Вярнуцца: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні

Залатыя кроплі


Аўтар: Луцкевіч Лявон,
Дадана: 03-12-2011,
Крыніца: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.

Спампаваць




Хата, у якой пэўны час жыў Лявон Луцкевіч зь сям'ёю, стаяла пасярод густога лесу. Зрэшты, яе ўсе так і звалі - "Лясная хатка". (12KB) Луцкевіч Лявон. А збудаваў яе муж Людзьвікі Сівіцкай, больш вядомай як Зоська Верас. (Яе дачка Галіна й стала спадарожніцай жыцьця Лявона Антонавіча).

Усё было тут добра: цішыня, якую толькі дапаўняла цвырканьне ды шчэбет птушак, наўкола была некранутая прырода, - працуй, думай, а стаміўся - шчыруй у сваім гародчыку, дзе поўна было розных дзівосаў. Аб цывілізацыі нагадваў толькі далёкі водгалас цягнікоў... I цяжка было паверыць, што зусім побач, за гарою, пачынаецца вялікі старажытны горад - Вільня.

Але жыцьцё ў "Лясной хатцы" ўскладняла адна праблема - не было студні. Як ні шукалі ваду, дзе ні сьвідравалі - не знаходзілі жылу. А без вады - якое жыцьцё. I даводзілася неяк выкручвацца - пітную ваду прывозіць з гораду, а для гаспадарчых мэтаў зьбіраць па кропельцы ўсялякую: і дажджавую, і ад расталага сьнегу. Цэлая сыстэма была распрацаваная, каб найлепш улавіць, захаваць ды як мага рацыянальней выкарыстаць здабытую вадзіцу.

I здаецца, што гэтая гісторыя стала своеасаблівым сымбалем жыцьця спадара Лявона - нічога ў жыцьці не даставалася яму проста так, легка, бесклапотна. Усё трэба было здабываць, перамагаючы перашкоды, бар'еры - шанаваць любую кропельку здабытага.

Кніга, якую Вы цяпер разгарнулі, якраз і складаецца з такіх каштоўных зьвестак-кропелек.

Пра Вільню напісана нямала кніг, куды больш грунтоўных ды ёмістых, з падрабязным апісаньнем падзеяў, біяграфіямі дзеячоў, але пра Вільню, як пра беларускую духоўную Мэкку, бадай што няма іншай, чым гэта. Дый не магло быць - бо вельмі многія з тых, хто ў розныя часы меў уладу над гэтым горадам, хацелі б, каб беларускі дух, беларускі сьлед назаўсёды сьцёрся з гэтых вузкіх пакручастых вулачак, каб нічога не нагадвала тут ні пра Скарыну, ні пра Гарэцкага, ні пра братоў Луцкевічаў... Дык і ня дзіўна, што сьляды гэтыя, часам ледзь чытэльныя, так цяжка было знаходзіць, яны рассыпаныя, разрозьненыя - і заслуга аўтара гэтай кнігі тая, што зьвесткі й факты, здабытыя са шматлікіх крыніцаў, тут беражліва сабраныя, злучаныя, сыстэматызаваныя.

Лявон Луцкевіч ня проста выдатна ведаў беларускую Вільню - ён любіў яе, жыў ёю і для яе - і з ахвотаю, шчыра й бескарысна дзяліўся сваімі ведамі з усімі, хто гзтага жадаў. Пэрыяд, калі гэта можна было рабіць адкрыта, легальна, быў, на жаль, непрацяглы. I спадар Лявон імкнуўся як найлепш скарыстаць гэтую магчымасьць - бадай што не было такога выпадку (хіба толькі здароўе падводзіла) - калі б ён адмовіў каму-небудзь павандраваць супольна па ўлюбёных мясьцінах Вільні, паказаць, растлумачыць.

Тых экскурсіяў ды жывых, эмацыйных гутарак, на вялікі жаль, ужо ня будзе. Затое напісанае - застаецца назаўсёды. I гэтая сьціплая кніжка будзе доўга служыць любому, хто захоча самастойна павандраваць па слаўным горадзе Вільні ды пабачыць, якое месца ў яе гісторыі займаем мы, беларусы...

АЛЕГ АБЛАЖЭЙ

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX