Вярнуцца: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні

Частка 3


Аўтар: Луцкевіч Лявон,
Дадана: 03-12-2011,
Крыніца: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.

Спампаваць




НА ПАЧАТКУ ДВАЦЦАТАГА СТАГОДЗЬДЗЯ

ПА СЬЦЯЖЫНАХ ЦЁТКІ

НАША ДОЛЯ

ПА ШЛЯХОХ "НАШАНІЎСКАЙ ПАРЫ"

ДРУКАРНІ Й ВЫДАВЕЦТВЫ

БІБЛІЯТЭКА БАРЫСА ДАНІЛОВІЧА

ДОМ НА ВІЛЕНСКАЙ, 33

ЯНКА КУПАЛА Й ЯГОНАЯ "ПАЎЛІНКА"

РАДЗІМА ЖОНКІ ЯКУБА КОЛАСА


Нашыя вандроўкі па Вільні мы пачалі ад самых вытокаў гэтага гораду. Той пэрыяд, калі Вільня зьяўлялася сталіцай Вялікага княства Літоўскага, быў вельмі спрыяльны для разьвіцьця тут беларускай культуры. Некаторыя дасьледчыкі назвалі гэты час "залатым векам". Але пасьля ўздыму надыйшоў заняпад.

(123KB) Вуліца Сьв. Ігната.

Гэты працэс трапна акрэсьліў Максім Багдановіч, які апрача цудоўных вершаў напісаў нямала таленавітых публіцыстычных твораў. Ён пісаў: "Усьлед за "залатым векам" у гісторыі беларус­кай культуры пачаўся пэрыяд заняпаду. Пагранічным каменем паміж імі зьяўляецца дата выключэньня зь дзяржаўнага ўжытку Вялікага княства Літоўскага карыстаньня беларускай мовай і замена гэтай апошняй польскаю. К гэтаму часу, гэта значыць к канцу XVII ст., летаргія беларускага нацыянальнага жыцьця абазначылася даволі адчувальна, а Літоўская дзяржава пасьпела страціць львіную долю сваёй самастойнасьці."

Пасьля падзелу Польшчы ў самым канцы XVIII ст. сытуацыя пагаршаецца. У новых варунках расейскай акупацыі карэнныя жыхары былога княства Літоўскага ня маюць магчымасьці адстойваць сваю нацыянальную самабытнасьць.

Другая палова XIX ст. - гэта пара пачынальнікаў беларус­кага адраджэньня. Сярод іх сустракаем нямала дзеячоў беларус­кай культуры, якія мелі самае непасрэднае дачыненьне да Вільні. Нашыя папярэднія вандроўкі мы й правялі ў пошуках памятных мясьцінаў, зьвязаных зь іх жыцьцяпісамі й дзейнасьцю.

У першым цыклі нашых вандровак па Вільні мы ахапілі дужа шырокі абсяг часу - ня менш шасьці стагодзьдзяў жыцьця нашага гораду.

Пачатак XX ст. адзначаны падзеямі, якія прыводзяць да йстотных зьменаў у беларускім грамадзка-палітычным руху. Дык мы й прымаем гэты час за храналягічны рубеж другога цыклю нашых вандровак, які прывядзе нас да сучаснасьці.

Сапраўды, пра ўзьнікненьне трывалага, несупыннага беларускага нацыянальна-вызваленчага руху можна гаварыць толькі пачынаючы з XX ст. Пачаткам такого руху прынята лічыць утварэньне першых беларускіх падпольных палітычных партыяў, якімі былі Беларуская Рэвалюцыйная Грамада і ўзьніклая на яе базе з 1905 году Беларуская Сацыялістычная Грамада. Гэтыя арганізацыі былі створаныя напярэдадні рэвалюцыі 1905 году й актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях. I, што вельмі йстотна для нас, гэта ўзьнікненьне аднаго з цэнтраў Грамады менавіта ў Вільні.

Рэвалюцыя мела вялікае значэньне ў разьвіцьці самасьвядомасьці беларускага народу. Яна ўскалыхнула шырокія масы да большай актыўнасьці ў барацьбе за сацыяльнае й нацыянальнае вызваленьне. Яна выклікала ўздым творчых сілаў простага народу, які на той час яшчэ не адцураўся сваёй нацыянальнай адметнасьці, які захаваў сваю родную мову, - а гэта ў асноўным былі рабочыя й сяляне.

Пасьля паражэньня рэвалюцыі дзейнасьць Грамады не спынілася. У гады палітычнай рэакцыі новай формай яе дзейнасьці было запачаткаваньне сталага беларускага пэрыядычнага друку. I гэта зноў жа ў Вільні.

Але ж і дваццатае стагодзьдзе было вельмі неаднароднае. Зусім асобнае месца займае ў нашай гісторыі разьвіцьцё бела­рускага руху ад пачатку стагодзьдзя да першай сусьветнай вайны. Гэта быў час выразнай палітызацыі грамадзтва, час фармаваньня асноўных пастулятаў руху, аб'яднаўчай і аканчальнай мэтай якога было поўнае вызваленьне беларускага народу ад чужацкага прыгнёту дый, урэшце, ажыцьцяўленьне гэтае мэты праз незалежнае дзяржаўнае йснаваньне, якое зьяўляецца непазьбежным атрыбутам кожнай разьвітой нацыі.

Перад першай сусьветнай вайной амаль цэлае дзесяцігодзьдзе ў Вільні выходзіла газэта "Наша Ніва". Увесь гэты пэрыяд, які даў магутны штуршок разьвіцьцю новай беларускай літаратуры, шмат хто з даследчыкаў гэтак і называет "нашаніўская пара". Ёсьць мноства памятных мясьцінаў, зьвязаных зь ёй.

Вынікі першай сусьветнай вайны аказаліся для Беларусі вельмі неспрыяльныя. Краіна была падзеленая між двума магутнымі суседзямі - адроджанай Польшчай і Расейскай імпэрыяй у бальшавіцкім варыянце. Аднак хоць Вільня й Віленскі край у складзе Заходняй Беларусі аказаліся пад польскай акупацыяй, беларускія традыцыі былі даволі моцныя ды пакінулі па сабе шмат памятных сьлядоў, на якія зьвернем увагу падчас нашых далейшых вандровак.

Толькі пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны, калі Вільня і ўся Віленшчына апынуліся ў складзе Савецкай Літвы, беларускае культурна-грамадзкае жыцьцё цалкам перастала йснаваць. Аднак і гэта ня быў яшчэ аканчальны скон, бо сёньня пачынаецца цяжкое, пакутлівае абуджэньне...

А нашую наступную вандроўку пачнем з пошукаў мясьцінаў "нашаніўскае пары" і напамінам пра людзей, што яе тварылі...

ПА СЬЦЯЖЫНАХ ЦЁТКІ

Кожнаму, хто хоць крышачку знаёмы з гісторыяй беларускай літаратуры пачатку нашага стагодзьдзя, вядомае ймя паэтэсы-рэвалюцыянэркі Алаізы Пашкевічанкі, шырака знанай пад рэвалюцыйным і літаратурным псэўдонімам "Цётка". Гэтая абаяльная й шчырая патрыётка ўсё сваё кароткае жыцьцё аддала змаганьню за народную волю й назаўжды заслужыла ўдзячную памяць нашчадкаў.

(19KB) Гімназія Прозаравай.

Нарадзілася Алаіза ў 1876 годзе, а родам яна зь Лідчыны, з тых абшараў, што раскінуліся непадалёк ад беларуска-літоўскага памежжа. У 1902 г. яна скончыла прыватную жаночую гімназію Прозаравай (48) у Вільні. Будынак гімназіі знаходзіцца на вуліцы Якштаса, акурат там, дзе ў яе ўліваецца вуліца Каштанавая. Як і шмат за якімі вуліцамі Вільні, за ёю цягнецца цэлы ланцужок зьмененых назваў: Камунару, Дамброўскага, Херсонская, Вароняя... Цікава, што якраз у гэтым будынку ў міжваенным часе знаходзілася адзіная ў Вільні літоўская гімназія.

Два гады Алаіза вучылася на курсах Лесгафта ў Пецярбурзе. Там і далучылася да беларускага руху, да дзейнасьці створанай у расейскай сталіцы Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады.

Вярнуўшыся зь Пецярбургу, Цётка працавала фэльчарам у Нова-Вялейскай акруговай псыхіятрычнай бальніцы (49). Бальніца тая йснуе й цяпер. Адначасна гэта быў пэрыяд яе найбольш інтэнсыўнай рэвалюцыйнай дзейнасьці. Ёсьць сьведчаньні, што Цётка жыла тады на тэрыторыі бальніцы ў адным з драўляных будынкаў барачнага тыпу, прызначаных для пэрсаналу.

З публікацыяў, прысьвечаных гісторыі першых беларускіх падпольных палітычных партыяў, даведваемся, што Цётка грала кіруючую ролю ў віленскім асяродку Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады. Там знаходзім радкі пра нязвычайную папулярнасьць Цёткі й ейных агітацыйных вершаў сярод працоўнага люду:

"У 1905 годзе ў Вільні йшла грамадоўская работа ў рабочых масах. Асабліва ў падмястовым прамысловым цэнтры Нова-Вялейску. Тут працу вяла Цётка. Яна выступала на мітынгах заўсёды па-беларуску й яе выступленьні выклікалі гарачы спогад... Цётку ведалі ў Вільні ўсе. Асабліва ведамыя былі пісаныя ёю "на злобу дня" рэвалюцыйныя вершы, якія бадай ці ня ўся рабочая Вільня ведала напамяць. "Хрэст на свабоду" друкаваўся ў дзясятках тысячаў асобнікаў ня толькі Беларускай Рэвалюцыйнай Грамадой, але й літоўскімі сацыял-дэмакратамі ды Польскай Сацыялістычнай Партыяй."

З той жа крыніцы даведваемся, што канспірацыйныя сходкі Грамады часам адбываліся на кватэры Цёткі ў самой Вільні. Яе браты - афіцэры расейскай арміі - жылі разам з ёю й "аблаганадзёжвалі" кватэру. Кватэра тая была на Хівінскай вуліцы ў адным з саракавых нумароў па левай руцэ (50). Наўрад ці магчыма знайсьці цяпер гэты дом, бо шмат дамоў на гэтай вуліцы ўжо зьнесена й на іхнім месцы пабудаваныя вялікія жылыя карпусы. Да апошняй вайны Хівінская вуліца называлася Хацімскай, а цяпер завецца Гедрайчу.

Пад пагрозай арышту Цётка была змушаная эміграваць і на нейкі час пакінуць Вільню. За мяжой яна павышала сваю адукацыю ва ўнівэрсытэтах Львова, а пазьней Кракава. I ўсё ж, калі ў Вільні арганізавалася выданьне першай беларускай газэты "Наша Доля", яна прыяжджала сюды нелегальна й была адной зь яе пачынальніцаў.

У 1911 годзе Цётка выйшла замуж і, зьмяніўшы прозьвішча, ізноў вярнулася ў Вільню. Яе мужам стаў Сьцяпан Кайрыс, літоўскі грамадзкі дзеяч, сацыял-дэмакрат, які пазьней быў адным з сыгнатараў абвешчаньня незалежнасьці Літвы 16 лютага 1918 году. Жыла тады Цётка з мужам недзе ў раёне гэтак званага Зьвярынцу, адрасу пакуль што не ўдалося ўдакладніць.

На падставе ўспамінаў Максіма Гарэцкага можна зрабіць выснову, што ў 1914 годзе Цётка працавала ў Вільні ў шпіталі, там, дзе цяпер 3-яя гарадзкая бальніца на вуліцы Каўно, 7, побач з палацам культуры чыгуначнікаў (51). Тады гэта быў ваенны шпіталь і там ляжаў паранены на фроньце Гарэцкі. Ён згадваў: "Тут працавала міласэрнаю сястрою й клала мне пад падушкі "Нашу Ніву" нябожчыца Цётка, наша незабытная песьнярка й рэвалюцыянэрка Алаіза Пашкевічанка".

Калі фронт перасунуўся на ўсход і Вільня з-пад расейскай трапіла пад нямецкую акупацыю, Цётка й надалей жыла ў Вільні. Яе грамадзкая дзейнасьць ня толькі не спынілася, але яшчэ больш актывізавалася. Узьніклі новыя магчымасьці ў справе асьветы беларускіх дзетак у роднай мове. У 1915 годзе пры непасрэдным удзеле Цёткі былі адчыненыя пяць беларускіх пачатковых школаў і настаўніцкія курсы...

Нядоўга давялося Цётцы цешыцца гэтым, бо ўжо ў пачатку 1916 году яе ня стала. Спынілася гарачае сэрца, цалкам адданае служэньню свайму народу. А было ёй няпоўных 40 гадоў !..

Такі парадокс. Сёньня, у апошнім дзесяцігодзьдзі XX веку, беларусы Вільні ніяк ня могуць дасягнуць у галіне асьветы таго, што зрабіла Цётка са сваімі паплечнікамі яшчэ ў другім дзесяцігодзьдзі...

НАША ДОЛЯ

Некалі ў пачатку XVI ст. (25KB) Кнігарня Пясецкай-Шляпэліс на Дамініканскай. у Вільні выйшла ў сьвет першая друкаваная беларуская кніжка, а ў па­чатку XX ст. менавіта Вільня падаравала Беларусі першую беларускую газэту. Гэтай газэтай была "Наша Доля". "Першая беларуская газэта для вясковага й мястовага рабочага народу. (24KB) Рэдакцыя 'Нашай Долі' на Віленскай, 32. Выходзіць раз у тыдзень рускімі й польскімі літарамі" - гэтак значылася ў яе падзагалоўку.

Максім Гарэцкі пісаў: "14 верасьня 1906 году выйшаў у Вільні першы нумар першай легальнай беларускай газэты "Наша Доля". Гэты дзень лічыцца сьвятам нашага нацыянальнага адраджэньня й быў важным этапам у гісторыі нашае культуры й нашага сацыяльнага вызваленьня. Пісала ў "Нашай Долі" рэвалюцыянэрка Цётка, Ядвігін Ш., Якуб Колас, Антон Навіна й іншыя. Нумары "Нашай Долі" зрабіліся цяпер дарагою бібліяграфічнаю рэдкасьцю. Усяго выйшла 6 нумароў, з каторых ажно 5 сканфіскавала паліцыя. Вестка аб легальнай газэце, пісанай па-беларуску, пракацілася па ўсёй Беларусі, як першы веснавы гром. Людзі плакалі ад радаснае навіны й горкіх успамінаў. А на вуліцах Вільні газэту бралі нарасхват, чыталі вялікімі кучкамі, плацілі вялікія грошы. Калі ж газэта дайшла ў правінцыю, сяляне сталі прысылаць у рэдакцыю многа пісем з гарачымі натхнёнымі й радаснымі словамі абуджаных сыноў пад'яромнае Бацькаўшчыны".

Гэтак ацаніў Гарэцкі значэньне "Нашай Долі" ў першай "Гісторыі беларускай літаратуры". Не прыпадкова прыводзім тут якраз словы Гарэцкага, у аб'ектыўнасьці якіх сёньня ўжо ніхто не сумневаецца.

Афіцыйным рэдактарам-выдаўцом, які атрымаў канцэсію на выдаваньне газэты й разглядаў яе як даходнае прадпрыемства, быў Іван Тукеркес. Ініцыятарамі, фактычнымі кіраўнікамі й супрацоўнікамі газэты, якія надавалі ёй напрамак, апрача пералічаных вышэй, былі таксама Франук Умястоўскі й археоляг Іван Луцкевіч.

Рэдакцыя "Нашай Долі", якая выходзіла ад верасьня да сьнежня 1906 году, знаходзілася на Віленскай вуліцы, 32 - цяпер гэты дом значыцца пад нумарам 21, бо зьмяніўся напрамак нумарацыі (52). Дом гэты захаваўся ў сваім даўнейшым выглядзе.

(38KB) Друкарня 'Арцель друкарскагі справы' на Вялікай.

За дужа радыкальны апазыцыйны напрамак у студзені 1907 году пастановай Віленскай судовай палаты газэта была забароненая, а рэдактар-выдавец Іван Тукеркес быў асуджаны на адзін год крэпасьці. Пакараньня ён не адбыў, бо здолеў своечасова эміграваць.

Вось што згадвае пра выхад у сьвет першага нумару "Нашай Долі" адзін з удзельнікаў гэтай падзеі Дзядзька Пранук - так падпісваўся Франук Умястоўскі: "Калі а 12 гадзіне са сьвяжусенькім нумарам "Нашай Долі" я выйшаў з друкарні, сэрца ў мяне стукала ад радасьці й шчасьця за будучыню нашага дарагога дзіцяці. Прыйшоўшы ў рэдакцыю на Віленскай вуліцы, я знайшоў там усю кампанію. Быў тут Ян Тукеркес, Антон і Ян Луцкевічы, і Цётка, і Станіслаў Сымановіч - экспэдытар газэты... Усе зь нецярпеньнем чакалі майго прыходу й газэту амаль не парвалі, выдзіраючы з рук адзін у аднаго. Ня ведаю, скуль узялася гарэлка й закуска, і наліўшы чаркі, ня гледзячы на косыя погляды Цёткі, якая не цярпела п'ючай кампаніі, мы адным духам асушылі іх за будучыню Бацькаўшчыны. Так гулялі мы на хрэсьбінах "Нашай Долі". Гэты ўспамін быў апублікаваны ў часопісе "Беларусь" у 1919 годзе. Так адвечным людзкім звычаем быў ушанаваны выхад першай беларускай газэты.

Друкарня, дзе друкавалася першая беларуская легальная газэта, знаходзілася ў доме на рагу вуліц Вялікай і Рудніцкай, цяпер Рудзінінку (53). Дом належыў тады да багатага купца Залкінда. Сёньня ў гэтым доме разьмяшчаецца Віленскі дом мадэляў.

На апошняй старонцы газэты знаходзім назву, адрас друкарні й рэкляму гэтага новаадчыненага прадпрыемства, якое "прымае усялякія заказы на ўсіх эўрапейскіх мовах. Заказы выконваюцца хутка, хораша й акуратна". Называлася яно "Арцель друкарскай справы".

Калі выдаваліся два апошнія нумары, дык месца знаходжаньня рэдакцыі зьмянілася, яна пераехала па адрасу: Катэдральны пляц, 4 (54). Зьмянілася й друкарня: гэтыя нумары былі адбітыя адпаведна ў друкарнях Рома й апошні ў друкарні Сыркіна. Мабыць варта было б знайсьці й адрасы гэтых друкарняў.

На самай апошняй старонцы газэты паўсюль спатыкаем рэкляму літоўскай кнігарні Марыі Пясэцкай-Шляпэліс, якая знаходзілася на Дамініканскай вуліцы, 13 (55). Кнігарня паведамляла, што "прадае рожныя беларускія кніжкі" і "прымаецца падпіска на газэту "Наша Доля".

Адначасова ў газэце друкавалася й рэкляма літоўскага тыднёвіка, які выходзіў у Вільні яшчэ з траўня месяца пад назвай "Наўёйі Гадіне" - "Новая Эра", які па свайму палітычнаму напрамку быў блізкі да "Нашай Долі".Усё гэта вымоўна сьведчыць пра тагачасную салідарнасьць і суполь насьць інтарэсаў беларускага й літоўскага асяродзьдзя на віленскім груньце... Мабыць напамін пра гэта трэба пашырыць сярод сучаснага грамадзтва, якое у значнай меры страціла сваю гістарычную памяць.

ПА ШЛЯХОХ "НАШАНІЎСКАЙ ПАРЫ"

Вандруючы мінулым разам па Вільні, мы знайшлі некалькі мясьцінаў, зьвязаных з газэтай "Наша Доля", якая дала пачатак беларускаму пэрыядычнаму друку. Але ж, як вядома, пасьля шостага нумару рашэньнем Судовай палаты Вільні газэта была забароненая... Ды няўрымсьлівыя яе стваральнікі на гэтым не спыніліся. Эстафету "Нашай Долі" пераняла газэта "Наша Ніва", якая йснавала ўжо даўжэйшы час - зь лістапада 1906 амаль да восені 1915 году. Яна, як і яе папярэдніца, была ворганам нелегальнай Беларускай Сацыя- лістычнай Грамады.

(15KB) Рэдакцыя 'Нашай Нівы' на Вял.

Моцная кансалідацыя сілаў "грамадаўцаў" і ўсіх "нашаніўцаў" здолела стварыць трывалы беларускі нацыянальна-вызваленчы pyx, а ў грамадзка-палітычным і літаратурным жыцьці нашай краіны выразна акрэсьлілася цэлая эпоха, якую цалкам слушна назвалі "нашаніўскаю парою". I, сапраўды, цяжка пераацаніць значэньне "Нашай Нівы" ў беларускім нацыянальна - вызваленчым руху й разьвіцьці беларускай літаратуры. Максім Гарэцкі піша гэтак: "Працягам "Нашай Долі" была "Наша Ніва", якая выходзіла таксама ў Вільні. За ўвесь час свайго жыцьця "Наша Ніва" гуртавала ля сябе ўсю сьвядомую Беларусь і на яе старонках вырасьлі літаратурныя іменьні выдатнейшых беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў". Падобным чынам характарызуе газэту й Ігнат Дварчанін у сваёй "Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры": "У "Нашай Ніве" пабачылі сьвет творы нашых найлепшых пісьменьнікаў, якія даставалі тут рады й кіруючыя ўказаньні; некаторыя зь іх проста выхаваліся й разьвіліся пры часопісі... Важнаю адзнакаю газэты быў яе глыбокі патрыятызм...".

(10KB) Рэдакцыя 'Нашай Нівы' на Завальнай, 45.

Сучасны пісьменьнік Алег Лойка, які ў застойныя часы, здаралася, не зусім карэктна выказваўся адносна "Нашай Нівы", цяпер адназначна засьведчыў: "Наша Ніва" была выказніцаю інтарэсаў і дум народных... Нашчадкі мусяць быць удзячныя ўсім, хто быў датычны да стварэньня такой выдатнай газэты. "Наша Ніва" як народная газэта заслугоўвае ў нас свайго шырокага ўсенароднага ўшанаваньня, і, пэўна, адной з лепшых формаў стала б утварэньне на першым часе ў Вільні й Менску літаратурных музэяў "Нашай Нівы".

Што ж, гэта было б сапраўды цудоўна, аднак жа пакуль гэтае адбудзецца, мы зьведаем тыя мясьціны ў Вільні, якія непасрэдна зьвязаныя з "Нашай Нівай" і ўсім беларускім рухам тае пары.

Першым месцам, дзе асталявалася рэдакцыя газэты ад самага пачатку свайго йснаваньня, як мы ўжо казалі зь лістапада 1906 году, была кватэра нумар 20 у доме па вуліцы Вялікая Пагулянка, 17, цяпер гэта вуліца Басанавічуса (J.Basanaviciaus) (56). Знайсьці гэты дом няцяжка - ён знаходзіцца ў прамежку між Раманаўскай царквой і Драматычным тэатрам. Рэдактарам - выдаўцом першых чатырох нумароў быў Вольскі, зь пятага нумару - Уласаў. Асноўнымі ж супрацоўнікамі й аўтарамі былі тыя самыя асобы, што перад тым выпускалі "Нашу Долю".

У пачатку 1907 году рэдакцыя была перанесеная на вуліцу Завальную, 45 (57). Гэты дом знаходзіцца на рагу Садовай вуліцы, й мае цяпер адрас Піліма, 51. Але неўзабаве ў траўні таго самага году рэдакцыя мусіла перабрацца ў новае памяшканьне. Памяшканьне гэтае разьмяшчалася ў доме на рагу вуліцы Завальнай і Троцкай пад нумарам 30 (цяпер Піліма, 26), у былым палацы графаў Тышкевічаў з адметным фасадам з боку Троцкай вуліцы, дзе моцна высунуты балькон падпіраюць постаці двух атлантаў (41). Мусіць з гэтай нагоды мясцовы люд здаўна ахрысьціў яго "домам пад балванамі".

Як і раней рэдактарам-выдаўцом газэты быў Аляксандар Уласаў. Вось урывак зь ягоных успамінаў, напісаных зь вялікім пачуцьцём гумару: "Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не ра­зумею. Маладосьць, нязломная воля, энтузіязм. Трэба было вырабляць літаратурную мову. Пазьней зьявіліся памацнікі. Прыйшоў у рэдакцыю да нас урэшце й Якуб Колас. Далі яму адпаведную работу. Прысылалі ў "Нашу Ніву" многа вершаў, апавяданьняў, карэспандэнцыяў. Колас меў многа працы. З благіх вершаў рабіў добрыя, і мястэчковы вершаплёт, прачытаўшы свае вершы знаёмым, дзівіўся разам зь імі: якія пекныя вершы!

(24KB) Палац Тышкевічаў на Завальнай, 30.

Колас унёс многа гумару ў рэдакцыю; чалавек ён быў жыцьцярадасны, у жыцьцё нашае "багемы" ўносіў у вольныя хвіліны многа весялосьці... Помню, раз цэлую ноч працавалі ў рэдакцыі на рагу Завальнай і Троцкай у Вільні. Колас а гадзіне трэцяй уночы кажа: Вот бы выпіў гарэлкі!" - "На грошы й купі." - Колас за паўгадзіны вярнуўся зь цёмнай вуліцы й кажа: "Няма, усё зачынена! Тут і генэрал не дастане!" - Я пайшоў. Пытаюся ў гарадавога: "Калі ласка, гдзе тут можна дастаць гарэлкі?" - "Ды вось, у стоража пад нумарам 58"...

Можна меркаваць, што Аляксандар Уласаў выканаў тады сваё заданьне пасьпяхова...

Неўзабаве пасьля таго, як Якуб Колас пакінуў працу ў рэдакцыі "Нашай Нівы", а затым быў асуджаны на тры гады зьняволеньня, рэдакцыя з будынку былога палацу графаў Тышкевічаў зноў перабралася ў новае памяшканьне. Цяпер гэта быў дом на Віленскай вуліцы, 20, на рагу вуліцы Новай (58). Тут рэдакцыя знаходзілася на працягу 1908-1910 гадоў.

На жаль, дом гэты не захаваўся да нашых дзён. Ён быў разбураны падчас апошняй вайны. Доўгі час на гэтым месцы быў сквер, а затым у сямідзясятых гадох там пабудавалі новы сучасны гмах. У ім разьмяшчаецца Міністэрства Сувязі Літвы.

Варта адзначыць, што якраз у гэтым прамежку часу - ад верасьня 1908 да кастрычніка 1909 году - ў рэдакцыі працаваў Янка Купала. Апрача заняткаў у рэдакцыі, якія не давалі ніякага заробку, бо супрацоўнікі працавалі на грамадзкіх пачатках, ён таксама працаваў у бібліятэцы-чытальні "Веды", якая знаходзілася на Георгіеўскім праспэкце, 4, цяпер пр. Гэдыміна, 2 (69).

Праца тая была яму патрэбная, каб хоць трохі зарабляць на сваё ўтрыманьне. Аднак мэтаю ўладкаваньня Купалы ў бібліятэку было ня толькі здабыцьцё сродкаў для жыцьця, але й стварэньне спрыяльных умоваў для самаадукацыі. Уласьнікам бібліятэкі быў Барыс Даніловіч, грамадзкі й культурны дзеяч, актыўны ўдзельнік беларускага руху ў Вільні. Даніловіч дужа спагадліва ставіўся да Янкі Купалы. Уладкавалі ж, мабыць, паэта на працу Аляксандар Уласаў і браты Луцкевічы, якія былі блізка знаёмыя з Даніловічам. Як сьведчыць Вера Андрэеўна Ніжанкоўская, першая жонка Браніслава Тарашкевіча, яе маці, родная сястра Аляксандра Ўласава, вучылася ў Вільні разам з сястрою Барыса Даніловіча ў адной гімназіі й у адной клясе. Сем'і й дзеці сябравалі паміж сабою, дый жылі ў адным доме каля галоўнага паштамту, які знаходзіўся тады насупраць касьцёла Сьв.Яна (11). Будынак паштамту так-сама быў разбураны падчас апошняй вайны. У гэтым часе Леў Даніловіч, бацька Барыса, быў начальнікам пошты ў Вільні, а Мікіта Ўласаў, бацька Аляксандра, працаваў ягоным намесьнікам.

(19KB) Рэдакцыя 'Нашай Нівы' на Завальнай, 7.

Паміж іншым, Барыс Даніловіч быў адным зь ініцыятараў заснаваньня Беларускага Выдавецкага Таварыства "Наша Хата". Яно йснавала ад сьнежня 1908 да 1911 году. Выдала нешта шэсьць беларускіх кніжак. У склад таварыства ўвашлі Бонч-Асмалоўскі,

Уласаў, Іван Луцкевіч, Манькоўскі й Цэтэрман. Менавіта Даніловічу й Манькоўскаму даручана было загадваць справамі выдавецкай суполкі, дык мяркуюць, што разьмяшчалася яна на Георгіеўскім праспэкце, 4, пры бібліятэцы (69).

З 1911 году рэдакцыя "Нашай Нівы" была перанесеная на Завальную вуліцу, 7, на рагу Малой Пагулянкі (цяпер вуліца Піліма, 5, рог вуліцы Кастуся Каліноўскага) (59). Рэдакцыя знаходзілася на першым паверсе, зьлева ад галоўнага ўваходу. У гэтым доме была й Беларуская кнігарня. Кнігарня прайснавала тут ажио да 1926 году й затым пераехала на Вастрабрамскую, 1(66).

Заснаваная ж была, мабыць, яшчэ да пераезду сюды рэдакцыі "Нашай Нівы". Як сьведчыць у сваіх успамінах пісьменьніца Зоська Верас, яна з адрасу гэтай кнігарні атрымлівала беларускую літаратуру для Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі яшчэ ў 1909-1910 гадох, калі была бібліятэкарам гэтага гуртка.

Рэдакцыя "Нашай Нівы" пратрывала на Завальнай ажно тры гады, да 1913 году ўключна. Гэты адрас згадваюць шматлікія пісьменьнікі ў сваіх успамінах. З фрагмэнтамі некаторых зь іх мы абавязкова пазнаёмім нашага чытача.

Пры рэдакцыі й кнігарні жыў сакратар газэты "Наша Ніва", вядомы беларускі вучоны й пісьменьнік Вацлаў Ластоўскі зь сям'ёй. Пра гэта сёньня сьведчаць мэмарыяльныя табліцы на муры дома ў памяць жонкі Ластоўскага, літоўскай пісьменьніцы Лазьдзіну Пяледы (яе літаратурны псэўданім) і самаго Ластоўскага (60). На табліцах напісана, што яны жылі тут з 1910 да 1916 году.

На Завальнай, 7 рэдакцыя пратрывала, бадай, найдаўжэй, і гэта быў дужа плённы час яе йснаваньня. Пры рэдакцыі й кнігарні склалася своеасаблівае культурнае асяродзьдзе, у якое ўліліся шмат якія тагачасныя беларускія пісьменьнікі й дзеячы.

Пра жыцьцё сям'і Ластоўскіх ў доме на Завальнай успамінае старэйшая дачка Вацлава Ластоўскага - Ганна. Яе ўспаміны апублікаваныя ў зборніку Акадэміі Навук Літвы "Літаратура й мова" ў Вільні за 1962 год: "У 1912 годзе бацькі пасьля летняга водпуску вывезьлі мяне ў Вільню. Наша памяшканьне ў Вільні было маленькае, усяго з аднаго пакою, каторага вакно ўпіралася ў сьцяну супрацьлеглага дому. У кухні, якая зусім ня мела вакна, праз увесь дзень гарэла электрычнасьць. Наша памяшканьне было пры беларускай кнігарні. У кнігарні часткова зьмяшчалася й рэдакцыя беларускага часопіса "Наша Ніва", у якой працаваў бацька. Пры кнігарні ў вялікім падвале быў склад кніжак, частка ляжала наўпрост на зямлі й яны часам замянялі крэслы. Пасярэдзіне стаяла невялічкая круглая печка, якую прапальвалі вечарамі ды грэлі на ёй гарбату.

(11KB) Мэмарыялъныя табліцы ў гонар Вацлава Ластоўскага й Лазьдзіну Пеледы на Завальнай, 7.

Тут вечарамі й зыходзіліся бацькавы знаёмыя, бо наша кватэра была цесная, й, як дзеці клаліся спаць, дык староньнім не было месца, каб зайсьці. Сюды прыходзіў беларускі паэт Янка Купала, пісьменьнік Зьмітрок Бядуля, пісьменьніца Цётка (Пашкевічанка). Прыходзіла й мая цётка Зося, часам заглядаў і добры цётчын сябра Людас Гіра. Сталымі гасьцямі былі дзьве маладыя дзяўчыны - Уладзя Станкевічанка й Канстанцыя Буйла. Дзяўчыны таксама актыўна ўдзельнічалі ў літаратурных дыскусіях. К таму часу ўжо быў выдадзены зборнік вершаў Канстанцыі Буйла, а Ўладзя Станкевічанка працавала ў дзіцячым садку й пісала апавяданьні для дзяцей.

Пісьменьнікі, што зьбіраліся ў падвале, чыталі свае новыя творы, дзяліліся поглядамі. У падвале было ўтульна, ад печачкі разыходзілася прыемнае цяпло, электрычная лямпа моцна асьвятляла памяшканьне. Часамі на печачцы, заместа гарбаты, варылася ў сагане бульба, якую елі з салёнымі агуркамі або селядцом, бо па лепшы пачастунак ні ў кога не было сродкаў. Але гэта нікому не псавала настрою. У гэтым падвале было прачытана ўпершыню нямала вартасных літаратурных твораў".

Варта адзначыць, што гэты дом паслужыў прытулкам Максіму Багдановічу, калі ён летам 1911 году ўпершыню прыехаў на Бацькаўшчыну. Вось што піша пра гэта Вацлаў Ластоўскі (часопіс "Крывіч", Коўна, 1926 год): "На вясну 1911 году Багдановіч пісаў у рэдакцыю "Нашай Нівы", што хацеў бы ў гэтым годзе выкарыстаць свае канікулы для першай паездкі на Бацькаўшчыну, каб пазнаёміцца з мовай і бытам таго народу, на служэньне я кому хацеў пасьвяціць свае сілы. Па нарадзе, якая адбылася паміж братамі Луцкевічамі і Ўласавым, Максіму адпісаў Антон Луцкевіч, запрашаючы на лета да свайго дзядзькі, дробнага шляхціца, які меў свой фальварак недзе паміж Вялейкай і Менскам.

(22KB) Рэдакцыя 'Нашай Нівы' на Віленскай, 29.

У чэрвені прыехаў Максім Багдановіч у Вільню. Праездам у вёску ён прабыў дзьве пары ў Вільні. Абедзьве ночы начаваў у рэдакцыі "Нашай Нівы", якая тады месьцілася на Завальнай вуліцы, 7, у тым самым памяшканьні, дзе цяпер Беларуская кнігарня. Абедзьве ночы я правёў разам зь ім, і кожны раз гутаркі нашыя зацягваліся ад зьмярканьня да сьвітаньня.

Багдановіч дзяліўся сваімі думкамі й з захапленьнем пераймаў ад мяне мае веды зь беларускай этнаграфіі й гісторыі, якія я пераказваў яму, як умеў, дэманструючы быўшыя пры рэдакцыі калекцыі Івана Луцкевіча. Асабліва глыбокае ўражаньне зрабілі на Багдановіча рукапісы старасьвецкіх славянскіх кніг і дакумэнтаў, а таксама слуцкія паясы, якія ён некалькі разоў пераглядаў.

"Гэта ёсьць фундамант нашага адраджэньня! - казаў Багдановіч аб помніках нашай старасьвецкай культуры. - Гэта й за тысячу гадоў будзе сьведчыць аб нас!"

У 1912 годзе першы раз прыехаў у Вільню Зьмітрок Бядуля. Яго сустрэча з цэнтрам беларускага руху, якім была рэдакцыя "Нашай Нівы", таксама адбылася ў доме на Завальнай, 7. Нашаніўскае асяродзьдзе, а таксама калекцыі беларускай старасьвеччыны моцна ўразілі маладога пісьменьніка. I вось пад гэтым уражаньнем ён напісаў: "Ціха ў залі рэдакцыі. Далёка за поўнач... На сьценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасьвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шаломы й панцыры ваякаў...

Сур'ёзна пазіраюць іх вочы, і сьвеціцца ў іх моц і адвага... У гэтай цішыні я зь нейкай гордасьцю думаю: - Толькі сем гадоў працы, і сколькі пасьпелі зрабіць тры пастаянныя ворганы: "Наша Ніва", "Саха", "Маладая Беларусь"... Колькі пекных кніг выдалі! Колькі здольных паэтаў і пісьменьннікаў зьявілася ! Бела­рускі тэатар... беларуская музыка, песьня... Беларускія сьвяты - гульні...

Хутка нарастаюць працаўнікі на нашай роднай ніве. Усё гэта даець энэргію й надзею. Багата наша будучыня !.. Сьвятое гэтае месца, бо яно родзіць зярняты прасьветы для ўсяго вялікага беларускага народу!"

Надрукаванае гэта было ў Вільні ў 1920 годзе. Колькі ж яшчэ такіх сьвятых месцаў ёсьць у нашай роднай Вільні ?!

У беларускім адражэнскім руху гэтак званая "нашаніўская пара" была вельмі прадуктыўная. А таму ў нашых вандроўках хачацца знайсьці як мага больш зьвязанага з гэтаю парою.

Апошнім прытулкам рэдакцыі газэты "Наша Ніва" быў дом на Віленскай вуліцы, 29 (цяпер 14) (61). Рэдакцыя знаходзілася тут на працягу 1914-1915 гадоў ажно да яе ліквідацыі ў сувязі з набліжэньнем да Вільні фронту першай сусьветнай вайны. На працягу 1914 году рэдактарам газэты быў Янка Купала, а выдаўцом Аляксандар Уласаў. У 1915 годзе Янка Купала быў ужо рэдактарам і выдаўцом газэты. Існуюць усе падставы лічыць, што ў гэтым часе Купала таксама жыў пры рэдакцыі. Мяркуюць, што рэдакцыя знаходзілася ў панадворку дома, куды трэба заходзіць праз браму. Зьлева ад брамы ўстаноўленая цяпер мэмарыяльная табліца ў памяць Янкі Купалы. Нягледзячы на добрыя намеры, у надпісу на табліцы, мабыць, праявілася пэўная недасьведчанасьць і нядбайнасьць, а мо й прафэсыйная некампэтэнтнасьць, характерная для таго часу. Табліца была ўстаноўленая да 75-годзьдзя нараджэньня паэта. На ёй на трох мовах - расейскай, літоўскай і беларускай - паведамляецца: "У гэтым доме ў 1907-1908 годзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі Янка Купала".

Але справа ў тым, што ў гэтых гадох дом ня меў ніякога дачыненьня да рэдакцыі, сам жа Купала зьявіўся ў Вільні толькі ў 1908 годзе. Таму правільна б было лічыць, што Купала, сапраўды, жыў у гэтым доме, але менавіта тады, калі тут была рэдакцыя "Нашай Нівы" і ён быў яе рэдактарам, гэта значыць у 1914-1915 гадох. I ўсё ж, нягледзячы на памылковы тэкст, як на тую пару гэтая табліца была станоўчай зьявай, а апроч таго й адзінай беларускамоўнай табліцай у Вільні.

Не так даўно зьявілася нарэшце магчымасьць замяніць гэтую табліцу, паправіўшы адпаведна й яе зьмест. Намаганьнямі Таварыства Беларускай Культуры ў Літве пры фінансавай дапамозе Згуртаваньня Беларусаў Сьвету "Бацькаўшчына" зьявілася новая дошка з выяваю паэта ды надпісамі на літоўскай і беларус­кай мовах (62). Яе ўрачыстае адкрыцьцё адбылося ў жніўні 1994 г.

Будынак на Віленскай, 29 згадваецца ў аўтабіяграфічнай аповесьці Максіма Гарэцкага "Віленскія камунары". Са словаў героя аповесьці мы даведваемся, што яму параілі схадзіць калі-небудзь на беларускую вечарыну, што адбываліся тады кожную суботу ў Беларускім клюбе на Віленскай вуліцы, 29. Вось урывак з аповесьці, які адносіцца да 1914 году:

"Там табе - казаў дзядзька Туркевіч - павесялее, а то ты нешта без пары нудны, Мацейка!"

Пайшоў я. Сьпярша дзеля цікавасьці, а потым спадабалася. Там былі невялічкія канцэрцікі, сьпевы, а пасьля - скокі й розныя гульні. Хадзілі туды ў большасьці вучні з настаўніцкага інстытуту й хіміка-тэхнічнага вучылішча, розная служачая моладзь, дзяўчаты - дочкі дробных служачых і рабочых, а таксама дзяўчаты, што былі зь вёскі й працавалі ў горадзе - хто хатняю прыслугаю, хто прачкаю, хто чым.

Танцавалі вальсы й мазуркі, полькі й кракавякі, але абавязкова таксама "Лявоніху", "Юрачку", "Мяцеліцу". I ўсе казалі адзін адному "ты", хоць бы й зусім яшчэ незнаёмыя, - так там было заведзена на беларускі народны лад Ну - і танны буфэт, і плата за ўваход усяго 10 капеек. Не разумеў я тады, што гэткім спосабам уцягвалі беларускія нацыяналісты ў свае сеці "масу". I спадабаў хадзіць туды - от, каб пагуляць... Правадыроў жа беларускага нацыяналізму: братоў Луцкевічаў, прафэсара Іваноўскага й іншых мы там і ў вочы ня бачылі...

Зь вядомых людзей давялося мне там бачыць адзін раз Янку Купалу. Ён сарамліва й ціхавата, грудным голасам, прачытаў нам некалькі сваіх вершаў. Здаецца, паскакаў і полечку з нейкай дзяўчынаю. Выпіў шклянку гарбаты й ціхенька пайшоў з клюба."

Мо некага зьдзівіць, чаму Максім Гарэцкі начэплівае ярлыкі нацыяналістаў сваім найбліжэйшым сябрам і паплечнікам з нашаніўскае пары. Але ж гэты раман-кроніка быў напісаны ў 1931- 1932 годзе, калі пачаліся рэпрэсіі, і аўтар імкнуўся хоць крыху рэгабілітаваць сябе ў вачох бальшавікоў, адмяжоўваючыся ад дзеячоў беларускага адраджэньня. Зрэшты, гэта ня выратавала яго ад заўчаснай гібелі.

Дарэчы, беларускі клюб на Віленскай, 29 існаваў яшчэ нейкі час і ў першую сусьветную вайну.

Мінулі доўгія дзесяцігодзьдзі. Сёньня ў Вільні няма ўжо ні правадыроў "беларускага нацыяналізму", ні беларускіх клюбаў, дзе танцуюць "Лявоніху" і"Юрачку", уцягваючы ў свае сеці "масы"...

ДРУКАРНІ Й ВЫДАВЕЦТВЫ

Наведваючы мясьціны, зьвязаныя зь беларускім пэрыядычным друкам і выдавецтвам у Вільні напачатку нашага стагодзьдзя, нельга абмінуць увагаю й друкарні, дзе выдаваліся беларускія кніжкі й газэты.

Мы ўжо згадвалі, што першая беларуская газэта "Наша Доля", якую забаранілі пасьля выхаду першых шасьці нумароў, друкавалася ў друкарні "Арцель друкарскай справы"(53), што знаходзілася ў высокім доме на Вялікай вуліцы, рог вуліцы Рудніцкай, непадалёк гарадзкой ратушы ды амаль насупраць касьцёлу Сьв. Казіміра.

Пераемніца першай газэты й яе наступніца "Наша Ніва" друкавалася на працягу амаль усяго свайго йснаваньня ў друкарні ліцьвіна Марціна Кухты. Яна была заснаваная ў 1906 годзе з правам друкаваць кнігі на ўсіх эўрапейскіх мовах. У той час у Расейскай імпэрыі была ужо зьнятая забарона друкаваць па-беларуску.

Друкарня знаходзілася на вуліцы Дварцовай, 4, у будынку даўнейшага алюміната, дзе жылі студэнты езуіцкай калегіі, збудаваным яшчэ ў XVII ст. Цяпер адрас будынку - вуліца Унівэрсытэцкая, 4, побач з унівэрсытэтам (63).

Пра гаспадара друкарні маем толькі кароткія энцыкляпэдычныя зьвесткі. Ён нарадзіўся ў 1875 годзе ў Ковенскай губэрні. Паходзіў зь сялянскай сям'і. Быў вядомы ў літоўскім адраджэнскім асяродзьдзі. А па-беларуску, апрача "Нашай Нівы", друкаваў творы Франьцішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Цёткі й іншых беларускіх пісьменьнікаў, а таксама этнаграфічныя матар'ялы, зборнікі да "Нашай Нівы", календары, ноты зь беларускімі песьнямі й танцамі й іншае. Выпускаў нават забароненыя цэнзурай творы, як напрыклад "Скрыпку беларускую" Гаўрылы з Полацка (адзін з псэўдонімаў Цёткі), за што прасьледваўся царскімі ўладамі.

У 1911 годзе друкарня Марціна Кухты была перавезеная на Татарскую вуліцу (Totoriq), 20 (64). Тут па-ранейшаму друкавалася "Наша Ніва" аж да канца свайго йснаваньня, а таксама было надрукавана шмат беларускіх кніжак. Менавіта ў будынку на Татарскай быў надрукаваны першы й адзіны прыжыцьцёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча "Вянок". Калі ў 1917 годзе Багдановіч выехаў на лячэньне ў Ялту, ён ужо перад самай сьмерцю напісаў:

Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля самай бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарнг пана Марціна Кухты.

Такім чынам, імя друкара Марціна Кухты ўвекавечанае ў беларускай паэзіі радкамі перадсьмяротнага верша так рана памерлага Максіма Багдановіча.

(25KB) Выдавецтва Б. Клецкіна на Малай Стэфанскай.

Пра далейшы лёс друкарні Марціна Кухты ведама, што пасьля першай сусьветнай вайны яна была падзеленая. Частку перавезьлі ў Коўна, пераехаў туды й сам Кухта. Другая частка - дзьве машыны - засталася ў Вільні й была перавезеная на Татарскую, 6. Там друкаваліся пераважна літоўскія выданьні й нешта адзін польскі часопіс. Дом гэты не захаваўся. Сам жа Марцін Кухта памёр недзе ў 1941 ці 42 годзе.

Беларускія кніжкі, што тады друкаваліся, былі плёнам дзейнасьці выдавецкіх суполак, якія ўзьніклі на груньце газэты "Наша Ніва". У 1993 г. ў палове ліпеня споўнілася роўна 80 гадоў ад заснаваньня ў Вільні Беларускага Выдавецкага Таварыства. Яго стварылі Барыс Даніловіч, Іван Луцкевіч, Шпакоўскі й іншыя беларускія дзеячы. Праўда, першая спроба стварыць ў Вільні беларускае кнігавыдавецтва была зробленая яшчэ ў 1908 годзе суполкаю "Наша Хата", ініцыятарам якое таксама быў Барыс Даніловіч (69). Яна выпусьціла шэсьць кніжак і спыніла сваё йснаваньне дзеля адсутнасьці сродкаў.

Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні йснавала ажно да 1930 году зь невялікім перапынкам сваёй дзейнасьці падчас першай сусьветнай вайны. Унесла важкі ўклад у разьвіцьцё й папулярызацыю беларускай літаратуры.

Месцам заснаваньня Беларускага Выдавецкага Таварыства быў дом на вуліцы Каштанавай, 5, кватэра нумар 4 (65). Ёсьць зьвесткі, што пры выдавецтве нейкі час жыў Янка Купала. Выдавецтва мела сваю кнігарню ва ўжо згаданым намі доме нумар 7 на Завальнай вуліцы (60). Затым кнігарня была перанесеная на Вастрабрамскую, 1, рог вуліцы Гетманскай (66). Усе гэтыя дамы захаваліся да нашых дзён.

Пасьля перапынку Таварыства ўзнавіла сваю дзейнасьць у 1919 годзе. Шырака разгарнула выданьне падручнікаў для беларускіх школаў, апрацаваных Леанілай Гарэцкай, Браніславам Тарашкевічам, Аркадзем Смолічам, Максімам Гарэцкім, Ігнатам Дварчаніным і іншымі. Працягвала традыцыю выданьня календароў-кніжак, якія выходзілі штогод да 1929 году. За час існаваньня выдала шмат беларускай мастацкай літаратуры. У кіраўніцтва Таварыства ўваходзілі вядомыя культурна-грамадзкія дзеячы Заходняй Беларусі.

На Малой Стэфанскай вул., 23, цяпер Раўгіклас знаходзілася Віленскае выдавецтва Б.Клецкіна (1875-1937), заснаванае ў 1911 годзе (67), якое выдавала пераважна жыдоўскую літаратуру. 3 1921 года выдавецтва пачало друкаваць і беларускія кнігі. Было выдадзена больш 20 кніжак, у тым ліку: "Гісторыя беларускай літаратуры" і "Хрэстаматыя беларускай літаратуры" Максіма Гарэцкага, "Родны край"(2 часткі) Л.Гарэцкай, "Геаграфія Беларусі" А. Смоліча, "Бярозка" Ядзьвігіна Ш., "У палескай глушы" і "У глыбі Палесься" Т. Гушчы, "Шляхам жыцьця" Янкі Купалы, арытмэтычны задачнік С.Рак-Міхайлоўскага, "Вялікая шышка" Я.Нарцызава (Язэпа Драздовіча), "Алеся" А. Купрына (у перакладзе М. Краўцова), "Ірландзкія казкі" Макмануса (у перакладзе П. Бадуновай), "Казкі" Грыма (у перакладзе Мэнке) - гэта ўсё толькі да 1923 году.

Пазьней былі выдадзеныя "Беларуска-польскі слоўнік", "Беларускі правапіс", "Пад сінім небам" Н. Арсеньевай, "Казкі жыцьця" Т.Гушчы, "Вянок" М. Багдановіча й інш. Беларускія кнігі, надрукаваныя ў выдавецтве Клецкіна, шырака распаўсюджваліся па ўсёй Заходняй Беларусі, а падручнікамі карысталіся вучні беларускіх школаў і гімназіяў.

БІБЛІЯТЭКА БАРЫСА ДАНІЛОВІЧА

На гісторыі гэтай бібліятэкі трэба спыніцца даўжэй, дый асоба яе гаспадара вартая ўвагі, бо ён браў удзел у шмат якіх беларускіх ініцыятывах.

(20KB) Бібліятэка Барыса Даніловіча на Георгіеўскім праспэкце.

Бібліятэка-чытальня "Веды" была заснаваная ў 1904 годзе. Як паведамляў сам Даніловіч, бібліятэка была адкрытая на ймя Ізраіля Нэмзэра, якому й быў выдадзены дазвол віленскага губэрнатара. Бібліятэка была тады суполкаю двух гаспадароў: Даніловіч быў кампаньёнам Нэмзэра.

Знаходзілася бібліятэка ў доме нумар 14 на Георгіеўскім праспэкце (цяпер Гедыміна,12) (68). На першым паверсе месьцілася добра вядомая ў Вільні кавярня "Чырвоны Штраль", яе называлі так і да першай сусьветнай вайны й затым у міжваенным часе ад прозьвішча ўласьніка, а інтэр'ер быў выкананы ўвесь у чырвоным колеры. У біяграфічным рамане Алега Лойкі пра Янку Купалу гаворыцца, што той быў даволі частым госьцем у гэтай кавярні. У тым самым доме была й майстроўня вядомага літоўскага мастака-фатографа Юрашайціса. Знакамітая фатаграфія Алаізы Пашкевічанкі (Цёткі), адна зь нямногіх яе выяваў, была зробленая якраз у Юрашайціса.

(19KB)  Бібліятэка Барыса Даніловіча на Віленскай, 33. Сучасны выгляд.

У канцы 1906 году Даніловіч выкупіў ад Нэмзэра ягоную частку бібліятэкі й стаў яе адзіным гаспадаром. У красавіку 1907 г. Даніловіч, атрымаўшы дазвол губэрнатара, перавёз яе ў новае памяшканьне на Георгіеўскі праспэкт, 4, кв. 10 (Цяпер Гедыміна, 2) (69). Менавіта тут і працаваў у Даніловіча Янка Купала.

У 1911 годзе бібліятэка была перавезеная на Віленскую, 33 (цяпер Віленская, 10) (70), а кампаньёнам Даніловіча ў вядзеньні бібліятэкі стаў Антон Луцкевіч.

Гэты дом, што й дасюль знаходзіцца на рагу праспэкта Гедыміна, амаль нельга пазнаць. Пасьля другой сусьветнай вайны ў ім разьмясьцілі рэстаран, але вонкавы выгляд дому тады яшчэ мала зьмяніўся. Толькі ў шасьцідзесятых гадох будынак быў цалкам рэканструяваны. Цяпер тут - вядомы ў Вільні рэстаран "Паланга".

Калі ж пачалася першая сусьветная вайна, Даніловіч быў мабілізаваны ў войска, а пасьля вайны апынуўся ў Адэсе й больш у Вільню не вярнуўся. Для таго, каб Антон Луцкевіч меў падставу распараджацца бібліятэкай, ён прыслаў у 1923 годзе з Адэсы натарыяльнае пасьведчаньне, што ў 1914 годзе ён перадаў сваю частку Луцкевічу, і з таго часу А. Луцкевіч зьяўляецца адзіным гаспадаром бібліятэкі. На гэтай падставе бібліятэка была перададзеная Беларускаму Навуковаму Таварыству і ўвайшла ў фонды Беларускага Музэю.

3 1914 году ў доме на Віленскай, 33, разам зь бібліятэкаю захоўваліся й калекцыі Івана Луцкевіча, ды жылі абодва браты - Іван і Антон. Справа ў тым, што да гэтага часу, як ужо было згадана, усе калекцыі археоляга Луцкевіча перахоўваліся на Завальнай вуліцы, 7, у памяшканьні рэдакцыі "Нашай Нівы"(59), але ж з 1914 году рэдакцыя перанеслася на Віленскую, 29 (61), а калекцыі, мабыць, былі тады перавезеныя цераз адзін дом на Віленскую, 33 (70), дзе ўжо тады знаходзілася бібліятэка Даніловіча. Дакумэнт, які Даніловіч прысылаў з Адэсы, называецца "подписка-показание" і захоўваецца цяпер у Цэнтральнай Бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы (27) ў аддзеле рукапісаў пад нумарам Ф-21-310. Ён досыць дакладна апавядае ўсю гісторыю бібліятэкі й падае адрасы, дзе яна ў розным часе знаходзілася.

Вядома, дакумэнт не раскрывае факту якіх-колечы фінансавых транзакцый між Даніловічам і Луцкевічам, якіх, мабыць, і не было, бо ў апошняга проста ніколі не было сродкаў на прыдбаньне бібліятэкі. Можна меркаваць, дакумэнт быў толькі юрыдычным сродкам, пры дапамозе якога Даніловіч ахвяраваў сваю бібліятэку "Веды" беларускаму грамадзтву Вільні.

Гэтаксама й археоляг Луцкевіч, які ў 1918 годзе быў ініцыятарам заснаваньня ў Вільні Беларускага Навуковага Таварыства, перадаў Таварыству ўвесь зьбіральніцкі плён свайго жыцьця, што й было пазьней глебай для стварэньня ў Вільні першага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музэю.

Тутака варта адзначыць, што менавіта першыя два дзесяцігодзьдзі нашага веку, якія далі пачатак няспыннаму беларускаму адраджэнскаму руху, адметныя ня толькі самаахвярнаю працаю яго дзеячоў, але й шматлікімі матар'яльнымі ахвяраваньнямі бела­рускаму грамадзтву, часта прыдбанымі на працягу ўсяго жыцьця.

ДОМ НА ВІЛЕНСКАЙ, 33

У нашай вандроўцы мы спыніліся каля дому на рагу Віленскай вуліцы й праспэкту Гедыміна, дзе цяпер знаходзіцца рэстаран "Паланга". Тут заўсёды вялікі pyx, 60 гэта ў нейкай ступені адміністрацыйны й гандлёвы цэнтар. Насупраць цераз сквер узвышаецца вялізны сучасны будынак, які займае урад Літоўскай Рэспублікі. Праваруч ад яго гарадзкая самаўправа, з другога ж боку непадалёк - вялікая унівэрсальная крама. Далей цераз вуліцу вядомы яшчэ з пачатку стагодзьдзя гатэль і рэстаран Сьв. Георгія - цяпер завецца "Вільнюс".

Што тычыцца самога праспэкта Гедыміна, які пад назваю Георгіеўскага ўзьнік нейкіх паўтары сотні гадоў таму назад, дык ён ад моманту свайго заснаваньня заўсёды быў адным з самых рэпрэзэнтацыйных праспэктаў гораду. Тут сустракаем забудову ў стылі сэцэсіі й іншых стыляў пералому XIX і XX ст. з багатым вонкавым дэкорам.

А вось дом, дзе цяпер рэстаран "Паланга" (70), пасьля перабудовы настолькі адрозьніваецца ад астатніх дамоў сучаснасьцю сваіх абрысаў, што нават цяжка ўявіць сабе яго ў якасьці колішняга своеасаблівага беларускага культурнага цэнтру пачатку стагодзьдзя.

Між тым, менавіта тут, у знакамітай бібліятэцы-чытальні "Веды", дзе захоўваліся экспанаты будучага першага беларускага нацыянальнага музэю ў Вільні, дзе было месца працы Барыса Даніловіча, гаспадара бібліятэкі, ды жытло братоў Луцкевічаў, - утварыўся ў пэрыяд першай сусьветнай вайны асяродак, у якім гуртавалася беларускае жыцьцё Вільні.

У сваіх успамінах Юлія Мэнке - пазьней па мужу Вітан- Дубейкаўская, а паводле псэўдоніму Кветка Вітан - згадвала, што гэты дом часта наведвала Алаіза Пашкевічанка. У той час яна ўжо была замужам за літоўскім сацыял-дэмакратам Сьцяпанам Кайрысом.

Тут быў штаб, дзе вырашаліся пытаньні асьветы на бела­рускай мове, якія завяршыліся адкрыцьцём у 1915 годзе першых пяцёх беларускіх пачатковых школаў і настаўніцкіх курсаў. Тут зьбіраўся арганізацыйны камітэт і вялася падрыхтоўка да адкрыцьця ў Вільні беларускай гімназіі, якая прайснавала 25 гадоў.

Сама ж Юлія, якая па адукацыі была мастацтвазнаўцам, у гэтым самым доме пазнаёмілася з археолягам Іванам Луцкевічам ды з таго часу была ягонай самай блізкай сяброўкай і паплечніцай. Яна пісала: "Нас пазнаёмілі як калегаў. Луцкевіч вельмі ганарыўся сваімі музэйнымі зборамі, ён вельмі ўсьцешыўся нагодзе паказаць свой музэй асобе, якая штосьці ў гэтым разумее і можа ацаніць гэтыя прадметы мінуўшчыны". Юлія ў той час таксама актыўна ўключылася ў працу над арганізацыяй беларускага школьніцтва.

У 1919 годзе менавіта Юлія са сваёю сястрою суправаджалі ўжо безнадзейна хворага на сухоты Івана Луцкевіча на лячэньне ў Закапанэ. Адтуль ён не вярнуўся й быў пахаваны на чужыне. Юлія тады пісала: "Калі Бог дазволіць перавезьці цела Івана ў Вільню, то я яму на камяні накажу зрабіць надпіс, як рабілі першыя хрысьціяне сваім дарагім памерлым: "Іване, Ты жывеш!" Я верыла, што ягоная сьветлая, чыстая душа жыве далей, яна жыве ў душах беларускага народу, якому ён аддаў усе сілы душы сваёй".

Жаданьне Юліі зьдзейсьнілася ўжо пасьля яе сьмерці. Перапахаваньне археоляга Луцкевіча адбылося да 110-ай гадавіны ад яго нараджэньня. У 1993 г. на могілках Росы ў Вільні быў асьвечаны яго надмагільны помнік, дзе на камяні сапраўды высечаныя словы: "Іване, Ты жывеш!"

А пра гэты дом, які быў цэнтрам, куды зыходзіліся дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху нават у час, калі ягоны лідар быў безнадзейна хворы й не ўставаў з пасьцелі, М. Гарэцкі пісаў: "Да яго выезду ў Закапанэ залучаў я на знакамітую ў нашым руху кватэру на Віленскай, 33 і заўсёды знаходзіў у хворага поўна гасьцей; сюды йшоў кожны беларус, быўшы праездам у Вільні, сюды йшоў кожны паступовы грамадзянін краю, каб пагаманіць аб справах краю..."

У 1921 годзе й бібліятэка, і музэйныя калекцыі былі перавезеныя адсюль на Вастрабрамскую, 9, у Базыльянскія муры, дзе й быў заснаваны Беларускі Музэй Беларускага Навуковага Таварыства з багатым архівам і бібліятэкаю (74).

Каля гэтых будынкаў мы ўжо аднойчы вандравалі. Гісторыя гэтага старажытнага праваслаўнага Сьвятатраецкага манастыру сягае паловы XIV ст., а з самага пачатку XVII ст. ён стаў вуніяцкім кляштарам ордэну базыльянаў і на працягу ўсяго свайго йснаваньня быў цэнтрам старабеларускай культуры сталіцы Вялікага княства Літоўскага. У міжваенным жа дваццацігодзьдзі ён ізноў набыў значэньне беларускага культурнага цэнтру.

ЯНКА КУПАЛА Й ЯГОНАЯ "ПАЎЛІНКА"

У нашых папярэдніх вандроўках мы ймкнуліся пазнаёміцца зь мясьцінамі, зьвязанымі ў Вільні з гэтак званаю "нашаніўскаю парою". На жаль, дасюль гэтая пара асьвятлялася ў публікацыях даволі павярхоўна або вельмі аднабакова. Афіцыйная прапаганда аблівала гразьзю й саму газэту "Наша Ніва", і яе стваральнікаў. Яшчэ зусім нядаўна рабілі гэта тыя самыя дасьледчыкі, якія сёньня расхвальваюць яе на ўсе лады ды называюць сапраўднаю народнаю газэтаю.

(19KB) Дом на Віленскай, 10, дзе адбыўся першы спэктакаль 'Паўлінкі'.

Таму нашыя вандроўкі - гэта толькі першыя крокі ў справе вывучэньня "нашаніўскай пары", і, безумоўна, патрабуюць ад будучых дасьледчыкаў удакладненьняў і дапаўненьняў.

(36KB) Знаменская царква на Зьвярынцы.

Аб значнай актывізацыі беларускага культурнага жыцьця ў Вільні ў пэрыяд існаваньня газэты "Наша Ніва" сьведчыць і ўзьнікненьне тут Беларускага музычна-драматычнага гуртка. Ён дзейнічаў з 1910 да 1916 году. Аб'ядноўваў беларускую інтэлігенцыю гораду, адыграў значную ролю ў станаўленьні бела­рускага прафэсыйнага тэатру. Ладзіў разнастайныя беларускія вечарыны й спэктаклі: "Па рэвізіі" і "Пашыліся ў дурні" Крапіўніцкага, "Залёты" Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, "Модны шляхцюк" Каруся Каганца, "У зімовы вечар" Элізы Ажэшкі й іншыя. Дасюль ня высьветлена, ці меў гурток нейкае сталае памяшканьне, а калі меў, дык дзе? З ацалелых пратаколаў сходаў гуртка відаць, што ён меў сьціслыя кантакты зь літоўскімі культурнымі аб'яднаньнямі, карыстаўся іх памяшканьнямі. Гэтак устаноўчы сход гуртка адбыўся ў памяшканьні літоўскага таварыства "Рута".

Магчыма, што гурткоўцы карысталіся для сваіх зборак і памяшканьнем бібліятэкі "Веды", бо нейкі час яе гаспадар Барыс Даніловіч быў старшынёю праўленьня гуртка, а яго намесьнікам быў Вацлаў Ластоўскі. У працы гуртка ўдзельнічалі: Ігнат Буйніцкі, Алесь Бурбіс, Цётка, Зьмітрок Бядуля, Леапольд Радзевіч, Паўліна Мядзёлка, браты Луцкевічы й нават вядомы літоўскі дзеяч Ёнас Басанавічус.

Сіламі беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні ўпершыню была пастаўленая камэдыя Янкі Купалы "Паўлінка". Гэты спэктакаль адбыўся ў залі гімнастычнага таварыства "Сокал" на Віленскай, 10 . Дом гэты знаходзіцца якраз насупраць скверу, дзе ўстаноўлены помнік Станіславу Манюшку (39), зьлева ад скверу -касьцёл Сьв.Кацярыны (40). Цяпер ён значыцца пад нумарам 39, і ў ім разьмяшчаецца "Дом настаўніка", а ў той самай залі й дагэтуль адбываюцца розныя канцэрты ды імпрэзы (71).

Цікава адзначыць, што прэм'еры спэктакляў славутай купалаўскай "Паўлінкі" адбыліся ў 1913 годзе: першая - у студзені ў Вільні, другая - у лютым у Пецярбурзе й трэцяя -у жніўні ў Радашкавічах. Усе гэтыя прэм'еры прайшлі ў прысутнасьці аўтара камэдыі.

У Вільні ёсьць многа мясьцінаў, зьвязаных зь Янкам Купалам. У раёне Зьвярынца да нядаўняга часу была нават вуліца, названая ягоным іменем. Праўда, яе ў 1991 годзе перайменавалі, але ўсё ж кампэнсавалі гэта тым, што Купалу прысьвяцілі вуліцу ў прыгарадзе Нова-Вялейка. Дарэчы, Купала сапраўды нейкі час жыў на Зьвярынцы, але не на той вуліцы, а на суседняй. Жыў ён на Старой вуліцы, цяпер яна называецца вуліца Трэнёты, у доме пад нумарам 5, трэці дом справа, калі йсьці ад вуліцы Вітаўта (72). Гэта было недзе ў 1908-1909 гадох, калі паэт супрацоўнічаў у газэце "Наша Ніва" і працаваў у бібліятэцы Даніловіча. Жыў ён на кватэры ў беларускага настаўніка Сымона Караля, тады яшчэ маладога пэдагога, які здабыў пасаду загадчыка царкоўна-прыхадзкой школы на Зьвярынцы непадалёк Знаменскай царквы. Кватэру ён атрымаў паблізу ад школы і ўладкаваў у сябе земляка Янку Купалу. Купала, мабыць, жыў там да выезду ў вёску Бенін у кастрычніку 1909 году, адкуль ужо на запросіны прафэсара Браніслава Эпімах-Шыпілы, таксама цераз Вільню, трапіў у Пецярбург.

Пра Сымона Караля вядома таксама, што ў міжваенным часе ён працаваў выкладчыкам у беларускіх гімназіях - сьпярша ў Радашкавічах, затым у Вільні. Быў знаны ў асяродзьдзі віленскай беларускай інтэлігенцыі. Памёр у Вільні, пахаваны на праваслаўных могілках на Ліпаўцы.

Такім чынам, у Вільні захавалася багата куточкаў, зьвязаных з культурным і палітычным жыцьцём беларусаў міжваеннага пэрыяду. I, як бачым, у вандроўках па іх трэба добра арыентавацца як у прасторы, так і ў часе.

У пару першай сусьветнай вайны беларускае жыцьцё канцэнтравалася пераважна ў тых самых будынках, дзе мы ўжо здолелі пабываць.Напрыклад, на Завальнай вуліцы, 7, дзе была Беларуская кнігарня й рэдакцыя "Нашай Нівы", падчас першай нямецкай акупацыі выдавалася газэта "Гоман", рэдактарам якое быў Вацлаў Ластоўскі (59).

А вось больш падрабязна пра сувязі Якуба Коласа зь Вільняю мы распавядзем у нашай наступнай вандроўцы ды перакінем масток паміж даваеннай і міжваеннай гісторыяй віленскай беларушчыны.

РАДЗІМА ЖОНКІ ЯКУБА КОЛАСА

Сувязі зь Вільняй Якуба Коласа не абмяжоўваюцца толькі ягоным кароткачасовым пражываньнем у пэрыяд 1907-1908 гадоў, калі ён працаваў непасрэдна ў рэдакцыі "Нашай Нівы". I пазьней, нягледзячы на жыцьцёвыя нягоды, на трохгадовае зьняволеньне на працягу ад 1908 да 1911 году, ён ня страціў сувязі зь Вільняй, з "Нашай Нівай", зь яе кіруючымі супрацоўнікамі, з усім нашаніўскім асяродзьдзем.

Пасьля вызваленьня з вастрогу Якуб Колас, як сьведчыць яго біяграфія, на працягу 1912-1914 гадоў жыў на Палесьсі, настаўнічаў у Пінску. Але зь Вільняй у гэтым часе яго зьвязала важная падзея ў асабістым жыцьці. Менавіта ў Вільні, а дакладней тады ў яе прыгарадзе, жыла ягоная будучая жонка Марыя Каменская. Марыя ў тым самым часе, што й Якуб Колас, была настаўніцаю Пінскай чыгуначнай школы, дык можна меркаваць, што ў Пінску яны й пазнаёміліся, а ў чэрвені 1913 году пабраліся шлюбам.

Сёньня ў нашай вандроўцы зазірнем у тую мясьціну, дзе жыла жонка Якуба Коласа, бо менавіта там быў дом, які маці Марыі Каменскай збудавала для сваёй дачкі. Дом гэты знаходзіўся ў прыгарадзе, які называўся тады Віленскай Чыгуначнай калёніяй, а цяпер завецца Павільнісам і ўваходзіць у склад гораду (73). Гэты колішні прыгарад узьнік каля чыгункі на шляху Вільня - Менск, між Вільняю й Новай Вялейкай.

Гісторыя таго Павільніса цікавая й даўняя. Колісь гэта былі ўладаньні магнатаў Пацаў, вядомыя яшчэ ў XV-XVI ст., а мясцовасьць гэтую называлі Пацавыя Горы. За ўдзел у паўстаньні 1831 году царскія ўлады адабралі ў Пацаў маёнтак. Частка гэтых земляў была аддадзеная сялянам-стараверам. Узьніклі вёскі Васкрасенка, Заельнікі й Горы. У 1908 годзе па йніцыятыве працаўнікоў чыгункі было створанае каапэратыўнае таварыства "Віленская Чыгуначная калёнія" і ўзьнікла паселішча.

Удзельнікі таварыства атрымлівалі дзялянкі й будавалі дамы. Адну з такіх дзялянак набыла маці Коласавай жонкі.

Мясьціна была дужа маляўнічая - пагоркі, лясы, рэчка Вялейка прываблівалі будучых жыхароў калёніі. Яна раскінулася на ўзгорках - гэта была Верхняя калёнія й ніжэй ўздоўж чыгункі - Ніжняя калёнія. Перад першай сусьветнай вайной было ўжо за трыццаць дамоў, а ў трыццатых гадох забудаваных дзялянак было звыш паўтары сотні.

У доме Каменскіх Якуб Колас і ягоная жонка жылі падчас летніх канікулаў на працягу 1913-1915 гадоў. Адсюль паэт хадзіў пехатой у Вільню ў рэдакцыю "Нашай Нівы", дамаўляўся аб выданьні зборніка прозы "Родныя зьявы". Сустракаўся з нашаніўцамі, у тым ліку і зь Янкам Купалам. Пазьней ён прыгадваў, што Янка Купала колькі разоў наведваў яго ў навакольлі Вільні, у Чыгуначнай калёніі.

Калі Якуб Колас асталяваўся ў Менску, дык дом у калёніі дастаўся брату Марыі Івану Каменскаму. З пашаны да свайго слаўнага швагра Каменскі шчыра падтрымаў ідэю стварэньня тут дому-музэю Якуба Коласа, што было аканчальна замацавана пастановаю Савета Міністраў Літоўскай ССР у жніўні 1960 году. Ён перадаў шэраг мэмарыяльных рэчаў для музэйнай экспазыцыі, а гарадзкія ўлады меліся выканаць рамонтна-рэстаўрацыйныя работы з тым, каб музэй адчыніць да 80-годзьдзя з дня нараджэньня паэта.

Завандраваўшы ў тую Чыгуначную калёнію, ці цяперашні Павільніс, мабыць давядзецца нам зь мінуўшчыны перанесьціся ў сучаснасьць, якая ў лёсе згаданага дому аказалася даволі сумная.

Атрымалася гэтак, што ў мэмарыяльным доме інспэкцыя па ахове драўніны выявіла грыбок. Будынак адразу ліквідавалі, а новы па абмерных чарцяжах, як гэта прадбачылася, пабудаваны ня быў, і ушанаваньне памяці Якуба Коласа, нягледзячы на пастанову Савета Міністраў, не адбылося. Праўда, у бібліятэцы Павільніса быў абсталяваны пакой-музэй Якуба Коласа, але пазьней гэтыя экспанаты былі перададзеныя літаратурнаму музэю ймя Пушкіна.

На гэтым справа, быццам, і скончылася. Сёньня можам уявіць сабе гэты дом на падставе аўталітаграфіі мастака Miколы Купавы, зробленай у 1986 годзе паводле дакумантальных дадзеных.

Пытаньне аднаўленьня дому ўзьняло йзноў створанае ў 1989 годзе ў Вільні Таварыства Беларускай Культуры, калі яшчэ былі фундамэнты старога дому. Захавалася й тая дзялянка з садам. Аднак намаганьні Таварыства выніку не далі, а сёньня тое месца ўжо падзялілі на меншыя дзялянкі й новыя гаспадары збудвалі там новыя дамы. Праўда, невялічкая дзялянка яшчэ засталася, дзякуючы патрабаваньням Таварыства, але ці беларусы змогуць яе здабыць ды скарыстаць паводле ранейшага прызначэньня, дык гэта яшчэ невядома.

У міжваенным пэрыядзе ў Чыгуначнай калёніі ў розным часе жылі даволі вядомыя тутэйшыя беларускія дзеячы. Сярод іх пісьменьніца Зоська Верас з мужам Антонам Войцікам, актыўным працаўніком на грамадзкай ніве; сям'я сэнатара Вячаслава Багдановіча, вядомага культурнага дзеяча; Ігнат Біньдзюк - працаўнік Беларускага Каапэратыўнага банку, Фабіян Ярэміч - беларускі пасол у польскім парлямэньце, а таксама Радаслаў Астроўскі, знаны як дырэктар Віленскай Беларускай Гімназіі, а пазьней - прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады падчас другой сусьветнай вайны.

Зь імёнамі гэтых дзеячоў, мабыць, яшчэ сустрэнемся неаднойчы, вандруючы па Вільні ў пошуках мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю тутэйшых беларусаў у міжваенным часе

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX