Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Лявон Вітан-Дубейкаўскі, да 85-х угодкаў нараджэння 


Аўтар: Кветка Вітан,
Дадана: 26-03-2018,
Крыніца: Кветка Вітан. Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Да 85-х угодкаў нараджэння. Нью-Ёрк, 1954.



Із старога шляхоцкага роду княства Імсціслаўскага [1] паходзіў св. памяці Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Радзіўся ён 7 ліпня старога стылю 1869 г. [2] у Дубейкаве, радовай сялібе, подле якой і меў ягоны род прозвішча, даданае да першага прозвішча Відун, каторае пасьлей пісалі Вітан [3]. Калісь заможны род, у часе войнаў Беларускага Гаспадарства з Масквой, падупаў і збяднеў. Бацькі (Ян і Агата ж Дзяружынскіх, абое рымска-каталікі) ужо былі ня шмат багатшыя за сялян-суседзяў, але моцна дзяржаліся сваіх радзімных і шляхоцкіх традыцаў і гонару і ў гэтым гадавалі свайго адзінага сына. (Маці Лявонава ўдавой, маючы ужо 2 дачкі, выйшла замуж за Яна Дубейкаўскага).

Цікава, якую характарыстыку даваў Лавон В.-Д. сваім бацькам.

Ян Дубейкаускі спаважны, срогі, іншым разам гнеўны й шпаркі, але вельмі справядлівы, горды й пацьцівы, жывець подле старых традыцаў і звычаёў, вельмі ганарыцца сваім шляхоцтвам і ніколі ня зробе таго, што супярэча ж ягонымі шляхоцкімі паняцьцям і срога рэлігійнымі прынцыпамі. Сына дзяржаў вельмі срога і караў, калі знаходзіў, што ня згодна ж ягонымі прынцыпамі паступлю, і, калі маці хацела абараніць сынка, казаў: "Дурная трава з пола вон!". Бацьку Л. Д. вельмі паважаў, любіў, але хлапчуком баяўся ягонага гневу.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі з бацькамі у 1904 г. у Дубейкаве.

Пра добрую сваю маці гаварыў із асаблівай лубасьцяй. Ён яе заўсёды бачыў за работай, каторую яна рабіла пяючы розныя песьні; вясёлы, мілы характар мела яна, да ўсіх была ветлая, знаходзіла для кожнага зразуменьне й раду. Да "цёткі Агаты" як яе звалі ў усёй аколіцы, прыходзілі з хваробамі, бо на кажную мела зеллэ; яе прасілі, як бабку на радзіны, і дзела таго ўсі дзеці блізкой аколіцы былі ейнымі "унукамі". На вясельле або пахове яна першая пачынала адпаведную песьню пяяць; а глыбокая рэлігійнасьць ейная, дзе ўсё прыймалася як праява Божае волі й ласкі, завяршалі духовае багацьце гэтае абдаронае натуры, што ня знала конфліктаў альбо нездаваленьня; яна ўмела радасьць аднавагу й дабрыню сэрца свайго ўдзяляць іншым. Яна, як і ейны муж, былі суцэльнымі натурамі, што цьверда дзяржаліся тастамэнту бацькоў і веры, жылі адным чынам "як Бог загадаў". Жаль, гэткія людзі ужо больш не спатыкаюцца.

Як расказаваў Лавон В.-Д., уся аколіца іхняя, ці то шляхта, ці сяляне, гутарыла добрай беларускай моваю; таксама Лявон змалку чуў у хаце беларускую мову. Калі яго пачалі вучыць парасійску, каб прыгатаваць да мескай школы ў Імсціслаўлю, то ён меў цяжкасьці ў мове, усё блытаў абедзьве мовы. Таксама ў самой школе, бо толькі ад вучыцеля чуў расійскую мову, а дома ў сваіх, дзе жыў у Імсціслаўлю (на нядзелю хадзіў да бацькоў 10 вёрстаў), як і вучанікі, гутарылі пабеларуску.

Бацькі яго яшчэ вучылі польскай мовы, як мовы касьцельнай, якой у той час гаварылі пацеры, чулі казані і пяялі песьні ў касьцеле. Рэлігіі яго вучыў бацька проста з памяці; гэта папольску, але пра старыя часы, пра радовыя традыцыі расказаваў пабеларуску. Бацька быў вельмі спаважны, срогі да сябе й іншых, сына Лявона дзяржаў у страху Божым, дарма што любіў і гардзіўся, што ён здольны й дзейны хлапчук. А добрая маці, што шмат гадамі старшых дачок замуж аддала, засталася з дрыжоным сынком Лявонам. Яшчэ ў старасьці Лявон Д. ж вялікай любоўю ўспамінаў сваю маці, што заўсёды ўмела знайсьці адпаведнае добрае слова, каб супакоіць гнеў строгага бацькі і развесяліць усіх у хаце, бо на ўсё мела адпаведную прыказку, альбо жарт. А якія казкі ўмела яна казаць і песьні пяяць! Лявон Д. часта шкадаваўся, што ў маладыя гады не запісаваў расказаў бацькавых і песьняў ды казкаў маці сваёй, бо яны былі такія характарыстычныя й сіляныя з багацьця вуснай поэзіі й мовы, як і з традыцыяў старое культуры незалежнага беларускага гаспадарства - Вялікага Княства Літоўскага. (Ужо у старыя гады Л. Д. запісаў прыказкі, што ўсплывалі прыпадкам у ягонай памяці).

Бясклопатныя хлапецкія гады мінулі, калі Л. Д. скончыў мескую школу ў Імсьціслаўлю. Ён хацеў далей вучыцца, але мусіў-бы ехаць да сярэдняе школы губэрнскага места. Бацькі Л. Д. із свае гаспадаркі не маглі рабіць такія вялікія выдаткі, жыцьцё у месьце было дарагое, плата у гімназіі высокая, дзе яны маглі набрацца на гэта грошы, калі за пуд жыта ім плацілі 70-90 капеяк. Праўда, у сваёй хаце яны мелі свой дастатак, дзе ня толькі гаспадарка карміла, але й адзявала, рупная, працаўлівая маці ткала і палатно і сукно радзіне, на звычайныя куплі, як соль, газа, сярнічкі або зялэзныя вырабы ставала, але скуль узяць грошы на дальшую адукацыю сына, што вучыцца хацеў? Бацька пастанавіў, што сын пойдзе у пісары, і аддаў яго да якогаштам ураду у Імсьціслаўлі. Але жывая натура Лявона Д. з гэтым згадзіцца не магла, і ён за пара месяцаў зьявіўся да хаты і казаў бацьком, што валей будзе за плугам хадзіць і касіць, чымся пісаць нейкія дурныя паперы. Хоць бачка і гневаўся, але зразумеў, што супроць волі ніякае працы з карыснай рабіць ня можна.

А маладога Лявона цягнула ў сьвет; і вось ён ад майстроў, што ў суседзтве правілі касьцёл, пачуў, што ў Варшаве ёсьць школа будаўніцтва, дзе ўвечары вучацца, каб удзень магчы рабіць на будоўлі. І вось Лявон ня мае супакою, ён мусіць паехаць да Варшавы і там рабіць і вучыцца, ён ужо заробіць на жыцьцё, бо здаровы, дужы й працаўлівы. Маці яму асабліва спагадае, і бацькі з ашчаджаных грошы даюць сыну на дарогу й пачатак.

У Варшаве Лявон Д. семнанцацёх год, горача бярэцца да працы, ён борзда ў свайго майстры першы работнік і ў школе ён добра вучыцца, жывець ашчадна, зьбірае грошы, каб наведацца да бацькоў. У гэтым часе ён, як работнік, знаёміцца з тагачасным соцыялістычным рухам. Да дому ён варочаецца толькі пасля двух год, калі з адзначэньням скончыў школу будаўніцтва. (Szkoła rzemiosł budowlanych).

Л. Д. ў Магілэўшчыне пачынае выступаць, як будаўніцкі прадпрыемца, спачатку паправаў, а потым і новых будоўляў. У войску, як адзінаму сыну, яму служыць ня трэба. І вось, пры паправе аднаго касьцёла у Магілэўшчыне, малады ксёндз адкульсь дастаў "Дудку Беларускую" Багушэвічаву. Абодва яны захоплэныя гэтымі вершамі, перапісаваюць і вучацца іх напамяць; гэтая "Дудка" прабудзіла ў іх сьведам'е беларускае, і Лявон Д. цяпер пачынае цікавіцца беларускім пытаньнням, але, жаль, не знаходзіць людзяў, што яму маглі-б у гэтым памагчы і скіраваць на адпаведную дарогу. Л. Д. далей рупатліва працуе ў будаўніцтве і добра зарабляе; калі прыяжджае да хаты, то цешыцца, што можна бацьком прывесьці, ня толькі падаркі, але ім яшчэ памагаць. У 1894 г. ён на конкурсе адзержавае будоўлю мураванага касьцёла ў Смаленску, а у 1910 г. хвабрыку зялэза-бэтонных вырабаў. Ён здабывае сабе імя добрага будаўнічага і ставіць царкву ў Манастыршчыне (Магілэўшчына) і царкву ў Ярцаве (Смаленшчына), пасьлей скарбніцу у Вязьме; аднаўляе касьцёлы ў Воршы, Імсьціслаўлю, Крычаве, Смалянах, Сьвіслачы ля Бярэзіны. Здаецца, матар'яльнае палажэньне Л. Д. было забясьпечанае, ён ведамы й паважаны будаўнічы, можа выбраць сярод знаёмых радзімаў адпаведную жонку, бо ён дзеяльны й прыгожы.

Але ня гэтым занятыя ягоныя думкі, у яго іншая мэта. Ён працуе, а ў вольныя часіны вучыцца далей, ён хоча стацца сапраўдным архітэктарам. Ён бярэ сабе у бюро сябру, пакідае яго аднаго весьці будаўніцкія работы бюра і едзе да Пецярбурга, там здае дадаткавыя экзамены на матуру пры Інстытуце Цывільных Інжынераў. Застаецца далей у Пецярбурзе і цэлы год пад кіраўніцтвам колькіх прафэсараў гатуецца да экзаменаў за інжынера-архітэктара.

Тут выяўляецца ўся зялэзная воля і выдзержанасьць Л. Д. Ён цэлы год, ня робячы перарыву ні на нядзелю, ні на сьвяты, дзень у дзень сьпіць толькі 6 гадзінаў, астачу часу праводзіць або на выкладах профэсараў, або за кнігамі, або рысункамі проектаў, апрача гэтае работы ён нічога ня бачыць і ня ведае. Але рэзультатам гэтае натужанае працы ёсьць удалае зданьне экзаменаў экстэрнам пры Інстытуце Цывільных Інжынераў у Пецярбурзе і, дня 28 мая 1903 г., ён адзержвае пасьветчаньне, што яму прызнае права проектаў і будоўлі ўсялякіх будынкаў, як і дарогаў ды мастоў. Супачываць ён едзе да бацькоў, яны яго здароваюць сьлязьмі радасьці, асабліва стары бацька гардзіцца сваім сынам, што ён собскімі сіламі стаўся наўчоным інжынерам - гэта была апошняя вялікая радасьць старога Яна Дубейкаўскага, за год ён памер. Ізноў Л. Д. варочаецца да свайго бюра да Смаленску, дзе цяпер сам проектуе й будуе шмат будынкаў ды асягае матар'яльны дабрабыт.

Але галоўная мэта ягонага жыцьця яшчэ не асягнена; Л. Д. далей студыюе архітэктуру, асабліва ён пачынае цікавіцца даўнейшым будаўніцтвам роднага крайю, знаходзіць яго асаблівасьці, што сьветчыць пра собскі апрычоны стыль, значыцца й культуру, і ён пачынае усё больш знаёміцца з гісторыяй роднага крайю і прыходзіць да перакананьня, што ён, як і народ ж якога ён паходзе - гэта спадкаемцы культуры Вялікага Княства Літоўскага, дзела таго яны рожняцца у сваёй псыхіццы і ад Расіі і ад Польшчы, не дарма яму ў Варшаве казалі, што ён "Ліцьвін", калі паходзе з Магілэўшчыны.

Гукі "Дудкі Беларускай", што узбудзіла ягонае нацыянальнае сьведам'е і паглыбіла ягоную любоў да роднага крайю, усё мацней адзываліся ў ягоным сэрцу.

У 1904 г. выбухае вайна Расіі ж Японяй, а перамога гэтае выклікае першую расійскую рэволюцыю 1905-1906 год. Ведама, гады вайны й рэволюцыі ня спрыяюць будаўніцтву, і Л. Д., маючы мала работаў, ліквідуе сваё бюро ў Смаленску, грошы кладзе ў банк і едзе заграніцу, каб там болей удасканаліцца ў так яму любай архітэктуры. Ён выбірае Парыж і у 1907 годзе паступае ў францускую Акадэмію Архітэктуры (Ecole Speciale d'Architecture). Дзела ягонага пасьветчаньня Інстытуту Цывільных Інжынераў яго прымаюць на другі курс. Л. Д., слаба валодаючы францускай моваю, на 38 годзе свайго жыцьця сядае з маладымі студэнтамі ў аўдыторыю і вучыцца далей архітэктуры, а дома яшчэ вучыць францускую мову. І тут ягоная трывалкосьць і ўпорыстасьць, як і ягоныя здольнасьці асягаюць сваю мэту, дарма што ў 1908 годзе на кароткі час ён перапыняе сваю навуку і едзе да цяжка хворай маці, якую й хавае ў Дубейкаве. Не зважаючы на сьвежы боль па маці, ён далей вучыцца і ў 1910 годзе, адзержыўшы, як адзін із першых свайго выпуску, дыплом архітэктара-мастака, варочаецца да роднага крайю на супачынак. (У Пецярбурзе архітэктары, што скончылі Акадэмію Мастацтваў, адзержавалі тытул "архітэкт-мастак" гэта было найвышшае адзначэньне, якое мог адзержыць архітэктар).

Цяпер Л. Д. хоча працаваць вылучна як архітэктар, адылі Смаленск альбо Магілэў на гэта за малы, там трэба адначасна быць і будаўляным прадпрыемцам, да Пецярбурга або Масквы Л. Д. ня цягне, ён уважае за найлепшае пачаць сваю працу ў Варшаве і ў 1910 годзе паступае ў бюро архітэктараў Лільпопа й Янкоўскага і працуе там да 1913 г., робячы вылучна проекты розных будынкаў. У 1912 г. ён пачынае выкладаць будаўніцтва ў сярэдняй Тэхнічна-Прамысловай школе інж. Пятроўскага.

У 1913 годзе Л. Д. пакідае бюро Лільпопа і закладае собскае архітэктурнае бюро і мае ўдачы, бо адзержавае проекты розных вялікіх будынкаў, як і прыбыткавых дамоў. Гэтак ён вядзе сваю працу ў бюру й школе да 1915 г., калі улетку выехаў на супачынак да роднага Дубейкава (ягоную гаспадарку рандаваў сваяк). Гэтыя гады ў Варшаве Л. Д., як сябра "Кола архітэктараў у Варшаве", бывае сярод сяброў Палякаў, і адзін із іх яго уводзіць у радзіму сваіх сваякоў, дзе яму сватаюць спадарычну Ганну Ф., з каторай ён і заручаецца.

Апошнія гады Л. Д. навязавае контакт іж беларускім выдавэцтвам "Загляне сонца і ў наша аконца" і пачынае цікавіцца беларускай працаю, знаёміцца з профэсарам Вячаславам Іваноўскім, і з гэтым яны разгладаюць справу, каб Л. Д. стараўся заняць вакантнае месца мескага архітэктара у Вільні, каб працаваць у родным крайю і рупіцца пра захаваньне ягоных архітэктурных асаблівасьцяў і апрычонага характару; ужо былі зробленыя адпаведныя крокі і хіба Л. Д. тады перабраўся-б да Вільні, каб не ваенныя падзеі 1915-1920 год. Пад восень 1915 г. нямецкая армія займае Варшаву, а далей Вільню а франтовая ліня стабілізуйецца увосень 1915 г. паміж Смаргонямі й Маладэчнам. Л. Д. ня можа варочацца да Варшавы, ён пачынае працаваць на другім баку фронту. У 1916 г. ён запроектаваў дзярвяны касьцёл у Янатрудзе Полацкага павету.

Далей у пачатку 1917 г. ён ставіць хвабрыку ралэйных снасьцяў у Арле Віленскаму Ралэйнаму Таварыству, эвакуеванаму з Вільні 1915 г., на чале якога стаяў проф. В. Іваноўскі. Тут у Арле Л. Д., проф. В. Іваноўскі і яшчэ колькі Беларусаў, просьле адрачэньня цара Міколы І, плануюць адбудову самастойнасьці Беларусі. Лявон Д. ў гэтым часе, як сьвядомы Беларус, прылучаецца да беларускае працы і едзе да Петраграду, дзе прыймае ўчасьце ў працах новаарганізаванага Беларускага Комітэту; тут ён запрыязьніўся з Б. Тарашкевічам і іншымі Беларусамі. Разам із колкімі сябрамі Беларускага Комітэту ён вядзець перамовы ж Летувіскім Комітэтам і, на жаль, мусіць сьвердзіць, што Летувісы такія вузкія шовіністыя, што ж імі да нічога разумнага дамовіцца нельга, бо яны сябе ўважалі за спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага і мелі захопніцкія імкненьні да заходне-беларускіх земляў, як Горадзен і Віленшчына ж Вільняй на чале.

Яшчэ да бальшавіцкага перавароту Л. Д. едзе да Менску і жывець потым да вясны 1918 г. ў Мігаўцы ля Радашкавіч, у Аляксандры Ўласава (б. рэдактар "Нашае Нівы", пазьей беларускі сэнатар у польскім сэнаце). Абодва яны бяруць учасьце у тагачасным беларускім руху й працы у Менску.

Просьле займа Менску, увясну 1918, немцамі Л. Д. варочаецца да Варшавы, зьбірае свае рэчы, галоўна кнігі, пакіненыя ў Варшаве. Там яму суляць прыняць урад дзела адбудовы краю прошле вайны і ён пераймае кіраўніцтва адбудовы ў Янаве Лублінскім. Зьвярнуўшыся да Варшавы, ён ня жэніцца з Ганнаю Ф., бо яна, як Палячка, ставіцца варожа да беларускай працы, і яны парываюць свае заручыны, бо й глыбокае пачучьцё іх ніколі ня лучыла.

У пачатку 1919 г., калі урад Беларускае Народнае Рэспублікі апынуўся заграніцаю, ён выклікае туды на параду Лявона Д., і яму паручаюць пераняць прадстаўніцтва Беларусаў перад польскім урадам у Варшаве. Лявон Д. прыймае гэта паручэньне, пакідае сваю службу, закладае Беларускі Комітэт у Варшаве і, як старшыня ягоны, увесь аддаецца гэтай працы; не адзержуючы ніякае платы, ён жыве із сваіх собскіх ашчаднясьцяў. Ён энэргічна бароніць беларускія справы, шмат уцекачоў зь'яўлаецца да Комітэту, ён даець ім пашпарты й памогі; на гэта Л. Д. умее выдабыць грошы ад польскага міністэрства апекі. Асабліва апякуецца Беларускі Комітэт у Варшаве паваеннымі сіротамі, паўстаюць беларускія прытулішчы, адно ў Горадне, адно ў Беластоку, абодвымі асабіста апякуецца Л. Д., прывозіць ім на ўдзяржаньне грошы з міністэрства з Варшавы, таксама апякуецца палітычнымі вязьнямі беларускімі, - наагул у той час праяўляе энэргічную дзеяльнасьць. Смела й станоўча бароніць перад польскімі ўладамі інтэрэсы Беларусаў; дзе трэба, то кажа праўду ў вочы. Дзела таго польскія ураднікі яго ня лубяць і пабоеваюцца.

У справах беларускіх Л. Д. бывае і ў Вільні, дзе концэнтравалася галоўная праца беларуская у граніцах Беларусі пад Польшчаю. У Вільні ён запрыязьніўся з вучыцелькаю Беларускае гімназі Юлянай Мэнкэ, вілэньскай Нямчыцаю, але шчырай прыяцелькаю Беларускага народу. Ён сватаецца да яе і 25 лютага 1922 г. кс. Адам Станкевіч дае ім шлюб у касьцеле сьв. Мікалая, першы раз у Вільні шлюб у беларускай мове. Жанімства гэтае аказалася вельмі сьчасьлівым, у сваёй жонцы Л. Д. знайшоў адданую таварышку, што з ім дзяліла усе радасьці, клопаты й няшчасьці апошняе пары ягонага жыцьця.

Дзела радзімных справаў свае жонкі, што памагала свайму бацьку гадаваць малодшыя дзеці і дзеля таго не магла пакінуць Вільні, Лявон Д. згадзіўся пераехаць на сталае жыцьцё да Вільні. Дык год 1922 Лявон Д. жыве у Вільні, але часта выязджае да Варшавы. Пакуль да першага польскага сойму, да каторага выбары мелі адбыцца ўвосень 1922, ня будуць выбраныя ад беларускага жыхарства беларускія паслове, што будуць бараніць беларускія справы, Л. Д. згадзюся далэй, як прадстаўнік Беларусаў, бараніць іхныя справы перад польскім урадам. Ён так даўся ў знакі польскім ураднікам, што ў Вялікі пост 1922 г. у гасподзе Дубейкаўскага польская паліцыя трэсла, яго арыштавала й вывезла да Беластоку. Але Л. Д. падаў протэст да польскага міністра нутраных справаў, тады быў звольнены, яго перапрасілі, а ўраднікі, што перастараліся, адзержылі зганеньне.

Увосень 1922 былі выбары да польскага сойму й сэнату. Уся перадвыбарная акцыя арганізацаў беларускіх концэнтравалася ў Вільні, там былі ўкладзеныя й сьпісанні кандыдатаў. Вось да Дубейкаўскага зьвярнуліся ад Выбарнага Комітэту з просьбаю паставіць ягоную кандыдатуру у сэнатары, адылі ён гэтага не хацеў. Ён жадаў зьвярнуцца да свае архітэктурнае працы і крыху супачыць ад нэрвова-палітычнай дзеяльнасьці, а жонка яго ў гэтым паддзержавала. Але сяброве Беларускага Выбарнага Комітэту так доўга прамаўлялі да беларускага сумлення Дубейкаўскага, што ён, на-апошку, згадзіўся выставіць сваю кандыдатуру да сэнату.

Прошле гэтага адна міжнародная арганізацыя пасуліла Дубейкаўскаму стацца ейным сябрам. Калі ён адмовіўся, то меў ад яе несправядлівыя нападкі і вялікія прыкрасьці. З гэтае прычыны ягоная кандыдатура да сэнату была зьнята, а ён, як і ягоная жонка, адышлі ад палітычнае працы беларускае, праўдзівей ад тых дзеячоў, што належылі да гэнае арганізацыі.

Касьцёл у Дрысьвятах (Вілэншчына), запроектаваны й пабудаваны архітэктарам Лавонам Вітан-Дубейкаускім у 1924-1926.

Л. Д. просьле ўсіх менаваных прыкрасьцяў перанёс сваю беларускую працу на культурны й рэлігійны сэктар. Ён ізноў пачаў сваю працу як архітэктар, тым больш, што дэвалюцыя польскай валюты праглынула ўсе ягоныя ашчаднасьці.

У 1922 ён проектуе царкву стараверам у Відзах. У 1923 г. ён перапроектаваў і кіраваў перабудоўлю пабэрнардынскіх муроў факультэту мастацтва ўнівэрсытэту Сьцяпана Батуры у Вільні. У 1924 г. Л. Д. запроектаваў і кіраваў будоўлю прыватнага дому ля вул. Славацкага у Вільні. У тым-жа годзе запроектаваў дзярвяны касьцёл ля возера ў Дрысьвятах у Віленшчыне.

У 1925 г. на паручэньне Вілэнскае школьнае кураторыі арганізуе й кіруе "Гаспадарствавую мулярскую школу" і з вучанікамі свае школы перабудовавае былы бровар братоў Ліпскіх на Рамяствова-Прамысловую школу, будуе ў Дрысьвятах касьцёл і потым шмат розных будынкаў у Вільні й на провінцыі.

Праца ў школе была вельмі разнаякая й напружаная. Дубейкаўскі надта рупіцца пра сваіх вучанікаў, гэта былі бедныя хлопцы і шмат іх было з беларускага сяла; яны там мелі гасподу, сталаванне, навуку й працу; за заробленыя грошы ўдзержавалася бурса, дзе вучанікі мелі здаровую ежу і, калі трэба было, то вобуў і вопратку. У вапошнія гады працы вучанікам залічалі часьць гадзінаў за грошы, і, калі яны канчалі школу, то адзержавалі на рукі 100 да 150 злотых; гэтак мелі грош на пачатак свайго самастойнага жыцьця. Шмат паваенных сіротаў было ў гэтай школе. Хоць навука ў школе вялася папольску, то усё-ж ткі хлопцы дабра ведалі, што іхні спадар дырэктар, каторага любілі й паважалі як бацьку, Беларусь, і ён уплываў на іх у кірунку нацыянальна усьведамляючым; таксама ў сваіх выкладах будаўніцтва Дубейкаўскі адзначаў апрычоны характар стылю ў будоўлях беларускага краю.

Але гэтая любоў да роднага краю, да ягоных асаблівасьцяў, якую пабуджае Л. Д. у вучанікаў, і асабістыя уплывы ягоныя былі ў кураторыі адзначаныя як не пажаданыя, і з часам паўстаюць між ім і кураторыяй непаразуменьні, кураторыя знаходзіць, што за добра кормяць у бурсе, што трэба браць грошы за сталаваньне, а не выпушчаць яшчэ з грашыма вучанікаў. Кураторыя усё больш а больш робíць Л. Д. прыкрасьці і, наапошку, пераводзіць яго да школы ў Лідзе. Але тут Дубейкаўскі працуе толькі адну зіму, бо ягоная хвароба кішок вымагае апарацы.

Нутр касьцёла ў Дрысвятах, запроектаванага й пабудаванага Лявонам Вітан-Дубейкаускім у 1924-1926 г.

Увясну 1930 г. Лявону Д. робяц апарацу, ён траціць шмат крыві, доўга потым ня можа прысьці да здароўя і гэта дае кураяторыі магчымасьць, дзела слабога здароўя і ягоных год, перавесці яго на эмэрытуру. Алэ Дубейкаўскі ня доўга працаваў у кураторыі, дык і эмэрытура была малая. Каб жыць, трэба далэй зарабляць, і Л. Д. займаецца цяпер прыватнай практыкаю, як архітэктар.

Гады 1930-1938 былі Дубейкаўскаму найпрыямнейшыя й найспакайнейшыя. Ужо у 1926 г. ён пераяжджае із сваёй жонкаю на досыць вялікую дзялянку (12.000 кв. мэтраў) на горцы ля Падгорнае вул. № 2, што ягоная жонка адзержыла ў пасазе. Але гэтая дзялянка вельмі запушчаная, будынкі старыя, і Л. Д. перабудоўвае іх із свайго заработку, парадкуе сад, засаджае яго й горку садовымі дзераўцамі і цешыцца, што тут мае ізноў сад і зямлю, бо вельмі тужыў па сваіх родных загонах у Дубейкаве.

Апынуўшыся на эмэрытуры, Лявон Д. можа больш часу ўдзяляць і працы на беларускай ніве. Будучы прэзэсам беларускай каталіцкай парахвіі пры касьцеле свь. Мікалая ў Вільні, ён становіцца супрацаўніком Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры; апякуецца беларускай студэнцкай моладзежай, сам дае й зьбірае грошы на памогі студэнтам.

Калі група Беларусаў із кс. Вінцэнтым Гадлэўскім на чале пачынае выдаваць газэту "Беларускі фронт", Л. Д. памагае месячнымі складкамі на выдаваньне газэты; у ягонай гасподзе ля Падгорнай вул. зьбіраецца рэдакцыйная колэгія ў складзе: Кс. Гадлэўскі, праўнік М. Ш. і В. Пануцэвіч. Наагул, кажны Беларус, што зварочаваўся да Л. Д., знаходзіў у яго помач і спагаду; дом Дубеўкіх быў ведамны сярод Беларусаў сваёй ветласьцяй і гасьціннасьцяй.

З большых будаўляных працаў у гадох 1934-38, Л. Д. кіруе аднаўленнем Пранцішканскіх муроў і касьцёла ля Троцкай вуліцы; аднаўляе беларускі манастыр айцоў Марыянаў у Друі, на чале каторага стаіць а. кс. Андрэй Цікота, вядомы беларускі сьвятар і дзяяч. Л. Д. робіць праекты каталіцкаму манастыру ў Непакалянове пад Варшавай і праекты розных драбнейшых дамоў у Вільні. У вольныя часіны ён працуе у сваім садзе і на любай яму горцы даглядае свае пчолы (мае 4 калоды), а ўзімку піша працу пра будаўніцтва пабеларуску і запісавае свае прыказкі.

У жонцы сваёй ён мае добрую таварышку, каторая яму памагае ў ягонай працы і з якой ён жывець у найлепшай згодзе, бо яна із сваім спакойным характарам лагодзе ягоныя ўспехі, бо ён жывога, шпаркога характару, але вельмі справядлівая й пачьцівая натура, протэстуе супроць кожнае несправядлівасьці, свае й іншых. Ён запраўды быў стары шляхціч (як яго шмат хто характарызаваў) у найлепшым значэньню гэтага слова; добрыя прынцыпы, адзержаныя ад бацькоў, ён захаваў да старасьці свае, як і глыбокую рэлігійнасьць, што яму памагала несьці крыж ягоных апошніх год жыцьця, калі ягоны рак кішок прыняў цяжкія хормы і мучыў яго.

Пачынаючы ад 1936 г., ягоныя хворыя кішкі усё больш дазваляюць яму, а ў верасьню 1938 г. ён мусіць паддацца цяжкой апарацы, што робіць яго трохі інвалідам. Ён мала можа выходзіць, мусіць закінуць сваю фаховую працу, як і любы занятак у садзе, але сваю працу з будаўніцтва ён піша далей, у часіны вольныя ад боляў. Жонка ў хваробе яго аддана даглядае і памагае несьці гэты цяжкі крыж.

 Лявон Вітан-Дубейкаускі із жонкаю з Вільні 1925 г.

Восень 1939 г. прыносіць із вайной новыя нясьчасьці, жонка Дубейкаўскага апынулася ў польскай турме, яе зьвярненьне да хаты ён вітае сьлязьмі радасьці. Польскія ўлады маняцца конфіскаваць маемасьць Дубейкаўскіх, тады палякі ў канцы лета 1939 здабыліся на дэкрэт, што можна конфіскаваць маемасьць людзёў, няпрыхільных тагачаснаму польскаму ладу.

Але настае разгром Польшчы і надыходзіць новы окупант - чырвоная армія. Неўзабаве прыходзяць летувісы з Коўні, уводзяць свае парадкі, ды бальшыні жыхараў Вілні адмаўлаюць права грамадзянства ў іхнім родным месьце. Хто прыпадкам ня быў у Вільні ў 1920 г. (быцьцё сваё ў гэтым годзе мусю давесьці запісамі ў паліцыі), таго ўважалі за чужаземца; у гэты лік лучае і Дубейкаўскі, а ягонай жонцы, што радзілася й састарэлася у Вільні і мае сваю ляжачую маемасьць, стараюцца давесьці, што яна чужаземка, бо ейны муж ня жыў у 1920 г. у Вільні. Ведама, змена валюты польскай на новую нясе грашовыя страты, і жыцьцё робіцца дарагое, бо летувісы адно першы час маглі прывозіць еміну із свае гаспадаркі, і там, пры бальшавіцкіх парадках паўсталі нястачы. Хворы Дубейкаўскі вельмі ўзрушаецца ўсімі гэтымі новымі парадкамі.

У хаце Дубейкаўскіх у гэты цяжкі час вайны знаходзіць прыпынак ня толькі радня Дубейкаўшчыхі, але й Беларусы, прыяцелі Дубейкаўскага. Гэтак, проф. Вячаслаў Іваноўскі, што пакінуў Варшаву і, як уцякач, апынуўся ў Вільні, варочаецца М. Ш. з польскага войска і хаваецца у Дубейкаўскіх, каб ня лучыць у рукі бальшавікоў; апошнія пачалі бясконцыя арышты, у тым ліку не забываюцца і Беларусаў, найвыдатнейшыя ж іх апынуліся ў бальшавіцкай турме і іх вывозяць. Якая смутная доля спатыкала Беларусаў дзела таго, што яны былі пад чужой уладай, можа характарызаваць доля ўжо не аднаго з выдатных беларускіх дзеячоў, якія траха ўсе пазналі польскія й савецкія турмы і там загінулі, але звычайнага сьвядомага беларускага працаўніка, наймя Кузьмы Крука ж Дзісеншчыны. Яго за ўчасьце ў беларускім руху колькі разоў рыштавалі Палякі, тое-ж робяць бальшавікі, заняўшы заходнюю прастору Беларусі. Прыходзяць Немцы ў 1941 г. Крук вывальнены з бальшавіцкай турмы, але ня доўга ён цешыцца із свае вольнасьці. Яго Палякі хвальшыва ўдаюць, што ён комуністы, і нямецкае гэстапо без дасьлэдаваньня яго растрэльвае.

І Л. Д. можа спадзявацца арышту, прыходзіць якісь бальшавік іж Менску на выведаньне, і толькі дзела таго, што бачаць сьмяротна хворага, яго пакідаюць уміраць дома.

У сьцюдзёную зіму 1939-40 г. Дубейкаўскі пераносіць яшчэ цяжкую грыпу, а хвароба рака яго мучыць усё мацней. Ён ледзь не памірае. Ад вясны 1940 г. да свае сьмерці 6 лістападу 1940 г. ён то дома, то ў клініцы. Жонка й там бывае неадступна пры ім. За тры тыдні да ягонае сьмерці яму робяць яшчэ адну апарацу, каб палегчыць ягоныя мучэньні. Калі, за тыдзень да ягонае сьмерці, у клініццы на загад новых валадароў пачалі здыймаць у ўсіх пакоях насьценныя крыжы, Л. Д. кажа да жонкі: "Кветачка, вязі мяне да хаты, бо хачу ўмерці пры крыжу". Яго перавозяць дамоў. Як добры хрысьцянін і каталік, ён адзержавае ўсе св. сакрамэнты і памірае 6 лістападу. Цела перавезлі да касьцёла Пранцішканаў, дзе 8 лістапада, просьле вельмі ўрачыстай жалобнай імшы, ксяндзы Беларусы адвялі цела на могільнік Росса і паховіны адбыліся ў быцьцю мноства народу, у вялікім ліку прышлі Беларусы, ягоныя вучанікі (беларусы й небеларусы) і добрыя знакомыя. (Было бальшавіцкае сьвята і людзі былі вольныя ад работы).

Згодна з воляю нябошчыкавай усе ягоныя кнігі ж гісторыі Беларусі, як і з мастацтва, далей ягоная праца з будаўніцтва і сшыток прыказяў (гэтыя працы ён скончыў увясну 1940) былі адданыя да Беларускага Музэю Івана Луцкевіча ў Вільні.

Просьле перайма балшавікамі суцэльнае ўлады у Вільні, уся ляжачая маемасьць Дубейкаўскіх была нацыяналізаваная ў 1940 г., ужо па сьмерці Л. Д. Ягоная жонка збіралася пакінуць Вільню. Але, перад сваім выездам да Нямеччыны ў сакавіку 1941, яна парупілася пра тое, каб на магіле св. памяці Лявона Вітан-Дубейкаўскага паставіць помнік: камень із крыжам, на каторым, апрача імені й датаў нябошчыкавых, красуецца подпіс: "Ня смуцецеся, як тыя, што надзеі ня маюць." (Першы ліст св. Паўлы да Тэсалонцаў. Разьдзел 4,13). Гэтыя словы выбрала Юляна Дубейкаўшчыха, бо яны адказавалі рэлігійнаму настаўлэньню ейнага мужа, каторы часта у цяжкія часіны да яе казаў: "Ня смуціся, Кветачка, Бог - бацька!" - Ён верыў, што Бог паможа далей, і нельга траціць надзею ў Ягоную Помач і Ласку. Дык няхай гэтыя словы мацуюць душы Беларусаў і там, у паняволенай Бацькаўшчыне, як і на эміграцы; бо ў Богу - Надзея.

Пісана ў жніўню 1953, у Нюрнбэрзе.



[1] Княства Імсціслаўскае было выдатным удзелам Княства Смаленскага, пасьлей удзелам Вялікага Княства Літоўскага, потым Імсціслаўскім вайводзтвам, яшчэ паслей Імсціслаўскім паветам.

[2] Калі у 1918 г. Л. Вітан-Дубейкаўскі выяжджаў із Імсціслаўля да Менску, яму ў дакумэнце абмыльна напісалі 1876 г. нараджэньня, і гэтая дата заставалася ў ягоных лістох (дакумэнтах). Новай мэтрыкі (старая была згублена) ён із Імсціслаўля адзержыць ня мог, дарма што туды пісаў. Гэтак, папраўка ня была зробленая, і пасьлей у польскім прашпарце застаўся 1876 г. нараджэньня.

[3] Захавауся "Эксцэрпт (выпіс) із пратаколю Выводных Справаў Беларуска-Магілеўскае дваранскае дэпутацкае зборні 1804 г.", выданы 1812 г. Казімеру Відуну-Дубейкаўскаму, прашчуру Лявона Вітан-Дубейкаўскага. "Эксцэрпт" вылічае прашчураў Лявона Вітан-Дубейкаўскага ад чатырнаццатага стагодзьдзя да 1804 г. і ўсюды, шмат разоў, заве іх Відун-Дубейкаўскімі. " "Эксцэрпт" пераховаваўся у Яна Вітан-Дубейкаўскага, бацькі Лявона В.-Д., як найстаршага ў родзе. Цяпер гэны "Эксцэрпт" перасланы да Беларускага Архіву Крывіцкага Навуковага Т-ва Пранціша Скарыны у Ню-Ёрку. Змена ў прозвішчу Відун на Вітан (этымолёгічна Вітэн) сталася у XІX стагодзьдзю. Вось як расказваў пра гэта Лявон В.-Д. з расказу свайго бацькі.

У пачатку 19-га стагодзьдзя, калі ўсі сяброве роду Дубейкаўскіх пачалі шукаць старыя дакумэнты, як давод іхняга шляхоцкага паходжаньня, то прыпадкам знайшоўся вельмі стары тастамэнт аднаго з Дубейкаўскіх, пісаны пабеларуску кірыліцаю і там прозвішча была пісана "Вітэн", а ня "Відун". Дзеля таго што гэны тастамэнт быў ж XV стг. і найстаршы із знойдзеных дакумэнтаў, то Дубейкаўскія ў першай палавіны XІX стг. пачалі, замест Відун, ужываць Вітан.

Подле вуснае традыцыі, закляднік роду Дубейкаўскіх быў дружыньнікам княскім, што й праўдападобна, бо гэты род не займаў выдатных становішчаў; гэта быў шляхоцкі род, як шмат іншых родаў звычайнай шляхты. Гэтулькі ведаем ад самога Л. В.-Дубейкаўскага.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX