Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Ружанцоў А. Беларускія войскі ў Літве 1918-1920


Аўтар: Ружанцоў А.,
Дадана: 15-07-2013,
Крыніца: Ружанцоў А. Беларускія войскі ў Літве 1918-1920. Кароткі вайскова-гістарычны абгляд // Спадчына №4-1993. С. 23-36.



«Будзе час, калі дні нашага жыцьця будуць лічыцца пачаткам мінуўшага сталецьця...»
палк. Адамовіч.

БЕЛАРУСКІЯ ВОЙСКІ Ў ЛІТВЕ 1918-1920
КАРОТКІ ВАЙСКОВА-ГІСТАРЫЧНЫ АБГЛЯД
Коўна. 1921 г.

У беларускім фондзе Акадэміі навук Летувы, былым рукапісным фондзе Беларускага музэя імя Івана Луцкевіча ў Вільні, знаходзяцца шэсьць школьных сшыткаў рукапісу маёра Аляксандра Ружанцава, камандзера беларускага батальёну ў летувіскім войску, дзе ён па гарачых сьлядох апісвае баявы шлях свайго батальёну.

Гэты «Гістарычны нарыс», як яго называв аўтар, цікавы зь некалькіх бакоў. Па-першае, дакумант у пэўнай ступені прасьвятляе трагічны шлях, якім спрабавала Беларусь, ca зброяй у руках, прарвацца да незалежнасьці ў 1918-1920 гг. Застаецца толькі шкадаваць, што ў беларусаў не было грошай i часу на фармаваньне нацыяналъна,га войска.

У фактах, прыведзеных у «Нарысе» А. Ружанцава, мы бачым спробу палітычнага адраджэнъня гістарычнае Літвы як канфэдэратыўнай дзяржавы i радзімы двух народаў - беларусаў i летувісаў, часткі якой, калі ўлічыць, што зь беларускіх тэрыторыяў у яе павінны былі ўвайсьці Віленшчына, Горадзеншчына й Беласточчына, былі прыкладна роўныя. Але ўсё вырашыла зброя хцівых суседзяў, якія на той момант аказаліся мацнейшыя.

Тым ня менш нешматлікія беларускія часткі, якія пасьпелі сфармавацца ў Горадні, Вільні i Коўне, прынялі актыўны ўдзел у барацьбе з акупантамі беларускіх земляў - палякамі i расейцамі. I толькі неспрыяльная гістарычная сытуацыя не дала магчымасьці гэтым беларускім часткам разгарнуцца ў войска, якое не на словах, а зброяй бараніла б родную зямлю ад чужынцау.

Яшчэ адзін цікавы бок «Нарысу» - ужытковы. Беларускае войска, якое фармуецца зараз, мусіць быць беларускім ня толькі фармальна, але й па зьмесьце. Стаўленьне да патрыятычнага, нацыянальнага выхаваньня, да беларускай мовы у цяперашнім беларускім войску сумнеўнае, у той час як у адзіным беларускім батальёне у літоўскім войску беларусы-жаунеры сьпявалі: .

Згінуць нашы воражэнькі, як раса на сонцэ,
Запануюць беларусы ў сваёй старонцэ! -

а камандзер батальёну маёр Ружанцаў ва ўнутраных батальённых циркулярах недвухсэнсоўна сьцьвярджаў: "У беларускім батальёне не ўладаючыя беларускай мовай у пад-афіцэры не праізводзяцца".

Такім чынам, калі хочаш быць беларусам-вайсковым - будзь ім, а ня кволься, што не хапае грошай на падручнікі ці перакладчыкаў, быццам беларуская мова нечакана звалілася на нас з другога боку плянэты. Галоўнае - жаданьне. I гэта добра даказалі афіцэры-беларусы зь беларускага асобнага батальёну, выдаючы на шапірографе, часам з рукапісных арыгіналаў, дзясяткі войсковых дапажожнікаў (паміж усяго - палявы статут, вайсковы беларуска-летувіскі слоўнік прыкладна на 500 тэрмінаў, беларускую вайсковую газэту i часопіс).

Нам застаецца толькі марыць пра такі імпэт цяперашняга беларускага генэралітэту, які дасюль ходзіць з чырвонымі зоркамі на цэшках,

Урэшце, "Гістарычны нарыс" беларускага батальёну зьяўляецца ўнікальным помнікам беларускай літаратуры. Ягоны аўтар, Аляксандар Ружанцаў, выступаў у друку як паэт Алесь Смаленец i валодаў добрым літаратурным стылем, што дазволіла яму з сухіх франтавых зводак i фактаў стварыць захапляльны i своеасаблівы дакумантальны твор,

Ліст, у якім апісваюцца апошнія месяцы існаваньня беларускага батальёну, а затым яго расфармаваньне, быў укладзены асобным суправаджальным аркушам у сшыткі, мабыць, перададзеныя аўтарам на перазахаваньне Антону Луцкевічу ў Беларускі музэй у Вільні,

У архіве захоўваецца таксама пераклад «Гістарычнага нарысу» на расейскую мову, які аўтар рыхтаваў для летувіскага друку. Па гэтым рукапісе былі зьвераныя тапанімічныя назовы, удакладненыя некаторыя мясьціны беларускага рукапісу.

"Марш беларускай асобнай роты літоўскага войска» выдрукаваны асобнай улёткай, таксама як i "Малітва жаўнера" - невядомыя творы А. Ружанцава (Алеся Смаленца), якія ў пэўнай ступені асьвятляюць дзейнасьць беларускіх вайсковых адзінак у летувіскім войску, а таксама шырэй раскрываюсь талент жаўнеpa-паэта.


«За лепшу долю роднага краю,
За сваіх брацьцяў у сьвятой барацьбе, -
Гэтакай толькі сьмерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе».
Я. Купала.

ГІСТАРЫЧНЫ НАРЫС

Згодна ўмовы беларусаў з літвінамі ў лістападзе 1918 г. у м. Вільні пачалося фармаваньне беларускіх часьцей пры Літоўскай Арміі. Першым міністрам абароны краю быў прафэсар Вальдэмарас, але віцэ-міністрам быў вельмі непапулярны сярод літоўцаў генерал расейскай службы К. А. Кандратовіч.

Фармаваньне войска пачалося ў Вільні, адразу былі заложаны штабы 1 i 2 літоўскіх i 1 i 2 беларускіх паўкоў (к-р 1-га паўка - Лаўрэнцьеў - рас., 2-га - Волкаў - рас.).

З выездам з Вільні фармаваньні літвінаў былі перанесены ў Коўну, беларусаў - у Горадну, трэба пры гэтым адзначыць, што фармаваньне літоўскіх часьцей у Ковеншчыне пайшло мацней, чымсь фармаваньне беларусаў у Горадні, бо апошнія мелі менш грошай на гэта. У ix радах сярод каманднага складу было нямала асобаў небеларускай нацыянальнасьці, далёкіх, нават варожых па адносінах да вялікай справы адраджэньня Літоўска-Беларускай дзяржавы.

У хуткім часе генерал Кандратовіч падаўся ў дымісыю, штаб 2 беларускага паўка быў расфармованы міністэрствам абароны краю ў студні 1919 г., фармаваньне 1 паўка, беларускага швадрону i беларускай камэндатуры ў Горадні працягвалася далей.

Дзеля зьвязку з Міністэрствам абароны ў Коўну быў высланы ахвіцэр Казлоў, яму было даручана звыш гэтага спаўняць абавязкі этапнага камэнданта, ці тое набіраць i адсылаць у Горадню ахвотнікаў.

Калі палякі пачалі пагражаць Горадне ад Беластоку, паўстала пытаньне аб пераводзе беларускіх часткаў з Горадні ў Сувалкі або Коўну. Праз гэта была спыненая адпраўка ахвотнікаў у Горадню i было загадана ахвіцэру Казлову сфармаваць з ix роту ЦІ каманду, як аснову дзеля будучага 2 батальёну поўку.

I вось загадам Міністэрства Абароны ад 11 сакавіка 1919 г. № 47 § 17 было дазволена пачаць з 27 лютага фармаваньне пры беларускім стаде рэгістрацыі Ў Коўне роту ахвотнікаў лікам да 200 жаўнераў.

З рэшты жаўнераў, застаўшыхся ў Коўні ад адпраўкі да поўку, швадрону, камэндантуры была заложана «рота ахвотнікаў пры беларускім стале рэгістрацыі ў Коўні». Шмат працы ў справу яе фармаваньня ўлажыў начальнік памянёнага стала ахвіцэр Казлоў; яму памагалі вайсковыя чыноўнікі Кадэнюк (былы камэндант Усебеларускай рады ў Менску) i Жураўскі.

Вайсковыя гэтай роты, як i ўсіх беларускіх часткаў літоўскага войска, насілі беларускую форму пяхоты - нямецкую старую форму ці тае белыя канты на каўнерах, пагонах, рукаўках i шапках (беларусы кавалерысты i артылерысты насілі чырвоны кант.

аколышы гэткай жа фарбы, як у літоўскіх часьцёх). Рота мела, як i іншыя беларускія часткі, ротны сьцяг белычырвона-белы.

12 красавіка рота ахвотнікаў была перайменованая ў 5 роту 1-га беларускага Горадзенскага поўка, камандзерам яе быў назначаны ахвіцэр Яніцкі, але рота, як i раней, стаяла ў Коўні, з складу яе быў выдзелены вучэбны ўзвод дзеля падгатоўкі пад-ахвіцэраў у 2 батальён. Большасьць салдат было неабмундзіравана, толькі частка была ў нешта апранутая. Узбраеньне роты складалі 18 старых германскіх адназарадных вінтовак.

17 красавіка пры стале рэгістрацыі дазволена фармаваць каманду да 40 жаўнераў дзеля вартовай службы.

Канчатак травеня прынёс у Коўну смутную вестку аб тым, што палякі абязброілі 1 беларускі поўк і камэндантуру ў Горадні. Пад камандай ахвіцэра Глінскага швадрон уцёк ад палякаў i прыбыў у Коўну. Беларуская часьць Літвы была бязмала што ўся занята палякамі, праз што паступленьне беларусаў-ахвотнікаў паменшылася вельмі значна.

У травені i чэрвені беларусы былі абмундзіраваныя ў нямецкую ўніформу i ўзброеныя нямецкімі вінтоўкамі Маўзера ўзору 1898 г. i трохлінейнымі рускімі кулямётамі Максіма.

5 рота поўка ў Коўні была цяпер пераіменаваная ў «1-ю Асобную Беларускую Роту», а 25 чэрвеня i каманда пры стале рэгістрацыі ў «2 Асобную Беларускую Роту».

1-ая асобная беларуская рота была ўжо зусім гатова i 20-га чэрвеня выйшла з м. Коўны на Дзьвінскі фронт, дзе вайшла ў склад Асобнае (потым 2-ае) брыгады. Зараз жа пачалася баявая праца роты.

22-га i 23-га з 2 пешым Вялікага Літоўскага Князя Альгерда паўком у наступе на маскалёў-бальшавікоў каля мястэчка Аляксандраўка. 27-га, калі рота была ў мястэчку Абэлі, яе абглядзеў гэтман польны Літоўскага войска генерал Жукоўскі, сказаў прамову да беларусаў i падзякаваў роту за маладзецкі аблік, выразіўшы надзею, што беларусы пакажуць сябе ў бойках. I беларусы даводзілі гэта ў бойках як з маскалямі-бальшавікамі, так i з палякамі-жэлігоўцамі.

(8KB) Сьцяг Беларускага асобнага батальёну.

З 29 чэрвеня да 7 ліпеня рота займала вучастак вазёрнае пазыцыі Дарожка-Юнкуны-Буракішкі (на ўсход ад ст. Абелі). Вайшоўшы ў аператыўнай адносіне ў падчыненьне камандзеру Марыямпольскага Асобнага батальёну, разам з каторым i працавала блізка што 4 месяцы. За час стаянкі на пазыцыі было дзьве стрэляніны з чырвонымі каля млыну Цукрынішкі, гэтые «баявыя хрэсьбіны» прайшлі дзеля беларусаў надта задачна. Мы мелі чырвонага ахвіцэра i 11 чырвонаармейцаў палоннымі, ды яшчэ дасталі ад маскалёў 2 коні i двухколку з набоямі.

7-га ліпеня ўся літоўская армія (разам з латышскай) начала агульны наступ на бальшавікоў. З пазаранку 8-га беларусы завязалі бой з ворагам каля дв. Аннэнгоф, i ў гэты цудоўны летні ранак першая беларуская кроў абрызгала асьмяглую зямлю i быў забіты на сьмерць варожай куляй стралок Казімер Патаковіч. Пачаўшаяся ледзь золак бойка цягнулася аж да змроку, бальшавікі адыйшлі перш к в. Разматка, а потым, выбітыя i з гэтых акопаў, к ст. Ялоўка.

9-11 ліпеня беларусы біліся з маскалямі i чырвонымі латышамі каля хвальварку Таннэнфэльд, двара Н, Грынвальд, вёскі Дубоўка, а 12-га, сумесна з іншымі часьцямі, вярнуліся на сваю старую пазыцыю (бальшавікі прарваліся паміж арміямі Латвіі i Літвы i зайшлі ў левы бок Дзьвінскай групы літоўскай арміі). Страціўшы за ўвесь час бойкаў 2 жаўнеры забітымі, 6 параненымі, а 2 бяз весьці загінуўшымі. З бою вынесены літоўскі кулямёт, паслуга каторага была выбіта. У гэтых баёх часова камандавалі ротай: 7-10 ахвіцэр Ружанцаў, 11-га ахвіцэр Бумажнікаў.

12 ліпеня прыбыў на фронт i прыняў роту прызначаны замест адхіленага галоўнакамандуючым па няздатнасьці ахвіцэра Яніцкага новы яе камандзер ахвіцэр Уладзімір Міхайлоўскі.

13-га нашыя разьведчыкі разагналі разьведку маскалёў каля вёскі Саманцэ i схапілі пры гэтым каня, 16-га забраныя да палону 5 чырвонаармейцаў зброневай чыгункі (бронецягніка.- А. Б.); 17, 18 i 21 былі стрэляніны з чырвонымі маскалямі i латышамі каля в.в. Бароўка, Саманцэ i Страмілішкі; 22-га ўзвод беларусаў зрабіў разьведку пазіцыі чырвоных каля в. Падбержэ; 23-га нашыя разьведчыкі вытурылі маскалёў з вёскі Саманцэ.

28-га неспадзявана завязалася палкая справа на заставе роты. Да 80 чырвоных латышоў з 4 кулямётамі наваліліся на вёску Шапэлі, дзе была наша застава, маючая каля 30 стралкоў пад камандай ахвіцэра Ружанцава, пры кулямёце. Пасьля гадзіннай моцнай з абодвух бакоў стрэляніны беларусы адагналі латышоў пры дапамозе суседняй заставы марыямпольцаў i свайго правафланговага караула, якія ахапілі праціўніка з флангаў, загубіўшы раненымі 2 кулямётчыкаў. Ворагі мелі 1 забітым i 3 раненымі.

24-га нашы 4 разьведчыкі вытурылі варту чырвоных латышоў з гаю каля хвальварку Чырвонка i захапілі ад яе стрэльбы.

З 25 да 29 жніўня рота была ў наступе проціў бальшавікоў. I вытурылі ix за Дзьвіну, маючы бойкі; 26-га каля двара Камарышкі, 27-га каля млына Шэдэрн, 28-га слаўную штыхавую бойку з чырвонымі латышамі пад Суссекле. У гэты дзень часьці, працаваўшыя зправа ад беларусаў, спаткалі моцны i ўпорчывы адпор з боку бальшавікоў, займаючых добра ўмацаваныя акопы каля в. Суссекле i двара Шэдэрн на ўсходнім берагу ракі Ілукшты.

I без мала ў гэты час беларускі швадрон вёў бойкі з палякамі каля м.м. Друзгэнікі i Лейпуны, згубіўшы пры гэтым забітымі, раненымі а палоннымі 1 ахвіцэра, 12 жаўнераў i 13 коні. Некалькі палонных уцяклі i вярнуліся назад да сваіх, астатнія адпраўленыя ў Горадзенскі лягер ваеннапалонных.

Узяць пазыцыю ў чало было ніяк ня можна без вялікіх стратаў. Тады камандзер беларускай роты ахвіцэр Міхайлоўскі паслаў узвод праз лес i рэчку Ілукшту ў правы бок ворагу. Прайдзя ляснымі тропкамі, перабраўшыся праз раку ў брод, падпаручнік Пліска з невялічкім гуртком жаўнераў апынуўся, выйшаўшы з лесу, у 40-50 кроках ад правага боку бальшавіцкіх акопаў i кулямёта. Што было рабіць? Але з ім былі беларусы! Ударыўшы зьнянацку на дужэйшага ворага ў штыхі, беларусы прымусілі яго ў безпарадку адыйсьці, праз што сумежныя часткі маглі пашырвдца глыбей, пагражаючы ўцякаючым бальшавікам з бакоў i з тылу.

Рыцарская, напамінаючая слаўныя часы даўнейшых войнаў, сьмерць падпаручніка Юрага Пліскі, малодшых пад-ахвіцэраў Міхала Вайцэхоўскага, Юрага Раманава, Андрэя Мазоля i стралка Янкі Рынкевіча, цаной якой была куплена пабеда, назаўсёды будзе прыкладам беларусам, як трэба змагацца з ворагамі за вольнасьць i незалежнасьць роднага краю.

28-га ўвечары рота заняла двор Н. Грынвальд, ужо добра вядомы ўсім па няўдачнай бойцы каля яго 11 ліпня. 29 i 30 рота была ў запасе i прастаяла гэтыя дні ў м. Іллукст i двары Таннэнфэльд. Кулямёты роты працавалі разам з ротамі марыямпальцаў, асобна ад роты.

За усе гэтыя дні мы захапілі 2 кулямёты, палонных i зброю. У сваіх радох мы не далічыліся ахвіцэра i 13 жаўнераў (з ix 4 забітыя, 6 раненыя i 3 загінулі бяз весьці).

Бальшавікі спыніліся за Дзьвіною. Змаганьне з імі стала лягчэй, бо Дзьвіна для ix была сур'ёзнай перашкодай, каб яны задумалі зноў пачаць рух у Літву.

Ад 31 жніўня да 7 верасьня рота прастаяла ў запасе Марыямпольскага батальёну па бліндажох каля хвальварку Таннэнфэльд, а з 8 па 27-е ў двары Аннэнгоф.

З 22 верасьня да 3 кастрычніка рота занімала баявы вучастак на Дзьвіне ад в. Гурна да в. Нізгаляны, маючы толькі страляніну на вартах.

4 кастрычніка рота прыйшла ў двор Аннэнгоф. Тутака яна была выдзелена са складу Марыямпальскага асобнага батальёну (цяпер 6 пешы Піленскага князя Маргіса поўк), пад правадырствам камандзера каторага палкоўніка-лейтэнанта Буткуса беларусы прайшлі пачатковую школу ваяўніцтва; батальён ад'ехаў на Жмудзь напроціў войскаў Бэрмонта, а рота 7-га перайшла ў м. Іллукст, дзе i стаяла як запас 1 батальёну трэцяга Вялікага князя Літоўскага Вітаўта поўку, несучы вартавую службу на мейсцы i на батарэях вучастка.

Аб адносінах марыямпальцаў i беларусаў сьведчыць пісьмо кулямётчыкаў-беларусаў марыямпальдам: «Ад нас беларускіх кулямётчыкаў Вам, браты афіцэры i кулямётчыкі, сардэчнае разьвітальнае прывітаньне. Пасьля амаль чатырохмесячнай работы рука аб руку, плячо ў плячо на полі бойкi супраць арульных ворагаў вашай i нашай волі i незалежнасьці, з болем у сэрцы мы разьвітваемся з вамі. Жадаем вам сардэчна хутчэйшага выгнаньня ўсіх нашых ворагаў з Літвы i Белай Pyci i вяртаньня жывымі ў родны кут».

10 кастрычніка ў Коўні адбылася нарада па пытаньні аб пашырэньні беларускіх фармаваньняў у Літве. На ёй прысутнічалі: галоўнакамандуючы генерал-лейтэнант Лятукас, міністр беларускіх спраў Варонка, начальнік беларускага вайсковага бюро ахвіцэр Казлоў i камандзеры 2-ой асобнай роты ахвіцэр Ганзен i 1-га швадрону ахвіцэр Глінскі.

15 кастрычніка прыбыла на фронт Другая Беларуская Асобная рота, а з ёю частка беларускага швадрону (бяз коняў) i стала ў двары Шэдэрн.

17-га i 1-ая беларуская асобная рота была пераведзеная ў вёску Суссекле (радам з двара Шэдэрн). Абедзьве роты саставілі запас 2-ое брыгады.

20 лістапада 2-ая беларуская асобная рота стала на пазыцыю, вайшоўшы ў вучастак Енішкельскага батальёну (пазыцыя роты па Дзьвіне ад в. Aciнаўка да хвальварку Рубанішкі) i стаяла на ім, маючы стрэляніну з бальшавікамі i згубіўшы аднаго жаўнера з былога беларускага швадрону раненага, 10 сьнежня рота адыйшла зноў у двор Шэдэрн.

Загадам Літоўскаму войску № 190 § 9 абедзьве роты зьведзены ў беларускі батальён з 17 лістапада 1919 г. Камандзерам яго быў назначаны малодшы ахвіцэр 1 беларускай асобнай роты маёр Ружанцаў.

У войску былі ўведзеныя чыны: у батальёне прызначаны: у палкоўнікі - Міхайлоўскі, палкоўнікі лейтенанты Яніцкі, маёры Ружанцаў i Ганзен, у капітаны Казлоў, Дзехцяровы Пётр i Уладзімір, Феранцэвіч i ў старэйшыя лейтэнанты - Ласінскі i Парахоўнікаў. Беларускае вайсковае бюро было расфармаванае, а начальнік яго капітан Казлоў прызначаны беларускім ахвіцэрам сувязі ў Генеральны Штаб.

У пачатку сьнежня роты ўвайшлі фактычна ў склад батальёну, былі сфармаваны каманды кулямётная, зьвязку i нестраевая. 28-га сьнежня батальён заняў сумесна з Енішкельскім батальёнам (цяпер 9 Вялікага літоўскага князя Вітэна поўк) пазыцыю па Дзьвіне. За час да 3 студня 1920 г. было некалькі стрэлянінаў з маскалямі на вартах, пасьля 3 студня на вучастку было зусім ціха, бо бальшавікі адыйшлі пад націскам палякаў а латышоў i напроціў нас стаялі ўжо перш палякі, потым латышы.

Надыйшоў супакойны час, адносіны з палякамі былі хоць i непрыхільнымі, але да вайны яшчэ не даходзіла, трэба было зьвярнуць увагу на выхаваньне ў жаўнерах грамадзянскай сьвядомасьці, на ўздойм сярод ix культуры i прасьветы. Як у суседніх часьцях з батальёнам, i ў ім пачынаецца актыўная ў гэтым напрамку праца: пачынае выдавацца пры штабе батальёну на беларускай мове вестка жаўнера-беларуса Літоўскага войска «Варта Бацькаўшчыны», закладаецца вайскова-гістарычная камісыя дзеля збору i апрацаваньня ўсіх матэрыялаў аб учасьціі беларусаў у справе будаўніцтва Бацькаўшчыны мячом на палёх бойкаў, пачынаюцца гутаркі з жаўнерамі ў сэнсе ix разьвіцьця, дзеля каторых адводзяцца асобныя гадзіны на заняцьцях, выходзяць некалькі лістовак i брашураў у выданьні "Варты" i вайскова-гістарычнай камісыі i г. д.

Вялікую дапамогу ў культурнапрасьветніцкай справе зрабіў міністр беларускіх справаў Я. Варонка. На чале ўсёй справы асьветы стаялі падпаручнік Маёраў i маёр Ружанцаў.

15 студня батальён стаў у запас 2 брыгады ў абшары двароў Шэдэрн, Раутэнзэе i в. Суссекле.

4 лютага беларусы выйшлі з складу 2 пешай дывізыі i вайшлі ў склад 3-й пешай дывізыі. Загадам Літоўскаму войску 14 студня № 218 зацьверджана ўрачыстае сьвята батальёну ў дзень 27 лютага, ці тое, калі залажылася рота ахвотнікаў пры Беларускім стале рэгістрацыі ў Коўні,

Скромна, як i належыць на фронце, батальён адсьвяткаваў 16 лютага 2-я ўгодкі незалежнасьці Літвы, а 27-га свае першыя ўгодкі. На апошняй сьвяце былі прадстаўнік Міністэрства Беларускіх спраў п. Чэркас, начальнік з дывізіі генерал-лейтэнант Гальвідзіс-Быкоўскі, камандзер i ахвіцэры 6 пешага Піленскага князя Маргіса паўка.

«Сардэчна віншую таварыства ахвіцэраў беларускага батальёна i сваякоў-жаўнераў з першаю гадавінаю існаваньня беларускага войска ў Літве. У гэты дзень пераношуся да тых момантаў беларускага руху, калі 2 гады таму назад у Менску 20 лютага арганізавалася першая за ўсю апошнюю эпоху беларуская самастойная вайсковая частка. Ужо тады беларускае грамадства сваімі вачыма ўбачыла адраджэньне сваёй мінуўшчыны, першыя прыкметы свайго палітычнага адраджэньня. Зараз беларускі батальён у Літоўскім войску ўжо ставіць гэтыя дасягненьні на тую вышыню, якая ўзьнімае нашую нацыянальную справу як роўную роўным. Беларус ускрэс! Праз цяжкія мукі i пакуты ён убачыў сапраўднае адраджэньне. Дык няхай жа нашыя беларускія жаўнеры, поўныя павагі да сваёй роднай справы i да сваіх саюзьнікаў, як першыя праваднікі беларускіх ідэяў у жыцьцё, стануць моцным i верным фундамэнтам нашай дзяржаўнасьці. Няхай жыве наш батальён, як аднадумная дружына верных сыноў беларускага народа! Няхай жыве наш даўні беларускі саюзьнік - Літоўскі Віцязь! Няхай жыве Літва!

Міністр беларускіх спраў у Літве Я. Варонка».

Загадам Літоўскаму войску № 263, 317 батальён быў перафармованы ў беларускую асобную роту, з астаўленьнем камандзерам яе маёра Ружанцова. Рота была сфармавана 1 красавца 1920 г. Дэмабілізацыя пад-ахвіцэраў былой Маскоўскай Арміі i звальненьне з батальёну, паводле загаду, усіх грамадзян-жыхароў, з-за дэмаркацыйнай лініі, дужа значна паменшыла беларускія рады. З двара Шэдэрн беларусы былі пераведзеныя яшчэ да канца перафармаваньня ў абшар хвальварка Казлоўшчына (каля возера Сьвентэн), рота ў апэратыўнай i гаспадарскай адносінах была прыкаманг дзіравана да 9 пешага поўку. Тутка давялося спаткаць Вялікдзень (быў беларускі спэктакль «Апошняе спатканьне» i вечарынкі) i абраць у Калкунскім валасным праўленьні прадстаўнікоў да Устаноўчага Сойму Літвы. 18 красавіка беларусы атрымалі вучастак на дэмаркацыйнай лініі з палякамі Кшчава-Галадайка-Пашэліне-Антокаль-Кіркаліе, маючы штаб роты ў двары Рудмінішкі. Гэты вучастак увесь, як сапраўдны «папар вайны», абараны акопамі, воўчымі ямамі, а замест насеньня раскіданы па ,ім калючы дрот, кулі, шрапнэлі, міны дый гранаты. З гісторыі апошняй нямецка-маскоўскай вайны вучастак гэты вядомы атакай на ім з пешай Дывізыі i Рэвельскага батальёну сьмерці (матросаў) маскоўскай арміі ў ліпні 1917 г. у час Керэншчыны. Ад гэтага наступу засталася яшчэ памяць: могілкі i могілкі без канца, ды яшчэ некалькі нябожчыкаў-маскалёў давялося пахаваць беларусам.

На гэтым вучастку рота прастаяла да 6 чэрвеня. З палякамі было неспакойна, Былі часта полахі, людзёў было мала, а служба нялёгкая. 15, 16, 26 траўня былі невялічкія страляніны паміж нашымі i польскімі вартаўнікамі, тры нашы жаўнеры былі забіты разрывам! снарадаў, цьма якіх, як было казана вышэй, раскідана па палёх i лясох.

Час стаянкі ў Казлоўшчыне i Рудамінішкі быў часам вясеньняй працы сялян, беларусы дапамаглі ім сваімі ротнымі канямі, бо сярод жыхароў«акопнікаў» (шмат з ix жывець у гэрманскіх землянках) больш без каня, чымсь з ім, ды i сваёй асабістай працай. Гэта зрабіла вельмі добрае ўражаньне i выгукала вялікую спагаднасьць з боку жыхароў да вайсковых беларусаў. Звыш гэтага на сваім вучастку беларусы-жаўнеры сабралі i потым праз камандзера роты перадалі 9 паўку шмат матэр'ялу, патрэбнага як дзеля вайсковай, так i сельскагаспадарчай справы: i сталёвыя тарчы, кіркі, лапаты, жалеза, розны дрот i г. п. Тым часам жаўнераў станавілася менш а менш, можна было думаць, што калі ня будзе новых крыніц, адкуль магчыма ўзяць людзёў, дык апошняя беларуская частка будзе скасавана. Але хутка абставіны зьмяніліся.

Задрыжала зямля ад грукату гарматаў, а потым нейкая татарская арда паняслася за ўцякаючымі палякамі, пляндруючы здурэўшага ворага, чырвоная коньніца Гая. У сувязі з гэтым уся літоўская армія пачала крок за крокам рух к свайму кардону. 7-га ліпня беларусы пайшлі ўпярод, занялі чыгункавую каляю Дзьвінск - Вільня на поўдзень ад ст. Калкуны, а потым i гасьцінец Дзьвінск - Відзы. Наша разьведка ўжо бачыла бяз концу йдучыя швадроны чырвоных i ix сьцягі з напісамі «На Варшаву», «Даеш Варшаву». Стрэляніны з бальшавікамі беларусы не зачыналі, бо было ведама аб тым, што паміж Літвой i Савецкай Расіяй мірныя перамовы ідуць к канцу, а пасьля 12-га на другі дзень самі бальшавікі перадалі аб тым, што мір ужо падпісаны. Рух наперад працягаўся, i 14 занялі двор Шэнберг, 15 - Гімзы, i пасьля трохдзённага адпачынку рота 19 ліпня прыбыла ў в. Крывасельцы на берагу возера Снуды.

Працаваўшыя да гэтага часу ў Латвіі, беларусы ўступілі цяпер на родную ім зямлю, на зямлю Літоўскай Беларусі, спаткаўшы пры гэтым сярод усяго беларускага насяленьня плюсскай, дрысьвяцкай i браслаўскай воласьцяў (да 90 прац. беларусаў) брацкія пачуцьці i радасьць,

Роце дан быў дзеля кардоннай службы вучастак перш ад в. Струста да двара Якубова (каля 40 вёрст), а з 11 жніўня ад Браслава да Якубова (каля 100 вёрст). Вучастак цягнуўся па кардону з Савецкай Беларусьсю, а далей з Латвіяй. Пры малым ліку людзёў у роце служба па кардону была цяжкая, бо бракавала жаўнераў на варты, дый перапусткі паміж імі былі надта вялікія (ад 4 да 10 вёрстаў). Былі адчынены часовыя беларускія комэндантуры перш у в. Крывасельцы, а потым у м. Браславе-беларускім. Сярод жыхароў пасьля прыходу беларусаў пачалося нацыянальнае адраджэньне, бо шмат людзёў, ужываючых польскую мову толькі ў касьцёле, пасьля польскае акупацыі з яе страшэнным цяжарам, пачалі лічыць сябе не «палякамі», як яны сябе раней называлі, а беларусамі. На вуліцах зноў пачулася родная мова. Усе ўздыхнулі вольнай грудзьдзю, цяжкі навал адыйшоў, сяляне ўжо не лякаліся, што ix захопяць «у падводы», ці будуць рэквізаваць апошнюю жывёліну i насеньне, Як гэта часта рабілася пры палякох. Пайшлі беларускія спэктаклі дый вечарынкі ў Браславе, Плюсах i іншых вёсках. Сярод жыхароў было распаўсюджана шмат беларускай літэратуры i газэты "Пагоня". У Браславе была заложана пажарная грамада, пачэснымі сябрамі яе былі выбраны міністры беларускіх спраў п. Сямашка i Салавейчык. У роту паступіла шмат ахвотнікаў з жыхароў Браслаўшчыны i Дрысьвятшчыны.

Тым часам 27 верасьня ў вызваленай Вільні быў заложаны Асобны беларускі батальён, камандзерам яго быў назначаны загадчык ахвіцэрскіх курсаў палкоўнік Усьпенскі.

На мірнай кардоннай стаянцы захапіла беларусаў вестка аб наступе на Вільню войскаў гэнэрала Жэлігоўскага. З заняцьцем Вільні фармаваньне Асобнага беларускага батальёну было перанесена ў Коўну, асобная жа беларуская рота, увайшоўшая цяпер у склад батальёну, як яго першая рота, засталася, як раней, на фроньце. На яе долю зноў выпаў цяжкі паход i ўпорчывая барацьба з новымі налётчыкамі на Літву.

6 кастрычніка былі сабраныя ў Браслаў усе заставы, а 7-га беларусы, пасьля сумных праводзін многатысячным сходам жыхароў Браслаўшчыны, бласлаўлёныя на новы паход, пажаданьнямі вярнуцца са славай жывымі i здаровымі, выйшлі на станцыю Дукшты, адкуль мелі быць перавезеныя чыгункай на станцыю Алькенікі ў склад 1 пешага паўку, але, не даехаўшы праз тое, што ў Вільню ўвайшлі палякі, былі астаўленыя пры 9 паўку на ст. Н.-Сьвянцяны. 9 i 10 кастрычніка ўсе ўзводы мелі шмат працы па эвакуацыі станцыі Н.-Сьвянцяны, бо часьць чыгуначных служачых адмовілася ад гэтай працы, i стрымлівалі наступ палякаў з боку м. Сьвянцяны i станцыі Падбярэзьзе. Потым рота была перавезеная па чыгунцы з часткай 9 паўку на станцыю Турмонт i нясла варты на памяненай станцыі ў м. Дукшты i м. Салокі. На станцыі Турмонт чуць ня выйшла крывавай бойкі з латышскай ротай, каторая мусіла стаць у Турмонце як бы ў адамшчэньне за тое, што літвіны стаялі з жніўня 1919 г. у Ялоўцы, але, дзякуючы такту штабс-капітана Благавешчанскага, усё скончылася мірам, латышы пасунуліся зноў за свой кардон.

15 кастрычніка рота ўся зыйшлася ў м. Ежэрэны i перайшла з 9 поўку ў падчыненьне камэнданту Ежэрэнскага павету, мела заняць латвійскі кардон ад Ежэрэны да аж ст. Абелі, але потым, 18-га, выйшла паходным парадкам на Уцяны, а адтуль была наслана як мага хутчэй на падмогу 3 батальёну 9 поўку пад Маляты. Пастаяушы дзень у Маляты, 25-га рота заняла Вялікі Двор, выставіўшы заставы ў в. Занянцы, двары Лаўрынаўшчызна. На другі дзень палякі павялі наступ вялікімі сіламі на м. Гедройцы. III узвод з Занянцаў быў пасланы камандзерам 9 поўку ў падтрыманьне гарнізону м. Гэдройцы, але, не дайшоўшы да яго, спаткаў палякаў. Завязалася страляніна каля двара Марцінішкі, у час каторай стралок Ярашук быў пасланы з стралком Яўсюкевічам у дазор да памянёнага двара. Польскі ахвіцэр з жаўнерамі захапілі Яўсюкевіча i адабралі ў яго стрэльбу. Але Ярашук ня страціўся. Стрэлам забіў паручніка, дзякуючы чаму палякі ўцяклі, і, вярнуўшыся з вызваленым таварышам да камандзера ўзводу, перадаў яму аб жаданьні палякоў акружыць ix. Узвод праз лес выйшаў з акружэньня. Штаб роты, II i III узводы, з прылучыўшыміся да ix часьцямі 6 i запасное роты 9 поўку, адыйшлі перш у в. Раўпішкі, а 28-га, у сувязі з агульным адходам усх. часьцей фронту, у Маляты. 1-шы ўзвод роты застаўся на сваім мейсцы i потым, калі палякі зайшлі яму ў тыл, прылучыўся да суседзей зьлева - 7 роты 9 паўка, i 3 (жніўня.- А. Б.) ён выбраўся на новыя пазыцыі, згубіў 1 жаўнера забітым i палоннымі малодшага пад-ахвіцэра i жаўнера. 28-га палякі схапілі да палону аднаго нашага жаўнера. Яны разьвівалі свой прарыў, зроблены 28-га пад Шырвінты-Гедройцы і трымалі кірунак на Алунты. 29-га ix коньніца зайшла ў м. Відзенішкі, чым становішча ўсяго III батальёну 9 поўку надта пагоршылася, бо палякі ўжо абыйшлі яго правы бок. Швадроны палякаў пачалі рух на Маляты, дзе былі беларусы i куды з вялікай пасьпешнасьцю йшлі 8, 9 вучэбная i запасная роты. III узвод беларусаў спаткаў палякаў на заставе ў в. Келі i пасьля гадзіннай гарачай страляніны з абодвух бакоў кавалерысты не вытрывалі агня драбаў i пасунуліся назад у Відзенішкі, а адтуль падаліся на поўдзень. Яны згубілі 1 улана забітым i 2 раненымі, мы згубаў ня мелі. Становішча палепшылася, прарыў быў ужо бязмала што зьліквідованы, войскі былі крануты на старую рысу. 30-га беларусы занялі зноў Раўпішкі, 31-га в. Шашолку а ўвечары гэтага-ж дня, прапаўзя пры дапамозе спачуваючых жыхароў ляснымі тропкамі, апынуліся ў в. Камосты, занялі двор Туменшчызну заставай i разьведчыкамі Вялікі Двор.

31 кастрычніка прыехаў да фронту камандзер батальёну палкоўнік Усьпенскі, па яго загаду маёр Ружанцаў быў адазваны ў Коўну, а камандзерам роты назначаны штабс-капітан Благавешчанскі. Лістапад беларусы пачалі даволі мірна, ня ведая, што ў бліжэйшай будучыне ім прыдзецца быць у жаркіх перадзелках. 1-га былі заняты В. Двор, потым Шварунцы, а варты пастаўлены па вёсках Гізны, Александрышкі i Жэшвішкі. Разьведка ў польскі бок 1 i 2-га палякаў не спаткала. 3-га рота заняла баявы вучастак ад в. Жэшвішкі да Сідабры, 4-га разьведчыкі мелі страляніну з разьведкай палякоў. 5-га беларусы былі зьмененыя 8 ротай 9 поўку i занялі новы вучастак ад Папішкі да Жэшвілішкі, але ў гэты дзень роце давялося зноў расьцягнуцца i ўзяць на сябе вучастак i 8 роты, пры 70 стралках i 2 кулямётах гэты 10-вёрстны вучастак быў дужа завялікі. 8-га вялася разьведка з абодвух бакоў i былі страляніны паміж разьведчыкамі i вартамі. Палякі зноў падцягнулі ўсе свае сілы да фронту. 9 лістапада а 7 гадзіне каля дзьвух ротаў палякаў, карыстаючыся імглой i правадырамі з жыхароў, спагадаючых палякам, наваліліся на в. Папішкі i палонілі там нашу заставу (14 жаўнераў). Па загаду камандзера роты падпаручнік Маёраў, маючы пры сабе 14 жаўнераў, падаўшы ім прыклад асабістай храбрасьці, выбіў мацнейшага ворага з вёскі, але потым быў прымушаны адступіць. Усё жа ён ня страціўся. Зноў удачным манеўрам зайшоўшы ў бок палякам, к 10 гадзінам ён вытурыў палякаў i вярнуў вёску нам. Пры гэтым малодшыя пад-ахвіцэры Аляксееў i Нагорскі i стралок Дэпольскі, сьмела йдучы ўперадзе ланцугу, паднялі дух рэшты стралкоў, першыя рынуліся ў штыхі на палякоў i тым зрабілі вялікую памогу ў справе. 10-га каля 2 гадзіны палякі пераважаючымі сіламі зьнянацку напалі на нашу варту i 5 жаўнераў з в. Смільгі i малодшага пад-ахвіцэра з 2 стралкамі паланілі, 2 стралкі ўцяклі. На Смільгі быў высланы ўзвод з Жэшвішкі, які выбіў палякоў з вёскі i два разы адбіў ix новыя наступы, 11 i 12 йшла страшэнная страляніна на вучастку з абодвых бакоў. 13-га а 4 гадзіне ў цемры да 70 палякоў з кулямётамі абыйшлі з боку i тылу напіу варту ў в. Смільгі, захапіўшы зноў 2 нашых стралкоў. Ст. лейтэнант Ласінскі з невялікім лікам жаўнераў спрытным манеўрам ня толькі вытурыў палякаў з вёскі i адбіў палонных, але сам захапіў польскага сэржанта i забітага жаўнера. Як казалі потым жыхары, палякі згубілі шмат жаўнераў забітымі а раненымі. Стралкі 1 роты Сільчанка, Юзэфовіч, Янушэўскі, Расловіч i Запароўскі ў час гэтай бойкі паказалі надзвычайную храбрасьць, змагаючыся з ворагам у 10 разоў ix вялікшым (бо ў ст. лейтэнанта Ласінскага было толькі ўсяго 7 жаўнераў).

14-16-га йшла звычайная страляніна. 16-га вучастак Понішкі-Таўкелі быў пераданы часьцям 2 пешага поўку, штаб роты перайшоў у в. Піварунцы.

17-га палякі сілай да 4 ротаў пры 6 кулямётах пачалі наступ па ўсяму вучастку роты. Завязалася гарачая бойка. Беларусы пад правадырствам камандзера роты штабс-капітана Благавешчанскага біліся 8 гадзін, часова змушаны былі адыйсьці, але потым, троху спачыўшы, зноў павялі наступ на палякаў, адбілі ix i ў парадку адыйшлі на новыя пазыцыі. У гэтай бойцы былі выдатныя праявы храбрасьці. Так: 1) Прапаршчык Сатыга з сваім 1 узводам быў зусім акружаны, але, вытрываўшы 8-гадзінную бойку, прабіўся праз палякаў i прылучыўся да роты; 2) прапаршчык кулямётнай роты (1 узвод яе працаваў пры 1 роце) Таблавінскі, сам кіруючы кулямётам, стрымліваў некалькі разоў палякаў, абыходзіўшых роту з бакоў, тое ж рабілі i кулямётчыкі пры другім кулямёце Касэвіч i Каладзінскі. Ім давялося да апошняй хвіліны затрымліваць палякаў пры адходзе роты. Будучы акружанымі, яны схаваліся ў лесе з кулямётам i, дачакаўшыся проціўнаступу роты, працягалі спаўняць свае абавязкі кулямётчыкаў. Агонь быў да таго страшэнны, што абодва кулямёты папсаваліся ад яго; 3) малодшы пад-ахвіцэр 1 роты Бэер з стралкамі Драздовым i Бальчунасам, будучы пасланыя дазорам на правы бок узводу i сьцяміўшыя, што палякі робяць абход, самі перабеглі пад абстрэлам ворага яму жа ў бок i ўнясьлі безпарадак у рады ворага, чым далі магчымасьць адыйсьці ўзводу на новую пазыцыю; 5) стралок 1 роты Каваленка з апаснасьцю дзеля свайго жыцьця перабраўся праз польскую рысу, выясьніў ix сілы i вярнуўся да сваіх. У гэты дзень беларусы мелі не малыя страты; забітымі 2, раненымі 2, палоннымі 5 i бяз весьці загінуўшымі 2 жаўнеры, звыш таго, ранен 1 конь у абозе.

18-га рота была ў абшары Райпішкі, пасьля перайшла ў Таракішкі, дзе мелі страляніну з польскай кавалерыяй. 19-га рота адыйшла ў Маляты, узводы былі разасланы на заставы ў кірунках на Гедройцы, 21-га штаб роты перйшоў у в. Гаі, 22-га ў Падлаўнесы i потым у мястэчка Інтуркі. Такім чынам нашы часткі зноў крок за крокам рушыліся наперад. У Інтуркі беларусы палонілі 4 польскіх жаўнераў.

У гэты дзень быў атрыманы загад спыніцца i далей ня йсьці, бо падпісана перамір'е паміж Літвой i Польшчай.

Усе далейшыя дні да 1 сьняжня прайшлі ціха-мірна ў вартаваньні вучастку Ямунцы - Куманцы. 1 сьнежня 1 рота i ўзвод кулямётнай роты былі зьмененыя з пазыцыі i пераехалі па чыгунцы ад Уцяны праз Панявежыс - Радзівілішкі ў Коўну, дзе ім было зроблена батальёнам урачыстае спатканьне i прылучылася, пасьля і'/г гадавой працы на фронце, да беларускага асобнага батальёну.

23 сьнежня батальён быў на парадзе ўсіх частак ковенскага гарнізону i заслужыў падзяку сваім маладзецкім аблікам ад прэзыдэнта рэспублікі i гэтмана польнага.

4 студня 1921 г. адроджана камісыя дзеля культурна-асьветніцкай працы ў батальёне ў. складзе: прэзэса падпаручніка Маёрава i сяброў прапаршчыкаў Якаўлева i Дубяс.

Гэтым мы закончим наш кароткі нарыс за увесь час існаваньня беларускіх вайсковых часткаў літоўскага войска.

На палёх бойкаў, пад сьпеў снарадаў i куль, не шкадуючы ахвяраў крываваму богу вайны, беларусы рабілі што маглі i сваёй крывёй злажылі цэглу Ў будынак супольнай Вацькаўшчыны.

I ў новы 1921 год уступае жыцьцё беларусаў вайсковых...
А новы год нам суліць шмат
i новых дзей i новы лес.
Ярмо нявольнікаў-рабоў мы
Кінем у процьму, у ватхлань
I жыцьцё новае начнём.
I згіне жудасны хаос.
Будзь сам сабою беларус!
На новы год, на сонца глянь!
I не чакай ты ад чужых
Сабе падмогі, селянін!
Ты сам будуй на новы год
Палацы сьветлыя свае!
На роднай мове запяеш
Ты сярод ніў, сярод раўнін,
I закрасуюць на ўвесь сьвет
Палі багатыя твае!
Ясакар.

Няхай жыве Літва!
Няхай жыве адвечны хаўрус беларусаў з ліцьвінамі!
Вечная памяць пагібшым!
Вечная слава жывым!
Злажыў А. Ружанцаў маёр запасу.

ЛІСТ А. РУЖАНЦАВА ДА А. ЛУЦКЕВІЧА

З Коўні асобны беларускі батальён быў пераведзены у м. Гуджуны, потым у Вілкавішкі. Камандзерам батальёна быў назначаны маёр Розманс (сучасны начальны Н. Сьвянцянскага павету). У батальёне выходзіў часопіс "Сьветазар" (гражданкаю), яго рэдагаваў ст. лейт. Разумовіч (пазьней атаман Хмара). Літаратурны аддзел гэнэральнага штабу выдаваў для беларусаў-вайсковых часопіс "Вайсковы" (лацінкай), яго рэдагаваў I складау маёр Ружанцаў, які з 15.11.1921 г. заняў пасаду начальніка армейскай бібліятэкі пры Штабе Арміі. Быў батальён нейкі час i на дэмаркацыйнай лініі з палякамі, каля Мерача. Калі будавалася чыгунка з Казлу-Руды да Марыямполя, беларусы-жаўнеры працавалі на будове чыгункі i атрымвалі за гэта грошы, як звычайныя працаўнікі.

Калі пачалося зьмяншэньне літоўскага войска i расфармаваньне частак, зфармаваных у час вайны, беларускі асобны батальён быў перафарміраваны д асобную беларускую роту, апошнім камандзерам батальёна i роты быў ст. лейт. Еськоў (цяпер служыць у Ковенскім заалагіч. саду).

Рота расфармавана, бо ужо не было адкуль узяць беларусаў на папаўненьне часткі. Перапіс 1923 г. налічыў у Літве блізка 4000 беларусаў. У войску служыць 1-1,25 %, г. зн. беларусаў-рэкрутаў магло набрацца 40-50 чал.

У вайсковым музэю Вітаўта Вялікага ў Коўні сярод паўкоў i батальёнаў Літ. войска ёсьць i асобны аддзел беларусах вайсковых частак. Сабраны фатаграфіі, сьпіс забітых i раненых, сьпіс кавалераў "Крыжа Пагоні", тры партрэты полк. Лаўрэнцьева, маёра Ружанцова i полк. Усьпенскага i г. д. У кутку рэстаўраваны сьцяг беларускаго пешага батольёну. У вялікай золі повялічаны з фатаграфіі абраз: беларускі швадрон i гарадзенская камэндантура, адозвы но літоўской i беларуской мовах. Начальны музэя брыгадны гэнэрал Начус надта прыхільны да беларусаў. Колі б хто кольвек з Вільні ехаў да Коўні, дык заўсёды прасіў бы напісаць мне. Калі толькі ня буду заняты, з вялікай ахвотай пакажу ўвесь музэй i беларускі аддзел.

МАРШ БЕЛАРУСКАИ АСОБНАИ ЛІТОЎСКАГА ВОЙСКА

Ня умерла Бацькаўшчына, i слава i воля,
I нам, сябры беларусы, усьмехнецца доля,
Згінуць нашы воражэнькі, як раса на сонцэ,
Запануюць беларусы ў сваёй старонцэ!

Марш, марш, жаўнеры.
Марш да Беларусі,
Бо наш мілы край радзімы
Быць свабодным мусі!

Юры Пліска, Вайцяхоўскі i шмат сяброў з німі [1]
Палі сьмерцю ў барацьбе з ворагамі злымі,
Будзем помніць ix прыклад, данны ў дзеле сьвятым,
Будзем біцца, пакуль жывы, з маскалём праклятым.

Марш, марш, жаўнеры,
Марш да Беларусі,
Бо наш мілы край радзімы
Быць свабодным мусі!

Ой, прыслужнікі чужынцаў, беларускі паны.
На што продалі айчыну маскалям паганым,
Што б вярнулі гонар ёй, ляжым галавамі,
Зноў усе будзем Беларусі пэўнымі сынамі!

Марш, марш, жаўнеры,
Марш да Беларусі,
Бо наш мілы край радзімы
Быць свабодным мусі!

30 сакавіка 1920 г. Армія Літвы. З украінскага гімну пералажыў Смаленец.

МАЛІТВА ЖАЎНЕРА

...Пане, Ты ведаеш што значыць мучыцца, бо Сам мучыўся за віннасьці людзкія на крыжу...

...Затым я прынясу Табе акрываўленае сэрца маё i каля прабітых ног Тваіх благаю пашкадаваць мяне...

...Я не гукаю да Цябе: адыймі боль мой, але прашу, абы Ты даў мне сілы вытрываць яго...

...Бо я жаўнер i служэбнік Твой, о Пане, i жадаю вечна служыць Табе i Матцы маёй Бацькаўшчыне...

...Але як жа я магу зрабіць гэта, калі злуецца сэрца маё i кволіцца рука мая...

...Дык зрабі-ж так, каб я забыўся аб самым сабе i толькі аб славе Тваёй i аб ратунку Матцы маёй помніў, бо гэта далека важней, чымсь учэньня такога жалоснага рабака, як я...

...І ўзмацні мяне, Пане, у сядле маім, каб, змагаючыся з ворагамі, я дасьцігнуў слаўнай сьмерці i знайшоў вечнае жыцьцё...

...Дзеля Твайго цярновага вянку, выслухай мяне, Пане...

...Дзеля раны ў баку Тваім, выслухаймяне. Пане...

...Дзеля прабітых цьвекамі рук i ног Тваіх, выслухай мяне. Пане...

З Г. Сянкевіча пералажыў Л. Смаленец. 7 студня 1921 г. Вайсковы, нум. 3. Коўна, 1.06.21 г.

ДАДАТАК I

На нашай зямлі вельмі шмат курганоў,
Дзе многа лягло нашых родных сыноў.
Па ніх вецер асеньні i стогне i плача.
Вакол чорнай сям'ёю крычыць вараньё...
Ты ня знаеш, дзе сын твой, а, бацька-бедача.
Ты ня ведаеш, маці, дзе дзіцятка тваё.
Ясакар.

АХВЯРЫ БАРАЦЬБЫ ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

1-й беларускай асобнай роты: стралок Патаковіч, забіт 8/VII 1919 г.; стрелок Леановіч, забіт 11/VII 1919 г.; падпаручнік Пліска, мал. п.-ахв. Вайцяхоўскі, мал. п.-ахц. Раманаў, стралок Рынкевіч - забіты 28/VIII.1919 г.; мал. п.-ахв. Мазоль памёр ад ран 2/ІХ 1919 г.

Беларускага батальёну: 2 роты стралок Станкевіч, + 27/ХІІ 1919 г.; 1 роты стралок Веракса, + 18/11920 г.; 1 роты стралок Паўлічэнка, + 26/1 1920 г.; 1 роты стралок Зайцаў, + 6/ІІ 1920 г.; кулямётнай каманды ст. жаўнер Ярмак, кул. к-ды кулямётчык Скіпр - + III. 1920 г.

Беларускай асобнай роты: стралок Бяляеў, забіт 24/V 1920 г.; стралок Аус, забіт 24/V 1920 г.; стралок Лінёў, забіт 14/VI.1920 г.

Беларускага асобнага батальёну: 1 роты стралок Міцкевіч забіт 27/Х 1920 г.; 1 роты стралок Радзевіч, 1 роты стралок Самплінскі - забіты 17/ХІ 1920 г.

АТРЫМАЛІ РАНЫ:

1-ай беларускай асобнай роты: стралок Петралайціс, кулямётч. Ваяховіч, стралок Дубіцкі, стралок Войнюш, стралок Звіцэвіч - 8/VII 1919 г.; ст. п.-ахв. Карсак, кулямётч. Ральскі, кулямётч. Пашкоўскі -28/VII 1919 г.; стралок Пячура -10/VIII 1919 г.; мал. п.-ахв. Дамброўскі - 26/VIII 1919 г.; мал. п.-ахв. Мазоль, стралок СухадольСкі, стралок Васільеў - 28/VIII 1919 г.; стралок Мачульскі, стралок Савонаў - 31/VIII 1919 г. 2-ое беларускае асобнае роты: стралок Давейніс - 18/Х 1919 г., у тылу, пры спаўненьні службовых абавязкаў дазорнага зламысьнікам. Беларускага батальёну: 2 роты стралок Маўтовіч - 7/ХІІ 1919 г.

ЗАГІНУЛІ БЯЗ ВЕСЬЦІ:

1-ай беларускай асобнай роты: стралок Рыбакоў, стралок Мазуркевіч - 11/VII 1919 г.; стралок Клімашэўскі, стралок Камароўскі, стралок Дзімітровіч - 26/VIII 1919 г.

ПАПАЛІ ДА ПАЛОНУ:

Беларускага асобнага батальёну: мал. п.-ахв. Дамброўскі, стралок Даўнаровіч - 27/Х 1920 г.; стралок Чынша - 28/Х 1920 г.;. мал. п.-ахв. Рамбовіч, стралок Радзішэўскі, стралок Вістэнберг, стралок Марговіч, стралок Штэйнарт, ст. жаўнер Сухадольскі стралок Рыжыкаў, стралок Капусьцін - 9/ХІ 1920 г.; стралок Гурвіч, стралок Кардзіс, стралок Луковіч, стралок Пецюкевіч, стралок Лаўрыновіч, стралок Шукштуль - 9/ХІ 1920; мал. п.-ахв. Жмайновіч+, стралок Люткевіч+, стралок Сінкевіч+, стралок Шатэвіч, стралок Міцкевіч - 10/XI 1920 г.; стралок Касьпяровіч, стралок Земмлер, стралок Мілашэвіч, стралок Ярашук, стралок Урбановіч+, стралок Руткоўскі - 17/ХІ 1920 г.

+ гэтыя не вярнуліся з палону, лёс ix невядомы.

ДАДАТАК II

Вы, перамогшы ўсё, узьняліся арламі
Блескам былі нам, тым блескам, што гас i не згас!
Я. Купала

Беларусы - кавалеры «Крыжа Віцязя» (вайсковай прыпамяткі «За бацькаушчыну»).

II ступені з мячамі (было 3 ступені, 3-яя - найвышэйшая. - А. Б.)

1-ай беларускай асобнай роты: ст. п.-ахвіцэры Шаркоў i Шульц.

I ступені з мячамі

1-ай беларускай асобнай роты: маёр Ружанцаў; падпар. Пліска +; ст. п.-ахв. Шаркоў; -«- Грахоўскі, -«-Канвайціс; мал. п.-ахв. Сакалоў, ст. лейт. Ласінскі; прапаршчык Сатыга; ст. п.-ахв. Шульц; -«- Кібіцкі, -«- Тэрвайціс; мал. п.-ахв. Кундзікаў, -«- Новікаў; -«- Вайцяхоўскі+; -«- Рамбовіч; ст. жаўнер Дамброўскі; -«- Барыка; -«- Дубіцкі; -«- Васільеў; -«- Радзюш; -«- Жук; -«- Кравацкі; -«- Гелашук; -«- Ягела; -«- Ярмак +; стралок Шалом; -«- Сількінер; -«- Пячуpa; -«-Каханоўскі; мал. п.-ахв. Краўз, -«- Раманаў +; -«- Мазоль +; ст. жаўнер Звіцэвіч; -«- Валковіч; -«- Печулайціс; -«- Сухадольскі; -«- Уладышэўскі; -«- Рандэйка; -«- Пупель; -«- Бэер, -«- Бжэзінскі; стралок Юркяла; -«- Рамейка; -«- Рынкевіч +; -«- Бернатовіч.

Беларускага батальёну: 1 роты хвэльдхвэбэль Кардаш.

Прадмову i тэкст падрыхтаваў Алесь БЯЛЯЦКІ

ВОДАР АУТЭНТЫКІ

Дзяржаўны Архіў Літвы

Фонд 582. Bonie 1. Адзінка Захаваньня 12

Загады па беларускаму асобнаму батальёну (Коўна) ад 16.11.1920 да 12.02.1921 i ад 22.08.1921 да 2.09.1921. Арк. 9.

Приказъ по Белорусскому Отдельному Батальону № 40

Ноября 20 дня 1920 г. г. Ковно

Часть Судная

§ 17

Об'являю копію постановленія Армейскаго Суда о б. Командире Особой Белорусской роты Майоре Ружанцове:

Постановленіе № I

1920 года, ноября 9 дня, в г. Ковно, прокурор Армейскаго суда Полковник Энглер просмотрел, присланное из Армейского суда с. г. ноября месяца, 8 дня, предложеніе № 4515 и сношеніе о командире б. Отд. Белорусской роты Майоре Ружанцове, нашел его виновным в том, что 1920 г. во время войны, будучи командиром Белорусской роты в своей части, выпускал лично газету «Варта Баукова» (sic!- С. Ш.) и «Стеная Белорусская газета», вел агитацію против Командующего Литовской арміей, Военнаго министра и вообще против Литовской Республики, что предусматривается В. В. 1903 г., ст. 129, § 1.

2) Не принимал мер против солдат вверенной ему части, будучи осведомлен, что солдаты переправляют за границу литературу и продукты, что предусматривается 142 и 145 ст.ст. § XXII кн. В. Ул.

3) Что позволял пріезжать в Бреслав большевитским комиссарам и привозить большевитскую литературу, что предусматривается 141 и 142 ст.ст. XXII кн.

Поэтому, руководствуясь 335, 337 ст. ст. XXII кн. В. Улож. 17 и 20 ст.ст.. Прокурор Армейскаго суда постановил:

Принимая во вниманіе вышеизложенное, майора Ружанцова привлечь к ответственности, как виновнаго, согласно вышеуказанным ст.ст.

Во избежаніе уклоненія от суда - содержать под арестом.

Koпію о этого постановленія прислать в Армейскій Суд о Командиру Белорускаго Отдельнаго батальона. Полковник Энглер, Прокурор Армейскаго Суда.

Командиру Отдельнаго Белорусскаго батальона.

Подлинный сверял и верно:

Батальонный ад'ютант, ст. лейтенант Разумович.


Арк. 69 адв.

Выданы майору Ружанцеву рэвольвер сіст. «Маузер», 16 шт. патронаў к нему калібра 7,65 выпісаць у расход па кнізе Заведываючага аружжам батальёна.

Арк. 76

Пераведзенага на службу ў Коўненскую камэндатуру майора Ружанцова выключыць з сьпіскаў батальёна з 21 сьнежня 1920 г. i харчовага давольства з 1 студзеня г. г.

Спраўка: прыказ па Арміі № § 2.


Арк. 63

Нестраевой роты конь пад клічкай «Акула», атпраўленую на вылячэньне ў Армейскі Вэтэрынарный лазарэт, выключыць з фуражнага давольства.


Арк. 62

Куляметнай роты дзяжурнага па роце 30 сьнежня Літвінава i днявальнага Качана i ст. унт, аф. Пісецкага, дзяжурнага па 3 роце за тое, што спалі разабраўшыся на нарах, арэштовываю кожнага на 10 дзён строгім арэштам.


Арк. 60

У прашоўшым годзе пры спатканьні Новага Году ва ўсім гарнізоні была неабыкнавенная, безмэтная стральба, нічым неаб'яснімая. Стралялі ня толькi салдаты, но i афіцэры, ваенныя чыноўнікі i навэт штацкіе людзі. Каб ні было больш такога бэзпарадку, i у гэтым гаду прыказываю камандзерам усіх часьцей i начальнікам устаноў наблюдаць, каб нібыло ніводного непатрэбнага выстралу,


Арк. 60

Многія ваеннаслужашчыя асобліва салдаты па начам пасьля 12 гадз. начы робяць на вуліцах непарадак. Камандзерам часьцей прыказываю салдат асвабаджаць у места да позьняга часу толькі тых, якія маюць радню.


Арк. 72

Капітана Васілеўскага i ст. лейтэнанта Самулевіча за нецвярознае павядзеньне у кінематографе арэштовываю на 10 дзён на гауптвахце.


Арк. 75

Заўтра, 13 студзеня, у 5 гадз. вечара ў памешканьні сталовай (ніжні этаж) будзе прачытана лекцыя членам Камітэту Народнай Абароны Літвы В. Н. Боевым на тэму «Большевизм и его последствія». На лекцыі прысутстваваць усім афіцэрам батальёна, свабодным ад службы.


Арк. 81

Падпаручыку Карэцкаму аб'яўляю выгавар за тое, што не праверыў пастаноўку дневальных у ўходных дзьвярэй у казармы, дзеля чаго забраліся два агітатары з бальшавіцкімі мэтамі, якія i былі затрыманыя салдатамі кулямётиай роты.


Арк. 87

Чучалы дзеля колкі зрабіць кожнай роце i вучэбнай камандзе сваім папячэньнем, атрымаўшы матэрыял з нестраявой роты i зараз жа па атрыманьні ўчэбных вінтовак прыступіць да абучэньня штыкавому бою.


Арк. 2

Заўтра, у нядзелю, заняткаў не рабіць. Жадаючых памаліцься салдатаў адправіць камандамі ў касцёл i цэркоў.


Арк. 119

20 января с. г. Командующій Арміей, осмотрев войсковые части, находящіеся в Шанцах Понемуни, нашел: Во всех частях, за исключеніем Белорусского батальона, пища плохая. Это отчасти зависит от продуктов, отчасти от неуменія их готовить, неопытный кошевар и хорошіе продукты испортит.

Падрыхтаваў Сяргей ШУПА



[1] Забітыя Ў баю 28 жніўня з чырвонымі маскалямі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX