Папярэдняя старонка: Краязнаўства

З нядаўняе гісторыі Нясвіжскага замка 


Аўтар: Пярвышына Таццяна, Пярвышын Уладзімір,
Дадана: 11-06-2014,
Крыніца: Пярвышына Таццяна, Пярвышын Уладзімір. З нядаўняе гісторыі Нясвіжскага замка // Спадчына 1995. №2. С. 157-160.



Савецкая ўлада ўсталявалася ў Нясвіжы вельмі хутка, ужо праз тры дні пасля кастрычніцкіх ладзеяу у Пецярбурзе - 29 кастрычніка (11 лістапада) 1917 г. Радзівілы паспешліва з'ехалі, кінуўшы замак з усёй рухомасцю. Бязладдзе бурлівых часоў дало свой заўсёдны плён: у запусцелых будынках пачаліся рабункі. Новыя ўлады спахапіліся - у Нясвіж былі скіраваныя следчыя органы, якія запячаталі замкавыя пакоі (і тое не ўсе). Лёсам замка пачаў займацца ўтвораны Камісарыят Асветы БССР. Фонды гэтае ўстановы зберагаюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве ў г. Менску (БДА) [1]. Некаторыя матэрыялы фондаў асветы змяшчаюць звесткі за 1919-1920 гг. пра шэраг захадаў дзяржавы па доглядзе i ўтрыманні замка.

Зрабіць паспёлі няшмат, бо занадта малы час вызначыла тады гісторыя «будаўнікам светлае будучыні» ўладарыць у Нясвіжы - каля трох з паловай гадоў (да Рыжскай дамовы 1921 г,, што далучыла да Польшчы землі Заходняй Беларусі разам з Нясвіжам). Таму бальшавікам было не да культурных каштоўнасцяў - найперш яны «мацавалі» ўладу.

Але вось што распавядаюць пра Нясвіжскі замак тых часоў архіўныя дакументы.

На пачатку лютага 1919 г. у Нясвіж для азнаямлення са станам замка едзе супрацоўнік Наркамасветы «галоўны інструктар Беларускага музея» Л. Замкоў. Распячатаўшы пакоі, ён у таварыстве службоўца нясвіжскага выканкама Корсака, каменданта замка Шкляжа i «вартаўнічага загадчыка» Архіпава агледзеў памяшканні. Свае ўражанні ад пабачанага Замкоу занатаваў у справаздачы, якую склаў па вяртанні ў Менск 17.02.1919 г.: «Апроч мноства знішчаных старажытных твораў мастацтва, нават са сценаў пазрываныя шаўковыя шпалеры, а таксама абцяжка мэблі. Да таго ж шмат даўняе парцэляны, асабліва берлінскай канца XVIІІ ст., раскідана паўсюль». Таксама інструктар звяртаў увагу на выключнае значэнне палаца як помніка архітэктуры XVII ст., ягонага абсталявання i збораў, у т. л. архіваў, карцінаў, кніг.

Напрыканцы справаздачы пісалася пра неабходнасць папраўкі будынкаў (шыбаў, засавак i г. д.), прызначэння ў замак каменданта i вартаўнікоў (дагэтуль замак збольшага пільнаваўся памежнікамі). Акрамя гэтага, Замкоў мецьмеў даведацца пра будучае выкарыстанне пабудоваў, а таксама, што ўчыніць з рэчамі: «ці вывозіць ix у абласны музей, альбо дачасу пакінуць на месцы». Тое ж тычылася замкавай капліцы i ейнага абсталявання. Пытаўся Замкоў i пра прынцып уліку рухомасці - усё спісваць ці выключна мастацкія творы [2]. Забягаючы трохі наперад, адзначым - урэшце ўсё ж сцямілі апісаць усе рэчы (добра - дрэнна - іншая справа).

Вынікі камандзіроўкі Замкова ў Нясвіж разглядаліся на паседжанні Калегіі Наркамасветы 4 сакавіка 1919 г. [3]

На нарадзе абмяркоўваўся лёс замка i ягонае маёмасці. Адносна рэчаў Замкоў выказаў думку, што «трэба Камісарыяту (Народнай Асветы.-Аўт.) частку ўзяць сабе, а рэшту перадаць Савету Народнай Гаспадаркі ці іншым установам». Член Калегіі Іваноўскі лічыў, што «адзіным гаспадаром будынка i ўсяго, што ў ім знаходзіцца, мае быць толькі Камісарыят Нар. Асветы, будынак мусіць выкарыстоўвацца пад музей, усё ж непатрэбнае можна перадаць іншым Камісарыятам». Ён жа вызначыў архіўныя зборы замка: «архіў Вялікага Княства Літоўскага з'явіцца аздобай Краёвай бібліятэкі, якая, ведама, будзе знаходзіцца пры Менскім універсітэце».

Іваноўскі падкрэсліў неабходнасць стварэння камітэта па доглядзе замка. Дзеля прыцягнення да працы ў камітэце разглядаліся кандыдатуры прафесара Масоніюса i былога архіварыюса замка Кляйншнэпа, якія на той час жылі ў Нясвіжы. Замкоў засведчыў, што Кляйншнэп «вялікі знаўца, вельмі сумленны i прыстойны чалавек», хаця i трымаецца іншых поглядаў, чым савецкая ўлада. Прыгадаўшы дэкрэты пра далучэнне да працы савецкіх установаў спецыялістаў незалежна ад іхнае партыйнасці, Калегія вырашыла скарыстацца паслугамі «знаўцаў даўніны».

На паседжанні зацвердзілі пастанову, згодна з якой на ахову i рамонт замка выдаткавалася 50 тысячаў рублёў з фонду Менскага ўніверсітэта. Таксама ствараўся камітэт па ахове замка. Акрамя прадстаўнікоў выканкама i аддзелд народнай адукацыі г. Нясвіжа, у камітэт меліся ўвайсці Масоніюс i Кляйншнэп (апошні - на пасаду захавальніка).

Па дакументах не прасочваецца, ці было што зроблена з ухваленай пастановы Наркамасветы. Мы ведаем - неўзабаве надышлі іншыя часы. Лёсам было наканавана замку зведаць кароткі перыяд вяртання яму былога бляску родавага гнязда Радзівілаў.

Але ёсць яшчэ адна дакументальная карціна, якую можна лічыць працай, відаць, усё ж створанага камітэта. Гэта - «Вопіс рэчаў у б. замку б. кн. Радзівілаў» (без подпісаў складальнікаў) [4]. Час складання рэестра - 8 верасня 1920 г., г. зн. пасля таго, як мінула паўтара года з дня прыняцця памянёнай пастановы. Не вядомыя прычыны, якія перашкаджалі спісаць замкавую рухомасць раней. Хутчэй за ўсё, тое, пра што мы ўжо згадвалі: у тыя вірлівыя часы не было калі новай уладзе займацца замкам.

«Вопіс» мае выгляд рукапіснай табліцы, зробленай па-расейску на трыццаці спісаных з абодвух бакоў аркушах. Дзеля гэтага інвентарызатары скарысталі чыстыя друкаваныя бланкі ўліку чыншу з земляў радзівілаўскіх маёнткаў (відаць, узятых у адным з пакояў замка, бо гэтага дабра тут мелася шмат).

У табліцы пазначаныя нумары пакояў, назва, колькасць i стан захаванасці рэчаў, наяўнасць ці адсутнасць якой-кольвечы каштоўнасці (мастацкай, гістарычнай, культурнай ды інш.).

Інвентар складаецца з пяці частак. У першай - чацвёртай перапісаныя рэчы сутарэння i трох паверхаў замка, у зусім маленькай пятай частцы - рухомасць падворкавых гаспадарчых будынкаў.

Усіх пакояў пералічана 154, але, зважаючы на літарныя, іхная колькасць дасягае 170. Вялікая нязручнасць для сённяшніх даследнікаў у тым, што пакоі ў вопісе пазначаныя толькі пачарговымі нумарамі, без удакладнення размяшчэння ix на паверсе. Таму зараз патрабуюцца дадатковыя высілкі, каб вылічыць паслядоўнасць спісання ix у гэтым дакуменце i накласці атрыманую схему на сучасную планіроўку памяшканняў. Складальнікаў інвентару можна зразумець - галоўным для ix быў удакументаваны ўлік ацалелай замкавай маёмасці. Гэтую задачу яны збольшага выканалі.

Дакумент зафіксаваў больш за паўтары тысячы назваў рэчаў, што меліся на той час у памяшканнях замка. Агульная ж лічба ўсяе рухомасці налічвала не адну тысячу, аднак дакладна гэта вызначыць немагчыма. Адразу заўважым вопіс зроблены не вельмі грунтоўна, нібы спохапам. Шмат рэчаў пазначаліся агулам. Напрыклад, у пакоі № 6 (сутарэнне) між іншым знаходзіліся рогі аленя, складзеныя ў скрыню, колькасцю - «палова скрыні». Сувой з карцінамі ў тым жа памяшканні ў слупку інвентару «лічба» фіксаваўся як адна адзінка. Сталы ў пакоі № 100 на другім паверсе (канцылярыя? бібліятэка? архіў?) былі заваленыя паперай, мапамі, кнігамі, колькасць якіх «падлічыць нельга» (заўвага складальніка) i г. д.

Звесткі рэестра сведчаць пра спусташэнне, якое запанавала ў кінутым замку. Частка маёмасці была разрабаваная - Замкоў пісаў пра гэта яшчэ ў лютым 1919 г. З таго, што збераглося, бальшыня трывала ў пашкоджаным стане - дзейнасць шукальнікаў лёгкай здабычы: паабдзіраныя каналы, ложкі, крэслы, збітыя лямпы, вазы, творы разбярства, карціны ды інш.

Яшчэ ва ўсім бачна паспешлівасць уцёкаў гаспадароў. Некаторыя рэчы засталіся спакаваныя да ад'езду (посуд у кашах, кнігі ды іншае - у скрынях i г. д.). Стосы папераў, кніг разам ca староццем i друзам ляжалі на сталах i падлозе шматлікіх пакояў. Трохі кранальна ўспрымаецца згадка пра фартэпіяна з пакінутымі на ім нотамі ў № 75 на другім паверсе (гасцёўня?). Трынаццаць замкавых памяшканняу былі зусім пустыя.

Як бачна з адпаведных адказнікаў у тэксце, Саветы смела распараджаліся рэчамі, асабліва «некаштоўнымі» (згадайма меркаванні наркамасветаўцаў наконт лёсу маёмасці замка). Нешта ўжо «пазычылі» на гаспадарчыя патрэбы, іншае (этажэркі, крэслы...) чакала новых уладальнікаў.

На пачатку 3-й часткі вопісу, дзе пералічвалася рухомасць другога паверха замка, змешчана заўвага: «Каштоўныя рэчы знаходзяцца ў пакоях №№ 56-104». Пад гэтымі лічбамі апісаныя былі княскія апартаменты, i сапраўды, тут амаль кожная рэч пазначалася як каштоўная. Маленькі прыклад. У адным толькі пакоі № 99 мелася рэчаў 96 назваў. Вось кароценькі пералік часткі змесціва гэтага памяшкання (на мове арыгінала): «Шкафы с книгами - 9 (штук), бюсты - 8, зеркальная ширма - 1, зеркала - 4, часы стоячие - 2... столы из красного дерева - 2, комод - 1, бюро - 2, подсвечники-канделябры - 2, подсвечники фарфоровые - 8, вазы фарфоровые - 8... фарфоровый букет - 1, фарфоровые птицы - 3... карты - 18, портреты - 2, карта-родословная кн. Радзивиллов-1... картины - 2... подсвечники с гербами - 7... статуи металлические - 2... часть кольчуги - 1...» [5]. Застаецца толькі здагадвацца, якое багацце разглядалі i фіксавалі сціплымі радкамі на паперы аўтары вопісу. Адначасна зазначым, што кашто/ныя рэчы былі, бадай, ва ўсіх памяшканнях i на кожным паверсе замка - шматлікая мэбля, мастацкія творы (жывапіс, разбярства), гасцінны i сталовы посуд, архіўныя, кніжныя i музейныя зборы ды іншьья дробязі штодзённага ўжытку колішніх гаспадароў.

Што сталася з усім гэтым пазней? Ці трапіла нешта у які музей? Чыноўнікі расцягалі альбо зладзеі раскралі? А мо заспелі што з рэчаў Радзівілы, якія вярнуліся ў Нясвіж на пачатку 20-х гадоў? Невядома. Відаць, усяляк было. Л потым яшчэ вайна. Вынікі ж - сумныя.



[1] БДА, ф. 42 (Народны Камісарыят Асветы БССР); ф. 804 (Аддзел Народнай Адукацыі Наркамасветы БССР).

[2] БДА, ф. 42, воп. 1, адз. зах. 29, а. 30-30адв.

[3] БДА, ф. 804, воп. 1, адз. зах. 14, а. 25 - (У пратаколе паседжання Замкоў фігуруе ўжо як загадчык абласнога музея).

[4] БДА, ф. 42, воп. 1, адз. зах. 6, а. 1-30адв.

[5] Тамсама, а. 21-27адв.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX