Вярнуцца: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні

Частка 5


Аўтар: Луцкевіч Лявон,
Дадана: 03-12-2011,
Крыніца: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.

Спампаваць




ЧАСЫ ВАЕННАГА ЛІХАЛЕЦЦЯ

Вандруючы па Вільні ў прасторы і ў часе, мы, па-сутнасьці, мінулі ўжо міжваенную пару, калі, асабліва ў першым дзесяцігодзьдзі, грамадзкае жыцьцё беларусаў было досыць актыўнае. У другім дзесяцігодзьдзі Польшча паступова траціць аблічча прававой дзяржавы, нацыянальны й сацыяльны прыгнёт усьцяж узмацняецца. Беларусы Вільні адчулі гэта вельмі выразна.

(141KB) Ля Вострай Брамы.

Ды неўзабаве пачалася другая сусьветная вайна - для Вільні яе пачатак бярэ ад першага верасьня 1939 году. Сьпярша два тыдні няпэўнасьці, калі Польшча ў безнадзейным высілку беспасьпяхова змагалася зь нямецкім агрэсарам. Урэшце 17 верасьня Польшча, канчаткова заціснутая ў абцугі між двума таталітарнымі рэжымамі, фашыстоўскай Нямеччынай і бальшавіцкай Расеяй, здала свае пазыцыі ў Вільні, і рэшткі яе войска мусілі пакінуць горад, ратуючыся ўцёкамі цераз літоўскую граніцу.

Кароткі прамежак часу савецкай улады перад перадачай Вільні Літве вызначыўся нестабільнасьцю, запалоханасьцю жыхароў, цяжкім матар'яльным становішчам, падрыхтоўкай да далучэньня Вільні да Савецкай Беларусі, што выразна праклямавалася новай уладай. Усё рабілася па загаду згары, нават выданьне тут беларускай газэты. Адчувалася самаўладзтва новых гаспадароў, якія ні з кім не лічыліся. Пачаліся павальныя арышты, перадусім у асяродзьдзі мясцовай інтэлігенцыі. Асноўны касьцяк беларускай інтэлігенцыі быў таксама рэпрэсаваны. Перад перадачай Вільні Літоўскай Рэспубліцы арыштаваныя былі вывезеныя разам з усёй дзяржаўнай маёмасьцю, якая засталася ад польскіх уладаў. Дык ня дзіва, што на гэты час беларускае грамадзкае жыцьцё амаль зусім замерла.

Усё ж варта зьвярнуць увагу яшчэ на адзін дом, які ў тым няпростым часе меў непасрэдныя адносіны да беларускага жыцьця. Стоячы на Катэдральным пляцы й азіраючыся вакол, мы абавязкова заўважым даволі прыгожы трохпавярховы будынак, у якім цяпер месьціцца цэнтральны тэлеграф. Адсюль бярэ пачатак былая Біскупская вуліца, цяпер Universiteto g., а згаданы дом мае нумар трэці на гэтай вуліцы (104).

Старыя віленчукі памятаюць, што ў той пераходны й нестабільны час пасьля 17-га верасьня 1939 году, калі Савецкі Саюз па дамоўленасьці з гітлераўскай Нямеччынай заняў Вільню ды быццам апынуўся на раздарожжы, каму яе падараваць - Савецкай Беларусі або Літве, якая ў пэрспэктыве мела таксама зрабіцца Савецкай, а ў самой Вільні вялася інтэнсыўная падрыхтоўка да плебісцыту за далучэньне яе да БССР, - менавіта ў гэтым доме знаходзілася рэдакцыя беларускай газэты "Віленская праўда". Газэта выходзіла да лістапада таго самага году, калі лес Вільні быў аканчальна вырашаны на карысьць далучэньня яе да Літвы.

Паводле сьведчаньня супрацоўніка рэдакцыі газэты "Віленская праўда" Янкі Багдановіча, які ў міжваенным часе ў трыццатых гадох быў нейкі час рэдактарам часопісу "Шлях моладзі", у гэтым жа будынку ад 1940 году, пасьля стварэньня Літоўскай ССР, знаходзілася рэдакцыя дзьвюх беларускіх газэтаў "Свабодная Беларусь" і "За свабоднае жыцьцё", у якіх ён супрацоўнічаў. Яны йснавалі да чэрвеня 1941 году, а дакладней да самага пачатку нямецкай акупацыі.

I ўсё ж, калі ўсталявалася літоўская ўлада, на Дамініканскай вуліцы насупраць Дамініканскага касьцёла ў будынку былой польскай гімназіі ймя Славацкага працягвала сваю працу Беларуская Гімназія, але няпоўная, называлася яна тады прагімназіяй і яе дырэктарам быў ксёндз Адам Станкевіч, вядомы беларускі грамадзкі дзеяч, які перад прыходам бальшавікоў здолеў сваечасова пакінуць Вільню.

Улетку 1940 году, як і можна было спадзявацца, за кошт атрыманьня Вільні, Літва зь незалежнай рэспублікі ператварылася ў Літву Савецкую. Аднак і ў той час былі яшчэ ў Вільні два беларускія асяродкі: гэта згаданая гімназія, якая тады называлася проста сярэдняй школай, і Беларускі Музэй. Гімназія была зноў перанесеная ў другое памяшканьне - будынак былога кляштару бэнэдыктынак, што непадалёк касьцёла Сьв.Кацярыны, куды ўваходзілася зь Ігнатаўскага завулку. Дырэктарам у ёй быў Мікола Анцукевіч.

Музэй узначаліў ужо даволі вядомы ў беларускім асяродзьдзі этнограф Марыян Пецюкевіч. Беларускае Навуковае Таварыства, якому падпарадкоўваўся раней музэй, фактычна перастала йснаваць, бо бальшыня ягоных сяброў была рэпрэсаваная й цяпер музэй трапіў у падпарадкаваньне Інстытуту Літуаністыкі, а пазьней Акадэміі Навук Літвы. Знаходзіўся ж ён на сваім папярэднім меецы ў Базыльянскіх мурох (74), а ў апошні год йснаваньня - у будынку Акадэміі Мастацтваў (83). У той час выходзіў яшчэ й беларускі пэрыядычны друк, хаця й падпарадкаваны ідэялягічна тагачаснай уладзе.

З 22 чэрвеня 1941 году палітычная сітуацыя зноў зьмянілася. Вільню пасьля амаль двух дзён безуладзьдзя заняла нямецкая акупацыйная армія. У час ваеннага ліхалецьця якое-колечы куль­турна- грамадзкае жыцьцё было вельмі абмежаванае.

Усё ж для абароны інтарэсаў беларускага насельніцтва ўтварыўся ў Вільні Беларускі Нацыянальны Камітэт, які ўзначаліў прафэсар Вацлаў Іваноўскі, а пасьля яго выезду ў Менск - доктар Баляслаў Грабінскі. Камітэт знаходзіўся на праспэкце Гедыміна, 2 (105). Гэтая установа, акрамя культурна-грамадзкай дзейнасьці, неаднойчы ратавала жыцьцё людзям, якія траплялі ў бяду ці калі іх беспадстаўна арыштоўвалі акупацыйныя ўлады або іх мясцовыя памагатыя. У тым самым памяшканьні рэдагавалася й беларуская газэта "Беларускі Голас" - рэдактарам быў драматург Франьцішак Аляхновіч.

Гімназія зноў зьмяніла памяшканьне, яна знаходзілася на Вастрабрамскай, 29, яе дырэктарам быў далей Анцукевіч, пазь­ней Франук Грышкевіч. Музэй узначаліў Янка Шутовіч і кіраваў ім ажно да ліквідацыі ў 1945 годзе, ужо пры савецкай уладзе.

Пасьля былі спыненыя якія-колечы праявы беларускага грамадзкага жыцьця ў Вільні. Былі забароненыя згуртаваньні, школы, пэрыядычны друк. Насунуліся дзесяцігодзьдзі летаргічнага сну...

Толькі ў канцы васьмідзесятых гадоў узьніклі першыя парасткі аднаўленьня беларускай традыцыі Вільні й Віленшчыны. Але гэта ўжо сучаснасьць...

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX