Папярэдняя старонка: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні

Частка 1 


Аўтар: Луцкевіч Лявон,
Дадана: 03-12-2011,
Крыніца: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.

Спампаваць




БЕЛАРУСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ Ў ГІСТАРЫЧНЫМ ЛЁСЕ ВІЛЬНІ

ВІЛЬНЯ ЯДНАЕ НАРОДЫ

У ПОШУКАХ БЕЛАРУСКАЙ ДУШЫ ВІЛЬНІ


ВІЛЬНЯ ЯДНАЕ НАРОДЫ

Вільня - гэта горад адметны сваёй шматнацыянальнай культурай. Так склаўся яго лёс. Ужо ад самага заснаваньня гораду, а бадай яшчэ значна раней, тэрыторыя, дзе месьціўся горад, засялялася плямёнамі розных этнічных ірупаў. Гэта было балцка-славянскае памежжа. Прашчуры карэнных жыхароў сучаснай Літвы й сучаснай Беларусі здавён былі аўтахтонамі гэтай зямлі.

img/image001.jpg

Гэтая адметнасьць Вільні й Віленскага краю захавалася й да сёньняшняга дня. Толькі сёньня Віленскі край можна назваць больш канкрэтна: літоўска-беларускім памежжам.

Старажытнае паселішча, пра йснаваньне якога сьведчаць толькі археалягічныя раскопкі, ператварыўшыся ў абароннае гарадзішча, зрабілася сталіцай магутнай балцка-славянскай імпэрыі, якая называлася Вялікім княствам Літоўскім. Ужо ў першай чвэрці XIV ст. Вільня стала сталіцаю гэтай дзяржавы.

У працэее разьвіцьця ў горад паступова ўліваліся й прадстаўнікі іншых народнасьцяў, якія траплялі сюды рознымі шляхамі й пры розных абставінах. Гэтак за панаваньнем вялікага князя Вітаўта, на пераломе XIV і XV ст.ст., у Вільню й яе ваколіцы трапілі татары й караімы ды з таго часу зрабіліся сталымі жыхарамі гэтага рэгіёну.

Эканамічныя зносіны гістарычнай Літвы - Вялікага княства Літоўскага, ці як яго яшчэ звалі, Літоўскай Русі з Заходняй Эўропай паспрыялі зьяўленьню тут такіх нацыянальных меншасьцяў, як немцы й жыды. Апошнія на нейкім этапе гралі значную ролю ў гаспадарчым разьвіцьці гораду.

Далейшыя падзеі ўсьцяж больш сьціслага аб'яднаньня Літвы з Польшчай прывялі да экспансіі апошняй ня толькі ў палітычным, але і ў культурным аспэкце. Рэлігійны й палітычны націск каталіцызму, які ажыцьцяўляўся цераз Польшчу, паступова прыводзіць ня толькі да зьяўленьня польскага духавенства, але таксама прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі.

Гэта паспрыяла апалячваньню вышэйшых слаёў грамадзтва Літвы, якія ўсё ж, нягледзячы на тое, не перастаюць лічыць сябе за ліцьвіноў, бяз розьніцы свайго беларускага ці балцкага паходжаньня.

Урэшце, напрыканцы XVIII ст., у час, калі паводле Канстытуцыі 3-га траўня Рэчпаспалітая многіх народаў краіны пераймяноўваецца ў Рэчпасналітую польскую, а Вялікае княства Літоўскае траціць значную частку свайго сувэрнітэту, - адбываецца падзел гэтай аб'яднанай дзяржавы між трыма эўрапэйскімі імпэрыямі, у выніку якога тэрыторыя сучаснай Літвы й сучаснай Беларусі як адно цэлае трапляе пад акупацыю Расеі разам са сваёй супольнай сталіцаю - Вільняю.

Імпэрская палітыка Масквы з "шчырай" дапамогай праваслаўнай царквы ймкнецца да поўнай асыміляцыі гэтага краю, да ператварэньня яго ў правінцыю Расеі, але XIX ст. праз рух супраціўленьня асыміляцыйнай палітыцы паступова абуджае прыспаныя нацыянальныя сілы народаў-аўтахтонаў: беларусаў і літоўцаў.

Складаныя шляхі нацыянальна-вызваленчага руху XIX ст. сьведчылі й нагадвалі тады пра супольны гістарычны лёс гэтых народаў, умацоўвалі салідарнасьць гэтых абодвух, у той час, па-сутнасьці, "мужыцкіх" народаў у іх барацьбе за волю.

Прадстаўнікі іншых вышэйзгаданых народаў у большай ці меншай меры, у той ці іншай ролі ўдзельнічалі ў стварэньні культурнага аблічча гораду, спрыялі ягонаму разьвіцьцю. Усе яны маюць маральнае права адчуваць сябе саўдзельнікамі гэтага творчага працэсу й дашуквацца сваёй ролі, сваіх каранёў у гістарычнай спадчыне Вільні. Нават тыя, што трапілі сюды як захопнікі.

Усе яны сёньня маюць права ганарыцца нашым горадам, адчуваць, што ён прымае іх за сваіх; лічыць яго родным, урэшце проста шчыра любіць яго...

Ня меншую, як хто іншы, маюць падставу й права на гэта беларусы, мова якіх ня толькі ў гаворцы, але й на пісьме панавала тут ад самага пачатку, калі старажытнае паселішча набыло статус стольнага гораду. Менавіта тут сфармавалася старабеларуская літаратурная мова, узьнікла найраней з усіх усходніх славянаў беларускае кнігадрукаваньне, нарадзіўся першы Літоўскі Статут, першыя літоўскія кронікі, - і ўсё гэта на старабеларускай мове...

Герой аўтабіяграфічнай аповесьці Максіма Гарэцкага "Мэлянхолія" ў лісьце да свайго сябра заяўляе: "Пішу да цябе зь Вільні, адкуль сьвяціла магутным сьвятлом наша старадаўняя культура... Нага мая ступала ўжо па тых вуліцах, дзе за колькі сот гадоў ступаў вялікі сейбіт гуманізму й асьветы доктар Франьцішак Скарына й дзе яшчэ так нядаўна вялі бязьлітасныя каты на кару сьмерці адважнага правадыра паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Тут пяяў свае мужыцкія песьні бацька нашага адраджэньня Мацей Бурачок."

Тры вехі нашай нацыянальнай традыцыі, трапна вылучаныя Гарэцкім, не абмяжоўваюць усёй нашай гістарычнай спадчыны ў Вільні. Яе шмат... Гэта й сівая даўніна, гэта й гады змаганьня за вызваленьне, удзельнікам якой быў і сам пісьменьнік.

Імкненьне да пазнаньня сваіх вытокаў, сваіх гістарычных каранёў шляхам азнаямленьня з помнікамі беларускай гісторыі й культуры ў Вільні йснуе ўжо даўно. Цяпер, ва ўмовах дэмакратычнага ладу й аздараўленьня адносінаў да гістарычнае праўды, яно стала рэальнасьцю.

Для беларусаў, якія стаяць не на апошнім месцы сярод народаў, што былі стваральнікамі шматнацыянальнай культуры Вільні, яно зусім натуральнае й непазьбежнае.

Без пазнаньня Вільні заўсёды застануцца белыя плямы ў разуменьні гісторыі дзяржаўнага жыцьця Беларусі ў старажытнасьці й вельмі йстотных старонак беларускага адраджэнскага руху, асабліва станаўленьня новай беларускай літаратуры.

Аднак у гэтым часта сутыкаемся зь цяжкасьцямі дзеля нястачы інфармацыі. Мо ў нейкай ступені прычынаю зьяўляецца тoe, што бадай да XIX ст. беларусы як народ не выступалі пад сваім сучасным уласным імем?

А патрэба такой інфармацыі несумненна йснуе. Яна й сталася нагодай сабраць жменю зьвестак пра Вілыію з тым, каб яны аб'ектыўна й адначасна выразна сьведчылі пра ролю беларусаў у разьвіцьці слаўнага Места Віленскага ды паказалі дарагія сэрцу кожнага беларуса мясьціны.

Хацелася б, каб гэтыя зьвесткі былі як мага бліжэй да Гістарычнай праўды, каб не ўспрымаліся з крыўдай прадстаўнікамі іншых народаў, што сёньня тут жывуць і жылі здаўна, бо, падкрэсьліваючы свае традыцыі, няма патрэбы выкрэсьліваць традыцыі іншых. Наадварот, хочацца, каб гэтыя думкі спрыялі большаму збліжэньню, стваралі атмасфэру даверу, узаемнай спагадлівасьці й сяброўства, што зьяўляецца неабходным атри­бутам кожнага грамадзяніна Вільні, слаўнай сваёй нацыянальнай і рэлігійнай талеранцыяй.

Разглядаючы культурную спадчыну Вільні, мы сустракаемся з адною небудзённаю зьяваю. Многія шырака знаныя дзеячы навукі, мастацтва й літаратуры, якія праявілі сябе на віленскім груньце, упісваюцца ў гістарычную спадчыну двух, трох ці нават больш народаў. Так, напрыклад, некаторыя этнічныя беларусы, карэнныя жыхары гістарычнай Літвы, узгадаваныя на традыцыях польскай мовы й культуры, жылі ў Вільні й дзейнічалі ва ўмовах расейскай улады. Здараліся й іншыя камбінацыі рознанацыянальных узаемаадносінаў, былі прыклады й рознага нацыянальнага самаўсьведамленьня нават у адной сям'і. I гэта не адзінкавыя выпадкі, а сваеасаблівая заканамернасьць гэтага краю.

Дык ці можна дзівіцца, або некага папракаць за тое, што многія ймёны выдатных віленчукоў увайшлі ў гістарычную традыцыю ня толькі аднаго народу?

Беларускі паэт Сяргей Панізьнік дужа трапна адзначыў гэтую зьяву ў вершы "Сябрам зь Літвы":

Суседзі, сябры! Мы падзелімся славай,

ня будзем на сёньня хаваць над крыло

сумеснае гора сумеснай дзяржавы,

сумесных крыніц жарало.

У нас быў Пачобут і быў Каліноўскі,

Смуглевіч і Рушчыц, Міцкевіч і Зан...

Сапраўды, хто ж такі, напрыклад, быў Кастусь Каліноўскі ? Ён і адзін з кіраўнікоў польскага паўстаньня супраць расейскага самадзяржаўя, ён і гэтак званы "чырвоны дыктатар Літвы", ён жа й стваральнік першай беларускай газэты "Мужыцкая праўда", і, дарэчы, беларус, родам з-пад Гародні...

Далей Панізьнік, зазначаючы, што "на вякі вякоў мы займелі Скарыну і Вільню праславілі кніжкай яго", завяршае свой верш заклікам:

Ня будзем дзяліць мы ні замкі, ні троны,

траістую музыку, ўзоры крыжоў;

над намі дубоў пакручастыя кроны,

пад намі луска бальшаковых глыжоў.


Ля брамы з " Пагоняй" мы пройдземся пешшу

услухацца ў горкае рэха вякоў -

там, дзе Саламея лілеяла вершы,

дзе сеяў Максім аганькі васількоў.

А беларускі паэт Уладзімір Жылка, які ў сваім тэстамэньце пажадаў спачыць на старажытных могілках Росы, што некалі можа й ажыцьцявіцца, назваў Вільню "Крывіцкаю Мэккаю".

Менавіта Жылка ў вершы, напісаным яшчэ ў 1925 г. у Празе й прысьвечаным Вільні, зьмясьціў такія радкі:

А там - па-над мурамі даўнімі, дзе места ўсенькае відно, Руіна думамі дзяржаўнымі

Гадае там: чыё яно?

У ПОШУКАХ БЕЛАРУСКАЙ ДУШЫ ВІЛЬНІ

Вільня! Горад старажытны зь цікаваю й нязвыклаю гісторыяю, непадобны да іншых, горад своеасаблівага лёсу...

Горад на скрыжаваньні шляхоў, гістарычных падзеяў і лёсу многіх народаў... Як многа зьменаў прайшло ў ім на працягу жыцьця толькі аднаго пакаленьня, а колькі ж іх адбылося, калі зазірнуць да самых вытокаў, да самага пачатку ? I хіба гэта не адна з прычынаў той непаўторнай індывідуальнасьці, той асаблівай прывабнасьці Вільні ?

Стары горад (з паўднёвага боку).

Прыведзеныя вышэй радкі верша Ул. Жылкі пра Места Віленскае зусім заканамерна стаўляюць пытаньне: "Чыё яно ?". Ён душою адчувае яго сваім родным : "О, места роднае, каханае" знаходзім у далейшых радках таго самага верша. Але, ведаючы рэаліі яго гісторыі й тагачаснае становішча, аўтар пакідае пытаньне адкрытым.

Паэт ня можа не адчуваць Вільню сваёй роднай, бо яна з тых часоў, як становіцца сталіцай Вялікага княства Літоўскага пачынае набываць яскравую беларускую традыцыю. Прынамсі сёньня ўжо нікога ня трэба пераконваць у тым, што тагачасныя тэрміны "Літва" ці "Вялікае княства Літоўскае" мелі характар чыста палітычны й ні ў якой меры не акрэсьлівалі этнічнага складу насельніцтва дзяржавы, у якой вялізную перавагу мелі беларусы, як колькасна, так і ў культурных адносінах.

Міналі вякі, зьмяняліся гістарычныя эпохі, а беларуская традыцыя Вільні й яе навакольля мянялася ў залежнасьці ад абставінаў, ды ўсё ж ператрывала да нашых дзён.

Наша мова гучала тут некалі ў палацах князёў і магнатаў ды сярод гараджанаў, гучала і ў навакольных вёсках, дзе замацавалася больш трывала.

Цікавы факт, што татары зь Вільні й віленскага навакольля даволі хутка асыміляваныя ў мясцовым вясковым асяродзьдзі, не губляючы сваёй рэлігійнай адметнасьці, пачалі ня толькі размаўляць, але й маліцца паводле сваіх абрадаў па-беларуску.

Пра гэта сьведчаць мусульманскія сьвятыя кнігі "Аль-Кітабы", рукапісныя сьпісы ў XVI-XVII ст. рабіліся арабскімі літарамі на характэрнай для таго часу беларускай мове. Адна з такіх кніг была знойдзеная ў падвіленскай вёсцы Сорак-Татар, трапіла ў Віленскі Беларускі Музэй (35) [1], а зараз захоўваецца ў Цэнтральнай Бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы (27).

Яшчэ ў дваццатых гадох Міхась Машара, паэтыцкі шлях якога пачаўся на віленскім бруку, свае адносіны да Вільні выказаў у гэтакім вершы:

Мы не прыйшлі сюды з-за мора,

Твой воўк жалезны з нашых пушчаў

Прыйшоў прарочыць гэтым горам,

Што ты тут вырасьцеш магучай.

Цябе кармгла наша поле

I будавалі мазалі,

Ўсе нашы радасьці і болі Калісь супольнымі былі...

У гэтай, мо крыху наіўна выказанай думцы, ёсьць настрой, ёсьць адчуваньне, якое нечым вельмі блізкае ўсім віленчукам - беларусам.

Любоў да Вільні тых, каго ўжо сёньня няма сярод нас, працягвае жыць у іхняй творчай, перадусім паэтычнай спадчыне... Для старэйшага пакаленьня беларускай інтэлігенцыі гэта дарагі сэрцу ўспамін маладосьці, сваёй колішняй грамадзкай актыўнасьці, свайго асабістага адчуваньня беларускай душы Вільні, за якую вялося змаганьне...

Але такіх людзей штораз менш; яны адыходзяць, а зь імі адыходзіць той асаблівы сантымэнт да гэтага цудоўнага гораду й забываюцца вельмі йстотныя гістарычныя дэталі. Дык хіба ж ня варта сягоньня замацаваць тое, што яшчэ зьбераглося ў іхняй памяці; зьберагчы тое, што так імкліва мяняецца й адыходзіць у нябыт ?

Урэшце, для маладой беларускай творчай інтэлігенцыі Вільня - гэта пошукі вытокаў сваёй Радзімы, гэта пошукі адказаў на складаныя пытаньні сучаснасьці, часта гэта зьдзіўленьне перад пафасам нацыянальна-вызваленчай барацьбы, якой завяршэньня няма яшчэ й сягоньня, крыніца патрыятычнага натхненьня.

У асноўным з думкаю пра іх, пра гэтае маладое пакаленьне, і выпраўляемся мы ў вандроўкі па тых куткох Вільні, якія былі сьведкамі падзеяў, што хвалююць нас і цяпер, на якія нельга забывацца...

Калі сябры нам гудзяць згубаю

I ворагі прарочаць скон,

Тады к Табе, о Вільня любая,

Прыводзяць згадкі у палон...

З гэтымі радкамі зь верша Ул.Жылкі, мы й вырушым па вулках Вільні ў пошуках памятных мясьцінаў, зьвязаных зь беларускай гісторыяй і культурай.

I ня трэба зьдзіўляцца, што многія зь іх родныя й дарагія сэрцу ня толькі беларусаў...



[1] Лічбаю тут і далей пазначаны нумар ў "Пераліку аб'ектаў" (стар.147-151) і на пляне гораду (стар. 146).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX