Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. Лiда на старых паштоўках

Гiсторыя горада     


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 23-03-2001,
Крыніца: pawet.net.



1) Гісторыя.

Тэадор Нарбут пiша пра княства Дайноўскае i пра заснаванне Лiды ў 1180 г. У Стрыйкоўскага Лiда ўзгадваецца толькi каля 1330 г. Мажлiва, што як паселiшча, Лiда iснавала раней, але толькi пасля залажэння Гедымiнам замку ў 1323 г. з'яўляюцца больш дакладныя звесткi пра Лiду.

Гісторык Адам Кіркор у "Живописной России" пісаў, што Гедымін.Ліда была сталіцай ўдзельнага княства і з'яўляецца вельмі старажытным паселішчам на мяжы ўласна Літвы, ды славянскіх зямель і дайнаўцаў. Горад займаў значную ролю ў гістарычных лёсах Літвы. Кіркор лічыў, што каля Ліды магло існаваць са старажытных часоў ўмацаванне, а князь Гедзімін ужо потым пабудаваў тут замак, разваліны якога ацалелі да нашых дзён. "Ліда ляжыць амаль на мяжы двух плямён, што насяляюць Лідскі ўезд, літоўцаў і чарнарусаў, аддзеленых адно ад другога рэчкаю Дзітвою. Найстаражытнейшая сталіца дайнаўцаў: Дайнава - зараз невялікая вёска. Дайнаўскае княства існавала яшчэ на пачатку ХІІІ стагоддзя...". У кнізе "Черты из истории и жизни Литовского народа" Кіркор дапаўняе гэтую інфармацыю звесткамі пра Дайнаўскі замак: "Горад Ліда пабудаваны на самым рубяжы старажытнай Літвы і плямёнаў славянскіх. Заснаваны ў другой палове XIII стагоддзя, калі ўдзельнае Дайнаўскае княства саступіла месца Лідзе, якая на пачатку, верагодна, была невялікім паселішчам літоўскім". А ў заўвагах да гэтага тэксту ён дае вельмі цікавую інфармацыю: "Дайнава на захад ад Ліды за 10 вёрст (вярста = 1,0668 км - Л.Л.), паблізу ракі Дзітва, зараз маёнтак. Тут існаваў замак, сляды якога бачныя і цяпер у розных паглыбленнях сажалак, у грабах (дрэвах - Л.Л.), якія нідзе паблізу не растуць, у камені вялізарных памераў, на якім па паданні каралі смерцю злачынцаў. Камень гэты называецца і цяпер у простага люду "кабылай" і, мяркуючы па яго месцазнаходжанні, верагодна, ляжаў на плошчы супраць палаца. Княства Дайноўскае межавала з цяперашнімі паветамі: Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім". У даведніку "Городские поселения в Российской империи" за 1860 г.: "Горад Ліда належыць да найстаражытнейшых літоўскіх паселішчаў. Яго навакольная мясцовасць складала самастойны ўдзел князёў Дайноўскіх, рэшткі палаца якіх захаваліся ў фальварку Дайнава каля Ліды".

Вялікі князь Гедымін - заснавальнік Ліды. Макет помніка. Аўтар Вадзім Вераб'еў. Планавалася устаноўка каля замка. Захоўваецца ў лідскім музее.

З другой паловы XIV ст. Лiда з воласцю належыла Альгерду. Каля 1377 г. ён перадаў яе ў кiраванне свайму паверанаму - Вайдыле. Пасля смерцi Вайдылы Лiда перайшла Ягайлу, які ў 1392 г. пераўступае яе Дзмiтру Карыбуту. У тым жа годзе Вiтаўт адбiрае Лiду ў Карыбута. У студзені 1392 г. атрады крыжакоў на чале з камандорамі Янам Румпенгаймом, Конрадам Ліхтэнштейнам разам з войcкам Вітаўта (які ў той час змагаўся з Ягайлам) пераправіліся каля мястэчка Аліта (Алітус) праз Нёман і па закаванай марозам дрыгве падышлі да сцен Лідскага замка. Разам з німі прышлі і ангельскія рыцары, якіх узначальваў малады сын графа Нортумберленда - Генры Персі вядомы па мянушцы "Гары Хотспур" (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшыванец, старэйшы сын Генры Персі, 1-га Графа Нартумберленда). Т. Нарбут так апісаў наезд крыжакоў: "Пад Аліту перадавыя атрады крыжакоў падашлі ў студзені 1392 г. У выправе прымалі удзел Ян Румпенхайм (Jan Rumpenheim), Конрад Ліхтэйнштэйн (Konrad Lichtenstein) з замежнымі гасцямі. Князь Вітаўт, таксама ўдзельнічаў у гэтай выправе. Калі войска ўжо выходзіла з Аліты, ангельцы паспрачаліся з немцамі за права несці харугву Св. Георгія. Справа дайшла да крывавай сутычкі. З абодвух бакоў у бойцы удзельнічалі знатныя людзі, ангельцамі кіраваў Персі, сын графа Нартумберленда, іншымі Рупрэхт з Шакендорфа. Мэтай выправы было месца Ліда, у якой у гэты час для аховы краю знаходзіўся князь Карыбут з войскам. Праз замёрзлую дрыгву крыжакі раптам падышлі да замка і Лідскага падзамча. Карыбут не стаў бараніць адзін з лепшых замкаў Літвы і ўцёк са сваім дваром і войскам, пакінуўшы ўсё што было ў замку і горадзе на здабычу непрыяцелю. Здабыта было шмат зброі і вайсковага рыштунку". Хотспур - адзін з галоўных герояў драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра, агульнавядомы ва усім свеце літаратурны і гістарычны персанаж.

4 жніўня 1392 г. каля Ліды было заключана знакамітае Востраўскае пагадненне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Уладзіслаў ІІ, ён жа Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла, і яго жонка польская каралева Ядвіга, з другога боку князь гарадзенскі Вітаўт і яго жонка Ганна. Яны дамовіліся спыніць міжусобную вайну. Вітаўт стаў фактычным правіцелем Вялікага княства Літоўскага. Пагадненне паклала канец братазабойчай вайне, прывяло да разгрому крыжакаў на палях Грунвальда і дазволіла Вялікаму княству Літоўскаму неўзабаве дасягнуць найбольшага росквіту і магутнасці. Пагадненне было заключана ў маёнтку Востраў. Т. Нарбут дае дакладную і дастатковую інфармацыю пра знаходжанне знакамітага маёнтка. У 5-тым томе "Дзеяў...", (выданне 1839 г., Вільня, на старонцы № 491, у дадатку № 1) вялікі гісторык піша: "Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка ад Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, сад меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належаў да Тадэвуша Нарбута, падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх". Зараз местазнаходжанне маёнтка Востраў дакладна вызначана.

Узімку 1394 г. крыжакі зноў напалі на Ліду і Наваградак і ў выправе зноў прынялі ўдзел ангельскія рыцары на чале з графам Бафортам, а таксама французскі атрад. Т. Нарбут так напісаў аб гэтай выправе крыжакоў: "Узімку ў Прусіі сабраліся новыя госці, з Нямеччыны граф Ленінген, з Англіі граф Бафорт, з Францыі гэтак жа вядомыя рыцары... Мэтай нападу была ўнутраная Літва, яе русінская частка. Выправа рушыла на Свята Трох Каралёў, прайшла змёрзлымі балотамі, абыйшла Гародню і накіравалася да Наваградка. Але крыжакі знайшлі горад спаленым гараджанамі, частка якіх прыгатавалася абараняцца ў замку, частка схавалася ў аддаленай пушчы (верагодна жанчыны і дзеці - Л.Л.). Адтуль, на шляху спусташаючы асады, крыжакі пайшлі да Ліды, дзе таксама знайшлі моцны замак, які стаяў сярод спаленага падзамча. Далей быў намер ісці на Салешнікі, і, магчыма на Вільню, але маразы раптам саслаблі, наступіла адліга, крыжакі, верагодна, дазналіся аб войску ВКЛ якое выйшла з Вільні і аб пагрозе для сябе з боку Гародні... Такім чынам яны былі змушаныя адыходзіць з-пад Ліды дзітвянскімі балотамі... Здабычай крыжакаў у гэты раз сталі 2200 палонных, 1400 коней і шмат быдла.". Джон Бафорт, граф Самерсэт, персанаж часткі першай драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра.

У 1396-1399 гг. па загаду Вiтаўта Лiдская воласць належыць знакамiтаму хану заволжскiх татар Тахтамышу, а ў 1440 - 1446 гг. - Хаджы - Гiрэю. Летам 1405 г. Вітаўт узяў у палон жонку і дзяцей смаленскага князя Юрыя Святаслававіча і пасяліў іх у Лідскім замку. 15 ліпеня 1410 г. лідская харугва ўдзельнiчае ў Грунвальдскай бітве. У ліпенi 1415 г. кароль Ягайла наведваў Ліду, спыняўся ў Мыто.

У 1422 г. папа Рымскі дзеля вывучэння становішча на месцы пасылае у ВКЛ свайго пасланніка Антонія Зено, юрыста, адукаванага рэферэнта. Ягайла разам з Вітаўтам прынялі яго ў Лідзе, у рэзідэнцыі князя Вялікага княства Літоўскага - Лідскім замку. Як сцвярджаюць польскія гістарычныя крыніцы, на гэтай сустрэчы прысутнічала чацвертая жонка Ягайлы (ён толькі што ўзяў шлюб з ёю ў Навагрудку), будучая каралева Польшчы, "матка каралёў" дынастыі Ягелонаў, - Соф'я Гальшанская.

У 1433 г. Лiду спалiў Свiдрыгайла. У 1504 г. кароль Аляксандар перадаў Лiду ад Глiнскага Дразду. У 1506 г. татарскае войска апынулася недалёка ад Лiды, i смяротна хворы Аляксандар быў вымушаны адтуль з'ехаць. Вось як гаворыць пра той час "Хроніка Быхаўца" - старажытна-беларускі летапіс: "...В лето сёмое тысяча пятнадцатого, а од божаго нароженія тысяча пятсот сёмага после плененія землі Літоўской от безбожных татар, і прыехал кароль і вялікі князь Аляксандро до Вільні з Ляхов немоцон вельмі немоцою паралітыковою і вчыніл сейм в городе Ліде. І будучы ему со всімі паны в Ліде, прышла ко нему вест, іже царэвічы перакопскіе Біты-Кірэй солтан а Бурнаш солтан прыйшлі з дватцатма тысячма людей ко Слуцку, ідут к Новогородку ... Татарове прішедші к Новогородку, і скоро прыйшлі за Немон і не доходячі Ліды, около города, от всіх сторон в мілі і в полумілі от города, воевалі церкві божые і дворы велікіе, і весі зажыгалі і людей імалі і забівалі ..." ( у арыгінале тэкст напісаны лацінкай). Аднак штурмаваць умацаваны замак татары баяліся. У гэты час было сабрана народнае апалчэнне колькасцю ў дзесяць тысяч чалавек, якое разбіла прышэльцаў у ваколіцах Ліды, на адлегласці адной мілі ад яе.

У XVI ст. Лiда плацiла ў скарбнiцу (1550 г.) падатак 10 коп лiтоўскiх грошай. З часоў Стэфана Баторыя тут асядаюць яўрэi. Яны займаюцца гандлем, чым спрыяюць развiццю горада. 17 верасня 1590 г. Жыгiмонт III надае Лiдзе Магдэбурскае права і прызначае герб з выявай льва і дзвюма ключамі над галавой. Прывiлей 1611 г. падцвярджае iснуючыя тут здаўна кiрмашы. У 1638 г. ў Лідскім замку пры сцяне дазволена пабудаваць склеп для захоўвання дакументаў Лідскага земскага суда і актавых кніг. Уладзіслаў IV 20 жніўня 1640 г. у Варшаве падцвярджае для Лiды Магдэбурскае права ва ўсіх яго пунктах, клаўзулах, умовах і параграфах.

Прамысловасць і гандаль у Лідзе былі развітыя слаба. У дакументах XVII ст. у Лідзе згадваюцца толькі бровары, якія размяшчаліся пры замкавых фальварках, у касцёльным фальварку Куроўшчыне або Навасёлках і ў некаторых мяшчан. З рамеснікаў згадваюцца толькі кавалі і гарбары, а ў таксама рэзнікі. Корчмы мядовыя, гарэлачныя і піўныя існавалі тут яшчэ ў XV ст., у часы Казіміра. У 1680 г. усіх корчмаў у Лідзе было 19, з якіх 10 утрымоўвалася хрысціянамі, у тым ліку адна бурмістрам панам Янам Амановічам і 9 - яўрэямі. Штотыдзень па панядзелках адбываўся гандаль, а два разы ў год - кірмашы. Кірмашы існавалі тут здаўна і былі пацверджаныя соймам у 1611 г. Ва ўсякім разе, Ліда ў часы Яна Казіміра лічылася параўнальна лепшым горадам, мела 15 тысяч жыхароў і карысталася Магдэбургскім правам.

Але наступілі цяжкія для Літвы 1654 - 1663 г.г. У восень 1655 г. украінскія казакі прайшлі ўздоўж Нёмана, пусцілі Ліду і Лідчыну пад шаблю. У год 1656 - голад, а ўвосень 1657 г. эпiдэмiя вынiшчае насельнiцтва гораду. Соймiк грамнiчны 1658 г. дзеля засцярогi ад эпiдэмii вымушана праводзiцца ў Мыто. Нарэшце, у 1659 г. расiйскае войска Хаванскага, пасля працяглай аблогi замка, знiшчае горад ушчэнт.

Кароль Мiхал Вiшневецкi, зважаючы на нядолю горада, у 1669 г. прыказаў, каб усе яўрэi, якія аселі ў горадзе, выконвалi ўсе абавязкi так, як i гараджане, вызвалiў мяшчан ад талакi на дваравых грунтах i ад абавязку ўтрымання дваравой грэблi. 19 красавіка 1670 г. кароль у Варшаве сваім прывілеем падцвердзіў Лідзе Магдэбургскае права. У сваю чаргу прывiлей 1676 г. вызвалiў Лiду ад выслуг i падаткаў. Аднак начны пажар 29 чэрвеня 1679 г. ізноў вынiшчае цэлы горад. Прычына пажару невядома. Дзякуючы сухому надвор’ю і моцнаму ветру агонь з неверагоднай хуткасцю распаўсюдзіўся па ўсім горадзе. На працягу адной гадзіны пажар знішчыў 38 мяшчанскіх і габрэйскіх хат, з якіх аплачваліся падаткі ў скарб, не лічачы хат манастырскіх і шляхецкіх. Многія хрысціяне і габрэі згарэлі жывымі, а многія атрымалі цяжкія апёкі. Увесь хатні скарб, быдла і да т.п. зрабіліся здабычаю полымя.

У 1702 г. шведы рабуюць i зноў паляць горад, а ў 1706 г., абавязваюць гараджан плацiць невыносна вялiкiя падаткi. З мэтай развіцця, Сойм 1717 г. пакiдае гораду даўнейшыя iльготы i прывiлеi, вызваляе ад вайсковага пастою, а кароль Аўгуст II 7 жнiўня 1727 г. падцвярджае прывiлеi сваiх папярэднiкаў, зацвярджае гандлёвы падатак з крам i скатабойняў. Аўгуст III 12 лiстапада 1744 г. падцвердзiў усе гэтыя прывiлеi, а прывiлей 1776 г. залiчыў Лiду да ліку тых лiтоўскiх гарадоў, якiя захавалi Магдэбурскае права. З гэтага часу Лiда ізноў паволi ўздымаецца. У 1784 - 1787 гадах камiсія "boni ordinis" пераглядае ўмовы i гарадскiя выплаты.

У 1792 г. ў Лідзе налiчваецца 242 дамы і 1243 жыхара. У 1794 г. Лiда становiцца сведкам паўстання, а у 1812 г. сведкам агляда Аляксандрам І корпуса Дахтурава, потым нашэсця французаў i iх уцёкаў, нарэшце, 23 мая 1831 г. - сутычкi расейцаў з паўстанцамi Хлапоўскага. У 1825 г. ў Лідзе жыве 684 жыхара мужчынскага полу і 809 жаночага. Каменных дамоў у горадзе - 4, драўляных - 269, 2 царквы, 2 кляштары, 1 навучальная ўстанова, 2 багадзельні, 1 лазня, 2 сады, 1 лаўка, 2 шынкі, піцейных дамоў - 50. Больш піцейных дамоў у Вільні - 630, Віцебску і Магілёве - 159, Горадні - 100, Мінску - 99, Слоніме - 90, Слуцку - 76, Берасці - 71, Полацку - 54. Пажар 1826 г. знiшчыў падзамчышча, а ў 1843 г. - рынак, вулiцу Вiленскую i прылягаючыя Раслякi. У 1851 г. у Лiдзе налiчваліся 2 мураваныя дамы, 248 драўляныя i 4845 гараджан. У 1860 г. ў Лідзе жыве 4344 чалавекі: 2103 мужчыны, 2241 жанчыны; 2053 з якіх яўрэі. Шляхта - 216, духоўнага сану - 19, купцы - 25. У Лідскім павеце жыве 103787 чалавек, у тым ліку 8219 шляхты, 180 духоўнага сану, 30 купцоў. Законы 1851-1854 г. дазваляюць браць зямлю для горада i гараджан навечна. 1870 год - Лiда звязана тэлеграфам з Вiльняй. 1886 г. - праведзена Палеская чыгунка, а ў 1905 г. чыгунка Мiкалаеўская. У 1895 годзе ў Лідзе жыве 7864 чалавекі: 3954 мужчыны, 3910 жанчын; яўрэяў - 5326. Шляхты - 485 чалавек, духоўнага сану - 48, купцоў - 129, мяшчан - 5693, сялян - 1178, вайскоўцаў - 311. У 1898 г. ў Лідзе адчынены шпіталь на 25 ложкаў. На прыканцы 19-га стагоддзя ў Лiдзе 9500 жыхароў. Тэрыторыя горада складала 160 дзесяцiн. Горад меў 14 вулiц, 7 завулкаў, 4 плошчы. 8 вулiц i завулкаў былі выбрукаваны, астатнiя не. З 708 дамоў 200 - двухпавярховыя цагляныя; 272 надворныя прыбіральні. Павятовыя i прыходскiя навучальнi, народная i яўрэйская двухкласныя школы, пансыён для дзяўчат-яўрэяк. 10 фабрык i заводаў: 2 тытунёвыя, 1 коркавая, 2 гiльзавыя, 2 бровара, тры фабрыкi газаваных вод. Астатнiя - невялiкiя майстэрнi: бойня, 4 гарбарныя заводы. 3 бальнiцы на 45 ложкаў: гарадская на 20, яўрэйская i турэмная. Ёсць аптэка. На Лiдзейцы працуе гарадскi водзяны млын.

У траўні 1843 г. пажар, распачаты з габрэйскай лазні, знішчыў увесь школьны двор, частку дамоў базарнай плошчы і ўсю Віленскую вуліцу.

Жахлівы пажар 7 кастрычніка 1891 г. знiшчыў амаль усю цэнтральную частку горада - 444 дамы i каля 600 нежылых будынкаў, у тым ліку і гарадскую ратушу, была цалкам страчана жылая забудова XVIII ст., на нейкі час моцна узняліся кошты на жылле і харчаване. Аднак гэта прывяло да таго, што ў горадзе пачалося будаўніцтва новых мураваных дамоў.

Бровар Н. Пупко ў 1917 г., мастак H. Joger.

1904 г. у Лiдзе 14 заводаў i фабрык, 400 працоўных, аб'ём вытворчасцi - 1200 тысяч рублёў. Лідскі 'Табак отборный ...'.170 рамесных майстэрняў, 204 рамеснiкi. На год праводзіліся 4 кiрмашы: продаж жывёлы складаў 100 тысяч рублёў. Быў штотыднёвы рынак. Працавалі банкаўскiя i натарыяльныя канторы, 10 страхавых агентаў, 13 гатэляў, 24 шынкi, харчэўнi i чайных. У горадзе 25 вулiц i завулкаў, 2 плошчы, 1000 жылых будынкаў, з iх 275 каменных, 725 драўляных. 20 будынкаў крыта жалезам, 680 дрэвам, 300 - дахоўкай. Увечар горад асвятляюць 60 газавых лiхтароў. У горадзе жывуць 15025 жыхароў. Маецца 4 бальнiцы на 115 ложкаў, 6 дактароў, 6 акушэрак, 10 фельдчараў, 2 аптэкi, 5 аптэчных крам. Працуюць 4 нiжэйшыя мужчынскiя i 2 нiжэйшыя жаночыя навучальныя ўстановы, павятовая 2- х класная навучальня на 60 навучэнцаў. У горадзе 23 настаўнiкi, 700 вучняў, 3 друкарнi, фатаграфiя, бiблiятэка - чытальня. На узбраенні пажарных 4 пажарныя помпы і 6 пажарных бочак. Заробак прыслугі: мужчынам - 10 рублёў, жанчынам - 5 рублёў. Заробак чорнарабочага за дзень: мужчыны - 70 капеяк, жанчыны - 50 капеяк.

У 1909 г. з фабрычных устаноў буйнейшыя - аптовы склад, два бровары, тартак, лiцейная, тры вытворчасцi тытуню, мыла, скотабойня, агулам - 54 установы. Выпуск тавару на 1 216 415 рублёў, работнiкаў - 473. У горадзе дзве друкарнi. Дастаткова значны гандаль: таргi кожны панядзелак i некалькi невялiкiх кiрмашоў. Прадмет гандлю: жывёла, хатняя птушка i іншыя вясковыя прадукты. Жыхароў - 17360. Расквартэраваны полк. Збег двух чыгуначных дарог i значная колькасць чыноўнікаў служаць прычынай вялiкага попыту на жыллё. Кошты на спажывецкiя тавары высокiя. Забаўляльныя ўстановы адсутнiчаюць але ёсць некалькi аматарскiх тэатраў i картачны клуб. Гарадскія крэдытныя ўстановы: банкаўская кантора i таварыства дробнага крэдыту (да 100 рублёў).

У 1914 г. У Лiдзе жыве 18 тысяч чалавек. У горадзе 40 прадпрыемстваў. Працуюць бетонна - цэментны завод, тартак Палячыка, тытунёвая фабрыка Віленчыка, бровары Пупко i Папiрмайстара, макаронныя i кандытарскiя фабрыкi, вiнакурня Стручана, мылаварня Кiвяловiча, завод па разлiву гарэлкi, друкарня Айзiка Эпштэйна. Чыгуналiцейны i машынабудаўнiчы завод братоў Шапiра выпускае конныя прывады, перадатачныя станкi для конных прывадаў, малатарнi, cячкарнi, плугi, плужкi, бораны, веялкi-сарцiроўкi, чыгунныя крыжы для помнiкаў i меднае лiццё. На пачатку стагоддзя пачынае будавацца вайсковы аэрадром.

* * *

30 верасня 1920 г. у Ліду ўступілі польскія часткі 2-й арміі Войска Польскага пад камандаваннем генерала Эдварда Рыдза - Сміглага. Штаб 2-й Карта Ліды 1842 г. арміі размяшчаўся на Віленскай, 48 (Сувальскай, 66).

Па Рыжскай дамове паміж Польшчай і Савецкай Расіяй Лiдчына ўвайшла ў склад зноў створанага ў межах Польскай дзяржавы Навагрудскага ваяводства. Наваградчына пасля 120 год знаходжання ў Расійскай імперыі і 1-й Сусветнай вайны была ў стане небывалага гаспадарчага заняпаду. Карта Ліды 1937 г.Гэта быў адзін з найбольш занядбаных рэгіёнаў новай Польшчы. На Наваградчыне не было вялікіх гарадоў i значных прамысловых устаноў а малыя гарады мелі ў асноўным гістарычную каштоўнасць. Да 1927 г. найбольш развітым горадам Наваградскага ваяводства быў Слонiм. Лiда стаяла на 3-м месцы пасля Баранавiч і ў тыя часы на Лідчыне ў прамысловасці працавала ўсяго 338 чалавека. З другой паловы 1927 г. пачалося ажыўленне гаспадарчага жыцця, якое працягвалася да канца 1929 г. У гэтыя часы ў Лiдзе знайшліся ініцыятыўныя людзі, здольныя прыцягнуць неабходны капітал. Гэта былі пераважна прамыслоўцы i гандляры-яўрэi, прыватныя капіталы якіх дазвалялі пашыраць справу. Рашаючую ролю мелі прыватная ініцыятыва i прыватны капітал. У 1927-1929 гадах у Лiдзе пачалі працу новыя прадпрыемствы: млыны, тартакi, кафлярнi (вытворчасці кафлі), хімічная фабрыка "Карона" i фабрыка гумовых ботаў "Ардаль". Таннай, некфаліфікаванай працоўнай сілы было дастаткова. Дзякуючы свайму становішчу на шляху чыгуначных камунікацый, Лiда ў адрозненне ад большасці гарадоў Наваградскага ваяводства, мела больш спрыяльныя ўмовы для развіцця. У гэтыя гады па развіццю прамысловасці Лiда выйшла на першае месца ў Наваградскiм ваяводстве.

У 1930 г. у прамысловасці горада працавала каля 800 работнікаў, з якіх 1/3 складалі працаўнікі "Ардалю".

З восені 1932 г. да зімы 1933 г., у гады гаспадарчага крызісу ўсталявалася агульная цяжкая эканамічная сітуацыя, што адбілася на становішчы работнікаў. Шмат якія установы спынілі выпуск прадукцыі, вырасла беспрацоўе. У 1931 г. у Лiдзе было зарэгістравана 122 беспрацоўныя і ў 1932-1933 гадах колькасць беспрацоўных яшчэ значна вырасла. Аднак 1935-1939 гады прынеслі выразнае паляпшэнне гаспадарчай сітуацыі. Пачаўся рост прамысловасці. Са збяднелага правінцыяльнага гарадка Лiда пачала ператварацца ў значны прамысловы асяродак. Адначасова з развiццём прамысловасцi расла колькасць насельнiцтва горада. Паводле перапiсу 1921 г. Лiда налiчвала 13 401 жыхара. На працягу 17 год лiчба жыхароў амаль падвоiлася. Паводле статыстыкi, на 17 верасня 1938 г., горад Лiда налiчваў 26257 жыхароў. Рэдактар перадваеннай "Ziemi Lidzkiej" Уладзіслаў Абрамовiч у сваіх краязнаўчых занатоўках, выдадзеных у 1938 г. пісаў: "На сённяшні момант горад мае 15 вялікіх прамысловых устаноў, у якіх працуюць каля 3000 працаўнікоў".

Да верасня 1939 г. на тэрыторыi Лiды былi адчынены вялiкiя i сярэднiя прамысловыя ўстановы, усяго каля 50, з іх асноўныя: фабрыка гумовага абутку "Ардаль", фабрыка гумовых вырабаў "Унiгум", 2 фабрыкi сельскагаспадарчых машын i прылад "Бэнланд" i "Поланд", фабрыка дроту i цвiкоў "Дротiндустрыя", фабрыка спружын "Звуй", фабрыка хiмiчных вырабаў "Карона", 2 бровары, 3 фабрыкi цукерак, 3 фабрыкi па вырабу кафлi - "Танур", "Рааф", "Нэшер", 2 фабрыкi перапрацоўкi воўны, 2 вытворчасцi алею, 6 тартакоў, 8 млыноў, 8 пякарань, 4 друкарнi i г.д.

Больш падрабязна пра Лiдскi бiзнес ў 20-30 я гады глядзі ў канцы кнігі.

З 20-х гадоў у паўночным вайсковым гарадку стаяў 77-мы пяхотны, а ў паўдзённым - 5 лётны полк польскага войска.

У 30-я гады ў горадзе былi наступныя грамадскiя арганiзацыi: Тарговы звяз, Польскi тарговы звяз, Аддзел звязу рамеснiкаў, Звяз вайскоўцаў, Звяз асаднiкаў, Рэгiянальны сельскагаспадарчы звяз. У Лiдзе было 10 прафсаюзаў, у тым лiку: саюз занятых у лесаперапрацоўчай прамысловасцi, медыцынскiх работнiкаў, сельскагаспадарчых працоўных, неквалiфiкаваных работнiкаў, чыгуначнiкаў, працаўнiкоў табачных фабрык, цырульнiкаў, фармацэўтаў, два саюзы рамеснiкаў.

Аб адукацыi ў горадзе глядзi главу "Навучальны установы"


2) Культура, рэлігія, спорт.

Парафiяльны Фарны касцёл Узнясення Св. Крыжа, Касцёл кармелiтаў у Лiде, пачатак ХХ ст.. Кармеліцкі манастыр, у часы 1-й сусветнай вайны - нямецкі жаўнерскі клуб. Малюнак з кнігі 'Лiда ўчора i сёння', 1917 г. заснаваны праз фундацыю караля Уладзіслава Ягайлы ў 1387 г., пабудаваны кс. Томашам Зянкевiчам у 1765-1770 гг. (глядзi Фарны касцёл ). У 1672 г. Нарбуты фундавалi кармелiтам касцёл Св. Казіміра. Кляштар i касцёл ліквідаваны ў 1832 г., а касцельныя муры зруйнаваны ў 1908 г.

Iгнаці дэ Кампо Сцыпiон у 1757 г. перавёў у Лiду з Верэнава пiяраў. Яны залажылi ў Лiдзе калегiюм i школу, а напачатку XIX ст. пабудавалi касцёл св. Іосіфа. Калегiюм быў ліквідаваны, а школа зачынена ў 1832 г. Касцёл згарэў у пажары 1843 г. (глядзi Касцёл Пiяраў). Драўляная каплiца была пабудавана на могiлках у 1804 г.

Царква, якая iснавала пры замку здаўна, у 1533 г. перанесена ў горад i асвечана, як царква Св. Юр'я. Апрача гэтай царквы ў XVI ст. былi вядомыя: Св. Яна, Св. Мiкалая (каля рынку), Св. Спаса, Св. Прачыстай (р-н Зарэчча). У XVIІ ст. яны сталi унiяцкiмi (грэка-каталiцкiмi). У 1650 г. Ян Казiмiр передае царкву Св. Спаса праваслаўным. Усе цэрквы знішчаны падчас нашэсця Хаванскага. З канца XVIІІ ст. каля млына адбудавана ўнiяцкая царква Уваскрэшання Гасподняга. На пачатку 20 ст. дзейнічаюць: царква Арханёла Мiхаіла (былы касцёл Пiяраў), драўляная царква на могiлках i ваенная царква расквартэраванага 192 палка пяхоты.

Яўрэйская сiнагога была пабудавана ў 1579 г. Кароль Уладзіслаў IV 28 лютага 1633 г. дазволiў лiдскiм яўрэям рэстаўраваць старую сінагогу i пабудаваць новую. Мураваная сінагога была пабудавана ў 1891 г. i згарэла падчас 2-й Сусветнай вайны. Акрамя таго, яўрэi мелi 12 малельных дамоў.

Медычныя ўстановы: гарадская бальнiца, вайсковая, чыгуначная, яўрэйская (з 1898 г.).

Таварыства добрачыннасцi заснавана ў 1896 г., добраахвотная пажарная дружына заснавана ў 1898 г. Заснаванае ў 1904 г. спартыўнае таварыства было зачынена да 1910-х гадоў. Супольная тэрытарыяльная крама (1908 г.), сельскагаспадарчае таварыства (1907 г.).

Установы навучальныя: пасля скасавання Пiяраў у 1834 г., створана павятовая школа для мяшчан, якая ў 1836 г. была зрэфармавана для 5-цi гадовага навучання шляхты. У 1864 г. была зменена на 2-х класную павятовую школу, а ў 1902 г. рэфармавана на 3-х класную гарадскую. 2-х класная парафiяльная гарадская школа была заснавана ў 1834 г., такая ж жаночая народная школа ў 1886 г. перанесена ў Лiду з Дуброўна. Мужчынская яўрэйская талмудычная школа, некалькi хедэраў, прыватная жаночая гiмназія, прагiмназія мужчынская i прагiмназія жаночая.

Наогул, першае паведамленне пра гарадскую бібліятэку-чытальню ад 1897 г. Яна была адкрыта пры чайной, згодна рашэнню "Лидского уездного комитета попечительства и народной трезвости от 12 января 1897 г.". Фонд бібліятэкі быў невялікі. У 1902 г. была адчынена бібліятэка ў Жаночай гімназіі М. К. Навіцкай. Бiблiятэка ў мужчынскай школе была цяжка даступная, з 1907 г. яна стала прыватнай.


У перыяд з 1920-га па 1939-ты год у Лідзе працавалі:

  • Бібліятэка супрацоўнікаў дзяржаўнай паліцыі Лідскага павету, вул. Міцкевіча, 33. Заснаваная ў 1926 годзе. 814 тамоў (1929).
  • Гарадская бібліятэка, вул. Сувальская, 2. Заснаваная ў 1922 годзе. Узнікла як дар Рудольфа Бергмана - аптэкара, віца-прэзідэнта Народнай Рады Лідскай зямлі, гарадскога бургамістра. У 1938 г. яе фонд складалі 10 000 тамоў, і "яна была адной з лепшых агульнадаступных бібліятэк на заходнебеларускай зямлі. Сучаснікі адзначалі, што ў яе фондах былі навейшыя і лепшыя выданні сусветнай літаратуры, творы, вызначаныя высокімі ўзнагародамі, Нобелеўскімі прэміямі і інш. У фондзе мэтанакіравана быў выдзелены раздзел краязнаўчай літаратуры" (7).
  • Бібліятэка акруговага таварыства арганізацыі і сялянскіх гурткоў. Знайходзілася ў Цэнтральным таварыстве арганізацыі і сялянскіх гурткоў. 200 тамоў (1938).
  • Бібліятэка Польскай маці школьнай. Знаходзілася ў сядзібе ПМС. 2220 тамоў (1938).
  • Бібліятэка Польскага краязнаўчага таварыства. 89 тамоў (1938).
  • Бібліятэка прыватнай гарадской і жаночай гімназіі купецкага калегіюма ксяндзоў піяраў, вул. Сувальская, 68.
  • Бібліятэка "Вайсковай сям'і". Знаходзілася ў таварыстве "Вайсковая сям'я". 127 тамоў (1937).
  • Бібліятэка Таварыства скарбовых чыноўнікаў Рэчы Паспалітай. 144 тамы (1933).
  • Бібліятэка развіцця ўсходніх зямель. Перасоўная бібліятэка. 200 тамоў (1936).
  • Бібліятэка Таварыства вайсковых ведаў.
  • Бібліятэка Саюзу чыгуначных працаўнікоў Рэчы Паспалітай. Перасоўная бібліятэка. 493 тамы (1936).
  • Вайсковая бібліятэка 77 пяхотнага палка Ковенскіх стральцоў. Знаходзіцца пры кіраўніцтве акругі корпуса № 3 ў Горадні. Заснавана ў 1922 годзе. 7549 тамоў (1934). У афіцэрскай бібліятэцы знахо-дзіцца 3522 тамы, у падафіцэрскай (сяржанцкай) - 1413 тамоў, у жаўнерскай (салдацкай) - 2614 тамоў.
  • Цэнтрал перасоўных бібліятэк Лідскага павету. Павятовы аддзел, Ліда; школьны інспектарат у Лідзе. Заснаваны ў 1928 годзе. 2398 тамоў (1935). 34 перасоўныя камплекты. (10)

Хатнія кнігазборы:

  • Ганны Эйхгарновай, чыноўніка. 140 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.
  • Антонія Катаньскага, чыноўніка, вул. 11 лістапада,3. 140 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.
  • Эдварда Казлоўскага, чыноўніка. 240 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.
  • Юзэфы Міхнеўскай, настаўніцы. 100 тамоў (1939). Страчана падчас баявых дзеянняў.
  • Алойзы Мараўца, вайскоўца. 750 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.
  • Яўгеніі Мастоўскай. 400 тамоў (1939). Страчана ў 1939 г. і ў 1944 г. (у Варшаве).
  • Уладзіміра Нагорнага-Мартыноўскага, тэхніка, вул. Гражыны, 13. 60 тамоў (1939). Тэхнічны збор, страчаны ў выніку баявых дзеянняў немцаў 23.06.1941 г.
  • Юліяна Парнеўскага, чыноўніка. 180 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.
  • Антонія Сьпевака, чыноўніка. 50 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.
  • Браніславы Тураковай, настаўніцы. 100 тамоў (1939). Педагагічны збор, страчаны ў выніку баявых дзеянняў. (10)

У першай палове XIX ст. Pola Raksa.Лiда неаднойчы прыцягвала да сябе ўвагу вандроўных тэатральных труп. Найбольш ажыўлёнай была дзейнасць тэатральных калектываў у 30-40-я гады XIX ст. Гэта: трупа Вiкенцiя Вержбiцкага (арганізатар руска - польскага тэатру ў Мінску ў 40-я гг.), якая грала на лiдскай тэатральнай пляцоўцы ў 1832 г., трупа Станiслава Навакоўскага, якая наведала Лiду ў кастрычнiку 1840 г. Трупа Станiслава Навакоўскага была адна з найбольш знаных у Беларусi ў тыя часы. Потым гэты калектыў неаднойчы бываў у горадзе. Акрамя гэтых труп у XIX ст. Лiду наведвалi калектывы Маеўскага, Грунвальда, Клакоцкага i iнш.

14 красавiка 1941 г. у Лiде нарадзiлася зорка польскага кiно i тэатра Поля Ракса (Pola Raksa). Сусветную вядомасць атрымала пасля ролi Зоф'i ў фiльме А.Вайды "Попел". У нас больш вядома па ролi Марысi з фiльма "Чатыры танкiста i сабака". У 1960-я гады Поля Ракса - сімвал жаночай прыгажосці Польшчы. Cям'я Раксаў з'ехала з Лiды пасля 2-й сусветнай вайны. Напрыканцы 1950-х гадоў яна вывучала паланiстыку ў Вроцлаўскiм унiверсітэце. Акторскую адукацыю атрымала ў Лодзi. Першая роля ў фiльме "Szatan z siodmej klasy", (1960 г.). Працавала ў "Teatru Powszechnym" у Лодзi, потым у варшаўскiм "Teatru Wspolczesnym". Грала ў фiльмах: "Rzeczywistosc", рэж. А.Багдевiч (1961), "Panienka z okienka", рэж. М. Канеўскi (1964), "Popioly", рэж. А. Вайда (1965), "Pogon za Adamem", рэж. Ю. Зажуцкага (1970) i iншых. Шмат роляў адыграла ў фiльмах тэлевiзiйных: "Kapitan Sowa na tropie" (serial, 1965), "Czterej pancerni i pies" (serial, 1967-1970) і многiх iншых. У 2000 годзе - роля ў п'есе "Kobieta bez znaczenia" Аскара Уальда ў тэатры "Scena Prezentacji".


"Лидское слово" - штотыднёвая грамадска - палiтычная i лiтаратурная газета выдавалася ў Лiдзе з 30.11.1912 г. па 31.05.1913 г. на рускай мове. Друкавала апавяданнi, нарысы і вершы мясцовых аўтараў. "Kurier Lidzki" i "Wiadomosci Lidzke" выдавалiся ў 1922 г. непрацяглы час. "Zіemia Lidzka" - краязнаўчы часопiс выходзіў у 1936 - 39 гг. пад рэдакцыяй Уладзiслава Абрамовiча. Змяшчаў матэрыялы па гiсторыi i тагачасным жыццi Лiдчыны і выйшаў 35-цю нумарамi. Выдавалiся так сама яўрэйскiя газеты "Lider Wochenblatt" (з 1929) , "Lider Woch" (1932) i "Lider Leben" (1936). У газеце "Wieczorny kurjer Grodzienski" была калонка Ліды, ў якой друкавалася гарадская хроніка. Першы нумар гэтай газеты выйшаў 1 чэрвеня 1932 г.


Спiс лiдскiх спартыўных клубаў у 30-я гады:
"W.K.S. 77 polka pechoty" (Вайсковы спартыўны клуб 77 полка пяхоты) - гуляў у класе "А". Кiраўнiцтва WKS размяшчалася ў межах гэтай вайсковай часткi (Зараз - Паўночны гарадок).
"PKS" (Палiцэйскі спартыўны клуб) - клас "В".
"KS Lidzkej Och. SP." (напэўна клуб пажарнай аховы) - клас "С" - размяшчаўся па адрасу: Сувальская, 95а.
"RKS Kraft" - клас "С" - размяшчаўся па адрасу Рынак, 13.

У вайсковым спартыўным клубе "WKS" было шмат розных секцыяў.

У чэмпiянаце Польшчы 1930 г. па футболу ўдзельнiчалi лiдзяне. Таксама яны гулялi ў чэмпiянаце Вiленскай акругi (Wilenski Okregowy Zwiazek Pilki Noznej), заснаваным у 1921 г. У яго ўваходзiлi каманды Вiленскага i Наваградскага ваяводстваў, а да 1927 г. каманды з Гродна.

На ўсепольскiх гульнях вайскоўцаў, якiя адбывалiся ў Гродна з 22 па 24 лiпеня 1938 г., прадстаўнiк "WKS Lida" капрал Вiктар Камiнскi заняў 1 месца ў першы дзень, калi пацэлiў 171 ачка з 200 магчымых. 2 месца заняў Мар'ян Квяткоўскi з "WKS Jaroslaw" (169/200), 3 месца Рамуальд Ванацкi з "WKS Modlin" (166/200). Гэта былi даволi прэстыжныя ў той час спаборнiцтвы па вайсковым шматбор'і (стральба, бег, плаванне , кiдок гранаты). Увогуле стралковая секцыя Лiдскага "WKS" някепска выступала на спаборнiцтвах у сваёй акрузе ("Dziennik Kresowy", Grodno. № 200 24.07.38).

Мацнейшай футбольнай камандай у 1932 г. у Лідзе была дружына "PKS" (Паліцэйскі клуб спартыўны). Яна змагалася за выхад у клас "А" Віленскай футбольнай акругі (прыкладна адпавядае сучаснай першай лізе), але ў фінале прайграла камандзе "Друкаж" (Вільна).

У тэніс у Лідзе ігралі ў клубе "Rodziny Wojennej". У Вільню выязджала жаночая каманда у складзе Тамковіч (Tomkowiczowna), Кручынская (Kruczunska), Вілтосова (Wiltosowna). Тэніс быў вельмі папулярны сярод сем'яў вайскоўцаў і іх жонкі і дочкі часта былі мацнейшымі ў гэтым спорце.

Дадзеныя аб спорце: Alex Budaj


3) Гарадская тапаграфія, гісторыя вуліц, выявы Ліды

Горад мае даволi незвычайнае тапаграфiчнае размяшчэнне. Асноўны гiстарычны раён займае невысокую пляцоўку памiж балоцiстымi рэчышчамi невялiкiх рачулак Лiдзеi i Каменкi, у той час як гарады ўзнiкалi большай часткай на ўзвышшах. Лiда адносiцца да паселiшчаў, якiя набылi памеры i статус горада ў познiм сярэднявеччы, а менавiта ў XV–XVI ст.ст. Верагодна, штуршком да больш iнтэнсiўнага развiцця паселiшча стала пабудова мураванага замка.

Сярэднявечная Лiда складалася з замка, княскага двара, самаго горада з падзамчышчам i Зарэчча. Княскi двор, цi замкавы фальварак (як яго называлi яшчэ ў XVIII ст.), месцiўся над ракой Каменкай, на паўночны захад ад замка. Каля яго былi млын (аб iм згадваецца ў iнвентару 1680 г.), вiнакурня i гаспадарчыя пабудовы. Само "места" ляжала на поўнач ад замка. Яго гiстарычны цэнтар - рынак, ад якога адыходзiлi ўсяго 4 вулiцы: Вiленская - да Вiльнi, Замкавая - да замка, Каменская - да ракi Каменкi i далей да Гароднi, Крывая - злучала Каменскую вулiцу з рынкам, яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку XIX ст. насiў назву Нова - Кармелiцкай. У горадзе было каля 250 будынкаў. Зарэчча налiчвала ўсяго некалькi дзесяткаў дамоў аж да канца XIX ст. З XVII ст. замак атрымаў дадатковае ўмацаванне - штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу. Гэтае возера прысутнiчае на малюнках Лiды XVIII - XIX ст. i нават на паштоўцы пачатку XX ст.

Паштоўка, пачатак 20-га ст.. Адваротны бок паштоўкi з вокладкi.

У канцы XVIII стагоддзя за Фарным касцёлам з'явілася вул. Дваровая. На 1839 г. Віленская і Замкавая вуліцы былі выбрукаваны. На 1892 г. рынак пачаў называцца Базарнай плошчай. Да ранейшых вуліц: Віленскай, Дварцовай, Замкавай, Каменскай і Крывой дадалася Аляксандраўская, з'явілася 9 завулкаў: Завальны, Лідскі, Камерцыйны, Паліцэйскі, Садовы, Шкляны, Гандлёвы, Школьны і Яраслаўскі. У мікрараёне Ферма яшчэ няма ні аднаго дома, але вуліцы ўжо абазначаны

У сярэдзіне XIX стагоддзя Ліда - гэта "адна доўгая вуліца Віленская, якая праходзіць па ўсёй даўжыні горада на працягу вярсты. Папярок другая вуліца - Каменкая, па баках вуліцы кароткія: Сенатарская і Крывая і, нарэшце, рынак, на якім прадаюцца розныя прадукты". На плане горада, складзеным пасля пажару 1842 г. відно, што гарадская тэрыторыя прасунулася на поўнач уздоўж Віленскай дарогі і на захад уздоўж дарогі на Гродна. Вуліца Паштовая ў 1892 г. стала Паліцэйскай.

Праз 10 гадоў, на 1903 г. у Лідзе 14 вуліц: Аляксандраўская, Віленская, Дваранская, Замкавая, Каменская, Камерцыйная, Крывая, Лідская, Паліцэйская, Пастаўская, Садовая, Сядлецкая, Шкляная, Гандлёвая і 10 завулкаў Аляксандраўскі, Завальны, Замкавы, Лідскі, Чырвоны, Крупскі, Міхайлаўскі, Гандлёвы, Школьны і Яраслаўскі; дзве плошчы: Базарная і Школьны двор. У 1906 г. з'явіліся дзве новыя вуліцы: Вакзальная і Школьная і два завулкі: Моргаўскі і Сянны. Перад Першай сусветнай вайной, у 1913 г. у Лідзе 17 вуліц і 11 завулкаў; дадалася Крупская вуліца, якая вырасла з Крупскага завулка.

На пачатак ХХ ст. горад цалкам запоўніў міжрэчча Лідзейкі і Каменкі. Вакол горада аформіліся тры прадмесці: Пастаўшчына з вадзяным млыном - 204 жыхары, з іх 118 мужчынскага полу і 96 жаночага, Куроўшчына - 250 жыхароў (130 і 120), Каменка - 108 жыхароў (52 і 56); засценак Закасанка - 612 жыхароў (318 і 294) з 25 дзесяцінамі зямлі; ваколіца Вісманты - 155 жыхароў (73 і 82) з 125,5 дзесяцінамі зямлі; вёска і фальварак Зарэчча - 141 жыхар (69 і 72) з 161 дзесяцінай зямлі. Вёскі Дварцовая Слабада - 328 жыхароў (166 і 162) з 19 дзесяцінамі зямлі, Раслякі - 61 жыхар (32 і 29) з 123 дзесяцінамі, Навапрудцы з вадзяным млыном Садоўскага - 388 жыхароў (108 і 116) з 183 дзесяцінамі, Лайкаўшчызна - 40 жыхароў (20 і 20) з 46 дзесяцінамі, засценак Мастоўшчына - 35 жыхароў (16 і 19) з 52 дзесяцінамі зямлі.

У 1930-я гг. горад актыўна забудоўваўся, з'явіліся дзесяткі новых вуліц на Слабаде, на Кашарах, Песках, на Выгане, на Зарэччы. У канцы 1938 г. ў горадзе 110 вуліц. Да Рынка і Школьнага двара дадалася плошча Славы (Chwaly) на перасячэнні Замкавай і Сувальскай. Паблізу скрыжавання вуліц Сувальскай і 3-га Траўня аформіўся невялікі сквер Збаўцы (Zbawiciela).

У 1920-30-х гг. ХХ ст. горад падзяляўся на наступныя раёны:

  • Цэнтрам Ліды некалі быў Рынак - тут была ратуша, Мікалаеўская царква, гандлёвыя рады.
  • Вокладка кнігі 'Лiда ўчора i сёння', 1917 г.
  • Да Рынка з паўночнага ўсходу прымыкаў Школьны двор з Галоўнай сінагогай, яўрэйскімі пачатковымі школамі і славутым іешыва Я. Райнеса.
  • Квартал на ўсход ад Рынка ў XVIII ст. належаў лідскім старастам Сцыпіёнам дэ Кампа. Пры Трэцім падзеле Рэчы Паспалітай землі Сцыпіёнаў перашлі ў дзяржаўны скарб. Пасля найвышэйшых указаў аб высяленні яўрэяў з усіх вёсак Гарадзенскай губерні ў гарады і мястэчкі яўрэйскія сем'і засяліліся тут. Яны пабудавалі каля сотні маленькіх хатак на малюпасенькіх вулачках, што ўпіраліся ў Лідзейку. Квартал атрымаў назву "Яўрэйскі раён". Буйнейшай домаўладальніцай у гэтым раёне ў 1920-30 гг. была Фрума Крэйна Ілютовіч
  • Мясцовасць з лугамі і ставамі паміж фарным касцёлам і р. Лідзейкай называлася "Дзяканка". Тут жылі лідскія дзяканы - адсюль і назва, якой шырока карысталіся яшчэ ў 1950-60-я гг. да пабудовы дзіцячага садка і гасцініцы.
  • Тэрыторыя паміж замкам, каталіцкімі могілкамі і чыгункай называлася "Фермай". Назвай сваёй абавязана дастаткова ўрадлівым землям, якія належалі некалі да вялікакняскіх уладанняў. Пасля 1795 г. усе каралеўскія землі перайшлі ва ўласнасць расейскага скарбу. На Ферме спачатку маглі сяліцца толькі дваране. У 20 - 30-я гады Ферма заставалася асобным мікрараёнам, дзе жылі багатыя людзі.
  • Тэрыторыя вакол сучаснай вуліцы Ленінскай на адрэзку паміж кінатэатрам "Юбілейны" і чыгункай называлася "Каменкай". Назву сваю атрымала ад рачулкі Каменкі. Рачулка выцякала з парку, у яе быў прыток, які пачынаўся каля заходняга краю стадыёна.
  • Тэрыторыя сучаснага мікрараёна Касманаўтаў з сярэдзіны XVI ст. называлася Куроўшчына. Каля 1550 г. вёска Куроўшчына належала Куроўскім, адсюль і назва. У 1696 г. мсціслаўскі ваявода Аляксандр Масевіч запісаў Куроўшчыну на карысць Лідскага прыходскага касцёла. У 1854 г. Куроўшчына перайшла ва ўласнасць горада Ліды ў абмен на фальварак Зарэчча. У 1920-х гадах назва Куроўшчына знікла, з'явілася новая - "Маргі" (морг - участак зямлі плошчаю 0,71 га).
  • Забалочаная тэрыторыя, што прымыкала да рэчкі Каменкі агульнай плошчай 345 дзесяцін (377 гектараў) выкарыстоўвалася да 19 ст., як паша для жывёлы і коней, і называлася Выганам. У 1930-е годы Выган быў асушаны і на яго тэрыторыі вырас мікрараён - гонар тагачасных гарадскіх уладаў. Тут былі пабудаваныя цагляныя будынкі бальніцы (1921-23), школы (1926-29), гімназіі (1929-30), паштамта (1935), жылыя дамы для лідскіх чыноўнікаў. Гэтая частка Выгана паміж паркам і стадыёнам у 30-е годы насіла назву "Вялікая Ліда".
  • "Вісманты" - тэрыторыя на поўдзень ад каталіцкіх могілак, якая прымыкае да сучаснай вул. Энгельса. У 1507 г. паляўнічы Захарыяш Кузьміч атрымаў ад караля Жыгімонта 6 валок (128 гектараў) зямлі на паўднёвай ускраіне горада. Мясцовасць гэтая па меншай меры да 1717 г. так і называлася "Кузьмішкі". У 1668 г. Кузьмішкі перайшлі ва ўласнасць Аляксандра Вісманта. Пазней Кузьмішкі былі падзелены паміж шматлікімі сваякамі і пачалі называцца Вісманты. У 1797 г. у Вісмантах былі закладзены могілкі, якія ў наступныя паўтары стагоддзі служылі месцам успакаення каталіцкай шляхты. Род Вісмантаў займаў высокія пазіцыі ў лідскай эліце. Лявон - Пётр Вісмант у 1906-14 гг. быў бурмістрам горада.
  • З паўднёвага боку горад заканчваецца "Навапрудцамі". Гэтае паселішча вядомае з канца XVIII ст., сваю назву атрымала ад ставаў, якія ўзніклі пры будаўніцтве млына на рэчцы Лідзейцы.
  • "Пастаўшчына" - фальварак за р. Лідзейкай на левым баку дарогі да Дворышчаў", вядомы з канца XVII ст. Ім валодалі віленскі падкаморы Міхал Гансоўскі, затым лідскі зямельны рэгент Томаш-Язэп Умястоўскі. У 1775 годзе фальварак Пастаўшчына ўваходзіў у склад маёнтка Пастаўшчына, якому належалі таксама млын на р. Лідзейцы і в. Раслякі. У красавіку 1778 г. Умястоўскі прадаў маёнтак Пастаўшчыну манахам-піярам за 26000 злотых. Наяўнымі манахі заплацілі 11 тысяч і прынялі да выканання доўг у суме 15 тысяч на карысць Міхала Эйсманта.
  • "Раслякі" - вёска з 6 жылымі дамамі, у якіх жылі сяляне Федаровічы, у красавіку 1778 г. перайшла манахам-піярам, а ў сувязі з ліквідацыяй кляштара, - у дзяржаўны скарб. У пачатку 20 стагоддзя Раслякі - вёска з шасцю дзесяткамі жыхароў на 123 дзесяцінах зямлі. У 1912 г. у Расляках жылі сяляне: Васнеўскія, Размялевічы, Бамрэз, Бяляўскія, Болуці, Федаровічы, Лаўцы.
  • Ліда з прыгарадамі на мапе 1909 г..
  • У 1920-я гг. на поўнач ад Раслякоў, паміж сучаснымі вуліцамі Міцкевіча і чыгункай існавала яшчэ невялічкае паселішча з назвай "Крыўцы".
  • "Зарэчча" - гэта сучасная вуліца Калініна і прылеглыя да яе вуліцы ды завулкі. Паходжанне назвы відавочнае - паселішча "за рэчкай". Як прадмесце Ліды Зарэчча вядомае з інвентара 1680 г. Складалася з фальварка, замкавай зямлі і пляцаў, якія знаходзіліся ў распараджэнні магістрата. Фальварак спачатку належаў Куроўскім, затым перайшоў ва ўласнасць Кулешаў (Куляшоў), потым Гадэбскіх і нарэшце дастаўся лідскаму харунжаму Францу Язэпу Масевічу.
  • На ўсходняй ускраіне Зарэчча ў першай палове ХХ-га стагоддзя існаваў невялікі засценак "Мастоўшчына". Там жылі сем'і Паўлоўскай і Осіпа Вяжаля. У 30-я гады Мастоўшчына існавала, як фальварак.
  • З паўднёвага ўсходу гарадская тэрыторыя завяршаецца Паўднёвым гарадком, які з'явіўся ў 1907 г., калі ў Ліду была пераведзена 9-я паветраплавальная рота. У 1910-1912 гг. вайсковая будаўнічая камісія на выкупленых дзяржавай у Івана і Міхала Садоўскіх з маёнтка Перапечыца землях пабудавала казармы і жылыя дамы для афіцэраў.
  • Тэрыторыя ўздоўж сучаснай вуліцы Свярдлова доўгія гады называлася "Закасанка". Сваю назву атрымала ад яўрэя Закса, які на паўночнай ускраіне горада, за праваслаўнымі могілкамі пабудаваў карчму. Аматары выпіць празвалі гэтую карчму "Закасанка". У пачатку ХХ-га ст. Закасанка ператварылася ў буйное паселішча са шматлікімі жыхарамі, што працавалі на прамысловых прадпрыемствах Ліды. У 1930-х гадах магістрат горада Ліды ўздоўж вуліцы Рачной прадаваў землі бедным людзям участкамі па 20 сотак у крэдыт на 10 гадоў.
  • Чуць далей на поўнач знаходзілася вёска Стругі. Назва паходзіць ад плыні, якая адходзіла ад Лідзейкі ў заходнім кірунку. Яе жыхарамі перад вайной былі Хрулі, Корзуны, Андраеўскія, Чарнавусы, Запаснікі, Эйдыты, Юшкевічы, Банцавічы, Шымчыкі.
  • "Акопы" - тэрыторыя вакол сучаснай вуліцы Тухачэўскага, сваю назву атрымала перад Другой сусветнай вайной, калі там праводзіліся бесперапынныя вучэнні з капаннем незлічоных акопаў, балазе, зямля там пясчаная.
  • Паўночны гарадок быў пабудаваны для 172 Лідскага пяхотнага палка ў 1905 - 1912 гг. Былі пабудаваы трохпавярховыя жылыя будынкі плошчай да 700 м.кв. для афіцэрскага складу, казармы, штаб і канюшні. Будынкі пабудаваны ў стылі рускага нэакласіцызму, атынкованы, на блякла-жоўтым тынку белым колерам выдзелены карнізы, дэнтыкулы, трохкутныя франтоны. Кватэры плошчай да 54-55 кв.м. вышыня столяў - 3,2 м. Дамы адрозніваюцца колькасцю вокнаў, пад'ездаў. У 30-я гады ў гарадку размяшчаўся 77 пяхотны полк і мікрараён называўся "Кашары" (Казармы).
  • Вёска "Дварцовая Слабада" некалі ўваходзіла ў склад вялікакняскіх зямель двара Лідскага старасты. Дзякуючы гэтым абставінам вёску назвалі Дварцовай. Слова "слабада" - ад слова "свабода". Каля 1860 г. на землях в. Дварцовая Слабада вырашана было заснаваць калонію. Мясцовыя ўлады пасялілі там чатыры яўрэйскія сям'і: дзве сям'і Ліпнішскіх, адну Баруховічаў і яшчэ адну з забытым прозвішчам. Праз некаторы час, калі справа пра пасяленне яўрэеў на Дварцовай Слабадзе дайшла да Пецярбурга, высветлілася, што тэрыторыю гэтую праектанты прызначылі пад засяленне праваслаўных сямей. Патрабавалася высяліць яўрэйскія сем'і, якія да таго часу там грунтоўна атабарыліся. Каля 20 дзесяцін нарэзанай зямлі для кожнай з сямей уяўлялі немалую каштоўнасць. Яўрэі пайшлі на "дальнабачны кампраміс" і прынялі праваслаўе. Пасля хрышчэння і прыпісвання да царквы Ліпнішскія прынялі прозвішча Ліпінскіх, Баруховічы сталі Барысевічамі, а чацвёрты яўрэй стаў Крыжаноўскім. У 1866 годзе надзеленыя землі былі аддадзены на выкуп і асаднікі паспяхова заняліся земляробствам. У 1884 г. была пушчана ў дзеянне чыгунка Вільня - Ліда - Лунінец . Цераз 20 гадоў, у 1903-05 г.г. была пракладзена лінія Маладэчна - Ліда - Ваўкавыск. Пры будаўніцтве чыгункі сем'і, што жылі ў Дварцовай Слабадзе, мелі добрыя заробкі. Пры гэтым дочкі, якія былі немалой прыгажосці, знайшлі сабе мужоў сярод чыгуначных жандармаў. Паступова пачалі з'яўляцца новыя сямейныя агмені, усё новыя домікі і пабудовы. Па меры падрастання моладзі, жыхары Дварцовай Слабады змянілі характар сваёй дзейнасці, перайшоўшы з хлебаробства на транспарт. Мікрараён пачаў пашырацца. Слабада разбудавалася ў 30-я годы, з'явіліся ўласныя лаўкі, аптэчны склад, лазня, пажарная вежа, участак паліцыі, будынак 7-класнай усеагульнай школы.
  • "Урочышча Сойкішкі", або, як цяпер кажуць, Хасанаўская вядомае з 1785 г.

З большага, гiстарычныя назвы вулiц захавалiся да 20-х гадоў нашага стагоддзя. На пачатку 20-х гадоў вулiцы горада былi пераiменаваны. Вiленская атрымала назву Сувальскай (41 Сувальскага палка. Гэты полк не пусціў у Лiду часткі Чырвонай Армii, якія ўцякалі пасля паразы пад Варшавай). Каменская вулiца атрымала назву 3-га Мая, у гонар Канстытуцыi 1794 г. Замкавая i Крывая захавалi свае назвы, а Зарэчча стала Вызваленнем. Былi пераiменаваны i многiя iншыя вулiцы. 26 мая 1955 г. рашэннем гарвыканкама зацверджаны спiс новых найменняў вулiц горада. У спiсе 166 вулiц, з iх 100 пераiменаваныя. З гэтымi назвамi вулiц Лiда жыве і сёння.

Апошні раз вуліцы горада былі пераiменаваны ў 2010 г. У горадзе з’явіліся вуліцы Грунвальдская і Замкавая, а таксама бульвар Гедыміна і праспект Перамогі. Вуліца Грунвальдская з’явілася на участку былой вуліцы Энгельса, ад Савецкай у Фарнага касцёла да перасячэння з вуліцай Радзюка каля старых каталіцкіх могілак. Вуліца Замкавая зменіла сваё размяшчэнне. Дамы адной з самых старых вуліцаў горада - Замкавай знеслі і вуліца знікла, вызваліў месца для новага возера. У Замкавую вуліцу перайменавалі частку вуліцы Камсамольскай ад Фарнага касцёла да вуліцы Перамогі. Пешаходная вуліца ад аўтавакзала да замка (былая - Чапаева), перайменавалі ў бульвар князя Гедыміна. Таксама ў горадзе з’явіўся праспект Перамогі.

* * *

Лідчына, як і ўвогуле Вiленшчына, для многіх мастакоў была крыніцай натхнення і месцам мастацкага сталення. Цікавае гістарычнае мінулае, прырода вабілі такіх майстроў пэндзля і алоўка як Ю. Пешка, В. Гразноў, В. Дмахоўскі, М. Кулеша, Н. Орда, Я. Драздовіч. Што тычыцца Ліды, то гэтаму спрыяла і выгаднае геаграфічнае становішча: побач Гародня, Вільня, Наваградак - першая сталіца ВКЛ.

Адзін з першых малюнкаў Лідскага замка i горада належыць Юзэфу Пешку (19.02.1767 Кракаў. - 4.9.1831), польска - беларускаму мастаку. Ю. Пешка - прадстаўнік акадэмічнага класіцызму, асноўнага накірунку ў мастацтве Рэчы Паспалітай у канцы XVIII-га - пачатку XIX-га стагоддзя.

Існуе малюнак Ліды Міхала Кулешы (1795.1800? - 1863), які змешчаны ў альбоме, які выдаў Юзэф Крашэўскі.

Літаграфія краязнаўца, рысавальшчыка, даследчыка старажытнай беларускай архітэктуры, матэрыяльнай культуры і мастацтва В.Гразнова (?-- 27.2.1909 г.) "Выява Лідскага замка 14 ст." захоўваецца ў Эрмітажы. В. Гразноў замаляваў замак з паўднёва-заходняга боку. Малюнак датуецца другой паловай XIX ст. і гісторык Алег Трусаў лічыць, што найбольшай дакладнасцю вызначаецца менавіта карціна В. Гразнова.

Н. Орда намаляваў Лідскі замак, суправадзіўшы літаграфію гістарычнай даведкай: "Вельмі старажытнае мястэчка, руіны замка, пабудаванага вялікім князем Літоўскім Гедымінам у 1323 г. У замку бывалі вялікія князі Вітаўт, Ягайла, Аляксандар Ягелончык. Тут пражываў Тактамыш - хан татарскі. Старастам Ліды быў Хаджы Гiрэй - пазнейшы хан крымскі. Замак разбураны ў вайну са шведамі".

У 1929 г. Язэп Драздовіч выдаў альбом "Ліда". Ён занатаваў: "Учора і сёння меў прыемнасць аглядаць велічава прыгожыя муры, як старажытнейшы помнік нашай краёвай беларускай архітэктуры".

У музеях і прыватных калекцыях ёсць шмат цікавых фатаздымкаў Ліды канца XIX ст. - пачатку XX ст. З пачатку XX ст. выдаваліся паштоўкі з відамі г. Ліды, гэта:

  • некалькi камплектаў паштовак да 1914 г.
  • вялікая колькасць паштовак Ліды пры нямецкай акупацыі ў 1915 - 18-х г.
  • некалькi камплектаў паштовак ў час, калі Ліда ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы,
  • у розныя часы адзіночныя паштоўкі горада.

Агульную колькасць гістарычных паштовак Ліды таго часу прыблізна можна вызначыць у 250 - 300 адзінак.

У 1917 г. пры нямецкай акупацыі выйшла кніга "Лiда ўчора i сёння" з 25 малюнкамі горада.


* * *


Горада з паштовак больш няма. 22 - 23 чэрвеня 1941 г., пасля бомбавых удараў i пажараў, культурна - гiстарычны цэнтар горада перастаў iснаваць, засталiся касцёлы, замак, але памiж дзвумя касцёламi (Фарным i Пiяраў) не захавалася нiводная пабудова. Вось як апiсвае ранiцу 24 чэрвеня Е. Ярмонт у сваiх мемуарах : " ... знiкла бiблiятэка, куды я часта заглядвала, i гатэль, дзе я нi разу не была, быццам растварылася ў паветры маленькая кнiжная крама панi Шкоп разам з школьнымi падручнiкамi. ...знiклi кiнатэатры з непранумерованымi месцамi, дзе можна было праглядзець некалькi сеансаў запар. Зруйнавалicя ўсе крамы, вялiкiя i малыя, тыя самыя, з элеганцкiмi вiтрынамi, аб шкло якiх расплюшчвалiся нашыя насы ў захапленнi ад шакаладных зайчыкаў, баранак i яек з сюрпрызамi ўнутры. I тыя, з абуткам, у якiх прадавец садзiў маленькага клiента на столiк i, стоячы на каленах, прымяраў яму некалькi пар боцiкаў. ... перасталi iснаваць крамы вопраткi, дзе прадавец сам адзяваў клiента, расхвальваючы тавар так, што кожная наступная рэч, па яго меркаванню, была больш шыкоўная ... толькi ва ўcпамiнах засталicя тэкстыльныя крамы, гаспадары якiх сустракалi кожнага патэнцыйнага пакупнiка шмат разоў пакланiўшыся i асабiста праводзiлi да двярэй, запэўнiваючы ў сваёй гатоўнасцi служыць i далей. А гэтыя мясныя крамкi, каля якiх немагчыма прайсцi з-за пахаў ... гэты мiр знiк ... па абадва бакі вул. Сувальскай... узвышалiся высокiя завалы з абпаленай цэглы i жалеза."

Амаль цалкам былi вынiшчаны лiдскiя яўрэi. Пасля вайны мала засталося карэнных лiдзян: НКУС, вайна, некалькi хваляў эмiграцыi ў Польшчу, усё гэта пераўтварыла наш горад у "нармальны савецкi". Мэта кнігі - вяртанне гораду гістарычнай памяці, калі гэта яшчэ магчыма.


Лiтаратура:

  1. Беларуская энцыклапедыя. Т.9., Мн. 1999.
  2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.4., Мн. 1997.
  3. Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1839. T. 5.
  4. Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння. Мн. 1991. С.100.
  5. Лаўрэш Леанід. Лідская Дайнава. Наша Слова №22 (965), 2 чэрвеня 2010 г.
  6. Лаўрэш Леанід. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. Гістарычны Альманах. Т. 13. 2007. С. 109-118.
  7. Лаўрэш Леанід. Персанажы Шэкспіра – ў Літве. Генры Персі Хотспур. Наша Слова. № 35 (874), 27 жніўня 2008 г.
  8. Лаўрэш Леанід. Персанажы Шэкспіра – ў Літве. Джон Бафорт. Наша Слова. № 42 (881), 15 кастрычніка 2008 г.
  9. Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987. С. 35-41.
  10. Трусаў А. Старадаўнiх муроў адраджэнне. Мн. 1990.
  11. Наш Радавод. Кнiга 6. 1993. Ліда.
  12. Ярмонт Е. В тени замка Гедимина. Лида. 1995.
  13. Кулеш А.Ф. Горад Лiда: Гiсторыя, легенда, факты. Лiда. 1994.
  14. Лiдскi летапiсец № 7, 8, 9, 10, 17, 18, 19, 20, 21, 22.
  15. Narbutt M. Lida i Lidziane. // Ziemia Lidzka. № 26-27., 1997 r.
  16. Przewodnik po Litwie i Bialejrusi. N.Rouba. Wilna, 1909. S.107-109.
  17. Nowogrodek i okolice. J. Zmicorodzki. Nowogrodek, 1931.
  18. Ksiega Adresowa Handlowa , Warszawa-Bydgoszcz. 1929.
  19. Lida prawdziwa. Jozef Kordasz. Olsztyn, 1997.
  20. Zіemia Lidzka. № 17, 37
  21. Abramowicz Wladyslaw. Slobodka - przedmiescie Lidy. // Zіemia Lidzka №1(53), 2003.
  22. М. Шымялевіч. Горад Ліда і Лідскі замак. // Віленскі каляндар. Вільня, 1906.
  23. Szymielewicz M. Dzieje pijarow Lidzkich. // Ziemia Lidzka. 1937. № 1.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX