Вярнуцца: Мемуары

Маскевіч Самуіл. Дыярыуш


Аўтар: Маскевіч Самуіл,
Дадана: 25-11-2019,
Крыніца: Дыярыушы XVII стагоддзя (1594-1707 гады). пер. з пол. мовы: А. У. Бразгуноў; ред. кал. : А. У. Бразгуноў (старш.) [і інш.]. Мінск, 2016.



САМУЭЛЬ ІВАНАВІЧ МАСКЕВІЧ (к. 1580-1642)

Дыярыуш (1594-1621)

Калі што не да спадобы.

Хай на мяне не крыўдуюць

Для сябе я сам спяваю,

Ды і сам вясёлы буду.

У 1594 годзе з'явіўся ў Літве Налівайка, запарожскі казак, i нарабіў нямала бяды. З ім было некалькі тысяч чалавек, i шторазу ўсё i больш збіралася да яго разбойнікаў дзеля вольніцы. Паветы выставілі супраць яго рушэнне, ротмістры таксама атрымалі загад пачынаць наём. Абачлівы [Налівайка] адступаў, але быў схоплены пад Лубнамі; яго з некалькімі значнейшымі ўдзельнікамі паслалі да ЯМ караля [1], a потым чвартавалі. У гэтай выправе быў [мой] брат, пан Ян [2], з п. Мікалаем Слушкам.

У 1595 годзе. Пан бацька, мой дабрадзей, аддаў душу Госпаду Богу [3].

У 1598 годзе 1. Выправа ў Мультаны супраць Міхаіла [4].

У 1599 годзе. Мультанская канфедэрацыя ў Самборы 2.

У 1600 годзе ЯМ кароль з войскам у Інфлянтах 3, [з ім] абодва гетманы: Ян Замойскі, каронны канцлер i вялікі гетман, Станіслаў Жалкеўскі, каронны польны гетман. Я ў той час з парай коней [быў пры] п. Войну, літоўскім падканцлеру. У тым жа годзе брат, пан Ян, ажаніўся з дачкой п. Багдана Храптовіча, рэферандара ВКЛ.

У 1602 годзе інфлянцкая канфедэрацыя 4.

Пасля адыходу караля з Інфлянтаў п. Радзівіл [5], віленскі ваявода, тагачасны вялікі гетман літоўскі, i п. Караль Хадкевіч, жамойцкі староста, засталіся там, як два каты 5.

У тым жа годзе 6 аб'явіўся ў Брагіне, у князя Адама Вішнявецкага, Дзімітры, сын маскоўскага цара Івана, празванага Тыранам [6]. Ён, дзівосным чынам пазбегшы тыранскіх рук прагнага да ўлады Барыса Гадунова, туляўся 13 гадоў, нікому не аб'яўляючы пра сябе, пакуль не зразумеў, што настаў час. У гэтым жа годзе [Дзімітры] пабываў з князем Канстанцінам Вішнявецкім 7 у ЯМ караля ў Кракаве. Сандамірскі ваявода, п. Мнішак [7], узяўшы на парукі, апекаваўся ім i абяцаў аддаць за яго сваю дачку Марыну, што i зрабіў потым 8; не вялікая, аднак, была з таго радасць.

У 1603 годзе царок выступіў на Маскву 9, a з ім пан сандамірскі ваявода з дужа слабымі сіламі: спачатку толькі 700 вершных жаўнераў 10; роты: харугва царская, харугва саноцкага старосты п. Мнішака [8], харугва п. Дварыцкага, харугва п. Фрэдра, харугва п. Няборскага.

Пад Ноўгарадам [9] сустрэлі ix маскоўцы, якія спадзяваліся на сваю вялікую, 80 000, колькасць. Ix ваяводам быў князь Мсціслаўскі 11. З Божай успамогай нашы выйгралі тую бітву i самога Мсціслаўскага захапілі былі ў палон, але яго адбілі. У той бітве побач з намі было 2 000 запарожскіх казакоў; пазней з'явілася ix 10 000, але запозна. Барыс Гадуноў, тагачасны маскоўскі цар, з адчаю выпіў разам з жонкай i сынамі атруты, i [ўсе] памерлі 12.

У 1605 годзе, месяца iunii 6 дня, развітаўшыся ў Сэрвачы з дабрадзейкай пані маці 13, адправіўся я з атрадам у Маскву. Дабраўшыся да маскоўскай мяжы, пад Брагін князёў Вішнявецкіх, даведаўся, што цар Дзімітры Першы ўжо ўвайшоў у Сталіцу i на св. Міхала [10] быў каранаваны 14. Не маючы па што туды спяшацца, застаўся я з п. Янам Юндзілам у Брагіне, дзе пачуваўся, не раўнуючы, як у нябёсах.

У тым жа годзе, на Успенне Найсвятой Багародзіцы [11], нарабілі татары нямала шкоды на Падоллі i ў ваколіцах Кіева: захапіўшы нямала шляхецкіх сядзіб, узялі ў няволю мноства дзяўчат i паненак шляхецкага стану. У тым жа годзе набіралі кварцяных жаўнераў. Гетман сам пан Жалкеўскі [12]; ротмістры: п. Ян Патоцкі, камянецкі староста, п. Якуб Патоцкі, п. Андрэй Патоцкі, п. Струсь, камянецкі п. Прэтвіч, князь Ружынскі [13], сын рускага ваяводы п. Гульскі [14], галіцкі п. Гульскі [15], князь Міхал Вішнявецкі (але яго адхілілі ад службы, бо не з'явіўся на бітву), п. Тварыянскі, п. Свірскі.

3 novembris я выехаў з Лісцвіна ў Львоў для набору войска, пакінуўшы i атрад, i людзей у пана Юндзіла. Ям. княгіня [16] дала мне колькі соцень злотых на свае патрэбы ў Львове.

9 novembris - у Заславе. Там жа старшы слуга ям. валынскага п. [17] - пан Касцюшкевіч запрашаў мяне на прыдворную службу.

12 novembris - у Вішняўцы, у князя Міхала [18]; нічога не ўдалося.

20 - у Львове, там таксама мне нічога не ўдалося, бо набор быў скончаны.

27 - са Львова.

30 - у Беражанах, дзе з ласкі княгіні заставаліся мае коні; я ж ездзіў на сялянскіх.

25 decembris - у Хабнае, да пана старосты Харлінскага [19]. Тут сустрэў свята Божага Нараджэння, [a] Новы год у Брагіне, у ям. княгіні.

У 1606 годзе, 1 februarii, вяселле пана Глябовіча з княгіняй Карэцкай [20] у Карцы. Узяў за ёй 30 000 злотых гатоўкай. На тое вяселле сваёй пляменніцы ездзіла ў Карэц i княгіня Вішнявецкая, я суправаджаў яе з атрадам i чаляднікамі.

10 ianuarii [выправіліся] з княгіняй Вішнявецкай з Брагіна ў Карэц.

14 - у Аляксандраве, у княгіні Збаражскай. Тут абвінавацілі мяне перад княгіняй Вішнявецкай; гневалася, але нядоўга.

15 - у Карэц.

1 februarii - вяселле пана Глябовіча.

8 februarii прыехаў у Карэц пан троцкі ваявода [21]. Там заварылі мне такую кашу, што я ледзь рассёрбаў.

12 februarii, ca шкадаваннем развітаўшыся з ям. княгіняй, я выехаў з Карца. Прыехаўшы ў Дзеражню, пад Бар, адпачываў тут з коньмі праз увесь ляшскі [22] мясапуст (рускі тады выпадаў на пяць тыдняў пазней). Тут злучыліся са мной раскіданыя чаляднікі. Тут дагнаў мяне Прэтвіч, тагачасны камянецкі пан, разам з якім у нас было аж чатыры кані, i я адразу адправіўся ў харугву, якую дагнаў у Гулах, вёсцы пана Язлавецкага, падольскага ваяводы. Узбунтаваныя сяляне не хацелі пускаць харугвы ў вёску, пакуль ix не высеклі i не пабілі. У той вёсцы ад імя п. ваяводы гаспадарыў п. Слупскі.

У тым самым годзе. Вяселле ЯМ караля [23] з другой каралевай [24]: пачатае перад Божым Нараджэннем 15, доўжылася да мясапуста.

У тым самым годзе. У пост, распачаты па новым календары 16, адправіўся я з харугвай камянецкага пана Прэтвіча на пастой у Хрэбціеў.

У тым самым годзе, у Вялікі Пост [25] ям. сандамірскі ваявода, п. Мнішак, аддаў сваю дачку Марыну ў Маскву 17 за цара Дзімітрыя; з таго шлюбу, аднак, не доўга цешыўся.

Там, у Хрэбціеве, так моцна дапякалі нам разбойнікі, што чаляднік не мог выступіць на дазор. Прасачыўшы за імі, мы выступілі i захапілі ў палон самаго атамана тых разбойнікаў - Салату, якога адаслалі ў Бар да рускага ваяводы, п. Гульскага (ён замяшчаў гетмана 18), дзе быў чвартаваны. Пасля гэтага ўсё супакоілася.

Праз шэсць тыдняў пасля Вялікадня адправіліся мы з Хрэбціева на адпачынак у Пласкіраў, дзе былі праз тыдзень пасля Сёмухі [26].

У тым самым годзе, у панядзелак пасля Сёмухі, - першае кола ракашанаў пад Люблінам 19. Там жа, у Пласкіраве, атрымалі мы нярадасныя навіны з Масквы 20, што маскоўцы, здрадзіўшы, забілі свайго цара i з нашых [адных] забілі, a іншых, больш высакародных, зняволіўшы, разаслалі па розных крэпасцях: сандамірскага ваяводу п. Мнішака; яго сына, п. саноцкага старосту; князя Канстанціна Вішнявецкага; малагоўскага п. [27], які быў на тым веселлі паслом ЯМ караля; пана Ратомскага, остэрскага старосту, i саму царыцу з усімі польскімі жанчынамі, з кожнай з якіх спачатку добра нацвяліліся. Радаснай навіной было пачуць бацькам пра такую фартуну сваіх дачушак! Дай, Божа, тым, хто гэта рабіў, заўсёды самім аглядаць такую радасць! Бог пакараў ix за знявагу, хоць i пазней.

З Пласкірава 12 iulii мы выехалі пад Магільніцу, на попіс (такая хадзіла пагалоска). Адтуль яго перанеслі пад Гліняны, a потым пад Вішню pro 1 augusti 21 дзе, аднак, адбыўся не попіс, a кола сенатараў, якія вырашылі адправіць нас пад Вісліцу, бо ЯМ каралю пагражала тады вялікая небяспека з боку ракашанаў 22.

Нанялі на службу новых ротмістраў, a менавіта: п. Балабана, п. Свянціцкага, п. Жабакліцкага, п. Хамянтоўскага i [п.] Халанеўскага.

3 angusti мы прыйшлі ў лагер пад Вісліцу, a ракашане сабралі сваё кола i з'езд пад Сандамірам i Пакрыўніцай, мрычынай чаго былі ям. кракаўскі ваявода, п. Забрыдоўскі, i м. літоўскі падчашы, князь Януш Радзівіл. У той час ЯМ кароль прыкладаў намаганні, каб выдаць рыцарству належнае заслужное, бо кварта ўжо скончылася 23; a паколькі скарб быў пусты, пад заклад аддавалі сталовае каралеўскае срэбра, якое неўзабаве, на працягу шасці тыдняў, у нас выкупілі. Я таксама, далучыўшыся тады да харугвы п. Гратуса Тарноўскага [28] браў са скарбу тое срэбра i раздаваў таварышам. У войску паўставалі бунты сярод таварышаў, якія заклікалі да рокашу, не апошняй прычынай чаго была аплявуха, дадзеная п. Струсем аднаму таварышу з роты п. Свянціцкага ў генеральным коле. Ужо завязвалася лютая бойка, мы неаднаразова выходзілі на кола ў поле, абвясціўшы маршалкам п. Сепякеўскага; п. гетману ледзь удалося тое спыніць. Увесь час, пакуль наш лагер стаяў пад Вісліцай, ЯМ кароль перабываў там. A die 6 septembris войска на чале з каралём выступіла з лагера пад Вісліцай супраць ракашанаў, пад Пакрыўніцу.

18 septembris 24 мы дагналі ix п. Забрыдоўскага, кракаўскага ваяводу [29], князя Радзівіла, п. літ. падчашага [30], i Стадніцкага, ланцуцкага п. [31], - пад Яноўцам на Вісле; было ix каля дзвюх тысяч. Стадніцкі ўсё ўзважыў i з некалькімі сотнямі сваіх людзей пераправіўся за Віслу, у Казімір, a іншыя ўжо не паспявалі, бо мы падышлі хутка. Па нейкім часе, шляхам перамоваў, прымусілілі ix, каб п. кракаўскі ваявода i п. літоўскі падчашы гарантавалі ЯМ каралю, што не будуць больш уздымаць у Рэчы Паспалітай мяцяжу i раз'едуцца з мірам. На чэснае слова абодва былі запрошаны ў каралеўскі лагер, дзе прабылі тры дні, пакуль пасля прысягі ix не адпусцілі. A Д'ябал Стадніцкі 25, перабываючы за Віслай, кпіў з таго. Аднак i там бунты ў войску не аціхалі. Таварышы неаднаразова збіраліся ў полі на кола, абралі сабе маршалкам п. Габрыэля Ліпскага з гетманскай роты, які напэўна расстаўся б з жыццём, каб не ўцёк. I так [усё] супакоілася.

9 octobris. ЯМ кароль выступіў з войскам з лагера пад Кракаў Мне таварышы даручылі заставацца ў Казіміры да [атрымання] заслужнога.

15 octobris выехаў з Казіміра з грашыма.

18 у Кракаве, дзе ўжо застаў кола. Па дарозе [абагнаў] войска, [якое кіравалася] сюды. У Ракаве мае таварышы пабілі тулеямі п. Красіцкага, далінскага старосту, празванага Гранджорджам 26, за што мой ротмістр, п. Гратус Тарноўскі, быў выкліканы ў Кракаў на двубой.

23 octobris выступілі з Кракава ў Ясла; па дарозе памёр мой добры чаляднік Лімонт.

5 octobris - [прыбылі] ў Ясла на пастой.

9 decembris - з Ясла ў Львоў праз Кросна, Перамышль, Масціску, Вішнягродак.

15 - у Львове.

Прыехаў пан Даніловіч, драгобыцкі староста, вялікі пасол у Турэччыне, дзе нічога не дасягнуў, бо яго i слухаць не хацелі, кажучы: «У вас цяпер interregnum». A ўсё праз маніпуляцыі Баторыя [32], які быў кандыдатам кракаўскага ваяводы [33] на каралеўства 27.

23 decembris - ca Львова ў Ясла праз Самбор, Леска, Санок, Кросна.

27 ЯМ кароль [34], насуперак звычаю, аб'явіў нам службу за два тыдні да сканчэння кварты 28.

На Новы, 1607, год з'явілася вялікая i вельмі яскравая вясёлка, як сярод лета. Быў дождж.

7 februarii мы выехалі з Ясла ў Соль; у Ясле прабылі 13 тыдняў.

23 februarii - у Соль, там нас вербавалі i ад Стадніцкага, ланцуцкага пана, i ад п. Свашоўскага, львоўскага пісара.

1 травеня ездзілі з п. Быкоўскім ад імя таварыства з Любачава ў Бэлжыцы, да пана кракаўскага ваяводы. Тады ж мой конюх скраў похвы ад палаша, i так спрытна, што не адразу i агледзелі; страціў я 6 грыўняў срэбра.

3 iunii зноў [адправіліся] з панам Мадаленскім у Стэнжыцу, да пана кракаўскага ваяводы; ротмістрам нам вызначылі пана Габрыэля Мадрынскага. Не наняўшыся на службу да яго, мы вярнуліся да караля.

Пан кракаўскі ваявода ўзмоцнена рыхтаваўся да рокашу, што адкрылася неўзабаве, але нічога ён тым не выйграў з ім [былі] п. літоўскі падчашы [35], п. раўскі ваявода [36], п. Гербут i іншых нямала.

15 iunii мы далучыліся да харугвы князя Парыцкага i адразу праз Варшаву у лагер, куды сцягваецца таксама i войска ЯК Мосці. ЯМ кароль [быў] у Варшаве. Варшава выгарала дашчэнту, ЯМ кароль [адправіўся] ў лагер.

18 iunii ракашане пад Варшавай, за 3 мілі ад нас. Мы адправілі да ix паслоў [з просьбай] папярэдзіць нас, як брагоў, на той выпадак, калі нехта [задумае нядобрае] супраць агульнай справы [37], каб i мы сталі з імі побач дзеля дабра Айчыны. Яны нічога істотнага нам не паведамілі, a калі зразумелі, што мы збіраемся супраць ix, 29 iunii адступілі.

30 iunii мы рушылі следам i дагналі ix пад Варкай. Там, калі войска пачало разгортвацца ў баявы шыхт, некаторыя з нашых укрыкнулі: «Мы не будзем біцца з братамі! Няхай лепш п. кракаўскі ваявода скажа, хто дзейнічае на шкоду Рэчы Паспалітай: мы не хочам бараніць здраднікаў, пастаім толькі за годнасць ЯК Мосці». Кароль, бачачы, што іначай ніяк, i хочучы задаволіць кожнага, з усім пагадзіўся, a за ім i ўсе пп. сенатары. Такім чынам было вырашана: ракашане размесцяцца за дзве мілі ад Варкі; намёты будуць пастаўлены на адлегласці мілі паміж войскамі; кожны з бакоў абярэ дэпутатаў, якіх павінна быць па 30 чалавек, у асноўным з рыцарства, i тыя, выявіўшы, хто вінаваты, павінны здзейсніць пакаранне.

Але ракашане як рушылі, то спыніліся аж у Радаме, за 7 міляў [ад Варкі]. Кароль, зразумеўшы, што яны махлююць, засведчыў рыцарству сваю апрычонасць i запатрабаваў, каб мы прысягнулі цвёрда стаяць за яго, што мы i зрабілі. A тых, хто стаў прычынай узрушэнняў, у прыватнасці, Лязніцкага з роты п. Жабакліцкага, дазволіў павесіць; Рудзінскі ж набраўся страху i ледзь не трапіў туды ж, куды i першы: яго былі ўжо i схапілі, [але змог уцячы].

Выступіўшы з-пад Варкі, 5 iulii 29 дагналі мы ix пад Гузавам i Аронскам, дзе сышліся ў паспяховай для нас, з ласкі Божай, бітве. У той бітве конь аднаго пана з каралеўскага атачэння Даніловіча, рускага ваяводы [38] (тады яшчэ кароннага стольніка), зяця гетмана, закусіўшы цуглі, занёс [гаспадара] за 12 міль, так што той вярнуўся [толькі] на трэці дзень. Калі б тое сталася з бяднейшым, ён зазнаў бы вялікага няшчасця, a гэтаму i кат не перашкода.

У той бітве быў i п. літоўскі гетман [39] з некалькімі сотнямі інфлянцкіх жаўнераў, але загадаў нікому не аддаваў, толькі сваім. Войскам камандаваў п. Жалкеўскі, каронны польны гетман.

У той час была Гарадзенская канфедэрацыя 30, у якой браў удзел сам п. гетман, Караль Хадкевіч. Пасля бітвы войска раз'ядналася з каралём, бо ЯМ кароль адправіўся ў Кракаў, a войска пад Красныстаў.

13 iulii - праз Віслу пад Солец каля Пятравіна.

16 iulii - пад Красныстаў, у лагер.

18 п. Струся, хмельніцкага старосту, адправілі сачыць за п. Шчасным 31 Гербуртам, які, маючы колькі соцень чалавек, зноў вёў справу да рокашу; яго схапілі i неадкладна адправілі да караля, у Кракаў, дзе быў кінуты ў вязніцу.

12 septembris войска выступіла з лагера пад Красныставам у Завіхост. 26 septembris у Косіне, пад Завіхостам.

Прыкладна ў гэты ж час замест забітага Дзімітрыя, маскоўскага цара, з'явіўся [другі] Дзімітры 32 i заявіў: «Я той самы Дзімітры, маскоўскі цар, якога маскоўцы, прыняўшы ў Сталіцы i каранаваўшы, хацелі забіць, але з Божай успамогай я ўратаваўся». A ўсё дзеля таго, каб славай першага, каранаванага, Дзімітрыя (хаця быў самазванцам) завербаваць салдат i ашукаць саміх маскоўцаў. З нашай падтрымкай амаль дасягнуў быў таго, бо ўжо i ўся Маскоўская дзяржава была яму пакарылася, апрача трох замкаў: самой Сталіцы, Ноўгарада i Смаленска. Таксама ўзяў сабе i жонку, царыцу, але шлюб з ёй браў патаемна. Гэтага Дзімітрыя «ўваскрасіў» Мехавецкі, які ведаў усе справы i звычкі першага Дзімітрыя: як навучыў, так яму i давялося скакаць.

30 octobris з лагера пад Завіхостам войска разышлося ў розныя бакі: адны на пастой, іншыя як усе пп. Патоцкія [40], п. Струсь, князь Міхал Вішнявецкі у Валахію 33, узводзіць на гаспадарскі пасад Канстанціна, сына Ераміі [41]. (І далі таму рады; залагодзіўшы справы, шчасліва вярнуліся назад.) Іншыя адправіліся да царка ў Маскву, як князь Ружынскі, які быў там у яго за гетмана.

14 novembris. Харугва ям. князя Парыцкага, у якой быў i я, [адправілася] на пастой у Ковель.

18 novembris я выехаў з Ковеля дадому; застаў пана брата [42] ў Жабчыцах ужо ўдаўцом.

У 1608 годзе, 16 ianuarii, сястра выйшла за п. Лапацецкага.

У тым жа годзе сабраліся ў Полі татары, таму войска рушыла на Украіну. Адразу пасля Сёмухі [сталі] лагерам пад Абодняй, паміж Вінніцай i Няміравам, дзе прабылі да дня св. Міхала [43]. Тады ж запарожскія казакі, уварваўшыся ў Арду, знішчылі Ачакаў i Перакоп, дзе ўзялі немалую здабычу, з-за чаго была скарга ад імператара да караля [44].

З таго лагера войска разышлося на пастой: мы зноў у Ковель, дзеля лепшай бяспекі Кракава ад венграў, ад Баторыя [45], бо рокашы яшчэ не заціхалі; частцы войска было загадана [ісці] ў Падгор'е, да ўгорскіх межаў.

Я з харугвай у Беч, на пастой. З Ковеля выступілі за тыдзень да Божага Нараджэння; на Божае Нараджэнне у Тышоўцах.

У 1609 годзе. На Новы год харугва князя Парыцкага у Бечы, п. Баратынскага у Кросне, п. крайчага Даніловіча у Ясле, п. Балабана у Ропчыцах.

14 ianuarii сойм у Варшаве 34. На гэтым сойме ЯМ кароль, па парадзе асобных сенатараў, прапанаваў пачаць вайну з Масковіяй, абяцаючы, [што варта] толькі агаліць шаблю, як вайна скончыцца. Але Рэч Паспалітая [46] не дала яму дазволу. Кароль, жадаючы ўсё зрабіць па-свойму, павялічыў колькасць ротмістраў i адправіў кварцяное войска на Маскву. Выпраўляючыся ў шлях, заехаў ЯМ кароль з каралевай у Люблін, падаў дэпутатам пратэстацыю: чым бы ні дабраславіў Госпад Бог гэтую вайну, нічога не скарыстае на асабістую выгоду, усё [аддасць] Рэчы Паспалітай.

На Украіне засталося мала кварцяных ротмістраў, прыдалі некалькі новых; усіх разам вершнікаў было каля 1000. За гетмана застаўся Гульскі, ваявода рускі. Войску, якое [адправілася] з каралём на Маскву, выдалі грошы толькі за чвэрць. Перш чым мы дайшлі да Смаленска, наша чвэрць скончылася.

Войска вырушыла з ЯМ каралём на Маскву пад Сёмуху. Я ў складзе харугвы князя Парыцкага праз тыдзень пасля Сёмухі, з Ковеля, спачатку заехаўшы дадому i пакінуўшы ў атрадзе брата, пана Габрыэля, якога адазваў ад п. Астрарога, бэлзкага кашталяна. Пана Яна, [другога] брата, застаў у Ятры, з новай жонкай, a пані маці - у Сэрвачы. Тым часам пана Габрыэля, брата, прыдаўшы яму некалькі коней з рыштункам, адправілі на жаўнерскую службу.

29 septembris, у дзень св. Міхала, ЯМ кароль ultro vel altro [47] [прыбыў] пад Смаленск 35 з надзвычай пышным i прыгожым войскам, [што складалася] як з жаўнераў, так i з дворскіх ды панскіх атрадаў, якіх было нямала, a таксама валанцёраў. Усё войска налічвала 12 000, апрача пяхоты, літоўскіх татараў i запарожскіх казакоў. A якую карысць i паслугу атрымаў ЯМ кароль ад тых атрадаў i валанцёраў, тое спазналі на сабе літоўскія краі i Белая Русь, дзе яны прычынілі вялікую шкоду пераходамі з месца на месца; спазнала i найманае войска, якое даволі хутка пачало галадаць, бо захопленае быдла часта i вялікімі статкамі яны [48] пераганялі за мяжу. Спазнаў i сам ЯКМ, якога яны пакінулі з адным найманым войскам і, не затрымліваючыся, з вялікім палонам i здабычай вярнуліся назад.

Станіслаў Жалкеўскі, каронны польны гетман, [які йшоў] з каралём на Маскву, прыбыўшы пад Смаленск за дзень да падыходу войска, пакрыёма агледзеў месца для лагера i размясціў яго на Дняпры, у даліне паміж трыма мураванымі манастырамі (першы Св. Тройцы, другі Св. Спаса, трэці Найсвятой Багародзіцы), якія былі ўжо ачышчаны ад маскоўцаў. У адным манастыры, Найсвятой Багародзіцы, спыніўся каронны гетман Жалкеўскі; у другім, Св. Тройцы, літоўскі маршалак Дарагастайскі; у трэцім, Св. Спаса, літоўскі канцлер Сапега [49]. Апошні нядоўга там гасцяваў, бо маскоўцы выбілі яго адтуль; ён загадаў збудаваць сабе двор у даліне каля Дняпра, i толькі там знайшоў ад ix спакой. Нямецкую пяхоту з Прусіі 2 000 [чалавек на чале] з Людвігам Вейхерам, пуцкім 36 старостам, размясціў перад лагерам, насупраць крэпасці; пазней больш ix сканала ад нягодаў, чым было забіта ў баі. Польскую пяхоту, колькі было (а было яе мала), размясцілі тамсама.

На трэці дзень ЯМ кароль асабіста адправіўся з гетманам i сенатарамі аглядаць размяшчэнне крэпасці, каб расставіць вакол яе войска [такім чынам], што яно не зазнае перашкод ні з [падвозам] правіянту, ні з атрыманнем вестак ад сваіх. A тым часам добраахвотнікаў адправілі праехацца пад крэпасцю, каб маскоўцы не здагадаліся, у чым справа.

Маскоўцы, бачачы, што нашы капаюць акопы, асталёўваюцца надоўга (пра што яшчэ не здагадваліся), запалілі пасад, a самі ўсе схаваліся ў крэпасці. Было ix тады каля 70 000; ix ваявода Шэін, воін добры, умелы i пільны ў рыцарскіх справах.

Размяшчэнне крэпасці i места Смаленска наступнае: паміж крэпасцю i местам бяжыць рака Дняпро, то бок на адным беразе ракі крэпасць, a на другім места. Крапасное ўзвышэнне мае вялікі схіл да Дняпра i шмат глыбокіх равоў; яно складаецца з 7 пагоркаў, i калі б не масты, пераход з аднаго на другі быў бы надзвычай цяжкі. Места ад Дняпра ляжыць у больш роўным, чым крэпасць, але балоцістым месцы, a далей ідзе ўзвышэнне, як i ў крэпасці. Таўшчыня крапаснога мура тры сажні, a вышыня на 3 кап'і; вежаў у ім як чатырохкутных, так i акруглых - 38. Знешні мур кожнай з чатырохкутных вежаў мае 910 сажняў, a вежа ад вежы [знаходзіцца] ў 200 сажнях. Акружнасць крапаснога мура больш за мілю.

Аблогу смаленскага замка рабілі наступным чынам.

З [боку] прыезду з Польшчы, на захад сонца, размяшчаўся на Дняпры (пра што я казаў вышэй) паміж трыма манастырамі даволі шырокі i ўмацаваны лагер; у гэтым лагеры [былі] сам ЯМ кароль i гетман. На Дняпры, ніжэй манастыра Св. Тройцы, збудавалі мост. Перад лагерам, на пагорку насупраць крэпасці, у шанцах паміж кашамі паставілі 3 лёгкія гарматы, якія нанеслі крэпасці немалую шкоду, [страляючы] па-над муром; пры ix было 300 [чалавек] польскай пяхоты з Даброўскім i Біралам, польскімі ротмістрамі. Яшчэ бліжэй да крэпасці, у даліне, у шанцах паміж кашамі, стаялі сценабітныя гарматы, з якіх білі ў мур: спачатку без асаблівай шкоды, пакуль не выпісалі з Рыгі больш магутныя гарматы, пра што ніжэй. Ад гэтых гармат нямецкая пяхота правяла вельмі блізка да мура траншэю: [заставалася] не больш за 15 сажняў. Адсюль наносілі маскоўцам вялікую шкоду, не даючы ім нават высунуцца з-за мура, i неаднаразова рабілі падкопы пад муры, пра што ніжэй. Усёй нямецкай пяхотай у тых шанцах [камандаваў] п. Вейхер; [былі там таксама] 500 каралеўскіх венграў з Граеўскім i 200 мазураў 37.

З другога боку, за Дняпром, насупраць крэпасці, на поўнач ад яе, стаяў на пагорку лагер пп. Патоцкіх, у якім было больш за 2 000 вершнікаў. Навокал была выстаўлена пільная ахова. [Беручы] ад гэтага лагера ў бок крэпасці, насупраць яе за Дняпром, на месцы спаленага пасаду, знаходзіліся шанцы літоўскага маршалка Дарагастайскага. У яго было 700 [чалавек] пяхоты i 6 гармат, з якіх білі ўсярэдзіну крэпасці па-над муром, бо крапасная гара (як я казаў вышэй) мела схіл да Дняпра: з-за Дняпра можна было пералічыць у крэпасці ўсе дамы. Сярод белага дня 6 маскоўцаў з крэпасці адважыліся [пераплыць] Дняпро ў адной лодцы да тых шанцаў, захапілі там пяхотную харугву i цэлыя вярнуліся з ёй праз Дняпро ў крэпасць. Тая харугва належала сандэцкаму старосту Любамірскаму [50].

З трэцяга боку, на ўсход сонца, уверх па тым беразе Дняпра, дзе быў каралеўскі лагер, каля манастыра Св. Духа, размяшчаўся лагер казакоў, якіх налічвалася каля 10 000: часам было больш, часам менш, калі выпраўляліся па харчовы прыпас. Гетман ix [быў] з мястэчка Збораў i зваўся Збароўскім, з роду казак 38.

З чацвёртага боку замка, на поўдзень, на пагорках i ў нізінах (якіх там дужа многа як вакол замка, так i ўсярэдзіне) увесь час [стаяла] моцная, пільная ўдзень i ўночы варта з каралеўскага лагера, якая заўсёды трымала сувязь з казацкай вартай.

12 octobris. Праз два тыдні па прыбыцці войска пад смаленскую крэпасць, падрыхтаваўшы петарду i неабходныя для таго прыпасы, вырашыў ЯМ кароль выпрабаваць фартуну ў штурме. I ўжо справа дайшла б да канца i не мела б працягу, але праз бязладдзе i пралікі нашых не дабраславіў нас Госпад Бог: петарда, зрабіўшы сваю справу, расчыніла была браму i некалысі дзясяткаў нашых уварваліся былі ў крэпасць з кавалерам Навадворскім, які кіраваў тымі петардамі, i ўжо ўстрывожаныя маскоўцы пачалі былі ўцякаць вялікімі гурмамі з бланкаў i з дамоў у царкву i цясніцца, але, бачачы, што падмогі нашым не прыбывае, павярнуліся i выгналі [нашых] з крэпасці. A нашы старшыя, баючыся здрады, калі ўсім [дачасна] стане вядома пра задуманае, не захацелі папярэдзіць нават камандзіраў, якія кіравалі пяхотай (капітанам каралеўскай пяхоты быў Марк, угорац, і, кажуць, ён здрадзіў, бо не хацеў ісці ў пралом: ці то не меў адпаведнай адвагі, ці то па змове з непрыяцелем), i на світанні перавялі ўсю пяхоту на іншы бок крэпасці, каб, узняўшы крык i шум уначы, адцягнула на сябе ўсю ўвагу маскоўцаў. Так яно i сталася, але ж у зроблены пралом не было каму [ісці], i мы, страціўшы некалькіх сваіх, ні з чым вярнуліся ў лагер, калі ўжо развіднела. Маскоўцы адразу, агледзеўшыся, заклалі ўсе брамы каменнем i пяском, паставіўшы перад кожнай з ix загародкі з жэрдак, якія таксама запоўнілі пяском i каменнем, i выставілі да ix моцную варту.

У харчах быў дастатак; непрыяцель нам не перашкаджаў, бо быў заняты царком [51] пад Сталіцай. Деревни за 18-20 i больш міль ад Смаленска былі занятыя таварышамі; пахолкам жылося тут бяспечна, a сяляне прывозілі ў лагер харчы. У той час п. Гасеўскі [52] са сваім атрадам прыкладна з 500 вершнікаў, акрамя запарожскіх казакоў, ужо быў пад Белай i здабываў замачак (знаходзіцца за 18 міль ад Смаленска).

Велізарнае мноства запарожскіх казакоў перабывала ў розных месцах Масковіі: ix налічвалася больш за 40 000, i з кожным разам лічба ставалася большай, i ці не ўсім сваім кашом выйшлі былі яны з Запарожжа. Яны аказвалі ЯМ Ka­pa лю вялікую паслугу сваімі набегамі: за непрацяглы час спустошылі мноства непрыяцельскіх замкаў, такіх, як Пуціўль, Чарнігаў, Почап, Бранск, Казельск, Масальск, Мяшчэрск, Вязьма, Дарагабуж i мноства іншых.

Пры шанцах, недалёка ад муроў, знаходзіцца царква Св. Міхала Арханёла (на якой, кажуць, за часоў таго Тырана [53] быў залаты верх), дужа шанаваная, славутая сярод ix цудамі. У гэтай царкве падчас першага ўварвання караля Стафана [54] ў Масковію 39 склаў маскоўскі цар абяцанне, просячы ў св. Міхала перамогі над польскім каралём; a паколькі пайшло не па яго задуме, угневаўшыся, загадаў сарваць з яе ўсё аздабленне i забраць скарб, a верх збіць гарматамі, i аддаў яе в опалу, у якой яна i сёння перабывае.

У пытанні веры сярод простага люду [пануе] вялікае невуцтва. Калі кароль падышоў да Смаленска, навакольны люд начаў уцякаць з быдлам у лясы, беручы з сабой з дому i абразы, на якія ўскладае празмерныя спадзяванні. Таму калі нашыя, шукаючы ў лесе спажывы, натрапілі на ix i адабралі быдла, яны, гневаючыся на абразы, на знак ганьбы паразвешвалі ix на дрэвах дагары, кажучы: «Мы молімся вам, a вы нас ад Літвы не ўбераглі». A іншы, калі ўначы злодзей вывеў з яго хлява вала, схапіў са сцяны абраз i кінуў праз акно на хлеў (а той упаў у гной) ды сказаў: «Я тобе молюся, a ты мене от татя не боронншь». Калі [масковец] просіць solenniter [55] каго-небудзь пра што-небудзь, ён не кажа ў імя Бога або Хрыста, але ў імя Міколы [56].

Узяўшы крэпасць у аблогу, вырашыў ЯМ кароль распачаць штурм, a паколькі маскоўцы, асцерагаючыся петард, ужо ўмацавалі брамы, было загадана падрыхтаваць 80 драбінаў такой шырыні, каб адначасова па ix магло прайсці [... чалавек], i такой даўжыні, як самае высокае дрэва ў лесе. Перасоўныя пад'ёмнікі накшталт шыбеніцы, драбіны мацаваліся да ix пасярэдзіне i так [воі] кацілі ix перад сабой; потым з ix дапамогай i Смаленск захапілі. Не забываліся таксама падводзіць з шанцаў падкопы пад мур; спрабавалі па некалькі разоў у розных месцах, маючы спадзяванне, што калі не тут, то ўжо там напэўна. Аднак маскоўцы былі настолькі пільныя, што ніякі падкоп не мог быць для ix тайнай, бо дасведчаны дойлід збудаваў смаленскі мур так абачліва, што пад зямлёй каля муроў знаходзяцца патаемныя слухавыя вокны, [праз якія] чутно, дзе вядзецца падкоп. I так [маскоўцы], капаючы з крэпасці пад падмурак, сыходзіліся або з нашымі, або са сваімі, або, падкапаўшыся пад нашых знізу, падрывалі ix порахам, засыпаючы падкоп ды завальваючы i душачы людзей зямлёй, так што мы часам выкапвалі сваіх з зямлі на трэці-чацвёрты дзень. Таму ад падкопаў доўгі час не было карысці.

З гармат таксама цяжка было зрабіць прабоіну ў муры (бо не было сярод ix магутных), пакуль не даставілі з Рыгі; але тое дзеелася ўжо без мяне, [апісанне] чаго пакідаю тым, хто там заставаўся. Аднак па немалым часе i падкопы зрабілі сваю справу, калі падвялі ix да таго месца, куды білі з гармат, i дзе ім [57]нельзя было праслухоўваць, як звычайна. I акурат тады, калі распачалі штурм Смаленска, высадзілі порахам немалую частку мура i засыпалі перакоп (які яны зрабілі ў замку, не спадзеючыся на муры [і баючыся], што ix разваляць гарматы), чым зрабілі нашым вельмі зручны праход у крэпасць.

У 1610 годзе, пасля Новага года, in ianusrio 40, адправіў ЯМ кароль з-пад Смаленска паслоў да царскага войска, пад Сталіцу: ям. лескага п. Стадніцкага, перамышльскага кашталяна, ям. п. Скуміна [58], браслаўскага старосту, i п. Андрэя Казаноўскага 41. Усе яны мелі свае роты, да якіх прыдалі некалькі іншых: агулам, разам з пасламі, было да 800 вершнікаў. У той час царок стаяў лагерам у Тушыне, за мілю ад Сталіцы, з вялікімі сіламі кароннага войска, якое было прыцягнута славай першага, каранаванага, Дзімітрыя i служыла ў доўг. Лагер быў добра ўмацаваны самой прыродай: з двух бакоў аточаны магутнымі рэкамі, a з іншых двух умацаваны вялікімі ад ракі да ракі валамі i глыбокімі перакопамі, таму ён лічыўся больш непрыступным, чым сама сталіца маскоўцаў.

Падаецца мне, што тут дарэчы распавесці, скуль узяўся гэты царок, бо пра яго гаворка. Па лютым забойстве ў 1606 годзе першага царка, каранаванага Дзімітрыя 42, за якім была [замужам] Марына, дачка сандамірскага ваяводы Мнішака (пра якога я ўжо згадваў у адпаведным месцы, хаця i недастаткова, але ніжэй пра тое будзе падрабязней 43), праз год, гэта значыць у 1607, Мехавецкі, які пры першым царку займаў не апошняе становішча, знайшоў маскаля 44, падобнага камплексіяй да нябожчыка, пачаў яго прасоўваць i абвяшчаць сярод людзей, што царок пазбег рук маскоўскага тырана таксама, як i раней, у маленстве, ад Гадуна [59]. A паколькі гэты мужык быў вялікі невук, меў благія звычаі, быў нястрымны ў брыдкаслоўі, то Мехавецкі навучаў яго кіраванню i перайманню нашых звычаяў па прыкладзе першага [царка], які вызначаўся большай выкшталцонасцю; рабіў тое дзеля ўласнай выгоды, бо спадзяваўся ўзвысіцца. A паколькі без нашага войска не магло абысціся, Мехавецкі набіраў яго, пішучы лісты ад царскага імя да каго хацеў, абяцаючы вершнаму гусару 70 злотых, a казаку 50. Таксама дзеля болыыага пераканання людзей, што гэта ранейшы цар, ведаючы сакрэты нябожчыка пра што i з кім дамаўляўся вусна i пісьмова, угаварыў царка напісаць лісты да пана кракаўскага ваяводы [60], нагадаўшы [яму] змест як вусных дамоў, так i пісьмовых абяцанняў; гэтым удаваннем з сябе першага Дзімітрыя, як i іншымі падобнымі сродкамі, прыцягнуў да сябе мноства людзей, a яшчэ i таму, што ў Кароне многія ваяры былі не пры справе i былі рады гэткай магчымасці: ішлі з вялікай ахвотай, як на мёд.

Самы першы [з'явіўся] князь Раман Ружынскі. Пасля перамогі, атрыманай у 1607 [годзе] ў прысутнасці караля над ракашанамі пад Гузавам, ён блізу паўгода быў не пры справе. Калі ж войска пачало разыходзіцца з-пад Завіхоста (адны на пастой, іншыя - у Валахію), ён, сабраўшы войска з 1000 вершнікаў, адправіўся да царка, які быў у Арле, на мяжы, у чаканні нашых. Туды ж пасля Гарадзенскай канфедэрацыі адправіўся п. Андрэй Млоцкі, які сабраў некалькі соцень вершнікаў. A ўжо за імі ішло ўсё, што жывое: з'явіўся там пасля Берасцейскай канфедэрацыі п. Ян Сапега, усвяцкі староста, з некалькімі тысячамі вершнікаў 45; туды ж адправіўся п. Аляксандр Збароўскі, які сабраў 500 вершных гусараў; туды ж скіраваўся п. Велямоўскі, якога таварыства абрала палкоўнікам, з 700 вершнікамі. Пазней туды ж адправіўся Рудскі з некалькімі сотнямі вершнікаў; таксама Арлікоўскі i Капычынскі з некалькімі сотнямі вершнікаў i вялікае мноства іншых, імёнаў якіх дзеля сцісласці не пералічаю.

Дайшоўшы за год да самай Сталіцы i паставіўшы лагер у Тушыне, забараніў падвоз харчавання [ў Сталіцу], a іншыя [гарады], якія не жадалі паддацца добраахвотна, разаслаўшы туды войска, загадаў браць у аблогу i здабываць. Такім чынам польскае войска, што служыла царку, размясцілася ў Маскоўскай зямлі ў сямі лагерах. Адных капейнікаў налічвалася ў ім да 40 000, a запарожскіх казакоў яшчэ болын: былі яны ў кожным лагеры i паасобку ў іншых месцах, дзе ім уздумалася, па ўсёй зямлі было ix, як мурашоў, лікам яны ўдвая перавышалі польскае войска.

З усіх бакоў сходзіліся да царка маскоўцы: адны добраахвотна, як да гасудара, іншыя ратуючыся ад гневу Шуйскага, a трэція дзеля вольніцы. У царскім лагеры ix было дзвесце або трыста тысяч.

Заруцкі, родам валынец, які пасля захопу Падолля татарамі прыбыў у Маскву i там праславіўся як добры муж, таксама прыехаў да царка і, атрымаўшы ад яго немалы полк маскоўцаў, аказаў яму вялікую паслугу.

Потым пачалі яму здавацца замкі: [адны] - бачачы, што за ім сіла i моц, іншыя памылкова [ўважаючы] яго за сапраўднага [цара]; i ўжо была скарылася яму ўся зямля за выключэннем некалькіх больш моцных замкаў: Смаленска, Пскова, Вялікага Ноўгарада i самой Сталіцы. Усе думныя баяры пастаянна перабывалі ў Сталіцы са сваім царом, Васілём Шуйскім, акрамя тых, якія былі ў Шуйскага ў няласцы або ашукаліся, што маюць справу з сапраўдным дзедзічам.

Васіль Шуйскі, маскоўскі цар, бачачы, наколькі моцны царок польскім войскам, i будучы ўжо ім аточаны з усіх бакоў, асцерагаўся, што [польскае] войска пры царку інтрыгі караля, што пазней i сам кароль, маючы ў Маскве гатовае войска, можа перайсці ў наступ, помсцячы за крыўду i знявагу палякаў, нанесеную падчас забойства цара Дзімітрыя Шуйскім. Каб запабегчы гэтаму, загадаў адпусціць з няволі ў Польшчу ўсіх палонных, захопленых падчас таго перавароту як мужчын, так i жанчын, з якімі адправілі i царыцу. Даведаўшыся пра тое, царок адправіў услед моцны атрад, каб вярнуў царыцу разам з яе бацькам, сандамірскім ваяводам, у лагер. I хаця царыца зразумела, што перад ёй не той, хто быў раней, мусіла маўчаць, каб не перашкодзіць духоўнаму ўздыму маскоўцаў. Каб набыць яшчэ большую сілу i ўплыў на Сталіцу, распусціў [царок] пагалоску, што пазнала яго i царыца, лепш за якую таго ніхто не мог зрабіць, ды тайна пабраўся з ёй шлюбам 46 i жыў, як з жонкай.

Нашы былі ў вялікай бяспецы па ўсёй зямлі, на сотню міль. Пахолкі i таварышы жылі бяспечна на пастоях, возячы ў лагер харчы i грошы. I неўзабаве ўжо i дамогся б свайго [царок], каб кароль не пачаў наступу на Маскву.

Вяртаюся да справы. Па прыбыцці каралеўскіх паслоў да царскага войска ў Тушына царок, баючыся, што нашыя перакінуцца да караля, як свайго натуральнага гаспадара, a яго выдадуць намеснікам або проста каралю ў рукі, пакінуў царыцу i ўначы збег у Калугу з нешматлікімі вершнікамі, мяркуючы, што прыхільнікі адправяцца ўслед.

Калуга, умацаваны замачак i места, ляжыць на мяжы з Северскім княствам, за 30 міль ад Сталіцы 47. Назаўтра пасля тайнага ад'езду царка з лагера ў Калугу ўсчаўся ў лагеры вялікі гармідар: не ведаючы, куды падзеўся царок, адны яго шкадавалі, a іншыя радаваліся. I не могучы дамовіцца, куды падацца, разышліся хто дзе: адны да караля, другія да царка. Да караля адправіліся: князь Раман Ружынскі, галоўны гетман царковага войска, a з ім пан Аляксандр Збароўскі, якога абрала сабе за палкоўніка тое войска, што скіравалася да караля. A ротмістры наступныя: 4 з харугваў п. Збароўскага, пад кожнай па некалькі соцень вершнікаў; п. Андрэй Млоцкі, Сымон Капычынскі, Бабоўскі [61], Мархоцкі, Бонк-Ланцкаронскі, Велямоўскі, Рудзінскі кожны з некалькімі сотнямі; казацкія роты Рудніцкага, Катоўскага, Ашанскага. A да царка падаліся: Ян Сапега, усвяцкі староста (ён быў у царка за гетмана пасля Ружынскага); з вартаснага войска пайшло туды няшмат: усё сцегачы, a шляхты дык i зусім мала, пераважна з нешматлікіх гусарскіх харугваў, a менавіта: 2 харугвы самаго п. Сапегі, [харугвы] Камінскага, Будзілы, Стравінскага, Таляфуса; казакоў [было] без ліку. Вось гэтыя i пайшлі ў Калугу за царком, які, зноў там узмацніўшыся, падышоў да Сталіцы, як i каралеўскае войска. Але пра тое пасля.

Маскоўцы, што былі з ім у Тушыне, перакінуліся да караля, [як i] ўсе баяры i знаць, сярод якіх Заруцкі i касімаўскі цар 48; да царка ж частка казакоў, a ўсе астатнія параз'язджаліся, хто куды.

Паны паслы ЯМ караля 49, выступіўшы з тым войскам, што пацягнулася да караля, спыніліся на паўшляху ад Сталіцы да Смаленска, ва ўрочышчы пад Шуйскам. Умовы ix службы каралю былі [такія]: калі Госпад Бог дабраславіць ЯМ караля i аддасць яму ў рукі Маскоўскую дзяржаву, тады плату за службу царку па 70 злотых за 2 чвэрці кожны вершнік атрымае з яго маскоўскіх уладанняў; калі ж фартуна, наадварот, адвернецца, тады кожнаму вершніку названая сума за службы царку належыць са скарбу ЯМ караля. Да ўсяго ЯМ кароль абяцаў выдаць ім ex nunc i выдаў разлік фантамі на 40 000 злотых.

Маскоўцы ў Сталіцы былі рады падзелу войска царка i таму, што маюць вялікае войска, то бок: 8 000 нямецкіх наймітаў, 18 000 саміх маскоўскіх баяраў, 24 000 данскіх казакоў. Васіль Шуйскі, тагачасны маскоўскі цар, прызначыўшы свайго брата, Дзмітрыя Шуйскага, гетманам 50, даручыў яму разграміць разарванае войска i адціснуць караля з-пад Смаленска, вызваліць места. Той адправіў некалькі соцень немцаў у рэйд, каб захапілі Белую, але яны, не даўшы рады, адступілі.

ЯМ кароль, ведаючы ад пільнага i адважнага гетмана [62] пра ўсе варожыя намеры, задумаў, не чакаючы непрыяцеля на месцы, паслаць войска насустрач i тым запабегчы намерам ворага. Таксама i маскоўцы, што прыйшлі былі да ЯМ караля з Тушына (у ix ліку быў Салтыкоў [63] з сынам, людзі вялікія i высакародныя ў ix) прасіць на дзяржаву каралевіча Уладзіслава, пераконвалі караля, каб адправіў войска да Сталіцы, i абяцалі, што пры ix спрыянні пачнецца здача замкаў i пераход маскоўцаў на бок каралевіча Уладзіслава. На тым i сышліся.

Паміж панам гетманам i панамі Патоцкімі [64] ўзнікла спрэчка, хто з ix выступіць супраць непрыяцеля. ЯМ кароль хацеў, каб са сваім палком выступілі паны Патоцкія, a гетман застаўся з ім пад Смаленскам. Але Патоцкія, рухомыя выключна жаданнем здабыцця асабістае славы, спадзеючыся на хуткую здачу Смаленска i прыўлашчванне перамогі, не хацелі выступаць у поле ды ўзбунтавалі таварыства за непаслушэнствам войска схавалі ўласнае непадпарадкаванне.

Пан гетман, бачачы ix няшчырасць, a разам з тым i неабходнасць таго паходу, насуперак правілам i звычаю пакінуўшы пад крэпасцю лагер i караля, рушыў у поле з уласным палком i палком п. Струся.

Лік гетманскага палка i [пана] Струся: харугва п. гетмана - 170 вершнікаў; харугва князя Парыцкага - 130 вершнікаў; харугва п. Даніловіча, ваяводы рускага [65], - 100 вершнікаў; харугва п. Балабана -130 вершнікаў; харугва п. Алізара - 100 вершнікаў; харугва п. Малынскага - 100 вершнікаў; харугва п. Струся - 200 вершнікаў; харугва п. Каліноўскага, брацлаўскага старосты [66], - 100 вершнікаў; казацкая харугва п. Хвалібога - 100 вершнікаў. Раней, з пасламі, выступілі наступныя (з імі мы аб'ядналіся пад Шуйскам): харугва ям. перамышльскага п. Стадніцкага [67] - 100 вершнікаў; харугва п. Казаноўскага [68] - 100 вершнікаў; харугва п. Фірлея - 100 вершнікаў; харугва п. Газдзікоўскага 100 вершнікаў; харугва п. Скуміна, браслаўскага старосты [69], - 100 вершнікаў; харугва Спадвілоўскага - 100 вершнікаў; харугва князя Збаражскага, кароннага канюшага [70], - 100 вершнікаў. З гэтым войскам ям. п. гетман выступіў з-пад Смаленска die 8 iunii, праз тыдзень пасля Сёмухі 51. Сышоўшы з прамога шляху, звярнуў да Белай, мяркуючы [знайсці] там немцаў, якія [служылі] непрыяцелю; ужо ix не застаўшы 52, мы павярнулі на Сталіцу.

Гэтага не магу прамінуць. Перш чым ям. п. гетман выступіў з-пад Смаленска, адправілі з усяго войска па вёсках [на пошукі] правіянту 1 800 пахолкаў (дзеля большага парадку [прыдалі] па два таварышы з роты), якія пайшлі пад Бранск. Здабыўшы там быдла, на зваротным шляху падышлі да Рослаўя места, абведзенага муром, з драўляным абаронным замкам, у якім было вялікае мноства зброі i нямала гатовага да абароны народу. Пахолкі, рухомыя прагай здабычы, спешыліся i пад кіраўніцтвам сваіх палкоўнікаў, Паўла Стрыенскага i Тамаша Надольскага, таварышаў з роты князя Парыцкага, майго рэгіметара, сходу захапілі места і, разрабаваўшы, спалілі. Маскоўская знаць зачынілася ў замку; не жадаючы здавацца пахолкам, адправіла да караля, каб прыслаў каго-небудзь для прыняцця здачы. ЯМ кароль загадаў князю Парыцкаму прыняць [места], якое аддаў яму ў староства.

Той замак ляжыць за 18 міль ад Смаленска, ад Амсціслава за 8 міль. Ішлі мы з ачоленай ротмістрам харугвай да таго вялебнага Рослаўя праз лясы-балоты, дзе рэдкая птушка пралятае; там ад празмернага мноства жамяры (а колькі розных дробных мушак!) дохлі [нашыя] коні. Пераплылі мы дзве ракі [71]. Заняўшы Рослаўе, мы, насуперак чаканням, не знайшлі вялікай спажывы i за высілкі нашыя не атрымалі ўзнагароды. Але [князь], прыняўшы ад маскоўцаў замак i прысягу, пакінуў [за галоўнага] Тамаша Надольскага, якога маскоўцы неўзабаве за яго свавольства пасадзілі на кол. Мы ж вярнуліся пад Смаленск. [Тут] вяртаюся да справы.

Дня 22 iunii Выступіўшы з Белай да Сталіцы, сустрэлі мы тое войска, што ішло з Тушына да ЯМ караля, i тыя [атрады], што адправіліся былі з нашымі пасламі ix лагер стаяў пад Шуйскам, за 4 мілі ад Царовага Займішча. Тут застала пана гетмана вестка пра непрыяцельскае войска, што кагадзе прыбыло пад Царова Займішча. Дзмітры Шуйскі, вялікі гетман маскоўскага войска, адправіў наперад з Рыгорам Валуевым 8000 адборных вояў, каб знайшлі ў Царовым Займішчы добра ўмацаванае месца i збудавалі гарадок, адкуль маглі б дапякаць нашым i перашкаджаць [падвозу] харчавання.

Добра разведаўшы намеры непрыяцеля, п. гетман вырашыў адразу ісці ў бой, перш чым яны збудуюць фартыфікацыі i злучацца ў баявы парадак. Хочучы выкарыстаць для гэтага i тое новае войска, якое перакінулася ад царка да караля, загадаў ім [ісці] за сабой, яны ж адразу таргавацца, як звычайна, і, настойваючы на пэўных умовах, не хацелі ісці з гетманам, пакуль не будзе па іхняй волі 53. Гетман, не марнуючы больш з імі часу, выступіў адзін, толькі тых да сябе далучыўшы, хто прыйшоў з пасламі.

Дня 24 iunii. Падышоўшы назаўтра да непрыяцеля, мы засталі яго ўжо ўмацаванага ў Царовым Займішчы. З цяжкасцю адагнаўшы ад грэблі непрыяцеля, які перакрываў нам подступы, пераправіліся [на яго бок] i на лузе ў прыгожай нізіне доўга змагаліся з ім пад яго астрожкам з пераменным для абодвух бакоў поспехам. Хоць [маскоўцы] моцна нам дапякалі стральбой з вежаў, якія былі ўжо сабе збудавалі, аднак вікторыі, з ласкі Божай, не атрымалі, a былі вымушаны адступіць у равы. Тады былі забітыя ў нас п. Марцін Вейхер i Спадвілоўскі, казацкі ротмістр. A тыя [ваяры], што таргаваліся, бачачы, што ix больш не ўпрошваюць, назаўтра самі прыйшлі да нас.

Пан гетман, абышоўшы ўмацаванні, паставіў лагер на гасцінцы ў бок Масквы, трымаючы вакол іх [72] магутную варту ўдзень, a тым больш уначы: абставіў ix астрожкамі, дзе размясціў як пяхоту, так i казакоў. Перашкаджаў з падвозам правіянту i пораху: не маглі ні яны да свайго войска, ні да ix хто-небудзь прабрацца.

Свае ўмацаванні маскоўцы збудавалі ў лясным куце, з двух бакоў маючы лес, з трэцяга балота, a з чацвёртага роўны луг, на якім пракапалі глыбокі перакоп (які быў таксама i з боку лесу). Дзякуючы таму лесу нашы так спрытна падсунулі астрожкі пад бок непрыяцеля, што той i піскнуць не мог (майстрам тых астрожкаў быў Рудскі, шыш). Яны рабілі частыя вылазкі ў наш бок, але шкода з таго была невялікая. Тым часам падыходзіла да нас асноўнае маскоўскае войска. Лазутчыкі данеслі п. гетману пра яго набліжэнне i велічыню ў параўнанні з нашым, даволі малым, бо нас было крыху больш за 3 000. Войска непрыяцеля перавышала 50 000 здатных да бою, акрамя 20 000 узброеных халопаў, якія вазілі за войскам рагаціны для ўмацавання лагера. Гэта калі не лічыць тых 8 000 [на чале] з Валуевым, якіх мы трымалі ў аблозе ў астрожку.

Вестка вестку даганяе, але ўсе невясёлыя. Войска парадкам непакоіцца, пераважна з тае прычыны, што не мае прыдатнага для бою поля: лагер стаіць сярод вялікага лесу, a да ўсяго з тылу, у астрожку, мы маем непрыяцеля. Было відавочна, аднак, што дамовіцца пра мір - складана, адступіць - нават не думай, толькі ў адным Госпаду Богу была надзея на перамогу. Пан гетман пастаянна падсылаў да непрыяцеля па языка [лазутчыкаў], i тыя прывялі чатырох немцаў, якія паведамілі, што «мы наўмысна перайшлі на ваш бок» i падрабязна распавялі пра ўсе непрыяцельскія задумы. Пасля гэтага скліканыя панам гетманам на кола палкоўнікі i ротмістры пастанавілі апярэдзіць непрыяцеля на дзень: непрыяцель збіраўся напасці на нас заўтра, a мы вырашылі пачаць наступленне сёння, бо ён стаяў усяго за 4 мілі ад нас. Затым употай абвясцілі па ротах усім рыхтавацца да выправы, узяўшы з сабой харчовага запасу на два дні. Усё рабілася ўпотай дзеля таго, каб непрыяцель у астрожку таго не заўважыў i не даведаўся пра наш адыход, бо адразу напаў бы на лагер i напэўна б яго захапіў, бо вельмі мала нашых заставалася ў лагеры. I так, з Божай успамогай, у суботу [73], пад вечар, асядлалі мы коні i ціхутка выйшлі з лагера, пакінуўшы некалькі рот, a менавіта роту брацлаўскага старосты Каліноўскага i роту Бабоўскага, у якіх было 700 вершнікаў; там жа засталіся запарожскія казакі, ix налічвалася 4 000, i 200 [чалавек] пяхоты. З гетманам на бітву адправілася трохі менш за паўтраця [74] тысячы вершнага войска i 200 [чалавек] пяхоты. Пры сабе мы не мелі ніводнага воза, толькі гетманскую карэту, ды 2 палявыя гарматкі, на кожную па 4 кані.

Ішлі мы ўсю ноч, маючы добрых калавураў [75], i на досвітку 4 iulii неспадзявана выйшлі на іх [76]. Аднак заднія палкі засталіся далёка, бо гарматкі западалі ў балота, a ў цесным лесе абысці было цяжка. Гетман, беручы тое пад увагу i бачачы вялізны непрыяцельскі лагер, не адважваўся напасці, але паслаў у заднія аддзелы, каб паспяшаліся, пашыхтаваў войска і, наказаўшы падпаліць деревню, што была вышэй ix [77] лагера, загадаў біць у барабаны i трубіць у сурмы.

З'яўленне новага войска ўстрывожыла непрыяцеля, які ў беспарадку (паводле тагачаснай прымаўкі: «Сядлай порткі, давай каня») кінуўся наўцёкі: маскоўцы са свайго даволі вялікага, абнесенага кабыліцамі лагера, a немцы - са свайго (бо стаялі асобна), абстаўленага толькі вазамі. Немцы, аднак, ачомаліся першымі: скарыстаўшыся хітрасцю, у балоце пры плоце (з гушчару) чынілі нам шкоду спешаныя мушкецёры, якім дапамагалі капейнікі. Таксама маскоўцы, не спадзеючыся на ўласныя [сілы], разабралі [па атрадах] райтараў i пашыхтаваліся разам з імі.

Процьма незлічоная, страшна было на яе глянуць пры мізэрнай лічбе нашага войска! Гетман, звярнуўшыся [да нас] i падаўшы прыклады несмяротнай славы, загадвае рушыць на непрыяцеля; следам капланы, раз'язджаючы [па палках], дабраслаўляюць. I так у імя Гасподняе ўступаюць у бой некалькі рот, за імі - іншыя, a за тымі астатнія па парадку.

Хай тыя распавядуць падрабязней, хто толькі назіраў, a мне было цяжка, бо свой пот аціраў Я служыў у роце князя Парыцкага, аднак усе мы, колькі нас было (апрача адной роты п. Марціна Казаноўскага, якую гетман загадаў пакінуць для падмацавання), маглі да знясілення спатоліць ахвоту на непрыяцелю. Згадаю толькі, што іншым ротам неймаверна! - даводзілася па восем-дзесяць разоў уступаць у бой i сыходзіцца з непрыяцелем.

Гетман, назіраючы з пагорка, як нашыя нібы ў пякельнае адхланне правальваліся, надоўга прападаючы сярод іх [78] i зрэдчас паказваючыся з харугвай, якой зноў i зноў заклікалі да бою, ужо страціў надзею на сябе i ўсіх нас і, як другі Ешуа 54, узняўшы рукі, увесь час прасіў перамогі. Няма на што спадзявацца, толькі ў ласцы Найвышэйшага заставалася вікторыя, Які па Сваёй святой міласэрнасці паспрыяў нашым людзям, бо ў частых бітвах i сутычках з непрыяцелем паменшаў наш рыштунак i аслабелі сілы (не без прычыны сказана: Nec Hercules contra plures [79]) коні нашы знясілелі, [a воі], несупынна б'ючыся ад золаку летняга дня да абеду па 5 гадзін, збылі ўжо i моц, i ахвоту, дзеючы звыш чалавечай натуры. Тое найбольш нас трымае, што перабываем пасярод непрыяцельскай зямлі i маем перад сабой такі тлум лютага ворага, ад якога немагчыма адбіцца (пра такое й не думай!), у якога нельга ўпрасіць [літасці] спадзяванне было толькі на Божую ласку, удачу ды [ўласныя] рукі. Часта паўтараючы гэта адзін аднаму, дадавалі мы сабе ахвоты i адвагі.

Зрэшты, i з таго нам была малая падмога, асабліва таму, што разам з сілай згубілі мы i ўсе так неабходныя для гусараў i вельмі страшныя таму непрыяцелю коп'і. Хоць мы ва ўсім адчувалі нястачу, a непрыяцелю прыбывала i мужнасці, i моцы, нашы, як звычайна, нападаюць з харугвамі на перадавыя шарэнгі непрыяцеля, заклікаючы да бою, a без сіл i рыштунку гэта марная справа, асабліва калі не відаць ніводнага ротмістра ці палкоўніка. Уступаем, аднак, у бітву, але нам цяжка - таўчэмся, як у віры.

Непрыяцель, ужо заўважыўшы нашу слабасць, загадаў двум райтарскім карнетам, якія стаялі насупраць, гатовыя да бою, нанесці па нас удар. Але яны самі, з ласкі Найвышэйшага, прынеслі нам перамогу: наскочыўшы на нас неспадзявана, далі залп i адразу, як звычайна, развярнуліся для перазарадкі, a іншыя наступалі следам з залпам; мы, бачачы, што яны ўжо разварочваюцца, i не чакаючы, пакуль адстраляюцца ўсе, кінуліся на ix з аднымі палашамі ў руках: гэтыя забыліся зарадзіць, тыя не паспелі стрэліць, кінуліся назад, наскочыўшы на маскоўцаў, якія напагатове стаялі ў варотах лагера, i ўчынілі замяшанне.

Перапужаныя маскоўцы пачалі разбягацца разам з немцамі i кінуліся ў лагер, куды на ix плячах уварваліся i мы, не сустрэўшы ніякага супраціву, хаця пры варотах лагера знаходзілася некалькі дзясяткаў тысяч стральцоў, якія, з ласкі Божай, ніяк нам не перашкодзілі. Бачачы, што i там няма ім ад нас ратунку, [маскоўцы], рассунуўшы рагаткі, кінуліся з лагера прэч, нагамі ратуючы ўласныя жыцці (вось так пажадаў Госпад Бог ужо пераможаных зрабіць пераможцамі!), Мы пераследавалі ix на мілю i далей.

Вяртаючыся з пагоні, мы спадзяваліся заспець сваіх за святкаваннем выйгранай бітвы. Аж пасля нашага адыходу з лагера рэшткі конніцы [маскоўцаў] i ўся пяхота, стральцы i сяляне, якія засталіся ў лагеры (тут перабываў таксама i ix гетман), спешна ўмацаваліся, заклалі ўсе праломы i расставілі навокал стральцоў з 18 палявымі гарматамі, якія з усіх бакоў абаранялі падыходы да лагера. Таксама тыя, што былі разбегліся па бліжэйшых лясах, зноў далучыліся да ix i яшчэ больш умацавалі лагер.

Немцы (пяхота i тыя райтары, што адсталі ад крыла, якое мы разагналі, як i маскоўцаў) непакоіліся не менш за маскоўцаў, асабліва калі бачылі, што ix пабрацімы не маюць цвёрдасці ні ў дадзеным ім слове, ні ў баі з намі. Паміж ix вынік разлад: [немцы] не жадалі больш заставацца з маскоўцамі, a Понтус не хацеў таго дапусціць, доўга ix адгаворваючы 55.

Сваіх мы засталі ўжо сабраных разам за пагоркам, на пэўнай адлегласці ад маскоўскага лагера: спешыліся i трымалі коні за лейцы. Тое самае зрабілі i мы, каб пасля такой вялікай працы, маючы ад непрыяцеля спакой, даць пярэдых i сабе, i коням.

Не здаволіўшыся тым i жадаючы нанесці непрыяцелю канчатковую паразу, вырашыў гетман напасці з тылу на нямецкі лагер, захапіць які было лягчэй, чым маскоўскі. A interim [да нас] пастаянна перабягае па 2-3 немцы, якія сцвярджаюць, што ўсе яны хочуць здацца на ласку гетмана; неўзабаве перабегла ix некалькі дзясяткаў запар, якія сцвярджалі тое самае.

Гетман вырашыў спраўдзіць, ці нельга з імі дамовіцца, жадаючы адолець ix з дапамогай непрыяцеля, a не шаблі, i загадаў сурмачу падаць знак, каб сустрэцца для перамоваў. Тыя вельмі ахвотна згадзіліся, i вялікая ix частка прыехала да гетмана з весткай, што на перашкодзе стаіць адзін Понтус. Затым пан гетман паслаў дваіх - свайго пляменніка п. Жалкеўскага, кароннага абознага [80], [i] п. Баркоўскага Вялікага, якія ведалі розныя замежныя мовы, да Понтуса на перамовы з тым, каб нагадалі яму пра неаднаразовую прысягу ніколі не ваяваць з польскім каралём i паабяцалі дараванне ўчыненай правіны 56 i вяртанне панскай ласкі, калі даверыцца каралеўскай міласці.

Понтус пагадзіўся з умовай, што кожнаму, хто пажадае, будзе дазволена вярнуцца дамоў; следам паслаў да Дзмітрыя Шуйскага, маскоўскага гетмана, з данясеннем, што не зможа больш стрымаць свайго войска i што ён мае паклапаціцца пра сябе сам. A той, толькі выслухаў, ускочыў на каня, i ўсе, хто толькі мог, кінуліся хутчэй з лагера ў Маскву, a пяхота у бліжэйшы лес. Нашая стража, крыкнуўшы, што ўжо маскоўцы ўцякаюць з лагера, адразу за імі кінулася ў пагоню. Пераследавалі мы ix дзве-тры мілі, i болыы ix палегла падчас пагоні, чым на месцы.

Вярнуўшыся да сваіх пад вечар, засталі мы ўсіх немцаў у пана гетмана, a абодва лагеры разгромленымі. Паспелі таксама на імшу i праспявалі «Те Deum laudamus» [81], падзякаваўшы Усявышняму за такую вялікую i невымоўную ласку. Пан гетман загадаў сабраць з поля бітвы трупы сваіх. Болыд высакародных, як таварышаў, загадаў узяць з сабой, a іншых пахаваць там; падстрэленых, параненых таварышаў даставіць за сабой у лагер: адных у сваёй карэце, іншых на насілкі паміж двума коньмі. Даўшы коням невялікі пярэдых i нічога не з'еўшы, рушылі мы назад у свой лагер (немцы з намі) i на захадзе сонца былі ў сваім лагеры, за 4 мілі ад месца бітвы.

Маскоўцы з Валуевым у астрожку нічога не ведалі пра тую нашу пагоню, і, як самі пазней казалі, калі б ведалі пра наш адыход, напэўна напалі б на лагер.

Нашым загадана, не спешваючыся, скакаць пад астрожак. Маскоўцы чынілі нам моцны супраціў i не верылі, што ix войска ўжо разбіта (хоць мы i казалі пра тое) i дапамогі не будзе, што маюць здацца. Аднак калі пан гетман загадаў усім тым немцам падысці пад астрожак, [маскоўцы], бачачы ix, упалі духам i пачалі прасіцца на заўтра на розговор [82]. Ён доўжыўся некалькі дзён, пакуль у пятніцу Валуеў i 400 важных баяраў не прыехалі конна са свайго астрожка ў лагер, да гетманскіх шатроў, i там не прысягнулі ўсе ям. каралевічу Уладзіславу. На ноч вярнуліся ў свой лагер.

Назаўтра ям. п. гетман у суправаджэнні тысячнага коннага атрада рыцарства прыехаў да астрожка. [Маскоўцы] выходзілі адтуль палкамі, i ўсе да апошняга прысягалі на вернасць. Для прыняцця прысягі ям. п. гетман паслаў Рудскага, шыша, Бабоўскага, Дабрамірскага i мяне чацвёртага.

Не затрымліваючыся там, з усімі [імі] i з маскоўцамі, якія прысягнулі, i з немцамі мы выступілі на Сталіцу. Але толькі паспелі адысці на некалькі міль, як прыбеглі са Сталіцы да п. гетмана маскоўцы [з весткай], што цара Васіля Шуйскага пастрыглі ў манахі, a яго родных братоў Дзмітрыя ды Івана трымаюць пад вартай, нас жа чакаюць з нецярпеннем i вельмі хочуць узвесці каралевіча на пасад.

12 iulii 57 прыйшлі мы пад Мажайск, які здраднік Вільчык здаў быў маскоўцам, a сам выехаў у Сталіцу. Але нам там аказалі мілы прыём, папы паводле тамтэйшага звычаю сустрэлі нас з абразамі, з хлебам-соллю. Тут прабылі мы тыдзень; штодня прыбывалі са Сталіцы маскоўцы са свежымі навінамі, што ўжо, ужо з адчыненымі брамамі чакаюць нашага прыходу. Аднак п. гетман рухаўся няспешна; да Сталіцы мы падышлі 22 iulii 58 i разбілі лагер за мілю [ад яе].

Impostor [83], [які перабываў] у Калузе, калі даведаўся пра выграную намі бітву i пра тое, што маскоўцы ўжо адправілі Шуйскага ў манастыр, таксама паспяшаў з Калугі да Сталіцы i спыніўся з другога боку, за мілю ад Масквы, разам з Янам Сапегам, усвяцкім старостам. Гэта спарадзіла сярод маскоўцаў разлад, бо народ аддаваў перавагу яму, a баяры каралевічу.

Назаўра прыехалі ў лагер з Масквы да ям. п. гетмана баяры, пасланыя старэйшымі, каб атрымаць дазвол на прыезд купцоў з таварамі i правіянтам, у якіх мы мелі патрэбу. З таго часу не было ў нас недахопу ў правіянце, ды i самім нам было ўжо дазволена бываць у Сталіцы па сваіх патрэбах. A з царком у нас заўсёды былі драки.

Па працяглых спрэчках у Сталіцы чернь была вымушана пагадзіцца з баярамі наконт ям. каралевіча Уладзіслава, на пэўных умовах 59, з якіх самыя галоўныя былі наступныя: 1) перадусім, каб ix вера ні ў чым не зазнала змены i ўціску; 2) каб ям. каралевіч адразу прыняў рускую веру, a іншыя веры не павінны ўводзіцца ў Маскве [84] (гэтую ўмову ям. п. гетман зняў, сказаўшы, што «гасудар малады, да ўсяго схільны, з лёгкасцю прыме веру, калі яму Госпад Бог у тым паспрыяе, ды ўбачыць вашу вернасць i любоў, i шчырасць да сябе», з чым яны пагадзіліся); 3) каб сумесна з імі неадкладна знішчылі царка. Былі й іншыя [ўмовы], але [ix] я прапушчу; асноўнымі былі названыя.

Адтуль, з лагера, уцёк ад нас сярод белага дня да царка Заруцкі, які прыехаў быў да ЯМ караля пад Смаленск з касімаўскім царом [85], бо абразіўся на гетмана, што даверыў камандаванне адданымі ям. каралевічу маскоўцамі не яму, a Салтыкову-малодшаму [86], чалавеку сярод ix знакамітаму. A потым пан гетман аcабіста адпусціў туды i касімаўскага цара, сын якога знаходзіўся ў царка.

5 augusti 60 баяры, узгадніўшы з намі ўмовы, прызначылі дзень i месца для складання прысягі каралевічу - на паўшляху ад лагера да Сталіцы. Паставіўшы там намёты, з'яўляліся асабіста i складалі прысягу [прадстаўнікі] абодвух бакоў. Для прыняцця прысягі ад баяраў i народа ў Сталіцы маскоўцы абралі некалькі [саноўнікаў] са свайго ліку, a п. гетман некалькі жаўнераў ад войска. I так цэлых 7 тыдняў штодня, апрача нядзелі i ўрачыстых святаў, доўжылася тая прысяга. Здаралася, што за дзень прысягала па 8-10 i 12 000 [чалавек]; у адной толькі Сталіцы прысягнула больш за трыста тысяч. Ува ўсе замкі i правінцыі, што належаць гэтай дзяржаве, разаслалі баяр, каб прымалі прысягу каралевічу. I такім чынам за чвэрць года [склала прысягу] ўся Маскоўская зямля, апрача Смаленска i тых замкаў, якія Понтус трымаў у аблозе i потым захапіў, - Вялікага Ноўгарада, Пскова i шэрагу іншых, якія знаходзяцца побач.

Збліжалася зіма. Па замірэнні з маскоўцамі трэба было размясціць войска на пастой. Пан гетман не лічыў магчымым пакінуць нас у Сталіцы, a ўсё праз свавольствы нашых, якімі, уважаў, мы раздражняцьмем маскоўцаў (так яно потым i сталася). Але паколькі іншыя лічылі [тое неабходным] для ўтаймавання маскоўцаў, то пагадзіўся i пан гетман, які, аднак, перакінуў [частку] свайго [войска] ў Мажайск i Барысаў, куды адправіў уласны полк i полк пана Струся.

Па складанні маскоўцамі прысягі, 26 augusti мы выступілі з лагера ў саму Сталіцу, каб выканаць умову пра знішчэнне царка. Маскоўцы, расчыніўшы брамы, пусцілі нас з войскам праз горад, бо аб'язджаць навокал было далёка. Але царок, спанатрыўшы, уцёк у Калугу. Мы вярнуліся, нічога не зрабіўшы. Яму выстаўлялі наступныя ўмовы: пакарыцца ЯМ каралю i здаволіцца Гарадзенскай або Самборскай эканоміяй; не схацеў, сабе на бяду, a мог бы цяпер спакойна спажываць хлеб, чаго там [87] не мае.

Цвёрда заключыўшы мір i пацвердзіўшы яго прысягай, 29 augusti ям. п. гетман запрасіў на банкет да сябе ў лагер усю знаць са сталічных баяраў, якіх знакаміта пачаставаў, i пры тым кожнага адарыў коньмі, збруяй, палашамі, шаблямі, келіхамі, чарамі, рукамыйнямі; раздаваў ім не толькі свае ўласныя рэчы, але таксама ротмістраў i таварышаў, так што i найменшага не адпусціў з пустымі рукамі. Яму таксама дорага абышлося.

2 septembris vice versa маскоўцы таксама запрасілі п. гетмана на банкет у Сталіцу. Банкет, як першы саноўнік, ладзіў князь Мсціслаўскі, бо не было сярод ix прадстаўніка больш знакамітай фаміліі. Быў [там] i я з п. гетманам; частавалі нас у трох пакоях. Стравы былі прыгатаваны па-маскоўску, ніводная з ix мне не спадабалася, акрамя здабы, накшталт французскай, i іншага [печыва]. Мяды падавалі розныя, кожны раз наліваючы іншы, каб паказаць, як шмат ix у [Маскоўскім] царстве. Нашыя ж, хочучы напіцца, моцна прасілі, каб падавалі любы [гатунак], адно каб не змешвалі, але не маглі ад ix таго дамагчыся. Затым паднёс [Мсціслаўскі] гетману сорок сабалёў (не з лепшых), ротмістрам толькі па пары, з яўнай пагардай. Прынялі мы ix дзеля таго толькі, каб не абразіць маскоўцаў Для палявання падарыў пану гетману белазора 61 i харта на мядзведзя, цкаванне аднаго з якіх зладзілі папярэдне на падворку. Пасля гэтага мы вярнуліся ў лагер. Грамада ж, нягледзячы на прысягу, ніяк не магла супакоіцца i ўсчала супраць баяраў бунт, хочучы змяніць Гаспадара. Але да часу тое зло аціхла.

5 octobris з-за надыходу халадоў распісвалі войска для пастою ў Сталіцы, на двор рота.

Потым, 9 octobris, мы ціха ўвайшлі ў Сталіцу, распусціўшы войска ў беспарадку, каб маскоўцы не даведаліся пра нешматлікасць нашага войска.

14 octobris ca згоды баяраў раздалі войску прыстаўствы за сто i больш міль ад Сталіцы. Маёй роце прыпалі два города: Суздаль i Кастрама, за 70 міляў ад Сталіцы. Мы неадкладна паслалі туды таварышаў з пахолкамі для збору харчовага прыпасу. Але нашыя, не стрымліваючы сябе, не здаволіўшыся замірэннем, паводзіліся настолысі пыхліва, што бралі любую ўпадабаную рэч, нават у самых знатных баяраў гвалтам адымаючы жонак i дачок. Тое надзвычай абурыла маскоўцаў, i сапраўды было за што. Па нашай парадзе, каб запабегчы тым злоўжыванням, яны пагадзіліся на грашовую аплату нашага пастою (па 30 злотых на каня), самастойна збіраючы яе з городов праз сваіх пасланцоў.

Шуйскі, ранейшы цар, аддадзены пад варту ў манастыр 62 у Сталіцы, быў потым адвезены з абодвума братамі ў Тройцу [88].

Пасламі ад маскоўцаў адпраўлены да каралевіча Васіль Галіцын, Сукін, былы патрыях Філарэт.

Ям. п. гетман таксама выехаў з Масквы да ЯМ караля 63, даручыўшы рэгімент Аляксандру Гасеўскаму. Ён узяў з сабой усіх трох Шуйскіх, то бок цара i двух яго братоў [89], i перадаў ix каралю пад Смаленскам у якасці палонных 64.

У Сталіцы засталіся з каралём наступныя палкі: полк Збароўскага, які перакінуўся да караля ад тушынскага царка; полк Казаноўскага, a таксама полк Вейхера; 6 000 немцаў, якія перайшлі да нас пасля Клушынскай бітвы, ведзеныя Баркоўскім Вялікім; таксама полк Гасеўскага. A ў Мажайск дзеля таго, каб гасцінец з таго боку заўсёды быў вольны для нашага праезду - скіраваліся гетманскі полк i полк Струся.

У Дзявочым манастыры 65 - магутным i ўмацаваным, які знаходзіцца за чвэрць мілі ад Сталіцы, пры польскім гасцінцы, размясцілі чатыры роты з палка Гасеўскага: Глускага, Грачыны, Ашанскага i Катоўскага.

Некалькі тыдняў пражылі ва ўзаемным недаверы. Нібы й сябруем з імі, a за пазухай камень, як у ix кажуць; бываем адзін у аднаго на банкетах, a ўсё ж яны нам не давяраюць. Мы таксама мусілі захоўваць вялікую асцярожнасць: дзень i ноч пры брамах i на асобных скрыжаваннях [стаяла] ахова.

Запабягаючы злому, п. Гасеўскі, па парадзе зычлівых да нас баяраў, на час нашага побыту ў Сталіцы разаслаў па городах 18 000 стральцоў (якія пастаянна жывуць у Сталіцы пры цары, атрымліваючы харчаванне з яго запасаў), каб жылі там з-за небяспекі ад Понтуса (нібыта), хаця насамрэч тое было надзвычай неабходна нам самім, каб паслабіць сілы непрыяцеля.

Ужо яны намі нудзіліся, толькі не ведалі, як нас збыцца, i шукалі спосабу. У горадзе ладзіліся частыя трывогі, i мы па 2, па 3 i па 4 разы на дзень сядалі на коней i амаль увесь час трымалі ix пад сядлом.

За грошы маглі мы купіць дастаткова правіянту, прытым танна: у Сталіцы 14 рынкаў, i на кожным у любы дзень можна было знайсці ўсё патрэбнае, бо гандаль адбываецца штодня.

Кожны рамеснік выдатны, вельмі добры i такі кемлівы, што хаця б нечага i ад нараджэння не бачыў i не рабіў, зірнуўшы раз, так хораша зробіць, нібы на тым узрос, i асабліва турэцкія рэчы: чапракі, збрую, сёдлы, шаблі, пазалочаныя рэчы не горш, як у самой Турэччыне.

Давялося, між іншым, несці варту пры адной браме роце Мархоцкага, дзе ў атрадзе аднаго з таварышаў быў нейкі Блінскі. Той, напіўшыся, стрэліў некалькі разоў у абраз Найсвятой Багародзіцы, намаляваны на муры тае брамы, на што баяры прыслалі пану Гасеўскаму скаргу. У коле яго [90] асудзілі на смерць i, адцяўшы рукі, кінулі ў вогнішча i спалілі на стосе перад той самай брамай.

Была таксама скарга на тое, што хтосьці страляў з лука па крыжы на царкве, але страла ўваткнулася ў купал. Тут таксама правялі пільнае queres [91] але нічога пэўнага не даведаліся, a то напэўна [камусьці] адсеклі б руку.

Таксама адзін пахолак гвалтам звёў дачку ў баярына, які вяртаўся з ёю i жонкай з лазні, не знаў, не ведаў, на каго скардзіцца. Аж праз два тыдні вярнулася яго дачка дадому, тады толькі паскардзіўся. Калі вінаватага судзілі ў коле, некаторыя патрабавалі асудзіць яго па нашым законе на смерць, аднак Бабоўскі ўнёс прапанову, i слушную, з якой усе пагадзіліся: судзіць згодна з маскоўскім правам, што магло здаволіць i маскоўцаў, i яго самога. Яго высеклі кнутом на вуліцы, a хлопец i рады, што яму галавы не адсеклі; маскоўцы таксама засталіся задаволеныя.

24 septembtis 66 дайшлі да Сталіцы навіны, што царок, які перабываў у Калузе, забіты нейкім Пятром Урусавым, хрышчоным татарынам 67, у полі [падчас палявання] на зайца.

Не выказаць, як узрадаваліся маскоўцы той навіне, бо пазбавіліся ад непрыяцеля, азіраючыся на якога, не так смела нас атакавалі. Цяпер пачалі ўжо шукаць спосабу, як выжыць нас са Сталіцы, за падставу ўважаючы тое, што каралевіч не спяшаўся заняць пасад, бо ў ix interregnum ніколі не доўжылася больш за тры дні. Да ўсяго даходзілі да ix чуткі, нібыта сам кароль, a не каралевіч, збіраецца заняць пасад 68. Дзеля большага поспеху сваёй задумы i хутчэйшага ўзмацнення тагачасны патрыях [92] разаслаў патаемна са Сталіцы ва ўсе города граматы 69, у якіх вызваляў ix ад складзенай каралевічу прысягі, настойліва заклікаючы паяднаць сілы i як найхутчэй з'явіцца ў Сталіцы ды, не шкадуючы дзеля хрысціянскай веры сваіх жыццяў i маёмасці, адолець непрыяцеля, які ўжо «амаль у нашых руках; i калі скінем яго са сваіх каркаў, вызвалім дзяржаву ад ярма, спынім праліццё хрысціянскай крыві, зможам вольна абраць цара, якога захочам, са сваёй крыві, i будзем пэўныя ў непарушнасці хрысціянскай веры, якая з'яўляецца надзейнай апорай нашай зямлі, a не з таго лацінскага роду прымаць цара, якога нам навязваюць гвалтам, услед за якім ідзе заняпад усёй нашай зямлі i народу ды разоренне храмов i хрысціянскай веры» 70.

Навіна пра гэта дайшла ад зычлівых да нас баяраў 71. I хаця яны былі з намі шчырыя, дзеля атрымання больш падрабязных звестак пра тое 25 decembris быў пасланы ў ваколіцы для захопу языка Васічынскі з 700 вершнікамі, які autentice [93] злавіў i даставіў нам аднаго кур'ера з граматамі патрыяха.

Калі звесткі пацвердзіліся, толькі тады нас ахапіла трывога i мы былі вымушаны большымі сіламі i абачлівей, чым раней, дзень i ноч стаяць на варце. У брамах трэслі вазы, ці няма ў ix якой зброі, бо ў Сталіцы, пад страхам смерці, кожнаму мешчаніну было забаронена хаваць у сваім доме зброю, якую было загадана здаваць у царскі скарб. Такім чынам удавалася выяўляць павозкі, цалкам закладзеныя ручніцамі, зверху прысыпанымі якім-небудзь збожжам. Усё гэта, разам з сялянамі, перадавалася Гасеўскаму, a той адразу загадваў пускаць пад лёд.

1611 год

На свята Божага Нараджэння бывае там вялікі конкурс [94] народу, a на Тры Каралі, то бок на Вадохрышча 72, яшчэ больш, бо з усёй дзяржавы збіраюцца баяры дзеля такой вялікай цырымоніі, якая адпраўляецца самім патрыярхам на рацэ Маскве, дзе паробленыя вакол палонкі загароды стрымліваюць народ. Там жа ставіцца шыкоўна i каштоўна ўпрыгожаны трон для цара, які атрымлівае вялікае задавальненне, аглядаючы такія гурмы народу, якога бывае (як сцвярджаюць добра ў тым абазнаныя) да 3-4 соцень тысяч (у чым можна пераканацца, толькі глянуўшы) - хоць не так i шмат праз міжусобіцы, але ўсё адно нямала. I пад [прыкрыццём] гэтага збору задумалі супраць нас здраду.

Нашыя, здагадваючыся пра ix намеры, трымалі напаготове, як перад боем, ужо не толькі варту, але i ўсё войска: ад Божага Нараджэння i да Хрышчэння, пакуль [маскоўцы] не раз'ехаліся, мы ні ўдзень, ні ўначы не распрагалі коні. Спанатрыўшы тое, адклалі яны сваю задуму да іншага, больш прыдатнага часу, бо хацелі захапіць нас знянацку, без страт сярод сваіх. Ужо цяжка было бяспечна высыпацца сярод такога лютага i магутнага непрыяцеля; не было іншае надзеі на ратунак, як толькі мужна ваяваць з непрыяцелем i з волі Усявышняга здабыць вікторыю. Таму ўсё таварыства, наколькі тое было магчыма ў такую цяжкую зіму, з ахвотай i разуменнем зносіла частыя трывогі (якіх за дзень бывала па 4-5), частае нясенне чарговай варты (варта павінна быць моцнай, a войска ж невялікае), бо кожнаму ішлося не пра дзягу, a пра ўсю скуру.

Мне ў той час было добра ў двары, дзе я стаяў са сваёй харугвай (а гэта быў двор Аляксандра Шуйскага, царскага малодшага роднага брата, жонку якога пасля яго смерці цар аддаў за татарскага царка, ахрысціўшы таго ў рускую веру, за Пятра Урусава; менавіта гэта Урусаў забіў самазванца ў Калузе, падчас палявання на зайца). Праз плот з гэтым дваром быў двор баярына Фёдара Галавіна. Я ж ведаў у Жамойці ўдаву Галавіну, якая пазней выйшла за пана Яна Млечку, тагачаснага жамойцкага земскага суддзю; была яна жонкай яго роднага брата, які перабраўся сюды з Масквы, кажуць, яшчэ за Стафана [95], i тут, у Жамойці, атрымаў маёнтак. Гэтая аказія дала мне падставу пазнаёміцца з ім [96]: прыдумаўшы шмат такога, што магло б прыдацца для завязвання такога знаёмства, але чаго in rerum natura [97] не было, адправіўся да яго. Там не хацелі мяне i ў вароты ўпусціць (а вароты там у ix пастаянна зачыненыя), пакуль не сказаў, што маю нешта распавесці яму пра брата, які ў Літве. Масковец быў дужа рады той вестцы ад мяне (як i ўсялякі, зрэшты, калі пачуе нешта добрае пра сваіх родных), распытваючы то пра маёнткі, то пра жыццё-быццё, то пра ацалелых дзяцей. Я ж, нічога не ведаючы, выдаваў свае выдумкі за дакладныя звесткі. Ад таго часу мы з ім пакуміліся i пасябравалі, што прынесла мне вялікую выгоду, бо я часта бываў з таварыствам у яго на абедах; апрача таго ён пастаянна дастаўляў мне правіянт усё, што б ні прывозілася яму з поместья, усялякую спажыву для мяне, a таксама авёс i сена коням. Наколькі ўсё гэта мне ў той час прыдалося, лёгка зразумее [той, хто акажацца] ў новых, сталічных варунках; асабліва падчас перавароту яго сяброўства было мне, як вянок ружаў 73. Са свайго боку я таксама дапамагаў яму пры неабходнасці, ён таксама часта бываў у мяне на прыёмах, для якіх адмыслова дзеля яго я загадваў гатаваць па-польску. Еўшы, здзіўляўся, бо такога [ніколі] не тое што не спажываў, але i не бачыў.

Замацаваўшы такім чынам тое сяброўства, падчас нашых даверлівых размоў я папрасіў яго папярэдзіць мяне, калі раптам маскоўцы ўздумаюць бунтаваць; ахвотна мне тое паабяцаў, папрасіўшы наўзамен таксама папярэдзіць, калі нашыя нешта задумаюць. Абодвум, аднак, тое не прыдалося, бо ўсё сталася як гром [сярод чыстага неба], мала хто чакаў. Папярэджваў мяне неаднаразова i ў іншых выпадках, пра што я адразу дакладваў старшым i што служыла нам вялікай падмогай.

Надарылася мне таксама пабываць на вяселлі ў некаторых значных вяльможаў. Звычай там наступны: у асобным пакоі мужчыны, у асобным жанчыны. У кожным вялікае мноства страў накшталт поліўкі; a падаюць стравы на патэльні, пастаўленай - дзеля зручнейшага падагравання стравы на вуголлі - на выбеленую з абодвух бакоў міску. Прынёсшы патравы, не ставяць на стол усе адразу, a паставяць i з'ядуць адну, затым другую i трэцюю, i так да апошняй; тым часам прынесенае трымаецца ў руках. Падчас сваіх банкетаў не маюць ніякай музыкі для забавы, таксама смяюцца з нашых танцаў i лічаць танцы непрыстойным для пашанотнага чалавека [заняткам]. Маюць камедыянтаў, або так званых шутов, якія забаўляюць ix то размаітымі маскоўскімі танцамі, часам вырабляючы, як акрабаты, то надзвычай непрыстойнымі песенькамі, i яны, седзячы пры стале, маюць з таго забаву. A часам, пераймаючы наш звычай, загадвалі граць на лерах; a тая лера накшталт скрыпкі, толькі замест смыка пасярэдзіне прымацавана колка: адной рукой круцяць яго знізу i кранаюць струны, другой прыціскаюць клавішы, якіх на шыйцы з дзясятак, пры паслядоўным ix прыцісканні кожная наступная струна выдае танчэйшы гук. Аднак жа ў іх [98] усё граецца i прыпяваецца на адну ноту.

Потым з дальняга пакоя, дзе сядзяць жанчыны (будынкі там цягнуцца ў рад на тры-чатыры пакоі), выходзяць некалькі хораша прыбраных жанчын, якіх яны называюць дворянкамй 74 (гэта жонкі ix слугаў), i становяцца пры дзвярах, з якіх выйшлі, пры канцы стала, дзе сядзяць госці, ды пачынаюць свае жарты ім на забаву: спачатку разнастайныя прыгаворкі, выкшталцоныя показкі, a потым песенькі. Аднак ад слухання ўсяго таго, што гаворыцца i спяваецца, у прыстойнага чалавека забаляць вушы, бо ні пра што іншае не гавораць, ні пра што іншае не спяваюць, як толькі пра самае распутнае, самае брыдкае i самае бессаромнае. Дужа падабаецца ім тое i такая вялікая з таго ім радасць! То хай гэтым сябе пацяшаюць ды іншага не маюць!

Пра танцы нашыя кажуць так: ходзяць па пакоі, шукаюць, чаго не згубілі, удаюць вар'ятаў, a яшчэ больш блазнаў. «Шаноўны ж чалавек, кажуць павінен сядзець на сваім месцы і, пазіраючы на выкрунтасы шута, весяліцца, a не самому быць шутом для іншага, бо гэта нягодны занятак».

Чаму там такі звычай? На маю думку, таму, што яны публічна не канверсуюць з жонкамі i жанчынамі i не дазваляюць ім нідзе [паказвацца] на людзях, апрача царквы. I таму кожны баярын, нават жывучы ў Сталіцы пры цары i маючы свой дом, павінен мець для жонкі царкву непадалёк ад дому, a на ўрачыстае свята едзе ў вялікую царкву, дзе адпускаюцца грахі. Туды едзе ў колымаге[99], закрытай з усіх бакоў, за выключэннем бакавых праёмаў для ўваходу i выхаду, прыкрытых дзверцамі з акенцамі (з празрыстага камня накшталт шкла або з бычыных пухіроў), праз якія можа бачыць кожнага, a яе ніхто, хіба толькі калі выходзіць або сядае.

Самая заможная баярыня мае ў колымаге пару коней (найбольш любяць белых), двух возных (кожны вядзе свайго каня за цуглі). У аглаблёвага каня на хамуце вісіць сорак сабалёў, a ў цугавога шляя i бакавыя пасы (замест пастронкаў). Вуздэчка i лейцы часам з чырвонага аксаміту, a часам раменныя. Пры возе ідуць некалькі слуг, у залежнасці ад заможнасці [гаспадара].

Пакоі для жанчын размяшчаюць у тыльнай частцы свайго жытла, i хаця туды магчыма ўвайсці з падворка па сходах, яны зачыняюцца ключом гаспадара, таму зайсці туды магчыма толькі праз яго пакоі; але мужчын туды не пускаюць, не выключаючы самых малых i дамашніх. Падворак за жаночымі пакоямі загароджаны вельмі высокім ледзь птушцы пераляцець i глухім плотам; толькі тут яны прагульваюцца. I калі [гаспадар] рады госцю ў доме, то загадвае з'явіцца жонцы i дзецям, якую замест прывітання абавязкова трэба пацалаваць, бо alias абражаецца. Усе жанчыны наогул накладваюць бялілаў i лічаць, што гэты звычай прадпісаны верай; i ніводная не выйде на людзі не наклаўшы бялілы, уважаючы тое за смяротны грэх i ганьбу.

Жаніханне ў ix адбываецца амаль па-жыдоўску: юнак не бачыць дзяўчыны, іншы [пабачыць] толькі падчас шлюбу. Калі ж камусьці з прыхільнасці i пакажуць дзяўчыну, то не інакш, каб толькі дзяўчына ўвайшла ў пакой праз адны дзверы, a юнак праз другія. I так, сустрэўшыся пасярод пакоя, замест прывітання пацалуюцца, i дзяўчына адразу выходзіць, нічога не сказаўшы, як i ён ёй. Але калі б ім дазвалялася сядзець з дзяўчатамі так свабодна, як у нас, то веру, што хлапец загарэўся б ды паварочаў бы лавы, a не толькі танчыў з дзяўчынай.

Баярын, адпраўляючыся ў замак, запрагае ў сані аднаго рослага, найчасцей белага, каня з сарака сабалямі на хамуце. Возны сядзіць на кані без сядла. Сані ў заможнейшых высланыя белым мядзведзем, a ў астатніх чорным (пра дыванкі й не пытай), a спераду такія высокія (праз пырскі з-пад конскіх капытоў), што той, хто сядзіць у санях, ледзь бачыць галаву возніка. Вакол яго поўна слуг, нявольнікаў: некаторыя з ix стаяць на перадку, усярэдзіне (бо перадок не засланы), бокам да яго, a іншыя чапляюцца ззаду i абапал саней. Калі едзе пасля заходу сонца або ўначы, чаляднік, што стаіць на перадку, трымае перад ім вялікі ліхтар з запаленай свечкай. I тое не дзеля асвятлення або святла, a таму, што там так заведзена: кожны, хто едзе або ідзе ўначы без агня, уважаецца за злодзея, здрадніка або шпіёна. Таму i малы, i вялікі, каб пазбегнуць кары смерці, павінен хадзіць i едзіць уначы з агнём, a каго зловяць без агня, адразу кідаюць у турму, з якой рэдка хто выходзіць.

Маскоўскія суды. Суддзяў так шмат, колькі можа быць розных спраў. Напрыклад, адзін суддзя судзіць злодзея, другі разбойніка, трэці махляра, хоць усё гэта адно рамяство, адзін эксцэс [100]; што ўжо казаць пра больш адметныя справы. Усе яны маюць асобныя судовыя дамы, называныя розрядами; судзяць штодня з раніцы, пакуль у царкве не зазвоняць на вялікую абедню, i як толькі данясецца звон, усе суды спыняюцца. Нават найбольшыя i звязаныя з праліццём крыві эксцэсы не караюцца смерцю, a толькі бізуном, за выключэннем i найменшага падазрэння ў замаху на царскую асобу: такога [чалавека] без суда i права на абскарджанне выраку пускаюць пад лёд, не даючы магчымасці апраўдацца.

Даўжнік жа, калі не аддасць у вызначаны тэрмін, па выкліку суддзі з'яўляецца ў разрад. Калі прызнае доўг, але скажа, што не мае чым аддаць, суддзя загадае яму стаць перад разрадам, каб мог бачыць з акна, a разрадавы служка (накшталт следчага, якіх у кожным разрадзе па некалькі), трымаючы ў руцэ прут даўжынёй з паўтара лакця, б'е яго, стаячага, па лытках: штодня на працягу гадзіны перад абедняй [101], да таго часу, пакуль пазоўнік не будзе задаволены. Такіх перад разрадам заўсёды бывае больш дзясятка, таму імі павінны займацца некалькі служак, якія, падзяліўшы паміж сабой [вінаватых], ставяць ix у сваю шарэнгу ды, ідучы з канца ў канец, тройчы прыкладаюць кожнаму па лытках. Таксама дазваляецца даўжніку адправіць замест сябе ў разрад кагосьці іншага, a за деньги[102] такі хутка знойдзецца 75.

Трымаюцца поўнай цвярозасці, строга патрабуючы яе ад вяльможаў i грамады. П'янства забаронена, таму па ўсёй Масковіі няма корчмаў (ix мовай - кабаков), нідзе не прадаецца ні піва, ні гарэлка. I нават дома звычайны чалавек, за выключэннем баярына, не можа вырабляць для ўласнага спажывання які-небудзь хмельны напой, бо тое, шныраючы, адсочваюць даносчыкі, старасты абшукваюць дамы. I ўсё ж знаходзіліся такія, што ўмелі замураваць бочку гарэлкі ў падпечку, але i ix высачылі ды не пакінулі без пакарання. A каго ўгледзяць п'янага, таго адразу кідаюць у бражную турму, адмыслова для ix [уладкаваную], як, зрэшты, i для кожнага [віду] злачынцаў. Праз некалькі тыдняў можа быць адпушчаны пасля заступніцтва. Паўторна заўважанага ў тым самым, пасля доўгага сядзення ў турме, каты, бязлітасна лупцуючы бізунамі, праводзяць па вуліцах i адпускаюць. За трэцім разам, хоць i быў ужо біты бізунамі i доўга праседзеў у турме, зноў яго туды; i зноў па некалькі дзён б'юць бізунамі, i зноў у турму, бо маюць такое права: «Бивши кнутом, да в турму». Бывае й да дзесяці разоў выводзяць ды б'юць бізунамі, каб адчуў, нарэшце, да п'янства агіду; калі ж не спыніцца, то яго згнояць у турме 76.

Таксама не існуе там ніякага занятку навукамі, бо яны забаронены. A ўсё дзеля таго, каб не знайшоўся хтосьці мудрэйшы за цара, каго мир (то бок грамада) прыняў бы за Гаспадара, пагардзіўшы папярэднім, бо ў iх мир можа многае.

Надарылася, распавядаюць, за таго Тырана, што наш купец (купцы мелі вольны праезд з таварам) прывёз туды воз муніцый 77 - пра тое я чуў ад таго баярына Галавіна, пра якога пісалася вышэй. Даведаўшыся, загадаў цар частку з тых кніг прынесці да сябе (на ix думку, былі яны замудрыя, бо i сам цар нічога ў ix не разумеў): баючыся, што людзі пачнуць у ix разбірацца, загадаў даставіць усе да сябе ў замак і, заплаціўшы, колькі хацеў купец, кінуў у агонь. Асобныя з ix давялося мне пабачыць у названага Галавіна, які распавёў, што меў роднага брата, вельмі здольнага да замежных моў, але яму нельга было навучацца ім publice; [таму] тайна трымаў [103] немца, якіх у Маскве нямала; таксама сустрэў паляка, які разумеў лацінскую мову. Накупіўшы лацінскіх i нямецкіх кніг, прыводзіў абодвух пакрыёма, у маскоўскіх [строях], зачыняўся з імі надоўга ў пакоі i многаму ад ix навучыўся. Я асабіста бачыў яго рукапісныя пераклады з лацінскай мовы на польскую, як i мноства лацінскіх i нямецкіх кніг, што засталіся яму [104] пасля смерці брата. A што было б, калі б да такога розуму дадалося навучанне?

У гутарках з імі нашы ўслаўлялі волю, [раілі] дамагацца яе, з'яднаўшыся з намі. Але яны адказвалі проста: «Вам добрая ваша воля, a нам наша няволя. Ваша воля - казалі гэта сваволя, бо ў вас багаты прыгнятае бяднейшага, ён можа пазбавіць яго маёмасць i забіць самога. I перш чым па вашым законе даможашся справядлівасці, праміне больш дзесяці гадоў; a іншага i не пакараеш. У нас, - кажа, - найбольшы баярын не можа нічога зрабіць найбяднейшаму, бо па першай скарзе цар мяне ад яго ўратуе. A калі сам цар прычыніць мне якую несправядлівасць, то яму дазволена, як Богу: ён i карае, i мілуе. Мне лягчэй зносіць пакаранне ад цара, уладара ўсяго свету, чым ад свайго брата». Яны ўпэўненыя, што ў цэлым свеце няма пад сонцам больш вялікага манарха, чым ix цар, якога ніхто i ніколі не адолее, i таму называюць яго солнце праведное, светило руское.

Царскія палацы знаходзяцца ў Крымгарадзе [105]. Кожны цар, заняўшы пасад, перабудоўвае палаты на свой густ, разбурыўшы ранейшыя. Найпрыгажэйшыя з усіх, аднак, Дзімітрыя Першага, падобныя на польскія; Шуйскі пасля яго збудаваў іншыя, у гэтых не жыў.

Маецца мураваны палац, які яны называюць Золотая палата78 тут знаходзяцца маляваныя золатам выявы ўсіх маскоўскіх князёў i цароў, вышэй на сценах i на скляпенні разнастайныя гісторыі са Старога Запавету. Вокны ў ім дужа вялікія, у два шэрагі, адзін над адным - разам 19. Печ - пад зямлёй, цяпло выходзіць праз аддушыны. I хоць [палац] такая вялікая квадратная махіна, кожны бок якой складае блізу 20 сажняў, ён мае скляпенне: усярэдзіне адзін слуп, на якім i трымаецца ўсё скляпенне. Адтуль цар паказваецца народу сам, a ў пэўны час i разам з царыцай. У гэтым палацы мы з некалькімі таварышамі прабылі немалы час праз агонь, бо маскоўцы часта віталі нас вогненнымі ядрамі. A коні нашы стаялі ў палацавых сенях: такое, відавочна, раней ніколі не дазвалялася маскоўцам, бо нават думны баярын без царскага дазволу [баяўся] зайсці ў гэты палац под страхом eudemu Бога.

Маецца другі палац, у якім прымаюць замежных паслоў, але не такі вялікі. Побач з тымі палацамі царква Дабравешчання Багародзіцы Марыі 79, у якой цар заўсёды слухае літургію; на яе купале залаты крыж. У стаі ад яе - царква Прачыстай Багародзіцы 80, галоўны [храм] Сталіцы: тут [багаслужэнне] адпраўляе сам патрыярх, тут карануюць цара i тут ён слухае ўрачыстую літургію на святы. Паміж імі знаходзіцца царква Міхаіла Архангела 81, у якой хаваюць цароў. Труны дужа сціплыя, каля кожнай на муры, або i на самой труне, вышытая па аксаміце выява [цара]. Бачыў я там i труну таго дзіцяці Дзімітрыя, замест якога ў нас аб'явіўся іншы. Шуйскі, заняўшы пасад пасля забойства таго Дзімітрыя, які быў ix Гаспадаром, i жадаючы давесці праўду, перанёс з Угліча цела нейкага дзіцяці, абвясціўшы яго сапраўдным сынам маскоўскага цара Івана, Дзімітрыем, яшчэ ў дзіцячым узро сце забітым Барысам Гадуновым, i пахаваў яго паміж цароў. «А гэты, - сказаў што заняў пасад, несапраўдны».

Іншых цэркваў у тым замку, Крымгарадзе, блізу 20, сярод ix амаль пасярэдзіне замка царква Св. Іаана, над якой узвышаецца вельмі высокая мураваная вежа 82, з якой далёка відаць ва ўсе бакі Сталіцу. На ёй 22 вялікія званы, амаль такія ж, як «Жыгімонт» 83 у Кракаве, падвешаныя ў тры шэрагі, адзін над адным, a меншых больш за 30. Вялікае дзіва, як тая вежа трымае такі вялікі цяжар! Толькі тое ратуе становішча, што, калі звоняць, званоў не разгойдваюць, як у нас, a б'юць у ix языкамі; іншым разам, каб пацягнуць язык, патрэбна 8-10 хлопцаў. Непадалёк ад тае царквы ёсць звон 84, выліты выключна дзеля пыхі; каб выглядаў больш значна, яго паставілі на драўлянае ўзвышэнне ў 2 сажні вышынёй; язык гэтага звана цягнуць 24 хлопцы. Незадоўга да нашага адыходу [з Масквы] звон гэты пахіліўся ў бок Літвы, у чым яны [106] пабачылі для сябе добры знак; i насамрэч неўзабаве нас пазбыліся.

Увесь замак забудаваны баярскімі дварамі, цэрквамі, манастырамі так, што няма пустога месца амаль як на шляхецкім падворку. Брам у замку 4; адна [з ix вядзе] да ракі Масквы, другая да Івангарада. На адной з брам, называнай Фроловскйе ворота 85, на шары бляшаны арол, якога маскоўцы выкарыстоўваюць у якасці герба. Высокі, шырокі мур i глыбокі, абкладзены з абодвух бакоў перакоп аддзяляюць гэты Крым-замак ад іншага Кітайгарада 86. Пра яго шмат можна пісаць, але немагчыма перадаць усё: як шмат крам, якіх налічваецца 40 000; які тут пануе вялікі парадак (кожнаму купецкаму тавару адведзена асобнае месца, кожны рамеснік, нават найдрабнейшы, працуе ў краме, нават цырульнік голіць у сваёй краме); якое мноства размешчаных паўсюль на вежах, брамах, мурах i на зямлі разнастайных сценабітных гармат. Сярод ix бачыў я адну гармату, якая зараджаецца сотняй ядраў i за раз робіць сто выстралаў (у вышыню яна будзе мне да пляча, ядры з гусінае яйка); стаіць яна насупраць Воднай брамы, [што выходзіць] да жывога маста 87. Пасярэдзіне рынка ляжыць гармата, марціра, вылітая, здаецца, толькі на паказ: калі я прысеў унутры яе, то ад маёй галавы да другога краю [107] гарматы заставалася цэлая пядзь. A нашыя пахолкі ўзялі сабе за звычай: залезе ix 3 у сярэдзіну гарматы ды граюць там у карты ў куце, пад запалам 88.

Царква Св. Тройцы стаіць каля перакопа з боку Крымгарада, у ёй 30 алтароў 89. У Вербную нядзелю патрыярх здзяйсняе ўрачыстае шэсце да гэтай царквы на асле або на белым кані, ад царквы Прачыстай Багародзіцы (сам цар вядзе за цуглі каня або асла, a потым, падтрымліваючы пад руку, дапамагае патрыярху сысці на зямлю). Вялікая працэсія ўсяго, што ні ёсць, духавенства ідзе ўрачыстым шэсцем з абразамі, a народ, забягаючы наперад, сцеле перад патрыярхам па зямлі каштоўныя тканіны, па якіх ён ступае. На той час збіраецца ў Сталіцы мноства народу. У гэтым замку (у загародцы ў перакопе) трымалі львіцу, але яна здохла з голаду, калі мы былі ў аблозе.

На замкавым рынку заўсёды стаяць да 200 извозчиков[108], то бок мужыкоў з аднамеснымі санямі, у якія ўпрэжаны адзін конь. Калі хтосьці мае патрэбу кудысьці паехаць, бо места раскінулася шырока, то палічыць за лепшае заплаціць грош, як ісці пешшу: [фурман] нясецца як шалёны i голасна, не перастаючы, крычыць: «Гись, гись, гись!»90, a народ расступаецца перад ім. Маюцца вызначаныя месцы, дакуль давозіць за грош, i даехаўшы туды, стаяцьме, пакуль не дасі яму яшчэ адзін. Толькі тым здабываюць сабе на пракорм, ды й цару з таго нямала сплачваюць.

Гэты замак [109] мае 6 брам i больш за 10 вежаў; праз раку Маскву з яго наведзены жывы мост. Увесь замак забудаваны дамамі, часткова баярскімі, часткова мяшчанскімі, але больш за ўсё месца займаюць крамы, незанятай плошчы вельмі мала: [толькі] каля самага рва, або перакопа, з боку Крымгарада.

Два гэтыя замкі знаходзяцца ўсярэдзіне трэцяга, Івангарада [110], які абведзены валам i белым муром, i з гэтай прычыны некаторыя называюць яго Белым горадам; у гэтым замку 10 брам i столькі ж вежаў. Тры гэтыя замкі атачае рака Macква, на якой месцамі маюцца брады, вельмі, аднак, топкія, i таму нашыя лічылі за лепшае пераплываць раку, a не ісці ўброд. Гэты замак таксама ўвесь забіты пабудовамі баяраў i посадских людзей 91 так, што няма ніводнага вольнага месца: толькі невялічкае пры ўязных брамах з Крым- i Кітайгарада. Дамы, аднак, ставяць падалей ад муроў i парканаў, таму там шырокая прастора для абароны ад непрыяцеля.

Вакол трох гэтых замкаў драўляны паркан (як сцвярджаюць, каля 7 польскіх міль [даўжынёй]), які двойчы перасякае рака Масква i ўсярэдзіне якога знаходзіцца ўжо само места, вельмі шчыльна i высока забудаванае. Паркан высокі, на 3 кап'і, мноства брам, a паміж брамамі па 2-3 вежы, a на кожнай вежы i браме - па 4 (на асобных i па 6) гармат, апрача палявых гарматак, якіх было так шмат, што й палічыць цяжка. Увесь паркан з цясанага дрэва, вежы i брамы збудаваны з майстэрствам, зверху накрытыя дошкамі, відавочна, што не за дзень усё гэта паўстала.

Паўсюль вельмі шмат як мураваных, так i драўляных цэркваў, i калі ва ўсіх цэрквах пачыналі званіць на абедню, здавалася, што чуеш штосьці неверагоднае. Мы ж усё гэта за тры дні ператварылі ў попел, такая вялікая краса гэтага места згінула за даволі кароткі час; уцалелі толькі два замкі Крымi Кітайгарад, у якіх мы самі ратаваліся ад агню. Пазней яны [111] спалілі i Кітайгарад, a Крым мы пакінулі цэлым.

Захоўваем асцярожлівасць, паўсюль маем шпіёнаў. Зычлівыя да нас маскоўцы часта раяць не спаць у шапку. Нашыя шпіёны даносяць, што з трох бакоў на Сталіцу наступае вялікае войска (а дзеелася тое ў Вялікі Пост, акурат у адлігу; збліжалася Вербніца, на якую ў Сталіцы звычайна бывае вялікая колькасць народу). Мы ўжо не вартай, a ўсім войскам [перабываем] у пастаяннай гатоўнасці, ні ўдзень, ні ўначы не выпрагаючы коні.

На Вербніцу, хоць на працэсію з'явілася шмат народу, не чапалі нас: ці то бачылі нашую гатоўнасць, ці то чакалі войска, якое ішло на дапамогу, i хацелі ўдарыць усе [разам].

У панядзелак па Вербнай нядзелі шпіёны данеслі, што з Разані ідзе Ляпуноў з 80 000 войска, што ўжо ён за 20 міль [ад Сталіцы]. Другі [папярэджвае], што з Калугі ідзе Заруцкі з 50 000 войска, што ён таксама ўжо недалёка. Трэці паведамляе пра Прашавецкага, які ідзе на Сталіцу з 15 000 войска. З усіх бакоў вясёлыя навіны! Панцыр не злазіць з хрыбта, але карысць з таго невялікая.

Правялі таксама нараду, што не трэба чакаць непрыяцеля на месцы, a напасці на яго, пакуль не злучыў сіл, i разбіць па частках. Пагадзіліся былі на тым, што для апярэджання намераў непрыяцеля адыдзем на некалькі міль ад Сталіцы. Але раніцай у аўторак, калі некаторыя яшчэ слухалі св. імшу, пачалася ў Кітайгарадзе звада з маскоўцамі.

Па шчырасці, не магу сказаць, хто пачаў, у нас была прычына ці ў маскоўцах. Але ўсё ж, відаць, нашыя далі падставы для тых хваляванняў, спяшаючыся падчысціць дамы да прыходу іншых; відаць, хтосьці не папусціў крыўды, a потым ужо цяжка было i стрымаць. Данеслі пану Гасеўскаму, што нашыя ўжо ладзяць сутычкі з маскоўцамі: прыскакаў на кані, каб супакоіць, але ўжо было позна многія палеглі з іх [112] боку, таму вымушаны быў пакінуць нашых у спакоі, каб скончылі пачатае.

29 сакавіка, у Вялікі аўторак, усчалася барацьба спачатку ў Кітайгарадзе, дзе хутка выразалі купецкі гандлёвы люд (адных крам было там 40 000); у Белым горадзе нам быў аказаны моцны супраціў, бо тут большы пасад, a народ ваяўнічы: як бач паздымалі з вежаў палявыя гарматы і, расставіўшы па вуліцах, давалі нам дыхту. Толькі мы кінемся на ix з коп'ямі, a яны мігам загародзяцца, маючы напагатове сталы, лаўкі, драўляныя калоды. Мы, жадаючы выманіць ix з загароды, удаем адступленне, a яны, несучы ўсё тое [113] ў руках, прасоўваюцца за намі. I толькі западозраць, што нашыя разварочваюцца да ix, то імгненна перагародзяць усю вуліцу i з-за тых загародак б'юць з ручніц, a мы нічога не можам ім зрабіць. Тым больш адусюль зверху, з акон, з-за платоў цалялі па нас то з самапалаў, то каменнем.

I ўжо былі нас (вершнікаў) прыперлі да Крымгарада, i давялося нам пасылаць да п. Гасеўскага па пяхоту, ад якой нам на дапамогу прыбыла сотня: у параўнанні з войскам непрыяцеля дапамога дужа слабая, але i яна нам прыдалася, бо разам з імі частка нашых, спешыўшыся, раскідалі загароды маскоўцаў, i тым давялося даваць лататы. Малая, аднак, нам была з таго перамога: зноў распачаўшы бітву, яны чынілі нам немалую шкоду з гармат, з усіх бакоў, бо праз цесныя вуліцы мы падзяліліся на чатыры ці шэсць [атрадаў]. I ўжо ці не кожнаму было праз ix горача; мы не маглі i не ўмелі даць сабе рады, аж нехта ўсклікнуў: «Агню! Агню! Паліце дамы!». Пахолкі падпалілі адзін дом, які ніяк не хацеў узгарацца (я ўпэўнены, што агонь быў зачараваны, бо i другім, i трэцім, i дзясятым разам было [тое самае]): тое, чым падпальвалася, згарае, a дом цэлы. Дайшло аж да смалы, кудзелі, смалістай лучыны, i то ледзь заняўся агонь; іншыя распальвалі на іншых месцах - хто дзе змог. Калі занялося вялікае полымя (а вецер гнаў з нашага боку да ix), павыскоквалі са сваіх схованак, a мы наступалі следам за агнём. Потым развяла нас ноч, мы ўсе адступілі ў Крымгарад i ў Кітайгарад. Мой пастой быў у Белым горадзе, i я ледзь паспеў выхапіць у Крымгарад што лепшае з рэчаў, a ўсё [астатняе] дасталося д'яблу: што расцягнулі, што пагарэла, a правіянт быў знішчаны.

Напярэдадні мяцяжу, у Вялікі панядзелак [114], брат, пан Даніэль, прыслаў мне з Мажайска, дзе стаяў з ротай брацлаўскага старосты Каліноўскага (у палку Струся), 24 вазы розных прыпасаў як на аброк, так i для кухні, з чым тады была напруга. Акурат у той аўторак, калі адбылася здрада, я, нічога пра яе не ведаючы, адправіў вазы назад i з імі чалядніка. Той ледзь паспеў выехаць з Белага горада, як званы забілі набат i вялікія гурмы маскоўцаў павалілі натоўпам у драўляны горад, пачалі сыходзіцца адусюль, хто з чым. I той, скеміўшы, залез пад короб[115], у якім сяляне прывезлі авёс. Сяляне ж аказаліся настолькі дабрадзейнымі, што схавалі яго. Кінуўшыся на кані ў Мажайск (ехаць туды 18 міль 92), уначы ён паведаміў пра ўсё пану Струсю, які неадкладна выступіў са сваім палком з Мажайска і, несучыся рыссю, прыбыў да нас у сераду апоўдні.

Калі мы, як я ўжо сказаў, адступілі на ноч у Крымгарад, мне не было дзе падзецца: пра пастой нават i не пытай, хоць дамоў было шмат, i я мог бы займець выгодную кватэру, i пазбегнуў бы той шкоды, якая напаткала мяне пазней. Ды, відаць, ліха собіла мне спыніцца з панам Грабанем, маім таварышам, у судовым разрадзе. Давялося нам самім абладоўваць стайні, толькі ў не дужа добры час, паколькі выявілі неабачлівасць, бо дамок не быў агароджаны ад вуліцы. Заўважыў я тое не адразу, a тады, калі ўсё ўжо было занята, i давялося цярпець. Хаця ў Сталіцы было дастаткова правіянту i было адкуль яго прывезці, але не было чым: абозных коней я не меў, бо яны або паздыхалі, або былі пакрадзены, засталіся толькі страявыя.

Але раскажу пра смелы i дужа неразважны зладзейскі ўчынак, якія ў Маскве не рэдкасць. Дамовіўшыся з таварыствам, паслалі мы чаляднікаў са Сталіцы ў деревни па сена або салому: калі мы зайшлі ў Маскву на пастой, маскоўцы спачатку з намі ладзілі, усюды было бяспечна ездзіць. Вяртаючыся з саломай, мой вознік аказаўся наперадзе i пераехаў праз адну дужа гразкую пераправу, але другі воз, што ехаў следам, заграз. Ён, стаўшы на сухім месцы, скочыў з каня i пайшоў памагчы ўратаваць той загразлы воз. Аж падкраўся маскаль хаця воз на гары быў добра відзён ад балота, выпраг з воза найлепшага каня, правага валаха, i паехаў сабе. Прыходзіць вознік, a ў возе толькі тры кані; i так давялося яму, як манаху, тройкай цягнуць воз у Сталіцу, конь жа прапаў.

Пазней давялося мне прыняць на гэты ж пастой i брата, пана Даніэля.

Нарада нашых старшых прайшла абы-як, не мелі адвагі; загадалі нарыхтаваць правіянту толькі на 4 тыдні, a мы потым паўтара года выжывалі тут, у Сталіцы, нідзе не выязджаючы. Пастанавілі таксама назаўтра, то бок у сераду, запаліць увесь горад, дзе толькі магчыма. I так у сераду, гадзіны за 2 да світання, мы выступілі, развітаўшыся з тымі, хто заставаўся ў замках, маючы малую надзею пабачыцца зноў. З намі выйшла 2000 немцаў, таксама нашы гусары пехам, за выключэннем дзвюх харугваў вершнікаў: маёй (дакладней, майго ротмістра, князя Парыцкага), у якой я служыў паручнікам, i пана Скуміна, браслаўскага старосты, у якой паручнікам быў Людвік Панятоўскі, які пазней ажаніўся са Стадніцкай з Ланцута. I так, конна, мы перамяшчаліся па лёдзе ракі, бо іншага вольнага шляху не было.

Тым часам нашая варта на Іване [116], высокай вежы ў Крымгарадзе, заўважыла, што пан Струсь падступіў да Сталіцы i змагаецца з маскоўцамі, якія хочуць перашкодзіць яго злучэнню з намі, хаця тое няма як зрабіць: усе брамы ў драўляным паркане зачынены, каля ix моцная варта маскоўцаў, якія, зрабіўшы вылазку супраць пана Струся, сышліся з ім у баі. Нам даносяць пра тое з замка, каб мы паслалі пану Струсю хоць якую падмогу. Не ведаючы, як ратаваць іначай, мы запалілі ў некалькіх [месцах] вельмі прыгожы паркан. Заняўся жвава, бо збудаваны быў са смалістай часанай драўніны, a як толькі абваліўся i яшчэ шугала полымя ды скварчэла распаленае вуголле (вядома, што ад такой махіны засталося яго нямала), пан Струсь, чалавек вялікай рашучасці i адвагі, больш не чакаючы, усадзіўшы ў каня шпоры, усклікнуў: «За мной, дзеці, хто дабрадзейны!» I вось так праз тое полымя i вуголле 30 сакавіка пераскочыў да нас сам, a за ім i астатнія. Такім чынам не мы прыйшлі яму на дапамогу, a ён дапамог нам. Мы радаваліся яму, як радуецца Бог добрай душы; мы крыху ўзбадзёрыліся, нам дадалося адвагі. У той дзень акрамя сутычкі за парканам нікому не давялося біцца з непрыяцелем: моцны агонь ахапіў дамы, a люты вецер пагнаў полымя на маскоўцаў, i яны былі вымушаны адступаць перад агнём, a мы паціху ішлі за імі. I так да самага канца дня мы падсільвалі агонь, пакуль вечар не пагнаў нас у замак. У тую ноч, калі люты i моцны агонь ахапіў увесь горад, у замках было так светла, як не бывае нават у самы светлы дзень. Дзе-нідзе клубілася да жудасці страшэннае i смуродлівае полымя нібы ў пекле, як яго апісваюць. Мы былі ў бяспецы, бо з усіх бакоў нас аберагаў агонь.

У чацвер зноў паленне горада, бо яшчэ ацалела траціна: агонь не мог так хутка яго панішчыць. Зычлівыя да нас баяры раяць i выказваюць неабходнасць палення горада да таго часу, пакуль магчыма, каб вораг не меў дзе схавацца. Таму зноў палілі, скончыўшы тую работу толькі ў пятніцу, як у вершы з псалма: «А горад Гасподні так вынішчу, што нічога там не застанецца» [117]. Смела магу сказаць, [што не засталося] ні кала.

4 красавіка, у Велікодны панядзелак, данеслі, што ідзе з 15 000 войска Прашавецкі. Пан Струсь вызваўся выступіць супраць яго са сваім палком, але ў палку меў толькі 500 вершнікаў; тады пан Гасеўскі прыдаў яму 200 вершнікаў i адправіў з Богам на [непрыяцеля].

За 4 мілі ад Сталіцы пан Струсь сустрэў Прашавецкага, які ішоў гуляй-горадам, то бок на вялікіх санях стаялі на калаўротах вароты з некалькімі адтулінамі для страляння з самапалаў. Да кожных саней было прыстаўлена па 10 стральцоў: яны i сані пхаюць перад сабой, i страляюць, спыняючыся, як з-за мура. A саней гэтых столькі, колькі неабходна для табара: адусюль ззаду, па баках, спераду атачылі імі сябе. Нідзе не было ніякай дзіркі, таму нашым капейнікам была нявыкрутка, заставалася толысі спешыцца i разарваць [тую загароду], што i зрабілі. Напаўшы ў ліку 700 чалавек, з дапамогай Усявышняга нанеслі моцны ўдар i разграмілі непрыяцеля; [пан Струсь] загадаў не браць палонных, хто падвернецца рубаць, сячы. Сам Прашавецкі ўцёк загадзя, i добра зрабіў, бо толькі нагамі магчыма было кожнаму ўратаваць сваё жыццё.

У той бітве з нашых загінула няшмат, са знаных толькі Войцех Дабрамірскі, паручнік брацлаўскага старосты Каліноўскага, у [роце] якога служыў мой брат, пан Даніэль. З ласкі Усявышняга [Струсь] вярнуўся з перамогай, да невымоўнай нашай радасці.

5 красавіка. Назаўтра, то бок у аўторак, прыйшоў з Разані з 80 000 войска Ляпуноў.

6 красавіка, пасля забойства царка, следам прыйшоў з Калугі з 50 000 Заруцкі, які злучыў з ім свае сілы; Прашавецкі, сабраўшы рассеяныя рэшткі свайго войска, таксама далучыўся да ix. Яны спыніліся каля Сіманава манастыра 93 на рацэ Маскве, ніжэй Сталіцы, амаль за мілю ад замкаў: бліжэй не мелі дзе прытуліцца, бо ўсё было спалена.

7 красавіка, у чацвер, да таго Сіманава манастыра выступіў полк Марціна Казаноўскага, які налічваў 1300 вершнікаў (вырашылі выступаць супраць ix палкамі), з намерам даць бой. Памятаючы нядаўнюю паразу Прашавецкага, [маскоўцы] не адважыліся пайсці на бітву. Мы толькі пагарцавалі i потым, пад вечар, пакінулі поле, не ўчыніўшы нічога істотнага. Выходзілі да ix таксама іншыя палкі, кожны са свайго месца, згодна з прынятым у войску парадкам, але, як i мы, нічога не дамогшыся, вярталіся з большай часам для сябе шкодай, чым карысцю. Усё тое было непатрэбным заняткам, i дужа, у чым мы пераканаліся пазней, але было позна.

16 красавіка паводле заведзенага ў войску парадку зноў прыпала чарга нашага, Марціна Казаноўскага, палка. Мы выступілі ў суботу, ужо на іншае месца, з намерам абавязкова завабіць ix на бітву. Хоць полк быў моцны, прыдалі нам яшчэ 1000 немцаў, капітанам якіх быў Баркоўскі, надзвычай даўганогі, але тхор [118]. Яны [119] таксама вывелі войска на поле, спадзеючыся на сваю шматлікасць: было ix да дзвюхсот тысяч гатовых да бою, разам з тымі, якія былі ў Сталіцы. Поле, наколькі можна было акінуць вокам, было ўкрыта натоўпам тых язычнікаў, як лесам. Не без майстэрства, аднак, расставілі сваё войска: перад імі было багністае балота, вузкая пераправа, якая раздзяляла нас з імі. Праз гэтую пераправу перайшло да нас ix вершнікаў больш, чым [было] нашага войска.

Войскі сталі ў баявым парадку, паглядаючы адно на другое, a вершнікі змагаліся. З ласкі Божай нам шанцавала: вершнікі загналі ix за добрую чвэрць мілі, пад лес. Войскі не адважваліся нават рушыцца з месца на дапамогу сваім, баючыся нападу з тылу i не давяраючы адно аднаму. З ix боку палегла нямала; высакародных палонных з [поля] бітвы даставілі ў замак.

Не здаволіўшыся на тым, вырашыў наш палкоўнік Казаноўскі даць бой асноўным сілам: загадаў Баркоўскаму з нямецкай пяхотай абысці балота i ўдарыць з аднаго боку, a сам меў намер нанесці конны ўдар з другога. Баркоўскі не захацеў i слухаць, сказаўшы: «Я такі ж палкоўнік, як i ты». Але тое гаварыла ў ім заечая душа. Тады Казаноўскі, бачачы яго нежаданне, загадаў харугвам паціху адступаць у замак, бо не асмеліўся ісці ў бой адзін, толькі са сваімі, i не да канца давяраў немцам, якія маглі нанесці нам удар з тылу.

Харугва князя Парыцкага, у якой я служыў, стаяла спераду. Калі было загадана паціху адступаць дадому [120], Кавальскі, які нёс харугву, чалавек адважны, не зважаючы на малы рост, але не experient, замест таго каб развярнуць каня на месцы (а ўслед за ім тое павінны быў зрабіць кожны таварыш i пахолак, i тады заднія шэрагі пайшлі б на непрыяцеля, a пярэднія засталіся б ззаду, пры харугве, для зручнейшага адпору непрыяцелю, калі б той пайшоў у атаку), развярнуў усю шарэнгу на вачах непрыяцеля, які, думаючы, што мы адступаем, акрыяў духам i рынуў усім натоўпам за намі. Наш харужы паварочваецца да ix, даем трохі непрыяцелю прачуханца. Але што з таго, калі ўвесь гэты натоўп сунецца на нас, a харугвы, якія павінны былі нас узмацніць, спешна адступаюць i ніхто нават не азірнецца?

Бачачы, што адны мы такога шматлікага непрыяцеля стрымаць не можам, ці, дакладней, не дамо адпору, мы адступаем, абараняючыся. Кавальскі некалькі разоў разварочваў харугву, але ўсё марна: маскоўцы так resolute нападалі на нашыя шэрагі, што мы вершна сыходзіліся з імі ў рукапашнай. Таксама шкодзілі нам з лукаў (да якіх звяртаюцца рэдка), такім, аднак, чынам, што цалялі туды, дзе не было брані, a да ўсяго рабілі тое зблізу. Баркоўскі, хоць i мог нас выручыць, не захацеў разрываць шэрагаў непрыяцеля.

У той бітве з нашай харугвы забіта 5 таварышаў, a Захарыю Заруцкага ўзялі ў палон. Пахолкаў палегла з дзясятак, пераважна на пераправе, дужа гразкай, праз якую мы адступалі ў замак. У іншых ротах не загінула ні чалавека, бо шпарка ўцякалі. Ніхто з немцаў таксама [ні разу] не стрэліў з ручніцы.

Падбадзёраны ўдачай, непрыяцель у тую ж ноч падышоў да Белага горада, размясціўся лагерам пры самых мурах, у выгодным месцы між рэкамі Нягліннай i Масквой, куды адусюль сыходзілася ўсё больш i больш [народу] i адкуль ужо ўяўляў для нас вялікую небяспеку праз сваю моц. Давялося нам несці пільную варту на мурах, усё часцей робячы вылазкі сіламі пяхоты, a не конніцы, ад якой не было нам ніякай карысці: гінула мноства нашых, a ім [толькі] кат перашкодзіць на месца аднаго забітага прыгнаць 10. Мы спахапіліся, ды позна, калі памыўся.

Патрыярха, як галоўнага вінаватага ў тых мяцяжах, аддалі пад варту нейкаму Маліцкаму, таварышу з роты Малынскага, які пільнаваў яго так, што без яго ведама i дазволу ніхто не заходзіў да патрыярха, a сам ён i за парог не выпускаўся. Перабываючы ў такіх умовах, праз паўгода памёр.

Чаляднікам выпала вялікая здабыча, як i асобным таварышам, перадусім з палка Збароўскага, бо яны стаялі ў Кітайгарадзе. A там усе маскоўскія купцы, вялікая колькасць крам i тавараў; i сапраўды было на што паглядзець i на што падзівіцца. Але ўжо да вечара аўторка, першага дня мяцяжу, не засталося ніводнай цэлай крамы. Адны біліся, a іншыя рабавалі, таму ўсе павінны былі зносіць рэчы на майдан. Усе таварышы i рота пахолкаў, па прынятым у войску парадку, складалі ў коле прысягу перад тым таварышам, які быў абраны прадаваць рэчы (а ў кожным палку быў асобны майдан). У нас быў Андрэй Русецкі, таварыш нашай роты. Быў вызначаны наступны парадак продажу тых рэчаў: кожны таварыш меў права купіць рэч за палову кошту ад таго, што даў бы купец або шынкар.

Хто-ніхто, нават i з таварышаў, хоць i прысягалі, не аддавалі ўсяго, за што некаторых Госпад Бог моцна пакараў. Два таварышы (не называю, хто з чыёй роты), не аддаўшы на майдан грошай i каштоўных рэчаў ды фантаў, гралі ўдвох, зачыніўшыся, каб ніхто ix не выдаў. Пасварыўшыся, выглядае, з-за чагосьці (тут ніхто пэўна ўжо не скажа), папраціналі адзін аднаго штыхамі навылёт i сканалі на месцы. Знайшлі i тыя рэчы, i ix, ужо нежывых. I ўсё войска моцна караў пасля той прысягі Госпад Бог: відаць, шмат было крывапрысяжнікаў.

Я нічога на майдане не купляў, бо не было спадзявання, што нам дазволяць проста адступіць; мы далі сабе абяцанне, што сёння-заўтра пачнем адыход, пракладаючы - калі, не дай Божа, давядзецца сабе шлях зброяй. З гэтых прычын я вырашыў трымаць грошы гатоўкай, якую зручней вывезці, чым фант. Іншыя не зважалі на тое, накупілі дабра, a потым прадавалі яго ў дзесяць разоў даражэй. Я ж i ca свайго майна упрыгожанняў i шатаў, якія меў пры сабе, - не вывез нічога; тое ж, што быў прыкупіў або ўзяў грашыма з казны[121] на харчаванне, таксама засталося там, разам з маёй маёмасцю, калі нас разграмілі ў Родні пад Старыцай. Усяму войску майданавых грошай прыпала па 28 злотых на каня.

Мы часта выходзілі ў пешыя вылазкі, прымушаныя больш неабходнасцю, чым сваім жаданнем. Непрыяцель быў побач, i як толькі нашыя выходзілі па траву коням, то адразу сутычка з ім; мы на падмогу сваім, a ён сваім, i тут [пачынаецца], як ён сам кажа, то крывавая драка[122], то смертная драка, i заўсёды з вялікай шкодай для нас, бо ў яго на сутычку выходзіць столькі, колькі мы i ва ўсім войску не маем.

Па начах мы часта пасылалі конніцу ў засады за Маскву-раку, a потым, знайшоўшы зачэпку, выводзілі на ix непрыяцеля. Нярэдка, з ласкі Божай, праца была недарэмнай, але карысці з таго нам было няшмат, хіба што маглі абмяняцца палоннымі толькі такім гандлем i займаліся.

П. Ян Сапега, які пасля забойства царка адступіў са сваім войскам з-пад Калугі ў Масальск i вакольныя воласці, за 60 міль ад Сталіцы, па атрыманні данясення пра здраду Сталіцы скіраваў туды сваё войска, распусціўшы чуткі, што з маскоўцамі мае намер не змагацца, a весці перамовы.

Атрымаўшы пра тое данясенне i ведаючы, што ён ужо ў Мажайску, адправілі маскоўцы да яго паслоў, каб устанавіць з ім зносіны i зразумець, з якім намерам ідзе. [Той] запэўніў i праз ix паслоў, i праз сваіх, што ідзе з добрым намерам. Пазней, калі пан Сапега быў за 6 міль ад Сталіцы, у манастыры, называным Вяземы 94, прыехалі да яго з чалабітнай значнейшыя баяры. Цяжка сказаць, пра што яны там дамаўляліся, толькі маскоўскія вартавыя заўсёды, калі сварыліся з нашымі, казалі: «На вас Сапега идёт к нам»[123]. Аднак маскоўцы, падтрымліваючы стасункі, яму не давяралі i добра ўмацавалі свой лагер (які да таго стаяў проста так, без усякай абароны) моцным астрогам i глыбокім перакопам з глухім дрыколлем.

17 травеня 95 п. Сапега падышоў да Сталіцы і, не пераходзячы ракі Масквы, паставіў лагер на гары між Дзявочым i Сіманавым манастырамі. У Сталіцу, да нас, з яго войска не з'явіўся ніхто ні ён сам, ні хтосьці з таварышаў Дзівімся i чакаем, што будзе далей; [яны] зносяцца між сабой, бываюць адзін у аднаго, мы ў замку ні пра што не ведаем. Хочучы зразумець яго намеры, 21 травеня 96 нашыя старшыя зрабілі вылазку, паставіўшы ноччу некалькі харугваў у засадзе, i паведамілі пра тое п. Сапегу, не клічучы яго на бітву, але мяркуючы, што ён i сам здагадаецца, чаго ад яго хочуць.

Мы выманілі маскоўцаў яму амаль пад нос, на даволі шырокі i роўны луг, які ляжыць паміж Сталіцай i лагерам пана Сапегі; той, паглядаючы здалёк на нашу [бітву], загадаў усяму свайму войску пашыхтавацца перад лагерам. Калі па доўгім змаганні з непрыяцелем мы, з Божай успамогай, пачалі перамагаць, яму [124] тое не спадабалася: прыслаў нам загад пакінуць поле. Але ж, маючы ў сваіх руках непрыяцеля, чалавек здольны i ў зямлю яго закапаць: нашыя не маглі прамінуць такой забавы. Ён паўторна прыслаў загад пакінуць поле, перадаўшы: «Удару па вас з тылу». Тут ужо нявыкрутка, хоцькі-няхоцькі, a былі змушаны адступіць у замак; усё ж перамога, з ласкі Божай, за намі.

У той бітве п. Гальяш Зянковіч трапіў быў у вялікую бяду: пад напорам шматлікіх непрыяцеляў тое крыло, у якім ён знаходзіўся, пачало слабець, i яму давялося ўцякаць разам з іншымі. Патрапіў у балота, кінуў каня i адыходзіў пешшу. Ужо акружыў быў яго непрыяцель і, відаць, хацеў схапіць жывога (бо пры жаданні мог i забіць), ужо закідваў пятлю на шыю, але нашыя яго адбілі i прагналі непрыяцеля.

Пра пана Сапегу ў той час хадзіла такая пагалоска, што сам хацеў на царства i таму так ласкава да ix пад'язджаў, меў з імі стасункі. Спачатку, відаць, дамаўляўся наконт сябе, a паколькі справа пайшла крыва, паспрабаваў i нас памірыць з імі шляхам перамоваў. Калі ж i тут нічога не дамогся, бо грубыя маскоўцы не паддаліся ні на якія спаскусы, пакінуў ix i падаўся да нас 97. Цяпер ужо раіўся з панам Гасеўскім, як быць далей: пра знішчэнне непрыяцеля няма чаго й думаць, яго лагер быў даволі моцна ўфартыфікаваны, тых язычнікаў несусветная процьма, a да ўсяго нам не хапала правіянту.

Вырашылі, што п. Сапега са сваім войскам, якое налічвала каля 2 000, заглыбіцца ў непрыяцельскую зямлю, спусташаючы яе агнём i мечам. Да ўсяго мы мелі патрэбу ў правіянце, адмыслова дзеля якога быў зладжаны гэты паход пана Сапегі. Разам з тым пусцілі пагалоску, што [ідзе] нішчыць агнём i мечам, каб абудзіць у ix камізэрацыю да радзімы. Аднак гэта ніколечкі не кранула маскоўцаў.

29 травеня адправілі мы з п. Сапегам па правіянт чаляднікаў, хто колькі змог; я паслаў 4. Усіх было 1500, за старшага прыставілі ім Рудскага, шыша.

31 травеня, на трэці дзень па адыходзе чаляднікаў з панам Сапегам, прыйшла навіна, што [да нас] ідзе пан гетман Вялікага Княства Літоўскага [125] (у той час ён быў яшчэ пад Пячорамі, за 80 міль ад Сталіцы, на інфлянцкай мяжы). Нашыя вырашылі адзначыць гэтую навіну: званілі ва ўсе званы, якіх тут было вялікае мноства, білі з усіх гармат, стралялі з ружжаў, i тое паказала нашую ўразлівасць, бо па выправе чаляднікаў нас мала засталося на муры, радзей i стралялі. Непрыяцель адразу здагадаўся пра слабасць нашых сіл i ў тую ж ноч, увечары перад якой мы трыумфавалі, за гадзіну да світання пайшоў на штурм.

Была ў Белым горадзе вежа, першая ад Кітайгарада, за якую мы моцна стаялі, паколькі ў выпадку пераходу да непрыяцеля яна стала б для нас вялікай перашкодай; тут стаяла ўся рота Бабоўскага, 400 вершнікаў. Мы наносілі маскоўцам вялікую шкоду, трымаючы вежу ў сваіх руках, для ix яна была як соль у воку. З яе пачалі [маскоўцы] штурм, нечакана напаўшы на нас, i захапілі сходу. A як толькі захапілі, то барзджэй даставілі ад сваіх порах i ядры ды павярнулі супраць нас нашыя ж гарматы. З'явіўся пан Гасеўскі і, разумеючы вялікую небяспеку для нас ад страты тае вежы, пачаў пераконваць таварышаў i роту Млоцкага яе адбіць. Але яны й самі, бачачы, што справы няважныя, добраахвотна, з аднымі шаблямі, resolute кінуліся па муры, па бланках (тут ад нас да вежы быў такі вузкі праход, што ледзьве двое маглі прайсці поруч) на маскоўцаў і, уварваўшыся ў вежу, ушчэнт ix пасеклі i завалодалі вежай. Знайшлі некалькі бочак пораху, прывезенага маскоўцамі. З нашых забілі там двух добрых таварышаў: Дудзінскага i Мікодыма Бабраўніцкага.

Страціўшы гэтую вежу, маскоўцы вялікім натоўпам рушылі праз Белы горад у другі бок, у Крымгарад. Палова Белага горада - ад Крымгарада да Цвярской брамы была захоплена намі з усімі брамамі i вежамі; яны ішлі з намерам адабраць у нас усё места, i праз нашую слабасць неўзабаве таго дамагліся.

Insperate давялося нам сутыкнуцца з імі, калі стаялі на муры. Харугвы ідуць у бой, a ў кожнай не болын за 20-30 чалавек. Мусілі паслаць па даспехі i тут жа ўзбройвацца, але тое ніяк не дапамагло. Давялося нам уцякаць ад мноства непрыяцеляў у замкі, пакінуўшы тых, што былі на мурах, брамах i вежах. [Вораг] пераследаваў нас да самых замкавых брам. Той, хто быў пры брамах i не паспеў зайсці з намі ў замак, трапіў ім у рукі. Нікольская брама, першая пасля Цвярской 98, была занята 300 нашымі немцамі; Цвярскую ж браму разам з муром да самай вежы, дзе раней стаяў з вартай Бабоўскі, моцна трымалі маскоўцы. Тут, праз мур ад нас, размясцілі яны i свой лагер. З другога боку ад Нікольскай брамы да самага Крымгарада - мур быў заняты намі. Увесь мур падвяргаўся маскоўцамі моцнаму штурму, a мы толькі назіралі, але дапамагчы [немцам] было не ў нашай моцы: яны маглі б адбіцца, калі б хапіла пораху, якога не чакаючы раптоўнага нападу непрыяцеля мелі толькі бочку, i той выбралі дашчэнту; давялося бараніцца, кідаючы зверху каменне i цагліны. [Непрыяцель] узяў ix амаль голымі рукамі, на чэснае слова, i хаця ў лагер ix даставілі жывымі, там, аднак, каму скруцілі шыю, a каго ўтапілі. Тое самае сталася i з астатнімі вежамі, яшчэ менш умацаванымі.

У тым Белым горадзе, над ракой Масквой на выгібе, або рагу, замка месціцца пяціглавая вежа; тут было 300 [чалавек] польскай пяхоты Граеўскага, a з імі паручнік Краеўскі. Калі пажар дайшоў да ix, яны, зачыніўшыся ў вежы, аказалі непрыяцелю ўпарты супраціў, i адбіліся б, калі б не здрада добаша [126], які, перакінуўшыся да маскоўцаў, паведаміў, што ніз тае вежы запоўнены гранатамі i разнастайнымі запальнымі прыпасамі, [a] пры самай зямлі маецца адтуліна (накшталт брамы, толькі без дзвярэй), якая вядзе да таго месца. Не марудзячы, яны запалілі пару падрыхтаваных стрэл i пацэлілі туды, між гранат, i ўсё адразу запалала агнём. Паколькі перакрыцці ў той вежы былі драўляныя, без скляпення, цяжка было знайсці месца нават на чацвертым ярусе (настолькі яна была высокая). Да дзвярэй ужо таксама было немагчыма [дабрацца], калі б нават i захацелі выйсці resolute, бо хутка занялося вялікае полымя.

Давялося ім спускацца з акна па вяроўцы за мур, да ракі, хаця i там ix чакала смерць, бо хто змог спусціцца да зямлі, таго маскоўцы, якіх там была процьма, адразу разносілі шаблямі. Аднак лічылі, што лепш так, чым згарэць у агні. Нямала ix, зрэшты, i згарэла, не дабраўшыся да вокнаў (Мы назіралі за ўсім з замка, сэрца сціскалася ад жалю, [але] мы нічым не маглі дапамагчы: не было сіл.) З ix ліку ўратаваўся толькі паручнік, якога пазней абмянялі; астатнія загінулі. Так забралі ў нас увесь Белы горад да Крымгарада.

У гэтай вылазцы загінуў гусарскі ротмістр Газдзікоўскі, да якога я далучыўся тыднем раней з васьмю вершнікамі: пад яго харугвай мы павінны былі даслужваць чвэрці, з абавязкам ахоўваць пост. Пану Зянковічу куля патрапіла ў шалом, але не прабіла.

5 iunii. Праз колькі дзён непрыяцель з гарматамі i людзьмі, якія былі ў бітве, рушыў да Дзявочага манастыра, дзе знаходзіліся 2 нашыя конныя казацкія роты, Глускага i Ашанскага, 200 найманых немцаў. Маскоўскіх немцаў, жыхароў Сталіцы, якія перайшлі на наш бок, было 300, i яны здрадзілі [нам], пасля некалькіх гарматных залпаў адразу пакінуўшы свой пост.

За дзень-два да таго Гасеўскі, хочучы паведаміць пану літоўскаму гетману, што непрыяцель акружыў нас з усіх бакоў (які i за ракой Масквой, каля мураванай царквы, збудаваў сабе городок, i трымаючы там некалькі тысяч чалавек, часта вітаў нас адтуль гранатамі, не даючы пакінуць замак), паслаў 10 таварышаў на добрых конях, даўшы кожнаму ліст да гетмана ў спадзяванні, што нехта з ix ды даставіць.

Дзень быў спакойны i ясны. Палічыў за лепшае паслаць ix цяпер, бо ўдзень маскоўцы не такія пільныя на варце, як уначы, a да ўсяго любяць уздрамнуць апоўдні. Але толькі пад'ехалі да рэчкі, каб пераправіцца, як з маленечкай хмаркі пайшоў такі страшэнны дождж, што i чалавека не разгледзеў бы перад сабой. У той мітусні пераправіліся 9 (адзін конь ніяк не хацеў ісці ў ваду) i праехалі паўз непрыяцельскі астрог, нікім не заўважаныя. Праз хвіліну дождж перастаў i зрабілася па-ранейшаму светла. Агледзеліся [маскоўцы], але нашыя былі ўжо далёка; кінуліся ў пагоню, але марна, бо нашы дабраліся да сваіх у Дзявочы манастыр, па дарозе куды паўсюль ужо была расстаўлена ахова. З манастыра, аднак, да гетмана рушылі не ўсе разам, a падзяліліся на дзве часткі: адны паехалі наперад, астатнія павінны былі выехаць следам праз некалькі дзён, але не змаглі, бо маскоўцы разам з манастыром захапілі й ix. Тыя ж, першыя, даставілі лісты гетману.

25 iunii пан Сапега вярнуўся ў Сталіцу 99; за ім прыйшлі i нашыя чаляднікі з правіянтам. Маскоўцы, хочучы забараніць нам i гэты праход у замак, паставілі за рэчкай, насупраць Крымгарада, другі астрог i злучылі яго з періпым глыбокім перакопам, заставіўшы ваярамі абодва городка i перакоп.

Рудскі з нашымі чаляднікамі не мог прабрацца да нас праз Белы горад, праз тыя брамы, якімі выходзіў, паколысі яны ўжо былі ў руках непрыяцеля. Пакінуўшы правіянт у лагеры п. Сапегі, ён абышоў Дзявочы манастыр па Зарэччы i insperante натыкнуўся на перакоп паміж тых городков, пра якія нічога не ведаў; маскоўцы таксама не чакалі адтуль нападу. Тыя, хто быў у перакопе, шпарка разбегліся, a нашы спешыліся, зараўнялі перакоп, лёгка яго перайшлі i пусціліся да нас плавам праз раку. Мы чакалі ix каля брамы над вадой і, не заходзячы ў замак, спешыліся i з большымі сіламі рушылі на маскоўцаў у Белы горад. Тыя адразу, не чакаючы нашага прыходу, адно заўважылі, што мы кіруемся да ix, кінуліся наўцёкі, пакінуўшы ўсе брамы i вежы, якія захапілі ад нас. На Арбацкай браме, спадзеючыся на яе моц, зачыніліся былі з паўтары сотні маскоўцаў, якія не захацелі адступіць; мы ўзялі ix штурмам. Не кранай нашага! Такім чынам мы рэкуперавалі [127] сабе той мур, які i раней быў за намі. Пакінулі [маскоўцы] i Дзявочы манастыр, які нам зноў давялося займаць.

Пан Сапега, нядоўга пахварэўшы, памёр у Сталіцы 8 iulii 100. Войска, што было пад яго камандаваннем, 18 iulii, праз паўтара тыдня па яго смерці, разышлося са Сталіцы па валасцях: не хацела падначальвацца ні нашаму рэгіментару, ні каму іншаму, трымалася свайго інтарэсу, рабіла набегі, прыпякала маскоўскія азадкі i таму добра пачувалася. Каралю не служыла, за выключэннем некалькіх тыдняў, адбытых пад Сталіцай, але ўсё ж узяло плату за 10 чвэрцяў. Цела п. Сапегі вазілі за сабой, пазней адправілі ў Літву. Тады ж памёр пан Вітоўскі, каралеўскі прыдворны [128], прысланы з пасольствам да баяраў.

Мы зноў акрэплі ў Маскве i сталі роўныя ім па моцы. Паколькі нам было патрэбна збудаваць городок насупраць Цвярской брамы, на якой моцна заселі i наносілі нам шкоду маскоўцы, i тым самым ix зняважыць, пачалі будаванне 21 iulii сярод белага дня, хаця можна было, дзеля большай бяспекі, без перашкоды будаваць i ўначы. A сыходзіла тое ад Баркоўскага: меркаваў, што запалохае маскоўцаў немцамі, якіх там было 200. Маскоўцы зрабілі магутную вылазку са свайго лагера, захапілі ўсіх без выключэння немцаў, Баркоўскі ж уцёк. Такім чынам мы заўважна гублялі бедных немцаў, a трэба прызнаць, што ўсюды, дзе ні апынуліся, яны паказалі сябе з лепшага боку.

Паколькі мы цярпелі недахоп i ў копах [129], i ў правіянце, то настойліва прасілі нашых старшых прыняць захады па захаванні войска, бо не было чуваць, каб з Польшчы ішло якое падмацаванне людзьмі ці грашыма. Яны, паразумеўшыся з баярамі i дамовіўшыся між сабой, дазволілі выдаць войску з царскай казны кармавыя грошы за дзве чвэрці фантамі (бо грошай у скарбе не было), якіх дамовіліся выдаць па 30 злотых на каня, i выдалі.

Дэпутаты, прызначаныя ад войска для атрымання тых фантаў з казны ад баяраў, не будуць падшываць боты лыкам 101, бо добра нас абкрадалі. Некаторыя не ўважалі за грэх, паабразаўшы ў сабалёў хвасты, падшыць імі дэлію i хадзіць у ёй перад усімі. Гэта i там каштуе даражэй, чым самі сабалі. A што ўжо казаць тут, у нас!

Хаця непрыяцельскім войскам камандавалі некалькі палкоўнікаў, такія як Заруцкі [130], Трубяцкой, Прашавецкі, галоўны над імі быў Ляпуноў, якому ўсе яны былі абавязаны падначальвацца. Яны варагавалі, бо Заруцкаму вельмі хацелася самому стаць гетманам, як i ўсім астатнім. Гасеўскі скарыстаўся наступнай хітрасцю. Аднойчы падчас вылазкі схапілі маскоўца, высакароднага ix баярына, якога Гасеўскі без усялякай міласэрнасці загадаў пазбавіць галавы за відавочнае крывапрысяжства недатрыманне прысягі, складзенай каралевічу. A між тым субардынаваў нам схіліць яго да паўторнай прысягі каралевічу; баярын, нават перад тварам смерці, з цяжкасцю пагадзіўся i зноў склаў прысягу. Тады Гасеўскі даверыўся яму, ужо як надзейнаму чалавеку, што падтрымлівае зносіны з Ляпуновым, якія хацеў бы прадоўжыць праз яго; схіляў абяцаннем вялікай каралеўскай ласкі i немалым хабарам, i той пагадзіўся. Затым паказаў яму сам-насам у зачыненым пакоі, каб ніхто пра тое не даведаўся, прыдуманы ліст, падроблены пад почырк Ляпунова, які таму маскоўцу быў вельмі добра знаны, i такім чынам пераканаў яго i ўзяў з яго абяцанне. Пасля гэтага аддаў яму лісты да Ляпунова, у ліку якіх быў адказ на той, прыдуманы, [загадаўшы] перадаць ix патаемна; запэўніў яго таксама, што трэба будзе даставіць грамоту Ляпунова. A дзеля таго, каб ён не быў выкрыты, абмяняў яго на нашага вязня, як i іншага палоннага.

Вярнуўшыся ў свой лагер, баярын забыўся i на другую прысягу: тыя лісты, што прызначаліся Ляпунову, занёс у разряд i там упэўнена распавёў усім баярам, што «я сам бачыў у Гасеўскага ўласнаручна пісаныя Ляпуновым грамоты, у якіх яны задумляюць на вас здраду».

Заруцкі, таксама прагны да тае ўлады, падбухторыў данцоў, якія мігам кінуліся на Ляпунова i пасеклі шаблямі насмерць. Пасля яго войска ачоліў Заруцкі; у пэўнай ступені ён ставіўся да нас прыязна, адно што не мог таго паказваць publice, памятаючы пра забітага Ляпунова.

Я, даслужыўшы з Газдзікоўскім, уступіў у харугву п. Струся. Па нас часта стралялі гранатамі з марцір i калёнымі ядрамі з гармат, але мы былі настолькі абачлівыя, што ні разу не далі заняцца полымю. [Маскоўцы] выбралі зручны час: 8 septembris, калі быў моцны вецер, пусцілі з марцір у Кітайгарад адразу дзесяць гранат. Тут ужо не было паратунку ні ад моцнага ветру, ні ад нашэсця агню - спалілі нам Кітайгарад, засталіся толькі мураваныя крамы, мураваныя цэрквы i ўсё, што з цэглы.

Таварышы перабраліся да нас у Крымгарад. Казацкі ротмістр Рудніцкі абраў сабе ў цэйхгаўзе пусты склеп, порах з якога быў ужо скарыстаны; хочучы там пасяліцца, загадаў хлопцу прынесці свечку, каб агледзецца, ці нельга дзе развесці агонь, бо ўжо надыходзілі халады. I як толькі ўпала іскра, мігам заняліся рэшткі пораху, што нападалі там на зямлю, - было ix амаль на пядзю, бо порах тут складаваўся больш за сто гадоў, ад часу пабудовы склепа, які ніколі не вычышчаўся. [Выбухам] выкінула ўсіх, хто там быў, [лікам] 18; больш за ўсіх пацярпеў сам [Рудніцкі], якога не маглі сабраць па кавалках. Аднак двое з ix ліку засталіся цэлыя i здаровыя: хоць ix высока падкінула, але на зямлю яны ўпалі без цялесных пашкоджанняў.

Я таксама, асцерагаючыся пажару, дзеля больш надзейнага захавання сваіх рэчаў зачыніў ix у склепе таго самага цэйхгаўза, акурат побач з тым, які выбухнуў. I калі б не было там рэчаў чаляднікаў, прапалі б i мае: штохвіліны чакаючы раптоўнага выбуху якога-небудзь склепа, калі [раптам агонь] дабярэцца да пораху, ніхто не адважваўся туды падступіцца. Бо агонь ужо дабраўся да іншых склепаў, у якіх [знаходзіў] спажыву-гарэлку, гранаты, стрэлы, крукі, багры; усё гэта гарэла некалькі дзён, як у пекле. Такім чынам, ратуючы свае рэчы, чаляднікі ўратавалі й мае. Але за што воўк учапіўся, з таго спажывы не чакай.

Я разумеў, што некаторыя рэчы, якія займалі мала месца, але каштавалі шмат золата, ювелірныя вырабы i жэмчуг, больш бяспечна трымаць пры сабе. Склаўшы ix, колькі меў, у адзін мяшэчак, насіў з сабой; ідучы на муравую, не пакідаў яго ў месцы пастою, каб не згарэў, a прыходзячы дадому, клаў у малую шкатулу, якая стаяла за ложкам. Там, у Маскве, усё гэта каштавала 1800 злотых. Дастаўся быў мне з казны ў якасці 120 злотых 102 смагардавы крыжык даўжынёй з палец, у залатой аправе. Паклаўшы яго ў мяшэчак разам з урыянскім [131] жамчугом на 70 злотых i завязаўшы на шнурок, павесіў мяшэчак сабе на шыю, так разумеючы, што калі нават усё іншае нейкім чынам страчу, тое, што на шыі, ацалее, i калі Госпад Бог захавае жывым, будзе ўсё ж хоць нейкая ўспамога. Іншыя, больш каштоўныя рэчы з ліку фантаў парчу, сабалі, мех чарнабурак, персідскія тканіны, срэбра ў ломе, шаты, прывезеныя сюды без патрэбы з дому, i ўсё, чаго i пералічваць не хачу, я адабраў i склаў у набыты вялікі кашэль, для якога вылучыў аднаго моцнага страявога палавога [132] валаха, якога падчас паходу адмысловы пахолак заўсёды вадзіў за мной пад харугвай. Але Госпад Бог захацеў давесці, што сам па сабе чалавек не можа ні перамагчы, ні абараніць жыццё i маёмасць ад непрыяцеля. З сабранага мной усё, што я меў пры сабе, забраў д'ябал: золата, i каштоўныя камяні, i трохі жамчугу. Паклаўшы [гэта] ў малую шкатулу, што стаяла за ложкам, я адправіўся з таварыствам насустрач п. літоўскаму гетману [133], які збліжаўся да Сталіцы; тым часам пахолак [майго] брата (п. Даніэля), немец Якаб, украў усё гэта ў мяне разам са шкатулай i прабраўся за мур, да маскоўцаў. Крыжык з мяшэчкам прапаў з шыі ноччу, падчас паходу; заўважыў тое адно апоўдні, ад'ехаўшы ад таго месца на некалькі міль. Не зважаючы на вялікую небяспеку, вярнуўся, але нічога не знайшоў Кашалі, што заўсёды былі пры мне i ў паходзе пад харугвай, i на пастоі каля ложка забраў непрыяцель, напаўшы сярод белага дня на тую вёску пад Старыцай, дзе мы, неабачлівыя, спыніліся, i разграміўшы нас. Тое, чым гатовы быў ахвяраваць, [пакідаючы] яго ў паходах на вазах (дзе непрыяцелю, напаўшы з лесу, лягчэй захапіць), a на пастоі ў клеці, падалей ад сябе, усё ўцалела, нават доўгі адзежны куфар, складны ложак, з якімі я аб'ездзіў усю Масковію i якія вывез назад у цэласці. A вось што лепшае засталося там. Да таго часу маскоўцы пабралі ў мяне ўсіх 14 страявых i абозных коней, я застаўся толькі з гнядой кабылай ды з палавым валахам.

6 octobris. Да вялікай нашай радасці, з'явіўся пад Сталіцай даўно чаканы ям. п. Хадкевіч, літоўскі гетман, маючы пры сабе штосьці з 2000 войска, пры тым ці не большую яго частку складала смаленскае, a не інфлянцкае з Літвы. Наколькі мы яго чакалі i радаваліся яго прыходу, настолькі хутка ўсе расчараваліся i заняпалі духам, за выключэннем нямногіх сярод нас. Таму цяпер мы пачалі старанней, чым раней, абдумваць канфедэрацыю; адправілі паслоў да караля i каронных прымасаў [134] з апошняй рэзалюцыяй i паведамленнем, што застанемся на службе толькі ad 6 ianuarii 1612. Паўсюль у гродскіх судах, дзе толькі можна, загадалі складаць пратэстацыі, што праз такі вялікі голад, без грашовай дапамогі мы не зможам выстаяць супраць шматлікага непрыяцеля, не будзем больш цярпець. Пасланыя: два палкоўнікі (Казаноўскі i Баркоўскі), два ротмістры (Мархоцкі i Грачына), два паручнікі (Вайткоўскі i Срадзінскі), два таварышы, [імёны] якіх запамятаваў 103.

Прычына такога нечаканага абурэння войска на ям. п. гетмана: хацеў звесці разам моцна разбеглыя колы вайсковай сваволі. Гасеўскі не хацеў судзіць ніякіх злачынстваў, пакідаючы тое пану гетману; калі ў такіх выпадках адразу, запабягаючы злу, не караць першыя эксцэсы, a паслабляць лейцы, то цяжка будзе стрымаць, бо адзін выгаворвае другому: «Чаму ж першага не пакаралі?» Тады пан гетман пачаў судзіць сувора, чым адштурхнуў ад сябе многіх; потым адумаўся, ды час быў упушчаны. Былі таксама сярод нас асобныя інфлянцкія бунтаўнікі, на якіх пан гетман гневаўся i якіх загадаў быў прагнаць з інфлянцкага войска, не жадаючы трымаць пад сваім рэгіментам, i ледзь да таго не дайшло. Яны наўзаем не жадалі знаходзіцца пад рэгіментам ям., падбухторвалі іншых адмовіцца ад службы, то бок далучыцца да канфедэрацыі. У доўгім перакананні не было патрэбы: раз'ятрыўшы сэрцы, шукалі толькі прычыны пачаць.

Войска таксама было ўжо зморана голадам; больш за ўсё трывожылі нас коні, бо мех збожжа быў даражэй за мяшок перцу. Да ўсяго траву нам даводзілася шукаць за непрыяцельскім лагерам, пад якім страцілі шмат чаляднікаў, a коней усё адно памарылі. Каб ix адкарміць i перадыхнуць самім, нам канечне трэба было адправіцца ў воласць. Таму радуемся, што дачакаліся свежага войска; здаем Сталіцу пану гетману, просім, каб адпусціў нас адсюль, абяцаючы яму i дастаўку правіянту, i хуткую дапамогу там, дзе спатрэбіцца.

Пан гетман меў прычыну, i немалую, не прымаць Сталіцы i не заставацца ў ёй, аднак шукаў спосабу ўтрымання i пракармлення войска. Хутка такі спосаб знайшлі, прызначыўшы таварышам, якія пажадалі б застацца ў Сталіцы, за муравую па 20 злотых, a пахолкам - па 15 злотых у месяц. Тыя ж, хто захацеў бы пайсці ў поле 104, [павінны былі] ўзяць з сабой для адкорму таксама i коней тых, хто заставаўся на муры. Ім таксама прызначалася поўнае заслужное ў харугвах, залежна ад таго, хто да якой адносіўся i ў якім атрадзе служыў.

Аднак муравая не была звычайнай: наяўных грошай не было, як i пацвярджэння [заслужнога]. Хоць на словах баяры абяцалі i запэўнівалі, таварыства не дало сябе падмануць. Нягледзячы на тое, што ў казне было чым сплаціць, баяры, чакаючы каралевіча на царства, дзеля ўшанавання царскай [годнасці] падчас каранацыі не хацелі кранаць скарбу, усіх каранацыйных insygnia [135]: царскіх шатаў, залатых i срэбраных буфетаў, мноства залатога сталовага посуду, не лічачы срэбранага, каштоўных камянёў, a таксама сталоў, крэслаў з апраўленымі камянямі, залатых шпалераў, гафтаваных дыванкоў, жамчугу i мноства ўсяго падобнага, што бачыў я на свае вочы. Не згадваю ўжо надзвычай прыгожых касматых рэчаў [136], якія яны берагуць толькі для самога цара i не дазваляюць вывозіць са сваёй дзяржавы на продаж. Не згадваю i тых каштоўных рэчаў, у якіх захоўваюць святыя рэліквіі ў залатых шуфлядах: яны знаходзяцца ў склепе даўжынёй 5 сажняў, з вокнамі на дзвюх процілеглых сценах. Тры сцяны ад зямлі да верху займае там шафа сталярнай работы, у якую ўстаўляюцца залатыя шуфляды даўжынёю з паўлокця; на канцы кожнай літары з абазначэннем рэліквіі, якую яна змяшчае. Пасярод склепа яшчэ дзве шафы, да самай столі, з абодвух бакоў якіх залатыя шуфляды, у якіх не было пустога месца. Такім чынам, тымі шуфлядамі знізу даверху занята 7 сцен.

Хоць было чым, кажу, плаціць, не хацелі [баяры] спусташаць скарбу, але далі нам заклад, які павінны былі неўзабаве выкупіць, a менавіта: дзве царскія кароны (адна Гадунова, a другая, яшчэ не даробленая, Дзімітрыя, які быў жанаты з Мнішак), два ці тры рогі аднарогаў, царскі посох[137] з аднарога, па канцах апраўлены золатам з дыяментамі, гусарскае сядло згаданага Дзімітрыя, апраўленае золатам, камянямі i жамчугом. Пагадзіўшыся на такі заклад, мы дэпутавалі да ix таварышаў, якім яны перадалі тое на рукі.

Хто меў правіянт i хацеў застацца, заставаўся на муры сам; іншыя пакідалі чаляднікаў, a самі выходзілі ў поле, таму на муравую засталося блізу 3000 войска. 10 novembris, напярэдадні св. Марціна [138] мы выступілі са Сталіцы i скіравіліся да Волгі, дзе, як меркавілі, больш хлебародны край. Я таксама адправіўся ў воласць, бо не меў нічога з правіянту. Разам з намі ішоў ям. п. гетман з усім войскам.

14 novembris. Ha чацверты дзень прыйшлі мы ў Рагачова i тут спыніліся: сюды ўжо давозілі i правіянт з-за Волгі. Перш чым аказацца ў Рагачове, давялося нам ісці па вельмі гразкай, ад частых дажджоў, дарозе. Таму свежыя [сілы], што прыйшлі з ям. п. гетманам, маючы цяжка гружаныя вазы, зведалі немалыя цяжкасці: некаторым давялося кінуць вазы ў балоце, але яны ўсё адно не хацелі дзяліцца з намі правіянтам. Калі ж хто i прадаваў, браў нятанна, i мы былі вымушаны плаціць тое, што яны прасілі. Нашым прыйшлося пакінуць у балоце не аднаго страявога каня, бо коні так страшэнна знясілелі ў Сталіцы, што хісталіся ад ветру, a ў стайнях прагрызалі навылёт самыя тоўстыя сцены.

З Рагачова мы пасылалі чаляднікаў за Волгу, па правіянт. Праз тры тыдні прывезлі нам вялікае мноства правіянту. Тады ж чаляднікі прывялі да мяне малога хлопчыка, званага Патапам. Я назваў яго Язэпкам i аддаў вучыцца на цымбалах.

18 decembris адправіліся з правіянтам у Сталіцу. Палкоўнікам быў князь Карэцкі; я быў у суправаджэнні. Усіх нас налічвалася блізу 500 чалавек, здатных да бою. Тады трымаліся моцныя маразы: пакуль абоз сабраўся на падыходах да Сталіцы, памерзлі ў нас людзі, як нашыя, так i маскоўцы (ix больш) 360 чалавек, бо не дазвалялася разво дзіць вогнішчаў дзеля бяспекі ад непрыяцеля. Маскоўцы зрабілі вылазку i адбілі некалькі вазоў з правіянтам, але няшмат; я адзін пазбавіўся, аднак, 5. Мы доўга змагаліся з імі пры самай рацэ, пакуль прагналі. Рукі нашы прымярзалі да палашоў, многія таварышы i пахолкі паадмарожвалі пальцы на руках, нагах i самі ногі. Ніколі не было нашым так цяжка ад холаду, як тады; кожны, хто адмарозіў сабе ў той час што-небудзь у Масковіі, быў з ix ліку. Сам князь Карэцкі адмарозіў тады пальцы на руках i нагах.

Са Сталіцы мы вярнуліся ў Рагачова 24 decembris, напярэдадні Божага Нараджэння (я разгавеўся адным талакном). Тут ям. п. літоўскі гетман угневаўся на [майго] брата, пана Даніэля, які адмаўляўся пасля таго пераходу даставіць з харугвай правіянт у Сталіцу, таму што загад на гэтую выправу супярэчыў нашаму даўно ўсталяванаму парадку. Дагаварыўся з п. гетманам у коле да таго, што той сказаў яму: «Мяцежнік, я здыму табе галаву!» A ён: «Калі за мной будзе прызнаная віна! A да ўсяго не думаю, што праслужу пад тваім рэгіментам больш за тры тыдні!» бо заставалася ўсяго 3 тыдні ad 6 ianuarii, калі ўжо канчалася наша служба, a пра новую мы й не думалі - хутчэй пра канфедэрацыю.

1612 год

На Новы год там жа, у Рагачове.

6 іапнагіі паводле наказных лістоў 105 заканчваўся тэрмін нашай службы. Даручылі мы сваім прадстаўнікам паведаміць да гэтага часу ЯМ каралю пра нашу адмову ад далейшай службы i ўносіць пратэстацыі ў гродскія суды, што больш не можам служыць, што не ў прыродзе чалавека цярпець голад, холад, [што мы не можам] без грашовага забеспячэння i надалей процістаяць ворагу.

Таму ў той самы дзень мы з'ехаліся на кола ў полі. Пан гетман прыслаў свайго Цяклінскага, каб пераканаў нас адмовіцца ад кола i працягнуць службу. Нічога яму не ўдалося: мы разварушыліся i далі сабе слова з'ехацца назаўтра, каб дамовіцца пра вайсковы парадак падчас паходу на Сталіцу, таму што без тых, хто быў у Сталіцы, адны мы не маглі нічога распачаць.

На наступны дзень мы зноў з'ехаліся. Выехаў да нас сам пан гетман, які доўга i шматслоўна адгаворваў нас ад распачатага; нічога не вырашыўшы, раз'ехаліся. Мы ж вызначылі наступны вайсковы парадак: старшым палкоўнікам абралі Юзафа Цяклінскага, паручнікам - Капычынскага, які павінен быў весці войска да Сталіцы, таму што без тамтэйшых мы не мелі права абіраць маршалка. Ад кожнага палка быў абраны асобны палкоўнік. Ад палка Збароўскага 3 палкоўнікі: Сянкевіч, Грыц Касцюшкевіч i Балінскі; ад гетманскага палка Валенці Слаўскі, ад Струсевага Тэадор Вароніч, ад Вейхеравага Багдашэўскі, ад Казаноўскага Людвік Панятоўскі. У такім парадку i адправіліся ўсе мы ў Сталіцу; з намі йшоў i пан гетман са сваім войскам. [Па шляху] адбілі ў нас маскоўцы мноства правіянту.

13 ianuarii - у Сталіцы.

14 распачалі мы канфедэрацыю. Тут, вызначаючы пастаянны вайсковы парадак, абралі маршалкам Цяклінскага, якога раней часова абралі былі за старшага. Усіх тых палкоўнікаў, якіх мы абралі, зацвердзілі. Да маршалка прызначылі 7 дэпутатаў: Гайкоўскага, Сулішэўскага, Кавыніцкага (ён быў вайсковым суддзёй, [у тым ліку] i падчас канфедэрацыі), Прыляткоўскага, Свяжынскага, Ліпскага [139], малодшага Гасеўскага [140].

Мы хацелі адразу пакінуць Сталіцу, здаўшы яе пану гетману, але зважаючы на яго невялікае войска, паддаліся на ўгаворы ям. i пакінулі сваіх таварышаў у Сталіцы да 14 сакавіка: пан гетман паабяцаў ім з'явіцца ў той дзень у Сталіцу i вывесці ix адтуль; нас яны таксама абавязалі асобнай прысягай, каб у названы дзень мы неадменна незалежна ад таго, з'явіцца пан гетман ці не прыехалі па ix з коньмі.

18 ianuarii мы зноў вярнуліся са Сталіцы ў Рагачова, пакінуўшы ix на мурах [141]. Згодна з абяцаннем ям. пана гетмана ўсяму войску, да часу вяртання нашых са Сталіцы, залічвалася польная, a ім яшчэ i муравая, пад заклад, бо наказныя лісты [142] трацілі моц падчас канфедэрацыі.

26 ianuarii адправіліся мы з Рагачова ў больш урадлівыя краі, амаль на мяжу. З намі выступіў i пан гетман; паехаўшы прама, ён спыніўся ў Фёдараўскім, за 20 міль ад Сталіцы, a мы, расстаўшыся з ім, прыйшлі ў напраўду ўрадлівы край на Волзе i вольна размясціліся па валасцях (за 4 мілі адзін ад аднаго, a ад ям. п. гетмана за 12 міль), але ў дужа нядобрым месцы паміж 5 непрыяцельскімі замкамі, якія былі ад нас за 3-4, у крайнім выпадку за 5 міль, i ў кожным было поўна маскоўцаў. Гэта: Старыцараў [143], Ржэў, Пагарэлае, Валочак, Казельск. Давялося нам адпачываць сярод непрыяцеляў!

У той час я служыў з панам Струсем. Мы стаялі на самым [беразе] Волгі ў вёсцы, што называлася Родня, з усім палком Струся, у якім не было i 200 [чалавек], бо [многія] засталіся на [маскоўскіх] мурах. У мясцовых сялянаў не было іншай павіннасці, акрамя пастаўкі капусты на царскую кухню. Таму амаль у кожнага мы знайшлі па 2-3 закладзеныя кадушкі бялюткай капусты, i такой харошай, якой у нас знойдзеш рэдка або i зусім не знойдзеш: квашаная качанамі, з анісам i каляндрай, настолькі смачная, што мы не маглі ёй здаволіцца. Але тая капуста выйшла нам бокам: даведаўшыся праз сваіх шпегаў, што таварыства адправілася ў кола i што мы стаім без аховы, маскоўцы напалі на нас сярод белага дня, лыжники i вершнікі. A за колькі дзён да таго мы адправілі да гетмана пасламі [майго] брата, пана Даніэля, i п. Хранстоўскага нагадаць пра абяцанне вывесці таварышаў са Сталіцы, бо ўжо збліжалася 14 сакавіка. Пан брат, ад'язджаючы, пакінуў на мяне ўсе свае скрыні i рэчы.

Маскоўцы так нечакана на нас напалі, што мы ледзь паспелі паўскокваць на коні, i то многія без сёдлаў. Аднак мы не маглі стрымаць непрыяцеля, паколькі нас не было i 50 [чалавек], a ix 4 000. Але i гэта не ўсё: вялікай перашкодай быў глыбокі снег, таму мы ніяк не маглі справіцца з лыжниками; мы адступілі з месца пастою да Волгі, бо не мелі нават ружжа усё пакінулі на мурах. Напаўшы, маскоўцы дзейнічалі па сваім хаценні: забралі рэчы i мае, i пана брата, як i іншых таварышаў, i застаўся я з адной кабылай, на якой сядзеў. Да ўсяго, на маё няшчасце, амаль усе мае чаляднікі пахварэлі; на ix шчасце, адна маскоўка аказалася настолькі ласкавая, што схавала ix у лазні, пад пол[144], i не выдала, іначай усе б яны загінулі. З маіх, аднак, забілі статнага падлетка, які зваўся Парэмбскім, з Падгор'я, i краўца Андрэя, з Цырына, які тады быў пры мне. Іншыя мае чаляднікі, здаровыя, не трапіўшы падчас тае трывогі да сваіх коней, ускочылі на чужыя i так звялі [коней] таварышаў, a мае пакінулі на пастоі маскоўцам, якія забралі ix з сабой. Вось так пакараў мяне Госпад Бог!

[Тым часам] прыязджае брат з адказам, што п. гетман не можа прыслаць [людзей] у прызначаны дзень, бо не вярнуліся чаляднікі з-за Волгі з правіянтам (ён знарок загадаў ім затрымацца там на час, бо не меў яшчэ войска, з якім спадзяваўся заняць Сталіцу). [Брат], небарака, трапіў да нас на забаву: дыміцца спаленая вёска, a непрыяцель забраў усё!

Страціўшы ўсё разам, я вырашыў застацца ў Сталіцы i чакаць каралевіча. I так у прызначаны дзень, 14 сакавіка, таварышы, не зважаючы на гетмана, адправілі з палкоўнікам Касцюшкевічам сваіх, як дамаўляліся, з коньмі i правіянтам [у Сталіцу], каб вывесці [таварышаў]. Я адправіўся па сваёй волі, з намерам застацца, але на маё шчасце ніхто з нашага войска не захацеў таго ж, таму i я змяніў свой намер (развітаўшыся з братам i таварышамі, чакаў бы там каралевіча, не раўнуючы, як у турме). Дарога да Сталіцы пралягала праз гетманскі лагер, мы былі там назаўтра. Таварышы i палкоўнік адправілі мяне з п. Падгарадзінскім да гетмана нагадаць пра абяцанне. У адказ мы пачулі тое самае, што i ранейшыя пасланцы: чаляднікаў усё яшчэ няма i ён хоча, каб мы пачакалі разам ix вяртання з выправы. Наўмысна зацягваў час, чакаючы падыходу войска, якое мела застацца ў Сталіцы.

Аднак мы рушылі ў шлях без яго, хаця разумелі, што цяжка ісці на Сталіцу з такімі слабымі сіламі, як нашыя: было нас блізу 300, i кожны пахолак вёў па два-тры кані. Як жа мог біцца? Не паспелі мы адысці на мілю ці больш ад пана гетмана, як напалі на нас шышы, якія даліся нам у знакі, бо маскоўцы, што суправаджалі [нашыя] вазы з правіянтам, адразу пакідалі вазы i перабеглі да сваіх; іншыя заставілі дарогу вазамі, каб нельга было прайсці, бо снег быў надзвычай глыбокі: калі звернеш з цяжкасцю каня з дарогі, то так увалішся, як у самае жудаснае балота, [у снег], што i выбрацца не зможаш. Мы нічога не маглі парадзіць, i так [непрыяцель] разарваў наш атрад надвое: адны вярнулася да гетмана, a тыя, хто быў спераду (у тым ліку i я), прарваліся i з цяжкасцю ледзь дайшлі да Мажайска.

Схапілі мы ў вёсцы Вішанка старога селяніна i ўзялі яго за правадніка, каб абысці Волак. Ён правёў нас у мілі ад Волака, дзе стаяў моцны непрыяцель, a ўначы знарок павярнуў да Волака. Былі мы ўжо менш як за вярсту ад яго, але, на шчасце, сустрэлі Рудскага, які, правёўшы да самых сцен Волака таварышаў, адпраўленых са Сталіцы да гетмана, вяртаўся назад у Рузу, за 4 мілі ад Волака, дзе стаяў са сваёй казацкай ротай. Ён развярнуў нас, бо мы ледзь не прыйшлі ў рукі непрыяцеля па сваёй волі. Селяніну знялі галаву, але страху нішто не аплаціць!

Гетману тое было на руку: i тым, хто вярнуўся да гетмана, i нам, якія перабывалі ў Мажайску, давялося чакаць вясны, калі падсохне [зямля].

Я жыў у Барысаве ў казацкага ротмістра Хвалібога разам з некалькімі сваімі таварышамі; на каніне мы пачуваліся добра.

Калі сышоў снег i падсохла зямля, пан гетман, выступіўшы з Фёдараўскага, прыйшоў у Мажайск; стаў лагерам за мілю. Мы далучыліся да яго i праз нашыя бясконцыя просьбы ён памаленьку, чакаючы [падыходу] войска, рушыў у кірунку Сталіцы. У Мажайску тады, прахварэўшы блізу тыдня, памёр п. Ян Зянковіч, наваградскі суддзя.

Пан гетман спыніўся на рацэ Маскве, за 6 міль ад Сталіцы. Там прастаялі мы чатыры тыдні ў чаканні п. Струся, які яшчэ ў Рагачове расстаўся з намі i пайшоў на Смаленск, маючы намер ужо адтуль паехаць дадому. Аднак там зноў ахапіла яго нязводная прага славы, ён паддаўся на ўгаворы вярнуцца з атрадам у Сталіцу i ўтрымаць яе за каралевічам.

У той лагер неаднаразова прыязджалі да пана гетмана таварышы са Сталіцы; яны атрымалі ад яго асекурыцыю на заслужное для ўсяго войска ад пачатку канфедэрацыі да таго часу, пакуль нашыя пакінуць Сталіцу (асекурацыя захоўваецца ў мяне). Тут мы паспяхова [лавілі] берагавых ластавак птушачак, якія водзяцца ў беразе над вадой. Атрымаўшы данясенне, што п. Струсь ужо ў Мажайску, мы рушылі на Сталіцу i акурат на свята былі там. Праз колькі дзён да нас далучыўся i п. Струсь з 3000 згаладнелага войска. Пасля пераправы праз раку Маскву мы разбілі лагер ля Дзявочага манастыра; п. Струсь стаў тамсама асобным лагерам.

Як Гасеўскім, так i п. Струсем рухала зайздрасць: абодва прагнулі славы ўтрымання Сталіцы за каралевічам. Гасеўскі ўжо быў абладаваў усё так, што немалая частка сталічнага войска збіралася застацца, як i ён сам, у Маскве, але яму давялося адступаць, ніхто са сталічнага войска таксама не застаўся. I добра што так сталася, па провідзе Усявышняга, бо калі б нехта з нашага войска застаўся ў Сталіцы (я таксама абавязкова застаўся б), то патрапіў бы ў пастку, як іншыя.

Войска пана Струся зайшло ў Сталіцу, a нашае адступіла ў лагер, за раку, збудаваўшы праз яе жывы мост з бярвення ад расцягнутых дамоў. Мы прастаялі ў лагеры колькі дзён, ведучы перамовы з баярамі пра сваё заслужное на муры, на якое мелі ад ix вышэйапісаныя мной заклады. Зразумеўшы, што грошай яны не маюць, мы забралі той заклад з сабой, a яны абяцалі, што не паспеем мы дайсці да мяжы, як дагоняць нас з грашыма i выкупяць [заклад], якога было на 18 000 польскіх злотых.

Нарэшце, з ласкі Божай, у дзень Божага Цела [145] рушылі мы са Сталіцы да мяжы. Дапякалі нам шышы, але мы, з ласкі Божай, грамілі ix.

За некалькі міль ад Сталіцы загарадзілі нам дарогу ў лесе, на пераправах, сваім лагерам 8000 маскоўцаў, пешых, як шышы. Мы разбілі ix ушчэнт, i ў кожнага знайшлі па 3-4 пустыя кашалі. «Гэта на деньги[146] казалі, якія вы везяце са Сталіцы, як немцам пад Шчовам» 106. Усіх палонных было загадана неадкладна пасадзіць на палі; сярод ix было мноства розных рамеснікаў, якіх некаторыя з нас адабралі для сябе i вывезлі ў Польшчу.

Праз паўтара тыдня мы прыйшлі ў Смаленск; адпачнуўшы тут блізу тыдня, выправіліся ў дарогу, у Польшчу. Я наўмысна затрымаўся ненадоўга ў Смаленску ў брата, пана Габрыэля, каб не ісці праз Літву з войскам; i так праз некалькі дзён адправіўся на судне ў Оршу, a адтуль па сушы адзін дадому.

Паколькі нашых адправілі ў Сталіцу па таварышаў, тая частка нашага войска, якая заставалася з маршалкам, сама пакінула пастой (у тым ліку i брат, пан Даніэль) i на свята прыбыла пад Смаленск. Адтуль, счакаўшы, пакуль высахне зямля, рушыла далей.

Кароль, даведаўшыся пра выхад нашых войскаў са Сталіцы (ён ніяк не мог зразумець прычыны i не даў веры дэкларацыі нашых паслоў), загадаў адправіць ва ўсе гродскія суды ўніверсалы, што ідзе з Масковіі свавольнік, якога трэба паўсюль біць i не пускаць.

Войска Сапегі, як толькі даведалася пра паўстанне нашай канфедэрацыі, таксама стварыла канфедэрацыю, вярнулася з Масковіі ў Літву яшчэ санным шляхам i заняло Гародню, Берасце, Магілёў. Нашыя дамовіліся з імі, якім чынам дамагацца [заслужнога] i цвёрда процістаяць універсалам, абяцаючы ўзаемную дапамогу ў выпадку гвалту. I дамагліся тымі ўніверсаламі, што сапежынцам сплацілі не за дзве або тры чвэрці (нават i столькі яны не праслужылі), a за дзесяць. Мы таксама атрымалі належнае, аднак са свайго заслужнога падаравалі Рэчы Паспалітай па 100 злотых з каня.

Брат, пан Даніэль, якога за ўвесь час перабывання ў Сталіцы ні разу не падводзіла здароўе, як толькі перайшоў мяжу, адразу занядужаў. Хворы прыехаў у Сэрвач да пані маці i хворы вярнуўся ў войска; з тае хваробы ўжо i не выбраўся: памёр у Чорным Востраве, мястэчку князя Канстанціна Вішнявецкага на Падоллі, у верасні месяцы. Прычына яго смерці бачыцца мне ў перамене паветра: ужо быў абвыкся ў Маскве, там здароўе яго не падводзіла. Магчыма таксама, што падарваў здароўе гарэлкай, i вось якім чынам. Перабываючы з Барысаве, за дзве мілі ад Мажайска, дзе стаяў полк пана Струся, будаваў ён сабе шалаш. На ўлазіны пры закладцы жытла прыйшлі да яго таварышы, a паколькі піць не было, толькі гарэлка, паслаў па яе. I так спачатку пілі патроху, a потым па паўкварты адным махам; [неўзабаве] ўсе зваліліся з ног. Застаўся [толькі брат i] нейкі Нядзведзкі, таксама з роты Каліноўскага, які прапанаваў, што ў выпадку, калі адзін з ix занядужае, другі, мацнейшы, мае пра яго паклапаціцца i трымаць напагатове цырульніка i ксяндза. I так напіліся абодва, што той зваліўся, як мёртвы, a брат яшчэ пачуваўся моцны i пры памяці. Таго даглядалі праз усю ноч, з гадзіны на гадзіну чакаючы яго смерці; пратрымаўся да заўтра, але душа ледзь у ім ліпела. Брат, паводле ўмовы паміж імі, барзджэй паслаў да мяне ў Сталіцу [хлопца], просячы мяне прыслаць да яго цырульніка. Я паслаў, але [цырульнік] застаў ужо нябожчыка, якога [брату] давялося i хаваць. Хоць сам застаўся жывы, але тое страшэннае піццё гарэлкі не магло не падарваць яму здароўя.

In iulio я прыехаў у Сэрвач, да пані маці, якую застаў жывой ąuidem, але ў вялікім клопаце за нас. Прабыўшы тут тыдзень, рушыў услед за сваімі i знайшоў ix у Слоніме, дзе мы перадыхнулі некалькі дзён. Сюды ж прыбылі да нас каралеўскія пасланцы - Ланцкаронскі, падольскі ваявода [147], i Мікалай Францкевіч-Радзымінскі, амсціслаўскі староста, - з прапановай вярнуцца з каралём у Маскву. Менавіта тады, па доўгіх дэліберацыях, кароль вырашыў сам заняць маскоўскі сталец i рушыў на таго непрыяцеля з вельмі малымі сіламі - некалькімі тысячамі польскага i іншаземнага войска, не меншыя надзеі пакладаючы таксама i на нашых, якія яшчэ былі там [у Масковіі]. Аднак падмануўся ў сваім спадзяванні: нашыя не маглі вярнуцца, бо ва ўсім цярпелі нястачу, i перш чым кароль дайшоў да Сталіцы, пан Струсь i ўсе нашыя ў Сталіцы праз невыносны голад ужо здаліся былі маскоўцам напавер, але тыя не датрымалі свайго слова, як звыклі рабіць заўсёды. Таму [каралю] давялося вяртацца ні з чым.

Пры ЯМ каралю знаходзіўся тады літоўскі гетман Ян Караль Хадкевіч. Гетман Жалкеўскі не хацеў мець да гэтага дачынення: падпісваючы дамову з маскоўцамі, прысягнуў ім у яе датрыманні са свайго боку, абавязаўся даць на дзяржаву каралевіча, імем якога i заключалася замірэнне з Масковіяй, a пра караля не было i згадкі. Прадакляраваў ЯМ каралю падчас абмену цара з яго братамі Шуйскімі на палонных пад Смаленскам, на чым грунтуюцца pacta, што павінна быць зроблена з яго боку, i зразумеў: не варта ні спадзявацца на выкананне дамоўленасці, ні чакаць удзячнасці за такую вялікую паслугу, бо кароль задумаў штосыді іншае. Не жадаючы ісці супраць уласнага сумлення, абтрос прах [з ног сваіх] [148].

У той час пры баку Гаспадара сенатары былі настолькі добрыя, што не пярэчылі яго волі (бо парады даваць трэба было ў вызначаным рэчышчы), усю вайну звёўшы да інтрыг. Некаторыя казалі ўголас: «Раней розум саступаў шаблі, a цяпер шаблі давялося саступіць розуму». Час пакажа, да чаго даваююцца інтрыгамі. Хадзілі чуткі, што па атрыманні царства кароль меўся перадаць яго сыну, але да таго не дайшло: справа заблыталася.

Тады ж Стафан Патоцкі, фелінскі староста, зяць валашскага гаспадара Магілы 107, жадаючы пасля яго смерці паставіць на валашскае гаспадарства свайго швагра [149], ганебна прайграў з немалым польскім войскам бітву туркам i валашцам 108; сам трапіў у палон, да вялікай ганьбы i знявагі польскага народа, i загубіў усё войска: каго не дабіў непрыяцель, той патануў у рэках Прут i Дзежа (бо там адбывалася бітва) падчас адступлення. З тысячы адзін ці вярнуўся. Па ўсёй Польшчы былі з-за яго плач i нараканні матак за страчаных дзяцей, якіх ён вывеў на тую вайну з акадэмій i бяздумна загубіў.

Зноў расстаўшыся з войскам, са Слоніма я паехаў прама да брата, пана падсудка, у Жабчыцы. Прабыўшы там з тыдзень, рушыў за сваімі i нагнаў роту на Валыні, у маёнтку п. Наскоўскага.

Ha адпачынак y Тышоўцы прыйшлі мы з харугвай Ланцкаронскага, якую ён прыняў пасля смерці Гербурта яшчэ пад Смаленскам; у ёй ішлі таварышы з двух палкоў (палкі Струся i Казаноўскага), якія адбывалі муравую ў Сталіцы. Прабылі мы там тыдняў з дзесяць, a потым разышліся на свае пастоі, кожны ў сваю харугву. Мы з п. Грабанем адправіліся ў харугву князя Парыцкага (яе зноў узнялі дзеля канфедэрацыі, каб [патрабаваць] заслужнога, хаця ўжо былі згарнулі за чвэрць да сканчэння службы) у Самбор, бо спачатку там быў наш пастой, a іншыя у свае харугвы.

У Тышоўцах атрымаў я жалосную навіну пра смерць любага брата, пана Даніэля, пра што неадкладна паведаміў брату, пану падсудку.

У Самборы стаяла 4 роты: Казаноўскага, Скуміна [150], князя Парыцкага i казацкая Абрама Татарына. Атрад нябожчыка брата, пана Даніэля, я перавёў з-пад харугвы брацлаўскага старосты пад харугву князя Парыцкага, дзе служыў сам.

Кола ў Самборы. Размеркавалі пастоі: выпала па 4 ланы на каня. Мне на 12 коней выпала 48 ланаў у вёсцы ў гарах, у Беследзе, на самай угорскай мяжы, дзе хоць i родзіць добры авёс (таму акрамя аўса там нічога i не сеюць), яго цяжка перавезці: вазы адтуль ніколі не адпраўляюць у Самбор, увесь свой гандаль вядуць ва Угоршчыне, a праз горы ездзяць на падкаваных мерынах або конях. Пачалі мне былі насіць [авёс] у цюках, але тое настолькі нязручна, што я вырашыў браць грашыма, падлічыўшы, па чым прадаюць правіянт у Самборы. Атрымалася па 18 злотых з лана за першую чвэрць; за другую чвэрць узялі па 10 злотых з лана, за трэцюю чвэрць бралі ўсяго па 4 злотыя з лана. Акрамя надзелу п. Паўлоўскі, які раздаваў у нашай роце пастоі, даў мне вёску каля Львова, у самым прадмесці, 6 ланаў, a пану Грабаню такую ж: «I ты цыц, i я цыц!». Дужа яна мне прыдавалася падчас прыездаў у Львоў, бо меў з яе ўсяго дастаткова, як з фальварка.

Маршалак i дэпутаты спыніліся ў Кросне на Падгор'і [151]. Іншыя палкі знаходзіліся ў Велікапольшчы i пад Кракавам, пакуль не прыйшлі смаленскія жаўнеры, якім мы саступілі пастой у Велікапольшчы. Маршалак з дэпутатамі спыніліся ў Быдгашчы.

1613 год

Акурат у час нашага прыходу пан Апалінскі, пазнанскі кашталян, з дапамогай яраслаўскай княгіні [152] адправіў на той свет Стадніцкага з Ланцута, празванага Д'яблам, якому зняў галаву казак 109. Яго жонка [153], счакаўшы ўсяго год, выйшла за нашага палкоўніка Людвіка Панятоўскага.

У роце п. Скуміна служыў Войтэк Бразіцкі з Пяскаў каля Любліна, страшэнны гуляка: піў з кожным, з чаго стаўся блазнам i не ведаў, ці то дзень, ці то ноч, мог месяц не мяняць сподняга i хадзіць па горадзе, прыкрыўшыся адной апанчой. Прыехалі былі па яго д'яблы. Спаў ён звычайна ў зале, побач з ім нейкі Рапніцкі, яго сваяк, які служыў на сваім кані ў яго атрадзе, a таксама хлопец-слуга. Хлопец спаў як дзіця, не чуў усяго, толькі пад канец, a той Рапніцкі падрабязна апісаў, як было, што пацвердзіў i Бразіцкі.

Акурат апоўначы чуюць абодва, быццам едзе воз па вуліцы, a потым зварочвае да ix гасподы i прама на сходы. Запрэжаны чатырма лагашамі [154] воз спыняецца ля ложка Бразіцкага. Затым нехта, злезшы з воза, кажа: «Мяне прыслалі сюды па цябе, таму сядай!». Ён, будучы франтам, не губляючы ўпэўненасці, адказвае: «Не езджу я, д'ябле, чацверыком!». A той: «Вось табе i шасцярык». Аж i праўда цудоўны цуг у возе! Бразіцкі, каб збыцца яго, адказвае: «Блага воз падрыхтаваны: няма азіяцкіх дываноў». Але махнуў [д'ябал] хусцінкай, i ўсё [з'явілася]. Тут ужо не было як адгаварыцца. Д'ябал змушае, каб неадкладна сядаў; таму не хочацца.

Тым часам [д'ябал] прывязаў у нагах да ножкі ложка вяроўку i пацягнуў разам з Бразіцкім. Таго ахапіў жах, душа амаль не вылецела з цела, крычыць: «Хлопча, хлопча!». Але ў галавах нейкая старая ў белым пачала бараніць яго i мовіла: «Гэты чалавек яшчэ не твой, ідзі ў пекла!». A д'ябал Бразіцкаму: «Якое жыццё ты вядзеш?». Паказаў яму ўсе грахі ад нараджэння, нагадаў пра мноства любімых забавак i сказаў: «Вось, клічаш цяпер хлопца, a ўчора пабіў яго за тое, што пайшоў на вячэрнюю малітву ў касцёл. Ён лепшы, чым ты». Затым, бачачы, што не можа парадзіць з [асобай] у белым, вынуў з воза вэнджанага карпа i даў Бразіцкаму, сказаўшы: «Еж гэта са сваімі палкоўнікамі» (то бок з Панятоўскім, Рыгорам Уніхоўскім i Крэшам кожны з гэтай тройцы меў сваю асобную, немаведама якую веру). Тут заспяваў певень, i ўсё знікла.

Ні жывы ні мёртвы, хлапец ледзь дачакаўся дня, a на досвітку-да манахаў, да бернардзінцаў. Тыдні два не выходзіў з ix кляштара, спавядаўся, прычашчаўся, a ўсё адно дзе ні павернецца, то [д'ябал] паўстае яму перад вачыма ў розных постацях - то сабакам, то катом, не пакідае яго ў спакоі. Ужо i экзарцызмы чыталі над ім ксяндзы, ужо i віно заракаўся піць; ледзь ачомаўся праз паўгода. Аднак потым яшчэ больш пачаў піць малвазіі, чым раней віна.

З больш далёкіх месцаў пастою на наш полк прыпалі Львоў, Хэлм, Бэлз, Красныстаў, Люблін. [Для роспісу стацый] мы адправілі па 2 таварышы ад кожнай роты. Ад нашай паехалі п. Грабань i я, які вызваўся сам. Усе мы з'ехаліся ў Львоў, каб тут, у галоўным месце, спачатку дамовіцца пра стацыі, a потым разаслаць таварышаў па вызначаных мясцовасцях.

Львавяне, якія атрымалі ад ранейшых каралёў вялікія правы 110 (не толькі не плаціць нікому, нават самому каралю, стацый, але i лічыць кожнага райцу львоўскага магістрата польскім шляхціцам), узганарыліся перад намі i патрабавалі вызвалення ад стацый. Але закон у той час быў пры нашым баку 111, іншага для нас не існавала. Не маючы, аднак, магчымасці атрымаць ад ix стацыі, я, найперш дзеля постраху, загадаў распісаць гасподы па ротах, абвясціўшы, што войска з'явіцца сюды на пастой i возьме падвойную стацыю. Напужаныя тым, яны, як толькі мы адышлі на ноч да гасподы ў прадмесці, дзе мелі пастой, замкнулі па тамтэйшым звычаі абедзве (бо столькі i ёсць) брамы. Назаўтра ж не захацелі адчыняць. I так зачыніліся, не жадаючы пускаць нас у места на пастой. Выправіўшы тых таварышаў у больш далёкія месцы пастою, сам я застаўся з п. Грабанем у Львове i паслаў да палкоўніка [спытацца], як тут быць. Брам па-ранейшаму не адчынялі, толькі дзверцы, праз якія дастаўлялі з прадмесця i правіянт, i дровы. Я, паставіўшы каля маста перад дзверцамі 10 пахолкаў, загадаў нікога з правіянтам у горад не пускаць. Яны не пасмелі нам пярэчыць, хоць мелі 200 [чалавек] служылай пяхоты i да ўсяго загадалі мяшчанам перабываць у баявой гатоўнасці. За тры дні ўсё гэта ix знясіліла так, што пачалі цягаць праз мур на вяроўках хлеб, мяса, дровы. Такое прыстойнае места! Мы маглі вольна зайсці ў места i выйсці, таму бачылі на свае вочы, як падчас прыгатавання рыбы (быў пост) секлі [на дровы] i кідалі ў агонь дзежы ды іншае дамашняе начынне. A што, ці ж непрыяцель не замарыў бы ix голадам? Ды мігам!

Выпала нам аднаго разу затрымацца ў месце да прыцемкаў. Мы паслалі да бурмістра, каб не аддаваў загаду замкаць дзверцаў, пакуль не вернемся ў свае гасподы. Той, баючыся якой-небудзь неспадзеўкі, сказаў: «Загадаю адчыніць, як будзеце выходзіць». Затым, ужо вяртаючыся, кажам, каб адчынялі; падыходзім да дзверцаў са свечкай адны, за намі толькі 2 пахолкі ды хлопец. Бачым, паўсюль па вуліцах поўна людзей са зброяй. Тут нейкім чынам усчалі ззаду сварку з чаляднікам i пачалі яго біць; мы кінуліся ратаваць, тады i нам перапала. Такога страху, як там, не ведалі мы нават у Сталіцы. Аднаго пахолка забілі, другога паранілі. Таксама п. Грабаня люта пабілі жалезнымі цапамі i зламалі яму галёнку; ад тых удараў ён сканаў, як i паранены чаляднік. Мне, з ласкі Божай, не перапала, бо мяне ўратаваў гаспадар, у якога мы спыніліся, кравец Масціцкі.

Потым (яшчэ быў жывы п. Грабань) мірыліся; каштавала ім тое 15 000, з якіх нам далі ўсяго 3000. Я ўзяў толькі 100 злотых, бо не было за што, a рэшту палічыў за лепшае падараваць панам сенатарам: гетману, рускаму ваяводу, пазнанскаму ваяводу, падскарбію [155]. A на паноў, каб замяць справу, выдаткавалі яшчэ болын. A паколькі мы добра абіралі іхнія фальваркі, то пакрылі i выдаткі на стацыю.

14 травеня - кола ў Кросне, дзе былі i мы з панам Бокіем. Там была гаворка пра вайсковы парадак, пра тое, адкуль i якім чынам кожны полк будзе забяспечвацца правіянтам. Абмяркоўвалі вайсковыя суды, якія без генеральнага кола не маглі адпраўляць ні суддзя, ні палкоўнік. Найбольш раіліся пра ўласную бяспеку, пакуль не атрымаем заслужнога цалкам.

Мы, асабліва наш полк, які стаяў на Русі, моцна асцерагаліся магутнага ў Польшчы i на Русі чалавека - Адама Стадніцкага са Жмігрода, тагачаснага калішскага кашталяна, перамышльскага старосты, які паабяцаў быў ужо каралю знішчыць нас на Русі, пра што мы атрымалі дакладныя весткі з двара. Праз сур'ёзнасць дадзенай i іншых небяспек мы вырашылі: як толькі палкоўнікі атрымаюць якое-небудзь паведамленне ад маршалка, на якога ўскладзены клопат пра войска i яго бяспеку, кожны таварыш выставіць з харугвы столькі пяхоты, колькі павінна быць у атрадзе, a пасля паўторных універсалаў пад харугву павінен з'явіцца кожны. Падтрымлівалі мы таксама стасункі з сапежынцамі, бо іначай не выпадала. Нашае коннае войска налічвала 7000, столькі ж павінна было налічваць i другое, пяхоты.

Адразу пасля рускага Вялікадня [156] ездзіў я ў Ажаховец на конскі кірмаш, перадусім для таго, каб наведаць Чорны Востраў, дзе памёр брат, пан Даніэль. Вяртаючыся, завярнуў туды i выкупіў конскую збрую пана падсудка [157] закладзеную чаляднікамі пасля смерці нябожчыка за 40 злотых.

Прыехаў у Самбор; п. Грабаня не застаў жывога: [памёр] праз 4 тыдні ад тых львоўскіх ран; пахаваны таксама ў Самборы, у бернардзінцаў. Яго брату Каспару, майму добраму прыяцелю, перайшоў яго атрад i ўся маёмасць.

8 iunii мы выступілі з харугвамі пад Львоў, бо на 10 дзень прыпадаў шчаслівы пачатак кола. Дзеля больш бяспечнага яго правядзення ўсё войска было абаслана ўніверсаламі: выступіць з займаных месцаў i сабрацца пад Львовам, у лагеры каля Гродка [158].

1 iulii я ўвайшоў у лагер з харугвай. Пасля Вялікадня быў сойм 112 у Варшаве наконт аплаты нашай службы i маскоўскай экспедыцыі: зацвердзілі некаторыя падаткі, але i з тых нам не заплацілі. (Падчас гэтага сойма адбывалася нашае кола ў Любліне; мяне там не было, ездзіў на Падолле у Ажаховец i Чорны Востраў).

Прыязджалі ў Люблін камісары для вызначэння колькасці войска i велічыні належнага нам заслужнога, a таксама дзеля просьбы да войска ад імя караля i Рэчы Паспалітай саступіць хоць трохі. (Тады войска падарыла Рэчы Паспалітай са свайго заслужнога па 100 злотых з каня.) З лагера мы адправілі да караля паслоў з патрабаваннем заслужнога; цешаць абяцанкамі, i на тым усё. Скупчанаму ў лагеры войску цяжка з правіянтам, не менш цяжка i навакольным вёскам; давялося нам падацца ў Гаспадарскія маёнткі на Падолле. Мы з Камароўскім з роты Скуміна вызначалі пастоі для ўсяго войска. Мноства скаргаў даходзіла там да мяне ад навакольных жыхароў, з бліжніх пастояў, на ўчыненыя ротай крыўды, a найбольш i найчасцей ад тагачаснага валынскага кашталяна, пана Лагадоўскага, жанатага з маёй сваячніцай, княгіняй Вішнявецкай, што раней была за Чартарыйскім 113. Давялося яму ўзяць пад увагу i швагерства, i сваяцтва, хоць спачатку злаваўся, што я блізу тыдня прастаяў з ротай у яго маёнтку за Львовам, перш чым мы зайшлі ў лагер. Я, аднак, дзе мог, умешваўся, прыкладаў усе сілы, бо яму выпадала тое самае, што i астатнім. Але выяўленне гэтага сваяцтва адбывалася толькі па неабходнасці.

Прыбыў да нас у лагер пасол сяміградскага ваяводы Габара Баторыя, нейкі Будай, яго прыдворны, з запрашэннем на службу. Яму адказалі, што мы не можам таго зрабіць, пакуль не атрымаем выплаты свайго заслужнога, a да ўсяго канстытуцыі забараняюць харугвам пакідаць межы Кароны без каралеўскага дазволу.

Велямоўскі, ротмістр нашага войска, прыняўшы частку прызначаных Баторыем для найму грошай, сабраў яму на службу каля 3000 войска, але не з нашага набору. Рушыў праз Угорскую зямлю ў Сяміградскую i прыйшоў быў акурат у час, але туркі ды сяміградцы, якія відавочна былі ім [159] незадаволены, не спадзеючыся перамагчы сілай, падкупілі яго ўласных слуг, якія забілі яго, калі ехаў у карэце на агляд польскага войска, якое было ўжо за 3 мілі ад яго.

Прычынай тае варажнечы было яго жорсткае абыходжанне з падданымі. У Габара Бетлена, свайго падданага, які заняў пасля яго пасад, адабраў жонку, бо была прыгожая. Той адправіўся да турэцкага султана [160] і, атрымаўшы ад яго дапамогу, лёгка знайшоў сабе прыхільнікаў сярод тамтэйшых грамадзян, якія таксама цярпелі ад Баторыя крыўды. Забіўшы яго, сам заняў пасад з турэцкай дапамогай, але спачатку патурчыўся [161]. Нашыя вярнуліея ні з чым 114.

Тады ж у п. літоўскага падканцлера, Габрыэля Войны, уцёк сын, пан Ян, тагачасны апескі староста (з тае прычыны, што бацька не хацеў адпусціць яго на службу), і, змяніўшы прозвішча, назваўся Вайноўскім [ды] адправіўся ў ліку нанятых Велямоўскім у Сяміградскую зямлю. Бацька паўсюль разаслаў на пошукі, але нідзе не мог пра яго дачуцца; тое каштавала яму звыш 3000 злотых. Сын, вярнуўшыся разам з іншымі ні з чым, прыехаў у Беч на Падгор'е, спыніўся на гасподзе Дудзінскага ў [складзе] харугвы Млоцкага, пры якім блізу паўгода праслужыў пахолкам. Слуга князя, троцкага пана [162], нейкі Жабка, пазнаў яго ў Язлоўцы ў прысутнасці Дудзінскага i паведаміў князю. Князь даручыў Дудзінскаму прыглядаць [за хлопцам] i пільнаваць яго такім чынам, каб той не здагадаўся, што яго пазналі, каб не ўцёк дзе далей. Тым часам князь перадаў яго бацьку, каб прыслаў [па сына] пасля Вялікадня ў Люблін, дзе загадаў Дудзінскаму яго пільнаваць, абяцаўшы за тое 200 злотых. Дудзінскі сапраўды атрымаў тыя гроіпы, a потым яшчэ i ад бацькі прыняў 300 злотых: дорага абышоўся хлапец! Пасля бацькавай смерці стрый хлопчыка, віленскі біскуп Бенядыкт Война, аддаў Мерацкае староства наўзамен Апескага, якое перайшло Малодшаму [Войну], Стафану, які трымаў Мерач. Але злітуйся з яго, Божа, бо ён i цяпер вялікі блазан! Па смерці бацькі не паказваецца з дому на людзі, хоць раней уцякаў дзеля службы.

Засумаваўшы па доме, п. Якуб Бокій паехаў ад мяне з лагера да бацькі, з Яшлінскім. Са мной у лагеры застаўся п. Адам Аўсяны, які прыбыў з Яраслава, i п. Габрыэль Вайніловіч, палкоўнік ЯК Мосці. Збліжаліся халады, войску давялося разысціся з лагера на пастоі. Размяшчаліся мы больш цесна, не па ранейшых пастоях, бо, пакінуўшы муравую, прыйшло было ў Велікапольшчу смаленскае войска, якому мы саступілі для пастою Велікапольшчу, a перамышльскіх адправілі ў Самбор. У лагеры дамовіліся, каб ад гэтага часу пад пагрозай смяротнае кары войска не прымала больш ад сялян ніякіх стацый, a брала з прыбытку сталовых маёнткаў за чвэрць па 40 злотых на каня. Калі ж на працягу гэтага часу мы не атрымаем заслужнога, зноў возьмем тымі самымі грашыма, a не правіянтам, бо мы забралі прыбыткі i прызначылі сваіх ураднікаў.

Рабілася тое праз людскія нараканні, каб ведалі, што мы патрабуем свайго заслужнога, a не чагосьці іншага.

11 septembris выступіў з харугвай з лагера ў Перамышль; рухаліся няспешна (датуль будзе блізу 10 міль), бо да вазоў падвозіўся правіянт. У Перамышль зайшлі 17 septembris.

15 septembris п. Людвік Панятоўскі ажаніўся са Стадніцкай у Ланцуце. Казалі, браў яе проці волі (так казала сябрам i апекунам), насамрэч усё было па згодзе. Між сабой жылі добра; не ведаю, як з пасынкамі - ix было трое, ды яшчэ падчарка.

Крыху раней нейкі Ратоўскі з нашага войска ажаніўся з Ацескай, ольштынскай старасціхай, народжанай Мялецкай, i ўзяў за ёю вялікія маёнткі, у тым ліку i Рэмень, славуты ў Польшчы маёнтак, з 30 000 гадавога прыбытку (а сам бяднюсенькі пахолак). З боку яе прыяцеляў, аднак, не мог разлічваць на прыязнасць, але падчас канфедэрацыі нічога не маглі яму зрабіць. Незадоўга перад выплатай заслужнога выехаў у Італію i пражыў там два гады, перш чым тут асела шумавінне на піве.

У Перамышлі я спыніўся ў гасподзе на pary, у Зайца. Тут часта бываў у мяне i спыняўся п. Шчасны Гербурт; выяўляў вялікую прыязнасць, часам падоўгу размаўляў са мной пра важныя справы, бо пасля жаніцьбы Панятоўскага я стаў палкоўнікам i меў у войску вагу. У ім яшчэ не аціх ракашовы імпэт: намаўляў нас адпраўляцца з харугвамі пад Варшаву, дзе неўзабаве пачынаўся сойм. «Пакажаце каралю сваю моц, - казаў, - атрымаеце заслужное i ўзнагароду за ўсё. I калі чагосьці не атрымалі падчас рокашу, цяпер таго лёгка даможацеся, маючы пры сабе i шляхты нямала, i ўсіх нас, якія пойдзем з вамі». На тлумачэнні, што скупчанне войска абернецца лямантам бедных людзей i нязноснай крыўдай, адказваў: «Вось жа яны, святыя цялушкі, святыя курачкі, што вернуць Айчыне спакой i залаты век вольнасці!». Але нічога не дамогся. Бываў я ў яго i ў Дабрамілі, за 3 мілі ад Перамышля, дзе ён таксама меў дом, адно што на ўстроні. Быў я аднойчы ў яго на патройным вяселлі: два юнакі бралі дзяўчат, a трэці ўдаву; усе сядзелі пры адным стале, кожны са сваёй. Пасля забойства Баторыя [163] быў ён таксама кандыдатам на сяміградскае ваяводства. Будучы высокай прэзумпцыі [164] пра ўласную персону, нікога пад гэтым сонцам не прызнаваў ён вышэй за сябе ні па нараджэнні, ні розумам; пабраўся з князёўнай Соф'яй Заслаўскай 115, высакадумствам роўнай сабе.

Не маючы надзеі на хуткую выплату заслужнога (а да ўсяго апастылеў нам той плач i нараканне бедных людзей), пачалі мы шукаць спосабу хутчэйшага завяршэння сваёй справы, i вось што вырашылі. Падлічыўшы прыбытак з усіх каралеўскіх старостваў i маёнткаў у Польшчы, a таксама біскупстваў i абацтваў, мы выявілі, што палова ix гадавога прыбытку можа пакрыць нашае заслужное. Ужо былі вызначаны таварышы ва ўсе каралеўшчыны [165] i біскупствы для атрымання паўгадавога прыбытку, сабраўшы які разам, мы меліся аплаціць сабе заслужное. Я павінен быў спагнаць з перамышльскага староства 10 000 злотых. Узрушаныя тым пп. сенатары i дзяржаўцы каралеўскіх маёнткаў, як i духавенства, запатрабавалі ад караля склікання сойму, i дамагліся.

Сойм, ужо другі ў гэтым годзе, быў скліканы на 3 decem­bris ad hunc solum actum [166] (выплата жаўнерам заелужнога за маскоўскі паход) i не павінен быў доўжыцца болыіі за тры тыдні 116. Мы прыпынілі распачатае да сканчэння сойму. Я асабіста тройчы атрымліваў ад калішскага пана [167] лісты [з просьбай] толькі дачакацца сойма i з абяцаннем поўнай i хуткай выплаты.

Па выхадзе з лагера ўсё нашае войска жыло з граша, не беручы стацый. З ведама i дазволу караля i Рэчы Паспалітай камісары выдзялялі нам грошы на правіянт з тых самых пабораў, якія збіраліся на выплату заслужнога; за дзве чвэрці мы атрымалі грошы цалкам, a за трэцюю на месяц.

Ад нашага войска на сойм былі адпраўлены 4 паслы: я, Сцібар, Белачэўскі i Парышэўскі. Я не хацеў браць на сябе інструкцыі, паколькі яна была вельмі рэзкая; яе прадставіў каралю Сцібар. Я ж [выклаў] іншыя, больш памяркоўныя, вайсковыя даручэнні i petita [168]. Бялачоўскі меў прамову ў пасольскім коле. Парышэўскі ніяк сябе не праявіў. Кожнаму з нас вылучылі па 300 злотых на харчаванне. На тым сойме былі мы ў вялікай пашане; не ведалі, дзе нас лепш пасадзіць. Навыперадкі кінуліся за тыдзень i больш запрашаць нас на банкеты, a некаторыя так i не прычакалі сваёй чаргі.

Пан літоўскі канцлер [169] таксама выявіў вялікую прыязнасць, асабліва да мяне, прыняўшы як роўнага ва ўласным доме i паабяцаўшы вялікую ласку. Але ён, як i іншыя, што даўней, што цяпер: калі хтосьці з ix i рабіў што-небудзь для аднаго з нас, то хутчэй са страху, a не з ахвоты, бо неўзабаве пасля спалення [акта] канфедэрацыі ўсе перамяніліся, як i літоўскі канцлер да мяне (а каб да яго ўсе людзі на свеце i сам Бог так паставіліся!). Павагі было дык аж залішне, a ніхто не адарыў, апрача Гасеўскага, які даў мне 8 локцяў атласу.

Мы ад'ехалі са станоўчым адказам: сойм цвёрда паабяцаў хуткую выплату, даў дазвол на 6 пабораў; прызначылі камісараў (de nomine [170] ўсіх ix упісаны ў канстытуцыю, я не пералічваю) з такімі самымі паўнамоцтвамі, якія мае сойм, i да нас у Львоў, i да смалянаў у Быдгашч, i да сапежынцаў у Берасце для разлічэння вайсковых аддзелаў, для збору сум, для вырашэння крымінальных спраў i задавальнення ўсяго заслужнога.

З асекурацыяй на сойме было нам трохі цяжэй: спачатку мы не згаджаліся з яе артыкуламі, a потым сойм не пагаджаўся ўпісаць яе ў канстытуцыю, мяркуючы, што мы здаволімся адным абяцаннем, як сапежынцы, i выпраўдваючыся тым, што сойм экстраардынарны [171], абмежаваны трыма тыднямі, таму ні пра якія канстытуцыі не можа быць i гаворкі. Але калі пачулі нашую дэкларацыю, што войска i па атрыманні заслужнога не раз'едзецца без справядлівай асекурацыі, нават калі давядзецца чакаць наступнага сойму, пагадзіліся на ўсё, чаго мы хацелі. Мы атрымалі больш грунтоўную, чым іншае войска, асекурацыю. Але адкуль вынікаюць законы, адтуль прыходзіць на ix i паморак. Многія добра зведалі тое па сабе, але ім рот як зашыты, таму хутчэй самі вінаватыя: «Hodie mihi, cras tibi» [172].

Падчас сойма склікалі мы на 10 снежня кола ў Львове. Былі паслы ад караля ([сярод ix] п. Ян Францкевіч-Радзімінскі, наш наваградзец), a нас затрымалі ў чаканні адказу, пакуль тыя не вярнуліся, i толькі дачакаўшыся ix разгледзелі нашу справу. Пабачыўся я на сойме з п. Аксакам, кіеўскім суддзёй [173], маім братам, які таксама быў паслом ад Кіева. З Варшавы выехаў ultima decembris [174], дачакаўшыся адказу; астатнія адправіліся раней.

У якасці гасподы каралеўскі станаўнічы ўказаў нам шляхецкі дом на Маставой вуліцы, які раней на той самы сойм наняў для сябе за 100 чырвоных злотых князь Карэцкі; давялося нам дзяліць з ім адну гасподу. Было нямала нашых таварышаў, якія прыехалі на сойм па сваіх справах - спыніліся ў нас, бо мы мелі 5 пакояў

На тым сойме была нам вялікая свабода. Уначы, апоўначы рабі, што хочаш сячы, забівай, ніхто i слова сказаць не смеў. Вось праходзіць міма варта, a нашыя робяць штосыді з гэтага, то нічога не скажуць, быццам i не бачаць. Тады ж, як толькі бачылі, што набліжаецца або бушуе хтосьці з нашых, пачалі казаць: «Пакінь яго ў спакоі - за ім ідзе сем тысяч» (бо столькі было нашага войска на правіянце). Забілі нашыя каралеўскага драба - не былі пакараныя, хоць тое сталася падчас сойму i пад каралеўскім бокам. [Улады] самі шукалі з намі згоды, просячы што-кольвек дзеля Бога; мы далі па 80 злотых.

З каралём мы развітваліся ў [яго] пакоях. Прамаўляў п. Крыскі, каронны падканцлер; у яго прамове былі наступныя словы: «ЯМ кароль, маючы намер па-бацькоўску ўзнагародзіць заслугі рыцарства, меў ласку схіліць станы абодвух народаў прызначыць такія вялікія падаткі, якіх бацысі нашыя ніколі не бачылі». Мы адправіліся ў добрай надзеі i з цвёрдым абяцаннем выплаты заслужнога.

1614 год

У Львоў я прыехаў з адказам 24 ianuarii, бо затрымаўся на пастоі ў Перамышлі.

На першым тыдні посту склікалі генеральнае кола для выплаты заслужнога i разгляду рахункаў, асуджэння правапарушнікаў i вырашэння ўсіх спраў. На гэтае кола з'явіліся i прызначаныя соймам камісары. A паколькі яны не мелі права судзіць нас без нашых прадстаўнікоў (а ў войску былі вялікія злачынствы) i тым больш звяраць сумы, спраўджваць рахункі, вызначыць склад роты, у соймавай канстытуцыі было вызначана, што войска павінна далучыць да ім. паноў соймавых камісараў сваіх дэпутатаў. Войска дэпутавала на тыя суды семярых таварышаў, па адным ад палка, сярод якіх аказаўся i я. Выракі гэтых судоў мелі такую ж вагу, як i соймавыя; мы атрымалі права інфаміі. Суды гэтыя адбываліся ў Львове на працягу ўсяго посту, аж да Вялікадня. Часта бываў з намі на судах i п. Ян Швыйкоўскі, які прыехаў з Літвы ў Львоў з грашыма тымі 50 000, якія на мінулым сойме літоўскія паны далі згоду сабраць з каралеўскіх уладанняў; з гэтай сумы ў Львове паабяцалі сплаціць заслужное сталічным [175] жаўнерам.

Заклад з Масквы за муравую мы захавалі некранутым; нам ён быў ні да чога, бо мы аддавалі перавагу гатоўцы.

Пасылалі да караля - не хацеў [купіць], пасылалі да хрысціянскага імператара [176], да герцагаў брандэнбургскіх, да Нямецкага райху, да гданьшчан i дзе толькі маглі, каб знайсці пакупніка на гэтыя кляйноты усё марна. Аж паны камісары, адклаўшы нашую выплату, пачалі з намі перамовы наконт тых кляйнотаў: давалі 100 000, але хацелі, каб мы ўступілі за 80 000. Мы ўжо былі пагадзіліся i на гэта, каб мець наяўныя грошы, але яны хацелі заплаціць нам фантамі, па якія яшчэ трэба было пасылаць у Люблін. На гэта ўжо мы не пагадзіліся, бо баяліся якога ашуканства з тае прычыны, што войска, атрымаўшы заслужное цалкам, спаліўшы [акт] канфедэрацыі, разыдзецца, бо не ўсе мелі права на частку таго закладу: словам, пакрапілі б нас, аслабелых, ісопам, a тыя рэчы забралі б задарма. Тады мы вырашылі падзяліць тыя кляйноты між сабой: разламалі дзве кароны (адну - Фёдараву [177], другую Дзімітрыеву [178]), гусарскае сядло, апраўленае ў золата, з [каштоўнымі] камянямі, тры аднарогі, a посох пакінулі цэлым: разам з сапфірам з кароны, памерам на два пальцы, ён дастаўся Гасеўскаму i Дунікоўскаму замест 28 000 злотых муравой. Той камень у нас ацанілі на 4000 злотых, a ў Маскве на 10 000 рублёў, бо ў ix ён даражэйшы за алмаз; сапфір з аднарога на 24 000 злотых. Некаторыя атрымалі хаця i не ўсё, але прынамсі дзясятую частку ад таго, што павінны былі атрымаць. Мне дасталіся 3 вострыя алмазы, 4 рубіны, золата на 100 злотых, 2 лоты адзінарога, i тое з асаблівай ласкі: іншым плацілі адным адзінарогам, па 300 злотых за лот. Мы цалкам разлічыліся на Правадной нядзелі 117. Маё заслужное арыштавалі былі праз Шаблоўскага i давялося мне плаціць мазурам, з якімі прычапіўся [да мяне] i Касакоўскі.

Канфедэрацыю мы спалілі 118 8 красавіка, у аўторак пасля Правадной нядзелі, у парафіяльным касцёле. Я вярнуўся ў Перамышль на свой пастой.

Ha св. Войцеха [179] [паехаў] на кірмаш у Рэшаў, купіў, у дадатак да іншых, сівых вазавікоў за 500 злотых па 65 злотых за кожнага, на цэлую руку вышэйшага ад дышла. У Перамышлі прадаў сівых жамойтаў [180] пану Драчылоўскаму за 120 злотых гатоўкай, пазычыў пад распіску 70 злотых татарыну Аляксандру Турчыновічу.

3 травеня з Перамышля у дарогу дадому. За 3 мілі да Любліна з'ехаўся з Рыгорам Сянковічам, Сялянкам, Драдзінскім, Грыцам Уніхоўскім.

7 травеня - у Люблін да князя, троцкага пана [181]. Дудзінскі прывёз у Люблін мерацкага старосту Войну [182], атрымаў за тое ад троцкага пана 200 злотых. Князю, троцкаму пану, уручылі рок [183], бо пяхота ўвайшла ў горад з ружжамі, i загадалі былі заплаціць 200 грыўняў, але княскі ротмістр улагодзіў справу ад свайго імя за 50 грыўняў.

У гасподзе на Кракаўскім Прадмесці трапіўся мне, a быў падвячорак, нейкі п'яны, Машкевіч, які не мог сказаць, адкуль будзе, i збег, a мяне ледзь не прыцягнулі да адказнасці.

17 травеня ў Любліне дадзена нам пецярым ад князя 100 злотых. Пазычыў пад распіску Рыгору Сянковічу 100 чырвоных злотых i заплаціў за яго 108 злотых доўгу.

З Любліна Сянковіч паехаў у Познань па вымарачную спадчыну па Свяжынскім, a мы ў Літву.

23 травеня - у Нівіцы ў п. Няміры, на Бугу [184].

25 травеня у Расошы ў п. Дэмбінскага.

31 травеня у Слонім. Канцлер [185], едучы з Ружаны, пабіў маіх чаляднікаў, некаторых уласнаручна. Каб яго самога кат гэтак біў ля ганебнага слупа!

2 iunii са Слоніма ў Палонку.

1 iunii да п. Рафала Koca, з панам Уніхоўскім.

4 iunii у Ятры, нікога не застаў.

5 iunii. У Сэрвач, дзе застаў пані маці, з ласкі Божай, у добрым здароўі.

14 iunii. Пан брат Габрыэль вярнуўся з Велікапольшчы ў Сэрвач. У пані маці мы засталі брата, пана падсудка [186], з жонкай. Тут мы парадкавалі даўгі нябожчыка брата, пана Даніэля, што каму быў вінаваты, бо яго заслужное было ў мяне. Я разлічыў усё: спачатку адлічыў сабе 120 aureos [187], якія ўзяў быў пад Смаленскам на прывілей падсудка для брата, пана Яна; частку грошай аддаў ям. пані маці, a рэшту брату, пану падсудку, так што нічога ў мяне не засталося. Вырашылі мы супольнымі выдаткамі змураваць капліцу для нябожчыкаў пана бацькі i брата, на што пан падсудак даў 50 злотых i пакінуў ix пану Габрыэлю. Пан Габрыэль прысягнуў скарыстаць i свае, i пана падсудка грошы на мураванне капліцы ды наглядаць за яе будаўніцтвам, для якога таксама паабяцаў даць сваіх 50 злотых.

Усе бацькавы даўгі мы сплачвалі агульнымі стараннямі, аднак мне давялося плаціць больш за астатніх: пану падсудку за Ятру 300 коп, пану Лапацецкаму, швагру, за Вілоўцы 600 коп. Адразу пасля гэтага мы распачалі падзел бацькавай спадчыны, які брат, пан падсудак, зацвярджаў па сваёй волі, упарта не слухаючы ні прыяцеляў, ні нават самой пані маці, але «Sic volo, sic iubeo» [188]. Забраў na суду ад Казаноўскага наш супольны, належны ўсім нам, маёнтак у Пінскім павеце i не даў яго падзяліць, аднак патрабаваў i прымусіў запісаць яго на сябе ў інтэрцэсіі. Аддзяліў у сваю долю два бацькоўскія маёнткі Жабчыцы ў Пінскім павеце i Ятру ў Наваградскім i нізашто не хацеў паступіць іначай: не прыслухоўваўся ні да меркавання i волі самой пані маці, дабрадзейкі, ні да прыцягнутых дзеля гэтага прыяцеляў. Не захаваў нават прынятага парадку падзелу паміж братамі: старшы дзеліць - малодшы выбірае.

Мы, малодшыя, бачачы сваю вялікую крыўду, не жадалі з тым згаджацца, што даводзіла нашу слабую здароўем пані маці, якая бачыла нашу нязгоду, да засмучэння i несуцешнага плачу. Дзеля суцяшэння слабой здароўем i ва ўзросце маці (Госпад Бог тое бачыў), я, не будучы задаволены падзелам бацькоўскай спадчыны, пагадзіўся i ўгаварыў малодшага брата, пана Габрыэля, пачакаць да часу. Мы падпісалі інтэрцэсію i разабралі свае маёнткі. Брату, пану падсудку, [адышлі] у Пінскім павеце Жабчыцы i тая спадчына, якую вярнуў ад Казаноўскага, 3 вёскі: Пратусовічы, Тапчыцы i Чарнова, a ў Наваградскім Ятра, якую пані маці пакінула сабе ў пажыццёвае валоданне. Мне, Самуэлю, Сэрвач са Скоравым. Пану Габрыэлю, малодшаму, Вузлоўцы ў Слонімскім павеце i сэрвацкі фальварак Тупалы ў Наваградскім. Шырэй пра тое раскажа інтэрцэсія пад датай: 1614 года месяца кастрычніка 5 дня.

13 octobris на маю просьбу п. Ян Прушчыцкі ездзіў да п. Окуня для выведвання намераў яго сваячніцы. Я даў яму на пракорм 20 злотых ды свае коні з возам. Трапіў не ў час.

Атрымаў запрашэнне ад клецкага князя [189] суправаджаць яго на Валынь на вяселле. З дому выехаў 24 octobris, з Клецка - 26.

9 novembris вяселле князя з княгіняй Лавініяй у Карцы. Мы ехалі на Кажан-Гарадок Падбярэзкага, a адтуль 4 мілі пераезду да княскага гарадка [190]. Пасля вяселля князь, хочучы пераведаць брата, 18 novembris паехаў у Алыку, вярнуўся 23; ён так імчаўся назад, што ў дарозе нават коні пападалі. З Карца адправіўся з княгіняй ultima novembris; у свой гарадок [191] князь [прыбыў] 10 decembris. З гарадка, пакінуўшы там князя, 16 decembris я [адправіўся] дамоў. Князь даў мне 300 злотых, a на харчаванне ў дарозе па 24 злотыя на тыдзень. З гарадка я выехаў у аўторак. З таго дня пачало ўжо падмарожваць удзень, a ў чацвер i пятніцу ехаў конна з возам па вялікіх [замерзлых] азёрах.

19 - у Жабчыцах; не застаў брата, пана падсудка, толькі яго жонку.

23 - з Жабчыц.

25 - у Аброве ў п. Есьмана: быў мне рады, як i жонка. Танцавалі за поўнач, a назаўтра на досвітку [пані] нарадзіла сына.

1615 год

25 februarii ездзіў з п. Міхалам Храптовічам у Падароск, у сваты да маёй дваюраднай сястры, паненкі Разаліі Аўсянай.

1 сакавіка у Падароску, на мясапуст п. Храптовіч даваў паненцы марцыпаны.

5 адправіўся да п. Лапацецкага ў Намейкі; прабыў там 3 тыдні.

21 памёр у Дзятлавічах п. Філон Сапоцька; давялося мне добра пастарацца, каб абмыць i апрануць цела. У вялікай ласцы я ў адзінокай [удавы], a там што д'ябал загадае.

29 сакавіка заручыны п. Храптовіча з паненкай Аўсянай; 5 красавіка я [паехаў] з ім i шваграм, панам Лапацецкім, у Ятру.

23 - рэляцыя з сойму i канвакацыйны соймік паслоў у Вільні. Паслы: п. Шэмет [192], віленскі падкаморы, п. Ян Пратасовіч, наваградскі земскі пісар, п. Ян Кярсноўскі, наваградскі падваявода, Ян Францкевіч, пан Пракульбіцкі i шосты я. На гэтай канвакацыі пагадзіліся i абвясцілі два паборы. Паслы да караля: п. Пякарскі з Берасця i п. Сцыпіён з Гародні. На гэтай канвакацыі дужа ўзлаваўся на нас, наваградскіх паслоў, п. Валовіч [193], падскарбі ВКЛ, ужо i маланкі з неба кідаў, называў неапалітанцамі 119; наваградскага паборніка вытрас, як кушнер футра. Прычына ж палягала ў тым, што мы не хацелі перадаваць падскарбію пабор, бо мелі прамое ўказанне інструкцыі даручыць яго ўпраўляючаму свайго павета. He сталася, аднак, па нашым хаценні, i што нам добра далося ў знакі, то гэта само спагнанне.

У тым годзе нейкі пахолак з Наваградка забіў пана Яна Рыгоравіча Уніхоўскага наступным чынам. П'яны, збіраў той пахолак што-хаця па вуліцы, a пасля забрыў да гасподы нябожчыка. [Уніхоўскі] загадаў чаляднікам яго схапіць i выйшаў асабіста спытаць, чый будзе, хочучы пайсці разам да яго пана, каб паскардзіцца. Ідучы неабачліва побач, гаварыў з ім, a ў гэты час пахолак выхапіў шаблю i так цяў яму па шыі, што галава адпала. Потым i пахолку знялі галаву, але яна не варта была галавы нашага [Уніхоўскага]. Быў на яго пахаванні ва Уніхове.

Попісы ў паветах прыпалі на 8 septembris, я паставіў у Наваградку 6 вершнікаў. Клецкі князь запрасіў мяне паехаць з ім у Кракаў; прыслалі мне дамоў ад яго 300 злотых на дарогу.

20 septembris вырушыў з Сэрвача ў Кракаў; з князем з'ехаўся ў Слоніме. У Сэрвачы пакінуў пані маці ды пана швагра з пані сястрой. Таксама пакінуў рамеснікаў: немца сталяра i далакопа, заплаціўшы ім за работу наперад, але немец неўзабаве па маім ад'ездзе знік; далакоп не перастараўся, a ўсё ж які ні ёсць.

На 20 septembris дзень майго выезду з дому, прыпала вяселле п. Міхала Храптовіча, дзе мяне не было.

Тады ж быў перададзены мне ліст ад брата, пана падсудка, каб прыбыў да яго ў Пінск з атрадам для процідзеяння князю Дольскаму [194]. Не паехаў, бо з лістом мяне дагналі ўжо ў Ружане.

Ultimis septembris - у Люблін.

4 кастрычніка да св. Крыжа 120, у той самы дзень i да св. Кацярыны 121.

7 octobris - у Кракаў; суправаджаў нас п. Акольскі, які ехаў з дачкой на храмавае свята 122, толькі ледзь не сталася распуста замест адпусту [195].

17 octobris з Кракава.

20 - у Чанстахову.

22 - з Чанстаховы.

24 - у Глуховак пад Равай, да п. Пукінскага.

29 - з Глухоўка.

30 octobris - у Варшаву. Княгіня адправілася прама ў Клецк. Князь спыніўся ў Касінскага на рынку. Я быў пры князю, a мае коні i чаляднікі былі ў Кракаўскім Прадмесці на Вісле, у доме пана князя падчашага [196].

30 novembris. Верашчака з Грахоўскім зрабілі ўначы на мяне засаду i лёгка паранілі, але i ім перапала так, што назаўтра мусілі ўцякаць.

11 decembris. Князь выехаў з Варшавы, a з ім i я.

18 - у Клецку. Я хацеў адразу паехаць дамоў, князь не адпусціў, бо намерыўся паехаць у Слуцк, будучы запрошаны панам падчашым [197] на вяселле. I ўсё ж 24 decembris дабраўся я на князевых конях да пані маці ў Ятру, 27 decembris вярнуўся ў Клецк.

У Клецку, праз свавольства чаляднікаў, i асабліва моладзі, сталася перамена. Князь, абражаны, замест паездкі ў Слуцк усіх выправадзіў, пры сабе пакінуў толькі дваіх Пукінскіх i асобных з моладзі. Выехаў з Клецка ўлегцы, нікому не сказаўшы, не паведаміўшы, куды едзе.

30 decembris пад вечар, паслухаўшы парады Пукінскага, павярнуў на Будзівішкі пад Вільняй, збіраючыся тайна пабыць там пэўны час i падлячыць [хваробу], падхопленую пры дварьт ў Варшаве 123. Але неўзабаве ўсе пра тое даведаліся, бо за колькі міляў ад Клецка, пад Карэлічамі, карэта ўвалілася ў раку Сэрвач, аж давялося гвалтам зганяць сялянаў, i так ледзь уратавалі.

1616 год

Пан Ян Анісімавіч Уніхоўскі ажаніўся з паннай Валадковіч у Менску. Вяселле было праз два тыдні пасля Божага Нараджэння. Я ездзіў туды на запрашэнне, але па дарозе мой вознік цалкам адмарозіў сабе тройцу 124, пра што ў Менску даведаліся раней, чым я туды даехаў. Там князь Ян Агінскі заманьваў мяне [на службу] да пана падчашага, князя Радзівіла: абяцалі 500 злотых, але я не паддаўся на ўгаворы.

У гэтым годзе памёр вялікі i незаменны пан, адзін са слупоў нашай Айчыны - святой i годнай памяці Мікалай Крыштаф Радзівіл, віленскі ваявода [198], князь на Алыцы i Нясвіжы, муж вялікіх дабрадзействаў i пакоры, вялікай набожнасці, якому цяжка знайсці замену сярод такіх высокіх фамілій ва ўсім, чым быў адарыў яго Госпад Бог. Ён загадаў пахаваць сябе без усялякае помпы, каб нічым не накрывалі труны, каб цела неслі жабракі, якіх называў братамі. Загадаў пакласці сябе ў адзенні пілігрыма, i каб не было ніякіх катафалкаў, нясення пустых мараў [199], упрыгожаных коней, ламання дзідаў 125 не хацеў наогул ніякіх цырымоній. Ва ўсім тым была датрымана яго воля, i такі высокі родам, славуты, паважаны ў Айчыне чалавек атрымаў пасля смерці адно некалькі локцяў кіру [200] на абабіўку труны. Пахаванне было неўзабаве пасля Вялікадня ў Нясвіжы, у езуітаў. Быў там i я, на загад князёў.

На грамнічныя суды па волі пана князя троцкага [201] (ён судзіўся са Швыйкоўскім) быў у Наваградку, адкуль паехаў ва Уніхова, да п. Уніхоўскага, на пераезд 126. Тры князі пан троцкі, пан Альбрэхт i пан кавалер [202] намаўляюць мяне [на службу] да князя, ям. пана кавалера, які збіраецца жыць пры двары; паддаўся я на ўгаворы. Вызначылі мне ў якасці выплаты 400 злотых, a да ўсяго шоўку на адзенне i рознага харчу. Я паехаў да князя ў Нясвіж, каб дамовіцца канчаткова, але давялося шукаць яго ў Затур'і, у п. Пшэворскага. Тут i ўдарылі па руках; атрымаўшы ад яго падарункі i абяцанне вялікай ласкі, я выехаў у той жа дзень, каб сабрацца ў дарогу, на канклюзію сойму ў Варшаве. Даехалі на сойм перад самай Сёмухай [203]. Князь спыніўся за кляштарам бернардзінцаў, у доме п. Клахніцкага, i я там жа. Пазней мы перасяліліся на вал, у двор ксяндза Задзіка, трэці ад дома канцлера [204].

На св. Яна [205] адпрасіўся ў князя дамоў, бо ў той час мне выпала суправаджаць п. падкаморыя для падзелу маёнткаў Сэрвач i Лімонтаў. Князь дазволіў паехаць, загадаўшы як найхутчэй вярнуцца, але ўжо на яго конях; маіх жа, як i чаляднікаў, загадаў пакінуць у Крошыне: [хацеў, каб] я жыў пры ім як мага сціплей. Каб дагадзіць пану, давялося мне разлічыць чаляднікаў i неабходных, i добрых, пакінуўшы аднаго толькі пахолка ды падлетка. З гэтымі двума хлопцамі рушыў я зноў на Варшаву на князевых конях, a сваіх адаслаў у Крошын.

Застаў князя ў Варшаве, ён жыў у доме кракаўскага пана [206] i ўжо збіраўся, на запрашэнне князя Альбрэхта, у дарогу ў Торунь, куды меў намер адправіцца дзеля паненкі Пляменскай. З Варшавы на Торунь мы паехалі праз Брэст Куяўскі, a ў Кавалях з'ехаліся з князем Альбрэхтам. У Торунь заехалі разам, урачыста. Прабыўшы тут паўтара тыдня i нічога не дамогшыся, мусілі вяртацца, бо айчым тае дзяўчыны, старгардскі етароста Немаеўскі, які паабяцаў яе камусьці іншаму, з'ехаў з ёю пад Гданьск, каб пазбавіцца ад князя. Князь, пан Альбрэхт, паехаў у Чарнаўчыцы, a пан кавалер у Варшаву, a з ім i я. Спыніліся на рынку, у мураваным доме ключніка, дзе спыняўся ксёндз Валовіч [207]. Князь, пан кавалер, стаў крайчым 127 ЯМ каралевы [208].

Пачала абрыдаць мне тая служба: з-за вялікіх выдаткаў, непазбежных пры пастаянным жыцці на бруку [209], з-за працы, a перадусім з-за няўдзячнасці. Рассталіся мы з наступнай прычыны. Мой пахолак Баблеўскі, сапраўдны нягоднік i карцёжнік, падчас нашага з князем знаходжання ў замку забраўся з князевымі пахолкамі ў гаспадарскі пакой ды пачаў там гуляць у косці. Тым часам князь вярнуўся раней, чым звычайна, i неспадзявана застаў ix у сваім пакоі ды аблаяў мяне за таго пахолка, чаго я не збіраўся выслухоўваць, бо ніякім чынам не быў у тым вінаваты. Тады, ударыўшы пахолка абухом, я загадаў яму згінуць з вачэй; сам жа адчуў моцную крыўду на князя. Прысылаў ён, што праўда, да мяне Пруцінскага, свайго кухмістра, [сказаць, што] прабачае пахолка i просіць мяне не караць яго. Я ж не мог пацярпець да сябе падобнага стаўлення, таму неўзабаве i сам развітаўся з князем. Перадалі мне 300 злотых, аксаміту на даламан i мех лапчатай рысі, a праслужыў я ўсяго паўгода.

Будучы там, у Варшаве, упрасіў ЯМ караля [стварыць] камісію наконт сэрвацкага балота i потым суправаджаў камісараў, але атрымаў абмежаваны прывілей, карысці ад якога ніякай. Тады ж у Варшаве, на св. Марціна [210] i ў кляштары таксама Св. Марціна, на вуліцы Піўной, падчас банкету ў аднаго з каронных біскупаў частавалі гайдукі абухамі нейкага падлетка, якога злавілі з кашальком у кішэні, a быў гэта сын аднаго з маіх суседзяў, якога не называю.

На св. Марціна Віслу скаваў лёд.

Я выехаў з Варшавы ў дзень св. Андрэя [211] па лёдзе, але на трэці дзень па маім ад'ездзе Вісла ўскрылася, i пакуль я ехаў, снег сышоў Потым доўга трымалася такое цяпло, што амаль усю зіму мы ездзілі на калёсах.

1617 год

На хрышчэнскія суды 128 ездзіў у Намейкі да пана швагра, якому выпала судзіцца з Жабіцкім; туды ж прыехалі i пан падсудак з панам Габрыэлем. Суды былі адкладзены, i мы, перапіўшы мёд ды зламаўшы пані сястры нагу (пан падсудак, не я), з'ехалі.

16 ianuarii ўсе у Бялавічы, да п. Махельскага, a ўжо адтуль кожны ў свой бок.

На грамнічны соймік быў у Наваградку, мяне i Язэпа Голуба абралі дэпутатамі ў галоўны [212] суд. Тады ж абралі i паслоў на канвакацыю, пана Скарбнага i п. Яна Кярсноўскага, падваяводу.

На мясапуст быў на вяселлі ў Астроўках, у пана Фёдара Пратасевіча: жаніўся Моклак [213], браў яго падчарку, паненку Вайніловіч. Потым угаварылі мяне застацца i на пераезд, давялося ехаць. Зямля тады пусцілася, як увесну, калёсы патаналі ў гразі вышэй калодак; коні ў сватоў выбіліся з сіл, i яны, дакляраваўшы паслухмянасць, пераселі ў маю каляску, прагнаўшы чаляднікаў.

На жаданне паненкі Харлінскай адправіў я п. Галавацкага на Валынь, да п. Аксака [214]; даў яму 25 злотых на пракорм; справіўся добра, мяне запрасілі прыехаць, але я перадумаў з-за няблізкай дарогі.

7 красавіка адправіўся з дому ў Вільню на галоўныя трыбунальскія суды 129. З успамогаю Бога i Яго найсвятое ласкі вяршыў гэтыя суды належным чынам, пазбягаючы групавых i асабістых прыхільнасцяў. Па дарозе сустрэў п. Аксака [215], сына кіеўскага суддзі, майго пляменніка, які вяртаўся з пахавання п. Ганскаповіча, ковенскага падкаморыя, i нарэшце з ім пазнаёміўся.

Здраднік Вольмар Фарэнсбах учыніў са шведамі condictamen [216] i здаў ім Дзюнамюнд i Пярнаву ў Інфлянтах, таму давялося рабіць пабор. Польны гетман, князь Крыштаф Радзівіл, выкурыў ix з Інфлянтаў, але невядома з якой прычыны праявіў да здрадніка мяккасць: маючы яго ў сваіх руках, не даў зняць галавы (яшчэ пашкадуе пра тое, ды будзе позна). Цяжка было зразумець, ці тут якія stratagema [217], ці, можа, патуранне зверху, як ён удаваў. Нічога, аднак, нельга было давесці; выключна праз падступнасць уласнай натуры задумаў ён здрадзіць i здрадзіў. Ян Караль Хадкевіч, вялікі гетман BKJI, тады быў заняты маскоўцамі.

Іскандэр-паша, пераправіўшыся з войскам турэцкага султана праз Дунай, кіруецца на Падолле [адпомсціць] за вялікую шкоду, нанесеную туркам нашымі запарожскімі казакамі, якія, пераплыўшы на чайках мора, спустошылі i зрабавалі некалькі гарадоў. Станіслаў Жалкеўскі, вялікі каронны гетман, стаў з войскам ім на шляху па той бок Днястра i да бою не дайшло.

Ям. каралевіч Уладзіслаў, на моцы складзенай яму прысягі маючы права на маскоўскі сталец, адпраўляе на Маскву немалое войска, a сам з часткай войска кіруецца на Падолле для застрашання непрыяцеля. Стоячы ў лагеры, заключае з Іскандэр-пашой не дужа выгодныя для нашага боку дамовы, бо мы адмовіліся ад права прызначэння валашскага гаспадара, страцілі Хоцін, па настаянні туркаў гетман сказаў на смерць бязвіннага Івону, які трымаў Хоцін. Здаў ім Хоцін, не зважаючы на тое, што язычнік падбіраецца да нас усё бліжэй i бліжэй; неўзабаве захочацца яму i Камянца [218], ад якога блізка да Хоціна усяго 2 мілі.

На траецкія [219] суды давялося мне адлучыцца з галоўнага суда ў Наваградак, маючы справу з Лімонтавым; са мной быў i брат, пан падсудак. Праз тры тыдні па ад'ездзе з Вільні вярнуўся ў суд. Брат, пан падсудак, застаўся яшчэ ў Сэрвачы з ям. пані маці.

Вярнуўшыся з віленскага Трыбунала, князь Альбрэхт Радзівіл упрасіў мяне паехаць з ім насустрач ям. каралевічу [220]. Я адправіўся наперад i па дарозе з'ехаўся ў Чарніхове з абодвума князямі, якія кіраваліся ў Крошын. Прывітаўшы там, у Крошыне, каралевіча, мы паехалі наперад, у Нясвіж, дзе ім, князі сустрэлі [каралевіча] конна, у атачэнні 300 пекна ўвабраных вершнікаў слуг i прыяцеляў. З горада выйшлі цэхі з харугвамі, з вала білі гарматы. Пры ўездзе ў горад, на дамбу i ў замак, a таксама падчас піцця здароўя ЯК Мосці сценабітныя гарматы стралялі так, што ў камяніцах ледзь не павыпадалі вокны. Ям. троцкі п. [221] шчодра i ад душы пачаставаў ям. каралевіча i ўвесь двор, падарыў каралевічу пару найбольшых гармат.

На трэці дзень [каралевіч] пакінуў Нясвіж; мы суправаджалі яго за горад, a князь да Мікалаеўшчыны, дзе ўсю ноч частаваў.

25 жнівеня я адправіўся ў Менск, у трыбунал; 28 быў там на прапазіцыі. Нашым абраным маршалкам быў ям. п. Мікалай Кішка, дэрпцкі ваявода, але ён хварэў у Вільні, дужа мала што i судзіў, больш ляжаў, a ў Менску яшчэ i не паказваўся. Спадзеючыся, аднак, на прыезд ям., мы не абіралі іншага дырэктара. На гэты ўрад разглядалася некалькі асоб, якія нам не падышлі i засталіся ні з чым. Па агульнай згодзе да прыезду маршалка яго замяшчаў князь Ян Агінскі, які потым на працягу ўсяго Трыбуналу трымаў жазло 130.

Падчас гэтага трыбуналу я лёгка мог ажаніцца, аднак перашкодзіла мне благая кампанія. I так усё пайшло ўпустую: упусціў вялікія i добрыя магчымасці, якія, лічы, трымаў у руках.

1618 год

13 februarii - вальны сойм у Варшаве.

2 ianuarii - соймікі ў паветах. Паслы на сойм ад Наваградка: п. Кярсноўскі, наваградскі падваявода, i п. Ян Францкевіч.

30 ianuarii - галоўны з'езд у Слоніме. На гэтым сойме прызначаны два паборы.

Пані маці паехала ў Жабчыцы, дзе была i на мясапуст, a я на мясапуст адправіўся да п. Лапацецкага.

У гэтым годзе ў пана падсудка памерлі трое дзяцей: Канстанцыя, Кацярына i сын [222].

Перад Вялікаднем памёр ям. п. Фёдар Скумін [223], наш наваградскі ваявода. Пахаванне адбывалася 24 iulii ў Вільні, у царкве Св. Тройцы, у новай капліцы, збудаванай яго сынам, панам браслаўскім старостам [224].

У той жа дзень, 24 iulii, новы ваявода, ям. п. Мікалай Сапега, зладзіў свой пераезд з менскага на наваградскае ваяводства, хочучы такім чынам адцягнуць увагу нашых жыхароў ад пахавання старога, памерлага ваяводы. I дамогся свайго: усе, хто абяцаў быць на пахаванні, павяліся нечувана. Я ж пажадаў ехаць у дом плачу, a не радасці [225]: быў на пахаванні ў Вільні.

Тут, за дзень да пахавання, пасварыліся мае чаляднікі з чаляднікамі пана браслаўскага старосты, вельмі моцна параніўшы асобных з ix, асабліва браслаўскага падстаросту. Усчаўся вялікі гармідар; маім было горача, зрэшты, пацярпеў толькі Падоскі, якога лёгка паранілі ў лоб. Вінярскага пасадзілі былі ў турму, але пан браслаўскі староста, як толькі даведаўся, загадаў яго выпусціць. Потым тыя параненыя запатрабавалі 100 [злотых], але бачачы маё пярэчанне, пачалі пагражаць мне судом. I я, толькі з пахавання, не зрабіўшы нічога з таго, дзеля чаго прыехаў, мусіў выбірацца з Вільні ўвечары, не чакаючы дня. У гэтай справе добра мне дапамог п. Адам Храптовіч, чалавек бывалы i дасведчаны.

Узбройваецца на нас вялікая турэцкая i татарская моц, сярод іншага з прычыны казакоў.

Наш лагер - пад Арынінам у Падоллі або ў Валахіі. Начальнік лагера - каронны гетман Станіслаў Жалкеўскі. Паміж украінскімі панамі i гетманам пануе нязгода i недавер, як мяркуюць людзі, вось з-за чаго. Нібыта гетман, зайздросцячы славе князя Карэцкага пасля здабытай ім у мінулым годзе перамогі ў Валахіі, пераняў камандаванне (у чым Карэцкі яго апярэдзіў) i настроіў войска так, што калі прыйшлося даваць бой, здрадзіла яму [226] i аддало на разарванне. Карэцкі патрапіў у рукі непрыяцеля 131 i быў вязнем турэцкага султана [227] з тым гаспадарскім сынам [228], якога прывёў да ўлады, i з яго маці [229] якія, відаць, прынялі іслам. Карэцкі ж дзівосным чынам вызваліўся з таго ганебнага палону разам з жонкай.

Акурат гэта i патрэбна было гетману. Ён трымаў пры сабе Гаўрылку, сына Багдана 132, які быў гаспадаром пасля брата Ераміі, праз малалецтва сына апошняга. Яго, a не сына Ераміі, хацеў гетман пасадзіць на валашскае гаспадарства. I баяўся, відаць, што пры выпадку Карэцкі, пры якім было нямала людзей, заманіць яго з дапамогай татараў у пастку. Да ўсяго князі Збаражскія [230], Вішнявецкія [231], Сяняўскі, Чартаpыйcкiя [232], якія асабіста перабывалі ў лагеры, не хацелі падпарадкавацца камандаванню гетмана. Войска ён меў настолькі цудоўнае i ахвочае да бою, што яно магло дараўнаць непрыяцельскаму не толькі ў моцы, бо i па колькасці было амаль такое самае. Адвярні, Госпадзе Божа, тую нязгоду, гледзячы на якую непрыяцель так заганарыўся i прычыніў нам такую ганьбу, што сярод белага дня прайшоў міма нашага лагера i на 30 міль заглыбіўся ў нашу зямлю. Нашыя ж павяліся не як рыцары, a як сапраўдныя бабы ці, дакладней, прасталыткі: ніводзін не адважыўся выйсці з лагера! Нечуваную ах! i жалосную навіну прынеслі ў лагер мужам пра захоп жонак i дзяцей, сынам пра захоп бацькоў, мацярок, братоў, сясцёр. Тым болын жалосную i нечуваную, што на ўласныя вочы бачылі ix з лагера: непрыяцель ix гоніць, вядзе ў невыносную няволю, a яны горка наракаюць i самога Бога толькі прызываюць. Не знайшлося там настолькі дабрадзейнага мужа, сына, брата, які б тнуў шабляй калі не ў непрыяцеля, то ў самога военачальніка, праз якога дайшлі да падобнае шкоды. I так вораг, якому нават волас з галавы не спаў, пайшоў бяспечна з усім палонам i здабычай. Ніколі не бывала, каб гэты язычнік прычыняў нам такую істотную i вялікую шкоду, як цяпер: усе людзі спадзяваліся на наш палявы лагер, уважаючы яго за найбольшае апірышча супраць непрыяцеля.

2 верасня вяселле п. пінскага пісара, Уладзіслава Пратасевіча, з паненкай Кудзярэўскай у Івацэвічах; мяне запрасілі, i я там быў.

7 кастрычніка - вяселле п. Паўла Зянковіча з паненкаю Кавячынскай, дачкой менскага падкаромыя, у Кухціках; запрошаны, пабываў i там.

14 кастрычніка - на хрэсбінах у п. рэчыцкага старосты [233] ў Кавалеўшчыне.

На св. Марціна быў у Вільню, каб купіць сукна для чаляднікаў; купіў два паставы па 28 коп, два паставы клодзкага па 13 злотых, два паставы каразіі 133 па 20 злотых, два паставы кіру па 8 злотых.

1619 год

13 ianuarii адправіўся з дому на санях да пана швагра; са Слоніма быў вымушаны пасылаць па вазы, бо праз няўстойлівую зіму сышоў снег.

Ultima ianuarii [адправіліся] з панам шваграм з Намейкаў у Бярозавую; назаўтра засталі там жамойцкага пана [234] i Макавецкага. Пераначаваўшы, 12 сакавіка адправіўся з Намейкаў назад, дадому. 15 сакавіка дома.

23 красавіка паслясоймавая рэляцыя [235] ў паветах.

Ям. каралевіч вяртаецца з Масквы, з ласкі Божай, здаровы, але ні з чым. Пакінуўшы ўсіх за сабой, у запрэжаных адным канём санках, у суправаджэнні 50 казакоў ён спяшаецца ў Варшаву, жадаючы паспець на заканчэнне сойма. Там, вітаючы яго ўслед за ЯМ каралём i ЯМ каралевай [236], адзін з маладых каралевічаў, старшы Joannes Carolus 134 сын цяперашняй нашай пані каралевы, быццам бы сказаў: «Мы радыя прыбыццю Вашэці, але я жадаў бы лепш заставацца там, чым вяртацца з такой ганьбай». З маскоўцам заключаны наступны дагавор: мір на ... гадоў.

15 жнівеня я распачаў службу ў ям. князя, пана Крыштафа Радзівіла, польнага гетмана BKJI; паклаў плату на год 500 злотых i шоўку на пару шатаў.

13 septembra [рушыў] з атрадам у Дакудаў, ad rationem выплаты далі мне 250 злотых. Адправіўшы атрад, сам вярнуўся дадому, бо меў справу з Мунічам у менскім трыбунале.

Усе слугі збіраліся ў Дакудаве; адтуль у Біржы, наймацца да Фарэнсбаха.

12 octobris адправіўся з дому ў Біржы; 20 у Біржах.

27 iunii - выбары суддзі ў Наваградку; выбарнікі: п. Ян Рудаміна, п. Ян Кярсноўскі, п. Андрэй Абрынскі; суддзёй застаўся п. Рыгор Валадковіч.

18 iulii - выбары падсудка ў Наваградку; выбарцы: п. Ян Кярсноўскі, які i застаўся падсудкам, п. Фёдар Пратасовіч, п. Іван Вайніловіч i я, чацвёрты.

1620 год

9 februarii - на вяселлі п. Аляксандра Храптовіча з княгіняй Жыжэмскай у Вербкавічах пад Менскам.

24 iunii. Закладзены падмурак капліцы ў Сэрвачы, на гары за домам, дзе ляжаць целы маіх бацькоў, дабрадзеяў.

У гэтым жа годзе, не ведаю з якой прычыны, каронныя гетманы - Станіслаў Жалкеўскі, вялікі гетман i канцлер, i Мікалай 135 Канецпольскі, польны гетман, рушылі з каронным войскам супраць туркаў у Валахію i сталі лагерам пад Цацорай, маючы пры сабе да 6000 войска як найманага, так i сенатарскіх ды шляхецкіх атрадаў, i асобна з некаторых украінскіх зямель.

Людзі здагадваліся, што тое было зроблена, каб дагадзіць хрысціянскаму імператару [237], які ваяваў з евангелістамі i меў адносна ix пэўныя намеры; да апошніх мелася далучыцца турэцкае войска, якому мы заступілі дарогу з намерам перашкодзіць i затрымаць. Затым падступіла да Цацоры i турэцкае войска з Іскандэр-пашой, i дужа вялікае татарскае з калгой [238]. Бітва доўжылася некалькі дзён, i хоць мы не маглі ім дараўнацца ў сваіх сілах, усё ж, з ласкі Божай, далі ім добрага прачуханца i адпор.

Выключна наша нязгода, як, напрыклад, сярод валанцёраў, якія складалі ці не пераважную частку войска, так i зайздрасць вечнае славы вырвалі ў нас з рук перамогу над непрыяцелем i давялі ўсіх да апошняй пагібелі. Праз некалькі дзён, зразумеўшы, наколькі вялікія сілы непрыяцеля, i бачачы, што паміж намі расце нязгода, п. гетман мог бы адцягнуць бітву з непрыяцелем i дапякаць яго вылазкамі з лагера, раз'ездамі; апастылеўшы яму такім чынам, адным толькі прамаруджваннем перамаглі б. I вось праз тую нашу нязгоду вырашылі гетманы даць вялікую бітву i расправіцца з непрыяцелем, пакуль нашы не разышліся (бо такі мелі намер), ды вывелі войска з лагера ў поле, пакінуўшы толькі ахову. Бітва, пачаўшыся з раніцы, працягвалася да самога вечара з пераменным для абодвух бакоў поспехам; нашыя, аднак, з Божай успамогай прычынялі непрыяцелю болыную шкоду, чым ён нам. Затым, ужо амаль пад вечар, кінуў непрыяцель на нашае правае крыло вялікія сілы, якіх нашыя не змаглі стрымаць i былі вымушаны адступаць; мінуўшы лагер, некаторыя пусцілі коней плавам праз Прут. Гетманы, бачачы, што тое крыло ўжо разгромлена, пачалі адвод войска з поля бітвы ў лагер, пільнуючы, каб непрыяцель не прычыніў яму шкоды.

Тым часам надышла ноч, a з ёй усеагульная трывога з наступнай прычыны. Каліноўскі [239], камянецкі староста, які знаходзіўся са сваімі людзьмі ў тым разгромленым крыле (быў ён чалавек фанабэрысты i высакадумны, але, выглядае, не вялікай адвагі), страціўшы адвагу пасля паразы ў той бітве на сваім крыле, як толькі апаў змрок, пакінуў лагер са сваімі людзьмі без ведама i волі гетманаў. (Не ведаю, хто тут каму паддаваў ахвоты: ці сам ён сваім людзям, ці яны яму.) Усім гэтым спрычыніў ён у лагеры вялікую трывогу i нерашучасць, бо ўсё войска, мяркуючы, што гетманы адступаюць, a яго пакідаюць на разню непрыяцелю, моцна ўзрушылася i кінулася да коней, каб уцячы. Гетман [240], пачуўшы той гармідар i даведаўшыся, што сталася з-за камянецкага старосты i што гавораць пра яго ў войску, загадаў запаліць усе літыя свечкі, якія знайшліся ў лагеры (каб яго было бачна лепш), сеў на каня i паехаў праз увесь лагер, ад палка да палка, ад роты да роты, натхняючы сваіх вояў i дадаючы ім адвагі. Пабачыўшы гетмана ў лагеры, многія засталіся, але вялікая частка пайшла ўслед за тымі, якія пакінулі лагер.

Назаўтра ўдзень гетман, бачачы, што нестае вялікай колькасці войска, a з той рэштай, што засталася, справіцца з такім моцным непрыяцелем слабая надзея, вырашыў адступіць табарам да Днястра. Затым, вывеўшы войска з лагера, цэлых шэсць дзён ішоў, пераследаваны вялікімі сіламі непрыяцеля, i ўдзень, i ўначы даючы яму магутны адпор. Змораныя голадам, a яшчэ больш няспаннем, здратаваныя несупыннымі, штогадзіннымі сутычкамі з непрыяцелем, нашы ўжо амаль дарэшты знясілелі, толькі Божая рука ix дасюль бараніла. За мілю ад Днястра знуджаныя сяляне, якіх у лагеры было з некалькіх валасцей, i пахолкі, прагныя да здабычы, хаця з усіх бакоў былі акружаны сіламі непрыяцеля, задумалі як найхутчэй [перабрацца] за Днестр: спачатку кінуліся на здабычу, адбіваючы гетманскія i таварышаў вазы, скрыні, беручы, што любя; усчалі гармідар. Пабраўшы самыя лепшыя коні ў таварышаў (усе яны, пешыя, адстрэльваліся з табара ад непрыяцеля), разарвалі табар, адкрылі непрыяцелю шлях i падставілі пад удар i знішчэнне як сябе (чаго былі вартыя), так i астатніх, ужо на самым падыходзе да парогаў Айчыны. Даруй ім Божа, бо праз сваволю гэтых нягоднікаў нельга было замкнуць табар, ды не было ўжо каму там абараняцца: усе былі змушаны кінуцца ўроссып, спадзеючыся на сваю ўдачу i ўскладаючы надзею ўратавання на аднаго Бога. Лёгка ўявіць, якую радасць i трыумф зведаў там непрыяцель ад нашага няшчасця. Вялікі гетман [241] забіты, польны [242] трапіў у палон. Карэцкі, Струсь, Жалкеўскі, гетманаў сын [243], i Фарэнсбах, i другі Жалкеўскі [244], i іншых нямала захоплены вязнямі ў палон. Рэшту пасекла паганская шабля, a з тысячы ў той бітве адзін ледзь уратаваўся. Так цяжка асуджае Госпад Бог людскую крывадушнасць i карае няшчырасць!

3 novembris вальны сойм у Варшаве 136, на які я выехаў з дому разам князем, панам гетманам [245], 29 octobris.

14 novembris мы прыехалі ў Варшаву паасобку, бо ўжо амаль пад Варшавай князю паведамілі пра смерць віленскага пана [246], яго брата 137, з прычыны чаго князь заехаў у Варшаву ў вялікай маркоце, без цырымоніі.

15 novembris, у нядзелю, назаўтра па нашым прыездзе ў Варшаву, ЯМ кароль пацярпеў у касцёле ад Міхала Пякарскага наступным чынам. У таго Пякарскага было дзве сястры: адна была за Дамашэўскім, лукаўскім старостам [247], другая за Плазам, кракаўскім бурграфам. Два гэтыя швагры, выдаўшы яго за вар'ята, атрымалі ў караля над ім апеку i адабралі маёмасць, a самому прызначылі нязначнае, абыякое ўтрыманне. Перабываючы тады з Дамашэўскім, Пякарскі прыехаў з ім на сойм і, угневаны на караля, што той дазволіў над ім апеку, як над шалёным (якім сябе не лічыў), a ў выніку ён пазбыўся ўсяго, i жадаючы адпомсціць каралю, задумаў такі нягодны ўчынак, які i здзейсніў.

У нядзелю, калі, паводле звычаю, publice слухае мшу, ЯМ кароль ішоў у касцёл у суправаджэнні звычайнай аховы. Двор i ўвесь Сенат былі спераду, два біскупы [248] праводзілі ЯМ караля пад рукі, следам за каралём вялі каралевіча [249], за ім ішлі пахолкі i моладзь.

На ўваходзе ў касцёл на дзвярах была прыбіта нейкая абвестка, чытаючы якую ям. каралевіч трохі затрымаўся, a за ЯМ каралём, які ішоў звычайным парадкам, нікога не аказалася, бо ўсе гвардзейцы, то бок алябарднікі i пяхота, засталіся пры браме касцёла, a ўсе паходкі i моладзь спыніліся ў браме з-за ям. каралевіча, які чытаў тую абвестку, за ЯМ каралём утварылася вольнае месца.

A той Пякарскі, стаіўшыся за касцёльнай брамай, якая адчыняецца ўсярэдзіну, i маючы ў руцэ чакан, кінуўся на ЯМ караля, маючы вольнае месца i лёгкі подступ, i з моцным крыкам ударыў караля абухом прама па галаве. Госпад Бог так захацеў, што пацэліў трохі ўбок; затым, спахапіўшыся, паспрабаваў зноў, аднак не здолеў нанесці згубнага ўдару, як мерыўся. ЯМ кароль упаў, ксяндзы паўцякалі, пакінуўшы караля ляжаць на зямлі. Адзін з жаўнераў памог каралю падняцца. Таго Пякарскага схапілі на месцы. Вялікі галас усчаўся ў касцёле, запанавала трывога; кожны тлумачыў тое здарэнне па-свойму. Спачатку падумалі на вяльможаў, потым на падкупленых туркамі здраднікаў, бо пасля нядаўняй нашай паразы з гетманамі не выветрыўся яшчэ з сэрцаў страх, таму некаторыя нават сцвярджалі, што татары ўжо ў Празе, што ўжо перапраўляюцца праз Віслу. Кінуліся з касцёла, брамы места зачынілі, a як зразумелі, што татары яшчэ ў Ардзе, то адчынілі зноў

Пякарскага кінулі ў вязніцу; яго судзілі ў Сенаце, сказалі на смерць. Пакаранне адбывалася наступным чынам: даставілі яго ў запрэжаным чацверыком возе, на якім таксама быў зроблены высокі памост для катаў, так што было бачна ўсім людзям. З замка праз браму выехалі на вал, a на ўездзе на Кракаўскае Прадмесце, таксама на выездзе з вуліцы на Рынак i з Рынка на вуліцу, што вядзе да Новага Мяста, як i на ўездзе на рынак Новага Мяста, кат рваў яго распаленымі клешчамі. A там, у Новым Мясце, дзеля яго быў збудаваны тэатр [250], куды выканаўцы ўзвялі яго, трымаючы за звязаныя ззаду рукі. Зацягнуўшы на памост жалезную дымніцу, насыпалі туды серкі i палілі, раздзімаючы мяхамі. Затым звялі яго з узвышэння, выпраглі з воза тых чатырох коней i за рукі-ногі прывязалі Пякарскага да ix пастронкамі, збіраючыся яго разарваць. A паколькі ім тое доўга не ўдавалася, кат надрэзаў сякерай, і, паганяючы коні, адарвалі яму правую нагу. Затым узялі самога i тыя адарваныя члены, паклалі на стос дроў i спалілі.

Сцвярджалі пазней розныя людзі, у асноўным жанчыны-гандляркі, што на тым месцы колькі начэй запар было бачна ззянне, як ад запаленай свечкі. Ці гэта праўда, не ведаю, бо сам таго не бачыў, але чуў ад розных людзей.

Падчас таго сойму даў мне князь 500 злотых; ён паслаў мяне ў Дубна, з якім падтрымліваў пэўныя сувязі 138, каб нейкім чынам заняць гэтае места сваімі людзьмі.

9 decembris я заехаў у Дубна сам-трэці з Кулакоўскім i Пянткоўскім, a фурману i чаляднікам загадаў даставіць верхавых коней прама дадому. Сугайлу даручыў грошы i нагляд за ўсім. Вярнуўся з той паездкі ні з чым, бо не ў час мяне паслалі перашкодзілі вершнікі.

Ям. князя застаў у Заблудаве; прабыўшы там дні тры, наняўшы фурманкі i ўзяўшы адпачынак, адправіўся я дадому; усіх хатніх, з ласкі Божай, застаў здаровымі. Сам жа, выконваючы асобныя неадкладныя даручэнні, страціў тое, з чым прамарудзіў.

1621 год

Нядобрыя навіны даходзяць з Турэччыны: узбройваюцца на нас, па ўсёй сваёй зямлі ўжо абвяшчаюць уголас на лета вайну з Польшчай. З розных бакоў прыходзяць папярэджанні - i з Канстанцінопаля ад іншаземных агентаў, i ад нашага Атвіноўскага [251].

Прычына гэтай будучай вайны ў тым, што Стафан Патоцкі i Самуэль Карэцкі, якія хацелі ўзвесці на сталец сына валашскага гаспадара, двойчы ўрываліся ў Валахію і, зноў жа двойчы прайграўшы бітвы, раз'юшылі непрыяцеля, a сабе накінулі кайданы на ногі i цяжкія ланцугі на шыі. Да ўсяго i тая нядаўна прайграная двума гетманамі бітва, i страта ўсяго войска дадалі вялікай адвагі непрыяцелю, раздражнёнаму казакамі, якія хадзілі па Чорным моры i чынілі ў яго зямлі такую вялікую шкоду, што ён, спыніўшы вечную вайну з персамі 139, намерыўся скіраваць усю сваю моц супраць Польшчы.

3 травеня - агляд войск у паветах; я прысутнічаў на аглядзе ў Наваградку.

21, таксама травеня, было страшэннае зацьменне сонца, якое нічога добрага не варажыла.

30 травеня - на вяселлі ў п. Яна Пратасовіча, пісара; выдаваў дачку Гальшку за п. Пачапоўскага.

11 iulii у Вільню, дарога не дай Божа.

27 iulii павятовыя соймікі.

23 жнівеня вальны сойм у Варшаве на вялікую шкоду Рэчы Паспалітай, пра што потым 140.

Навіны пра небяспеку з боку Турэччыны знаходзяць пацвярджэнне i ўнушаюць вялікі страх. Турэцкі цар, султан Сулейман 141, чалавек малады, зласлівы, запальчывы, найбольшы тыран, люты вораг хрысціян. (Цяжка сказаць, ці то Госпад Бог паслаў яго супраць нас, ці то мы самі ўсяму прычынай.) Сабраўшы з усіх залежных дзяржаў i правінцый такое войска, што большага ўжо i быць не магло, заключыўшы мір з усімі навакольнымі суседзямі, сабраўшы ў адно месца ўсю атаманскую сілу i моц, усю сваю магутнасць скіраваў супраць беднай, няшчаснай Полыдчы.

Ужо з'яўляюцца шпегі з данясеннямі, што на Дунаі наводзяцца масты, што султан выступіў з Канстанцінопаля, з Адрыянопаля, ужо пераходзіць Дунай. A ў нас, апрача ласкі i абароны Усявышняга, няма ніякай надзеі пазбегчы апошняй пагібелі i заняпаду. Усіх ахапіў напраўду моцны страх, аднаму Госпаду Богу даверыліся. Аднак, паколькі i ў такім становішчы не гадзілася апускаць рук, мы рабілі, што маглі. У мінулым годзе адобрылі на сойме шасцігадовую вайну з туркамі, дазволілі збор васьмі надзвычайных пабораў, коштам якіх меліся быць нанятыя на цэлы год 60 000 рознага войска, то бок гусары, райтары i казакі, нямецкая i польская пяхота.

Пераклад падаецца na выданні: Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskiewiczów, wiek XVII. Opracował, wstępem i przy­pisami opatrzył Alojzy Sajkowski. Redakcja i słowo wstępne: Włady­sław Czapliński. Wrocław, 1961. S. 9-220.


1 Насамрэч выправа Яна Замойскага адбылася ўвосень 1600 г.: 20 кастрычніка ён перамог Міхаіла Харобрага ў бітве пад Плаэшці. Падставай для паходу паслужыла тое, што гаспадар Міхал, які прыйшоў да ўлады з турэцкай дапамогай, імкнуўся аб'яднаць прыдунайскія дзяржавы i з гэтай мэтай у 1599 г. захапіў Сяміграддзе, аў 1600 г. Малдавію, прагнаўшы адтуль мясцовага гаспадара Ерамію Магілу.

2 Падзея магла адбыцца не раней за канец 1600 г., пасля паходу ў Валахію (Мультаны).

3 Дата памылковая. Адразу пасля ўварвання Карла Судэрманскага ў Інфлянты супраць яго было паслана войска пад камандаваннем Яна Замойскага; кароль Жыгімонт III Ваза фарсіраваў Дзвіну толькі ў верасні 1601 г.

4 Жаўнеры, не атрымаўшы заслужнога, утварылі канфедэрацыю толькі ў 1603 г., хаця ўжо ў снежні 1601 г. частка войска пакінула лагер пад Вольмарам (цяпер Валміера ў Латвіі).

5 Прычынай нязгоды Крыштафа Радзівіла i Яна-Караля Хадкевіча было суперніцтва за права апекі над Соф'яй Юр'еўнай Алелькавіч. Хадкевічы былі не ў стане вярнуць пазычаныя ў Радзівілаў грошы; каб скасаваць пазыку, яны пагадзіліся выдаць Соф'ю замуж за Януша Радзівіла (вяселле адбылося 1 X 1600 г.). Справа амаль не скончылася збройным канфліктам i была ўлагоджана толькі пасля ўмяшання караля Жыгімонт III Вазы: Хадкевічы адмовіліся ад апякунства, a Радзівілы скасавалі пазыку.

6 Самуэль Маскевіч падае найбольш раннюю сярод сучаснікаў згадку пра з'яўленні Дзімітрыя I Самазванца. Іншыя мемуарысты называюць 1603 г.

7 Князь Канстанцін Вішнявецкі, рускі вда з 1638 г., быў зяцем сандамірскага вды Ежы Мнішака.

8 Заручыны Марыны адбыліся 22 XI 1605 г. у Кракаве. З XII 1605 г. Марына выехала ў Маскву, дзе 8 V 1606 г. адбылося яе вянчанне i каранацыя. Вяселле працягвалася да 11 травеня, a ў ноч з 16 на 17 травеня 1606 г. Дзімітры I Самазванец у выніку змовы быў забіты, a Марына саслана ў Яраслаўль. Пасля вызвалення ў 1608 г. яна пабралася тайным шлюбам з Дзімітрыем II Самазванцам, a пасля гібелі чарговага самазванца стала жонкай Івана Заруцкага. Была пакарана смерцю ў 1614 г.

9 Насамрэч у гэты час Дзімітрый I Самазванец (царок, як называе яго С. Маскевіч) знаходзіўся яшчэ ў Кракаве, у Масковію ён адправіўся толькі ў канцы 1604 г.

10 Георг Паерле ў сваіх запісках аб падарожжы з Кракава ў Маскву i з Масквы ў Кракаў (19III 1606 -15 XII 1608 г.) падае іншую лічбу атрада: 1600 чалавек, з якіх 1100 вершнікаў i 500 пехацінцаў (Устрялов Н. Сказання современников o Дмитрии Самозванце. 3-е изд., испр. Ч. 2: Маскевич и дневники. СПб., 1859. С. 5).

11 30 снежня 1604 г. войска Фёдара Мсціслаўскага было разбіта ў бітве пад Ноўгарад-Северскім, a сам князь паранены. Пасля ўступлення Дзімітрыя I Самазванца на царскі пасад князь Мсціслаўскі стаў першым баярынам, хаця ў травені 1606 г. удзельнічаў у змове супраць самазванца. Пасля забойства Дзімітрыя I Самазванца Мсціслаўскі быў у ліку прэтэндэнтаў на царскі пасад, але ён адмовіўся i прысягнуў В. Шуйскаму. Каля 1611 г. ён зноў адмовіўся заняць царскі пасад i прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы дагавора пра абранне каралевіча Уладзіслава IV Вазы на царскі пасад.

12 ...з адчаю выпіў разам з жонкай i сынамі атруты, i [ўсе] памерлі. Барыс Гадуноў памёр раптоўна 13.IV.1605 г., у ліку магчымых прычын смерці называлася i атручанне. Удава Б. Гадунова i сын былі забіты пазней на загад Дзімітрыя I Самазванца.

13 з дабрадзейкай пані маці. Пра маці С. Маскевіча вядома толькі тое, што яна нарадзіла 4 сыноў (Яна, Даніэля, Габрыэля i Самуэля) i ў 1621 г. была яшчэ жывая.

14 Звесткі недакладныя, бо ўжо 29 VI 1605 г. Дзімітрый I Самазванец выступіў з Тулы на Маскву як прызнаны цар, a яго каранацыя адбылася 31 VII 1605 г.

15 Вяселле Жыгімонта III Вазы з Канстанцыяй Габсбург пачалося 11 XII 1605 г.

16 ... па новым календары. У 1582 г. рымскі папа Рыгор XIII выдаў булу «Inter gravissimas» пра адмену ў хрысціянскіх краінах юліянскага календара i замену яго новым, больш дакладным (пазней ад імя гэтага папы атрымаў назву грыгарыянскага). Праваслаўныя i пратэстанцкія цэрквы, уважаючы ўвядзенне новага календара спосабам ix падпарадкавання духоўнай уладзе Рыма, адмовіліся яго прымаць.

17 Паводле «Дыярыуша» Вацлава Дзямянтоўскага (Diamentowski W. Diariusz // Polska a Moskwa w pierwszej połowie wieku XVII; wyd. A. Hirschberg. Lwów, 1901), Ежы Мнішак выехаў з дачкой у Маскву з Самбора 2 III 1606 г. i 12 травеня ўжо быў у Маскве.

18Станіслаў Гульскі замяшчаў гетмана Станіелава Жалкеўскага, які падаўляў рокаш Мікалая Забрыдоўскага.

19 Звесткі недакладныя, бо яшчэ раней, у красавіку, адбыўся збор шляхты пад Стэнжыцай. Кола пад Люблінам пачалося 5 VI 1606 г.

20 Гаворка ідзе пра разню, учыненую жыхарамі Масквы ўначы 17 травеня супраць прыхільнікаў Дзімітрыя I Самазванца, падчас якой было забіта i схоплена ў палон мноства «палякаў». За бунтам стаялі В. Ł Шуйскі, пазнейшы цар, В. В. Галіцын i Р. С. Куракін.

21 З'езд пад Судовай Вішняй адбыўся 31 ліпеня.

22 ...бо ЯМ каралю пагражала тады вялікая небяспека з боку ракашанаў. Гаворка пра рокаш 1606-1609 гг., ачолены кракаўскім ваяводам М. Забрыдоўскім з мэтай пазбаўлення караля Жыгімонта III улады. Рокаш пачаўся 10.VIII.1606 г. са склікання незадаволенай шляхтай асобнага сойма ў Сандаміры, маршалкам якога быў абраны літ. падчашы Януш Радзівіл. Незадавальненне было выклікана прапановамі, унесенымі каралём на разгляд сойма 1606 г. (увядзенне спадчыннай каралеўскай улады, абмежаванне паўнамоцтваў сойма i інш.). 20 VIII 1606 г. ракашане абвясцілі збор паспалітага рушэння, аднак неўзабаве (3 XI 1606 г.) было заключана кампраміснае пагадненне. Частка шляхты пакінула шэрагі мяцежнікаў; рэшта, якая зноў дакляравала непадпарадкаванне каралю (24 IV 1607 г.), была разбіта ў бітве пад Гузавам (5-6 VI 1607 г.). Рокаш скончыўся на кампрамісных умовах: на сойме 1609 г. была абвешчана амністыя, кароль паўторна прысягнуў выконваць Генрыхавы артыкулы i захоўваць шляхецкія вольнасці. Вынікам рокашу было падзенне аўтарытэту каралеўскай улады i рост уплыву магнатаў Рэчы Паспалітай на палітычнаё жыццё дзяржавы.

23 ... бд кварта ўжо скончылася г. зн. выйшаў тэрмін аплачанай жаўнерскай службы (за 3 месяцы).

24 Насамрэч гэта адбылося пазней 3 кастрычніка 1606 г.

25 Д'ябал Стадніцкі такую мянушку атрымаў Станіслаў Стадніцкі, славуты авантурнік i скандаліст, ад навакольнага люду за свой неўтаймоўны характар. На працягу амаль 20 гадоў не пакідаў ён у спакоі суседзяў, асабліва ляжайскага старосту Лукаша Апалінскага, з якім ладзіў рэгулярныя межавыя сутычкі.

26 У свой час Ежы Красіцкі быў добра вядомы сваімі шматлікімі эксцэсамі i шалёнымі авантурамі, за што быў нелюбімы вакольнай шляхтай, ад якой атрымаў двухсэнсоўную мянушку Гранджордж (ад іт. Grand Giorgio Вялікі Жорж (Ежы) або grandigia пыха).

27 Габар Баторый быў звязаны з удзельнікамі шляхецкага рокашу М. Забрыдоўскага (С. Стадніцкім, С. Гербуртам i Я, Радзівілам), якія назвалі яго сваім кандыдатам на польскі пасад, калі справа дайшла да дэтранізацыі караля Жыгімонта III Вазы. Пасля падаўлення рокашу Г. Ba­ro рый падтрымліваў С. Стадніцкага ў яго вайне з Л. Апалінскім.

28 ... аб'явіў нам службу за два тыдні да сканчэння кварты г. зн. абвесціў аб працягу службы за два тыдні да сканчэння папярэдняй кварты (трохмесячнага тэрміну службы), што было забаронена законам.

29 Насамрэч бітва адбылася 6 ліпеня 1607 г.

30 Гарадзенская канфедэрацыі была караткачасовай; у чым палягала яе сутнасць, незразумела.

31 Шчасны даслоўны пераклад з лацінскай мовы імя Фелікс.

32 У ліпені 1607 г. у Старадубе аб'явіўся чалавек, які пачаў выдаваць сябе за маскоўскага цара Дзімітрыя. Вакол новага самазванца пачалі збірацца маск., казацкія i польскія аддзелы, i ўжо ўвесну 1608 г. Дзімітры II пачаў паход на Маскву. Дайшоўшы да сталіцы, ён разбіў свой лагер у Тушыне (за што быў празваны маскоўцамі тушынскім злодзеем, «вором») i пасля няўдалага штурму распачаў блакаду Масквы.

33 Насамрэч гэты паход, узначалены князем Стафанам Патоцкім, быў у Малдавію. Паход скончыўся няўдала, поспех прынесла толькі другая выправа ў пачатку 1608 г.

34 Насамрэч сойм пачаўся на дзень пазней, 15 студзеня 1609 г.

35 Пад Смаленск кароль прыбыў 1 кастрычніка (Русская нсторнческая бнблнотека. Археографнческая комнссня, 1872. Т. I: Памятннкн, относяіднеся к Смутному временн. С. 438, 446).

36 Людвіг Вейхер быў касцежынскім старостам, a не пуцкім (гэты ўрад належаў яго брату Яну).

37 Мазуры жыхары Мазовіі, гістарычнай вобласці ў Польшчы. З XIII ст. Мазовія з цэнтрам у Варшаве была самастойным княствам, якое ў 1526 г. кароль Жыгімонт I Стары далучыў да Польскай Кароны.

38 Гетман ix [быў] з мястэчка Збораў i зваўся Збароўскім, з роду казак. Гаворка пра пра Аляксандра Збароўскага (†1621). Жаданне славы i трагічная смерць бацькі (быўабвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе i пакараны смерцю ў 1584 г.) прывялі яго да Дзімітрыя II Самазванца. У 1610 г. А. Збароўскі сабраў рэшткі тушынскага войска самазванца i прывёў ix да гетмана С. Жалкеўскага. Вярнуўшыся на радзіму, у хуткім часе падаўся ў падарожжа ў Святую Землю. Са смерцю А. Збароўскага згасла лінія роду Збароўскіх.

39 Стафан Баторый вёў вайну з Масковіяй у 1579-1581 гг.

40 Дата памылковая. Каралеўскія паслы, сярод якіх былі перамышльскі кашт. Станіслаў Стадніцкі, крамянецкі ста Крыштаф Збаражскі, в. літ. пісар Януш Тышкевіч i плк Людвіг Вейхер, адправіліся да Дзімітрыя II Самазванца са смаленскага лагера 9 XI1609 г., за два месяцы да названай С. Маскевічам даты.

41 У дадзеным выпадку С. Маскевіч памыляецца, бо гаворка не пра Андрэя, a пра Марціна Казаноўскага.

42 Забойства Дзімітрыя I Самазванца, арганізаванае В. Шуйскім, В. Галіцыным i Р. Куракіным, адбылося ў ноч з 16 на 17 мая 1606 г., на 8-ы дзень па вянчанні самазванца з Марынай Мнішак.

43 Свайго абяцання С. Маскевіч не выканаў.

44 С. Маскевіч лічыць Дзімітрыя Самазванца маскалём, г. зн. выхадцам з Маск. дзяржавы. Крыху адрозную версію падае тэкст «Баркулабаўскай хронікі» (Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мінск, 1975. С. 153-154).

45 ...з некалькімі тысячамі вершнікаў. - Па сведчанні А. Гіршберга агульная колькасць войска Яна Пятра Сапегі не перавышала 1400 жаўнераў (Hirschberg A. Maryna Mniszchówna. Lwów, 1927, s. 84).

46 ...тайна пабраўся з ёй шлюбам. - Першае спатканне Марыны Мнішак з Дзімітрыем II Самазванцам адбылося 16IX 1608 г., a тайны шлюб - не пазней за 26 IV 1610 г. у Калузе.

47 ...за ЗОміль ад Сталіцы. Дакладней, за 32,5 мілі (маецца на ўвазе т. зв. малая літ. міля, роўная 5,8 км).

48 Касімаўскае царства, цэнтрам якога з'яўляўся Гарадзец (перайменаваны ў Касімаў), было аргінізавана Васілём III для процідзеяння Казанскаму ханству. Касімаўскія цары прызначаліся па выбары маскоўскіх князёў. У дадзеным выпадку гаворка пра Ураз-Мухамеда (цар у 16001610 гг.), які падтрымаў Дзімітрыя II Самазванца, але ў 1610 г. быў забіты ім праз боязь здрады. За смерць Ураз-Мухамеда Дзімітрыю II Самазванцу адпомсціў яго забойца, князь Пётр Урусаў.

49 Пасольства начале з перамышльскім кашт. Станіславам Стадніцкім адправілася з-пад Смаленска 12 XI 1609 г. Акрамя Стадніцкага ў яго ўвайшлі Крыштаф Збаражскі, Януш Скумін-Тышкевіч i Людвіг Вейхер.

50 У 1606 г. Дзмітры прымаў удзел у змове супраць Дзімітрыя I Самазванца. Пасля ўступлення на пасад брата Васіля ён стаў галоўным ваяводам. Пасля звяржэння В. Шу йскага ўсе тры браты (Васіль, Іван i Дзмітры) былі вывезены ў Варшаву ў якасці нявольнікаў.

51 ...празтыдзень пасля Сёмухі. - У арыгінале: «затыдзень да Сёмухі». Сёмуха ў 1610 г. прыпала на 30 травеня, адсюль вынікае, што мемуарыст (або перапісчык) памыліўся з прыназоўнікам.

52 ...ужо ix не застаўшы. Да гэтага часу Белы быў заняты атрадам Гасеўскага, які выбіў адтуль князя Хаванскага i шведскага военачальніка Горна.

53 Войска патрабавала ад гетмана неадкладнай выплаты заслужнога, абяцанага каралём Жыгімонтам III Вазам за час службы Дзімітрыю II Самазванцу.

54 Euiya біблейскі Ісус, сын Нава (Ешуа бен-Нун). Паводле Бібліі, Ешуа не апусціў узнятай угору з кап'ём рукі, пакуль не пракляў усіх жыхароў горада Гая.

55 У сакавіку 1610 г. накіраваны Карлам IX Дэлагардзі увайшоў у Маскву, каб дапамагчы В. Шуйскаму, пасля звяржэння якога перайшоў да адкрытай інтэрвенцыі. У жніўні 1610 г. ён узяў у аблогу Івангарад, у верасні - Карэлу, у канцы 1610 на пачатку 1611 г. здзейсніў беспаспяховыя паходы на Колу, Сумскі астрог, Салавецкі манастыр. Летам 1611 г. ён распачаў ваенныя дзеянні супраць Ноўгарада i захапіў яго. Увесну 1612 г. Дэлагардзі захапіў Капор'е, Ям, Івангарад, Арэшак, Гдоў, Порхаў i іншыя гарады. Падпісанне Сталбоўскага міру (1617) i Дэвулінскага замірэння (1618) спыніла інтэрвенцыю шведаў у Маск. дзяржаву.

56 Якаб Понтус Дэлагардзі быў захоплены ў палон пры здачы Вольмара (Валміеры) увосень 1610 г. i прысягнуў каралю Жыгімонту III Вазу, што ў будучым больш ніколі не будзе ваяваць супраць яго.

57 Паводле іншых крыніц, 16 ліпеня (Hirschberg A. Maryna Mnischówna. S. 214).

58 3 жнівеня (паводле Hirschberg A).

59 ...пагадзіцца з баярамі наконт ям. каралевіча Уладзіслава, на пэўных умовах. Поўны тэкст дамовы ад 17 VIII 1610 г. гетмана Станіслава Жалкеўскага з рускімі баярамі пра абранне каралевіча Уладзіслава Вазы на маск. царскі пасад, захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў i грамат у Маскве. Асноўныя пункты дамовы наступныя: 1) Духавенства i ўсе станы Маск. дзяржавы просяць караля Жыгімонта даць ім свайго сына за цара. 2) Каралевіч павінен быць павянчаны патрыярхам. 3) Цар Уладзіслаў абяцае шанаваць святыя храмы, абразы, мошчы i ўсё духавенства, не адбіраць царкоўнай уласнасці, не ўмешвацца ў духоўныя справы. 4) У Маск. дзяржаве забараняецца будаўніцтва лацінскіх i інш. цэркваў, акрамя праваслаўных; габрэям забараняецца ўезд. 5) Даўнія звычаі застаюцца непарушнымі; чыноўнікамі i баярамі маюць правабыцьтол ькі маскоўцы. 6) Маёнткі i вотчыны недатыкальныя. 12) Польшча i Літва павінны падпісаць з Масковіяй вечны мір. 13) Жыхары не маюць права перасяляцца з адной дзяржавы ў другую. 14) Паміж дзяржавамі вядзецца вольны гандаль. 15) Кароль абавязаны неадкладна вывесці войскі з усіх гарадоў Масковіі. 16) Усе палонныя вызваляюцца без выкупу. 19) Марына Мнішак павінна выехаць у Польшчу i адмовіцца ад права называцца маск. гасударыняй. 20) Маск. вялікія паслы адпраўляюцца да караля Жыгімонта з просьбай даць дазвол на хрышчэнне Уладзіслава ў грэцкую веру.

60 27 жнівеня (паводле Hirschberg А.).

61 Белазор - маск. назва балабана, драпежнай птушкі сямейства сакаліных.

62 ...аддадзены пад варту ў манастыр. Па ініцыятыве Пракопа Ляпунова Васіль Шуйскі быў змешчаны ў Чудаў манастыр i гвалтоўна пастрыжаны ў манахі.

63 Ям. п. гетман таксама выехаў з Масквы да ЯМ караля. Адбылося гэта ў канцы кастрычніка 1610 г.

64 З трох братоў Шуйскіх (Івана, Васіля i Дзмітрыя), вывезеных гетманам С. Жалкеўскім з Масквы ў якасці палонных караля Жыгімонта III Вазы, толькі Іван вярнуўся на радзіму ў часы цара Міхаіла Раманава, які прызначыў яго галавой Суднага прыказу. Васіль i Дзмітрьт памерлі ў палоне, у Гастынскім замку ў Польшчы.

65 Дзявочы манастыр Нова-Дзевічы Багародзіца-Смаленскі жаночы манастыр, заснаваны в. князем Васілём III у 1525 г. на Дзевічым полі.

66 Датаванне памылковае, бо Дзімітры II Самазванец загінуў 22 XII 1610 г.

67 ...забіты нейкім Пятром Урусавым, хрышчоным татарынам. - Род Пятра Урусава паходзіў ад Эдыгея Мангіта, ваеначальніка Тамерлана. У другой палове XIV ст. i на пач. XV ст. нашчадкам Эдыгея ў 6 калене быў Урус-хан, які лічыцца заснавальнікам рода Урусавых; многія з яго дзяцей прынялі праваслаўе i атрымалі прозвішча Урусавы. Гэты княжацкі род займаў высокае становішча ў Маск. дзяржаве. Пётр Урусаў праславіўся тым, што забіў Дзімітрыя II Самазванца.

68 ...нібыта сам кароль, a не каралевіч, збіраецца заняць пасад. - Пасля звяржэння В. Шуйскага С. Жалкеўскі заключыў з маск. баярамі дамову пра ўзвышэнне на маск. пасадзе каралевіча Уладзіслава. З гэтай мэтай пад Смаленск было накіравана пасольства да Жыгімонта III Вазы. 17 X 1610 г. пасланцы прыбылі ў Смаленск. Перамовы доўжыліся да 12 красавіка. Спачатку Жыгімонт Ш не пагаджаўся на пэўныя ўмовы (пераход каралевіча ў праваслаўе i інш.), пасля чаго выставіў на пасад уласную кандыдатуру. Пасля атрымання данясення пра набліжэнне да Масквы апалчэння на чале з Ляпуновым, Трубяцкім i Заруцкім паслы былі арыштаваныя. Аднак аслабленае канфедэрацыямі пол.-літ. войска не змагло скарыстацца слабасцю Масквы, у выніку маск. царом быў абраны Міхаіл Раманаў (1613).

69 Пасля абрання царом В. Шуйскага партыярхам замест Ігнація (1605-1606) быў абраны Гермаген. У перыяд Смуты спачатку Гермаген падтрымліваў на маскоўскі пасад кандыдатуру каралевіча Уладзіслава затым - Міхаіла Раманава, таму ў канцы 1610 г. ён адмовіўся ад прысягі каралю Жыгімонту III. Пасля акупацыі Масквы польска-літ. войскам Гермаген з другой паловы снежня 1610 г. рассылаў па гарадах краіны граматы з заклікам да паўстання. За сваю падрыўную дзейнасць патрыярх быў пасаджаны пад хатні арышт, a затым у Чудаў манастыр, дзе памёр з голаду.

70 Адна з такіх грамат, пасланых Гермагенам 27 студзеня 1611 г., надрукавана ў «Собраннн Государственных Грамат» (Собранне Государственных Грамат н Договоров, храняіцнхся в Государственной Коллегян Нностранных дел: в 4 т. Москва, 1813-1826. Ч. II. С. 499).

71 ...ад зычлівых да нас баяраў. Маюцца на ўвазе Салтыкоў, Андронаў, Рубец-Масальскі i некаторыя іншыя маск. баяры.

72 ...на Тры Каралі, то бок на Вадохрышча. - Відавочна, што гаворка пра 19 студзеня, дзень Вадохрышча ў праваслаўных (адпаведнае каталіцкае свята мае назву Тры Каралі i святкуецца 6 студзеня, адсюль аўтарскае атаясамліванне назваў свята).

73 Як вянок ружаў як падарунак.

74 Слова «дворянка» тут ужыта для абазначэння жанчыны, якая ўваходзіць у склад баярскага двара.

75 Гаворка ідзе пра т. зв. правёж прымусовае спагнанне падаткаў, пазыкі з адказчыка i г. д. у Маск. дзяржаве XV пач. XVIII ст. Сутнасць правёжа палягала ў наступным: адказчыка, які не выконваў рашэння суда, на працягу пэўнага часу па некалькі гадзін у дзень, акрамя святаў, білі кіямі або палкамі («батагамі») па лытках ног. Адказчык мог адстаяць правёж i не сплачваць доўгу; акрамя таго, ён меў права выставіць замест сябе іншую асобу.

76 Сухі закон быў уведзены ў Масковіі царом Барысам Гадуновым, які не цярпеў п'янства. Праўда, сведчанне С. Маскевіча пра поўную ліквідацыю піцейных установаў у Маскве не зусім дакладнае: забарона на трыманне шынкоў існавала выключна для прыватных шюб, але не для дзяржавы.

77 ...купец... прывёз туды воз муніцый. Гаворка пра адзін з календароў (муніцый, месячнікаў), выдадзеных у пачатку XVII ст. ІОрыем Кастоўскім. Апрача звестак пра надвор'е, у календары змяшчаліся звесткі пра асобныя палітычныя падзеі, даваліся практычныя парады (як ставіць банькі, пускаць кроў i інш.).

78 Золотая палата Гранавітая палата Маскоўскага Крамля, пабудаваная ў 1487-1491 гг. італьянскімі арх. М. Фразіным i П. Салары i прызначаная для ўрачыстых цырымоній.

79 ...царкваДабравешчання Багародзіцы Марыі. Гаворка пра Дабравешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (збудаваны ў 1484-1489), дамовая царква маскоўскіх цароў.

80 ...царква Прачыстай Багародзіцы. Успенскі сабор Маскоўскага Крамля (збудаваны ў 1475-1479; арх. А. Ф'яраванці), дзе адбываліся вянчанні маскоўскіх цароў на царства. Месца пахавання маск. мітрапалітаў i патрыяхаў.

81 ...царква Міхаіла Архангела. Архангельскі сабор Маскоўскага Крамля (збудаваны ў 1505-1509; арх. А. Нові), месца пахавання в. маск. князёў, a пазней маск. цароў.

82 ...над якой узвышаецца вельмі высокая мураваная вежа. Т. зв. званіца Івана Вялікага.

83 як «Жыгімонт». Маецца на ўвазе звон катэдры на Вавелі ў Кракаве, самы вядомы i самы вялікі звон у Польшчы (вага 12,6 тон). Звон быў адліты ў 1520 г.

84 Непадалёк ад тае царквы ёсць звон. Гаворка пра т. зв. Цар-звон, адліты ў часы Барыса Гадунова, вагой 200 тон, вышынёй к. 8 м i 20 м у акружнасці. У XVIII ст. звон сарваўся, адламаўся кавалак блізу 2 м.

85 Фроловскйе ворота. Спаская вежа Маскоўскага Крамля.

86 Кітайгарад старажытны маскоўскі пасад, размешчаны з усходняга боку ад Крамля. Галоўны гандлёвы асяродак горада, месца пастою замежных пасольстваў i наогул пражывання чужаземцаў.

87 ...да жывога маста. Так мемуарыст называе мост, які наводзіўся праз Маскву-раку на плытах або на лодках (па сучаснай тэрміналогіі гэта пантонны мост).

88 Апісаная С. Маскевічам марціра i цяпер захоўваецца ў маскоўскім Крамлі як гістарычны помнік ліцейнага мастацтва XVI ст.

89 Гаворка пра сабор Васіля Блажэннага, першапачаткова называны саборам Св. Тройцы.

90 «Гйсь, гйсь, гйсь!» скарочаны выкрык возннка («берегнсь!», г. зн. дай дарогу).

91 Пасадскімі людзьмі ў Маск. дзяржаве называлі аседлае (пастаяннае) гарадское насельніцтва.

92 18 літ. міль раўняліся 104,5 км.

93 Сіманаў манастыр - т. зв. Нова-Сіманаўскі манастыр.

94 ...у манастыры, называным Вяземы. Маецца на ўвазе манастыр у паселішчы Вяземы, які ўваходзіў у склад былой баярскай, a затым царскай рэзідэнцыі. У перыяд Смуты Вяземы былі загарадным палацам Дзімітрыя I Самазванца, тут спынялася Марына Мнішак, a 15-17 VI 1611 г. знаходзіўся в. літ. гетман Павел Ян Сапега.

95 Павел Ян Сапега падышоў да Масквы толькі 17 чэрвеня, пасля аблогі Смаленска 7-25.V.1611 г.

96 Насамрэч 1 ліпеня.

97 Аднак у сваім дзённіку Павел Ян Сапега ніяк не патлумачыў апісаны выпадак, які так i застаўся таямніцай для нашчадкаў.

98 Нікольская брама, першая пасля Цвярской. - Звесткі недакладныя: Нікольская брама з'яўляецца часткай крамлёўскага мура, a Цвярская адносілася да знешняга ўмацавання (т. зв. Землянога горада). Злева ад Нікольскай знаходзіцца Траецкая брама, пра якую, па ўсім відаць, тут гаворка.

99 Насамрэч 3 верасня.

100 Насамрэч з 14 на 15 кастрычніка.

101 ...не будуць падшываць боты лыкам. Не будуць знацца з беднасцю.

102 ...у якасці 120 злотых. У якасці платы за кварцяную службу, роўнай 120 злотым.

103 Магчыма, адным з ix быў Ежы Траян, a другім Ян^Аборскі (гл.: Marchocki М. Historyja wojny Moskiewskiej. Poznań, 1841. S. 141).

104 ...пайсціў поле за межы Масквы.

105 ...паводле наказных лістоў Ствараць i наймаць войска гетман мог толькі пасля атрымання лістоў в. князя i караля на найманне жаўнераў.

106 ...як немцам пад Шчовам. Фрагмент незразумелы. У выданні М. Устралава: «...подобно Немцамь Понтусовымь» (Устрялов Н. Сказання современннков o Дмнтрнн Самозванце: в 5 ч. Ч. 2. Запнскн Георга Паерле. СПб., 1832. С. 90).

107 Стафан Патоцкі, фелінскі староста, зяць валашскага гаспадара Магілы. - Стафан Патоцкі быў жанаты з сястрой Канстанціна Магілы Марыяй.

108 ...ганебна прайграў з немальш польскім войскам бітву туркам i валашцам. Бітва адбылася ў Сасавым Розе (Румынія) 19 VII 1612 г.

109 Г. Астрожская дапамагала JI. Апалінскаму ў яго барацьбе ca С. Стадніцкім (паколькі яна пастаянна жыла ў г. Яраславе, С. Маскевіч называе яе яраслаўскай княгіняй). С. Стадніцкі быў забіты казакамі JI. АпалІнскага пад вёскай Тарноўкай 14 VIII 1610 г. У гэты час войска яшчэ толькі адпраўлялася (а не вярталася, як сцвярджае С. Маскевіч) у Масковію, адкуль вярнулася толькі праз два гады, у 1612 г.

110 Львавяне, якія атрымалі ад ранейшых каралёў вялікія правы. У 1565 г. кароль Жыгімонт II Аўгуст вызваліў горад ад дарожных падаткаў; соймавая канстытуцыя 1601 г. дала гарадскому ўраду права караць іншаземцаў i прыезджых з іншых мясцовасцяў за злачынствы ў дачыненні да львавян i г. д.

111 ...законутой час быў пры нашым баку. г. зн. законам была шабля.

112 Насамрэч пасяджэнні сойму адбываліся 28 II 2 IV 1613 г. i скончыліся да Вялікадня, які прыпадаў на 7 красавіка.

113 У 1604 Юры Чартарыйскі развёўся з Аляксандрай Вішнявецкай, якая затым выйшла замуж за Яна Лагадоўскага, i пазней жаніўся з Гальшкай ГалавІнскай. Ю. Чартарыйскі першы са свайго роду адрокся ад праваслаўя i прыняў каталіцтва.

114 Габар Бетлен як кіраўнік дзяржавы ажыццяўляў палітыку ўмацавання княскай улады, стварыў рэгулярную армію, клапаціўся пра дабрабыт падданых i ix духоўнае развіццё. Падчас Трыццацігадовай вайны (1618-1648) дамогся значных поспехаў у барацьбе з Габсбургамі. У 1616- 1622 гг. князь захапіў вялікую частку Угорскага каралеўства i быў абвешчаны каралём Угоршчыны (1620). Паводле Мікулаўскага (Нікальсбургскага) дагавору (1621) за адмаўленне ад угорскай кароны Габар Бетлен атрымаў значную тэрыторыю Славакіі.

115 ...пабраўся з князёўнай Соф'яй Заслаўскай. С. Маскевіч памыляецца. Жонкай Яна Шчаснага Гербурта была Лізавета Заслаўская з астрожскай галіны князёў Заслаўскіх. У 1601 г. Лізавета была выдадзена замуж за Яна Шчаснага Гербурта, віскага старосту, a ў 1616 г. засталася ўдавой i паўторна выйшла замуж - за Максімільяна Пшэрэмбскага. Соф'я Заслаўская была другой жонкай Яна Астрарога, познанскага ваяводы.

116 Надзвычайны сойм адбываўся 3-24 XII 1613 г.

117 Правадная нядзеля - нядзеля, першая пасля велікоднай, калі адбываюцца т. зв. провады Вялікадня.

118 Канфедэрацыю мы спалілі. - Нягледзячы на скасаванне канфедзрацыі, частка незадаволеных канфедэратаў працягнула бунт i рабаванне на тэрыторыі Чырвонай Русі i Валыні. Адну з такіх бандаў пад камандай нейкага Карвацкага разбіў на Падоллі ў 1614 г. велюнскі староста Фірлей.

119 Слова «неапалітанцы» ў той час ужывалася ў двух значэннях: 1) людзі з нерэальнымі грашовымі прэтэнзіямі; 2) бандыты. Хутчэй за ўсё, С. Маскевіч мае на ўвазе другое значэнне слова.

120 Св. Крыж бенедыктынскі кляштар з касцёлам на Лысай гары каля Сандаміра.

121 Св. Кацярына касцёл Святой Кацярыны бенедыктынскага кляштара Лысай гары пад Сандамірам.

122 Парафіяльнае свята касцёла Найсвятой Дзевы Марыі ў Кракаве, т. зв. Марыяцкага касцёла.

123 ...падлячыць [хваробу], падхопленую пры двары ў Варшаве. -Відавочна, што С. Маскевіч мае на ўвазе венерычную хваробу, хутчэй за ўсё распаўсюджаную ў тыя часы французскую хваробу (сіфіліс).

124 ...адмарозіў сабе тройцу. Полавы член i машонку.

125 ...катафалкаў; нясення пустых мараў, упрыгожаных коней, ламання дзідаў Пахаванне высакароднай асобы ў XVII ст. ператварылася ў надзвычай складаную цырымонію, «поўны цыкл» якой мог заняць некалькіх гадоў. Да ўсяго, для сям'і нябожчыка падобнае пахаванне вылівалася ў немалую грашовую суму, паколькі даводзілася ўтрымл іваць (часам панекалькі месяцаў)усіх далёкіх i блізкіхсваякоў, якія з'язджаліся на пахаванне з усёй Рэчы Паспалітай.

126 Пераезд частка вясельнага абраду, калі нявеста з самымі блізкімі сваякамі пераязджае да жаніха, дзе працягваецца вясельны абрад.

127 Пан Кавалер, г. зн. Жыгімонт Караль Радзівіл, быў крайчым у 1633-1638 гг. У 1616 г., пра які тут гаворка, крайчым ВКЛ быў Андрэй Война, які займаў гэтую пасаду ў 1592-1620 гг.

128 Хрышчэнскія суды суды, якія пачыналіся пасля Водахрышча, у каталікоў называнага таксама Трыма Каралямі. Згодна са Статутам ВКЛ судовыя сесіі, кожная з якіх доўжылася месяц, адбываліся тры разы на год: зімой пасля свята Вадохрышча, вясной-летам пасля Сёмухі (Тройцы) i ўвосень, пасля свята святога Міхала.

129 Галоўныя трыбунальскія суды - Літоўскі Трыбунал, вышэйшы апеляцыйны суд ВКЛ, утвораны 1 III 1581 г. Сесіі Трыбунала спачатку праводзіліся ў Вільні i Троках (для Жамойці, Віленскага i Троцкага ваяводстваў), Наваградку i Менску (для астатняй тэрыторыі ВКЛ), аз 1588 г. у Вільні i папераменна (праз год) у Наваградку i Менску. Кіраваў трыбунальскімі сесіямі маршалак, ix пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статута ВКЛ.

130 ...трымаў жазло г. зн. выконваў абавязкі маршалка сойма.

131 Насамрэч Самуэль Карэцкі i Аляксандр Магіла трапілі ў турэцкую няволю годам раней, у 1616 г.

132 Гаўрылка быў сынам Сімяона Магілы (каля 1560 1607), роднага брата Ераміі Магілы.

133 Каразія англійскае сукно; пазней польскае такой самай якасці.

134 аўтар спалучыў у адно імёны двух каралевічаў, сыноў караля Жыгімонта III Вазы i Канстанцыі Габсбург: Яна Казіміра (1609-1672), пазнейшага караля Рэчы Паспалітай (1648-1668), i Караля-Фердынанда (нар. у 1613 г.), якому на час апісання падзей было толькі 6 гадоў.

135 Насамрэч Станіслаў.

136 Сойм адбываўся 3.11-11.12 1620 г.

137 Януш Радзівіл памёр 3 снежня 1620 г.

138 ... паслаў мяне ў Дубна, з якім падтрымліваў пэўныя сувязі. У 1620 г. памёр Януш Астрожскі, апошні з княскага роду, уладальнік Дубна. Крыштаф Радзівіл (сын Крыштафа Радзівіла «Перуна» ад яго трэцяга шлюбу, з Кацярынай Тэнчынскай) прэтэндаваў на Дубна, паколькі бацька быў двойчы жанаты з князёўнамі Астрожскімі (Кацярынай i Альжбетай).

139 ...вечную вайну з персамі. Войны Турэччыны з Персіяй адбываліся ў 1578-1590, 1603, 1612 i 1615 гг.

140 Абяцанне расказаць пра вальны сойм 1621 г. С. Маскевіч не выканаў.

141 Мемуарыст памыляецца, называючы ў 1621 г. Сулеймана турэцкім султанам, паколькі ў гэты час султанам быў Асман II (1603/1604-1622). Асман II быў вельмі актыўным валадаром i самастойна прымаў дзяржаўныя рашэнні. У 1620 г. ён пачаў вайну з Польшчай i разбіў палякаў пад Цацорай. У 1621 г. Асман рыхтаваў новы паход на Польшчу, але пацярпеў паразу пад Хоцінам i быў вымушаны падпісаць т. зв. Хоцінскі мір, што істотна змешыла папулярнасць султана.



[1] Жыгімонта III Вазы.

[2] Ян Маскевіч.

[3] Іван Маскевіч.

[4] Міхаіла Харобрага.

[5] Крыштаф Мікалай Радзівіл.

[6] Івана IV Жахлівага.

[7] Ежы Мнішак.

[8] Станіслаў Мнішак.

[9] Ноўгарадам-Северскім.

[10] 29 верасня.

[11] 15 (28) жнівеня.

[12] Станіслаў Жалкеўскі.

[13] Ян-Раман Ружынскі.

[14] (Імя невядомае).

[15] Ян Гульскі

[16] Аляксандра Вішнявецкая.

[17] Аляксандра Заслаўскага.

[18] Міхала Вішнявецкага.

[19] Станіслава Харлінскага.

[20] Мікалая Глябовіча з Марцыбелай-Ганнай Карэцкай.

[21] Аляксандр Хадкевіч.

[22] Польскі (гэта значыць, рыма-каталіцкі).

[23] Жыгімонта III Вазы.

[24] Канстанцыяй Габсбург.

[25] 05.03-09.04. 1606 г.

[26] 21 травеня.

[27] Мікалая Алясніцкага.

[28] Яна Гратуса Тарноўскага.

[29] Мікалая Забрыдоўскага.

[30] Януша Радзівіла.

[31] Станіслава Стадніцкага.

[32] Габара Баторыя.

[33] Мікалая Забрыдоўскага.

[34] Жыгімонт III Ваза.

[35] Януш Радзівіл.

[36] Зыгмунт Грудзінскі.

[37] Рэчы Паспалітай.

[38] Яна Даніловіча

[39] Ян-Караль Хадкевіч.

[40] Андрэй, Мікалай, Станіслаў, Ян i Якуб Патоцкія.

[41] Канстанціна Магілу.

[42] Яна Маскевіча.

[43] 29 верасня.

[44] Ад Ахмета I да Жыгімонта III Вазы.

[45] Габара Баторыя.

[46] Тут: сойм.

[47] Так або інакш.

[48] Гэта значыць, атрады i валанцёры.

[49] Леў Сапега.

[50] Станіславу Любамірскаму.

[51] Дзімітрыем II.

[52] Аляксандр Корвін-Гасеўскі.

[53] Івана IV Жахлівага.

[54] Стафана Баторыя.

[55] Урачыста.

[56] Святога Міколы Цудатворцы.

[57] Маскоўцам.

[58] Януша Скуміна-Тышкевіча.

[59] Барыса Гадунова.

[60] Мікалая Забрыдоўскага.

[61] Якуб Бабоўскі.

[62] Станіслава Жалкеўскага.

[63] Міхаіл Салтыкоў з Іванам Салтыковым.

[64] Янам, Якубам i Андрэем Патоцкімі.

[65] Яна Даніловіча.

[66] Валянціна-Аляксандра Каліноўскага.

[67] Станіслава Стадніцкага.

[68] Аляксандра Дамініка Казаноўскага.

[69] Януша Скуміна-Тышкевіча.

[70] Крыштафа Збаражскага.

[71] Сож i Асцёр.

[72] Гэта значыць, непрыяцеляў.

[73] 3 ліпеня 1610 г.

[74] Дзве з паловай.

[75] Праваднікоў.

[76] Непрыяцеляў.

[77] Маскоўцаў.

[78] Маскоўцаў.

[79] Нішто Геркулес супраць мноства.

[80] Адама Жалкеўскага.

[81] Цябе, Бога, услаўляем.

[82] Ha перамовы.

[83] Самазванец.

[84] Тут: у Маскоўскім царстве.

[85] Ураз-Мухамедам.

[86] Івану Салтыкову.

[87] У Калузе.

[88] Троіца-Сергіеву лаўру.

[89] Васіля, Дзмітрыя i Івана Шуйскіх.

[90] Блінскага.

[91] Дазнанне.

[92] Гермаген.

[93] Сапраўды.

[94] Зборышча.

[95] У часы панавання караля Стафана Баторыя.

[96] Фёдарам Галавіным.

[97] У рэчаіснасці.

[98] Маскоўцаў.

[99] Гэта значыць, карэце.

[100] Правіна.

[101] У тэксце: «niż zadzwonią do cerkwi».

[102] Гэта значыць, грошы.

[103] Гэта значыць, тайна навучаўся ў немца.

[104] Галавіну.

[105] Крамлі.

[106] Маскоўцы.

[107] Унутранай паверхні.

[108] Фурманаў.

[109] Кітайгарад.

[110] Гэта значыць, Кітайгарад i Крэмль знаходзяцца ўнутры Івангарада.

[111] Маскоўцы.

[112] Маскоўцаў.

[113] Сталы, лаўкі etc.

[114] 28 травеня.

[115] Скрыню.

[116] На званіцы Івана Вялікага.

[117] Параўнай: Псалтыр 100:8 («З самае раніцы буду знішчаць усіх бязбожных зямлі, каб выкарчаваць з горада Гасподняга ўсіх, хто злачынства ўчыняе»).

[118] Баязлівец.

[119] Маскоўцы.

[120] У Крымгарад (Крэмль).

[121] Са скарбу.

[122] Бойка.

[123] Супраць вас ідзе да нас Сапега.

[124] Сапегу.

[125] Ян Караль Хадкевіч.

[126] Барабаншчыка.

[127] Вярнулі.

[128] Станіслаў Вітоўскі † 1611.

[129] Грашах.

[130] Іван Заруцкі.

[131] Усходнім.

[132] Светла-жоўтага, буланага.

[133] Яну Каралю Хадкевічу.

[134] Першых каронных сенатараў.

[135] Знакі ўлады.

[136] Мех, футра.

[137] Скіпетр.

[138] 13 лістапада.

[139] Адама Ліпскага.

[140] Крыштафа Корвін-Гасеўскага.

[141] На службе на мурах.

[142] Заслужное (плата за службу).

[143] Старыца.

[144] Палок.

[145] 21 чэрвеня.

[146] Для грошай.

[147] Станіслаў Ланцкаронскі.

[148] Гл. Евангелле ад Мацвея 10:14.

[149] Канстанціна Магілу.

[150] Януша Скуміна-Тышкевіча.

[151] Прыкарпацці.

[152] Ганны Астрожскай.

[153] Ганна Стадніцкая (Зямецкая).

[154] Вознымі коньмі.

[155] Станіславу Жалкеўскаму, Станіславу Гульскаму, Яну Астрарогу, Станіславу Варшыцкаму.

[156] 4 травеня.

[157] Яна Маскевіча.

[158] Гродка-Ягелонскага.

[159] Габарам Баторыем.

[160] Ахмета I.

[161] Гэта значыць, прыняў іслам.

[162] Яна Юрыя Радзівіла.

[163] Габара Баторыя.

[164] Думкі, меркавання.

[165] Каралеўскія ўладанні.

[166] Для вырашэння адной справы.

[167] Адама Стадніцкага.

[168] Петыцыі.

[169] Леў Сапега.

[170] Імёны.

[171] Надзвычайны.

[172] Сёння мне, заўтра табе.

[173] Маркам (або Стафанам) Аксакам.

[174] Гэта значыць, 31 снежня.

[175] Гэта значыць, тым, якія былі ў Маскве.

[176] Максімільяна (Мацвея) Габсбурга.

[177] Фёдара Іванавіча.

[178] Дзімітрыя I Самазванца.

[179] 23 красавіка.

[180] Коней жамойцкай (самагіцкай) пароды.

[181] Яна Юрыя Радзівіла.

[182] Яна Войну

[183] Судовую позву, позву ў суд.

[184] Заходнім Бугу.

[185] Леў Сапега.

[186] Яна Маскевіча.

[187] Злотых.

[188] Так хачу, так загадваю.

[189] Яна Альберта Радзівіла.

[190] Карца.

[191] Клецк.

[192] Аляксандр-Яраслаў Шэмет.

[193] Геранім Валовіч.

[194] Міхалу Нікіфару Дольскаму.

[195] Адпушчэння грахоў.

[196] Януша Радзівіла.

[197] Янушам Радзівілам.

[198] Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка».

[199] Пахавальных насілак.

[200] Чорнай тканіны.

[201] Яна Юрыя Радзівіла.

[202] Ян Юры, Альбрэхт Уладзіслаў, Жыгімонт Караль Радзівілы.

[203] 22 травеня

[204] Фелікса Крыскага.

[205] 24 чэрвеня.

[206] Януша Астрожскага.

[207] Яўстафій Валовіч.

[208] Канстанцыі Габсбург.

[209] У горадзе.

[210] 13 лістапада.

[211] 30 лістапада.

[212] Крымінальны.

[213] Павел (або Станіслаў) Моклак.

[214] Яна (?) Аксак.

[215] Стафана Аксака.

[216] Змову.

[217] Стратэгія.

[218] Камянца-Падольскага.

[219] На свята Тройцы.

[220] Уладзіславу Вазу.

[221] Ян Юры Радзівіл.

[222] Імя сына невядомае.

[223] Фёдар Скумін-Тышкевіч.

[224] Янушам Скуміным-Тышкевічам.

[225] Параўнай: Кніга Эклезіяста 7:2, 4.

[226] Самуэлю Карэцкаму.

[227] Ахмета I.

[228] Аляксандрам Магілам.

[229] Лізаветай Чамартань.

[230] Крыштаф i Юры.

[231] Канстанцін i Януш.

[232] Юры i Мікалай.

[233] Пятра Жыжэмскага.

[234] Адама Тальваша.

[235] Тут: справаздача.

[236] Канстанцыяй.

[237] Фердынанду II Габсбургу.

[238] Мехмедам III Гірэем.

[239] Валянцін-Аляксандр.

[240] Станіслаў Жалкеўскі.

[241] Станіслаў Жалкеўскі.

[242] Станіслаў Канецпольскі.

[243] Ян Жалкеўскі.

[244] Лукаш Жалкеўскі.

[245] Крыштафам Радзівілам.

[246] Януша Радзівіла.

[247] Эразмам Дамашэўскім.

[248] Ян Вэнжык i Андрэй Прахніцкі.

[249] Уладзіслава Вазу.

[250] Тут: узвышэнне, эшафот.

[251] Гераніма Атвіноўскага.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX