Вярнуцца: Кнігі

Насевіч В.А. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст.


Аўтар: Насевіч В.А.,
Дадана: 23-09-2009,
Крыніца: Мн.: БелЭН, 1993.



  1. Табліца 1. Радаводы полацкіх, турава-пінскіх і гарадзенскіх князёў у 12 - 13 ст. (zip 9kb)
  2. Табліца 2. Дынастыі вялікіх князёў літоўскіх у 13-14 ст. (zip 10kb)
  3. Табліца 3. Радаводы Гедымінавічаў - вялікіх і ўдзельных князёў у 15-16 ст.(zip 10kb)
  4. Табліца 4. Магнацкія роды, прадстаўнікі якіх займалі найважнейшыя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім на працягу 15-1-й паловы 16 ст. (zip 14kb)
  5. Табліца 5. Радавод Радзівілаў (16-18 ст.) (zip 8kb)
  6. Табліца 6. Радаводы магнацкіх родаў, якія дасягнулі росквіту ў 16-17 ст. (zip 8kb)
  7. Табліца 7. Радавод Сапегаў (zip 11kb)
  8. Табліца 8. Радавод князёў Агінскіх у 16-18 ст. (zip 8kb)
  9. Табліца 9. Радавод Пацаў у 16-18 ст. (zip 7kb)
  10. Дадатак

Зараз усё больш людзей звяртаецца не толькі да папулярных, але і да навуковых прац па гісторыі Беларусі, летапісаў і збораў дакументаў. Непадрыхтаванаму чытачу часам цяжка разабрацца ва ўзаемаадносінах дзеючых асоб. На дапамогу павінна прыйсці генеалогія - навука, якая вывучае паходжанне і роднасныя суадносіны гістарычных асоб. Мы прапануем увазе чытачоў генеалагічныя табліцы, прысвечаныя родам, што на працягу сярэдніх вякоў стваралі асноўнае кіруючае кола спачатку старажытнарускіх княстваў, а потым Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага - дзяржаўных утварэнняў, у нетрах якіх разам з літоўскім і часткова ўкраінскім народамі сфарміраваўся беларускі народ.

Сацыяльны лад сярэдневяковага грамадства быў такім, што паходжанне асобы ледзь не цалкам вызначала яе ролю ў гісторыі. Часам ад колькасці сыноў у правіцеля залежаў нават лёс дзяржавы. Згасанне мясцовых дынастый у Полацкім і Галіцка-Валынскім княствах было адным з фактараў іх уключэння ў Вялікае княства Літоўскае. Другі паваротны момант нашай гісторыі - дзяржаўная унія Польшчы і Вялікага княства Літоўскага ў выніку абрання Ягайлы польскім каралём - таксама быў бы немагчымы, калі б захаваласн польская дынастыя. Таму генеалогія княжацкіх родаў шмат у чым дапамагае разабрацца.

У 15-16 ст. на першы план выйшла групоўка паноў-магнатаў, якая праз гаспадарскую раду - вышэйшы орган пры вялікім князі (гаспадары) - удзельнічала ў кіраванні дзяржавай. У 2-й палове 16 ст. роля гэтай групоўкі (паноў-рады) крыху паменшала. На польскі ўзор рада была пераўтворана ў Сенат, які дзейнічаў паміж скліканнямі вышэйшага органа - шляхецкага сойма. Юрыдычна магнаты мелі такія ж правы, як і шляхта, але фактычная іх вага была значна большай. Беларуска-літоўскае магнацтва захавала самастойнае значэнне і пасля 1569 г., калі паводле Люблінскай уніі Польшча і Вялікае княства Літоўскае аб'ядналіся ў федэратыўную дзяржаву пад назвай Рэч Паспалітая (даслоўны пераклад лацінскага res publica - агульная справа, дзяржава, рэспубліка) на чале з выбарным каралём. Але і ў 17-18 ст. магнаты заставаліся найбольш уплывовым грамадскім пластом, хоць цяпер ён ужо не меў юрыдычна акрэсленых межаў. Менавіта магнаты кіравалі войскам у шматлікіх войнах, распрацоўвалі дзяржаўныя статуты, засноўвалі мястэчкі і замкі, друкарні і тэатры, касцёлы, цэрквы і пратэстанцкія зборы.

У генеалагічных табліцах прыведзены радаводы тых княжацкіх родаў, прадстаўнкі якіх станавіліся вялікімі князямі, валодалі ўдзельнымі княствамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Другую групу табліц складаюць радаводы найбольш славутых магнацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага. Асноўным крытэрыем для вызначэння такіх родаў з'яўляецца ўстойлівае займанне іх прадстаўнікамі вышэйшых дзяржаўных пасад, якія давалі права на галоўныя месцы ў радзе і Сенаце: ваяводы і кашталяна віленскага, ваяводы і кашталяна троцкага, біскупа віленскага. Радаводы даведзены да канца 18 ст. - часу, калі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Вялікае княства Літоўскае перастала існаваць, а яго тэрыторыя была далучана да Расійскай імперыі.

На жаль, тэхнічныя прычыны вымушаюць нас прыводзіць звесткі ў асноўным пра мужчынскіх прадстаўнікоў родаў. Уключэнне ў табліцы ўсіх жанчын прывяло б да павелічэння іх памераў удвая. Карыстацца такімі табліцамі было б нязручна. Таму жаночыя асобы знайшлі месца толькі ў тых выпадках, калі шлюбныя адпосіны мелі выключна важнае палітычнае ці маёмаснае значэнне, ці калі справа ідзе цра такіх славутых асоб, як Ефрасіння Полацкая і да т.п. Па гэтых жа прычынах не паказаны і асобы, якія памерлі ў дзіцячым ці юнацкім узросце і не адыгрывалі самастойнай ролі.

Звесткі пра названых у табліцах асоб не заўсёды дастаткова поўныя (асабліва гэта датычыць 12-14 ст.). У многіх выпадках іх паходжанне гіпатэтычнае, а гады жыцця выцначаны прыблізна ці ўвогуле ўмоўна. У такіх выпадках роднасныя адносіны пазначаны пункцірам, а даты і імёны - пытальнікам. У табліцах ужыты і пэўныя скарачэнні: біск. - біскуп, ваяв. - ваявода, кашт. - кашталян, нам. - намеснік. п. - пасля, р. - раней, пам. - памёр, уп. - упамінаецца. Скарочаны таксама і некаторыя геаграфічныя назвы: наўг. - наўгародскі, новагар. - новагародскі, пол. - полацкі, віл. - віленскі, троц. - троцкі, жам. - жамойцкі, смал. - смаленскі, берасц. - берасцейскі.

ТАБЛІЦА 1.

У табліцы 1-й прыведзены радаводы тых галін княжацкага роду Рурыкавічаў, якія ў 12-13 ст. мелі свае вотчыны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Галоўнае месца сярод іх займаў род "Рагваложых унукаў" - нашчадкаў вялікага князя Уладзіміра Святаславіча Кіеўскага (каля 950-1015) і Рагнеды Рагвалодаўны Полацкай (каля 955 - каля 1000) праз іх старэйшага сына Ізяслава (каля 975 - 1001). Паводле радавых законаў, пераемнікам роду, які абарваўся, мог стаць старэйшы нашчадак па жаночай лініі. Таму Ізяслаў быў пераемнікам свайго дзеда па маці - Рагвалода Полацкага, забітага каля 975 г. пры заваяванні Полацка Уладзімірам. Менавіта таму Ізяслаў атрымаў ад бацькі Полацкае кяяства. Ізяслаў памёр маладым яшчэ пры жыцці бацькі - Уладзіміра Святаславіча, таму прынцып атрымання ў спадчыну ўлады не дазваляў яго нашчадкам прэтэндаваць на ўдзел у Кіеўскай зямлі, тым больш на вялікае княжанне. Затое нашчадкі Ізяслава замацавалі за сабой Полацкую зямлю, якая стала іх вотчынай.

Сын Ізяслава Брачыслаў (каля 1000-1044) па дасягненні паўналецця княжыў у Полацку і перадаў яго свайму сыну Усяславу. Род нашчадкаў апошняга і прыводзіцца ў табліцы 1-й. Трэба мець на ўвазе, што крыніцы не даюць магчымасці дакладна вызначыць паслядоўнасць нараджэння сыноў Усяслава. Давыд лічыцца старэйшым з іх, бо ён пры жыцці братоў валодаў галоўным горадам - Полацкам. Аднак гэта магло быць і вынікам міжусобнай барацьбы паміж нашчадкамі Усяслава. Прынамсі, у час зняволення Усяслава ў Кіеве ў 1067 г. разам з ім былі Барыс і Глеб, Давыд жа не ўпамінаецца.

Палітычныя падзеі ў Полацкай зямлі даволі падрабязна разглядаюцца ў кнізе М.Ермаловіча "Старажытная Беларусь", таму няма неабходнасці дэталёва іх характарызаваць. Адзначым толькі галоўны прынцып размеркавання ўладанняў (хоць ён не заўсёды ажыццяўляўся на справе). Старэйшы прадстаўнік кожнай княжацкай сям'і звычайна займаў галоўны цэнтр сваёй вотчыны. Яго малодшыя браты і дарослыя сыны атрымлівалі часовыя ўдзелы. У выпадку смерці кагосьці з іх такі ўдзел перадаваўся наступнаму па старшынству, а ўсе астатнія перасоўваліся на адну пазіцыю ў парадку прэстыжнасці ўдзелаў. Але звычайна не ўсе прадстаўнікі аднаго пакалення паспявалі дачакацца чаргі на галоўны "стол". Той горад, у якім скончыў жыццё такі князь, лічыўся ў далейшым вотчынай яго сыноў. Іх удзелы вылучаліся ўжо толькі з тых гарадоў, што ўваходзілі ў апошні ўдзел іх бацькі.

Так, з братоў Давыда Усяславіча Рагвалод-Барыс валодаў Друцкім удзелам, Глеб - Менскім. Нягледзячы на тое, што ў 1129 г, полацкія князі былі часова пазбаўлены сваіх уладанняў і трапілі ў ссылку ў Візантыю, іх нашчадкі потым аднавілі статус-кво: сыны Барыса княжылі ў Друцку, а сыны Глеба - у Менску. Сыны Святаслава атрымалі Віцебскае княства (напэўна, ім валодаў напярэдадні высылкі сам Святаслаў, хоць яго ўдзел у крыніцах не названы). Нашчадкамі Давыда, магчыма, былі ізяслаўскія князі Брачыслаў і Валодша, якія ўпамінаюцца ў летапісе ў 1160 г., аднак самастойнай ролі яны не адыгрывалі. Галоўны горад Полацк стаў аб'ектам жорсткай барацьбы паміж уладальнікамі трох іншых удзелаў. Доўгі час яго аспрэчвалі Рагвалод-Васіль Друцкі і Расціслаў Менскі, затым у Полацку замацаваўся сын Васіля Віцебскага Усяслаў. Адпаведна брат яго Брачыслаў атрымаў Віцебск, а Друцк і Менск пачалі пераходзіць па чарзе да прадстаўнікоў тамашніх галін. Іх малодшыя родзічы павінны былі атрымліваць удзелы адпаведна з Друцкага і Менскага княстваў. Вядома, што ў Менскім княстве такім малодшым удзелам былі Лагожаск (Лагойск) і, напэўна, Ізяслаўль (Заслаўе). Пра ўдзелы Друцкага княства звестак няма. Можна меркаваць, што імі былі Барысаў і Свіслач. Прадстаўнікі віцебскай галіны, якія кантралявалі Полацк, маглі мець удзелы і ва ўласна Полацкім княстве (напрыклад, Лукомль, Браслаў), і ў Віцебскім (верагодна, Усвят, Орша).

Некаторыя малодшыя князі атрымлівалі ўдзелы з новадалучаных тэрыторый. Так, напачатку 13 ст. Полацк актыўна асвойваў тэрыторыю балцкага племя латгалаў, на якой з'явіліся княствы Герцыке і Кукенойс (Какнейсе). Існуе меркаванне, што князь Вячка з Кукенойса быў прадстаўніком друцкай дынастыі, хоць надзейных доказаў няма. Пра паходжанне герцыкскага князя Усевалада таксама цяжка сказаць штосьці дакладнае.

Калі Полацкая зямля адасобілася пад уладай "Рагваложых унукаў", то суседняя Тураўская зямля доўгі час заставалася пад непасрэдным кантролем Кіева. Вялікія князі кіеўскія вылучалі з яе складу ўдзелы для сваіх саюзнікаў і сатэлітаў. Так, у 1127 г. Клечаск (Клецк) знаходзіўся ва ўладанні Вячаслава Яраславіча - аднаго з беззямельных князёў-ізгояў (яго бацька Яраслаў, сын вялікага князя Святаполка Ізяславіча, страціў сваю вотчыну Валынь у выніку няўдалай барацьбы з Уладзімірам Манамахам і яго нашчадкамі). У 1146 г. новы кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч (з чарнігаўскай галіны) аддаў Клечаск і Случаск (Слуцк) сваім пляменнікам. Пасля гэтага лёс названых гарадоў не прасочваецца. Магчыма, яны так і засталіся пад уладай чарнігаўскіх князёў ці мелі нейкіх новых гаспадароў.

У 1152 г. малодшы брат Вячаслава Яраславіча Клецкага Юрый захапіў Тураў і здолеў не толькі ўтрымацца ў ім, але і ператварыць у сваю вотчыну. Ад яго пайшла асобная дынастыя тураўскіх князёў, якая паводле тых жа прынцыпаў пачала вылучаць і пераразмяркоўваць удзелы. Такімі ўдзеламі ў складзе Тураўскай зямлі сталі Пінск і Дубровіца (апошняя знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Украіны, крыху на поўдзень ад мяжы Беларусі). Старэйшы сын Юрыя Святаполк пакінуў нашчадкаў (летапіс упамінае іх пад 1204 г. як князёў тураўскіх Святаполчычаў, але не называе іх імёнаў). Таму Тураў хутка перастаў разглядацца як "старэйшы" горад. Ён, здаецца, ніколі не быў аб'ектам прэтэнзій для дзвюх малодшых галін, якія замацаваліся ў Пінску і Дубровіцы. Дакладна невядома, але можна меркаваць, што пінскія князі паходзяць ад Яраслава Юр'евіча, які памёр там, а дубровіцкія - ад яго брата Глеба, які ў канцы жыцця па старшынству заняў на кароткі час Тураў пасля Святаполка. Верагодна, малодшым удзелам Тураўскага княства быў Гарадзец (сучасны Давыд-Гарадок), які ў 14 ст. выступае як цэнтр асобнага княства. З Дубровіцкагд княства вылучыўся горад Сцяпань.

Прыкладна ў той жа час, што і Тураўская зямля, ад кіеўскіх уладанняў адпала Пабужжа з горадам Берасце (Брэст). Але яно не стала асобным княствам, а далучылася да Валыні, якая зрабілася вотчынай нашчадкаў Ізяслава Мсціславіча - старэйшага ўнука Уладзіміра Манамаха. Берасце з узнікшым пазней Кобрынам заставаліся ў складзе Валынскага княства да 14 ст.

А вось Панямонне, таксама першапачатковая ўласнасць Кіева (гэты абшар быў адваяваны ў ятвягаў і літвы, здаецца, яшчэ Яраславам Мудрым у 1-й палове 11 ст.), у 1-й палове 12 ст. ператварылася ў асобную вотчыну. Там уладкаваўся Усевалад Давыдавіч (яшчэ адзін князь-ізгой), сын Давыда Ігаравіча, што таксама страціў вотчыну ў выніку ўсобіц. Цэнтрам княства першапачткова быў Горадзен ці Горадна (сучаснае Гродна), ле тры сыны Усевалада павінны былі пры яго жыцці атрымаць удзелы. Магчыма, імі былі Ваўкавыск, Услонім (Слонім) і Новагародак (ці Ноўгародак - сучасны Навагрудак). Апошні ў 13 ст. выйшаў на першы план сярод гарадоў Панямоння.

Аднак у пытанні пра панямонскія княствы шмат спрэчнага. У прыватнасці, М.Ермаловіч схіляецца да думкі, што летапісны Горадзен не мае нічога агульнага з сучасным Гроднам (праўда, важкіх аргументаў не прыводзіць). Меркаванне пра кантроль Усевалада Гарадзенскага і яго сыноў над усім Панямоннем па Новагародак уключна - таксама толькі гіпотэза. Магчыма, Новагародак адносіўся да суседняга Менскага княства. На жаль, нічога невядома пра лёс гэтай тэрыторыі паміж 1183 г., калі ўпамінаецца сын Усевалада Мсціслаў, і 1235 г., калі ў першы і апошні раз з'яўляецца князь Ізяслаў Новагародскі. Ці быў ён нашчадкам Усевалада Гарадзенскага, ці належаў да нейкай іншай галіны - можна толькі гадаць.

Увогуле тэрыторыя Беларусі ў канцы 12-13 ст. амаль не згадваецца ў летапісах, таму лёс мясцовых дынастый у гэты час практычна не прасочваецца. Нават лёс Полацка пасля смерці князя Уладзіміра ў 1215 г. застаецца дыскусійным. У 1221 г. летапіс паведамляе пра захоп Полацка Смаленскам "пры князях Барысе і Глебе". Незразумела, ці так звалі тагачасных полацкіх князёў (сыноў Уладзіміра Полацкага, як лічаць некаторыя), ці папсаваны летапісны тэкст мае на ўвазе дзень святых Барыса і Глеба, што здаецца больш верагодным.

Пазней, аднак, у Полацку зноў з'явіўся князь з віцебскай (?) дынастыі - Брачыслаў, які ў 1239 г. выдаў сваю дачку за Аляксандра Неўскага. Як доўга ён пратрымаўся ў Полацку - невядома, як невядома і пра стан у гэты час менскай і друцкай дынастый. Магчыма, з апошняй паходзіў князь Ізяслаў Свіслацкі, што мільгануў у летапісе пад 1256 г. Не выключана, што ён жа быў полацкім князем - васалам літоўскага і новагародскага князя Войшалка ў 1267 г., калі ад імя Ізяслава складзена пагадненне Полацка з Рыгай. У гэтым даговоры ёсць загадкавая фраза: "а Ізяслаў са мною адно ёсць". Частка даследчыкаў схіляецца да таго, што гэта фраза ўстаўлена ад імя Войшалка. Іншыя ж лічаць, што яна, як і ўвесь астатні тэкст, напісана ад асобы Ізяслава, і на падставе гэтага мяркуюць пра існаванне ў той час іншага князя Ізяслава - з Віцебска, які падпарадкоўваўся Полацку. Пазней, аднак, Віцебск быў цэнтрам самастойнага княства. Напачатку 14 ст., калі Полацк належаў ужо літоўскім князям, апошні віцебскі князь (паводле больш позніх паданняў, яго звалі Яраслаў) выдаў у 1317 г. ці каля таго сваю дачку за князя Альгерда, да якога затым і адышоў Віцебск.

Менская дынастыя, напэўна, абарвалася амаль адначасова з віцебскай. Апошні раз князь Васіль Менскі названы у 1323 г., калі ён быў ужо васалам Гедыміна і ў якасці яго пасла ездзіў у Ноўгарад. У такой жа якасці крыху пазней, у 1349 г., згадваецца князь Сямён Свіслацкі. Уладанні гэтых князёў пасля іх смерці адышлі да вялікіх князёў літоўскіх.

На жаль, няма дакладных звестак пра выключна важныя падзеі, што адбываліся на беларускім Панямонні ў сярэдзіне 13 ст. Як адзначалася вышэй, у 1235 г, ў Новагародку княжыў нейкі Ізяслаў. Ён не быў апошнім з панямонскіх князёў, бо крыху пазней летапісы згадваюць яшчэ двух: Глеба, які ў 1257 г. быў цесцем галіцка-валынскага (і часова новагародскага) князя Рамана Данілавіча і валодаў, напэўна, Ваўкавыскам, а таксама Васілька Слонімскага, які ў 1280-я гады ўжо страціў сваю вотчыну і выступаў у якасці служылага князя пры Уладзіміры Васількавічы Валынскім.

Аднак у Новагародку пасля Ізяслава князем стаў чужынец - Міндоўг, прадстаўнік літоўскай дынастыі. Амаль адначасова з ім, каля 1247 г., нейкі літоўскі князь з'явіўся і ў Полацку - у гэтым годзе рымскі папа накіраваў сваю булу (грамату) "новаахрышчанаму князю Полацка". Пытанне пра з'яўленне літоўскіх князёў у старажытнарускіх гарадах вельмі складанае, ад яго залежыць агульная канцэпцыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Крыніцы не дазваляюць пэўна сцвярджаць, ці было ўладкаванне літоўскіх князёў вынікам добраахвотнага запрашэння з боку мясцовага баярства ці вынікам гвалтоўнага захопу ўлады (мог быць і нейкі прамежкавы, "добраахвотна-прымусовы" варыянт). Мы ўжо адзначалі, што гэты працэс "літвізацыі" княжанняў моцна залежаў ад генеалагічнага стану мясцовых дынастый: у гарадах, князі якіх мелі сыноў ці малодшых братоў, уладкавацне чужынца было малаверагодным. Такая верагоднасць значна павышалася, калі за вымарачны ўдзел разгортвалася барацьба паміж прадстаўнікамі бакавых галін - тут і ў мясцовага баярства з'яўлялася свабода для манеўра, магла вырашыць справу і ваенная моц літоўскай дружыны.

Друцкая дынастыя зноў з'яўляецца ў крыніцах у часы Гедыміна. Пры ім жыў Іван Друцкі, які пакніуў радзіму і перайшоў на службу да маскоўскага князя Івана Калітыі, а таксама Міхаіл Друцкі, сын якога Васіль Міхайлавіч накінуў запіс на старонцы Друцкага евангелля 14 ст. Паводле позняга радавода князёў Друцкіх, у Міхаіла быў яшчэ сын Сямён, ад якога пайшоў далейшы род князёў Друцкіх - знатных, але не першаразрадных феадалаў Вялікага княства Літоўскага. Яны валодалі часткай сваёй спрадвечнай вотчыны ў наваколлі Друцка - маёнткамі Саколіна, Азерцы, Канапельчыцы, Дудаковічы, Талачын, Бобр, Зубрэвічы, а таксама новымі набыццямі па ўсёй Беларусі (Горы ў Аршанскім павеце, Дзярэчыя Лукі ў Віцебскім, Крывіна, Бешанковічы, Несіна, Гарадзец у Полацкім, пазней Лошніца пад Менскам і Лунін на Піншчыне), а таксама на Украіне (Любча на Валыні). Князі Друцкія-Саколінскія і Друцкія-Любецкія існавалі яшчэ ў 19 ст.

Некаторыя княжацкія роды Вялікага княства Літоўскага традыцыйна лічацца нашчадкамі турава-пінскіх князёў, звесткі пра якіх знікаюць у канцы 13 ст. У 2-й палове 14 ст. ў крыніцах згадваюцца шматлікія праваслаўныя князі, што служылі вялікім князям літоўскім на Палессі і Валыні: Гарадзецкія, Сцяпаньскія, Чацвярцінскія, а таксама князі Нясвіцкія. прозвішча якіх паходзіць не ад беларускага горада Нясвіжа, а ад Несвіча на Валыні (магчыма, першым уладальнікам гэтага княства быў Юрый Нясвіцкі, што загінуў у бітве з мангола-татарамі на Калцы ў 1223 г.). Напэўна, гэты род таксама з'яўляецца адгалінаваннем турава-пінскай дынастыі. Яго нашчадкамі большасць даследчыкаў лічыць славутыя роды князёў Збаражскіх, Вішнявецкіх і Парэцкіх, якія самі сябе ўжо з 16 ст. лічылі Гедымінавічамі, нашчадкамі Карыбута (гл. у каментарыях да табліцы 3). На турава-пінскім корані ўзрос таксама род князёў Астрожскіх, вотчыннікаў валынскага замка Астрог. Першы прадстаўнік гэтага роду, князь Даніла Астрожскі, вядомы з 1366 г.

У 16-17 ст. князі Астрожскія, Вішнявецкія і Збаражскія былі ў ліку найбуйнейшых родаў Рэчы Паспалітай (а адзін з Вішнявецкіх, Міхал, у 1669 г. быў абраны каралём Рэчы Паспалітай і быў ім да сваёй смерці ў 1673 г.). Аднак мы не прыводзім іх радаводы, бо дзейнасць гэтых родаў звязана ў асноўным з тэрыторыяй Украіны, а не Беларусі. Толькі некаторыя іх прадстаўнікі станавіліся буйнымі дзеячамі і землеўладальнікамі Вялікага княства Літоўскага (звычайна пасля шлюбаў з прадстауніцамі тутэйшых магнацкіх родаў). У 16 ст. такую ролю адыгрывалі Канстанцін Іванавіч Астрожскі (каля 1460-1530), найвышэйшы гетман Вялікага княства, кашталян віленскі з 1512 г. і ваявода троцкі з 1522 г., і Стафан Збаражскі (каля 1520-1585), які з 1564 г. быў кашталянам, а з 1566 г. - ваяводам троцкім. З 18 ст. з Вялікім княствам звязаў сваю дзейнасць Міхал Сервецы Вішнявецкі (каля 1675-1744). Ён двойчы, у 1706-1707 г. і 1735-1744 г., сумяшчаў найважнейшыя пасады ваяводы віленскага і гетмана найвышэйшага.

ТАБЛІЦА 2.

У табліцы 2-й змешчаны радаводы трох дынастый, што паслядоўна панавалі спачатку ва ўласна Літве, а потым у Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Літва была адным са шматлікіх балцкіх плямёнаў і адзіным, якому пашчасціла ўтварыць стабільнае дзяржаўнае фарміраванне. Ужо напачатку 13 ст. літоўская дынастыя дамінавала над дынастыямі суседніх, этнічна вельмі блізкіх княстваў: Дзяволтвы, Жамойці, Нальшанаў. Валынскі летапісец называе ў 1219 г. прадстаўнікоў уласна літоўскай (аўкштайцкай) дынастыі "старэйшымі" князямі. Напэўна, ад племянной назвы вотчыны гэтых князёў тэрмін "Літва" пашырыўся пазней на тэрыторыі падуладных ім Дзяволтвы і Нальшанаў, а таксама беларускага Панямоння (у адрозненне ад Жамойці, якая захавала сваю назву, і ад астатніх беларускіх і ўкраінскіх земляў, што ў 14-16 ст. вызначаліся тэрмінам "Русь"; адсюль і афіцыйная назва дзяржавы - Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

Пытанне пра лакалізацыю першапачатковай Літвы зрабілася дыскусійным пасля таго, як М.Ермаловіч выказаў думку, што гэтая тэрыторыя не мае нічога агульнага з тэрыторыяй сучаснай Літвы, а цалкам знаходзілася ў вярхоўях Нёмана, на ўсход ад Новагародка. На нашу думку, гэтае меркаванне наўрад ці можа быць прынята. Больш верагодна, што Літва знаходзілася там, дзе ляжалі яе старажытныя палітычныя і рэлігійныя цэнтры - Кярнава і Вільня з яе свяцілішчам Швінтарога. Яе тэрыторыя ахоплівала арэал археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў - паўднёва-ўсходни сектар сучаснай Літвы і частку Беларусі (правабярэжжа Нёмана да Налібоцкай пушчы ўключна). Тапонімы "Літва" ў басейне Шчары, на якія спасылаецца М.Ермаловіч, маглі быць вынікам літоўскага рассялення ў 13-14 ст. ці нават пазней.

Радавод першай літоўскай дынастыі, які прыводзіцца ў табліцы, даволі ўмоўны. Ён заснаваны пераважна на ўскосных звестках (напрыклад, на парадку пераліку прадстаўнікоў "старэйшай" дынастыі ў дагаворы Літвы з Валынню ў 1219 г., што змешчаны ў Іпацьеўскім летапісе). Праз тры дзесяцігоддзі Міндоўг, адзін з малодшых прадстаўнікоў гэтага роду, аб'яднаў пад сваёй уладай Літву і Новагародскую зямлю. Яго родзіч Гердзень да 1260 г. стаў князем Нальшанаў (мясцовая дынастыя, відаць, была знішчана), а пляменнік Міндоўга Таўцівіл прыкладна ў гэты ж час стаў полацкім князем (пра лёс яго папярэдніка на гэтай пасадзе нічога невядома).

Падкрэслім, што на ўтварэнні новай магутнай дзяржавы прыкладна роўнае значэнне мелі ўласна літоўскі і старажытнарускі (асабліва новагародскі) кампаненты. Спрэчка пра тое, была гэтая дзяржава амаль цалкам літоўскай ці рускай (старажытнабеларускай), здаецца нам беспадстаўнай. Гэта быў непарыўны сімбіёз: толькі з дапамогай новагародскага баярства літоўскія князі здолелі пашырыць сваю ўладу на ўсю Літву і вытрымаць націск крыжаносцаў і галіцка-валынскіх князёў. Але і падпарадкаванне шматлікіх заходнярускіх княстваў было б немагчымым без літоўскіх дружын. І ў далейшым абодва кампаненты рабілі кожны свой уклад у магутнасць і жыццяздольнасці дзяржавы: старажытнабеларускі кампанент бясспрэчна дамінаваў у сферы культуры, але гэтак жа бясспрэчна і дамінаванне літоўскага кампанента ў палітычнай сферы (гл. табліцы 3 і 4).

Дынастыя Міндоўга абарвалася ў выніку жорсткай міжусобіцы 1260-х гадоў. Сам Міндоўг быў забіты ў выніку змовы ўласных пляменнікаў Таўцівіла і Траняты (апошняга летапіс называе "сестрычам" - сынам сястры - Міндоўга). Бацькам Траняты, магчыма, быў Лугвень (Лукагвені), які ў 1247 г. ўзначальваў набег на Берасцейскую зямлю і Падляшша, а ў крыжацкай грамаце 1260 г. названы мужам сястры Міндоўга. Княжанне сына Міндоўга Войшалка суправаджалася рэпрэсіямі супраць змоўшчыкаў, што, напэўна, значна скараціла колькасць прадстаўнікоў дынастыі. Да моманту смерці Войшалка жывым, здаецца, заставаўся толькі адзін яго суродзіч - князь Доўмант (каля 1240-1299). Шукаючы паратунку ад Войшалка, Доўмант уцёк у Пскоў, ахрысціўся пад імем Цімафея і быў пскоўскім князем да канца жыцця (у табліцы ён не названы). Паводле Тацішчава, сынам Доўманта Пскоўскага быў славуты ваявода Гедыміна, намеснік гарадзенскі князь Давыд (забіты ў 1323), аднак паходжанне Давыда застаецца гіпатэтычным.

Згасанне роду Міндоўга прывяло да таго, што на кароткі час князем Літвы і Новагародчыны зрабіўся Шварн, сын Данілы Галіцкага. Аднак ён хутка памёр, і каля 1270 г. да ўлады прыйшла новая дынастыя на чале з Трайдзенам (ці Тройдзеням?). Пра паходжанне яе мала што вядома. Легендарная традыцыя 15-16 ст., якая зафіксавана ў беларуска-літоўскіх летапісах, ведае князя Трайдзена, уладара ятвяжскага племені Дайнава, аднак атаясамліваць яго з гістарычным Трайдзенам рызыкоўна. З Іпацьеўскага летапісу вядома, што Трайдзен меў чатырох братоў, з якіх тры загінулі ў войнах з Васількам Раманавічам Валынскім (памёр у 1269 г.). Чацвёрты, Сірпуці, апошні раз згадваецца ў 1278 г. Ён таксама памёр, напэўна, пры жыцці Трайдзена.

У Трайдзена была дачка Гаўдэмунда, якая ў 1279 г. выйшла за мазавецкага князя Баляслава. Сыноў ён, здаецца, не меў. Магчыма, бакавым родзічам Трайдзена быў князь Доўмант (не блытаць з Доўмантам Пскоўскім!), які каля 1285 г. загінуў у час набегу на Русь, прычым летапіс называе яго вялікім князем літоўскім.

У хуткім часе і новая дынастыя страціла ўладу. Вынікам гэтых падзей, напэўна, быў пераход на бок Тэўтонскага ордэна каля 1286 г. знатнага літоўца Пялюзе, якога крыжаносцы разглядалі як прэтэндэнта на велікакняжацкі пасад. Магчыма, ён быў сынам Доўманта. Пялюзе быў схоплены і па загаду Гедыміна забіты каля 1316 г.

Верагодна, род Трайдзена адлюстраваны ў позніх генеалагічных легендах літоўцаў як "род Кітаўруса", які, паводле гэтых легенд, панаваў у Літве напярэдадні "роду Калюмнаў" (Гедымінавічаў). Нашчадкамі гэтага роду лічылі сябе князі Гальшанскія 14-16 ст., гербавым знакам якіх была выява кентаўра (герб "Гіпацэнтаўр"), а таксама князі Гедройцы. Побач з Гедымінавічамі існавалі і іншыя роды, якія карысталіся княжацкім тытулам: Свірскія, Ямантавічы, Даўгоўды. Іх карані ў 13 ст. дакладна не прасочваюцца.

Спрэчным застаецца паходжанне трэцяй літоўскай дынастыі, якая выкарыстоўвала герб "Калюмны" (Калоны). У Іпацьеўскім летапісе пад 1289 г. князямі Літвы названы браты Будзікід і Будзівід. Апошняга з іх атаясамліваюць з Путуверам (ці Лютуверам) - бацькам Віценя (паводле крыжацкіх крыніц), хоць такое меркаванне не мае важкіх доказаў. Польскі гісторык Ежы Ахманьскі на падставе аднаго месца са старажытнарускай паэмы "Задоншчына" лічыць пачынальнікам гэтай дынастыі князя Скаламанта (Скаламонта), бо сыны Альгерда Гедымінавіча названы ў паэме "праўнукамі Скаламонтавымі". У гэтай сувязі варта адзначыць, што вельмі падобнае імя (Скумант ці Скамонд) насілі ў 13 ст. два ятвяжскія князі. І сапраўды, згасанне старажытнай літоўскай дынастыі могло выклікаць прыход да ўлады выхадцаў з Ятвягіі, дзе князёў было вельмі шмат.

Першыя гады панавання новай дынастыі пакінулі вельмі мала звестак. Болыш выразна праступае з цемры княжанне Віценя (з 1292 г. па 1315 г.) і асабліва яго брата Гедыміна (з 1315 г. па 1341 г.). У гэты час у склад Вялікага княства ўваходзіла практычна ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі. Канчатковы ўваход Полацка ў гэтую дзяржаву познія летапісы звязваюць з часам Віценя (каля 1307 г.). Пры Гедыміне ў 1323 г. князем Полацка быў яго малодшы брат Воінь (сын Воіня Любка загінуў у паходзе супраць крыжакоў у 1341 г., ужо пасля смерці Гедыміна). Пазней у Полацку нейкі час княжыў сын Гедыміна Нарымонт (у хрышчэнні Глеб). Ёсць звесткі, што ён жа быў і князем Пінскім. Калі гэта так, то дынастыя пінскіх князёў пры Гедыміне згасла ці страціла ўладу над галоўным горадам. Тое ж адбылося з Менскам і Віцебскам (гл. вышэй). Пры Гедыміне скончылася і пануючая дынастыя Галіцка-Валынскага княства, што прывяло да падзелу яго тэрыторыі паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім. Берасцейская зямля з суседнім Падляшшам перайшлі пад уладу Кейстута Гедымінавіча (яго галоўнымі ўладаннямі былі Трокі і Горадна), а ў канцы жыцця Гедыміна яго малодшы сын Любарт зрабіўся князем на Валыні.

Паводле ўрывачных звестак, у Гедыміна быў яшчэ брат Фёдар, які, магчыма, княжыў у Кіеве з 1320-х гадоў. Аднак не выключана, што кіеўскім князем быў Фёдар Святаславіч са смаленскіх князёў, бо Кіеў у гэты час заставаўся ў палітычнай арбіце Залатой Арды, а не Літвы.

Пераемнікам Гедыміна стаў яго сын Яўнут. Але ў 1345 г. ён страціў уладу ў выніку змовы сваіх братоў Альгерда і Кейстута. Вялікім князем стаў Альгерд, а Кейстут - яго суправіцелем. З гэтага моманту Вялікае княства падзялялася на дзве адносна самастойныя часткі - Віленскае і Троцкае княствы. Яўнут атрымаў у якасці ўдзела невялікае Заслаўскае княства (напэўна, вылучанае са складу Менскай зямлі). К гэтаму часу старэйшага (?) сына Гедыміна Мантоўта (ці Мантывіда) ужо не было ў жывых. Нарымонт застаўся на сваіх удзелах - у Пінску і, напэўна, Полацку (адначасова ён некалькі разоў запрашаўся князем у Ноўгарад Вялікі). Удзелам Карыята быў Новагародак, Любарта - Уладзімір-Валынскі і Луцк.

Кожны з сыноў Гсдыміна (апрача Мантоўта) пакінуў нашчадкаў. Паводле старажытнага звычаю яны павінны былі ўтварыць асобныя ўдзельныя дынастыі ў тых княствах, якімі валодалі іх бацькі. Але гэты звычай супярэчыў тэндэнцыям новага часу - часу ўтварэння цэнтралізаваных дзяржаў. Таму вялікія князі імкнуліся пазбегнуць драблення хоць бы асноўнага ядра дзяржавы- этнічнай Літвы і беларускага Панямоння. Новагародак пасля смерці Карыята зрабіўся велікакняжацкай уласнасцю, а Карыятавічы атрымалі ўдзелы на тэрыторыі Падолля, адваяванай Альгердам у татар. Увогуле Альгерд імкнуўся рассадзіць сваіх шматлікіх сыноў і пляменнікаў на новадалучаных тэрыторыях (якіх за час свайго панавання ён набыў шмат, выкарыстаўшы часовае аслабленне Залатой Арды). Полацк ён аддаў свайму старэйшаму сыну Андрэю, а яшчэ чацвёра Альгердавічаў атрымалі княствы за межамі сучаснай Беларусі: адпаведна ў Бранску, Кіеве, Чарнігаве і Ратне (апошняе княства вылучана са складу Валыні). З сыноў Нарымонта старэйшы, Міхаіл, захаваў за сабой бацькоўскі Пінск. Астатнім яго сынам дасталіся Белз на захадзе Валыні, Старадуб на Севершчыне (былой частцы Чарнігаўскага княства) і правы на тыя вотчыны, якія Нарымонт атрымаў ад Вялікага Ноўгарада. Сыны Яўнута захавалі Заслаўскае княства, а Кейстут для сваіх сыноў вылучыў часткі ўласных уладанняў: Горадна і Берасце (пазней Кейстутавічы валодалі і Новагародкам).

Вынікам гэтай палітыкі стала хрышчэнне большасці нашчадкаў Гедыміна ў праваслаўе (інакш іх не прынялі б князямі праваслаўных княстваў). Паступова яны пранікаліся мясцовымі інтарэсамі і практычна цалкам русіфікаваліся (сын Любарта Гедымінавіча Фёдар у адным з тэкстаў нават названы "русінам"). Некаторыя з іх выказвалі сімпатыі да маладога Маскоўскага княства - асноўнага канкурэнта ў падпарадкаванні княстваў былой Кіеўскай Русі. Часова ў Маскву выязджалі Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, а Патрыкей Нарымонтавіч з двума малодшымі сынамі, Фёдарам і Юрыем, увогуле застаўся там назаўсёды. Абодва Патрыкеевічы зрабіліся потым важнымі маскоўскімі баярамі. Ад Фёдара пайшоў род князёў Хаванскіх, а ад Юрыя - князёў Патрыкеевых, якія пазней падзяліліся на князёў Галіцыных і Куракіных (гэтыя роды пакінулі значны адбітак у гісторыі Расіі). Старэйшы сын Патрыкея, Аляксандр Старадубскі, застаўся ў Вялікім княстве Літоўскім. У канцы 14 ст. ён быў пераведзены са Старадуба ў Карэц на Валыні. Яго нашчадкі ўтварылі род князёў Карэцкіх, дзейнасць якіх працякала на Украіне.

ТАБЛІЦА 3.

Гэта табліца - непасрэдны працяг папярэдняй. У ёй адлюстраваны тыя прадстаўнікі шматлікага роду Гедымінавічаў, якія працягвалі існаваць у 15-16 ст. і мелі дачыненне да тэрыторыі Беларусі. Унукі і праўнукі Гедыміна стварылі кола найвышэйшай арыстакратыі, з якой выходзілі вялікія князі (гаспадары). Пераемнікам Альгерда ў выніку жорсткай міжусобнай барацьбы стаў яго сын ад другой жонкі (Ульяны Цвярской) Ягайла. У 1386 г. ён абраны каралём Польшчы пад імем Уладзіслава II. Велікакняжацкую пасаду Ягайла перадаў малодшаму брату Скіргайлу, але ў 1392 г. сын Кейстута Вітаўт дамогся таго, што Ягайла прызнаў яго вялікім князем.

Актыўная русізацыя праваслаўных Гедымінавічаў пагражала канчатковым растварэннем літоўскага кампанента ва ўсходнеславянскім, тым больш, што ў выніку тэрытарыяльных набыццяў Альгерда былыя старажытнарускія землі складалі амаль дзевяць дзесятых тэрыторыі і насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Таму пасля Крэўскай уніі 1385 г. і хрышчэння Літвы ў каталіцызм велікакняжацкая ўлада з дапамогай Польшчы пачала праводзіць выразную мяжу паміж католікамі (якімі сталі літоўцы) і праваслаўнымі (сярод якіх былі русіны і тыя літоўцы, што сталі на шлях асіміляцыі з Руссю). Стаўка на каталіцызм спрыяла павышэнню палітычнай ролі літоўскага кампанента (гл. табліцу 4), але яна не прадухіліла паступовай асіміляцыі пануючага саслоўя, а толькі запаволіла яе на 2 стагоддзі. Замест русізацыі адбылася яго паланізацыя.

Пасля смерці Вітаўта у 1430 г. вялікім князем стаў самы малодшы сын Альгерда - Свідрыгайла. Ён спрабаваў апірацца на прыхільнікаў збліжэння з Руссю, а не з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Пасля яго вялікім князем з 1432 г. па 1440 г. быў брат Вітаўта Жыгімонт I, які працягваў пракаталіцкую палітыку.

І Альгердавічы, і Кейстутавічы карысталіся, апрача герба "Калюмны", агульнадзяржаўным гербам "Пагоня" (Уладзіслаў-Ягайла нават унёс яго ў дзяржаўны герб Польшчы побач з традыцыйным белым арлом). Пазней іх нашчадкі пачалі ўжываць "Пагоню" ў якасці родавага герба. "Пагоня" стала і эмблемай дынастыі Ягелонаў, заснаванай сынамі Ягайлы ад шлюбу з князёўнай Гальшанскай Уладзіславам і Казімірам. Першы з іх быў абраны ў дзесяцігадовым узросце каралём Польшчы і Венгрыі, другі - вялікім князем літоўскім пасля смерці Жыгімонта ў 1440 г. У 1444 г. Казімір стаў і каралём Польшчы. З яго нашчадкаў вялікімі князямі літоўскімі былі Аляксандр (з 1492 г. па 1506 г.), Жыгімонт II Стары (1506-44) і сын апошняга Жыгімонт III Аўгуст (1544-72, хоць афіцыйна ён каранаваны на вялікага князя яшчэ ў 1529 г.). Двое апошніх былі адначасова і польскімі каралямі. Жыгімонт III Аўгуст быў апошнім прадстаўніком дынастыі Ягелонаў. Пры ім у 1569 г. адбылася Люблінская унія, якая канчаткова звязала Вялікае княства Літоўскае і Польшчу ў агульную федэрацыйную дзяржаву - Рэч Паспалітую. З гэтага моманту каралём польскім і вялікім князем Літоўскім мог быць толькі адзін і той жа чалавек. Спачатку на гэтыя пасады быў абраны (французскі прынц Анры (Генрык) Валуа (1573-74), а потым сваякі Жыгімонта III Аўгуста Стэфан Баторый (1576-86) і Жыгімонт IV Ваза (1587- 1632), з якога пачынаецца панаванне ў Рэчы Паспалітай шведскай дынастыі Вазаў (да 1668 г.).

Прадстаўнікі іншых галін Гедымінавічаў працягвалі існаваць побач з Ягелонамі як "прынцы крыві". З іх род Андрэя Полацкага пратрымаўся нядоўга. Сам Андрэй пасля няўдалай спробы аспрэчыць вялікае княжанне ў Ягайлы з'ехаў разам з сынам Міхаілам у Маскву. Міхаіл загінуў у 1385 г. на службе ў Дзмітрыя Данскога, Другі сын Андрэя Сямён загінуў у 1387 г., калі бараніў бацькоўскі Полацк ад войска Скіргайлы. Апошні сын, Іван, у канцы 14 ст. быў князем у Пскове, адкуль вярнуўся ў Літву ў 1400 г. Далейшы лёс яго невядомы. У яго застаўся сын Аляксандр, які скончыў жыццё таксама князем-намеснікам Пскова ў 1442 г. Спрэчнай з'яўляецца і асоба Івана Сямёнавіча, які пры Вітаўце (у 1409) быў намеснікам у Полацку. Яго лічаць і ўнукам Андрэя Полацкага, і адным з двух Іванаў Сямёнавічаў Друцкіх, што жылі ў гэты ж час. Яшчэ больш спрэчным з'яўляецца паходжанне ад Андрэя Полацкага княжацкіх родаў, якія ўпершыню з'яўляюцца ў 15 ст.: князёў Лукомскіх і Палубінскіх. Самі сябе яны ў 16-17 ст. лічылі нашчадкамі Альгерда (князі Лукомскія разам з уласным гербам "Рох" часам ужывалі і "Пагоню"), але надзейных доказаў іх радаводаў не існуе. Паходжанне гэтых родаў застаецца нявысветленым.

Род Дзмітрыя Бранскага прасочвасцца больш дакладна, але да Беларусі ён амаль не меў дачынення. Сын Дзмітрыя Міхаіл княжыў у Трубчэўску, на Браншчыне. Ад яго паходзяць князі Трубчэўскія (пазней Трубяцкія), якія ў канцы 15 ст. разам са сваім удзелам перайшлі ў Маскоўскую дзяржаву. Род Трубяцкіх у далейшым уліўся ў расійскую арыстакратыю.

Нашчадкі Уладзіміра Кіеўскага былі, бадай, найбуйнейшым праваслаўным родам Вялікага княства. Пасля скасавання многіх удзелаў пры Вітаўце, у 1390-я гады, за Уладзімірам Альгердавічам замест Кіева было пакінута Слуцкае княства, якое стала вотчынай нашчадкаў яго старэйшага сына Алелькі. І сам Алелька, і яго сыны разглядаліся як рэальныя прэтэндэнты на велікакняжацкую пасаду, таму вакол іх неаднаразова гуртавалася антыягелонская апазіцыя. Захаваўшы за сабой Слуцк, Алелька пэўны час валодаў і Лагойскам, а ў 1440 г, атрымаў Кіеўскае княства (вотчыну свайго бацькі), якое перадаў старэйшаму сыну Сямёну. Сын апошняга Васіль ужо не атрымаў Кіеў (яму было аддадзена Пінскае княства). Міхаіл Алелькавіч і яго нашчадкі, князі Слуцкія, карысталіся статусам удзельных князёў і сяброў Рады да 1569 г. Пазней, да часу згасання гэтага роду ў 1592 г., Алелькавічы-Слуцкія былі аднымі з найбагацейшых магнатаў. Апошняе іх пакаленне было ўжо католікамі.

Малодшыя сыны Уладзіміра Альгердавіча таксама былі адметнымі дзеячамі. Іван Уладзіміравіч атрымаў ва ўдзел горад Белую на Смаленшчыне. Яго сыны, князі Бельскія, у канцы 15 ст. перайшлі ў маскоўскае падданства. У 16 ст. яны былі ў ліку найбуйнейшых маскоўскіх баяр. Андрэй Уладзіміравіч удзела не атрымаў. Ён быў служылым князем, але знатнасць паходжання дазволіла яму заняць месца ў гаспадарскай радзе. Уладанні яго (падараваныя вялікім князем у розныя гады) былі раскіданы па розных канцах дзяржавы: Лагойск, Гайна і Камянец на Меншчыне, Палонна на Віцебшчыне, Славянск і Магільна ў вярхоўях Нёмана. Ён перажыў сваіх дзяцей (Глеба і Еўдакію) і жонку, таму частка яго маёнткаў вярнулася да вялікага князя, а частка адышла да ўнучкі - Фядоры Рагацінскай, жонкі князя Івана Кобрынскага (гл. ніжэй).

Канстанцін Чарнігаўскі ў канцы жыцця таксама быў зведзены Вітаўтам з удзела і атрымаў узамен Чартарыю на Валыні. Яго нашчадкі, князі Чартарыйскія, статусам удзельных князёў не карысталіся, але былі даволі буйнымі землеўладальнікамі. Унукі Канстанціна Іван і Аляксандр у 1440 г. ўзначалілі змову супраць Жыгімонта Кейстутавіча, у выніку чаго вымушаны былі эмігрыраваіць у Вялікі Ноўгарад. Аляксандр у 1460 г. атрымаў амністыю, прычым яму быў падараваны Лагойск - вымарачная маемасць Андрэя Уладзіміравіча. Апрача Лагойска, сыны Аляксандра Чартарыйскага валодалі Споравам, Ласосінам і Ружанай на Слонімшчыне. Малодшы брат Аляксандра, Міхаіл, атрымаў бацькоўскую вотчыну - Чартарыю. Яго нашчадкі дзейнічалі пераважна на Украіне, іх род дажыў да 19 ст.

Фёдар Альгердавіч Ратненскі быў малодшым сынам Альгерда ад яго першай жонкі, Марыі Віцебскай. У час адной з міжусобіц у Вялікім княстве ён перайшоў разам са сваёй вотчынай у падданства да Кароны Польскай. З яго сыноў Юрый астаўся ў Польшчы, а Раман атрымаў удзельнае Кобрынскае княства. Статус удзельных князёў мелі яго сын Сямён і ўнук Іван - князі кобрынскія. Іван Сямёнавіч у выніку шлюбу з унучкай Андрэя Уладзіміравіча Фядорай Рагацінскай набыў частку спадчыны гэтага князя - Магільна, Славянск, Куносы (пазней яны перайшлі да другога мужа Фядоры - Юрыя Паца). Іван Кобрынскі памёр без нашчадкаў, і таму Кобрын перпйшоў ва ўласнасць вялікага князя.

Найбольш верагодна, што сынам Фёдара Ратненскага быў князь Сангушка - заснавальнік, асобнага роду князёў Сангушкаў. Праўда, самі яны пазней лічылі сябе нашчадкамі Фёдара Любартавіча. Вотчынай Сангушкаў былі Ковель і Кашыра на поўначы Валыні. У хуткім часе іх род расшчапіўся на тры галіны, дзве з якіх пісаліся Сангушкамі-Кашырскімі (яны згаслі ў 1592 г. і 1653 г.). Трэцяя галіна - князёў Сангушкаў-Ковельскіх - паходзіла ад малодшага сына Сангушкі, Міхаіла. Сын апошняга Васіль у 1543 г. абмяняўся маёнткамі з Бонай, жонкай вялікага князя Жыгімонта II Старога. Замест Ковеля ён атрымаў Абольцы і Смаляны на поўдні Віцебскай зямлі (пазней у Аршанскім павеце), а таксама Горваль на Дняпры. Пазней Сангушкі-Ковельскія набылі Крупкі, Багрынава, Талачын у Аршанскім павеце, а на мяжы 18 ст. - замкі Астрог і Заслаў на Валыні, былое ўладанне князёў Астрожскіх і Жаслаўскіх, потым паноў Любамірскіх. Гэта галіна Сангушкаў захавалася да 19 ст., але першых роляў у Вялікім княстве Літоўскім яе прадстаўнікі не адыгрывалі.

З малодшых сыноў Альгерда, народжаных Ульянай Цвярской, трое (Ягайла, Карыбут і Лугвень) у сваю чаргу пакінулі нашчадкаў. Пра Ягелонаў сказана вышэй. Князь Карыбут (у хрышчэнні Дзмітрый) меў удзел у Ноўгарадзе-Северскім, але ў канцы жыцця страціў яго. Старэйшы яго сын Жыгімонт выхоўваўся у Кракаве пры двары Уладзіслава-Ягайлы, прыняў каталіцтва. Ён быў прэтэндэнтам на карону Чэхіі ў час гусіцкіх войнаў і загінуў у барацьбе за яе. Пра яго малодшых братоў звестак мала. З іх Фёдар Карыбутавіч валодаў замкам Лоск у Ашмянскім павеце. Яго лічылі сваім продкам князі Збаражскія і Вішнявецкія (гл. вышэй), якія на падставс гэтага называлі свой радавы герб "Карыбут". Аднак Фйдар, напэўна, пакінуў толькі трох дачок, якія падзялілі Лоск паміж сабой (пазней гэты замак быў уласнасцю паноў Матыгірдаў).

Князь Лугвень (Сямён) Альгердавіч атрымаў Мсціслаўскае княства пасля свайго брата Корыгайлы. Ён неаднаразова быў служылым князем у Ноўгорадзе. Удзельнымі князямі Мсіцслаўскімі былі яго сын Юрый і ўнук Іван. Праз шлюб дачкі Івана Ульяны з князем Міхаілам Заслаўскім княства ў 1499 г. перайшло да апошняга.

Нашчадкі Кейстута не далі такога шматлікага патомства. Два сыны Вітаўта памерлі ў дзіцячым узросце (напэўна, былі атручаны) у 1388 г. падчас знаходжання іх у якасці заложнікаў у Прусіі. Дачка Соф'я Вітаўтаўна ў 1391 г. стала жонкай маскоўскага князя Васіля І Дзмітрыевіча. Пэўны час яна фактычна кіравала Маскоўскай дзяржавай у час малалецтва сына Васіля II. Малодшы брат Вітаўта Жыгімонт загінуў у выніку змовы князёў Чартарыйскіх. У яго застаўся сын Міхаіл (пасля смерці бацькі ўладальнік Клецка і Падляшша), які доўга і беспаспяхова дамагаўся велікакняжацкага пасада.

Нарэшце, апошняя галіна Гедымінавічаў - нашчадкі Яўнута Заслаўскага. Яны не былі ўдзельнымі князямі. Іван Юр'евіч Заслаўскі, а потым яго сыны Багдан і Фёдар служылі вялікаму князю на пасадах намеснікаў у Менску, Віцебску, Оршы. Міхаіл Іванавіч праз шлюб стаў удзельным князем Мсціслаўскім. Аднак яго сын Фёдар пры жыцці бацькі з'ехаў у Маскву (там яго нашчадкі ўвайшлі ў лік найбуйнейшых баяр), таму Мсціслаў пасля смерці Міхаіла адышоў да вялікага князя. М.І.Мсціслаўскі валодаў таксама Маладзечнам і Цяцерынам (апошні маёнтак часова належаў яшчэ князям Лугвеньевічам). Гэтыя маёнткі былі падзелены паміж яго пяццю дочкамі. Родавы маёнтак Яўнуцьевічаў Заслаўе ў 1537 г. адышоў да зяця Фёдара Іванавіча - пана Яна Глябовіча. Князі Заслаўскія, як і ўсе Гедымінавічы, мелі права на герб "Пагоня", але іх асабістым гербам была выява льва. Гэты род часам блытаюць з іншымі князямі Заслаўскімі (Жаслаўскімі), якія былі малодшай галіной князёў Астрожскіх і валодалі ўкраінскім Заслаўлем.

ТАБЛІЦА 4.

У гэтай табліцы прадстаўлены радаводы паноў-рады - найвышэйшага пануючага кола ў Літоўска-Беларускай дзяржаве на працягу 15-1-й паловы 16 ст. Паходжанне гэтай грамадскай праслойкі (нават з прыкметамі асобнага саслоўя) амаль выключна звязана са старажытным літоўскім баярствам, якое стварала непасрэднае акружэнне Гедыміна і яго сыноў. У параўнанні з прыроднымі князямі баяры ў сацыялыіай іерархіі стаялі на прыступку ніжэй. Але менавіта на іх зрабіла стаўку велікакняжцкая ўлада пасля Крэўскай уніі 1385 г. Раней язычнікі, а з гэтага часу католікі, баяры ў значна большай ступені, чым праваслаўныя ўдзельныя князі, былі зацікаўлены ў моцнай дзяржаўнай уладзе, бо асноўныя даходы мелі ад службы намеснікамі, а таксама ад маёнткаў, якія атрымлівалі ва ўзнагароду за службу. З пачатку 15 ст. такія маёнткі пачалі замацоўвацца за імі ў вечнае карыстанне. На працягу панавання Вітаўта, Жыгімонта і Казіміра ў рукі баярства перайшла значная частка дзяржаўнага зямельнага фонду, стварыўшы аснову вялізных магнацкіх латыфундый.

Саслоўе паноў-магнатаў было свядома створана вялікімі князямі на польскі ўзор, у процівагу па-сепаратысцку настроеным князям Гедымінавічам. На Гарадзельскім сойме 1413 г. каталіцкія баяры атрымалі гербы, за імі было замацавана выключнае права займаць найважнейшыя намесніцкія і прыдворныя пасады. Шэраг удзельных княстваў пры Вітаўце быў ператвораны ў намесніцтвы. У выніку на працягу 15 ст. большасць княжацкіх родаў адышла на другі план, а ў 16 ст. іх зямельныя ўладанні звычайна былі значна меншымі, чым уладанні буйнейшых паноў. Сам тэрмін "пан" быў таксама запазычаны з Польшчы. Першапачаткова ён азначаў чалавека, які займае намесніцкую ці кашталянскую пасаду, а пазней пашырыўся на саслоўе, з якога выходзілі гэтыя службовыя асобы.

Да 1564 г. статус паноў меў пэўныя юрыдычныя асаблівасці, якія адрознівалі іх ад звычайнай шляхты і аб'ядноўвалі з князямі: судзіць іх мог толькі велікакняжацкі суд, на вайну яны выходзілі на чале ўласных узброеных атрадаў ("поштаў"), а не ў складзе павятовых харугваў. Толькі паны і князі маглі быць намеснікамі гарадоў і найважнейшых валасцей.

Намеснікі найважнейшых цэнтраў зваліся ваяводамі. З 1413 г. іх было два: віленскі і троцкі (і побач з імі адпаведныя кашталяны - першапачаткова каменданты замкаў). У 1470 г. Кіеўскае княства таксама было ператворана ў ваяводства. На пачатку 16 ст. статус ваявод атрымалі намеснікі Новагародка, Полацка, Віцебска і Падляшша. Намеснікі іншых гарадоў зваліся старастамі ці, на польскі лад, старостамі (староста Жамойцкі фактычна быў ваяводам), намеснікі сельскіх валасцей - дзяржаўцамі. Усе ваяводы і кашталяны, а таксама каталіцкія біскупы і дзве вышэйшыя прыдворныя асобы - маршалак земскі і падскарбі земскі - былі пастаяннымі сябрамі Гаспадарскай Рады, пазней - Сената.

У табліцы змешчаны радаводы 8 родаў, прадстаўнікі якіх далі ледзь не ўсіх буйнейшых дзеячаў паміж 1413 і 1569 гг. (паміж Гарадзельскай і Люблінскай уніямі). Першым сярод іх ідзе род, які ў 1413 г. атрымаў герб "Ляліва". Старэйшына гэтага рода Манівід Кайлікінавіч (у хрышчэнні Войцах, ці па латыні Альберт) стаў першым ваяводам віленскім. Яго радавым гняздом быў двор Геранёны (Суботнікі) у Ашмянскім павеце, непадалёку ад Ліды. Вялікі князь Вітаўт пажалаваў яму "на вечнасць" новыя маёнткі: Жупраны і Мірклішкі на Ашмяншчыне, вялікія абшары Харэцкай воласці на верхняй Бярэзіне (у Менскім павеце), цэлы шэраг больш дробных уладанняў. Малодшы брат Манівіда Гедыгольд (у хрышчэнні Юрый), які стаў яго наступцам на пасадзе віленскага ваяводы, таксама атрымаў вялікія падараванні: Вішнеў на Ашмяншчыне, Волму, Налібокі, Отмыт, Радашковічы на Меншчыне, Свержань і Мір на Новагародчыне. У 1-й палове 15 ст. Манівід з Гедыгольдам, а затым іх сыны былі ў ліку найбольш багатых і ўплывовых асоб у дзяржаве. Пазней маёнткі Манівідаў праз шлюб увайшлі ва ўласнасць Радзівілаў і Судзімонтавічаў. Сын Гедыгольда Пётр (Сенька) не пакінуў дзяцей, таму гедыгольдаўскія маёнткі былі перададзены іншым панам.

Малодшую галіну гэтага ж роду стваралі нашчадкі Рымавіда - паны Аляхновічы і Забярэзінскія. Іх уладанні канцэнтраваліся ў асноўным на Ашмяншчыне: Мураваная Ашмяна, Забярэззе, Жэсна, Крывічы і інш. Забярэзінскія атрымалі і частку вотчын сваіх родзічаў Гедыгольдавічаў (Волму і Камень на Меншчыне). Аляхновічы, а потым іх нашчадкі Дарагастайскія (існавалі да 17 ст.) самых высокіх пасад не займалі. Узвышэнне Забярэзінскіх прыпадае на 1-ю палову 16 ст., калі яны традыцыйна станавіліся ваяводамі троцкімі. Пазней і большасць іх маёнткаў, і высокі статус атрымаў у спадчыну зяць Яна Янавіча - князь Стафан Збаражскі, які ў 1566 г. таксама стаў ваяводам троцкім.

Род Гаштаўтаў (пашырана памылковая форма "Гаштольд"), які ў 1413 г. атрымаў герб "Абданк", быў не менш уплывовым. Яго заснавальнік Андрэй Гаштаўт у канцы 14 ст. быў віленскім намеснікам. Сын Гаштаўта Ян (Івашка), крыху маладзейшы за Манівіда і Гедыгольда, стаў віленскім ваяводам у 1443 г. Калі малады Казімір Ягелон быў у 1444 г. абраны каралём Польшчы і большасць часу стаў праводзіць у Кракаве, Ян Гаштаўт зрабіўся фактычным правіцелем Вялікага княства Літоўскага. Пік яго магутнасці прыпадае на 1446-56 гг. Першапачатковае ўладанне Гаштаўтаў - Мураваныя Геранёны - знаходзілася па суседству з вотчынай Манівідаў. Набыцці Яна складаліся амаль з 30 дробных маёнткаў у Літве, а таксама больш буйных Тыкоціна на Падляшшы і Палонна ў Луцкім павеце на Валыні. Радавыя вотчыны значна павялічыў яго сын Марцін, які быў паслядоўна мужам дзвюх князёвен Гальшанскіх. Першая з іх, якая па маці паходзіла з роду князёў Друцкіх, унесла ў род Гаштаўтаў Быхаў і Шклоў на Дняпры. Другі шлюб прынёс Марціну частку ўласных маёнткаў князёў Гальшанскіх: долю ў Гальшанах, Трабах на Ашмяншчыне і ў Глуску на Палессі. Сын Марціна Альбрэхт ажаніўся з адзінай дачкой князя Васіля Вярэйскага (родзіча маскоўскіх князёў, які перабег у Вялікае княства і атрымаў там значныя маёнткі). Спадчына князёўны Вярэйскай складала Любеч на Дняпры, Валожын, Койданава і Усу на Меншчыне, а таксама былы маёнтак Гедыгольдаў - Радашковічы. Альбрэхт Гаштаўт, які з 1522 г. па 1538 г. сумяшчаў пасады ваяводы віленскага і канцлера, быў багацейшым магнатам свайго часу: у 1528 г. ён адзін ставіў у войска 466 коннікаў (адзін коннік ставіўся з 8 сялянскіх служб ці прыкладна з 16 двароў). Яго адзіны сын памёр бяздзетным, і ўся гэта маёмасць вярнулася ў 1542 г. да вялікага князя.

Трэці род, што змешчаны ў табліцы, паходзіць ад баярына Бушкі, які быў адным з палкаводцаў Кейстута, і яго сына Валімонта. Іх вотчына знаходзілася на поўначы Літвы, у Дзяволтве. Гэты род прыняў на Гарадзельскім сойме герб "Задора". У 1-й палове 15 ст. дзейнічалі 6 сыноў Валімонта, аднак у 1432 г.. пасля прыходу да ўлады Жыгімонта І Кейстутавіча, яны трапілі ў апалу як тайныя прыхільнікі Свідрыгайлы. Толькі двое з іх, Кезгайла і Судзівой, пры Казіміру зноў вярнуліся да высокіх пасад. Маёнткі Судзівоя і яго сына Станькі складаліся, апрача часткі Дзяволтвы, з Цітвы, Шацка, Пярэжыра і, напэўна, Станькава (у Менскім павеце). Пасля смерці Станькі гэтыя маёнткі перайшлі да іншых родаў. Кезгайла і яго сыны атрымалі вялікія падараванні непадалёку, у воласці Бакшты на Меншчыне (сучасныя Дукора і Смілавічы), а таксама ў Літве і Жамойці. Сын Кезгайлы Міхаіл заняў пасля Яна Гаштаўта вышэйшую пасаду ваяводы віленскага і адначасова быў канцлерам. Ён і яго браты атрымалі ад вялікага князя частку Лукомльскага княства (Халопенічы, Багданава, Латыголічы), Ракаў, Налібакі і Дзераўну на Меншчыне, Мсцібогаў каля Ваўкавыска і інш.

Род Кезгайлаў трывала быў звязаны і з Жамойцю. Пасаду старосты Жамойцкага ў 1411-1432 г. займаў сам Кезгайла, у 1445-1450 г. яго сын Міхаіл, а з 1465 г. па 1532 г. паслядоўна Ян Кезгайлавіч, яго сын Станіслаў і ўнук Станіслаў Станіслававіч. Рознымі шляхамі яны набылі і захапілі амаль палову жамойцкіх валасцей, а астатнімі карысталіся, як хацелі. З самаўладдзем Кезгайлаў у Жамойці Жыгімонту Старому і яго жонцы Боне дзаялося весці ў 1520-я гады даволі ўпартую барацьбу. Апрача таго, у канцы 15-пачатку 16 ст. ўдалыя шлюбы прынеслі Кезгайлам Астрошыцы на Меншчыне, Зэльву пад Ваўкавыскам, Куранец, Палачаны, Лужаны, Занарач у Ашмянскім павеце. У 1528 г. да ўладанняў С.С.Кезгайлы часова далучаны маёнткі яго жонкі Ганны (дачкі Станіслава Кішкі і ўдавы Яна Радзівіла). З улікам гэтых маёнткаў ён быў нават больш багаты за Альбрэхта Гаштаўта: выстаўляў 371 конніка са сваіх вотчын і 246 - з вотчын жонкі (пазней адышлі яе сынам ад першага шлюбу); яго стрыечны брат М.М.Кезгайла ставіў 151 конніка. Усе гэтыя ўладанні пасля смерці ў 1554 г. апошняга з Кезгайлаў былі падзелены ў асноўным паміж Завішамі і Шаметамі - родзічамі па жаночай лініі ("па кудзелі").

Далей ідзе род, старэйшына якога Осцік (Крысцін) у 1413 г. прыняў герб "Трубы" ("Тромбы"). Паходжанне гэтага роду звязана з Кярнаўскім княствам у Літве. Больш познія легенды звязвалі родапачынальніка Осцікаў Сірпуція з родам спрадвечных літоўскіх князёў, аднак большасць сучасных даследчыкаў ставіцца да княжацкага паходжанця Осцікаў і Радзівілаў скептычна. Хутчэй Осцік быў толькі намёснікам Кярнава. У Кярнаўскім княстве ляжалі і яго вотчынныя маёнткі: Шырвінты, Упнікі, Муснікі. З чатырох сыноў Осціка найбольш значным быў Радзівіл, які даў пачатак найбольш славутаму роду Вялікага княства (гэтаму роду цалкам прысвечана наступная табліца). Малодшая галіна, што пайшла ад Станіслава, захавала назву Осцікавічаў. Асноўныя іх маёнткі ляжалі ў Літве. На Беларусі Осцікавічы валодалі некалькімі сёламі ў Свіслацкай воласці (Татарка, Жорнаўка, Лучынка ля сучасных Асіповічаў), Паняцінам і Вепратамі на Меншчыне. Магутнасць роду была падарвана у 1580 г., калі Рыгор Юр'евіч быў пакараны смерцю за здраду. На яго адзіным сыне род скончыўся напачатку 17 ст.

У Осціка быў брат Доргі, які ўпаміцаецца толькі аднойчы ў 1401 г. Магчыма, яго сынам быў Судзімонт Доргевіч - бацька Алехны, аднаго з буйнейшых дзеячаў 15 ст. Праўда, Алехна Судзімонтавіч не карыстаўся гербам "Трубы", а ўжываў свой уласны. Аднак гэта не выключае яго атульнае з Осцікамі паходжанне. У іншым выпадку цяжка растлумачыць надзвычай высокае становішча Алехны, якога наўрад ці мог дасягнуць прадстаўнік малавядомага роду. Алехна Судзімонтавіч пасля смерці Міхаіла Кезгайлавіча заняў пасады ваяводы віленскага і канцлера. Ад бацькі ён унаследаваў Лужаны, Палачаны і Хажоў на Ашмяншчыне, а таксама вялікую частку былога Лагойскага княства з Астрошыцамі, Смалявічамі, Сутокамі, Трусавічамі і інш. Шлюб з дачкой Яна Манівідавіча прынёс яму частку спадчыны апошняга ў Харэцкай воласці. Пазней Алехна атрымаў былыя гедыгольдаўскія маёнткі: Вішнеў, Волму, Дзякшняны. Пасля яго смерці ўсе гэтыя ўладанні перайшлі да князёў Гальшанскіх і паноў Кезгайлаў - родзічаў "па кудзелі".

Працяг табліцы стварае радавод князёў Гальшанскіх. Іх лёс унікальны. Гальшанскія паходзяць ад старажытнай літоўскай дынастыі, адсунутай ад улады продкамі Гедыміна. Гербам іх быў "Кітаўрус" ("Гіпацэнтаўр"). У адрозненне ад іншых княжацкіх родаў Літвы (Гедройцаў, Свірскіх) Гальшанскія не здрабнелі да ўзроўню звычайнай шляхты. Князь Іван Альгімонтавіч быў блізкім паплечнікам Вітаўта яшчэ ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, пазней - першым намеснікам Кіева пасля змяшчэння Уладзіміра Альгердавіча. У дадатак да спрадвечнай вотчыны - Гальшан і Траб на Ашмяншчыне - ён атрымаў ад Вітаўта Дубровіцкае і Сцяпаньскае княствы на Палессі і Глускую воласць на Пцічы. Старэйшы сын Івана Андрэй валодаў таксама Вязынем на Меншчыне. Ён быў бацькам князёўны Соф'і Гальшанскай, якая ў 1422 г. выйшла за сямідзесяцігадовага Уладзіслава Ягайлу і нарадзіла яму двух сыноў - будучых Ягелонаў - Уладзіслава і Казіміра. Браты Андрэя, Сямён і Міхаіл, адыгрывалі значную ролю ў час барацьбы паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам. Да таго ж іх сястра была жонкай Вітаўта. Аднак яшчэ з канца 14 ст. Гальшанскія былі праваслаўнымі, і гэта не спрыяла іх затрыманню ў ліку буйнейшых вяльможаў. Пры Казіміры яны часова адышлі на другі план, але засталіся буйнымі землеўладальнікамі. Сыны Сямёна Іванавіча Лютага ў 15 ст. валодалі, апрача Гальшан, Глуска і Дубровіцы, Шашоламі на Віленшчыне, Копыссю, Раманавам і Баранню ў Аршанскім павеце. Пазней частка радавых маёнткаў праз шлюб дачкі Сямёна Трабскага з Марцінам Гаштаўтам адышла да апошняга (гл. вышэй). Другая частка гальшанскіх вотчын трапіла да зяця Сямёна Юр'евіча - князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага (менавіта гэты шлюб паклаў пачатак стварэнню вялізных уладанняў Астрожскага на Беларусі, пазней пашыраных за кошт уласных выслуг). Затое Аляксандр Юр'евіч, зяць Алехны Судзімонтавіча, набыў палову ўладанняў апошняга. Перайшоўшы ў каталіцтва, А.Ю.Гальшанскі хутка дасягнуў пасады кашталяна віленскага, а яго сын Павел нават стаў віленскім біскупам. Аднак гэта быў апошні ўсплеск роду, які абарваўся пасля амаль адначасовай смерці біскупа Паўла і яго стрыечнага пляменніка Сямёна Дубровіцкага. Вотчыны Гальшанскіх былі падзелены паміж дзецьмі сямі сясцёр апошняга.

Наступны род быў прадстаўлены на Гарадзельскім сойме баярынам Сакам, які прыняў герб "Памян". Гэтым жа гербам карыстаўся яго родзіч (магчыма, брат) Даўгірд Салкулевіч, які стаў трэцім (пасля Манівіда і Гедыгольда) ваяводам віленскім. Сын Даўгірда Андрэй памёр бяздзетным, і даўгірдаўскія маёнткі (Свіраны, Каркажышкі, Лынтуны і Тракінікі) адышлі да зяцёў Даўгірда - князя Петкі Свірскага і пана Яна Гойцавіча. Адметнымі дзеячамі былі Андрэй Саковіч і яго сын Багдан, уладальнікі Няменчына і Свянцян у Літве, Груздава і Мядзела на Ашмяншчыне, Данішава, Вязыні, Ільі і Насілава ў вярхоўях Віліі. Частка гэтых маёнткаў потым належала зяцю Багдана Саковіча Мікалаю Радзівілу, частка засталася ў пляменнікаў Багдана, якія ў далейшым карысталіся гербам "Паўкоша" і прозвішчам Насілоўскія. Іх род згас у канцы 16 ст.

Пра род Начкі (Пятра) Гінвілавіча, які прыняў герб "Даліва", вядома вельмі мала. Гэты род праіснаваў нядоўга. Галоўным маёнткам Начкі была Зэльва на Слонімшчыне, якая пазней перайшла ў род Іллінічаў. Гербам "Даліва" карыстаўся таксама Пётр Лелюш, ваявода троцкі пры Жыігімонце Кейстутавічы і ўдзельнік змовы супраць яго. Яго галоўным уладаннем быў Шчучын на Гарадзеншчыне.

Род Мантыгірдаў, які атрымаў герб "Вадвіч", прасочваецца з канца 14 ст. Заснавальнік роду, баярын Мантыгірд, быў у ліку асоб, блізкіх да Вітаўта. Яго сын Петраш (Пётра) у 1444 г. атрымаў маёнтак Іўе на Нёмане, а праз шлюб з дачкой князя Фёдара Карыбутавіча - частку Лоска па Ашмяншчыне. Унук Петраша, Пётр Янавіч па празванні Белы, быў вядомым дыпламатам, удзельнікам пасольстваў да маскоўскага князя Івана III. Яго ўладанні ўключалі Шацк і Цітву на Меншчыне (некалі ўласнасць Станькі Судзівоевіча), Нясвіж на Навагрудчыне, Лахву на Тураўшчыне, Алыку на Валыні, Дуброву і Нядрэску пад Заслаўем. Гэтыя вялізныя вотчыны ўліліся затым ва ўладанні яго зяця Станіслава Кішкі, а крыху пазней большасць з іх перайшла да Радзівілаў.

ТАБЛІЦА 5.

Род Радзівілаў, якому прысвечана гэта табліца, не мае сабе роўных па колькасці асоб, што займалі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады. Ён узнік як адна з галін Осцікавічаў у 15 ст. і існаваў потым на працягу ўсёй гісторыі Вялікага княства Літоўскага, а затым і Расійской імперыі, нязменна застаючыся сярод найбагацейшых магнатаў. Ужо сын Радзівла Осцікавіча Мікалай атрымаў пасля смерці Алехны Судзімонтавіча пасады ваяводы віленскага і канцлера, якія затым перайшлі да яго старэйшага сына, таксама Мікалая. Удвух яны трымалі гэтыя важнейшыя пасады трэць стагоддзя - з 1491 г. па 1522 г. Увесь гэты час няўхільна павялічвалася колькасць радзівілаўскіх маёнткаў. Яшчэ Радзівіл Осцікавіч да бацькоўскіх Шырвінтаў, Муснікаў і Упнікаў далучыў Біржы і Кейданы ў Літве, Нягневічы на Новагародчыне, Бастынь на Піншчыне і інш. Яго сын выслужыў Дубінкі і яшчэ некалькі маёнткаў у Літве, Ліпскую воласць на Палессі. Шлюб з Соф'яй Манівідаўнай прынёс яму спадчыну рода Манівідаў: Геранёны, Жупраны, Солы, Хаценчыцы, вялікую Харэцкую воласці, з Докшыцамі, Тумілавічамі, Даўгінавам, Мілчай, Зембінам і іншымі сёламі ў вярхоўях Бярэзіны і Віліі. У канцы жыцця Мікалай Радзівілавіч атрымаў Райгрод і Ганядзь на Падляшшы (цяпер у Польшчы), якія раней нелажалі з'ехаўшаму ў Маскву князю М.Глінскаму.

У 1509 г. ўладанні М.Радзівіла былі падзелены паміж трыма яго сынамі. Старэйшы, Мікалай, атрымаў, апрача Шырвінтаў і іншых літоўскіх маёнткаў, Райгрод, Ганядзь, Солы, Хаценчыцы і частку Харэцкай воласці. З 1518 г., атрымаўшы ад германскага імператара княжацкі тытул, ён пачаў звацца князем на Мядзеле і Ганядзі. Другі брат, Ян, атрымаў Старыя Муснікі ў Літве, Геранёны і частку Харэцкай воласці на Беларусі. Яго ўладанні рэзка павялічыліся пасля шлюбу з Ганнай, дачкой Станіслава Кішкі, якая валодала часткай мантыгірдаўскай спадчыны: Алыкай, Дубровай, Лахвай, Нядрэскай, Нясвіжам, Уздой, Шацкам. Трэці брат Юрый (Ежы), уладальнік Біржаў, Дубінкаў, Жупранаў і інш., таксама ажаніўся з прадстаўніцай роду Кішкаў - Барбарай, дачкой Станіслава ад другога шлюбу. Маці Барбары паходзіла з паноў Кучукаў, і гэты шлюб прынёс Юрыю Радзівілу кучукаўскую спадчыну: Салешнікі і Жырмуны на Віленшчыне, Шчучын і Дакудаў у Панямонні, Палонна на Валыні, Вязынь на Меншчыне і інш. Яшчэ адзін сын М.Радзівіла, Войцах, стаў віленскім біскупам - вышэйшай духоўнай асобай у дзяржаве.

Уяўленне пра памеры ўладанняў Радзівілаў дае перапіс войска Вялікага княства, зроблены ў 1528 г. У гэты час уладанні Мікалая, князя на Мядзеле і Ганядзі, былі падзелены на 4 часткі паміж яго сынамі і ўдавой, Альжбетай Багданаўнай Саковіч. Сыны ставілі ў войска 179 коннікаў, а маці - 260. Такім чынам, да падзелу гэта латыфундыя давала 439 коннікаў (прыкладна столькі ж, як і ўладанні Альбрэхта Гаштоўта, - наступцы М.М.Радзівіла на пасадах ваяводы віленскага і канцлера). Удава Яна, Ганна Кішчанка, якая ў 1528 г. была жонкай Станіслава Кезгайлы, з маёнткаў свайго сына М.Я.Радзівіла ставіла 246 коннікаў, а Юрый Радзівіл - 261. Яшчэ большымі былі маенткі віленскага біскупства, якія да 1519 г. кантраляваў Войцах Радзівіл.

Старэйшая галіна Радзівілаў, князёў на Мядзеле і Ганядзі, скончылася ў 1542 г. Пасля гэтага галоўныя іх маёнткі Райгрод, Ганядзь і Мядзел вярнуліся да вялікага князя, а астатнія былі падзелены паміж трыма дачкамі Яна Мікалая - апошняга прадстаўніка гэтай галіны. Дзве з іх не пакінулі нашчадкаў, а трэцяя, Ганна, унесла радзівілаўскія маёнткі ў род свайго мужа Станіслава Кішкі.

Сын Яна Мікалай Чорны і сын Юрыя Мікалай Руды сталі пачынальнікамі дзвюх далейшых галін Радзівілаў: князёў на Нясвіжы і Алыцы і князёў на Біржах і Дубінках. Іх узвышэнню спрыяў раман сястры Мікалая Рудога Барбары з Жыгімонтам Аўгустам, які тайна абвянчаўся з ёю. Гэта быў скандальны мезальянс, і праз некалькі гадоў Барбара пры загадкавых абставінах памерла. Але Радзівілы былі ўжо на вяршыні магутнасці. Мікалай Чорны ў 1551 г. вярнуў роду дзве найвышэйшыя пасады (ваяводы віленскага і канцлера), і віленскае ваяводства на гэты раз апынулася ў руках Радзівілаў больш чым на паўстагоддзя: ад Мікалая Чорнага яно перайшло да Мікалая Рудога, потым да сына Рудога Крыштафа Перуна і, нарэшце, да сына Чорнага Крыштафа Сіроткі.

У 2-й палове 16 ст. Радзівілы засталіся адзіным з першапачатковых магнацкіх родаў літоўскага паходжання. Утвараліся новыя латыфундыі, новыя роды прыходзілі да вяршыні ўлады. Вялікія змены адбыліся ў рэлігійным жыцці: пашыралася Рэфармацыя, у сувязі з чым Мікалай Чорны і Мікалай Руды, як і вялікая колькасць іншых паноў, перайшлі з каталіцызму ў кальвінізм. Магнацтва пачало адчуваць моцны націск з боку больш дробнай шляхты, якая дамагалася павелічэння сваёй ролі ў палітычным жыцці. Пры гэтым шляхта імкнулася да больш цеснага саюзу з Польшчай - як з прычын знешнепалітычных (Вялікае княства цярпела паражэнні ад Маскоўскай дзяржавы), так і ўнутрыпалітычных (літоўска-беларуская і ўкраінская шляхта жадала мець такія ж палітычныя правы, якімі карысталася шляхта польская). Магнаты таксама хацелі збліжэння з Польшчай, але на ўмовах дзяржаўнай самастойнасці Вялікага княства, імкнуліся захаваць пры гэтым свае прывілеі.

У 1569 г., нягледзячы на супраціўленне магнатаў (у тым ліку Радзівілаў), была заключана Люблінская унія. Крыху раней, у 1564 г., паны-рада "прымусова-добраахвотна" адмовіліся ад статуса прывілеяванага саслоўя, фармальна атрымаўшы такія ж правы, як і простая шляхта. Але фактычная вага палітычных дзеячаў па-ранейшаму залежала ад памераў іх маёнткаў, і магнаты працягвалі ставіць амаль выключна сваіх прадстаўнікоў на найвышэйшыя дзяржаўныя пасады.

І без таго вялізныя ўладанні Радзівілаў тым часам усё пашыраліся. Мікалай Чорны набыў у 1555 г. Налібакі, Солы і Свядасць, у 1558 г. - Клецк і Давыд-Гарадок, таксама Высокае пад Брэстам, а праз шлюб з дачкой польскага магната Шыдлоўскага - Шыдловец у Польшчы. Яго сын у 1567 г. ставіў у войска ўжо 539 коннікаў (пры тым, што ў гэтым годзе адзін коннік ставіўся не з 8, а з 10 сялянскіх службаў), Мікалай Руды ставіў 400 конных воінаў. Яго ўладанні павялічыліся за кошт Валожына, Рубяжэвічаў на Ашмяншчыне, Смалявічаў, Плісы, Гарадзішча, Станькава і Жыціна на Меншчыне, Уселюба пад Новагародкам.

У канцы 16 ст, ў Вялікім княстве пачалася каталіцкая Контррэфармацыя. Тады сыны Мікалая Чорнага вярнуліся ў каталіцтва, а адзін з іх, Ежы, нават стаў спачатку біскупам віленскім, а потым кракаўскім. Каб пазбегнуць у далейшым страты радавых маёнткаў, сыны Мікалая Чорнага ў 1579 г. ўтварылі пагадненне аб стварэнні неадчужальных вотчын - ардынацый. Такія ўладанні павінны былі пераходзіць без падзелу ва ўладанне старэйшага сына, а пры адсутнасці такога - да прадстаўніка старэйшай на той момант галіны Радзівілаў. Так узніклі тры ардынацыі: нясвіжская (уладанне Мікалая Крыштафа Сіроткі і яго нашчадкаў), клецкая (уласнасць яго брата Альбрэхта) і алыцкая (уладанне малодшага з братоў Станіслава Мікалая).

Сыны Мікалая Рудога засталіся пратэстантамі. Старэйшы, Мікалай, пры падзеле бацькаўскіх маёнткаў атрымаў Дубінкі, Жырмуны, Мядзел, Жупраны, Салешнікі, Дакудаў, Беліцу і шмат іншых маёнткаў. Яго брату Крыштафу Пяруну дасталіся Біржы, Валожын, Віжуны, Вязынь, Жыцін, Койданаў, Рубяжэвічы, Смалявічы, Станькаў, Уселюб і інш. Пазней Крыштаф набыў Астрашыцкі Гарадок на Меншчыне, шлюб з князёўнай Кацярынай Астрожскай прынёс яму Глуск і Копысь, а паўторны шлюб з яе малодшай сястрой Альжбетай, удавой Януша Кішкі, - Асташын у Новагародскім павеце і Венграў на Падляшшы. Крыштаф Пярун быў таксама старостам барысаўскім, гаенскім, жыжморскім, мейшагольскім. У 1600 г. ён дамогся шлюбу свайго сына Януша з апошняй прадстаўніцай князёў Алелькавічаў-Слуцкіх, Соф'яй, што азначала пераход Слуцкага княства ў рукі Радзівілаў. Да гэтага часу Радзівілы ўспрынялі польскую (увогуле заходнееўрапейскую) культуру, але засталіся гарачымі патрыётамі Вялікага княства Літоўскага, праціўнікамі палітычнага паглынання яго Польшчай. На іх грошы ствараліся першыя друкарні на Беларусі (у Берасці, Нясвіжы). Этнічная свядомасць іх мела падначаленае становішча адносна палітычнай, таму было б недакладна лічыць іх "літоўцамі" ці "беларусамі".

У наступных пакаленнях колькасць адначасова дзеючых Радзівілаў часам перасягала дзесятак. Больш-менш поўна ахарактарызаваць іх дзейнасць і ўласнасць у кароткім каментарыі немагчыма. Адзначым толькі асноўныя рысы. Аўтарытэт слуцка-біржанскай галіны, найбольш уплывовай у 1-й палове 17 ст., быў моцна падарваны пераходам Януша і Багуслава Радзівілаў на бок ворага ў час шведскага "патопу", які апісаў у сваім рамане Г.Сянкевіч. Гэтая галіна абарвалася ў 1669 г., а яе вялізныя ўладанні перайшлі да адзінай дачкі Багуслава - Людвікі Караліны. Першым мужам яе быў электар брандэнбургскі, другім - князь нейбургскі (абодва з Германіі). Дочкі Людвікі Караліны, князёўны нейбургскія, валодалі радзівілаўскай спадчынай да 1744 г., пасля чаго яна далучана да ўладанняў нясвіжскай галіны Радзівілаў. Сярод гэтых маёнткаў найбольшымі тэрытарыяльна былі Слуцкае княства (цягнулася больш чым на 100 км., да самай Прыпяці), Гарадзішча са Смалявічамі (тэрыторыя гэтых уладанняў пачыналася ад усходняй ускраіны Мінска, ад вёсак Сляпянка і Уручча, і цягнулася ажно за Жодзіна) і інш.

Род алыцкіх ардынатаў праіснаваў усяго 2 пакаленні. У 1667 г. яго ўладанні зліліся з нясвіжскай ардынацыяй, якой валодаў Міхал Казімір - унук Мікалая Крыштафа Сіроткі. Міхал Казімір далучыў да сваіх уладанняў і спадчыну згаслага роду Зяновічаў, у т.л. вялікія маёнткі Смаргонь, Глыбокае. У канцы 17 ст. згасла і клецкая галіна Радзівілаў, яе ўладанні дасталіся брату Міхала Казіміра - Дамініку. Яго нашчадкі ўтварылі другую галіну ардынатаў клецкіх.

У 2-й палове 17-пачатку 18 ст. Радзівілы, застаючыся багацейшымі землеўладальнікамі на Беларусі, у палітычным сэнсе трымаліся ўпоравень з іншымі магнацкімі родамі (Сапегамі, Пацамі, Агінскімі). Новы перыяд іх гегемоніі прыпадае на апошняе паўстагоддзе існавання Рэчы Паспалітай, калі дзейнічалі Міхал Казімір Рыбанька з братам Еранімам, а затым сын Рыбанькі Караль Станіслаў па мянушцы Пане Каханку.

Злучыўшы нясвіжскуіо і алыцкую ардынацыі з былымі ўладаннямі князёвен нейбургскіх, яны дасягнулі проста фантастычнага багацця. Колькасць іх падданых вылічалася сотнямі тысяч. Шмат легенд засталося пра самадурства Ераніма і пра дзівосы Пане Каханку, які сапернічаў раскошай з імператрыцай Кацярынай II, улетку ездзіў на санях па шляху, пасыпаным соллю, і г. д. І ўсё ж Радзівілы былі буйнейшымі палітычнымі фігурамі свайго часу, вядомымі мецэнатамі. Нясвіжская бібліятэка была адной з лепшых у Еўропе.

Род Радзівілаў працягваўся і далей, у 19 і 20 ст., але гэты час выходзіць за межы нашага даведніка.

ТАБЛІЦА 6.

Гэта табліца прысвечана тром магнацкім родам: Хадкевічам, Глябовічам і Кішкам. Яны выходзілі на першы план па меры згасання старажытных родаў літоўскага паходжання. Росквіт іх прыпаў на 16-17 ст., калі Вялікае княства Літоўскае ўжо вызначалася дастаткова складанай сацыяльнай структурай. У гэтай структуры па-ранейшаму важнае месца займаў слой буйнейшай феадальнай знаці; у нетрах гэтага слоя існавалі найлепшыя ўмовы для падрыхтоўкі неабходнай колькасці палкаводцаў, дыпламатаў і іншых дзяржаўных дзеячаў. Таму пры выбыцці старых родаў іх месца з непазбежнасцю займалі новыя.

Род Хадкевічаў пачынаецца з Ходкі Юр'евіча - выхадца з праваслаўнага баярства Кіеўшчыны, які звязаў свой лёс са службай вялікім князям літоўскім. У 1434 г, яго подпіс і пячатка з гербам "Касцеша" былі пастаўлены (у ліку іншых членаў Рады) на акце, у якім Жыгімонт Кейстутавіч аднаўляў унію з Польшчай. Сын Ходкі Іван ажаніўся з дачкой князя Івана Бельскага (гл. табліцу 3). Ён займаў намесніцкія пасады ў Віцебску і Кіеве - тых паўсамастойных землях Вялікага княства, на якія не распаўсюджвалася забарона Гарадзельскага сейма прызначаць на вышэйшыя пасады некатолікаў. Яго сын Аляксандр і ўнукі ўжо перайшлі спачатку ў кальвінізм, а з пачаткам Контррэфармацыі, напэўна, у каталіцтва. Асноўныя маёнткі, што выслужылі першыя пакаленні Хадкевічаў, канцэнтраваліся на мяжы Гарадзенскага павета і Падляшша: Супрасль, Дойліды, Заблудаў. На поўдні Гарадзеншчыны ляжалі Бераставіца і Рось, на Новагародчыне - Мыш, на Берасцейшчыне - Трасцяніца.

Аднак сапраўдная магутнасць прыйшла да Хадкевічаў пасля таго, як яны атрымалі ад вялікага князя Жыгімонта значную частку вымарачных маёнткаў Станіслава Гаштаўта: Быхаў з Дубаснай, Шклоў з Бабром і гаштаўтаўскую частку Глуска. Сыны Аляксандра Хадкевіча як бы заступілі месца знікшага роду Гаштаўтаў. У 2-й палове 16-пачатку 17 ст., у час гегемоніі Радзівілаў, Хадкевічы ўстойліва былі другім па значэнні родам, што выражалася і ў паслядоўным заняцці імі пасады віленскага кашталяна (у дзяржаўнай іерархіі яна лічылася другой пасля пасады віленскага ваяводы). У час Лівонскай вайны Рыгор Аляксандравіч, а потым і яго пляменнік Ян Еранім вызначыліся як выдатныя военачальнікі і дыпламаты. Пры Рыгоры ў Заблудаве была заснавана адна з першых друкарняў на Беларусі. Яну Ераніму было даверана кіраванне Ліфляндыяй (Інфлянтамі) - тэрыторыяй былога Лівонскага ордэна, якая ў час вайны далучылася да Вялікага княства, - і нададзены тытул графа на Шклове і Мышы. Пасля смерці ў 1616 г. Радзівіла Сіроткі Ян Караль Хадкевіч (сын Яна Ераніма) атрымаў Віленскае ваяводства і гетманскую булаву. Аднак у хуткім часе ён памёр, пасля чаго і яго маёнткі, і верхавенства ў дзяржаўнай іерархіі перайшлі да Сапегаў.

Малодшая галіна Хадкевічаў (на Супраслі і Трасцяніцы) працягвала існаваць далей. Да сярэдзіны 17 ст. яе прадстаўнікі заставаліся ў ліку найбуйнейшых дзяржаўных дзеячаў. Але затым на працягу двух пакаленняў адзіныя прадстаўнікі роду паміралі даволі маладымі, а іх нашчадкі ўвогуле нічым не вызначаліся сярод шматлікіх шляхецкіх родаў.

Род Глябовічаў карыстаўся гербам "Ляліва", аднак яго агульнае паходжанне з Манівідавічамі і Гедыгольдавічамі (на якое спасылаліся яны самі) застаецца пад пытаннем. Заснавальнік роду Глеб быў родзічам Івана Вяжэвіча - баярына, даволі вядомага ў сярэдзіне 15 ст. Дакладна паходжанне Вяжэвічаў і Глябовічаў не вызначана, але існуе меркаванне, што яны паходзяць з баярства Смаленскай зямлі, далучанай да Вялікага княства Літоўскага на мяжы 14-15 ст. Але адно з найбольш старажытных уладанняў Глябовічаў, маёнтак Рудка, знаходзіўся на Падляшшы - процілеглым краі дзяржавы.

Лёс гэтага роду падобны на лёс Хадкевічаў, толькі Глябовічы даволі рана (у 2-й палове 15 ст.) прынялі каталіцтва. Іх узвышэнне было імклівым, Ужо ўнук Глеба Ян Юр'евіч заняў пасля Альбрэхта Гаштаўта пасады канцлера і віленскага ваяводы. Аднак маёмасныя ўладанні яго не былі такімі ж вялізнымі, як і ў Радзівілаў, Кезгайлаў, Гаштаўтаў. Нават Аляксандр Хадкевіч, які ў час перапісу войска ў 1528 г, яшчэ не быў ваяводам, ставіў 189 вершнікаў, а вотчыны Яна Глябовіча "важылі" толькі 148. У іх уваходзіла Дуброўна каля Оршы, частка былы уладанняў Манівідаў і Судзімонтавіча (Вішнева, Волма, Дзякшняны і інш., набытыя праз шлюб з Монтаўтаўнай, унучкай Алехны Судзімонтавіча), Палонка на Слонімшчыне, Рудка на Падляшшы, шэраг маёнткаў у Літве і Жамойці. Ян Глябовіч значна павялічыў свае ўладанні паўторным шлюбам - з князёўнай Ганнай Фёдараўнай Заслаўскай, спадчынніцай князёў Яўнуцевічаў. Гэты шлюб прынёс яму Заслаўе пад Менскам, Межава пад Оршай і інш. Пазней Ян атрымаў у пажыццёвае карыстанне вялікія староствы Барысаўскае і Бабруйскае.

Імкнучыся падкрэсліць сваю веліч, Глябовіч наўмысна падбіраў у кола сваіх прыдворных "прыродных князёў" са здрабнелых праваслаўных родаў: Адзінцэвіча, Бароўскага, Пузыну.

У Яна Глябовіча было 9 дачок, да якіх адышла значная частка яго ўладанняў. Аснову маёмасці яго сына Яна Янавіча, графа на Дуброўне і Заслаўі, склала спадчына князёўны заслаўскай. Гэтыя маёнткі дазволілі тром пакаленням Глябовічаў трымацца ў ліку найбуйнейшых дзяржаўных дзеячаў. Род іх абарваўся са смерцю Ежы Караля Глябовіча ў 1669 г. Яго дзве дачкі выйшлі за М.Агінскага і К.Сапегу, да якіх і перайшлі глябовіцкія маёнткі.

Род Кішкаў, які карыстаўся гербам "Дуброва", паходзіў з падляшскай шляхты. Іх радавы маёнтак Цеханавец ляжаў на самым захадзе Падляшша, на мяжы з Мазовіяй (у сучаснай Польшчы). Браты Пашка (Павел) і Юшка (Юрый) Струмілы, уладальнікі Цеханаўца, служылі яшчэ пры Вітаўце і каралі Уладзіславе II (Ягайле). Большасць нашчадкаў Пашкі Струмілы карысталася прозвішчам Цеханавецкія (адна з іх галін захавалася да 20 ст.). Кішкамі зваліся нашчадкі аднаго з унукаў Пашкі Струмілы - Станіслава Кішкі. Ён двойчы вельмі ўдала ажаніўся. Першая яго жонка была спадчынніцай пана Войцаха Кучука, за ёй Кішка атрымаў маёнткі Жырмуны, Дакудаў, Шчучын і інш. У выніку другога шлюбу - з дачкой Пятра Мантыгірда - набыў усю спадчыну апошняга (гл. табліцу 4). Мантыгірдаўскія маёнткі пазней былі падзелены паміж сынам Станіслава Кішкі Пятром і дачкой Ганнай - жонкай Яна Радзівіла (другая дачка, Барбара, паходзіла ад першага шлюбу). Пётр Кішка ў 1528 г. выстаўляў 224 коннікі. Галоўнымі яго ўладаннямі былі Цеханавец, Іўе, Лоск. Яго сыны яшчэ больш павялічылі свае ўладанні. Шлюб Станіслава Пятровіча з Ганнай Радзівіл прынёс яго нашчадкам амаль усе маёнткі райгродска-ганядзкай лініі Радзівілаў. У 1567 г. ўдава Станіслава ставіла 407 вершнікаў, а яго брат Мікалай - 400 (больш мелі толькі Радзівілы; нават Хадкевічы, другі па палітычнай вазе род, утрох ставілі меней за Кішкаў - 782 коннікі).

Пры такіх вялізных багаццях Кішкі, аднак, ні разу не былі ні віленскімі ваяводамі, ні канцлерамі. Нашчадкі Станіслава Пятровіча карысталіся тытулам графаў на Іўі і Лоску, баронаў на Цеханаўцы. Будучы здаўна католікамі, яны, як і большасць магнатаў, у час Рэфармацыі зрабіліся пратэстантамі. Іўе стала цэнтрам найбольш радыкальнай пратэстанцкай плыні - арыянства. Аднак у пачатку 17 ст. Кішкі вярнуліся да каталіцтва. У сярэдзіне таго ж стагоддзя род абарваўся, а яго маёнткі разышліся паміж шматлікімі шляхецкімі родамі.

ТАБЛІЦЫ 7 - 8 - 9

Апошнія тры табліцы прысвечаны родам, росквіт якіх прыпаў на 17-18 ст. - апошні перыяд існавання Рэчы Паспалітай. У гэты час адбылося амаль поўнае акаталічванне і паланізацыя шляхты Вялікага княства Літоўскага. Былое паходжанне родаў ужо не мела практычнага значэння. І першапачаткова праваслаўныя Сапегі і Агінскія, і спрадвечныя католікі Радзівілы і Пацы стваралі адзінае магнацкае кола, у якое толькі часова ўваходзілі прадстаўнікі іншых родаў: Вішнявецкія, Масальскія, Пацеі і інш. Паміж магнацкімі групоўкамі адбывалася жорсткая барацьба за ўладу. То Сапегі, то Радзівілы, то Пацы выношвалі намеры аддзяліць Вялікае княства ад Польшчы і ператварыцца ў пануючую дынастыю. Прага магнатаў да самаўладдзя была адной з прычын таго, што палітычнае развіццё Рэчы Паспалітай зайшло ў тупік і ў канцы 18 ст. яна была падзелена паміж трыма магутнымі суседзямі: Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй.

Са старажытных родаў на вяршыні магутнасці ў гэтыя часы засталіся толькі Радзівілы, пра якіх мы паведамілі ў каментарыі да табліцы 5. Упоравень з імі паўсталі тры новыя роды: Сапегі, Пацы і князі Агінскія. Узнікненне роду Сапегаў звязана з княжаннем Казіміра Ягелона. У 1440-я гады адным з велікакняжацкіх пісараў быў Сямён Сапега. Першапачатковыя маёнткі яго і яго сыноў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі (Ельня, Гарадзішча, Апакаўскі Пасад). Да 1514 г. Смаленшчына цалкам адышла да Маскоўскай дзяржавы. Аднак Сапегі, як і шмат іншых баярскіх і княжацкіх родаў, захавалі вернасць вялікаму князю літоўскаму. Асноўнымі іх уладаннямі сталі маёнткі, набытыя сынамі Сямёна Сапегі Багданам і Іванам. Багдан, які ажаніўся з дачкой князя Ф.Друцкага-Саколінскага, атрымаў мацярынскія маёнткі сваёй жонкі: Чарэю ў Лукомскім княстве, Белую (сучасны Лепель) на Полаччыне, Тухачоў пад Віцебскам. Іван, як і бацька, зрабіў кар'еру ў якасці велікакняжацкага пісара, потым сакратара. Выконваючы шэраг пасольскіх і іншых дыпламатычных даручэнняў, ён атрымаў за службу шмат наданняў, з якіх буйнейшымі былі Друя, Іказнь і Пагост на Браслаўшчыне, Боткі на Падляшшы, Кодня на Берасцейшчыне.

Ад гэтых двух братоў пайшлі дзве галіны роду Сапегаў - чарэйская і кодзенская (у далейшым кожная з іх працягвала драбіцца). Да 2-й паловы 16 ст. яны не вылучаліся сярод іншай шляхты ні высокімі пасадамі, ні асаблівым багаццем. Але прадстаўнікі абедзвюх галін (асабліва старэйшай) няспынна пашыралі свае ўладанні ўсімі праўдамі і няпраўдамі. Іван Багданавіч і яго сын Іван праз шлюб і выслугі набылі Палону, Лемніцу і Астроўну ў Віцебскай зямлі, вялікую частку спадчыны князёў Друцкіх (Талачын і Стараселле каля Друцка, Горы і Горкі за Дняпром, Дзярэчыя Лукі на Віцебшчыне каля сучаснага Суража і інш.), Ляйпунікі ў Літве. Януш Багданавіч праз шлюб з князёўнай Крошынскай атрымаў Лунна на Гродзеншчыне. Прадстаўнік малодшай галіны Сапегаў Павел Іванавіч, у далейшым новогародскі ваявода, дзякуючы шлюбу з князёўнай Гальшанскай, набыў частку Гальшан, а таксама Станькава і Жыцін на Меншчыне. Праўда, пасля смерці яго брата Міхала замак Іказнь і іншыя браслаўскія ўладанні Сапегаў часова адышлі да нашчадкаў па жаночай лініі.

Сапраўднае ўзвышэнне роду звязана з дзейнасцю Льва Іванавіча Сапегі - аднаго з найбольш таленавітых дзяржаўных дзеячаў Вялікага княства Літоўскога. На працягу свайго жыцця ён займаў ледзь не ўсе найважнейшыя пасады ў дзяржаве: быў падканцлерам, канцлерам, гетманам, віленскім ваяводам. Ён быў, дарэчы, фактычным стваральнікам Статута 1588 г. - выдатнага помніка юрыдычнай думкі. Спачатку перайшоўшы з праваслаўя ў кальвінізм, Леў Сапега пазней стаў католікам, адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта IV Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя. Багацці яго няўхільна пашыраліся; да бацькоўскай і мацярынскай спадчыны Леў далучыў Ласосін, Ружану і Зэлву на Слонімшчыне, Асвею і Бешанковічы на Полаччыне, Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце, частку ўладанняў князёў Лукомскіх, Здзяцель (Дзятлава) на Новагародчыне, Чарнобыль на Кіеўшыне і шмат больш дробных уладанняў. Ён жа выкупіў Іказнь і Друю ў нашчадкаў кодзенскай галіны роду Сапегаў. У яго ўладанні знаходзіліся і вялізныя дзяржаўныя маёнткі (староствы): Слонім, Свіслач, Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел і інш. У выніку шлюбу яго сына Яна Станіслава з дачкой і спадчынніцай Яна Караля Хадкевіча род Сапегаў прыдбаў маёнткі Быхаў, Ляховічы, Цімкавічы, Любашанскае староства і шмат іншых уладанняў. Багацці Льва Сапегі дазвалялі яму нават фінансаваць вайну са Швецыяй за Ліфляндыію. Ён жа быў і адным з натхняльнікаў паходу на Маскву ў час так званай расійскай смуты пачатку 17 ст.

Вялізныя багацці Льва Сапегі і яго сыноў пасля смерці ў 1656 г. апошняга з іх, Казіміра Льва, былі падзелены паміж аддаленымі родзічамі і сваякамі. Найбольшую іх частку атрымаў траюрадны брат Казіміра Льва - Павел Ян Сапега, які і без таго меў немалыя маёнткі (Высокае на Берасцейшчыне і Беліца ў Аршанскім павеце). Цяпер да іх далучыліся Ружана, Ляхавічы, Быхаў, Чарэя, Косава. Павел Ян увайшоў у лік найбуйнейшых магнатаў, што спрыяла і яго палітычнаму ўзвышэнню. У 1656 г., у крытычны час шведскага "патопу", ён атрымаў віленскае ваяводства і гетманскую булаву. Менавіта пад яго кіраўніцтвам вайна з Расіяй і Швецыяй была скончана паспяхова, тэрыторыя Вялікага княства была ачышчана ад рускіх войск.

Пры сынах Паўла Яна магутнасць Сапегаў дасягнула максімуму. Казімір Ян, які праз шлюб з дачкой Ежы Караля Глябовіча атрымаў палову спадчыны апошняга, у 1680-я гады дасягнуў поўнага дамінавання ў Вялікім княстве. Пасля абрання ў 1697 г. саксонскага кюрфюрста Аўгуста каралём Рэчы Паспалітай Сапега павёў курс на аддзяленне Вялікага княства ад Польшчы з мэтаю захапіць велікакняжацкую ўладу. Маючы войска ў 9 тыс. наёмнікаў, ён быў у адным кроку ад сваёй мэты - толькі ўзброеная кааліцыя Караля Станіслава Радзівіла, князёў Агінскіх, Вішнявецкіх і іншых магнатаў здолела ў сапраўднай грамадзянскай вайне перамагчы Сапегаў у бітве пад Алькенікамі ў 1700 г. Пасля гэтага Казімір Ян Сапега перайшоў на бок шведскага караля Карла XII, за што быў пазбаўлены ўсіх пасад. Аднак ужо ў 1707 г. ён дамогся поўнай амністыі і ў далейшым быў віленскім ваяводам і гетманам да канца жыцця. Нашчадкі яго, праўда, адышлі крыху ў цень у параўнанні з нясвіжскай галіной Радзівілаў і князямі Агінскімі. Малодшая галіна Сапегаў не мела такіх дасягненняў, але і яе прадстаўнікі былі не з апошніх у Рэчы Паспалітай. Асноўныя маёнткі кодзенскай галіны ляжалі за межамі сучаснай Беларусі: Кодня на забужскай частцы Берасцейскага ваяводства, Боткі і Дубна на Падляшшы. На Беларусі адна з галін Сапегаў (Багдан Паўлавіч, затым яго сын Павел Стафан) валодала Гальшанамі. Кодзенская галіна праз шлюб Томаша Сапегі, сына Фрэдэрыка, у 1647 г. набыла спадчыну згаслага роду паноў Дарагастайскіх (Дарагастаі, Мураваную Ашмену, Нарач і інш.). Брат Томаша Крыштаф меў за жонку князёўну Саламярэцкую, уладальніцу Століна.

Род Сапегаў, таксама як і Радзівілаў, працягваў існаваць у 19 ст., пасля далучэння тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага да Расійскай імперыі.

Гісторыя князёў Агінскіх, радавод якіх прыведзены ў табліцы 8, крыху падобная на гісторыю Сапегаў. Агінскія таксама мелі першапачатковыя вотчыны на Смаленшчыне, а ў Літву і на Беларусь перабраліся пасля захопу гэтых вотчын Маскоўскай дзяржавай. Іх росквіт таксама прыпадае на 18 ст.

Агінскія карысталіся ўласным гербам, які называўся "Агінец", ці "Брама". Яны вялі радаслоўную ад Рурыкавічаў - уладальнікаў, паводле радавога падання, Казельскага княства ў Чарнігаўскай зямлі. З гэтай падставы ў 16-18 ст. князі Агінскія, як і іх родзічы Пузыны, дадавалі да прозвішча словы "з Казельска". Аднак непасрэднае іх паходжанне ад чарнігаўскіх князёў не прасочваецца. Першы іх сапраўдны продак - князь Васіль Глашына - жыў у сярэдзіне 15 ст. і валодаў горадам Мсціслаўцам у вярхоўях Акі. Яго сын Іван Глушонак у 1480-я гады перайшоў у маскоўскае падданства, але дзеці апошняга засталіся ў Вялікім княстве Літоўскім, на Смаленшчыне. Ад аднаго з іх, Івана Пузыны, пайшоў род князёў Пузынаў, а ад другога, Дзмітрыя, - род Агінскіх. Прозвішча сваё яны набылі ад маёнтка Агінты ў Літве, які быў падараваны Дзмітрыю Іванавічу Глушонку замест смаленскіх вотчын, што на мяжы 16 ст. таксама адышлі да Масквы.

У Дзмітрыя быў адзіны сын Багдан. Нягледзячы на княжацкае паходжанне, ён быў фактычна простым шляхцічам. У 1528 г. яго маёнткі "важылі" ўсяго 4 коннікаў. Ад двух яго сыноў пайшлі дзве галіны князёў Агінскіх. Пры гэтым малодшая так і засталася на ўзроўні сярэдняй шляхты. Яна валодала ў 16- 18 ст. невялікімі маёнткамі Коўпіна на поўначы Полацкай зямлі і Пошчай на Браслаўшчыне.

Узвышэнне старэйшай галіны пачалося на мяжы 16-17 ст., пры Багдане Мацвеевічы Агінскім. Ён да бацькоўскіх Агінтаў і Кроняў далучыў Еўе ў Літве, частку воласці Бакшты (сучасныя Смілавічы) на Меншчыне, а праз шлюб з Раінай Валовіч - воласці Мікуліна і Гарадзішча на ўсходзе Віцебскага павета. У якасці лена князь Багдан атрымаў дзяржаўны маёнтак Дарсунішкі, які потым быў у фактычным уладанні яго нашчадкаў.

Сыны Багдана Агінскага пачалі хутка ўзнімацца ўгару. З іх Аляксандр, які ўдала ажаніўся з дачкой маршалка К.Палубінскага, у 1645 г. атрымаў пасаду менскага ваяводы, першы са свайго роду ўвайшоў у склад Сената, а ў 1649 г. стаў кашталянам троцкім. Яго сын Марцыян ажаніўся з дачкой Ежы Караля Глябовіча і атрымаў тытул "графа на Дуброўне" разам з часткай глябовіцкай спадчыны. Ён быў ужо адным з адметных дзеячаў, канцлерам Вялікага княства.

Ваяводскіх пасад дасягнулі і стрыечныя браты Марцыяна - Шымон Караль і Ян Самуэль Агінскія. Апошні з іх ажаніўся з дачкой Станіслава Нарушэвіча, які валодаў часткай спадчыны Казіміра Леана Сапегі (Стараселле, Круглае, Цяцерын у Аршанскім павеце). Да сыноў Шымона Караля і Яна Самуэля перайшлі і ўладанні Марцыяна Агінскага, які памёр бяздзетным (Смілавічы, Дарсунішскае, Мсцібаўскае і Радашковіцкае староствы). Гэта пакаленне Агінскіх прыняло актыўны ўдзел у антысапегаўскай кааліцыі і ў бітве пад Алькенікамі. Пасля перамогі над Сапегамі іх уплыў вырас яшчэ больш. Раслі і зямельныя ўладанні. Марцыян Міхал, ваявода віцебскі, меў уладанні пераважна на Віцебшчыне: Мікуліна, Лёзна, Марцыянава, Веляшковіцкае і Бабінавіцкае староствы. Шлюб з удавой пана Лендарфа прынёс яму Бобр і Бялынічы ў Аршанскім павеце.

Сыны Яна Самуэля валодалі Смілавічамі і Дукорай на Меншчыне, спадчынай Нарушэвічаў у Аршанскім павеце, Бешанковічамі, Крывінам і Лугіновічамі на Полаччыне, шэрагам маёнткаў і старостваў у Літве. З іх Казімір Дамінік дасягнуў вялікай магутнасці, у 1730 г. дамогшыся пасад віленскага ваяводы для сябе і троцкага - для свайго сына Іосіфа Яна. Апошні быў да таго ж зяцем і наследнікам магната Міхала Сервецыя Вішнявецкага, гетмана і ваяводы віленскага. Спадчынай Вішнявецкага былі вялізныя абшары на Палессі (Любяшоў, Маладоў і інш.), дзе пазней сын Юзафа Яна Міхал Казімір пабудаваў вядомы Агінскі канал. Дзве сястры Юзафа Яна выйшлі за сваіх траюрадных братоў - Станіслава Ежы і Ігнацыя Агінскіх, сыноў Марцыяна Міхала.

У апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай Агінскія мелі на Беларусі і ў Літве такое значэнне, з якім моглі параўнацца толькі Радзівілы. Яны славіліся як шчодрыя мецэнаты, а Міхал Казімір і Міхал Клеафас былі і самі выдатнымі кампазітарамі. Апошні з іх - аўтар славутага паланеза "Развітанне з Радзімай". Дарэчы, гэта адбылося, калі ён вымушаны быў уцякаць за мяжу пасля няўдалага паўстання за незалежнасць Рэчы Паспалітай. У гэтай барацьбе за незалежнасць, у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 г. і ў больш познім паўстанні 1830 г. роля такіх магнатаў, як Агінскія і Сапегі, была вельмі значнай. Але трэба прызнаць, што палітыка магнатаў у папярэднін часы значна спрыяла таму, што Рэч Паспалітая гэту незалежнасць страціла.

Апошні радавод, які мы прапануем чытачам, - радавод Пацаў. Гэта адзін з тых родаў старажытнага літоўскага баярства, якія існавалі ўжо ў канцы 14 ст., побач з Манівідам і Осцікам. Заснавальнік роду баярын Кімунт (Кімант) разам з імі ставіў свой подпіс на дзяржаўных актах. Двор яго, што згадваецца ў крыжацкіх хроніках, размяшчаўся недзе на правабярэжжы Нёмана. Магчыма, гэта той самы маёнтак, які пазней зваўся Ражанка (Гарадзенскі павет) і заставаўся радавым гняздом Пацаў на ўсім працягу іх гісторыі. Даўкша Кімунтавіч у 1413 г. атрымаў герб "Перхаля", але ў далейшым яго нашчадкі карысталіся гербам "Газдава".

Сынам Даўкшы (Доўкшы), як лічыцца, быў Пац (Мікалай) Доўкшавіч, які дзейнічаў у сярэдзіне 15 ст. Ні ён, ні яго сын Юрый Пацавіч не дасягнулі найвышэйшых пасад: Пац вядомы як намеснік камянецкі, а Юрый быў намеснікам і ваяводам паслядоўна ў Коўне, Кіеве, Новагародку, Полацку. Юрый Пацавіч у канцы жыцця ажаніўся з удавой апошняга князя Кобрынскага - Фядорай Рагацінскай, якая па маці была спадчынніцай князя Андрэя Уладзіміравіча (унука Альгерда). Частка гэтай спадчыны (маёнткі Магільна і Святы Двор у вярхоўях Нёмана, а таксама Куносы) дасталася пасынку Фядоры, Мікалаю Юр'евічу Пацу. Сам ён праз шлюб з князёўнай Гальшанскай набыў маенткі ў Харэцкай і Лагойскай валасцях, што раней стваралі спадчыну Манівідаў і Алехны Судзімонтавіча: Заазер'е пад Лагойскам, Прусавічы і Карсаковічы на верхняй Бярэзіне, а таксама частку Вішнева і Волмы. У 1528 г. М.Ю.Пац ставіў са сваіх уладанняў 97 коннікаў.

4 сыны Мікалая Паца ў 2-й палове 16 ст. былі вядомымі асобамі. Асабліва ўзвысіўся малодшы з іх, Павел, які быў зяцем Рыгора Хадкевіча і атрымаў частку яго спадчыны. У далейшым род Пацаў моцна раздрабіўся, але сумарная колькасць яго маёнткаў няспыняа расла. Ян, сын Дамініка, у 1618 г. набыў валынскі замак Чартарыю - былое гняздо князёў Чартарыйскіх. Ён і яго нашчадкі валодалі таксама Вілейкай, Беразіном і Дамжарычамі ў вярхоўях Бярэзіны, сын Яна Аляксандр праз шлюб атрымаў спадчыну князёў Галаўчынскіх (Галоўчын і Княжычы ў Аршанскім павеце). Другі сын Дамініка, Мікалай, і яго нашчадкі мелі галоўныя маёнткі на Брэстчыне (Ківатычы, Падбяла) і Гродзеншчыне (Хорашча, Рогава). Малодшая галіна Пацаў, апрача Ражанкі, валодала Дзісной, Астраўцом, Твераччу і інш. маёнткамі. Да яе ж назней перайшлі і ўладанні ківатыцкай галіны.

Зеніту сваёй славы Пацы дасягнулі ў 2-й палове 17 ст., пры каралі Яне Сабескім. У гэты час адначасова Крыштаф Зыгмунд Пац быў канцлерам (з 1668 па 1684 г.), яго малодшы брат Мікалай Стафан спачатку кашталянам віленскім (1670-1671), а потым біскупам віленскім (1671-1684). Прадстаўнік малодшай галіны Казімір Міхал у той жа час (1669-1682) сумяшчаў пасады ваяводы віленскага і гетмана. Такой канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго роду не было больш ніколі ў гісторыі Вялікага княства. Аднак трэба адзначыць, што багацце Пацаў у гэты час у значнай ступені апіралася на дзяржаўныя староствы (Дынабургскае, Магілёўскае, Усвяцкае і інш.), якія знаходзіліся ў іх часовым уладанні. Асабістыя ўладанні кожнага з прадстаўнікоў роду былі адносна невялікімі ў параўнанні з неабсяжнымі вотчынамі Радзівілаў ці Сапегаў. Магчыма таму ў наступных пакаленнях Пацам ужо не ўдалося дасягнуць былой велічы. Пасля 1684 г. на вышэйшых дзяржаўных пасадах яны не з'яўляюцца, хоць дзве галіны, што захаваліся на працягу ўсяго 18 ст., заставаліся даволі значнымі землеўладальнікамі. Род Пацаў канчаткова згас у 1835 г.

ДАДАТАК

Вярхоўныя ўладары Літвы і сумежных беларускіх зямель у 2-й палове 13 - 1-й палове 14 ст.

  1. Міндоўг (каля 1245-1263); забіты ў выніку змовы.
  2. Транята, сын сястры Міндоўга (1263-1264); забіты ў выніку змовы.
  3. Войшалк, сын Міндоўга (1264-1267); адмовіўся ад пасада на карысць Шварна.
  4. Шварн Данілавіч Галіцкі, зяць Міндоўга (1267-каля 1270).
  5. Трайдзен (каля 1270-1282).
  6. Даўмонт, родзіч (?) Трайдзена (каля 1285).
  7. Будзікід (каля 1289).
  8. Путувер [Будзівід, брат Будзікіда (?); каля 1291].
  9. Віцень, сын Путувера (каля 1292- каля 1315).
  10. Гедымін, брат Віценя (каля 1315-1341).

Вялікія князі літоўскія з роду Гедымінавічаў

  1. Яўнут, сын Гедыміна (1341-1345); зведзены з пасада ў выінку змовы братоў.
  2. Альгерд, сын Гедыміна (1345-1377).
  3. Ягайла, сын Альгерда (1377-1381); зведзены з пасада сваім дзядзькам Кейстутам.
  4. Кейстут, сын Гедыміна (1381-1382); зводзены з пасада і забіты па загаду Ягайлы.
  5. Ягайла - паўторна (1382-1392). У 1386 г. абраны каралём Польшчы пад імем Уладзіслава II; фармальна заставаўся вялікім князем літоўскім да 1392, хоць фактычна правіў яго брат Скіргайла. У далейшым (да 1434) вярхоўны сюзерэн Вялікага княства Літоўскага.
  6. Вітаўт, сын Кейстута (1392-1430).
  7. Свідрыгайла, сын Альгерда (1430-1432); зведзены з пасада ў выніку змовы; да 1436 г. ўсходняя частка Вялікага княства прызнавала яго вялікім князем.
  8. Жыгімонт I, сын Кейстута (1432-1440); забіты ў выніку змовы.
  9. Казімір, сын Ягайлы (1440-1492); з 1444 г. адначасова і кароль Польшчы (у польскай традыцыі - Казімір IV).
  10. Аляксандр, сын Казіміра (1492-1506); з 1501 г. адначасова і кароль Польшчы.
  11. Жыгімонт II Стары, сын Казіміра (1506-1544); адначасова і кароль Польшчы да 1548 (у польскай традыцыі - Жыгімонт І).
  12. Жыгімонт III Аўгуст, сын Жыгімонта ІІ (1544-1572); фармальна абвешчаны вялікім князем у 1529; з 1548 адначасова і кароль Польшчы (у польскай традыцыі - Жыгімонт ІІ Аўгуст).

Выбарныя каралі Рэчы Паспалітай і адначасова вялікія князі літоўскія пасля Люблінскай уніі 1569 г.

  1. Генрых (Анры) Валуа, брат караля Францыі Карла IX (1573); пасля 5 месяцаў панавання з'ехаў у Францыю, дзе стаў каралём (у французскай традыцыі - Генрых ІІІ).
  2. Стэфан (Іштван) Баторый, князь Трансільваніі (1575-1586).
  3. Жыгімонт IV Ваза, сын караля Швецыі Юхана III і Крысціны, дачкі Жыгімонта ІІ Старога (1587-1632); адначасова ў 1592-1599 і кароль Швецыі. У польскай традыцыі - Жыгімонт ІІІ.
  4. Уладзіслаў Ваза, сын Жыгімонта IV (1632-1648); у 1610 быў абвешчаны царом Расіі, ад прэтэнзій на маскоўскі трон адмовіўся ў 1634. У польскай традыцыі - Уладзіслаў IV.
  5. Ян Казімір Ваза, сын Жыгімонта IV (1648-1668). Адрокся ад пасада ў 1668.
  6. Князь Міхал Карыбут Вішнявецкі, украінскі магнат (1672-1673).
  7. Ян Сабескі, польскі магнат (1675-1696). У польскай традыцыі - Ян ІІІ.
  8. Аўгуст II Моцны з роду Ветынаў (1697-1704); адначасова і курфюрст Саксоніі пад імем Фрыдрыха Аўгуста І (з 1694); часова страціў уладу пасля паражэння ад шведскага караля Карла XII.
  9. Станіслаў І Ляшчынскі, польскі магнат (1704-1709); стаўленік Карла XII, страціў пасад пасля бітвы пад Палтавай.
  10. Аўгуст II Моцны - паўторна (1709-1733).
  11. Станіслаў Ляшчынскі - паўторна (1733); фактычна ўлады не меў.
  12. Аўгуст ІІІ Ветын, сын Аўгуста Моцнага (1733-1763); адначасова і курфюрст Саксоніі пад імем Фрыдрыха Аўгуста II.
  13. Станіслаў ІІ Аўгуст Панятоўскі, польскі магнат (1763-1795); адрокся ад пасада пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.

Біскупы віленскія - вышэйшыя духоўныя асобы ў Вялікім княстве Літоўскім

  1. Андрэй Васіла, польскі шляхціч (1388-1398).
  2. Якуб Пліхта, літовец (1398-1407). .
  3. Мікалай Гарзкоўскі (Баркоўскі), паляк (1408-1414).
  4. Пётр з Кустыня, паляк (1414-1421).
  5. Мацей з Вільні (1422-1453).
  6. Мікалай з Дзяжгава, паляк (1459-1467).
  7. Ян Ласовіч з Вільні (1468-1481).
  8. Андрэй Гасковіч з Вільні (1481-1491).
  9. Войцах Табар, літоўскі шляхціч (1492-1507).
  10. Войцах Радзівіл (1508-1519).
  11. Ян "з княжат літоўскіх", пазашлюбны сын Жыгімонта II Старога (1519-1536).
  12. Князь Павел Гальшанскі (1536-1555).
  13. Валерыян Пратасевіч Шышкоўскі з Крайска (1556-1580).
  14. Ежы Радзівіл (1581-1591); пазней біскуп кракаўскі.
  15. Бенядзікт Война (1600-1615).
  16. Яўстафі Валовіч (1616-1630).
  17. Абрагам Война (1631-1649).
  18. Ежы Скумін Тышкевіч (1649-1656).
  19. Ян Завіша (1656-1661).
  20. Ежы Белазор (1662-1666).
  21. Аляксандр Сапега (1666-1671).
  22. Стзфан Мікалай Пац (1672-1684, фактычна з 1682).
  23. Аляксандр Катовіч (1685-1686).
  24. Канстанцы Казімір Бжастоўскі (1687-1722).
  25. Мацей Анцута (1722-1723).
  26. Караль Пётр Панцажынскі (1724-1729).
  27. Міхал Зяньковіч (1730-1762).
  28. Князь Ігнацы Якуб Масальскі (1762-1794).

Ваяводы віленскія

  1. Войцах Манівід (1413-1424).
  2. Юрый Гедыгольд, брат Манівіда (1426-1432).
  3. Ян Даўгірд (1434-1443).
  4. Ян Гаштаўт (1443-1458).
  5. Ян Манівід (1458).
  6. Міхал Кезгайла (1459-1476); адначасова з 1446 і канцлер.
  7. Алехна Судзімоінтавіч (1477-1491); адначасова і канцлер.
  8. Мікалай Радзівіл (1491-1509); адначасова і канцлер.
  9. Мікалай Мікалаевіч Радзівіл (1510-1522); адначасова і канцлер.
  10. Альбрэхт Гаштаўт (1522-1539); адначасова і канцлер.
  11. Ян Глябовіч (1542-1549); адначасова і канцлер.
  12. Мікалай Радзівіл Чорны (1551-1565); адначасова і канцлер, з 1553 таксама гетман, у 1542-1565 маршалак земскі.
  13. Мікалай Радзівіл Руды (1566-1584); адначасова і канцлер (да 1579) і гетман з 1576.
  14. Крыштаф Радзівіл Пярун (1584-1603); з 1589 і гетман.
  15. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1604-1616).
  16. Ян Караль Хадкевіч (1616-1621); з 1605 і гетман.
  17. Леў Сапега (1623-1633); з 1625 і гетман.
  18. Крыштаф Радзівіл (1633-1640); адначасова і гетман.
  19. Ян Скумін Тышкевіч (1640-1642).
  20. Крыштаф Хадкевіч (1642-1652).
  21. Януш Радзівіл (1653-1655); з 1654 і гетман.
  22. Павел Ян Сапега (1656--1665); з 1658 і гетман.
  23. Міхал Казімір Радзівіл (1667-1668); у далейшым падканцлер.
  24. Ежы Караль Глябовіч (1668-1669).
  25. Міхал Казімір Пац (1669-1682); з 1667 і гетман.
  26. Казімір Ян Сапега (1682-1703); адначасова і гетман, пазбаўлены пасад за пераход на бок шведаў.
  27. Князь Януш Антоні Вішнявецкі (1704-1706); у далейшым ваявода кракаўскі, кашталян кракаўскі.
  28. Князь Міхал Сервецы Вішнявецкі, брат папярэдняга (1706-1707); з 1703 і гетман.
  29. Казімір Ян Сапега - паўторна (1707-1720).
  30. Людвіг Канстанцы Пацей (1722-1730); з 1709 і гетман.
  31. Князь Казімір Дамінік Агінскі (1730-1733),
  32. Князь Міхал Сервецы Вішнявецкі - паўторна (1734-1744); адначасова і гетман.
  33. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька (1744-1762); адначасова і гетман.
  34. Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку (1762-1764).
  35. Князь Міхал Казімір Агінскі (1764-1768); у далейшым (1768-1793) гетман.
  36. Караль Станіслаў Радзівіл - паўторна (1768-1790).
  37. Міхал Еранім Радзівіл (1790-1795).

Кашталяны віленскія

  1. Мінігайла Гедыгольдавіч (1413-1416).
  2. Крысцін Осцік (1419-1444).
  3. Міхаіл Кезгайла Валімунтавіч (1445-1450).
  4. Пётр (Сенька) Гедыгольдавіч (1451).
  5. Судзівой Валімунтавіч (1452-1458).
  6. Дабеслаў Кезгайла (1458-1460).
  7. Войцах Янавіч Манівід (1461-1475).
  8. Радзівіл Осцікавіч (1475-1477); з 1466 і ваявода троцкі.
  9. Ян Кезгайла (1478-1485).
  10. Князь Аляксандр Юр'евіч Гальшанскі (1492-1511).
  11. Князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1512-1522); у далейшым ваявода троцкі, у 1507-1530 таксама гетман.
  12. Станіслаў Кезгайла (1522-1527).
  13. Юрый Радзівіл (1527-1541); з 1531 і гетман.
  14. Рыгор Осцік (1544-1557).
  15. Еранім Хадкевіч (1559-1561).
  16. Рыгор Хадкевіч, брат папярэдняга (1564-1572); з 1566 і гетман.
  17. Ян Хадкевіч, сын Ераніма (1574-1579); таксама маршалак земскі з 1566.
  18. Яўстафі Валовіч (1579-1587); адначасова і канцлер.
  19. Ян Кішка (1588-1591).
  20. Павел Пац (1593-1595).
  21. Еранім Хадкевіч (1595-1617).
  22. Януш Радзівіл (1619-1620).
  23. Мікалай Глябовіч (1621-1632).
  24. Крыштаф Радзівіл (1633); у далейшым ваявода віленскі і гетман.
  25. Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (1633-1636).
  26. Крыштаф Хадкевіч (1636-1642); у далейшым ваявода віленскі.
  27. Мікалай Сапега (1642-1644).
  28. Андрэй Станіслаў Сапега (1644-1646).
  29. Ян Казімір Хадкевіч (1646-1660).
  30. Міхал Казімір Радзівіл (1661-1667); у далейшым ваявода віленскі.
  31. Міхал Казімір Пац (1667-1669); адначасова і гетман, у далейшым ваявода віленскі.
  32. Крыштаф Завіша (1669-1670).
  33. Стафан Мікалай Пац (1670-1671); у далейшым біскуп віленскі.
  34. Андрэй Катовіч (1672-1682).
  35. Эрнест Дэнгоф (1683-1685).
  36. Юзаф Багуслаў Служка (1685-1701).
  37. Князь Януш Антоні Вішнявецкі (1702-1703); у далейшым ваявода віленскі.
  38. Князь Міхал Сервецы Вішнявецкі, брат папярэдняга (1703-1706); адначасова і гетман; у далейшым ваявода віленскі.
  39. Людвіг Канстанцы Пацей (1709-1722); у далейшым ваявода віленскі.
  40. Князь Фрэдэрык Міхал Чартарыйскі (1722-1724).
  41. Князь Казімір Чартарыйскі (1724-1741).
  42. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька (1742-1744); у далейшым ваявода віленскі і гетман.
  43. Князь Міхал Юзаф Масальскі (1744-1768).
  44. Князь Ігнацы Агінскі (1768-1775).
  45. Міхал Еранім Радзівіл (1775-1790); у далейшым ваявода віленскі.
  46. Мацей Радзівіл (1790-1795).

Ваяводы троцкія

  1. Ян Яўнут Валімунтавіч (1413-1432).
  2. Пётр Лелюш (1434-1440).
  3. Ян Гаштаўт (1410-1443); у далейшым ваявода віленскі.
  4. Ян Манівід (1443-1458); у далейшым ваявода віленскі.
  5. Іван Вяжэвіч (каля 1460).
  6. Андрэй Саковіч (каля 1464).
  7. Радзівіл Осцікавіч (1466-1477); у 1470-1475 і маршалак земскі, з 1475 таксама кашталян віленскі.
  8. Станька Судзівоевіч (1478-1480).
  9. Марцін Гаштаўт (1480-1483).
  10. Багдан Андрэевіч Саковіч (1484-1490); з 1482 і маршалак земскі.
  11. Пётр Янавіч Мантыгірд (1491-1497); адначасова маршалак земскі.
  12. Ян Юр'евіч Забярэзінскі (1498-1505); таксама і маршалак земскі (1498-1508).
  13. Мікалай Мікалаевіч Радзівіл (1505-1510); у далейшым ваявода віленскі і канцлер.
  14. Рыгор Станіслававіч Осцік (1510-1518).
  15. Альбрэхт Гаштаўт (1519-1522); у далейшым ваявода віленскі і канцлер.
  16. Князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1522-1530); з 1507 таксама гетман.
  17. Ян Янавіч Забярэзінскі (1530-1537); з 1522 таксама і маршалак земскі.
  18. Станіслау Гаштаўт (1542).
  19. Князь Януш Гальшанскі-Дубровіцкі (1546-1549).
  20. Мікалай Радзівіл Руды (1550-1566). у далейшым ваявода віленскі і канцлер.
  21. Князь Стэфан Збаражскі (1566-1586).
  22. Ян Янавіч Глябовіч (1586-1590).
  23. Мікалай Крыштаф Радзвіл Сіротка (1590-1604); у далейшым ваявода віленскі.
  24. Аляксандр Хадкевіч (1605-1626).
  25. Ян Скумін Тышкевіч (1626-1640); у далейшым ваявода віленскі.
  26. Пётр Пац (1640-1642).
  27. Аляксандр Служка (1642-1647).
  28. Мікалай Абрагамовіч (1647-1651).
  29. Стэфан Мікалай Пац (1651-1670); у далейшым кашталян віленскі, біскуп віленскі.
  30. Князь Марцыян Агінскі (1670-1684); у далейшым канцлер.
  31. Цыпрыян Павел Бжастоўскі (1684-1688).
  32. Ежы Юзаф Радзівіл (1688-1689).
  33. Багуслаў Аляксандр Уніхоўскі (1689-1697).
  34. Казімір Уладзіслаў Сапега (1697-1704).
  35. Міхал Казімір Коцел (1703-1707).
  36. Ежы Сапега (1707-1709).
  37. Князь Казімір Дамінік Агінскі (1710-1730); у далейшым ваявода віленскі.
  38. Князь Юзаф Агінскі, сын папярэдняга (1730-1736).
  39. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька (1737-1742). У далейшым кашталян віленскі, ваявода віленскі.
  40. Аляксандр Пацей (1742-1770).
  41. Князь Тадэвуш Агінскі (1770-1783).
  42. Князь Андрэй Агінскі (1783-1787).
  43. Юзаф Мікалай Радзівіл (1788-1795).

Кашталяны троцкія

  1. Ян Сінігайла (1413-1432).
  2. Нац Гінвілавіч (1452).
  3. Алехна Давойна (1459).
  4. Міхаіл Мантоўт (1483-1486).
  5. Мікалай Радзівіл (1488-1491); у далейшым ваявода віленскі.
  6. Ян Юр'евіч Забярэзінскі (1492-1498); у далейшым ваявода троцкі і маршалак земскі.
  7. Станіслаў Кезгайла (1499-1522); у далейшым кашталян віленскі.
  8. Ян Мікалаевіч Радзівіл (1522).
  9. Юрын Мікалаевіч Радзівіл (1522-1527); у далейшым кашталян віленскі і гетман.
  10. Станіслаў Станіслававіч Кезгайла (1528-1532).
  11. Пётр Кішка (1532-1534).
  12. Еранім Хадкевіч (1545-1559); у далейшым кашталян віленскі.
  13. Рыгор Хадкевіч, брат папярэдняга (1559-1564); у далейшым кашталян віленскі і гетман.
  14. Князь Стэфан Збаражскі (1564-1566); у далейшым ваявода троцкі.
  15. Юрый Хадкевіч (1566-1569).
  16. Яўстафі Валовіч (1569-1579); у далейшым кашталян віленскі і канцлер.
  17. Крьштаф Радзівіл Пярун (1579-1584); у далейшым ваявода віленскі і гетман.
  18. Ян Янавіч Глябовіч (1585-1586); у далейшым ваявода троцкі.
  19. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1586-1590); у далейшым ваявода троцкі, віленскі.
  20. Князь Аляксандр Фрэдэрык Пронскі (1591-1596).
  21. Мікалай Станіслаў Тальваш (1596-1600).
  22. Ежы Радзівіл (1600-1613).
  23. Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (1626-1633); у далейшым кашталян віленскі.
  24. Крыштаф Хадкевіч (1633-1636); у далейшым кашталян віленскі, ваявода віленскі.
  25. Мікалай Кішка (1636-1640).
  26. Андрэй Станіслаў Сапега (1641-1644); у далейшым кашталян віленскі.
  27. Ян Анзела Вільчык (1644-1649).
  28. Князь Аляксандр Багдан Агінскі (1649-1667).
  29. Ян Себасцьян Кештарт (1667-1670).
  30. Ян Караль Копец (1670-1680).
  31. Цыпрыян Павел Бжастоўскі (1680-1684); у далейшым ваявода троцкі.
  32. Ян Казімір Кірдзей (1684-1685).
  33. Юзаф Багуслаў Служка (1685); у далейшым кашталян віленскі.
  34. Станіслаў Вінцэнт Орда (1685-1689).
  35. Казімір Уладзіслаў Сапега (1689-1697); у далейшым ваявода троцкі.
  36. Марцін Крышпін-Кіршанштэйн (1697-1700).
  37. Міхал Казімір Коцел (1700-1703); у далейшым ваявода троцкі.
  38. Казімір Аляксандр Пацей (1703-1705).
  39. Ян Уладзіслаў Бжастоўскі (1705-1710).
  40. Князь Мікалай Францішак Агінскі (1711-1715).
  41. Ян Фрэдэрык Сапега (1716-1735).
  42. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька (1735-1737); у далейшым ваявода троцкі, кашталян і ваявода віленскі, гетман.
  43. Антоні Казімір Сапега (1737-1739).
  44. Аляксандр Пацей (1740-1742); у далейшым ваявода троцкі.
  45. Князь Міхал Юзаф Масальскі (1742-1744); у далейшым кашталян віленскі.
  46. Князь Тадэвуш Агінскі (1744-1770); у далейшым ваявода троцкі.
  47. Юзаф Мікалай Радзівіл (1784-1788); у далейшым ваявода троцкі.
  48. Тадэвуш Білевіч (1788-1790).
  49. Казімір Канстанцы Плятэр (1790-1793).

Канцлеры

  1. Міхаіл Кезгайла (1446-1476); адначасова з 1459 ваявода віленскі.
  2. - 7. Да 1579 г. пасаду канцлера нязменна займалі ваяводы віленскія.
  1. Яўстафі Валовіч (1579-1587); адначасова кашталян віленскі.
  2. Леў Сапега (1599-1623); у далейшым ваявода віленскі і гетман.
  3. Альбрэхт Станіслаў Радзівіл (1623-1656).
  4. Крыштаф Пац (1658-1684).
  5. Князь Марцыян Агінскі (1684-1690).
  6. Дамінік Мікалай Радзівіл (1690-1697).
  7. Караль Станіслаў Радзівіл (1698-1719).
  8. Князь Міхал Сервецы Вішнявецкі (1720-1735); у далейшым ваявода віленскі.
  9. Ян Фрэдэрык Сапега (1735-1751).
  10. Князь Фрэдэрык Міхал Чартарыйскі (1752-1775).
  11. Аляксандр Міхал Сапега (1775-1793).

Гетманы найвышэйшыя (з 1569 г. вялікія) - вышэйшыя военачальнікі Вялікага княства Літоўскага

  1. Князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1497-1500).
  2. Князь Сямён Юр'евіч Гальшанскі (1500-1501).
  3. Станіслаў Кезгайла (1501-1502); адначасова кашталян троцкі.
  4. Станіслаў Кішка (1503-1507).
  5. Князь Канстацін Іванавіч Астрожскі - паўторна (1507-1530); адначасова з 1512 кашталян віленскі, з 1522 ваявода троцкі.
  6. Юрый Мікалаевіч Радзівіл (1531-1541); адначасова кашталян віленскі.
  7. Мікалай Радзівіл Чорны (1553-1566); адначасова ваявода віленскі і канцлер.
  8. Рыгор Хадкевіч (1566-1572); адначасова кашталян віленскі.
  9. Мікалай Радзівіл Руды (1576-1584); адначасова ваявода віленскі.
  10. Крыштаф Радзівіл Пярун (1589-1603); адначасова ваявода віленскі.
  11. Ян Караль Хадкевіч (1605-1621); адначасова ваявода віленскі.
  12. Леў Сапега (1625-1633); адначасова ваявода віленскі.
  13. Крыштаф Радзівіл (1635-1640); адначасова ваявода віленскі.
  14. Януш Кішка (1646-1653); адначасова ваявода полацкі.
  15. Януш Радзівіл (1654-1655); адначасова ваявода віленскі.
  16. Павел Ян Сапега (1658-1665); адначасова ваявода віленскі.
  17. Міхал Казімір Пац (1667-1682); адначасова кашталян віленскі.
  18. Казімір Ян Сапега (1682-1703); адначасова ваявода віленскі.
  19. Міхал Сервецы Вішнявецкі (1703-1707); адначасова кашталян віленскі.
  20. Казімір Ян Сапега - паўторна (1707-1708); адначасова ваявода віленскі.
  21. Князь Рыгор Агінскі (1709); адначасова староста жамойцкі.
  22. Людвіг Канстанцы Пацей (1709-1730); адначасова кашталян віленскі, з 1722 і ваявода віленскі.
  23. Князь Міхал Сервецы Вішнявецкі - паўторна (1735-1744); адначасова ваявода віленскі.
  24. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька (1744-І762); адначасова ваявода віленскі.
  25. Князь Міхал Юзаф Масальскі (1762-1768); адначасова кашталян віленскі.
  26. Князь Міхал Казімір Агінскі (1768-1793).
  27. Шымон Марцін Касакоўскі (1793-1794).

ЛІТАРАТУРА

  1. Рапов О.М. Княжеские владения на Руси в Х - первой половине ХІІІ в. М., 1977.
  2. Bartoszewicz K. Radziwillowie. Warszawa; Krakow, 1928.
  3. Boniecki A. Poczet rodow w Wielkim Ksiestwie Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887.
  4. Boniecki A. Herbarz Polski. T. 1-16). Warszawa, 1899-1913.
  5. Dworzaczek W. Genealogia. Warszawa, 1959.
  6. Kojalowicz W.W. Herbarz rycerstwa W.X. Litewskiego, tak zwany Contpendium. Krakow, 1897.
  7. Malczewska M. Latyfundiuni Radziwillow w XV do polowy XVI wieku. Warszawa; Poznan. 1985.
  8. Niesiecki K. Herbarz Polski. T. 1-10. Lipsk, 1839-45.
  9. Pietkiewicz K. Kiezgajlowie i ich latyfundium do polowy XVI w. Poznan, 1982.
  10. Polski slownik biograficzny. T. 1-33. Wroclaw etc. 1935-92.
  11. Sapiehowie, materyaly imgoryczno-genealogiczne i majatkowe. T. 1-3. Petersburg, 1890-94.
  12. Semkowicz W. O Ittewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachta polska w Horodle roku 1413 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia imgorica. Poz nan, 1989. Z. 3.
  13. Wolff J. Pacowie. Materyaly imgoriczno-genealogiczne. Petersburg. 1885.
  14. Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Ksiestwa Litewskiego 1386-1795. Krakow, 1885.
  15. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1897.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX