Вярнуцца: Кнігі

Тарасаў Кастусь. Памяць пра легенды


Аўтар: Тарасаў Кастусь,
Дадана: 06-05-2010,

Спампаваць




Майму лепшаму сябру Ларысе Чарнышовай


Постаці беларускай мінуўшчыны

МІНСК

«Полымя»

1990

ББК 63.3(2Б) Т 19


Рэцэнзент кандыдат гістарычных навук А. К. КАЎКА

Мастакі: А. У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, I. А. ДЗЯМКОУСКІ, П. А. СЕМЧАНКА


0503020903-110

Т 8-90

М306(03)-90


Сканы: Nadzeyka



Змест

СЛОВА ДА ЧЫТАЧА

«РОГВОЛОЖИ ВНУЦИ»

ПАЗАСЛАНЯНЫЯ КРЫЖАМ

РУСЬ ЛІТОЎСКАЯ

СІНЯЯ ВАДА I ПОЛЕ КУЛІКОВА

ПАГОРКІ ГРУНВАЛЬДА

ГЛОСЫ ДА ЧАСОУ ЖЫГІМОНТА СТАРОГА «ВЫБАР ЗРОБЛЕНЫ...»

ГОНАР

СУПРАЦЬЦЕМРЫ НЕВУЦТВА

«БРЭСЦКІ МОНСТР»

«ЗАЕЗНАЯ КАРЧМА»

НАЧАЛЬНІК ПАЎСТАННЯ

«...АЙЧЫНА ДУМ МАІХ»

«НАСУСТРАЧ УЛАСНАЙ ПАГІБЕЛІ»

ЗА ГОДНАСЦЬ НАРОДА



Слова да чытача

Любоў да Радзімы мае перадумовай веданне мінулага свайго народа - яго перамог і паражэнняў, здабыткаў і страт, яго герояў, мысліцеляў, вялікіх майстроў, помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры.

Памяць патрабуе клопату. Гэта тым больш тычыцца мінуўшчыны беларускага народа, які так часта апынаўся пад смерчам ваенных дзеянняў і цярпеў незаменныя страты людзей. каштоўнасцей, духоўных скарбаў.

(47KB) Тарасаў Кастусь. Памяць  пра легенды.

Любоў да Радзімы не з'яўляецца, аднак, вынікам атрыманых ведаў; хутчэй імкненне да ведаў ёсць вынік любові да Радзімы. Менавіта любоўю да Радзімы дыктуецца жаданне прасякаць загадкі даўніны, даведвацца пра тое, што было, але чаго ўжо няма, ці што засталося малапрыкметнымі слядамі ў скупых словах летапісаў і нешматлікіх дакументах, што зацерлася гужам стагоддзяў, зацягнулася глухімі туманамі мінулых эпох.

Цікавасць да даўніны мае духоўны характар, яна караніцца ў сутнасці чалавека, жыццё якога вельмі кароткае, але чый розум жадае агарнуць неахопны час, зазірае ў будучыню і пранікае ў мінулае.

Жыццё народа не мае зыходнага пункта, ва ўсякім выпадку, ён не паддаецца пазнанню. Ніводная дата не з'яўляецца пачынальнай: заўсёды нешта было і раней. Дзейнасць кожнага пакалення цягнецца гадоў дваццаць, потым яго змяняе наступнае, і само саступае месца новаму, і ў гэтай змене, у працягу клопатаў, у перадачы канкрэтнымі людзьмі адзін другому вопыту і традыцый, сваіх духоўных здабыткаў і прадзецца нітка часу.

Не заўсёды мінулае паказваецца ў яўных прыкметах, як, напрыклад, у помніках матэрыяльнай культуры; у духоўнай спадчыне больш складана разглядзець далёкае і цяперашняе - тут напластаванні часоў знітоўваюцца і набываюць цэласнасць. Каб іх распазнаць, неабходна ведаць гісторыю ідэй і свядомасці, іх ператварэнні і няпростае існаванне ў шэрагу палітычных і жыццёвых укладаў.

Любыя веды аб мінулым набліжаюць яго да нас, узбагачаюць нашыя пачуцці, запаўняюць навакольную прастору і папярэдні нам час мноствам падзей і асоб - быццё наша атрымоўвае больш ясны сэнс.

Гісторыя адлічваецца ў адваротным кірунку - бо пачатак яе заўжды сённяшні дзень. Заўтра ён стане гісторыяй. Кожнае адлічанае стукам крыві ў скронях імгненне становіцца гісторыяй; у ім нічога ні змяніць, ні пераправіць. У адрозненне ад бягучага часу ў гісторыі кожны момант мае сваё мінулае і будучае, ён не стаіць перад невядомасцю як жыццё жывое.

Гісторыя дазваляе ўбачыць у далёкай даўніне тое, што было для яе будучыняй; прынамсі гэта і дазваляе вучыцца ў яе. Развіццё народнага духу звязана з матэрыяльным і падзейным бакамі гісторыі - у іх ён адбіваецца, але ён і самастойны, бо духоўнасць з той жа сілай уздзейнічае на знешняе, з якой знешняе ўздзейнічае на духоўнасць. Перамога над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве стала магчымай таму, што народны дух стаў моцным і патрабаваў пакончыць з векавым націскам тэўтонцаў; але не менш важным вынікам, чым вызваленне ад заваёўнікаў, стала і абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, адчуванне сваёй еднасці як народа. Такіх прыкладаў можна прывесці шмат.

Веданне гісторыі, а яшчэ шырэй - гістарычная свядомасць, пад якім бы вуглом яна не разглядалася, магчыма толькі пры засваенні даступнага гістарычнага матэрыялу мастацкай, у крайнім выпадку - папулярнай літаратуры. Такім папулярызатарскім мэтам і прызначана служыць гэтая кніга.

Пад той жа назвай, што стаіць на вокладцы, яна ўжо выходзіла ў 1984 годзе на рускай мове і мела тады на трэць меншы памер. Выданне выклікала колькі рэцэнзій - і публічных, і асабліва «закрытых». Усе слушныя заўвагі аўтар улічыў, але ў «закрытых» рэцэнзіях хапала заўваг і састарэлых на пяцьдзесят гадоў, зробленых на падставе дэфармаванага ў гады сталіншчыны пагардлівага стаўлення да беларускай даўніны. Не абышлося, вядома, без абвінавачванняў у «нацыяналізме», «перабольшванні ролі беларускага народа», «невалоданні марксісцка-ленінскай метадалогіяй»і іншых формул вульгарна-сацыялагічнай традыцыі. Таму аўтар мае патрэбу адзначыць, што, па яго перакананнях, усе народы на гэтым свеце роўныя, няма ніводнага, які быў бы лепшы за другія, а ідэі аб народах-абранніках наогул лічыць антыгуманістычнымі.

Чытач не знойдзе на старонках кнігі спасылак на выкарыстаныя крыніцы і даследаванні, бо выданне адрасуецца шырокай аўдыторыі і на навуковую працу ніякім чынам не прэтэндуе. Аднак абавязак аўтара засведчыць, што ён карыстаўся шматлікімі даследаваннямі - як даўняй пары, так і сучаснымі. Нельга не назваць тут імёны людзей, без чыіх твораў была б немагчыма праца любога беларускага краязнаўца ці пісьменніка, які піша на гістарычныя тэмы. Гэта Я. Длугаш, М. Стрыйкоўскі, В. Тацішчаў, М. Карамзін, С. Салаўёў, В. Ключэўскі, I. Лелевель, Л. Нарбут, I. Даніловіч, I. Бяляеў, М. Любаўскі, Е. Карскі, В. Вольф, У. Пічэта, В. Ластоўскі, У. Ігнатоўскі, Е. Раманаў, В. Сапуноў, М. Улашчык і інш. Глыбокую ўдзячнасць аўтар заўсёды будзе адчуваць да Уладзіміра Караткевіча, чыё палкае слова любові да Беларусі абудзіла многія сонныя душы, у тым ліку і аўтара гэтай кнігі.

Не толькі творы пісьменнікаў ці вучоных апавядаюць пра родную гісторыю. У кожным старажытным горадзе, у мностве старадаўніх вёсак, на шматлікіх палях, берагах рэчак і азёраў ёсць маўклівыя сведкі славутага ці горкага мінулага - руіны замкаў, паселішчы, курганы. Яны таксама захавальнікі даўніны, і магчыма, галоўныя яе захавальнікі.

Толькі невялічкі пагорак застаўся на месцы мураванага Лоскага замка. Сёння цяжка паверыць, што тут узнімаліся сцены, на іх стаяла варта, што ў замку працавала друкарня і ў ёй выдаваў свае кнігі Сымон Будны, што адсюль гэтыя кнігі развозіліся ва ўсе канцы Беларусі, і ў Літву, і ў Польшчу, што тут быў асяродак асветы, тут спрачаліся, смуткавалі, спявалі, чыталі вершы, смяяліся - тут жылі...

Прыслухайся, чытач,- і ты пачуеш грукат друкарскага станка, гаворку майстроў, рыпенне колаў, крыкі варты, размовы кніжнікаў і гул бітваў... Нішто не маўчыць для таго, хто навучаны слухаць...



«Рогволожи внуци»

Тысячу гадоў таму здарылася падзея, якую палічылі неабходным занатаваць летапісцы: полацкая князёўна Рагнеда зрабіла замах на жыццё свайго мужа, вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча. Наколькі вядома, нічога падобнага ў гісторыі ўсходніх славян больш не здаралася. Наадварот было - мужы жонак забівалі. Але каб жонка забіла князя - адзіны выпадак. Праўда, у XVIII стагоддзі Кацярына II, прагнуўшы ўлады, пазбавілася свайго мужа Пятра III, але там была змова, забойства выканалі афіцэры гвардзейскіх палкоў. Рагнедзе ж ніхто не дапамагаў, да ўлады яна не імкнулася і змовы не існавала. Яна прагнула помсты. Уначы Рагнеда ўзяла мужаў нож, развітальна паглядзела на князя, які, здавалася, соладка спаў, вышаптала сваё вынашанае пракляцце: «Памры!» - і навостраны, шырынёй з далоню нож нацэліла Уладзіміру ў сэрца. Выратавала князя, відаць, тое, што ўдар быў нятрапны. Можа, слабое святло таму прычынай, ці ўсё ж тоілася ў душы Рагнеды літасць, пра якую і сама яна не ведала, але як бы там ні было - замах мэты не дасягнуў. Трэба сказаць, што Рагнеда мела ад Уладзіміра трох сыноў - Ізяслава, Яраслава, Усевалада і двух дачок - Прадславу і Праміславу. Было ёй на той час не болей чым дваццаць два гады. За забойства мужа, нават за няўдалы замах, па законах веку князёўну абавязкова чакала смерць. Аднак яна ўсё ж адважылася... Князь

Уладзімір адпомсціў сваёй мяцежнай жонцы пакараннем, мабыць, больш страшным, чым смяротны ўдар мяча. Але аб гэтым крыху пазней.

Каб зразумець, чаму маладая, а па паняццях нашага часу - зусім маладая, жанчына вырашыла пайсці па сутнасці на самазнішчэнне, трэба нагадаць пра папярэднія падзеі, што прадвызначылі гэты адчайны ўчынак і трагічны лёс Рагнеды.

Распачаць аповяд прыйдзецца здалёк - калі не з часоў князя Алега, што прыбіў шчыт да варот Царграда, дык з ягонага наступніка, князя Ігара. У 941 і 944 гадах Ігар хадзіў войнамі на Візантыю. Удзельнічалі ў тых паходах безыменным мноствам полацкія крывічы пад кіраўніцтвам дзеда Рагнеды; бабка яе, княгіня Прадслава, таксама ўпамінаецца ў тагачасных дакументах. Хоць і шанцавала яму ў бітвах, усё ж скончыў жыццё князь не ўласнай смерцю. Раззлаваныя яго вялікай сквапнасцю драўляне забілі Ігара, і здарылася гэта ў горадзе Малін, дзе ўладарыў тады драўлянскі князь Мал. Жонка Ігара - княгіня Вольга бязлітасна адпомсціла за мужа. Гарады драўлян былі спляжаны агнём, а драўлянскія баяры згарэлі ў вялізнай яме. Як птушыныя спевы,слухала Вольга чалавечыя крыкі з таго ахвярнага полымя. Але злітасцівілася княгіня над дачкой і сынам драўлянскага ўладара, бо былі яны надта малыя: Дабрыня меў гадоў пяць, ягоная сястра Малуша толькі пачынала хадзіць. 3 цягам часу Вольга зрабіла Малушу ключніцай на

сваім двары, Дабрыня ж стаяў пры варотах. Але дзіўна парадкуе жыццё: ключніца спадабалася сыну Вольгі, вялікаму князю Святаславу, і ад гэтага кахання нарадзіўся Уладзімір, пры якім потым дасягнула вяршыні славы так званая Кіеўская Русь. «Так званая» ўжываю таму, што такой назвы ні ў дакументах, ні ў летапісах няма, яна створана гісторыкамі. Таксама як і назва «Старажытнаруская дзяржава». Умоўнасць гэтую трэба трымаць у памяці, бо інакш цяжка зразумець, чаму «дзяржаву» разрывалі цэнтрабежныя імкненні яе складаных частак.

Апроч Уладзіміра былі ў Святаслава сыны Яраполк і Алег. Пакуль наступнікі падрасталі, Святаслаў хадзіў паходамі на хазараў і пабіў іх. Ваяваў ён з печанегамі і балгарамі. Апошніх пасля перамогі Святаслаў жорстка пакараў - дваццаць тысяч палонных былі распяты на крыжах і пасаджаны на кол. Ды на ваенны талент знайшлася хітрасць. У 972 годзе князь застаўся зімаваць за дняпроўскімі парогамі, на тых самых астравах, якія пазней зрабіла сваім галоўным прытулкам Запарожская Сеч. Дарэчы сказаць, існуе апісанне знешнасці Святаслава, з якога вядома, што ён галіў галаву, пакідаючы асяледзец. Вунь скуль цягнецца дзіўны казацкі звычай. Пры Святаславу была невялікая дружына, таму калі на табар нечакана напалі печанегі, князь не здолеў даць рады і загінуў у бітве. Печанежскі хан Курэй загадаў зрабіць з ягонага чэрапа кубак. Піў хан з аздобленага чэрапа віно і, мусіць, думаў, што так праходзіць слава зямная.

Пачалі княжыць сыны Святаслава: старэйшы, Яраполк, у Кіеве як вялікі князь, сярэдні, Уладзімір, у Ноўгарадзе, малодшы, Алег, стаў князем драўлян. I адразу Кіеўская Русь - гэты суперсаюз племянных аб'яднанняў - апынулася на мяжы распаду. Драўляне і славены (наўгародцы) хутка прыгадалі былую і яшчэ незабытую незалежнасць, і малодшыя Святаславічы ўзначалілі рух ад'яднання гэтых земляў ад Кіева. Яраполк, выконваючы дзяржаўны абавязак, быў вымушаны пайсці на братоў з мячом. У той вайне загінуў Алег, і драўляне зноў падпарадкаваліся кіеўскай уладзе. Уладзімір мусіў бегчы з Ноўгарада. Два гады ён пражыў уцякачом у варагаў, дзе ажаніўся. Жонку яго звалі Алова, яна нарадзіла яму сына Вышаслава. 3 дапамогай варагаў Уладзімір вярнуўся ў Ноўгарад, дзе перш за ўсё забіў братава намесніка, горад спыніў выплату даніны Яраполку. Здарылася гэта ў 978 годзе, паміж братамі, а дакладней кажучы, паміж Кіевам і Ноўгарадам, узнікла новая вайна. Пытанне было пастаўлена рубам: хто каго, і' князі пачалі падрыхтоўку. Ні Яраполк, ні Уладзімір не хацелі рызыкаваць, кожны шукаў падтрымкі.

I вось тут узнікае трэцяя сіла, якая пакуль што ў канфлікце братоў удзелу не прымала, а, так бы мовіць, назірала яго збоку. Гэта Полацкае княства. У палітычным жыцці «нейтральная» пазіцыя не азначае нічога іншага, як чаканне зручнага моманту, каб выканаць уласныя планы і задаволіць жыццёвыя патрэбы сваёй зямлі. Такімі патрэбамі для заможных колаў Полаччыны былі пашырэнне тэрыторыі, выхад на валокі, што злучалі Днепр з Дзвіной і Ловаццю. Апошнія з'яўляліся важнай часткай на шляху «з варагаў у грэкі> і маглі забяспечваць пэўны стабільны прыбытак. Але тут Полацк немінуча сутыкаўся з інтарэсамі Ноўгарада, які лічыў гэтыя валокі сваёй уласнасцю. Адпаведна кіеўскае баярства лічыла іх уласнасцю дзяржавы, «мясцовы сепаратызм» пагражаў Кіеву змяншэннем даходаў.

У гэты час полацкім князем быў Рагвалод. Косячыся на валокі, ён адначасна праводзіў палітыку пранікнення палачан на землі дрыгавічоў. Брат Рагвалода, князь Тур, дайшоў да Прыпяці, дзе заснаваў горад Тураў. Нішто, здаецца, не абяцала вялікай бяды. Ды аднаго дня з'явіліся ў Полацку сваты ад Яраполка. Рагвалод меў дачку - Рагнедзе споўнілася дванаццаць год (можа, крыху і болей), яна лічылася нявестай. Літаральна ўслед заслаў сватоў Уладзімір. Разлікі братоў зразумець няцяжка - за каго бацька аддасць дачку, таму дапаможа і войскам у маючай стацца вайне. Пра меркаванні Рагвалода адносна абодвух жаніхоў храністы нічога не гавораць. Аднак ход разважанняў князя паддаецца рэканструкцыі. Лепшым выйсцем для Полацкага княства было б шматгадовае змаганне паміж Яраполкам і Уладзімірам. Тады б ні той ні другі не заміналі Рагвалоду весці сваю палітыку - саюз з дрыгавічамі, пранікненне на Палессе і Панямонне. Але князь не мог адмовіць абодвум, бо, вядома, нажыў бы ворагаў з двух бакоў - з поўначы і з поўдня. 3 кімсьці адным, з Кіевам ці Ноўгарадам, ён мусіў радніцца. I Рагвалод абраў Кіеў. Гэта зразумела: прадугледзець, што Уладзімір пераможа Яраполка, было цалкам немагчыма. Па ўсіх разліках Ноўгарад не меўся выйграць вайну з Кіевам. Таму па загаду бацькі Рагнеда дала сваю згоду сватам Яраполка. Адпаведна Уладзімір атрымаў адмову. Тут варта прывесці невялікую вытрымку з Лаўрэнцьеўскага летапісу:

«Рагвалод трымаў і княжыў Полацкай зямлёй, а Уладзімір сядзеў у Ноўгарадзе... I быў пры ім ягоны дзядзька Дабрыня, ваявода, храбры вой і дарадчык. Ён паслаў сватоў да Рагвалода прасіць дачку за Уладзіміра. Ён жа спытаў у дачкі: «Ці хочаш за Уладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабычыча, хачу за Яраполка». Уладзімір, калі даведаўся пра такі адказ, раззлаваўся на словы «не хачу за рабычыча», паскардзіўся Дабрыню. Той раз'юшыўся, сабраў вояў і пайшлі на Полацк і перамаглі Рагвалода. Рагвалод закрыўся ў горадзе. Горад ўзялі і ўзялі самога князя, і жонку яго, і дачку. I Дабрыня зневажаў яго і дачку яго. Назваў яе рабычыцай і загадаў Уладзіміру быць з ёю на вачах бацькі і маці. Потым бацьку яе забіў, а яе ўзяў у жонкі і даў ёй імя Гарыслава».

Трэба дадаць, што, паводле іншых летапісных варыянтаў, адначасна з бацькам забілі на вачах Рагнеды яшчэ і маці, і двух братоў. Той дзень быў для яе пякельны. Пэўна, праз усе гады, што яна лічылася жонкай Уладзіміра, сніліся ёй па начах і стаялі перад вачыма днём скрываўленыя бацькі, браты з перарэзанымі шыямі, чорны дым над разбураным, спаленым Полацкам, трупы забітых мужчын у Палоце і Дзвіне, жанчыны, узятыя на «шчыт» (гэта значыць, для продажу ў нявольніцтва), і святкуючыя пераможцы. Апроч наўгародцаў удзельнічалі ў гэтым знішчальным паходзе весь, мера, чудзь, варагі. Апошнія згадзіліся ваяваць за Уладзіміра на такіх умовах: з кожнага захопленага імі двара яны бралі ўсіх жанчын і яшчэ грыўну срэбра. Жанчыны тады былі галоўным таварам на рынках.

Так, у 980 годзе мужчынская лінія полацкай княжацкай дынастыі была высечана пад корань, а старажытная сталіца полацкіх крывічоў, названая пад 862 год у летапісе разам з Кіевам і Ноўгарадам, ператварылася ў суцэльнае папялішча.

Аднаўленне горада пачалося ў хуткім часе. Паказальна, што ў адбудаваным Полацку нават дзяцінец перанеслі на новае месца - з Палоты на ўзгорак над Дзвіной. Рагнедзе было наканавана адрадзіць дынастыю полацкіх князёў, але пра тое не магла яна ведаць і думаць, калі яе, малое зусім дзяўчо, везлі з Полацка ў Кіеў.

Паражэнне Рагвалода выклікала і паражэнне Яраполка. Са згоды Уладзіміра яго здрадніцкі забілі варагі. Зноў усталявалася аднаўладдзе. Забягаючы наперад, скажам, што працягвалася яно дваццаць сем гадоў. Вялікі гэта тэрмін ці малы, каб утварыць моцную дзяржаву? Дваццаць сем гадоў - гэта актыўнае жыццё аднаго пакалення. Каб уявіць сабе магчымасці, прыгадаем, што зроблена на нашых вачах з 1958 года па 1985-ы. Здаецца, шмат чаго нарабілі, а ўсё ж не столькі, колькі хацелася. Тым больш пры Уладзіміру, калі паміж намаганнямі князя і жыццём народа не было сувязі.

Уладзімір змясціў Рагнеду паблізу горада, у вёсачцы, якая пазней атрымала назву Прадславіна - па імені яе дачкі. У навакольных вёсачках жылі і іншыя жонкі князя - было іх шэсць ці сем. Як сведчыць летапісец, Уладзімір трымаў яшчэ некалькі гарэмаў у восем сотняў наложніц, відаць, каб весяліцца разам з дружынай.

Спраў у князя хапала, у Кіеве ён жыў мала, Рагнеду наведваў выпадкамі. За сем гадоў яна нарадзіла пяцёра дзетак; гадуючы іх, пасталела і паціху ў душы яе выспявала жаданне зняць з сябе кляймо палону, адпомсціць за ганьбу. Матыў помсты, пададзены ў летапісе і ахвотна падхоплены многімі даследчыкамі,- князь разлюбіў Рагнеду, ёй рухала крыўда і рэўнасць пакінутай каханкі і жонкі - наўмысна абмежаваны, у ім больш злосці, чым гонару. Каб кахаць, трэба адчуваць сябе свабодным, а вось чаго Рагнедзе не ставала, дык гэта свабоды. У адрозненне ад іншых жонак Уладзіміра яна мела высокае паходжанне, памятала пра свой княжацкі род, пра гісторыю Полаччыны, дзе была князёўнай. Пагадзіцца з тым, што яе бацька, князь Рагвалод, і браты, наступнікі бацькі на полацкім пасадзе, павінны былі загінуць, каб улада цалкам належала Уладзіміру, Рагнеда не магла.

Распачаўшы змаганне з братам за наўгародскую незалежнасць, Уладзімір, як толькі заняў братава месца, сам жа зноў прымусіў Ноўгарад да пакоры і падпарадкавання Кіеву. Пашырэнне дзяржавы за лік земляў Полацка было карысным кіеўскаму баярству, як і наўгародцам, але ж Полацкае княства таксама з'яўлялася дзяржаваўтваральнікам на землях крывічоў і дрыгавічоў.

Як найбольш пакрыўджаная асоба Рагнеда не мусіла змірыцца, каб цярпліва зносіць да канца свайго веку пякучую пакуту памяці. Пэўныя заслугі Уладзіміра перад Руссю, што пералічваюць гісторыкі, мала чаго каштавалі для былой полацкай князёўны, якую такая дзяржаўная палітыка пазбавіла ўсіх родных і наогул радзімы. Усё гэта злітавалася ў сэрцы Рагнеды, і ў адну ноч, калі Уладзімір прыехаў у наведкі, яна ўзняла нож.

Па адных звестках, князь выпадкова прачнуўся, па другіх - нож слізгануў па рабрыне; а можа Уладзімір і не спаў, прадчуваючы замах, але як бы там ні было ён застаўся жывы. Раз'юшаны князь загадаў жонцы па святочнаму адзецца і ўзяў меч. На лямант прачнуўся сямігадовы сын Рагнеды, Ізяслаў, і стаў на абарону маці з такімі словамі: «Забі спачатку мяне, тата!». Секчы жонку пры сыне Уладзімір не адважыўся, а праз колькі дзён Рагнедзе абвясцілі, што яна больш ніколі не ўбачыць сваіх дзетак, апроч Ізяслава, разам з якім ссылаецца на жыхарства ў глухмень да вытокаў Свіслачы. Так у 987 годзе Рагнеда з'явілася ў Заслаўі. Тады гэта было невялічкае паселішча пасярод балотаў; у трыццаці вярстах знаходзіўся можа крыху большы Менск.

I вось маладая жанчына, былая кіеўская княгіня, з сынам распачынае новае жыццё на палачанска-дрыговіцкім памежжы. Тут яны пражылі год у няведанні далейшага лёсу. Што будзе з імі, чым заняты іхні муж і бацька, што рыхтуе для іх заўжды напружаная княжацкая думка - заставалася толькі гадаць.

Уладзімір жа тым часам рыхтаваўся да шлюбу з прынцэсай Ганнай, сястрой візантыйскага імператара Ва сіля II. Можна мовіць, што ён прымусіў Васіля аддаць за яго сястру: той, па сутнасці, не меў выбару, бо трапіў у вельмі складанае становішча. Менавіта ў гэтыя гады ў Візантыі пачалося паўстанне Варды Скліра і Варды Факі (апошні нават быў абвешчаны імператарам). Атрады паўстанцаў захапілі вялізную тэрыторыю, рухаліся на Канстанцінопаль. Васіль, законны імператар, шукаў паратунку. Уладзімір пагадзіўся паслаць у Візантыю шасцітысячнае войска, сабранае з вояў усіх племянных саюзаў, падначаленых Кіеву. Васіль аплочваў гэтую дапамогу прынцэсай. Аддаючы сястру за варвара, ён парушаў імперскія законы. Затое дынастыйны шлюб з візантыйскім пануючым домам уроўніваў Кіеў з еўрапейскімі дзяржавамі, у першую чаргу з Германскай імперыяй, дзе рэгентам пры малалетнім імператары Аттоне III была родная сястра Ганны. Прынцэса, якую аддавалі за Уладзіміра, мусіла патрабаваць ад яго хрышчэння, няхай асабістага. Князь таксама адчуваў неабходнасць хрысціянізацыі, бо ўсе суседнія еўрапейскія дзяржавы - Балгарыя, Чэхія, Маравія, Польшча - прынялі хрышчэнне раней. Да таго ж Кіеў ужо меў вопыт: хрысцілася бабка Уладзіміра, княгіня Вольга, і нават пабудавала царкву, абрала сабе імя Алена, хрысціліся некаторыя з кіеўскіх баяр і дружыннікаў. Крочачы да той высокай ступені цывілізацыі, на якой стаяла Візантыя, Уладзімір зрабіў яшчэ дзве справы. Па-першае, пакарыў Корсунь (Херсанес), якая схілялася на бок паўстанцаў Варды Факі, і пакінуў яе пад сваім началам. Па-другое, каб з чыстай душой сустрэць хрысціянскую прынцэсу, пазбавіўся ад гарэмаў і жонак. Восем сотняў наложніц проста развезлі па дамах, адкуль некалі іх забралі для княжых уцехаў. 3 жонкамі таксама не мудравалі - дзяцей пакінулі пры Уладзіміры, а іхніх матак аддалі замуж за дружыннікаў князя. Дзякуючы гэтаму беспрэцэдэнтнаму ўчынку, Уладзімір застаўся як бы халасцяком.

3 Ганнай прыбылі грэчаскія біскупы, нехта з іх хрысціў Уладзіміра і абвянчаў маладых. Наступным крокам стала хрышчэнне Кіева, узгодненае, зразумела, з кіеўскім баярствам і дружынай, якія падавалі прыклад простаму народу і мячамі забяспечвалі маўклівасць натоўпу.

Засталося толькі разабрацца з Рагнедай, што ў адрозненне ад іншых жонак была княгіняй па паходжанні і якую шлюб былога мужа вызваляў ад усіх абавязкаў і пакоры. Тут Уладзімір, відаць, з парады адукаваных, вопытных грэкаў скарыстаў візантыйскую практыку. У Заслаўе накіраваўся з войскам хуткі на расправу Дабрыня. На грудзях у яго ўжо вісеў залаты крыжык, і ён, трэба думаць, мог нешта ведаць пра Хрыста. Па меншай меры, чуў пра запаведзі, пададзеныя праз евангелістаў: «Не забі!», «Не падмані!», «Не зрабі чалавеку таго, чаго не жадаеш сабе!». Узначаленая гэтым неафітам хрысціянская місія, у складзе якой былі грэчаскія ці балгарскія святар.ы, з'явілася ў Заслаўі. Хутка зрубілі малельню, асвяцілі яе, паставілі абраз, запалілі лампадку. Нешматлікае жыхарства пад пагрозай ужыцця зброі залезла ў Свіслач і выйшла на бераг у мокрых споднях і кашулях ужо хры сціянамі. Рагнеду пастрыглі, што было безумоўным здзекам, абвясцілі манашкай і назвалі Анастасіяй. Па колькі чарніца павінна дбаць толькі пра Хрыста, у яе аднялі сына, пасля чаго замкнулі ў келлі, а Ізяслава павезлі ў Полацк. Адзінаццаць гадоў яна пражыла манашкай. Без дзяцей, без будучыні, без вартай справы, толькі з успамінамі, з думкамі, ад якіх і звар'яцець лёгка.

Меркаванні, што Рагнеда адбыла з Ізяславам у Полацк, цалкам пазбаўлены падстаў. Гэта не больш чым сучаснае жаданне перамясціць трагічную гераіню з глухмені ў цэнтр падзей. Ізяслаў ехаў у Полацк як сын Уладзіміра. Рагнеда ж, названая Анастасіяй, знікла з людскага жыцця. Уладзімір і не мусіў вяртаць Рагнеду ў Полацк, бо тое, што было далучана да Кіеўскай Русі сілай, не магло быць падаравана былой жонцы, якая з'яўлялася прамой наступніцай Рагвалода.

У Заслаўі мелася два месцы, дзе магла жыць Рагнеда. Гэта - Гарадзішча і так званы Замачак. Апошні будаваўся пры Уладзіміру як прыстанак, кажучы сённяшнімі словамі, вайсковага гарнізона. Заслаўе стаяла на памежжы з Літвой, землі якой пачыналіся за Маладзечнам. Гарадзішча ўзнікла тут яшчэ даўней. Яно служыла сховішчам для гараджан у выпадку небяспекі. Старажытная назва Заслаўя не захавалася. Калі Рагнеду трымалі ў Замачку, дык, можна мовіць, што яна была паланянкай. Але і жыццё па-за Замачкам, у горадзе, наўрад ці давала большую самастойнасць. Народ, магчыма, ставіўся да Рагнеды жаласліва, аднак гэта былі іншыя людзі - дрыгавічы, для якіх полацкая князёўна такая ж чужынка,' як і кіеўскія дружыннікі ў Замачку.

Апошнія дзесяць гадоў жыцця прайшлі для Рагнеды ў адзіноце. Жахліва робіцца на душы, калі ўявіць, што ў смутку і жалі правяла яна некалькі тысяч вечароў. Так жывучы, дачакалася Рагнеда тысячнага года, пад канец якога адзначылі летапісы яе смерць. Першынец Рагнеды Ізяслаў, князь полацкі, перажыў маці на некалькі месяцаў. Ен памёр на дваццаць першым годзе жыцця пры надта загадкавых акалічнасцях. Наогул, гэты амаль адначасны скон маці і сына падштурхоўвае ўбачыць за ім таямніцу. Век быў жорсткі, і смерць лічылася найлепшым вырашэннем няпростых праблем. Забі чалавека - і ён ужо нічым і нікому не зашкодзіць. Магчыма, Ізяслаў хацеў вызваліць маці з Заслаўя, забраць у Полацк, што ідэалагічна ўзмацніла б полацкую палітыку на ад'яднанне ад Кіева. Каб такое не надарылася, Рагнеду і Ізяслава маглі атруціць. Меліся і другія падставы, пра якія будзе згадана ніжэй.

Рагнеда мусіла жадаць смерці - гэта абяцала ёй палёгку, вызваленне ад пакут. Згвалчаная, пазбаўленая дзяцей, прымусам ахрышчаная, закінутая ў глухі кут, аддаленая ад княжага полацкага двара, адзінокая - на што мела яна спадзявацца, якія промні азаралі ёй прышласць? У мінулым - забойствы бацькоў, братоў, кроў, гвалт, гады кіеўскага палону, наперадзе - непазбаўны сум адзіноты. Нават калі яе атруцілі, яна магла толькі падзякаваць сваім за бойцам.

Па смерці Ізяслава засталіся два сыны - Усяслаў і Брачыслаў. Паколькі яны былі малалеткі і ніякай небяспекай Уладзіміру не пагражалі, ён пакінуў іх у Полацку. Полацкім князем па старшынству стаў Усяслаў, але праз два гады ён памёр, і на княжае месца сеў Брачыслаў, яшчэ падлетак. Смерць бацькі цалкам пазбаўляла яго правоў на кіеўскі пасад, а вялікага князя мог заступіць толькі старэйшы сын. Першынцам жа Уладзіміра быў сын ад варажкі Вышаслаў. Князь паставіў яго сваім намеснікам у Ноўгарадзе, але Вышаслаў неўзабаве сканаў, і старэйшым застаўся Ізяслаў. Нечаканая і загадкавая смерць апошняга адкрывала шлях на вялікакняжацкі пасад Яраславу (другому сыну Рагнеды, наўгародскаму князю) і Святаполку (князю ў Тураве). Бацькам Святаполка мог быць і забіты Уладзімірам Яраполк, бо адразу па забойстве брата Уладзімір прымусіў яго жонку жыць з сабой. Але лічылася, што бацька - Уладзімір.

Пэўна, не адну бяссонную ноч ламаў Святаполк галаву, гадаючы, чый ён усё ж такі сын. Нянавісць яго да Уладзіміра грунтавалася на важкіх падставах: калі продкам Святаполка быў Яраполк, дык Уладзімір, як забойца, пазбавіў яго не толькі бацькі, але і законнага, асвячонага звычаем права наступніцтва. Пасаджаны на княжанне ў маламоцным Тураве, ён не мог пагадзіцца з такой крыўдай і чакаў свайго часу. Нянавісць да бацькі (ці да забойцы сапраўднага бацькі) не дазваляла яму стаць прыхільнікам палітычных рэформаў Уладзіміра, у першую чаргу гэта тычылася хрышчэння. Тут ён меў багата аднадумцаў. Тураў на той час з'яўляўся дрыгавіцкай сталіцай, падпа радкаванне дрыгавічоў Кіеву адбылося ў нядаўняй прошласці: князь Тур загінуў, абараняючы горад ад войска, якое Уладзімір прыслаў з мэтай хрысціянізацыі. Адпор тураўцаў змене рэлігіі быў адчайным, і горад літаральна патапілі ў крыві. Гэтая драматычная падзея засведчана ў народных паданнях пра крывавыя камяні, што прыплылі па вадзе з Кіева. Тым больш тут меліся сілы, якія жадалі вяртання дзедаўскай веры. Выразнікам такіх настрояў стаў Святаполк. Паказальна, што ў той час, калі Уладзімір агнём і мячом укараняў праваслаўную веру, падрослы Святаполк пасля жаніцьбы на дачцы польскага караля Баляслава Храбрага дазволіў у Тураве каталіцкае біскупства. Тут пабудавалі першую на Беларусі каталіцкую малельню. Шмат ці мала меў біскуп Рэйнбарн адэптаў з мясцовага жыхарства - ніхто не ведае, але само існаванне малельні неабвержны факт. Гэта быў відавочны выклік Уладзіміру, і ў 1013 годзе кіеўскі князь арыштаваў сына (ці пасынка) разам з жонкай і біскупам і пратрымаў у каморы, пакуль Баляслаў не пайшоў паходам на Кіеў. Сам Святаполк трымаўся дзедаўскіх вераванняў, за што пазнейшыя манахі-летапісцы адпомсцілі яму мянушкай Акаянны.

Як бачна, для Брачыслава палітычнае выйсце за межы Полацкай зямлі, пераход у Кіеў былі цалкам немагчымымі; акалічнасці зрабілі яго пераемнікам палітыкі прадзеда Рагвалода і запаветаў сваёй бабкі Рагнеды, якую ён, хутчэй за ўсё, ніколі не бачыў. Да таго ж ў адрозненне ад іншых сыноў і ўнукаў Уладзіміра ён сядзеў на вотчыне бацькі і прадзеда. I таксама чакаў зручнага моманту, каб аднавіць самастойнае жыццё Полаччыны. Такім момантам мелася стаць для яго смерць Уладзіміра. Тут дарэчы будзе прывесці невялікую вытрымку з твора «Памяць і пахвала рускаму князю Уладзіміру», які напісаў у XI стагоддзі манах Іакаў:

«...Князь Уладзімір, пакідаючы гэты свет, маліўся так: «Гасподзь, Божа мой! Раней я не прызнаваў цябе, Бога, але ты злітаваўся нада мной і святым хрышчэннем прасвятліў мяне, і я прыняў цябе, Бог усіх, святы творца ўсяго свету, айцец нашага госпада Ісуса Хрыста. Слава табе з сынам і святым духам! Уладыка Бог, не ўспамінай пра мой грэх: я не прызнаў цябе ў язычніцтве, зараз жа я прызнаю цябе і толькі на цябе гляджу. Гасподзь мой Бог, пашкадуй мяне, калі ты захочаш пакараць мяне за мае грахі, дык пакарай мяне, Божа, сам, а д'яблам мяне не аддавай...». I гэтак звяртаючыся і молячыся Богу, ён аддаў сваю душу божым анёлам і сканаў...

Пасля святога хрышчэння блажэнны князь Уладзімір пражыў 28 гадоў. На другі год пасля хрышчэння ён хадзіў паходам да дняпроўскіх парогаў, на трэці год - узяў горад Корсунь, на чацвёрты год - залажыў горад Пераяслаўль, на дзевяты год - блажэнны і хрысталюбівы князь Уладзімір пастанавіў даваць царкве дзесятую частку ад сваёй маёмасці...

Хрысціўся ж князь Уладзімір на дзесяты год пасля забойства брата свайго Яраполка - каяўся і аплакваў блажэнны князь Уладзімір усё тое, што ён нарабіў у язычніцтве, не ведаючы Бога. Зведаўшы ж сапраўднага Бога, творцу неба і зямлі, ён пакаяўся ва ўсім і адмовіўся ад д'ябла і ад усяго служэння яму і паслужыў Богу сваімі добрымі справамі і ялмужынай. Сканаў ён з мірам у 1115 годзе месяца ліпеня ў 15 дзень у імя нашага госпада Ісуса Хрыста, яму ж з айцом слава і яго дзяржава».

Не паспелі князя пахаваць, як пачаліся міжусобіцы і паўстанні. Напачатку выбухнула антыхрысціянскае паўстанне ў Ноўгарадзе. Яраслаў загасіў яго, прызваўшы варагаў. Потым, калі настала патрэба біцца за Кіеў са Святаполкам, Яраслаў прасіў наўгародцаў дараваць яму. 3 дапамогай тых жа самых варагаў ён забіў родных братоў Барыса, Святаслава, Глеба, якія выступалі супраць аднаўладдзя і «новай» веры. У 1019 годзе Яраслаў канчаткова перамог Святаполка, непадуладнымі яму засталіся толькі Полацкая зямля і Тмутаракань (Тамань), у якой княжыў яго брат Мсціслаў.

За час міжусобнай барацьбы паміж Яраславам і Святаполкам полацкі князь Брачыслаў назапасіў сілы і ў 1021 годзе выканаў нарэшце сваю галоўную справу, што адзначана за ім у гісторыі. Летам таго года Брачыслаў здзейсніў добра падрыхтаваны паход на Ноўгарад. Палачанам пашчасціла. Яны захапілі Ноўгарад, часткова разбурылі яго, Брачыслаў пакінуў там намеснікаў, а вялікі палон «з мужы знатны» і багатыя лупы павёз у Полацк. Яраслаў, якому хутка данеслі пра напад, кінуўся наўздагон і нагнаў Брачыслава на рацэ Судамір. Тут паміж дзядзькам і пляменнікам здарылася бітва, якую Брачыслаў не здолеў выіграць. Ен кінуў палон і здабычу і ўцёк у Полацк. Але

Яраслаў, хоць і быў жорсткі па характару, вырашыў за лепшае скончыць канфлікт мірам, супакоіць полацкае баярства пэўным абшарам. Брачыславу ён аддаў гарады Усвят і Віцебск пры той, праўда, умове, што пляменнік будзе з ім «заедин». Гэтае тэрытарыяльнае прырашчэнне сапраўды ўтаймавала ўнука Рагнеды, і ён разам з Яраславам удзельнічаў у паходах на яцвягаў і на Літву, бітва з якой адбылася «на палях слонімскіх».

Іншых звестак пра Брачыслава летапісы не захавалі. Што не скажаш пра яго бацьку, Ізяслава, якому невядомы летапісец прысвяціў такі панегірычны абзац: «Бысть же сей князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая свяшеннический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаннй и отврашаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Яшчэ пра Ізяслава вядома, а можа і прыдумалі ў Полацкім летапісе, што ён надта шанаваў кнігу. Праўда-няпраўда, а ўсё ж ён першы з усходнеславянскіх князёў, за кім адзначана кнігалюбства. За Брачыславам такая духоўная вартасць не адзначана ці яна не збераглася. Але ён, калі не быў «тих, кроток, слезен м долготерпелив», дык набыў каштоўны вопыт княжага палітычнага мыслення, які перадаў у спадчыну свайму сыну - славутаму Усяславу-Чарадзею, сапраўднаму волату беларускай даўніны.

Брачыслаў памёр у 1044 годзе, як раз напярэдадні чарговага паходу Яраслава на літву. Гэты паход варта згадаць, бо ён завяршыўся ўзнікненнем Новагарадка, сённяшняга Наваградка. Будавалі яго на месцы літоўска-дрыгавіцкага паселішча, якое, па сведчанні Нарбута, мела назву Жоўны (старое найменне трымалася ва ўжытку гараджан да пачатку XIX стагоддзя). Наваградку было наканавана стаць праз дзвесці гадоў утваральнікам новай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. На жаль, розум чалавечы недалёка прасякае ў будучыню. Ці мог, скажам, князь Яраслаў, які ў змаганні за кіеўскі пасад забіў трох братоў, а чацвёртага, Усевалада, пажыццёва засадзіў у поруб (так называлася тады турма), думаць, што праз два стагоддзі Кіеў будзе разбураны дашчэнту і на доўгі час ператворыцца ў глухмень, а тая памежная крэпасць, узведзеная на паселішчы Жоўны, набудзе статус сталіцы Вялікага княства. Усё праходзіць і ўсё мяняецца.

Княжанне Усяслава распачалося з будаўніцтва Полацкай Сафіі. Праўда, рэлігійныя пачуцці кіравалі князем менш за ўсё. Рэканструкцыя яго поглядаў, зробленая мноствам даследчыкаў, паказвае, што Усяслаў больш схіляўся да дзедаўскай, язычніцкай веры. Аднак у гэты час будаваліся ці ўжо былі пабудаваны Сафія ў Кіеве і Сафія ў Ноўгарадзе - тых цэнтрах, з якімі Полацк сапернічаў. Трое сыноў Яраслава злучыліся ў саюз, нацэлены не ў апошнюю чаргу супраць самастойнасці Полацкага княства. Узвядзеннем прадстаўнічай царквы Усяслаў ставіў Полацк на адзін прыступак з Кіевам і Ноўгарадам і пазбаўляўся ад магчымых ідэалагічных папрокаў. Зразумела, меў значэнне і асабісты гонар князя.

Пашыраючы самастойнасць Полацкага княства, Усяслаў правёў запар тры паходы. У 1065 годзе рушыў на Пскоў, які патрымаў у асадзе, але не ўзяў. Можа, ен і прымусіў бы пскавічоў здацца, але на дапамогу ім прыйшоў з войскам наўгародскі князь Мсціслаў. У бітве на рацэ Чарэсе палачане разбілі наўгародцаў, Мсціслаў уцёк у Кіеў. Наступным годам Усяслаў выправіўся на Ноўгарад і расквітаўся з ім за знішчэнне Полацка ў 980 годзе. Ноўгарад напалову быў спалены, Усяслаў захапіў вялікі палон і зняў з Наўгародскай Сафіі званы. I нарэшце, на пачатку 1067 года ён накіраваўся на Наваградак, адкуль выбіў атрад кіяўлян, падначаліў горад сабе, зрабіўшы яго асяродкам полацкай каланізацыі на літоўскіх землях.

Такая актыўнасць Усяслава падалася вельмі небяспечнай Яраславічам - Ізяславу кіеўскаму, Святаславу чарнігаўскаму і Усеваладу пераяслаўскаму. Іх аб'яднаныя войскі рушылі на Полаччыну, і першай іхняй ахвярай стаў Менск. Усіх менскіх мужчын Яраславічы перабілі, а жанчын, як заўжды, узялі ў палон. Напераймы захопнікам выступіў ад Наваградка Усяслаў, і дзесятага сакавіка адбылася бітва, якая набыла сусветную вядомасдь, дзякуючы генію аўтара «Слова пра паход Ігаравы». Вось што ён занатаваў: «На Нямізе снапы сцелюць з галоў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром засеяны, засеяны касцямі рускіх сыноў». Рака Няміга была невялічкая, вытокі яе знаходзіліся недзе ў раёне сучаснай Грушаўкі (раён Менска), так што, можна меркаваць, бітва адбывалася там, дзе сёння праходзяць вуліцы Мяснікова, Маскоўская, Лібкнехта, Фабрыцыуса. Зараз тут шматпавярховыя дамы, прадпрыемствы, асфальт, а дзевяцьсот гадоў таму белы снег працінала чалавечая кроў, ламаліся дзіды, тупіліся мячы і моцны мароз хутка канчаў тых, каму не пашанцавала адвесці ўдар.

Скупыя звесткі летапісаў не дазваляюць дакладна ўявіць ход бітвы. Цяжка сказаць, колькі ваяроў было з кожнага боку, якое «крыло» пачынала, якое наступала ці адыходзіла, хто вылучыўся мужнасцю, колькі тысяч палегла; вядома толькі, што ніхто не выйшаў пераможцам. Усяслаў вярнуўся ў Полацк, а Яраславічы не мелі сілы на пагоню і далейшае рабаванне Полацкай зямлі. Таму плён захопніцкага паходу з'яднаных войскаў рускіх князёў на Полаччыну быў не дужа вялікім.

Праз чатыры месяцы роўна, 10 ліпеня, праціўнікі стрэліся зноў, але на гэты раз ужо для мірнай размовы, ініцыятыва якой зыходзіла ад Усяслава. Сустрэча адбылася каля Оршы. На левым беразе Дняпра стаялі Яраславічы, на правым - Усяслаў. Апошні з двума сынамі пераплыў на лодцы раку. Гарантам яго бяспекі і недакранальнасці было крыжацалаванне, якое прылюдна, пры мностве сведкаў, зрабілі браты Яраславічы. Але як толькі на іх вочы з'явіўся Усяслаў, яны забылі пра сваю клятву, і на полацкага князя, а таксама яго сыноў-падлеткаў былі надзеты кайданы. Потым Яраславічы накіраваліся ў Кіеў, дзе замкнулі сваю здабычу ў поруб. У Полацку сеў князем сын Ізяслава кіеўскага Мсціслаў, раней разбіты палачанамі на Чарэсе.

Седзячы ў порубе, Усяслаў, відаць, добра кляў сябе за даверлівасць. Побач трывалі пакуты малалетнія сыны. Спадзявацца на літасць Ізяслава ён не мог. Па сутнасці, лёс князя і яго сыноў быў прадвырашаны. Усяслаў, пэўна, часцяком узгадваў свайго прадзеда Рагвалода і двух яго сыноў - іх забілі, каб ачысціць полацкі пасад ад полацкай дынастыі. Зараз гісторыя відавочна паўтаралася. Кожную хвіліну Усяслава, яго наступнікаў маглі зарэзаць. Ва ўсялякім выпадку Полацк зноў быў без гаспадара, пазбаўлены ўласных, карэнных князёў. Мог прыгадваць Усяслаў штодзень і паказальны лёс Расціслава Уладзіміравіча, якога па загаду Яраславічаў атруцілі, каб не блытаў ім іхні палітычны расклад. Калі браты не зважалі на роднага дзядзьку, дык тым больш не збіраліся зважаць на траюраднага пляменніка. Яны мелі прыклад, пададзены ім бацькам - вялікім князем Яраславам, які зачыніў у поруб роднага брата Судзіслава, князя пскоўскага. Той адседзеў у турэмнай каморы дваццаць чатыры гады, чвэрць стагоддзя. Якая думка супакойвала душу Судзіслава, дазволіла сцярпець незлічоныя дні пакут, аднятае жыццё? Ці верыў ён у магчымасць помсты, ці маліўся? А мо страціў розум і бяс концыя дні цяклі для яго як адзін нудны дзень уласных памінак? Паеў - кладзіся на тапчан і адлічвай імгненні. 3 дня ў дзень, з году ў год. Ці намагаўся ён уцячы? Ці праклінаў жорсткага брата, час свайго нараджэння, старых і новых багоў? Нам гэтага не даведацца. А для Усяслава пакутніцкі лёс Судзіслава быў жывой рэальнасцю. Тое ж чакала і яго. Аднак Усяславу пашанцавала. Ен быў вязнем крыху болей за год. Вядомае паўстанне кіяўлян супраць Ізяслава прынесла яму не толькі волю, але і нечаканае ўзвышэнне - Усяслава абралі кіеўскім князем, і пратрымаўся ён на гэтай пасадзе каля васьмі месяцаў. Вясной 1069 года Усяслаў павёў войска насустрач Ізяславу, які рухаўся на Кіеў, узмоцнены палкамі караля Баляслава. За Белгарадам Усяслаў тайна, уначы, уцёк у Полацк. Можна меркаваць, што над ім навісла прамая пагроза забойства. Браты Ізяслава ніяк не маглі прыняць Усяслава за кіеўскага князя. 3 ім адмовілася лічыцца наўгародскае веча, супраць яго было кіеўскае баярства. Пры такіх умовах Усяслаў з лёгкасцю мог зноў апынуцца ў порубе, з якога князя выратаваў цуд. У наступныя тры гады ён зведаў выгнанне з Полацка, хаваўся ад помсты Ізяслава ў водзі, хадзіў з важанамі на Ноўгарад, але няўдала, сабраў новую дружыну і нарэшце вярнуў сабе полацкі пасад. У 1076 годзе Усяслаў вытрымаў запар тры паходы Уладзіміра Манамаха, якому дапамагалі наўгародцы і кіяўляне, палавецкія пасілкі. Гэты быў першы выпадак выкарыстання стэпчакоў для рабунку Полацкай зямлі.

Пасля ўсіх бурлівых падзей Усяслаў кіраваў Полацкім княствам яшчэ тры дзесяцігоддзі, але сцішэў, набыў разуменне, што кіеўскі ўрад не пагодзіцца з узмацненнем Полаччыны і тым больш не здолее сцярпець яе тэрытарыяльных прырашчэнняў за кошт смаленскіх, наўгародскіх ці Тураўскай зямель. 3 тае нагоды ён і праводзіў засваенне гістарычных літоўскіх земляў.

Пад канец жыцця дачакаўся Усяслаў Любецкага з'езду князёў, які ў 1097 годзе ўзаконіў удзельную церазпалосіцу, прызнаўшы за кожным князем незалежнасць і спадчыннасць яго княства. Як і ўсе добрыя намеры на гэтым свеце, такое рашэнне мір не ўсталявала; хутка грымнуў новы выбух жорсткіх міжусобных войнаў, не засталася ў баку і Полаччына. Але разбурэння свайго княства Усяслаў Чарадзей усё ж не ўбачыў - ён памёр у 1101 годзе, пражыўшы доўгі век. Княжанне яго працягвалася 57 гадоў. Здаецца, больш ніхто нідзе не трымаў паўстагоддзя княжы пасад.

На дзень скону Усяслава яго сыны, што разам з ім пакутавалі ў кіеўскім порубе, ужо былі сталага веку мужчыны. Самае меншае мелі гадоў па сорак пяць. Аднак самастойнасці да гэтага часу яны не атрымалі. Бацькава месца ў Полацку пераняў Давыд. У Менску княжыў Глеб. У іх ужо раслі свае дзеці, якім патрабаваліся ўласныя ўдзелы. Так што драбленне Полацкага княства набліжалася шпаркай хадой. Найбольш моцнай асобай з Усяславічаў аказаўся менскі князь Глеб. 3 самага пачатку ён, відаць, не надта лічыўся з полацкім Давыдам, бо ўжо ў 1104 годзе Давыд з кіяўлянамі хадзіў ваяваць Менск. Перамог Глеб, што дазволіла яму прылучыць да Менска неблагі кавалак - Друцк, Копысь, Оршу. У 1116 годзе Глеб адчуў сілу напасці на Слуцк, які лічыўся кіеўскім уладаннем. Гэтага яму не даравалі, Уладзімір Манамах адпомсціў бязлітасным разбурэннем Менска, Глеба ж кінулі ў той самы поруб, дзе некалі ён сядзеў з Усяславам. Аднак у адрозненне ад бацькі народнае паўстанне яго не вызваліла. Не меў ён такой вядомасці, ды і трымалася, трэба думаць, горкая памяць, што пасля ўцёку Усяслава з-пад Белгараду ўсіх ягоных кіеўскіх прыхільнікаў жорстка пакаралі - семдзесят чалавек забілі, многім выкалалі вочы. Таму ніхто за Глеба не заступіўся, у порубе ён і сканаў.

Раз'ядноўчыя намаганні Усяславічаў, іх нежаданне жыць у «згодзе» і выконваць загады кіеўскіх князёў, адмова ў 1127 годзе ісці ў агульна-рускі паход на полаўцаў выклікалі знішчальны наступ на Полаччыну Мсціслава кіеўскага, сына Манамаха. Праз год ён даўмеўся вырашыць справу кардынальна. На Полацкае княства Мсціслаў кінуў аб'яднаныя сілы кіеўскіх, пераяслаўскіх, чарнігаўскіх зямель. Гэта была маштабная, спраўна падрыхтаваная акупацыя. Усіх князёў полацкай дынастыі, сыноў і ўнукаў Усяслава - Давыда, Расціслава, Георгія-Святаслава, Івана і Васіля Барысавічаў - разам з жонкамі і дзедьмі арыштавалі, выслалі ў Канстанцінопаль, дзе швагер Мсціслава, імператар Іаан, накіраваў іх у войска, якое білася з арабамі. Таму, хоць і не па ўласнай волі, беларускія князі ператварыліся ў крыжакоў. Незадоўга перад тым адбыўся першы крыжовы паход еўрапейскага рыцарства, былі створаны ордэны гаспітальераў і храмоўнікаў. Праз семдзесят гадоў удзельнікі чацвёртага крыжовага паходу ўжо пойдудь не на Іерусалім, а на Канстанцінопаль, які разрабуюць у 1204 годзе, але пакуль што Усяславічы змагаліся супраць сарацынаў. Толькі праз адзінаццаць гадоў з гэтай небяспечнай ссылкі вярнуліся Васіль і Іван, астатнія прадстаўнікі дынастыі загінулі ў біт вах.

Хоць Мсціслаў арыштам князёў і нарабіў шмат шкоды, але сваёй мэты не дасягнуў, бо такі не ўсе полацкія князі трапілі ў пастаўленую ім пастку. Васілька, адзін з сыноў Георгія-Святаслава, перачакаў бяду недзе ў літве, і ў 1132 годзе полацкае веча абрала яго князем замест Мсціслава, стаўленіка Святаполка. Праз дзесяць гадоў Васілька ці памёр, ці загінуў, і княжыць стаў Васіль-Рагвалод, той самы, што зведаў візантыйскі палон і бітвы з сарацынамі.

Немагчыма засяродзіцца на асобе гэтага і іншых тагачасных князёў на Беларусі. Калі пра жыццё Васіля яшчэ сёе-тое можна ўявіць, напрыклад, што ён пабачыў багата краін і людзей, старажытных гарадоў, добра засвоіў грэчаскую мову, неаднойчы, відаць, слухаў спевы ў царградскай Сафіі, паглядзеў на вялізную імперыю і «кухню» яе палітыкі, дык пра другіх не ўдаецца стварыць нават такі павярхоўны аповяд. Летапісныя звесткі настолькі бедныя, што з іх нічога не вылучыш, апроч княжага прыходу на пасад і ўдзелу ў бітвах. Дзесяткі князёў з'яўляюцца і хутка знікаюць, ставіць іх і здымае веча, па яго жаданню яны пераходзяць з горада ў горад. Сілы няма, згуртаванасці таксама, мысленне, кажучы нашай мовай, індывідуялістычнае, над князямі пануе дух ваяўнічасці, зайздрасці і невялікай удачы. За княжацкай мітуснёй і таўкатнёй ня цяжка ўбачыць разгубленасць простага гараджаніна, які шукае і не знаходзіць асобы, здольнай забяспечыць спакой і парадак. Нездарма аўтар «Слова пра паход Ігаравы> заклікаў князёў да еднасці, падаючы за ўзор дзяржаўнага кіравання і княжай асобы такіх волатаў мінулага, як кіеўскі князь Уладзімір і полацкі князь Усяслаў-Чарадзей.

Сярод Рагвалодавых унукаў у XII стагоддзі вылучаецца нашая першая асветніца Ефрасіння Полацкая. Унучка Усяслава, яна пераняла ад дзеда вялікі духоўны запал. Прычыны, з якіх князёўна пайшла ў манастыр, застаюцца невядомымі. Магчыма, гэта здарылася тады, калі бацьку і маці вывезлі ў Візантыю. Праўда, выпадак, як на той час, беспрэцэдэнтным не назавеш - ігуменняй манастыра, дзе прыняла пострыг Ефрасіння, была яе родная цётка. Сям'я, у якой Ефрасіння ўзрасла, глыбокай рэлігійнасцю не вызначалася. Дастаткова прыгадаць, што яе бацька болын вядомы сваім язычніцкім імем Святаслаў, чым хрысціянскім Георгій. Тое ж можна сказаць пра брата Святаслава, заснавальніка Барысава, князя Барыса, які не менш вядомы пад язычніцкім імем Рагвалод. Не захавалася ў памяці народа хрысціянскае імя самога Усяслава, хоць яно, безумоўна, было нададзена князю пры хрышчэнні. Прыроджаная духоўнасць Прадславы (так звалі Ефрасінню ў людскім жыцці) магла знайсці праяву толькі на ніве рэлігійна-асветніцкай дзейнасці. Пачатак свайго манаскага жыцдя Ефрасіння правяла ў келлі Сафійскага сабора, дзе займалася перапіскай царкоўных кніг. Гэтая праца патрабавала не толькі веры і цярплівасці, абавязковай умовай лічыліся пэўныя мастацкія здольнасці, бо перапісваліся творы ўставам, калі кожная літара па сутнасці вымалёўвалася. 3 ініцыятывы і фундацыі Ефрасінні была пабудавана царква Спаса - унікальны помнік мураванага дойлідства Беларусі. На хорах яе знаходзіліся невялічкія келлі - галубніцы; паводле падання, яны служылі прытулкам для Ефрасінні і яе сястры. Мяркуецца, што там манашка пісала полацкі летапіс.

Відаць, слова Ефрасінні было ўплывовае, а сіла веры і вядомасць спакусілі нямала полацкіх дзяўчат пайсці яе шляхам. Пра адзін з такіх выпадкаў апавядаецца ў «Жыцці» Ефрасінні (дарэчы, гутарка ідзе пра яе сястру). Гэты ўрывак варта працытаваць: «Тогда посла ко отцу своему, глаголюіщи: «Пусти ко мне сестру Городиславу, да научится грамоте». Он же посла к ней. Еуфросиниа же со прилежанием учаще о спасении души, а она с прилежанием учашесь и приимаше, яко нива плодовита, умякчивши сердце свое. И глаголаше: «Господь бог устроит ми на спасение души моей, и твойми, госпоже, святыми молитвами!» И се ей рекши, преподобная Еуфросиниа, введши ее в церковцю, и повеле ей ерееви огласивши, облегщи в черные ризы, и нарече имя ей Еудоксия.

И по малых днех присла отец к ней: «И уже сестру свою Городиславу пусти ко мне». Она же рече: «Еще не изуче всей грамоте». И уведа отца ее, яко утаившися его, остриже ее. И узьярився на преподобную Еуфросинию, сердцем горя. И приеха к монастырю, глаголя: «Чадо мое милое, что се сотворила? Приложи сетование к сетованию души моей, и печаль к печали»... Любезно держа Еудоксию рече: «Чадо мое, не се ли я вас родих? Или на се ли вас я милостиво взрастил? Ужели вам брак уготовах уже чертоги брачныя, убранства ваши на сетованию положих себе? Чадо мое милое! Что ми воздасте в радости место горкиа печали, наполниста сердце мое».

И вси бояре его, слышавшие жалость князя своего, и плакахуся горко о напрасней печали князя их.

Блаженная же Еуфросиниа отвешаваше отцу своему: «Что ради печалуешся нами? Имаем бо печалника и помощника единого Бога».

Апроч роднай сястры спадобіла Ефрасіння прыняць пострыг і дваюрадную сястру Звяніславу, якая аддала ў скарбніцу манастыра свой багаты пасаг. Так што князёўны добра даліся ў знакі бацькам. Тыя моцна «ярыліся» і плакалі, ды волю сваіх зацятых, упартых дачок так і не адолелі.

На фрэсках царквы Спаса ў Полацку збераглася выява Ефрасінні. Позірк асветніцы скіраваны ў далячынь, у тую прышласць, пра якую яна марыла, пачынаючы нашу кніжную традыцыю, ствараючы падмурак культуры. У 30-ыя гады нашага стагоддзя вульгарны атэізм не мог дараваць першай беларускай асветніцы, што яна была кананізавана праваслаўнай царквой і яе імя адкрывае рад беларускіх святых. Людзі, у культурных адносінах не вартыя і пазногця Ефрасінні, пастараліся зрабіць усё, каб на дзесяцігоддзі яе імя было выкрэслена з культурнага ўжытку. Такая дбайнасць пра «матэрыялістычнае мысленне» адпаведна адбілася на выхаванні гістарычнай няўдзячнасці і ваяўнічай непашаны да скарбаў, створаных нашымі продкамі. Тое, што не зруйнавалі войны, руйнавалася дзеячамі вульгарнага атэізму. Калі сёння шмат хто ў рэспубліцы не ведае імя пачынальніцы асветы на Беларусі, дык гэта вялікая крыўда для нашай годнасці. Ефрасіння Полацкая адкрывае шэраг постацей, якія ўпрыгожваюць нашу гісторыю, даюць узор шчырай, бескарыснай любові да Айчыны, да ведаў, да чалавека. Такія людзі заўсёды застаюцца сучаснымі, бо яны вырашалі не момантавыя патрэбы, а клапаціліся пра выхаванне душы і духоўнасці. Можна ганарыцца, што ў крывавае, бязлітаснае XII стагоддзе, калі князі забівалі адзін аднаго, выпальвалі адзін аднаму вочы, атручвалі, вынішчалі суседзяў, гандлявалі жанчынамі, лютавалі над сваімі і браталіся з полаўцамі, пладзілі сірот, залівалі зямлю крывёй, у гэты дзікі час страты сумлення Полацкая зямля ўзгадавала такую велічную асобу, як Ефрасіння.

Пад канец жыцця Ефрасіння Полацкая выправілася ў паломніцтва да гроба гасподня ў Іерусалім. Было гэта ў 1172 годзе. Суправаджалі яе брат Давыд і дваюрадная сястра Еўпраксія (Звяніслава). У кветні наступнага года Ефрасіння сканала ў Багародзічным манастыры, можа, з адчуваннем ціхай радасці, што памірае бліз месца, дзе ўзнёсся Хрыстос, а можа, смуткуючы па родным Полацку, Палоце, Дзвіне, па палях, над якімі ў блакітных нябёсах пачалі спяваць жаўрукі. У 1187 годзе, калі Іерусалім быў захоплены егіпецкім султанам Салах-аддзінам, рускія манахі, пакідаючы Палесціну, забралі мошчы Ефрасінні ў Кіеўскія Пячоры, а на пачатку нашага стагоддзя іх перавезлі ў Полацк у царкву Спаса. Так нарэшце скончылася паломніцтва.

3 імем Ефрасінні звязаны крыж, зроблены па яе заказу ў 1161 годзе полацкім майстрам Лазарам Богшам. Крыж паўмятровы, з кіпарысавага дрэва, абодва бокі яго абкладзены залатымі пласцінамі, аздобленымі перагародчатымі эмалямі з выявамі Хрыста, Іаана Прадцечы, Маці Боскай, апосталаў Пятра і Паўла, архангелаў Гаўрыіла і Міхаіла. Унізе крыжа - выявы святых Ефрасінні, Сафіі і Георгія. Пад залатымі пласцінамі (у «целе» крыжа) захаваны першазначныя хрысціянскія рэліквіі - кроў Хрыста, што засталася на распяцці, частка ад каменнай труны Багародзіцы, кавалачак ад камяня з труны Ісуса, мошчы св. Стэфана I, св. Панцеляймона, кроў св. Дзмітрыя. Вось гэтыя рэліквіі надавалі крыжу, па разуменні веруючых, тую цудадзейную, дараваную Богам сілу, якая прыводзіла да яго з малітвай і просьбамі сотні тысяч людзей.

Крыж Ефрасінні не толькі ўнікальны твор ювелірнага мастацтва, ён мае і поўную прыгод гісторыю. Пад час войнаў Полацка са Смаленскам смаляне вывезлі яго да сябе, адтуль ён трапіў у Маскву. У гады Лівонскай вайны Іван Грозны, ідучы паходам на Полацк, даў абяцанне, што калі адолее Полацк, дык пакладзе крыж на яго спрадвечнае месца ў царкве Спаса. Маскоўскае войска ўзяло горад штурмам, Грозны стрымаў слова - крыж вярнуўся туды, дзе быў пры жыцці Ефрасінні. Недзе на пачатку 20-ых гадоў нашага стагоддзя крыж як нацыянальны скарб аднялі ў царквы, і ён апынуўся сярод экспанатаў царкоўна-археалагічнага музея (тады знаходзіўся ў тым прыгожым будынку, што стаіць зараз побач з Домам афіцэраў у Менску). Гэта не перашкодзіла павазе да крыжа сярод веруючых, яны сталі хадзіць у музей, як у царкву. 3 той прычыны яго перавезлі ў Магілёўскі краязнаўчы музей, дзе ўзялі пад шкло. Але і такая мера не паменшыла крыжу папулярнасці. Тады яго схавалі ў сутарэннях магілёўскага банка. I ужо адсюль ён у гады вайны ці яшчэ да яе таямнічым чынам знік. Есць звесткі, што крыж нібыта знаходзіцца ў Амерыцы ў прыватнай калекцыі. Ці вернецца гэты мастацкі скарб на радзіму - пакуль што ніхто не ведае, застаецца пра гэта марыць.

...У тым самым годзе, калі пяцёра полацкіх князёў пад наглядам кіеўскіх дружыннікаў плылі цераз Чорнае мора ў Візантыю, у Тураве нарадзіўся ўсходнеславянскі красамоўца Кірыла Тураўскі. Зразумела, такое імя ён атрымаў, прымаючы пострыг, у дзяцінстве яго звалі інакш, але як - звестак не захавалася. Бацькам Кірылы быў мясцовы баярын, блізкі да княжага двара, дзе юнак і атрымаў шырокую адукацыю ад грэчаскіх святароў і кніжнікаў, якія прыехалі ў Тураў з Візантыі разам з жонкай князя. Кірыла рана пайшоў у манастыр, але манаскае жыццё не задаволіла яго. Ен прысвяціў сябе аскезе, зачыніўся ў вежы, дзе трымаў уласную бібліятэку і працаваў. 3 цягам часу Кірыла адышоў ад аскезы, пачаў падтрымоўваць тураўскага князя Юрыя Яраславіча, і з пратэкцыі апошняга кіеўскі мітрапаліт пасвяціў яго ў тураўскія біскупы.

Кірыла набыў шырокую вядомасць як красамоўца. Яго казанні ўвайшлі ў скарбніцу старажытнай літаратуры, выхоўвалі чытача на працягу сямі стагоддзяў. Засталася літаратурная спадчына пісьменніка. Тут мэтазгодна прывесці ўрывак з ягонай «Прытчы аб чалавечай душы і целе», каб чытач атрымаў уяўленне аб творчых вартасцях нашага вялікага земляка, аднаго з пачынальнікаў старажытнай айчыннай літаратуры. Гэты твор мае яшчэ назву «Прытча пра сляпца і кульгавага». Ен даволі вялікі - старонак дваццаць пяць машынапісу. «Прытча» закранала вострыя пытанні свайго часу - гэта была зразумелая ўсім крытыка супраць растоўскага біскупа Феадора і уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага, якія вялі да адасаблення растоўскага біскупства ад кіеўскай мітраполіі і да дзяржаўнага ўзвышэння Уладзіміра-Суздальскай зямлі. Пад кульгавым Кірыла разумеў князя Андрэя, пад сляпым - біскупа Феадора. Але тэматычна твор шмат шырэйшы, бо аўтар кранае наогул праблему душы і плоці, вечнага і бягучага, нябеснага і зямнога, злачынства і пакарання ў жыцці чалавека. Нарэшце, невялікі ўрывак у перакладзе:

«Калі прыйшоў гаспадар узяць плён вінаградніка і ўбачыў яго абкрадзеным, пазваў кульгавага і злучыў яго са сляпым, і пачалі яны выкрываць адзін аднаго. Кульгавы кажа сляпому: «Калі б ты мяне не панёс, ніяк я не меў дабрацца туды, бо я кульгавы». Сляпы ж казаў: «Калі б ты не паказваў мне дарогу, то ніяк бы я не здолеў туды дабрацца». Тады гаспадар сеў на судзейскае месца і пачаў судзіць іх абодвух. I кажа: «.Як вы кралі, так і зараз - няхай сядзе кульгавы на сляпога». I калі кульгавы сеў, загадаў перад усімі рабамі бязлітасна караць у знешняй пакут каморы.

Уведайце ж, браты, тлумачэнне гэтай прытчы. Чалавек гаспадарлівы - Бог айцец, творца ўсіх. Яго ж сын добрага роду - гасподзь наш Ісус Хрыстос. А вінаграднік - гэта зямля і свет. А апора вінаградніка - закон божы і запаведзі. Слугі ж, існыя з ім, і анёлы. Кульгавы - гэта цела чалавека. А сляпы - душа яго. А што пасадзіў іх каля варот - гэта значыць, што ён аддаў ва ўладу чалавеку ўсё зямлю, даўшы яму закон і запаведзі. Калі ж чалавек пераступіў запаведзь Божую і за гэта асуджаны на смерць, то напачатку душа да Бога прыводзіцца і апраўдваецца, кажучы: «Не я, але плоць саграшыла». Таму і няма пакут душам да другога прыйсця, але яны захоўваюцца,- Бог ведае дзе. Калі ж ён прыдзе аднавіць зямлю і ажывіць усіх змерлых, як сам раней абяцаў, тады ўсе існыя ў трунах пачуюць голас сына божага, і ажывуць, і выйдуць тыя, хто стварыў дабро, ва ўваскрэсенне жыцця, а тыя, хто стварыў благое,- ва ўваскрэсенне суда. Тады ж душы нашыя войдуць у цела і атрымае кожны адплату па справах сваіх: праведнікі - вечнае жыццё, а грэшнікі - бясконцую смяротную пакуту. Чым хто саграшыць, тым і караны будзе».

Неабходна сказаць, што Кірыла Тураўскі пісаў, зразумела, не сучаснай мовай, а той, што карысталася тады царква. Разлічаны яго творы на чытанне ўслых, на вуснае слова перад натоўпам. У арыгінале гучыць распрацаваная паэтычная рытміка, напружанае слова красамоўцы ўздзейнічала на душы, як верш, як музыка званоў.

Памёр Кірыла Тураўскі ў той год, калі на полацкі ласад прыйшоў адзін з перадапошніх Рагвалодавічаў - князь Валодша. У гістарычнай літаратуры ён праходзіць пад імем Уладзіміра, што мела прычынай кальку з лацінскай транскрыпцыі імя беларускага князя ў «Хроніцы Лівоніі». Як слушна даводзіць Мікола Ермаловіч у сваёй выдатнай працы «Старажытная Беларусь»-, Валодша быў малодшым сынам полацкага князя Васількі Святаславіча, таго самага, якому пашчасціла пазбегнуць высылкі ў Канстанцінопаль. Так што Валодша даводзіўся пляменнікам Ефрасінні Полацкай. У 1186 годзе ён моцна памыліўся, дазволіўшы каталіцкаму місіянеру Мейнарду (з немцаў) праводзіць хрысціянізацыю ліваў, на землях, якія здаўна былі даннікамі Полацка. Мейнарда змяніў біскуп Бяртольд. Апошняга лівы забілі. Пасля забойства Бяртольда тут з'явіўся біскуп Альберт, чыімі намаганнямі ў вусці Заходняй Дзвіны ўзнялася нямецкая крэпасць Рыга і ўзнік ордэн мечаносцаў. Гэта здарылася ў 1201 годзе, і князю Валодшу прыйшлося распачынаць адпор тэўтонскаму націску.

Супрацьстаянне было справай няпростай. Полацкае княства да XIII стагоддзя падрабілася, стварыўся шэраг самастойных удзелаў - Віцебскі, Менскі, Заслаўскі, Лагожскі, Друцкі; удзеламі княства сталі і яго прыбалтыйскія прыгарады - Кукейнос і Герцыке, дзе ўладарылі князі полацкага дому. Яны ахоўвалі гандлёвыя інтарэсы Полацка, для якога Дзвіна з'яўлялася шляхам у Еўропу. Мечаносцы, збудаваўшы на Дзвіне свае замкі, закрылі палачанам свабоднае выйсце ў мора. Князь Валодша, супрацьстоячы немцам, неаднойчы хадзіў на іх крэпасці Ікскуль і Гольм. У 1208 годзе рыцары аблажылі ў Кукейносе князя Вячку; не атрымаўшы дапамогі, князь быў вымушаны спаліць сваю крэпасць. Больш нічога пра яго невядома, але і гэтае скупое паведамленне хронікі дазваляе ўявіць сумныя пачуцці князя, яго дружыны і жыхароў Кукейноса ў той цяжкі для іх дзень: прыйшлося ўласнымі рукамі знішчаць свой горад, уступаць немцам землі, здабытыя, безумоўна, крывёй продкаў у барацьбе з лівамі.

Праз год крыжакі разбурылі Герцыке, а ў 1212 годзе Валодша мусіў адмовіцца ад Ніжняга Падзвіння і ад даніны з ліваў, якую пачалі браць немцы. Толькі Герцыке быў адноўлены палачанамі, як на яго зноў на палі мечаносцы, але гэтым разам без поспеху - герцыкскі князь Усевалад заклікаў на дапамогу літоўцаў і аб'яднанымі сіламі пабіў немцаў. У 1216 годзе Валодша рыхтаваў вялікі паход супраць Ордэна сіламі палачанаў, літвы і эстаў. Аднак перад самым выступленнем князь раптоўна памёр.

Княжанне Валодшы і яго справы захаваліся ў народнай памяці, прынамсі ў былінах пра Іллю Мурамца.

Надзвычай цікава, што адна з найбольш даўніх згадак пра Валодшу і Іллю Мурамца сустракаецца ў скандынаўскай сазе XIII стагоддзя аб Дзітрыху Бернскім. Там упамінаюцца гарады Полацк, Кіеў, Смаленск, Ноўгарад; князь Валодша называецца сьгаам князя Гертніта, а брат яго ад наложніцы Ілля - Ярлам з Герцыке. Даследчык гэтай сагі А. Весялоўскі ўбачыў тут адлюстраванне рэальных гістарычных фактаў, у тым ліку і канкрэтных падзей XIII стагоддзя. Полацкаму князю Валодшы сапраўды падначальвалася Герцыке, а герцыкскі князь мог быць братам Валодшы, магчыма, што і звалі яго Ілля. Канкрэтныя абставіны і імёны ў свядомасці нямецкіх купцоў, што наведвалі Полацк і слухалі песні і быліны, спляліся з праўдай, і іх запісы, якія склалі сагу, збераглі некаторыя моманты беларускай гісторыі, невядомыя па нашых летапісах.

Барацьба з крыжакамі стала для Полацка апошнім актам гістарычнай драмы. Можна нават сказаць, што мела месца трагедыя - Полацк сыходзіў з гістарычнай сцэны ў цень, ён страціў магчымасць іграць значную ролю ў тагачасным гістарычным працэсе на Беларусі. Гэты заняпад быў падрыхтаваны шматлікімі войнамі, якія цягнуліся запар два стагоддзі. Разбітае на ўдзелы Полацкае княства фізічна не магло супрацьстаяць арганізаванаму наступу крыжакоў. Аб'яднанне патрабавала моцнай рукі. А Валодша полацкі, як паказалі падзеі, не здолеў з'яднаць сілы Полаччыны, тым больш Полаччыны і Русі Літоўскай. Не здолелі гэта зрабіць і сын Валодшы, астатні полацкі князь Брачыслаў, і валадары меншых удзелаў на Полаччыне. Страцілі дзедаўскую славу Рагвалодавы «внуцм», наступнікі Усяслава-Чарадзея - аднялі іхнюю сілу шматлікія бязлітасныя бітвы з траюраднымі братамі і стрыямі, што трымалі сталы ў Кіеве, Чарнігаве, Разані. Пасля трагічнай смерці Рагвалода і яго сыноў усе полацкія князі паходзілі па мужчынскай лініі ад Уладзіміра Святаславіча. Апошні стаўся «пратаплазмай» новай полацкай дынастыі. Толькі па Рагне дзе князі лічыліся Рагвалодавічамі, ды не па маці менаваўся княжацкі род. Забойцам самастойнага полацкага князя быў Рурыкавіч, і полацкая галіна Уладзіміра, распачатая Ізяславам, таксама, па кплівай усмешцы лёсу, лічылася Рурыкавічамі. Адпаведна яны мусілі трымацца пэўнай традыцыі - праваслаўя, заходняга напрамку каланізацыі. У летапісах і дакументах зафіксавана на дзіва мала полацкіх Рурыкавічаў, усяго пяцёра: Друцкія, Лукомльскія, Адынцэвічы, Буйніцкія, Машкоўскія. Для параўнання варта прыгадаць князёў, што паходзяць ад Гедыміна. Іх, несумненна, шмат і ўсе яны больш значныя. Вось шэраг вядомых гістарычных прозвішчаў: Мсціслаўскія, Слуцкія (Алелькавічы), Заслаўскія, Чартарыйскія, Бельскія, Сангушкі, Трубяцкія, Бурэмскія, Кобрынскія, Пінскія, Курцэвічы. Прычым толькі радаводы князёў Друцкіх і Лукомльскіх магчыма прасачыць з XII стагоддзя. Буйніцкія, Адынцевічы з'яўляюцца ў гістарычных крыніцах праз дзвесці гадоў. На беларускіх землях, у адрозненне ад рускіх, у драматычным XIII стагоддзі Рурыкавічы адышлі нават не на другі, а на трэці план. Вядучую ролю перанялі Гедымінавічы і мясцовыя князі з Чорнай Русі, Нальшанаў, Літвы, напрыклад, Гальшанскія і Гедройцы. 3 іх асяроддзя выйшаў Міндоўг, вялікі князь Віцень.

Цяжка акрэсліць «нацыянальнае паходжанне» гэтых князёў, бо няма дакладных звестак, якія імёны мелі нашыя продкі да хрысціянізацыі. Па сённяшні дзень вядуцца спрэчкі пра этнічную прыналежнасць, мову і культуру плямёнаў літвы і яцвягаў, што жылі на заходніх тэрыторыях Беларусі. Выдатнае даследаванне Міколы Ермаловіча «Па слядах старажытнага міфа» (Мн., 1989), якое развейвае вымысел пра заваёву беларускіх зямель літоўскімі кунігасамі, акрэслівае сталае месца жыхарства гістарычнай літвы, можна мовіць, цэнтральным рэгіёнам Беларусі - ад Заслаўя на захад. Два стагоддзі крывічскай каланізацыі памянёных зямель прынеслі сюды моцную полацкую кампаненту, але ж не магла яна прымусіць да «новай» мовы насельніцтва вялізных абшараў Гродзеншчыны, Беласточчыны, Віленшчыны.

Аднак далучыць гэтыя землі да свайго гаспадарства полацкім князям не ўдалося. Заняпад Полацка, татарская і крыжацкія пагрозы вымушалі полацкае баярства, веча шукаць паратунку. Найлепшым выйсцем сталася далучэнне да ўзмацнелага суседа - Наваградка, які быў галоўным асяродкам Русі Літоўскай. Мара Рагвалода і Усяслава-Чарадзея аб моцнай незалежнай дзяржаве здзейснілася, але здзейсніла не іншае беларускае княства.



Пазасланяныя крыжам

Духоўнае жыццё нашых продкаў з IX ці XI стагоддзяў уявіць непараўнальна цяжэй, чым тагачасныя падзеі. Пры ўсім недахопе звестак пра змяшэнне і сувязі плямёнаў, з якіх стварыўся беларускі народ, пра адміністрацыйнае дзяленне старажытнай Беларусі, знешнія і ўнутраныя войны, што яна вяла, пра рамёствы, адносіны князёў з дружынай і з гараджанамі, будаўніцтва гарадоў, гандлёвыя шляхі, грашовую сістэму і да таго падобнае - усё ж магчыма скласці калі і не зусім выразны, дык дастаткова зразумелы малюнак мінулага жыцця. Пра духоўны ж бок быцця нашых прашчураў, пра іх светаўспрыманне і светапогляды мы ведаем мала, так што ўзнавіць гэта ўдаецца вельмі прыблізна. Наогул сістэма мыслення нашых продкаў застаецца для нас за сям'ю пячаткамі не столькі ў сілу недахопу звестак, колькі ў сілу гістарычнай немагчымасці прасякнуцца той далёкай ад нас сістэмай каштоўнасцей, зажыць тым зламаным, знікшым адчуваннем свету і быцця ў ім.

Для далёкага нашага продка маланка дакладна азначала, што злуецца Пярун; набрынялі коцікі на вярбе - багіня вясны і ўрадлівасці ўзялася за справу; чалавек згубіўся ў лесе - лесавік яго заблытаў і т. п. Наогул, чаго ні краналіся позірк, пачуццё, думка, усё нейкім чынам тлумачылася, сімвалы мелі рэальны змест. Камяні пад сахой пасеяў чорт, У хаце гаспадарыць дамавік, зоркі азначалі душы людскія. Вакол чалавека дзейнічалі сілы, з якімі можна было жыць у згодзе, але якіх належала слухаць, дзеля іх дабрыні трымацца мноства табу, абавязкова выконваць абрадавыя дзеянні каб вартая згода з надворкавым светам не разбуралася.

Тут размова пойдзе аб светаўспрыманні дахрысціянскіх часоў, так званага язычніцтва на беларускіх землях. Язычніцкія ўяўленні нашага рэгіёна некаторымі частковасцямі адрозніваліся ад агульнаславянскіх. Язычніцтва ўсходніх славян адлюстроўвала тое агульнае, што было ўласціва ўсім плямёнам, якія пэўны час складалі Кіеўскую Русь, - палянам, крывічам, славенам, палачанам, драўлянам, дрыгавічам, радзімічам, вяцічам, севяранам, дулебам і г. д. Але адначасна ва ўсходнеславянскім язычніцтве адбіліся і замацаваліся адрозненні племянных поглядаў. Шматлікія этнічныя кантакты, якія мелі названыя плямёны, міжвольна прыводзілі і да непадабенства ў шанаванні багоў, у абраднасці, у белай і чорнай магіі. Таму магчыма казаць асобна пра язычніцтва на беларускіх землях, язычніцтва старажытных беларусаў.

3 усталяваннем хрысціянства разумовы, духоўны, рэлігійны стан грамадства спазнаў істотныя змены. Іх цяжка лічыць карэннымі, кардынальнымі, але гістарычнай вехай у развіцці нашай культуры яны ўсё ж сталі. Хрысціянства і язычніцтва былі вельмі непрыязныя адзін аднаму, як наогул варожыя рэлігійныя сістэмы, калі адны багі і міфы павінны саступіць месца другім. Нешта пры гэтым грамадства набывае, нейкія каштоўнасці страчвае.

У адрозненне ад Рымскай імперыі, дзе хрысціянства разгортвалася і перамагала знутры, на старажытную Русь яно прыйшло ў гатовым выглядзе, з адшліфаванымі за дзевяць стагоддзяў формуламі, са Старым і Новым запаветам, з літаратурай айцоў царквы, культамі Хрыста, Маці Боскай, святых, нарэшце, з чужой мовай. 3 чужой, хоць і не ў той меры, як была чужая, напрыклад, лацінская мова каталіцкай царквы чэхам ці палякам, аднак і не блізкай, бо стараславянская мова праваслаўнай царквы, якую неслі на Русь першыя місіянеры, для народа ўжо была забытая. Пры ўсёй складанасці станаўлення ранняга хрысціянства ў Рымскай імперыі яно тым не менш развівалася ў напрамку ад народа да вярхоў, эліты, урада; у славянскім грамадстве хрысціянская вера ўкаранялася зверху - ад эліты да народа. I гэтая супрацьлегласць рэлігійных спадзяванняў аказалася істотнай.

Хрысціянства Усходняй Рымскай імперыі (таксама і Заходняй) да свайго зацвярджэння ў ролі дзяржаўнай рэлігіі доўга змагалася з язычніцтвам, перамагло яго і замацавала сваю нялёгкую перамогу сярод іншага і тым, што занесла ўсіх язычніцкіх багоў у чартоўскія спісы. Язычніцкае для хрысціянства было сінонімам варварскага, неадукаванага, любага д'яблам. 3 гэтай прычыны, як толькі князь Уладзімір прыняў ад Візантыі «грэчаскую веру», неадкладна праваслаўныя місіянеры, звязаныя з вайсковымі атрадамі, пачалі крыжовы наступ на язычніцтва ўсіх зямель Кіеўскай Русі. Услед Кіеву гвалтам хрысцілі жыхарства двух другіх важных цэнтраў - Полацка і Ноўгарада. А праз нейкі тэрмін - зусім немалы - «вера грэчаская» стала «верай рускай». Але што значыць - стала? Не сама ж па сабе, не чараўніцтвам, не цудам, а пры дапамозе перніка і бізуна. Такая ломка свядомасці, якая патрабуе адмовы ад вераванняў бацькоў і дзядоў, гэта значыць ад іх духоўных скарбаў, і не простай адмовы, а зруйнавання іх, вынішчэння, сама адбывацца не можа. Замена ранейшых міфаў новымі суправаджалася знішчэннем носьбітаў старых ведаў і традыцый, забойствам абаронцаў дзедаўскіх вераванняў, гатовых адстойваць свае перакананні зброяй. Гэтае варварства набыло форму дзяржаўнай палітыкі, стала адной з паліцэйскіх функцый вялікакняжацкай улады. Забаранялася старая і ўводзілася новая абраднасць; падлягалі забыццю імёны старых багоў; месцы язычніцкіх маленняў разбураліся і г. д. I гэта рабілася не аднойчы, а на працягу стагоддзяў. Так доўга - бо хутка «апрацаваць» людскія мазгі не было сродкаў. Але ўсё ж пакрысе апрацавалі.

Тут і крыецца галоўная прычына таго, чаму беларускае язычніцтва цяжка паддаецца реканструкцыі, а язычніцкія ўяўленні рускіх, украінцаў, палякаў, чэхаў захаваліся яшчэ горш.

На той час, калі з'явіўся навуковы інтарэс да пантэона язычніцкіх багоў, з іх ранейшага мноства больш менш захаваўся ў народнай памяці бадай што толькі Пярун. Імёны і прызначэнне іншых былі амаль забытыя, і галоўнымі крыніцамі ведаў пра іх сталі летапісныя паведамленні, абрадавая паэзія, казкі і асобныя легенды. Найбольш поўна язычніцкія паданні, абраднасць, прымхі захаваліся ў тым асяроддзі і ў той сферы, кантраляваць якую хрысціянству было цяжка: гэта сялянская сям'я і лад сялянскага жыцця. Сялянства як самая аддаленая ад цэркваў, засяроджаная на гаспадарчых работах частка жыхарства шмат чаго зберагло з язычніцкага светапогляду.

I ў язычніцтве і ў хрысціянстве светам кіруе найвышэйшая сіла, яна знаходзіцца недзе на небе. Апроч яе існуе мноства сіл меншага рангу, якія ведаюць агнём, маланкай, дажджом, ураджаем і г. д.

У абедзвюх рэлігіях ёсць духі дабра і зла. Акрамя рэальнага свету існуе яшчэ незямны, дзе жывуць душы. Сілы дабра і зла можна схіліць да сябе просьбай, малітвай, заклінаннем, асабліва ж праз ахвяры, запрашэнне на трапезу. Лічылася, што і ў язычніцтве і ў хрысціянстве бажаство памірае і адраджаецца.

Так наканаваў лёс, каб прыняцце хрысціянства ў 988 годзе здзейсніў князь, які крыху раней уславіў сябе спробай адрадзіць моц язычніцтва, зрабіць яго дзяржаўнай рэлігіяй, іерархічна паправіць, паставіўшы вярхоўным богам Пяруна. Князем гэтым быў Уладзімір Святаславіч, названы царквой у наступных пакаленнях Святым. У 981 ці 983 годзе па яго загаду недалёка ад княжага палаца ў Кіеве ўзнеслі на капішчы язычніцкіх багоў. Лаўрэнцьеўскі летапіс пералхчвае іх у наступным парадку: Пярун, Хорс, Дажбог, Стрыбог, Сымаргл, Мокаш. У Гусцінаўскім летапісе спіс старадаўніх ідалаў шырэйшы, да названых прылічваюцца яшчэ Лада, Купала, Каляда, Пераплут.

Даследаванне другіх дакументаў старажытнасці, розных павучанняў царквы супраць язычніцкіх перажыткаў, вераванняў І абрадаў дазволіла выявіць і іншыя бажаствы.

У цэлым язычніцкая сістэма багоў выглядае так. Найвышэйшыя: Дзіў, Род, Сварог, Стрыбог, Святавіт. Гэты шэраг імёнаў азначае развіццё вобраза Бога ад агульнага ўсім індаеўрапейскім народам вытоку да розніцы славянскіх племянных ўяўленняў пра яго. Далей ідуць народжаныя старэйшым бажаством: Дажбог, Каляда, Ярыла, Сура, Велес - гэта ўсё Сонца пад рознымі назвамі; Пярун - бог грому і маланкі; Купала - бог дастатку і ўраджаю; Вярба - багіня вясны, абуджэння прыроды; Тур - бажаство дзікіх звяроў (па назве самага дужага з іх); Лада - багіня кахання; Цёця (у беларусаў) - багіня асенняга ўраджаю; Парадзіха - жаночы пачатак жыцця; Жыжаль - бог агню; Пераплут - бог весялосці; магчыма, што існаваў бог вайны і магіі зброі Кава (адсюль - каваць, каваль). Яшчэ адным богам вайны, богам бязлітаснага знішчэння ворагаў, мог быць Кара (адсюль - карнікі). У глыбокай старажытнасці існавалі атрады найбольш лютых ваяроў, якія называліся «кара». Сваім татэмам яны лічылі ваўка.

Бліжэй да рэальнага жыцця чалавека дзейнічалі яшчэ духі дабра і зла: Жыцень - жытны дух; Аўсень - дух авечак (лічаць, што так называлі і каляднага казла), а таксама дамавікі, лесавікі, вадзянікі, русалкі, ваўкалакі і іншыя істоты, пра якія будзе прыгадана ніжэй. Далей ішлі бажаствы смерці і замагільнага існавання: Баба-Яга - багіня смерці; Зніч - у беларусаў бог пахавальнага агню; Велямос (Велес) - магчыма, выконваў функцыю бога замагільнага свету. Верагодна, што замагільнае бажаство звалася раней Пекла; слова потым набыло шматзначнасць, і трактоўка пекла як месца для грэшнікаў - відавочнае хрысціянскае тлумачэнне язычніцкай асновы. Душы ўяўляліся маленькімі копіямі людзей і называліся дзядамі ці людкамі.

Галоўным бажаством усходніх славян пад час хрышчэння лічыўся Пярун. Па беларускіх уяўленнях ён выглядаў сівавалосым волатам, які трымае ў адной руцэ лук (вясёлку), у другой - стрэлы (маланкі). Пярун пануе над зямлёй, тут усё падпарадкавана яго неабмежаванай сіле; той, каго ён пазначае для пакарання, не можа схавацца ад Пяруна, забівае ж ён імгненна і страшна. Ды і як было не баяцца той магутнасці, якая расколвала неба, раздзірала яго плоць вогненным разрывам, грукат разбурэння разносіўся над зямлёй на дзесяткі вёрст. Пяруна страшыліся і стараліся яго ўлагодзіць, зберагчыся ад ягонай смяротнай кары. Для гэтага выпрацаваўся спецыяльны сімвал - грамавы знак - круг з абазначэннем шасці радыусаў. У беларускіх вёсках яго ставілі на дзвярных шалёўках для захавання хаты ад удару маланкі. Пяруну прыносіліся крывавыя ахвяры. Ахвярнай жывёлай лічыўся бык, які сімвалізаваў жыццёвую магутнасць.

У аснове такіх адносін да бугая ляжала халдзейскае паданне аб стварэнні свету з крыві гэтай жывёлы.

Кроў датычнага нябесных багоў быка мела, паводле старажытных вераванняў, ачышчальную сілу, ёю абмываліся. У Рыме існаваў абрад, які называўся таўраболіі - крывавая баня, калі чалавек станавіўся пад памост, на якім адбывалася пагібель быка, і акрапляўся з галавы да ног ахвярнай крывёй. Менавіта на тым месцы была пабудавана пазней Ватыканская базіліка.

Валодаючы забойнымі стрэламі, Пярун ваяваў з іншымі багамі; у прыватнасці, згодна з беларускім павер'ем, ён імкнуўся знішчыць Жыжаля - падземнага бога агню, што высушвае зямлю, падпальвае лясы і балоты. Пярун быў страшным богам і меў вялікую ўладу. Але час яго дзеяння вызначаўся мяжой - з першых да апошніх навальніц (з мая да сярэдзіны жніўня), а потым ён засынаў да наступнай вясны. Пярун меў сваё свята, якое адзначалася 20 ліпеня. (Пазней на язычніцкае свята хрысціянства наклала сваё - Іллі прарока, на якога і перайшлі многія рысы язычніцкага папярэдніка.) Звяртанне да Пяруна было абумоўлена тым, што пад канец ліпеня пачыналася жніво - патрабаваліся пагодлівыя дні, залевы ж нішчылі ўраджай, і сялянам хацелася ўлагодзіць валадара, каб не насылаў непагадзь. Адсюль узнікла і адпаведная абраднасць з ахвяраваннем.

Пярун - не хлебны бог; хлеб, статак - не яго клопат, Гэта грозны, караючы бог агню і мяча. На язычніцкім Алімпе, які стварыў князь Уладзімір, Пярун, безумоўна, вяршэнстваваў, бо адзіны быў упрыгожаны золатам і срэбрам (срэбраная галава, залатыя вусы). Уладзімір вылучыў яго як княжацкага бога - заступніка дружыны, ваенных поспехаў. Раней Пяруна галоўным бажаством не лічылі, яму нават не ставілі ідалаў. Культ Пяруна - справа князя Уладзіміра і яго дзядзькі Дабрыні, які прывёў да пакланення Пяруну гарады Ноўгарад і Уладзімір. Прывёў, зразумела, сілай. Усе вядомыя ідалы, у тым ліку і знакаміты Збручскі,- прысвечаны богу Роду.

Вылучэнне Пяруна на вяршыню Алімпа тлумачыцца тагачаснай палітыкай Кіева, накіраванай на пашырэнне кіеўскіх зямель, на тэрытарыяльныя прырашчэнні, на падначаленне суседніх плямёнаў. У выніку крывавых войнаў былі далучаны, на нядоўгі, праўда, час, дрыгавічы і палачане; здзейснены паходы на вяцічаў, наўгародцаў, літву і яцвягаў. Уладзімір стварыў імперыю, але, паводле слоў К. Маркса, для імперыі Рурыкавічаў былі характэрнымі васальная залежнасць без ленаў і лены, якія складаліся выключна з даніны», «прымітыўная арганізацыя заваёў», «хуткі працэс росту ва ўсіх напрамках, уласцівы і іншым варварскім (гатычным) народам Еўропы». Такой ваяўнічасці Пярун адпавядаў, але ён і другія «ідалы акаянныя», як потым ганьбілі іх хрысціянскія пісьменнікі, мала пакрасаваліся на галоўным кіеўскім капішчы. Паміж рэформай язычніцтва і хрышчэннем прайшло не болей чым пяць-сем гадоў.

Прыняўшы хрышчэнне, Уладзімір пачаў хрысціць кіеўскі народ. I першым крокам знішчыў ідалаў. Дажбога, Стрыбога, Сымаргла, Мокаша выкінулі з капішча, пасеклі сякерамі і спалілі, а Пяруна прывязалі да каня і пацягнулі поцягам да Дняпра. Для большай знявагі побач ішлі дванаццаць чалавек (па ліку апосталаў) і білі зрынутага бога дубінамі. I нічога не здарылася. Гром не грымнуў, маланка не бліснула, Уладзімір насуперак чаканню вешчуноў застаўся жывы і жыў яшчэ амаль тры дзесяткі гадоў. Аднак каб народ памоўчваў, князь перад хрышчэннем Кіева абвясціў: хто не прыйдзе да Дняпра, той вораг яму, Уладзіміру. Варагаваць з князем асмелілася няшмат, а астатнія прыйшлі раніцай на бераг ракі (Дняпра ці Пачайны) і па знаку мітрапаліта Міхаіла, што прыбыў з Уладзімірам, пад пагрозай бізуноў увайшлі ў ваду па шыю.

У Кіеве хрысціць народ было не вельмі цяжка. Горад здаўна знаходзіўся ў цесных сувязях з Канстанцінопалем і ўжо меў вопыт хрысціянства. Затое вялася барацьба з язычніцтвам у другіх гарадах і землях. Яна расцягнулася на стагоддзі. Ваенная перамога хрысціянства стварыла прэцэдэнт фізічнага знішчэння прадстаўнікоў папярэдняй, нежаданай ужо культуры, паўтарэнне якога стала паступова ўспрыймацца як адзіна надзейны сродак для духоўных перамен, як справа неабходная, мудрая і лепшая па выніках. На жаль, страта Полацкага і другіх беларускіх летапісаў пазбавілі нас звестак аб канкрэтных праявах язычніцкага адпору хрысціянству, але ёсць шматлікія ўскосныя сведчанні, аналогіі з падзеямі на суседніх землях. Растоўскія біскупы Фёдар і Іларыён пад пагрозамі язычнікаў мусілі ўцякаць, біскуп Ляонцій быў забіты. Вешчуны хадзілі смела, як у даўнія часы, і заклікалі народ да супраціўлення. Метады змагання хрысціянства з язычніцтвам наглядна паўстаюць у сутыкненні наўгародскага князя Глеба Святаславіча з прадказальнікам, які прыйшоў у горад і пачаў лаяць новую веру. Народ, ахвотна слухаючы вешчуна, наважыўся забіць біскупа і папоў. Глеб і яго дружына сталі на абарону святароў, наўгародцы далучыліся да прадракальніка - выспявала бітва. Тады Глеб схаваў пад феразь сякеру, падышоў да вешчуна і спытаў: «Ці ведаеш, што будзе заўтра ранкам ці ўвечары?» - «Ведаю ўсё»,- быў горды адказ. «А ці ведаеш,- спытаў князь, што будзе зараз?» - <3араз,- прастадушна адказаў прарок,- я зраблю цуд». Аднак ён памыліўся, бо князь Глеб дастаў сякеру і забіў яго.

Вешчуноў не толькі секлі, іх кідалі мядзведзям, палілі на вогнішчах. Так, У Ноўгарадзе, у 1227 годзе, гэта значыць амаль праз дзвесце пяцьдзесят гадоў пасля хрышчэння Русі, спалілі чатырох прадказальнікаў разам. Не лепшымі былі справы на Беларусі. Першае біскупства - Полацкае - з'явілася ў 1105 годзе, Тураўскае заснавана ў 1114-ым. Усяслаў-Чарадзей, хоць і пабудаваў Сафію, сам быў язычнікам. На землях усёй Русі да сярэдзіны XI стагоддзя налічвалася толькі дваццаць цэркваў. На Беларусі хрысціянізацыя крыху прасунулася наперад у XII стагоддзі, але цэрквы будаваліся толькі ў гарадах, ды і не ва ўсіх. Сельская мясцовасць царкоўнага будаўніцтва наогул не ведала. Адзінае выключэнне - вёска Купяцічы пад Пінскам. Шырокая хрысціянізацыя па сутнасці пачалася пад канец XIII стагоддзя, калі на землях Беларусі шукалі прытулак пасля Батыева нашэсця ўцекачы з рускіх і ўкраінскіх гарадоў. Ратавалася, зразумела, і духавенства. Але моцная праваслаўная традыцыя была створана толькі ў некаторых асяродках. Па-за іх межамі ўсё заставалася па-ранейшаму. Гвалт не дапамагаў. Пра насілле, якое спадарожнічала хрысціянізацыі, добра сведчыць народная прыкмета, што сустрэча з папом, манахам пагражае бядой. Поп, чарнарызец успрыймаліся не проста як рэлігійныя чужынцы, але як ворагі, з'яўленне якіх прыводзіць да бедстваў і з якімі, каб пазбегнуць няшчасця (бізуна, штрафу, рабунку), лепш не звязвацца. Выпрацавалася раздвоенасць паводзін: хрысціліся, хадзілі ў царкву, але больш верылі сваім родным старым багам. Паказальна, што памяць пра Пяруна, яго імя, боязь перад ім захоўваліся да нядаўняга часу. Іншым бажаствам пашчасціла менш, бо яны ўвасаблялі сілы не з такімі яркімі і грознымі праявамі, як гром і маланка.

Вярхоўным бажаством славян быў Род (а яшчэ раней - Дый, Дзіў) - бог неба, прабацька ўсяго - і свету, і багоў, і людзей. Пануючая яго роля праглядваецца і ў славянскай лексіцы: прырода, радзіць, ураджай, парода, радзіма, родны, ражданіца (лёс).

Тымі ж якасцямі, што і Род, надзяляўся Сварог. Яго вытворнымі (дзяцьмі - Сварожычамі) былі сонца і агонь. Бог сонца - Дажбог - выступаў і пад іншымі назвамі, у якіх адчуваліся ці яго тэрытарыяльнае, племянное паходжанне (напрыклад, стэпавае - конны бог Хорс) ці асаблівасці культавага разумення: Ярыла - бог урадлівасці. На Ярыліну ноч прыходзіліся оргіястычныя рытуалы (як высмейвалі рускія хрысціянскія аўтары: «отрокам оскверненне, девам растленне»). Пра салярны сэнс Ярылы гаворыць тое, што выведзена гэтае імя са старажытнага абазначэння года - рок - поўнага абароту сонца. Гэты бог уяўляўся малайцом у белай вопратцы на белым кані; у адной ягонай руцэ чалавечы чэрап, у другой - пук каласоў. Ярыла на сваім кані ездзіць па нівах, глядзіць жыты; ён бог урадлівасці, апладняе зямлю, ад яго ярыцца зямля, ён дае жыццё хлебу, ураджаю. Яшчэ адзін з яго клопатаў - прыносіць дзяцей. Але Ярыла - і бог пажадлівасці, ён распаляе юр, цялесны запал. "У беларусаў на гэтае свята самую прыгожую дзяўчыну апраналі Ярылай, садзілі на каня, вадзілі па вёсцы, вакол яе гулялі і пелі.

Бажаством сонца ў славян, у прыватнасці ў беларусаў, выступала таксама Каляда. Свята гэтае (звалася яшчэ Божык, Божыч) прыходзілася на зімні сонцаварот. Святкуюць яго і сёння. Старыя калядныя песні данеслі да нас мелодыі тысячагадовай даўнасці. Цяжка сказаць, якая назва больш позная - Каляда ці Божыч. Першым славянскім словам, якое абазначала бога, было Дыў; яно брала пачатак ў індаеўрапейскай моўнай агульнасці. Каля тысячагоддзя да новай эры ўвайшло ў славянскія мовы з іранскай - бог. Слова гасподзь было запазычана ў готаў ужо ў новую эру - у III - IV стагоддзях. Беларуская калядная абраднасць захавалася амаль што без змен. Да месца сказаць, зімнія святы адражэння сонца адзначалі ўсе еўрапейскія народы. Наогул салярныя святкаванні аднолькавыя і па часе і па сутнасці абрадаў па ўсёй Еўропе.

На Беларусі яшчэ ў мінулым стагоддзі захоўваліся магічныя абрады, прызначаныя забяспечыць ураджай наступнага года, менавіта ў калядны час. На каляды па дварах хадзілі калядоўнікі, вадзілі з сабой «казла» ці «казу», «бусла», «мядзведзя». Апраналіся калядоўнікі і ў воўчыя скуры, што абазначала ваўкалакаў - пярэваратняў. Вобраз гэты вельмі старажытны, ён узнік, пэўна, яшчэ ў палеаліт - 30-35 тысяч гадоў назад. Ваўкалак прысутнічае ў беларускіх вераваннях і казках. Стаць ім няцяжка: варта ўваткнуць у пень лязам дагары нож і перакуліцца над ім.

Калядаванне мела распрацаваную абраднасць, і не дарэмна, відаць, сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, што раней яно лічылася формай чарадзейства. Калядоўнікамі ў старажытнасці былі вяшчуны; гэтым тлумачыцца і прысутнасць у абрадзе «казла». Згодна з вераваннямі і абрадамі, «казёл», «каза» паміралі і адраджаліся, што ў язычніцкім разуменні адпавядала смерці бажаства сонца і яго аднаўленню, наогул аднаўленню жывародзячай сілы. Казёл, каза ў гэтым рытуале выступалі духам ураджаю, жыта, уваскрэсенне яго абяцала ўраджай у новым сонечным годзе. У беларускіх калядках так і пяецца:

Дзе казёл ходзіць, Там жыта родзіць. Дзе казёл хвастом, Там жыта кустом. Дзе казёл нагою, Там жыта капою. Дзе казёл рагамі, Там жыта стагамі.

Ці:

Дзе каза рогам, Там жыта стогам. Дзе каза не ходзіць, Там жыта не родзіць.

Казёл прысутнічае і ў абраднасці дажынак, калі з апошняга пука каласоў «завівалі бараду» духу жыта Жыценю - казлападобнай істоце: некалькі каласоў перавязвалі чырвонай стужкай, побач клалі хлеб-соль, пелі жніўныя песні. Гуканне добрых духаў складала сутнасць большасці язычніцкіх святкаванняў; асаблівае месца сярод іх займаў вялікдзень - вясенняе свята, прысвечанае сонцу, ажыванню прыроды пасля смерці - зімовага сну. Хрысціянства перакрыла яго пасхай, але на Беларусі ў адрозненне ад іншых славянскіх народаў захаваліся старажытныя абрады, што называюцца валачобнымі. Валачобнікі апраналіся пад «багоў», хадзілі па дварах, пяючы святочныя, рытуальныя песні. Дарункі, якімі гаспадары адплочвалі іх дружыне, у старажытнасці лічыліся, мусіць, ахвяраю, якую ўручалі валачобнікам - вешчунам, што здзяйснялі сувязь з багамі. Якому бажаству пакланяліся на вялікдзень - невядома. Хоць гэта і было свята сонца, але вялікае свяціла з'яўлялася пад рознымі імёнамі, якія адлюстроўвалі яго разнастайныя функцыі ці магчымасці ў розную пару года: узімку - Каляда, на пачатку лета - Ярыла, на летні сонцаварот - Купала. Культ сонца - самы старажытны, ён - прыналежнасць усіх рэлігій, нават самых прымітыўных. Сімвалічным відарысам сонца былі круг, крыж, круг з кропкай, круг з крыжам, круг с шасцю спіцамі (так званае «кола Юпіцера»-), кола. Невыпадкова ў беларускіх вёсках, запрашаючы на жыхарства каля хаты бусла - святую птушку, на дрэва, вызначанае пад гняздо, устанаўлівалі кола. Яно, як і грамавы знак, абяцала сядзібе ўдачу і ахову ад Пяруна.

Шмат чаго згубілася пад хрысціянскімі напластаваннямі, імёны Сварога і Дажбога выветрыліся з народнай памяці, а Каляда, Купала і некаторыя іншыя засталіся. Гэта тлумачыцца тым, што засталіся ў памяці, у паданні, у спрошчаным абрадзе тыя багі і духі, якія былі мацней звязаны з практычнымі клопатамі насельніцтва, што жыло ад зямлі. Багі ж вышэйшай ступені, неабходныя раней для тлумачэння светабудовы, адышлі пад націскам ваяўнічага хрысціянства і забыліся.

Для захавання і шырокага ўжытку імёнаў вышэйшых багоў патрабавалася спецыяльнае саслоўе, рэлігійная эліта, прызначаная працягваць культурную традыцыю. Са знішчэннем гэтага саслоўя зніклі і набытыя ім веды, створаная карціна свету, яго генезісу. Засталося толькі тое, што было набыткам кожнага і датычылася непасрэднага боку жыцця. У беларусаў, як і ў іншых усходнеславянскіх народаў, за выкананнем большасці абрадаў сачыў старэйшы ў сям'і, ён з'яўляўся, калі можна так выказацца, вешчуном, і спецыяльны храм ці капішча не патрабаваліся. Такім храмам станавіўся свой дом, сваё поле, крыніца, якая паіла сям'ю, бліжэйшы лес, рака. Сумесь язычніцкай даўніны і хрысціянскіх новаўводзін цалкам задавольвала сціплыя сакральныя патрэбы вясковага жыхара.

Хрысціянства давала скразную і ясную карціну стварэння свету, якую няцяжка было зразумець і прыняць сярэдняму, непатрабавальнаму, прастадушнаму язычніку. Але сёе-тое, што супярэчыла яго здароваму сэнсу, вопыту адносін у грамадстве, народ у большасці сваёй не прыняў. Так, не ўсталявалася ў народнай свядомасці ідэя аб тым, што жыццё кожнага асобнага чалавека даруецца богам, што бог сочыць за кожным сваім стварэннем, а дараванне жыцця, быцця на гэтым свеце патрабуе шчырай падзякі. Жыццё чалавека разумелася як самастойнае і аддзеленае ад задумы бажаства. Багоў трэба было задобрываць, каб не рабілі шкоды, і аддзячваць, калі не нашкодзілі ці дапамаглі, але ў дакладна акрэсленыя дні. У іншы ж час гэтыя багі быццам не існавалі, ранішнія і вячэрнія малітвы для іх проста не мелі сэнсу. Адносіны да жыцця Як будзе - так будзе!» з народнага характару не вытравіліся. Аднак новая карціна светастварэння перамагла неабходнасць у язычніцкіх багах-прабацьках.

Невядомая язычніцтву ідэя замагільнай аддзякі, будучага ўваскрэсення засланіла язычніцкіх багоў замагільнага свету і смерці. Язычніцкі вобраз трызны, памінак захаваўся, але «выканаўцы»смерці, пераемнікі душ, гаспадары замагільнага свету былі выкінуты з падання ці змяніліся ў сімволіцы. Немалую ролю тут адыграў хрысціянскі абрад пахавання - у дамавіне, у зямлю. Да хрышчэння ў нашых продкаў практыкавалася галоўным чынам крэмацыя; пахаванне мёртвых у зямлю - скіфскага паходжання, і чым далей на Поўнач, тым сустракалася радзей. Новы абрад вымушана захаваў з ранейшага галашэнні і памінкі, гэта значыць тое, ад чаго адмовіцца народ не мог. Але язычніцкія багі адышлі ў мінулае. Так, той групай жыхарства Беларусі. што паліла нябожчыкаў, забыўся Зніч - бог пахавальнага агню. Некаорыя даследчыкі выказвалі думку, быццам бога з імем Зніч не было, што гэта паэтычная выдумка. Існаванне ж яго пацвярджаецца лексічна: у беларускай мове ёсць дзеяслоў - знікаць; знічамі называюцпа памінальныя свечкі на магілах, гэта значыць, магільны агеньчык; зорка, якая падае, мае найменне знічка. У нашага народа зберагаецца вераванне, што зоркі на небе - знакі жывых душ: дзіця нараджаецца, і бог (Род? Сварог?) запальвае зорку; чалавек памірае, і бог яго зорку гасіць, яна згарае; знічка нясецца па небе ў адвечны змрок - чыясьці душа адышла. Зніч загасіў агонь жыцця.

Старадаўні звычай запальваць на могілках агні не пакідае места сумнівам у існаванні язычніцкага бажаства, якое вяршэнствавала канкрэтна над пахавальным агнём. Магчыма, ён аддзяліўся ад галоўнага бога агню, якому раней ахвяравалі. Прынясенне ахвяры праз вогнішча, спаленне, мела старадаўнія карані і ўмацавалася ў сістэме мыслення. Сувязь агню і ахвяры з небам, станоўчыя адносіны нябёсаў, вышэйшых багоў да ахвярнага вогнішча прысутнічалі ў свядомасці чалавека нават у XVIII стагоддзі. Напрыклад, спаленне вядзьмарак у сярэднявечча знаходзілася ў яўнай сувязі са старажытнымі поглядамі на богаўгоднасць такой ахвяры, калі дзеля ласкі божай аддаецца агню вораг. Гэта было не проста пакаранне смерцю, тут прысутнічаў рэлігійны момант: чалавечай ахвярай імкнуліся схіліць да сябе вярхоўнае бажаство, давесці яму сваю стараннасць, заручыцца міласцю і заступніцтвам. Ахвяра праз агонь практыкавалася па ўсёй Еўропе. Разбойнікам адсякалі галовы, іх тапілі, вешалі, клалі на кола; да спалення асуджалі толькі ератыкоў, іншаверцаў, богаадступнікаў. У агні загінуў пратапоп Авакум. Такую ж кару прызначыў сейм Рэчы Паспалітай мысліцелю і атэісту Казіміру Лышчынскаму ў 1689 годзе. У Пецярбургу адно з апошніх афіцыйных спаленняў адбылося ў 1714 годзе. Пахавальны агонь, зразумела, меў іншы характар, чым ахвярны, і тут выконваў сваю справу бог «спецыялізаваны» - у нашым рэгіёне ім быў Зніч.

Пахаванне ў беларусаў называлася хаўтуры і мела складаную абраднасць, якая адлюстроўвала позіркі на жыццё душы. Нашыя продкі былі ўпэўнены, што пасля смерці цела душа застаецца жыць, адлятае ў вырай, у «трыдзевятае царства», у рай. Але спачатку яна пільна назірае, як з ёй развітваюцца - ці сумуюць; адсюль пайшлі рытуальныя галашэнні, якія не столькі выказвалі шчырасць пачуццяў, колькі запэўнівалі, што гора не мае мяжы, каб душа набыла правы з'явіцца перад багамі ў арэоле дабрадзейнасці. У выпадку абыякавых, ціхіх праводзін душа раззлуецца і будзе помсціць. Абавязковымі для пахавальнага абраду лічыліся памінкі, на якіх душа таксама прысутнічала і сачыла, што і як пра яе гавораць.

Наогул да культу продкаў беларусы ставіліся ўважліва, святкаванні ў іхні гонар адбываліся некалькі разоў на год. Найбольш значнымі з іх былі восеньскія дзяды. Гэта дні, калі выконваліся абрады; але так называліся і душы продкаў, незалежна ад узросту, у якім чалавек пакідаў гэты свет; і стогадовы стары і немаўлятка станавіліся для жывых дзядамі. Дваццаць шостага кастрычніка дзяды прыходзілі ў хату да сваіх родных, дзе іх ужо чакалі,- дзверы ці вокны былі адчынены, святочны стол прагінаўся ад добрай ежы, на ім стаяла для дзядоў чарка і пачастунак. Пра з'яўленне іх падказвалі розныя прыкметы - уляцела восеньская мушка, пачуўся ў цішыні скрып - значыць, дзяды прыйшлі, чакаюць успамінаў пра сябе, размовы, частавання. Увечары людзі ішлі на могілкі, запальвалі на магілах агні. Дзе знаходзіліся душы ў звычайны час, якому бажаству падначальваліся - застаецца невядомым. Калі Зніч прымаў душы і быў іхнім заступнікам, дык ён як бог пахавальнага агню пасылаў іх на не ба, адкуль паходзіў сам.

Але нітку чалавечага жыцця абрываў не Зніч , гэтым займалася бажаство смерці - Яга, ці ў больш звычнай нам казачнай назве - Баба-Яга. Паказальна, што аднакарэннае слова «ягла» азначае мерцвячыну. Баба Яга выступала ў абліччы агіднай старой, якая носіцца ў драўлянай ступе і памялом замятае сляды. У яе пачварна тырчаць косці, нос - крукам, валасы вісяць патламі; хто яе ўбачыць - знямее, да каго яна дакранецца - памрэ. Поезд чарцей, які возіць Бабу-Ягу над зямлёй,- гэта хутчэй з паэтыкі пазнейшага часу, хоць, паводле старажытных вераванняў, Бабе-Язе падпарадкоўваліся ўсе злыя духі. Казачныя сюжэты, дзе з Бабай Ягой змагаецца волат (прыязджае менавіта ў яе жыллё), падманвае старую, нават карыстаецца яе падтрымкай, выяўляюць спрадвечнае жаданне чалавека пераадолець страх смерці, перамагчы няўмольную знішчальніцу жывога. Ва ўсходніх славян меліся капішчы Ягі; абраднасць, прысвечаная ёй, уключала спаленне чучала смерці, прынясенне ахвяр, каб улашчыць Кашчавую, накарміць яе ахвярным мясам, адаслаць у другую мясцовасць.

Прызначэнне і роля некаторых язычніцкіх багоў шмат у чым застаюцца цьмянымі. Напрыклад, паўтараста гадоў быў загадкай бог, на званы ў Лаўрэнцьеўскім летапісе Сымарглам. У шэрагу павучанняў супраць язычніцтва ягонае імя нават пісалася раздельна: «Сым і Рьгл» ці «Сым і Ерьгл». Багата прыкладвалася намаганняў, каб прасякнуць У таямніцу гэтых, пакрытых змрокам невядомасці імёнаў, шмат прыдумоўвалася вытанчаных гіпотэзаў аб іх прызначэнні. I ўсе - памылковыя. Толькі ў трыццатых гадах нашага стагоддзя з'явілася праца, якая зняла з Сымаргла покрыва тайны. Аказалася, што назва Сымаргл - славянская калька з іранскага Сэнмурв (Сымургл). Уяўляўся гэты бог у выглядзе крылатай сабакі ці барса, а функцыяй сваёй ён меў вартаванне свяшчэннага прадрэва, ад якога пайшлі ўсе расліны, ахову Дабра і Жыцця. Пазней Сымаргл стаў і ахавальнікам скарбаў

Загадкавай здавалася і ўпамянутая ў летапісах услед за Сымарглам багіня Мокаш. Чаму Уладзімір увёў яе ў Пантэон, якія плямёны пакланяліся Мокашы, што яна ўвасабляла - не зусім ясна. На рускай поўначы праглядваецца сувязь Мокашы з прадзеннем, ільнаводствам. Як сведчыць тутэйшае паданне, гэта багіня - невідзімка, голас яе можна пачуць у гудзенні верацяна. Лічыцца, што Мокаш з распаўсюджаннем хрысціянства саступіла сваё месца Параскеве-Пятніцы, якой прысвячалі першы сноп ільну, тканыя ручнікі.

У чэхаў Мокаш лічылася бажаством дажджу, вады, навальніцы. У такім шырокім разуменні яна бліжэй да старажытнага бажаства, якое сімвалізуе пладаносны жаночы пачатак. Цесная сувязь Мокашы з вадой бачная і ў мове па мноству аднакарэнных слоў.

Мізэрнасць звестак аб некаторых бажаствах нашай язычніцкай старажытнасці, пераход іх у паэтычныя вобразы народнай песеннай паэзіі не даюць сур'ёзным даследчыкам падставы гаварыць пра іх «рэальнае^ існаванне з цвёрдай упэўненасцю. Напрыклад, Ладу (вядомую больш па песеннаму прыпеву «Ой, Лада! Ла да!») некаторыя даследчыкі лічылі выдумкай тых, хто бачыў за гэтым імем багіню любові і згоды і дапускаў, што яна нарадзіла боскую пару - Лель і Палель, якая апякуе закаханых. Але ёсць думка, што Лада і Ладо - імёны нябеснай пары - Сонца і Месяца. Раней з Месяцам звязвалася бажаство мужчынскага роду, таму думка пра мужа і жонку небажыхароў зусім праўдападобныя. У беларусаў агульнаславянскаму бажаству Ладзе адпавядаў ці дапаўняў яго з абмежаванай функцыяй перадвясельнага бажка кахання і весялосці Любмел ці Любіч, Любчык.

Такі ж недавер, і больш таго, адмаўленне выклікаў бог Пераплут.

Ен са сваім ва ўсе эпохі «сучасным» імем здаваўся прамой містыфікацыяй: тут калі ласка і «плут» і яшчэ прыстаўка «пера», якая азначае лішак схільнасцей і жаданняў да справы, множнасць гэтых спраў. Аказалася, аднак, што быў такі бог, менавіта Пераплут - бог балявання, п'янай бяседы, гульняў, песняў, штукарства.

У сферу паэтычнай вобразнасці перайшлі не вельмі даўно і так званыя дэманы - антрапаморфныя духі лесу, вады, балота, поля, хаты, хвароб, бедстваў і г. д. У адрозненне ад багоў духі моцна захоўваліся ў вусным (сямейным) паданні. Два пачаткі свету, дуалізм яго, усвядомлены ў парах - Святло і Цемра, Поўдзень і Поўнач, Жыццё і Смерць, Дабро і Зло,- адлюстраваліся і ў размежаванні духаў на добрых і злых, на прыхільных да чалавека і непрыязных да яго.

Добрым духам - русалкам, звязаным са стыхіяй вады і з расліннасцю, прысвячаліся вясёлыя святы, наогул увесь чэрвень праходзіў, можна мовіць, пад іх знакам. Добрымі духамі былі ражаніцы, якія ўвасаблялі жаночы пладаносны пачатак і апякалі роды. Да добрых належаў і Жыцень (інакш - Богач, Спарыш, Рай) - Дух урадлівасці, які адорваў за клопат пра поле. Не злымі ўяўляліся духі дома, лесу, лугоў. Дамавік генетычна паходзіў ад старадаўняга радавога бога Рода, Шчура (Прашчура). Ён бачыўся маленькім дзедам, што ахоўвае хату і маёмасць, сочыць за дабрабытам сям'і, усё пра кожнага ведае. Дамавік - абавязковы ўдзельнік усіх хатніх падзей і святаў, на якія, адпаведна абраду, запрашаўся. Гаспадар лесу - лесавік - уяўляўся істотай вялікага росту і сілы. Буралом у лесе - ягоная праца. Ен - жартаўнік і штукар - пужае людзей рогатам, прымушае блукаць. Лесавіка задобрывалі пачастункамі, якія пакідалі на лясных ростанях.

Злыя духі - нёжыць - мелі сваю іерархію; сярод іх былі стварэнні асаблівай сілы і ўніверсальных здольнасцей да ліха - крывасмокі, што ўвасаблялі самае старажытнае разуменне злога пачатку, чорт, ведзьмы, злыдні. Але існавалі і злыя духі абмежаванага дзеяння: Трасца (Хунда) наводзіла ліхаманку, начніцы даймалі дзяцей хваробамі, Мара дапякала чалавеку страшнымі снамі. Паводле старых вераванняў, разгул ведзьмаў, ваўкалакаў прыпадаў на Купальскую ноч, тады ж аддавалася штукарскаму свайму занятку і ўся нёжыць - вадзянікі, лесавікі, дамавікі, палявікі. У Заходняй Еўропе верылі, што ведзьмы спраўлялі свой шабаш на Вальпургіеву ноч (ноч на 1 мая). Гэты час лічыўся найлепшым для выгнання вядзьмарак і наогул чарадзейных сіл. Другі перыяд вядзьмарскага разгулу прыходзіўся на калядныя тыдні - з 25 снежня па 7 студзеня. Тады ж была і самая зручная пара для гадання пра лёс.

Хрысціянства вырасла на язычніцкіх рэлігіях, увабрала ў сябе распрацаваныя імі ідэі, трасфармавала іхнія абраднасці. Магію, асабліва астралагічны яе раздзел, глыбока засвоілі халдзеі. Назіранні за начным небасхілам, культ свяцілаў, узаемасувязь чалавечых лёсаў і ўчынкаў з сістэмамі зоркавага свету ад халдзеяў перайшлі да сірыйцаў, а потым да грэкаў, рымлян і арабаў і ў спрошчаным выглядзе да славян. Магія спрадвечна падзялялася адпаведна двум пачаткам - светламу і цёмнаму. У старажытнапярсідскім светапоглядзе гэтыя два пачаткі персаніфікаваліся: існавалі дух святла - Армузда і дух цемры - Арымана. Адсюль і пайшлі белая (звернутая да добрых духаў) і чорная (да злых) магіі. Хрысціянства выпрацавала не проста адмоўныя, а варожыя адносіны да чорных магаў, чарнакніжнікаў, і ў выніку - да кніжнікаў. Гэтыя адносіны старанна прывіваліся народу, і калі царкве патрабавалася, яна нацкоўвала натоўп на нежаданых ёй людзей: большай часткай гэта былі вучоныя, інакш кажучы, кніжнікі. У чарнакніжжы, напрыклад, абвінавачваліся Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, заснавальнікі друкарні ў Маскве; друкарню разграміў і спаліў невуцкі натоўп, які разумеў друкаваную кнігу як «сатанінскую» выдумку.

Існавала ва ўсходнеславянскім язычніцтве і містыка лічбаў, праўда, даволі абмежаваная. Сакральнае значэнне мела лічба 4, якая абазначала чатыры бакі свету, яго сэнсавыя амонімныя пары: Усход - Захад, Поўнач - Поўдзень, ці інакш: Узыход - Захад сонца, Царства холаду і смерці - Рай (Вырай). Лічба 4 паказвала і бакі поля, і рухі, неабходныя для яго апрацоўкі: прамы і зваротны рух плугам, папярочныя хады бараной. Лічба 7 акрэслівала чвэрць месяца, а таксама колькасць зорак у самым вялікім сузор'і - Вазку (Вялікай Мядзведзіцы). Сакральны сэнс надаваўся і лічбе 9 - ліку месяцаў жыцця чалавека ў лоне мацеры. Колькасць месяцаў, што жарабя знаходзіцца ў чэраве кабылы, адбілася на шанаванні лічбы 12. Тое адчуванне нашых продкаў назаўсёды замацавалася ў каляндары. Глыбокія распрацоўкі ў матэматычнай містыцы зрабілі піфагарыйцы, але гэта зноў жа эпоха язычніцтва: ад Піфагора да Хрыста пяцьсот гадоў.

Язычніцтва засвоіла слова, стварыла стойкія формулы моўнага рытуалу. Сакральнае выказванне не з'яўлялася ўдзелам выбраных, яно належала народу. Кожны галава сям'і валодаў такімі канонамі; практычна ён быў самастойны ў цырыманіяльным дзеянні і ўносіў асабісты момант у трактоўку рэлігійнага веравання. Інакш кажучы, у нашых продкаў складваліся суб'ектыўныя адносіны з бажаствамі, што надало пэўны містычны змест духоўнаму жыццю і народнаму характару наогул. Духоўнага рацыяналізму нашы продкі не ведалі.

На слове (мове) маецца неабходнасць спыніцца. Слова належала да таго невялікага шэрагу з'яў, якія адвечна, з самага пачатку існавання чалавека, прызнаваліся асаблівымі, недаступнымі разуменню, надзеленымі «пезямной» сілай, дзіўнымі. Недарэмна Дзіў, Дый, быў галоўным бажаством у славянскай язычніцкай суполцы багоў. Слова, па ўяўленнях нашых продкаў, мела вялікую сілу, ніколькі не меншую, калі не большую, чым іншыя «дзіўныя» з'явы: вада (кроў), агонь, зямля, дрэва, камень, татэмныя звяры - змяя, тур. Слова дзейнічала і на адлегласці, і жыло ў часе. Замова як выказванне сілы духу здымала ці наводзіла хваробу; слова вешчуна, ведзьмара, чарадзея адкрывала прышласць, магло прынесці бяду ці пазбавіць ад яе. Слова было абавязковай умовай сувязі с бажаством, той таямнічай сілай, без удзелу якой не здзяйсняўся ніводзін абрад. Менавіта таму так моцна абавязвала клятва, а клятвапарушэнне расцэньвалася як адзін з найцяжэйшых праступкаў. Чалавек, абяцаючы нешта зрабіць ці чагосьці не рабіць, прыбаўляў: «Клянуся!» і стараўся выканаць абяцанне, якіх бы выдаткаў гэта яму не каштавала. Уяўленне пра гонар, што і ў сённяшнім грамадстве дапасоўваюць да вернасці слову, з'яўляецца адбіткам богабоязі нашых продкаў.

Клятва звычайна суправаджалася дадатковымі дзеяннямі, што гарантавала яе выкананне, часцей змацоўвалася крывёй. Напрыклад, у 1351 годзе брэсцкі князь Кейстут, саўладальнік Вялікага княства Літоўскага, пад час вайны з венграмі трапіў у акружэнне і быў вымушаны весці з праціўнікам перагаворы. Кароль Людовік Венгерскі прапанаваў яму каранаванне каралеўскай каронай і дапамогу супраць крыжакоў; узамен жа ад Кейстута патрабавалася замірыцца з Венгрыяй і Польшчай, не адваёўваць захопленыя імі землі. Кейстут, падпарадкоўваючыся цяжкім абставінам, згадзіўся. Ен быў язычнікам, і для сцвярджэння згоднага слова яго вымусілі выканаць адпаведны абрад. Вось як пра гэта сведчаць відавочцы. На вачах усяго венгерскага войска перад шатром Людовіка ўкапалі два слупы, да якіх прывязалі рудога вала. Кейстут падышоў да яго і паласануў нажом па шыі. Хлынула кроў; князь і яго блізкае акружэнне мазалі гэтай крывёй рукі і твар. Потым валу адсеклі галаву; Кейстут і ягоныя людзі тройчы прайшлі па лужыне крыві паміж галавой і тулавам, што абазначала: няхай вы будзеце так па нашай крыві хадзіць, калі мы парушым сваю клятву. Супакоеныя венгры аслабілі пільнасць, і, скарыстаўшыся гэтым, палкі Кейстута ў тую ж ночь зняліся і пайшлі, забыўшыся на прысягу.

Можна меркаваць, што неабходнасць адступлення ад клятвы патрабавала выпрацоўкі нейкага прабачальнага сэнсу. Пэўна, слова, дадзенае чужынцу, які жыў пад іншым богам, не мела той сілы, як слова аднаверцу. Не кранаючы маральны бок пытання, адзначым толькі яго распрацаванасць, пагоджанасць з няпростымі ўмовамі быцця. Слова і бажаство, якому яно прысвячалася, звязаны не прымітыўна; сувязь гнуткая, формулы ёмістыя, імі можна аперыраваць, яны з унутраным сакрэтам, што дазваляе пазбегнуць боскай помсты.

Абогатворным пачаткам жыцця са старажытных часоў была вада. Магія і сімволіка, звязаныя з ёй, маюць даўняе паходжанне. У прамой залежнасці ад міфалагічных уяўленняў аб вадзе Фалес - адзін з пачынальнікаў грэчаскай філасофіі - лічыў ваду першаэлементам, ад якога пайшло ўсё існае. Вада існавала спрадвеку.З яе ўзнік глей, з глею нарадзіўся двух полы змей Хронас, а потым - эфір, хаос, змрок. Хронас адклаў у іх яйка, апошняе раскалолася і стварыла неба і зямлю.

Вільгаць (вада) жыццёвай сілы чалавека - галаўны і касцявы мозг. Вільгаць дрэў (бярозавы сок, напрыклад) лічылася іх жыццёвай сілай; асаблівую сілу мела віно («вынятая», «выцягнутая» душа хлеба, мёду і г. д.). Таму выкарыстанне гэтага напітку мела магічны характар, ва ўсялякім выпадку на пачатку яго адкрыцця. Такія адносіны да віна захаваліся і ў хрысціянскай царкве царкоўнае віно ператворваецца ў кроў Хрыстову пры еўхарыстыі).

Ва ўсходніх славян, у прыватнасці ва беларускіх землях, крыніцы і студні зваліся «прошчамі», бо ў іх прасілі даравання за магчымыя грахі, спадзяваліся на дапамогу духаў, што там жылі. Магія вады ўключала абрадавыя купанні, абмыванне ў расе кіданне ў раку чучалаў, вянкоў у купальскую ноч, гаданне па чары з вадой (чарадзейства); добрым духам вады - русалкам - прысвячаліся шматдзённыя святы, што зваліся русаллем. У ахвяру прыносілі птушак «Убогая куряти, яже на жертву идолам режутся, иныи в водах потопляемы суть»,- апавядае старажытнае сведчанне. Каля вады па звычаю выкрадалі нявесту; наогул шмат чаго з вясельнага рытуалу звязана з вадой: «...водят невесту на воду, даюче замуж, и чашу пиють бесом, и кольца мечють в воду и поясы».

3 шанаваннем вады спалучалася павага да вужа - бясшкоднай змяі, якая ахоўвае ваду. Існавалі восеньскія і вясеннія вужыныя святы, дапасаваныя да адыходу вужоў у спячку і абуджэння іх з пачаткам таяння снягоў. Паўзуна трымалі ў хаце, частавалі малаком. Вуж лічыўся для сям'і нечым накшталт дамавіка, крыўдаванне яго цягнула за са бой няласку. У сувязі с вужыным культам знаходзілася шанаванне папараці, якая для гадзюк была любімым прытулкам. Ядавітыя змеі лічыліся ахоўніцамі скарбаў.

Вобраз вады зліваўся з вобразам крыві, а кроў, па спрадвечных паняццях, успрымалася як духоўная існасць жывога, яна - сімвал духа. Таму кроў ахвярных жывёлін - казла, пеўня, быка - прысвячалі бажаствам, ёю прычашчаліся да бажаства. Такі ж сэнс у хрысціянскай сімволіцы надаваўся і крыві Ісуса.

Каменныя і драўляныя прылады паважаліся як сродкі абароны і забойства. Жазло военачальніка, транс фармаванае з кап'я, кій вешчуна, чарадзея, старэйшыны, потым - біскупа, папы, патрыярха, перайначаны з кароткай дзіды, сталі сімвалам адпаведнай улады. Магічнае значэнне смяротнай зброі мела кульба Бабы Ягі.

Яшчэ ў XVII стагоддзі свае поспехі ў выкараненні язычніцкіх перажыткаў царква лічыла нездавальняючымі. Аб распаўсюджанасці гэтых перажыткаў даюць уяўленне некаторыя дакументы. Найбольш паказальным з іх з'яўляецца царскі ўказ Аляксея Міхайлавіча, які «выкрывае» язычніцтва на рускіх землях:

«..а иные люди тех чародеев и волхвов и богомерзских баб в дом к себе призывают и к малым детям, и те волхвы над больными и над младенцы чинят всякое бесовское волхование и от правоверия православных крестьян отлучают; да в городах же и уездах от прелестников и от малоумных людей делается бесовское сонмище, сходятся многие люди мужского и женского полу по зорям и в ночи чародействуют, с солнечного схода первого дни луны смотрят и о громкое громление на реках и в озерах купаются, чают себе от того здравия, и с серебра умываются, и медведи водят и с собачками пляшут, и зернью и карты и шахматы и лодыгами играют и чинят бесчинное скакание и плясанис, и поют бесовские песни, и на святой недели жонки и девки на досках скачут, а о Рождестве Христовс и до Богоявленьева дня сходятся мужского и женского полу многие люди в бесовское сонмище, по дьявольской прелести, во многое бесовское действо, играют во всякие бесовские игры; а в навечерне Рождества Христова, и Васильева дня, и Богоявления Господня клички бесовские кличут. Коледу и Таусень и Плуту; и многие человецы, не разумьем, веруют в сон, и во встречю, и в полаз, и в птичий грай, и загадки загадывают, и сказки сказывают не былые, и празднословием и смехотворением и кощунанием души свои губят такими помраченными и беззаконными делами, и накладывают на себя личины и платье скоморожское, меж себя нарядя бесовскую кобылку водят; и в таких позорищах своих многие люди в блуд впадывают и внезапною смертью погибают, и с качели многие убиваются до смерти... и уклоняются православные христиане к бесовским прелестям и ко пьянству, а отцов духовных, и по приходам попов, и учительных людей наказанья не слушают...»

Так было на руска-маскоўскіх землях; але яшчэ мацней «бесаўскія песні» і магічныя абрады трымаліся на Беларусі ўжо ў сілу таго, як гэта парадаксальна не гучыць, што тут існавалі дзве царквы - каталіцкая і праваслаўная, а потым да іх далучыліся пратэстанцкая і уніяцкая. Разам з такімі разгалінаваннямі хрысціянскай рэлігіі не забывалася ў народзе і рэлігія язычніцкая, больш трывалая і надзейная. Бо па законах Вялікага княства Літоўскага кожны пан ці шляхціч сам вызначаў веру на сваіх землях. Жадалася яму быць праваслаўным, ён станавіўся ім, але мог перайсці ва уніяцтва, ці ў каталіцтва, ці ў пратэстанства; па ягонай волі прыходзіў у вясковую царкву адпаведны святар.

Рэлігійная барацьба, распачатая ў XVI стагоддзі, насіла на Беларусі больш сацыяльны і нацыянальны, чым рэлігійны, характар. Язычніцкі стан народу. безумоўна, раздражняў клір; нават вялікія дзеячы культуры, выхаваныя на хрысціянстве,- Будны і Філіповіч выступалі супраць язычніцкай абраднасці. Але кардынальна змяніць справу ніхто не мог. Язычніцтва заставалася сямейнай, бытавой рэлігіяй сялянства. Гарадское жыццё больш садзейнічала разуменню хрысціянскага светапогляду, прасякненню ягонымі сэнсамі і сімволікай. Сялянская ж гаспадарка, поўная залежнасць селяніна ад прыроды, магутная сіла тысячагадовай традыцыі не схілялі прыняць хрысціянства цалкам. Галоўнай перашкодай сталася чужасць сімволікі - Іерусалім, Галгофа, Рым, Пілат, пустыні і Чырвонае мора, пальмавыя галінкі і рака Іардан, фарысеі і залаты цялец - усё гэта не паддавалася асэнсаванню, было далёкім, чужым, незразумелым. Наўрад ці ўсур'ёз мог успрымацца сімвал бязгрэшнага зачацця, які супярэчыў эмпірычнаму вопыту пакаленняў і цвярозаму погляду на неабходнасць мужчынскага пачатку. Быў створаны спецыяльны сімвал - ромб з кропкай пасярэдзіне, якім аздаблялі керамічныя фігуркі парадзіх. Ромб, падзелены крыжом на чатыры клеткі з чатырма кропкамі, з'яўляецца неад'емным элементам у беларускім нацы янальным арнаменде, такі знак абавязкова вышывалі на вясельных кашулях. Ен жа меў магічнае прызначэнне ў беларусаў пры пабудове новай хаты (аснова пад падмурак расчэрчвалася крыжападобна на чатыры часткі і на кожную ставіўся камень - усе з розных палёў). У адносінах да поля гэтая магічная ідэаграма азначала «зямля, аплодненая семем жыта». Абстракцыя ж бязгрэшнага зачацця была чужой для язычніцкай міфалогіі.

Кара на крыжы, якая практыкавалася ў Рыме, не прымянялася ў славян і наўрад ці магла ўспрымацца большымі пакутамі, чым кола, кол ці вогнішча. Хрысціянскі міф адносіў расплату за грахі, пакаранне злом за зло да замагільнага жыцця; доўгацярпенне, ціхмянасць перад крыўдай ніколі не ўваходзілі ў шэраг ідэалаў язычніцтва. Але безабароннасць перад дужымі гэтага свету, перад трымаючымі ўладу вымушала прымаць з хрысціянства не ўзнёслы, а пакутлівы яго момант: «Хрыстос цярпеў і нам наказаў». Праўда, кожнаму цярпенню прыходзіць канец - пра гэта сведчаць сотні народных паўстанняў, заўсёдны ератычны рух, заўсёднае жаданне перамагчы лёс і абставіны. Тым не менш царква добра папрацавала, каб прывіць кожнаму чалавеку пачуццё пакоры і боязі. Зразумела, зводзіць дзеянні царквы да адной такой функцыі нельга, але і забыцца пра гэты ідэалагічны клопат дзяржаўнай царквы немагчыма. Увага да душы рэдка ўзнімалася на ўзровень увагі да народа. Афіцыйная царква наўмысна не памятала, што Хрыстос загінуў за людзей, а не за дзяржаву ці ўладарную эліту.

Хрысціянства і нявольна, і свядома захавала шмат чаго з язычніцкай сімволікі. Чарадзейная сіла амулетаў, якія насілі на грудзях, перайшла на нагрудны крыж; пры гэтым чым вышэй быў ранг святара, тым большым і каштоўным крыжам ён аздабляўся. Заслужаныя іерархі маюць і па два і па тры крыжы. Шанаванне агню захавалася ў агеньчыку лампады, якую запальваюць перад бажніцай. Сёння пярсцёнкі, кулоны, бранзалеты, пацеркі - ні што іншае, як язычніцкія перажыткі; продкі карысталіся імі для ахоўвання сябе ад варожых сіл. Наш час надаў ім эстэтычную функцыю.

Паколькі чалавек смяротны і мае пэўную патрэбу ў рэлігіі, дык увесь назапашаны вопыт рэлігійнага перажывання - і язычніцкага, і хрысціянскага - не можа знікнуць, ён выкарыстоўваецца кожным чалавекам у залежнасці ад народных і сямейных традыцый, адукацыі, выхавання і нейкім таямнічым чынам злучае далёкія і сённяшняе пакаленні.



Русь Літоўская

У сярэдзіне XVII стагоддзя, у паспяховы час руска-польскай вайны і паўстання Багдана Хмяльніцкага, цар Аляксей Міхайлавіч унёс у свой тытул наступнае ўдакладненне зямельных інтарэсаў рускай дзяржавы: «Цар всея Великия, Белыя, Черныя и Червоныя Руси...» Ніколі потым геаграфічныя паняцці Чорнай і Чырвонай Русі, неўзабаве выключаныя з тытлу, у ім не аднаўляліся, а праз паўтара стагоддзя растварыліся ў больш ёмістых і гістарычна развітых назвах. Тут самы час паглядзець на шэраг геаграфічных і палітычных акрэслянняў, якія ў розныя часы дапасоўваліся да адной этнічнай назвы Русь: Кіеўская, Уладзіміра-Суздальская, Маскоўская, Северская, Залеская; потым - Вялікая, Малая, Новая; яшчэ тры як бы «каляровыя»: Белая, Чырвоная, Чорная. 3 гэтага немалога пераліку сёння афіцыйна існуе адна - Белая Русь, інакш Беларусь. Чорная Русь пераняла на сябе назву роднаснай ёй Белай Русі; Чырвоная, вядомая яшчэ як Галіцкая, стала называцца Украінай, падобна іншым малароскім землям.

На гістарычных картах, дзе нанесены ўсходнеславянскія княствы і землі XII - XV стагоддзяў, тэрыторыя сённяшняй Гродзенскай вобласці пазначана нязвыклай назвай Чорная Русь. Нязвыклая яна таму, што ні ў народнай памяці, ні ў фальклоры, ні ў рэгіянальных гістарычных дакументах не прысутнічае; ужывалі яе, як будзе апавядана ніжэй, выключна за межамі Беларусі. На заходнееўрапейскія карты найменне Чорная Русь трапіла яшчэ ў XV стагоддзі, выкарыстоўвала яго ў сваёй дзяржаўнай палітыцы і Расія. Цікава прасачыць, які змест яно мела - занадта ж загадкавае паняцце. Быццам і шмат што вядома пра Чорную Русь, а на самой справе, калі наблізіцца да старажытных звестак і пільна да іх пры глядзецца - мала там дакладнага , ды і сам сэнс назвы ніхто яшчэ не здолеў растлумачыць пераканаўча. На столькі рэдка яна ўжывалася, што апроч спецыялістаў і начытаных аматараў гісторыі ніхто пра яе не памятае. Нават у нас на Беларусі, дзе Чорная Русь і знаходзілася.

Займала яна дастаткова вялікі абшар, акрэслены гарадамі Гроднам, Слонімам, Ваўкавыскам, Турыйскам, Зэльвай, Лідай, Наваградкам. Зараз мы называем гэтыя землі беларускімі, і нам здаецца, што так было заўсёды, спрадвечна. Аднак назва Белая Русь у дачыненні да цяперашняй тэрыторыі рэспублікі ўзнікла толькі ў мінулым стагоддзі, а раней - некалькі стагоддзяў таму - дапасоўвалася толькі да ўсходніх беларускіх зямель - Полацкай, Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай, Мсціслаўскай і да Смаленскай зямлі. Дарэчы адзначыць, першапачаткова (XII -XIII стагоддзі) Белай Руссю называліся толькі Уладзіміра-Суздальскія землі, а пазней найменне гэта зрушылася на захад - да Смаленска, Полацка, Віцебска - і тут замацавалася, як гэта не дзіўна, назаўжды.

Верагодных тлумачэнняў сэнсу назваў Белая і Чорная Русь пакуль што няма. Некаторыя ранейшыя гісторыкі намагаліся, напрыклад, растлумачыць кантрастную розніцу назваў колерам вопраткі, але, натуральна, без поспеху, бо на Белай Русі, гэта значыць на Полаччыне, Віцебшчыне, Меншчыне, Магілёўшчыне, насілі такія ж прыкладна кашулі, світкі, сподні, як і на Чорнай Русі, гэта значыць на Гродзеншчыне. Ды і на Чырвонай Русі вопратка не біла ў вочы чырванню. Здаюцца няўдалымі спробы асэнсаваць кантраст назваў праз каляровую сімволіку, якой карысталіся нашы продкі ў сваім светапоглядзе. Ва ўсходнеславянскай каляровай сімволіцы белы колер асацыіраваўся з Усходам, чорны - з Поўначчу, чырвоны - з Поўднем, сіні ці зялёны - з Захадам. Усё было б зразумелым, калі б замест Чорнай была Сіняя (ці Зялёная) Русь. Да таго ж «каляровыя» найменні не могуць быць саманазвамі, бо Захад і Усход існуюць толькі для тых, хто знаходзіцца ў цэнтры. Ды і чорны колер у беларусаў, як і ва ўсіх усходніх славян, заўсёды ўспрымаўся як колер тугі, смутку, бяды, зла; штодзённая чорная вопратка нашай даўніне невядомая. Апроч гэтага, слова «чорны> раней было лаяльным і выкарыстоўвалася для акрэслення чорнакніжжа, вядзьмарства і г. д. Эпітэт «белы», наадварот, абазначаў прыгажосць і духоўную чысціню. Прыгадаем «белую» і «чорную» магіі. «Чорнымі» ж лічыліся язычнікі.

Таму бліжэй да ісціны думка, што супрацьлегласць назваў мае ў аснове розніцу рэлігійнага стану насельніцтва: на Белай Русі хрысціянізацыя закранула ўвесь народ і да XIII стагоддзя набыла тут пэўную шырыню; як бы моцна не трымаліся на беларускіх землях перажыткі язычніцтва, народ звыкся лічыць сябе хрысціянамі «грэчаскай веры» і гэтую новую веру прыняў за адну з сваіх адметных рыс. На Чорнай Русі язычніцтва ўсталявалася надоўга і цвёрда, бо тут сфарміраваўся асаблівы ўклад, абумоўлены тым, што пры каланізацыі гэтых зямель крывічамі і дрыгавічамі карэннае жыхарства ў сваёй большасці заставалася жыць поруч з чужынцамі. Безумоўна, каланізацыя напачатку вялася не мірным шляхам, аб чым сведчаць археалагічныя матэрыялы: раскопкі старажытных гарадзішчаў паказваюць, што ўсе яны былі спалены. Але гэта ніяк не азначала выгнання ці знішчэння карэннага насельніцтва - літоўцаў, прусаў, яцвягаў.

Як паведамляюць летапісы, кіеўскі князь Уладзімір, пра якога ўжо вялася гаворка, здзейсніў у 983 годзе паходы супраць вяцічаў і радзімічаў, а таксама ў заходнім напрамку - супраць яцвягаў. Аб'яднаныя сілы валынян, палян, драўлян, дрыгавічоў выступілі на Пабужжа і зрушылі ўглыб Белавежскай пушчы паўднёвую мяжу яцвягаў, што праходзіла па рэках Кшна і Мухавец. Менавіта тут, на выспах пры ўпадзенні Мухаўца ў Буг - на месцы былога яцвяжскага паселішча - вырас горад Брэст. Можна меркаваць, што і пачатковая яго назва - Бярэсце - скалькіравана з яцвяжскай: па-яцвяжску «брэста» - дрэва. Як лічыцца, паход Уладзіміра быў першым наступам на яцвягаў. Для Уладзіміра - так, але для полацкіх крывічоў і дрыгавічоў - не, яны ўжо мелі векавы кантакт з яцвягамі.

Пра яцвягаў нашыя падручнікі гісторыі апавядаюць неяк мімаходзь. Толькі ў апошнія гады з'явіліся даследаванні, якія асвятляюць адносіны паміж яцвягамі і славянамі з дастатковай глыбінёй. I выйшла на паверхню, што яцвягі маюць самае прамое дачыненне да «пачатку» беларускага народа. Спрошчанае, «школьнае», тлумачэнне гэтых «пачаткаў» зводзілася да наступнага: пасля развалу Кіеўскай Русі на пачатку XII стагоддзя сталі ўтварацца народнасці - руская, беларуская і ўкраінская, і недзе гадоў праз трыста з'явілася беларуская этнічная агульнасць, сфарміраваліся адметныя рысы беларускай мовы. Аднак вынікі пошукаў археолагаў і лінгвістаў даюць іншы малюнак тых далёкіх падзей.

Крывічы, дрыгавічы, радзімічы, на аснове якіх складаўся беларускі народ, прыйшлі не на пустое месца. Да іх на землях сучаснай Беларусі жылі балцкія плямёны, вядомыя яшчэ Герадоту, які называў іх неўрамі. У прыватнасці гэта: літва, аўкштоты, прусы, яцвягі, голядзь. У часы перасялення крывічоў і дрыгавічоў літоўскія і латышскія плямёны не адступалі самі па сабе да Балтыйскага прыбярэжжа, у сучасныя межы. Частка іх загінула ў бітвах з прышэльцамі, але большасць засталася жыць, дзе жыла адвеку, і паступова злівалася з славянскім насельніцтвам, прымаючы нешта ад яго і аддаючы яму ад сваіх адметнасцей, як матэрыяльных, так і моўных. Тут варта будзе прыгадаць, што дзевяноста працэнтаў назваў рэк і азёр на Беларусі захавалі сваё балцкае паходжанне: Ачоса, Бержыца, Беседзь, Бабруйка, Балога, Важа, Вілія, Волма, Гайна, Дражня, Іпа, Клева, Ласвіда, Лоша, Іслач, Лучоса, Нароўля, Нарач, Піна, Ольса, Арэса, Уша і інш.

Крывічы-палачане напачатку сутыкнуліся з продкамі сучасных латышоў, нават сама назва Полацка (Полотеск) запазычаная і нясе на сабе прамы адбітак латышскага паходжання. Заходнія межы дрыгавіцкай каланізацыі адзначаны гарадамі Драгічын, Мельнік, Брэст, Сувалкі, Беласток. Тут праходзіла этнічнае ўз'яднанне з яцвягамі. Пра былую прыналежнасць гэтых зямель да яцвяжскіх сведчаць назвы рэк - Груда, Ясельда, Зэльва, Зальвянка, Сегда, Кшна, Айцэва, Цэжма, Сакольда. На левым беразе Нёмана жылі яцвягі, на правабярэжжы - літоўцы. Літоўскія землі каланізавалі крывічы, аб чым сведчаць найменні гарадоў - Гродна, Крэва, Крывічы, Вільня, Слонім, Ваўкавыск, шэраг славянскіх гідронімаў.

У той час агульнай назвы супольнасці, што стваралі крывічы, дрыгавічы, літоўцы і яцвягі, не было, як не існавала такіх агульных назваў на ўкраінскіх ці рускіх землях, дзе мелі месца аналагічныя змешванні з іншымі этнічнымі плямёнамі. Княствы называліся па стольнаму гораду: Полацкае, Тураўскае, Менскае, Валожынскае, Друцкае, Лагойскае, Гродзенскае і г. д. Паступова аформіліся рэгіянальныя найменні: Палессе, Падляшша, Полаччына, а ў адносінах да тэрыторыі цяперашняй Гродзенскай вобласці - Русь Літоўская накшталт Русі Залескай, Русі Северскай, Русі Маскоўскай. Абазначала гэтая назва месцазнаходжанне Русі, у нашым выпадку на землях, якія раней называліся Літвой (ад Гродна да Наваградка, ад Ліды да Вільні).

Пад канец XIII стагоддзя ў Полацкай, Віцебскай, Магілёўскай землях стала ўжывацца назва Белая Русь. Адбылося гэта наступным чынам. Упершыню найменне Белая Русь узнікла ў XII стагоддзі ў дачыненні да Уладзіміра-Суздальскай зямлі. У 1169 годзе князь Андрэй Багалюбскі правёў пераможны паход супраць кіеўскага князя Мсціслава. Кіеў быў захоплены, разрабаваны і разбураны.

Парушаючы традыцыю, князь Андрэй не сеў княжыць у Кіеве, а перадаў горад малодшаму брату. Пагром уладзіміра-суздальскім войскам старажытнай сталіцы і нежаданне пераможцы браць кіеўскі пасад азначалі, што Кіеў не меў ужо статуса сталічнага цэнтра ўсёй Русі. Асяродак рускіх зямель перамясціўся на Поўнач, на ўладзімірскія землі (пазней, у сілу розных абставін значэнне галоўнага горада рускіх зямель набыла Масква). Каб падкрэсліць другарадную ролю Кіева, патрабаваліся пэўныя ідэалагічныя меры. Андрэй палічыў, што горад страціў чысціню праваслаўя і ўвёў у свой тытул паказальную прыбаўку - «князь беларускі», гэта значыць князь Белай Русі - зямель з адзінай праваслаўнай верай.

У 1236-1240 гадах рускія землі трапілі пад уладу татара-манголаў. I назва Белая Русь, разам з уцекачамі, перайшла на смаленскія землі, яшчэ не кранутыя ардынскай заваёвай. Але ў 1276 годзе і Смаленск быў захоплены татарамі. Тады Белай Руссю пачалі называць Полацкую, Віцебскую, Магілёўскую землі, якіх мангольскае нашэсце падпарадкаваць сабе не здолела. Тут найменне і замацавалася. Заходнія беларускія землі Белай Руссю ніколі не называліся, і няцяжка зразумець чаму. Паколькі назва мела царкоўнае паходжанне (ды і прыйшла разам са святарамі, што ратаваліся ад ардынскай няволі), дык перанесці яе на Гродзеншчыну ці Брэстчыну не дазваляла язычніцтва, распаўсюджанае тут як сярод літоўцаў і яцвягаў, так і сярод славянскага жыхарства. Царква і капішча мірна суіснавалі ў гарадах, а на вёсцы ў той час цэркваў наогул не будавалі. Нарэшце і сама назва Белая Русь стала асэнсоўвацца як праваслаўная пасля хрышчэння Літвы ў каталіцтва.

У мінулым стагоддзі буржуазныя гісторыкі пачалі шырока карыстацца назвай Чорная Русь, адносячы яе да зямель, якія ў летапісах называліся Літвой, а ў дакументах - Руссю Літоўскай. Паступова склалася памылковая звычка. Самой назвы Чорная Русь ніколі не існавала. Няма сумніву, што нашыя продкі з XII - XIV стагоддзяў моцна здзівіліся б, калі б мелі магчымасць зазірнуць у тыя кнігі, дзе гэтае найменне літаральна стракаціць на старонках. Кантраст назваў Белая і Чорная Русь выклікаў штучныя ідэалагічныя пабудовы. Так, напрыклад, была створана «тэорыя», якую абавязкова даюць у падручніках і нават у акадэмічных выданнях, быццам назва Русь Чорная ўзнікла пасля таго, як Літоўскае княства пад 1215 год захапіла землі Гродзеншчыны, а ў адрозненне ад гэтых «заваяваных» зямель Полаччына і Віцебшчына сталі называцца Белай Руссю. Цяжка зразу мець, чаму гэтае створанае афіцыйнымі гісторыкамі царызму «тлумачэнне» працягвае існаваць і мае багата адэптаў сярод навукоўцаў сталага веку. Яно супярэчыць рэальнасці і далёкае ад праўды, як зямля ад неба. Бо калі ўжо адшукваць падставы назвы ў захопе зямель язычнікамі, дык тады Чорнай Руссю хутчэй называлі б рускія землі, сапраўды пакораныя Ардой. I галоўнае: наўрад ці знойдзецца сёння даследчык, які здолее акрэсліць на 1215 год межы Літоўскага княства. Дзе знаходзілася ягоная сталіца? Хто там княжыў? Якім чынам захопліваў? Княствам Літоўскім ніяк не магла быць сучасная Літва. Яна на той час дзялілася на шэраг зямель, якія ў летапісах упамінаюцца як Жмудзь, Дзяволта, Нальшаны і уласна Літва. Пра гэта пойдзе гутарка ніжэй, а зараз варта зазначыць, што ва ўласна Літве знаходзіўся горад Вільня, заснаваны крывічамі, а таксама Крэва, Слонім, Ліда. Паўднёвымі межамі ўласна Літвы летапісы называлі Нёман. Няма падставы гаварыць і пра захоп Чорнай Русі Літоўскім княствам, бо працэс каланізацыі меў адваротны напрамак і да 1215 года жыхарства тут было змешаным.

Чорная Русь - назва, нададзеная гэтай тэрыторыі крыжакамі ў апраўданне сваіх крывавых «місіянерскіх» паходаў. Невыпадкова яна ўпершыню з'явілася на заходнееўрапейскіх картах, і ўжо з іх запазычвалася іншымі дзяржавамі ў палітычных мэтах. Але чым кіраваліся крыжакі? Тым, што на гэтых землях жылі рускія «схізматыкі» і літоўскія «язычнікі». 3 пункту гледжання крыжакоў, як першых, так і другіх, патрабавалася «асвятліць» сапраўднай, «рымскай» верай. Так што «захоп» Чорнай Русі Літоўскім княствам адлюстроўвае блытаніну паняццяў. Княства Літоўскае выйшла на палітычную арэну пры Міндоўгу, а тады ягонай сталіцай быў Наваградак. Сам Міндоўг паходзіў з нальшанскіх князёў, і радавое яго гняздо знаходзілася пад Ашмянамі. Інакш кажучы, Чорная Русь, княства Літоўскае, Русь Літоўская, Літва - геаграфічна тое ж самае.

Але чаму можна казаць пра Чорную Русь паасобку ад Белай Русі, дзе засяроджаны найбольш вядомыя нашы гарады - Полацк, Віцебск, Менск, Слуцк, Орша, Клецк? Здавалася б, нельга, калі аб'ядноўцам беларускіх зямель выступаў Полацк са сваімі славутымі Рагвалодам і Усяславам-Чарадзеем. Гэта так, але папершае, паміж Белай і Чорнай Руссю ніколі не існавала мяжы. і розніца назваў не азначае карэннага супрацьпастаўлення інтарэсаў. Чорная Русь была створана тымі ж самымі плямёнамі крывічоў і дрыгавічоў, якія засялялі Белую Русь. Па-другое, XIII стагоддзе, пра якое тут ідзе гаворка. ніяк не пачатак Чорнай і Белай Русі, а адзін з часоў іх старажытнасці, калі палітычнае і ваеннае значэнне Полацка панізілася, землі яго падрабнелі, і на першы план выйшлі суседзі на чале з Наваградкам, што да таго трымаліся ў цяні. Але большую важкасць тут маюць знешнія абставіны, якія выявіліся ў XIII стагоддзі і былі яны такія, што змянілі ход гісторыі многіх народаў.

У XIII стагоддзі амаль адначасна на заходніх і ўсходніх межах Усходняй Еўропы ўзніклі магутныя агрэсіўныя сілы, змаганне з якімі на паўтара-два стагоддзі стала сэнсам дзяржаўнага жыцця ўсіх тутэйшых народаў. У Лівоніі ўзнік Ордэн мечаносцаў, і без адцяжкі пачаліся ягоныя войны з літоўцамі і беларусамі. У 1223 годзе на Калцы сышліся на першую сваю бітву татары і рускія. Разгром, які напаткаў у гэтай бойцы аб'яднаныя сілы рускіх княстваў і полаўцаў, стаў пралогам да Батыева нашэсця. 3 1236 года татары на працягу пяці гадоў прайшлі з мячом амаль усе рускія землі, разбурылі Кіеў, галіцкія і валынскія гарады, ашаламілі Заходнюю Еўропу спусташэннем Венгрыі, Малаполыпчы і Сілезіі. У 1237 годзе, калі гарэлі Разань, Суздаль, Уладзімір, калі татары старадаўнім салігерскім шляхам рухаліся да Вялікага Ноўгарада, дабрацца куды, на шчасце, не здолелі з-за адлігі,- у цяжкі гэты год лівонскія мечаносцы з'ядналіся з прускімі крыжакамі. Узнік Тэўтонскі ордэн, які адразу ж пайшоў у наступ на прускія, а потым на літоўскія, польскія і беларускія землі.

Час быў змрочны, выпрабаванні, што выпалі на долю народам, выклікалі да дзейнасці людзей вялікай духоўнай моцы: на Беларусі і Літве - гэта князь Міндоўг, у Галіцка-Валынскай Русі - князь Данііл Раманавіч, ва Уладзіміра-Суздальскай Русі - Аляксандр Неўскі. Усе яны былі людзьмі гераічнай натуры, дзяржаўнага мыслення і ўвайшлі ў гісторыю значнымі справамі.

3 Міндоўгам настолькі цесна звязаны найважнейшыя падзеі беларускай і літоўскай гісторыі, што няма ніводнай даследніцкай працы пра тую эпоху, якая б абышла ўвагай незвычайную асобу князя. Ен - першы аб'ядноўца часткі беларускіх і некаторых літоўскіх зямель у адзінае гаспадарства - Вялікае княства Літоўскае, пры ім атрыманы значныя перамогі над немцамі і татарамі, ён акрэсліў палітыку адносін Вялікага княства з Ордэнам крыжакоў, якой трымаліся ўсе ягоныя пераемнікі аж да 1410 года, калі Ордэн пацярпеў паражэнне ў славутай Грунвальдскай бітве.

Навуковыя спрэчкі пра паходжанне Міндоўга не спыняюцца па сённяшні дзень, што можна растлумачыць мізэрнасцю гістарычных звестак пра яго. Упершыню імя Міндоўга ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1219 год у пагадненнІ галіцкіх князёў з літоўскімі аб сумесных дзеяннях супраць палякаў. Міндоўг называецца там ў ліку старэйшых князёў літоўскіх, імёны якіх летапісец паведамляе ў наступным парадку: «Жывінбуд, Даўян, Даўспрунк, брат яго Міндоўг...». Потым звесткі пра яго сустракаюцца праз шаснаццадь гадоў, і зноў размова ідзе пра адносіны паміж Галіцкай Руссю і Польшчай. Згаданы вышэй Данііл Раманавіч варагаваў тады з князем Конрадам Мазавецкім і ў 1235 годзе, як занатаваў храніст, «возведе на Кондрата Литву Миндовга и Изяслава Новогородского» (Наваградскага). Гэты кароценькі запіс захоўвае мноства тайнаў. Але да іх мы звернемся пазней, а зараз неабходна падкрэсліць, што з саракавых гадоў і Міндоўг, і Наваградак становяцца аб'ектам пільнай увагі летапісаў і хронік.

3 Наваградкам звязаны галоўныя справы і сталыя гады жыцця Міндоўга. Але адкуль ён прыйшоў у Наваградак і ў якой якасьці, чаму зрабіў гэты горад сталіцай новастворанага гаспадарства, у якіх адносінах быў з літоўскімі плямёнамі і рускімі княствамі - усё гэта тлумачыцца неадназначна, часцей супярэчліва.

Асабістыя прыхільнасці гісторыкаў дазвалялі выстаўляць Міндоўга то жмудзінам, то злітавізаваным беларусам з роду полацкіх князёў, то абруселым літоўцам, то запрошаным князем Наваградка, то заваёўнікам яго і г. д. Калі меркаваць, што ў дамове 1219 года названы менавіта ён, а не іншы князь з такім жа імем, дык у гэтым выпадку актыўная палітычная, дзяржаўная і ваенная дзейнасць Міндоўга ахоплівае вялікі прамежак часу - амаль паўстагоддзя. Трэба сапраўды нарадзіцца пад шчаслівай зоркай, каб ва ўмовах феадальнай варожасці, змоў, бясконцых ваенных паходаў заставацца жывым і паспяхова здзяйсняць свае задумы: сфарміраваць жыццяздольнае, моцнае гаспадарства, задаць яму ідэі, сэнс на прышлае існаванне і развіццё.

Але перш чым працягваць гаворку пра Міндоўга і створаную ім дзяржаву, неабходна вытлумачыць некаторыя геаграфічныя назвы. Пра Чорную і Белую Русь мы ўжо крыху гаварылі, але апроч гэтага ёсць шмат чаго іншага, пра што трэба мець хоць якое ўяўленне, бо інакш цяжка будзе правільна зразумець шэраг важкіх падзей беларускай старажытнасці. Літву XIII стагоддзя нельга атаясамліваць з сучаснай; тады на цяперашняй тэрыторыі рэспублікі развіваліся некалькі племянных аб'яднанняў. Іпацьеўскі летапіс падае іх так: Жамойты (Жмудзь), Рушковічы, Булевічы, Дзяволтва; яны мелі пэўныя адрозненні ў мовах, асабліва Жмудзь, і захоўвалі дастатковую самастойнасць. У даследаваннях па гісторыі Літвы, што абапіраюцца на рускія летапісы, нямецкія хронікі і на тагачасныя дакументы, карціна складу Літвы выглядае некалькі інакш: яна прадстаўлеыа дзвюма буйнымі абласцямі - Жэмайціяй і Аўкштотай. Жмудзь займала тэрыторыю ад Балтыйскага прыбярэжжа да ракі Нявежы - правага прытоку Нёмана. На ўсход ад яе ляжала Аўкштота, якую складалі землі: Дзяволтва, Нальшаны і ўласна Літва; межы апошняй праходзілі па рэках Мерачанка, Вілія, Нёман. Галоўнымі паселішчамі Нальшанскай зямлі былі Ашмяны, Эйшышкі, Меднікі, Варняны, Свіраны, Свянцяны, Крэва. За Нальшанамі і ўласна Літвой знаходзілася Дзяволтва.

Іпацьеўскі летапіс мяжу паміж Літвой і Наваградскім княствам праводзіў па Нёману: на левым беразе - Наваградак, цераз раку - Літва. Гэта вынікае з паведамлення аб будаўніцтве сынам Міндоўга князем Войшалкам манастыра: «...и приде опять в Новогородок и учини собе манастырь на реце на Немне межи Лнтвою и Новымгородком». Раней ужо прыгадвалася, што Наваградак быў пабудаваны на літоўскіх землях на месцы захопленага паселішча Жоўны. За два стагоддзі, як бачна, землі так аславяніліся, што летапісец ужо забывае пра былую іх прыналежнасць. Але насельніцтва заўсёды мае лепшую памяць. Паколькі землі Русі Літоўскай сталі цэнтрастваральным ядром новага гаспадарства, дык за імі замацавалася іх старая назва, карэнная, геаграфічная - Літва. Дзяржаўнае аб'яднанне беларускіх, дзяволтскіх, нальшанскіх, літоўскіх зямель атрымала назву Вялікага княства Літоўскага, а пасля прылучэння Украіны і Жмудзі пачала называцца Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Правільная расшыфроўка гэтага наймення наступная: Літоўскае - западная частка Беларусі, Аўкштота, Рускае - усход Беларусі і Украіна, Жамойцкае - Жмудзь (захад сённяшняй Літвы). Наогул, з назвамі Літва, літвін, літовец не ўсё так проста, як здаецца сучаснаму чалавеку. Для масквічоў XVI-XVII стагоддзяў кожны прышэлец з Вялікага княства Літоўскага, незалежна ад таго, хто ён быў - беларус, жмудзін, украінец, заставаўся літвінам. Напрыклад, літвінам называлі Пятра Мсціслаўца. Пад час войнаў войска Вялікага княства менавалася праціўнікамі агульнай назвай - літоўскае войска, часам і прасцей - літва. Упамянёныя ў летапісах набегі літвы на смаленскія, наўгародскія землі не азначаюць, што здзяйснялі іх толькі этнічныя літоўцы; нападалі з Літвы, а Літвой зваліся землі ад Гродна да Наваградка і ад Вільні да Палесся. «Літва, айчына мая!» - пісаў яшчэ і ў XIX стагоддзі Адам Міцкевіч у паэме, якую прысвяціў справам Наваградскага павета, а род Міцкевічаў паходзіў з-пад Ліды. Жыхароў Жмудзі ніколі ў той час не называлі літоўцамі, як у нашыя дні, а выключна жмудзінамі. Адпаведна для беларусаў рускія з Маскоўскай Русі былі «маскавітамі», «маскалямі», гэта значыць таксама, як для апошніх першыя былі літвой, літвінамі.

Але зноў звернемся да геаграфіі. На поўдзень ад Русі Літоўскай знаходзілася Палессе - пачатковая вобласць рассялення дрыгавічоў - з галоўнымі сваімі княствамі Тураўскім і Пінскім. Лясы і балоты Палесся і Брэстчыны аддзялялі Русь Літоўскую ад Галіцка-Валынскай Русі, ствараючы « прыродную » перашкоду для яе імкненняў аб'яднаць усе паўднёвыя і заходнія рускія землі. Русь Літоўская і ўласна Літва мелі свае планы наконт аб'яднання наваградскіх, гродзенскіх, літоўскіх і беларускіх зямель і аказаліся спаборнікамі галічан і валынцаў. Гэтае спаборніцтва адзначана і ваеннымі сутыкненнямі, і папераменнымі поспехамі. Ускраіннае становішча галіцка-валынскіх княстваў, ваенны націск татараў, венграў, палякаў не дазволілі ім выканаць сваю злучальную місію, і ў наступным стагоддзі значная частка іхніх зямель была далучана больш моцным сапернікам - Вялікім княствам Літоўскім.

Роднасныя літоўцам яцвягі - заходнія суседзі Русі Літоўскай - займалі Белавежскую пушчу і землі, што да яе прылягалі, так званае Падляшша. У 983 годзе, як адзначалася вышэй, у яцвягаў аднялі землі, асяродкамі якіх стаў Брэст; тут жа, на былых яцвяжскіх паселішчах, узніклі і другія гарады - Кобрын, Камянец, Драгічын. На яцвяжскія тэрыторыі прэтэндавалі і палякі -у барацьбе за Брэсцкае княства інтарэсы рускіх і мазавецкіх князёў прыходзілі ў сутыкненне.

На пачатку XIII стагоддзя Конрад Мазавецкі нават намагаўся захапіць Брэст, але мусіў адступіць. Дарэмнымі былі і ягоныя спробы пакараць яцвягаў і саюзных ім прусаў. Больш таго, яны прымушалі мазавецкага князя да выплаты даніны. Існуе паданне, якое ў гратэскнай форме малюе залежнасць Конрада ад прусаў. Аднойчы апошнія паслалі князю патрабаванне даць ім коней і адзенне, пагражаючы ў выпадку адмовы нападам, Конрад, не маючы чым задаволіць гэтае жаданне сваіх ваяўнічых суседзяў, склікаў да сябе паноў. Калі госці напіліся да непрытомнасці, ён раздзеў іх і адаслаў вопратку і коней прусам. Наўрад, канешне, каб прусы схілілі Конрада да такіх нешляхетных учынкаў, аднак сутнасць падання праўдзівая - прусы і яцвягі дапякалі яму. Іх набегі на палякаў былі настолькі адчувальнымі, што польскія князі, варагуючы паміж сабой, аб'ядноўвалі сілы для ваеннага адпору прусам. Конрад Мазавецкі, яго брат Лешак Белы і Гжэгаш Барадаты хадзілі на прусаў у 1222 годзе, прычым залучылі ў гэты паход і нямецкае рыцарства. Наступным годам яны паўтарылі напад, і ўжо з удзелам атрадаў паморскіх княстваў. Аднак пажаданых вынікаў не дамагліся. I тады Конрад адважыўся на надзвычайную меру - звярнуўся за дапамогай да крыжакоў, што вельмі цяжка адбілася на ўсёй наступнай гісторыі Польшчы. Вядома, князь не мог прадбачыць будучыню, ён жыў бягучымі клопатамі; сваё рашэнне, відаць, лічыў калі не мудрым, дык і не памылковым, але пазбаўляючыся аднаго ворага, нажыў сабе і дзяржаве другога, куды больш агрэсіўнага.

Ордэн не проста «супакоіў» яцвягаў і прусаў, ён захапіў іхнія землі і стварыў тут ваяўнічае гаспадарства. Ужо ў 1226 годзе вялікі магістр Герман фон Зальца заручыўся прывілеем германскага імператара Фрыдрыха II, які перадаваў у вечную ўласнасць Ордэну ўсе тэрытарыяльныя заваёвы рыцараў на прускіх землях. Але па іроніі лёсу ордэнская дзяржава захавала за сабой назву знішчанага (часткова анямечанага) народа, і той абшар гэтай дзяржавы, вядомы як Усходняя Прусія са сталіцай Кёнігсбергам, праіснаваў аж да 1945 года. Ад яцвягаў не засталося нават і імя.

Гібельны час яцвягаў вядомы з літаральнай дакладнасцю. Яны ўдзельнічалі ў паўстанні прусаў супраць Тэўтонскага ордэна, і апошнім годам гістарычнага існавання гэта га племені з'яўляецца год падаўлення паўстання - 1283. Большасць яцвягаў загінула ў баях з немцамі, некаторыя былі пераселены з родных мясцін у заходнюю вобласць Самбіі. Канчаткова яны германізаваны ў XVI стагоддзі. Паасобныя роды яцвягаў знайшлі выратаванне ад ордэнскага мяча на Русі Літоўскай, на землях Гродзеншчыны. Сюды, напрыклад, прыйшоў з дружынай і насельніцтвам іх апошні князь Скурдо. 3 1283 года летапісныя ўпамінанні пра яцвягаў спыняюцца. Іх вёскі адзначаны на Скідзельшчыне, ёсць яны каля Дзятлава. Яцвяжскія імёны - Дзіркот, Галт, Коман, Павіла, Рыкала, Скамант, Скурдо, Тапейка, Скурко, Сох, Вазола, Шынейка і іншыя - можна прасачыць у беларускіх тапонімах і прозвішчах. На жаль, яцвяжская мова страцілася, і пакуль што ў нас не рабілася спроб вычленіць лексічныя яцвяжскія запазычанні. Адзінае даследаванне пра гэтае племя, зробленае польскімі вучонымі, адзначае вялікі ўплыў яцвяжскай мовы як на беларускую, так і на польскую.

Але якой мэты дамагаліся мы, так падрабязна апісваючы суседзяў і становішча Русі Літоўскай? Вельмі важкай - каб стала магчымым уявіць незвычайнасць абставін, племянную стракатасць, сутыкненне самых розных інтарэсаў і сіл на невялікай наогул тэрыторыі. Як бачым, гэтыя групы людзей вымушаны былі ўжывацца і цярпліва прымаць бытавыя, духоўныя і рэлігійныя адрозненні адзін аднаго.

Хутка замест яцвягаў і прусаў суседзямі Русі Літоўскай сталі тэўтонцы, і пачалося працяглае змаганне з крыжакамі. Ваенная экспансія немцаў супраць Полацка (пра што ўжо крыху гаварылася) і Ноўгарада прывяла апошніх да саюзу, які быў замацаваны шлюбам Аляксандра Неўскага з дачкой апошняга полацкага князя з Рагвалодавічаў - Брачыслава. Паражэнне рыцараў на лёдзе Чудскага возера, дзе поруч з наўгародцамі стаялі і полацкія палкі, спыніла наступ крыжакоў на пскоўскія і наўгародскія землі, але затое ён узмацніўся на літоўскім напрамку.

Сорак гадоў нямецкіх набегаў на поўнач Літвы і крывавая хрысціянізацыя прускіх плямёнаў паслужылі каталізатарам аб'яднаўчых асэнсаванняў сярод чорнарускіх, літоўскіх, нальшанскіх, дзяволтскіх князёў. На той час княствы Русі Літоўскай апынуліся ў выйгрышным становішчы: іх, як і ўсе астатнія беларускія землі, апроч Брэсцкай, не кранула Батыева нашэсце, да іх яшчэ не дайшлі крыжакі, і натуральна, што тут склаліся не толькі настроі, але і магчымасці для правядзення самастойнай палітыкі, рэалізацыі вяршэнства над сваімі саслабелымі суседзямі. Дзелавое выкананне гэтых інтарэсаў распачаў Наваградак.

Пад 1237 год упамінаецца ў летапісах апошні наваградскі князь са славянскім імем Ізяслаў. Мусіць, хутка ён памёр, і горад запрасіў на княжанне Міндоўга. Пра тое, што Міндоўг увайшоў у горад не сілай, а па жаданні ці са згоды наваградскіх феадалаў, неабвержна сведчыць хрышчэнне яго ў праваслаўе, прадатаванае Гусцінскім летапісам 1246 годам: «В оне лето великий князь литовскнй Миндовг прият веру христианскую от Востока, со многими своими бояры». Пераход князя язычніка ў праваслаўе менш за ўсё быў рэлігійным актам; у першую чаргу ён меў палітычны сэнс, які праяўляўся ў тым, што Міндоўг рабіўся аднаверцам з большасцю насельніцтва горада, княства, дзе садзіўся гаспадарыць, і ўскладаў на сябе адпаведныя абавязкі берагчы інтарэсы княства, паважаць яго даўніну, гэта значыць законы і рэлігію. Да таго ж горад, пэўна, заключаў з Міндоўгам дамову, як пра тое сведчыць дагавор пачатку XIV стагоддзя паміж палачанамі і князем Ердэнем. Прымаў праваслаўную веру і князь Даўмонт, калі ў 1275 годзе стаў княжыць у Пскове. У" праваслаўе хрысціўся пляменнік Міндоўга Таўцівіл, займаючы княжацкі пасад у Полацку ў шасцідзесятых гадах XIII стагоддзя. Практычна нельга назваць ніводнага літоўскага князя, які б здзяйсняў у беларускіх, украінскіх ці рускіх гарадах княжацкія абавязкі і заставаўся язычнікам.

3 Наваградка, абапіраючыся на сілы Наваградскага княства, Міндоўг распачаў аб'яднанне зямель Чорнай Русі - Гродна, Слоніма, Ваўкавыска, Нясвіжа, Здзітава, Турыйска. Літоўская дружына князя была нешматлікая. Напрыклад, Даўмонт прывёў у Пскоў трыста чалавек. Хутчэй за ўсё з такім жа прыкладна атрадам прыйшоў у Наваградак і Міндоўг і быў прыняты ў сілу добрых сяброўскіх адносін з наваградскім баярствам, якое ведала яго як здольнага ваяра. На такую думку наводзіць запіс Іпацьеўскага летапісу пра тое, што галіцка-валынскі князь Данііл Раманавіч «возведе на. Кондрата Лву Миндога (и) Изяслава Новогородского». «Возведению» гэтаму папярэднічалі такія акалічнасці: Конрад Мазавецкі, запрасіўшы Ордэн на свае землі для барацьбы з язычнікамі, перадаў яму і Драгічынскую воласць, якую Данііл Раманавіч лічыў сваёй. У адказ апошні быў вымушаны выбіваць крыжакоў з Драгічына сілай і наладзіў паход супраць Конрада, дзеля чаго залучыў сваіх саюзнікаў - Міндоўга і Наваградак. Таму ўжо ў трыццатых гадах «Літва Міндоўга» і Наваградскае княства сумесна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Дарэчы сказаць, паражэнне крыжакоў пад Драгічынам у 1237 годзе з'явілася адной з падстаў аб'яднання Нямецкага (Тэўтонскага) ордэна з Лівонскім. Па сутнасці гэта была першая бітва, дзе тэўтонцаў разбілі аб'яднаныя ўкраінска-беларускія і літоўскія войскі. На жаль, пра такі факт у нас неяк зусім не гавораць.

Полацкае княства, ушчэмленае мечаносцамі, прыйшло да саюзу з Міндоўгам - да ўзгаднення сваіх інтарэсаў з інтарэсамі Чорнай Русі і той часткі Літвы, якая была верная Міндоўгу ці падначалена ім у выніку міжусобных войнаў. 3 дапамогай чорна-рускіх палкоў князь здолеў падпарадкаваць сабе ўласна Літву; Жмудзь варожа ставілася да Міндоўга, іншыя землі Аўкштоты - Дзяволтва і Нальшаны - таксама працівіліся яго дзяржаўным намерам; паказальна, што менавіта на тыя тэрыторыі абрушыў рэпрэсіі сын Міндоўга князь Войшалк пасля пагібелі бацькі.

Дзяржаўнае аб'яднанне Русі Літоўскай і часткі літоўскіх зямель атрымала ў якасці сімвала дзяржавы наваградскі герб «Пагоня» - на чырвоным полі залаты вершнік з узнятым мячом. Гэта " быў распаўсюджаны герб, ім карыстаўся, на прыклад, і Аляксандр Неўскі. На беларускіх землях таго часу Пагоняй называлася таксама і скліканне баярства на вайну ці ў набег; Пагоня азначала ўсеагульнае апалчэнне. Толькі пры Гедыміне, ужо ў наступным, XIV стагоддзі, з'яўляецца і другі герб, так званыя «Слупы», «Калоны», што ўтварыўся з радавога знака Гедыміна, з кляйма, якім пазначалі княжацкія табуны. Да роду Калонаў належыў і Міндоўг; радавое гняздо іх знаходзілася каля Ашмян. Так што, адзначым яшчэ раз, Міндоўг - выхадзец з беларуска-літоўскага памежжа.

Аб палітычным і «геаграфічным» цэнтры Вялікага княства Літоўскага дазваляе меркаваць і мураванае будаўніцтва, якое вялося ўжо ў XIV стагоддзі Гедымінам. Пры ім былі ўзведзены замкі ў Наваградку, Крэве,

Лідзе. Але першая мураваная вежа ў Наваградку з'явілася пры Міндоўгу.

Зразумела, стваральнікі Вялікага княства Літоўскага не маглі зазірнуць на два стагоддзі наперад і прадбачыць такога развіцця падзей і адносін, якое зробіць неабходным яго дзяржаўны саюз з Польшчай. Да 1386 года ў развіцці Вялікага княства дамініравала беларуская культура, наогул беларускі пачатак, што выявілася, у першую чаргу, у дзяржаўнасці беларускай мовы. Яна была не толькі мовай канцылярыі і вялікакняжацкага двара, але і мовай феадальнай вярхушкі. Толькі пад канец XVII стагоддзя, пасля крывавай руска-польскай вайны, беларускую мову забаранілі да выкарыстання ў афіцыйным справаводстве. I замянілі яе польскай, а не літоўскай, якая таксама цярпела ад уціску пальшчызны.

Інакш кажучы, гаспадарства Міндоўга пачалося з Наваградскай зямлі, што мацнела і прылучала да сябе літоўскія землі, ужо часткова каланізаваныя, а потым і не закранутыя славянскай каланізацыяй. Наступнае прылучэнне да Вялікага княства іншых беларускіх зямель, а таксама ўкраінскіх і пэўнай часткі рускіх наогул стала неразбуральнай перашкодай для пашырэння літоўскага зместу дзяржавы. Найбольшае супраціўленне Міндоўг сустрэў на Літве, дзе дзеля перамогі над удзельнымі князямі быў вымушаны пайсці на прамы ваенны гвалт, на шырокае забойства непакорных. Нават блізкія яго сваякі арыентаваліся толькі на часовы саюз для адпору ворагам ці паходаў за лупамі.

У 1248 годзе Міндоўг захапіў землі сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Эдзівіда, а іх саміх выправіў з мячом на Смаленск, абвясціўшы: «Что кто примет - себе держнт». Іншымі словамі, Міндоўг выгнаў іх на верную смерць: пад Зубцовам войска Таўцівіла і Эдзівіда пацярпела паражэнне ў бітве з палкамі суздальцаў, масквічоў і цвяранаў. Калі ж яны засталіся жывымі, Міндоўг, як занатаваў летапісец, паслаў на іх «вон свое, хотя убити». Не столькі самыя гэтыя дзеянні, колькі праяснёныя імі намеры гаспадарства Міндоўга выклікалі стварэнне супраць яго ваеннай кааліцыі, якую ўзначаліў князь Данііл Раманавіч. Наступ на Міндоўга задумваўся ў саюзе з яцвягамі, палякамі, Жмуддзю і той часткай Літвы, што працівілася Міндоўгу. У змову былі ўцягнуты і крыжакі, зацікаўленыя ў любым аслабленні суседзяў.

Сітуацыя для дзяржавы складвалася вельмі неспрыяльна, і Міндоўг наважыўся на смелы палітычны крок: ён спісаўся з магістрам Ордэна мечаносцаў Андрэем фон Стырландам і дамовіўся з ім аб сваім абарачэнні ў каталіцтва і каранацыі. Гэта каштавала яму немалых дароў, але затое вывела з ігры Ордэн; з дапамогай срэбра выступілі з кааліцыі з Даніілам і жмудскія князі. У 1250 годзе ў Наваградку магістр Ордэна каранаваў Міндоўга спецыяльна вырабленай каронай. Немцы не толькі перарвалі саюз з Даніілам, яны вылучылі Міндоўгу ваенную дапамогу, што ў той сітуацыі стала для яго выратаваннем. Ен здолеў абараніць свае землі і фактычна выйграў вайну. У 1253 годзе праціўнікі заключылі мір, замацаваўшы яго шлюбам дачкі Міндоўга з сынам Данііла Раманавіча Шварнам.

Акцыя хрышчэння, а з большай дакладнасцю, перахрышчвання з праваслаўя ў каталіцтва не была для таго часу адзінай ці ўласцівай толькі язычніцкаму самаўладцу. Прыкладна ў такой самай сітуацыі апынуўся і князь Данііл Раманавіч, які зведаў увесь цяжар татарскага прыгнёту. Не маючы сіл супрацьстаяць ардынцам, ён задумаў прыцягнуць да вайны з татарамі заходняе рыцарства, арганізаваць крыжовы паход супраць «паганцаў», што выказалі сябе ворагамі не толькі ўсходняга але і заходняга хрысціянства. Такі паход станавіўся магчымы толькі па ўхваленню і закліку да яго папы рымскага. I князь Данііл Раманавіч увайшоў у цесныя зносіны з папай Інакенціем IV, выказаўшы ідэю уніі грэчаскай і рымскай цэркваў. Прапанова, якая абяцала атрымаць пад эгіду каталіцкай царквы вялікія тэрыторыі, была сустрэта, зразумела, з цеплынёй; адразу ж пры двары Данііла Раманавіча аказаліся папскі легат і дамініканскія манахі. Аднак на булы папы аб крыжовым паходзе супраць татараў заходняе рыцарства не адгукнулася, і, такім чынам, унія, не маючы самага галоўнага падмацавання - ваеннага, не адбылася. Але ў 1255 годзе Данііл, усё яшчэ спадзеючыся на якую-небудзь дапамогу, прыняў каралеўскую карону ад папскіх паслоў, не мяняючы пры гэтым веры. Каранацыя князя праводзілася ў Драгічыне. Калі ж высветлілася, што ў ваенных адносінах папа садзейнічаць не можа, Данііл Раманавіч разарваў з ім і сваім каралеўскім тытулам не карыстаўся. Палітычная гульня ў гэтым выпадку нічога яму не прынесла; Міндоўг жа сваім хрышчэннем разбурыў ваенны блок, які мог яго скрышыць.

Пад час гэтай вайны здарыўся з Міндоўгам звычайны для вайскоўца, аднак адзначаны летапісам, выпадак, загадкавасць якога сілкавала і сілкуе цікавасць многіх гісторыкаў. Сутнасць яго такая. Супраць Міндоўга ў пачатковы перыяд баявых дзеянняў выступіў Таўцівіл з войскам, складзеным з галічан, полаўцаў, яцвягаў і немцаў. «Мнпдог жа,- апавядае летапісец,- собрался бе н умыслял же себе не бнтнся с ннмн полком, но вннде во град нменем Ворута, н высла іпурнна своего ноіцью, н розгнаша н Русь н ятвяга. Наутро же выехаша немцы со самострелы н ехаша на не русь с половцы н стреламн н ятвязе со сулнцамн н гонншася на полн подобно нгре». Інакш кажучы, замест асады, замест спроб узяць Варуту штурмам, лезці на сцены, разбіваць браму тарасамі, марыць абаронцаў горада голадам, замест любых звычайных пры асадзе дзеянняў пад сценамі Варуты было праведзена спаборніцтва паміж саюзнымі атрадамі, вучэбны бой, дзе апранутыя ў даспехі немцы супрацьстаялі рускаму і яцвяжскаму ўзбраенню і іншай тактыцы. Аднак самае дзіўнае, што Варута засталася незахопленай. I вось чаму дзіўна. Хутка пасля гэтага Данііл Раманавіч, які сам прыбыў да тэатра ваенных дзеянняў, узяў Гродна - моцную крэпасць на Русі Літоўскай, авалодаў іншымі гарадамі. Варута ж аказалася непрыступнай. Таўцівіл толькі і знайшоўся прадэманстраваць зброю пад яе сценамі і ў бяссіллі ад'ехаў.

Што ж за горад такі Варута, які паўстае ў летапісе больш умацаваным, чым Гродзенскі замак на абрывістым высокім беразе Нёмана? Апроч працытаванага паведамлення ніякіх іншых звестак і рускія летапісы, і нямецкія хронікі пра яго не захавалі. Такая поўная невядомасць выклікала да жыцця шэраг меркаванняў і здагадак. Варуту лічылі радавым гняздом Міндоўга, ягонай «сталіцай» і змяшчалі то ў Жмудзь - у вярхоўе Дубісты пад Расены альбо ў нізоўе яе пад Эйраголу, то ідэнтыфікавалі ці з Варанянамі (на сучасным беларуска-літоўскім памежжы), ці з Лішкавам (недалёка ад Друскенікаў). На думку гісторыка Тэадора Нарбута, Варута знаходзілася на месцы Гарадзішча - паблізу Сталовічаў сучаснага Баранавіцкага раёна. Вядомы беларускі гісторык М. Ермаловіч у сваім даследаванні, прысвечаным станаўленню Вялікага княства Літоўскага, робіць здагадку, быццам слова «варута» ўтварылася ў выніку памылкі перапісчыка, які злучыў прыназоўнік з назоўнікам у адзінае цэлае. Гэта значыць, у першапачатковым запісе храніста было так: чво град нменем во Руту», што адпавядала кніжнай традыцыі нашай даўніны. Калі пагадзіцца з такой версіяй, дык крэпасць, у якой адседжваўся Міндоўг, знаходзілася непадалёку ад Наваградка, дзе і зараз ёсць некалькі паселішчаў з назвай Рута.

Меркаванне М. Ермаловіча здаецца пераканаўчым, калі зірнуць на мэту хавання Міндоўга ў Варуце з ваеннага пункту гледжання. Разважаць тут можна так. Калі Варута была дробным умацаваннем, дык дзеянні атрадаў саюзнікаў на чале з Таўцівілам не падаюцца асэнсаванню, бо колькасна яны перавышалі войска Міндоўга, пра што сведчыць ягонае рашэнне пазбегнуць палявой бітвы. Калі ж яна з'яўлялася магутным абарончым збудаваннем, тады ніводнае мяркуемае гісторыкамі месцазнаходжанне Варуты нельга прымаць у разлік, паколькі і Лішкаў, і Вараняны, і Рута, і Эйрагола былі дробнымі замачкамі, няздольнымі абараніцца ад вялікага войска. У Літве XIII стагоддзя буйных замкаў наогул не існавала, яны ўзніклі стагоддзем пазней. Чорная Русь мела моцныя крэпасці, у першую чаргу гэта Наваградак і Гродна. Але іх захапіў Данііл Раманавіч праз год пасля малапаспяховага паходу Таўцівіла; толькі тады, адціснуты на ўласна літоўскія землі, Міндоўг пайшоў на мір з праціўнікам. Таму ёсць усе падставы сцвярджаць, што Варута знаходзілася на Русі Літоўскай і ўяўляла сабой невялікае ўмацаванне, альбо за гэтай назвай хаваецца горад з моцным замкам. А мо Міндоўг зачыніўся ў Наваградку. Ці атрад Таўцівіла быў нешматлікім, і Міндоўг сустрэў яго з яшчэ меншай дружынай і схаваўся ў першае трапіўшае на вочы ўмацаванне, чакаючы падыходу другіх палкоў. Таўцівіл жа, не разлічваючы на дапамогу, вырашыў за лепшае адыйсці. Аднадзённая асада Міндоўга ў Варуце - дробны эпізод, які застаўся ў памяці, дзякуючы «турніру» паміж немцамі і рускімі і яцвяжскімі рыцарамі.

Але Міндоўг не пакінуў без увагі пададзены яму ўрок адзінства заходніх і паўднёвых суседзяў і парушыў яго прыняццем кароны і срэбрам. За некалькі наступных спакойных для князя гадоў Ордэн паспрабаваў спагнаць сваё за паслугу хрышчэння. Міндоўг вымушана даў Лівонскаму ордэну прывілей, адпісаўшы на карысць яму свае землі. (Сем падобных прывілеяў крыжакі падрабілі.) Грамата служыла знакам васальнай залежнасці Міндоўга ад немцаў і патрабавала пэўных мер ў яе апраўданне і ў апраўданне атрыманай кароны хрысціянскага валадара - у першую чаргу мер па хрысціянізацыі язычніцкага жыхарства дзяржавы, будаўніцтву каталіцкіх храмаў, прыёму місіянераў і г. д.

З'яўленне нямецкіх святароў на Літве і чарнарускіх землях выклікала, безумоўна, у насельніцтва вострае незадаволенне Міндоўгам; але ён і сам, як паказалі наступныя падзеі, не збіраўся трываць тое становішча, што яму навязвалі крыжакі. Спакваля Міндоўг рыхтаваўся да наступлення на Ордэн - і на Літве і ў Прусіі. Аднак паўстанне супраць крыжакоў і разрыў з каталіцтвам, які лічаць заслугай князя, знаходзяцца ў розных плоскасцях. Само па сабе каталіцтва было для Міндоўга зручным, нават неабходным; пашырэнне яго дазваляла князю па збягаць уціску як з боку рускіх зямель, дзе спавядалі праваслаўе, так і з боку дастаткова моцнай Жмудзі, дзе панавала язычніцтва. Паколькі большасць рускіх зямель апынулася пад татарскім прыгнётам, праваслаўе не мела ў Вялікім княстве дастатковай сілы, каб перамагчы. Прыняцце каталіцтва ставіла Міндоўга на адзін узровень з заходнімі суседзямі. Паказальна, што свайго сярэдняга сына Руклю ён таксама хрысціў у каталіцтва і абвясціў каралевічам. Таму адмова ад каталіцтва перад паўстаннем з'явілася палітычным крокам, разлічаным на супакоенне прускіх і жмудскіх князёў.

Паўстанне пачалося ў 1260 годзе з разгрому ордэнскага войска каля возера Дурбэ. Паражэнне ў гэтай бітве стала такой нечаканасцю для крыжакоў і было такім моцным, што Ордэну спатрэбілася пятнаццаць гадоў, каб вярнуць ранейшую сілу. Паўстанне захапіла ўсю Прусію і працягвалася там амаль чвэрць стагоддзя. Міндоўг сам вадзіў супраць нямецкіх рыцараў 30-тысячнае беларуска-літоўскае войска. Колькасць яго, здаецца, занадта перабольшана храністамі; 30-тысячнае войска з'явілася ў Вялікім княстве толькі на пачатку XV стагоддзя, калі дзяржава распасцёрлася ад Балтыйскага да Чорнага мораў.

Але не ў лічбах справа; важна адзначыць, што Міндоўг змагаўся з крыжакамі з напружаннем усіх сіл Чорнай Русі і Літвы.

Логіка вайны прывяла Міндоўга да саюза з Аляксандрам Неўскім. Пагадненне падмацавалі шлюбам Канстанціна - сына полацкага князя Таўцівіла, таго самага, што дзесяцігоддзем раней асаджваў свайго дзядзьку Міндоўга ў Варуце, з дачкой Неўскага Еўдакіяй. Канстанцін у гэты час быў князем віцебскім.

Але лёс ужо адлічваў для Аляксандра Неўскага і Міндоўга апошнія гадзіны. У 1263 годзе амаль адначасна памёр Неўскі і быў забіты Міндоўг. У Вялікім княстве Літоўскім пачалася міжусобіца, якая расцягнулася амаль на дзесяць гадоў. Змаганне за вялікакняжацкі пасад, звядзенне асабістых рахункаў, падзел войска па групоўках сапернікаў дрэнна адбіліся на агульнай барацьбе з крыжакамі. Ды і бліжэйшыя наступнікі Міндоўга аказаліся не надта адаронымі для дзяржаўнага кіравання. Пражыві князь яшчэ некалькі гадоў, магчыма, гісторыя другой паловы XIII стагоддзя была б іншай. Таму цікава прасачыць абставіны яго смерці.

Пасля ўмацавання сваёй дзяржавы і пераможных паходаў на крыжакоў Міндоўг адчуў сябе на вяршыні ўдачы і славы. Таленавіты палітык, чалавек моцнай волі, рашучы і непахісны, князь стаў ахвярай тых заганаў, што нараджае неабмежаваная ўлада,- усё дазволена ў адносінаў да слабейшага. У 1263 годзе памерла ягоная жонка Марта, ад якой у Міндоўга было двое сыноў - Рэпік і Рукля, яшчэ падлеткі. Жонка сканала ўначы, а на золку ганец з лістом ад Міндоўга ўжо паімчаў да яе сястры, каб ехала плакаць па нябожчыцы. Сястра была замужам за Даўмонтам - князям Нальшанскім, магчыма, ён меў сваім цэнтрам Крэва, таму сястра Марты прыехала хутка. На памінках Міндоўг абвясціў ёй, што Марта, паміраючы, загадала яму ажаніцца на сястры, бо толькі яна будзе добра прыглядаць за Рэпікам і Руклям. А паколькі апошняя воля - закон, дык Міндоўг пакінуў жонку Даўмонта пры сабе. Дарэчы, і Марту ён некалі ўзяў праз гвалт - ажаніўся на ёй, забіўшы яе мужа - булевіцкага князя Вішымунта і яго братоў Едывіла і Спрудэйку. Імёны падказваць, што гэта былі яцвяжскія князі. Як бачна, адносіны Міндоўга з жанчынамі вылучаліся, мякка кажучы, своеасаблівасцю. Наўрад ці тут таілася нейкая невядомая нам гісторыя «рамантычнай» любові князя да сёстраў, якая падштурхнула яго забіць мужа старэйшай сястры і зняважыць Даўмонта. Напрошваецца меркаванне, што Марта дасталася Міндоўгу разам з землямі братоў Булевічаў пасля іх забойства - тут палітыка сплялася з пачуццямі. А выпадак з жонкай Даўмонта інакш чым здзекам не назавеш. Адказаць сілай на такую абразу Даўмонт не мог і таму, робячы выгляд, быццам скарыўся, чакаў зручнага моманту для помсты. Праз год, калі войска Вялікага княства рушыла ў паход на чарнігаўскія землі, Даўмонт са сваім палком пакінуў яго і разам з князем Трайнатам, пляменнікам Міндоўга, ударыў на Міндоўга, які з сям'ёй і невялікай дружынай бавіў летні час недзе ў Налібоцкай пушчы.

Вялікую крыўду перажыў Даўмонт, і не было ў яго літасці да нікога. Ен забіў двух сыноў Міндоўга - Рэпіка і Руклю, а самога князя пасек, як капусту. Загінулі пры гэтым нападзе і былая жонка Даўмонта - трагічная ахвяра старэчай пахатлівасці вялікага князя, і ўся ягоная ахова. Вось так скончыў сваё жыццё выдатны палкаводзец, стваральнік новай дзяржавы, заўсёды асцярожны, з ласкі багоў зберажоны ва ўсіх бітвах князь Міндоўг. Было яму каля сямідзесяці гадоў; Даўмонту - самае большае трыццаць, жонцы яго, згвалчанай Міндоўгам і за гэта забітай, наўрад ці прамінула дваццаць пяць.

Здзейсніўшы помсту, Даўмонт вярнуўся ў Нальшаны, а вялікакняжацкі пасад заняў Трайнат. Неадкладна яму выказаў нейкія прэтэнзіі на землі і ўладу ягоны брат Таўцівіл, князь полацкі. Дзяльба зямель прывяла братоў да сваркі, пад час якой Трайнат забіў Таўцівіла; сын апошняга Канстанцін, які сеў на бацькоўскае месца ў Полацку, баючыся Трайната, уцёк у Ноўгарад. Але прагнаму да славы і ўлады братазабойцу нядоўга давялося ганарыцца і радавацца здабытай праз кроў каронай: чацвёра канюшых Міндоўга, помсцячы за свайго гаспадара, зарэзалі Трайната нажамі, калі ён ішоў у лазню.

Пасля гэтага шэрагу забойстваў на сцэну бурлівага палітычнага жыцця выйшаў старэйшы сын Міндоўга Войшалк, які хаваўся ад Трайната ў Пінску. Сілаю пінскіх палкоў ён вярнуў сабе Наваградак - сталіцу Вялікага княства - і разам з наваградцамі вырушыў караць непаслухмяных князёў Нальшанаў і Дзяволтвы. Усё варожае Міндоўгу і Войшалку баярства і князі ў Аўкштоце былі перабіты. «Войшелк же нача княжати во всей земле Литовской - апавядае летапісец,- и поча вороги свое избивати, изби их великое множество, а друзии разбегошася како кто видя». Даўмонт, напрыклад, уцёк у Пскоў, дзе хутка яго абралі баявым князем. Тут ён хрысціўся ў праваслаўе, пражыў да 1299 года, ратаваў горад ад немцаў, хадзіў паходамі на літоўцаў і ўвайшоў у гісторыю Пскова як адзін з найлепшых пскоўскіх князёў. Пры ім пачалося будаўніцтва муроў, што назаўсёды захавалі назву Даўмонтавых. Пасля смерці Даўмонт (хрысціянскае імя Цімафей) быў кананізаваны як пскоўскі святы, у царкве захоўваўся ягоны меч, якім апяразвалі кожнага новага князя. У Пскове Даўмонт ажаніўся, і тут нарадзіўся ў яго сын, названы пры хрышчэнні Давыдам, якому лёс наканаваў вярнуцца на радзіму і ўславіць яе ваенным талентам. Але пра гэта пазней, а зараз вернемся да Войшалка.

У адрозненне ад бацькі Войшалк не быў натурай цэльнай: дух ягоны кроілі супярэчнасці, ён прымаў манаства, замыкаўся ў келлі, хадзіў нават паломнікам, заснаваў манастыр, але, відаць, і затворніцкае жыццё яго не супакойвала і не задавальняла, бо зноў вяртаўся ў Наваградак князем. У 1267 годзе Войшалк паехаў ва Уладзімір-Валынскі на з'езд князёў, і тут, у манастыры, недалёка да горада, пачаў высвятляць за пітвом адносіны з Львом Данілавічам. Пэўна, добра было выпіта - бо пілі ўвесь вечар і ўначы, і ўрэшце віно зрабіла сваю справу - раз'юшаны Леў Данілавіч выхапіў меч і забіў Войшалка.

Так абарваўся лёс трэцяга гаспадара Вялікага княства Літоўскага, чалавека раздвоенага, у якім спалучаліся жорсткасць з сарамяжлівасцю, дзяржаўнае мысленне з манаскімі пачуваннямі, прага гаспадарчай дзейнасці са схільнасцю да поўнай адасобленасці ад свету і мітусні чалавечых клопатаў. Калі хавалі яго па манаскаму абраду, то, пэўна, у заснаваным ім манастыры, што прастояў на беразе Нёмана амаль сем стагоддзяў. Калі ж Войшалка хавалі як князя, дык магіла яго магла быць у Барысаглебскай царкве ў Наваградку, дзе ён прымаў хрышчэнне. Недалёка ад замка знайшоў супакой і прах ягонага бацькі. Курган Міндоўга, які і сёння з'яўляецца адной з выдатнасцей Наваградка, відаць, і ёсць тое месца, дзе пачынальнік рознанацыянальнай дзяржавы, аб'ядноўца беларусаў і літоўцаў, лёг на вечны сон.

Незадоўга да смерці Войшалк перадаў уладу свайму швагеру, Шварну Даніілавічу. Магчыма гэты ўчынак яго пакрыўдзіў Льва Данілавіча і стаў прычынай забойства. Княжанне Шварна цягнулася тры гады; у 1270-ым вялікакняжацкі пасад заняў Трайдэн. Дванаццаць гадоў ягонага панавання адзначаны змаганнем з нальшнскімі феадаламі, дробнымі князямі Дзяволтвы. У 1277 годзе ён разбіў аб'яднаныя сілы татараў і рускіх князёў, адваяваў у галічан Драгічын над Бугам, а ў немцаў - Дынабург.

3 смерцю Трайдэна, што супала з паражэннем прускага паўстання, пачалося «цомнае» дзесядігоддзе ў гісторыі Вялікага княства, дзесяцігоддзе безуладдзя ці барацьбы за ўладу, пра якое не засталося ніякіх звестак.

Але ў 1293 годзе вялікім князем прыходзіць Віцень; адзін яго родны брат, Васіль-Воін, княжыў у Полацку, другі, Гедымін, трымаў уладу хутчэй за ўсё над скаронымі Дзяволтвай і Нальшанамі. Віцень жорстка падавіў паўстанне на Жмудзі, дзе феадалы хацелі пайсці на саюз з крыжакамі, і паспяхова адбіваў наступы тэўтонцаў на Чорную Русь. У 1314 годзе ён перамог войска крыжакоў пад Наваградкам, там плячо ў плячо стаялі супраць немцаў наваградцы, гродзенцы, літоўцы, палачане. Праз два гады Віцень сканаў, і гаспадаром Вялікага княства Літоўскага стаў Гедымін. У 1323 годзе ён перанёс сталіцу дзяржавы з Наваградка ў Вільню, дзе, можна меркаваць, княжыў пры Віценю. Легенда, якая тлумачыць заснаванне Вільні ўдачлівым паляваннем Гедыміна ў гэтых мясцінах, «не памятае», што горад існаваў да таго тры стагоддзі. Каб узняць значэнне новай сталіцы Вялікага княства, Гедымін звярнуўся са спецыяльным лістом да заходнееўрапейскага насельніцтва, запрашаючы на жыццё ў «каралеўскі горад Вільню» цесляроў, ганчароў, дойлідаў - усіх рамеснікаў. Сярод новапрыбылых было шмат яўрэяў, якія ратаваліся ад пагромаў і ганенняў, характэрных для гарадоў Заходняй Еўропы. Гэтыя перасяленцы і склалі першую на Літве і Беларусі яўрэйскую абшчыну. Трэба дадаць, што Гедымін дэклараваў рэлігійную цярпімасць і роўнае стаўленне да ўсіх іншаверцаў, і з цягам часу гэта вылілася ў традыцыю грамадскага жыцця ў Вялікім княстве Літоўскім. Пры Гедыміне ў склад княства ўвайшлі ўсе беларускія землі, ён заключыў саюз з палякамі і мазавецкім князем, вёў актыўнае змаганне з крыжакамі. Загінуў вялікі князь заўчасна пры драматычных абставінах. Ля вусця Нёмана немцы пабудавалі моцны замак Баербург, які стаў асяродкам вынішчальных паходаў углыб Жмудзі. Крыжакі выводзілі ў палон жмудзінаў, палілі вёскі. Павялічвалася пагроза страты жмудскіх зямель. Баербург быў для Гедыміна як костка ў горле. Але замак атачалі тры равы, і узяць яго прыступам наўрад ці ўдалося б. На шчасце, сярод замкавай варты знайшліся два шляхцічы з анямечаных прусаў. Пэўна, памяць пра трагічны лёс сваіх дзядоў, пакораных крыжакамі, абудзіла ў іх свядомасць і яны вырашылі здрадзіць Ордэну і дапамагчы Гедыміну. Нейкім чынам сустрэліся з вялікім князем і дамовіліся, што адкрыюць замкавую браму. Гедымін хутка, падступала ж адліга, сабраў войска і рушыў пад Баербург.

Адна здрада адгукнулася другой. Сярод блізкіх да князя людзей быў немец, які служыў яму дзевяць гадоў і стаў ужо сваім. Але дазнаўшыся, што Баербургу пагражае здрада, немец папярэдзіў замкавы гарнізон. Калі Гедымін падышоў да Баербурга, дык убачыў двух сваіх прыхільнікаў на шыбеніцы, узнятай над замкавай сцяной. Вялікі князь усё ж такі распачаў асаду. Дваццаць дзён яго войска штурмавала Баербург, а на дваццаць першы за спіной Гедыміна ўзніклі прускія харугвы. Бітва з крыжакамі здарылася жорсткая, большасць княжых ваяроў загінула. Самога Гедыміна працяла варожая страла, рана сталася смяротнай. Крыжакі, замацоўваючы поспех, адразу рушылі на Жмудзь і Літву. Разгубленасць сыноў Гедыміна і абезгалоўленага войска паспрыяла ўдачам немцаў, яны захапілі вялікі палон. Нарэшце беларуска-літоўскія палкі сабраліся, крыжакоў спынілі і адолелі, але кошт перамогі быў непамерна вялікі - дванаццаць тысяч ваяроў склалі галовы ў гэтай сечы. Аднак Баербург застаўся за крыжакамі.

...Гедымін пражыў восемдзесят чатыры гады, ад двух жонак меў сем сыноў і сем дачок. Ад першай, Евы, нарадзіліся: Яўнут - князь заслаўскі, Монтвід - князь слонімскі, Нарымут - князь пінскі, Карыят - князь наваградскі, Любарт - князь на Валыні. 3 другой жонкай Вольгай, Гедымін прыдбаў двух сыноў, што сталі найбольш вядомымі князямі: Альгерд - у Крэве, Кейстут - у Троках. Дочкі Гедыміна выйшлі замуж за суседніх валадароў: Алдона стала жонкай польскага караля Казіміра, Данміла - мазавецкага князя Ванька, Марыя - мазавецкага князя Баляслава, другая Марыя - князя Дзмітрыя цверскага, Анастасія - маскоўскага князя Сімяона, сына Каліты, Бірута - князя Давыда Гарадзенскага, і сёмая дачка, імя якой засталося невядомым, была за Юрыем, князем галіцкім.

Гедыміна на троне вялікага князя змяніў Яўнут. Аднак Альгерд і Кейстут парушылі традыцыю падпарадкавання старэйшаму брату, гвалтам змясцілі яго з княжання і далі яму малы Заслаўскі ўдзел. 3 Яўнута і ўзялі пачатак князі Заслаўскія. Самі ж Альгерд і Кейстут пачалі валадарыць разам. Але вялікім князем быў Альгерд.

3 таго дня, як Міндоўг прышоў княжыць у Наваградак, пры жыцці яго наступнікаў, пры жыцці Гедыміна на землях Беларусі і Літвы сцэментавалася новая дзяржава, якая стала заслонай на шляху татарскай экспансіі на захад і тэўтонскай - на ўсход. Ролю гэтай заслоны выконвала агульнае беларуска-літоўскае войска, жывыя людзі, далёкія нашы продкі, што сваёй крывёй адстойвалі вольнасць роднай зямлі. У беларускай мінуўшчыне постаць вялікага князя Гедыміна займае пачэснае месца выразніка глыбіннай народнай зацікаўленасці ў моцным гаспадарстве, здольным абараніць людзей ад небяспекі іншаземных нашэсцяў. Калі Даўмонт, помсцячы за крыўду, забіў у Налібоцкай пушчы вялікага князя Міндоўга, калі пачаліся міжусобіцы, Гедыміну было шэсць гадоў. На яго юнацтва выпалі жахі братазабойчых войнаў. Як паміраў князь, прашыты варожай стралой, Русь літоўская, Чорная Русь з'яўлялася цэнтрам вялікай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага. Плён жыцця Гедыміна, яго празорлівай палітыкі назаўжды застаўся ў гісторыі.

Сярод бліжэйшых паплечнікаў Гедыміна вылучаўся князь Давыд Цімафеевіч - сын Даўмонта, які вярнуўся на радзіму з Пскова. Гедымін прызначаў яго гродзенскім старостам, аддаў яму ў жонкі сваю дачку Біруту. Давыд, як і бацька, меў выдатныя ваенныя здольнасці. 3 яго імем звязаны перамогі над крыжакамі пад Наваградкам, каля Гродна; у 1326 годзе ён удзельнічаў у сумесным з палякамі паходзе ў глыбіню нямецкіх зямель (даходзілі да Брандэнбурга) і ўзначальваў беларускія конныя палкі. Давыд стаў ахвярай крыжацкай змовы - падкуплены забойца працяў князя кінжалам уначы, калі той спаў, паклаўшыся на зямлю пад зорным небам. Здрадніка схапілі, пакаралі смерцю, толькі храбрае сэрца Давыда Гарадзенскага ўжо не білася.



Сіняя Вада і поле Кулікова

Другая палова XIV - пачатак XV стагоддзя адзначаны трыма самымі буйнымі ў гісторыі сярэдневяковай Еўропы бітвамі - на Сіняй Вадзе, Кулікоўскай і Грунвальдскай. Паміж імі ёсць пэўная сувязь: перамога беларуска-літоўска-украінскага войска над ардынцамі ў 1362 годзе і вызваленне Украіны далі штуршок векавому жаданню рускіх княстваў выйсці ў поле супраць татараў, а перамога Дзмітрыя Данскога над апошнімі паскорыла разгром Тэўтонскага ордэна аб'яднанымі сіламі палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў, чэхаў. Сувязь паміж гэтымі выдатнымі падзеямі, безумоўна, не простая і, тым больш, пазбаўлена прамой абумоўленасці. Узмацненне Маскоўскай Русі, шырокая слава Кулікоўскай перамогі адбіліся і на дзяржаўнай палітыцы Вялікага княства Літоўскага, далі ўзор для пераймання і, магчыма, самае галоўнае, зламалі ўсталяваны стэрэатып мыслення, што з крыжакамі трэба хітраваць, а ў вялікай бітве яны непераможныя.

Сіняя Вада пакончыла з татарскім нашэсцем на ўкраінскіх землях, Кулікоўская бітва прадвырашыла хуткі канец татара-мангольскага гнёту на Русі, Грунвальдская перамога спыніла крыжовыя паходы на Беларусь і Літву; пасля няўдачы татараў на Сіняй Вадзе Вялікае княства стала адным з буйных гаспадарстваў у Еўропе, пасля разгрому Арды на полі Куліковым пачала мацнець Маскоўская дзяржава, Грунвальд нарадзіў дзяржаўнае аб'яднанне Вялікага княства з Польшчай, зафіксаванае Гарадзельскай уніяй. Есць яшчэ адна важная прычына, якая спрыяе казаць аб Кулікоўскай бітве, прыгадваючы Грунвальдскую і на Сіняй Вадзе. Справа ў тым, што падзеі сівой даўніны, які б арэол славы іх не атачаў, як бы шырока яны не адлюстроўваліся ў літаратурных помніках, застаюцца для далёкіх нашчадкаў таямнічымі. Лепш будзе мовіць, што ў гэтых падзеях многае ніколі не пакіне хваляваць нас недаступнай для пранікнення загадкавасцю. Увекавечаныя летапісцамі ці тагачаснымі гісторыкамі апісанні абедзвюх бітваў - Кулікоўскай і Грунвальдскай, а яшчэ больш - на Сіняй Вадзе, падобныя адным - недакладнасцю і прыблізнасцю: па іх цяжка, а то і наогул немагчыма ўявіць ход, развіццё бітваў, колькасць палкоў, дзеянні войска, ролю гістарычных асоб і шмат чаго іншага, звязанага з ваенным бокам падзей. Колькі гісторыкаў не бралася рэканструяваць дынаміку баявых дзеянняў у летні дзень 1362 года на палях каля Сіняй Вады, ці 8 верасня 1380 года на Куліковым полі, або 15 ліпеня 1410 года ў наваколлі вёскі Грунвальд, кожны ў сваіх пошуках натрапляў на такія акалічнасці, якія дазвалялі будаваць у чымсьці новую версію, па-рознаму трактаваць і агульную колькасць войскаў, і іх склад, і ўчынкі тых ці іншых удзельнікаў гэтых пераломных падзей украінскай, беларускай і рускай гісторыі. Цікава, нарэшце, і тое, што былі людзі, якім надарыўся сумны лёс (нельга сказаць - пашчасціла) біцца ў абедзвюх крывавых сечах першай і другой ці другой і трэцяй. Галоўным чынам такая доля напаткала нашых продкаў - наваградцаў, гродзенцаў, палачан, літоўцаў.

Таму варта прасачыць, наколькі гэта магчыма, непасрэдны ўдзел у Кулікоўскай бітве беларусаў і наогул асвятліць тую канкрэтную ролю, якую адыграла іх спачуванне барацьбе рускага народа супраць татарскага прыгнёту. Думаецца, нежаданне беларусаў змагацца на баку Мамая істотна паўплывала на зыход бітвы на карысць рускай зброі.

Вайна, як вядома,- працяг палітыкі сродкамі насілля. Стратэгія панавання Залатой Арды над рускімі землямі не дапускала іх аб'яднання, удзельная раздробненасць рускіх княстваў, узаемны недавер і варожасць князёў, іх неахвота паступіцца сваім дзеля агульнай справы дазволілі татарам доўгі час стрымліваць з'яўленне моцнай рускай дзяржавы. Але феадальная цэнтралізацыя як гістарычны працэс знайшла здольных да такой няпростай, жорсткай справы людзей. Суб'ектыўна іх клопаты і ўчынкі маглі мець (і часцяком мелі) непрывабны, нешляхетны выгляд. Аб'ектыўна ж яны былі героямі гэтага працэсу.

На пачатку XIV стагоддзя ў ролі аб'ядноўцаў рускіх зямель выступілі два самыя моцныя рускія княствы - Цверскае і Маскоўскае. Але, каб стаць аб'яднальнікам, трэба мець сілу, бо суседнія княствы і ўдзельныя князі добрай воляй падпарадкавацца, мяняць самастойнасць на становішча князёў падручных, падкаленных, падначаленых, зразумела, не жадалі. Таму галоўным і адзіным сродкам згуртавання магла быць толькі рэальная сіла - войска, якім забяспечваў і гарантаваў поспех сваёй палітыкі той, хто здзяйсняў гэты саюз - Масква ці Цвер. Яны сапернічалі. Саперніцтва тое адзначана шэрагам драматычных, а то і трагічных падзей - войнамі, інтрыгамі, здрадніцтвам, звяртаннем за дапамогай да ворагаў.

Самае цяжкае сутыкненне адбылося ў 1327 годзе, калі маскоўскі вялікі князь Іван Каліта хадзіў паходам на Цвер разам з татарскім войскам і, як адзначана ў летапісе, «положил Тверскую землю пусту». Гэтая межавая ўзаемная варожасць не астывала яшчэ паўстагоддзя. Толькі паход Дзмітрыя Данскога ў 1375 годзе даў Маскве перамогу над Цверру. Цверскі князь Міхаіл Аляксандравіч быў вымушаны заключыць з Дзмітрыем мір, па ўмовах якога прызнаваў сябе «малодшым братам» маскоўскага вялікага князя і абяцаў яму дапамагаць сваім апалчэннем супраць татараў. Такі значны поспех Данскога быў невыпадковым. Рыхтуючыся да паходу на Цвер, Маскоўскае княства здолела падпарадкаваць сабе ніжагародскага, галіцкага, растоўскага, старадубскага князёў і такім чынам значна павялічыла сваю тэрыторыю і, што больш важна, свае ўзброеныя сілы.

"У наступным годзе Дзмітрый рушыў на камскіх балгараў і пасля пераможнай бітвы абавязаў іх заплаціць выкуп. Акрамя таго, да балгараў сеў заструга (зборшчык даніны) ад Масквы. Такой смеласці не дазваляў сабе раней ніводзін рускі князь.

Поспехі і мэта накіраванасць палітыкі маскоўскага княства занепакоілі Мамая, і ён вырашыў спыніць Дзмітрыя, падрэзаць яму крылы. Летам 1378 года на Маскву выправілася татарская раць на чале з Бегічам. Рускія і татарскія палкі сышліся на рацэ Вожы, 11 жніўня адбыўся бой, у якім татары ўпершыню за гісторыю свайго панавання на рускіх землях панеслі поўнае паражэнне. Зразумела, што яны не маглі пагадзіцца, каб такая акцыя Маскоўскага вялікага княства стала прэцэдэнтам, а ваяўнічы князь пазбегнуў адпаведнага пакарання. Мамай пачаў рыхтаваць карны паход на Маскву. Але ў гэты час становішча Залатой Арды было не лепшым. Татарскую дзяржаву раздзірала смута. На ардынскім троне ханы змяняліся, можна мовіць, імгненна: не паспеў сесці - як ужо забіты, ці сагнаны, ці сам саступіў, баючыся чарговага саперніка. За кароткі тэрмін ханскую шапку насілі Бердыбек, Кульпа, Наврус, Хідыр, Цяміз-Хазя, Арзу-Менік, Кізільбек, Белаз, Амурат. Ад Залатой Арды практычна адышлі густанаселеныя землі Ніжняга Паволжа. Варожыя адносіны склаліся ў Мамая з ханам Кіпчацкай Арды Тахтамышам, што быў нашчадкам Чынгіз-хана і ўзначаліў кіпчакоў у 1376 годзе з дапамогай знакамітага Тамерлана. Пры такіх абставінах трываць узмацненне Маскоўскага княства, дзеянні якога ўшчэмлівалі эканамічныя і ваенныя інтарэсы Арды, было б раўназначна самазабойству.

Жыццёвай патрэбай для Мамая стаў пошук саюзнікаў супраць Масквы, і ён адшукаў іх ў асобах вялікага князя Літоўскага Ягайлы і разанскага князя Алега. Нявыгаднае становішча разанскіх зямель паміж маскоўскімі і ардынскімі патрабавала ад Алега асцярожнасці і палітычнай гнуткасці. Адказаць Мамаю на прапанову саюзу супраць Дзмітрыя рашучым «не» было немагчыма - назаўтра ж ардынцы пайшлі б на яго княства з агнём і мячом. У гэтым не прыходзілася сумнявацца. "У 1365 годзе Разань зведала набег хана Тагая. У 1373, 1377, 1379 гадах Арда зноў спусташала Разанскае княства, гэта значыць зусім напярэдадні Задоншчыны. Адмова залатаардынцам азначала неадкладны, бязлітасны напад. Не пазбаўляла Алега ад такой пагрозы і магчымае паражэнне Масквы ў сутыкненні з татарамі. Роўна як не гарантавала бяспекі і мажлівая перамога Масквы - Разанскае княства ў любым выпадку заставалася парубежным, адчыненым для набегаў. 3 другога боку, для Алега не мелася сэнсу пагадняцца з Масквой, бо любая падтрымка абарочвалася выдаткамі для незалежнасці княства, якой Алег прагнуў. Сітуацыя для князя складвалася вельмі драматычная, нават, можна мовіць, трагічная, як заўжды бывае, калі слабаму выпадае стаяць паміж двума волатамі, якія б'юцца. I Алег выказаў зразумелую гнуткасць: Мамаю даў згоду, Маскве абяцаў свой нейтралітэт. Так што бірка «здрадніка агульнарускай справы> навешана на яго безпадстаўна, без уліку рэальных умоў ягонага становішча. Калі ён і здрадзіў, дык толькі Мамаю, бо праінфармаваў Дзмітрыя аб будучым паходзе. Канешне, для рускага войска на Куліковым полі было б лепш атрымаць у свае шэрагі разанскае апалчэнне, але за такі крок Алега магло паплаціцца жыццём усё разанскае жыхарства - пагалоўна.

Другі саюзнік татараў - Ягайла - меў кроўную зацікаўленасць у разгроме Масквы ці, самае меншае, у ваенным аслабленні Маскоўскага княства. У гэтых адносінах ён працягваў палітыку свайго бацькі - вялікага князя літоўскага Альгерда, таму мэтанакіравана вёў лінію на пашырэнне мацнеючага гаспадарства за кошт рускіх зямель. Аднак змова Ягайлы з Ардой была палітычнай навіной. Так раней не рабілі. Наадварот, татары лічыліся ворагамі. Яшчэ добра памяталася, як бацька Ягайлы князь Альгерд здзейсніў супраць Арды некалькі пераможных паходаў: у 1362 годзе беларусы, літоўцы і ўкраінцы нанеслі паражэнне татарам на Сіняй Вадзе - тады ў іх была аднята жытніца ўсходнеславянскага поўдня Падолле; у 1365 годзе Альгерд ад біў у татараў Кіеў. Праўда, адначасна вялося далучэнне суседніх княстваў: у 1358 годзе Альгерд заняў Мсціслаўль, праз тры гады - Тарапец; да Вялікага княства Літоўскага перайшлі Бранск, Трубчэўск, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Рыльск, Чарнігаў, Старадуб. Стала відавочным, што Альгерд імкнецца прылучыць смаленскія землі. Такім чынам, Масква і Вялікае княства Літоўскае непазбежна рухаліся да сутыкнення. На 1380 год варожасць бакоў мела ўжо дастатковую гісторыю, распачалася яна пасля смерці Гедыміна, калі ўладу ў беларуска-літоўскім гаспадарстве падзялілі яго сыны Альгерд і Кейстут.

Узаемаадносіны валадарных братоў ад тэмы размовы - беларусы і Кулікоўская бітва - неаддзельныя. I вось чаму. Вялікае княства Літоўскае, пачынаючы з Міндоўга, складвалася, як было адзначана вышэй, з беларускіх, літоўскіх і жмудскіх зямель, правіў якімі самадзержац. Гады панавання Альгерда і Кейстута далі адхіленне - двоеўладдзе, і Вялікае княства падзялілася на Віленскую і Трокскую паловы. Першая належала Альгерду, другая - Кейстуту. Трокская ўключала непасрэдна Трокскае княства, Жмудзь, Падляшша, Палессе, Брэсдкую і Гродзенскую землі, большую частку Лідскай і палову Наваградскай зямель - іншымі словамі, амаль што ўвесь захад Вялікага княства. Альгердаву палову складалі, калі лічыць па гарадах, Вільня, Полацк, Віцебск, Крэва, Ашмяны, Іўе, Менск, Ігумен, Бабруйск, Барысаў. Слуцк, Орша, Магілёў, Рэчыца, Быхаў, Капыль, Крычаў, Рагачоў, Чаусы, Мсціслаўль, Бранск, Ноўгарад-Северскі - інакш кажучы, усходнія землі княства. Адпаведна браты падзялілі і сферу знешняй палітыкі і функцыі па ахове дзяржаўных межаў. Кейстут супрацьстаяў Тэўтонскаму ордэну, палякам, венграм; Альгерд дзейнічаў на ўсходніх і паўднёвых рубяжах супраць рускіх і татараў.

Гэты падзел Вялікага княства на Віленскую і Трокскую палову, на Альгердаву і Кейстутаву, стаўся цвёрдым і агульнапрызнаным, пра што сведчыць факт утварэння Віленскага і Трокскага ваяводстваў па Гарадзельскай уніі 1413 года, калі ні Кейстута, ні Альгерда ўжо не было на свеце і паўнату ўлады трымаў у сваіх руках сын Кейстута Вітаўт.

Атрымаўшы пасля смерці бацькі ў 1377 годзе вялікакняжацкую карону, Ягайла прыняў Віленскую палову і палітыку ваеннага ўціску на Маскву. Чаму ж у першую чаргу на Маскву, а не на саслабелую ад маскоўскіх нападаў Цвер? Для таго меліся пэўныя падставы. Маткай Ягайлы была цверская князёўна Юльяна, і вузы сваяцтва Альгерда з цесцем - князем Міхаілам Аляксандравічам - знітоўвалі ў адзінае цэлае іх непадобную ў аснове варожасць да Масквы. У 1368 і 1370 гадах Альгерд правёў паспяховыя паходы на Маскоўскае княства, разбурыў сталіцу, асаджаў Крэмль. Аднак тыя выступленні хутчэй насілі папераджальны характар - на сур'ёзную бітву з Масквой Вялікае княства Літоўскае пайсці не магло, меліся акалічнасці, якія гэтага не дазвалялі. Працяглая вайна на ўсходніх межах садзейнічала б захопу крыжакамі Жмудзі і заходніх беларускіх зямель. Вялікаму княству кожны год прыходзілася адбіваць то два, а то і шэсць - восем рыцарскіх нашэсцяў. За 1345- 1377 гады Беларусі і Літве надарылася стрымліваць сто нямецкіх набегаў і нападаў і сорак два разы абвяшчаць Пагоню - у адказ на націск крыжакоў. На тыя гады, асабліва на 70-ыя, прыпадаюць і войны з Польшчай, і паходы за лупамі на польскія землі.

У 1370 годзе Кейстут і ягоны брат Любарт напалі на польскую частку Валыні. У 1376-ым адбыўся новы паход пад вяршэнствам Кейстута. Гэтыя набегі, якія немагчыма было прадбачыць і прадухіліць, выклікалі ў асяроддзі дзяржаўных мужоў Польшчы ідэю ўтаймавання Вялікага княства шляхам дынастычнага шлюбу, што здзейсніўся пазней - праз колькі часу пасля Кулікоўскай бітвы. Таму ў гады, якія папярэднічалі жорсткаму пабоішчу, Трокская палова княства наогул забылася, што такое мір, і для напружанай барацьбы з патэнцыяльна мацнеючым праціўнікам - Масквой - Вялікае княства не мела неабходных ваенных рэсурсаў.

Нечаканая прапанова Мамая прыйшлася Ягайлу на руку: ён вырашыў скарыстаць зручны выпадак. Супраць Масквы яго распаляла яшчэ і тая дапамога, якую маскоўскі князь аказваў ягонаму брату Андрэю - полацкаму князю. Трэба адзначыць, што ў цэлым становішча Ягайлы на віленскім пасадзе было даволі няўстойлівым. Пераняўшы бацькава месца, ён сустрэў супраціўленне сваіх братоў, асабліва ад шлюбу Альгерда з віцебскай князёўнай Марыяй; старэйшы, Андрэй, княжыў у Полацку, Уладзімір - у Кіеве, Дзмітрый - у Бранску, Дзмітрый-Карыбут - у Ноўгарадзе-Северскім. Кожны з іх прагнуў аддзяліцца, а Андрэй лічыў за сабой болын правоў на вялікакняжацкую карону, чым меў Ягайла. Толькі галоўным праціўнікам Ягайлы стаў яго дзядзька - стары князь Кейстут. Трымаючы ў руках палову зямель і войска, ён і думкі не дапускаў падпарадкавацца рашэнням і жаданням свайго пляменніка. Паміж Кейстутам і Ягайлам пачалася вострая, але ў той час яшчэ скрытая вайна.

Не рызыкуючы выступіць супраць стрыя адкрыта, Ягайла дамовіўся з крыжакамі, якія за абяцаную ім уступку Жмудзі пачалі разбураць землі і гарады Трокскай паловы, абмінаючы Віленскую. Усё вяло да ўзброенага канфлікту: ён выбухнуў, калі Кейстут, атрымаўшы дакументы аб саюзе пляменніка з немцамі, скінуў яго з вялікакняжацкага пасада на ўдзельны віцебскі, і скончыўся паўстаннем Ягайлы і гвалтоўнай смерцю Кейстута ў Крэўскім замку. Але драматычныя гэтыя падзеі меліся адбыцца неўзабаве пасля Кулікоўскай бітвы, а ў 1380 годзе, пад час збораў Ягайлы на Дон, узаемная нянавісць толькі выспявала. Ды і пры добрых адносінах агаліць рубяжы з крыжакамі было б вялікай рызыкай. Таму палескія, жмудскія, падляшскія, брэсцкая, гродзенская, ваўкавыская, слонімская, часткова лідская і наваградская землі не далі Ягайлу ніводнага ваяра.

Якія ж сілы меў Ягайла, калі рушыў на дапамогу Мамаю? За выключэннем трох-чатыроў цалкам літоўскіх харугваў (палкоў) войска яго складалася з усходнебеларускага насельніцтва. Але тут не было палка з Полацкага княства, які выступаў на баку Дзмітрыя Данскога. Наўрад ці Ягайла мог весці болей 8-10 тысяч вояў. 3 якіх меркаванняў паўстае такі падлік? Да нашага часу захаваліся «попісы» беларуска-літоўскага войска ад 1529 і 1564 гадоў, дакладней кажучы, коннага войска. Дык вось, на пачатку XVI стагоддзя Вялікае княства Літоўскае трымала 25 тысяч магнацкай і шляхецкай конніцы. На Віленскую палову прыходзілася, можна лічыць, 12 -13 тысяч, аднак, прымаючы пад увагу рост жыхарства з 1380 па 1529 год, гэтую лічбу трэба скараціць прыкладна на трэць, што і дае 8-9 тысяч у конных харугвах. Далёкі паход патрабаваў заводных коней, падвод для перавозкі зброі і харчоў - таму неабходна дадаць 1-1,5 тысячы чэлядзі, якая ў баі выкарыстоўвалася як пяхота. Ягайла мусіў пакінуць нейкія сілы ў гарнізонах (пры Вільні і іншых замках) - няхай агульнай колькасцю ў тысячу чалавек. Такім чынам, ён рушыў на Дон, маючы 7-8 тысяч коннага войска і паўтары тысячы пяхоты.

А зараз прасочым, як апынуліся пры Дзмітрыі Данскім палачане. Папярэднія Кулікоўскай бітве трынаццаць гадоў полацкім князем сядзеў Андрэй Альгердавіч. Апроч таго, ён правіў у Пскове, але не трывала і не цвёрда, паколькі пскавічам не падабалася, што Андрэй больш часу жыве ў Полацку і не выконвае свае абавязкі перад Псковам. У 1377 годзе, калі Альгерд на смяротнай пасцелі прызначыў сваім наступнікам Ягайлу, князь Андрэй палічыў сябе ўшчэмленным: па праву першародства вялікакняжацкая карона належала яму. Спроба адняць у Ягайлы трон сілай не ўдалася і няўдача прымусіла яго пакінуць Вялікае княства.. Андрэй падаўся ў Маскву да князя Дзмітрыя Іванавіча, дзе ўсе літоўскія і беларускія князі-ўцекачы знаходзілі цёплы, паважлівы прыём.

У гэты час у Маскве гасцяваў дваюрадны брат Андрэя - князь Дзмітрый Міхайлавіч Баброк-Валынскі, жанаты на сястры Дзмітрыя Данскога; родная сястра Андрэя Полацкага Алёна была жонкай дваюраднага брата Дзмітрыя Данскога - сярпухоўскага князя Уладзіміра Андрэевіча. Так што Андрэй Полацкі прыбыў да самых блізкіх сваякоў, і яго намер спіхнуць Ягайлу сустрэў падтрымку ў Крамлі, бо любая смута ў Вялікім княстве Літоўскім ішла на карысць Маскоўскаму вялікаму княству.

Па тагачасных законах князь, адбываючы служыць ў іншае гаспадарства, меў пры сабе двор і атрад прыхільнага да яго баярства. У Андрэя
такое наваколле складалася з палачанаў. Зразумела, што галоўнай мэтай ад'езду ў Маскву было спадзяванне на ваенную дапамогу ў барацьбе з Ягайлам. Але Маскоўскае княства само адчувала вострую патрэбу ў ратных людзях - надыходзіла вайна з Мамаем. Да таго ж прыпала на той 1377 год паражэнне рускіх на рацэ П'яне, дзе, скарыстаўшы недысцыплінаванасць праціўніка, татары знішчылі перадавы полк маскоўскага войска. Князю Андрэю давялося паваяваць дзеля Дзмітрыя. Так, ён і яго полацкі атрад разам з Дзмітрыем Баброкам удзельнічалі ў 1378 годзе ў пераможнай бітве на Вожы, якая стала рэпетыцыяй поўнага разгрому татар на Кулікоўскім полі. Наступны, 1379 год быў для Масквы спакойны, і Андрэй Полацкі, атрымаўшы ад Дзмітрыя нейкія падмацаванні, вярнуўся на радзіму і распачаў ваенныя дзеянні супраць Ягайлы.

Чаму ж падтрымоўвалі князя Андрэя палачане, чым так не ўнаравіў ім «вялікі князь Літвы, Русі і Жмудзі»? Галоўнай прычынай стала самаўпэўненасць Ягайлы, які не палічыўся з рэлігійнымі пачуццямі і традыцыямі полацкіх жыхароў. Скінуўшы ў 1377 годзе князя Андрэя, ён прызначыў намеснікам у Полацк свайго роднага (і па бацьку і па маці) брата Скіргайлу. Апошні ў адрозненне ад Андрэя не прымаў хрышчэння, быў язычнікам. Наколькі гэты ўчынак вялікага князя абразіў палачан, сведчыць тое, што раз'юшаны натоўп пасадзіў Скіргайлу на каня задам наперад і пагнаў па вуліцах за гарадскую сцяну пад улюлюканне і свіст. Калі праз некалькі гадоў Скіргайлу зноў прыйшлося з'явіцца ў Полацку ў якасці намесніка, дык ён, каб увайсці ў паразуменне з палачанамі, хрысціўся ў праваслаўе і ўзяў імя Іван.

Наогул, у беларускіх гарадах, асабліва на Ўсходняй Беларусі, прыняцце горадам князя-язычніка, тым больш іншаверца, было справай немагчымай. 3 дванаццаці сыноў Альгерда адзінаццаць хрысціліся ў праваслаўе, гэта значыць прымалі рэлігію, якая зацвердзілася ў беларусаў. Таму яны вядомыя з двума імёнамі - хрысціянскім і язычніцкім: Сямён-Лінгвен, Фёдар-Віганд, Васіль-Карыгела, Дзмітрый-Карыбут, Іван-Скіргайла. Нават Ягайла мусіў перайсці ў «грэчаскую веру» і прыняць імя Якаў; канкрэтная прычына яго ўчынку мае прамое дачыненне да Кулікоўскай бітвы, як мы ўбачым гэта ніжэй. Праваслаўныя беларусы складалі пераважную большасць у войску Вялікага княства Літоўскага, лічылі за святы абавязак абараняць свае рэлігійныя перакананні, якія атаясамліваліся з былой палітычнай самастойнасцю. Тое, што з пункту гледжання іерархаў царквы іх рэлігійныя ўяўленні з'яўляліся недарэчнай сумессю хрысціянства і язычніцтва,- справа асобная, галоўнае, што яны самі прызнавалі сябе хрысціянамі і адрознівалі свайго ад чужога па адзінай і выразнай прыкмеце - ёсць на ім крыж ці няма. Таму Андрэй Альгердавіч, вярнуўшыся ў 1379 годзе на Полаччыну, знайшоў там шырокую падтрымку. Да яго прымкнуў кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч, які таксама марыў пра самастойнасць. Увогуле ўсё праваслаўнае насельніцтва Вялікага княства было незадаволена, што дзяржаўны трон заняў язычнік Ягайла, і спачувала ягоным праціўнікам. Вядома ж, патураючы такім настроям, Масква рабілася для Ягайлы тым больш варожай.

Атрымаўшы ад разанскага князя тайнае паведамленне пра маючы быць напад Арды, Дзмітрый Данскі звярнуўся да ўсіх рускіх княстваў за падтрымкай. Не абмінулі гэтыя заклікальныя лісты і Андрэя Полацкага. Ён сабраў полк і рушыў пад Каломну, куды сцягвалася руская раць. Якую ж сілу накіраваў на поле Кулікова Андрэй? Як пскоўскі князь ён вёў полк пскавічоў. Уся Пскоўская зямля на выпадак вайны магла выставіць тысяч восем ваяроў. У далёкі паход пайшлі хутчэй за ўсё конныя добраахвотнікі. Колькасна гэты полк мо ці перабольшваў 500-600 чалавек. Што датычыцца Полацкага княства, дык тут Андрэй як гаспадар меў магчымасць выдзеліць болей людзей. Полацк з'яўляўся адным з буйнейшых гарадоў Беларусі і Усходняй Еўропы: жыхарства яго на той час, як мяркуюць гісторыкі, складала прыкладна 20 тысяч. Адпаведна пры вайсковай мабілізацыі ў дзесяць працэнтаў горад мог даць дзве тысячы вояў. Такую ж колькасць мелася паслаць баярства са сваіх вотчын. Наўрад ці з Андрэем пайшлі ўсе полацкія ратнікі; бліжэй да праўды лічба, зменшаная ўдвая. Застаецца дзве з паловай - тры тысячы. Вось з такім палком і прыбыў Андрэй Полацкі да Дзмітрыя Данскога.

Мала гэта ці шмат? Адказ на такое пытанне можа даць толькі падлік колькасці людзей у войску Дзмітрыя. У «Сказаннях о Мамаевом побоище» руская раць акрэсліваецца ў 200-400 тысяч ваяроў. Рускія летапісцы называюць меншую лічбу - 150 тысяч. Але ўсё гэта звесткі легендарныя, на іх ляжыць моцны адбітак паэтычнай вобразнасці. Армія падобных памераў з'явілася ў Расіі толькі ў Пятроўскую эпоху. У 1380 годзе Маскоўская Русь такой колькасці ваяроў ніякім чынам сабраць не магла. Па розных падставах не ўсе рускія землі прынялі ўдзел у Кулікоўскай бітве. Не адгукнуліся на заклік Дзмітрыя Цверскае, Ніжнегародскае і Суздальскае княствы, Наўгародская зямля, засталіся ў баку Смаленскае княства і, як ужо гаварылася, разанскі князь Алег. Апроч непасрэдна масквічоў у склад рускага войска ўвайшлі палкі ўдзельных князёў - белазерскіх, яраслаўскіх, мурамскіх, кашынскіх, ялецкіх, мяшчэрскіх, бранскіх і гарадскія палкі з Каломны, Сярпухова, Уладзіміра, Кастрамы, Растова, Старадуба, Пераяслаўля-Залескага, Калугі, Дзмітрава і некаторых іншых. Так што сілы Дзмітрыя Данскога былі абмежаваныя. Па падліках гісторыкаў, у 1630 годзе агульная колькасць арміі рускай дзяржавы складала 93 тысячы чалавек. Паўстагоддзем раней, пры Іване Грозным, рускае палявое войска налічвала 70 тысяч ваяроў, з іх 10 тысяч - татараў і 4 тысячы - наймітоў. Такім чынам, уласна рускае войска ўтрымлівала ў сабе 56 тысяч. Але двумя стагоддзямі раней тэрыторыя Маскоўскай дзяржавы была ўтрая меншая; адсюль вынікае, што нават без уліку росту жыхарства Дзмітрый Данскі мог весці пад сваімі сцягамі прыкладна 20-25 тысяч ратнікаў.

Да гэтай лічбы падводзяць і іншыя разлікі. Пад канец XIV стагоддзя насельніцтва Масквы не перавышала 20 тысяч чалавек. Пры самым напружаным прызыве (у дваццаць працэнтаў) яна магла выставіць полк у 5 тысяч вояў. Другія гарады сталічнага і пабочных княстваў былі значна меншымі - адна-тры тысячы жыхароў. Калі дапусціць, што ў Радонежы, Звянігорадзе, Абаленску, Перамышлі, Рузе, Мажайску, Бароўску, Багалюбаве, Юр'еве, Дзмітраве, Пераяслаўлі жыло па тысячы, а ў Серпухове, Каломне, Мураме, Старадубе, Уладзіміры, Углічы, Калузе, Яраслаўлі - па 3 тысячы чалавек, дык пры звышнапружанай мабілізацыі з гарадскога жыхарства здолела пайсці на бітву 7 тысяч ратнікаў.

У першай палове XVI стагоддзя сельскае насельніцтва рускай дзяржавы, як падлічыў гісторык Е. А. Разін, складала 1,1 мільёна чалавек. Сярод іх мужчын прызыўнога ўзросту было 280 тысяч. Такім чынам, пры мабілізацыі ў дзесяць працэнтаў (а для сельскай мясцовасці паказчык высокі) рускія сяляне маглі выдзеліць на вайну 28 тысяч чалавек. Гэта праз 150 гадоў пасля Кулікоўскай бітвы і пры пашыранай прасторы дзяржавы. А ў 1380 годзе Дзмітрый наўрад ці здолеў сабраць апалчэнне болей чым у 12-15 тысяч сялян. Сюды трэба дадаць абоз. Для паходу на кожныя 8-10 чалавек патрабавалася падвода. На 25 тысяч войска - 2-3 тысячы запрэжаных вазоў, што дае яшчэ 2-3 тысячы пяхоты; пэўную колькасць складалі канаводы, якія вялі запасных коней.

У рускім апалчэнні на конніцу прыпадала палова сілы; пра гэта сведчыць склад войска ў 1580 годзе, калі з агульнай яго колькасці ў 56 тысяч на памесную конніцу прыходзілася 25 тысяч. Падсумоўваючы сказанае, можна меркаваць, што Дзмітрый Данскі меў на полі Куліковым 15 тысяч конных ваяроў і такую ж колькасць пешых. Гэта была вялізная раць. Яна патрабавала нябачанага раней напружання сіл рускага народа, закранула ўсе гарады, кожную вёску. Менавіта таму Кулікоўская бітва і засталася ў людской памяці - рускія землі, за кліканыя пабіць Мамая, далі для перамогі ўсё, што маглі даць, нічога не ўтаілі, выйшлі на поле Кулікова на мяжы сваіх вайсковых магчымасцей. Для параўнання прыгадаем: на ўзяцце Казані ў цяжкі шматмесячны паход Іван Грозны вёў 50-тысячнае войска. У самай буйной бітве XIX стагоддзя пад Барадзіном з расійскага боку ўдзельнічала 125 тысяч салдат і афіцэраў. А Кулікоўскае пабоішча адбылося на 430 гадоў раней. Так што 25 тысяч Дзмітрыя Данскога на той час з'яўляліся надзвычай вялікай раццю.

Тым не менш, хоць і збіралася вялізнае войска, князь Дзмітрый Іванавіч не мог адчуваць сябе спакой на. Занадта было ў яго «нябыльцаў» - людзей, якія ішлі на вайну ўпершыню і не звычныя да працяглага бою. Вось чаму з удзячнасцю ўспрыняў ён (гэта адзначылі ўсе рускія летапісы) прыход братоў Альгердавічаў - Андрэя з полацкім і пскоўскім, Дзмітрыя з бранскім палкамі. Да таго ж браты мелі багаты баявы вопыт і карысталіся павагай, пра што даводзіць давер Андрэю палка правай рукі, а князю Дзмітрыю - асобнага палка рэзерву. У мастацкай форме тую пашану адлюстраваў адзін з найлепшых творах тагачаснай літаратуры - «Задоншчына»: «О, соловей, летня птица, чтобы ты, соловей, выщекотал земли Литовской дву братов Альгердовичей - Ондрей да брат его Дмитрей Альгердовичей, да Дмнтрей Волынский. Те бо суть сынове храбрии, крчати в ратном времени, ведоми полководцы, под трубамн и под шеломы возлелеяны, конец копия вскормлены..».

Такое ж прыкладна войска - крыху меншае ці большае - прывёў на бітву Мамай. Міжусобіцы ў Ардзе не дазвалялі сабраць раць са значнай перавагай; гэта вымусіла Мамая дамагацца саюзнікаў і запрасіць наймітаў - генуэзскую пяхоту.

3 Масквы на Каломну, дзе быў прызначаны агульны збор, рускія палкі рушылі трыма шляхамі. Чаму трыма? 3 меркаванняў зручнасці. Калі адмераць на адну падводу сем метраў дарогі, дык абоз у тры тысячы падвод заняў бы дваццаць адну вярсту, а як прысумаваць сюды расцягнутыя на пятнаццаць кіламетраў конныя атрады (тры метры на каня пры трох вершніках у шарэнзе) ды яшчэ не менш пяці вёрст пад пяхотай, то паходны парадак патрабаваў бы 40-45 кіламетраў пры максімальнай шчыльнасці калоны. Аднак і тры калоны па пятнаццаць кіламетраў у глыбіню - карціна ўражлівая.

26 жніўня Дзмітрый Данскі правёў агляд войска. Адпаведна рускай ваеннай тактыцы яно было падзелена на пяць палкоў: перадавы, правай рукі, вялікі, левай рукі, засадны. Аб колькасных суадносінах гэтых фарміраванняў дае ўяўленне роспіс рускай раці, якая ў 1562 годзе хадзіла ў Лівонскі паход: полк перадавы - 5400 чалавек, правай рукі - 4000, вялікі - 5800, левай рукі - 3400, царскі - 6200. Апошні прыкладна адпавядае засаднаму палку XIV стагоддзя.

У апошні дзень жніўня рускае войска пераправілася цераз Аку і рушыла да поля бітвы. Ад пераправы да яго было 125 кіламетраў. На такой жа адлегласці ад Кулікоўскага поля знаходзіліся войскі Ягайлы і Алега разанскага. Мамай, хоць і стаяў бліжэй да Дону, чым астатнія, пасоўваўся марудна, чакаючы саюзнікаў. Заўвага пра аднолькавую для ўсіх бакоў сутыкнення працягласць дарогі вельмі важная, бо ўдзельнікі Мамаевай кааліцыі мелі магчымасць прыйсці на бітву ў адзін і той жа час. Ніхто з іх не быў пастаўлены ў горшае становішча па якасці шляхоў, колькасці пераходаў. Аднак Ягайла на поле не з'явіўся. Чаму - будзе апавядана ніжэй.

Перамогу рускім у бітве забяспечыла зусім не колькасная перавага, калі нават дапусціць, што яна мела месца, і справа наогул не ў меншай ці большай колькасці дзідаў і сякер. Татары добра ведалі, за што ідуць змагацца. У Арду з рускіх зямель цёк срэбраны ручай. Адна Масква давала ёй пяць тысяч рублёў - па тых часах неймаверныя грошы. Нездарма на Усходзе хадзілі легенды, быццам Русь засыпана срэбрам, як снегам. А яшчэ на рускіх накладалася ямская (паштовая) павіннасць, і прыціскала іх даніна натурай. Львіная частка гэтых паступленняў ішла хану, але сёе-тое перападала і кожнаму ваяру. Сродкам нажывы былі для ардынцаў і набегі на рускія землі. Пагадзіцца са стратай такой крыніцы свайго дабрабыту татары не маглі.

Карыснае і прыемнае для татараў сталася злой бядой для рускіх, таму кожны ратнік адчуваў сябе адказным за лёс радзімы. Але не толькі моцны дух рускага войска прывёў да перамогі. Поспех з'явіўся і вынікам ваеннага таленту, які паказалі Дзмітрый Данскі і князі, што змагаліся з ім поплеч. Татары біліся не менш мужна, чым рускія, а ў адносінах вайсковай дысцыпліны, вопыту, тактыкі не саступалі рускаму апалчэнню, хутчэй вылучаліся. Мужнасць, стойкасць, храбрасць - неабходныя ўмовы, але зыход бітвы вырашаюць не толькі яны. Храбра абараняліся рускія дружыны і на Калцы ў 1223 годзе, у сваё першае сутыкненне з манголамі, аднак славы і поспеху не прыдбалі, паляглі пагалоўна.

Дарэчы сказаць, у трагічнай бітве на Калцы таксама ўдзельнічалі беларускія атрады. Так, у пераліку загінуўшых там князёў летапісы называюць і нясвіжскага князя Юрыя. Відаць, не ён адзіны з беларускіх князёў хадзіў на тую сечу.

У Кулікоўскай бітве сітуацыя карэнным чынам змянілася. Трапна, з пераважнасцю для рускіх, з улікам тактыкі татараў было абрана поле бою. Геаграфічныя памеры яго 8x9 кіламетраў, але плошча, якая падыходзіла для бітвы, складала 4 кіламетры па фронту і 5 у глыбіню. Вось на гэтых 4 кіламетрах і размясціліся палкі - правай рукі, вялікі, левай рукі. Перадавы полк рушыў насустрач татарам, засадны засеў у Зялёнай Дуброве ў двух кіламетрах за галоўнымі сіламі, а паміж Дубровай і палком левай рукі стаў полк Дзмітрыя Альгердавіча. Пазіцыі рускага войска з правага флангу засцярагалі парэзаныя ярамі берагі ракі Ніжні Дубяк; абысці левы фланг татарам перашкаджала рэчка Смолка, і яны не мелі магчымасці скарыстаць сваю любімую тактыку акружэння, таму мусілі адважыцца на малапрыемнае лабавое сутыкненне.

Па традыцыі сярэднявечча, якой цвёрда прытрымоўваліся і ў Заходняй і ва Усходняй Еўропе, князь прымаў непасрэдны ўдзел у бітве: ці адразу, з першых хвілін, ці пазней, калі сам вёў у бой рэзервы. Ухіленне ад гэтага непісанага закону лічылася праявай трусасці і адмоўна ўплывала на баявы дух войска. Наогул, інакш і не разумелася - князь у баІ быў роўным з іншымі перад магчымай смерцю, і тое, што ён біўся з ворагам, як і ўсе, толькі сцвярджала справядлівасць. Князь служыў узорам баявых паводзін. Наколькі гэтая традыцыя была моцнай, можна меркаваць па такому выпадку. У 1552 годзе, калі рускае войска пайшло на рашучы штурм Казані і ўварвалася ў горад, у жорсткім вулічным баі настаў крытычны момант. Ваяводы, каб падняць запал ваяроў, загадалі разгарнуць каля гарадской брамы царскую харугву, «и самого царя,- як занатаваў летапісец,- хотяша и не хотяша, за бразды коня взяв, близ хоругвы поставиша».

Дзмітрый Данскі выканаў старажытны звычай, хоць крыху і адступіў ад яго. Пад чорным вялікакняжацкім сцягам стаў апрануты ў даспехі Дзмітрыя баярын Міхаіл Брэнк, а сам князь біўся ў першых шэрагах вялікага палка. Аддаючы належнае асабістай мужнасці Данскога, трэба мовіць, што такое рашэнне Дзмітрыя з ваеннага пункту гледжання - не лепшае. Вялікі князь завязнуў у гушчы сечы як просты ратнік і пазбавіў войска адзінага кіраўніцтва. Кожны полк падпарадкаваўся сваім камандзірам, каардынацыі дзеянняў «зверху» не было. Нават уваходжанне ў бой рэзервовага палка Дзмітрыя Альгердавіча і засаднага, на чале якога стаялі князі "Уладзімір Андрэевіч Серпухоўскі і Дзмітрый Міхайлавіч Баброк-Валынскі, цалкам залежала ад іхняй ваеннай інтуіцыі. Тыя ж нязручнасці адчувалі і начальнікі асобных атрадаў у палках. Становішча выратавала тое, што ўсе гэтыя людзі, асабліва Баброк-Валынскі, выявілі добрую кемнасць, самастойнасць ваеннага мыслення і адчуванне крытычнай хвіліны.

У татарскім войску існавалі іншыя парадкі. Правілы бою, распрацаваныя яшчэ Чынгіз-ханам, забаранялі пад пагрозай пакарання смерцю ўдзел у бітве нават тысяцкаму. Той назіраў за дзеяннямі сваіх сотняў, а тысячам падаваў загады цемнік. Агульнае кіраўніцтва здзяйсняў хан, які займаў такое месца, каб мелася магчымасць аглядаць усё поле бою. Мамай у Кулікоўскай бітве стаяў на Красным узгорку - за пяць вёрст ад цэнтра сечы. Ягоным вачам адкрывалася ўсё рускае пастраенне - перадавы полк, тры - па фронту і полк Дзмітрыя Альгердавіча ў запасе. Ведаючы тактычную пабудову рускай раці з пяці палкоў, Мамай памыліўся, калі палічыў, што бачныя яму палкі - гэта ўсё войска Дзмітрыя Данскога. Схаваная ў Зялёнай Дуброве конніца Баброка-Валынскага і Уладзіміра Андрэевіча засталася незаўважанай, і таму, як выявіла бітва, хан не прадугледзеў з'яўлення свежага і значнага па колькасці засаднага палка.

Пасля паядынку асілкаў - Перасвета і Талубея - сышліся перадавыя палкі рускіх і татараў: іх бязлітасны ўзаемазнішчальны бой заняў каля гадзіны. Тут секлася беларуская дружына князя Глеба Друцкага. Ніякіх іншых звестак пра яго не захавалася. Толькі і вядома, што хадзіў на Кулікова поле - пэўна, там назаўжды і застаўся. Немагчыма вызначыць і колькасць друцкай дружыны: магло быць трыста чалавек, а мо больш ці менш. Але колькі б дручан не ўдзельнічала ў баі, наўрад ці хоць аднаму з іх пашанцавала застацца ў жывых - усе яны паляглі, адбіваючы першы, самы цяжкі ўдар.

Потым зблізіліся галоўныя сілы, і татары скіравалі націск на вялікі полк, агульнавайсковую харугву. Тактыка ардынцаў абавязкова патрабавала першачарговага знішчэння гэтага палка і вялікакняжацкага сцяга, што было роўным перамозе. Апроч таго, разгром вялікага палка дазваляў узяць у «клешчы>, а потым і ў «катлы» палкі правай і левай рукі і пасекчы іх ужо паасобку. Адначасна Мамай узмацніў наступ па ўсяму фронту, адшукваючы слабіну. Узначалены Андрэем Полацкім полк правай рукі, ў якім біліся палачане, выказаў найбольшую стойкасць - страчваў людзей, але трымаўся, не саступаў.

Цяжка ўявіць тую бітву, лепш паслухаем летапісца:

«Льется кровь богатырская под седлами, котятся шлемы золотом под ноги конские, а за шлемами головы богатыров. Татары же вдвое того падают на поли Куликовым, а як великое и пространное место межи Доном и Мечею, але еще и тое было тесно. От так великого и тесного войска и не тылко от оружия падали, але и сами от себя разбивалися и от тесноты великой нижни задыхалися, иншии под ногамн конскими умирали, а реки кровавые текли, мечи блисцахуся, аки молнии, копии крушатся, як гром трещати; от третьей годины аж до шестой билися христиане. О грозной годины. О горкого часа. В трох бо годинах безчисленное множество побито создания божия. Годину четвертую и пятую бьючися, не ослабевают христиане, инже татары, на ставшей же шестой године начаша божиим попушением грех ради наших поганым одолевати, а христиане изнемогати...»

Вялікі полк пачаў прагінацца, а полк левай рукі пад націскам залатаардынскай конніцы мусіў адступаць. Сюды, на абарону вялікага палка ад флангавага ўдару, паспяшаўся са сваімі ваярамі Дзмітрый Альгердавіч. Але і бранцам стрымаць лавіну татараў не ўдалося. Бітва ішла ўжо пятую гадзіну; у вялікім палку і палку левай рукі стаяла шмат «нябыльцаў» - галоўным чынам рамеснікаў і сялян. Большасць з іх не мела ахоўных даспехаў, нават скураных, у працяглай бітве яны непазбежна павінны былі загінуць і самі разумелі сваё трагічнае становішча; шэрагі іх таялі, пластаваліся пад татарскімі шаблямі, і настаў такі момант, калі ардынцы адкінулі полк левай рукі і палову вялікага палка і пагналі да Няпрадвы. Мамай, відаць, святкаваў перамогу - татары ішлі па пятах уцекачоў і высякалі іх у спіну.

Але тады, калі полк левай рукі гінуў ад ханскіх арканаў, асядаў пад татарскімі тапарамі, калі заціскаліся «клешчы» вакол палка правай рукі, тады князь Дзмітрый Баброк загадаў засаднаму палку ўступіць у бой. Тысяч 6-7 конніцы вымчала з Зялёнай Дубровы і абрушылася на ворага. Бітва змяніла свой напрамак, перайшлі ад абароны да наступу некранутыя ўцёкамі палова вялікага палка і крыло Андрэя Полацкага. «И побегоша татарции полци, а христианьсции полци за ними гоняюще, бьюша и секуша». Удар Дзмітрыя Баброка і Уладзіміра Андрэевіча быў поўнай нечаканасцю. Мамай нічога не мог супрацьпаставіць гэтай, нібыта з неба сышоўшай сіле. На ягоных вачах такая блізкая і безумоўная перамога ператварылася ў нечуванае, жахлівае для татараў паражэнне...

Вось калі б спатрэбіліся Мамаю, больш таго, былі б неабходныя тыя 7-8 тысяч беларуска-літоўскага войска, якое вёў на бітву Ягайла. Але яны не прыйшлі, быццам праваліліся ў зямлю за дваццаць вёрст ад Кулікова поля. Чаму ж? Што спыніла іх? Што не дазволіла пераадолець апошнія кіламетры - тры гадзіны хады для конніцы - пасля шматдзённага руху? Якая ж варажба зацугляла рашучасць Ягайлы, што прымусіла здрадзіць слову, не вынуць меч, не нанесці ўдар - удар сапраўды смяротны - свайму праціўніку з Маскоўскай Русі? I як не глядзі - дзіўны, вельмі дзіўны ўчынак Ягайлы.

Сталі б ягоныя харугвы супраць засаднага палка - і шмат чаго мелася б змяніцца: маглі б рускія і не пабачыць перамогі, магла б знікнуць сіла, якая стрымлівала Ягайлу на ўсходзе, і загінуў бы князь, прыязны да ўцекачоў з Вялікага княства Літоўскага.

Па-рознаму тлумачылі гісторыкі гэты загадкавы эпізод у жыцці Ягайлы. Выказвалі думку, быццам ён не паспеў на бітву, спазніўся, яму не хапіла «аднаго дня». Сапраўды не хапіла. Але зусім не таму, што знаходзіўся далёка і пераходы надарыліся працяглыя і поўныя напружання. Пры жаданні ён мог бы злучыцца з татарамі на два дні раней. 125 кіламетраў ягонае войска адольвала дзесяць дзён - надзвычай марудныя тэмпы, паўзком - і тое выйдзе хутчэй. Спрабавалі растлумачыць спазненне Ягайлы яго асабістай баязлівасцю - нібыта ён наогул асцерагаўся бою. Гэта не так. Ягайла быў храбры чалавек, пра што сведчаць яго смелая змова супраць Кейстута і асабліва непасрэдны ўдзел у маскоўскіх паходах бацькі, у набегах на крыжакоў, польскія землі (напрыклад, на Свентакжышскі кляштар). Калі б Ягайла быў баязліўцам, ён увогуле не выступіў бы на злучэнне з Мамаем. Ці можа адмовіла яму ў рашучы момант палітычная дальнабачнасць, ваеннае мысленне? Не, Ягайла меў глыбокі і цвярозы розум.

Сутнасць тоілася ў іншым: стаянне ў баку выбраў не Ягайла - выбралі людзі, якіх ён вёў, ягоныя харугвы, войска. Адзінай прычынай, што прымусіла яго не ўступіць у бітву, з'явіўся настрой беларускіх палкоў, гэта значыць пераважнай большасці войска. Беларусы былі праваслаўнымі, іхняе спачуванне рускім як аднаверцам вылілася ў рашучае нежаданне секчыся на баку Мамая. Але самай галоўнай перашкодай для злучэння войскаў Ягайлы з Мамаем стала памяць беларусаў аб разгроме ардынцаў на Сіняй Вадзе. Бітва тая незаслужана застаецца ў цяні. Між тым менавіта на Сіняй Вадзе, як ужо адзначалася, татары пацярпелі першае буйное паражэнне, якое і абумовіла канец іхняга панавання на захопленых славянскіх землях. Дакладней кажучы, яно паклала канец татара-мангольскаму ярму на ўкраінскіх землях. Вялікі князь Альгерд павёў на вызваленне Украіны ўсю ваенную сілу Вялікага княства Літоўскага - тысяч трыццаць войска, не лічачы чэлядзі і абознікаў. Да яго далучыліся і палкі ўкраінскіх зямель, што стагоддзе марылі скінуць татарскае ярмо. У бітве на Сіняй Вадзе, як апавядае летапіс, асабліва вылучылася наваградскае апалчэнне, узначаленае князем Карыятам.

Спачатку войска Альгерда падышло да Кіева - татары, што сядзелі ў горадзе, не наважыліся абараняцца і збеглі. Адтуль войска накіравалася да Канева і Чаркасаў, затым на Паўднёвы Буг, да Сіняй Вады. Сюды сцягнулі свае аб'яднаныя сілы тры татарскія ханы - Катлубай, Кацібей, Дзімір. Раніцай, калі над Дзікім полем узнялося сонца, Альгерд паставіў палкі шырокай падковай. Наваградскія харугвы занялі месца на флангах - асцерагаць войска ад татарскіх наскокаў збоку. Працягвалася сеча поўны дзень і скончылася нечуваным раней разгромам Залатой Арды. Бітва на Сіняй Вадзе ўваходзіць у лік буйнейшых у сярэднявеччы, а па сваіх выніках наўрад ці мае сабе роўных - бо татары былі выбіты з Кіева, Валыні, Падолля, з усёй стэпавай Украіны да Крыма і вусця Дону.

Яшчэ адным здабыткам гэтай гістарычнай перамогі стала з'яднанне беларускага і ўкраінскага народаў. Яно адбылося праз дзвесце пяцьдзесят гадоў пасля распаду Кіеўскай Русі. Толькі зараз народы злучыліся ў новай дзяржаве - Вялікім княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім. Крыху ўхіляючыся ад галоўнага, трэба сказаць, што ні наша навука, ні культура пакуль не асэнсавалі і не ўвялі ў духоўны ўжытак такую унікальную з'яву, як адносіны паміж народамі ў Вялікім княстве Літоўскім з часу яго стварэння і да падзелаў у XVIII ст. Паміж беларусамі, літоўцамі і ўкраінцамі, якія складалі насельніцтва Вялікага княства, на працягу стагоддзяў не было нацыяльнай варожасці, бітваў, сутычак. Кажучы сучаснай мовай, тут панавала інтэрнацыянальная свядомасць. Гэта вельмі карысны вопыт для нас, сённяшніх. Шкада, што па дробных палітычных прычынах яго не бралі пад увагу, а то і наогул аблайвалі, трактуючы, напрыклад, вызваленне Украіны, як яе захоп, наўмысна раздзімаючы недавер паміж народамі. Брацкую еднасць беларускага, украінскага і літоўскага народаў асвяціла кроў, пралітая на Дзікім полі каля Сіняй Вады. Сапраўды - за нашую і вашую волю!

Менавіта вызваленне Валыні, Падолля, украінскай сталіцы Кіева паўплывала на рашучасць Маскоўскай Русі дамагчыся перамогі над татарамі. Не выпадкова Кулікоўская бітва адбылася так хутка пасля бітвы на Сіняй Вадзе. Час вызвалення ад Арды настаў, і абвясцілі пра яго радасным звонам мячы беларусаў, украінцаў і літоўцаў.

У войску Ягайлы мелася дастаткова ваяроў, якія ўдзельнічалі ў той славутай бітве, і зараз выступаць на Куліковым полі разам з нядаўна пабітым ворагам супраць блізкага па крыві і брацкага па веры рускага народа ім здавалася немагчымым. Ацэньваючы такія настроі сваіх харугваў, Ягайла палічыў за лепшае не рызыкаваць. I паступіў разумна. Беларускія палкі пад час бітвы маглі далучыцца да рускіх, і ўжо тады непазбежна, адразу ж пасля разгрому ардынцаў, згарэла б, як знічка, зорка княжання Ягайлы. Тым болей, што не трэба было шукаць пераемніка, ён знаходзіўся побач - полацкі князь Андрэй Альгердавіч. Вось з гэтай нагоды тыя тысячы, якіх так не хапала Мамаю, на якія ў значнай меры абапіралася ягоная ўпэўненасць у перамозе, нерухома прастаялі наводдаль поля, а даведаўшыся пра баявы поспех рускіх, рушылі назад, у Вялікае княства.

Як жа склаўся далейшы лёс некаторых галоўных удзельнікаў Кулікоўскай бітвы? Андрэй Полацкі пасля настойлівай барацьбы з Ягайлам быў пераможаны, некалькі гадоў адседзеў у турэмнай каморы, адкуль яго вызваліў пад сваю заруку князь Вітаўт. Склаў галаву Андрэй Альгердавіч у жорсткай бойцы з татарамі на рацэ Ворскле ў 1399 годзе. Сыны князя - Міхаіл і Сымон, якія таксама секліся з татарамі на полі Куліковым,- загінулі раней за бацьку: Міхаіл - у 1385 годзе пад час паходу Масквы на Алега разанскага; Сымон - годам пазней, калі бараніў Полацк ад свайго стрыя Івана-Скіргайлы.

У трагічнай бітве на Ворскле палі героі Кулікова поля Дзмітрый Альгердавіч і Дзмітрый Міхайлавіч Баброк-Валынскі.

Мамай праз год пасля сваёй няўдачы на Доне быў разбіты Кіпчакскай Ардой, уцёк у Крым, дзе ў хуткім часе яго зарэзалі. На чале Залатой Арды стаў Тахтамыш. У 1382 годзе ён з вялізным войскам напаў на Маскоўскае княства, спаліў Маскву і падманам увайшоў у Крэмль. Насельніцтва горада (10-15 тысяч чалавек) татары пагалоўна і бязлітасна высеклі. Новае ўзмацненне Арды стала пагражаць не толькі Маскве, але і Вялікаму княству Літоўскаму. Таму Ягайла, застаўшыся пасля забойства свайго дзядзькі Кейстута самаўладцам, вырашыў змяніць палітыку адносін з Масквой - замірыцца. Для замацавання саюзу меркаваўся шлюб Ягайлы з дачкой Дзмітрыя Данскога. Аб гэтым дамаўляліся ў 1384 годзе. Але тады ж прыйшла больш карысная для Ягайлы прапанова ад палякаў - уступіць у шлюб з польскай каралевай Ядзвігай і стаць каралём Польшчы. Ягайла, канешне ж, яе прыняў.

Памятаючы дні славы сваіх продкаў, шануючы іхнія перамогі, не мусім мы забывацца на іхнія няўдачы і паражэнні. У прамежку паміж пераможнымі бітвамі на Сіняй Вадзе, полі Куліковым, пад Грунвальдам адбылася сеча на Ворскле, адна з самых трагічных па зыходу ў тагачаснай гісторыі беларусаў і літоўцаў. Наколькі Сіняя Вада была карыснай для ўмацавання Вялікага княства, настолькі ж Ворскла стала няўдачай, і сама дзяржава апынулася на мяжы палітычнага знікнення. Можна сказаць, што адзінаццаць гадоў - ад паражэння на Ворскле да перамогі на Грунвальдскіх пагорках - Вялікае княства вісела на валаску. Бо вынікам паходу на Ворсклу з'явілася Віленска-Радомская унія, па ўмовах якой Вялікае княства Літоўскае пасля смерці Вітаўта ператваралася ў польскую правінцыю. Абставіны былі такія, што князю давялося заручыць гэты дакумент. Уласна кажучы, пасля Ворсклы Вітаўт не меў сілы супрацьстаяць ваеннай пагрозе з боку Ягайлы. Яму патрабавалася дзесяцігоддзе, каб адрадзіць войска, палеглае ў бітве з ардынцамі.

Ворскла пачыналася так. Пад канец 1398 года ў Кіеў да Вітаўта з'явіўся хан Белай і Залатой Арды Тахтамыш, той самы, што спаліў Маскву пасля Кулікоўскай бітвы. Ен прыбыў у якасці ўцекача, пазбаўленага ўлады валадаром Вялікай Арды Тамерланам. Апошні паставіў ханам Залатой Арды Цімур-Кутлага. Тахтамыш меў пры сабе немалое войска і звярнуўся да Вітаўта з прапановай аб узаемнай дапамозе. Вялікі князь вырашыў скарыстаць зручны выпадак. Ён абяцаў хану вярнуць ардынскі трон, Тахтамыш прымаў на сябе абавязак пасадзейнічаць Вітаўту ў прыяднанні да Вялікага княства ўсёй Маскоўскай Русі. Задума, як бачна, была грандыёзная. У ліпені Вітаўт сабраў пад Кіеў войскі. Да яго далучыліся некалькі харугваў крыжакоў і добраахвотнікі з Польшчы. 6 жніўня на берагах Ворсклы ваяры Вялікага княства сутыкнуліся з конніцай Цімур-Кутлага. Бачачы колькасную перавагу палкоў Вітаўта, Цімур-Кутлаг прапанаваў пачаць перагаворы аб умовах міру. Вітаўт згадзіўся. Без кровапраліцця ў рукі яму ішла такая ваенная ўдача, такая палітычная.здабыча, пра якую можна было толькі марыць - Залатая Арда падначальвалася Вялікаму княству Літоўскаму. Па выніках гэта раўнялася б поспеху перамогі пры Сіняй Вадзе. Вітаўт мог бы памерацца славай з Альгердам. Аднак Цімур-Кутлаг старанна зацягваў перагаворы. Князь, як заварожаны, чакаў ханскай згоды на пакору. Пяць дзён змарнавалі на пустыя размовы. А ранкам 12 жніўня Вітаўт убачыў побач з бунчукамі Цімур-Кутлага вялізнае войска хана Эдыгея. Падмануты вялікі князь за памылку мусіў плаціць крывёй. Бітва скончылася поўным разгромам харугваў Вітаўта. У сечы загінулі шэсцьдзесят беларускіх, літоўскіх, украінскіх князёў; ненаўмысна татары пазбавілі Вітаўта княжацкай апазіцыі. Гэта была адзіная карысць ад паходу на Ворсклу.

На полі бітвы засталася назаўсёды палова ваяроў Вялікага княства. Свае не маглі іх пахаваць, бо ратаваліся ўцёкамі. Наўрад ці хавалі забітых і пераможцы. Іх таксама багата палегла ў бязлітаснай бойцы. Смяротную рану атрымаў і хан Цімур-Кутлаг. Так што пасечаныя на берагах Ворсклы палачане і наваградцы, гродзенцы і менчукі, берасцяне і мсціслаўцы, віленцы і кіеўляне сталіся здабычай варон і ваўкоў, а потым доўга бялелі ў траве іхнія косці. Не ўслаўлены воі летапісцам, не было і няма ім помніка, не стаіць на тым месцы капліца.

Шануючы мясціны славы і герояў перамог, не забудземся і на цені ахвяр Ворсклы, што з сівой даўніны нагадваюць нам пра трагічнасць лёсу, пра роўную вагу крыві і жыццяў, якімі аплочваюцца ўдачы і няўдачы.

Сын Дзмітрыя Данскога Васіль пасля ўцёкаў з татарскага палону сустрэўся ў Луцку з Вітаўтам, і сустрэча тая завяршылася заручынамі Васіля Дзмітрыевіча з дачкой Вітаўта Соф'яй. Вяселле адбылося ў 1391 годзе, і такім чынам Маскоўскі вялікі князь і вялікі князь Літвы, Русі і Жмудзі парадніліся, што, аднак, не перашкаджала Вітаўту ваяваць са сваім зяцем.

Так, поўнае вызваленне рускага народа ад ярма Арды прыйшло не адразу па Мамаевым пабоішчы, як не адразу па Грунвальду страціў сваю сілу Тэўтонскі ордэн, як не адразу па Сіняй Вадзе адрадзіліся ўкраінскія землі. Але ёсць у гэтых бітвах глыбінны сэнс: яны паказалі, што народы Усходняй Еўропы маюць духоўную сілу, каб адолець ворага.

Шэсць стагоддзяў аддзяляюць ад нас бітвы на Сіняй Вадзе і полі Куліковым. Шмат чаго за гэты час знікла з памяці, засталіся невядомымі многія імёны. Забыліся шмат якія славутыя некалі подзвігі, справы, але слава аб Сіняй Вадзе, аб Задоншчыне жыве і сёння, і на палі бітваў прыходзяць людзі ўшанаваць далёкіх сваіх продкаў, якія не пашкадавалі жыцця дзеля Радзімы і волі. Тыя, палеглыя ў баях героі, спяць вечным сном на былых палях сечы; ёсць сярод іх і нашы продкі з Наваградчыны, Полаччыны, Друцка, з іншых беларускіх зямель, і поле Кулікова, Сіняя Вада - святыя для нас, беларусаў.



Пагоркі Грунвальда

Значэнне перамогі пад Грунвальдам ільга акрэсліць так: пасля яе на працягу пяці стагоддзяў, да 1914 года, на землі Беларусі і Літвы не ступаў узброены немец. Чаму ў першую чаргу важна пазначыць гэты аспект Грунвальда? Таму што да 15 ліпеня 1410 года паходы крыжакоў на Вялікае княства Літоўскае, а канкрэтна, на Літву і Беларусь здараліся да васьмі разоў на год. Тыя паходы былі не толькі дзеля нажывы; стратэгія нямецкай палітыкі мела мэтай поўную асіміляцыю народаў на захопленых тэрыторыях. Такі лёс спасцігнуў славянскія плямёны бодрычаў і люцічаў; у 1157 годзе імператар Фрыдрых Барбароса перайшоў Одру; не мінула і сто гадоў, як на землях шправянаў быў заснаваны Берлін, што стаў сталіцай Брандэнбургскага маркграфства і асяродкам нямецкай каланізацыі зямель паміж Вартай і Одрай. Славянскае насельніцтва пры спробе супраціўлення знішчалася ці яго перасялялі; астатняя частка насільна анямечвалася. Так было і з літоўскім племем прусаў, ад якога, як адзначалася раней, немцы не пакінулі нічога, апроч імя, ды і тое замацавалася за немцамі,- ваяўнічае, грознае племя знікла, растварылася сярод нямецкіх каланістаў. Гэткая доля чакала таксама беларусаў і літоўцаў. Межы зямельных прэтэнзій Тэўтонскага ордэна ўвесь час пашыраліся.

Тэўтонскі ордэн узнік са злучэння двух ордэнаў: Мечаносцаў і Ордэна рыцараў чорнага крыжа дзевы Марыі.

Яны аб'ядналіся ў 1237 годзе па патрабаванні папы рымскага Грыгорыя IX. Тэўтонскі ордэн пасля заняпаду Ерусалімскага каралеўства і вяртання ў Еўропу з 1211 па 1225 год дзейнічаў у Венгрыі, але быў выгнаны адтуль і аказаўся без месца. У гэты цяжкі час яму пашанцавала - у 1226 годзе Ордэн атрымаў запрашэнне ад мазавецкага князя Конрада асесці на 26 год на Хелмінскай зямлі (Польшча) для супакойвання і хрысціянізацыі прусаў, каб за гэты час прыдбаць сабе землі ў Прусіі. Захапіўшы прускія землі, Ордэн мэтанакіравана адваяваў у Конрада важныя для сябе польскія тэрыторыі (Памор'е) і нацэліў ваенны ўдар супраць Вялікага княства Літоўскага. Неабходна адзначыць, што ў тым жа 1226 годзе магістр Ордэна заручыўся прывілеем імператара Фрыдрыха II, які ўсе тэрытарыяльныя заваёвы ў землях прусаў «перадаваў» ва ўласнасць крыжакоў. Праз два гады Конрад быў прымушаны аддаць Ордэну Хелмінскую зямлю ў «вечнае ўладанне».

Беларусь і Літва яшчэ пры Мін доўгу зазналі націск Ордэна. Неабходнасць супрацьстаяння яму прывяла ў 1325 годзе Вялікае княства да саюзу з Польшчай. Саюз змацаваўся шлюбам польскага караля Казіміра III з дачкой Гедыміна Алдонай.

3 зямель Вялікага княства для крыжакоў найбольш важкім было атрымаць Жмудзь, якая аддзяляла лівонцаў ад ордэнскай Прусіі. У выпадку аб'яднання крыжакі ўзялі б у свае рукі ўсё Балтыйскае прыбярэжжа; для літоўцаў і беларусаў такое згуртаванне стварала смяротную пагрозу і, акрамя таго, моцна ўшчэмлівала іхнія эканамічныя інтарэсы, адбіраючы выйсце да мора. Фармальна паходы крыжакоў на Літву і Беларусь акрэсліваліся як місіянерскія - супраць язычнікаў і рускіх «недаверкаў». Вялікія князі літоўскія вымушана заключалі з Ордэнам дамовы, якія абяцалі яму Жмудзь ці нават перадавалі яе пад ордэнскую ўладу.

Захопніцкія намеры тэўтонцаў, аднак, не абмяжоўваліся Жмуддзю. У 1392 годзе Ордэн і венгерскі кароль Сігізмунд Люксембургскі пагадзіліся аб сумесным вядзенні вайны супраць Польшчы і Вялікага княства, у выніку чаго меркавалася падзяліць тэрыторыю праціўніка наступным чынам: Ордэн атрымоўваў Жмудзь, Белую і Літоўскую Русь, Палессе, Падляшша, Мазавецкае княства, пскоўскія і наўгародскія землі, Вялікапольшчу; Сігізмунд меўся забраць паўднёвую Польшчу і Чырвоную Русь (гэта значыць усю Валынь і Падолле).

Пры такім суседстве гаспадарскае развіццё Вялікага княства і Польшчы не магло ісці нармальна. Зруйнаванне Ордэна стала неадкладнай задачай, жыццёва неабходнай патрэбай літоўцаў, беларусаў і палякаў. Гэтую задачу і вырашыла Вялікая вайна 1409-1411 гадоў. Стратэгічнае рашэнне аб вайне было прынята польскім каралём Уладзіславам-Ягайлам і вялікім князем літоўскім Вітаўтам на тайнай нарадзе ў Наваградку ў снежні 1408 года. Першым учынкам вайны з'явілася паўстанне Жмудзі, якая тады знаходзілася пад уладай Ордэна. Па загаду Вітаўта жмудскія атрады напалі на рыцарскія замкі і высеклі крыжакоў. Паслы Ордэна, як занатаваў Ян Длугаш, неадкладна звярнуліся да Ягайлы высвятліць яго адносіны да таго, што «Аляксандр-Вітаўт, вялікі князь літоўскі, адняў у іх зямлю самагітаў (Жмудзь), нягледзячы на тое, што адкрытай граматай запісаў яе ў вечны дарунак магістру і Ордэну і выракся ад усякага права дамагацца яе, а начальнікаў яго і Ордэна перабіў ці захапіў з ганьбай і абразай. I хоць магістр і Ордэн адпраўлялі многа пасольстваў да АляксандраВітаўта і шматразовымі просьбамі і патрабаваннямі дамагаліся вяртання захопленай зямлі і звароту палонных, аднак іхнія намаганні ніяк не паўплывалі, бо Аляксандр, князь літоўскі, пасмяяўся над імі».

Польскія паслы ў Марыенбурзе (сталіца Ордэна) у адказ на пагрозу магістра сабраць войска і напасці на Вялікае княства, адказалі: «Пакінь, магістр, палохаць нас, што пойдзеш вайной на Літву, бо, калі ты вырашыш гэтае зрабіць, дык не сумнявайся, што як толькі ты нападзеш на Літву, наш кароль уварвецца ў Прусію». Тады немцы, не марудзячы, распачалі ваенныя дзеянні супраць палякаў і захапілі Добжынскую зямлю. Баі цягнуліся нядоўга і закончыліся замірэннем Польшчы з Ордэнам да Купалля 1410 года. Але перамір'я з Вялікім княствам Літоўскім магістр не заключыў, а гэта давала яму магчымасць працягваць ваенны націск супраць Літвы і Беларусі. Арбітрам у спрэчцы Польшчы і Ордэна ўзяўся выступіць чэшскі кароль Вацлаў; рашэнне сваё ён меўся абвясціць у Празе 9 лютага 1410 года. Паколькі ні Ягайла, ні Вітаўт не сумняваліся, што Вацлаў выпрацуе яго на карысць Ордэна, дык аднаўленне вайны наступным летам было непазбежным.

У снежні 1409 года Вітаўт і Ягайла сустрэліся ў Брэсце, дзе абмеркавалі дэталёвы план летняга паходу на крыжакоў. На брэсцкую нараду быў запрошаны хан Джэлаладдзін, сын Тахтамыша, якому падпарадкавалася прынятае Вялікім княствам немалое залатаардынскае войска. 3 ханам заключылі дамоўленасць, што ён выводзіць на вайну пэўную колькасць войска - конніцы, а за гэта пасля вайны Вітаўт дапаможа яму вярнуць бацькоўскі пасад у Залатой Ардзе.

Забягаючы наперад, скажам: свае абавязацельствы Вітаўт выканаў. У 1411 годзе, пасля паспяховага паходу на Арду, ён пасадзіў Джэлаладдзіна на ардынскі трон, што Вялікаму княству было карысна, бо гэта засцерагала яго паўднёвыя межы ад татарскіх набегаў і давала саюзніка ў палітыцы ўціску Маскоўскай Русі.

На брэсцкай нарадзе Вітаўт і Ягайла абмеркавалі таксама колькасць і месца збору войска Польшчы і Вялікага княства, стратэгію ўдару, набор наёмнікаў, дыпламатычную тактыку прыцягнення магчымых саюзнікаў і нейтралізацыі мажлівых наёмнікаў Ордэна.

Адпаведна плану ў апошнія дні мая 1410 года ў Гродна пачалі сцягвацца палкі з беларускіх і літоўскіх зямель і княстваў. Адсюль рушылі яны да вытокаў ракі Нараў, дзе быў прызначаны збор усіх сіл Вялікага княства. Затым войскі Вітаўта зрабілі пераход цераз мазавецкія землі, выйшлі да Чэрвеньска на Вісле і там сустрэліся з польскімі харугвамі. Гэта было напачатку ліпеня, а праз два тыдні здарылася Грунвальдская бітва, якая стала кульмінацыяй усёй вайны 1409-1411 гадоў і вызначыла яе зыход.

У шэрагу буйных бітваў Грунвальдская вылучаецца як колькасцю войскаў, што прынялі ў ёй удзел, так і незвычайнымі вынікамі. Ордэн, які яшчэ раніцай 15 ліпеня 1410 года быў адным з магутных гаспадарстваў Еўропы, увечары стаў амаль што нічым і яму пагражала знікненне з палітычнай карты. Хоць пазней тэўтонцам удалося паўстаць і падужэць, паражэнне іх у Грунвальдскай бітве змяніла палітычны і ваенны клімат у Еўропе і вывела Польшчу і Вялікае княства Літоўскае ў лік дзейсных краін, з якімі мусілі лічыцца.

Таму няцяжка зразумець глыбокую цікавасць да гэтай бітвы з боку многіх пакаленняў гісторыкаў Польшчы, Літвы, Беларусі, Германіі, Чэхіі, Расіі. Сярод іх - Я. Длугаш, М. Стрыйкоўскі, А. Каяловіч, Т. Нарбут, I. Лелевель, А. Лявіцкі, Ю. Крашэўскі, А. Шайноха, А. Прохазка, А. Барбашоў, М. Каяловіч, Я. Гейсман, Г. Зуціс, Г. Дэльбрук, М. Разін, А. Строкаў, У. Пашута, М. Лапін, А. Цірчынскі і інш. Найбольш глыбока шэраг звязаных з Грунвальдам праблем даследаваў сучасны польскі гісторык С. Кучыньскі, які абагульніў свае вынікі ў фундаментальнай працы «Вялікая вайна з Ордэнам крыжакоў у 1409-1411 гадах».

На пагорках Грунвальда змагаліся харугвы з усіх беларускіх зямель і княстваў, ваяры ўсіх гарадоў удзельнічалі ў той жорсткай сечы і, бясспрэчна, вельмі цікава прасачыць па прамых і ўскосных сведчаннях, якім жа быў гэты ўдзел.

Польскае войска прыйшло на бітву ў складзе 50 харугваў - з іх 7 выставілі падначаленыя Польшчы ўкраінскія землі. Длугаш пералічвае наступныя ўкраінскія палкі: Львоўскі, Холмскі, Галіцкі, Перамышльскі і тры Падольскія; у двух харугвах меліся наёмныя рыцары з чэхаў, мараваў, сілезцаў. Такім чынам, польскіх харугваў выступіла сорак адна.

Вялікае княства Літоўскае вывела на поле 40 харугваў: 30 з іх мелі на сцягах «Пагоню» - герб Вялікага княства; 10 - герб «Калоны» - белыя слупы на чырвоным фоне. Апроч іх з Вітаўтам прыбыла конніца хана Джэлаладдзіна. Длугаш у сваёй «Гісторыі Польшчы» акрэслівае колькасць татараў, якія ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве, у 300 чалавек. Лічба, безумоўна, у шмат разоў заніжана. Паводле паданняў беларуска-літоўскіх татараў, іх прыйшло ў Вялікае княства Літоўскае 40 тысяч. Таму думкі даследчыкаў былі вельмі супярэчлівыя. Адны лічылі, што ў паходзе 1410 года прыняло ўдзел каля 30 тысяч татараў, другія сцвярджаюць, што Джэлаладдзін выставіў для бітвы 10-15 тысяч вершнікаў, некаторыя абмяжоўваюць колькасць татарскай дапамогі Вітаўту 1 - 2 тысячамі. Не маючы дакладных звестак, цяжка пагадзіцца з любой думкай, але ўскосныя сведчанні дазваляюць канстатаваць, што Джэлаладдзін далучыў да войска Вялікага княства не менш 5 тысяч вершнікаў. Такі вывад напрошваецца на падставе таго, што ардынцы, якія прыйшлі ў Вялікае княства з Тахтамышам, былі размешчаны ў шматлікіх беларускіх і літоўскіх паветах; і далей - аднаўленне на бацькоўскім троне станавілася для Джэлаладдзіна рэальным толькі пры наяўнасці ў яго самога дастатковай ваеннай сілы.

Апроч таго, у ордэнскіх хроніках занатавана, што вялікі магістр Ульрык фон Юнгінген загінуў у бітве ад рукі татарскага хана Багардзіна; смерць магістра ад тапара язычніка стала яшчэ адным папрокам супраць Ягайлы і Вітаўта. Мабыць, каб адвесці такі дакор, Ян Длугаш адзначыў у памянёнай працы, што вялікага магістра пакончыў «просты драб», гэта значыць шарэнгавы воін нешляхетнага паходжання. На вядомай карціне Яна Мацейкі «Грунвальдская бітва» момант пагібелі Юнгінгена паказаны сімвалічна: чалавек, які наносіць магістру смяротны ўдар, апрануты ў чырвонае адзенне афіцыйнага ката. Яго зброя - таксама традыцыйная прылада смяротнай кары, гэта значыць воін выступае безаблічным выканаўцам прысуда гісторыі.

3 40 харугваў Вялікага княства Длугаш пайменна называе віленскую, трокскую, гродзенскую, ковенскую, лідскую, полацкую, віцебскую, наваградскую, валкавыскую, медніцкую, брэсцкую, пінскую, кіеўскую, старадубскую, драгічынскую, мельніцкую, крамянецкую, смаленскую, а яшчэ харугвы князёў Сігізмунда-Карыбута, Сямёна-Лінгвена Мсціслаўскага і нейкага Георгія (Юрыя). Астатнія 19 харугваў не ўпамянуты.

Паспрабуем, наколькі гэта магчыма, акрэсліць іх. Пачнем з палкоў, названых імёнамі князёў. Юрыяў, якія маглі весці полк на бітву, на той час было трое. Юрый Мсціслаўскі - сын Сямёна-Лінгвена, што ўвайшоў у шматлікія даследаванні ледзь не найбольш вядомым удзельнікам бітвы, на самой справе на пагорках Грунвальда біцца не мог: яму ў 1410 годзе наўрад ці мінула 12- 13 гадоў. Немагчыма дапусціць, каб ён не толькі ўзначальваў полк, але І наогул прысутнічаў у гэтым рызыкоўным паходзе.

Князь Юрый Пінскі па мянушцы Нос на тую пару з'яўляўся пскоўскім намеснікам Вітаўта; калі ён пад час вайны вяртаўся па выкліку князя Вітаўта на радзіму, дык вёў пінскую харугву, дзе яго ведалі і дзе ён карыстаўся «законнай уладай>.

Апошнім Юрыем з'яўляўся пляменнік Вітаўта і Ягайлы -Юрый Міхайлавіч - князь у Заслаўі. Вось ён найбольш і падыходзіць на ролю палкавога камандзіра, не раскрытага Янам Длугашам. Хто ішоў на вайну ў ягонай харугве? Заслаўскае княства было маленькім, і Юрый узначальваў менскі полк, у які ўлілася і яго заслаўская дружына. Менск, у тыя гады падпарадкаваны Вітаўту, самастойнага князя не меў, пра старосту Вітаўта ў Менску невядома нічога, таму дапушчальна лічыць, што харугва князя Юрыя складалася з менскіх і заслаўскіх баяраў і іхніх парабкаў.

Сямён-Лінгвен даводзіўся родным братам Уладзіславу-Ягайлу і дваюрадным Вітаўту. У пазначаны час ён з'яўляўся баявым князем у Вялікім Ноўгарадзе, які Вітаўт намагаўся падпарадкаваць свайму ўплыву. У кастрычніку 1409 года князь Сямён прыязджаў на тайную нараду з Вітаўтам у Трокі. Паколькі гадзіна стаяла ваенная, дык размова братоў мелася ісцІ выключна пра будучы паход, у прыватнасці пра магчымасць удзелу ў ім вяліканаўгародскага палка. Бацькаўшчынай Сямёна Альгердавіча было Мсціслаўскае княства, такім чынам ён вёў да Грунвальда мсціслаўскі полк, а таксама наўгародскі. У бітве Сямён Мсціслаўскі ўзначальваў левае крыло войскаў Вітаўта, тое самое, дзе біліся харугвы смалянаў.

«У гэтай бітве рускія Смаленскай зямлі,- паведамляе Длугаш,- упарта змагаліся, стоячы пад уласнымі трыма сцягамі, адны толькі не кінуліся наўцёкі і тым заслужылі вялікую славу. Хоць пад адным сцягам яны былі бязлітасна высечаны і харугва іхняя была ўтаптаная ў зямлю, аднак у двух астатніх харугвах яны выйшлі пераможцамі, бо біліся з вялікай храбрасцю, як належыць мужам і рыцарам, і нарэшце, злучыліся з польскімі войскамі; і толькі яны адны ў войску Аляксандра-Вітаўта здабылі ў той дзень славу за храбрасць і геройства ў бітве...».

Смаленскае княства канчаткова падпарадкаваў Вітаўт у 1406 годзе; яго заходнія вобласці з гарадамі Оршай, Мсціслаўлем, Прапойскам адышлі да Вялікага княства Літоўскага нашмат раней, яшчэ пры Альгердзе. Зазначанне Длугаша, што ў бітве выступалі тры смаленскія палкі, выклікае абгрунтаванае неўразуменне, бо, пералічваючы харугвы, гісторык называе смаленскі полк у адзіным ліку; потым у тэксце ўзнікаюць тры палкі. Сам Смаленск непасрэдна выправіць тры палкі ніякім чынам не мог; у параўнанні з тым, што Полацк, Вільня, Уладзімір выставілі па аднаму, гэта было б вельмі дзіўна. Не меў ён такога вялікага жыхарства. Размова, відавочна, можа ісці толькі аб палках Смаленскай зямлі. У гэтым выпадку, калі прыплюсаваць да памянёнай смаленскай харугвы дзве неназваныя са Смаленшчыны - мсціслаўскую і аршанскую, запіс Яна Длугаша атрымоўвае зразумеласць у адносінах колькасці; у якой ступені вылучаліся стойкасцю і мужнасцю тыя палкі сярод іншых - пытанне асобнае.

Цяжка ўявіць, каб да ўдзелу ў паходзе не мелі дачынення слуцкі полк князя Аляксандра Уладзіміравіча і магілёўскі полк князя Андрэя Уладзіміравіча; абодва Уладзіміравічы былі ўнукі Альгерда, родныя пляменнікі Ягайлы, стрыечныя - Вітаўта. 3 украінскіх палкоў без сумніву ўдзельнічалі ў бітве луцкая, уладзімірская, ратненская харугвы, палкі Падольскай зямлі, што ўваходзіла ў Вялікае княства. Як пераканаўча мяркуе С. Кучыньскі, Вільня, Трокі - цэнтры вялікіх, густанаселеных зямель, далі не па адной, а па дзве-тры харугвы. Неабходна таксама ўлічыць, што палкі маглі складацца і з дробных павятовых і княжацкіх дружын. Выставілі сваіх ваяроў Нясвіж - там княжылі Рыгор і Іван Нясвіжскія, Чартырыйск, Кобрын, Крэва, дзе намеснікам сядзеў Ян Гаштольд; Лукомль, Ашмяны, Ушполье, Вількамір, у якім намеснічаў баярын Вежкгайла. Апроч медніцкай харугвы Жмудскія паветы выдзелілі яшчэ 2100 ваяроў, большасць з каторых выконвала баявыя заданні на жмудска-ордэнскім памежжы.

Харугвы мелі розную колькасць - ад 60 да 200-300 коп'яў, але былі і ў 500 і ў 600 коп'яў. Кап'ём называлася баявая адзінка з трох ваяроў: рыцара, зброяносца (у нас ён называўся парабкам) і лучніка. Бедны баярын мог выступаць і ў адзіночку ці абыходзіцца толькі лучнікам, а заможны стараўся пабольшыць лік сваіх парабкаў, бо бяспека рыцара ў баі моцна залежала ад іх колькасці і вопыту.

Камандзірамі харугваў прызначаліся, як правіла, людзі, якія займалі вышэйшыя пасады на землях ці ў гарадах, дзе палкі фарміраваліся. Таму магчыма лічыць, што гродзенскую харугву вёў гродзенскі намеснік Міхаіл Мантвід, віленскую - Войцех Мантвід, полацкую - Іван Нямір, наваградскую - брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, які нейкі час там уладарыў; ён жа мог узначальваць ноўгарад-северскую харугву, бо на 1410 год намеснічаў у Ноўгарадзе-Северскім. Але гэты полк мог быць аддадзены па загаду Вітаўта пад кіраўніцтва Жыгімонта-Карыбута, бацька якога некалі там княжыў. Харугву кіяўлян, пэўна, узначальваў кіеўскі ваявода Іван Гальшанскі, троцкія палкі - ваявода Яўніс і троцкі намеснік Гінвіл; водцам луцкага палка хутчэй за ўсё быў князь Фёдар Астрожскі. Вяршэнства над усімі падольскімі харугвамі, як вынікае з Хронікі Быхаўца, трымаў Іван Жэдзевід - стрыечны брат Вітаўта.

Адсутнасць хоць якіх канкрэтных звестак аб колькасці войска ці асобных харугваў Ордэна, Польшчы і Вялікага княства Літоўскага дазваляла выказваць самыя розныя меркаванні - аж да фантастычных. Звычайная методыка разліку грунтавалася на тым, што бралі нейкую сярэднюю магчымую колькасць коп'яў для харугвы (напрыклад, 70, што давала 210 ваяроў) і памнажалі на лік харугваў. Таму ў розных даследчыкаў вынік атрымліваўся то 80 тысяч для крыжакоў і 160 тысяч для Польшчы і Вялікага княства, то адпаведна 18 і 36 тысяч. Некаторыя вучоныя не лічылі пяхоту, другія - татараў, іншыя па-рознаму ацэньвалі колькасны склад войска, пакінутага для аховы замкаў і межаў.

Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах разлікі С. Кучыньскага, які абапіраўся на мабілізацыйныя здольнасці дзяржаў - удзельнікаў бітвы. Польскае войска ён вызначыў у 20 тысяч воінаў, беларуска-літоўскаўкраінскае - у 11,5 тысячы. Для Вялікага княства разлікі, аднак, грунтаваліся на спісах ягонага войска ад 1529 года, па якім езднікі складалі 24,5 тысячы. 3 прычыны змяншэння тэрыторыі Вялікага княства ў XV - пачатку XVI стагоддзя ўтрая гэтую лічбу можна аднесці да 1410 года. Але наўрад ці правільна меркаваць, што значная колькасць войска Вялікага княства не хадзіла ў паход. Тут з С. Кучыньскім пагадзіцца немагчыма. Наадварот, Вітаўту надта патрабавалася перамога над Ордэнам. У гэтым выпадку ён забіраў Жмудзь, атрымоўваў Судавы (частка Прусіі), а Ягайла вяртаў яму некаторыя ўрадлівыя падольскія землі, якімі карысталася Польшча. Паражэнне Ордэна і мірныя межы з Залатой Ардой у выпадку прыходу туды Джэлаладдзіна ператворвалі Вялікае княства ў мацнейшае гаспадарства; рэальныя магчымасці самастойнага развіцця яго, зразумела, добра бачыліся Вітаўту, і ён быў абавязаны для дасягнення жаданай мэты прыкласці ўсе сілы. Гэта азначала, што Вітаўт меўся весці на бітву найбольшую колькасць сваіх палкоў. Таму сілы Вялікага княства пад Грунвальдам можна ацаніць у 20 тысяч конніцы, некалькі тысяч пяхоты, 3- 5 тысяч татараў і 3-4 тысячы чэлядзі, абознікаў, канаводаў.

Такую ж прыкладна колькасць вояў прывёў на бітву Ягайла. Больш чым з 30-тысячным войскам прыбыў на поле бою вялікі магістр Ордэна. Так што пад Грунвальдам сышліся біцца каля 80-90 тысяч чалавек.

Другой такой буйной сечы гісторыя сярэднявечча не ведала.

Ордэн дазволіў праціўніку перайсці свае межы, што аказалася гібельным для многіх замкаў і вёсак - іх разрабавалі і спалілі. Цяжка зразумець, чаму ордэнскі капітул вырашыў даць бой Вітаўту і Ягайлу на сваёй тэрыторыі. Удар тэўтонцаў па войсках Польшчы і Вялікага княства пад час іхняга злучэння каля Чэрвінску на Вісле мог хутчэй і з меншымі стратамі вырашыць летнюю кампанію на карысць крыжакоў. Але не ўсё, у чым дасведчаны даследчыкі гэтай бітвы, ведаў вялікі магістр, калі прымаў рашэнні. У прыватнасці, ён ніякім чынам не мог усведамляць, ці ўдараць па ім Ягайла і Вітаўт аб'яднанымі сіламі, ці паасобку, у двух напрамках. Калі сітуацыя праяснілася і стала вядома, што польскія і беларуска-літоўскія войскі сумесна рушылі да брадоў на Дрвенцы, пераход цераз якія адкрываў шлях у глыбіню ордэнскіх зямель, Ульрык фон Юнгінген сустрэў іх там ужо ў гатоўнасці даць рашучую бітву.

Брады былі ўмацаваны частаколамі, за імі стаяла напагатове артылерыя і атрады арбалетчыкаў, а далей - цяжкая і лёгкая конніца. Штурм брадоў абярнуўся б для саюзнікаў паражэннем, таму Вітаўт і Ягайла вырашылі абысці Дрвенцу ля вытокаў. Гэты манеўр стаўся нечаканым для крыжакоў, але яны хутка сарыентаваліся ў стратэгіі праціўніка і даволі трапна вылічылі маршрут яго далейшага руху. Шлях, якім прасоўваліся войскі Вітаўта і Ягайлы, немінуча вёў праз вёскі Грунвальд, Людвікова і Таненберг, і тут вялікі магістр вырашыў спыніць праціўніка і навязаць яму бой. Немцы прыйшлі сюды на дзень раней. Абоз крыжакоў стаў каля Грунвальда, а іхнія харугвы занялі баявыя пазіцыі паміж вёскамі Таненберг і Людвікова. Мясцовасць там узгорыстая, прыкладна як у нас пад Наваградкам; крылам войска і нават асобным палкам сачыць за дзеяннямі адзін другога практычна немагчыма. Менавіта тут раніцай 15 ліпеня і пачалася славутая бітва. Прасочым асноўныя яе моманты па апісанні Яна Длугаша. «Як толькі загучалі трубы, усё каралеўскае войска моцным голасам запела «Багародзіцу», а потым, наставіўшы коп'і, рынулася ў бой. Войска ж літоўскае, па загаду князя Аляксандра, які не цярпеў ніякага прамаруджвання, яшчэ раней пачало бітву>.

Інакш кажучы, беларуска-літоўска-ўкраінскія палкі ўступілі ў жорсткую сутычку з крыжакамі першымі, і гэта адбылося на дастатковы час раней, чым сталі біцца палякі.

Далей гісторык дае раздзел пад назвай «Літоўцы, паказаўшы тыл, бягуць да самай Літвы».

«Абодва войскі, пасля таго як сышліся, змагаліся амаль на працягу гадзіны з неакрэсленым поспехам; і як ні тое, ні другое войска не падавалася назад, з моцнай упартасцю дамагаючыся перамогі, дык нельга было ясна распазнаць, на чый бок схіляецца шчасце ці хто атрымае верх у бітве. Крыжакі, прыкмеціўшы, што на левым крыле супраць польскага войска завязалася цяжкая і небяспечная схватка (бо іх пярэднія шэрагі былі ўжо вынішчаны), звярнулі сілы на правае крыло, дзе стаяла літоўскае войска. Войска літоўцаў мела больш рэдкія шэрагі, горшых коней і зброю; і яго як больш слабае, здавалася, лягчэй будзе адолець. Адкінуўшы літоўцаў, крыжакі меліся б мацней ударыць па польскаму войску.

Аднак іхнія разлікі не зусім апраўдаліся. Калі сярод літоўцаў, русінаў і татараў закіпела бітва, літоўскае войска, не маючы сіл вытрымаць варожы націск, аказалася ў горшым становішчы і нават адышло на адлегласць аднаго югера (каля 60 метраў.- К. Т.); калі ж крыжакі пачалі адцясняць мацней, яно было вымушана зноў і зноў адступаць і, нарэшце, кінулася наўцёкі.

Вялікі князь Аляксандр дарэмна стараўся спыніць ўцёкі пабоямі і моцнымі крыкамі. Уцякаючы, літоўцы пацягнулі за сабой нават вялікую колькасць палякаў, дадзеных ім у дапамогу. Ворагі секлІ і бралі ў палон уцекачоў, гналі іх на адлегласць многіх міляў, і лічылі сябе ўжо цалкам пераможцамі. Уцекачоў жа ахапіў такі жах, што большасць з іх апамяталася толькі дасягнуўшы Літвы; там яны паведамілі, што кароль Уладзіслаў забіты, палёг таксама і Аляксандр, вялікі князь літоўскі, і што, звыш таго, іхнія войскі зусім знішчаны...

Аляксандр жа Вітаўт, вялікі князь літоўскі, вельмі сумуючы з-за ўцёкаў свайго войска і баючыся, што з-за няшчаснай для іх бітвы будзе зламаны і дух палякаў, пасылаў аднаго за другім ганцоў да караля, каб той спяшаўся без усякай зацяжкі ў бой; пасля дарэмных просьбаў князь спешна прыскакаў сам, без спадарожнікаў, і ўсяляк упрошваў караля пайсці ў бой, каб уласнай прысутнасцю прыдаць рыцарству больш натхнення і адвагі».

Гэты аповяд Длугаша стварае ўражанне, што ўцякала ўсё войска Вялікага княства Літоўскага за выключэннем трох смаленскіх палкоў, якія - тры з сарака - праявілі мужнасць. У тэксце адчуваецца наўмысная зададзенасць прыніжэння ролі беларуска-літоўскага войска і ўзвышэння ролі польскіх харугваў. Тым не менш версія Длугаша аб разгроме і ўцёках з поля бітвы войска Вялікага княства Літоўскага была ўзята на веру шмат кім з польскіх гісторыкаў і ўвайшла ў спажытак; нават Генрык Сянкевіч - аўтар славутых «Крыжакоў» - некрытычна паследаваў за трактоўкай Длугаша і зрабіў разгром беларуска-літоўска-ўкраінскіх харугваў фактам мастацкай літаратуры, гэта значыць замацаваў версію ў шырокай чытацкай свядомасці.

Аднак гэтыя разгром і ўцёкі вельмі цяжка ўявіць, паколькі яны знаходзяцца ў супярэчнасці з рэальнымі ўмовамі. Поле бою па фронту займала дзве з паловай вярсты; улічваючы прыкладную роўнасць сіл саюзнікаў, можна лічыць, што войскі Вітаўта супрацьстаялі немцам на 1-1,25 кіламетра. На такім участку маглі змагацца з крыжакамі не больш 10-11 харугваў, калі ўзяць сто метраў на кожную, гэта значыць па 50 чалавек у шэраг, і 8-10 шэрагаў у глыбіню. Ззаду першай лініі стаялі, рыхтуючыся да бою, 11-22-ая харугвы, а за імі - 23-34-ая; яшчэ заставаўся рэзерв. Натуральна, што палкі, якія першымі прынялі ўдар, панеслі большыя страты, чым палкі другой і трэцяй чаргі; некаторыя харугвы маглі быць высечаны цалкам, рэшткі іншых - прымушаны да ўцёкаў.

Нават пры рассячэнні фронта, глыбокім прарыве, акружэнні некаторых палкоў Вітаўт меў добры запас сіл, каб здзейсніць неабходныя контрмеры. Для адыходзячых харугваў лепшым месцам абароны быў абоз - некалькі тысяч падвод, некалькі тысяч сялян, узброеных сякерамі, рагацінамі, цапамі. Супраць 40 беларуска-літоўска-ўкраінскіх палкоў і татараў немцы маглі выставіць максімум 17-22 харугвы; 17 - калі ісці за падлікам Длугаша прускага войска ў 51 харугву; тады, адняўшы ад гэтай колькасці 16 харугваў запасу, якія павёў у бой вялікі магістр у крытычны момант бітвы, атрымаем 35 харугваў, падзеленых пароўну на два крылы. На самой справе ў ордэнскім войску мелася больш харугваў, ніяк не меней 60, бо нейкая частка рыцарскіх штандараў была ўзята Вітаўтам і выстаўлена ў Віленскім кафедральным касцёле св. Станіслава, і яшчэ чатыры сцягі разбітых пад Грунвальдам харугваў вывесіў у капліцы пад Таненбергам наступны магістр Ордэна Генрых фон Плауэн. Дваццаць дзве харугвы складалі траціну рыцарскага войска - прыкладна 10-12 тысяч воінаў; ім супрацьстаяла палова саюзных войскаў - не менш 20 тысяч.

Думка аб горшым, чым у палякаў і крыжакоў, узбраенні войска Вітаўта не мае важкага абгрунтавання; ва ўсялякім выпадку гэтая розніца не была вырашальнай. Пацвярджэннем служыць парад беларуска-літоўска-ўкраінскіх харугваў, спецыяльна арганізаваны Вітаўтам і каралём для венгерскіх пасрэднікаў, якія разам з мірнымі ініцыятывамі выконвалі і разведвальныя функцыі на карысць Ордэна. Наўрад ці Вітаўт і Ягайла меліся дэманстраваць ордэнскім выведнікам свае недахопы; так што самі яны лічылі войска Вялікага княства не слабейшым за рыцарскае.

Доказам роўнасці ўзбраення беларуска-літоўска-ўкраінскіх палкоў і варожых з'яўляецца памылковае меркаванне польскага рыцарства, якое спачатку не адрозніла нямецкія харугвы ад Вітаўтавых: «Большая частка каралеўскіх рыцараў, забачыўшы войска пад шаснаццаццю сцягамі, палічыла яго за варожае (як гэта і было), астатнія ж, схільныя па слабасці чалавечай спадзявацца на лепшае, прынялі яго за літоўскае войска з-за лёгкіх коп'яў, інакш суліц, якія яно мела ў вялікай колькасці...»

Такім чынам, ніводнай рэальнай умовы, неабходнай для разгрому войскаў Вялікага княства, і тым больш для ганення іх на шмат міляў (міля - 4 кіламетры), не бачыцца.

Пра тое, што разгрому і ўцёкаў не было, сведчыць і сам Длугаш, калі апісвае асаду войскамі саюзнікаў ордэнскай сталіцы Марыенбурга: «Польскае войска кароль размясціў у верхняй частцы замка на ўсход і поўдзень, літоўскае ж паставіў ніжэй, апроч таго, у асобнае месца, на поўдзень ад замка, ён вывеў воінаў свайго каралеўства - Падоллі і Русі... Пастаўлены былі і бамбарды сярод літоўскага войска: уздоўж гарадскіх сцен, напачатку маста, спаленага з другога берага Віслы; з усіх іх моцна білі па замку з чатырох бакоў».

Але вернемся да таго апісання бітвы Длугашам, якое тычыцца баявых дзеянняў польскага войска. «У гэты ж час (гэта значыць у час так званых уцёкаў войска Вітаўта.- К. Т.) кінулася бегчы і харугва св. Георгія на каралеўскім крыле з чэшскіх і мараўскіх наёмнікаў, якую далі весці чэху Яну Сарноўскаму. 3 усімі чэшскімі і мараўскімі рыцарамі харугва пайшла ў гай, дзе Уладзіслаў, кароль Польшчы, дараваў верных воінаў рыцарскімі пасамі, і стаяла ў гэтым гаі, не думаючы ўвязвацца ў бой. Пад градам папрокаў падканцлера каралеўства харугва ўсё ж такі вярнулася на поле бою.

...Пасля таго як літоўскае войска пусцілася наўцёкі і страшны пыл, што засцілаў пабоішча і ваяроў, быў прыбіты невялікім прыемным дажджом, у розных месцах зноў усчынаецца жорсткая бойка паміж польскімі і прускімі войскамі. Між тым, як крыжакі пачалі напружваць усе сілы для перамогі, вялікі сцяг польскага караля Уладзіслава з белым арлом... пад варожым націскам падае на зямлю. Аднак дзякуючы вельмі вопытным і знакамітым рыцарам, якія знаходзіліся пры ім і адразу затрымалі яго падзенне, сцяг вярнулі на месца... польскія шэрагі, адкінуўшы сумнівы, пад многімі штандарамі абрушваюцца на ворагаў, што стаялі пад шаснаццаццю сцягамі (да іх таксама сышліся і другія ўцалелыя ваяры з харугваў, разбітых пад іншымі сцягамі), і знаходзяцца з імі ў смяротным баі. I хоць ворагі яшчэ некаторы час аказвалі супраціўленне, аднак, акружаных, іх пабіла каралеўскае войска; амаль усе воіны, што змагаліся пад шаснаццаццю штандарамі, былі пасечаны ці ўзяты ў палон».

Вось, бадай і ўсё, што прыводзіць Длугаш канкрэтнага і істотнага пра дзеянні палкоў польскага войска. Звернемся зараз да другіх крыніц - беларуска-літоўскіх, дзе некалькі іншы позірк на ход бітвы. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паведамляе так:

«...Потым вдарено в котлы, в сурмы и зараз литва з татарами з великою прудкостю скочили на немци и сточили з ними битву, же конь об коня боком отирался. Витолт и сам бегаючи, своих напоминает и шикн поправует, поляци тож с кролем своим, припавши, взяли немцев на палаши... а потым видят немцы, же юж их много трупов лежит по полю, почали утекати, а поляки и литва з татарамн гонили их, биючи, стреляючи, рубаючи, колючи, на килка миль, а зацнейших офицеров имали и вязали, самого мистра пруского Улрика простый драб огцепом пробив. В той войне не все наши билися, другий и шабли не добывал, бо было поле тесное. А Витолт татар з литвою охочею пустил, бурячи Прусы огнем и мечем и незносный починили шкоды».

Запіс гэты неканкрэтны, адзіна істотныя звесткі, якія ён змяшчае, датычаць, без сумніву, вялікай колькасці татараў і распачатку бітвы войскамі Вялікага княства. Непараўнальна больш цікавага захавала Хроніка Быхаўца:

«Кароль Ягайла со всими моцами коруны Польское, а князь велики Витолт со всеми силами литовскими и рускими, и с многими татары ордынскими; а мистр пруски также з модами своими и со всею Режою Немецкою... И коли вжо вси войска з обу сторон были поготове, тогды король Ягайла и князь велики Витолт тягнули ку битве все лесными а злыми дорогами, а поля ровного и широкого не могли мети, где бы ся ку битве застановити, нижли тольки были поля ровныя а великия под местом немецким Дубровным. И бачили то немцы, иж ляхове и литва з так вели­ким войски не могли нигде индс вытягнути, только на тыя поля, и для того копали ямы и прикрывали землю, иж бы в них люди и кони падали; и коли вжо король Ягайла и князь велики Витолт з войски своими перетягнули оныя лесы и при шли на тые Дубровенские поля, тогды гетман был найвышшы во войску Ягайловым пан Сокол Мех, а дворны гетман был пан Спыток Спыткович, а в Витолтови войску старшы гетман был князь Иван Жедевид, брат Ягайлов и Витолтов, а дворны гетман пан Ян Гаштольд. И как почали оные вы шейиисаные гетманове люды шиковаты, а о тых ямах ничого не ведали, што на них немцы покопали, а так, шикуючы войско найвышшие гетманове, князь Иван Жедевид и пан Сокол в ямы повпадали и ноги собе поломали, и велми образилисе, с чого ж и померли; и не только одни гетма нове, але и многим людем от тых ям шкода великая ся стала... и почалася битва з поранья межы немцы и войски литовским, и многое множество з обу сторон войска литовского и немецкого пало. Потом, видячы, князь велики Витолт, што войска его много сильно побито, а ляхове им жадное помочы вчынити не хотят, и князь велики Витолт прыбег до брата своего короля Ягайлы, а он мшу слухаст. А он рек так: чты мшу слухаеш, а князи и панове, братя мои, мало не вси побиты лежат, а твои люди жадное помоцы им вчинити не хотят. И он ему поведал: «Милы брате, жадным обычаем иначей вчинити не могу, тольки мушу дослухати мшу», и казал гуфу своему коморному на ратунок потягнути, которы же гуф войску литовскому помоч притягнувши, и пошол з войски литовскими и немец наголову поразил, и самого мистра и всех куиторов его до смерти побили, и бесчисленное множество немцев поймали и побили, а иные войска ляцкие ничого им не помогали, только на то смотрели».

Адыходзіць ад праўды аўтар Хронікі Быхаўца, калі з пачуцця літоўска-беларускага патрыятызму абмяжоўвае ўдзел польскага войска ў Грунвальдскай бітве; але далёкі ад ісціны і Ян Длугаш, надаючы з пачуцця польскага патрыятызму ролю ўцякачоў войскам Вітаўта, наёмным чэхам і маравам. Што адбывалася на полі бітвы ў сапраўднасці, ніхто не ведае, і наўрад ці знойдзецца дакумент, які пралье святло на шматлікія загадкі гэтай жорсткай сечы многіх народаў. Таму ўсе версіі гісторыкаў пра ход бітвы, яе развіццё носяць гіпатэтычны характар. Але сукупнасць многіх даследаванняў і мінулага і нашага часу дазваляе ўявіць дзеянні беларускалітоўска-ўкраінскіх харугваў і татараў пад Грунвальдам з некаторай дакладнасцю.

На золку 15 ліпеня войскі Ягайлы і Вітаўта дзвюма калонамі рушылі да возера Любень, і тут стала вядома, што недалёка, за дарогай, якая злучае вёскі Таненберг і Людвікова, стаяць нямецкія харугвы. Палякі пайшлі з левага боку возера, ваяры Вітаўта - праваруч і прама з маршу пачалі перастройвацца ў баявыя парадкі. Выбраліся на ўзлессе і застылі: за паўвярсты, на затуманеных узгорках, далёка направа і налева бачыліся закаваныя ў жалеза шырокія кліны нямецкіх харугваў.

Можна ўявіць, як на ўзлеску, ля дарогі, што вяла да вёскі Таненберг, сыпаў загады князям і панам Вітаўт; адны ад'язджалі, падляталі галопам другія; харугвы спешна рухаліся на ўказаныя месцы. Праваруч дарогі станавіліся гуфы віленцаў і трачан. Адолеўшы луг, прымкнула да віленскага гуфа палова татарскай конніцы, узначаленая ханам Багардзінам. Прыкметныя халаты татараў узбудзілі крайні клін немцаў, які меў на штандары чырвоны крыж на белым полі. Выйшла з лесу і зарысіла ўстык з палякамі крыло Сямёна Альгердавіча - смаленскі, мсціслаўскі, полацкі, віцебскі, слуцкі, аршанскі, лідскі палкі і полк вяліканаўгародцаў. Кіеўскай харугвай князя Гальшанскага і наваградскай Жыгімонта Кейстутавіча Вітаўт замкнуў дарогу. Побач з наваградцамі стаў валынскі гуф, а паміж аршанцамі і валынцамі - харугва валкавысцаў, што больш за ўсіх рвалася ў бітву. (Валкавысцы прагнулі адпомсціць за напад немцаў на горад у вербную нядзелю - 16 сакавіка 1410 года. Па звычаю сярэднявечча ў святочныя дні, звязаныя з Хрыстом і Багародзіцай, ваенныя дзеянні не вяліся. Таму напад крыжакоў на Ваўкавыск быў па разуменні тагачасных людзей святатацтвам, а смерць мноства бяззбройных патрабавала бязлітаснага пакарання вінаватых.)

Высоўваліся наперад падольскія палкі князя Івана Жэдзевіда. Ляцелі пасланцы да Ягайлы даведацца пра дзеянні палякаў. За першай выстройвалася другая лінія палкоў, а Пётр Гаштольд парадкаваў харугвы запасу.

Немцы, на агульнае здзіўленне, у бой не ўступалі, упускаючы зручную, як усім здавалася, магчымасць пасекчы разрозненыя яшчэ палкі беларусаў і літоўцаў. Вялікі князь Вітаўт паскакаў уздоўж першай лініі войска - на паўтара кіламетра стаялі з невялікімі разрывамі чатырнаццаць харугваў. Ішла апошняя таўкатня пастраення: выязджалі перадхаругвавыя, займалі першыя шэрагі ваяры з роўным нямецкаму ўзбраеннем, старчма трымалі шасцімятровыя, таўшчынёй з руку коп'і; харужыя разгортвалі і падымалі сцягі. Вітаўт скакаў уздоўж палкоў, пазіраючы на кліны немцаў, шкадаваў, што так нечакана завязваецца бітва і няма часу пусціць у справу бамбарды, якія засталіся з абозам. Да вялікага князя з'ехаліся Іван Жэдзевід, Сямён Альгердавіч, Гаштольд, Манівід: «Гатовы!» Разам прайшлі на рысях па вуліцы між першым і другім гуфамі харугваў. Другая лінія мела іх дванаццаць - мсціслаўская, вяліканаўгародцаў, слуцкая, полацкая, брэсцкая, гродзенская, кіеўская, менская, малдаванаў, медніцкая, другая трокская і трэцяя віленская. Тут ваяры трымаліся больш бадзёра, чым у пярэдніх харугвах, якім выпала прыняць першы ўдар, схапіцца з лавінай крыжакоў.

Ягайла ніякіх звестак не падаваў, і вялікі князь памчаў да караля. Направа яму адкрываліся баявыя парадкі крыжакоў - кліны мелі па 30-40 рыцараў у шарэнзе і шэрагаў дваццаць у глыбіню; у разрывах бачыліся бамбарды, арбалетчыкі ў шыракаполых шлемах, а за імі недалёка стаяла другая паласа нямецкіх харугваў - усе пад разгорнутымі штандарамі. Вітаўт лічыў сцягі, многія пазнаваў: чорны крыж на белым полі - харугва Валенрода; шырокая белая паласа на чырвоным полі - харугва вялікага комтура Ліхтэнштэйна; белы ключ належыць харугве ордэнскага скарбніка; чырвоны воўк - гэта харугва комтурства Бальгі; белы леў з жоўтай каронай, а пад ім чорны крыж - кёнігсбергскія рыцары; пад дзвюма чырвонымі рыбамі, пэўна, займаюць пазіцыю шанзейцы; чырвоны арол на чорным полі - брандэнбургская харугва.

Вялікі магістр Юнгінген, Валенрод, Куна фон Ліхтэнштэйн, комтуры стаялі на ўзгорку. Глядзелі на шпаркае, напружанае пастраенне з правай рукі польскіх, з левай - літоўскіх і беларускіх харугваў. Ранішняя трывожная боязнь, што кароль і Вітаўт не пажадаюць прыняць бой на гэтых пагорках, зноў адарвуцца, як было на брадах, і рушаць наперад, спальваючы на сваім шляху замкі і гарады, развеялася. Кліны праціўніка ўжо знаходзіліся насупраць ордэнскіх, бітва была непазбежнай; лічаны час аддзяляў войскі ад сутыкнення, а ад перамогі - тыя некалькі гадзін, якія спатрэбяцца, каб пасекчы палякаў, русінаў і літву. 3 прыемным пачуццём перавагі магістр думаў, што не яны - ён навязвае бой, а Ягайла і Вітаўт вымушаны падпарадкавацца ягонай задуме бітвы, што яны не чакалі яго тут падрыхтаваным да бою і калі не прыгнечаныя, дык, па меншай меры, збянтэжаныя гэтай сустрэчай у лоб.

Ворагі пастроіліся, трапечуцца пад ветрам іхнія сцягі, паласа непрымятай зеляніны шырынёй з палёт арбалетнай стралы адмяжоўвае іх ад лепшых нямецкіх мячоў. Няхай ірвануцца, няхай, разгоньваючы коней, пяройдуць бурую стужку дарогі з Людвікова ў Таненберг, за якой іх чакаюць прыкрытыя дзёрнам глыбокія воўчыя ямы, утыканыя вострымі каламі. Увесь учарашні вечар тысяча кнехтаў рыхтавала гэтыя пасткі, вывозіла за вёскі пясок. Зроблена дыхтоўна: ніхто не прыкмеціць, быццам не людзі, а бог наўмысна стварыў тут пад дзірваном пустату. Калі іхнія перадхаругвавыя з крыкамі жаху праваляцца на калы, а зверху на іх паляціць другі шэраг, а трэці перакоціцца па іх галовах і ўтопча, і зломіцца ўдар, а чацвёртыя, пятыя рады пачнуць асаджваць коней, тады на іх рушаць стальныя калоны Валенрода і Ліхтэнштэйна - сорак чатыры адборныя, буйныя харугвы, выстаўленыя комтурствамі, біскупамі і гарадамі. А сотня бамбард узмоцніць урачыстасць хвіліны ядзерным градам, прымусіўшы ваяроў праціўніка шарахацца, панікаваць, сутыкацца і, абганяючы адзін аднаго, уцякаць. А тады да тых абцугоў, у якія возьмуць літву і палякаў Валенрод і Ліхтэнштэйн, дададуць свае сілы шаснаццаць харугваў запасу.

Ягайла тым часам закончваў апяразваць рыцарскім пасам маладых воінаў. Потым стаў спавядацца падканцлеру Мікалаю Тромбу, які, як кракаўскі канонік, меў права на дараванне грахоў.

Вітаўт, што знаходзіўся ў гэты момант сярод сваіх харугваў, здзівіўся нечаканаму і незразумеламу ўчынку немцаў - кліны іхнія раптам павярнуліся і закрочылі на ўзгоркі, агаляючы бамбарды і іх прыкрыццё. Пушачная прыслуга паднесла да запалаў факелы - цішыню разарваў грукат, над полем паляцелі ядры і рэдка ўпалі на палкі. «Жэдзевід! - крыкнуў Вітаўт. - Рубі іх»,- і паскакаў да татараў. «Багардзін! - гукнуў хану.- Наперад! Сячы пешак!». Уся лёгкая конніца сярэдзіны І тысяча татараў сарваліся ў галоп і, узняўшы мячы, пускаючы стрэлы, памчалі на крыжакоў.

Князь сачыў, як разгортваюцца ў лаву лёгкія сотні. Бачыў, як прыўстаў на страмёнах і ўзнёс меч Іван Жэдзевід. Раптам ён згінуў, і яшчэ некалькі дзесяткаў людзей - там, там, там - разам з коньмі нейкім чарадзействам пайшлі ў зямлю. «А-а,- здагадаўся князь,- выкапалі пасткі!» Зірнуў - колькі, як часта? Заўважыў, што атака не сарвалася, харугвы амаль што не парадчэлі, і павесялеў.

У паветры сутыкнуліся дзве хмары стрэл, ударылі па немцах, ударылі па русінах і татарах. Паляцелі з коней першыя ахвяры бітвы. Але ўжо пачалася рубка абслугі і лучнікаў, данеслася гулкае стуканне мячоў аб прускія шлемы.

Ягайла яшчэ ў бой не ўступіў. Было чуваць, як за ўзгоркам польскія харугвы заспявалі «Багародзіцу». 3 ямаў вылазілі ўцалелыя баяры і татары, дапамагалі выбірацца параненым. Прынеслі Івана Жэдзевіда з паламанай нагой. Князь наўзрыд плакаў, што атрымаў недарэчнае раненне. Яго пасадзілі на рамяні паміж спараных коней і адправілі ў абоз.

Лучнікаў і пушкароў татары, валынцы, падольцы пагалоўна пасеклі. У адказ цяжкая рыцарская конніца наставіла дзіды, кранулася і, набіраючы хады, грузна паскакала на харугвы Вітаўта. Вялікі князь узмахнуў мячом, і тады Сямён Мсціслаўскі, Манівід і заступіўшы Жэдзевіда Пётр Гаштольд павялі гуфы ў бой. Мінуўшы ямы, дзе ржалі пабітыя каламі коні і стагналі людзі, харугвы сталі разгортвацца направа і налева, і адпаведна разварочваліся кліны крыжакоў. Нямецкія і Вітаўтавы гуфы сышліся, з абодвух бакоў паляцелі чароды стрэл, павіслі цяжкай хмарай і пасыпаліся жаліць; дзіды ў тры сажні ўдарылі па варожых радах. Разломваліся шчыты, рваліся даспехі, раздзіраліся коп'ямі грудзі, працятыя дзідамі рыцары абодвух бакоў валіліся з сёдлаў. Але хто вытрымаў гэты страшны першы ўдар, падымаў молат, тапор, меч і кідаўся плюшчыць браню, секчы наплечнікі, галовы, рукі. Стрэлы раіліся, гудзелі між закрытых латамі людзей, дзяўблі даспехі, намацвалі аголенае цела, утыкаліся ў шыі і чэравы коней. Рыцары другога шэрагу станавіліся на месца забітых, а іх замянялі рыцары трэцяга. Цяжкія молаты праціскалі каваныя шлемы; сякеры, прасякаючы міланскую сталь, крышылі косці; двуручныя мячы, упаўшы на плячо, дабіраліся да сэрца. Раненыя падалі з коней - русін на немца, немец на літоўца, татарын на наёмнага швейцарца, і стогны, і перадсмяротныя крыкі людзей, і ржанне коней гаслі ў лютым звоне жалеза, у пякельным грохаце сечы. Нясмеламу не было куды ўцякаць, храбры не мог ісці наперад - рыцары і літвіны стаялі, як дзве сцяны, уздымаючыся на валах з загінуўшых сваіх сяброў. Заднія шэрагі напіралі на пярэднія, раз'юшана разбіваліся адзін аб другога.

Інакш пачалася бітва на крыле татараў. Іх панцыры з гартаванай скуры буйвалаў і абцягнутыя такой жа скурай шчыты не маглі вытрымаць удары дзідаў, і татары хана Багардзіна, сутыкаючыся з харугвамі наёмнікаў, якіх вялі Крыстаф фон Герсдорф, Фрыдрых фон Бланкенштэйн, Ганс фон Вальдаў, Отта фон Носцітц, пусцілі ў ход нечаканую для немцаў зброю. Калі 20-30 крокаў аддзяляла святкуючае рыцарства ад татараў, раптам узвіліся ў паветра арканы і амаль увесь першы шэраг закрытых бранёй перадхаругвавых быў ганебна звалены, быддам здзьмуты ветрам, пад капыты сваіх жа таўстаногіх, цяжкіх коней. Скарыстаўшы разгубленасць крыжакоў, татарскія сотні рвануліся наперад і ўдарылі ў шаблі. Лучнікі паслалі насустрач рыцарам завесу стрэл і, шпарка саскочыўшы з сёдлаў, перарэзалі зваленых наёмнікаў. Знішчэнне татараў, што здавалася немцам забавай, павярнулася для апошніх з першай хвіліны прыкметнымі стратамі і нялёгкім боем. Сіла мячоў, якія проста рассякалі немудрагелістыя даспехі, ураўноўвалася змяінымі абдымкамі арканаў - яны трапна падалі на галовы і здымалі з коней дзесяткі грозных немцаў.

Побач з татарамі стаялі супраць крыжакоў віленскія харугвы Войцеха Манівіда і Мінігала, а плячом да пляча з імі - троцкая харугва Яўніса, і крамянецкая харугва, і харугва наваградцаў Жыгімонта Кейстутавіча, і ратненцы Сангушкі Фёдаравіча, і луцкая харугва Фёдара Астрожскага, і валкавысцы, і віцебцы, і аршанская харугва князёў Друцкіх.

Ішла другая гадзіна бітвы. Густы гарачы пыл уздымаўся да неба, сонца распаляла даспехі, быццам прагнула жывымі спячы страціўшых міласэрнасць людзей. Потым яно стала зацягвацца полагам воблакаў, і паліўся кароткі дождж, прыбіў пыл, астудзіў шлемы, латы, мячы.

Валенрод, раз'юшаны непрадбачаным адпорам, загадаў націснуць на татараў. I тыя не вытрымалі. Ды і як было вытрымаць, калі кожны забіты рыцар каштаваў некалькіх палеглых сваіх ваяроў. Шаблі тупіліся аб крыжацкія даспехі, выбівалі іскры, ламаліся, і пакуль шыю рыцара знаходзіў крывы нож ці аркан сцягваў яго на зямлю, ён паспяваў скрывавіць свой меч татарскай крывёй тры, пяць разоў. Багардзін, чуючы ад сотнікаў аб вялізных стратах, вырашыў адарвацца, пакружыць, перастроіцца і зайсці немцам у тыл. Ён даў знак: ударылі бубны, захісталіся бунчукі, і ў той жа момант усе татарскія рады, выконваючы загад, павярнулі коней, закрыліся ад рыцараў заслонай стрэл, і перад наёмнымі харугвамі Ордэна татараў не стала - парадкуючыся на скаку, яны адыходзілі лугамі. За імі і гнацца было дарэмнай справай: лёгкія татары мелі двайную, трайную перавагу ў хуткасці.

Але адступленне татарскіх палкоў аказалася фатальным для крыла Манівіда. Наёмныя рыцары скіравалі на віленцаў і трачан. Не чакаўшыя бакавога націску харугвы мусілі падацца назад. Адразу ж вялікі клін крыжакоў наваліўся на наўгародцаў, кіяўлян, пінчукоў. Вялікі князь, прыкмеціўшы небяспеку прарыву, прыбавіў Манівіду лідскую, ковенскую, старадубскую і ноўгарад-северскую харугвы, але і крыжакі ўзмацніліся новымі палкамі. Першы поспех, мільгануўшы цень перамогі акрыліў тэўтонцаў. Яны напаўзалі на рады баяраў, зміналі адпор, а па дарозе да Любенскага возера, не шкадуючы сябе, прабіваліся наперад. Каля пятнаццаці харугваў - трокскія, жмудскія, падольскія, віленскія, ковенская, малдаўская, пінская, кіеўская, старадубская, наваградская - заціскаліся немцамі, і тут ішла адчайная сеча. Сталі адыходзіць сярэдзінныя харугвы Пятра Гаштольда. Уся лінія бою напялася, як нацягнутая цеціва; здавалася, яшчэ адно намаганне, яшчэ адзін удар мячоў - і націск немцаў зломіцца, усе іхнія кліны знясіляцца, пададуцца назад, але Валенрод прысылаў новыя харугвы, і яны цяжка абрушваліся на палкі Гаштольда, і ратненцы, уладзімірцы, гродзенцы, палачане, луцкае воінства пачалі цясніцца і крок за крокам уступаць поле немцам.

Крыло Манівіда, якое немцы старанна атачалі, акружыць сябе не да вала. Лепшыя рыцары з усіх дасланых Вітаўтам харугваў спяшаліся ў пярэднія рады. Але калі яны палеглі, паклаўшы каля сябе столькі ж крыжакоў, і немцам засталіся супрацьстаяць ваяры, апранутыя ў нагрудныя панцыры, кальчугі, калантары, адыход паскорыўся. Манівід, не жадаючы поўнай страты сваіх людзей, вырашыў адступіць да абозу. Лавіна з пятнаццаці харугваў павярнула і рушыла да табараў; толькі некалькі палкоў, адрэзаных немцамі, пайшлі лугамі па татарскім следзе, і за імі кінуўся атрад крыжакоў, высякаючы задніх.

На дарозе засталіся полацкая і першая віленская харугвы, што прыкрывалі адыходзячыя палкі ад пагоні. Не па сілах ім было доўга стрымліваць лаву рыцараў, але кожная хвіліна адпору зберагала парадак у адступаючых палках, ратавала ўсё крыло ад жорсткага разгрому. Бой быў смяротны; усе разумелі, які лёс чакае прыкрыццё: спыніць калону немцаў дзве харугвы не маглі, даць ім дарогу - не мелі права. Жэрабя наканавала кожнаму змагацца супраць пяці, шасці крыжакоў.

Палкі Сямёна Альгердавіча і Гаштольда, не ўцягнутыя ў адступленне, разгортваліся дугой і біліся з рашучым намерам ўтрымацца. I тут крыжакі зрабілі памылку: замест таго каб усімі свабоднымі клінамі секчы дугу, частка харугваў Валенрода, змалоўшы палачан і віленцаў, кінулася наўздагон палкам, якія адыходзілі да табараў. Лёгкасць рубкі ў спіну захапіла рыцараў, і яны зломлівалі задніх, спешаных, дрэнна ўзброенных. У запале пагоні немцы ўвайшлі ў лес і дамчалі да табара на беразе Любенскага возера. Здабыча, якую абяцалі тысячы падвод, заахвоціла іх на ўзяцце абозу.

Валенрод святкаваў: баявое шчасце ўсміхнулася яму, язычнікі і схізматыкі рассейваліся, хаваліся ў лесе; заставалася ўзяць у «абцугі» тых, хто супраціўляўся, і скрышыць. Замацоўваючы поспех, ён вярнуў харугвы, што нішчылі адыходзячых лугамі літвінаў, і накіраваў іх абціскаць левае крыло Вітаўта. Сямён Мсціслаўскі, зразумеўшы пагрозу акружэння, кінуў супраць крыжакоў смаленскую, мсціслаўскую, віцебскую харугвы і менскую Юрыя Міхайлавіча. На ўсім полі бітвы ад Таненберга да Людвікова не было больш лютай сечы, чым тая, што завязалася тут; нідзе не біліся з такой жорсткасцю, нідзе не гінула столькі ваяроў і прускіх рыцараў. Немцы, літоўцы, русіны сутыкаліся, як віхуры, людзей сплятала, закружвала і раскідвала ўжо нябожчыкамі. Князь Сямён смерчам насіўся сярод крыжакоў, і як смерч у жытным полі пукамі кладзе каласы, так і меч князя клаў немцаў. Другая смаленская харугва і палова першай харугвы Васіля Барэйкавіча палі ў гэтай сечы. Але і нямецкія кліны выдыхнуліся, разбіліся на асколкі, як разбіваецца аб кавадлу трэснуты молат.

Самаахвярнасць палкоў Сямёна Мсціслаўскага выратавала ад бакавога ўдару правае крыло палякаў, якім у гэты час таксама было нялёгка. Крыжакі моцна цяснілі кракаўскую харугву, збілі каралеўскі сцяг з белым арлом і, палічыўшы гэта за знак блізкага знішчэння ворага, заспявалі пераможны гімн: «Хрыстос уваскрэсе! Узрадуемся, браты, аб Богу, што зламаў рог язычнікам!».

Вялікі князь увесь бой знаходзіўся сярод палкоў. Ужо даўно мінуў апоўдзень, ужо зямля, насычаная крывёй, пачала зыбацца пад нагамі, ужо ад бясконцай працы сякерамі і мячамі абсыхаў на ваярах дзесяты пот, ужо многія, стаміўшыся трымаць зброю адной рукой, кідалі шчыты і секліся двуручна,- Вітаўт стомленасці не адчуваў. Толькі голас надарваўся, але хрыплыя воклічы князя дзейнічалі на харугвы падобна сігналу трубы. Вакол яго грымела сеча - крыкі, стогны, хрыпы, маленне, віск, лямант - і смерць, смерць кідалася, пазначала свае ахвяры, нацэльвала дзіды, стрэлы, мячы, тапары на тых, каго жадала ўзяць сёння да сябе.

Час ішоў, самае страшнае было перажыта, напор крыжакоў слабеў, сіла іх спустошвалася, хоць і каштавала гэта вялікіх ахвяр. Вітаўт накіраваў на дапамогу знясіленай харугве Кракаўскай зямлі тры - сандамірскую, вялюньскую і ўкраінскую харугвы Галіцкай зямлі. Паслаў ганцоў да Джэлаладдзіна, каб вёў сваіх татараў; накіраваў людзей да Багардзіна; выправіў пасланцоў у абоз да Чупурны і Манівіда, каб вярнулі палкі ў бітву: далучыў да спалавіненых смаленцаў тры падольскія і львоўскую харугвы. Паслаў за Сямёнам Мсціслаўскім і Гаштольдам. Тыя прымчалі, абодва ў памятых мячамі даспехах. «Валенрода ў кацёл! - мовіў Вітаўт.- Канчайце! Хутка татары наскочаць са спіны!» Потым з дзесяткам рассыльных узляцеў на ўзгорак, залюбаваўся распачатым акружэннем крыжакоў. Убачыў спешны ўпэўнены рух харугваў Сямёна Альгердавіча і радасна ўсміхнуўся: калі вялікі магістр і вывядзе свае прыхаваныя палкі - не зменіць свой лёс. Калі ўдарыць у бок палякам, дык Гаштольд, Сямён, Манівід пасякуць Валенрода і прыдуць з дапамогай; калі скіруе ўдар у тыл Мсціслаўскага, дык палякі знішчаць Ліхтэнштэйна і паспрыяюць князю Сямёну. I татары ўжо ляцяць.

Ульрык фон Юнгінген, аглядаючы поле бітвы, адзначыў на Ягайлавай і Вітаўтавай паловах прыкметную перавагу палякаў і літвінаў. Было зразумела: кароль і вялікі князь кінулі ў бой усе свае палкі, усе рэзервы. А такога моманту ён толькі і чакаў. Няхай радуюцца, назіраючы вялікія страты ў ордэнскіх шэрагах. Вось стаяць яшчэ не кранутыя боем шаснаццаць лепшых харугваў. Праз некалькі хвілін яны абрушацца на палякаў і літву, скрышаць, раздавяць, разгоняць па лясах і балотах. «Дзеля славы боскай! - крыкнуў магістр.- Наперад!» - і сам павёў харугвы браць прадвызначаную перамогу. Перастройваючыся ў баявы парадак, немцы цяжкай рыссю рушылі на польскія шэрагі.

Але чуццё здрадзіла фон Юнгінгену, прытупілася, спазнялася; яшчэ не ўступіўшы сваімі свежымі харугвамі ў бой, але ўжо разгарнуўшы іх, страціўшы над імі сілу хуткай каманды, ён усвядоміў, што павёў іх памылкова, што трэба было зайсці ў тыл, а тут яго затрымаюць, прымусяць да сечы, і ён без усялякага поспеху змарнуе каштоўны зараз час. I сапраўды, насустрач ягоным клінам рынулася харугва палацавых чыноў, і лес, які здаваўся пустым, раптам нарадзіў некалькі польскіх харугваў. У завяршэнне непрыемнасці вялікі магістр убачыў удалечыні шэрую імклівую калону і зразумеў - татары, зараз учэпяцца ў спіну. Падумалася са здрадніцкай слабасцю ў грудзях, што лепш не ўступаць у бой, застацца на пагорках, але магістр змяў гэтую ганебную думку. Не, наперад, да братоў, якія гінуць за вялікую справу Нямецкага ордэна. I, узняўшы меч, з заклікам «3 намі бог!» магістр разам з рыцарамі ўрэзаўся ў шэрагі палякаў. А ў спіну ягоным шаснаццаці харугвам ударыла паўкола татараў хана Багардзіна, і пачалі падыходзіць буйныя і дробныя атрады русінаў і літвы.

У гэты ж час палкі Сямёна Альгердавіча і Гаштольда і татары Джэлаладдзіна абгіналі парадчэлае крыло Валенрода. Вялікі маршал хутка адправіў пасланцоў за харугвамі, што адбівалі абоз, і стомленыя боем з вазакамі, губляючы здабычу, рыцары прыспешылі на выратаванне сваіх. Шалёна кідаліся яны ў бітву, але ўжо нічога не маглі змяніць. 3 лесу, услед ім прыйшлі спарадкаваныя Манівідам харугвы віленцаў, жмудзі, валынцаў, і шчыльна, як частаколам, закрылі ўсе слабыя месцы атачэння. На Грунвальдскіх пагорках крыжакоў заганялі ў два вялізныя «катлы», сценкі якіх таўсцелі, абрасталі татарамі, польскай, літвінскай пяхотай, коннымі атрадамі і сталі непрабіўнымі. Войска Ордэна танула ў гэтых «катлах», і ўжо ніякая сіла не здолела б яго выратаваць,

У які бок ні кідаў Фрыдрых фон Валенрод свае харугвы, каб прарваць кола акружэння, усюды немцаў адбівалі мячы і сякеры літвы і русінаў, арканы і шаблі татараў. Пятля зацягвалася, як сілок. Адна спадзея супакойвала вялікага маршала: ён быў упэўнены, што брат Ульрык дашле запасныя харугвы, і яны з тыла разломяць кола агідных язычнікаў, раскідаюць схізматыкаў і літву. Нецярпліва чакаючы падыходу харугваў, маршал пазіраў на схіл узгорка, дзе мусілі ўзнікнуць стальныя калоны, але ніводзін нямецкі вершнік не з'яўляўся на пагорку. Час мінаў, і з кожным імгненнем зменшвалася колькасць рыцараў Валенрода. Коні паслізгваліся ў крыві, спатыкаліся аб нябожчыкаў і параненых; рыцары зыходзілі крывёй, адзін за другім клаліся на зямлю. Немцаў сціскалі, зганялі ў гурт і секлі. Ад усіх ордэнскіх зямель, якімі яны прагнулі валодаць, застаўся ім у гэты час насычаны крывёй пятачок, дзе нястомна працавала смерць.

Знікалі ордэнскія харугвы і ў другім катле. Ульрыку фон Юнгінгену розум вопытнага палкаводца падказваў, што бітва прайграна, але сэрца адмаўлялася прыняць гэта, пагадзіцца, падпарадкаваць сябе жаху відавочнай пагібелі Ордэна. Такое здавалася немагчымым, падобнага паражэння крыжакоў не было ніколі, ні пяцьдзесят, ні сто гадоў таму, Ніхто не мог іх адолець, не меў сілы, не асмельваўся. Заўжды, стагоддзямі верх браў Ордэн. Перамога лічылася прызваннем, абавязкам тэўтонцаў - так прадвызначыў Бог, але тут на пагорках рабілася адваротнае. Вакол яго стаялі адборныя рыцары, яны адчайна змагаліся, мусіць, ніколі раней так не біліся, як у гэтыя гадзіны, але падалі, гінулі, не маючы сіл вырвацца з «катла». Мільгацелі мячы, узвіваліся арканы, грукалі молаты - вынішчалася тэўтонскае рыцарства. I каля самога вялікага магістра ўзнікалі палякі, русіны, літва, татары; і ён стараўся крышыць іх, укладаючы ва ўдары ўвесь пакутлівы сорам за ганьбу паражэння, усё крыўду на самога сябе, так проста загнанага ў пастку, у крывавую твань. Нечакана Юнгінген убачыў перад сабой смуглы твар пад пазалочаным шлемам, раскосыя вочы глядзелі на яго з халоднай цікаўнасцю ката, які вырашае, як лепш нанесці ўдар. I гэты прысудны позірк апаліў магістра. Ён ускінуў насустрач баявому тапару хана Багарадзіна свой меч, але здрыганулася сэрца, не паслухалася рука, і Юнгінген спазніўся - бліскучая стальная пласціна хутка наблізілася да вачэй і аказалася пякельна халоднай; ён адчуў ледзяное датыкненне; усё, што трымала памяць з дзяцінства, пачало разбурацца, драбніцца і знікаць.

Ордэнскія рыцары і наёмнікі, якім пашчасціла вырвацца з «катлоў», імчалі ў свае табары, што стаялі каля вёскі Грунвальд. Тут некалькі тысяч кнехтаў і крыжакі зрабілі з павозак загароджу і намагаліся абараніцца, але вал за валам, як патоп, абрушваліся на іх польская конніца, абознікі, татары, беларусы, літоўцы і крышылі, выломвалі, тапілі ў крыві. Сіла гэтага націску падвойвалася жаданнем узяць абоз, узнагародзіць сябе; злы адчай немцаў толькі пабольшваў напор, паскараў удары мячоў, сякер, цапоў. Стрымаць такую лавіну мог толькі цуд, але Бог заставаўся глухім да малітваў рыцарства, і каток смерці каціўся па натоўпу крыжакоў, трушчыў іх, уціскаў у зямлю, не адрозніваючы храбрага ад баязліўца, знатнага рыцара ад звычайнага кнехта. Крыжакі і пруская пяхота рассыпаліся і пабеглі. Дарэмна рыцары скідвалі латы, вызвалялі коней ад цяжкай брані, дарэмна кнехты шукалі ямы, лезлі ў дрыгву - пагоня спатыкала, стрэлы гваздалі іх у кустах, норах, у твані, збівалі на аблашчаную сонцам зямлю; аб адным прасілі Бога немцы - каб хутчэй садзілася сонца і начная цемра схавала іх ад вачэй і зброі пераможцаў. Але марудна цягнуліся прыцемкі, і пакуль згасла вячэрняе святло, на дарогах, палях, у лесе доўжылася вынішчэнне рыцарскага войска.

Стомленыя кравапраліццем ваяры ўжо не секлі тых, хто здаваўся, і тых, за каго спадзяваліся атрымаць выкуп. Палонных рыцараў сотнямі зганялі да польскай і беларуска-літоўскай стаянак.

Баявая таўкатня суцішылася, сцягваліся харугвы, збіраліся разам землякі лічыць, хто жывы, каго няма, ішлі на поле бою шукаць родных, сяброў, таварышаў, спадзеючыся знайсці іх параненымі. Сонца заходзіла, чорныя хмары закрылі яго раней, чым яно схавалася за небакраем. Глухі змрок спыніў пошукі да світанку. Раптам лінуў халодны моцны дождж, абмываючы палі, паветра. Згаладалыя, знясіленыя за дзень ваяры сышліся ў табары, валіліся на падводы, на зямлю, засыналі мёртвым сном, не адчуваючы дажджу і холаду. Усю ноч вярталіся палкі, якія хадзілі ў пагоню. Раніцай харугвы пастроіліся, палічыліся і забедавалі - кожнага трэцяга, а тое і другога не было цяпер у шэрагах. Стала вядома, што ў бітве загінулі і вялікі магістр, і вялікі маршал, і вялікі комтур, і вялікі адзежнічы граф Альбрэхт Эбергардт, і скарбнік Тамаш фон Мергейм, і дзесяткі комтураў, войтаў, амаль усе ордэнскія браты, і тысячы прускіх рыцараў, гасцей, наёмнікаў.

Ягайла, Вітаўт і каралеўская рада вырашалі, што рабіць далей: ці зараз жа ісці браць ордэнскую сталіцу Мальбарк, ці, адпаведна старажытнаму рыцарскаму звычаю, стаяць тры дні ля Грунвальда, паказваючы, што войска не баіцца сустрэць тут новага ворага. Вітаўт настойваў неадкладна паслаць найменш стомленыя харугвы да ордэнскай сталіцы і, карыстаючыся адсутнасцю ў ёй абаронцаў, захапіць. Прапанаваў выправіць туды татараў Джэлаладдзіна, якія ставерставы паход здзейсняць хутчэй за іншых. Але пасылцы татарскай конніцы Ягайла запярэчыў: накіроўваць на Мальбарк язычнікаў хрысціянскаму каралю не да твару. I заставацца тут тры дні не мае сэнсу - зразумела, ніхто сюды не прыйдзе, бо няма каму. Таму, пахаваўшы палеглых, адправілі на радзіму параненых, крыху адпачылі і накіраваліся на Мальбарк. Рухаліся вельмі марудна - сто вёрст ішлі тыдзень, і гэтая павольнасць падкасіла незвычайную ўдачу бітвы. Пасля такой перамогі, гібелі амаль усяго ордэнскага войска, капітула Ордэна саюзнікі маглі лёгка падпарадкаваць сабе ўсю Прусію, трэба было толькі ўзяць сталіцу, але прамаруджванне Ягайлы дазволіла крыжакам наладзіць абарону Мальборка, вымусіць войскі Ягайлы і Вітаўта да працяглай і бясплённай асады. Такім чынам Ордэн выйграў час, сабраў некаторыя сілы, арганізаваў супраць Польшчы і Вялікага княства кааліцыю імперскіх немцаў, венгерскага і чэшскага каралёў. Паўтара месяца аблогі нічога не далі, і 8 верасня войскі Вітаўта першымі зняліся і пайшлі на радзіму. Хутка спынілі асаду і палякі, а ў кастрычніку вайна разгарэлася зноў.

Аднак Ордэн хоць і захаваўся, але моцна саслабеў, і ўжо не меўся весці агрэсіўную палітыку супраць суедзяў з ранейшай настойлівасцю і моцай. Магутнасць яго падарвалася на Грунвальдскіх пагорках у бітве з аб'яднанымі сіламі палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў, татараў, малдаван, чэхаў.

Менавіта важкі ўклад беларусаў і літоўцаў у перамогу над крыжакамі вярнуў Вялікамў княству Жмудзь, Судавы; палякі мусілі вярнуць яму Падолле, што, трэба адзначыць, наўрад ці адбылося б, калі б палкі Вітаўта былі зганьбаваныя поўным разгромам і ўцёкамі, як пра тое з нейкіх сваіх крыўд на вялікага князя Казіміра напісаў Ян Длугаш. Усімі прызнаны паспяховы ўдзел Вялікага княства ў разгроме Ордэна даў Вітаўту магчымасць у 1413 годзе выпрацаваць у Гарадле новыя ўмовы уніі (паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім), якія забяспечылі поўную самастойнасць княства як гаспадарства і самастойнасць ягонай палітыкі.

Грунвальдская перамога пасадзейнічала разрыву ганебнай уніі 1401 года, так званай Віленскай, навязанай Вітаўту Польшчай пасля разгрому войскаў Вялікага княства татарамі на рацэ Ворскле. (Па Віленскай уніі вялікакняжацкая ўлада давалася Вітаўту пажыццёва, а пасля ягонай смерці ўсё Вялікае княства Літоўскае адыходзіла да Польшчы і пераставала існаваць як дзяржава; адносная незалежнасць абяцалася толькі землям, выдзеленым у асабістае валоданне жонцы Вітаўта княгіні Ганне і брату Жыгімонту Кейстутавічу.)

Незалежнасць Вітаўта ад Польшчы, зноў атрыманая ім пасля Грунвальда, дала магчымасць зрабіць спробу поўнага адасаблення Вялікага княства. Гэта выявілася ў дзеяннях па ажыццяўленню уніі цэркваў: Вітаўту было вельмі некарысна мець у гаспадарстве дзве супрацьлеглыя веры - праваслаўную і каталіцкую, паколькі апошняя з'яўлялася правадніком польскага ўплыву, а першая дазваляла незадаволенаму баярству азірацца на Маскоўскую Русь. У лістападзе 1415 года Вітаўт сабраў у Наваградку Сінод праваслаўнага свяшчэнства, які адхіліў ад мітрапаліцтва супярэчніка уніі цэркваў Фоція і прызначыў мітрапалітам на землях Вялікага княства Грыгорыя Цамвлака. Апошні разам з групай святароў накіраваўся для афармлення уніі на Канстанцкі сабор 1418 года.

Значэнне Вялікага княства Літоўскага, узрослае пасля Грунвальдскай перамогі, адлюстравалася і ў тым, што пад час гусіцкіх войнаў чэхі прапанавалі Вітаўту карону, і ён прыняў яе; яго ж намеснікам у Чэхіі выступаў Жыгімонт-Карыбут, які ўзначальваў у Грунвальдскай бітве адну з харугваў беларуска-літоўскага войска. Аднак не трэба памыляцца адносна шчырай прыязнасці Вітаўта да гусітаў; яго дапамога ім пяцітысячным войскам, складзеным з праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства, была палітычным ходам у той гульні, што вялі тады моцныя еўрапейскія дзяржавы. Але каб прыняць у ёй удзел, самому трэба мець сілу і аўтарытэт.

Перамога пад Грунвальдам каталізавала рост самасвядомасці ў шырокіх колаў шляхты Вялікага княства; прывілеі для каталікоў, занатаваныя ў Гарадзельскай уніі, узнялі да актыўнай барацьбы за свае правы і беларускую шляхту, якая аддала шмат жыццяў для ўтаймавання Ордэна. Пад канец веку Вітаўта, калі ён вырашыў вянчацца каралеўскай каронай, пачаўся яўны разрыў уніі Вялікага княства з Польшчай. Каранацыя Вітаўта паставіла б Вялікае княства ў шэраг незалежных еўрапейскіх дзяржаў. Ягайла быў вымушаны ўступіць дамаганням імператара Зыгмунта і даў згоду на каранацыю, але хутка пад уціскам каронных паноў перадумаў згаджацца, растлумачыўшы свой крок бояззю, што пасля смерці Вітаўта беларусы і літоўцы могуць абраць сабе гаспадара без уліку інтарэсаў Польшчы, а гэта можа стаць прычынай дзяржаўнага разладу. Вітаўт вырашыў каранавацца супраць жадання Ягайлы і польскіх радных паноў. На вызначаны дзень у Луцк, дзе мелася адбыцца тая ўрачыстая цырымонія, сабраліся запрошаныя і незапрошаныя госці. Вось як пра гэта апавядае «Летапісец Вялікіх князёў Літоўскіх».

«И будучы у Веляким Луцку и хотел был на себе коруну взложити, но непрыятели его поляки того ему не допустили коруны узложити. В тот час Витовт призвал к себе короля Польского Якгела, и цэсара Рымскага и великого князя Василья Московского, зятя своего, и короля Угерского с королевою, князь великий Тверский Борис Александрович был, и мистр Пруски и Инфлянтски. А от нашых земль послы великие были: от Ивана Царигородского послы приходили, от великого князя Рэзанского послы приходили, а Одоевские князи сами были, от Великого Новагорода и от Пскова послы прнходнлн, н от ордынскнх царен и Волохов от воеводы послы приходили. И мешкали вси тые гости у великого князя Витовта сем недель, а оброку им выходило на стравы на кождын день по пяти сот бочок меду, по пяти сот яловиц, по пяти сот баранов, по пяти сот вепров, по сту зубров, а по сту лосен, а иных речен и чысла не было».

Аднак жаданай кароны Вітаўт не атрымаў, бо палякі закрылі межы з Вялікім княствам і не прапусцілі паслоў, якія везлі Вітаўту асвячоную ў Рыме карону і прывілей з правамі на каралеўскі тытул. Хроніка Быхаўца паведамляе наступнае: «И ляхове, не жицечы короны Литве, и корону в них (у паслоў.- К.Т.) эту отняли и рассекли ее на половины и приложили ко короне бискупа королевского, которая и теперь при замку Краковском у костеле святого Станислава есть». Састарэлы Вітаўт - яму было восемдзесят гадоў - гэтай няўдачай засмуціўся і не перанёс яе.

Пасля смерці Вітаўта ўзяць вялікакняжацкі трон на Літве і Беларусі жадаў Ягайла, але баярства і князі абралі вялікім князем ягонага брата - Свідрыгайлу, які, хоць і быў каталіком, карыстаўся павагай сярод праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства. Стаўшы вялікім князем, Свідрыгайла неадкладна пачаў разбураць Гарадзельскую унію, асабліва тыя яе артыкулы, якія перашкаджалі праваслаўным займаць дзяржаўныя пасады, уваходзіць у раду і карыстацца прывілеямі, што мелі каталікі. Апроч таго, ён адмовіўся аддаць палякам заходнепадольскія землі, якія адышлі пасля Грунвальдскай бітвы ў пажыццёвае валоданне Вітаўту. Пасля смерці апошняга палякі выгналі намеснікаў з падольскіх замкаў і занялі іх. Свідрыгайла - чалавек крутога нораву - у адказ затрымаў свайго брата, польскага караля Ўладзіслава-Ягайлу, у Віленскім замку, абвясціўшы яму, што выпусціць на волю толькі пасля таго, як польскія гарнізоны пакінуць Падолле. Ягайла мусіў даслаць на Падолле такі загад.

Самастойная палітыка Свідрыгайлы прывяла да таго, што Польшча арганізавала незадаволеных ім літоўскіх паноў і князёў і тыя прапанавалі паставіць вялікім князем брата Вітаўта Жыгімонта Кейстутавіча. Пад канец жніўня 1432 года Жыгімонт напаў на Свідрыгайлу ў Ашмянах і ледзь не паланіў; Свідрыгайла ўцёк у Полацк, а пераможца адразу ж быў каранаваны. Так у Вялікім княстве сталіся два вялікія князі: у каталікоў - Жыгімонт Кейстутавіч, у праваслаўных - Свідрыгайла. Імкнучыся здабыць сабе болей прыхільнікаў, Жыгімонт Кейстутавіч выдаў прывілеі, якія ўроўнівалі ў правах праваслаўнае баярства Чорнай Русі з каталіцкім. Белую Русь - Віцебскую, Полацкую, Смаленскую, Магілёўскую землі, і Кіеўскую Русь, якія стаялі за Свідрыгайлу, прывілеі абмінулі.

Пачалася хатняя вайна - запалалі Крэва, Трокі, Ліда, Заслаўе, Менск, Барысаў, Маладзечна. Ніводзін з спаборнікаў не жадаў уступіць уладу; спрэчку іхнюю магла вырашыць толькі смяротная бітва, да яе ўсё і вяло.

Пасля смерці Ягайлы, у 1434 годзе, калі ў Польшчы было бескаралеўе, Свідрыгайла задумаў даволі рэальны ход, каб вярнуць сабе карону вялікага князя. Намер яго заключаўся ў тым, каб здзейсніць намечаную Вітаўтам унію цэркваў. Як выканаўца гэтай справы Свідрыгайла мог разлічваць на падтрымку рымскага папы, а як вораг Гарадзельскай уніі - на дапамогу з боку імператара Зыгмунта і Тэўтонскага ордэна. Але для абвяшчэння царкоўнай уніі патрабавалася згода мітрапаліта Літоўскай Русі Герасіма, былога смаленскага ўладыкі. Свідрыгайла пачаў дамаўляцца з ім і адначасна разаслаў на заходнія двары лісты аб маючым быць аб'яднанні цэркваў у Вялікім княстве Літоўскім. Імператар Зыгмунт Люксембургскі адразу ж паабяцаў каранаваць яго каралеўскай каронай. Ордэн адправіў заступніцкае пісьмо ў Рым. Адтуль неадкладна прыйшлі лісты Жыгімонту Кейстутавічу, каб выпусціў з турэмнай каморы жонку Свідрыгайлы - цвярскую князёўну Соф'ю, і камянецкаму біскупу, каб замірыў двух вялікіх князёў. Але польскія радныя паны, зразумела, не маглі пагадзіцца на каранацыю Свідрыгайлы, бо гэта азначала адлучэнне Вялікага княства Літоўскага ад Польшчы, а Жыгімонт Кейстутавіч не жадаў пускаць спаборніка ў Вільню. У беларускіх гарадах, дзе Свідрыгайла лічыўся абаронцам праваслаўя, прымаць карону з рук імператара-каталіка, да таго ж немца, і абвясціць унію было немагчыма. Адчуваючы, што намаганні аб саюзе з каталіцкай царквой пазбавяць яго даверу сярод праваслаўных святароў, Герасім, вядома, адмовіўся дапамагаць Свідрыгайлу. Задума князя парушылася, і ён у помслівым гневе загадаў непаслухмянага мітрапаліта спаліць. Спалілі Герасіма ў Віцебску.

Гэтая варварская акцыя стала для Свідрыгайлы фатальнай. Спаленне мітрапаліта адбылося напярэдадні рашучай бітвы, якая здарылася першага верасня 1435 года на рацэ Святой (прыток Віліі). Жыгімонту Кейстутавічу палякі прыслалі ў дапамогу восем тысяч ваяроў. Войска Свідрыгайлы складалася з пяці праваслаўных харугваў - полацкай, віцебскай, смаленскай, мсціслаўскай, кіеўскай, чэшскіх атрадаў Жыгімонта-Карыбута, некалькіх лівонскіх і аднаго шведскага палкоў. Пакутніцкая смерць Герасіма выклікала ў праваслаўных ваяроў недавер да Свідрыгайлы, і гэта адбілася на іх баявым настроІ. Бітву выйграў Жыгімонт Кейстутавіч і стаў поўнаўладным вялікім князем. Свідрыгайла ўцёк на Валынь, дзе пражыў да глыбокай старасці.

Жыгімонт Кейстутавіч у сваёй знешняй і ўнутранай палітыцы падпарадкаваўся польскаму ўплыву, а супраць незадаволеных гэтым паноў і шляхты развязаў жорсткі тэрор. Меркаванне апошніх аб Жыгімонце ў Хроніцы Быхаўца занатавана так: «...он же окаянник великий Жигимонт не насытился злости своей и мыслил в сердцу своем по дьявола научению, кабо бы весь род шляхетский погубити и кровь их розлити, а поднести род хлопский, псю кровь». Не трэба памыляцца, думаючы, што Жыгімонт Кейстутавіч і сапраўды меў на ўвазе клопаты «хлопскага роду».

Князі і паны вырашылі звергнуць свайго душыцеля з трону. Адзіным сродкам для гэтага мелася стаць забойства. Выканаць яго ўзяўся князь Аляксандр Чартарыйскі. У Трокі, дзе замкнёна, з вялікай засцярогай жыў Жыгімонт, накіравалі абоз у трыста падвод з сенам: на кожнай хаваліся пяць ваяроў. Князь Аляксандр і блізкі да яго кіеўскі шляхціч Скабейка знайшлі Жыгімонта ў замкавай капліцы. Князь слухаў мшу (абедню), дзверы былі зачынены. На стук ён мог не адчыніць. У гэтае імгненне Чартарыйскі ўбачыў, што па двары ходзіць любімы Жыгімонтаў мядзведзь, і задрапаў паўзногцямі па дзвярах. Жыгімонт падмануўся і загадаў адчыніць. Чартарыйскі і Скабейка ўвайшлі ў малельню, і апошні, схапіўшы каля печы качаргу, нанёс Жыгімонту смяротны ўдар. Па іншай версіі, Чартарыйскі прыйшоў да капліцы адзін. Жыгімонту паверылася, што скрабецца ўлюбёнец, ён падняўся з каленяў, і калі адчыніў дзверы, князь Аляксандр усадзіў яму ў грудзі нож.

Гэта здарылася ў 1440 годзе і стварыла вельмі складаную сітуацыю: жаданні літоўскай, беларускай, украінскай шляхты моцна розніліся - адны хацелі мець вялікім князем пляменніка Вітаўта Міхаіла Жыгімонтавіча, другія стаялі за запрашэнне на вялікакняжацкі пасад сына Ягайлы Уладзіслава, трэція жадалі, каб на трон зноў сеў Свідрыгайла. Скончылася ўсё тым, што вялікім князем абралі малодшага сына Ягайлы ад шлюбу з беларускай князёўнай Соф'яй Гальшанскай - трынаццацігадовага Казіміра.

Цяжка гадаць, як склаўся 6 у далейшым гістарычны лёс Вялікага княства і Польшчы, якімі кіравалі браты, але ў 1444 годзе польскі кароль Уладзіслаў - старэйшы брат Казіміра - загінуў пад Варнай у бітве з туркамі, і Казімір па просьбе радных паноў заняў польскі трон. Так Вялікае княства і Польшча зноў з'ядналіся пад уладай аднаго гаспадара, што ў Польшчы быў каралём, а ў Вялікім княстве Літоўскім - вялікім князем. Казіміру жыццё наканавала завяршыць канчатковае разбурэнне Ордэна, так удала распачатае пад Грунвальдам.



Глосы да часоў Жыгімонта Старога

Глосай, у прамым значэнні гэтага грэчаскага слова, называецца памета на палях кнігі ці рукапісу, тлумачэнне незнаёмага паняцця, пэўная заўвага. Такое найменне ў данным канкрэтным выпадку ўжываецца з дастатковай умоўнасцю - бо чаго адзін не спасцігне ўсё жыццё, другі ведае з дзяцінства. Напрыклад, калі аўтар вучыўся ў школе, дык і словазлучэння гэткага не чуў - «гісторыя Беларусі», а зараз кожны школьнік трымае ў руках падручнік з такой назвай. Як ён на пісаны - добра ці блага - справа іншая. Але даўней і таго не мелі, і толькі ў сталым веку аўтар стаў цікавіцца роднай гісторыяй. Чытаючы гістарычныя выданні нашага часу - бо іншых у звычайных бібліятэках няма - меўся адзначаць тыя моманты, якія нявольна ці наўмысна пададзены цьмяна, выклікалі, мякка кажучы, здзіўленне. Раней, ды яшчэ І сёння, многія перыяды нашага старажытнага і нядаўняга мінулага паказваюцца даследчыкамі так, што настойліва патрабуюць гласарыяў - слоўнікаў цяжказразумелых паняццяў ці акрэсленняў. Можна спадзявацца, што з цягам часу яны з'явяцца, а пакуль шырокія колы чытачоў, да якіх аўтар залічвае і сябе, вымушаны самастойна, саматужна выпраўляць хібы і недаробкі школьнай асветы, адшукваць адказы на простыя пытанні з даўніны свайго краю ў мностве кніжак, каб хоць троху ад чуваць сябе культурнымі сярод людзей.

Ніжэй будзе моўлена крыху пра выдатнага еўрапейскага гуманіста, нашага вялікага асветніка, славутага Францыска Скарыну. Чаму крыху? Таму, што да 500-ых угодкаў з дня нараджэння беларускага першадрукара, якія адзначаліся пад эгідай ЮНЕСКА ва ўсім культурным свеце, выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» падрыхтавала і выдала энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час». У ім апрача шматлікіх артыкулаў змешчаны фотаздымкі ўсіх прадмоў і пасляслоўяў Скарыны да ягоных выданняў. Адно ўжо гэта дае шырокае ўяўленне пра асобу вядомага беларускага дзеяча. Падаецца таксама і вялікая колькасць мастацкага матэрыялу, скарыстанага ў кніжках, якія падараваў усходнім славянам Францыск Скарына. Даведнік усебакова асвятляе жыццё і творчасць вучонага, пісьменніка, мастака, яго велічную постаць і вечнае значэнне кнігавыдавецкай дзейнасці для беларускай культуры і самасвядомасці беларусаў.

Але задаволіцца адной толькі спасылкай на энцыклапедычнае выданне было б няправільна, бо Скарына моцна паўплываў на культуру XVI- XVII стагоддяў, і некалькі момантаў, хоць ужо і агульнавядомых, па значыць варта. Яго асветніцкая дзейнасць, поспехі і няўдачы з'явіліся вынікам пэўных абставін, у іх адлюстраваўся і стан грамадскай думкі, палітычнага, сацыяльнага быцця ў Вялікім княстве Літоўскім, і тагачасная ваенная сітуацыя. Усе людзі ў рэальным жыцці больш моцна звязаны адзін з другім, чым здаецца. «Люд паспаліты» залежыць ад тых, хто трымае ўладу, геній - ад згуртаваных цемрашалаў ці схаластаў, воля чалавека суадносіцца з законамі, якія яе абмяжоўваюць, часцяком з вялікай несправядлівасцю, і г. д. Кожны імкнецца да праўды, але заўсёды, нават у лепшыя часы, яе не хапае. Што ж можна мовіць пра благую гадзіну, калі святкуе крыўда?

Здаралася і такое, калі шмат што залежала ў нашай гісторыі ад колькасці сыноў вялікага князя. У Вітаўта іх не было, і Вітаўтавічы не займалі віленскі трон. Больш шчаслівы лёс у гэтых адносінах напаткаў Ягайлу, які заснаваў дынастыю. Ен меў, як памятаем, двух сыноў - Уладзіслава і Казіміра. Уладзіслаў загінуў у бітве. Смерць маладога караля прывяла да ўзнаўлення персанальнай уніі - польскія радныя паны абралі на каралеўскі трон Казіміра і такім учынкам выратавалі карысны для іх саюз Польшчы з Вялікім княствам Літоўскім.

У Казіміра, як і ў ягонага дзеда Альгерда і прадзеда Гедыміна, было 13 дзяцей - шэсць сыноў і сем дачок. Дзве дачкі памерлі ў немаўляцкім узросце, астатнія больш-менш удала выйшлі замуж за нямецкіх князёў. Першы сын Казіміра, Уладзіслаў,- з 1471 года - кароль чэшскі, з 1490 года - кароль венгерскі. Другі сын, Казімір, памёр, пражыўшы дваццаць пяць гадоў, нічога значнага зрабіць не паспеў. Трэці, Ян Ольбрахт, у 1492 годзе стаўся пераемнікам бацькі на польскім троне, на якім знаходзіўся па 1501 год - да сваёй смерці. Аляксандр, маладзейшы за брата на два гады, у 1492 годзе быў абраны вялікім князем літоўскім, а з 1501 па 1506 год з'яўляўся адначасна і каралём польскім. У 1467 годзе нарадзіўся Жыгімонт, які заступіў Аляксандра на кракаўскім і віленскім тронах. Малодшы сын Казіміра, Фрэдэрык, пайшоў па духоўнай лініі і ў 1493 годзе стаў кардыналам Польшчы.

Казімір трымаў польскі трон амаль паўстагоддзя, а вялікім князем літоўскім прабыў пяцьдзесят два гады. Як кароль ён большы час мусіў жыць у Кракаве, і віленскі велікакняжацкі пасад заставаўся па сутнасці пусты. Справы вырашала Рада Вялікага княства. Пры Казіміры пачалася паланізацыя Літвы і Беларусі. Сам ён не меў вялікай ахвоты да дзяржаўнага кіравання, больш па душы яму былі «рыцарскія заняткі», у першую чаргу -паляванне і ловы. Аднак менавіта пры ім Тэўтонскі ордэн канчаткова заняпаў і трапіў у залежнасць ад Польшчы. «Паляваў»Казімір і на ўсходніх межах. Вось як падаецца гэта ў «Летапісцы вялікіх князёў Літоўскіх»: «Тое ж пак зимы княз великии Казимер сам будучы у Смоленску послал воевод своих князен и панов Литовских против того воевати Московское земли. И звоевали Козелеск, Верею, Калугу, Можаиско и много лиха вчынили Московскои земли и много людеи у полон повели у Литовскую землю. И Москвичы собравшыся за девать днен погналися за Литвою и догонившы билися з Литвою. Ни помог Бог Литве, иж побили много Москвич Литва, и много живых поимали и прывели их к Смоленску ко князю великому Казимеру. И вчынили тогды князи панове великую честь князю великому Казимеру королевичу. А Московского князя великого не было в тот час на Московскои земли: ходил к Муромлю битнся с царем Махметем и з сыном его Монтяком. И там тэж побили Москвич на голову, и самого князя Василя Московского, и Можаиского князя Ивана поимали, и иных князеи и бояр много побили, а иных жывых поимали. А была им битва на Суздали у манастыра святого Спаса, и была тогда Москва у великом страху. А потом цар Махмет и сын его Монтяк дали князя великого Московского на окуп и взяли за него великое множество рублев и соболен, и мир з Москвою в тот час взяли.

Того ж году князь великии Казимер з Московским перемире взял и прысягу промежку себе вчынили иж покою межы их землями быти».

I праўда, быў пакой да часу смерці Казіміра.

Да праваслаўнай царквы вялікі князь прыхільнасці не адчуваў і таму прыклаў намаганні, каб адбылася унія заходняй і ўсходняй цэркваў. Гэты саюз выклікаў незадаволенне не толькі сярод праваслаўных святароў, але і сярод праваслаўных князёў і паноў. А прамым вынікам неадабрэння стала змова, якая мела мэтай забойства Казіміра. Князі Міхаіл Алелькавіч Слуцкі, Фёдар Іванавіч Бельскі і Іван Юр'евіч Гальшанскі распрацавалі план замаху на жыццё караля і вялікага князя. Адпаведна плану замах намячаўся адбыцца 15 красавіка 1481 года на вяселлі Фёдара Бельскага з князёўнай Ганнай Кобрынскай у Кобрынскім замку. Князі ўлічылі звычкі Казіміра і прадумалі два варыянты забойства - адзін на паляванні, другі ў замку. Перасцярог Казіміра нейкі шпалернік, які абіваў шпалерамі замкавыя пакоі і знайшоў схаваную ў фрамугах зброю. Падслухаўшы гутарку змоўнікаў, ён пераказаў усё пачутае князю Казіміру. Пачалі сачыць, упэўніліся, і Міхаіл Слуцкі з Іванам Гальшанскім былі схоплены. Фёдару Бельскаму пашанцавала ўцячы ў Маскву да Івана III. Але ў Вялікім княстве засталася яго жонка, з якой ён прабыў пасля вянчання адну ноч. Тры месяцы працягвалася следства. Высветлілася, што акрамя рэлігійных пачуццяў Міхаілам Слуцкім рухала асабістая крыўда на Казіміра. У 1480 годзе кіеўскім намеснікам прызначылі Івана Хадкевіча, хоць князь Міхаіл лічыў за сабой больш правоў на гэтую пасаду, бо Кіеўскае княства перад тым трымаў ягоны бацька. Прысуд вынеслі Слуцкаму і Гальшанскаму жорсткі - пакаранне смерцю праз адсячэнне галавы, што і было споўнена ў Вільні пры вялікім натоўпе народу. Бельскі ж назаўжды застаўся ў Маскве, дзе атрымаў уладанне. Жонку яго вялікі князь Казімір у Маскву не выпусціў, не згадзіўся на гэта потым і ягоны пераемнік, князь Аляксандр.

Пасля дваццаці гадоў дарэмнага чакання Бельскі ажаніўся з пляменніцай Івана III.

Тут варта адзначыць, што шчаслівы уцёк Бельскага меў месца праз год пасля вядомай бітвы на Угры, калі Маскоўская дзяржава канчаткова скінула татарскае ярмо і атрымала магчымасць вырашаць свае палітычныя задачы. Адной з іх была барацьба з Вялікім княствам Літоўскім за землі, узятыя Казімірам і яго папярэднікамі. Збеглы Бельскі не толькі выратаваў уласнае жыццё, але падаў і пэўны прыклад іншым князям, землі якіх суседнічалі з Маскоўскай Руссю. У 1487 годзе да Масквы далучыўся князь Іван Варатынскі, потым (разам з землямі) - князь Іван Бялеўскі, за ім - Дзмітрый Варатынскі. У 1492 годзе, адразу пасля смерці Казіміра, маскоўскае войска спаліла блізкія да памежжа гарады Мцэнск, Любутск, Масольск, заняло некалькі валасцей. Потым у Маскву адступілі князі Міхаіл Мядзецкі і Андрэй Вяземскі. Выбухнула вайна, для Вялікага княства вельмі няўдалая; па мірнай дамове да Масквы адышлі ўсе вотчыны князёў Навасільскіх, Адоеўскіх, Вяземскіх, Перамышльскіх, Бялеўскіх, горад Казельск. Пагадненне замацавалі шлюбам вялікага князя літоўскага Аляксандра з дачкой маскоўскага князя Івана III Аленай. Але дарэмна Аляксандр разлічваў атрымаць мір праз сваяцтва з Масквой. Зачэпкай для ваенных дзеянняў станавілася ўсё, што можна было скарыстаць у гэтых мэтах: нежаданне Аляксандра называць Івана «царом», ці непрызнанне з боку дыпламатыі Вялікага княства правамоцтваў Івана ўводзіць у свой тытул шматзначныя і пагрозлівыя словы «Всея Руси», ці уніяцкія тэндэнцыі, якія маскоўскі вялікі князь трактаваў як уціск на праваслаўную веру сваёй дачкі Алены. У ліпені 1500 года маскоўскае войска рушыла на землі Вялікага княства і паблізу Дарагабужа, на рэчцы Вядрошы, нанесла паражэнне літвінам. Перамога рускіх была значнай, у палон трапіла шмат знакамітых літвінаў, і сярод іх гетман Вялікага княства Літоўскага Канстанцін Астрожкі, адзін з самых вядомых палкаводцаў XVI стагоддзя. За наступныя некалькі гадоў да Масквы адышлі 20 гарадоў і 70 валасцей. Маскоўскаму князю сталі служыць Васіль Шчымячыч, які «адступіў» з гарадамі Рыльск і Ноўгарад-Северскі, і князь Сямён Мажайскі, што здаў Чарнігаў, Гомель, Любеч, Стараду6.

Сітуацыя ўскладнялася набегамі крымскіх татараў. Крымскае ханства, якое ўзнікла ў 1443 годзе пасля распаду Залатой Арды,- практыкавала паходы на Полынчу, Вялікае княства і рускія землі як надзейны сродак узбагачэння. У 1497 годзе татары абрабавалі Мазыршчыну, праз два гады спалілі Брэст, яшчэ годам пазней спустошылі Тураўскую зямлю. Летам 1502 года яны грабілі прыпяцкія землі; войска, якое ўзначаліў князь Сямён Слуцкі, і гусары Вялікага княства разбілі татараў на Ушы за Бабруйскам. У жніўні таго ж года царэвіч Баты-Гірэй захапіў пасады Слуцка, але замак узяць не здолеў. Былі абрабаваны таксама Капыль, Койданава, Нясвіж, Клецк. Наступным летам татарскія загоны зноў палілі Нясвіж, Клецк, Слуцк, Наваградак. Асобныя атрады крымчакоў хадзілі на Менск, Лагойск, дасягалі Віцебска, Полацка, Вільні. Толькі ў палон яны ўзялі больш за 100 тысяч беларусаў. Слуцкая княгіня Анастасія, жонка Сямёна Міхайлавіча, сама ўзначальвала абарону горада і, апрануўшы даспехі, вывела полк супраць татараў у поле. Потым князь Сямён дагнаў крымчакоў каля Давыд-Гарадка і разграміў.

Праз год татары зноў вогненным смерчам пранесліся па Беларусі, на гэты раз беспакарана. Калі ж яны з'явіліся ў 1506 годзе, тут ужо ім не пашанцавала. Вось як паведамляе пра гэта летапісец: «...Татарове у землю Литовскую вторгнули, против которых за намовою Михаила Глинского сам король Аляксандр велми хорыи рушылся з Вилни до Лиды и оттуль з Лиды для хоробы своее далеи ехати не могучы, противку Татар отправил воиско Литовское, а над ними гэтманом Станислава Кишку, которыи гэтман Кишка вельми ся расхорэлся, иж для хоробы своее и на коня ехати не мог. И поручивши врад свои гэтманскии Михаилу Глинскому, все воиско Литовское противку татар выправил. А Татарове у Клецку кошом стояли, и там же под Клецком над Цэпрою была битва Литве с Татары у Спасов пост. И помог Бог Литве, иж Татаров на голову побили, а иншые, которые втекали, много их в рэцэ потонуло». Трэба адзначыць, што татараў было пад Клецкам 7 тысяч, Глінскі меў 5-тысячнае войска. Гналі ворага ад Клецка дваццаць вёрст, усе палі аж да вытоку Лані былі засланыя пабітымі крымчакамі. Пераможцы ўзялі 30 тысяч коней, вызвалілі з палону 40 тысяч чалавек.

Хутка пасля той перамогі сканаў вялікі князь Аляксандр. Пахавалі яго ў Вільні, у сутарэннях кафедральнага касцёла св. Станіслава. Дарэчы, да нядаўняга часу ў гэтым будынку месцілася нацыянальная мастацкая галерэя Літвы. Пад канец 1988 года урад Літоўскай рэспублікі па жаданні народа вярнуў старажытнае культавае збудаванне, самае старое і шануемае на Літве, царкве. Адной з падстаў такога стаўлення да касцёла св. Станіслава, апроч рэлігійных, было і ёсць тое, што ў яго падзямеллі знаходзіцца пантэон выдатных дзеячаў літоўскай і беларускай гісторыі і культуры. Шэсць стагоддзяў у сутарэнні не пападалі промні сонца, тут запалены чырвоныя лампадкі, іх цьмяныя агеньчыкі ледзь высвятляюць з цемры надмагільныя камяні вялікіх князёў Вітаўта і Свідрыгайлы, славутых палкаводцаў і асветнікаў. У склеп вядуць вузкія каменныя сходы, і кожны можа спусціцца па іх, каб у непарушнай цішыні аддаць павагу тым, хто ўшанаваны надпісам на камяні, і засмуціцца сэрцам, што няма ў пантэоне многіх тых, хто не меней заслужыў перад народам і чые магілы лёс раскідаў па ўсім свеце.

Пасля Аляксандра ўжо нікога з вялікіх князёў не хавалі ў Вільні, таму і гэтае месца вечнага спачынку сведчыць пра пэўныя перамены ў гістарычным развіцці Вялікага княства Літоўскага.

Калі Жыгімонт пасля пахавання брата выйшаў з касцёла ўжо вялікім князем, дык наўрад ці ён адчуваў шчасце ад таго, што нарэшце займае трон. Яму споўнілася сорак тры гады, у такім веку многія вялікія князі і каралі ўжо сыходзілі з жыцця. Краіну моцна спустошвалі татарскія напады і войны з Масквой, дзяржаўныя справы былі ў стане занядбаласці. На гасцінцах панавалі зладзеі, нават шмат хто з шляхты паляпшаў свой дабра быт, рабуючы падарожнікаў. Дайшло да таго, што ездзіць з якога недалёкага павета ў Вільню зрабілася небяспечным. Паны сталі надзвычай самастойнымі, шляхта патрабавала абароны князем яе правоў, даходы вялікакняжай скарбніцы з кожным годам меншыліся. Дваццаць шэсць князёў

1 радных паноў мелі ў сваім валоданні трацяк сялянскіх двароў. Змагаліся паміж сабой панскія групоўкі. Да таго ж няўдача пад Клецкам не спыніла татарскага нашэсця. У 1508 годзе крымчакі зноў з'явіліся на Беларусі, але былі разгромленыя каля Слуцка. Яшчэ праз два гады нечаканы напад дазволіў ім падысці да Вільні і разрабаваць яе наваколле. Па сутнасці набегі татараў на Беларусь спыніліся толькі ў 1526 годзе, калі князь Канстанцін Астрожскі дашчэнту разбіў іх 20-тысячнае войска. Каб утаймаваць агрэсіўнасць крымскіх ханаў, ад іх адкупліваліся, для насельніцтва ўводзіўся спецыяльны падатак - ардыншчына. Вось як яна выглядала па тагачасных дакументах: «Смаленск - 2 сарока сабалёў, паставы махальскіх, 2 паставы трыцкіх, 2 навагонскіх. Віцебск - сорак сабалёў, пастаў махальскі, 2 паставы трыцкіх. Менск - сорак сабалёў, пастаў лунскі, пастаў махальскі, 2 паставы трыцкіх... Брэст - пастаў махальскі а пастаў трыцкі... Вільно - 3 сарока сабалёў, пастаў лунскі, пастаў махальскі, 3 паставы трыцкіх...» (Няма чаго здзіўляцца, што собаль знік з нашых лясоў.)

Адначасна з татарскім нашэсцем вяліся руска-літоўскія войны на ўсходніх рубяжах. Немалую шкоду прынёс гаспадарству мяцеж Міхаіла Глінскага, справакаваны, трэба мо віць, няўдзячнымі адносінамі да апошняга з боку вялікага князя Жыгімонта. Глінскі паходзіў з роду хана Мамая, сын якога Мансур Кілат пасля паражэння бацькі на Куліковым полі ўцёк у Вялікае княства і атрымаў горад Глінск над Сулай (адсюль і прозвішча Глінскія). Сын Мансура Кілата прыняў праваслаўе, і сам Міхаіл Глінскі быў хрышчаны ў царкве. Па звычаях веку ён вучыўся ў Італіі, і там прыняў каталіцтва. Потым дванаццаць гадоў прысвяціў ваеннай службе ў Германіі і Іспаніі, жыў пры двары імператара Максіміліяна. Князь Аляксандр высока цаніў розум і здольнасці Глінскага, зрабіў яго сваім першым дарадчыкам. Глінскі меўся праводзіць рэарганізацыю войска, стварыў першыя ў Вялікім княстве гусарскія эскадроны. У 1501 годзе ён пазнаёміўся з каралевічам Жыгімонтам і шмат зрабіў, каб забяспечыць апошняму бацькоўскі трон. Але варожыя Глінскаму князі і паны скарысталі сітуацыю і здолелі заразіць Жыгімонта недаверам да Глінскага, з чаго ў хуткім часе паўстала паміж імі варожасць. Жыгімонт не зацвердзіў яго на пасадзе дворнага маршалка і пакрыўдзіў, калі перавёў роднага брата Глінскага з Кіеўскага княства на Наваградскае ваяводства.

Галоўным ворагам Глінскага быў Ян Забярэзінскі. Глінскі сабраў харугву ў 800 вершнікаў і рушыў пад Гродна. Па дарозе пасватаўся да слуцкай княгіні Анастасіі, удавы Сямёна Міхайлавіча. Тая адмовіла, і Глінскі папаліў Слуцк, як два гады назад тое ж зрабілі татары. Пра далейшыя падзеі яскрава сведчаць нататкі храніста: «...князь Михайло Глинскии Заберезинского забил таким способом, иж видел Глинский, же был от всих опушон, с тое неласки королевское маючы сэрцэ скрвавенае против Янови Заберезинскому, розумеючы то з его прычыны быти. Скоро король выехал з Литвы на сэим до Петрыкова, зостал в Литве угледевшы свои час, зъехал на Яна Заберезинского, маршалка великого, до двора его, которыи есть через рэку от места Городна концу моста, о першои године в ноч взял его з ложа у одной кошули и казал стоти Турчыну, своему слузе, голову его, через место Городно на древцу нести казал потом у озеро в колку милях укинено. Розумел тому Глинскии, иж порушыл короля и паны Литовскии, приятели небожчыковы, против собе...»

Так, разумеў Глінскі, што гэты ўчынак яму не даруюць. Ён вярнуўся ў Тураў, якім валодаў, і тут прыйшла да яго прапанова ад князя Васіля ад'ехаць у Маскву. Глінскі згадзіўся. Першым дзеяннем здрады стаў захоп Мазыра, дзе ён прынёс прысягу вялікаму маскоўскаму князю. Але вайсковай дапамогі ў той час Глінскі ад Масквы не атрымаў і мусіў уцякаць. У 1512 годзе пачалася вайна паміж Васілём і Жыгімонтам. Маскоўскае войска аблажыла Смаленск, і Глінскі спрыяў таму, што горад быў здадзены рускім. Аднак стасункі яго з маскоўскім князем Васілём складваліся, відаць, не зусім так, як яму хацелася, ды і цвёрдая цэнтралізацыя, характэрная для Маскоўскай Русі, мусіць, раздражняла бурлівую, вольную натуру князя Глінскага. У 1514 годзе, напярэдадні новай вайны Масквы з Вялікім княствам, ён увайшоў у тайную перапіску з Жыгімонтам, агаворваючы ўмовы, на якіх вернецца на радзіму. Але пасланца ягонага схапілі, намер Глінскага стаў вядомы, і князя кінулі ў астрог.

8 верасня 1514 года 30-тысячнае беларуска-літоўскае войска, якое ўзначальваў гетман Канстанцін Астрожскі, нанесла паражэнне пад Оршай 80-тысячнаму маскоўскаму войску. Гэтая вялікая няўдача князя Васіля адбілася і на лёсе Міхаіла Глінскага. Пераможцу ў бітве пад Оршай у 1507 годзе князю Астрожскаму пашчасціла вырвацца з маскоўскага палону, праўда, праз парушэнне дадзенай прысягі. Глінскаму ж пагражала пакаранне смерцю, але ён здолеў адшукаць выйсце з цяжкага становішча. Князь выказаў намер вярнуцца ў праваслаўе. Настаўляў яго ў веры мітрапаліт Варлаам. Жыццё сабе Глінскі выратаваў, але вольны свет убачыў толькі ў 1526 годзе. Дорага каштавалі яму галава Забярэзінскага і ўцёкі ў Маскву.

Вынікам перамогі пад Оршай было замірэнне Вялікага княства з Маскоўскай Руссю, але не трывалае. Руска-літоўскія войны працягваліся амаль усё XVI стагоддзе, не скончыліся яны і ў наступным. Пастаянная і напружаная барацьба з крымчакамі і рускай дзяржавай стрымлівала сацыяльнае і культурнае развіццё Вялікага княства, бо патрабавала вялікіх сродкаў, не кажучы ўжо аб стратах людзей і разбурэннях. Пасля няўдачы на Ведрашы, дзе выявіліся недахопы паспалітага рушэння, былі праведзены некаторыя вайсковыя рэформы. У практыку ўвайшлі «попісы» служылых людзей, а ў войску з'явіліся наёмнікі. Жыгімонт давёў колькасць апошніх да пяці тысяч. Апроч ардыншчыны з насельніцтва пачалі збіраць падаткі на ўтрыманне рэгулярнага войска. Узмацніліся і дзяржаўныя патрабаванні да вайсковай павіннасці. Заканадаўча зацвярджалася, што той, хто ў вызначаны тэрмін не з'явіцца на месца збору войска, падлягае штрафу ў сто рублёў. Спазненне на тыдзень, самавольны адыход з войска пад час вайны цягне за сабой пакаранне смерцю. У 1522 годзе Гарадзенскі сейм пастанавіў адымаць вотчыну ці ўладанне ў тых паноў і шляхты, якія парушаюць вайсковую дысцыпліну.

Ваенная напружанасць прыводзіла, з аднаго боку, да мілітарызацыі свядомасці, з другога - стварала падставы для паланізацыі, захавання канфедэрацыі Польшчы і Вялікага княства Літоўскага ў сувязі са знешняй небяспекай. За выключэннем невялічкага перыяду (дзесяцігоддзе з 1492 па 1501 год), калі кожная з дзяржаў мела свайго гаспадара, усе XV і XVI стагоддзі вялікі князь літоўскі быў адначасна і каралём польскім. Наўмысна ці выпадкова галоўным дваром зрабіўся кракаўскі, а гэта прымушала літоўскае, беларускае, украінскае панства да карыстання польскай мовай. Аляксандр і Жыгімонт Стары атрымалі каталіцкае выхаванне, зразумела, што з большай прыязнасцю яны ставіліся да каталікоў. Нават такі шчыры абаронца праваслаўя, як князь Канстанцін Астрожскі, пісаў свае лісты па-польску. Уплывовы ў той час праваслаўны баярын Іван Сапега, дзяк вялікакняжацкай канцылярыі, нейкім чынам дамогся ад рымскага папы прывілея, які дазваляў у праваслаўнай царкве, прыналежнай Сапегам, служыць абедню як па грэчаскаму, так і па лацінскаму абрадам. Паступовы адыход ад праваслаўя заможных фамілій пазбаўляў яго магчымых фундатараў і мецэнатаў. Такім чынам, ужо на пачатку XVI стагоддзя культурная сітуацыя ў Вялікім княстве складвалася не на карысць праваслаўнай традыцыі. Да таго ж неабходную вышэйшую адукацыю большасць здольных да навукі ўраджэнцаў Літвы і Беларусі магла атрымаць у Кракаўскім універсітэце, які апекавала каталіцкая царква. Юнакі з заможных сем'яў наогул вучыліся ва універсітэтах Заходняй Еўропы і, безумоўна, па вяртанні адчувалі значную адсталасць «рускай» кніжнай і навуковай культуры, не кажучы ўжо пра культуру палітычную.

I вось на фоне такіх падзей і абставін распачалася асветніцкая дзейнасць Францыска Скарыны. Ён надрукаваў першую кніжку, калі яму было 35 гадоў. Праўда, у нашай папулярнай літаратуры беларускі першадрукар добра амалоджаны - на восем гадоў. Так падае нават энцыклапедычны даведнік, дзе гаворыцца, што Францыск Скарына нарадзіўся ў 1490 годзе, у 1504-ым запісаны ў Кракаўскі універсітэт, праз два гады атрымаў там ступень бакалаўра, а яшчэ праз шэсць стаў доктарам медыцыны. Гэта значыць, у 22 гады. Адпаведна ў 27 гадоў пачаў друкаваць пераклад Бібліі. Вельмі прыгожа, але, на жаль, далёка ад праўды... Даследчык Генадзь Лебедзеў, абапіраючыся на працы польскіх і чэшскіх вучоных, крытыкуе гэтыя легкаважныя міфы. Нарадзіўся Скарына каля 1482 года; калі пачаў вучыцца ў Кракаўскай акадэміі - невядома, бо той запіс, на які звыкліся спасылацца («Францыск (сын) Лукі з П(о)лацка»), мае адносіны не да Францыска Скарыны, а да нейкага Францыска з польскага горада Плоцка. Актавы ж запіс ад 1506 года сведчыць, што «Францыск з Полацка, літвін» атрымаў ступень бакалаўра свабодных мастацтваў. Пасля таго яшчэ пяць гадоў ён вучыўся ў Кракаве на факультэце медыцыны, а ступень доктара медыцыны абараняў у Падуанскім універсітэце, які меў дастатковую колькасць спецыялістаў, каб абарону зацвердзіць. Праз пяць гадоў пасля гэтага Скарына асеў у Празе, дзе выдаў 22 кнігі са складу Бібліі.

Францыск Скарына, безумоўна, быў усходнеславянскім першадрукаром. Аднак пачатак кірылічнаму кнігавыданню паклаў немец Швайпольт Фіёль, які ў 1491 -1493 гадах у Кракаве выпусціў чатыры кнігі «рускім шрыфтом» - «Актоіх», «Часаслоў», «Трыёдзь посную» і «Трыёдзь каляровую». Арыгіналам Фіёлю, як устанавілі даследчыкі, служылі маскоўскія рукапісы. Шрыфты вырэзваў студэнт Рудольф Борсдорф. Кнігі надрукаваны на царкоўнаславянскай мове і з'яўляюцца інкунабуламі.

Інкунабуламі называюць кнігі, што выдадзены да 1501 года. Кнігадрукаванне, як вядома, пачалося ў 1444 годзе. Прыкладна за першае паўстагоддзе існавання еўрапейскай друкарскай справы чытачы краін Заходняй Еўропы атрымалі болей за 40 тысяч назваў агульным тыражом 10 мільёнаў экземпляраў. Толькі ў Венецыі дзейнічалі 150 друкарань; яны зафіксаваны на той час у 260 гарадах Заходняй Еўропы. Так што, калі Скарына вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, кніга ўжо была нармальнай з'явай жыцця, і бібліятэкі маглі прапанаваць шырокі выбар як духоўнай, так і свецкай, навучальнай літаратуры.

Другая друкарня, якая карысталася кірылічным шрыфтам, існавала ў сталіцы чарнагорскіх валадароў Црноевічаў. Захоп Чарнагорыі туркамі ў 1499 годзе спыніў тут кнігавыдавецкую справу. Але некалькі кніг усё ж выйшла, і Скарына, безумоўна, з імі знаеміўся.

Выданне кнігі, нетаннае і сёння, у тыя часы тым больш было справай няпростай, патрабавала вялікіх выдаткаў на паперу, станкі, шрыфты, фарбы, аплату друкароў. Мецэнатамі Скарыны выступалі Багдан Онкаў, Якуб Бабіч, князь Канстанцін Астрожскі. Відаць, дапамог сродкамі і брат Іван. Усе яны, дарэчы, рызыкавалі, бо Скарына з'яўляўся рэфарматарам. Ён зрабіў пераклад Бібліі на зразумелую «люду паспалітаму» мову, што, безумоўна, сапраўдны культурны подзвіг; парушыў шматвяковую традыцыю выкарыстання канфесіянальнай, царкоўнаславянскай мовы з яе зкамянелымі формамі; ужыў лексіку і граматычныя формы жывой беларускай мовы. Падхопленая і развітая паслядоўнікамі Францыска Скарыны, гэтая тэндэнцыя прывяла да таго, што на беларускай мове з цягам часу сталі весціся набажэнствы ва уніяцкай і праваслаўнай цэрквах на Беларусі. Пражскія выданні, калі меркаваць з таго, што яны друкаваліся адно за адным, мелі добры попыт. Можа, Скарына і ягоныя прыхільнікі не дужа разбагацелі, але і не збяднелі. Гэты практычны момант нельга не браць пад увагу, бо ў рэальным жыцці чалавек заўжды жадае звязаць прыемнае з карысным. Скарына не быў настолькі заможным, каб не думаць пра грошы. Яны давалі магчымасць друкаваць кнігі Бібліі, вызвалялі час для перакладаў, наогул, рабілі незалежным ад службы.

У 1520 годзе Скарына з нейкай нагоды перабіраецца ў Вільню. Што падштурхнула яго на такі крок, ніхто не ведае, таму і нам не варта гадаць. Тут ён працягвае кнігавыдавецкую дзейнасць, але яна ўжо не была такой бурлівай, як у Празе. У Вільні па~ бачылі свет дзве кнігі - «Малая падарожная кніжка» і «Апостал». У адрозненне ад пражскіх віленскія старадрукі выдадзены на царкоўнаславянскай мове ў беларускай рэдакцыі. Пэўна, пакупнікоў на іх аказалася менш, чым меркавалі Скарына і кола людзей, якія фінансавалі выданні і здзяйснялі іх продаж. Кніга наогул каштавала дорага, часам як дваццаць трыццаць кароў; набыць выданне мог толькі заможны чалавек, таму галоўнымі пакупнікамі выступалі царква, манастыры, багатая шляхта, суполкі гараджан. Спроба збываць кнігі ў Маскоўскай дзяржаве не мела поспеху, маскоўскія адказныя духоўныя асобы бачылі ў іх ерась - па-першае, моўную, паколькі праваслаўная царква ў Маскоўскай Русі зацята трымалася царкоўнаславянскай мовы; па-другое, Скарына насыціў свае выданні свецкімі звесткамі, што артадаксальнае мысленне не магло ўспрыняць інакш, як здзеклівы гвалт над святыняй. Захаваўся дакумент ад 1552 года - інструкцыя Жыгімонта Аўгуста свайму паслу А. Крычку ў Рыме, пры папскім двары, змест якой датычыцца знішчэння друкаванай «Бібліі» ў Маскве:

«Гэта добра ведалі папы Аляксандр IV і Леў X, таму, калі Васіль III, бацька таго, хто зараз кіруе маскавіцянамі, таксама як цяпер гэты (маецца на ўвазе Іван Грозны.- К. Т.), але з яшчэ большай упартасцю і ў больш сталым узросце з намерам адправіўшы ў Рым бліскучае пасольства, дамагаўся ад іх кароны (і шмат паабяцаў ім, і гэтак жа спрыялі яму кароль Максіміліян і некаторыя іншыя хрысціянскія князі), аднак нічога не атрымаў. Таму што, апрача лжывых абяцанняў, яны не выявілі ні ў яго, ні ў каго іншага з маскавіцян ніякіх прыкмет прыхільнасці да каталіцкай рымскай царквы, і нават калі пры панаванні нашага боскага бацькі (Жыгімонта I) нейкі яго падданы, кіруючыся набожным жаданнем і вырашыўшы надрукаваць і выдаць на рускай мове Святое Пісанне, прыбыў да маскавіцян, гэтыя кнігі былі публічна па загаду князя спалены, таму што былі выдадзены падданым рымскай царквы і ў месцах, якія падлягаюць яе ўладзе. Такая ўселеная ў гэты народ непрыязнасць да лацінскага і рымскага імені...»

Ёсць ускосныя звесткі, што і сам Скарына ездзіў у Маскву з нагоды продажу сваіх выданняў, аднак быў арыштаваны і ледзь выратаваўся. Што б там ні сталася, але шырокага попыту віленскія кнігі на Маскоўскай Русі не атрымалі. Не нашмат лепш, відаць, ішлі справы з кніжным гандлем на Беларусі і Украіне, бо друкарскі станок у камяніцы, аддадзенай Якубам Бабічам пад друкарню, з 1525 года заціх. У тым годзе памёр Юры Адвернік, адзін з фундатараў кнігавыдавецкай дзейнасці Скарыны ў Вільні, і Францыск (на той час меў сорак тры гады) ажаніўся з яго ўдавой, Маргарытай. Сямейнае жыццё Скарыны - будзем думаць, шчаслівае - цягнулася чатыры гады. Маргарыта сканала ў 1529 годзе, пакінуўшы на руках мужа немаўля. Да тужлівай адзіноты дадалося сумнае ўсведамленне малой зацікаўленасці яго выдавецкай справай з боку адукаваных колаў насельніцтва Вялікага княства. Ды і само гэтае кола было яшчэ занадта вузкім. Каталіцкая царква друкарскую дзейнасць Скарыны сустрэла непрыязна. Не падтрымалі яго ініцыятывы і праваслаўныя светары, што змагаліся супраць рэфармацыйных павеваў, а праца першадрукара, безумоўна, мела на сабе адбітак такіх ідэй. Друкарні, якая б выдавала кнігі лацінкай, Вялікае княства не мела. Але паслугамі Скарыны віленскі каталіцкі капітул не карыстаўся, хоць Францыск быў католікам і служыў сакратаром і прыдворным лекарам у біскупа віленскага Яна, пазашлюбнага сына Жыгімонта Старога. Сапраўды, цяжка стаць прарокам у сваёй Айчыне.

Бяздзейнасць праваслаўнай царквы ў Вялікім княстве, яе арыентаванасць на старадаўнюю традыцыю, сляпое і неразумнае супрацьстаянне «лацінянам»нават у адносінах адукацыі, асветы, падрыхтоўкі ўласных святароў, балюча адгукнуліся ёй у недалёкай будучыні. Мусіць, калі б сярод тагачасных дзеячаў праваслаўя ў Вялікім княстве знайшліся разумныя людзі, здольныя ўбачыць той духоўны плён, які можа даць друкаваная кірыліцай кніга, дык не было б такога працяглага перапынку ў беларускім кнігавыданні, якое ўзнавілася пасля Францыска Скарыны толькі гадоў праз трыццаць, ужо ў адказ на кніжную ручаіну з каталіцкіх і пратэстанцкіх друкарань. Гэтая няўвага сучаснікаў не магла не выклікаць у Скарыны пачуцця горычы.

Да шматлікіх расчараванняў і няўдач дадаліся смерці аднадумцаў. Не стала віленскага бурмістра Якуба Бабіча. Памёр фундатар віленскай друкарні Багдан Онкаў. У 1530 годзе пакінуў белы свет Канстанцін Астрожскі, адзіны праваслаўны князь на Літве, які атрымаў пасаду троцкага ваяводы, што супярэчыла артыкулам Гарадзельскай уніі. У адпаведнасці з тэстаментам яго пахавалі ў Кіева-Пячорскай лаўры. Астрожкі быў буйнейшым землеўладальнікам у Вялікім княстве, валодаў сарака тысячамі душ. Яго падтрымка праваслаўя мела пэўныя межы і наяўныя супярэчнасці. Астрожскі стаяў за пагадненне з Польшчай, бо, па яго меркаваннях, Вялікае княства само па сабе не магло супрацьстаяць Маскоўскай Русі. 3 гэтай прычыны ён варагаваў з Гаштольдамі, якія схіляліся да ідэі літоўскага сепаратызму. Але цесны саюз з Польшчай і роўнасць праваслаўнай царквы з каталіцкай, роўнасць культур і моў, як паказала жыццё, былі несумяшчальнымі з'явамі. Так што на той час Францыск Скарына застаўся без жонкі, сяброў, фундатараў, друкарні.

У 1525 годзе апошні магістр Тэўтонскага ордэна Альбрэхт Брандэнбургскі (пляменнік вялікага князя Жыгімонта) правёў секулярызацыю Ордэна і абвясціў замест яго свецкае Прускае герцагства. Захоплены пратэстанцкім рухам магістр распачаў у Прусіі рэфарматарскія перамены, якія ў першую чаргу датычыліся царквы і школы. Для кнігавыдавецкай справы Альбрэхт запрасіў у Кёнігсберг Францыска Скарыну. Той прыехаў, спадабаўся гердагу, уразіў яго адукаванасцю, але надоўга там не затрымаўся. Праз некалькі месяцаў вярнуўся ў Вільню, спакусіўшы на выезд з Кёнігсберга разам з сабой двух спецыялістаў - лекара і друкара. Гэты ўчынак вельмі абразіў герцага Альбрэхта, і ён накіраваў ліст да віленскага ваяводы Гаштольда, дзе скардзіўся, што Скарына «зводніцкім нагаворам» пазбавіў горад друкара, а шматлікіх хворых - лекара, і прасіў вярнуць гэтых людзей герцагству. 3 якой мэтай Скарына забраў у Вільню лекара і друкара, застаецца нераскрытым. Магчыма, ён усё ж такі песціў яшчэ спадзею на працяг друкарскай дзейнасці.

Наступныя гады зноў прынеслі Скарыне няшчасце. Памёр брат Іван, ягоныя даўгі крэдыторы вырашылі спагнаць з Францыска і звярнуліся са скаргай да караля Жыгімонта. Тры месяцы Скарына адседзеў у Познаньскай турме, пакуль пляменнік Раман не дамогся сустрэчы з каралём, якому растлумачыў справу. Дзякуючы гэтаму з'явілася на свет прывілейная грамата, дзе былі адзначаны хітрыкі крэдытораў, а віна Скарыны адмаўлялася; яму вярнулі волю. Неўзабаве пасля той «прыгоды» Францыск Скарына выехаў у Прагу. Распаўсюджаная легенда, быццам ён займаў там пасаду каралеўскага садоўніка па запрашэнні караля Фердынанда і заснаваў славуты сад на Градчанах, не мае пад сабой грунтоўных падстаў. Чэшскія даследчыкі трымаюцца думкі, што «сад на Градзе» быў заложаны запрошанымі італьянцамі Джавані Спацыа і Франчэскам Банафардэ. Падобнасць імёнаў - Франчэска - Францыск - вось тое адзінае, з чаго нарадзілася версія пра садоўніцкую дзейнасць Скарыны. Чым займаўся Скарына ў Празе - застаецца невядомым. Хутчэй за ўсё, практыкаваў як лекар. Сканаў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар у 1551 годзе ў сямідзесяцігадовым узросце на братняй чэшскай зямлі, дзе здзейсніў асветніцкі подзвіг, падараваўшы свайму народу друкаваную кнігу. Пакінуў Скарына сваім паслядоўнікам не толькі 25 кніг з Бібліі; яго шрыфты і гравіраваныя застаўкі з віленскай друкарні выкарыстоўваліся кнігавыдаўцамі яшчэ сто гадоў.

Акадэмік Я. Карскі ахарактарызаваў беларускага гуманіста Францыска такімі словамі: «Мы маем у асобе Скарыны адукаванейшага чалавека свайго часу, які ніколькі не саступаў тагачасным заходнееўрапейскім дзеячам ні па свайму розуму, ні па энергіі, ні па сваіх высокіх задумах... Скарына прысвяціў лепшыя гады жыцця асвеце сваіх землякоў. Выклікае здзіўленне, акрамя моцнай энергіі, імкненне да асветы, выключная бескарыслівасць і самаахвярнасць слаўнага доктара з Полацку».

Імя Францыска Скарыны даследчыкі знітоўваюць і з распрацоўкай Першага Статута Вялікага княства Літоўскага, уведзенага ва ўжытак у верасні 1529 года. Сапраўды, як сакратар віленскага біскупа, чалавек высокаадукаваны, знаўца права і некалькіх моў, Скарына мог быць сярод тых людзей, што вырашылі адысці ад рымскага права, якім традыцыйна карысталіся еўрапейскія краіны, і стварыць звод законаў, набліжаных да юрыдычнай рэальнасці Вялікага княства. Статут складаўся з тузіна раздзелаў, дзе змяшчаліся асноўныя нормы дзяржаўнага права, шлюбна-сямейнае, спадчыннае, працэсуальнае, крымінальнае, зямельнае, грамадзянскае. Згодна з законам гаспадар быў абавязаны захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць Вялікага княства, не дапускаць на дзяржаўныя пасады ў Беларусь і Літву чужаземцаў, не аддаваць ім маёнткі, прытрымлівацца старых звычаяў. Статут абвяшчаў прынцып публічнасці правасуддзя, права на абарону з удзелам адваката. Выхад гэтага дакумента адыграў значную ролю ў развіцці права. Статут стаў першым зборам законаў у феадальнай Еўропе, своеасаблівым узорам для пераймання, бо стваральнікі яго паклалі ў аснову новыя прынцыпы - сувярэннасці дзяржавы, прыярытэту пісанага права перад «старым обычаем».

Распрацоўка і прыняцце Статута былі б немагчымы без зацікаўленай падтрымкі з боку вялікага князя Жыгімонта Старога, а ён знаходзіўся пад моцным уплывам сваёй жонкі, каралевы Боны. (На час жаніцьбы Жыгімонт меў пяцьдзесят гадоў, Бона - дваццаць два.) Яна паходзіла з вядомага італьянскага роду Сфорца і вылучалася выдатнымі практычнымі здольнасцямі. Пасля шлюбу каралева атрымала ў асабістае ўладанне Пінскае і Кобрынскае княствы і хутка пачала скупаць землі, каб павялічыць вялікакняжацкі надзел і адпаведна свае даходы. Так Боне дасталася вялікая частка пушчы, што цягнулася ад Гродна да Коўна. У 1533 годзе яна выкупіла ў Юрыя Радзівіла гродзенскае староства, набыла землі ў Клецкім і Гродзенскім паветах. На сваіх землях каралева ажыццявіла прагрэсіўную валочную рэформу, перабудавала вёскі, упарадкавала падаткі. Гэта дало ёй магчымасць атрымоўваць штогод толькі на Беларусі 36 тысяч злотых. Пасля смерці Жыгімонта Старога Бона ад'ехала ў Італію і вывезла з сабой вялікі скарб. Шмат намаганняў яна прыклала, каб забяспечыць абранне на вялікакняжацкі і каралеўскі трон свайго сына Жыгімонта Аўгуста. Тую валочную рэформу, што пачала маці, Жыгімонт Аўгуст давёў да канца. Пры ім быў здзейснены другі «Попіс» войска Літоўскага.

Як і дзе гэта адбывалася, дае ўяўленне даведка ад 10 мая 1567 года. Есць сэнс яе працытаваць: «Попис войска земского Вел. кн. Лит., которые збиралися за уфалою сойму Городенского на местцо, через листы короля его мости назначоное, к Молодечну; которому збиранью час был од короля его мости зложон на 7-ю суботу недавно прошлую. А почали збирати и подписывати в Красном Селе перед его мости паном гетманом, паном Григорьем Александровичем Ходкевича, паном виленским, гетманом наивышшым Вел. кн. Лит.». Сышліся на «местцо назначоное» 27 780 конных і 7200 пешых ваяроў. Мястэчка Краснае і сёння раскінулася там, дзе стаяла ў XVI стагоддзі, недалёка ад Маладзечна. Калі прыехаць сюды, падняцца на пагорак і даць волю ўяўленню, дык убачацца і тыя конныя, і пешыя паны, шляхта, драбы, шматлікія агні, дзесяткі тысяч коней на пожнях. Розную сілу мелі тагачасныя паветы. Шляхта Лідскага павета выстаўляла 800 вершнікаў, Менскі павет - 220, Наваградскі - 450, Брэсцкі - 420, Пінскі - 234, Гродзенскі - 714. Праходзілі перад гетманам і запісваліся татарскія харугвы: Магмета Юхновіча ў 147 коней, Магмета Якубовіча ў 85, Мортуза Алішкевіча ў 50, Абдрахмана Войніча ў 53 кані і інш. Побач з князем Радзівілам, які адзін выстаўляў 540 вершнікаў, стаяла шляхта, што не мела коней; такіх шляхцічаў адзначана ў «попісу> 1518 чалавек. Можа ім і не надта хацелася ісці пад Маладзечна на «попіс», паказвацца беднасцю, ды патрабаваў закон - за год да гэтага быў прыняты Другі Статут, і ўжо стваралася камісія для падтыхтоўкі чарговага, новага.

Узначалілі камісію выдатныя дзяржаўныя дзеячы - Астафі Багданавіч Валовіч, канцлер вялікі літоўскі, і Леў Іванавіч Сапега, пісар вялікі літоўскі, а потым падканцлер. Трэці Статут, 1588 года, аформіў захаванне Вялікага княства Літоўскага насуперак рашэнням і акту Люблінскай уніі, па якому яно павінна было зліцца з Польшчай у адзіную дзяржаву - Рэч Паспалітую. Аднак Беларусь і Літва дамагліся іншага - сумесна з Польшчай яны ўтварылі новую дзяржаву, у якой і Польшча і Вялікае княства заставаліся самастойнымі гаспадарствамі з уласнымі тэрыторыямі, заканадаўствам, скарбніцамі і войскам. На рубяжы паміж імі па-ранейшаму бралася мыта (пошліна), толькі за ўраджэнцамі Вялікага княства захоўвалася права займаць дзяржаўныя і судовыя пасады.

Складальнікі не ўнеслі ў Статут ніводнай нормы, якая б магла быць выкарыстана супраць дзяржаўнай самастойнасці Вялікага княства Літоўскага. Усюды падкрэслівалася яго адасобленасць. Галоўнай асобай ва ўсёй сістэме дзяржаўных органаў прызнаваўся вялікі князь. Пасля Люблінскай уніі вялікія князі літоўскія адначасна з'яўляліся каралямі Польшчы і агульнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай. Аднак свае паўнамоцтвы вялікі князь выконваў не адзінаўладна, а з удзелам рады і сейма.

Трэці Статут быў напісаны на старабеларускай літаратурнай мове, грунтаваўся на беларускай прававой лексіцы. У Заходняй Еўропе юрысты карысталіся лацінскай мовай, а гэты звод законаў разумела ўсё жыхарства Вялікага княства. У якасці моўнага прыкладу варта прывесці тут невялічкі артыкул, які мае назву «Хто бы в голод челядь свою выгнал»:

«Теж уставуем, естли бы хто в голод челядь свою невольную выбил з дому прочь, не хотечи их кормити и переховывати и тая челядь сама себе у голод перекормила, таковые вжо не мають быти невольные але вольными, а ведь же тым обычаем, иж коли тую челядь выбъет, тогды они оповедати то мають вряду к гродскому того повету або врядником местским бурмистром, або мешаном, иж их выбил, а пан тое челяди не оповедает и не запишет не вряде утеченья их, то вжо тая челядь вольна маеть быти вечнымн часы».

Трэці Статут канчаткова замацаваў беларускую мову ў якасці афіцыйнай, дзяржаўнай мовы Вялікага княства; тыя ўрачыстыя словы, напісаныя Львом Сапегам і зацверджаныя воляй сейма чатыры стагоддзі таму назад, нельга не прыгадаць: «...писар земский маеть по руску литерамн и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати а не иншим езыком и словы». Можна зразумець гонар Сапегі, які пісаў у прадмове да Статута: «Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды ведати можем». Праца над Статутам І яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў - вялікая заслуга Льва Сапегі перад нашай культурай і народам.

Трэці Статут Вялікага княства Літоўскага набыў шырокую еўрапейскую вядомасць. Ён перакладаўся на польскую, нямецкую, лацінскую, французскую мовы, выкарыстоўваўся на Маскоўскай Русі пры падрыхтоўцы Саборнага ўлажэння 1649 года, у судах Эстоніі і Латвіі. Статуту было наканавана доўгае жыццё. Ён дзейнічаў усе XVII і XVIII стагоддзі, толькі ў 1840 годзе царскі загад скасаваў яго адначасна з афіцыйнай забаронай назваў «Беларусь» і «Літва», якія жорсткай фантазіяй рускага самадзержца ператварыліся ў «Паўночна-Заходні край» неабсяжнай імперыі.



"Выбар зроблены..."

Абыякавае ці азлобленае, а то і жорсткае стаўленне да сучаснікаў да асоб, якія выступалі з новымі, разбуральнымі для былых уяўленняў ідэямі, часта было адной з горкіх прыкмет стварэння духоўнай культуры. Але наступным пакаленням - праз меншы ці большы час - людзі, чые імёны ўвайшлі ў сусветную гісторыю пазнання, здаюцца ўдачлівымі абраннікамі лёсу, паколькі пасмяротная слава залоціць святлом поспеху іхняе жыццё. Аднак уважлівы позірк на іх лёс адчыняе надзвычайнае напружанне барацьбы за свае ідэалы, супрацьстаянне неразуменню, непрыманню, гвалту...

Да ліку змагароў, герояў, падзвіжнікаў належаў і беларускі філосаф XVI стагоддзя Сымон Будны, асоба шматгранная і энергічная. Мысліцель, пісьменнік, перакладчык і палеміст, тэолаг і выдавец, выдатны філолаг, адзін з самых адукаваных інтэлектуалаў свайго часу, ён унёс істотны ўклад у развіццё беларускай культуры. Будны прадоўжыў справу Францыска Скарыны - садзейнічаў адкрыццю друкарань у Нясвіжы, Заслаўі, Лоску і быў аўтарам выдадзеных там кніг. Творы Скарыны і Буднага заклалі падмурак беларускай літаратурнай мовы. Ідэі Сымона Буднага фарміравалі духоўны свет пэўных колаў Вялікага княства Літоўскага. Ен першым ў еўрапейскай навуцы зрабіў крытычны аналіз Новага запавета. Гэта, несумненна, навуковы подзвіг, які патрабаваў вялікіх ведаў, смеласці думкі, духоўнай адвагі. Ніхто ж раней на такую справу не асмельваўся. Тлумачальнікі Бібліі, што папярэднічалі Буднаму, не ставілі пад сумненне яе аўтарытэтнасць і аўтарытэтнасць заснаваных на ёй галоўных дагматаў хрысціянскай веры. Выдатныя дзеячы Рэфармацыі - Лютар, Цвінглі, Кальвін - з усёй лютасцю абрушваліся на разбэшчаную каталіцкую царкву, але замест яе стварылі новыя, не менш нецярпімыя да ідэйных праціўнікаў і іншаверцаў.

Будны не спыніўся на рэфармацыі хрысціянства, ён стаў яго разбуральнікам, абраў сабе ролю анатама непарушных раней дакументаў хрысціянскай рэлігійнасці. Аналагічнае зрабіў Спіноза, але праз стагоддзе. За сто гадоў, якія аддзялялі працы абодвух мысліцеляў, накопліваліся веды, выспявалі новыя ідэі і патрэбы, складвалася новая фармацыя. «Багаслоўска-палітьічны трактат» Спінозы, блізкі па сэнсу і зместу каментарыям Буднага да Новага запавета, выклікаў абурэнне і нянавісць каталіцкіх і пратэстанцкіх колаў і ў 1674 годзе быў забаронены. Твор Буднага знішчаўся на кастрах стагоддзем раней. Трэба сказаць, што Спіноза напісаў сваю кнігу на латыні, прызначаючы яе для вузкай чытацкай аудыторыі; крытычная ж праца Буднага публікавалася на польскай мове, гэта значыць арыентавалася на шырокія пласты чытачоў Польшчы і Вялікага княства.

Буднаму надарыўся цяжкі лёс. Ён зведаў ганенні, гібель сваіх прац, вырачэнне былых сяброў і памёр у галечы і адзіноце пад радасныя воклічы ворагаў.

ТакІ існаваў чын жыцця. Чалавек, які рабіў замах на асновы пануючай ідэалогіі, абвяшчаўся ерэтыком і падлягаў усім відам духоўнага гвалту, адлучэнню ад грамадства, фізічнай ізаляцыі ці знішчэнню. Сымон Будны быў ерэтыком. Не толькі па натуры, па духу, па сэнсу дзейнасці. Аб'яўлены ерэтыком афіцыйна, ён здабыў сабе гнеў усіх цэркваў хрысціянскага толку, якія дзейнічалі на Беларусі, Літве, Польшчы, і нават у партыі антытрынітарыяў погляды яго акрэсліваліся як ерэтычныя.

Першыя дакументальныя звесткі пра Буднага адносяцца да 1558 года, калі ён прыбыў у Вільню па запрашэнні канцлера Мікалая Радзівіла і заняў пасаду катэхізіста пры віленскай кальвінісцкай грамадзе. Зразумела, канцлер запрашаў яго ў Вільню зусім не як ерэтыка. Наўрад ці, сустрэўшыся з Будным, Радзівіл мог западозрыць у маладым чалавеку носьбіта экстрэмальных поглядаў. Ен убачыў у земляку памяркоўнага пратэстанта, чалавека, адоранага розумам, здольнасцямі пераканаўча разважаць і прапаведаваць, адным словам, знайшоў у Будным асобу, карысную для сваёй справы - справы сцвярджэння на Беларусі і Літве кальвінізму. Ды і хто мог прадказаць, што чалавек, наняты для выканання шэраговых функцый у пратэстанцкай суполцы, пачне сумнявацца ў «несумненным» - боскім паходжанні Хрыста, існаванні пекла, пра якое скажа, што гэта не больш чым пакуты нячыстага сумлення ў зямным жыцці; што выкажа надзвычайныя палітычныя здольнасці і ўзначаліць рух літоўскіх братоў. (Літоўскімі бра- тамі называлі сябе антытрынітарыі на Беларусі і Літве ў адрозненне ад польскіх братоў.)

Усё жыццё Буднага - гэта напружаны пошук сапраўдных ведаў і пропаведзь іх. Эвалюцыя ўяўленняў філосафа складаная: ад каталіцтва да кальвінізму, ад кальвінізму да крайнасцей антытрынітарызму; скончыў ён свой век атэістам. Шлях няпросты, і па ўмовах таго часу запатрабаваў выключнай духоўнай працы. Сымон Будны выйшаў з асяроддзя дробнай шляхты, гэта значыць з асяроддзя малаадукаванага, можна мовіць, непісьменнага, вольналюбівага, але не вольнадумнага. Іншымі словамі, ён, як і большасць вядомых асоб той эпохі, быў самародак; іскру божую меў ад нараджэння, яна і вяла яго па свеце, распальвала жаданне вучыцца, шукаць шчасце ў навуцы.

Месца, дзе нарадзіўся Будны, нікім дакладна не акрэслена. Сямейны маёнтак Буды, што даў яму прозвішча, мог знаходзіцца і на Гродзеншчыне, і на Падляшшы, і на мазавецкіх землях - ніхто гэтага не ведае і, хутчэй за ўсё, ужо не даведаецца ніколі.

Шмат у чым пачатак жыцця Буднага падобны да пачатку жыцця Францыска Скарыны. Як і ягоны папярэднік, Сымон чатырнаццаці гадоў узяў кайстру, атрымаў ад бацькі некалькі злотых, ад маці - блаславенне і вырушыў спадарожнымі падводамі ў Кракаў - у Ягелонскі універсітэт, дзе па традыцыі вучыліся выхадцы з Беларусі і Літвы. Магчыма, пад час вучобы ён жыў у тых самых пакоях, дзе некалі жыў Скарына, і слухаў лекцыі ў тых жа аудыторыях, праз тую ж браму ўваходзіў на квадратны двор Калегіум Майюс. Атрымаўшы ступень бакалаўра філасофіі, Будны, падобна Скарыне, накіраваўся ў Італію. Шлях ляжаў цераз Чэхію; беларускі першадрукар у гэтыя гады яшчэ быў жывы. Лёгка даць волю фантазіі і ўявіць, як нядаўні шкаляр Будны наведвае вялікага суайчынніка ў ягоным пражскім доме.

Але ў адрозненне ад Скарыны Будны працягваў навучанне не ў Італіі, а ў Швейцарыі, мяркуюць, што ў Базельскім універсітэце. На той час у Швейцарыі зацвердзілася рэфармацыйнае вучэнне Цвінглі і Кальвіна. Апошні асталяваўся ў Жэневе, а ў Базелі быў рэфармацыйна - гуманістычны асяродак, на чале якога стаяў Себасцьян Кастэліо. Усяго толькі двума дзесяцігоддзямі раней базельскіх гуманістаў узначальваў Эразм Ратэрдамскі. Таму Будны сфарміраваўся на яго філасофскіх ідэях, развітых паслядоўнікамі Ратэрдамскага, адным з якіх і з'яўляўся Себасцьян Кастэліо, буйнейшы мысліцель першай паловы XVI стагоддзя, які першым тэарэтычна абгрунтаваў неабходнасць талерантнасці (верацярпімасці) і свабоды думкі. Будны мог быць знаёмы з Кастэліо і, прыняўшы яго вучэнне, ужо не меўся падзяляць нецярпімасці Кальвіна. Наогул аўтарытарны, дагматычны тып мыслення не ўласцівы Буднаму. Калі ж у 1553 годзе Кальвін санкцыяніраваў спаленне іспанскага вучонага, лекара, адкрывальніка сістэмы кровазвароту Мігеля Сэрвета, а потым у Цюрыху Беза - вучань і паслядоўнік Кальвіна - паслаў на смерць італьянскага антытрынітарыя Валянціна Генціліса, Будны ўспрыняў правадыроў кальвінізму такімі ж душыцелямі вольнадумства, як і рымскую апостальскую царкву.

Свабоду самавыяўлення ён лічыў галоўнай умовай здаровага развіцця грамадства. «...Хіба можа быць пры знанай улада,- пісаў Будны,- якая ўсім жадае зачыніць рот, а аднаму ці тром дазваляе папусціць лейцы, каб пісалі, што захочацца? Я прызнаю ўладу і асуджаю беспарадак, але я называю ўладай не тое, што ты (маецца на ўвазе адрасат звяртання. - К. Т.); у цябе ўладай з'яўляецца тая, што аднойчы прынятая і патрабуецца тром, ахоўваецца ўсімі сіламі (нягледзячы на тое, добра гэта ці блага); для мяне гэта не ўлада, а тыранія і рабства, вельмі падобныя на папскія. Улада была б, калі б не гасілі дух, усё выпрабоўвалі і прымалі тое, што аказалася лепшым... Дай нам божа такую ўладу, пры якой мы не думалі б аб сабе, не прыніжалі іншых, дазвалялі казаць праўду адзін аднаму, не лічылі б сябе бязгрэшнымі...» Ці: «Трэба, каб у нас была воля размаўляць аб боскіх справах не толькі вучоным, але і простым людзям... не толькі заможным, але і бедным. Гэта цудоўная, асаблівая воля...»

Не існавала на свеце валадароў, тым больш у дзяржавах з рэлігійнай ідэалогіяй, якім спадабаліся б такія думкі і размовы. Да духоўнага, па меншай меры, паслушэнства яны не заклікаюць. Жаданне карыстацца «цудоўнай, асаблівай воляй» заўжды ёсць выклік. У пэўным сэнсе выклікам стала і незадаволенасць Буднага тымі прагматычнымі мэтамі Рэфармацыі, што ставіў Мікалай Радзівіл. Тут самы час задацца пытаннем, ці была наогул патрэба канцлеру Вялікага княства Літоўскага ў змене рэлігій, у пераходзе ў кальвінізм, калі ўсе ягоныя продкі з 1386 года, з моманту хрышчэння язычніцкай Літвы, паказвалі сябе калі не дбайнымі, дык зусім лаяльнымі каталікамі. Якой мэты ён дасягаў, падтрымоўваючы ў дзяржаве рэлігійную смуту, уцягваючы ў змену веравызнання сваю радню, шырокія колы беларускіх і літоўскіх паноў, шляхты. Што прывабіла апошніх ў кальвінісцкім вучэнні, якое было накіравана на развіцце індывідуальнай свядомасці і рэлігійнасці, адмаўлялася ад культу Багародзіцы і святых, пакланення рэліквіям, зароку бясшлюбнасці для духавенства, патрабавала роспуску манаскіх ордэнаў, прыніжала ролю духоўных асоб у царкве, вылучалася этычным рыгарызмам. Кальвіністы больш сур'ёзна, чым любы іншы напрамак у хрысціянстве, успрынялі словы апостала Пятра: «Хто не працуе, той не есць!». Кальвінізм з'яўляўся рэлігіяй «падлеткавай» яшчэ буржуазіі, што лічыла кожную капейку і вельмі высока ставіла асабістую працу ў любой справе.

Есць шмат прычын, якія абумовілі развіты рэфармацыйны рух на беларускіх землях. Тыя, хто прымаў рашэнні аб распаўсюджанні і матэрыяльнай падтрымцы кальвінізму, займалі самыя высокія пасады ў Вялікім княстве. Мікалай Радзівіл Чорны, як вядома, быў канцлерам, гэта значыць меў вышэйшую пасаду пасля вялікага князя. Па яго смерці канцлерам стаў Мікалай Радзівіл Руды.

Аднадумцамі братоў Радзівілаў выступалі: князь Стэфан Збаражскі - ваявода троцкі, Васілій Тышкевіч - ваявода смаленскі, Павел Сапега - ваявода наваградскі, Стась Пац - ваявода віцебскі, Юры Тышкевіч - ваявода брэсцкі, Юры Осцік - ваявода мсціслаўскі, Гаўрыла Гарнастай - ваявода менскі, Ян Хадкевіч - стараста жмудскі і земскі маршалак, Астафі Валовіч - кашталян троцкі і падканцлер, Мікалай Тальваш - кашталян менскі, Юры Зяновіч - кашталян полацкі і інш.

Кіравалі гэтымі ўплывовымі людзьмі даволі такі практычныя меркаванні. Па-першае, карысныя: секулярызацыя царкоўнай маёмасці адчыняла панам доступ да вялікіх зямельных уладанняў каталіцкіх кляштараў і касцёлаў. Нават дробная шляхта дамагалася тут выйгрышу, прымушаючы сялян працаваць і ў святочныя дні. Спачувала Рэфармацыі ніжэйшае святарства, якое імкнулася да незалежнасці ад вярхушкі кліра. Пазбаўлення ад умяшання царквы ў свецкія справы жадалі магнаты. Такія магчымасці прапанаваў жанеўскі ўзор пратэстанцкай суполкі, дзе дзве трэці кіруючых месцаў займалі недухоўныя.

Другая прычына, а магчыма, яна з'яўлялася галоўнай, заключалася ў тым, што Радзівіламі валодала ідэя адасаблення Вялікага княства ад Польшчы і абвяшчэння цалкам самастойнай дзяржавы. Гэта было б маларэальным пры захаванні на Беларусі, Літве і Украіне двух супрацьлеглых веравызнанняў - каталіцкага і праваслаўнага, бо кожнае з іх, пра што ўжо адзначалася, паняволі шукала дапамогу ў Польшчы або Маск вы. Унія цэркваў, як паказаў вопыт, прыхільнікаў мела няшмат. Рэальны ідэалагічны грунт адасаблення магла даць рэфарматарская царква - аддаленая і ад польскай і ад маскоўскай.

Якія ж шанцы меў Мікалай Радзівіл Чорны, каб стаць самому ці замацаваць фамілію на чале самастойнага гаспадарства? У XVI стагоддзі Радзівілы з'яўляліся самым магутным родам Вялікага княства Літоўскага. Напрыклад, у коннае войска яны выстаўлялі 930 вершнікаў, роднасныя ім Осцікавічы - 337, разам амаль 1300, у той час як князі Гальшанскія - 154, Сапегі - 153, Гаштольды - 466, Кішкі - 224, князі Слуцкія - 478, князі Лукомльскія - 65, Астафі Валовіч - 207, Гаўрыла Гарнастай - 49, Мікалай Тальваш - 37 і г. д. Разам са сваякамі і прыхільнікамі Радзівілы трымалі пад кантролем большую палову ўзброеных сіл дзяржавы. Аб іх уладалюбівых планах дазваляе думаць і незвычайная ўдача гэтай сям'і: дваюрадная сястра Мікалая Радзівіла Чорнага Барбара была жонкай караля Жыгімонта Аўгуста - каралевай Польшчы і вялікай княгіняй літоўскай.

Наўрад ці Сымон Будны хоць аднойчы бачыў Жыгімонта Аўгуста, а тым болей Барбару, але гісторыя адносін гэтых людзей паўплывала і на яго лёс. Роўна як ніколі ён не бачыў Івана Грознага, Малюту Скуратава, крымскага хана Даўлет-Гі- рэя, аднак іхнія дзеянні адбіліся на ягоных поглядах і публіцыстычнай творчасці. Ужо так складвалася жыццё, што значныя асобы ці людзі высокай пасады сваімі ўчынкамі абумоўліваюць учынкі, поспехі і няўдачы іншых. Якая б, здавалася, узаемасувязь паміж лёсам кальвінізму на Беларусі і Літве і паспяховымі па- ходамі Івана Грознага на мусульманскія Казань і Астрахань? На жаль, вельмі адчувальная. Перамога над Нагайскай Ардой паспрыяла Маскоўскай Русі ў 1558 годзе распачаць вайну за прыбалтыйскія землі, а яна - Лівонская вайна - прывяла да нечаканых вынікаў, якія зрабілі ўплыў на жыццё Буднага, а таксама тысяч другіх людзей, аб чым будзе моўлена ніжэй.

Падобна гэтаму каханне Барбары і Жыгімонта, якое панегірысты Радзівілаў у наступным стагоддзі параўноўвалі з трагічным каханнем Рамео і Джульёты, не прайшло бясследна для дзяржаўнага жыцця і для людзей, звязаных з Радзівіламі.

Пачынаўся раман супраць правілаў (па правілах яго ніяк не павінна было быць). Бо абодва - зусім не пара: ён - наступнік трона, яна - маладая ўдава троцкага ваяводы. Стаць адной са шматлікіх каханак каралевіча Барбары не дазваляла прыналежнасць да магутнай фаміліі Літвы, для каралеўскай нявесты ёй не хапала знатнасці. Але віленскія палацы закаханых знаходзіліся адзін насупраць другога на берагах Віліі, і Жыгімонт прыходзіў на спатканні з Барбарай тайна. Браты Радзівілы не замарудзілі ўказаць каралевічу, што яго заляцанні да іхняй сястры кідаюць цень на гонар сям'і і яму не трэба наведваць палац у іх адсутнасць. Каралевіч падпарадкаваўся. Але аднойчы, калі, як прынесла Жыгімонту пагалоска, Радзівілы выправіліся на паляванне, ён парушыў слова. Апоўначы дзверы спальні адчыніліся і ўвайшлі браты Чорны і Руды, трымаючы рукі на эфесах шабель. За іх спінамі стаяў ксёндз... Шлюб быў тайны; для сваёй сям'і і польскай дзяржавы Жыгімонт заставаўся халастым. Але калі пасля смерці бацькі рашэннем сейма ён атрымаў карону, і паўстала пытанне аб шлюбе маладога караля, дык аказалася, што Польшча павінна сустрэць каралеву - літвінку з толькі што спечанай княжацкай сям'і (Радзівілы сталі князямі па грамаце папы рымскага, і гэта добра ім каштавала), ваяводскую ўдаву. Раптоўнае з'яўленне нежаданай нявесткі засмучае ці раз'юшвае любую сям'ю; няцяжка ўявіць пачуцці вярхоў гаспадарства, для якіх шлюб манарха заўсёды датычыцца разлікаў самай высокай палітыкі. Жаніцьба Жыгімонта нічога не прынесла Польшчы; атрымалася, што Польшча ўвайшла Ў саюз не з другой дзяржавай, не з каралеўскай фаміліяй, а параднілася з Радзівіламі; гонар палякаў быў ушчэмлены відавочнай няроўнасцю, бессэнсоўнасцю гэтага шлюбу з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў. Але маткай Жыгімонту даводзілася каралева Бона - рашучая італьянка з сямейства Медзічы; яна вырашыла сітуацыю па звычаю свайго роду - у справу пайшла атрута, і хутка ненавісная ёй нявестка згарэла, як свечка.

Хоць і нядоўга, але (па жаночай лініі, «па кудзелі», як тады казалі) Радзівілы пабылі на каралеўскім троне. Так што яны мелі падставы паспытаць шчасця і «па мячу» - па мужчынскай лініі. Барбара сканала ў 1551 годзе, двума гадамі пазней Радзівіл адчыніў першы кальвінісцкі збор (царкву) у Вільні, у 1557 годзе сабраўся ўстаноўчы сінод беларуска-літоўскіх кальвіністаў, а ў 1563 годзе на Віленскім сейме яны дамагліся ў Жыгімонта прывілея, які зраўноўваў у правах з каталікамі шляхту і баяр як «рускай, так і ўсякай хрысціянскай веры», гэта значыць і ўсіх пратэстантаў. У якасці свецкай і таннай царквы пратэстантызм адпавядаў жаданням гарадскога жыхарства, прапаведнікі яго сустракалі разуменне і падтрымку рамеснікаў і купецтва. I каб усвядоміць, чаму яна была танная, варта звярнуцца да апісання віленскага збора: «Уся зала, прызначаная для малення, была зацягнута чорнай тканінай з белым крыжам пасярэдзіне і другім, які вісеў на сцяне. На стале стаялі да падсвечнікі». I усё. Ні золата, ні срэбра, ні скульптуры - нічога каштоўнага, раскошнага, што з'яўля лася абавязковым атрыбутам касцёла і што пратэстанты кпліва называлі «дубовымі багамі», «ліпавымі Ісусамі», «балванамі».

Але без заможных апекуноў, без людзей, згодных фінансаваць будаўніцтва збораў, утрымліваць прапаведнікаў, настаўнікаў, катэхізістаў, адчыняць друкарні, зацвярджаць новую, няхай і больш танную царкву было 6 немагчыма. Для яе патрабаваліся святары, тэолагі, паэты - не любыя, а адукаваныя, энергічныя, а такія не бываюць паслухмянымі функцыянерамі. У рэальным жыцці ўсё моцна пераплятаецца - асабістыя жаданні могуць набываць сілу дзяржаўных інтарэсаў, апошнія ж прыцягваюць энтузіастаў, якія мысляць інакш, чым пачынальнікі і куратары руху, і без боязі парушаюць акрэсленыя ім межы дзеля сцвярджэння сваіх ідэй.

Адносіны да пратэстанцтва, наогул мэты і сэнс жыцця Буднага і ягоных мецэнатаў на Беларусі - Радзівіла, Валовіча, Дарагастайскага, Кішкі - былі розныя. На нейкі тэрмін іх інтарэсы сутыкаліся, але застацца абмежаваным выканаўцам Будны не збіраўся: як натура творчая, ён меў патрэбу ў самавыяўленні, а вернасць ісціне лічыў за вышэйшую годнасць.

Але адна справа адчуваць душэўную нязгоду з тым, што ёсць, дзівіцца лёгкаважкасці ці абсурднасці многіх дагматаў веры, і другая - выказаць свае пачуцці і думкі ў пазітыўнай сістэме. Першае лёгка пераходзіць у скептычную абыякавасць, другое патрабуе крапатлівай працы. Будны праслужыў катэхізістам два гады і не змарнаваў гэты час. Праўда, і ўмовы ягонай службы былі не самымі горшымі: заняткі ен праводзіў у нядзелю, аўторак і пятніцу па шэсць гадзін пасля абеду, за што атрымліваў дзесяць злотых на месяц і стол у міністра (прапаведніка). Так, Будны жыў у бядоце, але меў дастаткова часу для чытання, роздуму і навуковых спрэчак. Тут, у Вільні, ён адкрыў для сябе прыступныя месцы хрысціянскага веравучэння, на якіх засяродзіўся ў галоўных сваіх працах.

У 1560 годзе Буднага прызначаюць міністрам у Клецк, што належаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму, і з тае пары яго жыццё праходзіла ў маленькіх беларускіх гарадах і мястэчках - Клецку, Лоску, Нясвіжы, Заслаўі, Хоўхлаве, Іўі.

Дарэчы, да нашых часоў захаваліся будынкі друкарні ў Нясвіжы, дзе Будны працаваў. Шмат што, на жаль, знікла. Толькі куча камянёў абазначае месца Лоскага замка, у якім таксама была друкарня, што выдала лепшыя кнігі беларускай Рэфармацыі. Маецца адзіная выява Сымона Буднага ў кнізе езуіцкага аўтара, шаржыраваны партрэт у профіль - Будны ў пекле, у хвалях кіпячай серы. Але, відаць, нейкае падабенства гэты твор зберагае, аўтар ведаў Буднага асабіста. У сённяшнім выяўленчым мастацтве ёсць ужо шэрагі жывапісных і графічных работ, прысвечаных мысліцелю, а таксама скульптура - у Нясвіжы стаіць абок кафедральнага касцёла паблізу былой друкарні.

Пасада міністра ў Клецку была, несумненна, павышэннем. Будны меў права на пропаведзь, «дарослую» аўдыторыю, да лепшага змянілася яго матэрыяльнае становішча: ён атрымаў ва ўладанне двор з сялянамі, уласны дом, прыслугу, дастатак. У дваццаці вярстах ад Клецка знаходзіўся Нясвіж, які пры Мікалаі Чорным набыў правы другой сталіцы Вялікага княства Літоўскага, паколькі Радзівіл дамогся каралеўскага прывілея на ўтрыманне ў сваім замку дзяржаўнага архіва. Больш часу Будны праводзіў менавіта ў Нясвіжы, дзе жылі яго асвечаныя аднадумцы - міністр нясвіжскага збору Крышкоўскі і браты Кавячынскія - прызначаныя Радзівілам кіраўнікі горада і замка. Гэта былі людзі дзелавыя, і разам з Будным узяліся за кнігавыданне. Мікалай Радзівіл Чорны выдзяліў сродкі, і хутка ў Нясвіжы ўзнікла друкарня - трэццяя ў Вялікім княстве пасля скарынаўскай і другая на ўласна беларускіх землях (першая друкарня на Беларусі пачала працаваць у Брэсце ў 1558 годзе, таксама належала Радзівілам). Тут у 1562 годзе выходзяць кнігі: «Катэхізіс, гэта значыць навука старажытная хрысціянская ад святога пісьма для простых людзей мовы рус кай, у пытаннях і адказах сабраная і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» - абедзве на старабеларускай літаратурнай мове; двума гадамі пазней - «Размова святога Юстына філосафа і пакутніка з Трыфанам Іудзеем» - на польскай. Галоўным аўтарам гэтых твораў выступіў Будны. У аснову «Катэхізіса» ляглі канспекты тых урокаў, якія ён даваў у сталічнай кальвінісцкай школе (віленская кальвінісцкая суполка была беларускай па свайму складу).

У нясвіжскай друкарні выдадзены і іншыя працы філосафа: «Апокрыф», «Аб зачацці сына божага», прадмова да так званай брэсцкай Бібліі. Потым друкарня перамясцілася ў Заслаўе і ў Лоск, дзе выйшлі асноўныя творы Буднага: пераклад Новага запавета з каментарыямі, «Аб галоўнейшых палажэннях хрысціянскай веры», «А6 свецкай уладзе». Яму належаць працы і на лацінскай мове. Апроч лістоў і вершаваных прысвячэнняў даследчыкі спадчыны Буднага лічаць за ім болей дваццаці надрукаваных твораў. Галоўным чынам гэта працы рэлігійнага характару, але такім быў дух XVI стагоддзя - ідэалогія яшчэ мела тэалагічную форму.

Светапогляд Буднага належаў да эпохі Адраджэння; сам рацыянальны стыль мыслення філосафа супярэчыў артадаксальнаму тэалагічнаму мысленню.

Выдавецкая справа, распачатая на Беларусі і Літве Скарынам і працягнутая Будным, мела і палітычнае значэнне - валоданне кнігай перастала быць прывілеяй духоўнай і свецкай эліты. Хоць бы ў сілу кошту: цана друкаванай кнігі паменшылася ў чатыры-пяць разоў, што зрабіла яе адносна агульнадаступнай і таму ідэалагічна дзейснай. На жаль, мно- гія творы Буднага не захаваліся. Так, не дайшло да нас узгаданае «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» - увесь тыраж быў кінуты ў агонь у разгар Контррэфармацыі. Зберагліся лічаныя экземпляры ад іншых выданняў Буднага.

Першы кніжны касцёр на Беларусі і Літве, арганізаваны віленскімі езуітамі, запалаў у 1581 годзе. Стыхійна такія каштоўныя акцыі не адбываюцца, знішчэнне кніг заўжды - справа падрыхтаваная: трэба скласці спіс выданняў, якія раздражняюць пэўную групоўку, скупіць іх ці набыць з вялікай, натуральна, пераплатай, сабраць веруючых, распаліць іх цёмныя пачуцці, даць напрамак іхнім прымхам і фанатызму, знайсці адказных выканаўцаў і да таго падоб нае. У агонь кідалі кнігі ўсіх іншаверцаў, але перш-наперш арыянскую літаратуру. I тут працам Буднага аддавалася перавага, бо аўтар чорным па беламу адмаўляў боскае паходжанне Хрыста, лічачы яго звычайным чалавекам, таленавітым тлумачальнікам Бібліі, героем і пакутнікам сваёй узнёслай пропаведзі, і саму Біблію трактаваў як літаратурны помнік старажытнасці. Непрызнанне спрадвечнасці Хрыста аўтаматычна прыводзіла да адмаўлення Бога, бо ў хрысціянстве Хрыстос - неад'емная частка Тройцы. Няма сына божага - няма Тройцы, першага і другога прышэсцяў, канца свету і г. д. Тады каму і якімі словамі маліцца? Як пазітыўна ўявіць Бога, калі касуецца яго антрапаморфная іпастась? Як дзёрзкае блюзнерства ўспрымалася і адмаўленне бессмяротнасці душы, замагільнага свету, пекла і раю. «Душа - гэта ні што іншае, як чалавечае жыццё,- пісаў Будны,- думка, што быццам існуе нейкая душа, якая пасля выпрабаванняў смерці церпіць пакуты ці весяліцца на небе, з'яўляецца байкай».

Будны быў не адзінокі ў гэтых поглядах; таго ж меркавання трымаўся, напрыклад, яго сучаснік, выдатны французскі мысліцель, аўтар знакамітых «Вопытаў» Мішэль Мантэнь. Праўда, не яны выступілі тут адкрывальнікамі: сама ідэя канечнасці душы нарадзілася тысячагоддзем раней - у асяроддзі тлумачальнікаў Арыстоцеля. Не з'явіліся новымі і ідэі Рэфармацыі; выступленні Лютэра, а потым Цвінглі і Кальвіна зусім не сталі адкрыццём. На гэты час ідэі неабходнасці рэлігійнай і царкоўнай перабудовьі мелі за сабой двухсотгадовую гісторыю, сваіх шырока вядомых выразнікаў, традыцыю і прыхільнікаў.

Асновы рэфармацыйнага вучэння заклалі філосафы Дунс Скот (1266- 1308), які даводзіў, што паміж светам і Богам няма ніякіх адносін неабходнасці, а бессмяротнасць душы - адна з недаказальных ісцін веры, а таксама Роджэр Бэкан (1214-1294) і Вільгельм Окам (1300-1349), што аддзялілі навуку ад тэалогіі, розум ад веры, лічачы немагчымым даказаць логікай стварэнне свету Богам і быццё Бога.

Нямецкія містыкі XIV стагоддзя Экгарт і Таўлер перанеслі дамінанту богаразумення ў вобласць унутранага рэлігійнага вопыту, што зрабіла містычны змест Бога даступным кожнаму, а не толькі кліру. Гэтае вучэнне ставіла асобу чалавека побач з Богам, дазваляла іх непасрэднае - без дапамогі святара - з'яднанне. Шырокая захопленасць такімі ідэямі філосафаў і містыкаў выклікала патрэбу ў асабістым знаёмстве веруючых з Бібліяй - таму з'явіліся пераклады Новага запавета на народныя мовы і так званыя пленарыі, гэта значыць тлумачэнні евангелляў і пасланняў апосталаў таксама на народнай мове. Друкавальны станок Гутэнберга дазволіў зрабіць іх агульнадаступнымі. Але адным з галоўных пачынальнікаў Рэфармацыі быў манах Марсілій Падуанскі, які ў 1324 годзе абвясціў праграму неабходных перамен. Ен аспрэчваў уладу духавенства дараваць грахі, даводзіў, што апраўданне ідзе праз веру, а не праз справы, якія могуць і не выяўляць веры, патрабаваў ураўняць папу рымскага з усімі святарамі, адмовіцца ад рэлігійнага прымусу і тым больш ад крымінальнага пакарання царквой за ератызм. Падуанскі адымаў у царквы ўсю вобласць свецкіх інтарэсаў» раўнаваў недухоўных з духа венствам.

Рэфармацыя XVI стагоддзя развіла ідэі Марсілія ў духу адносін індывідуума і царквы, а не толькі ад носін дзяржавы да царквы і абшчыны да дзяржавы. Але сутнасць, зразумела, не гэтулькі ў навізне ці старадаўнасці ідэй, сутнасць - у іх інтэрпрэтацыі; у XVI стагоддзі рацыянальныя тлумачэнні свету прыводзілі да сцвярджэння якасна іншых навукі і маралі. Выкідаючы з апошняй ідэю замагільнай аддзякі, Будны тым самым мяняў аснову маральнасці. Усё мусіла трактавацца праз натуральныя прычыны. Розум ні ў чым не падпарадкуецца веры. На веру пры маецца толькі тое, што паддаецца рацыянальнаму тлумачэнню.

Увага да Буднага, да яго філасофскай спадчыны - заслуга нашага стагоддзя. Зараз гісторыя Рэфармацыі і Контррэфармацыі, гісторыя культуры XVI стагоддзя не мысляцца без звяртання да прац гэтага смелага мысліцеля. Аналізу яго творчасці прысвечаны і многія даследаванні беларускіх вучоных.

Будны нарадзіўся і дзейнічаў у цікавую, драматычную эпоху, яна яго выхавала, і ён задаволіў яе вышэйшыя духоўныя патрэбы. Ягонае імя і справы зніклі з культурнага ўжытку наступных пакаленняў не таму, што ён жыў раней, чым павінен быў жыць ў адпаведнасці са сваім талентам, і што жыў у «мядзвежым куце» Еўропы. Будны, які адважыўся на навуковую крытыку святога пісання, не меў бы пакою, прызнання і поспеху ў ні- воднай краіне Еўропы. Больш таго, у іншай еўрапейскай дзяржаве лёс яго знаходзіўся б у большай небяспецы. На той час менавіта на Беларусі і Літве дзякуючы гістарычнаму суіснаванню дзвюх, а потым і трох цэркваў - праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай - выпрацаваліся нор мы талерантнасці, па крайняй меры, рэлігійнай абыякавасці. Тут рэлігійная барацьба ніколі не прымала такіх жорсткіх формаў, як у Заходняй Еўропе, і рэлігійныя ганенні не былі такімі суровымі, як у Маскоўскай Русі, дзе панавала ідэалогія адной царквы. Тут не секлі галовы, не кідалі ў сутарэнні, не спальвалі на агні іншаверцаў. Каб адчуць гэтую розніцу, дастаткова прыгадаць Варфаламееўскую ноч у Парыжы, калі каталікі выразалі дваццаць тысяч пратэстантаў і развязалі братазабойчую вайну, што цягнулася два дзесяцігоддзі; ці трыццацігадовую вайну ў Германіі; ці драматычную барацьбу англійскіх саслоўяў са Сцюартамі; ці беспрэцэдэнтны ўчынак іспанскага караля Філіпа II, які абвясціў ерэтыкамі ўсё насельніцтва Нідэрландаў.

Рэлігійнае вольнадумства не даравалася і Іванам Грозным. Аб існаванні ў Маскве двух цэркваў ці хоць бы розных плыняў праваслаўя забаранялася і мысліць. Абвінавачаны ў пратэстанцкіх поглядах дваранін Фёдар Башкін быў прылюдна спалены, ягоны брат Мацвей трапіў у манастырскі астрог; з Масквы на Віцебшчыну ўцёк рэфарматар праваслаўя Фядосій Касы, дзе погляды яго распаўсюдзіліся сярод гарадского жыхарства; вядомы водца «нестяжателей» старац Арцёмій апынуўся на Салаўках, адкуль, праўда, яму пашанцавала збегчы на Беларусь. Ен жыў у Слуцку, паблізу Клецка і Нясвіжа, і Будны меў з ім стасункі - перапісваўся, пасылаў яму свае кнігі, магчыма, яны і сустракаліся. Цікава адзначыць, што Арцёмій, сам абвешчаны ў Маскве ерэтыком, абвінавачваў Буднага ў жаданні «разрушить Христову веру злодейскими методами дьявольского замысла и подлога». Лісты старца да Буднага захаваліся, таму некалькі радкоў з аднаго паслання варта працытаваць, каб атрымаць уяўленне пра слуцкага апанента Буднага:

«...Днесь уже не распросиш, твоя милость, листы своими и пред тым устне говорил еси, отписати ми до твоей милости которыя речи вашей церкви сподобалися мне. А мы, боячися Бога, не смеем церковию именновати сонмиц ваших. Вемы 6о святую соборную апостольскую церков, в которую дух святый глаголал пророки, и святыи апостолы научили, и богоносныи отцы подтвердили, от единого и того же святого просветившеся духа животворящего, которая держит предания святых, пачеже самого святого духа законоположения, цела и невредна, о начала и доныне сгласно, от восток солнечных даже и до запад в всей поднебесней идеже сбор православных христиан сбирается. А в ваших богопротивных сонмицах немаш ни единого согласиа, окром мясоединиа и еже не имети поста по уставу церковному, по ре ченному: им же Ног чрево. Вся же наука ваша ругатися церкви христовой и истинным Христианом. Для того мнози не к тому люторы, но ругатели прозывают вас, бо всему вы божественному священно действу церковному ругаетеся, яко жиды и вси безбожный еретици. И таковыя злыя науки дсржачи, еще христианы именовати ся смеете. Мы же не токмо люторов самых, но и именующих их христианы, и тых за правдивых христиан не личим, котории разум снедоша смертную трутизну ругательских наук, пачеже еретических: затым аще и велику силу божиа слова снедают, не на лепшее, но на горшее устраяется им, не от силы слова, но от нездравия приемлющих е...

Прошу твою милость, господина моего, если еще несовершенно жидов ствуеши, престани, ругаяся церквам божиам, и прииди, покайся к богу, оставив, пачеже оплевав плевелосеятеля еретическая учениа гордых че­ловек, темное изобретение на погибель душам приемлющим сиа».

На землях Вялікага княства не было нават кніжных кастроў, яны запалалі з пачаткам Контррэфармацыі, каталіцкай экспансіі. Наступ яе на Беларусі і Літве датуецца 1564 годам, калі ў Вільні з'явілася першая партыя езуітаў. Па дзіўнай выпадковасці, а можа і наўмысна, іх аказалася трынаццаць чалавек - чортаў тузін. «Чортава семя»,- называў езуітаў Будны. I сапраўды, яны выявілі незвычайную энергію. Праз дваццаць гадоў у Вялікім княстве іх ужо налічвалі 300 чалавек, сярод якіх 250 - мясцовага паходжання. На сумленні езуітаў, бясспрэчна, шмат благіх учынкаў. Але будзе няправільна акрэсліваць іх дзейнасць толькі чорнымі фарбамі. Ім належыць несумненная заслуга ў развіцці адукацыі: яны стварылі на тэрыторыі Беларусі і Літвы шырокую сетку калегій, дзе практычна маглі вучыцца ўсе, каму хацелася набыць веды. Езуіты здолелі арганізаваць і ўтрымліваць першую ва Усходняй Еўропе вышэйшую навучальную ўстанову - Віленскі універсітэт. Ініцыятарамі адкрыцця універсітэта былі пратэстанты, але здзейсніць сваю добрую задуму ім не ўдалося. У пастаноўцы школьнай справы езуіты перасягнулі ўсіх іншаверцаў: хіба толькі арыянская Іўеўская школа не саступала іхнім калегіям. Відаць, таму, што рэктарам яе з'яўляўся вядомы філосаф і пісьменнік, блізкі сябра Буднага Ян Ліцыній Намыслоўскі. Як мяркуюдь даследчыкі, Будны рэдагаваў «Павучальныя сэнтэнцыі» - падручнік, напісаны Намыслоўскім спецыяльна для сваёй школы.

Добрая кальвінісцкая школа дзейнічала ў Слуцку, але яна ўзнікла ўжо пасля смерці Буднага. Адной з першых, адкрытых езуітамі на Беларусі, была Полацкая калегія, якая праіснавала да XIX стагоддзя. Яна адчыніла свае дзверы ў 1584 годзе, і Будны прыязджаў сюды для палемічных дыспутаў з настаўнікамі.

Дзеля прапаганды сваіх ідэй мысліцель выкарыстоўваў любую магчымасць і выказаў сапраўднае падзвіжніцтва. Ён адсылаў свае працы і лісты ў Швейцарыю дзеячу рэфармацыі Генрыху Булінгеру, у Англію - гісторыку Дж. Фоксу, палемізаваў з цюрыхскім прафесарам тэалогіі Есісам Сімлерам. Будны не абмяжоўваўся толькі пісаным словам. Ен - казаннік, любіў жывыя зносіны, сустрэчы з аўдыторыяй і праціўнікамі; спрэчка, вуснае слова, перамога ў дэбатах давалі тое задаволенне рэальна адчуваемай сутычкі ідэй і думак, нараджэння аргументаў, якога не магла даць замкнёная пісьменніцкая праца. То ён ехаў пад Лепель да Васіля Цяпінскага, то ў Брэст, то ў Вільню на сустрэчу з Пятром Мсціслаўцам, то на сінод у Венграў, то на дыступ у Наваградак. Разам з сябрам Фабіянам Даманоўскім Будны неаднойчы наведваў Полацк. Дыспуты прыцягвалі шляхту, гараджан, а Полацк (заняты ў 1563 годзе войскамі Івана Грознага і вызвалены Стэфанам Баторыям ў 1579 годзе) з'яўляўся для антаганістаў нёабжытай яшчэ тэрыторыяй, дзе кожны спадзяваўся ўзрасціць зерне сваёй веры. Не шмат дасягнулі ў гэтым езуіты, але яшчэ менш арыяне: у Полацку быў адчынены адзін пратэстанцкі - кальвінісцкі - збор, ды і той заняпалы, арыянскія ж погляды там прыхільнікаў зусім не знайшлі.

Наогул ва ўсім полацкім ваяводстве дзейнічала пяць збораў, у віцебскім - сем, у брэсцкім - восем, у менскім - адзінаццаць, у мсціслаўскім - два. Галоўнай апорай арыян сталі наваградскія землі і вялікія ўладанні кашталяна Івана Кішкі, якому належала 70 гарадоў і мястэчак і амаль 400 вёсак, у тым ліку Лоск і Іўе - значныя асяродкі асветы на Беларусі. Пасля смерці Кішкі ў 1592 годзе ягоныя наступнікі насуперак пакінутаму кашталянам тэстаменту пачалі аддаваць арыянскія зборы кальвіністам. Спыніла дзейнасць Іўеўская школа - вынік шматгадовых клопатаў Буднага і яго сяброў, страцілі палемічную вастрыню выданні лоскай друкарні, славу якой прынеслі выдадзеныя тут кнігі Буднага. Гэты адчувальны ўдар па арыянах аслабіў агульныя пазіцыі рэфармацыйнага руху ў Вялікім княстве Літоўскім перад націскам езуітаў.

Перамога Контррэфармацыі на Беларусі і Літве была забяспечана не толькі намаганнямі езуітаў ці каталіцкай царквы ў цэлым. Неабходныя ўмовы для паражэння Рэфармацыі стварыла тут Люблінская унія 1569 года, што аб'яднала, як адзначалася вышэй, Польшчу і Вялікае княства Літоўскае ў адзіную федэратыўную дзяржаву. Страта вялікіх і лепшых тэрыторый (палякі пад час перагавораў аб уніі занялі сілай Валынь, Падляшша і Кіеў, а даць ім адпор Вялікае княства не магло, бо саслабела ў Лівонскай вайне і бітвах з маскоўскімі войскамі), дзяржаўнай аўтаноміі не маглі не здавацца беларуска-літоўскім панам і шляхце паражэннем справы, якая яшчэ дзесяць гадоў назад мроілася ім выйгрышнай і карыснай. Усведамленне новай палітычнай рэальнасці, змены і перагрупоўкі сіл выявілася ў пераходзе з кальвінізму ў каталіцызм найбольш чуйнай да кан'юнктуры шляхты. Зразумела, не ўсе мянялі веру, не пагалоўна; дробная праваслаўная шляхта наогул мала схілялася да каталіцтва, большая яе частка прыняла уніяцтва, але гэта - справа наступнага стагоддзя. Не перайшлі ў каталіцызм, ці лепш сказаць, не вярнуліся напачатку і самыя моцныя магнаты. Больш таго, нават спрабавалі супраціўляцца. Напрыклад, калі ў 1579 годзе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый даў езуітам дыплом, згодна з якім Віленская калегія ператваралася ў акадэмію (універсітэт), дык канцлер Мікалай Радзівіл Руды, хавальнік вялікай пячаткі Княства, і падканцлер Астафій Валовіч, што валодаў малой дзяржаўнай пячаткай (абодва - пратэстанты), адмовіліся прыкласці іх да гэтага дакумента, без чаго ён не мог набыць законнай сілы.

Дарэчы, Валовіч быў пратэктарам Буднага, сябраваў з ім і, пэўна, зведаў яго духоўны ўплыў. У гэтых адносінах вельмі паказальны тэстамент Валовіча, які абвяшчаў волю чэлядзі. Другім уплывовым мецэнатам Буднага можна назваць узгаданага вышэй віленскага кашталяна Івана Кішку, уладара Лоска і Іўя, фундатара лоскай друкарні. Апякунства памянёных беларускіх магнатаў дазволіла Буднаму выдаць нават такія творы, супраць публікацыі якіх было кіраўніцтва польскага крыла арыян.

Па іроніі лёсу адным з першых перайшоў у каталіцызм сын Мікалая Радзівіла Чорнага - Мікалай Крыштаф па мянушцы Сіротка. Вяртанне маладога князя да «ісціннай» - веры было заслугай першага рэктара віленскага універсітэта Пятра Скаргі - пісьменніка і палеміста, чалавека вельмі адоранага, выдатнага прапаведніка, дзейнага прапагандыста ідэй царкоўнай уніі, перакананага праціўніка пратэстанцтва. Як сведчыць легенда, мае да гэтага дачыненне і хвароба Сіроткі: нібыта ён ужо паміраў і даў абяцанне, што калі злітуецца над ім Бог, дык стане каталіком, як дзед і прадзед, і паедзе Ў Рым, апостальскую сталіцу. Бог злітаваўся - захаваў яму жыццё, Сіротка падарожнічаў у Італію, бачыў папу, пасля чаго езуіты прыгарнуліся да Радзівілаў нясвіжскай лініі, атрымалі ад іх падтрымку і, цешачы гонар роду, спарадзілі шэраг панегірычных паданняў. Адно з іх сцвярджае, што прозвішча Радзівіл пачынальнік роду атрымаў ад вялікага князя Гедыміна за тое, што радзіў яму пабудаваць замак і горад на рацэ Веліі (Вільню).

Пры Сіротцы ўсіх кальвіністаў і арыян прымусілі пакінуць Нясвіж, Клецк, Ішкальдзь, Койданава. Шматгадовая праца арыянскіх прапаведнікаў аказалася марнай.

Наогул пасля Люблінскай уніі развіццё пратэстанцтва на Беларусі і Літве перапынілася, наступленне змянілася абаронай, паступовай стратай былога значэння і ўплыву. У самае незайздроснае становішча трапілі арыяне, якія вылучаліся максімалісцкай крытыкай існуючага грамадскага парадку. Іх ідэолагі прапаведавалі сацыяльную роўнасць, вызваленне сялян, раздачу маёмасці бедным, адказ ад пасад і вайсковай павіннасці. На такіх пачатках была ўтворана вядомая Ракаўская арыянская камуна, куды сышлося шмат шляхты і гараджан з Польшчы, Беларусі і Літвы. Перад тым многія з іх прадалі свае фальваркі і багацце, унеслі грошы ў скарбніцу камуны, але потым большасць камунараў аб гэтым шкадавала. Бо для жывога сацыяльна-палітычнага руху такая наіўна-утапічная праграма не падыходзіла. Аб якім вызваленні сялянства магла весціся сур'ёзная размова, калі, наадварот, узмацнялася яго эксплуатацыя. Поўнае заняволенне сялян у Польшчы зацвердзіў сейм 1573 года, а на землях Вялікага княства - Трэці Статут 1588 года. Становішча іх было такім пакутлівым, што за паляпшэнне мужыцкай долі выступалі і каталіцкія публіцысты. У зверскіх адносінах да сялянства абвінавачваў шляхту Пётр Скарга, якога з пасады рэктара Віленскай акадэміі запрасілі заняць месца каралеўскага прапаведніка. Але заклікі да гуманнасці бескарысныя, калі паслабленне гнёту пагражае паменшыць прыбытак. Прыгон толькі ўваходзіў у сілу, яму лёс наканаваў амаль тры стагоддзі жыцця, і зварот да шляхты з прапановай аддаць сялянам волю, зроўніцца з імі адгукаўся толькі нянавісцю.

Здрадай патрыятычным інтарэсам успрымалася і прапаганда няўдзелу ў войнах. У студзені 1558 года Іван Грозны распачаў Лівонскую вайну, у якую ўцягнуліся прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку Польшча і Вялікае княства. У 1561 годзе, згодна з Віленскім дагаворам, Лівонскі ордэн трапіў пад уладу Вялікага княства Літоўскага. Іван Грозны замірыўся з Швецыяй і пайшоў з мячом супраць Вялікага княства. Рускае войска за- хапіла значныя тэрыторыі, многія паны і шляхта страцілі маёнткі, шмат людзей загінула ў бітвах, а вайна з пераменным поспехам вялася дваццаць пяць гадоў. У такіх умовах пацыфісцкая пропаведзь пагражала арыянам поўнай ізаляцыяй.

Будны выявіў сябе палітычным рэалістам, калі на сінодзе ў Іўі выказаўся супраць жорсткасці сацыяльных установак сваёй партыі. Уласныя погляды на сацыяльна-палітычныя пытанні ён выклаў у кнізе «Аб свецкай уладзе», надрукаванай у 1583 годзе. Цікава, што ў ёй прыводзіцца пратакол дваццацігадовай даўнасці, гэта значыць Будны вёў дыярыуш ці карыстаўся вялікім архівам, які творча апрацоўваў. На жаль, паперы асветніка не захаваліся: ці ён сам знішчыў іх у апошнія гады жыцця, калі застаўся ў бядоце і вандраваў па дварах сяброў, ці яны згубіліся ў наступных пакаленнях.

Публікацыя працы «Аб свецкай уладзе» была выклікам арыянскай суполцы, што годам раней выключыла Буднага са свайго складу «за бязбожныя перакананні і дзеянні». Канкрэтна яго пазбавілі сана міністра за самавольную, без цэнзурнага прачытання ў абшчыне, публікацыю твораў Якава Палеолага, чые погляды ён падзяляў, і за прамовы супраць малітваў, якімі звяртаюцца да Хрыста. Сінод 1584 года пакінуў у сіле адлучэнне Буднага і патрабаваў ад Кішкі парваць з ім адносіны. Падтрымліваць Буднага сродкамі Кішка не перастаў, але, саступаючы жаданню кіраўніцтва абшчыны, зачыніў для яго доступ у друкарню. Выключэнне з суполкі лічылася раўнасільным абвяшчэнню па-за законам, пазбаўленне сана пазбаўляла і аудыторыі: для чалавека дзейнага, зацікаўленага ў слухачах,- гэта вялікая страта. Знайсці новага смелага мецэната ў тыя гады ўжо было немагчыма. Не жадаючы заставацца без справы, Будны свае найбольш мяжовыя погляды змякчыў і ў 1588 годзе ў Брэсце замірыўся з «братамі».

Але і выданне палемічных твораў, якое выклікала адлучэнне, і тактычны зігзаг з замірэннем - не толькі асабістая справа Буднага. Ён выказваў думку свайго крыла і, хутчэй за ўсё, дзейнічаў пэўным чынам пасля парад з блізкімі людзьмі. Сябраваў Будны з беларускім асветнікам Васілём Цяпінскім, у хаце якога чытаў аднадумцам рукапіс сваёй працы «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры». Меў чым падзяліцца і Цяпінскі, Відаць, Будны быў сярод першых слухачоў перакладзенага ім на беларускую мову Евангелля і напісанай да яго прадмовы, глыбока гуманістычнай па зместу. Уявім і мы далёкі зімовы вечар, хату Цяпінскага, нацеплены пакой, свечку на стале, за ім двух нашых выдатных асветнікаў, цішыню, у якой чуецца ўрачысты голас гаспадара:

«В тую потребу отчизны вашое, в простоту грубую про недостаток науки братии вашое прикладом своим милосерным, если есть што милости братерское у вас, - гды ж межи всеми люцкостями ничого не есть так власт­ного, а злашча богобойному человеку, яко улитоване, которым указуем но собе неякое подобенство добротливости божее, а наконец, дле заплаты собе от пана вечное, - тому народу вашому, неуместностью заведеному и утрапеному, допомагаючи, митро­полита вашого, владык и учителей ваших до того прозбами вашими вели, жебы не подкупов, не посулов дле поседання столиц один перед другим, не до животей и привильев, один над другого обварованейших, але слова божего сами се учили и других з маетностей и именей от ваших пред­ков им не на марнотрадтва, не на строй и што такого, але дле наукнаданых. Ова бы ку науце,- леч не такой, яко тенер на вечный свой встыд только прочести и то ледво в своем езыку не больш учатсе,- школы заложити и науку слова божего, от так много лет занедбаную, выдвигнути братьи вашой хотели и усиловали. Которих я не одному которому, але всим и з тою потребою отчизны ва­шое богобойной пилности, растропности и верности поручаю и зоставую, просечи пана, а бых был готов, если она до конца згинет, з нею згинуть, або, если через ваш ретунок будет выдвигнена, з вами и з нею выбринуть».

Меў дружбу Будны і з вядомым гісторыкам і паэтам Мацеям Стрыйкоўскім. Адным з блізкіх таварышоў яго лічыўся філосаф Андрэй Валан, маёнтак якога знаходзіўся недалёка ад Валожына. Блізкія адносіны звязвалі асветніка з паэтам і перакладчыкам Кіпрыянам Базілікам. Як зацікаўлены кнігавыдавец сустракаўся ён з Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам. Усё гэта былі людзі таленавітыя, большасць сярод іх з лепшай еўрапейскай адукацыяй, асветнікі і гуманісты; яны мелі над чым паразважаць.

Шырокая вядомасць Буднага раздражняла ягоных супярэчнікаў, і езуіты пусЦілі ў абыходак шэраг недарэчных выдумак, прызначаных прынізіць асобу філосафа. Напрыклад, хадзіла такая байка: нібыта салдаты, якія вярталіся з вайны супраць рускіх, міналі нейкую вёску, дзе гасцяваў тады Будны. Даведаўшыся ад людзей пра арыяніна, яны выцягнулі яго на вуліцу і хацелі засекчы за тыя абразы Хрыста, што прынеслі яму чорную славу, але быццам Будны, убачыўшы над галавой батароўку, выракся сваіх арыянскіх поглядаў і перакананняў. Напад п'яных, кімсьці нацкаваных жаўнераў і сапраўды мог мець месца, але адрачэнне - злая выдумка, тая мара езуітаў, якая ніколі не здзейснілася. Будны пры цвёрдасці сваіх поглядаў і маральным рыгарызме такое сабе не дазволіў бы і дзеля выратавання жыцця.

Супраць мысліцеля было накіравана і парадзіраванае апісанне езуіцкім аўтарам Фрыбеліусам апошніх дзён Сымона Буднага: «...ужо за два гады да смерці ён зусім звар'яцеў, не жадаў нічога ведаць і чуць ні пра Бога, ні пра Хрыста; нават за тры дні да смерці ён страшна роў, напаўняючы крыкам двор пана Льва Маклака і яго суседзяў. Але калі эканом гэтага маёнтка пан Віткоўскі пераконваў яго, каб ў апошнія дні звярнуўся да Бога... ён схапіў яго за рукі і казаў: «Клянуся маёй душой, я не прызнаю Бога, не ведаю нічога пра Бога, клянуся маёй душой, я не прызнаю Хрыста і зусім не думаю пра яго». На думку Фрыбеліуса, словы і пакуты Буднага сведчаць аб яго вар'яцтве і божай кары за ерась. Але калі гэты запіс праўдзівы, дык ясна, што вучоны трымаўся сваіх перакананняў да апошняй хвіліны і не адмовіўся ад іх нават у муках смяротнай хваробы.

Цвёрдае рэальнае мысленне не дазваляла Буднаму падманвацца адносна вынікаў справы, якой ён прысвяціў сваё жыццё. Нішто з таго, што ў маладыя гады здавалася блізкім да ажыццяўлення, не здзейснілася; на каралеўскім троне Рэчы Паспалітай замест асвечанага манарха сядзеў абмежаваны і ганарлівы Жыгімонт Ваза - «езуіцкі кароль», як ён сябе называў; адказныя асобы гаспадарства - ваяводы, кашталяны, старосты, абавязаныя сцвярджаць справядлівасць, усе чыста болей дбалі пра сябе, пра ўласны інтарэс, чым пра народ і дзяржаву; замест павагі да чалавечай годнасці назіраўся бессаромны гвалт дужага над залежным; народная асвета, закліканая ўзбагаціць духоўнае жыццё кожнага, абмяжавалася адукацыяй шляхты і апынулася ў руках езуітаў; працы Буднага ляцелі ў агонь; нядаўнія «браты» выказвалі такую ж нецярпімасць, як і супярэчнікі; замест свабоды самавыяўлення, замест ведаў старанна насаджваліся прымхі, тупая вера, фанатызм.

Сканаў Сымон Будны ў 1593 годзе. Яго апанент на полацкіх дыспутах Пётр Скарга шчасліва дажыў да глыбокай старасці. Пры аднолькавай адоранасці і актыўнасці гэтыя два чалавекі мелі непадобны лёс, розную ўдачу ў галоўных справах свайго жыцця. Бо Скарга шчыра служыў дзяржаўнай царкве, Будны - апазіцыйнай. Варта адзначыць, што першаму, як другому, нічога не далося дарам. Скарга нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Дзед яго насіў прозвішча Павонскі. За звычку на ўсё і ўсіх скардзіцца князь Януш Мазавецкі даў яму мянушку, якая і засталася за родам. Дзякуючы заслугам Пятра Скаргі род атрымаў шляхецтва. Шырокую славу яму самому прынеслі не столькі рэктарства ў Віленскай акадэміі, каталізацыя прылучаных інфлянтаў ці ўдзел у здзяйсненні Брэсцкай уніі цэркваў, колькі прамовы на сеймах. Як каралеўскі духоўнік Скарга на працягу дзесяцігоддзя адкрываў усе сеймы сваімі красамоўнымі казаннямі. Праз два стагоддзі ўвагу да яго асобы і творчасці абудзілі Адам Міцкевіч лекцыямі па славянскіх літаратурах, Юзаф Крашэўскі біяграфічным раманам і Ян Матэйка выдатным мастацкім палатном. Жыццё ж і спадчына Сымона Буднага чакаюць сваіх Міцкевіча, Крашэўскага, Матэйку па сённяшні дзень.

Шчаслівыя тыя з людзей, хто пад канец свайго веку можа сказаць, што праца іх прынята паслядоўнікамі і жыццё іх не падманула. Якую ж гаркату, які сум павінен адчуваць вучоны, асветнік, грамадскі дзеяч, бачачы адваротнае! Якая спадзея сагравае яго? Якой верай ён трымаецца? Адной - верай у прышласць, што надарыцца больш разумнай, выкажа больш дабрыні і спагады да людзей, увагі да ісціны, імкнення да дабрадзейнасці. «Выбар зроблены,- пісаў Сымон Будны, пачынаючы крытычны аналіз Новага запавета,- але ўсё ж я ўпэўнены, што працу маю лепш ацэняць нашчадкі».

Так і здарылася.



Гонар

Брэсцкая царкоўная унія была той фатальнай падзеяй, якая мела надзвычайнае значэнне ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай і паслужыла адной з галоўных прычын народнага паўстання 1648 года, што перарасло ў шматгадовую вайну некалькіх дзяржаў і народаў Усходняй Еўропы.

Сама па сабе здаровая і гістарычна прагрэсіўная ідэя аб'яднання «рымскай» і «рускай» цэркваў у выкананні царкоўных палітыканаў і дзяржаўных валюнтарыстаў прывяла ў XVII стагоддзі да катастрафічных выннікаў. Аб'яднанне, якое здзяйснялася фальшыва і гвалтам, не замяніла праваслаўнай царквы на уніяцкую, а садзейнічала ўзнікненню яшчэ адной царквы, што, натуральна, толькі ўзмацніла супярэчнасці рэлігійнай барацьбу на Беларусі і Літве. Насілле, што зведала праваслаўная царква ад уніяцкіх іерархаў, каталіцкай царквы і каралеўскай улады, выклікала адпаведны адпор праваслаўнага жыхарства, якое вылучыла са свайго асяроддзя шэраг правадыроў і герояў. Сярод іх быў беларускі пісьменнік і публіцыст, ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце Афанасій Філіповіч.

У гісторыю беларускай культуры ён увайшоў як аўтар «Дыярыуша» - выдатнага літаратурнага твора першай паловы XVII стагоддзя. Аднак вядомы Філіповіч не толькі пісьменніцкай працай. Па волі лёсу ён прычыніўся да цікавай і драматычнай гісторыі аднаго з самазванцаў, якога ўлады Рэчы Паспалітай рыхтавалі на маскоўскі трон. Але найбольш знаны ігумен з Брэста як нясхільны змагар за духоўную свабоду беларускага народа.

Калі ўзнікае грамадская патрэба ў абароне спрадвечных народных каштоўнасцей, грамадства абавязкова выстаўляе на арэну барацьбы сваіх падзвіжнікаў, людзей моцнага духу, здольных пайсці на пакуты і асвяціць уласнай крывёй справу народа, даць прыклад самаахвярнага яму служэння. XVII стагоддзе з'явілася часам жорсткага выпрабавання духоўнай моцы беларускага і украінскага народаў, і Філіповіч стаў выразнікам іх карэнных інтарэсаў. З прычыны свайго сацыяльнага становішча - духоўная асоба, манастырскі ігумен - ён не ўзначаліў групу, атрад, партыю, а дзейнічаў сам па сабе. Але гэта не значыць, што Філіповіч быў адзінокі. Народная вайна, на самым пачатку якой ён пакутніцкі загінуў, - лепшае сведчанне таго, што служыў ён справядлівай справе і меў за сабой падтрымку тысяч і тысяч аднадумцаў.

Аб паходжанні Філіповіча дакладных звестак няма. Год нараджэння - 1597 - вылічаны па ўскосных даных. Здагадка, што ён выхадзец з сям'і рамесніка, роўна як і меркаванне аб прыналежнасці яго да шляхецкага роду, не маюць дакументальнага пацвярджэння. Прапановы адносіць Філіповіча да рамеснікаў грунтаваліся хутчэй за ўсё на вульгарна-сацыялагічнай традыцыі нядаўняй мінуўшчыны, калі слова «шляхціч» лічылася нечым вельмі дрэнным, выклікала недавер і раздражэнне. Аднак ёсць пераканаўчыя падставы дапускаць, што Філіповіч паходзіў менавіта з шляхецкага дому: калі б ён быў «простай» крыві, дык наўрад ці атрымаў бы запрашэнне ў хатнія настаўнікі да «царэвіча Дзмітравіча» - нібыта сына Лжэдзмітрыя I і Марыны Мнішак. У выпадку выйсця «царэвіча» на арэну вялікай палітычнай ігры імя настаўніка абавязкова ўзнялося б да агульнага ведання, і навучанне самазванца асобай нешляхецкага стану сталася б вялікай заганай яго рэпутацыі і гонару.

Невядома таксама, дзе вучыўся Філіповіч. Пачатковую адукацыю ён мог атрымаць у адной з брацкіх школ, але вышэйшую, больш верагодна, набыў у Віленскай акадэміі, куды езуіты прымалі моладзь любога хрысціянскага веравызнання. Там, напрыклад, займаўся Мялецій Сматрыцкі - вядомы праваслаўны дзеяч, аўтар першай беларускай «Граматыкі». Падобна таму, як Сматрыцкі быў запрошаны хатнім настаўнікам да беларускага магната Саламярэцкага, так канцлер Вялікага княства Леў Сапега запрасіў Філіповіча настаўнікам для «царэвіча маскоўскага». Гэта здарылася ў 1620 годзе, і сем гадоў Афанасій выкладаў няшчаснаму юнаку навукі «церковнорусские» і наогул яго выхоўваў.

Сапраўднае імя выхаванца было Ян Фаусцін Луба. Яго бацька - падляшскі шляхціч - удзельнічаў у паходзе Лжэдзмітрыя на Маскву і прывёз туды сына. Пасля гібелі Лубы - старэйшага хлопца ўзяў пад нагляд сябра бацькі Бялінскі. У 1644 годзе на запыт маскоўскіх паслоў у Варшаве Ян Луба адказаў, што даведаўся аб сваім паходжанні ў сталым узросце ад Бялінскага. Апошні паведаў юнаку, хто яго сапраўдны бацька, і яшчэ пра тое, што «царэвічам маскоўскім» яго называлі «для ўсякай прычыны». Паколькі ў Маскве сына Марыны Мнішак хацелі павесіць, дык ён, Бялінскі, планаваў яго выкрасці, а на шыбеніцу аддаць Яна Лубу. Падмена не ўдалася (сын Марыны і Лжэдзмітрыя быў павешаны), і Бялінскі, не жадаючы прызнавацца ў сваёй няўдачы, адрэкамендаваў Яна Лубу каралю і радзе як уратаванага «царэвіча». Хто апроч Бялінскага ведаў праўду, застаецца таямніцай; многім здавалася верагодным гэтае цудоўнае выратаванне, а хто так не лічыў, той бянтэжыўся ў сваім нявер'і сапраўды каралеўскім утрыманнем Лубы - яму прызначылі на гадавыя выдаткі шэсць тысяч злотых. Верыў, бясспрэчна, у праўдзівасць пададзенай яму легенды і Філіповіч.

За сем гадоў ён моцна прывязаўся да свайго выхаванца, палюбіў яго, клапаціўся аб ім, не баяўся нават за яго канфліктаваць з Сапегам, пры двары якога «царэвіч> жыў. Зразумела, нельга не браць пад увагу натуральны гонар чалавека, якому даверылі выхаванне сіраты такіх вядомых і няшчасных (забітых) бацькоў. Царэвіч Іван, як яго называлі на маскоўскі лад, пры іншых палітычных абставінах атрымаў бы пэўны шанс сесці на маскоўскі трон, заняць царскія пакоі ў старажытным Крамлі. Прынамсі так мог думаць Філіповіч, бо Міхаіл Раманаў у параўнанні з «Дзмітраві- ч а м» меў менш правоў на царскі пасад; «Дзмітравіч» усё ж, адпаведна фальсіфікацыі, даводзіўся ўнукам Івану Грознаму, быў Рурыкавічам, прамым нашчадкам старадаўняй рускай дынастыі.

Але калі кошт утрымання «царэ- віча» паменшылі з шасці тысяч да ста злотых і асабліва калі канцлер Сапега прагаварыўся аб сапраўдным паходжанні «Дзмітравіча», Афанасій Філіповіч, як ён занатаваў у сваім «Дыярыушы», зразумеў наступнае: «Лацно познати каждому, где бы был з Мнишковны, воеводзнанки сендомирской, Дмитровичем. Значная есть фамилмя их милостей панов Мнишков! Як пан кухмистр коронный, староста Осецкий, и иншые одозвалибыся в повиновацтво, гды ж то великая реч быти правдивым царским сыном. До того еіце з уст небожчика Сапеги, гетмана, слышалем, гды педагогом был. Просилем килима обить ему над лужком, теды голосно з гневом рек: «На шо обитя над лужком? Хто его ведает, хто он есть?!» Я на то реклем, не ведаючи: «Шляхетские детки при педагогах своих школные пытаются, в кого бы был в опеце». То он помысливши, заледве казал килимок и колдерку купити».

Як сведчаць далейшыя падзеі, Філіповіч у той момант перажыў сапраўднае ўзрушэнне. Ен быў чалавек шчыры, сумленны, і адкрыццё, што служыў несумленнай справе, з'яўляўся пешкай ў цёмных гульнях палітыканаў, што яго веды і пачуцці выкарыстоўваліся дзеля несправядлівасці, прынесла яму пакутніцкія перажыванні. Ён палічыў сябе грэшнікам і вырашыў парваць са свецкім жыццём. У 1627 годзе Філіповіч прыняў манаства ў віленскім Святадухаўскім манастыры, маючы на той час трыццаць гадоў. Тут «злые видимые и невидимые духи» часта кроілі яму сэрца. Яго эмацыянальная, дзейная натура да цішыні манастырскага жыцця аказалася непрыстасаванай, не для гэтага народжанай. Псіхічная жвавасць, спагадлівасць да злабадзённых турбот, патрэба жывой справы адразу вылучылі яго ў кола дзеячаў праваслаўнай царквы на Беларусі.

Тут дарэчы закрануць тую сітуацыю, што склалася і развівалася на Беларусі і Украіне пасля Брэсцкай царкоўнай уніі, і наогул тыя асновы, на якіх унія была пабудавана і абвешчана. Сама ідэя аб'яднання каталіцкай і праваслаўнай цэркваў узнікла раней. Як ужо прыгадвалася, гэта намагаўся здзейсніць яшчэ князь Вітаўт. Аднак на вышэйшым узроўні - Рым - Канстанцінопаль - дамоўленасць не ўдавалася ніяк. Таму выкананне уніі ў адной дзяржаве - Рэчы Паспалітай - мела не рэлігійны, а палітычны характар. Зместам і мэтай яе было рэлігійнае ўзмацненне гаспадарскай еднасці; федэрацыю Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны раздзірала рознасць рэлігій насельніцтва, і каралеўскі ўрад імкнуўся, зразумела, да веравызнальнай аднароднасці. Каталіцкая царква бачыла Ў гэтым сродак перамогі над праваслаўем і добра папрацавала, каб дамагчыся уніі. Яшчэ ў 1557 годзе Пётр Скарга выдаў сваю кнігу «Аб еднасці царквы божай і аб грэчаскім ад гэтай еднасці адступленні», дзе даводзіў, што ёсць тры прычыны, з-за якіх у праваслаўнай царкве ніколі не будзе парадку. Па-першае, гэта жаніцьба святароў, якія, маючы сям'ю, больш клапоцяцца аб свецкім жыцці і таму далёкія ад «слова божага». Па другое, рускае духавенства амаль не ведае лацінскай і грэчаскай моў і яму практычна не даступныя навуковыя і культурныя здабыткі цывілізацыі. Стараславянская мова царквы таксама ёй перашкаджае, бо на гэтай мове ніхто ў свеце не гаворыць і не піша. I, нарэшце, умяшанне свецкіх асоб у справы царквы, недавер і нават пагарда веруючых да духавенства. Галоўныя ўмовы уніі Скарга бачыў у тым, каб мітрапаліт кіеўскі прымаў блаславенне не ад канстанцінопальскага патрыярха, а ад папы рымскага, каб кожны праваслаўны ва ўсіх дагматах веры пагадзіўся з рымскай царквой і прызнаваў вярхоўную ўладу Рыма; абрады ж царкоўныя могуць заставацца ранейшымі.

Але заклікі Скаргі павісалі ў паветры, пакуль не знайшліся ў праваслаўнай царкве людзі, якія ўбачылі ў уніі крыніцу асабістага дабрабыту. Такую магчымасць забяспечвала тое, што некаторыя біскупствы былі вельмі багатыя і прыносілі вялікія даходы. Іх нават стараліся перадаваць у спадчыну як асабістую маёмасць. Напрыклад, львоўскі біскуп Арсеній аддаў епархію свайму сыну Гедэону Балабану, і той успрымаў яе як сямейнае ўладанне, у сувязі з чым паводзіў сябе там самадзержцам. У 1585 годзе антыахійскі патрыярх Іакім блаславіў заснаванне брацтва ў Львове, што вельмі не спадабалася Гедэону, і ён неадкладна пачаў супрацьдзейнічаць братчыкам. Тыя паскардзіліся патрыярху, і Гедэон атрымаў патрыяршае папярэджанне: «...не смей нічога казаць супраць Львоўскага брацтва, на якім бог спачывае і славіцца, і калі пачуем, што ты забараняеш справы добрыя, дык будзеш адлучаны, а потым і іншае царкоўнае пакаранне спасцігне...» Абражаны Гедэон прыняў той пункт гледжання Пятра Скаргі, што унія вызваліць яго ад умяшання брацтва, і выказаў львоўскаму каталіцкаму біскупу жаданне прыняць унію.

У 1589 годзе канстанцінопальскі партыярх Іерэмія, вяртаючыся з Масквы, дзе па прымусу Барыса Гадунова заснаваў патрыяршаства, прызначыў кіеўскім мітрапалітам менскага святара Міхаіла Рагазу, але адначасна даў экзаршаства - старшынства над усімі біскупамі - луцкаму біскупу Кірылу Цярлецкаму. Апошні, аднак, адчуваў сябе незадаволеным, паколькі, з'яўляючыся намеснікам патрыярха, яшчэ мусіў дзяліць уладу з мітрапалітам. Да таго ж луцкі стараста Аляксандр Семашка, які нядаўна перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва, выказваючы сваю адданасць новай веры, заняў саборную праваслаўную царкву, выгнаў з яе Цярлецкага, учыніў там гулянку, а гайдукам загадаў страляць у купал і праваслаўны крыж.

Цярлецкі разважыў і вырашыў прыняць унію. Аднадумцы знайшліся хутка. Каралю Жыгімонту Вазу была паслана грамата:

«Мы, біскупы, што падпісаліся ніжэй, жадаем прызнаваць пастырам нашым і галавою намесніка святога Пятра свяцейшага папу рымскага... але згодныя быць у падначаленні ў свяцейшага айца папы, мы хочам, каб пакінуты былі нам усе службы і парадкі, якія здаўна царква наша святая ўсходняя трымае, і каб яго каралеўская мосць вольнасці нам прывілеямі забяспечыў... а мы абавязуемся быць пад уладай і блаславеннем айца папы і ліст гэты з подпісамі нашых уласных рук і прыкладаннем пячатак далі мы брату нашаму старэйшаму, айцу Кірылу Цярлецкаму, экзарху і біскупу луцкаму і астрожскаму. Падпісалі: Кірыла Луцкі, Гедэон Львоўскі, Лявонцій Пінскі і Дзіянісій Холмцкі».

Кароль задаволена адказваў:

«Мы, гаспадар, ім самім, біскупам, прасвітарам і ўсяму духавенству царквы ўсходняй і рэлігіі грэчаскай звяртаемся за сябе і за нашчадкаў нашых, што калі б хто-небудзь з патрыярхаў і мітрапалітаў наклаў на іх клятву, дык гэтая клятва ім і ўсяму духавенству ні ў чым не будзе шкодзіць... абяцаем памножыць да іх ласку нашу, надаючы ім і кожнаму, хто схіліцца да уніі, свабод і вольнасцей у той жа меры, у якой маюць іх і рымскія духоўныя...».

Да гэтых здзяйсніцеляў уніі далучыўся ўладзімірскі біскуп Іпацій - сапраўднае імя Адам Пацей - які быў да таго кашталянам брэсцкім. Пад канец 1595 года Цярлецкі і Пацей паехалі ў Рым, і тут, у Канстанцінавай зале Ватыканскага палацу, за два дні да Каляд папа абвясціў аб уз'яднанні ўсходняй царквы з рымскай. Цярлецкі і Пацей пацалавалі яму туфель...

Ад'езд Цярлецкага і Пацея ў Рым з прапановай уніі стаў зачэпкай паўстання Севярына Налівайкі і Лабады, якое непасрэдна звязана з абаронай інтарэсаў праваслаўнага жыхарства Вялікага княства і Польшчы. Нездарма ў войску Налівайкі быў сцяг з надпісам «Мір хрысціянству, а на зачыншчыкаў Бог і Крыж». У 1595 годзе казацкія загоны Налівайкі з'явіліся на Беларусі, асадзілі Слуцк, узялі выкуп з жыхароў-каталікоў, авалодалі Добрушам і Магілёвам. Атрады паўстанцаў папаўняліся сялянамі і дробнай праваслаўнай шляхтай. Ад Магілёва яны накіраваліся да Пінска, які занялі з дапамогай насельніцтва. Дзеянні казакаў моцна занепакоілі каралеўскую ўладу, супраць іх было выслана рэгулярнае войска на чале з гетманам Жалкеўскім. Каля Белай Царквы Налівайка і Жалкеўскі сустрэліся, бітва цягнулася дзень і закончылася перамогай паўстанцаў. Але ў наступны раз каля ракі Сулы казакі Налівайкі і Лабады пацярпелі паражэнне, прычым сам Севярын трапіў у палон. Яго і іншых палкоўнікаў адвезлі ў Варшаву, дзе апошнім па прысуду адсеклі галовы; самога ж Налівайку жыўцом спалілі ў спецыяльна зробленым з медзі чучале быка.

Зімой 1596 года ў Варшаве праходзіў вальны сейм, і праваслаўная шляхта дала наказ сваім дэпутатам прасіць караля, каб біскупаў, якія адступілі ад праваслаўнай веры, пазбавіў духоўнага сану. Але кароль не прыняў просьбу. Тады дэпутаты ўрачыста абвясцілі сейму, сенату і каралю, што яны і ўвесь праваслаўны люд не будуць прызнаваць Цярлецкага і Пацея біскупамі і падпарадкавацца ім. Насуперак гэтаму Жыгімонт Ваза выдаў Маніфест аб здзейсненым з'яднанні цэркваў.

У кастрычніку 1596 года ў Брэсце склікаўся царкоўны сабор, на якім апроч беларускіх і ўкраінскіх біскупаў прысутнічалі троцкі ваявода Мікалай Радзівіл, канцлер Леў Сапега, каралеўскі духоўнік Пётр Скарга. Але з першай гадзіны сабор падзяліўся: праваслаўныя засядалі асобна, уніяты - асобна, прычым мітрапаліт засядаў з уніятамі. Праваслаўныя біскупы некалькі разоў за ім пасылалі, але ён не з'явіўся; нарэшце, на трэцяе пасольства прыйшоў ад уніятаў такі адказ: «Што зроблена, тое зроблена; ці добра, ці блага мы зрабілі, што паддаліся рымскай веры, толькі зараз ўжо перарабіць гэта немагчыма». Тады праваслаўныя выдалі дэкрэт: мітрапаліт і ўладыкі полацкі, уладзімірскі, луцкі, холмцкі, пінскі пазбаўляюцца сану, бо самавольна задумалі з'яднанне цэркваў, якое можа вырашацца не пяццю ўладыкамі, а выключна ўсяленскім саборам. Мітрапаліт і ўніяты адказалі на гэта сваім дэкрэтам, які пазбаўляў сану і праклінаў біскупаў, што адхілілі унію.

Супраць уніі выступіў выдатны публіцыст таго часу Іван Вішанскі:

«Нашто імем хрысціянскім бессаромна асмельваецеся сябе называць, калі сілы гэтага імені не захоўваеце?.. Няхай будуць праклятыя ўладыкі, архімандрыты, ігументы, якія манастыры спустошылі і фальваркі сабе з месцаў святых парабілі, самі з слугамі сваімі і прыяцелямі ў іх цялеснае і жывёльнае жыццё праводзяць; на месцах святых лежачы, грошы збіраюць з даходаў, прызначаных багамольцам хрыстовым, дочкам сваім пасаг рыхтуюць, сыноў адзяваюць, жонак прыбіраюць, слуг памнажаюць^ карэты робяць, коней сытых і аднамасных запрагаюць; а ў манастырах манаскага чыну няма, замест песнапення і малітвы сабакі выюць».

Рагазу, Пацею, Цярлецкаму Вішанскі пісаў:

«Спытаў бы я вас, што такое праца ачышчэння? Але вам і не снілася пра гэта; не толькі вы таго не ведаеце, але і вашы папы ісусалаяльнікі, так званыя езуіты, аб тым не турбуюцца і адказа даць не могуць... Каторы з вас прайшоў першую ступень падзвіжніцтва? Ці не ваша мосць веру справамі злымі наперад яшчэ разбурылі? Ці не ваша мосць выхавалі ў сабе юр ліхвярства і свецкага здабыцця? Насыціцца ніяк не можаце, а ўсё большай сквапнасцю і прагай свецкіх рэчаў хварэеце... Каторы з вас, у свецкім жыцці будучы, шэсць запаветаў Хрыстовых сам па сабе выканаў? Ці не ваша міласць гэтыя шэсць запаветаў не толькі ў свецкім чыне разарылі, але і зараз у духоўным бясконца разараеце? Самі як ідалы на адным месцы сядзіце, а калі і здарыцца гэты труп абалванатвораны на іншае месца перанесці, дык на калясніцы без журбы пераносіце, а бедныя падданыя і ўдзень і ўначы на вас працуюць і пакутуюць. Дзе вы хворым паслужылі? Ці не ваша мосць хворых са здаровых робіце, б'яце, катуеце, забіваеце? Пастукай па лысай галаве, біскуп луцкі! Колькі ты пад час свайго святарства чалавечых душ да бога паслаў? Яго мосць кашталян Пацей, хоць і кашталянам быў, але толькі па чатыры слугі за сабой валачыў, а зараз, калі біскупам стаў, дык больш дзесяці налічыш; таксама і яго мосць мітрапаліт, калі простай рагозінай быў, дык не ведаю, ці мог трымаць двух слуг, а цяпер больш дзесяці мае».

Сапраўды, духоўнымі імкненнямі стваральнікі уніі не кіраваліся. Яна адпавядала мэтам каталізацыі і апалячвання, аб чым сведчыць рэакцыя праваслаўных магнатаў, якія хутка сарыентаваліся, што карысна хутчэй разарваць з праваслаўем і некарысна прымаць ролю яго абаронцаў. Пачатак XVII стагоддзя адзначаны пагалоўным пераходам у каталіцтва заможных і старадаўніх фамілій Вялікага княства: Астрожскіх, Слуцкіх, Заслаўскіх, Сангушак, Пронскіх, Ражынскіх, Саламарэцкіх, Галаўчанскіх, Вішнявецкіх, Масальскіх, Пузынаў, Хадкевічаў, Глябовічаў, Горскіх, Сакалінскіх, Лукомльскіх, Кішкаў, Сапегаў, Дарагастайскіх, Валовічаў, Зяновічаў, Тышкевічаў, Пацеяў, Скумінаў, Корсакаў, Семашкаў, Гулевічаў, Каліноўскіх, Мялешкаў, Паўловічаў і інш. За імі пацягнулася менш славутая шляхта, і ў цэлым праваслаўная царква пацярпела адчувальныя страты сваёй сілы і апоры. Таму невыпадкова Мялецій Сматрыцкі ў 1610 годзе ў Менску напісаў вядомую сваю кнігу «Фрынас, ці Плач усяленскай усходняй царквы». Гэты твор аказаў вялікі ўплыў як на праваслаўных, так і на каталікоў. Жыгімонт Ваза загадаў спаліць тыраж выдання, а самога аўтара знайсці і асудзіць. Сматрыцкага выратавала тое, што кніга выйшла пад псеўданімам Тэафіл Артолаг. «Кожнае слова ў «Плачы»,- пісаў каталіцкі святар,- ёсць жорсткая рана, кожная думка - смяротная атрута для уніі і папства, а таму не адны схізматыкі, але і ератыкі-пратэстанты з радасцю набывалі і перачытвалі гэтую кнігу. Іншыя захоўвалі яе нібы скарб і завяшчалі сваім дзецям як каштоўнейшую спадчыну; а з праваслаўнага духавенства некаторыя лічылі твор Сматрыцкага роўным з творам святых айцоў і гатовыя былі праліць за яго кроў».

У 1617 годзе Мялецій пастрыгся ў манахі Святадухаўскага манастыра ў Вільні і хутка стаў яго ігуменам, а праз чатыры гады - у полацкай епархіі біскупам. Тое адказнае назначэнне Сматрыцкага адбылося пры незвычайных абставінах. У 1620 годзе ў Вялікае княства прыехаў патрыярх Феафан і тут па просьбе праваслаўных святароў, без узгаднення з каралеўскай уладай, паставіў ва ўсе епархіі праваслаўных біскупаў. Наогул, бачачы бедствы і галечу праваслаўнага жыхарства, ён пастараўся, наколькі меў магчымасць,супраць дзейнічаць справе уніі. Напрыклад, слуцкаму Прэабражэнскаму брацтву, якое трымала шпіталь, школу і бібліятэку, Феафан даў стаўрапігію - права падпарадкавання не мясцовым царкоўным уладам, а непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху. Гэта дазволіла брацтву дзейнічаць незалежна ад кіеўскага мітрапаліта, беларускіх біскупаў і слуцкіх улад і нават змагацца супраць іх.

Пасля прыезду Феафана склалася такая сітуацыя, што ў шматлікіх епархіях насуперак рашэнню Брэсцкай царкоўнай уніі пайшлі і уніяцкія і праваслаўныя біскупы. Мялецію Сматрыцкаму, у прыватнасці, стаў супярэчнікам вядомы Іасафат Кунцэвіч.

Нарадзіўся Кунцэвіч у 1580 годзе ва Уладзіміры-Валынскім. Бацька яго быў шавец, але любіў кнігу, што перадалося і сыну. Яшчэ зусім малым Іасафат навучыўся чытаць і пісаць па-польску і па-славянску. Шаснаццаці гадоў трапіў у Вільню, працаваў прыказчыкам, вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1604 годзе пастрыгся ў манахі Свята-Троіцкага уніяцкага манастыра і праз кароткі час набыў шырокую вядомасць як красамоўца. Хуткай кар'еры Кунцэвіча садзейнічаў выпадак: ён знаходзіўся побач з мітрапалітам Пацеем, калі таго кінуўся секчы шабляй праваслаўны гайдук. Тоўсты залаты ланцужок выратаваў Пацея ад смерці, але ўдар шабляй каштаваў яму двух пальцаў левай рукі. Кунцэвіч дапамог мітрапаліту абараніцца, зрабіў перавязку. Той не забыўся на добры ўчынак, І ў зручны момант, у 1614 годзе, зрабіў Кунцэвіча архімандрытам Свята-Троіцкага манастыра. У гэтым чыне апошні выправіўся ў Кіеў прапаведаваць унію. Але слухачоў не знаходзілася. Тады Кунцэвіч адважыўся на даволі-такі смелы крок. Ён таемна прабраўся ў Пячэрскую лаўру, дзе ва Успенскай царкве паспрабаваў правесці дыспут з манахамі. Адчуваючы глухату аўдыторыі, архімандрыт сарваўся на абразу праваслаўнага духавенства; тады яго сцягнулі з амбону, выкінулі на двор і пачалі біць. Адзін малады манах злітасцівіўся і паказаў Кунцэвічу на пралом у сцяне. Інакш, можа і забілі б Іасафата пячэрскія манахі да смерці. Пасля гэтага ён у Кіеў не ездзіў, але ў сваёй Полацкай епархіі лютаваў усмак. Маючы ад караля прывілей на падначаленне ягонай уладзе ўсіх праваслаўных цэркваў і манастыроў у Полацку, Віцебску, Магілёве, Оршы, архімандрыт разаслаў да іх патрабаванні, каб святары неадкладна з усімі прыходамі прынялі унію; у адваротным выпадку ён пагражаў духавенству пазбаўленнем сану, а веруючым - закрыццём цэркваў. Калі гэ тыя патрабаванні ніхто не выканаў, Кунцэвіч і сапраўды загадаў апячатаць усе цэрквы, а святароў кінуць у астрог. Вось як пісала пра тое беларуская і ўкраінская шляхта ў скарзе да вальнага сейму:

«На Белай Русі - у Оршы і Магілёве - той жа біскуп полацкі на працягу 5 гадоў трымае цэрквы апячатаныя. У Полацку і Віцебску з прычыны гэтай забароны няма ні царквы, ні дома, у якіх было 6 дазволена ў горадзе набажэнства. Таму мяшканцы горада вымушаны па нядзелях і ў іншыя ўрачыстыя святы слухаць набажэнства ў полі за горадам і то без святара, бо яму забаронена жыць у горадзе і паблізу... Яшчэ больш жорсткасці ў наступным зверстве і тыраніі: у гэтым жа Полацку беларускім той жа адступнік - біскуп полацкі летась наўмысна загадаў мяшканцам дзеля большай крыўды выкапаць нябожчыкаў, толькі што пахаваных на могілках, і выкінуць хрысціянскія целы з магіл як нейкую падаль на з'ядзенне сабакам...»

Але і такія жорсткія меры не скарылі праваслаўнае насельніцтва. Не маючы войска для рашучага прывядзення жыхароў да уніі, Кунцэвіч звярнуўся за дапамогай да Льва Сапегі. Адказ канцлера вельмі паказальны здаровым разуменнем абставін. У сакавіку 1622 года ён пісаў:

«Бясспрэчна, я сам клапаціўся аб уніі і пакінуць яе было неразумна; але мне ніколі не прыходзіла думка, што вы адважыцеся прыводзіць да яе такімі гвалтоўнымі сродкамі... Хіба вы не ведаеце нараканні цёмнага на роду, яго размовы - ён лепш хоча быць у турэцкім падданстве, чым цярпець такі ўціск сваёй веры?.. Учынкі вашыя, што вынікаюць болей з самалюбства і прыватнай нянавісці, чым з любові да бліжняга, выказаныя ў супярэчнасць святой волі і нават забароне рэспублікі, стварылі тыя небяспечныя іскры, якія пагражаюць усім нам ці вельмі моцным ці нават усёзнішчальным пажарам. Ад паслухмянасці казакоў болей гаспадарству карысці, чым ад вашай уніі, таму і павінны вы суадносіцца з воляй караля і з намерамі дзяржаўнымі... Што датычыцца небяспекі жыцця вашага, дык кожны сам прычына бяды сваёй; трэба выкарыстоўваць абставіны, а не аддавацца безразважна сваім імкненням. Я мушу, кажаце вы, рабіць так, як біскупы. Вы абавязаны пераймаць святых біскупаў у цярпенні, набожнасці, у паказванні добрых прыкладаў. Прачытайце жыціі ўсіх набожных біскупаў: не адшукаеце ў іх ні скаргаў, ні абвяшчэнняў, ні іскраў, ні судовых сведчанняў. А ў вас суды, магістраты, трыбуналы, ратушы, канцылярыі набіты позвамі, цяжбамі, даносамі; але гэтым не толькі не зацвердзіцца унія, а апошні ў грамадстве саюз любові скасуецца... Кажаце, што вольна вам неуніятаў тапіць і секчы; не, запавет божы ўсім мсціўцам зрабіў забарону, якая і вас тычыцца... Здаецца, лепш і карысней было б для грамадства разарваць з гэтай няўрымслівай саюзніцай (уніяй.- К. Т.), бо мы ніколі ў айчыне сваёй не мелі такіх звадак, якія нарадзіла нам добрапрыстойная унія. Хрыстос не апячатваў і не зачыняў цэрквы, як гэта робіце вы... Пакажыце, каго вы схілілі да сябе, каго прывабілі сваёй суровасцю, жорсткімі мерамі, апячатаннем і зачыненнем цэркваў? Замест таго выкрыецца, што вы згубілі і тых, якія ў Полацку вам у паслушэнстве былі. З авец зрабілі вы іх казлішчамі, навялі небяспеку дзяржаве, а магчыма, і гібель усім нам, каталікам. Вось плён хвалёнай уніі, бо калі айчына ўзварушыцца, дык не ведаю, што ў той час з вашай уніяй будзе».

Леў Сапега як у ваду глядзеў. Праз дваццаць пяць гадоў выбухнула паўстанне Багдана Хмяльніцкага, пачалася знясільваючая вайна з Расіяй, здарылася шведская навала, і ў выніку Рэч Паспалітая была падсечана пад корань. Падзелы гаспадарства, якія адбыліся ў XVIII стагоддзі, шмат у чым абумовіла ўнутраная рэлігійная палітыка папярэдняга стагоддзя.

Не памыліўся канцлер Леў Сапега і адносна асабістага лёсу Іасафата Кунцэвіча. У лістападзе 1623 года архімандрыт быў забіты ў Віцебску, калі з'явіўся пакараць горад за ўрачысты прыём Мялеція Сматрыцкага. Пачалося з таго, што Кунцэвіч загадаў спаліць буданы за Дзвіной, дзе мяшканцы слухалі набажэнства, абшукаць двары і хаты, шмат з кім расправіцца. Але цярплівасць народная вычарпалася 12 лістапада, калі гайдукі архімандрыта збілі амаль не да смерці праваслаўнага святара Іллю. Ударылі званы, узброеныя віцебцы вызвалілі Іллю і ўварваліся ў пакоі, дзе хаваўся Кунцэвіч. Уніяцкага біскупа пакончылі пад крыкі «Бі папежніка!». Труп прывалаклі да Дзвіны і кінулі ў глыбокае месца. На горад абрушыліся жорсткія пакаранні. Старшынёй камісіі, прысланай для следства і суда над мяцежнікамі, кароль прызначыў Льва Сапегу, які годам раней дарэмна перасцерагаў Кунцэвіча і заклікаў яго да разважнасці. Камісія, баючыся падыходу казакаў, за якімі паслалі мяшканцы Віцебска, хутка, за тры дні, адшукала вінаватых і накіравалася ў Варшаву, каб там вынеслі прысуд пасля рады з каралём.

У гэты ж час Жыгімонт Ваза атрымаў ліст ад папы рымскага. «Хто дасць вачам нашым крыніцу слёз,- пісаў Урбан VIII,- каб маглі мы аплакаць лютасць схізматыкаў і смерць полацкага архібіскупа?.. Дзе такое жорсткае злачынства лямантуе аб помсце, пракляты чалавек, які засцерагае меч свой ад крыві! Значыць, магутны кароль, ты не павінен стрымліваць меч і агонь. Няхай адчуе ерась, што злачынства цягне за сабой пакаранне. Пры такіх агідных злачынствах міласэрнасць ёсць жорсткасць. Таму няхай адкладзе Ваша Мосць усялякае прамаруджванне і, запаліўшыся набожным абурэннем, суцешыцца слязамі бязбожнікаў, пакараных за абразу рэлігіі». I кароль запаліўся. Сто чалавек было прысуджана да смерці ў Віцебску, некалькі - у Полацку і Оршы. Праўда, пад сякеру пайшло толькі дваццаць, бо астатнія збеглі. Віцебск пазбавілі магдэбургскага права і наогул усіх правоў, ратушу разбурылі, знялі вечавыя званы, саборную Прачысценскую царкву раскідалі, а замест яе за кошт жыхароў пабудавалі уніяцкую.

Гібель Кунцэвіча і смяротная кара дзесяткаў мяшканцаў Віцебска паўплывалі на лёс Мялеція Сматрыцкага. Абвінавачаны ў падбухторванні да забойства, ён, каб пазбегнуць прыцягнення да суда, быў вымушаны рушыць на Усход, у падарожжа «да святых мясцін» і патрыярха «для выяснення заблытаных і спрэчных пытанняў хрысціянскага багаслоўя». Але вярнуўся Сматрыцкі на радзіму з перакананнем, што праваслаўная царква заражана пратэстантызмам і унія ёсць дабро. У 1628 годзе ён выклаў свае новыя погляды ў «Апалогіі», дзе пераконваў праваслаўнае насельніцтва пайсці за ім, шчыра прыняць унію і адшукаць агульны мір.

Так загінуў для праваслаўя яго лепшы таленавіты публіцыст і пісьменнік; гэта здарылася праз год пасля таго, як Афанасій Філіповіч прыйшоў у той самы Святадухаўскі манастыр, дзе сем гадоў змагаўся за праваслаўную царкву Сматрыцкі. Зразумела, уся драматычная гісторыя духоўнай ломкі полацкага біскупа цяжка, з гаркотай перажывалася Філіповічам. Праз нейкі час яму да вялося заняць вызваленае месца радыкальнага крытыка уніі, і ў гэтай якасці Філіповіч стаў прадаўжальнікам лепшых дасягненняў Сматрыцкага, развіваў выкрывальную традыцыю ў тагачаснай беларускай літаратуры.

У тым самым 1617 годзе, калі Сматрыцкі пачынаў духоўнае жыццё ў Святадухаўскім манастыры, уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі стварыў ў Вялікім княстве Базыльянскі ордэн. Да уніі ўсе праваслаўныя манастыры на Беларусі, Літве і Украіне існавалі згодна з уставам святога Васіля Вялікага (Кесарыйскага), які яшчэ ў IV стагоддзі напісаў «Вялікае і малое правіла» (статут), дзе распрацаваў галоўныя задачы братоў Ордэна, формы іх місіянерскай дзейнасці. Жаночую «філію» Ордэна сфарміравала сястра Васіля Вялікага - Макрына. Кожны манастыр быў незалежны і падпарадкоўваўся толькі свайму ігумену і епархіяльнаму ўладыку. У такім выглядзе яны пераходзілі да уніятаў. У Руцкага выспела думка стварыць з іх таварыства па ўзору Таварыства Ісуса, гэта значыць езуітаў. У Навагродавічах Менскага ваяводства адбыўся з'езд усіх ігуменаў уніяцкіх манастыроў, і пасля дзесяці пасяджэнняў сход вырашыў: уніяцкае манаства злучаецца ў Ордэн базыльянаў; Ордэнам кіруе генерал (протаархімандрыт) і чатыры асістэнты. Ордэн падначальваецца папу рымскаму, прымае на сябе адказнасць за выхаванне моладзі. Праз самы кароткі час уніяцкія манастыры ўжо ўзніклі ў Гродне, Менску, Жыровічах, Кобрыне, Полацісу, Магілёве, Наваградку, Пінску, Чарэі, Мсціслаўлі.

Абвяшчэнне Ордэна стала адным са звёнаў умацавання уніі, аднак нягледзячы на ўсе відавочныя поспехі і стараннасць уніяцкага духавенства, царква уніятаў разглядалася і каралеўскай уладай і каталікамі як другарадная і ніколі не здолела зраўнавацца ў правах з каталіцкай. Замінала тут яшчэ і тое, што шырокія колы беларускай шляхты не схіляліся да уніі, а прымалі каталіцтва, жадаючы быць роўнымі з польскай шляхтай. Уніяцкая царква заставалася ў асноўным царквой гараджан і сялянства. Аднак трэба зазначыць, што з цягам часу яна стала на тэрыторыі Беларусі і Украіны царквой найбольш распаўсюджанай. Як паказаў у сваіх даследаваннях, прысвечаных гэтай праблеме, гісторык А. П. Грыцкевіч, у 1790 годзе, напрыклад, у беларускіх паветах Вялікага княства Літоўскага (без усходняй часткі, ужо далучанай да Расійскай імперыі) уніяцкіх прыходаў было 1200 (73,8 працэнта), каталіцкіх - 283 (17,4 працэнта), праваслаўных - 143 (8,8 працэнта). Па падліках вучонага Т. Карзона, у 1774 годзе на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай жыло 11500 тысяч чалавек, з іх праваслаўныя складалі ўсяго 550 тысяч, а ўніяты - 3800 тысяч. Гэтыя лічбы пераканаўча і красамоўна сведчаць, што са сваёй задачай перамагчы праваслаўе уніяцкая царква справілася калі не з поўным, дык з вялікім поспехам.

Азіраючыся на справы пачатку трагічнага XVII стагоддзя і ведаючы гістарычную ўдачу уніяцтва, магчыма задацца пытаннем: ці мела сэнс супраціўленне уніі, ці не лепш было б пайсці насустрач, прыняць яе адразу, без ахвяр і крыві змагання, садзейнічаць яе хутчэйшаму сцвярджэнню і такім чынам захаваць мір у грамадстве і сярод людзей? Якая для простага чалавека, вяскоўца альбо гарадскога мяшканца розніца, каму падпарадкуецца царква: канстанцінопальскаму патрыярху, рымскаму папу, маскоўскаму патрыярху? Ці такія ўжо істотныя для духоўнага жыцця людзей адрозненні ў абраднасці і царкоўным чыне? Сталі ж каталіцкая Англія і Швецыя пратэстанцкімі дзяржавамі і тым не менш не страцілі сваёй нацыянальнай самастойнасці і культуры. Ці так ужо моцна звязана нацыянальная самастойнасць з веравызнаннем, царквой, як гэта здавалася абаронцам праваслаўя ў XVII стагоддзі? Але ўсё гэта - пытанні і разважанні заднім днём; не адчувае болю той, хто глядзіць на справы мінуўшчыны з далечыні, не займаюць яго тыя турботы. Ад жывых людзей нельга патрабаваць цвярозай развагі, калі сілай прымушаюць мяняць звычаі, уклад, светапогляд.

Для Афанасія Філіповіча не было пытання: правы ён ці няправы? Ен верыў, вера запаляла яго сэрца, за ім стаялі шэсць стагоддзяў гісторыі праваслаўя на беларускіх землях, многія пакаленні продкаў, што жылі ў чысціні «грэчаскага» веравызнання. Маральны стан уніяцкіх вярхоў абураў яго, ён гадзіўся іх; сродкі, з дапамогай якіх унія рвалася да перамогі, здаваліся яму д'ябальскімі. Знешняя палітыка «езуіцкага караля» Жыгімонта Вазы вяла да пастаянных войнаў і кровапраліцця, для поспеху гэтай палітыкі не грэбавалі хлуснёй і насіллем над народам. А галоўнае - унія азначала не роўнасць, а падпарадкаванне «рускай» веры каталіцкай царкве, веры «рымскай». Для гордага ж сэрца падначаленне гвалтаўніку - справа немагчымая.

Нежаданне уніі выказалі шырокія пласты насельніцтва, церпячы за сваю стойкасць пакуты. Гісторыя сцвярджэння уніі ведае сотні і сотні прыкладаў, калі праціўнікаў яе тапілі, стралялі, збівалі да паўсмерці, адымалі храмы, ператворваючы іх ва уніяцкія, калі супярэчнікаў уніі катавалі, як крымінальных злачынцаў. «А теперь пятьдесят лет тылко тому,- пісаў Філіповіч,- як унея проклятая для столка сенаторского и для поваги пышных духовных неіцасливе настала и так потурбовала панство тое спокойное, же не тылко в краинах, в князствах, в поветах, в местах, в местечках, в селах селян з селянами, мешан с мешанамн, жолнеров с жолнерамн (бо и з казакамн война внутрная непотребна о том была), панов с поддаными, родичов с детками, але и духов'ных з духовными, неостаток, монахов з монахами до гневу непогамованого приводила, приводит и нешасливе розжаривает».

Таямніца любога супраціўлення крыецца ў заўзятасці веры. Барацьба за ўнію і змаганне супраць яе азначалі сутыкненне пачуццяў. Самым горшым вынікам стала тое, што унія прывяла да братазабойства І ўзаемнай нянавісці; сыны аднаго народа, наступнікі адных продкаў, нашчадкі агульнай гісторыі пачалі варагаваць не з чужынцамі, а паміж сабой, і варагаваць на смерць. Па задуме, па рэлігійнаму ідэалу унія была выдатнай справай, але па рэальнаму ўвасабленню, па інтарэсах яе творцаў - яна несла вялікую шкоду развіццю беларускай культуры, паколькі служыла мэтам апалячвання, што засведчыла грамадскае жыццё Беларусі ў наступным стагоддзі.

Такія вось падзеі адбываліся ў тыя гады, калі Філіповіч навучаў «Дзмітравіча - царэвіча маскоўскага». Як рэагаваў ён тады на стасункі праваслаўя з уніяцтвам, нідзе не зафіксавана. Але перажыванні 1627 года, пастрыжэнне ў манахі рэзка схілілі яго да актыўнай дзейнасці. Па заданні свайго манастырскага кіраўніцтва Філіповіч аб'язджае шэраг манастыроў з мэтай дамовіцца аб агульных выступленнях супраць каталіцкага націску. Поспех паездкі прынёс яму сан іераманаха, і ў 1633 годзе ён апынуўся ў Дубойскім манастыры (паблізу Пінска), адкуль хутка перайшоў у Купяцічы. Тут у манастырскай царкве знаходзілася ікона Купяціцкай Маці Боскай, што прываблівала сюды мноства веруючых. Блізкасць манастыра да горада (дванаццаць кіламетраў ад Пінска) таксама спрыяла ягонай славе і дзейснасці.

Дарэчы, падзеямі манастырскага жыцця Філіповіч і пачынае «Дыярыуш» - апісанне падарожжа ў Маскву ў 1637 годзе.

Само вандраванне стала магчымым пасля смерці Жыгімонта Вазы, калі адносіны паміж Рэччу Паспалітай і Масквой крыху палепшыліся. Праўда, падчас бескаралеў'я рускі цар Міхаіл вырашыў захапіць Смаленск; маскоўскае войска асадзіла горад, аблога цягнулася восем месяцаў і завяршылася б здачай асаджаных, але на паратунак смалянам прыйшоў новаабраны кароль Уладзіслаў. Сітуацыя змянілася, маскоўскае войска само трапіла ў аблогу, якая доўжылася паўтара года. Нарэшце ваявода Шэін спыніў супраціўленне. Уладзіслаў рушыў на Маскву і прапанаваў Міхаілу Фёдаравічу мір, які быў заключаны ў 1643 годзе на рацэ Палянаўцы, Па пагадненні рускія адмовіліся ад прэтэнзій на Смаленск, выплацілі Рэчы Паспалітай дваццаць тысяч рублёў.

Уладзіслаў IV даў зарок ніколі не дамагацца маскоўскага трону. Гэта, дарэчы, мела фармальную аснову: пасля таго, як у 1610 годзе Васіль Шуйскі быў скінуты паўстаўшымі масквічамі, Уладзіслава абралі рускім царом, і ён насіў тытул маскоўскага самадзержца. Міхаіл Раманаў, што заняў вялікадзяржаўны трон у 1613 годзе, доўгі час лічыўся ўрадам Рэчы Паспалітай «незаконным» царом, і толькі Дзяўлінскае замірэнне 1618 года зняло вастрыню проціборства. Тым не менш царскі тытул Уладзіслава працягваў фігураваць у выпадках дыпламатычнай патрэбы.

Палянаўскі мір прывёў да некаторага супакаення, якое магло палепшыць стан праваслаўнай царквы на Беларусі і Украіне. Новы кароль, асцерагаючыся далейшага развіцця рэлігійнай барацьбы і вайны, адразу прыняў прынцыпова важныя рашэнні ў спрэчках праваслаўных з уніятамі. Ён вырашыў: быць двум мітрапалітам - праваслаўнаму і уніяцкаму; у полацкай епархіі мець уніяцкага і праваслаўнага архірэяў; праваслаўным уступаюцца Кіева-Пячэрскі манастыр і луцкая, львоўская, перамышльская епархіі. Інакш кажучы, калі ў 1596 годзе ў Брэсце намагаліся пахаваць праваслаўную царкву, ставячы на яе месца уніяцкую, якую ўрад Жыгімонта Вазы лічыў адзіна законнай, дык зараз афіцыйна прызнавалася існаванне ў Рэчы Паспалітай чатырох цэркваў: каталіцкай, уніяцкай, праваслаўнай і кальвінісцкай. Аднак каралеўскія пастановы не азначалі, што рэлігійныя пытанні і спрэчкі будуць мірна вы рашацца на месцах. Паміж цэрквамі- супярэчніцамі ў гарадах і вёсках захоўвалася ранейшая злоснасць. Яна нават узмацнілася ў сувязі з казацкімі паўстаннямі Сулішы, Паўлюка і Скідона, Трасілы, Астраніцы і Гуні.

У 1637 годзе Афанасій Філіповіч разам з інакам выправіўся па Белару сі за ялмужынай (міластыняй) для аднаўлення Купяціцкай царквы. Але ў беларускіх праваслаўных паветах сабраць патрэбныя грошы аказалася немагчыма, і Філіповіч прыняў разумнае і смелае рашэнне ісці ў Маскву да цара. На гэтым шляху айцу Афанасію і ягонаму спадарожніку выпала багата выпрабаванняў. Вось як занатаваны тыя прыгоды ў «Дыярыушы»: «А так пустилемся в тую дорогу, о имени Иисус Христовом, на Пропойск, на Попову Гору, на Старадуб до Трубецка. И зараз буря повстала, же и света видить не было, и не только с полудня до вечера, але н всю ноч в заметках кружачи и блудячи, мало-мало в течайне Днепровой (от душного неприятеля перешкодою) не потонули. За Пропойском, на ночлегу в селе, мнемалем на санех моих же хомут лежит, а то был пес так мя за руку уел! А в селе з невчасу огонь спановал, же малом од того живота не пострадал. В Поповой Горе конь в ночи зшол з господы, чили теж хто его был взял з господы; а гдым ся о нем рано пытал и до двору о том удатися хотел, теды мало нас непозабнано. В Стародуби, на запусты, пятницы много нас турбовали, еднак од всего згода Иисус Христос и пречистая богородица без шкоды нас заховала».

У Маскву Філіповіч з боскай дапамогай прыйшоў, але больш складана было трапіць да цара. Ад літвінаў чакалі тут у першую чаргу карысных звестак, з бескарыснымі просьбітамі размова не вялася. I Філіповіч вырашыў падаць цару праз Пасольскі ўказ апісанне свайго падарожжа, растлумачыць пабуджальныя прычыны і зацікавіць яго раскрыццём каштоўнай тайны, а менавіта: у межах Беларусі пражывае асоба, якая адказнымі ўладамі Рэчы Паспалітай прызнаецца «царэвічам Дзмітравічам». Лёгка ўявіць рэакцыю царскага двара, калі стала вядома з нататак Філіповіча аб чарговым прэтэндэнце на рускія скіпетр і дзяржаву. Паколькі брэсцкі ігумен апавясціў дзяржаўную тайну, дык маскоўская дыпламатыя займела хоць і невялікі, але ўсё ж такі козыр для сваёй палітыкі адносін з Рэччу Паспалітай. Філіповіч атрымаў багатую ялмужыну, а пасля ягонага ад'езду да караля накіраваўся царскі пасол з пытаннямі пра самазванца і патрабаваннем выдаць яго Маскве для пакарання смерцю.

Апісанне вандроўкі ў Маскву - першы твор Філіповіча. У ім шмат чаго недагаворана ці наогул пакрыта маўчаннем, але сумленнасць, шчырасць, эмацыянальнасць аўтара праглядваюцца вельмі ясна. Вядома, абумоўленасць псіхічнага жыцця асобы рэдка паўстае ў раскрытым выглядзе, тым больш у літаратуры, дзе шчырасць можа прымацца за прыём, а прыём - за шчырасць. Але па «Дыярыушы» бачна,штоў Філіповіча ўчынкі вынікалі не з халоднага разліку, а былі вынікам душэўнага стану ці сардэчнага парыву. Наўрад ці можна лічыць літаратурным прыёмам, напрыклад, сведчанне аўтара аб голасе Багародзіцы, пачутым ім пасля таго, як ігумен Іларыён Дзянісовіч даручыў яму збор ялмужыны.

«О дневные справы бозскне! Зараз там в трапезе страх барзо великий пал на мене, и власне як бы одрентвелый сиделем у столу. До кельи моей вшедши, зацепилемся и почалем богу всемогущему офероватися в том послушанстве. По малой хвиле, стоячому мне на молитве, страх мя такий обнял, жем утекати з кели моей поривался и, неякость моцью бозскою задержаный зоставши, долго ревливе плакалем. В том без жадной особы голос вдячий слышати было таковый: «Цар московский збудует ми церков! Иди до него!» В том мене як варом облито. Знову почалем тяжко плакати, мыслячи, што то будет».

Зносіны з Паннай Нябеснай потым неаднойчы паўтараліся. У цяжкую хвіліну падарожжа, у хвіліну сумніву айцец Афанасій зноў «правдиве слышалем голос таковый: «О Афанасий! Иди до цара Михаила и рци ему: звитяжай неприатели наши, бо юж час пришол. Мей образ пречисто в кресте Купятицки на хоругвях военных для милосердия. А в битви той кожного человека, мянуючогася православным, здорово заховай». Інакш кажучы, Багародзіца падказвала Філіповічу прасіць цара Міхаіла аб ваенным умяшанні ў рэлігійныя сваркі Рэчы Паспалітай, што ён і зрабіў, натуючы пачутае ў «Дыярыуш». Але спадзяванне на царскую спагадлівасць грунтавалася толькі на сіле жадання айца Афанасія. Рэальны палітычны разлік тут не прысутнічаў. Сама ж просьба, выказаная правінцыяльным ігуменам, у лепшым выпадку магла разумецца як асабістая скарга.

Мысленне і пачуцці Філіповіча былі наскрозь прасякнуты сімволікай. Уяўленае, паколькі нараджалася сэрцам, мела такую ж сілу рэальнасці, як ява. «И гды князь Радивил, канцлер литовский, року 1636, именем Полоза утискуючы церков праваславную,- пісаў Філіповіч,- одбирал монастыр той Дубойский на иезинты барзо мудрые, фундуючы их в месте Пинском, в тот час барзо страшни видоки на неби и на земли (не през сон, але в день и наяве, толко я в захвиценю яком будучи) видилем: на небе - хмуры барзо гневливые з войсками ушикованными, на каране готовыми, и на земли - седм огнюв пекелных, на седм грехов смертелных зготованых. 3 тых огнюв в пятом - жаристом гневи - трох особ выразне видилем: нунциуша легата в короне папежской Жигмонта кроля и Сапегу гетмана, за преслядоване церкви восточной барзо смутно седячих. Которое видене, гдым другим указьшал, видити не моглн». Вядома, не маглі бачыць, бо мелі іншую духоўную і псіхічную арганізацыю, былі не так эмацыянальныя, адрозніваліся ад айца Афанасія большай разважлівасцю, чаму і не стваралі сабе такіх непрыемнасцей, якіх з-за шчырасці і жадання праўды не мог пазбегнуць Філіповіч.

Аб эмацыянальнасці натуры айца Афанасія гавораць і яго асаблівыя адносіны да абраза Купяціцкай Маці Боскай. Пры ўсіх сваіх цудатворных якасцях яна ніяк не магла прэтэндаваць на ролю агульнабеларускай святыні і тым больш святыні ўсяго насельніцтва «грэчаскай веры> Рэчы

Паспалітай. Аднак Філіповіч надаваў ёй значэнне самай галоўнай рэліквіі царквы. Напрыклад, у «Парадзе набожнай Уладзіславу IV» ён настойліва раіць зняць з калоны каля каралеўскага замка ў Варшаве статую Жыгімонта (бацькі Уладзіслава) і замест яе паставіць «на слуп образ пречнстой богороднцы чудотворный Купятнцкнй». Зразумець айца Афанасія няцяжка. Ненавідзячы унію, ён, як чалавек запальчывы, прыходзіў у лютасць, бачачы статую ганіцеля праваслаўя, узнятую на каменны слуп, бліжэй да неба. Жыгімонт III Ваза для Філіповіча - Нерон, антыхрыст, вынішчальнік ісціннай веры. Але можна зразумець і здзіўленне, збянтэжанасць людзей, якіх заклікалі думаць пра Купяціцкі абраз як пра адно з цудаў свету.

У 1640 годзе брэсцкія братчыкі абралі Філіповіча ігуменам Сімяонаўскага манастыра, і годам пазней айцец Афанасій самавольна выправіўся ў Варшаву на вальны сейм, дзе падаў каралю дакументы на афіцыйнае зацверджанне адноўленага брэсцкага брацтва. Уладзіслаў засведчыў гэтыя паперы і дапоўніў іх прывілеем, па якому брацтву дазвалялася набыць у горадзе пляц для будаўніцтва ўласнай школы. Юрыдычнае афармленне дакументаў патрабавала пячатак канцлера Радзівіла і падканцлера Трызны. Але тыя заявілі, што прыкладуць іх толькі пры той умове, калі Філіповіч і манахі яго манастыра прымуць унію.

Зведаўшы гэтую абразу, айцец Афанасій умацаваўся ў сваіх варожых поглядах на унію, з якой ён звязваў толькі ганьбу, знявагу, гвалт. Не жадаючы скарацца, Філіповіч праз два гады на чарговым вальным сейме, без узгаднення хоць з кім з праваслаўных біскупаў, раздаў каралю, сенатарам і многім дэпутатам рукапісныя экземпляры занатаванай гісторыі сваёй паездкі ў Маскву, копіі Купяціцкай іконы і выступіў перад сеймам з «Суплікай», у якой патрабаваў ад караля неадкладнага скасавання уніі.

«Хотей же, ваша кролевская милость, ласкаве в той вейзрити для врожоное вашое доброты присяги вашое королевское милости, абы вера правдивая грецкая грунтовне была успокоена, а унея проклятая вынишена н внивеч обернена. Бо если унею проклятую выкорените, а всходнюю правдивую церков успокоите, то шасливые лета ваши поживете. А если не успокоите веры правдивое грецкое и не знесете унеи проклятой, то дознаете запевне гневу божого... В воли то человечей есть: обирай же собе, што хоч поки час маеш!»

Праваслаўныя іерархі, якія прысутнічалі на сейме, спужаліся нечуванай дзёрзкасці айца Афанасія і заклапочаныя тым, што «Супліку» могуць зразумець як ухваленую імі, паспешліва ўзялі ігумена пад варту. Знаходзячыся пад арыштам, Філіповіч нейкім чынам здолеў уцячы ў горад, прычым у дзень каталіцкага свята, і, бегаючы па варшаўскіх вуліцах у клабуку і адной кашулі, крычаў: «Бяда праклятым і няверным!» За гэты ўчынак яго пазбавілі сану ігумена і адправілі ў Кіеў да мітрапаліта Пятра Магілы. Тут духоўны суд палічыў, што Філіповіч прыняў дастатковыя пакуты, бо доўгі тэрмін знаходзіўся у калодках, і дазволіў яму вярнуцца ў Сімяонаўскі манастыр ігуменам.

Аднак пажыць на волі айцу Афанасію давялося нядоўга. У 1644 годзе маскоўскі ўрад нарэшце вытрабаваў у караля «царэвіча» для самастойнага расследавання ягоных «злачынстваў» і вырашэння ягонага лёсу. Контрмерай караля стаўся арышт ігумена ў якасці заложніка за Лубу. Філіповіча закавалі ў кайданы і пасадзілі ў адну з варшаўскіх турмаў. Адначасна ў Маскву быў пасланы спецыяльны ганец з абвяшчэннем, што ігумен, які выдаў тайну «Дзмітравіча», арыштаваны і лёс яго знаходзіцца ў прамой залежнасці ад лёсу Лубы. Але маскоўскія ўлады інтарэсу да Філіповіча ўжо не мелі, тое, што з ім зробяць у Варшаве, іх не цікавіла.

«Дзмітравічу» як самазванцу пагражала смяротная кара, і тады аўтаматычна сякера адсякала галаву айца Афанасія. Галоўным дакументальным сведчаннем вінаватасці Лубы - ягонага «воровства» - былі пісьмы да ігумена, якія апошні перадаў маскоўскаму паслу Львову. У гэтых лістах, за подпісам «Іван Фаусцін Дзмітравіч», зазначалася, што пісаліся яны «ў царэвіча на абедзе» ў яго «царэвічавай гасподзе». Жыццё Лубы завісла на валаску. Аднак яму пашчасціла, бо суровы цар Міхаіл Фёдаравіч памёр і на трон сеў ягоны сын - «цішэйшы» Аляксей Міхайлавіч. У сувязі са святамі ўступлення на прастол і абяцаннем караля Уладзіслава не прад'яўляць ніякіх правоў на маскоўскую дзяржаву, а таксама яго жаданнем «братэрскай дружбы і любові» з царом «Дзмітравіч» быў вызвалены і адпушчаны на радзіму.

Але шчаслівае вяртанне Лубы не адразу прынесла волю Філіповічу. Ён адседзеў у каморы год, за гэты час напісаў шэраг твораў - «Навіны», «Фундамент непарадку касцёла рымскага», «Супліку трэцюю», «Прыгатаванне на суд», «Параду каралю», «Аб фундаменце царкоўным». Айцец Афанасій абвінавачваўся ў дзяржаўнай здрадзе, смерць, можна мовіць, ужо працягвала да яго руку, і многія на ягоным месцы палічылі б за лепшае «адумацца» ці, па меншай меры, разумна забыць аб «унеі праклятай». Але апроч ваяўнічай публіцыстыкі Філіповіч стварыў яшчэ і песню, спевамі якой, пэўна, мацаваў свой дух:

Звитяжай же зрайцов: первей унитов.
Препозитов также, и их номинатов.
Абы больш не колотили, в покою лет конец жили.

Потлуми всех противников и их рады,
Абы болшей не чинили гневу и здрады
Межи греки и рымляны, гды ж то людтвой есть выбраный!

I гэтак далей, усяго сорак восем радкоў, прычым сам ігумен прыдумаў музыку і запісаў яе нотамі. Дарэчы, даследчыца Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Л. Касцюкавец расшыфравала нотны запіс, і гімн айца Афанасія праз трыста гадоў пасля напісання быў выкананы на канцэртах у Менску; трэба адзначыць, што гучыць ён узнёсла і ўрачыста.

3 турмы Філіповіча пад вартай зноў адправілі ў Кіеў з каралеўскімі наказамі мітрапаліту Магілу памясціць айца Афанасія так, каб «не могл жадных голосов робити». Мітрапаліт добрасумленна выканаў пажаданне караля, і ігумена зачынілі ў келлі Пячорскага манастыра без пра ва выхаду на паветра.

Тут Філіповіч заняўся складаннем сваіх публіцыстычных прац ў адзіны твор, які атрымаў вядомасць пад назвай «Диариуша албо списка деев правдивых в справе помноженя и обтъясненя веры православное голошеных... для ведомости людем православным, хотячим о том тепер и у потомные часы ведать». Ігумен аддаў яго Пятру Магіле як з мэтай уласнай рэабілітацыі і вызвалення, так і ў якасці праграмы дзеянняў праваслаўнай царквы ў проціборстве яе з уніятамі і каталікамі.

Магіла быў выдатным дзеячам свайго часу. Ен шмат зрабіў для развіцця асветы, яму належыць заслуга ў адкрыцці праваслаўнай Акадэміі ў Кіеве (пазней атрымала яго імя), выданні кніг, адраджэнні старажытнай Кіеўскай Сафіі. Паходзіў Магіла з сям'і малдаўскага гаспадара і даводзі ўся аднагодкам Філіповічу. Да дваццаці васьмі гадоў служыў у войску, а потым прыняў пострыг у Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе бліскучыя здольнасці хутка вылучылі яго ў на стаяцелі; пазней ён дамогся сану мітрапаліта. Айцец Афанасій духоўна не быў блізкі Магілу, які не падзяляў ні радыкальных дзеянняў брэсцкага ігумена, ні яго прамаскоўскіх настрояў. Да таго ж вызваленне Філіповіча сталася б відавочным выклікам каралю, а ісці на канфлікт з Жыгімонтам дзеля ігумена, «заплямленага» абвінавачваннем у дзяржаўнай здрадзе, воляй-няволяй зрабіўшага шкоду Рэчы Паспалітай, Магіла не жадаў. Таму ён «Дыярыуш» прачытаў, але аўтару не даў свабоду. Толькі на пачатку 1647 года, ужо па смерці мітрапаліта, Афанасію пашчасціла вярнуцца ў брэсцкі манастыр.

У той час на Украіне адбываліся падзеі, ставіцца да якіх абыякава Філіповіч не мог. У красавіку 1648 года Багдан Хмяльніцкі ўзняў штандары казацкага паўстання, і ўжо 5 мая ля Жоўтых Водаў здарылася бітва паміж казакамі і рэгулярнымі войскамі, у якой Хмяльніцкі атрымаў перамогу. Праз дзесяць дзён каля Корсуня ён ушчэнт разбіў войскі гетманаў Патоцкага і Каліноўскага, і дзякуючы гэтай ўдачы паўстанне перарасло ў народную вайну. Узняліся сяляне і пачалі спаганяць свае шматлікія і даўнія крыўды. У Рэчы Паспалітай для шляхты і каталіцкага духавенства, уніяцкіх святароў насталі дзесяцігоддзі вельмі цяжкіх выпрабаванняў.

Філіповіч прагна слухаў весткі з Украіны. Яго дзейная натура не дазваляла яму стаяць убаку, заставацца назіральнікам, холадна чакаць спрыяльнага развіцця падзей. Вядома, ён лічыў, што год астрогу і два гады манастырскага заключэння аднялі ў яго шмат сіл для паспяховай барацьбы з уніяй. Але прыйшоў час дзейнічаць, ён прызваны Маці Боскай Купяціцкай мацаваць дух народа, і айцец Афанасій дасылае казакам «лісты і порах». У гэтым абвінавацілі ігумена брэсцкія ўлады, і першага ліпеня ён быў арыштаваны. Магчыма, што Філіповіч дасылаў толькі рукапісныя экземпляры свайго «Дыярыуша»; ці можа нічога і не высылаў, а ваяўнічая нянавісць уніятаў выкарыстала абставіны, каб канчаткова расправіцца з непрымірымым праціўнікам. Як бы там ні было, але айцец Афанасій зноў апынуўся ў брэсцкай турме. Тут, у поўнай безабароннасці перад рэальнай магчымасцю забойства, ён не адмовіўся ад сваіх перакананняў, не загасіў у сабе нянавісць да уніі, хоць нават бачнасць адступлення магла захаваць яму жыццё. Наадварот, Філіповіч выказаў вышэйшыя сумленнасць і гонар, сцвярджаючы ў крытычнай і рызыкоўнай сітуацыі свае ранейшыя словы аб «праклятай унеі».

Яшчэ жыла памяць, як ён пагражаў пеклам Жыгімонту, як страшыў

Уладзіслава; нянавісць, якую здабыў айцец Афанасій сярод каталіцкіх і уніяцкіх прыхільнікаў, даўно шукала задаволення; пажаданні ягонай смерці ішлі ад каралеўскага двара - хоць Уладзіслаў і не пасылаў ігумена на эшафот, а збыў у келлю праваслаўнага манастыра, але сама прага гібелі Філіповіча, безумоўна, разумелася ў асяроддзі уніятаў. Не мелася патрэбы абавязкова фармуліраваць загад: гэта адгадвалася, падхоплівалася тымі, хто без роздуму быў гатовы задаволіць магутных асоб смерцю непрыемнага ім чалавека. Да таго ж у жніўні па рашэнні сейма на казакаў рушыла 30-тысячнае войска на чале з гетманамі Заслаўскім, Канецпольскім і Астрарогам. Войска і шляхта запэўнівалі сябе, што прыходзіць канец казаччыны, лічаныя дні застаюцца «буяніць» Хмяльніцкаму, яго палкоўнікам, казакам і мужыкам. Упэўненасць у блізкай перамозе «над сволаччу» была такая моцная, што шляхта выхвалялася разагнаць паўстанцаў без зброі - бізунамі. Пры такім настроі літасць ці хоць проста законнасць не існуюць. Злосць патрабавала выйсця ў фізічным знішчэнні ўсіх бунтаўшчыкоў і рэлігійных праціўнікаў.

Узмацняліся такія настроі некаторымі невялікімі ўдачамі ў ліпеньскіх сутычках з казакамі Галоты і Галавацкага. Пераможныя рэляцыі літаральна прамяніліся шчасцем і шляхецкай пыхай. Напрыклад:

«У Загале стаяў на кватэрах полк пана Валовіча, пісара літоўскага. Некалькі тысяч казакаў падабраліся да горада, з'яднанымі сіламі напалі на атрад пана Фаленцкага, які быў пад горадам, і знішчылі яго. Нарэшце, варта ўступіла ў бой, і нашы аправіліся. Пан Данавы стары стаяў добра са сваёй пяхотай. Калі казакаў адціснулі ў поле, нашы пайшлі на іх з шаблямі. Было іх да 2000. Прымушаныя да ўцёкаў, яны кінуліся ў бок балота і пачалі там акопвацца: нашы здабывалі штурмам, пакуль казакі не пабеглі ў балота, дзе ледзь тысяча выратавалася. Адзін з двух атаманаў - Галота - забіты, а другі.

Кісель - уцёк. Казацкі полк на чале з Галавацкім рушыў на Рэчыцу. Пан стражнік Мірскі, даведаўшыся пра гэта, ужыў хітрасць: падкуціў халопа і выслаў яго насустрач казакам, каб навёў іх на войска, схаванае ў розных месцах, і ўпэўніў, што у той вёсцы знаходзіцца толькі некалькі сотняў маладых жаўнераў, пасланых па хлеб. Казакі паверылі і хутка напалі. Нашы, падрыхтаваўшыся, загадалі маладым жаўнерам рабіць вылазкі; нарэшце, навялі казакаў на войска. Пан бог даў шчасце, і ніводная душа не ўцякла, а Галавацкага ўзялі і жыўцом на паль пасадзілі».

Нельга не зірнуць на яшчэ адзін пласт грамадскай свядомасці, які схіляў да жорсткасці. Хоць кожны з процілеглых бакоў заяўляў аб сваёй сіле і прадвырашанай перамозе, аднак гістарычны вопыт, адчуванне незвычайнасці гэтага паўстання падказвалі, што яно не скончыцца так проста і не будзе задушана так лёгка, як ранейшыя. Найбольш спагадлівая частка грамадства ўжо жыла разуменнем катастрофы, маючай быць страшнай вайны, якая, сапраўды, у хуткім часе разгарэлася і абярнулася жахлівымі ахвярамі - толькі на Беларусі з 1648 па 1661 год загінула 52 працэнты насельніцтва - кожны другі, калі трымацца сярэдняй лічбы. Ва Усходняй Беларусі палеглі кожныя 80 са 100 жыхароў. Не засталося ніводнага горада і мястэчка, якія б не былі спустошаны, спалены, абрабаваны. Апакаліптычныя настроі прама адбіваліся на вырашэнні лёсу людзей. Прадчуванні масавых забойстваў з абавязковасцю выказваюць сябе ў актах індывідуальных пакаранняў. Усё гэта разам складзенае паўплывала на трагічны зыход жыцця Афанасія Філіповіча.

Тая рашучая бітва, на якую вялі палкі Заслаўскі, Канецпольскі і Астрарог, адбылася 20 верасня пад Піляўцамі. Дакладней кажучы, яна пачалася 20 верасня і цягнулася два дні. А скончылася панічнымі ўцёкамі польскага войска. У бітве загінуў выхаванец Філіповіча «царэвіч маскоўскі» Ян Фаусцін Луба, які служыў пісарам у каралеўскай пяхоце. Гэтага чалавека змалку зрабілі ахвярай палітычных інтрыг, усё жыццё ён пражыў пад прыглядам. Лёс яго зламалі і як няшчасна, па чужой волі, ён жыў, так недарэчна за чужую справу і палёг.

Жыццё Філіповіча абарвалася двумя тыднямі раней. Пасля двух месяцаў астрожнай каморы, уначы 5 верасня 1648 года, яго вывелі ў лес паблізу вёскі Гершановічы (зараз у гарадскіх межах Брэста, вярсты за чатыры ад крэпасці), і тут адбылося тое, што занатавалі пазней манахі Сімяонаўскага манастыра са слоў відавочцы; дзякуючы ім, і мы сёння, праз тры з паловай стагоддзі, можам ўявіць тую трагічную ноч:

«Кгды теды юж так был выданый от старшого, взяли его до себе тые, которые крви его давно прагнули, и увезли его до борку, который недалеко был од обозу, од места в чверць мили, идучи до села Гершановичи, в левой стороне. Там его сами напрод пекли огнем. А гайдук оден стоял там на тот час оподаль и слышал голос небожчика отца игумена. А он им шось грозно одповедал на муках оных. Потым зась заволали и гайдука того. И казали му мушкет набити двома кулями. Так же пред ним зараз и дол казали наготовати. Доперо ж спытавши его впрод, если бы ревоковал слов своих стороны унеи. А кгды им одповедил: «Што юж рекл, том рекл, и з тым умираю», казали тому гайдукови, абы в лоб ему стрелил з мушкета.

Гайдук зась видячи, же той есть духовный и знаемый ему добре, ешеся з тым не квапил, але первей о прошение и благословение его просил, а потым в лоб до него выстрелил и забил...

То дивная, шо поведал тот же гайдук, же небожчнк, юж постреленый двома кулями в лоб навылет, еще, опершися о сосну, стоял час який о своей моци, аж его впихнути в он дол казали. А и там, мовит, ешеся сам лицем вгору обернул, руки на персях на крест зложил и ноги протяг».

Афанасій Філіповіч лічыцца рэлігійным дзеячам. Знешне яго дзейнасць так і паўстае - на першым месцы інтарэсы праваслаўя, крытыка уніі і каталіцтва. Аднак адносіны айца Афанасія з рэлігіяй дастаткова складаныя. Узяць хоць бы такі бок яго натуры і перакананняў, як адмаўленне пакоры. Ён не з тых, хто падстаўляе левую шчаку, атрымаўшы па правай. Варта прыгадаць, што хрысціянства напачатку мела месіянскі характар: чакалі хуткага вяртання Хрыста, які зараз, яшчэ пры жыцці яго пакалення, абвесціць «залаты век», брацтва, роўнасць, свабоду паміж людзьмі. Калі спадзеі не здзейсніліся, з'явілася «Адкрыццё Іаана», а потым для суцяшэння збалелых душ узнікла і сцвердзілася ідэя замагільнай аддзякі: за грахі - пеклам, за пакуты і святасць - вечным шчасцем; гэта значыць было, нарэшце, прызнана, што на гэтым свеце нічога не мяняецца, і таму ўсе спробы змен дарэмныя, а ўсе разлікі адбудуцца там. Хто грашыць тут, таму там будзе горка. Многія праваслаўныя святары і шмат хто з веруючых зносілі прыгнёт і здзекі, пэўная колькасць магчымымі сродкамі змагалася - Філіповіч быў «мяжовым левым». Ён не мог цярпець і выступаў супраць тых хітрасцей і кампрамісаў, на якія згаджаліся вярхі праваслаўнага духавенства, каб захаваць свае даходы і месцы. Па духу, па натуры - айцец Афанасій - выкрывальнік, палеміст, прапаведнік, змагар, герой. Зразумела, ён - не рэвалюцыянер, і праграма яго жаданняў часткова кансерватыўная, шмат у чым наіўная і ідэальная. Філіповіч не заклікаў да вызвалення сялян, але патрабаваў нацыянальнай і рэлігійнай справядлівасці. У сваім выкрыцці свецкіх і духоўных магнатаў, каралеўскай улады, езуітаў, рассыцелага праваслаўнага біскупства выказаў такую ж адвагу і запал пачуццяў, якія крыху пазней праславілі ў Расіі пратапопа Авакума - чалавека, падобнага яму становішчам, лёсам, неўтаймаванасцю. Падобныя яны і сваімі літаратурнымі творамі. Есць відочная паралель паміж «Дыярыушам» ігумена Афанасія і «Жыціем» пратапопа Авакума. Яна прыкметная і ў стылістыцы, і ў апавяданні ад «я», у жаданні аўтара паказаць чытачу асабістыя перажыванні, акрэсліць свой эмацыянальны свет.

У старабеларускай літаратуры Афанасій Філіповіч займае асаблівае месца - ён быў апошнім беларускамоўным пісьменнікам. Яго «храналагічны» наступнік - Сімяон Полацкі - выступіў з друкаваным словам пасля ад'езду ў Маскву, дзе, уласна, і прайшло яго творчае жыццё. Васемнаццатае стагоддзе творчай спадчыны на беларускай мове захавала вельмі мала. Таму ёсць сумная для нашай нацыянальнай літаратуры сімволіка ў тым, што яе таленавіты прадстаўнік атрымаў «у лоб дзве кулі». На жаль, яны былі неапошнімі.

Айцом Афанасіем адкрываецца бясконцы спіс ахвяр «патопу» на Беларусі, які цягнуўся два дзесяцігоддзі - з 1648 па 1667. год. Было тое даўно, мала аб тым пісалі, здараліся потым іншыя «патопы», таму не зашкодзіць крыху засяродзіцца на некаторых лічбах з тых трагічных часоў. Зразумела, што ўсе, хто ўдзельнічаў у паўстаннях і войнах, не ставілі сабе мэтай пагалоўнае вынішчэнне насельніцтва і вар'яцкае разбурэнне краіны. Казакі праглі поўнай волі, сяляне - зямлі, і тыя і другія хацелі знішчыць шляхту; магнаты і шляхта жадалі пазбавіцца «лайдакоў». Рускае войска мела загад захапіць Беларусь і Літву, дзеля чаго трэба было забіваць беларускіх і літоўскіх жаўнераў. Полацкія, віленскія, гродзенскія, брэсцкія харугвы вынішчалі рускіх ратнікаў, каб спыніць нашэсце. Салдаты, калі захоплівалі горад, помсцілі за адпор - рабавалі двары, палілі хаты, забівалі жыхароў. Насельніцтва гарадоў, каб пазбегнуць гэтага, трымалася на сценах да апошняй кулі. На сялянскія хаты палявалі ўсе, хто хацеў есці. Без хлеба панаваў голад, які таксама браў ахвяры жыццямі. Палонных не шкадавалі ўсе бакі канфлікту, бо іх трэба сцерагчы і карміць. I гэтак далей. За дзевятнаццаць гадоў усе напіліся крыві, як крывасмокі. Нарэшце замірыліся і пачалі падлічваць страты.

Вось некаторыя паказчыкі з тых падлікаў па беларускіх ваяводствах. Напрыклад, у Брэсце было 1500 двароў, засталося 869, у Кобрыне з 478 уцалела 148, у Полацку мелася 1502, збераглося 102, у Віцебску з 982 захавалася 56, у Тураве было 400, засталося 111, у Пінску з 994 збераглося 299, у Бабруйску з 409 уцалела 170, у Ляхавічах з 215 засталося 17, у Міры з 477 захавалася 295, у Слуцку мелася 1479, засталося 812, у Пружанах з 480 уцалела 92, Магілёў з 2367 двароў страціў 1790. Каментарыі тут не патрэбныя.

Тая ж карціна назіралася і на вёсцы. У 1648 годзе Віцебскае ваяводства налічвала 65990 сялянскіх сядзібаў, пасля вайны іх засталося 22920. У Полацкім мелася 19580 гаспадарак, збераглося 5840, у Мінскім з 31246 уцалела 12383, у Брэсцкім ваяводстве з 63990 двароў захавалася 32670.

А яшчэ ж былі вёскі, якія належалі касцёлам, цэрквам, манастырам. Іх таксама не абмінуў вынішчальны каток вайны.

Уявім сабе, што кожны двор - гэта, па меншай меры, 5-6 жывых людзей: бацька, маці, дзеткі, бабуля ці стары. Няцяжка перамножыць названыя вышэй лічбы на 5 ці на 6, каб узніклі памеры нацыянальнай катастрофы. Куды ні кінь вокам - усюды знішчаныя хаты, разбураныя гарады і мястэчкі, падсечаная пад корань гаспадарка. Усё гэта разам спыніла на стагоддзе эканамічнае развіццё Беларусі. Культурныя страты наогул не паддаюцца ацэнцы. Шмат таленавітых людзей, што маглі памнажаць культурныя скарбы краіны, сталі гноем на палях, якія не было каму ўзараць.

Непамерным коштам абышліся нашаму народу царская прага зямельных прырашчэнняў, шляхецкая пыха, казацкая вольніца, адсутнасць талерантнасці. I чужынцы знішчалі нас, і самі, свае сваіх, забівалі з няменшай жорсткасцю. Але самае горкае: кулі, што забілі айца Афанасія, а ўслед за ім яшчэ два с паловай мільёны людзей, нястомна лёталі па Беларусі яшчэ тры поўныя стагоддзі.



Супраць цемры невуцтва

Сімяон Полацкі - адзіны з беларускіх пісьменнікаў XVII і папярэдняга стагоддзяў, у каго больш-менш удала склаўся творчы і асабісты лёс. Над іншымі нібы вісела закляцце. Францыск Скарына быў вымушаны пакінуць айчыну. Сымон Будны абвяшчаўся ерэтыком, цярпеў крыўды і здзекі і ад езуітаў, і ад праваслаўных, і ад пратэстантаў, і памёр у чужым кутку. Мялеція Сматрыцкага зламалі маральна, і ён спазнаў усе пакуты краху асобы. Афанасія Філіповіча зацягалі па турмах, а потым забілі. Самыя малыя звесткі захаваліся пра Васіля Цяпінскага, Стэфана Зізанія, Андрэя Рымшу, Філафея Утчыцкага, Ігната Іяўлевіча. Пэўна, не адну бяссонную ноч правялі яны над паперай, шмат папрацавалі, але літаральна аскепкі засталіся ад іхняй літаратурнай спадчыны: што спалілі іншаверцы, што павыкідвалі абыякавыя ці баязлівыя наступнікі, а што і само неяк развеялася ў гадзіну ліхалеццяў, якіх багата прыйшлося зведаць беларускай зямлі. «Verba volant, skripta manent» («Словы вылятаюць, напісанае застаецца») - казалі ў сярэднявечча. Так, застаецца, аднак, пры той умове, калі яго зберагаюць.

Сімяон Полацкі быў першым з той кагорты, чыя літаратурная спадчына ўцалела, адлюстроўваючы з дастатковай паўнатой як эпоху і яе культуру, так і асобу выдатнага паэта, драматурга, публіцыста.

Сімяон Полацкі - гэта псеўданім, які склаўся з манаскага імя і празвання, нададзенага паэту масквічамі па месцы яго нараджэння і апошняга жыхарства на радзіме. У сапраўднасці ж ён - Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч, паходзіў з карэннай сям'і заможных полацкіх мяшканцаў. У «Полацкай рэвізіі 1552 года» прозвішча Пятроўскіх называецца хутка за Скарынамі; магчыма, гэтыя сем'і і жылі ў блізкім суседстве, бо ў роспісе абароны Высокага замка яны прылічаны да суседніх гародняў (участкаў абарончай сцяны) Сафійскай вежы.

«Подле тое вежы две городни мещански - з великого посаду (у пасадзе жылі Скарыны.- К.Т.). Затем городня Тяпинских. Затем городня Митковичей. Затем пять городен игумены Полоцкого. Затем городня мещан Петровских».

Полацк дзіцячых і юнацкіх гадоў Пятроўскага выглядаў больш сумна, чым пры Скарыне. Войска Івана Грознага, а потым Стэфана Баторыя, баявыя дзеянні ў вайну 1632-1634 гадоў моцна разбурылі горад. Асабліва горкай сталася страта унікальнай бібліятэкі старажытнага Сафійскага сабора ў жніўні 1579 года. Жаўнеры Баторыя імкнуліся як мага хутчэй уварвацца ў Полацкі замак, спадзяючыся авалодаць нібыта сабранымі там, менавіта ў Сафійскай царкве, багатымі, як разносіла пагалоска, скарбамі. Калі пасля месячнай асады яны спалілі дзевяць вежаў і сцены Верхняга замка і здабылі крэпасць, дык аказалася, што каштоўнасцей там нашмат менш, чым абяцалі чуткі.

Але для людзей адукаваных большую вартасць мелі летапісы і творы з Сафійскай бібліятэкі. Дарэчы, захопленыя рукапісы і старадрукі адшукаліся потым ў бібліятэцы Замойскіх, але ў Полацк ужо не вярнуліся. У асяроддзі, якое паважае кнігу, такія страты не забываюцца, яны абрастаюць легендамі і выхоўваюць пэўныя пачуцці - у першую чаргу, жаданне вярнуць адабранае чужынцамі. Падлетка Пятроўскага выхоўвалі і слава выдатнага земляка-першадрукара, і старажытная гісторыя Полацка, які меў уласную дынастыю князёў і займаў на Белай Русі галоўнае становішча, і паход палачанаў на Сіняю Ваду, і Грунвальдская бітва. Гэта для адоранага розуму - духоўны пажытак, асновы мары, прызвання.

На час вучэння Самуіла ў Полацку з'явілася брацкая школа, фундатарам яе стаў браслаўскі суддзя Севасцьян Мірскі, што адпісаў у 1633 годзе Богаяўленскай царкве «паўпляца ў горадзе з правам пабудовы на ім манастыра, шпіталя і вучылішча». Апроч таго, з 1581 года дзейнічала езуіцкая калегія, дзверы якой былі адчынены для ўсіх, хто меў жаданне да навукі. А вучылі езуіты добра, прычым бясплатна, і гэтыя дзве акалічнасці тлумачаць шырокае наведванне калегіі дзецьмі іншаверцаў - і праваслаўных, і пратэстантаў. Адным з неабходных прадметаў тады (што няблага б і нам запазычыць) лічылася складанне вершаў - двухрадкоўяў, змацаваных рыфмай. Шкаляры абавязкова ўдзельнічалі ў публічных дэкламацыях і спектаклях калегіяльнага тэатра. 3 іх бралі прыклад і ў брацкай школцы. Так што ў Полацку мелася няхай абмежаваная, але творчая атмасфера, здольная абудзіць да мыслення паэтычнымі вобразамі.

У саракавым годзе Самуіла адвезлі на вучобу ў Кіева-Магілянскую калегію - лепшую навучальную ўстанову праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Тут намагаліся даваць не горшую адукацыю, чым у супрацьлеглых каталіцкіх калегіях. 3 тае пары захаваліся першыя паэтычныя вопыты Пятроўскага, цыклы вершаў рэлігійнага зместу «Акафіст» і «Канон». Яны пазначаны 1648 годам, які ўвайшоў у гісторыю пераможнымі бітвамі ўкраінскага народа за сваю самастойнасць.

Скончыўшы ў пяцідзесятым годзе калегію, Пятроўскі паступіў на філасофскі факультэт Віленскага універсітэта. Установа належала езуітам, і навучанне вялося па тых жа праграмах, якімі карысталіся ўсе каталіцкія універсітэты Еўропы. Другім факультэтам тут быў тэалагічны (рыхтаваў настаўнікаў для езуіцкіх калегій), дзе займацца маглі асобы, згодныя ўступіць у езуіцкі ордэн.

На філасофскі факультэт ранейшым часам прымалі без асаблівых прыдзірак да веравызнання, мяркуючы, што тры гады слухання лекцый зменяць погляд на карысць каталіцкай царквы. Але ў пяцідзесятыя гады цэнз стаў больш жорсткім. Ужо афіцыйна пакончылі з талерантнасцю, якая вылучала Вялікае княства Літоўскае ў папярэднія стагоддзі. У 1648 годзе рашэнне сейма выключыла з-пад апекі закону арыян - левае крыло пратэстантаў. Годам раней былі зачынены іхнія друкарні і школы. Гвалтоўныя формы прыняло абарачэнне праваслаўнага насельніцтва ва уніяцтва. Каталіцкаму наступу спадарожнічала паланізацыя свядомасці беларускіх магнатаў, буйной і сярэдняй шляхты. Беларуская мова актыўна выцяснялася з сферы культуры і афіцыйнага ўжывання; пад канец стагоддзя тую ганебную практыку ўзаконілі спецыяльнай пастановай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай, але гэта было рашэнне post factum - пасля зробленага. На Беларусі і Украіне пашыраўся уніяцкі манаскі ордэн св. Васіля Вялікага - базыльяне. Да уніятаў перайшла Сафійская царква ў Полацку, сталіся іхнімі многія былыя праваслаўныя манастыры. Уніяцкіх поглядаў трымаўся і Самуіл, што, уласна кажучы, і адчыніла перад ім дзверы Віленскага універсітэта.

Застаецца толькі гадаць, як склаўся б далейшы лёс Пятроўскага, калі б не здарыліся падзеі, якія крута змянілі жыццё ўсяго тагачаснага пакалення. У 1654 годзе пасля вядомых рашэнняў Пераяслаўскай Рады Расія распачала вайну супраць Рэчы Паспалітай і галоўны тэатр ваенных дзеянняў прыпаў на Беларусь. Аслабленая казацкімі войнамі і народнымі паўстаннямі, Рэч Паспалітая не здолела даць адпор; за лета і восень рускія войскі занялі Смаленск, Полацк, Віцебск, Мсціслаўль, Оршу, Магілёў, а ў наступным годзе захапілі Менск, Пінск, Гродна, Коўна і сталіцу Беларусі і Літвы - Вільню. Горад зведаў вялікія разбурэнні і разгром, каталіцкія і уніяцкія касцёлы і кляштары былі разрабаваны. Ні пра якія заняткі ў езуіцкім універсітэце і размовы не вялося; само жыццё любога каталіка і уніята ў тыя дні вісела на валаску. Таму студэнт Пятроўскі разумна пакінуў небяспечную Вільню і накіраваўся дамоў.

Скарыстаўшы зручныя абставіны, на Рэч Паспалітую напалі шведы і хутка акупіравалі ўсю тэрыторыю Полыпчы і частку Літвы, не занятую рускімі. Усё ішло да таго, што Рэч Паспалітая магла знікнуць з палітычнай карты Еўропы. На беларускіх землях цар Аляксей Міхайлавіч адраджаў «истисненное от латинян» праваслаўе. Здавалася, настаў час святкавання некалі пакрыўджанай праваслаўнай царквы, і яна атрымае ўсе тыя прывілеі і даброты, якімі раней валодала каталіцкая. Для людзей адукаваных гэта, у першую чаргу, звязвалася з шырокімі магчымасцямі займацца навукай і творчасцю. Вось на такой хвалі ўзнясення праваслаўнай веры Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч пастрыгся ў манахі Полацкага Богаяўленскага манастыра. Наўрад ці ён кіраваўся рэлігійнымі пачуццямі, хоць яны, безумоўна, і прысутнічалі, бо наогул не меў схільнасці да аскетызму і замкнёнага келейнага жыцця. Раса манаха ці святара была як бы уніформай прафесійных пісьменнікаў таго стагоддзя. Клабук вызваляў літаратара ад матэрыяльных клопатаў, якія заўжды блага адбіваюцца на творчай працы. Свецкае жыццё з яго абавязкамі перад дзяржавай і сям'ёй, на думку Полацкага, магло толькі зашкодзіць навуковай і паэтычнай дзейнасці:


Ибо не будет мощно с книгами сидети.

Удалит от них жена, удалят и дети...

И Феофраст в книзи

си того возбраняет,

Препятствие мудрости женитву вещает.

Ей неудобно книги довольно читати,

И хотение жены в доме исполнят.


Вось так, у 27 гадоў прымусіўшы сябе да зароку бясшлюбнасці, знік са свету Самуіл Пятроўскі, а з'явіўся чарнец Сімяон, праўда, на цалкам свецкай і адпаведнай імкненням душы пасадзе дыдаскала (настаўніка) брацкай школы. Літаральна праз месяц ён стаў удзельнікам падзей, якія абумовілі ўсё далейшае яго жыццё.

Пачаўшы ў 1656 годзе вайну з Швецыяй за Балтыйскае ўзбярэжжа, цар Аляксей Міхайлавіч выехаў да войска. Шлях ягоны ляжаў праз Віцебск і Полацк, і айцы Богаяўленскага манастыра надумалі ўславіць прыбыццё рускага цара ў горад панегірычнымі вершамі. Тут было болей разліку, чым шчырага пачуцця, і разлік гэты тоіўся ў тым, каб задаволены самадзержца аддзячыў бедны манастыр матэрыяльна. Ігумен Ігнацій Іяўлевіч, Філафей Утчыцкі і Сімяон Полацкі - усе трое паэты - склалі адмысловыя па форме і ўдачлівыя ў палітычных адносінах «Метры», якія пры сустрэчы самадзержца за гарадской мяжой і прадэкламавалі дванаццаць падлеткаў. Але некалькімі днямі раней Сімяон, невядома, ці з дазволу ігумена, ці без згоды яго, ездзіў у Віцебск, і там таксама школьнікамі былі прачытаны для цара «Метры», складзеныя Сімяонам асабіста:


Витаем тя, православный царю,

праведное солнце,

Здавно бо век прагнули тебе

души наши и сердце,

Витаем тя, царю,

от востока к нам пришедшаго.

Белорусский же от нужды народ

весь свобождашаго.


У прывітанні не абміналася і баярская світа самадзержца:

Вы есть воинове царя

росом избранное,

И богом небесным в силе теж

его посланное

Противо народов свирепых

наших гонителей,

Горделивых, гневливых а злых

церкви гонителей.

Вы на тую войну, бояре,

былисте готовы.

За веру з смелостью пошли

яко дети львовы.


Тут неабходна зазначыць, што ўсе гэтыя бліскучыя метафары, прынятыя, зразумела, з задаволеннем, не каштавалі Сімяону вялікага напружання паэтычных сіл. У аснову дэкламацыі ён паклаў выдадзеную пад канец XVI стагоддзя «Прасфоніму», дзе тыя ж параўнанні прыкладаліся да кіеўскага мітрапаліта. Падобная напышлівасць лічылася тады абавязковай для распаўсюджанага на Беларусі і Літве жанру эпікграм - апісанняў магнацкіх і шляхецкіх гербаў. Не сустрэча з царом Аляксеем Міхайлавічам натхняла Полацкага: чалавек прадпрымальны, актыўны, ён скарыстаў зручны выпадак выставіць для ацэнкі свой паэтычны дар і палітычныя погляды. Лірычныя вершы той час яшчэ адмаўляў; абставіны патрабавалі ад падобных твораў палітычнай начынкі, і Полацкі трапна разлічыў менавіта якой. У жніўні таго ж года распаўсюдзіліся чуткі аб магчымым абранні цара Аляксея вялікім князем літоўскім і каралём польскім. Ніхто нічога з дакладнасцю знаць не мог, нельга было прадбачыць, што вырашыць сейм, але Сімяон піша «Winszowanie obrania na Krolestwo Polskie» («Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства):


Ликуй и веселися, царю Алексею,

Што ездец литовский властию твоею Щытиться и за князя великого тебе

3 веселием прымует для оброны себе. Спетиш, о солнце,

в полском горызонте.

Даст бог, засветит

и на Чермном Понте,

Где солнце своим светом

сияет на воды,

Там забрмит твоя слава

над всеми народы.


Нядаўні студэнт езуіцкага універсітэта палічыў неабходным усцешыць слых і «святейшего Никона, архиепископа царствующего града Москвы и всея Великия, Малыя и Белыя России, и всея Северныя страны и Поморья и многих государств патриарха», як той пыхліва сябе тытулаваў:


Не спит Никон святейшы,

леч отверсты очы

На вси страны мает,

яко во дне, так и ночы.

Бы волк хитры не шкодил,

на вси страны чует...


Пра тактычнае назначэнне гэтых «Метраў», «Віншаванняў», «Вітанняў» сведчыць «Вітанне епіскапа Каліста Полацкага і Віцебскага...», складзенае Сімяонам ў І657 годзе. Каліста прызначылі біскупам у абыход існуючых на Беларусі правілаў, паколькі беларускія землі знаходзіліся пад эгідай канстанцінопальскага, а не маскоўскага патрыярха. Выступаць ў ягоны гонар з дэкламацыяй не мелася падстаў. Тым не менш Каліст, калі ўязджаў у Полацк, пачуў:


Лобзаем тебе пастыру,

нам от бога даны.

От царя пропаславна

на сей сан избраны.

Тебе пастырем овец своим познаваем

И пастырску гласу твойму послушаем.


Наўрад ці такая праца на патрэбы манастыра задавальняла Полацкага. Іншая справа, што гэтыя вершы складаліся росчыркам пяра, без усялякай сувязі з натхненнем. Наогул, Сімяон пісаў лёгка, хутка, амаль без выпраўленняў. Вучань і паслядоўнік яго паэт Сільвестр Мядзведзеў ужо па смерці настаўніка паведамляў: «К тому присно прилежал Симеон чтению и писанию. На всякий день име залог писати в полдесть по полу тетради, а писанне его бе зело мелко и уписисто». Восем старонак кожны дзень. Магчыма, у полацкі перыяд жыцця ён пісаў менш, але не пісаць сабе не дазваляў. Адчуваючы моцны талент, Сімяон стараўся яго скарыстаць; прынамсі, такіх поглядаў ён трымаўся:


Талант в землю сокрыти,

есть то благодати данныя на тлетворны веши обращати.


Альбо:

Знающе правду, а о ней молчати,

есть злато в землю тщетно закопати.


Полацкі выдатна валодаў латынню і складаў вершы па-латыні, пісаў на роднай беларускай мове і кірыліцай і лацінкай, а таксама па-польску. У ранні перыяд (1648-1663 гады) у кола яго паэтычнай апрацоўкі трапляла тое, што ён ведаў: звесткі з гісторыі і геаграфіі, старажытныя міфы, хрысціянскія легенды, асабістыя рэлігійныя перажыванні, будова свету, астранамічныя звесткі - словам, усё, на што адгукалася душа і што было вядома з кніг. Патрыятычныя пачуцці Сімяона з асаблівай яркасцю адбіліся на творах, напісаных з выпадку вяртання рускімі Полацку ягонай гарадской святыні - абраза Багародзіцы, а потым паўторнай страты яго. Вершы Полацкага беларускага перыяду творчасці вылучаюцца асабістай інтанацыяй, моцным пачуццём; яны сведчаць пра высокі ўзровень тагачаснай беларускай паэзіі, неардынарны талент паэта. Істотна, што ў тыя цяжкія гады Сімяон меў і сваю аўдыторыю сярод вучняў брацкай школкі і, пэўна, сярод адукаваных гараджан. Для творчай асобы «зваротная сувязь» - пачуцці чытача, слухача - вельмі важная, нават больш важная, чым хлеб, бо ізаляцыя нішчыць дараванне, а культура да таго ж губляе сваіх зацікаўленых стваральнікаў.

Але развіццю беларускага літаратурнага слова не спрыялі падзеі знешняга жыцця. Палякі замірыліся з Расіяй і далі адпор шведам; у той час памёр Багдан Хмяльніцкі, а новы гетман Выгоўскі паддаўся ўладзе караля; казацтва скасавала артыкулы Пераяслаўскай Рады пра з'яднанне з Расіяй і ў 1659 годзе пад Канатопам, разам з татарамі, разбіла адборныя рускія войскі князя Пажарскага. Пачалася новая вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, на гэты раз звязаная для рускіх з адчувальнымі няўдачамі: на

Валыні была вымушана капітуляваць армія Шарамецьева; на Беларусі пад Ляхавічамі Сапега, Кміціц і Чарнецкі перамаглі 20-тысячнае войска князя Хаванскага. Падаліся да караля водцы беларускіх сялянскіх атрадаў - Дранеўскі, Алексіевіч. Яшчэ ў 1658 годзе на бок караля перайшоў палкоўнік Нячай, і яго казакі павярнулі зброю супраць рускіх. Праз тры гады паўстала шляхта і гарадскія вярхі Магілёва і ў адну ноч перабілі 3-тысячны царскі гарнізон. Як сведчыць легенда, жывым застаўся адзін стралец, што ў тую трагічную ноч самавольна адлучыўся - знаходзіўся ў сваёй мясцовай каханкі. Раніцай выйшаў на вуліцу - анікога са сваіх. Дык ён упаў на калені і стаў Богу маліцца за выратаванне. Яго і выпусцілі з горада.

Войскам цара Аляксея Міхайлавіча давялося пакінуць Менск і Барысаў, увосень 1661 года - Полацк. Здаўся ў палон рускі гарнізон у Гродне. Апошняй бітвай вайны сталася бітва паміж Хаванскім і Сапегам паблізу Глыбокага каля вёскі Кушлікавы Горы. Кожны бок меў тысяч па восем вояў, але наогул Расія і Рэч Паспалітая ўжо моцна знясілелі. За апошнія тры гады вайны цар правёў у Расіі тры наборы і выставіў у палкі восемдзесят тысяч чалавек. Усе магчымасці былі вычарпаны, бо да таго хадзіў па рускай зямлі мор, бунтавалі гарады, сталі незлічонымі сялянскія ўцёкі, спустошылася казна. Ад гэтай бітвы шмат што залежала. Але баявое шчасце на Кушлікавых Гарах пасябравала з Сапегам; войска Хаванскага пацярпела паражэнне, сам князь збег, а некалькі тысяч салдат і афіцэраў пайшлі цярпець цяжкую долю палонных, чакаць, пакуль цар абмяняе іх на паланёных літвінаў. Неўзабаве ліквідавалі і апошні прытулак рускай адміністрацыі на Літве і Беларусі - Ніжні замак у Вільні. Царскі ваявода Мышэцкі зразумеў, што сваім невялікім гарнізонам не стрымае праціўніка, і вырашыў «загінуць прыгожа». Ен сам закаціў у замкавы склеп дзесяць бочак пораху, прыладзіў кнот і паклікаў салдат, каб разам з імі ўзляцець у паветра. Але тыя звязалі свайго ваяводу, адчынілі браму і войска Сапегі заняло замак. Сталіца святкавала вызваленне.

Нядоўгія гады дабрабыту і шчаслівага жыцця праваслаўнай царквы на Беларусі скончыліся, і бліжэйшая прышласць магла абяцаць толькі помслівы ўціск, што без прамаруджвання і здзейснілася. Не вырашыўшы аніводнай задачы: рэлігійнай волі, палягчэння сацыяльнага становішча сялян, вайна і выкліканыя ёю голад і эпідэміі звялі на той свет палову беларускага насельніцтва. Вялікія страты панесла гаспадарка; моцны ідэалагічны штуршок атрымалі каталізацыя і апалячванне; гвалт, паборы, прымусовы вывад рускімі баярамі сялян у свае вотчыны ў глыб Расіі змяніў у шырокіх пластоў праваслаўнага насельніцтва адносіны да уніяцтва; ды і наогул прыхільнікаў праваслаўнага веравызнання на Беларусі паменшала ў два-тры разы, а як у Мсціслаўскім павеце - дык толькі пятая частка засталася ў жывых. Гады тых войнаў вобразна параўноўвалі з патопам. Уяўленне аб ім дае раман Генрыка Сянкевіча «Патоп». Дарэчы, правобразам галоўнага героя твора - Андрэя Кміціца - паслужыў аршанскі войт Самуэль Кміціц, унук аршанскага старасты, намінальнага смаленскага ваяводы Філона Кміты-Чарнабыльскага, вядомага і сваёй пісьменніцкай дзейнасцю. Праўда, літаратурны персанаж істотна рамантызаваны; ён хоць і робіць мноства благіх учынкаў, але не з карысці, а з пыхі, з шляхецкага самалюбства. У адрозненне ад яго рэальны Кміціц быў не чысты на руку, бессаромна абіраў гараджан і за такія грахі абвяшчаўся банітай (выгнаннікам). Выратавала Самуэля вайна; за храбрасць і вайсковыя заслугі яго вызвалілі ад ганебнага прысуду, даравалі ўсе грахі, і ён даслужыўся да высокага чыну вялікага стражніка літоўскага. У рамане тагачасныя абставіны перадаюцца ўражліва і даволі дакладна; ва ўсялякім выпадку, жахі той вайны Сянкевіч апісаў у адпаведнасці з гістарычнай праўдай.

На палях бітваў загінула, як гэта заўжды было, найбольш актыўная частка народу. Набрала ж моцы і пыху непазбежнае пасля шматгадовых войнаў невуцтва, разлютаваліся норавы, уступіла ў сілу, у свае «законныя» правы помслівасць. Нічога добрага не меўся чакаць для сябе ў сваім родным горадзе і наогул у княстве Сімяон Полацкі. «Горделивым, гневливым а злым церкви гонителям» у кожны момант маглі прыгадацца яго красамоўньія ўхваленні рускага манарха («Солнцем, я тебе, царю упатрую», «праведнае солнце», «светиш о солнце, в полском горызонте») и размах пажаданняў («Прийми митру Литовску, прийми и корону Полскую, Алексею, под свою оборону»). Каталіцкія і уніяцкія дзеячы маглі прызваць яго да адказу за абразлівае параўнанне з «воўкам хітрым», якому «Нмкон святейшы» не дае шкодзіць. Шляхта не даравала б Сімяону ўрачыстых гімнаў у гонар «детей львовых», баяраў, што вывелі з Беларусі і асадзілі на сваіх землях або прадалі на нявольніцкіх рынках больш за трыста тысяч людзей. Прэтэнзіі ж такога роду ў тое ліхалецце без роздуму задавольваліся шабляй.

3 нечаканай перамены абставін апроч рэальнай небяспекі для жыцця вынікалі і другія бедствы Полацкага, галоўным з якіх сталася ўжо поўная немагчымасць здзейсніць свае творчыя задумы, у прыватнасці атрымаць доступ да друкарскага станка. У гэтых адносінах, праўда, неспрыяльнымі былі і гады царскага валодання Беларуссю. Бліжэйшую да Полацка друкарню Спірыдона Собаля, што знаходзілася ў Куцеінскім манастыры паблізу Оршы, вывезлі па загаду Нікана ў Новы Іерусалім (манастыр у 60 вярстах ад Масквы, заснаваны ў 1656 годзе; зараз горад Істра). Наогул, усе друкарні з кірылічным шрыфтам сталі, так мовіць, трафеямі і апынуліся ў руках маскоўскай царквы. Менавіта з гэтай прычыны другая палова XVII стагоддзя не адзначана кірылічным кнігавыданнем.

Пасля адступлення рускіх з Беларусі праваслаўныя брацтвы пераходзілі да абароны; ад парафіян, пастыраў і манахаў патрабаваліся цвёрдасць духа для цярпення крыўды. Малыя сродкі, якія мелі брацтвы, з неабходнасцю рэгламентавалі быццё белага і чорнага духавенства. Утрымліваць адоранага, а таму схільнага да самастойнасці паэта і брацтву, і біскупству было не па кішэні. Падзенне цікавасці да асобы Полацкага, зняважлівае жаданне скарыстацца прымаўкай: «Не сунь носа не ў сваё проса», выявіліся ў пакаранні, прызначаным Сімяону біскупам Калістам: за нейкую правіннасць той абавязаў паэта да працы ў хляве. Ураўнаванне высокаадукаванага Сімяона са звычайнымі даглядчыкамі жывёлы наўрад ці было прынята з душэўнай пакорай. Больш таго, яму прыйшлося зведаць і ўсе пакуты турэмнага зняволення. Па нагавору Полацкі нейкі тэрмін адсядзеў за кратамі ў чаканні суда і пакарання. «Молитва в скорби сущего и клевету терпящего» перадае зведаныя ім у тыя дні пачуцці:


Призри оком милости не мене скорбяща,

От неправедна мужа клевету терпяща.

Их же ум мой не мыслил,

он на мя клевещет.

А душа в невинности

от страха трепещет.

Крове моея хощет, пагубы желает...


Наогул, жыццё Сімяона ў гэты час праходзіла тужліва. Скрозь гумарыстычнае апісанне побыту ў аўтабіяграфічных вершах чуецца гаркота бязвыхаднага расчаравання:


Вся глава умом велми ся наткана.

А мозгу мало, что места не стало.

Времем сквозь нос разум вытекает.

Да Семен умен - языком приимает.

А сколько силы не можно сказати -

Лва на бумагу мощно мне раздрати.

Другий то Сампсон,

да нет с ким побиться.

Кого вызову, всяк мене боится.

Да кто с богатирем бороться посмеет. Мечем, пистольми - все Семен умеет. Мнози видают, как сильно борюся.

Когда с рубахи в вечер раздегнуся.

Не один недруг тогда погибает,

А кровь от ногтей аж в очи плискает.

По такой битве рад я спочиваю.

На мяккой лавке так трудов збываю...

Свои полаты за печью имею.

А про богатство хвалиться не смею,

Чтоб вор не окрал, а стану дарити.

Кто мя изволит скоро оженити.

Я буду ему праведно служити -

Хлеб дармо ести, вино добре нити.


Так што, як бачым, вельмі ўжо ня- весела, нават самотна жылося Сімяону ў манастыры. Хацелася штосьці змяніць, трэба было некуды падавацца, дзесьці шукаць лепшыя ўмовы. Падобныя думкі, мусіць, моцна займа лі паэта:


Видите меня, как я муж отраден.

Возрастом велик и умом изряден.

Ума излишком, аж негде девати,

Купи, кто хочет, а я рад продати.


Але час ішоў, а пакупнік не знаходзіўся. Рэпутацыя песняра варожага да Рэчы Паспалітай рускага цара не дазваляла шукаць шчасце на радзіме. Пакаянне ж у «палітычных грахах», схіленне галавы перад мецэнатамі каталіцкага вызнання, відаць, таксама здавалася справай няпростай і Сімяон адважыўся на рызыку- летам 1664 года, узяўшы маці і пляменніка, ад'ехаў у Маскву.

Гэта быў смелы крок. У расійскую сталіцу ў пошуках долі ці дзеля заробку прыходзіла шмат беларусаў, але ў асноўным рамеснікі: іх канкрэтная справа ніяк не суадносілася з ідэалогіяй. Полацкі ж прыбыў з жаданнем заняць месца ў духоўным жыцці Масквы, увайсці ў кола людзей, якія фарміравалі грамадскую свядомасць. Між тым ён як нядаўні уніят і тым больш як манах базыльянскага ордэна лёгка мог быць абвінавачаны ў рэлігіёзным іншадумстве з адпаведным пакараннем. Аднак, як не дзіўна, жывучы ў цэнтры праваслаўя і выступаючы абаронцам афіцыйнай царквы, Сімяон не выракся сваіх уніяцкіх перакананняў. Не абвяшчаючы аб іх уголас, што было б раўназначна самазабойству, ён у цішыні сваёй келлі падпісвае некаторыя кнігі асабістай бібліятэкі, праўда, на лацінскай мове, так: «Гэтая кніга ёсць надзейнае ёмішча ведаў Сімяона Пятроўскага-Сітніяновіча, полацкага іераманаха Ордэна святога Васіля Вялікага». Дата - жнівень 1670 года - не пакідае месца для сумніву, што шэсць гадоў жыхарства ў Маскве, даволі цесныя кантакты з царскім дваром, з вярхамі рускай царквы не пахіснулі поглядаў Сімяона, і да вартасцяў «чыстага» праваслаўя ён ставіўся з іроніяй. Непрыняцце крайнасцяў рэлігійнага пачуцця дазволілі яму зазнаць ад усходняй і ад заходняй культур. Прызнанне адной, ці другой, на яго думку, збядняла тыя радасці, якія вынікаюць з шырыні ведаў, са зносін з аўтарамі і кнігамі. Гэтую ідэю Сімяон паслядоўна, карыстаючыся любым выпадкам, ператвараў у справу, укладваў яе ў розную форму - ад багаслоўскіх твораў да вершаў.

Натуральна, што Полацкі стаў на чале «лаціннікаў» - той групы рускага грамадства, што арыентавалася на ўспрыняцце заходнееўрапейскай культурнай традыцыі. Лацінская мова, за шырокае вывучэнне якой яны змагаліся, была мовай міжнародных зносін, мовай навукі; авалоданне ёй адчыняла доступ да еўрапейскай і антычнай культур. Да кола лаціннікаў належалі дастаткова ўплывовыя пры двары людзі - начальнік Пасольскага прыказу Афанасій Ордзін-Нашчокін, акольнічы Фёдар Рцішчаў, сваяк цара Барыс Марозаў, баярын Артамон Мацвееў. Апошні наладжваў у сваім доме сходы літаратараў - літаратурныя чацвяргі. Прыяцелем і аднадумцам Полацкага лічыўся князь Васіль Галіцын, будучы фаварыт царэўны Соф'і. Сярод гэтых людзей і выспявалі ідэі аб неабходнасці перамен у рускім жыцці, здзейсніць якія пасля паражэння Соф'і ў барацьбе за трон выпала Пятру I. Іх супярэчнікамі была «старамаскоўская» партыя, так званыя грэкафілы, што дамагаліся адмовы ад вывучэння навук, не маючых дачынення да багаслоўя, панавання царквы над асветай, абмежавання культуры царкоўнай грэчаскай традыцыяй. 3 той кагорты паходзілі крытыкі Полацкага, і ў 1690 годзе на царкоўным саборы грэкафілы абвясцілі ўсе яго творы ерэтычнымі.

Але ў 1664 годзе, і ўжо да канца дзён, фартуна спрыяла Сімяону. Хутка па прыездзе ў Маскву ўказам цара ён прызначаецца настаўнікам у спецыяльнае вучылішча для паддзячых Прыказу Тайных спраў. Вучняў там было чацвёра; з адным з іх - Сільвестрам Мядзведзевым - Полацкага злучала блізкае сяброўства. Пад кіраўніцтвам настаўніка Мядзведзеў развіваў свой паэтычны талент і ўвайшоў у гісторыю рускай літаратуры ўслед за Полацкім як адзін з лепшых паэтаў-сілабістаў XVII стагоддзя. Век яго скончыўся трагічна - па хлусліваму абвінавачванню ў змове на жыццё Пятра ён пакараны смерцю ў 1691 годзе. Такі вось яшчэ адзін прыклад нешчаслівага пісьменніцкага лёсу, адметнага ад лёсу Сімяона Полацкага.

Галоўнымі прадметамі ў вучылішчы лічыліся лацінская і польская мовы, але акрамя іх Сімяон выкладаў сваім дарослым слухачам граматыку, рыторыку, паэтыку, тое-сёе з багаслоўя, філасофію і астраномію з астралогіяй. Апошняя навучала складанню гараскопаў. Таемныя знакі зорак любіў усведамляць Мядзведзеў. 3 дапамогай астралагічных разлікаў ён устанавіў месяц нараджэння свайго настаўніка - снежань 1629 года, аднак, на жаль, не прадбачыў сваёй бяды. Іншым разам цешыўся гэтым заняткам і Сімяон; прынамсі, ён складаў гараскоп пры нараджэнні Пятра Аляксеевіча (будучага Пятра Вялікага):


И ты, плането Арес и Зевс, веселися

В ваше бо сияние царевич родися...

От бога сей планет естество дадеся.

Лучши бо прочих планет

в действе обретеся,

Хитрость, богатство,

слава на ней почивает,

И на главе царской венец полагает.


Прароцтва, як вядома, споўнілася, паколькі яго выканалі Нарышкіны, што стаялі за спіной Пятра і рваліся да ўлады. Але ў 1672 годзе, калі ствараўся верш, звяртанне паэта да зорак мела цалкам метафарычны характар - прыхільнасць планет да немаўляці ўпрыгожвала радочкі і ласціла гонар царуючых бацькоў. Асабістыя адносіны Поладкага да астралогіі былі іншымі:


Звезды в человецех воли не вреждают, Токмо страстми плоти

нечто преклоняют.

Тем же на звезды вины несть

леть возлагати,

Егда кто зло некое обыче деяти.


«Приветства», падобныя працытаванаму, Сімяон ствараў дзесяткамі, як кажуць, на хадзе. 3 1665 года, заняўшы як бы неафіцыйнае месца прыдворнага паэта, ён адзначаў «пиитическими художествами» усе больш-менш прыкметныя падзеі жыцця царскай сям'і - нараджэнні, смерці, шлюбы, імяніны.

Свабоднаму ўваходу Полацкага ў Крамлёўскі царскі палац садзейнічала і прызначэнне яго настаўнікам царэвічаў - спачатку Аляксея, а пасля ягонай смерці - Фёдара (будучага цара). Сімяон навучаў іх лацінскай і польскай мовам і, зразумела, вершаскладанню. Да аўтарытэту і ведаў яго цар звярнуўся і пры выбары настаўніка для царэвіча Пятра. Па звычаю апошняга пачалі навучаць з пяці гадоў, прызначыўшы для таго паддзячага Мікіту Зотава, але раней у прысутнасці самадзержца Сімяон прымаў у настаўніка іспыт на чытанне і пісьмо. Спецыяльна для Пятра Полацкі падрыхтаваў і выдаў «Буквар». Паколькі ў той час самым надзейным сродкам выхавання руплівасці ў навуках лічыліся розгі, дык Сімяон вырашыў аздобіць падручнік гумарыстычным прысвячэннем гэтаму галоўнаму атрыбуту асветы:


Плевелы от пшеницы

жезл тверд отбивает.

Розга буйство из сердец

детских прогоняет.

Розги малому, бича большим трэба,

А жезл подрасшим,

при нескудном хлебе.

Та орудия глупых исправляют,

Плоти целости ничтоже вреждают

И волю злую к богу прилагают...

Целуйте розгу,

бич и жезл лобзайте.

Та суть безвинна,

тех не проклинайте...


Запаветнай марай Полацкага было стварэнне ў Маскве вышэйшай навучальнай установы накшталт Віленскага універсітэта ці Кіева-Магілянскай калегіі, у якой ён сам заняў бы пасаду рэктара і, атрымаўшы адносную незалежнасць ад двара і царквы, здолеў бы актыўна здзяйсняць свае погляды на асвету. Аднак ранняя смерць перашкодзіла гэтым планам. Але ідэя Сімяона, хоць і ў моцна дэфармаваным выглядзе, была рэалізавана ў 1686 годзе, у панаванне Соф'і, калі ў Маскве на Нікольскай вуліцы адчынілася Славяна-грэка-лацінская акадэмія.

Блізкасць да двара, залежнасць ад асабістых якасцяў самадзержца і людзей, што яго атачалі, накладалі на Полацкага пэўныя путы. Матэрыяльнае ўтрыманне, прызначанае яму як наёмнаму літаратару, патрабавала лаяльнасці, выканання працы «адпаведна пажаданню заказчыка».


Близ царя еси -

честь ти сотворися.

Но точию вины всякие блюдися:

Ибо тяжко оттуда падати

И неудобно есть паки возстати.


Называючы сябе ў вершах, прысвечаных цару, «рабом смиреннейшим», иеромонахом недостойным», Сімяон толькі выконваў рытуал; пра сваю вартасць ён думаў інакш:


Аристотелес рече, что себе хвалите есть суетство;

глупство же есть себе хулити.


Нізкі ўсхваляльных эпітэтаў, якімі Полацкі разлічваўся з царом, сведчылі хутчэй аб лексічных пошуках паэта, аб задаволенні, што давала яму форматворчасць. Ствараючы слоўна-архітэктурныя пабудовы, якія можна было чытаць і разглядваць, як малюнак (напрыклад, у «Арле расійскім» сярод панарамы зоркавага неба паказана Сонца, ад яго разыходзяцца 48 прамянёў, у кожны ўпісана адна з дабрачыннасцей цара, навокал знакі Задыяка, панарама абапіраецца на слуп з вершаў і г. д.- усё гэта ў фарбах), складаючы таксама ўласцівыя эпосе барока паэмы, Сімяон перш за ўсё цешыў сваё творчае самалюбства. Прыкладаючы да асобы манарха азначэнні «смиренно-мудрый», «добронравный», «тишайший», Полацкі не казаў усур'ёз, гэта былі хутчэй рытуальныя прамовы.

Для шчырага замілавання царом маскоўская і расійская рэчаіснасць не давала асновы. Дзяржаву трэслі народныя паўстанні і хваляванні. Панаванне «цішэйшага» Аляксея Міхайлавіча (1645-1676) увайшло ў гісторыю пад назвай «бунтажных часоў» - трыццаць паўстанняў за тры дзесяцігоддзі. У 1667 годзе падняў народ на барацьбу Сцяпан Разін. Раскалолася царква. Восем гадоў доўжылася паўстанне на Салаўках. Ваявалі з Рэччу Паспалітай, але плацілі даніну крымскаму хану. Асвета была клопатам адзінокіх энтузіястаў, дзяржава гэтым не займалася. Непрымірымасць да незадаволеных і ерэтыкоў вызначалася крайняй жорсткасцю. Пасля Меднага бунту сем тысяч пакаралі праз адсячэнне галавы, а пятнаццаць тысяч - адсячэннем рукі ці нагі. У 1672 годзе ў Маскве загінуў на агні вучань пратапопа Авакума, таксама літаратар, Аўраамій. Увайшло ў звычку рэзанне языкоў - каб ерасі не казалі.


Мало есть правды царю мудру быти

И подчиненных мудрости лишити...

Вели и рабом мудрости искати,

И того тебе будут работати...

От искусных муж ищи совета

И от разумных вопроси ответа...

Милостив буди, и скор оставляти.

Косен казнити, а готов слушати извинения. Кротость да храниши...


Патрабавала смеласці і прапаганда цярпімасці да чужога погляду, да памылак і грахоў другога чалавека, што складала галоўны змест яго «Камедыі пра блуднага сына».

Вядомасць прыйшла да Полацкага ў 1666 годзе, калі царкоўны сабор судзіў патрыярха Нікана і вырашаў пытанне аб раскольніках. Сімяон быў прыстаўлены перакладчыкам да ўсходняга патрыярха Лігарыда, які не ведаў рускай і славянскай моў. Ад Лігарыда чакалі пераканаўчага выказвання, але пададзены ім твор не задаволіў царкоўную вярхушку, і адказ на чалабітныя раскольных папоў Мікіты і Лазара даручылі скласці Полацкаму. Сімяон напісаў шырокі палемічны трактат «Жазло праўлення», які, карыстаючыся выпадкам, напоўніў асветніцкім зместам, а ўсю сістэму доказаў накіраваў супраць невуцтва. Менавіта ў невуцтве, на думку Полацкага, караніліся памылкі раскольнікаў:


Буйствам обдержимые,

премудрость хухкают.

Слепи суще, светлости оныя не знают.


Мікіта, у прыватнасці, «через все житие свое в ногци невеждества слепоствовав, яко сова, дерзнул возвести мрачныя очеса своя в светлыя лучи святыя богословня». Лазар ў асвятленні Сімяона - трэба пазначыць, у палемічным асвятленні - і зусім невук. «Иди,- пісаў ён не без кпінаў, - прежде научися грамматичествовати, таже к вяшным хитростям учення». Але і супярэчнікі стараабрадцаў у яго вучаныя не нашмат больш:


Православный себе именуют быти,

А мрачных еретиков не можем учити.

Сами бо не учимся, избрахом лежати,

Во тьме невежествия тайн почивати.


Нізкая адукаванасць, па мяркаванню Полацкага, стала як бы карпаратыўнай рысай духавенства. «Многие невежды, не бывшне никогда учениками,- сцвярджаў ён,- смеют называться учителями ... по правде, это не учители, но мучители. Оттого умножились в людях злоба, преуспело лукавство, волхвование, чародейство, разбой, воровство, убийства, пьянство... виною всего этого... неуменье и нераденье духовных отцов». Наогул, невуцтва Сімяон лічыў вытокам кожнага ліха:


Невежда пути вожд да не бывает

Книг неискусный да не поучает.

Невежда мудрого елма поучает

Слепец очитаго провождает.

Сова о лучах солнца рассуждает,

Егда невеглас о мудрых встает.


Натуральна, раскольнікі плацілі Полацкаму адкрытай непрыязнасцю. Шчыры і рэзкі ў слове, пратапоп Авакум пісаў: «Христос не учил нас дыалектики, а ни красноречия, потому что ритор и философ не может быть христиантн... Златауст называет философов трапенежными псами, а нынешних мы философов как наречем, разве песьими сынами». Па Сімяону ж, наадварот:


Яко врачество болезнь исцеляет,

Философиа нрав зол души исправляет.


Ен казаў пра Авакума: «Се не умеет науки». У 1667 годзе, калі апошняга рыхтавалі да ссылкі ў Пустазёрск, Полацкі прыходзіў да яго па просьбе цара, які наіўна верыў, што асвечаны іераманах пераканае ўпартага пратапопа адступіцца. Авакум занатаваў уражанні ад той сустрэчы так: «Зело было стязанне много: разошлись яко пьяни, не мог и поесть после крику». Другі зыход гутаркі быў бы цудам: дзве самыя цікавыя асобы эпохі - правадыр раскола і галава «лаціннікаў» - належалі да розных культур, не мелі ніводнай кропкі супадзення поглядаў і духоўных інтарэсаў. Авакум - рэлігійны бунтар, Полацкі - прыхільнік асвечанага абсалютызму; пратапоп імкнуўся захаваць старасветчыну, прастату душы, Сімяон намагаўся абнавіць душу ведамі; для Полацкага - цар ёсць «вождь, богом данный», для Авакума - цар «в жизни сей, яко козел скача по холмам ветр гоня»; пратапоп - пакутнік за веру, жыўцом спалены па загаду цара Фёдара; Сімяон менш за ўсё схільны цярпець за веру; для Авакума вера - спрадвечная і незалежная ад культуры; для Полацкага - чым вышэй культура, тым вышэй маральнасць:


Естество дает токмо еже жити,

Философиа учит благо жити;

Ово со скоты обще нам бывает,

Сия аггелам нас уподобляет.


Авакум звяртаецца да душы, Полацкі - да розуму; Авакум у першую чаргу прапаведнік, Полацкі перш за ўсё - асветнік і паэт.

Вершаскладанне было галоўным захапленнем Сімяона. Ен пакінуў вялізную паэтычную спадчыну - пяцьдзесят тысяч радкоў, пісаў ва ўсіх жанрах і дасягнуў вытанчанасці формы. Першым у Расіі Полацкі ператварыў паэзію з рамяства ў мастацтва. Большасць вершаў Сімяона пабудавана па адной схеме: вобраз і яго мастацкі эквівалент маральнага зместу. Напрыклад:


Колесо скрипяще путнику стужает,

Человек же ропотный богу досаждает.


Паэтычныя асацыяцыі Сімяона часта вельмі нечаканыя. Якая быццам бы сувязь можа ўзнікнуць паміж авечкай і вячэрняй малітвай, аднак:


Овца бо, егда приидет время спати,

Нрав на колени имать припадати. Овчествуй каждо, прежде преклонися

На колени ты, сердцем сокрушися.


Аб высокім прафесіяналізме паэзіі Полацкага сведчаць ягоныя вершы з рыфмаванымі паўрадкоўямі:


Не люби тела и будет цела

Душа, конечно, пожнвет вечно.

При жизни, хлебе,

со Христом в небе...


Ці яшчэ, больш рафінаваныя па форме радкі:


Есть прелесть в свете,

як в полном цвете, ту ты остави возлюбленный, душе грешная,

от злоб воспряни.

Приходит время,

а грехов бремя тя угнетает,

демон же смелый на тебе

в стрелы яд свой впущает.


Мог Полацкі бліснуць і вершам у два слупкі, якія ільга чытаць раздзельна і ў сукупнасці:


Бог сый в небе

Радость тебе

Да дарует

Честь и славу

Мужу праву

Да готует

За то, яко

Всем благ всяко

Бываеши

Бедным милость

Скорбным радость...


Боже благий

Свете драгий

Да храниши

Марфу здраву

В твою славу

Юже зрише

Тя, любяшу

И служа ту

Сердцем правым

Умом десным Словом честным...


Есць у Полацкага паэтычныя творы, якія злучаюць радкі на трох мовах - славянскай, польскай, лацінскай. Любіў ён і ўжывальныя яшчэ ў антычнай паэзіі фігурныя вершы - у выглядзе зоркі, ромба, сэрца і г. д. Пры выпадку ўмеў пагуляць значэннямі слова:


В мире не мирном мир ныне бывает,

егда царь мира враги побеждает.


Галоўны зборнік паэзіі Полацкага «Вертаград шматкаляровы» выказаў усе дыдактычныя імкненні паэта, які лічыў свае вершы дапаможнікам для выпраўлення нораваў: «Обрящет зде благородный и богатый врачевства недугом своим; гордости смирение; сребролюбию - благорасточение... Обрящет гневливец - кротость и прощение удобное; ленивец бодрость; глупец - мудрость... ненавистник - любовь... блудник - воздержание». Есць там і творы сатырычнага зместу, з якіх найболыпую цікавасць мае верш-аблічэнне «Манах»:


Но увы безчиния!

Благ чин погубися, иночество в безчинство

в многих преложися...

Множицею есть зрети

по стогнам лежащих,

изблевавших питие

и на свет не зрящих...

Мнози от вина буи сквернословят зело, лают, клевещут,

срамят и честныя смело...

Ни жених иный тако себе украшает,

Яко инок несмыелный,-

за что погибает...


Размясціўшы вершы ў алфавітным парадку, Сімяон стварыў своеасаблівую энцыклапедыю, дзе перамежаваліся царкоўныя легенды, анекдоты, звесткі з гісторыі, геаграфіі, мінералогіі, погляды на ідэальнага манарха, на абавязкі начальніка, выкрыванне распусты, чараўніцтва і асабліва зайздроснікаў і паклёпнікаў (на напісанне апошняга цыкла яго натхнілі варожыя дзеянні грэкафілаў).

Смелым пачынаннем Полацкага быў і вершаваны пераклад Псалтыра. Ідэя не адзначалася навіной - у Рэчы Паспалітай такі пераклад выканаў Ян Каханоўскі стагоддзем раней, але па ўмовах маскоўскага жыцця замах на кнігу «святога пісання», спроба зарыфмаваць непарушныя тэксты здавалася дзёрзкасцю, выклікала незадаволенасць і супраціўленне. Адораны вастрынёй слова супярэчнік Сімяона грэкафіл Яўфіній тлумачыў яго дзейнасць у такіх непрывабных вобразах: «Ведати подобает, како ся волк смиряет, когда овцу уловляет или коня хватает: не точию главою челом биет к земле пред овцею, но и на чреве ползает и хвостом ласкателне творит и очима блискает весело, яко свещами. Овца же разсуждает: яко то у волка на сердце, что и на хвосте. Нет, бедная овечка! Плюй на его чело­битье, утекай от него, бежи!»

Кнігавыдавецкая дзейнасць Сімяона - яшчэ адна з яго спраў, важных для развіцця рускай культуры. У адрозненне ад Заходняй Еўропы і суседніх Беларусі і Украіны, дзе друкарні маглі трымаць прыватныя асобы і выдаваць літаратуру па ўласным меркаванням, у Расіі XVII стагоддзя манаполія на выпуск кніг належала царкве, выключна ёй. У дзяржаве была адна друкарня, падначаленая патрыярху, і яна працавала толькі на патрэбу царквы: з 483 назваў кніг, выдадзеных у Маскве за сто гадоў, толькі 13 мелі адносна свецкі характар. «Латинствующие заблуждения», якімі напаўняў свае творы Полацкі, бз сумніву, не атрымалі б дазволу на публікацыю ад патрыярха Іаакіма, што ўзначальваў грэкафілаў. Безнадзейнымі сталіся б і спробы выдаць свае вершы ў афіцыйнай друкарні. Пад уплывам Сімяона ягоны выхаванец цар Фёдар Аляксеевіч парушыў звычай і адкрыў друкарню ў Крамлі спецыяльна для яго; Полацкі быў поўным яе распарадчыкам. Пазбягаючы кантактаў са сваім супярэчнікам патрыярхам Іаакімам, ён на сваіх выданнях самавольна ставіў памету, што кніга друкуецца з блаславення патрыярха. Іаакім пазней абураўся: «Толико убо той Симеон осваеволися... печатным тиснением некия своя книги издати, оболгав мерность нашу, предписа в них, якобы за нашем благославеннем тыя его книги напечатаны. Мы же прежде типикарского издания тех книг ниже прочитахом, ниже яко либо видехом... отнюдь не токмо благословення, но изволення нашего не было...»

Атрымаўшы друкарню, Полацкі намеціў выдаваць творы, адпаведныя сваім светапоглядам. Зразумела, што першымі сталі ўласныя працы. Ен сабраў і падрыхтаваў для апублікавання ўсе свае літаратурныя «здабыткі». Але ў разгар гэтых прыемных клопатаў раптоўна памёр. Сільвестр Мядзведзеў, які прыняў друкарню, выдаў два тамы пропаведзяў і настаўленняў Сімяона - « Абед душэўны» і «Вячэра душэўная». Зборнікі ж вершаў «Вертаград шматкаляровы» і «Рыфмалагіён» так і не ўбачылі свет. Выпісы з іх упершыню з'явіліся ў друку толькі ў XIX стагоддзі.

Выдаць паэтычную спадчыну свайго настаўніка Мядзведзеву перашкодзілі прошукі грэкафілаў, якія пры спрыяльных абставінах - пасля паражэння царэўны Соф'і і блізкіх да яе «лаціннікаў» - наогул асудзілі творы Полацкага як ерэтычныя і забаранілі іх распаўсюджванне. Аднак не гэтая прыпозненая помста ідэйных праціўнікаў загасіла чытацкую цікаўнасць да яго паэзіі ў наступным стагоддзі. Сімяон у сваёй творчасці выступаў асветнікам, перадаючы чытачу шмат ведаў і ідэй, пра якія не меў магчымасці апавядаць інакш. Але пры Пятры асветніцтва стала на шырокую каляіну; навуковая і свецкая кніга пайшла да чытача напрасткі, не апранаючыся ў мудрагелістыя формы сілабічнага верша. Ды і сама сілабіка сыходзіла са сцэны, ёй было наканавана забыццё. «Новый и краткий способ к сложенню российских стихов с определениями до сего надлежашнх знаний», распрацаваны В. Традзіакоўскім і выданы ў 1735 годзе, пакончыў з роўнаскладовымі вершамі. За ўсю наступную гісторыю развіцця рускай паэзіі ніхто не звяртаўся да сілабічнага верша, але без той значнай працы, што зрабілі сілабісты, і болей за іншых Сімяон Полацкі, без таго засваення розных паэтычных жанраў, апрабоўвання тысяч паэтычны'х сюжэтаў, без фармальных пошукаў была б немагчыма якасная змена верша, якой адзначана ўжо паэзія Традзіакоўскага, Ламаносава, Сумарокава. Потым прыйшлі Дзяржавін і Жукоўскі. Затым Пушкін і Лермантаў стварылі рускую класіку, і ніва паэтычная расквітнела... Але першыя гоні ўзараў Сімяон Полацкі.

Ен быў апошнім у шэрагу відных дзеячаў беларускай літаратуры эпохі Адраджэння і барока, пасля яго аж да 30-ых гадоў XIX стагоддзя значных асоб, якія выступалі ў літаратуры на роднай мове, не заўважана. Сімяон стаў першым рускім прафесійным пісьменнікам, і больш таго першым у Расіі інтэлігентам без неабходнай для існавання інтэлігента атмасферы, без належнага асяроддзя. Гэтым тлумачацца некаторыя моманты «прыстасавальніцтва», нястомнасць яго асветніцкай пропаведзі, шырыня культурніцкай місіі, гнуткасць і разнастайнасць яе формаў і сродкаў. Полацкі абагнаў расійскую рэчаіснасць на цэлае стагоддзе. Па суроваму закону гісторыі такіх людзей - папярэднікаў і прадвеснікаў - бліжэйшыя да іх пакаленні забываюць. Так здарылася і з Полацкім. Прызнанне яго вартасцей і заслуг належыць ужо нашаму часу. Зараз няма даследавання па рускай і беларускай культуры XVII стагоддзя, якое б не звярталася да творчасці Сімяона. Літаратурнае і ідэалагічнае жыццё той эпохі недаступнае правільнаму разуменню без уліку яго дзейнасці.

Полымя жыцця Полацкага загасла, адмерыўшы паэту пяцьдзесят гадоў. Сканаў ён для ўсіх нечакана, пасля кароткай хваробы, у яснай свядомасці. Блізкую смерць прадчуваў і загадзя склаў духоўны тэстамент. Распараджаючыся сваёй маёмасцю (а яна па тых часах лічылася немалой: шэсцьсот рублёў золатам і семсот срэбрам), Сімяон прызначыў пэўныя сумы некалькім беларускім манастырам - Куцеінскаму, Полацкаму, Віцебскаму, Святадухаўскаму ў Вільні, Менскаму, Дзісненскаму, Міёрскаму, што заставаліся абаронцамі роднай культуры на беларускіх землях. Гэта была яго апошняя даніна радзіме і пасільная дапамога аднадумцам.

Тэстамент, дакладна прадуманы і напісаны задоўга да хваробы, найлепшае сведчанне таго, што Сімяон у думках часта наведваў родны Полацк, блукаў па Вільні, дзе вучыўся, па аршанскіх прасёлках да Куцеінскага манастыра, абрабаванага патрыярхам Ніканам. Наўрад ці Полацкі шкадаваў, што пакінуў радзіму, але чужына, як бы добра там ні жылося, ніколі не стане родным кутам для таго, хто прыехаў туды дарослым. Хоць і кажуць: радзіма там, дзе свабода, усё ж кожны чалавек марыць аб свабодзе на роднай зямлі. Бо памяць чалавека незалежная ад яго волі, яна захоўвае, як скарб, шчаслівыя дні з дзяцінства і юнацтва, сны вяртаюць чалавека ў мінулае, а дарагія сэрцу постаці сяброў запрашаюць на сустрэчу, астатнюю сустрэчу на гэтым свеце. Ды паехаць з Масквы ў Полацк Сімяон не мог. Роздум над тэстаментам быў яго сумным развітаннем з радзімай.

Пахавалі Полацкага ў Закона-спаскім манастыры, дзе ён пражыў усе шаснаццаць гадоў свайго знаходжання ў Маскве; каля магілы паставілі дзве каменныя стэлы, на якіх высеклі эпітафію з 48 радкоў, напісаную Мядзведзевым. Пералічваючы заслугі Сімяона Полацкага, Мядзведзеў адзначаў, што гэта быў дзеяч «пропаведдзю слова народу карысны». Служэнне слову, служэнне асвеце супраць «цемры невуцтва» і злучыла непарыўна і навекі імя Полацкага з гісторыяй нашай духоўнай культуры.



"Брэсцкі монстр "

Як гэта ні дзіўна, але на працягу ўсёй гісторыі грамадства заўжды не спяшалася прыняць новыя ідэі, новы светапогляд, новыя асэнсаванні быцця. Да таго ж спрадвеку існавалі розныя інстытуты аховы грамадскай бяспекі, таму творцы неардынарных ідэй, наогул іншадумцы, часцяком атрымоўвалі замест ухвалення ад сучаснікаў, і асабліва ад урадаў, жорсткае пакаранне - сякерай, шыбеніцай, агнём. Найбольш гэта тычылася філосафаў, як самых паслядоўных і грунтоўных іншадумцаў. Новыя філасофскія ідэі, пакрысе назапашаныя некалькімі пакаленнямі, непазбежна выклікаюць рэфармацыйныя працэсы, а рэформы, натуральная справа, некага пасоўваюць у глыб гістарычнай сцэны, у цень, а некага вылучаюць, выводзяць наперад. Паколькі кожная ўлада на гэтым свеце мелася захоўваць у нязменнасці і непарушнасці чын свайго панавання, а гэта значыць і свае сацыяльная падмуркі, дык першай рэакцыяй на новую думку было лютае жаданне знішчыць яе разам з носьбітам.

Можна прывесці тысячы прыкладаў, якія неабвержна сведчаць, што духоўная свабода і самастойнасць філасофскага мыслення караліся гэтак жа бязлітасна, як найгоршае са злачынстваў - здрада радзіме, і, такім чынам, паміж імі ставіўся знак роўнасці. Платон занатаваў судовы працэс над Сакратам і прысуд афінскіх грамадзян свайму вялікаму земляку, аднаму з найсвятлейшых розумаў чалавецтва - кубак з атрутай.

Ісус за сваю філасофію быў распяты, а яго заклік да ўсеагульнай любові здзекліва ператвораны ў запавет ціхмянай пакоры чалавека перад нябеснымі і, вядома, зямнымі ўладамі. Джардана Бруна за яго касмічныя тэорыі спалілі на агні.

Крыху раней, чым жыў Сакрат, у Грэцыю прыехаў Анахарсіс, сын скіфскага цара. Філасофскія здольнасці Анахарсіса ўвялі яго ў лік сямі грэчаскіх мудрацоў. Тут варта зрабіць невялікае адступленне. Саманазва скіфаў была <сколаты>. Кола - добра знаёмае нам слова; са скіфскіх часоў прыйшлі і іншыя моўныя адзінкі, якімі мы карыстаемся штодзень: бог, сто, тапор, рай, магіла, сабака, спаць. Даследчыкі лічаць, што скалаты ўдзельнічалі ў этнагенезе славян. Стэпавыя скалаты жылі на сучаснай Украіне аж да Прьшяці. I вось сюды пасля шматгадавога сяброўства з грэчаскімі мудрацамі, з вядомым Салонам вярнуўся Анахарсіс. Жадаючы цывілізаваць свой народ, ён распачаў, сённяшнімі словамі, прапаганду грэчаскіх звычаяў і культурных дасягненняў і адразу стаў небяспечным для сваіх пануючых сваякоў. Яго родны дзядзька, цар Іданфірс, аддаў загад, і пад час палявання пляменнік атрымаў у спіну апераную калёную стралу. Менавіта Анахарсісам - гэта прыкладна 550 гадоў да нашай эры - адкрываецца на нашых землях спіс забітых дысідэнтаў (іншадумцаў). Такі канфлікт паміж таталітарным і вольным мысленнем - бясконцы. Ён быў і, на жаль, пакуль што існуе, бо чалавецтва, хоць і паразумнела ды назапасіла вялікія веды, застаецца ўсё ж такі кансерватыўным і дастаткова бязлітасным у кожным пакаленні.

У ліку ахвяр, прынесеных іншадумцамі на алтар разняволення людзей, стаіць і імя выдатнага беларускага мысліцеля Казіміра Лышчынскага. У нас на Беларусі пра яго не надта шмат напісана - са спецыяльна прысвечаных навукова-папулярных прац можна назваць толькі кнігу К. Пракошынай і В. Шалькевіча «Казімір Лышчынскі», ёсць яшчэ некалькі спроб адлюстраваць вобраз гэтага філосафа і пакутніка ў мастацкай літаратуры. Больш пашанцавала Лышчынскаму ў выяўленчым мастацтве, але помнік, хоць бы сціплы, мы пакуль не здолелі паставіць. А вось на Літве і асабліва ў Польшчы яму аддадзена сапраўдная пашана і навукай і мастацтвамі. Бібліяграфія пра Казіміра Лышчынскага налічвае звыш 500 публікацый; гэта з канца XVII стагоддзя да нашых дзён. I тым не менш асоба гэтая застаецца шмат у чым загадкавай.

Трагічны лёс і пакутніцкая смерць Лышчынскага схіляюць да гераізацыі ягонай пастаці. I, сапраўды, як філосаф і як чалавек ён выказаў надзвычайную мужнасць думкі і сілу натуры. Але, калі глядзець толькі праз гераічны крышталь, дык пачуццёвы бок яго жыцця, наогул складанасць духоўных працэсаў, моцна спрошчваецца. Лышчынскі, безумоўна, быў адораны талентам глыбокага пачування, учынкі яго вынікалі з перакананняў, ён прайшоў жыццё не па прамой, зведаў няпросты шлях ад шчырай веры ў бога да навуковага адмаўлення рэлігіі. Змена поглядаў - заўсёды драма, бо светапогляд выяўляецца ў дзеянні, ва ўчынках, і нельга выкінуць з памяці тое, што раней здавалася праўдай, а зараз бачыцца фальшыўкай,- гады жыцця гэтая памылка адняла. У маладым узросце Лышчынскі быў шчыры каталік, потым жа сфармуляваў думкі, змест якіх значна шырэйшы за вузкія рамкі скарыстаных паняццяў: «Рэлігія ўстаноўлена людзьмі неверуючымі, каб ім аддавалі пашану. Страх божы ўнушаецца тымі, хто не ведае божага страху, каб іх баяліся. Вера, якую лічаць святой,- выдумка. Вучэнне, якое выхваляецца тым, што яно навучае ісціне пра бога,- мана!

Казіміру Лышчынскаму ў адрозненне ад іншых філосафаў, што мелі магчымасць надрукаваць свае працы пры жыцці ці чые творы былі выдадзены пасмяротна, як, напрыклад, творы Спінозы, дужа не пашчасціла. Галоўная яго праца - трактат «Аб неіснаванні бога» - згарэў на агні разам з аўтарам; усе паперы, відаць, арыштаваныя інквізіцыяй, бясследна зніклі. А можа сам Лышчынскі напярэдадні другога арышту захаваў іх недзе так надзейна, што яны не адшукаліся па сённяшні дзень. Таму, хоць жыццю і творчасці мысліцеля прысвечана паўтысячы публікацый, першакрыніцы амаль адсутнічаюць. Усе аўтары займаюцца рэканструкцыяй, абапіраючыся на матэрыялы судовай справы і кароценькія выняткі з трактата, зробленыя некалі па просьбе караля Яна Сабескага езуіцкім манахам.

У рэканструкцыях, бясспрэчна, заўжды пераважае суб'ектыўны падыход да справы і постаці героя, бо з цягам часу шмат што значнае стала нябачным і таямнічым. Самым неабвержным фактам, які задае тон любому даследаванню ці ўзнаўленню падзей, з'яўляецца кара Казіміра Лышчынскага на плошчы Старога Мяста ў Варшаве 30 сакавіка 1689 года пры вялізным сходзе народу. Каралі смерцю не казака, што было звычным, не злодзея, што здавалася нецікавым, не забойцу, якому маглі ў апошняе імгненне і дараваць,- на эшафот падымаўся атэіст, чалавек, які думаў так, як не думаў ніхто ў Рэчы Паспалітай, чалавек, празваны біскупамі «брэсцкім монстрам». Натоўп веруючых прагнуў пабачыць уласнымі вачыма, як «монстр» знікне ў агні дзеля славы боскай.

...Казімір Лышчынскі нарадзіўся ў Лышчыцах, за дваццаць вёрст ад Брэста, 4 сакавіка 1634 года - па касцёльным каляндары ў дзень св. Казіміра. Заснавальнік роду Лышчынскіх - Леў - быццам бы паходзіў з Валыні і атрымаў Лышчыцы па прывілею на пачатку XVI стагоддзя. Ен меў трох сыноў - Канстанціна, Станіслава і Івана. У Канстанціна Львовіча нарадзіліся два сыны - Геранім і Лукаш. Геранім Лышчынскі і даводзіўся бацькам аднаму з першых нашых атэістаў. Ён займаў пасады падстолія мельніцкага, суддзі гарадскога брэсцкага, а потым брэсцкага падсудка. Радавымі маёнткамі пана Гераніма былі Лышчыцы і Дабранеж, да якіх ён набыў яшчэ Кустынь, Матыкалы, Чэліў, Горнаў, Хрушчоў, Маркаўшчызну. Апошняя па бацькоўскаму тэстаменту перайшла потым да Казіміра. Прамыя нашчадкі Лышчынскага жылі ў Маркаўшчызне аж да другой сусветнай вайны. На пачатку нашага стагоддзя прапраўнук Лышчынскага ўласнымі рукамі на працягу некалькіх гадоў брукаваў дарогу ад Маркаўшчызны да Беластока - 12 вёрст.

Казімір з'явіўся на свет, калі бацьку было пяцьдзесят тры гады, а калі паслалі яго вучыцца ў брэсцкую езуіцкую калегію, дык, відаць, стары ужо адлічваў сёмы дзесятак. Будынак калегіі не захаваўся, як не захаваўся і будынак Сімяонаўскага манастыра, дзе трымаў сцяг праваслаўя Афанасій Філіповіч, як не зберагліся і ўсе іншыя пабудовы старажытнага Брэста. Большасць разбурылася пад час бясконцых войнаў, а рэшткі ўцалелых знеслі ў 1825 годзе салдаты, што ўзводзілі на гістарычным цэнтры горада па загаду расійскага імператара Брэсцкую крэпасць. Айцец Афанасій, вядома, не ведаў вучня Лышчынскага, а вось Казімір ігумена Філіповіча ведаў добра хоць бы ў твар. Вялікай загадкі ў гэтым няма. Па сведчаннях мемуарыстаў XVII стагоддзя, выкладчыкі калегій, а адпаведна і настаўнікі брацкіх і пратэстанцкіх школак нацкоўвалі вучняў на іншаверцаў - біцца з аднагодкамі, абражаць дарослых, кідаць камяні ў вокны, распачынаць бойкі, крычаць услед папам і манахам «схізма», «недаверак» і г. д. Філіповіч быў прыкметнай асобай і, відаць, начуўся абраз ад брэсцкіх хлопцаў уніяцкага і каталіцкага выхавання.

Дзіўна праз тры стагоддзі разглядаць, як перакрыжоўваліся жыццёвыя сцяжыны людзей, чые імёны сёння стаяць побач у падручніках па гісторыі і даследаваннях тагачаснай беларускай культуры. Пражыві Філіповіч доўгі век, дык наўрад ці ён пагадзіўся б з атэізмам Лышчынскага. А між тым абодва сталі ахвярамі рэлігійнага фанатызму.

Пасля калегіі Казімір Лышчынскі трапіў у войска - спачатку на «казацкую» вайну, потым змагаўся супраць шведаў і рускіх. У сталым узросце ён быў прьшісаны да палка крылатых гусараў - цяжкай конніцы Вялікага княства, якая складала прыкладна пятую частку ўсяго коннага войска. Дарэчы, апроч металічных даспехаў гусары мелі крылы, што мацаваліся да спіны. Цяжка вызначыць карысць ад іх у бітве, але калі лавіна крылатых гусараў імчала ў бой, відовішча тое ўражвала: магутныя коні, бліскучыя даспехі і ўзнятыя над галавой белыя крылы - такія можна ўбачыць на абразах архангела Міхаіла. У маладыя гады Лышчынскі ўваходзіў у брэсцкую харугву паспалітага рушэння. Харугва мела 100- 200 вершнікаў, некалькі харугваў злучаліся ў полк.

Галоўнае месца ў войску на тую пару пачынала займаць артылерыя. Намеснікам камандзіра яе ў 1648 годзе прызначаецца наш зямляк Казімір Семяновіч з Ашмяншчыны, выдатны інжынер, вядомы ў гісторыі сўсветнай навукі як вынаходнік шматступенчатай ракеты. Ен напісаў трактат «Вялікае мастацтва артылерыі», які быў перакладзены на еўрапейскія мовы і на працягу ста пяцідзесяці гадоў ім карысталіся ўсе стваральнікі агнявой зброі. Гэты твор стаў помнікам ваенна-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння. Семяновіч вырашыў задачу, што да яго здавалася невырашальнай,- вынайшаў спосаб стабілізацыі палёту ракеты, прымацаваўшы да корпуса яе апярэнне; прыкладна такое ж мы бачым і сёння на рэактыўных снарадах. Яму належала і ідэя ракетнай батарэі, трохступеньчатай ракеты, якая магла ляцець на вельмі далёкую адлегласць, бо кожная ступень працавала самастойна. "Уражваюць і вялікія веды Семяновіча па ўсіх тэхнічных навуках. У прадмове да свайго трактата ён пісаў:

«...Часта нам здаралася бачыць не толькі тых, хто прысвяціў сябе артылерыі, але і тых, якія, уводзячы ў зман людзей фальшывай сваёй вопытнасцю, самі памыляюцца і ўсіх падманваюць і з імі гавораць, бо яны здольныя балбатаць і за гэта атрымліваюць высокія пасады і вайсковыя чыны. Таму я з дзяцінства адклаў у бок усе намаганні дабіцца палітычнай кар'еры, хоць яна адпаведна паходжанню продкаў, і традыцыям, і майму матэрыяльнаму становішчу была для мяне дасягальнай, і прысвяціў сябе, па-першае, практычнаму даследаванню тайны гэтай навукі, а пазней усе свае сілы аддаў тэарэтычнаму яе вывучэнню, і меў да артылерыйскай навукі такую цягу, што не шкадаваў на гэта ніякіх выдаткаў (хоць і з вялікімі стратамі для маёй спадчыны), каб толькі даведацца што-небудзь, чаго не ведаў раней ці што практычна мне было невядома. Аднак, як казалі сябры і як я сам пераканаўся, мне не хапала ведаў для даследавання і што я ніколі не дасягну таго, да чаго імкнуся, калі і ў далейшым буду вучыцца ўсяму гэтаму звычайным спосабам, бо для дакладнага пазнання гэтай навукі трэба яшчэ вывучыць і шмат іншых прадметаў».

Хоць Казімір Семяновіч распрацоўваў ракеты, ён быў гуманістам, праціўнікам войнаў, якія лічыў самым страшным злом для чалавецтва, вынікам імкнення адных дзяржаў апанаваць другія, падначаліць іншыя народы. Геніяльны інжынер рана памёр, ды, як здаецца, зарана нарадзіўся - яшчэ ні навука, ні вытворчасць не ўмагчымілі базы, неабходнай для арэчаўлення складаных ідэй.

Але і без ракетнай тэхнікі вайна знішчыла некалькі мільёнаў чалавек, ператварыла гарады і вёскі Беларусі ў руіны; палі пазарасталі алешнікам, коміны спаленых хат аселі пад дажджамі. Уявіць тое жудаснае становішча дазваляе пастанова Варшаўскага сейма 1661 года аб вьшлаце ваяводствамі і паветамі падымнага падатку:

«Павет Ашмянскі, нягледзячы на тое, што ўшчэнт разбураны ворагам, згаджаецца, аднак, заплаціць падаткі, як плаціць ваяводства Віленскае, з аб'юратай аб пагарэлых, збеглых і загінуўшых ад пошасці...

Павет Браслаўскі дарэшты знішчаны варожым войскам, на гэты час не ў стане заплаціць Рэчы Паспалітай ніводнага падатку...

Павет Гродзенскі, хоць у выніку ваенных дзеянняў зруйнаваны і большая частка яго спалена, аднак з мэтай забеспячэння войска старога і новага набору дае згоду на вьшлату 22 падымных...

Павет Слонімскі, амаль ушчэнт спалены і разрабаваны ворагам, а таксама спустошаны пастаяннымі пераходамі войскаў абодвух народаў, не спадзяецца на магчымасць атрымання хоць якіх падаткаў ад сваіх маёнткаў, бо з-за недахопу цяглавага быдла не сеялі...

Ваяводства Брэсцкае, хоць яно варожай рукой ператворана ў большай частцы ў папялішча і цалкам вынішчана, аднак, маючы на ўвазе крайнюю патрэбу Вялікага княства Літоўскага, дае згоду на вьшлату 22 падымных...

Ваяводства Мсціслаўскае, якое застаецца да гэтага часу пад ворагам, поўнасцю абабранае маскоўскім непрыяцелем, прытым падлеглае небяспецы, бо размешчана на самой граніцы, на шляху войскаў нашых і варожых уварванняў, па суседству з Смаленскім ваяводствам, не можа даць згоды на вьшлату падаткаў...»

Карціна тужлівая, і таму лёгка зразумець прычыны пасляваеннага ўзрастання рэлігійных пачуццяў, умацавання касцёла, які адзіны даваў духоўнае суцяшэнне сем'ям, што засталіся без карміцеля, пагарэльцам, сіротам, усім незлічоным гаротнікам. Толькі і заставалася спадзявацца на божую ласку.

Лышчынскі ў гэты час, як казалі раней, сышоў з каня, зняў шаблю і ў 26-гадовым узросце вярнуўся да вучобы. Чатыры гады ён вывучаў рыторыку, логіку, фізіку і метафізіку ў Калішы, пасля таго два гады быў настаўнікам у роднай брэсцкай калегіі езуітаў. Займаць такую пасаду мог толькі член ордэна. Па ўскосных звестках вылічана, што Лышчынскі правёў сярод езуітаў восем гадоў. Паколькі няма дакументаў і матэрыялаў, якія хоць крыху асвятлялі б яго духоўны стан на той прамежак часу, усе спробы растлумачыць матывы ўступлення ў езуіцкі ордэн застаюцца гіпатэтычнымі. Відаць, нагледзеўшыся смерцяў і крыві, ён шчыра верыў. Мажліва, спадзяваўся, што ордэн скарыстае яго здольнасці і пашле на вучобу ў Еўропу. Магчыма, хацеў прыносіць канкрэтную карысць грамадству як член уплывовай канфесіі. А мо перажываў дэпрэсію і паддаўся настрою парваць са свецкім жыццём. Кожнае з меркаванняў мае быць рэальным, але нам ўжо ніколі не даведацца, як атрымалася на самой справе. Не дае адказу на пытанні і так званы «Маніфест аб атэізме Лышчынскага» - данос, напісаны ў інквізіцыю Янам Бжозкам:

«Здранцвелымі вуснамі, зкамянелым ад жаху языком перад богам і ўсім мноствам валадароў духоўных і свецкіх прыходзіцца скардзіцца і пратэставаць яго мосці пану браслаўскаму стольніку Яну Бжоску, а з ім разам ўсім добрым хрысціянам, на Казіміра Лышчынскага, урадніка земскага, падсудка ваяводства брэсцкага, які нарадзіўся 'ў сям'і шляхетнай, але быццам і не нараджаўся, калі адмовіўся ад святога крыжа і нанёс нябачаную раней крыўду ўсім народам і дзяржавам... Напачатку, дзякуючы пяшчотнай бацькоўскай любові, на добрае быў скіраваны і нават адвярнуўся ад свету і пустой свецкай мітусні і паступіў у святаносны ордэн Таварыства Ісуса, дзе, немалы час застаючыся і працуючы ў школах, прыняў духоўнае пасвячэнне... Але стараннямі ворага нашага адвечнага зараз другі абраў сабе занятак...

абвясціў сябе паслядоўнікам ерэтыка Лючылія Ваніні, стаў бязбожным настаўнікам атэістаў, адкрыў кафедру заразы ў сваім маёнтку, нават дзеткам капаў атруту на чыстыя душы...»

Вось так: спачатку быў скіраваны на добрае, а потым - на ерэтызм. Прычына - вораг адвечны, гэта значыць - д'ябал. Расчараванне заўжды мае нейкую адпраўную кропку. Не будзем у дадзеным вьшадку кідаць камяні ў езуітаў, бо матыў выйсця з ордэна, безумоўна, тоіўся не толькі ў стасунках з канкрэтнымі людзьмі; вартасці сваіх калег па ордэну Лышчынскі выдатна разумеў. Пэўная частка езуітаў мусіла цярпець ордэнскую дысцьшліну, бо на іншыя сродкі для існавацня яна не разлічвала. Лышчынскаму ж было куды дзецца, пакінуўшы ордэн. Яго чакалі спадчына і маёнтак. Ён мог служыць альбо сядзець на сваім двары, Лышчынскі зрабіў выбар і прысвяціў некалькі гадоў трактату «Аб неіснаванні бога», бо меў зямлю і цвёрды дастатак. Большасць сваіх дробных клірыкаў ордэн купляў на ўсё жыццё за прытулак, стол і невялікія грошы. Яны станавіліся яго адданымі парабкамі, вернай челяддзю. Скінуўшы ж сутану, ператвараліся ў нішто, бо вербаваліся з малазямельнай шляхты, малодшых сялянскіх сыноў, незаможных гараджан. Такія людзі маглі павялічыць толькі шэрагі жабракоў, якіх хапала ля кожных касцёльных дзвярэй. Аднак цяга да ведаў, любоў да кнігі вымушала беднага чалавека паступаць навіцыатам у ордэн, вучыцца на тэалагічным факультэце, а пасля гэтага рабіць тое, што патрэбна царкве: даводзіць пра вечнасць бога, змагацца з ерэтыкамі, выкрываць грэшнікаў і прыслужваць тым, хто трымае ўладу. Наўрад ці простаму езуіту падабалася такое жыццё, але на лепшае ён не разлічваў. Таму, думаючы адно, пакорліва, лаяльна рабіў другое. Калі да яго трапляла выхапленая з агню кніга, ён мог пагадзіцца з аўтарам, ацаніць яго розум, але назаўтра ж перад шкалярамі ці з амвону праклінаў і твор і аўтара, стараўся выклікаць агіду да таго, супраць чаго сам яе не адчуваў. Пакрысе губляючы гонар і душу, ён рабіўся крывадушнікам; старэйшыя іерархі ведалі, што ён крывадушнік, а ён ведаў пра іх, што яны нягоднікі. Ім не патрэбны былі шчыры прафесар, бескарыслівы ксёндз, прастадушны мніх - заўзяты выкрывальнік унутранай распусты. Вартасць мелі толькі паслухмяныя выканаўцы. А нікога больш пакорлівага, як крывадушнікі, не знойдзеш. Бо сапраўдным становіцца толькі тое, што атрымлівае форму дзеяння ці напісанага, выказанага слова. Невыказанае ж -незаразнае, яно застаецца невядомым, гэта - тайны вязень.

А Лышчынскаму хацелася даць волю сваім думкам адносна генезіса рэлігіі і паняцця бога. Прыхільнік эпікурэйскай філасофіі, ён памятаў іранічныя словы грэчаскага філосафа: «Выказванні натоўпа аб багах - не прадугадванні, а памылковыя домыслы. У іх сцвярджаецца, быццам багі пасылаюць на благіх людзей шкоду, а добрым - карысць: бо людзі звыкліся з уласнымі якасцямі і да падобных сабе ставяцца з павагай».

«Памылковае» мысленне мае багата адэптаў і сёння. Яно вечнае.

Чын жыцця ў езуіцкім асяроддзі, схаластычная практыка навучання, таталітарны дух Таварыства Ісуса здаўна мелі дасведчаных крытыкаў. Лышчынскі не мог абмінуць увагай выдадзены ў Празе трактат Джардана Бруна «Сто шэсцьдзесят тэзісаў супраць філосафаў нашага часу», дзе было шмат вьшадаў супраць таго жывёльнага стану, які насаджала царква пад выглядам высокай духоўнасці. У прыватнасці, Бруна пісаў: «Да таго дайшлі бессаромнасць і боязь айцоў невуцтва, што яны нават наклалі забарону на дыспуты, загадалі пастаянства ў лекцыях, абвясцілі пахвальным трымацца аднойчы ўспрынятага меркавання. Падобныя ўстаноўкі, зразумела, павінны быць аднесены да жывёл-аслоў, бараноў, коней, быкоў. Бо такія правілы робяць з чалавека лжывае падабенства чалавека».

Пакінуўшы ў 1666 годзе ордэн, Лышчынскі ажаніўся на Ядвісі Жаліхоўскай, атрымаў частку Лышчыцаў і заняўся сваім трактатам. Адначасна ён прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці павета і ваяводства. Ужо ў 1669 годзе на Брэсцкім ваяводскім сейміку яго вылучаюць дэпутатам на вальны элекцыйны сейм. Элекцыя - гэта абранне на трон новага караля, якое фармальна здзяйснялася дэпутатамі ад земляў. Каралём Рэчы Паспалітай стаў Міхал Карыбут-Вішнявецкі, нашчадак старажытнага ўкраінскага княжацкага роду. Панаванне яго было нядоўгім, нічога значнага ён зрабіць не паспеў ці не здолеў. Лышчынскі атрымаў ад караля прывілей на пасаду мельніцкага падстолія. У 1674 годзе ён зноў прадстаўляў брэсцкую шляхту на элекцыйным сейме, які абвясціў каралём Яна Сабескага, выдатнага палкаводца, пераможцу туркаў у славутай бітве пад Хоцінам. Разгром 80-тысячнага султанскага войска адбыўся незадоўга да элекцыйнага сейма, і Сабескага пасадзіла на трон хваля славы. Пры ім на нейкі час замірыліся магнацкія групоўкі, але ўзяць над імі верх каралю не ўдалося. Свавольства магнатаў ўзрастала, дзяржава знясільвалася, і калі Сабескі сканаў, па сутнасці, адначасна упала былая магутнасць Рэчы Паспалітай.

Але паставіць свой подпіс пад смяротным выракам Казіміру Лышчынскаму кароль Ян яшчэ паспеў. Праўда, за сем гадоў да гэтага, 22 сакавіка 1682 года, ён адзначаў у прывілеі: «Каб не толькі ранейшыя заслугі падданага нашага ўзнагародзіць, але і наперад да другіх падтрымаць, пастанавілі мы сцвердзіць для яго пасаду падсудка брэсцкага... I тую пасаду памянёнаму Казіміру Лышчынскаму, падстолію мельніцкаму і суддзі гарадскому брэсцкаму даем і канфірмуем - пакуль яму вышэйшая пасада з ласкі нашай не будзе нададзена. Затым з гэтага часу мае права і ўладны будзе той шляхетны Лышчынскі па выкананні прысягі да абавязкаў пасады прыступіць і прывілеямі і даходамі да пасады належнымі карыстацца».

Відаць, Казімір Лышчынскі таксама ўдзельнічаў у бітве пад Хоцінам ужо як крылаты гусар. Бо ягоныя ваенныя заслугі адзначаны ў дакументах. Дарэчы, забітых пад Хоцінам ушанавалі - пахавалі іх не ў агульнай брацкай магіле, як часцяком робіцца на вайне, а прывезлі целы да парафіяльных касцёлаў, дзе па старажытнаму звычаю паклалі на падлогу і адслужылі спецыяльную мшу. I калі сёння ўваходзім мы ў які старадаўні касцёл, дык не грэх нам будзе прыгадаць, што ляжалі тут са свечкамі ў руках тыя з нашых продкаў, хто ратаваў радзіму ад турэцкага нашэсця.

Свой вольны час Лышчынскі аддаваў філасофскім заняткам. Шматгадовы роздум і вынікі адкрыццяў ён занатаваў у рукапісе трактата «Аб неіснаванні бога». Але выдаць яго не спяшаўся. Калі б яму вельмі хацелася ўбачыць трактат у выглядзе кніжкі, дык ён, можна меркаваць, вынайшаў бы шляхі публікацыі - пад псеўданімам ці без пазначэння аўтарскага імя на тытульным лісце. Хоць, вядома, давялося б пашукаць такога адважнага друкара, які б узяў на сябе рызыку размножыць атэістычны твор. Гэта нам сёння, выхаваным атэістычнай дзяржавай, атэізм здаецца нечым настолькі натуральным, што пра яго нецікава і гаварыць. Аднак у тое стагоддзе, калі ўсё жыццё было прасякнута рэлігійнай ідэалогіяй, выдаць твор, які адмаўляў бога,- не што іншае, як сапраўдны подзвіг самазабойства дзеля вызвалення свядомасці ад прымхаў. Не па сабе б зрабілася друкару, калі б прачытаў ён, напрыклад, такія тэзы:

«Чалавек - стваральнік бога, а бог - стварэнне чалавека. Такім чынам, людзі - творцы багоў, і бог з'яўляецца не сапраўднай існасцю, а стварэннем розуму і да таго ж хімерычным; таму бог і хімера - адно і тое ж.

Лжэмудрацы падманваюць просты народ, апутваючы яго лжывай верай у бога, і падтрымліваюць яе такім чынам, што нават калі б мудрацы захацелі вызваліць народ з дапамогай праўды ад гэтага прыгнёту, дык мудрацоў душаць з дапамогай самога ж народа».

Хоць Лышчынскі не хаваў сваіх перакананняў і думак і пры кожным зручным вьшадку, нават на сейміках, гаварыў: «Мы, атэісты», усё ж смерць на агні наўрад ці адпавядала ягонаму светапогляду. Ён не быў фанатыкам і разумеў, што перарабіць свет адным трактатам, нават самым геніяльным, немагчыма. Да таго ж ягоная крытыка грамадства не абмяжоўвалася толькі крытыкай рэлігіі. Моцны ўплыў на светапогляд Лышчынскага зрабіла утопія Кампанелы «Горад сонца», нават у некаторых фармальных пунктах. У тэстаменце, які фігураваў на судзе, адзначалася, што Лышчынскі жадае, каб пасля смерці яго спалілі, а на вогнішчы паставілі камень з эпітафіяй. У «Горадзе сонца» чытаем: «Целы памёрлых не хаваюцца ў зямлю, а, каб пазбегнуць пошасці, спальваюцца і ператворваюцца ў агонь, высакародную і жывую стыхію, якая зыходзіць ад сонца і да яго вяртаецца. Гэтым выключаецца магчымасць ідалапаклонства».

Большую значнасць, зразумела, набылі сацыяльныя погляды Лышчынскага, якога абвінавачвалі і ў тым, што ён жадаў «мець свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без валадароў». Адсутнасць рукапісу не дазваляе меркаваць пра сацыяльную праграму Лышчынскага, але, без сумніву, яго моцна хвалявалі пытанні справядлівасці - і дзяржаўнай, і грамадзянскай, і прыватнай. Вопыт гарадскога суддзі і ваяводскага падсудка (выконваў абавязкі следчага і адваката) даваў яму багата прыкладаў таго, як пануе дужы над слабым, пан - над мужыком, ксёндз - над веруючымі, езуіты - над сумленнем, свавольства - над дзяржаўнымі патрэбамі.

Цяжка ўявіць, як склаўся б далейшы лёс Лышчынскага, калі б сусед і блізкі сябар дзяцінства пан Ян Бжоска не пазычыў у яго сто тысяч талераў. Грошы вялікія, не хапіла 6 адной падводы, каб перавезці такую колькасць срэбраных манет. 3 Бжоскам Лышчынскі разам вучыўся, а ў сталыя гады вьшілі яны разам, мусіць, не адзін штоф гарэлкі, сустракаліся на сейміках, ездзілі адзін да другога ў наведкі, Бжоска тыднямі гасцяваў у Лышчынскага, яны дзяліліся думкамі, пан Казімір, відаць, чытаў сябру свой трактат, і той барзджэй за ўсё пры гэтым не хрысціўся. Адным словам, сяброўства было блізкае. Але ў 1686 годзе Лышчынскі з нейкай сямейнай нагоды папрасіў Бжоску вярнуць пазыку. Той грошай альбо не меў ці не хацеў з імі развітвацца, і ў выніку гэтага нежадання нарадзіўся план хуткай расправы з Лышчынскім.

Родны брат Бжоскі Гедэон з'яўляўся членам езуіцкага ордэна. На гэтай падставе многія даследчыкі будуюць версію аб змове супраць Лышчынскага, якую вьшеставаў ордэн. Наўрад ці яна мела месца. Бо чаго б Гедэон і іншыя езуіты чакалі такі доўгі час: трактат быў напісаны яшчэ ў 1672 годзе, па загаду езуітаў Бжоска мог выкрасці яго ў кожны момант. Так што пра змову гаварыць тут не даводзіцца, «рухавіком» паслужыла подласць Яна Бжоскі. Ен меў хітры розум і прадбачыў усе вынікі, да якіх прывядзе данос аб атэізме крэдытора. Але галаслоўны нагавор нічога не вырашыў, для інквізіцыйнага суда патрабаваліся яўныя, рэчавыя доказы. I вось пан Бжоска прыязджае да суседа гасцяваць, сядзіць за сталом, п'е, ухваляе здольнасці гаспадыні і адукаванасць дачкі пана Казіміра, а ў зручную хвіліну ці ўначы выкрадае 15 сшыткаў яго трактата і кнігу вядомага пратэстанта Альстэда «Натуральная тэалогія», на палях якой Лышчынскі зрабіў шмат памет небяспечнага для сябе зместу: «Мы, атэісты, так думаем», «Выходзіць, што бога няма» і г. д. Да выкрадзенага Бжоска дадаў свой цытаваны вышэй «Маніфест аб атэізме Лышчынскага» і конна, наўскач, адамчаў гэтыя матэрыялы віленскаму біскупу Бжастоўскаму. Той, пэўна, аж ахнуў, калі ўбачыў такі падарунак - выкрыццё атэіста магло быць узнагароджана папам рымскім кардынальскай мантыяй. Да таго ж надарыўся зручны вьшадак узбудзіць рэлігійны фанатызм, скалыхнуць абыякавых, прыстрашыць смелыя галовы.

Бжастоўскі перадаў рукапіс і кнігу ў Віленскі універсітэт на «экспертызу». Там, на тэалагічным факультэце, панурыя універсітэцкія схаласты з паедзенымі мышамі курсамі лекцый, штатныя артадоксы, што прадалі душу за кватэру і малую прафесарскую ўладу, спецыялісты ад афіцыйнага багаслоўя аднадушным галасаваннем прызналі тое, чаго хацелася біскупу - «бязбожжа». Пасля гэтага Бжастоўскі напісаў каралю просьбу на дазвол арыштаваць атэіста. Кароль, не надта думаючы, загадаў віленскаму ваяводзе зняволіць Лышчынскага. Загад неадкладна быў выкананы, і пан Казімір трапіў у віленскую турму.

Неўзабаве адбыўся біскупскі суд, узначальваў які, аднак, не Бжастоўскі, а інфлянцкі біскуп, блізкі сябра і любімец караля Мікалай Паплаўскі. Яму таксама захацелася кардынальскага пурпуру. Сярод абвінавачванняў супраць атэіста фігураваў і наўмысны здзек над касцёлам, што вынікала з тэстаменту, якім Лышчынскі пакідаў дачцы дваццаць тысяч талераў, а царкве аддаваў тры талеры. Абараняцца падсуднаму не далі, выслухаць яго не захацелі, Біскупам не цярпелася накіраваць пераможнае пасланне ў Рым. Пасля непрацяглага пасяджэння быў абвешчаны вырак -смерць праз спаленне.

Можна ўявіць сабе стан Казіміра Лышчынскага, калі яго вярнулі ў турэмную камору. Заставаліся лічаныя гадзіны жыцця. Спадзявацца на літасць касцёла не прыходзілася. Біскупы прагнулі крыві, езуіты не маглі дараваць яму выйсця з ордэна і расследавання іхніх грахоў, якое ён праводзіў і абвясціў як спецыяльна прызначаны каралеўскі камісар. Толькі бог уратаваў бы яго ад спалення, але бога, як ён быў перакананы, няма.

Аднак збавенне прыйшло. Якім чынам - варта нагадаць падрабязна. 3 1581 года ў Вялікім княстве Літоўскім дзейнічаў Трыбунал, які разглядаў справы па апеляцыях на прысуды павятовых і гарадскіх судоў, рашэнні адміністрацыі ваяводстваў і паветаў.

Пастановы яго прымаліся на аснове Статута Вялікага княства Літоўскага, сесіі праводзіліся двойчы ў год у Вільні, Наваградку і Менску. Складаўся Трыбунал з 46 дэпутатаў, якія выбіраліся на адзін год на павятовых сейміках - па два прадстаўнікі ад павета. I вось брэсцкі дэпутат падкаморы Пісаржэўскі ад імя шляхты свайго павета абскардзіў прыгавор біскупскага суда на той падставе, што апошні не мае законнай сілы, бо парушае артыкулы Статута, а менавіта той закон Вялікага княства Літоўскага, які забараняе разглядаць справу шляхціча ў духоўным судзе. Пісаржэўскі абвінаваціў біскупаў у жаданні ўвесці ў княстве іспанскую інквізіцыю. Да пратэсту далучылася разлютаваная шляхта; можа не так ужо яна хвалявалася за Лышчынскага, як не магла пагадзіцца, каб біскупы парушалі яе вольнасць. Да таго ж шляхта хоць і была рэлігійнай, аднак з пагардай ставілася да езуітаў. Літоўскі Трыбунал знайшоў пратэст справядлівым і адмяніў прысуд. У той жа момант дзверы турмы расчыніліся, і Лышчынскі выйшаў на волю.

Цяпер не магло супакоіцца каталіцкае духавенства. Здабыча выслізнула з рук, а разам з ёй развейваліся мары пра кардынальскія мантыі і іншыя аддзякі. У дадатак выратаванне Лышчынскага пагражала выбухам вольнадумства. I ўвогуле біскупы не збіраліся цярпець такую гулкую аплявуху ад Трыбунала, гэта значыць ад усёй шляхты.

Таму падвучаны Бжоска, для якога нечаканае збавенне былога сябра сталася большай бядой, чым для ўсіх іншых, адвёз свой «Маніфест» і рукапіс выкрадзенага трактата на Гродзенскі сейм. Туды быў выкліканы і Казімір Лышчынскі, прысутнічаў таксама кароль Ян Сабескі. Дарэчы, апошні меўся вырашыць тут вельмі важную для сябе справу - правесці пастановай абранне сына, каралевіча Якуба, наступнікам на трон. На той момант аўтарытэт пераможцы туркаў пад Хоцінам ужо падаў у вачах шляхты. Яму не маглі дараваць няўдалы паход у Малдавію, на ўкраінскіх землях яго неўзлюбілі за «Вечны мір» з Расіяй 1686 года, па якому Кіеў адыходзіў да Масквы. Памылкай Сабескага лічылі і прызначэнне кардыналам Польшчы маладога Міхала Радзіеўскага, чый бацька быў на баку шведаў падчас «патопу». Праціўнікі караля даводзілі шэраговай шляхце, што Сабескіх нельга пускаць на трон, бо бог не даў ім для гэтага патрэбнага розуму: палкоўнікі, гетманы з іх нядрэнныя, але ж палкоўнічы буздыган не можа замяніць галавы. Адным з зацятых ворагаў караля быў віленскі ваявода Казімір Сапега, які хацеў аддзялення Вялікага княства ад Польшчы, каб паставіць на чале княства свой род. Зразумела, што яго падтрымоўвала ўся шляхта, якая жыла на падначаленых ваяводзе землях. Бо шляхціч, хоць і лічыўся вольным чалавекам, роўным у правах з Сапегамі і Радзівіламі, адчуваў сябе такім толькі перад сялянамі, ад Сапегі ж ён залежаў не менш, чым мужык ад яго. На сеймы Казімір Сапега і іншыя магнаты прыязджалі з сотнямі, а то і з тысячнымі атрадамі гайдукоў; яны мелі па некалькі тысяч войска, часта больш, чым трымаў кароль. Апроч віленскага ваяводы ў Сабескага і каралевіча быў яшчэ адзін моцны супярэчнік - жонка Сабескага, славутая каралева Марысенька, якая прыходзілася Якубу мачахай. Яна актыўна інтрыгавала супраць каралевіча, і мела тут багата прыхільнікаў.

Галоўнай зброяй, што процістаяла каралеўскім ініцыятывам і жаданням, з'яўляўся прынцьш «Liberum veto» («ліберум вета» - «вольнае забараняю»). Да сярэдзіны XVII стагоддзя рашэнні сейма прымаліся простай большасцю галасоў, але пачынаючы з 1652 года сейм стаў залежаць ад волі кожнага дэпутата. Дастаткова было хоць аднаму крыкнуць: «Забараняю!» - і патрэбная пастанова правальвалася. Тое ж рабілася і на павятовых сейміках, дзе зацвярджэнне рашэння часам ператваралася ў сапраўдныя баі на шаблях. У мемуарнай літаратуры сустракаецца шмат апісанняў такога гвалту: крыкуноў добра асаджвалі кулакамі ці выкідвалі на вуліцу, але тыя, крыху акрыяўшы, зноў з'яўляліся, зноў гучала «Забараняю», пакуль хтосьці нецярплівы не выхопліваў шаблі. На вальных сеймах, дзе спрачаліся паміж сабой магнацкія групоўкі, заўжды гінула па некалькі чалавек, а параненых дык і не лічылі.

Гродзенскі сейм, на якім біскупы меліся дамагчыся смяротнага прысуду Лышчынскаму, сарваў віленскі харунжы Дамброўскі, вядомы як чалавек Сапегі. Зачэпкай паслужыла неасцярожнасць караля: ён пасадзіў сына з левай рукі - як наступніка, хоць пра гэта яшчэ не гаварылі. Дамброўскі выкрыкнуў «Забараняю!», а потым растлумачыў, што кароль парушыў закон рэспублікі - у Рэчы Паспалітай улада выбарная, а каралевіч Якуб не мае заслуг, каб сядзець перад сеймам нароўні з бацькам. Нехта з каралеўскіх прыхільнікаў памкнуўся рубіць харунжага, тады сапегавы людзі пацягнулі з похваў свае шаблі - але ўсё абышлося ціха, сейм не адбыўся.

Лышчынскаму гэты ўчынак Дамброўскага падараваў год жыцця. Хоць, магчыма, калі б справу аб атэізме брэсцкага падсудка разглядаў гродзенскі сейм, ён наўрад ці вынес бы смяротны прыгавор. Касцёл не паспеў арганізаваць свае правераныя кадры, яшчэ не сыходзіла з вуснаў перамога Трыбунала над біскупамі, яшчэ не спрацавала інтрыга папскага нунцыя, у Гродна з'ехалася шмат мясцовай шляхты рознага веравызнання, і сама атмасфера ў горадзе склалася іншая, чым у Варшаве, бо і касцёлаў тут было менш, і езуіты не мелі патрэбнай падтрымкі ад насельніцтва.

Лышчынскі вярнуўся ў Маркаўшчызну з надзеяй, што справа заглохне. "Усё ж ён улічыў урокі віленскага суда і, засцерагаючы сябе, правёў некалькі падкрэслена набожных акцый - схадзіў на споведзь, прыняў прычасць, даў пэўную суму грошай на патрэбы парафіяльнага касцёла, загадаў падрыхтаваць лес на капліцу.

Аднак пра «брэсцкага монстра» не забыліся пакрыўджаныя Трыбуналам біскупы. Год перапынку даваў ім магчымасць добра падрыхтавацца, і яны не ўпусцілі яе. Бжастоўскі і Паплаўскі перадалі справу ў сеймавы суд, які адпаведна Статуту разглядаў самыя цяжкія злачынствы - здраду, ерэтызм, абразу каралеўскай годнасці. На трагічны зыход працэса паўплываў папскі нунцый Кантэльмі. Да ўдзелу ў судзе былі прыцягнуты найбольш аўтарытэтныя і адораныя прадстаўнікі польскай каталіцкай царквы - кіеўскі біскуп Андрэй Залускі, набыўшы вядомасць як найлепшы тагачасны красамоўца царквы, архібіскуп львоўскі Канстанцін Ліпскі, полацкі біскуп Станіслаў Вітвіцкі. Прычыніўся да расправы і прымас каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай Міхал Радзіёўскі. Усё гэта былі звыклыя да раскошы і ўлады, вопытныя ў інтрыгах і шантажы, ганеннях на дысідэнтаў людзі. Андрэй Залускі, апроч усяго іншага, спадзяваўся, што судовы працэс над бязбожнікам паспрыяе яму ў пераходзе з кіеўскага біскупства на больш даходнае і бяспечнае. Кіеў, як ужо адзначалася, адышоў да Расіі і, зразумела, праваслаўная царква павяла шырокі наступ на каталіцкія парафіі, падуладныя Залускаму. Гэта адбілася на грашовых паступленнях, і ніхто не мог гарантаваць, што які-небудзь казак на добрым падпітку не ўзгадае крыўды мінуўшчыны і не знясе яго мосці біскупу галавы з плеч.

Варшаўскі сейм распачаў пасяджэнні 17 снежня 1688 года. За два месяцы ён нічога не зрабіў: групоўкі Паца і гетмана Вялікага княства Казіміра Сапегі не знайшлі агульнага рашэння па ніводнаму пытанню. Скарыстаўшы гэтыя спрэчкі і сваркі, біскупы дамагліся ад караля і рады дазволу на арышт Лышчынскага. Кароль наіўна спадзяваўся, што справа «аб атэізме» з'яднае дэпутатаў сейма. Блізкі сябра Лышчынскага брэсцкі земскі пісар Людвік Пацей прапанаваў судзіць яго ўсім складам сейма, што давала магчымасць скарыстаць «ліберум вета»». Не згадзілася на гэта біскупскае крыло, і таму вырашылі, што справу будзе весці сеймавы суд. 15 лютага перад дэпутатамі і судом выступіў інстыгатар Вялікага княства Літоўскага Шыман Куровіч. Вось некалькі паказальных урыўкаў з той вялізнай прамовы:

«Я абвінавачваю яго (Лышчынскага - К. Т.) у тым, што ён адважыўся на 265 старонках не толькі паказаць пана бога як неіснуючае стварэнне фантазіі, сляпую вьшадковасць і скінуць яго з надзвычайнай і недасягальнай вышыні, але і асмеліўся прьшісаць уладу і кіраванне зямлёй і небам натуральнай прыродзе; самога ж пана бога азначыў выдумкай, пачварай, пустой святасцю, чалавечым стварэннем, існасцю, створанай у марах, не маючай быцця, а тых, якія вераць у бога, назваў рабамі бажаства, ідалапаклоннікамі, стваральнікамі бога; настаўнікаў жа святой каталіцкай веры, багасловаў - рамеснікамі пустазвонства, паўзунамі, невідушчымі, якія лгуць, што нібыта бачаць у цемры, называючы іх не настаўнікамі, а спакуснікамі, не філосафамі, а падманшчыкамі, абаронцамі бязглуздасці, памылак, састарэлых хітрыкаў. Ен бязбожна абражаў іх, пяром самога д'ябла пісаў бясконцыя блюзнерствы супраць прасвяцейшай тройцы, божага ўсаблення, паўстання з мёртвых. Кнігу сваю, напісаную дагматычна, з дапамогай сілагізмаў, супраць наяўнасці і існасці бога такімі словамі скончыў уласнай рукой: «Такім чынам, бога няма»... Давялі Лышчынскага да гэтага язычніцкія сафізмы, чытанне твораў, забароненых божай царквой і выдадзеных недзе за морам рознымі атэістамі ў пякельнай друкарні з удзелам самога Люцыфера. Ен да таго начытаўся гэтых кніг, што звар'яцеў, бо разумеючы мала, жадаў пазнаць шмат, але не спыніўся на тым, што сам стаў бязбожным атэістам. Яго варожасць супраць бога ўзрастала, бо такую асаблівасць мае адступніцтва, яно ідзе ўсё далей...

Ен спустошыў неба, засяліў месца жыцця бога хімерамі, разумныя і бессмяротныя людскія душы параўнаў са свінскімі; зблытаў і змяшаў парадак кіравання ўсім светам, прызначаны самім панам богам у выглядзе такіх розных класаў, улад і манархій, жадаючы мець свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без валадароў, касцёл без ксяндза, капітолій без суддзі; сумленныя шлюбныя сувязі і дзявочы сорам ператварыў у адну прыродную сабакарню свабоднай сувязі і дазволіў усякае кровазмяшэнне як натуральны закон...

Ен вінаваты ў абразе божай велічы, здрадзе і змове супраць бога, павінен ў блюзнерстве, абразе вашай каралеўскай вялікасці, бо крыўда бога распаўсюджваецца і на ягонага намесніка, павінен перад хрысціянскай Рэччу Паспалітай, у якой святыя нашыя продкі ў касцёлах агалялі сваю зброю падчас чытання Евангелля з тым, каб паказаць і абвясціць, што за бога і святую веру гатовы памерці. Ен вінны больш, чым у бацьказабойстве, бо забіў агульнага айца неба і зямлі, з-за чаго здрыганулася сама смерць, прызначаная для выкуплення чалавечых грахоў богам... О лютая і шалёная злосць супраць бога, ты сабе ўжо лішак дазволіла, мяжу свайго азлоблення перайшла, бо колькі сшыткаў - столькі зарадаў, колькі чарніла - столькі пораху, колькі сказаў - столькі куль, адным словам, колькі слоў - столькі абраз выстралена па пану богу! I таму не мне мелася стаяць на гэтым месцы, а святому Міхаілу і, узнёсшы двухбаковавостры меч над галавой атэіста, выгукнуць: «Хто, як не бог?», каб адразу не стала ні атэіста, ні справы...».

Лышчынскі, выступаючы ў адказ, перавялічыў у сваёй прамове рацыянальных доказаў. Дэпутаты, што прывыклі да мыслення простымі вобразамі, да эстэтыкі касцёльных пропаведзяў, не выказалі спрыяльных эмоцый. Тады Лышчынскі папрасіў адвакатаў. Яму былі прызначаны два - Ілевіч і Вітакоўскі. Дзякуючы іх намаганням свецкія дэпутаты сталі схіляцца да мяккага прысуду. Біскупы пачалі інтрыгаваць, не абышлося без хабару, подкупу, пагроз. Нарэшце да суда і дэпутатаў звярнуўся красамоўца Андрэй Залускі. Есць сэнс прывесці выняткі з ягонай прамовы, каб уявіць сабе характар, логіку, вобразнасць тагачаснай суровай пропаведзі:

«Баіцца дух уведаць, язык вымавіць!

Найяснейшы кароль, слязьмі абліваю няшчасце нашай айчыны, што нарадзіла такога монстра! Больш страшэннага монстра і сама Афрыка не народзіць! Бядую і аб тым, што разглядаем справу, ад якой разбурыцца можа ўся прырода! Жылі на свеце такія, хто лічыў богам сонца, і тады ноч яны праводзілі без бога. Жылі на свеце і такія, хто лічыў богам месяц, і тады ў іх не было бога ўдзень. Але тут перад намі нешта ў сто разоў горшае - тут розум, які адмовіў усе дагматы! Такія ясныя ўсім дагматы, адпаведна якім усё, што нас атачае, што мы бачым і чуем, створана богам і служыць сведчаннем яго быцця! Устае кожны дзень сонца, каб нам свяціць! Зямля, па якой мы ходзім, корміць нас: гэтая агульная наша маці ў дзесяць разоў вяртае нам хлеба, які мы ёй увесну давяраем. Паветра дае нам птушак, вада - рыб. Уся прырода толькі тым і занята, каб утрымліваць нас, каб мы памнажаліся і жылі ў дастатку. Як жа такія багацці і дарункі не маюць аўтара? Як жа гэтыя розныя праявы не маюць агульнага пачатку? Адмаўляе іх не сляпата вар'ята, адмаўляе пачварная дзёрзкасць! А мы моўчкі цярпім!

Гадоў дваццаць таму назад, калі я быў у Парыжы, там, у касцёле Натр-Дам, нейкі пратэстант ударыў каталіцкага святара падчас мшы. Дык увесь Парыж два тыдні смуткаваў, пасціўся і адмольваў грэх. А ў нас не ксяндза, які прыносіць ахвяру, ударылі, а самога бога адымаюць! Усё лепшае, што пан бог для нас ласкай сваёй зрабіў, усё святое, што ў душах чалавечых прарасціў, названа вось гэтым монстрам не божай, а хімерычнай вытворнай! Як пакараць вінаватага? Дарэмна мы станем шукаць пакаранне ў законах і ў старым звычаі; нідзе не знойдзем мы правілаў для пакарання атэіста, бо не ведала іх яшчэ чалавецтва. Атэізм - злачынства горшае, чым забойства, разбой, рабунак, крадзеж, гвалт, ерась і падобныя ім, якія ведае крымінальнае права! Таму і больш суровага, чым забойства, разбой, ерась, патрабуе пакарання! Глядзіць на нас са здзіўленнем увесь свет, глядзяць усе народы: калі ж монстр выкажа раскаянне і адрачэцца? Але не жадае ён асэнсаваць свае злачынствы, ірвецца на волю, і дабрыня наша гатова яго вьшусціць. Толькі баюся, што гэты з кароткай памяццю і неўдзячным сэрцам чалавек да таго, ад чаго сам і з дапамогай адваката адмаўляецца, зноў вернецца. I тым мацней загіне сам і другія душы загубіць! I таму завяршаю сваю прамову такімі словамі: законы патрэбна выконваць, суровасць трэба ўзмацняць!>

У апошні дзень лютага сеймавы суд вынес прыгавор - спаленне на агні. Супраць выступілі толькі трое дэпутатаў: пісар брэсцкі Людвік Пацей, пісар літоўскі Андрэй Гелгут і кашталян брэсцкі, ваявода смаленскі Стэфан Песячынскі. Усе іхнія довады і спасылкі на словы Хрыста «Не хачу смерці грэшніка, але хачу, каб жыў і абараціўся» - засталіся непачутымі. Біскупы прагнулі напіцца крыві. Яны здзекліва даводзілі, што выконваюць тэстамент атэіста - ён будзе «спалены пры дарозе», без пахавання ў зямлю. Адначасна сярод цёмнай масы веруючых распаўсюджваліся пагалоскі, быццам менавіта з-за атэізму Лышчынскага на Рэч Паспалітую вьшалі ўсе тыя няшчасці, якія яна спазнала ў апошнія дзесяцігоддзі. Усё дрэннае ў дзяржаве абвяшчалася вынікам божай крыўды на Рэч Паспалітую за тое, што цярпела на сваёй зямлі монстра-атэіста.

Пасля суда Лышчынскі адседзеў у турэмнай каморы яшчэ месяц. Тут наведаў яго Залускі, тут біскупы ўгаворвалі яго прылюдна раскаяцца, каб ужо атрымаць і поўную маральную перамогу. Але Лышчынскі адмовіўся. У апошнія дні жыцця ён абдумваў свой лёс і, безумоўна, разумеў, у шэраг якіх людзей выводзяць яго падзеі. Кожны хоча жыць - гэта закон прыроды. Памятаў Лышчынскі і ўзнёслае выказванне Марсіліа Фічына: «Чала век народжаны царстваваць, ён зусім не можа цярпець рабства». Высокая ідэя была ў гэтых словах, але жыццё пярэчыла ім. Мільёны людзей цярпелі прыгнёт і рабства і самі станавіліся забойцамі тых, хто намагаўся даць ім зрок і вывесці з цемры. Не мог Лышчынскі ў свае бясконцыя гадзіны чакання смерці не ўспомніць велічную постаць Яна Гуса, спаленага царквой у 1415 годзе, і ягонага паслядоўніка Ераніма Пражскага, гэтак жа пакаранага трыма гадамі пазней на тым самым месцы, Джардана Бруна, выданага прыяцелем і пасланага на агонь, Лючыліа Ваніні, спаленага ў Тулузе 9 лютага 1619 года. Лышчынскаму абвясцілі смяротны вырак таксама ў лютым, роўна праз семдзесят гадоў пасля смерці Ваніні. Нічога не змянілася ў ідэалогіі царквы за гэтыя дзесяцігоддзі. Пра лёс Ваніні Лышчынскі, відаць, прыгадваў найчасцей. Бо італьянскага мысліцеля таксама абвінавацілі ў атэізме, і тое, як абышлася царква з ім, чакала і Лышчынскага. За хвіліну да смерці Ваніні сказаў натоўпу тулузцаў: «Не існуе ні бога, ні д'ябла! Бо калі б бог быў, я прасіў бы яго аб тым, каб ён ударыў сваёй маланкай у гэтае несправядлівае і агіднае начальства. А калі б існаваў д'ябал, я б памаліўся на яго, каб пекла паглынула гэтае судзілішча. Але я гэтага не зраблю, бо ні бога, ні д'ябла няма!» Гэтаму мужнаму чалавеку выдралі язык, а потым жывога спалілі. Тое ж кардынал, біскупы, запужаныя і падкупленыя дэпутаты прысудзілі і Лышчынскаму.

30 сакавіка 1689 года прысуд быў выкананы. На плошчы Старога Мяста сабраўся шматтысячны натоўп. Пад вартай з маршалкоўскай турмы прывялі Лышчынскага. На яго пасьшаліся абразы, лаянка, праклёны - прыбітыя прымхамі людзі на імгненне адчулі сябе гаспадарамі чужога жыцця. Спачування, якому вучыў Хрыстос, ніхто не выказаў, а хто і хацеў выказаць, дык пабаяўся, што раз'юшаны натоўп яго заб'е. Лышчынскі ўзышоў на памост, дзе чакаў яго кат. Як адбывалася пакаранне, у сваіх успамінах занатаваў біскуп Залускі: «Спачатку наздзекаваліся над языком і вуснамі (гэта значыць вырвалі абцугамі - К. Т.), якімі ён абражаў бога, потым спалілі рукі - гэтую найшкаднейшую прыладу, затым блюзнерскія паперы, нарэшце, ён сам, гэты монстр стагоддзя, аказаўся ахоплены ачышчальным полымем». Аднак тут ёсць недакладнасці. Перад тым як паслаць на агонь, Лышчынскаму адсеклі галаву, што было каралеўскай ласкай да яго, якая ўлічвала шляхецкае паходжанне пана Казіміра са старажытнага роду герба «Корчак». Потым цела вывезлі за горад і там спалілі. Попел засьшалі ў пушку і выстралілі. Але гэты стрэл, які павесяліў езуітаў, стаў для іх хутчэй пахавальным. Праз восемдзесят гадоў сейм вынес рашэнне: езуіцкі ордэн у Рэчы Паспалітай забараніць, а маёмасць, вялікія зямельныя ўладанні канфіскаваць.

Атэізм Лышчынскага, шырока вядомы, можна думаць, у асяроддзі брэсцкай шляхты, не меў, аднак, такіх формаў, якія хоць каго-небудзь сур'ёзна раздражнялі. Трактат, напісаны лацінскай мовай, не хадзіў па руках. Так што інстыгатар на трыбуне сеймавага суда ў Варшаве стварыў міф, насычаны спекуляцыямі на догмах рэлігійнага мыслення. Хутчэй за ўсё яго эмоцыі супраць «брэсцкага монстра» вынікалі з прафесійнага абавязку. Наогул на тым судзе ідэалогія панавала над сумленнем. Працэс быў палітычным, гэта зразумела. Але ён стаўся першым палітычным працэсам на нашых землях ці, лепш сказаць, у нашай дзяржаве. Сцэнарый яго, дапрацаваны пасля няўдач на віленскім царкоўным судзе і гродзенскім сейме, з'явіўся ўзорным для распраў з праціўнікамі на ідэалагічных падставах.

Сённяшняга чалавека трагічная постаць Лышчынскага цікавіць не толькі распрацоўкамі атэістычнай думкі, тым больш, што філасофская спадчына мысліцеля захавалася выключна ў інтэрпрэтацыях. Нашага сучасніка болей уражвае дакладная паралель паміж тым працэсам і працэсамі трыцдатых гадоў над «ворагамі народа». Здаецца, суддзі сталінскай загартоўкі карысталіся езуіцкай схемай і лексікай з XVII стагоддзя. Лышчынскі не распаўсюджваў свой трактат - яго асудзілі за смеласць свабоднага мыслення. Індывідуальную думку абвясцілі пагрозай існаванню дзяржавы і добрабыту народа. Выхад з ордэна езуітаў атрымаў трактоўку варожай акцыі супраць пануючай ідэалогіі і дзяржаўных інстытутаў. Тое ж інкрымініравалася ў трыццатыя гады былым членам усіх партый, апроч ВКП(б), і фракцыянерам у самой партыі. Неабходны псіхалагічны націск знізу - «воля і жаданне народа» - і трыста гадоў назад і ў нашым стагоддзі забяспечваўся праз наўмыснае распаленне фанатызму, цынічнае выкарыстанне безадказнасці натоўпу. Забойства ерэтыка тлумачылася як ачышчэнне грамадства ад «монстраў», як перамога добрых сіл над злымі. Раней пад гэтым разумелі перамогу над прошукамі д'ябла, у трыццатыя гады «злымі сіламі» стала «нацдэмаўшчына» і да т. п.

Жорсткасць сталіншчьшы мае глыбокія гістарычныя карані. У XVII стагоддзі езуіты і ўсе іншыя рэлігійныя арганізацыі набівалі людскія галовы рэлігійным начыннем, у трыццатыя гады ідэалагічныя органы насычалі наша насельніцтва ідэямі камуністычнага выраю. Прынцьшовай розніцы тут не існуе. Галоўная «віна» Лышчынскага - мужнае іншадумства. Галоўная спружына судовага працэсу над ім - зацятая барацьба афіцыйных ідэолагаў, рэпрэсіўных інстытутаў супраць ідэі дысідэнцтва. Рэальны падмурак такой барацьбы з вольнай думкай - боязь страціць уладу і, галоўнае, звязаныя з ёй прывілеі.

Смерць Казіміра Лышчынскага, як усялякая несправядліва прызначаная чалавеку пагібель, абудзіла грамадскае сумленне і выклікала, дакладней, уваскрэсіла пераможную езуітамі ідэю талерантнасці, памножыла лік прыхільнікаў гэтай ідэі, што пакрысе ўводзілі яе ў культурны ўжытак, фармуючы новую філасофію, новую літаратуру, новае мысленне. Тое ж перажывае наша грамадства, азіраючыся на мільёны ахвяр таталітарнага рэжыму. Хоць усе мы прызвычаіліся гаварыць пра неабходнасць асэнсоўваць урокі гісторыі, на самай справе вучыцца на ўроках мінуўшчыны мы ці няздольныя ці не надта любім. Паўтарэнне трагедый, рэгулярныя паляванні «на ведзьмаў», пагоні за дысідэнтамі сведчаць пра нашу тупасць у гэтай навуцы.

Постаць Лышчынскага, які з адсечанай рукой, вырваным языком ператворваўся ў вуголлі на вачах раз'юшанага натоўпу, засцерагае чалавецтва ад бяздумнай веры ў ідалаў, ад ваяўнічай нянавісці да іншадумцаў.



..Заезная карчма

Пасля смерці Яна Сабескага і напружанага змагання паміж сабой магнацкіх груповак на трон Рэчы Паспалітай быў абраны саксонскі курфюрст (электар саскі) Аўгуст. Ён наўмысна перайшоў у каталіцтва, правёў мудрагелістыя інтрыгі супраць іншых прэтэндэнтаў - сыноў Сабескага і французскага прынца Канці - і перамог, што каштавала яму значных выдаткаў. Упершыню польскім каралём і вялікім князем літоўскім стаў немец. Элекцыйны сейм адбыўся ў 1697 годзе, і наступныя сем дзесяцігоддзяў вядомыя ў гісторыі Польшчы, Беларусі і Літвы як «саскія часы» - перыяд паступовага заняпаду федэратыўнага гаспадарства. Новы кароль нічога не зрабіў, ды і не надта хацеў рабіць дзеля захавання, і тым болей дзеля ўзмацнення дзяржавы. Яго ідэалам пануючай асобы быў Людовік XIV, інакш кажучы, Аўгусту падабалася неабмежаваная манархія накшталт французскай. Але Рэч Паспалітая з'яўлялася шляхецкай рэспублікай, дзе кароль лічыўся першым з роўных і ніводнае яго рашэнне не набывала сілы без згоды сейма. Апошні ж стаяў за ахову так званых шляхецкіх вольнасцей, дзякуючы якім Рэч Паспалітая разбуралася, літаральна, на вачах. Кароль не меў рэальнай улады, Карона і Княства, магнацкія суполкі не мелі адзінства, дзяржава ператварылася, па сутнасці, у кангламерат буйных і дробных уладанняў, якія вялі бясконцую міжусобную вайну, вельмі падобную на міжусобіцы XII стагоддзя; рэгулярнае моцнае войска адсутнічала, а тыя палкі, што лічыліся рэгулярнымі, паводзілі сябе барзджэй як заклятыя ворагі народа і краіны, чым як ягоныя абаронцы. У якасці прыклада можна прывесці тут некалькі радкоў са скаргі крычаўскага жыхарства на харугву гетмана Вялікага княства Юзафа Слушкі: «Перш за ўсё ў самым Крычаве, у хаце Дзмітра Карпача, бурмістра, бачылі яго збітага нялітасціва кіямі, абухамі, шаблямі, крывёю сцёкшага, сіняга, спухлага; з барады і галавы валасы дашчэнту вырваны. Аглядалі бацьку Васіля Цітовіча, таксама вельмі хворага, на ложку ледзь жывога, збітага, скрываўленага, з вачыма крывёю сцёкшымі, з галавой параненай, валасамі павырыванымі... У Крычаве бачылі сто пустых хат, з якіх гвалтоўна былі выгнаны мяшчане-рамеснікі. У вёсцы Вепрын бачылі двух халопаў Рафея і Міхала, якія салдатамі пана Коркуця былі збітыя, скалечаныя, зраненыя. Яны ляжалі ўжо на смяротным ложы. У тым жа Вепрыне два халопы Пётр і Восіп жаўнерамі паноў Кулакоўскага і Скрэтуцкага на смерць збітыя. У вёсцы Баханы хат пустых дзевяць бачылі. У вёсцы Воранава аглядалі трох халопаў Анапаса, Юрку, Грышку, збітых, зраненых, скалечаных амаль да смерці. Іншыя жыхары гэтай вёскі паразбягаліся, і хаты пустыя пасля іх пазаставаліся. У вёсцы Міхеевічы бачылі халопа Дубіну, зраненага: на ім знайшлі тры раны ад удараў шаблямі. Войт з жонкай у гэтай жа вёсцы былі скалечаны салдатамі пана Квінты. "У вёсцы Відуйцы халопа Сямёна, у вёсцы Асада войта Тупіцу, у вёсцы Карбовічы войта Паўла Аляёнка з жонкай бачылі жорстка збітых, скалечаных, зраненых, спухлых, ледзь жывых. Па ўсіх названых вёсках аглядалі нямала хат пустых, з якіх людзі падчас кватаравання жаўнераў вымушаны былі разысціся, не сцярпеўшы гвалтаў і мардавання. Такія ж пусткі і ў іншых вёсках, якіх і пералічыць цяжка, бачылі. Аглядалі таксама шмат млыноў і ставаў зруйнаваных, корчмаў спустошаных...»

I так паўсюдна: кватаруецца харугва - маліся Богу, каб не забілі. Адной з падстаў дзікунства была дрэнная вайсковая арганізацыя - адсутнічалі казармы, скарб не меў грошай на вьшлату жалавання, пана вала беспакаранасць. Ні «патоп», ні «казацкія» войны, ні вялізныя страты тэрыторыі не прымусілі магнатаў і шляхту ўзяцца за розум, разважыць пра бліжэйшую будучыню гаспадарства. Рэч Паспалітая жыла, як у сне, не жадаючы бачыць небяспечнае ўзрастанне магутнасці найбліжэйшых суседзяў. Дзяржава нават не магла збіраць неабходныя падаткі, бо не хапала вайсковай сілы, каб прымусіць магнацкія фаміліі да законных абавязкаў, тым болей, што тыя рознымі шляхамі дамагаліся прывілеяў на беспадаткавае жыццё. Такія пытанні вельмі хвалявалі сярэднюю і дробную шляхту на сейміках. Напрыклад, Гродзенскі павятовы сеймік выказаў сваім паслам наступнае патрабаванне:

«Паслы павінны настойваць, каб назаўжды былі прызнаны несапраўднымі распараджэнні канцылярыі яго мосці пана гетмана аб вызваленні ад падаткаў асобных магнацкіх уладанняў, добрых для адных і цяжкіх для другіх, дзеля таго, каб магнаты аднолькава плацілі дзяржаўныя падаткі, бо не павінна мецца няроўнасці паміж роўнымі, каб безумоўна пазбаўляліся льготаў, якія ў розны час іх мосці атрымалі».

Вызваляў ад падаткаў і кароль Аўгуст, адшукваючы прыхільнікаў, бо пэўны час песціў ідэю дынастычна замацавацца хоць бы ў Вялікім княстве, куды ўводзіў свае саксонскія палкі. Але тут былі і мясцовыя прэтэндэнты -Сапегі, для супрацьдзеяння якім шляхта стварыла канфедэрацыю так званых «рэспубліканцаў». Развіццё падзей прывяло да хатняй вайны. У 1695 годзе з Сапегамі пасварыўся Караль Радзівіл, канцлер Вялікага княства. Яго ўласная міліцыя заняла Капыль і Раманаў, што належалі Сапегам. Тыя сабралі свае войскі і выбілі радзівілаўцаў. Пакрысе варожасць набірала сілу. У красавіку 1700 года, калі Радзівіл, а разам з ім Міхал і Януш Вішнявецкія вярталіся з пасяджэння Трыбуналу, на іх напалі людзі гетмана Казіміра Сапегі і ў сутычцы паранілі шаблямі. Як палкоўнік Наваградскага палка Радзівіл сабраў павятовую шляхту і заклікаў абараніць вольнасці ад Сапегаў. 3 гэтай мэтай ён выставіў за свой кошт тры харугвы цяжкай конніцы, харугвы татараў і гусараў, дзве харугвы случакоў і полк пяхоты. Да іх далучыліся Агінскія, Вішнявецкія, Пацы, Пацеі, Коцелы і дробная шляхта. Усе з'ехаліся пад Ашмяны, войска, якое налічвала 20 тысяч, узначалілі Вішнявецкі і Коцел. Сапегі сабралі свае сілы, прычым ў іх было 9 тысяч наёмнікаў.

Усё пазнаецца ў параўнанні. Як вядома з гісторыі Паўночнай вайны, 19 лістапада 1700 года пад Нарвай у Эстоніі адбылася бітва паміж шведамі і рускімі. Войска Пятра панесла паражэнне. Цар біўся за выйсце да Балтыйскага мора; у антышведскую кааліцыю ўваходзіў і кароль Аўгуст - адзін з ініцыятараў Паўночнай вайны, план якой ён абмяркоўваў з Пятром яшчэ ў 1698 годзе. За некалькі месяцаў да Нарвы польска-літоўскае войска было разгромлена пад Рыгай. Нарва навучыла Пятра сур'ёзнасці; паражэнне пад Рыгай ніяк не адбілася на магнацкім клопаце пра дзяржаўныя інтарэсы Вялікага княства Літоўскага. Бо ў той жа самы дзень, 19 лістапада; 1700 года, здарылася другая бітва, у якой удзельнічала, мусіць, не менш людзей, чым у бітве пад Нарвай. На Віленшчыне каля Алькенікаў, сышліся войскі Сапегаў і канфедэратаў. Жорсткі бой, акружэнне, якое ўдала правёў Агінскі, прынеслі перамогу «рэспубліканцам». Харугвы Сапегаў рассеяліся, многія загінулі, віленскага ваяводу Міхала Сапегу пасеклі. Такім стаўся адказ магнатаў і шляхты свайму «пану-брату», які хацеў верхаводзіць у Вялікім княстве. Братазабойчая сутычка нічога не змяніла і нічога не дала ні краіне, ні народу, толькі моцна знясіліла дзяржаву як раз напярэдадні шведскага наступу. Заможныя «рэспубліканцы, што заклікалі шляхту змагацца за вольнасці, адразу ж пайшлі насустрач жаданню Аўгуста і высунулі праект аддзялення Вялікага княства ад Польшчы, каб стварыць тут спадчыннае каралеўства для Аўгуста і ягонага сына, якому было чатыры гады. Са згоды магнатаў на Беларусь і Літву ўвайшлі саксонскія войскі, увесь цяжар іх утрымання, зразумела, лёг на народ. А з поўначы ўжо рухаліся жалезныя кагорты шведаў. Змінаючы слабы адпор, яны акупіравалі Літву, разрабавалі Гродзеншчыну і пайшлі на Польшчу. Сапегі прынялі бок Карла XII, пэўная частка іх войска стала памагатымі шведаў. У 1702 годзе Караль Радзівіл заклікаў да коннага сейма і ўратавання Вялікага княства ад шведскай навалы. Сапегі арганізавалі сялянскія казацкія загоны, якія ўзначалілі Хмара, Юрэвіч, Більдзюкевіч. Яны біліся з праціўнікамі пад Быхавам і Дуброўнам. Шляхта і войскі Вялікага княства ў адказ рабавалі маёнткі Сапегаў. Канфедэраты падпісалі ваенны саюз з Расіяй, Пётр I паабяцаў ім вайсковую і грашовую дапамогу. Рускае войска ўвайшло на Беларусь. Гэта былі значныя сілы - каля 60 тысяч салдат, падзеленыя паміж Меншыкавым і Агільві. Апошні заняў Гродна, Меншыкаў стаў пад Менскам.

Карл XII здолеў стварыць Вялікапольскую канфедэрацыю, якая абрала антыкараля - Станіслава Ляшчынскага. Шляхта і магнаты, не прыхільныя да шведаў, сфарміравалі

Сандамірскую канфедэрацыю, яе ўзначаліў Аўгуст. Сілы Польшчы і Вялікага княства раскалола двухкаралеўе. У студзені 1706 года шведы аблажылі Гродна, дзе стаяў вялікі гарнізон рускіх. Асада цягнулася тры месяцы, але ў сакавіку рускае войска перайшло Нёман і рушыла да Брэста. 40 тысяч шведаў агнём і мячом прайшлі мясцовасці і гарады, якія належалі прыхільнікам Аўгуста. Быў разрабаваны Пінск, трагічны лёс напаткаў Нясвіж, дзе месціўся рускі гарнізон з двух тысяч казакаў. Горад спаліў яшчэ ў сакавіку палкоўнік Траўтветар, у агні загінула большасць казацкага атрада. Праз кароткі час, разбурыўшы Карэлічы, Мір, Ляхавічы, Клецк, шведы вярнуліся і асадзілі Нясвіжскі замак. Мяшканцы не сталі абараняць яго і здаліся. Вораг вывез з замка ўсе каштоўнасці, узарваў бастыёны, перарыў валы, ператварыў горад і замак у руіны. Тое ж спасцігла і іншыя гарады.

Летам шведы прайшлі маршам Польшчу і разбілі саксонцаў пад Фраўштадтам. Аўгуст, як саксонскі курфюрст, вымушаны абставінамі, замірыўся з Карлам XII. Альтранштацкі мір, заключаны ў верасні 1706 года, абавязаў яго не ўдзельнічаць у антышведскай кааліцыі і прызнаць Станіслава Ляшчынскага сапраўдным і паўнамоцным каралём, што Аўгуст і выканаў.

Засцерагаючы свае маёнткі, большасць магнатаў Беларусі і Літвы стала на бок новага караля. Пацы, Вішнявецкія, Чартарыйскія, Радзівілы схіліліся да саюзу з шведамі. Аднак канфедэрацыя шляхты Вялікага княства, узначаленая польным гетманам Рыгорам Агінскім, далучылася да сандамірскіх канфедэратаў, якія адмаўлялі ўмовы Альтранштацкага міру. Адначасна з Паўночнай вайной працягвалася хатняя, у братазабойчых сутычках дарэмна гінулі людзі.

Замірэнне Аўгуста з Карлам XII дазволіла апошняму скіраваць свае стратэгічныя ўдары на рускіх. Шведскае войска зноў з'явілася на Беларусі. Карл XII планаваў паход на Маскву і адпаведна выбраў маршрут цераз Магілёў. Тут шведы затрымаліся, рабуючы горад і нават цэрквы і касцёлы. 3 царкоўнага серабра Карл XII біў манету для выплаты задоўжанасці войску. Супрацьстаяць рэгулярнай, добра ўзброенай арміі праціўніка харугвы канфедэратаў не маглі. Да бітвы пры вёсцы Лясной шведы не зведалі ніводнага буйнога паражэння. Аднак у верасні 1708 года 12-тысячнае войска Левенгаўпта было ўшчэнт разбіта Меншыкавым, і гэтая перамога абвясціла пералом у ходзе вайны, прымусіла Карла XII адмовіцца ад маскоўскага паходу. Шведы павярнулі на Украіну, як вызначылася праз хуткі час, да сваёй магілы. Саюзнікамі Карла XII выступалі кароль Станіслаў Ляшчынскі і гетман Мазепа. Аднак Ляшчынскі не прывёў войска, а Мазепа, якому здрадзіў палкоўнік Іскра, здолеў арганізаваць толькі дзве тысячы казакаў. 27 чэрвеня адбыўся славуты Палтаўскі бой, што, па сутнасці, вырашыў зыход вайны. Карл XII, паранены, без войска, апынуўся на турэцкай тэрыторыі. Загінуў у 1718 годзе, калі вяртаўся ў Швецыю, пад час перастрэлкі на граніцы. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён стаў ахвярай змовы, бо ваенная палітыка Карла XII зацягнула ПІвецыю ў процьму. Векавыя заваёвы шведаў былі страчаны за два дзесяцігоддзі.

Пасля Палтаўскай бітвы Пётр I вярнуў Аўгусту трон Рэчы Паспалітай і Таруньскім трактатам абавязаў сябе аказваць каралю вайсковую дапамогу. Рускія палкі і канфедэраты канчаткова разбілі прыхільнікаў Ляшчынскага і рэшткі шведскай арміі на Беларусі і Літве. Аднак доўгачаканы мір не надышоў, баявыя дзеянні працягваліся. Пётр I і прускі кароль бачылі для сябе карысць ў раз'яднанні Польшчы і Вялікага княства, і таму падтрымоўвалі абсалютысцкія планы Аўгуста на Беларусі і Літве. Дзеля абароны былых вольнасцяў стварылася канфедэрацыя беларускай і літоўскай шляхты. Аўгуст прывёў саксонскія войскі, канфедэраты вырашылі пазбавіць яго каралеўскага трона. Выратаваў Аўгуста Пётр I, які дабіўся пагаднення паміж варагуючымі бакамі. Гродзенскі сейм 1717 года прыняў рашэнне аб вывадзе саксонцаў з Рэчы Паспалітай. Але адначасна падрываліся абарончыя магчымасці дзяржавы: войска Вялікага княства скарачалася да 6 тысяч чалавек, польскае - да 18 тысяч. Рэч Паспалітая ператварылася ў другарадную, залежную ад волі суседзяў дзяржаву.

Не маючы магчымасці ажыццяўляць самастойны палітычны курс, Аўгуст арганізаваў правакацыю, якая, па яго задуме, мелася прывесці да падзелу Рэчы Паспалітай. У 1724 годзе былі спалены на агні некалькі дысідэнтаў - пратэстантаў. Кароль спадзяваўся, што абурэнне гэтай падзеяй прымусіць пратэстанцкія краіны Еўропы стварыць кааліцыю для падзелу Польшчы, Літвы і Беларусі. Гэта, аднак, не здзейснілася, бо Пётр I бачыў больш карысці ў існаванні слабай буфернай дзяржавы паміж Расіяй і Заходняй Еўропай, чым у набліжэнні прускіх граніц і наогул ва ўзмацненні немцаў.

Паўночная вайна каштавала Беларусі трэцяй часткі насельніцтва. Загінула ў баях, ад гвалту, голаду, эпідэмій каля мільёна чалавек. Уявіць такую лічбу ахвяр немагчыма. Тым не менш так было. Праз паўстагоддзе пасля «патопу» край зноў напаткала разруха гаспадаркі, зноў зарасталі кустоўем палі, абязлюдзелі гарады і мястэчкі, зноў галеча апанавала вёску. Але і гэтая бяда нічога не змяніла ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. У той час як Пётр падаваў прыклад рэфармацыі, Польшча, Літва і Беларусь не маглі нават забараніць права «ліберум вета» на сеймах. Праўда, і Прусія, і Турцыя рабілі ўсё, каб «вольнасць> захоўвалася, бо праз унутраныя інтрыгі і подкуп «ліберум вета»дазваляла зрываць любую разумную прапанову на сейме, што было надзейнай гарантыяй ад перамен. I яшчэ» адна акалічнасць заўжды давала суседзям падставу для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай - пытанне пра іншаверцаў. Прусія «хвалявалася» за пратэстантаў, Расія - за праваслаўных. Уніяты, хоць іх жыло ўжо чацвёртае пакаленне, па-ранейшаму лічыліся рускай царквой і дзяржавай рэлігійнымі ахвярамі.

Пётр I, які не вылучаўся вялікай набожнасцю і сваю павагу да царквы не распаўсюджваў далей таго, што наведваўся туды без парыка, да уніятаў, аднак, ставіўся з вялікай суровасцю. Запальчывасць, імпульсіўнасць, гняўлівасць цара ўвайшлі, так мовіць, у хрэстаматыі. Да таго ж Пётр любіў пачаставаць сваіх сяброў і гасцей гарэлкай, якую лічыў неабходным атрыбутам абеду і вячэры, і тым больш свята. Зразумела, што ў падпітку ён не быў застрахаваны ад благі учынкаў. Такое здарылася з ім, напрыклад, у Полацку. Дзіўнае супадзенне, але цар дабіраўся да войска тым жа шляхам, якім пяцьдзесят гадоў раней ехаў яго бацька Аляксей Міхайлавіч - праз Віцебск і Полацк. Як насустрач цару Аляксею выходзілі праваслаўныя святары, так віталі яны зараз і Пятра. Як пры Аляксею Міхайлавічу віцебскія і полацкія уніяты дрыжэлі ў падпеччы, так адчувалі яны сябе і перад ягоным сынам. I трэба адзначыць, не без падстаў. Пётр прыбыў у Полацк 10 ліпеня - у дзень сваіх імянін. 3 тае нагоды наладзілі святочны абед на кацеры, што стаяў пасярэдзіне Дзвіны. Было тут шмат блізкіх да Пятра афіцэраў, баляваў сярод іх і будучы «рэйхс-маршал» Аляксандр Меншыкаў. А чацвёртай гадзіне, ужо добра пагуляўшы, Пётр і ягоная світа нечакана накіраваліся ў Сафійскі сабор, якім валодалі уніяты. Апрача Сафіі ім належалі пры ёй мужчынскі і жаночы манастыры і Барысаглебскі манастыр у Задзвінні. Неабходна сказаць, што нічога добрага для сябе полацкія уніяцкія святары ад наведання Пятром горада не чакалі, бо некалькі раней, даведаўшыся пра маючы быць прыезд рускага цара, вывезлі з Сафійскай царквы ў Жыровічы раку з астанкамі кананізаванага ў святыя Іасафата Кунцэвіча. Але на адным з алтароў, прысвечаным Кунцэвічу, стаяў абраз з яго выявай.

Пётр з афіцэрамі ўвайшлі ў царкву падчас мшы. Там нікога не было, за выключэннем некалькіх святароў і манахаў. Настаяцель па жаданні цара даваў тлумачэнні аб старадаўняй гісторыі царквы св. Сафіі. Каля алтара з абразом Кунцэвіча уніяцкі поп зрабіў памылку, распачаўшы падрабязны аповяд пра жыццё святога, што відавочна прыводзіла цара ў лютасць. Калі ж вьпадкам поп прамовіў слова «схізматык» - здарылася нечаканае. Пётр выхапіў кінжал і ўдарыў святара. Паслужлівы Меншыкаў у наступны момант секануў шабляй другога. Астатніх уніятаў афіцэры збілі да паўсмерці, аднаго скінулі з хароў. Потым пагром перамясціўся ў манастыры, адкуль насельнікі іх ратаваліся, хто як мог. Дасталося і тым вёскам, што належалі царкве і манастырам. Скарбніца полацкіх уніятаў была канфіскавана, а Сафійская царква, разрабаваная і растрыбушаная, ператворана ў вайсковы склад. Начальнік царскага гарнізона ў Полацку атрымаў загад не прымаць да разгляду скаргі ад уніятаў. Калі тыя звярталіся за абаронай ад гвалту ці рабаўнікоў, ім давалі адзін адказ: «Жальцеся куды захочацца. Хоць свайму папу рымскаму^. Гэткія ж адносіны зведалі уніяты і іншых гарадоў. У прыватнасці, калі Пётр быў у Менску, дык хапіў ліха базыльянскі манастыр і царква св. Духа. Наогул, гады з 1705 - па 1710 сталіся для уніятаў цяжкімі ўдубальт - апроч вайны цярпелі яны і рэлігійны ўціск ад пятроўскіх ваяроў. Многія святары разбегліся і ратавалі жыццё на вёсцы.

Паводзіны Пятра, які распараджаўся тут, як ва ўласнай імперыі, не мелі законных падстаў, паколькі далучэнне Беларусі і Літвы да Расіі не абгаворвалася ніводным дакументам ці рашэннем. Але ў рэальнасці цар мог смела лічыць іх прылучанымі, бо ні ў Вялікага княства, ні ў Рэчы Паспалітай у цэлым не было такой моцы, каб яму супрацьстаяць. Наяўнасць уніяцкай царквы не адпавядала палітыцы Пятра I і ягонаму выхаванню. Ен выказваўся каралю Аўгусту, што на Беларусі і Літве павінны дзейнічаць толькі «ваша і наша царква» (каталіцкая і праваслаўная). Дарэчы, не меншую нянавісць, чым уніяты, выклікалі ў Пятра езуіты. У 1719 годзе цар выдаў спецыяльны указ, які на вечныя часы забараняў ім знаходзіцца ў Расіі. Можна не сумнявацца, што ўласцівыя Пятру энергія і рашучасць прыкончылі б уніяцкую царкву за некалькі гадоў. Але пасля няўдалага Пруцкага паходу, дзе руская армія на чале з царом была разбіта туркамі, Турцыя запатрабавала, каб расійскія войскі пакінулі Вялікае княства і Польшчу, інакш яна распачне ваенные дзеянні. Паколькі Паўночная вайна яшчэ цягнулася, а заваёву Балтыйскага ўзбярэжжа Пётр лічыў справай больш важнай, дык ён вывеў рускія гарнізоны з беларускіх гарадоў. Аднак жах, зведаны уніятамі, пайшоў на карысць не праваслаўнай, а каталіцкай царкве, бо тая частка шляхты, якая яшчэ вагалася ў сваіх рэлігійных сімпатыях, прыняла каталіцтва...

Тут варта засяродзіцца на адным з момантаў асабістага жыцця расійскага цара. У 1705 годзе, у самы напружаны час Паўночнай вайны, Пётр пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай - Кацярынай I. Адносіны гэтых дзвюх асоб заслугоўваюць увагі. Кацярына нарадзілася ў Віцебскім павеце ў красавіку 1684 года. Бацька яе меў прозвішча Сямён Скаўрон. Шматдзетная сям'я належала пану. Інакш кажучы, Кацярына паходзіла з бедных прыгонных сялян. I сапраўднае імя яе, нададзенае бацькам, было іншае - Марта. 3 Марты Сямёнаўны ў Кацярыну Аляксееўну яна ператварылася тады, калі прыняла праваслаўе і стала жонкай цара. Але да гэтага Марту рана аддалі замуж за латгала, напачатку вайны ён пайшоў у войска драгунам і ў хуткім часе загінуў. Маладая ўдава апынулася ў Марыенбургу прыслугай у пастара Глюка. Пасля ўзяцця горада рускімі войскамі трапіла да Шарамецьева, ад яго да Меншыкава, і тут Марту прыкмеціў і закахаўся з першага позірку цар. Ад Пятра яна нарадзіла двух дачок - Ганну і Лізавету, якіх цар узаконіў пасля шлюбу з Кацярынай у 1712 годзе.

Гэта адзіны выпадак у гісторыі, што сялянская дзяўчына з прыгоннай сям'і становіцца жонкай імператара, а ў 1724 годзе і сама атрымоўвае імператарскі тытул. Калі Пётр I сканаў, Кацярына, дзякуючы інтрыгам Меншыкава, села на трон Расійскай дзяржавы. Ей было тады трыццаць дзевяць гадоў. Толькі такі моцны чалавек, як цар Пётр, мог адважыцца на беспрэцэдэнтны крок - абысці ўвагай тысячы каралеўскіх, баярскіх, дваранскіх выхаваных і вытанчаных дачок і ўпрыгожыць каронай былое прыгоннае дзяўчо. Ен выкупіў з прыгону братоў Кацярыны, якія з гаротных Скаўронаў сталі заможнымі графамі Скаўронскімі.

Каханне, зразумела, справа прыватная. Але было і застаецца заўсёды несправядлівым тое, што радасныя, шчаслівыя хвіліны жыцця не натуюцца, не заносяцца ў дакументы, а вось скаргі, крыўды, злачынствы збіраюцца ў архіў, і нашчадкі мяркуюць і судзяць аб мінуўшчыне пераважна па іх. Гэта дэфармуе даўніну і, адпаведна, нашую свядомасць. Мы здаемся сабе лепшымі за папярэднікаў, больш «прагрэсіўнымі» за іх, хоць тыя ж архівы назапашваюць нашыя скаргі, крыўды, злачынствы, судовыя справы, па якіх і наш час будзе выглядаць адназначна чорным.

Адзначаючы благія ўчынкі Пятра Вялікага, нельга не прыгадаць таленавітасці і шырокасці натуры цара. Па ягонаму загаду калмыкі і драгунскія палкі абрабавалі, вынішчылі і спалілі гарады Віцебск і Магілёў - першы за тое, што адмовіўся ў 1708 годзе паставіць рускаму войску фураж, а другі - за грахі паўстання 1661 года супраць рускага гарнізона. Але ж і шведы, якія бязлітасна руйнавалі Беларусь, былі пераможаны дзякуючы волі Пятра і крыві тых жа самых драгунаў і калмыкаў. Цар загадаў выкрасці з Венецыі свайго збеглага сына Аляксея, якога потым з бацькоўскага дазволу задушылі ў Петрапаўлаўскай крэпасці, але ж дачка імператара Лізавета, што вяла рэй расійскай дзяржавы з 1741 па 1751 год,- дзіця самага неверагоднага шлюбу на свеце. Пётр забіваў і душыў уніятаў, адначасна прыціскаючы і рускіх праваслаўных святароў, на якіх працавала ў 1710 годзе 800 тысяч рэвізскіх душ. Ён прымусіў царкву ўтрымліваць на свае сродкі полк і даваць у Артылерыйскі прыказ 17 тысяч рублёў. На царкоўныя землі цар наклаў «канальны збор» і «казлоўскі збор» - плату за вызваленне ад рэкрутскіх павіннасцей. Манастыры пастаўлялі арміі коней, дойлідаў і кавалёў, адлівалі пушкі.

Рэч Паспалітая мела перад сабой выдатны прыклад клопату аб войску, але не здолела яго пераняць. А без войска дзяржава нядорага каштуе, і гісторыя не ведае ніводнага выпадку літасці моцных суседзяў да знясіленага гаспадарства. Пра мілітарысцкія дбанні Пятра I добра сведчыць складзены ім «Табель аб рангах», які акрэсліваў чыннасць службы па ваеннай, свецкай і прыдворнай лініі і амаль без змен праіснаваў два стагоддзі. Вось як ён выглядаў:

«I клас: генерал-фельдмаршал, генерал-адмірал; канцлер, правадзейны тайны саветнік;

2 клас: генерал-аншэф, адмірал, правадзейны тайны саветнік; обер-камергер, обер-гофмаршал, обер-шталмайстар, обер-шэнк;

3 клас: генерал-паручык, генерал-лейтэнант, віцэ-адмірал; тайны саветнік, гофмаршал, егермайстар, гофмайстар;

4 клас: генерал-маёр, контр-адмірал; правадзейны стацкі саветнік;

5 клас: брыгадзір, капітан-камандор; стацкі саветнік;

6 клас: палкоўнік, капітан I ранга; калежскі саветнік, камер-фур'ер;

7 клас: падпалкоўнік, капітан II ранга; надворны саветнік;

8 клас: прэм'ер-маёр, секундмаёр, маёр, вайсковы старшына, капітан III ранга, калежскі асэсар;

9 клас: капітан, ротмістр, есаул; тытулярны саветнік;

10 клас: капітан-паручык, штабс-капітан, штабс-ротмістр, пад'есаул, лейтэнант; калежскі сакратар;

11 клас: паручык, сотнік;

12 клас: секунд-паручык, унтэр-лейтэнант, падпаручык, мічман; губернскі сакратар;

13 клас: прапаршчык, карнет, харунжы; правінцыяльны сакратар, сенацкі рэгістратар, сінодскі рэгістратар;

14 клас: калежскі рэгістра'тар»,

Пры Пятры і пэўны час пасля яго,

каб падняцца да вяршыні, патрабавалася прайсці ўсю лесвіцу. У Польшчы і Вялікім княстве падобнага не было і блізка - пасады набываліся і прадаваліся, як на кірмашы. Напрыклад, памянёны вышэй Караль Радзівіл падкупіў кандыдата ад Сапегаў полацкага ваяводу Слушку і той саступіў яму месца маршалка Літоўскага Трыбунала. Праз подкуп ураднікаў і сенатараў дзейнічалі прускі, рускі, турэцкі, французскі паслы. Тое ж рабілася на ўзроўні павятовага сейміка, толькі што тут браліся меншыя грошы. Час ішоў - нічога не мянялася. Памёр Аўгуст II, магнацкія групоўкі абралі каралём ягонага сына. Калі Аўгуст III заняў трон Рэчы Паспалітай, яму было 37 гадоў. Паколькі ён нарадзіўся і выхоўваўся ў Дрэздэне, то ні па-польску, ні па-літоўску, ні па-беларуску не разумеў і не меў жадання вучыцца. За 27 гадоў свайго кіравання Рэччу Паспалітай Аўгуст III правёў у межах дзяржавы два гады. Час кароль бавіў найчасцей у Дрэздэне, дзе яго намаганнямі і за грошы з польскіх, беларускіх і літоўскіх зямель была сабрана славутая Дрэздэнская галерэя. Яшчэ Аўгуст III любіў музыку і прыгожых жанчын, трымаўся саюза з Расіяй, а справамі дзяржаўнымі, унутранымі галаву сабе не тлуміў. Свавольства магнатаў і шляхты расквітнела пры ім, як чэрвеньскі луг; з некалькіх дзесяткаў сеймаў толькі адзіныя не сарвалі праз «ліберум вета». Уладу ў краіне трымала нямецкая суполка, якую гістарычны лёс Рэчы Паспалітай цікавіў не больш, чым будучыня зорак на небе.

Тое ж, трэба адзначыць, назіралася і ў Расіі, дзе з 1730 па 1740 год панавала Ганна Іванаўна, дачка старэйшага брата Пятра I - Івана Аляксеевіча. У час Паўночнай вайны Пётр, прыкідваючы свае палітычныя карты, аддаў пляменніцу за курляндскага герцага Фрыдрыха Вільгельма, які так любіў выпіць, што праз колькі месяцаў пасля шлюбу памёр. Ганна 19 гадоў пражыла ўдавой у Мітаве. Па-руску размаўляць ёй было цяжка. Разам з царыцай у Пецярбург панаехала курляндцаў, фаварытам Ганны Іванаўны стаў Бірон, якому па заўсёднай несправядлівасці прыпісалі да ўласных грахоў шмат злачынстваў, інтрыг і благіх учынкаў усіх шматлікіх дзеячаў «нямецкага іга», што атрымала ў гісторыі назву «біронаўшчыны».

Але расійская імператрыца прыгадваецца тут толькі таму, што ў яе пэўны час служыла прыдворнай лекаркай наша зямлячка Саламея Русецкая, родам з Наваградчыны. Еўрапейскую славутасць яна здабыла сабе аперацыямі на воку, а ў гісторыю медыцыны ўвайшла як першая на Беларусі жанчына-акуліст, хірург з «залатымі»рукамі. Ганна Іванаўна добра ставілася да лекаркі, але Саламея больш,чым спакойнае жыццё пры імператрыцы ў Зімнім палацы, любіла волю, незалежнасць, прыгоды. Яна пакінула пасля сябе мемуары, дзе рэдкае слова без памылкі, але чытаць іх надта цікава, бо напісаны яны адоранай, жывой душой. Да таго ж І знешнія падзеі жыцця Саламеі Русецкай вылучаюць яе ў шэраг самых вядомых авантурыстаў XVIII стагоддзя. Толькі ў адрозненне ад іншых шукальнікаў прыгод, якія здабывалі сродкі існавання хітрасцю ці падманам, Русецкая жыла выключна на грошы за аперацыі. Дзверы ў каралеўскія палацы ёй адчыняла лекарскае мастацтва. Яно ратавала яе ад нажа разбойнікаў, ад палону, ад непавагі. Сама Саламея выхоўвалася ў сям'і лесніка ў Налібоцкай пушчы і граматай валодала павярхоўна, але сваім дзецям яна паклапацілася даць добрую адукацыю: прозвішча Русецкіх сустракаецца ў рускай гісторыі праз усё XIX стагоддзе.

Калі Кацярыну I адарвала ад «подлага саслоўя» і сціплага шчасця пастарскай эканомкі пэўная прывабнасць і прыгажосць - вартасці, нададзеныя Богам, то Саламея перамагла цьмяны лёс дачкі налібоцкага ляснічага, дзякуючы рэдкаму і карыснаму для здароўя людзей таленту. Зразумела, што да ўдачы прычыніліся рашучасць характару і смеласць поглядаў. Як на жанчыну, дык выпадак для XVIII стагоддзя унікальны. Пераймаць чын жыцця і поспехі Саламеі Русецкай здолела б толькі тая асоба, што мела такі ці падобны божы дар. «Індывідуялісты»таго часу, пра якіх схільныя да пісання дыярыушаў людзі ахвотна натавалі асабістыя ўражанні і пагалоскі, былі «дзівакамі». Такая мяккая назва абыходзіла праўду, бо «дзівакі» у большасці сваёй належалі да кола вельмі заможных фамілій.

Яскравы прыклад таго - Марцін Міхал Радзівіл, уладальнік Бельска і «розных іншых добр», які ў сталым узросце жыў паблізу Брэста ў Чарняўчыцах. Князь атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю, меў схільнасці да навук, займаўся хіміяй і, вядома, алхіміяй, але здзівіў сваіх сучаснікаў зусім не адкрыццём эліксіра маладосці ці штучнага золата. Першае, чым ён уразіў сваякоў і ўсё насельніцтва Вялікага княства, быў пераход у іудзейства. Князь Марцін, дзякуючы навуковым схільнасцям, абгрунтаваў гэты ўчынак філасофскі, вывучыў яўрэйскую мову і прымаў на дваровыя пасады выключна яўрэяў. Адначасна ён, падобна князям Усходу, завёў гарэм, для якога за грошы пастаўлялі выкрадзеных у бацькоў прыгожых дзяўчат. У гарэме, як і належыць, панавала няроўнасць, было, так мовіць, два класы: першы складалі «дамы>, якія мелі добрае ўтрыманне, другі лічыўся «падрыхтоўчым». Дзяўчаты гэтай катэгорыі зваліся «кадзеткамі», і не шмат на Беларусі страчалася жабракоў, якія жылі і апраналіся горш за чарняўчыцкіх «кадзетак». Жаніўся пан Марцін Міхал двойчы; першая жонка памерла, другую разам з дзецьмі ён трымаў у брудзе і голадзе. Часам находзілі на князя такія прыступы лютасці, што ён браў прыклад з вялікіх гняўліўцаў мінуўшчыны: як Іван Грозны забіў свайго сына, так пан Марцін змалаціў свайго, Юзафа Мікалая,- той на ўсё жыццё застаўся гарбатым.

Самай прыбліжанай асобай Марціна з'яўляўся нехта Збароўскі, які па загаду князя без сумніву паліў двары і забіваў людзей. Брэсцкі ваяводскі суд прыгаварыў яго да пакарання смерцю, але не мог выканаць гэты вырак, бо Радзівіл свайго вернага найміта не выдаваў. Нарэшце брэсцкі староста Грабоўскі, якога асабісты Радзівілаў кат прылюдна паабяцаў забіць, сабраў сваіх родзічаў, падпільнаваў Збароўскага, схапіў і адвёз у Петрыкаў, дзе даўні прысуд да смерці быў выкананы.

Шкадуючы грошай на жонку, дзяцей і «кадзетак», пан Марцін не скупіўся на незвычайныя забавы. Так, па яго жаданні ў Чарняўчыцах выкапалі вялізную сажалку, пабудавалі два караблі - «купецкі» і «пірацкі», і на вачах запрошаных гледачоў адбылася «марская бітва>, накшталт той, што часцяком здараліся ў Міжземным моры. «Піраты» ўзялі «купцоў» на абардаж - і гледачы маглі пераканацца, колькі гэта каштуе крыві.

Магчыма «дзівацтвы» князя Радзівіла цярпелі б і надалей, бо не ён адзін трымаў гарэм, здзекаваўся з жонкі, біў дзяцей, дазваляў бойлам катаваць людзей, паліць сялянскія двары, марнаваць грошы на рознае глупства. Але пан Марцін перайшоў усялякую меРУ> калі дазволіў сабе арыштаваць, збіць да паўсмерці і павезці пад вартай у Вільню клецкага ксяндза Сузіну. Абражаны такой непавагай да касцёла, віленскі біскуп дамагаўся ад караля смерці для Радзівіла. Сваякі князя, не жадаючы сеймавага скандалу і плямы на род, вынайшлі больш памяркоўнае рашэнне - абвясцілі Марціна хворым, што было праўдай, і ўзялі над ім апякунства. Апякунамі сталіся Юры Радзівіл, ваявода наваградскі, і Геранім Радзівіл, харунжы літоўскі. У Марціна аднялі маёнткі і ўсё багацце, жонцы і дзецям прызначылі ўтрыманне, а самога князя адвезлі ў Слуцкі замак, дзе ён пражыў дзесяць гадоў у даволі жорсткіх умовах: напачатку яго трымалі ў зачыненай каморы, а калі дазволілі прагульвацца па замкавым двары, дык наперадзе і ззаду ішлі дужыя вартаўнікі. Незайздросны, трэба прызнаць, лёс.

Князь Геранім, які апекаваў звар'яцелага сваяка, таксама лічыўся дзіваком. 3 мноства ягоных «дзівацтваў» сучаснікі, як паказальнае, адзначалі, напрыклад, такое. Неяк князь, зірнуўшы ў акно, убачыў каля замкавай брамы гайдука без занятку. Князь гукнуў яго і запы