Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Слуцкае паўстанне. З успамінаў удзельніка 


Аўтар: Кабычкін Аляксей,
Дадана: 18-09-2018,
Крыніца: Бацькаўшчына. 1953. 7 студзеня.; Бацькаўшчына. 1955. 11 сьнежня.



Аляксей Кабычкін (1891-1958), беларускі нацыянальны дзеяч. Скончыў Слуцкую мужчынскую класічную гімназію і юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэту. Да беларускага руху далучыўся падчас першае расейскае рэвалюцыі 1905-1907 гг., удзельнічаў у беларускім маладзёвым гуртку ў гімназіі, дзе вучыўся. Удзельнік Слуцкага антыбальшавіцкага збройнага чыну 1920 г., уваходзіў у склад вайсковага трыбуналу. 3 1921 г. у Вільні, з'яўляўся рэдактарам-выдаўцом некалькіх беларускіх газетаў ("Наша Думка" ды інш.). Падчас Другое сусветнай вайны Аляксей Кабычкін працаваў у Лідскім гарадскім судзе. З канца лета 1944 г. у заходняй частцы Нямеччыны. У лета 1945 г. трапіў у лагер для рэпатрыянтаў у г. Куфштэйн (Аўстрыя), цудам выратаваўся ад "СМЕРШу". У 1956 г. пераехаў у Францыю, апошнія гады дажываў у доме для састарэлых у г. Кан, дзе і памёр у шпіталі ад раку ў гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусі - 25 сакавіка 1958 г.

Слуцкае паўстанне

А. Кабычкін

(З успамінаў удзельніка)

Пасьля няўдалае афэнзывы на "Аршаву" ўлетку 1920 г., бальшавіцкія горды вельмі хутка адкаціліся назад. На Случчыне яны затрымаліся ў 9-ці верстах на ўсход ад Слуцка, на рацэ Вясеі каля Кандратавічаў. А палякі, заняўшы Слуцак, далей на ўсход не пайшлі. Быў атрыманы загад аб спыненьні ваенных дзеяньняў, бо якраз у гэты час паміж палякамі й бальшавікамі пачаліся ў Рызе мірныя перагаворы, у выніку якіх быў падпісаны г. зв. Рыскі трактат аб міры. Гэтым ганебным трактатам жывое цела Беларусі было разрэзана на дзьве часткі, зь якіх большая прыпала Саветам. На Случчыне граніца паміж Польшчаю й Саветамі была вызначаная па рацэ Лані і гэткім чынам амаль уся Случчына заставалася Саветам. Палякі й бальшавікі былі гэтак задаволеныя з таго, што ім так добра ўдалося падзяліць скуру беларускага "мядзьведзя", што іхныя дэлегаты на мірнай канфэрэнцыі ў Рызе - жыд Іофэ і эндэк Домбскі, па падпісаньні трактату, навет пацалаваліся, прыпячатаўшы гэтым юдавым пацалункам падзел нашае бацькаўшчыны.

Зусім інакш зарэагавала на гэты ганебны падзел сама Беларусь, а перадусім Случчына, якой загражала новае паняволеньне крывавай бальшавіцкай дыктатуры. Вестка аб падпісаньні гэтага трактату выклікала на Случчыне вялікае абурэньне, уздым нацыянальнага пачуцьця і станоўчасьць збройна проціўставіцца новай навале бальшавіцкіх гордаў. Зь ініцыятывы Беларускага Нацыянальнага Камітэту на Случчыне пачалася гарачая праца па арганізацыі беларускай народнай міліцыі, якая, на думку арганізатараў, мела стацца зародкам беларускага вызвольнага войска. Палякі, якія хутка мелі адыйсьці на новую мяжу за раку Лань, не перашкаджалі ў гэтай працы, а некаторыя польскія абшарнікі, якія мелі на Случчыне вялікія маёнткі, навет спрыялі беларусам, бо спадзяваліся, што ў выпадку, калі б беларусам удалося адкінуць бальшавікоў хаця б за Бярэзіну, дык яны будуць магчы вярнуцца ў свае маёнткі.

Перад самым адыходам палякаў на новую мяжу, пайменна 21 лістапада 1920 году, у старых мурох Слуцкае гімназіі [1], якая і ў часы царызму заўсёды лічылася рэвалюцыйнай і выхавала нямала беларускіх патрыётаў, адбыўся гістарычны зьезд прадстаўнікоў Случчыны. На зьездзе было звыш 100 дэлегатаў, у ліку якіх былі ня толькі прадстаўнікі іншых раёнаў нашае бацькаўшчыны, якія, уцякаючы ад бальшавікоў, выпадкова ў гэты час апынуліся ў Слуцку. Зьезд, які прайшоў зь вялікім нацыянальным уздымам, аднагалосна прыняў пастанову распачаць збройнае змаганьне з бальшавікамі з мэтаю здабыцьця вольнасьці й незалежнасьці для ўсёй Беларусі. Зьезд выдаў дэклярацыю, у якой абвяшчалася ўсяму сьвету аб тым, што беларускі народ распачынае змаганьне за вольную й незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах на аснове Акту 25 сакавіка 1918 году.

Кіраўніцтва паўстаньнем зьезд даручыў выбранай ім Радзе Случчыны, у якую ўвайшлі гэткія асобы: Уладзімер Пракулевіч, Васіль Русак, Паўлюк Жаўрыд, Юльян Сасноўскі, Радзюк, Мяшочак, Юрка Лістапад, Дубіна, Сяргей Бусел і яшчэ некалькі, усяго, здаецца, 17 сяброў.

Зараз жа пасьля зьезду ўся міліцыя зь вёсак і мястэчкаў была сьцягнена ў Слуцак. На Базарным пляцы адбыўся мітынг, на якім выступіў старшыня Рады Случчыны Ў. Пракулевіч і прадстаўнікі ад вайскоўцаў. Усе яны заклікалі беларускую моладзь да ўступленьня ў рады беларускага вызвольнага войска, а насельніцтва - да ахвярнасьці і падтрыманьня гэтага войска. Пасьля гэтага адбыўся пераход паўстанцаў ў Семежава (40 клм. на захад ад Слуцка), дзе і прабывала потым Рада Случчыны й штаб паўстаньня. Ужо ў наступны дзень пасьля пераходу ў Семежава пачалі зьбірацца ахвотнікі, якіх было так многа, што, з прычыны нястачы зброі й амуніцыі, ня было магчымасьці прыняць усіх жадаючых. Фактычна прыймалі ўдзел у збройным паўстаньні каля 3 500-4 000 паўстанцаў, у той час, як ахвотнікаў зьявілася каля 10 000 чалавек. Пачалася гарачая арганізацыйная праца. Былі арганізаваныя два палкі: Слуцкі і Грозаўскі. Камандзерам Слуцкага палка спачатку быў назначаны капітан Чайка. Але хутка было сьцьверджана, што ён зьяўляецца правакатарам - бальшавіцкім агентам. Ён быў арыштаваны й адданы пад суд, але з-пад арышту яму ўдалося ўцячы да бальшавікоў. На яго месца камандзерам Слуцкага палка быў назначаны палкоўнік Гаўрыловіч, а камандаваньне Грозаўскага палка абняў капітан Семянюка [2]. З гэтых двух палкоў была ўтворана Беларуская Брыгада Случчыны, на чале якой стаў капітан Сокал-Кутылоўскі (пасьля апошняй вайны выдадзены амэрыканцамі Саветам). Дзякуючы прысутнасьці ў штабе дасьветчаных вайскоўцаў, нармальная праца наладзілася хутка. Быў зарганізаваны добры палявы шпіталь і розныя іншыя спэцыяльныя вайсковыя аддзелы. Яшчэ ў Семежаве пачалася арганізацыя вайсковага суду, які пазьней быў пераведзены ў вёску Грыцэвічы. Суд гэты быў твораны на ўзор нямецкіх судоў "шэфэнаў". На чале яго стаяў старшыня Янка Біруковіч, а, як радныя, уваходзілі два прадстаўнікі ад вайскоўцаў. Апрача гэтага быў пракурор і вайсковыя сьледчыя.

Пачалося няроўнае змаганьне. Без гарматаў, кулямётаў, а часта й зусім бяз зброі, слуцкія паўстанцы зь вялікай адвагай кінуліся ў бой за сьвятыя нацыянальныя ідэялы, за вольнасьць і незалежнасьць мілае бацькаўшчыны. Аўтару гэтых радкоў давялося ў сваім жыцьці быць сьветкам збройных змаганьняў розных партызанцкіх і паўстанцкіх аддзелаў, асабліва на Ўкраіне, але нідзе ня прышлося бачыць гэткай ахвярнасьці і гэткае сьведамасьці мэты змаганьня, як у слуцкіх паўстанцаў. Між іншым нельга не адцеміць аднае, можа і дробнае, але вельмі характэрнае рысы Слуцкага паўстаньня, якая хіба найлепей сьветчыць аб тым, якія глыбокія карані гэтае паўстаньне мела ў беларускім народзе, асабліва ў ягонай сялянскай масе. Гэта рыса - адсутнасьць рэквізыцыяў. Слуцкая Брыгада - гэта была пэўне адзіная ў сьвеце вайсковая фармацыя, якая нічога ня брала ў насельніцтва і не рабіла ніякіх рэквізыцыяў. У гэтым, урэшце, ня было й патрэбы, бо ўсё патрэбнае для войска, як прадукты, фураж, а навет вопратку, сяляне самі дабраахвотна прывозілі ў Семежава. Амаль што дня ў Семежава прыбывалі абозы з усім патрэбным і звычайна на першым возе красаваўся бел-чырвона-белы сьцяг.

Рада Случчыны выдала заклік да чырвонаармейцаў, каб яны здаваліся ў палон, гарантуючы ім бясьпеку й вольнасьць. Напачатку шмат іх здавалася. Першыя баі былі вельмі ўдачныя. Паўстанцы пасунуліся навет на лінію Грозава - Цімкавічы - Раманава - Вызна і наступалі ўжо на Старобін. Але бальшавікі кінулі супраць паўстанцаў вялікую сілу латышоў, кітайцаў і іншых "інародцаў", якія ў палон не здаваліся. Пасьля жорсткіх баёў, у якіх слуцкія паўстанцы выказалі многа гэраізму, яны змушаныя былі 28 сьнежня 1920 году адыйсьці за раку Лань, дзе і былі раззброеныя палякамі. Аднак шмат паўстанцаў засталося ў лясох Случчыны і там доўга яшчэ змагаліся з ворагамі бацькаўшчыны.

Трэба адцеміць выдатную помач, якую Слуцкім паўстанцам аказвала Беларуская Вайсковая Камісыя ў Горадні. У дапамогу паўстанцам яна прыслала выдатных вайскоўцаў: маёра Якубецкага, капітана Борыка, капітана Клюку й іншых, а беларускія жанчыны Горадзеншчыны ахвяравалі паўстанцам надта прыгожы сьцяг з надпісам: "Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына".

Слуцкае паўстаньне скончылася фізычнай перамогай ворагаў нашае бацькаўшчыны. Аднак чын Слуцкіх паўстанцаў мае вялізарнае значэньне ў гісторыі беларускага вызвольнага руху, бо гэтае паўстаньне было першым, арганізаваным у дзяржаўным маштабе, збройным змаганьнем за вызваленьне ўсей Беларусі. Хаця Слуцкае паўстаньне і было абмежаванае тэрытарыяльна толькі межамі Слуцкага павету, аднак яно ня было толькі мясцовым, лякальным паўстаньнем, але мела ўсе рысы ўсенароднага агульнабеларускага збройнага змаганьня ў дзяржаўным маштабе. І гэта ня толькі дзеля таго, што Рада Случчыны вяла змаганьне пад сьцягам Беларускае Народнае Рэспублікі і мэтай гэтага змаганьня паставіла сабе здабыцьцё незалежнасьці на аснове Акту 25 Сакавіка, але і дзеля таго, што ў радох Слуцкіх паўстанцаў фактычна змагаліся прадстаўнікі ўсей Беларусі: былі там беларусы з Магілеўшчыны, Віцебшчыны, Гомельшчыны і г. д., ня кажучы ўжо аб тых беларусах, якія паходзілі з часткі Беларусі, якая засталася ў межах Польшчы. Гэтаксама і на Слуцкім зьездзе, як ужо ўспаміналася вышэй, былі прадстаўнікі амаль усіх куткоў нашае бацькаўшчыны.

Слуцкае паўстаньне давяло ўсяму сьвету волю беларускага народу да самастойнага незалежнага жыцьця. Яно давяло, што беларускі народ рашуча й станоўка адкідае апеку "старэйшых братоў", як з Захаду, гэтак і з Усходу. 3 задаваленьнем можам сьцьвердзіць, што гэтыя слаўныя традыцыі Слуцкіх паўстанцаў жывуць далей і ў нашай эміграцыі, якая таксама рашуча адкідае розныя спробы гэтых няпрошаных "братоў" накінуць нашаму народу, пасьля вызваленьня ад бальшавізму, новае ярмо паняволеньня.

А. К.

Словы-успаміны пра Слуцкае паўстаньне [3]

Аляксей Кабычкін

26 лістапада 1955 г.

Паважаныя Спадарыні й Спадары!

Мы сабраліся сяньня тут, каб ушанаваць угодкі Слуцкага Паўстаньня, гэтага вялікага здарэньня ў гісторыі змаганьня нашага народу за волю й незалежнасьць Бацькаўшчыны. Дазвольце мне, як удзельніку гэтага паўстаньня, падзяліцца з вамі сваімі сьціплымі ўспамінамі аб змаганьні случакоў.

Вестка аб падпісаньні ганебнага Рыскага трактату выклікала сярод насельніцтва Случчыны вялікае абурэньне і ўздым нацыянальнага пачуцьця. Зь ініцыцятывы Беларускага Нацыянальнага Камітэту быў скліканы зьезд прадстаўнікоў Случчыны. На зьезд гэты, які адбыўся 21 лістапада 1920 г. [4], зьявілася 107 дэлегатаў ад 15 воласьцяў Случчыны. Зьезд прайшоў зь вялікім нацыянальным уздымам. Аднагалосна была прынята пастанова распачаць збройнае змаганьне з бальшавікамі пад сьцягам БНР. Зьезд выдаў ведамую нам дэклярацыю.

На зьездзе была выбраная Рада Случчыны ў ліку 17 сяброў, якой і даручана было кіраваньне паўстаньнем. Хачу тут успомніць адно найбольш выдатных сяброў гэтае Рады.

1. Паўлюк ЖАЎРЫД, якога я знаў вельмі блізка, бо разам зь ім прайшоў Слуцкую гімназію і навет сядзеў на адной лаўцы. Жаўрыд ужо ў малодшых клясах гімназіі адзначаўся вялікай нацыянальнай сьвядамасьцяй. Яшчэ ў 3-й клясе (перад 1905 годам), калі беларускі друк быў яшчэ забаронены, ён арганізаваў паміж вучняў беларускі гурток, які займаўся вывучэньнем беларускае мовы й гісторыі. Заўсёды жывы й дзейны, ён атрымаў ад вучняў мянушку "Арганізацыя".

2. Юрка ЛІСТАПАД, настаўнік. Гэта быў праўдзівы народны трыбун і няўтомны змагар за беларускую справу. Савецкая газэта "Правда" ў № 59 з 5 сакавіка 1926 году, у сувязі з працэсам лістападаўцаў, гэтак пісала аб ім: "Юры Лістапад у 1920 годзе быў сябрам партыі беларускіх эсэраў, адначасна быў сябрам Слуцкае Рады і актыўным кіраўніком Слуцкага Паўстаньня". Гэта праўда - ён быў адным з найвыдатнейшых арганізатараў Слуцкага Паўстаньня.

3. Васіль РУСАК, сын селяніна зь вёскі Ячава пад Слуцкам, такса-ма адыграў вялікую ролю ў Слуцкім Паўстаньні. Калі ў 1945 годзе бальшавікі занялі Прагу Чэскую, яны яго арыштавалі, вывезлі ў Менск і там засудзілі за ўдзел у Слуцкім Паўстаньні на 10 гадоў.

4. Юльян САСНОЎСКІ, сын селяніна з Вызны, таксама мой калега з Слуцкае гімназіі, прыймаў актыўны ўдзел у арганізацыі Паўстаньня. Ён вельмі цяжка перажываў няўдачу Паўстаньня й сваю эміграцыю. У 1922 годзе, будучы на эміграцыі ў Польшчы, ён скончыў самагубствам.

Зараз жа пасьля зьезду адбыўся пераход паўстанцаў ў мястэчка Семежава, дзе і заснавалася Рада Случчыны й штаб Паўстаньня. Там пачалася гарачая праца над арганізацыяй беларускага вызвольнага войска. У Семежава сабралася шмат ахвотнікаў, але ўсіх іх выкарыстаць ня было магчымасьці з прычыны нястачы зброі й амуніцыі.

Былі зарганізаваныя два палкі: Слуцкі й Грозаўскі. Камандзерам Слуцкага палку, пасьля арышту правакатара капітана Чайкі, быў назначаны палкоўнік Гаўрыловіч, а камандзерам Грозаўскага палку - капітан Семянюк. 3 гэтых двух палкоў была ўтворана Беларуская Брыгада Случчыны (брыгада, а не дывізія, як гэта абмылкова часта падаецца ў друку). Камандзерам Брыгады спачатку быў капітан Анцыповіч, а пазьней і да канца - Сокал-Кутылоўскі.

Тут хачу таксама паправіць дзьве абмылкі, якія часта дапушчаюцца намі. Не адпавядае праўдзе, што маткі й сёстры паўстанцаў дарылі ім сьцягі з напісам: "Тым, што першыя паўсталі... і г. д." У запраўднасьці толькі адзін гэткі сьцяг быў ахвяраваны паўстанцам беларускімі жанчынамі Горадзеншчыны, з напісам: "Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына". За польскіх часоў гэты сьцяг перахоўваўся ў ваднэй царкве на Палесьсі. Што зь ім сталася цяпер, няведама. Не адпавядае таксама праўдзе, што Макар Краўцоў быў слуцкім паўстанцам. Я вельмі любіў і шанаваў Макарку Косьцевіча, які быў мне вялікім прыяцелем, але не хачу прыпісваць яму таго, чаго ня было.

Я веру, што наш народ будзе й далей змагацца за ідэялы, за якія паміралі слуцкія паўстанцы, і здабудзе ўрэшце рэшт й незалежнасьць. Мне хочацца закончыць словамі паэты-случчака Клішэвіча:

Я веру у народ мой сьмелы.

Сыны твае праз ночы муць

Штандар наш бел-чырвона-белы

Да перамогі пранясуць.

I гэты слаўны прыдзе дзень -

Няволя прападзе, як цень,

Сьцюдзёны вецер адскуголіць,

Крывавы віхар пройдзе міма,

І будзеш ты, мая Радзіма,

Цьвісьці шчасьліваю на волі.

А. К-ін

Бацькаўшчына. 1955. 11 сьнежня.



[1] Аўтар успамінаў памыляецца ў даце ды месцы правядзеньня Зьезду Случчыны. Зьезд адбываўся 14-15 лістапада 1920 г. у слуцкім доме Э. Вайніловіча.

[2] Маецца на ўвазе Лукаш Сяменік (Семянюк).

[3] Словы-ўспаміны, выказаныя А. Кабычкіным у Мюнхене падчас сьвяткаваньня тамтэйшым беларускім эмігранцкім асяродкам 35-х угодкаў збройнага чыну.

[4] Аўтар памыляецца, насамрэч 14-15 лістапада.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX