АД МІНУЛЫХ ВЯКОЎ ДА НАШАГА СТАГОДЗЬДЗЯ
ПЕРШЫЯ ХРЫСЬЦІЯНСКІЯ СЬВЯТЫНІ ВІЛЬНІ
СТАРАЖЫТНЫЯ ПОМНІКІ ВІЛЕНСКАЙ АРХІТЭКТУРЫ
СЯДЗІБА ПЕРШАДРУКАРА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ
ПЕРШЫЯ ХРЫСЬЦІЯНСКІЯ СЬВЯТЫНІ ВІЛЬНІ
Калі пачынаць гаворку пра архітэктуру Вільні ў яе гістарычным разьвіцьці, дык бадай мэтазгодна ўспомніць агульнавядомую ісьціну, якая наогул тычыцца бальшыні гарадоў, што стылявыя адметнасьці архітэктуры з'яўляюцца найбольш яскрава ў пабудовах культавага прызначэньня. На жаль, многія з гэтых культавых помнікаў архітэктуры, асабліва найдаўнейшыя, або былі зьнішчаныя ў войнах і пажарах, або перабудоўваліся з улікам узьнікненьня новых архітэктурных стыляў, а часам мянялі сваё прызначэньне, пераходзячы ў служэньне іншай канфэсіі, ці па якіх іншых прычынах.
Вільня XIV ст. - гэта цікавы фэномэн адначасовага сужыцьця трох веравызнаньняў: паганскага й хрысьціянскага - у тым ліку каталіцкага й праваслаўнага абрадаў. Такое суйснаваньне сьведчыць пра дастаткова высокую ступень рэлігійнай талеранцыі ў тагачасным Вялікім княстве Літоўскім. Вядома, нельга гаварыць пра поўную бесканфліктнасьць. Канфлікты на рэлігійнай глебе зрэдку здараліся й нават захаваліся ў летапіснай памяці Вільні.
Як вядома, афіцыйнае хрышчэньне Літвы, сталіцай якое тады ўжо была Вільня, адбылося ў 1387 годзе за панаваньнем Ягайлы, заснаваньне ж Вільні й перанос сюды сталіцы адносяць да 1323 году, калі валадаром Літвы быў Гедымін. Што ж адбывалася ў Вільні ў гэтым прамежку часу?
У асноўным народ і князі былі яшчэ паганскай веры. Аднак не забаранялася дзейнасьць місіянэраў, што прапаведвалі хрысьціянства. Гэтак, яшчэ ў першай палове XIV ст. у Вільні дзейнічалі прапаведнікі каталіцкага ордэну франьцішканаў. Іхнімі намаганьнямі й быў збудаваны першы каталіцкі касьцёл і кляштар яшчэ да хрышчэньня Літвы.
Гэта быў касьцёл Сьв. Мікалая (1), на той час невялікае драўлянае збудаваньне, на месцы якога толькі ў пачатку XV ст. быў узьведзены касьцёл у гатыцкім стылі, ацалелы да сёньняшняга дня, Варта нагадаць, што ў міжваенным часе менавіта ў гэтым касьцёле вяліся багаслужбы на беларускай і літоўскай мовах.
Вядомы гісторык XIX ст. Адам Кіркор у сваім даведніку па Вільні згадвае пра йснаваньне тады яшчэ ацалелых паганскіх сьвятыняў, у тым ліку бога Пяруна (Пяркунаса) там, дзе цяпер Катэдральны сабор (9), багіні Мілды на Антокалі, дзе цяпер касьцёл Пятра й Паўла (33), бога Рагуціса, дзе цяпер Пятніцкая царква (2). Вядома, было іх значна больш.
Менавіта Пятніцкая царква лічыцца найстарэйшай у Вільні праваслаўнай царквой. Яе збудавала ў першай палове XVI ст. першая жонка князя Альгерда Марыя Яраслаўна Віцебская. Прыблізна да паловы XIV ст. адносяцца таксама й такія пpaваслаўныя цэрквы, як Прачысьценская (3) над рэчкай Вялейкай, якая ўжо ў пачатку XV ст. была перабудаваная на мітрапалітальны сабор у сувязі са стварэньнем пры княжаньні Вітаўта самастойнай праваслаўнай мітраполіі ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэтая царква, як і царква Сьв.Мікалая (4) й Сьв.Тройцы (5) з манастыром была закладзеная другой жонкай князя Альгерда Юліянай Цьвярской. Як бачым, пэрыяд панаваньня князя Альгерда вельмі паспрыяў будаўніцтву ў Вільні праваслаўных храмаў.
Вяртаючыся да Пятніцкай царквы, цікава адзначыць, што ў міжваенным часе тут вяліся багаслужбы па-беларуску для вернікаў-беларусаў.
У канцы XV ст. была збудаваная царква й манастыр Сьв. Духа (6), якая была вядомая ў старажытнасьці як сваеасаблівы культурны й асьветніцкі цэнтар - пры ёй быў шпіталь, школа, друкарня. Гэты цэнтар быў зьвязаны зь імёнамі такіх асьветнікаў, як Зізаній, Мілецій Сматрыцкі й іншыя.
Літоўскі мастак Владас Дрэма, які нейкі час працаваў у Віленскім беларускім музэі, а пазьней шмат гадоў дасьледаваў няйснуючыя ўжо сёньня архітэктурныя помнікі Вільні, у 1991 г. выдаў вельмі зьмястоўную й багата ілюстраваную кнігу пад назваю "Зьніклая Вільня". У гэтай кнізе ён піша: "Праваслаўныя цэрквы пачалі будаваць недзе ў сярэдзіне XIV ст., імі апекаваліся й падтрымлівалі абедзьве праваслаўныя жонкі князя Альгерда. Цэрквы будаваліся невялікія, драўляныя, але толькі ў гэтак званым беларускім квартале - "цівітас рутэніка" (гэта значыць на ўсход ад Замкавай (Pilies) вуліцы да Вялейкі. Л.Л.), іх было каля двух дзясяткаў."
Сапраўды, Вільня XIV ст. была яшчэ, у асноўным, драўляная, культавыя пабудовы таксама пераважна будаваліся драўляныя, дык многае, што мы бачым сёньня пасьля шматлікіх перабудоваў, не адносіцца ўжо цалкам да старажытнасьці.
I гэта ў першую чаргу якраз тычыцца праваслаўных цэркваў,
бо ў часы панаваньня Расейскай імпэрыі амаль усе старыя цэрквы, а таксама некалькі новых перабудоўваліся або будаваліся ў маскоўскім стылі.
Пасьля хрышчэньня Літвы ў каталіцкі абрад у Вільні разгортваецца інтэнсыўнае будаўніцтва каталіцкіх касьцёлаў. Гэта адносіцца ў асноўным да пэрыяду XV-XVIII ст. Гэтыя пабудовы ўжо ўсе мураваныя, яны й акрэсьлілі галоўным чынам стылявыя напрамкі віленскага дойлідзтва.
СТАРАЖЫТНЫЯ ПОМНІКІ ВІЛЕНСКАЙ АРХІТЭКТУРЫ
Каб пазнаёміцца са старажытнымі помнікамі віленскай архітэктуры, свае вандроўкі трэба праводзіць толькі пешшу, бо яны ў бальшыні сваёй сканцэнтраваныя ў Старым горадзе, які займае адносна невялікую прастору.
Сёньня мы агледзім віленскія цэрквы й касьцёлы ў храналягічным парадку іхняга ўзьнікненьня.
Не пашанцавала праваслаўным цэрквам, якія пачалі будавацца яшчэ ў палове XIV ст. Як мы ўжо адзначалі, усе яны былі драўляныя, і бальшыня зь іх у выніку пажараў і разбурэньня наогул перастала йснаваць. Ад іншых, што йснуюць і сёньня, засталіся толькі месцы пабудовы й іхнія назвы. Нават узьведзеныя на тых месцах муры шмат разоў перарабляліся й таму ня могуць быць узорамі старажытнага віленскага дойлідзтва.
У значна меншай меры гэта датычыць каталіцкіх касьцёлаў, аднак і тут на працягу ўсёй гісторыі гораду праводзіліся шматлікія перабудовы й пераробкі. Усё ж трываласьць гэтых збудаваньняў была забясьпечаная тым, што яны ад пачатку былі мураваныя.
Першы мураваны каталіцкі касьцёл, пабудаваны яшчэ да хрышчэньня Літвы ў XIV ст., гэта вялікі Франьцішканскі касьцёл (7) на Троцкай вуліцы. Як і ўсе найдаўнейшыя касьцёлы Вільні, ён быў збудаваны ў стылі готыкі. Як сцьвярджаюць дасьледчыкі, частыя перабудовы так яго зьмянілі, што аб гатыцкім стылі сьведчаць толькі агульныя прапорцыі й вастралукі, са ступеньчата складзенай цэглы партал.
Шырака разгарнулася будаўніцтва каталіцкіх касьцёлаў пасьля хрышчэньня Літвы каралём Уладыславам Ягайлам у 1387 годзе. Адной зь першых пабудоваў таго часу быў Катэдральны сабор (9), пастаўлены на тэрыторыі Ніжняга Замка (5).
Катэдральны сабор і цяпер зьяўляецца галоўнай дамінантай цэнтральнай часткі гораду, хаця ад таго, даўнейшага, амаль нічога не засталося. Сучасная Катэдра збудаваная на пераломе XVIII і XIX ст. па праекту знанага архітэктара Лаўрэнція Гуцэвіча ў нэаклясычным стылі.
Калі гаварыць пра стылявыя адметнасьці віленскіх касьцёлаў, дык ад XIV да XVI ст. усе яны, як правіла, будаваліся ў стылі готыкі, але ня ўсе захавалі свой першапачатковы выгляд. Да такіх адносіцца касьцёл Дамініканаў (10) ды касьцёл Сьв. Яна (11), які ўваходзіць у комплекс унівэрсытэцкіх будынкаў.
Але ж ёсьць куточак Вільні, дзе гатыцкія касьцёлы захаваліся ў чыстым выглядзе. У гэтым цудоўным куточку, які ня можа абмінуць ніводзін турыст, амаль побач стаяць два касьцёлы: Сьв. Ганны (12) й Бэрнардынскі (13). Касьцёл Бэрнардынаў вялікі, масыўны, абарончага тыпу. Будаўніцтва яго пачалося ў першай палове XVI ст. Ён захаваў свой першапачатковы сярэднявечны выгляд, характэрны для касьцёлаў-крэпасьцяў, якіх нямала можна знайсьці на прасторах Беларусі. Яшчэ й цяпер з паўночнага боку налева ад фасаду відаць шэраг байніцаў. Абарончую ролю выконвалі й вежачкі з абодвух бакоў фасаду. Характар крэпасьці асабліва выразна відаць з усходняга боку, дзе захаваліся пяцігранныя апсіды й масыўныя кантрафорсы. У інтэр'еры асабліва ўражваюць позьнегатыцкія скляпеньні зь вельмі разнароднымі структурами, кожнае скляпеньне - новы карунак.
Існуе погляд, што найпрыгажэйшым архітэктурным помнікам Вільні й адным з самых прыгожых ва ўсёй Эўропе, зьяўляецца касьцёл Сьв. Ганны. Бадай ніводны экскурсавод, які паказвае Вільню, не абміне распавесьці той факт, што Напалеон, узяўшы Вільню, у захапленьні сказаў: "Калі б я мог паставіць гэты касьцёл на далонь, я перанёс бы яго ў Парыж!"
Цяперашні ягоны выгляд адносіцца да другой наловы XVI ст. Існуе меркаваньне, што фундатарам Сьв. Ганны быў апошні зь Ягайлавічаў кароль Жыгімонт Аўгуст, які хацеў тут зрабіць сямейны склеп. Гэтым можна вытлумачыць невялікія памеры касьцёла, які хутчэй нагадвае капліцу.
Бакавыя сьцены тыповыя для готыкі: паміж кантрафорсамі нялікія вастралукія вокны. Характэрны высокі дах, узьлятаючыя ўгару вежачкі з дробным арнамэнтам. Фасад касьцёла вельмі аздобны, напраўдзе фантастычны. Кампазыцыйным лейтматывам фасада зьяўляецца рэльефная дуга. Віртуозны характар фасада праявіўся і ў тым, як майстар валодаў матар'ялам, выкарыстоўваючы фасонную цэглу. Кажуць, на фасадзе можна налічыць ажно 33 фасоны цэглы.
Ня толькі Напалеон захапляўся хараством касьцёла. Наш паэт Максім Багдановіч, калі ўпершыню наведаў Вільню, папісаў шэраг вершаў пра гэты цудоўны горад, у тым ліку й пра касьцёл Сьв.Ганны:
Каб залячыць у сэрцы раны,
Забыць пра долі цяжкі глум,
Прыйдзеце да касьцёла Ганны.
Там зьнікнуць сьцені цяжкіх дум.
Як лёгка да гары, як красна
Узносіць вежы ён свае!
Іх зарыс стройны ў небе ясна
Ізломам дзіўным устае.
А вастрыя іх так высока,
Так тонка ў вышу неба ткнуць;
Што міг - і ўжо здаецца воку,
Яны ў паветры паплывуць.
Як быццам з грубаю зямлёю
Расстаўся стройны, лёгкі гмах
I вось, чаруючы красою,
Ўступае на блакітны шлях.
Глядзіш, - і ціхнуць сэрца раны,
I забываеш долі глум.
Прыйдзіце да касьцёла Ганны,
Там зьнікне горыч цяжкіх дум.
СЯДЗІБА ПЕРШАДРУКАРА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ
Сантымэнт да Вільні, які ўзьнікае ў наведнікаў гэтага незвычайна цікавага ў гістарычным аспэкце гораду, зьява зразумелая. Асабліва для тых, каму не абыякавы лёс нашай Радзімы, хто ймкнецца ўсьведаміць сябе ў яе гісторыі.
На фасадзе дому, што на рагу вуліц Вялікай (Didzioji) і Шкляной (Stikliu), зьлева ад брамы, устаноўленая мэмарыяльная табліца на літоўскай і беларускай мове ў памяць аб беларускім першадрукары Франьцішку Скарыне (14). На ёй адзначаецца, што з 1522 да 1525 году ў горадзе Вільні беларускі асьветнік Франьцішак Скарына выдаваў першыя ў Літве друкаваныя кнігі.
Калі зазірнуць у браму, дык убачым у панадворку адрэстаўраваны старасьвецкі дамок, збудаваны недзе ў XV-ым, найпазьней у самым пачатку XVI ст. У яго архітэктуры відавочна захаваны гатычны стыль. Як мяркуюць, належыў ён да бурмістра Вільні Якуба Бабіча (15).
Як падаецца ў біяграфіі Скарыны, пакінуўшы ў 1520 годзе Прагу, ён пераехаў у Вільню й абсталяваў сваю друкарню ў доме Якуба Бабіча. Дом у панадворку й лічыцца месцам, куды перавёз Скарына сваю друкарню з Прагі. Менавіта тут і была надрукаваная "Малая падарожная кніжыца" у 1522 годзе й "Апостал" у 1525-м. Цяпер гэты дом займае аб'яднаньне фатографаў, тут часта адбываюцца выставы мастацкай фатаграфіі.
Калі павярнуць на вуліцу Шкляную, ды зайсьці ў панадворак дому, які значыцца пад нумарам 4, дык пабачым тую самую адрэстаўраваную камянічку, але ўжо з другога боку. У цэнтры гэтага невялічкага, вельмі ўтульнага дворыка пастаўленая скульптура літоўскага скульптара Вітаса Круцініса з афіцыйнай мазвай "Летапісец", але агульна прынята лічыць, што фігура гэтая сымбалізуе постаць першадрукара (16).
Скарына прыехаў у Вільню ўжо з дыхтоўнай падрыхтоўкай і не з пустымі рукамі. За ім былі гады друкарскай і выдавецкай працы ў Празе, дзе ён выдаў сваю слынную Біблію, перакладзеную на старабеларускую літаратурную мову. Літоўскі гісторык Лявас Владіміравас піша: "Рука ў выдавецкай справе была ўжо напрактыкаваная, неабходнае абсталяваньне гатовае й асвоенае, а перанясеньне друкарні з Чэхіі бліжэй да чытача - ў Вільню - давала новыя магчымасьці. Тут была вялікая патрэба ў кнігах. Вось дзеля гэтага зьяўленьне Скарыны ў Вільні трэба разглядаць, як вельмі важную падзею ў культурным жыцьці літоўскай сталіцы."
Гэты самы гісторык, тлумачачы пад уплывам якіх фактараў пачала фармавацца беларуская літаратурная мова ў Вялікім княстве Літоўскім, сцьвярджае: "Гэтая мова ў XVI-XVII ст. ужо гэтак адрозьнівалася ад мовы Маскоўшчыны, што яе пачалі лічыць літоўскай мовай. Гэта была беларуская мова кніг літоўскага друку. Гэта й была мова скарынаўскіх кніг."
Пра Франьцішка Скарыну й значэньне ягонай выдавецкай дзейнасьці для Вільні і ўсяго краю дужа хораша напісаў літоўскі паэт і драматург Юсьцінас Марцінкявічус у сваім "Дзёньніку бяз датаў". Вось ягоныя словы ў перакладзе на беларускую мову:
"Ніхто гэтак не паслужыў чалавеку, ніхто гэтак высака не ўзьняў душы яго й ніхто гэтак не цярпеў разам з чалавекам, як кніга. Перад ёю меркнуць усе цуды сьвету, яна калыска ўсіх дасягненьняў навукі й тэхнікі, маці ўсіх нашых духоўных сілаў. Дзіўна, што да гэтага часу не паставілі ёй помніка. А можа ўсё тое, што стварыў, зрабіў чалавек, і зьяўляецца нічым іншым, як грамадзкім жывым помнікам кнізе, які творыцца ўсімі й паўсюль?
Шчасьлівы горад, які можа сёньня ганарыцца тым, што больш за чатыры з паловай вякі назад прыняў доктара сямі вызваленых навук, Франьцішка Скарыну, зь ягонымі высакароднымі гуманістычнымі асьветніцкімі мэтамі й плянамі.
Шчасьлівы горад, які пад сваімі дахамі выдаў першую ў Вялікім княстве Літоўскім друкаваную кнігу. I ніхто так прыгожа не адудзячыў Вільні, як сам Франьцішак Скарына, напісаўшы ў сваіх выданьнях, што гэтыя кнігі адціснутыя "у слаўным і вялікім Месьце Віленскім". Ізноў парадокс гісторыі: "слаўны горад Вільня", выпусьціўшы ў сьвет першую беларускую кнігу, а праз шэсьць дзесяцігодзяў і першую латыскую, дзеля розных прычынаў ня стаў, на жаль, радзімай першай літоўскай кнігі.
Сваім дэмакратызмам, адукаванасьцю, духоўнай энэргіяй і культурай першы віленскі друкар высока ўзьняўся ў першых дзесяцігодзьдзях XVI ст., як адзін з самых яркіх гуманістаў Усходняй Эўропы.
Недзе тут стаяў дом бурмістра горада Якуба Бабіча, дзе заснаваў сваю друкарню Скарына. Тут у цемры ночы сьвяцілася вакно, за якім пры дымнай сьвечцы раскладаў свае манускрыпты першы віленскі чарадзей, - ён ужо бачыў свае будучыя кнігі, калі думаў пра шрыфты, віньеткі, застаўкі... Сьвятло, нябачнае дагэтуль сьвятло кнігі лілося ад гэтага дому, ад гэтага чалавека...
Няхай атуляе яго й ягоны подзьвіг сьвятло нашай памяці, нашай пашаны."
ПА СЬЛЯДОХ ЛЬВА САПЕГІ
У прыгожым куточку старое Вільні, які стварае сваеасаблівы ансамбаль старажытнай віленскай архітэктуры, прыблізна 400 гадоў таму назад быў закладзены касьцёл Сьв.Міхала (17). Зусім непадалёк ад яго знаходзяцца касьцёлы Сьв.Ганны (12) й Бэрнардынаў (13). За палацам узвышаецца вялікі Прачысьценскі сабор (3), што быў некалі галоўным храмам незалежнай праваслаўнай мэтраполіі старажытнай Літвы.
Ініцыятарам пабудовы й фундатарам касьцёла Сьв.Міхала й быў менавіта Леў Сапега. Ён увайшоў у гісторыю Вялікага княства Літоўскага, як знакаміты палкаводзец і таленавіты палітычны дзеяч, стваральнік найбольш дасканалай трэцяй рэдакцыі Літоўскага Статуту, надрукаванага на беларускай мове ў 1588 годзе ў віленскай друкарні братоў Мамонічаў.
Касьцёл і пабудаваны побач зь ім кляштар былі прызначаныя Сапегам для ордэна манашак-бэрнардынак, што дагэтуль мелі сваю сядзібу на Зарэччы, а ня маючы там свайго касьцёла, змушаныя былі хадзіць пешшу на багаслужбы ў горад Урачыстасьць адкрыцьця касьцёла адбылася 29-га красавіка 1596 г. пры асабістым удзеле канцлера Вялікага княства Літоўскага Сапегі.
Падчас ваенных падзеяў 1655 году касьцёл быў амаль зьнішчаны, але ўжо ў 1662-м адрэстаўраваны, затым капітальна адноўлены ў пачатку XVII ст. Дасьледчыкі віленскай архітэктуры адносяць касьцёл Сьв.Міхала да стылю рэнесансу. Гэты стыль зьявіўся тады, калі тут яшчэ будаваліся гатыцкія касьцёлы. У асноўным гэта было за панаваньнем каралёў Жыгіманта Старога й Жыгіманта Аўгуста. У стылі рэнэсансу быў перабудаваны таксама Ніжні Замак, які стаў тады віленскай каралеўскай рэзыдэнцыяй, але да нашых часоў ён не захаваўся.
Эпоха рэнэсансу была ня дужа прадуктыўная ў будоўлі віленскіх касьцёлаў. Таму, бадай, адзіны касьцёл блізкі па свайму стылю да рэнесансу гэта й ёсьць касьцёл Сьв.Міхала. Дух эпохі найболып поўна выяўляецца ў ягоным інтэр'еры. Касьцёл мае адну наву, перакрытую шырокім скляпеньнем, якое абапіраецца на магутныя пілястры з карынфскімі капітэлямі - гэтыя пілястры нішто іншае, як гатыцкія кантрафорсы, быццам уціснутыя ў сярэдзіну касьцёла. Скляпеньне ўпрыгожанае карункамі з зорак, сэрцаў і разэтак.
У вонкавай архітэктуры касьцёла Сьв. Міхала готыка, мінаючы рэнэсанс, спалучаецца з барокам. Гатыцкі характар будынку падкрэсьлівае высокі дах, кантрафорсы бакавых сьценаў, а на фасадзе гатыцкімі зьяўляюцца агульныя прапорцыі, бакавыя вежачкі, вузкія пілястры, выцягнутыя формы вокнаў.
Найпрыгажэйшая аздоба інтэр'ера - мармуровы помнік Льву Сапегу, выкананы ў стылі ракако, устаноўлены пры сьцяне справа ад галоўнага аўтара. Адначасова ён зьяўляецца й помнікам абедзьвюм ягоным жонкам, тут жа былі пахаваныя й ягоныя сыны. У сярэдзіне помніка выява самога Сапегі з жоўтага мармуру ў ляжачай позе, ніжэй, паабапал, табліцы, прысьвечаныя ягоным жонкам.
Падчас ганебнай вайны 1655 году маскоўскія захопнікі-рабаўнікі моцна зьнявечылі касьцёл і помнік Сапегі, абрабавалі магільню, у тым ліку й труны, выкінуўшы зь іх рэшткі пахаваных тут нябожчыкаў. Пазьней астанкі Льва Сапегі й ягоных родзічаў былі складзеныя ў новыя труны й зьмешчаныя пад галоўным алтаром.
Для беларусаў Вільні цікавы факт, што нейкі час у касьцёле Сьв. Міхала быў пробашчам Адам Станкевіч, які праводзіў тут багаслужбы на беларускай мове. Варта згадаць таксама, што падчас сьвятарства айца Адама сутарэньні касьцёла нейкі час выкарыстоўваліся, за яго згодай, для перахаваньня найбольш каштоўных экспанатаў Віленскага Беларускага Музэю (74).
Справа ў тым, што пасьля высяленьня музэю па загаду нямецкіх акупацыйных уладаў з Базыльянскіх муроў, ягоныя фонды былі перавезеныя ў будынак Інстытуту Мастацтваў (83), непадалёк касьцёла Сьв. Ганны (12). У пачатку 1944 году супрацоўнікі музэю, разумеючы, што перад прыбліжэньнем фронту музэю пагражае небясьпека вывазу ягоных экспанатаў на захад, частку іх пакрыёму перанесьлі ў касьцёл ды замуравалі ў склепе. Гэтая цяжкая й небясьпечная праца каштавала шмат высілкаў і самаахвярнасьці з боку супрацоўнікаў музэю. Прайшоў фронт... Так шчасьліва склалася, што экспанаты музэю захаваліся ня толькі ў сутарэньнях касьцёла Сьв. Міхала, але і ў будынку інстытуту.
Трагедыя ліквідацыі музэю прыйшла зусім зь іншага боку, а менавіта з боку бальшавіцкай улады Савецкай Літвы й Савецкай Беларусі. Яны здолелі зрабіць тое, чаго ня здолелі ні польскія, ні нямецкія акупацыйныя ўлады. Пад рэпрэсіі рэжыму трапілі супрацоўнікі музэю й сам музэй... Ці ж не пара падумаць пра яго рэгабілітацыю?
Тымчасам пасьля другой сусьветнай вайны касьцёл Сьв. Міхала быў зачынены. Яго будынак выкарыстаны для стварэньня ў ім музэю будаўніцтва й архітэктуры.
Рэнэсансавы касьцёл Сьв.Міхала, як бачым, гэта помнік і гісторыі колішняй сумеснай літоўска-беларуска дзяржавы, і навейшых часоў беларускай традыцыі Вільні.
Побач з касьцёлам Сьв.Міхала, амаль насупраць касьцёлаў Сьв. Ганны й Бэрнардынаў, на самым рагу вуліцы бачым старажытныя муры, збудаваныя, мабыць, яшчэ ў XV ст., але, напэўна, не пазьней пачатку XVI ст. Гэты палац - сядзіба Льва Сапегі (18). Ён займаў адказныя дзяржаўна-адміністрацыйныя й вайсковыя пасады: быў віленскім ваяводам, канцлерам, а пазьней і гетманам Вялікага княства Літоўскага. Быў стваральнікам Літоўскага трыбуналу, які ўзьнік у 1581 годзе, складальнікам трэцяй рэдакцыі Статуту Вялікага княства Літоўскага, надрукаванага ў 1588 годзе яго ўласным коштам у друкарні братоў Мамонічаў у Вільні. Дарэчы, друкарня тая знаходзілася ў тым самым будынку, дзе напачатку стагодзьдзя была друкарня Франьцішка Скарыны. Дасьледчыкі лічаць, што ўпарадкаваньнем пісанага права й выданьнем Статуту Сапега здабыў сабе шчырую удзячнасьць сучасьнікаў і пакінуў адметны сьлед у гістоpыі дзяржавы. Статут быў, бадай, адзіным такога кшталту зборам законаў XVI ст. у Эўропе, а дзеля гэтага разглядаецца, як зьява прагрэсіўная й па свайму зьместу, і па часе ўзьнікненьня.
У сваёй палітычнай дзейнасьці Леў Сапега стаяў на прынцыпе рэлігійнай талеранцыі, імкнуўся па магчымасьці захаваць незалежнасьць Літоўскага княства ад Польскай Кароны, якая ўжо абмяжоўвалася Люблінскай вуніяй 1569 году. Літоўскі Статут, сэймавыя выступленні, складзеныя ім граматы й ягоная перапіска зьяўляюцца ўзорам сярэднявечнай беларускай літаратуры й мовы, якая ў XVI-мм і пачатку XVII ст. дасягнула свайго найвмшэйшага разьвіцьця.
У Вільні да роду Сапегаў належыў таксама багаты палац зь, вялікім паркам на Антокалі (19), які лічыўся летняй рэзыдэнцыяй.
У той час, калі жыў Леў Сапега, Антокаль быў прыгарадам. Яшчэ й цяпер непадалёк ад Сапегавай рэзыдэнцыі знаходзіцца значны незабудаваны абшар, паркавая зона гораду зь лясочкамі і узгоркамі, якая захавала назву ад гэтага магнацкага роду - Сапежыны (Sapiegine).
Улетку Сапежыны - месца шпацыраў і адпачынку, а ўзімку на маляўнічых пагорках можна ўбачыць мноства віленчукоў, аматараў лыжнага спорту.
Леў Сапега неаднойчм жыў у сваёй рэзмдэнцыі на Антокалі, там і памёр. Пахавалі яго, як ужо згадвалася, непадалёк палацу ў Старым горадзе у касьцёле Сьв. Міхала. Тутака знаходзіцца магільня Сапегаў, аздобленая прыгожым мармуровым помнікам...
А на Антокаль мы яшчэ абавязкова трапім у нашых вандроўках і ўбачым там шмат вартага нашай увагі. Сёньня ж павандруем каля старога палацу Сапегаў, па колішняй вуліцы Сьв. Ганны, якая носіць цяпер імя літоўскага паэта Майроніса.
Насупраць палаца, на другім баку вуліцы ёсьць пляц, прылеглы адным бокам да касьцёла Бэрнардынаў (13), а другім да Бэрнардынскага кляштару. Нa гэтым пляцы сеньня стаіць помнік нашаму слыннаму земляку й вялікаму польскаму паэту Адаму Міцкевічу (20). Ён паўстаў тут у 1985 годзе, аўтарам ягоным зьяўляецца знаны літоўскі скульптар Якубоніс.
Можа выклікаць зьдзіўленьне, што на працягу ўсяго міжваеннага дваццацігодзьдзя польскага панаваньня ў Вільні Адаму Міцкевічу так і ня быў пастаўлены помнік. Праўда, рабіліся некаторыя намаганьні, але безвынікова. I хоць на правым беразе Вяльлі, насупраць Замкавай Гары шмат гадоў стаяў драўляны макет помніка, ён так і ня быў уцелясьнёны. Стаяў гэты макет над самай стромай, Вяльля была тады больш паўнаводная, вясной часта здараліся паводкі, вада падмывала драўляную постаць Міцкевіча й яна абрыньвалася ў рэчку. Toe было нагодай для зласьлівых кпінаў віленчукоў, накшталт: "Міцкевіч, кідаючыся ў рэчку, сказаў "Літва - мая Айчына" й паплыў у Коўна". Хто памятае, такія радкі ў паэме "Пан Тадэвуш" сапраўды ёсьць.
Вядома, да Коўна даплыць яму не давалі, недзе каля Закрэту (Vingio parkas) выцягвалі баграмі з вады й зноў стаўлялі на папярэдняе месца.
Вяртаючыся да нашае вандроўкі, наведаем мясьціны, таксама зьвязаныя з Адамам Міцкевічам, бо гэта зусім блізка. Ідучы ад касьцёла Сьв. Міхала (17), зварочваем у Бэрнардынскі швулак (Bernardinu) і падыходзім да дому нумар 11, дзе ў 1822 годзе жыў клясык польскай паэзіі (21). Тут цяпер створаны музэй й цікавай экспазыцыяй, а над брамаю ёсьць мэмарыяльная дошка. Перад тым Міцкевіч жыў непадалёк: у Літарацкім завулку (Literatu), што праходзіць раўналегла да Бэрнардынскага. Там таксама ўжо даўно пастаўленая мэмарыяльная табліца (22).
Ёсьць яшчэ адно месца ў Вільні, зьвязанае зь імем Адама, таксама ў Старым горадзе, бліжэй да Вострай Брамы. Як вядома, Міцкевіч быў адзін з арганізатараў тайных таварыстваў патрыятычнай моладзі ў Вільні - філяматаў і філярэтаў. Разам зь іншымі сябрамі арганізацыяў быў арыштаваны ў 1823 годзе, знадзіўся ў зьняволеньні ў Базыльянскім кляштары, які на той час быў ператвораны ў вастрог. I тут, на сьцяне кляшторнага будынку таксама ёсьць памятная дошка ў гонар песьняра (23).
Завяршаючы нашую сёньняшнюю вандроўку, па Бэрнардынскім завулку выходзім на Замкавую вуліцу, паварочваем направа й неўзабаве трапляем на Катэдральны пляц. Адсюль добра відаць Замкавую й Трохкрыжовую горы, якія ўзвышаюцца над горадам.
Вялікакняскія замкі
Далёка відаць у вільні Замкавую гару, якая шаецца над ўзвышаецца над горадам, і ацалелую да сёньняшняга дня вежу Верхняга абарончага замка (24). Віленскі замак, ад якога захаваліся толькі асобныя фрагмэнты, быў узьведзены сярод лясістых пагоркаў на месцы, дзе Вялейка ўліваецца ў Вяльлю. Калісьці гэта быў вялікі абарончы комплекс, адзін з самых старажытных і ўражваючых помнікаў архітэктуры ў Літве. Так ацэньваюць яго сучасныя дасьледчыкі.
Цяпер ён пад аховай дзяржавы й значыцца ў сьпісе, як помнік архітэктуры міжнароднага значэння. Зь Верхняга замка (25) - сядзібы валадароў некалі вялікай і магутнай дзяржавы - ажыцьцяўлялася палітычнае кіраўніцтва ўсёй краінай, якую засялялі літоўскі й беларускі народы.
Замкавая гара носіць таксама нашу "гары Гедыміна", бо гэты князь, паводле вядомай легенды пра жалезнага воўка, заснаваў тут горад, збудаваў замак і перанёс сюды сталіцу ўсёй бязьмежнай Літвы. Існуе погляд, абапёрты на археалагічныя раскопкі, што на гары былі абаронныя ўмацаваньні яшчэ ў першым тысячагодзьдзі, а з XIII ст. тут знаходзяць ужо рэшткі буйной драўлянай забудовы ля падножжа гары. I усе ж Гедыміну належыць права лічыцца заснавальнікам Вільні, бо месцам збудаванага ім абарончага замчышча была гара, якая й сёння захавала ягонае ймя. А вось ацалелыя да нашых дзён муры мабыць адносяцца ўжо да пачатку XV ст., бо іх будаўніцтва завяршыў унук Гедыміна, вялікі князь Вітаўт.
Мураваны абарончы комплекс Вільні складаўся зь Верхняга й Ніжняга (8) замкаў з сыстэмай абарончых муроў, бастыёнаў і цэлага шэрагу будынкаў разнастайнага прызначэныія. На вялікі жаль, да нашых часоў бальшыня гэтых будынкаў і ўмацаванміяў не захавалася. На гары засталася вежа й частка закансэрвананых муроў Верхняга Замка, а ад Ніжняга замка, які знаходзіўся між гарой і Катэдрай, не засталося нічога. Дый тое, што можам бачыць сёньня, гэта плён работы рэстаўратараў. Рэканструкцыя вежы Верхняга замка была праведзеная ў трыццатых гадох, але падчас апошняй вайны вежа была зноў часткова зруйнаваная. Завяршэньне рэстаўрацыі з адкрыцьцём у вежы музэю адбылося ў 1960 годзе й на гары тады ж быў устаноўлены памятны камень, прымеркаваны да 550-ых угодкаў Грунвальдзкай бітвы (26). У 1987 годзе была закончаная адбудова арсэналу ля падножжа гары, дзе быў створаны музэй прыкладнога мастацтва. Вядуцца археалягічныя раскопкі на месцы Ніжняга замка. Можна спадзявацца, што руплівасьцю літоўскіх рэстаўратараў будзе ўзноўленая яшчэ не адна пабудова Віленскага замка. (У дадзены час Верхні замак адбудаваны. Рэд.)
Але сёньня турыста перш за ўсё вабіць вежа Верхняга замка зь яе музэем. 3 пляцоўкі на даху вежы вачам адкрываецца цудоўная панарама ўсяго гораду. Адсюль відочныя вузкія вулачкі Старога гораду й новыя праспэкты, дахі старажытных будынкаў, крытыя чырвонай дахоўкай, і сярод іх раскіданыя віленскія палацы й сьвятыні зь іх купаламі й скіраванымі ў неба сьпічакамі й званіцамі. Позірк на Вільню з Замкавай гары некалі вельмі яскрава адлюстраваў Якуб Колас у паэме "Новая зямля" ў разьдзеле "Дзядзька ў Вільні". Розьніца бадай толькі ў тым, што дзядзька Антось бачыў на ўскрайку горада "нівы, лясы і гаёчкі", а цяпер на тых абшарах вырасьлі новыя мікрараёны з сучаснымі высотнымі гмахамі.
Музэй у Гедымінавай вежы сваёй багатай экспазыцыяй у выглядзе малюнкаў і макетаў горада розных часоў, мапай гіс- тарычных падзеяў і старажытнай зброяй апавядае наведнікам гісторыю калісь магутнай Літоўскай дзяржавы й яе сталіцы Вільні. У залях, разьмешчаных на трох вежавых паверхах, можна пазнаёміцца з выявамі й макетамі тых помнікаў архітэктуры, якія сёньня ўжо не йснуюць.
ВАНДРОЎКА НА АНТОКАЛЬ
Сёньняшнюю вандроўку пачнём ізноў ад Катэдральнага пляцу. Тут вельмі зручна дамовіцца аб сустрэчы каля вежы-званіцы, якая стаіць асобііа ад Катэдральнага сабору (9). Дасьледчыкі лічаць, што ніжняя акруглая частка званіцы вельмі старажытная. Над ёю васьміграпная надбудова з трох паверхаў - у самай верхняй частцы на ўсе чатыры бакі відаць цыфэрбляты гадзіньнікаў.
Міжволі згадваюцца радкі Максіма Багдановіча зь нізкі всршаў "Места" ў ягоным першым зборніку "Вянок":
А зьвернеш у завулак - ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх старасьвецкіх будынкаў,
Між каменьнямі мох і сьцяблінкі травы,
I на вежы, як круглае бока савы,
Цыфэрблят - пільны сьведка далёкіх учынкаў.
Бясспрэчна, гэтыя словы могуць адносіцца толькі да катэдральнай званіцы, другой такой вежы ў Вільні няма.
З гэтага месца разыходзіцца шмат шляхоў і кожны зь іх можа аказацца цікавым маршрутам для нашых вандровак. Але сёньня мы павернем на кароткую вуліцу, названую імем Урублеўскага (T.Vrublevskio), якая прывядзе нас да берага ракі Вяльлі. Зьлева - вуліца, забудаваная дамамі. Апошні будынак на рагу вуліцы перад самай набярэжнай Вяльлі - гэта Цэнтральная Бібліятэка Акадэміі Навук Літвы (27). Да вайны бібліятэка насіла ймя яе заснавальнікаў - вядомых асьветнікаў мінулага стагодзьдзя Ўрублеўскіх. Зараз у ёй зьберагаецца асноўная частка найбольш каштоўных кніжных і архіўных фондаў былога Віленскага Беларускага Музэю ймя Івана Луцкевіча (74). Правы бок вуліцы прылягае да парку, які атуляе Замкавую гару. Адзіны будынак у глыбіні ля падножжа гары - Літоўскі дзяржаўны гісторыка- этнаграфічны музэй (28), разьмешчаны ў адрэстаўраваных мурох, што ўваходзілі ў комплекс Ніжняга замка. I гэты музэй таксама фармаваўся, скарыстаўшы ў значнай меры багатыя фонды Беларускага Музэю, зьліквідаванага ў 1945 годзе.
Пра гэтую сумную гісторыю можна апавядаць шмат, але ж мы павернем направа, на набярэжную, якая ў гэтай частцы завецца цяпер Арсэнальскай (Arsenalo). Яна прывядзе нас да маста цераз імклівую рэчку Вялейку, якая менавіта ў гэтым месцы ўпадае ў Вяльлю. Справа, перад самым мастом бачым хораша адрэстаўраваны будынак былога Арсэналу Ніжняга замка (29). Яшчэ нядаўна ён быў цалкам занядбаны й толькі дзякуючы намаганьням рэстаўратараў прыдбаў новае жыцьцё. Тутака цяпер разьмешчаная экспазыцыя Музэю прыкладных мастацтваў.
Пераходзім мост праз Вялейку, і перад намі адкрываецца пэрспэктыва вуліцы Тадэвуша Касьцюшкі (T.Kosciuskos) (30). Усім вядомае имя гэтага выдатнага палітычнага й ваеннага дзеяча Польскай Рэчыпаспалітай, у склад якое ўваходзіла ўсё Вялікае княства Літоўскае, а значыць і ўся Беларусь. Ён быў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1774 году, змагаром за вызваленьне нашых земляў ад акупацыі Расейскай Імпэрыі. Беларусам ягонае ймя дарагое яшчэ й таму, што ён паходзіць зь беларускай шляхты. На тэрыторыі Беларусі ягоны род вядомы ў Пінску, Бярэсьці, Мсьціславе, Гародні з XV ст. Таму яго шануюць ня толькі ў Польшчы, але й на Беларусі, у Літве й нават у Амерыцы, бо Касьцюшка нейкі час змагаўся ў вайне за незалежнасьць Злучаных Штатаў. Дык ня дзіва, што вуліца, якая ўшаноўвае Тадэвуша Касьцюшку зусім натуральна падкрэсьлівае шматнацыянальную традыцыю нашага гораду.
Мы ж рушым па гэтай вуліцы ад Старога места ў бок колішняга прыгараду, які завецца Антокаль (Antakalnis). Вуліца крыху падымаецца ад нізіны цэнтральнай часткі гораду й цягнецца ўздоўж левага берагу ракі Вяльлі.
Тут варта зьвярнуць увагу на калісьці дужа багаты палац Слушкаў зь левага боку вуліцы (31). Ён стаіць над самай ракой і для яго пабудовы неабходна было зрабіць наспу ў самым рэчышчы Вяльлі. Палац гэты быў узьведзены Дамінікам Слушкай, ваяводам полацкім у другой палове XVII ст. у стылі барока.
Складзены ён у форме квадрата з чатырма нарожнымі вежамі што надае яму выгляд абароннага замка. Багата аздоблены звонку, меў таксама раскошныя інтэр'еры. На жаль, пасьля сьмерці фундатара, які пакінуў па сабе шмат даўгоў, палац страціў сваё першапачатковае прызначэньне. Ужо ў канцы XVIII ст. яго перарабілі ў бровар, а аканчальна ён заняпаў пры царскай уладзе. Яго сьпярша выкарыстоўвалі як казармы, а затым ператварылі ў ваенны вастрог. Такі стан захаваўся ў міжваенным часе, і нават нейкі час пасьля другой сусьветнай вайны. Цяпер там размясьцілася сярэдняя тэхнічная навучальная ўстанова. З вуліцы палац захінаюць новыя пабудовы, затое хораша глядзіцца ён з вышыні Замкавай гары.
Крочым далей па вуліцы Касьцюшкі, мінаючы справа вялікую сучасную Гімназію мастацтваў імя Чурлёніса. Гэта адна з найбольш прэстыжных навучальных установаў Вільні, якая рыхтуе таленавітую моладзь у галіне музыкі й выяўленчага мастацтва.
Адразу за школаю бачым даволі значны квартал жылых двухпавярховых дамоў, збудаваных у трыццатых гадох віленскім архітэктарам Лявонам Вітан-Дубейкаўскім (32). Гэты жылы комплекс вылучаецца дужа высокай якасьцью пабудовы й камфортам. Дарэчы будзе сказаць колькі слоў пра іх аўтара. Ён родам з Дубейкава на Магілеўшчыне. Веды ў галіне будаўніцтва здабываў у Варшаве, затым у Пецярбурзе атрымаў спэцыяльнасьць інжынера-архітэктара, далей студыяваў у Парыжы, дзе скончыў Акадэмію архітэктуры. Шмат будаваў на тэрыторыі ўсяе Беларусі, у тым ліку Віленскім краі і ў самой Вільні, дзе жыў ад 1922 году аж да сьмерці ў 1940 годзе. Быў вядомым беларускім культурна-грамадзкім дзеячом, належыў да асяродзьдзя "нашаніўцаў", змагаўся за стварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пахаваны ў Вільні на могілках Росы.
Уздоўж левага берага Вяльлі мы дасягнулі канца вуліцы Касьцюшкі. Яе працягам зьяўляецца Антокальская вуліца (Antakalnio). Адсюль колісь пачынаўся прыгарад Вільні пад назваю Антокаль, цяпер жа гэта адзін з найболып прэстыжных жылых раёнаў гораду. Ён месьціцца на ўзбярэжжы ракі паабапал вуліцы, якая выводзіць урэшце за мяжу гораду, што адступіла цяпер далёка ад цэнтру.
А на пачатку Антокальскай вуліцы перад намі адкрываецца від на касьцёл Пятра й Паўла, сапраўдны шэдэўр віленскага дойлідзтва (33). Ён збудаваны ў другой палове XVII ст. у стылі барока і ў сваім інтэр'еры вызначаецца нязвычайна багатым скульптурным дэкорам. Тут варта спыніцца даўжэй і не пашкадаваць часу, каб агледзіць касьцёл знутры.
У XVII-XVIII вякох барока так глыбака запусьціла карані ў бальшыню архітэктурных помнікаў Вільні ды пакінула столькі выдатных збудаваньняў, што Вільню ўжо здаўна прынята называць горадам барока. Кажучы пра характар віленскага барока, варта адзначыць, што ў яго разьвіцьці важную ролю адыгралі мясцовыя магнаты - Пацы, Сапегі, Радзівілы, якія спакон былі мецэнатамі віленскай архітэктуры. Вялікае значэньне мела й тое, што заказчыкі тых збудаваньняў былі людзьмі адукаванымі, якія разумелі мастацтва й мелі добры густ. Сярод архітэктараў і дэкаратараў, як і ва ўсіх іншых эўрапэйскіх дзяржавах, былі часткова чужаземцы, часткова й мясцовыя майстры. Усё гэта разам і вызначыла характар віленскага барока.
Фундатарам касьцёла Пятра й Паўла быў Міхал Казімір Пац, гэтман Вялікага княства Літоўскага й віленскі ваявода. Касьцёл пабудаваны на месцы, дзе калісьці знаходзілася паганская сьвятыня багіні Мілды, што была адпаведнікам антычных багіняў - грэцкай Афрадыты, ці рымскай Вэнэры. Пасьля прыняцьця хрысьціянства на гэтым месцы няраз будаваліся драўляныя касьцёлы, ды ад іх нічога не засталося.
Міхал Пац быў тыповы прадстаўнік сваёй эпохі, эпохі стылю барока. Адважны ваяр, магутны магнат, які ганарыўся тым, што паходзіць з флярэнтыйскай дынастыі Пацы, гуманіст, знаўца паэзіі свайго часу, багацей, які прывык жыць у раскошы й адначасова пабожны хрысьціянін, пакорны слуга касьцёла, - ён у тэстамэньце загадаў пахаваць сябе сьціпла пад парогам касьцёла, а на магільнай пліце выбіць надпіс па лаціне "Гік яцэт пэккатор" - "Тут спачывае грэшнік". Праўда, пазьней табліца ў гонар закладчика была ўмураваная ў сьцяну касьцёла, справа ад ўваходу. Але сапраўдным помнікам Пацу зьяўляецца сам касьцёл, дзе на фасадзе ў лацінскім надпісу "Рэгіна паціс фунда нос ін пацэ" - "Каралева міру захавай нас у міры" - вялікімі залатымі літарамі двойчы паўтараецца ймя фундатара, - сапраўдны барокавы калямбур. Праўда, мясцовы просты народ пераклаў гэта па-свойму, стварыўшы вядомую прыказку: "Варты палац Паца, а ІІац палаца".
Архітэктарам гэтага касьцёла быў запрошаны з Кракава італьянец Джавані Заор. Касьцёл быў пабудаваны, як на тыя часы, вельмі хутка, усяго за восем гадоў, пачынаючы з 1668 году. Вонкавая архітэктура не ўяўляе вялікай цікавасьці, затое інтэр'ер касьцёла велічны й наўпрост фантастычны. Увесь дэкор складаецца з аграмаднай колькасьці скульптураў, якія паказваюць сцэны зь Бібліі, жыцьця сьвятых, а таксама сьвецкія сцэны з гісторыі Вільні й побыту яе жыхароў. У распрацоўцы афармленьня касьцёла удзельнічаў сам Пац. Аўтарам эскізаў быў мастак Шрэйтар, а скульптарамі італьянцы Пэтра Пэрэці й Джавані Марыя Галі. Ім дапамагалі мясцовыя рамесьнікі. Толькі людзкіх фігураў тут налічваюць звыш дзьвюх тысячаў, нямала фантастычных стварэньняў: дэманаў, драконаў, грыфаў, а таксама безьліч нежывых прадметаў, свайго роду рэквізыту й дэкарацыяў: эмблемы, расьлінныя матывы, маскі й да гэтага падобнае. Постаці людзей вельмі рэалістычныя, яны адлюстроўваюць сваю эпоху, а некаторыя зь іх паводле тыпаў і вопраткі зьяўляюцца партрэтамі жыхароў Вільні.
Мінаем касьцёл Пятра й Паўла ды крочым наперад па Антокальскай вуліцы. Ня дужа далёка адсюль з правага боку вуліцы вялікую гірастору займае колісь вельмі багаты палац Сапегаў з раскошным паркам, які быў летняй рэзыдэнцыяй гэтага магнацкага роду (19). Ёсьць сьведчаньні, што яшчэ ў пачатку XVII ст. тут была вялікая драўляная сядзіба Сапегаў, дзе закончыў сваё жыцьцё слаўны прадстаўнік гэтага роду Леў Сапега. Будаўніцтва ж цяперашняга палацу была завершанае ў самым канцы XVII ст. На аточаную паркам тэрыторыю палацу ўяжджалася праз манумэнтальныя брамы, адна зь якіх відочная з Антокальскай вуліцы. На жаль, пазьней, за часоў царскай улады, палац быў ператвораны ў шпіталь, для гэтай мэты выкарыстоўваўся ў міжваенным і пасьляваенным часе, ды шмат страціў з сваіх архітэктурных каштоўнасьцяў.
Амаль насупраць палацу Сапегаў, на другім баку вуліцы, зьвернем увагу на двухпавярховы мураваны дом арыгінальнага выгляду з дэкаратыўным фасадам, збудаваны мабыць ужо ў XIX ст. Тут больш за 40 гадоў жыў беларускі мастак Пётра Сергіевіч (101). Але гэта ўжо гісторыя навейшых часоў, дык мы яшчэ сюды вернемся, каб распавесьці пра гэтага вельмі абаяльнага чалавека, прадстаўніка беларускай творчай інтэлігенцыі Вільні нашага стагодзьдзя.
БАЗЫЛЬЯНСКІЯ МУРЫ
Ідучы ў бок Вострай Брамы (Ausros Vartai) (46) па вул. Вялікай каля фільгармоніі, міжволі кідаеш позірк на прыгожы помнік віленскай архітэктуры, збудаваны ў традыцыях позьняга барока, які дасьледчыкі адносяць да стылю ракако. Гэта вароты ў былы вуніяцкі кляштар ордэну базыльянаў, які й сёньня па старой звычцы называюць Базыльянскімі мурамі (5).
Гісторыя гэтага збудаваньня дужа даўняя й па часе блізкая пачатку забудовы Вільні як сталіцы Вялікага княства Літоўскага. Пра ўзьнікненьне ягонае апавядае табліца, умураваная ў сьцяну царквы, якая знаходзіцца ў панадворку кляштара. Праўда, яна зьявілася тут не раней XIX ст. Вось яе тэкст: "На месцы гэтага храма, у быўшай тут калісь дуброве, у палове XIV ст. прынялі пакутніцкую сьмерць за Праваслаўную Хрысьціянскую веру сьвятыя пакутнікі Літоўскія, Віленскія Цудатворцы - Антон, Іаан і Яўстафій". Над табліцай у нішы знаходзіцца моцна ўжо пашкоджаная фрэска з выявамі сьвятых.
Літоўскія пакутнікі, закатаваныя на месцы, дзе пазьней паўстала царква, былі прыдворныя вялікага князя Альгерда, якія прынялі хрысьціянства ўсходняга абраду й, мабыць, пад уплывам праваслаўнай жонкі князя змагаліся за пашырэньне ў Вільні праваслаўнае веры. Судзячы па іхніх імёнах да хрышчэньня - Кумец, Круглец і Няжыла - яны былі славянскага паходжаньня, а, дакладней, былі продкамі тутэйшых віленскіх беларусаў. Нягледзячы на высокі ўзровень рэлігійнай талеранцыі ў Літве таго часу, можна дапусьціць, што лішняя заўзятасьць "цудатворцаў віленскіх" у прапаведваньні хрысьціянства сярод жыхароў Вільні была не даспадобы камусь з княскага двара, які яшчэ быў паганскі, што й прывяло іх да гібелі. Безумоўна, сёньня гэтую напоўлегендарную падзею, хоць яна й адлюстраваная ў старажытных візантыйскіх летапісах, камэнтаваць цяжка.
На месцы гібелі пакутнікаў (1346 ці 1347 г.) другая жонка князя Альгерда Юліяна пабудавала царкву й манастыр Сьв. Тройцы, у той час яшчэ драўляныя. Як мы ўжо згадвалі, у Вільні тады мураваных будынкаў амаль не было.
Толькі ў пачатку XVI ст. Базыльянскія муры набылі новае аблічча. Як вядома, у гэтым часе Вялікае княства Літоўскае, а перадусім тэрыторыя Беларусі, цярпела ад агрэсіі суседняй Маскоўскай дзяржавы. Рабаўнічыя напады на нашыя землі зьнішчалі гарады й вёскі, ворагі мардавалі й выганялі ў палон мірнае насельніцтва краю. Славутая перамога Літвы над Маскоўшчынай у 1514 годзе пад Воршаю, здабытая гетманам Вялікага княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім на неійкі час спыніла агрэсію суседа.
Князь Канстанцін Астрожскі, найвышшы гетман княства, кашталян Віленскі й ваявода Троцкі, даў абяцаньне Богу за перамогу над маскоўцамі пабудаваць у Вільні дзьве праваслаўныя цэрквы. У выніку ягонымі намаганьнямі й коштам спарахнелыя драўляныя будынкі Мікалаеўскай і Сьвятатраецкай царквы з манастыром былі перабудаваныя на мураваныя. Зь нязначнымі перабудовамі яны захаваліся да нашых дзён.
Як сьведчыць гісторык Адам Кіркор, у царкве Сьв. Тройцы захоўваўся надзвычай каштоўны й старажытны абраз Божай мацеры Праведніцы. "Паводле паданьня, - піша ён, - ня толькі ў Літве, але й па ўсёй Русі, меўся ён быць пэндзля сьвятога эвангеліста Лукі". Акрамя таго было там шэсьць абразоў работы знанага віленскага мастака Смуглевіча й багата аздобленая капліца з магільнямі магнацкага роду Тышкевічаў.
Пасьля Берасьцейскай царкоўнай вуніі 1596 году па загаду караля Жыгіманта III гэтыя муры ў 1608 годзе перайшлі ў валоданьне вуніяцкага ордэну манахаў-базыльянаў і з таго часу прыдбалі назву "Базыльянскіх муроў".
Тымчасам у выніку падзелу Рэчыпаспалітай, калі Вялікае княства са сталіцаю Вільняй трапіла пад панаваньне Расейскай імпэрыі, рэпрэсыўны апарат акупацыйнай улады выкарыстоўваў Базыльянскія муры часткова як вастрог. Менавіта тут у пачатку XIX ст. былі зьняволеныя ўдзельнікі таемных арганізацыяў патрыятычнай моладзі Вільні - філяматаў і філярэтаў. Сярод іх, як мы ўжо згадвалі, быў і сын зямлі беларускай, клясык польскай паэзіі Адам Міцкевіч. Тутака ў 1823-1824-ым гадох ён пісаў сваю знакамітую драму "Дзяды". У ёй згадваецца "Цэля - гэта значыць камера - Конрада", у постаці якога ўвасабляецца сам паэт. Пра гэта сьведчыць і памятная дошка над уваходам у левае крыло кляштара (23).
Пасьля скасаваньня на тэрыторыі Расеі Берасьцейскай царкоўнай вуніі ў 1839 годзе ўлады Расейскай Імпэрыі для пашырэньня дзяржаўнай праваслаўнай веры распачалі наступ на віленскія храмы, перадаючы іх ва ўладаньне Рускай Праваслаўнай Царкве, якая сумесна з урадам праводзіла жорсткую асыміліцыйную палітыку. Такім чынам у яе валоданьне трапілі ня толькі ўсе былыя вуніяцкія й праваслаўныя цэрквы Літвы, але й некаторыя каталіцкія касьцёлы, як напрыклад касьцёл Сьв. Казіміра (34).
Менавіта толькі з гэтага часу царква Сьв.Тройцы з кляштарам былі падпарадкаваныя Рускай Праваслаўнай Царкве, а ў былых Базыльянскіх мурох у канцы XIX ст. была адкрытая праваслаўная духоўная сэмінарыя, якая пратрывала да другой сусьветнай вайны.
На працягу XV-XVI ст. кляштар быў сваеасаблівы культурны цэнтар беларускага насельніцтва сталіцы Вялікага княства Літоўскага, бо пры ім існавала школа, лякарня, а затым і друкарня. Пры пераходзе значнай часткі вернікаў і сьвятароў ва ўніяцтва, асьветніцкі характар гэтага цэнтру не зьмяніўся.
Ад самага пачатку XX ст., калі Вільня стала адным з асноўных цэнтраў беларускага адраджэньня, у нашых адраджэнцаў склаліся добрыя сувязі з установамі, што знаходзіліся ў гэтым будынку. А была тут праваслаўная духоўная сэмінарыя ды на працягу нейкага часу прыватная жаночая гімназія Нядзюравай і Райсмілер, пра йснаваньне якой згадвае яе вучаніца, знаная беларуская дзеячка Паўліна Мядзёлка ў сваіх мэмуарах.
Пра першыя сувязі Базыльянскіх муроў зь беларускім адражэнскім рухам згадваецца ў кніжцы "Памяці Івана Луцкевіча": "У 1906 годзе ў Вільні ўжо згуртавалася жменя беларускіх дзеячоў зь Цёткай - Алаізай Пашкевічанкай на чале, зь сям'ёй Умястоўскіх, - дзякуючы ім арганізацыйныя ніці ўжо зьвязалі й некаторыя групы рабочых і школьную моладзь. Між апошняй Іван Луцкевіч разьвівае энэргічную работу, заваяваўшы праваслаўную духоўную сэмінарыю. Ён прабіраецца ў самы гмах сэмінарыі - Базыльянскія муры й, нягледзячы на пільны нагляд начальства, чытае вучням лекцыі аб беларусах і беларускім адраджэньні. Ажыўленыя гарачым словам дэмакратычныя традыцыі віленскай моладзі захоплівалі душы слухачоў, будзілі ў іх любоў да свайго забытага Богам і людзьмі народу, клікалі да працы дзеля лепшае долі яго. З выпускнікоў 1906, 1907 і 1908 гадоў усе вучні сэмінарыі йдуць не ў духоўны сан, а да ўнівэрсытэтаў і прымаюць актыўнае ўчасьце ў беларускай нацыянальнай працы."
Самая непасрэдная сувязь Базыльянскіх муроў зь беларускім рухам пачынаецца ад заснаваньня ў іх першай у Вільні Беларускай Гімназіі (35). Вось што піша аб заснаваньні гімназіі адна зь першых яе абітурыентак Марыя Скурчанка: "Ідэя заснаваньня ў Вільні беларускае сярэдняе школы зарадзілася ў аднаго зь піянэраў беларускага адраджэньня - Івана Луцкевіча. Адкрыцьцё гімназіі адпавядала вялікай, даўно насьпелай патрэбе беларускага народу мець у Вільні, як у гістарычным цэнтры беларускае культуры, сваю сярэднюю школу. Фармальна закладчыкам Віленскае Беларускае Гімназіі быў Беларускі камітэт помачы пацярпеўшым ад вайны. Афіцыйнае адкрыцьцё гімназіі было абвешчанае загадам міністра Літоўскае Тарыбы Біржышкі ад 4 студзеня 1919 году".
Пасьля заняцьця Віленшчыны і усёй Заходняй Беларусі польскімі акупацыйнымі ўладамі Віленская Беларуская Гімназія йснавала й далей, а скончыла сваё йснаваньне ажно ў 1944 годзе. На працягу ўсіх дваццаці пяці гадоў свай дзейнасьці яна кавала кадры сьвядомай беларускай інтэлігенцыі й гэтым унесла свой важкі ўклад у нацыянальна-вызваленчы рух Заходняй Беларусі.
Нельга абмінуць увагаю й тое, што адначасова з гімназіяй, а мо нават і крыху раней, тут быў адчынены й беларускі прытулак для дзяцей-сіротаў, у асноўным выхадцаў зь беларускай сялянскай беднаты. Яго стварыў ксёндз Адам Станкевіч. Бальшыня іх стала пазьней гімназістамі.
Прыблізна ў тым жа часе тут арганізавалася й беларуская аматарская тэатральная майстроўня. Нейкі час сваю сядзібу ў Базыльянскіх мурох мела й Таварыства Беларускай Школы.
Ня менш цесна зьвязаная з Базыльянскімі мурамі й гісторыя Віленскага Беларускага Музэю (74), якая таксама ўяўляе зь сябе цікавую старонку беларускага руху ў Вільні. Музэй паўстаў з багатай калекцыі беларускай старасьвеччыны й этнаграфіі Івана Луцкевіча. У "нашаніўскую пару" калекцыі пэўны час знаходзіліся ў памяшканьні рэдакцыі "Нашай Нівы". У Базыльянскія муры калекцыі былі перавезеныя ў 1921 годзе й гэты год прынята лічыць часам заснаваньня музэю.
Яшчэ да сваёй сьмерці Іван Луцкевіч перадаў свае калекцыі створанаму ім у 1918 годзе Беларускаму Навуковаму Таварыству ў Вільні. Тэта таксама была адна зь беларускіх арганізацыяў, якая разьмяшчалася ў Базыльянскіх мурох і вяла тут сваю працу. Па сутнасьці Таварыства было разьвязанае ўвосені 1939 году, бо бальшыня яго сяброў была арыштаваная бальшавіцкай уладай, але музэй існаваў і далей.
Існаваньне ў Вільні, культурным цэнтры Заходняй Беларусі, Беларускага Музэю з багатым архівам і бібліятэкай мела вялікае значэньне. Яго наведвалі вучні, студэнты, жыхары навакольных вёсак, беларуская інтэлігенцыя; у ім працавалі навукоўцы, якія цікавіліся беларускімі праблемамі. Асноўная дзейнасьць музэю прыпадае на міжваенны пэрыяд.
Аканчальна музэй быў зьліквідаваны ў 1945 годзе. Большая частка экспанатаў, у тым ліку ўсе рукапісныя кнігі й старадрукі, усе калекцыі слуцкіх паясоў і шмат чаго іншага, - засталіся ў Літве. Невялікая частка фондаў трапіла ў Беларусь. Амаль увесь багаты архіў застаўся пры Акадэмічнай Бібліятэцы Літвы (27).
Вось у дужа скарочаным выглядзе, мінаючы шматлікія йстотныя дэталі, гісторыя беларускага культурнага цэнтру ў славутых Базыльянскіх мурох.
ПАД МАСКОЎСКІМ ПРЫГНЁТАМ
У нашых вандроўках па Вільні мы ймкнуліся ў нейкай ступені паказаць яе архітэктурныя помнікі й помнікі яе культуры ў гістарычным разьвіцьці. Шматвяковая гісторыя гораду вяртала нас да самых вытокаў, да ягонага заснаваньня, вяла праз далёкае сярэднявечча, праз падзеі розных эпохаў. У кожнай зь іх адлюстроўваўся ўвесь складаны й шматгранны лёс нашай краіны, нашага народу, які на працягу вякоў, разам зь літоўскім народам, меў Вільню за сваю сталіцу.
Міналі вякі. Пасьля эпохі росквіту для Вільні й для яе жыхароў пачаліся часы заняпаду пад чужацкай уладай. На працягу XIX ст. Вільня перажывала ня лепшыя часы. Калі напрыканцы XVIII ст. уся тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага разам са сваёй сталіцай трапіла пад панаваньне маскоўскіх уладаў, дык гэта адбілася на ўсім укладзе жыцьця былой сталіцы, пакінула выразныя сьляды на помніках яе архітэктуры. Расейская імпэрыя ймкнулася ператварыць горад і ўвесь край у сваю правінцыю, а ў вонкавае аблічча гораду ўнесьці свой калярыт і стварыць новыя прыярытэты.
Некаторыя сьвятыні перабудоўваліся пад густ новых гаспадароў і прыстасоўваліся пад свой новы ўжытпк. Дзсля прыкладу каталіцкі касьцёл Сьв.Казіміра (34) пасьля нязначнай перабудовы стаў галоўным праваслаўным храмам гораду. Іншыя зачыняліся ці ператвараліся ў казармы або вастрогі, вельмі неабходныя новай уладзе, якую не прымала мясцовае насельніцтва. Як вядома, непрыняцьце гэтае ў шматлікія паўстаньні, што пэрыядычна ўзьнікалі на працягу ўсяго стагодзьдзя. Ды ўсё ж Вільня жыла сваім жыцьцём. Як бы мы не ацэньвалі той пэрыяд, калі руйнаваліся многія каштоўныя помнікі, гэтая цяжкая пара таксама пакінула свае станоўчыя сьляды на абліччы гораду.
Заняпад беларускай кніжнай літаратуры не спыніў разьвіцьця вуснай народнай творчасьці беларусаў, народ захоўваў сваю адметнасьць у звычаях, багатым фальклёры, не губляў сваёй роднай мовы. Фальклёр абуджаў зацікаўленьне тых, хто страціўшы сваю нацыянальную сьвядомасьць, усё ж адчуваў крэўную повязь з родным краем і яго "простым людам".
У XIX ст. назіраем першыя парасткі адраджэньня. Яго носьбітамі былі дзеячы культуры своеасаблівага віленскага этнакультурнага памежжа. Адным з тыповых прадстаўнікоў гэтай плыні быў Уладзіслаў Сыракомля, і мы пашукаем мясьціны, зьвязаныя зь ягоным імем.
Вядомы польскі й беларускі паэт, якога сапраўднае ймя Людзьвік Кандратовіч, паходзіў зь безьзямельнай беларускай шляхты, нарадзіўся на Бабруйшчыне, жыў у Нясьвіжы, Наваградку, затым непадалёк ад Вільні арандаваў фальварак Барэйкаўшчына. За ўдзел у антымаскоўскіх маніфэстацыях 1861 году сядзеў у Віленскай турме. Памёр у Вільні ў доме нумар 5 па вуліцы Барбары Радзівілянкі (Barboros Radvilaites), даўней Kapaлеўскай (36). На доме ёсьць мэмарыяльная табліца на польскай мове. Ва універсытэцкім касьцёле Сьв. Яна на сьцяне левай навы захаваўся таксама скульптурны партрэт паэта з памятнай дошкай (37). Пахаваны ў Вільні на могілках Росы, магіла ягоная заўсёды добра даглядаецца.
Сыракомля пісаў больш па-польску, аднак ёсьць некалькі ягоных арыгінальных твораў і па-беларуску. Разам з тым тэматыка нераважнай бальшыні ягоных твораў - беларуская. Зьбіраў і апрацоўваў беларускі фальклёр. Нездарма яго называлі "вясковым лірнікам".
Зь Вільняю цесна зьвязанае ймя кампазытара XIX ст. Станіслава Манюшкі, які таксама паходзіць зь Беларусі. Ён нарадзіўся ў 1819 годзе ў Ігуменскім павеце Менскай губэрні. 3 1840 году амаль дваццаць гадоў жыў у Вільні, працаваў арганістам і дырыжорам. Ён стваральнік польскай нацыянальнай клясычнай опэры, клясык вакальнай лірыкі. Творчасьць ягоная моцнымі повязямі зьвязаная зь Беларусьсю - ён шырака выкарыстоўваў беларускі песенны фальклёр. Гэта тычыцца многіх вадэвіляў кампазытара, музычных камэдыяў і камічных опэраў, якія ў розным часе ставіліся на Беларусі.Найбольш знаная "Сялянка" на лібрэта Вінцука Дуніна - Марцінкевіча была пастаўленая ў менскім тэатры ў 1852 годзе. На жаль, будынак тэатру, які ацалеў падчас апошняй вайны, у 1984 годзе быў па-варварску зьнішчаны.
У Вільні ёсьць сьціплы помнік Манюшку (39) ў скверы каля касьцёла Сьв. Кацярыны (40). Апрача таго на доме, дзе жыў Манюшка, на Нямецкай вуліцы, ёсьць мэмарыяльная табліца. Пасьля рэстаўрацыі гэтага будынку арыгінальную табліцу на польскай мове замянілі на новую "у духу часу" з надпісам на літоўскай і расейскай мовах. Калі Манюшка жыў у Вільні, дык працаваў арганістам у касьцёле Сьв.Яна. На ўспамін пра гэта там пад арганам устаноўлены бюст кампазытара.
Новую старонку ў беларускай літаратуры адгарнуў Франьцішак Багушэвіч, якога ймя таксама сьцісла зьвязанае зь Вільняй... Багушэвіч ці ня першы ў XIX ст. цалкам усьвядоміў сябе як беларус, у сваёй творчасьці заклікаў народ шанаваць сваю мову, будзіў ад сну, - не прыпадкова яго называюць "бацькам беларускага адраджэньня".
Ён нарадзіўся ў фальварку Сьвіраны Віленскага павету зусім побач з сучаснай літоўскай мяжой. Скончыў Віленскую губэрнскую гімназію, удзельнічаў у паўстаньні 1863 году, быў паранены. Нейкі час жыў на Ўкрайне, каб пазьбегнуць рэпрэсіяў. З 1884 году стала жыў у Вільні, працаваў адвакатам у Акруговым судзе. На рагу вуліцы Завальнай (Pylimo) і Троцкай у будынку былога палацу Тышкевічаў і знаходзіўся Акруговы суд (41). Пра гэты будынак, зьвязаны з "нашаніўскай парою", згадаем пазьней. А паблізу адсюль, таксама на Завальнай вуліцы, стаіць невялічкі двухпавярховы арыгінальнай пабудовы дом, які належыў да Зыгмунта Нагродзкага (42), блізкага сябра Багушэвіча. Як успамінаў гаспадар, Багушэвіч часта наведваў яго ў гэтым доме... За два гады да сьмерці Багушэвіч пакінуў службу ў судзе, перабраўся ў Кушляны, дзе й памёр у 1900 годзе. Пахаваны ў Жупранах. На віленскі пэрыяд гірыпадае найбольшая частка ягонай літаратурнай творчасьці.
Родны брат Багушэвіча Апалінары пахаваны ў Вільні на Бэрнардынскіх могілках, што на Зарэччы. А на могілках Росы пахаваны ягоны дзядзька з матчынага боку - Аляксандар Галаўня.
Дом на Конскай вуліцы, дзе паэт жыў на працягу многіх гадоў, на жаль, не захаваўся, ён быў разбураны падчас апошняй сусьветнай вайны. Мабыць, можна знайсьці й будынак губэрнскай гімназіі, дзе вучыўся паэт, але гэта патрабуе далейшых пошукаў.
Як жа многа памятаюць муры нашага цудоўнага гораду над Вяльлёй пра гісторыю культуры беларускага народу!
ЯСЬКА - ГАСПАДАР 3-ПАД ВІЛЬНІ
Сёньняшнюю вандроўку прысьвячаем мясьцінам, зьвязаным зь імем Кастуся Каліноўскага. Ён кіраваў паўстаньнем у Літве й Беларусі, быў абаронцам беларускіх сялянаў, сьвядома зьвяртаўся да свайго народу на ягонай роднай мове ў адозвах-газэтках, якія трапна называў "Мужыцкая праўда". Гэтыя адозвы Каліноўскі падпісваў псэўдонімам "Яська - гаспадар з-пад Вільні".
У Вільні можна было б знайсьці многа будынкаў у большай ці меншай меры зьвязаных з паўстаньнем 1863 году. У кастрычніку 1863 году Каліноўскі пад імем Ігната Вітажзнца пасяляецца ў Вільні ў гэтак званым "гімназіяльным доме" пры Замкавай вуліцы (43), які непасрэдна прымыкае да касьцёла Сьв. Яна(11). На гэтай кватэры Каліноўскі быў арыштаваны ў студзені 1864 году.
Месцам ягонага зьняволеньня, як і іншых паўстанцаў, быў кляштар Дамініканаў (10), што знаходзіцца на вул. Сьв.Ігната, 11. Пра гэта напамінае мэмарыяльная табліца на сьцяне кляштару ў памяць паўстанцаў і іхняга кіраўніка Кастуся Каліноўскага (44).
Незадоўга да прызначанага на 13 сакавіка 1864 году палявога суду, зьняволены ў Дамініканскіх мурох Кастусь Каліноўскі запатрабаваў паперы й прыладаў да пісаньня. Спадзяючыся, што ён нарэшце дасьць паказаньні, жаданьне ягонае выканалі. Падчас бяссоннай ночы і ўзьніклі "Лісты з-пад шыбеніцы", якія, патаемна перададзеныя з турмы, дайшлі да сэрца простых людзей. Яны былі напісаныя па-беларуску й закончваліся такімі словамі:
"З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз... Прымі, народзе, па шчырасьці маё слова прадсьмертнае... Як дзень з ночай ня ходзяць разам, так і навука праўдзівая ня йдзе разам зь няволяй маскоўскай, а пакуль яна будзе ў нас, нічога ня будзе... Ня будзе праўды, ня будзе багацьця й ніякай навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу.
Таму, народзе, як толькі пачуеш, што браты з-пад Варшавы ваююць за праўду й вольнасьць, тады й ты не заставайся ззаду, но, хапіўшы за што можаш, за касу, за тапор, і цэлай грамадой ідзі ваяваць за праўду, за сваё чалавечае й народнае права, за сваю веру, за зямлю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што толькі тады зажывеш шчасьліва, калі над табой ужо маскаля ня будзе.
Твой слуга Яська, гаспадар з-пад Вільні".
Паказаньні для ўладаў былі напісаныя па-расейску й растлумачвалі прычыну выбуху паўстаньня ў Варшаве й распаўсюджаньне яго ў Літве.
Неадкладна пададзены Мураўёву ліст Каліноўскага стаўся прычынаю таго, што Мураўёў не зацьвердзіў прыгавор палявога суду на растрэл, а зьмяніў яго на павешаньне, што й было выканана 22 сакавіка 1864 году.
Каліноўскі на сьледзтве й на судзе трымаўся мужна. Царскія каты патрабавалі, каб асуджаны выдаў імёны сваіх паплечнікаў. Ён ім сказаў: "Калі грамадзкая шчырасьць зьяўляецца дабрачыннасьцю, дык шпіёнства апаганьвае чалавека. Усьведамленьне гонару таго становішча, якое я займаў у грамадзтве, не дазваляе мне йсьці па іншым шляху."
Жорсткая расправа над ім Мураўёва-вешальніка адбылася ў Вільні на Лукішскім пляцы. У гонар кіраўнікоў паўстаньня, якія былі пакараныя сьмерцю цераз павешаньне, на пляцы ўстаноўлены сьціплы мэмарыяльны знак, паведамляецца, што ў чэрвені 1863 году тут загінуў Зыгмунт Серакоўскі, а ў сакавіку 1864 году - Кастусь Каліноўскі (45). Мэмарыяльны знак быў пастаўлены яшчэ ў міжваенным часе, табліца была на польскай мове. Цяпер тэкст на пліце напісаны па-літоўску й па- расейску. Вось такі парадокс. Пра гэтую, пакладзеную на дол пліту згадвае Максім Танк у вершы "Вільня", напісаным яшчэ да вайны:
Кнучай хмара сьцёрла сонца,
вясеньні пергйы дождж заплакаў;
па стрэхах і па шэрай гоньце разліўся
вечар сінім лякам.
I ноч прымила з прадмесьця вуліц,
палезла на званіцаў вышкі;
сабакам чорным вецер скуліць
пад шэрым мурам, пад лукішскім.
А на пліце цяжкой бэтоннай
дождж гразьзю прозьвішчы заплёскаў...
Баляду віселіц сьцюдзёных гавора зь ветрам Каліноўскі...
РАЗЬВІТАНЬНЕ 3 ДАЎНІНОЙ
Натуральна, што падчас вандровак па Вільні найбольшае нашае замілаваньне выклікае Стары горад, хаця сёньня ўжо цяжкавата акрэсьліць ягоныя сапраўдныя межы. Калісьці, пасьля ўзьвядзеньня вакол гораду абарончых муроў, межы гораду былі адносна выразныя. Але гэта было даўно, а сёньня ад таго гарадзкога муру засталіся толькі невялічкія фрагмэнты й толькі адна брама. Раней, калі з гораду выяжджалася ў розных напрамках, кожны шлях пачынаўся ад сваёй брамы. Але цяпер тых брамаў ужо няма.
Адзіная ацалелая брама называлася Медніцкай, бо ад яе пачынаўся шлях ад мястэчка Меднікі, дзе й сёньня захаваліся руіны старажытнага замка. Зь Меднікаў жа дарога вяла ажно ў Менск.
Цяпер яе называюць Вострай Брамай (46). Да брамы з боку гораду ў канцы XVIII ст. была дабудаваная капліца, дзе знаходзіцца абраз цудатворнай Божай Маці, шырака вядомы вернікам усёй нашай краіны й па-за яе межамі.
А звонку, на атыку брамы, відочная выява гербу Вялікага княства Літоўскага "Пагоня". I нібыта сымбаль ад гэтай ацалелай у віхуры часу брамы пачынаецца шлях, які злучае сталіцы нашых дзяржаваў, Вільню й Менск. Міжволі згадваецца верш Максіма Багдановіча, напісаны пад уражаньнем убачанай над брамай "Пагоні":
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, -
Ўспомпю Вострую Браму сьвятую
I ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Аітоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
Ня трэба выпраўляць Багдановіча, як сёньня часам некаторыя робяць. Ён ведаў, пра што пісаў. Ён ведаў, куды нясуцца вершнікі Старадаўняй Літоўскай Пагоні !
Mo яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі г аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх - бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Ня дзіва, што шмат хто з нашых суродзічаў, трапіўшы ў Вільню, каб асьвяжыць сваю гістарычную памяць, каб далучыцца да мінуўшчыны й абудзіць свае патрыятычныя пачуцьці, пачынаюць вандроўку менавіта ад гэтага сьвятога месца.
Міжволі ўзьнікае думка, што пра Вільню нельга гаварыць інакш, як пра адзін з самых галоўных асяродкаў беларускай культуры. Нягледзячы на тое, што Вільня здаўна знаходзілася на ўзьмежку балцкага й славянскага этнасу, з моманту ўзьнікненьня гораду роля славянаў робіцца тут вырашальнай. Гэта тлумачыцца шэрагам аб'ектыўных фактараў. Перш за ўсё, Вільня стала сталіцай Вялікага княства Літоўскага, той гістарычнай Літвы, у якой славянскі этнас колькасна перавышаў балцкі. Мабыць нейкае значэньне мела й тое, што само ўзьнікненьне гэтай дзяржавы адбылося на славянскай тэрыторыі, а менавіта ў Наваградку, гэта значыць на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Апроч таго трэба адзначыць, што дабраахвотныя й раўнапраўныя народы мелі неаднолькавы этнакультурны старт. Славянскія плямёны Вялікага княства Літоўскага, зь якіх пазьней сфармавалася беларуская нацыя, мелі ўжо традыцыі дзяржаўнага жыцьця (Полацкае княства), а таксама, дзякуючы ранейшаму прыняцьцю хрысьціянства, сваё пісьменства.
Мусіць у зьвязку з гэтым культура старажытнай Вільні й пачала фармавацца на груньце беларускай мовы й гэтая мова зрабілася дзяржаўнаю моваю ўсёй тагачаснай Літвы.
Вось чаму Вільня, стаўшы стольным горадам, пачынае набываць яскравую беларускую традыцыю, а таму й ацалелыя тут архітэктурныя помнікі маюць самае непасрэднае дачынень- не да гісторыі ў культуры Беларусі.
Вядома, гэтыя меркаваньні ні ў якай меры не зьмяншаюць значэньне Вільні, як гістарычнай і культурнай спадчыны цяперашняй Літвы. Пра гэтае значэньне выразна сьведчаць адносіны да Вільні й яе даўніны сучасных літоўцаў, якія пацьвярджаюцца ня словамі, а дзеямі. Ня будзе перабольшаньнем, калі скажам, што дзякуючы іхнім намаганьням, Вільня, захаваўшы сваё старажытнае аблічча, сёньня папрыгажэла й памаладзела.
Але ў нашай сёньняшняй вандроўцы мы нібыта на нейкі час разьвітваемся з гэтай даўніной... Пройдзем праз Вострую Браму й накіруемся да Замкавай Гары, мінаючы Вастрабрамскую, Вялікую й Замкавую вуліцы. Паўсюль мы ўбачым безьліч старажытных помнікаў. Справа касьцёл Сьв.Тэрэзы (47), за ім царква Сьв. Духа. Зьлева брама ў славутыя Базыльянскія муры. Мінаем гарадзкую Ратушу, направа касьцёл Сьв. Казіміра, за ім царква Сьв. Мікалая. А налева ўжо згаданы дом Якуба Бабіча, дзе была друкарня Франьцішка Скарыны. За Мікалаеўскай царквой - палац Хадкевічаў, за ім найстарэйшая Пятніцкая царква. Тут пачынаецца Замкавая вуліца. Ізноў жа зьлева - вялізны касьцёл Сьв.Яна й старажытны Унівэрсытэцкі комплекс. Крыху наперадзе перад намі адкрываецца Катэдральны пляц, а над ім узвышаецца Замкавая Гара зь вежай Гедыміна.
Тутака мы й разьвітаемся, каб зноў сустрэцца ў пошуках помнікаў беларускага адраджэньня ХХ-га ст., таго нясупыннага працэсу, які працягваецца й да нашых дзён.