Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Беларускі рух моладзі на Гомельшчыне (1920-1926 гг.) 


Аўтар: Васілеўскі Юрка,
Дадана: 27-10-2016,
Крыніца: Васілеўскі Юрка. Беларускі рух моладзі на Гомельшчыне (1920-1926 гг.) // Спадчына №4-1996. С. 70-83.



Артыкул пададзены у аўтарскай рэдакцыі.

У часе уваходжаньня Гомельшчыны у склад РСФСР на правох губэрні нацыянальная ініцыятыва беларускае моладзі ва ўзаемадзеяньні з працэсам разьвіцьця беларускага школьніцтва выконвала у рэгіёне нацыянальна-вызвольную місію. У рэшце рэшт, беларускі рух на Гомельшчыне ў гэтых двох складніках быў тым важкім дадаткам да аргумэнтаў, якія істотна паўплывалі на рашэньне кіраўніцтва СССР аб перадачы Гомельшчыны з РСФСР у склад БССР. Ня будзе перабольшаньнем лічыць гомельскі рэгіянальны беларускі рух найважнейшым (хоць i невырашальным) чыньнікам узбуйненьня тэрыторыі савецкае Беларусі. Этапы, ідэі, пэрсоны i пазыцыі беларускага працэсу ў Гомельскай губэрні РСФСР дагэтуль мала вывучаныя. Асабліва гэта датычыць руху беларускай моладзі, аб'ём выяўленых дакумэнтаў якога пакуль не дазваляе поўна i глыбака распрацаваць яго гісторыю. Гэты артыкул мае на мэце акрэсьліць асноўныя тычкі працы Гомельскага, Рагачоўскага i Навазыбкаўскага гурткоў студэнтаў-беларусаў ва ўзаемадачыненьні іхнае працы з працэсам разьвіцьця беларускага школьніцтва.

Гомель - губэрскі цэнтар беларускага руху

Адміністрацыйны цэнтар Гомельскай губэрні РСФСР у 1920-1921гг. ня меў разьвітае традыцыі беларускага нацыянальнага руху. Пачынаючы ад 1921г., штогод павялічвалася роля Гомля як цэнтру беларускага руху ў губэрні. Працэс арганізацыі беларускіх адраджэнцкіх колаў у губэрні распачаўся абвесткай у адным з нумароў газэты "Полесская правда" з запрашэньнем беларусаў зьявіцца на сход 2 мая 1921г. у гомельскі клюб РКП(б). Каля 20 прысутных пастанавілі пачаць у губэрні нацыянальную культурна-асьветную працу сярод беларускага насельніцтва. На сходзе пераважалі вучні Гомельскага пэдагагічнага тэхнікуму (ГПТ) i настаўнікі гарадзкіх вучэльняў. Сход пастанавіў заснаваць Беларускую сэкцыю пры Гомельскім губэрскім аддзеле народнае адукацыі як адмысловую ўстанову дзеля стварэньня беларускіх нацыянальных школаў i культурна-асьветных установаў па ўсёй губэрні.

Ад пачатку арганізацыі i на ўсіх этапах разьвіцьця функцыянаваньню беларускай культурна-адукацыйнай сыстэмы ў губэрні перашкаджала варожая пазыцыя партыйна-савецкага апарату ўсіх узроўняў. У гэтым супрацьстаяньні беларускі адраджэнцкі рух Гомельшчыны абапіраўся на падтрымку дзяржаўных органаў БССР i адказных за асьвету нацыянальных меншасьцяў на тэрыторыі РСФСР інстытуцыяў Народнага камісарыяту асьветы РСФСР. Зарганізаваная пры Гомельскім губана Белсэкцыя сталася галоўным органам беларускага школьніцтва i руху на тэрыторыі губэрні. Усе значныя суполкі беларускае моладзі ўзгаднялі свае дзеяньні i кантактавалі з гэтым органам.

Яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця губэрскае Белсэкцыі, 4 лістапада 1921г. група вучняў Гомельскага пэдтэхнікуму правяла агульны сход беларускага гуртка. Быў зацьверджаны нутраны падзел гуртка на літаратурна-мастацкую, гістарычную i геаграфічную сэкцыі, у рамках якіх павінны былі тры разы на тыдзень адбывацца пазаклясныя заняткі. Гурткоўцы запрасілі весьці заняткі лектараў Міхайлава, Людкоўскага i ведамага беларускага навукоўца Ісака Сербава па гісторыі i геаграфіі, Яўгена Руткоўскагапа літаратуры. Юнакі пастанавілі прасіць Гомельскую павятовую Белсэкцыю i Губпрафасьветы дапамагчы набыць падручнікі па беларусазнаўстве i гісторыі беларускае літаратуры. Сход гуртка прыняў рэзалюцыю: "Просить соответствующие органы народного образования об учреждении кафедры белоруссоведения при педтехникуме". Прэзыдыюм гуртка быў зацьверджаны ў наступным складзе: Лашкевіч, Ф.Валынец, Язерскі, Мяфодыеў, Баравіцкі. Мяфодыеў быў абраны старшынём, сакратаром - Язерскі. Рэзалюцыя сходу запабегла прынятую летам 1922г. пастанову Галоўпрафадукацыі (Главпрофобр) ЛКА РСФСР аб абавязковым выкладаньні беларускае мовы, гісторыі i геаграфіі ва ўсіх пэдтэхнікумах у межах этнаграфічнае Беларусі. У 1922/23г. у Гомельскім тэхнікуме лекцыі беларусазнаўства хоць i былі ўведзеныя ў праграму, але адбываліся нерэгулярна i трымаліся выключна на энтузіязьме некаторых выкладчыкаў. Станам рэчаў не задаволіўся гомельскі беларускі актыў, бо нерзгулярны i павярхоўны курс не вырашаў праблемы дэфіцыту настаўнікаў у беларускім школьніцтве. Белсэкцыя Губана разам з вучнямі тэхнікуму з ліку гурткоўцаў ва ўсіх кампэтэнтных інстанцыях уздымалі пытаньне пра выкананьнё тзхнікумам дырэктываў цэнтру.

У першых часох існаваньня сэкцыі гуртковы рух кіраваўся пераважна ўласнымі ідэямі i праграмамі. Зрэшты, беларускі актыў пачатку 20-х гг. на Гомельшчыне ўяўляў сабой збольшага юнацкае асяродзьдзе, унутры якога ўзаемадачыненьні не былі фармалізаваныя. У 1922-1923 гг., напрыклад, загадчыкамі сэкцыі працавалі зусім маладыя людзі Піліп Масайлаў, Сьцяпан Грамьіка ды іншыя, якія адзін за адным выяжджалі на вучобу ў БССР і перадавалі сваю пасаду прыяцелям. Белсэкцыя i беларускі гурток пры ГПТ распачалі працу па вывучэньні сытуацыі ў паветах i воласьцях ды ўліку культурных адраджэнцкіх сілаў. Гэты пэрыяд нефармалізаваных узаемадачыненьняў пакінуў па сабе надта мала дакумэнтаў. Напрыклад, вядома пра паездку маладога настаўніка Міхася Каршукова ў красавіку 1922г. у Буда-Кашалёў з мэтай усталяваньня кантакту зь беларускім гуртком пры мясцовым лясным тэхнікуме. Адзін з дакумзнтаў гэтак схарактарызаваў стыхію пачатку 20-х гг.: "Было шмат гурткоў, аб якіх ня ведала Бел. сэкцыя i толькі выпадкова даведвалася аб ix існаваньні, часта пасьля таго як яны зачыняліся". Праўдападобна, паўплываў на аб'яднаньне беларускіх суполак i паасобных дзеячоў губэрні прыезд у горад у красавіку 1923г. народнага камісара асьветы БССР У.М.Ігнатоўскага, які выступіў зь лекцыяй у губэрскім саюзе працаўнікоў асьветы i перадаў беларускія кнігі ў фонд пэдагагічнай бібліятэкі. Кансалідацыя дзеяньняў гурткоў і Белсэкцыі адбылася толькі ў 1923/24 нав. г. Асаблівая заслуга ў пераадоленьні стыхійнасьці Беларускага руху ў Гомлі належыць загадчыку губэрскай Белсэкцыі Пракопу Шчарбінскаму, які быў накіраваны на гэтую пасаду з Менску прыкладна летам 1923г.

У сувязі з выездамі па выправах Белсэкцыі Губана на вучобу ў ВНУ БССР i РСФСР, пэрсанальны склад беларускага гуртка вучняў Гомельскага тэхнікуму пэрманэнтна абнаўляўся, чым тлумачацца перапынкі ў працы i пэрыяды пасіўнасьці.

Агульны сход абноўленага складу гуртка беларускай моладзі адбыўся ў Гомелі 17 студзеня 1923г. Сход зацьвердзіў новы склад у колькасьці 15 хлопцаў. Старшынём прэзыдыюму быў абраны Іван Бандарэнка, сакратаром Аляксей Сарокін. Якаў Баравіцкі быў прызначаны загадчыкам бібліятэкі. У 1923/24 нав. г. гурток складаўся пераважна з вучняў першага курсу. Паводле вучнёўскіх анкетаў зь ліку 41 першакурсьніка было 28 беларусаў,

У 1924/25 нав. г. кіраўніцтва тэхнікуму зацьвердзіла курс беларусазнаўства ў аб'ёме 14 гадзінаў клясных заняткаў i 4 гадзінаў гуртковых заняткаў у тыдзень. Затрымкі аплаты працы выкладчыкам праз увесь год зрывалі чытаньне курсу. Накіраваны НКА БССР з Мазыра ў ГПТ, выкладчык М.Н.Крукоўскі даводзіў неабходнасьць павелічэньня колькасьці гадзінаў. Ненармальны стан выкладаньня беларусазнаўства ў тэхнікуме залежаў ня толькі ад кіраўніцтва тэхнікуму, але ад нежаданьня Гомельскага губана i губвыканкаму ўключаць фінансаваньне курсу ў пляны выдаткаў на асьвету нацменшасьцяў за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Кіраўнікі Гомельшчыньі намагаліся перакласьці ўвесь аб'ём фінансаваньня беларускага школьніцтва i культуры выключна на цэнтральны бюджэт НКА РСФСР. Дыскутуючы па пытаньні фінансаваньня, кіраўніцтва Губана i Губвыканкаму наогул адхіляла патрэбу беларускага школьніцтва i асьветы.

15 студзеня 1925г. мэтадычная парада ГПТ разгледзела пытаньне выкладаньня курсу беларусазнаўства ў тэхнікуме i прызнала ўводзіны курсу ў агульны навучальны плян ''принципиально желательным". Прадстаўнік Белсэкцыі Губана В.Сьмігельскі выказваўся за адаптацыю навучальных праграмаў тэхнікуму да плянаў сэкцыі па разьвіцьці беларускай школьнай справы на Гомельшчыне. Ка яго думку, сытуацыя ў тэхнікуме - наяўны гурток беларусазнаўства i беларускі ў 75 - 76% кантынгэнт студэнтаў - спрыяла паглыбленьню беларусізацыі навучаньня. З ацэнкай кантынгэнту не згаджалася прысутная А.Біруковіч: "Лічба 75% сумніцельная, наўрад ці набярэцца 50% тых, хто можа гаварыць па-беларуску". Аднак прапанова павялічыць курс да 24 4-6 гадзінаў у 1924/25 нав.г. мала што не была зацьверджана, але й курс быў скарочаны да 142 гадзінаў. Дарэчы, вынікі анкетаваньня выпускнікоў 1925г. адлюстравалі малую прыдатнасьць большасьці да беларускай школьнай працы. Толькі нямногія вучні станоўча адказалі на пытаньні пра здольнасьць выкладаць па-беларуску i браць удзел у беларусізацыі школьніцтва. Агульны курс беларусазнаўства пры пахібнай пастаноўцы выкладаньня ў надта малой ступені выконваў функцыю сталага росту беларускіх настаўніцкіх кадраў у губэрні. Найбольш надзейны ў нацыянальным сэнсе элемэнт у сьценах Гомельскага пэдтэхнікуму выхоўваў беларускі гурток. Становішча курсу беларусазнаўства ў тэхнікуме праз увесь час заставалася хісткае. У кастрычніку 1925г. паводле загаду загадчыка выкладаньне беларусазнаўства ў тэхнікуме ізноў спынілася з прычыны нібы непаступленьня грошай ад НКА РСФСР.

Пачынаючы з 1925г., беларускі гурток студэнтаў ГПТ актыўна ангажуецца ў літаратурны рух. Ці то сапраўднае зацікаўленьне, а мо намеры літаратурнае прапаганды спанукнула гурткоўцаў заснаваць у красавіку 1925г. Го­мельскую філію літаратурнага аб'яднаньня "Маладняк". У ліпені таго ж году па дапамогу ў арганізацыі працы з Менску ў Гомель прыяжджаў ведамы літаратар А.Вольны. Філію ўзначаліў старшыня беларускага гуртка М.Грашчанка. Сябрамі філіі стал i Якуб Драйчук, Марк Карпачоў, Іван Лапаценка, Аляксей Сарокін, Хведар Чарнавусаў, Мікалай Шавэка, Лашкевіч, Салдаценка, лектар беларусазнаўства М.Крукоўскі, беларускі інспэктар Губана Лапіцкі, загадчык нядаўна створанай Белсэкцыі пры Губкаме РКП(б) П.Шчарбінскі i загадчык Белсэкцыі Губана В.Сьмігельскі. Філія абапіралася на "сучасныя дзейныя сілы на беларускай глебе" культурна-асьветныя гурткі, камсамольскія ячэйкі i піянэрскія атрады.

Аднак культурныя захады дзеячоў беларускага руху i гуртка моладзі разьбіваліся аб антыбеларускі чыноўніцкі мур. Супольнымі намаганьнямі беларусаў, гэбраяў ды іншых нерасейскіх культурнікаў напачатку 1925г. у газэце "Полесская правда" першы i, як аказалася, апошні раз пабачыла сьвет старонка "Нацмен". Белсэкцыям Губана i Губкаму РКП(б) было адмоўлена ў месцы на старонках "Полесской правды" i "Новой деревни". Ня могучы стрымаць поступу беларускага адраджэньня, губэрскія кіраўнікі асабліва зацята намагаліся лякалізаваць яго па-за межамі гораду. 17 красавіка 1926г. адказны службовец Гальмшток выказаўся адносна плянаваных гастроляў менскага Беларускага дзяржаўнага тэатру ў Гомлі: "белорусскому театру не следует приезжать в город. Бело­русского театра для города не надо". Загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзелу Губкаму РКП(б) Гантман адмаўляў патрэбу беларускай старонкі ў мясцовых газэтах: "Полесская правда" городская газета, и потому в ней не нужна белорусская страничка". Рэдактар газэты даводзіў: "помещение в "Полесской правде" белорусской странички вредно и совсем нецелесообразно ни с чем". 18 красавіка 1926г. П.Шчарбінскі занатаваў: "Когда приезжали из Минска молодняковцы и ставили вечер, никто из партийных верхов не поинтересовался вечером. Поручили мне это дело. Делай как знаешь. Из солидарности никто не зашел". Не удалося арганізаваць беларускія перадачы па гарадзкім радыё. На гэты конт выказаўся працаўнік Губкаму РКП(б): "Вы, может быть, еще на татарском вздумаете передавать, не умничайте пожа­луйста". Усе беларускія культурныя імпрэзы агульнагарадзкога узроўню сустракалі адкрытае i прыхаванае супрацьдзеяньне.

Літаратурныя творы М.Карпачова, М.Шавэкі, Б.Казлова ды іншых "маладнякоўцаў" Гомельшчыны друкаваліся у насьценнай газэце у пэдтэхнікуме ды ў пэрыёдыках БССР.

На працягу 1925г. беларускі гурток працаваў у сьценах тэхнікуму i сярод чырвонаармейцаў-беларусаў сапёрнага эскадрону. Падрыхтаваныя гуртком беларускія спэктаклі ставіліся гэтаксама ў іншых вайсковых частках гораду, на летніх настаўніцкіх курсах. Спэктакль для "шырокай работніцкай масы" быў пастаўлены ў губэрскім партыйным клюбе. Вясной 1925г. беларускі гурток на чале з М.Грашчанкам i Белсэкцыяй Губана афармлялі ў тэхнікуме беларускі чырвоны куток з прапагандысцкай літаратурай. Гурток дапамагаў фармаваць беларускі фонд пры бібліятэцы Дуянаўскай хаты-чытальні.

Тым часам творчы асяродак маладых ураджэнцаў Гомельскае губэрні разьвіваўся ў Менску. Пасланцы Белсэкцыі Гомельскага губана на вучобу ў Белдзяржуніверсітэт i Белдзяржінстытут сельскай i лясной гаспадаркі ў 1924г. у Менску заснавалі навуковы гурток па вывучэньні Гомельшчыны, які працаваў да 1925г. уключна. Фактычна гэта была рэалізацыя часткі заданьняў Белсэкцыі па абуджэньні ў губэрні краязнаўчага руху. Паводле выразаў карыфэя беларускага краязнаўства Міколы Касьпяровіча гурток працаваў у "вельмі цяжкіх умовах" дасягнуў пэўных вынікаў у зьбіральніцкай працы i меў вялікае выхаваўчае значэньне". Навуковец падкрэсьліваў важкую ролю гуртка ў фармаваньні нацыянальнай краязнаўчай навукі БССР. Сярод іншых вылучаўся гэтаксама нацыянальнай асьпірацыяй, працаваў выключна па-беларуску. Ведамыя толькі паасобныя публікацыі ягоных сяброў, як, напрыклад, артьікул М.Каршукова "Пахаваньне стралы" (Наш край. 1926. №21.)

Гомельскі партыйна-савецкі i камсамольскі апарат падтрымліваў сярод ураджэнцаў губэрні - студэнтаў-стыпэндыятаў ВНУ Масквы, Ленінграда, Смаленска ды іншых гарадоў сувязь з сваім краем. Губкамы РКП(6) i РЛКСМ заахвочвалі студэнтаў у Менску, Горы-Горках, Смаленску, Ленінградзе, Маскве ствараць гэтак званыя гомельскія студэнцкія зямляцтвы. "Зямляцкая" ідэя падтрымлівалася высылкай мясцовай літаратуры, сустрэчамі з губэрскімі кіраўнікамі, запрашэньнямі на практыку ў губэрню i стыпэндыяльнай падтрымкай. Ідэя "мясцовага патрыятызму", якая была вызначальнай для ўсіх, апрача Менскага, зямляцтваў, давала мізэрны культурна-асьветны i грамадзкі вынік, не стымулявала зацікаўленасьці якімі-кольвек аспэктамі жыцьця губэрні. Магчымасьць атрыманьня грошай была для іхных сяброў адзіным стымулам яднаньня. Выключэньнем сталася Гомельскае студэнцкае (ці, прынамсі, ягоная частка) зямляцтва ў Менску, прынцыпам яднаньня якога, апрача матар'яльнага, была ідэя беларускасьці Гомельшчыны. Многія студэнты, накіраваныя на вучобу па рэкамэндацыях Белсэкцыі, былі ягонымі сябрамі, прыкладам: І.Чмыхаў, Сьнежка, С.Юркевіч, М.Астраносаў, колішні загадчык Белсэкцыі П.Масайлаў. Зямляцтва ў Менску займалася беларускай культурна-асьветнай дзейнасьцю, у ягоных нетрах нарадзіўся згаданы навуковы гурток па вывучэньні Гомельшчыны. Ведама гэтаксама пра тэатральную працу зямляцтва. У 1924г. у Белдзяржунівэрсытэце сябры зямляцтва ставілі беларускую п'есу "Дурныя пастыры". У 1925г. Гомельскае зямляцтва студэнтаў менскіх ВНУ шэфствавала над беларускай школай у пасёлку Яроміна, што блізу Гомля. Дарэчы, настаўнічаў у гэтай школе ўраджэнец Клінцоўскага навету i выпускнік менскага Белпэдтэхнікуму Янка Цімашэнка. Накіраваныя Белсэкцыяй на вучобу ў Маскву, Ленінград i Смаленск юнакі i дзяўчаты звычайна далучаліся да тамтэйшых беларускіх студэнцкіх зямляцтваў, а не да гомельскіх рэгіянальных.

Для БДУ ў параўнаньні зь іншымі раёнамі беларускага этнічнага ўсходу РСФСР найбольшы працэнт студэнтаў давала Гомельшчына. Падобнае зьявішча тлумачыцца ня толькі поўным забесьпячэньнем Гомельскай Белсэкцыяй выдзеленых ёй квотаў на камандыраваньне, але й цягай юнацтва губэрні ў вучэльні БССР. Гэтая цяга, на думку Праўленьня БДУ, "была адным з фактараў, выяўляўшых неабходнасьць пашырэньня БССР i падгатаўляўшых яго", бо пад уплывам культурнае атмасфэры ўнівэрсытэту i рэспублікі адбывалася эвалюцыя сьвядомасьці студэнтаў з усходу. "Моладзь з уласьцівым ёй чуцьцём разабралася ў абкружаючых яе абставінах i адразу-жа выявіла свае сымпатыі. Гэтая самая моладзь не магла прымірыцца з тым, што часьці краю аддзелены агдна ад другой i, не зважаючы на розныя перашкоды, імкнулася да Менску, як да нацыянальна-культурнага цэнтру Беларусі",

Навуковы гурток па вывучэньні Гомельшчыны стаўся гэтаксама наўпроставым злучнікам паміж краязнаўцамі Гомельшчыны i Інстытутам беларускай культуры (ІБК). Супольнымі намаганьнямі гуртка, ІБК i беларускага руху на Гомельшчыне з 1925г. распачаўся збор матар'ялаў да слоўніка жывой беларускай мовы. Для гомельскіх карэспандэнтаў ІБК усьведамленьне каштоўнасьці нацыянальнае культуры было галоўным матывам працы. Актыўны карэспандэнт-зьбіральнік зь вёскі Целяшы Гомельскага павету Сяргей Салдаценка разам з дасыланым у 1926г. пясьнёвым матар'ялам у Інстытут беларускай культуры сфармуляваў гэты матыў фразай: "Я застаюся маленькім працаўніком Гомельскай Беларусі".

З 1925г. з уласнае ініцыятывы ў беларускую культурную працу ангажаваліся камсамольскія ячэйкі i піянэрскія атрады. "Комсомольцы приходят и заявляют" - інфармавалі пра падобную зьяву дакумэнты. Белсэкцыя пры Губкаме РКП(б) высунула сустрэчную ініцыятыву заснаваньня Белсэкцыі пры губэрскім камітэце РКСМ. Бюро Губкаму РЛКСМ 9 чэрвеня 1925г. пастанавіла стварыць Белсэкцыю i прызначыць ейным загадчыкам "одного из комсомольцев общего педагоги­ческого техникума", Паводле дамовы паміж Белсэкцыяй Губкаму РКП(б) i ЦК ЛКСМБ 15 жніўня 1925г. з Менску для кіраваньня сэкцыяй у Гомель прыехаў Сяргей Анісаў (пазьнейшы ведамы заходнебеларускі рэвалюцыянэр). Неўзабаве тры вясковыя камсамольскія ячэйкі пастанавілі перавесьці працу на беларускую мову ды яшчэ ў сямі вялася падрыхтоўка. Тым часам завастрылася пытаньне матар'яльнай забясьпечанасьці камсамольскай Белсэкцыі. 18 верасьня адпаведныя інстанцыі зацьвердзілі ды 3 кастрычніка занесьлі ў бюджэт Губкаму РЛКСМ суму ў памеры 70 руб. на аплату працы кіраўніка сэкцыі, але ў той жа дзень ізноў выкрасьлілі яе зь бюджэту. Немагчымасьць пражыцьця ў Гомлі вымусіла С.Анісава пакінуць пасаду ды выехаць з гораду. Ягоныя абавязкі на грамадзкіх умовах пераняў П.Шчарбінскі. Апрача вырашэньня пытаньня камсамольскае Белсэкцыі заставалася праблема падбору кандыдата на пасаду кіраўніка, бо кандыдат, апрача досьведу беларускае працы, мусіў адпавядаць пэўным партыйным i камсамольскім крытэрыям i атрымаць зацьвярджэньне ў Менску i ў Гомлі. Тым часам нават у БССР адчуваўся дэфіцыт падобнага кшталту дзеячоў. Па кандыдата П.Шчарбінскі пісьмова зьвяртаўся да сакратара ЦК ЛКСМБ А.Самахвалава: "Выдзелі, братко, больш-менш добрага хлапца, а то тут ня вельмі спрыяючая ўмова".

Інтрыгі вакол сэкцыі, аднак, у цэлым не гамавалі пашырэньня камсамольскага беларускага руху. Інспэктар Гомельскага павятовага аддзелу адукацыі Дуброўскі пісаў у справаздачы за 1925/26 нав.г.: "Более чутко к белорусской работе отно­сятся комсомольцы. За целый истекший год не наблюдалось ни одного случая, где бы комсомолец прямо или косвенно тормозил эту работу. Наоборот, некоторые ячейки ВЛКСМ сами свою работу переводят на родной язык (Аннаполье, Залужье...). Кроме того, во многих местах комсомольцы совместно с учителями ставят спектакли на белорусском языке (Мотневичи, Радеево, Залесье и т.д), а белорусская "Марсельеза" стала любимой песнею всей организованной молодежи Гомельского уезда".

Камсамольскае асяродзьдзе Гомля, аднак, не было адназначна ўхвальнае да беларускае працы. Прыкладна ўвосені 1925г. камсамольская ячэйка пэдтэхнікуму выключыла з сваіх шэрагаў кіраўніка беларускага гуртка М.Грашчанку за беларускую дзейнасьць. Пакуль, аднак, акалічнасьці гэтай справы ня высьветленыя. З Гомля ён выехаў у БССР, у Полацак.

Той жа восеньню перад беларускім рухам узьніклі паважныя перашкоды. Бюро Губкаму РКП(б) 9 кастрычніка прыняло неафіцыйнае рашэньне: "Мы не будем стремиться к созданию белорусских уездов, но это фиксировать не будем".

Адсутнасьць кіраўніцтва з цэнтру не змарнавала нацыянальнага імпэту камсамольцаў. Напачатку 1926г. разнастайньія формы беларускае працы вяліся ў 11 ячэйках Гомельскага i Рэчыцкага паветаў. Узьніклі камсамольскія гурткі па вывучэньні гісторыі i культуры Беларусі. Белсэкцыя Губкаму партыі намагалася адбясьпечваць ячэйкі газэтай "Савецкая Беларусь", часопісам "Маладняк" ды інш. літаратурай. Цікава, што ў студзені 1926г. некаторыя ўдзельнікі Гомельскае i Клінцоўскае павятовых канфэрэнцыяў РЛКСМ крытыкавалі павятовыя камітэты за няўвагу да беларускае працы.

Урэшце, пасаду кіраўніка камсамольскае сэкцыі заступіў менскі пасланец А.Палонскі. За кароткі час ягонай працы ўвесну 1926г. толькі ў Гомельскім павеце з 9 камсамольскіх ячэек i 9 піянэратрадаў адпаведна ў 8 ячэйках у той ці іншай ступені культывавалася беларуская культурная дзейнасьць. Камсамольцы вёскі Анапольле Чачэрскае воласьці сабралі беларускі хор з 35 юнакоў i дзяўчат, в|эіступы якога зьмянялі на лепшае адносіны старэйшых вяскоўцаў да беларусізацыі школьніцтва. Камсамольцы i піянэры ставілі беларускія спэктаклі для сялянства i школьнікаў. У адным газэтным допісе А.Палонскі адзначыў імкненьне сялянскіх хлапчукоў па-беларуску пісаць літаратурныя творы i жаданьне ўсталяваць сувязі з Гомельскай філіяй "Маладняка". У Чачэрскай воласьці было 6 гэткіх юнакоў. "Калі пісаць па-беларуску, дык знаходзіцца неяк больш слоў", - сказаў адзін зь ix. Юнацкая дзейнасьць ускосна стымулявала настаўніцтва школаў, якія паводле плянаў не падлягалі беларусізацыі, да ініцыятывы пераводу выкладаньня на беларускую мову. У павеце тым часам ужо працавалі 11 беларускіх школаў. На думку А.Палонскага, камсамольска-піянэрскую працу стрымлівалі брак беларускае літаратуры i "ў меншай меры, няспрыяючыя адносіны да гэтай працы 3 боку так званага чыноўніцтва, прасякнутага старымі настроямі".

Беларускі камсамольскі цэнтар працаваў нядоўга. Загадчык Белсэкцыі Губкаму РКП(б) П.Шчарбінскі лістом ад 24 чэрвеня 1926г. інфармаваў афіцыйны Менск: "Калі прыехаў тав. Палонскі i заняў пасаду сэкратара (загадчыка) Белсэкцыяй губкомола тады зроблена пастанова, каб не форсіровать беларускую работу сярод моладзі (не форсіраваць, трэба разумець, - не правадзіць зусім)". Вылучаныя на аплату камсамольскай беларускай працы грошы былі скарыстаныя на іншыя патрэбы. Сэкцыя ізноў засталася без кіраўніка. Беларускаму актыву на працягу 1926г. не ўдалося ані аднавіць працу губэрскай камсамольскай сэкцыі, ані арганізаваць у Гомлі падрыхтоўку кіраўнікоў беларускіх піянэратрадаў.

Узор беларусізацыі дэманстравала Анапольская ячэйка РЛКСМ. Прыклад Анапольля перанялі ячэйкі РЛКСМ вёсак Рэчкі i Покаць Сьвяцілавіцкае воласьці: Захарпольская, Палеская i Мотневіцкая ячэйкі Чачэрскае воласьці; Навадзятлавіцкая ячэйка Дзятлавіцкае воласьці; ячэйкі вёсак Старое сяло, Закружжа, Прасна Веткаўскае воласьці ды іншыя. Беларускія піянэрскія атрады ўзьніклі ў Чачэрскай, Сьвяцілавіцкай, Веткаўскай, Дзятлавіцкай, Горвальскай, Васілевіцкай i Хойніцкай (Бабчын) валасьцях. Атрады атрымлівалі менскія часопісы "Беларускі піянэр" i "Малады араты".

Пачынаючы з 1925г., белсэкцыі Губана i Губкаму РКП(б) у адпаведнасьці з дырэктывамі НКА РСФСР ставілі пытаньне аб поўнай беларусізацыі Гомельскага пэдтэхнікуму, вырашэньне якога, аднак, патанала ў дэмагогіі губэрскіх кіраўнікоў i на розных ступенях бюракратычнае ўлады. За пасярэдніцтвам белсэкцыяў паміж НКА РСФСР i гомельскім губэрскім кіраўніцтвам падрыхтоўка да поўнай беларусізацыі навучальнага працэсу тэхнікуму распачалася прыкладна ў сярэдзіне 1925/26 нав. г. Гэтай задачы збольшага адпавядаў i нацыянальны склад вучняў ГПТ:

Клясы

Бел

Гэбр.

Рас.

Укр.

Пал.

Інш.

Падрыхт.

6

44

425

-

-

4

І

19

110

33

3

2

-

ІІ

27

88

33

11

11

-

ІІІ

39

55

22

-

-

-

IV

37

66

11

-

-

-

Усяго:

128

333

334

4

3

4

У адным з травеньскіх 1926г. допісаў М.Карпачоў апавядаў пра рэакцыю студэнцтва ў адказ на намер поўнае беларусізацыі тэхнікуму: "шмат хто з студэнтаў не маглі згадзіцца з тым, што беларуская мова - родная мова. Няпрыхільна адносіліся студэнты да беларусізацыі. Нават даходзіла да таго, што на камсамольскай ячэйцы ставілі пытаньне не агітаваць супроць беларусізацыі тэхнікуму". Канфліктнасьць зьнікла ў працэсе засваеньня курсу: "Шмат хто з студэнтаў навучыліся гаварыць па-беларуску, цікавяцца беларускаю літаратураю i чытаюць беларускія кніжкі".

Кардынальная зьмена пазыцыяў уладаў выклікала, паводле П.Шчарбінскага, увесну 1926г. "неразбериху" ў пытаньні беларусізацыі. Напярэдадні "все дело шло в сторону белоруссизации, а потом стали бить отбой". Адмову кіраўнікоў ад папярэдняе згоды на беларусізацыю тэхнікуму загадчык Белсэкцыі Губкаму РКП(б) назваў "политической ошибкой и окончательным срывом". П.Шчарбінскага, бадай, упершыню падчас працы ў Гомлі ахапіла роспач. 12 траўня 1926г. ён напісаў у Гомельскі губкам партыі: "Если школ нет, как некоторые товарищи заявляли, если белорусских учителей не надо, то разрешите мне, как работнику Белсекции, уехать в распоряжение ЦК КП(б)Б". Заява не паўплывала на пазыцыю афіцыйнага Гомля. 19 траўня 1926г. прэзыдыюм Гомельскага губвыканкаму прызнаў немагчымай беларусізацыю Гомельскага пэдтэхнікуму i немагчымым стварэньне Беларускага пэдтэхнікуму на базе Бабчынскае школы.

Яшчэ больш катэгарычнымі да беларускага пытаньня былі рашэньні верасьнёвага 1926г. пленуму Гомельскага губкаму РКП(б), які, дарэчы, пастанавіў: "Не присоединять Гомельщины к Белоруссии". Канфлікт вакол тэхнікуму спавадаваў гомельскае губэрскае кіраўніцтва на іншыя антыбеларускія захады, якія, аднак, нагадвалі агонію ўлады напярэдадні далучэньня да БССР.

* * *

У студзені 1927г. студэнт БДУ Адамаў сказаў ад імя маладых ураджэнцаў Гомельшчыны ў прывітальнай прамове X зьезду КП(б)Б: "Нас тут ёсьць невялікая лічба. Гэта i зразумела. Да гэтага часу Гомельшчына абслугоўвалася Смаленскім унівэрсытэтам. Але мы былi тут усё-ж такі не гасьцямі, а калі i былі гасьцямі у Беларусі, то былі гасьцямі роднымі, блізкімі, бо мы таксама Беларусь".

1927-1928гг. сталіся для руху моладзі на Гомельшчыне пэрыядам рамантыкі беларускага адраджэньня.

Гурток вучняў Рагачоўскага пэдтэхнікуму

1 мая 1922г. калегія павятовага аддзелу адукацыі заслухала даклад загадчыка губэрскай Белсэкцыі П.Масайлава "Аб разьвіцьці беларускае працы ў Рагачоўскім павеце i пашырэньні беларускае літаратуры" i прыняла пасьля абмеркаваньня пастанову: 1) "Констатировать, что до настоящего времени тяготения к белорусскому языку не было и почвы для работы не создается", 2) "Прибывавшая белорусская литература распространялась по уезду, но спроса в ней не было и не ("создавалось" закрэсьлена у дакумэнце. - Ю.В.) читалась".

У пачатку лістапада 1923г. афіцыйна быў утвораны беларускі гурток студэнтаў Рагачоўскага пэдтэхнікуму зь ініцыятывы i пад кіраўніцтвам выкладчыка Янкі Мацьвяёнка. Ідэя гуртка пярэчыла пазыцыі павятовых органаў адукацыі, якія даводзілі адсутнасьць у павеце этнічнай базы для беларусізацыі. Лік беларусаў сярод вучняў тэхнікуму Я.Мацьвяёнак ацэньваў у больш як 85%. Вучні Рагачоўскага тэхнікуму, паводле выкладчыка, былі "беларусамі настолькі... закаранелымі, што нават вучні выпускное клясы ня досыць спрытна ўладаюць літаратурнай рускай мовай i ўважаюць за лепшае ва ўнутраным супольнічаньні ўжываць мясцовую гутарку беларускай мовы". Праца гуртка напачатку мела адукацыйны i краязнаўчы кірунак. Асноўным дапаможнікам для двух пазаклясных заняткаў на тыдзень па гісторыі Беларусі i беларускае літаратуры быў "Курс белоруссоведения" (Масква, 1918). У сьнежні гурткоўцы правялі экскурсію па эканамічнай геаграфі ў вёску Шчыбрын з мэтай збору зьвестак па сельскай гаспадарцы, песень i казак. Калі з Гомля з Губпрафасьветы ў тэхнікум паступіў загад увесьці ў навучальны плян з 1 студзеня 1924г. курс беларусазнаўства, менавіта гурток i ягоны кіраўнік сталіся базай для яго рэалізацыі. Да вясны 1924г. гурткоўцы прайшлі поўны курс беларускай граматыкі. На травень плянавалася экскурсія ў вёску Блізьняцы з мэтай вывучэньня эканамічнага стану i мясцовай гутаркі. Я.Мацьвяёнак наступным чынам ацэньваў скуткі працы: "Ясна, што й вялікіх дасягненьняў гурток ня меў, за тое ён заразіў у с ix слухачоў пэдтэхнікуму - сяброў гуртка здаровым, бязь цені й намяненьня на нацыянальны шовінізм, каханьнем да бацькаўшчыны i яе культуры".

9 студзеня 1924г. у газэце "Савецкая Беларусь" зьявіўся допіс Падарожнага пад назвай "Хто паможа?". Аўтар інфармаваў пра агульны сход беларускага гуртка студэнтаў пэдтэхнікуму, які адбыўся напярэдадні зімовых вакацыяў. "У Рагачоўскім пэдтэхнікуме, які носіць назву расейскага, узбудзіўся беларускі рух", - паведамляў аўтар. На сходзе з аглядам стану беларускага пытаньня ў сувязі з пашырэньнем БССР выступіла студэнтка С.М-ц. Задачу тэхнікумаўцаў яна бачыла ў вывучэньні беларускай мовы i літаратуры. Заклікала іншых навучэнцаў уступаць у склад гуртка. "Тыя межы, якія былі паміж расейскім тэхнікумам Рагачоўскім i беларускімі зьняты, i нам, як будучым працаўніком-пэдагогам, трэба станавіцца на правідловы пэдагагічны грунт, выхоўваць дзяцей у роднай мове, а тут без беларускае мовы не абыйсьціся.

Перашкоды зьніклі". Сход завяршыўся імправізаванай дэклямацыяй беларускіх вершаў у выкананьні С.М-ц, Акінчыца i Сьвятцова. "Агонь ёсьць, але няма добрага качагара, сьвядомага ў гэтай справе", - заўважыў аўтар, назваўшы чын студэнтаў "стыхіяй жыцьця", "парывам". Плён, на яго думку, мог быць пры правідловай арганізацыі, забясьпечанай i плянавай. "Рагачоўцы чакаюць дапамогі", - гучаў рэфрэн допісу.

Наогул насельніцтва павету досыць спакойна ўспрыняло факт далучэньня да БССР. Менскі наведвальнік Рагачоўскага павету заўважыў: "Моладзь зь якімсьці захапленьнем прыняла вестку аб пашырэньні Беларусі i ня толькі на вёсцы, але i ў горадзе. Усюды засноўваюцца беларускія гурткі.

Увесну 1924 году гурток аб'ядноўваў ужо большасьць вучняў тэхнікуму. Кіраваў гуртком па-ранейшаму Я.Мацьвяёнак. Гурткоўцы займаліся пастаноўкай беларускіх спэктакляў на сцэне гарадскога тэатру.

Гурток студэнтаў-беларусаў у Навазыбкаве

Гісторыю беларускага вучнёўскага гуртка ў Навазыбкаве раскрываюць успаміны ягонага ўдзельніка Міхала Карафы-Корбута. Усьведамленьне нацыянальнае ідэі для сяброў гуртка адбылося пад уплывам беларускай мастацкай літаратуры. Прыкладна ў 1922г. зь ініцыятывы ўраджэнца Петрыкаўскага раёну М.Карафы-Корбута ў Навазыбкаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме-злажыўся нефармальны зямляцкі гурток. Нацыянальная культурна-асьветная дзейнасьць вучняў-украінцаў у тэхнікуме паўплывала на самавыяўленьне беларусаў, Неўзабаве вучні-беларусы зьвязаліся з Белсэкцыяй Гомельскага губана. У 1923г. адбылося аб'яднаньне навазыбкаўскіх сельскагаспадарчага i пэдагагічнага тэхнікумаў у агульны політэхнічны.

26 лістапада 1923г. 12 студэнтаў Навазыбкаўскага палітэхнікуму афіцыйна заснавалі беларускі гурток. У пратаколе сходу запісана: "нам, учащимся-белоруссам, будущим агрономам и педагогам придется все свое внимание в будущем направить в деревню для культурного и экономического возрождения Западного края, население кото­рого преимущественно состоит из белоруссов". Дзеля працы вымагалася "всестороннее знание как экономического, так и народного быта, языка и истории Белорусского народа". Мэта гуртка: культурнае i эканамічнае адраджэньне Беларусі.

Пэрспэктыўны плян працы прадугледжваў арганізаваць заняткі гурткоўцаў па беларускай мове ў аб'ёме 6 гадзінаў на тыдзень пад кіраўніцтвам Мірона Гуцава. Студэнты зьвярнуліся да Гомельскай Белсэкцыі з просьбам забясьпечыць ix падручнікамі па мове, геаграфіі i гісторыі Беларусі, гісторыі літаратуры, творамі паэтаў i пісьменьнікаў, пэрыёдыкамі БССР. Сябрамі гуртка сталі Максім Бандарчук, Аляксей Трусаў, М.Карафа-Корбут, Даніла Здаравец, Нона Біруковіч, Іван Гуцаў, М.Гуцаў, Лосеў, Асмалоўскі, Аўдашэнка, Убожанка, Захарчанка, Клімчук, Акіншэвіч, Хадзькоў, Уладзімір Жабінскі, Аляксандар Газэнцвэй.

Заняткі па беларускай мове ішлі "даволі пасьпяхова". Студэнты прасілі ад сэкцыі краязнаўчай літаратуры. Іx цікавіла пытаньне пра магчымасьць паступаць у ВНУ БССР - "так как у нас есть члены кружка, которые желают изучить основа­тельно Белоруссию, как в культурно-экономическом, так в бытовом и естественно-историческом отношениях". 27 лютага гурткоўцы прасілі сэкцыю дапамагчы зьвязацца з Менскім інстытутам сельскай i лясной гаспадаркі альбо атрымаць навуковыя выданьні інстытуту.

З3 1924г. у Навазыбкаўскім павеце разьвівалася беларускае школьніцтва. М. Карафа-Корбут, аднак, не згадаў пра які-кольвек удзел гурткоўцаў у школьным працэсе.

Гурток, паводле ўспамінаў М.Карафы-Корбута, кантактаваў з чырвонаармейцамі, ладзіў беларускія культурныя імпрэзы для студэнтаў i пашыраў сярод ix літаратуру. Сярод сяброў гуртка бытавала думка аб узьяднаньні Гомельшчыны з БССР.

Паводле ўспамінаў, напачатку атмасфэра ў тэхнікуме ўвогуле была спрыяльная для беларускай працы. Пэўныя зьмены ў адносінах да яе адчуваліся з узрастаньнем уплываў камсамолу. Дарэчы, актывісты гуртка не былі сябрамі РЛКСМ, што часам выклікала засьцярогі да іхнае беларускае дзейнасьці. Адная газэтная інфармацыя паведамляла, што ў 1923г. пэўны час загадчыкам тэхнікуму працаваў беларус Таўкачоў, які быў "знаём зь беларускім рухам i культурай". Аднак з прычыны непартыйнасьці ў рух не ангажаваўся. Паводле газэты, "можа гэта ёсьць самая галоўная прычына".

М.Карафа-Корбут успамінае, што прыкладна з 1925г. гурткоўцы бралі ўдзел у зьбіраньні ў навакольлі Навазыбкава матар'ялаў да слоўніка жывое беларускае мовы. Сабраны матар'ял перадавалі ў Гомель. У ягонай памяці засталася канфіскацыя прыкладна ў 1926г. беларускае літаратуры з памяшканьня студэнцкага інтэрнату людзьмі ў вайсковай форме. Канфіската i пагрозы-папярэджаньні яе выканаўцаў стварылі адмоўны настрой сярод часткі вучняў-беларусаў. Канфіскату М.Карафа-Корбут лічыць зваротнай рэакцыяй на дэманстрацыю беларускае прысутнасьці на тэрыторыі РСФСР, да якое належала тады Гомельшчына.

Ня толькі гурток i школы падавалі ў Навазыбкаўшчыне беларускія нацыянальныя імпульсы. У нумары "Савецкае Беларусі" ад 10 студзеня 1924г. быў выдрукаваны артыкул "Сейце лубін на ўгнаеньне" пад подпісам "Падана Аграпяром", у якім апісвалася выстава Навазыбкаўскай сельскагаспадарчай досьледнай станцыі. Аўтар гзтаксама выказваў станцыі пажаданьне выпуску асьветнай літаратуры адмыслова для сялянства па-беларуску.

У кастрычніку 1925г. абсьледаваньне Навазыбкаўскага павету правёў загадчык Белсэкцыі Губана В.Сьмігельскі, які згадаў напісаную калектывам вучняў 3 курсу палітэхнікуму п'есу да дню ўраджаю. Мовай п'есы была мясцовая гутарка. "Если внести некоторые незначительные поправки, язык пьесы - чисто белорусский". Паводле М.Карафы-Корбута, п'есу напісаў ураджэнец Навазыбкаўскага павету Сянкевіч.

Навазыбкаўскаму павету, аднак, не наканавана было ўвайсьці Ў склад БССР. Беларуская школьная праца працягвалася Ў павеце да сярэдзіны 30-х гг.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX