Папярэдняя старонка: Мемуары

Еўлашоўскі Фёдар. Гістарычныя запіскі 


Аўтар: Еўлашоўскі Фёдар,
Дадана: 09-09-2012,
Крыніца: Еўлашоўскі Фёдар. Гістарычныя запіскі (урывак) // Старажытная беларуская літаратура (ХІІ-XVII стст.). Мінск, 2007. C. 334-349.



Фёдар Еўлашоўскі - выдатны беларускі пісьменнік і дзяржаўны дзеяч. Нарадзіўся ён 7 лютага 1546 г. у Ляхавічах (цяпер раённы цэнтр Брэсцкай вобл.) у шляхецкай сям'і. З пяці год пачаў вучобу, засвоіў родную і польскую мовы, а затым ідыш. Пасля прадоўжыў навучанне ў галіне юрыспрудэнцыі, матэматыкі і справаводства.
Ф. Еўлашоўскі належаў да кальвінскага веравызнання, меў сям'ю, жонку Ганну Балатоўну, 9 сыноў і 5 дачок.
У час беларуска-маскоўскіх войнаў Ф. Еўлашоўскі пайшоў у войска, браў удзел у паспалітых рушаннях. Пад кіраўніцтвам Мікалая Ра дзвіла Рудога змагаўся ў шэрагах беларускіх ваяроў пад Улаю, дзе ў 1564 г. харугвы Вялікага Княства Літоўскага здабылі бліскучую перамогу над маскоўскімі войскамі.
У 18-гадовым веку Ф. Еўлашоўскі звальняецца з войска і паступае на дзяржаўную службу. Вялікі князь і кароль С. Баторый у 1577 г. пры значае яго пінскім і сервецкім мастаўнічым. Працяглы час ён займаецца гаспадарчай дзейнасцю, ажыццяўляе збор падаткаў, інвентарызуе маёнткі, што належалі манарху. Затым выконвае абавязкі судовага абвінаваўцы, абіраецца на пасаду падсудка Наваградскага павета (1592-1613), удзельнічае ў якасці дэпутата на шматлікіх сойміках і соймах. Выдатны правазнаўца і дасведчаны юрыст-практык, Ф. Еўлашоўскі разам з Андрэем Трызнам рыхтуе «Трыбунал» (Вільня, 1586) - статут (палажэнне) вышэйшага апеляцыйнага суда Вялікага Княства Літоўскага.
У пісьмовай культуры старажытнай Беларусі «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага займаюць выбітнае месца, як адзін з першых значных помнікаў мемуарнага жанру нацыянальнай літаратуры эпохі позняга Рэнесансу. «Гістарычныя запіскі» - адзіны вядомы твор з літаратурнай спадчыны пісьменніка.
У жанравым плане «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага класічны мемуарны твор з элементамі мастацка-літаратурнага вымыслу. Зараджэнне аўтабіяграфічнага жанру ў беларускай літаратуры XVI ст. - выразная праява рэнесансавай эстэтыкі, якасна новага погляду на чалавека, увасабленне мастацкай канцэпцыі індывіду алізму.
Талент Ф. Еўлашоўскага як белетрыста, здатнага да пабудовы сюжэтнага аповеду, найбольш поўна выявіўся ў навеле пра паўстанне Налівайкі. Аповед уключае наступныя топікі: паведамленні пра час і месца, дзе яно пачалося, указанні асноўных маршрутаў паўстанцаў, пагромы шляхецкіх маёнткаў, пералік асноўных сутычак з рэгулярнымі войскамі пад кіраўніцтвам ваяводы Мікалая Крыштофа Радзівіла, звесткі пра гібель у баях з налівайкаўцамі знакамітых шляхціцаў.
Здольнасць Ф. Еўлашоўскага да літаратурнага вымыслу выявілася ў сюжэце пра з'яўленне прывіду, «агністага чалавека», з якім адбылася сустрэча ў 1566 г. падчас небывалай пошасці. Апавяданне пра містычнае здарэнне мае наступны змест: аўтар, вяртаючыся з Вільні, заначаваў у вёсцы Дорагава. Як толькі заснуў, «агністы чалавек» рушыў на яго. Ні кінжал, ні іншыя сродкі не спынілі прывіду, толькі пад раніцу сонечнае святло, што трапіла ў пакой праз расчыненае вакно, выратавала Еўлашоўскага. З гэтай сцэны «Гістарычных запісак» фактычна пачынаецца містычная тэма ў беларускай літаратуры.
Галоўная рыса творчага метаду Ф. Еўлашоўскага - аўтабіяграфічнасць. Яна выяўвілася ў аповедах аўтара пераважна пра тое, што ён асабіста назіраў, у чым удзельнічаў або з чым асабіста пазнаёміўся. Ф. Еўлашоўскі непасрэдна ў тэксце «Гістарычных запісак» змясціў уласную біяграфію, у якой паведаміў пра месца і час нараджэння, навучанне, службу ў розных асобаў, удзел у вайсковых рэйдах, маёмасныя канфлікты і судовыя разбіральніцтвы, наведванне соймаў, сямейныя справы, дачыненні з родзічамі, візіты ў розныя гарады з асабіс тымі і службовымі мэтамі.
Упершыню ў беларускай літаратуры Ф. Еўлашоўскі здзейсніў спробу перадаць уласныя духоўныя пакуты, незвычайны эмацыйны стрэс, выкліканы жорсткім забойствам сына Яна, які загінў ад рукі пана Олб рыхта Бруханскага. Паводле словаў мемуарыста, калі яму данеслі страшную вестку ў час судовага працэсу, дык ён страціў волю і сілы, не мог рухацца і прадпрымаць нейкія дзеянні: «А ям не толко не слал никого, але ани ведял о ничием еханю и о свете: жив лим был або не». І праз доўгі час, свой чарговы дзень нараджэння сустракаў у суме і адзіноце, «с плачем и велкой жалостей», а не як звычайна, калі ў такі дзень вакол яго было шмат сяброў.
Аповед Ф. Еўлашоўскага пра ўласную хваробу ўключае разгорнутую сістэму топікаў - звесткі аб яе працягласці, самаадчувані за ўвесь перыяд хваробы, цялесныя пакуты, лекаванні рознымі сродкамі, рэцыдывах праз усё жыццё. Мемуарыст на старонках твора пераказвае свой дзіўны сон: нібыта ён апынуўся ў далёкай краіне Італіі, дзе назіраў прыгажосць горада Мантуі: «Положене замку, места, вод, мостов мурованых».
Сярод іншых герояў «Гістарычных запісак» Ф. Еўлашоўскага рэальныя гістарычныя асобы, прадстаўнікі розных сацыяльных станаў: вялікія князі і манархі - Жыгімонт Аўгуст, Стафан Баторый; магнаты і ўрадоўцы - Ян Кароль Хадкевіч, Дзімітры Палубенскі, Астафей Валовіч, Леў Сапега, Міхаіл Гарабурда, Сямён Слуцкі; вядомыя навукоўцы і кнігадрукары - Ян Ліцыній, Албрэхт Кавячынскі; лекары - Барталян, Марцін Фокс, Лаўрэнціуш; прапаведнікі Вендрагоўскі і Касцяніцкі; суддзі - Іван Маскевіч, Анікей Уніхоўскі, Мікалай Падароўскі; блізкія і сваякі аўтара.
Найбольш поўна ў творы пададзены вобраз жонкі мемуарыста Ганны Балатоўны. Яе справы, паводзіны, учынкі ва ўсім узорныя: яна клапатлівая маці, цнатлівая жонка, яе сэрца ніколі не ведала злаблівасці і пыхі, заўжды са спачуваннем і міласэрнасцю яна ставілася да хворых, абяздоленых, паказвала прыклад канфесійнай цярплівасці. Пісьменнік ужывае прыём адкрытага, наўпроставага ідэалізавання Ганны Балатоўны праз пазітыўныя азначэнні: «В маетностисмы се з обу строн ровной знесли были, але з благословенства Божого была нам спора и помножаючаяся над працу и надею нашу. Мэлям з нею добру жонэ. Не уприкрыли ми се для ней дни живота моего, была бо вем у пригодах и хоробах сэрца мэжнего, цноты велкей. Пыха и зле мысли, снать, онэй нигды до сэрца не наступовали. Ку убогим, хорым и засмучоным людям упреймого милосердя, же и в ночи, спать не могучи, о таковых рятунку мыслила и старане чынила. А хоть у вере руской трвала, але так бачне и не упорне, же то намнейшей незгоды не указовало».
У «Гістарычных запісках» Ф. Еўлашоўскага яшчэ няма эвалюцыі характараў. Аўтар абмяжоўваецца кароткімі звесткамі, характарыстыкамі, у цэнтры яго ўвагі - выбітныя ўчынкі гістарычных асобаў (рыцарскія подзвігі, выданне кніг), характар заняткаў у пэўны перыяд, паведамленні пра заняцце важных дзяржаўных пасадаў, жаніцьбы і вяселлі, згадкі пра час, акалічнасці і прычыны смерці (быў забіты, памёр у гарачцы, затануў), дзень і месца пахавання.
У творы Ф. Еўлашоўскага падкрэсліваюцца асабістыя рысы персанажаў, пераважна пазітыўныя. Так, пра Яна Адахоўскага сказана, што ён «вельцэ чловек добрый». Князь Дзімітры Палубенскі, які загінуў у баі пад Дэрптам, - «чловек значне рыцерскі». Нядзведзіцкі ўрадовец Васіль Рагачоўскі - «чловек мудрый и велкего захованя у люди».
Да ліку адмоўных персанажаў «Гістарычных запісак» належыць жамойцкі кашталян Ян Нарушэвіч, яскравая характарыстыка якога вынікае з заўвагі, маўляў, пра яго можна толькі «с пострахэм велким успоминать», а таксама Таццяна Скуміна, жанчына «надта скупая», прагная да грошай.
У шэрагу выпадкаў аўтар дае агульную ацэнку дзейнасці гістарычнай асобы. Ф. Еўлашоўскі станоўча характарызуе плён жыцця і чыннасці вялікага князя і караля С. Баторыя, рэзідэнцыя якога колькі гадоў была ў Горадні: «Шкода кролю, жесь по велких працах, кторых ест се был з млодости приучил, и тэ лят килка Городном се у отпочиваню своим забавил. А моим зданем, где бысь звыклэй працэй уживал, еще бысь был далей потрвал. Але певней ведял то Пан Бог, чому так, а не иначей меть хтял».
Мастацка-кампазіцыйную аснову «Гістарычных запісак» утвараюць кароткія аповеды пра падзеі, што адбываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім з 1566 да 1604 года. Яны падаюцца ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Выбар падзей у якасці аб'екта адлюстравання - яшчэ адна важная праява творчага метаду мемуарыста.
Адно з галоўных месцаў у творы належыць соймам, шляхецкім соймікам і з'ездам. У «Гістарычных запісках» знайшлі адбітак, у рознай ступені, падзеі васьмі вялікіх соймаў - Гарадзенскага 1568, Варшаўскіх 1570, 1572, 1578, 1602, элекцыйнага сойма 1575 г. у Стэнжыцы, Торуньскага 1576, Кракаўскага 1603, а таксама двух павятовых шляхецкіх соймікаў - Цырынскага 1592 г. і Наваградскага 1602 г. Пры абмалёўцы падзеяў соймаў аўтар падае час і месца іх правядзення, указвае канкрэтны дзень пачатку - «съем зачатый был стычня 20», дату апошняга пасяджэння - «докончил се тот сэйим 9 стычня 1580», або, зрэшты, называе агульную працягласць сойма ў тыднях - «и змешкавши там три неделе розехали се в розэрваню». Звесткі пра ўдзель нікаў, дэпутатаў і гасцей соймаў, а таксама прадстаўнікоў, паслоў, ад Наваградчыны займаюць значнае месца на старонках твора: «Потом в декабры был съем у Вашове, на котором пан Андрей Тризна и я с повету Новгородского послами были». Ф. Еўлашоўскі абавязкова ўказваў, ці прысутнічаў на сойме манарх, хто маршалкаваў (старшыняваў) у часе правядзення дыскусій, асабліва калі рэй вёў прадстаўнік Вялікага Княства Літоўскага - «На местцу кролевским арцыбискуп гнезненский Якуб Уханский седял», «Маршалковал межи послами наш литвин, князь Лукаш Болько Свирский». Аўтар пералічвае найбольш значныя выступы дэпутатаў, характарызуе змест прамоў, адзначае, на якой мове прамаўляліся выступы - лацінай, па-польску, па-беларуску.
У цэнтры ўвагі мемуарыста - палітычныя вынікі соймаў, прынятыя статуты, канстытуцыі, пастановы і юрыдычныя дакументы, асабліва тыя, над якімі яму самому як паслу даводзілася працаваць: «На сэйме тым, кром намов о кгданщах, ничого не справивши пожекгнали послове кроля его милость»; «И працовалисмы, пишучи Трибунал, яко ж увес написаный и корол его милость подписал его нам, але выдать се не могл без констытуцэий, кторей с того сэйму не было, толко унивэрсал поборовый». Між іншым, згадвае пісьменнік і пра прыватныя маёмасныя праблемы, якія ўдавалася развязаць на соймах яму асабіста ды ягоным знаёмым падчас сустрэчаў з вялікім князем, а таксама пра давядзенне да ладу тых судовых справаў, што дзеля розных прычынаў нельга было закрыць на павятовым або ваяводскім узроўнях.
На старонках «Гістарычных запісак» знайшла адлюстраванне мілітарная тэматыка, пераважна ў форме занатовак, асобных штрыхоў пра вайсковыя падзеі, паведамленні пра месцы знаходжання, дыслакацыю баявых харугваў: «Тое ж осени король его милость был з войском и в шиху под Радошковичами». Перамогу беларускіх харугваў над маскоўскімі заваёўнікамі пад Улаю ў 1564 г. пісьменнік называе «шчаслівай», згадаўшы пра свой ўдзел у ёй: «А потом, за наступленем и поднесенем войны от короля его милости Жигимонта Августа с князем Иваном московским, былэм первшыи раз на войне, где и битва была нашим щаслива над москвою, року 1564, месяца генваря 26, на Иван-полю, над рекою Улою».
Мемуарыст фіксуе час вяртання замкаў і гарадоў, захопленых раней маскоўскімі войскамі: «Року того ж 80, вресня 5, король его милость под московским Луки взял был». Уласны вайсковы досвед аўтара спрычыніўся да стрыманых ацэнак вынікаў вайны, пазбягання ўсялякай яе гераізацыі.
У творчым інтэрпрэтаванні мемуарыста вайна - прычына шматлікіх бедаў, неверагодных чалавечых пакутаў, псіхалагічных стрэсаў, незлічоных стратаў. Яна не вядзе да станоўчых вынікаў. Аўтар упэўнена сцвярджае, што вайна не прыносіць карысці асобнаму чалавеку, і дапускае, што ад яе няшмат карысці для краіны: «А потом аж до уприк реня были ми частые язды на тые войны, а яко юж тераз упатруе, мало потребные, бо вем, же и речи посполитой пожитку не веле тэ войны приносили. А мне паметнэ зостали для утерпеня велких пригод, трудности, шкод и невыповеданых невчасов». Пазіцыя Ф. Еўлашоўскага набывае ледзьве не пацыфісцкую скіраванасць, калі ён дзякуе Богу, што той пазбавіў яго няшчасця ўдзельнічаць у чарговых вайсковых кампаніях.
Тэму міжканфесійных дачыненняў у Вялікім Княстве Літоўскім Ф. Еўлашоўскі раскрывае праз ідэалізаванне адносінаў паміж вернікамі розных веравызнанняў у мінулыя часы, калі яны маглі сустракацца і мірна весці супольныя справы, з павагай ставіліся адзін да другога. Пісьменнік называе той час «залатым векам»: «Для чого самого том тот век злотым ми ся види от нинейшого веку». Працягам гэтай добрай традыцыі, на думку аўтара, былі ягоныя шчыльныя кантакты з каталікамі - Янам Макавецкім, канонікам віленскім, і Баўтрамеем Нядзвецкім. Пры развязанні праблемы міжканфесійных стасункаў аўтар «Гістарычных запісак» ужывае публіцыстычны пасаж, у якім выказвае спадзяванне на тое, што ўлады Княства зробяць усё магчымае, каб не дапусціць грамадзянскай вайны на рэлігійнай глебе.
Ф. Еўлашоўскі не абышоў тэмы сацыяльных канфліктаў, на якія вельмі моцна хварэла тагачаснае грамадства. У творы яна адбілася ў форме аповедаў пра судовыя справы паміж магнатамі, шляхтай з-за маёмасных прэтэнзіяў, маральных траўмаў, крыміналу.
Міждзяржаўныя дачыненні паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам таксама знайшлі адлюстраванне на старонках «Гістарычных запісак». Аўтар асвятляе ракурс дыпламатычных зносінаў: маскоўскую місію 1567 г. на чале з Фёдарам Калычовым, Грыгорыем Нагім, Васілём Шчалканавым; вялікае сумеснае пасольства беларускага гаспадарства і Польшчы ў Маскву да Івана IV, у 1570 г., на чале з Мікалаем Тальвошам, кашталянам менскім, Андрэем Івановічам, пісарам, Янам Кратоскім і Рафалам Ляшчынскім. Мемуарыст у абавяз ковым парадку называе кіраўнікоў дыпламатычных місіяў, агульную колькасць гасцей - «сума всих людей 1225, а коней - 1629», галоўныя вынікі, дасягнутыя падчас перамоваў, не асвятляючы, аднак, ні характару дыскусій, ні абставінаў, пры якіх яны адбываліся.
Пісьменнік выдатна паказаў тагачасныя звычаі і рытуалы пры двары вялікага князя. Ён, у прыватнасці, перадае сцэну аўдыенцыі ў С. Баторыя князя Сямёна Слуцкага, які вітаў манарха арацыяй.
Ф. Еўлашоўскі - заснавальнік мемуарнага жанру і новай мастацкай традыцыі ў беларускай літаратуры, якая ў наступныя часы атрымала імклівае развіццё, істотна паўплывала на развіццё празаічных мастацкіх формаў.
«Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага - выдатная гістарычная крыніца, найкаштоўнейшы помнік нацыянальнай пісьмовай культуры.
Іван Саверчанка

ГІСТАРЫЧНЫЯ ЗАПІСКІ

(урывак)
Самому Пану Богу майму за ўсялякія яго дабрадзействы няхай будзе вечны гонар і хвала, дзякуючы клопатам якога і я, Фёдар Еўлашоўскі, нарадзіўся ад вышэйпамянёных родзічаў маіх у Ляхавічах у 1546 годзе ад нараджэння Сына Божага месяца лютага сёмага дня ў ноч з нядзелі на панядзелак. І дадзена мне было імя паводле свята праваслаўнага, якое было на той час у панядзелак месяца лютага восьмага дня, а ў рымлян прынята месяца сакавіка другога дня - Тэадора гетмана, Ліцыніушам замучанага.
А як меў звесткі ад родзічаў, што ў год пасля нараджэння майго прамовіў да бацькі майго «абба», чаму яны абрадаваліся. Але я потым ніколькі не гаварыў, аж на чацвёртым годзе ад нараджэння майго пачаў гаварыць.
А на пятым годзе пачалі мяне бавіць навукаю рускаю, бо ў тыя часы ў той нашай старане не было яшчэ іншых навук. І таму прыйшлося мне застацца з рускай і польскай навукай і па-яўрэйску пісаць умеў. Але тое пісьмо іх патрабуе ведання яўрэйскай мовы або хоць нямецкай, бо ўжо цяпер Біблія яўрэйская нямецкай мовай і літарамі іх выдадзена, чаго польскай мовай зрабіць было немагчыма з-за пісьма, якога ў іншых мовах няма.
А потым, калі я падаўся на службу, трапляліся мне такія паны, якія мяне прыцягвалі да збору падаткаў і вядзення рахункаў, убачыўшы, што я ад прыроды на тое здольны. А Пан Бог быў заўсёды са мною.
А потым, кароль яго міласць Жыгімонт Аўгуст калі распачаў вайну з князем Іванам Маскоўскім, я быў першы раз на вайне, дзе і бітва закончылася перамогай нашых над масквою. У 1564 годзе месяца студзеня 26 дня, на Іван-полі над ракою Улаю. А потым былі ў мяне аж да прыкрасці частыя паездкі на тыя войны, а як я цяпер бачу, малапатрэбныя, бо і рэчы паспалітай карысці няшмат тыя войны прыносілі. А мне засталіся памятнымі з-за вялікіх прыгод, цяжкасцей, шкод і невымоўных нягод, якія мне давялося перацярпець.
Самому Пану Богу слава, што мяне з усіх іх выбаўляць, а дакладней нават на некаторых месцах цудоўна ахоўваць меў ласку, даўшы мне, дапраўды, ва ўсіх людзей удзячнасць, ласку, зычлівасць звыш маіх спадзяванняў. А непрыяцеляў, якія некалі з зайздрасці ўзнікалі і галовы свае задзіраць хацелі, значнымі плягамі адводзячы, а настойлівых і са свету зжываючы, так што, дапраўды, такою ласкаю Божаю не толькі абаронены, але і распешчаны будучы, ніколі да абароны ад непрыяцеляў маіх не рыхтаваўся, не звяртаў увагі на іх словы, чакаючы ўласнай нашай помсты Божай, якая таксама ніколі не затрымлівалася. А іншы раз і ва мне самім аж плач і вялікае ўзрушэнне ў духу рабіла, памятаючы, што так усемагутны вялікі Бог не забывае мяне між незлічоным людам, як маленькага чарвячка, а не шкадуе згубы мацнейшых за мяне для маёй абароны.
У 1566 годзе жыў у месце Віленскім, збіраючы подаць, якая завецца пагалоўнай, дзе меў вялікую ўцеху, слухаючы Слова Божае ў зборы хрысціянскім ад міністраў вучоных Вендрагоўскага і Касцяніцкага.
А з-за няшчаснага выпадку зазнаў ласку мужа, дастойнага памяці, князя Яна Макавецкага, архідыякана варшаўскага, кусташа і каноніка віленскага, пісара ў скарбе караля яго міласці, які мяне хуценька навучыў вядзенню рахункаў і прынёс мне вялікую карысць і пазнаёміў мяне з многімі людзьмі, адрэкамендаваў мяне ім, бо на той час розніца ў веры не рабіла ніякай рознасці ў міласці прыяцельскай, з-за чаго той век залатым мне бачыцца (у адрозненне) ад цяперашняга веку, дзе ўжо і між адной веры людзьмі двудушнасць усё замяніла, а пагатоў між рознымі верамі ані пытайся пра міласць, шчырасць і сапраўдную добрую павагу. А найболей паміж свецкімі станамі.
Бо памятаю і нядаўна мінулыя часы, калі цяперашні папеж Клеменс яшчэ кардыналам быў у караля яго міласці Стафана. [...] Сядзеў я за сталом у князя Баўтрамея Нядзвецкага, каноніка віленскага, з галоўнейшымі слугамі яго валахамі. Тыя ж, калі даведаліся, што я евангелік, дзівіліся вельмі, як смеў князь канонік запрашаць мяне на свой абед. А калі ім ён пераклаў, што ў нас з таго ніякая нянавісць не бывае і любім мы адзін другога, як добрыя прыяцелі, хвалілі тое валахі, мовячы, што тут Бог жыве, і ганілі свае хатнія законы, а дакладней сваркі.
О Бог бы тое даў, каб і цяпер ласкавейшыя вякі наступіць маглі, каб хрысціяне, хоць у частках або звычаях веры адрозныя, але ўсё ж хрысціяне вышэйстаячага і найвышэйшага манарха хрысціянскага, айца папежа ў лепшым ушанаванні мелі. А ім, як айцом мудрым і ласкавым улагоджваемыя да згоды і любімыя былі па прыкладу бацькі дамовога, які сыноў сваіх і розных (іншых людзей) ад сябе і ад іншай брацці ў звычаях паважаць умеў.
У 1566 годзе пошасць у Княстве была. У тым жа годзе вышэйпамянёным увосень пошасць гвалтоўная ў месце Віленскім была. Я жыў пры ім нямала, бачачы там доктара Сэрпца і іншых канонікаў і людзей розных нямала, якія таксама ў той пошасці засталіся былі жывымі. А маючы ад памянёнага доктара перасцярогу, каб між іншымі рэчамі асцерагаўся перапуду, бо дзеля спакусы паяўляюся там, дзе пошасць, але калі б што здалося, каб я паводзіў сябе насуперак таму бяспечна, не асцерагаючыся таго, і добра сябе не адчуваў, і тое павінна было згінуць.
І так я, прыняўшы для сябе рашэнне, едучы з Вільні дадому, менавіта ў Дорагаве, начуючы ў стадоле, ужо на світанні, убачыў у хаце агністага чалавека, да якога калі кінуўся, ён таксама ішоў да мяне і, сышоўшыся з ім сярод хаты, схапіў у запале нож і ўдарыў яго. А ён, знікнуўшы, у тым жа куце паказаўся і зноў ішоў да мяне. А я кінуў у яго шапкай і адчыніў акно, бо ўжо віднела. А тое згінула. А там, у хаце, быў гаспадар з жонкай і слуга дарожны. Але таго не чулі.
Потым я баяўся ехаць дадому, разумеючы, што заразіўся, таму вырашыў там бавіцца даўжэй, для чаго і прычына дробная знайшлася: згінула ў мяне была стрэльба кароткая з футаралам з воза майго ў стадоле, аб якой я рабіў расследаванне копным звычаем. А перш расказаў усім пра тую маю здань.
Потым убачылі стрэльбачку маю над возам у самым версе падвешаную, аж драбіну з вёскі прынёсшы, знялі яе.
Затым нявеста, старая шляхцянка неякая жаўнерава, калі я ёй гаварыў пра тую здань, і што, маўляў, баюся, каб дзе не заразіўся (бо і ў Наваградку была пошасць), яна мне кажа: «Не бойся, не пошасць!» Але, паказаўшы недалёка сваю хатку, «З акна, - кажа, - бачыла, як нячысты прыходзіць да той нявесты гаспадаравай».
І так, будучы ёю перасцярожаным, ехаў я дадому, дзе з ласкі Божай разам з усімі быў здаровы. Адно ж потым, праз тры чвэрці года, пачало са мной у сне здарацца дужа прыкрае ўдушша. І называлі дактары тую хваробу інкубусам. І лячылі мяне ад таго ў розных месцах. Але, хаця ужо і не так часта, як было спярша, аднак жа цераз усё сваё жыццё адчуваю я ў сабе тую напасць.
У тым жа годзе (1566 - У.С.) на першыя рокі земскія на святога Міхала, а наваградскіх з-за заражанасці места Наваградскага ў Ляхавічах судзілі. А старостаю на той час быў ляхавіцкім пан Уладзімір Сямёнавіч Забалоцкі, знатнага роду чалавек з Масквы.
Года 1567, а веку майго 21-га былі летам у караля яго міласці Жыгімонта Аўгуста паслы вялікія маскоўскія, а мена віта, па імені: Фёдар Іванавіч Калычоў Умны, намеснік суздальскі, чалавек з ім 727, а коней 922; Рыгор Іванавіч Нагой, дварэцкі, людзей з ім 269, а коней 370; Васіль Якаўлевіч Шчалканаў, дзяк або пісар, людзей з ім 229, а коней 332. Сума ўсіх людзей 1225, а коней 1629, з якімі аб міры нічога не было вырашана. Той жа восенню кароль яго міласць быў з войскам і ў пастраенні пад Радашковічамі.
Году 1568 пасля сойма Гарадзенскага і з'езда воінскага ехаў кароль яго міласць да Любліна для сканчэння уніі. Адкуль у 1569 годзе на другім тыдні посту вялікага паны сенатары літоўскія, бачачы многа рэчаў, якія іх не задавальнялі, ад'ехалі былі з Любліна. Аднак жа пасля Вялікадня праз універсалы, з кароннай пячаццю выдадзеныя, зноў да Любліна сабраны будучы, завяршылі унію жніўня месяца 11 дня.
А перад тым яшчэ зямля Кіеўская, Валынская і Падляш ская да Кароны прысуджаны і спісамі прылучаны былі не адразу, але паасобку, па адной зямлі ад Літвы адрываючы, як сведчаць прывілеі, ім даныя. У Падляшскай - найпершая дата, або дакладней анексія сакавіка пятага. Затым у Валынскай зямлі дваццаць шостага дня мая. А Кіеўская зямля трохі далей затрымалася была, аж ёй прывілей выдадзена шостага дня чэрвеня ў тым жа 1569 годзе.
У 1570 годзе быў сойм у Варшаве, але раз'ехаліся без канстытуцыі з-за нязгоды. А ў той жа час паслы былі ў Маскоўскага (Івана. - У. С.). А менавіта з Польшчы - пан Ян з Борчына, Кратошскі, ваявода інаўроцлаўскі, пан Рафал Ляшчынскі з Лешна, стараста радзееўскі. А з Літвы - пан Мікалай Тальвош, кашталян менскі, і пан Андрэй Іванавіч, пісар караля яго міласці, якія князю вялікаму маскоўскаму Івану Васільевічу аб заканчэнні уніі нашае паведамілі і перамір'е на тры гады прынеслі. Смяяўся маскоўскі ў адказ на паведамленне пра унію, кажучы: «Даўно я гэта ведаў, што ляхі і літва каралеўскія».
У тым жа годзе я быў вярнуўся ненадоўга з Варшавы дадому летам і на пачатку восені зноў жа ехаў да Варшавы і жыў там усю восень, дзе пастаўляў наложніц на патрэбу караля яго міласці, хоць мне тая паслуга брыдзіла.
Прыехаў я дадому апошняга дня снежня ў 1570 годзе, дзе, застаўшы пана бацьку і пані маці за вячэрай, адразу ж не мог пасядзець за сталом. Напала на мяне моцная ліхаманка, бо ў дарозе меў пры сабе хворых людзей і заразіўся ад іх яшчэ ў Венграве. А праз тыдзень пасля гэтага ехаў, не паддаючыся (хваробе), аж мяне (яна) гвалтоўна дома зламала. І гэта была дзіўная справа Божая, што мне ў дарозе пастараўся зрабіць лягчэй. Ляжаў у той хваробе сем тыдняў, і за гэты час тройчы мне лепшала і горшала, прычынай чаго была неабачлівасць мая, як у маладым веку. Ледзьве выбіўся (з той хваробы) і пачаў папраўляцца перад Постам у 1571 годзе.
У тым 1571 годзе, пасля Вялікадня, ехаў я да Варшавы і жыў пры двары; аж 17 ліпеня ехаў дадому. І, пры ехаўшы да мястэчка, што завецца Добрым, захварэў на ліхаманку і загадаў везці сябе аж да Бранска, маючы там добрага чалавека, гаспадара Яна Манзіка, дзе даляжаў да прапацення і сканчэння той хваробы. А пані маці мая, не ведаючы аба мне, дзе я быў і што са мной дзеелася, але сэрцам мацярынскім чуючы тое, вельмі затурбавалася і здароўе сабе папсавала, асабліва пасля першых хвароб маіх і турбот сваіх значна здароўе сабе падарвала пры прыездзе маім дадому. Але пасля першага прывітання я быў засмучаны, бо разумеў, што жыць ёй засталося нядоўга. Аж пасля таго ў сакавіку мінулым век свой даканала.
А я яшчэ восенню той мусіў Варшаву наведаць, бо там кароль яго міласць Аўгуст жыў. А мне патрэбы караля яго міласці судовыя да выканання даручаны былі.
На пачатку 1572 года быў заняты патрэбамі яго міласці пана Мікалая Крыштофа Радзівіла, маршалка дворнага, князя на Алыцы і Нясвіжы і цяперашняга ваяводы трокскага. Каторых патрэб, як у пана вялікага, досыць было. Але мне больш за іншыя напрыкрала справа якогасьці Шахна, зямяніна яго кня жацкай міласці з маёнтка Свержанскага, які, пасварыўшыся з панам Мікалаем Служкам, старастам крычаўскім, суседам таго ж маёнтка Свержанскага, дзіўныя рэчы вытвараў і панам турбот набавіў, аж, на шчасце, яго міласць пан маршалак (асабліва як чалавек у маладым сваім узросце), даведаўшыся, з панам Служкам да роўнасці прыяцельскай прыйшоў і пану Шахну выказаў незадаволенасць.
А ад тых часоў заўсёды служыў патрэбам яго княжацкай міласці пана ваяводы цяперашняга трокскага, хоць потым не заўсёды свядома, аднак верна і пільна аж да тэй старасці маёй, у якой, а менавіта ў годзе панскім 1603, пішу і дзеткам сваім параду сваю пакідаю, каб пры мне і пасля мяне яго княжацкай міласці і дзеткам і сям'і яго княжацкай міласці па прыкладу майму служыць не адмаўляўся.
У тым 1572 годзе, дня 8 лютага, споўнілася мне ад нараджэння майго год 26 і настаў дваццаць сёмы.
У тым жа годзе нешчаслівага месяца сакавіка другога дня ў нядзелю на досвітку памерла наймілейшая маці мая Фядора, асіраціла, на вялікі жаль, пана бацьку нашага і нас, дзяцей іх мілых, цела якой з прыстойнаю пачцівасцю пахавана было ў Ляхавічах у царкве рускай.
А тут з-за смерці пані маці маёй сталася другі раз крушэнне маіх задум, былі: ехаць у Венгрыю і Турцыю, наведаць іншыя краіны далёкія, навучыцца рамёстваў розных, бо я быў засмучаны смерцю наступіўшай таксама і бацькі майго.
А потым жа з-за смерці пана бацькі майго і дзетак выхаванне, гадаванне або апека, дзетак іх, братоў і сясцёр маіх, на мяне зваліўшыся, пабываць у тых кутках свету мне не дазволілі.
У тым жа годзе месяца (назва месяца прапушчана. - У. С.) быў сойм вальны у Варшаве, але сам кароль яго міласць Аўгуст ужо быў хворы, таму ж там нічога не было вырашана. Быў і чавуш на сойме ад турка. Слухалі яго панове радныя самі, на месцы каралеўскім арцыбіскуп Якуб Уханскі сядзеў. Мовіў турак, слуга чавушаў, па яго (чавуша) указанні на турэцкай мове па латыні, і прызналі, што добра гаварыў. А пры адпраўленні яго чыніў яму адказ пан канцлер Валенты Дэмбінскі па-польску. І татарын наш падрыхтаваны хацеў яму перакладаць. Але чавуш не дазволіў, сказаўшы, што сам разумее па-польску. Многія людзі ўказвалі на тое, што туркі ў Парыжы французскім пільна латынь вучаць. А Божа мой, каб не пераносіліся да іх навукі , як пераносіліся раней ад адных народаў да другіх, што цяпер мы чуем аб вялікім навук размнажэнні ў панствах турэцкіх, хоць і многа хрысціян, да турак прылягаючых, мовай іх турэцкай захапляліся. Хто ведае, да чаго тое Пан Бог прывесці пажадае ў свой час.
У той жа час кароль яго міласць пусціў фрымаркам у абмен на Свіслач Ляхавічы яго міласці пану Яну Хадкевічу, на той час старасту жамойцкаму, і ўзяў іх (Ляхавічы) яго міласць 12 чэрвеня ў тым жа 1572 годзе. Таксама ў той жа дзень чалавек паважаны, які паблізу Ляхавіч пражываў, Фёдар Юрага, памёр. Я быў у Варшаве пры двары, дзе таксама пошасць значна паяўлялася. Кароль не хацеў быў выехаць, аж дворня і на замку мерці пачала. Памерлі слугі Баліцкі і Канарскі, а чэрвеня 19 памёр князь Масальскі, які на той час быў у караля ў ласцы. Тады кароль яго міласць, напалохаўшыся, дазволіўў сябе вывезці на ноч да Прагі за раку Віслу, і так далей перавозілі караля ў возе вялікім, для таго зробленым з вокнамі, а ў ім ложак з каралём ляжачым вісеў. Прыехалі з ім так да Кнышына, дзе ён ледзьве з той ліхаманкі ачуняў.
Памёр кароль яго міласць Аўгуст у панядзелак, ліпеня 7 дня, а 18 гадзіне або трэцяй з паўдня, смерці якога не ўтойвалі, што чакалі, але зараз усім аб ёй аб'явілі. 8 дня ліпеня ў адзенне каралеўскае цела ўбралі. 9 ліпеня яшчэ без труны на стале пры сцяне ўсім людзям, хто хацеў бачыць, цела караля было паказана. 10 ліпеня цела было пакладзена ў труну. А з-за той смерці караля яго міласці і хваробы маёй засталіся лісты мае непадпісаныя, якія мне кароль яго міласць на маёнткі мне дадзеныя хацеў загадаць напісаць, што здарылася па прычыне вялікага майго няшчасця.
Пасля таго з'езды ў Польшчы і Літве бывалі. Паслы цэсарскія і іншых паноў прыязджалі. Пільна асцерагаліся разрыву туркамі адносін з Літвою, баяліся, каб Літва з Маскоўскім (царом Іванам Жахлівым) не змовіліся. І таму ж былі ад палякаў у Гародні пан ваявода падольскі, пан камянецкі, дзе дамовіліся аб прымальных выбарах. Апускаю я гэта, ведаючы, што гэта дастаткова апісана ў іншых. У тым жа 1572 годзе, бачачы пана бацьку майго асірацелага і вельмі з-за смерці жонкі сваёй засмучанага, радзячыся і дамаўляючыся з ім, пагадзіўся з ім, каб ён зрабіў ласку на якім епіскапстве дажыць свой век. Даведаўшыся аб вакансіі епіскапства Пінскага, я прыкладаў вялікія намаганні, не лічачыся з працай, выдаткамі, рознымі парадамі, бо ж тое ўсё для дабрадзея бацькі майго мілага быў абавязаны рабіць. Але, калі мне на выдаткі грошай не хапіла, быў такі няшчасны, бо тут, каля Ляхавіч у людзей тых, якім часта ў іх патрэбах дапамагаў, не мог дамовіцца аб пазыцы грошай. Аж ад каго менш надзеі меў, пан Андрэй Ждановіч Дароўскі, і пасля смерці няхай аб ім добрае слова застаецца, што мяне грашыма быў выратаваў, і я тое епіскапства пінскае пану бацьку атры маў, на якім ён у 1573 годзе снежня 18 дня ў Наваградку мітрапалітам Іонам Пратасовічам быў пасвячоны. Да Пінска прыехаў на сталіцу сваю 26 снежня ў панядзелак. За тыя рэчы няхай будзе навекі самому Пану Богу гонар і хвала, амін.
І так, адправіўшыся з Пінска, пачаў старацца аб набыцці (ўласнасці) у Тураве, дзе князь Канстанцін, ваявода кіеўскі, не дазваляў. З-за чаго зноў раз'ездаў і выдаткаў нямала быць мусі ла. Быў у Тураве ў князя, і пакінуў (ён) мяне яшчэ на абедні. І так доўга затрымаў, аж у Кракаве, на каранацыі караля Генрыка ў 1574 годзе, калі я яму аказаў паслугу ў набыцці Астрога і іншых праз пана Ласкага, ваяводу Серадзкага, каралю Аўгусту закладзеных, таксама ж быў у Тураве пану бацьку майму зрабіць казаў.
Там жа, як быццам супакоіўшыся, пан бацька мой быў на той годнай сталіцы епіскапства Пінскага ва ўсялякай людской павазе, добрай славе і аздобе. Але нядоўга, бо ў 1574 годзе, будучы ў Тураве, упаў у хваробу і з паўгода ў ёй быўшы, памёр у Пінску ў 1575 годзе, 9 дня сакавіка ў сераду раненька, дзе пасля і цела яго пахавана ў царкве святой Прачыстай. А мне выпала выхаванне яго дзяцей і аплата многіх даўгоў яго. Але Пан Бог мой не пакідаў мяне і ў тых рэчах, для розуму майго цяжкіх, але мяне вельмі ратаваў і з усіх іх выбаўляць стараўся. Няхай будзе за ўсе дабрадзействы свае Пан Бог пахвалён навекі, аман.
У тым жа годзе памёр у Ляхавічах сын пана Віленскага, пан Яраш, гадоў, відаць, каля 15. А ў той маладосці сваёй поўны быў мудрасці і кемлівасці вялікай. Памёр таксама пан Андрэй Рыгоравіч Хадкевіч, падстолі Вялікага Княства Літоўскага, вельмі цнатлівы і рыцарскі пан, за якога вырашана было аддаць замуж ваявадзянку віленскую Х (тут указаны толькі ініцыял. У. С.) Радзівілаўну. Але гэта з-за той смерці было скасавана. І вылічыў нябожчык пан Віленскі, што гэта ўжо была на яго ведаме адзінаццатая пара людзей з дому іх хадкевічаўскага, якая, прыходзячы да параднення з домам радзівілаўскім, распалася.
У тым жа 1575 годзе ў маі, з'ехаўшыся панове і рыцарства да Сценжыцы, вырашыўшы абраць каралём Генрыка, больш ужо не чакаць, да выбараў новага пана (караля) прыступілі і, прабыўшы там тры тыдні, раз'ехаліся ў нязгодзе, нічога не зрабіўшы. Я ехаў па волі пана майго да мястэчка Острава, што знаходзіцца ля Любліна, на права, там з шляхтаю Казноўскімі ад іх братавае, дачкі годнага памяці мужа Стафана, мастаўнічага, бацькі цяперашніх суседзяў маіх паноў Вадашынскіх. А адтуль, едучы да Берасця, перад Палюбічамі, быў у вялікім страху ад грому, так што мусілі мы пад частымі і грознымі перунамі, якія часта паміж намі білі, ехаць міль з паўтраця, не маючы дзе спыніцца. Потым, прыехаўшы дадому, быў у таго пана мастаўнічага, а менавіта ліпеня 24, у нядзелю. А між іншымі размовамі я прыпамінаў той страх ад грому, як мы нацярпеліся. Ён на гэта паведаміў, што яму яшчэ маладому ў Кракаве ад якогасьці прыезджага астролага прадказана, што меў мець смерць ад грому ў шасцідзесятым годзе жыцця свайго, але быццам яму ўжо з ласкі Божай год шэсцьдзесят мінула. І так пагладзіў сябе па барадзе. Ад чаго адчуў я ў сэрцы да яго жаль. І пытаю, ці баіцца ён, калі яму трапляецца аказацца пад навальніцай? Ён мне на гэта адказаў, што не дбае ніколі, і, калі будзе патрэба, будзе з душэўным збавеннем.
А праз дзесяць дзён пасля тых размоў і раз'ездзе нашым, а менавіта 4 жніўня, чацвер, таго пана мастаўнічага гром забіў у полі пад сасною, пад якую ён быў ад дажджу, пад'ехаўшы, стаў. У тую ж восень быў пан Віленскі з войскам у Інфлянтах, забраўшыся ў Зэлборк. А я быў на Валыні і ў Алыцы. А па волі пана Стафана Лозкі, маршалка мазырскага, быў з ім у Бабіне, у шляхетнага мужа пана Андрэя Бабінскага, сасваталі мы за яго сястру пана Лозкі, панну Тамілу, у тым 1575 годзе, кастрычніка 18 дня.
У 1576 годзе, 8 лютага, споўнілася мне год трыццаць і настаў год трыццаць першы.
Паводка ў тым годзе гвалтоўная была. І трапілася мне прысутнічаць, калі перашкаджалі, каб не сарвала мост ля млына ляхавіцкага, названага Новым, дзе Януш-млынар, стаўшы на крайняй бэльцы, адбіваючы ў вадзе пешняю ледзяную крыгу. А за ім два халопы паленам вялікім з моста таксама таўклі лёд. І ўпусцілі той паль, які, выпаўшы ў іх з рук, ударыў Янушамлынара ў патыліцу. А ён упаў у ваду ў стаў. І адразу праз шлюз пранесены ўніз у глыбіню вялікую, і не хутка з яе паказаўся, несены далёка вадою, а пешню перад сабой трымаў у руках сваіх. Аж так і выйшаў з вады і неспадзявана для ўсіх нас, людзей, што там былі, жывым застаўся, бо немагчыма яму было ніякага ратунку даць.
Тым жа летам ад якогасьці Пацкевіча Сцяпана і Міхайла Зверава, масквіціна, і ад іншых непрыяцеляў маіх, якія шчасцю майму, хоць і малому, зайздросцілі, меў я немалыя турботы, з якіх мяне толькі Пан Бог, хвалы вечна годны, вызваляў.
У тым жа годзе, 11 верасня, быў на камісіі ў Менску. Паміж князем Саламярэцкім і местам Менскім была спрэчка вялікая. І там таксама Пан Бог абараніў.
5 кастрычніка выехаў з дому да Торуня і дабіраўся да Белай, дзе была справа вялікая яго міласці пану Радзівілу з апекунамі Цяцерскага за маёнтак Свержна. Адтуль ехаў я на Варшаву і быў у Торуні 23-га таго ж месяца кастрычніка. Там быў ужо кароль Стафан, які 15-га дня таго ж месяца прыехаў і сеймаваў. А цэсар Максімілян памёр 12 кастрычніка. На сойме тым, акрамя перагавораў аб гданчанах, нічога не справіўшы, развіталіся паслы з каралём яго міласцю 2 снежня. Я нямала спраў судовых меў (вырашаць) з каралём яго міласцю, і шчасціла мне з ласкі Божай.
Пазнаёміўшыся таксама з каралём Стафанам і яго венграмі, якіх найчасцей панове да сябе на абеды запрошвалі. І памятаю я: Закейды Януш, Барыці Юргой, Нодах Петэр, Баторы Петэр, Бурноміса Януш, Кэнды Петэр, Вяржэвіч Марцін, паляк Мігал, кухмістр Крычэк, і слугі Ферэнцый і Сэмерый.
Там жа ў Торуні прывітаў Новы 1577 год, а ў ім прыехаў дадому ў нядзелю 13 студзеня. А стомлены ўжо будучы працамі і цяганінамі пастаяннымі, памятаючы таксама пра волю і загад Бога ўсемагутнага, уступіў у шлюб святы з цяперашняю жонкаю маёю Ганнаю Балатоўнаю, сястрою пана Данілы Балотавіча з Русі ў тым жа годзе 10-га лютага, продак якіх, чалавек значны, яшчэ пры каралю Казіміру з Масквы быў прыехаў, на імя Антоній Балота. І быў слаўным мужам, і нашчадкі яго праз час немалы. А іншыя з іх, разрадзіўшыся, разышліся розна і, пад панамі некаторымі аселасці баярскія пабраўшы, як быццам у Шклове і яшчэ недзе жывуць.
Маёмасці мы з абодвух бакоў пароўну знеслі былі, але з благаславення Божага была нам спор і памнажалася яна больш, чым мы працавалі і спадзяваліся. Меў я з яе добрую жонку. Не напрыкралі мне для яе дні жыцця майго, бо была ў прыгодах і хваробах сэрца мужнага, ноты вялікай, пыхі і злыя думкі, відаць, ніколі да сэрца не ўступалі. Да ўбогіх, хворых, засмучаных людзей любага міласэрдзя была, так, што і ўночы спаць не могучы, аб такім ратунку мысліла і старалася. А хоць у веры рускай была, але так уважна і не цвёрда, што гэта найменшай ня згоды не выяўляла.
І людзі ведаць таго не маглі. Тым жа болей, гледзячы на наша спакойнае, ціхае і вясёлае жыццё, у зайздрасць упадаючы, размовамі сваімі непраўдзівымі нас даймалі, і рознымі спосабамі іншымі, а, нарэшце, і чарамі перашкодзіць гэтаму стараліся.
Але Пан Бог, які мяне пасвіў аднаго самога, не занядбаў мяне і з тою жонкаю маёю, і не кідаў нас на волю непрыяцеляў нашых. Але іх саміх рознымі плягамі даймаючы, як ад скалы, ад нас адпаўшымі і пасаромленымі рабіў. А нас з ласкі сваёй найсвяцейшай у дзетачках памнажаў, а менавіта найперш на вялікую ўцеху даў нам першароднага сына Яраша. А потым іншых сыноў і дачок, так што да цяперашняга 1604 года, як я гэта пішу, стала ў мяне сыноў 9, а дачок пяць, з якіх ужо маем Яраша, сына нам мілага, жанатага з дачкой пана Станіслава Петрашэўскага, а дачку нашу Раіну замуж за пана Яна Грушаўскага выданую, аб чым будзе ніжэй, потым, на месцы сваім шырэй.
У тым годзе я заставаўся ў доме пана яго міласці, часцей за ўсё жыў у Ляхавічах.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX