Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Успаміны Яухіма Кіпеля


Аўтар: Кіпель Яўхім,
Дадана: 03-02-2012,
Крыніца: Спадчына № 3-1995. С. 72-99.



ПРА ЯЎХІМА КІПЕЛЯ

Жыцьцёвы шлях Яўхіма Кіпеля складаней за ўсялякія схемы. Чырвонаармеец у рэвалюцыйныя гады; у 1920-я гг. актыўны працаўнік на ніве беларушчыны ў Савецкай Беларусь; у 1930-я гг.- «вораг народа», вязень сталінскіх канцлягероў; у 2-ю сусъветную вайну г. зв. калябарант, да канца жыцъця цьвёрда стоячы на антыкамуністычных, антысавецкіх пазыцыях. Дык хто ж ён на самой справе - герой, здраднік, ахвяра?..

Нарадзіўся Яўхім Кіпель 25 сьнежня 1895 г. (па старым стылі) у вёсцы Байлюкі Бабруйскага павету Менскай губэрні (цяпер Глускі раён). Пасьля вучобы ў Глускім вышэйшым пачатковым вучылішчы ён дадаткова сканчае ў 1915 г. аднагадовыя пэдагагічныя курсы, каб прысьвяціць сябе настаўніцкай дзейнасьці. Але ўсе пляны юнака перакрэсьліла 1-я сусьветная вайна. У летку 1915 г. Кіпеля бяруць у войска і пасьля заканчэнъня 2-й Кіеўскай школы прапаршчыкаў накіроўваюць у дзеючую армію на Румынскі фронт. Рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. застаюць яго на Паўночным фронце. Нацыянальна Яўхім усьвядоміў сябе менавіта ў войску, і гэта не выпадкова. Празь беларускія вайсковыя рады і камітэты ў нацыянальны рух прыйшлі Сымон Рак-Міхайлоўскі, Тамаш Грыб, Язэп Мамонька, Васіль Русак, Язэп Гладкі, Мікола Пашковіч ды шмат хто іншы. Бальшавщкая пропаганда сярод салдатаў і ніжэйшых чыноў афіцэрства паўплывала і на сьветапогляд маладога Кіпеля. Прыняўшы за чыстую манету папулісцкія абяцанкі бальшавікоў аб бясплатнай перадачы сялянам зямлі, свабодным самавызначэньні народаў і г.д.ён у 1918 пад Ноўгарадам дабрахвотна ўступае ў Чырвоную Армію У 1919-1920 гг. у складзе Заходняй (беларускай) дывізіі ўдзельнічае ў савецка-польскай вайне у чыне паручніка камандаваў ротай, адзін час нават батальёнам. 3 1921 г. пасьля дэмабілізацыі прыяжджае у Менск і паступае ў распараджэньне Акадэмцэнтра пры наркамасьвеце Савецкай Беларусі, якім кіраваў Усевалад Ігнатоўскі. Кіпель адразу актыўна ўключаецца ў беларускую культурную працу: пасьля заканчэньня беларускіх лектарскіх курсаў плённа працуе ў вайсковай сэкцыі Навукова-тэрміналягічнай камісіі, якая ў 1922 была пераўтвораная ў Інстытут беларускае культуры. Шмат працаваў сярод менскай беларускай моладзі, пашыраючы сярод яе нацыяналъную сьвядомасьць. У 1921 -1922 гг. ён быў старшынём гуртка беларускай моладзі, што месьціўся ў памяшканьні былой «Беларускай хаткі» на Конным пляцы (цяпер 1-е тралейбуснае дэпо). Пры клюбе дзейнічалі літаратурныя, тэатральныя, музычныя і танцавальныя сэкцыі, якімі адпаведна кіравалі Якуб Колас, Усевалад Фальскі, Скальская і Чэслаў Родзевіч; быў заснаваны беларускі xop, узначальваць які згадзіўся Уладзімір Тэраўскі. З гуртком супрацоўнічалі Янка Купала, Язэп Лёсік, Цішка Гартны. Маладыя менчукі падтрымлівалі цесную сувязь з маладзёжнымі беларускімі арганізацыямі студэнтаў Віцебска, Магілева, Горы-Горскага земляробчага інстытута, Пятроўскай сельскагаспадарчай, акадэміі ў Маскве, гурткамі ў Бабруйску, Барысаве Слуцку. Актыўнымі сябрамі гуртка былі паэты Андрэй Александровіч і Алесь Дудар, драматург Яўген Рамановіч, артыст Барыс Платонаў, гісторык Тодар Забела, Адам Церах, браты Мікола і Янка Пашковічы ды інш. Плённая дзейнасьць гуртка сядзела бяльмом на воку ў партыйных і камсамольскіх ворганаў. Пасьля рэквізыцыі ўладамі памяшканьня «Беларускай хаткі» дзейнасьць гуртка спыняецца ў канцы 1922 году. Падчас навучаньня Кіпеля ў Беларускім Дзяржунівэрсытэце (1922-1926) ён актыўна ўдзельнічае ў беларускім студэнцкім руху: зьяўляецца сябрам Усебеларускага студэнцкага аб'яднаньня БДУ, гуртка вывучэньня анархізму, Краязнаўчага таварыства БДУ ды інш. Будучы студэнтам БДУ, Кіпель увесь час падпрацоўваў настаўнікам сярэдніх школаў Менска, шмат сілаў аддаючы беларусізацыі народнай асьветы. Выкладаючы беларускую мову ў 2-й Менскай савецкай школе 2-й ступені (былая казённая мужчынская гімназія), ён разам зь беларускім настаўнікам Тодарам Апацёнкам увосень 1923 г. высунуў ініцыятыву аб пераводзе выкладаньня ў пачатковых клясах школы цалкам на беларускую мову. Пад ціскам мясцовых русыфікатараў, якія знайшлі падтрымку ў вышэйшых інстанцыях, абодва настаўнікі мусілі перавесьціся ў іншую навучальную ўстанову горада.

Пасьля заканчэньня БДУ ў 1926 годзе Кіпель працуе сакратаром аддзела прыроды і народнай гаспадаркі Інбелкульта (з 1928 - Беларускай акадэміі навук), адначасова выкладае прыродазнаўства на Менскіх 2-гадовых беларускіх пэдагагічных курсах, уваходзіць у рэдакцыйную раду часопіса «Наш Край», актыўна друкуецца ў беларускамоуным пэрыядычным друку і навуковых часопісах: аўтар грамадзка-палітычных артыкулаў у газэце «Савецкая Беларусь», навукова-папулярных і тэарэтычных публікацьій і рэцэнзій па біялёгіі, прыродазнаўстве і краязнаўстве ў часопісах «Запіскі Беларускай акадэміі навук», «Наш край», «Полымя» ды інш. У студзені 1928 яго зацьвярджаюць асьпірантам БДУ і адначасова Беларускай акадэміі навук. Але гэта быў ужо час, калі пачала набіраць сілу кампанія супраць нацдэмаў, правых і левых «ухілістаў». У кастрычніку 1929 г. Кіпеля выключаюць з асьпірантуры «за неадпаведнасьць сваёй навуковай дзейнасьці марксісцкай ідэалёгіі», і ён мусіў пайсьці зноў на настаўніцкі хлеб. Увесну 1930 г. ён яшчэ працаваў выкладчыкам на 6-месячных Менскіх беларускіх пэдагагічных курсах. У чэрвені 1930 г. яго арыштоўваюць па справе «Саюза вызваленьня Беларусь» і паводле пастановы суда ў красавіку 1931 высылаюць на 5 гадоў у далёкі горад Налінск Вяцкай вобласьці (цяпер Кіраўская вобласьць Расейскай Фэдэрацыі). Ссылку Кіпель адбываў разам зь вядомым навукоўцам, аўтарам падручніка «Геаграфія Эўропы» Мікалаем Азбукіным і яшчэ зусім маладым гісторыкам Міколам Улашчыкам. Падчас штомесячнай рэгістрацыі ссыльных у г. Вятцы Кіпель меў магчымасьць сустрэцца і пагаварыць зь іншымі сваімі былымі сябрамі па Менску: Уладзімірам Жылкам, Генадзем Багдановічам, Адамам Бабаржам, Язэпам Пушчам, Уладзімерам Дубоўкам ды інш. У сьнежні 1935 Кіпеля паўторна арыштоўваюць і засуджваюць на 5 гадоў канцлягероў. Пасьля вызваленьня ў сьнежні 1940 працаваў настаўнікам у школе. Хутчэй за ўсё яго чакаў чарговы арышт, але грымнула вайна, і Кіпеля пагналі бараніць «социалистическое отечество»: відаць, каб залатаць дзіркі на франтох у якасьці «пушачнага мяса», бальшавіком спатрэбіліся і «ворагі народа». Увесну 1942 Кіпель сьвядома перайшоў лінію фронту і ў чэрвені месяцы апынуўся ўжо ў акупаваным немцамі Менску. 3 ліпеня 1943 працаваў у Інспэктарыяце беларускіх школ пры Генэральным камісарыяце Беларусь, зьяўляўся сябрам Менскай акруговай рады Беларускай народнай самапомачы (БНС). 3 1943 г. працаваў у аддзеле культуры БНС, рэдагаваў газэту «Голас вёскі». Са студзеня 1944 г. кіраўнік навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), рыхтаваў для беларускіх пачатковых школак падручнікі па заалёгіі і прыродазнаўстве. Падчас правядзеньня 27 чэрвеня 1944 г. 2-га Усебеларускага кангрэсу быў абраны яго старшынём. 3 лета 1944 г. у Нямеччыне, уваходзіў у Беларускі пpanaгандысцкі аддзел Сувязі БЦР, падрыхтаваў тут для друку кнігу ўспамінаў «Зь іхняга раю. Успаміны з жыцьця ў ваенных канцлягерох СССР», брашуру «Што такое нацыя і нацыянальны рух». У пасьляваенны час у 1940-я гг. быў прыхільнікам узнаўленьня БЦР, ініцыятарам стварэнъня Беларускай народнай партыі. У 1950 г. эмігруе ў Паўночную Амэрыку, дзе ўваходзіць у Беларускі Кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА), быў ініцыятарам стварэньня ў сьнежні 1951 га таксама і старшынём Аб'яднаньня беларускіх вязьняў савецкіх канцлягероў. У беларускай эмігранцкй прэсе апублікаваў шэраг артыкулаў з успамінамі пра грамадзка-палітычнае становішча ў БССР у 1920-я гг. пра час знаходжайъня ў зьняволеньні ды інш. Цалкам рукапісы яго ўспамінаў захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНІМ) у Ню-Ерку. Памёр Яўхім Кіпель 27 ліпеня 1969 году. 10 чэрвеня 1988 году Вярхоўным судом Беларускай ССР быў рэабілітаваны па ўсіх судовых прыгаворах 1930-х гг.

ЯК НАС ВУЧЫЛІ

Яўхім КІПЕЛЬ

Успаміны друкуюцца з рукапіснай спадчыны Яўхіма Кіпеля (1898-1969), якая цяпер перахоўваецца ў архіўных зборах Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.

(22KB) image001.jpg

Калі мне споўнілася сем гадоў, а майму старэйшаму брату было ўжо гадоў дзесяць, паўстала патрэба аддаць нас у школу. Школы ў нашай вёсцы Байлюкі, што на Бабруйшчыне, ня было. Найбліжэйшая школа была ад нас кілямэтраў чатырнаццаць у мястэчку Глусак, цяпер раённы цэнтар на паўдзённым захадзе Магілеўскае акругі. Гэта не такая вялікая далячыня: кажную нядзелю езьдзілі зь вёскі ў мястэчка - хто дровы на продаж вазіў, хто ў царкву езьдзіў - дык дастаўляць вучням харчы было ня цяжка. Але ўзьнікала пытаньне, як у расейскай школе змогуць нас вучыць, бо ў вёсцы й дарослыя мала ведалі расейскую мову, дзеці-ж амаль нічога не разумелі.

Памятаю такі выпадак: справа была ў позьнюю восень, бадай што ў Піліпаўку. Мужчыны малацілі ў гумне, воддаль ад іншых будынкаў, у хаце-ж былі толькі адны жанчыны ды дзеці. Гэтым часам у вёску прыехалі нейкія начальнікі, не валасныя, а здалёку. Яны зайшлі да нас у хату й пачалі пытацца: - «Как ваша фамилия? Ваше имущественное положение?»

У хаце былі тры жанчыны, і ніводная зь іх не разумела чаго ад іх хочуць. Паслалі мяне ў гумно па дзядзьку, якога ў нас уважалі за «знаўцу» расейскае мовы, бо тры гады адслужыў у арміі. Ен прыйшоў, выслухаў начальства й з аплёмбам сказаў: - «Вось дурныя бабы! Яны-ж пытаюцца, як вашае прозьвішча й якая ў вас маемасьць!». Жанчыны неяк вінавата схамянуліся ды нешта прагаварылі на сваё апраўданьне.

Падобныя выпадкі здараліся ў вёсцы часьцей і часьцей, і пытаньне з мовай стаяла вельмі войстра. Хлопцаў такога веку, як мы з братам, у вёсцы было яшчэ трынаццаць, і бацькі адчувалі, што дзяцей трэба неяк вучыць. Аднак-жа як вучыць, калі ніхто не разумее мовы? I таму на вясковай нарадзе нашыя ды іншыя бацькі пастанавілі, што хлапцоў трэба трошкі «абламаць» дома, а калі яны крыху будуць разумець расейскую мову, адвезьці іх у школу ў Глусак.

Тады якраз павярталіся дахаты салдаты, што былі на японскай вайне. Яны ў вадзін голас казалі, што няпісьменнаму чалавеку на вайсковай службе вельмі цяжка. I гэта яшчэ больш пераконвала, што дзяцей трэба вучыць. Нашая вёска дзеля гэтага наняла настаўніка. Быў гэта малады хлапец Алімп Шулякоўскі з шляхоцкага засьценку Лучкі, што недалёка ад Глуску.

Навука пачалася з навучаньня рэлігіі. Усе мы былі праваслаўныя, таму нас вучылі паправаслаўнаму хрысьціцца й праваслаўныя малітвы. Разам мы пачалі вучыцца літараў ды чытаць цэлыя словы. Пры вучэньні словаў сустракаліся бадай непераадольныя цяжкасьці. Прыкладам, нам трапілася слова ушат. Настаўнік нам казаў, што ушат, гэта цэбар, і гэта трэба запомніць.

Далей настаўнік казаў, што лошадь, гэта конь, весы - вагі, карман - кішэня, портной - кравец, сапожник - шавец, кузнец - каваль і гэтак далей.

Для малых гэта было вельмі цяжка, бо незнаёмых словаў было шмат, а запамінаць нязьвязаныя словы для дзяцей нялёгкая справа. Калі хто з нас выяўляў вялікую цікавасьць ды дапытваўся чаму, прыкладам, цэбар стаўся ушатом, дык зарабляў лінейкай па далоні, і на гэтым і пытаньні і тлумачэньні спыняліся ды ўсё ставала «зразумелым».

Праз пару месяцаў навучаньня настаўнік прывёз з Глуску нейкі падручнік, што ўжываўся ў народнай. школе. 3 падручнікам справа зрабілася яшчэ цяжэйшай. Мы цяпер мусілі завучваць цэлыя сказы, і гэта была запраўдная мука, бо мы нічога не разумелі. Прыкладам: «в поле пашут на быках» азначала «ў полі аруць валамі», «плотник заколотил гвоздь» - «цясьляр забіў цьвік».

Часта здараліся выпадкі, што й настаўнік не разумеў тэксту. Прыпамінаю такі сказ: «мать разожгла огонь на шестке». Настаўнік тлумачыў сказ гэтак: «разжигать» значыць распальваць, «огонь» - гэта агонь, але пры чым тут шост? У такіх, выпадках нас выручаў дзядзька, бо школа бадай увесь час была ў нашай хаце,- ён ведаў, што «шесток» гэта прыпячак. Часта дзядзька нам тлумачыў і іншыя словы, як костер - вогнішча, длина - даўжыня, прыгнуть - скочыць, і так далей.

I гэтак нашая пачатковая навука цягнулася бадай цэлую зіму. Пад канец зімы настаўнік пачаў нас вучыць вершы як ён нам казаў - «сьцішкі». Вершыкі нам даваліся яшчэ цяжэй. Прыкладам, мы напамяць завучылі верш аб тым, як дзедка дастаў ліст ад свайго ўнука з гораду, але сам прачытаць яго ня мог і паслаў пасланца ў другі канец вёскі па хлопчыка, які ўмеў чытаць. Верш закончваўся гэткім сказам:

По дороге мальчик
Вдоль села идет.
Дед кричит: - Мишуха!
На, прочти-ка вот!

I вось над гэтай страфой мы даўгавата спыніліся, бо зусім не разумелі такіх словаў, як мальчик, вдоль, Мишуха, вот. Глянуўшы цяпер, здаецца гэта быццам бы й проста, але для дзяцей, якія ніколі ня чулі расейскае мовы, гэта складала вялікую цяжкасьць. Апрача зразуменьня словаў, сказаў і сэнсу ўсяго, што мы вучыліся ў першую зіму, вялізарнай цяжкасьцяй і перашкодай было й вымаўленьне, за якое ізноў ня раз даводзілася даставаць лінейкай.

Пад вясну, у вялікодны пост, прыёхаў да нас у вёску сьвятар, якога ў нас называлі «бацюшка Сямёнаў». Ен праверыў, ці ведаем мы малітвы, папытаўся, як мы хрэсьцімся, чаму складаем тры пальцы пры хрышчэньні. Усё гэта за зіму мы навучыліся. Бацюшка нас усіх пахваліў і сказаў, каб мы рыхтаваліся да споведзі.

Прыблізна за месяц да таго, як ісьці ў царкву спавядацца, прыехаў у Байлюкі брат нашага настаўніка Сямён Шулякоўскі, які скончыў настаўніцкую сэмінарыю ды быў недзе настаўнікам. Ен арганізаваў з нас хор і навучыў сьпяваць колькі царкоўных песьняў.

Недалёка ад нашае. вёскі, у сяле Клятном, была старэнькая царква, у якую два разы на год прыяжджаў сьвятар спавядаць сялян. У тую царкву й павёў нас настаўнік да споведзі. У часе абедні мы сьпявалі, і гэта зрабіла вялікае ўражаньне: - «Пабачце, вунь што за зіму навучыліся! Аж у царкве могуць сьпяваць!» - гаварылі сяляне. Таму, што мы нешта навучыліся, за прыкладам нашай і суседнія вёскі хутка адчынілі школы граматы ды таксама на свой кошт.

На другую зіму нас вучыў ужо іншы настаўнік. Перш-наперш ён нам загадаў купіць у Глуску кніжку, якая называлася «Северо-Западный Край». 3 гэтай кніжкай прыйшлі яшчэ большыя клопаты - мы зусім не разумелі, бо зьместам кніжка была для другога году, цяжкая, а нашая веда расейскае мовы бадай ніякая. Разам з чытаньнем кніжкі, мы вучыліся табліцы множаньня, усе чатыры арытмэтычныя дзеяньні, і пад канец зімы сталі разьвязваць некаторыя задачкі па задачніку Яўтушэўскага.

На трэці год нас павезьлі ў народнае чатырохгадовае «вучылішча» ў мястэчка Глусак. Будынак школы зьмяшчаўся на валасным двары, у самым цэнтры мястэчка. Загадчыцай была настаўніца Надзея Аляксандраўна Савіч, а памочніцай ейная сястра Кляўдыя. Школа ўтрымоўвалася на валасныя грошы, ці бо на кошт сялян, і таму дзеці сялян прыймаліся ў першую чаргу, а на вольныя толькі месцы прыймалі дзяцей мяшчан і шляхты. Пры школе быў інтэрнат, але ён быў невялікі, і таму дзяцей мяшчан і шляхты ў інтэрнат ня прыймалі. Яны мусілі жыць на прыватных кватэрах. Дзяўчат у школе было ўсяго колькі, і жылі яны таксама на прыватных кватэрах. Жыдоўскіх дзяцей у школу зусім ня прыймалі.

Рэлігіі дзеці былі праваслаўнае або каталіцкае. Праваслаўных было шмат болып. Агулам-жа ў школе было вучняў каля дзевядзесяцёх. Для дзьвюх настаўнікаў тэта была даволі вялікая нагрузка. Курс навучаньня ў школе быў чатырохгадовы. Лекцыі адбываліся ў вадным

вялікім пакоі, і кажная настаўніца вяла два аддзелы.

Нас з Байлюкоў пасадзілі ў другі аддзел. Вучыцца тут было шмат цяжэй. Настаўніцы гаварылі з намі пераважна парасейску. Напачатку мы іх амаль не разумелі. Яны гэта бачылі й заўсёды тлумачылі нам панашаму, аднак настойліва ўсё-ж вымагалі, каб мы зь імі гаварылі, як яны казалі, «правільна». Нам тады не казалі, што гэтае слова пабеларуску, а тое парасейску. Нам казалі, што гэтае слова «няправільнае», і таму яго ня трэба ўжываць у гаворцы.

Практычна гэта давалася цяжка й азначала, што нам забаранялася карыстацца найбольш ужыванымі словамі - хіба, як, трэба, бачыў, чуў і падобнымі, ці, інакш кажучы, забаранялася ўжываць, засвоены дзяцьмі лексыкон, а заміж гэтага вымагалася завучваць новы - разве, как, нужно, видел, слышал.

У вучняў адразу зарадзілася апазыцыя да такіх словаў і зваротаў. Часам у клясе мы між сабой проста не гаварылі, а вельмі часта такія словы й звароты знарок перайначвалі, кпілі. Гэтак, заміж «нужно», мы нарочна казалі «нужнік». Калі настаўніца гэта пасьпела пачуць, дык ставіла вучня на калені, а часам страшыла, што накруціць вушы. Аднак, не зважаючы на пагрозы, мы адчувалі, што настаўніцы былі нам спагадлівыя ды часта ўдавалі, што ня чуюць, як мы міжсобку размаўляем.

Першы год нашае навукі ў Глускай народнай школе да нас даволі часта прыяжджаў з Бабруйску інспэктар народных школаў Чарнэцкі. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, з чорнай барадой. Ен з намі часта й даволі доўга гутарыў, ніколі ня крычэў, калі мы не разумелі ягоных пытаньняў, стараўся нам вытлумачыць панашаму ды ўсё распытваў нас і пра школу і пра нашае жыцьцё ды пра тое, як мы гутарым у інтэрнаце.

Аднойчы інспэктар Чарнэцкі прыехаў да нас зь нейкім іншым начальнікам. У гэтага другога была таксама невялікая бародка. Апрануты ён быў у чорнае паліто з бліскучымі гузікамі, й быў надта ветлівы да нас. У клясе ён пабыў гадзіны дзьве, паслухаў, як мы адказвалі на пытаньні, ды й паехаў. Перад ад'ездам ён падараваў нам цэлы мяшок цукерак. Калі ён ад'ехаў, настаўніца сказала, што гэта быў «прадвадзіцель дваранства» на Бабруйскі павет ды што ён найвышэйшы начальнік у павеце. Як прыпамінаю, ягоныя наведзіны школы былі ў позьнюю (40KB) image002.jpg восень. Пасьля, аж да вялікоднага посту, да нас ніхто не прыяжджаў.

Але перад постам сталася нешта надзвычайнае. Аднае раніцы, калі мы ўсталі й пайшлі мьщца - уставалі мы дакладна а сёмай гадзіне,- то знайшлі, што ўмывальнікі былі налітыя цёплай вадой і ўсё было прыбрана. Малодшая настаўніца была ўжо ў інтэрнаце й загадвала, каб мы памылі і рукі, і шыі, і галовы, а пасьля сьнеданьня, каб абавязкава папаласкалі рот. Загадала яна ўсім і па чысьціць боты. Мы ўсе мелі боты, хоць у кажнага з нас былі й лапці, аднак мы ў школе надзявалі іх рэдка. Гэтая падрыхтоўка да нечага зрабіла на нас вялікае ўражаньне, і мы зь цікавасьцяй чакалі, што будзе далей.

А гадзіне 9-ай мы, як звычайна, прыйшлі ў клясу. Праз хвіліну-другую ў клясу ўвайшла старэйшая настаўніца ды сказала, што ў нашую школу прыехаў «папячыцель» - апякун - Віленскае навучальнай акругі. Настаўніца вытлумачыла, што гэта найвышэйшы начальнік над усімі школамі ў акрузе. Расказаўшы яшчэ ў колькіх словах пра Вільню, яна нас папярэдзіла, каб мы не хваляваліся, каб адказвалі на пытаньні як умеем, каб не саромеліся. Настаўніца яшчэ да дала, што «папячыцель» будзе не адзін, а зь інспэктарам Чарнэцкім. Пасьля гэтага яна выйшла з клясы, а хвілінаў праз пяць у клясу ўвайшоў апякун разам зь інспэктарам.

Вучні ўсе ўсталі - гэткі быў звычай а старэйшы вучань Зьміцер Жышкевіч (гадоў пятнаццаць пазьней яго расстралялі палякі) прачытаў малітву. Апякун загадаў вучням сесьці й прайшоў па клясе. Быў ён не стары, з шырокім тварам і русаватай барадой. Апрануты ён быў у чорны даўгі сурдут, што на нас зрабіла ўражаньне вялікае ўрачыстасьці. Ен ветліва ўсьміхнуўся й дзіўна гутарыў. Для нас першае, што ўрэзалася ў вушы, гэта тое, што пасьля кажнага слова ён вымаўляў «ну-с» і «да-с», а гэткае гутаркі мы ў Глуску ніколі ня чулі. Зь ягоных першых пытаньняў я нічога не зразумеў. Паўстала "нейкая нязручная напружанасьць, і, каб яе абарваць, настаўніцы сказалі, што распачынаюцца заняткі.

Малодшая настаўніца павяла заняткі зь першым аддзелам, а апякун, інспэктар і старэйшая настаўніца пачалі гутаркі з другім годам навучаньня. Гадом трэйцяму й чацьвертаму далі самастойныя працы. Хоць вучні й пачалі пісаць свае працы, аднак незаўважна прыглядаліся, што рабіў апякун. Сядзеў ён за сталом, а настаўніца чытала вучням апавяданьне аб тым, як маленькая дзяўчынка Дар'я засталася круглаю сіратой. Ейны дзедка захацеў узяць сіротку да сябе, а бабка была супроць гэтага. Бабка казала: «Калі мы возьмем Дар'ю да сябе, дык нам ня будзе за што й солі купіць, каб пахлёбку пасаліць». Дзедка-ж на гэта адказаў, што, «они ее, похлебку, несоленую съедят».

Калі настаўніца прачытала апавяданьне, апякун пачаў задаваць вучням пытаньні. Першае было: - «Ці зразумелі апавяданьне?» Усе маўчалі. «Ну-с,- сказаў апякун - посмотрим!» Другое пытаньне вучні зразумелі болып-менш гэтак: навошта дзедка й бабка хацелі ўзяць да сябе ўнучку Дар'ю? Бадай аднагалосна вучні адказалі: - «Каб яе пахлёбку есьці несалёную».

Пачуўшы такі адказ, твар апякуна зрабіўся напружаным. Ен папрасіў усіх падумаць і адказаць яшчэ раз. Toe самае паўтарылася ізноў: «Унучку Дар'юшку дзед і бабка бралі да сябе, каб яе пахлёбку есьці несалёную». Тут апякун падняўся з крэсла і, вымаўляючы словы паасобку, спытаўся, чаму вучні так думаюць, што дзед і бабка будуць зьядаць унучкіну пахлёбку. Адзін з вучняў адказаў: «Бо-ж так настаўніца сказала: «ее похлебку».

Вытварылася няпрыемнае становішча, і настаўніца ўмяшалася ў размову. Яна растлумачыла, што пад словам «ее похлебку» трэба разумець «гэтую пахлёбку». Аднак дзеці гэтага ніяк не маглі зразумець, чаму трэба прыбаўляць слова «гэтую». Каб загладзіць інцыдэнт, апякун нешта сказаў і ўсьміхнуўся, што вучнямі было ўспрынята як жарт, і атмасфэра распружылася.

Далей апякун пачаў задаваць пытаньні пра пагоду, лес, поле, жніво ды іншае. Вучні падбадзёрыліся - яны больш разумелі, але, адказваючы сваімі словамі, устаўлялі знаёмыя сабе словы: як, добра, далёка, хмарыцца ды іншыя. Усім кінулася ў вочы, што апякун нешта ціхенька пытаўся ў настаўніцы ды запісваў у таўсты сшытак. Час-ад-часу ён перапытваў словы, як кволы, кіякі, але вучні на гэта асаблівае ўвагі не зварачалі.

На другой лекцыі мы пачалі пісаць дыктоўку на правіла пісаньня літары «яць». Спачатку кажны вучань пісаў сказ у свой сшытак, потым адзін з вучняў запісваў гэты сказ на дошцы, і тады яго цэлая кляса разьбірала. Сустракаліся сказы, якіх вучні зусім не разумелі, прыкладам: «Ржаной хлебушка, калачу дедушка». Калі апякун запытаўся вучня, што гэта значыць, дык ён ня міргнуўшы вокам адказаў: «б'ю хлеб, стукаю аб хлеб». На такі адказ апякун, відаць, не спадзяваўся, ён захваляваўся й пачаў распытваць: «Як-жа ты будзеш біць хлеб і навошта будзеш гэта рабіць?» Вучань-жа трымаўся далей свайго ды казаў: «А так напісана, і я помню, як настаўніца казала, што забіць цьвік у сьцяну паправільнаму будзе «заколотить гвоздь».

Ізноў паўстала зьбянтэжанасьць, і настаўніца пасьпяшалася з новым сказам. Сказ быў такі: «Прислуга подавала обед господам». Вучань, які запісваў сказ на дошку, у слове «господам» зрабіў націск на першае «о». Апякун асьцярожна перапытаў вучня, а той бойка паўтарыў: «господам» ды вытлумачыў: - «Гэта значыць багом». Апякуна гэта вывяла з раўнавагі, ён пачаў шпарка хадзіць па клясе.

Далейшае пытаньне пераканала апякуна, што вучань не разумеў й слова «прислуга». Апякун папрасіў настаўніцу, каб яна растлумачыла вучням сказ «папростаму». Настаўніца неяк дакорліва, але з пэўнасьцяй сказала: - «Ну, вы гэтага не разумееце! - Папростаму гэта будзе так: - Чалядка падавала абед паном». Гэты пераклад «папростаму» вельмі зьдзівіў апякуна, і ён папрасіў яго паўтарыць, перапытаў паасобку кажнае слова, запісаў сабе ў сшытак ды перашэптваўся з настаўніцай.

Назаўтра апякун прыйшоў крыху пазьней. На другой лекцыі мы вучыліся назовы жывёлаў, прыладаў, будоўляў. У клясу былі прынесеныя табліцы з малюнкамі жывёлінаў, іх было найбольш. Апякун пачаў сам пытацца, як завуць кажную жывёліну. Ен вельмі зьдзівіўся, калі мы растлумачылі яму, што панашаму «сабака» - назоў мужчынскага роду ды што мы ў вёсцы ня ўжываем слова «лошадь», а толькі «конь».

Апякун, каб увайсьці з намі ў бліжэйшы кантакт і болып пазнаць кажнага вучня, сказаў, што будзе выклікаць нас пачарзе, паказваючы пальцам, і як ён выкліча, мы павінны назваць сваё прозьвішча. Першага выклікаў вучня, які сядзеў на першай лаўцы. Той устаў і назваў сваё прозьвішча - Сапега.- «Ты паляк?» - запытаўся апякун.- «Не, я не паляк»,- адказаў вучань.- «А хто ты?» - пытаўся ізноў апякун.- «А я з-пад Глуску»,- адказаў вучань, і апякун на гэтым пэрсанальныя пытаньні скончыў.

Наступным пытаньнем Сапегу было: - «Як завуць гэтую жывёліну?» - апякун паказаў на табліцу-малюнак зубра.- «Гэта бой зуброў»,- адказаў Сапега. Крыху хвалюючыся, апякун пытаўся далей: - «Чаму ты называет гэты малюнак бой зуброў?» Сапега-ж, нічуць не зьбянтэжыўшыся, адказаў: - «А ў кніжцы напісана «бой зуброў». Мы летась вучыліся з кніжкі «Северо-Западный Край», дык там так і напісана: «Бой зуброў».

Апякун зірнуў на настаўніцу, а тая яму адказала: «У маёй школе гэты падручнік ня ўжываўся, але ўжывалі яго ў вясковых школах граматы». Яна дастала з шафы «Северо-Западный Край», знайшла там апісаньне Белавескай пушчы, і там быў малюнак - два зубры бадуцца, а пад малюнкам напісана: «Бой зуброў». Вучні вясковай школы зразумелі, што слова «бой» належыць да назову зубра й што гэтак будзе «правільна».

Апякун паглядзеў на малюнак, абвёў паглядам нас, запісаў нешта ў сшытак, усьміхнуўся й з дапамогай настаўніцы запытаўся ў вучняў: - «Як будзе павашаму, калі быкі адзін другога ілбамі бадуць?» - Амаль усе хорам адказалі: - «У нас кажуць, што быкі бораюццца».- «Ну, а калі адзін бык адалеў другога, як у вас кажуць тады?» - «У нас тады кажуць,- працягвалі мы,- збораў або - перамог».- «Ну, вось, дзеці,- спакойна працягваў апякун,- паправільнаму гэта будзе, і трэба казаць: той бык, каторы перамог, называецца «победитель»!»

Пасьля гэтае лекцыі быў перапынак, і на перапынку мы міжсобку абмяркоўвалі новае слова «победитель» ды дзівіліся, што як гэта так, - навет і апякун не разумее панашаму.

На наступную лекцыю апякун прыйшоў разам зь інспэктарам і настаўніцай. Ен прынёс кніжку й даў яе аднаму з вучняў, каб той прачытаў вершык, а пасьля расказаў яго сваімі словамі. Усе вучні мусілі ўважліва слухаць чытаньне й пасьля памагаць пераказваць. Памятаю, што апякун даў кніжку хлопцу зь сяла Машнічы, што недалёка ад Байлюкоў. Прозьвішча хлапца было Хадаковіч. Хадаковіч быў кемкі й спрытны вучань, і ён пачаў чытаць:

Уж небо осенью дышало,
Уж реже солнышко сверкало,
Короче становился день,
Лесов таинственная сень
С печальным шумом обнажалась...

Спачатку Хадаковіч спатыкаўся ў чытаньні. Апякун папрасіў яго прачытаць яшчэ раз, і другі раз хлопец прачытаў шмат лепш, не запінаючыся. Тады апякун запытаўся ў вучняў, ці зразумелі яны. Усе дружна і разам зь імі Хадаковіч, адказалі, што зразумелі.

Апякун сказаў Хадаковічу пераказаць вершык сваімі словамі. Хадаковіч пачырванеў, закашляўся й стаіць. Тады апякун і настаўніца пачалі яму памагаць наводнымі пытаньнямі: - «Ну, што-ж, у восень сонца мацней грэе ці слабей?» - «Слабей».- «Ну а чаго ў восень на дрэвах і па цэлым лесе становіцца менш?» Хадакевіч крыху падумаў, пасьля-ж схамянуўся й бойка адказаў: - «Вужоў становіцца менш».

Недарэчнасьць адказу, відаць, моцна ўразіла, і ўсе трое - апякун, інспэктар і настаўніца - пераглянуліся. Апякун падыйшоў бліжэй да вучня і ўсхваляваным голасам запытаўся: - «Скажы, Хадаковіч, чаму табе ў галаву прышлі вужы?» Хадаковіч зьбянтэжыўся и так-сама ўсхвалявана пачаў гаварыць: - «А як-жа, а як-жа? Вось-жа тут напісана: «уж», «уж»! I ў нас у «Добрых семенах» напісана - «уж и гадюка».- Пры гэтым ён спрытна дастаў з-пад лаўкі падручнік «Добрые семена» і ў другой частцы падручніка хуценька знайшоў малюнак з подпісам «Уж и гадюка».

На твары Хадаковіча зьявілася пераможная ўсьмешка. Аднак апякун ад гэтага дыялёгу адразу пахмурнеў й неяк сумна загадаў Хадаковічу сесьці ды адазваў настаўніцу на бок. Гутарыў апякун з настаўніцай хвілінаў дзесяць і нешта пісаў у свой сшытак. Пасьля яны падыйшлі да вучняў, і апякун голасна спытаўся ў настаўніцы - «А што вы праходзілі зь імі з граматыкі? Ці ведаюць яны часьціны мовы?»

Настаўніца адказала, што з граматыкі яна нам толькі патрапіла растлумачыць злучнікі й што граматыка нам пакульшто зусім незразумелая, але яна плянуе перайсьці асновы граматыкі ў наступным годзе.

- Так-с, так-с! - прагаварыў апякун, нешта ізноў запісаў у свой сшытак, а потым сказаў настаўніцы, каб яна растлумачыла панашаму значаньне вершу й пастаралася, каб мы зразумелі кажнае слова.

Ад нас апякун пайшоў да вучняў першага году навучаньня. Зь імі ён прабыў няпоўную гадзіну. У гэтым аддзеле былі сямігадовыя дзеці - першы год зь вёскі ў места. Расейскае мовы яны зусім не разумелі, і настаўніца кажнае слова з расейскае мовы перакладала на беларускую, а пасьля тлумачыла яшчэ пабеларуску й цэлы сказ. Ня толькі апякуну, але й нам, крыху старэйшым вучням, было відавочна, як цяжка гэным малым давалася разуменьне чужое мовы ў школе. Бадай кажнага вечара й на перапынках малыя ў нас пыталіся, а што такое топор, рожь, глаза, полотенце, кушать, сапоги ды іншае. Далёка не заўсёды й мы маглі дапамагчы ў гэтым меншым.

Асабліва дрэнна было з вымаўленьнем. Ніхто ні з нас вучняў, ні дарослых, якія прыходзілі да нас вымаўленьня расейскага ня ведаў. На лекцыях-жа, на працягу пяць-дзесяцёх хвілінаў, трыццаць пяць напэўна трацілася на тое, каб вучні нешта зразумелі й правільна вымаўлялі парасейску. Удадатак, дзевядзесят працэнтаў зьместу падручнікаў было пабудавана на расейскім матар'яле: апісаньні Расеі, звычаяў, расейскай літаратуры. Усё гэта вырабляла ў нас неахвоту да школы, і шмат хто школу кідаў.

Як толькі апякун выйшаў, нас адпусьцілі на доўгі перапынак. Пагода тады была добрая, і мы пабеглі на двор. Як звычайна, мы на двары дурэлі, бегалі. У гэты-ж дзень, дурэючы на двары, я, падкраўшыся да аднаго хлапца па прозьвішчы Каблаш, пачапіўся да яго з заду на шыю. Рабіў я гэта й раней, і тады Каблаш цягаў мяне па двары. Аднак у гэты дзень ён, відаць, быў ня ў гумары й добра грымнуў мяне на зямлю крыкнуўшы: - «Адчапіся ад мяне, атрута!» Вокны ў будынку былі прыадчыненыя, і гэта пачуў апякун. Ен зрабіў нам знак рукой, каб мы падыйшлі да акна. Каблаш моцна пачырванеў і спалохаўся, аднак мы падыйшлі - ён першы, а я за ім.

- «Што такое атрута?» - запытаўся апякун у Каблаша. Каблаш маўчаў.- «Ну, скажы ты»,- зьвярнуўся апякун да мяне. - «Атрутай прусакоў труцяць», - адказаў я.- «А чаму прусакоў?» - спытаўся, падыйшоўшы да апякуна, інспэктар Чарнэцкі. - «А так нашая бабка казала»,- адказаў я. Чарнэцкі-ж дапытваўся: - «А, ну, паўтары, як яна казала!» - «А яна казала, калі тата зь дзядзькамі ехаў у Глусак на рынак: Хлопцы купеце атруты прусакоў патруціць». Тады інспэктар спытаўся мяне, ці я ведаю, як будзе прусак і атрута непанашаму - і я гэтага ня ведаў. Апякун на гэта ўсьміхнуўся ды сказаў нам, каб мы ішлі гуляць.

На трэйці дзень апякун пазнаёміўся з чацьвертым годам навучаньня. У гэтым аддзеле былі хлопцы па гадоў адзінаццаць-дванаццаць, аднак і яны парасейску яшчэ разумелі вельмі слаба. Як толькі апякун пачаў распытваць вучняў гэтага году - уся школа прыслухоўвалася. Апякун пачаў правяраць кажнага вучня, ці ведае ён верш паэта Нікіціна «Русь». Гэты верш быў важны, ужо ад другога году навучаньня мы зналі, што бяз веды гэтага вершу нікога не выпускалі з школы. Верш пачынаўся так:

Под большим шатром голубых небес
Вижу даль степей зеленеется...

Верш гэты даўгі. Адзін вучань казаў адну страфу, другі працягваў, і гэтак далей. Чарга дайшла да вучня Хвядоса Ляпкі. Той устаў, назваў сваё прозьвішча і пачаў дэклямаваць:

И во всех концах света белого
Про тебя идет слава горькая...

Апякун зразу стрымаў хлапца ды папрасіў паўтарыць. Хвядос, ані не зьбянтэжыўшыся, паўтарыў тое самае. Апякун проста ўськіпеў, спыніў вучня й запытаўся, што значыць слова «горькая». Хвядос на пытаньне нічога не адказаў і стаяў моўчкі. Тады і апякун спытаўся другога вучня, Грыпінскага, ці той ведае слова «горькая», на што Грыпінскі адказаў, што гэта значыць «нясмашна, горка». У клясе наступіла цішыня.

Шмат хто з нас ведаў, што ў вершы стаяла слова «слава громкая», аднак усе сядзелі ціха, уткнуўшы твары ў лаўкі. Праўда, апякун хутка сябе апанаваў, прайшоўся раз-два ўзад і перад ды зьвярнуўся да цэлае клясы з пытаньнем, хто разумее правільна гэты верш. Адзін з вучняў з чацьвертае клясы адразу падняў вельмі высока руку й відаць было, што хацеў зьвярнуць на сябе ўвагу. Апякун паклікаў яго да дошкі.

На пытаньне, як ягонае прозьвішча, хлопец адказаў «Калесьнікаў» і без запытаньня пачаў тлумачыць, што ў вершы стаіць слова «громкая», а гэта значыць «славная, далекослышная». Апякуна гэта ўразіла, і ён запытаўся хлопца, адкуль ён. Калесьнікаў адказаў, што ён не мясцовы, ён рускі з Тульскае губэрні, ягоны бацька па прафэсіі канавал і вясной ходзіць па сёлах, а зімою іхная сям'я прадае абразы на рынку. Падчас гутаркі з Калесьнікавым апякун нешта запісваў у кніжку, пасьля ён выйшаў з пакою. Мы думалі, што ў школу ён больш ня вернецца. Аднак ён затрымаўся.

Па абедзе апякун захацеў паслухаць хор. Кіраўніком хору была старэйшая настаўніца, і мы прапяялі пару царкоўных і колькі расейскіх сьвецкіх песьняў. Аднак апякун захацеў паслухаць нашыя песьні, якія мы сьпявалі самі ў інтэрнаце. Пра гэта яму расказала настаўніца. Прасьпявалі мы песьні «Чаму-ж мне ня пець» ды «Служыў я ў пана ды першае лета, заслужыў я ў пана сьвіначку за гэта».

Тады апякун папрасіў нас засьпяваць нешта сумнае. А сумныя песьні мы сьпявалі найбольш. Хлапец Зелянкоў зь сяла Баянова пачаў запяваць «Зялёны дубочак на яр пахіліўся, малады ты, хлопча, чаго зажурыўся», а мы ўдала падхоплівалі. Калі мы скончылі песьню, апякун доўга сядзеў моўчкі, пасьля пахваліў нас і пайшоў з клясы. Больш у школу ён не заходзіў, але мы яго яшчэ бачылі на валасным двары дзень ці два.

Нехта нам сказаў, што апякун хоча паехаць пад сяло Балашэвічы, у маёнтак да памешчыка Коршака. Мы ведалі, што дачка Коршака вучылася ў Вільні й часта, прыяжджаючы да хаты, дапамагала нашым настаўніцам у школе. I як цяпер, стаіць яна ў памяці. У нашых вачох яна была іншая, яна заўсёды гутарыла панашаму. Мы прыпушчалі, што апякун быў знаёмы зь ёю і хацеў Коршакаў адведаць.

Старшыня воласьці, Васіль Клімовіч, селянін зь сяла Рылавічы, узяўся адвезьці апякуна да Коршакаў, аднак не на валасным кані, а на сваім. Мы якраз гулялі на валасным двары, калі Васіль Клімовіч, старшыня, запрагаў каня, каб адвезьці апякуна й інспэктара Чарнэцкага да Коршакаў, ды казаў гэтак: - «Мой лошадь самы лепшы ў воласьці й як плюнуць давязе вас да маёнтку». Валасны стораж Амяльян дапамагаў старшыні, і хутка яны ўсе ад'ехалі.

Больш мы апякуна ніколі ня бачылі. Аднак тыдняў праз пару пасьля гэтага старшынёў хлопец пад сакрэтам нам казаў, што ён падслухаў, як гаварыў зь некім ягоны бацька, што нібы то нас дзяцей у школе пачнуць вучыць панашаму, як ён тады казаў - «пабеларуску». Мы, праўда, добра зразумелі, што значыць «панашаму», аднак мы зусім не ўяўлялі, што такое «пабеларуску», бо назоў «Беларусь» нам быў тады няведамы.

У Бабруйшчыне, і там, дзе я рос, тады яшчэ быў папулярны назоў «Літва», а мы былі «ліцьвіны». Было й німала тых, хто памятаў, што й край называўся «Літвой». Было яшчэ таксама шмат сьветкаў паўстаньня 1863-64 гадоў. Мой дзед па бацьку быў у паўстаньні, ды ў Машнічах, Слаўкавічах, Байлюкох і іншых суседніх вёснах і сёлах яшчэ былі жывымі сьветкі ды ўдзельнікі паўстаньня. «Мы - «Літва»,- казаў мне заўсёды мой дзед. Ды й іншыя дзяды нам, дзецям, заўсёды казалі, што тут заўсёды была Літва.

Дарэчы, у нашай мясцовасьці ў паўстаньні 1863-64 гадоў асабліва вызначыўся малады Быкоўскі, сын старога у нас роду шляхты. Ен быў багаты, меў вялізарныя маёнткі - Веснава, Машнічы і Баянава. Казалі нам дзяды, што ён надта любіў Літву й моцна біўся з царскім войскам. Памяць пра Літву перахоўвалі ня толькі нашыя дзяды ды паны, як Быкоўскі, але й маладзейшыя людзі, і гэтыя ўспаміны перадавалі нам.

Пасьля ад'езду апякуна, заняткі пайшлі паранейшаму. Праз год я скончыў народную школу ў Глуску й пайшоў вучыцца далей. 3 трох хлапцоў у сям'і мяне аднаго бацька, на намаганьні старэйшага брата Мікіты, пастанавіў вучыць. Наведаць школу ў Глуску мне больш не давялося.

Далей прыйшлі бурныя гады - юнкерская школа ў Кіеве, фронт, спачатку ў Румуніі, пасьля Фінляндыя, Масква й Заходняя Дывізія Чырвонае арміі, горад Смаленск і ўрэшце Менск.

Я і шмат іншых чырвонаармейцаў, пасьля заняцьця Менску Чырвонай арміяй у ліпені 1920 году, уключыліся ў грамадзкую працу ды пайшлі вучыцца. Пазьней тыя, што мелі асьвету, былі накіраваныя ў вайсковую камісію пры Інбелкульце для распрацаваньня вайсковае беларускае тэрміналёгіі. Кажны дзень мы мусілі ісьці ў Камісію, частка ішла на курсы беларускае мовы й беларусаведы, а таксама на лекцыі вайсковыя. Усе мы былі ў вайсковых формах, і было відавочна, што на нас пачыналася тварэньне Беларускае Тэрытарыяльнае Арміі. Гэта, аднак, іншая тэма. Успамінаю гэта я ў сувязі вось зь якім здарэньнем.

Аднойчы я ішоў на свае заняткі й амаль «лоб у лоб» сустрэўся з маёй настаўніцай з Глускае школы. Яна моцна пастарэла і, пэўна-ж, мяне не пазнала. Я прывітаўся, але яна спалохана адхінулася. Тады я сказаў, што я Яўхім Кіпель з Байлюкоў. Яна тады вельмі ўсьцешылася ды пачала казаць, як я зьмяніўся й як форма мяняе чалавека. Адразу запыталася, ці я вучыўся далей ды што раблю цяпер. Даведаўшыся, што цяпер я на вайсковай службе ў Менску, яна запрасіла мяне ў госьці. На той дзень я адмовіўся, аднак у першую-ж суботу да яе паехаў.

Жыцьцё ў Менску тады было нялёгкае, неставала харчоў. Камандзерскаму складу паёк звычайна давалі на цэлы месяц, і ў тую суботу якраз быў дзень выдачы пайка.

Я ўзяў з сабой пайковы цукар прыблізна тры кілі - колькі фунтаў селядцоў, пару кіляў хлеба, крыху гарбаты ды пайшоў да свае настаўніцы ў госьці.

Гэта была вельмі цёплая сустрэча. Яна вельмі ўсьцешылася з цукру ды гарбаты, узяла колькі селядцоў, хлеб у яе быў. Колькі гадзін яна мне расказвала, што здарылася за гэтыя гады каля Глуску на Бабруйшчыне, дзе знаходзіліся мае аднаклясьнікі. Тады я даведаўся, што шмат маіх сяброў было растрэляна палякамі. Успаміналі наагул шмат пра ваколіцы й людзей майго маленства.

У часе нашых гутарак мне прыпомніліся наведзіны нашае школы ў Глуску апякуном Віленскае акругі, і я яе запытаўся, чаму тады да нас ён прыяжджаў. I вось што настаўніца мне расказала:

- Апякун прыехаў да нас у школу часткова зь ініцыятывы маёй і інспэктара Чарнэцкага, Мы з Чарнэцкім хацёлі паспрабаваць перайсьці ў навучаньні дзяцей на беларускую мову. Аднак інспэктар сказаў, што рабіць гэта трэба афіцыйна. Вы сабе й не ўяўляеце, як нам было цяжка вас вучыць. Папрыходзілі вы ўсе з глухіх вёсак, і вы ня толькі не разумелі мовы, але наагул ня ведалі, як жыве горад. Інспэктар Чарнэцкі гэта добра разумеў і бачыў. I ён паведаміў аб гэтым павятовага «прадвадзіцеля» дваранства. У сваім дакладзе Чарнэцкі казаў, што гэтак дзяцей вучыць ня можна - яны нічога не разумеюць. Прадстаўнік дваранства, пабыўшы ў нас у школе, таксама пераканаўся аб гэтым і падтрымаў нашае дамаганьне перад губэрнатарам і перад школьным апякуном у Вільні. На просьбу губэрнатара апякун школьнае акругі й паехаў у нашую школу. I там, у нас у Глуску, апякун прыйшоў да высновы, што першыя тры гады дзяцей трэба вучыць, як тады ён казаў, «на беларускім дыялекце». З наведзінаў нашае школы ён зрабіў грунтоўны рапарт ды паслаў у Пецярбург. У Пецярбургу нейкі час справу трымалі, разглядалі, але пасьля з такім паглядам не згадзіліся ды загадалі працягваць навучаньне на расейскай мове. Гэта быў моцны ўдар і для нас настаўніцаў, і для інспэктара, і для апякуна. Мы гэтую адмову моцна перажывалі, аднак зрабіць нічога не маглі.

Так, Надзея Аляксандраўна, нам было цяжка вучыцца, бо мы, бадай, нічога не разумелі, - пацьвердзіў я. Яна тады ўсьміхнулася й вяла далей гутарку:

I гэта была справа ня толькі ў мове. Аснова вашае цяжкасьці зразуменьня ляжала ў зьмесьце, тэматыцы паданага матар'ялу. Вось я дам прыклад: я вас вучыла расейскія песьні, аднак вы гэтых песьняў у інтэрнаце ніколі не сьпявалі, вы сьпявалі свае песьні, бо яны былі вам бліжэйшыя й зьместам і духам. Таксама з нашай школьнай бібліятэкай - я была яе загадчыцай - праз год-два я мусіла складаць рапарт, якія кніжкі чытаюцца найбольш. На першым месцы была кніжка «Князь Сярэбраны» Аляксея Талстога, за ім ішлі Гогаль, Данілеўскі й далёка ззаду былі Пушкін ды іншыя. Для мяне тады стала ясным, што дзеці ў першую чаргу цікавяцца тым, што яны разумеюць, што ім блізка духова. У кнізе «Князь Сярэбраны» апісвалася Літва, да беларускага жыцьця падобныя і апісаньні ў Гогаля і Данілеўскага, і таму вы іх чыталі. I вось такога блізкога вам духовага матар'ялу ў школе было вельмі мала, і таму й дзеля мовы, і дзеля зьместу школа ня была вам блізкой, дык вы яе й ня любілі, - закончыла мая настаўніца.

Гэта былі мае першыя й апошнія ў яе наведзіны. Хутка выйшаў дазвол маладому каманднаму складу выходзіць у запас. Я з гэтае магчымасьці скарыстаў, паступіў на ўнівэрсытэт, а там былі новыя клопаты, і ня было часу разгульваць. Праўда, раз ці два я сустракаў настаўніцу на вуліцы, і заўсёды яна мне казала, што новага ў Глуску, а я абяцаў, што, як толькі стане свабадней з часам, я да яе ізноў зайду.

Аднак час ляцеў. Падыйшоў для мяне незабыўны 1930 год. Мяне арыштавалі, два разы судзілі, саслалі, і на Беларусь змог я вярнуцца толькі ў 1942 годзе. 26 чэрвеня 1942 году я на таварным цягніку црыехаў у Менск. Страшэнна выглядаў тады Менск - усё спаленае, разбуранае, чорнае.

На станцыі, дзе я купіў газэту, пастанавіў перш пайсьці ў рэдакцыю гэтае газэты. Пасьля пайшоў на Камароўку, у наш раён. Падарозе ўздумаў прайсьці праз Шпітальны завулак, дзе жыла мая настаўніца. Мне было цяжка знайсьці навет і сьляды перавулку - усё было спалена, і толькі невялікая сьцежка была рашчышчаная для хады. Прайшоў я да сярэдзіны завулку й недалёка ад сьцежкі ўбачыў невялічкі крыжык. Падыйшоў бліжэй і на дошчачцы прачытаў:

НАДЗЕЯ АЛЯКСАНДРАЎНА САВІЧ
Задушылася ад дыму, чырвень 1941 г.

Як нажом мяне разанула па сэрцы. Хоць і ня надта я быў сантымэнтйльны, аднак камок падыйшоў да горла. Вось я стаяў яшчэ перад аднэй трагэдыяй нашага народу. Мая настаўніца ўсё жыцьцё працавала для народу, а пахаваная тут на вуліцы, і калі вуліцу рашчысьцяць, ейная магілка будзе зьнішчаная.

А зрабіла гэтая настаўніца нямала. Толькі з Глускае школы выпусьціла яна колькі сотняў хлапцоў, сярод якіх колькі дзесяткоў уключылася ў рух беларускага адраджэньня. Не зважаючы на суворую русыфікацыю, яна ўсё-ж патрапляла ня нішчыць дзіцяці духова, а наадварот - падтрымоўваць і разьвіваць у ім любоў да свайго краю.

Яшчэ тады, у тыя далёкія часы, яна дамагалася ўвядзеньня беларускае мовы ў школу, яна аналізавала, што навокала адбывалася. У беларускі нацыянальны рух мае землякі ўключыліся, дзякуючы ейнай любасьці да свайго краю, дзякуючы ейнаму падыходу да вучняў, ейнаму такту й глыбокай народнай мудрасьці. Думаю, што такіх настаўнікаў у нас былі тысячы. У Беларусі ім некалі будзе пастаўлены помнік.

ВЫТРЫМКІ 3 МАНУСКРЫПТАЎ ЯЎХІМА КІПЕЛЯ [1]

Недзе ў 1919 годзе пачала фармавацца Заходняя Дывізія, ініцыятарамі яе тварэньня былі беларускія эсэры і беларусы-камуністы. Дывізія, як я прыпамінаю, складалася зь дзевяцёх палкоў, падзеленых на тры брыгады. Была ў дывізіі палкавая артылерыя і тры батарэі сярэдняга калібру. Дывізія адмовілася ехаць на сібірскі фронт супраць Калчака. Палякі таксама былі зацікаўленыя ў дывізіі, здаецца, Уншліхт дамагаўся, каб адна брыгада ў дывізіі называлася польскай. Але камуністы на гэта не згадзіліся. Беларусы, высокія камандзіры, разумелі што трэба было ствараць беларускі камандавы склад. Група маладых вайскавікоў, у тым ліку і аўтар гэтых успамінаў, былі накіраваныя ў Смаленск у вайсковыя школы. Я быў залічаны ў штабную школу, а некалькі маіх знаёмых былі накіраваныя ў страявую школу. У Смаленску мы апынуліся ў расейскай атмасфэры, але нам казалі, што хутка пачнецца беларусізацыя. У Смаленску мы вучыліся месяцаў шэсьць, адбываючы практыку ў штабе Заходняга фронту.

...Здаецца, у траўні - чэрвені 20 году Чырвоная Армія пачала наступ на палякаў, і неўзабаве я прыехаў у Менск.

...У Менску неўзабаве пачала трывацца беларуская тэрытарыяльная армія. Быў перш арганізаваны беларускі полк, які складаўся з трох батальёнаў: Менскага, Бабруйскага і Слуцкага. Але справа арганізацыі батальёнаў паскорылася, калі ў Менск былі прысланыя беларусы-камандзіры з 52-й дывізіі. Прыблізна ў тым самым часе была створаная і ваенная камісія Інбелкульту - тэрміналягічная, дзе я стаў адразу працаваць і хутка дэмабілізаваўся, маючы, аднак, у арміі шмат добрых сяброў.

...Беларускае жыцьцё ў Менску ў той час было актыўнае. Я працаваў з маладымі і ў камісіі і хутка стаў працаваць у розных школах. Працаваць было ня так лёгка: у Менску было шмат зрусыфікаванага элементу, а тут яшчэ пачалі пад'яжджаць і новыя русыфікатары. Але мы цьвёрда праводзілі беларускую праграму: я і дзесяткі падобных прыйшлі з Чырвонае Арміі ды бралі за чыстую манету праграмныя магчымасьці новае ўлады.

Пагром нацдэмаў рыхтаваўся пару гадоў і ў вялікім сакрэце. Першыя згадкі пра тое, што нешта можа здарыцца, затрымацца беларусізацыя, пачалі чуцца недзе пасьля акадэмічнае канфэрэнцыі. Камуністам-русафілам акадэмічная канфэрэнцыя вельмі не спадабалася, асабліва таму, што беларускі актыў групаваўся, навязваў кантакты. Наколькі памяць, у той час сакратаром камуністычнае партыі быў нехта па прозьвішчу Крыніцкі [2]. Сваю нацыянальнасьць ён хаваў, ня трымаў блізкіх кантактаў з камуністамі-беларусамі і быў вельмі варожы да ўсяго беларускага. Аднак Крыніцкі быў асьцярожны і спрытны адміністратар. Сваю дзейнасьць у Менску ён пачаў з укамплектаваньня свайго апарату. Шмат у якіх раёнах Менску, у прафсаюзе працаўнікоў асьветы Крыніцкі паставіў на беларусаў. Маючы шмат знаёмых ды будучы добра знаёмы зь некаторымі камуністамі-беларусамі, гутарачы зь імі, заўважаліся зьмены. Асабліва мне запамяталася адна сустрэча зь Якубам Коласам на вуліцы, калі ён, не захацеўшы доўга гутарыць, выняў з кішэні сваю фатаграфію і сказаў нешта як: вось, Яўхім, на ўспаміны. Пасьля канфэрэнцыі пачаліся нападкі на беларусаў і ў друку.

Той-жа Крыніцкі пачаў шмат зьменаў у галіне працаўнікоў асьветы. Наблізіў ён да сябе нейкага Ахрамовіча [3] (беларус, але вялікі авантурнік і басяк з Серабранкі). Яго зрабілі сакратаром саюзу настаўнікаў, хоць ён ня меў на гэта ні адукацыі, ні падрыхтоўкі. Блізка стаяў да Крыніцкага і Сянкевіч [4], рээмігрант з Амэрыкі, былы настаўнік, але ў Амэрыцы атрымаў дыплём доктара. Гэты быў адданы бальшавік, але здольнасьцямі не вызначаўся. Ен памяняў шмат пасадаў, але, асноўнае яго заданьне было сачыць за беларускімі дзеячамі й настаўнікамі. Ведаю, што даносы Сянкевіча на мяне й А. Смоліча здорава пашкодзілі.

Была дадзеная інструкцыя, каб не карыстацца падручнікам Смоліча, бо, маўляў, ён неправядловы на ўсходзе. Шмат хто з нас з гэткім падыходам не згаджаўся. Пазьней, у часе ссылкі, калі я быў разам з Азбукіным [5], ён мне сказаў, што і ягонай геаграфіяй была інструкцыя не карыстацца, а асабліва не карыстацца Азбукіна геаграфічным слоўнікам, які ён укладаў. Пазьней, мне сказаў Азбукін, гэты слоўнік, некалькі тысячаў картак, зьнік у НКВД...

У галіне адукацыі паўсталі праблемы з АБВШ (Аб'яднаная Беларуская Вайсковая Школа) [6]. Я там меў щмат знаёмых, ды там таксама вучыўся мой швагер Коля Зубкоўскі. Курсантам школы рана пачалі казаць, каб не затевалі сваю нацыянальнасьць, а таксама, каб чыталі больш рускамоўныя газэты...

Прыпамінаючы зьмены кадраў у тыя часы, не магу не прыпомніць пару асобаў. У Менску высунуўся нейкі Нодэль [7], не беларус. Шмат няпрыемнасьцяў нарабіў гэты камуніст працаўнікам асьветы ў Менску. Ен стаўся старшынём працаўнікоў асьветы і ўсё імкнуўся выведаць, хто зь беларусаў быў дзе ў часе польскае акупацыі. Сам жа ён быў гандляром зь Вільні і ў беларускі рух прыйшоў не праз беларускія арганізацыі.

Нямала шкоды, ня толькі працаўнікам асьветы, але і ўсёй беларускай інтэлігенцыі нарабіў тагачасны менскі выдзьвіжэнец - хутка начальнік ГПУ - Мішка Рапапорт [8]. Перад рэвалюцыяй ён быў ведамы ў Бабруйску - яго там звалі Мішка. Гэта быў маклёр па прадажы коней і лоўкі шулер у карты. У дапамогу Рапапорту быў прызначаны нехта Аргаў. I вось ад гэтых суб'ектаў залежыў лёс дзесяткоў і сотняў беларускіх дзеячоў. Праўда, пагромы не маглі пачацца без папярэдняе апрацоўкі грамадзкае думкі. Але камуністы былі майстры на падрыхтоўку розных «кампаніяў». У Менску ў значнай меры гэтую справу было даручана Сямёну Вальфсону [9] - былому гандляру з Бабруйску. З Вальфсонам мне давялося некалькі разоў дыскутаваць публічна і думаю, щто ён на мяне зрабіў нямала даносаў. Дарэчы, гэты Сёмка Вальфсон, стаўшы ў дваццатыя гады Сямёнам Якаўлевічам, зацятым марксистам, ненавісьнікам нацыянальнага беларускага, цярпець ня мог людзей, хто мог ведаць ягонае паходжаньне й гандлёвую дзейнасьць перад рэвалюцыяй у Бабруйску.

Ад другое паловы дваццатых гадоў у Менску пачала заўважацца іншая зьява. Прыходзілі інструкцыі, каб на лекцыях краязнаўства, прыродазнаўства выкладалася ня толькі прырода, але падаваліся-б нейкія зьвесткі і аб рэвалюцыйным руху. Прыпушчаю, што гэткія інструкцыі даваліся ня толькі настаўнікам прыроды, але найперш гісторыкам і іншым. Са мной здарыўся такі выпадак. Недзе ў 28-29 годзе мяне ў Акадэміі паклікалі ў кабінет Ігнатоўскага. Там Ігнатоўскі пасьля пару нічога нязначных пытаньняў, «што новага», «як праца» ці нешта падобнае (у кабінэце быў прысутны нейкі мне няведамы суб'ект) мне проста сказаў, каб я нешта напісаў аб рэвалюцыйных паглядах сястры Дзяржынскага ды наагул аб рэвалюцыйных настроях у маіх мясцовасьцях, на Глушчыне. Мяне гэта вельмі заскочыла й стала няпрыемна. Я ня мог зразумець, адкуль Ігнатоўскі мог гэткае прыдумаць! А справа была вось у чым. Недалёка ад вёскі Байлюкі (мая радзіма) жыла, як у нас казалі, родная сястра Фелікса Дзяржынскага, а мая сям'я была з гэтай пані знаёмая. Гэтая жанчына, забыўшы яе імя, была замужам за мясцовым панам Булгакам. Мой бацька быў добрым майстрам гнуць палазы для саней і абады для калёсаў. Грабавых і ясенавых лясоў у нас хапала, іх дазвалялі секці дарма, а таму прадукцыя была танная. Пан Булгак купляў у нас гэтыя вырабы, часта да нас заяжджаў, ды і мы частавата адвозілі яму наш тавар у ягоны фальварак - Чырвоны Бераг. Такім чынам мы і пазнаёміліся з пані Булгак. Была яна жанчына зграбная, ветлівая, гаварлівая. Размаўляла яна заўсёды панашаму, расказвала і пра Дзяржынскага. Але аб гэтым ні я, ні мая сям'я ў Байлюках нікому надта не расказвалі. Для мяне гэта было проста велізарнай неспадзеўкай, што аб гэтым даведаўся Ігнатоўскі! Ігнатоўскаму-ж там я адразу сказаў, што пра пагляды сястры Дзяржынскага нічога пісаць ня буду. На гэтым гутарка закончылася, але хутка пасьля тае размовы мяне звольнілі з рэдакцыі часопісу «Наш Край»...

Арышты, працэс, допыты...

У часе допытаў мне часта закідалася, што я вучням падаваў матар'ял аднабакова - найбольш націскаючы на беларускі аспэкт. На гэта я адказваў, што я стараўся заўсёды гаварыць пабеларуску - законам гэта не забаранялася - а матар'ял я заўсёды падаваў на ўзроўні...

Прадмова, падрыхтоўка публікацыі і каментараў Уладзіміра ДЫДЗІКА.


КАМЕНТАРЫ (З манускрыптаў Яўхіма Кіпеля)

[1] Гэтая частка друкуецца ўпершыню.

[2] КРЫНІЦКІ Аляксандар Іванавіч (1894-1937), савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч. Зь верасьня 1924 сакратар, са сьнежня 1925 першы сакратар ЦК КП(б)Б. 3 1927 году на партыйнай рабоце ў апараце ЦК ВКП(б) у Маскве.

[3] АХРАМОВІЧ Цімафей Кандратавіч (1898-?), гадаванец Маскоўскага камуністычнага ўнівэрсытэту імя Сьвярдлова (скончыў у 1921), выкладаў у Цэнтральнай партыйнай школе КП(б)Б у Менску. Пасьля заканчэньня БДУ ў 1926 годзе працаваў у апараце ЦК КП(б)Б.

[4] СЯНКЕВІЧ Аляксандар Антонавіч (1884-1939), партыйны і дзяржаўны дзяяч БССР. У 1906 адзін з удзельнікаў (разам з Якубам Коласам) нелегальнага звезду настаўнікаў Меншчыны, дзе быў заарганізаваны Беларускі настаўніцкі саюз. 3 1907 у эміграцыі ў ЗША, уваходзіў там у Сацыялістычную партыю. У 1921 праз Далёкі Ўсход вяртаецца на Беларусь. У 1920-я гг. наркам здароўя БССР, рэктар Камуністычнага ўнівэрсытэту імя Леніна ў Менску, працаваў у апараце ЦК КП(6)Б. 3 1932 году на савецкай рабоце ў РСФСР.

[5] АЗБУКІН Мікалай Васілевіч (1894- пасьля 1937), вядомы беларускі краязнавец, географ, аўтар вядомага падручніка «Геаграфія Эўропы», які выйшаў у сьвет у 1924 г. Праходзіў па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». Ссылку адбываў разам зь Кіпелем у г. Налінску.

[6] АБ'ЯДНАНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ВАЙСКОВАЯ ШКОЛА імя ЦБК БССР, вайскова-навучальная ўстанова, якая рыхтавала кадры камандавага складу для беларускіх нацыянальных і тэрытарыяльных вайсковых фармаваньняў Чырвонай Арміі ў 1921 -1937 гг.

[7] НОДЭЛЬ Вульф Абрамавіч (1897 - ?), савецкі партыйны дзяяч. 3 1921 узначальваў Цэнтрбелсаюз, член Бюро ЦК КП(б)Б, з 1924 году рэдактар газэты «Звезда».

[8] РАПАПОРТ Рыгор Якаўлевіч, у 1920-я гг. працаваў у ворганах АДПУ Савецкай Беларуеі. У 1930-1931 старшыня АДПУ БССР, адзін з галоўных арганізатараў справы «Саюза вызваленьня Беларусі». У 1931 пасьля «пасьпяховага» правядзеньня кампаніі па вынішчэньні нацдэмаўскай арганізацыі на Беларусі быў пераведзены ў якасьці павышэньня па службе ў Маскву.

[9] ВАЛЬФСОН Сямён Якаўлевіч (1894-1941), адзін з афіцыйных бальшавіцкіх апалягетаў, арганізатараў кампаніі супраць г. зв. «нацыянал-дэмакратызму» ў БССР у канцы 1920-х - пачатку 1930-х гг. Да 1917 належаў да партыі расейскіх меншавікоў. 3 1921 прафэсар Беларускага дзяржунівэрсытэту, з 1928 - акадэмік Беларускай Акадэміі навук, з 1931 дырэктар Інстытуту філязофіі і права БАН.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX