсковыя справы, i, пры другіх варунках, магчыма, што аказаўся бы вельмі для беларусаў карысным, але ў пэрыёдзе рэволюційнай барадзьбы, ў перыёдзе надзвычайнай сьпешкі i н а д з в ы ч а й н ы x спосабаў фармаваньня барадзьбы, ён ня толькі не аказаўся карысным, але трэба проста i шчыра сказаць - быў, нават, шкодным.

Яго практыка i веданьне прынятыx традыцiяй i ўзаконеных сводам Вайсковыx ГІастанаўленьняў, крокаў i формаў ня толькi не давалi яму так патрэбнай у той момант iнiцiятывы, але наадварот зьвязвывалi яе i ськiровывал i ў традыйнае ручво.

Генерал нічога ня мог i не прывык рабіць "сам" - на ўсё трэба было "дазваленьне", "прадпісаньне", "загад" i "палажэньне", каліж ix не было - ён быў мёртвы i нічога не рабіў. І нятолькі нічога не рабіў, але нічога не дазваляў рабіць i сваім падзагадным.

Ен ўсё чагосьці чакаў.

А час ішоў ішоў.

Практыка i веданьне старых праўных формаў - засьцілалі гарызонт, адбіралі ініціятыву i рабілі з генерала падзагадны, а не кiраўнiчы мозг.

Прыроджаная-ж маруднасьць руху i думкі - зусім ужо жвала ўсю справу.

Было некалькі здарэньняў ў Аддзеле Вайсковых Фармаваньняў, калі падпарадкаваныя генералу нецярплівыя, маладыя афіцэры, ясна бачучы складаўшуюся сытуацію, памятаючы, што "звалока - сьмерці падобна", бралі на сябе ініціятыву некаторых адпаведных крокаў i толькі прасілі генерала падпісаць загад, ці упаўнаважаньне, але генерал ад Інфантэрыі Кандратовіч не адважаўся i на гэта i падпісаць адмаўляўся.

Ен усё яшчэ нечага чакаў i нічога не хацеў рабіць.

I гэта было другой яго, мякка кажучы, - памылкай.

Яго стары памочнік Палкоўнік Камарэўскі зусім згаджаўся з тактыкай ген. Кандратовіча, і, як мага, стрымліваў маладых ад "неабдуманых крокаў".

Выдзяленьне i фармаваньне беларускіх частак па-замежамі Менска - было цалком пакінута на волю лесу i на прыватную ініціятыву i энэргію асобных беларускіх арганізацыяў.

I толькі дзякуючы працы франтавых беларускіх камітэтаў, энэргічна праводзіўшых ў жыцьцё пастановы сваіх франтавых зьездаў, справа беларускага фармаваньня ня гіне i пры кождым з ix, а таксама i ў арміях на фронце, фармуюцца асобныя беларускія пешыя палкі i каманды.

У Воршы сарганізовуецца беларускі полк, на Румынскім фронце, дзе найбольш было беларусоў, Беларуская Вайсковая Рада Румынскага фронту дабіваецца i з посьпехам праводзіць ў жыцьцё беларусызацыю цэлага 4-га армейскага корпусу з артылерыяй, амуніціяй i тэхнічнымі войскамі.

Усе гэтыя фармаваньні робяць спробы увайсці ў кантакт з павадыром беларускіх фармацій, але не знаходзяць з яго боку ніводнага кроку на спатканьне. I толькі ад маладога афіцэрства Белвайск. Рады ды ад кіраўніка Палітычнага Аддзелу яе атрымліваюць беларускія часткі тэлеграфныя ра­ды i інструкціі, а таксама i адказы на пытаньні ў бягучых справах.

Даведзеныя да роспачы маладыя афіцэры, урэшце не змаглі больш стрымацца і, - калі ген. Кандратовіч раздзер па палове запрапанаваную яму да падпісаньня паперу, - спавесьцілі аб справах Прэзыдыўм Вайсковай Ра­ды, папераджаючы, што калі ген. Кандратовіч i надалей астанецца кіраўніком беларускіх фармаваньняў, дык яны змушаны будуць выйсьці з Вайсковага Аддзелу.

Прэзыдыум перанёс справу у Спаўняючы Камітэт - гэта знача: "чырвоная адстаўка". Ген. Кандратовічу было запрапанавана даць матывіроўку i тлумачэньне сваіх крокаў.

Тлумачэньні ген. Кандратовіча не здаволілі Спаўнячы Камітэт Белвайсковай Рады, пакінўшы генерала ў аддзеле як тэхнічную сілу, адсунуў яго ад кіраўніцтва Аддзелам i даручыў гэну справу, аднаму з яго памочнікаў, - К. Езавітаву.

Але было ўжо позна.

На другі, ці трэці дзень, пасьля адстаўкі ген. Кандратовіча, Глаўказап прапаршчык Мясьнікоў, часова, з прычыны ад'езду Крыленкі у Петраград, уступіў у абавязкі Глаўкаверха i першым чынам, - карыстаючы з новага свайго, хоць i часавага становішча i грунтуючыся, на выбухшай ў гэты момант, i страшна перапужаўшай бальшавікоў, вайне з Украінай, зноў выдаў катэгарычны тэлэграмны загад з Могілева аб забароне далейшага фармаваньня 1-га пешага Менскага беларускага палка i аб злучэньні яго з астаткамі 289-га пеш. Запаснога палка, які стаяў ў Менску.

Беларускі полк у той момант ня меў кулямётаў, ня ўсе салдаты мелі i стрэльбы, а гранатаў i набояў зусім не было.

Пры гэткіх варунках, пагоршаных у дадатку яшчэ i поўнай атсутнасьцю ў палку якіх колечы харчавых запасаў [1] усякіе думкі аб змаганьні i аб арганізаціі перавароту трэба было часова адкінуць.

На нарадзе Вайсковага Аддзелу прадстаўнікамі 1-га пешага Менскага Беларускага палка было пастаноўлена, што:

1) Полк выпаўняе загад i зьліваецца з 289-м палком i ўжо потым - змацаваўшыся новымі беларусамі, штодзенна прыбываўшымі ў Менск, i забяспечыўшы сябе пераважнай большасьцю, абвяшчае сябе ізноў Беларускім Палком i пераходзіць пад загад Вайсковага Аддзелу Рады.

Тымчасам прапаршчык Мясьнікоў выкарыстуе сваё становішча i адкрывае паход на беларусаў па ўсяму фронту, сьпяшаючы расправіцца з імі да звароту у стаўку Глаўкаверха Крыленкі.

Усе бальшавіцкія часьці з фронту вызываюцца ў Менск. Сюды-ж, спэціяльна для абароны штабу i Глаўказапу, бытцам Совдепу, пераводзіцца, сотня татараў ні слова не разумеючых ні па беларуску, па расійску. Усе ка­равулы i варты ў Менску i пад Менскам, асабліва каля тэлефону i тэлеграфу, складаў зброі, амуніціі i інтэндантуры - патраіваюцца.

Дом губэрнатара займаецца пад Савет Камісараў Заходняга фронту i вобласьці.

Але крануць асабіста каго калечы з членаў Белвайск. Рады камісарьят Заходняга фронту ўсё яшчэ не адважаецца, бо факт уціску над Кангрэсам i над Белвайск. Радай, вызывае, сярод Менскага жыхарства i гарнізону страшнае абураньне, якое можа выліцца ў аружны выступ.

Каб націснуць на псыхолёгію грамадзянства, каб застрашыць сваей сілай i ўстрымаць ад протэстуюча-змагарскіх крокаў, Савет Камісараў Заход­няга фронту i вобласьці прыймае цэлы рад новых крокаў асьцярогі.

У ноч з 17 на 18 сьнежня разганяецца па яго загаду, бяз ведама Петраграду, Усебеларускі Кангрэс.

У ноч з 19 на 20 сьнежня робіцца начны напад на інтэрнат i канцэлярыю Белвайск. Рады i усе справы яе ноччу-ж, у некалькі аўтамабілях, перавозяцца з дому губэрнатара у будынак Вучыцельскига Інстытуту.

Напад гэты на Белвайск Раду, як і на Ўсебеларускі Кангрэс, зроблены быў далека за поўнач, калі увесь Менск ужо глыбока спаў. Але як i ў першым выпадку, так i тутака, бальшавікі зьявіліся з вялікім конным атрадам i з бронемашынамі, бо чулі сябе ня вельмі пэўна.

Німа чаго казаць ужо аб тым, што палова ix была пьянымі.

На 20 сьнежня у Менску назначаецца парад i дэмонстрація рэволюційных сіл Заходняга Фронту.

А 10 гадзіне рана на ўсіх вуліцах пачынаюць зьбірацца палкі з аркестрамі i чырвонымі сьцягамі, за імі цягнецца некалькі эскадронаў конніцы i грузавых аўтамабіляў.

Увесь гарнізон i прыбыўшые часткі зганяюцца на пляц перад захопленым у начы домам губэрнатара, на ганку якога ўжо выкінуты чырвоны сьцяг i зьбіраецца Савет Камісараў.

Да трэйцяй гадзіны дня стаяць на пляцу салдаты, грае музыка, гаворуцца прамовы, пасылаюцца тэлеграмы, на ўсё спосабы лаецца беларуская справа, яе павадыры i прыхільнікі

У вечары адбываецца вялікі канцэрт мітынг. Але ўсё-ж няма ў балшавікоў пэўнасьці ў сваёй перамозе.

289-ты пешы запасны полк, пад уплывам беларусаў, ўлучаны ў яго рады з 1-га Менскага Беларускага палка, - катэгарычна адмовіўся прыняць удзел у гэтым сьвяце.

Не было ў часе маніфэстаціі сярод прамоўцаў ніводнага партыйнага прадстаўніка (апрача большавікаў i бундаўцаў), або прэдстаўніка гораду ці земства.

Зусім не відаць было ні на пляцы, ні ў коле маніфэстантаў ніводнага жыда, жыхара м. Менска i ніводнага беларуса.

Друкаваная абвестка Белвайск. Рады выданая ў некалькі тысячах экзэмпляраў, ня толькі расхватвалася i падтрымлівалася ўсім грамадзянствам Менска, але хціва была брана i чытана маніфэстваўшымі вайсковымі часткамі, добра ня ведаўшымі чаго ix пагналі парадаваць i слухаць прамоў проці Беларускай Рады.

Члены Белвайск. Рады - атрымаўшы некалькі асабістых папяпэджаньняў i пагроз з прапазыціяй кінуць працу i зараз-жа выехаць з Менска, - працу аднак ня толькі не кідалі, але, наадварот, замест гэтага рэквізуюць сабе новае памешканьне на паліцэйскай вуліцы № 2, дзе зноў разварачываюць апарат Вайсковай Цэнтральнай Рады, куды пераводзяць Раду Усебеларускага Кангрэсу [2].

Не адважываючыся на новыя рашучыя крокі супроць Вайсковай Рады, Савет Камісараў Заходняй Вобласьці i Фронту (Совкомзап) спадцішка старацца як мага больш шкодзіць яе працы i памагчымасьці прасьледаваць яе пашырэньне.

Пачтовая карэспандэнція Рады прэлюструецца. Тэлеграмы, калі яны падаюцца не па простаму проваду, а звычайным спосабам, затрымліваюцца.

Газэта Спаўняючага Камітэту Белвайск. Рады "Беларуская Рада" - не даходзіць да абонэнтаў, ўрэшце i зусім забараняецца.

Нумар яе, выпушчаны пасьля забароны, быў конфіскаваны i спалены. Тады, "Белвайск. Рада" пераносіць рэдакцію i экспэдыцію газэты ў крэпасьць Бабруйск, скуль яна дастаўляецца ў Менск - коньмі, на Заходні фронт - ганцамі, а на другія фронты почтай з Полацку i Вітабску.

Праца Спраўняючага Камітэту Белвайск. Рады ня толькі не спыняецца але, нягледзячы на кепскія варункі, наадварот, пашыраецца i павялічаецца, а сам склад Белвайск. Рады i Саўкома яе папаўняюцца новымі прадстаўнікамі [3], якія прывозяць з мейсц новую энэргію i бодрые весткі аб пашырэньні беларускага руху i фармаваньняў у ix арміях.



Крывіч №9-1925 С. 80-92.

БЕЛАРУСКАЯ ВАЙСКОВАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА.

(Працяг).

Глядзі № 1 (7) "Крывіча" [4]

Ад Рэдакціі. Рэдакція памяшчае гэтыя ўспаміны толькі як матэр'ял да гісторыі беларускай вайсковасьці часоў рэвалюціі, не падзяляючы пункту погляду аўтора на падзеі i ацэну ix.

Дыплёматыя Белвойскцэнтрады.

Ясна сабе усьведамляючы, што пасьля гвалтоўнага разгону Ўсебеларускага Кангрэсу i начнога нападу на Белвойскцэнтраду Савком "Заходняе Обласьці" аканчальна утраціў ідэёвыя ўплывы на беларускія массы, Петраград пачаў шукаць спосабу дагаварыцца з беларусамі. Першым крокам ў гэтым кірунку было рашучае адмяжаваньне Ўсерасійскага Савкому ад пазыціі, занятай Савкомам Заходнае Обласьці датычна Усебеларускага Кангрэсу.

Вінаватыя ў разгоне Кангрэсу асобы атрымалі па тэлеграфу востры "выгавар".

Беларускім арганізаціям у Петраградзе i Маскве, а таксама i Радзе Беларускага Кангрэсу было зноў падкрэсьлена, што Петраградзкі Савком "вызнае права народаў безагаворачна, нават да поўнага аддзяленьня ад Расіі".

Глаўкаверху Крыленку было даручана зараз-жа павярнуць назад да Магілеўскае Стаўкі i ўвайсьці ў перагаворы з Белвайскцэнтрадай.

Даведаўшыся аб ўсім гэтым, а таксама i аб тым, што Крыленка ўжо ў Магілеве, Белвайскцэнтрада роўна праз тыдзень пасьля Менскіх падзей вы­сылае ў Магілеў дэлегацію ў складзе: кіраўніка Аддзелу Вайсковых фармаваньняу (заступніка генерала Кандратовіча) - паручыка К. Езавітава i члена Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады - I. Н. Серады.

Прап. Крыленка, які жыў не ў будынку глаўкаверха ў Магілеве, а ў спэціяльным цягніку, да якога заўсёды быў прычэплены паравоз пад парамі, - спаткаў прадстаўнікоў Белвайскрады вельмі воража.

Гутарка, якая цягнулася больш дзьвёх гадзін, пачалася з таго, што Крыленка ў вялікай агітацыйна-дэмагогічнай прамове востра накінуўся на палітыку Беларускай Вялікай Рады, якая да гэтага часу. Ня толькі не жадае увайсьці ў паразуменьне з Савецкай уладай, але ня высьветліла, нават, свайго стасунку да яе.

Ён, Крыленка, змагаючыся з "самасьційнікамі" - украінцамі, змушаны кожды момант чакаць удару ў плечы ад беларусаў. Пры гэткіх варунках ён ня можа дапусьціць ніякіх беларускіх фармаваньняў i павінен зусім згадзіцца з прапановамі Глаўказапа Мяснікова аб ix забароне. Беларусы-вайскоўцы павінны зразумець, што, падтрымліваючы Вялікую Беларускую Раду, яны падтрымліваюць беларускую буржуазію, памешчыкаў i генералаў. I ня толькі ён не дапусьціць беларускіх, але ніякіх іншых націянальных фармаваньняў, хіба што толькі - латышскія, бо латышы - народ дэмакратычна-пралетарскі i шчыра подтрымлівае Савецкую ўладу.

У працягу гэтай поўгадзіннай прамовы Крыленка, які гаварыў вельмі голасна i пісклява, надта часта падскаківаў на мяккай канапе вагон-салёну, стукаў маленькім кулачком па круглым століку перад ім i тупаў нагамі па тоўстаму дывану, якім была засьцелена ўся падлога вагон-салёну.

Быў ён у куцай, афіцэрска-жаўнерскай, колеру "хакі", кашулі, без паяса i без пагонаў, на мейсцы якіх яшчэ цяляпаліся абарваныя тасемкі, за якія звычайна зачапляліся пагоны. На нагах у яго былі нячышчаныя "паходныя" афіцэрскія боты з незабарсанымі i вісячымі ў паветры рэмяшкамі i пражкамі, а ў боты нядбала засунуты былі брудныя, быўшыя калісьці таксама колеру "хакі", нагавіцы.

Гаворучы з прадстаўнікамі Рады, ён вельмі часта паглядаў на якогась зухаватага матроса, апранутага, не па прыкладу глаўкаверха, ва ўсё чыстае новенькае абмундзіраваньне гвардэйскага флотскага экіпажу, з вялікім дэкольтэ, з шапкай на галаве, з новенькімі бліскучымі галёшамі на нагах i з бліскуча-белай кавалерыйскай шабляй пры адным баку i пісталетам у похве пры другім. Матрос гэты то уходзіў, то выходзіў з салёну, мякка ступаючы па дыване калёшамі, i з вялікім задаволеньнем на абліччы слухаў Крыленку i ківаў галавой кожды раз, калі той стукаў кулаком па стале.

Кожды раз, як паяўляўся гэты матрос, Глаўкаверх Крыленка пачынаў крычаць голасней i стукаць кулаком з большай адзнакай злосьці.

Даслухаўшы да канца Глаўкаверха, прадстаўнікі Белвайскрады катэгарычна апратэставалі яго прамову i адзначылі, што ўсе гутаркі i закіды аб "буржуазнасьці" Вялікай Рады, а таксама i Вайсковай Цэнтральнай Рады, зусім не адпавядаюць праўдзе, бо ў Радзе няма ня толькі памешчыка пана, але няма i прамысловай буржуазіі, - i вымагалі, каб Глаўкаверх, усунуўшы ўсялякія спробы закідаў, праўдзіва стаў на грунт самавызначаньня народаў і, ня ўмешываючыся ў беларускія націянальныя справы, не чыніў сам i забараніў сваім падуладным чыніць перашкоды беларускім фармаваньням.

На гэта Крыленка зноў папробаваў крычаць i спрачацца, але, калі яму зноў рашуча было адзначана, што прадстаўнікі Белвайскрады прыехалі ў беларускі Магілеў да Стаукі не як госьці-прасіцелі, а як гаспадары Краю, у якім Глаўкаверх знаходзіцца толькі часова, i што яны вымагаюць ад яго шчырага выкананьня высунутага Савецкай ўладай прынцыпу "самаазначаньня народаў, аж да адзяленьня ix ад Расіі", - дык ён нібы-то зьмяк i запрапанаваў пагутарыць "канкрэтна" аб справах i "прэтэнсіях" Белвайскрады.

З далейшых гутарак выясьнілася, што ўся Расійская армія перафармовуецца ў Чырвоную армію i што беларусы, калі яны згодзяцца з прынцыпамі, на якіх гэта перафармаваньне мае адбыцца, могуць скарыстаць з моманту i прыступіць да фармаваньня свае Беларускай Чырвонай арміі.

Прадстаўнікі Белвайскрады гэгай прапазыціяй былі захоплены ў неспадзеўкі для сябе, а таму зажадаўшы, каб аб прапазыцій сваёй Глаўнакамандуючы пісьменна паведаміў Цэнтральную Раду i ўсіх камандуючых фронтам, а таксама паклапаціўшыся атрымаць копіі гэтых загадаў i распараджэньняў ca штабу Глаўнакамандуючага, - зараз-жа выехалі ў Менск.

Націянальная Гвардзія.

Белвайскрада, разглядзеўшы "Палажэньне аб арганізаціі Чырвонай Арміі" i азнаёміўшыся з сэкрэтнымі плянамі i цирку­лярамі, дабытымі прадстаўнікамі ў штабе Глаўкаверха, знайшла магчымым, з патрэбнымі прынцыповымі агаворкамі i зьменамі, скарыстаць прапазыцію Глаўкаверха i прыступіць да фармаваньня Беларускае Націянальнае Гвардзiі.

Для фармаваньняў былі, дзеля рожных прычын, назначаны гэткія пункты: Менск, Бабруйск, Рагачоў, Магілеў i Барысаў.

Створаныя ўжо да гэтага часу беларускія часткі, - у Вітабску, Смаленску, Оршы, Лунінцы, Адэсе i 4-ты Армейскі Беларускі корпус, які стаяў ў той момант у Румыніі, каля Яссаў, заховуюцца ў тым стане, як яны ёсьць, i перафармаваньню ў Націянальна-Чырвоную Гвардзію не падлягаюць.

Калі Глаўказап Мяснікоў з пададзенага яму да выкананьня пляну фармаваньня ў межах яго фронту Беларускай Націянальна-Чырвонай Гвардзіі даведаўся аб кроках Белвайскрады, то страшэнна перапалохаўся.

Зараз-жа, каб скарыстаць час, запрапанаваў ён Вайсковай Радзе утварыць для дэтальнай распрацоўкі пляну фармаваньняў (ў межах Заходнай Обласьці i фронту) мяшаную Камісію ў складзе:

2 прадстаўнікоў Белвайскрады,

2 " Совкомзапа i

1 " Штабзапфронта,

а сам пасьпешна зьбірае Совкомзап i "Совет Рабочих, Салдатских и Крестьян­ских Депутатов" Заходнай Обласьці i фронту, якім дакладвае аб новых інтрыгах Белвайскрады" i прапануе выразіць Глаўкаверху Крыленку энэргічны пратэст з жаданьнем адмены загаду аб фармаваньні Беларускай Націянальна-Чырвонай Гвардзіі. З пастановамі Савета Р. С. К. Д. i Совкомзапа ляціць ён да тэлеграфу, які безпасярэдна злучаў яго з Глаўкаверхам, вызывае Крыленку, перадае яму пратэсты i жаданьні i налягае на тэрміновасьці адказу.

Трэба ведаць, што Крыленка вельмі уважна прыслухаўся да пастаноў Савету Р. С. i К. Д. Заходнай Обласьці i фронту, бо гэта быў бліжэйшы да яго Совдэп, у раёне працы якога ён працаваў i жыў, апрача таго, Мен­скі Совдэп лічыўся самым рэвалюційным i самым моцным ва усёй арміі і, ўдадатак да ўсяго, Менскі Совдэп адказываў за ўсе здарэньні i неспадзеўкі ў Беларусі, а таму пастановы яго мелі з гэтай стараны асабліва важны незалежніцкі характар.

Ведаў ўсё гэта i Глаўказап Мяснікоў, які меў вялікі уплыў у Савеце Р.С. i К.Д. Заходнай Обласьці, вельмі часта карыстаў з гэтага уплыву i моцна насядаў на Глаўкаверха, прымушаючы яго прыймаць i рабіць тыя крокі, якія спачатку прапанаваліся Мясніковым, як Глаўказапам, але ня былі прыняты Крыленкам, як Глаўкаверхам.

Вельмі часта карыстаўся Мяснікоў гэтай спружынай i не заўсёды рабіў гэта с патрэбным тактам, дапушчаючыся надта вострых формаў i слоў.

А таму i ў Стаўцы Глаўкаверха i ў Штабе Заходнага фронту пачынала складацца i злажылася гэткае ўражаньне, што нібы-то Глаўкаверх залежыць ад Глаўказапа i падпаў пад яго уплывы.

Страшэнны дэмагог, але разам з тым вельмі сябелюбівы чалавек, Глаўкаверх Крыленка надзвычайна быў нездаволены гэткім палажэньнем i i упарцей спрачаўся з Глаўказапам Мясніковым.

Вось чаму, а зусім не з прычыны якіх там сымпатый да беларусаў, як гэта думалі ў Штабе Глаўказапа, здарылася тре, што, калі Мяснікоў перадаў Крыленку вострыя пастановы Савету Р. С. i К. Д i дадаў яшчэ некалькі сваіх вымаганьняў, - загарэлася паміж імі па тэлеграфе неспадзевана вострая сварка, у выніку чаго Крыленка на адмену свайго загаду ня даў згоды,

2 студня 1918 году адбыўся ў Штабе Заходнага фронту першы сход мяшанай Камісіі дзеля апрацаваньня дэтальнага пляну фармаваньня Беларускай Націянальна-Чырвонай Гвардзіі.

На сходзе былі:

два прадстаўнікі Белвайскрады, з якіх паручык К. Езавітаў быў вы­браны за старшыню Камісіі;

два прадстаўнікі Совдэпу,з якіх адзін быў выбраны Секрэтаром, i адзін прадстаўнік Штабу Заходнага фронту - афіцэр Генеральнага Штабу капітан Жукаў.

Камісія выслухала загад Глаўкаверха аб фармаваньні Беларускай Націянальна-Чырвонай Гвардзіі, палажэньне аб фармаваньні Расійскай Чырвонай Арміі, плян фармаваньня, апрацаваны Белвайскрадай, i тэхнічны сподум капітана Жукава.

Капітан Жукаў сказаў, што не пасьпеў яшчэ азнаёміцца са справай i прасіў даць яму на падгатоўку патрэбны час. Камісія пастанавіла сход перарваць i сабрацца 4-га студня.

4-га, 7-га, 9-га i ў далейшыя дні Камісія прыступіць да працы не магла, бо прадстаўнікі Совдэпу на сход не яўляліся.

Каля сярэдзіны студня прыйшла ад Совдэпу папера аб тым, што ён адклікае сваіх прадстаўнікоў з Камісіі, бо фармаваньне Беларускай арміі лічыць непатрэбным i шкодным.

Стала ясна, што Мяснікоў назначыў гэту Камісію адумысна дзеля адвалокі справы, каб скарыстаць час ў перагаворах са Стаўкай Глаўкаверха.

Крыленка загаду не адмяняў, націскаючы на тое, што ён мае характар опэратыўны i компэтэнціі Савету Р.С. i К. Дэпутатаў не падлагае, але разам з тым, не насядаў i на Глаўказапа, каб ён тэты загад безумоўна выканаў,

Магчымасьць паразуменьня адпала.

Пры гэтых варунках нельга было думаць аб фармаваньн i Беларускай націянальна-чырвонай арміі, або якіх іншых націянальна-вайсковых частак ў межах Беларусь

Што-ж датыча беларускіх фармаваньняў па-замежамі Беларусі, дык яны вяліся на старых асновах i ператвараць ix у Чырвоную Гвардзію ня было ніякага сэнсу.

Конспіратыўныя фармаваньні

Ня маючы магчымасьці вясьці ў Менску i яго кругаколіцы легальных беларускіх фармаваньяў, Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада перайшла да конспіратыўнага спосабу фармаваньня.

Яшчэ ня час расказываць аб тым, якім чынам i чыёй працай удалося (даволі таго, што ўдалося) замяніць склад 289-га пешага запаснага палка у Менску гэткім чынам, што ў ім апынўлася 75% беларусаў, якія прыбылі ў Менск маленькімі групкамі i "адзіночным парадкам" у працягу канца сьнежня 1917 году i пачатку студня 1918 году.

Прыбыўшыя вайскоўцы павялічылі сабой лік тых беларусаў, што яшчэ раней былі ўліты ў гэты полк загадам Глаўказапа Мяснікова з расфармаванага 1-га пешага Менскага беларускага палка.

Адначасна было пераведзена, звольнена "ў одпуск" i здэмабілізована з таго-ж 289-га палка шмат маскалёў, якія рваліся ў Расію далей ад непакойнага фронту i насьпяваўшых падзей у Менску.

Аставалася толькі звольніцца ад рэшты 25%, зрабіць зьмену некаторых камандзераў i заняцца арганізаціяй палка ў адну дружную i модную частку [5].

Праца гэта праводзілася вельмі асьцярожна i па магчымасьці патаемна. Полк кожды дзень адведывалі прадстаўнікі Агітаційнага Аддзелу Белвайскрады, якія закладалі ў кождай роце (кампаніі) i камандзе беларускі камітэт, прадстаўнікі якога ўжо зносіліся з Вайсковым Аддзелам i прыходзілі туды па інструкціі.

Адначасна з гэтым вялася шырокая праца па арганізаваньню вёсак наўкол Менска i зьбіралася зброя i снарады, якія былі пакінуты на фронце i па вёсках дэмабілізаванымі расійскімі палкамі.

Сяляне ахвотна памагалі Радзе зьбіраць i заховываць зброю.

Справай гэтай кіраваў Гр. М... які часта у гэтых мэтах выязджаў на фронт i у прыфрантовыя вёскі.

Насьпявае момант рашучага змаганьня за ўладу.

Белвайскрада становіцца асяродкам, наўкол якога гуртуюцца ня толькі беларусы-вайсковыя, але i рэшта актыўнейшага беларускага грамадзянства, да яе-ж скіровуюцца i прыслухаюцца націянальныя арганізаціі іншых націянальнасьцяў, якія апынуліся на Заходным фронце.

Белвайскцэнтрада і іншыя націянальнасьці.

Стасункі, што адразу злажыліся у Белвайскцэнтрадзе з іншымі націянальнасьцямі i ix вайсковымі фармаваньнямі, трэба характарызаваць як самыя найлепшыя, шчырыя i прыязныя.

Ня кажучы ўжо аб украінцах, з якімі беларусы увесь час працавалі разам, падтрымліваючы адны адных у цяжкія моманты [6], але нават з гэткімі далекімі i малавядомымі нам Азэрбейджанскімі татарамі Белвайскцэнтрада падтрымлівала самыя жывыя стасункі, пераховуючы некаторы час у сваім памешканьні справы Татарскага Вайсковага Камітэту Заходнага фронту, а таксама i старшыню яго, за якім сачылі чыны толькі што утворанай "Чрезвычайной Комиссии по борьбе съ конгр-революцией и спекуляцией".

У старане трымаюцца толькі палякі, якія бачуць ў беларусох варожую ix клясавым інтэрасам арганізацію i сьпяшаюцца ўсімі спосабамі папярэдзіць беларусаў i захапіць ўладу ў свае рукі, ня спыняючыся дзеля гэтых мэтаў ні перад супольнаю працаю з бальшавікамі, ні перад правакаціяй ў ix вачох справы беларускай. Скарыстаўшы дазваленьне Керэнскага i ўтварыўшы ў глыбіні Расіі польскі корпус Доўбар-Мусніцкага, яны ўсімі спосабамі стараюцца цяперака як хутчэй перацягнуць яго на Беларусь, дзе робяць сабе базу [7]. Да таго-ж часу пралязаюць яны на кінутыя расейскім афіцэрствам пасады ў Штабе Заходнага фронту, вядуць безупынную разьведку таго, што робіцца ў Белвайскрадзе i падсылаюць да яе сваіх агентаў, якія, выдаючы сябе за беларусаў, робяць спробы увайсьці ў даверые Выканаўчага Камітэту i яго аддзелаў, прапануюць безграшовую працу i дамагаюцца атрымаць пасады ў канцэлярыі, каб быць ў курсе ўсіх спраў.

Беларусы-вайсковыя, якія ня бачылі i не рабілі ніякай рожніцы паміж іншымі націямі i шчыра гатовы білі дапамагчы кождай з ix, спачатку ніяк не маглі зразуміць пазыціі Польскай Вайсковай Арганізацыі (П.О.В.), якая працавала ў Менску, і, - будучы вельмі зьдзіўленымі яе палітыкай i халодным стасункам да беларусаў, - ўсе-ж ткі ніяк не маглі дадумацца да таго, каб лічыць яе ворагам беларускай справы, або дапусьціць хоць на хвілю думку аб тым, што П.О.В. (па польску Р.О.W.) вядзе падкоп над працу Белвайскрады.

Хутка аднак здарыліся падзеі, якія выклікалі першыя падазрэньні i прымусілі Белвайскраду задумацца.

Заўважана было, што некаторыя сэкрэтныя паперы i тэлеграмы Аддзелу Фармаваньняў Вайсковай Рады раптам на нейкі час кудысь зьнікалі, а потым, - праз содні, а то i пасьля палуднёвага перарыву, - гэтак-жа неспадзевана аказываліся ў тэй-жа папцы i на тым-жа мейсцы, дзе ix пакінулі i дзе пoтым шукалі i не знаходзілі.

Заўважана было i тое, што адзін з канцэлярскіх служачых Белвайскрады, быўшы афіцэр, сам на гэту службу напрасіўшыся, вельмі цікавіцца справамі і перапіскай, якая даручалася ня толькі яму, але i іншым служачым канцэлярыі, а таксама заўсёды шукае спосабу пазнаёміцца з паступаючымі i выбываючымі за дзень паперамі, "дапамагаючы" журналістым запісываць паперы ў журнал.

Члены Агітадзелу, што вартавалі ў прыёмнай Белвайскрады, якая заўсёды набіта была вайсковым людам i дэлегатамі, прыбываючымі з фронтавых арганізацій, з свайго боку заўважылі, што ў прыёмную штодня зьяўляецца нейкі вайсковы i старэнна чытае разложаныя на сталох нумэры газэты "Беларуская Рада", часта аднак адрываючыся ад гэтай працы, каб пагутарыць скуль яны, як у ix часьцёх ідзе беларуская справа i чаго прыехалі яны да Белвайскрады.

Пазьней было устаноўлена, што, зараз-жа пасьля перарыву працы Белвайскрады ў часе полудню i пасьля скончаньня яе ўвечары, яны абодвы ідуць проста да штабу П.О.В.

Тады беларусы сталі уважна прыглядацца да гэтай арганізаціі.

I якое-ж было ix зьдзіўленьне, калі яны устанавілі, што большасьць членаў П.О.В. зьяўляюцца вельмі уплывовымі асобамі ў Штабе Заходнага фронту, займаючы ў Глауказапа Мяснікова цэлы рад адпаведных пасад i штодзенна з ім спатыкаючыся.

Глухое падазрэньне перайшло ў цьвёрдую пэўнасьць, калі Белвайскрада устанавіла, урэшце, склад Вярхоўнага Польскага Камітэту, які тайна працаваў у Менску i кіраваў усёй польскай палітыкай у Расіі, а таксама i працай Доўбар-Мусніцкага i Менскай Польскай Вайсковай Організаціяй (П.О.В.).

У Вярхоўны Польскі Камітэт уходзілі i каля яго (а таксама i каля П.О.В.) гуртаваліся выключна вялікія палякі-земляўласьнікі з Беларусі i Літвы.

Ня трэба тлумачыць таго, з якой ненавісьцю i страшэннай злосьцю i непакоем глядзелі яны на Белвайскраду i на яе працу фармаваньня Беларускіх частак, бо бачылі ў ix пачатак канца свайго гаспадараньня на Беларускай Зямлі i пачатак праўдзівага i моцнага абуджэньня вякамі угнятанага імі Беларускага працоўнага народу.

Белвайскрада была для Вярхоўнага Польскага Комітэту страшней i ненавісьней Глауказапа Мяснікова i Совдэпу Заходнай обласьці i фронту, бо тые былі наезднікамі i ня мелі каранёў у Беларускім народзе, а Белвайскрада, як i засланяная i бароненая ёю Рада Усебеларускага Кангрэсу, - вырасьлі з народнае беларускае глебы, былі ёю узгадаваны i ёю-жа былі насланы на вялікае замаганьне за лепшую долю Беларускага народу.

Зьнішчыць беларускія націянальныя фармаваньні, а самую Белвайскраду паддаць сваім - вось што задумаў Вярхоўны Польскі Камітэт.

Ня дзіва, што праз некалькі дзён пасьля высьвятленьня працы двох памянёных асоб, доступ якім у Белвайскраду быў зараз-жа спынёны, - дабытыя імі весткі i інфармаціі апынуліся ў Штабе Глаўказапа.

Ня дзіва i тое, што ў Менскія жаўнерні, дзе стаяў 289 пешы запасны полк, былі чамусь-ці адцягнуты з фронту i пастаўлены два другія палкі, з кулямётнымі камандамі i бомбамётамі.

I зусім ўжо ня дзіўна, што каля 20-х дзён студня спачатку адна рота, а потым i ўвесь 289-ты пешы запасны полк атрымаў месячную камандзіроўку на вартаваньне жалезных дарог, пры гэтым яму была дадзена дзялянка на некалькі сот вёрст. Камандзіроўка гэта была адначасна i вельмі карыснай i страшэнна шкоднай для беларусаў.

З аднэй стараны Белвайскрада замацовывала за сабой Менска-Смаленска-Вітабскі i Смаленска-Арлоўскі абводы жалезных дарог, а з другой стараны - траціла ў Менску найболей сьвядомую частку гарнізону, бо беларусізація Менскай Караульнай Каманды пасувалася, з некатарых прычын, вельмі туга [8].

Перад Белвайскрадай трэці раз паўстала пытаньне: ці не пара узяцца за зброю? [9]

Аднак i гэты раз, добра абмяркаваўшы ўсё "за" i "проціў", Белвай­скрада ўстрымалася ад узброенага выступу i распарадзілася, каб загад Штабу Глаўказапа аб камандзіроўцы на вартаваньне жалезнай дарогі быў выкананы. Пры чым частка найбольш здольных да агітаційнай працы жаўнераў была паслана ў вёскі.

Праз тры дні пасьля выезду з Менску 289-га пеш. запаснага палка зьявіліся ў Раду вялікія Менскія земляўласьнікі, муж i жонка Ваньковічы, і, не называючы сябе па імені i не тлумачучы дзяжурнаму мэты свайго прыходу, пажадалі бачыць старшыню Белвайскрады i рэдактара газэты яе, каб пагутарыць з імі ў вельмі важных справах.

Старшыні Белвайскрады, гр. Рак-Міхалоўскага, у той час ня было, i абавязкі яго спаўняў намеснік старшыні, гр. К. Езавітаў. Ён запрасіў да свайго пакою рэдактара газеты "Беларуская Рада" капітана Ярошэвіча i з ім прыняў гэтых гасьцей.

Гутарку пачала ды ў большасьці яе i вяла пані Ваньковіч.

Яна назвала сябе i мужа, адзначыла, што абоя яны трымаюцца "краёвай арыентаціі", жадаюць "Краю" i "яго жыхаром" толькі усяго самага найлепшага i вось у гэтых мэтах прыйшлі да Белвайскрады, каб пагутарыць з яе кіраўнікамі i падзяліцца некаторымі сваімі думкамі i прапазыціямі.

Пры гэтым i яна i муж яе, пасьпяшылі падкрэсьлщь, што гутарка гэта i візыта зусім прыватныя, нікога i да нічога не абавязываюць, i робяцца з ix уласнай ініціятывы, але, зусім зразумела, яны могуць мець вялікія вынікі, калі мы да чаго-кольвек дагутарымся, бо тады яны, п. п. Ваньковічы, возьмуць на сябе далейшыя крокі да "паразуменьня" паміж дзьвюма наймацнейшымі арганізаціямі ў Краю.

З далейшага працягу яе прамовы выяснілася, што пад наймацнейшымі арганізаціямі ў "Краю" п. Ваньковіч разумее Белвайскраду i Вярхоўны Польскі Камітэт, з якіх адна мае сілу юрыдычна-праўную (Белвайскрада), а другі - фактычную i вельмі моцную сілу аружную, i што ад сваечаснага паразуменьня паміж імі залежыць у Краю ўсё.

На пытаньне аб формах i варунках, у якіх мысьліцца гэтае паразуменьне, п. Ваньковіч адказала вельмі туманна, адзначыўшы, што гэта магло бы быць аб'ектам безпасярэдніх гутарак.

На пытаньне аб аграрнай палітыцы Вярхоўнага Польскага Камітэту i аб поглядах яго на думкі i рэзалюціі беларусаў-вайсковых, п. Ваньковіч адказала, што аграрнае пытаньне, паводле яе i Вярхоўнага Камітэту думак, павінна станоўча быць вырашаным праз Краёвы Сойм, а што датыча думак i рэзалюцій вайскоўцаў, дык "зусім зразумела", што ў тым выглядзе, як яны ёсьць, - яны ня могуць быць прынятымі.

Прадстаўнікі Белвайскрады адзначылі, што мяняць пастаноў сваіх кангрэсаў яны не упоўнаважаны, дый, наогул, ў справах палітычных лепей было-бы паважаным дэлегатам, прыватным ініцыятарам "паразуменья", зьвярнуцца безпасярэдна да Рады Усебеларускага Кангрэсу, якая зьяўляецца адзінай урадова-праўнай установай у Беларусі i адзіна компэтэнтнай ва ўсіх тых пытаньнях, што гутаркай гэтай парушаны.

У ніякія далейшыя гутаркі, ні з п. п. Ваньковічамі, ні безпасярэдна з Вярхоўным Польскім Камітэтам ніхто з сяброў Прэзыдыума Белвайскрады ня ўходзіў. Ня меў з імі гутарак i ніхто з іншых членаў Белвайскрады [10].

Прэзыдыум Белвайскрады зусім згодзіўся з тактыкай намесьніка старшыні i падаў гэта да ведама прэзыдыума Рады Усебеларускага Кангрэсу.

Насьпяваньне рашучых падзей.

Праца Белвайскрады ішла далей тым-жа шалёна пасьпешным парадкам.

У круг абавязкаў яе увайходзяць ужо ня толькі справы вайсковыя, але i абслужываньне патрэб Рады Усебеларускага Кангрэсу i падтрыманьне сувязі паміж ёю i беларускім грамадзянствам на мяйсцох.

Мяйсцовыя грамадзкія арганізаціі, як у Менску, гэтак i ў правінціі, многія урадовыя установы i карпараціі служачых у рожных ведамствах, - з вялікай адвагай i ўсё з большай сьвядомасьцю i ахвотай дапамагалі працы Белвайскрады, вельмі часта рызыкуючы ня толькі сваёй пасадай, але нават i жыцьцём.

Члены Белвайскрады знаходзяцца ў бязупынных разьездах i ўсюды спатыкаюцца i правозяцца беларусамі-жалезнадаражнікамі без усялякіх прапускоў, "літэраў", ці білетаў, - проста ў службовых вагонах.

Мяйсцовыя, паветавыя i валасныя Земствы хаваюць прадстаўнікоў Белвайскрады i правозяць ix на "стайковых" конях з вёскі ў вёску i узасоблюць у дарозе ўсім патрэбным.

Прадстаўнікі Земгора у Менску (праўда, ня усе) ахвотна i безграшова харчуюць у сваіх сталоўках членаў Белвайскрады, членаў Рады Усебеларус­кага Кангрэсу i прыязджаючых да ix дэлегатаў.

Служачыя на тэлеграфе, беларусы i беларускі, яўляюць сабой прыклад надзвычайнай адвагі i адданасьці беларускай справе. Яны цэлымі начыма перадаюць i прымаюць, пад носам у дзяжурных на тэлеграфе камісараў, аграмадныя інструкційныя тэлеграммы Белвайскрады i Рады Кангрэсу ва ўсе беларускія гарады i мястэчкі, а таксама i на усе фронты. Мала таго, яны зьвязуюцца з беларусамі-тэлеграфістымі ў Петраградзе i Маскве i праз ix інфармуюць беларускія арганізаціі i Расійскую дэмакратычную прэссу аб падзеях у Менску, а Менск - аб палажэньні беларускай справы ў Расійскіх цэнтрах.

Амэрыканскае культурна-дабрачыннае т-ва .Хрысьціянскай моладзі" перадае ў рукі Белвайскрады свае клюбы i кінематографы, як у самым Менску, гэтак i на фронце.

Нават некаторыя бальшавіцкія камісарыяты i ix кіраўнікі, каб забасьпечыць сабе шлях да адходу, пачынаюць шукаць зьвязку з Белвайскрадай i просяць (як, напрыклад, каміссарыят Асьветы), дапамогі ў школьнай працы i уплыву на вучыцельства.

З Румынскага фронту, Адэсы, з Кіява i Вітабска, штодня пачынаюць прыходзіць усё болей радасныя весткі аб ходзе беларускіх фармаваньняў.

Збліжаецца час пераводу ўсіх беларускіх частак у Менск.

Белвайскрада асьцярожна рыхтуецца да перавароту ў Менску i старэнна апрацовуе як плян яго, так i плян перавозу ў Менск беларускіх частак.

Менскае інтэндантства, цішком ад Глаўказапа, пачынае узасабляць членаў Белвайскрады абмундзіраваньнем i загатаўляе на складах "рэзэрвны запас", аб якім паведамляе Белвайскраду.

Арэшт Прэзыдыума Белвайскцэнтрады.

У гэты момант, калі аставалася зрабіць апошні асьцярожны высілак, i ўлада перайшла-б, нарэшце, да Белвайскрады i Рады Ўсебеларускага Кангрэсу, - на ix зваляецца новая няўдача.

Ці з ініціатывы самога Глауказапа, ці Совдэпу, а мо i па нашэпту тых, хто бачыў у беларусох сваіх сьмяротных ворагаў, але ноччу з 31 студня на 1-е лютага [11] на будынак Белвайскрады быу зроблены новы напад бальшавікоў.

Зьявіліся яны, як звычайна, пасьля поўначы, але на гэты раз ня было сярод ix п'яных, ды i самы склад нападаўшых быў іншы, чым заўсёды: на чале атраду з толькі што сфармаванай чырвонай гвардзіі, якая абслуговывала мяйсцовую Чэка, стаяў нарад матросаў, прыбыўшых у Менск з Магілева.

Загасіўшы пражэктары i схаваўшы за рогам Падгорнай i Паліцэйскай вуліц свае аўтамобілі, нападаўшыя ачапілі будынак Белвайскрады i занялі ўсе ўходы i выхады.

Не гледзячы на позні час, прэзыдыум Белвайскцэнтрады яшчэ працаваў у сваім пакою, а ў пакою Рады Ўсебеларускага Кангрэсу адбывалася нарада старшыні Выканаўчача Камітэту - гр. Я. Варонкі, з сябрамі камітэгу: П. Бадуновай, М. Касьцевічам i А. Смолічам.

Варваўшыхся матросаў i членаў Менскае Чэка спаткаў намесьнік старшині Белвайскрады, гр. К. Езавітаў.

На пытаньне аб мэтах ix паяўленьня, кіраўнік атраду, нехта таварыш Ярошэвіч, махаючы перад намесьнікам старшыні Белвайскрады рэвальвэрам, пачаў крычаць, што яму даручана арэштаваць ўсіх членаў Рады i што ён вымагае, каб яны усе зараз-жа апраналіся i "бяз лішніх разгавораў" выходзілі.на вуліцу да канвою. Апрача ўсіх членаў Белвайскцэнтрады, ён павінен арэш­таваць яшчэ i аднаго з пасыльных-хлопчыкаў, 14-ці гадовага Апанаса.

Намесьнік старшыні апратэставаў гэтае вымаганьне i ў свой чарод патрэбаваў, каб т. Ярошэвіч [12] прэд'явіў пісьменны мандат на права ўходу ў памешканьне Белвайскрады.

Ярошэвіч дастаў з кішэні пакомканы кавалак паперы, на якім значылася:

"Совътъ

Рабочихъ и Солдатскихъ Депутатовъ

города Минска.

Отдълъ по борьбъ съ контръреволюіей

и спекуляціей. Оолеоъ

31 января 1918 года [13]

Ордерь. № 39.

Товарищу Ярошевичу.

Предписывается Вамъ отправиться въ Бълорусскую Войсковую Раду, домъ № 2, кв. 10, по Полицейской улицъ, для производства обыска и ареста всъхъ лицъ, тамъ находя­щихся, въ томъ числе и посыльнаго мальчика Афанасія.

Председатель Л. Резацсскій.

Секретарь Ж. Баренс."

Прачытаушы ордэр i запісаушы ў сваю памятную кніжку дату i № яго, гр. К. Езавітаў адзначыў, што жаданьне т. Ярошэвіча арыштаваць "усіх членаў" Белвайскрады ніякім чынам споўнена быць ня можа, бо, па-перш, ix больш ста чалавек (пры гэтых словах т. Ярошевіч i матросы палахліва паўзводзілі куркі сваіх рэвольвараў i пачалі азірацца на ўсе дзьверы), а па другое, тутака начуе ўсяго 10% з ix, а рэшта працуе ў Менску, яго ваколіцах i на фронце. Калі-ж, для выкананья ордэру, яму усёж-ткі трэба кагоколечы арыштаваць, дык ён можа гэта зрабіць з намесьнікам старшыні i сэкрэтаром, якія адказываюць за ўсю црацу Белвайскцэнтрады.

Ярошэвіч пачаў спрачацца, але гучны стрэл са стрэльбы ў сумежным пакою страшэнна перапалохаў яго i матросаў, i яны зараз-жа згодзіліся с прапазыціяй намесьніка i толькі наскаралі чым хутчэй апранацца.

Зрабіўшы апошнія распараджэньні i наказўшы скарыстаць час i вынесьці з Рады архівы, гр. К. Езавітаў i гр. В. З… развіталіся з таварышамі

i з Ярошэвічам, спусьціліся па сходках [14] густа застаўленых канвойнымі чырвона-гвардзейцамі, ўніз на вуліцу.

З-паза вугла адзін за другім выпаўзлі цёмныя фігуры аўтамобіляў,

У першы аўтамобіль з некалькімі канвойнымі былі пасаджаны заарыштаваныя, ў другі сеў Ярошэвіч з матросамі.

Успыхнулі агні пражэктараў i аўтамобілі шалёна панясліся па пустых вуліцах Менску да штабу Чэка, у готэль "Эўропа".

Рэшта канвою i аўтамобіляў асталася на мейсцы пільнаваць будынак i членаў Рады.

Арыштаваныя былі адвезены ў готэль "Эўропа", дзе ўсю ноч ix дапытывалі, а зрана адпраўлены былі на гаўптвахту, на Шырокую вуліцу, дом №21.

Большасьць членаў Белвайскрады, якія асталіся ў будынку Рады Кангрэсу, карыстаючы момант часовай замінкі i перапалоху, схавалі пад вопратку ўсе найважнейшыя справы Рады i, прэд'явіўшы замясьціцелю Ярошэвіча карткі Беларускае Соціялістычнае Грамады i растлумачыўшы яму, што тутака нібы-то адбываўся сход яе Камітэту, - дабіліся дазваленыія пакінуць будынак i зараз-жа разыйшліся па прыватных кватэрах.

Некалькі членаў, што асталіся ў будынку Белвайскцэнтрады, былі пратрыманы тамака да раніцы, а потым дастаўлены ў готэль "Эўропа", скуль частка з ix была адпушчана, а 4 чалавекі, ў тым ліку i кіраўнік Палітычнага Аддзелу, гр. Язэп Мамонька, пасаджаны на тую-ж гауптвахту, на якой ужо былі гр. гр. Езавітаў i Захарка.

"Савком Заходнае Обласьці" абвяшчае Белвайскцэнтраду распушчанай, а кіраўнікоў i ўсіх членаў яе - падлягаючымі Рэвалюцыйнаму Суду.

Беларусы прыймаюць вызаў.

Акт гвалтоўнага арышту Белвайскцэнт­рады быў апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпеньня беларускага арганізаванага грамадзянства.

З усіх старой пасыпаліся ў Менск i Петраград рашучыя пратэсты беларускіх вайсковых i грамадзкіх арганізацій.

У Кіяве, Адэсе i Яссах (Румынія) зараз-жа пачаліся перагаворы з Украінскім i Румынскім Урадамі аб хутчэйшым пропуску i перавозе беларускіх вай­сковых частак, якія стаялі на Украіне i ў Румыніі (4-ты корпус) праз украінска-бальшавіцкі фронт, адкуль яны пачнуць прабівацца на Менск.

У Вітабску канфлікт паміж Беларускай Вайсковай Радай Паўночнага фронту м Вітабскім Губсовдэпам выліваецца, нарэшце, ў аружную стычку. На пляцу перад Мікалаеўскім саборам беларусы бяруць верх над чырвонагвардзейцамі Губчэка i гоняць ix па ўсіх вуліцах.

Улада ў Вітабску пераходзіць да беларусаў.

Усе гарадзкія установы, арганізаціі i профсаюзы падтрымліваіоць Белвайскраду Паўночнага фронту.

Совнарком Вігабска ўцякае ў Смаленск.

Склікаецца новая Гарадзкая Дума.

Вітабскія беларусы рыхтуюцца на падмогу ў Менск.

Беларускі конны полк у Воршы, хаця-ж i акружаны з усіх старой пешымі маскоўскімі часткамі i кулямётамі, прабіваецца на Менск.

Палажэньне Белвайскцэнтрады ніяк ня можна лічыць кепскім, ці прайграным. Арыштавана ўсяго 6 членаў. На волі асталіся ўсе члены Рады Кангрэсу i немаль-што уся Белвайскцэнтрада з другім намесьнікам старшыні, гр. Тамашом Грыбам, на чале. Вайсковы запал дайшоў да апогея. З боку суседзяў абецана падтрымка. Цягнуць далей немагчыма: трэба брацца за зброю.

Здрада.

У тэты цяжкі i адпаведны момант, калі ўсе беларускія сілы адным фронтам павінны былі кінуцца на насядаўшага ворага, ў самым сэрдцы справы, Выканкоме Белвайскцэнтрады, сталася сумнае i ганебнае здарэньне.

Няпрыемна i цяжка ўспамінаць аб няпрыгожых здарэньнях. Сорамна, як гэта гаворыцца, выносіць бруд з хаты. Але, дзеля таго, што вінаватчыкі здарэньня яшчэ 7 гадоў таму назад самі вынесьлі на двор гэты бруд, дык мусімо даць праўдзівую ацэну таго, што стварылася ў Белвайскцэнтрадзе на другі дзень пасьля арышту актыунейшых з яго членау.

Ужо праз некалькі хвілін пасьля вывазу з будынку намесьніка старшыні i сэкрэтара Белвайскцэнтрады i выхаду членаў Рады Кангрэссу i іншых, якія мелі карткі Беларускай Соціялістычнай Грамады, - трое, толькі што камандзіраваных з тылу i, як відаць, страшэнна палахлівых членаў яе, загаманілі аб тым, што трэба здацца, вызнаць Савецкую ўладу i працаваць з ёю разам. Члены Белвайскцэнтрады, што працавалі у ёй з самага пачатку i перажылі шмат спрэчак i стычак з бальшавікамі, накінуліся на гэтых навічкоў з дакорамі ў палахлівасьці i здрадзе i прабавалі ўсчуняць ix. Загарэлася вострая спрэчка, разьбіўшая затрыманых членаў на два абозы: спалохаўшыхся навічкоў - безпартыйных, яшчэ не уцягнуўшыхся ў справу, i старых працаўнікоў - "грамадзістаў" (членаў Беларускае Саціялістычнае Грамады).

Нараніцы на допыце навічкі абвесьцілі сябе прыхільнікамі бальшавіцкай ўлады, падпісалі аб гэтым пратакол i былі зараз-жа звольнены, а "грамадзісты", як ўжо упаміналася, адпраўлены на гауптвахту.

Трое выпушчаных трусоў-здраднікаў, каб адмяжавацца ад рэшты членаў Рады, абвешчаных ўне закону i падлягаючых рэвалюцыйнаму суду, напісалі ў рэдакцію бальшавіцкай Менскай газеты "Звъзда" аб тым, што яны ніколі з палітыкай Белвайскцэнтрады згодны ня былі, нічога супольнага з яе працай ня мелі i ня маюць. Да ліста гэтага далучыў свой подпіс i гр. Адамовіч Старшы [15].

Апублікаваньне гэтага лісту зрабіла на ўсе беларускія арганізаціі вельмі цяжкое ўражаньне i было найбольшым з усіх удараў па працы Белвайскцэнтрады. Баявы настрой астаўшыхся на волі членаў, якіх не спалохалі арышты таварышоў, дэкрэт аб распуску Рады i Рэволюцыйным Судзе, - быў патушаны, а воля да рашучых крокаў - зломлена. Некалька членаў, справакаваных пагрозамі здрадзіўшай групы, змушаны былі нават пакінуць Менск.

Белвайскцэнтрада была гэтымі здарэньнямі разьбіта на 5 груп: а) групу арыштаваных, б) групу здрадзіўшых, в) групу працаваўшых па-за межамі Менску, г) групу уцекшых з Менску пасьля пісьма i д) групу астаўшыхся ў Менску ў падпольлі.

Астаўшаяся на свабодзе, але у падпольлі, група была страшэнна дэмаралізавана зваліўшыміся падзеямі i ня толькі не магла паўзяць якіх-колечы рашучых крокаў супроць Менскіга Савдэпу, але ня мела магчымасьці паклапаціцца нават аб тым, каб выручыць сваіх сяброў з-пад арышту i каб падтрымліваць далей рэгулярныя стасункі з арганізаціямі.

Белвайскцэнтрада пераходзіць у наступленьне.

Падзеі, між тым, развіваліся далей з баечнаю шпаркасьцю.

У Берасьці немцы ставяць бальшавіцкай дэлегаціі ўсё новыя i новыя вымаганьні, якія тая ўжо не адважваецца, нават, абсуджаць, - ня толькі што ня прымаць.

Насьпявае ультыматум i "паходны мір''.

У Менску пачынае адчувацца нейкая трывога.

Арыштаваным членам Белвайскцэнтрады удаецца з гауптвахты устанавіць кантакт з астаўшыміся на свабодзе. З кароткіх інфармацій даведываюцца яны, што на дапамогу з Вітабску спадзявацца нельга, бо ўлада тамака зноў ужо ў руках бальшавікоў [16], i што трэба самім бараніць сябе i наладжываць барацьбу з Менскім Савдэпам.

19-га Лютага арыштаваныя ўцякаюць з гаўптвахты, зьбіраюць ў прыватнай кватэры нябожчыка гр. Лявіцкага надзвычайны сход Выканаўчага Камітэту Белвайскцэнграды, арганізуюць тутака-ж Беларускую Камандатуру і, апіраючыся на некаторыя вайсковыя групы, на профэсыянальныя хаўрусы жалезнадарожнікаў, тэлеграфістых i інш., выступаюць у адкрытую барацьбу з Менскім Савдэпам i Глауказапам Мясніковым.

А 9 гадзіне вечара ўлада у Менску пераходзіць у рукі Белвайскцэнтрады i Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага Кангрэсу [17].

Глаўказап, Савет Р. С. i К. Д. Заходнай Обласьці i Фронту, Совком, Чэка i Савдэп гор. Менску - пакідаюць г. Менск i ўцякаюць у Барысаў, а стуль - у Оршу.

Усю ноч засядае Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Кангрэсу, які апрацовуе першую Грамату да Беларускага Народу i выдзяляе са свайго складу першы Беларускі ўрад - першы Народны Сэкрэтарыят Беларусі у ліку 7 Народных Сэкрэтароу з гр. Язэпам Варонкам на чале.

Назаўтра нашыя часткі, падтрымаўшыя Белвайскцэнтраду, па загаду Каманданта зводзяцца ў 1-шы Менскі Беларускі полк над кіраўніцтвам гр. Радкевіча, конныя часткі даручаюцца гр. гр. Нямкевічу i Мядзьведзеву, шэфам міліцыі назначаецца гр. Ф. Ждановіч.

Канец Белвайскцэнтрады.

Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Кангрэсу кааптуа ў свой склад астаўшыхся ў Менску членаў Белвайскцэнт­рады i выдзяляе новых Народных Сэкрэтароў у першы Народны Сэкрэ­тарыят Беларусі.

Першы Беларускі Ўрад, у якім прадстаўнікі Белвайскцэнграды атрымліваюць пяць мейсц, прыступае да працы у гэткім складзе [18]:

1. Старшыня Народнага Сэкрэтарыяту i

Народны Сэкрэтар Міжнародн. Спраў - Язэп Варонка,

2. " " Унутраных " - Макрэяу,

3. " " Прасьветных " - Алесь Смоліч,

4. " " Справядлівасьці - Яхім Бялевіч (Б. В. Ц. Р.),

5. " " Нар. Гаспадаркі - Ян Серада (Б. В. Ц. Р.),

6. " " Шляхоў - Рэдзька,

7. " " Земляробства - Тамаш Грыб (Б. В. Ц. Р.),

8. " " Апекі - Палута Бадунова,

9. " " Пошт і Тэлеграфу - Карач,

10 " " Кантролю - Петра Крэчэўскі (Б. В. Ц. Р.),

11 " " Грашовых Спраў - Белкінд,

12 " " Велкарускіх - Петра Злобін,

13. Першы Таварыш Старшыні Народн. Сэкрэтарыяту i Сэкр. Жыдоўск. Спрау - Гутман,

14. Другі Таварыш Старшыні Нар. Сэкр.

i Народны Сэкрэтар Вайсковых Спраў - К. Езавітаў (Б. В. Ц. Р.),

15. Загадчык Спраў Народн. Сэкрэтарыяту - Лявон Заяц.

Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада, пасьля кааптаціі яе Выканаўчага Камітэту ў лік Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага Кангрэсу, - канчае сваю працу i істнаваньне, як асобная арганізація, а кааптаваныя ў Раду Кангрэсу члены яе вядуць далейшую працу ў першым i наступных Народных Сэкрэтарыятах Беларусі, ў Выканаўчым Камітэце Рады Ўсебеларускага Кангрэсу, а пасьля арганізаціі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі - працуюць i у яе складзе.


Прыход у Менск, праз некалькі дзён пасьля стварэньня першага Народнага Сэкрэтарыяту, нямецкіх акупацыйных войск, стасункі беларуска-нямецкія, характар i падробнасьці ўзаемаадносін беларуска-польскіх, далейшыя беларускія вайсковыя фармаваньні, лёс беларускага грамадзянства, гарадоў i вёскі - ўсё гэта апускаецца намі, бо выходзіць за межы пытаньня аб Белвайскцэнтрадзе.

Апускаем таксама групавую ідэалёгую розных кірункаў, складаўшых Вайсковую Раду, бо аснаўным, галоўным i пануючым палітычным кірункам ў Белавайскцэнтрадзе быў кірунак Беларускае Соціялістычнае Грамады, да якой належала 90% ўсіх працаўнікоў Рады. А гэты кірунак усім нам вядомы.

Падводзячы сумацію працы Белвайскцэнтрады, мы павінны вызнаць, што яна, ня гледзячы на ўсе памылкі, ёю зробленыя, ня гледзячы на ўсе перашкоды ёй пастаўленыя, кіраваная ня столькі плянамі, інструкціямі, досьледам, колькі вялікім каханьнем да свае Бацькаўшчыны, - здолела апраўдаць сваё назначэньне i давяла сваю працу да канца, перадаўшы ўладу у Менску i на Беларусі ў рукі Першага Націяльнага Беларускага Ўраду.

Не яе віна ў тых новых неспадзеўках i няўдачах, што зваліліся на галаву першага Ураду Беларусі i што перашкодзілі яму утрымаць уладу ў сваіх руках.

К. Езавітаў.



[1] Полк свапей гаспадаркі ня вёў а засобіўся пры менскім этапным пункце.

[2] Вялікая Беларуская Рада 5.XII.17 здала справаздачу i свае паўнамоцтвы Усебеларускаму Кангрэсу, а ён, 17.XII.17., даручыў спаўненьне сваіх павіннасьцяў i ўлады на Беларусі - Радзе Камісараў, якую выбраў са свайго складу.

[3] Мной ужо азначалася, першае ядро Белвайск. Рады у ліку 15 чалавек, было выдзелена 20 кастрычніка 1917 г. зьездам вайскоўцаў Беларусаў Заходняга фронту. Першае папаўненьне Белвайск. Рады у ліку таксама 15 чалавек было выдзелена зьездам Беларусаў вайсковых паўночнага фронту, які адбыўся 15-20 лістапада ў м. Вітабску. Другіе папаўнены ў ліку 15 чалавек ад зьезду вайсковых беларусаў Румынскага фронту, які адбыўся 3 - 7 сьнежня ў Адэсе, трэйцяе у ліку 15 чалавек ад зьезду вайсковых Беларусаў Паўдзеннага фронту, які адбыўся 15 - 20 сьнежня ў м. Кіеве. Далейшыя папаўненьні былі ад беларускіх зьездаў ў вокругах i давалі меншы лік дэлегатаў.

[4] Па віне карэктара у першай часьці гэтае стацьці, друкаванай у № 1 (7), зьявіліся шкодныя памылкі:

на бал. 38-й ў 17-ым радку зьнізу, фамілію польскага генерала трэба чытаць не "Даўнар-Мусьніцкі", а "Доўбар-Мусьніцкі";

на бал. 40-й, у 8-ым радку зьнізу, пасьля слоў "Аддзелу Вайсковых Фармаваньняу" прапушчана было слова "выехаў";

на бал. 41-й ў 15-ым i 22-ым радкох скарочаны тытул Мясьнікова "Глаўнакамандуючы Западным (Заходиым) Фронтам" трэба ў скарочаньні пісаць не "Глаўкадом", а "Глаўказап";

на бал. 44-й, у апошнім радку увагі, трэба чытаць не "Радзе Камісараў" а "Радзе Кангрэсу" (разумеецца Ўсебеларускі Кангрэс 1917 года);

"Белвойскцэнтрада"-скарочанае-,Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада".

(Увага аўтора).

[5] Апрача таго, вялася гэткая-ж праца i ў Менскай Караульней Камандзе, якая па ліку жаўнераў раўнялася цэламу паўку i мела 50% беларусаў.

[6] Дужа часта сходы Украінскае Вайсковае Рады Заходняга фронту адбываліся ў будынку Белвайскцэнтрады.

[7] У трохкутніку крэпасьць Бабруйск, Рагачоў i Стары Быхаў.

[8] Трэба ўвес час памятаць i тое, што гэта вельмі сур'сзная i адказная праца рабілася пры шалёнай сьпешцы i ў працягу вельмі кароткага часу (Сьнежань 1917 г. i Студзень 1918 г.).

[9] Першы раз - спачатку утварэньня Беларускай Вайсковай Рады у кастрычніку 1917 году; другі раз-пры забароне фармаваньня 1-га пеш. Менскага Беларускага палка i загадзе аб зьліцьці яго з 289-ым пеш. запасным палком.

[10] Выключаючы ўсім вядомага польскага найміта, Паўла Аляксюка, які за некалькі дзён перад гэтым быў выключаны са складу Белвайскрады за растрату даручаных яму для перавозкі з Кіяву у Менск 10 000 царскіх рублёў, пазычаных Белвайскрадзе Украінскай Радай.

[11] Праз пяць - шэсць дзён пасьля візыты п.п. Ваньковічаў.

[12] Вельмі распашыраная беларуская фамілія у Менскай i Смаленскай губэрнях.

[13] Да лютага бальшавікі ўжывалі стары стыль, а з лютага перайшлі на новы.

[14] Праз некалькі хвілін выяснілася, што гэта страляў 12-ці гадовы хлопчык-пасыльны Кастусь, які спаў з братам Ананасам i, калі таго пачалі будзіць матросы, прачнуўся, схапіў са сьцяны набітую жаўнерскую стрэльбу, даручаную яму ўвечары адным з дэлегатаў на сховы, i ўзяўся бараніць брата. Куля нікога не зачапіла. Белвайскрада была на другім паверсе.

[15] Грамадзянін гэты, быўшы рэдактар аднэй з Ковенскіх расійскіх газэт, прыстаў ў 1917 годзе да Беларускай працы, але заўсёды адзначаўся вельмі хілкай пазыціяй i страшэннай здольнасьцю да дэмагогіі. Цяперака ён працуе з палякамі i Алексюком.

[16] На трэцьцюю, ці чацьвёртую ночь, пасьля пераходу ўлады да Беларусоў, польскі полк, які стаяў ў Вітабску i абвесьціў нэўтралітэт у беларуска-бальшавіцкай стычцы, - зрабіў здрадны напад на Белвайскраду Паўночнага фронту, арыштаваў яе членаў, абязброіў Беларускую караульную каманду i перадаў арыштаваных i ўладу ў Вітабску бальшавіцкаму Савдэпу.

[17] Падробнасьці гэтага дня апісаны у беларускім штомесячніку Л^арта^ № 1, 1918 г., ў запісках каманданта Белвайскцэнтрады гр. К. Езавітаваі- «Освобождсніе Минска", а таму мы на ix не спыняемся.

[18] Склад Першага Народнага Сэкрэтарыяту пададзены гр. Краўцовым Макарам у газэце, "Беларускі Звон" № 17, 1921 г. - няпоўны, а таму мы тутака зьмяшчаем яго поўны склад.

Літарамі "Б. В. Ц. Р." ў скобках адзначаны сябры Народнага Сэкрэтарыяту, высунутыя са складу Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX