Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Узьбіліся на свой шлях 


Аўтар: Лістапад Юрка,
Дадана: 31-01-2018,
Крыніца: Лістапад Юрка. Узьбіліся на свой шлях // Спадчына. 1998. №1. С. 146-163.



Летась споўнілася б 100 гадоў знанаму беларускаму дзеячу Юрку Лістападу. Ягоны жыцьцёвы шлях - гэта пэрыяд у гісторыі нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі. Нарадзіўся ён у красавіку 1897 г. у вёсцы Варкавічы Слуцкага павету. Пасьля сканчэньня ў 1914 г. настаўніцкае сэмінарыі ў Панявежы працаваў на Случчыне. Да беларускага палітычнага руху далучыўся з 1917 г. У 1918-1919 гг. вучыўся ў Менску на Першых беларускіх пэдагагічных курсах, дзе ягонымі выкладчыкамі былі Язэп Лёсік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Антон Трэпка ды інш. Адзначаўся пэдагагічнаю радаю курсаў за добрае валоданьне беларускаю моваю й веданьне гісторыі Беларусі. Язэп Лёсік надрукаваў ягоны курсавы твор «Слуцкае вясельле» ў газэце «Беларусь» у траўні 1920 г. Падчас бальшавіцкае й польскае акупацыяў працаваў у менскіх беларускіх выдавецтвах, пераклаў на беларускую мову апавяданьне Ул.Караленкі «Бяз мовы», дзьве камэдыі А.Астроўскага «Беднасьць ня ганьба» й «На бойкім месцы», a таксама «Арытмэтыку» Цыгельмана. Увосень 1919 г. накіраваны Беларускаю школьнаю радаю Меншчыны школьным інспэктарам на Случчыну, дзе з дапамогаю мясцовага нацыянальнага актыву ўтварыў 8 беларускіх школак. Актыўна ўдзельнічаў у працы слуцкіх беларускіх арганізацыяў. (Ягоныя справаздачы ў Беларускую школьную раду Меншчыны да 1919 г. друкавала «Спадчына» ў № 6, 1994 г.) У лістападзе 1920 г. сябра Беларускае рады Случчыны, удзельнік Слуцкага збройнага чыну. З 1921 г. у Заходняй Беларусі, вучыўся на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах, адначасова быў іх адказным сакратаром. Пазьней інструктар беларускіх школаў на Віленшчыне. Улетку 1922 г. вярнуўся ў БССР, у 1923-1925 гг. працаваў выкладчыкам Слуцкіх агульнаадукацыйных пэдагагічных курсаў. У кастрычніку 1925 г. арыштаваны ГПУ паводле абвінавачаньня ў антысавецкай дзейнасьці. Асуджаны на 5 гадоў турэмнага зьняволеньня. У 1927 г. амніставаны, доўгі час ня мог уладкавацца на працу. Зарабляў грошы як «вольны перакладнік» у Белдзяржвыдавецтве. Улетку 1930 г. зноў арыштаваны na справе «Саюзу Вызваленьня Беларусі», але празь некалькі месяцаў быў вызвалены. Каб пазьбегнуць наступных арыштаў, у ліпені 1933 г. перасяліўся ў Ржэва, дзе працаваў рахункаводам. У кастрычніку таго ж году быў арыштаваны ГПУ па справе «Беларускага Нацыянальнага Цэнтру» i ў студзені 1934 г. асуджаны на 8 гадоў лягеру. 31 сакавіка 1938 г. засуджаны «тройкаю» на расстрэл.


Адраджэньне Беларусі, як вядома ўсім, стала расьці з кожным часам шырэй з 1905 года. Саўсім зразумела, што працаваць пад уладаю расейскага імпэрыялізму магчыма было, i то з надта вялікімі перашкодамі, толькі на культурна-прасьветнай дарозе. Такая праца вялася аж да рэвалюцыі 1917 года. Трэба заўважыць, што, нягледзячы на царскі рэжым, беларускія адраджэнцы досыць часта бывала з культурна-прасьветйае працы пераскаквалі й на палітычную, за што й адседжвалі ў каталажках. З часоў рэвалюцыі 1917 года справа беларуская стала шырыцца ўжо не за гадамі, a навет з кожным тыднем. То былі толькі арганізацыі ў мястох вялікіх: Вільні, Менску, a гэта ўжо сталі зьяўляцца розныя беларускія гурткі па павятовых мястох i мястэчках. Дзеля таго, што пасьля гэтае рэвалюцыі стала крыху вальней, праца беларуская пайшла не па аднаму ўжо шляху, a распаўзлася ў розныя кірункі й распаўсюдзілася амаль не па ўсёй Беларусі.

Мне вельмі хочацца пазнаёміць паважаных чытачоў з тым, як узьбіліся беларусы Случчыны на свой шлях i да чаго яны дайшлі.

Беларуская арганізацыя на Случчыне стала падымацца на ногі з пачатку Расейска-Нямецкай вайны. Праўда, былі людзі, каторыя працавалі й да гэтага часу, але іх было вельмі мала. Вось у вайну нехта Астроўскі [маецца на ўвазе Радаслаў Астроўскі (1887-1976) - беларускі палітычны i грамадзкі дзяяч міжваеннага i ваеннага часу] адчыніў беларускую гімназію, але гэтая гімназія тады звалася не беларускаю, a проста земскаю гімназіяю. Сам дырэктар гімназіі пан Астроўскі ў той час быў надта шчыры працаўнік на ніве беларушчыны, дзякуючы гэтаму, ён i паставіў справу беларускую ў гімназіі на свае ногі. Кіраваў ён гэтаю гімназіяю, здаецца, да бальшавіцкай ужо рэвалюцыі. Потым пан Астроўскі якім-то парадкам, пунктуальна не скажу, папаў у Дэнікінскую армію. Там ён сапсаваўся дарэшты, саўсім стаў другім чалавекам. Пра Беларусь i ўспамінаць ня хоча, нават родным сёстрам-гімназісткам забараніў пры ім гаварыць пабеларуску. Але, нягледзячы на гэта, пан Астроўскі мае свае заслугі ў тым, што з яго вучняў-гімназістаў шмат выйшла сьвядомых беларусаў, дзякуючы якім усё сялянства Слуцкага павету зразумела, хто яны такія, i цяпер кожны селянін Случанін, стары й малы, вам сьмела скажа, што ён i не маскаль, i не паляк, a кроўны беларус.

Вось улетку 1917 года адчыняецца беларускі культурна-прасьветны гурток «Зарніца» ў вёсцы Старыцы. З дзеячоў гэтага гуртка зьцемлю Аляксея й Янку Каўпакоў, Пётру й Янку Зенюкоў, Л.Стагавічанку, Зенькавічанку й Пётру Бабарэку. Статут, апрацаваны гуртком «Зарніца», быў потым прыняты Беларускім Нацыянальным Камітэтам Меншчыны.

Юрка Лістапад. Менск, 1918 г.

У восень 1917 года адзін з вучняў гімназіі Астроўскага С.Бусел задумаў арганізаваць культурна-прасьветны гурток «Папараць-кветку». Шукаў ён сабе сябрукоў сярод інтэлігенцыі, але да каго ні зьвяртаўся, усюды чуў адно: выкінуць з галавы гэтую дурную думку. Нарэшце ён спаткаў аднаго вучня, ня ведаю якое школы, гр. Ракуцьку, які далучыўся да яго, - i пачалі супольную працу. Гэты Ракуцька хацеў, каб гурток «Папараць-кветка» быў на камуністычнай падкладцы, але Бусел не згадзіўся. Дзеля таго, што яны не знайшлі сабе балей сталых сяброў, дык С.Бусел прымусіў вучняў ніжэйшых клясаў прыйсьці на першы сход, каб выбраць праўленьне гуртка. Бальшавікі дазволу на сход не далі, тады гэта куча дзяцей-вучняў рэвалюцыйным парадкам адчыніла сход i выбрала праўленьне, толькі ўжо гэты гурток назвалі не грамадзянскім, як раней думалі, a вучнёўскім культурна-прасьветным гуртком, бо, як я казаў, саўсім ня было спачуваючых беларускаму руху сталых людзей. Потым, калі вучні-сябры гуртка задумалі зрабіць першае йгрышча, дык усе слуцкія музыканты адмовіліся пайсьці пайграць на гуляньні беларускае моладзі. К гэтаму прыехаў звольнены з войска вядомы беларускі дзеяч на Случчыне В.Русак. Ён быў у беларускіх арганізацыях на Віцебшчыне. Вось гэты В.Русак памог вучням паставіць як сьлед гэтае першае йгрышча Слуцкае моладзі.

Потым у склад сяброў гуртка сталі запісвацца некаторыя зацікаўленыя грамадзяне, як, напрыклад, вядомы беларус, які працуе з 1905 года, п. Асьвяцімскі, Жаўрыд i іншыя. Такім чынам, «Папараць-кветка» існавала ўвесь час нямецкае й балыпавіцкае акупацыі на Беларусі. Далей у кастрычніку 1919 года, калі гурток перапоўніўся сталымі людзьмі, дык зрабілі перарэгістрацыю гуртка, значыцца адкінулі ўсіх дзяцей i назвалі ўжо гурток грамадзянскім. 3 працаўнікоў гэтага ўжо новага гуртка шчырымі беларусамі зьявіліся: А.Бараноўскі, У.Дубіна, Фёдараў i іншыя. Неўзабаўні за гэтым Беларуская Школьная Рада Меншчыны прыслала на Слуцкі павет інструктарам беларускіх школ нейкага п. Абрамовіча, каторы заняў сабе пасаду пісара ў польскага інспэктара й заўсім забыўся на даручаныя яму Беларускаю Школьнаю Радаю Меншчыны абавязкі.

Тады Рада прыслала другога інструктара Ю.Лістапада, які да працы аднёсься прыхільна й адчыніў восем (8) пачатковых беларускіх школ на павеце. У палавіне лістапада (наябра) таго-ж году сябры гуртка «Папараць-кветка», атрымаўшы інструкцыю з Менску, назвалі сябе ініцыятыўнаю групаю й сазвалі сход прыхільнікаў беларускага руху, каб выбраць Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны. На сход зьявіліся толькі шаснаццаць (16)асоб, якія й выбралі Б.Н. Кам. Случчыны, у склад якога ўвайшлі гэткія асобы: Пракулевіч, Петрашкевіч, Асьвяцімскі, Бараноўскі й Русак.

Камітэт распачаў сваю працу, але працаваць было вельмі цяжка, бо не было ніякае дапамогі ніадкуль. Камітэт выпрасіў пазваленьня ў Старасты павету адчыніць пры Камітэце «Бюро безработных» i аднадзённага збору ахвяр на ўсім павеце. Якраз гэтымі безработнымі i былі сябры «Папараць-кветкі» i Камітэту.

Гурток, трэба заўважыць, кожны сьвяточны вечар ставіў прадстаўленьні. Зборы заўсёды былі вельмі вялікія. Навет ставілі такія вечары, за каторыя вясковае грамадзянства мела права прыходзіць дарэмна без платы за ўваход. Усёю гэтаю сэкцыяю кіраваў В.Русак, які паставіў ужо балей за тысячу вечароў. Тым часам гурток «Папараць-кветка» выдаў два нумары часопісі «Наша каляіна», якія вельмі добра разыйшліся сярод сялянства. Вось такім парадкам Н. Камітэт i гурток разжыліся на грошы. Яшчэ арганізацыі Случчыны гэтым не засталіся здаволены, папрасілі «Хор Тэраўскага» з Менску прыехаць у Слуцак i паставіць штокольвек. Тэраўскі з хорам не адмовіўся пяяць на абедні ў Слуцкім саборы. Людзей было паўнютка царква, усіх гэта перш-наперш надта зьдзівіла, a потым i вельмі зацікавіла. Многія кабеты стоячы ў царкве плакалі, a выйшаўшы, гаварылі, што яны думалі пра беларусаў абмылкова, аж выявілася, што й яны тыя самыя беларусы, бо яны чулі, што сябры хору так сама гамоняць паміж сабою папросту. Потым п. Тэраўскі з хорам даў адзін вечар-канцэрт, a другі спэктакль. Прысутных было гэтулькі, што ня толькі нельга было сядзець, a навет павярнуцца немагчыма было.

Юрка Лістапад з жонкаю Марыяй (Стагановічанкай). 1920-я гг.

Праз некалькі часу ў Слуцак прыехаў вядомы драматург-актор Галубок, які так сама паставіў два вечары й яшчэ балей зацікавіў публіку. З гэтага часу справа беларуская на Случчыне пайшла шмат уперад. Сяброў у гуртку было ўжо да трох соцень, амаль што ня ўся інтэлігенцыя Слуцкая аб'ядналася вокала гуртка. Тым часам гурткі на мястэчках i вёсках так сама сталі расьці. Дзе ні паехаць, дзе ні пайсьці, толькі й чуеш гутарку пра Беларусь. Тады Камітэт разаслаў яшчэ агітатараў, якія пабывалі ў кожнай вёсцы й растлумачылі сялянству, як належыць, пра справу беларускую, так што з таго часу Камітэт быў перапоўнены народам, які прыходзіў па розныя спраўкі й рады, не зважаючы на пагрозы мясцовае польскае ўлады. Тады палякі ні з сяго ні з таго зачынілі гурток «Папараць-кветка», павесілі да шахваў замкі, прыляпілі пячаткі й баста, але, трэба прызнацца, адарвалі з заду шахваў сябры гуртка дошкі й дачыста выбралі ўсё тое, што там знаходзілася, пакінулі толькі ім пад замкамі трохі старых газэт. Літаратуру ўсю разаслалі па вёсках, школах i другіх гурткох. Праўда, літаратуры з Менску прывозілі штомесяц дзясяткі пудоў, але яе ніколі не хапала, бо надта скора распрадавалася. Так гурток «Папараць-кветка» й застаўся зачынены аж да другое паловы лістапада 1920 года.

Нягледзячы на гэта, Камітэт дастаў аднекуль дазвол клапаціцца або, як кажуць, браць напарукі зарыштаваных беларусаў. Як хваля, людзі йшлі, i шмат-шмат хто, дзякуючы Камітэту, быў вызвалены з-пад арышту. Былі выпадкі, што навет угалоўнікаў Камітэт браў напарукі, i палякі згаджаліся. Працаваць толькі ў Камітэце й ставіць вечары - гэтага мала. Сябры Камітэту задумалі адчыніць беларускую коопэратыву «Зара». Вось гэтая коопэратыва так шчыра ўзялася за працу, што навет шмат адабрала пайшчыкаў ад польскіх коопэратываў i стала самаю найбольшаю коопэратываю на ўсёй Случчыне. З працаўнікоў гэтае коопэратывы вядомы: К.Бараноўскі, Асьвяцімскі, Дубіна, Фёдараў i Кяцка. Нацыянальны Камітэт увесь час вёў арганізацыйную працу й такім парадкам дажыў да прыходу бальшавікоў улетку 1920 года. Як толькі прыйшлі балыпавікі, Камітэт зачыніўся, a разам з ім i коопэратыва «Зара» так сама перастала йснаваць. Здавалася-б, што справа беларуская на Случчыне ўжо памерла, але-ж не. Партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў адчыніла свой Камітэт ды якраз у тым самым памяшканьні, дзе быў спачатку Нацыянал. Камітэт. Грамадзянства, як згаварыўшыся, ізноў тоўпіцца ў гэтым сац.-рэвал. Камітэце. Прыйшла восень, сталі адчыняцца школы. Вядомая рэч, дзе толькі адчыняецца школа, дык абавязкова беларуская, a калі расейская, дык каб выкладалася й беларуская мова, але гэта цягнулася нядоўга, бо скора йзноў прыйшлі палякі. Мушу заўважыць, што вельмі многа сяброў з беларускіх арганізацый стараліся, калі балыпавікі мабілізавалі, заставацца ў якой-небудзь установе ў Слуцку альбо блізка да яго. Вельмі перапрашаю, што не ў пару ўспамяну, але лічу патрэбным адзначыць у кароткіх словах беларускія курсы для вучыцялёў, якія адбыліся з 25 красавіка na 1 чэрвеня 1920 года ў Слуцку.

Якім-жа парадкам Школьная Рада Меншчыны дастала ад польскае ўлады шмат грошай на гэтыя курсы. Пры тым загадчыкам гэтых курсаў назначыла паважанага пана Я.Станкевіча. На курсы, нягледзячы на працоўны час на полі, зьехалася з усяго павету сот чатыры вучыцялёў з вольнымі слухачамі. З Менску ў той час прывязлі шмат літаратуры, i вось вучыцялі заклалі кніжную коопэратыву. Значыцца, усе гэтыя слухачы курсаў цэлы дзень ля гэтых кніжак, a лекцыі на курсах пачыналіся a трэцьцяй гадзіне па поўдні. Як толькі падыходзіць гэты час, дык уся грамада йдзе да Камэрцыйнае школы, дзе чыталіся лекцыі, i так расьцягнецца, што здаецца полк ідзе. Вось гэта ўстрывожыла палякаў, i зараз жа Польскі Школьны інспэктар зачыняе курсы. Доўга не чакаючы, паслалі да Менску тэлеграму i праз дзён колькі атрымалі дазвол адчыніць курсы. Мясцовыя польскія ўлады гэтым былі надта не задаволены, але хоцькі-ня-хоцькі мусілі згадзіцца. У салі на лекцыях часта можна было бачыць духавенства i падчас польскіх афіцэраў, якія выслухоўвалі ўсе чатыры лекцыі. Беларускія курсы скончыліся, a зараз-жа за імі вучыцельства прымушана было йсьці на польскія курсы, якія трывалі толькі адзін дзень. Сталася гэта таму, што палякі ўжо ўцякалі ад бальшавікоў.

Такім чынам, справа беларуская на Случчыне ўсё пры новых акупантах ішла наперад i дачакала апошніх дзён кастрычніка 1920 года, калі палякі зьявіліся да Слуцку другі раз.

З прыходам палякаў другі раз на Случчыну Беларускі Нацыянальны Камітэт зараз-жа распачаў сваю працу. Дзякуючы таму, што Слуцак у гэты час быў адрэзаны ад другіх беларускіх цэнтраў, Камітэт паслаў ад сябе прадстаўніка ў Варшаву дзеля зносін з Цэнтральным Беларускім Нацыянальным Камітэтам - п. Жаўрыда. Сяброў з гэтага Камітэту засталося толькі два, a два, баючыся палякаў, выехалі з бальшавікамі. Склалася новая ініцыятыўная група беларусаў, якая склікала грамадзкі сход, каб папоўніць Камітэт новымі сябрамі. На гэтым сходзе было 450 прысутных асоб, i яны да старога Камітэту давыбралі яшчэ 7 сяброў. Такім чынам, у склад камітэту ўвайшло 12 асоб, але стары Камітэт ня прызнаў некаторых новых сяброў, лічучы іх русыфікатарамі. Значыцца, пайшлі спрэчкі, стары Камітэт адмовіўся працаваць да прыезду пасланага прадстаўніка. Старшынёю новага Камітэту застаўся доктар Паўлюкевіч, надта энэргічны працаўнік, але на ніве бацькаўшчыны чалавек новы.

Давыбары Камітэту адбыліся 2 лістапада 1920 года. 3 гэтага часу й пачаліся спрэчкі паміж сябрамі новага й старога Камітэту. Час не чакаў: трэба было як найхутчэй арганізаваць грамадзкую ўладу. Камітэт адразу арганізаваў міліцыю й разаслаў яе па вучастках павету. Начальнікам павятовай міліцыі быў назначаны п. Мацэльлі. Ён неафіцыйным парадкам адчыніў запіс у рэзэрв народнае міліцыі. У кожнае воласьці былі арганізаваны, замест польскіх войтаў, беларускія Камітэты, a ўжо воласьці арганізавалі Камітэты ў кожнай вёсцы. Так што ўвесь павет стаўся чыстым беларускім з сваім праўленьнем i г. д. Нацыянальны Камітэт Случчыны ўжо ня мог трываць далей, a трэба было штонебудзь шырэйшае. Вось Камітэт пастанавіў склікаць павятовы зьезд па пяць прадстаўнікоў ад кожнае воласыді й па адным ад кожнае культурна-прасьветнае арганізацыі. Зьезд назначаны быў на 14 лістапада. Калі выбары прадстаўнікоў па валасьцёх прайшлі як належыць, дык Камітэт разаслаў па валасьцёх інструктароў, якія й зрабілі выбары. На зьезд зьехалася 107 прадстаўнікоў з правам пастанаўляючага голасу й 10 прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу.

Зьезд адчыніўся a 12гадзіне дня 14 лістапада, перад пачаткам якога была прапета беларуская марсельеза й гімн. Старшынёю зьезду быў выбраны грам. В.Русак. Пасьля розных дакладаў беларускіх дзеячоў i дакладаў з месцаў была вынесена рэзалюцыя выбраць Раду Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі.

З дакладу прадстаўніка Жаўрыда, якога паслаў Нацыянальны Камітэт у Варшаву, выявілася, што ён мае нейкія паўнамоцтвы ад Цэнтральнага Камітэту i што ў Раду трэба выбраць 17 асоб.

Прытым зьезд вынес рэзалюцыю падняць сьцяг узброенае барацьбы проціў маскоўскае акупацыі за незалежнасьць Беларусі.

Якім-та чынам на гэты зьезд папалі два ахвіцэры ад Булак-Балаховіча, каб зьезд прызнаў Балаховіча, але жаднае ўвагі на іх зьвернута ня было.

Зьезд выбраў Раду, у склад якое ўвайшлі гэткія асобы: Пракулевіч, Жаўрыд, Паўлюкевіч, Мацэльлі, Біруковіч, Сасноўскі, Русак, Лістапад, Каўпак, Бабарэка, Раковіч, Радзюк, Барысавец, Рабы, Анцыповіч, Дубіна й Няронскі.

Радзе прадстаўніцтвам народным i была даручана грамадзкая ўлада й арганізацыя войска.

Зьезд цягнуўся ад 12 гадзін дня 14 да 10 гадзін вечара 15 лістапада 1920 года.

Я першы раз на сваім жыцьці быў на такім зьезьдзе: ніводзін прадстаўнік за ўвесь час нікуды не адлучыўся, i ўсе гіытаньні абгаварываліся й зацьвярджаліся так удачна, як быццам гэта рабіў адзін чалавек. Цікава, вельмі цікава зьезд прайшоў i зачыніўся пад сьпевы марсельезы й гімну.

Такім чынам Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны перастаў жыць, a на месца яго арганізавалася Рада Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі.

Значыцца, з 16 лістапада Рада адчыніла свае функцыі. Раней за ўсё трэба было фарміраваць войска. Тады з Рады вызначылі трох сяброў: Жаўрыда, Анцыповіча й Мацэльлі, яны й склалі вайсковую тройку, a рэшта сяброў Рады павінна была ўзяцца за арганізацыю розных грамадзкіх установаў. Вайсковая тройка апрацавала адозву, ці, вярней, кліч, да моладзі з тым, калі каму дорага бацькаўшчына, каб ішоў у беларускае войска.

Такім чынам, вайсковая тройка залажыла за тры дні першую Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі.

Трыста карабінаў дасталі збоку i сот пяць стрэльбаў жаўнеры прынесьлі з дому. У гэты час, 24 лістапада, польскае войска на аснове дагавору ў Рызе пакінула места Слуцак. Беларуская брыгада, дзякуючы таму, што яшчэ не ўпарадкавалася, як належыць, прымушана была адайсьці з м.Слуцку ў мястэчка Семяжова. Разам з брыгадаю выехала й Рада Случчыны.

Юрка i Марыя Лістапады разам з дачкою Нінаю. Менск, 1929 г.

У мястэчку Семяжове брыгада арганізавала два палкі: 1-шы Слуцкі й 2-гі Грозаўскі. Цяжка апісаць гэты адход беларускіх войек з Слуцку. Уся шаша на працягу трыццацёх пяцёх вёрст была пакрыта кучамі маладых людзей з мяшкамі за плячамі, уцякаючых ад маскоўцаў да беларускага войска. Так праз тыдзень у 1 -й Слуцкай брыгадзе стала сем тысяч жаўнераў, a стрэльбаў толькі восем соцен. Аднак, нягледзячы на брак аружжа, брыгада заняла пазыцыю на працягу шэсьцдьдзесят вёрст. Але, калі трымаць войска, то трэба яго й карміць. Рада Случчыны разаслала агентаў па ўсёй мясцовасьці, падуладнай ёй, зьбіраць ежу для войска. Рэквізыцый не рабілі, a зьбіралі толькі ахвяры. I вось.кожны дзень ахвяр на склад прывозілася да семдзесят пудоў хлеба й да дваццацёх пудоў мяса, не гаворачы ўжо пра іншыя харчы. Справа йшла надта добра. Першая спатычка з маскоўцамі была ў м. Капылі, дзе беларусы захапілі ў палон маскоўскі Рэўком i цэлую роту маскоўскіх чырвонаармейцаў з канцылярыяй i ўсёю амуніцыяй. Тут аднаго беларускага жаўнера цяжка ранілі, так што пажыў толькі адны суткі й памёр. Родам ён з м. Старобіна - Валодзька Піліп. Гэта была першая ахвяра за незалежнасьць бацькаўшчыны. У гэты час ужо былі ў брыгадзе прысланыя беларускія афіцэры, паміж іншымі маёр А.Якубецкі, які крыху пазьней заняў пасаду Камандуючага беларускімі войскамі, i капітан Борык, які быў шэфам штаба брыгады. Вось 30 лістапада ў Семяжоўскай царкве адбылася панахвіда па забітым жаўнеру. Царква была паўнютка людзей, ва ўсіх у руках гарэлі сьвечкі, i многія сяляне горка плакалі. Вындсілі цела з царквы пад гукі музыкі хаўтурнага маршу. ГІрад спусканьнем нябожчыка ў магілу былі сказаны чатыры прамовы. Потым далі тры залпы й насыпалі курган. Па нябожчыку паставілі крыж, на якім павесілі тры вянкі й сьцяг з надпісам: «Ты памёр, a памяць аб табе ў сэрцах беларускіх жыць будзе векі» - «Першая Слуцкая брыгада войск Беларускае Народнае Рэспублікі». Яшчэ заўважу, што пахавалі гэтую першую ахвяру ля Семяжоўскае царквы ўпоравень з магіламі пахованых там духаўнікоў.

Потым пачаліся вялікія баі з маскоўцамі ў розных мясцох, але заўсёды былі ўдачны для беларусаў. Палонныя казалі, што маскоўцы спачатку ня ведалі, хто мы такія, a лічылі нас балахоўцамі. Здавалася-б, справа йшла добра, але-ж не, прыйшлося атрымаць вялікую няўдачу.

Камандзер 1-га Слуцкага палка аказаўся здраднікам бацькаўшчыне. Гэта быў капітан Чайка, быўшы «Ваянрук». Ён знайшоў аднаго дзядка гадоў семдзесят, даў яму ліст да маскоўцаў, каб той занёс у іхны штаб. Але гэтаму дзядку не ўдалося прайсьці, яго на фронце затрымалі патрулі й знашлі гэты ліст. У гэтым лісту капітан Чайка апісаў усе недахваты беларускага войска. Значыцца, каб гэта яму ўдалося, дык у адзін-бы ня добры час уся беларуская арганізацыя папала-бы чорту ў зубы. Гэтага камандзера зарыштавалі й аддалі ў контр-разьведку. Начальнікам контр-разьведкі быў паручнік Мірановіч, добры прыяцель капітана Чайкі. Паручнік Мірановіч, бачачы, што жаўнеры вымагаюць сьмерці прадаўцы Чайкі, паставіў справу так, што Чайка ўцёк. Рада Случчыны зараз-жа зрабіла «Надзвычайны патаемны сход» i вынесла пастанову зарыштаваць камандзера брыгады капітана Анцыповіча за халодныя адносіны да вайсковых тайнаў i паручніка Мірановіча за ўцёкі Чайкі, a на іх месца назначыла другіх афіцэраў. Камандзерам брыгады - капітана Сокала-Кутылоўскага, чалавека вельмі праўдзівага, якому й дала часова права дыктатарскае ўлады, начальнікам контр-разьведкі - паручніка Янушэнка, a камандзерам 1-га палка - падпалкоўніка Гаўрыловіча. Пры тым зарыштаваных аддалі пад Ваенна-палявы суд, старшынёю якога быў сябра рады Б. Вядома, па суду зарыштаваныя афіцэры атрымалі толькі судзебны выгавар.

Назаўтра, пасьля таго, як уцёк Чайка, маскоўцы павялі наступленьне на ўсім нашым фронце. Беларускае войска прымушана было адступіць з м. Семяжова на захад восем вёрст. Трэба яшчэ заўважыць, што да таго часу, пакуль быў

Чайка, усіх палонных адпускалі на волю, але мала іх назад ішло да маскоўцаў, a заставаліся ў беларускім войску. Потым, калі там ужо ў маскоўцаў быў капітан Чайка, да беларускага штабу даляцела вестка аб пяцёх беларускіх разьведчыках, папаўшыхся да маскоўцаў у палон, якім там адрэзалі нос i вушы й вазілі па вёсках на паказ. Пасьля гэтага беларусы палонных на волю ня пускалі. Бывалі выпадкі такія, што палонны маскоўскі чырвонаармеец, якога пусьцілі на волю, ішоў назад у свой полк, падгаварваў балей таварышоў, абкрадвалі амуніцыю й аружжа ў сваіх ротах i пераносілі да беларускага войска. Такіх выпадкаў было ня мала. Гэта рабілася датуль, пакуль на бальшавіцкім фронце былі й чырвонаармейцы-беларусы, a ня толькі адны маскоўцы, - мешаніна. Але бальшавікі заўважылі гэта й прыслалі на наш фронт татараў, кіргізаў. Тут ужо справы пагоршалі. У гэты час беларускае войска атрымала трыста стрэльбаў, адзін кулямёт Максіма й два Кольтаўскіх у Лунінцы, - да сваё аружжа, - так што ўжо ўсяго разам сабралася да дзьвёх тысяч стрэльбаў i да дзесяцёх кулямётаў. Беларускае войска пасьля гэтага ня вытрывала й павяло наступленьне на мястэчкі Семяжова й Вызну. Наступаць на мястэчка Семяжова згадзіўся йсыді паручнік Мірановіч з кавалерыйскім аддзелам, a капітан Самусевіч з пешым аддзелам. Зайшлі яны да вёскі Новыя Макраны й застанавіліся начаваць, бо яны рыхтаваліся напасьці на маскоўцаў раніцаю. Вось ноччу ў гэтых Новых Макранах здарыўся такі выпадак. У конным аддзеле тады служылі два вядомыя на Случчыне бандыты: Мірончык з вёскі Ячава, Слуцкае воласьці й павету, i другі, прозьвішча ня помню, з Шацкае воласьці Ігуменскага павету. У гэту ноч яны задумалі крыху нажыцца. Падгаварылі яны больш сабе кумпаньёнаў i ўкралі дзесяцёра коней у сялян тае вёскі, шмат палацён, бялізны, сала й наагул забралі ўсё, што папалася ім у рукі. Забраўшы ўсё гэта, яны зьвярнуліся назад, не пашлі, значыцца, з другімі ў наступленьне, i думалі, што будзе ўсё крыта. Раніцаю дайшла вестка аб гэтым да штабу, i ўсіх гэтых грабежнікаў зарыштавалі, a разам з імі й паручніка Мірановіча за тое, што ён не зьвярнуў увагі на сваіх падцаных у час грабяжу. Камандзер брьігады дыктатарскаю ўладаю разжалаваў паручніка Мірановіча ў шарагоўцы, a двух бандытаў загадаў расстраляць. Расстрэльвалі іх публічна a другой гадзіне папаўдні 14 сьнежня ў глінішчах ля вёскі Грыцэвічы, у якой стаяў штаб Беларускіх войск. Праз суткі пасьля гэтага аддзел пад камандаю капітана Самусевіча, падмацаваны ротамі, якія стаялі па пазыцыі, выгнаў маскоўцаў з мястэчка Семяжова, адабраўшы ў іх кухню, трое каней, кулямёт, дваццаць стрэльбаў i семдзесят пудоў збожжа. Штат брыгады тады павінен быў пераехаць з вёскі Грыцэвіч бліжэй да фронту, але глыбей на Палесь, у вялізную вёску Морач. Адсюль ужо былі пасланы лепшыя сілы на мястэчка Вызну. Вызна была занята беларусамі, дзе маскоўцы страцілі шмат забітымі й раненымі й сто сорак папалася да беларусаў у палон. Гэта быў адзін з найбольшых баёў беларускіх паўстанцаў з маскоўцамі. Значыцца, абодва мястэчкі засталіся ў руках Слуцкіх паўстанцаў, толькі ня прыйшлося ў іх доўга пастаяць, бо, як вядома, Іофэ ў Рызе на канфэрэнцыі дастаў дазвол увесьці чырвоныя войскі ў нэўтральны пас на 72 гадзіны дзеля таго, каб выгнаць адтуль паўстанцаў. Тады маскоўцы прыслалі на фронт тры дывізіі войск, якія складаліся з людзей жаўтаскурых. Павялі яны наступленьне па ўсім фронце, так што паўстанцы адначасна аддалі ім м. Семяжова й Вызну. У м. Вызьне быўшы паручнік Мірановіч апраўдаў сябе. Яго маскоўцы абкружылі, але ён адзін сярод іх пусьціўся на хітрыкі. Наляцеўшы на камандзера маскоўскае роты, ён адразу ложаю разьбіў яму голаў, маскоўцы рассыпаліся ва ўсе бакі, a ён тым часам уцёк да сваіх. За гэта Мірановічу было вернена яго афіцэрства. Пры адступленьні ад м. Семяжова быў такі выпадак: адзін жаўнер-паўстанец утаміўся ўцякаючы; тады паварочваецца ён да маскоўцаў i пяе: «Ад-ве-ку мы спа-лі» ... i ў гэты час страляе, адыходзячы задам. Такім чынам штаб беларускіх войск пераехаў з вёскі Морач у в. Заастравечча, a жаўнеры ня трымалі ўжо фронту, a бяз усякага парадку йшлі ўсьлед за штабам. Такім чынам, Слуцкія паўстанцы папалі ў польскі нэўтральны пас, у якім палякі забаранілі зьбіраць ахвяру. Значыцца, становішча саўсім дрэннае: біцца з маскоўцамі ўжо немагчыма, бо пасьля такіх няўдач упаў дух у жаўнераў, карміцца няма чым, шмат другіх непрыемнасьцяў. Рада Случчыны, параіўшыся з вайсковымі, рашыла перайсьці на польскую тэрыторыю. У гэты час першы Слуцкі полк атрымаў палкавы сьцяг (знамя), які каштаваў 156 000 польскіх марак. Вось 23 сьнежня паўстанцы Случчыны перайшлі польскую мяжу. Палякі на мосьце раззброілі ўсё войска. Выходзіць так, што ўсё беларускае войска інтэрнавана. Але-ж слова «войска» шырокае: у войску можа быць пяцьсот жаўнераў, a можа быць i некалькі мільёнаў. Брыгада выдзеліла з свайго складу да дзесяцёх партыяў, узброіла іх i адаслала ў глыбокі тыл маскоўцаў, a рэшта войска засталася інтэрнаванаю пад ведаю 41-га польскага палка. Рада Случчыны пераехала ў м.Баранавічы, дзе й сядзела праз цэлы месяц бяз жаданае працы. Працаваць яна не магла, бо ня было ніадкуль падмогі з боку матарыяльнага. За гэты месяц шмат прыйшлося чаго няпрыемнага перажыць ад агентаў гэнэрала Булак-Балаховіча, якія стараліся, каб перацягнуць да "Бацькі", але ім не ўдалося гэтага зрабіць. На абяцанкі Балаховіча ні адзін паўстанец не згадзіўся, i войска, як было беларускім, так i засталося. Вось 20 студзеня 1921 г. на пасяджэньні частка сяброў Рады Случчыны прызнала сваім важаком Балаховіча й паехала да яго. Другая частка Рады прымушана была распаўзьціся хто куды: некаторыя засталіся ў Баранавічах, трохі паехала да Вільці, каб часова знайсьці прытулак, i такім чынам Рада Случчыны фактычна ня існуе. Інтэрнаваную частку брыгады з штабамі палкоў палякі 23 сьнежня завезьлі ў м. Беласток у канцэнтрацыйны лягер. Там небаракі паўстанцы Слуцакі, першыя на ўсёй Беларусі падняўшыя сьцяг ўзброенае барацьбы за незалежнасьць бацькаўшчыны, сядзяць цяпер паўгалодныя, босыя, голыя, у адных трамцях. Нягледзячы на свой марны лёс, яны цешацца, што зрабілі вялікую працу, якая будзе залічана ў будучыне. Жывуць яны аднэю надзеяю на тое, што Беларусь ня згіне, што Беларусь васкрэсьне.

Газэта «Наша Думка», 1921, №№ 9-11.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX