Вярнуцца: Краязнаўства

Стары Гомель


Аўтар: Макушнікаў Алег,
Дадана: 09-11-2016,
Крыніца: Макушнікаў Алег. Стары Гомель // Спадчына №2-1997. С. 173-191.



Замак, места i ягоныя жыхары у XVI - XVIII стст.

Гомель у XVI - ХУП стст. жыў цяжкім лесам памежнага места Вялікага Княства Літоўскага, несучы адказную функцыю фарпосту на шляху непрыяцельскіх войскаў. У XVI ст. пад ягонымі мурамі ў ваколіцах ня раз зьбіраліся орды крымскіх татараў, у канцы XVI - сярэдзіне ХУП ст. ён цярпеў пад аблогамі казацка-сялянскіх харугваў i расейскіх палкоў. Нялёгкая доля моцна адбілася на жыцьці места i побыце жыхароў. Другім іхным клопатам, пасьля здабываньня хлеба надзённага, было ўмацаваньне i захаваньне абараназдольнасьці крэпасьці. Дбаньне пра абарону паглынала ўнутраныя сілы Гомля i воласьці, адбірала вялізныя матэрыяльныя рэсурсы i відочна запавольвала паступальнае разьвіцьцё гораду. У немалой ступені з-за гэтага аблічча Гомля ня вельмі зьмянялася на працягу стагодзьдзяў. Нават i напрыканцы XVIII ст. ён так i ня выйшаў з "сярэднявечнага стану", застаючыся малым напаўаграрным мястэчкам.

Насельніцтва Гомля шматкроць зьмяншалася ў ліхія ваенныя гады, пра: голад, пошасьці i пажары (гэтак было ў 1530-х, 1640 - 1660 гг.). Натуральны прырост гарадзкіх жыхароў быў невялікі, таму лік месьцічаў узнаўляўся пераважна за кошт перасяленцаў - зьбеглых сялянаў, зацікаўленых у "службе гаспадарскай" шляхцічаў, казацтва, а з канца XVII - пачатку XVIII ст. i расейскіх стараабрадцаў.

Дакладныя лічбавыя зьвесткі пра колькасьць гарадзкога насельніцтва ў розныя пэрыяды ягонае гісторыі адсутнічаюць. Аднак інвэнтар 1681 г. дазваляе зрабіць пэўныя падлікі. Згодна з гэтым дакумэнтам, у Гомлі мелася 165 гаспадарак-дамоў; Калі ўлічыць, што сярэднестатыстычная сям я на той час складалася з шасьці чалавек, то лік гаспадароў ды ix сямейнікаў будзе складаць блізу 1000 ча­лавек. Аднак агульная колькасьць месьцічаў, відаць, была трохі большаю i набліжалася да 1100 чалавек (у інвэнтары ня ўлічаныя сем'і, ня меўшыя юрыдычных правоў на ўдзелы гарадзкое зямлі, а таксама асобы, што жылі на зямлі сьвецкіх i духоўных фэўдалаў). Такім чынам, Гомель канца XVII ст. быў хутчэй ня местам, але мястэчкам (шэраг дасьледнікаў вызначае "ніжні парог" колькасьці гарадзкога насельніцтва для Вялікага Княства Літоўскага ў 1500 чалавек).

Разам з тым, дэмаграфічная сытуацыя канца XVII ст. наўрад ці будзе паказальнаю для XVI i пачатку XVII ст. Другая палова XVII ст. - гэта часы страшэнных разрухі i занядбаньня, прынесеных дваццацігадоваю смутаю (1648 - 1667). Вядома, што гарады Полацкага, Віцебскага i Мсьціслаўскага ваяводзтваў ВКЛ у гэты пэрыяд страцілі да паловы i болей сваіх дваровых гаспадарак i жыхарства. Гомель знаходзіўся ў асяродку баявых дзеяньняў, i таму ягоныя чалавечыя страты былі асабліва вялікія. Калі яны набліжаліся да максымальных, то лік гарадзкога насельніцтва напачатку XVII ст. можна пазначыць лічбаю ў некалькі тысячаў чалавек. Магчыма, столькі ж жыхароў Гомель меў i ў досыць спакойныя для сябе гады сярэдзіны XVI ст.

У XVIII ст. лік месьцічаў узрастаў надзвычай марудна. I хаця Паўночная вайна не закранула места наўпрост, яе наступствы адмоўна адбіліся i на эканоміцы, i на памерах насельніцтва. Вялікі ўрон Гомлю прычыніў i пажар 1737 г. У 1766 г. места налічвала толькі 206 дваровых гаспадарак.

На момант далучэньня да Расейскае імпэрыі (дакладней, паводле стану на 1773 - 1775 гг.) у Гомлі было 1889 жыхароў, улучна з 207 пасяленцамі, "неналежнымі да гэтага места", г. зн., ня меўшымі гарадзкіх правоў. У гомельскім прадмесьці Спасава Слабада, насельніцтва якой афіцыйна яшчэ не лічылася за гарадзкое, на тыя ж гады жыло 557 чалавек.Такім чынам, над канец XVIII ст. у межах "Вялікага Гомля" жыхарыла каля дзьвюх з паловаю тысячаў чалавек. У гэтую пару колькасьць месьцічаў узрастала за кошт прыхадняў зь іншых мясьцінаў Беларусі, дакуманты зьмяшчаюць багата згадак пра такіх людзей (Лабаноўскі - "мяшчанскі сын з Воршы", удава Матвеева - з Шклова, Кулачонак - з-пад Смаленску, Анацкі - "вёскі Любавін Чачэрскае парафіі" ды інш.).

Насельніцтва Гомля значка розьнілася паводле свайго маёмаснага i сацыяльнага паходжаньня. З асобных згадак пісьмовых дакумантаў ды аналёгіяў зь іншымі гарадамі ВКЛ XVI - XVIII стст. вынікае, што найвышэйшыя сацыяльныя прыступкі тут займала вузкае кола найбагацейшых месьцічаў - буйных купцоў, ліхвяроў, гарадзкіх урадоўцаў. Сьледам за імі ішла вялікая група "сярэдніх" людзей або "паспольства", якую складалі гандляры, рамесьнікі, прамыслоўцы ды інш. На доле разьмяшчаўся гарадзкі плебс, бедната - парабкі, згалелыя рамесьнікі, дэклясаваныя асобы. Дакумэнты зканца XVIII ст. узгадвалі дамы гомельскіх беднякоў ("хаты бяздворныя i безьзямельныя"), называлі парабкаў Хокава, Кісяля, наймітаў мяйсцовых гэбраяў - Васілеўскага, Тутуша, Пад'ячніка, Ляскоўскага, Пілчука. "Атрад" гомельскіх жабракоў у першай палове 1770-х гг. налічваў 25 чалавек.

Расслаеньне месьцічаў у больш раннія часы, у канцы XVII ст. можна прасачыць паводле колькасьці гарадзкое зямлі, што была ў іхняй маёмасьці (агароды, "валокі" i "моргі"). Найбуйнейшыя сялібы ў горадзе ў 1681 г. мелі мяшчане Васіль Сьвірыд, Іван Казелка, Павел ды Іван Лысыя, Нічыпар Дубіна, Яска Гаўрычонак, Федар Вітала, Лявон Янчонак, Багдан Саркалет, Кір'ян Балбос, Іван Міхаловіч, Ярох Рак ды некаторыя іншыя.

Месьцічы ўтваралі самую шматлікую гарадзкую грамаду-карпарацыю. Патрэба ў арганізацыі абароны сваіх правоў, надежным забясьпечаньні рамесьніцкае, гандлярскае, прамысловае чыннасьці спрыяла выпрацоўцы ў беларускіх гарадах i ў Гомлі, у прыватнасьці, традыцыяў мяйсцовага самаўраду. Правы асабістае свабоды месьцічаў (бо адразу ж за гарадзкімі мурамі шырылася бязьмежнае мора прыгону) магла надаць адно вышэйшая дзяржаўшая ўлада. Зацікаўленыя ў стабільным папаўненьні скарбніцы, вялікія князі літоўскія выдаюць местам дароўныя лісты на магдэбурскае права, паводле якога месьцічы вызваляюцца ад шэрагу фэўдальных павіннасьцяў, набываюць юрыдычна вызначаныя правы на заняткі рамяством i гандлем, наладжваньне кірмашоў, абіраньне органаў гарадзкога самаўраду - магістраты. Магістрат іграе ролю адміністрацыйнае ўлады (якая не пашыралася на валашчанаў, духоўных i сьвецкіх фэўдалаў, гэбрайскую грамаду i некаторыя іншыя катэгорыі насельніцтва), выконвае судова-паліцэйскія функцыі, наглядае за гандлем i зьбірае падаткі. Магістратам у вялікакняскіх местах кіруе войт, прызначаны вядікім князем зь ліку выдатных месьцічаў, радзей - абраны. У XIV - XVI стст. магдэбурскае права набываюць Берасьце, Полацак, Гародня, Наваградак, Магілёў, Ворша ды іншыя гарады, у XVII - XVIII стст. практыка падобных падараваньняў працягваецца.

Канкрэтныя формы i характар органаў гарадзкога самаўраду Гомля невядомыя, але ў тым, што яны існавалі, сумневу няма. 21 сакавіка 1560 г. кароль i вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падараваў месьцічам гарадзкую пячатку з выяваю крыжа i надпісам на лаціне "Герб места Гомля". Пячатка дазваляла гараджанам без умяшаньня пасярэднікаў (мяйсцовае вялікакняскае адміністрацыі i шляхты, што валодала ўласнымі пячаткамі) учыняць маёмасныя ды іншыя стасункі паміж сабою, зь вярхоўнаю ды мяйсцоваю ўладаю, жыхарамі іншых паселішчаў княства. Як мяркуе М.Ф.Сьпірыдонаў, які адшукаў у архіве тэкст гэтага каралеўскага прывілею на падараваньне пячаткі, гамяляне карысталіся ёю ажно да перадачы гораду імпэратрыцай Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму (1776). Пячатка з гербам сталася важкім сьведчаньнем прызнаньня вярхоўнаю ўладаю пэўных правоў гамялянаў на самакіраваньне.

Выява старажытнага гомельскага герба ня знойдзеная. А.К.Цітоў прапанаваў ягоную рэканструкцыю. На думку вучонага, выява крыжа сьведчыць, што ўладальнікі герба носьбіты хрысьціянскіх каштоўнасьцяў i здольныя ахвяраваць сабою дзеля ix. Колеравыя характарыстыкі гомельскага герба, верагодна, наступныя: крыж - белага колеру, што адпавядае колеру крыжа сьв. Георгія, поле чырвонае. Менавіта гэтыя колеры часта ўжываліся ў беларускай геральдыцы XVI ст.

На існаваньне ў Гомлі (як найменей, у канцы XVII ст.) адмысловага органу мяйсцовага самаўраду паказвае згадка ў Інвэнтары 1681 г. аб "мескім войце". Зрэшты, у 1773 - 1775 гг. гомельскія месьцічы ўжо вызначаліся расейскімі ўладамі як "мяшчане-земляробы бяз права магдэбурскага", што не выключае магчымасыді існаваньня гэткага права ў ранейшыя часы. Пэўную частку насельніцтва Гомля складалі "служылыя" людзі, утвараючы адмысловую саслоўную групу. Да яе належалі слугі старасьцінскае адміністрацыі, замкавыя гарматнікі, жаўнеры, казакі гомельскага гарнізону ды іншыя.

Прывілеяванае кола з асобаў фэўдальнага стану ўтваралі шляхта i сьвятарства, якія валодалі самымі вялікімі i лепшымі ўдзеламі гарадзкое зямлі, багатымі дамамі ды чэлядзьдзю. Шляхцічы карысталіся шырокімі правамі ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця, не былі падуладная гарадзкому суду i, у адрозьненьне ад мяшчанаў, не плацілі пазямельнага падатку. Правы фэўдалаў ахоўваліся заканадаўствам i вялікакняскімі прывілеямі. Шляхта ў Гомлі, як i па ўсёй Беларусі, адбывала сваю службу найперш вялікаму князю, што ўважалася i за ганаровы абавязак, i за прывілей.

Буйнымі ўчасткамі зямлі ў горадзе i вакол яго напрыканцы XVII ст. валодалі паны Міхал Кіцлажэўскі, Красоўскі, Ян Фашч, Руцкі, Самуэл Усыдіновіч, Левановічы, а таксама гомельскія цэрквы. Радзіны Левановічаў (Леановічаў), Усьціновічаў (Устыновічаў), Фашчоў (Хвашчоў, Фаштаў) - найстарэйшыя гомельскія шляхоцкія фаміліі, нашчадкі мяйсцовых баяраў XV - XVI стст., якія захавалі свае маёнткі ў горадзе i ваколіцах ажно да пачатку XX ст.

Левановічы вялі свой радавод ад баярына Левона Рыгоравіча Ваўка, каторы ў 1560 г. "держал листом господарским до воли и ласки господарское" ворныя землі i сенажаці каля сяла Азарычы i, на тых самых умовах, зямлю "при месте Гомельском". Згодна з прывілеем Жыгімонта Аўгуста ад 9 жніўня 1560 г. Левановічы атрымалі права на валоданьне двума дварамі ў самым Гомлі. Пад канец XVIII ст. зямельныя маёнткі Левановічаў меліся ў вёсках Высокая, Слабада Паташав Рагачоўскага, Азарычы, Кожанаўка, Сяроўка, Плутаўка Беліцкага паветаў.

Радавод Фашчоў ня менш старажытны, ён паходзіць, як найменей, ад баярына Яна Фашча, які ў 1560 г. "держал" ворыва, сенажаці, мядовыя борці ля вёсак Насовічы ды

(48KB) Помнік Юзафу Панятоўскаму у парку Паскевічаў (30-я гг. XIX ст., сульптар Б. Торвальдсэн). З Гісторыі помніка. Юзаф Панятоўскі (1763 - 1813), пляменьнік апошняга караля Рэчы Паспалітай, быў галоўнакамандуючым польскага войска, удзельнічаў у паўстаньні Касьцюшкі, потым быў маршалам напалеонаўскіх войскаў. Загінуў у 'бітве народаў' пад Ляйпцыгам у 1813 г. Яго сваякі Браніцкія замовілі помнік славутаму дацкаму скульптару Барталю Торвальдсэну. У 1829 г. помнік быў гатовы i перавезены ў сядзібу Браніцкіх пад Варшавай у скрынях, у разабраным стане. Але ў 1830 г. пачалося чарговае антырасейскае паўстаньне, i помнік так i застаўся нераспакаваны. Пасьля задушэньня паўстаньня царскімі войскамі пад кіраўніцтвам графа Паскевіча-Эрыванскага скрыні трапілі ў Модлінскую фартэцыю. Напачатку 40-х гг. ix знайшлі расейскія афщэры, што служылі ў фартэцыі, змантавалі i паставілі помнік. Мікалай I, наведаўшы Модлін, загадаў 'разбить и списать в лом' помнік, а з атрыманай бронзы нарабіць гузікйў для расейскіх салдатаў. Але Паскевіч выпрасіў помніку цара, а гузікі адліў уласным коштам. Граф паставіў помнік у сваім маёнтку ў Гомлі. Некалькі дзесяцігодзьдзяў скульптура работы Торвальдсэна была адной з атракцыяў Гомля. Пасьля рэвалюцыі i падзелу Беларусіў 1921 г. бальшавікі аддалі помнік палякам. У Варшаве ён прастаяў да Другой сусьветнай вайны. Гітлераўцы вывезьлі скульптуру ў Германію i там яе пераплавілі. У 1952 г. Капэнгаген падараваў Варшаве бронзавую копію помніка, i з тае пары яна ўпрыгожвае варшаўскі парк Лазенкі.

Юркавічы пад Гомлем. Новыя падараваньні Фашч атрымаў у Гомлі i ваколіцах у 1562 г. Правы на два двары ў Гомлі, згодна з прывілеем караля Аўгуста III ад 5 лістапада 1762 г., набыў Аляксандар Фашч. Да канца XVIII ст. зямельныя маёнткі Фашчоў пашырыліся i месьціліся у Дуравічах, Папоўцы, Пышноўцы Рагачоўскага i Галавінцах, Лукоўі, Губіне-Харапуцьці, Насовічах, Грабаўцы, Макоўі Беліцкага паветаў.

Беларусы складалі бальшыню насельнікаў гораду. Амаль усе прозьвішчы месьцічаў 1681 г. маюць "беларускае" гучаньне: Кутчонак, Філановіч, Шпак, Ячонак, Гаўрычонак, Леванёнак, Цыт, Жураўлёнак, Сідаронак, Барысёнак, Дайнэка, Вераценьнік, Гапанёнак. Мяйсцовае паходжаньне гэтых ды падобных прозьвішчаў пацьвярджаюць i найменьні жыхароў тагачасных гомельскіх вёсак: Клімовіч, Апанасёнак, Леванёнак, Гапанёнак, Мірановіч, Маланка, Кразіонак, Семянёнак ды іншыя. Цікава, што сярод гамялянаў канца XVII ст., як, зрэшты, i ў XVIII ст., не сустракаюцца прозьвішчы з коранем "гом-" (нібыта "ўласьцівыя" карэнным гамялянам, паводле некаторых краязнаўчых працаў). Прозьвішчы, найбольш распаўсюджаныя 300 гадоў таму - гэта Крычавец, Жыхар, Сьвірыдзёнак, Дубіна. Гамяляне называлі дзяцей пераважна Іванамі, Фёдарамі, Андрэямі, Лявонамі; частыя таксама імёны Яська, Аўфам, Васіль, Грышка, Яхім (Яўхім), Кузьма, Макcім, Нічыпар, Павел, Сямён, Цімох, Янка (Ян). Стагодзьдзе да гэтага (у 1560 г.) найбольш ужыванымі імёнамі гомельскіх валашчанаў былі Іван, Федар (Федзько), Васіль (Васько), Міхал (Мішко), Якаў, Стафан (Сьцяпан). Жаночыя імёны вядомыя меней. У Інвэнтары 1681 г. знаходзім Гасю i Рэгіну. У канцы XVIII ст. беларускія прозьвішчы таксама пераважаюць у асяродзьдзі гомельскіх мяшчанаў. На старонках дакумантаў 1770-х гг. знаходзім Жыхара, Крычаўца, Дубіну, Кудзіновіча, Аксаміта, Саркалета, Шалабаса, Мурашку, Зязюлю, Магілёўца, Кісяля, Алфяровіча, Грабара, Гарбача, Мамановіча ды іншых.

У XVI - XVIII стст. шэрагі гарадзкога насельніцтва "падсілкоўваліся" коштам выхадцаў з расейскіх земляў. Доля маскоўцаў была параўнача сьціплаю i вельмі няроўнаю ў розныя пэрыяды гісторыі. Найбольш спрыяльныя для перасяленцаў з Расеі былі першыя дзесяцігодзьдзі XVІ ст., калі места ўваходзіла ў склад маскоўскіх уладаньняў. У горадзе асядалі гандляры, рамесьнікі, зьбеглыя сяляне, стральцы-пішчальнікі, што служылі тут i заводзілі сем'і. Воляю лёсу рускіх людзей закідвала сюды i цягам XVII ст. У Інвэнтары 1681 г. трапляюцца адно паасобныя прозьвішчы "расейскага" гучаньня (Жыхараў ды інш.). Часьцей падобныя прозьвішчы можна сустрэць сярод жыхароў навакольных вёсак: Іван Дзедаў (Пакалюбічы), Сямён Агееў ды Павел Максімаў (Карма), Аляксей Герасімаў (Добруша), Іван Макараў (Раманавічы), Андрэй Іванаў, Іван Абакумаў (Прыбытковічы), Сава Карпаў (Азарчыцы) ды інш. Руская частка жыхарства папаўняецца ў XVIII ст. праз аселых у Гомлі (пераважна ў Спасавай Слабадзе) i ваколіцах маскоўцаў-старавераў, выхадцаў з Арлоўскае, Цьверскае, Ніжагародзкае, Калускае ды іншых расейскіх губэрняў. Гэтак, сярод насельнікаў Спасавай Слабады 1770-х гг. узгадваюцца Хатунцаў - "радзімаю з Калугі купецкі сын", Грыдзінаў - "радзімаю з горада Курска сяла Мерча гасударавае дварцовае воласьці", работніца Іванова зь Цьверы, Рушанінаў з Ржэвы, Афанасьеў - купецкі сын з Калугі, манахі з Ноўгарада, Малаяраслаўца, Каломны ды інш., а сярод месьцічаў - Пацкой - ураджэнец вёскі Белы Калодзезь пад Курскам, Тутуііі - "з горада Мяшчэўска вёскі Вярбінава пана Лулухіна".

Якія-кольвечы колькасныя падлікі суадносінаў беларускага i рускага насельніцтва ў месьце (пры несумненнай вялікай перавазе першага) немагчымыя з-за адсутнасьці найменшых сьведчаньняў гістарычных крыніцаў. Тое ж можна заўважыць i наконт выхадцаў з Украіны (Маларосіі). Няма сумневу, што яны жылі тут i ў XVI, i ў XVII стст. Аднак распазнаць украінцаў на падставе прыведзеных у крыніцах прозьвішчаў наўрад ці мажліва: перашкодаю гэтаму блізкасьць украінскіх ды беларускіх празваньняў. Больш пэўна можна сьцьвярджацв пра ўкраінскую "дыяспару" ў Гомлі пад канец XVIII ст. Гэтак, "Пагалоўны сьпіс" 1773 - 1775 гг. называе гамялянаў-перасяленцаў зь Седнева пад Чарнігавам, з Кіева, Белае Царквы ды іншых.

Перасяленцы з Польшчы актыўна засноўваюцца ў Гомлі з канца XVI ст., але асабліва прыкметнаю іхняя плыня робіцца стагодзьдзем пазьней. Зрэшты, у 1681 г. агульны лік палякаў i апалячаных беларусаў у месьце станавіў менш за адзін працэнт. Да ix належалі збольшага асобы шляхецкага стану (Кіцлажэўскія, Красоўскія, Плескія, Руцкія ды інш.). У першай палове 1770-х гг. жыхары места "каталіцкага закону" мелі 18 дамоў, дзе пражывала 67 шляхціцаў i каталіцкіх сьвятароў, або каля 3,5 працэнта ад агульнае колькасьці насельніцтва (Сяліцкія, Карповічы, Паплаўскія, Страчэўскія, Шалдзіноўскія, Ралніцкія, Язерскія, Завацкія, Раманоўскія ды інш.).

Найстарэйшую этнаканфэсійную групу гомельскага жыхарства ўтваралі гэбраі. Першыя вядомыя згадкі пра ix сягаюць сярэдзіны XVII ст.

Пасьля сечы, учыненае ў Месьце казакамі Мартына Нябабы (1649), рэшткі ацалелых гэбраяў зьбеглі як надалей зь ліхога краю. Так, з 165-ці дваровых гаспадарак Гомля ў 1681 г. гэбраям належала толькі дзьве (Кальмана ды Юды Кальмановіча).

Да 1770-х гг. гэбрайская грамада прыкметна павялічылася - ёй належала каля 70-ці гаспадарак (паводле іншых зьвестак - 60 двароў i 56 "бяздворных" хат), агульная ж колькасьць гэбраяў складала 596 чалавек, г.зн., каля 32 працэнтаў насельніцтва самога места, або каля 24 працэнтаў насельніцтва "Вялікага Гомля". Крыніцы з тых часоў узгадваюць Цолку Залмановіча - "паехаў у Польшчу для торгу", удаву Моўшаву з Лоева, Наўсевіча, Ляйбовіча, Абрамовіча ды іншых. Сярод гомельскіх гэбраяў меліся i буйныя (што трымалі парабкаў), i дробныя гандляры, рамесьнікі, галота, сьвятарства.

У адпаведнасьці з заканадаўствам Вялікага Княства Літоўскага гэбраі, што жылі ў беларускіх местах, утваралі асобную саслоўна-канфэсійную, а разам i мытную групу насельніцтва, правы каторай ахоўваў i выяўляў кагал (кегіла). Кагал - гэта грамада, адзінка сацыяльнае арганізацыі гэбрайства, у межах якое разьвівалася нацыянальная культур з моваю ідыш як сродкам зносін ды іўрытам - моваю адукацыі, справаваньня, юдэйскае рэлігіі. Кагал займаўся зьбіраньнем падаткаў, вырашаў грамадзкія i рэлігійныя справы гэбраяў. У 1770-х гг. духоўным ачольнікм гомельскага кагалу быў рабін (рабі) Давідовіч - найвышэйшы служка культу, судзьдзя да справаў веры i сямейнага жыцьця гэбраяў.

Дакумантальныя крыніцы дазваляюць нам уявіць у агульных рысах зьнешняе аблічча Гомля i характар яго забудовы ў XVI - XVIII стст. Гарадзкая тэрыторыя на той час абдымала вельмі нязначную частку цэнтру сучаснага гораду i займала прастору паміж ярамі Кіеўскі спуск i Гамяюк (зараз на ягоным дне знаходзіцца Лебядзінае возера, створанае ў XIX ст. князем І.Ф.Паскевічам). Зь іншых бакоў горад абмяжоўвала рэчышча Сажа i мяйсцовасьць, дзе сёньня пралягае вуліца Працоўная. На поўдні, захадзе i поўначы ўласна горад злучаўся з прадмесьцямі.

"Сэрца" Гомля станавіў добра ўмацаваны драўляны замак, перадгісторыя якога да XVI ст. ужо налічвала нямала вякоў. Яго ранейшым папярэднікам быў старажытны радзіміцкі град, пазьней - замак Гомій эпохі Кіеўскае Русі. Як i першапачатковыя гарадзішчанскія ўмацаваньні, пазьнейшая крэпасьць разьмяшчалася на мысе, утвораным высокімі карэннымі берагамі Сажа i Гамеюка (цяпер на гэтым мейсцы - будынак абласнога краязнаўчага музэю).

Гэтыя стромы, шчодра палітыя крывёю вояў i м:ірных людзей, "памятаюць" штурм места войскамі Радзівіла 1535 г., аблогу маскоўскіх стральцоў 1581-га, наезды казацка-сялянскіх атрадаў сярэдзіны XVII ст...

Умацаваньні замку XVI-XVІІІ стст. у выглядзе землянога вала абаранялі невялікую цытадэль плошчаю блізу паўтара гектара. Вакол валу падковаю цягнуўся шырокі роў шматметровае глыбіні. Па-над валам у XVI ст. (паводле выявы на карце таго часу) месьціліся высокія драўляныя сьцены з зубчастымі байніцамі для гарматнага бою, перакрытыя дахам. Уважаючы на будову іншых беларускіх замкаў, апірышча для сьценаў тут мог ствараць тын альбо ўдасканаленая канструкцыя - злучаныя разам дубовыя рубленыя клеці ў два ярусы, з баявою галерэяю для вояў - "бланкованьем". Менш абароненыя, а таксама кутнія Засткі замкавае сьцяны завяршаліся вежамі рознае вышыні. Найбольш адказнаю ў абароне замку была вежабрама з пад'ёмным мостам - "узводам". Сьцены i вежы тынкаваліся глінаю, што засьцерагала ix ад гніцьця, пажару i надавала самой крэпасьці зьнешняе падабенства з мураванай фартэцыяй. У замку меўся падземны ход, які вёў да Сажа i выкарыстоваўся ў часе варожае аблогі для таемных вылазак супраць непрыяцеля ды папаўненьня запасаў вады.

Замак неаднаразова гарэў i перабудоўваўся. У канцы XVII ст. яго абарончыя збудаваньні складаліся з драўлянае сьцяны - паляў (палісаду), г. зн., укапаных у два паралельныя рады тоўстых бярвеньняў, прастора між якімі шчыльна закладалася грунтам. Сьцены зьмяшчалі на сабе 11 двух'ярусных зрубаў-"ізьбіцаў", у якіх ніжні наверх падчас аблогі магло займаць насельніцтва з сваім скарбам, а верхні служыў памостам для вояў.

Пляцоўка за ўмацаваньнямі была занятая драўлянымі пабудовамі для адміністрацыйных, жыльлёвых, гаспадарчых ды культавых патрэбаў. Характар гэтых забудоваў паказваюць пісьмовыя крыніцы канца XVII ст. У цэнтры крэпасьці месьцілася багатая хароміна з шматлікімі пакоямі, кафлянымі печамі ды галерэямі. Гэты i другі, адбудаваны нанова, дом служылі за рэзыдэнцыю старастаў ды іншых урадоўцаў мяйсцовае адміністрацыі. У замку меліся "каморы" - памяшканьні для захоўваньня рознага скарбу, "ізбы" служак, склепы (у тым ліку вінны - "піўніца"), лядоўня, кухні, сьвірны, стайні, вінакурня-піваварня ("бровар"), лдзьня, іншыя пабудовы (таксама i двухпавярховыя), патрэбныя для абслугоўваньня гаспадароў замку i вайсковага гарнізону. У замак можна было трапіць толькі праз уезную браму, вароты якой умацоўваліся дужымі засовамі. Побач зьмяшчаўся астрог. Найбольш высотнаю пабудоваю ў замку была драўляная Мікалаеўская саборная царква.

Нягледзячы на розныя перабудовы i рэканструкцыі, асноўны комплекс замкавых будынкаў i ўмацаваньняў захаваўся i пазьней, ажно да канца XVIII ст., - часу пабудовы мураванага палаца П.А.Рзмянцава-Задунайскага. Пра гэта сьведчыць вопіс замку, "учынены" ў Гомлі ў сакавіку 1776 г. магілёўскім губэрскім сакратаром Львом Навінам-Гулевічам. Апошняе драўлянае будаўніцтва ў замку вялося ў 1737 г. З даручэньня старасты Міхаіла Фрыдэрыка Чартарыйскага, калі была закладзеная новая крэпасьць зь вежай, сьценамі, байніцамі, паглыбленыя равы i папраўлены пад'ёмны мост. Дарэшты ж замкавыя ўмацаваньні былі разабраныя i зрытыя паміж 1780 i 1785 гг.

У Гомёльскім замку заховаўся i ў разе патрэбы папаўняўся арсэнал ("муніцыя"). У XVI ст. у войску ВКЛ мелася разнастайная агняпальная i халодная зброя. Яе найпрасьцейшы ўзор - жалезны "кій" - трубка з адтулінаю ў казённай частцы для запальваньня пораху. У сярэдзіне XVI ст. кій быў заменены больш дасканалымі стрэльбамі - гакаўніцаю, ручніцаю i аркебузаю. Гакаўніца (пішчаль зацінная) мела буйны калібр, даўжыню да 1,8 м i вагу да 25 кг. Стрэлы зь яе рабілі вялікую аддачу, хаму ў крэпасьцях яе мацавалі на ўпорах з дапамогаю адмысловых гакаў. Для запальваньня парахавога зараду карысталіся існотавым замком. Гакаўніцы стралялі жалезнымі i алавянымі кулямі з дыямэтрам ад 2 да 3,3 см. Падобны ж замок мела i ручніца - лягчэйшая i зручнейшая стрэльба меншага калібру (пішчаль ручная). Аркебузы - стрэльбы гішпанскага паходжаньня - мелі калібры 12,5 i 18,5 мм (далечыня стрэлу каля 250 м) i часта рабіліся з больш дасканалымі колцавымі i ўдарна-крамянёвымі мэханізмамі.

Найзначнейшы сродак абароны замку складала артылерыйская зброя ("дела", "арматы"). Пасьля 1540 г. Гомель атрымліваў ix зь віленскае людвісарні. Большасьць гарматаў XVI ст. зараджалася з боку рулі, ядры былі каменньы, бронзавыя, жалезныя (у тьш ліку разрыўныя, запальныя, шрапнэль, карцеч, гранаты). Гарматы XVI ст. падзяляліся на даўгаствольныя (фэльдшлянга, фалькона, квартшлянга, фальканэт, сэрпантына), сярэдняствольныя (шарфмэта, картавуна, салавей) i для стральбы каменнымі кулямі. Вага ствала найбуйнейшых гарматаў дасягала 111 цэнтнэраў, а вага ядраў - 124 фунтаў. Найлягчэйшыя былі сэрпантыны, што мелі 2,5-цэнтнэравы ствол i паўфунтовыя жалезныя ядры. Ад хуткае страляніны ствол гарматы моцна распальваўся i мог трэснуць, таму пасьля разаграваньня яго да блакітнага напалу стрэлы спыняліся. Сэрпантыны маглі рабіць да 80-ці стрэлаў дзённа, а найбуйнейшыя гарматы - толькі да 20-ці.

У спакойны для Гомля 1681 г. арсэнал яго замку захоўваў усяго 5 гарматаў - 3 "дела" бронзавыя, 1 жалезнае "добрае" i 1 "дельце" жалезнае сапсаванае. Да ix меліся 23 жалезныя ядры. Апрача таго, тут было 6 гакаўніц, 11 мушкетаў, 3 гусарскія шаломы-шышакі. Асаблівы гатунак агняпальнае зброі станавілі 11 арганкаў (або арганаў). Арганак - шматствольная зброя, ствалы якое разьмяшчаліся гарызантальна ў некалькі ярусаў на адмысловьім варштаце. Гомельскія арганкі былі складзеныя з мушкетных ствалоў. Да ручное агняпальнае зброі ў арсэнале належалі 3394 алавяныя кулі, даволі пораху ды 5 вялікіх кавалкаў волава. Гэтае зброі было досыць, каб супрацьстаяць хеўрам ліхіх людзей, але падчас вайсковых дзеяў ва ўмовах вайны замкавы арсэнал мусіў мець куды больш паважны выгляд.

У сьвірнах крэпасьці захоўваліся i папаўняліся запасы ячменю, аўсу, жыта, пшаніцы, грэчкі. Гэтыя запасы стваралі каралеўскія падаткаплацельшчыкі i выкарыстаньне замкавых земляў. У 1681 г. замак меў колькі ворных земляў, сенажацяў, азёры i сажалкі Русалну, Сатан (сучасная назва - Сецін, каля Пакалюбічаў), Браню, Аўлукава, Бяседку, Чорнае (г. зн. Любенскае), Вузкае (блізу сёньняшняе Навабеліцы), Глушэц (ля Старых Дзятлавічаў), Казары (ля вусьця Цярухі), Дзеднава (Дзедна, ля рачнога порту) ды інш.

Да замкавае гаспадаркі належала 6 млыноў - на рацэ Мільчы, у вёсках Ваўковічы i Прыбытковічы, на Ўзе блізу Бабовічаў i дзьве - ля вёскі Юркавічы (цяпер Старыя Юркавічы ў Бранскай вобл.). Найстарэйшы млын блізу Бабовічаў узгадваўся яшчэ ў рэестры 1580 г. Гомельскія млыны былі вадзяныя i выкарыстоўваліся для розных патрэбаў: памолу збожжа, соладу, пілаваньня лесу i г. д. Млын меў досыць складаны мэханізм, які складаўся з рухавіка, перадатнага вузла i рабочай машыны. Млыновае кола прыводзілася ў рух дзякуючы адмысловай запрудзе, вада зь якой трапляла на кола паўз драўляныя жалабы.

Да замкавае гаспадаркі таксама належалі дзьве вадзяныя сукнавальні, на Вуці ў вёсцы Прыбытковічы i на Ўзе.

Немалую ролю ў гаспадарцы места ігралі заводы-гуты у Юркавічах (Старых) i Маркавічах, закладзеныя блізу буйных радовішчаў балотнае руды. Рудні XVI - XVII стст. складаліся з двух памяшканьняў. У першым разьмяшчаліся дзьве плавільныя печы для распальваньня руды i варкі крычнага жалеза. Да печаў падводзіліся мяхі, рухомыя вадзянымі коламі. Выраблены мэтал апрацоўваўся вялікімі i малымі молатамі. Другое памяшканьне - уласна кузьня, дзе ўжо каваліся разнастайныя прадметы.

Такім чынам, замкавая гаспадарка мела дужыя памеры i выходзіла далека па-за межы гарадзкіх муроў.

Калі замак быў "сэрцам" i "галавою" места, то ягоным "целам" i "рукамі" - самое места ці то горад. Места прымыкала да замка i, нібыта ланцугом, абдымалася дзьвюма лагчынамі прыроднага паходжаньня - Кіеўскім спускам i Гамеюком, эскарпаванымі ў сярэднявеччы сіламі вайсковых будаўнікоў i прыстасаванымі да патрэбаў места ў выглядзе абарончых равоў. Вярхоўі гэтых лагчынаў яшчэ ў XII - XIII стст. былі злучаныя штучным ровам (прыблізна ўздоўж трасы цяперашняе вул. Працоўнае). Апрача таго, уздоўж пэрымэтру места ішоў насыпаны вал з драўлянымі ўмацаваньнямі. Плошча места (у межах гарадзкіх сьценаў) складала ў XVI - XVIII стст. каля 10 га.

Дакумэнтальныя зьвесткі пра гарадзкія ўмацаваньні сягаюць 1561 г. Гомель быў абнесены валам, дзе стаялі драўляныя рубленыя сьцены. Уезд i выезд зьдзяйсьняўся праз вежы Чачэрскую, Магілёўскую, Рэчыцкую, а Водная вяла да гарадзкое прыстані. Праз роў каля праезных вежаў былi перакінутыя пад'ёмныя масты.

Апісаньні гарадзкіх умацаваньняў канца XVII ст. сьведчаць, што каля места ішоў "роў капаны", меліся тры драўляныя брамы (згаданыя Чачэрская i Рэчыцкая) з "варотамі, прабоямі, гакамі ды замкамі навеснымі". Увесь горад быў "наўкруг палямі абстаўлены дубовымі" i двух'яруснымі зрубамі-"ізьбіцамі". Стратэгічнае значэньне абарончыя збудаваньні гораду пачалі губляць напачатку XVIII ст. Пад канец стагодзьдзя яны ўжо не існавалі, а рэшткі рову былі зусім засыпаныя напачатку XIX ст.

У XVI - XVIII стст. горад меў радыяльна-паўкружную забудову i сялібава-вулічны плян. Галоўныя вуліцы - "стрэлы" (ix мелася 5) накшталт вееру разыходзіліся ад замку да наземнага абарончага пояса, дзе завяршаліся праезнымі ды "глухімі" вежамі. Гэтая прыкмета забудовы сягала вельмі даўніх часоў.

Найважнейшы ўчастак гораду - яго гандлёвая плошча, што зьмяшчалася на поўначы ад замку, адразу за мастом-"узводам" (цяпер тут паміж будынкаў абласнога музэю, Петрапаўлаўскага сабору ды капліцы-ўсыпальні гамоняць адвечныя дрэвы парку). Рынак займаў плошчу болей за пяць тысячаў квадратных мэтраў. Тут стаялі гандлёвыя рады ды склады для тавараў - драўляныя "каморы". У 1681 г. ix мелася 16; за права карыстаньня імі месьцічы плацілі ў гаспадарскі скарб 4 злотыя. На рынку было збудаванае i адмысловае памяшканьне для захоўваньня гіраў - эталёнаў вагі. Першая гіра была "перацягнутая жалезгіым прэнтам" i зьмяшчала "асмушку старую гомельскую ў гарнцаў дваццаць дзевяць", другая - мела "паўмеры" масы першае. Торг сьцераглі дзьве бажніцы на імя Божае Маці - праваслаўная, ля стромы Сажа, i каталіцкая.

За адну з найстаражытных вуліц, на якую можна было патрапіць, выйшаўшы з замкавае брамы i мінуўшы рынак, уважалася вуліца Чачэрская. Пачыналася яна недзе каля цяперашняе будовы Перапаўлаўскага сабору i заканчвалася менш чым праз 100 м Чачэрскаю брамаю сярод гарадзкіх умацаваньняў (ля таго мейсца, дзе сёньня пачатак вул. Савецкай). Па-за горадам вуліца рабілася шляхам, што вёў у бок каралеўскае Чачэрскае воласьці. У 1681 г. на Чачэрскай месьцілася ўсяго 15 гаспадарак, а таксама карчма ды шпіталь. Да прывілеяваных раёнаў места вуліца не належала.

Калі вярнуцца да замку i "прайсці" мэтраў з 30 уздоўж крапасное сьцяны, то можна трапіць на вуліцу Траецкую. Яна цягнулася амаль паралельна з Чачэрскаю i спынялася ля сістэмы гарадзкіх умацаваньняў на тым мейсцы, дзе сёньня сквер блізу будынку аблдрамтэатру. Пад канец XVII ст. Траецкая мела ня болей як паўтара дзясятка сялібаў, а таксама Траецкую царкву. Ад гэтае царквы, што стаяла амаль ля самых сьценаў замку, вуліца i займела сваю назву.

На наступнай вуліцы - Спасаўскай - таксама мелася аднайменная старажытная царква. Вуліца, што пачыналася царквою, цягнулася ад замку да мейсца сучаснае будовы драмтэатра. У 1681 г. на ёй было каля двух дзясяткаў двароў, а таксама касьцёл. Багатымі ўчасткамі зямлі тут валодаў пан Красоўскі.

"Рухаючыся" далей супраць стрэлкі гадзіньніка вакол замку, можна сустрэць вуліцу Карнілаўскую. Яна ішла ад цяперашняга палацу піянэраў да будынку вузла сувязі. Напрыканцы XVII ст. Карнілаўская была досыць вялікаю - тут стаяла 28 сялібаў, у тым ліку двары паноў Левановічаў, Міхянкевічаў, Плескіх, Руцкіх. Крыніцы з канца XVIII ст. гэтую вуліцу 50 ня ўзгадваюць, замест яе фігуруе Дэканаўская.

Самая шматлюдная вуліца XVI - XVIII стст. - Рэчыцкая. У 1681 г. на ёй было 40 дваровых маёнткаў. Кшталтам доўгае стралы цягнулася яна ўздоўж Гамеюка. Гэтую вуліцу да пэўнае ступені можна лічыць за гістарычную папярэдніцу былое Замкавае (праспэкту Леніна). Па-за межамі места яна вяла ў бок павятовага горада Рэчыцы.

Да ўласна гарадзкіх абшараў з поўдню, захаду i поўначы далучаліся прадмесьці, пазбаўленыя ўласных абарончых паясоў. Першыя прадмесьці засяляліся беднякамі, зьбеглымі сялянамі ды іншымі прыхаднямі, якім было не пад сілу набыць участкі гарадзкое зямлі, абароненае замкавымі мурамі. Да канца XVIII ст. прадмесьці пашырыліся i ўжо абымалі раёны сучасных вуліцаў Білецкага, Баўмана, Ланге, Сялянскае, Арцёма, Волатаўскае, Пушкіна, часткаю - Савецкае, Кірава, праспэкту Леніна, Інтэрнацыянальнае, Пралетарскае. У другой палове XVIII ст. па-за старымі ўмацаваньнямі замку існавалі вуліцы Застрожжа, Забрамская,

Рэчыцкае Падвальле ды іншыя. Усяго на пляне места 1799 г. ужо пазначаныя каля 16 вуліцаў i блізу дзясятка завулкаў.

Важную частку гарадзкое тапаграфічнае структуры станавіла рачная прыстань, якая месьцілася каля падножжа замку. Тут знаходзілася i паромная пераправа, узгаданая ў дакуманце сярэдзіны XVII ст.

Гісторыя вызначыла так, што з пача:ткам "рэгулярнае" забудовы места ў перш палове XIX ст. ягоны гістарычны цэнтар да непазнавальнасьці зьмяніўся. Карэнным чынам пераўтвараецца вулічная сетка, вядуцца грандыёзныя мураваныя работы. З пасадкаю цудоўнага парку назаўжды зьнікаюць вуліцы Траецкая, Спасаўская, Карнілаўская. Цяпер па-над трасамі гэтых старажытных артэрыяў гамоніць парк i ляжыць асфальт цэнтральнага пляцу. Чачэрскую напаткаў такі лёс. Яе асноўны ўчастак зьнік, а працяг набываў пазьней назвы Румянцаўскае i Савецкае. Ад трасы Рэчыцкае вуліцы, відаць, таксама застаўся невялікі, некалі загарадны ўчастак, які i ў наш час мае тую самую назву - вуліца Рэчыцкая.

Галоўны чыньнік забудовы места - гарадзкія сялібы. Мяшчанская сяліба займала пэўны ўчастак гарадзкога абшару ("пляц"), складалася з рубленага дома i гаспадарчых пабудоваў. Тут меліся сьвірны, у каго-некага - лазьні, хлявы, майстэрні, "шпіхлеры" (складзкія памяшканьні), вінакурні ды інш.

Дамы заможных месьцічаў i шляхты вылучаліся адметнаю архітэктураю, колькасьцю паверхаў, яны мелі цагляныя печы з комінамі, зашклёныя вокны.

Вялікі ўплыў на жыцьцё места рабілі заняткі ягоных насельнікаў. У XVI - XVIII стст. тут пашыраліся разнастайныя напрамкі кавальскае, сьлясарнае, збройнае, гарбарскае, шавецкае ды злотніцкае справы, ганчарнае вытвсчасьці, будаўніцтва, ткацтва, вырабу харчу. Маюцца зьвесткі пра разьвіцьцё ў Гомлі мяйсцовага вінакурства, вытворчасыді пораху. У дакумантах узгадваюцца млынары, рыбакі, гарматнікі, маляр абразоў, пісар, перавозчык, плытагоны ды інш. Прозьвішчы месьцічаў дазваляюць пазнаць род ix заняткаў: Швец, Кушнер, Рэзьнік, Цесла, Каваль, Катляр, Пушкар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX