Вярнуцца: Мемуары

Кокс Вільям. Вандроўкі па Вялікім Княстве Coxe William. Travels ... Кокс Уильям. По России и Польше в исходе XVIII-го века


Аўтар: Кокс Вільям,
Дадана: 30-09-2009,

Спампаваць




Мы ніколі не даведаемся, хто хадзіў на прыём да гарадзенскага доктара Заменгофа, чакаў у прыемным пакоі за фіранкай, пакуль гэты сьмешны чалавек у акулярах марнаваў працоўныя гадзіны на формы дзеясловаў, прыдумляючы мову эсперанта ў кабінэце ля кляштара езуітаў, за рогам крывой вулачкі, што ішла ад Рынку да Гарадніцы.

Мы ніколі ня пачуем, як званы гарадзенскай Фары Вітаўта клічуць людзей з старога места, з рамесных кварталаў, і з занёманскай далёкай часткі - з нашай Палестыны - на божую імшу, не сустрэнем майстроў з вуліцы Гарбарскай, не пабачым шыльды на нашай мове "Саматужная майстэрня Міколы М..", бо нічога гэтага не існуе, і нават мапы і малюнкі мала што раскажуць.

Мае аднаклясьнікі бухаюць гарэлку Советскій Союз на той частцы наберажнай, якую калісьці называлі Stabula Regiae.

Мы ніколі не пройдзем па алеі экзатычных амэрыканскіх кветак, засаджанай адданым навукоўцам і настаўнікам Жылібэрам (зараз там гарыць Вечны агонь і клеяць дзевак малыя гопнікі) - амаль увесь батанічны сад вывезьлі ў Вільню пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Англічанін Вільям Кокс (William Coxe) распавядае пра сустрэчу з каралём Станіславам Аўгустам, які з болем пераказаў яму гісторыю расейскіх інтрыг: якраз адбыўся першы падзел Польска-Літоўскай дзяржавы. Расейскія паўкі ідуць да Варшавы, але Кокс пасьпее сустрэць усіх, хто імкнуўся пасярод войнаў і галечы зрабіць Гродна разьвітым і культурным горадам: брытанца запрашае на экскурсію той самы Жылібэр, а гарадзенскі адміністратар Тызэнгаўз прыме яго пасьля мясцовага сойміка ў сябе і запросіць на баль. Кокс акуратна ўсё занатуе і потым не без іроніі перакажа нам: і як пыхлівыя шляхціцы танчылі ў палацах і хваліліся шаблямі, і як прыгонныя рабочыя мануфактураў рабілі стрэльбы і рабілі упрыгожаньні і карункі ў пераробленых стайнях-мануфактурах. Прыгонная праца надзвычай малаэфектыўная са шкадаваньнем адзначыць ён, але мясцовыя паны не даюць рабочым волю, бо баяцца, каб кваліфікаваныя майстры не паўцякалі ад іх.

Мне ня так горка нават, што яшчэ адну з гэтых каралеўскіх стаень-мануфактур месяц таму зруйнавалі - мне здаецца, калі я перагарну яшчэ старонку, Кокс пройдзе за наступны паварот па той вулачцы і я яго вачыма ўбачу рог яшчэ аднаго дома, які ўжо два гады як зьнік у пыле і кроквы якога вывезьлі на ЗІЛе як паламаны шкілет рабочыя СБУ-2. Магчыма, англічанін нават зойдзе ў славутую карчму Галеча, магчыма - ня спыніцца і пашыбуе да палацу губэрнатара, або заглядзіцца на танцы надвячоркам каля якога шынка, дастане нататнік і аўтарытэтна напіша: "танцы тут простыя, але ім не бракуе грацыі, і настрой у іх выключна прыемны", а побач з нататкай намалюе шляхціца: …і паставіць дакладную дату: 13 жніўня 1778 года. 229 год таму.

Бік/Ю

І: Візыт у Гродна, 13 жніўня 1778

13 жніўня. Мы рана выехалі з Беластока і пасля перасячэння дастаткова вялікага леса заехалі ў менш лясістую краіну, поўную збожжавымі і пашамі; мястэчкі і вескі былі доўгімі і раскіданымі; усе пабудовы і нават царквы зроблены з дрэва; цэлыя натоўпы жабракоў акружылі наш экіпаж, а габрэі з'явіліся ў вельмі вялікай колькасці. У чатыры гадзіны дня мы праехалі недагледжаныя прыгарады, населеныя аднымі габрэямі, і пераехалі цераз Нёман - шырокую, чыстую і мелкую раку, пасля падняліся на высокі бераг і апынуліся ў Горадні, пабудаванай на ўзвышшы, якое ўздымаецца над ракой. Хаця Вільня з'яўляецца афіцыйнай сталіцай, усе ж такі Горадня ўважаецца за галоўны горад у Літве. Раней Літвой кіравалі яе ўласныя суверэны - вялікія князі. З таго супрацьстаяння, якое звычайна існуе паміж сумежнымі дзяржавамі, дзьве нацыі былі ўцягнуты ў серыю бясконцых войнаў да 1386 года, калі Вялікі Князь Ягайла ажаніўся зь Ядвігай і перайшоў у хрысціянскую рэлігіяю, узышоў на польскі трон і пачаў кіраваць адразу абедзьвюма краінамі.

Горадня - гэта вялікае і раскіданае па мясцовасці места, хаця ў ім жыве не больш за 3 тысячы хрысціян, не лічачы людзей, заангажаваных ў працы на мануфактурах, і тысяча габрэяў. Па ўсім відаць, што горад знаходзіцца ў заняпадзе, бо складаецца з неверагоднай сумесі няшчасных хацінаў, напаўразбураных будынкаў і руінаў палацаў з пышнымі брамамі - усе, што засталося ад былой раскошы. Нешматлікія будынкі ў добрым стане робяць кантраст яшчэ больш заўважным. Стары палац, у якім каралі пражывалі падчас знаходжання ў горадзе, стаіць на пясчаным узвышшы, якое рэзка ўздымаецца на беразе ракі: на тым месцы ўсе яшчэ існуюць рэшткі старадаўніх муроў. Насупраць гэтага ўзвышша стаіць новы палац, пабудаваны Аўгустам III, але ніколі не населеным. У ім знаходзяцца залі, дзе праводзяцца дзяржаўныя соймы - дакладней, будуць правадзіцца, калі яны яшчэ калі-небудзь адбудуцца ў Горадні. Згодна са спецыяльнай дамовай, Люблін, Пажуў (Parzow) ці Горадня, ці любы іншы вялікі горад, мусіў стаць месцам правядзеньня соймаў польскіх і літоўскіх прадстаўнікоў; але ў артыкулах Уніі было пазначана, што Варшава павінна стаць тым мейсцам, дзе збіраюцца прадстаўнікі двух народаў на сойм. У 1673 годзе было дазволена, каб кожны трэці сойм праводзіўся ў Горадні, і згодна з гэтым законам, першы нацыянальны сход был праведзены тут у 1678 годзе Янам Сабескім. Але калі прыйшла чарга ізноў праводзіць сойм у Горадні, манарх прызначыў яго у Варшаве: жыхары літоўскага княства жорстка выступалі супраць такога парушэння іх правоў, і іх прадстаўнікі, замест таго, каб збірацца ў Варшаве, дзе знаходзіўся кароль і сенат і папскі нунцый, прыехалі на сустрэчу ў Горадні і заснавалі свой уласны сойм. З мэтай прадухіліць грамадзянскую вайну, якую магло справакаваць такое падзяленне, пачаліся перамовы і хутка было пастаноўлена, што сойм 1673 года збярэцца ў Варшаве, але будзе названы Гарадзенскім соймам, і што маршалак сойма будзе літоўскім нунцыям. З тых часоў соймы час ад часу збіраліся ў Горадні да пачатку кіравання цяперашняга караля, калі соймы сталі зьбірацца выключна ў Варшаве. Гэтая іннавацыя была моўчкі падтрымана жыхарамі Літвы, часткова з-за таго, што горад знаходзіўся далека ад каралеўскага мейсца жыхарства, часткова - з улікам праблемаў, што патрэслі краіну. Горадня зараз - памежны горад па выніках расійскага падзелу Польшы. У кастрычніку 1784 года сойм ізноў сабраўся ў Горадні.

У нас быў рэкамендацыйны ліст да Містэра Жылібэра, вельмі таленавітага французскага натураліста, які займае пасаду кіраўніка коледжа і батанічнага саду. Кароль Польшчы заснаваў Каралеўскую Акадэмію Фізыкі Літвы, у якой 10 студэнтаў навучаюцца фізыцы, і 20 - хірургі. Усе яны забясьпечаныя жытлом і стыпендыямі на навучаньне за каралеўкі кошт. Батанічны сад, якога яшчэ не было ў 1776, у 1778, калі я зноў праязджаў праз горад, рабіў надзвычай добрае ўражаньне дзякуючы ўвазе і нагляду містэра Жылібэра. 1,500 экзатычных расьлінаў, асабліва некалькі далікатных Амэрыканскіх расьлінаў, якія растуць у адкрытым грунце, буяюць надзвычай добра ў гэтым клімаце. Містэр Жылібэр сказаў мне, што ён паведаміў мне, што ён знайшоў 200 відаў расьлінаў у Літве, якія лічыліся існуючымі толькі ў Сібіры, Татарыі і Швэцыі, і што ў цэлым Княстве ён знайшоў 980 відаў, акрамя тых, якія распаўсюджаныя ў іншых краінах Эўропы. Ён нядаўна засанаваў малую калекцыю, якая збольшага складаецца з экспанатаў зь Літвы і якую ён выкарыстоўвае для даследваньня натуральнай гісторыі княства: ён прапануе пачаць публікацыі на гэтую тэму з тома Flora Lithuanica, пасьля чаго будуць выдадзеныя апісаньні мінэралёгіі, насекомых, чацвераногіх, і птушак. Улічваючы дзіцячы ўзрост навуковай думкі пра натуральную гісторыю ў гэтай краіне, гэты плян патрабуе доўгатэрміновай працы і шмат настойлівасьці. Жывёлы, якія бродзяць па бязмежных пушчах Літвы - гэта найперш мядзведзь, воўк, лось, дзікі вол, рысь, бобр, расамаха і дзікі кот.

У Горадні я меў магчымасць назіраць за самкай дзікага вала, магчыма, той самай чатырохногай жывелы, апісанай Арыстоцелем і названай ім Bonafus, потым вядомага як Urus у каментарыях Цэзара, і пазней названага бізонам некаторымі натуралістамі. Палас (Pallas) паведамляе нам, што гэты від дзікага вала, які быў раней вельмі распаўсюджаны ў Эўропе, цяпер нідзе не захаваўся на кантыненце, акрамя лясоў Літвы, некаторых частак Карпацкіх гор, і магчыма Каўказу. Ён таксама пагаджаецца з Бусонам (Busson) у тым, што бізон або дзікі вол Амэрыкі - гэта толькі падвід тых жа жывёл, які змяніўся з-за клімату.

Містэр Жылібэр паведаміў мне пра вялікую колькасць жоўтага бурштыну, які часта знаходзяць у літоўскіх лясах і што магчыма прадуцэнтам яго з'яўляецца маленькая смалістая хвоя.

Наступнай раніцай мы наведалі мануфактуры, заснаваныя каралем ў 1776 годзе. Яны працавалі ў драўляных навесах, пабудаваных Аўгустам III для стайняў, якія былі пераробленыя ў часовыя працоўныя памяшканні і жылыя дамы для рабочых. Чакался, што хутка цэлая ўстанова будзе перанесена ў Ласосна, веску побач з Горадней, дзе амаль скончаная будоўля выгодных пабудоваў, усталяваныя на грошы караля. Асноўная вытворчасць -палатно, тканіна кшталту «камлот», бавоўна, карункі, шаўковыя панчохі, капялюшы, карункі, агнявая зброя, карты, іголкі, воск, экіпажы і г.д. Навакольныя сёлы пастаўляюць вялікую колькасць поўсці, лену, пенькі, бабровага футра і воску для таго, каб забяспечыць прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць гэтыя спажыўчыя прадметы; але шаўковая ніць, фарбы, жалеза, золата і срэбра для габеленаў, і тонкая ніць з Брусэля для карункаў, імпартуюцца. Гэтыя прадпрыемствы наймаюць да 3000 чалавек, уключаючы тых, што жывуць у суседніх весках - яны ткуць палатно. Семдзесят іншаземцаў кіруюць рознымі накірункамі вытворчасці; астатнія - мясцовыя ўраджэнцы, якія належаць да ўладанняў караля. Вучні - дзеці польскіх сялян, якія добра апранутыя і харчуюцца там, да таго ж атрымліваюць маленкае грашовае забеспячэнне. Начальнікі скардзяцца, што нягледзячы на тое, што вучні лепш харчуюцца і жывуць чым іншыя сяляне, яны ня здольныя нейкім чынам інтэнсіфікаваць вучэбны працэс і падвысіць прадукцыйнасць працы нічым акрамя сілы. І не варта гэтаму дзівіцца, бо яны ўсе яшчэ знаходзяцца ў стане прыгона, залежнасці, і баяцца, што могуць быць пазбаўленыя ўласнага заробка; бо часта здараецца, што тыя невялікія грошы, атрыманыя з іх працы, забіраюць у іх каб заплаціць за арэнду, бо гэтыя грошы вінныя іх бацькі. Адзін з гэтых вучняў, больш праніклівы чым астатнія, паведаміў начальніку, які спрабаваў стымуляваць яе энтузіязм: "Якую выгоду я атрымаю, калі зраблю ўсе, як вы жадаеце? Нават калі я стану майстрам ў гэтай прафэсіі, то застануся рабом, і праца будзе маёй, але прыбытак - панскім". Большасць з іх знаходзіцца ў стане сталай меланхоліі, і яны відавочна працуюць пад прымусам, а не добраахвотна. Як сродак да пазбаўлення ад гэтага зла была прапанова, каб пасля акрэсленага перыяду даваць свабоду тым, хто асабліва вылучаецца і заслугоўвае гэтага значнымі высілкамі. Але гэта гуманная прапанова была адхілена, таму што палічылі, што свабодныя людзі больш не будуць працаваць і мануфактуры пазбавяцца сваіх лепшых рук. Хаця такая нязручнасць магла мець мейсца, але ж падтрымка такога рэгулявання, магла б стварыць значна большую колькасць здольных рамесьнікаў, чым колькасьць тых, хто насамрэч атрымае свабоду. Гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца яшчэ ў стадыі фармаваньня, але яны даюць дадатковыя прычыны паважаць іх каралеўскага заснавальніка, асабліва дзеля таго, што ён надзяляе ім ўвагу нягледзячы на грамадзкія турбуленцыя, якія трэслі яго трон апошні час.

У першы вечар нашага знаходжання ў Горадні польскі дваранін, якому мы былі прадстаўлены містэрам Жылібэрам, запрасіў нас на вячэру з вялікай адкрытасцю і сардэчнасцю. Пасля гадзіны размовы ен прадаставіў нас сваей жонцы і сыйшоў; пры гэтым ен не з'яўляўся больш цэлы вечар. Гэтая няўвага, якая кантраставала з ранейшай ветлівасцю запрашэння спачатку выклікала ў нас здзіўленне; але апасля мы даведаліся, што добрыя манеры кіравалі ім у абодвух выпадках. Запрасіўшы перад намі некалькіх польскіх спадароў, якія не размаўлялі на французскай мове і свабодна пілі, і ён справядліва падумаў, што мы са значна большай прыемнасцю зможам правесці гэты вечар у кампаніі ледзі. У выніку атрымалася вельмі прыемная вечарына за вячэрай; бо палякі вельмі жыццялюбівыя людзі, і жанчыны іх вельмі гжэчныя і выхаваныя.

Мы абедалі на наступны дзень з віцэ-канцлерам Літвы графам Тызенгаузам; гэта была імпрэза, прымеркаваная да будучага сойміку, які меў адбыцца ў Горадні з мэтай выбраць прадстаўнікоў на будучы вялікі сойм. За сталом было восемдзесят дваран, усе, за рэдкім выключэннем, у нацыянальных строях, голавы былі паголеныя згодна польскай модзе. Перад абедам яны віталіся з віцэ-канцлерам з вялікай павагай, некаторыя цалавалі ніз яго вопраткі, іншыя нахіляліся і цалавалі яго ногі. Увечары быў баль. Кампанія забаўляла сабе польскімі і англійскімі танцамі. Польскія танцы простыя, але ім не бракуе грацыі, і настрой у іх выключна прыемны: кампанія стаіць у парах, першы кавалер вядзе сваю партнэрку ўздоўж пакоя вельмі падобным да менуэта спосабам. Пасля ен адпускае руку жанчыны, робіць маленькае кола і зноў паўтарае тыя ж самыя рухі да сканчэння. Другая пара пачынае, як толькі першая зробіць пару крокаў, і хутка ідзе за ей такім чынам, каб усе пары нібыта плылі адна за адной адначасова. Палякі вельмі любяць гэты танец, хаця ў ім амаль няма разнастайнасці - яны працягваюць рабіць гэта напрацягу паўгадзіны і часта ўзнаўлялі яго падчас вечара. Інтэрвалы былі запоўнены англійскімі народнымі танцамі, якія яны выконвалі так жа майстарскі і з такім жа захапленнем. Элегантная вячэра, на якую былі запрошаны толькі выбраныя асобы, стала прыемным завяршэннем дня. Граф ветліва пераконваў нас, каб мы правялі яшчэ час у Горадні і запрасіў нас ў свой дом, але паколькі мы імкнуліся як мага хутчэй трапіць у Пітэрбург да пачатку зімы, мы адмовіліся ад яго запрашэння, якое ў любым іншым выпадку прынялі б з задавальненнем. Некаторыя прадстаўнікі гарадзенскай кампаніі аднак жа спрабавалі затрымаць нас, прымусіўшы працаўніка, які рэмантаваў наш экіпаж, працаваць як мага павольней. І хаця мы заўважылі гэтыя захады, мы тым ня менш зрабілі выгляд, што нічога не было. Але каб не прычыняць нікому нязручнасцяў, мы вырашылі з'ехаць уначы, не інфармуючы нікога. Мы накіроўваліся ў Вільню, але паколькі гэта быў час выбрання прадстаўнікоў на сойм, паштальён паведаміў нам, што з-за адсутнасці коняў мы будзем некаторы час чакаць у нейкай няшчаснай вёсцы, таму мы з вялікім расчараваннем былі вымушаны змяніць наш маршрут, хаця ўсе вельмі хацелі патрапіць у сталіцу Літвы.


ІІ: Мір, Новагародзец, Менск, шляхецкая дэмакратыя ў дзеяньні, 15-17 жніўня 1778

Колькасць габрэяў.- Кепская якасць дарог і недаступнасць месцаў для начлегу . - Завяршэнне сойму ў Менску.-Скрайняя беднасць мясцовых жыхароў. -Параўнаўчы погляд на польскіх і швайцарскіх сялянаў - Заўвагі на тэму каўтуна (Plica Polonica). У час нашага падарожжа па Літоўскім княстве нас ўразілі вялікія натоўпы габрэяў, якія, хаця і з'яўляюцца ў вялікай колькасці ў кожнай частцы Польшчы, але, здаецца, маюць свае галоўныя пасяленні тут, у гэтай частцы дзяржавы. Калі вы шукаеце перакладчыка, вам прыводзяць габрэя; калі вы прыходзіце ў карчму, то гаспадар - габрэй; калі вы хочаце знайсці паштовых коняў, то габрэй іх знойдзе, і габрэй будзе імі кіраваць; калі вы купляеце нешта, то габрэй зноў вам дапаможа: гэта, напэўна, адзіная краіна ў Эўропе, дзе габрэі працуюць на зямлі, і мы часта бачылі іх занятымі сеяннем, жатвой, кастбой, і іншымі відамі работы.

Дарогі ў Літве цалкам закінутыя, ненашмат лепшыя за проста сцежкі, якія кружляюць праз гушчары без найменшай прыкметы штучнага накірунку: яны часцяком становяцца такімі вузкімі, што з цяжкасюць прапускаюць калёсы; іх пастаянна перакрываюць ствалы і пні дрэваў, і на дарозе бывае шмат пяску, ад чаго восем маленькіх коняў ледзве цягнулі нас наперад. Нам дапамагалі памочнікі кучара, якімі часта былі хлопчыкі дзесяці або дванаццаці гадоў, загартаваныя і суворыя, якія ехалі прамежкі 20 або нават 30 ангельскіх міляў без сядла, і апранутыя ўсяго ў кашулю і парткі. Масты цераз рачулкі і ручаі былі настолькі кволымі і такімі старымі, што яны, здавалія гатовымі распасціся пад вагой павозкі, і мы сябе віншавалі з тым, што здолелі іх пераехаць без здарэнняў. Некаторыя вандраўнікі заўважалі, што лясы, праз якія ляжаў наш шлях, [часта] запальваюцца ад маланак або іншых натуральных прычынаў, і гараць доўгі час. Мы спачатку лічылі гэта прадстаўленьне добраабгрунтаваным, бо бачылі ў шматлікія выпаленыя месцы. Як мы высветлілі, запытаўшы, сяляне мусяць здаваць панам пэўную колькасць скіпідару штогод, і для гэтага спальваюць стаячыя ствалы хвояў, і збіраюць жывіцу, калі яна цячэ па галінах. Мы бачылі няшмат дрэваў без адзнакаў агню на іх: некаторыя былі чалкам пачарнеўшымі, і амаль да залы спаленыя, некаторыя напалову, іншыя значна апаленыя, але яна ўсё ж працягвалі расці.

15 жніўня. Пасля 12 гадзінаў бесперапыннай вандроўкі мы прыбылі позна ўвечары ў Беліцу, што знаходзіцца ў 90 мілях ад Горадні, спадзяючыся ўжо з раніцы 17-га быць у Менску, дзе быў прызначаны соймік па выбары нунцыя. Мы спыніліся на кароткі час у Навагродцы, які ўвесь пабудаваны з дрэва, за выключэннем двох ці трох напаўразбураных цэгляных будынкаў, жаночага манастыра іезуітаў і некалькіх развальваючыхся муроў навокал невялікага ўзвышша, каранаванага рэшткамі старой цытадэлі. Каля Навагродца мы бачылі шмат узвышшаў, якія сяляне клічуць шведскімі магіламі. У гэтай частцы краіна была менш пясчанай, з багатай глебай, і больш разнастайнымі ўзвышшамі і далінамі: неабсяжныя прасторы лясоў часцей перарываліся вёскамі і палямі, на якіх пасвіліся шматлікія статкі рагатай жывелы. Па прыбыцці ў маленькую веску Мір мы пачулі, што наш намер прыехаць у Менск да раніцы быў практычна нерэальны, нават калі б мы працягвалі ехаць усю ноч. Адлегласць да Менску была дзесьці паміж 60 і 70 мілямі, ноч надзвычай цемнай, дарога дрэннай; да таго ж нам паведамілі, што наперадзе нас чакаюць некалькі мастоў, якія цяжка праехаць нават удзень без адмысловых перасцярогаў. Наша прага наведаць выбары нунцыя усе ж такі саступіла гэтым папярэджанням, асабістая бяспека была важнейшай за амбіцыі. Але Мір не занадта стымуляваў жаданне застацца ў ім, бо галеча жыхароў адмаўляла саму магчымасць нават самых звычайных выгодаў і харчавання; адзіным пазітыўным дадаткам было тое, што прынамсі тут не існавала небяспекі, звязанай з падарожжам, і найбольшым камфортам для нас было тое, што мы перадыхнулі ад дарожнай стомы.

Увечары 17 мы прыехалі ў Менск. У параўнаньні з надзвычай благімі ўмовамі нашага начлегу ў Міры, Менск падаўся нам узорам высогака густу й раскошы. Там мы жылі ў камфорце, які дагэтуль быў нам невядомы; акуратны, вымыты пакой з цаглянай падлогай, адсутнасьць скочак і мух, вялікая колькасьць чыстай саломы, добрага хлеба і свежага мяса. Начны сон аднавіў нашыя сілы, і мы накіраваліся ў сталовую залю Езуіцкага кляштару, дзе на папярэдні дзень былі абраныя нунцыі. Спачатку мы не маглі патрапіць ваўнутр, пакуль не з'явіўся чалавек, які выглядаў важнай асобай, які запытаўся па-нямецку, з якой краіны мы былі, і з якой мэтай з'явіліся. Мы адказалі, што мы - тры джэнтэльмены з Англіі, якія меліжаданне хацелі наглядаць кожную з'яву, вартую ўвагі, у гэтым месцы. Спадар выказаў здзіўленьне наконт прастаты нашага адзеньня, асабліва наконт адсутнасці шабляў. "У Польшчы," - ён сказаў, - "кожны джэнтэльмен носіць сваю шаблю як знак свайго рангу і ніколі не з'яўляецца на людзях без яе. Я прапаную вам пратрымлівацца гэтай традыцыі, пакуль вы вандруеце па гэтай краіне, калі вы хочаце, каб да вас ставіліся як да джэнтэльменаў".

Мы падзякавалі за параду і прайшлі ўслед за ім у сталовую залю. У залі мы знайшлі большасць дэлегатаў сойму, якія ўжо не былі занятыя справамі дзяржаўнай важнасьці. Іншымі словамі, яны проста пілі, што з'яўляецца такой жа важнай часткай выбарчага працэсу ў Польшчы, як і ў Брытаніі. Адзін спадар, да якога ўсе ставіліся з павагай, быў заняты тым, што паднасіў келіхі выбарцам, якія стаялі ў розных кутах залі. Выбарцы краналі хлеб, кланяліся й пілі за здароў'е нунцыяў і адзін аднаго з адзнакай вялікай сур'ёзнасці на тварах. Некаторыя з польскіх джэнтэльменаў размаўлялі са мной на латыні - яны растлумачылі мне, што кожная з ваяводзтва падзяляецца на пэўную колькасьць раёнаў, і што кожны раён абірае двох нунцыяў.

Я спытаў, ці былі альтэрнатыва на выбарах і яны паведамілі мне, што 3 кандыдаты ўдзельнічалі. Калі я спытаў, ці належаўвыбраны нунцый да партыі караля, яны адказалі мне, што "У дадзеным выпадку мы следавалі рэкамендацыі караля." "Ваша рашэнне, - адказаў я - вельмі разумнае: ці ён не з'яўляецца добрым кіраўніком?" "Добрым кіраўніком!" - сказалі палякі. "Так, ён - найбольш бліскучы кароль, які калі-небудзь займаў трон."

Мінск - гэта вялікае места: дзве царквы, і кляштар, які належыць езуітам, пабудаваныя з цэглы, а астатнія будынкі, хаця і драўляныя, але маюць прыстойнейшы выгляд, чым большасць будынкаў у краіне.

Па вяртанні ў карчму, мы атрымалі запрашэнне на абед ад аднаго польскага графа: але паклькі надвор'е было падыходзячым, і наш экіпаж быў каля брамы, і ўсе рэчы былі падрыхтаваныя да імгненнага ад'езду, мы вырашылі адмовіцца ад магчымасці увесялення дзеля магчымасці паскорыць нашу вандроўку. (працяг будзе!)

18 жніўня. Мы былі надта стомленыя нашай вандроўкай ад Менска да Смалявіч, якія, хаця і знаходзяцца ў 30 мілях, з-за кепскіх дарог і нечаканых затрымак з'явіліся перад намі толькі праз 12 гадзінаў. Надвор'е было халоднае, гасцінец горай чым звычайна, дзьмуў марозны вецер, вечар быў незвычайна цёмны. Мы ўжо амаль закінулі надзею дасягнуць месца прызначэння да цемры, калі гук адчыняючыхся дзвярэй і грукат калесаў экіпажа па бярвенні не абвясцілі нам прыбыцце. Скураныя запавесы экіпажа былі шчыльна заторгнутымі супраць ветру і дажджу, і яшчэ некалькі імгненьняў мы не былі ўпэўненыя, куды прыехалі. Апасля высадкі мы апынуліся ў сярэдзіне вялікай адрыны, у дальнім канцы якой у полымі адкрытага без коміна агменю ляжалі дзве вялікія хвоі, цэлыя, з усімі галінкамі. Агмень быў акружаны некалькімі постацямі, у чорных робах, з даўгімі барадамі, занятых падтрымкай агню. Вера ў вядзьмарства або нейкія забабоны, калі б мы іх мелі, маглі б прадставіць усю гэтую кампанію як групу ведзьмакоў, што бралі ўдзел у нейкім таямнічым рытуале; але па нядоўгім разглядзе мы заўважылі, што нашыя сябры былі жыдамі, якія гатавалі вячэру.

Наступным ранкам мы рушылі далей, па нашам звычаі, ад самай раніцы, не маючы ані малейшага жадання застацца больш чым трэба ў гэтых поўных паразітамі хацінах, дзе бруд і галеча ідуць рука аб руку. Каля Барысава мы пераехалі Бярэзіну, якая памылкова была пазначаная некаторымі географамі як сучасная мяжа паміж Расіяй і Польшчай, і з іншага боку горада натыркнуліся на лагер 2000 расійскіх салдат, якія крочылі на Варшаву. У Барысаве жыды забяспечылі нас дзесяццю конямі і размясцілі іх у два рады, шэсць за намі і чатыры спераду. Двух задніх коняў запрэглі да задняй папярэчыны фаэтону, двух - да задняга колавага валу па абодвух баках, і апошніх двух - да пярэдняга; яшчэ чацвёрку запрэглі спераду початам. Патрабуецца вялікая вынаходлівасць, каб правільна змясціць коняў, таму вазніцы доўга важдаліся, перасоўваючы жывёлаў згодна іх якасцяў і здароўя. Нарэшце атрымалася камбінацыя, якая іх задаволіла, але ў выніку шырыня экіпажа з конямі атрымалася досыць вялікай. Добра ведаючы, што коні, пастаўленыя такім чынам, патрабуюць больш мейсца, чым маюць шырыню польскія дарогі, мы спрабавалі пераканаць возніцаў размясціць іх парамі, але тыя ўперліся і не жадалі слухаць нашых аргументаў. У выніку нам дазволілі перасунуць толькі двух задніх канёў узамен абяцаньню, што астатніх чапаць не будзем. У гэты спосаб мы працягнулі падарожжа, стала сутыкаючыся з перашкодамі на шляху праз дзікую мясцовасць, якая настолькі зарасла лесам, што наша карэта ледзьве змяшчалася ў дарогу. У некаторых мейсцах мы былі вымушаны выпрагчы двух, а то нават і чатырох канёў; часта даводзілася вылазіць і дапамагаць прыбіраць з дарогі падлыя дрэвы, пракладаючы дарогу праз амаль непраходны лес. Дзе-нідзе на дрэвах на вышыні ў 12 футаў мы бачылі пляцоўкі з дошак; у радыюсе яны мелі 3 футы. Падчас вялікіх паляванняў да гэтых пляцовак прыстаўляюцца драбінкі, каб пераследуемы мядзведзям паляўнічы мог залезці ўгару ды выцягнуць яе за сабой. Мядзведзі няблага лазаюць па дрэвах, але тое, якім чынам месціцца пляцоўка, замінае ім дабрацца да ахвяры.

Мы былі шчаслівы нарэшце сягнуць Наіцы, хаця спыніліся ў самай няшчаснай хаце з усіх, што бачылі за ўвесь час нашай вандроўкі. Адзінай рэччу з мэблі быў маленькі стол, а адзіным посудам - паламаны гліняны чыгун, у якім мы згатавалі сабе вячэру; ён жа выкарыстоўваўся як талерка. Мы з'елі нашу бедную ежу пад святлом лучыны, якая была ўтыркнутая ў шчыліну сцяны і навісала над сталом. Гэтая лучына гарэла, калі гэта можна так назваць, толькі дзякуючы скіпідару, якім была прапітана. Яна служыла нам замест знічак, пра якія, відаць, не чуў ніхто ва ўсёй гэтай вёсцы. Дзіўна, што нядбайны метад выкарыстання гэтых лучын не надта часта прыводзіць да жахлівых наступстваў, хаця жыхары выкарыстоўваюць іх з мінімальнай асцярожнасцю; аскеркі часцяком падалі на салому нашых ложкаў. Пры ўсім гэтым мы былі не ў стане абудзіць у тутэйшых хаця якую ступень асцярожнасці. Праз некаторы час мы ўжо амаль без эмоцый тушылі аскеркі, кожная з якіх магла прывесці да вялікага пажару. Справа дайшла да таго, што я пачаў праводзіць лучынай па стосе саломы, каб знайсці нейкую дробязь, згубленую ў ёй. Гэтая цалкам "мясцовая" нядбайнасць пераканала мяне ў тым (калі так можна параўнаць), што я здолеў бы жыць нават у падножжы гары Везувій, не баючыся вывяржэння або мяшкацца ў Канстантынопалі падчас спусташаючай чумы.

Цягам нашага падарожжу мы назіралі некалькіх чалавекаў са зблытанымі пакамячанымі валасамі, што пайшло ад бязладзіцы, названай Plica Polonica, або каўтун польскі: гэтая хвароба з'яўляецца спецыфічнай для Польшчы, хаця з'яўляецца вельмі частай і ў Вугоршчыне, Тартарах і некалькіх памежных гаспадарствах, і выпадкі яе час ад часу праяўляюцца ў іншых краінах. Згодна назіранням доктара Веата, вынаходлівага швейцарскага лекара, які доўга жыў у Польшчы і выдаў трактат на гэту тэму, Plica Polonica спавадуецца нечым у поце хворага чалавека, што, трапляючы на валасы, склейвае іх у адну масу ці на асобныя пасмы. Сімптомы, больш ці менш моцныя, згодна канстытуцыі пацыента, гэта зуд, пухліны, язвы, болі ў галаве, слабасць і г.д.

Plica Polonica - гэта інфекцыйная хвароба, якая, як і праказа, усе яшчэ мае мейсца сярод людзей, ігнаруючых медыцыну, і няўважлівых да яе прагрэсу; яна рэдка з'яўляюцца ў тых краінах, дзе прымаюцца адпаведныя гігіенічныя захады. Інфекцыя не распаўсюджваецца сярод рускіх верагодна праз выкарыстанне лазні.

**Немагчыма ўявіць, наколькі малыя патрэбы для жыцця ў літоўскіх сялянаў! Іх калёсы робяцца без ужываньня жалеза. Папруга і павады звычайна сплятаюцца з кары дрэваў або з пераплеценых галінаў. Яны ня маюць іншых прыладаў акрамя сякеры, каб будаваць свае хаты, сваю мэблю і калёсы, іх вопратка - грубыя палатняная кашуля і нагавіцы, доўгае грубае паліто з воўны (drugget), або накідка з аўчынай шкуры, круглы чорны капялюш з падкладкай з воўны, і чаравікі, вырабленыя з кары дрэваў. Іх хаты будуюцца са стаўбуроў, пакладзеных адно на другое, і выглядаюць як нягеглыя кучы ламачча з драўлянымі стрэхамі. Наколькі гэта непадобна на швайцарскія катэджы, якія будуюцца з тых жа матар'ялаў! Але іх хаты адрозніваюцца не болей за іх манеры.

Вялікая розніца паміж швайцарскімі і польскімі сялянамі, у іх паводзінах і настроі, моцна адбівае кантраст паміж іх урадамі. Швайцарцы адкрытыя, маюць прамыя, грубаватыя манеры, але гатовыя служыць і дапамагаць вам; яны схіляюць злёгку галовы, або трохі сцягваюць набок капялюш, калі праязджаеш побач, але чакаюць, што ім таксама адкажуць з адпаведнай ветлівасьцю; яны гатовыя раззлавацца з-за любой грубасці, і іх не абразіш без адказнасьці за гэта. Зусім наадварот з польскімі сялянамі: яны надзвычай прыніжаныя ў тым, як выказваюць прыкметы павагі: яны схіляліся да зямлі, здымалі свае капялюшы або шапкі, трымаючы іх у руках да той пары, пакуль мы не схаваемся з віду, спынялі свае калёсы пры першым позірку на нашу павозку. Іншымі словамі, іх усе паводзіны былі яўнымі сімптомамі найвышэйшай ступені прыслужлівасці. І хаця свабоду праслаўляюць у Польшчы гэтак жа часта, як і ў Швайцарыі, наколькі па-рознаму адчуваецца яна ў гэтых дзвюх краінах! У адной яна роўна распаўсюджаная і дае спакой і шчасьце ўсяму грамадзтву; у другім выпадку, яна прывілюе жменьку людзей і ў рэчаіснасьці зьяўляецца найгоршым гатункам дэспатызму.

Калектыў перакладчыкаў - блогеры pozirk.org

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX