Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Наваградак у першай палове XIX стагодзьдзя 


Аўтар: Паўловіч Эдвард,
Дадана: 30-10-2013,
Крыніца: Паўловіч Эдвард. Наваградак у першай палове XIX стагодзьдзя // Спадчына 1994. №6. С. 112-124.



Друкуецца паводле выдання: Адам Міцкевіч. «Да 100-годдзя з дня нараджэння» Вільня, 1899 г.

... Усё ж трэба з жалем зазначыць, што гэты старажытны горад, некалі сталіца даўняе Літвы, а пасля заняпаду краю - адзін з найважнейшых яго асяродкаў, зь бегам часу i воляю выпадкаў ня толькі страціў даўнія прыкметы сваёй вялікай мінуўшчыны, але, прыкра прызнаць гэта, заледзьве захаваў што-кольвечы з тых бліжэйшых да нас часоў, калі будучы майстар песьні i валадар духу меў у ім сваю сядзібу.

Але так - чаго ня зьнішчылі рука часу i рабаўнічыя войны, зьнішчыла абыякавасьць, уласьцівая апатыі або невуцтву, зьнішчылі частыя пажары, неўпарадкаванасьць, а сьледам за імі галеча i ўсеагульная нядоля. I адбылося тое, што здараецца часта: створанае чалавекам заняпала, а засталося створанае Богам, засталася цудоўная мясцовасьць, засталася прыгожая ваколіца, што, быццам тло мастацкае рэчы, утвараючы з горадам маляўнічае цэлае, атульвае зь любоўю сьціплыя рэшткі знакамітага калісьці гораду.

...Таму, хто едзе з боку Вільні, Горадні альбо Гарадзілаўкі, надзвычай пышным падаецца гэты стары горад Міндоўга. Ня варта i пярэчыць, што становішчам сваім Наваградак належыць да найпрыгажэйшых мясцовасьцяў у краі. Ужо зводдаля, калі з-за лесу паказваецца краявід, тваё вока ўражвае не сустраканая дагэтуль узвышанасьць мясьціны, што ўвенчваецца высокаю гарою, натапыранаю адвечнымі вежамі. Пасьля бачыш гмахі касьцёлаў, кляштараў, словам, цэлая стужка ўспамінаў паўстае перад табою. Вось зь імглістага сутоньня стагодзьдзяў выступаюць постаці каралёў, княжатаў, рыцарства. Манголы, татары, русіны, ліцьвіны, крыжакі, зь імі пажогі, забойствы, рабункі. Вось Эрдзівіл, князь літоўскі, па спусташэньні гэтае краіны манголамі ў 1241 г. уздымае горад з друзу. За ім выступае драматычная постаць Міндоўга; тут ён закладае сталіцу, прымае Сьв. хрышчэньне, карануецца. Далей ідуць: ягоны сын Войшалк, князь i манах; за ім Транята, забойца Міндоўга, неўзабаве забіты сам. А вось выступае Ягайла, бярэ тут шлюб з цудоўнай прыгажосьці Сонькай, князёўнай Гальшанскай. Далей стары Вітаўт раздае рыцарству дарункі па вяртаньні зь пераможнае выправы да Пскова. Нарэшце, менавіта тут адбываецца сабор епіскапаў усходняга абраду з мэтаю абраньня незалежнага ад Масквы патрыярха. Вось іхныя тытулы: Чарнігаўскі, Полацкі, Луцкі, Холмскі, Уладзімірскі, Галіцкі, Смаленскі, Чэрвеньскі i Тураўскі. Урэшце цішыня. Але вось новы напад татараў. Удалая абарона замка ваяводам Гаштольдам. Знаходжаньне тут каралёў, наданьне гораду прывілеяў. Рэлігійныя дыспуты. Соймікі, трыбуналы. Нарэшце 1812 год. Уваход французаў. Князь Юзаф Панятоўскі; павітаньне яго на горадзенскім тракце i г. д. Адным словам, ты бачыш тут увесь шэраг падзеяў, выпісаны на гэтых каменных картах, падзеяў, што ў параўнаньні з рэчаіснасьцю сёньня ўжо толькі да легендаў падобныя.

Гэткім падаецца Наваградак зводдаля. Прыгледзімся ж да яго зблізку.

Увайшоўшы ў горад, прыхадзень, гэта відавочна, кіруецца да месца, што засталося для Наваградка назаўжды адзіным, найтрывалейшым ягоным помнікам, - да Замкавай тары. Над ровам зь левага боку да паловы гэтага стагодзьдзя стаялі шырокія замкавыя флігелі, у якіх за часоў Статута Літоўскага былі судовыя канцылярыі, у перадапошніх жа перарабілі ix на гімназію. Перабраўшыся праз глыбокі роў, што аддзяляе гару ад гораду, прыхадзень падыходзіць да замка. з усяе будыніны i атачэньня ацалелі толькi дзьве вежы. Трэцяя абвалілася колькі дзясяткаў гадоў таму...

Блізка сарака гадоў назад пасярэдзіне замкавага двара стаялі муры напаўзруйнаванай грэка-ўніяцкай царквы, знанай як царква Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы, выбудаванай, праўдападобна, з замкавых руінаў у канцы XVIII стагодзьдзя, як гэта даводзіць яе рэнэсансавы стыль. У гэтай самай царкве знаходзіўся некалі ўзгаданы ў кнізе першай «Пана Тадэвуша» абраз Найсьв. Дзевы Марыі, які пазьней быў перанесены да базылянскае царквы, цяпер парафіяльнай, усходняга абраду. Зь ейнага матар'ялу, прададзенага габрэям, збудавалі гатэль на месцы даўняга заезду Жарскіх. Помніцца добра, што царкву аздабляла зграбная вежа i сьмелы кідок лукавінаў скляпеньня; усё гэта пабуджала да свавольстваў школьную моладзь, якая пакрыёма зьбягалася сюды ў адвазе на досьледы...

Далей, ля падножжа гары, на ўскрайку абарончых валоў i равоў, на акопіску, якое, паводле паданьня, было сьвятыняю Перуна, узносіцца фарны касьцёл. Гэта найстаражытнейшая сярод касьцёлаў рыма-каталіцкіх сьвятыня Наваградка; i хаця ў выніку заганных рэстаўрацыяў i пераробак яна не захоўвае характару вітаўтавай эпохі, калі была ўзьнесеная, аднак у асобных рысах пацьвярджае, што гэта твор сярэднявечча. Як парафіяльны, касьцёл абслугоўваўся сьвятарствам, якое мела сваю плябанію адразу за касьцёлам. Школьная дзятва мела ў ім сваё набажэнства аж датуль, пакуль не адабралі школаў у дамініканаў, ды іхны касьцёл, а ён стаяў у цэнтры гораду, не перайменавалі на парафіяльны i зачынілі старую фару.

Апрача шматлікіх успамінаў пра касьцёл, які ў часы Рэчы Паспалітай служыў месцам соймікавых паседжаньняў, ёсьць у бакавой капліцы рэч высокай гістарычнай вартасьці. Гэта надгробак Яна Рудаміны, кашталяна наваградзкага, аднаго з рыцараў Хоцімскай бітвы, пастаўлены на ўспамін аб палеглых у бітве 1621 г. таварышах.

Па колькіх стаях ад фары, налева ад дарогі, - узвышша, званае Міндоўгавай гарою. Да нядаўняга часу там быў парафіяльны цьвінтар з мураванаю капліцаю на гары. Далей за горадам, у кірунку вёскі Брацянкі, слаўнай выдатнаю вадою, якую спажывае горад, цягнуцца палі, пакрытыя зарасьнікам з высечак вынішчанага лесу. Гэта рэшткі (узгаданага ў кнізе чацьвертай «Пана Тадэвуша») «гаю Міндоўга пад фарным касьцёлам». Зьніклі дубы, засталіся адно густыя зарасьнікі, што хаваюць у сваім ценю прагістарычныя могільнікі даўніх тубыльцаў або косткі непрыяцельскіх палкоў, што паляглі тут у жорсткіх войнах...

Што да паўднёвага боку, то ён найменш маляўнічы з прычыны паступовага пад'ёму пагорыстай мясцовасьці. Ад канца Марулінскіх лясоў да прадмесьця, у якім налева ад уезду ляжыць узвышаны цьвінтар, направа - цалкам татарскі квартал. Трэба ведаць, што Наваградак, гэтак як i іншыя нашыя гарады й мястэчкі, мае значны лік татараў, ёсьць нават іхная мячэць.

Як вядома, гэта было насельніцтва, упрывілеяванае ад даўніх, яшчэ вітаўтавых, часоў, i нароўні з аселаю шляхтаю карысталася з вольнасьцяў, што рабілі яго незалежным, свабодным ад публічных павіннасьцяў. Нярэдка сустракаліся, як у Троцкім i Ашмянскім паветах, цэлыя вёскі татараў, а ў гарадох i мястэчках цэлыя вуліцы зь ix назовамі, Есьць сярод татараў нават заможныя земскія абываталі, што некалі валодалі падданымі. У прадмесьцях звычайна былі асобныя «татарскія» вуліцы. Татары пераважна абраблялі агароды, былі гарбарамі i фурманамі. Апошняя праца з прычыны тагачасных паштовых фармальнасьцяў прыносіла ім значную частку заробку, бо былі яны слынныя на Літве як людзі пачцівыя. «Паслаць па татара!» - азначала тое самае, што дзе-кольвечы паслаць на пошту па коней. У Наваградку добра ведалі старога Якубоўскага, Александровіча, Гэнбіцкага. Няраз здаралася, што бацькі, хочучы адклікаць дзяцей са школаў на сьвяты, падчас бездарожжа, пасылалі картку да аднаго зь ix, а той прывозіў іхных дзяцей дадому здаровымі, за колькі міляў ці дзясяткаў міляў, ахоўваючы i даглядаючы панічоў так, як бы таго лепей не зрабіў ix уласны бацька.

З часам, аднак, усё зьмянілася. Школьная навука, абмежаваная пераважна ўменьнем чытаць, пісаць i рахаваць, скіравала моладзь татарскую на іншыя шляхі. Паліцыйныя бюро, судоўніцтвы сёння рэкрутуюцца пераважна з татараў. Пэўна, праз гэтае дачыненьне да бюракратычнае стыхіі, адбылася вартая жалю зьмена ў характары i нораве некалі вядомага сваёй чэснасьцяй племя.

Аднак, агледзеўшы горад са зьнешняга боку, увойдзем ды паглядзім, якім ён быў напачатку гэтага стагодзьдзя. Шчасьлівая акалічнасьць дае нам у праваднікі мужа, словы якога маюць вагу ня толькі з-за яго паўсюднага прызнаньня, але i таму, што як дзіця наваградзкай зямлі, пражыў ён тут доўгія гады на пачэснай пасадзе; больш таго, навучаючыся ў наваградзкай школе, быў ён таварышам, i нават карэпэтытарам А. Міцкевіча.

Вось што распавядае нам сьв. пам. Мікадым Кярсноўскі незадоўга да сьмерці ў сваіх успамінах, дасланых Вандзе Шулякоўскай з Макрэцкіх.

... Ува мне абудзіліся ўспаміны пра шчасьлівую маю маладосьць i пра Наваградак, у якім i ў блізкіх яго ваколіцах я пражыў гадоў з сорак...

Ад часоў гаспадараньня ў Польшчы Ягелонаў аж да яе падзелу Наваградак быў горадам ваяводзкім; межы гэтага ваяводзтва пралягалі на ўсходзе па-за Нясьвіжам, Слуцкам i Глускам, а на захадзе яму належалі два паветы: Слонімскі i Ваўкавыскі. Першым ваяводам быў князь Іван Львовіч Глінскі, а апошнім - Юзаф Несялоўскі. У XVII ст., паводле хронікі Папроцкага, пасьля Валадковіча быў ваяводам Ян Кярсноўскі, спадчынны ўладальнік маёнткаў Ятра, Забердаў, Відзьма i трымальнік закладу на маёнткі Ляхавічы Масальскіх ды Зацярэўе Радзівілаў. Па яго роднай унучцы Вараноўскай бацька мой з братамі вярнулі сабе як спадкаберцы маёнтак Мілавіды, паводле трыбунальскага дэкрэту.

У тыя часы трыбуналам называўся найвышэйшы суд, што складаўся з трыбунальскага маршалка, 22 дэпутатаў i пісара, які меў тытул пісара В. Кн. Літоўскага. Апошнім быў Белапятровіч, некалі гаспадар Брацянкі.

Трыбунал літоўскі, устаноўлены Баторым у 1581 г. пастанавіў, каб гэтак званая вялікая кадэнцыя засядала што два гады на працягу 22 тыдняў папераменна ў Наваградку i Менску. Гэтыя трыбунальскія зьезды нязьмерна ўзвышалі горад, галоўным чынам таму, што тут перахоўваліся архівы зьмешчаныя ў замкавай вежы, званай верхняй. Трыбунал літоўскі меў 3 кадэнцыі: першую ў Вільні, другую ў Наваградку, трэцюю ў Менску адкуль павяртаў да Вільні. Пісары земскія, наваградзкі i менскі, выконвалі абавязак трыбунальскага пісара, які зь Вільні не выяжджаў. Памятаю, калі я быў пісарам земскім, у архіве знаходзіліся кнігі i розныя акты трыбунальскія, каторыя пазьней былі перададзеныя ў цэнтральны архіў у Вільні.

Многія абываталі мелі ў Наваградку прыгожа збудаваныя дамкі на свой прыезд, дзеля адукацыі дзяцей, на соймікі, слаўныя некалі кантракты куды прыбывалі касы нашых магнатаў: Радзівілаў (мелі свой палац насупраць касьцёда дамініканаў), Хадкевічаў, Сапегаў, Храптовічаў, Несялоўскіх i іншых. У тыя часы пры рахунках угіналіся сталы пад золатам i срэбрам, а папяровых грошай амаль не было; яны патрабаваліся толькі тады калі належала адсылаць вялікую суму праз пошту. Купцы з таварамі пры бывалі з розных бакоў, часам наведвалася кампанія актораў. Памятаю за блаславёнымі часамі імпэратара Аляксандра I у 1822 г. дасканалых артыстаў пад дырэкцыяй мужа i жонкі Крашэўскіх, якія з Алявінскімі ды іншымі акторамі забаўлялі наваградзкую публіку ад восені праз цэлую зіму да траўня...

Пры вуліцах дамкі абываталяў: Туганоўскіх, Данэйкаў, Міцкевічаў, Заборскіх, Аўсяных, Вярэйскіх i нашай радзіны, пры вуліцы Кавальскай, за фарным касьцёлам насупраць плябаніі.

Касьцёлаў было шэсьць (Фара, Езуіцкі, Францішканскі, Дамініканскі, Дамініканак i Баніфратраў) i тры царквы ўніяцкія, зь якіх адна парафіяльная, пяць мужчынскіх кляштараў, адзін уніяцкі Базылянак.

Даўней у кожным павеце апрача ўправы маршалка былі судовыя ўправы. Суд земскі, суд гродзкі, у ix па пяць ураднікаў, г. зн. прэзыдэнт, тры судзьдзі, пісар i сакратар або рэгент, памочнік i колькі канцылярыстаў. Гэтакі ж суд межавы i апэляцыйны; суд ніжэйшы земскі або паліцыйны; у ім спраўнік i шэсьць асэсараў. Усе гэтыя ўправы ўтвараліся на выбарах ці сойміках шляхты; апрача таго, урадоўцы i гараднічы, страпчы, скарбнік (пракуратар), паштмайстар, каморнік (мярнічы), лясьнічы i магазынар з памочнікамі i канцылярыямі; нарэшце, адвакаты, якіх было найменей дзесяць з аплікантамі. Апрача тых, было яшчэ колькі дактароў i каманда мясцовага гарнізону. Усе яны з радзінамі павялічвалі насельніцтва гораду i таварыства вышэйшае клясы, да якога трэба залічыць прыгаданыя дамкі i двары, такія, як Перасека, Антовіль, Брацянка, Вікторын, Мэтраполія i г. д. Ня менш i вайсковае саслоўе, пакуль корпус літоўскі, складзены пераважна зь ліцьвінаў, ня быў зьліквідаваны, знакаміта спрычынялася да ажыўленьня таварыства i было пажаданым ва ўсіх колах. Шматлікае ж сьвятарства мела цікавасьць у асобе ксяндза Шаставіцкага, дамініканіна, вядомага i любімага за красамоўства, інтэлігенцыю i набожнасьць.

Што да ваколіцаў Наваградка, то для мяне засталася найулюбенейшаю адна Гарадзілаўка. Даўней называлася Гарадзечанкаю i пад тым назовам была нададзеная зь сялянамі продку нашаму Тэадору Янам Казімерам за заслугі ў 1665 г. пажыцьцёва, а 12 студзеня 1665 г., ca згоды станаў, аддадзеная навечна ў патомнае ўладараньне.

Нарадзіўся я ў Гарадзілаўцы ў 1794 г., у дзень паўстаньня Касьцюшкі, 15 верасьня. Першы раз выехаў да Наваградка ў 1802 г., да гувэрнёра, або дырэктара старэйшых маіх братоў, Фэлікса Паўловіча. Пры ўезьдзе да гораду бачыў, як здымалі званы з касьцёла паезуіцкага для адасланьня ў касьцёл сьв. Казімера ў Вільні, што знаходзіўся недалёка ад ратушы. Гувэрнёр наш меў яшчэ колькі вучняў, што прыходзілі да яго; сярод ix у 1804 г. былі два Міцкевічы: Францішак i Адам, маладзейшы за мяне на чатыры гады. Ён ня ўмеў яшчэ чытаць, я ж быў ужо першакляснікам i чытаў дасканала; таму гувэрнёр казаў мне вучыць чытаць Адама па лемантары. Навука пайшла вельмі хутка, бо здольнасьць той меў надзвычайную, не патрабаваў паўтарэньня. Як старэйшы, я раней скончыў курс павятовае школы, але мне апавядалі ягоныя калегі, што ў вышэйшых клясах яго навуковыя досьледы былі заўсёды найлепшыя, i ён памагаў i выпраўляў колькі іншых вучняў.

Магу цяпер пахваліцца, што слаўнага паэта Адама Міцкевіча чытаць вучыў...

Перакананы, што ня безь цікавасьці для чытача будзе тое, што шаноўны аўтар успамінаў апавядае ў іншым месцы аб праходжаньні праз Наваградак францускіх войскаў у 1812 г., дазваляю сабе прывесьці некалькі ўрыўкаў i аповядаў, тым цікавейшых, што аўтар быў сьведкам гэтага гістарычнага факту, i тое, што бачыў, распавёў.

Вось што сьв. пам. М. Кярсноўскі апавядае пра той памятны для нас i для сьвету факт.

1812 год

Пасьля ўступленьня францускіх войскаў i закрыцьця ўнівэрсытэту я вярнуўся дадому. Армія француская ўваходзіла трыма калёнамі: галоўная яе частка ішла пад камандаваньнем самога імпэратара праз Коўна, Вільню, Менск, Смаленск; другая калёна, г. зн. войска польскае з кн. Панятоўскім на чале i вэстфальскае пад камандаю брата імпэратара Гераніма, вэстфальскага караля, праз Горадню, Ліду, Наваградак у Менск; трэцяя: нямецкае войска, г. зн. саксонцы, баварцы, прусакі i аўстрыякі з вэнграмі, празь Берасьце. Усе тры калёны праходзілі паўз мяжу ў адзін дзень. У Горадні i ваколіцах перад уваходам саюзных войскаў кватараваў корпус генэрала Багратыёна, які пры набліжэньні францускіх войскаў раптоўна ратыраваўся праз Наваградак дзеля злучэньня ў Менску з галоўнай арміяй, каторая таксама адступала зь Вільні. Кароль вэстфальскі, увайшоўшы ў Горадню, цэлы тыдзень баляваў там, купаючыся ў віне, хаця й меў загад апярэдзіць Напалеона ў Менску i спыніць адступленьне галоўнай расейскай арміі.

Як толькі дайшла вестка, што войскі княства Варшаўскага занялі Горадню, маці мая з дочкамі перабралася ў кляштар дамініканак, а я - p канцылярыі да Гарадзілаўкі, дзе заставаўся бацька. Падвода маці ледзьве магла разьмінуцца з рознага кшталту абозамі расейскіх урадоўцаў, што ехалі з Горадні, Ліды, Наваградка да паўднёвых маларасейскіх губэрняў; гэта было позьнім вечарам. Назаўтра рана бацька даў мне правадніка i выправіў у горад на разьведку; мы пайшлі карацейшаю дарогаю, празь лес, вакольнымі шляхамі, абмінаючы горад, на замак да канцылярыі. Толькі мы падняліся на гapy, азірнуўшыся на менскі паштовы шлях, я заўважыў, як трох казакоў адарвалася ад каманды i зьвярнула на дарогу да Гарадзілаўкі, i адразу падумаў, што яны туды пэўна не на шпацыр паехалі. У Наваградку на вуліцах бачыў адных толькі габрэяў i жаўнераў-марадзёраў; дзяржаўныя ўрадоўцы ўжо былі выехалі ў свае маёнткі; мяшчане хаваліся па дамох. Я даведаўся, што пярэдняя варта палякаў ужо за Нёманам у Лідзе; з гэтай весткаю вярнуўся да бацькі. Па рапарце маім бацька паведаміў, што тут былі казакі, забралі маю срэбную табакерку, пару ботаў i трое коняў зь вялікаю фурманскай брычкай, ды i з усёй вупражжу паехалі на гарадзічанскую дарогу, Пазьней аказалася, што гэта былі кватармайстары казацкага войска, бо таго ж дня, пасьля захаду сонца i цягам усяе ночы той жа самаю дарогаю праходзіў цэлы корпус генэрала Платана, што налічваў 20000 казакаў, а за імі артылерыя з 24-ма гарматамі i фурманкамі пораху.

Пры першым зьяўленьні казакаў я схаваўся на агародзе ў каноплях, толькі часова, i пазьней хацеў перабрацца да большае фартэцыі, менавіта, у лес, аднак ня змог, бо войска загарадзіла мне дарогу. Я чакаў, пакуль сьціхне тупат коняў, грукат колаў i бразгатаньне палашоў, ажно да ўзыходу сонца. Калі я выйшаў з маёй хованкі i застаў бацьку ўжо ў доме, мы доўга разважалі над тым, што за прычына была, каб абмінаць паштовы гасьцінец i правозіць гарматы малымі сьцежкамі, межамі, а нават i па чорным полі; вырашылі з розных прычынаў, што з-за раптоўнага адступленьня, каб не сьціскаліся палкі, паштовы гасьцінец быў пакінуты для рэгулярных войскаў, а казакаў скіравалі на меншыя дарогі. Аднак жа мы дужа памыліліся, бо, як пазьней аказалася, быў гэта толькі манэўр, а казакі перабіраліся ў лясы на засады.

Пасьля нядоўгага адпачынку, а сёмай гадзіне, бацька выслаў мяне са старым i верным слугою, Цыпрыянам, каторы ў падобных падарожжах асыставаў яму ў 1794 г., у горад даведацца, што там чуваць? Заледзьве мінулі мы гай, як убачылі на ўзгорку пікет, што стаяў пры нашай дарозе. Падыходзім бліжэй; быў гэта ўлан зь пікаю i сьцяжком; калі мы зь ім параўняліся, ён першы адазваўся: «Слава Ісусу Хрысту!» Мы адказалі: «На векі вякоў!» Мне было тады гадоў 17, i я яшчэ ніколі ня чуў такога прывітаньня з вуснаў жаўнера на маёй роднай мове. Моцна я ўцешыўся, бо ўжо з таго месца бачыў пры Міндоўгавай гары польскіх уланаў на біваку i жыхароў гораду, якія ix частавалі. Нядоўга забавіўшыся там, я пайшоў да гораду, каб пабачыцца i парадавацца ca знаёмымі.

Па праходжаньні кавалерыі пачалі праходзіць польскія пяхотныя палкi, кожны з музыкай праз увесь горад, полк за палком, цягам некалькіх гадзінаў. Галоўнакамандуючы войскам польскім кн. Юзаф Панятоўскі затрымаўся перад самым горадам на кватэры ў фальварку Мэтраполія; у нашым жа фальварку над ракой Белавечай разьмясьціліся тры дывізіі, займаючы тры маёнткі. У фальварку Сялец, што належыць да плябаніі, генэрал Заёнчак; у Гарадзілаўцы, у майго бацькі, ген. Дамброўскі, легіянэр; у Гарадзеннай Абламовіча - ген. Фішар.

Вечарам таго ж дня, калі генэрал Дамброўскі з бацькам маім сядзелі на балконіку, прыбыў ад'ютант кн. Панятоўскага з данясеньнем: «што была сёньня з раніцы сутычка каля Міра; што колькі тысячаў казакаў з гарматамі напалі з засады ў лесе з абодвух бакоў дарогі; першыя два палкі моцна пацярпелі, але як абазваліся нашыя гарматы, то казакі адразу адступілі». Той афіцэр пачаў падлічваць забітых i параненых. Аднак генэрал ня даў скончыць i сказаў яму: «Завядзіце каня да стайні» - ды, абярнуўшыся да бацькі, прамовіў; «Гэты ветрагон Ружнецкі глупствы балбоча». Я адразу ж дадумаўся, да чаго служыў той начны марш казацкі.

Позна ўвечары Дамброўскі загадаў прынесьці два кулі саломы, пакласьці ў першым пакоі i заслаць дыванком, узяў скураную падушку пад галаву, накрыўся сваім плашчом i так заначаваў. Гэта было ў дзень сьв. Яна, паводле старога календара. Ледзьве разьвіднела, генэрал выйшаў i загадаў добашу, які начаваў на балконе, барабаніць; тым часам па ўсёй лініі адазваліся барабаны, i не прайшло гадзіны, як не засталося аніводнага жаўнера. Паколькі генэрал Дамброўскі засьцерагаў майго бацьку, што мае зараз надысьці корпус вэстфальскі, знаны з рабункаў, i раіў перахаваць што каштоўнейшае, дык хаця раней i схавалі, што можна было, цяпер яшчэ апаражнілі. мы стайні, вазоўні, абору, перавёзшы ўсё ў лес.

Taгo ж дня а дванаццатай гадзіне прыбыў вэстфальскі корпус i заняў той жа самы стан. Тут жа немцы распаўзьліся па ўсіх куткох; што толькі знайшлі спажыўнага, не пакінулі; у дваровых людзей не засталося ані нават кавалачка хлеба, нават прыгатаванае да выпеку цеста ў дзежах забралі.

Я скарыстаўся зь перасьцярогі генэрала Дамброўскага i яшчэ раней, на ўсялякі выпадак, зрабіў сабе запас у агародным, густым, стрыжаным кустоўі, дзе схаваў булачку хлеба i кавалак вяндліны; гэтым i жыў паўтара дні, а ноч прабыў у фурманцы, перавезенай у лес.

Кароль вэстфальскі спыніўся ў Наваградку, на кватэры, якую саступіў маршалак Рдултоўскі, у палацы некалі Радзівілаўскім, пазьней прададзеным купцам Фішарам. Адразу ж па прыбыцьці пайшоў ён да купальні, прыгатаванай з францускага віна. Потым быў вялікі абед, падрыхтаваны маршалкам, як гаспадаром, для караля, ягонага двара i афіцэраў вышэйшых рангаў; казалі, што на трыста асобаў; усё на срэбры, парцаляне i адмысловай бялізьне. Двор караля адразу ж па абедзе ўсё сталовае начыньне запакаваў i адаслаў у фургоны. Нездарма Напалеон прамовіў, пераправіўшыся празь Нёман: «Мы цяпер на непрыяцельскай зямлі».

Па прашэсьці вэстфальскіх войскаў i рэзэрвовых аддзелаў капітан войскаў польскіх Катэрля быў пакінуты ў Наваградку для ўвядзеньня новага парадку i як інструктар маючага фармавацца палка ўланаў. Маршалка, на той час Рдултоўскага, перайменавалі на падпэрфэкта i прэзыдэнта цывільна-вайсковай камісіі; у яе выклікалі членаў павятовага суда: прэзыдэнта Бэнядыкта Ганьскага i судзьдзю Францішка Пілецкага, а сакратаром - рэгента Адама Вольскага, памочнікам якога быў я, мэрам жа гораду - адваката Стэфана Паўловіча.

Неўзабаве прыйшлі з Варшавы прызначэньні на палкоўнікаў: Канстанціну Раецкаму, 19-га ўланскага палка, Аляксандру Абуховічу, 20-га ўланскага палка; а гвардзейскага палка, што кватараваў у Слоніме, - Вінцэнту Канопку...

Цывільна-вайсковая камісія, маючы ў маршалкоўскай канцылярыі табэлі насельніцтва ўсяго павету, паасобна кожнага маёнтка, занялася стварэньнем раскладаў на дастаўку правіянту i фуражу, а таксама дзеля набору кантаністаў. Сакратар даручыў мне, як свайму памочніку, выкананьне абавязку сакратара пры наборы кантаністаў. Калі прыйшоў час набору рэкрутаў, я быў зьдзіўлены i ўсьцешаны, бачачы, што кантаністы прыходзяць самыя вольна без усялякае варты, пад апекаю аднаго войта або іншага ўрадоўца. Прыгадваю сабе, як аканом з Каўпеніцы, маёнтку, што належаў да віленскае капітулы, некалі касьцюшкаўскі паручнік Дабашынскі прывёў пад сваёй камандаю, згодна раскладу, пятнаццаць кантаністаў, вышкаленых i вымуштраваных, ды i апранутых адпаведна патрабаваньню, у жакетах, шапках i нагавіцах; аднаго зь ix ён прызначыў капралам i той камандаваў. Адзін зь ix толькі ня быў прыняты, бо быў замалады; вяртаючыся дадому, плакаў ён горкімі сьлязьмі.

Год той быў надзвычай урадлівы. Жыта давала болей чымся дваццаць зерняў, гэтаксама іншая збажына, хаця ў большай частцы была пакошаная i выпасеная, уся адрасла i дала пекны прыбытак. У агародах i садох таксама быў вялікі ўраджай; словам, за годам каметы i сьпёкі настаў год дастатку.

Хаця ў горадзе было спакойна i ціха, я даведаўся, аднак, праз пошту хутчэйшую, бо габрэйскую, пра тое, што корпус пад камандаю генэрала Чычагава, які налічваў 150 000 войска, вяртаецца з Турцыі пасьля скончанай вайны i закладзенага трактату, моцаю якога Ізмаіл далучаюць да Расеі; што авангардам камандуе паляк зь Літвы, генэрал Чапліц. Казалі, што ён, набліжаючыся да Слоніма i бачачы, што кватаруе ў ім гвардзейскі полк, наваствораны зь ліку моладзі, ягоных сваякоў, прыслаў парлямантара, паведамляючы начальніку гэтага палка, што ідзе з дывізіяй у авангардзе цэлага корпуса. I раіў, каб адступілі, не ўчыняючы адпору i не праліваючы дарэмна братняй крыві. Не паслухаў Канопка гэтай пачцівай i збавіцельнай парады, праз што i падвёў полк пад гэткую вялікую паразу; а ягоныя непрыяцелі сьцьвярджалі, што мусіў так зрабіць, баючыся адказнасьці за змарнаваную i прайграную значную частку сумы, выдадзеную яму на фармаваньне i ўтрыманьне палка.

Колькі дзён пасьля надышла вестка, што генэрал Дамброўскі з сваім дзесяцітысячным аддзелам, адступіўшы ад Бабруйска, апераджаючы армію Чычагава, перш заняў Менск i пакіраваў да Бярэзіны, а павольным адступленьнем i частымі сутычкамі стрымліваў посьпех галоўнай расейскай арміі, чым аблегчыў вяртаньне Напалеона з-пад Масквы i пераход яго арміяў празь Бярэзіну.

I на гэтай жа вялікай i фатальнай баталіі над Бярэзінаю скончыліся ў нашым краі ваенныя дзеі з прыніжэньнем Напалеона ў няшчаснай вайне 1812 г.

1831 год

У 1831 г. вядомы ў сьвеце генэрал Дэмбінскі знаходзіўся ў аддзеле Гелгуда, калі ўвайшоў быў на Літву; не хацеў ён, аднак, як Гелгуд, пасьля нешчасьлівай бітвы ў Панарах пад Вільняй адступіць у Прусію, але, прабіўшыся праз арьергард генэрала Талстога, маючы з сабою толькі дзьве тысячы рэгулярнага войска i дзьве гарматы, сабраўшы рэшткі літоўскага паўстаньня партызанаў Матушэвіча, падаўся ў Ашмянскі павет, там жа, таксама сабраўшы рэшткі паўстаньня палкоўніка Пшэзьдзецкага, празь Нёман увайшоў у Наваградзкі павет, дзе два дні перад тым утваралася паўстаньне на чале з маршалкам Кашыцам. У той час у Наваградку стаяў швадрон гусараў, палка пад імем князя Фэрдынанда. Камандант таго швадрону, Фэлькерсамб, маючы зьвестку, што паўстанцы намерваюцца напасьці на швадрон 12 ліпеня, забраўшы павятовага касіра з урадавымі грашыма, раненька выправіў швадрон на віленскі тракт. Недзе папалудні таго ж дня Юзаф Кашыц, маршалак, i Мікалай Межаеўскі, абодва некалі напалеонаўскія афіцэры з 1812 г., з ахвотнікамі сваімі лікам каля дзьвюхсот чалавек, большай часткай на конях, з рознага роду зброяй, прыбылі з надсьвіцяскіх лясоў да Наваградка, раззброілі колькіх жаўнераў, афіцэра арыштавалі, колькі сотняў запасных карабінаў забралі, склад з правіянтам i фуражом адчынілі, ды, малую частку з гэтага ўзяўшы з сабою, жыхаром дазволілі разабраць рэшту. Папалілі паперы земскай i гарадзкой паліцыі; у вастрозе, пакінуўшы крымінальнікаў i зладзеяў, вызвалілі астатніх, а здольным да нашэньня зброі казалі ісьці з сабою. Да ix далучыўся таксама ксёндз Длускі, наваградзкі плябан, у характары капэляна. Усё гэта сталася на працягу дзьвюх гадзінаў; затым падаліся яны да сваіх хованак, i за імі яшчэ колькі дзясяткаў ахвотнікаў пацягнулася з гораду, пакідаючы жыхароў у трывозе i непакоі.

На той час я з жонкай i трыма малымі дзецьмі дзеля здаровага паветра жыў у вярсьце ад гораду, у фальварку паноў Ганьскіх, што зваўся Перасека, з прыгожай мясцовасьцяй i становішчам. Вярнуўшыся дадому, я ня мог заснуць, разважаючы аб учарашнім здарэньні i пра тое, што нас чакае заўтра. Назаўтра ранютка я выйшаў у горад; а шостай гадзіне пачуў шматразовы гарматны гук у тым баку, куды адступілі гусары; каб даведацца, што гэта можа значыць, іду ў горад. Там гэтаксама чуваць стрэлы, але нічога невядома. Чакаючы зьвестак, іду на Замкавую гару; наблізіўся да мяне ўжо колькі год мой фаварыт, кравец, такі ж зацікаўлены, i весь у гэты момант мы ўбачылі коннага яздца на віленскай дарозе, што з найвялікшай хуткасьцяй сьпяшаўся ў горад; затрымаўся ён ля заставы, таму я паслаў краўца на вывед. Аказалася, што гэты вершнік быў родам француз, артылярыст-кананэр напалеонаўскіх часоў, які ўжо колькі гадоў займаўся на Жмудзі даваньнем лекцыяў францускае мовы i там далучыўся да паўстанцаў; менавіта ён з раніцы сваімі стрэламі напалохаў гусараў i быўшага зь імі генэрала О'Рурка падчас пераправы празь Нёман. Ен i прывёз вестку, што праз гадзіну або дзьве ў Наваградак прыйдзе швадрон трэцяга палка польскіх уланаў, які быў камандзіраваны, каб напаткаць i забраць партыю рэкрутаў, узятых да войска з Ашмянскага павету, што яму не ўдалося.

Неўзабаве ў вярсьце ад Замкавай гары паказаліся сьцяжкі ўланаў; я пайшоў па жонку, i мы выйшлі на віленскую дарогу паміж Перасекаю i Брацянкаю, зь якой таксама выйшлі гаспадары, Караль i Яніна з Пуляноўскіх Белапятровічы. Перад швадронам ехаў адзін улан зь пікай, потым тры падафіцэры з карабінкамі ў руках, а за імі капітан Лапіцкі з швадронам Раўняючыся з намі, ён павітаў нас i запытаў: «Ці няма тут войска рускага?» Нас зьдзівіла i занепакоіла, што, калі мы ix весела віталі, яны, наадварот, пачаўшы ад капітана i да апошняга жаўнера, усе былі засмучаныя, быццам бы з пахаваньня вярталіся. Капітан, наблізіўшыся да нас, цішэй сказаў: «Мы не былі дастаткова моцнымі, каб здабыць Вільню, адступаем усьлед за намі ідзе корпус Саваіні. Хто яшчэ не скампраметаваны, няхай не кампраметуе сябе i не прыносіць большых ахвяраў».

Мы зьвярнулі позіркі на горад: быў прыгожы i адмысловы краявід пры захадзе сонца, падобны ў нечым да таго, калі летняю парою ў пагодны дзень пчолы, выйшаўшы з вульля, злучаюцца ўверсе. Так усё, што было ў горадзе, злучылася грамадамі на шмат'ярусных гарах замкавых.

Многія дамы стаялі ля гарадзкой заставы для прывітаньня прыбываючых; сярод ix былі: Адамава Солтанава, Пратніцкая зь Ігэльстромаў, Урублеўская ды іншыя, а татарка Губіцкая з блізкага свайго дому вынесла на спатканьне капітана хлеб i соль на століку. Уланы стаялі нядоўга; пасьля трох гадзінаў адпачынку, пакарміўшы коняў, яны, забраўшы з сабою некалькі новых ахвотнікаў, выйшлі да Навінаў, на слонімскі тракт, дзе швадрон Лапіцкага, злучаны з аддзелам Кошыца, увайшоў у склад корпуса Дэмбінскага i зь ім пакіраваўся да Зьдзецяла. Расейскі генэрал Станкевіч, атрымаўшы ў Слоніме вестку пра наваградзкае паўстаньне, рушыў пасьпешна з васьмітысячным корпусам насустрач паўстанцам; аднак пасьля першых стрэлаў з аднаго i другога боку, угледзеўшы па-за пяхотаю рэгулярнага войска аддзел кавалерыі i пэўны, што за ёй выступаюць значныя сілы, адступіў назад да Слоніма, што было прычынаю паўсюднага перапуду i ўцёкаў шмат каго ў бок Нясьвіжа, Дэмбінскі ж, угледзеўшы, што асаджаны пераважнымі сіламі, змушаны быў да павароту зь Літвы. Выканаў яго так умела i выдатна, што стаўся падзівам дагэтуль як стратэг ня толькі сярод сваіх, але i сярод чужых. Ен шчасьліва спыніўся ў Варшаве, якая, узрадаваная відам літоўскага легіёна, што першы ўвайшоў у Каралеўства, падрыхтавала ўрачыстае прыняцьце.

Такая была хада i такі канец наваградзкага паўстаньня.

Надышлі цяжкія часы...

* * *

Прыгледзімся бліжэй да вынікаў, якія выклікала ў грамадзкім жыцьці Літвы паўстаньне 1831 г.

Закрыцьцё ўнівэрсытэту ў Вільні, брак тэхнічных школаў, канфіскацыя вялікай колькасьці маёнткаў за ўдзел у паўстаньні спустошылі Літву духова i матар'яльна. Грамадзтва, абуджанае выбухам паўстаньня, пачаткі якога будзілі столькі надзеяў, а зь ягоным упадкам прыгнечанае ў сваіх імкненьнях i парывах, адчуўшы сябе разам як бы ў адной вялікай вязьніцы, пазбаўленае крыніцаў асьветы, пазбаўленае грамадзянскага жыцьця, а зь ім усялякага руху, што мог бы годна заняць думкі i сэрцы; поўнае энэргіі, запалу i сілы з натуры, яно мусіла гэтую энэргію i гэтую сілу карыстаць на мэты дробныя, замкнёныя ў вузкім коле таварыскага жыцьця, бо толькі гэта было магчымае. Адсюль тое, што дзе ў іншым месцы, паміж нармальных стасункаў мела значэньне толькі другасных чыньнікаў, у нас сталася праўдзіваю мэтаю ўчынкаў i жыцьця. А паколькі Літва доўгая i шырокая, то запанаваў кодэкс этыкету, вялікасьвецкіх формаў, а зь імі францужчына i раскоша, i ў выніку - жыцьцё не па сродках.

Ca старых двароў паволі зьнікалі; даўняя простасьць, сардэчная ласкавасьць, можа часам трохі фамільярная, але затое шчырая, што не перавышала сродкаў i няшмат каштавала; а яе месца занялі пышныя прыёмы, раскошныя начыньні, мэбліроўкі, ліўрэі, экіпажы. З запалам, годным лепшае справы, перарабляюць зручныя i паважныя, поўныя характеру i ўспамінак двары на модныя ангельскія катэджы, італьлянскія вілы. З жалем прыйшлося глядзець, як падалі адвечныя дубы i ліпы старых прысадаў пад сякераю навамодных агароднікаў, якія прыбіралі ix дзеля ангельскіх паркаў. Але ніхто не асьмеліўся запярэчыць гэтаму найноўшаму вандалізму, бо гэта было модна, бо так было у графа X, у князя Z i г. д. Адным словам, гэтая эпоха ўвядзеньня камфорту, шыку i раскошы зьмяніла да непазнавальнасьці фізыяномію краю, а што найгорш, стварыла ў нас дагэтуль мала знаную i такую фатальную ў наступствах клясу паўпанкаў.

ДАДАТАК

Наваградзкія дастойнікі ад часоў найдаўнейшых, якіх ведае гісторыя

Ваяводзтва Наваградзкае было ўтворанае ў студзені 1507 году; да гэтага Наваградкам кіравалі намесьнікі.

Намесьнікі

Мантыгердавіч Пётар, як намесьнік выступае ў 1431 - 1452 гг.; адначасна быў маршалкам земскім, памёр у 1453 г.

Гаштольд (Гаштольдавіч) Марцін - 1464 - 1471. Напачатку 1471 г. стаў ваяводам кіеўскім.

Манвід (Манвідавіч) Войцах Янавіч, у 1475 г. адначасна падстолі.

Мантвілавіч Міхал - 1463 - 1474. Адначасна кашталян троцкі, памёр у 1486 г.

Солтан Аляксандравіч (уласна Стратовіч Солтан Аляксандравіч) - 1486 - 1487 гг.

Радзівіловіч Мікалай - 1488 - 1490. Адначасна кашталян троцкі.

Пац (Пацэвіч) Юры, папярэдне ваявода кіеўскі, намесьнік наваградзкі з 1492 да 1496 г.

Забярэзінскі Ян Юр'евіч, кашталян троцкі i намесьнік полацкі, абмяняўся з Пацам намесьніцтвам. У 1498 г. стаў ваяводам троцкім i маршалкам земскім літоўскім.

Храптовіч Ян Літавор (Іван Багданавіч), намесьнік слонімскі і, верагодна, адначасна наваградзкі. У бітве пад Вядрешай трапіў у маскоўскую няволю 14 ліпеня 1500 г.

Гальшанскі князь Сямён Юр'евіч, перад гэтым стараста луцкі i маршалак зямлі валынскай, калі столькі сэнатараў трапіла ў няволю, стаў у 1500 г. ваяводам (не намесьнікам) наваградзкім i гетманам найвышэйшым літоўскім.

Глябовіч Пётар, часова намесьнік наваградзкі, памёр у 1502 г.

Гаштольд Альбрэхт Марцінавіч, ваяводзіч троцкі, намесьнік наваградзкі ўжо ў лютым 1503 г.

Ваяводы

Князь Глінскі Іван Львовіч, ваявода кіеўскі. Кароль Жыгімонт мянуе яго ваяводам наваградзкім i прызначае месца ў вялікакняскай Радзе побач з старастам жмудзкім. Зьбег да Масквы - 1508 г.

Гаштольд Альбрэхт Марцінавіч, падчашы. Па ўцёках Глінскага часова ваявода наваградзкі, вярнуўся да абавязкаў падчашага ў 1509 г.

Забярэзінскі Ян Янавіч, менаваны ваяводам наваградзкім 26 лютага 1509 г., адначасна ад 1522 г. маршалак земскі літоўскі. Абедзьве гэтыя пасады ўтрымліваў яшчэ Ў кастрычніку 1530 г.

Гаштольд Станіслаў Альбрэхтавіч, менаваны ваяводам наваградзкім у 1542 г., заступіў на ваяводзтва Троцкае ў 1532 г.

Осьцік Рыгоры Рыгоравіч, кройчы, менаваны ваяводам наваградзкім у 1542 г. Прызначаны кашталянам віленскім - 1544 г.

Хадкевіч Аляксандар Іванавіч, стараста берасьцейскі, менаваны ваяводам наваградзкім у 1544 г, памёр у 1549 г.

Вакансія 1549 - 1551 гг. Князь Палубінскі Аляксандар Іванавіч, спраўца ваяводзтва Наваградзкага - 1551 г.

Гарнастай Іван, з маршалка дворнага, падскарбія земскага, пісара гаспадарскага, дзяржаўцы слонімскага, мсьціслаўскага, беразьнянскага, зэльвенскага з захаваньнем гэтых пасадаў менаваны ваяводам наваградзкім 6 жніўня 1554 г., памёр у 1558 г.

Сапега Павал Іванавіч, з ваяводы падляскага менаваны ваяводам наваградзкім - 1558 г., памёр у 1579 г.

Князь Радзівіл Мікалай Мікалаевіч, лоўчы літоўскі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1579 г., памёр у 1589 г.

Тышкевіч Тэадор Скумінавіч, падскарбі земскі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1590 г., памёр у 1618 г.

Сапега Мікалай Крыштап, ваявода менскі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1618 г., памёр у 1638 г.

Слушка Аляксандар, з ваяводы менскага менаваны ваяводам наваградзкім - 1638 г., заСтупіў на ваяводзтва троцкае - 1642 Г.

Князь Радзівіл Зыгмунт Караль, кавалер мальтыйскі, з падчашага літоўскага менаваны ваяводам наваградзкім - 1642 г., памёр у Італіі ў Асызе ў 1642 г., не прыняўшы ваяводзтва.

Сапега Тамаш, з ваяводы вэндэнскага менаваны ваяводам наваградзкім - 1643 г., памёр у 1646 г.

Храптовіч Юры, з ваяводы парнаўскага менаваны наваградзкім - 1646 г., памёр у 1650 г.

Халецкі Крыштап, мечнік, менаваны ваяводам наваградзкім у 1650 г.

Вяжэвіч Пётар Казімер, падкаморы мсьціслаўскі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1653 г., памёр у 1658 г.

Валадковіч Крыштап, пісар земскі наваградзкі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1658 - 1670 гг.

Кярсноўскі Ян, судзьдзя земскі наваградзкі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1670 г.

Палубінскі Дзьмітры Самуіл, падкаморы слонімскі, Менаваны ваяводам наваградзкім - 1671 г., памёр у 1679 г.

Уніхоўскі Багуслаў Аляксандар, пісар земскі наваградзкі i маршалак літоўскага трыбуналу, менаваны ваяводам наваградзкім - 1689 г., у гэтым самым годзе стаў ваяводам троцкім.

Тызэнгаўз (фон Тызэнгаўзэн) Стэфан, кухмістар літоўскі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1689 г., памёр у 1709 г.

Князь Радзівіл Ян Мікалай, кройчы літоўскі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1709 г., памёр у 1729 г.

Князь Радзівіл Мікалай Фаўстын, зь мечніка літоўскага менаваны ваяводам наваградзкім - 1729 г., памёр у 1746 г.

Князь Радзівіл Юры, стараста любашанскі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1746 г., памёр у 1754 г.

Князь Ябланоўскі Юзаф Аляксандар, стольнік літоўскі, менаваны ваяводам наваградзкім - 1755 г., адмовіўся - 1773 г., памёр у ліпені 1777 г.

Несялоўскі Юзаф, кашталян наваградзкі, менаваны ваяводам - 1773 г., па адмаўленьні Ябланоўскага, перажыў упадак Рэчы Паспалітае, памёр 8 ліпеня 1814 г.

Кашталяны

«Кашталян», у першаснай форме - правіцель замка. На Літве гэта была пасада, а хутчэй званьне, утворанае для павелічэньня лічбы сэнатараў. Кашталяны былі заступнікамі ваяводаў; іхным непасрэдным абавязкам было кіраваньне войскам вакольнае акругі. Замест «кашталян» ужывалі таксама выраз «пан», адсюль «пан Троцкі», «пан Віленскі» i г. д.

Кашталянія Наваградзкая ўтварылася ў 1566 г.

Валовіч Рыгор Грынкавіч, стараста слонімскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1556 г., памёр у 1585 г.

Князь Палубінскі Аляксандар Іванавіч, менаваны кашталянам наваградзкім - 1586 г., памёр у 1607 г.

Валовіч Самул, стараста моўчадзкі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1608 г., памёр у 1626 г.

Копаць Васіль Васілевіч, падкаморы берасьцейскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1626 г., памёр у 1646 г.

Рудаміна Дусяцкі Ян, харужы наваградзкі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1646 г., памёр у 1651 г.

Статкевіч Самул, менаваны кашталянам наваградзкім - 1652 г., памёр у 1660 г.

Юдыцкі Мікалай Уладыслаў, генэрал артылерыі літоўскай, менаваны кашталянам наваградзкім - 1660 г., памёр у 1671 г.

Зяновіч Станіслаў, падкаморы вількамірскі, лясьнічы вількійскі, менаваны кашталянам наваградзкім (верагодна) - 1671 г., памёр у 1672 г. (Нясецкі).

Есман Крыштап, харужы слонімскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1672 г., стаў ваяводам смаленскім - 1677 г.

Празьдзецкі Мікалай Уладыслаў, маршалак ашмянскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1677 г., памёр у 1683 г.

Война-Есянецкі Аляксандар. стараста брацлаўскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1684 г,, памёр у 1698 г.

Александровіч Стэфан, маршалак горадзенскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1698 г., памёр у 1700 г.

Абуховіч Тэадор Геранім, падкаморы наваградзкі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1700 г., памёр у 1707 г.

Навасельскі Антоні, стражнік польны літоўскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1709 г., памёр у 1726 г.

Аскерка Антоні, пісар Вялікага Княства Літоўскага, менаваны кашталянам наваградзкім - 1726 г., памёр у 1731 г.

Незабытоўскі Багуслаў, стараста прапойскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1734 г., памёр у 1739 г.

Рдултоўскі Ян, кашталян віцебскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1739 г., памёр у 1744 г.

Шышка Даніла, стольнік лідзкі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1744 г., памёр у 1756 г.

Храптовіч Ян, кашталян берасьцейскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1756 г., памёр у 1765 г,

Несялоўскі Юзаф, чашнік літоўскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1765 г., стаў ваяводам - 1773 г.

Яленскі Рафал Юзаф, судзьдзя земскі вількамірскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1773 г., памёр у 1780 г.

Яленскі Гедэон, стараста мазырскі, менаваны кашталянам наваградзкім - 1780 г., перажыў упадак Рэчы Паспалітае, памёр у 1798 г.


Пераклаў Аляксей КРУКОЎСКІ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX