Папярэдняя старонка: Мемуары

Патоцкі Леан. Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын i Ружану 


Аўтар: Патоцкі Леан,
Дадана: 21-11-2010,
Крыніца: 'Полымя', 1997.

Спампаваць




Leon hr. Potocki (Bonawentura z Kochanowa)

Wspomnienia Swisłoczy Tyszkiewiczowskiej, Dereczynie i Różanie

Podał do druku oraz przedmowę i życiorys skreślił Mihał Federowski


Літаратурныя помнікі Беларусі

ЛЕАН ПАТОЦКІ

УСПАМІНЫ ПРА ТЫШКЕВІЧАВУ СВІСЛАЧ, ДЗЯРЭЧЫН I РУЖАНУ


MІHCK

«Полымя»

1997


УДК 947.6 «17/18» ББК 84(4Беи)6 П 20

Друкуецца паводле выдання: «Kwartalnik litewski», Petersburg, 1910 i 1911, t. II, III, IV i V.

Укладанне, прадмова, каментарыі A. M. Філатавай

Мастак У. К. Фокін

Пераклад з польскай I. У. Саламевіча

ISBN 5-345-00763-2 © Укладанне, прадмова, каментарыі.

A. М. Філатава, 1997 © Пераклад. I. У. Саламевіч, 1997 © Мастак. У. К. Фокін, 1997


ЗМЕСТ

ПРАДМОВА. A. Філатава 5

УСТУП: M. Федароўскі 10

ПРЫСВЯЧЭННЕ 16

СВІСЛАЧ 17

ДЗЯРЭЧЬІН 105

РУЖАНА 151

ЛЕАН, ГРАФ ПАТОЦКІ, ЯГО ЖЫЦЦЁ I ЛІТАРАТУРНАЯ ПРАЦА. М. Федароўскі 179

КАМЕНТАРЫІ 249

БІБЛІЯГРАФІЯ 265


Мемуары графа Патоцкага (1799-1864), якія выдавецтва «Полымя» прапануе чытачу,- каштоўная крыніца для літаратараў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў. Граф Леан, які вядомы яшчэ як «Банавентура з Каханова», быў звязаны сваяцтвам з вышэйшымі коламі Польшчы, браў удзел y падзеях 1830-1831 гг. на тэрыторыі Літвы. Аўтар знаёміць нас з тымі падзеямі i здарэннямі, сведкам якіх быў сам, a таксама з рознымі гістарычнымі звесткамі, паданнямі, учынкамі, якія асвятляюць жыццё старажытных беларускіх i ўкраінскіх родаў.


ПРАДМОВА

Магнацкія рэзідэнцыі... Гэта аб ix пісаў Адам Кіркор: «Як Нясвіж i Біржы - князёў Радзівілаў, Слуцк - Алелькавічаў-Слуцкіх, Слонім - Агінскіх, Беласток - Браніцкіх, Тульчын - Патоцкіх, так Ружаны i Дзярэчын князёў Сапегаў, якія славіліся сваёй раскошай, пышнасцю, багаццем. Тут канцэнтравалася маладое i старое шляхецтва, праяўляліся апошнія пробліскі рыцарскай адвагі, высокіх хрысціянскіх дабрачыннасцей, амаль легендарнай славянскай гасціннасці, i ў той жа час дзікага, неўтаймаванага свавольства, самаўпраўства i дэспатызму. Гэта была спадчына былых удзелаў, з той розніцай, што ўдзельных князёў змянілі вялікія князі, a вяльмож - ніхто, сам кароль не здолеў нічога зрабіць, i яны, пануючы над ліслівай дробнай шляхтай, беспакарана запраўлялі сваімі прыгоннымі, з'яўляліся неўтаймаванымі i больш моцнымі, чым нават буйныя ўдзельныя князі. Гэтыя княжацкія палацы былі ўвасабленнем свайго стагоддзя: ад высокага i прыгожага да самага нізкага i варварскага. Тут спалучаліся паэзія i буйныя оргіі, амаль бяспрыкладныя i самаадданыя праяўленні сапраўднага патрыятызму i самаўпраўства, прага навукі i мастацтва i побач з тым невуцтва, якое дазваляла катаванні чараўніц i іхняе спалк Усё тут было пераблытана, a ацалелыя дзе-нідзе бібліятэкі i архівы, трэба аддаць належнае, утрымліваліся ва ўзорным парадку i наглядна знаёмілі нас з жыццём, норавамі, звычаямі, адукацыяй i забабонамі» [1]. Гэтыя словы добра падыходзяць да тых магнацкіх рэзідэнцый, якія апісваюцца ў кнізе графа Леана Патоцкага «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын i Ружану». Кніга была ўпершыню надрукавана ў часопісе «Kwartalnik liteuski» [2], які выходзіў y С.-Пецярбургу на польскай мове.

Мемуары заўсёды былі вельмі каштоўнай крыніцай для даследчыкаў - гісторыкаў, літаратараў, мастацтвазнаўцаў. Дзякуючы ім мы можам паглядзець на жыццё іншых часоў вачыма іхных сучаснікаў. Вядома, што гэта позірк суб'ектыўны, але адносінаў да людзей, учынкаў, некаторых падзей, адпаведнага настрою не знойдзеш y сухіх архіўных дакументах. Мемуарнай літаратуры па гісторыі Беларусі захавалася вельмі мала, ды i тое, што засталося, напісана ў асноўным на польскай мове, існуе ў адзінкавых экземплярах i практычна недаступнае шырокаму колу чытачоў. Успаміны Л. Патоцкага аб Свіслачы, Ружанах i Дзярэчыне чытаюцца з не меншай цікавасцю, чым іншыя авантурныя раманы таго часу. Тут ёсць i прыгоды, i паданні, i цікавыя апісанні мясцінаў i асобаў, вельмі вядомых y свой час, з якімі аўтар быў добра знаёмы.

Шляхецкая анархія часоў уваходжання Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай, тры яе падзелы i далучэнне да Расійскай імперыі, вайна 1812 г., паўстанне 1830 - 1831 гг. - усё гэта адлюстроўваецца ва ўспамінах графа Патоцкага. A таксама i постаці людзей, як прадстаўнікоў магнацтва, асабліва тых, каго называлі ў той час дзівакамі, - графа Вінцэнта Тышкевіча i князя Францішка Сапегі, так i прадстаўнікоў сярэдняй i дробнай шляхты, якая завіхалася каля магнатаў.

Граф Леан Патоцкі ( 1799- 1864) нарадзіўся ў Каханове, што на Віцебшчыне. Адтуль i пайшла ягоная мянушка «Банавентура з Каханова». Бацька яго Станіслаў Патоцкі прымаў актыўны ўдзел y палітычных падзеях: быў ад'ютантам y Касцюшкі, a ў часы існавання Варшаўскага герцагства - y Фрыдрыха-Аўгуста. Па бацьку i маці, Юзэфе з Салагубавых, Патоцкія былі ў сваяцтве са знакамітымі родамі Польшчы: Замойскімі, Вялікапольскімі, Малахоўскімі. Таму сваё дзяцінства i маладосць Леан бавіў y вышэйшых колах Варшавы, дзе i скончыў універсітэт. Таксама, як i яго айчым Тадэвуш Тышкевіч, ён прыняў актыўны ўдзел y паўстанні 1830 - 1831 гг. на тэрыторыі Літвы. Займаўся пісьменніцтвам. Найбольш вядомы яго трохтомны твор «Мемуары пана Камяртона», выдадзены ўжо пасля смерці аўтара, дзе ён апісвае гістарычныя мясціны i помнікі, паданні, песні, звычаі i абрады літоўскага народа на тэрыторыі Курляндыі, Жмудзі i Літвы. Яго кніга выклікае інтарэс да гісторыі буйных магнацкіх рэзідэнцый канца XVIII - першай трэці XIX ст. Гэта Свіслач, якая належала графам Тышкевічам, Дзярэчын i Ружаны, якія былі ва ўладанні князёў Сапегаў. Аўтар піша таксама i аб Нясвіжы князёў Радзівілаў, аб Ляхавічах за часамі гетмана М. Масальскага. Граф успамінае не толькі аб сваіх асабістых сустрэчах з уладальнікамі маёнткаў, не толькі апісвае іхны стан y 20 -40-ых гадах XIX ст., але падае розныя гістарычныя звесткі, паданні, анекдоты аб уладальніках, выкарыстоўвае для гэтага вядомыя яму кнігі, апісвае не толькі свае сваяцкія сувязі, але i асвятляе гісторыю старажытных беларускіх i ўкраінскіх родаў. З аднаго боку, ён паказвае рэзідэнцыі як цэнтры культуры, з другога - піша i аб іхным эканамічным стане, апісвае, напрыклад, адну з самых буйных на Беларусі конскую ярмарку ў Зэльве.

У другой палове XVIII ст. y Рэчы Паспалітай працягвалася шляхецкая анархія. У гэтай дзяржаве магнаты займалі вышэйшыя пасады i валодалі вялікай зямельнай уласнасцю. Толькі ў цэнтральнай i заходняй Беларусі 16 магнацкіх сямей валодалі 30% ад агульнай колькасці зямлі. Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Тышкевічы, Чартарыйскія, Храптовічы i іншыя сканцэнтравалі ў сваіх руках вялікія эканамічныя i людскія рэсурсы.

Узмацнілася пакланенне перад заходнееўрапейскай культурай. У вышэйшых колах як Рэчы Паспалітай, так i Расійскай імперыі, акрамя лацінскай i нямецкай моў, пачалі шырока карыстацца французскай i англійскай. Магнацкія рэзідэнцыі, якія славіліся сваёй раскошай, арыентаваліся на Версаль i Дрэздэн, як, напрыклад, Дзярэчын, які звалі «малым Версалем».

Пры рэзідэнцыях існавалі прыдворныя тэатры, якія былі як y Свіслачы, так i ў Ружанах i Дзярэчыне. Ix дзейнасць стымулявала развіццё музыкі i мастацтва. Рэпертуар прыватнаўласніцкіх оперна-балетных тэатраў складаўся ў асноўным з твораў камедыйнага жанру, такіх, як опера-буф, французская камічная опера. Оперны i драматычны рэпертуар былі на італьянскай, французскай i нямецкай мовах, некагорая частка перакладалася на польскую. Свае прыдворныя тэатры магнаты супрацьпастаўлялі прыдворнаму каралеўскаму тэатру ў Варшаве. На ўсё, што спрыяла самавітасці ўдзельнага двара, магнаты грошай не шкадавалі. На галоўныя ролі запрашалі артыстаў з-за мяжы, y асноўным з Італіі, Аўстрыі. Уплыў аказваў i каралеўскі тэатр. Так, y Ружанах працаваў як кампазітар i капельмайстар італьянец Кіпрыяні. Тэатр Сапегі налічваў 60 артыстаў i танцоўшчыкаў, сярод якіх быў М. Пранмынскі, першы танцор i балетмайстар варшаўскіх тэатраў.


Далумэнне тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі зменшыла ўплыў магнацтва на грамадскае жыццё. Шлю6ы паміж сваякамі, якія мелі месца на працягу стагоддзяў, прыводзілі да выраджэння калісьці магутных родаў, многія з якіх на пачатку XIX ст. заставаліся беспатомнымі. Вялікія даўгі на маёнтках перайшлі да нашчадкаў з часоў Рэчы Паспалітай, a тыя яшчэ i павялічылі ix. Так, Францішак Сапега патраціў y Парыжы на пачатку XIX ст. каля 15 мільёнаў грошай. I калі продкі збіралі стагоддзямі багацце: па службе, па спадчыне, ці ў якасці пасагу, то нашчадкі спадчыну распрадавалі. Расійская імперыя не выносіла анархіі сярод прадстаўнікоў вышэйшых колаў, a таму ўдзел y тайных змовах, y вайне 1812 г., a асабліва ў паўстанні 1830-1831 гг. тых жа Тышкевічаў, Сапегаў, Пацеяў i іншых прывялі да таго, што яны былі вымушаны эмігрыраваць y асноўным y Парыж, ix вялізныя маёнткі былі ўзяты ў секвестар, a потым канфіскаваны. Знікла багацце, мінуў росквіт магнацкіх рэзідэнцый. I там, дзе калісьці было так прыгожа i весела, гучала музыка, як пісаў аўтар успамінаў аб Дзярэчыне, то застаўся, мусіць, толькі прывід князёўны, які апоўначы блукае ў цемры.

Падрыхтаваў рукапіс Л. Патоцкага да друку вядомы польскі этнограф Міхал Федароўскі (1853-1923). Пачынаючы з 70-ых гадоў XIX ст. ён збіраў на тэрыторыі Беласточчыны i Гродзеншчыны польскі i беларускі фальклор (байкі, паданні, песні, жарты, прымаўкі i інш.). У тым ліку i ў тых месцах, дзе адбываліся падзеі, якія апісвае Л. Патоцкі ў сваім рукапісе. З 1897 г. М. Федароўскі пачаў y Кракаве выданне працы пад агульнай назвай «Lud białoruski na Rusi Litewskiej» ( « Беларускі народ на Літоўскай Русі»), Апошні, 8-ы том, быў выдадзены ўжо ў наш час y Варшаве ў 1981 г. М. Федароўскі напісаў да рукапісу прадмову, біяграфію Л. Патоцкага i склаў бібліяграфію твораў ужо мала вядомага ў пачатку XX ст. аўтара i зусім забытага ў наш час. Як асобныя часткі яны ўвайшлі i ў гэтую кнігу. Будзем спадзявацца, што «Успаміны...» Л. Патоцкага, перакладзеныя з польскай на беларускую мову, выклічуць цікавасць шырокага кола чытачоў да менш вядомых, чым, напрыклад, Нясвіж, населеных пунктаў Беларусі i асобаў, якія жылі ў канцы XVIII пачатку XIX ст.

Алена Філатава



Уступ

Істотны pyx вакол выдання ўспамінаў пачаўся ў нас y палове мінулага стагоддзя. Апублікаваныя да сённяшняга дня творы гэтай галіны літаратуры ўяўляюць y болынай частцы звычаёва-гістарычныя факты канца XVIII i першай паловы XIX стагоддзя з жыцця Кароны i бадай што y аднолькавай ступені Падолля, Валыні, Украіны пераважна ў сферы культуры гэтых трох паўднёва-ўсходніх правінцый былой Рэчы Паспалітай. Успаміны гэтай пары, якія датычацца Літвы [3] i канцэнтруюцца пераважна толькі каля Вільні (універсітэцкае жыццё ў міцкевічаўскую эпоху) i радзівілаўскага Нясвіжа з неадступным кн. Каралем «Пане Каханку» [4], надзвычай жа скупыя. Сапраўды, Літва з яе розумам, добрасумленнасцю i прадбачлівасцю, якія ўвайшлі ў прыказку, мела меней магнацкіх рэзідэнцый, чым урадлівая Русь, але значна больш, чым яна мела інтэлігентных i культурных цэнтраў. Гэты, на першы погляд, дзіўны факт не з'яўляецца такім для таго, хто ведае пісаныя крывёю старонкі Літвы XIX ст. На зямлі Міцкевічаў [5] i Крашэўскіх [6] людзей, якія пішуць, хапала заўсёды. Але меч тут гуляў i агонь пустошыў непараўнальна больш, чым на Русі. I тут часцей, чым y пустых стэпах, глухой ноччу адгукаўся злавесны званок фельд'егера, які пралятаў міма. A на яго водгалас апаражняліся шуфляды сталоў, старыя сакрэтнікі i з дымам разам са звязкамі пісем ішлі ўспаміны пра мінулае i неаднаразова каштоўныя творы думкі i натхнення. Трывогаю, на жаль, розум не кіруе, таму з ліхаманкавай паспешнасцю, не задумваючыся i не спыняючыся, нішчылі ўсё: прадзедаўскую зброю, нацыянальныя помнікі, святыні, a найперш помнікі пісьменства; першыя найчасцей паглынала вада, другія знішчаў агонь. I што найсумнейшае, што з таго стогадовага паглынання літоўскіх печаў, камінаў, нават самавараў (так!), y чалавечых галовах амаль нічога не засталося. Вострыя нажніцы паслярэвалюцыйных i пасляпаўстанчых гадоў перарэзалі моцныя да таго часу ніткі айчынных традыцый i тое, што мясцілася ў выгнанчай памяці, прыкрыла плесень затхлых астрогаў ці засыпалі снягі сібірскай тайгі...

3 тых страшных гадоў узрушэнняў i няспынных знішчэнняў, паўстагоддзя праляжаўшы ў бяспечнай схованцы, на шчасце яшчэ выйшлі цэлымі гэтыя «Успаміны», павялічваючы мізэрную лічбу помнікаў, што найбольш абыходзілі няшчасную Літву.

Успаміны гэтыя на схіле вельмі багатага на прыгоды жыцця ўжо нямоглаю рукою пісаў хросны сын i любімец кн. Юзафа [7], вядомы ў нашай літаратуры гр. Леан Патоцкі, які свае працы падпісваў крыптанімам «Л. П.» або карыстаўся псеўданімам «Банавентура з Каханова».

Арыгінал гэтых успамінаў з'яўляецца ўласнасцю экспробашча Свіслацкай парафіі, a цяпер плябана ў Кундзіне кс. Канстанціна Косці. Шаноўны кс. Косця, атрымаўшы яго як падарунак ад кн. Гэлены Шлубінскай, як найстаранней зрабіўшы з яго копію, пажадаў ахвяраваць, дадаўшы пісьмовы дазвол: «ІІІаноўнаму марымонтчыку п. Здзіславу Бітнеру», ад якога, y сваю чаргу, ніжэй падпісаны, абдараваны тым каштоўным водпісам кс. Косці, мае гонар пісацца шчыра абавязаным i назаўсёды ўдзячным зяцем.

Каштоўны рукапіс гр. Л. ІІатоцкага месціць успаміны з канца XVIII i першай чвэрці мінулага стагоддзя, якія датычацца трох магнацкіх рэзідэнцый, размешчаных на Літве. З ix адна [8] была ва ўладаннях гаспадарлівых i адукаваных Тышкевічаў, дзве ж другія [9] былі ўладаннямі Сапегаў, якія калісьці разам з Радзівіламі баламуцілі ўсю Літву. Адсюль i ўся гэтая кніга ўспамінаў распадаецца на тры раздзелы, a менавіта: «I. Тышкевічаўская Свіслач», «II. Дзярэчын» i «III. Ружана». У апошнім чытач знойдзе жменю цікавых успамінаў пра «нездабытыя» калісьці Ляхавічы i суседні Нясвіж.

Кажучы дакладней, гэтыя «Успаміны» з'яўляюцца працягам мемуараў Патоцкага, выдадзеных y Познані Я. К. Жупанскім [10] праз паўтара дзесяткі гадоў пасля смерці аўтара (у 1876 г.). Гэта цікавая i даволі ўжо рэдкая праца выйшла пад назваю «Урывак з успамінаў першай маёй маладосці». У ёй, як тлумачыць сам загаловак, аўтар змясціў свае ўражанні з падлеткавых гадоў, якія ён праводзіў пераважна ў Варшаве i наперамену ў Яблонне ў кн. Юзафа. Тут жа i ўспаміны юнацкіх часоў, што дасягаюць ужо той гістарычнай буры, якая павінна была яго неўзабаве падхапіць разам з тысячамі іншых.

«Успаміны пра Свіслач, Дзярэчын i Ружану» не з'яўляюцца сухой геаграфічна-гістарычнай манаграфіяй, як нехта памылкова рабіў бы выснову на падставе назвы. Аўтар, толькі збольшага кранаючы мясцовасці i звязаныя з імі гістарычныя падзеі, кружыць пераважна навокал асобаў, з якімі быў y сяброўскіх або ў сваяцкіх адносінах. Праўдзіва i дакладна раскрывае ён штодзённыя станоўчыя якасці i недахопы тых людзей, іхнія клопаты i норавы, падрабязна апісвае ix рэзідэнцыі, грамадскае i прыватнае жыццё, нарэшце, ix забавы, баляванні, з'езды, паляванні.

У першай жа частцы нам прадстаўлены нібыта разцом здольнага гравёра выпукленыя, сімпатычныя рысы рэферэндарыя [11] Вінцэнта Тышкевіча [12] разам з выяваю яго раўнадушнай i вечна развяселенай жонкі i ix слугаў, рэзідэнтаў i ўсяго атачэння. He менш жыва намаляваныя раз пораз праходзяць перад поглядам чытача постаці то ўражлівага Карпінскага [13] з светлым Снядэцкім [14], то прасякнутага «моцай» Дамініка кн. Радзівіла [15], то гераічнага «без сучка i задзірынкі» генерала Тадэвуша Тышкевіча [16], a таксама яшчэ многіх i многіх асобаў. Ёсць тут i падрабязнае апісанне закладзенай рэферэндарыем славутай свіслацкай школы, якая для Літоўскай Русі была такім самым рассаднікам нашай культуры, як крамянецкі ліцэй для Русі паўднёвай.

У другой частцы «Успамінаў» Патоцкага з выключнай пластыкай выступае нетак, праўда, таямніча, як сучаснага Эміра Ржавускага [17], але не меней арыгінальная i не менш за Эміра прагная ўражанняў i вечна шукаючая прыгодаў (толькі іншых i ў іншым, зусім супраціўным баку кантынента) постаць разбайг ранізаванага эстэта, уладара Ружаны i Дзярэчына, кн. Францішка Сапегі [18]. Аўтар апісвае любімую ягбную рэзідэнцыю, поўную твораў мастацтва i дарагіх рэчаў, яго атачэнне, фэсты i ўвесь лад жыцця. Акрамя таго, ён прыводзіць цэлы шэраг фактаў, якія пацвярджаюць велізарны запас няспынна выдаванай князем энергіі на шкоду краю i сям'і: яго пастаянныя ваяжы, інтрыжкі i азартныя гульні, словам, імклівая плынь жыцця магната адлюстроўваецца тут ва ўсёй шырыні, ясна i выразна, як y найчысцейшым венецыянскім люстэрку. Нарэшце ў апошняй частцы, якая завяршае «Успаміны», побач з кн. «Пане Каханку» выдзяляецца постаць славутага скупярдзяя, уладальніка Ляхавіч, гетмана кн. Масальскага [19], a таксама яго звар'яцелага сына Юзафа [20], падчашага, узяўшага шлюб з няшчаснаю кн. Кацярынаю Сапяжанкаю. Да гэтага трэба дадаць, што Патоцкі, характарызуючы тыя ці іншыя асобы, усюды разгортвае перад чытачом сямейныя традыцыі, апісвае тагачасныя кампаніі, узаемаадносіны паміж суседзямі i адносіны літоўскіх магнатаў да народа i атачэння. Калі ў плынь аповяду ён часцяком уплятае зусім невядомыя анекдоты, легенды i паданні, тады яго «Успаміны», якія кідаюць ясны прамень святла на эпоху, што не ва ўсіх сваіх асаблівасцях асветлена над Нёманам належным чынам, уяўляюцца нам вельмі багатай скарбніцай фактаў для гісторыі звычаяў i асветы на Літве, каштоўных i для гісторыка, a найперш для мастака той эпохі.


Гаворачы пра літаратурны бок «Успамінаў», варта яшчэ хоць коратка згадаць, што аўтар надаў ім характар аповесці, y якой дарэмна шукаць палёту i ўзнёсласці Ружыцкага [21], чароўнасці Адынца [22], жывасці Ахоцкага [23]. Ёсць затое ў тым плаўным i спакойным аповедзе сівога аўтара-няўдачніка, які стаіць на парозе смерці, ясныя праявы ўражанняў i пачуццяў, ёсць выдатная назіральнасць i сталыя высновы. Вобразы любімых мясцінаў i людзей, без фантазёрства a ля Трыплін [24] або Касінскі [25] i без манатоннасці Канапацкага [26], Патоцкі прадстаўляе ў фарбах натуральных, сям-там нават з пэўным шармам i кранальнай чуллівасцю. Зрэшты, пахвальба яму зусім не ўласцівая. Яму нават можна зрабіць закід, што праз залішнюю сціпласць занадта астаецца ў ценю сам.

Нарэшце не лішнім будзе зазначыць, што перадаючы гэты рукапіс y друк, акрамя зменаў правапісу i знакаў прыпынку, a таксама замены ў назвах устаноў вялікіх літар на малыя, я нічога ў ім не апусціў i не дадаў.

М. Федароўскі.

Варшава, 19.VI. 1910.



ПРЫСВЯЧЭННЕ

Да маёй дачкі Ядвігі

Некалькі старонак успамінаў пра тую маладосць, якая не вяртаецца, пратое мінулае, якое я пакінуў далёка за сабою, пра тыя кароткія шчаслівыя хвіліны, якія так хутка мінулі, прысвячаю ТАБЕ, ДАЧКА МАЯ!

Усё прамінае, пралятае, праходзіць, толькі прывязанасць Бацькі да дзіцяці застаецца ад хвіліны, калі яго, якое прыходзіць на свет, ён вітае, да хвіліны, калі ў гадзіну смерці жагнае яго Бацькоўскім блаславеннем.

Калі лёс, загнаўшы мяне далёка ад роднай страхі, не дазволіў, каб ты пад маім вокам узрастала, развівалася, выхоўвалася; калі ты па мне тужыла, я сачыў за Табою ў думках, не ўпэўнены ў Тваёй будучыні. Бог выслухаў маю просьбу. Ты маеш добрага i пачцівага мужа, маеш дзяцей, якія няхай бы для Цябе былі тым, чым заўсёды для мяне была Ты! Хутка мяне ўжо не будзе. Чытаючы мае ўспаміны, успомні Бацьку, які адзіную ўцеху i забаву знайшоў y разумовай працы, Бацьку, збалелага ад цярпення i змардаванага зменлівасцямі лёсу.

Пісаў y Павярмені, 12/24 красавіка 1859 года


Можна вады зачэрпнуць y Кастыльскай крыніцы, Захапляцца Арго, Афінамі i Трояй...

Я аддаю перавагу берагам Нёмана, Віслы i Піліцы;

Лічу за лепшае ўсё тое, што сваё.

Мілей мне ўбогія дахі родных стрэхаў,

Дзе, калі i нацярпеўся, дык меў i ўцехі,

I драўляны касцёлчык з крыжам па-над вежай,

I могільнік, дзе ляжаць косці маіх бацькоў.



СВІСЛАЧ

Маладая i прыгожая асоба, якая паўсюль узбуджала пашану i пакланенне, часта з прыемнасцю заглядвае ў люстэрка, калі пераканаецца, што пахвалы, якімі яе абсыпаюць, заслужаныя, не перабольшаныя, не ліслівыя.

Вінцэнт Тышкевіч

Але што ж на свеце трывалае? Нават лёгкі павеў ветру можа загубіць вясновую кветку, a прыгажосць - гэта ж найпрывабнейшая i адначасна найдалікатнейшая кветка! Таму надыходзіць часіна, калі тое самае люстэрка штораз радзей бярэцца ў руку, нарэшце адкідваецца i чалавек астаецца толькі з пацехаю: «Была ж я прыгожая ззамаладу!». Бо што ж такое ўспамін, як не люстра, y якім адбіваецца мінулае, i маладосць, якая праляцела, паказваецца нам з усёй сваёй ілюзорнасцю, раскошаю i вабнасцю! I з якім жа замілаваннем праз вялікі прамежак часу глядзім мы на мясціны, дзе нарадзіліся, дзе правялі нашу маладосць, дзе бацькі нашы любоўю i пяшчотаю, радаю i навукаю выправадзілі нас з маленства, навучылі хадзіць самастойна, быць самімі сабою. З якім жа замілаваннем прыпамінаем мы свае дзіцячыя забавы i танцы, пакуты i засмучэнні. I тую лавачку перад хатаю, на якой светлай памяці матка наша, седзячы летняю парою, рабіла панчошку, крэсла пры каміне, на якім зімоваю парою нябожчык бацька драмаў падчас шарай гадзіны. I з якой жа прыемнасцю прыпамінаем свой выезд y школы, вяртанне дадому на вакацыі, на святы Калядаў i Вялікадня; ксяндза прафесара, заўсёды ўзброенага табакеркаю, a часамі дысцыплінаю; пана Юзафа, падстаросту, з неадступным бізунчыкам за поясам, панну Схаластыку, ключніцу, якая ўвіхалася са звязкаю ключоў, кормячы нас пернікамі i сліўкамі на галінках, ксяндза пробашча, суседзяў, бернардынскага зборшчыка ахвяраванняў, кухара Піліпа, кучара Юрку, лёкая Яна, i нашу пярэстую кабылку, i гнядога коніка, з якога не раз давялося зляцець, шпіца Філона, фаварыта гаспадыні, вартаўніка дому Брыся.

Некалькі ўспамінаў маёй маладосці пускаю ў свет, хоць ведаю, што тое, што аднаго хвалюе, для іншых можа быць абыякавым. Смеласці ж мне, аднак, надае думка, што амаль кожны з маіх чытачоў захаваў y сваім сэрцы памяць пра родны дах, хатняе агнішча i могілкі, на якіх спачывае не адна дарагая яму асоба.

Кожны чалавек мае перад сабою адкрытае больш менш абшырнае поле. У ім змяшчаецца тое, што называецца жыццём. Але калі адзін праходзіць яго сцежкаю, што вядзе па цернях i скалах, другі бадзяецца па бясконцым стэпе, іншы ж, плывучы па бяздонным моры, здольны выклікаць на бой абуджаныя стыхіі. Шчаслівы той, хто, акрэсліўшы сабе невялікае кола, не выходзіць з яго ўсё жыццё, a сабраныя ў ім промні святла прасвятляюць розум, цяпло абагравае сэрца, спакойна чакае хвіліны, калі скончыцца часовае i пачнецца вечнасць.

Да гэтай малой лічбы выбраных належаў, бясспрэчна, Вінцэнт граф на Лагойску Тышкевіч, уладальнік Свіслачы, Лагойска i Белаполя.

Вінцэнт Тышкевіч, сын графа Антона Казіміра Тышкевіча, генерала войскаў літоўскіх (памёр y 1778 г.) i Тэрэзы з гр. Тызенгаўзаў, народжаны ў 1757 г. ; страціўшы ў маленстве бацькоў, атрымаў пасля ix значнае багацце i стаў сам сабе панам. Старажытнага роду, ён меў права на першыя пасады, мільённае багацце давала яму мажлівасць заняць знакамітае становішча ў краі, стараннае выхаванне Партрэт караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. клікала яго з хатняй схованкі на арэну вялікага свету. Каралеўскі двор адчыняў перад ім свае дзверы, сенатарскае крэсла запрашала заняць y ім месца, яго чакалі староствы, ордэны. Хоць, мажліва, унутраны голас уласнай любові, якая так лёгка пераходзіць y роздум, паўтараў яму не раз: «Хаці i атрымаеш, старайся i дойдзеш». Красамоўнейшы голас сэрца на гэта адказваў: «Бог аддаў табе пад апеку тысячы працавітага люду, застанься з імі, будзь ім бацькам». I розум загадваў яго слухацца.

У той час y нас правіў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [27]. Небагатага на продкаў роду, ён вымушаны быў радніцца з першымі сем'ямі ў краі, каб павялічваць колькасць сваіх прыхільнікаў i няўстойлівы трон падпёрці прыдбанымі сваякамі. Ён быў сынам князёўны Канстанцыі Чартарыскай, сястры Аўгуста [28], рускага ваяводы, i канцлера Міхала [29]. I гэта, відаць, больш яму дапамагло, чым грамадзянскія заслугі, высакароднасць характару i рыцарскія цноты ўласнага бацькі. Адна з сясцёр Панятоўскага, тады яшчэ літоўскага стольніка, выйшла была замуж за Яна Клеменса Браніцкага [30], вялікагакароннагагетмана, кракаўскага кашталяна. Другая за Замойскага [31], Падольскага ваяводу, a яе дачка - за Мнішка Вандаліна [32], кароннага маршалка.

Скажу так - каралю заставалася ўладкаваць дваіх пляменніц. Літва спрыяла яму больш, чым Карона. Тут пасля ўзвышэннем i ласкаю выпадала прыдбаць на ўсякі выпадак сабе верных i абавязаных прыхільнікаў. Станіслаў Аўгуст паклаў вока на Тышкевічаў. I адну з сваіх пляменніц, дачку кн. Казіміра Панятоўскага [33], кароннага падкаморыя, выдаў за Людвіка Тышкевіча [34], якога неўзабаве зрабіў польным гетманам літоўскім. Для другой, Тэрэзы [35], дачкі Андрэя Панятоўскага [36], Аўстрыйскага фельдмаршала, выбраў Вінцэнта Тышкевіча. Маладзёна, які вяртаўся з Парыжа праз Варшаву, затрымаў, звабіў y двор, даў яму чын літоўскага рэферэндарыя, абвешаў ордэнамі i звёў недабраную пару. Маладую i прыгожую Тэрэзу Тышкевіч палюбіў. Яна ж яго не цярпела. Ён аддаў ёй руку i сэрца ахвотна. Яна ж выканала каралеўскую волю пад прымусам.

Тышкевіч Тэрэза з Панятоўскіх.

Там, дзе не яднае ўзаемная прыхільнасць, дзе ўзнікаюць не толькі спрэчнасць характараў, але i рознасць думак i адменнасць звычак, там шчаслівага жыцця чакаць няма чаго. Пасля шыкоўных вясельных баляў маладая пара выехала на Літву.

Муж, справаджваючы абагаўляную ім жонку ў свае хатнія парогі, думаў, што зазнае з ёю шчасце ў зацішку вясковай дамашняй адзіноты. Але пані, прызвычаеная да ганаравання, апладысментаў i міражоў вялікага свету, ушчэнт засумавала па ix і, правёўшы сярод літоўскіх пушчаў ледзьве адзін год, пакінула ix назаўсёды i вярнулася ў Варшаву.

Калі ў віхуры забаваў, пустаты i шалу вялікай сталіцы яна пра абавязкі жонкі забыла, асірацелы муж усё жыццё не пераставаў яе кахаць. Станіслаў Аўгуст спачатку спрабаваў паяднаць ix, але калі ягоныя клопаты не далі ніякага выніку, пані Тышкевіч засталася ў сталіцы. Пан Тышкевіч заставаўся на вёсцы, акружаны прывязанасцю, шанаваннем i павагаю ўсёй Літвы.

Хто добра натросся i не раз выкуліўся на самых горшых дарогах y нашым краі, хто пазнаёміўся з мясцінамі, дзе развальваюцца дамы, якія так мала розняцца ад мужыцкіх халупаў, хто ў жыдоўскіх корчмах паспытаў холаду, голаду, бруду i невыгоды, той будзе вельмі здзіўлены, апынуўшыся на Свіслацкай зямлі. A едучы па роўным гасцінцы, абсаджаным дрэвамі, забяспечаным бар'ерамі, i ўязджаючы ў акуратна i прыгожа збудаваны горад, які ўтрымліваюць чыста i ахайна, забудзе на хвіліну, што знаходзіцца ў Польшчы i перанясецца ў думках на берагі Эльбы альбо Рэйна, калі, вандруючы, неаднаразова паўтараў, уздыхнуўшы: «Чаму ў нас не так, як тут?..».

Свіслач ляжыць на пясчанай раўніне. Ручай з гэтакай самаю назваю, што бярэ свой пачатак з крыніцы св. Яна Хрысціцеля, тут жа за горадам, аддзяляе яе ад дворскіх забудоваў і, плывучы далей па шырокіх разлогах, упадае ў Нёман за некалькі міляў ад Гродна.

Возніцкі тракт з Гродна да Брэста Літоўскага праходзіць праз Свіслач. Гэты маёнтак першапачаткова належаў багатаму, a цяпер ужо выгасламу сямейству Крышпінаў [37], што вядзе свой радавод ад Крышпіна Кіршэнштайна, нямецкага рыцара, які, маючы заслугі ў караля Жыгімонта Аўгуста [38], атрымаў ад яго шляхецкае званне i асеў на Жмудзі. Яго сын, Крышпін, Паюрскі цівун, за часамі Жыгімонта III [39] пісаўся гаспадаром на Раўданю. Адзін з ягоных нашчадкаў, перабраўшыся на Літву, быў уладальнікам Свіслачы i Мачульнай, якая сёння належыць Алендзкім.

Пасля яго Свіслач, ці паводле спадчыннага права, ці прададзеная, стала ўласнасцю Тышкевічаў.

Вінцэнт Тышкевіч атрымаў Свіслач ад бацькі. Малы, бясформенны i брудны гарадок перабудаваў зусім нанова, заклаў галандскага кшталту парк, перарэзаў яго каналамі i заснаваў вялікі заасад. Застаўся толькі

стары драўляны палац, адзіная пасля Крышпінаў спадчына, i намнога старэйшыя за яго ліпы, што, як кажуць, памятаюць лепшыя часы.

У самай сярэдзіне горада быў квадратны рынак, аздоблены спічастаю пірамідаю, што завяршалася доўгім пазалочаным шпілем. Вялі да яго з чатырох бакоў шырокія, пад шнур выцягнутыя вуліцы, забудаваныя ладнымі дамамі, пакрытымі гонтай,- Гродзенская, Рудаўская, Мсцібаўская, Брэсцкая i Варшаўская. Вуліца Гродзенская i рынак заселены былі жыдамі, Варшаўская - татарамі, якія займаліся вырабам шкураў, па іншых мясціліся студэнты, што хадзілі ў школы. У самым цэнтры рынку паміж вуліцамі Мсцібаўскай i Рудаўскай узносіўся вялікі прамавугольны гмах, вымураваны з каменя, з 48 склепамі або крамамі, прызначанымі для вальнага кірмашу, які штогод прыпадаў на жнівень месяц. За крамамі - маленькая грэка-уніяцкая царква. На самым рынку пяць пастаялых двароў: пад Арлом, Аленем, Валом, Аднарожцам i Лебедзем. У адным рагу аптэка, y другім кафенгаўз або шынок, салідны, з більярдам, для забавы прыезджых. Насупраць кафенгаўза распасціраўся вялікі пляц, на левым яго баку драўляны парафіяльны касцёл, з гадзіннікавай вежаю. За ім гімназічныя гмахі, вымураваныя пасля смерці рэферэндарыя. На правым баку тэатр з маскараднай залаю, жыллё Яцка Крусіньскага, дырэктара гімназіі, пасля - стайні i вазоўні. За імі парк, які называлі публічным, з гушкалкамі, каруселлю i цірам. Ад самага канца пляцу, паміж палацавым садам i звярынцам, y якім трымалі да ста з нечым ланяў i болын за дзесятак аленяў, да двара вяла алея, абсаджаная алешынай. Парк пачынаўся ад квадратнага ставу з акруглай выспай пасярэдзіне. Ён меў плошчу каля дзесятка маргоў. Ад яго ішло адгалінаванне да звярынца, праз якое трэба было праязджаць па развадным мосце. Далей рос бярозавы гаёк з абстрыжанымі верхавінкамі дрэваў, каб відаць быў горад. За гайком - парк для шпацыру з стрыжанымі радамі i розных формаў заломамі, якія стваралі натуральныя ці праўдзівей ненатуральныя, бо зробленыя нажніцамі i майстэрствам, салоны, i кожны з ix з 4 кабінетамі па кутах. Парк той з пакалечанымі дрэвамі, пакрыты муравою, але без кветак, перарэзаны каналамі, што злучаліся з галоўным ставам, абдымалі сваімі рукамі дзве вуліцы старасвецкіх ліпаў, якія быццам літасціва паглядалі на гэтае карлікавае пакаленне. Парк канчаўся драўляным будынкам, y якім размяшчалася аранжарэя i было некалькі пакояў для гасцей.

Свіслач. Старыя дворыкі на рынку.

Недалёка адсюль, над самым краем вады, узносілася цудоўная мураваная альтанка. Палацавы дзядзінец атачалі штыхеты, мураваныя ў слупы. He даязджаючы да яго, - адміністрацыйны дом. Побач ішла дарога да гаспадарчых забудоваў. Сам палац стаяў бокам да парку. Некалькі аграмадных ліпаў аздабляла яго дзядзінец. З тылу - велізарныя палі, якія не ахопіш вокам, аднастайнасць якіх удалечыні перарываў невялікі лісцёвы лясок, які называлі Вішнёўцам.

Пры ўездзе ў горад з кожнага боку каменная брама, зверху скляпеністая, без варотаў, ці хутчэй праём для ўваходу. Ці не было гэта жаданнем адкрытага i гасціннага сэрца мясцовага ўладальніка, які кожнаму быў рад, кожнага прымаў аднолькава добразычліва? Вуліца Брэсцкая, шырэйшая за іншыя, мела дзве брамы, паміж якімі стаяла капліца, прысвечаная Анёлам Ахоўнікам. У ёй некалькі разоў на год адпраўлялася набажэнства. За Брэсцкаю брамаю - дворыкі, прызначаныя для пенсіянераў. Адзін з ix, італьянскай архітэктуры, аздоблены ўнутры відамі Рыму i Неапаля, называўся «Віла». У ім пан рэферэндарый Тышкевіч хацеў на старасці гадоў праводзіць летнюю пару года. Да гэтага, аднак, не дайшло, бо заўчасная смерць, перацінаючы дні таго дабрадзея, не дазволіла яму здзейсніць гэты намер.

Граф Вінцэнт Тышкевіч быў уладальнікам Свіслачы ў губ. Гродзенскай, Лагойска ў губ. Мінскай i Белаполя на Украіне. Першы з гэтых маёнткаў даваў 10 000 чырвоных злотых гадавога даходу, другі 5000, трэці столькі ж, колькі i першы. Дадаўшы сюды мільён польскіх злотых, пакладзены на працэнты ў кн. Радзівіла, Нясвіжскага ардыната, ён мог называцца багатым. Даходаў сваіх не толькі не выдаваў зараней, але калі ix яму прыносілі дэлымі з мінулага года, толькі тады ў расход уваходзіў пазапрошлагодні даход. A калі з мінулага года ў касе заставалася якая рэшта гатоўкі, турбаваўся, непакоіўся датуль, пакуль яе не аддаваў першаму лепшаму, хто трапіўся пад руку. З паляпшэннем гаспадаркі, з павелічэннем цэнаў на прадукты ён мог павялічыць, a нават падвоіць свае даходы. Ніколі, аднак, на гэта не згаджаўся, бо яму здавалася, што чым больш зямля родзіць, тым вымагае большай працы, a ён баяўся запрыгоньваць работнікаў павелічэннем працы. Упраўляючы маёнтка павінен быў y канцы кожнага года аддаваць яму ні менш, ні больш, як ён раз пастанавіў. Калі было больш, мог браць сабе, калі было менш, даплачваў з уласнай кішэні. Аднойчы на Украіне адкрыўся гандаль, цэны падскочылі i камісар Белапольшчыны, не хочучы браць граху на сваё сумленне, прысвойваючы чужую маёмасць, прывёз на 2000 дукатаў больш, чым быў раз назаўсёды пастаноўлены гадавы даход. Незадаволены пан з прычыны падобнай неакуратнасці, узнагароджваючы камісара за сумленнасць, дараваў яму перабольшанне, але зняў яго з пасады за тое, што не выканаў ягонае волі.

Свіслач. Вуліца Рудаўская.

Граф Вінцэнт Тышкевіч быў характару мілага, скажу нават слабога. Калі дадаць да гэтага прыроджаную нясмеласць, няведанне людзей i неабазнанасць, можа з патрэбы, пра якую даведаўся, выпрацаваў y сабе ўпартасць i ўзброіўся ёю супраць людзей, часам нават супраць уласнага сэрца, якога, хто ведае, ці не баяўся найбольш, бо чуў, як яно моцна біла яму ў грудзі. Хоць з часам ён набраўся вопыту, пазнаў людзей, але ні цалкам перамагчы сваю нясмеласць, ні зусім пазбыцца ўпартасці не здолеў, ні таксама паставіць сэрцу бар'ер не змог. Дабрачыннасць стала для яго патрэбаю жыцця, a добрыя ўчынкі хлебам надзённым.

Яшчэ ў маладым веку вельмі распаўнеўшы, што пазней дайшло да найвелізарнейшых памераў, так, што ён не мог звесці рук i насіў замест фрака або сурдута капоту да костачак, якая зашпілялася на малыя гузікі ад верху да нізу. Дадамо да гэтага вельмі вялікую блізарукасць i пераканаемся, што ён не быў, зрэшты, рухавым. Затое розум яго рэдка калі адпачываў, пастаянна тварыў, складаў, парадкаваў, папраўляў, дасканаліў. Абыякавым вокам паглядаў ён на павароты тагачаснай палітыкі i на тое, што рабілася на вялікім свеце. Ён быў заняты адзіна ўпарадкаваннем сваіх абшырных уладанняў, забеспячэннем добрага быту падданым i паляпшэннем сваёй улюбёнай свіслацкай рэзідэнцыі. He паглыбляўся ў навукі, хоць адчуваў ix патрэбу i вельмі цаніў веды ў іншых. He меў ніякіх дрэнных звычак, картаў не браў y рукі, іншага напітку, апроч вады, не ўжываў, i захаваў непарушную вернасць жонцы, якая, падобна, яе не заслугоўвала.

Але наймілейшым яго захапленнем ці хутчэй слабінкай былі жаночыя плёткі. Ix ён ахвотна слухаў. Што адна сказала, па гарачых слядах паўтараў другі, такім чынам неаднаразова пасварыўшы сябровак. Пасля мусіў ix мірыць. Урэшце, зрабіўшы адной i другой багатыя падарункі, найчасцей бываў моцнай запарукаю заключанага саюза.

Любую страту часу пан рэферэндарый лічыў незваротнай, таму рэгулярнасць i акуратнасць сталі другою яго натураю i правілам паводзінаў. Дзень, месяц, год, усё жыццё прыстасоўваў ён да чоткага, як гадзіннік, парадку, кожнае яго дзеянне адбывалася ў прызначаную пару. Ніколі не спазніўся ні на хвіліну, a ні з тэрмінам y справах, a ні з датрыманнем слова, a ні з паабяцанымі суседзям адведкамі.

Аднаго разу, выязджаючы ў Парыж, абяцаў кн. Францішкавай Сапезе [40] быць y яе ў Дзярэчыне на абедзе на св. Палагею. Прайшло некалькі месяцаў.

Дзень імянін княгіні сабраў y пакоях дзярэчынскага палаца каля ста асобаў з розных бакоў краю. A пана Тышкевіча ўсё не відаць i не відаць! «Забыўся»,- адгукаюцца адны. «Замарудзіў», - паўтараюць другія. «Хібахворы»,- намякнуў нехта з боку. «Не прыедзе», - гавораць амаль аднагалосна.

- Прыедзе! - адказвае на гэта гаспадыня дому. Бо ніколі не здрадзіў дадзенаму слову.

Трэцяя гадзіна. Звоняць на абед. Дзверы сталовай залы адчыняюцца. У гэты ж самы момант уваходзіць пан рэферэндарый, ідзе проста да княгіні, робіць камплімент, падае руку i праводзіць яе да стала. Паводле яго, адкладванне на заўтра было першай адзнакаю разумовай дэзарганізацыі, нядбайнасць - падрывам жыццёвых сіл, лянота - спаралізаваннем волі, марудлівасць - марнатраўствам найдаражэйшага скарбу - часу.

Акрамя таго, што рэферэндарый быў багатым магнатам, ён меў агіду да раскошы, агіду да скупасці. Звыш даходаў нічога не траціў. Але таксама i не ашчаджаў. Хапала яму i для сябе i на добрыя ўчынкі, a не маючы дзяцей, не меў патрэбы збіраць.

Свіслацкі асабняк, ці хутчэй стары крышпіноўскі палац, атынкаваны на белае, з ломаным дахам, з прыбудоўкамі справа, злева i ззаду, не змахваў на жытло сібарыта XVIII стагоддзя або марнатраўнага сына. Той, хто ўваходзіў y сярэдзіну праз абаграваныя сені, меў з правага боку сталовы пакой з двума вокнамі. Ад яго адны дзверы вялі ў вялізную залу, y якой падчас кірмашоў за стол сядала каля ста асобаў, другія - y кутні салон, выклеены блакітнай папераю. За ім былі два маленькія кабінеты. У салоне ўздоўж сцен - канапкі i альховыя столікі, пратраўленыя на чорна i чорным пакрытыя. Ha вокнах - белыя муслінавыя фіранкі. Пасярод - більярдны стол на два локці даўжыні i на локаць шырыні. Насценныя гадзіннікі i партрэты сям'і ІІанятоўскіх пэндзля Бакіярэлі [41] былі адзінай раскошаю сціплага апартамента гэтага пана-мільянера. З левага боку сяней - канцылярыя, за ёю - спальня, a за ёю - ардэроб пана рэферэндарыя. У флігелях, злучаных з палацам, размяшчаліся з аднаго боку служба i кухня, з другога - пакоі для гасцей. Але што найперш кідалася ў вочы ў свіслацкім двары як вонкі, так i знутры, гэта найвялікшая чысціня, даведзеная нават да крайнасці. У пакоях нацёртыя воскам маснічыны блішчалі, як шкляныя, i былі настолькі слізкія, што хто не прызвычаены быў па ix хадзіць, з цяжкасцю мог утрымацца. На мэблі нельга было заўважыць ані пылінкі. Шыбы ў вокнах хоць былі малога памеру, але з люстранага i такога празрыстага шкла, што бернардынскі зборшчык ахвяраванняў, думаючы, што акно адчыненае, аднаго разу плюнуў на шыбу.

Перад домам - брукаваны пад'езд, a на дзядзінцы і ў парку - бар'еры i маляваныя лавачкі, дарожкі высыпаны прасеяным жвірам, мурава гладкая, як сукно, на зямлі ніводнага лісточка ці галінкі, a дрэвы падстрыжаныя, прылізаныя, завітыя, як прычоска ў тагачаснага элеганта.

Двор складаўся з маршалка, канюшага, камердынера, загадчыка віннага склепа, буфетчыка, дваіх ліўрэйных слугаў, столькі ж палацёраў, кухмістра i чацвярых кухараў. Маршалак i канюшы мелі права наглядваць, запрашаць да папраўкі, рапартавання, калі заўважылі нешта благое для пана. Але выканаўчая ўлада была не ў ix, бо хоць са Свіслачы да Боцькаў было не больш, чым міляў дзесяць, y двары пана рэферэндарыя «боцькаўскага» не ведалі. Яму аднаму заставалася права караць: часамі 24-гадзінным постам, часамі постам духоўным, па меру якога вінаватага пасылалі да мясцовага пробашча, часамі грашовым штрафам, a найчасцей гадзінным, a то i болей стаяннем на каленях. Здаралася, што, прыехаўшы, сусед, уваходзячы ў двор, заставаў аднаго ці двух служак, укленчыўшых y прыхожай. Кожны службовец меў прозвішча, нададзенае панам. Так кухмістра Пятра зваў Педрылем, камердынера Конрада - Канрадзідам, лёкая Антона - Антанэлі, буфетчыка Яноўскага - Янаўской какі какой.

Пан рэферэндарый абедаў a другой гадзіне, вячэраў a дзевятай. Штодзённы абед складаўся з cyпy i шасці блюд, вячэра з трох. Нічога больш не дадавалася, хоць бы i з'ехаліся найпершыя ў краі саноўнікі. Яда была здаровая i багатая, бо з велізарных лясоў, што належалі да Свіслачы i даходзілі да тысячы валок, дастаўлялася, y адпаведнасці з парою года, розных гатункаў дзічына. ІІІтомесяц на кухні забівалі аднаго лася, дзве сарны, дзве лані-даніэлі са звярынца i мноства рознай птушкі. У сувязі з тым, што сяляне мелі дараваныя ім участкі ці збожжавыя ссыпкі, грашовыя чыншы, a таксама розныя даніны грыбамі, арэхамі i мёдам, кожная хата абавязана была даваць y двор па два адкормленыя каплуны ў год. Там, дзе колькасць хат даходзіла да сямісот, y кладоўках нічога не бракавала. У посныя дні з шматлікіх i добра дагледжаных сажалак на кожнае жаданне дастаўлялі паддастаткам рыбы.

Да стала, апрача сваякоў гаспадара дому, якія гасцявалі часамі па некалькі месяцаў, апроч суседзяў, што яго адведвалі, штодзеннымі гасцямі ці дамачадцамі былі маршалковіч Булгарын, уладальнік Рудаўкі, вёскі, аддаленай на паўмілі ад горада, i дробнамаянтковы камергер караля Станіслава Аўгуста Камаеўскі. Абодва мелі ўласныя дворыкі ў Свіслачы, y ix жылі, але ад абеду да вячэры пастаянна праседжвалі ў двары. Штотыдзень запрашалі на абед мясцовага пробашча, дырэктара гімназіі i па чарзе дваіх прафесараў, a ў час школьных экзаменаў i вучняў, якія вылучаліся стараннасцю ў навуках.

Падчас кірмашоў y Свіслач з усіх старон з'язджаліся людзі, a таму, што на гэты час якраз прыпадалі канікулы, яны займалі вызваленыя студэнтамі памяшканні. Кірмаш доўжыўся два тыдні.

Звычайна ў ранішні час пан рэферэндарый рабіў візіты дамам i запрашаў да сябе. Штодзённы абед y яго на сто асобаў збіраў усіх. Пасля абеду рабілі выезды карэтамі або плавалі па каналах. Наступаў час тэатру, a пасля яго ў пэўны дзень публічны касцюмаваны баль y горадзе, y іншы ж час - баль y двары. Калі пад музыку весела танцавалі да позняй ночы, гасцінны, але змучаны гаспадар гадзінамі драмаў y крэсле, аднак вытрымліваў да канца.

Пані рэферэндарыня Тышкевіч y час. свайго нядоўгага побыту ў Свіслачы была арганізавала прыгожы i элегантны тэатрык, y якім з падабранай групай аматараў разыгрывала французскія п'есы. Народная ж мова, y тую эпоху выгнаная з модных салонаў, захоўвалася толькі па шляхецкіх дамах. Адчыніў ёй свае дзверы нанова муж, пакінуты жонкаю, бо тая, ад'язджаючы ад яго, забрала з сабою тое, што было моднае, чужое, нясвойскае. Пазней гэта самая тэатральная зала была прызначана для кірмашовых драматычных артыстаў.

Неаднойчы пасля абеду, калі госці праходжваліся па ліпавых вуліцах, побач з імі перасоўваўся пан рэферэндарый, схаваны ў густых шарэнгах. Раптам адгукаецца зязюля. «Адкуль яна тут узялася?» - пытаюцца адны, другія патрасаюць грашыма на шчасце. Ажно тут чуваць шэлест паміж галінаў i з ix выглядае лысая галава пана рэферэндарыя. Паўтарыўшы яшчэ раз «ку-ку», ён дадае: «Птушнік птаха не злавіў, але птах яго ў поле выправіў!».

У 1806 годзе свіслацкі кірмаш быў яшчэ цудоўнейшы, чым звычайна, бо звабіў да сябе найпершыя сямействы ў краі, найслыннейшых славутасцей, найпрыгажэйшую моладзь.

Княгіня Францішкава i Мікалаева Сапегі, Радзівілава, Чацвярцінская, Варанецкая; графіні Феліксава, Антонава, Янава Патоцкія, Хойзелева, лоўчая Касакоўская, шматлікія сямействы: Валовічаў, Ельскіх, Мікульскіх, Аскеркаў, Сегеняў, Булгарынаў, Палубінскіх, Біспінгаў, Алендзкіх, Радавіцкіх, кожнае з якіх заняло асобны дворык, узаемна адведвала адно другога, запрашала да сябе на снеданні або падвячоркі.


Кн. Дамінік Радзівіл, нясвіжскі ардынат, спыніўся ў карчме «Пад Арлом». Яўрэяў з яе выселілі, пакоі абабілі парчою, выслалі дыванамі, мэблю даставілі з Варшавы. На стайні 40 коней запражных, 20 верхавых. Гэта ўжо не наш кн. Караль «Пане Каханку», a кн. Дамінік, яго пляменнік! Той y кунтушы, кармазынавых шараварах, y жоўтых ботах, y аксамітнай рагатыўцы на галаве, гэты ў лонданскім фраку, аленевых нагавіцах, ботах з крагамі, y касторавым капелюшы або ў конюхаўскім картузе. Калі б кн. Караль, сядаючы на каня, выгукнуў: «Хто любіць Радзівіла - за мной!» - Валадкевічы, Рэйтаны, Бароўскія, Рупейкі за ім ускочылі б y пекла. Але i кн. Дамініка натоўп прыхвасняў не пакінуў бы, каб ён адазваўся да яго: «Хто сябе любіць - за мной!», бо хто ж не ведае, што дзядзька сваім прыяцелям шчодра раздаваў то дзяржаву за бесцань, то выгадны залог, то падарунак - пра кожнага памятаў, ні пра каго не забыўся, каб толькі быць радавітым шляхціцам. Хто ж не ведае, што яго пляменнік сваім прыяцелям даваць не мусіў, бо яны забіралі самі, памяталі, пра сябе не забывалі. Кн. Караль быў y поўным бляску i раскошы, кн. Дамінік быў апошняй чвэрткай Радзівілаўскага дому. Але i адзін i другі любілі край, былі дабрачыннымі ажно да растранжырвання найпачцівейшага сэрца.

У другой карчме побач размяшчалася разведзеная Старэньская з Мараўскіх, якая стала жонкаю Радзівіла пасля яго разводу з Мнішкаваю. Князь уладкаваў для яе ў Свіслачы часовае жыллё ў яўрэйскім доме, але з пышнай раскошаю i заўсёды гатовы быў прыслужваць пані свайго сэрца.

Прабіла другая гадзіна, але ні Старэньскай, ні Феліксавай Патоцкай, ні кн. Радзівіла не відаць. 3 абедам чакаюць на ix. A пан рэферэндарый з вышытым на адзенні ордэнам Белага арла, з-за сваёй акуратнасці вельмі балюча перажываючы, нецярплівіцца, сядае ў акне, выглядвае - дарма!

Раптам загрукацела на развадным мосце. I на поўным ходзе чацвёра англійскіх коней, запрэжаных y двухколку, заехалі пад ганак, выбудаваны па апошняй модзе. З яе вылезлі абедзве дамы, што пазніліся, a з коней саскочылі кн. Дамінік i Лопат, яго неадступны фаварыт, абодва апранутыя пад жакеяў.

Толькі князь паспеў скінуць з сябе пунсовую куртку i надзець фрак, рэферэндарый, выходзячы яго спаткаць: «Каго маю гонар вітаць y маім доме,- загуў дрыжачым ад гневу голасам, - ці князя конюхам, ці конюха князем? Да чаго гэта, зжальцеся, дайшло? Яшчэ нядаўна сябры с. п. кн. Караля насілі радзівілаўскі колер, a сёння Радзівілы надзяваюць ліўрэй сваіх слугаў!».

Зычны голас маршалка двара, які апавясціў, што запрашаюць да стала, шчасліва паклаў канец вымове, якая магла мець непрыемныя вынікі для абодвух бакоў. Пан Тышкевіч як найхутчэй вярнуўся ў салон, падаў руку пані Старэньскай i павёў яе, просячы за стол. Рэшта кампаніі пайшла за імі. Але толькі яны пазаймалі свае месцы, як з другога пакоя пачуўся жахлівы жаночы крык. Усе падхапіліся, пабеглі ратаваць i ўбачылі распластаную на доле самлелую пані Патоцкую. Тоўпіліся вакол яе, лямантуючы: «Доктара, фельчара, вады, воцату, спірту!». Гаспадар дому не разгубіўся: «Антанэлі,- звярнуўся ён да свайго камердынера, - прынясі мнс ланцэт, сам пушчу ёй кроў, гэта ратунковае лякарства на спазмы!». I ўжо збіраўся рабіць задуманае, як хворая адплюшчыла вочы, глыбока ўздыхнула, узнялася і, абапёршыся на плячо пана рэферэндарыя, пайшла да стала. Усе паразяўлялі раты, аднак з'едлівыя ўсмешкі, што перабягалі з вуснаў на вусны, маглі пераканаць, як мала паверылі прысутныя ў сапраўднасць хваробы, якое слабое спачуванне ўсё гэта выклікала. «Прызнай, васпан,- дабрадушна казаў камергер Камаеўскі маршалку, які сядзеў побач з ім,- што пан рэферэндарый дзівосным спосабам лечыць, вяртае здароўе». «I апетыт вяртае,- дадаў, смеючыся, маршалковіч,- глядзі, як хворая наварочвае, не прапускае ніводнае стравы!».

Дзве разыграныя сцэны вельмі розніліся. Другая зняла прыкрае ўражанне ад першай i імгненна перамяніла драму. У час абеду ўсе былі ў самым вясёлым гуморы. Рэферэндарый, загадаўшы падаць яму срэбны куфаль, дарагую спадчыну па Ежы Тышкевічу [42], віленскім біскупе, наліў y яго венгерскага віна i хоць толькі губы ў ім памачыў, прапанаваў тост за здароўе кн. Дамініка Радзівіла i яго будучай жонкі. Рэшта кампаніі, калі не шчырэй, то, прынамсі, дакладней, выканала гэты тост і, апаражняючы бакалы, пайшла не за прыкладам сённяшняга ўладальніка, a яго продкаў. «Ці ведаеш, васпані-дабрадзейка, чаму пані Патоцкая атрымала спазмы, кажучы між намі, модныя? - спытаў пан Тышкевіч y пані Старэньскай. - Таму, што забыла, калі я ў першай пары павёў пані да стала, што, будучы маёй блізкай сваячкаю, павінна была саступіць першынство маім гасцям. Калі пані дабрадзейка будзе мець калі-небудзь такую самую слабасць, прашу звяртацца да мяне, мой рэцэпт беспамылковы».

Калі ўладальнік Свіслачы шчодра i па-панску браў на сябе гасцей y час кірмашоў, ён не забываў i пра тых, якія, жывучы з промыслаў, зарабляюць кавалак сумленнага хлеба. Хачу сказаць пра купцоў. Тым, што прыязджалі з усяго краю, a нават з далёкіх старон - з Пецярбурга, Адэсы, з Кішынёва, Астрахані бясплатна выдзяляліся магазіны, за кожны плацілі толькі па рублю ключавога гарадскому пісару. Вялізныя зборы народу давалі ім значны заробак, a  Свіслач. Будынак гімназіі. 2008 г.. з урадавай паліцыяй ці з спраўнікам, асэсарамі ніжэйшага суда, ключвойтам яны не мелі ніякіх адносін, бо ў адпаведнасці з вышэйшай пастановаю ўсю гэту ўрадавую іерархію замяняла мясцовая адміністрацыя пад кіраўніцтвам самога ўладальніка. Кожную нядзелю збіраліся ў кафенгаўзе на вечарынкі пад музыку. Купцам хрысціянскага веравызвання неаднаразова раздавалі білеты ў тэатр, a яўрэям на шабас выдзялялі па некалькі фунтаў рыбы кожнаму.

Ідучы за поступам асветы, якой Станіслаў Аўгуст y час свайго панавання на пачатку гэтага стагоддзя надаў такі выдатны імпульс, пан рэферэндарый Тышкевіч выклапатаў сабе прывілей на закладку ў Свіслачы гродзенскай губернскай гімназіі, часова прызначыўшы для гэтай мэты даволі прасторныя будынкі. Ён узяў на сябе абавязак зрабіць ix мураванымі. Калі ж смерць не дазволіла здзейсніць гэты высакародны намер, яго наступнік, знайшоўшы ў касе 200 000 злотых i значныя матэрыялы, прыгатаваныя для гэтай мэты, выдатна выканаў волю завяшчальніка.

У гімназічных будынках размяшчаліся класы, кабінеты, бібліятэка, экзаменацыйны зал, дырэктар, інспектар, капелан i некалькі настаўнікаў. Іншыя атрымлівалі ад двара грошы на наём памяшканняў. Гэта цягнулася датуль, пакуль усе не атрымалі памяшканні ў новых, толькі што скончаных гмахах. Паліва для ўсёй гімназіі дастаўлялася з свіслацкага двара. Для бяднейшых студэнтаў рэферэндарый наймаў пакоі з уласнай кішэні, a многіх з ix утрымліваў за свой кошт поўнасцю. Мала гэтага, ён стараўся падабраць найлепшых выкладчыкаў. Прыватным жа настаўнікам, выкладчыкам моваў ці іншых прадметаў значна палягчаў пражыванне ў Свіслачы.

Ён дбаў пра маральнасць моладзі. З дапамогаю заведзенай ім паліцыі яму былі вядомыя паводзіны кожнага студэнта, можа, нават лепш, як школьнай уладзе. Ад інспектара гімназіі ён неаднаразова дамагаўся, каб вінаватага пакаралі за найменшую правіннасць. Часта нават прысутнічаў разам з настаўнікамі на студэнцкіх судах.

Але калі ён быў непахісны пры пакаранні вінаватых, тых, што вучыліся добра i мелі прыкладныя паводзіны, умеў вылучаць сярод іншых, рабіў ім неспадзяванкі, малодшых абдорваў садавінаю або цукеркамі, старэйшых часамі добрай i карыснай кніжкаю. Кожны год увесну наладжваў для студэнтаў маёўку, завітваў на экзамены i падчас урачыстага акту сам раздаваў узнагароды. Калі праз некалькі гадоў сустракаўся з былым вучнем свіслацкіх школ, вітаўся з ім як са сваім i ніколі не адмовіў таму, хто меў патрэбу ў дапамозе i пратэкцыі. Дбаючы пра рост, развіццё i асвету, a таксама пра паляпшэнне матэрыяльнага побыту селяніна, пан закладваў вясковыя школкі i аддаваў ix пад нагляд прызначаных ім настаўнікаў, a апеку даручыў мясцовым пробашчам.

Свіслач складалася з пятнаццаці фальваркаў з добрай глебай пад жыта. Мела яна дастаткова сенажацяў, абшырныя пашы i каля тысячы валок пушчы. Разважлівы гаспадар, ён упарадкаваў найперш рабочую сілу, патрабуючы з хаты ў тыдзень тры дні работы з канём i адзін пешы. Да гэтага прыбавіў чатыры валокі, ці як ix называлі «гвалты», y час якіх усе, хто быў здольны працаваць, павінны былі выходзіць на сенажаць i жніво. Акрамя гэтага прызначыў шарваркі для рамонту дарог i мастоў. У той час па дварах не былі яшчэ заведзены сялянскія магазыны. Калі надараўся неўраджайны год, a гаспадар свае запасы прадаў, то ён павінен быў купляць збожжа на пракорм па высокіх цэнах, часта бываў вымушаны зацягваць доўг. З гэтай прычыны рэферэндарый завёў y сябе магазыны i на першы заклад падараваў свіслацкім сялянам 500 бочак жыта i столькі ж яравога збожжа. Пры гэтым палічыў патрэбным адкрыць камунальную касу, y якую падараваў 3000 срэбных рублёў i аплачваў y тую ж касу працэнт з ix. Селянін, які пазычаў з магазына на хлеб, ці на сяўбу, калі аддаваў, павінен быў дасыпаць да пазычанай азіміны гарнец. Той, хто пазычаў грошы, плаціў 5 ад 100 працэнтаў гадавога. Гарантыя была пэўная, бо за таго, хто пазычаў, салідарна паручалася цэлая воласць. A тым часам магазыны папаўняліся штораз хутчэй, расла i каса. Калі колькасць збожжа падвойвалася, яго прадавалі, a сума, якую выручалі, пераходзіла ў камунальную касу.

Таму, што пан маршалковіч не еў за сталом хлеба, a пан Камаеўскі не піў віна, ён не дазваляў перад адным класці хлеб, a перад другім стаўляць кілішак. Аднаго разу заўважыў, што адзін з суседзяў браў рукою з цукарніцы цукар для кавы. З таго часу загадаў класці яму некалькі кавалкаў на асобнай талерачцы, кажучы: «Не шкадую, але не брудзь сваімі пальцамі божага дару». Пан маршалак Радавіцкі, набраўшы воску са свечкі, рабіў з яго шарыкі. Гэта закранула гаспадара. I з таго часу, колькі разоў прыязджаў пан маршалак, камердынер прынос.іў яму на падносе цэлую васковую свечку. Пры гэтай цырымоніі ён атрымліваў тую самую вымову: «Бавіцца дазваляю, але не псаваць, бо гэта грэх!».

Былі такія, што рэферэндарыя называлі дзіваком, бо, мяркуючы пра яго павярхоўна, бачылі дзівакаватасць ці нават смешнае там, дзе заўсёды хавалася шляхетная мэта, адкуль вынікаў добры ўчынак. Іншыя казалі, што ён «арыгінал без копіі» i ніколькі не памыляліся, бо падобная арыгінальнасць павінна была быць спадчыннай. Застаўшыся без копіі, яна, на жаль, была страчана.

Далёкі ягоны сваяк, хоць i вельмі багаты, меў звычку за кожны выдадзены ім кантракт на млын ці карчму браць па адной галаве кантрактавага цукру. Неяк увайшло да яго двое яўрэяў. Кожны з кантрактам, каб падпісаць. Але ўдваіх прынеслі толькі адну галаву цукру. Ён заўважыў гэта адразу i пачаў голасна клікаць: «Гвалт! ратуйце, што я бачу, дзіва, дваіх жыдоў з адной галавою!». Служба пачула, прыбегла, выпхнула яўрэяў i не пусціла назад датуль, пакуль яны не прынеслі другой галавы. Калі гэта расказалі пану рэферэндарыю, ён адказаў: «Кожны робіць, як яму падабаецца. Я ж найшчаслівейшы, калі да мяне прыходзяць не з галавою, a з адкрытым сэрцам i з перакананнем, што крыўды я нікому не ў стане ўчыніць».

«Недалёка ад Пружаны,- кажа Ю. I. Крашэўскі, - y калоніі пад назваю Краснік жыў Францішак Карпінскі, дзе яго драўляны дворык стаіць побач з дарогаю дасюль. Два ганкі са стрэшкамі, двое дзвярэй, ніводнага акна ад дзядзінца. За домам густы яловы лес, наўкола выцерабленае поле, атуленае лясамі. Тут пясняр сэрца жыў доўга, тут разам са сваімі сялянамі выдзіраў i ўзорваў раллю. За сялянку заплачана яму сялянкаю, кавалкам простай зямлі за кавалак простай i прастадушнай паэзіі».

У апошнія гады свайго жыцця купіў ён вёску Хараўшчына за тры мілі ад Свіслачы. Там праз некалькі гадоў памёр. Пахаваны на могілках y Лыскаве. На яго магіле пастаўлены помнік, на якім паводле яго волі выпісана: «Вось мой дом убогі».

Карпінскі часта засядаў y Свіслачы, асабліва калі перабраўся з Красніка ў Хараўшчыну. Калі Тышкевіч умеў ацаніць вялікага паэта, Карпінскі ведаў цудоўную душу Тышкевіча. Нягледзячы на гэта няраз ix сварыла супрацьлегласць думак i ўрэшце рассварыла зусім. Карпінскі быў славалюбны, любіў пахвалы i фіміям, любіў прымаць знакі павагі i пакланення. Побач з радавой i маёнткавай арыстакратычнасцю ён узвялічваў арыстакратызм таленту. Самалюбства спарадзіла ў ім раздражняльнасць, тая выклікала падазронасць i ў кожным слове яму мроілася жаданне непачцівасці, y самым нявінным жарце ён дашукваўся знявагі. Заўсёды скардзіўся i наракаў на людскую няўдзячнасць. Тышкевіч, нягледзячы на фізічную грузнасць, быў чалавекам вельмі жывога тэмпераменту, лёгка гневаўся, яшчэ лягчэй супакойваўся; калі адчуваў сябе вінаватым, сам першы перапрашаў, калі абражалі яго - выбачаў, але памятаў. Пароднены з каралеўскаю сям'ёю, y сваёй прысутнасці ён не дазваляў нікому выказвацца супраць караля, ці, як тады называлі, фаміліі. Лічыў гэта за абавязак.

Атрымаўшы такое "выхаванне, як тагачасныя магнацкія дзеці, з усімі ўяўленнямі пра тую польскую роўнасць, што вылучала найперш родавую вышэйшасць, ён калі i любіў шляхту, то не таму, што тая была яму роўнаю, але як бацька любіць дзяцей, як апякун даручаных яго клопатам, як дабрадзей яму абавязаных, любіў, бо меў y сэрцы глыбокую любоў да блізкага.

Перакладчык давыдавых псалмоў, ранішняй i вячэрняй малітвы, ён быў не католікам, a дэістам [43]. Уладальнік Свіслачы быў набожны паводле перакананняў. Карпінскі, раздражнёны на паноў, што не ацанілі яго па заслугах, недастаткова спасылаліся, застаўся дэмакратам. Гэты, нічога ні ад кога не патрабуючы, хутчэй спрыяў іншым. Чым быў, тым i застаўся. Гэта былі дзве пабудовы, якія, пастаўленыя побач, не маглі адна з другою злучыцца. Першая без фундаментальнай асновы павінна была рухнуць. Другая, узведзеная на падмурку са скалы, засталася. Памяць пра першую дайшла да нашчадкаў y песні, якую паўтаралі, пра другую - y добрых учынках.

Аднойчы, пасля доўгай пасляабедзеннай дыскусіі, y якой Карпінскі няшчасці ў краі прыпісваў нашым магнатам, рэферэндарый, раскіпяціўшыся, закончыў размову такімі словамі: «Кожны магнат панусоль y воку, бо сам ім не з'яўляешся!». Пасля чаго выйшаў y сад. Карпінскі ж выходзіў праз другія дзверы, калі яго маршалковіч Булгарын затрымаў на самым парозе і, заспяваўшы фальшывым голасам песню пра Юстыну, рассмяшыў i ўлагодзіў.

Падчас шпацыру Тышкевіч, аддыхаўшыся i ахалодаўшы ад гневу, прыпомніў, што год быў неўраджайны, a да таго ж y Хараўшчыне град выбіў збожжа, з-за чаго Карпінскі павінен быць y дрэнным становішчы. Як толькі вярнуўся дадому, з усмешкаю ўзяў яго за руку, пасадзіў каля сябе на канапе i сказаў: «Пане Францішку, y цябе сёлета няма чаго рабіць, бо град тваё збожжа ўжо вымалаціў. Перабірайся лепш y Свіслач. Забяспечу табе прыстойнае жыллё i ўсякія выгоды. Будзем разам ездзіць на прагулкі i да суседзяў, будзем гаманіць, часамі спрачацца, заўсёды мірыцца. На мае імяніны, дзень нараджэння ці большыя ўрачыстасці вытрасеш з рукава які-небудзь дасціпны вершык. Я ж за гэта прызначаю табе па трыста чырвоных рублёў y год». Толькі ён дагаварыў гэтыя словы, як Карпінскі пабялеў, падхапіўся з месца, і, адапхнуўшы пададзеную яму прыяцельскую руку, загалёкаў: «Яго вялікасць рэферэндарый літоўскі, кавалер многіх ордэнаў, ведай, пан, што Францішак Карпінскі бедны, але горды, здольнасцей, якія яму даў Бог, не прадае, не піша за грошы на заказ i лепш застанецца голым, але панам свае волі, чым слугою магната!». Пакланіўся, выйшаў з пакоя i пакінуў Свіслач назаўсёды.

Ян Снядэцкі, рэктар віленскага універсітэта, быў y блізкім сяброўстве з панам Тышкевічам, сяброўстве, якое грунтавалася на ўзаемнай павазе. Вакацыі пан рэктар ня раз праводзіў y Свіслачы i з прыемнасцю аддаваўся тады паляванню. Калі вяртаўся з няўдалага палявання, ён абураўся краем, дзе трэба было валачыцца цэлы дзень, каб напаткаць курапатку-адзіночку або сірату-бакаса. «У Прусах або Саксоніі не так, - паўтараў ён. - Там добрая адміністрацыя, яна давяла паляўнічы промысел да таго, што на кожным кроку то заяц, то курапатка, то бакас».

Пан рэферэндарый, гарачы абаронца свайго, пярэчыў. I пачыналася зацятая калатнеча паміж жывым срэбрам i кіпенем. Жывое срэбра ў адпаведнасці з тэмператураю, штохвіліну ўздымалася або ападала, кіпень верашчаў, не астываў. Абодва гарачыя, яны не саступалі адзін другому. Маленькі пан рэктар скакаў па пакоі, тоўсты пан рэферэндарый тросся ў крэсле, пакуль нарэшце, калі першы змучыўся, a другі засопся, не наступала прымірэнне. Пасля гэтага падавалі адзін аднаму руку i надыходзіла згода. Наколькі Тышкевіч паважаў i шанаваў Снядэцкага можа пацвердзіць тое, што 200 000 запісаныя ім двум маладым сваякам, хацеў уладкаваць абавязкова ў яго, каб працэнт з ix можна было выкарыстаць на іхняе выхаванне.

Рэктар, не жадаючы браць на сябе такі цяжар, адмовіў. Тышкевіч прасіў, настойліва патрабаваў, гневаўся. Дарэмна. Пасля доўгіх спрэчак наклаў грошы на дэпазіт y Снядэцкага. Калі ж яны ляжалі ў куфры нечапаныя, сам плаціў ад ix працэнт да часу паўналецця маладых людзей.

Рэферэндарый быў слепа прывязаны да жонкі нягледзячы на тое, што на працягу ўсяго жыцця яна не аказала яму ніякае спагады. Яна не мела з ім ніякіх кантактаў. Нават такіх, якіх вымагае сама прыстойнасць. Ён не любіў пра яе ўспамінаць. Давёў гэта не адным учынкам. Колькі разоў ні завітваў ён y Варшаву, y яе не бываў. Бываў y тэатры. Насупраць яе ложы ён меў сваю, названую ад французскай «лазенкаю» (baignoire). Там за кратамі, сам нябачны, мог без перашкоды глядзець на прадмет свайго вельмі ўпартага кахання.

За мілю ад Свіслачы, y фальварку Клепачы, пані рэферэндарыева пачала будаваць цудоўны палацык, які нагадваў часы Людовіка XV [44]. Дабудаваў яго муж. Аднак жа ў ім ніколі не жыў, a жыў y даўным доме. Калі ж y яго пыталі: «Чаму?», адказваў: «Завысокія парогі на мае ногі!». Кляпацкі асабнячок, які фундатарка y гонар свайго прыяцеля, пана Maisonneuve, празвала «Сынфаны», што па-грэчаскі значыць «новы дом», стаіць над вялікім ставам, перасечаным астравамі, абсаджанымі дрэвамі. На адным з ix вежа з гадзіннікам, на другім альтанка, на трэцім домік для трусоў, чацвёрты, абведзены частаколам, там трымалі сарнаў. З супрацьлеглага боку ставу выглядаў малы, але ахайны грэка-уніяцкі касцёлчык. Асабнячок складаўся з двух салонаў, з якіх адзін васьмікутны, увесь выкладзены кафелькамі. Ён адначасова служыў i купальняй i меў ванну, схаваную ў канапе. Другі быў абабіты жоўтым адамашкам, спальны пакой - зялёным. I ў кожным з ix адпаведныя шторы на вокнах i мэбля лакіраваная на бела з золатам. На çценах віселі партрэты пані рэферэндарыевай, караля Станіслава Аўгуста, кс. прымаса Панятоўскага [45] i пана генерала Тышкевіча, венецыянскія люстры вялікіх памераў y залочаных рамах, парыжскія гадзіннікі.

Адразу за домам некалі быў фруктовы сад. Але калі рэферэндарый заўважыў, што каб сарваць плады неаднаразова ламалі галіны, фруктовыя дрэвы загадаў павысякаць, a ўчасткі пазасаджваў клёнамі i каштанамі. За садам грабавы лабірынт, далей на лузе каруселі i гушкалкі, нарэшце бярозавы лясок з абсечанымі вяршкамі, як y Свіслачы.

Пан рэферэндарый, як толькі даведаўся, што яго жонка, едучы з Седльцаў ад пані гетманавай Агінскай [46] на Брэст, Гродна да пані гетманавай Тышкевічавай y Гародчы, будзе праязджаць праз Свіслач, накіраваўся за некалькі міляў на самую мяжу Свіслаччыны, каб яе сустрэць. Там некалькі дзён чакаў. Калі ж яму паведамілі, што пані едзе, выйшаў на дарогу, затрымаў яе карэту, адчыніў, і, хоць яна нават не выйшла, прывітаў пры самых дзверцах, пацалаваў руку i запрасіў да сябе. Атрымаўшы адмоўны адказ i дазвол суправаджаць жонку праз свае ўладанні, міль пяць ехаў за ёю ў сваёй павозцы. Пасля, адбыўшы тую самую цырымонію, што i пры вітанні, кінуў ёй пад ногі кашалёк з 1000 чырвоных злотых.

Рэферэндарый, заўсёды дбаючы пра ўмацаванне таго, што зрабіў для сваіх земляробаў на працягу ўсяго жыцця, дня 20 снежня 1813 года склаў завяшчанне i пацвердзіў яго ў актах ваўкавыскага павету. Калі б нехта запытаў, чаму ён не ўстанавіў маярату [47], адкажу, што калі б яго клапаціла пышнасць фаміліі, ён не з адной Свіслачы, a з усіх уладанняў зрабіў бы маярат на выбранага ім наступніка, бо свайго патомства не меў. Ён жа, ідучы за голасам пачцівага сэрца, хацеў памагчы многім сваякам, a не ўзбагаціць аднаго багатага. Лагойск адпісаў Пію Тышкевічу [48], Белаполе - украінскімТышкевічам, Свіслач жа аддаў Тышкевічу, вялятыцкаму старосце [49], загадаўшы выплаціць легаты [50] i выканаць усе ўмовы тастаменту. У выпадку, калі б пан староста не захацеў прыняць Свіслач, спадчыннасць пераходзіла на яго сына Міхала [51], пасля на Тадэвуша, былога генерала польскіх войскаў, далей на Вінцэнта i Юзафа, сыноў Дамініка [52], i нарэшце да ўраду з тымі самымі абавязкамі. Яны, на першы погляд, здаваліся вельмі цяжкімі. З самага пачатку трэба было аднаразова заплаціць 750 000 польскіх злотых пані рэферэндаровай, якая, ажно да заліку ўсёй сумы, мела права заняць маёнтак i браць з яго даход, не даючы нікому справаздачы. Апроч гэтага ёй трэба было плаціць штогод па 2000 дукатаў пажыццёвай пенсіі.

Другім абавязкам было на працягу трох гадоў пасля смерці завяшчальніка вымураваць гімназічныя гмахі. A на працягу дзесяці гадоў - будынкі касцёла, аптэкі, кафенгаўза, пяці корчмаў i ўсіх дамоў, што акружалі рынак. Наступалі сямейныя легаты: 300 000 злотых адпісвалася Тадэвушу Тышкевічу i другія 300 000 іншым членам сям'і, дамачадцам i даўнім слугам, з якіх ніводзін не быў забыты.

He пярэчу, што падобныя абавязкі, ці хутчэй умовы, маглі, як я казаў вышэй, здацца занадта цяжкімі. Спалохаўся ix пан вялятыцкі староста i сын яго Міхал i адступіў ад правоў на спадчыну. Адважнейшы за ix пан Тадэвуш пагадзіўся на ўмовы i прыняў спадчыннасць.

У тастаменце была яшчэ такая прыпіска: «Для аблягчэння ўмоў i выплаты легатаў, уладальніку Свіслачы на ўласнасць дадаецца сума ў мільён польскіх злотых, размешчаная на працэнце ў кн. Радзівіла, нясвіжскага ардыната». Апрача гэтага ў свіслацкай касе была пакладзена сума ў 200 000 злотых, прызначаная на пабудову гімназіі. Ці ведаў пра гэтую прыпіску пан Тадэвуш, пра якую не ведалі ні староста, ні ягоны сын, паручыцца не магу.

Тадэвуш Тышкевіч, мой айчым, які ў кампаніі 1812 года, служачы ў польскім войску ў чыне генерала, i ў бітве пад Медынай узяты ў палон, вярнуўся ў Варшаву ў 1814-ым. A ў наступным, вясною, ажаніўся з маёю маткаю, Юзэфаю з Салагубаў Патоцкаю, разведзенаю з маім бацькам Станіславам [53], генералам польскіх войскаў. Пан Тадэвуш валодаў y Мар'ямпольскім павеце маёнткам Балверышкі, што ляжаў над самым Нёманам. Вось яго рэферэндарый i выбраў на спадчынніка Свіслачы. Хочучы інтарэс, які быў y працэсе ўладкавання, давесці да канца, абодва бакі павінны былі сустрэцца, каб паразумецца. Пан Тадэвуш не хацеў браць пашпарт y Расію, мажліва думаў, што ў ім яму адмовяць. Пан рэферэндарый не жадаў завітваць y Варшаву. Пасля надумаліся накіравацца на прызначаны дзень y Тыкоцін. Першы з ix, выправіўшы адразу пасля шлюбу маю матку на шлёнскія воды, прыбыў y Тыкоцін на польскі, другі ў Шалягоўку на расійскі бок.

Ад часу вайны на Нарве не было моста. Але дырэктар каморы мог даць дазвол прыватна перасякаць мяжу. Такі дазвол пан Тадэвуш атрымаў i ўжо выбіраўся на другі бераг, калі там апынуўся пан рэферэндарый. Кожны крок, зроблены насуперак праву, ён лічыў злоўжываннем, кожнае злоўжыванне лічыў за злачынства супраць дзяржавы, таму дадумаўся да іншага спосабу пабачыцца i пагаварыць з сваяком. Чаму б, напрыклад, Вінцэнт Тышкевіч з Тадэвушам Тышкевічам не маглі спаткацца на пароме пасярод Нарвы? Пасля двухгадзіннай размовы першы вярнуўся ў Свіслач, другі ў Варшаву.

Генерал Тадэвуш Тышкевіч.

У тым самым годзе з маім гувернёрам панам Окр... я паехаў на вакацыі да маці, якая жыла ў Балверышках. Туды прыехаў пан рэферэндарый. Я ўбачыў яго першы раз i палюбіў адразу, бо ён быў вясёлы i ўмеў прыстасавацца да любога ўзросту. Гаварыў са мною пра Варшаву. Ведаючы, што я быў вучнем піярскай школы, распытваўся аб прафесарах, якіх ведаў асабіста, y прыватнасці пра ксяндза Капчынскага, Пжачытаньскага, Бельскага, бо ён некалькі гадоў вучыўся ў Collegium nobilium [54] ксяндзоў піяраў. A як настроіўся на добры гумар i пачаў гаварыць пра сваю маладосць, пра школьныя Штучкі, пра двор Станіслава Аўгуста, забавы сталіцы, я прагна хапаў кожнае слова, бо хоць з наймаладзейшых гадоў ахвотна гарцаваў з маладымі, вельмі ж мне падабалася слухаць, калі старыя расказвалі даўнія гісторыі.

Пан рэферэндарый еў вельмі многа i таму, напэўна, часта западаў на здароўе. Яму забаронена было вячэраць. Калі мы сядалі за вячэру, ён загадваў замыкаць яго ў бакавым пакоі, адкуль прасіўся да нас, заклінаў, каб яму адчынілі, благаючы: «Адчыняйце, адмыкайце!».

«Што гэта за парфумы, водары, што гэта за соусы далятаюць да мяне, злітуйцеся, пускайце, бо не вытрымаю, паміраю з голаду, памёр!» Пасля вячэры дзякаваў, што яму не адчынілі, a назаўтра разыгрываў тую самую сцэну! У Балверышках затрымаўся на некалькі тыдняў. Закончыў перамовы з панам Тадэвушам Тышкевічам, пасля, выязджаючы, абяцаў прыехаць зімою ў Варшаву.

Зімою з 1815 на 1816 год матка мая жыла ў Варшаве, y доме Васілеўскага на Кракаўскім прадмесці. Пан рэферэндарый - y меншай Візіткоўскай камяніцы насупраць саскага дзядзінца. Прыехаў ён са шматлікаю дворняю. Меў з сабою камердынера, дваіх лёкаяў, кухмістра, чацвёрку коней на стайні. Суправаджаў яго неадступны маршалковіч. Пан Тышкевіч нідзе не бываў, але яго то той, то сёй адведваў. У прыватнасці, мая матка наведвала яго штодзённа да абеду, я ж даволі часта перад вечарам. Як толькі я заходзіў, ён загадваў сядаць побач i выпытваў, што хто ў горадзе робіць, хто з кім сварыцца, хто з кім пабіўся, памірыўся. Калі я, наколькі мог, задаволіў яго цікавасць i не меў ужо больш чаго расказваць, ён першы развітваўся са мною, просячы, каб я чым найхутчэй вяртаўся з новым запасам навін i плётак. Усе новыя знаёмыя спяшаліся аддаць яму абавязковыя пашаноты, што прычыняла яму неаднаразова вялікі клопат. Калі Станіслаў Патоцкі [55], міністр асветы, даўні яго школьны калега, прыслаў запытацца, a якой гадзіне можа яго наведаць, ён страшэнна захваляваўся, як павінен прыняць такога вялікага саноўніка, міністра, ваяводу. Хацеў ужо шыць сабе мундзір. Але адкуль узяць зорку «Белага арла»? Сваю ж пакінуў y Свіслачы! Даведаўся пра гэта Патоцкі і, доўга не чакаючы, уляцеў да рэферэндарыя знянацку. Той адразу сумеўся, але калі яны сардэчна абняліся i разгаварыліся, забыў пра міністра, ваяводу, прыпомніў толькі даўняга школьнага калегу i таварыша маладосці.

Я вышэй казаў, што ён любіў слухаць плёткі. З ix неаднойчы рабіў нагаворы. Калі з прычыны паўторанай ім плёткі матка звольніла служанку, ён, даведаўшыся пра гэта, вельмі засмуціўся. Уваходжу да яго. Сядзіць замаркочаны ў крэсле. Кланяюся. Кланяецца ў адказ, але маўчыць. Пытаюся пра здароўе - не адказвае! Калі я марна спрабую здагадацца, што гэта абазначае, ён вымае з кішэні гадзіннік i на мігі паказвае, каб я выйшаў i вярнуўся да яго праз гадзіну. Вяртаюся. «Хочаш ведаць дакладна,- пытаецца,- чаму гадзіну назад я прыняў цябе маўчаннем? Таму, што я дрэнна зрабіў, саграшыў, i з-за гэтага прызначыў сабе кару. Нагаварылі мне дзіўныя істоты на служанку тваёй маці, a я паўтарыў тое, што чуў. Яна яе звольніла. I, мажліва, бядачка пазбаўлена месца без аніякае віны. Калі мой слуга напракудзіць, ён павінен кленчыць. I я ўкленчыў бы, бо заслужыў, але не мог бы сам устаць. Таму я пастанавіў сабе на пакуту цэлы тыдзень маўчаць штодзённа па дзве гадзіны». Аднак не пахваліўся, што звольненай з-за яго служанцы як узнагароду паслаў гадавую зарплату.

Праз некалькі дзён мой слуга ўваходзіць раніцай да мяне. Гляджу на яго моцна заклапочаны твар. «Што з табою, Станіслаў?» - пытаю.

- Пабіў мяне ўчора Конрад пана рэферэндарыя.

Толькі дагаварыў гэтыя словы, Тышкевіч прысылае па мяне, просячы, каб я прывёў з сабою свайго слугу. Уваходжу. Ён пра ўсё ўжо ведаў. Просіць мяне сядаць каля яго з правага боку. Па левы бок сядзіць маршалковіч Булгарын. Перад імі кленчыць Конрад. За ім стаў Станіслаў. Рэферэндарый, сказаўшы некалькі словаў аб любові да блізкага, даў слова маршалковічу, a той распачаў так:

- Конрад, дзе ты быў учора ўвечары?

- У шынку на Бяднарскай вуліцы.

- З кім?

- Са Станіславам.

- Што ж вы там пілі?

- Па некалькі чарачак мёду.

- I ўпіліся?

- Троху.

- За што ж схапіліся?

- Ён даводзіў, што ў ix y Варшаве лепей, a я, што ў нас на Літве.

- Хто першы ўдарыў?

- Я.

- Ці даў ён табе здачы?

- He, бо я не даўся.

- Конрад, ці шкадуеш ты аб тым, што ўчыніў?

- Вядома.

- Ці абяцаеш выправіцца?

- Абяцаю!

Ha гэтым усё дазнанне скончылася, a вядучы прыгаварыў Конрада за тое, што хадзіў y шынок, напіўся, пабіў, пакалечыў, мог забіць, заплаціць сваю месячную зарплату пацярпеламу. Пасля гэтага ў нашай прысутнасці ён павінен быў перапрасіць Станіслава i пацалаваць яму руку.

He прайшло i некалькі тыдняў, як пан рэферэндарый, карыстаючыся яшчэ саннай дарогаю, пакінуў Варшаву, умовіўшыся наперад з маім айчымам, што ад св. Яна наступнага года аддае яму Свіслач, абумоўліваючы сабе, аднак, 2000 чырвоных злотых гадавога даходу з яе, свабоднае жыллё зімою ў Клепачах, на лета ў Свіслацкай віле за Брэсцкай вуліцай i пастаўку розных прадуктаў i прыпасаў на кухню. На жаль да гэтага не дайшло, бо неўзабаве мы атрымалі наступнае паведамленне, змешчанае ў газетах i часопісах:

«Вінцэнт, граф на Лагойску, Тышкевіч, калісьці рэферэндарый В. кн. Літоўскага i кавалер польскіх Ордэнаў, знаходзячыся ў дарозе, памёр 12 сакавіка 1816 года ў маёнтку Дубоя, недалёка ад Пінска, y сваёй крэўнай пані Кажанёўскай.

Ён грашовай дапамогай y колькасці 500 чырвоных злотых памог пану Ліндэ [56] паспяхова выдаць шосты том Польскага Слоўніка; ён, даўшы ў сваім спадчынным горадзе Свіслачы ў павеце Ваўкавыскім для Гродзенскай губ. гімназіі часовае памяшканне ў драўляных будынках, на ўзвядзенне мураванага гмаху прызначыў суму ў 200 000 злотых.

Ваенныя часы не дазволілі ўзвесці тыя муры, але грошы, адкладзеныя на гэту мэту, y гатоўцы пацверджаны завяшчаннем. Акрамя гэтага ён падараваў названай гімназіі значны кнігазбор. Гэты граф паўсюдна вядомы ў нас на Літве як узор светлага кіраўніка, які акуратна i ахайна ўтрымліваў вёскі, пры добрым, сапраўды, быце сялян. Ён вядомы таксама прыстойным i адпаведным свайму стану ладам жыцця, далёкім ад скупасці, як i ад раскідвання, якое шкоднае для добрых звычаяў. Ён не меў так званых інтарэсаў, гэта значыць ніякіх даўгоў i не вёў юрыдычных працэдур, што ў нас, як вядома, y класе землеўладальнікаў здараецца рэдка. Таму хапала яму даходаў на добрыя ўчынкі i значныя дары для менш забяспечаных фамілій, як i для прыяцеляў, доказы чаму ён пакінуў y сваім тастаменце, y якім забяспечыў сродкі на ўздым горада Свіслачы i паляпшэння стану сялян. He было б, можа, бескарысным, каб нехта добра вядомы i здольны апісаў яго спосаб эканомікі i кіравання ў дэталях i належным парадку i апублікаваў для навукі i пераймання. Працы падобнага роду найлепш могуць прычыніцца для змены на лепшае краёвай гаспадаркі i агульнага побыту» («Dziennik Wileński», № 15 ад 31 сакавіка 1817 г.).

Мая маці была дачкою Юзафа Салагуба, эйшышкаўскага старосты, народжаная з Патоцкіх. Пані Салагуб пасля смерці свайго мужа паўторна пайшла замуж за графа Алойзы Бруля, генерала артылерыі, сына Генрыка Бруля [57], першага міністра Аўгуста III [58].

Праз некалькі гадоў памерла, пакінуўшы ад другога замужжа дачку Амелію Бруль, якую ўзяла на выхаванне пані Веляпольская, кракаўская старасціна, стрыечная сястра яе маткі. Юзэфа Салагуб пайшла замуж за Станіслава Патоцкага, галіцкага старасціча. Ад таго шлюбу адзіным нашчадкам, страціўшы дзве сястры i брата, астаўся я.

Матка мая была анёлам дабрыні. Бацька мой - найшляхетнейшы з людзей. Яны былі створаны адно для аднаго, пабраліся па каханні. Чаму ж праз больш чым дзесятак гадоў узорнага жыцця разыйшліся? He прычынілася ж да гэтага тая сусветная ліслівасць, якая ўціскаецца ў сэрца, як вастрыё забойчага жалеза. Можа небяспечнае заглядванне на іншых, можа астаткі заражанага паветра, што веялі яшчэ з пустога васемнаццатага стагоддзя?..

Матка мая з-за слабасці здароўя большую частку лета 1816 года правяла ў Вільні. Я прыехаў да яе ў час вакацыяў.

Прабягаючы ваколіцамі гэтага горада, маё жывое ўяўленне ўзносілася над імі, a ўспаміны пра цудоўнае мінулае як жа ж многа гаварылі душы! Гэты горад Гедзіміна [59], што ўзносіўся як магільны помнік, гэтая гара, асвечаная першым пакутніцтвам за веру на літоўскай зямлі, гэты Кафедральны касцёл, дзе спачывае прах Вітальда [60], Аляксандра [61], Барбары [62], які стаіць на месцы, дзе чатыры стагоддзі назад сярод дубоў, прысвечаных паганскім багам, гарэў Зніч [63]; гэта Вілія, што блакітнаю стужкаю як бы акружвае ўлюбёны горад! Toe, што я тады адчуў, засталося захаванае ў маёй памяці назаўсёды i таму яшчэ. сёння тыя мясціны, будучы адбіткам першых уражанняў маёй маладосці, маюць для мяне тую самую чароўнасць.

Праз некалькі тыдняў побыту ў Вільні мы паехалі ў Свіслач, a адтуль я вярнуўся назад y Варшаву. Матка мая засталася. Дзіўна, як за такі кароткі час яна магла прызвычаіцца да невядомага ёй дасюль вясковага жыцця. A калі часамі ўздыхала па вялікім свеце, y які больш не магла заглянуць, калі засумавала па асобах, з якімі павінна была назаўсёды парваць прыязныя адносіны, ніхто яе ўздыханняў не пачуў, ніхто журбы не адгадаў. Занятую адзіна выхаваннем малых дочак, адданую абавязкам добрай жонкі i маткі, адразу ўсе яе спазналі, ацанілі i палюбілі.

Пан генерал Тышкевіч, хочучы ўмацаваць свае правы на Свіслач i палегчыць сабе цяжкія выплаты, тым больш, што ад камісіі, якая кіравала нясвіжскай ардынацыяй [64], нельга было спадзявацца на хуткае атрыманне належнай сумы, дамовіўся з пані рэферэндаровай Тышкевічавай i прыняў ад яе даверанасць, паводле якой ужо не як пераемнік, a ад яе імя заняў Свіслач, i паволі сплачваючы часткамі легаты i выконваючы ўмовы, агавораныя ў тастаманце, паставіў свой інтарэс на найлепшым узроўні.

У адміністрацыі маёнтка i ў ладзе жыцця захаваў даўнейшы парадак, a калі i адбыліся некаторыя змены, то толькі ў памяншэнні выдаткаў. Быў звольнены маршалак двара, распушчана капэла, зменшана колькасць слугаў. У палацавых вазоўнях англійскія карэты з пазалочанымі рысорамі былі заменены на сучасныя павозкі, y стайнях, дзе стаялі шасцёрачныя тышкевічаўскія цугі сапегаўскага або пацееўскага статку, асталася чацвёрка гнядых для параду i дзве пяцёркі нізкарослых рабочых коней для падарожжа.

Дамашнім кіраўніцтвам займалася мая матка. Адразу ж за кухнямі ў новапабудаванай аборы пад асобым сваім наглядам яна мела 25 цудоўных жулаўскіх кароў. A таму, што вельмі любіла кветкі, за палацам з боку поля залажыла невялікі кветнік, y якім вырошчвала самыя рэдкія расліны. Яна рэдка выязджала з дому. Да яе ж штотыдзень на абед заязджалі суседзі. Сярод асобаў, з якімі яна была ў сяброўскіх адносінах, былі пані Феліксава Патоцкая, a таксама пані лоўчая Касакоўская, Патоцкая з дому, a дакладней кн. Паўлава Сапега, з якою яе звязвала сяброўства з дзіцячых гадоў.

Салоны для гульні ў свіслацкім палацы з пункту погляду мэбліроўкі не зазналі ніякіх зменаў. Што ж датычыць пераробак, дык два кабінеты былі злучаны ў адзін i за імі ўладкавана спальня. Размеркаванне дня было тое самае, як i пры пане рэферэндарыі: абед a другой, вячэра a дзевятай. Хоць Пядрыла, кухмістр нябожчыка, павінен быў саступіць першынства пану Трухноўскаму, кухмістру, прывезенаму з Варшавы, які штомесяц атрымліваў шэсць дукатаў, кухня, аднак, не была лепшай.

Апроч гаспадароў дому звычайна за стол сядалі пані з Тышкевічаў Касцялкоўская, пляменніца пана генерала, пан Юзаф Радавіцкі, кіраўнік стайневага дэпартамента i пан Вінцэнты Янкоўскі, генеральны ўпаўнаважаны. У пасляабедзенны час штодзённа з'яўлялася пані Крусіньская, жонка дырэктара гімназіі, за ёю пан камергер Камаеўскі, даўні рэферэндарскі рэзідэнт, i адразу засядалі з маёй маткаю за ўлюбёны яе бастон. Гулялі на спіс. I толькі ў канцы года хто выйграваў - забіраў.

Пані Крусіньская родам з Варшавы, славутая некалі прыгажуня, вясёлага характару, дасціпная, прасякнутая той галантнасцю, якая ўмее падабацца, была ў маёй маткі ў вялікай ласцы. Яе муж, Яцак Крусіньскі, чалавек, годны павагі i пашаны з любога пункту погляду, вучоны, сябар Варшаўскага Таварыства

Сяброў Навук, на працягу чвэрці стагодцзя дырэктар свіслацкай гімназіі, адыйшоўшы з грамадскай службы i жывучы на пенсію, жыў y Свіслачы, дзе памёр некалькі гадоў таму назад, яна ж дасюль жыве, дачакаўшыся глыбокае старасці.

Мушу прывесці тут здзіўляючы выпадак, за сапраўднасць якога магу паручыцца. Пад канец 1827 года мая матка выехала да мужа, які быў тады ў Варшаве. Я праводзіў яе да Брэста Літоўскага. Перад ад'ездам яна ўпрасіла пані Крусіньскую, каб y час яе адсутнасці тая перайшла ў двор, каб лепш назіраць за дзецьмі. Пані Крусіньская заняла спальню маёй маткі i ў першую ж ноч, лёгшы на яе ложку, пачула словы, вымаўленыя прыглушаным голасам: «Яна тут памрэ!». Пасля, калі зноў заснула, тры разы была разбуджана тым самым стукам i пачула тыя самыя словы. Назаўтра расказала прысутным пра гэтыя своеасаблівыя папярэджанні. Матка мая вярнулася з Варшавы ў найлепшым здароўі, але не прайшло i трох месяцаў, як y тым самым пакоі, на тым самым ложку памерла.

Ёсць y прыродзе нічым невытлумачальныя з'явы, аб якія разбіваецца малавер'е. Яны паходзяць найчасцей ад раздражнёнага ўяўлення, часамі ад хваравітага стану здароўя, a сяды-тады, адхінаючы заслону таго, што павінна стацца, зрокам душы чытаючы ў прышласці, прадчуваюць тое, што будзе...

Камергер Камаеўскі, добрае, лагоднае, пакорнае i ўжо крыху здзяцінелае стварэнне, якое мала гаворыць, недалёка бачыць. Пан рэферэндарый лічыў, што яно належыць да ніякага роду. Любіў жа яго вельмі i называў яго сваім старым дзіцем. Аднойчы, на дзень яго нараджэння, загадаў паставіць перад ім вялізарны торт. 58 тонкіх васковых свечак, якраз столькі, колькі камергер меў гадоў, было ўваткнута ў той аграмадны торт, a як толькі ix запалілі, гаспадар дому з усёй кампаніяй выпіў за здароўе «старога дзіцяці». Шмат разоў расказваў Камаеўскі пра гэты эпізод са свайго жыцця i за кожным разам заліваўся слязьмі ўдзячнасці.

Пры нябожчыку ён не выконваў ніякага абавязку, нічым не займаўся. Быў падобны на дамашняе начынне без ужытку, да якога прызвычаіліся вочы, але без якога здавалася б, што нечага не хапае. Пры маёй матцы ён стаў абавязкова патрэбным для камплекту гульні ў бастон. Калі ў яго пыталіся, ці не меў калі намеру ажаніцца, расказваў, што ў маладосці, заручаны з паннаю P., дачкою суддзі, ужо ехаў да шлюбу з спецыяльным дазволам касцёла ў кішэні. Па дарозе заехаў y карчму на начлег. Памяшканне было поўнае сялян, таму лёг y стайні, a індульт (спецыяльны дазвол) схаваў y сена. Раніцаю ўстае, шукае, дарэмна - коні з сенам з'елі індульт! Ён палічыў гэта за папярэджанне i не паехаў далей. Вярнуўся дахаты i вырашыў застацца кавалерам.

Пан Камаеўскі памёр за год да смерці мае маткі. За некалькі тыдняў да смерці, таму што меў y доме прыгатаваную для сябе труну, на ўсякі выпадак выслаў яе белай пасцеллю, паклаў падушку i лёг, адзеты ў новы кунтуш, з новым слуцкім поясам. Пасля, паклікаўшы свайго слугу, сказаў яму: «Памятай, Сымоне, каб так мяне прыбраў і, як умру, паклаў y гэтую труну. I не забудзься пакласці ў кішэню свежую насоўку i насыпаць табакі ў табакерку!».

Праз лета мая маці пераносіла сваю рэзідэнцыю ў «Сынфаны» i жыла ў асабнячку пані рэферэндаровай. У 1817 годзе я правёў вакацыі ў Свіслачы. У канцы ж 1818-га, скончыўшы універсітэцкія навукі ў Варшаве, ужо выбіраўся на некалькі гадоў y падарожжа па Еўропе, калі ў маім лёсе адбылася найважнейшая перамена. Запраектаванае падарожжа пайшло на нішто. Зачынілася для мяне школа вялікага свету. Дамашняе вясковае жыццё адчыніла мне свае вароты. Я ажаніўся, ці хутчэй запісаўся ў брацтва шкадуючых... Да гэтага найбольш прычынілася матка. Бацька доўга супраціўляўся. Яна ж, хочучы затрымаць мяне каля сябе, радзілася з сэрцам. Ён, слухаючы толькі вопыту, адгукаўся голасам здаровага розуму. Урэшце развага саступіла сэрцу.

Праз год, будучы ў Варшаве, я адведаў пана ваяводу Станіслава Патоцкага. На пытанне, дзе жыву - на вёсцы - я адказаў: «За дзве мілі ад маткі i за мілю ад маткі маёй жонкі». Пан ваявода, хоць усёй душою паляк, але, прасякнуты французскім досціпам, сказаў на гэта: «Vous vivez donc dans un pays de commerce entre deux meres» [65].

Нягледзячы на тое што, як кажуць, пайшоў на сваё, большую палавіну года я правёў y маці. Звычайна ездзіў да яе ў суботу, быў там нядзелю. Бываў y Свіслачы на Каляды, на Вялікдзень, на св. Юзафа, a таксама ў час усяго кірмашу.

Кірмаш быў важнай падзеяй, якую з найвялікшай нецярплівасцю чакалі гандляры, маладыя i старыя. Першыя спадзяваліся на ім шмат утаргаваць, другія натанцавацца дасхочу, трэція - нагаварыцца.

Нічога так не нагадвала замежныя воды, як свіслацкі кірмаш. Той вялікі збор грамадзян, што жылі ў асобных дворыках, адведвалі адзін аднаго, рабілі прагулкі конна, пешшу, y павозках, якія штодня збіраліся ў двор на абеды, на балі, на публічныя маскарады, y тэатр. Дадайце да гэтага найпрыгажэйшую пару года i будзеце мець сапраўдны Карлсбад. Толькі без скалаў, без вежы, без гарачых крыніцаў, без таго загранічнага смуроду, які нам б'е ў галаву, адурманьвае, нават даводзіць да непрытомнасці, i толькі тады вяртае нам розум, калі ў кішэні адчуем пустэчу.

У 1818 годзе падчас свіслацкага кірмашу з'явіліся тры прыгажуні, якія справілі сярод моладзі найвялікшае бязладдзе, замяшанне, выбух, рэвалюцыю.

Адзін хапае паветра, бо яму дух забіла, але трымаецца за грудзі, каб сэрца не выскачыла, другі працірае вочы, бо, уражаны надта вялікім бляскам, аслеп, іншыя страцілі сэрца i галаву i не могуць ix знайсці. Тым часам тры панны, адна за другую прыгажэйшыя, з поўнымі сціпласці манерамі, з лагоднай усмешкаю на вуснах i з апушчанымі вачыма, уваходзяць y перапоўненыя цікавым тлумам пакоі, не бачачы таго ўражання, якое выклікалі, не чуючы захапленняў!

He гневайцеся, пані, калі дадам, што кожная жанчына, нават самая маладзейшая, калі не бачыць, то здагадваецца, калі не чуе, то адчувае. He паспелі з'явіцца панны - Мялання Андрайковіч, Наталля Біспінг i Караліна Сегень - як уся моладзь падзялілася на тры лагеры, да якіх далучыўся не адзін ветэран i выглядаў, як той даўні штандар, апалены ў агні, прашыты не адной куляю, бо ўжо не ў адной бітве вёў мужных да славы.

Там, дзе ёсць стымул ці заахвочванне, там найпавольнейшы робіцца жвавым, малады шалее, стары вар'юе. Кажуць, што кожны чалавек на старасць даводзіць, што даўней было лепш, вальней гулялася, сардэчней любілася. He пярэчу. Аднак шчыра прызнаюся, што ад таго кірмашу, хоць ужо мінула гадоў сорак, большая частка прысутных на ім вымерла, a хто застаўся, то ўжо старац або баба, хоць да гэтага часу я быў не адным парывам ветру пераношаны, не адной плынню вады несены, многа бачыў бляску, хараства, раскошы i пышнасці, але такой шчырай, такой сапраўднай, такой сардэчнай весялосці нідзе не спатыкаў, нідзе лепш не весяліўся.

Неяк y час вячэры, калі адна з нашых прыгажуняў сказала, што добра было б як-небудзь паехаць y «Сынфаны» на прагулку, яе словы сталі для ўсіх нас загадам. Я пабег да маткі, зрабіў прапанову, паведаміў усёй грамадзе, i думка была аднагалосна падхоплена.

Назаўтра, пасля ранняга снедання, па дарозе ў «Сынфаны» рухалася больш за дзесятак павозак, уся моладзь гарцавала конна, a найцудоўнейшае надвор'е гэтаму спрыяла. Ужо рассыпаліся па парку. I калі старыя, засеўшы за зялёныя столікі, чакалі абеду, маладыя то насіліся па траве, шукалі выхаду з лабірынту, то на арэлях выляталі пад неба, то плавалі на барках па ставе. «Як жа тут весела,- кажа панна Малання панне Наталлі,- не хапае толькі музыкі».

He паспелі прагучаць гэтыя словы, як адазваліся духавыя інструменты, зайгралі мазурку i распачаліся танцы i гулі, перапыненыя толькі абедам. Калі ўсе паўставалі з-за стала, яны з запалам аднавіліся i цягнуліся без перапынку ажно да захаду сонца. Вяртанне наша падсвечваў бляск месяца. Нас яшчэ чакаў маскарад. Ужо добра развіднела, калі я выходзіў з гэтага касцюмаванага балю i пайшоў адпачываць, каб набрацца новых сіл для наступных забаваў, што ішлі дзень пры дні. Кірмаш закончыўся. Кожны, з жалем пакідаючы Свіслач, паўтараў сам сабе: «Да сустрэчы ў наступным годзе!» - і, відаць, калі толькі мог, здзейсніў сустрэчу.

Наступны кірмаш нічым не саступіў папярэдняму, хоць прыгажосці, якія год назад атрымалі заслужаную пальму першынства прыцягальнасцю i забавамі, на ім не з'явілася. Можа з-за боязі, каб тое, што захапляла ўчора, сёння не стала канчаткова агульнапрынятым.

Княгіня Людвіка Радзівіл прыбыла ў Свіслач з усім сямействам. A яе дачка Гэлена i панна дэ Нэў, што была пры ёй, прыцягвалі да сябе погляды ўсіх. Калі трое маладых людзей дамагаліся шчасця станцаваць першую мазурку з пекнай Гэленаю, да ix хтосьці наблізіўся i сказаў: «Hélène, tu perds trois Messieurs je viens à Votre secours, mettons nous en quatre pour lui plaire» [66].

Князёўна, спалучэнне дабрыні з анёльскім паглядам, велічнай i пышнай паставы, выклікала пачуццё глыбокага захаплення, пакланення. Панна дэ Нэў, падобная да фантастычнай мары з дзівоснага сну, узносіла нас да сёмага неба!

Калі тая, як другая Барбара, годная была падабацца другому Аўгусту, гэтая ўсюды падабалася ўсім. Тая, толькі што выдадзеная за кн. Вільгельма Радзівіла, свайго стрыечнага брата, памерла ў самым росквіце сваёй вясны, гэтая яшчэ, можа, памятае, як мы дамагаліся адзінага яе позірку.

Чаго толькі не здольная вынайсці выдумка, якая шукае забавы. Яна i дні кірмашу рабіла прыемнымі: баль за балем, маскарад за маскарадам, прагулкі, тэатр крочылі адзін за другім бесперастанку, скарачалі гадзіны, a дні ўцякалі так хутка, як уцякае жыццё - толькі чалавек y яго ўступіў, ужо праляцела, ужо з яго адыходзіць, часам шкадуючы мінулага, часцей жа з тым унутраным перакананнем, што там будзе лепей, калі мы на тое заслужым.

У той час наша моладзь, вартая сваіх бацькоў, не страціла яшчэ замілавання да коннай язды. Кожны з нас любіў асядлаць дзёрзкага рысака, асабліва калі ласкавы позірк чорнага ці блакітнага вока быў узнагародаю за смелы скачок ці зграбны паварот.

Часы змяніліся i сённяшняе пакаленне так разважае пра нашы мінулыя гарцаванні, як мы калісьці разглагольствавалі аб рыцарскіх пагонях, са здзіўленнем, але без ахвоты пераймаць: «А што ж абазначаюць цяперашнія скачкі,- запытаюць польскія англаманы,- вы ж робіце ix на конях».

Праўда. Але ж нашыя скачкі не свае, a ўзятыя з чужыны. A вашы прадзеды, каб маглі ўбачыць вас y конюхаўскай афарбоўцы, то вас, напэўна, выракліся б.

I ў Свіслачы ў 1816 годзе былі скачкі на нашых краёвых конях, але без камедыянцкага пераапранання. Недалёка за горадам выбралі шырокую вёску як месца паказальных выступленняў. Уся прыгожая палавіна выступіла ў наймоднейшых строях. Гледачоў было многа. Герман Патоцкі на доблеснай сваёй клячы з боцькаўскага статку перамог сваіх супернікаў i падчас абеду ў маёй маткі быў увенчаны каронаю, звітай з свежых кветак. He адна пекная ручка прычынілася да гэтага, a найпрыгажэйшая паміж прыгожых надзела яе яму на галаву.

Назаўтра ў «Сынфанах» быў вялікі абед для княгіні Радзівіл. На яго было запрошана каля ста асобаў.

Як толькі ўсталі з-за стала, усе прысутныя паселі на баркі i пры водгуках музыкі пачалі плаваць па ставе. Калі наблізіліся да аднае з выспаў, пад расцягнутым багатым шатром убачылі Канстанціна Астрожскага [67], які спачываў на ложы. Ён быў накрыты буркаю, навакол быў развешаны вайсковы рыштунак: зброя, шчыт, шышак, меч, коп'і, булава, харугвы - гетманская i здабытая ў непрыяцеля. Побач сядзела дачка. Малады збраяносец каля ног, падыгрываючы на ліры, спяваў вядомую думу Нямцэвіча [68] пра перамогу пад Оршаю.

На другой выспе - спатканне Рахілі з Якавам [69] каля студні. На трэцяй было разыграна некалькі сцэн з «Дон Кіхота» Сервантэса: змаганне з ветракамі i развітанне вандроўнага рыцара з Дульцынеяю. Як толькі вярнуліся ў палац, распачаліся танцы, якія доўжыліся да белага дня.

Кірмаш закончыўся. He закончыліся разам з ім, аднак, сёлетнія ўрачыстасці. Калі госці i параз'язджаліся дамоў, адразу ж вярнуліся ў Свіслач на запросіны маёй маткі, якая 25 жніўня мелася спраўляць дзень імянін гр. Людвікі з Патоцкіх Касакоўскай.

Пасля багатага абеду ўсе накіраваліся ў парк. Прайшоўшы ліпаваю вуліцаю i паглыбляючыся штораз далей, y вузкім пераходзе паміж дзвюма сценамі старажытных шпалераў, сустрэлі крэслы, пастаўленыя радамі. Павешаная ў самай глыбіні заслона казала пра схаваную неспадзяванку. A што за яна будзе, адгадаць было цяжка. Як толькі кожны заняў месца, на пададзены знак заслона ўзнялася, i паміж дрэваў усе ўбачылі старца, які сядзеў на кургане з дзёрну. Белыя валасы спадалі яму на плечы, белая барада апускалася на грудзі. На ім - блакітны ўбор, падпяразаны залатым шнурам. Гэта Асіян, князь скандынаўскай зямлі. У руках трымаў лютню. Падыгрываючы на ёй, апяваў рыцарскія подзвігі, славу i няшчасці сваёй айчыны:

Песні мае! паўтарыце даўней што было.

I ты аджыві ў ix, асілкаў былых хвала!

Лютня змоўкла, выпала з рук. Старац заснуў. Але тое, што толькі што праспяваў, паўтаралася ў кароткіх снах зажуранай па былым душы.

Глыб сцэны адкрываецца. Узброеныя караблі з распушчанымі ветразямі, з разгорнутымі шматкалёрнымі флагамі пад гукі ваеннай музыкі адплываюць ад прыстані. На адным з ix стаіць рыцар y залацістай зброі i шышаку, глядзіць y той бок, дзе асталіся бацька, жонка, родная зямля. I калі Аскар, сын Асіяна, пашле апошняе развітанне прыгожай Мальвіне, калі тая ловіць яго позіркам, выцягвае за ім рукі, караблі, аднесеныя плынню вады, хутка аддаляюцца, знікаюць y прасторы, музыка заціхае, заслона апускаецца.

У другім сне на алтары Одзіна [70] гарыць святы агонь. Мальвіна, акружаная карагодам дзяўчат, складае ахвяры з зёлак i кветак, узносіць модлы за поспех скандынаўскай зброі.

У трэцім сне рыцары вяртаюцца з паходу. На спатканне сваіх выбеглі маткі, жонкі, дочкі, каханкі. Караблі набліжаюцца. I калі з-над берагоў чуюцца радасныя крыкі, рыцарства адказвае на ix маўчаннем. Яны атрымалі цудоўную перамогу. Але, на жаль, той, хто ім пракладваў да яе дарогу, загінуў смерцю храбрых. Выносяць мёртвае цела Аскара, кладуць на роднай зямлі. Плач, Асіяне, ты страціў адзінага сына, плач, Мальвіна, ты страціла каханага мужа, плач, Скандынавія, наймужнейшы твой абаронца мёртвы. Абуджаецца Асіян, балючыя сны ажывілі ў ім успаміны, зноў закрывавілі незагоеныя раны. Ён хапае лютню, прабягае пальцамі па сярэбраных струнах, тыя выдаюць жаласныя енкі. Ён глядзіць y неба i яму здаецца, што бачыць скандынаўскіх рыцараў, якія змагаюцца паміж хмараў.

Абуджэнне панесла сны, першы павеў ветру разагнаў хмары, але засталася песня Асіяна, якую перадаюць пакаленне пакаленню.

Вярнуліся ў палац. З надыходам вечара адчыніліся дзверы ў абедзенную залу, ператвораную ў садок кветак, асветлены рознакаляровымі лямпамі. У самай глыбіні пад каштоўным шатром сядзяць адаліскі з гарэму вялікага султана.

Багатыя ўсходнія строі з найтанчэйшага мусліну, шарфы, нашыйнікі з перлаў, завушніцы i заколкі з дарагіх камянёў не надаюць прывабнасці, a трацяць свой уласны бляск з-за чароўнасці гэтых зямных гурыяў. Унутры шацёр аздабляюдь турэцкія шалі. Падлога заслана персідскімі дыванамі. Нізкія сядзенні пакрытыя парчою. На пазалочаных трохногах гараць пахучыя кадзільніцы. Пры ўваходзе два негры ў адпаведных уборах падкурчыўшы ногі сядзяць на пятах. Як толькі набліжаюцца госці, найстарэйшая султанка падае знак неграм, a тыя на сярэбраных падносах разносяць шчарбеты.

З другога боку залы ў амаль схаваным за густымі кустамі месцы ў простым шалашы каля вялікага катла, y якім на вуглях варыцца страва, засеў цэлы цыганскі табар. Як толькі цыганы ўбачылі чужых, з'явілася маладая цыганка, ахінутая чырвоным плашчом, y чырвоным цюрбане, з-пад якога відаць густыя пераплёты чорных валасоў. Твар y яе смуглаваты, чорныя вочы гараць, як два распаленыя вугалёчкі, але ў ix замест цыганскай хітрасці прабіваецца досціп, замест спрыту - натуральная весялосць з жаданнем падабаецца, так уласцівым ладнай кабеце. Яна зграбна пакланілася. A на просьбу, каб гэтай або таму прадказала будучыню, узяўшы віноўніцу ўрачыстасці за руку i ўглядаючыся ў яе даланю, па якой быццам y кнізе лёсу хто ўмее, можа чытаць, сказала: «Пані ўсе любяць i шануюць, бо ты гэтага заслугоўваеш, a калі сяды-тады лёгкі цень падазронасці ўзрушае твой спакой, гэта ад лішку сціпласці: хто не вельмі давярае сабе, не заўсёды давярае іншым. Доўгая чарада шчаслівых дзён адкрыта перад табою, і, ідучы па гэтай дарозе, якая вядзе ад тленнага да вечнага жыцця, ты пройдзеш сярод блаславенняў тых, каго накарміла, напаіла, пацешыла, бо ты жывеш не для сябе, a для іншых».

Пасля гэтага, абярнуўшыся да маёй маткі, звярнулася да яе з такімі словамі: «Хваліць цябе ў тваім доме было б злоўжываннем гасціннасцю. Але каб ты магла прачытаць y нашых сэрцах, знайшла б y ix найшчаслівейшую варажбу, якая выплывае з шчырых i некрывадушных пажаданняў. Пасля дасталося ўсім па чарзе, бо мілая i крыху зласлівая цыганка не забыла нікога. Адной паведаміла, што на будучы кipмaш прыедзе ўжо з мужам. Другой радзіла, каб не перабірала, бо хто перабірае, найчасцей не атрымлівае. Пані старасціне сказала, што на вяселлі праўнучкі ці праўнука будзе танцаваць паланэз y першай пары, a панну Пульхерыю, крыху экзальтаваную забабонным чынам, хоць даўно ўжо перакрочыла трыццатку, перасцерагла, што калі хоча пайсці замуж, павінна ўзяць тры лісты папараці, столькі руты, жменю чабру, сланечніка i пapy лотаў лакрыцы, усё згатаваць y кварце вады, a ў самую поўнач, выпіўшы шклянку таго напою, накіравацца на могілкі, i там даведаецца, хто ёй прызначаны на сябра ўсяго жыцця.

Скупому сказала, што дукаты i рублі раіць яму праветрываць, каб ix не з'ела моль. Раскідзістаму параіла, каб зашыў кішэні, бо ўсё з ix павылятае. Таму, хто ганяўся за пасагам, паведаміла, што найбольшы скарб - добрая i пачцівая жонка. Самалюбцу нагадала верш Фялінскага «Напалову жыве, хто жыве толькі для сябе».

Старому ж Адонісу [71] паведаміла, што бажок Купідон [72] пасылае яму адстаўку з дазволам усё ж насіць мундзір. Нарэшце, пакланіўшыся ўсёй кампаніі, наша варажбітка развіталася з ёю такімі словамі:

Навошта кожны падае сваю далонь,

Дазнацца хоча, што яго чакае заўтра?

Бо ніхто ніколі не задаволены тым, што мае -

Такая натура чалавека.

У двух другіх пакоях на малых круглых століках прыгатавалі вячэру. За яе засела прыгожая палавіна. За доўгім буфетам, застаўленым серабром, парцалянаю, шклом, рознага гатунку вінамі, канфіцюрамі, садавінай i пячэннем, мая матка дае распараджэнні на ўсе бакі. Моладзь, не пераадзетая ў ліўрэі, але кожны, хто да яе належыць, з складзенай сурвэткаю ў руцэ, прыслужвае дамам, спрытна завіхаецца, разносіць блюды, мяняе талеркі, налівае віно. Адны ядуць, другія п'юць, усе гамоняць, стук, гамана, тлум усё павялічваецца, з бутэлек вылятаюць коркі: «Віват віноўніцы ўрачыстасці!» - крычаць усе ў адзін голас.

Раптам музыка зайграла мазурку. Падхапіліся ад стала, пачаліся танцы, якія без перапынку дацягнуліся да часу, калі першыя промні ўзыходзячага сонца адных будзяць да работы, другім нагадваюць, што надышоў час адпачынку.

Так, далёка ад сталічнага шуму i вялікага свету, y спакойным дамашнім побыце сплывалі гады маёй першай маладосці. Калі манатоннасць дня, падобнага адзін на другі, y пэўныя перыяды перарывалі гучнейшыя забавы, я ахвотна варочаўся да яе, a год за годам праходзіў хутка.

Мая матка вызначалася хутчэй мяккасцю, чым жывасцю характару, a бязмежная дабрыня замяняла ёй лішак весялосці. Яна мела роўны гумар, які ўмела дастасаваць да акалічнасцяў i людзей. На яе светлым твары відзён быў унутраны спакой душы. Яна любіла свет, аднак пакінула яго без жалю. Ахвотна акружала сябе шматлікімі сябрамі, але магла абыходзіцца i без ix. Калі яна ездзіла да суседзяў або яны з'язджаліся да яе i яна не давала першага пабуджэння да гучных забаваў, усё ж яна ахвотна ў ix удзельнічала.

Часам y пакоі, на скорую руку пераробленым пад тэатральную залу, ставілі камедыі. Часамі, пад канец посту, імправізаваныя карэты, запрэжаныя коньмі, як на масленіцу або маскарад, завітвалі ў свіслацкі двор, выгукваючы: «Гуляйма весела, пакуль нам не насыплюць на галаву попелу!». I там весела гулялі датуль, пакуль з тагачаснай кампаніі большая частка не вымерла, a рэшта не разляцелася па шырокім свеце.

Помню, як аднойчы я паехаў з маткаю ў рось, да пані Феліксавай Патоцкай. За поўмілі адтуль, y Тэаліне, жыла пані крайчая Грабоўская, родная сястра майго дзеда. Я зусім яе не ведаў i ўжо выбіраўся наведаць, як пад ганак пад'язджае карэта, з яе вылазіць пані крайчая. Як найхутчэй пасылаюць па мяне, прадстаўляюць бабулі. Я сядаю каля яе, цалую ручкі, гавару кампліменты, увесь час гаманю з бабулькаю і, калі яна ад'язджае, праводжу ажно да экіпажа. У той самы дзень мы едзем y Тэалін. Уваходжу ў пакой. Але якое ж было маё здзіўленне, калі ў пані крайчай не пазнаю той, якую бачыў раніцаю i якой цалаваў ручкі. Уce ў смех i я з імі. Што тут думаць i што здалося? A тое, што фальшываю бабуляю была пераапранутая старая служанка. A сапраўдная не разгневалася на нас, бо сама з іншымі была ў змове супраць мяне.

Успомніўшы арыю, якая была на той час моднаю i пачыналася са слоў «Салодкая помста для сэрца», мне вельмі шчыра захацелася яе выканаць, i не паспела мінуць больш за дзесятак дзён, як мне адпомсцілі пры дзіўным збегу акалічнасцей.

«Давайце прадстаўляць з жывых асобаў»,- сказала аднойчы вечарам пані Патоцкая. Мы ахвотна пагадзіліся i адразу ўзяліся за справу. Між іншым трэба было прадставіць Дон Педра [73], партугальскага каралевіча, які, вяртаючыся з ваеннага паходу, убачыў y лесе на катафалку астанкі замардаванай жонкі. Мы ўжо дамовіліся, хто павінен быў быць гэтай няшчаснай Інэс дэ Кастра, як пані Патоцкая памяняла нашу дамову, паведаміўшы, што ёю будзе сама. «Згода»,- адказаў я, але сам сабе дадаў: «Час помсты надыйшоў!».

Пасярод клумбаў з кветкамі, на двух састаўленых століках для гульні з падпоркаю знізу для большай бяспекі, узвышаецца багаты катафалк, на ім спачывае Інэс дэ Кастра ў княжацкай кароне на галаве, пакрытая княжацкім плашчом. Высокая, поўная, чаму ж яна зачырванелася i адплюшчвае вочы? Можа, баіцца, каб яе не прынялі за мёртвую? Нападалёку ад катафалка стаіць Дон Педра, заломвае рукі, роспач адымае яму розум. Заслона падымаецца, сцэна адкрываецца. Але ў гэты самы момант адсоўваецца падпорка, столікі ўгінаюцца, перакульваюцца, Інэс дэ Кастра імгненна знікае паміж імі. Калі пасля гэтай катастрофы жонка Дон Педра, вернутая да жыцця, увайшла ў салон, падышла да мяне і, пагразіўшы пальцам, спытала: «Ці гэта часам не помста за крайчую?». «Пані,- адказаў я,- не адчуваю віны, да здарэння прывёў выпадак, але шчыра прызнаюся, што хацеў бачыць цябе жывую, хоць бы на зямлі, чым мёртвую на катафалку!» Яна ўсміхнулася, падала мне руку на знак згоды.

Пан генерал Тышкевіч быў хутчэй аматарам палявання, чым паляўнічым. З прыходам восені ў Свіслач прыбываў пан Стэфан Радавецкі, былы капітан літоўскіх войскаў, блізкі сусед, з дваццаццю зграямі ганчакоў, з дзесяццю патройнымі смычамі хартоў, на чале трыццаці стралкоў y зялёных чамарах, y пашытых з воўчых хвастоў шапках накшталт шаломаў i кожны з барсучынаю торбаю на плячах, з ружжом y руках. Далажыўшы генералу, ён узначальваў галоўную каманду. Два смычы генеральскіх хартоў i два мае ядналіся з галоўнай арміяй, i мы задавалі вайну лясам ці хутчэй ix жыхарам. Ловы доўжыліся некалькі тыдняў. Мы пераносілі пляцоўкі нашых паказальных выступленняў з адных нетраў y другія, a стаянкі з фальварку ў фальварак.

Ездзіў там няраз са мною мой сусед i прыяцель Якуб Адамовіч, родам татарын, вераю магаметанін. Гледзячы на яго, калі ў аўчынным кажуху, y барановай шапцы-вушанцы, з манеркай пры боку, з бізуном y рудэ, на невялікім коніку вёў тройку добрых хартоў, па тым уборы i па рысах твару, які зарос віслымі вусамі, ты прымаў яго за патомка Крым-Гірэяў [74], i нездарма, бо ў яго жылах цякла чыстая кроў усходніх Мурзаў, a ў грудзях білася пачцівае сэрца, прывязанае да гэтае зямлі, якая ўзяла яго за сваё дзіця i карміла яго род сваім хлебам ужо чатыры стагоддзі. Бацька Адамовіча быў палкоўнікам y лёгкай літоўскай ахове i ў 1794 годзе загінуў пад Алітай. Якуб жа распачаў сваю жаўнерскую службу ў Італіі, пад камандаваннем фельдмаршала Суворава [75], адбыў аўстрыйскую кампанію 1804 года, прускую 1807 года, a ў 1811 годзе перайшоў з вайсковай службы ў цывільную. Прысвяціўшы гадоў трыццаць грамадскім абавязкам, ён прайшоў праз усе ступені ўрадавай іерархіі, быў прэзідэнтам цывільнай палаты i ўрэшце сумленным суддзёй.

Высакародны чалавек, бездакорны чыноўнік, найлепшы сусед, верны прыяцель, ён заслужыў усеагульную павагу. Стэпавы татарын усё жыццё гарцаваў на кані, вандраваў пад голым небам. Літоўскі татарын або з ружжом пляндруе па лясах, або з хартамі конна ганяецца за зайцам. У яго шчырасць y сэрцы, праўда на вуснах. Што паабяцае, тое зробіць, што палюбіць, тое да грабавое дошкі. Калі ўжо расказвае што з даўніх падзей, то з такімі ўсходнімі падрабязнасцямі, не апускаючы самых дробязных дэталяў, разгортваючы перад вачамі слухачоў вобразы, расфарбаваныя паэтычнай фантазіяй, з той польскай дабрадушнасцю, якая прызнаецца да дрэннага, a добрага не выносіць. Такім я ведаў Адамовіча раней, такім ён ёсць i дасюль, - шчасці яму, Божа!

У апошнія дні верасня 1824 года пан капітан Радавіцкі, я, Якуб Адамовіч i яшчэ некалькі суседзяў заехалі да генерала Тышкевіча і, забраўшы яго з сабою, рушылі ў Грынкі на ноч, адкуль назаўтра збіраліся распачаць нашыя ловы.

Да нашай кампаніі далучыўся пан дырэктар Крусіньскі, аматар больш, як кажуць, грамады паляўнічых, чым самога палявання. Калі яго ставілі ў лесе на пазіцыю, ён сядаў на пень, чытаў кніжку, y той час, калі стрэльба, абапёртая аб дрэва, часта стаяла ненабітая. Аднойчы за дзесяць крокаў ад яго прайшоў лось. Ён не выстраліў. A калі ў яго спыталіся чаму, адказаў: «Ці я дурны ісці ў Сібір», - ён прыняў лася за зубра! Пан Крусіньскі насміхаўся з пана Янкоўскага, што той па лаціне ездзіў конна, на што той адказваў: «Я можа па лаціне езджу конна, але, васпан дырэктар, ты па-грэчаску палюеш!».

Толькі-толькі пачынала днець, як мяне разбудзіў голас паляўнічай трубы. Гэта быў мой стары даездчык Весялоўскі. Ён неміласэрна іграў ад'езднае, a ўся сабраная на дзядзінцы псярня, скавычучы, ахвотна яму туравала. Я імгненна сарваўся з ложка i не прайшло i дзесяці хвілін, як ужо быў апрануты, ужо ўваходзіў y сталоўку, дзе ўся грамада ўплятала снеданне. He хапала толькі генерала. A калі i той неўзабаве з'явіўся, капітан з поўным ротам хлеба з маслам, сказаў яму: «Пане генерале, сонца ўсходзіць, мы ўсе на нагах, a яснавяльможны пан яшчэ спіць, гэта не па паляўніцку!».

- Мой Стэфане,- адказаў генерал,- яшчэ не позна, час цудоўны, paca багатая, будзем мець добрае поле, толькі не ный, бо скажам, што ты стары буркатун!

- Хоць стары, але жвавы, - выгукнуў пан Стэфан, абагіёрты аб стол лакцямі, y байкавай зялёнай чамары, падбітай ваўкамі, з паляўнічым нажом пры боку i арапнікам з булаўкаю, перакінутым цераз плячо.

- Дзе ж будзем паляваць? - спытаў генерал капітана.

- Пачнем з Дабраволі, пасля пройдземся праз Гайнаўшчыну, a калі час i пагода дазволяць, дык пад самы вечар прачэшам Спіжарню.

Крыху падмацаваўшыся, мы выйшлі на ганак i заспелі ўжо на дзядзінцы ў баявым парадку стральцоў, даязджачых, каля трыццаці чалавек аблавы i цэлую псярню пад кіраўніцтвам двух лепшых даязджачых - капітанаўскага Стаська i майго Весялоўскага, абодвух y паўкажушках, з велізарнаю драўлянаю трубою, з пісталетам за поясам, доўгім арапнікам y руцэ i з шапкаю ў торбе.

- Панове! Ужо даўно пара, адазваўся хрыпатым голасам Весялоўскі,- Paca ападае, a да кнеі далёка.

- На коней! - заклікаў генерал.

-Адны конна, другія брычкамі, большая частка чатырохконным штульвагонам, y якім мясцілася больш за дзесятак чалавек, як хто хацеў, ці, дакладней, як хто мог, усе мы рушылі.

Мы ўжо набліжаліся да кнеі, як неба захмарылася i раптоўна наляцеў вецер.

Пан Стэфан пачаў разводзіць даязджачых, Антосік, генеральскі ляснік, парасстраляў стралкоў i завёў аблаву з боку кнеі, пасля затрубіў, падаючы знак, што ўсе гатовыя. Даязджачыя пусцілі сабак, гукнулі ў трубы i стрэлілі з пісталетаў. Некалькі хвілін панавала глухое маўчанне, паміж дрэў шумеў вецер, нават перасталі шчабятаць птушкі, толькі сяды-тады вароны, кракаючы, пераляталі па-над кнеяй. Раптам грубым голасам адазваўся Грымілес, яго пачала падлоўліваць спеўка, Дунай паправіў. Сабакі аб'ядналіся, завылі разам i лес загрымеў галасамі дваццаці шворак ганчакоў. Я стаў на месцы як укопаны, прыціснуўшы да боку дубальтоўку, кідаў погляды ва ўсе бакі, затрымаў дыханне, y маіх грудзях канвульсіўна білася сэрца.

Сабакі ўзялі адразу ж, гвалт штораз павялічваўся, даязджачы затрубіў на ліса. Рагітам раздаўся стрэл. Па гуку, падумаў я, «даў пудла». Сабакі кінуліся ў бок за лісам, гон пачаў аддаляцца.

Прыкінуўшы, што звер выйшаў y поле, я сеў на каня, a калі выязджаў з лесу, пачуў паміж гор: «Вазьмі яго!». Я пусціў каня галопам. Уз'язджаючы на гapy, ўбачыў хартоў, якія вярталіся ні з чым. Ліс уцёк. A гончыя пайшлі за ім. Неўзабаве пад'ехаў пан Стэфан. Ён увесь тросся ад злосці, a калі ўбачыў мяне, ужо здалёк пачаў крычаць: «Гэта ўсё нарабіў той мярзотнік Яахімак. Ліс ішоў ровам, ён яго празяваў i толькі тады пусціў сабак, калі той уцякаў y горы. Шкода ліса. Цёмны, як собаль, шкурка, відаць, рублі са тры вартая». «Але яшчэ горш, - дадаў я, - што сабакі пайшлі за ім. Бог ведае, ці здолеем мы ix склікаць. A так цэлы дзень страчаны!» Я злез з каня, затрубіў паезднага. A калі сабраліся стралкі, дваіх з ix мы паслалі на дапамогу даязджачым, загадваючы, каб стараліся склікаць сабак i ўзяць ix на шворкі.

Ну, зараз давай нап'емся пахавальнага, - сказаў адзін з паляўнічых, здымаючы з плячэй манерку.

Выдатнае мне пахавальнае, на якім няма трупа! - абазваўся на гэта генерал.

Цярпенне,- адпарыраваў пан Стэфан, цягнучы руку па манерку з гарэлкаю,- пачакаяце толькі да вечара, усё наладзіцца, будуць лісы, зайцы.

I «дудкі ў касцёле», каханы дзядок,- дакончыў генерал.

Дзядок! - паўтарыў раздражнёны капітан,- дзядок, пакажу вам, што я не такі дзядок, як вам здаецца!

Ён даў каню нагою пад бок, скачкамі з'ехаў з гары, там, развярнуўшыся на месцы, прыпусціў назад i за крок ад нас спыніўся як укопаны, здымаючы шапку:

Moi jolie garçon! [76]

- Мой Стэфане,- звярнуўся да яго генерал,- што ты выступаеш з гэтай францужчынай? Капітан літоўскай гвардыі караля Станіслава павінен гаварыць па-польску, асабліва калі не ўмее па-французску!

- Як гэта не ўмее? Пані Granvenais, гувернантка маіх дачок, лічыць, што я ўмею па-французску дасканала.

- На сённяшнім прыкладзе даказана, што ў цябе дрэнныя харты, бо ліса возьме кожны дварняк!

- Што, мае харты дрэнныя?! - залямантаваў пан Стэфан,- ты хіба забываеш, што мая Хватка паходзіць ад таго Дэкрэта, які ваўкоў i дзікоў браў адзін. Віхра мой аканом летась украў y Нэплях y Межаеўскага, a я за яго заплаціў бочку жыта i паўбочкі пшаніцы. Вы ведаеце, што Межаеўскі дакляраваў сто дукатаў таму, хто верне яму Віхра?

- I пан яго не вярнуў? - спытаўся я.

- He вярнуў, - дадаў генерал, - бо тут y яго аповедзе памылка. He сто дукатаў, a нешта іншае прапанаваў злодзею Межаеўскі.

- када,- адгукнуўся хтосьці іншы,- што твой аканом не трапіў y рукі Межаеўскаму. Гэта яго адвучыла б красці чужых сабак. Але, але, ці ведаеш, Стэфане, што ёсць права, якое аднолькава карае таго, хто крадзе i таго, хто крадзеныя рэчы перахоўвае або набывас?

- Дурное права, - прамармытаў Стэфан. - Мае харты дрэнныя. A забываеце, што Лётку летась кн. Паўлава прывезла з-за мяжы на каленях y карэце i падарыла майму сыну як узнагароду за тое, што так спрытна танцаваў мазурку на апошнім кірмашы.

Калі твая Хватка вядзе род ад Дэкрэта, Лётку княгіня вынесціла на сваіх каленях, a Віхор дастаўся табе спосабам крадзяжу, аддамо ім належнае, але ўсё ж трэба зазначыць, што сённяшні ліс бегае лепш за ix.

Што вам блюзніцца, - адпарыраваў Стэфан, штораз то ў горшым настроі, - дзесяць лісаў было б узята несумненна, каб не гэты Яахімак! Ну, дастане ён за гэта!

Так як y полі без сабак не было чаго рабіць, асабліва калі пачаў накрапваць маленькі дожджык, мы паехалі ў Добрую Волю, дзе нас чакала снеданне. Размясціліся мы ў прасторнай хаце, пасярод якой y печы бушаваў агонь. У цёплай кампаніі сяброў, пры бігасе i зразах, добры гумар i весялосць павінны абавязкова замяніць незадаволенасць i клопаты, асабліва калі яны ідуць ад таго, што заяц або ліс уцёк з лесу i што замест таго, каб мокнуць на вуліцы, мы са смакам перакусваем y цёплай хаце.

Нарэшце вярнуўся Весялоўгкі з сабакамі, увесь вымаклы, азяблы. I калі нам расказваў, як ліс больш за мілю вёў за сабою сабак y горы i там уляцеў y гнездавую нару, кожны з нас стараўся пачаставаць старога to кілішкам гарэлкі, то кавалкам шынкі або языка.

- Васпане даязджачы,- сказаў пан Стэфан, падыйшоўшы да Весялоўскага, - прызнайся, што ліса з нары выкурыў i шкурка ўжо ў торбе, бо, бачыш, тры рублікі пяшком не ходзяць!

- Даруйце, пане капітане! - адказаў абражаны стары, - Весялоўскі пасівеў, верна служачы сваім панам i не зрабіў ім ніколі шкоды i на тры грошы!

Але ж гэта паляўнічы жарт!..

Можа, y паноў, але не ў нас, людзей нізкага паходжання. Панам не грэх, a жарт прадаць сляпога харта або глухога ганчака. A няхай бы на гэта адважыўся хто з нас, скурай сваёй адказваў бы.

Ён праўду кажа, - адазваўся я,- памятаеш жа, пане капітане, як з панам Генрыкам прагандляваў двух ганчакоў на новенькі фрак. A як толькі новы ўладальнік надзеў яго ўпершыню на сябе ў час кірмашу, мы хадзілі за ім па пятах, паўтараючы: «Уф, уф! цю-цю на, цю-цю на!».

Хоць i было ўжо крыху пазнавата, калі вецер сціх, a дождж перастаў, генерал Тышкевіч даў знак на выезд. Вяртаючыся на начлег y Грынкі, ён загадаў пусціць сабак ва ўлюбёны свой лес, празваны Спіжарняю, дзе нам нядрэнна ўдалося: пад кулі трапіла некалькі зайцоў, столькі ж упалявалі сабакі. На гэтым i закончылася наша гіаляванне.

Пасля вячэры распачалася паляўнічая гавэнда. Кожны расказваў пра цяперашнія i даўнейшыя прыгоды, a калі, як звычайна бывае, y аповядах было многа паэзіі ці, кажучы па-просту, брахні, было расказана i ні пра адно праўдзівае здарэнне.

«Ведаеце, панове,- сказаў адзін з прысутных,- што даўнія літоўскія правы за забойства зубра прызначалі кару смерцю. Сёння яе замянілі на ссылку ў Сібір. Хоць не было выпадку, каб такое права было да каго-небудзь прыменена. Пэўная боязь кары, аднак, стрымлівала парыванні паляўнічых настолькі, што дасюль y Белавежскай пушчы гэты род звяроў, невядомы ў астатняй Еўропе, водзіцца. Некалькі гадоў назад з дазволу манарха трэба было забіць зубра для лонданскага заалагічнага кабінета. Пасля адпаведных загадаў, карыстаючыся такім рэдкім выпадкам, з'ехаліся ў пушчу гродзенскі губернатар, чыноўнікі, два прысланыя з Англіі прафесары i шмат паляўнічых. Паляванне цягнулася нядоўга. Забілі аграмаднага самца. Ён ляжаў на зямлі. Вакол яго сабраліся, пачалі разглядаць. Адзін з паляўнічых, пан Станіслаў Радавіцкі, садзіцца на яго. Раптам звер паварушыўся, усхопліваецца i астаткам жыццёвых сіл на сваім хрэбце прэ ў глыб лесу неабачлівага смельчака! Той не разгубіўся, ухапіўся за першую ж галіну. Зубр з-пад яго выслізгвае, ён падае на зямлю. За некалькі соцень крокаў зубра знайшлі нежывога. Пана Радавіцкага ўратавала рэдкая прысутнасць духу.

- Што здзіўляючая прысутнасць духу,- адазваўся я,- уратавала пана Радавіцкага ад небяспекі, якая пагражала, можа, нават яго жыццю, гэта неаспрэчная праўда. Я вось мушу вам расказаць, якім фартэлем я адбіўся ад хітрыкаў, накіраваных супраць мяне. Адзін з маіх суседзяў прасіў, каб я даў яму шчанятаў ад мае любімае хортачкі. Я мусіў адмовіць, бо ў яе было толькі пяцёра шчанятаў, з якіх трое я ўжо абяцаў іншым, a двое хацеў пакінуць сабе. He супыніўшыся на тым, што павінен быў атрымаць добраахвотна, ён паспрабаваў атрымаць хітрыкамі. Прыехаў да мяне на абед. Затрымаўся доўга i ад'язджаў толькі пасля вячэры. Ноч была цёмная. Едучы каля псярні, a ён добра бачыў, y якім месцы ляжыць хорціца са шчанятамі, ён спыняецца, вылазіць з брычкі i забірае сабачанятаў y падрыхтаваны мяшок. Усё ўдалося, ішло як па масле! Вяртаецца да сябе, з трыумфам вымае здабычу, ажно тут замест хартоў - дварняжкі! Даязджачы даведаўся, што рыхтуецца, хорціцу з дзецьмі схаваў, a на яе месца паклаў цэлую сям'ю дварнягаў з вёскі. З таго часу хто толькі ні спатыкаў майго суседа, пытаў: «Ну, як дварняжкі?».

Пан генерал паглядзеў на гадзіннік і: «Панове,- загукаў ён,- адзінаццаць, пара спаць!». Развітаўся з грамадою паляўнічых, а, праходзячы міма Стэфана, сказаў: «Добрай ночы! - i з усмешкаю дадаў. - Ну, як дварняжкі?».

Колькі разоў ні праязджаў я летам y Свіслач, заўсёды ў пасляабедзенны час наведваў пана дырэктара Крусіньскага. Колькі прыемных i займальных гадзін правёў я з ім y вучонай i карыснай размове, седзячы перад домам пад ценем разложыстых каштанаў! Пан Крусіньскі, чалавек вельмі вучоны, многа бачыў i ведаў, быў сучаснікам апошніх дзён панавання Станіслава Аўгуста. Кожнае яго апавяданне i здаровы суд аб рэчах я запісваў y сваёй памяці i ne шкадую, бо яго ўжо даўно няма, мала хто жыве ўжо i з яго равеснікаў, a захаваныя словы ўжо належаць да гістарычных матэрыялаў мінулага.

Як толькі пасляабедзенныя школьныя ўрокі канчаліся, ў канікулярныя дні пляц паміж гімназічнымі будынкамі i жытлом пана Кругіньскага звычайна напаўняўся студэнтамі. Распачыналіся вясёлыя гульні, турніры, так характэрныя для маладога веку, y якім яшчэ ніводзін клопат не моршчыць чало, ніякая хвароба не сціскае сэрца. Сярод таго рою моладзі ўвіваўся малы, зграбны хлапчына з светлымі валасамі, з ладным, хоць бледным тварыкам. Спытай яго пра што, адкажа разважна, заглянь яму ў вочы i знойдзеш y ix выраз хуткай кемлівасці. Ён вельмі мяне цікавіў, бо быў сынам даўняга майго знаёмага. Калі я цікавіўся ягонымі поспехамі ў навуках, выкладчыкі адказвалі, што Юзафа Крашэўскага лічаць найлепшым вучнем ва ўсёй гімназіі. Такая думка прадвяшчала яму шмат на будучае. Аднак ніхто не мог сказаць, што гэты самы бледны i шчуплы бландын зойме ў нашай літаратуры такое высокае становішча.

Было гэта позняй восенню. На дварэ вые вецер, лье дождж, y гасцёўні каля дзесятка асобаў пасела вакол круглага стала. Але непагода дзейнічае на настрой сабранай кампаніі. Бо размова цягнецца, але пачынаецца прыглушанае пазяханне. Генерала Тышкевіча няма дома. Маці мая не можа скласці свайго бастона, бо камергер Камаеўскі хворы.

Што ж будзем рабіць? - аддзываецца хтосьці напоўсонны.

Давайце расказваць пра сапраўдныя здарэнні або даўнія легенды,- кажа на гэта нехта іншы.

На заклік да бою ўсе абудзіліся i ў адзін голас загукалі: «Згода, згода!».

Калі нехта з прысутных ужо хацеў пачынаць гісторыю аб страхах, матка мая сказала: «Я нічога не маю супраць. Такія апавяданні вельмі забаўныя, хоць часамі раздражняюць непатрэбнай выдумкаю. Дык каб не страшыць адно аднаго. Сцеражы, Божа, ад гэтага! Хачу адвучыць вас раз i назаўсёды ад такой небяспечнай забавы, прашу толькі паслухаць пра страшэнны выпадак, які адбыўся ў сям'і майго мужа».

Граф Ежы Тышкевіч [77] жыў з сям'ёю ў сваім маёнтку Кальбушова ў г. зв. Старой Галіцыі. Яго жонка кн. Люцыя Любамірская, яшчэ маладая, надзвычай вясёлая, любіла пераапранацца, з кожнага пажартаваць, a асабліва ўсіх без выключэння страшыць. Яе сын Вінцэнт толькі што вярнуўся дадому на вакацыі з універсітэта i жыў непадалёку ад дому ў садзе. Вокны ягонае спальні выходзілі на гасцінец. Некалькі дзён пані Тышкевічава пастаянна ўспамінала пра разбойнікаў, што нападалі на ваколічныя двары, апісвала жахі, якія яны выраблялі, i ўсё гэта для таго, каб пастрашыць дзевятнаццацігадовага сына. Аднойчы, пасля вячэры, усе разыйшліся адпачываць. Вінцэнт Тышкевіч ужо лёг. Дубальтоўка стаяла каля ложка. Слуга патушыў свечкі і, як загадала пані, выйшаў з дому, замкнуўшы на ключ уваходныя дзверы.

Была, відаць, першая гадзіна пасля поўначы. Хлопец спаў як найлепш. Раптам, абуджаны нечаканым стукам, сядае на ложку i чуе, як адрываюць аканіцу ягонага акна. Ён падхопліваецца, бяжыць да дзвярэй - замкнёныя. Вяртаецца назад, хапае дубальтоўку, пытае: «Хто там, буду страляць!».

Замест адказу адвальваецца аканіца. Вінцэнт, бачачы белую фігуру ў акне, страляе.

Пачуўся жахлівы крык i да яго даляцелі толькі словы: «Ты забіў матку!..».

Найдзіўнейшае ва ўсім гэтым тое, што пані Тышкевічава, яшчэ будучы дзяўчынаю, y хвіліну ўзрушэння была праклята маткаю. Тая, хочучы пасля адвярнуць ад дачкі кінуты праклён, падаравала ёй залаты крыжык з ланцужком, наказаўшы, каб заўсёды яго насіла. Менавіта ў дзень сваёй смерці, аддаўшы папсаваны ланцужок y рамонт, яна не мела на сабе крыжыка.

- Пракляцце бацькі або маткі,- адазвалася пані П., - гэта страшэнная крайнасць, тым больш, што часта не спыняецца на вінаватым, a дасягае нават самага далёкага пакалення. Каб даказаць гэта, прывяду вам новы прыклад.

У XVII стагоддзі малады барон Ган, апошні нашчадак гэтага старажытнага прозвішча, вёў распуснае жыццё. Калі ўвесь маёнтак праматаў, a бацька ўжо нічога яму больш даць не мог, y час вайны перайшоў на непрыяцельскі бок i ваяваў супраць сваёй Айчыны. Пасля бітвы, y якой ён нанёс Курляндчыкам [78] вялікае паражэнне, бацька, калі пра тое даведаўся, пракляў свайго сына.

Вайна скончылася. Бацька дараваў сыну. A яшчэ праз два гады, будучы ўжо на смяротным ложы i хочучы адвярнуць вынікі свайго праклёну, благаслаўляючы, як заклад на прабачэнне, ён накінуў яму на шыю залаты ланцуг. З таго часу колькі разоў той ланцуг рваўся, столькі разоў адзін з Ганаў паміраў. Доўгі час злавесны кляйнот спачываў y фамільнай скарбонцы. У мінулым стагоддзі адзін з баронаў Ганаў ажаніўся з маладой асобаю, якая паходзіла з аднаго з першых Курляндскіх сямействаў. Жонка настояла, каб ланцуг пабачыць. Дастала яго з скарбонкі i пастаянна насіла на сабе. Аднойчы, калі ехалі карэтаю з мужам i чатырохгадовым сынам, той, седзячы на каленях y маткі, гуляў, схапіўся за ланцуг, адзін звянчак парваўся. Раптам адчыняюцца дзверцы, дзіця выпадае пад колы павозкі i ў момант вока памірае.

Кажуць, што той ланцуг дасюль перахоўваецца ў фамільнай скарбонцы Ганаў, але ніводзін член таго сямейства ні бачыць, ні браць яго не хоча.

Надышла чарга пана Янкоўскага. Ён сабраўся з думкамі i пачаў:

Праязджаючы летась цераз Польскія Інфлянты [79], я спыніўся на начлег y добра забудаванай касцельнай вёсцы. Была нядзеля. У карчме поўна людзей, таму не было мажлівасці там пераначаваць.

Стоячы перад дзвярамі, я раздумваў, што ж мне рабіць. Раптам з шынка выйшаў ужо немалады мужчына ў прыстойным лапсардаку, y шапцы. Выглядаў трохі падобна да васпана. Глянуў мне ў вочы, пакланіўся і, калі я запытаў яго, ці не ведае, дзе я мог бы правесці ноч, адказаў:

Хіба ў нашага пробашча. Там пана ахвотна i гасцінна прымуць.

Я падзякаваў за параду, сеў y брычку i рушыў да пробашча.

Дабрадзей, сівюсенькі, як голуб, прыняў мяне як найгасцінней, павёў y хату i запрасіў на начлег.

Пачалася гамонка.

З вокан пробашчавага дому на другім баку дарогі былі відаць разваліны старога замка. A калі я ў яго запытаў: «Чый гэта?», ксёндз пробашч адказаў: «Гільзенаў» [80].

Сонца яшчэ не зайшло, было цудоўнае надвор'е, вячэра не гатова. Карыстаючыся гэтым, мы пайшлі адведаць мясціны, дзе кожная цагліна магла б адгукнуцца мовай мінулага i мела б што сказаць. Ад таго калісьці абарончага замка, гэтага гнязда Гільзенаў, застаўся толькі друз. Некалі напоўненыя вадою равы, што акружалі замак, заплылі наносамі. Ад даўных развадных мастоў не засталося i следу. Яшчэ ліпелі дзве ўваходныя брамы i паўночная вежа. Сям'я Гільзенаў, адна з наймагутнейшых y Польскіх Інфлянтах, калісьці славілася сваім становішчам, заможнасцю i адданасцю краю. У час шведскіх войнаў Гільзены найбольш прычыніліся да адпору шматлікіх полчышчаў Карла Густава [81]. З таго часу замак, узяты штурмам i спалены, больш не падняў галавы, a ўсё больш ішоў да заняпаду. Прыдзе час i ён зраўняецца з зямлёю, зарасце муравою, ператворыцца ў магільны курган.

З цікавасцю аглядаючы тыя мясціны, y нядаўнія яшчэ часы поўныя руху i жыцця, a сёння бязлюдныя i пустыя, узрушаны сумнымі думкамі, я доўга блукаў па зарослых травою дзядзінцах.

Сонца зайшло. З-за хмары выглядваў месяц. Панавала глухое маўчанне, якое сяды-тады перарывалася пералётам кажана або жахлівым енкам шэрай савы.

Калі мы вярнуліся ў хату пробашча, пасля смачнай, хоць не вельмі адмысловай вячэры, пададзенай ад шчырага сэрца (а дэталі, што датычыліся Гільзенаў i ix замка ўвесь час былі прадметам нашае размовы), ксёндз пробашч расказаў мне наступную мясцовую легенду.

- Было гэта ў часы панавання Яна Казіміра [82]. Грамадзянская вайна вымучвала Польшчу. Швед уздоўж i ўпоперак пляндраваў край. У час, калі Аляксандр Гільзен на чале свае харугвы змагаўся пад камандаваннем віленскага кашталяна Хадкевіча [83], жонка яго ляжала ў тым замку пасля родаў. Толькі тры дні як пані Гільзен злягла. Яна адпачывала на парадным ложку ў прасторным пакоі. Побач з ёю стаяла калыска з дачкою-немаўляткам, пры якой, лежачы долу, заснула карміліца.

Вежавы гадзіннік толькі пачаў адбіваць поўнач. На замкавым дзядзінцы пачулася тарахценне заязджаючых экіпажаў. Цягнулася гэта доўга. Здавалася, што адзін ад'ехаў, заязджае другі. Нарэшце, пасля добрых хвілін пятнаццаці, адчыніліся дзверы спальні, i хворая, усеўшыся на ложку, убачыла вялікую колькасць гасцей, што праціскаліся ў пакой. Ішлі парамі. Некаторыя дамы ў польскіх, большая частка ў французскіх строях. Мужчыны ў кунтушах або фраках ішлі моўчкі, a праходзячы каля ложка пані Гільзен, аддаўшы глыбокі паклон, выходзілі з пакоя праз другія дзверы. Апошняя пара, затрымаўшыся каля калыскі немаўляці, паклала на падушку дзіцяці пышны шнурок раскошных жамчужных пацерак. Пасля ўсе выйшлі. Дзверы зачыніліся i зноў пачулася тарахценне ад'язджаючых экіпажаў.

Шнурок гэтых жамчужын велізарнай цаны, дар чарадзейскай моцы, з таго часу перахоўваўся ў сям'і Гільзенаў. Расказваюць, што апошні мінскі ваявода з гэтым прозвішчам, ідучы ў вайсковы паход, павесіў яго на алтары Найсвяцейшае Панны Вастрабрамскай.

Сям'я Гільзенаў выгасла. A ўдава апошняга іхняга нашчадка, з дому Бжастоўская, на пачатку гэтага стагоддзя выйшла паўторна замуж за графа Людвіка Плятара.

Як толькі пан Янкоўскі перастаў гаварыць, узяў слова пан Б.

- Дасюль я чуў паўтор таго, што з некім сталася - старыя паданні, легенды. Я ж вам раскажу адну старонку майго жыцця. Гэта даўняя гісторыя. Але калі вы ўважліва выслухаеце мяне да канца, пагодзіцеся, што есць уражанні, след ад якіх сціраецца хіба што з жыццём.

На пачатку 1804 года, закаханы так, як кахае дваццацічатырохгадовы юнак, калі аб'ект яго кахання спалучае ў сабе ўсе чароўнасці цела з добрымі якасцямі душы, мае васемнаццаць гадоў i за каханне плаціць каханнем, я прызнаўся ў каханні, зрабіў прапанову, атрымаў згоду i выехаў з Варшавы ў Дубна на кантракты, каб уладкаваць мае інтарэсы.

У Варшаве ў велізарных ярка асветленых маскарадных залах таўкуцца, пхаюцца, праціскаюцца тысячы масак. Турчанкі, індускі, цыганкі, яўрэйкі, негрыцянкі, немкі, шведкі, неапалітанкі, іспанкі, кракавянкі, узоры розных народаў побач з фантастычнымі выдумкамі міфалагічных багіняў, рознакаляровых даміно. Паміж імі арлекін з каламбінаю, чараўнік з вяшчункаю, пілігрым з пілігрымкаю, пастушкі, літоўскія вайдэлоткі, русалкі, усе под маскамі i кожная цябе зачэпіць, піша на руцэ іерогліфы або лічбы. Адна пытаецца, ці пазнаеш яе, другая заяўляе, што цябе кахае, іншая запрашае да сябе на заўтра, дае найчасцей выдуманы нумар дома. A тая просіць, каб яе пачаставаў марожаным, цукеркамі, вячэраю, a часам нават пончыкам... Заштурханы, патаптаны, засумаваны, змучаны, як прабіла дванаццаць, я шукаў спосабу выбрацца з таго хаосу. Увесь тлум кінуўся да тэатральных дзвярэй, імкнучыся на прадстаўленне «Каспэрка ў шчасці» i «Вяселля ў Айцове». Заўважыўшы вольнае месца на лаўцы, я як найхутчэй праціснуўся да яго, бо чуў, як y мяне падгінаюцца ногі. Галава мая кружылася, думкі блыталіся, y вушах шумелі піск, крык, гамана, разам з гучным водгаласам мазуркі. Я прымружыў вочы. Калі ж неўзабаве ix адплюшчыў, перада мною стаяла высокая постаць, ахінутая чырвоным плашчом. Рыжыя валасы зліваліся з рыжаю барадою. На твары чорная маска, на галаве чорны капялюш з шырокімі краямі, з чырвоным пяром, заткнутым збоку. Праз шчыліны маскі я заўважыў іскрыстыя вочы, упераныя ў мяне. Халодныя дрыжыкі прабеглі па маіх жылах. Я хацеў устаць i пайсці,- але не мог, адчуваючы, што прыкаваны да месца.

Рыжавалосы маўчаў, маўчаў i я. Праз некаторы час спытаў:

- Чаго ты хочаш?

- Гляджу на цябе i спачуваю...- адказаў ён.- Бедны, такі малады i ўжо такі няшчасны!

- Памыляешся,- перарваў я, смеючыся ненатуральным смехам,- я ніколі не быў шчаслівейшы!

Смех хутка можа ператварыцца ў плач,- адказаў ён засмучана,- a тое, што мы называем шчасцем, як жа падобнае да шклянога начыння - выпусці яго з рук, упадзе i разляціцца на тысячы кавалкаў.

- Я трымаю яго моцна,- усклікнуў я,- не так лёгка выпушчу!

- He ўтрымаеш, бо яго ў цябе выб'е сіла, большая за тваю.

- Прэч ад мяне!- крыкнуў я, узарваны гневам.

- Неадыйду,- адказаў ён лагодна. - Паўтараю, што цябе мне шкода. A калі маеш даволі адвагі, каб пайсці са мною, хутка даведаешся пра свой лёс.

Нейкую хвіліну ва мне змагаліся цікаўнасць i недавер, страх i сорам. Нарэшце я ўстаў i вымавіў прыцішаным голасам:

- Іду.

Праціскаемся праз тлум, пераходзім некалькі залаў, сыходзім з прыступак. На плошчы перад тэатрам, сядаючы ў санкі, рыжавалосы сказаў вазніцы: «Едзь на Павонзкі!». Я ад гэтых слоў перапалохаўся. Першая мая думка абудзіла ва мне страх перад пасткаю. У мяне не было пры сябе ніякае зброі, але адступаць было позна. Перажагнаўшыся, я вырашыў: хай дзеецца Боская воля!

Калі мы праязджалі па вуліцах вялікага горада, усюды было глуха, цёмна i пуста. Цішыню перарывала толькі начная трашчотка. Слабы бляск дзе-нідзе ішоў ад дагараючага ліхтара. Напаткалі толькі запозненага чалавека, які спяшаўся дадому.

Мы прамільгнулі праз шлагбаўмы, нават не заўважаныя вартаю, i спыніліся перад могілкамі.

Рыжавалосы першы вылез з санак, махнуў мне рукою. Калі ён праз адчыненыя вароты ўвайшоў на могілкі i аддаляўся паміж магілаў, якія абступалі бязлістыя дрэвы, я ішоў след y след за ім, як падданы за панам, бо ў тую хвіліну страціў усякую волю супраціўляцца. Брыдучы па калені ў частых снежных заносах, мы нарэшце спыніліся перад свежанасыпаным узгоркам. Тут мой праваднік спыніўся, павярнуўся да мяне, адкінуў капялюш i маску i замест твару адкрыў галаву трупа.

Мяне пранізаў жах. Я засланіў вочы. Да мяне даляцелі словы, вымаўленыя замагільным голасам: «Кленч i маліся за памерлых!». Я ўкленчыў i пачаў маліцца. Праз нейкі час устаў, пачаў шукаць вачамі рыжавалосага. Яго ўжо не было. A на свежанасыпаным узгорку ўзвышаўся крыж з надпісам: «Людвіка памерла 24 лютага 1804 года».

Раптоўны голас абудзіў мяне ад сну...

- Хто там?- спытаў я, застаючыся яшчэ пад прыкрым уздзеяннем начнога відовішча. I толькі тады вальней уздыхнуў, калі, кінуўшы вакол вокам, убачыў сябе на ложку ў дубенскай карчме.

- Хто там?- паўтарыў я.

- Гэта я, - адказаў мой стары слуга Францішак, аддаючы мне ліст з пошты. Толькі я яго адпячатаў, на першай жа старонцы прачытаў: «Людвіка памерла ў Варшаве дня 24 лютага 1804 г. Пахавана на Павонзкаўскіх могілках».

На жаль, сон апярэдзіў рэальнасць, a шчасце ўсяго жыцця, як шкло, што ўпала на зямлю, разбілася назаўсёды. Я страціў істоту, адзіную, якую кахаў. Я аброкся не завязваць новых сувязей і, як бачыце, слова стрымаў.

Кожны аповяд пра звышнатуральную з'яву ці сумны выпадак заўсёды выклікае ў слухачоў некаторую задуменнасць, якую выклікала перажытае ўражанне. У падобным стане мы заставаліся пэўны час, які яшчэ ўзмацняла шарая гадзіна, што толькі надыйшла. Раптам наша маўчанне перапыніў крыху дрыжачы, але пранікнёны, як бы з таго свету голас васьмідзесяцігадовага старца:

- He ведаю, ці знаеце, - адазваўся пан Акрашэўскі,- што я з самых маладых гадоў прысвяціў сябе адзіна тым навукам, з дапамогаю якіх мы разгадваем найскладанейшыя пытанні, высвятляем самыя скрытыя таямніцы прыроды. Я пабачыў усю Еўропу, y Амстэрдаме пазнаёміўся з самымі славутымі кабалістамі таго часу i быў y добрых адносінах з Мармерам. Калі я вярнуўся дадому, кароль Станіслаў Панятоўскі даў мне месца на сваім дварэ i пад маё кіраўніцтва аддаў мінералагічны кабінет.

Я змануў з Галандыі вядомага мне алхіміка. Адначасна ў Варшаву пераехаў вядомы на ўсю Еўропу Каліостра [84]. Адны яго лічылі спрытным артыстам ці, хутчэй, фокуснікам, другія - ілюмінатам, a былі i такія, якія называлі яго Вечным жыдам.

Аднойчы Станіслаў Панятоўскі закрыўся з намі ў маёй лабараторыі, скінуўшы ў парозе сваю каралеўскую веліч. Ён кленчыў перад камінам, на якім y разагрэтым тыглі кіпеў расплаўлены метал, прыглядаўся да кожнай змены, з нецярплівасцю чакаючы, пакуль чужародныя дамешкі не адлучацца ад чыстага золата. Раптам пастукалі ў дзверы. «Хто там?»- пытаюся я. Ніхто не адказвае. Але кароль зрываецца, ідзе да дзвярэй, адчыняе, бачыць свайго камердынера Рыкса, хвіліну гаворыць з ім паціху, пасля, адвярнуўшыся да нас, просіць прабачэння, што больш застацца не можа i як найхутчэй выходзіць са сваім улюбёнцам. Злы дух забраў яго з сабою. У час, калі анёл-ахоўнік здымае тыгель з агню, галандзец нават не разумее, што адбылося. Каліостра ўсміхаецца. Рыкс вязе свайго пана ў Пясэчна, дзе яго чакае нейкая новая прыгажуня... Назаўтра, y пакоях манарха, наблізіўшыся да мяне, ён сказаў:

- Даруйце, што я не дабыў да канца, бо з майго Рыкса лепшы батанік, чым з вашэці алхімік. Ты золата не атрымаў, a ён мне са свайго садка падараваў палявую ружу.

Найяснейшы пане, - адказаў я,- ружы, нават палявыя, маюць шыпы...

Палітычны гарызонт над намі штораз больш захмарваўся, a кароль усё часцей i часцей напамінаў пра вынікі столькігадовых маіх прац. Ён патрабаваў золата. Я ж ведаў, што мушу атрымаць золата. Станоўчы вынік вымагаў, аднак, яшчэ шмат выдаткаў. Я прасіў ix даць, але каса была пустая. Рэдка што з яе я мог атрымаць. Неўзабаве, адчуўшы, што кароль да мяне астыў, да навукі стаў абыякавы, a спыніць яго было проста немажліва,- надыйшоў час падумаць пра сябе, - сказаў я сам сабе.

Хочучы ўзарваць майго пана, 14 лютага i 10 сакавіка 1784 года ў прысутнасці ўсяго двара я пускаў з тэрасы замка нябачаныя датуль шары. Прагнучы зноў ажывіць y ім замілаванне да праўдзівай мудрасці, я прадставіў яму двух найвучонейшых людзей таго часу філосафа Мікуту н француза Дзюпона [85]. Неўзабаве я наладзіў паміж імі i Мармерам цікавую перапіску. У апошні дзень запускаў я запрасіў караля да сябе на новыя алхімічныя выпрабаванні. Вярнуўшыся ў замак з вечарыны ад пані Кракаўскай, найсвятлейшы пан прыбыў да мяне a 10-ай гадзіне.

Мы распачалі выпрабаванні, якія павінны былі пераканаць яго ў мажлівасці пераўтварэння металаў. Напоўніўшы тыгель апілкамі жалеза, медзі, волава i даліўшы да гэтага паўчаркі аднаму мне вядомай вадкасці, праз гадзіну кіпячэння я сказаў:

- Найяснейшы пане, няхай ваша каралеўская міласць сам здыме тыгель з агню, пералье вадкасць y іншае начынне, пачакае, пакуль астыне, a пасля, зняўшы верхнюю скарынку, убачыць, што пад ёю.

Кароль акуратна ўсё зрабіў. A калі глянуў на дно, убачыў шарычак найчысцейшага золата, які важыў можа з чвэрць лота. Тады, карыстаючыся ўражаннем ад гэтай хвіліны, якое можна было заўважыць на разгарачаным каралеўскім твары, я канчаткова выказаў Станіславу Панятоўскаму, што моц маіх ведаў можа гарантаваць яму пры найдаўжэйшым жыцці найпрацяглую маладосць, не сапсаваную маршчынамі, наймацнейшае здароўе... Але ў гэтую хвіліну гадзіннік пачаў адбіваць поўнач, усе званы сталіцы абвясцілі, што вакхічныя дні скончыліся, a настаў час пакуты.

Кароль завагаўся. I калі я хацеў наблізіцца да яго, паміж намі павольна прасунулася постаць усёй y белым кабеты. Кароль абамлеў. Я выбег з пакою, паклікаў слугаў. Мы перанесі яго ў спальню. Назаўтра я звольніўся са службы, адразу пакінуў Варшаву i не вярнуўся сюды i ў пазнейшыя часы.

Можа спытаеце мяне, кім была гэтая белая кабета? Адказаць на гэта я не магу. Гэта не быў твор раздражнёнага ўяўлення Станіслава Аўгуста, бо мы яе бачылі абодва. Але на каралеўскім двары, нягледзячы на забарону ўспамінаць пpa гэтае здарэнне, адзін другому шаптаў на вуха, што гэта была Майна, апякунчы дух сям'і Панятоўскіх. Майна, як кажа паданне, першы раз павінна была паказацца ў Парыжы бацьку караля i паведаміць яму, што ягоны сын сядзе на польскім троне. Яна паказалася каралю ў дзень каранацыі i наведвала яго ў найважнейшыя перыяды жыцця.

Пакінуўшы грамадзянскую службу, не маючы ўласнасці, я паспрабаваў заняцца прыватнымі ўрокамі, клапоцячыся, ці не знайду сярод даверанай мне моладзі хоць аднаго, якому я мог бы перадаць увесь запас маіх ведаў, увесці яго ў ачаг асвечанасці, y святыню навук. I тут мяне напаткалі адны ілюзіі! Я знайшоў сапраўды пачцівых, але дробных істот. Аніводнага выбранага, які, узнёсшыся пад неба, смела заглянуў бы ў вочы сонцу i сказаў: «Ты свеціш агністым бляскам, я ж яснею ўсёведаннем». Так i ёсць, усёведанне - мой лёс. Яго я здабыў васьмідзесяцігадоваю працаю. Дух мой пануе ад полюса да полюса свету, a цела... ледзь мае чым прыкрыцца, не мае дзе прыхіліць галаву. Вам кажу я гэтыя словы, вам, якія, маючы маладосць, прыгажосць, багацце, тое, што людзі завуць шчасцем, хацелі б усё гэта ўтрымаць. Але не ўмееце i не здолееце. Толькі я магу прадоўжыць вам адно, гарантаваць другое.

Тут старац на хвіліну перапыніў свой аповяд. Пасля, адвярнуўшыся да сваёй суседкі, сказаў:

Пані, глянь толькі ў люстэрка i ўбачыш, што маладосць, якая цябе пакідае, штодзень забірае па адной прывабнасці. Скажы слова i так, як Ісус спыніў сонца, спыню для цябе раку часу.- Потым, выняўшы з кішэні малую пляшачку, дадаў: «Вось маладзільны напой, эліксір доўгага жыцця, але за кожную яго кроплю трэба плаціць фунт золата. Пан,- адазваўся ён да другога суседа, - ты не спазнаў узаемнасці ў каханні, хочаш, каб цябе кахалі, даверся мне i дасягнеш жаданае мэты. Пані, бядуеш, што не маеш нашчадкаў, падай мне руку, увяду цябе ў святыню Ізіды [86], там прынясеш ахвяру на алтар багіні i не пройдзе года, як дачакаешся сына. Цябе, - звярнуўся ён да чыноўніка, які пачынаў дзяржаўную кар'еру,- ужо падпіхвае наперад ахвота ўзвысіцца. Памятай, калі хто хоча па драбіне з вяршыняў дайсці да самых вышыняў, драбіна павінна быць адліта з золата. A ты, - прамовіў ён нарэіцце да мяне, - якога я так старанна выхоўваў, якому, адкрыўшы скарбніцу мудрасці, ужо хацеў сказаць: «Бяры, гэтатваё!», адапхнуў мяне, пагрэбаваў навукаю, узвысіў над ёю пачуццёвыя раскошы, сусветныя спакусы. Але калі яшчэ голас праўды можа даляціць да цябе, памятай...».

Ён хацеў гаварыць далей, калі прынесенае ў пакой святло разагнала вечаровую памроку. Старац замоўк i мне здалося, што я яшчэ бачу яго ў тым цёмна-сінім сурдуце, y той чырвонай цюбецейцы, з-пад якой выбіваюцца касмылі сівых валасоў, з тым бледным тварам, паараным густымі маршчынамі, бачу, калі, павёўшы нібы імглою пацягнутым поглядам вакол сябе, убачыў, што кожны з нас перажагнаўся, з'едлівая ўсмешка прабегла па ягоных вуснах. Ён устаў i павольна выйшаў з пакоя. Яшчэ не зачыніў за сабою дзвярэй, як: «Vade retro!» [87] заверашчала панна Палагея ў парыве нястрымнага гневу.

- Гэта злы дух! - адазваўся адзін.

- Вар'ят!- вымавіў другі.

- Ужо здзяцінеў!- зрабіў выснову трэці.

- Ці толькі пад той чырвонаю ярмолкаю, якое ніколі не здымае з галавы, не хавае ён рожкаў? - спытаў шляхціц, які прытрымліваўся старых звычаяў, Палёнус.

Падчас гэтых узрываў матка мая маўчала, але па тым, як варушыліся яе вусны, можна было здагадацца, што яна моліцца. Пасля наблізілася да мяне, пацалавала мяне ў лоб i перахрысціла.

- Паверце мне, панове,- абазваўся пасля даволі доўгага маўчання пан дырэктар Крусіньскі, - што няма нічога больш прыкрага, як глядзець на маральную старэчасць чалавека. Калі ўпадак фізічных сіл робіць сумнае ўражанне, яшчэ цяжэй быць сведкам зніжэння сіл разумовых, якое чалавека моцнай волі, магутнага ў навуцы, паступова ператварае ў здзяцінелую істоту. Такі свежы прыклад мы толькі што мелі перад вачыма. Я ведаў пана Акрашэўскага, які ўражваў шырынёй сваіх ведаў, здзіўляў надзвычайнай памяццю, зачароўваў захапляльным красамоўствам, i хоць я не падзяляў ягонага спосабу мыслення, павінен быў аддаваць яму належнае. I ў што ж ён ператварыўся цяпер? Адны яго называюць злым духам, паблажлівыя клічуць вар'ятам, тыя, што шкадуюць яго, паўтараюць - здзяцінеў. Я ж дадам - ён ужо перажыў самога сябе.

...........................

Калі чалавеку добра, вольна i шчасліва, чаму ж тады так, як маятнік y гадзінніку ён не можа спыніць часу? Гадзіннік паказвае гадзіны, гадзіны дзеляць час. Хоць гадзіннік стане, гадзіны ляцяць, прамінаюць. Што павінна было быць - ужо ёсць, што ёсць - ужо сплыло, што сплыло - ужо не вернеш, яно аддаляецца ад нас усё больш i больш!

Цудоўная была пагода, неба чыстае, сонца свяціла, дрэвы калыхаў лёгкі вецер, пах кветак напаўняў паветра. Раптам на захадзе знайшлася хмурная плямка, ператварылася ў воблак, воблак y хару, хмара пачала штораз пашырацца, засланіла сонца i неба, завыў вецер, пачалася барацьба разбушаваных стыхіяў. I так, як y адну хвіліну паламала дрэвы, павырывала кветкі, перавярнула ўвесь парадак y прыродзе, таксама за адну хвіліну іншая бура пагасіла мой дамашні ачаг, парушыла спакой, знявечыла шчасце...

На пачатку 1828 года памерла мая матка. Праз два гады я страціў бацьку i дваіх дзяцей. A сам, узяўшы ў рукі пілігрымскі кій, пайшоў y свет, куды завялі вочы. З таго часу пачалося для мяне вандроўнае жыццё, няраз са сваёй поўнай паэзіі чароўнасцю, часцей з тою марнаю мітуснёю, якую ні міраж чараў, ні моц розуму, ні бляск досціпу, ні цэлы вадаварот сусветных раскошаў запоўніць не здолее, тады, калі сэрца стане да ўсяго абыякавым, замкнецца назаўсёды.

Вяртацца туды, адкуль пайшоў, я не хацеў, бо ведаў, што спаткаць мяне ніхто не выбежыць, сяброўскай рукі ніхто не падасць, ніхто не прыме з зычліваю ўсмешкаю...

Таму i пайшоў далей i далей, паўтараючы з пакораю: «Божа! О, Божа, будзь Твая воля!».

У 1853 годзе, будучы на Гродзеншчыне, я паехаў y Свіслач. Мінула дваццаць пяць гадоў, як я атрымаў апошняе благаславенне паміраючай маткі, як правёў яе цела на месца вечнага спакою. Колькі ж зменаў адбылося тут з таго часу!

Даўно я не адведваў дому маёй маткі,

Ледзь пазнаў яго! ужо толькі астаткі!

Куды ні глянеш - трушчоба, пустка i знішчэнне!

З платоў - калы, з падлогаў павымалі каменні.

Дзядзінец зарос мохам, палыном i асотам,

Навокал маўчанне, як на могілках y поўнач!

O! даўней іншым быў мой прыезд y гэтыя брамы Пасля нядоўгага ад'езду, калі я вяртаўся да мамы!..

Я прайшоў праз горад. Дарма шукаў ранейшага парадку i ахайнасці. Убачыў толькі будынкі, якія валіліся, пустыя корчмы, аблупленыя сцены мураваных магазінаў. Колішнюю знесеную гімназію замяніла павятовая школа, апусцелыя пасля вучняў дворыкі заняло яўрэйства...

Зайшоў y дом Яцка Крусіньскага. Ён ужо некалькі гадоў як памёр. Яго ўдавы дома я не застаў. Сеў на той самай лаўцы, пад тым самым каштанам, пад якім шмат гадоў таму назад я правёў столькі мілых хвілін. Перадумаўшы пра тое, што было, але не вяртаецца, пайшоў я далей.

Звярынец высечаны, стаў разбураны, каналы пазарасталі, сад здзічэў, пазарастаў пустазеллем. Штыхеты павыварочваныя, a ў палацы, падпёртым i накрытым саломаю, жывуць чужыя людзі. Сэрца не дазваляла мне зайсці ў памяшканне. Я толькі паглядзеў наўкола i глыбока ўздыхнуў. Увесь інвентар, які астаўся пасля маёй маткі, прададзены. З даўніх яе слугаў астаўся толькі буфетчык Якуб, васьмідзесяцігадовы старац. Я зайшоў да яго. Ён сядзеў на ложку. He ведаю, ці пазнаў мяне. Калі я спытаў яго пра даўнейшых паноў, ён вымавіў некалькі няўцямныхслоў - ужо, як кажуць, разам з памяццю страціў усе адчуванні. Вяртаючыся, я накіраваўся на могілкі.

За горадам стаіць мураваная капліца, аслоненая дрэвамі. Навокал крыжы, магілы, магільныя помнікі - там зямля вечнага спакою! У той капліцы спачывае прах мае маткі. Там, апусціўшыся на калені, я доўга маліўся, a калі ўстаў, пачуўся мацнейшым, можа, ад думкі, што неўзабаве з'яднаюся з ёю назаўсёды.

Пакідаючы Свіслач, пэўна, назаўсёды, бо сумняваюся, каб калі-небудзь я сюды вярнуся, яшчэ раз кінуў вокам на тыя мясціны, дзе так весела прамінула мая маладосць, дзе, калі i спазнаў шчасце, я спазнаў i яго мізэрнасць, a ўдараючы чалом аб бардзюр матчынай магілы, паўтарыў з паэтам:

Развітваюся з Табою. ..

Краю памятак,

Дзе столькі перажыванняў выклікае

кожны знаёмы куток,

Дзе я выліў рэшту пачуццяў i апошнія слёзы!!!



ДЗЯРЭЧЫН

Дзярэчын,- кажа Балінскі ў «Старажытнай Польшчы» [88],- размешчаны над ракою Зэльваю [89] ў Слонімскім павеце. Падараваны каралём Казімірам Ягелончыкам [90] нейкаму Васілю Капачэвічу, дастаўся пасля ў 1494 годзе, дня 9 верасня яго сыну Яську Васілевічу, двараніну караля Аляксандра. У шаснаццатым стагоддзі ўладальнікамі Дзярэчына былі ўжо Палубінскія, якія былі багатыя, мелі вагу ў краі i з даўніх часоў тытулаваліся князямі. Канстанцін Палубінскі [91], мсціслаўскі кашталян, y 1629 годзе фундаваў y Дзярэчыне кляштар дамініканаў i вымураваў ім касцёл. Паміраючы як парнаўскі ваявода, тастаментам, складзеным y 1637 годзе, прызначыў фундуш на закладку шпіталя пры касцёле на дванаццаць убогіх».

Ізабэла-Гэлена Палубінская [92], дачка Аляксандра Палубінскага, маршалка Вялікага княства Літоўскага, унесла Дзярэчын y дом Сапегаў, выйшаўшы замуж за Юрыя, ваяводу мсціслаўскага.

Пад канец праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага князь Аляксандр Сапега [93], канцлер Вялікага княства Літоўскага, выбудаваў y Дзярэчыне прасторны дом, прызначаючы яго пад навуковую ўстанову для трыццаці сыноў заслужаных вайскоўцаў.

Сумныя абставіны ў краі не дазволілі магнату давесці такі шляхетны намер да канца.

Як Панятоўскі быў апошнім манархам даўняй Польшчы, так яго наведанне Ружаны было апошнім днём пышнасці той даўняй сапегавай рэзідэнцыі. Князь канцлер памёр y чэрвені 1793 года, a сын яго Францішак, перарабіўшы ў Дзярэчыне дом, які павінен быў стаць навуковай установаю, на сучасны палац, перабраўся з даўняга прадзедаўскага гнязда ў сціплейшую сядзібу, больш прыстасаваную да сённяшніх патрэб, звычак, да сённяшняй моды.

У Гродна, паяднаная з канфедэрацыяй Літоўскай, перанесла сваю дзейнасць Таргавіцкая канфедэрацыя [94]. Сюды ў 1793 годзе прыязджае кароль з усім дваром, міністры, саноўнікі, сенат, паслы i дэпутаты імкнуцца сюды з усіх бакоў краю, кожны, калі вельмі трэба, спяшаецца на параду, a ніхто парадзіць не можа, ужо, як кажуць, не можа! У Гродне прасвятліліся на хвіліну смуткам азмрочаныя твары. Станіслаў Шчэнсны Патоцкі [95], ваявода рускі, генеральны маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі, 30 верасня выдае дачок замуж. Першую, Палагею, за Францішка Сапегу, сына канцлера Аляксандра, другую, Людвіку, за Юзафа Касакоўскага, лоўчага Вялікага княства Літоўскага, сына віцебскага ваяводы. На гэты абрад сабраліся сваякі, блізкія i сябры Патоцкіх, Сапегаў, Касакоўскіх. Князь канцлер Сапега ўжо не жыў, але яго замянілі дочкі: Пузыніна, Салтыкова, Севярынава Патоцкая i Ельская [96]. З боку ж Касакоўскіх Дзярэчын.Рэшткі былога дамініканскага кляштара. з'ехаліся Міхал [97], ваявода віцебскі, бацька маладога i дзядзкі Юзаф [98], біскуп інфлянцкі, Шыман [99], вялікі гетман літоўскі i Антон [100], кашталян інфлянцкі. Абазвалася музыка, распачаліся танцы, важныя дзяржаўныя справы перапынены піраваннямі, бяседамі, штучнай, гарачкавай весялосцю. Шал ахапіў галовы, публіка саступіла своекарыслівасці. Праз некалькі дзён пасля шлюбу Юзаф Касакоўскі вывез маладую i прыгожую жонку ў Літву, на берагі Святой ракі, a Францішак Сапега ўвёў сваю ў дзярэчынскі палац, дзверы якога адчыніліся першы раз.

Ёсць людзі, якія не гавораць, не робяць так, як іншыя. Яны ідуць самабытным шляхам i гэтае адрозненне ад грамады звяртае на сябе ўвагу. Адразу яно выклікае здзіўленне. Але гэта датуль, пакуль прызвычаенасць не згладзіць тое, што часам нават уражвала, не перастане рабіць эфектным тое, што скіроўвала да эфекту. Такіх людзей раней называлі дзівакамі, пасля арыгіналамі. Сёння ix лічаць эксцэнтрычнымі. Найбольшую колькасць ix дае Англія, бо сонца, найчасцей заслоненае густою імглою, дае повад для спліну, мора, якое акружае, аддзяляе ад мацерыка, права дазваляе кожнаму рабіць тое, што яму падабаецца, абы не парушаў закон, a грошы даюць мажлівасць выдумляць усялякія фантазіі. З такімі людзьмі можна сустрэцца не толькі ў Англіі, a ўсюды, i нават, хоць i радзей, y нашай Польшчы. Да ix ліку, несумненна, належаў кн. Францішак Сапега.

Нашчадку па-даўнейшаму магнацкага, a па-сённяшняму арыстакратычнага дому, за неадступнага настаўніка прызначылі пана Цяплінскага i аддалі яго пад агульны нагляд ксяндза пралата Богуша [101]. Ну i што з таго, калі вучань вучыўся, калі хацеў, рабіў, што хацеў, бо пралат, заняты духоўнымі справамі i літаратурнай працай, менш за ўсё глядзеў за ім, a настаўнік, сумленнага, але слабога характару, не прыганяў да кніжкі, можа, баяўся настроіць супраць сябе таго, ад каго залежала ўся яго будучыня.

У той час панічоў ужо не выхоўвалі паводле старога Князь Францішак Сапега звычаю нашых бацькоў для Бога i людзей, для корда i рады, ix ужо не праводзілі праз школьныя i універсітэцкія класы. Грамадскую адукацыю замяняла дамашняя. У нас пачынала браць верх мода на французскіх гувернёраў, бо мова i гэтак званыя французскія манеры рабіліся абавязковымі i ў каралеўскіх пакоях, i ў вышэйшым свеце сталіцы.

Як y цёмную ноч, едучы невядомай дарогаю, пускаеш лейцы каню, a той давозіць цябе да мэты, таксама, калі цябе акружае псота, труціць сваім дыханнем, сваім прыкладам заахвочвае да дрэннага, толькі той не збочыць са справядлівай дарогі гонару, не зблудзіць на бездарожжах жыцця, хто збярог ідэальна чыстае, пачцівае сэрца, хто даверыўся яму, дазволіў кіраваць сабою.

Я сказаў ужо вышэй, што кн. Францішак Сапега вучыўся не многа, мала чаму навучыўся, можа, залішне рана перастаў вучыцца. Бо ледзь яму споўнілася дваццаць, ажаніўся, атрымаў званне генерала літоўскай артылерыі, ордэны краю ўкрылі яго грудзі, a праз некалькі месяцаў пасля смерці бацькі ён стаў сам сабе гаспадаром i ўладальнікам больш чым дзесяцімільённага багацця.

Навошта панічу карпець над кніжкамі? За яго будзе пісаць сакратар, ці не даволі, што патрапіць падпісаць? Калі мае грошы мае розум!- адгукаліся хорам натоўпы падлізнікаў.

Гэта мне нагадвае таго літоўскага шляхціца, які гэтыя дзве ўмовы, якія часам так супярэчаць адна адной, датуль яднаў, датуль паўтараў, пакуль не сталі ў яго прыказкаю. Кожнага, нават незнаёмага, вітаў: «Маеш, васпан, розум i грошы?». Можа быць, лічыў ix умовамі шчасця. У князя былі абедзве. Але ці быў ён ад гэтага шчаслівы? Бяда стомленаму целам, калі неспакой душы адымае ў яго сон; бяда абжоры, калі казытлівы пах страваў не вяртае яму страчанага апетыту; бяда таму, хто мае розум i грошы, але акрамя гэтага ўсё на яго наводзіць сум!

Ёсць неўрадлівыя землі, якія, аднак, з дапамогаю апрацоўкі, гною, ускопвання, дрэнажу i ірыгацыі родзяць, калі тым часам украінская зямля, ледзь парушаная, дае багаты плён. Таксама i паміж людзмі ёсць ялавыя, ёсць i ўрадлівыя натуры. Кн. Францішак Caпега быў абдараваны вялікімі здольнасцямі. У яго недахоп таго, што набываецца, замяняла тое, што дае прырода: недахоп навукі - прыроджаны досціп, недахоп грунтоўных пачаткаў - той унутраны інстынкт, які ўмее адрозніваць добрае ад дрэннага. Ён не быў пыхлівы, хоць старажытнае прозвішча i багацце ўзяў y спадчыну ад продкаў, a калі годнасць атрымаў без заслугаў, то хацеў яе заслужыць. Поўны праніклівасці, няраз, што не ўбачыў,- вычуў, што не зразумеў,- адгадаў. Шчодры без наўмыснасці, дабрачынны без перахвальвання ён не любіў раздаваць выпадкова. Кожнае ахвяраванне любіў таемна кідаць за сабою, каб той, хто за ім ішоў, падняўшы яго па дарозе, лічыў знойдзенным i не быў абавязаны дзякаваць.

Самая небяспечная хвароба для багатых на гэтым свеце - нуда, якая вынікае з лёгкасці набытку, спазнання асалоды ад усяго, ад перасыці. I як жа ўсцеражэцца ад яе той, хто толькі падумае - ужо мае, што зажадае - атрымае? Яго жаданні мінаюць, хаце не канчаюцца. На такую хваробу лякарства - альбо праца (але ж ці захоча працаваць той, каму не трэба?), альбо нягоды, падкінутыя зменлівай фартунаю; тады чалавек адчувае, што страціў, шкадуе... ды па часе!

Кн. Францішку Сапегу маладая, прыгожая i добрая жонка вельмі хутка надакучыла. Грошай ён меў столькі, што не ведаў, што з імі рабіць. Грамадскага абавязку ў яго не было, a сямейнае каханне, аднак, пасля першага абыякавага настрою траціць усе свае чары.

Хочучы вылузацца з гэтага маральнага адранцвення, наш князь вымагаў узбуджальных стымулаў i так, як пераеўшы гурман патрабуе моцных прыправаў i перцу для ўзбуджэння хоць бы штучнага апетыту, ён азартна аддаўся гульні ў карты, a ў падарожжах па ўсёй Еўропе знайшоў пэўны спосаб разагнаць нуду. Гуляў не для таго, каб выйграць, але, як ён гаварыў, каб атрымаць нервовую эмоцыю, падарожнічаў, каб убіць час. Яго найбольш захапляла гульня з самымі вядомымі шулерамі. Ведаючы ўсе ix шуткі, уменне пазбягаць выкрутаў, разбураць пастаўленыя пасткі, засланяцца ад розных кінутых y цябе камянёў лічыў барацьбою, a перамогу трыумфам. У сваіх вандроўках няспынна пераязджаў з месца на месца, бо ў Пецярбургу яму было захоладна, y Партугаліі загорача, a ў Англіі занадта вільготна. У Вільні зрэшты не меў з кім жыць, y Варшаве з кім гуляць i не раз паўтараў, што толькі ў Парыжы i Дзярэчыне можа на працягу некалькіх тыдняў не нудзіцца.

Малады, прыстойны, багаты, ён мог падабацца жанчынам, не адной мог ускружыць галаву, не ў адну закахацца. Але каханне ён лічыў толькі фантастычным вынікам уяўлення, разварушанага чытаннем раманаў накшталт «Новай Элаізы» [102]. Калі i ўзяў якую кніжку ў рукі, дык хіба Піжо ле Бруна ззамаладу, пазней Поль де Кока. A на старасці чытаў толькі біблію, лічачы, што ўсе іншыя кніжкі гроша ломанага не вартыя. Жанчыну з магаметанскага пункту погляду ён лічыў дагаджаннем пачуццёвым жаданням пры жыцці, a пасля жыцця абяцанаю ўзнагародаю. Паслухай, што ён пра сябе гаворыць, i будзеш лічыць яго эгаістам, фантастычным паклоннікам залатога цяльца, чалавекам сапсаваных звычаяў. Прасачы, што ён робіць, i адкрыеш, што ягоны ўчынак y пастаяннай супярэчнасці з кожным вымаўленым ім словам!

«Хочаш мець грошы ў кішэні, абдзірай неміласэрна мужыка!» - часта гаварыў ён. Аднак дбаў пра побыт гэтага самага мужыка i ніколі не дазволіў зрабіць яму ніякай крыўды.

«Хочаш мець парадак y хаце, кіруй кіем». Аднак y яго нікога пальцам не зачапілі. Як яго любілі слугі, найлепшы доказ тое, што калі адзін з ix y 1831 годзе гвалтоўна прымушаны выдаць, дзе схаваны панскія каштоўнасці, не могучы вытрымаць балючых удараў, ix выдаў, назаўтра з роспачы, што здрадзіў свайму пану, пакончыў з сабою (сапраўды).

Ён заўсёды казаў, што не разумее гэтай выключнай прывязанасці да роднай зямлі, бо за айчыну, прыкідваючыся касмапалітам, лічыў увесь свет, аднак светам для яго была айчына, для якой ён гатовы быў аддаць усё. Будучы далёка ад яе ён сумаваў па ёй. I гэта пацвярджае тое, што ІІарыж быў для яго Дзярэчынам, Дзярэчын - Парыжам! Улюбёным радком штодзённай песенькі кн. Францішка Сапегі было грошы, грошы, грошы! Але ж што ён правай рукою выйграваў, тое левай раздаваў. Ніводзін убогі не пайшоў ад яго без дапамогі, не адной удаве ўцёр ён слёзы, не аднаму сіраце стаў бацькам.

У сталіцах ён пазбягаў так званага вышэйшага свету. Імкнуўся кантактаваць з найслыннейшымі авантурыстамі таго часу. Ён лічыў, што між першымі спатыкаеш людзей, якімі яны хочуць сябе выдаваць, сярод другіх - якія яны ёсць: там адзенне на чалавеку, тут чалавек пад убраннем.

Кажуць, што Эжэн Сю [103], які быццам нарадзіўся на Літве, y Мінскай губерні, дзе яго бацькі жылі больш за дзесятак гадоў, y сваіх «Парыжскіх таямніцах», y постаці князя дэ Рудольштадта намаляваў кн. Францішка. Можа быць. A я дадам, што сапраўды мог адкрыць не адну таямніцу з дапамогаю таго, які не ў кніжках, не ў тэорыях, не ў утопіях, але пошукамі i спазнаннем знайшоў i раскрыў не адзін маральны недахоп, ваду, скажу нават, невядомую хваробу чалавека.

Хочучы апісаць розныя дэталі такога багатага на выпадкі жыцця, колькі гэта старонак, колькі аркушаў можна было б запоўніць! Спынюся на адным здарэнні, якое дастаткова абмалёўвае i людзей, якіх ён малавата асцерагаўся, i характэрнае месца Парыжа, i небяспекі, на якія нарываўся, страсна прагнучы прыгодаў, той, які нямала зрабіў добрага, не распаўсюджваючыся пра тое, многіх засцярог ад згубы, вырваў з бяздоння распусты i нават стрымаў ад злачынства.

Кн. Францішак Сапега ехаў аднойчы ў дыліжансе з трыма незнаёмцамі з Бруселя ў Парыж. Адзін з ix гадоў пад сорак, высакародны з выгляду, з прыемнай фізіяноміяй, звяртаў на сябе ўвагу. Ветлівы ў абыходжанні, не вельмі паслужлівы, не надта гаваркі, ён выказваўся ясна, сцісла, дасціпна, ведаючы свет i людзей. Два другія таварышы падарожжа называлі яго віконтам, a князь рабіў выснову, што гэта адзін з тых французскіх эмігрантаў, якім ужо дазволена вярнуцца дамоў. Хоць князь i не быў хуткім на новыя знаёмствы, размова з незнаёмым яму вельмі падабалася.

Ён міжвольна, як кажуць, ліпнуў да яго, i ўзбуджаў y ім, як здавалася, узаемную сімпатыю.

Даехаўшы да Парыжа, падарожныя выйшлі з дыліжанса i развіталіся, не пытаючыся нават, з кім мелі гонар размаўляць.

Праз некалькі дзён, пад вечар, наш француз з дыліжанса перапыніў князю дарогу на вуліцы i прывітаўся з ім, як з даўнім знаёмым. З таго часу яны сустракаліся амаль штодзень. Але заўсёды надвячоркам або ў начныя гадзіны, то на бульварах або плошчах, то на Елісейскіх палях або ў Булонскім ляску. I ніколі ні ў салоне іншаземцаў, дзе гульня збірала тых, хто прыбывае з усіх бакоў шырокага свету, ні ў тэатры, ні ў высокім свеце. З гэтага можна было зрабіць выснову, што хоць ён i вярнуўся ў Францыю паводле агульнай амністыі, баяўся звяртаць на сябе ўвагу ўраду, пазбягаў людзей, палітычных поглядаў якіх не падзяляў.

Аднойчы князь Сапега атрымаў ад таварыша па падарожжы ліст, y якім, просячы прабачэння, што з-за слабасці здароўя не мажа аддаць яму асабістую пашану, той прасіў, каб князь меў ласку наведаць яго, бо ён мае важны інтарэс, які не церпіць адкладу. Князь загадаў даць адказ, што будзе. Адзеўся і, выходзячы з дому, узяў з сабою некалькі соцень франкаў, бо падумаў, што грашовая пазычка павінна быць тым інтарэсам, які не церпіць адкладу. Ліст быў падпісаны Юліюшам віконтам de Saint-Autin, a на ім адрас: Rue du Bac № 16 au premier. Кватэру князь знайшоў хутка. Прайшоўшы праз пачакальню, y якой напаткаў некалькі слугаў y багатых ліўрэях, увайшоў y густоўна мэбляваны салон. Віконт прыняў яго з ветлівасцю добра выхаванага чалавека, пасадзіў на канапе, і, стаўшы перад ім, сказаў:

- Шаноўны князь, шчаслівым збегам абставін мы пазнаёміліся, зблізіліся i таму, відаць, абодва будзем мець ад гэтага нядрэнны вынік. Я, мажліва, лепшы, бо атрымаю ад цябе патрэбныя мне грошы. A пан за сваю неасцярожнасць атрымаеш папярэджанне на будучае. Ужо не час гаварыць не дагаворваючы, давай скажам праўду: назву віконта de Saint-Autin я ўзяў як псеўданім i не мае значэння, як я называюся сапраўды.

Пяць гадоў назад я быў асуджаны пажыццёва на галеры. За што? He памятаю. Але мне гэты лад жыцця вельмі не падабаўся. Ён быў чартоўскі нудны i нязручны. Я зрабіў усё, каб пазбавіцца ад яго, і, як чалавек разумны, пастанавіў на сваім. З Брэста я пераехаў y Нямеччыну, a адтуль праз Брусель прыбыў з панам y Парыж. Аставацца тут даўжэй я не магу, бо паліцыя мае аргусавы вочы. Таму я як найхутчэй павінен выбірацца ў Амерыку, дзе асабістая свабода кожнага забяспечана правам.

На такое далёкае падарожжа патрэбны значныя грошы. Ix, княжа, дасі мне ты. A за прыемнасць, якую ты адчуў y маім таварыстве пры падарожжы з Бруселя ў Парыж, заплаціш мне кошт падарожжа ў Амерыку.

На такое dictum acerbum [104] князь крыху абурыўся, але авантурыст яго зараз жа супакоіў: на першае ж плясканне ў далоні адначасна адчыніліся дзверы, што вялі ў пакой з трох бакоў, a ў ix паказалася па двое людзей з пісталетамі ў руках. На паўторны знак дзверы зачыніліся, узброеная сіла знікла. A князь, устаючы i гладзячы сябе пад барадою, што меў звычку рабіць, калі яго нешта непасрэдна датычылася, прагаварыў:

- Пане віконт, ты, ведаеш, чартоўскі разумны i з цябе лепшы гулец, чым з мяне. Я гуляю ў карты. Няраз выйграю, часцей прайграю. A васпан загнуў на мне паролі sans perdue [105], з дадаткам maro: «Заплаці, бо смальну табе ў лоб!».

- Так ёсць,- абазваўся на гэта экс-галернік,- няма рады, заплаці, бо смальну табе ў лоб!

- A як заплачу, то што са мною будзе?- запытаў князь.

- Далікатна звяжам цябе пастронкамі, паложым на канапе, завяжам табе рот, каб не крычаў, a праз некалькі гадзін, калі мы ўжо будзем за шлагбаўмамі горада, службе вашай княжацкае міласці будзе паведамлена, дзе цябе шукаць, дзе знайсці i вызваліць. Яшчэ я раіў бы зберагчы пастронкі... на памяць пра вельмі вялікую легкавернасць!

Князь, перакананы, што ўсякае супраціўленне з яго боку дарэмнае, выняў з кашалька пяцьсот франкаў i прапанаваў гэтаму новага роду экзекутару асабістага прымусу.

- Ці ты з нас жартуеш?- крыкнуў гнеўна злодзей. - Як ты можаш нават падумаць, каб мы за польскага князя бралі такі нікчэмны выкуп. Гэта было б прыніжэннем тваёй годнасці!

- Больш y мяне з сабою няма ні гроша!

- I на гэта ёсць спосаб. Напішы, княжа, свайму камердынеру, што гуляеш, табе патрэбны грошы i ты загадваеш, каб ён зараз жа прыслаў праз майго пасланца шкатулку, y якой, ведаю, знойдзецца i некалькі дзесяткаў тысяч франкаў.

Князь зноў некалькі разоў пачухаў пад барадою i працадзіў праз зубы: «Гэта д'ябальскі разумны чалавек!». Пасля напісаў i паслаў па грошы. Пакуль ix прынясуць, ходзячы па пакоі, свабодна размаўляў з тым, які трымаў яго жыццё ў сваіх руках. З цікавасцю выпытваў пра дэталі яго поўнай здарэнняў прафесіі. Захоплена слухаў, якія ён праходзіў перашкоды, пакуль дайшоў да злачынства.

- Надораны такімі не абы-якімі здольнасцямі,- сказіў нарэшце яму,- калі б ты выбраў прафесію вайскоўца, стаў бы генералам, калі б цывільнага міністрам, духоўнага - біскупам.

- A тым часам, - перапыніў яго злачынец з саркастычнай усмешкаю,- мо дайду вышэй, бо да шыбеніцы. Шаноўны князь,- дадаў ён,- кожны з нас ідзе да той самай мэты сапраўды іншай дарогаю. Вось ты гуляеш быццам бы па справядлівасці, a часам выйграеш y таго, хто няраз свой апошні грош ставіць на кон, a часам i чужы. Я амаральна забіраю ў іншых тое, што яны маюць, што знайду.

- Калі ў гэтым ёсць хоць колькі праўды,- заўважыў князь, - ты мусіш прызнаць, што гулец рызыкуе i прайграць.

- A злодзей - жыццём , - дадаў атаман зладзеяў.

Штораз больш ажыўленую размову перапыніла

з'яўленне шкатулкі. Яе адчынілі адразу: y ёй было трыццаць дзве тысячы франкаў. Новы ix атрымальнік ужо быў схаваў ix y кішэню, i разам з сваімі сябрамі браўся за непрыемную для князя аперацыю звязвання, паўтараючы, нібы на пацеху: «Няхай князь не палохаецца, мы з ім абыдземся вельмі далікатна. I, зрэшты ж, лепш быць звязаным пас.тронкам, чым зарэзаным». Раптам, пачуўшы нязвыклы шум на вуліцы, a пасля на ступеньках лесвіцы, ён заглянуў y прыхожую i вылецеў адтуль імгненна, крыкнуўшы сваім: «Уцякайма!». Праз хвіліну з усіх бакоў наляцела вайсковая ахова на чале з камісарам i камердынер князя.

Абараняцца было немажліва. Схапілі ўсю банду. A калі атамана вывелі з пакоя, князь, гладзячы сябе пад барадою, сказаў яму:

- Шаноўны віконт, ты чартоўскі разумны чалавек, але прызнай, што мой камердынер разумнейшы за цябе!

Толькі яму князь быў абавязаны сваім выратаваннем. Як толькі ён атрымаў ад свайго гаспадара загад неадкладна выдаць шкатулку чужому, хацеў яго спачатку затрымаць, прадчуваючы, што дзеецца нешта нядобрае. Ён баяўся, аднак, такім чынам нашкодзіць князю. Хацеў зрабіць больш адпаведна як да гэтых акалічнасцей: шкатулку выдаў, але з мясцовым лёкаем яны паспяшаліся за пасланцом. Узялі фіякр i паехалі да дому, y які ўвайшоў злодзей. Камердынер паставіў лёкая назіраць, a сам пабег да камісара паліцыі. Неўзабаве дом з двума выхадамі быў акружаны, князь выратаваны, i цэлая шайка злачынцаў злоўлена на ўчынку.

Калі праз нейкі дзесятак гадоў князь расказваў мне пра гэта здарэнне, ён прызнаўся:

- He паверыш, якую радасць я зазнаў, вырабіўшыся з гэтага разбойніцкага логава. Такіх хвілін не купіць за скарбы ўсяго свету! Я атрымаў назад грошы: адчуў вартасць жыцця, будучы на валасок ад смерці, i ў пачцівым сваім камердынеры знайшоў вернага i адданага прыяцеля.

Толькі не дадаў, што адразу выдаў яму вэксаль на суму, якая была ў шкатулцы i прызначыў яму пажыццёвую пенсію.

- Але цябе гэта, напэўна, шаноўны князь, адвучыла раз i назаўсёды ад бліжэйшых знаёмстваў са спадарожнікамі ў дыліжансах?

- Ніколькі, - адказаў князь, - бо бачыш, васпан, такія здарэнні - гэта эмоцыі, a без эмоцый жыццё бясколернае, халоднае, мёртвае.

Ён лічыў таксама, што ў той самы дзень, калі дзівосным чынам быў выратаваны, павёў сябе вельмі па-дурному, бо грошы, якія так шчасліва вярнуліся, каб паставіў на кон, перакананы, што выйграў бы мільёны, a ён тым часам, праняты нейкай філантрапічнай думкаю, аддаў ix дому падкідышаў, нягледзячы на тое, што гэту ўстанову лічыў немаральнай. «Хто ж такія падкідышы?- пытаўся ён сам y сябе.- Істоты, якія немаральна прыходзяць на свет. Значыць, хто ix падтрымлівае, той робіць немаральна»,- адказваў сам сабе.

Такім чынам князь Сапега ў кожнай рэчы заўсёды вышукваў дрэнны бок, y кожным добрым учынку заўважаў благую прычыну, a паўтараючы, што адзіным маятнікам, з дапамогаю якога рухаецца свет i б'ецца ў грудзях сэрца, адзінай мэтаю, імкненнем, адзінай думкаю на яве i прадметам мрояў y сне з'яўляюцца «грошы», не аднаго шакіраваў словамі, учынкамі ж здзівіў, зрабіў, выправіў.

- Шаноўны княжа, хочаш быць дасканалым? - спытаў хтосьці.

- Хачу!

- Дык прыкусі сабе язык!

- I гэта не памагло б, бо тады я рабіў бы тое, што цяпер гавару.

Князь Сапега прызнаваў, што кожная азартная гульня - трата грошай, часу, часта гонару. Але ж гуляў, калі не страсна, то, прынамсі, з замілаваннем. Праўда, дадаваў, што толькі той можа гуляць, для каго пройгрыш не мае ніякага значэння i да гульні нікога не заахвочваў, хутчэй ад яе адцягваў.

У Парыжы за гульнёю rouge et noir [106] ён штодзённа бачыў аднаго юнака. I хоць не ведаў яго па імені, палюбіў за прыгожыя рысы твару, за сціплыя паводзіны, інтэлігентную паставу i надзвычай за яго перажываў, прыглядаючыся, з якім самазабыццём той гуляў.

Аднойчы, калі юнак настойліва трымаўся за чорную масць, выйгравала чырвоная, a калі пераходзіў на чырвоную, няшчасце ішло за ім.

Тым часам апаражнялася кішэнь. Нарэшце ўсё, што ён меў, прайграў. Пасля гэтага ўстаў i выйшаў з пакоя.

«Неблагі ўрок, - падумаў князь, - толькі каб усё добра скончылася i пасля яго апамятаўся». Атрымалася ж інакш. He прайшло i гадзіны, як юнак вяртаецца, кідае як y прорву прынесеную жменю золата, набытую за прададзены гадзіннік, два пярсцёнкі, брыльянтавую шпільку, і... зноў усё прайграе!

Засмуціўся князь. У ім абудзіўся пэўны род літасці. I ўжо ён хацеў ісці прайграўшаму на ратунак, пазычыць, каб той адыграўся. Але яго затрымала развага, што ў такім разе дапамога можа стаць заахвочваннем, a ратунак стане прычынаю згубы. Ён спыніўся, раздумваючы над тым, што хацеў зрабіць. Юнак сядзіць нерухомы, быццам прыкаваны да месца. Валасы яго расчухраныя, зубы сцятыя, халодны пот аблівае твар. Толькі сяды-тады пазірае ён на свайго суседа, перад якім узвышаюцца стосы выйгранага золата i банкаўскіх білетаў. A ў паглядзе яго прабіваецца такая непрыхаваная прагнасць, што князь з жахам спасцігае ў ім задуму злачынства.

Позна ноччу, як толькі пераможац напоўніў кішэні багатым выйгрышам i пакідаў поле бою, прайграўшы схапіўся з месца, стаў на ногі, завагаўся, сеў, падхапіўся зноў i пабег за тым, што выйшаў.

Князь гэта запрыкмеціў і, быццам падштурхнуты інстынктам, накіраваўся за імі. He бачачы першы другога, другі трэцяга, яны прайшлі некалькі вуліц яшчэ дрэнна асвятлянага ў той час Парыжа. Першы, адурманены шчасцем, нават не думаў пра небяспеку, якая пагражала яму так блізка. Другі, стоячы над самай кручаю правіннасці, ці ж мог дапускаць, што над ім вітаў апякунчы дух? Тым часам кожны з ix спяшаўся, паддаваў кроку. Яны штораз больш i больш набліжаліся. На павароце вуліцы, калі юнак ужо даганяў таго, што быў спераду, князь убачыў y яго руцэ блішчастую прыладу. Ён падскочыў да яго i вымавіў: «Добры вечар!». Юнак спыніўся як укопаны i пытае прыглушаным голасам:

- A вы чаго хочаце ад мяне?

- Хачу з вамі пагаварыць.

- Цяпер не час.

- Яшчэ, уласна, час, - адказаў князь, беручы яго пад руку.

- Прашу мяне адпусціць.

- He пушчу!

- Паводле якога права?!

- Паводле таго, якое ратуе тапельца!

- Я не хачу, не хачу ратунку! - залемантаваў ён, вырываючыся ад князя.

- Табе цяпер больш чым калі патрэбны калі не ратунак, дык парада. Скажы, y цябе ёсць бацька ці маці?

- Ёсць, - збянтэжаны гэтым пытаннем, ён сказаў так ціха, што яго ледзь можна было пачуць.

- Ёсць,- паўтарыў князь.-. I менавіта ў гэтую хвіліну, калі твой стары бацька сніць пра цябе i з гордасцю бачыць цябе, што заслугоўваеш усеагульнай павагі i пашаны, калі матка на каленях моліцца за цябе Богу, ты праз злачынства хацеў сівую галаву бацькі пакрыць сорамам i ганьбаю, матку роспаччу загнаць y магілу.

Пачуўшы гэтыя словы, юнак задрыжаў, выпусціў з рук кінжал. A калі пад ім пачалі падгінацца ногі, сеў на брук. Князь спыніўся над ім i запанавала доўгае маўчанне. Як толькі ён пачуў рыданні, што выляталі са збалелых грудзей, як толькі ўбачыў слёзы, што плылі з вачэй,- я перамог,- падумаў ён y душы, падняў юнака i ўжо без найменшага супраціўлення завёў да сябе.

Назаўтра вярнуў яго бацькам, раскаянага, перакананага, які зрабіўся лепшым.

Яго бацька, рэвалюцыйны салдат, ваяваў y братніх шарэнгах y Германіі, Італіі, y Егіпце.

Пад Марэнга ён страціў нагу. Пасля, пакінуўшы вайсковую службу ў чыне капітана, жыў на невялікую пенсію. Князь узяў сына пад сваю апеку, палюбіў яго i пакуль выехаў y Польшчу, уладкаваў, даўшы сваю пратэкцыю, y бюро міністэрства ўнутраных спраў.

Калі праз некалькі гадоў зноў завітаў y Парыж, то знайшоў свайго пратэжэ, забяспечанага на будучае, ажэненага, шчаслівага, які з удзячнасцю паўтараў, Дзярэчынскі палац. Здымак Яна Булгака, 1930-я гг.. што за ўсё, што мае, кім ёсць, ён абавязаны кн. Францішку Сапегу.

Акрамя таго, што зроблены ўчынак гаварыў нашым сэрцам, князь колькі гэта разоў імкнуўся давесці нам, што француз не атрымаў ад лёсу таго, што яму прызначана. Што з таго,- казаў ён,- што стаў начальнікам канцылярыі, ажаніўся, мае курыцу ў гаршку, нарадзіў некалькі дзяцей? Што за дробязная кар'ера?! Тады, калі ён прайграўся ў rouge et noir, калі б я пазычыў яму грошы, прайшоўшы праз усе перыпетыі прыхільнай i праціўнай фартуны, ён несумненна зацьміў бы Валіцкага [107], перакрочыў Хацкевіча! Шкода мне яго! He абы-які чалавек, a ca звычайнага кола не выбраўся!

Самотнасць, так супрацьпаказаная людской натуры, скончылася пасля таго як князь вярнуўся з падарожжа i сусед з суседам пачалі сустракацца зноў. Пачаліся частыя ўзаемныя наведванні. Расшыраліся шляхецкія дворыкі, каб змясціць жаданых гасцей, адчыняліся дзверы панскіх палацаў: y Патоцкіх y Тульчыне, y Любамірскіх y Ланцуце, y Чартарыскіх y Пулавах, y Панятоўскіх y Яблонне, y Сапегаў y Дзярэчыне.

Каго ж не забавіць пачуты хоць бы здалёку водгалас музыкі? Каго не спакусіць забава, на якую спадзяваліся? Kaгo не пацягне да сябе кампанія прыгожых жанчын? Што ж тады дзіўнага, што маладыя i старыя ахвотна імкнуліся ў Дзярэчын. I хоць не адзін атрымаў там невылечную рану, прынамсі сардэчную кантузію, ліха яго бяры, выносіў адтуль i ў старыя гады незабыўныя ўспаміны пра шчасліва праведзеныя хвіліны маладосці.

На той час мода на фаварытак y нас ужо мінала i ix сапраўды не было ўжо ў Дзярэчыне. Але ix замянялі блізкія i далёкія сваякі князя i княгіні, якія заставаліся там па некалькі месяцаў i болей. A паміж рэзідэнтаў можна было сустрэць не адну, якая асталася яшчэ ад князя канцлера. Ix колькасць павялічваў наплыў французскіх эмігрантаў, якіх польская гасціннасць прымала з распасцёртымі рукамі i шчырым сэрцам, a яны затое знаходзілі, што хлеб польскі нясмачны, польскія звычаі варварскія, дзікія i адплаціліся нам за дабро высмейваннем, плёткаю, інтрыгаю, a няраз нават парушэннем дамашняга спакою. У Дзярэчыне можна было спаткацца з маркграфамі, графамі, віконтамі з берагоў Сены, Луары, a найчасцей Героны. He раз завітваў туды, па дарозе на Камчатку ці Урал, эксцэнтрычны англічанін, італьянец-артыст ці той, што за такога сябе выдаваў, немец-спекулянт.

Але ў першыя гады пасля шлюбу кн. Caпеra з сваёю жонкаю, пакуль яе бацька, Станіслаў Шчэнсны Патоцкі, яшчэ жыў, больш павінны былі быць y Тульчыне, чым y Дзярэчыне. Там пан рускі ваявода, калі можна так сказаць, вёў манархічнае жыццё. Ён пражываў шэсць мільёнаў злотых гадавога даходу. Бацька шаснаццаці дзяцей, як толькі яны з'ехаліся да яго, як толькі за імі прыбылі блізкія i далёкія сваякі, a за тымі шматлікія абываталі шырокага краю, Тульчын, мясціна, якая пяцьдзесят гадоў таму была малой i амаль не мела ніякага значэння, уяўляла выгляд сталіцы, свяцілася ўсім бляскам аграмаднага багацця. Прасторныя пакоі ніколі не вызваляліся, банкет ішоў за банкетам, дзень i ноч чутны былі капэла i бяседнікі, смех, танец, гульня, весялосць неаднойчы набліжаліся да шалу, Партрэт Палагеі Сапегі з Патоцкіх. змагаліся наперамену. Там ахвота падабацца была мэтаю жыцця, залётнасць - сродкам, забава - душою!


У 1805 годзе памёр Станіслаў Шчэнсны Патоцкі, рускі ваявода. З таго часу тульчынскі палац зачынены, пусты, па доўгіх пад'ездах свішча вецер, тоўсты слой пылу пакрывае партрэты продкаў.

Калі маладая княгіня Сапега адчула смак спакусаў тульчынскага жыцця, князь вучыўся гуляць y карты. Малады Шчэнсны Патоцкі, найстарэйшы сын ваяводы, любіў страсна гуляць, быў багаты, найчасцей прайграваў. Цэлая зграя шулераў збіралася на яго аблаваю, што ж тады дзіўнага, што ўцягнуў y гэта брацтва свайго швагра, a той яго палюбіў.

У Тульчыне тады любіў пасядзець той граф Валіцкі, які столькі грошай выйграў y французскай каралевы, Адам Панінскі, сын кароннага падскарбія, Гуроўскі. Але паміж ix першынстваваў Хадзкевіч, авантурыст з еўрапейскаю славаю, які быў на службе відзінскага ў Пасвер-Аглон пашы. У Стамбуле ён выкраў жонку ў пана Ляброша, партугальскага консула i з ёю ўцёк y Парыж, удзельнічаў ва ўзяцці Бастыліі. A ў Італіі пад прозвішчам генерала Лядойскага змагаўся пад камандаваннем Шампанэ, a пасля Жуберта i Масэны, быў правай рукой міністра паліцыі Фушэ [108]. Абвінавачаны ў фальшываманецтве, каля паўтара года прасядзеў y турме Тэмпль. У Пецярбурге абыгрываў мільянераў, пасля, пераехаўшы на Украіну, асеў y Тульчыне. Хадзкевіч называўся панам з паноў, бо калі яны цягнулі даход з мужыкоў, яму плацілі даніну, ён жыў за ix кошт. Маладога Патоцкага ён абыгрываў неміласэрна: сын гуляў, бацька плаціў, Хадзкевіч збіраў грошы. Аднак супраць Сапегі ён не паставіў ніводнай карты, лічачы, што яму сумленне не дазваляе абыгрываць школьнага калегу. Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што нават y найгоршым чалавеку заўсёды застаецца нейкая частка добрага.

Як толькі пан ваявода памёр, Дзярэчын стаў працягам тульчынскага жыцця, праўда, з меншым размахам, але з сапраўднай, менш штучнай, сардэчнейшай весялосцю.

Княгіня Палагея Сапега не мела тых правільных, артыстычных рысаў твару, якія выклікаюць часцей здзіўленне, чым распальваюць каханне. Але яна была ў поўным значэнні выразу тыпам чарнабровай украінкі з чорнымі як смоль косамі, з румянцам на шчоках, з чорнымі іскрыстымі вачыма, з станістай i гнуткай фігураю. Зграбная, спрытная, вясёлая, найперш добрая! Калі, расстаўшыся з мужам, яна пакінула Дзярэчын назаўсёды, яе партрэт пэндзля пані Лебрун [109] яшчэ доўга там захапляў прахожых арыгінальнай задумаю i дасканалым выкананнем. Мастачка паказала яе ў бегу: вецер развявае валасы, падхоплівае накідку з празрыстай тканіны, як быццам так падхопліваў яе ў жыццёвай дарозе, усланай кветкамі, з усмешкаю на вуснах, з радасцю ў вачах, з супакоем на твары. Такой яна была ззамаладу. I калі з гадамі яна страціла тое, што вабіць i зачароўвае сэрцы, дык захавала тое, што назаўсёды прывязвае. Для кожнага аднолькава ветлівая, прыязная, далікатная. Яе ня раз можна было бачыць y некалькігадзіннай размове з грэчкасеем пра гарох i бульбу, са старым вайскоўцам пра напалеонаўскія войны, y гульні на цэлы вечар з ксяндзом пробашчам на бабы ў мар'яшa [110]. I ніхто з ix ёй не абрыдзеў, кожны, адыходзячы, паўтараў: «Ах, што гэта за ветлівая, не ганарыстая, даступная, разумная пані!!!». Княгіня Палагея Сапега памерла ў Парыжы y 1846 годзе, пры ўсеагульнай жальбе тых, хто яе ведаў. Пра яе смела можна сказаць, што яна не мела ніводнага непрыяцеля. Яе любілі ўсе. Пакуль яна панавала ў Дзярэчыне, двор яе складаўся з маладых i прыгожых жанчын, падначаленыя з найпрыгажэйшай i найлепш выхаванай моладзі. Пад такім кіраўніцтвам нельга было смуткаваць, ды не было i прычыны.

У канцы кожнага дня ўжо наперад абдумвалася, як правесці наступны, як новай выдумкай, неспадзяванкаю зрабіць яго больш разнастайным. Калі не хапала жывых аб'ектаў, шукалі ратунку па-за межамі гэтага свету, выклікалі духаў, гаварылі з імі, слухалі ix прадказанні i папярэджанні. A як толькі па жылах прабягалі дрыжыкі, забыўшы хвілінныя ўражанні, як найхутчэй вярталіся да сапраўднага жыцця, да танцаў, музыкі i шалу.

Даўняя легенда расказва'е, што князёўна Палубінская выйшла замуж за Сапегу. Бацькі, паміраючы, даверылі пад яе апеку малалетняга сына, уладальніка велізарнага багацця. Сапежына ці з ведама, ці з намовы мужа, ці па ўласнай ініцыятыве, невядома, але хопіць i таго, што брата забіла i ўнаследавала ўсё ягонае багацце. З таго часу Дзярэчын стаў уласнасцю Сапегаў i з таго часу памерлая яе душа пакутуе, чакаючы апошняга Суда.

Часамі яе бачаць начною парою, як ходзіць па руінах даўняга двара Палубінскіх, часам на могілках, дзе было пахавана яе грэшнае цела. Расказваюць, што князь Сапега спаткаў яе некалькі разоў y сваім жыцці. Ідучы на дамоўленае спатканне да прыгожай пані, якая гасцявала некалькі дзён y Дзярэчыне, пры бляску месяца, што асвятляў калідор, ён убачыў белую постаць. Яна сядзела каля пapoгa яе дзвярэй, перагароджваючы ўваход y пакой. Ён спыніўся, завагаўся i адступіў. Пані назаўтра выехала. Так добра распачаты раман быў перапынены на самым пачатку. Князь пазней сам расказваў пра гэта здарэнне, дадаючы, што духам была жывая істота, a перашкодаю стала жаночая зайздрасць.

Дух Палубінскай сяды-тады паказваўся пад час вясёлых танцаў за вокнамі бальнай залы або пасярод цёмных прысадаў дзярэчынскага парку.

Аднойчы, пасля весела праведзенага летняга дня, кабеты выклікалі моладзь на тое, каб кожны адзін пайшоў на могілкі i кожнай з ix прынёс па кветцы. Пажаданне стала загадам. I як толькі прабіла поўнач, пачалася магільная пілігрымка. Адзін за другім ішлі яны i вярталіся з добрай мінаю, хоць, можа, душа была ў пятках, i каля ног той, якая найбольш цікавіла, клаў здабычу, сарваную на зямлі вечнага спакою.

Адзін маладзён, да якога нарэшце дайшла чарга, пайшоў апошні. Але вярнуўся ён хутчэй за іншых. Уляцеў y княжацкі салон увесь калоцячыся ад страху, абліты халодным потам. У яго запыталіся, што такое:

- Бачыў,- адказаў ён.

- Каго?

- Палубінскую.

- Дзе?

- Укленчаную на магільным курганку.

- A чаму не прынёс кветак?

- He дазволіла.

- Дык што, гаварыла э табою.

- Сказала, што на яе магіле кветкі не растуць.

Ці ўсё гэта было праўдаю, ці, як гаворыць вядомая прыказка,- страхі на ляхі, ці выдумка, каб пазабавіцца, сказаць цяжка. Ведаю толькі, што калі гадоў праз дзесятак я ўспамінаў пра тое княгіні, яна адказала, што ў той час адны другіх любілі страшыць, некаторыя баяліся, a былі i такія, што верылі. З яе адказу я зразумеў, што маё пытанне абудзіла ў яе непрыемны ўспамін.

Раз зайшла гаворка пра звышнатуральныя з'явы, я павінен яшчэ нагадаць пра тую здань, якую бачыў Міхал Грабоўскі [111] ў Дзярэчыне i пра якую ў свой час многа гаварылі. Прачнуўшыся ноччу, ён убачыў постаць, якая стаяла над яго ложкам. Калі спытаў, чаго тая хоча, яна адказала, што прыйшла папярэдзіць яго, каб пазбягаў Дняпра, бо над Дняпром загіне. Праз некалькі гадоў ён пайшоў служыць y войска Варшаўскага княства, a ў 1812 годзе загінуў над Дняпром пры штурме Смаленска. За праўдзівасць таго асаблівага апавядання магу ручацца, бо сам Міхал Грабоўскі расказваў яго майму бацьку за некалькі гадоў да свае смерці. Тут варта дадаць, што тое начное з'яўленне як довад пра сваё існаванне пакінула крывавы след пяці пальцаў на сцяне.

Дзе любяць страшыць ці містыфікаваць, там заўсёды знаходзіцца асоба, якую выбіраюць за мэту вельмі далёка ідучых жартаў. Яна прымае на сябе ўвесь цяжар забаўляць іншых сваім уласным коштам.

У Дзярэчыне было двое блізкіх суседзяў. Адзін з ix жыў па правы, другі па левы бок ракі Зэльвы. Абодва былі сярэдняга веку, нежанатыя. Пан Ежы, паводле захапленняў паэт, папраўдзе вельмі слабы, які прытым яшчэ адчуў апошні павеў XVIII стагоддзя, хацеў здавацца філосафам. Mo гадоў больш як дзесяць беспаспяхова перакладаў «Кітайскага сірату» Вальтэра. Пра той пераклад зласліва, але справядліва казалі: «Гёгіско цябе ўратаваў, a пан Ежы забіў!».

Пан Юзаф, самавітай паставы, хоць крыху залішніх памераў, вялікі зух y словах, фанфарон y руках, належаў да такіх элегантаў таго часу, першапачатковы абрыс якіх сёння страчаны. A калі б дзе-небудзь яшчэ i захаваўся, то быў бы абавязкова залічаны да шэрагу карыкатур. Ён хапаўся за кожную жанчыну, перакананы, што хопіць толькі на яго глянуць, каб ужо ў яго закахацца. З кожным жа мужчынам заўсёды гатоў быў пасля першага слоўца страляцца. Пра свае паядынкі ён плёў несусвеціцу, хоць усе ведалі, што яны заўсёды канчаліся стрэлам некалькіх бутэлек шампанскага.

Пан Ежы, энцыклапедыст, стасоўна да вызнаваных ім прынцыпаў, не прызнаваў бязсмерця душы, a таму не верыў y духаў. Пан Ежы на ўвесь голас заяўляў, што яго менш за ўсё хвалюе, ёсць духі, ці няма, бо ні людзей, ні духаў не баіцца. Аднак, калі пазнаёміцца з абодвума з ix бліжэй, дык з'яўлялася перакананне, што той быў мяккага сэрца, гэты ж пад львінаю шкураю хаваў заечую натуру. Такія вось ахвяры толькі паспрабуйце даць на з'ядзенне моладзі i калі адразу не атрымаюць каронаў пакутнікаў, прызнаеце, што яны маюць дапатопную сілу. Ежы i Юзаф звычайна прыяджалі ў Дзярэчын перад абедам, затрымліваліся да познага і, калі ўсе разыходзіліся адпачываць, толькі тады вярталіся дадому.

У Дзярэчыне пануе незвычайны pyx i заклапочанасць. Гэтыя шэпчуць адзін аднаму на вуха, тыя даюць знакі на мігі, іншыя на падміргванне вока адказваюць лёгкай усмешкаю. Э усяго гэтага відаць, што ладзіцца, рыхтуецца нешта таямнічае. Прыгожая палавіна акружыла Ежы i не адпускае. A калі ён на памяць дэкламуе цэлыя сцэны спольшчанага «Кітайскага сіраты», яна не перастае забіваць яму галаву, страшыць яго духамі. Падобную сцэну з Юзафам разыгрываюць мужчыны. Абодва бакі не даюць ім мажлівасці зблізіцца, паразумецца. Пані ўдзёўбваюць Ежы пра постаць, што гарцуе на кані па-над берагам Зэльвы, паны паўтараюць тое самае Юзафу, з той толькі розніцаю, што калі для першага постаць белая, конь вараны, то для другога постаць чорная, конь белы.

Ноч цудоўная, месяц не свеціць, a мільёны зорак іскрацца на небе. Пан Ежы ў палатняным верхнім адзенні, на вараным, пан Юзаф y чорным сурдуце на белым кані, выязджаюць праз некалькі хвілін адзін за.адным. Дарогі, раздзеленыя ракою, так блізка адна ад другой, што прадметы можна, калі не распазнаць, то здагадацца. Ездакі заўважаюць адзін аднаго. A з-за раздражнёнага ўяўлення прадмет, які бачыцца, пачынае ў кожнага расці, павялічвацца i даходзіць да неверагодных памераў. Гэты затрымаўся, прыпыніўся i той. Адзін пускаецца рыссю, рыссю ляціць i другі. To адначасна абодва імчаць галопам. Як бы на спаборніцтвах, пускаюць коней наўскапыта, нібы гнаныя духамі i самі амаль без духу далятаюць нарэшце дадому.

Калі назаўтра дзярэчынская моладзь адведала сваіх ахвяраў, філосафа знайшла цяжка хворым, сусед жа яго даводзіў, што не ўцякаў ні ад якога духа, але ён за ім гнаўся i несумненна дагнаў бы, каб не прапаў каля крыжа.

- A рака?- спытаўся нехта.

- A шпора навошта? - адказаў ён, - раку ўплаў, страха за карак!

Аднак было заўважана, што ён быў намнога бляднейшы, чым звычайна...

У Дзярэчыне жыў італьянец. Высокі, худы, з чорнымі валасамі, з арліным носам, з хуткімі сівымі вачыма, гадоў каля пяцідзесяці. Кім ён быў, ніхто не ведаў. Адны яго лічылі італьянскім маркграфам, што вымушаны ўцякаць са свайго краю з-за палітычных перакананняў, другія - агентам тайнага таварыства. Іншыя сцвярджалі, што бачылі яго некалькі гадоў назад y Варшаве, калі ён разносіў па горадзе гіпсавыя фігуры на продаж. A калі нейкі польскі пан y добрым настроі патоўк ix яму на друз, узяў італьянца да сябе, даў прыстойную суму на жыццё i выкіраваў яго на чалавека. Нарэшце некаторыя прымалі яго за мастака, бо i сапраўды, хоць ніхто не чуў, каб італьянец іграў на якім-небудзь інструменце, не бачылі, каб маляваў, гаварыў ён пра мастацтва з веданнем прадмета, маючы наскрозь мастацкую душу. Адно толькі дакладна вядома, што быў надзвычайна скупы, амаль нічога не расходаваў, a пад ложкам y яго стаяў акаваны куфэрак, y якім, думалі, знаходзяцца значныя грошы. У яго быў слуга, чатырнаццацігадовы хлопец. Калі выходзіў са свайго пакоя, яго замыкаў на ключ, a калі дазваляў хлопцу выходзіць, сам каменем сядзеў на яго месцы. Аднойчы італьянец вяртаецца з абеду, адмыкае дзверы, уваходзіць y пакой i бачыць хлопца, павешанага на круку ад жырандолі. Бяжыць да ложка няма пад ім куфэрка! З найвялікшай роспачы траціць галаву, вылятае з пакоя, імчыць як ашалелы да става і, напэўна, ўтапіўся б, каб сілаю не затрымалі яго ўжо над самым берагам. A гэта быў недарэчны жарт, ахвяраю якога ледзь не стаў небарака італьянец. Калі яго не было, пакой адчынілі адмычкаю, вынеслі куфэрак, хлопца выцягнулі, a на крук павесілі напханую ляльку, апрануўшы ў яго адзенне. Назаўтра чужаземец назаўсёды пакінуў Дзярэчын, баючыся падобных жартаў y будучым.

У сямейным жыцці непаразуменні, сваркі, разлукі найчасцей - віна мужа. Каханне ў мужчын хутчэй астывае. Тады падарваную веру замяняюць штораз дэспатычнейшаю апекаю, каб захаваць бачнасць. Бывае таксама, што муж кажа жонцы: ты ідзі направа, я пайду налева, каб мы не маглі больш спаткацца. Жанчына даўжэй можа кахаць, бо ў яе натура больш прывязлівая. Але кожная яе абыякавасць ахалоджвае, a зняверанасць даводзіць да жадання вызваліцца з-пад апекі, адмовіцца падпарадкоўвацца.

Ёсць два роды аднастайнасці : аднастайнасць забаваў, аднастайнасць нуды. Першая стамляе, мучыць, другая - усыпляе. Кн. Францішак Сапега, пераходзячы ад адной да другой, баяўся заснуць падобным сном. Таму, пакінуўшы асноўную даверанасць кіраваць усім багаццем i апеку над маладой жонкаю, з якой расстаўся без жалю, дваццацігадоваму крэўнаму, сеў y павозку, рушыў на захад i толькі ў Парыжы абудзіўся.

Ён шукаў разнастайных уражанняў, авантур па ўсёй Еўропе. У берлінскім двары, калі кароль спытаў y яго, колькі яму было гадоў, калі яму надалі званне генерала літоўскай артылерыі, адказаў: «Дзевятнаццаць». «Цікава мне,- дадаў манарх, - кім князь стаў з часам бы?» «Можа i каралём», - адказаў ён. I нічога дзіўнага не было б, каб Сапегу ўбачылі на троне, на якім сядзелі Вішнявецкі, Сабескі, Ляшчынскі, Панятоўскі [112].

У Вене ён бачыў імператара, які спакойна бавіўся, ловячы залатых рыбак y шонбрунскіх сажалках тады, калі народ еў, піў, вальсаваў i слухаў музыку ў Пратэры. Венецыю ён знайшоў падобнай да пінскага бабра, які хвост трымае ў вадзе, a галаву над вадой. У Апенінах надта ж хацеў спаткацца з разбойнікамі, але такой прыемнасці не зазнаў. У Рыме шукаў даўняга рымляніна, убачыў высокапраасвяшчэнства, хацеў пакаштаваць кухні Лукула, яго накармілі палентаю i макаронамі. У Неапале замест полымя Везувія, дым якога яго амаль не задушыў, захацеў пабачыць расплаўленую лаву, хадзіў па ёй на вуліцах горада. Разгневаны, сеў на карабель, паплыў y Марсель, адкуль накіраваўся ў краіну Пеляргаў. Пераадольваючы Пірэнеі, амаль што не загінуў y глыбокіх снежных заносах. У Іспаніі прысутнічаў на баі быкоў i даводзіў, што нашы ўкраінскія валы i большыя i прыгажэйшыя. У Партугаліі з скалы Цынтра ён глядзеў на акіян, добра адкормленых манахаў. Да адвалу накормлены апельсінамі, не чакаючы, адразу ж пусціўся ў Парыж.

Разумны чалавек сказаў: «Усюды добра, a дома найлепей». Князь жа Францішак гаварыў, што ўсюды дрэнна, y адным толькі Парыжы не найгорш i то ненадоўга, a тады, калі там жывеш, як хочаш. У Дзярэчыне ж лад жыцця ні ў чым не зменены. Прыгожая пані заахвочвае да забаваў, танцаў, весялосці, a давераная асоба не шкадуе грошай на падтрымку гонару Сапегавага дому. Моладзі - «у гэтам не грай!»- адкрылася шырокае поле, каб разгарнуць стратэгічныя планы, геніяльныя задумы давесці да жаданага выніку, завязаць i вырашыць любоўныя інтрыгі, распачаць ваенныя крокі або мірныя перамовы. I не адзін спрабуе выпрабаваць сілу з апушчанай галавою, як вандроўны рыцар, не адзін канькае пра ласкавы пагляд. Гэты ўздыхае ў куце, той адкрыта прызнаецца ў каханні, іншыя - вар'ююць, другія - шалеюць, рэдка які вяртаецца да цвярозай развагі. Панна Алімпія, прыгожая, як ружа ў самай квецені, лёгкая, што матылёк, добрая, што анёлак, закахалася ў маладога прыстойнага i заможнага абываталя. Княгіня ім апякуецца. Але бацькі супраць. Хочуць выдаць дачку за старога багатага генерала. I хоць закаханыя плачуць, кідаюцца ў роспач, дзень шлюбу прызначаны, генерал чакае нарачоную ў Вільні... Што ў такім разе рабіць? Выкрасці? Выкраданне начною парою - спосаб старасвецкі, які выйшаў з моды. Ён небяспечны. Могуць здагадацца, даганяць, адбіваць, адабраць. Значна лепш y самы полудзень пасадзіць панну ў павозку i з падкупленымі паштальёнам i слугою завезці замест старога да маладога кавалера. На жаль, марныя клопаты! Стары, асцярожны, прадбачлівы, усё прадбачыў, усяму даў рады. Бацькі панны Алімпіі выехалі наперад. Яна, развітаўшыся з княгіняю, садзіцца ў павозку з цёткаю, якая была з ёю ў змове. Паштальён свіснуў на коней, ляціць што вецер, але на другой станцыі ў той момант, калі павінен быў павярнуць налева, з'яўляецца генеральскі ад'ютант, прысланы ім для ганаровага эскорту, загадвае ехаць направа i назаўтра з трыумфам дастаўляе будучую генеральшу ў Вільню... Расказвалі, што панна Алімпія перад алтаром самлела, яе каханак хацеў застраліцца. Аднак жа яна доўгія гады была найлепшай жонкаю i маткаю, ён жа на наступны год ажаніўся з другою!

Мінула некалькі гадоў. Княгіня весяліцца ў Дзярэчыне, князь яшчэ не занудзіўся ў Парыжы. У той час, ідучы ад перамогі да перамогі, ад заваёвы да змагання, калі вырашаюцца лёсы ўсяго свету, калі ў парыжанаў знайшлася вольная хвіліна, што, адкінуўшы на бок палітыку, яны могуць заглянуць y глыбіні свайго любімага горада, паглядзець, што ў ім дзеецца, ні пра што іншае яны не гавораць, як пра найяснейшага герцага Камбасэраса [113], дзяржаўнага вялікага канцлера, i пра панну Жорж [114], першакласную прыгажуню, трагічную актрысу еўрапейскай славы. Вялікі канцлер уладкаваў для яе найраскошнейшы апартамент, абсыпаў яе найкаштоўнейшымі падарункамі. Першы на ўсю Францыю гастраном ад кахання страціў апетыт i пад ногі сваёй Мельпамене кінуў сэрца, архіканцлерскую пячатку і, што яшчэ лепш, ключы ад свае касы. Напалеон [115] пра ўсё ведаў, падабацца жанчынам не забараняў. Але траціць на ix сотні тысяч, транжырыць скарбы лічыў неадпаведным прынцыпам палітычнай эканоміі. Таму чакаў выпадку, каб зрабіць архіканцлеру нязначную, але заслужаную вымову.

Позна ноччу ў палацы Цюільры імператар праходжваецца па пакоі, дыктуе. Камбасэрас сядзіць каля стала, піша. Калі першы, мажліва спецыяльна, не адпускае яго, другі ў думках пераносіцца туды, дзе яго чакае з вячэраю каханка. I вось імператар спыніўся, пазваніў i загадаў, каб да яго зараз жа прывезлі панну Жорж. He прайшло i поўгадзіны, як уваходзіць камердынер i дакладвае, што яна прыехала.

- Добра! кажа Напалеон. - Адвядзіце яе ў мой спальны пакой, няхай чакае мяне!

Напалеон y душы смяецца. Камбасэрас уздыхае. Халодны пот залівае яму лоб. Пяро амаль што не выпадае з ягонай рукі.

Імператар, вытрымаўшы яшчэ з чвэрць гадзіны, зычліва кажа:

- Шаноўны князь. Ha сёння хопіць. Ты змучаны, можаш ехаць. Жадаем вам добрай ночы!

Як толькі той выйшаў, імператар, задаволены дадзенай навукай, загадаў, каб панну Жорж адвезлі дахаты. Панна Жорж, нават не пабачыўшы імператара, паехала. Толькі не да сябе, a да князя Францішка Сапегі!

Назаўтра пра гэта ведаў увесь Парыж. Кожны пахвальваў імператара, ніхто не шкадаваў Камбасэраса. A Талейран [116], калі яму пра гэтую гісторыю расказвала прыгожая полька, узрушаўся:

- Ils'en consolera en mangeant des navets â la Cambaceres [117]!

- Аднак,- адказала на гэта наша зямлячка,- вам, французам, павінна быць сорамна. Гэта ж трэба, польскі канцлерык абдурыў вялікага канцлера Францыі.

- Бо лепш заплаціў,- дадаў князь Беневен.

У час, калі князь перажывае такі трыумф, з Польшчы атрымлівае ліст за лістом, y якіх яму дакладваюць, што адміністрацыя маёнтка ў найгоршым стане, прыбыткі памяншаюцца, даўгі растуць, a крэдыт падае. Розум падказвае вяртацца, але ці так лёгка вырвацца з Парыжа? Ганібал [118] пераплыў з карфагенцамі мора, пераправіўся цераз Альпы, перамог рымлянаў і, несумненна, стаў бы гаспадаром Рыму, каб y яго Капуа не адабрала сілы i волі, не ператварыла пераможцу ў пераможанага. Што ж тады дзіўнага, што князь, калі яго вабіць i захапляе не адна прыгажосць, зваблівае зялёны стол, забывае ў Парыжы пра маёнткі, прыбыткі, даўгі, крэдыт. Забывае пра жонку, пра Дзярэчын!..

У Дзярэчыне выдатна святкуюць імяніны княжны. Больш за сотню асобаў з'ехалася зблізку i здалёку, каб ушанаваць віноўніцу ўрачыстасці i весела правесці колькі хвілін.

Абед скончыўся, сціхлі тосты, адазваўся аркестр, распачаліся танцы. Калі моладзь танцуе мазура, y адным з прахадных салонаў упаўнаважаны адсутнага князя ад яго імені i за яго грошы цягне фараона. Перад ім узвышаюцца стосы золата, ён пабівае кожную карту. Раптам адчыняюцца дзверы i ў падарожным касцюме, хвіліну назад высадзіўшыся з павозкі, уваходзіць уласнай персонаю князь Францішак! Усе ўсхопліваюцца. Ён набліжаецца да століка, падымае з зямлі карту, ставіць ва-банк, выйграе, i кажа, згортваючы са стала ўсё, што там было:

- Гэта, прынамсі, мне назад дастанецца!

«Князь прыехаў, князь прыехаў!»- разлятаецца па пакоях дзярэчынскага палаца... Княгіня самлела. Музыка сціхла. Перапынены танцы. Дзе хвіліну назад панавала гамана - глухое маўчанне, дзе быў тлум - пуста!

Калі гадоў мо больш чым праз дзесятак пасля таго Зэльва, Касцёл.. я першы раз адведаў Дзярэчын, княгіня, даўно разведзеная, выйшла замуж за далёкага сваяка, князь жа вёў халасцяцкае жыццё. Штогод ездзіў за мяжу, адкуль y канцы кожнага лета вяртаўся, каб позняй восенню, з адлятаючымі птушкамі, зноў адлятаць y цёплыя краі. За дзве мілі ад Дзярэчына над берагам Зяльвянкі ляжыць мястэчка Зэльва - здавён спадчына Сапегаў. Зэльва няблага забудаваная. Шырокая вуліца праразае яе ўздоўж ажно да канца горада, дзе крокаў за трыста на ўзгорку стаіць парафіяльны касцёл. На гэтай вуліцы па адзін бок - мураваныя магазіны, па другі - заезны двор, y якім месціцца шынок, тэатр, маскарадныя залы, i тая «Срэбраная», як яе называлі, зала, y якой некалькі гадоў перад гэтым цэлая зграя шулераў, што сцерагла чужыя кішэні, цягнула банкі, напэўна абыгрываючы навічкоў. Раз на год y Зэльве адбываліся кірмашы, пераважна конскія. Там можна было ўволю наглядзецца на коней з Сапегавага, Пацеевага, Радзівілаўскага статкаў, на чыстакроўных польскіх коней, парода якіх ужо загінула. Туды дастаўляліся з усходу найпрыгажэйшыя жарабцы. A далёка вакол горада запаўнялі ўсё ўкраінскія табуны. У Зэльву з'язджаліся купцы з Варшавы, з Вільні, з Бярдычава, з Адэсы, Бухары, з Макар'ева, персы з Астрахані, збіраліся шматлікія абываталі з усёй Літвы. Штораніцы з стайняў выводзяць коней, аб'язджаюць, прабуюць, таргуюць, прадаюць альбо купляюць. Пасля абеду ўсе разбрыдаюцца па магазінах, вечарам - тэатр, маскарад, «Срэбраная зала» або дамоўленыя сходкі па прыватных дамах.

Гэта было ў 1826 годзе. Я даставіў y Зэльву на продаж чацвёра гнядых коней, маладых, рослых, дабраных. Спыняўся звычайна ў апошнім дворыку з боку касцёла, супольна з маім суседам панам Стафанам Р., вялікім аматарам i знаўцам коней. Неўзабаве пасля майго прыезду заяўляецца да мяне пан В., багаты абываталь з Мінскай губерні. Ён збіраецца жаніцца. Яму патрэбны коні. Мае яму вельмі па густу, але, на жаль, яны з доўгімі хвастамі, a ён хоча мець англезаў, якія тады былі модныя.

- Можна зрабіць ім аперацыю,кажу я.

- A ці доўга аперацыя будзе цягнуцца? - пытаецца ён.

- Чатыры тыдні,- кажу я .

- Я праз два жанюся,- кідае ён.

Развітаўшыся ca мною, пайшоў.

Пан P., які прысутнічаў пры размове, выходзіць за ім i неўзабаве вяртаецца, дакладваючы, што коні будуць прададзены праз чатыры дні. Той жа самай ноччу высылае ix ціхачом y блізкі фальварак.загадвае адстрыгчы ім хвасты i праз чатыры дні прыводзіць назад, выдае пану В. за сваіх i за сваіх прадае.

Прабіла поўнач, месяц не свеціць, ноч цёмная, большая частка мястэчка запала ў сон, толькі дзе нідзе відаць яшчэ святло па дамах. У мяне сабралася некалькі асобаў, п'ем гарбату, гуляем y віст. Раптам чуем водгалас званоў.

- Пажар! - закрычаў нехта.

Падхопліваемся, выбягаем на двор. Месяца не відаць, кожны спяшаецца да касцёла, каб даведацца, што азначае знак трывогі. Каля самай званіцы спатыкаем закрыстыяна, які, убачыўшы ў касцёле мігатлівае святло, падумаў, што гэта закраліся зладзеі. A калі ўбачыў адбітыя ад закрыстыі дзверы, заваліў ix i пачаў на гвалт званіць. Тым часам адусюль y разнастайных начных строях збіраюцца цікаўныя. Гэты ў шлафроку i начным каўпаку на галаве, той y толькі на скорую руку накінутым на плечы плашчы. Вунь той абкручаны коўдраю, якую схапіў, выскокваючы з ложка. I кожны са свечкаю ці ліхтаром y руках. Акружаем святыню, уваходзім y сярэдзіну. Шарым, шукаем i нарэшце знаходзім трох яўрэяў з напоўненымі касцельным начыннем кішэнямі. Аднаго з ix выпаралі з амбону, двух іншых з-за алтара.

Святатацкая здабыча адабрана. Што атрымаў кожны са зладзеяў, дадумацца не цяжка. Аддаем ix мясцовай паліцыі.

Неяк раз, спаткаўшыся з князем Францішкам Сапегаю на зэльвенскім кірмашы, я спытаў:

- Калі, князь, выязджаеш за мяжу?

- He надта хутка, - адказаў ён, - бо, відаць, усю зіму прабуду ў Дзярэчыне.

- Адзін, князь, не засумуеш,- дадаў я.

- Адзін мог бы, але да канца снежня не буду на месцы, бо хоць раз y жыцці хачу аб'ехаць свае ўладанні, пабываць y Шкудах, Усэполі, y Быхаве, Мышы i самому пераканацца, да якой ступені камісары мяне абкрадаюць. Пасля вяртаюся ў Дзярэчын, дзе ўвесь карнавальны час буду даваць балі, на якія пана запрашаю.

Надыйшоў перыяд забаваў. Карыстаючыся запрашэннем, я паехаў y Дзярэчын, спадзеючыся пазнаёміцца з кампаніяй, бліжэй з жанчынамі, якія зачашчалі на сапраўды княжацкія, але кавалерскія балі.

Калі я ўваходзіў, музыка ўжо іграла, моладзь танцавала, старэйшыя гулялі ў карты. Вачыма я шукаў гаспадара дому i ўбачыў яго, як той сядзеў з падкурчанымі нагамі. Ён курыў султанскі тытунь з доўгага муштука, аздобленага надзвычай пышным бурштынам, i быў падобны на турэцкага пашу, але без каптана, без цюрбана, толькі ў чорным сурдуце, зашпіленым пад барадой. Каля яго стаялі дзве велізарныя скрыні. Калі, прывітаўшы яго, я спытаў, што ў ix, ён адказаў:

- Чаравікі i рукавічкі. Я прывёз ix з Парыжа. Аднаго памеру, прыстасаваныя да артыстычнага ідэалу нагі i рукі. I ўяві сабе, што апрача пані Яльцовай, якой я, як належную даніну, кожны тыдзень ахвярую па тузіну майго тавару, нi на якую ні нагу, ні руку нічога з гэтай шматлікай разнастайнасці не можа падыйсці! Дарма пекныя пані гневаюцца на сябе. Хацелі б сабе пальцы на нагах i руках паабсякаць, каб ix паменшыць. Даць рады немажліва, бо каго Пан Бог стварыў велькалюдам, карлікам быць не можа.

Князь устаў, узяў мяне пад руку i мы пачалі праходжвацца па прасторных, ярка асветленых пакоях. Сярод мужчын я знайшоў шмат знаёмых. Сярод жанчын вельмі мала. Былі там адны жонкі павятовых чыноўнікаў або князевых афіцыялістаў. Ну, якая абывацелька паедзе на баль, дзе няма гаспадыні дому, a гаспадар, хоць i прымае гасцей найветлівей i найласкавей, але з люлькай y зубах раздае чаравікі i рукавічкі! Якая з ix хацела б не сябе, але сваю нагу або руку скампраментаваць?

Я вышэй ужо сказаў, што багацце князя Францішка Сапегі дасягала пяцідзесяці мільёнаў польскіх злотых. Шкуды, аддадзеныя сялянам на чыншы, давалі гадавога даходу ўпяцёра, Усэполь y тры разы, Быхаў столькі ж, Мыш удвая, a Дзярэчын, Зэльва, Ружана, Данейкаўшчына i Селыды (наменклатура ў рукапісе нечытэльная) да шасці разоў па сто тысяч злотых. Таму пры такой велізарнай колькасці дзесяць мільёнаў злотых доўгу не былі вялікім цяжарам. Касавая маніпуляцыя была ўладкавана так, што ў любы час ад кожнага прымалася ад ста злотых да 50 000 на 5%, i ў любы час кожны, толькі папярэдзіўшы за тыдзень, мог забраць суму, якая яму належала. Такім чынам крэдыт Сапегі быў неабмежаваны, a яго касу называлі ашчаднаю, бо нават самы бедны нёс y яе тое, што толькі назбіраў. Памятаю, як на волкаўскіх кантрактах я зайшоў да пана Астраменцкага, генеральнага ўпаўнаважанага ягамосці князя. «I што ж, пане суддзя, - спытаў я, - ці многа вы павінны плаціць?» - «Мільёнчык з коптурам!» - «А многа ў Kace?»-«Няма i ста тысяч...» He прайшло i некалькіх дзён, як адусюль нанеслі столькі грошай, што заплацілі i тое, што трэба было заплаціць, i яшчэ пару соцень тысяч злотых звышпланавай гатоўкі адвезлі ў Дзярэчын.

Князь Францішак часта паўтараў, што ў Польшчы няма як мець даўгі ці інтарэсы: «Глядзі, якая розніца паміж мною i панам Міхалам. Нашыя багацці амаль роўныя, толькі яго без даўгоў, маё з даўгамі. Яго не любяць, кожны яго пазбягае, уцякае. Пустка i нудота ў доме. У мяне ж, наадварот, шумна, людна i весела, пачакальня перапоўнена крэдыторамі, усе мяне любяць. I думаеш, прыходзяць па свае ўклады - нічога падобнага, бо хто ў мяне меў тысячу, другі ж, не раздумваючы, прыносіць з просьбаю, каб хоць я захацеў узяць».

Князь, хоць любіў гаварыць дрэнна пра сябе, я ні разу не чуў, каб дрэнна гаварыў пра іншых. A калі i былі тыя, што верылі яго словам, дык большая частка ўмела аддаць належнае таму, кожны ўчынак якога меў на сабе адбітак шляхетнасці. Толькі таму, што па абедзе ён спажываў некалькі кавалкаў цукру, абмочаных y ром, гаварылі, што ён занадта захапляўся моцнымі напоямі. Хоць той, хто яго добра ведаў, знаў, наколькі ён сціплы ў ядзе i пітве. Таму, што ўвесь час ён гаварыў пра грошы, адны зрабілі яго хцівым, a былі i такія, што нават вінавацілі яго ў скупасці. Таму, што ён страсна гуляў y карты i прайграваў значныя сумы, y ім бачылі шулера i марнатраўцу. З таго, што ўпаўжаваныя яго абкрадалі, рабілі выснову, што ён не ўмее кіраваць. Але ж усё-такі ані хцівым, ані скупым не з'яўляецца той, хто не адмаўляе таму, хто мае патрэбу, падтрымлівае крэўных, хто выдае грошы на сябе i на іншых. Шулерам не з'яўляецца той, хто гуляе ад заўзятасці, a не з-за непапраўнасці або патрэбы. Марнатраўцам не з'яўляецца той, хто хоць не павялічыў багацця, але яго не страціў. Што ж да кіравання маёнткамі, то ён дбаў найперш пра тое, каб яго сялян не крыўдзілі. Калі ж які кіраўнік або ўпаўнаважаны ўзбагаціўся, казаў: «Менш-больш усе такія. A калі каторы з ix не забывае пра сябе, я яму часткова абавязаны, бо ён вызваліў мяне ад прыкрай павіннасці яго ўзнагароджваць».

У Фларэнцыі, будучы запрошаным з сынам да адной польскай пані на абед (яна мела сімпатычную дачку, ён сына-адзінака), ідучы туды, ён казаў: «Гэта пастка на пташка». A калі вяртаўся, i яго запыталі, як прайшла сустрэча, ён сказаў: «Мудрая баба! Зразумеўшы, што з сынам нічога не атрымаецца, пастукалася ў бацькаву кішэню, просячы пазычыць тысячу чырвоных злотых».

- I, княжа, відаць, адмовіў?

- A як жа! Пазычыў. I ведаеш, чаму? Бо як не верне, падам y суд, затапчу, прадам з таргоў да апошняй сукенкі!

He ведаю, ці пані заплаціла, толькі ведаю, што князь ані ў суд не падаў, ані не затаптаў, ані да апошняй сукенкі не прадаў. Сваякам, якім патрэбна была дапамога, заўсёды яе ўдзяляў, бо не ўмеў адмовіць. Але нічога задарма - кладучыся ў ложак, загадваў ім чухаць яму пяты! Негледзячы на тое што выказваўся з'едліва, рабіў добра i нікому не ўчыніў крыўды. Сапраўды ён меў непрыяцеляў, a хутчэй зайздроснікаў, якія зайздросцілі яго дастаткам, старажытнаму імені i славе продкаў.

Калісці не было ў нас магнацкага двара, каб не знайшлося там дарагіх памятак i каштоўнасцей, што засталіся пасля продкаў. Першыя былі помнікамі даўніх перамог, другія - пацвярджэннем даўняй заможнасці. Ружана ў мінулым стагоддзі, a пасля Дзярэчын y цяперашнім утрымлівалі яшчэ гадоў трыццаць таму назад цэлы скарб гістарычных рэліквій. У збраёўні зброя i вайсковы рыштунак гетманаў Льва, Паўла i Казіміра [119], крайчага Крыштофа [120], вядомага сваёй адвагаю з часоў панавання Яна Казіміра, Міхала [121], літоўскага канюшага, так молада рассяканага пад Лейпунамі прыхільнікамі Агінскага ў час дамашніх сутычак. Булавы, паліцы, маршальскія жэзлы, прыдбаныя за заслугі, сцягі, штандары, бунчукі, здабытыя ў туркаў, шведаў, татараў. Палаш Яна Сапегі [122], усвяцкага старосты, побач з палашом, з якім падканцлер літоўскі Леан Казімір [123] пад Збаровам і Берасцечкам граміў атрады Хмяльніцкага [124], шпага канцлера Аляксандра ў каралавай аправе, аўгустоўка Францішка Сапегі з Касцюшкаўскіх часоў. Там можна было наглядзецца на сёдлы і вупраж, упрыгожаныя дарагімі камянямі, на шатры, дыванчыкі, дываны, захопленыя пад Венаю ў лагеры іншаверцаў.

У скарбцы найперш кідаўся ў вочы кубак з шчырага золата з гербамі цароў Шуйскіх [125], побач з ім крышталёвы «Іван», забяспечаны прывілеем Уладыслава IV [126], a таксама меншых памераў «Іваніха». Яшчэ дванаццаць вылітых з срэбра міфалагічных фігур, якія служылі для сервіроўкі стала i мелі больш як па локцю вышыні, бакалы, келіхі, чары, збаны, конаўкі, чарпакі, паўміскі, талеркі, падсвечнікі i разнастайнае начынне з золата i срэбра. У тым скарбцы перахоўвалася рэгалія ордэна Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, устаноўленага Уладыславам IV, a сеймам 1637 года не зацверджанага, i ўсё ж удзеленага тым манархам Лявону Казіміру Сапегу, падканцлеру літоўскаму.

У архіве, побач з прывілеямі, што сягалі да першага хрышчэння паганскай Літвы,- лісты да Сапегаў, пісаныя папамі, царамі, каралямі i князямі. Дадайма да гэтага шэдэўры жывапіснага i разьбярскага мастацтва, набытыя ўжо ў наш час, i будзем мець уяўленне, чым быў Дзярэчын пры апошнім яго ўладальніку, перш чым перайшоў ва ўладанне ўраду. Што ён уяўляе сёння? Пустэча з абдзёртым дахам, з павыбіванымі вокнамі, па якой свішча вецер, з муроў якой адпадае цагліна за цаглінаю, падобная на ўдаву, пакінутую без прыданага i пажыццёвай пенсіі, на пакінутую сірату; падобны на магільны курган, які месціць y сабе жменю попелу i слязніцу як довад, што слёзы над магілаю ліліся, a ўсё ператвараецца ў прах!..

Па тых пакоях, дзе яшчэ нядаўна было так шумна, весела, сёння, як толькі праб'е поўнач, праходжваецца толькі адна князёўна Палубінская. Злачынства прыкавала яе да гэтых мясцін, няскончаная пакута ў ix затрымлівае!



РУЖАНА

У канцы чэрвеня 1834 года, едучы з Брэста-Літоўскага ў Слонім, я заехаў на начлег y Ружану. Таму, што гэта быў гандлёвы дзень, я застаў корчмы, перапоўненыя сялянствам. Я паклікаў фактара i загадаў адшукаць мне пакой y прыватным доме. Калі той, як гэта кажуць, на адной назе выканаў, я вылез з брычкі перад малым драўляным дворыкам, уласнасцю Даніловіча, даўняга слугі князя канцлера Сапегі. Гаспадар, старац больш як за восемдзесят, y палатняным капоце i саламяным капелюшы, прыняў мяне ля дзвярэй свайго дому i правёў y на бела вытынкаваную, чыста вымеценую хату. Тапчан, некалькі сасновых услончыкаў, лава паміж камінам i печчу складалі ўсё абсталяванне. На сценах віселі святыя абразкі: Н. П. Жыровіцкай, Вострабрамскай i св. Казіміра, патрона Літвы. На падаконніках стаялі вазоны з геранню, месяцавай ружаю i каннаю індыга. Размясціўшыся ў сваім пакоі, я загадаў паставіць самавар, a зрабіўшы гарбату, запрасіў на яе Даніловіча.

- Бацька, - звярнуўся я да яго, вы ўжо даўно жывеце на сdеце, памятаеце даўнія падзеі.

Мой ягамосцю,- адказаў старац, - хто вось вось скончыць дзевяты крыжык, той шмат бачыў, шмат запомніць, шмат шкадуе, a калі яшчэ сабе чаго жадае, то хіба вечнага спакою.

У маладосці я служыў y войску пад час Барскай канфедэрацыі [127] ў харугве пана падчашага Патоцкага, што быў жанаты з Сапяжанкаю. Калі вайна скончылася, я вярнуўся на Літву i паступіў y двор князя канцлера Аляксандра Сапегі, - Пане, злітуйся над яго душою! У 1794 годзе зноў патрапіў да жаўнераў, але, паранены, на жабрачым хлебе, зноў апынуўся ў Ружане. Ранейшых паноў ужо жывых не застаў. З усіх пажыткаў застаўся мне гэты дворык з агародам i дзвесце злотых дажывотнай пенсіі, якую ад князя Францішка, сына майго дабрадзея, я рэгулярна атрымліваў. Але адначасна з яго смерцю страціў i тую апошнюю ў жыцці падтрымку. З таго часу хоць i ёсць яшчэ бульба ў гаршку, не хапае для яе акрасы.

Пасля гарбаты, імкнучыся скарыстаць з апошніх хвілін сонца, якое кацілася да захаду, пайшоў я з Даніловічам агледзець даўні Сапежынскі палац. Неўзабаве мы ўвайшлі ў сярэдзіну вялікага гмаху.

Тут некалі, сказаў прыглушаным голасам Даніловіч, жылі на працягу некалькіх вякоў паны прашчуры маіх гаспадароў, старажытная сям'я Сапегаў. Тут жыў князь канцлер, тут нарадзіўся яго сын, я насіў яго на руках, не спадзяваўся, што яго перажыву!

Юрый Сапега, ваявода мсціслаўскі, меў з Ізабэлаю Палубінскаю сына Казіміра [128] i тры дачкі: Бенедыкту за Мікалаем Радзівілам, ваяводаю навагрудскім, Крысціну за Тышкевічам i Ганну за Шчукаю. З паўторнага шлюбу з Солтанаўнай меў адну дачку, Кацярыну, уладальніцу маёнткаў Ружаны, Крэтынгі i г.д., выданую праз дваццаць гадоў пасля смерці бацькі за Юзафа Масальскага, падчашага літоўскага. Кацярына Сапяжанка без бацькі i маткі асталася сіратою, выхоўвалася пры сястры Радзівілавай. Ад яе выйшла замуж. Хоць я быў y той час невялікім хлопчыкам, памятаю, як пані навагрудская ваяводзіна, суправаджаючы маладых да Ляхавіч, рэзідэнцыі гетмана Масальскага, затрымалася ў Ружане, дзе яе прымаў разам з усёй вясельнай дружынаю Казімір Сапега, староста валынскі, стрыечны брат маладой. Памятаю тыя ўрачыстасці, балі, танцы, феерверкі, a калі мне ў нечым дзіцячая памяць падводзіла, урэзаліся ў яе частыя апавяданні пра тое самае майго бацькі.

Было гэта ў 1752 годзе, y Ружане, на ўскрайку горада, ад таго ўласнага боку, адкуль пан прыехаў. Там узвышалася трыумфальная брама, убраная ў розныя рэгаліі шчаслівага вяселля, з спалучанымі лічбамі i гербамі пародненых шлюбных сем'яў. Паперадзе ўсяго картэжу ішла сотня сапежынскіх баснякоў, за якімі рухалася прыдворная капэла, іграючы на духавых інструментах урачысты марш. За імі конна канюшы з конюхамі. Пасля пешшу дружыннікі. За імі пані ваяводзіна навагрудская з пані падчашынаю літоўскаю, сваею сястрою, y адкрытай карэце, усёй пазалочанай, якую цягнулі шэсць белых як малако іспанскіх скакуноў. За павозкаю стаялі два выязныя лакеі i гайдук, a з кожнага боку па адным малалетнім пажы на ступеньках усе ў парадных Сапежынскіх касцюмах. Справа ехалі конна: пан Палац у Ружанах. Малюнак Н. Орды.. ваявода навагрудскі з Казімірам Сапегаю, мясцовым гаспадаром, акружаныя першымі саноўнікамі Літвы; з левага боку - пан падчашы Масальскі ў таварыстве шматлікай прыгожай моладзі. Другая шарэнга разнастайных павозак цягнулася ззаду, a на самым канцы гэты вясельны поезд замыкаў атрад палка пяхоты імя Сапегі.

Калі выязджалі на палацавы дзядзінец, загрымелі гарматы. Перад ганкам маладую пару прывітаў гетман польны Міхал Масальскі, і, абняўшы сына i нявестку, калі яны ўпалі яму да ног, даў бацькоўскае благаславенне. Пасля гэтага спаткаць ix выйшаў князь Міхал Радзівіл [129], вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага разам са сваёю жонкаю, апошняй з князёў Вішнявецкіх [130], і, падаўшы руку маладой, пры водгаласе музыкі ўвёў яе ў цудоўныя пакоі ружанскага палаца. У другой пары за імі ішла княгіня гетманава з панам падчашым Масальскім. He буду падрабязна расказваць пану пра тыя пачастункі, балі, танцы, рознага роду забавы, даволі, калі скажу, што цягнуліся яны некалькі тыдняў. На ix з'ехалася палова Літвы. A таму, што размясціць усіх y палацы было немажліва, усіх жыхароў Ружаны выселілі ў бліжэйшыя вёскі, a ў гарадскіх дамах, прыбраных i ўпарадкаваных, прыладжвалі прыезджых. У той час, калі ў двары гасцей кармілі аднымі смакалыкамі, найдаражэйшыя віны i мяды ліліся фантанамі, для службы штодзённа пяклі цэлых валоў, бараноў, цялят i вепраў. Некалькі соцень коней прыезджых стаяла ў стайні на панскім аброку.

Ах, пане дабрадзею, тады былі іншыя часы, іншыя людзі, інакш жылося! Даўней кожны шляхціц, абы толькі радавіты, быў y кунтушы з саеты, y злацістым поясе, з шапкаю набакір, пры крывой шаблі, выглядаў, як магнат. Сёння ж кожны магнат y куртатым адзенні, з абцятымі поламі, y цесным капялюшыку i ў вузкіх штоніках. Выглядаў так, як нам малююць д'ябла або як камедыянт, што за грошы паказвае штукі ў тэатры. O tempora, o mores [131]! Пасля гэтых Сапежынскіх урачыстасцей, пра якія па панскіх дварах i па шляхецкіх дворыках вельмі доўга расказвалі так, як пра казачнага каралевіча i пра зачараваную князёўну, пан гетман Масальскі забраў з сабою ў Ляхавічы сына i нявестку. Апрача пані навагрудскай ваяводзіны, якой было вельмі балюча расставацца з сястрою, ніхто маладых не праводзіў, бо калі гетман не меў моды запрашаць да сябе, мала хто i то хіба для цікавасці да яго завітваў. Тут яшчэ трэба дадаць, што гэта маладая пара, так дабраная што да ўзросту, багацця, знакамітасці роду, нядоўга цешылася шчасцем, хоць ёй яго, здавалася, ўсё прадказвала...

Пан падчашы Масальскі страціў розум праз няшчаснае здарэнне лёсу. Жонка яго пасля доўгіх старанняў i цяжкасцей, толькі пасля ўмяшання князя канцлера Чартарыскага, атрымала развод. Але паўторна замуж не выйшла i маладая памерла. Муж яе ў вар'яцкім стане пражыў гадоў дваццаць.

Старац, ці то змучаны доўгім апавяданнем, ці змардаваны сумнымі ўспамінамі, замоўк i не адказваў на далейшыя мае запытанні. Калі ён перастаў расказваць, шануючы маўчанне, якое ішло ад глыбокага пачуцця, я выйшаў на палацавы дзядзінец. Ён увесь быў зарослы травою, па якой пасвіліся козы. У парку прысады высечаны, фруктовыя дрэвы здзічэлі. Замест кветак - пустазелле. Ставы раскапаныя, каналы без вады, a пасярод гэтага ўсеагульнага знішчэння гмах, які знешне яшчэ нагадвае тое, што тут было многа гадоў назад, a ўнутры... перароблены пад фабрыку! У што ж ператварыліся гэтыя пакоі, напоўненыя ўсёй пыхаю ўсходу i захаду?! Дзе той багаты збор рэдкіх кніжак, шыкоўная збраёўня?! Дзе пакоі, y якія зачашчалі прымасы, біскупы, канцлеры, гетманы, ваявода, найпершыя магнаты ў краі?! Сёння, y абдзёртых ад каштоўных абівак, аголеных ад залочаных панеляў, y ix стаяць варштаты!

Кажуць, што «Цікаўнасць - першая прыступка ў пекла». Ці гэта так, не ручаюся, бо столькі ж людзей штодзень па тых прыступках ходзіць, што хоць адзін, a дайшоў бы i расказаў бы нам, што там робіцца. I такім чынам, можа, вылечыўся б ад цікаўнасці. Пакуль тое настане, будучы, аднак, цікаўным, з якой жа прычыны Масальскі страціў розум (пра што я толькі чуў, як кажуць, пятае праз дзесятае), нягледзячы на тое што назаўтра павінен быў выехаць з Ружаны, я затрымаўся на дзень i даведаўся столькі, колькі пасля васьмідзесяці гадоў можа дайсці да нас праўды, не знявечанай паклёпамі зайздрасці, не заплямленай атрутаю рэўнасці, не вытраўленай пробным каменем часу.

Нехта добра сказаў, што край наш заўсёды быў падобны да заезнай карчмы, адкрытай для ўсіх вятроў, y якую кожны, калі хацеў, заязджаў, уволю напіваўся, наядаўся. Дзе ні марское ўзбярэжжа, ні ланцуг стромых гор не прыкрывае межаў, там ix выпадае замяніць ланцугом абарончых фартэцый. Гэтай прадбачлівай стратэгіі трымаюцца амаль усе народы. Гэтай думкі не надзялялі адны толькі нашы бацькі, паўтараючы, што «адважныя грудзі i шабля ў руцэ найлепшая заслона i абарона». Апрача слабых муроў, якія калісьці атачалі Кракаў, Варшаву, Львоў, апрача Чанстаховы, якую дзівосна ўратавала ад шведаў толькі апека Найсвяцейшай Багародзіцы, апрача Камянца Падольскага, страчанага Міхалам Карыбутам Вішнявецкім, a Сабескім нават на вернутага i толькі паводле Карлавіцкага трактата вернутага Польшчы, акрамя наднёманскіх нелітоўскіх крэпасцей супраць крыжакоў, a хутчэй крыжацкіх супраць Літвы, калі ў краі нашым мы дасюль бачым астаткі даўніх замкаў, дык гэта былі двары польскіх магнатаў, умацаваныя імі самімі ад нападу татараў, a дакладней ад набегу супраць сябе суседа, не раз магутнейшага, чым ты сам. Да такіх вось абаронных замкаў належалі Ляхавічы, размешчаныя над рэчкаю Дараў y даўнім навагрудскім ваяводстве. Ян Караль Хадкевіч [132], вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага, уладальнік Ляхавічаў, адкуль пісаўся графам, ператварыў свой жылы двор y моцную крэпасць, якая лічылася нават адной з наймацнейшых y Польшчы. Неўзабаве пасля яго смерці Ляхавічы перайшлі да Сапегаў.

У час панавання Яна Казіміра, y 1660 годзе, князь Хаванскі [133] з войскам цара Аляксея Міхайлавіча [134] падыйшоў пад Ляхавічы, горад спаліў, a крэпасць трымаў y аблозе шэсць месяцаў. Стойка абараняў яе Міхал Юдыцкі, рэчыцкі войскі. Ён павінен быў бы нарэшце здацца, бо ў яго ўжо не стала пораху i яды, калі б Павел Сапега, вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага, разам з Стафанам Чарнецкім [135], рускім ваяводай, пасля перамогі пад Палонкаю не ўдарылі па абозе Хаванскага, карыстаючыся чым Юдыцкі зрабіў вылазку i нямала дапамог пры вызваленні Ляхавіч. Ян Хрызастом на Гаславах Пасэк [136], апісваючы гэта ваеннае здарэнне, выказваецца так:

«...У дзень H. Панны ўязджае Чарнецкі ў Ляхавічы. Насустрач яму выйшлі хрэсным ходам законнікі, шляхта, шляхцянкі i хто толькі быў y гэтай цяжкай аблозе. «Вітаем!- крычаць яны,- сардэчна запрашаем, непераможны правадыр, калі ласка, ад Бога пасланы нам абаронца!» Былі i такія, асабліва з белых галоў, што выгуквалі: «Вызваліцель наш!». Ён затуляў шапкаю вушы, не хочучы слухаць такую ліслівасць. Калі ж пасля яго ўязджаў Сапега, ужо паловы таго адабрэння не было, толькі простае прывітанне, хоць гэта яго ўласнае ўладанне. Спешыўся - i ў касцёл. Ну i «Te Deum Iaudamus» [137], ну i трыумф! З гармат лупілі, ажно зямля дрыжала. A пасля цудоўнае набажэнства, казанні, віншаванні, хвала Богу за дабрадзейства i паўсюль поўна радасці, перамешанай з плачам, бо ў тую фартэцыю пасабіраліся ўсе магнаты з княства Літоўскага. Напрывозіў тады Сапега ў Ляхавічы цьму трафейных гарматаў, i ўсе медныя, цудоўныя, ніводнага экземпляра жалезнага не ўбачыш. Чарнецкі паслаў ix y Тыкоцін больш за дваццаць, далучыўшы да сваёй старой дзве трафейныя, страшэнна доўгія i цяжкія».

У 1706 годзе, калі Карл XII [138] займаў на Літве ваколіцы Гродна, войскі ж Пятра Вялікага [139], узмоцненыя казакамі Мазепы [140], сталі на зімовых кватэрах ад Мінска да Ляхавіч, крэпасць гэтая, пасля мужнай абароны, паддалася шведам. У годзе 1709-ым Рыгор Агінскі [141], вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага, падтрыманы расійскімі падмацаваннямі, аблажыў Ляхавічы, але атакаваны большымі сіламі вялікага літоўскага маршалка Аляксандра Сапегі [142], які трымаў бок Ляшчынскага, пасля кароткай сутычкі мусіў адыйсці, пакінуўшы пераможцам увесь вайсковы рыштунак. У гады панавання Станіслава Панятоўскага, падчас Барскай канфедэрацыі, пад мурамі ляхавіцкай цвярдыні адбылася не адна сутычка. З таго часу яна паволі пачала занепадаць, a сёння ад яе ледзь засталіся сляды.

Ад Сапегаў Ляхавічы перайшлі да Масальскіх. Князь Міхал, гетман, залажыў y ix сваю рэзідэнцыю. Яго сын i спадчыннік віленскі біскуп Ігнат [143] абмяняў ix з урадам на маёнткі, размешчаныя ў княстве Жмудскім i ў ваяводстве Віленскім.

Пастановаю гродзенскага сейма 1793 года Ляхавічы дасталіся ленным правам [144] Касакоўскім за суму, належную ім ад Рэчы Паспалітай. Род князёў Масальскіх, хоць бярэ свой пачатак ад рускіх князёў, ніколі не славіўся знакамітымі справамі. He меў ён ні вялікага дастатку, ні значэння. Князь Міхал першы сам скалаціў аграмаднае багацце, якое пакінуў дзецям. Меў i чыны, якія заслужыў. Амбітны i хцівы, ён чаго захацеў, тое атрымаў або жалезнаю воляю, або з дапамогаю спрыяльных акалічнасцей, якія ўмеў выкарыстаць. У той час y нас правіў Аўгуст III. Гэта былі гады трыццацігадовага міру або хутчэй летаргічнага сну. Масальскі таксама стаў віленскім кашталянам, a пасля «Вялікім пакаёвым гетманам», як яго тады называлі. Расказваў сам, што калі сталі вакантнымі пячатка i булава Вялікага княства Літоўскага, яму ўва сне здалося, што ён ix наперамену падкідваў. Пячатка ўпала на зямлю, a булава асталася ў руках. Ці сон навёў яго на думку пастарацца яе захапіць, не ведаю. Але толькі тое пэўна, што гэта хутка сталася. Ён лічыўся вельмі разумным гаспадаром. Але ягоны розум, як, кажуць, залежаў толькі на тым, каб дамагчыся таго, што наважыўся, a гаспадаранне, каб збіраць капейку да капейкі. Росту ён быў вельмі малога, камплекцыі надзвычай худой. Аднак меў дасканалае здароўе. Найбольш ён цешыўся з таго, што ў параўнанні з князем Каралем Радзівілам, сукна на кунтуш яму трэба было на адзін локаць меней. A на доктара i аптэку за ўсё жыццё нічога не выдаў. Скупасць яго даходзіла да такой ступені, што пасля святой імшы, якую ён слухаў заўсёды з вялікай набожнасцю, ідучы праз касцёл, паўтараў: «Пане Божа Усемагутны, ахвярую гэтую малітву на ўзвышэнне святога каталіцкага касцёла, a мне дай бітых талераў, галандскіх што найболей. Аман!». Надзвычай любіў грошы. I ў позняй старасці цэлымі днямі гуляў, разгладжваючы дукаты i перамываючы талеры. Каля яго ложка стаяла вялікая бочка, напоўненая дукатамі, укладзенымі так хітра, што хоць адзін бок бочкі быў адкрыты, дастаць ix адтуль ніхто не мог.

Гетманская світа, якая складалася з некалькіх таварышаў i больш як дзесяці шараговых, якіх дрэнна кармілі i дрэнна ім плацілі, склала сабе наступную малітву:

Мы да Палонгі - крупнік за намі!

Мы да Мышы - крупнік за намі!

Мы да Слоніма - крупнік за намі!

Ад катла чорнага выбаў нас, Пане!

Ад гетмана нашага збаў нас, Пане!

Ён не бываў ні ў кога з суседзяў, імкнучыся ўсцерагчыся ад візітаў y адказ. Але больш за ўсё баяўся адведзінаў князя Караля Радзівіла, бо, акружаны прыяцелямі i слугамі, той заязджаў да суседзяў заўсёды з дружынаю каля ста асобаў. .

Аднаго разу Масальскі сядзеў адзін y пакоі. Раптам яму даюць знаць, што едзе князь Караль Радзівіл з цэлай плоймай паляўнічых i аграмаднаю псярняй. Ён падхопліваецца з месца, хоча ўцякаць, але куды? Выглядвае праз акно. Дзядзінец запоўнены людзьмі, убачаць! Уцякаць y аддаленыя пакоі няма сэнсу, бо ніводныя дзверы не замыкаюцца на замок. Схаваўся б y куфар, каб не баяўся, што можа ў ім задушыцца. Улез бы ў камін, але ў ім гарыць агонь. У такім Караль Радзівіл (Пане Каханку). крытычным становішчы не траціць, прынамсі, галавы, выбягае на калідор i зачыняецца ў месцы, найменш чыстым ва ўсім доме...

Князь «Пане Каханку» ледзь злез з каня, папярэджаны прыхільнікамі, ідзе след y след за гетманам. Стаўшы каля самых дзвярэй схованкі, гукае: «Прашу адчыніць!». На такую заяву Масальскі, доўга не чакаючы, адчыняе i выходзіць. Радзівіл, быццам здзіўлены, адступае на некалькі крокаў. Адзін другому кланяюцца, адзін другога перапрашае!

- Мне казалі, што пана няма дома, - адзываецца весела госць.

- Ёсць,- жаласным голасам адказвае гаспадар.

- Калі так,- дадае той,- то напрошваюся да вашэці на трыднёўку, падчас якой, калі будзе ласка, папалюем y яго кнеях, y спіжарні i склепах!

- Вядома, прашу заходзіць,- перапалоханы вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага прамовіў так ціха, што яго словы ледзь-ледзь можна было пачуць.

Князь Масальскі атрымаў y спадчыну пасля бацькі невялікае багацце. Аднак дайшоў да вялікіх дастаткаў адзіна праз узнятую на найвышэйшы ўзровень ашчаднасць, скажу нават, скупасць. Акружаны нешматлікім дваром, ён адмаўляў сабе не толькі ў жыццёвых выгодах, але нават y патрэбах i ва ўсім тым, што вымагала яго знакамітае імя i высокі ранг, які ён меў. Сцены яго ляхавіцкага замка былі голыя, мэбля надзвычай сціплая, служба хадзіла ў несамавітым адзенні i толькі падчас побыту ў сталіцы або падчас сеймаў надзявала гетманскія ліўрэі, якія не абнаўляліся на працягу ўсяго жыцця ix пана. Еў ён раз на дзень. A стол яго нязменна складаўся з cyпy i двух блюдаў, хоць бы да яго завітаў самы рэдкі i найдастойнейшы госць. I толькі тады на стале з'яўлялася адна бутэлечка слабога віна, бо звычайна ён піў толькі ваду, як сцвярджаў, «для здароўя». Калі ж дзесьці выязджаў, дык чатырохконнаю каляскаю. На стайні ён трымаў не больш за дванаццаць коней. Верхавога ніводнага, бо належаў да таго шэрагу гетманаў, якія на каня ніколі не садзяцца. Памёр y 1769 годзе, маючы больш за 80 годоў.

Акрамя такой паскуднай прывязанасці да грошай, трэба аддаць яму належнае, быў пачцівым i высакародным чалавекам. З суседзямі жыў y невядомай панам таго стагоддзя згодзе i міры. Нікога не крыўдзіў. Адным словам, найчасцей сам бываў пакрыўджаны на палях, y лясах i на сенажацях. Як толькі які з яго суседзяў распачынаў спрэчку з-за мяжы, ён тут жа выкарыстоўваў каморніка, каб адмежавацца ад таго, хто нападаў, заўсёды трымаючыся прынцыпу, што лепш нешта страціць, чым парушыць спакой з суседзямі. Такі спосаб паводзінаў часам даваў смеласць для найдзівачнейшых вымогаў. Пан Таплянскі, які жыў непадалёку ад Ляхавіч, уладальнік вельмі маленькага фальварка, дамагаўся ад гетмана пятнаццаці валокаў лесу. «А, каб на яго пярун,- выгукнуў ён,- няхай бы дзве або тры, то можна было б памеркаваць, але пятнаццаць!.. » Дарэмна пан Сеўрук, генеральны ўпраўляючы, запэўніваў, што пан Таплянскі мае паводле права ледзь тры валокі ўсяго абшару. Гетман распарадзіўся выдзеліць чатыры, як казаў, «для ўтрымання суседскага спакою». Грошы пазычаў кожнаму, хто не прасіў спаганяць законнага працэнту, але ніколі не апратэставаў значнай сумы, толькі пазычку залічваў разменнай манетаю, ставячы ўмовай аддаваць буйнымі грашамі або золатам. Дробная шляхта, a найперш яўрэй, карысталі з гэтага крэдыту. Адны i другія, пэўна, не найдобрасумленней разлічваліся, a гетман ці не любіў, ці хутчэй саромеўся спаганяць дробныя даўгі ў адпаведнасці з законам.

Пан гетман ад Валовічаўны меў трох сыноў i дачку. Старэйшы яго сын Ян [145], гродзенскі судовы староста, a пасля надворны падскарбій Вялікага княства Літоўскага, ажаніўся з княгіняю Антанінаю Радзівіл, літоўскай крайчанкаю, i меў з ёю сына Юзафа i дачку Гэлену. Сын яго Юзаф, камандзір 6-га палка літоўскай пяхоты, выхаваны ў Парыжы (гэта пра яго гаварылі, што «і ў Парыжу не зробяць з аўса рыжу (рысу)»), быў ён не толькі дурны, але i вельмі распусны. Жанаты таксама з Юзэфаю Радзівіл [146], сястрою князя Караля, віленскага ваяводы, ён памёр бяздзетны. Жонка ж яго выйшла паўторна замуж за Міхала Грабоўскага, літоўскага канюшага. На ім скончылася мужчынская лінія Масальскіх.

Гэлена, дачка падскарбія Яна, была спачатку за князем дэ Лінам, a пасля за Вінцэнтам Патоцкім [147], каронным падкаморыем. Другім сынам гетмана быў Ігнат Масальскі, віленскі біскуп; трэцім - Юзаф, літоўскі падчашы, жанаты з Сапежынай. Адзінай яго дачкою была Кацярына Масальская, якая, насуперак волі старшага брата, выйшла ў 1770 годзе замуж за Юзафа Несялоўскага [148] (у той час яшчэ навагрудскага кашталяна), чым дала повад для доўгага i непрыстойнага працэсу з-за пасагу. Урэшце рэшт уся спадчына па Масальскіх, колькі там яе засталося пасля марнатраўства віленскага біскупа, увайшла ў дом Несялоўскіх. У сваю чаргу Ксавэры Несялоўскі [149], сын кашталяна Юзафа i Кацярыны Масальскай, усё багацце разбазарыў.

Князь Юзаф Масальскі, літоўскі падчашы, сваю маладую жонку проста з Ружаны завёз y Ляхавічы. Стары гетман прыняў сына i нявестку з бацькоўскім благаславеннем, але ані вясельных урачыстасцей, ані танцаў, ані ўрачыстых абходаў не спраўляў.

He пачута было ў ляхавіцкім замку гучных прыкметаў радасці, стральбы з гарматаў, музыкі, віватаў, ніхто не збіраў саноўнікаў i грамадзянства. Усё адбылося ціха, спакойна, без лішніх затрат. I апрача княгіні навагрудскай ваяводзіны, старэйшай сястры пані падчашай, ніхто з чужых не выпраўляў маладую пару. Хто паверыў бы, што гэта былі магнацкія пераносіны Сапяжанкі, выданай замуж за князя Масальскага, гетманавага сына.

У той час сямейныя пары ствараліся не заўсёды ў адпаведнасці з імкненнямі двух сэрцаў, блізкіх адно аднаму ўзаемнай прыхільнасцю. Хутчэй за ўсё яны ўзнікалі паводле бацькоўскай волі, таварыскіх стасункаў. Найчасцей для паяднання ці ўмацавання раздвоеных ці аслабленых партый, часам з пункту погляду гаспадарчых зацікаўленняў. Бацькі пастанаўлялі, a дзеці без нараканняў выконвалі іхнюю волю. I дзіўным прадвызначэннем лёсу такія шлюбы ў пераважнай большасці былі шчаслівыя! Гэта, пэўна, таму, што моладзь, выхаваная пад бацькоўскім прыглядам на прынцыпах цнотаў i маральнасці, брала ад ix прыклад добрага. He распушчаная чытаннем кніжак, якія раздражнялі ўяўленне, яна яшчэ ахоўвалася ад сапсаванасці.

Вось пад такімі вось знакамі адбыўся шлюб Сапяжанкі з Масальскім. Маладыя амаль не ведалі адно аднаго. Але Сапегі мелі на ўвазе багацце гетмана. Ён жа прагнуў паяднацца з адной з наймагутнейшых сем'яў y краі. Калі падчас ружанскіх урачыстасцей скліканая Літва жадае маладой пары здароўя i шчасця, прарочыць шчасце, зусім адваротнае, на жаль, павінна было стацца. Кацярына Сапяжанка, выхаваная адной з тых польскіх матронаў, якая да ранейшых родавых цнотаў далучала адукацыю к розуму, вышэйшую за тое стагоддзе, y якое жыла, ад маткі ў спадчыну пераняла ўсе станоўчыя якасці душы i цела, угрунтаваныя ў маладосці старэйшай сястрою.

Юзаф Масальскі пачатковую адукацыю набыў дома. Пасля вучыўся ў езуітаў y Вільні. Для маладога чалавека бацькоўскі дом падчас школьных вакацый з'яўляецца раем. Але для Юзафа Масальскага некалькі тыдняў побыту ў Ляхавічах былі цяжкай неабходнасцю. He было ўжо маткі, якая дзіця, што вяртаецца дадому пасля такога доўгага растання, пяшчотна прытуліла б да сэрца, прыняла б з любоўю. Бацька ж, заняты гаспадараннем, a хутчэй няспынным назапашваннем гатоўкі, амаль не звяртаў на яго ўвагі. Дом быў пусты, ціхі, нудны. A калі паніч знайшоў y ім нейкую разрыўку, дык толькі ў таварыстве слугаў i дваровых, якія перад ім ліслівілі, патаквалі, a нічога добрага навучыць не маглі. З падуладнымі запанібрата, y адпаведнай жа кампаніі нясмелы, ён, наколькі мог, пазбягаў яе. Скупасць бацькі выпрацавала ў сына агіду да грошай, развіла схільнасць да марнатраўства. Адзінай яго забаваю стала паляванне. Праводзячы цэлыя дні ў пушчах i лясах, ён прызвычаіўся да гуляшчага жыцця, адчуў да яго смак i не адну ноч правёў пры келіху з картамі ў руках. Залішняе ўжыванне напояў заўчасна падарвала ягонае здароўе. Гульня прымусіла ўлазіць y даўгі, што ён рабіў з лёгкасцю, як спадчыннік такога вялікага багацця. Запальчывага характару, утаймоўваць сябе ён не ўмеў i гэта стала прычынай нешчаслівага лёсу, які ён сабе падрыхтаваў. Вось такому чалавеку навагрудская ваяводзіна даверыла будучыню i шчасце свае сястры.

Прыезд Юзафа Масальскага з жонкаю ў Ляхавічы ні ў чым не змяніў тут даўняга спосабу жыцця. Стары гетман не адчыніў дзвярэй сваёй рэзідэнцыі, не дадаў ніводнай стравы да штодзённага абеду, не стараўся нічым зрабіць жыццё маладой нявесткі прыемным.

Муж яе паляваў або праседжваў y бяседзе па-за домам. Часамі толькі раз на тыдзень вяртаўся да жонкі. A Кацярына Масальская, займаючы цэлае крыло ляхавіцкага замка, самотна праходжваючыся па аграмадных пустых пакоях, сумавала па сястры, па сваяках, па тых кароткіх хвілінах свайго дзявоцтва, свабоды, шчасця, ледзь-ледзь паспытаўшы якіх, ужо больш спаткацца з імі не магла.

* * *

Князь Караль Радзівіл, «Пане Каханку», праводзіў вялікія ловы ў слуцкай пушчы. На працягу некалькіх дзён y Нясвіж з'язджаліся абываталі з ваяводстваў віленскага, трокскага, навагрудскага, мінскага i нават з далейшых старон краю. Там, побач з Сапегамі, Агінскімі, Пацамі, Ржавускімі, Чапскімі, сабралася шматлікая сям'я Радзівілаў. Прыбыў з Мурахвы Яахім Патоцкі, падчашы літоўскі, сардэчны прыяцель князя Караля, Геранім Веляпольскі, вялікі каронны канюшы з Пясковай скалы, князь Сангушка з Славуты, Любамірскі з Аполя. Ян Клеменс Браніцкі, вялікі гетман каронны, двараніну, які яго запрашаў ад імя Радзівіла, адказаў: «Не буду, мая панна» [150], бо сам кожную хвіліну чакаю каралевіча Караля, які павінен паляваць y маіх аддаленых лясах». He прыехаў Сулкоўскі, адгаворваючыся, што мае вельмі шмат публічных справаў. Але Нясвіж. Палац Радзівілаў.. ахвяраваў князю ў падарунак, як вялікае дзіва, некалькі пар суслікаў. Радзівіл, хочучы адплаціць Сулкоўскаму дарам за дар, паслаў яму чатырох вучоных мядзведзяў, паведамляючы ў падзячным лісце, што «за велікапольскую зверыну просіць ласкава прыняць літоўскую». Аднак з-за гэтага меў шмат горшага, бо ў час, калі мядзведзі сваім згарбным танцам пацяшалі двор пана на Рыдзыне, суслікі з клетак паўцякалі i так размножыліся ў наваколлі Нясвіжа, што з-за шкоды, ад яе яны нарабілі на тэрыторыі больш як дзесяці валокаў, там перасталі засяваць палі.

Гетман Масальскі ў Нясвіж не завітаў. Можа баяўся, каб Радзівіл, закончыўшы ловы ў Случчыне, не запрасіўся настойліва да яго з грамадою паляўнічых. Яго замяніў сын Юзаф, чэснік літоўскі, які прывалок з сабою цэлую псярню, y прыватнасці патройны смыч хартоў, пра якіх расказвалі казкі.

Велізарны Радзівілаўскі замак не мог змясціць запрошаных гасцей. Многія з прыезджых спыніліся ў горадзе. A за горадам, як вайсковы абоз, размясцілася пад шалашамі грамада стральцоў, даязджачых, ашчэпнікаў. Тут жа было некалькі тысяч чалавек, сагнаных на аблаву з ваколічных вёсак. Ловы распачаліся ў самы дзень святога Губерта. Як толькі развіднела, князь Радзівіл y зялёным кунтушы, y такога самага колеру шапцы, абшытай чорным бараном, упрыгожаны ордэнам гэтага патрона палявання, атрыманым ад баварскага курфюрста, выехаў конна з Нясвіжа, акружаны сваімі гасцямі. Большая частка ix суправаджала яго на добрых конях. Былі i такія, што ехалі ззаду экіпажамі i нават брычкамі. Было нямала, скажам так, i партызанаў. Гэтыя ярыя аматары, ідучы са стрэльбамі ў руках праз поле i кусты, спрабавалі шчасця, спадзеючыся часам упаляваць па дарозе зайца або ліса. Лясную глухамань на паўтары мілі абнеслі сеткамі. За імі аблава. Стральцы парастаўляныя, i на водгалас трубы княжага лоўчага 50 звязак сабак спушчаны з павадкоў. Ужо па пушчы адгукнуўся гон сабак, паўтораны рэхам па наваколлі. Часта сыплюцца стрэлы. Раптам з сярэдзіны кнеі пачуўся гук стрэльбы, праз некаторы час зноў.

Князь Масальскі, упэўнены ў сваёй лоўкасці i адвазе ды ведаючы мясціны, y якіх не аднойчы паляваў, пакінуў шарэнгу стралкоў, падаўся ў глыб пушчы i толькі спыніўся на выбраным месцы, як убачыў аграмаднага мядзведзя. Бясстрашны маладзён, падпусціўшы яго крокаў на дваццаць, страляе i трапляе ў бок. Той перакульваецца, але падхопліваецца i з страшэнным рыкам на дзвюх лапах ідзе на яго. Масальскі не траціць галавы, кідае стрэльбу і, схаваўшыся за дрэвам, дастае паляўнічы нож i ўжо рыхтуецца да зацятай барацьбы, як y тую самую хвіліну чуе за сабою стрэл. Куля прасвістала ў яго каля вуха. Мядзведзь падае трупам. Як толькі сабак выцягваюць з гушчару, стралкі збіраюцца каля вогнішчаў, каб падмацавацца прыгатаваным снеданнем.

Выпадак з Масальскім стаў прадметам агульнага абмеркавання. Некаторыя хваляць яго за вытрымку i адвагу. Але большая частка вельмі здзіўлена, як можна не забіць мядзведзя за дваццаць крокаў.

- Наш князь забіў бы яго на месцы, - абазваўся адзін з прысутных.

- Што ж тут дзіўнага,- сказаў на гэта пан Гінтыл, каморнік,- сённяшні ж гетман Масальскі так ставіцца да святой памяці князя Міхала Радзівіла, ранейшага гетмана i бацькі нашага князя Караля, як сын першага да сына другога.

Тым часам падчашы Масальскі, падыйшоўшы да свайго выратавальніка, гаёвага радзівілаўскіх лясоў, прамовіў, падаючы яму жменю золата:

- Мой браце, прымі ад мяне гэты невялічкі падарунак i будзь пэўны ў маёй удзячнасці.

Даруй, князь,- перапыніў яго Радзівіл,- але майго слугу павінен узнагароджваць толькі адзін я! Пане Сурвіла, - гаварыў ён далей, звяртаючыся да гаёвага, - ты паводзіў сябе сёння заліхвацка, як шляхціц, як i належыць трапнаму i адважнаму стралку. Ты ўратаваў жыццё найбуйнейшай галіне гетманскага роду князёў Масальскіх.

Гэтыя словы выклікалі ўсеагульную ўсмешку, бо Масальскі быў малога росту, шчуплы, хударлявы, з няправільнымі рысамі твару, хваравітаю скураю. «Я перакананы,- дадаў ён з пэўнай доляю здзеклівасці, - што гетман, пан вельмі шчодры, як i найлепшы бацька, абсыпаў бы цябе золатам, але гэта адносіцца не да яго, a толькі да мяне. Такім чынам аддаю вашэці дажывотным правам Сельцы - брод, засценак y Случчыне i загадаю выплаціць табе з майго куфра сто чырвоных злотых на абзавядзенне гаспадаркаю». Гаёвы кінуўся да ног яго мосці пана. Масальскі пабляднеў, мо нават больш, як перад мядзведзем i ca злосці прыкусіў да крыві губы.

Ловы доўжыліся цэлы тыдзень. Зверыны рознага гатунку было набіта без ліку. A штовечар уся грамада весела засядала за сталы, што ўгіналіся пад цяжарам сярэбраных паўміскаў, перапоўненых разнастайнымі стравамі, i лішне дадаваць, што елі па-паляўніцку, a пілі па-радзівілаўску. Калі апаражнялі цэлыя палкі пастаўляных на сталах бутэлек, y сталовую залу ўцягвалі бочку на колах, акаваную сярэбранымі абручамі. A як толькі венгерскае з яе куфлямі вычэрпвалі да дна, за першаю выязджала другая i трэцяя бочка. Да таго часу, пакуль поле бітвы не было ўслана трупамі. Непераможаныя рыцары, маючы заўсёды на чале князя Караля, выходзілі на замкавы дзядзінец. Там, раздзеўшыся, станавіліся каля студні, i аблітыя службаю з ног да галавы халоднаю вадою, кіраваліся на адпачынак, пры водгаласе капэлаў, спяваючы хорам:

У нашага Радзівіла

Шляхта моцна ўвесь час піла,

A як трэба, моцна б'е,

Весела сабе жыве!

Калі ў нясвіжскім замку панавала вяселле i радасць, Юзаф Масальскі ў першы ж дзень гэтага невязучага для яго палявання, замест таго, каб ехаць на ноч y Нясвіж, праз палі i лясы вяртаўся ў Ляхавічы.

Незадаволены сабою i іншымі, ехаў адзін, конна, пакінуўшы здалёку за сабою сваю світу. Толькі любімыя i неадступныя харты беглі каля гаспадара. Твар бледны, чало хмурнае. У ім ішла барацьба раздражнёнай любові з абражанай думаю: прыніжэнне першай прагнула помсты, прыніжэнне другой выклікала пагарду. Паглыблены ў сумныя думкі, ён ужо пад'язджаў да Ляхавіч. Тут жабрак, які сядзеў перад мостам, што вёў да брамы, убачыўшы князя i хочучы ўстаць, a быў кульгавы, ды можа i падпіты, абапёрся на мыліцы, мыліца паехала, дзед, выцягнуўшыся, паваліўся пад ногі каню. Той уздыбіўся, скочыў y бок, скінуў з сябе князя. Раз'ятраны, ён падхапіўся з зямлі i ў першым імпэце шалёнага гневу, глянуўшы на хартоў, залемантаваў: «Узяць!». Толькі прамовіў - сабакі на жабрака. Калечаць яго, скубуць, разрываюць. I хоць y той самы момант прыляцела на ратунак служба, ды сам князь бараніў няшчаснага, было ўжо запозна: ужо жабрак - труп, а князь - забойца! Няшчасны, ён прэ без духу ў двор, улятае ў свой пакой i зачыняецца. Але вестка пра тое, што сталася, разляцелася па замку i дайшла да бацькі i жонкі. Дарэмна стаяць яны пад дзвярыма, дарэмна просяць, каб адчыніў. He пачуўшы адказу, страшэнна ўзрушаны гетман загадвае выламаць дзверы. Нарэшце ўрываецца ў сярэдзіну i бачыць сына, які сядзіць на крэсле, палажыўшы на рукі галаву. Твар яго смяртэльна бледны і, каб не слёзы, што кроплямі сплываюць з вачэй, можна было б падумаць, што ён нежывы. Усяляк спрабавалі ратаваць i суцяшаць: казалі, што жабрак жывы, усё дарэмна... He хацеў нічога ні бачыць, ні чуць. Паклікалі доктара. Калі ж той, прызнаўшы неабходным пусціць кроў, рыхтаваўся гэта зрабіць, праз адчыненыя дзверы ўляцелі харты, яшчэ запырсканыя крывёю, пабеглі проста да свайго гаспадара, счапіліся i пачалі лізаць яму твар. Ён уздрыгнуў i перапалоханым голасам залемантаваў:«Ратунку!». Пасля, кінуўшыся да дзвярэй, хацеў уцякаць з пакоя. «Ратунку!- паўтарыў ён роспачна,- кусаюць мяне, рвуць, выдзіраюць вантробы!» Хартоў выгналі, пусцілі кроў. Тым не менш ён не апрытомнеў. Розум страціў назаўсёды. Жонка вывезла яго ў Варшаву, адтуль y Берлін i Парыж. Аднак усе медыцынскія сродкі аказаліся безвыніковымі. Пасля году вандровак па чужых краях яна вярнулася з ім y Ляхавічы.

Вар'яцтва Масальскага было дзіўнае. Ён усіх ведаў, разумеў, што яму гавораць, ніколі не сказаў нічога недарэчнага, быў лагодны, павольны, паслухмяны ўсім без выключэння. Аднак бывалі хвіліны, калі яму здавалася, што яго цкуюць сабакамі, тады, крычучы «Ратунку!», ён уцякаў, дзе мог хаваўся. I можа выскачыў бы з акна, калі б яго старанна не пільнавалі. Ён уставаў рана i штодзённа ішоў на мост, дзе быў загрызены жабрак. Так хадзіў безупынку з аднаго канца ў другі ажно да абедзеннай пары. Па абедзе зноў распачынаў сваю прагулку, якая цягнулася да самага вечара. He стрымлівала яго ад гэтага ні пара года, ні стан надвор'я.

На думку многіх дамашніх, такую кару яму прызначыў нейкі духоўны. Іншыя меркавалі, што гэтую пакуту ён задаў сам сабе. Былі i такія, якія казалі, што яго ачараваў ляхавіцкі жабрачы цэх. У такім стане ён пражыў больш за дваццаць гадоў.

Аднойчы, прыйшоўшы на мост, толькі наблізіўся да месца, дзе некалькі гадоў назад было ўчынена злачынства, убачыў сядзячага жабрака. Але калі той, апіраючыся на мыліцы, устаў, ахоплены жахам, крыкнуў: «Гэта ён!», i ўпаў на зямлю. Самлелага, яго паднялі, занеслі ў замак, дзе неўзабаве ён сканаў.

Княгіня Масальская, нявінная ахвяра бацькоўскай волі, пакуль муж быў нармальны, хоць i не мела ні кропелькі прывязанасці да яго, апушчаная i самотная, усё зносіла без нараканняў. Як толькі муж страціў розум, яна ўзяла сабе за абавязак пільнаваць i даглядаць хворага. Пасля вяртання з-за мяжы, яго зусім забралі з-пад яе нагляду, аддалі ў рукі дактароў i службы. Убачыўшы, што непатрэбная ў доме, дзе яе лічылі чужою, яна з'ехала да сястры. Тады пачаліся непаразуменні, канфлікты, працэсы паміж дзвюма расчараванымі адна ў другой сем'ямі. Пасаг Масальскай ішоў з ружанскіх уладанняў. Мужавы браты, грунтуючыся на тым, што афіцыйна за вар'ята яго не прызнавалі, i ён меў права валодаць маёнткам жонкі, такім чынам намагаліся пашырыць сваю апеку над ім, яго жонкаю i яе маёмасцю. Сапегі не толькі супраціўляліся гэтаму, але хацелі, каб Юзафа Масальскага юрыдычна прызналі вар'ятам, каб яму з належнай бацькаўшчыны быў прызначаны пэўны даход на ўтрыманне, a рэшту забірала жонка. Абодва бакі штораз больш плялі адзін на другога. Масальскія выклікалі братавую ў навагрудскае земства, Сапегі ішлі да віленскага кансістара, каб пацвердзіў несапраўднасць шлюбу. Цывільная справа паступіла ў трыбунал, духоўная ў нунцыятуру i невядома як доўга цягнулася б, каб не ўзнікла камбінацыя за пасрэдніцтвам князя канцлера Чартарыскага. Абодва бакі зракліся ўзаемных прэтэнзій i Кацярына Масальская атрымала развод. Пасля смерці сваёй сястры, княгіні Радзівіл, навагрудскай ваяводзіны, яна засталася ў віленскім кляштары бернардынак святога Міхала, сапежынскай фундацыі.

Там, правёўшы некалькі гадоў y малітве i роздуме, y цвеце маладосці яна адыйшла з гэтага свету. Калі ўступала ў жыццё, здавалася, усё будзе ёй усміхацца: фартуна адкрывала свае скарбы, знанасць роду атачала бляскам, какетнічанне надзеі ўводзіла ў зман абяцанкамі шчасця, дарога, па якой яна мелася ісці, была ўслана кветкамі. I што ж ёй з тых падманаў i абяцанак засталося? На што прыдаліся падарункі фартуны, слава старажытнага імені? Балесныя ўздыханні сагналі ўсмешку з вуснаў, прывід шчасця знік, бура развеяла кветкі, на дарозе засталіся церні, келіх горычы яна выпіла да дна!

Пасля смерці Кацярыны Масальскай Ружана вярнулася да Сапегаў.

Я затрымаўся на некалькі дзён y Ружане. Калі праходзіў па тых велізарных пакоях, не скажу апустошанага, a хутчэй апаганенага гмаху, нейкая журба i смутак агортвалі маю галаву. Вярнуўшыся ў свой пакой i праводзячы вечаровую пару ў займальнай размове з Даніловічам, я пераносіўся ў часы, якія адыйшлі. Мне здавалася, што я яшчэ жыву жыццём нашых бацькоў, гляджу ix вачыма, i ix сэрцам адчуваю...

Даніловіч добра памятаў Юзафа Масальскага i ягоную жонку. Князю канцлеру ён служыў верна i пачціва ўсё сваё жыццё. Яго сына i дочак не раз няньчыў на руках. Бачыў Ружану ва ўсім бляску раскошы i дачакаўся, на жаль, яе скону, заняпаду, памірання...

Параўноўваючы руіны старажытных гмахаў з сагнутым нікчэмнай старасцю чалавекам, першыя, падумаў я, яшчэ незабыўны помнік мінулага, другі - жывое сведчанне таго, што ён бачыў, чуў, таго, што было даўней. Давайце будзем аглядаць першае, усяляк стрымліваючыся ад памкненняў разбуялай фантазіі, уважліва слухаць пра традыцыі, пра якія апавядае другі. Руіны перажылі стагоддзі i будуць стаяць яшчэ. Чалавек памрэ i акрамя здзейсненага нічога пасля яго не застанецца. Руіны - гэта накіды, фатаграфія таго, што было, чалавек - няпісаная кніга памятак. Руіны мінулае да нас набліжаюць, чалавек нас y яго пераносіць. Таму слухайма аповяды старых людзей, каб можна было паўтараць ix пакаленню, якое ідзе за намі.



ЛЕАН, ГРАФ ПАТОЦКІ, ЯГО ЖЫШІЁ I ЛІТАРАТУРНАЯ ПРАЦА

Хто піша ўспаміны, той тым самым працуе для свайго грамадства i набывае сабе права на заслугу.

Г. Сянкевіч

Пры жыцці пра Леана Патоцкага, сімпатычнага «Банавентуру з Каханова», амаль ніхто нічога не гаворыць, i не піша. Горш i горасней, што i пра смерць яго не толькі ніводзін з сучасных часопісаў; але нават i «Бібліятэка Варшавска» [151], адным з заснавальнікаў i рэдактараў якой ён быў, не ўспамінае нават слоўцам... Нашы гісторыкі літаратуры, бібліяграфіі, энцыклапедыі i гербоўнікі падаюць пра яго звычайна па некалькі радкоў, найчасцей звесткі з памылкамі ў датах. Сам жа ён, ціхі i незвычайна сціплы, пра сябе ў сваіх працах гаворыць вельмі мала. Паспрабуем жа накрэсліць гісторыю яго жыцця на падставе фактаў, запісаных або ад людзей, якія яго яшчэ памятаюць, або атрыманых ад найбліжэйшых сваякоў, або нарэшце на падставе таго, што ён сам пра сябе сям-там даволі скупа падае ў лістах i некалькіх працах.

Ды жыццё сведкі i ўдзельніка многіх найважнейшых здарэнняў мінулага пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай, які пастаянна меў кантакт з тымі, што зрабілі на ix моцны ўплыў, павінна быць павучальнае i надта цікавае, з многіх пунктаў погляду.

Граф Леан на Залатым Патоку Патоцкі паходзіў з т. зв. львоўскай, або прымасаўскай, лініі Патоцкіх, родапачынальнік якой, Стэфан, ваявода брацлаўскі, які жыў y XVI ст. i быў жанаты з Мар'яй Магілянкай, дачкою італьянскага гаспадара, замест сярэбранай Пілавы пачаў карыстацца залатой y блакітным полі.

Бацька Леана, касцюшкаўскі ад'ютант Станіслаў, вярнуўшыся з эміграцыі разам з дзядзькам сваім Пятром, экс-паслом Рэчы Паспалітай y Стамбуле, y 1797 годзе ажаніўся з Юзэфай Салагуб, дачкою Юзафа, эйшышкаўскага старосты i Марыяны Патоцкай, 2-га voto [152] Бругловай, жонкі Алойза, генерала літоўскай артылерыі. Шлюб бралі ў Варшаве, y касцёле айцоў Рэфарматаў, цудоўныя вясельныя ўрачыстасці адбыліся на рагу Орляй i Электаральнай, y палацы Уршулі з Патоцкіх Веляпольскай, кракаўскай старасціны, пад апекаю якой маладзіца пастаянна аставалася пасля смерці маці i выезду ў Саксонію айчыма. Вядомая сваім досціпам пані Касакоўская, кашталяніха Камінская, якая замяняла ў час шлюбнага абраду непрысутных бацькоў, пасля вяселля адвезла маладых y свой палац, дзе ix чакаў прыгатаваны ёю апартамент.

У 1798 годзе y гэтага сямейства паявілася дачка Адэля, памерлая ў маладым веку. У наступным жа годзе ў Каханове, глухой беларускай вёсачцы, y якой бацькі яго спыніліся на папас, едучы вялікім табарам з Варшавы ў Горы-Горкі, маёнтак y Аршанскім Князь Юзаф Панятоўскі. павеце, нядаўна атрыманы маткаю Леана пасля дзядзькі Салагуба, віцебскага ваяводы, убачыў дзённае святло in-spe [153] наш мемуарыст. Назву, якая нагадвала пра

такі гучны факт y жыцці, Леан, калі пачаў пісаць, увекавечыў y сваім псеўданіме.

Неўзабаве пасля набыцця горы-горацкага графства маладыя, недасведчаныя ўладальнікі, зачараваныя шалам забаваў, якія наладжвала ix практычная цётка, Салагубава з Нарышкіных ех-ге [154] ix прыбыцця, за бясцэнак, бо за 60 тысяч чырвоных злотых, прадаюць ёй той цудоўны маёнтак i самі вяртаюцца ў сталіцу.

Малы Лявонак хрэст на папасе ў Каханове атрымаў толькі вадою (хроснай была генеральша Салагубава з Нарышкіных, хросным - маршалак Галынскі). Паўторнае ж хрышчэнне з алеямі адбылося праз некалькі месяцаў пасля вяртання ў Варшаву. A хроснымі бацькамі былі князь Юзаф Панятоўскі i яго сястра, уладальніца свіслацкага графства Тэрэза Тышкевіч, рэферэндарова літоўская.

Яшчэ ў тым самым годзе Лявонкаў бацька з грошай, атрыманых за Горы-Горкі, пазычае князю Юзафу 30 тысяч чырвоных злотых, a за другія 30 тысяч набывае ў Апачынскім павеце Джавіцы з прыгожым замачкам. Неўзабаве пры адсутнасці Патоцкіх гарыць палац Касакоўскай. I калі служба разгубілася, толькі адзін прытомны казачок з крыкам «Дэтына! Дэтына!», уляцеўшы наверх, выносіць немаўля, якое заходзіцца ад плачу.

Пасля гэтага выпадку Лявонкавы бацькі зіму праводзяць y палацы Веляпольскіх, пасля, пераехаўшы на Кракоўскае, y дом Рыкса, на лета штогод выязджаюць y Джавіцу, a з надыходам восені ўжо вяртаюцца ў сталіцу, дзе ix звязваюць блізкія стасункі з дамамі Замойскіх, Малахоўскіх, Хадкевічаў, Патоцкіх, Веляпольскіх, Ланцкаронскіх, Солтыкаў, Астроўскіх i многіх іншых.

Неўзабаве настаюць часы вялікіх пераваротаў, часы вялікіх надзей, пасвячэнняў i ахвяраў. У Варшаву ўваходзяць пераможныя раці «бога вайны». З утварэннем Варшаўскага княства Лявонкаў бацька прадае Джавіцы старасціне Шыдлоўскай і, ідучы за прыкладам князя Юзафа, уступае ў братнія шарэнгі ў чыне палкоўніка 2-га палка пяхоты.

У той цяжарнай вялікімі падзеямі эпосе, сярод ваеннай шуміхі, пераходаў войскаў, сярод грому гармат i няспынных баёў, будучы мемуарыст рос i выхоўваўся пад наглядам дбайнай маткі.

З цікавай i даволі рэдкай яго працы «Урывак з успамінаў першай маёй маладосці» мы даведваемся, што ў 1804 годзе бацькі з 5-гадовым Лявонкам i яго сястрычкаю Адэляю некалькі месяцаў гасцявалі ў Тульчыне. Аўтар, сягаючы ў мінулае, расказвае ў ёй пра няспынныя балі i ўрачыстасці, пра ўрокі танцаў, пра жывыя сцэны ў дзень народзін пана ваяводы, y якіх i малы Лявонак прымае ўдзел як Бахус [155], які сядзіць на бочцы...

Бавіліся тады ўсюды. Варшава была падобная на рэшткі шалёнага карнавалу. Услед за ёю шал ахапіў рэзідэнцыі магнатаў, двары, нават дворыкі. Здавалася, што забава - мэта жыцця... Але нечакана глухі голас грымотаў адгукнуўся ўдалечыні - набліжалася трагедыя... He менш, а, мажліва, i больш ахвотна бавіліся ў Яблонне ў князя Юзафа. Лявонкаў бацька ад часу, калі яны поруч з князем змагаліся супраць прусакоў на акопах Варшавы, быў y сардэчнай прыязні. Таму ад часу продажу Джавіца штогод, ажно да смерці князя, лета, калі толькі вайна не перашкаджала, з усёй сям'ёю праводзіў y гэтай улюбёнай рэзідэнцыі друга.

«Яблонна, - піша ў сваіх мемуарах граф Леан, - была для мяне другою сямейнай страхою. Усе ўспаміны майго дзяцінства канцэнтруюцца там i абы толькі я заглянуў y тую рэзідэнцыю, адразу мне здаецца, што я ўсё яшчэ езджу конна з пані рэферэндаровай, страляю з фузіі, гуляю ў карты, здаецца мне, што з паняй дэ Вабан, якую я называў сваёю жонкаю, бяру шлюб...»

Малады Лявонак быў асаблівым любімцам сястры князя Юзафа - рэферэндаровай Тышкевічавай: яна абкормлівала яго ласункамі, паказвала прыгожыя абразкі, вучыла чытаць, ездзіць вярхом на коніку, падараваным князем, і, што найгоршае, сама страсная карцёжніца, гуляла з ім y розныя гульні на грошы, напіхаючы ўсе кішэні хлопчыка срэбрам i золатам... «Калі з мяне,- піша ён,- яна не зрабіла шулера, удзячнасць за гэта прыношу Боскай моцы».

У Варшаве тады жыў на выгнанні будучы Людовік XVIII [156]. 25 жніўня 1804 года Яблонна адзначала імяніны караля-эмігранта. Князь на тую ўрачыстасць запрасіў шмат асобаў. Пасля багатага піру Лявонку было загадана надзець на галаву Бурбону вянок з ружаў. Малыш з цяжкасцю ўзлез на высокую канапу i пад выгукі бяседнікаў даволі спрытна ўвянчаў каралеўскую лысіну. Кароль пасля каранавання ўзяў хлопца пад пахі, узняў крыху ўгару і, нават не выказаўшы падзякі, ссадзіў яго з канапы.

- Як табе падабаецца кароль? - цалуючы хлопца, спытаў князь Юзаф.

- Зусім не падабаецца!

- Чаму?

- Бо не падзякаваў! Ды ён i не кароль, бо ў спадніцы ваяваць нельга! [157].

Год 1806-ы памятны для сямігадовага Лявонка з розных пунктаў гледжання. Памірае каханая «ментарка яго i апякунка» старэйшая на год сястрычка Адэлька. Расчулены хлопец «не хоча засыпаць яе труны пяском» i першы раз y жыцці з яго працятага сапраўдным жалем сэрца плывуць слёзы.

Перабраўшыся на стала ў Варшаву, матка складае план яго будучага выхавання. Дагэтуль разам з памерлай сястрычкай ён быў пад наглядам боны, панны Друэ, дачкі таго пачтмайстра ў Варэне, y якога арыштавалі Людовіка XVI [158], калі той уцякаў з Францыі. Калі надышоў час вызваліць хлопца з-пад апекі боны, бацька хацеў узяць паляка, каб той падрыхтаваў яго да паступлення ў канвікт піяраў. Маці, ідучы за намоваю пані дэ Вабан, стаяла за дамашняе выхаванне пад кіраўніцтвам француза. З гэтае прычыны паміж мужам i жонкаю ўзнікла спрэчка, якую вырашыў родны брат паэта ксёндз трынітарый Карпінскі. З-за расцягнутасці скарачаю яе ў кароткім дыялогу.

- Няхай будзе пахвалёны! - вітаецца трынітарый, пераступаючы парог.

- На векі!

- Пра што ж ідзе гаворка паміж сямейнікамі, бо, бачу, абодва бакі раскіпяціліся?

- Пра сына!

- Mo ўжо жаніць яго збіраецеся? - кажа, смеючыся, транітарый.

- Пляцеш лухту, ягамосць! - кажа бацька,- гаворка ідзе пра адукацыю. Я хачу паляка, жонка француза.

- Скажы мне, Лявоне,- гаворыць ксёндз,- ці ўмееш ты пацеры?

- Умею!

- Згавары тады, хлопчыку! «Ойча наш», пасля - «Здаровая будзь» i «Верую»... але па-французску.

- A па-польску не ўмееш?

- He!

Усякі дух Пана Бога хваліць! - кажа трынітарый y найвялікшым узрушэнні. - I гэта вы так выхоўваеце свайго сына? Цьфу! Па-французску будзе гаварыць, думаць, рабіць, забыўшы, што яго нарадзіла польская зямля, a ў ягоных жылах цячэ кроў Рэвэры [159]. Бывайце здаровы! - і, адвярнуўшыся ў парозе: - He вярнуся, дальбог не вярнуся, пакуль ваш сын не будзе хваліць Бога па-нашаму!

He было рады, маці здалася - Лявонка атрымаў гувернёра паляка. Ім быў пан Францішак Кюнль, высакародны i пачцівы чалавек.

Часы піроў i сялянак y двары перапыняе ўваход y Варшаву французаў. Прыбывае імператар, затрымліваецца ў сталіцы на цэлы месяц. Адбываюцца прыёмы, балі i агляды войскаў.

Адукацыя, натуральна, часова перапынена. Цікаўны Леан разам з панам Кюнлем перабягае з вуліцы на вуліцу, з плошчы на плошчу i крычыць разам з народам «Vive I'emperear!» [160], a за тры злотыя, выйграныя ў пані Вабан, купляе пячэнне i раздае салдатам. У французскім войску быў звычай (гр. Леан успамінае ў сваіх мемуарах) дзяцей афіцэраў вышэйшага рангу запісваць ў салдацкія спісы. Служба ім залічвалася ад дня запісу. Як толькі французы ўвайшлі, Леан адразу ж быў запісаны ў полк бацькі. Калі Напалеон першы раз рабіў на Саскім дзядзінцы агляд айчынных шэрагаў, Леан, y мундзірчыку, пашытым на скорую руку, стаяў на правым флангу кампаніі вальтыжораў з малым карабінчыкам y руках. Герой веку, убачыўшы пацешную фігурку хлопчыка, які старым служакам, што стаялі побач з ім y адным страі, даставаў да пояса, спытаў: «Qua est ce bambin la?» [161]. Яму адказалі: «Сын камандзіра палка!». Імператар, стаўшы на крок бліжэй, з уласцівай яму ветлівасцю пагладзіў па шчацэ i паляпаў хлопца па плячы. Ад радасці ці ад пачуцця ў хлопца з вачэй градам пасыпаліся слёзы. Падрабязна апісваючы гэту сцэну, Патоцкі канчае яе такімі словамі: «Пяцьдзесят гадоў мінае з таго часу, a тое, што я адчуў тады, усё яшчэ чую».

Родная сястра Леанавай маткі графіня Амелія Бруль была першай ганаровай дамаю i любіміцай саскай каралевы. Калі пасля ўтварэння Варшаўскага княства кароль з сям'ёю паехаў y Варшаву, для Леана, апрача Яблонны, адкрываецца другі зямны рай. Матка, часта наведваючы двор, бярэ яго з сабою. I калі каралева, цікавячыся ўсім, што робіцца ў Варшаве, засыпае матку тысячамі пытанняў, Леан, будучы ў гэты час ў вялікай ласцы ў пакаёвак, бывае нас.толькі закормлены канфіцюрамі i цукеркамі, што ўрэшце прыходзіць да высновы, што «немкі лепшыя за полек». Пра гэта, смеючыся, дакладваюць каралеве. «Чаму,- кажа каралева,- немкі лепшыя, чаму ты ix церпіш?» «Бо полькі,- кажа сур'ёзна Лявонак,- хочуць дарослых хлопцаў, a немкі такіх мальцаў, як я!»

Пад 1808 годам ва «Успамінах» фактаў, якія датычацца выключна Лявонка, не шмат. Мы толькі даведваемся, што ў дзень нараджэння князя Юзафа пані рэферэндаровая наладзіла брату ў каралеўскім замку «неспадзяванку» з лагерам, y якім французскія афіцэры надзелі польскі мундзір, a польскія - французскі, з музыкай, танцамі i жывымі сцэнамі. У апошніх удзельнічаў i Лявонак, апрануты за аднаго з амурчыкаў. Калі падыйшоў князь, цэлая чарада амурчыкаў, саскочыўшы з лесвічкі, акружыла яго з нацэленымі стрэламі. Пасля гэтага Леан падаў віноўніку ўрачыстасці залаты лук, a Тэрэза Ціхоцкая стралу, папярэдзіўшы: «Вострая!».

У тым годзе ўвесь летні карнавал князь Юзаф разам са сваім атачэннем, да якога належалі i Лявонкавы бацькі, замест улюбёнай Яблонны праводзіць y варшаўскіх каралеўскіх Лазенках i тут для надсекванскіх гасцей дае балі з тэатрам, наладжвае сняданні, падвячоркі, асвятляе паркі, запальвае феерверкі. Цэлая плойма маладзіцаў пасяляецца ў доміках на лазенкаўскай тэрыторыі: княгіні Францішкава i Мікалаева Сапегі, Лявонкавы бацькі, пані Камянецкая, Ціхоцкая... Каралюе жонка маршала Даву [162]. Дзецям усёй грамады ў Лазенках што ў раі.

На жаль, летні карнавал цягнецца нядоўга. Нечакана з захаду паказваецца чорная хмара. Корпус Даву маршыруе на Шлёнск. A на заклік «Да зброі!» моладзь наша сядае на коней.

Леанаў бацька, прызначаны ў тым годзе (1809) ад'ютантам Фрыдрыха Аўгуста [163], з выбухам аўстрыяцкай вайны адпраўляецца на баявыя пазіцыі i прымае ўдзел y штурме Замосця. Пад градам куляў i рассыпанай гарматамі карцечы першы на чале 2-га палка грэнадзёраў урываецца праз любельскую браму ў горад, змятае непрыяцельскую варту і, набраўшы палонных, займае рынак. За мужнасць ён атрымлівае званне брыгаднага генерала i прызначаецца камендантам Варшавы.

Інтрыгі пані Вабан прыводзяць да таго, што ў час, калі адсутны бацька змагаецца з захопнікамі, месца пачцівага Кюнля займае нягоднік з-пад цёмнае хмары, француз Карэн, якога зноў, калі высветлілася, «што не ўмее пісаць», пасля трох месяцаў замяняе пан дэ Шангрыль, кавалер ордэну св. Людвіка, y поўным сэнсе «капрызны, нязмерна патрабавальны i нязносны эмігрант». Увесь час атрымліваючы пакаранні ад запальчывага француза, хлопец, страшэнна знеахвочаны, перастае вучыцца.

Паслухаўшы парады міністра Аляксандра Патоцкага [164], матка аддае дзесяцігадовага хлопца ў школу піяраў на Жалібожы ў Варшаве. Тут Леан паміж школьных таварышаў адчувае сябе маральна ачуняўшым. Да яго зноў вяртаецца жаданне вучыцца, i яго залічваюць да шэрагу тых, якія робяць поспехі. Гэта даводзіць Шангрыля да шаленства. Ён мучыць яго штораз часцей, б'е i катуе. Гэтую роспачную для хлопца сітуацыю неўзабаве перапыняе трагікамічная сцэна. Аднойчы ў хлопца, які вяртаўся са школы, француз з'ездліва спытаў: «Што там парабляюць твае аслы піяры?». «У нас,- адпаліў стрымана хлопец,- аслоў няма, ix радзіма Францыя!» Ашалелы Шангрыль хапае лінейку i кантам лупіць хлопцу па руцэ ды так, што ажно пырснула кроў. Леан, не чакаючы паўторнага ўдару, хапае чарніліцу i - y лоб французу! A сам з акрываўленай рукою - са скаргаю да маткі.

«Як ужо там выглядаў,- дадае Патоцкі, апісваючы гэтую сцэну,- гэты рыцар Кандэ [165] з галавою, размаляванаю на чорна, не ведаю, бо я яго больш не бачыў!» Назаўтра, на вялікае задавальненне хлопца, яго месца заняў сімпатычны пан Кюнль.

Пасля заканчэння пераможнай кампаніі Леан з маткаю накіроўваецца ў Пулавы, каб спаткаць бацьку, i з'яўляецца сведкам памятнага факту, калі аўстрыйскі фельдмаршал князь Адам Чартарыскі [166] як палонны аддае сваю шпагу князю Юзафу. Гэта было 1 ліпеня, за мілю ад Пулаваў над самаю Віслаю. A 9-ай гадзіне раніцы польскае войска стала ў баявы парадак. У акружэнні штабу, на карым арабчыку, жыва наблізіўся князь-рыцар. «Як маецеся, хлопцы!» «Наперад, марш!» - скамандаваў ён пасля. Загрымела капэла. Рушылі.

Паход князя распачынаў авангард, які складаўся з аднаго эскадрона 1-га палка уланаў. За імі маршыравалі толькі што створаныя галіцыйскія гіды [167] пад камандаваннем Станіслава Мянчынскага, за якімі ехаў князь Юзаф ва уланскім мундзіры i шапцы з страусавым пяром, y неразлучнай сваёй бурцы на левым плячы. Прайшлі ледзь паўмілі, як убачылі масу людзей, якія рухаліся насустрач, нешта накшталт працэсіі. Спераду ехала дванаццаць гусараў з коп'ямі або прапарчыкамі ў руках. За імі ішло ў народных строях больш за дзесятак чалавек з вызваленай правінцыі, якія неслі булавы, шаблі i іншыя рэгаліі Замойскіх, Хадкевічаў, Чарнецкіх... Далей рухаліся прыгожыя дзяўчаты ў белым, якія трымалі на багатых падушачках каралеўскія рэліквіі. Толькі за імі паважным крокам ішла княгіня Чартарыская [168] з залатым ключом ад Сібіліі, a побач з ёю князь Адам y багатым фельдмаршальскім мундзіры з ланцугом залатога руна на шыі. Афіцэр польскіх уланаў, ідучы побач з ім, нёс яго шпагу. Як толькі абодва бакі наблізіліся, князь Юзаф войска спыніў і, саскочыўшы з каня, хутка падыйшоў да князёў. Пацалаваўшы княжну ў руку, калі афіцэр падаў яму фельдмаршальскую шпагу, узяў яе, i адчапіўшы свой палаш: «Ваша міласць, княжа,- сказаў ён,- дазволь, каб тваю шпагу я захаваў на памяць, a табе ўзамен ахвяраваў шаблю, якою я вызваліў ад аўстрыяцкага ярма Галіцыю, a тым самым i Пулавы».

He паспеў ён дагаварыць, як князь Адам развёў выцягнутыя рукі. Кінуўшыся ў абдымкі, абодва ўзрушаныя да глыбіні душы, праз хвіліну яны сціскалі адзін другога. Пасля набажэнства з «Te deum Laudamus» y палацавай зале дзвесце асобаў начальства засела піраваць. Адначасова ў лагеры пад Марынкамі ішла багатая бяседа з віватамі i вайсковаю музыкай. Чароўныя пулаўскія выхаванкі падаюць старым ваякам розныя стравы, наліваюць віна. Калі апусцілася змярканне, увесь парк ад ілюмінацыі стаў, як y агні. Пасля на віслянскім астраўку быў наладжаны феерверк. Калі бяседнікі вярнуліся з парку, адчыніліся дзверы для баляў i тут жа азваўся паланез Касцюшкі. Танцавалі ахвотна ажно да ўсходу сонца.

Патоцкі ўсё апісанне гэтай цудоўнай урачыстасці падае вельмі падрабязна. Я скарачаю яго тут толькі таму, што акрамя ягоных «Успамінаў» больш нідзе я яго не сустракаў.

У маі наступнага (1810) года Фрыдрых Аўгуст адведвае ў Пулавах «Нестара Польшчы» - князя Адама Чартарыскага. З гэтай прычыны наплыў гасцей быў такі, што ні ў палацы, ні ў пастаялых дварах нельга было знайсці памяшкання. Лявонак, знаходзячыся з бацькамі ў найбліжэйшым акружэнні караля, з дзіцячай уражлівасцю прыглядаецца да тых урачыстасцей i пасля столькіх гадоў падае ix апісанне ў сваіх успамінах.

Усё хутчэй набліжаўся страшны год гібелі напалеонаўскай славы. Грозныя раскаты адначасова пачынаюць даходзіць з усходу i захаду. Як толькі пачалася вайна, Лявонкаў бацька як генерал-ад'ютант вестфальскага караля адпраўляецца на баявыя пазіцыі, дзе пасля адклікання караля камандуе 12 i 16 палкамі пяхоты ў корпусе князя Юзафа. З Масквы ён вяртаецца цэлы, але неўзабаве, разбіты небяспечнай хваробаю, некалькі тыдняў знаходзіцца паміж жыццём i смерцю, і, не могучы ў такім стане паспець за войскам, застаецца ваеннапалонным y Варшаве.

Такім самым вельмі сумным быў для Лявонка i год наступны, 1813-ы. З вялікім жалем ён расстаецца з панам Фр. Кюнлем, які жэніцца i становіцца чыноўнікам паштовай дырэкцыі. На шчасце яго месца займае пан Ст. Акрашэўскі, некалі дырэктар мінералагічнага кабінета караля Ст. Аўгуста, член Таварыства сяброў навук. Адукаваны і, нягледзячы на сталы ўзрост, з жывым розумам ён адразу заваёўвае сэрца свайго выхаванца. У доме генерала i яго сям'і ён застаецца ажно да заканчэння навукі ўдзячнага юнака, які пра яго заўсёды ўспамінае з найвялікшай пашанотаю.

У той фатальны год Леан з маткаю праводзяць апошнія канікулы ў сумнай, бо пакінутай без гаспадара Яблонне. У Яблонну найперш даходзіць вестка пра смерць князя Юзафа i тут y вялішэўскім касцёле адбываецца самае першае набажэнства за душу героя, на якім разжалены да глыбіні душы хлопец рыдае, заліваючыся слязамі...


Праз год групка старых ваякаў, якія цудам ацалелі ў гераічных баях, прывозіць y сталіцу астанкі улюбёнага начальніка. Жалобна енчаць званы варшаўскіх святыняў, на дынасоўскай гары ім адгукаюцца гарматы. Леан з усёй школаю прымае ўдзел y тым сумным абрадзе. «Усе плакалі,- піша ён,- i я плакаў, бо я траціў большае, чым іншыя. Ён быў маім хросным бацькам, пад яго наглядам я рос. Ён быў ідэалам майго дзіцячага, a пасля юначага ўяўлення... Бог ніколі не ствараў прыгажэйшай душы!»

Але да тых чорных пацерак на белай нітцы дзіцячага жыцця неўзабаве далучыцца яшчэ адна, бадай, чарнейшая за тыя i больш памятная...

Гэта было ў першыя дні лютага 1815 года. Леан на змярканні ў гэты дзень вяртаўся дадому на Доўгай (у дом княгіні Паўлавай Сапежыны). Перад касцёлам капуцынаў стаяць два экіпажы. Праз адчыненыя дзверы ён бачыць ярка асветленае памяшканне. Зацікавіўшыся, уваходзіць y касцёл якраз y тую хвіліну, калі каплан епітрахіллю злучае пару. Падыходзіць бліжэй i спыняецца як укапаны: y маладым пазнае роднага бацьку, y маладой - удаву генерала Камінскага! Схаваны за аркадаю, чакае да канца. Калі картэж выйшаў, падае на зямлю i заліваецца слязамі. «Гэта была першая рана, - піша ён,- сурова нанесеная сэрцу на пачатку жыцця. След яе, на жаль, застаўся назаўсёды!»

У дзень 11 сакавіка таго ж года ў кафедральным касцёле Святога Яна, y капліцы Ісуса Хрыста, адбываецца шлюб Леанавай маткі з адным з найдоблеснейшых генералаў польскіх войскаў Тадэвушам графам Тышкевічам. Бледны, вельмі ўзрушаны Леан, падрыхтаваны маткаю, на ім прысутнічае.

«На шлюбе бацькі,- піша ён, - я плакаў ад вялікай расчуленасці, на шлюбе маткі ў вачах не бліснула ніводная сляза. Што я ў той час адчуваў, засталося таямніцаю паміж мною i Богам». Дзіўным збегам лёсу y той самы ж дзень вечарам Леан знаёміцца ў пані Гутакоўскай, з тою, якая праз пяць гадоў павінна стаць ягонай... жонкаю!

Леан Патоцкі наведваў школу на Жалібожы. Рэктарамі яе былі ксяндзы Чарнецкі, Савіцкі i Быстрыцкі, прафесарамі Млахоўскі, Дзяткоўскі, Макульскі, Петрыкоўскі, Камяноўскі, Гарчынскі i Цяслаўскі. У піярскай школе ўсё яшчэ панаваў той дух, якім яго натхняў векапомны Канарскі [169]. Кіраўнікамі моладзі былі людзі ва ўсіх адносінах высакародныя, даступныя i спагадлівыя, поўныя беззапаветнасці i самаахвярнасці. Найперш ім удзячны Леан, што хоць i выхаваны ў эпоху нашэсця выхавальнікаў французскіх, не пагразнуў y брудзе распусты i не скасмапаліцеў.

У 1813 годзе y гэтай школе ўтвараецца «Таварыства моладзі, якая займаецца навукамі». Штомесяц адбываецца пасяджэнне з рэфератамі. Бібліятэка складаецца з ахвяраванняў членаў таварыства. Леан, ажно да заканчэння ў 1815 годзе школы на Жалібожы, з'яўляецца членам гэтага таварыства i бярэ чынны ўдзел y яго дзейнасці. Заслужаны пенсіянер ксёндз Ануфры Капчынскі, адносячыся да яго з асаблівай пяшчотаю, з уласцівай яму дабрынёю чытае i папраўляе юнацкія спробы пяра, заахвочваючы, каб ён абраў сабе ў будучым літаратурную ніву. На жаль, шаноўны старац неўзабаве пакідае гэты свет, a Леан, як адзін з былых вучняў, пасля адбытых малітваў, бярэ слова, аддаючы належнае таму, хто яго заслужыў. З школьных калегаў, пішучы пра разрыўкі ў хвіліны адпачынку, ён найчасцей успамінае Канстанціна, Андрэя, Яна i Уладзіслава Замойскіх, Ежы i Юзафа, сыноў міністра Сабалеўскага, a найперш Антона Вагу, з якім, як y школе, так i па-за ёю ажно да магілы, яго лучыла сардэчная дружба.

Нi ва «Урыўку», ні ва «Успамінах пра Свіслач» Леан Патоцкі пра сваё універсітэцкае жыццё зусім не ўспамінае. Што найгоршае, дык гэта тое, што нават y першым некаторыя даты не супадаюць з другім. Мажліва з-за нядбайнай карэктуры ці з-за забыўлівасці аўтара, які пісаў ix ажно праз пяцьдзесят гадоў. Вядома толькі, што пасля заканчэння 6-класнай школы на Жалібожы, a гэта магло наступіць ужо ў 1815 годзе, ён паступіў y Александрыйскі універсітэт y Варшаве, які быццам павінен быў скончыць ужо ў 1818 годзе, што таксама хіба непраўдападобна.

З скупых упамінанняў, якія датычацца гэтага перыяду, варта адзначыць, што вакацыі ў 1815 годзе разам з панам Акрашэўскім ён праводзіць y сваёй любімай маткі, y Балверышках. Да яе з моманта паўторнага шлюбу бацькі канчаткова схіляецца ягонае сэрца. A калі ён спазнае прыбылага туды пана рэферэндарыя, яго ўспаміны пра мінулае ён слухае з найвялікшаю ахвотаю.

Зімой з 1815 на 1816 год яго матка, a за ёю i паважны пан рэферэндарый, з'язджаюць y Варшаву. Ашчасліўлены пан Леан свой час праводзіць з імі.

Перад надыходам вясновага разводдзя рэферэндарый спешна пакідае Варшаву. Развітваючыся з ім, пан Леан не думае нават, што апошні раз...

На жаль, 12 сакавіка паўсюдна шанаваны Вінцэнты граф Тышкевіч аддаў Богу сумленную душу. Свіслацкае графства паводле тастаменту пераходзіць ва ўладанне айчыма, якога ён любіць, як бацьку, a шануе нават больш.

Большую частку лета ў наступным (1816) годзе матка, з прычыны недамагання, праводзіць y Вільні. Леан знаходзіцца пры ёй. Тут, y старажытным горадзе Гедзіміна, праходзяць яго вакацыі. Перад надыходам восені ён суправаджае яе па дарозе ў Свіслач, адкуль ужо едзе проста ў сталіцу на далейшую вучобу. На схіле таго самага года, карыстаючыся святочнымі вакацыямі, пан Леан з сваім бацькам i дзядзькам Антонам больш як цэлы месяц гасцюе ў бабкі, Людвікі з Любамірскіх, галіцкай старасціны, y Манастыршчыне на Русі. Бабка, сапраўдны тып этыкетнай дамы XVIII ст., называючы свайго сына не інакш як «панам генералам» i не запытаўшы яго ні разу пра жонку i дзяцей, размаўляе толькі пра вялікае княства Варшаўскае i пра палітыку. Акрамя гэтага, легкадумнага пана Леана i там не пакідаюць «дурныя жарты», бо чым больш пані старасціна непахісная, тым ён больш мяккі, a чым яна этыкетнейшая, тым унучак y сваёй сардэчнасці яшчэ больш даверлівы.

Правёўшы ў 1817 годзе вакацыі ў былой рэзідэнцыі пана рэферэндарыя, пан Леан пасля заканчэння універсітэцкага курса ў наступным годзе прыязджае ў Свіслач. Ён меў намер пасля летняга адпачынку накіравацца адтуль y шматгадовае падарожжа па Еўропе. Але таму, што «homo proponit a - Deus disponit» [170], ён тут жа асеў на жыццёвай мелі... з сэрцам, прашытым наскрозь стралою Купідона.

Паводле гэтых «Успамінаў» тое павінна было адбыццаў 1818 годзе, паводле «Урыўка» - y 1820-ым. Хіба што апошняя дата больш праўдападобная, бо толькі ў гэтым годзе юнак дасягаў паўналецця.

Адным з найбліжэйшых суседзяў Свіслачы, як i цяпер, так i ў тыя часы, была Бераставіца, калісьці ўладанне Хадкевічаў [171], сёння ж графаў Касакоўскіх. Гэтае цудоўнае i абшырнае графства ў якасці пасагу прынесла цяперашняму ўладальніку, лоўчаму Вялікага княства Літоўскага, Юзафу графу Касакоўскаму, напалеонаўскаму палкоўніку i адважнаму абаронцу фартэцыі Шпандаў, яго жонка Людвіка графіня Патоцкая, дачка рускага ваяводы. Пан палкоўнік пасля падзення Напалеона асеў y Варшаве i займаўся літаратурай, a пані палкоўнічыха на лета штогод ахвотней з'язджала ў сваю i бліжэйшую Бераставіцу, чым y далёкія Вайткушкі. A так, як пані палкоўнічыха была маці траіх статных дочак, якія не адступалі ад яе ні на крок, што зноў жа малады, добра выхаваны i прыстойны пан Леан прыбываў на штогоднія вакацыі не куды-небудзь, a сюды, і, нарэшце, што найстарэйшая з дочак пані палкоўнічыхі 22-гадовая графіня Барбара-Генавефа была найпрыгажэйшая з сясцёр i якраз уласна тая, што на памятным балі ў Гутакоўскіх зрабіла вельмі моцныя ўражанні на пана Леана, таму нічога дзіўнага, што, пазнаёміўшыся бліжэй, ён, забыўшы пра ўсю Еўропу, зрабіў прапанову i быў прыняты. Праўду кажучы, бацька, генерал Станіслаў, кіруючыся розумам, быў вельмі супраць гэтага. Аднак пан Леан жадаў пайсці за голасам сэрца, голасам маткі, якая на гвалт хацела мець свайго адзінака пры боку. Розум тады сэрца перамагло: закаханы пан Леан яшчэ ў гэтым годзе становіцца на каберцы з прыгожаю графіняю Барбараю i пасля шлюбу асядае за дзве мілі ад Свіслачы, y Рудаве, якую жонка яго атрымлівае разам з Галынкаю, што таксама належала да бераставіцкай вотчыны.

З той хвіліны, як піша Патоцкі, школа вялікага свету перад ім зачынілася. Затое адчыніліся скрыпучыя вароты вясковага жыцця... Ён запісаўся ў брацтва наракаючых!

He буду распісваць, чым ён займаўся апрача сялянскага жыцця, з кім сябраваў, як весяліўся, паляваў... Усё гэта цікаўны чытач знойдзе ў гэтых «Успамінах пра Свіслач», y якой, як піша ён сам, паміма таго, што меў сваё, праводзіў большую частку года. Хіба толькі трэба дадаць, што-ён вельмі любіў кнігі, што спецыяльна ездзіў па ix y Вільню i Варшаву, што пісаў вершы i з замілаваннем павялічваў i аздабляў свой сад i парк, закладзены за новым палацыкам.

Але, на жаль, час бяжыць хутка, гады князевай Яблонны i каралеўскіх Лазенак, «гады сельскія анельскія» аддаляюцца штораз хутчэй. За імі следам імчаць юнацкія гады шчасця i кахання, таксама як i гады мужчынскія, гады сямейнага шчасця, адноснай цішыні, адноснага спакою. Трэці дзесятак XIX стагоддзя ішоў к канцу. Наўсёй Літве - цішыня і толькі барадатыя дубы ў падсвіслацкай Белавежы, адвечныя сведкі Ягелонаў, таямніча скардзяцца, прадвяшчаючы набліжэнне буры.

Бывае, што пакуль бура расшалеецца на значнай прас.торы, знянацку з дзікім трэскам лупяне нейкі пярун - прадвеснік шматлікіх спусташэнняў.

Уласна такім громам, які ўдарыў y самае сэрца пану Леану, з'явілася ў 1828 годзе смерць ягонае маткі, анёла бязмежнай любові, апякункі ўсіх... Свіслач акрываецца жалобаю, слязьмі заліваецца пан Леан, як дзіця плача мужны яго айчым - стрыманы ўдзельнік усіх бітваў Касцюшкі [172] i Напалеона.

Але ж няшчасце ніколі не ходзіць адно... Неўзабаве за бабаю адлятаюць на неба, прагнучы анёльскіх забаваў, дзве душачкі яе ўнучак, любімых дзетак Леана.

Год 1830-ы. У снежні аб шумную Свіслач адбіваецца самае першае рэха памятнага ў лістападзе дня.

Да вушэй пана Леана пакуль далятаюць толькі радасныя весткі. Жорсткую праўду i ўвесь трагізм таго дня добры, спагадлівы генерал ад яго тоіць. На жаль, неўзабаве ўжо іншым шляхам, страшная для сына i патрыёта вестка, што бацька яго, стары Касцюшкаўскі ваяка, высланы на разведку князем Канстанцінам [173], з братнімі шэрагамі не злучаецца і, прашыты кулямі юнкераў, аддае Богу душу, як пярун паражае Леана i акрываўлівае ягонае сэрца.

У здранцвенні, з аслупянелымі вачамі, праводзіць ён y Свіслачы яшчэ пару дзён, молячыся штодзённа на магіле маткі. Страшная гарачка кладзе яго ў ложак, з якога, на шчасце, перамогшы хваробу, ён устае толькі праз пяць тыдняў.

Няма чаму здзіўляцца, што падзеі, якія тады пачаліся, павінны былі падхапіць людзей такога маштабу як Леан Патоцкі i Тадэвуш Тышкевіч. Бо што ідзе ад натуры чалавека, тое непазбежнае.

Зрэшты, трэба ўспомніць, што пану Леану ў снах i на яве заўсёды свяціў прамяністы ідэал князя Юзафа, правадыра-рыцара. A што яго айчым генерал быў прыкладам служэння грамадству, a ўсё яго жыццё было адной дарогай да Бацькаўшчыны, пра тое, як пра выдатную гістарычную постаць, хіба што ўсе ведаюць.

Мужны, але самаўпэўнены Хлапоўскі [174] на 600 конях набліжаецца да Белавежы. Пакінуўшы на ласку лёсу сваіх малалетніх дачок, з ім y канцы мая злучаецца генерал Тышкевіч i становіцца старшынёю цэнтральнага ўрада ў Літве.

Леан Патоцкі з акрываўленым сэрцам, y страшнай бязмежнай роспачы, пачуўшыся на сілах, апярэджвае на цэлых два месяцы ўладальніка Свіслачы, благаслаўляе сваю дачку Ядвігу i накіроўваецца на вайну ў бок Жмудзі.

Этапы яго рэвалюцыйна-вайсковага жыцця наступныя:

30.III (н. ст.) 1831 года. Пасля ўваходу ў горад узброеных атрадаў Трускоўскага i Пжэцішэўскага, пасля падпісання акта канфедэрацыі, за прэзідэнта часовага ўраду Панявеж павета запрасіў Каз. Залускага, членамі ж Леана Патоцкага i яшчэ пацёра іншых.

8.IV. У Старым Панявежы атрад з 1600 чалавек (500 стралкоў, 120 конных i каля 1000 касінераў), стаўшы пад ружжо, акружае касцёл. Пасля адпушчэння грахоў i благаславення капланаў адбываецца пасвячэнне харугвы. Мясцовы пробашч звяртаецца да касінераў па-літоўску, a Леан Патоцкі польскай прамоваю заклікае шляхту да барацьбы. Пад воклічы войска i люду ўвесь атрад строем рушыць на вызваленне Вілкаміра.

У дарозе Патоцкаму паведамляюць, што атрад Білевіча, апярэджваючы панявежцаў, заняў Вілкамір разам з усім паветам, таму ён заварочвае да Панявежа i чакае загаду.

16. IV. На вайсковай радзе, скліканай y Вілкаміры Залускім, узнікае Пастанова пра атаку i аблогу Вільні. У гэты ж дзень з той самай мэтаю Патоцкаму загадана ўзначаліць панявежскі атрад i праз Шаты i Янаў маршыраваць да Каўганаў.

21. IV. Рухаючыся фарсіраваным маршам, ён разбівае лагер пад Каўганамі, маючы пад сваёй камандаю 120 коннікаў, 200 стралкоў i больш за 1000 касінераў, палова якіх складаецца з латышоў.

24.IV. У адпаведнасці з данясеннем, што генерал Шырман ідзе маршам на Панявеж, Патоцкі, y адпаведнасці з пастановаю вайсковай рады, хутка перакідае свой атрад на правы бераг Віліі.

30.IV. Злучыўшыся з Пжэцішэўскім, ён распачынае бітву з Шырманам пад самымі Шаўлямі. У момант, калі адважныя латышы кідаюцца з косамі на гарматы, Пжэцішэўскі, замест таго, каб ix падтрымаць, падае сігнал рабіць наадварот, з-за чаго касінеры з выгукам «Здрада!» рассыпаюцца i вяртаюцца дадому. Патоцкі з астаткамі заварочвае ў Панявеж.

1.V. Надыходзіць вестка, што генерал Суліма з дывізіяй пяхоты, брыгадай кавалерыі i з 2 батарэямі артылерыі ідзе на Панявеж.

4. V Каля 2-ой гадзіны пасля паўдня падцягваецца з войскам Суліма i распачынаецца бітва. Пасля таго як быў змецены ар'ергард пад камандаваннем Рудоміны, Патоцкі на чале правага крыла, якое складалася з фрэйшыцаў i акадэмікаў, спешна займае лясок на горцы i дае рашучы адпор, не дазваляючы уланам абыйсці лагёр з фланга. Адразу ж пасля няўдалай атакі кавалерыі ca штыкамі наперавес напірае пяхота. Егеры, тройчы сустрэтыя прыцэльным агнём, бязладна ўцякаюць.

На ўспененым кані прылятае ашалелы ад гневу Суліма. Ускідвае шаблю. I зноў, каб ратаваць сітуацыю, на поле бою, пабліскваючы штыкамі, высунуліся два свежыя атрады егераў. Загад ад'ютанту быў аддадзены: адна калона са звыклым выгукам «Ура!» кідаецца на гару з фронту, y гэты самы момант з боку напірае другая, каб заняць тыл i перапыніць адступленне. Гэты фартэль Патоцкі хутка разгадвае. He могучы з-за таго, што скончыўся порах, трымацца доўга i стойка, ён прызначае зборны пункт пад Бэйсаголаю i загадвае стралкам рассыпацца па лесе. Аднак жа, нягледзячы на хвіліннае ваганне, аб вушы атрада адбіваецца грымотная каманда начальніка: «Набівай ружжы! Наперад!». Праз момант строй смелай моладзі разварочваецца каля лесу і, дачакаўшыся егераў, выстрэльвае са ствалоў апошнія зарады i сярод дыму спаўняе каманду свайго камандзіра. У гэты час Патоцкі з уласцівым яму спакоем сядае на каня i ў акружэнні невялічкай світы, дзе ўвесь гэты час знаходзілася Эмілія Плятэр [175], якая змагалася ў шэрагах стралкоў, бравіруючы пад карцечным агнём, праносіцца ўздоўж усёй непрыяцельскай пазіцыі. Пераехаўшы мост, на якім, забіты карцеччу, падае конь Плятэр, ён памагае ёй перасесці на каня Ясенскага i тут жа за рэчкаю далучаецца да галоўнага корпуса аб'яднаных сіл пад камандаваннем Залускага.

У гэтай бітве палягло 150 чалавек непрыяцеля, з ix большая частка загінула на схілах пагорка, які мужна абараняў Патоцкі. Параненых больш як на дваццаці фурманках адразу ж пасля бітвы адвезлі ў недалёкія Шаўлі.

Вечарам таго ж самага дня, пасля некалькіх гадзін адпачынку ў Бэйсаголе, Патоцкі на чале сваіх стралкоў разам з усёй масай жмудскага паўстання, якая пасля гэтай бітвы мела яшчэ каля 5000 чалавек, рушыць y бок Росеняў.

V. Залускі, пакінуўшы назіраць за Сулімаю атрады Матушэвіча i Прозара, аддае пасля пераходу Дубісы загад размясціцца ў бяспечнай пазіцыі пад Даўгодамі, што i Патоцкі разам з іншымі камандзірамі выконвае ў той самы дзень.

V. Залускі, намерыўшыся перакінуць сіла за Нёман i праз Аўгустоўскае маршыраваць да Варшавы, едзе з Навіцкім i Патоцкім y Росені. На вайсковай радзе, y якой бяруць удзел Л. Патоцкі, Агінскі, Контрым, Станевіч i Янчэўскі, прыходзяць да супрацьлеглага рашэння. Галасуюць усе як адзін: «Літвы не пакідаць, натхняць да барацьбы, паўстанне пашыраць». У выніку гэтага знеахвочаны Залускі аддае галоўнае кіраўніцтва над пяццю паветамі Патоцкаму. Сам жа накіроўваецца на некалькі тыдняў да жонкі, якая была ў Крожах. Патоцкі спешна вяртаецца ў лагер і, дамовіўшыся з камандзірамі, аддае загад кожнаму паасобку ў мясцовасцях, якія кожны з ix ведае, весці барацьбу накшталт партызанскай. У выніку гэтага, перадыхнуўшы некалькі дзён над Дубісаю, аб'яднаныя сілы ідуць маршам на Грэнкішкі, Бэйсаголу, Шадаў, Мітруны пад Кракінова, дзе адбываецца канчатковы падзел сіл пяці паветаў.

Шчасліва дабраўшыся да ваколіцаў Упіты, Патоцкі, спаўняючы пастанову рады (ад 16 мая, якая падзяліла Упіцкі павет на 4 вайсковыя акругі), бярэ камандаванне над узброенымі сіламі 1-ай акругі [176] i ідзе маршам да маёнтка маршалка Эйдрыгевіча, дзе, некалькі дзён адпачыўшы, перакідвае атрад пад Трускаў i тут сярод адвечнай пушчы, якая належала «першаму паўстанцу Літвы», сардэчнаму другу Казіміру Трускоўскаму, выбірае сталае месца для лагера. Тут прызначае камандзіраў, паўстанцаў узбройвае, абмундзіроўвае i трэніруе. Тут, урэшце, y закінутай сярод лясоў глухамані арганізуе харчовы склад i фабрыку пораху. Пасля далучэння ста чалавек Трускоўскага яго атрад налічвае 300 касінераў, столькі ж стралкоў, 30 акадэмікаў i адзін эскадрон кавалерыстаў.

24.V. Пасля паражэння пад Румам y лагер прыбывае Караль Пшаздзецкі з малым атрадам, які складаўся з Юстына Поля, Люцыяна Вайсенгофа, Граткоўскага, Макжэцкага i некалькіх іншых. Пры яго вопытных парадах i дапамозе увесь атрад неўзабаве набывае вайсковы выгляд i здольнасць весці бой. У самым канцы мая да ix далучылася яшчэ больш за дзесятак ковенскіх паўстанцаў.

У першыя дні чэрвеня Кардзюкоўскі нечакана нападае на генерала Меера i вымушае яго пакінуць не толькі Пакрой, але i павет. Адначасова Жалігоўскі выганяе казакаў з Лінкова, a Карбевіч трымае ў фармальнай аблозе ў Біржах генерала Набокава. Увесь гэты час адбываюцца амаль штодзённыя сутычкі. Патоцкі стрымлівае непрыяцеля ад Коўна i Кейданаў, a Пжэцішэўскі ад Баўска i Якабштату.

7.VI. У лагер y сялянскім адзенні прыбывае Канстанцін Залескі. Паведамляе пра набліжэнне Хлапоўскага i ўручае Патоцкаму загад, каб аб'яднаўся з ім. Начальнік выдае кароткую адозву: «Панове! Бог нас не пакідае. Заўтра ідзем маршам да Каўганаў. Праз трыста гадоў Літва зноў аб'яднаецца з Каронаю». У лагеры рух, гамана. Сэрцы перапаўняе надзея.

Аднак назаўтра, y самы момант выступлення ў паход, перад Патоцкім з'яўляецца кур'ер Гелгуда [177], дакладваючы загад: «Іду на Літву, гонячы перад сабою разбітага пад Райгродам Сакена. Камандзірам партызанскіх атрадаў загадваю як найспешней заняць Коўна i адразу ж спаліць мост на Нёмане».

З-за гэтага злучэнне з Хлапоўскім паралізавана. Толькі што атрыманы загад Патоцкі перадае Хлапоўскаму i найбліжэйшым атрадам. Чакаючы канцэнтрацыі сіл, y гэты ж дзень яшчэ да Гелгуда ён выпраўляе акадэміка Міхалоўскага з падрабязным рапартам.

Але, на жаль, ужо з самага пачатку, як y прыказкавым «Петухове», так i ў нерашучай гелгудавай галаве!.. Штохвіліна вылятаюць з яе процілеглыя загады, распараджэнні пакаданні... He далей як назаўтра (9. VI) ужо іншы кур'ер уручае Патоцкаму такі загад: «Разам з іншымі атрадамі ісці маршам не да Коўна, a да Кейданаў. Тут сгіыніцца i чакаць прыбыцця корпуса».

10.VI. На чале атрада Патоцкі пакідае бяспечны Трускаў, начуе ў Ігнакаградзе, a назаўтра, пасля імшы ў Упіталоках, рухаецца гасцінцам y бок Кейданаў.

Пасля некалькіх гадзін маршу раптам на супрацьлеглым узгорку замільгацелі флажкі. «Непрыяцель!» - лямантуюць баязлівейшыя. - «Заткніцеся! Уланы!». Яшчэ хвіліна няпэўнасці i з усіх грудзей вылятае: «Уланы, дальбог уланы!».

Усхваляваныя, падвоіўшы крок, атрады набліжаюцца адзін да аднаго. Праз хвіліну ломяцца, перамешваюцца шарэнгі, адны другіх сцягваюць з коней, зямляцкая брація кідаецца ў абдымкі. Чуеш толькі воклічы радасці, бачыш усхваляваныя слёзы, абдымкі, пацалункі.

Такім вось чынам i пры такіх акалічнасцях адбылося гэтае памятнае спатканне. Так злучыўся начальнік 1-га упіцкага атрада Патоцкі з камандзірам авангарда Гелгуда генералам Дэмбінскім [178].

Крыху адпачыўшы ў Кейданах, Патоцкі ў той жа дзень (11.VI) пад вечар на чале свайго атрада ўваходзіць y недалёкія Жэймы, дзе рэгулярныя войскі пад камандаваннем Гелгуда разбілі лагер на абшырнай раўніне. Тут пасля паўгадавога расстання i столькіх перажытых небяспекаў адбылося спатканне пасынка з айчымам. Генерал Тадэвуш Тышкевіч з моманту злучэння Хлапоўскага з Гелгудам ужо стала знаходзіўся ў лагеры апошняга.

У той самы ж дзень, вечарам, Патоцкі разам з іншымі камандзірамі жмудскага паўстання гасцінна прымае ў палатцы Гелгуда i ягоных начальнікаў. Да позняй ночы ва ўсе бакі разлятаюцца віваты, з лагера даносяцца няспынныя воклічы, a музыкі 7-га палка рэжуць маршы i гімны.

На шырокай раўніне, якая губляецца ў лёгкай сіняватай далечыні, сярод чырвоных вогнішчаў пры бляску сонца, якое заходзіць, раскінулася лагерам 8 тысяч пяхоты. Побач з ёю цэлыя палкі найхрабрэйшай y свеце кавалерыі. Доўгія шарэнгі штыкавой зброі пастаўлены ў козлы. Мігацяць каляровыя сцяжкі, ад загарэлых на ветры i сонцы, сярод дыму вусачоў раіцца ўвесь лагер. Весела ржуць надвіслянскія стаеннікі.

Аўтар-жаўнер праходзіць праз мястэчка. Да яго з бліжэйшых хат далятаюць гучны смех, спяванне. Увайшоўшы. бачыць больш за дзесятак віленскіх акадэмікаў y прасторнай хаце, засланай саломаю. Адны ляжаць, другія, седзячы, кураць люлькі. A сярод ix па-брацку бесцырымонна перамешаны старшыя вайскоўцы. «Нейкі вольны стралок y шэрай чамарцы з зялёнымі гузырамі на грудзях, y чырвонай з паўлінавым пёркам кракаўскай канфедэратцы на галаве, падкручваючы вус, разухабіста спявае «О, мой ты каханы, з Варшавы выгнаны, дай спокуй клапотам». A хор. «Рам-там-та-то-том, рам-там-та-то-том!».

Каля касцёла - чытаем y гэтых цікавых мемуарах - некалькі бравых польскіх афіцэраў з махрыстымі эпалетамі стаялі наўкола двух маладзенькіх літоўскіх паўстанцаў. Абодва яны мелі зграбныя, якраз па фігуры шарачковыя ўборы, цёмна-сінія акруглыя шапкі абы-як надзетыя набакір, двухкалёрныя банты на грудзях, лёгкія шаблі пры боку i за вузкім поясам малыя караткаствольныя пісталеты. I строі i ўзбраенне ў абодвух былі падобныя, але ў аднаго твар быў бледны, прадаўгаваты, блакітныя вочы поўныя задуменнасці i сяды-тады змрочная ўсмешка на вуснах; другі, румяны i круглатвары, жыва пазіраў на свет чорнымі вачыма, раз за разам пасміхаўся, быццам душа яго ва ўсім бачыла толькі вясёлую гульню. Першым была Эмілія Плятэр, другім, не менш адважная ў баі дзяўчына - Рашанавічоўна.

Назаўтра (12.VI), пасля прыбыцця паўстанцкіх сіл y Жэймы, Гелгуд, «які не меў паняцця пра стасункі i патрэбы Літвы», цэнтральны ўрад трымае пры сваёй кватэры. Адначасова гэты абсалютны генерал, пра якога Патоцкі піша, што ён звысоку адносіўся да
патрыётаў, якія да яго прыбывалі, a аслабіўшы надзею на адмену паншчыны, якая дасюль моцна ўздзейнічала на сялян, «паступае не як вызваліцель Літвы, a як пераможны заваёўнік», пакідаючы толькі камандзірам i цывільнай моладзі свабоду запісвацца ў якія хочацца палкі. Усю ж масу прыбылых паўстанцаў, не пытаючыся, нібы рэкрутаў, ён уключае ў строй.

Патоцкі з першай хвіліны знаёмства, маючы да Дэмбінскага найвялікшую сімпатыю, як афіцэр паступае пад яго камандаванне. З таго моманту калі дзе-небудзь няўмельства Гелгуда ўзрушае мужнага Дэмбінскага, там заўсёды неадступна знаходзіцца Патоцкі. У сваіх мемуарах («Казімір з Трускова») пан Леан з гэтага часу стала ўжо выступае ў ролі сведкі. Пра сябе ў ix успамінае вельмі рэдка, a ў многіх месцах ён цалкам прападае з вачэй. Мы не ведаем нават, y які з новасфарміраваных палкоў y Жэймах ён уступіў. Можна толькі здагадвацца, што ён выбраў полк «літоўска-пазнанскай» конніцы, бо пра яго піша найбольш. A захапляючыся «бязмежнай ахвярнасцю» моладзі з найлепшых вялікапольскіх дамоў, якая, адкінуўшы самалюбства, аддаўшы вышэйшыя пасады самым дасведчаным, сама ў пацёртых мундзірах, з абпаленымі сонцам тварамі, y полі i ў лагеры з найстражэйшай дысцыплінаю выконвае абавязкі простага салдата, ён з найвялікшай узрушанасцю закончвае сваё захапленне воклічам: «Чэсць табе, польская зямля, чэсць, што нараджаеш такіх сыноў!».

У адвазе Гелгуду ніхто не адмаўляў. Але камандзір адважны i неразважны звычайна губіць справу. Гэты генерал, y вялікай ступені ўпарты i вельмі абмежаваны, ніколі не ішоў за голасам здаровага розуму, за дасведчанай i прадбачлівай парадай Дэмбінскага.

Гісторыя нефартуннай кампаніі Гелгуда на Літве вядомая. Таму залішне бавіцца падрабязнымі апісаннямі няспынных маршаў i контрмаршаў без плану i мэты, a таксама найнедарэчнейшых y свеце бітваў, якія, забраўшы столькі ахвяраў, дазволілі, аднак, нашаму мемуарысту .выйсці з ix жывым, цэлым i здаровым. Затое менш вядомае духоўнае напружанне ў грамадстве, войску i сярод паўстанцаў y той час на Літве. Toe самае можна сказаць i пра менш выдатныя, але тым не менш характарыстычныя факты, як не менш i пра духоўныя рысы кіраўнікоў паўстання, бо гэта ж яны надзвычай паўплывалі на ход усёй кампаніі. Патоцкі, будучы ўдзельнікам тых падзей i маючы вельмі ўражлівую душу, на людзей i рэчы ўмеў глядзець вокам, якое хутка ўсё заўважала, таму ў яго лістах, нататках i ўспамінах з той эпохі ёсць мноства архіцікавых назіранняў i штрыхоў. Пішучы пpa такія значныя ў жыцці асобы i грамадства падзеі, абмінаць ix не варта. Натуральна, што з тых шматлікіх фактаў, суджэнняў i назіранняў, параскіданых амаль на кожнай старонцы ў нашага мемуарыста, ніжэй я падаю толькі скарачэнні.

У гэтым годзе вялікіх надзей патрыятычны запал ахапіў, як піша Патоцкі, «цэлыя масы жыхароў Літвы». Людзі абыякавыя або незычлівыя былі нешматлікімі выключэннямі.

Найбольш абыякавых, акрамя яўрэяў, «супраціўных нашай справе», было паміж багатых грамадзян i заградовай шляхты. Першыя не выказвалі энтузіязму, вельмі любячы багацце i баючыся страціць перавагі ў грамадскім жыцці, другія, вольныя ад падаткаў ці пазбаўленыя многіх прэрагатываў, сталі абыякавымі з-за нейкай ляноты. Зрэшты, цэлы клас сярэдніх памешчыкаў, афіцыялістаў, духавенства, асабліва ніжэйшае, a найперш сяляне, былі прасякнуты запалам, прыклады якога паказвалі штодзённа.

Калі б не самаахвярнасць народа, які штодзённа дастаўляў y лес яду, адзенне i порах, паўстанне на Жмудзі ў самым зародку згасла б.

Галоўным штуршком да падобнай стараннасці была непрыязнасць да новых урадаў за інструкцыі i законы, якія прыкоўвалі народ да зямлі, душылі асвету i ўсю прамысловасць разам з партовымі гарадамі аддавалі ў яўрэйскія рукі. Непрыязнасць узмацнялі яшчэ няспынныя абавязкі размяшчаць па кватэрах i карміць салдат, даваць ім падводы, як i сістэма толькі што ўведзенага падатку, якая даводзіла сялян да руіны.

Дык ці трэба яшчэ гаварыць, што такі стан рэчаў, вестка пра лістападаўскую рэвалюцыю павінны былі выклікаць выбух. Дык вось, y тэльшаўскім павеце сяляне ўжо ў лютым без аніякага ўдзелу эмісараў масава паўсталі супраць дзяржаўнай улады.

Рэгулярнае войска, якое прыбыло з Каралеўства, было незраўнанай храбрасці, змагацца хацела, білася мужна i было ўпэўнена ў перамозе. Зрэшты, гаварыць пра мужнасць шэрагаў, y якіх было яшчэ столькі старых ваякаў, што трыумфальна прайшлі з Напалеонам Еўропу, рэч лішняя. На жаль, шарэнгамі храбрых не было каму кіраваць: Гелгуд не ўмеў, Хлапоўскі не ўмешваўся, a іншыя чакалі загадаў. Дык вось, абыякавасць i скептыцызм начальства, якое не верыла ў сябе, заразаю авеялі ўражлівыя рады i неўзабаве прывялі да таго, што пасля шасцітыднёвай кампаніі ўпадак духу i разлажэнне дасягнулі найвышэйшага ўзроўню. «Загадаў ніхто не даваў i ніхто не слухаў. Кожны кляў, лаяў, разглагольстваваў, наракаў. Страшэннае зло, не прыпыненае моцнай рукою правадыра, як дзікі конь па стэпе гуляла па лагеры...»

Гелгуд, як старэйшы паводле рангу, узяўшы на сябе кіраўніцтва, акрамя асабістай адвагі, паказваў не раз прыклады найлепшых памкненняў. Хоць яго спробы заўсёды разбіваліся аб звычаі, набытыя на Саскім дзядзінцы. Да ўлады генерал меў неўтаймоўную страсць, але яму не хапала сталасці ў пачынаннях i рашучасці, не хапала «таго погляду, які ўсё адразу ахоплівае i ўсяму ўмее даць рады».

Найлепшую характарыстыку далі яму старыя ваякі ў бітве пад Вільняю. Калі ні на хвіліну не пакідаючы батарэі Пенткі, якую палівала агнём, ён стаяў з біноклем, ажно пакуль гарматны снарад не забіў пад ім каня, паказваючы на яго, адзін з жаўнераў кажа: «Ці бачыце, як наш генерал глядзіць праз бінокль?». «Што з таго,- адказвае другі,- калі сляпым вокам».

Наколькі, беручы пад увагу адсутнасць характару i разумовую тупасць Гелгуда, Патоцкі да яго паблажлівы, настолькі вельмі востра судзіць i нават асуджае Хлапкоўскага. Хлапкоўскі сваю дзейнасць на Літве пачаў з таго, што адразу ж пасля пераходу граніцы (21.V) на чале маленькага атрада паведаміў пра гэта свайму швагру, вялікаму князю Канстанціну, які меў рэзідэнцыю ў Слоніме. Адначасова, не маючы ніякай пэўнасці, як павернуцца падзеі, найлегкадумней аддае вялізнае Свіслацкае графства на пэўную канфіскацыю, a тысячы сем'яў, якія тут працавалі, асуджае на кій i жабрачую торбу, дачасна запрашаючы старога i знясіленага ў баях Тадэвуша Тышкевіча за цывільнага начальніка не вызваленай ім Літвы. Пратаптаўшы сабе перамогамі дарогу да славы, ён «бачыць яе выйграную на канцы сваёй шаблі». Аднак з моманту ўваходу на Літву старшага па званні Гелгуда, як яго падначалены, атрымаўшы «сурова абражанае самалюбства, імкнецца ўжо толькі да прускай граніцы, каб завяршыць так цудоўна распачатую драму».

Як антаганіст Дэмбінскага, ён паралізаваў яго найлепшыя намеры i заўсёды быў яму ва ўсім насуперак. Трэба зазначыць, што яшчэ да прызначэння траіх кіраўнікоў (Дэмбінскі, Роланд [179], Хлапкоўскі) гэты апошні, не чакаючы пастановы рады, высылае цэлы абоз корпуса на дарогу да Лукнікаў, пад прускую мяжу.

Падсумоўваючы ўсё тое, што Патоцкі піша пра Хлапоўскага, можна смела сказаць, што гэты здольны, але надзвычай амбітны i зайздросны чалавек, думаючы толькі пра сваё ўзвышэнне, не быў здольны прысвяціць сябе Айчыне, i паўсюль i ва ўсіх «не падбадзёрваў, a гасіў запал», таму, несумненна, быў злым духам i сур'ёзным далакопам літоўскага паўстання.

Трэцім па чарзе, што да ступені старшынства, быў жаўнер з напалеонаўскіх часоў генерал Роланд. Патоцкі характарызуе яго такімі словамі: гадоў з пятнаццаць трэніраваны на Саскім пляцы, замест таго каб збіраць думкі, ён падлічваў крокі. Ён належаў да шэрагу тых, якія, ідучы следам за Хлапіцкім, зусім не абапіраюцца на сілу маральную, a вераць адзіна ў матэрыяльную. Адважны, далёкі ад самастойнасці, ці ісці наперад, ці адступаць, што да атрыманых загадаў, дык лічыў ix абавязковымі. Яго ўлюбёным правілам было «маршыраваць, a не балбатаць». Халодны рыгарыст, пра тое, «што рэвалюцыя - гэта шаленства, a дзе шаленства, там яго трэба падаграваць, ён не памятаў», таму не меў ніякіх падставаў называцца рэвалюцыйным правадыром. Але як чалавек гонару ён меў пэўную павагу, ды сардэчных адносін да сябе не заслужыў ніякіх.

Зусім іншым быў улюбёнец салдатаў, мужны, знаходлівы i разважны, высакародны паляк, ваяк без заганаў генерал Дэмбінскі. Правадыр «поўныжыцця, чыну i энергіі». Сярод грому гарматаў, y крыві i дыме ўзышла яго слава. Ён адзін сярод генералаў, якія дзейнічалі на Літве, быў здольны да гераічных парываў і, што найважнейшае, верыў y сябе, a верачы, умеў уліваць надзею ў сэрцы іншых [180].

Уся таямніца яго ўздзеяння i ўмення весці за сабою іншых была ў тым, што ўсё найдакладней разважыўшы ў сабе, ён заўсёды з шалёным буйствам, быццам не лічачыся ні з чым, выдаваў на паверхню. Задуманы меланхолік, які вечна пра нешта марыў, ён па сутнасці меў прадбачлівую i вельмі цвярозую душу.

Дэмбінскі меў y сабе дужа шляхетнай прастаты. Яго словы, акрамя лаканізму, былі вельмі пачцівымі. Як y справах, так i ў размове ён часта не дагаворваў сказаў, абрываў ix, быў нейкі загадкавы, поўны неспадзяванак. Гэта яго загадкавасць пры неспадзяванках, якія ўзбуджалі давер, накладвала вялікае абаянне на акружаючых i незвычайна прыцягвала іншых. Словам, ён рабіў уражанне чалавека, які ведае, куды імкнецца, мае перад сабою ясную мэту.

«Мне здаецца, - піша Патоцкі, - толькі адзін генерал Дэмбінскі, каб яму доля даручыла лёс гэтай кампаніі, надаў бы ёй намнога лепшы накірунак».

Калі б y Куршанах спыталі ў старых ваякаў, пад чыім кіраўніцтвам яны хочуць далей змагацца, напэўна, за камандзіра яны абралі б Дэмбінскага. He толькі гэтага не было зроблена, але баючыся, каб увесь корпус не перайшоў на ягоны бок, была распушчана чутка, што ён хоча на яўную згубу кінуцца на Курляндыю, не бачачы, што ногі босыя, каса пустая i не хапае амуніцыі.

Насуперак пастанове, што падзел павінен быць роўны, Дэмбінскаму «з бязладнай кучы» далі толькі 4000 чалавек, 6 гарматаў, 100 злотых i крыху амуніцыі. Нягледзячы на гэта, нягледзячы на агідныя ўчынкі таварышаў па зброі, y Куршанах маральны дух не пакідае Дэмбінскага. Як толькі ар'ергард генералаў вырушыў да прускай граніцы, генерал, абняўшыся з афіцэрамі, загадаў маркітанцам пачаставаць старых ваякаў. Сам жа, разлажыўшы карту, доўгі час прасядзеў над ёю, паціраючы лоб. Нарэшце бадзёра падхапіўся, даў кароткі загад ад'ютантам i праз хвіліну, сеўшы на каня, рушыў на агляд тых, якія асталіся дзяліць з ім на жыццёвай дарозе добрае i дрэннае.

Пры з'яўленні любімага камандзіра з тысяч грудзей вырваўся выгук: «Няхай жыве наш генерал! Няхай жыве Дэмбінскі!». A ў ix вачах, што яшчэ з ранку парабіліся абыякавыя i расчараваныя, можна было прачытаць, што на першы ягоны знак кінуцца i ў пекла.

Дэмбінскі, заклінаючы ў імя Айчыны, прамовіў да сваіх вісусаў коратка, па-свойму, заклікаючы да вытрымкі i найперш да згоды. Як толькі заціхлі паўторныя выкрыкі, ён ускінуў шаблю i прагукаў: «Наперад!». A калі капэла зайграла марш Дамброўскага i ў такт яму рушылі рады, ужо іншым голасам, поўным натхнёнасці, заклікаў: «Наперад, братва, з Богам, Бог нам паможа!». «I Бог,- дадае Патоцкі,- благаславіў тых, якія выканалі свой абавязак».

Так пад камандаванне таго, хто ўзяў сабе за правіла «Audaces fortuna juvat» [181], пачалося гэтае слыннае, поўнае надзвычайных прыгодаў i здарэнняў, стомілевае адступленне да Варшавы.

Нягледзячы на амаль пэўную пагібель, Дэмбінскі, каб падтрымаць паўстанцаў, што парассыпаліся па лясах i балотах, замест таго, каб ісці па-над граніцаю, прыняў рашэнне прарэзацца праз самую сярэдзіну Літвы. I што задумаў, тое зрабіў. Прытым штодзённа сыплючы як з рукава нечаканасці, якія здзіўлялі, a салдатам улівалі ў сэрцы веру, узнімалі дух. Уласна такой нечаканасцю была адразу ж назаўтра пасля таго, як пакінулі Куршаны (10.VII), удалая бітва ў Мышкуцях. Здабытую зброю i зарады адразу ж раздалі касінерам, пустую касу забяспечылі золатам i ўзялі сотню палонных. Такія i падобныя да ix «неспадзяванкі» неўзабаве паўтарыліся ў бітвах i сутычках y Панявежы, Малятах, Падброддзі, Дзятлаве, Дзярэчыне. A ў выніку сталася так, што абдзёрты ў час выхаду з Куршанаў, дрэнна ўзброены i аголены ад грошай полк з трыумфам уваходзіў y муры сталіцы, забяспечаны як трэба ад пятаў да галавы, маючы поўныя скрыні амуніцыі, дукаты i рублі ў касе, трафейных коней i вялікую колькасць рознага вайсковага рэквізіту.

Жорстка змардаваную душу i сціснутае сэрца меў Патоцкі, выйшаўшы пад кіраўніцтвам Дэмбінскага на марш з Куршанаў. Прычынай гэтага былі справа, якая хілілася да свайго заняпаду, i не менш свежае яшчэ расстанне з любімым айчымам. Ад сівога ўладальніка Свіслачы астаўся толькі цень. «Выканчаны фізічна i маральна пасля апошніх пераходаў, млеючы ад слабасці, ён вымушаны быў перайсці граніцу з тымі, да якіх y сваім сэрцы ўжо не меў павагі».

Аднак, акрамя бязмернага смутку, Патоцкага не пакідае надзея. Ужо пасля выхаду з Куршанаў ён, між іншым, піша сваёй сям'і: «З скрынкі Пандоры на нас высыпаліся ўсе болі i цярпенні, аднак трываем, бо Дэмбінскі падтрымлівае ў нашых сэрцах надзею. Ён адзін наша сонца, вера i надзея». Смутак i цяжкасці фарсіраванага маршу былі для яго лягчэйшыя, бо побач з ім былі такія выпрабаваныя нядоляю прыяцелі, як ад'ютант камандуючага Люцыян Вайсенгоф, маёр Яновіч i Матусевіч. З імі ён найчасцей знаходзіўся ў ар'ергардзе, з імі таксама ў хвіліны адпачынку, калі змучаны камандуючы заснуў на мураве, не раз пільнаваў, каб той, «што ў баі быў заўсёды першы, y адступленні апошні», меў нічым не парушаны адпачынак.

У шарэнгах урвісаў Дэмбінскага знаходзіўся васемнаццацігадовы юнак, які знешнім выглядам i заліхвацкімі паводзінамі вылучаўся сярод таварышаў. Гэта быў Шыман барон Бруноў, сын былога пасла i ковенскага маршалка Станіслава i яго жонкі Эўфразыны з графаў Касакоўскіх. Да сімпатычнага маладзёна, y жылах якога, відаць, цякла гарачая кроў славутых прадзедаў, якія ўжо ў часы Жыгімонта III вызначыліся мужнасцю ў шведскай вайне, Патоцкі прыпаў усім сэрцам i, прыцішаючы i тут i там неразважны запал, на працягу ўсяго часу адступлення, a нават i пасля, калі разам бралі ўдзел y абароне Варшавы, не выпускаў ужо яго з-пад сваёй апекі.

Тут не лішне будзе дадаць, што ўжо пасля вяртання з эміграцыі, пан ІІІыман Бруноў, здабыўшы зноў, хоць на гэты раз не без пэўных цяжкасцей, сэрца дачкі нашагамемуарыста, статнай Ядвігі, неўзабаве ўзяў яе сабе за жонку.

Пасля амаль дзівогнага пераходу Нёмана, Патоцкі нарэшце перастаў маркоціцца, апынуўшыся ў здаўна вядомых краях. Настрой пана Леана яшчэ больш палепшаў пасля далучэння пад Дзятлавам навагрудска-слонімскай кавалерыі Кашыца i Бронскага, якая складалася з адных памешчыкаў, сярод якіх ён знайшоў даволі многа прыяцеляў i добрых знаёмых.

Калі з Вензаўца Дэмбінскі, сышоўшы з гасцінца, раптам кінуўся да надшчарскай Волі праз вядомыя заваламі i здраднымі багнамі вялікія падольскія лясы, y якіх, прадзіраючыся праз кнеі, ён не аднойчы паляваў на мядзведзяў i рысяў з Ромерам, Тышкевічам, Солтанам i Сапегаю, пан Леан быў ужо як y сябе дома.

Адсюль ажно да Боцькаў, як добра абазнаны з мясцовасцю, ідучы ў авангардзе, ён быў добрым памочнікам Дэмбінскаму. Адсюль напрасткі паслаў да жонкі даверанага ганца, паведамляючы пра сваё набліжэнне i з журбою клічучы на месца спаткання. Гэтым апошнім павінна было быць Поразава, размешчанае каля самай Белавежскай пушчы. Чым хутчэй пан Леан набліжаўся да гэтай мясціны, тым сэрца яго ад нецярплівасці мацней біла молатам. На жаль, яго сустрэла страшэннае расчараванне: y Поразаве не было ні жонкі, ні якой-небудзь весткі ні пра яе, ні пра яго найдаражэйшае дзіця!

- У пушчы,- расказвае Патоцкі,- сярод амаль немажлівых для праходу гушчароў, кудой ледзь можа пралезці толькі дзікі звер i дзе, як адзіны ўладар пануе зубр, над лагерам прагучаў радасны голас: «Мы выратаваны!..». Ды, аднак, пасля таго, як пакінулі Жмудзь, небяспека не была такой пагрозлівай i пагібель такою блізкай! Акружаным з усіх бакоў значнымі сіламі пяці расійскіх генералаў, здаецца, аставалася толькі адно: загінуць. I трэба ж так стацца, што ў такія хвіліны прылятае на кані яздок з весткаю, што храбры камандзір валынскай конніцы Ружыцкі на чале сваіх малайцоў ідзе на дапамогу i знаходзіцца ўжо ў Нараўцы!

Усіх ахоплівае шал радасці. Дэмбінскаму цалуюць рукі, падхопліваюць яго i носяць! Ён жа, увайшоўшы ў палатку, расхваляваны да глыбіні душы, падае на калені i адбівае паклоны Найсвяцейшаму.

Для Патоцкага гэты памятны дзень быў удвайне радасны: селянін, які прыехаў y пушчу па сена, уручае яму ліст ад жонкі, y якім яна піша: «Позна атрымаўшы паведамленне, я была ў Поразаве праз гадзіну пасля праходу тут палка i такое прыкрае расчараванне мы з Ядзвіняю абрасілі слязамі...».

Праз тыдзень пасля гэтага (4. VIII) шчаслівы Дэмбінскі, выкруціўшыся з рук y дзесяць разоў больш шматлікага праціўніка, пад водгалас званоў, стрэлы гарматаў i выкрыкі, якія выляталі з стотысячных грудзей, уваходзіць на чале змаганцаў y сталіцу. На плошчах i вуліцах плакалі ад радасці, пляскалі ў далоні, a з вуснаў матак, жонак, сясцёр i дзяўчатаў аб яго вушы адбіваліся няспынныя благаслаўленні i падзякі за вернутых мужоў, братоў, каханых i сыноў. «Гэта быў найпрыгажэйшы дзень яго жыцця i найдаражэйшая плата за перанесеныя нягоды».

Дні радасці i ўзрушэння хутка прамінулі, a штораз горшыя i сумнейшыя падзеі пачалі разгортвацца са здзіўляючай хуткасцю.

- Праз месяц пасля гэтага рыкнулі гарматы Пашкевіча, затраслася на сваіх фундаментах Варшава... Пасля двухдзённай крывавай барацьбы каля акопаў, y глухую ноч, стоячы на пазіцыі,- расказвае Патоцкі, - я адмаўляў «Вечны спачын» за сардэчных сяброў, якія там, над Нявяжаю, ашчаджаныя кулямі Сулімаў, Сакенаў, Шырманаў, злажылі галовы тут, над сястрынскаю Віслаю. Раптам з боку гарадской заставы данёсся тупат, a праз хвіліну галопам прымчаўся ад'ютант галоўнакамандуючага i загадаў: пазіцыі пакінуць, маршам ісці на Прагу!

З камяком y горле, са сцятымі вуснамі загад быў выкананы. Перайшоўшы мост, ён рукавом выцер набегшыя слёзы: «О, Божа! Варшава страчана!».

Назаўтра, не паспелі мы яшчэ ачысціцца ад крыві i копаці, як прыйшоў загад на марш да Модліна. Начлег, - піша Патоцкі, - мне выпаў y Яблонне, y дамку, які калісьці займаў улюбёны камердынер князя Брадоўскі. Нягледзячы на страшэнную стомленасць, шчаслівыя ўспаміны з дзіцячых гадоў амаль не далі мне заснуць. Падхапіўшыся з усходам сонца, я абабег усе закуткі ў дварэ, садах, хлявах, якія так прамаўлялі мне да сэрца моваю мінулага. На жаль, y «Пустэльні», якую мы некалі займалі i якую я лічыў за другую родную страху i ў доміках пані Ціхоцкай, агародніка Акермана i лоўчага Балдыша, усюды пустэча i пустэча! Толькі ў палацы перад вачыма маёй душы паўстаў той добры, бо любіў дзяцей, князь, які цягаў па ўсіх пакоях дакучлівага хлопца, што ўчапіўся за полы яго фрака...

З хваляваннем запыніўся я яшчэ перад партрэтам патрона гонару польскага войска. Праз хвіліну, пакідаючы так мілае сэрцу месца, я яшчэ раз кінуў на яго развітальны позірк, быццам развітваўся з ім назаўсёды.

Праз месяц (10.X), адразу пасля пераходу разам з усёй арміяй граніцы пад Сведзебнам, y пісьме да прыяцеля Патоцкі, паведамляючы яму пра такі сумны факт, піша так: «Пацямнела ў мяне ў вачах i толькі, абапёршыся на плячо пачцівага Брунова, з Матушэвічам, які ад мяне не адыходзіў, я перайшоў граніцу... Ніякае пяро не ў стане апісаць роспач жаўнераў. Тыя, што дзесяць месяцаў назад пралілі столькі сваёй i чужой крыві, галасілі як нявесты, плакалі як дзеці...»

«...Пакінула нас боская ласка, за бацькоў церпім кару!»

З гэтага моманту ў Патоцкага пачынаецца сумнае жыццё бадзягі, y якім пуцяводнай зоркаю для яго заўсёды з'яўляецца вера, a магнітнай стрэлкаю - любоў да Айчыны.

Неўзабаве з многімі іншымі сябрамі мы бачым яго ўжо ў Дрэздэне, дзе ён адшуквае свайго айчыма і, дзелячы з ім смутак i просячы Бога даць памерці на роднай зямлі, праводзіць з ім доўгія дні пад адным дахам. Сум па доме, клопат пра найбліжэйшых сэрцу рассейваюць адведванні сяброў па зброі, частыя нарады i пасяджэнні, a таксама штодзённыя заняткі ў публічнай бібліятэцы. У Дрэздэнскіх мурах ён завязвае знаёмства з Міцкевічам, Полем [182] i Вітвіцкім [183]. Усім, не выключаючы i генерала Тышкевіча, супакойвае цярпенні бадзяжнай нядолі «анёл-кабета» Клаўдына Патоцкая [184], якая, дзякуючы сваёй магутнай індывідуальнасці, кожнага ўмела натхніць надзеяю на лепшую будучыню...

У наступным (1832) годзе Тышкевіч, калі ўрад канчаткова захапіў усе маёнткі i частку Белавежскай пушчы, якая ахоплівала 10 квадратных міляў прасторы, страціўшы надзею вярнуцца ў край, на вялікі жаль пана Леана, вырушае на сталы побыт y Парыж [185].

Надмагілле генерала Тадэвуша Тышкевіча ў Парыжы.

Пасля яго ад'езду Патоцкі пакутліва адчувае спустошанасць, з якой яму цяжка зжыцца. У дадатак да ўсяго, сярод шэрасці жыцця, перамешанай з тугою, да яго далятаюць трывожныя весткі пра небяспечны стан маёнтка. У такіх варунках да яго ў 1834 годзе даходзіць вестка пра амністыю. Спешна яе выкарыстаўшы, ён адразу ж вяртаецца дадому. Тут, аднак, i яшчэ ў гэтым самым годзе, адбываецца цалкам нечаканае здарэнне... пан Леан, за прыкладам бацькі i столькіх іншых y тую эпоху асобаў... разводзіцца са сваёю жонкаю! Ці прычынаю такой надзвычайнай змены быў дух часу, ці якія іншыя прычыны, нідзе не знайшоўшы дакладнейшых дадзеных, не буду пыжыцца з тлумачэннямі. Даволі толькі, калі скажу, што атрымаўшы развод, пані Патоцкая бярэ шлюб з Юзафам Вайцяхоўскім, памешчыкам Ваўкавыскага павета, i жыве з ім ажно да самай смерці.

Што ж датычыцца пана Леана, дык ён, пакінуўшы Рудаву, забудаваную ім i аздобленую цудоўнымі паркамі, садамі i алеямі, стаў адразу ажно трайною ахвяраю крушэння, бо не толькі палітычна-матрыманіяльнага, але i матэрыяльнага. Што гэтай апошняю - нічога дзіўнага! Бо заўсёды быў шчодры ажно да марнатраўства, залішне даверлівы да людзей i да гэтага мяккі ў інтарэсах. У дадатак, завалодаўшы на Валыні пасля бацькі значным, але яшчэ больш абцяжараным даўгамі маёнткам, уратаваць яго не сумеў, бо не меў ніякага ўяўлення, як трэба змагацца з матэрыяльнымі цяжкасцямі.

Паляк жа пры найгоршых акалічнасцях не траціць азарту. Гэта ўжо выплывае з яго прыроджанага характару - i ў баі, i ў спакоі ён вечна мусіць шалець! Калі іншыя народы пасля балючай няўдачы, згінаючы карак перад лёсам, шукаюць забыцця болю ў працы, польская этыка ў такіх выпадках зусім іншая. Мужныя, мацнейшыя, не вынішчаныя мячом, Якія ўжо не могуць даўжэй шалець y баі, але якія нізавошта не згінаюць карку, ідуць шукаць прыгодаў хоць бы на край свету. Слабейшыя ж, застаўшыся ў краі, свой задзёр прывыклі ў той час падтрымліваць шаленствам няспынных забаваў. Так было ў гады 1772-ім, 1792-ім i 1794-ым i пасля ix, так y 1831-ым, 1863-ім i так ёсць цяпер.

У той час шалеў увесь край, танцаваў на магілах... Патоцкі быў здаровы, y сіле веку, поўны тэмпераменту i любіў пагуляць. Ён жа быў сынам найлепшага ў Польшчы танцора, a дзіцячыя гады правёў y Яблонне, Лазенках, пад Бляхай. Таму не дзіва, што падхоплены кругаверцю забаваў, круціўся ў ёй да ўпаду i апісваў штораз шырэйшыя кругі. У гады, пра якія ідзе гаворка, мы бачым яго ў Кангрэсоўцы, або зноў на Літве, Жмудзі i Валыні. Ён не прамінае ніводнага балю, адведвае сваякоў, сяброў i з імі палюе. Але ўсё на свеце мае свой канец i пэўныя межы. Патоцкі чуллівым ніколі не быў. Ён любіў край, яго мінулае, y сэрцы насіў ідэалы, прышчэпленыя светлымі піярамі.

Неўзабаве яны вярнулі яго да прытомнасці i прымусілі апамятацца. Пасяліўшыся пасля 1836 года на стала ў Варшаве, нягледзячы на тое, што яшчэ гуляе, ён мае ўжо час, акрамя занятку альбомнай літаратурай, каб наведваць антыкварыяты, заходзіць y бібліятэкі, заводзіць знаёмствы ў навуковым i літаратурным свеце. Яго пастаянна ўжо прыцягваюць штотыднёвыя сходы, асабліва ў доме жонкі ваяводы Накваскай. Аднак пераломная ў яго жыцці гадзіна прабіла не над Віслаю, a над Віліяй, y горадзе Гедзіміна. Тут y коле вучоных ён чуе першыя словы, якія заахвочваюць натаваць традыцыі, якія заміраюць з кожным днём. Урэшце, тут i ў гэтым самым яшчэ годзе (1836), калі ён браў удзел y карнавале, яго ўражлівую думку ўзрушвае факт, які ён запісвае ў мемуарах усхваляванымі словамі. «Я спыніўся, піша ён, - на Нямецкай, y Мюлера. Раптам, задыханы, улятае пан Адам: «Ведаеш? Трускоўскага [186] злавілі ў Курляндыі. Учора яго ў кайданах прывезлі ў Вільню». Пярун [187] мяне так не ўразіў бы, як гэта вестка! За сябе, ведаючы яго лепш, як хто-небудзь, я быў цалкам спакойны. Але думка пра пакуты таварыша па зброі як удзень, так i ўначы не давала мне спакою.

У гэтай згрызоце, не ведаючы, што рабіць, я неўзабаве выехаў з Вільні. Праз некалькі месяцаў, перажываючы мукі ўласнага сумлення, я ўжо вярнуўся. Пра Трускоўскага паведамілі мне адразу ж: яшчэ не асуджаны, яшчэ ў астрозе. Пасля некаторага вагання добры i гатовы памагчы камендант Б. паспрыяў мне, каб дамагчыся спаткання».

У панурай астрожнай камеры Патоцкі застае былога таварыша па зброі: белыя валасы з белай барадою спадаюць на грудзі старца, вочы яго выгаслыя, твар страшэнна бледны. Побач з ім жанчына ў лахманах, y якой Патоцкі з цяжкасцю пазнае сястру няшчаснага, некалі ўсімі любімую панну Лаўрэнцію. Патоцкі ўручае вязню пасведчанне на вайсковы крыж, атрыманы ад Нацыянальнага жонду на яго імя, і, узрушаны да глыбіні душы, пакідае цэлю.

Праляцела некалькі месяцаў. Настала вясна. Жонка маршалка Л. y Кайранах, сваёй летняй рэзідэнцыі, размешчанай за дзве мілі ад Вільні, дае вечар танцаў для тагачаснага генерал-губернатара, князя Далгарукага [188]. Князь, паводле становішча высокі чын, ажэнены з полькаю, узяў сабе за правіла: «Гуляйма, пакуль жывем!». Няспынна даючы балі, гасціны i святкаванні, ён быў другім сонцам на віленскім гарызонце. Патоцкі, як запрошаны персанальна, не мог ухіліцца ад удзелу ў гэтай забаве з розных пунктаў погляду.

«Я пакінуў Кайраны,,- піша ён,- адзін з апошніх. Едучы, заснуў. Рапгам гучнае «Пойдн прочь!» фурмана абудзіла мяне ад сну. Узыходзіла сонца, мы міналі гарадскую заставу на Антокалі. Я ўбачыў, як каманда пяхоты суправаджала значны атрад вязняў. Між ix y самаробным астрожным адзенні ішоў y цяжкіх кайданах Трускоўскі» [189].

Такі для Патоцкага быў апошні баль на Літве i такі фінал усіх пацехаў!

На гэты раз ён перажыў надзвычай моцнае ўражанне. Ды інакш i быць не магло!

Нядоўга ўжо Патоцкі гуляе ў Вільні, дзе, як заўважае ён, кампанія змянілася з многіх пунктаў погляду. Зніклі даўнейшыя дамы з ix поўнай павагі ветлівасцю. Сёння пачцівасць замяняе менш цырыманіяльная зычлівасць, павагу - каляжанскі поціск рукі. Праўду кажучы, гасціннасць дагэтуль не парушана, але ў кабетаў свабода, як y станіславоўскія часы, змянілася на залётнасць, «мужы з'яўляюцца фірмаю, жонкі - таварам...».

«...Не адна з жанчын y шале весялосці забывае, што брат, муж y астрозе альбо ў Сібіры. A ёсць i такія, што, не данасіўшы жалобу па загінуўшым, кідаюцца, каб як найхутчэй выскачыць y мазуры ці вальсе!»

З 1839 года Патоцкі ўжо толькі зрэдку заглядвае на Літву. Хіба ад часу да часу ў панявежскае, y чароўнае Павярмене, каб нацешыцца любімай дачкою, y той час ужо выдадзенай за барона Шымана Брунова. Сярод муроў Варшавы спачатку шчыра сумуе па вёсцы, але, будучы чалавекам свецкім, неўзабаве душэўна прывыкае «да горада не толькі элегантнасці i вытанчанага густу, але братняй дапамогі i пачцівых імкненняў». Незабывайма, зрэшты, штоён быў выхаванцам Варшавы, меў тут многіх школьных калегаў i шмат прыяцеляў.

Гэтых апошніх y яго ў гэты час значна прыбавілася. Бываючы на штотыднёвых сходах y Лушчэўскіх, жонкі ваяводы Накваскай, Вуйціцкіх, Мацяёўскіх i ў пані Лявоцкай, на якія збіралася ўсё, што

Варшава мела інтэлігентнага, ён увайшоў y бліжэйшыя кантакты з многімі прадстаўнікамі тагачаснай літаратуры, навукі i мастацтва, якія, як з Шабранскім, Тышынскім, Лубенскім i Міхалам Балінскім, перайшлі ў адносіны сардэчнай прыязнасці, што доўжыліся да самай смерці.

У наступным 1840 годзе, сярод глухой паслярэвалюцыйнай цішыні на духоўнай ніве, група самых гарачых прыхільнікаў айчыннай літаратуры 12 верасня на сваім сходзе пастанавіла заснаваць рэдакцыю, каб выдаваць часопіс чыста навуковага зместу. Гэтую групу складалі: Міхал Балінскі, Аляксандр i Адольф Курцы, гр. Леан Лубенскі, Вінцэнт Маеўскі, гр. Леан Патоцкі, Антон Шабранскі, Аляксандр Тышынскі i Казімір Ул. Вуйціцкі. Выданне, якому далі назву «Бібліятэкі Варшаўскай», пастанавілі распачаць з 1 студзеня 1841 года i за рэдактара з тых, хто прымаў удзел, выбралі Антона Шабранскага. Ад гэтага моманту Патоцкі ўвесь час побыту ў Варшаве як супрацоўнік i заснавальнік заслужанага органа быў адным з найактыўнейшых. 31 ж кастрычніка 1842 года, калі Шабранскі склаў з сябе абавязкі рэдактара, разам з Вуйціцкім, Балінскім, Лубенскім i ca сваім прыяцелем са школьных гадоў Вагаю, наперамену выконваў яго вельмі цяжкія i адказныя функцыі.

Што Патоцкі разам з сябрамі меў шчаслівую руку, даказвае тое, што яшчэ i сёння, праз семдзесят гадоў, «паводле веку i службовых абавязкаў» «Бібліятэка» ўсё яшчэ з даўняй годнасцю стаіць на чале ўсіх польскіх часопісаў падобнага роду.

Пан Леан, быццам яму не хапала гэтых клопатаў, пазнаёміўшыся ў Патодкіх з дырэктарам урадавай камісіі публічнай асветы Станіславам Бадэнам, паступае ў гэтую дырэкцыю i ў аддзеле агульнай адміністрацыі выконвае абавязкі рэферэнта. Праз год мы бачым яго ўжо на пасадзе начальніка стала ў навуковым аддзеле варшаўскай акругі, на якой працуе ўжо стала да 1849 года разам з сардэчным сваім прыяцелем, вядомым пісьменнікам Міхалам Балінскім, які ў тым самым аддзеле выконвае абавязкі камісара кнігарняў i друкарняў Польскага Каралеўства.

У 1843 годзе y жыцці Патоцкага адбываецца знамянальная падзея. Пазнаёміўшыся на адным са сходаў y сям'і палкоўніка Пашкоўскага з гераічным абаронцам y 1812 годзе крэпасці Шпандаў генералам Млакасевічам, ён пачынае бываць y яго доме. Ачараваны добрымі якасцямі сэрца i душы генеральскай дачкі, панны Анны, па-вайсковаму, без мітусні ён робіць прапанову i атрымлівае згоду. Шлюб пана Леана адбыўся яшчэ ў гэтым годзе, y катэдры, i на тых самых прыступках, на якіх с.п. матка яго прысягала на вечнае каханне, ідучы зноў замуж за генерала Тышкевіча.

Нягледзячы на тое, што шлюбны стан называюць святым, відаць, з-за таго, што ў ім ёсць шмат пакутнікаў, Патоцкі, аднак, з-за другой жаніцьбы пакутнікам не зрабіўся, з прыказкавага неба ўніз не ўпаў i пасля мядовага месяца гадоў, горкіх, як палын, ніколі не меў. Новая супольніца яго шчасця i нядолі была ў поўным значэнні слова увасабленнем дабрыні, i зваў ён яе заўсёды «святою душою».

З гэтага часу жыццё нашага пісьменніка без узрушэнняў i асаблівых здарэнняў пэўны час цячэ даволі роўна. Яго запаўняе сям'я, дзяржаўная i рэдакцыйная праца. Акрамя гэтага, звычайна на ўрачыстыя святы, як, напрыклад, на традыцыйнае «свянцонае яйка», ён заходзіць y дамы сваякоў, затое яго на літаратурных сходах y вядомых на той час салонах сталіцы мы бачым пастаянна.

Пасля даволі доўгага зацішша надыходзіць памятны 1848 год i прыводзіць узмоцненую рэакцыю. На схіле яго пан Леан як польскі экс-вайсковец i патрыёт аказваецца зняты з пасады, якую ён займаў на працягу васьмі гадоў y «Камісіі спраў унутраных, духоўных i публічнай асветы». Падобна, прычынаю гэтага было нейкае неасцярожнае пажаданне, выказанае на адрас генерала Дэмбінскага, які ў той час камандаваў адным з польскіх легіёнаў y Венгрыі...

Гэты прыкры факт Патоцкі прымае з уласцівым яму стаіцызмам і, будучы ужо ўпаўне гаспадаром свайго часу i цешачыся вядомай прыказкай «няма таго дрэннага, што б на добрае не выйшла», пачынае штораз старанней мараць паперу. Вынік таго «марання» быў такі, што ў настугінае дзесяцігоддзе скончыў усе свае задуманыя працы, матэрыял для якіх ён меў ужо ў значнай меры падрыхтаваны, i пераслаў y Познань y рукі пачціваму Жупанскаму. Пра выданне ж яго працаў y Варшаве не магло быць i гаворкі.

Вельмі позна з краёў, ахопленых рэвалюцыйнай бураю, пачынаюць даходзіць сумныя весткі. Смерць на полі змагання многіх таварышаў па зброі азмрочвае пану Леану працавітае жыццё. У гэты час (1850), каб акунуцца ва ўспаміны маладосці, ажно праз 20 гадоў ён наведвае Яблонну i там настроены журботна: «Дзеж тыя,- пытаецца ён,- y каго тут калісьці жыццё праплывала так шчасліва? Усе ўжо памерлі! Я хацеў бы, - піша ён далей,- развітаўшыся раз назаўсёды з летуценнямі, пайсці рэальнай дарогаю, каб нарэшце дайсці туды, адкуль ужо больш не вяртаюцца!».

Страты, аднак, ідуць за стратамі, нагадваючы старэючаму пісьменніку пра зменлівасць лёсу, ад якой мы не можам пазбавіцца. Мы ўжо ведаем, як пан Леан сардэчна быў прывязаны да Тышкевіча, таму можам уявіць сабе яго жаль, калі з Парыжа надыйшла жалобная вестка (1852) пра смерць генерала. Нейкі час ён нават не мог пісаць. Так гора сціскала яму сэрца.

У гэты час з Паверменя атрымлівае паведамленне пра з'яўленне на свет унучкі. З гэтай нагоды да каханай дачкі i зяця піша чулыя, поўныя парад i бацькоўскіх папярэджанняў лісты, благаславіць ix з малой Людвісяй i абяцае, што неўзабаве ix адведае. Гэту думку падказвае яму добрая жонка, якая клапоціцца пра ягонае здароўе. З гэтага часу ён марыць толькі пра Літву, пра Павермень, пра самых дарагіх. Для прыгнечанага смуткам розуму гэта становіцца супакаеннем.

Свой намер Патоцкі здзяйсняе з надыходам веснавых дзён наступнага года (1853). A праязджаючы праз Гродзенскі павет, збочвае да Свіслачы i тут, праз дваццаць гадоў, моліцца на магіле сваёй маткі.

Пра ўражанне, якое на яго зрабіў дашчэнту зруйнаваны свіслацкі двор, мы ўжо ведаем з яго «Успамінаў...». Могілкі пакідаў толькі падужэлы душою, суцяшаючыся думкаю, «што ўжо незадоўга паяднаецца з любімаю маткаю...». Але лёс меркаваў інакш. Наперадзе яму было яшчэ суджана прайсці ўсе выпрабаванні жыцця i ўсё перахварэць...

Са значна акрэплымі душой i целам Патоцкі вяртаецца з Літвы i мужна, як i трэба старому ваяку, пераносячы ўсе цяжкасці жыцця, працуе далей. Уласна з выбухам крымскай вайны яго пачынаюць электрызаваць звесткі, якія даходзяць з поля бою (у Саскім парку, на прагулках з калегамі, колькі было з гэтай нагоды «залатых надзей i летуценняў»!). I раптам на яго нечакана звальваецца найпакутлівейшы ўдар - жонка, гэтая верная i найласкавейшая сяброўка, памірае! Здранцвелага ад болю бацьку Бруновы гвалтам забіраюць да сябе. Толькі тут, між сардэчнай атмасферы паверменскага двара, праз некаторы час бедны, шукаючы палёгкі звыш, ён знаходзіць суцяшэнне.

Далейшыя шляхі жыцця заслужанага ветэрана i сімпатычнага пісьменніка ўжо кароткія.

Сярод дзяцей, якіх любіў ён i якія любілі яго, маючы ў сэрцы Бога i Айчыну, a галаву, занятую работай, з чыстым як сляза сумленнем, ён цешыўся спакоем.

У 1856 годзе ў яго з'яўляецца другая ўнучка, Марылька (пазнейшая гр. Солтан). «Нацешыўшы вочы» выглядам мілага дзіцяці, ён благаславіць яе i вырашае пусціцца ў навуковае падарожжа па Жмудзі. Гэты намер неўзабаве здзяйсняе. Даследуе ваколіцы Упіты i Панявежа, заязджае ў Росены i Коўна. У Шаўлях на полі бітвы, якое так запомнілася яму з 31 года, «Вечны спачын» адмаўляе за тых, што паляглі. Усюды запісвае лакальныя традыцыйныя абрады, паданні, песні мясцовага люду i неўзабаве змяшчае ix y «Мемуарах пана Камертона».

Вярнуўшыся з экспедыцыі, пан Леан канчае распачатыя ў Варшаве «Успаміны першай маладосці» (яны ўласна з'яўляюцца 1-ай часткаю «Свіслацкіх успамінаў») і, з надыходам доўгіх вечароў, прыхільна паставіўшыся да просьбы пана Шымана, засядае пісаць успаміны пра свой удзел y жмудскім паўстанні, якія, скончыўшы перад самым Вялікаднем, прысвячае «Таварышам па зброі».

У настунным 1857 годзе з настунленнем вясны мы зноў бачым яго ў пагоні за знікаючымі традыцыйнымі абрадамі ў ваколіцах Вілкаміра, Азяросаў, Браслава, Біржаў i доўгі час y Пінянах, y свайго прыяцеля маршалка Сясіцкага. У той самы год прасоўвае наперад сваю самую вялікую працу, распачатую яшчэ ў Варшаве, «Мемуары Камертона» i наперамену піша «Успаміны пра Свіслач», якія, закончыўшы ў красавіку настугінага 1859 года, прысвячае сваёй дачцэ, любімай Ядвізе.

Вярнуўшыся ў Павермень, пані Ядвіга ашчасліўлівае бацьку i мужа ўнукам Станіславам. Дзед з гэтай нагоды невыказна ўзрадаваны.

У 1860 годзе з ліхаманкавай спешкаю канчае 3-томныя «Мемуары Камертона» i гэтую працу прысвячае свайму прыяцелю Сясіцкаму.

Смерць першай жонкі i сардэчнага прыяцеля i калегі Леана гр. Лубенскага ў гэтым самым годзе засыпаюць яму розум смуткам. З-за гэтага сам ужо адчувае цяжар гадоў і, шчыра веруючы, звяртаецца да дзяцей з хрысціянскай пакораю: «Нічога мне ўжо не застаецца, як вас благаславіць!».

Аднак, калі распачаліся перадпаўстанчыя маніфестацыі, Патоцкі, наэлектрызаваны весткамі, якія да яго даходзяць, наадварот, ажыўляецца і, поўны надзеі, прымае ix сэрцам гарачага патрыёта.

У гэты час яшчэ накідвае на паперы кароткія ўспаміны, піша вершы, распачынае аповесці, але весткі з-пад Віслы ўвесь час перапыняюць яго работу, блытаюць i рвуць на кавалкі думкі.

Нарэшце надыходзіць запісаны на старонках нашай гісторыі крывёю i слязамі год трагедыі i жалобы 63-ці... I трэба ж, што пані Ядвіга ў гэты час, як матка, павінна была выканаць святы абавязак перад грамадствам. Галава сям'і, пан Шыман, дбаючы пра здароўе жонкі i беручы пад увагу ўсялякія нечаканасці, уносіць на сямейную нараду прапанову выехаць y Рыгу, што неўзабаве, атрымаўшы згоду ўсёй сям'і, робіць. Натуральна, што неспакойны за здароўе любімае дачкі, дзед разам з усімі выязджае з Паверменя i ў тым яшчэ годзе, Богу дзякаваць, благаслаўляе новае адгалінаванне роду Бруноў, свайго ўнука Шымана.

З краю, ахопленага бураю, да вушэй Патоцкага далятаюць штораз часцей i штораз страшнейшыя весткі i жорстка крывавяць яго ўражлівае сэрца, якое ўсё жыццё чэрпала сілы ці не ў адной толькі надзеі.

Адранцвелы з болю, сагнуты цярпеннем, ён, не гледзячы на вялікія клопаты, гасне амаль з кожным днём.

I ў памятны дзень 12 снежня 1864 года, прыўзняўшыся на пакутніцкім ложы, y імя Бога i Айчыны благаславіць дарагіх дзяцей i наймілейшых унучкаў. З яго твару праменіцца нязвыклы спакой, a можа быць рашучасць старога ваякі. Праз некалькі гадзін, паяднаны з Богам, завяршыў жыццё ў поўнай прытомнасці.

Так згас, спаўна зведаўшы жыццёвых нягодаў, заслужаны пісьменнік, правадыр, незвычайны чалавек...

Яго пахавалі на каталіцкіх могілках y Рызе.

Нашым дзядам, якія ўбачылі дзённае святло на схіле XVIII або на пачатку XIX стагоддзя, будучыя сцежкі іхняга жыцця нелітасцівы лёс высыпаў калючым жвірам.

На шчасце, гэтае пакаленне, маючы дужа гарту, пачуцця абавязку i трываласці, з неверагоднаю сілаю духу ўмела пераносіць жорсткія ўмовы i спраўляцца з задачамі. Уласна такімі былі ўсе нашы дзеячы метэрніхаўска-мікалаеўскай эпохі i такім, a не іншым, быў i Леан Патоцкі. Дастаткова прачытаць першыя абзацы тых ці іншых яго ўспамінаў, каб пераканацца, што гэта быў чалавек залатога сэрца, светлы, шляхетны, таварыскі i што не мог інакш адчуваць, як пісаў. Айчынны дух з маленства прышчапіла яму матка [190]. Жалібож i атмасфера эпохі яго яшчэ ўзмацніла. Гатоўнасць да самаахвярнасці i моц душы ён пераняў ад героя-князя, які быў увасабленнем сілы. Зрэшты, сваяк i нароўні з ім айчым, якога ён так любіў, былі яму ўзорам, прыкладам. Абодва бясстрашныя i абодва няраз заглядалі смерці ў вочы. Праз усё жыццё ён чэрпаў сілы з любові да айчыны. Аптыміст ад нараджэння, які да таго ж заўсёды верыў y боскую міласэрнасць, ён ніколі не сумняваўся ў адраджэнні народа: «Пакуль стаіць свет, - казаўён ,- дзе было мінулае, там павінна быць i будучыня» [191].

Гарачы патрыёт i аматар усяго роднага, «можна, - піша ён,- захапляцца Арго, Афінамі i Трояй, я ж лічу за лепшае берагі Нёмана, Віслы..., аддаю перавагу ўсяму таму, што сваё!..». Патоцкі з'яўляецца не меншым аматарам усіх помнікаў i народных традыцый. «Давайце захоўваць,- заклікае ён,- разам з прыгожаю моваю, песні, звычаі i нашы абрады» [192]. A апісваючы тышкевічаўскі музей y Вільні, дадае: «Шануйма магілы i давайце будзем перахоўваць нашы помнікі, бо прыпамінанне даўніх памылак - гэта заахвочванне ix паправіць, прыпамінанне даўніх цнотаў - узор для наследавання» [193]. У іншым месцы [194], апісваючы Вільню, ён бядуе, што тут гасне касцёр ведаў, i звяртаецца да моладзі з такімі словамі: «Bac датычыць, каб, беручы прыклад з вайдэлотаў, як яны зніч, так вы бераглі гэты наш найдаражэйшы скарб, адзінае, што засталося,- народныя традыцыі!».

Шануючы традыцыі Сташыцаў i Бжастоўскіх, Патоцкі быў дэмакратам, графскім тытулам амаль што не карыстаўся, прытым меў звычку гаварыць: «За таго, хто мае продкаў, намнога большай павагі варты той, хто сам робіцца продкам!» [195]. Сардэчны прыяцель люду, ва ўсіх працах i сваіх выступленнях ён заўсёды смела выступаў за вызваленне сялян i быў цвёрдым прыхільнікам скасавання прыгону. Прытым, будучы дастойным сынам сваёй эпохі, не пераносіў ханжаства. Праз усё жыццё ідзе ён пад сцягам працы i ідэі, што выплывае з нацыянальнага духу - любові, братэрства. «Пасля ночы,- гаварыў ён,- павінен наступіць дзень. Надзея была i будзе другою душою паляка». Валодаючы шасцю мовамі [196], адукаваны, здольны, вельмі начытаны, ён вызначаўся назіральнасцю, надзвычайнай памяццю i цвярозым разуменнем справы. Ягоным улюбёным лозунгам была праўда. У імя яе ён вядзе барацьбу (напрыклад, з вечным фантазёрам Трыплінам), пастаянна яе шукае, a адшукаўшы, робіць высновы без аніякіх хітрыкаў.

Дамінуючай рысай душы паляка, хоць ніхто гэтага не заўважыў, з'яўляецца яго універсальнасць, пачуццё ўсебаковасці. Гэта ўласцівасць, якая ідзе ад прыроджанага фізічнага спрыту i здольнасці жывога розуму, вылучае яго сярод іншых славянаў i набліжае да французаў, італьянцаў. У сваёй цікаўнасці польская душа ніколі не бывае задаволенай. Яна да ўсяго рвецца, усё рада б рабіць i хоча пра ўсё ведаць.

Такой уласна універсальнай i наскрозь польскай разумовай арганізацыяй i быў наш Патоцкі. Моцны Божа! Чаго толькі гэты чалавек не рабіў i як на гэта хапала часу i сіл. Земляроб i ўлюбёны агароднік, паэт i воін, пісьменнік, музыкант i мемуарыст, калекцыянер, публіцыст, чыноўнік, выдавец, археолаг, этнограф... і, не пералічваючы падрабязна шмат якіх іншых яго аматарскіх заняткаў, на гэтым ужо скончу!

Творчасць Патоцкага выявілася найперш y галіне паэзіі. Як кожная «узнёслая» маладосць, ён сумаваў па ідэалу. У песеннай форме, якая калыхала думку i пачуццё, выказваўся ўжо на пачатку свайго жыцця, будучы вучнем школы на Жалібожы. Найлепшае пацвярджэнне гэтага мы знаходзім y яго «Урыўку». У ім, апісваючы свае канікулы ў 1816 годзе ў Манастырышках, y бабкі, галіцкай старасціны, з дому Любамірскай, паміж іншым успамінае, што з вучоным п. Капыстынскім, перакладчыкам Расіна, ён штораніцы наведваў прыгожыя наваколлі, a ў пасляабедзенныя гадзіны, «маючы крыху прэтэнзій да паэзіі», разам з ім перакладаў «Танкрэда» Вальтэра. У гэтых самых мемуарах ніжэй чытаем, што ўжо ў тыя гады палюбіў народную паэзію. «Стары казак майго дзеда, Грыгор, - піша ён, - так мяне палюбіў, што навучыў не адной казацкай песні i расказаў не адну легенду пра канёўскага старосту i пра львоўскага кашталяна.

З ім я правёў y размовах не адну гадзіну». Toe, што было замаладу прадчуваннем, на старасць стала захапленнем!

Самая першая яго кніжка, паводле Эстрайхера, выходзіць пад назваю «Розныя вершы» пад крыптанімам L. P. y Пазнані, y Шэрка, y 1836 годзе. Гэта зборнік удалых лірычных вершаў, вершаў з нагоды, выпадковых, баек i рознай драбязы. Рыфмаванні тыя, сапраўды, будовай i формаю жыва нагадваюць пазнейшыя вершы Патоцкага. Але ёсць некаторыя доказныя прычыны, каб сумнявацца ў гэтым. Эстрайхер памыляецца, прыпісваючы Патоцкаму аўтарства гэтай кніжкі. Па-першае, ва ўсёй той кніжцы пра Літву, дзе гр. Леан правёў палавіну жыцця, зусім не ўпамінаецца. Прысутнічае толькі невядомая яму Вялікапольшча, Падолле... Па-другое, верш пад назваю «Жаль над магілаю маткі» пачынаецца словамі: «Хоць цябе i не ведаў, матка мая дарагая, бо немаўляткам я быў, як ты памірала». Патоцкі, які страціў сваю матку, якую абагаўляў, на 29-ым годзе жыцця, не мог бы гэтага напісаць...


Ці Патоцкі акрамя «Бібліятэкі Варшавскей» i «Дзенніка Літэрацкего» да i пасля 1840 года змяшчаў свае вершы i карацейшыя артыкулы ў часопісах, што тады выходзілі ў Варшаве, я гэтага ўдакладніць не змог. Ведаю толькі, што ў «Бібліятэцы» друкаваўся часта i што ў 1845 годзе выдаў «Мае ўспаміны пра Іспанію» Каятана Вайцяхоўскага, якія перагледзеў, абгладзіў i забяспечыў прадмоваю. Першы дэбют гр. Леана як мемуарыста прыпадае на 1854 год: рухавая фірма Жупанскага выдае яго «Свянцонэ або Палац Патоцкіх y Варшаве». У невялічкай гэтай працы аўтар ва ўступе ўспамінае пра разнастайныя звычаі i ўрачыстасці ў Польшчы i асабліва гаворыць пра «Свянцонэ». Тут пераходзіць да галоўнага апавядання i апісвае велікоднае свята ў гэтым палацы ў 1839 годзе. Пасля, вяртаючыся да станіславоўскіх часоў, ён па чарзе прадстаўляе ўсе факты, сведкам якіх быў палац Патоцкіх y часы Варшаўскага княства, канстытуцыйнага каралеўства i адразу ж пасля падзення лістападаўскага паўстання [197]. У тых успамінах, якія выкладзены проста i свабодна, ёсць шмат абразкоў, якія высока характарызуюць тагачаснае грамадства. Найбольш месца ў аўтара займаюць успаміны з часоў Варшаўскага княства, калі ў мурах гэтага палаца прымалі Напалеона, a Прат, яго намеснік, y ім жыў. Як вартыя прачытання ўзоры назіральнасці i літаратурных здольнасцей аўтара, да глыбіні душы ўзрушальныя сцэны, якія разыгрываліся тут пасля прыходу пераможных войскаў y 1831 годзе.

Яшчэ ў тым самым годзе з'явіліся дзве іншыя працы Патоцкага, a менавіта: «Нарысы грамадскага жыцця г. Варшавы» i «Успаміны пра Коўна». У першай аўтар расказвае пра забавы i падзеі, якія адна за другой адбываліся ў Варшаве ў 1852 годзе. Як y калейдаскопе праходзяць перад намі сцэны карнавалаў, салоны, відовішчы, літаратурныя пасяджэнні з Дэатымай, велікодныя зборы ахвяраванняў, пасяджэнні ў рэдакцыі «Бібліотэкі Варшавскей», кірмаш на хвалях, скачкі i страшэнныя эпізоды лютаваўшай тады халеры. Гэтыя абразкі аўтар звязаў лёгкай ніткай прыгодаў двух сямейнікаў, якіх y канцы ён выпраўляе ў Чанстахову, каб скласці падзяку за шчаслівае ўнікненне рыфаў маральнага разлажэння. Напісаны яны наогул шматфарбна, некаторыя даволі пластычна (напрыклад, пасяджэнне ў рэдакцыі «Бібліотэкі Варшавскей»).

Праца гэтая, поўная цікавых назіранняў, дапаўняе ўспаміны пра Варшаву, якія датычацца больш-менш той самай эпохі, i яе жыхароў: Вілконскай, Кастшэўскага, Вянярскага, Багуцкага i Кракавовай. Так як «Палац Патоцкіх» закругляе звычаёвыя нарысы Вуйціцкага з самага пачатку мінулага стагоддзя.

У сваёй брашуры «Успаміны пра Коўна» ІІатоцкі апісвае мінулае гэтага горада. Пасля, пераходзячы да маляўнічай даліны Міцкевіча, гаворыць пра сваю сустрэчу з Дабравольскім, экс-прэфектам школы, y якой Міцкевіч быў настаўнікам. Сімпатычны дзядок, запрасіўшы яго на вячэру, чытае яму лісты Міцкевіча, паказвае табакерку, атрыманую ў Парыжы, i ўвесь вечар апавядае пра побыт Адама ў Коўне, пра яго заняткі, лад жыцця i захапленні.

«Яго штодзённай ядою,- кажа старыч- была бульба, спечаная ў печы, шклянка кавы або гарбаты - раскошаю, a адзінай пацехаю - люлька». Душу ён наталяў натхненнем, больш не дбаў ні пра што! Мяне штосьці да яго цягнула,- казаў старац,- але раздобрыць такога нелюдня было нялёгкай задачай. Нарэшце, пасля двухмесячных старанняў, ён стаў прысутнічаць на абедах, пад канец пачаў i сталавацца. Жонка падказала яму звярнуць увагу на гардэроб і, каб не абразіць ягонай сціпласці, выдаткі аддавала з яго месячнага заробку. Маючы да яго штораз большую сімпатыю, бо хлопец быў здольны, рахманы, паслушны, я ахвяраваў яму пісаныя на працягу доўгіх гадоў лекцыі, нататкі, назіранні, каб ён імі карыстаўся. Ён прыняў ix з удзячнасцю, пацалаваў y плячо, праводзіў на лесвіцу... Праз год, калі ў даверлівым коле ён прадэкламаваў нам сваю «Гражыну», я залемантаваў: «Маэстра! аддай мне маю пісаніну, ты ж арол, ад цябе вучыцца, тваім геніем захапляцца трэба!». З гэтага моманту пачцівы стары ажно да смерці [198] ганарыўся, што ён першы назваў Адама вялікім паэтам-прарокам, прадчуў ягоную славу.

Пра найбольшую аповесць Патоцкага, выдадзеную на два гады пазней (1856) пад назваю «Два браты мастакі», як i пра другую пад назваю «Дзве аповесці» не магу сказаць нічога, бо, нягледзячы на пошукі, нідзе дасюль напаткаць ix не змог. Акрамя гэтых яшчэ ў гэтым самым годзе з'яўляюцца дзве іншыя яго аповесці пад агульным тытулам «Нарысы грамадскага жыцця XIX стагоддзя».

Праз два гады (1859) выходзіць салідная двухтомная праца Банавентуры з Каханова пад назваю «Вінцэнты Вільчак i пяць яго сыноў». У ёй Патоцкі выступіў як папулярызатар айчыннай гісторыі (ад часоў Аўгуста III ажно да канца праўлення кн. Канстанціна). За рамкі гэтага апісання, за чырвоную нітку, якая звязвае ў адно цэлае яго ўласныя ўспаміны i выпісаныя з розных прац, аўтар бярэ жыццё Вільчка i пецярых ягоных сыноў. Уся гэтая абсалютна аўтэнтычная аповесць пра Вільчка можа быць коратка выкладзена невялікай колькасцю словаў. Маладым хлопцам Вільчак трапіў на двор Гераніма Веляпольскага, які ажаніўся з Патоцкаю. Аддадзены вучыцца ў Кракаў, уцёк са школы i прыстаў да барскіх канфедэратаў. Калі бунт скончыўся, ён вяртаецца ў двор свайго дабрадзея, жэніцца i з цягам часу становіцца бацькам пецярых сыноў i дачкі. Аднак над яго жыццём павісае фатальны лёс, прадказаны яму цыганкаю ў Кракаве, калі ён быў яшчэ канфедэратам: «Бедны, будзеш мець пяць сыноў i ўсе загінуць ад кулі!». I спраўдзілася. Першы, які служыў y легіёнах, гіне на Санта Дамінга ад негрыцянскай кулі; другі - y прускім войску пад Іенаю; трэці - на рашынскім полі; чацвёрты - пры пераправе цераз Бярэзіну; апошні - на саскім пляцы, абылганы князем Канстанцінам, сам пазбаўляе сябе жыцця, не могучы перанесці ганьбы.

У 1861 годзе «Кур'ер Віленьскі» друкуе пацешную аповесць гр. Леана пад назваю «Наканаванне», якую неўзабаве выдае асобным адбіткам Кіркор.

З пяці прац, якія з'явіліся ўжо пасля смерці Патоцкага, да самых аб'ёмных належаць, як амаль усе, выдадзеныя ў Пазнані, «Мемуары пана Камертона». Тытул трохтомнай працы не тлумачыць як трэба яе зместу. Гэта праўдзівыя абразкі Літвы i Жмудзі i так гэту працу i трэба было назваць. «Мемуары» змяшчаюць карацейшыя ці даўжэйшыя апісанні гістарычных мясцовасцей i помнікаў, паданняў, песень i легендаў, звычаяў i абрадаў. Побач з літоўскай міфалогіяй i літаратурай ёсць y ix i характарыстычныя вобразы, вельмі цікавыя жыццяпісы, асабістыя ўспаміны i шмат іншых рэчаў. Змест vcix тамоў дакладна адпавядае раздзелам. Аўтар пачынае ад вытокаў літоўскага народа, пасля, даўшы яму агульную характарыстыку, па чарзе аб'язджае Курляндыю, Жмудзь i Літву i ўсё, што годнае ўвагі, падрабязна апісвае.

Многія з тых апісанняў будзяць y чытача шчырае i зацікаўленае захапленне. Тым больш, што ў сюжэт апавядання аўтар уплятае анекдоты, факты, сведкам якіх ён быў, свае назіранні. «Наш народны побыт, - піша ён, - ужо належыць мінуламу. Што ж тады дзіўнага, што адзінай пацехаю нам засталіся ўспаміны? Што ж дзіўнага, што кожнае векавое дрэва, кожны насыпаны курган, кожны адламаны кавалак муру прамаўляюць да нас тымі таямнічымі словамі, якія даюць сілы цярпець, заклікаюць да трываласці i сярод успамінаў, засыпаных друзам, y мінулым адшукваюць надзею, высноўваюць будучыню». Менавіта па гэтай працы мы можам ацаніць, якім усебаковым эрудытам быў Патоцкі, якім аматарам, грунтоўным знаўцам вуснай народнай літаратуры, i ў прыватнасці літоўскай. Як найдакладней абазнаны з польскай этнаграфічнай бібліяграфіяй, ён не менш ведае ўсё, што пісалі пра гэты прадмет немцы, англічане, французы, шведы, галандцы, нават іспанцы [199]. Ён, бадай што, адзіны ў нас y той час знаўца літоўшчыны. Сярод іншых ён найбольш крытычна ўмеў глядзець на рэчы і, бадай, самы першы паказаў на фантазіі i блытаніну ў Нарбута [200].

Пільна сочачы, што пісалі пра літоўскія праблемы Куршат, Шайхер, Рэс, Ёрдан i іншыя, ён усё жыццё збіраў звесткі i на ix падставе апрацаваў бібліяграфію літоўскай літаратуры, якую змясціў y гэтай працы [201]. З найбольш захапляльных рэчаў y гэтай працы ёсць цікавая біяграфія падскарбія Тызенгаўза [202], літоўскага паэта Сільвестра Веляновіча, a таксама доблеснага генерала напалеонаўскай эпапеі Юзафа гр. Касакоўскага, уладальніка багатых збораў i гаспадара чароўных Луконяў, y якія Патоцкі, як шчыры яго прыяцель, заглядваў даволі часта.

Яшчэ да пасмяротных працаў гр. Леана належаць мемуары пра барацьбу за свабоду на Літве ў 1831 годзе, выдадзеныя пад вельмі неўласцівым аповесцевым тытулам «Казімір з Трускова, ці першы i апошні літоўскі паўстанец». Выдаўцу трэба было прозвішча Трускоўскага як сардэчнага прыяцеля аўтара змясціць y прысвячэнні, побач з іншымі сябрамі па зброі, a сам тытул дакладней суаднесці са зместам працы. Шмат урыўкаў з гэтай кніжкі, часам значна скарочаных, я падаў y гэтым жыццяпісе. Пра гэтыя ўспаміны яшчэ толькі дадам, што змяшчаючы агульнае апісанне ўзброенага руху на Літве, побач з мемуарамі Пжыалгоўскага, Дэмбінскага, Зянковіча [203] i іншых, яны з'яўляюцца неацэннай крыніцаю для таго, хто хоча пазнаёміцца з падзеямі, звязанымі з паўстаннем 1831 года на Жмудзі i ў Літве. Каштоўную гэту кніжку зусім абмінуў y бібліяграфіі Эстрайхер [204].

З тых самых прычын, што i вышэй, не лічу патрэбным распісваць аб працы пад назваю «Урывак з успамінаў першай маёй маладосці», якую Жупанскі з уласцівай яму аператыўнасцю выдае неўзабаве пасля «Казіміра з Трускова» (1876). Акрамя гэтых апошніх, гэта адны з найлепш напісаных гр. Леанам мемуараў. Архіцікавых успамінаў y ix бязмерная колькасць. Аўтар піша пераважна пра тое, што сам бачыў i пра што чуў y падлеткавыя гады. Словам, гэта свабодны расказ пра мінулае, напісаны ясна, жыва i гладка i даведзены больш-менш да года 1820-га. I гэтая кніжка зусім невядомая Эстрайхеру.

Калі i дзе Патоцкі знайшоў каштоўны «Дзённік Яна Уладзіслава Пачобута-Адляніцкага», калі яго перапісаў i забяспечыў каментарыямі, пра гэта я нічога дакладна сказаць не магу. Паведамленне пра гэта я знайшоў y «Клосах» (том XXV, с. 35, Літаратурны агляд). У тым артыкуле ёсць толькі ўпамінанне, што Крашэўскі пасля смерці гр. Леана пакінутую працу прагледзеў, дапоўніў i напачатку змясціў бібліяграфічнае апісанне арыгінальнага рукапісу. Падрыхтаваны такім чынам да друку дзённік набыў друкар Ю. Яворскі. Пасля яго смерці манускрыпт перайшоў ва ўласнасць Бібліятэкі Ардынацыі Красінскіх i ёю ў 1877 годзе быў выдадзены. «Дзённік Пачобута» ахоплівае гады ад 1653-га да 1654-га, a пасля расказвае пра тую самую эпоху, што i дзённік X. Паска.

Абмінаючы «Успаміны пра Свіслач, Дзярэчын i Ружаны», пра якія самі чытачы могуць зрабіць найлепшыя высновы, y гэтым месцы будзе яшчэ дарэчы ўдакладніць Эстрайхера. Названая ім y двух выданнях (Лондан, 1854 г. i Познань, 1858 г.) ананімная «Аповесць з майго часу або прыгоды літоўскія», хоць стылем i манерай падачы фактаў жыва нагадвае ўсе працы гр. Леана, усё ж пладом яго пяра не з'яўляецца. Аўтарам яе з'яўляецца найхутчэй капітан Яцкоўскі, памешчык Навагрудскага павета. Драбнейшыя працы гр. Леана складаюцца пераважна з вершаў, перакладаў, кароткіх успамінаў i аповесцей. «Акрамя гэтых, - як піша барон Стан. Бруноў, - пасля св. пам. дзеда ў яго спадчыне засталося мноства вершаў (лірыка), маральных (бытавых) сатыраў, баек, успамінаў, гавэндаў i некалькі распачатых аповесцей. Гэтага будзе на тоўсты том друку».

Гэтыя рукапісы перахоўвае другі ўнук гр. Леана, уладальнік Паверменя, барон Шыман.

Падсумоўваючы гаворку пра дзейнасць гр. Леана як пісьменніка з лёгкім сумленнем, можна сказаць, што як сведка найважнейшых падзей y гісторыі Польшчы пасля яе падзелаў i ix неаднаразовы ўдзельнік, заўважаныя факты ў сваіх працах ён умее прадставіць сумленна i праўдзіва. Пра рэчы i людзей Патоцкі заўсёды мае цвёрдае суджэнне, не паблажлівае, але i не рэзкае, характары некаторых асобаў выпукляе па-разьбярску i даступна малюе перад намі вобраз эпохі, y часы якой пражыў свой век. Гістарычна-звычаёвага матэрыялу ў яго працах шмат, не менш асабістых i сямейных успамінаў. I ўсё як найлепш сведчыць пра ягоныя высакародныя пачуцці i сумленныя імкненні.

Яму можна зрабіць хіба што адзін закід. Менавіта за тое, што будучы народжаным як мемуарыст, ён садзіўся за аповесці, якія з увагі на актуальнасць хоць i былі ў свой час папулярнымі ў чытачоў, усё ж выклад тэмы ў ix не сціслы i ўвогуле ўся форма кульгае.

Вось столькі пра Патоцкага, сімпатычнага «Банавентуру з Каханова», пра яго жыццё i дзейнасць. У смутках i болях сучаснай эпохі, думаю, што жыццё забытага паляка, які, нягледзячы на суровыя маральныя пакуты, заўсёды палымнеў любоўю да айчыны i ўласна дзякуючы гэтай любові жыў i працаваў, будзе гаючай крыніцаю для многіх высакародных душ!

М. Федароўскі



БІБЛІЯГРАФІЯ

Літаратурная спадчына Леана Патоцкага наступная:

Wiersze rozmaite, przez L. P. Poznań, 1830, czcionkami Pompejusza i Sp., w 8-ce, s. 149.

Wiersze rozmaite, przez L. P. Poznań, u T. Szerka, 1836, w 8-ce, s.149.

Cmentarz ( Wiersz). «Biblioteka Warszawska», 1841, t. 1, s. 52.

Łódka( Wiersz). «Biblioteka Warszawska», 1841, t. 1, s. 53.

Józafa Żelichowska, zdarzenie prawdziwe. «Bibl. War.», 1841, t. 1, s. 144.

Wspomnienie ( Wiersz).«Bibl. War.», 1841, t. 1, s. 532.

Poranek modnej kobiety. «Bibl. War.», 1841, t. 3, s. 512.

Do Aleksandra Tyszyńskiego ( Wiersz).«Bibl. War.», 1841, t. 4, s. 185.

y. Do panny A. J. ( Wiersz).«Bibl. War.», 1841, t. 4, s. 452.

Ogrodnik poeta, prz. L. Potockiego (Życio­rys J. N.Varnier'a). «Bibl. War.», t. 4.

Cztery obrazki (Opowiadanie). «Bibl. War.», 1842, t. 1, s. 701.

Wianek paproci, wydany przez Piotra Medekszę. Wilno, 1842 (Recenzja, prz. L. P.). «Bibl. War.», 1842, t. 4, s. 173.

Wieczór myśliwski w Żarnowcu (Opowiadanie). «Bibl. War.», 1843, t. 3, s. 419-425.

Wspomnienie Ignacego Lojoli Rychtera, prz. L. Potockiego (Życiorys). «Bibl. War.», 1845, t. 1, s. 156.

Dawna Legienda. «Bibl. War.», 1845, t. 1, s. 470.

Pamiętniki moje w Hiszpanji, prz. Kajetana Wojciechowskiego. Wydal Leon Potocki. Warszawa, u S. Orgelbranda, 1845. Zip. 3. Recenzja: «Bibl. War.», 1845, t. 1, s. 1, 157, 572, t. 2, s. 35.

Wyciąg z pamiętników Wierzbickiego, ułożył Leon Potocki. «Bibl. War.», 1847, t. 1, s. 102, 583.

Bertha z Dusseldorfu. «Bibl. War.», 1847, t. 2, s. 421.

Jan Reboul. «Bibl. War.», 1848, t. 1, s. 183.

Wspomnienie o Kownie, prz. Bonawenturę z Kochanowa. Poznań, Źupański, czcionkami L. Merzbacha, 1854, w 16-ce, s. 70. Złp. 4 (M. 1,50). Recenzja: «Przegląd Poznański», 1854, t. XVII, posz. III, s. 481-486.

Święcone, czyli pałac Potockich w Warszawie, prz. Bonawenturę z Kochanowa. Poznań, nakł. J. K. Źupańskiego, 1854, w 8-ce, s. XXVIII i 115. Recenzja: «Przegląd Poz­nański», 1854, t. X, s. 379-383.

Szkic towarzyskiego życia m. Warszawy z drugiej połowy XIX stulecia, prz. L. P., Poznań, 1854, Źupański, czcionkami W. Deckera, w 8-ce, s. 8 i 112. Złp. 7. Recenzja: «Przegląd Poznański», 1854, t. X, s. 512 - 516.

Dwie powieści. Poznań, 1856, w 8-ce, s. 146; w komisie Źupańskiego.

Dwaj bracia artyści. Zarys życia towarzyskiego XIX wieku, prz. L. P. Poznań, 1856, Źupański, w 12-ce, s. 242. Zip. 8(M. 4).

Zarysy towarzyskiego życia z dziewiętnastego stulecia, prz. L. P. Poznań, 1856, nakl. J. K. Źupańskiego, druk M. Zoerna, w 8-ce, s. VII i 130. Kop. 80.

Z XIX wieku. Poznań, 1856, nakład Źupańskiego, druk Deckera, w 12-ce, s. 242. Cena M. 2.

Mąz myśliwy (Satyra). «Dziennik Literacki» (Lwów), 1859, t. 1, s. 36.

Wincenty Wilczek i pięciu jego synów. Wspomnienie z drugiej połowy XVIII i początku XIX stulecia, prz. Bonawenturę z Kochanowa. Dwa tomy w jednym. Poznań, 1859, nakl. J. K. Źupańskiego, czcionkami W. Deckera i Sp., w 8-ce, S. VIII, 155 i 192. Cena tal. 3 sgr. 10 (Mar. 10). Recenzja: Ob. «Dziennik Literacki» (Lwów), 1859, t 91, s. 517, 528-531, 541-543, 553555, 564 - 567; «Dodatek miesięczny do Czasu» (Kraków), 1859, T. XIV, kryt. L. Siemieńskiego, s. 328-343.

Przeznaczenie czyli badacz nauk przyrodniczych. «Kuryer Wileński», 1860.

Święcone (Nr. 21). Wydanie drugie. Poznań, 1860, Źupański. Mar. 3 (Czcionkami M. Zoerna).

Toż wydanie trzecie. Poznań, Źupański, 1861.

Szkice obyczajowe, prz. L. hr. Potockiego. «Kuryer Wileński», 1861.

Przeznaczenie czyli badacz nauk przyrodniczych i szkice obyczajowe, prz. L. hr. Potockiego (Odbitek z «Kurjera Wileńskiego»).Wilno, 1861, nakład i druk A. H. Kirkora, w 8-ce, s. 168. Cena złp. 3, gr. 10.

Pamiętniki pana Kamertona, prz. L. P. Tomów trzy. Poznań, 1869, nakł. J. K. Zupańskiego, czcionkami M. Zoerna, w 8-ce, t, 1, s. XII, 326 i 1; t. 2, s. VIII, 300 i 1; t. 3, s. 246 i 1. Cena M. 7, 50.

Kazimierz z Truskowa, czyli pierwszy i ostatni' li­tewski powsta niec, prz. Bonawenturę z Kochanowa (Z dedyk. «Towarzyszom broni»). Poznań, 1874, nakł. J. K. Zupańskiego, w 8-ce, s. 288. Cena M. 5.

Urywek ze wspomnień pierwszej mojej młodości. Poznań, 1876, nakł. J. K. Zupańskiego, drukiem J. I. Kraszewskiego, w 8-ce, s. X i 309. Recenzja: «Kłosy», 1876, XXIII, nr. 584, s. 160.

Pamiętnik Jana Poczobuta Odlanickiego (1640 - 1648). Przepisał z autografu i przypiskami opatrzył Leon Potocki, opisaniem rękopismu poprzedził J. I. Kraszewski. Warszawa, 1877, w 4-ce, s. 212, druk Michała Ziemkie­wicza, nakład Swidzińskich («Biblioteka Ordyn. Krasińsk.», t. III). Recenzja: «Kłosy», 1877, t. XXV, s. 35.

Wincenty Wilczek i pięciu jego synów, prz. Bo­nawenturę z Kochanowa. Wydanie drugie. Warszawa, 1907. Części trzy. «Bibl. Dzieł Wyborowych» (NrNr 477, 478 i 479). Cz. 1, s. 154; cz. 2, s. 152; cz. 3, s. 160. Cena kop. 75.

Wspomnienia o Swisłoczy Tyszkiewiczowskiej, Dereczynie i Różanie. «Kwartalnik Litewski», Petersburg, 1910 i 1911, t. II, III, IV i V.

Звесткі пра A. гр. Патоцкага я брау з наступных крыніц:

1) Borkowski J. hr. «Genealogie», s. 478; 2) Dembiński Henryk, jenier «Mein feldzug nach und in Litthauen» etc. Lipsk, 1832, s. 39; 3)Dubiecki M. «Historja liter, polsk.», t. II, s. 399; 4) Estreicher K. «Zestawienie przedmiotów zawartych w «Bibl. Warsz.» Kraków, 1875, s. I -VII; 5) Estreicher K. «Bibliografia Polska», t. III. Kraków, 1876, s. 506; 6) «Kalendarzyki polityczne», wyd. prz. Rad­ziszewskiego z lat: 1840-1848; 7) «Klosy», t. XXV, s. 36; 8) Kossakowski Stan. hr. «Monografie histor., genea­logiczne. Warszawa, 1859, s. 252; 9) Tenże: «Monogra­fie hist.-genealogiczne». Warszawa, 1876, s. 161, 167; 10) Kosiński Ad. Am. «Przewodnikheraldyczny», IV. War­szawa, 1883, s. 368; 11) Tenże: Przewodnik heraldyczny», V. Warszawa, 1885, s. 303; 12) Tyszyński Ał. «Biblioteka Warszawska», 1841, t. IV, s. 186;"l3) Wilkońska Paulina. «Moje wspomnienia». Warszawa, 1907 («Biblioteka Dz. Wydor.»). Cz. I, s. 17, 18, 84, cz. II, s. 73; 14) «Ziemia», tygodnik krajoznawczy, r. 1910, nr 50.

M. Federowski


Навукова-папулярнае выданне ЛІТАРАТУРНЫЯ ПОМНІКІ БЕЛАРУСІ

ПАТОЦКІ ЛЕАН

Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын i Ружану

Заг. рэдакцыйнай групы T. Л. Шумейка Рэдактар I. Л. Качаткова Мастак У. К. Фокін Мастацкі рэдактар У. К. Фокін Аўтар слайда A. В. Фралоў Тэхнічны рэдактар T. А. Тарасенка Карэктары Л. А. Адамовіч, Л. К. Сямёнава

Набор i вёрстка выкананы на камп'ютэрнай тэхніцы Дзяржаўнага прадпрыемства «Выдавецтва «Полымя». Падпісана ў друк з арыгінал-макета 08.12.97. Фармат 70 х100 1/32 Папера афсетная. Гарнітура «Кудряшевская энцикл ». Ум друк. арк. 10,96. Ум. фарб адб. 11,38. Ул.-выд. арк. 10,99. Тыраж 2700 экз. Выд. № 25. Зак. 236

Дзяржаўнае прадпрыемства «Выдавецтва «Полымя» Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку. Ліцэнзія ЛВ № 432 ад 17.03.1993 г. 220600, Мінск, пр. Машэрава, 11.

Мінская фабрыка каляровага друку. 220024, Мінск, Каржанеўскага, 20


Патоцкі Л.

П20 Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын i Ружану / Укл., прадмова, камент., A. М. Філатавай.- Пер. з польск. I. У. Саламевіча.- Мн.: Полымя, 1997,- с. 270. (Літаратурныя помнікі Беларусі).

ISBN 5-345-00763-2.

ББК 84(4 Бен)6



[1] Живописная Россия, т. III. Спб., М., 1882, с. 198.

[2] «Kwartalnik liteuski», т. 2, 3, 4, 1910 г. i т. 5, 1911 г.

[3] Літва - Літвой называлі тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага або тэрыторыю Міншчыны, Віленшчыны, Ковеншчыны i Гродзеншчыны (у адрозненні ад Віцебшчыны i Магілёўшчыны, якія называлі Беларуссю).

[4] Пане Каханку - мянушка князя Караля Станіслава Радзівіла (1734-1790) - віленскага ваяводы, нясвіжскага ардыната.

[5] Міцкевіч Адам (1798-1855) - вядомы польскі паэт.

[6] Крашэўскі Юзаф Ігнацы (1812-1887) - польскі пісьменнік, гісторык, грамадскі дзеяч.

[7] Князь Юзаф - Панятоўскі Юзаф (1763-1813) - пляменнік караля Станіслава Аўгуста; удзельнічаў y баях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 г.; быў на баку Напалеона ў 1804, 1812-1813 гг., ваенны міністр Варшаўскага герцагства, маршал напалеонаўскіх войскаў.

[8] Свіслач v Ваўкавыскім павеце.

[9] Дзярэчын i Ружана ў павеце Слонімскім.

[10] Жупаньскі Ян Канстанцін (1801 - 1883) - кнігавыдавец y Познані. Выдаваў творы I. Лелевеля, С. Мараўскага i інш. Меў сваю кнігарню.

[11] Рэферэндарый - гэтая пасада была ўтворана ў Рэчы Паспалітай y 1507 г. (свецкая i духоўная) для дапамогі каралю ў правядзенні судовых спраў. У XVII ст. рэферэндарыі прымалі ўдзел y асэсарскіх судах, якімі кіраваў канцлер.

[12] Тышкевіч Вінцэнт (1757-1816) - рэферэндарый літоўскі.

[13] Карпінскі Францішак (1741 - 1825) - польскі паэт.

[14] Снядэцкі Ян (1756-1830) - астраном, матэматык, філосаф, рэктар Віленскага ўнівэрсытэта, дырэктар кракаўскай i віленскай астранамічных абсэрваторый.

[15]Радзівіл Дамінік (1786- 1813) - палкоўнік войскаў Варшаўскага герцагства i гвардыі Напалеона, нясвіжскі i алыцкі ардынат. Быў жанаты двойчы, спачатку з Эльжбетай з Мнішкаў, потым з Тэафіляй з Мараўскіх, па першаму мужу Стажэньскай.

[16]Тышкевіч Тадэвуш (1774-1852) - генерал войскаў Варшаўскага герцагства, адзін з кіраўнікоў паўстання на Літве ў 1830- 1831 гг.

[17] Ржавускі Эмір - Ржавускі Вацлаў Севярын, адзін з яго псеўданімаў «Эмір» ( 1784- 1831) - магнат, падарожнік-арыенталіст, удзельнік паўстання 1830 - 1831 гг.

[18]Сапега Францішак (1772- 1829) - генерал літоўскай артылерыі, удзельнік паўстання 1794 г.

[19]Масальскі Міхал Юзаф (памёр y 1768 г) - вялікі літоўскі гетман.

[20] Масальскі Юзаф - падчашы i яго жонка Кацярына з Сапегаў - тут аўтар трохі пераблытаў гістарычныя звесткі. Гетман Масальскі сапраўды меў сына Юзафа Андрыяна (памёр y 1765 г.) - літоўскага падскарбія. Але не ён, a другі сын гетмана, Казімір - падчашы літоўскі ажаніўся ў 1745 г. з Крысцінай-Ружай (а не Кацярынай) з Сапегаў, якая прынесла ў пасаг Ружаны, дачкою Ежы Сапегі i Тэадоры з Солтанаў. У 1756 г. Казімір Масальскі, як пісалі, «упаў y меланхолію». Памёр ён y 1777 г. y Ляхавічах. Ягоная жонка Крысціна-Ружа два апошнія гады свайго жыцця пражыла ў Вільні, y кляштары кларысак, памерла ў 1772 г.

[21]Ружыцкі Караль (1789- 1870) - палкоўнік, удзельнік паўстання 1830-1831 гг., дзеяч эміграцыі ў Парыжы, мемуарыст i публіцыст.

[22]Адынец Антон Эдвард (1804-1885) - польскі паэт, перакладчык, мемуарыст i выдавец.

[23] Ахоцкі Ян Дуклан Мадэст (каля 1768- 1848) - мемуарыст.

[24]Трыплін Тэадор (1813-1881) - польскі пісьменнік, урач, практыкаваў y Францыі i Іспаніі, выдаў шэраг успамінаў пра падарожжы па розных краінах.

[25]Касінскі Адам Амількар (1815-1893) - літаратар i геральдыст.

[26]Канапацкі Шыман (1790-1884) - аўтар баладаў, вершаў, успамінаў.

[27]Панятоўскі Станіслаў Аўгуст (1732- 1798) - апошні кароль Рэчы Паспалітай (1764-1795).

[28] Чартарыйскі Аўгуст (1697- 1782) - ваявода рускі.

[29]Чартарыйскі Міхал Фрыдэрык (1696-1775) - вялікі літоўскі канцлер.

[30]Браніцкі Ян Клеменс (1689-1771) - вялікі каронны гетман, y 1748 г. ажаніўся з Ізабелаю з Панятоўскіх.

[31]Замойскі Ян Якуб - падольскі ваявода, яго жонкай была Людвіка Марыя (1728- 1781) з Панятоўскіх.

[32]Мнішак Міхал Ежы Вандалін (1742- 1806) - вялікі каронны маршалак. Другі раз ажаніўся ў 1781 г. з Уршуляю з Замойскіх.

[33]Панятоўскі Казімір (1721 - 1800) - каронны падкаморый, брат караля.

[34]Тышкевіч Людвік (памёр y 1808 г.) - літоўскі польны гетман;.у 1775 г. ажаніўся з Канстанцыяй з Панятоўскіх (1759-1813).

[35]Тышкевіч Марыя Тэрэза (з Панятоўскіх) (1760 - 1831) - сястра князя Юзафа Панятоўскага, жонка графа Вінцэнта Тышкевіча.

[36]Панятоўскі Андрэй (1734-1773) - аўстрыйскі генерал, брат караля.

[37]Крышпіны-Кіршэнштайны - шляхецкі род. У 1437 г. Вацлаў Кіршэнштайн атрымаў польскае шляхецтва i герб. Яго нашчадак Крыспін Кіршэнштайн асеў на Жмудзі. Род перапыніўся ў пачатку XVIII ст.

[38]Жыгімонт Аўгуст (1520-1572) - вялікі літоўскі князь (1544-1572), кароль Рэчы Паспалітай.

[39]Жыгімонт III Ваза (1566- 1632) - вялікі літоўскі князь (з 1587 г.), кароль шведскі (1592-1599), кароль Рэчы Паспалітай (1587-1632).

[40]Сапега Палагея (1775-1846) - дачка С. Шчэнснага-Патоцкага, першы раз была замужам за князем Францішкам Сапегай, другі - за ягоным сваяком Паўлам Сапегай.

[41]Бакіярэлі (Bacciarelli) Марцэл (1731 - 1818) - мастак, працаваў y Дрэздэне, Вене, Варшаве, неаднаразова маляваў караля Станіслава Аўгуста.

[42]Тышкевіч Ежы (памёр y 1656 г.) - віленскі біскуп.

[43]Дэіст - чалавек, які прытрымліваўся рэлігійна-філасофскага накірунку, які ўзнік y Заходняй Еўропе ў XVII - XVIII стст. Для дэізму характэрны абвяшчэнне вальнадумства для выбраных i зберажэнне рэлігіі, як сродка ўтрымання народа ў паслушэнстве. Яго прадстаўнікамі былі Лок, Вальтэр, Русо i інш.

[44]Людовік XV (1710-1774) - французскі кароль дынастыі Бурбонаў (з 1715 г.).

[45]Панятоўскі Міхал Ежы (1736-1794) - плоцкі біскуп, потым прымас Рэчы Паспалітай, брат караля.

[46]Агінская Аляксандра (з Чартарыйскіх) - дачка вялікага літоўскага канцлера Міхала Фрыдэрыка, удава Міхала Сапегі. У 1761 г. другі раз выйшла замуж за Міхала Казіміра Агінскага (1728-1800), які ў 1768 г. стаў вялікім літоўскім гетманам.

[47]Маярат - парадак атрымання ў спадчыну непадзельнай нерухомай маёмасці старэйшым y сям'і або родзе.

[48]Тышкевіч Пій (1756-1858) - граф, бацька беларускіх вучоных Канстанціна (1806-1868) i Яўстафія (1814-1873) Тышкевічаў.

[49]Тышкевіч Юзаф (1724-1815) - вялятыцкі стараста, палкоўнік кавалерыі.

[50]Легат (legat) - тастамент, спадчына.

[51]Тышкевіч Міхал (1761 - 1839) - палкоўнік.

[52]Тышкевіч Дамінік - ротмістр, шамбелян караля Станіслава Аўгуста.

[53] Патоцкі Станіслаў (1776-1830) - генерал, сенатар-ваявода Царства Польскага.

[54] Collegium nobilium - дваранскае вучылішча.

[55]Патоцкі Станіслаў Костка (1755-1821) - палітык, пісьменнік. У час Варшаўскага герцагства быў прэзідэнтам Адукацыйнай палаты.

[56]Ліндэ Самуэль Багуміл (1771 - 1847) - стваральнік «Слоўніка польскай мовы».

[57]Бруль Генрык (1700-1763) - міністр, фаварыт караля Аўгуста III.

[58] Аўгуст III (Фрыдрых) (1696-1763) курфюрст Саксоніі i кароль Рэчы Паспалітай (1733- 1763).

[59] Гедымін (каля 1275 - 1341) - вялікі літоўскі князь (1316-1341).

[60]Вітальд (Вітаўт) (1350-1430) - гарадзенскі, трокскі князь, вялікі літоўскі князь (1392- 1430).

[61]Аляксандр (1461 - 1506) - вялікі літоўскі князь (1492-1506), кароль польскі (1501-1506).

[62] Барбара (1520- 1551) з Радзівілаў - другая жонка Жыгімонта Аўгуста.

[63] Зніч - незгасальны агонь y паганскай Польшчы i Літве.

[64]Ардынацыя - непадзельная i неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду ў Рэчы Паспалітай. Права на спадчыну вызначалася спецыяльным статутам. Ардынацыя пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі, які называўся ардынатам.

[65]«Vous vivez done dans un pays de commerce entre deux meres» - «Аднак вы жывяце ў краіне развітага гандлю, якая знаходзіцца паміж двума марамі».

[66]«Hélene, tu perdis Troie (trois) messieurs je viens â votre secours mettons nous en quatre pour lui plaire» - «Гелена! Ты страціш трох маладых людзей. Я прыйду вам на дапамогу: возьмемся за гэта ўчатырох, каб ёй спадабалася».

[67]Астрожскі Канстанцін (1460-1530) - князь, гетман Вялікага княства Літоўскага, віленскі кашталян, трокскі ваявода. У 1514 г. y бітве пад Оршай кіраваў войскамі.

[68]Нямцэвіч Юльян Урсын (1758-1841) - публіцыст, аўтар памфлетаў, гістарычных песень.

[69]Рахіль i Якаў - сюжэт пра ix узяты са Старога Запавету.

[70]Одзін - вярхоўны бог y скандынаўскай міфалогіі.

[71]Адоніс - бажаство ў грэчаскай міфалогіі, звязанае з уміраннем i аднаўленнем прыроды, мела аблічча прыгожага юнака.

[72]Купідон - бажаство кахання з рымскай міфалогіі.

[73]Педра I (1320-1367) - партугальскі кароль. Пакахаўшы Інэс дэ Кастра, жыў з ёй пасля смерці жонкі. Але Інэс была забіта ў 1355 г. з адабрэння Альфонса IV, бацькі Педра. Стаўшы ў 1357 г. каралём, Педра адпомсціў забойцам.

[74] Гірэі - дынастыя крымскіх ханаў y XV - XVIII стст.

[75]Сувораў Аляксандр Васільевіч (1729-1800) - рускі палкаводзец, генералісімус.

[76]«Moi jolie garçon!» - «Мой прыгожы хлопчык!»

[77]Тышкевіч Ежы (1768-1831) - ротмістр. Ягонай жонкай была Люцыя з Любамірскіх, сын Вінцэнт (1796-1856) - афіцэр польскага войска.

[78]Курляндыя, або Курляндскае герцагства,- існавала на тэрыторыі сучаснай Латвіі. Заснавана ў 1561 г. пасля распаду Лівонскага ордэна. Рэзідэнцыя герцагаў была ў Мітаве (цяпер Елгава). Знаходзілася ў леннай залежнасці ад Рэчы Паспалітай, але з 1710 г. трапіла пад уплыў Расіі.

[79]Польскія Інфлянты - па дагавору 1660 г. частка Лівоніі, якая адыйшла да Рэчы Паспалітай. Пасля яе падзелаў яны знаходзіліся ў складзе Віцебскай губерні (Дзвінскі (або Дьінабургскі), Люцынскі, Рэжыцкі i Дрысенскі паветы).

[80]Гільзены - шляхедкі род з Інфлянтаў. Згас y канцы XVIII ст.

[81]Карл X Густаў (1622- 1660) - шведскі кароль.

[82]Ян Казімір (1609-1672) - кароль Рэчы Паспалітай з дынастыі Ваза.

[83]Хадкевіч Крыштоф (памёр y 1644 г.) - віленскі кашталян.

[84]Каліостра (1743- 1795) - вядомы містык i чарадзей, сапраўднае імя Іосіф Бальзама.

[85]Дзюпон (Dupont de Nemours) Пётр Самуэль (1739-1817) - філосаф, натураліст. Падарожнічаў па Швецыі, Германіі i Рэчы Паспалітай.

[86]Ізіда - багіня ўрадлівасці, вады i паветра ў егіпетскай міфалогіі.

[87]«Vade retro» - «ісці назад».

[88]«Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym» (t. 1-3). War., 1843 - 1846. - Яе аўтары M. Балінскі i T. Ліпінскі. Аўтарам III тома, дзе выкладзены матэрыялы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага быў Міхал Балінскі.

[89]Зэльва (альбо Зэльвянка) - рака на Гродзеншчыне, левы прыток Нёмана.

[90]Казімір IV Ягелончык (1427-1492) - вялікі літоўскі князь (з 1440 г.) i польскі кароль (з 1447 г.).

[91]Палубінскі Канстанцый (памёр y 1640 г.) - каштэлян мсціслаўскі, парнаўскі ваявода.

[92]Палубінская Ізабела-Гэлена - адна з дачок Аляксандра Палубінскага - вялікага літоўскага маршалка. Выйшла замуж y 1686 г. за стольніка Ежы Станіслава Сапегу. Пасля смерці брата Крыштофа Канстанцыя, бабруйскага старосты, які памёр беспатомным, яна i яе сястра Ганна-Марыяна Радзівіл атрымалі спадчыну, з-за якой доўга сварыліся.

[93] Сапега Аляксандр Міхал (1730 - 28 мая 1793) - вялікі літоўскі канцлер, маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі ў Вялікім княстве Літоўскім.

[94]Таргавідкая канфедэрацыя (1792-1793) - узброены саюз магнатаў i шляхты, якія выступілі, пры падтрымцы Расіі, супраць новай канстытуцыі Рэчы Паспалітай, якая была прынята 3 мая 1791 г.

[95]Шчэнсны-Патоцкі Станіслаў Фелікс (1752 - 1805) - рускі ваявода, генерал кароннай артылерыі, маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі ў Кароне.

[96]Пузыніна, Салтыкова, Севярына Патоцкая, Ельская - дочкі A. М. Сапегі, сёстры Францішка. ГаннаТеафіла (1758- 1813) першы раз выйшла замуж за Г. Сангушку ў 1777 г., другі раз за Севярына Патоцкага, кароннага крайчага, y 1786 г.; Караліна (1759-1814), яе першы муж Т. Патоцкі, другі - С. Солтык, каронны стольнік; Марыяна-Катажына (1760 г. н.), y 1777 г. выйшла замуж за Я. Салагуба, a ў 1780 г. - за I. Пузыну, каралеўскага падкаморыя; Эмілія (1762-1835) - y 1780 г. выйшла замуж за Ф. Ельскага, старадубаўскага падкаморыя.

[97]Касакоўскі Міхал (памёр y 1796 г.) - ваявода віцебскі, з 1794 г. - браслаўскі.

[98]Касакоўскі Юзаф Казімір (1738- 1794) - біскуп інфлянцкі.

[99]Касакоўскі Шыман Марцін (1742- 1794) - апошні вялікі літоўскі гетман.

[100]Касакоўскі Антон (памёр y 1798 г.) - каштэлян інфлянцкі.

[101]Богуш Францішак Ксаверый Міхал ( 1746 - 1820) - ксёндз, пісьменнік, філантроп, быў некаторы час гувернёрам y князя Ф. Сапегі.

[102]«Новая Элаіза» - надрукавана ў 1761 г., яе аўтар Жан-Жак Русо (1712- 1778), вядомы французскі філосаф i пісьменнік.

[103]Сю Эжэн (1804 - 1857) - нарадзіўся ў Парыжы, вядомы французскі пісьменнік, аўтар многіх гістарычных i авантурных раманаў. «Парыжскія тайны» былі надрукаваны ўпершыню ў 1842- 1843 гг.

[104]Dictum acerbum - жорстка вымаўленыя.

[105]Sans perdue - не разгубіўшыся.

[106]«Rouge et noir» - «чырвонае i чорнае», картачная гульня з банкамётам i адвольнай колькасцю ўдзельнікаў.

[107]Валіцкі Міхал (1746-1826) - філантроп, каронны падстолі, вядомы калекцыянер. Жыў y Італіі, Францыі, Расіі.

[108]Фушэ Іосіф (1763-1820) - герцаг, французскі палітычны дзеяч, доўгі час быў міністрам паліцыі.

[109]Вігі-Лебрун Эльжбета (1775-1846) - вядомая французская мастачка, малявала партрэты французскай каралевы Марыі-Антуанеты, ледзі Гамільтон, мадам дэ Сталь, лорда Байрана, польскай i рускай арыстакратыі.

[110]Мар'яш - старадаўняя картачная гульня.

[111]Грабоўскі Міхал (1773-1812) - генерал, быў сынам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ад марганатычнага шлюбу з Эльжбетай Грабоўскай. Загінуў y 1812 г. пры штурме Смаленска.

[112]Вішнявецкі, Сабескі, Ляшчынскі, Панятоўскі каралі Рэчы Паспалітай. Міхал Карыбут Вішнявецкі (1638-1673), Ян III Сабескі (1629-1696), Станіслаў Ляшчынскі (1677- 1766), Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732-1798).

[113]Камбасэрас Ян Якуб (1753-1824) - герцаг Пармы, вялікі французскі канцлер. Зрабіў сваю кар'еру ў час французскай рэвалюцыі.

[114]Мадмуазель Жорж - Вельмер Маргарыта-Жазефіна (1786-1867) - адна з вядомых французскіх актрыс, гастраліравала ў Расіі i Германіі, была ў блізкіх адносінах з Напалеонам.

[115]Напалеон I Банапарт (1769-1821) - французскі імператар (1804-1814 i 1815).

[116]Талейран-Перыгор Шарль Марыс, князь Беневенцкі (1754- 1838) - французскі дыпламат i дзяржаўны дзеяч.

[117]Ils'eh consolera en mangeant des navets a'ia Cambaceres. - Ён задаволіцца, калі будзе есці рэпу пакамбасэраўску.

[118]Ганібал, Анібал Барка (каля 246-183 г. да н. э.) - палкаводзец i дзяржаўны дзеяч Карфагена.

[119]Леў, Павел i Казімір - гетманы. Леў Сапега (1557-1633) - віленскі ваявода, з 1625 г. - гетман Вялікага княства Літоўскага; Павел Ян Сапега (памёр y 1665 г.) - вялікі літоўскі гетман; Казімір Сапега (памёр y 1720 г.) - віленскі ваявода i вялікі літоўскі гетман.

[120]Сапега Крыштоф (памёр y 1665 г.) - староста бельскі, стольнік, з 1661 г. - крайчы.

[121]Сапега Міхал - канюшы літоўскі, з 1696 г. - генерал літоўскай артылерыі, быў забіты ў 1700 г.

[122]Сапега Ян Пётр - староста ўсвяцкі.

[123]Сапега Казімір Леан (памёр y 1658 г.) - літоўскі падканцлер.

[124]Хмяльніцкі Багдан (каля 1595-1657) - гетман Украіны.

[125]Шуйскія - рускі княжацкі i баярскі род y XV - XVII стст. У 1606- 1610 гг. царом быў Васілій Іванавіч Шуйскі.

[126]Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648) - кароль Рэчы Паспалітай (1632-1648). У час інтэрвенцыі ў Масковію быў аб'яўлены рускім царом (1610 г.).

[127]Барская канфедэрацыя (1768-1772) - узброены саюз шляхты супраць караля Станіслава Аўгуста i Расіі. Была створана ў м. Бар (Украіна) па прапанове брагоў Красінскіх i Ю. Пуласкага.

[128]Сапега Антоній-Казімір (памёр y 1739 г.). Аўтар зрабіў y тэксце гістарычную памылку ў адносінах да сваякоў Сапегі: Тэрэза-Крысціна - жонка Крыштофа Паца; Бенедыкта - жонка Ежы Тышкевіча (памёр y 1724 г.); Саламея-Ганна (памерла ў 1775 г.), яе першым мужам быў Антоній Шчука, другім - Ляан Навасельскі, трэцім - Ежы Радзівіл; Крысціна-Ружа - жонка Казіміра-Масальскага. Ix бацькамі былі мсціслаўскі ваявода Ежы Сапега i Ізабела з Палубінскіх.

[129]Радзівіл Міхал Казімір Рыбанька (1702- 1762) - літоўскі польны гетман, нясвіжскі ардынат.

[130]Радзівіл Францішка Уршуля, апошняя з князёў Вішнявецкіх (1705-1753) - жонка M. К. Радзівіла, пісьменніца i перакладчыца.

[131]O tempora, o mores! - O часы, o норавы!

[132]Хадкевіч Ян Караль (1560- 1621) - вялікі літоўскі гетман.

[133]Хаванскі Іван Андрэевіч - рускі князь, дзяржаўны дзеяч, пакараны смерцю ў 1682 г.

[134]Аляксей Міхайлавіч (1629-1676) - рускі цар (з 1645 г.).

[135]Чарнецкі Стэфан (1599-1665) - гетман польны каронны.

[136]Пасэк Ян Хрызастам (каля 1636-1701) - аўтар успамінаў, салдат.

[137]«Te Deum laudamus» - «Божа слаўны» - рэлігійны гімн.

[138]Карл XII (1682-1718) - шведскі кароль з 1697 г.

[139]Пётр I (1672-1725) рускі цар (з 1682 г.), з 1721 г. - імператар.

[140]Мазепа (каля 1644-1709) - казацкі гетман, удзельнічаў y рокашы Любамірскага, y час Паўночнай вайны выступіў на баку Карла XII.

[141]Агінскі Рыгор Антоній (памёр y 1709 г.) - староста жмудзскі, гетман польны літоўскі.

[142]Сапега Аляксандр (1671-1734) - маршалак Вялікага княства Літоўскага.

[143]Масальскі Ігнат (1729-1794) - віленскі біскуп.

[144]Леннае права - y сярэдневечным зямельным ўладанні (або іншыя крыніцы даходаў), дараваныя якойсьці асобе, пры ўмовах выканання вайсковай або адміністрацыйнай службы, называліся ленам. У выніку ленных дараванняў склалася леннае права, якое было зафіксавана ў дзяржаўных дакументах.

[145]Масальскі Ян (памёр y 1763 г.) - падчашы літоўскі.

[146]Радзівіл Юзэфа - дачка M. К. Рыбанькі Радзівіла i Ганны з Мыцельскіх. Была замужам за Ксаверыем Масальскім, потым за Міхалам Грабоўскім.

[147]Патоцкі Вінцэнт (памёр y 1825 г.) - каронны падкаморый, генерал-лейтэнант, y 1792 г. трэці раз ажаніўся з Геленай, удавой па Каралю дэ Ліну.

[148]Несялоўскі Юзаф (1728-1814) - навагрудскі ваявода, удзельнік паўстання 1794 г. Яго жонка - Кацярына з Масальскіх.

[149]Несялоўскі Францішак Ксаверый (1771-1845) - генерал, удзельнік паўстанняў 1794 г. i 1830-1831 гг.

[150]У гетмана звычайна была такая прыгаворка.

[151]«Бібліотэка Варшавска» - польскі навукова-літаратурны часопіс. Выдаваўся ў 1841 - 1914 гг. y Варшаве.

[152]voto - зарок.

[153]in-spe - будучы.

[154]ех-ге - быўшая прычынай.

[155]Бахус - бог вінаробства.

[156]Людовік XVIII, Станіслаў Ксаверый, граф Праванскі (1755- 1824) - французскі кароль (1814-1815 i 1815- 1824) з дынастыі Бурбонаў.

[157] Людовік XVIII з-за надзвычайнай паўнаты насіў заўсёды доўгі сурдут да пят.

[158] Людовік XVI (1754- 1793) - французскі кароль (1774- 1792) з дынастыі Бурбонаў.

[159]Патоцкі Станіслаў, званы Рэвэра (каля 1589-1667) - кракаўскі ваявода, вялікі каронны гетман.

[160]«Vive l'emperear!» - «Няхай жыве імператар!»

[161]«Qu-a est puta-ce bambinla?» - «Чаму тут гэты малы?»

[162]Даву Нікола (1770-1823) - маршал Францыі, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Напалеона.

[163]Фрыдрых Аўгуст I (1750- 1827) - курфюрст Саксоніі (1763-1806), кароль Саксоніі i герцаг Варшаўскі (з 1806 г.).

[164]Патоцкі Аляксандр (1756-1812) - міністр паліцыі Варшаўскага герцагства, сенатар.

[165]Кандэ - французскі арыстакратычны род, бакавая галіна Бурбонаў.

[166]Чартарыйскі Адам Казімір Іахім Амброзій Марэк (1734-1823) - генерал польскі, з 1809 г.- аўстрыйскі фельдмаршал.

[167]Гіды - праваднікі.

[168]Чартарыйская Ізабела (1746-1835) - жонка Адама Казіміра Чартарыйскага, была пісьменніцай, лічылася адной з самых прыгожых жанчын y Польшчы.

[169]Канарскі Станіслаў (1700-1773) - ксёндз, паэт, драматург, праводзіў рэформу асветы ў Рэчы Паспалітай.

[170]«Homo proponit - sed deus dis ponit» - «Чалавек думае, a бог робіць».

[171]Гл. артыкул шаноўнага біёграфа Інфлянтаў Густ. Мантойфеля пад назваю «Памятная Хадкевічаўская ліпа» ў органе Краязнаўчага Т-ва «Liemia», 1910, № 50.

[172]Касцюшка Тадэвуш Анджэй Банавентура (1746 - 1817) - генерал, кіраўнік паўстання 1794 г.

[173]Канстанцін Паўлавіч (1779- 1831) - вялікі князь, другі сын расійскага імператара Паўла I, з 1814 г. - галоўнакамандуючы, намеснік y Царстве Польскім.

[174]Хлапоўскі Адам (1788- 1879) - генерал, удзельнік паўстання 1830-1831 гг.

[175]Плятэр Эмілія (1806-1831) - удзельніца паўстання 1830-1831 гг.

[176]Начальнікамі 3 іншых акруг былі Антоні Пжэцішэўскі, Аўгустын Кардзюкоўскі i Юзаф Карбевіч.

[177]Начальнікамі 3 іншых акруг былі Антоні Пжэцішэўскі, Аўгустын Кардзюкоўскі i Юзаф Карбевіч.

[178]Дэмбінскі Генрык (1791 - 1864) - генерал, удзельнік паўстання 1830-1831 гг.

[179]Роланд Францішак (1779-1860) - генерал, удзельнік паўстання 1830-1831 гг.

[180]Гэтыя i ніжэйшыя дэталі я калісьці запісаў з вуснаў ужо памерлага паклонніка правадыра, высакароднага эксротмістра i памешчыка Лідскага павета с. п. Ігната Сангайлы, які Дэмбінскага ведаў асабіста, сябраваў з Пацам i быў яго суседам, a з генералам Т. Тышкевічам неаднаразова паляваў.

[181]«Audaces fortuna juyat» - «Смелым лёс дапамагае».

[182]Поль Вікенцій (1807- 1872) - польскі паэт, дзеяч эміграцыі.

[183]Вітвіцкі Стэфан (1802-1847) - польскі паэт.

[184]Патоцкая Клаўдына з Дзялынскіх (1801 -1836) - удзельніца паўстання 1830- 1831 гг., за свой кошт зрабіла ў Варшаве ў час паўстання лазарэт i як сястра міласэрнасці даглядала параненых.

[185]Над Секванаю ўладальнік Свіслачы піша свае мемуары i, маючы 78 гадоў, закончвае сваё дастойнае жыццё (15.IV. 1852) на руках дзвюх дачок i пляменніка. Выклікаючы ўсеагульны жаль, на могілках Пер Ляшэз прамаўляюць князь Адам Чартарыскі i даўні падначалены памерлага генерал Скаржьінскі. Ix разжаленыя галасы былі дакладным тлумачэннем пачуццяў сваякоў, якія прыйшлі развітацца з тым, хто айчыне аддаў літаральна ўсё, бо i сваю кроў, i багацце, i шэсцьдзесят гадоў службы. Абшырны жыццяпіс аднаго з апошніх жаўнераў Рэчы Паспалітай y вельмі вымоўных словах напісаў Валяр'ян Калінка («Жыццё Тадэвуша Тышкевіча». Познань, 1853. Выданне Жупаньскага).

[186]Казімір Трускоўскі, уладальнік Трускова, сардэчны друг Патоцкага, першы ў Упіцкім павеце ўзяў зброю ў рукі i апошні яе здаў. У ягоных лясах Патоцкі найдаўжэй стаяў лагерам. Трускоўскага нарадзіла ўдава барона Брунова з дому Пярувна. Чатыры яго сястры былі іа Рудомінам, Мяйштовічам, Верашчынскім i Быстрамам.

[187]Пярун - бог навальніцы ў славянскай міфалогіі.

[188]Далгарукаў Міхаіл Андрэевіч (1792-1847) - віленскі ваенны губернатар з 1832 па 1840 г. Другі раз ажаніўся з Люцыяй Варвжэцкай.

[189]Праз некалькі гадоў (каля 1840 года) Трускоўскі памёр y мінскім астрозе.

[190]«Калі бацька змагаўся за край, любіць гэты край мяне вучыла матка».

[191]«Święcone». Str. XXVIII.

[192]«Święcone».

[193]«Pamiętniki pana Kamertona». T. II. Str. 299.

[194]Там жа, с. 300.

[195]Urywek». Str. 12.

[196]Акрамя іншых моў, грунтоўна знаў літоўскую, тлумачыў жмудзскія песні i паданні, з Акілевічам i Прэкі- рам быў y пастаяннай перапісцы.

[197]З палаца Патоцкіх, занятага пакарыцелямі Варшавы, на ўсю Польшчу загучаў указ, які скасоўваў канстытуцыю Аляксандра I, пасля чаго быў абвешчаны т. зв. «Арганічны статут».

[198]Дабравольскі памёр y Коўне, маючы больш за дзевяноста гадоў, y 1857 г.

[199]Гл. «Pamiętniki pana Kamertona», III, str. 179, 188 i настугіныя.

[200]Там жа, III, str. 235. Нарбут Тэадор (1784-1864) - гісторык, аўтар «Гісторыі літоўскага народу» (т. 1-9, 1835-1841).

[201]Там жа, c. 222.

[202]Тызенгаўз Антоній (1733- 1785) - надворны літоўскі падскарбій i гродзенскі староста.

[203]Зянковіч Ляан (1808 - 1870) - польскі паэт, публіцыст, мемуарыст.

[204]Эстрайхер Караль (1827-1908) - бібліёграф. Працуючы бібліятэкарам y Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве, пачаў з 1869 г. выдаваць шматтомную «Польскую бібліяграфію».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX