Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Наша спадчына прамаўляе 


Аўтар: Віцьбіч Юрка,
Дадана: 03-04-2018,
Крыніца: Юрка Віцьбіч. Наша спадчына прамаўляе // Спадчына. 2000. № 4. С. 95-148.; № 5-6. С. 163-201.



Серыя скрыптоў для радыё "Свабода", згрупаваных па рэгіёнам Беларусі


Уводзіны

Ленін i помнікі культуры

Калі манументы ставіць не народ

Святыя камяні Еўропы

Ці не апошні з апошніх?

Частка 1. ВІЦЕБШЧЫНА

«КАМЯНІ СВЯТЫНІ PACKIДАНЫ ПА ЎСІХ РАЗДАРОЖЖАХ»

АБ ЧЫМ КРЫЧАЛІ КАМЯНІ

«ПОСТАВИЛ ПО БИТВЕ... ПО ЗАРИ...» (Сокараўскі крыж)

НА РУІНАХ ПАДАННЯ ПРА ТАЯМНІЧАЕ СВЯТЛО

ЗМОЎКЛІ ЗВАНЫ СВЯТОЙ САФІІ

З МЯЧОМ РАГНЕДЫ, З КРЫЖАМ ПРАДСЛАВЫ

ЯК ВЫГЛЯДАЛА СВЯТАЯ ЕЎФРАСІННЯ-ПРАДСЛАВА

«МОЖНА ЗНІШЧЫЦЬ ЗВОН, АЛЕ НЕЛЬГА ЗНІШЧЫЦЬ НАРОД»

ЯБЛЫНЯ ІЕРАМАНАХА АФІНАГЕНА (Маркаў манастыр)

ВІЦЕБСКАЕ ПАДАРВАНАЕ БАРОКА

«СТАЯЦЬ I ПАМІРАЦЬ» (Віцебскі абеліск)

ЗНІКЛЫ «ДАБРЫДЗЕНЬ» СТАРОЙ ОРШЫ

«БРАСЛАЎ НАШ ПРЫ АЗЁРАХ»

«БЕЛАРУСАМ НАВЕК ЗАСТАНУСЯ» (Абольцы)

ПРА ЗАНЯДБАНЫ ЗАМАК З АБЦЯТЫМ НАЗОВАМ (Смаляны)

ТАМ, ДЗЕ ДЗВІНА ЎЦЯКЛА АД ДНЯПРА (Бешанковічы)

АД ЛУКІ ЖЫДЗЯТЫ ДА ЯНКІ КУПАЛЫ (Копысь)

Б'Е З-ПАД КРЫВАВАГА МУРУ СВЯТАЯ КРЫНІЦА (Веліж)

«I ПОЙДЗЕ КНЯЗЬ ВЯЛІКІ ВІТАЎТ»

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЗІЎСЯ РЭПІНСКІ «БЕЛАРУС» (1969 г.)

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«З СЭРЦАМ НАШЫМ КАЛОЖА ЎЗРАСЛА»

«УЛАДАРКА БЕЛАРУСІ ШТО СВЕЦІЦЬ У ЖЫРОВІЦАХ»

ПРА МІР, ШТО НІКОЛІ НЕ ВЕДАЎ СПАКОЮ

ГОРАД ІЛЬВА, А НЕ КНЯЗЁЎНЫ ЛІДЫ

СВЯТЫ БЕЗАБАРОННЫ ЗАМАК (Мала-Мажэйкава)

«УЗНОСІЦЦА ГОТЫКА, НІБЫ АГОНЬ У НЕБА» (Сынкавічы)

«I СВЯТЛО Ў ЦЕМРЫ СВЕЦІЦЬ» (Гальшаны)

АХУТАНАЯ ГУЛАМ ГАРМАТНЫМ ЛІТВА (Крэва)

ЧАМУ ЛЮБЧА ЁСЦЬ ЛЮБЧА

«У МЕСЦЕ ВАЎКАВЫСКУ»

«І ЧАСАМ УСПАМЯНІ ПРА ЯСЬКУ СВАЙГО» (Свіслач)

МІНШЧЫНА

«НАЗВАЎСЯ МЕНСКАМ ГОРАД»

МЕНСКІЯ КАМЕННЫЯ БАЛАДЫ

У ПОШУКАХ МАГІЛЫ РАГНЕДЫ (Заслаўе)

«ТАМ, ДЗЕ СУМУЕ ЧОРНАЯ ДАМА» (Нясвіж)

АБАРАНІЦЕ АД ЗНІШЧЭННЯ РАДЗІВІЛІМОНТЫ (Клецкі раён)

«ТАЯМНІЦА» ВОЗЕРА СТАЯЧАГА

БРЭСТЧЫНА

ЗДЗІЎЛЯЕ ЎСІХ, ХТО ПАБАЧЫЦЬ ЯЕ (Камянецкая вежа)

НА РАДЗІМЕ ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ (Косава)

ЯК СТВАРАЮЦЬ У БССР «КАЛІЗЕІ» (Ружаны)

«МАЦІ ТУЖЫЦЬ, СЯСТРА ПЛАЧА...» (Крошын)

ГАРАДОК СЯРЭБРАНЫХ ПРЫСТАНЕЙ I БЛАКІТНЫХ ГЛАДЫЁЛУСАЎ (Давыд-Гарадок)

МАГІЛ ЁЎШЧЫНА I ГОМЕЛЬШЧЫНА

ЧАМУ ПЛАКАЎ ЗМІТРОК БЯДУЛЯ (Магілёў)

НАВОШТА БЛЫТАЦЬ МСЦІСЛАЎ I СУЗДАЛЬ

«ЗАПАЛІЛІ СТАРЫ КРЫЧАЎ»

АДГРЫМЕЛІ ГАРМАТЫ БЫХАВА

ГОРАД КАМБАЙНАЎ I ЛЕБЕДЗЯЎ (Гомель)

ГІНЕ Ў БРУДЗЕ БЕЛАРУСКІ КІЦЕЖ (Жыткавічы)

Гербы гарадоў


Уводзіны

Ленін i помнікі культуры

Паклаўшы руку на сэрца, мусім шчыра прызнаць надзвычайны росквіт у БССР манументальнай скульптуры. Калісьці, за царскімі часамі, на вялікім абшары этнаграфічнай Беларусі ў адным толькі губернскім Менску, на ягонай Саборнай плошчы, туліўся ў скверы помнік імператару Аляксандру Другому. Цяпер жа ў БССР, што не абдымае сабой усяе этнаграфічнай Беларусі, налічваецца 312 помнікаў Леніну, нейкі час таму было прыблізна гэтулькі ж ix Сталіну, а да гэтага трэба дадаць дзясяткі два-тры помнікаў іхным бліжэйшым паплечнікам.

Сціплым ды мізэрным здаецца той помнік-бюст Аляксандру Другому, раўнуючы да пастаўленага на менскай Цэнтральнай плошчы ў 1951 годзе велічнага манумента Сталіну, над якім працавалі скульптары Заір Азгур (1908-1995), Андрэй Бембель (1905-1986), Аляксей Глебаў (1908-1968) i Сяргей Селіханаў (1917-1976) ды архітэктары Заборскі i Кароль.

А перад Домам Урада з 1933 года ўзвышаецца помнік Леніну, створаны скульптарам Манізэрам i архітэктарам Іосіфам Лангбардам (1882-1951). Велізарная 7-метровая бронзавая фігура на гранітным п'едэстале, як кажуць, арганічна ўпісаная ў архітэктуру плошчы Леніна й служыць ейным ідэйна-кампазіцыйным цэнтрам.

Калі менскі манумент Сталіну знік неўзабаве пасля вядомай прамовы Хрушчова на 22-м з'ездзе КПСС (кастрычнік 1961 г.), дык да знішчэння помніка Аляксандру Другому спрычыніўся яшчэ дэкрэт Саўнаркама РСФСР ад 12 красавіка 1918 года. Паводле гэтага дэкрэта, на працягу двух тыдняў, да 1 траўня, падлягалі разбурэнню па ўсёй краіне ты я помнікі царам ды іхным слугам, што не былі каштоўнымі з гістарычнага або мастацкага боку. I хоць менскі помнік Аляксандру Другому сапраўды не станавіў сабою асаблівай вартасці, a ў дадатак яшчэ зневажаў сабой беларускі народ, самаадданы сын якога Ігнат Грынявіцкі забіў гэтага цара, дык затое паслухмяныя выканальнікі ўрадавага загада, пазбаўленыя, апрача таго, усякага пачуцця i здольнасці да аналізу, паспелі адначасна разбурыць шмат выдатных помнікаў. У існасцІ гэты дэкрэт, адпаведны словам з «Інтэрнацыяналу» ў тым перакладзе, у якім ён тады спяваўся - «увесь зруйнуем да асновы свет гвалтоўніцтва», - стаўся i надалей адчыненымі варотамі для знішчэння ўсіх помнікаў мінулага. А тым больш, што тут навочны прыклад падаў сам Ленін.

Цяжка даць веры нават такому выдатнаму навукоўцу, як Мікалай Варонін (1904-1976), які ў сваёй кніжцы «Любите и охраняйте памятники древнерусского искусства», выдадзенай у 1960 годзе ў Маскве, піша:

«На вялікі жаль, канец 20-х i пачатак 30-х гг. прынеслі непапраўную шкоду справе аховы помнікаў культуры, чаму вінаватая славутая школа Пакроўскага з ейным нігілістычным стаўленнем да расейскае гісторыі».

Таксама, хоць у меншай ступені, ухіляецца ад праўды камсамольскі часопіс «Смена», які ў сваім № 5 ад 1965 года, між іншага, падчырквае, што да знішчэння помнікаў культуры спрычыніўся культ асобы. I ўсемагутны Іосіф Сталін, i дробны вульгарызатар Міхаіл Пакроўскі былі ў гэтай галіне толькі спадкаемцамі. Што гэта так, сцвярджае тая ж самая «Смена» ў сваім № 20 за кастрычнік 1967 года, прыгадваючы:

«Очень много неуклюжих и некрасивых памятников было в Кремле. Некоторые из них убрать к празднику не успели, и утром 1 мая, когда члены правительства шли через Кремль на Красную площадь, Владимира Ильича возмутили эти каменные идолы. - Не успел, рабочих рук не хватило, - ответил на замечание Ленина комендант Кремля Павел Дмитриевич Мальков. Владимир Ильич нашел эту причину несущественной. - Для такого важного дела рабочие руки найдутся хоть сейчас, - уверенно заметил он. - Как, товарищи? И сразу откликнулись все, кто стоял рядом. - Видите? А вы говорите - рабочих рук нет, - сказал Ленин. - А ну, пока есть время до демонстрации, несите веревки».

«Я мигом сбегал в комендатуру и принес веревки, - вспоминает Павел Дмитриевич. - Тогда Владимир Ильич ловко сделал петлю и набросил ее на памятник. Взялись за дело, и вскоре памятник был обмотан веревками со всех сторон. - А ну, разом! - усердно командовал Владимир Ильич. Он, Свердлов, Аванесов, другие члены ЦИК, Совнаркома и сотрудники государственного аппарата впряглись в веревки, налегли, дернули - памятник свалился на брусчатку.

- С глаз долой его, на мусорку! - приказал Владимир Ильич. Десятки рук подхватили веревки, и памятник загремел по брусчатке».

Прашу выбачыць за даўгую, але дакументальную i вычарпальную цытату, а да яе, дзеля дакладнасці, мушу дадаць, што гэтак пад кіраўніцтвам Леніна быў знішчаны помнік Аляксандру Другому, які, у супрацьлежнасць менскаму помніку яму ж, быў высокамастацкім i сугучным архітэктурнаму ансамблю Крамля. З трох бакоў статую абкружала цікавая галерэя (таксама пасля знішчаная), на столі якой былі каштоўныя мазаічныя партрэты дзяржаўных дзеячаў, пачынаючы ад Рурыка, а ад яе адкрываўся маляўнічы від на Замаскварэчча.

Пасля гэткага сведчання аўтарытэтнай крыніцы пра тое, як сапраўды ставіўся Ленін да помнікаў культуры, не трэба дзіву давацца, чаму i ў сталіцах i на перыферыі натхнёныя правадыром i ахопленыя рэвалюцыйным палам «таварышы мальковы» ўправіліся знішчыць безліч рэліквій старадаўніны. Аднак затое нас дзівіць, калі намеснік старшыні прэзідыума цэнтральнага савета Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі i культуры Барысевіч у артыкуле «З чаго пачынаецца радзіма...», змешчаным у газеце «Літаратура i мастацтва» ад 28 кастрычніка 1969 года, між іншага, піша: «Зараз, ідучы насустрач 100-годдзю з дня нараджэння У. I. Леніна, мы актыўна прапагандуем ленінскія ідэі аб выкарыстанні культурнай спадчыны».

А можа аднаго, кагадзе прыгаданага прыкладу, што датычыць да Масквы, яшчэ замала, дык дазвольце прывесці другі, які мае дачыненне да Беларусі і, дарэчы, адпавядае словам Ленiна з ягонай працы «Критические заметки по национальному вопросу»:

«Мы из каждой национальной культуры берем только ее демократические и социалистические элементы».

Сёлета ў № 4 «Полымя» змешчаныя ўспаміны колішняга старшыні Гомельскага губвыканкама Цімафея Каравікова «На ўсё жыццё», дзе ён прыгадвае пра сваю цікавую гутарку з Леніным у 1923 годзе. За гвалтоўнае зачыненне цэркваў Пётра Смідовіч, які загадваў тады пры ЦВК рэлігійнымі справамі, хацеў, пры падтрыманні з боку М. I. Калініна, аддаць Каравікова пад суд, але на абарону яго стаў Ленін. Калі Каравікоў сказаў: «Ды справа такая, Уладзімір Ільіч, што не было ў нашым горадзе клуба. A цэркваў i сінагог процьма. Вось мы i прыкрылі тры гэтыя самыя опіумы, пад клубы ix перарабілі», дык Ленін адказаў: «Гомельскую справу трэба санкцыянаваць, паколькі яна зробленая» i нават прыцягнуў да адказнасці Смідовіча за ягоны намер арыштаваць Каравікова. «Ехалі мы дадому акрыленыя», - канчае свае ўспаміны Каравікоў i даволі прачула дадае: «Па Леніне мы жывём, па Леніне звяраем свае думкі i пачуцці».

Што праўда, дык праўда. Пазней гэтыя «акрыленыя» ленінскімі словамі i ўчынкамі каравіковы знішчылі на Беларусі мноства каштоўных помнікаў культуры. I надзвычай паказальна, што ў 1935 годзе ў Полацку помнік Леніну паставілі на месцы наўмысна дзеля гэтага разбуранага абеліска ў гонар герояў вайны 1812 года.

Калі манументы ставіць не народ

Ад манументальнай скульптуры патрабуецца вялікі змест i выдатная форма, якім павінна адпавядаць навакольнае асяроддзе, забяспечваючы тым ёй найбольшую ўздзейнасць i выразістасць. А найперш у манументах мае знайсці адбітак гісторыя народа i таксама таго горада, дзе яны пастаўленыя.

Хто не ведае апяяны яшчэ Пушкіным помнік у Ленінградзе, на плошчы Дзекабрыстаў, створаны калісьці Фальканэтам? На помніку магутны коннік, уздыблены конь якога топча змяю. I, зірнуўшы цяпер на яго, адразу згадваюцца радкі з балады Вісарыёна Саянава «Гутарка з медным коннікам»:

Колико аз не спал ночей,

Дабы поставить град,

Да титул наш слепая чернь

Содрала з оных врат.

У Кіеве, на Уладзімірскай Горцы, высока ўздымае князь Уладзімір над Дняпром крыж, хоць даўно пагашаныя тыя лямпачкі на ім, што адзначвалі яго ў начной цемры. У Варшаве, у Лазенках, уздыбіў бронзавы Ян Сабескі каня над зрынутым туркам, нагадваючы аб сваёй перамозе ў 1683 годзе пад Венай, што выратавала тагачасную Еўропу. Упрыгожвае Прагу сымбаль незалежнасці краіны - помнік каралю Венцэславу, каля якога невыпадкова жывой паходняй, з болем угледжанай усім вольным светам, загінуў (у 1968 г.) патрыёт Ян Палах. І нават у Маскве, на Савецкай плошчы, на месцы разбуранага раней помніка генералу Скобелеву, у 1954 годзе пастаўлены помнік князю Юр'ю Даўгарукаму, які быццам заснаваў Маскву. Аднак не шукайце нацыянальных манументаў у нашай Беларусі, i можа найбольш характэрны ў гэтай смутнай галіне стары Віцебск.

Ужо ў першыя гады савецкай улады ў Віцебску былі пастаўленыя помнікі Карлу Марксу, Лібкнехту і... Пэсталёцы. Зусім зразумела, чаму матэрыялам для іхнай пабудовы паслужылі не бронза, медзь i граніт, а фанера, бляха i цэгла, але ўсё ж пэўна не бачыў ix A. Рабкін, калі ў сваёй нататцы «Сведчанне любові народнай», змешчанай у № 6 «Беларусі» за 1967 год, сумуе: «На жаль, гэтыя помнікі не захаваліся».

Тым часам у гэных антымастацкіх творах знайшло поўны адбітак панаванне скрайніх фармалістычных плыняў, на чале якіх стаялі тут Марк Шагал з Казімірам Малевічам. I, дарэчы, дагэтуль застаецца таямніцай, чаму, хай сабе i славуты, швейцарскі педагог XVIII ст. Ёган Пэсталёцы заслужыўся на помнік якраз у Віцебску. Здзіўляе таксама A. Рабкін, кал i далей спрабуе запэўніць чытачоў, быццам тутэйшы помнік Леніну, адкрыты ў 1930 годзе, «упрыгожваў цэнтральную частку гораду».

Ягоныя аўтары, ленінградскія скульптары Будзілаў i Таўрыт, наважылі перадаць велічнасць зместу праз манументальнасць формы, a ў выніку выйшла нешта падобнае да гогалеўскага Сабакевіча, што ў дадатак, неяк бокам пасунуўшыся ўсім масіўным тулавам наперад, працягвала дагары скрыўленую ў локці руку з растапыранымі i скурчанымі пальцамі. У мяне дагэтуль перахаваўся акт камісіі Кіраўніцтва ў справах мастацтваў пры Саўнаркаме БССР, што аглядала ў 1939 годзе гэты помнік, дзе адзначана:

«Скульптура ca схематычна трактаванымі формамі, выкананымі нязграбна, без захавання прапорцый чалавечага цела, i таму прапануем тэрмінова замяніць яе, бо яна прафануе вобраз Леніна».

А. Рабкін чамусьці не згадвае ў сваёй нататцы пра тыя помнікі, пра якія Г. Нікіцін у кніжцы «Віцебск», выдадзенай у 1959 годзе, піша:

«Помнік слаўнаму сыну ўкраінскага народа Багдану Хмяльніцкаму ўстаноўлены ў скверы, які носіць яго імя, а на вуліцы Суворава красуецца бюст вядомага палкаводца».

Магчыма, сваёй формаю гэтыя помнікі належаць да звычайнай штампаванай вытворчасці, але нас найбольш цікавіць іхная выпадковасць тут, бо Віцебск, як i ўся Беларусь, не мае да Хмяльніцкага i Суворава аніякага дачынення.

У 1954 годзе ў СССР урачыста адзначалася 300-годдзе далучэння за часамі гетмана Хмяльніцкага Украіны да Масквы. З гэтай прычыны горад Пераяслаў быў перайменаваны ў Пераяслаў-Хмяльніцкі, a Праскураў у проста Хмяльніцкі. Адначасна з'явілася безліч вуліц, калгасаў i прадпрыемстваў імя Хмяльніцкага, a ў Віцебску гарсавет нават пастанавіў паставіць яму помнік. Але ж наколькі Багдан Хмяльніцкі сапраўды быў «слаўным сынам» свайго народа, вычарпальна засведчыў найбольшы аўтарытэт гэтага самага народа Тарас Шаўчэнка ў сваёй узрушальнай «Раскапанай магіле»:

О, Богдане,

Неразумны сыну,

Паглядзі цяпер на матку,

На сваю Украіну.

А потым сама Украіна яму там жа кажа:

Ой, Богдане, Багданочку!

Каб ведала, каб знала,

У калысцы б задушыла,

Пад сэрцам прыспала!

Расейцам ёсць за што шанаваць Суворава, які шмат чым спрычыніўся да ўзмацнення Расейскай імперыі, але ў беларусаў, як i ў іншых паняволеных народаў той самай імперыі, няма да яго аніякага пачуцця, апрача агіды. I з шмат якіх падобных прыкладаў згадваецца, што 4 лістапада 1794 года толькі на вуліцах Варшаўскага прадмесця Прагі загінула 20 тысяч людзей, прычым, апрача мужчынаў, паміж ix былі старыя i калекі, жанчыны i дзеці. Сведка гэтай Пражскай разні Ф. Нуфэр апавядаў:

«Сувораў дазволіў сваім салдатам тры дні пагуляць, i тыя літаральна купаліся ў крыві жыхароў. Трупы замардаваных былі голыя, але тут i там дрыжэлі пад імі яшчэ жывая рука або вьшягнутая аголеная нага».

Вестка аб Пражскай лютасці выклікала тады вялікае абурэнне ва ўсіх цывілізаваных народаў. I трапна зазначыў пазней Байран: «Сувораў любіў кроў, як ангельскі гарадскі дараднік - шпік».

Мае рацыю намеснік Міністра культуры БССР А. Ваніцкі, калі свой артыкул «Захаваць у памяці», змешчаны ў «Звяздзе» ад 19 жніўня 1969 года, пачынае сказам: «У Беларусі ёсць шмат векапомных мясцін», i таму далей ён урачыста абяцае ў бетоне i камяні замацаваць ейную гісторыю для наступных пакаленняў. Тым жа часам цяпер будуецца толькі помнік Якубу Коласу ў Менску. Мяркуецца бліжэйшымі гадамі паставіць там жа помнікі Янку Купалу i Максіму Багдановічу, a ў Полацку Францішку Скарыну. Ці не замала гэтага супраць тых іншых незлічоных помнікаў, у якіх не знайшла адбітку нашая нацыянальная апрычонасць?

Каб манументы ставіў сам народ, дык не толькі пераважна ў сталічным Менску, але па ўсёй краіне ўзвышаліся б на пастаментах слаўны князь Усяслаў Чарадзей, Рагнеда-Гарыслава з мячом i Еўфрасіння-Прадслава з крыжам, Кірыла Тураўскі, Вітаўт, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі, Ігнат Грынявецкі, Паўлюк Багрым, Францішак Багушэвіч, Цётка, Алесь Гарун, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля i шмат іншых, імёны якіх беспараўнальна бліжэйшыя ўсім беларусам, чымся імя ўдзельніка Другой сусветнай вайны генерала Даватара, якому кагадзе адзначаны намеснік міністра плануе неўзабаве паставіць помнік у тым жа музейным для выпадковай манументальнай скульптуры Віцебску. Не падлягае сумненню, што заслугоўваюць на ўшанаванне змагары гэтай вайны, але помнікі ім не мусяць засланяць сабой усю папярэднюю тысячагадовую гісторыю Беларусі.

Святыя камяні Еўропы

Сёлета спецыяльны карэспандэнт «Чырвонай змены» Г. Клябанаў адмыслова пазнаёміўся з тымі помнікамі старадаўніны, што знаходзяцца ў гарадах наўсцяж сучаснай Маскоўскай акружной дарогі. У выніку гэтага азнаямлення ў «Чырвонай змене» ад 9 ліпеня з'явіўся ўзнёслы артыкул «Там рускі дух, там Руссю пахне», дзе, між іншага, аб «Залатой браме ва Уладзіміры на Клязьме» ён піша:

«Тут дружына князя Уладзіміра Чырвонае Сонейка, памаліўшыся ў невялічкай царкве над Брамай, сыпала на галовы ворагаў-супастатаў град стрэл i каменняў».

Тым часам, горад Уладзімір заснаваў унук Уладзіміра Чырвонае Сонейка i Рагнеды Уладзімір Манамах, які памёр на 39 год раней за пабудову там ягоным унукам Андрэем Багадюбскім Залатой Брамы. Гэта істотная памылка ўсё ж блякне перад высноваю аўтара, што беларусам трэба браць прыклад з расейцаў, як ахоўваць помнікі культуры, i хоць у тых гарадах, якія Г. Клябанаў наведаў, значная колькасць помнікаў знішчаная, але, відаць, ён наўмысна абагнуў Маскву, бо ў гэтым знішчэнні ёй належыць першае месца.

Без малага 10 год я адпрацаваў звычайным работнікам на заводах Рагожска-Сіманаўскага раёна Масквы, а таму на свае вочы бачыў, як у канцы 20-х i асабліва ў 30-х гг. бязлітасна разбураліся ейныя помнікі культуры, што выклікала тады абурэнне не толькі інтэлігентаў, але і старых сталявараў «Гужона» i ткалляў «Трохгоркі». Гэтае знішчэнне пасягнула i сціплую крамлёўскую царкоўку Спаса на Бары, што была самай старадаўняй царквой Масквы, i велічны помнік змагарам вайны 1812 г. - храм Хрыста Спаса з цудоўным насценным роспісам Сурыкава i Крамскога, i Сіманаў манастыр з магіламі Аксакава, Перасвета i Аслябы, i барокавую царкву Мікола Вялікі Крыж, i ўзор ампіру - царкву Барыса i Глеба, i сабор Зачацьеўскага манастыра, пабудаваны ў неагатыцкім стылі, а наогул, з 248 маскоўскіх цэркваў дагэтуль дашчэнту разбураныя 143. Апрача таго, у ёй знішчаныя дамы, што мелі дачыненне да жыцця Фанвізіна, Пушкіна, Лермантава, Крылова, Адама Міцкевіча, Бялінскага, Герцэна i шмат іншых вядомых культурных дзеячаў.

Уздымалася таксама пытанне пра разбурэнне, зняважліва празванага Маякоўскім «Васькам», унікальнага храма Васіля Блажэннага, бо ён, бач, не пасуе да суседняга яму маўзалея Леніна, а да таго ж быццам бы перашкаджае святочным парадам на Чырвонай плошчы. Не ўніклі паругання нават касцякі памерлых, i калі з могільніка разбуранага Данілавага манастыра пераносілі на могільнік Новадзявочага манастыра астанкі Гогаля, дык згубілі чэрап.

Магчыма, хто скажа, што я, як палітычны эмігрант, свядома згушчаю фарбы, а таму спашлюся найперш на кніжку Ільі Эрэнбурга «Людзі, гады, жыццё» (6 частак; 1961-65 гг.), дзе ён сведчыць:

«Можна было бачыць, як руйнавалі ў Маскве помнікі старадаўніны: Кітай-горад, Сухараву вежу, Чырвоную браму. Знішчылі зялёнае кальцо Зубаўскага, Смаленскага, Навінскага бульвараў з векавымі дрэвамі».

Пісьменнік Уладзімір Салаухін (1924- 1997) у артыкуле «Чорныя дошкі», змешчаным летась у часопісе «Масква», сцвярджае, што прыклад сталіцы адразу перакінуўся на правінцыю, i піша:

«Калі я паехаў на Уладзіміршчыну, каб пазнаёміцца са старадаўнімі цэрквамі, дык пераканаўся, што бадай усе яны пераробленыя пад склады i клубы або разабраныя на цэглу. Абразамі пятнаццатага, трынаццатага стагоддзяў пакрываюцца кадушкі з гуркамі, з ix збітыя кармушкі для жывёлы, скрыні на бульбу».

У вядомым сёння ўсяму свету (за выняткам СССР) рамане Аляксандра Салжаніцына «У крузе першым» ёсць раздзел «Царква Іаана Прадцечы». Каля гэтай царквы, надзвычай прыгожай, пачалося такое ж прыгожае каханне Антона Яканава i Агніі. Першы не даваў веры другой, што гэтая архітэктурная прыгажосць засуджаная на знішчэнне, але тая мела рацыю, i за месяц Яканаў з болем пабачыў крушні маскоўскай царквы Іаана Прадцечы. Святлана Алілуева ў апошняй сваёй кніжцы «Толькі адзін год» у словах «...змялі з твару зямлі Чудаў манастыр i Чырвоны ганак у Крамлі, храм Хрыста Спаса, Сухараву вежу, Іверскую браму з капліцай» канкрэтызуе тое, што яшчэ ў першай сваёй кніжцы «Дваццаць лістоў да сябры» сцвердзіла агульна:

«Нідзе рэвалюцыя не знішчыла столькі карыснага, яку Расеі; i цяпер, калі ўвесь час гаворым аб расейскіх айчынных традыцыях, гэта толькі словы i словы».

I дазвольце мне цяпер ад тых напышлівых, але разам з тым пустапарожных слоў, што мае наўвазе Святлана Алілуева, перайсці да той жыццёвай практыкі, якая ix не патрабуе. Спадзяюся, што для вас будзе аўтарытэтным сведчанне Ф. Петрашэвіча, які ў леташнім 7-м нумары «Беларусі», у артыкуле «Юнацтва Тысячагадовай краіны», піша пра сучасную Варшаву:

«Замчышча са старажытнымі абарончымі мурамі, рынак i вузкія вулачкі ды завулкі са старымі камянічкамі, старадаўнія касцёлы i палацы - сумесь барока, готыкі, рэнесансу i класіцызму. Гэтага ж не было! Адкуль я но ўзялося? Тут жа ўсё было зруйнавана? - i крыху далей дадае: - I такое назіраецца ўсюды, дзе мне давялося пабываць у Польшчы. У гэтай краіне з вялікай пашанай ставяцца да помнікаў даўніны».

Заслугоўвае таксама на давер захапленне Генадзя Сакалова ў «Чырвонай змене», калі ў артыкуле «Ахове помнікаў - сілу закона» ён піша: «У Ліцве вельмі любяць i паважаюць сваю мінуўшчыну, сваю культуру, сваіх герояў», i, як довад на гэта, прыводзіць аднаўленне з руін, не зважаючы на забарону Мікіты Хрушчова, замка ў Троках. Навуковы супрацоўнік Акадэміі навук БССР Валянціна Нікіціна ў сваім інтэрв'ю, надрукаваным у леташнім снежні ў газеце «Літаратура i мастацтва», кажа:

«У Каўнасе запаведнікам аб'яўлены ўвесь стары горад, плошчай 120 гектараў, аднаўляюцца ранейшыя назвы вуліц» - i з шчырым жалем дадае: «Калі я параўнала, колькі ў нас было безвыніковага шуму з-за нейкіх пяцёх гектараў старой Нямгі, было няпрыемна за нашую абыякавасць да архітэктурных помнікаў Менска».

Валянціна Нікіціна, прыгадаўшы яшчэ, што ў 18 старадаўніх гарадах Лацвійскай ССР, якія найбольш гістарычна склаліся, нельга нічога будаваць безузгаднення з Міністэрствам культуры, а для ўсіх помнікаў архітэктуры, узятых пад ахову, установлены строгі рэжым утрымання аж да тэмпературы i вогкасці, канчае сваё інтэрв'ю заявай: «Так, вучыцца ў суседзяў нам трэба i ўлічваць ix вопыт».

Пэўна ж Валянціна Нікіціна мае на ўвазе заходніх суседзяў, бо, толькі кіруючыся «вопытам» Масквы, была ў снежні 1961 года шар-бабай разбураная адна з найбольшых святыняў нашага народа - Віцебская, без малага тысячагадовая, царква Дабравешчання.

Гонар усяго чалавецтва, беларус паводле свайго паходжання, Фёдар Дастаеўскі заклікаў расейцаў шанаваць i любіць святыя камяні Еўропы, але, відаць, не дайшоў да пераважнай бальшыні з іх ягоны і ўхваляваны заклік.

Ці не апошні з апошніх?

Паводле тлумачальнага слоўніка камень - гэта ўсяго толькі цвёрдая горная парода ў кавалках або суцэльнай масай. У штодзённай гаворцы сустракаюцца крылатыя выразы пра камяні спатыкання i камяні на душы, краявугольныя i спробныя ды іншыя, аж да таго з ix, на які натрапіла каса.

Вядомы таксама i філасофскі сярэднявечны камень алхімікаў, што адшукваўся імі, каб звярнуць маладосць, як i той, які карынфскі цар Сізыф з чароўнай «Адысеі» Гамэра мусіў ускочваць у Аідзе на rapy, але той, дасягнуўшы вяршаліны, ізноў скочваўся далоў. I, нарэшне, у Евангеллі ад Лукі чытаем: «I адказваючы ім, Ён сказаў: кажу вам, што кал i яны замоўкнуць, дык каменні закрычаць». Вось на тыя святарныя камяні, што крычэлі i крычаць, дазвольце звярнуць вашую ўвагу.

За часамі ледавіковай эпохі прастору сучаснай Беларусі тройчы зацягала ледзяное покрыва да аднаго кіламетра ўгрубкі. Ледавік разбурыў горы ў Фінляндыі i рэшткі ix прыцягнуў на сваім хрыбце сюды. I калі з прычыны змены клімату ледавік пачаў паступова раставаць, адступаючы на поўнач, з ягонага прадзіраўленага сонцам шлейфу павывальваліся валуны. Таму значна пазней нашыя прашчуры апынуліся не толькі паміж дрымотных пушчаў i непраходных балатоў, але i паміж камянёў. I яны надзялілі ix чарадзейнай сілай. Камяні сталіся для ix святымі. Гэтак, у пячоры на беразе возера Мядзела быў камень з высечаным сымбалем багіні Вялёны, што складаўся з круга i роўнаканцовага крыжа, які быў прыпамінам пра найвялікшы тагачасны вынахад людзей, бо церцем дзвюх скрыжаваных палачак яны здабылі з ласкі Божай агонь. Яшчэ пазней на шмат з якіх валунах з'явіліся крыжы i надпісы. Гэтыя нашыя першыя эпіграфічныя помнікі сведчылі таксама i пра глыбокую веру ў Бога, i пра вялікую любасць да сваёй краіны, стаўшыся такім парадкам нацыянальнымі святынямі. Здавалася б, што яны, як унікальныя гістарычныя скарбы, заслугоўваюць на пашану i ахову, але зусім інакш паставілася да Іх савецкая рэчаіснасць.

На ўскраіне вёскі Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ляжаў адвеку велізарны валун. На ім, вакол крыжа Святой Еўфрасінні-Прадславы, быў надпіс: «Господи, помози рабу своему Борису» - высечаны на загад полацкага князя Барыса ў першай палавіне XII ст. Шанаваны і дагляданы вакольным жыхарствам, ен праляжаў да 14 ліпеня 1937 года, калі яго падарвалі будаўнікі аўтамагістралі Масква - Менск. У верасні 1939 года навуковая экспедыцыя па ахове помнікаў гісторыі i мастацтва, на чале якое мне давялося стаяць, знайшла тут, на плошчы 10 квадратных метраў, 41 вялікі i мноства дробных кавалкаў. Гэта ўсё, што засталося ад тутэйшага Барысавага каменя.

На Віцебшчыне, паблізу вёскі Дзятлава Аршанскага раёна, быў валун з крыжом i надпісам: «В лето 6679 (1171) маія в 7 день доспен крест сій: Господи, помози рабу своему Василию в крещении, именем Рогволоду, сыну Борисову». Тэты надпіс быў зроблены на загад князя Рагвалода, стрыечнага брата Еўфрасінні-Прадславы, сына таго самага князя, што пакінуў нам Барысавы камяні. Аднак на працягу i папярэдняга тысячагоддзя гэты валун быў, як сцвярджаюпь навуковыя даследнікі i народныя паданні, дольманам - святым каменем для крывіцкіх папярэднікаў. I цяжка нават пералічыць усю тую літаратуру, дзе ён згадваўся. Яго падарвалі 10 ліпеня 1939 года для пабудовы той жа самай магістралі. Кагадзе згаданая экспедыцыя пабачыла на плошчы ў 40 квадратовых метраў 28 аскепкаў, з якіх на 12 былі рэшткі крыжа i надпісу.

За восем кіламетраў ад Полацка, каля вёскі Падкасцельцы Экіманскага сельсавета, таксама ляжаў у вадзе велічэзны Барысаў камень з крыжом i надпісам. На дзіва нашай экспедыцыі, ён нейкім цудам ацалеў. Пэўна ж, не таму, што ён быў манументальным сведкам гісторыі Беларусі, як i не таму, што падобна да Рагвалодавага каменя, згадваўся ў шмат якіх навуковых працах, як айчынных, гэтак i замежных, а вылучна з той прычыны, што паблізу яго яшчэ не было тады будаўніцтва. Але ж i гэты Барысаў камень у рэшце рэшт пасягнуў сумны лес іншых.

У 1958 годзе за 12 кіламетраў ад Полацка, на левым беразе Дзвіны, нарадзіўся горад Наваполацк, які цяпер ужо налічвае каля 20 тысяч жыхароў, i ягоныя гмахі, быццам белы воблак над гарызонтам, відаць з полацкай Замкавай гары. Ягоным пачаткам сталіся магутныя нафтаперапрацоўны завод i хімкамбінат. I ў нумары газеты «Голас Радзімы» яшчэ за снежань 1962 года, прысвечаным іхнай пабудове, змешчаны вычарпальны верш Валянціна Лукшы «Барысаў камень». Пачынаючы гэты свой твор пагардлівым зазначэннем:

Там, дзе крэкчучы продкі рыжыя

Закладалі каменні ў Наддзвінні,

- гэты Лукша потым у тым жа зняважлівым плане пераходзіць беспасярэдня да тутэйшага Барысавага каменя:

А з Дзвіны пашчу чорную высунуў

Чорны камень у пляме імхоў.

I далей:

Ён стаяў, як глухі ў лесе,

Ускалмачаны, зеленаваты.

Даруйце за цытаты, якія, магчыма, абражаюць i вашыя нацыянальныя пачуцці, але ў Лукшы, як i да яго падобных, не здрыгнуліся рукі, калі яны спярша:

...у кішэні з сабой захапілі

У кулак кавалак граніту

а тады:

Мы асколак з холодным бетонам

У падмурак першым заклалі.

І, на жаль, Валянцін Лукша не разумее, што падарваны Барысаў камень быў, як выдатны помнік культуры, хоць i далёкім у часе, але натуральным папярэднікам i 45-метровых увышкі тэхналагічных калон атмасферна-вакуумнай трубчаткі нафтаперапрацоўнага завода, як i падобных да касмічных ракет калон газападзелавай устаноўкі хімкамбіната. Да наваполацкай вытворчасці, гэтак патрэбнай сучасным людзям, спрычыніўся i той невядомы геніяльны вынаходнік, помнікам якому стаўся камень Вялёны з пячоры на беразе возера Мядзела.

Калі думаеш пра ўсе бязлітасна знішчаныя святыя камяні Беларусі, прыгадваюцца словы Івана Карамазава з «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага:

«Я хачу ў Еўропу з'ездзіць, Алёша... Дарагія там ляжаць нябожчыкі, кожны камень над імі апавяшчае аб такім кіпучым мінулым жыцці, аб такой палкай веры ў свой гарачы ўчынак, у сваю ісціну, у сваё змаганне i ў сваю навуку, што я загадзя ведаю, упаду на зямлю i буду цалаваць гэтыя камяні, i плакаць над імі».

А можа для Лукшы, як i для тых, чыім рупарам ён выступае, імя беларуса сваім паходжаннем Дастаеўскага нічога асаблівага не гаворыць, дык затое без сумлеву абавязковы аўтарытэт для ix газеты «Праўда», у нумары якой ад 4 кастрычніка 1947 года, у артыкуле «Голас пісьменніка» Ілья Эрэнбург пісаў:

«Я хачу паўтарыць словы аб святарных камянях Еўропы; гэтыя камяні не толькі ў Рыме, у Парыжы, у Лондане, у Празе, яны таксама ў Кіеве, у Ноўгарадзе, у Маскве...»


Частка 1. ВІЦЕБШЧЫНА

«КАМЯНІ СВЯТЫНІ PACKIДАНЫ ПА ЎСІХ РАЗДАРОЖЖАХ»

Бадай, мелі рацыю аўтары кніжкі «Гарады й сёлы Беларускай ССР», выдадзенай у 1959 годзе ў Менску, калi на ейнай 135-й старонцы адзначылі:

«Паблізу сяла Лісуны да Айчыннай вайны захоўваўся цікавы гістарычны помнік - Рагвалодаў камень».

Сапраўды, быў гэткі, але, першае, не каля Лісуноў, а, другое, не нацысты спрычыніліся да ягонага знікнення. Здзіўляе таксама памылка ў манаграфіі Леаніда Аляксеева «Полоцкая земля» (Масква, 1966 г.), дзе зусім слушна на 231-й старонцы падаецца, што гэты камень быў падарваны для пабудовы магістралі Масква - Менск, але толькі не ў 1830-х гадах, як дадаецца далей. Тут разбежнасць з праўдай на 100 год. Не, не царскімі часамі ён быў знішчаны.

Яшчэ ледавік прыцягнуў i пакінуў паміж пазней паўсталымі гарадамі Друцкам i Оршай вялізны валун, што стаўся для беларусаў нацыянальнай святыняй i належаў да тых «святых камянёў Еўропы», пра якіх з цеплынёй прыгадаў беларус паводле свайго паходжання Фёдар Дастаеўскі ў сваім «Дзённіку пісьменніка». Валун гэты ўяўляў з сябе чырванаватага, бы набраклага крывёю прашчураў, колеру глыбу вагой каля чатырох тысяч пудоў, удаўжкі ў 10 з чвэрткай, a ўшыркі 8 з палавінай футаў.

I ён здавён-даўна прыцягнуў да сябе ўвагу тутэйшых жыхароў, якія з цягам часу прысвяцілі яму безліч сваіх паданняў.

Спачатку гэты камень, як святыню, ушаноўвалі пагане. Гэтак першы ягоны даследнік рэктар Аршанскай езуіцкай калегіі Дэзыдэрна Рышардо пісаў аб ім у 1818 годзе графу Румянцаву: «Надмагільны камень устаноўлены на чатырох слупах, а шмат якіх дзядоў помніць, што раней пад ім можна было праходзіць». У тым жа 1818 годзе аб камені адначасна згадваюць i Мікалай Карамзін у другім томе «Истории государства Российского», i Цімафей Мальгін у «Зерцале Российских Государей». У сваёй пераважнай бальшыні навукоўцы прыйшлі да высновы, што калісьці камень гэты, тады яшчэ безназоўны, быў дальменам - святыняй, якая сягае аж бронзавага веку.

Аднак сваё імя святы спрадвеку i дагэтуль камень дастаў тады, калі на ягоным плоскім баку высеклі шасціканцовы крыж i надпіс славянскімі літарамі:

«В лето 6679 (1171) месяца мая в 7 день доспен крест сий: Господи, помози рабу своему Василию в крешении Рогвольду Борисову».

Князь Рагвалод, чыё імя, на ягоны загад, з'явілася на камені, даводзіўся ўнукам Усяславу Чарадзею, сынам Барысу, які таксама пакінуў па сабе вядомыя Барысавы камяні, i стрыечным братам святой Еўфрасінні-Прадславы. У 1151 годзе ён быў скінуты з полацкага князёўскага пасаду, а на ягонае месца быў пасаджаны менскі князь Расціслаў Глебавіч. У 1158 годзе Рагвалод з дапамогай прыхільнай да яго часткі палачан звярнуў сабе Полацк, але пасля няўдалага паходу ў 1159-1160 гг. на Менск зноў пазбавіўся яго i стаўся князем у Друцку. За тымі часамі на ўсходняй мяжы Друцкага княства ён i паставіў гэты помнік.

Ад таго часу камень вядомы ў шмат якіх крыніцах як Рагвалодаў, але ў народзе яго яшчэ часта звалі Барысаўскі, Барысаглебскі, Аршанскі, а з часам проста агульным назовам для ўсіх камянёў з надпісамі - Пісаннікам. I па-ранейшаму камень ушаноўваўся як святыня. У 1807 годзе аршанскі ландвойт разам са святаром Галашэўскай парафіі пабудаваў над ім драўляную Барысаглебскую царкву. Яе ў 1812 годзе разбурылі французы, але ў 1830-х гадах яе зноў адбудавалі. Прычым усярэдзіне Барысаглебскай царквы былi сходы да каменя, i асабліва ўрачыстая Божая Служба з памінаннем раба Божага Рагвалода ў ёй адпраўлялася 7 траўня - у той самы дзень, калі сем стагоддзяў таму на ім з'явіўся крыж з надпісам.

Аднак, калі ў 1939 годзе мне давялося прыехаць да Рагвалодавага каменя, дык з жалем мусіў я скласці дакумент, чарнавік якога ў мяне захаваўся дагэтуль. Ён кароткі i досыць пераканальны, а таму падаю яго цалкам.

«Дэфектны акт да пашпарту помніка Рагвалодаў камень, паблізу вёскі Дзятлава Тумінецкага сельсавета Аршанскага раёна Віцебскай вобласді (калгас «Чырвоны мэліяратар»). Складзены на падставе сведчання члена Тумінецкага сельсавета, жыхара вёскі Дзятлава, грамадзяніна Палагоўскага Рамана Мікалаевіча i даследавання экспедыцыі па ўліку помнікаў рэвалюцыі, гісторыі i мастацтва.

Помнік гісторыі Рагвалодаў камень быў падарваны 10 чэрвеня 1936 года падрыўнікамі, што нарыхтавалі камень для пабудовы аўтамагістралі Масква - Менск. Па сваіх тэхнічных якасцях (крохкі) ён яўна не надаваўся да будаўніцтва i быў падарваны вылучна дзеля свавольства: - Паглядзім, як святое паляціць у паветра, - заўважыў адзін з падрыўнікоў.

На плошчы ў 40 квадратовых метраў цяпер ляжыць 28 буйных i дробных аскепкаў, з якіх на 12 можна заўважыць сляды крыжа i надпісу. Магчыма, што іхныя рэшткі ёсць i на 16 іншых, на тым баку, што ляжыць да зямлі. Экспедыцыя прапануе без адкладу абвясціць месца, дзе ляжаць аскепкі дзяржаўным заказнікам, адначасна склеіць ix магнезітам i пабудаваць над узятым пад дзяржаўную ахову камянем будынак-музей».

Ад Рамана Палагоўскага мы даведаліся, што паруганую Барысаглебскую царкву, якая ахоўвала камень ад дажджу i снегу, перавезлі адсюль да калгаса, дзе прыстасавалі пад клуб. А таксама пачулі ад яго адно з тутэйшых паданняў, якое далучылі да пашпарту як фальклорны запіс:

«Маім дзядам расказвалі іхныя дзяды, што камень раней меў галаву i стаяў на чатырох нагах, высока стаяў - нават авечкі падлазілі пад яго. Потым ён пад свае ногі пачаў паступова правальвацца, i толькі галава ад яго засталася. Тую галаву млынар з сяла Руднікі Цімох Матусевіч скарыстаў пад жорны. Аднак за які тыдзень тыя жорны не толькі самі змалоліся ў пясок, але i змалолі млынара ды ўсю ягоную сям'ю. Не дазволіў Бог, казалі дзяды, здзеку над сваім камянем ды, аднавіўшы яго, звярнуў на ягонае колішняе месца. Ну, а цяпер падрыўнік змяшаў у кучу i галаву i ногі. Вышэй лесу ляцела каменне».

Так загінула найвыдатная святыня беларускага народа, пакінуўшы па сабе след i ў шмат якіх навуковых працах i ў незлічоных народных паданнях. I наўдачу ці разумеюць тамтэйшыя падрыўнікі, што ўся магістраль Масква - Менск каштуе менш за Рагвалодаў камень. I няўжо ніколі не дойдзе да іхных душ плач натхнёнага прарока Ераміі над крушнямі Ерусаліма:

«Як сацмела золата найлепшае.

Камяні святыні раскіданы па ўсіх раздарожжах».

АБ ЧЫМ КРЫЧАЛІ КАМЯНІ

З артыкула П. Місько «Слядамі гісторыі», змешчанага ў «Літаратуры i мастацтве» ад 28 лістапада 1967 года, мы даведаліся пра цікавую гутарку, што адбылася ў Дзяржаўным музеі БССР паміж двума ягонымі наведвальнікамі перад фотаздымкам Барысавага каменя.

- Вось бы прывезці яго з Дзвіны ў Менск! Цэлае паломніцтва было б да гэтага каменя.

- Не так легка, больш за пяцьдзясят тон важыць.

- Гэта для сучаснай тэхнікі цяжка? Вунь у Асуане, у Егіпце, тысячатонныя сфінксы i піраміды пераносяць на другое месца, каб вада не затапіла.

Не ведаюдь, відаць, мінчане аб тым, што калі стандартную грэблю ў Асуане пабудавалі сваімі тэхнікай i коштам вылучна Саветы, дык пераважна амерыканцы выратавалі ад вады падпёртага грэбляй Ніла цудоўны храм Асірыса, пабудаваны 3200 год таму фараонам Рамзэсам II i ягонай прывабнай жонкай Нэфэртары. Як i не здагадваюцца жыхары беларускай сталіцы таксама аб тым, што іхныя родныя святыя Барысавы камяні захаваліся цяпер толькі на фотаздымках.

На Віцебшчыне паблізу мястэчка Талачын, над прыгожай рэчкай Усвіж Буг, знаходзіцца старажытная вёска Высокі Гарадзец. На ейнай ускраіне адвеку ляжаў вялізны, квадратовай формы, чырванаватага колеру валун, прыцягнуты сюды яшчэ ледавіком. Наш беларускі народ, які стварыў мноства паданняў, любоўна надаў гэтаму каменю назоў Сцяпан, або Кравец.

«Калісьці, за даўнія часы, - так распачыналі паданне дзяды, - Сцяпан валодаў цудоўнай сілай. Досыць было толькі ўвечары прынесці да яго скроеную тканіну ды ветліва папрасіць:

Сцяпан, пашый мне жупан, - як раніцай на паверхні каменя ляжала добра пашытая вопратка. Доўгі час абшываў Сцяпан тутэйшых сялян, дастаўшы ад ix яшчэ назоў - Кравец, аж пакуль адна недарэчная кабета не адважылася пажартаваць з яго. Яна прынесла абы-як скроеную тканіну i па-грубіянску загадала:

- Сцяпан, пашый мне ні тое, ні сёе.

Назаўтра яна пабачыла, што ейная просьба паслухмяна выкананая, ды рукавы вопраткі прышытыя зусім не там, дзе трэба. Аднак пасля гэтага пакрыўджаны Сцяпан назаўсёды кінуў шыць».

У пачатку 90-х гадоў XIX стагоддзя ў Высокі Гарадзец прыехаў слаўны беларускі навуковец Еўдакім Раманаў (1855-1922). Запісваючы фальклор, ён, зразумела, зацікавіўся самым каменем, вакол якога народ ствараў паданні. Прыглядаючыся да яго, нечакана для самога сябе, Раманаў заўважыў на ім ледзь прыкметныя літары, пакрытыя сівым мохам часу. Пасля маруднай, але ўдзячнай працы, ён убачыў высечаны на камені шасціканцовы крыж, а вакол яго надпіс: «Господи, помози рабу свойму Борису».

I яму адразу зрабілася зразумелым, чаму народ, ужо забыўшыся нават пра гістарычнае мінулае славутага каменя, усё ж не згубіў зацікаўленасць да яго.

...Цяжка даводзілася палачанам за часы іхнага князя Барыса - сына князя Усяслава Чарадзея i дзядзькі Святой Еўфрасінні-Прадславы, - што князяваў ад 1101 па 1128 год. У зацятых баях, з мячамі ў руках, стрымлівалі яны націск ворагаў. Са звычайнай беларусам пабожнасцю князь Барыс звярнуўся з просьбай аб дапамозе да Бога, загадаўшы высечы на найбольш вялікіх камянях краіны крыжы i літары.

Беглі гады, праходзілі стагоддзі. У 1898 годзе над каменем пабудавалі капліцу, каб ушанаваць памяць князя Барыса i захаваць ягоны крыж ад кліматычных уплываў. Да каменя часта прыязджалі навукоўцы i пісалі аб ім адмысловыя працы. Характэрна, што, паводле нават павярхоўнага падліку, ён згадваецца ў 20 з чымсьці навуковых крыніцах.

За савецкія часы спачатку знікла капліца, потым спынілі свае падарожжы да каменя навуковыя пілігрымы. А калі ў верасні 1939 года мне давялося прыехаць у Высокі Гарадзец, каб даследаваць сучаснае становішча Барысавага каменя, дык з жалем даведаўся, што 14 ліпеня 1937 года яго падарвалі для будовы аўтамагістралі Масква - Менск. На плошчы ў 10 квадратовых метраў ляжалі вакол варонкі 41 вялікі i мноства дробных кавалкаў. Гэта ўсё, што засталося ад Барысавага каменя. I тую ж прычыну ягонага знікнення з сумам пацвердзіў у 1966 годзе навуковец Леанід Аляксееў на 231-й старонцы сваёй манаграфіІ «Полоцкая земля».

Наўдачу ці хто ведае, што менавіта ў гэтым Высокім Гарадцы з Барысавым каменем нарадзіўся ў 1901 годзе выдатны беларускі пісьменнік Міхась Зарэцкі. Хто не помніць ягоныя кніжкі апавяданняў «Пела вясна», «Пад сонцам» ды іншых, хто не чытаў раманаў «Сцежкі-дарожкі» i «Вязьмо»? Але ўжо ў друку забараніў Літбел далейшы працяг ягонага глыбокага патрыятычнага рамана з паказальным назовам «Крывічы». І дарма прапагандовы даведнік «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (Менск, 1959 г.) сцвярджае, што Міхась Зарэцкі памёр у 1941 годзе. Ягоныя аднакамернікі па Менскай турме НКВД, якія цудам ацалелі, сведчаць, што яго расстралялі праз месяц пасля арышту ў 1936 годзе.

Не забывайма ніколі пра стрэл, што забіў нашага пісьменніка, ні пра выбух, што знішчыў нашую нацыянальную святыню.

У Іране, па дарозе ад паэтычнага Шыраза да Ісхафані, захаваліся рэшткі велічнага палаца Чыхіль Мінар. I час, i людзі напаўразбурылі яго, але пашкадавалі на камені побач з ім надпіс клінапіснымі літарамі:

Гаворыць магутны Дарый, цар:

«Ты, які ў далекія дні

Пабачыш гэты надпіс,

Што я загадаў высечы ў скале,

Або гэтыя малюнкі, -

Не разбурай ix!

Але ахоўвай,

Паку ль у змозе».

Для чалавецтва ўнікальны храм Асірыса, пабудаваны Рамзэсам i Нефертары, каштуе больш, чым Асуанская грэбля. Для беларускага народа Барысаў камень непараўнальна даражэйшы за магістраль Масква - Менск. У сваім паданні, запісаным незабытным Мікалаем Нікіфароўскім на Віцебшчыне, ён сцвярджаў, што калі на Вялікдзень у царкве запяюць «Хрыстос Уваскрос», дык святыя камяні краіны, хай сабе на грубіню ногцю, але падрастаюць. I калі гэты шматпакутны народ у цяжкім прыгнечанні часам i забываў пра прызначэнне сваіх камянёў, тады яны самыя крычалі: «Жыве Беларусь!»

«ПОСТАВИЛ ПО БИТВЕ... ПО ЗАРИ...» (Сокараўскі крыж)

Безліч прывабных азёраў мае цудоўнае Наддзвінне. Досыць толькі аднойчы пабачыць ix, каб назаўсёды пераканацца ў іхнай надзвычайнай прыгажосці. Нельга потым забыцца, як раве ў час навальніцы велічнае возера Лукамль, як адлюстроўвае ў ліпнёвыя ночы i месяц, i зоры Дубакрай, як перагукваюцца травеньскімі вечарамі ў бэзавых зарасніках вакол Лосьвіды салаўі, як шапоча над Вымнам трысцё. Лірнікі i дудары апавядалі, што сумленнаму сэрцам можна пачуць, i як гудуць на Вялікдзень званы горада, затопленага вялізным возерам Няшчэрдам, i як спяваюць на Сёмуху зеленакосыя русалкі маленькага Неклача.

Шмат маляўнічых азёраў мае чароўнае Наддзвінне, але бадай найпрыгажэйшым з ix будзе незабытнае Палувозера. Празрыстая вада ў ім нагадвае сваім блакітным колерам вочы крывічанак, i ў гэтую блакіць, бы ў люстра, дзівяцца на сябе ўзбярэжныя гаі. А вакол, як янтарная маніста, абдымаюць яго задуменныя курганы. Тут, у перасмыках паміж азёрамі, заўсёды адбываліся ўпартыя бітвы. I сведчыў пра ix старадаўні гістарычны помнік, што знаходзіўся на самым беразе Палувозера, паблізу маёнтка Сокарава. Гэта быў сажнёвы, з аднаго валуна вычасаны, крыж, на якім быў пашкоджаны часам прачулы надпіс стараславянскімі літарамі:

1569

Тут пали в поле 200 жавнир во Христу

Поставил по битве... по зари...

Адсюль, ад крыжа, ледзь толькі відаць супрацьлежны бераг, зацягнуты сінявай смугой. I здаецца такой жа самай смутой заслонены ад нас далёкі 1569 год...

Бадай усё XVI ст. бушавала на прасторах Беларусі бязлітасная вайна. Маскоўскія цары - Іван Трэці, Васіль Трэці, Іван Чацвёрты прабівалі праз яе сабе дарогу на Захад. З маленькімі перапынкамі вайна выбухала ў 1500, 1508, 1513, 1516, 1518, 1534, 1536 гг. Такія вялікія гарады, я к Полацк, Віцебск, Магілёў, Смаленск, не паспяваючы адбудавацца, разбураліся дашчэнту зноў. Ралля зарастала лесам, па якім хаваліся беспрытульныя i галодныя сяляне. У выніку гэтых войнаў, як адзначае тагачасная «Пісцовая кніга», усё калісьці люднае Наддзвінне «впусте лежало». I далей кніга з сумам дадае пра суседскую веску: «Михалка со всем домом, с жонкою и с детьми, с голоду вымер. Юрка двор свой покинул и сшел кормитца в старцы, и ныне двор его пуст. Лукаш и Петрок, два бобы лишки, один вымер, а други сшел».

I нарэшце, у 1562 годзе, працягваючы захопніцкую Лівонскую вайну, на Беларусь рушыўся з 100-тысячным войскам сам цар, зазначыўшы перад сваім паходам, як сведчыць летапіс: «У Дзвіны дона залатое, a берагі сярэбраныя».

Цары цешыліся, але крыві людской з абодвух бакоў было праліта гэтулькі, што, здавалася, пачырванела ад яе вада i ў Дзвіне, i ў азёрах. Маскоўцы пабудавалі на Беларусі шмат крэпасцей, а паміж ix Сушу на абтоку аднайменнага возера, пра якія згадвалі ў сваіх працах i Райнольд Гайдэнштайн, i Сапуноў, i Бэз-Карніловіч, i Брэжго, i шмат іншых навукоўцаў. Толькі ў адной гэтай каменнай цвярдыні знаходзілася 6 тысяч стральцоў, 23 гарматы, 132 гакаўніцы, 123 даўгія рушніцы, 100 бочак пораху i 4832 жалезныя ядры.

Ужо тры гады пасля, за пяць вёрст ад Сушы, на беразе Палувозера, адбылася заўзятая бітва, пасля якой i з'явіўся каменны крыж на брацкай магіле палеглых. Надпіс жа на ім сцвярджаў, што ляжаць тут не палякі i літоўцы - з веравызнання каталікі, a праваслаўныя беларусы, у мове якіх «салдаты» i цяпер - жаўнеры.

Без малога 400 год прастаяў Сокараўскі крыж. Гэтулькі ж часу ў бліжэйшай царкве перахоўваўся памінальны сінодзік, у якім былі імёны ўсіх «200 жавнир во Христу». I ніхто - ні стары, ні малы - не праходзіў паўз крыжа, каб не перахрысціцца. Звычайна спявалі над ім удзень жаўрукі, уначы салаўі, а на Дзяды прыходзілі сюды старым, прашчурамі адказаным звычаем галасіць гаротныя маткі салдацкія, аплакваючы сваіх сыноў, што супакоіліся назаўсёды ў невядомых брацкіх магілах. I за колькі крокаўад ix, бы ўздыхаючы, шумела дарагое Палувозера.

У 1939 годзе, шукаючы гэты адбіты i ў беларускім фальклоры, i ў навуковай літаратуры святы крыж, я наўмысля прыехаў у Сокарава i ўвачавідкі пераканаўся, што пагалоска пра ягоную сумную долю адпавядае праўдзе. У 1932 годзе яго здрушчылі брукаўшчыкі для рамонту шашы паміж Леплем i Улай. А за год перад тым з разбуранай старадаўняй царквы знік паўсатлелы ад часу памінальны сінодзік. Як на першы, але даволі павярхоўны погляд, дык няма нічога дзіўнага ў тым, што Сокараўскі крыж цяпер не згадваецца ў «Зводзе помнікаў гісторыі i культуры Беларусі», якія ўзятыя пад дзяржаўную ахову, бо яго, на жаль, няма. Аднак хіба не можна выравіць колішняе свядомае або нясвядомае злачынства?

З нарыса А. Белавусава, змешчанага ў часопісе «Нёман» за кастрычнік 1969 года, мы дазналіся пра знаны замак Кейстута, Альгерда i Вітаўта ў Тракаі Літоўскай ССР, што: «Ад яго вайна пакінула толькі крушні, не засталося нават сцен. Але людзі аднавілі замак. Аднавілі скрупулёзна, згодна з старадаўнімі запісамі i малюнкамі».

З артыкула Л. Паўлючыка ў Беластоцкай «Ніве» ад 15 леташняга чэрвеня (1969 г.) мы даведаліся, як ашчадна з дробных аскепкаў адрэстаўраваныя работы славутага серба Нектарыя, знакамітыя фрэскі Супраслеўскага Дабравешчанскага сабора, падарванага немцамі ў чэрвені 1944 года.

Газета «Голае Радзімы» за ліпень 1968 года ў нататцы Д. Захарава «Помнік славы рускай зброі» захапляецца з аднаўлення ў Маскве Трыумфальных варотаў, разбураных у 1936 годзе, што, дарэчы, увышкі з 10-павярховы дом.

I хочацца думаць, што адноўлены, высечаны з аднаго валуна Сокараўскі крыж, памеры i выгляд якога захаваліся ў шмат якіх крыніцах, зноў апыніцца на сваім колішнім месцы, ушаноўваючы тым самым i брацкую магілу гераічных беларускіх драбаў-пяхотнікаў гетмана Івана Хадкевіча, i слаўную мінуўшчыну нашай Бацькаўшчыны.

НА РУІНАХ ПАДАННЯ ПРА ТАЯМНІЧАЕ СВЯТЛО

Як мы даведаліся з артыкула А. Падліпскага «Віцебск заўтрашні», змешчанага ў газеце «Літаратура i мастацтва» ад 6 сакавіка, у Віцебску адбылася адмысловая гутарка аўтара гэтага артыкула з тамтэйшым архітэктарам. I дзеля найбольшай пераканальнасці наўмысна падаём цяпер выпіску з гэтай гутаркі.

«Якой бачаць будучыню свайго горада віцебскія архітэктары? - такое пытанне ваш карэспандэнт задаў галоўнаму архітэктару віцебскага філіяла «Белдзяржпраекта» Віталю Аляксандравічу Данілаву. Ён сказаў:

- У планах перабудовы Віцебска мы ўлічвалі геаграфічныя асаблівасці горада i яго архітэктурныя традыцыі. Віцябляне прапануюць перанесці цэнтр горада на плошчу Свабоды - даўны геаграфічны цэнтр Віцебска. Тут, у раёне парку Фрунзэ, прапануецца стварыць вялікі будынак для абласных, гарадскіх партийных i савецкіх устаноў».

I пры ўспаміне, што плошча Свабоды некалі звалася Саборнай, a цяперашні парк Фрунзэ - садам пры архірэйскім доме, мне адразу прыгадалася адно з народных паданняў, якімі ахутаны сівы Віцебск.

Калісьці ў Віцебску, на Саборнай плошчы, - гэтак пачынаецца тое паданне, - стаяла прыгожая званіца, i самы большы ейны звон зваўся «Леў Сапега», бо ўзяў свой назоў ад імя славутага канцлера Вялікага Княства Літоўскага, барэльеф якога на ім быў адлітаваны. Штогод, у часе Велікоднай Божай Службы, калі «Леў Сапега» разам з пяцёркай іншых мілагучных званоў абвяшчаў гадзіну Светлага Хрыстовага Уваскрошання, у вокнах калідора, што злучаў старадаўні будынак архірэйскага дома з яшчэ больш старажытным саборам у імя Аляксея Чалавека Божага, нечакана запальвалася святло. Гэтае таямнічае святло бачылі віцябляне як з боку Альгердавай гары, гэтак i з Валатовак, што разлегліся насупраць, на беразе ручая Дунай. А найбольш адважныя з ix, што падыходзілі да самых вокнаў калідора, пасля ўзварушана апавядалі:

Адразу пасля першага гуку «Льва Сапегі» з архірэйскіх пакояў праз зачыненыя дзверы выходзіў у калідор апошні полацкі i віцебскі грэка-ўніяцкі архіепіскап Язафат Булгак. На ім был i належныя ягонай годнасці белыя велікодныя шаты - сакас i амафор, на галаве мітра, на грудзях панагія i крыж, a ў руках трымаў ён запаленыя дыкіры i трыкіры. У ягоных задуменных вачах адбіваўся свет нетутэйшы, тагабочны. Высокага росту, з тонкімі рысамі аскетычнага твару, архіепіскап Язафат нячутнай урачыстай хадой ішоў калідорам. За крок прад дзвярмі ў сабор ён спыняўся і, высока ўздымаючы скрыжаваныя дыкіры i трыкіры, тройчы бласлаўляў сыноў i ўнукаў сваёй колішняе паствы, вітаючы ix адначасна радаснымі для кожнага хрысціянскага сэрца словамі: «Хрыстос Уваскрос!» А тады варочаўся назад у архірэйскія пакоі, каб з'явіцца зноў у наступную Велікодную ноч.

I гэтак адбывалася на працягу шмат гадоў, аж пакуль у Віцебск не прыехаў епіскап Сава Ціхаміраў. Епіскап Сава загадаў разбурыць званіцу i разбіць «Льва Сапегу», а з ягоных аскепкаў адлітаваць у Валдаі новы звон з барэльефам імператара. У гонар нябеснага патрона гэтага самага імператара епіскап Сава пераасвяціў i сабор, а перад тым значна перарабіў яго. Паўзверх абразоў прачулай работы магілёўскіх мастакоў прыезджыя маляры намалявалі святых, датуль віцяблянам не вядомых. Чужыя дойліды ўкарацілі прывабныя барочныя вежы і, скінуўшы іхныя купалы, што нагадвалі лілеі, замянілі ix на свае, да цыбулінаў падобныя макаўкамі. А на варце ўсяго гэтага перайменаванага i пераробленага стаў ля дзвярэй бабінца гарадавы, прагнаўшы ад ix убогіх жабракоў, што пайшлі, спяваючы псалмы пра Аляксея Чалавека Божага. У часе свят гарадавы прапушчаўу катэдральны Мікалаеўскі сабор толькі добра апранутых i абутых.

У тую самую Велікодную ноч людзі віцебскія, простыя, праваслаўныя не трапіліў сабор. Кажамякі i шаўцы сустракалі Вялікдзень у Святога Юр'я на Юр'евай горцы, ганчары-гаршкалепы ў Дабравешчання на Замкавай вуліцы, цесляры i стальмахі ў Прарока Ільі на Задзвінні, кавалі i муляры ў Івана Хрысціцеля на Задунаўі, стырнікі стругоў i плытагоны ў Чорнай Тройцы на Пескаваціку. У тую самую Велікодную ноч таксама запалілася ў калідоры архірэйскага дома таямнічае святло, i адразу ж, як пошуг маланкі, пагасла. Тыя, што былі каля вокнаў, бачылі, як архіепіскап Язафат па-ранейшаму выйшаў з пакояў, i раптам ягоныя рукі з даўгімі тонкімі пальцамі задрыжэлі. Дыкіры i трыкіры ўпалі на падлогу. А з цемры, што паглынула святло, пачуліся поўныя смутку словы з біблійнага «Плачу Ераміі»: «Успамяні, Госпадзі, што над намі здарылася; звярні ўвагу i паглядзі на нас паруганых».

З таго часу - так канчаецца паданне, - ніхто з віцяблян, ні з боку Альгердавай тары, ні з боку Валатовак не бачыў больш гэтага таямнічага святла. Як ніхто з ix пасля не бачыў, каб у Велікодную ноч ішоў да Мікалаеўскага сабора архіепіскап Язафат Булгак (1758-1838), што належаў да старога беларускага, ахутанага славай, шляхецкага роду.

А цяпер зноў даю слова архітэктару Данілаву, што далей у гутарцы з А. Падліпскім зазначыў:

«На беразе Віцьбы прапануюць пабудаваць цырк. У агульны ансамбль сучасных дамоў віцебскія архітэктары ўпісваюць каштоўныя помнікі старажытнасці - Благавешчанскую царкву i былую гарадскую ратушу».

Адсюль вынікае, дадам, што Мікалаеўскі сабор не адноўленыў сваёй колішняй барочнай прыгажосці, уласцівай яму, кал i ён быў Аляксееўскім, а разбураны зусім. Той жа самы сумны лёс пасяг старадаўні архірэйскі дом, пабудаваны ў 1716 годзе. На іхным месцы, асвячоным народным паданнем, дзе вера спалучаная з праўдай, паўстане казённы гмах Дома Caветаў. Пабудаваны паблізу ад яго стандартны цырк, відавочна, мае заступіць сабой знішчаныя ў 30-х гадах Успенскі сабор, Уваскрасенска-Рынкавую царкву, Чорную Тройцу на Пескаваціку ды іншыя тутэйшыя ўнікальныя помнікі рэлігіі i мастацтва, здымкі з якіх можна пабачыць цяпер толькі ў кніжках пра архітэктуру Беларусі.

I міжволі здзіўляе, як можна гістарычны цэнтр учарашняга Віцебска, без малога тысячагадовую царкву Дабравешчання ўпісаць у план заўтрашняга Віцебска, калі, паводле сведчання годнага даверу навукоўца Л. Аляксеева на 200-й старонцы ягонай манаграфіі «Полацкая зямля», яна ў снежні 1961 года на загад гарсавета, з дапамогай шар-бабы, была бязлітасна разбураная дарэшты.

А што да працягу архітэктурных традыцый колішняга барокавага Віцебска, дык няўжо архітэктар Данілаў мае пад гэтым на ўвазе намер гарсавета накрыць цяпер ейныя руіны шкляным каўпаком, з чым пазнаёміў нас В. Ждановіч у сваім артыкуле «Рэпартаж з роздумам», змешчаным летась у № 3 «Маладосці»?

ЗМОЎКЛІ ЗВАНЫ СВЯТОЙ САФІІ

Бадай у кожнага народа, акрамя ягонай сучаснай сталіцы, ёсць свой матчын горад, які ён любіць i шануе. Для беларусаў ім з'яўляецца Полацк - калыска нашай культуры i дзяржаўнасці. Горад, вальналюбную адпорнасць якога адлюстравала скандынаўская сага ў сваёй прыпеўцы - «Ударылі ў мячы!»

Горад, што далучыў, як сведчыць «Слова аб палку Ігаравым», да агульнага назова сваіх грамадзян - «палачане» - яшчэ паказальнае азначэнне - «грозныя». Горад Рагвалода, Рагнеды-Гарыславы, Брачыслава, Усяслава Чарадзея, Святой Еўфрасінні-Прадславы, Лазара Богшы, дойліда Івана, Якуба ПалачанІна, Францішка Скарыны. Горад, у якім, трапіўшы на абмытае крывёю прашчураў узвышша Узгорскага замка, дзе стаіць Сафійскі сабор, a ўнізе ўцякае ў Дзвіну Палата, скідаеш з галавы шапку.

Натуральна, што за адзінаццаць стагоддзяў свайго гістарычнага існавання слаўны Полацк мусіў мець шмат каштоўных помнікаў мінулага, але так, на жаль, не сталася. I да іхнай пагібелі спрычыніліся не толькі незлічоныя войны, а таксама абыякавасць чарговых урадаўцаў, калі не свядомая варожасць. Таму зусім слушна Уладзімір Халіп у сваім артыкуле «Залатое кальцо старажытнасці» з серыі «Ахове помнікаў - сілу закона», змешчаным 28 верасня у «Чырвонай змене», маючы на ўвазе савецкую рэчаіснасць, шчыра вызнае:

«Нашы ўзаемаадносіны з помнікамі старажытнасці - гэта безліч парадоксаў».

I хоць У. Бойка i М. Замскі ў сваім творы з характэрным загалоўкам «Другая маладосць Сафіі Полацкай» («Літаратура i мастацтва» ад 5-га жніўня 1969 г.) i захапляюцца: «Але вось добрыя рукі кранаюцца Сафійкі... Мудрыя рукі рэстаўратараў...» - аднак няма ў нас веры ў добразычлівасць да яе тых, хто гэтымі рэстаўратарамі кіруе. (I, дарэчы, мянуючы сабор Святой Сафіі - Сафійкай, ці не йдуць два кагадзе прыгаданыя аўтары следам за Маякоўскім, які вядомы храм Васіля Блажэннага ў Маскве перайначыў на «Ваську»?!)

Сучасны Сафійскі сабор не з'яўляецца помнікам сівой старадаўніны. Пабудаваны ў 1750 годзе ў стылі позняга барока, ён уяўляе з сябе паўнацэнны ў архітэктурным сэнсе футарал над рэшткамі старажытнай Сафіі, якая часткова ўвайшла ў адну са сцен цяперашняга будынка, але галоўным чынам захавалася ў ягоным скляпенні. Да Другой сусветнай вайны сабор скарыстоўваўся як збожжасховішча. Сотні пудоў збожжа былі ссыпаныя беспасярэдна на падлогу, якая ў выніку асела i не правалілася канчаткова толькі таму, што яе знізу падтрымлівалі пілоны - цагляныя слупы старой Сафіі.

Віцебская абласная экспедыцыя па ўліку помнікаў рэвалюцыі, гісторыі i мастацтва, якую мне давялося ачольваць, звярнулася ў 1939 годзе з просьбай аб высяленні збожжасховішча ў шэраг інстытуцыяў, ад Полацкага гарсавета да Саўнаркама БССР, але без удачы. Цяпер тыя ж тысячагадовыя пілёны заміж збожжа падтрымліваюць не меншы цяжар папер i кніжак Полацкага архіва. I такім чынам безнадзейна разбураюцца апошнія рэшткі той Сафіі, што пабудаваная паміж 1037-1045 гг., гэта значыцца за часамі князя Брачыслава, бацькі Усяслава Чарадзея.

Калi старая Сафія дайшла да нашых дзён часткова, дык бадай перахавалася царква Хрыста Збавіцеля, або Спаса, у Спаса-Еўфрасіньеўскім манастыры, пабудаваная ў другой палавіне XII ст. дойлідам Іванам на жаданне Святой Еўфрасінні-Прадславы, унучкі князя Усяслава Чарадзея. Гэты манастыр, дзе Еўфрасіння-Прадслава i ейныя сестры - па крыві i па стане - перапісвалі кнігі, пісалі абразы, ткалі царкоўныя шаты, стаўся адным з першых асяродкаў культуры на Беларусі. A ў царкве Збавіцеля, што з'яўляецца выдатным помнікам старадаўняга дойлідства, перахоўвалася нацыянальная святыня беларускага народа - крыж Святой Еўфрасінні-Прадславы работы Jlaзара Богшы. Ён бясследна знік, але не за часамі вайны, як цяпер шмат хто спрабуе давесці, а забраны яшчэ ў 1932 годзе для патрэб Фонду індустрыялізацыі. І тэты святы ўнікальны крыж заслугоўвае ў далейшым адмысловай гутаркі, яму прысвечанай.

Таленавіты дойлід Іван пабудаваў яшчэ ў Полацку цэрквы Бельчыцкага манастыра, a паміж ix Барысаглебскую, фундатарам якой быў князь Барыс (ён памёр у 1128 т.), дзядзька Святой Еўфрасінні-Прадславы. Гэта ад яго пайшлі вядомыя Барысавы камяні з прачулым зваротам да Бога, a ў царкве быў ягоны партрэт-фрэска. У іншай тутэйшай царкве хаваліся полацкія князі. Усе гэтыя найкаштоўныя рэлігійныя, гістарычныя i архітэктурныя помнікі праіснавалі ад XII ст. да 1928 года, кал i ix без жалю разбурылі дашчэнту.

Яшчэ нядаўна цэнтр Полацка ўпрыгожваў велічны Мікалаеўскі сабор, пабудаваны ў 1588 годзе ў стылі позняга рэнесансу. Хоць сабор, як архітэктурны помнік, знаходзіўся пад дзяржаўнай аховай, тутэйшыя ўлады яго без відавочнай патрэбы колькі год таму падарвалі.

А яшчэ ў 1932 годзе яны разбурылі пабудаваны ў 1855 годзе перад саборам прыгожы помнік-абеліск вайны 1812 года, каб на ягоным месцы паставіць помнік Леніну. Між таго, за часамі вайны 1812 года ў Полацку i ў ягоных ваколіцах адбыліся лютыя бітвы. Дагэтуль мост цераз Палату мае назоў Чырвонага ад тагачаснай салдацкай крыві. I ці не з'яўляецца знішчэнне помніка, які ўшаноўваў геройства тых салдат, здзекам з іхнай крыві?

Затое, здавалася, застаецца толькі цешыцца, што на Ленінскай вуліцы, на будынку колішніх манаскіх келляў Багаяўленскага манастыра, з'явілася мемарыяльная дошка з надпісам: «Сымон Полацкі. 1629-1680. Беларус з Полацка». Пэўна ж, толькі цешымся мы таксама i з таго, што ўвесь манастыр разам з ягоным саборам узятыя пад дзяржаўную ахову.

Аднак ведаем таксама, што паводле генеральнага плана Полацка, які прадбачыць рэканструкцыю ўзбярэжнай Дзвіны усе гэтыя старадаўнія будынкі разам з мемарыяльнай дошкай падлягаюць знішчэнню.

А як жа насуперак гэтаму знішчэнню хочацца думаць, што калі ў БерлІне i Майнцы стаяць помнікі Ёгану Гутэнбергу, у Маскве - Івану Фёдараву, a ў Празе схіліўся над друкарскім станком Сэвэрын Крамарж, дык на адзін з пляцоў дарагога Полацка прыйдзе нарэшце, узыйдзе на пастамент i застыгне ў бронзе Францішак Скарына - «сын Лукаша з Полацка». I як жа таксама хочацца думаць, што на стромкія званіцы Сафійскага сабора, на змену мілагучным званом, здрушчаным у 30-х гг., новыя палачане ўзнімуць новыя званы, а тыя сваім палкім заклікам прыгадаюць аб тых старадаўніх званах, аб якіх, маючы на ўвазе вялікага патрыёта князя Усяслава Вялікага, згадала «Слова аб палку Ігаравым» - «У Полацку ў Святой Сафіі звоняць на заўтраню, ён у Кіеве званы чуе».

З МЯЧОМ РАГНЕДЫ, З КРЫЖАМ ПРАДСЛАВЫ

Пры ўспаміне аб далёкім мінулым Беларусі адразу ўстаюць у памяці з імглы вякоўдзве велічныя жанчыны - княгіня Рагнеда i князёўна Прадслава. На першы погляд паміж імі няма нічога супольнага, апрача сваяцтва. Сапраўды, як нельга ўявіць сабе Рагнеду без мяча, гэтак не можна ўявіць сабе Прадславу без крыжа. Але ж i меч Рагнеды i крыж Прадславы сымбалізуюць сабой тую фізічную i духовую зброю, што спалучалі нашую радзіму ў адзін суцэльны маналіт.

У Полацку, на беразе Палаты, знаходзіцца вядомы па ўсёй Беларусі Еўфрасіньеўскі манастыр. Яшчэ здалёк відаць ягоная, пабудаваная дойлідам Іванам, старадаўняя царква Хрыста Збавіцеля, або Спаса, у якой з правага боку хораў можна бачыць маленькую келлю з вузенькімі вокнамі ў грубых мурах. Тут, 800 год таму, праводзіла ўвесь час за малітваю i працаю Святая Еўфрасіння, a ў сваім нараджэнні - князёўна Прадслава, унучка славутага князя Усяслава Чарадзея. Т тут жа на працягу шмат стагоддзяў ляжаў для агульнага ўсхвалення ейны запаветны крыж.

Гэты святы крыж быў упрыгожаны золатам i срэбрам, буйнымі перламі i бліскучымі брыльянтамі. На ім было шмат зграбна зробленых аздоб i дваццаць абразкоў, выкананых перагародчатай эмаллю, што была найбольшым дасягненнем тагачаснага мастацтва. З надпісу на крыжы відаць, што ягоныя аздобы каштавалі 100 грыўняў, або ў пералічэнні на валюту 1914 года - 1400 залатых рублёў.

I ўсё ж не ў золаце i брыльянтах палягае галоўная каштоўнасць крыжа Еўфрасінні Прадславы. У ім знаходзіліся бясцэнныя для кожнага хрысціяніна святыні, дасланыя са Святой Зямлі. Апрача таго, ягоная шасціканцовая форма, у супрацьлежнасць пазнейшай маскоўскай васьміканцовай, была самабытнай беларускай, a надпіс на ім з выразным аканнем быў адным з першых пісьмовых помнікаў нашай мовы. I стварыў гэты крыж у 1161 годзе выдатны мастакювелір Лазар Богша.

Крыж Святой Еўфрасінні-Прадславы, які стаўся беларускай нацыянальнай рэліквіяй, сёння, на глыбокі наш агульны жаль, немаведама дзе. Яшчэ ў 1928 годзе газета «Савецкая Беларусь» падала, што быццам ён забраны з Полацкай царквы Хрыста Збавіцеля і перададзены Менскаму гістарычнаму музею, дзе, як сведчыць Эдуард Загарульскі ў сваёй «Археалогіі Беларусі», перахоўваўся да Другой сусветнай вайны. Гісторык Леанід Аляксееў у манаграфіі «Полоцкая земля» таксама сцвярджае, што крыж быў перавезены ў Менск, але потым, спасылаючыся на археолага Георгія Штыхава, дадае, быццам пазней ён чамусьці апынуўся ў Магілёўскім музеі. Аднак той жа Л. Аляксееў у артыкуле «Крыж Еўфрасінні Полацкай», змешчаным у № 7 «Маладосці» (1970 г.), бярэ назад гэтую сваю спасылку, калі піша: «Будынак Менскага музея быў разбіты немцамі ў 1941 г. Тут сляды крыжа губляюцца».

Мы цалкам разумеем уласцівую сапраўдным навукоўцам асцярожнасць у высновах пра апошняе месцазнаходжанне крыжа Еўфрасінні-Прадславы, хоць яны ў большай ці ў меншай ступені i прыпушчаюць, што ён захоплены гітлераўцамі. Але ніякіх гэткіх праблем не вызнае дзеяч прапаганды, чаму яскравым довадам артыкул Уладзіміра Бегуна (1929-1989) «Дзе крыж Еўфрасінні Полацкай?», надрукаваны ў прызначанай вылучна для суродзічаў за мяжой газеце «Голас радзімы» за травень 1970 года.

Бегун спрабуе пераканаць эмігрантаў, што немцы ў 1941 годзе ў Магілёве «...у памяшканні цяперашняга абкома партыі разрэзалі аўтагенам мэталічныя дзверы сховішча i вывезлі крыж у Германію».

Далей ён, ужываючы ў дачыненні да мяне даволі плыткую лаянку, прыгадвае мой нарыс «Змоўклі званы Святой Сафіі», перададзены 21 студзеня 1970 года праз радыё «Свабода», ды абураецца з майго зазначэння ў тым нарысе, што крыж Еўфрасінні-Прадславы загінуў не за часамі вайны, а забраны яшчэ ў 1932 годзе для патрэб Фонду індустрыялізацыі. Між іншага, агульнавядома, што лаянка не толькі не бывае грунтоўным доказам у шуканні праўды, але, наадварот, сведчыць заўсёды пра бездапаможныя спробы прыхаваць гэтую праўду. Трапна сказаў акурат пра гэта славуты Гегель: «Хлусня - рэлігія рабоў». А таму, знаходзячыся ў вольным, незалежным ад палітычных наказаў свеце, уважаю за свой святы абавязак пазнаёміць суродзічаў з непахіснай праўдай.

У 1939 годзе мне давялося быць на чале навуковай экспедыцыі, якая, па зразумелых прычынах, не магла, трапіўшы ў Полацк, паставіць сабе за галоўную мэту пошукі крыжа Еўфрасінні-Прадславы. Прызначэнне гэтай самай экспедыцыі, гаспадаром якое было Кіраўніцтва ў справах мастацтваў пры Саўнаркаме БССР, палкам вызначалася ейным назовам - «Экспедыцыя па ахове помнікаў рэвалюцыі, гісторыі i мастацтва». Аднак мы ведалі пра ўнікальны крыж i шукалі яго. Перш-наперш у царкве Хрыста Збавіцеля, але нам дазволілі даследаваць гэтую царкву толькі звонку, бо ўнутры было сховішча Ваенведа. Полацкі камендант Самахвалаў, пад наглядам якога мы апынуліся каля царквы, нас даволі шчыра, як той казаў, усцешыў:

«Вы не турбуйцеся, што не аглядаеце гэты будынак усярэдзіне. Чырвонаармейцы адтуль усе папоўскія бэбухі выкінулі, а старыя малюнкі на сценах зафарбавалі».

Потым мы шукалі крыж у Сафійскім саборы, прыстасаваным тады пад сховішча збожжа. Пазней спрабавалі знайсці яго ў сакрэтных сховах гістарычных I мастацкіх музеяў Полацка, Віцебска, Магілёва, Менска i Гомеля, трапляючы туды праз фільтры «Особых Отделов». А нашыя ўпорыстыя спробы дазнацца аб ім ад палачан скончыліся выклікам у Полацкае раённае аддзяленне НКВД, дзе ягоны начальнік Міхайлаў коратка, але вычарпальна папярэдзіў: «Я раю вам спыніць пошукі гэтага крыжа».

За часамі вайны мне прывялося нейкі час жыць у Полацку, дзе мы аднавілі паруганы Еўфрасіньеўскі манастыр i ўрачыста перанеслі да яго з Віцебскага антырэлігійнага музея выстаўленыя там напярэдадні вайны на здзек цудадзейныя мошчы Святой Еўфрасінні-Прадславы. Адусюль сышліся да манастыра тыя нешматлічныя з колішніх ягоных манашак, якія цудам захаваліся ад зняволення ў канцлагерах Сібіры. I вось, нарэшце, ад адной з ix я даведаўся, што крыж Еўфрасінні-Прадславы быў рэквізаваны агентамі ДПУ для патрэб Фонду індустрыялізацыі i дзеля здабыцця валюты прададзены за мяжу. A ўжо на чужыне я пачуў, што крыж гэты знаходзіцца цяпер у Швецыі, у прыватнай калекцыі аднаго тамтэйшага міліянера.

Знік крыж Прадславы, або каралевы Крывіччыны, як завецца яна ў рымскіх памятках. Але ўсё адно носім мы ў сваіх душах i меч Рагнеды, i крыж Прадславы. Ніхто i ніколі не здолее вырваць ix адтуль. I ўсім сэрцам сваім мы адчуваем, што моліцца за наш беларускі народ Святая Еўфрасіння-Прадслава, князёўна полацкая - ягоная нябесная заступніца, ягоная нязгасная лампада перад Прастолам Найвышэйшага Бога.

ЯК ВЫГЛЯДАЛА СВЯТАЯ ЕЎФРАСІННЯ-ПРАДСЛАВА

На сваім найбольш пашыраным абразе, які можна было ўгледзець на покуці блізу ўсіх беларускіх хат Наддзвіння, Еўфрасіння Прадслава, князёўна полацкая, выглядае з аблічча не старэйшай за 25 гадоў. На абразе гэтым Святая Еўфрасіння напісаная на ўвесь рост, стаіць на воблаку, пад якім Полацк, трымаючы ў левай руцэ белую лілею, аў правай, разам з манаскім ружанцом, свой шасціканцовы крыж, i на ейнай галаве красуецца княжацкі вянец, прыналежны ёй ад нараджэння.

Тым часам, калі ўзяць на ўвагу, што Святая нарадзілася паміж 1104-1106 гг., а крыж ювелір Лазар Богша зрабіў ёй у 1161 годзе, дык каб трымаць яго тут у руцэ, яна мусіла мець прыблізна 57 гадоў. Потым адразу кідаецца ў вочы, што Полацк пад воблакам - не сучасны Еўфрасінні-Прадславе, a напісаны паводле гравюры Станіслава Пахалавіцкага 1579 года І тым самым на 400 год пазнейшы ад ейнага жыцця. Таксама, калі згодна з «Историей архитектуры Белоруссии» У. Чантурыі царква Спаса пабудаваная дойлідам Іванам паміж 1128-1156 гг., а на думку даследнікаў A. Паўлінава i М. Шчакаціхіна, у другой палавіне XII ст., дык паколькі гэтая царква Спаса ёсць на абразе, князёўна мелася б выглядаць на ім маладзейшай за 50 гадоў.

Агульнавядома, што праваслаўны абраз - гэта i не партрэт i не малюнак. Таму Багамаці на ім не бландынка i не брунэтка, не маладая i не старая - яна вечная. Адсюль зразумела, чаму невядомы мастак, не маючы тым больш перад сабой ні натуры, ні партрэта з яе, умоўна, паводле свайго натхнення i ўяўлення, напісаў твар Еўфрасінні-Прадславы, трымаючыся пры гэтым іканапісных традыцый, але разам з тым ён усё ж значна ўхіліўся ад магчыма i нязнанай яму гістарычнай праўды.

Нават абраз Еўфрасінні-Прадславы работы гэткага славутага мастака i выдатнага іканапісца, як Віктар Васняцоў (1848- 1926), што далучыўся да цудоўнага роспісу Уладзімірскага сабора ў Кіеве, не пазбаўлены заганаў. На гэтым абразе Васняцова за Святой відаць цэрквы ў выразным маскоўскім стылі з цыбулепадобнымі макаўкамі i васьміканцовымі крыжамі на ix.

Таксама i абраз Святой Еўфрасінні, напісаны ў 1839 годзе беларускім мастаком Токаравым з Бешанковічаў, дзе Святая ў адной руцэ трымае крыж, а другой паказвае на адзнакі княжацкай ўлады - вянец i мантыю, мае не гэтулькі рэлігійны, колькі палітычны характар, нагадваючы плакат.

A найгалоўнае - не ведалі ўсе гэтыя тры мастакі, што пад сучасным ім сценапісам Полацкай царквы Спаса прыхаваны лёсам старадаўні сценапіс, а на ім фрэска-партрэт Еўфрасінні-Прадславы! На жаль, нам не давялося бачыць гэтага партрэта, па вайне ўжо знойдзенага пад фрэскамі пазнейшага паходжання.

Мы мяркуем аб ім адпаведна здымкам з яго ў «Полоцкой земле» Л. Аляксеева i ў «Археалогіі Беларусі» Э. Загарульскага, а ў мастацкай інтэрпрэтацыі ў кніжцы С. Васіленка «Фальклор i літаратура Беларусі». Гэта не абраз, а партрэт, пра што перш-наперш сведчыць тое, што вакол галавы намаляванай на ім старой жанчыны няма німбу святасці. I мае рацыю Л. Аляксееў, калі ў сваім артыкуле «Крыж Еўфрасінні Полацкай», змешчаным у «Маладосці» № 7 за 1970 год, пад здымкам з гэтага партрэта піша: «А гэта - Еўфрасіння Полацкая», але не можна з ім пагадзіцца, калі далей ён дадае: «Небывалая з'ява ў мастацтве таго часу - мастак намаляваў жывога чалавека». За тымі часамі i пазней мастакі наўмысна пісалі партрэты ў цэрквах, каб дакументальна пацвердзіць, хто быў заснавальнікам той ці іншай з ix, i гэты звычай быў на Беларусі шырока ўжыткаваны.

Паблізу ад Полацка, у Бельчыцах, блізу 800 гадоў праіснавала старадаўняя Барысаглебская царква, разбураная ў 1928 годзе. У ейным сценапісе быў партрэт, які, як піша Мікалай Шчакаціхін у артыкуле «Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра», змешчаным у № 1 часопіса «Наш край» за 1925 год, паказваў паджылога мужчыну ў ружова-жоўтым княжацкім адзенні, што трымаў у руцэ маленькую мадэль царквы. Гэта быў фундатар Барысаглебскай царквы, полацкі князь Барыс Усяславіч, які даводзіўся Еўфрасінні-Прадславе дзядзькам, i гэта якраз ад яго паходзяць Барысавы камяні.

У Віцебскай царкве Дабравешчання, знішчанай у 1961 годзе, польскі сярэднявечны гісторык Мацей Стрыйкоўскі бачыў партрэт князя Альгерда, які аднавіў гэтую царкву ў XIV ст. У Супраслеўскай Дабравешчанскай царкве, падарванай у 1944 годзе, у ейным чароўным сценапісе 1551 года работы серба Нектарыя, знаходзіўся партрэт маршалка Вялікага Княства Літоўскага Аляксандра Хадкевіча, які пабудаваў гэтую царкву. У Абольцах, у іхным Успенскім касцёле, вядомым у літаратуры пад назовам «касцёла Ягайлы», мне давялося ў 1939 годзе бачыць партрэты каралёў Уладзіслава Ягайлы i Жыгімонта Трэцяга. Каралі гэтыя на тых абразах трымалі даравальныя граматы i тым сведчылі, што яны былі дажывотнымі фундатарамі гэткаму касцёлу.

Можна падаць куды больш прыкладаў, але i сказанага даволі для бясхібнай высновы, што знойдзены ў Полацкай царкве Спаса партрэт належыць Святой Еўфрасінні-Прадславе, з волі якой i пабудаваная гэтая царква.

Нечакана адшуканы партрэт Еўфрасінні-Прадславы становіць неацэнную каштоўнасць. Таму мы цалкам разумеем i падзяляем абурэнне калектыву навукоўцаў, якія ў сваім артыкуле з характэрным загалоўкам «Аўтографы... на фрэсках», надрукаваным у «Чырвонай змене» (18 лістапада 1969 г.), пішуць пра царкву Спаса:

«Яна безгустоўна расфарбаваная звонку, адсутнічае належны парадак i ўнутры. Усё гэтае дае некаторым, з дазволу сказаць, «туристам» падставу пакідаць аўтографы... на фрэсках ХІІ-ХІVстст. I нам хочацца думаць, што наўсуперак барбарскаму настаўленню, усё ж захаваецца ўнікальны партрэт Еўфрасінні-Прадславы, намаляваны з яе жывой. На гэтым партрэце ляжыць адбітак суровага візантыйскага пісьма, а таму некаторыя рысы твару здаюцца нерэальнымі, але затое да глыбіні душы кранае глыбокі позірк вялікіх вачэй, у якіх адбіўся выраз ціхага супакою i патаемнага суму, гэтак далёкіх ад вакольнага жыцця. Разам з тым у велічнай жанчыны волева сціснутыя вусны, нагадваючы, што перад вамі не толькі манашка, але i ўнучка князя Усяслава Чарадзея. I тады, бы побач, адгукнуцца сугучныя радкі з верша Алеся Звонака «Цень Еўфрасінні»:

Пахла воскам у прыцемку сінім

I здавалася: з дна тайнікоў

Свецяць вочы Вялікай Княгіні...

Гэта здань твая, Еўфрасіння,

Мільганула з глыбінь вякоў!

«МОЖНА ЗНІШЧЫЦЬ ЗВОН, АЛЕ НЕЛЬГА ЗНІШЧЫЦЬ НАРОД»

Старадаўні Віцебск, ахутаны падзеямі i паданнямі. Як на першы погляд, дык, здаецца, няма нічога агульнага паміж ягонай ратушай, скверам перад ёю i недалёкім ад ix утокам Віцьбы ў Дзвіну. Але ж гэтак толькі здаецца. У без малога тысячагадовым горадзе ладне што спалучанае разам i досыць крануцца аднаго, каб яму адразу адгукнулася другое, трэцяе, ствараючы непаўторную мелодыю незабытнага Віцебска.

Над цэнтрам гораду, не ў прыклад Менску i Магілёву, дзівам захавалася i дагэтуль пануе стромкая вежа ратушы, пабудаваная ў 1775 годзе на змену ранейшым вежам, разбураным i часам, i людзьмі. Яна вытрыманая ў характэрным для Віцебска барокавым стылі - угнутыя паверхні ейных ярусаў, пластаватыя пілястры, выгнутыя карнізы, складаныя профілі адразу прыгадваюць, што на італійскай мове «барока» азначае «перла». У 80-х гадах XIX стагоддзя над двухпавярховым будынкам пабудавалі яшчэ адзін паверх i тым самым пакарацілі даўжыню вежы, але ўсё ж, як i раней, сам будынак здаецца толькі пастаментам для яе. Верхні ярус вежы займае вялікі гадзіннік, i калі ягоны звон пачынае падрахоўваць гадзіны, дык прыгадваецца іншы звон, палымяны гук якога адсюль заклікаў людзей да змагання.

Перад ратушай з вежай знаходзіцца маленькі сквер. Увосені, калі зачырванеюць ягоныя клёны, дык, думаецца, усмакталі яны праз сваё карэнне кроў продкаў, што загінулі тут. Дарма, што напярэдадні вайны з аднаго боку занядбанага сквера знаходзілася ў зняважанай капліцы піўная крамка Белхарчгандлю, а з другога - вялікая скрыня для смецця. Сціплая трохкутовая пляцоўка, якую ён займае, з'яўляецца гістарычным помнікам, i на ім даўно ўжо патрэбны адпаведны абеліск.

... 12 лістапада 1623 года над горадам загул i званы. Да архірэйскіх будынкаў на Успенскай Горцы адусюль бег народ. Віцябляне вывалаклі архіепіскапа з ягоных пакояў на вуліцу, i тут бурмістр Навум Воўк забіў яго бердышам. З прысуду відаць, што ў паўстанні бралі ўдзел не толькі віцябляне, a i жыхары Полацка, Магілёва i Вільні. Суд прысудзіў да кары смерцю 114 чалавек, але сцялі галаву 19, бо бальшыня паспела ўцячы ў Запарожскую Сеч [1]. Горад пазбавілі Магдэбурскага права, разбурыўшы з гэтай прычыны ягоную ратушу.

«А таму, што паўстанне пачалося на сігнал ратушнага i царкоўных званоў, - гэтак канчаецца той прысуд,- мы загадваем віцебскаму ваяводу разбідь усе гэтыя званы i адлітаваць з ix адзін звон з надпісам аб злачынстве».

Калі асуджаныя падыйшлі да плахі, дык пабачылі побач з ею скінуты вечавы звон. Спачатку кат, узняўшы молат, пачаў разбіваць звон. Застагнала медзь, i разам з ёю застагнаў увесь вольналюбны горад. А кат біў i біў, пакуль па звоне не прабегла расколіна i не адваліўся ад яго кавалак. ...

Паміж паданнямі, створанымі народам вакол гэтай падзеі, найглыбей засталося ў маёй памяці адно. Расказвалі дзяды, што ў мінулым (XIX) стагоддзі кожнага 12 лістапада, акурат апоўначы, у Віцебску на званіцы падарванага ў 1936 годзе Успенскага сабора пачыналі ціхутка перазвоньваць мілагучныя званы. Самы маленькі звон, адлітаваны з літоўскіхшэлегаў, знойдзеных у кургане, усхліпваў дыскантам, як пакінутае бацькамі дзіцянё.

Самы вялікі, зроблены з гармат Лівонскай вайны, басавіта вохкаў, нібы цяжка паранены стары драб - беларускі жаўнер-пехотнік. I з іхным першым гукам з дзвярэй сабора паважна выходзіў архіепіскап Язафат. У ягонай галаве тырчэў бердыш, архірэйская мантыя намокла крывёю, але ўсё роўна ў ягоных вачах гарэў агонь рэлІгійнага фанатызму. Адначасна на скверы перад ратушай з'яўляліся бурмістр Навум Воўк i 18 іншых віцяблян, пакараных там смерцяю за забойства архіепіскапа. Яны ішлі без галоў, на іхных нагах i руках пазвоньвалі кайданы, але тым не менш у самой хадзе пакараных адчувалася такая ўпэўненасць у сваёй праваце, што здавалася - нават пакутная смерць ні ў чым рашуча ix не пераканала.

Ад ратушы са скверам невялікая Падзвінская вуліца ідзе да ўтоку Відьбы ў Дзвіну. У 1865 годзе ўвесь Віцебск ускаланула чутка: Віцьба ў сваіх наносах адкапала велізарны камень з крыжам. Навукоўцы даводзілі, што гэта адзін са шматлікіх безыменных Барысавых камянёў, але народ надаў яму імя Язафата ў гонар архіепіскапа, дзвесце год перад тым забітага тут паблізу. Пад гэтым назовам камень вядомы i цяпер у навуковай наменклатуры.

Да самай вясенняй паводкі Дзвіны, што пакрыла сабой наносы Віцьбы, хадзілі віцябляне да каменя з крыжам, спадзеючыся наведаць яго i налета, але дарма. Кал i сплыла вясенняя паводка, дык яны пабачылі, што Віцьба пракапала сабе ў сваіх наносах новае рэчышча, закапаўшы старое. З таго часу прайшло больш за сто год. Павыміралі i тыя, што бачылі Язафатаў камень, i дзеці іхныя, але рэчка, штовясны змяняючы сваё рэчышча, ніколі больш не адкапала таго самага каменя. Хто ведае, прыпушчалі віцябляне, а можа наўмысна родная Віцьба тым часам пахавала пад сабой Язафатаў камень, нібы ратуючы яго ад аманалу чужынцаў, што падарвалі бадай усе святыя камяні краіны.

У 1965 годзе на старонках часопіса «Полымя» разгарнулася дыскусія вакол аднабаковай кніжкі А. Каршунова «Афанасі Філіповіч», дзе ўсе без вылучэння змагары супраць уніі падаюцца як народныя героі, а затое ўніяты паказаныя як «заядлыя негоднікі, ворагі народа». I мае рацыю Мікола Прашковіч, калі ў сваім артыкуле «Слова пра Афанасія Філіповіча», змешчаным у № 12 «Полымя», піша:

«Унія адна з самых складаных з'яў у гісторыі нашага народа. Адны яе поўнасцю прымалі, другія бачылі ў ёй толькі «насілле i здзекі». Безумоўна, не мелі рацыі ні адны, ні другія».

Калі думаеш цяпер пра пакараных каралеўскім прысудам i пра забітага імі, дык згадваецца гэткае далёкае ад Беларусі, але толькі па адлегласці, поле Гэтызбурскай бітвы ў Амерыцы, дзе ў ліпені 1863 году адбылася найбольшая трохдзённая бітва Грамадзянскай вайны. Пасля пахавання ў агульных брацкіх магілах учарайшых ворагаў, кроў якіх садзейнічала наступнай кансалідацыі i далейшаму загартаванню нацыі, сумленне народа, прэзідэнт Лінкальн у сваёй гістарычнай прамове сказаў:

«I мы мусім прыняць тут беспаваротную пастанову, што смерць ix не будзе дарэмнай, што гэтая нацыя з Божай дапамогай зноў народзіцца да свабоды».

ЯБЛЫНЯ ІЕРАМАНАХА АФІНАГЕНА (Маркаў манастыр)

Яшчэ на пачатку XX стагоддзя Маркаўшчына знаходзілася ў трох кіламетрах ад Віцебска. Потым на дзвюх вуліцах - Максіма Горкага i Розы Люксембург - сюды прыйшоў разам з трамваем горад, паглынуў яе i нават значна працягнуўся далей. Паміж гмахамі i комінамі шматлікіх фабрык i заводаў згубіліся рэшткі каменнай сцяны ды невысокай званіцы на беразе Дзвіны - гэта ўсё, што засталося ад паруганага Маркавага манастыра, вакол якога i паўстала за даўнімі часамі Маркаўшчына, перайменаваная цяпер на Пралетарскую слабаду.

Сам манастыр узяў свой назоў не ад евангеліста Марка - патрона Венецыі - а з тае прычыны, што заснаваў яго «земянін», або дробны землеўласнік Марк, пабудаваўшы тут сціплую капліцу. Першыя тутэйшыя манахі былі, відаць, не толькі духаўнікамі, бо немцы-мечаносцы жаляцца на «маркаўскіх гайдамакаў». Пра далейшае значанне манастыра сведчыць тое, што кароль Стэфан Баторый прызначыў у 1576 годзе ягонага ігумена Феафана Рыпінскага [?] архіепіскапам Полацкім, а за сто год патрыярх Нікан тую ж высокую годнасць надаў тутэйшаму ігумену Калісту Рытарайскаму ды адначасна цар Аляксей Міхайлавіч даслаў маркаўскім манахам абраз, які ўславіўся пасля, як цудадзейны абраз Маркаўскай Багамаці.

У міжчасе вядомы абаронца праваслаўя князь Леў Самуіл Багданавіч Агінскі, наўсуперак каралеўскаму пакаранню віцяблян за забойства імі ў 1623 годзе ўніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, пабудаваў тут у 1633 годзе драўляную царкву, a калі тая пасля згарэла, дык ягоны сын, падкаморы Віцебскага ваяводства Сымон Караль, хоцьужо i каталік, але, шануючы памяць бацькі, адбудаваў на ейным месцы ў 1691 годзе таксама драўляную царкву ў імя Святой Тройцы, што існавала да нашых дзён.

Ахутаная сівой даўніной Траецкая царква Маркавага манастыра, якую мне не аднойчы ў мінулым пашанцавала наведаць, пакідала вялікае ўражанне. Яна была пяцізрубнай, крыжовай у плане, з цікавым вонкавым аздабленнем - ейныя галоўныя дзверы мелі высокамастацкай разьбы абраз Тройцы i сымбаляў евангелістых, а малыя бочныя - серафімаў; яе абкружала адкрытая галерэя з вытачанымі слупкамі складанай формы. Яшчэ больш адбіўся ў памяці інтэр'ер царквы - разьбяны іканастас з каштоўнымі старадаўняга пісьма абразамі ды алейны сценапіс XVII ст., якому, наведаўшы ў 1890-х гадах Маркаў манастыр, даў высокую ацэнку Ілья Рэпін, выказаўшы думку аб прысвечаным яму адмысловым выданні рэпрадукцый.

Здымак з Траецкай царквы можна пабачыць у манаграфіі У. Чантурыі «История архитектуры Белоруссии», як і ў працы М. Кацара «Белорусская архитектура». Кацар, маючы на ўвазе апрача яе яшчэ славутую віцебскую Чорную Тройцу, піша:

«Храмы гэтыя прыгожа гармануюць з беларускай прыродай, з ейным узгоркавым, парослым лесам краявідам. Пабудаваныя народнымі майстрамі, яны нагадваюць сабой купы дрэў, што цягнуцца сваімі галінамі да неба».

«...Дзякуючы такому групаванню макавак, дойліду пашанцавала стварыць вылучна маляўнічую кампазіцыю, гарманічна ўпісаную ў гарадскі пейзаж Віцебска».

Аднак ні Чантурыя, ні Кацэр не прыгадваюць пра тое, што гэтыя шэдэўры архітэктуры цяпер не існуюць. Калі царкву Чорнай Тройцы яшчэ ў 1923 годзе парэзалі на дровы для клуба абутковай фабрыкі, дык у 1936 годзе міліцыянеры заддзялення, што размясцілася ў колішніх манаскіх келлях, у часе адмысловага суботніка, пад гукі аркестра, раскапалі Тройцу Маркавага манастыра.

Калісьці мне, працуючы над гісторыяй віцебскіх старых фабрык i заводаў, давялося завітаць да знаёмай ватаршчыцы з вялікай лёнапрадзільнай фабрыкі «Дзвіна», якую назвалі гэтак можа таму, што поту i слёз на ёй пралілося не менш, чым вады нясе родная Дзвіна. За савецкімі часамі гэтая фабрыка набыла імя Лазара Кагановіча, што меў тады мянушку «жалезнага наркама», i сапраўды, як закутая ў жалеза, яна прыціхла. На маю просьбу расказаць пра ранейшую Маркаўшчыну, ватаршчыца адразу згадзілася, i ейнае апавяданне захавалася ў памяці.

«Пра былую Маркаўшчыну можна пісаць i казаць. Цяпер паслухай, братка, пра тое, пра што забаронена пісаць i казаць. Паслухай, можа калі i напішаш, i людзі пра гэтае даведаюцца, але толькі на мяне не паклікайся. Не годная я людской ўвагі. Проста камень хачу з душы скінуць. Сама ж я разам з іншымі тады пад прымусам галасавала, каб манастыр закрыць. I вось прыехалі закрываць ды ўсіх манахаў арыштавалі. Толькі аднаму старэйшаму, векам згорбленаму ды сівому іераманаху Афінагену сказалі: «Ідзі адсюль, народны вораг, на ўсе бакі. Сам неўзабаве здохнеш». А куды яму ісці, калі ўсе ягоныя сваякі або тут на Віцебшчыне павыміралі, або ў Сібір паміраць павысыланыя. Мы ж, тыя самыя, што галасавалі, i дапамагалі потым айцу Афінагену, хто чым можа. Але нядоўга ён пасля гэтага пражыў. На першы дзень леташняга Раства падабралі яго ў колішнім манастырскім садзе замерзлым. Ляжаў ён, аберуч абдымаючы яблыню-антонаўку, якую калісьці сам пасадзіў, а зверху прысыпала яго снегам. Пэўна, злітаваліся над ім тыя самыя анёлы, што Дзіцятку Хрыста славілі. Схадзі, братка Віцьбіч, пакланіся Афінагенавай яблыні. Можа, пасля гэтага лепш зразумееш нашую Маркаўшчыну».

ВІЦЕБСКАЕ ПАДАРВАНАЕ БАРОКА

У помніках рэлігіі, гісторыі i мастацтва звычайна знаходзіць адбітак душа народа. Адсюль зразумела, чаму акупант, падбіўшы тую ці іншую краіну, знішчае ейныя нацыянальныя помнікі або перарабляе ix на свой узор, каб толькі забіць у народзе пачуццё ягонай апрычонасці. I вельмі паказальны ў гэтай галіне Віцебск - адзін з найбольш старых гарадоў Беларусі.

Таму спачатку нават даеш веры Г. Нікіціну, які ў сваёй кніжцы «Віцебск» адзначае, што ў гэтым горадзе «захопнікі знішчылі большасць гістарычных помнікаў». Аднак калі згадаеш сумны лёс Альгердавай тары, Успенскага сабора, цэркваў - Дабравешчанскай, Уваскрасенскай Рынкавай, Чорнай Тройцы на Пескавапіку, Тройцы Маркавага манастыра, Юр'я на Юр'евай горцы i гэтак далей, дык адразу губляеш усякі давер да ягонага сведчання. Не, не за часамі Другой сусветнай вайны i не гітлераўцамі знішчаныя гэтыя найкаштоўныя помнікі культуры.

На Альгердавай гары ўзвышаўся ад XIII ст. Узгорскі драўляны замак, які ў наступным стагоддзі Альгерд перабудаваў на каменны. Гэты апошні праіснаваў да 1708 года, калі Пётр Першы загадаў спаліць Віцебск за падтрыманне ім Караля Дванаццатага. A ў XIX ст. пачаўся наступ i на саму Альгердаву гару. Ладную частку яе скапалі, калі ў 1880-х гг. муравалі камяніцу гімназіі імя Аляксандра Першага, а па вайне знішчылі дашчэнту й рэштку. Тым часам, як сведчыць у сваім характэрным паданні народ, яна была чырвоная не ад гліны, а ад ягонай крыві. I здавалася, што калі сціснуць у далоні жменьку ейнай зямлі, дык паміж пальцаў зацурчыць кроў гордых прашчураў. Гэта быў натуральны курган несмяротнай славы.

Бадай два стагоддзі ўпрыгожваў сабой Віцебск Успенскі сабор. Велічны сам па сабе, ён яшчэ i знаходзіўся на ўзвышаным беразе Дзвіны ля ўтоку яе, Віцьбы, а таму панаваў над усім горадам. I разам з тым ягонай велічнасці была ўласцівая незвычайная лёгкасць ягоных паасобных прапорцый, што надавала будынку чароўны выгляд. Яго пачаў будаваць у 1743 годзе архітэктар Фантані, a скончылі невядомыя тутэйшыя дойліды, надаўшы Італійскаму барока беларускі каларыт. Але цяпер вы можаце пабачыць гэты сабор толькі на здымку ў кніжцы Міхаіла Кацара «Беларуская архітэктура», выдадзенай у 1956 годзе, дзе ён падаецца гэтак, быццам існуе дагэтуль. Яго будавалі на працягу 40 год, a знішчылі аманалам у 1936 годзе на працягу нейкай секунды. Нам даводзілася бачыць, як маліліся віцябляне ля крушняў свайго падарванага барока.

У тым жа 1936 годзе падарвалі найвыдатны помнік беларускага барока Уваскрасенскую Рынкавую царкву, што знаходзілася на рагу вуліцаў Падзвінскай i Сувораўскай. Пра яе існавала ў народзе паказальнае паданне, што ейным прывабным выглядам захапіўся абыякавы наогул да царкоўных будынкаў Напалеон, i таму забараніў скарыстаць яе пад вайсковы шпіталь. Яе разбурылі, бо быццам яна перашкаджала вулічнаму руху, а тым часам, пабудаваная ў 1772 годзе ўся ўгару, яна займала на зямлі маленькую плошчу, якую скарысталі пасля пад кіёск для продажу сельтэрскай вады.

Цалкам мае рацыю Элеанора Вецер, калі ў артыкуле з серыі «Ахове помнікаў - сілу закона», змешчаным у «Чырвонай змене» ад 8 кастрычніка 1969 года, сцвярджае, што на Беларусі «драўляныя цэрквы XVII-XVIII стст. - цяпер вялікая рэдкасць», але не заслугоўвае ўвагі ейнае прыпушчэнне, быццам гэтак сталася ў выніку войнаў.

У Віцебску, на ягонай ускраіне Пескаваціку, знаходзілася драўляная царква, адноўленая ў 1761 годзе князем Агінскім ды вядомая ў народзе i ў літаратуры пад назовам Чорнай Тройцы. Хто толькі з беларускіх мастакоў ёю не захапляўся! Яна адбілася на палотнах Пэна i Даркевіча, на гравюрах Юдовіна, Тычыны і Мініна, яе не абмінуў мадэрны Марк Шагал, аб ёй падрабязна прыгадвае Ігар Грабар (1871-1960) у сваёй «Истории русского искусства». Але пабачыць сёння цудоўную Чорную Тройцу можна толькі на плафоне Парыжскай Гранд-оперы i напано Нью-Ёркскай Метрапалітэн-оперы, дзе паміж іншых кампанентаў змясціў яе ад часоў юнацтва замілаваны ёю віцяблянін Марк Шагал. A ў самым Віцебску Чорную Тройцу парэзалі на дровы яшчэ ў 1923 годзе. Дарэчы, калі аб ейнай пагібелі даведаўся Ігар Грабар, ён не вытрываў i пры людзях заплакаў!

Але найбольш вычуваецца страта сэрца старадаўняга Віцебска, без малога тысячагадовай сведкі ягонай гісторыі - каменнай царквы Дабравешчання. Не дарма i ў бітву калісьці віцябляне ішлі пад лозунгам: «Памром за святое Дабравешчанне!» Паводле даследавання прафесара Паўлінава, яна ўпершыню была пабудаваная ў X ст., а пасля адноўленая Альгердам у XIV ст. У 1932 годзе царкву прыстасавалі пад архіў, у 1941 годзе яе спапяліў сталінскі загад аб «голай зямлі», пакінуўшы толькі сцены. A ў снежні 1961 года, як сцвярджае JI. Аляксееў у сваёй манаграфіі «Полоцкая земля», «па загадзе мясцовых улад удары нескладанага механізму - шар-бабы - на працягу некалькіх гадзін ператварылі будынак у крушні».

Стары віцяблянін, вядомы мастак Юры Пэн (1854-1937), калісьці, паводле ўспамінаў скульптара Заіра Азгура ў кніжцы «Незабыўнае», казаў:

«Люблю я, разумееце, Віцебск. I як гэты горад ня любіць! Цудоўная рака! Высокія, дзе абрывістыя, а дзе пакатыя берагі... Я люблю i цэрквы Віцебска, бо яны непадобныя да смаленскіх. Разумееце, я люблю партрэтнасць горада. Кожны горад павінен мець свой партрэт. А наш Віцебск сваім абліччам адрозніваецца ад усіх гарадоў».

Адноўлены па вайне Віцебск, з прычыны разбурэння да яе i па ёй ягоных гістарычных i архітэктурных помнікаў, амаль згубіў сваю колішнюю партрэтнасць, набыўшы праз шаблонную архітэктуру новых будынкаў штамп, агульны ад Калінінграда да Уладзівастока. А тым часам, каб у ім на сучаснай тэатральнай плошчы насупраць прыгожага будынка драматычнага тэатра імя Якуба Коласа захавалася б тысячагадовая царква Дабравешчання, дык у ix абаіх прыгожа i сымбалічна спалучыліся б стары i новы Віцебск.

«СТАЯЦЬ I ПАМІРАЦЬ» (Віцебскі абеліск)

У Віцебску, пасярод утульнага сквера на высокім беразе Дзвіны, узвышаецца складны абеліск, увенчаны зверху арлом. Абеліск пабудаваны ў юбілейным 1912 годзе паводле праекта вядомага акадэміка I. Фаміна, з фінляндскага чырвона-бурага граніту ў стылі ампір, што надаў велічнасці i прывабнасці суворую прасціню. Па кутах абеліска, падчыркваючы ягонае прызначэнне, застыглі на варце чатыры баявыя марціры, паміж якіх ляжаць, бы напагатове, чыгунныя ядры. З надпісу на мядзянай дошцы, змешчанай на пастаменце помніка, відаць, што прысвечаны ён «Несмяротнай мужнасці герояў Айчыннай вайны - удзельнікам бітвы пад г. Віцебскам 13, 14, 15 ліпеня i 26 кастрычніка 1812 г.»

I хоць яны не перамаглі тады ў ліпені, як спрабуюць у псеўдапатрыятычным запале пераканаць нас аўтары кніжкі «Гарады i сёлы Беларускай ССР» (Менск, 1959 г.), што пад здымкам з гэтага помніка падалі, быццам бы ён пастаўлены ў гонар «перамогі Напалеона ў Віцебску», але іхная самаадданая харобрасць палкам яго заслугоўвае.

Спачатку ў Віцебску планавалася спалучэнне расейскіх армій Барклая дэ Толі i Баграціёна, што пад ціскам войск Напалеона рознымі маршрутамі адступалі на ўсход. Аднак, калі Барклай дазнаўся ад Баграціёна, што з прычыны заняцця маршалам Даву Магілёва іхнае з'яднанне можа адбыцца толькі ў Смаленску, дык загадаў свайму ар'ергарду да апошняй кроплі крыві абараняць Віцебск, каб тым дазволіць галоўным сілам ягонай арміі без страт адарваппа ад непрыяцеля.

Аб упартаспі гэтай заўзятай бітвы сведчыпь загад генерала Аляксандра Астэрмана-Талстога (1770-1857) свайму асуджанаму на пагібель корпусу: «Стаяць i паміраць!» З другога боку сам неапалітанскі кароль маршал Мюрат неаднойчы наперадзе сваёй значна парадзелай конніцы кідаўся ў атакі з крыкам: «Харобрыя, за мной!» I за тры дні ды тры ночы безупыннага бою расейскі корпус згубіў тут 827 чалавек забітымі i 3800 параненымі.

Да помніка вайны 1812 года звернуты сваім галоўным фасадам прыгожы трохпавярховы палац, пабудаваны ў канцы XVIII ст. памешчыкамі Кудыновічамі ў стылі ампір. Спачатку ў ім жылі беларускія генерал-губернатары, пачынаючы ад герцага Аляксандра Віртэмбэргскага, потым віцебскія губернатары. У 1831 годзе ў палацы памёр хворы на халеру вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, якога няўдакладненне са спадчынай трона па смерці Аляксандра I скарысталі ў 1825 годзе для свайго паўстання дзекабрысты. A ў 1812 годзе тут два тыдні пражыў Напалеон Банапарт. Таму хоць у літаратуры за гэтым будынкам захаваўся назоў - губернатарскі палац, сам народ у сваіх паданнях менаваў яго палацам Напалеона.

Увайшоўшы 16 ліпеня ў нарыхтаваныя для яго на трэцім паверсе палаца пакоі, Напалеон, адшпіліўшы шпагу, кінуў яе на ўкрыты картамі стол i сказаў маршалу Мюрату:

«Я тут спынюся, азнаёмлюся з мясцовасцю, злучу корпусы маёй арміі, дам ей адпачыць. Ваенныя дзеянні 1812 года скончаныя, 1813 год пабачыць мяне ў Маскве, 1814 год - у Пецярбурзе».

Аднак, як не можна ўжо стрымаць лавіну, гэтак i Напалеон 1 жніўня пакідаў Віцебск, падаючыся далей на ўсход. Маркізу Пастарэ, прызначанаму ім за губернатара беларускай губерні, што складалася тады з пазнейшых Віцебскай i Магілёўскай губерняў, Напалеон на развітанне, паводле «Запісаў Пастарэ», апублікаваных у «Полацка-Віцебскай старыне», сказаў: «Глядзіце на Беларусь як на саюзніцу, а не як на заваяваную краіну».

У страшэнных 30-х гадах палац, што быў найпрыгажэйшым будынкам у Віцебску, аблюбаваў усемагутны НКВД, выселіўшы з яго нават Віцебскі гарсавет. Новы гаспадар капітальна перабудаваў інтэр'ер палаца, перарабіўшы ягоныя залы пад пакоі для сваіх шматлічных следчых. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на вялікае сутарэнне, прыстасаваўшы яго пад турму, дзе за адразу закратаванымі вокнамі апынуліся сотні вязняў. Панічна ўцякаючы ў 1941 годзе з Віцебска, энкавэдысты ix усіх перастралялі i спалілі палац, ад якога засталіся толькі сцены.

Адначасна з улазінамі ў губернатарскі палац НКВД звярнуў сваю пільную ўвагу на помнік 1812 года насупраць ягоных вокнаў i пастанавіў яго знішчыць. Аднак, калі здзекваючыся з палаца, як з архітэктурнага i гістарычнага помніка, НКВД цалкам ігнараваў падбітую грамадскую думку, дык цяпер папярэдня ягоны агент на старонках тутэйшай газеты «Віцебскі рабочы» паспрабаваў давесці, што абеліск толькі зневажае савецкі горад, бо з бакоў ягонага пастаменту ёсць фасцыі - адзнака італійскіх фашыстаў, а зверху над ім пануе арол Расейскай імперыі.

Шмат чым рызыкуючы, мне давялося стаць на абарону абеліску, колер якога нагадваў кроў прапахлых порахам да касцей старых салдатаў. Над ім, як гэта характэрна для стылю ампір, сапраўды былі барэльефы фасцый - звязак прутоў з сякерамі ўнутры - што служылі адной з эмблем старажытнага Рыму. Таму зусім не выпадкова на помніку над фасцыямі знаходзіліся таксама бронзавыя шаломы рымскіх легіянераў. I фасцыі i шаломы сымбалізавалі тут па шматвяковай еўрапейскай традыцыі веліч шэраговых салдат. A ў дадатак, што супольнага мелі носьбіты фасцый ліктары Юлія Цэзара з чорнакашульнікамі Беніта Мусаліні? Што да арла, дык гэта быў не расейскі, імпэрскі двухгаловы арол з каронамі i скіпетрам, a візантыйскі, пазбаўлены ўсялякіх дзяржаўных атрыбутаў. Тым не менш спачатку знішчылі два гранітавыя кубы перад абеліскам разам з пасярэбранымі ланцугамі-агароджай, потым пачалі знікаць ядры. I толькі вайна перашкодзіла разбурыць гэты помнік дарэшты.

З фотаздымка ў кніжцы М. Кацара «Белорусская архитектура» мы пераканаліся, што нават у 1956 годзе губернатарскі палац у Віцебску яшчэ не быў адноўлены - над ягонымі счарнелымі ад полымя i дыму цудоўнымі каланадамі ўзвышаліся заміж даху аголеныя каміны. Аднак са спрэчак над дакладам намесніка старшыні заканадаўных мерапрыемстваў Вярхоўнага Савета БССР А. Магільніцкага, апублікаваных у «Чырвонай змене» ад 28 снежня (1969 г.), мы з радасцю даведаліся, што гэты шэдэўр мастацтва нарэшце ўсё ж адрамантаваны, а не знішчаны шарбабай, як без малога тысячагадовая царква Дабравешчання. Тое ж пацвердзіла ў сваёй перадавіцы i газета «Голас Радзімы» за студзень 1970 года. I кіруючыся найлепшымі меркаваннямі, я ад душы зычу сваім землякам віцяблянам, каб гэты выдатны помнік культуры скарысталі цяпер пад музей, а не аднавілі ў ім турму для іхных сваякоў i знаёмых.

ЗНІКЛЫ «ДАБРЫДЗЕНЬ» СТАРОЙ ОРШЫ

Там, дзе Дзвіна i Дняпро найбольш набліжаюцца адно да аднаго, паўсталі на першай Віцебск, а на другім - Орша. Гэтыя два гарады разам са Смаленскам складаюць на мапах трохкутнік, вядомы пад характэрным назовам Смаленскай брамы. Не даюцца нават пераліку ўсе заваёўнікі, што ў сваёй крывавай пуцявіне ішлі праз гэтае міжрэчча. Адсюль зразумелая наша прыказка: «Кепска каля Віцебска, а ля Оршы яшчэ горшы». I ўсё ж жыпцястойкая Орша, нагадваючы сабой лес беларускага народа, не толькі не знікла, а пазалетась адсвяткавала сваё 900-годдзе. I разам з тым, як не дзіўна, але ў параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі ў ёй бадай да нашых дзён дайшло досыць гістарычных i архітэктурных помнікаў.

Найперш i даследнікаў i турыстаў зацікавіць л я ўтоку рэчкі Аршыцы ў Дняпро старадаўнае замчышча. Тут у 1067 годзе, як сведчыць «Пачатковы летапіс» (Нестара), у тагачасным урочышчы «на Рши у Смолиньска», кіеўскі князь Ізяслаў паланіў полацкага князя Усяслава Чарадзея. I хоць не дайшлі да сучаснасці муры каменнага замка, адноўленага ў 1500 годзе вялікім князем літоўскім Аляксандрам, але часткова ацалелі ягоныя валы. Яны сведчаць сабой аб векапомнай мужнасці, што знайшла адбітак у народнай песні пра гераічных хлопцаў-пяцігорцаў:

Слава Оршы ўсё не горшы,

Слаўся, князь Астрожскі!

Насупраць замчышча, на другім беразе Дняпра, амаль захавалася падмоснае, што ў плане мае форму трохкутніка, умацаванне Паўночнай вайны, або - акопы Пятра I. Наведаўшы ў 1706 годзе Оршу, пар загадаў выкапаць акопы для абароны пераправы. А на Савецкай вуліцы быў цагляны абеліск. Гэта быў адзін з двух-трох дзясяткаў ацалелых верставых гэтак званых Кацярынінскіх слупоў, што дасталі свой назоў ад царыцы Кацярыны II, на загад якой i з'явіліся. I згадваючы помнікі Расейскай імперыі, не можна абмінуць таксама брацкую магілу 22 ахвяр рэвалюцыі 1905 года, забітых царскімі драгунамі.

Віцебская навуковая экспедыцыя 1939 года па ахове помнікаў рэвалюцыі, гісторыі i мастацтва, якой мне давялося кіраваць, запрапанавала безадкладна ўзяць гэтыя помнікі пад дзяржаўную абарону, бо яны знаходзіліся пад пагрозай знікнення. Адзін з бакоў трохкутніка, з якога складаліся акопы Пятра I, падмыў з цягам часу Дняпро, a іншыя два, паступова знішчаючы ix, разворвала арцель біндзюжнікаў, якая арандавала ў гарсавета пад гароды гэтае былое вайсковае ўмацаванне. З Кацярынінскага слупа аблез тынк, зверху знікла спічастае кап'ё, у ягоным падму рку быў значны выбай, кал я якога хтосьці, браўшы пясок, пакінуў вялікую яму, бы рыхтуючыся пахаваць у ёй абеліск. Габрэйскі могільнік, на якім знаходзілася магіла 22 рэвалюцыянераў, быў знішчаны, бо гарсавет меркаваў скарыстаць ягоную плошчу пад парк адпачынку. Ацалела толькі магіла 22, хоцьна ейным прыгожым помніку была папсутая зорка цара Давіда. Аднак цяпер аб гэтых трох помніках колішняй Расеі няма ў друку аніякага прыпаміну, i вельмі магчыма, што яны палкам зніклі.

Нам не пашанцавала наведаць Куцеінскі манастыр, пабудаваны ў 1623 годзе Багданам Статковічам, - яго заняў пад свае склады Ваенвед. Зводаль ад рэчкі Куцеінкі, што надала сваё імя манастыру, мы дзівіліся наягоную старадаўнюю Багаяўленскуюцаркву са скінутым купалам, але не пабачылі ейных цудоўных фрэсак. A паблізу ад яе заўважылі i будынак, дзе знаходзілася ў XVII ст. друкарня, з якое выйшлі «Буквар» друку Спірыдона Собаля i другое выданне «Лексыкону славенароскага» Памвы Бярынды. I гэтая славутая друкарня годна працягвала традыцыі той Оршы, якая пакінула нашчадкам напісанае на пэргамэнце Аршанскае Евангелле XIII ст.

Таму мае рацыю Я. Пушкін у сваім артыкуле з паказальным загалоўкам - «Захаваць беларускую лаўру» («Звязда» ад 9.10.1969 г.), калі абураецца з прычыны паступовага разбурэння Куцеінскага манастыра. Ідучы следам за народнымі паданнямі, ён прыпушчае далей, што адсюль ідзе падземны ход да Пакроўскага манастыра. Але не згадвае нічога пра пячоры, што знаходзяцца ў трох кіламетрах ад Оршы ў мясцовасці Дубкі i выкапаныя ў XVIII ст. куцеінскімі манахамі. Гэтыя пячоры даследавала ў 1926 годзе экспедыцыя Інбелкульту на чале з прафесарам Іванам Сербавам, a ў 1939 годзе Віцебская экспедыцыя. Яны, калі захаваліся, заслугоўваюць далейшага даследавання.

Калі Я. Пушкін у кагадзе прыгаданым артыкуле з адпаведным падзагалоўкам - «Востры сігнал» - з сумам адзначае пра разбурэнне Пакроўскага манастыра, дык намеснік старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў Ф. Барысевіч у артыкуле «З чаго пачынаецца радзіма...» («Літаратура i мастацтва» ад 28.09.1969 г.) падае, што ён ужо знішчаны разам з касцёлам з дазволу мясцовага камітэта па, прабачце, ахове помнікаў!

На высокім беразе Аршыцы Ян Лепкоўскі пабудаваў у 1758 годзе для базыльянскага манастыра касцёл Апекі Багамаці, які ў 1863 годзе Пакроўская царква на пачатку XXст. перарабілі ў Пакроўскую царкву. Але здымак з яе можна пабачыць цяпер толькі ў манаграфіі У. Чантурыі «История архитектуры Белоруссии», дзе ейнаму стылю ракако аўтар прысвяціў прачулыя радкі, слушна падкрэсліваючы, што ў ёй, у параўнанні з іншьші ракаковымі будынкамі, гэты чароўны стыль знайшоў найбольш выразны адбітак. Цяпер яна разбураная, як i касцёл Нараджэння Багамаці, пабудаваны ў 1680 годзе Каткоўскім для францішканскага манастыра.

Далёкай старадаўнінай быў ахутаны гэты велічны касцёл, якую падкрэслівалі моцныя кантрафорсы, што падпіралі яго з чатырох бакоў. Напярэдадні вайны тут месціўся гараж аўтобусаў Белдзяржтрансу. Калі ў 1939 годзе мы прайшлі ў яго праз праламаныя ў бакавой таўшчэзнай сцяне шырокія вароты, дык нечакана заўважылі на падлозе паміж аўтобусамі мазаічны надпіс: «Сальвэ!» (Salve!) - пад ім паміж альфай i амегай - гэтак званы «Лаборум» - крыж Канстанціна Вялікага.

«Сальвэ!», або ў перакладзе з ладіны - «Дабрыдзень!». Сівая мінуўшчына ад душы вітала нас. Хто б ты ні быў - кароль ці жабрак, праваслаўны ці каталік, дзед ці дзіця, вернік ці не знайшоў яшчэ дарогі да Бога, - Дабрыдзень! I назаўсёды знік гэты сардэчны «Дабрыдзень!», якім старавечная Орша бадай надысь вітала новую, жадаючы ейным цяперашнім грамадзянам толькі дабрыні.

«БРАСЛАЎ НАШ ПРЫ АЗЁРАХ»

Пры ўспаміне пра гэты маляўнічы горад, якому адпавядае такое ж прывабнае наваколле, адразу прыгадваецца паэтычнае сведчанне ўзвышэнца Уладзіміра Дубоўкі:

Браслаў наш пры азёрах,

I азёры ў Міёрах,

А подобных азёр

Ты не знойдзеш нідзе.

A з ім перагукваецца другі ўзвышэнец Максім Лужанін:

Каля Браслаўскіх сініх азёр

Гусі-лебедзі мыліся,

Паглядзі ў прастор,

Ці дарог не забыліся.

Бадай на 50 кіламетраў працягнуўся з поўдня на поўнач ланцуг з трох дзясяткоў блакітных вязьмаў - вялікіх i малых Браслаўскіх азёраў, з якіх найбольшыя Дрывяты, Неспіш, Струста, Снуды і крыху ў баку ад іх Волас. Паміж ix найвялікшае Дрывяты, што займае прастор без мала 40 квадратных кіламетраў, а найглыбейшае Волас, да дна якога 39 метраў. Вада ў ix надзвычай празрыстая i блізу заўсёды неспакойная, a ў часе навальніц белыя хвалі з шумам разбіваюцца аб стромкія i звілістыя берагі. I шмат утульных астравоў на тых азёрах, якія злучае разам рака Друйка, што ў Друі далучаецца да роднай Дзвіны.

Як мур, абаранілі Браслаўскія азёры Полаччыну, а найбольш шырокі пярэсмык паміж ix замыкаў Браслаў, што ў 1965 годзе адсвяткаваў сваё 900-годдзе. Заснаваў яго на папялішчы ранейшай сялібы бацька Усяслава Чарадзея князь Брачыслаў, надаўшы яму сваё імя. З цягам часу ў гэтым назове выпаў сярэдні склад, i ён з'іначыўся на Браслаў.

Прыгранічнае палажэнне спрычыніла яму шмат ліха. Гэтак, з «Хронікі Быхаўца» ведаем, што ў 1065 годзе літоўскі князь Кернус зруйнаваў Браслаў, а 400 год па тым Свідрыгайла дачакаўся тут магістра лівонскага, каб разам пайсці супраць грознай Літвы, але перашкодзіла таму, як даволі іранічна зазначыў летапісец, залева. Горад неаднойчы руйнавалі крыжакі, у 1550 годзе разбурылі яго дашчэнту крымскія татары, 100 год па тым спалілі стральцы цара Аляксея Міхайлавіча, але заўсёды ён змагаўся да апошняга. Наогул для гісторыі Браслава характэрны ягоны старадаўні герб: чалавечае вока на блакітным трохкутным шчыце ў залатых сонечных праменнях, дзе вока сымбалізавала сабой прымежную пільнасць, a ў колеры шчыта адбіўся блакіт азёраў.

Горад ляжыць на пярэсмыку паміж азёрамі Дрывяты i Наваты, узвышаючыся над імі на 30 метраў, i прыгожым амфітэатрам спушчаецца да ix. I найвышэйшае месца ў ягоным цэнтры вядомае пад назовам Замкавай гары. Да XVII ст. на ёй, паводле малюнку да карты Макоўскага ад 1613 года, існаваў мураваны замак з трыма вежамі, ад якога не засталося цяпер i рэшткаў. Калі ў 1955 годзе знаны археолаг Л. Аляксееў даследаваў тутэйшае замчышча, ён удакладніў, што горад сапраўды заснаваў Брачыслаў, а перад ім тут жылі латыголы. Паміж шмат якіх рэчаў, адкапаных на Замкавай гары, знайшлі i рыбацкія прылады, што вельмі ўсцешыла сучасных рыбакоў, i ллячкі для ліцейнага рамяства, i тагачасныя асадкі - «пісалы», як довад пісьменнасці прашчураў, але найбольш траплялася зброя - стрэлы, дроцікі, мячы i баявыя сякеры.

З вышыні Замкавай гары адкрываецда незабыўны краявід, аздоблены азёрамі i лясамі. Аж за 10 кіламетраў бялеецца Слабодскі касцёл. Зянон Панізнік у нарысе «Браслава», змешчаным у леташнім № 9 «Маладосці», прыгадвае ўражанне амерыканскага падарожніка ад яго: «Калі я на раніцы пры ўсходзе сонца глядзеў на Слабодскі касцёл, прыгажэйшага віду ў Еўропе я не бачыў», i дадам, што каваныя завесы i клямары гэтага касцёла, як i сцены касцёла ў недалёкіх ад яго Дрывятах, маюць беларускі геаметрычны арнамент.

Тут жа на Браслаўшчыне, у Мяжанах i Дрысвятах, захаваліся старадаўнія касцёлы, помнікІ беларускага драўлянага дойлідства. Заслугоўвае на вялікую ўвагу базыльянскі барокавы кляштар у Друі, пабудаваны на пачатку XVII ст., як i адначасны яму i таксама барокавы касцёл у Пядруі, прычым у гэтым апошнім проста не даеш веры, што хваёвым без ніводнай шчыліны бэлькам над скляпеннем ужо 350 год, a клямкі дубовых дзвярэй, збітых кавальскімі цвікамі, зробленыя паводле ўзору, звычайнага для вакольных вясковых хат.

Наогул на Браслаўшчыне з ейнымі спічастымі дахамі пераважаюць готыка i барока, але разам з тым не толькі на будынкі рэлігійнага прызначэння пашыралася тут таленавітасць народа. Яна адбілася нават у калодзежах, што сям-там сваёй будовай нагадваюць капліцы, але найбольш цікавы каменны млын у вёсцы Зарачча, пабудаваны ў 1882 годзе на рэчцы паміж азёраў Бужа i Рача. Ягоная белая сцяна аздобленая птушкамі, кветкамі i жаўнерамі з узнятымі шаблямі, a ўсё гэта зроблена з кавалачкаў пасечанага чорнага палявога каменю. Каменная мазаіка вельмі пасуе да ўсяго стагадовага млына, складзенага з вялікіх камянёў. I можа не працуе сёння гэты млын, бо мацнейшая сіла круціць цяпер жорны, але, як заслужены ветэран, любоўна ўпрыгожаны калісьці ўдзячнымі тубыльцамі, ён заслугоўвае на ўвагу i ахову. I хай сабе спыніліся ягоныя жорны, але ўсё роўна, зірнуўшы на яго, згадваецца народжаная вадзяным млынам жыццясцвярджальная мелодыя цудоўнага Франца Шуберта:

Кружацца жорны i шумяць,

Кружацца.

Не ставіў стары Браслаў помнікаў ні каралям, ні царам, ні іншым дзяржаўным правадырам, a паставіў на сваёй Замкавай гары абеліск з надпісам: «Памяці Станіслава Астыка Нарбута тут пахаванага. Жыхары Браслаўскага павета. 1852-1926». Гэта быў вылучнай дабрыні доктар, які аднолькава ставіўся да ўсіх без увагі на нацыянальнасць, веравызнанне i сацыяльны стан. З беларусам ён размаўляў па-беларуску, з палякам - па-польску, а калі лячыцца да яго траплялі яўрэй або расеец, дык гутарыў з імі па-іхнаму. Апрача ўважлівай мэдычнай дапамогі, доктар Нарбут падтрымліваў хворых заўсёды ўласцівым яму добрым гумарам, а бедных не толькі лячыў дармова, але часамі дапамагаў ім грашыма. На свае сродкі ён пабудаваў тут вялікую бальніцу, што стаіць i цяпер.

Таму, калі самотны ў сваім прыватным жыцці Станіслаў Нарбут памёр, аплаканы ўсімі, i дарослымі i дзецьмі, яго пахавалі на Замкавай гары, дзе ён любіў у часе кароткага адпачынку сядзець i глядзець удалеч на азёры i лясы. А на абеліску змясцілі вялікі ліхтар, якога святло відаць было за 10 кіламетраў. Нават памёрлы ўжо, дапамагаў уначы доктар Нарбут рыбакам на бліжэйшых i аддаленых азёрах знайсці дарогу ў цемры да сваіх хат.

Замкавая гара ў Браславе - гэта паліты народнаю крывёю гістарычны помнік, які, магчыма, захоўвае таксама яшчэ не цалкам адкапаныя навуковыя каштоўнасці, а таму патрабуе яна дзяржаўнай аховы ад выпадковых пабудоў. Чакаюць яшчэ на даследнікаў руіны мураваных будынкаў на астравах азёраў, якія народ у сваіх незлічоных паданнях найчасцей лучыць з каралевай Бонай. Заслугоўваюць на вывучэнне архітэктурныя помнікі Браслаўшчыны, бо тым часам яны бадай абмінутыя мастацтваведамі. A калі толькі не знішчаны абеліск на магіле доктара Нарбута, або калі пагашаны на ім ліхтар, дык трэба зноў запаліць яго, бо ягонае святло сымбалізуе сабой вялікую любоў да роднай зямлі i ейных добрых людзей.

«БЕЛАРУСАМ НАВЕК ЗАСТАНУСЯ» (Абольцы)

Мястэчка Абольцы на Віцебшчыне. Яно гэткае ж маленькае, як чаротам зарослая рэчка Абалянка, што, паблізу пачынаючыся, паволі цячэ праз яго да Лучосы, каб разам з ёю далучыцца ў Віцебску да Дзвіны. На ўсход ад Абольцаў, у мястэчку Смалянах, захаваліся крушні велічнага замка каралевы Боны. На поўдня ад ix, каля вёскі Дзятлава, ляжаў вялізны Рагвалодаў камень з высечанымі на ім крыжам Святой Еўфрасінні-Прадславы i просьбай аб дапамозе да Бога. Тут - адвечная Беларусь.

У верасні 1939 года, у пошуках нашых старажытнасцей, мне давялося трапіць у Абольцы. Спачатку я не адразу даў веры, што, паводле прыпушчэння некаторых навукоўцаў, яны становяць рэштку старадаўняга горада Оболчы, які згадвае яшчэ Уваскрасенскі летапіс. З'іначыўшы з цягам часу свой назоў на Абольцы, селішча гэтае таксама адбілася ў іншых гістарычных дакументах. Гэта тут, як сведчыць «Хроніка Быхаўца», вялікі князь Літвы i кароль Польшчы Аляксандр Ягайлавіч прымаў у 1499 годзе пасла Масквы. Здавалася, як на першы погляд, дык нічога цяпер не нагадвала аб мінулым Абольцаў, але гэтактолькі здавалася.

Ідучы следам за сцверджаннямі шмат якіх гісторыкаў, як Міхаіл Без-Карніловіч (1796-1862), Пампей Бацюшкаў (1811- 1892), Адам Кіркор (1818-1886), Арсен Турцэвіч (1848-1918), Аляксей Сапуноў (1851-1924) ды іншыя, я ўжо ведаў, што ў 1387 годзе кароль Ягайла пабудаваў у Абольцах адзін з першых на Беларусі касцёлаў.

Пасля дарэмных пошукаў яго ў самым старавечным мястэчку, мне параілі агледзепь касцёл за адну вярсту ад Абольцаў, прыпушчаючы, што з прычыны змяншэння мястэчка касцёл апынуўся па-за ім. I неўзабаве я падыходзіў да гэтага касцёла з могільнікам вакол. Паасобку ад касцёла стаяла невялічкая званіца, званы якой колькі год таму, як дазнаўся, былі здрушчаныя. Раўнуючы да барокавых i рэнесансавых катэдраў вялікіх гарадоў, вельмі сціпла выглядаў звонку гэты Дом Божы. Сам драўляны, ён быў абшаляваны старчма грубым i дошкам i, наякіх дзе-нідзе захавалася цёмна-блакітная фарба. Ягоны адзіны купал над пазбаўленым усялякіх аздобаў фасадам, як i ганак з чатырма, калісьці белымі, а цяпер шэрымі калонамі, пакрывілася. Струхлелая гонтавая страха, у падмурку павыкрышваліся паасобныя цагліны, a ў некаторых вокнах буй-вецер павыбіваў сям-там балоны.

Вонкавае ўбоства занядбанага i паруганага касцёла падчырквалі, хоць i таксама зняважаныя, але багатыя надмагільныя помнікі. Адны з італійскага мармуру, другія з фінскага граніту, трэція з чыгуну вытворчасці ўральскіх гамарняў. Аў самым куцэ могільніка прытуліўся вялікі задуменны жальнік, як на Віцебшчыне завуць з аднаго каменя вычасаны старажытны крыж, на якім нейкім цудам захаваліся лічбіны - 1417.

Калі велічэзны, вырабу вясковага каваля, ключ адчыніў рыплівыя дзверы касцёла, я спярша разгублена спыніўся на бабінцы - нутраны выгляд касцёла адпавядаў ягонаму вонкаваму. Уверсе птушкі з ціўканнем павылёталі праз выбітыя балоны, a ўнізе пройма гойдала выцвілыя пратэсы. У інвентарным спісе, знойдзеным мной у тутэйшым сельсавеце, зазначалася, што гэты Успенскі касцёл пабудаваў у 1709 годзе сваім коштам архідыякан Вечаркоўскі, пасля чаго святыня ці раз рамантавалася. Той жа самы спіс сведчыў, што цяперашні касцёл, які ўжо сам па сабе быў помнікам рэлігійнага старадаўняга дойлідства, паўстаў па месцы колішніх, што існавалі тут здавён-даўна. I нечакана я пабачыў пацверджанне гэтага.

Над прыбочнымі дзвярыма аўтара былі два прыгожа намаляваныя на сцяне нязнаным выдатным мастаком партрэты, аздобленыя кляйнодамі і гербамі. На правым з іх, паводле надпісу, быў вялікі князь літоўскі, кароль польскі i шведскі Жыгімонт III, а на левым - вялікі князь Літвы i кароль Польшчы Уладзіслаў. Яны трымалі ў сваіх руках даравальныя граматы, якімі сведчылі, што яны - дажывотныя фундатары касцёла ў Абольцах. I тады я ўжо канчальна пераканаўся, што сучасны касцёл паўстаў на месцы ранейшых, атрымаўшы гэткім парадкам іхную гістарычную спадчыну. А значыцца першы з ix сапраўды пабудаваў не хто іншы, як Ягайла, што меў хрысціянскае імя Уладзіслаў.

З гулам гарматным адыйшла ў мінулае грозная Літва, а таму i колішні значны горад Аболчы ператварыўся ў невялічкае мястэчка Абольцы Магілёўскай губерні Расейскай імперыі. Лёс Аболчаў падзяліў i іхны касцёл, заняпаўшы ў сваім вонкавым i нутраным выглядзе. Аднак, не зважаючы на ўсе злыбяды, як характэрна, што якраз у гэтым касцёле правіў Божую Службу ксёндз Аляксандр Астрамовіч, вядомы на Беларусі як паэт Андрэй Зязюля (1878-1921).

Не, невыпадкова святарыў ён у гэтай, за ягонымі часамі, відаць, ужо беднай i нялічнай парафіі, бо ў сваім вершы, што нагадвае прысягу свайму народу, з уласцівым яму палам прагаласіў:

Хай срэбра, дукаты мне сыпяць пад ногі

I скажуць: багаты будзь, кінь род убогі,

Я плюну з пагардай, народу ж i волі -

Не здраджу ніколі

Да самага скону, усякім прымусам

І сіле прыгону скажу: «Белорусам

Навек застануся, сваеўласнай волі -

Не здраджу ніколі!»

Магчыма, уздымаючыся на гэтую сціплую амбону ды зварачаючыся да вернікаў з казаняй у роднай беларускай мове, ён тлумачыў ім пра іхную Бацькаўшчыну акурат тое самае, што адбілася ў ягоным вядомым патрыятычным вершы:

Хоць знойдзецца ў Табе звыродны валакіта,

Катораму Твая не даспадобы світа,

I не адзін прадасць Цябе Іскарыёт,

Але Табе яшчэ усе ж, Маці семяніта,

Сяляне верныя, што сеюць жыта,

А з ix паўстане Твой Народ!

Няма ведама, ці існуе цяпер у Абольцах Успенскі касцёл, што быў гістарычным i архітэктурным помнікам. З болем дазналіся мы з артыкула археолага С. Шутава ў «Чырвонай змене» ад 5 чэрвеня 1966 года, што: «За апошнія тры-чатыры гады разбурана значна больш помнікаў, чымся за ўвесь час іхнага існавання». I бадай, ці не толькі помнікабо крыж, але нават i грудок захаваўся над магілай у Сённе, дзе перадчасна, 43-гадовым, лёг у студзені 1921 года на вечны адпачынак слаўны паэт-адраджэнец Андрэй Зязюля, які створаны ім першы беларускі рэлігійны гімн «Божа, што калісь народы» скончыў сардэчным пажаданнем:

Дык жыві ж Ты i красуйся,

Наша Маці, Беларусь!

ПРА ЗАНЯДБАНЫ ЗАМАК З АБЦЯТЫМ НАЗОВАМ (Смаляны)

На Аршаншчыне, па баках рэчкі Дзярноўкі, разлеглася маленькае, але старадаўняе мястэчка Смаляны. Упершыню яно згадваецца ў канцы XV ст., як вотчына князёў Бельскіх, пасля ім валодаў слаўны гетман Канстанцін Астрожскі, тады той самы князь Андрэй Курбскі, што ўцёк ад гневу цара Івана Грознага з Маскоўшчыны да Літвы. Нічога цяпер тут не прыгадвае аб ix, але затое пакінула свой манументальны след вядомая каралева Бона - жонка Жыгімонта Старога, маці апошняга з Ягайлавічаў Жыгімонта Аўгуста i Ганны, жонкі Стэфана Баторыя.

Прыгожая i ўладалюбная італьянка Бона Сфорца (1494- 1557) - дачка герцага міланскага Яна Галеаца прывезла з сабой у 1518 годзе ў Польшчу апошнія навіны тагачаснай еўрапейскай культуры ды цывілізацыі, пачынаючы ад рэнесансу i да гародніны ўлучна. Гэта яна ўпершыню пазнаёміла Рэч Паспалітую з пятрушкай, салатай, парэем, савойскай капустай i спаржай, якія палякі дагэтуль называюць «влошызна», гэта значыцца, італьянскія. Толькі Бона была не звычайнай жанчынай-гаспадыняй, але каралевай з вельмі модным, зусім не жаноцкім характерам. Ейная аграрная рэформа, вядомая пад назовам Валочныя ўставы каралевы Боны, на думку акадэміка Уладзіміра Пічэты, выказаную ім у кніжцы «Белоруссия и Литва, XV-XVI вв.» (1961 г.), была «аграрнай рэвалюцыяй, i Жыгімонту Аўгусту давялося пазней толькі завяршыць матчыну практыку».

Разам з каралевай Бонай прыехалі з Італіі архітэктары, якія пачалі будаўніцтва замкаў. На Беларусі налічваецца шэраг будынкаў, што маюць ейнае імя. Апрача Смалянаў, яны ёсць у Пінску, Рагачове, Крычаве, Серніках ды іншых мяецовасцях. Таму міжволі згадваюцца прысвечаныя Беларусі радкі паэта Аляксея Зарыцкага:

І колькі Вітавыхмагіл

I замкаў каралевы Боны.

На ўскраіне сучасных Смалянаў, на невялікім узгорку, абмываным з аднаго боку Дзярноўкай, а з другога ейнай штучнай адтокай, узвышаецца прывабная 14-метровая ўвышкі вежа i рэштка магутнага муру колішняга замка. Вежа, што мае выразны рэнесансавы стыль, пабудаваная з цэглы i камення, пласты якіх чарадуюцца паміж сабой, нагадваючы муроўку Старога замка ў Гародні. У ёй захаваліся нішы, сляды нутраных вітых сходаў, аркавы пераход, а звонку - высокамастацкі скульптурны картуш, сымболіка якога не расшыфраваная дагэтуль, але ён сведчыць аб тым, што будаўнікі ўдзялілі шмат увагі дэкаратыўнаму аздабленню замка. I над картушам у акне самага верхняга яруса вежы захавалася драўляная папярэчка, на якой, відаць, вісеў набатны звон.

У сучаснай савецкай л ітаратуры замаку Смал янах згубіў сваё колішняе імя. Нават паважны навуковец, доктар архітэктуры Уладзімір Чантурыя сваёй адмыслова яму прысвечанай нататцы ў газеце «Літаратура i мастацтва» ад 5 снежня 1968 года даў загаловак «Рэшткі замка ў Смалянах». Тым часам дарэвалюцыйным гісторыкам i краяведам, як Аляксей Сапуноў, Міхаіл Без-Карніловіч, Пампей Бацюшкаў, Адам Кіркор, Павел Кукальнік, Кірыла Анікіевіч ды іншым, ён вядомы вылучна як замак каралевы Боны. У 9-м томе «России» Сямёнава аб Смалянах чытаем:

«Позже здесь некоторое время жила королева Бона, замок которой разрушили россияне во время Северной войны».

А сам народ мянуе яго толькі замкам каралевы Боны, стварыўшы вакол яго на свой звычай шмат цікавых паданняў.

Падарванне расейцамі 3 жніўня 1708 году гэтага выдатнага рэнесансавага помніка культуры ж не мае грунтоўнага апраўдання. Перад тым яны паланілі тут шведскі аддзел на чале з генералам Каніферам, a ўжо пасля гэтага знішчылі замак, каб не пакідаць вайсковага ўмацавання на зямлі, якая тады да Расеі не належала. Замак потым не аднавілі, ягоная цудам ацалелая вежа з цягам часу пачала разбурацца, i ў 1897 годзе частка яе завалілася. Памешчык Цітоў, якому належалі крушні, адрамантаваў вежу, тое ж у 1903 годзе зрабіў i памешчык Хамянтоўскі.

Аднак у 1930-х гадах Смалянскі сельсавет пастанавіў разваліць вежу, каб з ейнай цэглы пабудаваць у мястэчку лазню, але на абарону вежы спярша сталі настаўнікі i студэнты тутэйшага сельскагаспадарскага тэхнікума, a ў 1939 годзе Віцебская навуковая экспедыцыя па ўліку помнікаў рэвалюцыі, гісторыі i мастацтва.

Апрача замка каралевы Боны, заслугоўвае ў Смалянах дзяржаўнай аховы Спаская царква. Я на складаецца з дзвюх частак - верхняй, драўлянай, адноўленай у канцы XVIII ст., i ніжняй, каменнай, або - крыпты, з якіх кожная становіць паасобную царкву ca сваім прастолам, прычым ніжняя значна старэйшая за верхнюю, аб чым сведчыць характар ейнай муроўкі. Верхняя царква мае дзве прыгожыя званіцы без вокнаў, прызначэнне якіх такім парадкам чыста дэкарацыйнае, што надае будынку ўнікальнае значэнне.

Экспедыцыя 1939 года ўзяла Спаскую царкву пад дзяржаўную ахову, але ні дзе ў друку аб ёй не згадваецца. Тым часам старадаўніну крыпты Спаскай царквы падчырквае таксама адно з народных паданняў, паводле якога каралева Бона быццам бы ездзіла да яе на тройцы коней па падзямельным ходзе з замка. Прыпушчэнне мэтазгоднасці такога падарожжа на адлегласць чвэрткі кіламетра больш чым наіўнае, але застаецца затое фактам, што паводле часу паходжання народ лучыць разам крыпту і замак.

Калі глядзіш на велічную вежу рэнесансавага замка ў Смалянах, дык пачынае здавацца, што атульвае яго не дачка Друці, маленькая Дзярноўка, а Тыбр ці По, i адразу згадваецца іншае паданне. Народ у ім сцвярджае, быццам часам уначы ў вокнах замкавай вежы, якія сёння падобныя да вочных дзірак шкілета, запальваецца святло, чуецца музыка i паказваецца жанчына ў белым адзенні. Сваім прывабным тварам, як i колерам сваёй ядвабнай сукні, яна нагадвае толькі тую самую Бону, што гэтак яскрава адбілася на вядомым абразе Яна Матэйкі «Званы Жыгімонта», пры ўспаміне аб якіх паэт нашанівец Язэп Фарботка (1893-1956) зазначыў:

А наш народ праліў крыві свае нямала,

Наш край скалёсілі гарматы не адны...

Гісторыя ўсю нам славу захавала,

Хоць не гудуць аб ей магутныя званы.

ТАМ, ДЗЕ ДЗВІНА ЎЦЯКЛА АД ДНЯПРА (Бешанковічы)

У маёй аповесці «Ціхая Руба», якой пачаўся ў 1932 годзе № 1 новага літаратурнага часопісу «Полымя рэвалюцыі», стары плытагон Самусь Галабурда гэтак пераказвае народнае паданне:

«I адпусціў дзед Дняпро з Вокаўскага лесу, рыхтуючыся ў пуціну, сваю маладуху Дзвіну, каб яна, сабраўшы патаёліныя воды прыбочныя, - потым уліла ix у Дняпро i разам з чалавекам пабегла да цёплага поўдня. Але Дзвіна, падхапіўшы ў сваёй пагулянцы Вялісу й Валкоту, Мяжу й Таропу, Усцячу й Касплю, Лучосу й Віцьбу, адчула сваю моц, i пад Бешанковічамі пабегла ад старога мужыка наўцёкі ў зусім іншы бок - да мора Балтыйскага, бурштыновага».

Так, сапраўды там, дзе Дзвіна бадай пад простым кутом мяняе свой ранейшы паўдзённа-заходні кірунак на паўночназаходні, ляжыць на ўзвышшы ейнага стромкага левага берагу мястэчка Бешанковічы. Згадваецца яно ўпершыню ў гісторыі ў 1447 годзе, калІ кароль Казімір Чацвёрты ў падзяку за тое, што на Ільін дзень танула, але цудам выратавалася каралева, загадаў пабудаваць тут, дзе ўжо было значнае селішча, царкву на імя прарока Ільі. Пра колішні дабрабыт Бешанковічаў сведчыць тое, што падканцлер Вялікага Княства Літоўскага Казімір Леў Сапега выстараўся для ix у 1634 годзе ў караля Уладыслава Чацвёртага магдэбурскае права, паводле якога ў ix пасля штогоду адбываўся вялікі Петрапаўлаўскі кірмаш, вядомы па ўсёй Беларусі.

Пасля ад Сапегаў мястэчка перайшло да віленскага ваяводы Казіміра Агінскага, а потым валодалі ім графы Храптовічы-Буценявы, што мелі сваю рэзідэнцыю ў Шчорсах на Наваградчыне. Дзякуючы іхным сродкам, на вялікай плошчы мястэчка з'явіўся мураваны гандлёвы двор з 60 крамамі, а бадай усе ягоныя вуліцы забрукавалі. Чыгункі абмінулі Бешанковічы, але была ў ix людная параходная прыстань. У часе Другой сусветнай вайны на Бешанковічы прыпаў галоўны ўдар 43-й савецкай арміі, што меў на мэце абкружыць пад Віцебскам нямецкія дывізіі. I пэўна тады, а магчыма i па вайне, знік тутэйшы гістарычны помнік, бо пра яго ў сучасным друку няма нідзе згадкі. А можа ён i захаваўся, але не ўважаецца за патрэбнае ўзяць яго пад дзяржаўную ахову.

На ўскраіне Бешанковічаў, пасярод прыгожага старога парку, знаходзіўся мураваны двухпавярховы дом з двума аднапавярховымі крыламі, пабудаваны ў канцы XVII ст. князем Янам Агінскім. Бясспрэчна, ён меў калісьці багатую вонкавую дэкаратыўную аздобу, ад якое ў выніку шмат якіх пераробак засталіся толькі ўзорная чыгуначная агароджа балкона ды сандрыкі над вокнамі ніжняга паверха. Будынак з цягам часу згубіў сваё значанне як архітэктурны помнік, але цалкам перахаваў значанне гістарычнае. Як сведчыць Н. Рабінін у 2-м томе «Полопко-Витебской старины», на гэтым самым доме вісела мармуровая мемарыяльная дошка з надпісам, што ў ім за рознымі часамі спыняліся Пётр Першы, Напалеон Банапарт i Аляксандр Першы. У 20-х гадах, калі ў будынак перайшла школа-сямігодка, дошка знікла.

Пётр Першы быў тут у часе Паўночнай вайны тройчы. У 1701 годзе па дарозе з Масквы ў Біржу, дзе меў спатканне з каралём Аўгустам Другім; у 1705 годзе накіроўваючыся Дзвіной да Полацка, у якім знаходзілася галоўная кватэра ягонай арміі; i бадай увесь сакавік 1708 года, калі ён склікаў тут вайсковую руска-польскую нараду. Між іншага, якраз сюды прыбыў з даносам ад Качубея на гетмана Мазэпу той зухаваты казак, якому паэт Аляксандр Пушкін прысвяціў прачулыя радкі ў сваёй паэме «Палтава». Дарэчы, бадай ці знойдзецца ў сусветнай літаратуры яшчэ адзін прыклад гэткага высокамастацкага адлюстравання вернаподданіцкага даносу.

У ліпені 1812 года ў гэтым доме тры дні пражыў Напалеон Банапарт. Пакінуўшы ў Бешанковічах i іхных ваколіцах корпус маршала Сэн-Сыра, Напалеон разам з італьянскім віцэ-каралём Эжэнам Багарнэ i неапалітанскім каралём Ёахімам Мюратам адбыў да Віцебска. Паводле сведчання 9-га тома «Живописной России», тут яшчэ на пачатку XX стагоддзя перахоўваўся з усім тагачасным абсталяваннем той пакой, што паслужыўся яму за спальны. I, урэшце, у 1821 годзе ў тым жа доме затрымаўся Аляксандр Першы, які прымаў у Бешанковічах пасля манеўраў парад гвардзейскага корпуса. У адзнаку гэтага граф Храптовіч-Буценяў пабудаваў адмысловы помнік, які разбурылі ў 1932 годзе.

Гістарычны дом абкружаюць стагадовыя дубы й ліпы. Цешыць, што, паводле артыкула Г. Маргайліка «Лясныя волаты» ў газеце «Літаратура i мастацтва» (ад 23.01.1970), дагэтуль узвышаецца над імі старэйшы за ix магутны дуб Напалеона, стоячы пад якім Банапарт назіраў за пераправай цераз Дзвіну корпуса Мон-Брунэ. Яшчэ навуковая экспедыцыя 1939 года, на чале якое мне давялося быць, узяла гэты дуб пад дзяржаўную ахову, з чаго тады, між іншага, вельмі здзівіўся старшыня тутэйшага райвыканкама Іван Раманавіч Прытычэнка, які прызначаў яго для патрэб мясцовага прамкамбінату.

Апрача гістарычнага дома i старога парку, заслугоўвае на ўвагу вал маршала Сэн-Сыра, што знаходзіцца ў правабярэжнай частцы Бешанковічаў, вядомай пад назовам Стрэлкі. Корпус гэтага маршала складаўся бадай цалкам з падбітых тыфам i дызентэрыяй баварцаў, якія, як пагардліва сцвярджаюць у сваіх мемуарах французы, пыталіся адзін у аднаго: «Дзе тут дом для тых, хто памірае?» У сапраўднасці вал, пабудаваны імі для абароны ад корпуса Вітгенштэйна пераправы праз Дзвіну, цягнецца больш чым на кіламетр, маючы ўвышкі ад 3 да 5 метраў. Як на тыя часы, вал гэты быў паважным вайсковым умацаваннем.

Не захаваліся ў Бешанковічах старадаўнія драўляныя цэрквы i сінагога, што былі выдатнымі архітэктурнымі помнікамі. Найбольш цікавая з ix Мікалаеўская царква, пабудаваная ў канцы XVII ст., была, як з жалем згадвае ў 1-м томе «Полоцко-Витебской старины» вядомы краязнаўца святар Міхаіл Красавіцкі, не зважаючы на абарону яе знаным навукоўцам Мікалаем Нікіфароўскім (1845-1910), разбураная з дазволу кансісторскіх урадаўцаў. Іншыя дзве цэрквы знішчаныя ўжо за савецкімі часамі.

Сінагога згарэла ў 30-х гадах пры таямнічых акалічнасцях. Амерыканскія габрэі з нараджэнцаў у Бешанковічах дапамагалі сваім землякам аднавіць сінагогу, чаму мясцовыя ўлады зусім не супрацьдзеілі, бо адразу па пабудове адабралі яе ад вернікаў, прыстасаваўшы пад клуб. I ўсё ж характэрна, што якраз з Бешанковічаў, з іхнай Стрэлкі, паходзіць «беларускі Левітан», знаны мастак Саламон Юдовін (1892-1954). Габрэй з нацыянальнасці, ён у сваіх выдатных гравюрах з вялікім пачуццём стылю i кампазіцыі, a найгалоўнае, са шчырай любасцю адлюстраваў старадаўнія цэрквы i касцёлы, капліцы i прыдарожныя крыжы, курганы i руіны замкаў, у якіх адбілася ўся прыгажосць старой Беларусі.

АД ЛУКІ ЖЫДЗЯТЫ ДА ЯНКІ КУПАЛЫ (Копысь)

Пераважная бальшыня старадаўніх гарадоў Беларусі нарадзілася на водных шляхах. Да ix належыць i колішні горад, а цяпер мястэчка Копысь на Дняпры, праз які тут здаўных-даўна быў перавоз. Характэрна, што i ў летапісе Копысь упершыню згадваецца ў 1059 годзе з прычыны смерці тут па дарозе з Кіева наўгародскага архіепіскапа Лукі Жыдзяты - вядомага тагачаснага пісьменніка, улюбёнца князя Яраслава Мудрага. Пазней, пад 1116 годам, «Повесть временных лет», маючы на ўвазе сына Уладзіміра Манамаха, адзначае: «И взя Вячеслав Р'шу и Копысь».

У XVI ст. Копысь належала князём Астроскім, ад ix перайшла да Радзівілаў i ад гэтых была забраная ў казну пасля падзелу Рэчы Паспалітай. Раней тут па старым гарадзішчы, ля ўтоку рэчкі Сморкаўкі ў Дняпро, як сцвярджае годны даверу Аляксандр Гваніні, існаваў моцны замак, i тым не менш горад не аднойчы спальвалі ўшчэнт i палякі, i маскоўцы. Асаблівага ліха зазнала Копысь у 1654 годзе ад маскоўскага войска на чале з Трубецкім, нават цар Аляксей Міхайлавіч змушаны быў у адмысловай грамаце ўзяць капысян пад абарону ад сваіх жа стральцоў.

Аднак без увагі на ліхалецці данеслі працавітыя тубыльцы да сучаснасці свой галоўны, спадчынны занятак, якім адвеку славілася Копысь. Вельмі прачуліліся капысяне, калі ў 1950 годзе археолаг Міхайлоўскі, даследуючы іхнае гарадзішча, адкапаў лепную кераміку сярэдзіны 1-га тысячагоддзя нашае эры. Гэтая здатнасць прашчураў пазней знайшла адбітак, прыкладам, у 1658 годзе ў «Роспісе літоўскіх людзей, што жывуць у Маскве», дзе чытаем:

«У Ганчарнай слабадзе жыве Панька Будкееў, горада Копысі цаніных печаў майстра, а тут робіць тое ж».

У XIX стагоддзі на тутэйшых шмат якіх кахляных заводах, дзе выраблялася рознакаляровая з малюнкамі i арнаментам цаніна, рабілася 50,7 % усёй беларускай кафлі. У 1901 годзе тут налічвалася 9 кафляных заводаў, на якіх працавала больш за тры чвэрткі дарослых местачкоўцаў. I цяпер, па Другой сусветнай вайне, паводле тома «Белоруссия» са шматтомавага выдання «Советский Союз» - «яшчэ пад'яжджаючы да Копысі, бачыш карпусы ейнага кафляна-пліткавага завода».

Але ж нідзе нам не трапілася ніводнага радка пра каштоўны архітэктурны помнік Копысі, які раней найперш зварачаў на сябе ўвагу. Нам нестае адпаведных слоў, каб выказаць усю надзвычайную прывабнасць драўлянай Спаскай царквы, што называлася яшчэ Летняй у адрознасць ад суседняй ёй таксама Спаскай царквы. Галоўная частка трохзрубнага будынка мела ў сваім плане форму прастакутніка, ягоныя грубыя бярвенні былі звонку абшаляваныя, з трох бакоў яго падпярэзваў своеасаблівы вонкавы калідор, а пад цэнтральным шатром над дахам узвышалася зграбная званіца.

Калі даць веры № 28 «Могилёвских епархиальных ведомостей» за 1899 год, царква гэтая пабудаваная ў 1701 годзе, тым часам на ейных хорах быў надпіс славянскімі літарамі: «Гэты храм пабудаваны ў 1694 г., a іканастас пастаўлены ў 1701 г.». Паводле народнага падання, царкву неаднойчы наведваў у час Паўночнай вайны Петр Першы І чытаў у ёй у час літургіі «Апостал».

Ейную беларускую своеасабліваспь, апрача агульнага вонкавага выгляду, падчыркваў разьбяны арнамент бакавых дзвярэй, дзе пад андрэеўскімі крыжамі былі крыжы, падобныя да крыжаў на вядомых Барысавых камянях.

Унутры Спаскую царкву ўпрыгожваў высокі шасціярусны іканастас той падобнай да мярэжы славутай разьбы, што была вядомая ў тагачаснай Маскве пад назовам «беларуская рэзь». У іканастасе ягонай разьбе адпавядалі абразы цудоўнага старадаўняга пісьма, у якім адразу кідаліся ў вочы рысы, характэрныя для славутай Магілёўскае школы. Асабліва гэта датычыла да 12 абразоў другога яруса, прысвечаных двунадзясятым святам i «Тайнай вячэры» над Царскай брамай. Тыя ж разьба i пісьмо былі адзначныя для двух бочных іканастасаў. З іншых абразоў адбіліся ў памяці абраз свяціцеля Мікалая на правым клірасе, а на сценах - Успення Багамаці, Пакрава i Святой Варвары, аднак тут ужо вычувалася хоць i таленавітае, ды ўсё ж перайманне старадаўняга пісьма.

Экспедыцыя 1939 года, на чале якое мне давялося быць, узяла Спаскую летнюю царкву пад дзяржаўную ахову.

На месцы колішняга гарадзішча, а пасля замчышча, пазней накапалі вал, што мае ўвышкі 6 метраў, удаўжкі 385 i вядомы ў літаратуры, як i ў народзе, пад назовам Пятроўскага. Ён мае ў плане форму замкнёнага эліпса i знаходзіцца на ўзвышшы, якое пануе над пераправай, прылягаючы сваім заходнім бокам да Дняпра, a паўдзённым да рэчкі Сморкаўкі. Ад галоўнае плошчы Копысі сюды ідзе вуліца, па якой праз вароты можна трапіць на вялікую плошчу, абмежаваную валам. На самы вал, з шырокай кругавой сцежкай наверсе, вядуць ад варотаў двое сходаў Яшчэ ў 1903 годзе вал засадзілі бярозамі i таполямі, што надалі яму асабліва прыгожы выгляд. Не дзіва, што вал гэты стаўся ўлюбёным месцам для гуляння моладзі. Напярэдадні вайны на плошчы, абкружанай валам, знаходзіліся спартовыя пляцоўкі з павільёнамі рознага прызначэння, a ўлетку часта адбываліся агульнаселішчныя сходы.

З даволі павярхоўнай кніжкі Жучкевіча «Гарады i сёлы Беларускай ССР», выдадзенай ў 1969 годзе ў Менску, мы неспадзявана дазналіся, што Пятроўскі вал у Копысі накапаны за часамі куды ранейшымі ад Паўночнай вайны. Калі гэтая выснова зробленая на грунце археалагічных доследаў самога вала, а не плошчы атуленага ім гарадзішча, дык спрачацца не даводзіцца, аднак даследнікам трэба ўзяць на ўвагу, што нідзе больш у Копысі няма ніякага следу ад тых вялікіх вайсковых умацаванняў, што сапраўды рабіліся тут увесну 1707 года. Як сцвярджаюць Дамбавецкі ў сваёй працы «Могилевская губерния» i Кіркор у 3-м томе «Живописной России», сюды на дапамогу салдатам дасылаліся работнікі з усяго Аршанскага павета. У дадатак Магілёўская эканомія дасылала штодня 200 чалавек. Усю гэтую працу кіраваў беспасярэдня Пётр Першы, i да 1936 года ў Копыci перахоўваўся дом, дзе ён тады паўгады жыў, выпаліўшы, між іншага, свечкай на ягоным дзвярным вушаку сваё імя.

У бліжэйшых ваколіцах Копысі знаходзіцца вёска Ляўкі, паблізу якой у 30-х гадах летаваў на дачы Янка Купала. Прыязджаючы сюды, не можна абмінуць тое маляўнічае месца на высокім беразе Дняпра, дзе тварыў народны паэт. Самую я гону ю дачу пасягнуў сумны лёс. Паводле нарыса Ільі Клаза «Спадчына» ў № 12 «Маладосці» за 1968 год, на другі дзень па выездзе адсюль у чэрвені 1941 года Янкі Купалы: «у дом трапіў шалёны дальнабойны снарад. Цяжкі фугас раскідаў сцены, i зусім мала часу спатрэбілася агню, каб спаліць сухія, смалістыя бярвенні». I хочацца, дададзем ад сэрца, думаць, што, пакуль яшчэ жывуць тыя, хто помніць, як выглядаў гэты дом, яго трэба аднавіць, каб стварыць у ім музей нашага Нацыянальнага Прарока.

Б'Е З-ПАД КРЫВАВАГА МУРУ СВЯТАЯ КРЫНІЦА (Веліж)

На чужыне, на вайсковым могільніку Кракава, у магіле, на якой пасля пахавання без кветак паставілі драўляны крыж з ледзь значным надпісам - Аляксандр Прушынскі спіць вечным сном адзін з вялікіх сыноў Беларусі.

Ён памёр перадчасна, 33-гадовым, падбіты царскай катаргай i надарваным на ёй здароўем. Тым часам, хоць, як класік нашай мастацкай літаратуры, ён даводзіцца пабрацімам Максіму Багдановічу, але сёлета нідзе на Бацькаўшчыне не было адзначана 50-годдзе ад дня гэтай цяжкай для яе страты. I калі цяпер у вольным свеце, дзе не забаронена гаварыць i пісаць аб ім, успамінаеш пра яго, дык найперш згадваюцца ўсхваляваныя радкі з ягонага твора «Роднаму краю», напісанага ў 1911 годзе ў Сібіры на ленскай баржы № 18:

Чаму з маленства, з ураджэнства,

Ужыццёвы май,

Не ўмеў, як маці, шанаваці

Цябе, мой край?

Тожязтваёю, ключавою

Святой вадой

Напіўся болю аб нядолі,

Бядзе людской.

I сама Беларусь ніколі не забудзе Алеся Гаруна. I ніхто не ў стане адабраць яго ад яе, як ніхто не здолее знішчыць тыя ейныя крыніцы, з якіх нарадзілася ягоная адметная творчасць.

У вышнявінах роднай Дзвіны, на мяжы Віцебшчыны i Смаленшчыны, ляжыць на ёй колішні прыгарад Віцебска, старадаўні Веліж. Яшчэ сакратар караля Стэфана Баторыя Райнгольд Гайдэнштайн у 1580 годзе адзначыў аб ім:

«Веліж некалі быў вельмі людны i ад велічыні атрымаў свой назоў».

Можа ён i мае рацыю, бо кароль Жыгімонт Трэці, даючы назаўсёды прымежнаму Веліжу паказальны герб - залаты крыж, а пад ім голы меч - дадаў у сваім прывілеі:

«За колькі сот год толькі пяцьдзясят мяшчан з жонкамі ды дзецьмі пры замку веліжскім засталіся, бо ад войскаў непрыяцельскіх, якія штурмы да замка чынілі, пабітыя ў сваім аднадушным адпоры... на пасадзе гарадскім няма цяпер ніводнае хаты, толькі пні непатрэбныя на попелішчы, ад Масквы выпалены м».

I гэтак скрозь - ад часоў Вітаўта, аб якім следам за «Хронікай Быхаўца» нагадвае пад Веліжам урочышча Вітавы Мост, i аж да Веліжскага супрацьбальшавіцкага сялянскага паўстання ў лістападзе 1918 года. Скрозь - крыж i меч.

У тым змагарным Веліжы здаўных-даўна была капліца, далека вакол вядомая пад назовам Пяценкі i прысвечаная Святой Параскеве. Гэтая Святая, імя я кое ў перакладзе з грэчаскай мовы ў нашую азначае «пятніца», сталася для беларусаў абаронніцай незлічоных крыніц, сталася адной з найбольш шанаваных імі Святой. Яшчэ за часамі Гедымінавымі, у сталічнай Вільні, жонка Альгердава i апошняя віцебская князёўна Марыя пабудавала на месцы мольбішча богу Рагутысу Пятніпкую царкву, што перахавалася дагэтуль. А народ паставіў над сваімі крыніцамі сотні капліц Параскеве-Пятніцы, з якіх ніводнай цяпер няма.

Да Веліскай Пяценкі, у дзясятую пятніцу па Вялікадні, сыходзіліся тысячы багамольцаў - апрача веліжскіх - бельскія, парэцкія, суражскія, усвяцкія. Яны прыходзілі, а не прыязджалі, каб, паводле іхнай глыбокай веры, не зняважыць святыню. У часе Божай Службы ў маленькай сваемі памерамі капліцы яны стаялі на ўзгорках, паміж якіх яна знаходзілася. I гэтыя ўзгоркі здаваліся ўлетку пакрытымі снегам ад святочных белых світ, абшытых каляровай тасьмой. Намёткамі адзначаліся замужнія жанчыны ад дзяўчат з пацеркамі на шыях. Багамольцы па адным праходзілі ў капліцу, прыкладаючыся там да абраза Святой Параскевы i пакідаючы каля студні вышываныя рушнікі або пасмы кудзелі. Выйшаўшы з яе, набіралі ў пляшкі вады, што па латку, над якім узвышалася ўскрыжаванне, выбягала са студні навонкі.

А ў 1932 годзе Веліжскую Пяценку, што была таксама выдатным помнікам драўлянага дойлідства, разбурылі. I нават потым паспрабавалі закапаць ейную крыніцу. А перад тым забаранілі веліжанам разам з тубыльцамі паўночнай Віцебшчыны i без мала ўсёй Смаленшчыны беларусамі звацца, пакінуўшы ix у складзе РСФСР i па 1924 годзе, насуперак іхнай нацыянальнай прыналежнасці. Але дарма, якусё роўна прабілася навонкі Святая крыніца, гэтак ніколі не стануцца веліжане расейпамі.

* * *

На той жа шматазёрнай прывабнай Віцебшчыне, усцяж рэчкі Гаражанкі, якая ніжэй уцякае ў Обаль, каб разам з ёю далучыцца да роднай Дзвіны, разлёгся ўтульны Гарадок. Гісторык упершыню заўважыў яго толькі ў 1650 годзе, скупа зазначыўшы ў хроніцы, што кароль Ян Казімір загадаў уніятам вярнуць праваслаўным старадаўнюю царкву ў імя прарока Ільі, але ж існуе ён даўно. Гэтак, расейскі навуковец М. Арцыбашаў у сваім «Повествовании о России» прыпушчаў, быццам гэта i ёсць той самы Гарадзец, які, паводле Іпацьеўскага летапісу, належаў полацкаму князю Расціславу Глебавічу, аднак ён не ў стане быў чым-небудзь тое прыпушчэнне пацвердзіць. Тым часам на вядомай Радзівілаўскай карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай у 1613 годзе ў Амстэрдаме, сучасны Гарадок адзначаны як «Городецк». I аб ягоным глыбокім веку сведчаць таксама i тутэйшыя помнікі старадаўніны.

На правым беразе Гаражанкі, у гарадскім садзе Ліпках, захаваліся рэшткі валоў, што абмяжоўваюць сабой чатырохкутовую пляцоўку ранейшага вайсковага ўмацавання часоў Полацкага княства. А на супрацьлежным беразе захаваліся руіны пазнейшага сярэднявечнага замкавага муру. Самой сцяны ўжо няма, i застаўся толькі падмурак, які нагадвае пабудаваную волатамі дамбу. Ён увышкі блізу 2 метраў, a ўдаўжкі каля 5, складзены з вялікіх чырванаватых камянёў i таму выглядае быццам крывавы. Цяпер ужо невядома, хто i супраць каго яго калісці пабудаваў, але адно не падлягае сумляванню, што тут пралілося шмат беларускай крыві, што надала яму, здаецца, нават свой колер. А з-пад самага муру б'е крыніца з празрыстай, як сляза, крышталёвай вадой. Адна з тых самых крыніц, аб якіх Максім Багдановіч перад сваёй перадчаснай смерцю пісаў:

У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады,

Там толькі я змагу пазбыцца

Свае нуды.

Гарадоцкая крыніца здаўна ўшаноўвалася беларусамі. Колькi стагоддзяў на ўзбярэжнай над самым мурам стаяў высокі чорны крыж. Унізе пад ім, над самай крыніцай, пабудавалі прыгожую капліцу ў імя Святой Параскевы. Як i ў Веліжы, штогод у дзясятую пятніцу па Вялікадні, сюды да муру сыходзіліся з розных кутоў Наддзвіння тысячы вернікаў. Яны кланяліся да зямлі муру, абмытаму крывёю іхных прашчураў, i набіралі з крыніцы ў свае пляшкі святой вады.

На нашых вачах працякло апошняе паўстагоддзе, i мы сталіся сведкамі таго, што тут здарылася. Спярша знік чорны жалобны крыж. Пасля, у 1922 годзе, зруйнавалі капліцу. Тады тамтэйшы гарсавет пачаў паступова разбіраць мур, каб ягоным каменнем забрукаваць бліжэйшую вуліцу імя Валадарскага. Нарэшце, зверху пачалі скідаць смецце, якое сцягвалі з усяго горада, каб засыпаць крыніцу, але дарма.

I ўзімку i ўлетку, i ўдзень i ўначы б'е з-пад крывавага муру Святая крыніца. Плача па сваіх сынах, што загінулі ў змаганні за яе, Маці Беларусь.

«I ПОЙДЗЕ КНЯЗЬ ВЯЛІКІ ВІТАЎТ»

Летась у «Чырвонай змене» ад 1 кастрычніка давялося нам пазнаёміцца з артыкулам Генадзя Лалеўскага «Следавікі», прысвечаным гістарычным камяням Беларусі, дзе ён, між іншага, піша:

«У Лепельскім раёне было два камяні, якія называліся Вітаўтавы талеркі i відэльцы».

Сумна, што, паводле гэтай шчырай заявы, яны, як i камяні Рагвалодаў i пераважная бальшыня Барысавых, ужо не існуюць, а тым часам яшчэ на пачатку 30-х гадоў абодва былі, пакуль абыякавыя да культурнай спадчыны народа рукі ix не здрушчылі, скарыстаўшы, магчыма, для бруку. Прыкра, бо былі яны не проста камлыгамі звычайнага граніту, што калісьці прыцягнуў сюды з поўначы ледавік, a каштоўнымі помнікамі, у назовах якіх сам народ засведчыў сваю глыбокую пашану да гераічнага мінулага сваёй краіны ды ейных колішніх выдатных правадыроў.

I адразу ж успамінаецца мне лекцыя, якую ў 1922 годзе, у Віцебскім археалагічным інстытуце, за два гады перад сваёй смерцю, чытаў слаўны Аляксей Сапуноў.

«Мае сяброве, - гаварыў ён ужо сляпы, не гэтулькі з прычыны старасці, колькі таму, што не ведалі ніколі адпачынку ягоныя натруджаныя над летапісамі i хронікамі вочы, - адным з тых даследных заданняў, якія мы, старыя, адказваем вам маладым, ёсць адзначыць на гістарычных картах Альгердаў шлях. Пазней ён зваўся, як вам вядома, Вітаўтавым. Аб ім таксама прыгадвае Стэфан Баторый у сваей знанай грамаце полацкаму ваяводу. Ягоны схематычны накід зрабіў i пакінуў нашчадкам годны пашаны Рейнгольд Гайдэнштайн.

Нам давялося трапіць на след Альгердавага шляху. Мы пазналі яго па цяпер зарослых, але ўсё ж дагэтуль прыкметных прасеках у лясах i путчах, па адхонных спусках да яроў i ручаёў, па перакопах праз узгоркі i капцы, па рэштках палёў i гацяў на рэках i балотах, па зламаных колах i конскіх касцюках, па вуголлі ад спаленых хат i жаўнерскіх вогнішчаў, па знойдзеных абапал яго шышаках i палашах ды, нарэшце, па прыдарожных адзнаках, выбітых на камянях, вядомыхтаму якследавікі.

Мы ўстанавілі, што гэты шлях ад Полацка ідзе праз задзвінскія лясы, паўз мызу Рудню, праз раку Вушач, праз маёнтак Бяздзедзічы, паўз Мядзведжае возера проста на Чортаў мост, праз Бахонкавую rapy i далей, у кірунку да возера Глыбокага. Тым часам, для нас гэта бадай гіпотэза, але ўсё ж няма ніякага сумлявання, што ад Глыбокага ён ідзе на Вільню. I калі нам пашанцавала пачаць, хоць не ўдалося скончыць гэтае даследаванне, дык вы мусіце нарэшце ўдакладніць увесь Альгердаў шлях, ці Вітаўтаву дарогу».

Пасля гэткага незабытнага запавету выдатнага навукоўца i прафесара прыгадваюцца адпаведныя гістарычныя крыніцы. Калі, прыкладам, знаная «Хроніка Быхаўца» адзначае: «I пойдзе вялікі князь Вітаўт пад гарады пскоўскія i ўзяў гарады пскоўскія - Веліж i Красны горад», дык пазней сакратар Стэфана Баторыя Райнгольд Гайдэнштайн у сваіх запісах сведчыць:

«...быў іншы шлях, але па ім можна было ісці толькі па адным. Пасля Вітаўта 160 год таму, ніхто па iм не праводзіў войска. (...) Урочышча Вярхоўе паблізу Веліжа i дагэтуль завуць Вітаўтавым мастом, бо паводле падання тут на наведзеным праз Дзвіну мосце Вітаўт перапраўляў сваё войска».

Вядомы археолаг Генрык Татур (1846-1907), даследуючы ў канцы XX стагоддзя старадаўнія сухаземныя шляхі, сцвярджаў на аснове сваіх знаходак - «Вітаўт праходзіў па гэтых дарогах, што існуюць здаўных-даўна», а яшчэ за 30 год перад Татурам археалаг Міхаіл Кусцінскі (1829-1905) у «Виленском вестнике» за 1866 год называў Альгердаў шлях Вітаўтавай дарогай.

Імя вялікага князя Вітаўта, які бадай усё сваё жыццё правёў у баявых паходах, захавалася ў шмат якіх нашых геаграфічных назовах ды гістарычных помніках. У народзе Альгердаў шлях вядомы вылучна як Вітаўтава дарога, бо тут Вітаўт двойчы прайшоў следам свайго стрыечнага брата, значна яго скараціўшы.

Пад Веліжам дагэгуль існуюць назовы i Вітаўтаў мост, i Вітаўтава гара.

На Беларусі вядомыя таксама да нашых дзён Вітаўтавы гаці, Вітаўтавы грэблі, Вітаўтавы брады, Вітаўтавы лазні i гэтак далей. Вялікая веска Лошніца на Барысаўшчыне, як дазнаўся ад народа этнограф П. Шпілеўскі, дастала сваё імя ў канцы XIV ст., калі драбы, або тагачасныя беларускія пяхотнікі, выкапаўшы пячору, абклалі яе ўнутры зубравымі шкурамі i гэткім парадкам зрабілі князю Вітаўту ложак. I хоць з цягам часу вёска Лошніца крыху змяніла сваё найменне, але тутэйшая рэчка i цяпер завецца Ложа, a паблізу ад недалёкай адсюль вёскі Maca лая ёсць выкладзены пасівелым ад моху каменем Вітаўтаў калодзеж. Цяжка нават пералічыць усё тое, у чым адбіўся нястомны князь Вітаўт, пра што прыгожа згадаў у сваёй баладзе пра Беларусь Аляксей Зарыцкі (1911-1987):

I колькі Вітавых магіл

І замкаў каралевы Боны.

Камень Вітаўтавы талеркі ляжаў на беразе маляўнічага возера Варанеч. Ён быў круглы, з пляскатым верхам i меў увышкі 54, a ў вакружыні 213 сантыметраў. На ягонай роўнай, бы стол, паверхні, было шэсць штучных заглыбленняў, падобных да талерак ці місак. Кажуць, што ў 1426 годзе князь Вітаўт палуднаваўна ім, здабываючы тады замак Варанеч. У 1844 годзе гэты камень зваліўся ў возера, скуль яго выцягнулі i перавезлі ў маёнтак Варанеч. I кал i толькі ён там захаваўся дагэтуль, дык трэба звярнуць яго на старое месца, узяўшы пад дзяржаўную ахову. Камень Вітаўтавы відэльцы з вычасанымі на ім знакамі, што нагадваюць відэльцы, ляжаў на беразе ракі Вушачы, праз якую акурат тут праходзіла Вітаўтава дарога.

Генадзь Лалеўскі ў сваім кагадзе прыгаданым артыкуле «Следавікі» гэтак тлумачыць сваім спадарожнікам старадаўні адбітак на адным з камянёў:

«Бачыце абведзены круг, у ім жывёліна, відаць, конь, яздок з узнятай рукой - такая была пячатка старадаўніх палачан».

I міжволі хочацца ў яго запытацца:

- A хіба гэта толькі звычайная ўстаноўская пячатка для пацверджання дакументаў, а не славутая дзяржаўная эмблема нашых прашчураў, якую, пэўна, цяпер няможна ўголас згадваць?

Тым часам, якраз пра яе ў сваім вядо мым патрыятычным творы кажа Максім Багдановіч, завяршаючы яго палкімі радкамі:

Усё лятуць і лятуць тыя коні...

Срэбнай збруяй далека грымяць,

Старадаўняй літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

I хай сабе эзопавай мовай, але таксама пра яе піша ў прачулым вершы сучасны паэт Сяргей Панізнік (1942 г. н.):

Хамутоў не знаюць коні продкаў

На гербах прыдзвінскае зямлі.

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЗІЎСЯ РЭПІНСКІ «БЕЛАРУС» (1969 г.)

Хто не ведае эцюда Рэпіна «Беларус»?

Гісторыя беларускага народа складаецца бадай з адной злыбяды, i часам іншыя народы спрабавалі пахавацьяго жыўцом, а вось тыповы рэпінскі «Беларус», вольна абапершыся на агароджу, з незалежным выглядам, з пачуццём чалавецкай годнасці, шчыра i без варожасці глядзіць на вас. Хай на ім паўзверх ружовай кашулі даматканая i разам з тым беласнежная світка, падпяразаная хатняга ж вырабу шырокім зялёным пасам з чырвонымі кутасамі, але ён, творча адкрыты Рэпіным, нічым ніяк не нагадвае «Мужычка з палахлівых», створанага мастаком у 1877 годзе. Дзе ж нарадзіўся ды з каго напісаны гэты дасканалы i вычарпальны партрэт, у якім адбіліся нашыя нацыянальныя рысы?

Сямнаццаць вёрст ад Віцебска, на правым беразе Дзвіны, каля аднаго з ейных даламітавых парогаў з характэрным назовам - Закладзень, знаходзіўся калісьці маленькі, але ўтульны маёнтак. У сваім лісце да П. Траццякова ў 1891 годзе мастак паведаміў: «Я набыў пад Віцебскам маёнтак, вельмі сімпатычнае месца Здраўнёва». Тарханаву ў наступным годзе ён піша: «Набыў! I ў захапленні - прыгожы куток! Цяпер усе думкі там».

A ў другім лісце запрашаў яго: «Ці не заедзеце да нас пагасцяваць па-простаму? Язды на кані дзве гадзіны. Дарога ідзе: на Бервін (тут паром праз Дзвіну), на Слабаду i Вялікае Койтава, адсюль Вы пабачыце нашую вежку i неўзабаве даедзеце, i Вам усе нашыя будуць вельмі, вельмі радыя, i я таксама».

Дасылаючы тады ж адсюль Вяроўкінай малюнак дома, над якім надбудаваў вежу-майстроўню, Рэпін адзначыў: «У мяне кіпійьжыватворная работа. Туттакусё добра, здорава, натуральна. I надвор'е цудоўнае: прыемнае паветра, гаючая вада ў Дзвіне, смачныя садавіна і гародніна... Месяц заліваепалі, эфектоўнымі да фантастычнасці робіць лясы, зіхаціць i іскрыцца дыямантамі ў парогах Дзвіны».

Час не пашкадаваў даламітавага Закладня. Яго не аднойчы падрывалі аманалам, пашыраючы рачны фарватар, i ўсё ж не сціхаючы ні на хвіліну дагэтуль шуміць ён у Здраўнёве. Насупраць за ракой далёка працягнуўся лес. Запененая парогамі хуткаплынная рака бяжыць тут да вёскі Бервін-Перавоз i ўрочышча Мядзведжая гара. Мядзведжая гара здаўна спарадзіла мноства народных паданняў. Увосені тара, што высока ўзвышаецца над ракою, І барвовая, i пурпуровая, i залатая ад асін, кляноў i бяроз, a ў народзе пра яе пяюць:

Ой, на тэй на Мядзведжай гары

Падмывае Дзвіна тры крыжы,

A над імі ляжаць асначы,

Ой, тутэйшыя ўсе дзяцюкі.

У Здраўнёве Рэпін пражыў да 1900 года, кал i перабраўся ў Фінляндыю, але тут яшчэ 30 год жыла ягоная першая сям'я. За тутэйшы перыяд мастаком напісана каля 40 работ, a паміж ix, акрамя эцюдаў «Беларус» i «Селянін», карціны «Асенні букет», «Паляўнічы», «Паненка ў садзе» i скончана «Дуэль», якая да слёз усхвалявала Льва Талстога. Беларусь адбілася ў гэткіх ягоных палотнах, як «Казанне Язафата Кунцэвіча», «Сад у Здраўнёве», «Усход сонца над Дзвіной», «Парог Зялёная Руба», «Стары курган», «Парог Закладзень», «Лайбы на Дзвіне» ды іншых. Захоплены вакольнымі краявідамі, Рэпін пісаў Стасаву:

«Дзвіна імчыць міма нас. Як птушкі, пралятаюць па ёй плыты з буданчыкамі i правіламі і, пыхкаючы, марудна паўзе супраць плыні параход».

Зусім натуральна, калі жыццё i дзейнасць Рэпіна ў Здраўнёве знайшлі шырокі адбітак у тагачасным i сучасным друку, але, на жаль, не пазбаўлены буйных памылак, паходжанне якіх часам яўна тэндэнцыйнае. Гэтак, у кніжцы «Гарады i сёлы Беларускай ССР», выдадзенай у 1954 годзе ў Менску, а следам за ёй у томе «Белоруссия» з 22-тамовага выдання «Савецкі Саюз» (Масква, 1967 г.), сцвярджаецца, што «у часе Айчыннай вайны маёнтак I. Я. Рэпіна быў разбураны i спалены фашыстоўскімі захопнікамі». Ці хіба ж гэта адпавядае праўдзе?

Таксама А. Рабкін у сваім артыкуле «Я не бачыў такіх суніц», змешчаным у № 8 «Беларусі» за 1968 год, піша, што натуршчыкам для «Беларуса» быццам бы паслужыў селянін Сідар Шаўроў з вёскі Сахарава. Ягоную хібу выправіў А. Мажэйка, які ў нарысе «З каго Рэпін пісаў "Беларуса", апублікаваным ім у «Голасе Радзімы» за кастрычнік 1968 годзе, цытуе ліст самога Рэпіна:

«За ракой, насупраць нас, жыў селянін Сідар Шавура, ён i пазаваў мне, стоячы на вуліцы перад акном маёй мастроўні».

Але аўтару нестала мужнаспі дарэшты: гэтак, вызначаючы, што Рэпін свой ліст даслаў да беларускага эміграцыйнага выдання, якое выходзіла ў 20-х гадах у Чыкага, А. Мажэйка, па зразумелых нам прычын, не ў стане дадаць, што тым выданнем была газета «Беларуская трыбуна», а яе рэдагаваў i выдаваў першы Прэм'ер-міністар Урала незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе Язэп Варонка, што памёр 6 чэрвеня 1952 года на чужыне.

У 1939 годзе мне давялося неаднойчы - i на чале экспедыцыі па ўліку помнікаў рэвалюцыі, гісторыі i мастацтва, як i паасобку, - наведаць Здраўнёва. Тады ж мы ўвачавідкі пераканаліся - а гэтае перакананне знайшло адбітак i ў складзеным намі навуковым пашпарце помніка, i ў друку (Юрка Віцьбіч. «Рэпін у Беларусі» - «Літаратура i мастацтва», № 17 за 1939 г.), - што ад дома з вежай-майстроўняй застаўся толькі падмурак. У 1931 годзе адсюль выехала да Рэпіна ягоная малодшая дачка Таццяна Язева, а налета тутэйшыя ўрадаўцы, з дазволу віцебскіх, разбурылі без усякай патрэбы дом ды высеклі бярозавыя i хваёвыя прысады, насаджаныя самым Рэпіным. Маляўнічы сад, што адбіўся на палотнах мастака, вымаразіла суровая зІма 1939 года, i захаваўся толькі пасаджаны ім дуб, аб чым сведчыла каменная пліта з высечаным на ёй жалудом.

Падліпскага ў першым ягоным артыкуле цікавіла:

«Сярод работ Рэпіна, створаных на Віцебшчыне, ёсць i два абразы. Лес гэтых абразоў таксама пакуль невядомы. Што гэта былі за абразы? Дзе яны цяпер? Гэтыя пытанні даўно ўжо трывожаць даследчыкаў творчасці Рэпіна».

A ў сваім другім артыкуле Падліпскі пісаў:

«На аднаўленне невялікага дома Рэпіна не спатрэбіцца шмат выдаткаў. Зразумела, што аднаўленне яго - справа няпростая. Тут патрэбна i пэўная дапамога Саюза мастакоў БССР. Патрэбны i пэўныя росшукі "рэпіназнаўцаў" - каб аднавіць выгляд доміка».

Гэтыя абразы - Хрыста i Багамаці - для разбуранай у 1931 годзе старадаўняй царквы Слабады-Вярхоўя, на могільніку якой пахаваны ягоны бацька, знаходзіліся напярэдадні вайны ў фондах Віцебскага музея. Аднак абраз Хрыста зусім не адпавядаў апісанню, пададзенаму Падліпскім на аснове слоў невядомага сведкі. Калі абраз Багамаці быў створаны па ўсіх правілах іканаграфіі, дык уражанне ад другога абраза беспасярэдня выказала адна бабуля, якая, упершыню пабачыўшы яго, раптам закрычала на ўсю царкву:

- Авохці ж мне! Гэта ж, даруй Божа, руды каваль Стэська!

Справа ў тым, што натуршчыкам мастаку, веры якога быў, відаць, уласцівы налёт «вальтэр'янства», паслужыў каваль Сцяпан з вёскі Вялікае Койтава.

A ўсё ж хоць старшыня сельсавета І загадаў знішчыць у бліжэйшым сяле Слабадзе-Вярхоўі старажытную драўляную царкву XVII ст., у іканастасе якой былі абразы, напісаныя Рэпіным, аднак засталіся занядбаныя могілкі пры ёй. На ix, пасля даўгіх пошукаў, мы знайшлі магілку без помніка i крыжа з надпісам, дый самы ейны грудок, парослы пустазеллем, напалову зруйнаваўся з зямлёй. Ляжаў у ёй памерлы ў 1894 годзе ў Здраўнёве, адлюстраваны ў вядомым партрэце, Яўхім Васільевіч Рэпін, якога мастак ласкава называў «баценькам», а аб сабе казаў: «Я ж мужык, сын адстаўнога радавога, што працягнуў дваццаць сем не вельмі шчасных год мікалаеўскай салдатчыны».

Аднак дарма мы шукалі след калісьці маладога i вясёлага Сідара Шавуры. Нават ягоныя аднавяскоўцы на нашае пытанне аб ім адмоўчваліся. I зусім выпадкова мы дазналіся, што ў часе прымусовай суцэльнай калектывізадыі яго разам з усёй сям'ёй выслалі на поўнач Урала. Наўдачу ці ён адтуль звярнуўся, бо, калі пакідаў назаўсёды Беларусь, меў за плячыма шэсцьдзясят з нечым працавітых сялянскіх год.

Вельмі сумлеўна, каб захаваўся цяпер у Здраўнёве нават падмурак таго дома, дзе жыў i тварыў Рэпін. Толькі сымбалізуючы сабой i творчасць вялікага мастака, i душу зразумелага ім народа, паміж якога ён нейкі час жыў i тварыў, па-ранейшаму не змаўкаючы грыміць дыяментавы i ў сонечныя дні, i ў месячныя ночы зацяты Закладзень.

Прасторны дом з вежай-майстроўняй пасярэдзіне, які, дарэчы, не спалены гітлераўцамі, а разабраны ў 1932 годзе, даволі цяжка называць «домікам», але ўсё ж для ягонага аднаўлення сапраўды патрабуюцца невялікія сродкі.

Хоць экспедыцыя 1939 года ўжо не заспела гэтага дома, але да ейных матэрыялаў, што, між іншага, знаходзіліся ў Кіраўніцтве па справах мастацтваў пры Саўнаркаме БССР, дададзеныя два фотаздымкі з яго, якія нам пашанцавала знайсці ў зяця Рэпіна, настаўніка Дыяканава. Апрача таго, да ліста Стасавай ад 14 ліпеня 1892 году Рэпін прыклаў уласны малюнак дома з надпісам: «Вось які дом у мяне тут будуецца ўсё лета».

А можа наогул тыя пошукі ўжо, на жаль, больш не патрэбныя? Такое пытанне ў нас міжволі ўзнікла, калі з артыкула Васіля Еўціховіча «За ленінскія адносіны да прыроды», змешчанага ў сакавіковым (1970 г.) нумары «Полымя», мы дазналіся:

«Рэпінскія мясціны, сасновыя бары навокал, празрыстая вада Заходняй Дзвіны - усё гэта, звязанае з гісторыяй цудоўных палотнаў Рэпіна, прыцягвае многіх турыстаў, аматараў мастацтва. Толькі ў чэрвені мінулага года рэпінскую дачу ў Здраўнёве наведала шэсць дэлегацый з Масквы, Рыгі i іншых гарадоў краіны, бясконцай плынню ідуць сюды школьнікі. I вось гэтая памятная мясціна цяпер пад пагрозаю знішчэння. Згодна з рашэннем Міністэрства прамысловасці будаўнічых матэрыялаў БССР, рэпінскія месцы адводзядца пад кар'еры па здабыванні даламіту».

Помнікі культуры патрабуюць культурнага да сябе падыходу. За вар'ята ўзяў бы немец таго, хто адважыўся б, дзеля здабыцця даламіту, знішчыць на Рэйне скалу Лёрэляй, спавітую народнымі паданнямі i апяяную Генрыхам Гейнэ. У Расеі, у сяле Спаскім-Лутавінаве на Арлоўшчыне, дзе жыў i тварыў Іван Тургенеў, аднаўляюцца цяпер сучасныя яму дом, царква i парк. Па цэглінах адрэстаўравалі палякі Старое Месца ў Варшаве, а летувісы замак Вітаўта ў Троках, якія вайна разбурыла дарэшты. I хочацца думаць, што наўсуперак пастановам абмежаваных пампадураў, Здраўнёва i маляўнічыя ваколіцы стануцца нарэшце культурным запаведнікам.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«З СЭРЦАМ НАШЫМ КАЛОЖА ЎЗРАСЛА»

Сярод прачулых вершаў Вольгі Іпатавай ёсць адзін, што пакідае найбольшае ўражанне. Бы адлітаваны продкамі з медзі i срэбра вечавы звон, ён абуджае адвечныя патрыятычныя пачуцці. Магчыма, вы ведаеце яго, a калі не, дык дазвольце пазнаёміць вас з ім.

Ад сонца засланіўшыся далоняй,

Туманам сівым атуліўшы плечы,

Стаіць вякі над Нёманам Каложа,

Нібы жанчына у чаканні вечным.

Калісьці да каханага за горад

Насустрач бегла верасам калючым,

А потым, скамянелая ад гора,

Урасла навек у нёманскія кручы.

За ёю цёплых ліўняў агарожа,

Над ёй - смуга падзей i далячыняў,

Стаіць вякі над Нёманам Каложа

Сівою беларускаю жанчынай.

У Гародне на стромкім беразе Немана, паблізу ад утоку ў яго рэчкі Гараднічанкі, здаўных-даўна ўзвышаецца Барысаглебская царква. Кажуць, што, гуляючы каля яе, знайшлі неяк дзеці цагліну з адзнакай - 1064, але, паводле народнага падання, яна пабудавана тутэйшымі князямі Барысам i Глебам, што ўладарылі па смерці ў 1142 годзе свайго бацькі Усевалада.

Праз трыста гадоў Вітаўт, паланіўшы некалькі тысяч жыхароў Пскоўскага прадмесця Каложы, асяліў ix вакол Барысаглебскай царквы, i таму яна дастала назоў Каложскай, або, у цёплым народным скарачэнні, - Каложы. Была яна не толькі домам малітвы. Як сведчыць вядомы малюнак нюрэнберскага мастака Мацея Зюнда ад 1567 года, гэтая царква мела дзве вежы абароннага прызначэння. Звернутая аўтарам згодна з праваслаўнай традыцыяй да ўсходу, Каложа сваімі вежамі i заходнім фасадам з умацаванымі байніцамі пільнавала Гародню ад крыжацкага наступу, пануючы над пераправай праз Нёман i затуляючы сабой фланг ягоных замкаў.

Гераічная гісторыя прымежнай Гародні цесна злучаная з ягонай Каложскай царквой. Разам з горадам аднаўлялася i ягоная абаронная царква, але ж толькі з 1283 па 1328 год Гародню 12 разоў абложвалі крыжакі, і, не заўсёды здабываючы замкі, яны помсцілі на той жа Каложы. Не захавалася імёнаў ранейшых фундатараў царквы, аднак вядома, што ў 1502 годзе земскі падскарбі, маршалак i пісар гаспадарскі Вялікага Княства Літоўскага Міхал Богуш-Багаціновіч аднавіў Каложу, i ў ёй жа ён i пахаваны каля першага ад аўтара слупа. Пасля, у часе Паўночнай вайны, ад абстрэлу шведаў у царкве абваліліся дах i столь. Царкву зноў старанна адбудавалі, пакуль не сталася яна ахвярай імперскага праваслаўя, што нядобразычліва ставілася да самабытных праваслаўных помнікаў Беларусі.

Яшчэ ў гадах 1842, 1844 i 1845 было заўважана, што сцены Каложы асядаюць i трэскаюцца, бо высокі бераг, на якім яна стаіць, падмываецца Нёманам. Тутэйшыя архірэі, што тады будавалі на Беларусі велічныя саборы ў маскоўскім стылі або прытарноўвалі пад яго адабраныя ў беларусаў-каталікоў касцёлы, не задавольнілі просьбы парафіян, каб дзяржава дапамагла ім умацаваць бераг, але загадалі спыніць Божую Службу ў Каложы. I нарэшце 1 красавіка 1853 года, у часе веснавой паводкі, паўдзённая сцяна царквы да правага клірасу i палавіна заходняй сцяны разам са столлю i дахам абсунуліся ў Нёман. Пасля гэтага Каложу ўжо не аднаўлялі, i толькі ў ейным аўтары зрабілі капліцу, ды нейкі час была над ёй сціплая драўляная паветка.

Аднак i ў сваім наступным паруганым i супраць мінулага на трэцюю частку знішчаным стане засталася Каложа ўнікальным перлам старой Беларусі. Аднагодак Полацкага Спаса i Biцебскага Дабравешчання, яна разам з тым мае свае адметныя рысы. У яе параўнальна больш тонкія сцены i не грубыя ды квадратовыя, а круглыя ды зграбныя слупы, што хутчэй нагадваюць калоны, а таму ейная нутраная прастора, калісьці добра асветленая праз шмат вокнаў, падобная да прыгожай залі. У сценах Каложы ўмураваныя керамічныя, але ў сваёй моцы бадай роўныя металічным збанкі, што побач з канструкцыйнай мэтай выконвалі ролю акустычных галаснікоў. Яны рознай велічыні, ляжаць адны над аднымі ды сваімі гарлавінамі абернутыя да сярэдзіны будынка. Такія галаснікі ёсць яшчэ ў СафійскІх саборах Кіева i Ноўгарада, але ix няма там гэтулькі, як у Каложы.

Дэкаратыўная аздоба сцен складаецца ўнізе з рознакаляровых ачэсаных валуноў, a ўверсе з пакрытых зялёнай, шэрай i сінявай глазурай маёлікавых пліт, што ствараюць арнаментавыя крыжы i ромбы. Падлога зробленая з жоўтых, зялёных i бурых паліваных плітак, дах быў крыты чорнымі. Наогул на нутраное i вонкавае аздабленне царквы скарыстана 16 розных формаў маёлікі.

I не заслугоўваюць на ўвагу высновы тых тэндэнцыйных навукоўцаў, што сцвярджаюць, быццам дойліды Каложскай царквы былі эпігонамі расейскай архітэктуры, як i тых, што знаходзяць быццам групаванне колішніх вежаў на ёй сугучнае нямецкаму будаўніцтву ў раманскім стылі. У гэтай галіне заслугоўвае на пашану i давер думка такіх паважных навукоўцаў, як Мікалай Варонін i Міхаіл Каргер, якія, маючы на ўвазе i Каложскую царкву, у сваёй «Истории культуры древней Руси» (1948-51 гг.) адзначаюць:

«Помнікі Гародні XII ст. нагэтулькі своеасаблівыя ў сваіх будаўнічых прыёмах i ў сваёй багатай шматколернасці вонкавага ўпрыгожання, што падобную шматколернасць расейская архітэктура займела толькі ў XVI-XVII стст., а таму можна з поўным правам гаварьшь пра апрычоную гарадзенскую архітэктурную школу XII ст. Створаныя тут будынкі зусім арыгінальныя іўражваюць сваёй яскравай прыгажосцю, глыбока рознячыся тым ад старога кіева-візантыйскага стылю».

Вельмі прыемна, што Гародзенская Барысаглебская, або Каложская, царква ўзятая пад дзяржаўную ахову, i трэба спадзявацца, што яе не пасягне сумны лёс Віцебскага Дабравешчання, якое мясцовыя «падзішахі» знішчылі ў 1961 годзе насуперак усім ахоўным граматам.

Хочацца таксама думаць, што ў сучасных рэстаўратараў не стане мужнасці на тое, каб аднаўляць зніклыя сцены Каложы, бо ўзровень іхных здатнасцяў тым часам не адпавядае натхненню дойлідаў XII ст. Трэба толькі ўмацаваць бераг Нёмна i пабудаваць над Каложай шкляны футарал або, прыгадваючы зноў добры верш Вольгі Іпатавай, з сыноўняй любасцю накінуць сівой беларускай жанчыне на галаву i плечы хустку. А яшчэ хочацца, каб да ўсіх беларусаў дайшлі пал ымяныя радкі Уладзіміра Караткевіча:

І ў няпэўным хвілінным блакіце,

Уся адзіная, уся са святла,

З небам, з Нёмнам, з зямлёю злітая,

З сэрцам нашым - Каложа ўзрасла.

«УЛАДАРКА БЕЛАРУСІ ШТО СВЕЦІЦЬ У ЖЫРОВІЦАХ»

За дзесяць кіламетраў ад Слоніма, на берагах рэчкі Вікні, што паблізу адсюль далучаецца да Шчары, здаўна красуецца слаўны Жыровіцкі манастыр. Для беларусаў ён гэткая ж святыня, як для расейцаў Траецка-Сергіева, а для ўкраінцаў Кіева-Пячорская лаўра. На 1970 год прыпадае 500-годдзе гэтага манастыра, што, без сумлеву, не будзе ў БССР нічым адзначана, бо манастыр наўмысна паруганы i нават невядома, ці захаваўся ў ім цудадзейны абраз Жыровіцкай Багамаці, дзеля ўслаўлення якой манастыр i паўстаў.

Як Збавіцель чалавецтва Гасподзь Ісус Хрыстос нарадзіўся ў бедных яслях, гэтак i абраз Жыровіцкай Багамаці першымі пабачылі ў траўні 1470 года сціплыя вясковыя пастушкі. На прыбранай у вясновы белы цвет дзікай ігрушы, з-пад карэння якой бегла крыніца, яны заўважылі ахутаны чароўным святлом абраз Божай Маці з Сынам. Гаспадар бліжэйшага двара Жырава, маршалак Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Солтан пабожна паклаў яго да сваіх рэліквій, але, як сцвярджае народнае паданне, назаўтра ж тыя пастушкі прынеслі да яго той жа абраз, знойдзены імі на той жа ігрушы. Тады, падпарадкоўваючыся волі самой Божай Маці, Солтан пабудаваў на месцы Ейнага з'яўлення манастыр.

Мы не ў стане пералічыць усе тыя цуды, што здарыліся каля абраза Жыровіцкай Багамаці. Яго ўшаноўвалі i праваслаўныя, i каталікі, i ўніяты. Перад ім, адмыслова прыязджаючы сюды, прасілі Божай ласкі каралі - Уладзіслаў IV (1632-1648), Ян Казімір (1648-1668), Ян III Сабескі (1674-1696), Аўгуст ІІ (1697-1733), Аўгуст III (1734-1763), Станіслаў Панятоўскі (1764-1795). Не аднойчы маліўся тут i знаны канцлер Леў Сапега, палац якога Ружаны знаходзіўся паблізу. Аднак пераважную бальшыню складалі тысячы малельнікаў у світках, у лапцях, з хатулямі за плячыма, што праз усё лета ішлі сюды з Палесся, Беласточчыны, Віленшчыны, Меншчыны ды нават больш далёкіх Віцебшчыны i Магілёўшчыны, каб папрасіць у Прачыстай Дзевы ратунку ад сваёй адвечнай крыўды.

На месцы драўлянай царквы, пабудаванай Аляксандрам Солтанам, пабудавалі ў 1613 годзе велічны Успенскі сабор, які захаваўся дагэтуль. У ім знаходзіўся цудадзейны абраз, бо якраз тут, у тагачаснай пушчы, i расла тая ігруша, на якой ён абвесціўся пастушкам, a ў саборным скляпенні была крыніца святой вады, што цурчэла з-пад абранага Прачыстай Дзевай дрэва. Хто ведае, магчыма, якраз гэтую крыніцу меў на ўвазе забаронены дагэтуль на Бацькаўшчыне царскі катаржанін Алесь Гарун, калі пісаў:

У родным краі ёсць крыніца святой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца сваей нуды.

Здалёку відаць барокавы Успенскі сабор, прыгожы кумпал якога ўзвышаецца над зямлёй на 40 метраў. Хоць у канцы ХІХ стагоддзя русіфікатары i знішчылі ягоныя прывабныя званіцы, але дагэтуль ён цешыць вока дасканаласцю сваіх прапорцый.

У 1769 годзе паблізу ад яго пабудавалі цэрквы - Яўленскую - на месцы каменя, дзе ў трэці раз з'явіўся абраз, i Узвіжанскую, або Кальварыю. Абедзве яны, як i Успенскі сабор, - выдатныя архітэктурныя помнікі.

Дарма, што вядомы навуковец У. Чантурыя, спярша ў нарысе «Ансамбль Жыровіцкага манастыра», змешчаным у газеце «Літаратура i мастацтва» ад 18 кастрычніка 1968 года, а потым у сваёй капітальнай манаграфіі «История архитектуры Белоруссии», згадвае прачула пра архітэктурныя помнікі Жыровіцкага манастыра, але не знайшоў ён адбітку на старонках «Чырвонай змены» ў дыскусіі «Ахове помнікаў - сілу закона» (1969 год), а таму, магчыма, i не трапіў у «Звод помнікаў, узятых пад ахову».

Затое не абмінуў друк Жыровіцаў як рэлігійную святыню беларускага народа ды дамогся іхнага гвалтоўнага закрыцця. Яшчэ ў часапісе «Маладосць» за лістапад 1954 года, з нарыса Г. Шчарбатава «Вечарамі ў Жыровіцах», мы дазналіся пра гутарку старшыні тутэйшага сельсавета з камсамольцам:

«-Добра, што ты прыехаў, Косця. Дапамажы нам тут, - i старшыня паказаў на сабор.

А што, дзейнічае? - запытаўся камсамолец.

Яшчэ як!»

Тады на дапамогу Косцям ды наўсуперак шчырай веры іхных бацькоў i дзядоў прыйшла газета «Советская Белоруссия», якая 16 жніўня 1959 года надрукавала фельетон Кушнера «Чорная раса - чорная справа», прызначаны жыровіцкім манахам, a ў сваім нумары ад 22 жніўня 1962 года артыкул «Набожная гніль», адрасаваны ягоным семінарыстым. Самыя загалоўкі цалкам характарызуюць далейшы змест, але, маючы на ўвазе святы абраз ды жадаючы, мабыць, найбольш зняважыць бездапаможных вернікаў, Кушнер дадае: «Як гаворыць расейская прымаўка, з аднаго дрэва - абраз i лапата».

I хай сабе без поспеху, але паказальна, што якраз з Жыровіцкага манастыра пісаў 20 лютага 1968 года Патрыярху Аляксею свой шырокавядомы на Захадзе ліст мужны епіскап Гермаген, сасланы сюды за супраціў дзяржаўным упаўнаважаным па справах культу:

«Па шэрагу епархій ужо пракаціліся хвалі масавых закрыццяў цэркваў, бо законнасць, забяспечаная канстытуцыяй, падменьваецца «мэтазгоднасцю», а то i проста «меркаваннем».

А паводле таксама вядомага ў вольным свеце звароту групы вернікаў СССР да Усходніх Патрыярхаў Праваслаўнай Царквы, яшчэ ў 1963 годзе упаўнаважаныя спрабавалі забараніць у Жыровіцкім манастыры адпраўленне Божай Службы i перашкодзілі прыёму новых семінарыстаў. Такім прымусовым чынам быў у рэшце рэшт знішчаны Жыровіцкі манастыр як рэлігійная святыня, а потым пад пагрозай разбурэння апынуўся ён i як архітэктурны ансамбль.

Аднак, як ніколі не высахне Жыровіцкая Святая крыніца, гэтак ніколі не знікне ў беларускіх сэрцах адбіты ў ix абраз Жыровіцкай Божай Маці. Калі тым часам гэта забаронена на Бацькаўшчыне, дык ейная эміграцыя сёлета ўрачыста адзначыла 500-я ўгодкі Святога абраза i ўзніклага адначасна з ім манастыра. Не дарма з шмат якіх беларускіх цэркваў на чужыне дзве набожна высвячаныя ў імя абраза Жыровіцкай Багамаці. 20 траўня ва ўсіх ix адбылася Божая Служба, прысвечаная абразу i ягонаму славутаму манастыру. У сваёй узнёслай малітве вернікі звярнуліся да Жыровіпкай Багамаці, бо Яна ж, як пяецца ў гэтай малітве, - «Адзіная Чыстая i Звышбагаславёная Багародзіца Дзева Марыя, Уладарка Беларусі, што свеціць у Жыровінах». А на адпаведных сходах, у сваіх народных дамах, яны прыгадал i «Малітву да Жыровіцкай Божай Маці», створаную Наталляй Арсеньевай, у якой паэтка ад імя ўсяго народа зварачаецца да Яе з маленнем:

...Вярні нам нівы нашы й хаты,

О Матка Божай БеларусН

ПРА МІР, ШТО НІКОЛІ НЕ ВЕДАЎ СПАКОЮ

Немаведама, адкуль узяў свой ідылічны назоў маленькі Мір - ці то ад рэчкі Міранкі, што плыве праз яго да Вушы, ці то ад складзенай у ім некім ды некалі мірнай умовы, - але ж сам ён таго спакою на працягу свайго існавання ніколі не меў. Нават у гісторыі Мір упершыню згадваецца ў 1395 годзе з прычыны разбурэння яго ўшчэнт лівонскімі рыцарамі. Напачатку XVI ст. Мір тройчы руйнуюць татары, у 1706 годзе - шведы, у 1794 - расейцы. У 1812 годзе, пасля бітвы казакоў атамана Платава з уланамі караля Вестфальскага, быў часткова падарваны тутэйшы замак, што таксама папярпеў i ад снарадаў Другой сусветнай вайны. I таму бадай дзівам здаецца, што замак гэты дасюль узвышаецца на ўскраіне Міра.

Незабытнае ўражанне пакідае велічны Мірскі замак, асабліва калі ягоныя магутныя муры да трох метраў угрубкі i пяць прывабных 25-метровых вежаў, з якіх кажная па-свойму арыгінальная, адлюстроўваюцца ў паэтычных двух ставах, апяяных Адамам Міцкевічам у «Пане Тадэвушу». Замак гэты пабудаваў на мяжы XV-XVI стст. у гатыцкім стылі магнат Юры Ільініч. Спачатку замак меў пераважна вайсковае прызначэнне, пра што сведчаць рэшткі валоў ды амбразуры ў вежах i мурах. Аднак з цягам часу i зменай гаспадароў замак паступова ператварыўся ў іхную рэзідэнцыю. Пасля знікнення роду Ільінічаў замак перайшоў да Радзівілаў, тады да Вітгенштэйнаў i ўрэшце да князёў Святаполк-Мірскіх. Кожны з ix прыстасоўваў да свайго густу замкавы палац, які, набыўшы ўжо ў сваім архітэктурным абліччы паасобныя рысы рэнесансу i стаўшыся трохпавярховым, надаў усяму замку характар не гэтулькі вайсковага ўмацавання, колькі замкава-палацавага ансамблю.

Хоць паступова муры i вежы, над якімі дастаў перавагу палац, сям-там прыйшлі ў заняпад, паступова ператвараючыся ў крушні, але ўсё ж захавалі яны свой першапачатны выгляд, які становіць сабою ўзор беларускага дойлідства. Таму здзіўляе выснова гэткага паважнага знаўца, як Ул. Чантурыя, які ў сваёй працы «История архитектуры Белоруссии»сцвярджае, што вежы Мірскага замка сведчаць ...пра ўплыў расейскай архітэктуры на беларускую, бо галоўная брамавая з ix быццам становіць копію вежы Кокуй у Наўгародскім Крамлі. А навуковец М. Кацар у сваёй манаграфіі «Белорусская архитектура» атаясамлівае тутэйшыя вежы з вежамі цвярдынь Сокал, Тураўля i Сітна, пабудаваных за часамі Лівонскай вайны ў Наддзвінні па загадзе цара Івана Грознага. Тым часам Мірскі замак з'явіўся на 50 год раней за гэтыя цвярдыні, а верхняя частка вежы Кокуй, што крыху нагадвае брамавую вежу Міра, надбудаваная аж за часамі Пятра Першага, гэта значыцца на два стагоддзі пасля!

У сапраўднасці, з гледзішча навукоўца, не падпарадкаванага палітыцы, вежы Мірскага замка перш-наперш нагадваюць вежы Віцебскіх замкаў, пры гэтым нішы брамавай вежы Міра пааобныя да ніш франтона абароннай царквы ў Сынкавічах на Гарадзеншчыне. Тое ж датычыць i да палацу, паасобныя прапорцыі якога можна пабачыць у замку каралевы Боны ў Рагачове, у палацы Шыдловіцаў i ў Ніжнім палацы Вільні.

Не лішне прыгадаць пра тое, што тыповыя для Міра готыка i рэнесанс прыйшлі на Беларусь не э усходу, а з захаду. I таму зусім слушна зрабілі аўтары праекта аднаўлення Мірскага архітэктурнага ансамбля Г. Сокалаў i I. Савін, што палярэдне, дзеля дакладнага ягонага зразумення, наведалі замак Вітаўта ў Троках, вежу Гедыміна ў Вільні ды замкі ў Каўнасе i Вітэнях.

Маючы, магчыма, на мэде галоўна валюту эамежных наведвальнікаў, урадаўцы БССР нарэшце парупіліся пра стан помнікаў культуры Беларусі. Тым не менш, прыемна, што Мірскі архітэктурны комплекс узяты пад дзяржаўную ахову, у чым даўно вычувалася патрэба.

Мы Падзяляем абурэнне А. Белавусава, калі ў сваім артыкуле з вычарпальным загалоўкам «Пра Мірскі замак, альпіністаў i залатыя россыпы», змешчаным у «Немане» за леташні кастрычнік, ён згадвае, што адзін з тых альпіністаў БССР, якія, практыкуючыся ў лажанні па горах, заганялі крукі ў сцены старадаўніх вежаў, шчыра не разумеў злачыннасці гэтага: «А чым вежа Мірскага замка горшая за скалу? Без адзінай расколіны i шчыліны, паспрабуй, улезь...» I цалкам пагаджаемся з тым жа Белавусавым, калі ён адзначае далей:

«Сапраўды, нікому пэўна не прыйдзе надум трэніравацца ў альпінізме на сценах Траецкай вежы Маскоўскага Крамля або на мінарэтах Бібі-Ханым у Самаркандзе. A ў нас на Беларусі гэта звычайная рэч».

Заслугоўвае таксама на крытыку кагадзе згаданы праект рэстаўрацыі Мірскага замкава-палацавага комплексу работы выпускнікоў тэатральна-мастацкага інстытута Г. Сокалава i I. Савіна, з якім пазнаёміў чытачоў Ю. Якімовіч у артикуле «Думаючы аб спадчыне», апублікаваным у сяголетнім № 14 «Літаратуры i мастацтва» за 17 лютага. I справа нават не ў тым, што ў дадзеным выпадку болыд пажаданыя выпускнікі архітэктурных, а не тэатральных навуковых установаў. Справа ў тым, што, паводле прыкладзенага здымка з макету, Мірскаму замку пагражае небяспека згубіць непаўторны чар старадаўніны, натуральную патыну стагоддзяў, іхны сівы пыл, ператварыўшыся ў адпалітураваны музейны экспанат або ў дэкарацыю да оперы.

Апрача замкава-палацавага ансамблю, старажытны Мір мае іншыя цікавыя помнікі культуры, што патрабуюць аховы ix дзяржавай.

Гэта перш-наперш прыгожая Міхайлаўская царква паблізу замкавых муроў - магільны склеп князёў Святаполк-Мірскіх. Бадай ці цалкам захаваўся ейны інтэр'ер, бо, між іншага, яшчэ за часамі вайны 1919-1920 гг. тут зніклі сярэбраныя пудовыя вянкі высокамастацкай ювелірнай работы, але сама царква захавалася дагэтуль як непаўторны архітэктурны помнік.

Заслугоўваюць таксама на ўвагу Траецкая царква XVII ст., гатыцкі касцёл Святога Язэпа, пабудаваны ў 1578 годзе, i татарская мячэць.

A калі толькі не знішчаныя, дык ладна каго з іншаземных наведвальнікаў зацікавяць будынкі зачыненай цяпер Мірскай габрэйскае філасофска-талмудычнай акадэміі, вядомай па ўсім свеце. Паказальна, што ў 1932 годзе тут навучалася з 15 краін блізу 400 студэнтаў, прычым некаторыя з ix мелі папярэднюю вышэйшую асвету. Яшчэ да вайны значная частка гэтых студэнтаў была гвалтам павысыланая за мяжу, a ў часе вайны бальшыня выкладнікаў акадэміі загінулі ў гета, пад якое немцы скарысталі замкавыя стайні.

Сумны лёс пасяг таксама колішніх спадчынных гаспадароў замка. У верасні 1939 года ў ім арыштавалі князя Аляксандра Святаполк-Мірскага, але па некаторым часе вызвалілі, як падданага Румыніі. Затое брат ягоны Базыль быў у 1945 годзе схоплены на вуліцах Вены i адбыў 11 год зняволення ў савецкіх канцлагерах, немаведама за што. А можа затым, што паходзіў з Міра, што ніколі не ведаў спакою?!

ГОРАД ІЛЬВА, А НЕ КНЯЗЁЎНЫ ЛІДЫ

Паводле прачулых народных паданняў Менск заснаваў волат Менеск, Магілёў - атаман Магіла, a Ліду - князёўна Ліда, хоць, між іншага, няма ў сінодзіках нашых прашчураў гэтага жаноцкага імя, што паходзіць ад старажытнай дзяржавы Лідыі.

У сапраўднасці назоў горада Ліды ў літаральным перакладзе з літоўскай мовы тое ж самае, што ляды, якіх безлік на Беларусь Аднак, калі паэтам цалкам даравальны прыгожы домысел, дык ад навукоўцаў патрабуецца празаічная дакладнасць. Таму здзіўляе, чаму Д. Багдановіч i П. Сідараў у сваёй кніжцы «Гарады Беларусі», выдадзенай у 1967 годзе ў Менску, сцвярджаюць, быццам Ліда ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1796 годзе, а не ў 1180 годзе - на 616 год раней? Прынамсі, археолаг Фрыда Гурэвіч (1912-1988), якая ў 1955 годзе часткова даследавала культурны пласт тутэйшага замчышча, таксама следам за хронікай аднесла яго да XII ст.

Калі вы, ідучы адной з цэнтральных вуліц сучаснае Ліды, што мела некалі назоў Сувальская [2], а цяпер Савецкая, дойдзеце да ейнага канца, дык напэўна здзівіцеся. Невыпадкова лідзяне называюць гэтую вуліцу яшчэ Індустрыяльнай, бо на ёй знаходзіцца i вялікі завод сельскагаспадарскіх машын, i магутная электрастанцыя, i шмат іншых прамысловых прадпрыемстваў, але раптам перад вашымі вачыма ўстануць суворыя муры грознага старажытнага замка, які з трох бакоў абмывае рэчка Лідзейка, што, прабегшы адсюль колькі дзясяткаў кіламетраў, уплывае ў раку Дзітву, паблізу ад ейнага ўтоку ў Нёман. Пабудаваны гэты замак у 1323-1325 гг. на загад князя Гедыміна, які, дарэчы, паводле спісу летапісаў Пагодзінскага збору, быў славянінам. Будавалі замак з буйных камянёў з дадаткам цэглы палонныя валыняне пад наглядам кіеўскіх майстроў, і, магчыма, з гэтай прычыны М. Кацар i У. Чантурыя ў сваіх вядомых працах з гісторыі архітэктуры Беларусі ўгледзелі ў ім уплывы ўкраінскай архітэктуры, уважаючы яго нават за копію Луцкага замка на Валыні, а тым часам апошні пабудаваны ў 1383 годзе, або на 60 год пазней.

У плане Лідскі замак бадай квадратовы, размешчаны ён на штучным узгорку ўвышкі да 8 метраў, таўшчыня ягоных муроў да 4-х метраў пры вышыні ў 12. Калісьці замак меў i дзве вежы з трыма ярусамі байніц кожная. Суворы гатыцкі стыль з паасобнымі элементамі не менш строгага раманскага, пазбаўлены ў ім, не ў прыклад Мірскаму i Нясвіжскаму замкам, усялякіх дэкаратыўных аздоб. Лідскі замак, як i ўсе першыя замкі на Беларусі, меў вылучна вайсковае прызначэнне, якое на працягу сваёй баявой гісторыі з гонарам апраўдаў.

Маўчаць, бы крывёю набраклыя, муры, але шмат чаго яны бачылі. У 1384 годзе Лідскім замкам пасля доўгай аблогі ды толькі ўжо ў напаўразбураным стане авалодалі немцы-крыжакі, але затое ў 1394 годзе, пры другім сваім нападзе, яны панеслі пад ім вялікія страты i адышлі. За тымі ж часамі паліў Ліду князь Юры Смаленскі, але ейнага замка не здабыў. У 1439 годзе князь Свідрыгайла спаліў горад, які знаходзіўся ў сярэдзіне абароннага вала, а замак яму не паддаўся. У 1505 годзе ад замка былі адкінутыя ладна патрапанымі татары хана Койдана. У 1655 годзе маскоўцы на чале з князем Хаванскім узялі замак. У 1710 годзе яго захапілі шведы, спрычыніўшы яму зноў вялікую шкоду. У часе паўстання 1831 года пад мурамі замка дастаў перамогу над расейцамі аддзел Д. Хлапоўскага, захапіўшы шмат палонных. Але ж найбольшае разбурэнне замка спрычыніла Першая сусветная вайна, для гармат якое ён, як вайсковае ўмацаванне, ужо быў застарэлы. Тады i зніклі ягоныя дзве вежы. I гэтак скрозь - упорыстае змаганне з незлічонымі ворагамі краіны. Невыпадкова гербам старой Ліды, паводле ўдзячнай каралеўскай прывілеі, стаўся леў.

Не менш напружаным было i нутраное жыццё замка, адбіваючы ў сабе жыццё ўсяе краіны. Як сведчыць П. Бацюшкаў у сваёй працы «Белоруссия и Литва», у 1380 годзе князь Ягайла падараваў Лідскі замак свайму ўлюбёнцу Вайдылу, a ўжо налета князь Кейстут адабраў яго i павесіў Вайдылу за ягоную прыхільнасць да крыжакоў.

У гэтым замку пры адмысловым пасланніку Папы Марціна V адбываліся перамовы Рэчы Паспалітай з крыжацкім ордэнам, але без дадатных вынікаў.

Тут у XV ст., паводле «Хронікі Быхаўца», нейкі час жылі выдаленыя з Кічкапскай арды ханы Тахтамыш i Хаджы-Гірэй, карыстаючыся з уласцівай Вялікаму Княству Літоўскаму гасціннасці да выгнан цаў. Пра ўсё гэта апавядаў таксама тутэйшы багаты архіў, які ў часе Паўночнай вайны быў захоплены расейцамі i вывезены ў Смаленск, дзе згарэў у часе вайны 1812 года.

Здавалася б, трэба ганарыцца i абярэжна ахоўваць Лідскі замак як архітэктурны скарб i манументальнага сведку гераічнай гісторыі Ліды, Панямоння ды ўсёй Беларусі. A ў сапраўднасці, як піша A. Белавусаў у сваім артыкуле «Пра Мірскі замак, альпіністаў i залатыя россыпы», змешчаным у «Немане» за леташні кастрычнік:

«На тэрыторыі замка Гедыміна - аднаго з самых старых на Беларусі помнікаў гісторыі i архітэктуры - нехта стварыў стадыён. Пралом у сцяне, які стаўся на месцы разбуранай вежы, быў акуратна закладзены звычайнай сілікатнай цэглай - відаць, дзеля таго, каб у часе матчаў спрытныя хлапчукі не праходзілі дармова».

На пытанне аўтара ў Лідскім краязнаўчым музеі, хто дазволіў гэткі глум з каштоўнага помніка культуры, яму адказалі:

«Які там дазвол... Узялі i пабудавалі. Хацелі яшчэ бульдозерам выраўнаваць плошчу. Ледзь толькі пераканалі, што гэта значыла б знішчыць культурны пласт. Смяюцца - які там пласт, гэта ж смецце».

I далей А. Белавусаў даволі здзекліва зазначае:

«А можа зусім разумна тое, што прапануюць некаторыя бацькі горада: «Рвануць к чортавай матары, а на ягоным месцы ДК на 500 месцаў - каб сучасна, шкло i бетон, як у самой Гародні».

Свой добры артыкул А. Белавусаў канчае словамі:

«Калі мы ўзгадуем у саміх сабе пачуццё любові да прыгажосці, пачуццё пашаны да гісторыі свайго народа, калі мы навучымся захапляцца гармоніяй цудоўных твораў старажытных дойлідаў, дык, відаць, не спатрэбяцца адмысловыя артыкулы ў крымінальным кодэксе, скіраваныя на абарону прыгажосці, на абарону нашага мінулага».

Трэба да ягоных прыемных слоў дадаць, што ўзгадванне гэткага згубленага за савецкімі часамі пачуцця патрабуе даволі значнага часу, на працягу якога - каб не зніклі без следу апошнія, цудам ацалелыя помнікі культуры на Беларусь Таму вельмі добра, што Лідскі замак ужо ўзяты пад дзяржаўную ахову, а значыцца ўжо знаходзіцца пад абаронай адпаведных артыкулаў кагадзе прыгаданага кодэкса. Нашае пакаленне мусіць, атрымаўшы ў спадчыну ад яму папярэдніх, абавязкова данесці да наступных гэты выдатны помнік архітэктуры i гісторыі, які характарызаваў сабою магутны леў.

СВЯТЫ БЕЗАБАРОННЫ ЗАМАК (Мала-Мажэйкава)

На Панямонні, паблізу чыгункі паміж Лідай i Мастамі, каля станцыі Скрыбава, знаходзіцца старадаўняе сяло Мала-Мажэйкава. I здаецца спрадвеку аздабляе яго шырокавядомая Прачысценская царква.

Наш народ, які ў сваёй натуры глыбока рэлігійны, у выніку прымусовых веравызнавальных змен пачаў нарэшце называць цэрквы ды касцёлы не паводле свят i святых, а паводле колеру іхных сцен, ці паводле месцазнаходжання, або паводле іншых знадворных прыкмет. Варта прыгадаць тут цэрквы Белую ў Чарэі, Жоўтую ў Менску, Чорную Тройцу ў Віцебску, Ніжнюю ў Гародні, каб зразумець, чаму i тутэйшая царква сталася больш вядомая вакольным жыхарам пад назовам Мураванкі. I сапраўды, даволі толькі кінуць вокам на яе i адразу прыгадаецца пакінутае далёкім мінулым баявое ўмацаванне з таўшчэзнымі мурамі.

Маламажэйкаўская царква нагэтулькі старая, што пры адзначэнні ейнага веку паўстала больш-менш зразумелая, як на першы погляд, блытаніна. Не толькі разлічаныя на шырокае кола чытачоў выданні тыпу даволі плыткай кніжкі В. Жучкевіча «Города и сёла Белорусской ССР», або паважнейшага за яе тома «Белоруссия» са шматтомавай сэрыі «Советский Союз», але i такія аўтарытэтныя навуковыя працы, як «История архитектуры Белоруссии» У. Чантурыі ды «Белорусская архитектура» М. Кацара, а нават першы том Беларускай савецкай энцыкляпэдыі ў артыкуле «Архітэктура» памылкова датуюць час пабудовы гэтай царквы пачаткам XVI ст.

Таму цешыць, што ў сучасным друку выправіў ейнае на 100 гадоў ранейшае паходжанне калектыў з 16 навукоўцаў на чале з кандыдатам i фізіка-матэматычных навук, якія ў артыкуле «Аўтографы... на фрэсках», змешчаным у «Чырвонай змене» (18.10.1969), пішуць:

«Стаіўшы дыханне, глядзелі мы на цуд - Маламажэйкаўскую (1407 г.) [3] i Сынкавіцкую (XV ст.) цэрквы - выдатныя помнікі беларускай архітэктуры».

Так, яны цалкам маюць рацыю i ў сваім прачулым адзначэнні архітэктурнай каштоўнасці царквы i ў вызначэнні часу ейнай пабудовы. Маламажэйкаўская Прачысценская царква, паводле гістарычных крыніц, пабудаваная ў 1407 годзе падканюшым віленскім, дзяржаўцам ушпольскім, пенянскім i радунскім Шымкам Мацкевічам-Шклёнскім [4]. I належным чынам абгрунтаваў гэтую дату яшчэ Пампей Бацюшкаў у сваёй вядомай працы «Белоруссия и Литва» (1890 г.).

Мы падзяляем шчырае захапленне кагадзе прыгаданых навукоўцаў - Маламажэйкаўская царква пакідае незабытнае ўражанне. Як Сынкавіцкая царква на Слонімшчыне і Супраслеўская на Беласточчыне, яна нагадвае хутчэй не дом малітвы, а пабудаваны для змагання сярэднявечны замак. Ейныя сажнёвыя сваёй таўшчынёю муры складзеныя з моцнай, бы бетон, цэглы, вырабленай паводле даўно згубленых рэцэптаў. Яна мела падзямельны ход i патаемныя лазы ў мурах, а па кутах да нашых дзён захавала чатыры стромкія вежы, на якія з яе вядуць спіралепадобныя каменный сходы. Пад царквою ёсць два ўмяшчальныя скляпы, дзе быў калодзеж і, магчыма, перахоўваліся боепрыпасы ды правіянт, a ўваход у яе абараняўся важкімі жалезнымі дзвярыма, што апушчаліся на ланцугах. Але асабліва падчыркваюць ейнае вайсковае прызначэнне шмат байніцаў, што захаваліся дагэтуль i ў вежах i ў мурах вакол. I разам з тым суворы будынак мае багатае дэкаратыўнае аздабленне як звонку, гэтак i ўнутры. З усіх абаронных цэркваў у Мураванкі больш цікавыя вонкавыя нішы, а таксама вельмі ўпрыгожвае яе нутраное зорчастае скляпенне.

Сваей архітэктурай Маламажэйкаўская царква пераважна беларуская. I калі У. Чантурыя, з невядомых меркаванняў, знайшоў, што на стыль ейных ніш уплыла Масква, дык слушна адказалі яму Э. Вецер i Г. Штыхаў у сваім артыкуле «Бясспрэчнае i спрэчнае», змешчаным у газеце «Літаратура i мастацтва» ад 29 ліпеня 1969 года:

«На самай справе маскоўскія матывы падобнага роду зусім інакшыя па канструкцыі i па вобразнасці дый узніклi ў XVII ст. - па меншай меры на стагоддзе пазьней, чым на Беларусі».

I заслугоўвае даверу М. Кацар, калі ў сваёй «Беларускай архітэктуры» трапна адзначае:

«Розніца паміж беларускімі i расейскімі ўмацаванымі царквамі палягае ў тым, што першыя маюць чатыры вежы з байніцамі, a расейскія - адну-дзве без байніц. Потым у беларускіх вежы знаходзяцца па кутах, нагадваючы тым самым замкі, i асабліва ў Міры».

Да гэтых выказванняў паважных навукоўцаў уважаю за патрэбнае дадаць, што тагачасная Маскоўшчына не ведала ні раманскага стылю, які адбіўся ў круглым акне заходняга муру Маламажэйкаўскай царквы, ні готыкі ейнага цудоўнага скляпення.

Калі абаронныя цэрквы ў стане былі, як крэпасці, супрацьпаставіцца нават гарматам, пра што сведчыць тое, што шведскае ядро пакінула толькі драпіну на муры Маламажэйкаўскай царквы, дык яны сталіся безабароннымі, як дамы малітвы, перад гвалтам за часамі спярша іншарэлігійнага, а потым антырэлігійнага ціску.

Характэрна, што ў XVIII ст. мясцовы абшарнік Казімір Кастравіцкі спаліў вялікі архіў гэтай царквы, знішчыў уваходныя жалезныя дзверы, папсаваў абразы старадаўняга пісьма i нават паглуміўся з астанкаў пахаванага ў ёй ейнага будаўніка Шымкі Мацкевіча-Шклёнскага.

За два стагоддзі, з прамовы ў Польскім Сойме сэнатара В. Багдановіча, мы дазналіся, што Лідскі стараста адабраў у праваслаўных беларусаў Маламажэйкаўскую царкву. Гэты стараста прывёз да царквы, пры якой ужо стаялі прадстаўнікі каталіцкага духавенства, тутэйшага благачыннага, загадаў яму паквітаваць атрыманне царкоўных рэчаў, пасля чаго абразы былі выкінутыя з царквы, іканастас паламаны, а самую царкву перарабілі пад касцёл.

I нарэшце з прамовы старшыні Беларускага таварыства па ахове помнікаў гісторыі i культуры акадэміка Цімафея Гарбунова (1904-1969), апублікаванай ў газеце «Літаратура i мастацтва» ад 9 снежня 1966 года, мы даведаліся, што ў Маламажэйкаўскай царкве па вайне атабарыўся калгасны склад!

Гэта сапраўдны шэдэўр беларускага царкоўнага дойлідства, бы вычасаная з аднага каштоўнага каменю, Маламажэйкаўская Прачысценская царква, празваная з любасцю народам Мураванкай. I хочацца думаць, што на ёй спыніцца сучасны сталы працэс знішчэння нашых духоўных скарбаў.

Магчыма, што з яе ўжо выселена калгаснае сховішча, i на ёй вісіць шыльда пра ўзяцце пад дзяржаўную ахову, але гэтага яшчэ замала. Трэба звярнуць ёй ранейшы выгляд, а гэта - аднавіць уваходныя жалезныя дзверы на ланцугах, калодзеж, падэямельны ход i патаемныя лазы, адрэстаўраваць інтэр'ер разам з іканастасам i абразамі, знайсці i ушанаваць месца пахавання слаўнага патрыёта Шымкі Мацкевіча-Шклёнскага, а таксама ўзняць над вежамі тагачасныя беларускія крыжы Святой Еўфрасінні-Прадславы. I тады царква, выдатнай форме якой пачне адпавядаць такі ж самы змест, дасягне аднаго ўзроўню з найбольш вядомымі культурнымі помнікамі Заходняй Еўропы.

«УЗНОСІЦЦА ГОТЫКА, НІБЫ АГОНЬ У НЕБА» (Сынкавічы)

Хто не ведае старадаўняй, але дагэтуль жыццёвай прыказкі: «Чалавеку ўласціва памыляцца»? Першы ўжыў яе грэчаскі паэт Феазід яшчэ за 500 год да нашай эры, Пасля ў розных варыянтах яна паўтораная Еўрыпідам, Цыцэронам i Сенекам. I таму не здзіўляе, калі Язэп Пушча (1902-1964) у сваім прачулым творы «Песня юнацтву» сумуе:

Беларусь!

Тваё мінулае ў мармурах не застыгла

І меддзю-бронзай не звініць.

Яно не знае готыкі, антычных стыляў,

Не знае колераў сузорчатых зарніц.

А тым часам хоць з прычыны гістарычных злыбед i не шмат перахавалася на Беларусі помнікаў мінулага, але ў ix адбіліся ўсе архітэктурныя стылі, знаныя чалавецтву.

Здаўных-даўна ўпрыгожвае сяло Сынкавічы, што на Слонімшчыне (у сучасным Зэльвенскім раёне Гарадзенскай вобласці), Міхайлаўская царква, нагадваючы сваім выглядам хутчэй сярэднявечны замак. Паводле пісьмовай крыніцы яна быццам бы пабудавана ў 1447 годзе, але большасць навукоўцаў на аснове ўсебаковага даследавання яе адносяць ейнае ўзнікненне да пачатку XVI ст. Прынамсі, віленскі бернардынскі касцёл, першы цытадэльна-рэлігійны помнік на абшарах гістарычнай Літвы, пабудаваны ў 1525 годзе, a Сынкавіцкая абаронная царква па сваіх найбольш тыповых дэталях крыху за яго пазнейшая.

Гэтае падвойнае прызначэнне будынка, як дома малітвы i даволі моцнай фартэцыі, знайшло адбітак у ейным архітэктурным абліччы. Калі глядзіш на Сынкавіцкуіо царкву, дык перш-наперш кідаецца ў вочы высокі дах з крутымі спадамі i рагавыя вежы, з якіх дзве круглыя, а дзве - васьмігранныя. У паддашы над скляпеннем, куды ва ўсіх вежах вядуць сходы, прарэзаная ў верхняй частцы грубых сцен 41 байніца, ёсць таксама байніцы i ў вежах. З гэтых байніц круглыя i квадратныя прызначаліся да наглядання i абстрэлу вакольнай мясцовасці, а тыя, што маюць форму прастакутнікаў, да абароны подступаў да ніжняй часткі сцен. Разам з тым невядомы таленавіты дойлід скарыстаў байніцы не толькі для вайсковых мэт, але i як сродак да вонкавага аздаблення царквы, i яны падпяразваюць яе быццам бы поясам.

Апрача байніц, упрыгожваюць таксама будынак нішы, падобныя да ніш Маламажэйкаўскай абароннай царквы ды вежаў Мірскага замка, але тут яны маюць больш суворы характар, бы падчыркваючы ягонае найперш абароннае прызначэнне, пра што ў дадатак сведчыць i тое, што вузкія вокны, праз якія не пралезе чалавек, наўмысна зробленыя высока ад зямлі. Наогул жа ў сваёй канструкцыі Сынкавіцкая царква вельмі блізкая да пабудаванай ў XVI ст. вядомай брамы Субачу ў віленскіх замкавых мурах.

У сваім плане Сынкавіцкая Міхайлаўская абаронная царква прыгадвае крыху старадаўнія праваслаўныя святыні Беларусі, як Гародзенскую Каложу, Полацкага Спаса i Віцебскае Дабравешчанне, але шмат у чым істотна ад ix i розніцца. Візантыйскі план атрымаў тут гатыцкае з дамешкай раманскага стылю апрацаванне. Для апошняга вельмі характэрны паясок, які ахапляе апсіду i дзве круглыя вежы, а затое бадай ва ўсіх іншых дэталях адбілася готыка. Пра готыку сведчыць i вялікая вышыня даху з вострым шчыпцом, i спічастыя аркі праёмаў, i празрыстасць заходняга фасада, i зоркавае скляпенне ў дыяканніку, i нават тое, што скляпенне ў нефах абапёртае не вылучна на слупы, чаго патрабуе візантыйскае дойлідства, а як звычайна у гатыцкіх будынках, найбольш падтрыманае знадворку з дапамогай кантрафорсаў. Прычым, раўнуючы да ейнага папярэдніка, Віленскага бернардынскага касцёла, дзе вычуваецца ўплыў готыкі нямецкага тыпу, Сынкавіцкая царква становіць узор своеасаблівай беларускай готыкі.

I ўважаю цяпер за патрэбнае падаць водгукі навуковых даследнікаў пра Сынкавіцкую царкву. Яшчэ Пампей Бацюшкаў у сваёй працы «Белоруссия и Литва», выдадзенай у 1890 годзе, падчыркнуў ейныя гатыцкія рысы. У. Чантурыя ў кніжцы «История архитектуры Белоруссии» піша: «Гэты помнік мае сваё архітэктурна-мастацкае развязанне, як вынік творчага перапрацавання розных традыцый мясцовымі майстрамі». Мікалай Шчакаціхін у сваіх выдатных «Нарысах з гісторыі беларускага мастацтва» (1928 г.) сведчыць:

«Уласнае значэньне Сынкавіцкай царквы, як помніка, палягае ў тым, што э дапамогай яго мы хоць часткова вызначаем паходжанне й генээу своеадметных форм беларускай царкоўнай готыкі».

Нават Ю. Ягораў, у працы якога «Градостроительство Белоруссии» вычуваецца ўплыў з боку вядомага вульгарызатара гісторыі Беларусі Л. Абэцэдарскага, вымушаны сцвердзіць: «Усё ж трэба адзначыць, што пры агульных рысах, якія мае план Сынкавіцкага храма з планамі чатырохслуповых расейскіх цэркваў, ягоны мастацкі выгляд самабытны». I, нарэшце, прыгадваецца зусім слушная выснова Э. Вецер i Г. Штыхава ў артыкуле «Бясспрэчнае i спрэчнае», змешчаным у газеце «Літаратура i мастацтва»:

«Маламажэйкаўская i Сынкавіцкая цэрквы вызначаюць нацыянальны характар беларускага дойлідства XVI ст. У ix выяўлены дух часу, асноўныя эстэтычныя ідэалы i дасягненні тагачаснай будаўнічай тэхнікі».

Здаецца адсюль, што вылучная каштоўнасць Сынкавіцкай Міхайлаўскай царквы, як помніка культуры, не падлягае ніякаму сумлеву, але, на жаль, не ўсім гэта зразумела. Старшыня Беларускага таварыства па ахове помнікаў Ц. Гарбуноў у сваім інтэрв'ю, надрукаваным у газеце «Літаратура i мастацтва» ў верасні 1965 года, дамагаўся, каб з Сынкавіцкай царквы забралі калгасны склад, але, відаць, без удачы, бо за год, у снежні, ён там жа паўтарыў тое ж. Нават яшчэ за тры гады 16 навукоўцаў у сваім артыкуле «Аўтографы на фрэсках», змешчаным у «Чырвонай змене» ад 18 верасня 1969 года, адзначаючы спачатку, як «стаіўшы дыханне глядзелі мы на цуд - Маламажэйкаўскую i Сынкавіцкую цэрквы - выдатныя помнікі беларускай архітэктуры» - пасля з сумам дадаюць: «Кіраўнікі калгаса, на тэрыторыі якога знаходзіцца Сынкавіцкая царква, дадумаліся ля помніка саюзнага значэння пабудаваць... кароўнік».

I пэўна ж не дойдзе да гэтых самых ды некаторых вышэйшых за ix кіраўнікоў пачуццё пашаны да мінулага Беларусі, пра якое, маючы на ўвазе Сынкавіцкую i Маламажэйкаўскую цэрквы, гэтак добра сказаў у сваёй «Баладзе каменя» Уладзімір Караткевіч:

«Узносіцца готыка, нібы агонь у неба. I гэта палёт думкі, што пачынае абуджацца, гэта перадпачатак рэнесансу, гэта вершаваны ўступ Скарыны да кнігі «Юдыф».

«I СВЯТЛО Ў ЦЕМРЫ СВЕЦІЦЬ» (Гальшаны)

Паміж Вільняй i Маладзечынам шырока разлеглася маляўнічае Ашмянскае ўзвышша, бы забараняіочы прыгажуні Вяллі абмінуць Вільню i далучыцца да бацькі Нёмана вышэй ад Каўнаса. Амаль пасярэдзіне падзяляюцьяго глыбокія даліны рэк Ашмянкі i Гальшанкі - першая, падмываючы стромкія берагі, бяжыць на поўнач да Вяллі, другая спяшаецца на поўдзень да Бярэзіны. I здаўных-даўна ляжыць на Галынанцы цяперашняе мястэчка, a некалі горад Гальшаны.

Дарэчы, на некаторых сучасных картах i сям-там у кніжках, а нават у паважнай «Белорусской архитектуре» М. Кацара, i хны назоў перайначаны на Альшаны, тым часам паходзіць ён зусім не ад алыныны, а ад імя ўласнага, гістарычнага. Вядомая «Хроніка Быхаўца», маючы на ўвазе князя Альгімунта Гольшу, які даводзіўся сынам Раману, унукам Гілігіну i малодшым братам Нарымунту, пад 1280 годам падае: «А чацвёрты брат Гольша перайшоў раку Вяллю i знайшоў rapy прыгожую, i пабудаваў на ёй горад, i назваў сваім імем Гальшаны».

Вось якраз ад яго i пачаўся славуты князёўскі род, з якога паходзіць i Сонька Гальшанская (1405-1461) - чацвёртая жонка Ягайлы ды маці Ягелонаў - i Ульяна Гальшанская - другая жонка Вітаўта, што заснавала ў Троках Юр'еўскую царкву. Паколькі стрыечныя браты Ягайла i Вітаўт блізка аднагодкі, дык вельмі магчыма, што Сонька i Ульяна сестры.

Не засталося цяпер у Гальшанах i следу ад таго старадаўняга касцёла ля замка, дзе ў 1422 годзе пашлюбаваліся Ягайла з Сонькаю. Не збярогся таксама складзены з дубовага бярвення, з патаемнымі сходамі ў вежах першы Гальшанскі замак, што знаходзіўся на высокім узгорку, вядомым сёння пад назовам Гарадзішча, якое ахутаў народ сваімі паданнямі, але, на жаль, дагэтуль тут не праводзілася археалагічных доследаў. I, між іншага, ужо больш за Гальшаны пашанцавала Глуску, дзе на беразе Пцічы да нашых дзён захаваліся рэшткі замка тых жа князёў Гальшанскіх.

Калі ў XVI ст. род Гальшанскіх вымер, іхныя Гальшаны перайшлі да Сапегаў. На пачатку наступнага стагоддзя Ашмянскі староста, а пасля падканцлер Павал Сапега збудаваў тут на новым месцы каменны замак, ад якога цяпер ацалела прыкладна трэцяя частка. Квадратовы ў сваім плане, з магутнымі мурамі ўдаўжкі каля 100 метраў, a ўвышкі ад 10 да 12, ён меў па кутах чатыры вежы са спічастымі шатровымі дахамі.

У кампазіцыі Гальшанскі замак нагадвае Мірскі, але калі той з цягам часу паступова ператварыўся з вайскова-замкавага ансамблю ў палаца-замкавы, дык узніклы на сто гадоў пазней за яго Гальшанскі хутчэй нагадвае ўжо не замак, a ўмацаваны абаронны палац. Паказальна, што ягоныя вымураваныя з каменю i цэглы паўтараметровыя муры адначасна i вонкавыя сцены палаца, які меў залі, упрыгожаныя лепкай, патаемныя вінтавыя сходы, a ўнізе сутарэнні з высокімі арчастымі скляпеннямі. I ў замак праз таўшчыню муру i шырыню сумежнага з ім палаца вядзе 15-метровы тунэль, выкладзены панізе нячэсанымі валунамі.

У 1618 годзе Павел Сапега збудаваў велічны базылікальны касцёл, які не мае вежаў, але тым не менш відаць яго навокал за 10 кіламетраў, хоць i стаіць ён не на самым высокім месцы ў Гальшанах. Ладна чым ён нагадвае касцёлы МІхала ў Вільні i Тройцы ў Друі, што зразумела, бо фундатарамі ўсіх ix былі Сапегі, але найбольш падобныя да яго бязвежавыя касцёлы ў Барунах І Шклове. У паўночным нефе Галынанскага касцёла быў над магілай Паўла Сапегі зграбны помнік, які прадстаўляў рыцара ў поўным узбраенні. А да касцёла прылягалі старадаўнія камяніцы францішканскага кляштара.

Калісь, як сцвярджае дакумент яшчэ 1538 года, праз Гальшаны праходзіў ажыўлены гандлёвы шлях з Пінска да Вільні i тут адбываліся вялікія кірмашы, што сведчыла наогул пра іхны дабрабыт.

Маёнтак Гальшаны разам з замкам, паступова занепадаючы, перайшоў ад Сапегаў да Жабаў, потым да Карсакоў, а пасля гераічнага паўстання 1863 года ix апанаваў на правах пераможца расейскі генерал Гарбанёў i ў рэшце рэшт таксама расеец Ягмін. Апошні на пачатку XX стагоддзя з чатырох вежаў замка без пільнай патрэбы разбурыў тры, а тым часам адна з ix была ў дадатак капліцай - яна, хоць i паруганая ды скарыстаная пад дрывотнік, мела цудоўны сценапіс.

Тымі ж часамі хтосьці, відаць свядома, замаляваў у касцёле за галоўным алтаром высокамастацкую фрэску, дзе евангеліст Іаан накрэсліў свае агністыя словы: «I святло ў цемры свеціць, i цемра не агарнула яго». А з кляштара пасля 1863 года выдалілі манахаў-францішканаў, прыстасаваўшы ягоныя будынкі пад казацкія кашары.

Сучасныя Гальшаны маюць тыповыя для кожнага савецкага мястэчка сельмаг, культмаг, дробныя прадпрыемствы бытавога абслугоўвання i нават самы буйны ў раёне саўгас імя Панцеляймона Панамарэнкі. Ёсць у ix таксама дзве стандартныя сярэднія школы, бібліятэка i клуб, але што да гэткіх тутэйшых каштоўных помнікаў культуры, як замак i касцёл, дык яшчэ паводле артыкула П. Місько з паэтычным загалоўкам «Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі», змешчаным летась (1969 г.) у газеце «Літаратура i мастацтва», яны пераробленыя пад склады з павыбіванымі вокнамі. Ад таго часу ix летась прыгадвала «Чырвоная змена», ужыўшы ў сувязі з імі ў артыкуле «Аўтографы на фрэсках» зусім слушны выраз - «велічныя Гальшаны» ды не менш трапна надаўшы другому вычарпальны назоў - «Бар'еры на шляху рэстаўратараў». Двойчы летась рупілася пра іхную долю «Літаратура i мастацтва» ў артыкулах, з якіх адзін мае паказальны загаловак - «З чаго пачынаецца радзіма...». Не абмінуў Іх i часопіс «Беларусь» у сваім нарысе «Памяць каменя i памядь слова». Таму ўсё ж, даруйце, не даём веры, што яны ўжо ўзятыя пад дзяржаўную ахову, i нехта ўжо нават рупіцца пра іхную калі не рэстаўрацыю, дык прынамсі кансервацыю.

Багатую культурную спадчыну захоўвае Ашмянскае ўзвышша. Апрача створаных беларускімі дойлідамі выдатных замка i касцёла ў Гальшанах, тут у Крэве захаваліся крушні велічнага замка, нямыя сведкі i гвалтоўнай смерці Кейстута, i наступнай за ёю Крэўскай уніі, у Вішневе славуты Мячыслаў Карловіч напісаў «Літоўскую рапсодыю», у Залессі Міхал Клеафас Агінскі стварыў паланэз ля мінор «Развітанне з Радзімай», a ў Лоску працаваў i памёр незабытны Сымон Будны.

I нарэшце тут на старым могільніку ў Жупранах спіць вечным сном Францішак Багушэвіч, магілка якога сталася месцам няспыннага паломніцтва, а тады, у часе ягонага пахавання, асірацелыя тутэйшыя сяляне ад свайго шчырага сэрца i ўбогай маёмасці ўсклалі на яе заміж вянка дудку i скрыпку са смыком.

АХУТАНАЯ ГУЛАМ ГАРМАТНЫМ ЛІТВА (Крэва)

Калі вам давядзецца па дарозе, што ідзе ад Смаргоняў на поўдзень, дастацца за нейкія 20 кіламетраў, паблізу ад найвышэйшай на Ашмянскім узвышшы Мілідаўскай тары, да вёскі Крэва, дык старшыня Крэўскага сельсавета пазнаёміць вас з усімі тутэйшымі дасягненнямі.

Прыгадаўшы, што колішняя Мікалаеўская вуліца цяпер перайначаная на Савецкую, ён, перш-наперш, павядзе вас на ўслаўленую па ўсёй Гарадзенскай вобласці свінаферму калгаса «40 год Кастрычніка», які, дарэчы, цалкам электрыфікаваны i радыёфікаваны, a ў дадатак яшчэ перайшоў на гарантаваную аплату працы. Таксама пакажуць вам магазіны, школу, пошту, клуб i пякарню, дадаўшы, што вёска налічвае бязмаль аж 400 двароў, з якіх 150 прыпадае на сцягнутыя сюды хутары. Аднак пасля гэтага азнаямлення з сучаснымі навінамі, не абмініце, калі ласка, хоць i занядбаныя, але велічныя руіны выдатнага помніка культуры, пакінутага далёкім мінулым.

Вялікі князь літоўскі Гедымін, падзяляючы паміж сваімі сынамі ўдзелы, аддаў тагачасны горад Крэва Альгерду, а той у сярэдзіне XIV ст. пабудаваў тут магутны замак. Замак паўстаў на штучным узгорку не выпадкова, далучыўшыся да ланцуга замкаў Трокаў, Вільні, Меднікаў, Гродна, Наваградка, Ліды, скіраваных супраць захопніцкага ціску крыжакоў. Гераічна супрацьпастаўляючыся ім, самы вялікі на Беларусі Крэўскі замак дайшоў да нашых дзён у руінах.

Часткова перахаваліся ягоныя муры, што калісьці мелі ўвышкі 15 метраў, а на сваю трэцюю частку ад зямлі складзеныя з нячэсаных валуноў, i таксама малая круглая вежа на замкавым двары. Над усім замкам пануе вялікая, блізу ў плане квадратовая, памерам 10 на 11 з палавінай метраў, чатырох'ярусавая вежа, вымураваная з каменю i падобнай да яго ў сваёй моцы цэглы.

Вежа гэтая выступав з-за муроў навонкі i служыла яна не толькі для абароны, але i для жылля ўладароў. Бо Крэўскі замак становіць пераходную форму ад даўнейшых вайсковых крэпасцяў да заходнееўрапейскіх умацаваных гарадоў, для якіх характэрная галоўная вежа, вядомая ў архітэктуры пад французе кім назовам - данжон. Замак у сваім змаганні з ворагамі краіны не заўсёды перамагаў, пра што знаходзім горкі прыпамін у «Хроніцы Быхаўца»: «I прыйшоўшы ў Крэва, спалілі яго, а людзей шмат якіх забілі ды павялі ў палон, а адтуль пайшлі да Маладзечына», але ягоныя цяперашнія руіны таксама манументальныя сведкі іншых незабытных сваім значэннем гістарычных падзей.

Калі сыны Гедымінавы Альгерд i Кейстут, змагаючыся з вонкавымі ворагамі, разам з тым падпарадкавалі сабе іншых сваіх братоў i тым самым захавалі адзінства Вялікага Княства Літоўскага, дык іхныя сыны - Ягайла й Вітаўт - не дасталі ў спадчыну бацькоўскага сяброўства. Не аднойчы, паводле «Хронікі Быхаўца», перасцерагаў сына Кейстут, што Ягайла здраджвае інтарэсам Літвы, a Вітаўт не даваў гэтаму веры, аж пакуль у Вільні не былі захопленыя патаемныя пісьмовыя ўмовы Ягайлы з крыжакамі. Нарэшце Ягайла падманным чынам, праз парушэнне прысягі, паланіў у Вільні свайго дзядзьку Кейстута, разам з Вітаўтам, у кайданах ад вёз ix у Крэва i там, як падае хроніка «Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх», «...а пятай начы князя вялікага Кейстута задушылі каморнікі вялікага князя Ягайлы», i далей называв тых наймітаў-забойцаў, на чале якіх быў тагачасны лёкай Прокша. Тая ж гвалтоўная смерць чакала i Вітаўта, каб не дапамагла яму ўцячы ягоная жонка Ганна, але не было пры Кейстуту адданай яму Біруты, i тады ж, магчыма, перавярнуліся ў труне косці князя Альгерда. Усё гэтае здарылася тут, у Крэве, i можа акурат у гэтай вялікай вежы, бо вядома, што праз яе, абмінуўшы вартаўнікоў ля брамы, выратаваўся Вітаўт.

У 1385 годзе, праз тры гады па смерці Кейстута, што азначае сабой канец старой Літвы, тут жа адбылася падзея, вядомая ў гісторыі як Крэўская унія. Яе можна было б толькі вітаць, каб яна была сяброўскай умовай дзвюх незалежных дзяржаў - Літвы i Польшчы - пра сумеснае змаганне з крыжакамі, але ж ейны акт канчаўся забавязаннем Ягайлы: «Землі свае Літоўскія i Рускія на вечныя часы да Кароны Польскай прылучыць». У тым жа годзе, наўмысна ў тутэйшым касцёле, адбыўся Ягайлаў шлюб з польскай каралевай Ядзвігай, мэтаю якога было ўмацаваць далучэнне Літвы да Польшчы. I хай сабе гэты акт Крэўскай уніі, які адразу ж выклікаў абурэнне беларусаў i літоўцаў, спярша не выконваўся. Хай сабе Вітаўт, які стаў на чале гэтага абурэння, стаўся неўзабаве вялікім князем Літвы, аднак пасля палякі не дазволілі яму каранавацца на караля Літвы, а самая смерць Вітаўта, пры якой быўЯгайла, здаецца, надумку нават польскага гісторыка Яна Длугаша, таямнічай. I гэта, магчыма, тут, у тэй жа самай вялікай вежы, закладзены падмурак пагібелі Вялікага Княства Літоўскага, што перад тым усё больш i больш набывала беларускага характару.

Не цяжка пасля гэтага ўявіць сабе, якую значную архітэктурную i гістарычную каштоўнасць становяць руіны Крэўскага замка, але не ўсім тое зразумела. Мы падзяляем абурэнне тых аўтараў, якія летась у «Чырвонай змене» ў артыкуле «Лепш адзін раз убачыць...» пісалі: «На жаль, на сценах замка няма нават ахоўнай дошкі. Мясцовыя арганізацыі i некаторыя жыхары расцягваюць каменне замка для сваіх уласных патрэб» - а там жа ў артыкуле «Аўтографы на фрэсках» да іхнага жалю далучыліся 16 навукоўцаў, дадаўшы:

«Вельмі крыўдна, калі бачыш, як літаральна на вачах развальваецца Крэўскі замак. Яшчэ год-два, i абваляцца сцены».

Ды, відаць, усё гэтае не кранае Крэўскага сельсавета, бо ў «Звяздзе» ад 1 ліпеня 1969 года ў артыкуле В. Шацілы «Помнікі культуры i турызм» зноў чытаем:

«Руіны замка ў Крэве таксама не даглядаюцца, i мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць цэглу са сцен для сваіх патрэб».

Знікненне пагражае рэшткам Крэўскага замка. Аднак не можна адказнасць за гэтае цалкам ускласці на старшыню Крэўскага сельсавета, які падпарадкаваны вышэйшым ад сябе ўладам i ў раённых Смаргонях, i ў абласной Гародні, i ў сталічным Менску, а тым болей у цэнтральнай Маскве. Неяк летась у «Чырвонай змене» давялося мне пазнаёміцца з артыкулам Г. Сокалава «Ахове помнікаў - сілу закона», прысвечаным замку Гедыміна ў Троках, дзе, між іншага, ён піша:

«У час аднаго з многіх наведванняў гэтага замка я прачытаў такі запіс у кнізе наведвальнікаў: "Здаецца, узяў бы гэты замак на рукі й перанёс да нас у Менск. Група мінчан"».

I як жа ўсё-ткі добра, што знаходзіцца ён у Літоўскай, а не ў Беларускай ССР. Не зважаючы на забарону ўсемагутнага Мікіты Хрушчова, літоўцы аднавілі замак у Троках з руін, у які ператварыла яго Другая сусветная вайна, а каб ён быў у Менску, дык без сумлеву падзяліў бы лес усіх ягоных помнікаў культуры, разбураных ужо па вайне. А што сталася б якраз гэтак, пацвярджае В. Шаціла ў сваім кагадзе адзначаным артыкуле ў «Звяздзе», калі, маючы на ўвазе сумную практыку Беларускага таварыства па ахове помнікаў гісторыі i культуры, адзначае:

«На жаль, тут пакуль што далей добрых разважанняў справа не ідзе».

ЧАМУ ЛЮБЧА ЁСЦЬ ЛЮБЧА

У сівой далечыні стагоддзяў знікае нараджэнне гэтага маляўнічага паселішча, што мае гэткі ж самы прыгожы назоў. Цяпер Налібоцкая пушча адсунулася ад Немана да свайго спавітага паданнямі сіняга дыямента - возера Кромань, а тады яшчэ з абодвух бакоў зялёнай аправай атуляла яна родную раку.

Тут у часе кароткага адпачынку паміж баявымі паходамі паляваў на тураў i зуброў заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага суворы Міндоўг і, як пяялі пасля дудары, забыўся на свае меч i дзіды, пабачыўшы аднойчы ля пераправы красуню Марту. Марта сталася ягонай жонкай i падаравала яму сына Вайшэлка, а тады бязыменнаму перад тым паселішчу, скуль паходзіла Марта, удзячны Міндоўг надаў ад сэрца адпаведнае імя - Любча.

У 1251 годзе ў Любчы, у першым на Літве касцёле, Міндоўг прыняў хрысціянства, дзеля чаго адмыслова прыбыў сюды з Польшчы біскуп Віт, але ж неўзабаве Міндоўг звярнуўся назад да паганства, прагнаўшы з краіны ксяндзоў. Калі потым Вайшэлак стаўся праваслаўным манахам, дык занадта яшчэ далёкім ад хрысціянства быў ягоны бацька Міндоўг, пры ўспаміне аб якім адразу прыгадваецца «Малітва Пяруну» Кастуся Езавітава, што пачынаецца зваротам нашых прашчураў:

Пярун наш Бацька,

Ясны Божа Грому!

Даруй нам!

Жрацы Хрыста нас ашукалі!

- i канчаецца іхнай просьбай -

Памажы, Пярун, нам,

Бог наш Грозны, Мілы,

Цяць галовы

Ад чванлівых плеч.

Паводле летапісу, яшчэ у 1281 годзе з'явіўся ў Любчы драўляны замак, што нечакана пацвердзіў знойдзены на замчышчы бронзавы флюгер, на якім была тая ж дата. У канцы XV ст. вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч падараваў Любчу свайму сакратару Фёдару Храбтовічу, які прадаў яе віленскаму ваяводу Альберту Гаштольду, а ад таго пасля Любча перайшла да магната Яна Кішкі. На пачатку XVII ст. тут ужо гаспадарылі Радзівілы.

Прыпушчаюць, што пачаў будаўніцтва тутэйшага каменнага замка яшчэ Ян Кішка, але скончыў ужо Багуслаў Радэівіл, што атрымаў гэты замак у пасаг за сваей жонкай Ганнай. Ад канца XVII ст. пачынаецца заняпад Любчы, якую яшчэ ў 1535 годзе спрабаваў энішчыць Іван Грозны, a ў палавіне XVII ст. зусім спустошыў цар Аляксей Міхайлавіч. I нарэшце, у апошніх двух стагоддзях тут пануюць розныя Вітгенштэйны, Набокавы ды Фальцштэйны.

Колішні ажыўлены горад ператварыўся ў сціплае мястэчка. I дарма, што ў 1905 годзе Любча налічвала 870 жыхароў, а цяпер ix 4 тысячы, але ж яшчэ ў канцы XVI ст. кароль Жыгімонт III зусім не выпадкова дараваў Любчы магдэбургскае права i герб, дзе на блакітным полі была сярэбраная падкова канцамі ўніз, i ўнутры яе два ласі, а наверсе ды пры канцах залатыя крыжы.

Нават раён перанеслі цяпер з Любчы да Карэлічаў, i таму зачынілася мясцовая газета, а тым часам яшчэ абаронец Сымона Буднага Ян Кішка заснаваў тут друкарню, дзе паміж іншых кніжак з адзнакай па лаціне «Любча на Немане» выдалі свае агульнаеўраггейскага значэння палемічныя працы Пётр i Ян Кміты. I прыемна, што тутэйшую школу скончылі па вайне больш за тысячу юнакоў i дзяўчат, але ж летась яна абходзіла сваё 550-годдзе, бо заснаваная на пастанову таго самага гістарычнага Сабора епіскапаў у 1416 годзе ў Наваградку, які, адмежаваўшыся ад Масквы, аднавіў Літоўскую мітраполію. I хоць каля будынка, дзе месціцца школа, пастаўлены помнікбюст партызанкі Людмілы Сечка, аднак будынак той пабудаваны яшчэ Радзівіламі.

На самым ускрайку стромкага берага Немана, у канцы Замкавай вуліцы, якая, магчыма, змяніла цяпер свой назоў, узвышаецца палаца-замкавы ансамбль Радзівілаў, абкружаны глыбокім ровам i прыгожым паркам. Да малюнка горада, які належыць да першае палавіны XVII ст., дададзенае наступнае тлумачэнне:

«З камення замак над Нёманам з чатырма вежамі, i кожная ўпрыгожаная бляшаным купалам. У першай вежы дубовая брама, набітая цвікамі».

Гэтая манументальная чатырохпавярховая вежа, складзеная з раду дзікага камення, мае ўнізе выгляд куба, які вышэй пераходзіць у васьміграннік з байніцамі, ды крытая шатровым дахам са шпілём. Першы паверхвежы заняты тунэлем-праездам, а па вузкіх сходах можна трапіць да вышэйшых паверхаў з цікавымі вокнамі рознае велічыні i формы - i спічастымі, i квадратовымі, i круглымі.

Аднак памыляецца У. Чантурыя, калі ў сваёй манаграфіі «Гісторыя архітэктуры Беларусі» адзначае: «У мінулым толькі праз яе можна было трапіць на нутраны двор». Апрача гэтай вежавай брамы, была яшчэ брама, што вяла ў парк, праз які ад яе была дарога з мастом праз роў да палаца. Брама была з чатырох мураваных слупоў з жалезнымі дзвярыма пасярэдзіне i з дзвюма форткамі па баках. I ці не разбураная гэтая брама з той прычыны, што яе зверху ўпрыгожваў герб Любчы, які, дарэчы, не стаўся для яе на будучыню сымбалічным?

З артыкула Л. Пракопчыка «Любчанскі замак», змешчанага ў газеце «Літаратура i мастацтва» ад 22 жніўня 1970 года, мы дазналіся пра рамонт другой вежы замка, што засталася напаўразбуранай яшчэ пасля Першай сусветнай вайны, якая дарэшты зруйнавала дзве іншыя вежы i спаліла палац. Але, на жаль, нічога не чуваць пра аднаўленне знішчанай брамы з гербам, як i пра ахову, калі яны наогул існуюць, старадаўніх цэркваў - Ільінскай на Замкавай вуліцы i недалёкай ад Любчы Падліпкі, што атрымала свой ідылічны назоў ад векавой ліпы, каля якой была пабудаваная ў канцы XVII ст.

Няма вестак i пра ўвагу да шматвекавога могільніка паміж Любчай i Падліпкай, а тым часам, апрача пашаны да дзядоўскіх касцей, надпісы на ягоных абымшэлых надгробках гэтак каштоўныя для краяведаў. I, нарэшце, нам хочацца думаць, што наўсуперак прапановам тых энтузіястычных асоб, для якіх гісторыя беларускага народа пачынаецца ад стрэлу «Аўроры», захавае ўсё ж Любча свой прашчурамі адказаны назоў, а не набудзе новы - Сечка.

«У МЕСЦЕ ВАЎКАВЫСКУ»

Паводле надпісу на карце БССР, выдадзенае ў 1966 годзе ў Маскве пад рэдакцыяй кандыдата геаграфічных навук В. Жучкевіча, горад Ваўкавыск славіцца сваім музеем П. Баграціёна. I справа тут не ў тым, што гэта той самы навуковец, які на старонцы 233-й сваёй кніжкі «Гарады i сёлы Беларускае ССР» сцвярджае, быццам бы ад веку левы прыток Немана рака Свіслач уплывае ў ягоны правы прыток Бярэзіну, a ў тым, што ён там жа за дзве старонкі пра музей Баграціёна піша: «у ім знаходзяцца таксама матэрыялы археалагічных раскопак Ваўкавыскага замчышча».

A ці не лепш, зазначым мы, каб было наадварот? Генерал Баграціён сапраўды ў часе вайны 1812 года быў на чале Другой Заходняй арміі Расейскай імперыі, штаб якой стаяў у Ваўкавыску, але той ацалелы дом, дзе ён знаходзіўся, становіць для беларусаў, як гістарычны помнік, беспараўнальна меншуювартасць, чымся тамтэйшыя ўзгоркі - Шведская гара, Замчышча і Муравельнік. Яны - нямыя сведкі нашае гісторыі, перахоўвалі ў сабе навуковыя скарбы, пакуль не адкапалі ix годныя пашаны археолагі.

Старадаўні беларускі Ваўкавыск атрымаў свой назоў ад рэчкі Ваўкавыі, што ўплывае ў ім у прыток Немана раку Рось, але не толькі таму ягоны герб аздабляў сабой свабодалюбны воўк. Упершыню горад прыгадваецца ў Іпацеўскім летапісе пад 1252 годам з прычыны змагання галіцка-валынскіх князёў з сынам Міндоўга Вайшэлкам. Відаць, шмат тут тады i пасля пралілося крыві, i тым не менш горад не запусцеў. Як сведчыць роспіс падаткаў на 1501 год з гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, Ваўкавыск дароўніваўся за тымі часамі да Слоніма i Ліды, а пастанова Варшаўскага сойма ад 1776 года пра пазбаўленне гарадоў магдэбургскага права на яго, разам з яшчэ васьмю вялікімі гарадамі Княства, не пашыралася. Аднак, трапіўшы ў Расейскую імперыю i стаўшыся павятовым горадам Гарадзенскай губерні, Ваўкавыск, раўнуючы да сваёй мінуўшчыны, паступова заняпаў. Толькі ў глыбокіх культурных пластах Шведскай гары, Замчышча i Муравельніка туліліся ягоныя колішнія дабрабыт i слава.

Старадаўні Ваўкавыск знаходзіўся на марэннай градзе, што ляжыць на адлежнасці паўкіламетра ад сучаснага горада. Ейная найвышэйшая частка, Шведская гара, мае ўвышкі 16 метраў i абкружаная валам увышкі да 7 метраў. Як кажа паданне, яе быццам бы насыпалі сваімі шапкамі шведы над магілаю свайго генерала, i хоць спярша сапраўды прыходзіць на памяць, што шведскае нашэсце на Рэч Паспалітую адбілася ў характэрным загалоўку рамана Генрыка Сянкевіча «Патоп», але потым успамінаюцца словы Франчэска Петраркі: «Паміж ФалернскІмі ўзгоркамі i морам знаходзіцца гара, створаная, на думку народа, чароўнымі песнямі Вергілія». I насуперак тутэйшаму паданню зусім натуральнае паходжанне ўсіх трох ваўкавыскіх узгоркаў ад ледавіка давёў дырэктар Інстытута геалогіі АН БССР A. Аўксенцеў.

Да Шведскай гары прылягае значна большае за яе сваёй плошчай, хоць крыху i ніжэйшае, Замчышча, у мацаванае з аднаго боку валам, які ля падэшвы мае ўшыркі 12 метраў. A ў паўкіламетры ад ix, на нізіннай мясцовасці, узвышаецца сапраўды падобны выглядам да мурашніка Муравельнік, дзе таксама захаваліся валы. І нарэшце, следам за летапісам і паданнямі сюды прыйшлі археолагі, раскрыўшы пасля карпатлівай, але ўдзячнай працы іхныя таямніцы.

Пачынаючы ад 1925 i па 1959 гады тут за рознымі часамі рабілі даследаванні Ю. Ёдкоўскі, Г. Пех, В. Тарсенка i П. Рапапорт. Яны ўдакладнілі, што на Шведскай гары знаходзілася сядзіба князя, а праз роў на Замчышчы i ў крыху аддаленым Муравельніку - горад.

Знойдзеныя імі тут шмат якія рэчы сведчылі i пра высокае развіцьцё ў старадаўнім Ваўкавыску розных рамёстваў i пра ягоныя ажыўленыя вонкавыя сувязі. У ім рабіўся выплаў жалеза, што даводзяць адкапаныя рэшткі домніцаў, a гліняныя ллячкі разам з кавалкамі медзі, волава i серабра, сведчылі таксама пра выплаў з высакародных i каляровых металаў. Кавалкі неапрацаванага бурштыну i ачышчаная косць прызначаліся, відаць, для патрэб тутэйшых ювеліраў i кастарэзальнікаў. Паказальна, што толькі ў 1954 годзе тут адкапалі 409 жалезных вырабаў больш чымся за 40 прызначэнняў, а з іншых металаў 67 рэчаў 32 катэгорый. Побач з прыладамі працы i рэчамі хатняга ўжытку знайшлі таксама шмат зброі, як мячоў, баёвых сякер, шчытоў, наканцоўнікаў дзід i стрэл.

Паміж знойдзеных тут рэчаў асабліва цікавыя - медальён з малюнкам ваяка са шчытом, у шаломе i кальчузе i з надпісам «Димитри»; пячатка, з аднаго боку якой вакол барэльефа паджылога мужчыны ёсць надпіс «Симеон», а з другога - шасціканцовы крыж Святой Еўфрасінні-Прадславы ды, нарэшце, шыферны абразок з надпісам «Гавриил». Заслугоўваюць на вялікую ўвагу выразаныя з косці шахматныя фігуры - ладдзя i пешка. Ладдзя, на якой змешчаны ўзброеныя ваякі, нагадвае сабою баявую лодку-«насаду» - пашыраную на Беларусі ў XII ст., а другая прадстаўляе барабаншчыка ў часе сігналу пачынаць бой. Ён - драб Вялікай Літвы, апрануты ў даўгую кашулю, на галаве шапка, праз плячо вісіць барабан, у правай руцэ ўдарная палачка - «вашчыга».

З прывазных рэчаў паміж розных іншых выкапалі адломкі белаглінных амфар, шкляныя бранзалеткі, атаксама каменную плітку з рэльефам барсападобнага звера.

Вельмі каштоўным адкрыццём была знахадка на Замчышчы падмурка царквы. Падобна да царквы Менскага замчышча, яна засталася чамусьці няскончанай, i ейныя камяні не звязаныя рашчынаю, але i гэтага даволі, каб меркаваць пра мастацкі план дойліда. Царква мусіла мець памер прыблізна 16 на 20 метраў, адну апсіду i шэсць слупоў, што набліжае яе да славутай Гарадзенскай архітэктурнай школы, для якой тыповая вядомая Каложская царква. I паказальна, што на нарыхтаваных для ейнага далейшага будаўніцтва цаглінах-плінфах ёсць герб князёў Рурыкавічаў.

Адсюль можна зрабіць выснову, якога вылучнага далейшага росквіту дасягнуў бы Ваўкавыск, каб не Расейская імперыя. Тым не менш, ейнаму генералу цяпер у гэтым Ваўкавыску, у доме № 7 па вуліцы Баграціёна, прысвечаны адмысловы вайскова-гістарычны музей. Нават перад фасадам гэтага дома пастаўлены яму бронзавы бюст-помнік, тым часам як няма помніку вялікаму сыну беларускага народа Кастусю Каліноўскаму ў недалёкім адсюль гарадку Свіслачы, у якім ён вучыўся, a паблізу ад якога, у Якушоўцы, гадаваўся. I па закутках гэтага самага музея П. Баграціёна часткова экспануюцца розныя каштоўныя рэчавыя сведчанні слаўнай мінуўшчыны Ваўкавыска, што данесл i да сучаснасці занядбаныя гарсаветам Шведская гара, Замчышча i Муравельнік. Тых сведчанняў не знішчылі тры вялікія ваенныя пажары, сляды якіх у культурных пластах розных стагоддзяў знайшлі археолагі, але затое спапяліў тады агонь, пакінуўшы толькІ аздобы пераплётаў, пісьмовыя помнікі, пра адзін з якіх Максім Багдановіч згадаў:

I бачу я ў канцы няхітрую прыпіску,

Што кнігу гэтую раб Божы, дзяк Гапон,

Дзеля душы спісаў у месцьі Ваўкавыску

Урок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён.

«І ЧАСАМ УСПАМЯНІ ПРА ЯСЬКУ СВАЙГО» (Свіслач)

Дазвольце спярша звярнуцъ вашую ўвагу на карту БССР, выдадзеную ў 1966 годзе ў Маскве, з надпісаў на якой вы даведаецеся, што Ваўкавыск славіцца сваім музеем Баграціёна, а Кобрын - Суворава. Аднак затое на ёй паміж імі нічым не адзначаны горад Свіслач, хоць ён шмат чаго гаворыць беларускаму сэрцу.

Горад Свіслач вядомы яшчэ ад XV ст., i пра ягоны ранейшы дабрабыт сведчыць тое, што ў ім здаўна §ыла гімназія, a ў 1876 годзе адчынілася настаўніцкая семінарыя. Цяпер Свіслач мае звычайныя для раённых цэнтраў дробныя прадпрыемствы, але не таму гэты горад дарагі для беларусаў. Невыпадкова пралягае праз яго вуліца Кастуся Каліноўскага, які вучыўся ў тутэйшай гімназіі, размешчанай у палацы графа Тышкевіча. Імя векапомнага змагара носіць сярэдняя школа, а перад ёй устаноўлены яму помнік-бюст. У 10 кіламетрах ад Свіслачы знаходзіцца вёска Якушоўка, дзе прайшло ягонае маленства. Ад тых часоў захаваліся тут стары млын, векавая бяроза i гэткія ж прысады каля колішняй сядзібы Каліноўскіх, але не чуваць, каб ix ахоўвалі.

У Беластоцкім ваяводстве Польшчы ёсць веска, дзе 21 студзеня 1838 года ў сям'і ткача нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Яна цяпер нават i не згадваецца ў турыстычных маршрутах, бо, як шчыра падала ў сваім ну мары ад леташняга 12-га студзеня газета «Шва»:

«У Мастаўлянах нарадзіўся правадыр Студзенскага паўстання на Літве, аднак з гэтай вялікай традыцыі ў ix нічога не засталося».

I нам нестае мужнасці, каб вінаваціць у апошнім беларусаў Беласточчыны. Яшчэ ў 1958 годзе яны меліся паставіць помнік славутаму сыну народа, i калі дагэтуль яго няма, дык не іхная ў тым віна. Ягоную долю ў СССР падзялілі таксама нацыянальныя правадыры іншых народаў, як гэта, прыкладам, сталася з героем Каўказа Шамілем.

Здавалася б, першае месца ва ўшанаванні памяці Кастуся Каліноўскага мусіла б належаць сталічнаму Менску. I сапраўды, яшчэ ў снежні 1965 года ў часопісе «Полымя» на перадапошняй старонцы была абвестка:

«Нядаўна пры домакіраўніцтве № 22 горада Мінска па вуліцы Каліноўскага на грамадскіх асновах створаны музей выдатнага сына беларускага народа К. Каліноўскага».

Аднак аж за два гады ў «Чырвонай змене» з'явіўся запярэчны ліст ініцыятара самога музея, мастака Д. Маслава.

Трэба адзначьшь, што ўсё ж «Чырвоная змена» адначасна папрасіла сваіх чытачоў падтрымаць зародак гэтага музея, хоць ёй трэба было звярнуцца не да ix, а да Міністэрства культуры БССР. Не дапамагла тут адмысловая карэспандэнцыя «Памагчы энтузіясту» ў газеце «Літаратура i мастацтва» ад 28 чэрвеня 1966 года. I дарэмна вы будзеце шукаць у даведніку для турыстаў «Мінск» якога-небудзь прыпаміну аб музеі Кастуся Каліноўскага, але затое з ягонага раздзела «Месцы прабывання выдатных людзей» дазнаецеся, што ў 1881 годзе вядомаму расейскаму генералу Міхаілу Скобелеву, заваёўніку таджыкаў i ўзбекаў, была нададзеная годнасць ганаровага грамадзяніна Менска.

На жаль, не ўшанаванае належным чынам i месца смерці Кастуся Каліноўскага. У Вільні, на Лукішскім пляцы, дзе 23 сакавіка 1864 года ён загінуў, здзіўляючы сваёй мужнасцю нават мураўёўскіх катаў, цяпер на сціплай мемарыяльнай пліце значыцца толькі нейкі... Кастас Калінаўскас. Сумная доля, паводле газеты «Літаратура i мастацтва» ад леташняга 5 чэрвеня, пасягнула ў Свіслачы помнік паплечніку Каліноўскага Рамуальду Траўгуту, які вучыўся ў тамтэйшай гімназіі i быў закатаваны ў Варшаўскай цытадэлі. У 1928 годзе свіслачане сваім коштам паставілі яму прыгожы помнік, на якім была дошка з ягоным партрэтам i бронзавы арол з распасцёртымі крыламі. У вядомым верасні 1939 года ад помніка застаўся толькі пастамент, а на яго пасля паставілі штампаваную статую футбаліста. Праўда, у нумары 2-м «Беларусі» за 1968 год, у нататцы «Там, дзе спяць "дзецюкі" Каліноўскага», падавалася пра іхную брацкую магілу ў лесе паміж вёскамі Малявічы i Уладыкі паблізу Ільі, дзе ляжыць на ей каменная пліта, i дадавалася, што ў Куранцы ёсць таксама магіла 18 паўстанцаў, на якой ацалеў стары крыж.

Аднак, калі прыгадаць, што ў часе паўстання было 1229 баявых сутычак, дык колькі гэткіх занядбаных магіл яшчэ не выяўленыя. Нічым дагэтуль не ўслаўленыя i месцы бітваў паўстанцаў з салдатамі Расейскай імперыі пад Біржай, Мілавідамі, Пружанамі, Кобры нам, Горкамі. Ніхто не ўшанаваў памяць такіх герояў, як Серакоўскі, Мацкевіч, Чарвінскі, Гэйштар, Калышка, граф Плятэр. Аднак ніколі не забудзецца народ пра тыя кветкі, якія ад ягонага імя кінула пад ногі паўстанцу, калі яго вялі да шыбеніцы, палкая Каміла, дачка Дуніна-Марцінкевіча, за што царскі ўрад адразу абвесціў яе вар'яткай.

Магчыма, хто-небудзь скажа: навошта ўжываць пераважна чорныя фарбы? Таму адзначу, што яшчэ ў лістападзе 1923 года менчукі пабачылі п'есу Яўгена Міровіча «Кастусь Каліноўскі», якая выклікала шмат захопленых водгукаў, a Змітрок Бядуля ў сваёй рэцэнзіі, змешчанай у «Савецкай Беларусі», пісаў пра яе: «Гэта першая праўдзівая беларуская гістарычная драма. У нашым сцэнічным рэпертуары яна вызначае сабой эпоху».

Аднак партыйная крытыка, паводле сведчання У. Няфёда ў кніжцы «Станаўленне беларускага савецкага тэатру, 1917-1941» (1965 г.), знайшла, што ў п'есе не даволі адбілася блізкасць паўстанцаў да ідэй расейскіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў, i таму яна беспаваротна знікла. Тое ж i з той жа прычыны пасягнула ў 1947 годзе о перу Д. Лукаса «Кастусь Каліноўскі», хоць у ейным другім прымусовым варыянце, як адзначае Генадзь Цітовіч у кніжцы «Музычная культура БССР», былі больш падчыркненыя дапамога i ўдзел прадстаўнікоў расейскага народа ў паўстанні.

Бліскучы адбітак знайшоў Каліноўскі ў рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», але шмат часу забралі ў пісьменніка перапрацоўкі, што без сумлеву знізілі вартасць твора, бо на агульнаабавязковую думку вульгарызатараў тыпу Абэцэдарскага, Кастусь Каліноўскі - быццам бы ўсяго толькі рэха Чарнышэўскага!

I хочацца думаць, што ўсё ж прыйдзе той светлы час, калі, апрача ўшанавання ў домакіраўніцтве № 22, на адной з цэнтральных плошчаў Менска паўстане велічны помнік Кастусю Каліноўскаму i тым, хоць часткова, спраўдзяцца ягоныя перадсмяротныя словы «З-пад шыбеніцы»:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,

Жывіў шчасці, жыві ў свабодзе

I часам успамяні пра Яську свайго,

Што загінуў за праўду для дабра твайго.

А вакол яго застыгнуць напагатове ягоныя самаадданыя дзецюкі, якія ў «Песні каліноўцаў» Наталлі Арсеньевай заклікаюць:

Каліноўскі нас кліча i агніста й зацята

На змаганне за свята для мазолістых рук.

За зямлю для аратых, i за сонца у хатах,

За увесь твой народ, за цябе, Беларусь!


МІНШЧЫНА

«НАЗВАЎСЯ МЕНСКАМ ГОРАД»

Мы, беларусы, з цеплынёй ставімся да сваіх родных геаграфічных назоваў. Яшчэ першыя прашчуры найменавалі свае гарады i вёскі, рэкі i азёры, узвышшы i пушчы. У тых прыгожых назовах адбілася гісторыя народа, краявіды ягонай старонкі, ейная флора i фауна ды ладна чаго іншага, для яе характэрнага. Адсюль зусім зразумелая нашая чуйнасць даўсякіх прымусовых змен ix, якія мы не блытаем з натуральнымі.

Прыкладам, сённяшняя Орша 900 год таму менавалася «Рша», i ейнае імя, паводле сцверджаньня некаторых навукоўцаў, паходзіць ад іржы або балотнае руды. Таксама Гомель спачатку называўся «Гомій», бо да ягонага заснавання спрычыніўся, як прыпушчаюць, радзіміцкі правадыр Гом. Зусім зразумела таксама, чаму з цягам часу «Полтеск» зрабіўся Полацкам, «Менеск» - Менскам, a «Відбеск» - Віцебскам. Самыя беларусы паступова прыстасоўвалі свае геаграфічныя назовы да сваёй мовы, што змянялася з рухам пакаленняў. Затое нешта іншае тыя гвалтоўныя змены ix, якія проста ці ўскосна накінутыя беларусам іхнымі суседзямі.

Гэтак, цар Іван Грозны ў часе Лівонскіх войнаў перайменаваў горад Белы ў Багародзіцын, Себеж у Івангорад, a Дзвінск у Барысаглебск, аднак яшчэ за ягоным жыццём народ адкінуў тыя змены, як лушпавінне. Тым не менш, пасля цар Аляксей Міхайлавіч спрабаваў перайначыць стары крывіцкі Кукейнос у «Царевич Дмитриев град». Ідучы, відаць, іхным следам Наваградскі павятовы рэўкам перайменаваў у 1920 годзе Ярэмічы ў мястэчка імя Валадарскага, а Турэцкую воласць, у склад якое яна ўваходзіла, у Валадарскую, хоць вядомы яшчэ ад XIV ст. Турэц займеў свой назоў не ад туркаў, а ад тураў. Блізка таго часу праваўзбярэжная частка горада Дзісны дастала назоў Луначарскае, а пасля мястэчка Раманава на Случчыне перайменавалі ў Леніна, а тым часам ягоны ранейшы назоў старэйшы за дынастыю Раманавых. Яшчэ за часамі князя Міндоўга горад Крутагор'е на Меншчыне набыў імя пераможанага i забітага пад ім хана Койдана, стаўшыся таму вядомым як Койданава. 1мя хана, якое нагадвала беларусам толькі аб іхнай перамозе над ім, змянілі, згубіўшы пачуццё гумару, на імя вядомага камісара, i горад стаўся Дзяржынскам. На пачатку 20-х гг. мястэчка Вызна змянілася на Чырвоную Слабаду, хоць адвеку не называлі беларусы свае сялібы слабодамі. I ў Чырвонае перайменавалі таксама возера Князь на Палессі, а тым часам дагэтуль можна пабачыць у Крамлі i цар-звон i царгармату.

З любасцю ставяцца людзі да сваіх геаграфічных назоваў рэлігійнага паходжання. Згадайце, прыкладам, амерыканскія: Сан-Францыска, або горад Св. Францыска, i Сан-Сальвадор, ці ў перакладзе з гішпанскае - Св. Збавіцель; далей еўрапейскія: князёўства Манака i горад Мюнхен, назовы якіх паходзяць ад манахаў; азіяцкія: іракскі Багдад, або - Божы Дар, i пакістанскі Алаххабад, што значыць - Божы Горад, a ў Афрыцы назоў Егіпта тлумачыцца, як святыня бога Пта.

I гэтак скрозь у свеце за выняткам СССР. Так, горад Ігумен, што паводле падання, атрымаў свой назоў ад манаха ігумена з Афона, вядомы цяпер як Чэрвень, бо ў чэрвені 1920 года тут адбылася змена акупантаў. Віцебская ўскраіна Маркаўшчына, якая дастала назоў ад знанага яшчэ з XIII ст. Маркавага манастыра, сталася Пралетарскай Слабадой. А найвышэйшая на Беларусі Святая гара, паблізу якой пачынаецца сам бацька Неман i якую таму здаўна шанаваў наш народ, пабудаваўшы на ёй капліцу, атрымала стандартны назоў Дзяржынскае.

У 1950 годзе ў маскоўскай «Литературной газете», у артыкуле «Спадчына праклятага мінулага» было рубам пастаўленае пытанне: «Навошта гэтак старанна сярод назоваў беларускіх паселішчаў захоўваць такія, як Жалудок i Прапойск?» Аўтар не парупіўся нават даведацца, што ў беларускай мове няма слова «желудок», а ёспь - страўнік. I горад Жалудок, што на Гарадзеншчыне, атрымаў свой добры назоў не ад нейкіх там «желудков», а ад жалудоў. Дагэтуль захаваліся пад Жалудком дубровы i шуміць на ягоным могільніку магутны дуб над магілай падскарбія літоўскага Антона Тызенгаўза. Горад Прапойск на Магілёўшчыне знаны ў летапісах спачатку як Прупой, а пасля як Пропошеск. Праз наш фальклор дайшоў да сучаснасці легендарны радзіміцкі волат Ірвідуб з Прупоя. I Прапойску не звярнулі ягонае старое імя, як i не надалі яму i рамантычнага назову - Ірвідуб, a перайменавалі ў штампованы, казённы Слаўгарад, якіх у СССР налічваецца з тузін.

У 1960 годзе у «Звяздзе» з'явіўся шэраг артыкулаў аб канечнасці перайменавання зневажальных геаграфічных назоваў. Тым часам у вольным свеце зусім не праймаюцца з тае прычыны, што, прыкладам, Лондан у кельцкай мове гучыць як «горад на балоце», a Берлін у мове ягоных заснавальнікаў лужычан - «лужына», што Чыкага на мове індыян - «смуродны», а возера Гурон у французскай мове - «да свінні падобны» i г. д. Аднак БССР-аўскія пурытане загадам Вярхоўнага Савета ад 30 чэрвеня 1964 года перайменавалі больш за 300 паселішчаў, a паміж ix горад Дрысу, балцкага паходжання назоў якога змянілі на Верхнядзвінск. I справа тут нават не ў тым, што Дрыса, паводле нават школьных падручнікаў, ляжыць не ў вышнявінах Дзвіны, а пасярод ей нага працягу, a ў тым, што пасля гэтага было б зусім натуральным перайменаванне i Масквы, назоў якой ў перакладзе з фінскай мовы азначыць - «брудная вада».

Не абмінулі геаграфічныя дэкрэты i наш старадаўні сталічны Менск. Траяка тлумачаць паходжанне ягонага летапіснага назову - Менеск. Адны кажуць, што паходзіць ён ад тэрміна - «мена», характэрнага для яго як гандлёвага цэнтру. Другія сцвярджаюць, што назоў яму надала рэчка Менка, дзе горад спачатку ўзнік, але пасля разбурэння яго ў 1067 годзе кіеўскім князем Ізяславам, аднавіўся на іншым месцы, ля ўтоку Нямігі ў Свіслач. А паводле народнага падання, заснаваў яго казачны дрыгвіцкі волат млінар Менеск. I ўсе тры тлумачэнні апраўдваюць ягоны сапраўдны народны назоў - Менск.

За часамі Рэчы Паспалітай палякі накінулі Менску назоў «Міньск», які ўзаконіла потым Расейская імперыя. Беларускія патрыёты звярнулі яму колішняе імя, якое пратрымалася мала не да канца 30-х гг., калі ўлады дэкрэтным парадкам аднавілі ягоны польска-расейскі назоў. Але народу дарагі Менск застанецца ў душы толькі Менскам. I вельмі паказальная ў гэтай галіне «Балада пра Мянеска» сучаснага паэта Рыгора Барадуліна. Зусім слушна ўзяўшы да яе эпіграфам старую народную прыказку:

Не пайду я да Менска

Ад шляху Віленска.

А пайду па шляху Віленскім,

Спаткаюся з Мянескам.

- ён далей разам з усім нашым народам сцвярджае:

Гарэла ціхая зара

I задыхаўся горан,

Няма Мянеска-млінара,

Назваўся Менскам горад!

МЕНСКІЯ КАМЕННЫЯ БАЛАДЫ

Пісьменнік Уладзімір Карпаў у сваім рамане «Сотая маладосць», апублікаваным у часопісе «Полымя» (№ 9 за 1969 г.), піша:

«На чарцёжнай дошцы кнопкамІ прымацаваны ліст ватману з акварэльнай перспектывай плошчы Леніна. З старых будынкаў - адзін Дом Урада. На месцы касцёла - кінатэатр».

I аўтар далей, маючы на ўвазе сучасную практыку менскіх будаўнікоў, дадае:

«Узарвуць, як узарваў Юркевіч годныя каробкі, калі складалі генеральны план. Або як збіраецца ўзарваць усё дапатопнае на плошчы, якую праектуе цяпер».

Пад акампанемент сталых выбухаў, што разбураюць гістарычныя i архітэктурныя помнікі Беларусі, на старонках друку БССР разгарнулася дыскусія ў іхную абарону, якая найбольшы адбітак знайшла на старонках газеты «Чырвоная змена» ў серыі артыкулаў пад загалоўкам «Ахове помнікаў - сілу закона». I гэты клопат больш чым зразумелы, бо бадай ужо нічога не засталося ад помнікаў старасветчыны, i асабліва ў Менску, хоць радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» у перадачы ад 12 траўня бягучага года дэзінфармавала слухачоў за мяжой, быццам: «Нацыянальныя помнікі гісторыі i культуры - гордасць беларускага народа, - усе яны ахоўваюцца законам, з'яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю».

Калі ў 1945- 1951 гг. археолагі адкапалі на Менскім Замчышчы ля ўтоку Нямігі ў Свіслач рэшткі найстаражытнай царквы, дык гарсавет загадаў спыніць далейшыя навуковыя даследаванні, каб потым пабудаваць тут, на новай Паркавай магістралі, Палац спорту з арэнай ды трыбунамі. Тым часам, паводле прыпушчэння навукоўцаў, гэтую царкву стварыў першы Менскі князь Глеб Усяславіч, што даводзіў ягоны герб на некаторых цаглінах - двохзубец з крыжыкам. I цяпер акурат там, дзе знаходзіўся ейны падмурак з князёўскімі пахаваннямі, месцяцца ў сутарэнні Палаца спорту прыбіральні.

А таму збівае з панталыку турыстаў 22-томавы даведнік «Советский Союз», калі на 169-й старонцы свайго раздзелу «Белоруссия» раіць ім пазнаёміцца ў сталіцы рэспублікі «з адным са старадаўніх помнікаў каменнага дойлідства Беларусі - крушнямі царквы, пабудаванай у XII ст.». Няма яе. Л. Аляксееў растлумачыў у сваёй манаграфіі «Полоцкая земля»:

«На жаль, гэты вельмі цікавы помнік нікім не быў ацэнены, ні вывучаны, ні нават належным чынам апублікаваны, i нядаўна быў зноў закапаны пры чарговай перапланіроўцы Менска».

Дадам, што i ўсё Замчышча, густа палітае крывёю продкаў у змаганні i з Уладзімірам Манамахам, падтаптаў пад сябе абыдзённы ў сваім прызначэнні будынак, які сваёй стандартнай архітэктурай, апрача ўсяго, двайнік павільёна СССР на ЭКСПА-67 у Монрэалі.

Цяпер пад пагрозай знішчэння апынулася каларытная частка колішняга Менска - Няміга. Як абураецца ў «Маладосці» (1969, № 3) В. Ждановіч:

«Чатыры праекты, прадстаўленыя вядучымі менскімі i маскоўскімі архітэктурнымі інстытутамі, аднагалосна вырашылі лёс старажытнай Нямігі. Яе не будзе. Апошняе, што засталося ў сучасным Менску ад гістарычнага Менска, адзінае, што адрознівала б наш горад ад іншых гарадоў, будзе знішчана».

I дазволім цяпер сабе з болем, але зусім слушна прыпусціць, што разам з Нямігай, відаць, знікне на сумежнай з ёю Ракаўскай вуліцы Нізкага Рынку пабудаваная ў 1611 годзе славутая Кацярынінская царква, вядомая ў народзе пад назовам Жоўтай.

Калісьці Менск упрыгожвала сабой Высокае Месца, перайменаванае цяпер у плошчу Свабоды. На ім узвышаліся ратуша i саборы - Петрапаўлаўскі праваслаўны i Марыінскі каталіцкі. Перабудаваны ў 1850 годзе Петрапаўлаўскі сабор быў у 1936 годзе падарваны аманалам. Пасля штогод улетку ягоны плац скарыстоўваўся пад вандроўныя звярынцы.

Марыінскі сабор, пабудаваны ў 1710 годзе, яшчэ ў 1930-х гг. прыстасавалі пад аўтагараж, за часы вайны ён цудам ацалеў паміж суседнімі крушнямі, але ў 1953 годзе яго грунтоўна перарабілі пад Дом фізкультуры таварыства «Спартак». Пры гэтым знішчылі ягоныя барокавыя званіцы, папсавалі вытрыманы ў гарманічных прапорцыях франтон, i, як слушна адзначыла тады «Літаратура i мастацтва», «той пасля гэткай, даруйце, перабудовы прыняў пачварныя формы».

Мураваная ратуша з гадзіннікам у 1941 годзе выгарэла, але яе не аднавілі, як, прыкладам, дом I з'езду РСДРП, a зруйнавалі дарэшты.

I дарма Ізраіль Элентух свайму артыкулу, змешчанаму ў «Літаратуры i Мастацтве» ад 2-га ліпеня ды прысвечанаму тым часам ацалеламу Святадухаўскаму сабору, надаў урачысты загаловак «Ансамбль на плошчы Свабоды». Справа нават не ў тым, што гэты сабор знаходзіцца не на самой плошчы, а на сумежнай з ёю вуліцы Бакуніна, a ў тым, што сапраўдны архітэктурны ансамбль - саборы Петрапаўлаўскі i Марыінскі ды ратуша, - які аздабляў сабой 900-гадовы цяпер Менск, бязлітасна знішчаны.

Бадай адначасна з Петрапаўлаўскім саборам была падарвана царква Багамаці Казанскай, або Чыгуначная. На месцы першай узнік сквер імя Варашылава, а другой - Дом Чырвонай арміі.

Яшчэ да вайны цудоўны сваёй архітэктураю касцёл Святога Роха на Залатой Горцы спачатку засланілі ад Савецкай вуліцы Домам спецыялістаў, потым прыстасавалі пад архіў, а ў пачатку вайны, выконваючы загад Сталіна аб «голай зямлі», спалілі. Спаскую царкву на Праабражэнскай вуліцы ў 1954 годзе разбурылі, каб за ейны кошт пашырыць суседні кінатэатр «Перамога». I, відаць, іхны сумны лес мае наткаць i касцёл Св. Сымона i Св. Алёны, або Чырвоны, на плошчы Леніна, пра які, як пра засуджаны, згадвае ў сваім рамане Карпаў.

Тым часам касцёлы i цэрквы, іхныя пераважна барока, радзей готыка i рэнесанс у ператварэнні тутэйшых дойлідаў надавалі беларускім гарадам своеасаблівы нацыянальны стыль. Характэрна таму, што калі сакратар ЦК КПБ Цімох Гарбуноў папытаўся быў у міністраў з Чэхаславаччыны I. Ганзэлкі i М. Зыгмунта, што ix найбольш уразіла ў Менску - Дом Ураду ці аўтазавод, - дык тыя, хоць i таксама камуністы, у адзін голас адказалі: «Непавага да помнікаў мінулага».

I крывёю сэрца падкрэсліў гэта выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч у сваім прачулым творы «Балада каменя»:

«Што б вы сказалi, каб нехта кінуў у агонь Купалаў «Курган»? Дык, паверце, тое, што сталася з каменнымі баладамі, - горшы злачын. Тысячы «Курганоў» стаяць на паліцах i шаляхцяць i спяваюць у руках людзей. А каменныя балады выдаюцца ў адным экзэмпляры. I знішчыць ix - гэтае самае, што спаліць «Кіеўскія глаголічныя лісткі» ці «Астрамірава Евангелле». Іншых не будзе».

У ПОШУКАХ МАГІЛЫ РАГНЕДЫ (Заслаўе)

Ёсць на Міншчыне гарадок Заслаўе. На першы погляд ён бадай нічым не розніцца ад іншых нашых гарадкоў, але калі вы больш уважліва паставіцеся да яго, дык даведаецеся, што тутэйшыя рэчкі зусім невыпадкова называюцца Княгінька i Чарніца, што з паўночнага боку Заслаўе некалі абмывала пасля высахлае возера Рагнедзь, што на Чорнай гары, у ягонай паўдзённай частцы, даўней існаваў жаноцкі манастыр, дзе ў 1000 годзе, як манашка-чарніца Анастасся, скончыла сваё гаротнае жыццё княгіня Рагнеда. I тады вы ўспомніце, што сціпламу цяпер мястэчку надаў сваё Імя князь Ізяслаў - унук Рагвалода, сын Рагнеды. Гэта ад яго пайшлі полацкія Ізяславічы, пра якіх з пашанай адзначыў летапісец: «Меч изымают Рагваложьи внуки». А пасля гэтага прыпаміну наблізіцца да вас гістарычная далячынь.

Полацкі князь Рагвалод меў двух сыноў і дачку Рагнеду. Сыны кіеўскага князя Святаслава - Яраполк i Уладзімір дамагаліся ейнай рукі. Калі Рагнеда дазналася, што маці Уладзіміра была рабыняй, дык адказала сватам: «Не хочу разути рабынича, а за Яраполка иду». Яна мела на ўвазе тагачасны вясельны звычай, паводле якога жонка адразу па шлюбе мелася разуць мужа. Але ўсё сталася інакш. Уладзімір забіў Яраполка, зруйнаваў Полацк, забіў Рагвалода i ягоных сыноў, а Рагнеду змусіў стацца сваёй жонкай. Уладзімір бязлітасна адабраў ад яе незалежнасць радзімы, бацьку, братоў, улюбёнца, ейнае каханне i нарэшце гвалтам накінуў сваё. Нават праз даўгі час у Клеве не магла забыцца Рагнеда на сваю нявымерную крыўду.

Аднойчы, калі Уладзімір завітаў у сяло Прадславіна, куды была сасланая з Кіева разам з сынам Ізяславам Рагнеда, тая выйшла яму насустрач з мячом. Князь схапіўся за свой меч, каб забіць непакорную палачанку, але Ізяслаў, таксама схапіўшы меч, сказаў бацьку: «Няўжо думаеш, што ты тут адзін?» Узрушаны ўчынкам васьмігадовага сына, Уладзімір не пакараў Рагнеду, выслаўшы яе разам з Ізяславам на ейную бацькаўшчыну, дзе i паўстаўталы горад Ізяслаў - цяперашняе Заслаўе. I трапіўшы ў яго, вы з цеплынёй аглядаецеся вакол. Тут жыла Рагнеда, якую народ у адзнаку ейных пакут назваў Гарыславай. Тут недзе i ейная магіла.

Над Заслаўем пануе белая 35-метровая званіца Спаскай царквы. Калі царква пабудаваная ў 1557 годзе Іванам Глябовічам, дык званіца прыбудаваная да яе ў XVII ст. Суворая сваім выглядам, створаная яшчэ рэфарматамі ў гатычным стылі, царква была прызначаная імі таксама для абаронных мэт, а затое званіца, аздобленая пілястрамі i рустамі, адбіла ў сабе элементы жыццярадаснага рэнесансу. Царква ca званіцай абкружаная земляным валам, які мае ўвышкі 13 метраў, a некалі дасягаў 20. Усё разам складае каштоўны помнік старадаўніны, вядомы ў народзе пад назовам «Замачак», або «Вал», што замкнёным прастакутнікам працягнуўся наўсцяж правага берагу Свіслачы.

Хоць пачаткавы выгляд Спаскай каменнай царквы на працягу чатырох стагоддзяў ейнага існавання ўсяляк і псавалі, прыстасоўваючы яе да сваіх асаблівасцей, розныя веравызнанні, але яна захавалася дагэтуль, не ў прыклад іншай Спаскай драўлянай царкве, пабудаванай у XV ст. i разбуранай русіфікатарамі ў 1862 годзе. Тая, як успамінае вядомы этнограф Павел Шпілеўскі (1823-1861), значна рознілася ад іншых старажытных цэркваў - яна мела выгляд сярэднявечнага замка з вежамі. Напярэдадні вайны ў паруганай Спаскай царкве знаходзілася збожжасховішча, за часамі вайны ёй значна пашкодзіў артылерыйскі абстрэл, які ўсё ж вытрымалі грубыя муры будынка.

Спаская царква ў Заслаўі адной з першых з архітэктурных помнікаў на Беларусі ўзятая пад дзяржаўную ахову. Праўда, з артыкула інжынера-будаўніка В. Есаковай пад характэрным загалоўкам «Бар'еры на шляху рэстаўратараў», змешчаным у «Чырвонай змене» ад 21 леташняга кастрычніка, мы дазналіся пра скаргу прараба В. Атрашкевіча на «адсутнасць шасціметровых балек для перакрыцця ярусаў званіцы», як i на недахоп вапны для тынкоўкі фасада, бо відавочна i балькі, i вапна патрэбныя першым чынам для сацыялістычных будоўляў. Аднак i тое добра, што новым тынкам не паспелі закрыць рэшткі старога, на якім, паводле нататкі «Заслаўскія знаходкі», апублікаванай у «Советской Белоруссии» ад 11 лістапада 1969 г., нечакана выяўлены старадаўні надпіс, які цяпер расшыфроўваецца навукоўцамі.

Але ж на найбольшую ўвагу заслугоўвае цікавы артыкул знанага археолага Г. Штыхава «Сляды легенды», надрукаваны ў № 4 часопіса «Маладосць» за 1968 год. Ці мала каштоўных адкрыццяў на Беларусі належыць гэтаму выдатнаму навукоўцу, якому таксама пашанцавала знайсці ў цяперашнім Заслаўі доказы, што яно сапраўды горад Рагнеды, але затое без вынікаў засталіся ягоныя пошукі Рагнедзінай магілы. А можа, дазволім сабе заўважыць, таму, што шукалі не там, дзе трэба? Мелі рацыю, шукаючы яе не на Валу, хоць некаторыя i называюць яго «Магілай Рагнеды», a ў курганах на беразе Свіслачы, аднак, на жаль, не ўзялі на ўвагу тое, што, паводле пераважнай бальшыні народных паданняў, магіла гэтая знаходзіцца за рэчкай Чарніцай, пры дарозе на Менск, на Чорнай гары. Як сведчаць Д. Шэндрык i A. Сапуноў у 9-м томе «России» - «Верхнее Приднепровье в Белоруссии», тут у 1866 годзе адкапалі склеп, a ў ім пабачылі багатую труну, абабітую чырвонай матэрыяй, што ўласціва вылучна князёўскім пахаванням. Склеп ізноў закапалі, месца над ім з часам узаралі, i нідзе ў крыніцах няма прыпаміну пра труну.

Заслаўцы сцвярджаюць, што, як яны чулі ад сваіх дзядоў, тая труна была парожная. Навукоўцы, як кажуць, зрабілі тады шэраг розных прыпушчэнняў. Адны прыгадалі, што на Беларусі наогул шмат урочышчаў мае назоў магіл Рагнеды, i таму неабавязкова якраз гэтая сапраўды ейная магіла, але ўсё ж, чаму труна парожная? Другія меркавалі, што калісьці зладзеі абрабавалі труну, выкінуўшы пры гэтым касцяк, але чаму яны потым гэтак старанна закалацілі парожную труну драўлянымі цвікамі i закапалі склеп? Трэція выказвалі думку, што пахаванне Рагнеды было сымбалічнае, бо яна памерла ўжо не як княгіня, а як манашка i, магчыма, таму пахаваная на манастырскім могільніку, але такія пахаванні зусім не ўласцівыя хрысціянскім веравызнанням.

А народ па-свойму растлумачыў таямніцу парожнай труны. Напярэдадні вайны мне давялося ў Магілёўскім гістарычным музеі чытаць паданне, запісанае ў 1866 годзе навукоўцамі ў Заслаўі:

«Дарма шукаеце. Няма княгіні. Яна ўжо даўно абудзілася ды пакінула труну. Дзе чалавек пакутуе, дзе людзі за праўду змагаюцца, там i яна. Не шукайце Рагнеды. Няма тут Гарыславы. Ходзіць па ўсім нашым гаротным краі».

«ТАМ, ДЗЕ СУМУЕ ЧОРНАЯ ДАМА» (Нясвіж)

Старадаўні беларускі, ахутаны паданнямі, Нясвіж - горад Сымона Буднага i Уладзіслава Сыракомлі. Упершыню Нясвіж згадваецца ў 1223 годзе, калі князь Фёдар Нясвіжскі загінуў у бітве з татарамі на рацэ Калцы.

Хто толькі з чужаземцаў не спусташаў Нясвіж? Неаднойчы Масква i асабліва князь Хаванскі ў 1569 годзе, у 1706 годзе яго знішчылі шведы, у 1812 годзе - французы, у 1941 годзе - немцы. I кожны раз Нясвіж адраджаўся ды наўсуперак усім злыбядам ішла аб ім пагалоска па ўсёй краіне.

Тут у 1562 годзе Сымон Будны выдаў свой «Катэхізіс», у прысвячэнні да якога раіў князям Радзівілам, каб яны «не толькі ў чужаземскіх языцэх кахалі», але i любілі родную беларускую мову. У багатай бібліятэцы тутэйшага замка, што налічвала 20.000 тамоў, шмат ix было па-беларуску. У замкавым архіве захоўваліся дакументы з мінуўшчыны гістарычнай Літвы. У тым жа замку, побач з гетманскімі булавамі i маршальскімі ляскамі Радзівілаў, красавалася вялікая калекпыя залататканых слуцкіх паясоў, гэтак добра апяяных Максімам Багдановічам. Тут у Нясвіжы набываў асвету збяднелы шляхціц Людвік Кандратовіч - ён стаўся потым шырока знаны як польскі i беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля. I тут жа скончыў настаўніцкую семінарыю Якуб Колас.

Да росквіту Нясвіжа спрычыніліся магнаты Радзівілы, якія ў XVI ст. абралі гэтае месца сваёй рэзідэнцыяй. Гэта іхнымі часамі пабудаваныя велічны замак з прыгожым палацам, прывабны фарны касцёл, цудоўная ратуша, чароўная Слуцкая брама ды іншае.

Аднак гэта працоўныя беларусы склалі Радзівілам іхнае багацце, аддавалі ім свае здатнасцІ, цеслявалі i муравалі, абмываючы ўсе гэтыя будынкі сваімі потам ды слязьмі, ад якіх, як сцвярджае народнае паданне, пацякла з Нясвіжчыны да бацькі Нёмана рака Уша. Але ўсё ж некаторыя з Радзівілаў пачыналі ўжо разумець, з якога яны народа ды каму абавязаныя. I тут згадваецца светлая постаць княгіні Магдалены Радзівіл, што падтрымвала нашых нацыянальных дзеячаў, a калі яе называлі полькай, дык заўсёды адказвала: «Не! Я - Беларуска».

Бадай найбольшая аздоба Нясвіжа - гэта ягоны палац з прыгожымі вежамі па баках, адну з якіх вылучае гадзіннік з курантамі. Пабудаваны ён у 1583 годзе за часамі князя Мікалая Радзівіла Сіроткі італійскім архітэктарам Янам Марыяй Бернардоні ў стылі рэнесанс. Ягоныя 12 вялізных залаў прадстаўлялі з сябе музей, роўнага якому не было больш нідзе на Беларусі. Некалі тут перахоўваліся 30 масяжовых рыцарскіх узбраенняў i шмат рознай старадаўняй амуніцыі. Бібліятэку аздаблялі вялікія бюсты грэчаскіх філосафаў, зробленыя беларускімі майстрамі з фаянсу на гуце ў Свержні. Тут жа былі 12 сярэбраных статуяў апосталаў, адлітаваных таксама ў тутэйшых гамарнях. У мастацкай галерэі былі выдатныя малюнкі славутых мастакоў італійскай i фламандскай школ. Сцены ўпрыгожвалі габелены, вытканыя на фабрыцы ў Карэлічах. I нічога з гэтага тут больш не засталося. Хіба вынятак - мастацкая агароджа, выкутая тутэйшымі Паўлюкамі Багрымамі з жалеза, здабытага з балотнай руды Налібокаў.

З іншых помнікаў Нясвіжа варта найперш прыгадаць фарны касцёл з цудоўнымі фрэскамі, пабудаваны ў 1584 годзе пры тым жа князю Сіротку i тым жа архітэктарам Бернардоні ў стылі ранняга барока. Заслугоўвае на вялікую ўвагу тады ж пабудаваная ратуша з гандлёвымі будынкамі, што складаюць з ёю суцэльную кампазіцыю. Незабывальнае ўражанне пакідае барокавая Слуцкая вежа, адноўленая ў 1760 годзе. І шмат што кажа беларускаму сэрцу двухпавярховы белы дом, у якім калісьці месцілася друкарня Сымона Буднага.

Аднак ашуканым станецца той, хто дасць веры А. Косачу i Б. Хацько, якія ў сваёй кніжцы «Несвиж» (Менск, 1962) сцвярджаюць, што «за перыяд нямецкай акупацыі ў 1918 годзе i за часы Вялікай Айчыннай вайны ўсе творы мастацтваў з палаца былі зрабаваныя». Не было ўжо чаго рабаваць. Яшчэ генералам царыцы Кацярыны II закідалася, што ў 1791 годзе яны вывезлі адсюль найбольш для ix цікавае, тое ж паўтарылася i пасля паўстання 1863 года. Толькі нязначная частка забранага была звернутая назад паводле Рыжскага трактата. А рэшту вывезлі з Нясвіжа ў музеі Масквы пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе. Нават 102 ацынкаваныя труны ў скляпенні фарнага касцёла былі адкрытыя, каб у памерлых набальзамаваных Радзівілаў забраць іхныя залатыя крыжы.

Засталіся цяпер толькі архітэктурныя помнікі, i мы шчыра цешымся, што яны ўзятыя пад дзяржаўную ахову, але разам з тым засмуціліся, калі з артыкула «Народны скарб» («Лiтаратура i мастацтва» ад 24 снежня 1968 г.) дазналіся:

«Нават на Усесаюзнай нарадзе па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры i мастацтва iшла гаворка аб ляпах, дапушчаных у Нясвіжы. Асабліва многа безгустоўшчыны i адсябяціны праявілася ў рамонце Слуцкай брамы. У палаца-замкавым комплексе Радзівілаў многія роспісы забелены, i зверху накатаны трафарэтны ўзор, а некаторыя так падноўлены, што ад мастацтва нічога не засталося».

У спустошаных залах палаца з 1945 года знаходзіцца санаторый для лячэння ад сардэчных i нервовых захворванняў. Да паслуг хворых тут ёсць водалячэбныя працэдуры, як Электра-, святло i гразелячэнне. I ўсё гэта надзвычай добра, але на іншым месцы, а не ў каштоўным помніку гісторыі i архітэктуры. Прынамсі, наўдачу ці хто, прыкладам, з французаў ці немцаў парушыць пытанне аб ператварэнні палацаў Версаля, Пецергофа i Патсдама ў звычайныя шпіталі.

I хочацца таму думаць, што неўзабаве палац у Нясвіжы станецца вылучна музеем, у які будзе звернута ўсё, з яго пазабіранае. Бо, як зусім слушна заўважыла Галіна Карпава ў артыкуле з серыі «Ахове помнікаў - сілу закона» («Чырвоная змена» ад 18.09.1969):

«Трэба зрабіць, каб Мір, Нясвіж, Наваградак, Браслаў мы з годнасцю маглі паказаць нашым гасцям!»

I, нарэшце, не можна цалкам зразумець Нясвіж, не памінуўшы высокі, чорны гранітавы абеліск Чорнай дамы ў прыгожым старым парку, што ўзяты цяпер пад дзяржаўную ахову як помнік прыроды. Абеліск прысвечаны князёўне Марыі Радзівіл, аб якой народ стварыў мноства паданняў. Яна, дачка магната, пакахала простага хлопца, тутэйшага конюха. Хлопца забілі за гэта, a князёўна неўзабаве забіла сябе, выкінуўшыся з акна на брук.

Але не супакоілася гаротная Марыя i ў сямейным склепе ў фарным касцёле. Час-часом, калі куранты на замкавай вежы абвесцяць поўнач, жанчына ў жалобнай чорнай вопратцы ходзіць па вуліцах Нясвіжу. Нават смерць не перамагла ейнае каханне. Дагэтуль сумуе Марыя І шукае свайго любага.

АБАРАНІЦЕ АД ЗНІШЧЭННЯ РАДЗІВІЛІМОНТЫ (Клецкі раён)

Цяжка даць веры аўтарам артыкула «Архітэктура» ў 1-м томе Беларускай савецкай экцыклапедыі, калі, маючы на ўвазе канец XVIII i пачатак XIX стст., яны адзначаюць:

«У архітэктурных помніках гэтага часу найбольш ярка выявіліся сувязі беларускай i рускай архітэктуры, уплыў рускага класіцызму».

Перш-наперш, агульнавядома, што кожнаму часу ўласцівы ягоны архітэктурны стыль. Таму досыць зірнуць на сапраўдныя архітэктурныя помнікі, каб без пісьмовых дакументаў пераканацца, што Полацкая царква Спаса пабудаваная дойлідам Іванам у другой палавіне XII ст., Нясвіжскі рэнесансавы палац створаны Янам Марыяй Бэрнардоні ў канцы XVI ст., a Віцебскі барокавы Успенскі сабор, народжаны натхненнем італьянца Фантані, упрыгожваў горад над Дзвіной ад сярэдзіны XVIII ст. Аднак вы здзівіцеся, кал i больш уважліва прыгледзіцеся да найбольш разрэкламаваных будынкаў сучаснага Менска, якія становяць усяго толькі эклектычныя анахранізмы.

Яшчэ да вайны, але асабліва па ёй i дагэтуль, гэта значыцца ў нашым XX ст., у Менску, а за ягоным прыкладам i ў іншых гарадах БССР, часткова адрадзіўся класіцызм у даволі ўсё ж наіўнай інтэрпрэтацыі. Гэтак, у часе даваенных сталінскіх пяцігодак архітэктар Лангбард пабудаваў будынак Акадэміі навук БССР, пышная калонная падкова якога перагукваецца з аркадамі замка ў Ружанах, перабудаванага ў класічным стылі 200 год таму Янам Самуэлем Бекерам. Таксама неад'емны кампанент архітэктурнага класіцызму - урачыстую каланаду карынфскага ордара - вы пабачыце на новых менскіх пабудовах, незалежна ад іхнага прызначэння, як палац піянераў, радзільны дом на Валадарскай, політэхнічны інстытут, кінатэатр «Перамога», гасцініца «Беларусь», Міністэрства сельскай гаспадаркі, арка ўвахода на стадыён «Дынама», паштамт i шмат іншых.

Асабліва здзіўляе Палац культуры на Цэнтральнай плошчы. Ён, пабудаваны ў 1956 годзе архітэктарам Яршовым, капіруе славуты Парфенон у Афінах - святыню багіні Афіны, створаную Іктынам i Калікратам у V ст. да нашай эры. I адсюль напрошваецца выснова, што згаданыя будынкі, не зважаючы на свае вялікія прэтэнзіі, не заслугоўваюць на ўвагу аматараў хараства, бо нават найлепшы імітатар Рафаэля негодны ягонай апрычонай славы.

Значна розняцца ад кагадзе згаданых пабудоў савецкага класіцызму архітэктурныя помнікі гэтак званага расейскага класіцызму. Паміж ix варта адзначыць гэткія, як Юсіфаўскі сабор у Магілёве i палац Паскевіча з Петрапаўлаўскім саборам у Гомелі. Гэта праўдзівыя творы мастацтва, але створаныя выдатнымі расейскімі архітэктарамі з Пецярбурга для расейскіх вяльможаў, дасланых на Беларусь дзеля апанавання ёю, яны не знайшлі далейшага адбітка на нашым грунце. Класіцызм як архітэктурны стыль прыйшоў да нас раней за Расею, i пры гэтым беспасярэдна са сваёй першакрыніцы, з краін Заходняй Еўропы. Каб пераканацца ў гэтым, прыгадайце вядомыя палацы на Горадзеншчыне - у Свяцку, пабудаваны ў 1779 годзе Джузэпэ Сакка з Вероны, i ў Дзярэчыне, створаны ў 1786 годзе Янам Самуэлем Бекерам. А да гэтых каштоўных помнікаў належыць таксама сядзібны дом з паркам у Радзівілімонтах, каля Клецка, пабудаваны здольным італьянцам.

Старадаўні беларускі Клецк, пры ўспаміне аб якім адразу згадваецца вайсковая гістарычная песня:

Із-за Слуцка, із-за Клецка

Едзе дружба маладзецка...

Характэрна, што гэта якраз тут у 1506 годзе князь Міхайла ГлінскІ знішчыў 20-тысячную арду Мэнглі-Гірэя, i дагэтуль урочышча, дзе паводле падання забітыя татары загацілі сваімі трупамі i афарбавалі сваёй крывёю раку Лань, мае назоў Красны Стаў.

Яшчэ ў XVI ст. Радзівілы аблюбавалі каля яго маляўнічую мясцовасць, якой надалі імя Радзівілімонты. A ў 1780 годзе тут будуецца ў стылі класіцызму дом, што захаваўся i дагэтуль.

Калі глядзіш на гэты дом, які знаходзіцца паблізу рэчкі з грэбляй i які паўкругам абдымае прыгожы парк, увачавідкі пераконваешся, што стварыў яго выдатны творца. Гэта быў прадстаўнік вядомай Паляндынскай школы Карла Спампоні, які па сваім прыездзе з Рыма пабудаваў на Беларусі ладна палацаў i сядзібных дамоў.

У тутэйшым доме, удаўжкі каля 70 метраў, дзе вонкавыя сцены выкананыя ў дрэве, а нутраныя выкладзеныя з цэглы, спалучыліся асаблівасці драўлянага i мураванага дойлідства, якія злучыў разам класіцызм. Падвышаны да двух паверхаў цэнтр будынка мае чатырохкалонны порцік, у якім калоны пафарбаваныя на белы колер, а франтон на цёмна-чырвоны, чым дасягнутая вылучная маляўнічасць, i яе яшчэ больш падчырквае кантраст з бакавымі крыламі, аздобленымі дубовымі пліткамі-рустам. З нутраных памяшканняў найбольш параднымі былі калісьці вестыбюль, зала, гасціная i зімовы сад. I да гэтага сядзібнага дома, што становіць бліскучы ўзор класічнага стылю, прылягае невялікі, але ўдала распланаваны парк, таксама каштоўны твор садова-паркавага мастацтва класіцызму. Усё гэта надае Радзівілімонтам вылучную вартасць, аднак, на жаль, не ўсім гэта зразумела.

Ад таго часу, калі гаспадаром унікальнага архітэктурнага помніка стаўся тутэйшы саўгас «Чырвоная зорка», перш-наперш без следу знік у доме жывапіс, выкананы на палатне i нацягнуты на сцяну, а тым часам ён належаў пэндзлю віленскага мастака Францішка Смуглевіча (1745-1807). Ад зробленых па ягоных эскізах арнаментыкі камінаў захаваліся па сёння паасобныя фрагменты, якія дагэтуль вызначаюцца пяшчотнай гамай колераў. A ў парку толькі пні засталіся ад некаторых груп адмыслова падабраных дрэў, што стваралі ў ім асабліва прывабныя куткі.

Таму кожны, хто сапраўды любіць сваю краіну, абурыўся разам з тымі 16 навукоўцамі, якія ў артыкуле «Аўтографы на фрэсках», змешчаным у «Чырвонай змене» ад леташняга 18 лістапада, пішуць:

«Мы даведаліся, што рыхтуецца знос дома-сядзібы ў Радзівілімонтах. Гэты помнік мае вялікую мастацкую каштоўнасць, i тым не менш у віну яму паставілі тое, што ён знаходзіцца ў аварыйным стане».

А навошта, дададзім, ён цяпер начальнікам саўгаса, калі, давёўшы гэты дом да таго аварыйнага стану, яны, як мы дазналіся з інтэрв'ю супрацоўніка Акадэміі навук БССР Валянціны Нікіцінай, апублікаванага ў леташнім снежні ў газеце «Літаратура i мастацтва», «упрытык да яго пабудавалі нязграбны будынак клуба».

Аднак гэткія помнікі мастацтва, як дом i парк у Радзівілімонтах, належаць усяму народу. Хто ведае, хоць i сумляёмся, а можа начальнікі, куды вышэйшыя за дырэктара саўгаса «Чырвоная зорка», нарэшце зразумеюць, што падробка пад гістарычны класіцызм на плошчах i вуліцах цяперашняга Менска не вытрымае аніякага параўнання з шэдэўрамі гэтага цудоўнага стылю.

«ТАЯМНІЦА» ВОЗЕРА СТАЯЧАГА

Кандыдат гістарычных навук В. Рабцэвіч, паводле артыкула Л. Лявонава «Голас мінулых вякоў», змешчанага ў газеце «Літаратура i мастацтва» ад 24 сёлеташняга лютага, у крыху прыўзнятым тоне зазначыў:

«Бадай, нідзе няма столькі скарбаў, як на Беларусь Мы проста ходзім па ix. Навуцы ўжо вядома больш тысячы беларускіх скарбаў. Беларусь знаходзіцца на вялікай дарозе. Каго тут толькі не было! Тут губілі грошы i галовы татары i тэўтонскія рыцары, шведы i французы...»

Малады навуковец часткова мае рацыю. Не дарма наш народ у сваім багатым фальклоры стварыў кветку папараці, што на Купалле адкрывае зачараваныя скарбы. Невыпадкова вядомы Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года ў сваім артыкуле 30-м забяспечваў правы тых, хто знаходзіў скарб. На Беларусі знойдзеныя старадаўнія манеты фінікійскія i афінскія, егіпецкія i македонскія, рымскія i індыйскія ды іншыя, а таксама пазнейшыя - ангельскія, шведскія, нямецкія ды іншыя, і, нарэшце, у скарбах тых траплялася найбольш каштоўная за даўнімі часамі міжнародная валюта - арабскія залатыя дынары i сярэбраныя дырхемы, a паміж ix прыналежныя казачнаму каліфу Гаруну аль-Рашыду (763-809), як бы даводзячы, што існаваў ён не толькі ў «Тысячы i адной ночы», a сапраўды. Але ж грошы гэтыя данеслі сюды не гэтулькі салдаты, як здаецца В. Рабцэвічу, колькі купцы, бо праз Беларусь пралягалі не толькі вайсковыя, але i гандлёвыя шляхі.

Аднак пераважная бальшыня гэтых скарбаў знойдзеная не ў часе адмысловых пошукаў археолагамі слядоў далёкага мінулага, a зусім выпадкова, калі ix, схаваных некалі ў гліняных гаршках або ў берасцяных лубянках, выварочвала з-пад зямлі навонкі карэнне паваленага навальніцай дрэва ці агаляла рака, падмыўшы ў часе паводкі бераг, а часам натыкаўся на ix чалавек, капаючы студні i магілы, канавы i акопы або нават, у некаторых выпадках, ix выворвала саха. Але калі пошукам таго ці іншага скарбу пачынае, пасля сенсацыйных паведамленняў у друку, надавацца планавы характар, прычым няма аніякай навуковай падставы для гэтых пошукаў у выбраным ці проста прызначаным ім месцы, дык часта-густа яны, апрача страты значных сродкаў, канчаюцца прыкрым канфузам. Таму, кіруючыся найлепшымі меркаваннямі, хочацца папярэдзіць аб гэткіх дарэмных пошуках.

На Міншчыне, у двух кіламетрах ад мястэчка Крупкі, у прыгожым сасновым бары, паблізу ад старога шляху i цяперашняй аўтастрады з Масквы да Менска, знаходзіцца возера Стаячае, што мае плошчу ў 3 гектары, глыбіню да 14 метраў, а ягонае дно пакрыта сапрапелямі, якія дасягаюць грубіні ў 9 метраў. Больш за тры тысячы азёраў налічвае нашае Паазер'е, i таму не дзіў, што апрача тутэйшых шмат хто пра возера Стаячае ніколі i не чуў. Але летась з прычыны вялікай папярэдняй рэкламы сталася яно вядомым не толькі ў БССР, a i па ўсім Савецкім Саюзе. Паводле запэўніванняў i цэнтральнага, i перыферыйнага друку, на дне гэтага возера ляжаць незлічоныя каштоўнасці, бо гэта якраз у ім у часе вайны 1812 года французы, адступаючы з-пад Масквы, патапілі ўсё нарабаванае імі ў Расеі. Без адкладу тут пачаліся пошукі без увагі на дадзеныя гісторыі i геаграфіі, якія зусім не сведчаць на іхную карысць.

Паміж гістарычных дакументаў, апублікаваных 12 траўня 1968 года ў «Неделе» - штотыднёвым дадатку да «Известий», - змешчана цікавае паведамленне Сінода ад 6 верасня 1812 года вікарыя Маскоўскай мітраполіі, епіскапа Дзмітраўскага Аўгусціна, дзе ён піша, што на загад гораданачальніка Масквы графа Растапчына ўсе каштоўнасці Крамля, а таксама манастыроў i бальшыні цэркваў Масквы вывезеныя ў горад Валогду. Значыцца, яны ніякім парадкам не маглі трапіць у рукі французаў. КалІ ж сёе-тое з пакінутых сям-там рэшткаў яны i захапілі, дык згодна са сведчаннем пісьменніка Андрэя Болатава (1738-1833) у ягоных «Запісках», тыя 190 фурманак з каштоўнасцямі, якія яны вывезлі з Масквы, яшчэ да Смаленска перахапілі казакі атамана Платава. Паказальна, што якраз з адабранага серабра адлітаваныя i вялізнае панікадзіла ва Успенскім саборы Крамля, i манументальныя царскія дзверы іканастаса Казанскага сабора ў Пецярбурзе.

Тым не менш, знаны ангельскі пісьменнік Вальтэр Скот (1771-1832) на падставе невядомых крыніц, а можа i творчага домыслу, у сваёй кніжцы «Жыццё Напалеона Банапарта, імператара французаў» прыгадаў, што ўсю маскоўскую нажыву Напалеон загадаў кінуць у Сямлёўскае возера. У 1832 годзе кніжка гэтая была перакладзеная на расейскую мову i адразу ж, насуперак гістарычным фактам, сталася моцным штуршком да пошукаў каштоўнасцей, быццам бы захопленых французамі.

Дарэчы, сам народ у сваіх паданнях глуха пацвярджаў, што быццам нешта французы ў гэтае возера кідалі.

Чутка аб гэтым дайшла нават да цара, i ў 1835 годзе Мікалай Першы загадаў інжынер-палкоўніку Чацвёртакову самым дбайным чынам даследаваць возера, i захаваліся чатыры рапарты апошняга аб тым, што нічога, апрача звычайных камянёў, ім не знойдзена. Ужо больш пашанцавала тутэйшай абшарніцы, якая пастанавіла ў юбілейным 1912 годзе, у парадку прыватнай ініцыятывы, абшукаць прыналежнае ёй Сямлёўскае возера i ў рэшце рэшт выцягнула з яго заміж золата гарматы, патопленыя французамі пасля няўдалай для ix бітвы пад Вязьмай. Гэткім парадкам народная пагалоска, што тут нешта французамі кідалася, усё ж пацвердзілася.

У газеце «Голас Радзімы» за сакавік 1969 года з'явіўся вялікі артыкул з даволІ няўпэўненым загалоўкам «Тайна Напалеона - возера Стаячае?» Аўтар артыкула М. Лапатка, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута торфу Акадэміі навук БССР, не без захаплення падае да вядома суродзічаў за мяжой, як ачышчаецца возера Стаячае плывучымі земснарадамі ад сапрапеляў, ды сцвярджае, што паводле гідрахімічных даследаванняў вада ў ім сапраўды мае... павышаную канцэнтрацыю іонаў серабра.

Мы дзівімся з нэйтралітэту беларускіх гісторыкаў у дачыненні да гэтых дарэмных пошукаў. А можа, яны ў дадатак i не ведаюць, што Сямлёўскае возера, якое знаходзіцца ў 32 кіламетрах на захад ад Вязьмы, паблізу ад шляху ад яе да Дарагабужа, народу, насуперак Вальтэру Скоту, вядомае вылучна пад назовам Стаячае. Гэтае падабенства назоваў, відаць, i збіла з тропу некаторых даследнікаў, якія занядбалі нашую трапную народную прыказку - не адзін Гаўрыла, што ў Полацку. I, на жаль, пошукі напалеонаўскага скарбу ў возеры Стаячым на Міншчыне цягнуцца дагэтуль, дзеля чаго дбайна, жменя па жмені, ператрушваюцца 80 тысяч кубаметраў сапрапеляў, што патрабуе ў рэшце рэшт значных сродкаў, якіх сям-там бракуе не толькі на рэстаўрацыю, але i на рамонт унікальных архітэктурных помнікаў Беларусі.


БРЭСТЧЫНА

ЗДЗІЎЛЯЕ ЎСІХ, ХТО ПАБАЧЫЦЬ ЯЕ (Камянецкая вежа)

Пяшчотна, як маці, абдымаюць з поўдня Белавежскую путчу народжаныя ейнымі крыніцамі дзве з адпаведным i аднолькавым назовам рэчкі Лясныя, якія, каб адрозніць адну ад аднае, тубыльцы ў дадатак назвалі Правай i Левай, Злучыўшыся, яны даюць пачатак Лесне, што, праклаўшы сабе рэчышча ў глыбокай даліне, плыве да Буга. А крыху ніжэй ад гэтага пачатку, дзе ў Лесну ўплывае рэчка Белая, ляжыць старадаўні Камянец.

Ён цяпер невялічкі, i нават не адразу даеш веры, што яму без малога восем стагоддзяў, каб не захаваўся на стромкім беразе ракі велічны сведка ягонай старадаўніны. I дазвольце цяпер спярша перагарнуць балонкі летапісаў i хронік, шукаючы ў ix колішні след Камянца.

Паводле Густынскага летапісу, князь валынскі Уладзімір Васількавіч паслаў дойліда Алексу пабудаваць замак на паўночных рубяжах свайго княства. Той у 1276 годзе зрубіў за Берасцем горад, назваўшы яго Камянцом, бо зямля тут камяністая, i пабудаваў таксама мураваную вежу, аб якой там жа адзначаецца: «Столп камен высотою 17 сажней. Падобен удивлению всем зрящим на нь...»

Аднак усё ж памыліўся летапісец, бо Алекса тады не пабудаваў, a толькі ўмацаваў горад, які ўпершыню згадваецца ў гісторыі ўжо ў 1196 годзе. Пазней, як ведаем з Іпацьеўскага летапісу, за Камянецу 1289 годзе змагаліся князі Галіцкія Юры i Мсціслаў. Потым, за сто год, як сведчыць «Хроніка Яна Длугаша», кароль Ягайла адваяваў яго ад князя Вітаўта, пасадзіўшы тут сваім намеснікам рыцара Зындрама, а перад тым, паводле «Хронікі Быхаўца», сам князь Януш Мазавецкі адабраў на кароткі час Камянец ад свайго цесця Кейстута. I гэтак скрозь далей, аж да Другой сусветнай вайны, калі на вежу шугануў агонь цяжкіх мінамётаў, але яна вытрымала гэта i дасюль аздабляе сабою горад.

Здавалася б, сталыя войны не спрыялі росквіту Камянца, які пазней стаўся знаны як Камянец-Літоўскі, дзе дадатак падчыркваў ягоную прыналежнаспь да Літвы. I хоць археолаг Ю. Кухарэнка адкапаў у 1951 годзе побач з вежай асмаленыя рэшткі ранейшага драўлянага замка, пабудаванага Алексам, але сем год па тым тут жа быў знойдзены ў гліняным гаршку вялікі скарб, што складаўся з 116 манет другой палавіны XVII ст., a паміж ix была i манета караля Гішпаніі Піліпа Чацвёртага. Насуперак усім злыбедам, Камянец не загінуў, i польскі картограф Ян Якубоўскі на аснове дадзеных ападаткавання за 1551 год залічыў яго да адной групы з гэткімі гарадамі, як Гародня i Наваградак, Слонім i Орша, а на вядомай карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай у 1613 годзе у Амстэрдаме, ён адзначаны як умацаваны горад.

Толькі трапіўшы пасля пагібелі Рэчы Паспалітай ў Расейскую імперыю, Камянец паступова зыйшоў да рангу мястэчка Пружанскага павета Гарадзенскай губерні, ды ўсё ж яшчэ на пачатку XX стагоддзя налічваў сем з палавінаю тысячаў жыхароў супраць цяперашніх дзвюх тысяч. I як прыпамін аб мінулым гораду, красуецца ў ім цудам ацалелая да нашых дзён ягоная вежа.

Бязмала 700 год існуе Камянецкая вежа, але i сёння, як за часамі напісання Густынскага летапісу, задзіўляе яна ўсіх, хто пабачыць яе. Круглая ў плане, вежа мае ўшыркі 13,6 метра, а ўвышкі 29,4 пры грубіні сцен у 2 з палавінаю метры. Падмурак, сцены i скляпенне складзеныя з цёмна-чырвонай i жаўтаватай цэглы. Ейныя пяць паверхаў злучаюць паміж сабой драўляныя сходы. Агульная плошча яе 300 квадратовых метраў, а значыцца змяшчала яна шмат жаўнераў. Сцены прарэзаныя байніцамі розных памераў, размеркаванымі ў шахматным парадку. Вежа мела калісьці падзямельныя хады, што вялi да ракі i бліжэйшага лесу. Ваколіцы з яе відаць на 15 кіламетраў, а таму ейныя абаронцы сваячасна даведваліся пра набліжэнне ворага. Звонку вежа мае просты выгляд, пазбаўлены ўсякіх дэкаратыўных аздоб, за выняткам паяса над зубцамі, але акурат гэтая суворая сціпласць побач з маналітнасцю ўсяго масіву пакідае найбольшае ўражанне.

У архітэктуры Камянецкай вежы ёсць рысы, уласцівыя готыцы, як, прыкладам, спічастая форма некаторых з байніц, i разам з тым іншыя ейныя дэталі, зусім не характэрныя для гэтага стылю. Паказальна, аднак, што тады i ў суседняй Польшчы зазначаўся пераход ад раманскай архітэктуры да готыкі.

Калісьці гэтая вежа не была самотнай на Беларусі. Гэтак у Іпацьеўскім летапісе за 1277 год згадваецца, што ў Гародні быў «Столп бо бе камен стоя». Таксама i ў суседнім Бярэсці, паводле слоў летапісца, узвышаўся «Столп высотою, яко и Каменецки». У Тураве падобная вежа была разбураная ў 30-х гг. XIX стагоддзя, i магчыма, што гэта якраз пра яе згадваецца яшчэ ў жыцці Святога Кірылы Тураўскага.

Дарэчы, некаторыя, a ў тым ліку i В. Жучкевіч у сваёй «Тапаніміцы Беларусі», тлумачаць паходжанне назову Белавежскай пушчы ад гэтай вежы. Тым часам Белай, а не толькі Камянецкай, яна пачала называцца толькі пад канец XIX ст., а Белавежская пушча названая гэтак упершыню Мацеем Стрыйкоўскім яшчэ ў 1409 годзе. Потым, i ў старадаўніх дакументах i дагэтуль у народзе, Камянецкая вежа вядомая вылучна як «стоўп».

Яшчэ ў 1960 годзе Камянецкая вежа сталася філіялам Берасцейскага краязнаўчага музея, i сёлета, разам з рэстаўрацыяй помніка, рэарганізуецца ў самастойны музей. Усё гэта добра, аднак міжволі насцярожвае інфармацыя Радыё Менск ад 22-га траўня, быццам вежа гэтая была пабудаваная для абароны: «нашэсця тэўтонаў». Тым часам экспансія крыжакоў не пашыралася гэтак далека, бо на поўначы Літвы яе стрымваў цэлы ланцуг магутных замкаў, як Трокі, Вільня, Гародня, Крэва i Ліда. Вось нешта іншае, што ў бітве пад Грунвальдам у 1410 годзе брала ўдзел i Берасцейская харугва, у шэрагах якое змагаліся i гераічныя драбы з Камянца. Хочацца таксама думаць, што ў музейнай экспазіцыі не зоймуць цэнтральнага месца партрэты ардэнаносцаў з тутэйшых калгасаў «Запаветы Ільіча» i «40 год Кастрычніка», што адразу надало б усяму гістарычнаму i архітэктурнаму помніку налёт правінцыялізму i тым самым значна прынізіла б яго ў вачах замежных наведвальнікаў.

У газеце «Голас Радзімы» яшчэ за травень 1962 года змешчаны надзвычай паказальны ліст. Яго даслаў са Злучаных Штатаў Амерыкі на імя мэра горада Камянца ягоны ўраджэнец Ланіс Кохэн. Прыгадваючы ў гэтым прачулым лісце пра высокую вежу над роднай ракой, ён канчае ліст сваім запаветным летуценнем: «Я спадзяюся пабачыць Камянец перш, чым памерці». Успамінаецца таксама адна з цудоўных патрыятычных легенд незабытнага Вацлава Ластоўскага, дзе пісьменнік кажа:

«А вежа, якую будаваў тады Радар, i далей стаіць у мясцовасці, Камянцом званай».

Кажуць, што ў часе Другой сусветнай вайны Камянецкая вежа была за наземны арыенцір для самалётаў, а для ўсіх беларусаў яна - адзін з духовых арыенціраў на шляху да апрычонай Беларусі.

НА РАДЗІМЕ ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ (Косава)

Старадаўні горад Косава, які ў Расейскай імперыі належаў да Слонімскага павета Гародзенскай губерні, а цяпер належыць да Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці БССР, нагадвае на першы погляд хворага, асуджанага свойскімі дактарамі да пагібелі. Гэтак, паводле дыягназу, пастаўленага A. Багдановічам i П. Сідаравым у кніжцы «Гарады Беларусі», ён:

«...належыць да 3-й групы малых гарадоў рэспублікі, у якіх свабодных працоўных рэсурсаў менш за 15 працэнтаў, бадай адсутнічае камунальна-ўпарадкаваны жыллёвы фонд, а значыцца па сваім эканамічным становішчы ў бліжэйшай перспектыве не атрымае прамысловага развіцця».

Што дзіўнага, калі i М. Зяньковіч на правах спепыяльнага карэспандэнта залічыў у «Чырвонай змене» Косава ў разрад безнадзейна ціхіх гарадкоў.

Пасля гэткіх высноў нават не даеш веры таму, што Косава, як горад, адзначаны ўжо на карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай у 1613 годзе ў Амстэрдаме, або што яшчэ ў палавіне XIX стагоддзя ў ім адбывалася штогод аж пяпь вялікіх кірмашоў, а гэта, апрача эканамічнага дабрабыту, сведчыпь аб колішняй значнай колькасці тут цэркваў i касцёлаў. Але няўжо адзіны шлях да росквіту гарадоў - вылучна фабрыкі i заводы?

Праз сучаснае Косава на тры кіламетры працягнулася вуліца імя 3-га лютага. Вам станеца зразумелы ейны назоў, калі дойдзеце па ёй да высокага абеліску, што стаіць пры ўваходзе ў парк на ўзвышаным скрыжаванні вуліц, i прачытаеце:

«Тут 3 лютага 1927 года адбылася дэманстрацыя беларускіх сялян за ўз'яднанне з Беларускай ССР. Дэманстрацыя была расстраляна. Забіта 6 чалавек, паранена - 35».

Аднак падрабляе сапраўднасць В. Краслаўскі, кал i ўсваім артыкуле, апублікаваным у «Голасе Радзімы» за снежань 1967 года, піша, быццам кіраваў дэманстрацыяю камуніст Міхась Дзягцярык. Яна выбухнула як стыхійны народны пратэст супрапь разгону славутай Беларускай сялянска-работніцкай грамады, кіраўнікі якой Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётр Мятла i Язэп Гаўрылік пазней, пасля пакут у польскіх турмах, пастанавілі асабіста «з'яднацца» з БССР, а там, зазнаўшы яшчэ больш пакут, загінулі на Салавецкай катарзе. Магчыма, хто скажа, што яны сталіся выпадковымі ахвярамі культу Сталіна, але хіба не прыспеў час, каб іхныя слаўныя імёны адбіць на гэтым самым абеліску?

Нас не здзіўляе, чаму Краслаўскі ў сваім кагадзе згаданым артыкуле падрабязна спыняецпа на тутэйшых камбінаце i саўгасе, але ні словам не згадвае пра архітэктурныя помнікі, пакінутыя мінуўшчынай, бо імі, з дазволу Масквы, пачалі больш цікавіцца ў БССР годам пазней. Таму дазвольце звярнуць вашую ўвагу таксама на мясцовыя касцёл i царкву.

Касцёл пабудаваны ў стылі неаготыкі, аб чым перш-наперш сведчаць ягоныя кантрафорсы i спічастыя вокны. I хоць у гэтых вокнах, як зазначыў Ю. Якімовіч у артыкуле «Сустрэча з векапомным», змешчаным сёлета ў газеце «Літаратура i мастацтва», «дзе-нідзе, якпамяцьаббылой прыгажосці, захаваліся маленькія асколачкі каляровага шкла», але, больш уважліва агледзеўшы паруганы будынак, ён усё ж робіць выснову: «Міжволі любуется, як па-мастацку ўсё зроблена!»

Што да царквы Святога Антона, дык хоць тая i прыгадала Якімовічу спярша шматкаляровы лубачны малюнак, ён далей паблажліва прыпушчае, што толькі з прычыны свайго добрага месцазнаходжання яна выглядае як архітэктурны шэдэўр.

Аднак найбольшая аздоба Косава - гэта тутэйшы велічны палац. Ён пабудаваны на пачатку XIX ст. на ўзвышшы, што пануе над горадам i мае шырока разгорнутую кампазіцыю, уласцівую класіцызму, але разам з тым ягоныя завершаныя зубцамі гранёныя вежы i рэльефныя крыжы, нізкія скляпенні І карнізы, падобныя да крэпасных, сведчаць аб звароце тут да архітэктурных формаў Сярэднявечча, a ўсё разам узятае надзвычай характэрна для неаготыкі, бадай, адзіны узор якой на Беларусі - гэты палац. У часе вайны палац спалілі партызаны, ад яго засталіся толькі сцены, але ўсё роўна ён узрушае сваёй прыгажосцю, застаўшыся каштоўным архітэктурным помнікам, што, на жаль, не ўсім зразумела.

Гэтак Г. Сакалоў у артыкуле «Ахове помнікаў - сілу закона», змешчаным у «Чырвонай змене» ад 9-га леташняга лістапада, піша:

«Косаўскі палац не мае гаспадара, што дало магчымасць некаму прыняць пастанову аб спілаванні вялікага, прыгожага, з унікальнымі дрэвамі парку, які яго абкружаў. Не так даўно нейкая арганізацыя разабрала частку сцяны паміж вокнамі на цэглу».

Пасля гэтых далікатных спасылак на быццам бы невядомых нейкіх, даруйце, неяк не даеш веры старшыні Косаўскага выканкама Герману Філатаву, які яшчэ тры гады таму, як сцвярджае раней прыгаданы Краслаўскі, зазначыў: «Вось сёлета новы цагельны завод уводзім у строй», дык затое, на вялікі жаль, цалкам адпавядае праўдзе ягонае далейшае абяцанне там жа: «Праз некалькі год знікнуць у Косаве апошнія даваенныя будынкі».

I як гэта не дзіўна, але нічога ў цяперашнім Косаве - ні велічны помнік, ні нават сціплая мемарыяльная дошка - не прыгадвае аб тым, чым горад мае права ганарыцца i з чаго можа стацца магнітам для наведвальнікаў.

Гэта адсюль паходзіць вялікі чалавек, які яшчэ за сваім жыццём стаўся легендай, набыўшы арэол рамантычнага змагара за свабоду народаў, a ў гісторыю назаўсёды ўвайшоў як апошні рыцар i першы грамадзянін Усходняй Еўропы. У 1746 годзе паблізу Косава, у маленькім фальварку Мерачоўшчына нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, a ў самым Косаве ён набыў пачатковую асвету. Гэта адсюль пачынаецца ягоны, годны наследавання, шлях, пра які ў часе сваёй прысягі ў 1794 годзе у Кракаве ён сказаў, што будзе змагацца за роўныя правы для пышных палацаў i ўбогіх хат. На чале сваіх касінераў Тадэвуш Касцюшка - генерал у сялянскай світцы - перамог расейскага генерала Тармасава, a трапіўшы пазней параненым у няволю, адмовіўся ад волі, за якую Кацярына II патрабавала ад яго змагання на баку Расеі.

Тадэвуш Касцюшка з тутэйшых, кроў ад іхнай крыві. Не толькІ паводле акадэмічнай манаграфіі Канрада, але i школьных падручнікаў Лявіцкага род Касцюшкаў-Сехавіцкіх паходзіць з літоўскай праваслаўнай шляхты. Ягоны прадзед ад праваслаўя праз евангелізм i арыянства прыйшоў да каталіцызму. I нават цяпер тут, на абшары Слоніма праз Косава аж да Ляхавічаў, жыве шмат Касцюшкаў - адны з ix праваслаўныя, другія - каталікі, некаторыя вызнаюць сябе за беларусаў, іншыя за палякаў, а ўсе разам ідуць ад аднаго караня.

Тадэвушу Касцюшку пастаўлены помнікі не толькі ў Польшчы, дзе ён пахаваны на Кракаўскім Вавэлі побач з каралямі, але i ў далёкай Амерыцы, за незалежнасць якой ён гераічна змагаўся, яны стаяць там i каля рэдуту Касцюшкі ў Вест-Пойнце, i ў Мільвоках, i перад Белым Домам у Вашынгтоне. Яму пастаўлены помнік таксама ў Швейцарыі, у тым гарадку, дзе скончылася ягонае жыццё. Але ніякага прыпаміну аб ім няма тут, дзе жыццё гэтае на ўпрыгажэнне ўсяго чалавецтва пачалося.

ЯК СТВАРАЮЦЬ У БССР «КАЛІЗЕІ» (Ружаны)

На мяжы Панямоння i Палесся, бадай на паўдарозе ад Слоніма да Пружанаў, ляжыць абступлены Ружанскаю пушчай утульны гарадок Ружаны. У ягонай ваколіцы нячэ на поўнач праз Ваўкавыскае ўзвышша да Немана рака Зэльвянка, а на паўдзень да Ясельды - рака Цемра. Таму, магчыма, яшчэ за часамі Чорнай Русі i паўсталі Ружаны на волаку паміж гэтымі рэкамі. У летапісе яны ўпершыню згадваюцца ў 1568 годзе, i на вядомых

Радзівілаўскіх картах XVII ст. ужо адзначаныя як горад, але пад назовам Ражана. А перад тым, як сведчыць тэстамент канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, яны зваліся проста Сідараўскім фальваркам. I, відаць, усё вакол спрыяла хуткаму росту горада.

Сваю нататку «За 20 год», змешчаную яшчэ ў залеташнім снежаньскім нумары «Голасу Радзімы», Алесь Марцынкевіч пачынае запэўненнем: «За 20 пасляваенных год старажытныя Ружаны непазнавальна змяніліся. Пасёлак вырас удвая» - i, прыгадваючы далей тутэйшыя маслазавод, хлебапякарню, гародніна сушыльны завод, цагельню, 20 крамаў, а таксама два саўгасы - «Ружанскі» i «Светлы Шлях», а канчае даволі бязапеляцыйнай заявай:

«Два дзесяцігоддзі Савецкай улады далі ружанцам у многа разоў больш, чым папярэднія чатыры з паловай стагоддзі».

Ну што ж, ягонае захапленне ад усіх гэтых дасягненняў больш-менш зразумелае, але ўсё ж дасягнутыя яны не на голым месцы, a ў здаўна абжытых Ружанах. Яшчэ ў 1611 годзе тут была збудаваная паперня, a ў 1791 - суконная i палатняная фабрыкі, якія праіснавалі да 1939 года. Апрача ix былі цагельня i кафляны завод, або па-тагачаснаму - плітніца. А таму нездарма, як сцвярджае З. Капыскі ў кніжцы «Эканамічнае развіццё гарадоў Беларусі ў XVI-XVII стст.» (1966 г.), менскія купцы спрачаліся паміж сабой за права на гандаль у Ружанах асабліва ў часе тамтэйшага Сярэдняпоснага кірмашу. I довадам колішняга дабрабыту - тыя архітэктурныя помнікі, што захаваліся тут дагэтуль.

Цэнтральную плошчу Ружанаў упрыгожваюць сабой касцёл i царква, што маюць вонкавае падабенства, i гэта не выпадкова, бо без розніцы веравызнанняў стварылі ix беларускія дойліды. Кармеліцкі Траецкі касцёл пабудаваны ў першай палавіне XVII ст., i, калі пад'язджаеш да Ружанаў, перш-наперш кідаецца ў вочы спічасты шацёр ягонай высокай званіцы, якая арганічна адпавядае суворым фасадам будынка. Крыжовыя скляпенні касцёла распісаныя фрэскамі i арнаментам, а ягоны аўтар у выглядзе барокавага порціка зроблены з чорнага мармуру. Наогул касцёл нагэтулькі суцэльньт i адпаведны абранаму пад яго месцу, што цалкам мае рацыю Ю. Якімовіч, калі ў сваім нарысе «Сустрэчы з адвечным», змешчаным ў газеце «Літаратура i мастацтва», піша:

«...здаецца, замяні яго іншай пабудовай ці пасунь крыху ўбок - усё раптоўна сказіцца, згіне ўся ідэя архітэктурнай дамінанты ансамбля плошчы».

Петрапаўлаўская царква была пабудаваная ў 1675 годзе як уніяцкая, на месцы ранейшай драўлянай. Яна дарэшты вытрыманая ў барокавым стылi i, як i Траецкі касцёл, мае адну высокую званіцу. Аднак пажарам у 1890-я гг. знішчаныя ейныя каштоўныя фрэскі i старадаўнія абразы. Цудам ацалеў толькі абраз Багамаці, які асабліва ўшаноўвалі тутэйшыя праваслаўныя беларусы.

Найбольшай аздобай Ружанаў вядомы палац Сапегаў, што некалі мелі тут рэзідэнцыю. Хоць i дайшоў ён да сучаснасці ў руінах, але перахаваў сваю мінулую прываблівасць, i дарма, што знаходзіцца крыху ўбаку ад горада, але, размешчаны на ўзгорку, відаць у горадзе адусюль. Закладзены на пачатку XVIII ст. за часамі панавання барока, палац перабудаваны ў канцы яго архітэктарам Янам Самуэлем Бекерам, набыўшы пры гэтым некаторыя рысы класіцызму.

Усё ж галоўны корпус, над якім был i пабудаваны трэці паверх i прыбудаваны два крылы, не страціў гарманічнасці ранейшых прапорцый. Калісьці былі ў ім з вялікім густам аздобленыя залі i пакоі, а цяпер засталіся толькі сцены, але ўсё роўна, як захапляецца М. Кацар ў сваім гістарычным нарысе «Белорусская архитектура» (1956 г.):

«Архітэктура Ружанскага палаца пакідае вялікае ўражанне. Магутны ўзлёт калоннага порціка галоўнага фасада, высокая аркатура, што нясе трохгліфны карніз, ствараюць уражанне прыўзнятасці i велічнасці. Увесь ансамбль прыгожа ўкампанаваны ў маляўнічы пейзаж Ружанаў».

I нарэшце ўважаю за патрэбнае прыгадаць яшчэ ўязную браму, што хутчэй нагадвае трыумфальную арку, будучы самастойным дасканалым творам мастацтва.

Як здавалася б на першы погляд, дык палацавы ансамбль у Ружанах мусіць карыстацца вялікай увагай з боку Рэспубліканскага таварыства па ахове помнікаў гісторыі i культуры, але ж наступныя выпіскі з перыядычнага друку таму грунтоўна супярэчаць.

Гэтак, Г. Сакалоў у «Чырвонай змене», у артыкуле «Ахове помнікаў - сілу закона», зазначыў:

«Большасць помнікаў найвялікшай мастацкай каштоўнасці саюзнага, а то нават i еўрапейскага значэння на грані поўнага знішчэння, як, напрыклад, палац Сапегаў у Ружанах».

А В. Нікіцін у газеце «Літаратура i мастацтва», у артыкуле «Летапіс векапомнага», да гэтага дадае:

«З Косаўскага замка І палацу ў Ружанах памаленьку расцягваюць цэглу».

I як прачула зазначае пра руіны палаца Ю. Якімовіч у сваім кагадзе прыгаданым нарысе:

«Вусцішна было бачыць гэтае згасанне былой велічы, якая i памірае ўражваючы».

Дарэчы, нам неетае мужнасці вінаваціць у разбурэнні палаца вылучна ружанцаў, бо хіба вінаватыя яны ў тым, што калі 200 год таму іхныя прашчуры пабудавалі са сваёй цэглы велічны палац, дык цяпер цэглы гэтай відавочна бракуе нават для рамонту печаў у сваіх хатах.

Аднак найбольш нас здзівіла характарыстыка Ю. Цвяткова, які ў артыкуле хоць i з запазычаным, але паэтычным загалоўкам «Памяць каменя i памяць слова», змешчаным у № 9 (1968 г.) «Беларусь, называе палац Сапегаў у Ружанах «беларускім Калізеем». Ці не даволі коўзкае i нават проста ерэтычнае гэткае параўнанне для яго, як для савецкага журналіста? Яшчэ Байран аднойчы сказаў: «Калі абваліцца Калізей, абваліцца i Рым, а з Рымам абваліцца i ўвесь свет». Калізей для яго быў сымбаль велічнасці магутнага Рыма, упадак якога, як вядома, i парадзіў змрочныя гады Сярэднявечча.

А можа, што зусім не лепей, Ю. Цвяткоў жадае гэткім параўнаннем апраўдаць сталае ператварэнне ў БССР архітэктурных скарбаў у руіны, бо, бачыце, рымскі Калізей i ў руінах, але застаўся святыняй для ўсяго чалавецтва? I хочацца ўсё ж думаць, што гэткая плыткая паралель не станецца індульгенцыяй для ўсіх сучасных свядомых i несвядомых стваральнікаў руінаў з выдатных культурных помнікаў Беларусі.

«МАЦІ ТУЖЫЦЬ, СЯСТРА ПЛАЧА...» (Крошын)

Навуковы супрацоўнік Акадэміі навук БССР Валянціна Нікіціна ў сваім інтэрв'ю пра «Звод помнікаў гісторыі i культуры Беларусі», надрукаваным у газеце «Літаратура i мастацтва» ад 9 снежня 1970 года, паведаміла:

«У спісах ёсць толькі адзінкавыя помнікі выяўленчага мастацтва, хаця на справе ix вельмі i вельмі многа, асабліва ў культавых пабудовах. Напрыклад, у Крошыне ў касцёле вісяць кандэлябры, па-мастацку выкананыя самім Паўлюком Багрымам. Пад ахову яны не ўзятыя».

Магчыма, чытач адразу насцярожыцца, пра якія гэта кандэлябры ідзе гутарка, калі са сваіх школьных часоў ён ведае з падручніка «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры», выдадзенага Акадэміяй навук у 1956 годзе, што «для Крошынскай царквы, па заказе нейкага пана, Паўлюк Багрым зрабіў люстра-панікадзіла, на якім быў выкананы малюнак - беларускі пейзаж».

Справа тут палягае нават не ў тым, што ў Крошынскім касцёле нейкім цудам, разам з Ім, захаваліся дагэтуль не кандэлябры, i не панікадзілы, а выкутая i ахвяраваная Паўлюком Багрымам высокамастацкая жырандоля. Справа таксама не ў тым, што чамусьці аж да нашых дзён яна не ўзятая пад ахову, хоць упершыню аб ёй на старонках той жа самай газеты «Літаратура i мастацтва» прыгадвалася яшчэ 29 год таму. Затое дзівіць, чаму, акрамя жырандолі, абмінутыя іншыя тамтэйшыя помнікі, што маюць дачыненне да Паўлюка Багрыма. А таму i ўважаю за свой прыемны абавязак пазнаёміць вас з імі.

На 1941 год памылкова прыпадала, праз недагляд папярэдніх даследнікаў, адзначэнне 50-годдзя ад дня смерці Паўлюка Багрыма. Гэты наш слаўны паэт-самародак у тым годзе, які, на жаль, часткова i ў цяперашнім, з'яўляецца «белай плямай» у гісторыі нашай літаратуры. Зусім слушна зазначыў яшчэ Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры»:

«...а якое потым было жыццё Паўлюка Багрыма, ніхто вестак дагэтуль не сабраў».

Таму Юрка Віцьбіч пастанавіў спярша грунтоўна пазнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі, а потым паехаць у Крошын, каб дадаць да ix тамтэйшыя памяткі i ўспаміны. Аднак доступу да архіваў ён не атрымаў, бо НКВД, паводле ix, вывучала тады, ад якіх дзядоў і бацькоў паходзяць за два гады перад тым далучаныя да СССР сучасныя Паўлюкі Багрымы. Заставалася толькі пасля папярэдняга азнаямлення з колькасна сціплай літаратурай абраць другое - наведаць Крошын. I мяне цешыць, што ў выніку гэтага падарожжа, калі не паломніцтва, значна зменшылася «белая пляма», якая датычыла да жыцця Паўлюка Багрыма.

Маленькі, ціхі Крошын... Якім заняпалым здаўся ён пры ўспаміне аб соймавых універсалах 1566-1569 гг., дзе князі крошынскія прыгадваюцца побач з ваяводамі кіеўскім i менскім, кашталянамі полацкім i віцебскім, са старастамі ды маршалкамі. Пазней ён належаў славутаму татарыну Усеіну Малікбашычу Ардынцу, дараваны яму за гераічныя ўчынкі ў абароне Вялікага Княства Літоўскага.

I нарэшце, у часах паўстання 1828 года, адбітага ў вершы Паўлюка Багрыма, тут запанаваў здрабнелы пан Станіслаў Юрага, былы ротмістр i дажывотны піяка, выкінуты за гэта з царскіх драгунаў. Сам па сабе нікчэмны, ён даводзіўся шваграм князю Радзівілу i дастаў Крошын як пасаг. I кал i раней крошынцы з'яўляліся спачатку панцырнымі баярамі, потым вольнымі мяшчанамі, дык Юрага пастанавіў звярнуць ix у сваіх прыгоннікаў, што i выклікала паўстанне.

Свае пошукі следу Паўлюка Багрыма я распачаў з дапамогай тамтэйшага маладога ксяндза. Ён добра гаварыў па-беларуску, ведаў гісторыю Крошына i ягонай парафіі, прыгадаў ксяндзоў Магнушэўскага i Гарбачэўскага, з якімі шчыльна звязанае жыццё Паўлюка Багрыма. Спярша мы пайшлІ ў стары драўляны касцёл Божага Цела, які ўпрыгожвала сабой ахвяра Паўлюка Багрыма. У газеце «Літаратура i мастацтва» ад 25 студзеня 1941 года, у артыкуле «Каб я коршунам радзіўся», мне давялося пісаць аб ёй:

«Калі глядзіш на яе, дык цяжка паверыць, што яна зроблена з кавальскага жалеза i важыць пятнаццаць пудоў. Тонкія вінаградныя лісты ды галіны пяшчотна пераплятаюцца паміж сабою. Яны нагэтулькі натуральныя, што рука міжволі цягнецца да ягад i здзіўляе, як каля біблійнага вінаграду з далін Палесціны апынуліся жаўрукі з палёў Наваградчыны. Птушкі сядзяць, схіліўшы ўперад галовы, нібы збіраючыся зараз імкліва ўзляцець да небасіні i там праспяваць над роднай зямлёй свае шчырыя песні.

Зверху жырандолю ўвенчвае карона з гербам, a ўнізе на ёй ідзе паўкругам ажурны надпіс лацінскімі літарамі: Павел Багрым у Крошыне ў 1881 г.»

Пасля мы наведалі магілу, што знаходзіцца на самым пачэсным месцы могільніка, каля алтарнай апсіды касцёла. На ёй стаяў вялікі, ахінены бэзам дубовы крыж з надпісам - Паўлюк Багрым - І з напаўсцёртымі датамі нараджэння i смерці. Прычым апошняя дата сведчыла, што памёр ён у 1896 годзе, а не 1891, як сцвярджалася перад тым.

Потым я агледзеў на беразе невялічкай тут Шчары Багрымаву кузню з галлістай Багрымам жа каля яе пасаджанай ліпай. Таксама пагаварыў i з усімі тымі крошынцамі, што помнілі жывога Паўлюка Багрыма.

Дарэчы, прасяклыя крывёю i слязьмі радкі з верша Паўлюка Багрыма:

Бацька кіямі забіты,

Маці тужыць, сястра плача,..

якія даследнік I. Бас у сваім артыкуле «Паўлюк Багрым», апублікаваным у № 3 «Полымя» за 1955 год, тлумачыць, нібы рэабалітуючы крывавы расейскі царызм, уплывам Эзопавых баек - зусім не выдуманыя, a аўтабіяграфічныя.

Сапраўды, паводле адмыснага сведчання старых крошынцаў, Паўлюкоў бацька, у сваім фаху слесар i каваль Язэп Багрым, быў замардаваны салдацкімі кіямі перад палацам пана Юрагі. Калі сам Паўлюк Багрым вярнуўся з 25-гадовай тады вайсковай службы, дык нікога з Багрымаў ён ужо ў Крошыне i па-за ім не знайшоў. I смерць ягоная, дарма, што ў старэйшым веку, усё ж незвычайная - яго забіў раз'юшаны бык.

Хочацца думаць, што ў старадаўнім беларускім Крошыне ўзнікне мемарыяльны комплекс, прысвечаны выдатнаму сыну нашага народа Паўлюку Багрыму. Пажадана, каб у тамтэйшым касцёле, які сам па сабе з'яўляецца архітэктурным помнікам, засталася нечапанай для яго Паўлюком Багрымам выкутая жырандоля. Магчыма, упарадкуюць належным чынам занядбаную магілу паэта, адрамантуюць, калі яна толькі захавалася, ягоную кузню i дагледзяць, калі яна не зрубленая, пасаджаную ім ліпу.

А добрая сувязь Крошына прыгараднымі цягнікамі i аўтобусамі з недалёкімі ад яго Менскам i Баранавічамі дазволіць заўсёды турыстым ушанаваць у ім несмяротную памяць незабытнага для беларусаў Паўлюка Багрыма, які тут гараваў i тварыў.

ГАРАДОК СЯРЭБРАНЫХ ПРЫСТАНЕЙ I БЛАКІТНЫХ ГЛАДЫЁЛУСАЎ (Давыд-Гарадок)

Ад Крэмянецкіх гор на Валыні i да ціхай Прыпяці бегма бяжыць паміж стромкіх берагоў прыгажуня Гарынь. Толькі трапіўшы ў Палессе, яна паволі суцішаецца, але i тут ейная плынь хутчэйшая, а вада больш празрыстая, чымся ва ўсіх суседніх рэках. I паблізу ад утоку Гарыні на астравах, агінаных глыбокім рэчышчам i шырокімі пратокамі, утульна разлёгся Давыд-Гарадок, ці проста - Гарадок, як найчасцей называюць яго тубыльцы.

Здаўных-даўна аблюбавалі людзі Пагарынне за ягоную ўрадлівую глебу i за раку, што была калісь натуральнай мяжой паміж дулебамі i дрыўлянамі, а таксама водным шляхам з Валыні праз Прыпяць i Случ да Случчыны. Невыпадкова тут дагэтуль знаходзяць шмат скарбаў, трапляюцца нават саманідскія дырхемы X ст. Старадаўні летапіс агулам прыгадвае «Гарады Пагарынскія», да якіх, удакладнім, належалі Ізяслаў, Славута, Дубровіца, Столін, Давыд-Гарадок.

Пра паходжанне Давыд-Гарадка ёсць ладна прыпушчэнняў. Як сцвярджаюць народныя паданні, колішні прыгарад Турава Давыд-Гарадок заснаваў вядомы князь Тур, які пасля хрышчэння прыняў імя Давыд, але не менш верагодна, што дастаў ён свой назоў ад валынскага князя Давіда Ігаравіча, які валодаў Пагарыннем з 1100 па 1112 гады і знаны з асляплення ім Тэрабоўлскага князя Васілька.

Нямым прыпамінам пра гераічную старадаўніну Давыд-Гарадка засталася ягоная Замкавая гара, што мае ўвышкі 16 метраў, а дыяметр ейнай круглай ў сваім плане плошчы каля 150 метраў. Бязлітасны час знішчыў замкавыя сцены i засыпаў глыбокі роў, але захаваўся канцэнтрычны вал увышкі да 6 метраў, у якім некалі была праезная брама. Шмат бітваў адбылося калісь тут, a паміж імі найбольшы след у народнай памяці пакінулі змаганне з татарамі, казацкія войны XVII ст. i асабліва напад у 1655 годзе маскоўцаў на чале з князем Валконскім, кал i горад быў разбураны ўшчэнт. I тым не менш жыццяздольны Давыд-Гарадок заўсёды адраджаўся.

Характэрна, што Давыд-Гарадок можна пабачыць у атласе вядомага Г. Меркартара, выдадзеным у 1544 годзе ў Галандыі, а гэта сведчыць толькі пра тагачасны дабрабыт Гарадка. Не менш паказальны i герб, атрыманы Давыд-Гарадком у 1796 годзе - на ім у чорным, бы чарназёмным, полі адзначаная пасярэдзіне рака з дзвюма сярэбранымі прыстанямі ды залатым чаўном, накладзеным таварам.

Калі гісторыі нестае сведкаў мінулага на зямлі, дык яна шукае іх у зямлі. I як усё ж гэта не анекдатычна, але да археалагічных доследаў у сучасным Давыд-Гарадку спрычыніліся звычайныя вераб'і. Паводле артыкула М. Зяньковіча «Пісьмы з ціхага гарадка», змешчанага ў «Чырвонай змене» ад 29 леташняга ліпеня, вераб'і спалілі ў 1937 годзе на Замкавай гары царкву. За месяц будаўнікі новай царквы, капаючы ямы пад падмурак, натрапілі на рэшткі хат старадаўняга Давыд-Гарадка i ягонай драўлянай царквы.

Прыбылы адразу ж археолаг Раман Якімовіч (1889-1951) адкапаў у паўночнай частцы замчышча цэлую вуліцу, замошчаную бярвеннем, а пад падлогай царквы выявіў 23 труны з дубовых плашак, ачосаных сякерай. Паміж шмат якімі знойдзенымі археолагамі рэчамі хатняга ўжытку асабліва паказальным стаўся адломак дна глінянага начыння з пукатым знакам - крыжом у крузе - характэрным для XI-XII стст. А нечаканая знаходка ў царкве трох кулепадобных кляновых булаваў, што былі адзнакай улады мясцовых князёў, пацвердзіла, што за тымі часам i Давыд-Гарадок меў сваіх апрычоных князёў, пра якіх бадай не засталося прыпаміну ў гістарычных крыніцах, апрача апошняга князя Міцько Давідовіча, пакаранага смерцю ў 1440 годзе за ягоны супраціў каралеўскім загадам. Пазнейшыя раскопкі ў 1955 годзе, і асабліва раскопкі археолага Пятра Лысенкі ў 1967 годзе, яшчэ больш абгрунтавалі высновы Р. Якімовіча i далі шмат дадатковых матэрыялаў.

Апрача Замкавай гары, якая сама па сабе ўжо гістарычны помнік, a ў дадатак у сваёй, густа палітай крывёю прашчураў зямлі захоўвае ці мала яшчэ тым часам неадкапаных археалагічных. каштоўнасцей, у Давыд-Гарадку захаваўся яшчэ адзін цікавы архітэктурны помнік. Мы маем на ўвазе Юраўскую драўляную царкву XVII ст. на могільніку са званіцай паасобку, здымак з якой можна пабачыць у «Истории архитектуры Белоруссии» У. Чантурыі. Прачулыя радкі прысвяціў гэтаму помніку пісьменнік Уладзімір Караткевіч у сваім патрыятычным эсэ «Званы ў прадоннях азёр», змешчаным у леташнім № 12 «Маладосці». Пра самую царкву Караткевіч піша:

«Трохзрубная, з трыма шатрам i даху, уся ў зарасцях бэзу i вішняку, была яна - дзіва», - i далей дадае: «Юраўская званіца ў спакойным вячэрнім сонцы ўся аранжавая. I такая ва ўсім дасканальнасць; такі асуджаны спакой адыходзячай старой Беларусі». I з болем аўтар даведаўся, што "шыльду аб ахове помніка архітэктуры нейкія два, недзе ў маі, паддзелі крыжам, спаролі й павезлі", a трапіўшы ўсярэдзіну царквы, ён дазнаўся, "што толькі самага каштоўнага, Царскае брамы, ужо няма. Зьнялі й адправілі. Здаецца, у Пінскі музей"».

Даўно ўжо знікла значэнне водных шляхоў як галоўных у жыцці народаў i краін. З той жа прычыны калі не загінуў, дык заняпаў Давыд-Гарадок, i без увагі на 10 тысяч ягонага жыхарства належыць цяпер да раёна, цэнтрам якога сталася куды меншая колькасцю жыхароў i нічым у гісторыі краіны не адзначаная чыгуначная станцыя Жыткавічы. Як ва ўсіх падобных гарадах, ёсць у Давыд-Гарадку тыповыя для іх масласыразавод, цагельня, аддзяленне «Белсельгастэхнiкі», прамкамбінат i калгас «10 год Кастрычніка». Асабліва суцяшае тутэйшых, што ў ix нядаўна адчыніўся яшчэ філіял Кобрынскага інструментальнага завода.

А тым часам лепш было б для іхнага добрага горада, каб у ім з'явіўся філіял Батанічнага саду Акадэміі навук БССР. Улетку літаральна тоне Давыд-Гарадок у блакітных гладыёлусах, жоўтых цюльпанах, ружовых цыніях, белых ружах, гіяцынтах, хрызантэмах, вяргінях, мацыёлах, ляўкоях, флёксах ды розных духмяных садовых кветках, а высакаякаснае насенне ягоных кветкаводаў-селекцыянэраў шырока вядомае не толькі на ўсёй Беларусі, але аж да Омска i Махачкалы. A хіба кветкі менш патрэбныя чалавеку, чымся бульдозеры?

I найгалоўнае - горад мусіць стацца музейна-запаведнай зонай адпачынку i турызму, бо вялікае значэнне маюць для краіны ягоныя помнікі культуры. Апрача таго, кажны, хто ведае незабытны Давыд-Гарадок, не можа не пагадзіцца з заўвагай пра яго ў томе «Белоруссия» шматтомнага выдання «Советский Союз»: «И кажется, нет в Белоруссии более красивых мест, чем здесь на Горыни».


МАГІЛ ЁЎШЧЫНА I ГОМЕЛЬШЧЫНА

ЧАМУ ПЛАКАЎ ЗМІТРОК БЯДУЛЯ (Магілёў)

Шырока разлёгся над Дняпром i Дубровенкай адноўлены па вайне прыгажун Магілёў. Шумяць ягоныя фабрыкі i заводы. Бягуць па шырокіх вуліцах тралейбусы i аўтобусы. На месцы крушняў паўсталі шматпавярховыя будынкі. Аднак сваім карэннем, як той сямісотгадовы магутны дуб на ягонай Першамайскай вуліцы, горад уходзіць у сівую далячынь вякоў, пра якую прачула прыгадаў Максім Багдановіч у сваім «Летапісцы»:

Ён пільна летапіс чацвёрты піша год і спісвае ўсё ад слова i да слова з даўнейшых граматак пра долю Магілёва.

Але ж тыя карэнні, што сягаюць паданняў пра тутэйшага волата Машэку, без усякага жалю падсякаюцца, i равеснік свайго векавечнага дуба Магілёў усё больш i больш губляе лучнасць з роднай глебай, якая яго парадзіла.

I пэўна ж толькі цешымся мы, што над сучасным Магілёвам высока ўзнялася, пабудаваная ў 1965 годзе прарабам Маскоўскага мантажнага ўпраўлення Васілём Якаўлевічам Самохіным, ігла тэлемачты, што пакінула сваёй вышынёй адзаду Эйфелеву вежу ў Парыжы ды ледзь толькі ніжэйшая за Астанкінскую тэлемачту ў Маскве. Аднак адначасна сумуем, што яшчэ ў 50-х гадах бязлітасна ды без усякай патрэбы разбураная мясцовая старадаўняя ратуша з высокай васьмікутовай вежай, пабудаванай у 1679 годзе дойлідамі Ігнатам i Хвеськам. Ейную прыгажосць пашкадавалі жаўнеры Караля Дванаццатага, Напалеона Банапарта i Адольфа Гітлера, руйнуючы ўсё вакол яе. Зусім слушна адзначае М. Кацар у сваёй кніжцы «Белорусская архитектура», выдадзенай у 1956 годзе: «Магілёўская ратуша канцэнтруе ў сабе багаты вопыт архітэктурнага будаўніцтва Беларусі. У гэтым будынку з асаблівай трапнасцю выявіліся мастацкія густы беларускага народа, ягонае імкненне да простых i адначасна выразных формаў».

Спозненае, на глыбокі жаль, прызнанне - няма яе, што вабіла сваім хараством ды надавала самабытнасць абрысам Магілёва.

I таксама добра, што ў цяперашнім Магілёве пабудаваная, акрамя рознага іншага, аж 14-павярховая гасцініца з усімі выгодамі для чужаземных турыстаў, але што ж тым з ix, каго цікавяць архітэктурныя помнікі, аглядаць, калі ў тых жа 50-х гадах знік назаўсёды разам з Брацкім манастыром ягоны цудоўны Багаяўленскі сабор, пабудаваны ў 1633-1636 гг. слаўным Магілёўскім брацтвам, якое ці мала добрых старонак упісала ў гісторыю краіны. А здрушчаны яшчэ ў 30-х гадах найбольш стары звон на стромкай званіцы манастыра адбіўся нават у пашыранай па ўсёй Беларусі прыказцы: «Раскалыхаўся, як Брацкі звон».

Наогул, зірнуўшы раней на муры гэтага старадаўняга манастыра, дзе, змяніўшы летапісца з твора Максіма Багдановіча, месцілася друкарня, прыгадваліся адразу славутыя гравёры i друкары, бацька i сын, Максім i Васіль Вошчанкі. Яны, паміж іншымі каштоўнымі кніжкамі, выдалі тут цікавае «Перло многоценное» Кірылы Транквіліёна. I тут жа, як сціплы манах Сільвестр, памёр слаўны друкар Спірыдон Собаль.

Яшчэ ў сярэдзіне 30-х гадоў разбурылі на Дняпроўскім праспекце Язэпаўскі кафедральны сабор, пабудаваныў 1781-1798 гг. архітэктарам Н. Львовым. Дэталямі свайго чароўнага стылю - класіцызму, ён перагукваўся з Луўрам у Парыжы i з Малым Трыянонам у Версалі, усярэдзіне яго ўпрыгожвалі мармуровыя сцены і калоны дарыйскага ордара, нішы са статуямі i скульптурныя медальёны, а найбольшай пекнатой вылучаліся графічныя кампазіцыі, выкананыя на мядзяных шчытах вядомым мастаком В. Баравікоўскім. I гэты непаўторны архітэктурны помнік, што быў аздобаю Магілёва, падарвалі дзеля таго, каб пабудаваць на ягоным месцы змрочны гмах НКВД, у якім, разам з іншымі беларусамі, закатаваны ў 1937 годзе незабытны пясняр i змагар Цішка Гартны.

I нейкім цудам ацалела дагэтуль Магілёўская царква на Падніколлі, пабудаваная ў 1669 годзе Магілёўскім брацтвам. Нагадваючы сваім планам зніклы Багаяўленскі сабор, яна ладна чым розніцца ад яго. Асабліва прывабны ейны драўляны разьбяны іканастас, які, паводле трап нага выснаву Уладзіміра Чантурыі ў манаграфіі «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (Менск, 1969 г.), «з'яўляецца выдатным творам беларускіх майстроў», а ягоныя абразы, дадамо, напісаныя мастакамі славутай Магілёўскай школы. I хоць, як сцвярджае П. Місько ў сваім артыкуле «Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі...», змешчаным у газеце «Літаратура i мастацтва» за 17 верасня: «Да рэстаўрацыі яшчэ далека, бо толькі падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на работы першай чаргі - збудаванне рыштаванняў i рамонт даху Мікалаеўскай царквы», аднак ёй, бадай апошняй з архітэктурнай спадчыны ў Магілёве, тым часам не пагражаў аманал.

Але няма цяпер той старадаўняй драўлянай сінагогі XVII ст., ад якой частка Магілёва дастала назоў Школішча. У 1937 годзе мне давялося наведаць яе разам ca Змітраком Бядуляй. Мы доўга шукалі яе тады, бо сустрэчныя не адказвалі нам на запытанне аб ёй, a толькі або падазрона аглядалі з галавы да ног, або пагардліва ўсміхаліся - ёсць, маўляў, недарэкі на свеце, што шукаюць сінагогу. Толькі калі Змітрок Бядуля па-габрэйску звярнуўся да старога магіляўчаніна, той ахвотна i падрабязна растлумачыў нам, як да яе патрапіць. I вось нарэшце праз адчыненыя насцеж дзверы мы ўваходзім у зняважаную святыню. За часы свайго доўгага існавання яна, сціплая сваім памерам, умяшчала мора людскога гора, якое на свята Ём Кіпур пад гукі святочнага рогашыфора асвятлялася адвечным воклічам-марай - Лшоно Габоо Бійрушалайм! - што ў старажытнагабрэйскай мове значыць «У наступным годзе ў Ерусаліме!»

Унутры сінагога была размаляваная таленавітай рукой Шагала - прадзеда сучаснага, сусветна вядомага мастака Марка Шагала. Незвычайны наогул для сінагог сценапіс тут, абыйшоўшы ўсе забароны, дарэшты напоўніў будынак натхнёнай сымболікай біблійных прарокаў. За два гады мне давялося зноў наведаць Магілёў, але, спяшаючыся па знаёмай ужо мне дарозе да сінагогі, я на ейным месцы не пабачыў нават i падмурка. У 1938 годзе яе разбурылі, i бёрны парэзалі на калодзежныя зрубы. I калі думаеш цяпер пра гэтую сінагогу на магілёўскім Школішчы, дык заўсёды адначасна прыгадваецца Змітрок Бядуля, які тады ў зняважанай святыні плакаў.

НАВОШТА БЛЫТАЦЬ МСЦІСЛАЎ I СУЗДАЛЬ

Як сярэбраная падкова, скутая стромкімі берагамі, агінае Мсціслаў дачка Сожа прыгажуня Вяхра, бы абараняючы горад з усходу. На гэтых берагах, вядомых пад назовамі гор - Замкавае, Дзявочае, Траецкае, Могілкавае, Манастырскае, - дзе-нідзе захаваліся рэшткі колішніх вайсковых умацаванняў. А з боку заходняга затульвае яго даўгі ды глыбокі Цялячы роў. Не дарма пра князя Мсціслава Раманавіча, ад якога, паводле прыпушчэнняў, ён атрымаў сваё імя, захавалася прыказка: «Мсціслаў не аднаго сціснуў». Невыпадкова на гербе горада, дараваным яму ў 1634 годзе, быў меч, а пад ім шчыт. I хай сабе назоў чароўнай Дзявочай гары паходзіць, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, ад грознага радзіміцкага бога Дзіва, на думку тубыльцаў, ён паўстаў ад тутэйшых дзяўчат, якія перад варожым нападам за адну ноч нацягалі сюды ў сваіх фартушках зямлю.

Але хоць Мсціслаў, быўшы некалі сталіцай удзельнага княства, заснаванага князем Лугвенем-Сымонам Альгердзічам, займаў вялікі абшар ад Цялячага рова да Вяхры, хоць адсюль паходзяць i бліжэйшы спадкаемец Францішка Скарыны Пётра Мсціславец i скульптар Сцяпан Палубес, творы якога аздаблялі крамлёўскія харомы, не спрабуйце шукаць тут манументальных сведкаў ягонай гісторыі i культуры - архітэктурных помнікаў. Таму міжволі здзіўляе, што горад уключаны цяпер у турысцкі маршрут, бо бадай нічога з ягонай старадаўніны ў ім не засталося.

У газеце «Літаратура i мастацтва» ад 17 верасня 1969 года з'явіўся артыкул П. Місько з паэтычным загалоўкам «Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі...» Аўтар пачынае яго падзагалоўкам «Ці быць беларускаму Суздалю?» i далей пераходзіць да намеру ператварыць сучасны Мсціслаў у горад-музей. I справа тут нават не ў тым, што, як слушна адзначае герой апавядання Уладзіміра Кудзінава «Грэнадзёр цяжкай артылерыі», змешчанага ў «Полымі» за сяголетні кастрычнік: «Сорак год на народныя ахвяраванні будавалі ў Маскве храм Хрыста Збавіцеля, як помнік перамогі над Напалеонам. Зламалі. Цяпер схамянуліся, пачалі рэстаўраваць Растоў, Суздаль, Салаўкі, але ці гэта зменіць што».

Справа таксама не ў даволі плыткім параўнанні Мсціслава з Суздалем, бо кожны з ix мае сваё апрычонае нацыянальнае аблічча. А справа палягае пераважна ў тым, што ўсё ж у Суздалі захавалася больш за пяцьдзесят архітэктурных помнікаў, a ў Мсціславе без малога ніводнага.

Калісьці цэнтр Мсціслава ўпрыгожваў велічны Мікалаеўскі сабор, пабудаваны на пачатку XVIII ст.Асабліваю каштоўнасцю быў ягоны разьбяны іканастас, створаны сынамі тых славутых тутэйшых разьбяроў, што ў Смаленскім саборы Маскоўскага Новадзявочага манастыра зрабілі цудоўны іканастас, у якім адбілася славутая «беларуская рэзь». Але на пачатку 1920-х гадоў у Мікалаеўскім саборы знішчылі барокавыя званіцы, потым перарабілі ягоную цэнтральную частку пад кінатэатр, а з дзвюх бакавых прыбудоў адну скарысталі пад турму НКВД, другую - пад школу глуханямых. I тады ж без адкладу парэзалі на дровы іканастас, разьба якога нагадвала карункі.

Здаўна надавала прывабны выгляд Падолу адна з найстарэйшых у горадзе Падольская царква. Сціплая сваім памерам, яна вабіла дасканаласцю сваіх паасобных прапорцый, а таксама іканастасам. I гэты выдатны архітэктурны помнік скарысталі пад млын з ваўначоскай, знішчыўшы адначасна ягоны іканастас.

Цікавую Траецкую, або Пятніцкую, царкву на Траецкай гары прыстасавалі пад рэстаран № 1 Харчпрамгандлю. Падобны лес пасягнуў на Манастырскай гары i Тупічэўскі манастыр, пабудаваны каля 1616 года К. Маскевічам. У ягоным саборы знаходзіўся цудадзейны абраз Тупічэўскай, або Сямігародняй, Багамаці. Спачатку манастыр ужылі пад дзіцячы прытулак, потым пад маслазавод. А цяпер ад ранейшага ансамбля засталіся толькі частка вежы, кавалак муру ды рэшткі скляпоў. I знік у невядомасці стары, высокамастацкага пісьма, святы абраз.

У жалю годным стане знаходзіцца на Слабадской вуліцы Аляксандра-Неўская царква, пабудаваная ў XVII ст. Мсціслаўскім брацтвам. Тым часам, зірнуўшы на яе звонку, адразу прыгадваецца вядомы закон беларускіх дойлідаў: «Рубіць вышынёй, як мера i прыгажосць скажуць». Але найбольш цікавы ейны інтэр'ер, аздоблены разьбой па камені І дрэве, упрыгожаны рознакаляровай кафляй. Яшчэ ў 1920-х гадах царкву скарысталі пад збожжасховішча, за часы вайны мсціслаўцы аднавілі ў ёй Божую Службу, а па вайне яе зноў апанавалі раённыя нарыхтоўшчыкі.

Аднак з усіх мясцовых архітэктурных помнікаў найбольшую вартасць становіць старадаўні касцёл, у якім месціцпа цяпер склад харчгандлю. Асаблівую каштоўнасць мелі ў ім фрэскі XVII ст., шырока вядомыя па рэпрадукцыях у шмат якіх выданнях. Хоць i былі адпушчаныя сродкі на ягоны рамонт, але ix скарысталі на іншыя мэты. У выніку летась у весну абвалілася тут столь i частка даху. «А дзе ж знакамітыя фрэскі?» - здзіўляецца, трапіўшы ў касцёл, П. Місько i пераконваецца:

«...ад штурму Мсціслаўля засталося толькі некалькі ледзь прыкметных фігур па баках кампазіцыі. Ад другой, пазнейшай фрэскі, якая быццам бы паказвала расправу пераможцаў над пераможанымі, уцалела толькі невялічкая частка, астатняе ўпала разам з атынкоўкай. Аднавіць ix можна, бадай, толькі пішучы занава, па фотаздымках».

I дазвольце цяпер паставіць кропку над «і», што з добра зразумелых нам прычын П. Місько не ў стане зрабіць. Ну навошта ўжываць гэткі дыпламатычны выраз - быццам бы - да гістарычнай падзеі, вядомай калісьці ўсім школьнікам? Зніклая фрэска была прысвечаная Трубяцкой разні 1654 года, пасля якой пар Аляксей Міхайлавіч прысабечыў сабе дадатковы тытул князя мсціслаўскага, а тыя адзінкі мсціслаўцаў, што дзівам ацалелі ад ягоных стральцоў, атрымалі мянушку «недасекаў». Натуральна, што паказваць у БССР турыстым фрэску, якая з'яўляецца дакументальным абвінавачальным актам супраць Масквы, забаронена. А таму намеснік старшыні Рэспубліканскага таварыства па ахове помнікаў Барысевіч спачатку, як сцвярджаюць 16 абураных навукоўцаў у сваім артыкуле «Аўтографы... на фрэсках», апублікаваным у «Чырвонай змене» ад 18 кастрычніка 1969 г., наогул даў дазвол на разбурэнне ўсяго касцёла. Бо тое, што можна Суздалю, тое, відаць, недаравальна для Мсціслава.

Дарэчы, ведаюць мсціслаўцы тую страшэнную наочную дарогу, якая вядзе ад турмы ў паруганым Мікалаеўскім саборы на Першамайскай плошчы да набраклага крывёю рова, што за бальніцай у канцы Ленінскай вуліцы. Дык дзеля чаго блытаць зусім розныя шмат у якіх дачыненнях гарады?

«ЗАПАЛІЛІ СТАРЫ КРЫЧАЎ»

Калісьці ў Віцебску на Сёмуху каля бабінца Чорнае Тройцы, што на Пескаваціку, давялося мне пачуць сляпога старца-лірніка. Адсунуўшы назад торбу, перабіраючы пальцамі левай рукі клавішы i круцячы правай корбу, ёну такт лірным гукам пяяў:

Падымалісь чорны хмары,

Неба пакрывалі.

I пяяў ён няголасна, i самы голас, падбіты старасцю, дрыжэў, але гэтулькі пачуцця ўкладаў народны музыка ў сваю песню, што, здавалася, ягоныя нявідушчыя вочы бачаць i хмары, i полымя, i даўнюю зацятую бітву. I можа ніводзін наш музычны інструмент гэтак не адпавядаў ягонай песні, як задуменная, засмучоная ліра.

Прыхадзілі злы татары,

Пад Крычавам сталі.

Даўно парасла палыном ужо занядбаная магіла таго дзеда. Ніхто не пераняў ягонай забароненай ліры. Аднак усё роўна досыць толькі прыгадаць сваю краіну, як загучыць у душы зачэпленая ў ёй калісьці лірнікам струна:

Запалілі стары Крычаў,

Канцы запалалі...

А ён сапраўды стары, чаму ўсё ж не адразу даеш веры. Сучасны Крычаў падзяляецца на тры Крычавы - Прывакзальны, Новы i Стары, якія паступова зліваюцца разам. Прывакзальны, дзе ад 1933 года крыжуюцца дзве чыгункі, ахутаны дымам i парай цягнікоў, іхнымІ гудкамі i грукатам. Над прамысловым Новым узвышаюцца высокія каміны ды вышынёй з 10-павярховы гмах вежы-бункеры вялізнага цэментна-шыфернага камбіната. I калі глядзіш на 170-метровую ўдаўжкі вярчальную печ, дык хоць i не тут трэба шукаць слядоў сівой старадаўніны, але раптам самы назоў без малога тысячагадовага горада пачынае перагуквацца ў свядомаспі з ягонымі цяперашнімі фабрыкамі i заводамі.

Упершыню ў гісторыі Крычаў, паводле устаўное граматы князя Расціслава Мсціславіча ад 1157 года, узгадваецца як «Кречют». Азгодна з народнымі паданнямі ён некалі менаваўся Крывічаў, дастаўшы свой назоў ад крывічоў. Бадай не сустракаецца на Беларусі птушка крэчат, а вось затое адразу згадваецца тэрмін стараславянскай мовы «крыч» або ў перакладзе ў сучасную мову - горан, кузня, каваль. Адсюль больш чым магчыма, што дастаў Крычаў свой назоў ад тутэйшых старажытных кавалёў, якім сыравінай для іхных вырабаў паслужылася яшчэ балотная руда.

Пэўна ж, помнікі старадаўніны трэба шукаць толькі ў Старым Крычаве, што ляжыць на высокім, парэзаным глыбокімі маляўнічымі равамі, правым беразе Сожа, у які тут уліваецца рэчка Крычаўка. Тут можна згледзець рэшткі ранейшага гарадзішча i пазнейшага замка, што нікім дагэтуль надежным чынам не даследаваныя. Паводле сцверджання крычаўлян, ад замка вялі падзямельныя хады, i сапраўды, у 9-м томе «России» Сямёнава чытаем: «Тут ёсць праведзеныя з замка да ракі падзямельныя хады са скляпеннем з трывалае цэглы, што захаваліся й дагэтуль». Сведчанне гэтае пачатку XX стагоддзя, і, значыцца, патрабуе цяпер канчальныхдоследаў, абякіх, на жаль, нічога не чуваць.

Можа і не захаваўся ў Крычаве старадаўні касцёл, першым фундатарам якога была каралева Бона, але яшчэ ў 30-х гадах XX стагоддзя ён існаваў. Затое дайшоў да нашых дзён манументальны след князя Пацёмкіна, колішняга гаспадара Крычаўскага староства,у якое ўваходзіла бадай уся ўсходняя частка Магілёўшчыны. Пацёмкін пабудаваў у Крычаве карабельню, фабрыку вытворчасці палатна для ветразяў i канатны завод. Карабельня змяшчалася ў прывабным будынку, цэнтр якога ўпрыгожвала вежа са шпілём, увенчаным мадэллю ветразевага карабля, але гэтае прадпрыемства з прычыны малаводдзя Сожа ў Крычаве неўзабаве зачынілася. Аднак завод з фабрыкай яшчэ даўгі час існавалі, уплыўшы нават на павелічэнне сяўбы лёну i канопляў на Крычаўшчыне. I таксама без асаблівых змен захаваўся палац.

Нават у гэткіх паважных манаграфіях, як М. Кацара «Белорусская архитектура» i У Чантурыі «История архитектуры Белоруссии», чамусьці не згадваецца пра палац Пацёмкіна ў Крычаве, таксама як не было аб ім ніколі згадак у сучасным друку, а тымчасам ен, як архітэктурны помнік, цалкам заслугоўвае i на ўвагу даследнікаў i на дзяржаўную ахову. Пабудаваны паводле праекта палкоўніка Няфедзьева ў плане манаграмы з дзвюх літар «Е» i «П» - ад імя «Екатерина» i прозвішча «Потёмкин», ён мае больш за 60 пакояў. Дзве вежы на ягоным фасадзе надаюць цэламу будынку велічны выгляд. Цікавае i нутраное распланаванне палаца. На абодвух ягоных паверхах адна над адной былi вялікія круглыя залі, побач з якімі знаходзіліся дзве прастакутныя залі. На другім паверсе ёсць спальня з прыгожай лепкай i калонамі. У студзені 1788 года тут, між іншага, начавала царыца Кацярына Другая. A ў 50-х гадах XX стагоддзя палац аддадзены пад спальны корпус школы-інтэрната імя Леніна.

I нарэшце, згадваючы мінулае старадаўняга беларускага Крычава, не можна прайсці паўз грознае народнае паўстанне 1740-1744 гг. Абураныя тады нялюдскім эканамічным прыгнётам з боку купца Гдалі, якому князь Радзівіл аддаў на водкуп Крычаўскае староства, тутэйшыя мяшчане i сяляне - адвечныя кавалі i ратаі - аж чатыры гады змагаліся за тое, каб, кажучы словамі нашага Нацыянальнага Прарока, «людзьмі звацца», пакуль ix не перамаглі жаўнеры. Пачалася страшэнная расправа над пераможанымі. Як сведчыў Андрэй Мэер (1742-1807),

«весь Кричев тогда был залит кровью, расставленные по всем улицам виселицы и колы с казненными в течение нескольких дней представляли ужасное зрелище» («Могилевская старина». Выпуск 2,1901 г.).

З правадыроў паўстання Васіль Вашчыла ўцёк у расейскую частку Украіны, быў там арыштаваны, сядзеў у Кіева-Пячэрскай крэпасці, дзе захварэў i памёр 28 жніўня 1744 года. Два іншыя - Іван Карпач i Васіль Вецер - былі пасаджаныя на калы 26 лютага 1744 года (хоць існуе легенда, быццам карнікі зашылі ix у мядзведжыя скуры, а тады зацкавалі сабакамі).

I хіба не заслугоўваюць гэтыя пакуты народа на адпаведны прыпамін i годнае ўшанаванне? Хочацца думаць, што якраз тут, на беразе Сожа, дзе гінулі на шыбеніцах i плахах нашыя прашчуры, устане прысвечаны іхнаму гераічнаму змаганню помнік, на якім застыгнуць, бы на варце чалавецкай i нацыянальнай годнасці, векапомныя Вашчыла, Карпач i Вецер.

Запалілі стары Крычаў, -

Капцы запалалі...

АДГРЫМЕЛІ ГАРМАТЫ БЫХАВА

Калі вам давядзецца плыць параплавам ад Магілёва ўніз Дняпром, дык у кароткім часе вы апыняцеся ля таго слаўнага сяла, скуль паходзіць славутая «Баркалабаўская хроніка». Немаведама дакладна, хто яе напісаў - ці Фёдар Магілёвец, ці тутэйшы святар Аляксей Мсціславец, - але прыгадайце ейныя радкі:

«Маскву ад Магілёва адперлі, пабілі, адагналі. Страшна было на трупы маскоўскія глядзець, што на рацэ Дняпры рыбацкія застаўкі сабой загарадзілі, аж колькі тыдняў дняпроўскае рыбы не елі й вады не пілі дзеля вялікага смуроду трупаў маскоўскіх».

Ад Барка лабава пачынаецца Быхаўшчына, i, прабегшы ад яго нейкія дзесяць кіламетраў, параплаў прываліць да прыстані Быхава. Затрымайцеся тут, пазнаёмцеся з ім, ён заслугоўвае на ўвагу, як дагэтуль вам беспасярэдня незнаны, але здаўна вядомы.

Для гісторыі Быхава характэрны ягоны герб, атрыманы ім у 1781 годзе, на якім у ніжняй частцы шчыта на чырвоным, быццам крывавым, пол i пакладзеныя накрыж гарматы, бо, як падаецца ў тлумачэнні: «ix у гэтым горадзе ёсць шмат». Яшчэ на пачатку XX стагоддзя, паводле сведчання 9-га тома «России» Сямёнава, у Быхаве заставалася дзесяць гарматаў, але ж, першае, ix было там раней куды больш, а, другое, яны моцна даЛіся ў знакі тым захопнікам, што выдавалі сябе за вызвольнікаў.

У ваколіцах Быхава, каля вёскі Абідавічы, знайшлі археолагі краменныя сякеры часоў палеаліту, а доследы ў недалёкім адсюль паселішчы Адамянкі выявілі, што ўжо на пачатку 1-га тысячагодцзя нашай эры тут жылі радзімічы. Аднак горад упершыню згадваецца ў гісторыі ў 1430 годзе, у акце ўзвядзення Свідрыгайлы на пасад вялікага князя Літвы.

I, пэўна ж, горад быў досыць значны, бо ў 1568 годзе кароль Жыгімонт Аўгуст дараваў яго Яну Гераніму Хадкевічу разам з тытулам - графа на Быхаве. Хадкевіч збудаваў тут патужныя вайсковыя ўмацаванні, яшчэ больш узмацніў ix потым Леў Казімір Сапега, да якога перайшоў Быхаў, i ад таго часу Быхаў стаўся адной з найбольш магутных крэпасцей на Беларусі, што асабліва праславілася ў часе казацкіх войнаў. А пры ўспаміне пра тыя самыя войны цяжка ўсё ж даць веры дарэшты Б. Собалеву, які ў кніжцы «Беларуская ССР», выдадзенай Акадэміяй навук БССР у 1957 годзе, адзначае (цытую):

«Быхаўская крэпасць адыграла вялікую ролю ў сярэдзіне XVII ст. за часамі ўпорыстага змагання ўкраінскага i беларускага народаў за вызваленне ад прыгнёту польскіх фэўдалаў».

Тая ж «Баркалабаўская хроніка» падае (цытую ў скарачэнні): «У лета Божага нараджэння 1595-е... Севярын Налівайка з казакамі... месца слаўнае Магілёў, месца пабожнае,дамы, крамы, замак спалілі... мяшчан, баяр, людзей паважных, як мужчын гэтак i жанок, дзяцей малых пабілі, парубілі, апаганілі».

Зразумела адсюль, што калі ў 1648 годзе казакі паспрабавалі захапіць Быхаў, дык ягоны камендант Сасноўскі, разам з усімі быхаўцамі, абараніў горад. Сем год па тым горад вытрымаў 10-тыднёвую аблогу казакаў на чале з паходным гетманам Іванам Залатарэнкам, што даводзіўся шваграм Багдану Хмяльніцкаму i перад тым ездзіў у Маскву з просьбай прыняць пад ейнае падданства Украіну. Вядомыя ягоныя лісты адсюль да пара Аляксея Міхайлавіча, дзе, падпісваючыся як «Вашае Царскае Вялікасці пакорны слуга», Залатарэнка абяцаўся ў выпадку перамогі вымардаваць усіх быхаўцаў да аднаго. A скончыўся гэты ягоны намер тым, што трапным стрэлам з мушкета ca званіпы касцёла арганіст Тамаш забіў Залатарэнку, i казакі адышлі ад горада, каб больш яго ніколі не турбаваць. Чатыры гады па тым расейскі ваявода Лабанаў пасля 30-тыднёвай аблогі захапіў Быхаў, але адразу ж быў з яго выкінуты. I натуральна, што сойм у 1576 годзе аслабаніў шматпакутны горад на 10 год ад усякіх падаткаў.

За часамі Паўночнай вайны камендант Быхава генерал Сініцкі, як таксама пераважная бальшыня беларусаў i гетман Украіны Іван Мазэпа, падтрымваў не Пятра Першага, а Караля XII. Расейскі генерал Баўр, пераможца корпуса Левангаўпта пад недалёкай адсюль Л ясной, пасля пянідзённай аблогі захапіў у 1707 годзе Быхаў. Пётр Першы загадаў Сініцкага, хоць той быў падданы Рэчы Паспалітай, саслаць на катаргу ў Сібір i адначасна перавезці ў Кіеў бадай усе тутэйшыя гарматы, паміж якіх асабліва славіліся «Змей», «Сокал», «Галянка» i «Бывай».

На высокім беразе Дняпра, на цяперашняй Куйбышаўскай вуліцы, перахаваўся двухпавярховы мураваны будынак, а паблізу ад яго відаць сляды равоў i валоў. Гэта ўсё, што засталося ад колішняе моцнай крэпасці, пабудову якой пачаў у 1590 годзе Ян Геранім Хадкевіч, a скончыў у 1610 годзе Леў Казімір Сапега.

Калісьці асяродак крэпасці - замак складаўся з колькіх будынкаў, i галоўны з ix у змененым выглядзе дайшоў да нашых дзён. У ім знаходзіліся парадныя залі i добра абсталяваныя пакоі, уваход у якія ішоў праз прыгожую аркадную галерэю. Нутраны двор абмяжоўвала высокая мураваная сцяна з чатырохпавярховымі шасціграннымі вежамі па кутах.

Заняпад замка i ягонага палаца пачаўся адразу пасля далучэння Быхава да Расеі. Як даволі далікатна адзначае В. Жучкевіч у сваёй кніжцы «Города и сёла Белорусской ССР»: «В 1831 г. Быхов передан от Сапеги государству», а дакладней - горад разам з замкам i палацам быў канфіскаваны за іхны ўдзел у тагачасным паўстанні супраць Расейскай імперыі. Замак пачаў паступова зусім занікаць, але ў 1870 годзе ягоны палац адрамантавалі, каб скарыстаць пад турму. Прыблізна тады ж былі знішчаныя вежы i дзве брамы. У гэтай з асабліва суворым рэжымам турме пакутавалі перад дарогай на катаргу паўстанцы. Пазней у ёй на загад Керанскага апынуліся вядомыя генералы Карнілаў i Дзянікін. За савецкімі часамі, у 30-х гадах, тут жа разам з іншымі гібеў за кратамі незабытны Уладзіслаў Галубок. Мы не ведаем, але, затрымаўшыся ў Быхаве, даведайцеся, калі ласка, ці знаходзіцца i цяпер у гэтым будынку турма.

І гэтак на працягу стагоддзя над старым горадам пануе змрочная турма, пад якую перароблены колішні прыгожы палац, валы i равы вакол якога густа паліты беларускаю крывёю.

З кніжкі «Белоруссия» з шматтомавай серыі «СССР» мы ведаем, што ў Быхаве цяпер пабудаваны самы магутны на Беларусі кансервавы камбінат, які дае пятую частку рэспубліканскай вытворчасці кансерваў i сушанай бульбы. Мы дазналіся далей, што ў ягоных цэхах вырабляецца 70 гатункаў прадукцыі, а ў тым ліку кансервы са шпінату, шчаўя i кабачкоў. A ў дадатак яшчэ тэты, створаны ў парадку сацыялістычнага будаўніцтва камбінат забяспечвае парожнімі бляшанкамі ўсе кансервавыя прадпрыемствы БССР.

Аднак, на жаль, нідзе ў перыядычным друку мы не сустрэлі нават памінку на тое, што ў Быхаве ягоны выдатны архітэктурны и гістарычны помнік - спачатку палац, а потым турма - будзе ўзяты пад дзяржаўную ахову и скарыстаны пад музей, перад фасадам якога стануць на заслужаным адпачынку старадаўнія грозныя гарматы, ахутаныя сдавай нашых волялюбных прашчураў.

Адгрымелі гарматы роднага Быхава!

ГОРАД КАМБАЙНАЎ I ЛЕБЕДЗЯЎ (Гомель)

Пад адной з тых мірных умоў, якія славуты князь Алег склаў з Візантыяй, прыклаў сваю руку разам з іншымі i радзіміцкі правадыр Гом. На думку некаторых навукоўцаў, ён i спрычыніўся да нараджэння сучаснага Гомеля, надаўшы яму сваё імя. Аднак у гісторыі горад, як «Гом'е», упершыню згадваецца ў 1142 годзе. Потым праз нейкі час ён належаў вядомаму князю Ігару Святаславічу (1150-1202), услаўленаму «Словам аб палку Ігаравым». Пэўна ж, i тады, i пазней горад быў досыць умацаваны, што даводзіць загад караля Жыгімонта Аўгуста ад 1535 года «моцны i да абароны здатны Гомій здабыць або спаліць», але, на жаль, аніякіх археалагічных доследаў тут дагэтуль не рабілася. Толькі зусім выпадкова, у часе пабудовы ў 1950 годзе абласнога тэатра, адкапалі сякеры, кальчугі i мячы - маўклівыя сведкі славы прашчураў.

Над мнагаводным Сожам, на ягоным высокім правым беразе, узвышаецца прыгожы палац, абкружаны стагадовымі вязамі i клёнамі. Яго пабудаваў у 1785 годзе ў клысічным стылі князь Пётр Румянцаў-Задунайскі (1725-1796). У 1834 годзе генералфельдмаршал князь Іван Паскевіч (1782-1856) набыў гэты палац у Мікалая Пятровіча Румянцава i тады ж прыбудаваў чатырохпавярховую вежу з маляўнічымі вітражамі, з гадзіннікам i мілагучнымі курантамі. Увенчаны купалам цэнтральны корпус палаца з чатырохкалонным порцікам карынфскага ордара, спалучаны каланадамі з бакавымі флігелямі, і, разам узятыя, яны становяць сапраўдны мастацкі скарб. Палац мае 64 залі i пакоі, аздобленыя золатам, агатам, карарскім мармурам, a паміж залаў асабліва вылучаецца галоўная з калонамі. Усярэдзіне палац нагадваў багаты музей з галерэяй малюнкаў выдатных мастакоў, з рознымі іншымі ўнікатамі ў галіне навукі i мастацтва.

I бадай ці захавалася што з колішняга ў палацы да нашых дзён. Яшчэ ў сакавіку 1919 года снарад бранскага дывізіёна Чырвонай арміі, пры абстрэле горада, занятага паўстанцамі-стрэкапытаўцамі, спаліў частку палаца. Паводле Рыжскай мірнай умовы 1921 года значная колькасць малюнкаў, а таксама конная статуя князя Юзафа Панятоўскага, працы слаўнага датчаніна Берцэля Торвальдсэна (1768-1844), былі звернутыя Польшчы як ейная ўласнасць, захопленая ў яе пасля здушэння паўстання 1830-1831 гг. Тады ж дзесяць малюнкаў, што мелі дачыненне да жыцця расейскага пісьменніка А. С. Грыбаедава, былі забраныя адсюль у Маскву. У 30-х гадах зніклі гарматы, якія знаходзіліся перад галоўным фасадам палаца, а Другая сусветная вайна пакінула ад яго наогул голыя сцены. Пасля аднаўлення палаца ў 1953 годзе ён узяты пад дзяржаўную ахову i цяпер належыць піянерам, а часткова гістарычна-краязнаўчаму музею.

Наступнае месца за палацам Румянцава-Паскевіча займае Петрапаўлаўскі сабор, пабудаваны ў 1809-1819 гг. архітэктарам Кларкам. Як i палац, сабор знаходзіцца на цэнтральнай плошчы горада. Ягоныя чатыры шасцікалонныя порцікі i мноства паўкалон дарыйскага ордара разам з купалам на высокім барабане надаюць яму характэрныя рысы класічнага дойлідства пачатка XIX ст. Ад зніклага цяпер крыжа на зграбным купале i да падмурка сабор быў прызначаны для адпраўлення Божай Службы. Яшчэ з газеты «Голас Радзімы» за сакавік 1961 года мы дазналіся, што паруганы сабор прыстасоўваецца пад планетарый, дзеля чаго ў ім устанаўляюць падвесны экран, а з нататкі пад гучным загалоўкам «Храм навукі над Сожам», змешчанай у «Советской Белоруссии» ад 31 студзеня 1965 года, даведаліся, што «Планетарый - гонар горада. На жаль, аб гэтым не заўсёды помняць мясцовыя партыйныя i савецкія органы». Прыкра, але аўтар нататкі не разумее, што планетарый цяпер пашыраныя па ўсім свеце i нікога з гледачоў больш не здзіўляюць, а вось затое стварэнне натхнёнага Кларка - Петрапаўлаўскі сабор - храм Божы i помнік мастацтва - існуе толькі ў Гомелі. Ён унікальны, ён цікавы для сваіх экскурсантаў i замежных турыстаў, прычым апошнія i не зірнуць на стандартныя прылады казённага планетарыя, але пачнуць дарэмна шукаць мармуровы надгробак работы славутага італійскага скульптара Антона Кановы (1757- 1822), стваральніка «Персея з галавой Мядузы».

Калі для архітэктурнага аблічча пераважнай бальшыні старых беларускіх гарадоў характэрнае барока, дык затое для галоўных помнікаў Гомеля - палаца i сабора - вызначны класіцызм з ягонай рацыяналістычнай вырашанасцю, зраўнаважанасцю кампазіцыі i пластычнай закончанасцю. Таму дысгармануе з імі, здаецца зусім выпадковай капліца - пахавальны склеп Паскевічаў, пабудаваны ў другой палове XIX ст. у так званым расейска-візантыйскім эклектычным стылі. Хай сабе яна звонку багатая i разам з тым безгустоўна ўпрыгожаная керамікай i глазурай, але ейныя пяць пазалочаных купалаў-цыбулін, увенчаных расейскімі крыжамі з турэцкімі маладзікамі, зусім не да твару беларускаму гораду. І калі ў даволі плыткай газеце «Голас Радзімы» за снежань 1968 года В. Старцаў, кіруючыся, магчыма, кар'ернымі меркаваннямі, называе гэтую капліцу «архітэктурнай жамчужынай», дык цалкам мае рацыю Уладзімір Караткевіч, які ў сваім эсэ «Званы ў прадоннях азёр», змешчаным летась у № 12 «Маладосці», мянуе яе «змрочнай магільняй Паскевічаў». Яна не годная аніякага параўнання з бязлітасна падарваным у 30-х гадах прыгожым класічным касцёлам, што знаходзіўся насупрапь палаца i сабора, як i з драўлянай Ільінскай царквой, пабудаванай у 1793 годзе ды таксама блізкай у сваёй архітэктуры да Петрапаўлаўскага сабора.

Чароўная аздоба Гомеля - гэта ягоны стары парк, што прылягае да палаца i сабора ды заснаваны яшчэ ў 1780 годзе. У гэтым парку, на плошчы каля 25 гектараў, расце больш за сто гатункаў розных дрэў, a паміж ix гэткія, на Беларусі незвычайныя, як вэйсмутавая хвоя, коркавае дрэва, пірамідальны дуб, галіністы клён, плаклівы ясень, маньчжурскі арэх ды іншыя. Дрэвы перамежваюцца з фантанамІ, статуямі, аранжарэямі i гротамі. Праз глыбокі роў, па якім цячэ ручай Гомі, што падзяляе падобны да батанічнага заказніка парк на дзве часткІ, перакінуты ажурны вісючы мост. I над паркам пануе высокая вежа, а з ейнай 40-метровай вышыні увесь горад выглядае, бы на далоні.

Не ў прыклад сталічнаму Менску, тутэйшыя архітэктары, працуючы над генеральным планам рэканструкцыі Гомеля, не выкасавалі ягоных старадаўніх помнікаў, а наадварот, улучылі ў яго, абраўшы ix за адпраўны пункт для пабудовы ўсяго плана. I з вежы відаць, як адноўленыя па вайне шырокія праспекты з новым i будынкамі прамянямі разыходзяцца ў розныя бакі ад архітэктурнага класічнага ансамбля - палаца i сабора. Туды да магутнага «Гомсельмашу», слаўнага на ўсю Еўропу сваімі камбайнамі, да шматлікіх заводаў i фабрык, да галосных чыгунак i прыстані. I неяк не адразу даеш веры самому сабе, калі бачыш, як унізе паблізу вежы, у цудоўным утульным ставе, плаваюць казачныя лебедзі, якія здаўна аблюбавалі прыгажуна Гомеля.

ГІНЕ Ў БРУДЗЕ БЕЛАРУСКІ КІЦЕЖ (Жыткавічы)

Нельга ўявіць сабе Беларусь без азёраў. Хто не ведае пачатку «Возера» Максіма Багдановіча:

У чарцы цёмнай і глыбокай

Плешча, пеніцца віно;

Хмелем светлым i холодным

Калыхаецца яно.

Прыгожа таксама прыгадаў азёры Міхась Машара:

У сініх балот ёсць крыніца,

Там семдзесят восем азёр,

Там пробуе ноч утапіцца

Дажджом ападаючых зор.

Сапраўды, Панямонне налічвае каля 1000 азёраў, a ў Наддзвінні ix больш за дзве з палавінай тысячы. Паміж ix найперш успамінаецца Нарач, што абрысам сваіх берагоў падобная на карце краіны да сэрца, потым апяяныя Адамам Міцкевічам Свіцязь, а Янам Баршчэўскім Няшчорда, i нарэшце перла Палесся - возера Князь, перайначанае цяпер на Чырвонае.

Вялізнае за даўнімі часамі возера Князь знайшло адбітак яшчэ ў «Мельпамене» Герадота, а таму i на першых картах яно адзначанае, як Герадотава мора. Ягоная цяперашняя сціплая прастора, што ўсяго сто год таму была ўдвая большай, працягнулася на 12 кіламетраў удаўжкі i на 5 ушыркі пры найбольшай глыбіні ў 5 метраў, займаючы плошчу каля 43 квадратных кіламетраў. У далёкай мінуўшчыне возера належала князём Алелькавічам-Слуцкім, у XVII ст. перайшло да Радзівілаў, a ў XVIII ст. да Вітгенштэйнаў.

Уплывае ў возера Князь толькі рэчка Яма, абкружаюць яго вялікія балоты - Камар-Мох, Булава ды іншыя, здаўна з'явіліся на ім вёскі - Пухавічы, Дзякавічы, Ляхавічы i Князь-возера, тубыльцы якіх займаліся галоўна рыбацтвам. А рыбы тут, пераважна плоткі, шчупакоў, акунёў, ляшчоў, карасёў, яршоў, або па-тутэйшаму аджгіроў, было больш, чымся ва ўсіх вакольных азёрах, i паказальна, што ў XIX стагоддзі кошт гадавога ўлову яе вызначаўся ў 10 тысяч рублёў. Чарот, трысцё, урэчнік i белыя гарлачыкі атуляюць вакол возера, але асабліва вылучаецца дзівосная азалея пантыйская з ейнымі духмянымі яскраважоўтымі кветкамі.

I ці дзіва, калі прысвяціў народ свайму возеру Князь шмат паданняў, прычым, аднак, не абышлося, на жаль, i без таннай падробкі. Да 30-годдзя БССР кампазітар В. Залатароў стварыў на лібрэта В. Вайнонгена i М. Клімковіча балет «Князь-возера», у аснову якога пакладзенае быццам бы народнае паданне. Паводле дзеі ў гэтым лібрэта князь-прыгнятальнік упорыста дамагаецца кахання вясковай дзяўчыны Надзейкі, што застаецца адданай свайму ўлюбёнцу бедняку Васілю. Тады князь выкрадае Надзейку, a Васіля загадвае ўтапіць у балоце, аднак Васільуздымае паўстанне сялян, i тыя топяць князя ў возеры, якое таму дастае назоў - Князь. Хоць гэты твор i як бы аднаўляе стары назоў возера, але ж атрымала возера свой назоў з іншай прычыны, хай сабе й менш, як той казаў, ідэалагічна вытрыманай.

Паводле пашыранага i сапраўды народнага падання, адзін з князёў АлеЛькавічаў-Слуцкіх зненавідзеў свайго брата i зняволіў яго ў пабудаваным пасярод возера замку. Навальніца ў часе паводкі разбурыла замак, i пад ягонымі руінамі загінуў закуты ў кайданы князь, а гэтае надало возеру імя. Возера Князь мела яшчэ назоў - Жыд. Як кажа іншае паданне, у замку на возеры жыла красу ня-габрэйка - улюбёнка аднаго з Радзівілаў, якой пагражала смерць як з боку абуранай сям'і Радзівілаў, гэтак i ейных сваякоў. Яе пасягнуў сумны лес згаданага князя Алелькавіча. Аднак ёсць i больш празаічнае тлумачэнне апошняга назову тым, што ў возеры пераважае гэтак званая кашэрная, ці з луской, рыба, якую рэлігія дазваляе ўжываць габрэям.

Хоць i ў першым i ў другім назовах няма нічога контррэвалюцыйнага, возера Князь было перайменаванае на Чырвонае. I як жа наіўна спрабуюць цяпер ускосным шляхам апраўдаць гэтае перайначанне аўтары кніжкі «Палескі блакнот», што выйшла летась (1969 г.) у выданні газеты «Голас Радзімы», калі пішуць: «1 ў гадзіну світання i ў гадзіну захаду сонца, калі яго касыя промні высвятляюць кожную кропельку воднай гладзі, зірніце на люстраную паверхню: яна сапраўды чырвоная. Чырвоным золатам ззяе возера».

Тым часам не толькі мясцовым, але i ўсім беларусам яшчэ са школьных падручнікаў вядома, што вада ў возеры Князь мае ад значнай колькасці глею шэра-буры колер, a ў часе навальніцы ад перамешвання ветрам робіцца i зусім чорнай, што зусім не пазбаўляе яго ўласцівай яму прывабнасці. Здаецца тады, што хоча прыхаваць яно ў цемры сваю таямніцу - палі i рэшткі муроў на дне.

Аднак цяпер возера канчае сваё існаванне аж ад Герадотавых часоў, i ў ім наогул знікае вада. Гэтак, П. Ратайка ў інтэрв'ю пад характэрным загалоўкам «Каб напіцца вадзіцы з чыстай крыніцы...», змешчаным ад 15 траўня 1969 года ў газеце «Літаратура i мастацтва», смуткуе:

«Узяць возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне. Вялізнае было возера, больш пяці тысяч гектараў. I рыба вадзілася, бралi да 70 кілаграмаў з гектара. Сёння ў Чырвоным рыбы амаль няма. Возера так абмялела, што не ўсюды праедзеш на лодцы - гразь. Прычына? Меліяратары спусцілі ваду».

I, між іншага, не заслугоўвае на пашану намеснік Міністра меліярацыі i воднай гаспадаркі БССР A. Бердзічавец, калі ў сваім інтэрв'ю тамжа, падчыркнуўшы спачатку, што ён гідраінжынэр, а таму больш за іншых разу меецца на гэтай справе, спаслаўся далей на прымаўку: «Лес рубаюць, трэскі ляцяць», i скончыў даволі прыўзнятым зваротам: «А цяпер для аматараў добрай шкваркі ды белай булкі (думаю, усе мы такія аматары): на асушаных землях Палесся запланавана арганізаваць 72 саўгасы». Даруйце, але пасля гэтага трэба ўсё ж уважліва сачыць інжынэра Бердзічаўца, бо гэтак ён i Белавежскую пушчу разам з зубрамі спаліць, каб пабудаваць на ейным абшары свінафермы i тым павялічыць здабычу кумпякоў.

Мы мусім захаваць для сваіх дзяцей i ўнукаў адказаную нам бацькамі i дзядамі непаўторную прыгажосць Беларусі. Побач з сучасным стварэннем штучных вадасховішчаў Любанскага i Салігорскага трэба аднавіць адвеку натуральнае возера Князь, звярнуўшы яму таксама ягоны гістарычны народны назоў.

Характэрна, што яшчэ пазалетась маскоўская «Литературная газета» паведаміла пра стварэнне ў РСФСР камісіі па ўсебаковым даследаванні вядомага возера Светлаяр, дзе на дне, як сцвярджае народ, знаходзіцца затоплены горад Кіцеж, якому кампазітар Рымскі-Корсакаў прысвяціў сваю знаную оперу. Таму хочацца думаць, што адпаведная камісія даследуе палі i рэшткі муроў на дне возера Князь, якія пацвярджаюць сабой народныя паданні. I хоць раней згаданаму бязроднаму меліяратару Бердзічаўцу вельмі не спадабалася патрыятычнае эсэ Уладзіміра Караткевіча «Званы ў прадоннях азёр», але адважваюся скончыць свой нарыс радкамі з гэтага цудоўнага твора:

Пад сіняй азёрнай вадой

Яны зберагаюць скарбы

За сябе i нас усіх.

А мы цягнем свой крыж штодзённы,

І мы забываем ix.

Але дзень настав, калі раптам

На світанні, нібыта праз сон,

З даляў блакітных мы чуем

Ціхі падводны звон.

Гербы гарадоў

Гербы гарадоў - гэта звычайна графічны сымбаль. У ix знаходзяць адбітак не толькі мінулае паасобнага горада i геаграфічнае знаходжанне яго, але i гісторыя краіны, галоўны занятак гараджан i тлумачэнне назову горада. Не дзіва таму, што гербы, якімі беларусы здаўна ганарыліся, надаваліся гарадам праз каралеўскія прывілеі i царскія рэскрыпты пасля папярэдняга даследавання іхных апрычонасцяў. Таму вельмі прыемна, што ў БССР, ідучы следам за Масквой, звярнулі нарэшце ўвагу i на гербы гарадоў. Гэтак, з нататкі М. Смірнова «У сімвалічных вобразах», прысвечанай новаму гербу Менска i змешчанай у часопісе «Беларусь» за травень 1967 года, мы дазналіся, што:

«Аўтараў праекта пад дэвізам "Радзіма" зацікавіў алегарычны вобраз на ранейшым гербе Менска - маладая жанчына з дзіцём на руках. На сваім накідзе яны пакінулі нават бірузовы фон герба 1591 г.»

Тым часам на тым самым гербе была не нейкая алегорыя, а патрон горада - абраз Менскай Багамаці, які напярэдадні вайны знаходзіўся на дрывотніку Менскага гістарычнага музею. I калі гэты старадаўні абраз, амыты слязьмі нашых дзядоў i прадзедаў, не можа знайсці адбітку на новым гербе Менска, дык усё ж i тая маладуха з дзіцём на руках, здымак з якое прыкладзены да нататкІ, як узор сучаснай інтэрпрэтацыі Багамаці, можа паслужыць хіба шыльдай для радзільнага дома, a толькі не для герба сталічнага Менска.

Мы далей разумеем, чаму ў новых гербах беларускіх гарадоў адкінуты колішні драпежны двухгаловы арол Расейскае імперыі, бо калі нават, хоць i зусім дарэмна, яго скінулі з адпаведных яму вежаў Крамля, дык без сумлеву ён зусім не пасуе да гербаў гарадоў Беларусі, а значыцца i Менска, куды трапіў у 1796 годзе на загад імператара Паўла. Затое ад усёй душы вітаем з'яўленне на гербах Полацка, Віцебска, Слуцка i Рэчыцы нашай слаўнай нацыянальнай эмблемы, пра якую ў сваім вядомым творы Максім Багдановіч узрушальна прыгадаў:

Усе лятуць i лятуць тыя конi,

Срэбнай збруяй далека грымяць.

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Пэўна ж, паэт меў на ўвазе гістарычнае Вялікае Княства Лiтоўскае, спадкаемцамі славы якога мы, беларусы. Дарма, каб давесці беспадстаўнасць гэтай спадчыны для нас, знаны фальсіфікатар гісторыі Беларусі Л. Абэцэдарскі ў сваёй плыткай кніжцы «У святле неабвержных фактаў» падае словы з Густынскага летапісу:

«Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: Рыцар збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня».

Памеры гутаркі не дазваляюць прывесці тут шмат прыкладаў, якія запярэчваюць гэты жалюгодны намер вульгарызатара адабраць у беларусаў іхную нацыянальную эмблему, i я абмяжуюся толькі да спасылкі на выдадзеную ў 1962 годзе Акадэміяй навук БССР манаграфію «Полацк», дзе на 19-й старонцы вы пабачыце здымак з пячаці Полацка, а на ёй Пагоню, звернутую ў сваім ваяўнічым руху насупраць геаграфічнага ўсходу. Паколькі пячатка гэтая датуецца 1330 годам, дык відавочна адсюль, што Віцень усяго толькі адкінуў ранейшую эмблему Літвы - мядзведзя, змяніўшы яе на больш адпаведны для Вялікага Княства Літоўскага герб Полацкага княства.

Аднак яшчэ больш здзіўляе тлумачальная ананімная нататка да новых гербаў Полацка, Віцебска, Слуцка i Рэчыцы, змешчаная ў газеце «Голас радзімы» за сяголетні кастрычнік, хоць з'яўленне яе тут не выпадковае, бо выдала кагадзе згаданую кніжыцу Абэцэдарскага тая ж самая газета. Паводле гэтай нататкі, Вітаўт быццам бы звярнуўся з просьбай аб дапамозе да расейцаў, якія пад кіраўніцтвам нейкага князя Юрыя Міласлаўскага быццам i забяспечылі перамогу над крыжакамі ў 1410 годзе пад Грунвальдам. Тым часам тагачасная Масква, Уладзімір i Суздаль не мелі да гэтай вялікай бітвы аніякага дачынення. Іншая справа, што ў ёй бралі ўдзел тры Смаленскія палкі, або харугвы, але Смаленск тады належаў да Вялікага Княства Літоўскага, а потым, што найгалоўнае, i тады i цяпер там жывуць беларусы, як пацвярджаюць у сваіх працах i сапраўдныя навукоўцы на чале з Яўхімам Карскім.

Характэрна, што пад Грунвальдам сцягі беларускіх харугваў, a ў тым ліку i Смаленскіх, аздабляла сабой Пагоня, тым часам як на сцягах харугваў літоўскіх у нацыянальным сэнсе былі гэтак званыя «Слупы Гэдыміна». I, нарэшце, навошта блытаць героя рамана расейскага другараднага пісьменніка Загоскіна «Юры Міласлаўскі, або расейцы ў 1612 г.» з героем Грунвальда Юр'ем князем МсціслаўскІм, унукам Альгерда i сынам Лунгвеня Сымона, князя Смаленскага?!

Можа ніхто лепш не высвятліў паходжанне Пагоні, чымся доктар Тамаш Грыб у сваім даследаванні, надрукаваным у 1935 годзе ў Празе ў беларускім часопісе «Іскры Скарыны». Дарэчы, гэта яго згадваў удзельнік Беларускага кангрэсу i выдатны наш паэт Міхась Чарот у радках:

Жывуць Шыла, Грыб, Мамонька,

Будзем жыць i мы,

падчыркваючы тым самым значэнне палітычнай эміграцыі для народа ў ягоным супраціве гвалтоўнай асіміляцыі. Тамаш Грыб грунтоўна давёў паходжанне Пагоні ад крывіцкага бога сонца Ярылы, якога нашыя далёкія прашчуры ўяўлялі сабе коннікам на белым кані, чым, між іншага, i тлумачыцца, што графічны знак на ейным шчыце вядомы ў літаратуры пад назовам «Ярылавага крыжа». I, як засведчыў годны пашаны i даверу Адам Ганоры Кіркор у 3-м томе «Живописной России», яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя дзяўчаты, у часе беларускага вясновага свята, прысвечанага Ярылу, абіралі паміж сябе найпрыгажэйшую, садзілі яе на белага каня, i яна сымбалізавала сабой таго бога іхных прашчураў, які пасля адбіўся на Пагоні.

Мы не сумляёмся ў тым, што ўсе беларускія патрыёты з радасцю сустрэлі адраджэнне на гербах нашых гарадоў нашай нацыянальнай эмблемы - Пагоні. Той славутай Пагоні, пра якую ў сваім патрыятычным вершы сучасны паэта Сяргей Панізнік, спярша згадваючы, што

Пэўна так імчэлі з далячынь

Коннікі ўздужэлае дзяржавы,

Ля Прыдзвіньня табуны іржалі,

Узрыхлялі сухадол іржавы Крывічы,

- канчае яго зусім у гістарычным аспекце слушным сцверджаннем:

Хамутоў не знаюць коні продкаў

На гербох прыдзвінскае зямлі.



[1] Насамрэч паўстанне падрыхтавала Віленскае праваслаўнае брацтва на грошы, якія яно атрымала з Масквы. Кіраваў паўстаннем віцебскі поп Сцяпан Пасьера. Тыя 95 паўстанцаў збеглі ў Масковію, а не да запарожскіх казакоў.

[2] Насамрэч - Віленская. Назву "Сувальская" вуліца мела толькі ў 1920-30-х гг.

[3] Насамрэч МАламажэйкаўская царква ўсё ж пабдавана на пачатку XVI ст.

[4] І Шымка Мацкавіч жыў ў XVI ст.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX