Вярнуцца: Лаўрэш Л. Лiда на старых паштоўках

Чыгуначны вакзал, чыгунка Railway station, railway


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 23.03.2001,
Крыніца: pawet.net.



(42KB) Першы лідскі вакзал, канец ХІХ ст. Фотаздымак Давіда Візуна.(36KB) Чыгуначны вакзал, 1-я сусветная вайна.(65KB) Чыгуначны вакзал, 1915 г..













(32KB) Чыгуначны вакзал, 1910 г..(22KB) Чыгуначны вакзал, перад 1-й сусветнай вайной.(41KB) Чыгуначны вакзал, пачатак ХХ-га ст..













(31KB) Чыгуначны вакзал, пачатак ХХ-га ст..(31KB) Чыгуначны вакзал, прыкладна 1917 г..(36KB) Чыгуначны вакзал, прыкладна 1917 г..













(28KB) Чыгуначны вакзал, 1917 г..(37KB) Чыгуначны мост каля сучаснай бальніцы, пачатак XX-га ст..(38KB) Чыгуначны мост каля сучаснай бальніцы, прыкладна 1917 г..













(30KB) Уланы с Нясвіжа на чыгуначным вакзале, 30-я гады.(18KB) Чыгуначны вакзал, канец 20-х пачатак 30-х гадоў.(22KB) Чыгуначны вакзал падчас 2-й Сусветнай вайны.














(46KB) Cтанцыя 'Неман' (вёска Сялец) 30 км. ад Лiды, Лiдскi павет. Канец XIX ст..















Пытанне аб пабудове разгалінаванай сеткі ваенна-стратэгічных чыгуначных ліній на Палессі было вырашанае на сакрэтных нарадах Расійскага Генеральнага штаба яшчэ ў 1873 г. План будаўніцтва чыгунак ў Палессі быў зацверджаны 14 лютага 1883 г. Аляксандрам III. 12 мая прыступілі да ажыццяўлення гэтага плана. Участак Вільня - Лунінец (з адгалінаваннем Лунінец - Пінск, усяго 353 вярсты) адкрыўся для рэгулярнага руху 30 снежня 1884 г. У гэты дзень па мосце з боку Вільні цераз Ліду на Баранавічы прайшоў першы цягнік. Тады ж уведзена ў эксплуатацыю чыгуначная станцыя Ліда на плошчы 6,83 га. і было пабудавана паравознае дэпо з бутавага каменю на два паравоза серыі "Чн".

Чыгунке абавязаны сваім нараджэннем горада Баранавічы, Маладзечна, Асіповічы, Жабінка, Жлобін, Лунінец і інш. Дзякуючы чыгунке набылі другое дыханне старыя беларускія гарады - Ліда і Ворша. У той жа час старажытныя і славутыя гарады - Мсціслаў, Нясвіж, Наваградак разам з адсутнасцю чыгункі былі пазбаўленыя стымулу для эканамічнага развіцця [1].

Квіткі на цягнік былі не танныя, з Віленскага календара за 1899 г. можна даведацца, што нават пасля падніжкі коштаў за праезд, якая адбылася 1 снежня 1894 г., квіток ад Ліды да Вільні каштаваў: у першым класе 3 рубля 20 капеек, у другім - 1 рубель 92 капейкі і ў трэцім класе - 1 рубель 28 капеек [2]. Пры тым, што ў Еўрапейскай Расіі, гадавы даход на чалавека ў 1900 г. складаў 63 рубля [3], гэта сярэдняя лічба і шмат людзей не зараблялі і гэтулькі, а ў Беларусі сярэдні заробак быў ніжэй чым па Еўрапейскай Расіі. У 1896 г., чалавек, які адназначна быў часткай гарадской эліты Ліды, наглядчык (дырэктар) самай грунтоўнай на той час навучальнай установы ў горадзе - павятовага двухкласнага вучылішча Свідэрскі С. С. зарабляў 500 рублёў у год (так сама яму выплачваліся грошы за арэнду кватэры) [4].

Разам з Палескай чыгункай ў Лiдзе быў пабудаваны першы драўляны вакзал які добра бачны на фотаздымку. Так сама на фотаздымку каля драўлянага вакзала знаходзіцца праваслаўная капліца, пабудаваная ў 1897 г. Малюнак і праект капліцы зрабіў студэнт, будучы архітэктар і інжынер Катовіч М. І.

Буйным аб'ектам дзяржаўнага чыгуначнага будаўніцтва стала пракладка лініі Полацк - Седлец (будавалася ў 1902-1907 г., 590 вёрстаў), якая прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач і мела адгалінаванне Масты - Гродна. Фінансавы бок забяспечыла французская пазыка. Кіраваў будаўніцтвам Уладзімір Віктаравіч Цімафееў-Рэсоўскі (1856-1913 г.). Яго сын, вучоны-генетык з сусветнай вядомасцю, Мікалай Цімафееў-Рэсовскі, так успамінаў пра бацьку: "Ён толькі будаваў жалезныя дарогі і ніколі не працаваў на эксплуатацыі. Пабудаваў ён у былой Расійскай імперыі каля 15 000 вёрстаў чыгунак і быў буйным інжынерам-пуцейцам, які стварыў свайго роду практычную школу інжынераў". Талент інжынера і арганізатара Цімафееў-Рэсовскі з бляскам праявіў на беларускай зямлі. Яму ўдалося з'эканоміць больш за 12 млн. руб., гэта больш за 15% з амаль 81 млн. руб., запланаваных па каштарысе выдаткаў на будаўніцтва. Выпадак беспрэцэдэнтны на фоне казнакрадства, якое звычайна суправаджала збудаванне чыгунак у Расійскай імперыі. На пачатку студзеня 1907 г. новая лінія здаецца ў пастаянную эксплуатацыю, прычым участак ад Балагое да Ваўкавыска перадаецца Мікалаеўскай дарозе, а ад Ваўкавыска да Седлеца - Прывісленскай дарозе. У 1910 г. ўчастак Ваўкавыск - Полацк (куды ўваходзіла і станцыя Ліда) уключаны ў склад Палескай дарогі [5].

Чыгуначная лінія паміж Лідай і Маладзечнам прайшла проста праз маёнтак мастака Фэрдынанда Рушчыца – Багданаў. У сваім “Дзённіку” [6] мастак занатаваў некалькі эпізодаў будоўлі:

Багданаў, 25.08 (1901)
Прыехалі інжынеры [7]. Яны тут, у Багданаве, нечакана. Не папярэджваючы нікога, не пытаючыся, хаця б з далікатнасці, пра дазвол, вядуць лінію, высякаюць трасу ў лесе, замяраюць будынкі. Адносна нас, грамадзян тутэйшага краю, іх не абавязвае да гэтага не толькі права, але нават элементарныя законы прыстойнасці.

Багданаў, 27.08 (1901)
Зноў іншая траса. Зараз каля самага маёнтка, так што, можа, прыйдзецца знесці толькі што пастаўленае гумно і хлеў. Маёнтак будзе пасечаны на кавалкі. Амаль цэлую ноч думкі пра будучыню Багданава, пра клопаты, змены, якія прыўнясе будоўля чыгункі ў гаспадарку, не даюць мне заснуць.

Багданаў, 27.06 (1902)
Я змог сёння растраціць шмат энергіі, і гэта для мяне добра Ад 11-й да 6-й хадзіў з эканомам па лесе, па трасах, вызначаных інжынерамі. На зямлі скрозь сляды людской нікчэмнасці, ашуканства і крадзяжу, але над гэтым усім узвышаўся гонкі, ганарысты лес - рэшткі старажытных волатаўскіх лясоў.

Багданаў, 30.06 (1902)
У нас Ягміны [8] і інжынеры. Відавочна, яны пад уражаннем атмасферы ў Багданаве. Калі зайшла размова пра «Ашмянскі павет» [9] і пра захаванне даўніны, Ягмін Ян Максімільянавіч не вельмі добра сябе адчувае.

Багданаў, 01.08 (1902)
Хоніг [10] у нас. Паведамляе, што зацверджана лінія (праектаванай чыгункі) вышэй млына. Для нашай гаспадаркі гэта вельмі нязручна. Дзіўна, што пра станцыю ніхто не вядзе гаворкі.

* * *

У 1906 г. было пабудавана новае цаглянае дэпо на 4 паравоза і адміністрацыйны 2-х павярховы будынак.

Міхал Шімялевіч пісаў ў 1906 г.: "У г. Лідзе размешчаны злучаны вакзал Палескай і Балагое-Сядлецкай чыгунак" [11]. Новы цагляны вакзал ў Лідзе пабудаваны да 1910 г. па тыпавому праекту. Першую сусветную вайну будынак лідскага вакзала згарэў.



[1] Киштымов Андрей. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны Альманах. 2002. Т. 7. С.116-145.

[2] Виленский календарь на 1899 г. Вильна. 1898. С. 91.

[3] Рубакин Н.А. Россия в цифрах. Страна. Народ. Сословия. Классы. Опыт статистической характеристики сословно-классового состава населения русского государства. СПб. 1912. С. 206-207.

[4] Памятная книжка Виленского учебного округа. Вильна. 1896. С. 139. Для параўнання: 1 кг самай лепшай ялавічыны каштаваў не больш за 60 капеек, батон белага здобнага хлеба 300 грам - 7 капеек, чырвонагалоўка (чырвоны корак), гарэлка, якую звалі ў народзе «казёнка», каштавала за бутэльку (0,61 літра) 40 капеек. «Белагалоўка» (белы корак) - гарэлка двайны ачысткі, каштавала 60 капеек. Піва на разліў танных гатункаў каштавала ад 6 да 10 капеек за 1 літр (бутэлькавае піва з-за кошту шкла было даражэй у сярэднім на 20 капеек за бутэльку). У карчме горада, заплаціўшы 5 капеек, можна было выпіць 50 грамаў таннай гарэлкі і закусіць салёным агурком за 1 капейку. Наесціся ў такой карчме можна было за 10 капеек. У сярэднім, за поўны абед з алкаголем у рэстаране Вільні трэба было заплаціць 1,5-2 рублі, у Лідзе, вядома ж менш.

[5] Киштымов Андрей. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны Альманах. 2002. Т. 7. С.116-145.

[6] Рушчыц Ф. Дзённік — Мн.: Медысонт, 2002.

[7] Інжынеры вызначалі трасу запраектаванай лініі чыгункі Ліда-Маладзечна, якая праходзіла праз землі, што належалі Багданаву і Вайгянам.

[8] Ягмін Ян Максімільянавіч (? - пасля 1919) - уладальнік маёнтка Гальшаны ў Ашмянскім павеце, з часткова разбураным Сапежынскім замкам; з 1888 г. маршалак ашмянскай шляхты па прызначэнню; жонка з Гарбанёвых.

[9] Маёцца на увазе кніга: Czesław Jankowski. Powiat Oszmiański. Petersburg, 1896.

[10] Хоніт - інжынер чыгункі. У 1902-1903 гг. будаваў чыгуначную лінію Ліда-Маладзечна, якая праходзіла праз Багданаў.

[11] Шимелевич М. Виленский календарь. Вильно. 1906. С. 37-57.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX