Вярнуцца: Мемуары

Дыярыуш Багуслава Казіміра Маскевіча


Аўтар: Маскевіч Багуслаў Казімір,
Дадана: 24-11-2019,
Крыніца: Дыярыушы XVII стагоддзя (1594-1707 гады). пер. з пол. мовы: А. У. Бразгуноў; ред. кал. : А. У. Бразгуноў (старш.) [і інш.]. Мінск, 2016.



Багуслаў Казімір МАСКЕВІЧ (1625-1683)

ДЫЯРЫУШ БАГУСЛАВА КАЗІМІРА МАСКЕВІЧА, ЯКІ ПАЧЫНАЕЦЦА З 1643 ГОДА I [АХОПЛІВАЕ] НАСТУПНЫЯ ГАДЫ

ДЫЯРЫУШ [БАГУСЛАВА KAЗIMIPA] МАСКЕВІЧА ПРА ВАЙНУ З МАСКОВІЯЙ, ЯКАЯ АДБЫВАЛАСЯ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ, I ЯЕ ЗАВЯРШЭННЕ ЯВ. ЯМ. П. ПАЎЛАМ САПЕГАМ, ВЯЛІКІМ ГЕТМАНАМ ВКЛ, I ЯВ. ЯМ. П. ЧАРНЕЦКІМ, РУСКІМ ВАЯВОДАМ

У 1643 годзе аддаў мяне айчым, нябожчык пан Ян Крыштаф Ашчаклінскі, князю пану Багуславу Радзівілу, харужаму ВКЛ, за пакаёвага, i гэта была мая першая служба па сканчэнні навучання. Пры ім прабыў я трохі больш за чвэрць года, бо ям. князь зноў падаўся ў чужую зямлю, я ж далучыўся да яго ў тым годзе ў Старой Весі, на дзень св. Мацея [1]. Пакінуўшы яго, з паўгода прабыў дома. Потым, бліжэй да св. Міхала [2], у тым самым годзе, адправілі мяне да п. Францішка Забрыдоўскага, люблінскага пана 1, [цяпер] нябожчыка. Яму праслужыў я больш як два гады, амаль тры, да свайго вялікага няшчасця з-за пані, у якой былі свае мухі ў галаве.

1645 год

У тым годзе Уладзіслаў IV, польскі кароль, пасля смерці першай жонкі, Цэцыліі Рэнаты, сваёй дваюраднай сястры 2, ажаніўся ў Варшаве з Марыяй Людвікай Ганзага.

1646 год

У тым годзе, 25 iulii 3, у Кракаве, у касцёле Св. Станіслава ў кракаўскім замку, адбывалася каранацыя каралевы Марыі Людвікі Ганзага, княгіні Мантуі i Манферата. У той час я служыў люблінскаму пану, загадваючы куфэркам 4 i пісарствам.

У тым самым годзе кароль Уладзіслаў IV, кароль Польшчы, узяўшы сабе штосьці да галавы, надумаў быў разарваць дамову з Турцыяй, прынятую пад прысягай у 1621 годзе пад Хоцінам, i пачаў быў ужо наймаць замежнае войска, некалькі дзясяткаў тысяч якога стаяла на мяжы з Сілезіяй. Аднак усе гэтыя proposita [3] былі правалены на сойме, i Ka­pa леўскія хітрыя задумы скончыліся нічым. Кароль, заклапочаны тым, што надарма выдаткаваў на замежнае войска некалькі соцень тысяч, сказаў аднойчы ў сваіх пакоях у Варшаве: «Будзем лічыць, што я колькі разоў раздаў па сто тысяч сваім курвам». Бо таму Гаспадару яны таксама былі па душы, хаця быў сыты на целе.

У тым жа годзе, in augusto, пакінуў я люблінскага пана, адпрасіўшыся на час нібыта дзеля паездкі дадому, бо інакш не хацелі мяне звальняць з тае службы, a мне была нявыкрутка.

In novembri адправіўся ў Вішнявец да князя Ераміі Міхала Карыбута, князя на Вішняўцы i на Лубнах, рускага ваяводы, старосты канеўскага etc. У Вішнявец прыехаў 3 decemhris i назаўтра, маючы intercessorias [4] ад князя пана Аляксандра Людвіка Радзівіла, маршалка ВКЛ, i князя Альбрэхта Станіслава Радзівіла, канцлера ВКЛ, прадставіўся князю, якому праслужыў паўтраця [5] гадоў.

1647 год

Пасля Новага Года адправіўся князь ям. у Лахвіцу, у Задняпроўскую Украіну. Кіруючыся туды, заехаў у Канеўскае староства, з Канева - у Лахвіцу, з Лахвіцы у Ромны. Адтуль меўся адправіцца ў Гадзяч, i старшы слуга паслаў мяне туды з Янам Паднясенскім, маім таварышам, збіраць пастойнае 5 на прыезд князя, чым празаймаліся мы шэсць тыдняў. Потым, перадумаўшы, з Ромнаў князь паехаў не ў Гадзяч, a ў Лахвіцу; адпачыўшы там дзень, паляцеў, як ашпараны, на мясапуст у Вішнявец. Выехаў у чацвер, a ў мясапусны панядзелак прыбыў у Новы Канстанцінаў, дзе сустрэла яго княгіня [6]. Там i адбыў мясапуст у пана Длатоўскага [7], які арандаваў у князя Дамініка [8] Канстанцінаў Адтуль паехаў у Вішнявец, a нам з Паднясенскім старшы слуга сказаў, каб мы, згарнуўшы i закрыўшы той пастой, дабіраліся ў Вішнявец самастойна.

У чацвер перад мясапустам выехалі мы з Гадзяча. У пятніцу прыехалі ў Лахвіцу, у суботу падсілкаваліся ў Варве, a на ноч [збіраліся] ў Альшанку, якую трымаў Базылі Татамір, ротмістр пяхоты ям. князя, але праз страшэнны вецер i мяцеліцу заблукалі ў полі (далучыўся да нас таксама наш таварыш, Уравецкі). Тады мы адправілі свае санныя вазы наперад, a самі засталіся ў Варве. Усе трое мы выправіліся на маіх аднамесных санях; не даехаўшы да сваіх вазоў, былі вымушаны заначаваць у полі, у нейкім байрачку [9] бліз мястэчка Перавалочна. Трымаў яго пан Панятоўскі, слуга князя Вішнявецкага; праз завіруху i моцны снег мы не змаглі дабрацца ў мястэчка. Тады, спыніўшыся ў хмызняку, я наламаў хворасту і, выняўшы трошкі сена, што было ў санях пад нагамі, накручваючы бандалет, падсыпаў пораху, але агонь не схапіўся на сене, у якое натрэслі нагамі снегу. Было толькі 12 набояў, не больш, i вось справа дайшла да апошняга. Палову я высыпаў на патэльню, i ўсе нагавіцы падраў, круцячы корак, каб затлела хуста, аднак i тое не дапамагло. Нарэшце з таго апошняга набою ўпала на сена іскрынка, на якую я высыпаў рэшту пораху, i тады ўжо сена занялося. Праз усю ноч падкладалі мы хвораст, які толькі тлеў, але не гарэў, ды й цяпла было мала, больш дыму, ад якога назаўтра, хаця дзень быў пагодны й марозны, я не бачыў белага свету. У такім выглядзе, аслеплага, павезлі мяне Паднясенскі з Уравецкім, пасадзіўшы ў сані, у Альшанку, да пана Татаміра. Той быў дужа нам рады. Спачатку я не хацеў піць, a калі той змусіў просьбай, то добра - хаця i навобмацак падпіў. Аж пад вечар ад таго мёду зрок мой паправіўся, i тая [немач] больш не вярталася. На другім тыдні адтуль мы паехалі прама ў Вішнявец.

Перад Кветнай нядзеляй [10] князь Вішнявецкі паехаў на сойм у Варшаву; Вялікдзень сустрэў у Любліне. З Любліна ў велікодны панядзелак [11] паслаў мяне з 8000 злотых у Кракаў да сваіх сынаўцоў [12], князёў Дзмітрыя i Канстанціна Вішнявецкіх 6, якія яшчэ вучыліся ў Кракаве; сам князь паехаў прама на сойм. Аддаўшы князям грошы ў Кракаве, у камяніцы Цэлесты, я адправіўся ў Варшаву i прыбыў туды за два ці больш тыдні да канклюзіі.

На тым сойме князь Вішнявецкі судзіўся са сваім шваграм, Аляксандрам Канецпольскім, за Гадзяч, з чым павінны былі разабрацца на мінулым сойме 7, асеннім, але таму перашкодзіла хвароба князя. З гэтай прычыны пан каронны харужы так даняў князя Вішнявецкага, што той павінен быў прысягаць на сойме, што сапраўды хварэў падчас мінулага, асенняга, сойма, i такім чынам справа князя Вішнявецкага з панам каронным харужым засталася [на разглядзе].

Нябожчык кракаўскі пан, вялікі каронны гетман Станіслаў Канецпольскі, бацька кароннага харужага, трымаў Гадзяч ад [імя] ЯМ караля. Перад смерцю ён выстараўся ў ЯМ караля прывілею для свайго сына, кароннага харужага; не ведаючы пра тое, пасля смерці кракаўскага пана 8 князь Вішнявецкі запатрабаваў Гадзяч i атрымаў ад ЯМ караля прывілей на яго; атрымаўшы, заняў, за што пан каронны харужы выклікаў князя ям. мандатам на сойм, на які князь ям. не з'явіўся праз сваю хваробу. Тады справа была перанесена на сойм anni 1647, на якім пан каронны харужы не жадаў нічога распачынаць, аж князь Вішнявецкі не складзе спачатку прысягі, што падчас мінулага сойма насамрэч быў хворы. Даведаўшыся пра тое, князь рабіў розныя захады, каб не прысягаць, аднак пан харужы быў нязломны i настойваў на прысязе (але - Госпадзе Божа барані! вялікае зло сталася б ад тае прысягі). Увечар перад разглядам справы сабраў князь Вішнявецкі ўсіх слуг, якія былі з ім усяго блізу 4000 людзей, акрамя пяхоты i драбнейшага люду, - i звярнуўся да ўсіх, просячы, каб стаялі пры ім i глядзелі, што ён пачне рабіць, a потым скончылі тое, што ён пачне. Бо дакляраваў, што калі складзе прысягу, павінен будзе адразу, устаўшы, сцяць шабляй харужага i ўсіх, хто стаў бы на яго бок, нават i самаго караля. «А вы сказаў усе да аднаго, дворныя слугі i моладзь, пранікніце ў палату сенатараў i падтрымайце мяне». Так бы яно ўсё i сталася, калі б прысягнуў, аднак сам кароль Уладзіслаў IV з панамі сенатарамі паспрыялі таму, што пан каронны харужы адмовіўся ад прысягі.

Калі пачалі разгляд справы, выявілася, што яшчэ пры жыцці кракаўскі пан адмовіўся на карысць свайго сына, i Гадзяч быў прысуджаны пану кароннаму харужаму. Ведаць бы пра тое [раней], былі б мы багацейшыя на якіх тысячудругую з таварышам маім Паднясенскім, калі збіралі пастойнае ў тым Гадзячы i пакінулі там сабранае.

На тым сойме быў я дужа бедны на грошы, i калі б канюшы князя пана маршалка, п. Альбрыхт Багуслаў Мераеўскі, мой знаёмы, не дапамог мне аўсом i сенам, давялося б мне вандраваць дадому ці не пешшу; ён не так з самога знаёмства, як хутчэй з асабістых меркаванняў (бо сустракаўся тады з маёй роднай [сястрой], цяперашняй пані Пратасовічавай, a затым ажаніўся з маёй пані маці) загадаў даваць маім коням аброкі, бо спыніўся на той самай гасподзе князя маршалка [13] на Кракаўскім Прадмесці, a сам князь - на Рынку, у Трубіча. Князь жа Вішнявецкі, мой гаспадар, [спыніўся] на гасподзе пані Даніловічавай [14], кароннай крайчыні за гасподай князя маршалка, насупраць палаца кароннага канцлера [15].

Ha маё шчасце, быў на тым сойме пан Павел Пясецкі, наваградскі падсудак, мой дзед, з якім я заехаў дадому i застаў пана Ашчаклінскага, майго айчыма (нябожчыка), з пані маці ў Крошыне, бо там яны цягам колькіх гадоў трымалі арэнду. Праз 3-4 тыдні я зноў паехаў да князя, майго пана, у Вішнявец. Праз тры тыдні па маім ад'ездзе, на св. Матэвуша [16], памёр мой пан айчым, добры, цнатлівы чалавек. Злітуйся над ім, Божа! Я цэлы год прабыў пры князю Вішнявецкім, не ведаючы пра тое.

Тае ж восені мой пан князь з княгіняй i ўсім дваром адправіўся ў Задняпроўскую Украіну на рэзідэнцыю [17] (або хутчэй па грошы) у Лахвіцу i іншыя ўладанні. Прыехаўшы туды, сабраў больш як 6000 сваіх людзей, то бок слуг, якія павінны выстаўляць аддзелы паводле ардынацый [18], i агнявых [19], a таксама сваіх выбранцоў ix агульная лічба сягала дзесьці 26 000. З гэтымі людзьмі выйшаў з Лубнаў у дзень св. Міхала [20] (адбыўшы набажэнства, бо тамтэйшы касцёл быў названы ў гонар св. Міхала) пад Збараж; месцам для лагера вызначыў Жолнін, i туды сцягвалася войска.

У той жа дзень св. Міхала захварэў на паскуднік 9 мой конь у карэце (бо я ўзяў з сабой толькі аднамесную карэту i пярэстага бахмата, на якім еядзеў сам); не ведаючы, як з гэтым справіцца (а быў падвячорак), толькі насыпаўшы [каню] солі ў вочы, ледзь дабраўся на ноч у Гарошкаў. Пазычыўшы там у пана Багдана Храптовіча, наваградскага ваяводзіча [21], які ў той час служыў у князя Вішнявецкага, каня, праехаў памалу 3 мілі да Жолніна, a хворы [конь] бег пры карэце i зноў, хаця не цягнуў ваза, захварэў; калі ж мы прастаялі ў Жолніне некалькі дзён, ён выздаравеў.

На трэці дзень пасля св. Міхала, у пятніцу [22], з хвалявання за каня я добра пацягнуў гарэлкі ў Юрыя Міражкоўскага, таварыша княскай казацкай харугвы 10. Назаўтра ранютка, у суботу, князь выступаў з войскам, a я не мог узняць галавы, i калі вырушыў абоз, мусіў ляжаць у карэце. Там, у палях, дзе з вадой цяжка, ахапіла мяне пасля гарэлкі [такая] смага, што ледзь не памёр a каб на яе ліха! Аж, на маё шчасце, натрапілася побач Максімаўская Слабодка, куды я кінуўся, ускочыўшы на каня, па квас або ваду; знайшоўшы там квас, ці, хутчэй, украінскі боршч, выпіў больш як паўвядра, што яшчэ больш мне нашкодзіла - ледзь ачомаўся праз некалькі дзён.

У той дзень [былі] ў Патоку, слабадзе за ракой Ворсклай; назаўтра Ворскла [аказалася] з іншага боку.

У сераду на Арэлі; пераправіліся праз яе ўброд, як i праз Ворсклу.

На тым начлегу загадаў князь глыбока выразаць на дубе, які адзінока стаяў сярод поля каля князевага намёта, свой герб з надпісам i насыпаць пад ім на памяць курган. У баку адтуль, на Дняпры, праваруч ад нас, віднеўся ў чыстым полі толькі замачак Арцішэўскага.

У нядзелю дайшлі пад Кудак 11, але не пад самы, a спыніліся за мілю ад яго, у развілцы паміж ракой Самарай i Дняпром; прыйшоўшы туды, князь ям. загадаў тройчы пальнуць з гармат, салютуючы кудацкаму губернатару (той ужо быў папярэджаны пра з'яўленне князя), нейкаму Градзіцкаму, што reciproce [23] i ён учыніў з Кудака князю ям., выдаўшы колькі гарматных залпаў

Тагачасная дыспазіцыя мясцовасці i лагера пад Кудаком была такая, як бачыш 12.

Заначаваўшы ў лагеры, назаўтра князь адправіўся на байдаку ў Кудак, узяўшы з сабой сваю казацкую харугву (дзе паручнікам быў п. Кураш). Там кудацкі губернатар Градзіцкі, пачэсна прыняўшы, частаваў князя ўгорскім віном, хаця навокал голае поле i далёка да воласці; сярод іншых быў там i я.

Тую ноч князь, пакінуўшы пры сабе колькі чалавек з маладзейшых, начаваў у замку, a хтосьці ў слабодцы, тут жа, каля замка; некаторыя ж вярнуліся ў лагер.

Поўная асцярожлівасць, асабліва ў замку, дзе пастаянна знаходзілася 600 добрых ваяроў, якім падчас абароны не былі страшныя нават сто i больш тысяч татараў. Перад заходам сонца заўсёды падаваўся сігнал i замыкалася брама; пасля закрыцця брамы нікога з замка не выпускалі i нікога не ўпускалі, нават па самай неадкладнай справе; усе, хто там заставаўся (вядома ж, усе пры вогнепальнай зброі), - толькі часта расстаўленая стража. Вал таксама быў такі высокі, што за ім ледзь віднеўся верх замкавага будынка; у пана капітана была такая павіннасць - штогод падсыпаць вал на локаць. Пад валам - глыбокі перакоп [24], a ў самім замку было поўна маленькіх (у іншую трэба было лезці ракачам), вылепленых з гліны халупак, у якіх жылі розныя рамеснікі. Пры вале пастаянна працавалі татары-нявольнікі. Ніводзін з тых, хто стаяў на шыльваху [25], не падпускаў да сябе ронду - начнога абыходу стражы (нават самога губернатара!), а, прыклаўшыся да мушкета, пытаў у яго па-нямецку пазыўны, i яму трэба было назваць той пазыўны. У слабодцы каля замку было з 60 дамкоў, у якіх жылі захожыя людзі [26], якія праз небяспеку ад Арды не абраблялі зямлі, a калі хто i абрабляў, то няшмат i абачліва. A вось рыбы мелі вельмі шмат, збожжа падвозілі ім на байдаках з Кіева i іншых валасцей. Кіеўскі полк быў вызвалены ад нясення варты еа conditione [27], што будзе забяспечваць Кудак жыўнасцю. На самым беразе Дняпра быў базар, дзе прадаваліся скураныя вырабы ды іншыя дробязі.

За паўмілі ад Кудака стаяла высокая вежа, з якой было відаць на восем міль навокал. На той вежы ўвесь час перабывала стража: 100 чалавек з вогнепальнай зброяй i 10 вершнікаў. Убачыўшы з яе далёка якіх-кольвечы людзей i не могучы зразумець, што за яны, стража неадкладна пасылала аднаго-двух вершнікаў (з двума коньмі) у разведку па языка.

Назаўтра, у панядзелак, прыплыў князь на байдаку ў лагер. У аўторак, узяўшы з сабой блізу трох тысяч коннага суправаджэння, адправіўся ў палі, да Малочных Водаў на Дняпры, адмыслова дзеля агляду парогаў, якіх дванаццаць:

1) Кудак, на якім стаіць Кудацкі замак, 2) Сурскі, 3) Лаханны, 4) Варанова Забора, 5) Княжы, 6) Стралецкі, 7) Ненасыцец, 8) Будзіла, 9) Званец, 10) Тавулчаны, 11) Кназкасоўскі, 12) Вольны. Усе гэтыя парогі ідуць упоперак Дняпра накшталт якога-небудзь парога (ад чаго й называюцца парогамі), або, хутчэй, грэблі; хадзіць па ix, тым не менш, няварта, бо хоць i добра відны скалы з вады, аднак вада, хутка йдучы, выбіваецца па-над парогі. На адных парогах грэблі ў некалькі радоў, на іншых у адзін; казакі, ідучы ў мора на чаўнах, высаджваліся на бераг далей ад парогаў і, перацягнуўшы свае чаўны па сушы, зноў спіхвалі ix у ваду. Падплыўшы да другога napora, цягнулі па сушы так сама, як i перад першым, што мусілі рабіць перад кожным з 12 парогаў; тое ж i пры вяртанні назад. Сярод усіх парогаў найгоршы Ненасыцец, які складаецца адразу з сямі грэбляў. Хаця казакі i перацягвалі свае чаўны па сушы, на тым napory ішлі яны туды ці сюды заўсёды патанаў хаця б адзін, a часам i больш, таму i назвалі яго Ненасыцец. Дэрывацыі [28] іншых парогаў апускаю праз недахоп часу. За апошнім парогам, то бок Вольным, на адлегласці ў некалькі нашых міль знаходзіцца выспа [шырынёй] у палову Дняпра i даўжынёй у мілю, на якой вялікі дубовы лес, - там заўсёды знаходзіцца казацкая залога ад інкурсіі татараў; a завецца тая выспа Хорціца. Яшчэ да яе, у бок нашых краёў, [знаходзіцца] ўрочышча [29], называнае Кучкасаў, насупраць якога загадаў князь насыпаць на вечную памятку вялікую крушню, паколькі так далёка ў той старане не бываў яшчэ ніводны пан з нашага народу.

Я, зразаючы на Тавулчаным napory тавулы [30], адстаў быў трохі ад войска; калі ж, нарэзаўшы, ускочыў на бахмата, праваліўся мой бахмат пярэднімі нагамі ў лісіную нару ў скалах. Я ўседзеў, прыціснушыўся да каня, аднак тым часам выслізнула з похваў шабля, што была пры маім баку. Не заўважыўшы таго, я кінуўся далей, разгневаўшыся на каня, што падвёў мяне, таму не хутка агледзеў, што няма шаблі. Вярнуўшыся, шукаў, але ніяк не мог знайсці, да ўсяго не меў пры сабе чалядніка, бо пакінуў яго пад Кудаком. Ледзь удалося пазычыць на два дні ў аднаго драгуна шаблю, за якую павінен быў аддаць біты талер (а хай цябе кат возьме!), бо дужа сорамна было мне без шаблі. Потым, дайшоўшы пад Кудак, узяў шаблю на час аж у чалядніка.

У нядзелю мы вярнуліся з Запарожжа; [ідучы] туды i адтуль [вяртаючыся], перайшлі ўброд раку Самару. Прабылі там шэсць дзён. Назаўтра я адправіўся з панам Закрэўскім, чыгірынскім палкоўнікам, у Кудак; там i заначавалі. Назаўтра, у аўторак, даўшы на світанні трайны залп з гармат, князь рушыў дамоў. Мы з панам Закрэўскім, сеўшы ў човен, хаця на Дняпры была хваля, паплылі ў лагер, дзе не засталі ўжо нікога, толькі пана Закрэўскага i маіх коней, навязаных да дуба (дзе князь загадаў выразаць свой герб i насыпаць курган). I калі б чэлядзь не дадумалася панавязваць коні да дуба, давялося б нам брысці пехам за войскам, якое хутка перамяшчалася на конях; ледзь дагналі мы яго ўначы.

Нічога ў стэпе не зрабіўшы i не пабачыўшы ніводнага татарына, на св. Марціна [31] вярнуліся мы жывыя-здаровыя ў Лахвіцу, хвала Богу. A восень была настолькі пагодная, што рэдкае i лета такое бывае. З гэтай прычыны было так шмат гадаў, асабліва ў пагарэлым стэпе, бо ўвесь стэп выгараў i зямля была чорная, як сажа; там, дзе трава была таўсцейшая, не ўся выгарала на корані. Але тыя недагаркі надзвычай шкодзілі нашым коням, бо калолі ім вышэй капытоў, i давялося нам абшываць конскія ногі скурамі i качаваць уздоўж Дняпра - дзеля травы, якая на мокрых месцах не павыгарала. Спаміж розных гадаў вужоў, гадзюк, вераценніц натрапілі мы на такога сытага полаза, як рука чалавека паміж локцем i даланёй, i такога доўгага, як, не раўнуючы, кап'ё. Кажуць, ён, як толькі пачуе, што чалавек едзе адзін на кані, нават самым шпаркім, дагнаўшы, абкруціцца вакол каня i чалавека i зараз жа, як шылам, праткне яму горла (бо ён з абодвух бакоў шылаваты, вачэй не мае, a рот у яго дужа малы). Валашская харугва п. Аляксандра Замойскага, стражніка, напаткаўшы, пасекла яго на кавалкі, i калі потым падышлі мы, то кожны адцяты кавалак торгаўся так, як асобны жывы гад. Было таксама мноства іншага вялікая колькасць зайцоў, курапатак, сарнаў etc. аж знудзілі нас тыя курапаткі, бо дзе толькі спыняліся, то чэлядзь, разышоўшыся з косамі па траве, палашыла ix статкамі, i яны, дурныя, спуджана летучы праз лагер, зашываліся то пад вазы, то ў буданы i катарбы, i потым кожны браў ix пад сваім возам. Вярнуўшыся з Запарожжа ў Лахвіцу, п. Закрэўскі нечакана памёр.

За тыдзень да Адвэнту прыехаў ад п. Пшыемскага, пана ланчыцкага ваяводы, п. Бадзынскі ў сваты да княгіні Ганны Збаражскай, старшай сынавіцы [32] князя Вішнявецкага; другая, Барбара, малодшая, таксама была пад апекай гэтага князя. Той п. Бадзынскі i іншы, які прыехаў разам з ім, п. Лясота, трапілі на вяселле слугі майго пана князя - жаніўся п. Станішэўскі, які браў панну Ленскую з фраўцымеру. Дужа быў рады князь п. Бадзынскаму i п. Лясоту, якіх, адарыўшы, адпусціў праз некалькі тыдняў з пажаданнем дабра.

1648 год

7 iaruarii. Мой пан князь з княгіняй, узяўшы з сабой п. Бадзынскага, паехалі на хрысціны да свайго слугі, п. Суфчынскага, у Сенчу; там i заначавалі.

15 ianuarii. З тым самым п. Бадзынскім паехаў у Лубны на пахаванне свайго слугі, п. Закрэўскага, якому, як пан, зладзіў належнае пахаванне.

18 таго ж [месяца] паехалі п. Бадзынскі i п. Лясота, якіх князь ям. адарыў: п. Бадзынскаму два турэцкія кані, прыгожы валах i бахмат; п. Лясоту турэцкі конь i румак.

15 februarii паведамілі князю ям., што нейкі Хмяльніцкі [33], сабраўшы трохі разбойнікаў з Запарожжа, выгнаў корсунскі полк, які стаяў гарнізонам; выгнаўшы, кінуў кліч пра вольніцу, i да яго пацягнуўся хто мог.

16 - паслаў мяне князь з лістом да кракаўскага пана [34], паведамляючы яму пра таго Хмяльніцкага. Я знайшоў кракаўскага пана ў Багуславе, дзе ён аддаваў гонар свайму памерламу швагру, п. Казаноўскаму, багуслаўскаму старосту [35].

27 - я вярнуўся да князя ў Прылуку з лістом ад кракаўскага пана.

1 aprilis з'явіўся ў Прылуцы з 20 вершнікамі ханскі пасол з Крыму, чалавек зычлівы, якога звалі Чаўміс-мурза, просячы князя за трох татараў-нявольнікаў, якія двума гадамі раней кіраваліся з пасольствам у Масковію; у падарунак хан прыслаў князю гнядога турэцкага каня, хоць i старога, але нядрэннага, з не найлепшай кульбакай, на якой была зробленая з турэцкай грубай воўны падушка; таксама вупраж з акруглымі бляшкамі на белых рамянях, да ўсяго прыгожы турэцкі лук.

4 aprilis князь з княгіняй i світа прыехалі ў Лубны на свята, то бок на Вялікдзень 13, узяўшы з сабой ханскага пасла.

6 aprilis пахаванне слугі князя ям., п. Календы, у Лубнах.

7 - пахаванне слугі таго ж князя ям., п. Пякарскага.

8 - супольнае пахаванне двух таварышаў з казацкай харугвы князя ям., п. Шадагірскага i п. Ланткоўскага. Усім ім зладзіў князь прыгожыя вайсковыя пахаванні, што спадабалася таксама i татарскаму паслу, хаця ён i язычнік.

19 - князь з княгіняй паехалі з Лубнаў начаваць у Курынку, якую ў князя ям. арандаваў п. Асінскі [36].

Ultimis diebus aprilis Хмяльніцкі з разбойнікамі i ардой, атачыўшы 4000 вершнікаў кварцянога войска ([разам] з сынам гетмана i казацкім камісарам), разграміў ix на Жоўтых Водах. У той самы час, то бок ultimis aprilis, паслаў мяне князь у Ераміеўку, каб паведамляў яму, што дзеецца ў войску, бо князь яшчэ не ведаў пра разгром кварцянога войска. Атрымаўшы весткі - ліст з Чыгірына ад паноў гетманаў (яны стаялі там з войскам), паслаў я князю ям. ліст з поштай; з поштай жа зноў прыслаў мне князь ліст для паноў гетманаў, распытваючы, куды загадаюць яму паны гетманы кіравацца з войскам, якое налічвала 6000. A тым часам гетманы, даведаўшыся пра разгром адборнага кварцянога войска на Жоўтых Водах, адступілі назад да Корсуні; давялося мне ix даганяць, дагнаў аж за Чаркасамі, хоць i зведаў небяспеку. Праехаўшы 4 мілі ад Сякірнай да Чаркасаў i толькі выбраўшыся з Дняпра, пабачыў я ў мястэчку натоўпы сялянаў, якія расставілі загароды. A з'ехаўся быў са мной каралеўскі таварыш, п. Унішэўскі. I калі б я, згледзеўшы дзірку ў плоце вакол агарода не вымкнуў з п. Унішэўскім у поле, напэўна б нас схапілі. Вырваўшыся адтуль, прыехалі ў Машну - як i Сякірна, князеў маёнтак. Праз непагадзь мусілі заначаваць за мілю ад Сякірнай, хаця ўсе пакінулі мястэчка. Калі б сяляне не ведалі, што побач стаіць каралеўскае войска, не пакінулі б нас жывых.

8 травеня. Устаўшы назаўтра, знайшлі мы за 3 мілі ад Машны за Кумейкамі, на Сахновым Мосце, кароннае войска i гетманаў. Там я аддаў гетманам лісты, у якіх не было ніякай навіны ці весткі пра непрыяцеля.

9 - Падступіла да Корсуні войска, якое разам з аддзеламі паноў складала блізу 6000, i стала адразу за местам Багуславам, у жыдоўскім акопе.

10 - Выправіўся я да князя ям. з лістом ад паноў гетманаў, у якім не было нічога пэўнага, бо i самі гетманы не мелі ніводнага языка з-пад Корсуні. У той дзень начаваў у Пераяславе.

11 14 - з'явіўся на світанні пад Корсунем з 20 000 вершнікаў акрамя арды, якая ўся была на баку Хмяльніцкага, Крыванос, казацкі палкоўнік 15, заўважыўшы якога, паны гетманы спешна пашыхтавалі войска i далі Крываносу бой, у якім з ласкі Божай непрыяцелю перапала; з нашага боку загінула зусім няшмат. I хоць у той дзень Госпад Бог дабраславіў нашых гетманаў, яны не сядзелі, аднак, склаўшы рук, а, учыніўшы паміж сабой consilium, вырашылі выступіць назаўтра пад Багуслаў i там паставіць свой sedem belli [37]. Аднак Хмяльніцкі з ардой i казакамі зблытаў іхнія канцэпты [38]. Бо тое, што паны гетманы, параіўшыся са старшынай свайго войска, вырашылі ісці пад Багуслаў, назаўтра, то бок у аўторак, разнеслася па абозе i цяпер ужо было вядома кожнаму. Interim казакі схапілі сярод нашых языка, ад якога даведаліся пра намеры нашага войска, i хаця павінны былі ўначы ўсёй моцай абрушыцца на нашае войска, адмовіліся a proposite [39] i ўначы адправіліся перакрываць дарогу з боку Багуслава, дзе ў чыстым полі, за мілю ад Корсуня, была праклятая нізіна, называная Крутой Балкай, якую ніякім чынам немагчыма было абмінуць. Прыйшоўшы туды ўначы, казакі, то бок Хмяльніцкі з усёй моцай, выкапалі ўздоўж той нізіны, то бок Крутой Балкі, дзе рос густы i немалы дубняк, перакоп глыбокі, больш за мілю даўжынёй; кругом поле. Выкапаўшы глыбокі перакоп, засеў Хмяльніцкі з усімі сіламі ў зарасніку i чакаў нашых.

12 травеня 16. Назаўтра пасля бітвы з Крываносам, то бок у аўторак, адступілі паны гетманы з войскам з-пад Корсуня да Багуслава ў вялікім беспарадку, без усялякай аховы, толькі абозам у атачэнні войска. I чорта магло там пайсці што на добры лад, калі Мікалай Патоцкі, кракаўскі пан, каронны вялікі гетман, увесь час быў нападпітку, як i цяпер вось сядзеў п'яны ў карэце. Другі польны гетман, Каліноўскі [40], хаця й меў жаданне штосьці зрабіць, да яго не дужа прыслухоўваліся; да ўсяго ён меў слабы зрок, бо ўжо на адлегласці стаі не бачыў добра, i калі хто-небудзь быў ад яго на [адлегласці] пастрэлу з луку, ледзь адрозніваў, што гэта чалавек. Такім чынам прыйшлі ў тую праклятую Крутую Балку, не ведаючы пра засаду; так засляпіла тут панам, што не выслалі наперад ніякай харугвы, перш чым спускаць вазы ў нізіну. Першая ішла строем пяхота, за ёй гарматы, a за гарматамі вазы. I калі абоз i гарматы добра спусціліся ў нізіну ў перакоп, адмыслова выкапаны казакамі, [стала зразумела, што] цяжка будзе праз яго перабрацца, бо быў шырокі i глыбокі. Спыніўшыся каля таго перакопа, пачалі гукаць: «Стой! Стой!», каб наверсе спынілі вазы. A паколькі вазы ўжо добра з'ехалі ў нізіну, ніхто (быў круты [спуск]), не змог утрымаць коні ў возе і, абганяючы адзін аднаго, пачалі куляцца з вазамі i коньмі. Падчас гэтага замяшання Хмяльніцкі з 40 000 войска, у ліку якога была i арда, выскачыўшы з засады, акружыў абоз. За каронным кварцяным войскам асобна ішла яшчэ невялікая колькасць людзей пана Сяняўскага [41], з чым у той канфузіі i замяшанні непрыяцель хутка справіўся. Некалькі харугваў кінуліся да карэты кракаўскага пана [42], на прамілы Бог просячы, каб загадаў ім біцца; той, наадварот, пад страхам смерці загадаў усім спешыцца i схапіць доўгія стрэльбы, што зрабіў нядобра, бо наш польскі люд, не прызвычаены да пешага бою, не мог ваяваць падобным чынам. Тады тыя харугвы (чые не памятаю 17), не зважаючы на загад гетмана i бачачы непарадак у нашым войску, obses [43] кінуліся на непрыяцеля; i калі праскочылі праз непрыяцельскае войска i выйшлі жывыя, непрыяцель не дужа стараўся ix пераследаваць, маючы перад вачыма больш ласы кавалак. Як толькі нашыя спешыліся, з усіх бакоў наскочыў непрыяцель абоз разбіў, войска разграміў, абодвух гетманаў i пана Сяняўскага схапіў жывымі. I наогул, амаль усіх пахапалі жывымі, бо ў той канфузіі мы не маглі ні ачомацца, ні даць адпору. Узяў тады непрыяцель здабычу i вікторыю, на якую ніколі не спадзяваўся, якую кожны хоць i абяцае сабе, аднак жа in[ter] spe et metu [44] перабывае. Неспадзяваную, кажу, атрымаў здабычу, бо каронныя паны, як людзі высакадумныя, выбраліся былі на вайну з усімі выгодамі. Але найбольш страціў пан Сяняўскі, які, хочучы primitias [45] засведчыць i выявіць у той выправе сваю паслугу Айчыне, выбраўся ў паход як мага больш прадстаўніча: празмерна i непатрэбна набраў як дужа дарагога ваеннага рыштунку, так i сталовага срэбра для частавання рыцарства ды іншага дабра коней, шатаў etcшто ўсё непрыяцель за адну гадзіну так прыбраў да рук, што i следу не засталося. A саміх ix з якім сорамам i вечнай ганьбай для Польскай Кароны! пагнаў у няволю, у Арду, разам з астатнімі на вечную ганьбу i пагарду! павязаўшы гетманаў. Князь Вішнявецкі, мой пан, не прычакаўшы майго [вяртання] ад паноў гетманаў, 11 травеня рушыў з войскам з Прылукі па пераяслаўскім гасцінцы на ноч у Рудаўку, адправіўшы княгіню у Брагін, за Дняпро. У той жа дзень прыбыў i я з лістамі ад паноў гетманаў, у якіх яшчэ ні пра што князю ям. не паведамлялася: калі я выязджаў, нічога не было вядома. Там [46] начаваў князь пры пераяслаўскім [гасцінцы], a назаўтра, 12 травеня, у той няшчасны дзень, калі было знішчана нашае войска i паняволены гетманы, - пад Таркоўкай.

13 травеня пад Ягоцінам. Сюды пехам, у грубай сялянскай кашулі, з'явіўся на начлег таварыш майго пана, кварцяны гусар пан Паляноўскі, стары ветэран, які ўжо даўно служыў з князем. Ён i прынёс князю няшчасную - вох! - i нечуваную навіну пра паняволенне гетманаў i разгром кароннага войска. Тая навіна занепакоіла не толькі князя, але i ўсіх нас, мы не маглі й прыпусціць, што такі непрыяцель некалі давядзе нашую Айчыну да такой паразы. Аднак князь з войскам, якога было блізу 6 000, рушыў далей. I яшчэ больш нябогаў, якія адтуль уратаваліся, прыблукала да нашага войска - усе адну песеньку спяваюць. Не да канца, аднак, i ім даючы веры, князь адправіўся ў Пераяслаў, куды мы прыйшлі 14 травеня 18. Там атрымаў князь яшчэ больш падрабязнае данясенне пра ўсё; ведаючы, што яшчэ трохі засталося войска, хацеў пераправіцца з ім за Дняпро, i для арганізацыі паромаў паслаў па розны мястэчках па некалькі дзясяткаў вершных драгунаў, a менавіта: у Чаркасы, Дамонтаў, Сякірну, Бучак, Стайкі, Трахтыміраў, Рышчаў, дзе павінны былі ўсе сабрацца. Але нідзе ўжо не было паромаў, бо ў ноч пасля разгрому кароннага войска паромы былі затоплены з-за князя Вішнявецкага, якога казакі дужа баяліся. Тады князь, бачачы, што сядзіць за Дняпром са сваімі людзьмі, якіх была невялікая купка, як у птушынай клетцы, пачаў раіцца з палкоўнікамі i паручнікамі, як быць. Вырашылі, што трэба сыходзіць з тым войскам куды-небудзь за Дняпро, пакуль яшчэ i задняпроўскія сяляне не ўзбунтаваліся. Нідзе не бачылі магчымасці адыходу, толькі адно акно на Чарнігаў.

16 травеня выступіла нашае войска на Чарнігаў. Начавалі пад Басанню ў пані Крыніцкай. У той жа вечар князь адправіў пана Панятоўскага, казацкага ротмістра, з харугвай у разведку пад Канеў; у той жа вечар ён прывёў пяцёх [языкоў]. Яны сцвярджалі тое самае пра разгром гетманаў etc. Тых казакоў назаўтра пасціналі.

19-га прыйшла вестка, што за тыдзень да разгрому гетманаў памёр кароль Уладзіслаў IV 19.

Interregnum. 25 травеня прыйшлі ў Чарнігаў; там тры дні перапраўляліся праз раку Дзясну.

29 травеня 20 ўсе мы выступілі з Чарнігава, дзе шляхта закрылася ад казакоў у замачку. Князь параіў ім ісці за сабою, аднак яны, не разумеючы яшчэ ўсёй небяспекі, якая за лясамі, засталіся ў замачку; потым усе яны былі сцятыя.

30 травеня. Прыйшлі ў Любеч на Дняпры, дзе князь пакінуў войска, a сам пераправіўся [праз раку] i паехаў за пяць міль, у Брагін, да княгіні; з ім паехаў i я. Пераправіўшыся, у святочны дзень войска падышло пад Брагін. Князь з княгіняй прабылі там тыдзень, войска адпачнула. A казакі, адразу пасля нашага адстугшення з Чарнігава рушыўшы следам, падышлі да Чарнігава, i пакінуўшы там палову войска, другую палову адправілі былі ў пагоню за намі. Паколькі тая частка войска, што засталася пад Чарнігавам, не змагла здабыць места, то паслалі па тых, якія кінуліся былі за намі. Вярнуўшыся, яны захапілі Чарнігаў i пасціналі ўсіх, што закрыліся ў замачку, бо хаця ім не хапала ні пораху, ні жыўнасці, яны тыдні тры давалі казакам адпор; ім не было адкуль чакаць дапамогі, бо мы ні пра што не ведалі. Аднак калі б не той Чарнігаў, набраліся б князь з княгіняю страху, бо Брагін стаіць у дужа нядобрым месцы - увесь на балоце i сярод страшэнных лясоў. Праз тыдзень, 8 iunii, рушылі мы з князем i княгіняй у Бабічы, пад Мазыр, бо цяжка было перабрацца праз раку Прыпяць. У Бабічы прыйшлі 10 ійпіі, там адзначылі свята Божага Цела [47]. Пасля абеду князь адправіў княгіню ў Тураў, да пані віленскай ваяводзіны [48], сваёй цёткі 21, a войска некалькі дзён перапраўлялася праз Прыпяць i стала абозам за паўмілі ад Бабічаў, [у бок] Оўруча.

14 iunii выступілі на Оўруч.

16 iunii прыйшлі ў Оўруч, там прастаяў князь два дні для забеспячэння войска жыўнасцю.

19 iunii вырушылі з-пад Оўруча.

20 iunii прыйшлі ў Гарошкаў пана Нямірыча.

21, 22 ішлі далей. 23 ва Усомір. 24 - у Жытомір на Сейміту 22.

26 - вырушылі з Жытоміра паўз Катэльню.

28 прайшлі праз Паграбішча, уладанне князёў Збаражскіх 23, якое ў той час было пад апекай князя: язык, дастаўлены з Баршчаеўкі, паведаміў пра 600 казакоў у Няміраве, таму князь павярнуў з войскам сюды.

29 iunii адправіў князь у разведку пад Няміраў брацлаўскага пана Бараноўскага з двумастамі вершнікамі, з якімі паехаў i я. У Абодным, за чатыры мілі ад Нямірава, перахапілі мы шэсцьдзясят казакоў, i усіх, з ласкі Божай, пагалілі [49]. Адтуль напісаў пан Бараноўскі князю пра падмогу, бо даведаўся, што ў Няміраве больш за тысячу казакоў. Тады князь адправіў уначы 200 вершнікаў, якія на досвітку сустрэліся з намі непадалёку Нямірава. Падзяліўшыся на дзве [часткі], адны з нашых уварваліся ў адно места, a іншыя ў другое, дзе быў замак. Агледзеўшыся, казакі кінуліся ўцякаць пешшу праз раку, ці, хутчэй, стаў, якога мы не заўважылі ўначы. Але як толькі развіднела, убачыўшы тое, мы перанялі ў полі частку войска, якую пасціналі, астатнія паўцякалі праз лес у Вінніцу i Брацлаў; у месце мала каго засталі. [Адзін казак] амаль не збіў мне з самапала гузік на жупане, але быў за тое ўзнагароджаны смерцю. Захапіўшы, аднак, дзевяцёх жыўцом, пад апоўдзень выйшлі з Нямірава. У той самы дзень прыйшлі да князя, пад Прылуку мазавецкага ваяводы 24. Калі мы былі ўжо выйшлі з лесу ў поле на добрыя паўтары мілі ад Нямірава, высыпала з лесу шмат казакоў, якія заўважылі наш абоз, бо мноства жыдоў i жыдовак з таго места ўвязаліся за намі, хаця былі паабяцалі казакам не ўцякаць ад ix. Тады мы кінуліся да ix назад, схапіўшы штосьці блізу 30, іншыя ўцяклі ў лес.

2 iulii прасілі воі князя, каб сказаў, дзе ім узяць хлеба, i даў перадыхнуць па цяжкасцях, зведаных пры пераходзе праз стэп. Тады князь паслаў у Няміраў (бо i Няміраў князёў Збаражскіх быў пад апекай князя) па хлеб двух капітанаў, якім загадаў узяць па 50 [чалавек] суправаджэння: аднаго капітана Каліноўскага, a другога нейкага немца, але добрага юнака. Таго ж дня пад вечар прыйшлі ў Няміраў, дзе пачалі патроху збірацца; гаспадары збеглі. Спыніўшыся ў замку, тыя капітаны загадалі паклікаць да сябе войта, i калі той прыйшоў у воўчай пакоры, паведамілі яму волю князя ям. i паказалі ўніверсал. Той здрайца з усім згаджаўся, «толькі - кажа пачакайце крыху, пакуль збяруцца людзі». Праз гадзіну прыйшоў у замак адзін селянін, каб папярэдзіць тых капітанаў, што войт «паслаў да казакоў, хочучы вас выдаць», чаму капітаны не давалі веры, разумеючы, што селянін хоча адстрашыць ix ад пастою i хлеба, аднак з асцярожнасці заставаліся ў замку.

3 iulii. На світанні, у аўторак, па слове таго селяніна, які перасцерагаў, пачалі казакі штурм, але безвынікова, потым другі, трэці i г. д., увесь час заклікаючы здавацца. A драгуны былі настолькі дабрадзейныя, што хаця былі выбранцамі з тае ж Украіны, так магутна бараніліся, што адзін пры адным палеглі; толькі адзін, схаваўшыся паміж трупамі, уратаваўся ўначы жывы i паведаміў пра ўсё князю. Казакі, пачаўшы ў пятніцу, штурмавалі дзень i ноч аж да аўторка. Нарэшце, у ноч з чарцвярга на пятніцу, пасля трох няўдалых штурмаў (яшчэ адзін быў днём), казацкая старшына, падпаіўшы гарэлкаю, кінула на штурм чэрнь, то бок сялянаў, a самі заставаліся цвярозымі; п'яныя сяляне лезлі навослеп, a нашым, бедным, не хапала ні куль, ні пораху. Бачачы тое, непрыяцель яшчэ мацней налягаў на паркан, дарваўшыся да якога, усё жывое лезла ў замак. Неўзабаве там зрабілася цесна, драгуны i капітаны забілі нямала тых сялянаў, але не ў сілах былі процістаяць вялікай моцы, бо i рукі стамляліся, i сілы сыходзілі пасля колькідзённага няспання i несупыннай бітвы. Тады сяляне пасціналі ўсіх драгунаў, капітана Каліноўскага забілі, a другі, немец, абараняўся магутна i перш чым селянін зачапіў яго здалёку касой, забіў з ручной зброі чалавек 30.

6 iulii князь, нічога не ведаючы i мяркуючы, што яшчэ ідзе збіранне хлеба, рушыў на Валынь.

7 iulii з'явіўся адзін драгун, які быў у бітве пад Няміравам, ён i паведаміў, што дзеелася i што сталася. Князь адправіў туды з паўтары тысячы вершнікаў, каб, захапіўшы места ды пасцінаўшы вінаватага i невінаватага, места спалілі. Аднак непрыяцель, агледзеўшыся, так уфартыфікаваўся, што не даў нават падступіцца да места; i так infectis rebus [50] тыя людзі мусілі з сорамам адступіць, a князь з войскам рушыў далей, на Валынь.

12 iulii 25 калі мы стаялі пад Райгарадам, у самы абед прыйшла князю вестка, што раніцай казакі напалі на Тышкевічаву, кіеўскага ваяводы [51], Махноўку i здабываюць яе, a кіеўскі ваявода просіць князя ям. прыйсці на дапамогу; князь, пакінуўшы есці, паімчаўся туды з добрай 1000 вершнікаў. У той дзень бушавала непагадзь, таму князь пайшоў на Махноўку, a абозу з рэштай войска загадаў ісці ў Быстрык, уладанне таго ж пана ваяводы. Як толькі мы падышлі да Махноўкі, за чвэрць мілі ад Быстрыка сустрэў нас пан кіеўскі ваявода; пабачыўшыся там, у полі, з князем, дзякаваў яму, што не паленаваўся прыйсці на дапамогу Махноўцы. Пасля таго дзякавання зайшло яму ў галаве, што ўжо i не патрэбна тая дапамога шукаў розныя довады, каб адступіцца ад намеру. Войска, настроенае на бітву, настойвала. Нарэшце, па доўгай кансультацыі [52], пайшлі да Махноўкі, a з намі пан кіеўскі ваявода. Тым часам, пакуль мы раіліся ў полі, казакі захапілі места i пачалі штурм замка, дзе з мноствам шляхцянак, жыдоў, жыдовак закрылася казацкая харугва пана кіеўскага ваяводы, якую ачольваў пан Леў. Спачатку мы захапілі бернардынскі кляштар, што стаяў за замкам, a потым, штурмуючы з кляштара, i сам замак.

Як толькі мы туды прыйшлі, некалькім харугвам было загадана паспяшацца на пагорак блізу места; яны, не ведаючы тамтэйшага места, надарэмна кінуліся з вокрыкам [наперад], бо непрыяцель, здагадаўшыся, спешна набраў у месце пустых вазоў, выйшаў у поле i разгарнуў табар. I пакуль нашыя харугвы апынуліся на іншым беразе ракі, грэбля на якой была далёка, непрыяцель да вечара так добра атабарыўся, што мы ўсю ноч, топчучыся на месцы, нічога не маглі з ім зрабіць. Нарэшце на світанку адступілі за раку, на пагорак, і, стаіўшыся там, чакалі надыходу дня. Непрыяцель жа, здабыўшы да нашага прыходу замак, усіх там пасцінаў, толысі пану Леву з некалькімі таварышамі ўдалося ўратавацца. Таксама i нам прычыніў бы немалую шкоду, калі б не падмоклі ў яго самапалы; але i без таго не далі да сябе падступіцца.

13 iulii, адно развіднела, князь сабраўся ісці на непрыяцеля, але пан кіеўскі ваявода дужа таму contrarius [53], усімі сіламі ўгаворваючы князя пакінуць таго непрыяцеля ў спакоі, прыводзячы наступны довад: раз'юшаны, непрыяцель «скіруе помсту на мае маёнткі, i тую шкоду павінен будзе мне направіць ніхто іншы, як в. к. м.». A непрыяцель, бачачы, што ніхто не наступае, адправіўся абозам пад Паграбішча. Нам жа хацелася паглядзець, што дзеецца ў казацкім абозе. Загадаў князь некалькім чалавекам паўзці на пузах на пагорак; запоўзшы туды, тыя ўбачылі пустое, без непрыяцеля, месца. Сказалі нам, што калі ўзыдзем на пагорак, то самі пабачым, што месца пустое. Тады паслалі [ў пагоню] некалькі дзясяткаў вершнікаў-добраахвотнікаў, сярод якіх быў i я. Дагналі мы ix за добрую мілю, i калі б там быў з войскам князь, няма сумнення, што разбіў бы ix ушчэнт, бо ў чыстым полі, без вады, мы ўзялі б ix у акружэнне. Падабраўшыся пад казацкі табар, схапілі мы добрага языка, які назваўся сынам Крываноса, з якім 3 000 усялякага народу; яго адправілі да князя. Па дысвазіі [54] пана кіеўскага ваяводы мы не пайшлі за імі, як раней, a скіраваліся да свайго войска, у Быстрык; адтуль пайшлі на Валынь.

23 iulii прыйшлі на начлег у Расолаўку, за 2 мілі ад Канстанцінава (у бок Валыні), a непрыяцель, pridie [55] пасекшы ў Палонным нямала шляхты, пачаў паказвацца пад Канстанцінавам (з боку Новага Канстанцінава). Пад той Расолаўкай прастаялі мы цэлы дзень, чакаючы вяртання разведкі.

24 iulii, У суботу 26, пад самы вечар прыйшла вестка з Канстанцінава ад Карыцкага, палкоўніка пана сандамірскага ваяводы, князя Дамініка Астрожскага, i ад Асінскага, каралеўскага оберштэра [56], што непрыяцель Крыванос наступае з вялікімі сіламі на Канстанцінаў. Князь, правёўшы нараду з кіеўскім ваяводам i вайсковай старшынай, выступіў уначы на Канстанцінаў, куды мы шчасліва прыбылі на світанні.

25 iulii раніцай паставілі абоз пад самым местам, на рацэ Стыр, з другога боку працякала Случ. Непрыяцеля не было відаць; толькі пасля абеду вартавыя данеслі, што непрыяцель наступае. Адправілі разведку, схапілі языка, які паведаміў, што Крыванос ідзе з 50 000, без арды. Пасля гэтага князь выставіў у полі войска i харугву князя Дамініка, у якой было 1 500, i сваіх блізу 4 000, бо калі пераправіліся праз Дняпро, мноства людзей, якія ўцякалі з князем з Задняпроўя, раз'ехалася, кожны ў свой бок. Затым прыйшло непрыяцельскае войска - як вокам ахапіць - i стала на тым беразе Случы-ракі, на пагорку; нас жа было мала, купка, у якой было дзесьці 6 000 ці блізу таго.

Непрыяцель хацеў неадкладна рушыць у наступ, але Асінскі з 1 200 гвардзейцамі, засеўшы на пераправе, моцна абараняўся. Таму князь загадаў біць па іх [57] з гарматаў з некалькіх месцаў, i пакрысе ix менела. Потым Габрыэль Аксак, юны пахолак, маючы пры сабе 300 вершнікаў, прасіў князя, каб спачатку [дазволіў] яму крэдэнсаваць усяму войску; князь доўга разважаў, ці кідацца з матыкай на сонца 27, аднак па доўгім разважанні даў згоду. [Аксак] адразу кінуўся ўброд, a за ім рашуча пайшлі ў наступ іншыя харугвы. Пабачыўшы тое, непрыяцель, маючы такія вялікія сілы, па дзіўным провідзе Божым пачаў адступаць. Тады ўжо нашыя, нябогі, прызваўшы Госпада Бога ў падмогу, кінуліся наўздагон i паўтары мілі, да самага табару, секлі ix - хоць рэдка, a ўслалі трупамі; там ix палегла каля 2 000, a нашых зусім няшмат.

Пакуль дайшлі да лагера, здраднікі паспелі акапацца ў нізіне, i мы не ў сілах былі з імі справіцца, толькі стаялі на пагорку над імі, чакаючы [падыходу] гвардыі. Калі пашыхтаванае войска стаяла там, падстрэлілі ў калена п. Андрэя Мокрскага, княскага палкоўніка, паважнага чалавека i добрага мужа, які ад тае раны праз тры тыдні памёр; стралялі з самапала, знайшлі ў назе квадратны жалезны наканечнік стралы.

Падышла, хоць i не хутка, гвардыя, з якой мы збіраліся ўдарыць на табар, які напэўна захапілі б, аднак i тут totis viribus [58] адгаворваў пан кіеўскі ваявода, i адгаварыў, безразважны чалавек. Вось так, настаяўшыся дасхочу, ужо ў добрым паўзмроку адступілі назад.

26 iulii пан кіеўскі ваявода з князем ям. i палкоўнікамі etc. цэлы дзень правялі на нарадзе; той нарадай зблытаў імпрэзу князю Вішнявецкаму, бо той збіраўся назаўтра пасля бітвы, то бок 26-га, захапіць непрыяцельскі табар - усё тое давялося адмяніць. Канстанцінаўскія ж месцічы, радуючыся прыходу казакоў, пад покрывам ночы падвозілі непрыяцелю (у той самы дзень, як ён з'явіўся) піва, гарэлку, порах etc. Калі тое агледзелі, паведамілі князю; схапіўшы ix, загадаў князь сцяць 40 [чалавек].

Тады ж, калі мы ўвесь дзень былі на нарадзе пад Канстанцінавам, прыйшлі непрыяцелю на падмогу 20 000 украінскіх сялянаў i старшынных казакоў, пасля нарады з якімі Крыванос, не чакаючы нас у сябе, вырашыў назаўтра выступіць проці нас з табарам i ўсімі сіламі. Так яно i сталася.

27 iulii, на самым узыходзе сонца, хавалі мы свайго таварыша, Клікашэўскага, які памёр ад раны. Дзіўна, што памёр ад такой нязначнай раны: выстрал прыйшоўся наўскос, у задняе прыроднае прыкрыццё [59]; летучы, куля вырвала знізу трошкі мяса, не зачапіўшы ніводнае жылкі ці косці, i з таго памёр. Відаць, здраднік мачаў кулі ў нейкую атруту. Калі мы хавалі яго ў касцёле ў аа. дамініканцаў (сонца толькі ўставала), данеслі, што казакі на падыходзе. Тады, пахаваўшы хутчэй цела, мы кінуліся да абозу, аж непрыяцель ужо стаіць табарам на Случы-рацэ. Князь Вішнявецкі, хутчэй выправіўшы ў засаду на пераправе 1260 [чалавек] каралеўскай гвардыі, пашыхтаваў войска ў полі, насупраць непрыяцеля. Баючыся здрады з боку месцічаў, загадаў свайму абозу ісці ў Кульчын, у бок Валыні, за тры мілі ад Новага Канстанцінава. Здагадаўшыся, непрыяцель з усім імпэтам рынуўся на пераправу, дзе Асінскі з гвардыяй даў яму добрага прачуханца, i так некалькі разоў. Таксама князь загадаў паціху прашчупваць ix з гарматак, але i непрыяцель часта даваў агонь з гармат. Нам дапамагло толькі тое, што ў непрыяцеля не было добрых гарматнікаў, што ўсе выстралы праходзілі высока над намі; таксама абоз ix ужо аддаліўся ад нас. Непрыяцель зноў шукае ўдачы i ўсім табарам наступае на пераправу; i хоць там каралеўская гвардыя прычыняла ім немалую шкоду, аднак здраднікі навослеп ішлі да ракі, i ўрэшце князь загадаў гвардыі адступіць назад i ісці з вазамі ў Кульчын. Пасля ix адступлення адразу некалькі тысяч непрыяцеля пераправіліся [праз раку]. Пасля таго як пераправілася прыблізна палова, далі нам бой, бо мы кінуліся наперад, да ix, дзе, з ласкі Божае, добра ix правучылі; калі ж пераправіліся ўсе, нам давялося трохі адступіць. Яны, акапаўшыся паўмесяцам ля ракі, спешна пераправілі гарматы, з якіх брыдка курылі [60] нам пад носам. Тады мы зноў кінуліся да ix; подступ аказаўся цяжэйшы, чым раней, але i цяпер ix крыху паменела; мы зноў адступілі i спыніліся ад ix на адлегласці аднаго-двух пастрэлаў з лука. Яны зноў пачалі падбірацца да нас i забілі паручніка княскай казацкай харугвы, пана Кураша, які стаяў паперадзе харугвы. Тады князь загадаў харугвам зноў наступаць i сам ачоліў сваю, казацкую, дзякуючы чаму мы захапілі 5 гармат, 2 гакаўніцы i 2 арганы, якія ледзь выцягнулі адтуль, бо здраднікі зноў ачомаліся. Затым зноў паслалі па гвардыю i пяхоту, хочучы наўдачу зноў ударыць на непрыяцеля. I было б дужа добра, бо непрыяцель, зразумеўшы тое, пахіснуўся, i ўжо чэрць схапіла была Крываноса, якога хацела выдаць князю жывога, ускладаючы на яго ўсю віну, што прымусіў ix ісці на тую бітву, аднак зноў д'ябал нашаптаў нягодную параду кіеўскаму ваяводу, які як мог адгаворваў князя ад завяршэння бітвы i дамогся свайго. Рвучы на сабе валасы, праз [угаворы] кіеўскага ваяводы князь адступіў з войскам, пакінуўшы ў лесе разведку, a сам адправіўся на начлег у Кульчын. Вось так, на працягу ўсяго дня сыходзячыся з непрыяцелем, упусціўшы з рук вікторыю, адступіў з войскам праз кіеўскага ваяводу. Сапраўды, пра яго сказана даўней: князь золатам напісаў, a ваявода лайном запячатаў У той дзень з боку непрыяцеля палегла каля пятнаццаці тысяч, з нашага сто душ.

28 iulii. Назаўтра раніцой, або ў тую ж ноч, вярнулася з-пад Канстанцінава разведка з языком, які паведаміў, што непрыяцель быў дужа занепакоены, калі пабачыў учора гвардыю i пяхоту, i калі б (кажа) толькі раз мы наляцелі з пяхотай, здаліся б i выдалі Крываноса жывым. Затым разам з людзьмі князя Дамініка мы рушылі далей, у бок Валыні.

31 iulii прыйшлі ў Ляхоўцы пана Сянюты, там абоз прастаяў тыдзень.

3 augusti. Праз некалькі дзён князь, даведаўшыся пра непрыяцеля ў Заславе, паслаў туды разведку, але непрыяцель уцёк.

5 augusti, пасля вяртання разведкі ні з чым, князь адправіўся ў Збараж; я таксама паехаў з ім.

7 augusti абоз вырушыў пад Ямпаль. Будучы ў Збаражы, прасіў у князя заслужнога, але нічога не атрымаў, бо i ў князя канчаўся грашовы запас. Тады я папрасіў, каб адпусціў мяне дадому дзеля ўпарадкавання забеспячэння; адпусціў, наказаўшы вярнуцца як мага хутчэй.

11 augusti выехаў са Збаража ў Вішнявец, куды мой чаляднік, Пашкевіч, не пажадаў са мной адправіцца. Прыехаўшы ў Вішнявец, прабыў там тры дні; той самы Пашкевіч ажаніўся тады ж у Заложцах. Тады я выехаў з вознікам i хлопцам, да самага дому маючы на харчаванне два чырвоныя злотыя - не больш.

15 augusti выехаў з Вішняўца, начаваў у Козіне.

16 augusti ў Свінцухах.

17 augusti ў Карытніцы. Там уцёк ад мяне хлопец, застаўся я з адным вознікам, маючы пры сабе чацвёрку змораных коней.

18 augusti ў Свірах. Толькі тое мне дапамагло, што ехаў падчас жніва i часцей, чым у вёсках i мястэчках, начаваў у полі, дзе сухар з вадой быў смачнейшы, чым кавалак мяса на банкеце.

19 augusti ва Уладаве. За мілю ад яе, калі йшоў пешшу (бо коні мае зусім знясілелі), пад'ехаў да мяне пан Юры Міхалкевіч, які вёз са Львова коп'і для пана харужага Вялікага Княства Літоўскага, пана Паца [61]. Ён, хаця меў пад сабой добрага каня, памог мне - пытаючыся то пра тое, то пра гэта - ісці да Уладавы, a мой вазок валокся далёка за мной. Я пераначаваў разам з ім ва Уладаве i пачуваўся там добра, бо i мяне [самога], i коней маіх накарміў той Міхалкевіч, вельмі добры пахолак; яго воз, на якім везлі коп'і, быў зблукаў, але назаўтра прыйшоў. На тым начлегу я, не жадаючы, ледзь не забіў жыда: на стале ляжалі французскія з крэсівамі пісталеты пана Міхалкевіча, я ж кінуў на стол нагайку, якая нейкім чынам ударыла па спуску пісталета i той выстраліў па-над ілбом жыда, які сядзеў пры печы.

Назаўтра, 20 augusti, устаўшы рана, прадаў я мышастага пад'ездка. Гэта быў стары каніска, толькі тым i адрозніваўся, што, прайшоўшы мілю за дзень, стамляўся; узяў за яго 20 злотых. Пасля разам з тым таварышам паехалі мы на ноч у Берасце, i хаця мой конь ужо за мілю ад Берасця стаміўся так, што не мог ісці, уеё ж я, сам ідучы пехам, дапхаў яго да Берасця, a мой вазніца прыехаў з вазком толькі назаўтра, заначаваўшы ў Кодані. У Берасці за цэлы дзень я добра адпачнуў. У суботу на ноч [адправіўся] ў Рэчыцу, да пані Трыляркоўскай, вельмі зычлівай жанчыны i маёй вялікай дабрадзейкі.

23 augusti ў Шарашове на мшы. Там сустрэў свайго люблінскага пана [62], якому праслужыў больш за два гады, з самой пані i меў надзею, што яны мяне нейкім чынам уратуюць, але не далі мне нічога, толькі пані [63], зважаючы на сваяцтва, дала мне 3 злотыя, чым вельмі мне дагадзіла, бо я не меў за што купіць стравы. Там жа, у Шарашове, сустрэў я пана Гроса, слугу князя маршалка, які, маючы пры сабе 50 драгунаў, паехаў са мной дадому. Пад Пінскам трывожна.

26 жнівеня ў Слоніме, a начлег у Палонцы, у паноў Бруханскіх.

28 жнівеня, калі мы прыехалі ў Сталовічы на пакорм, коні не змаглі ісці далей, бо падалі ад ветру - настолькі былі слабыя. Там даведаўся, што пад Слуцкам трывожна. Тады я папрасіў местачкоўцаў пазычыць мне коні, але яны ніяк не згаджаліся, хаця ведалі Ашчаклінскага, майго айчыма нябожчыка, i маю маці, дабрадзеяў. Наняў там у Грымалы за талер пад'ездка праехаць толькі 4 мілі, да Сэрвачы, a другую клячу (за другі талер) у Манчака; тройку сваіх бедных конікаў пакінуў на некалькі дзён у Грымалы, якіх пазней вярнуў.

Таго ж дня нашае паспалітае рушэнне, выйшаўшы з Наваградка, начавала ў Цырыне, кудой меўся ехаць i я, дзе ўжо стаялі харугвы. Мне было дужа сорамна, што ехаў у такім убостве на малым абшарпаным пад'ездку, a вазку загадаў ехаць падалей; хацеў я трохі змухляваць, каб мяне не пазналі. Едучы, пазнаваў усіх, i калі мінаў ix, глядзеў у іншы бок, каб не пазналі мяне па камплексіі [64], бо мне было сорамна за сваё ўбоства. I ўжо быў завярнуў на цырынскі мост, як заўважыў мяне нейкім чынам п. Пётр Макавецкі, які пазней, у 1652 годзе, стаў парнаўскім [панам], i крыкнуў мне: «Нетутэйшы, стой!», бо я меў на сабе мусэльбасовы, але моцна абшарпаны табельнік 28 на ардынскі манер. Спачатку я вырашыў не абарачацца на яго голас, быццам бы не пачуў, аднак пабаяўся яшчэ большага для сябе сораму, калі б за мной выслалі пагонкх Пад'ехаўшы да яго, зрабіў выгляд, што кагадзе пазнаў, скочыў з каня, пакланіўся як вую i падышоў з ім да п. Францкевіча, наваградскага [пана] [65], майго брата, якому даў поўную справаздачу пра тое, што дзеелася i дзеецца ва Украіне. Прабыўшы ў яго з гадзіну, паехаў на ноч у Сэрвач. Там сваёй пані маці не застаў, бо была ў Крацэвічах, аднак у той жа вечар паведаміў пра сваё прыбыццё.

29 жнівеня прыехаў у Крацэвічы да пані маці. Таго ж дня падышоў да Слуцка з некалькімі тысячамі войска Сакалоўскі, палкоўнік Хмяльніцкага. Нашае паспалітае рушэнне выступіла i некалькі тыдняў прастаяла на [рацэ] Лані, за 8 міль ад Слуцка, аж п. Ян Сасноўскі, слуцкі староста, з людзьмі князя Багуслава, свайго пана, адбіваючыся некалькі дзён, выкурыў ix з-пад Слуцка 3 septembris i на пераправе пад Пагостам захапіў частку ўцекачоў.

6 octobris стала вядома, што 27 septembris 29 непрыяцель разграміў пад Піляўцамі, каля Новага Канстанцінава, 40 000 кароннага войска. Гэта была кара Божая, што нашыя, не маючы ніякай пагрозы для сябе, пачалі разбягацца i так ганебна ўцякаць, што хто-ніхто толькі праз колькі дзясяткаў міль адважыўся азірнуцца. Прычынай таму паслужыў няшчасны Вельзевул, князь Дамінік [66], якому да вяртання гетманаў з палону Рэч Паспалітая даручыла вялікую булаву - ён першы, у страху за сябе, уцёк уначы. Войска таксама, не бачачы гетмана, як найхутчэй у ногі. Непрыяцель, не спанатрыўшы таго, прастаяў дзень каля абозу, баючыся нападаць, мяркуючы, што людзі схаваліся; потым, калі пачаў наступаць i ўбачыў, што ніхто не абараняецца, захапіў усё. I хто ведае, якую там здабычу ён захапіў, бо каронныя паны cum tali luxu [67] выбраліся з пурпурова-залатымі клункамі не толькі на рыдванах, але i на скарбовых вазах з шатамі, срэбрам, золатам, кляйнотамі, абіўкай etc. - так, што рэдкі таварыш мог дараўнаць вялікім панам у дастатку, калі б нават i апошняе прадаў ды ўвабраўся ў годныя шаты; такая там панавала празмернасць, за якую Госпад Бог ix адчувальна пакараў, бо ад усяго ўцякалі, хаця ix ніхто не пераследаваў, чым наклікалі на Айчыну вечны нязмыўны сорам i ганьбу.

Узяўшы верх пасля тых ганебных уцёкаў нашых, непрыяцель рушыў углыб, куды пажадаў.

Тут у нас, у Літве, паўсюдны наём, я таксама наняўся, па гусарскім звычаі з трыма коньмі, з князем Багуславам Радзівілам, канюшым ВКЛ. Паручнікам у гэтай харугве быў п. Матыяш Францкевіч-Радзымінскі, наваградскі харужы.

25 octobris пані Аляксандра Пясецкая-Бральніцкая 30, мая пані цётка, аддала Госпаду Богу душу ў Машэвічах.

1 novembris, едучы да харугвы, пабачыўся са мной у Наваградку пан Крыштаф Адзінец, таварыш князя канюшага, які, хочучы прыбыць у харугву ў маёй кампаніі, перш чым мы адправіліся, заехаў [са мной] у Крацэвічы, потым у Сэрвач.

6 novembris выехаў я з Сэрвачы ў Наваградак, да харугвы, з п. Адзінцом; заначавалі ў Машэвічах у п. Гераніма Пратасевіча, сына пінскага суддзі; у той час ён арандаваў Машэвічы.

7 noyembris у Наваградак. Тут застаў гусарскую харугву п. Паца, харужага ВКЛ, якая кіравалася ў абоз пад Пінскам. Там, пасля сустрэчы з паручнікам, п. Альбрыхтам Галімонам, смаленскім падчашым, прапанавалі нам ісці да Пінска разам з іхняй харугвай, шукаючы i распытваючы пра сваю, пра якую нічога не ведалі. На што мы з любай ахвотай пагадзіліся і, паеўшы, выступілі з Наваградка; начавалі пад Дзятлавам у вёсцы etc. начлег на двары.

10 novembris, у Ісаевічах.

12 novembris. У вёсцы за Слонімам, за чатыры мілі. Таго ж 12 novembris прыехаў у Слонім п. Крыштаф Сенажацкі, чарнігаўскі харужы, слуга князя Вішнявецкага, які ўцёк з Украіны праз Маскоўскую зямлю, прабіраючыся назад да князя, свайго пана. Пабачыўшыся з ім, папрасіў я паручніка пана Паца, каб дазволіў i п. Сенажацкаму ісці з намі ў той самай харугве; ён даў згоду. Тады рушыў з намі пад той самай харугвай.

14-га ў Бярозе. Далучыўся да нас п. Самуэль Солтан, таксама слуга князя Вішнявецкага, які паехаў з намі пад той самай харугвай. Прыйшлі ў вёску Кальную (за мілю ад абозу), вызначаную для пастою харугвы п. Паца, які стаяў у Моталі, за 6 міль ад Пінска, з п. стражнікам BKЛ [68]: пасля захопу Пінска primis diebus novembris прастаяў там некалькі тыдняў, да атрымання данясення i далейшага ардынансу ад князя пана гетмана.

26 novembris. Харугва п. Паца ў полі пад Моталем, 100 коней; харужы п. Асмалінскі.

26 novembris я i п. Адзінец даведаліся, што нашая харугва стаіць у Берасці. Выехалі, a з намі п. Сенажацкі i п. Солтан; начавалі ў Хомску.

1 decembris у Гарадцы, 2-га ў Кобрыне, 4-га прыехалі ў Берасце. Тады ж наш атрад далучыў да харугвы князя канюшага [69] 3 вершных гусараў. Там атрымалі мы па 10 валок хлеба на каня (з валокі атрымлівалася па 10 злотых) i 100 злотых заслужнога з кантэнтацыяй на вершніка.

14 decembris прыехаў у Берасце князь гетман [70].

16 decembris прыехаў таксама ў Берасце князь канюшы, наш ротмістр.

18-га попіс нашай харугвы ў Берасці; 120 коней.

21-га князь канюшы, узяўшы некаторых сваіх таварышаў з харугвы, [адправіўся] на каранацыю караля Яна Казіміра 31, якая адбылася in ianuario.

1649 год

20 ianuarii пан гетман, князь Януш Радзівіл, забраўшы найманае войска Вялікага Княства Літоўскага, вырушыў з Берасця ў Тураў.

У той жа дзень я далучыўся да атрада Каліцкага. Князь ішоў, падзяліўшы войска на тры часткі, то бок, сам са сваім палком пасярэдзіне, a па баках на адлегласці мілі-дзвюх яшчэ два палкі. Тое нам не дужа падабалася, бо з аднаго боку ішоў полк п. смаленскага ваяводы [71], a з другога п. Вінцэнта Гасеўскага, у палку якога была i наша харугва, i калі гетман праходзіў тры-чатыры мілі, то нам, выпраўляючыся на кола, даводзілася праходзіць удвая больш.

1 februarii князь гетман, узяўшы з кожнай харугвы палову людзей, адправіўся ў разведку пад Мазыр, дзе ўфартыфікаваліся 15 000 непрыяцеля. Таго дня мы начавалі за тры мілі, у Петрыкавічах. Там я спыніўся ў адной гасподзе з Пятром Тарлецкім i Самуэлем Стаброўскім. Гаспадыня, выглядае, баялася, каб не растрэслі яе каморы укінула моўчкам у студню 100 злотых, што бачачы, Тарлецкі, гайдук, выняў ix уначы, прывязаўшы серп да вочапа. Неўзабаве я даведаўся пра тое i настрашыў яго. Тарлецкі быў вымушаны падзяліцца, чым дужа мне тады дагадзіў; гаспадыня ж пра тое не ведае, мяркуе, што знойдзе ў цэласці. У тым жа мястэчку начаваў з усім войскам i князь гетман.

9 februarii, a другой або трэцяй [гадзіне] на раніцу мы пакінулі Петрыкавічы, якія былі мястэчкам пана Гераніма Хадкевіча, віленскага ваяводы 32. Пад вечар спыніліся на начлег у Хмелішчах, [што адносяцца да] Скрыгалоўскай Слабады. У той вёсцы давялося ўсім нам размяшчацца па некалькі таварышаў на гасподзе; адтуль пан гетман паслаў разведку на захоп языка, a каб зрабіць тое было лацвей, кінуў сваю казацкую харугву ў вёску, што была за мілю ад Мазыра. Непрыяцель, даведаўшыея, што ў вёсцы ўсяго адна харугва, напаў уначы, i нашы небажаты ледзь паспелі ўцячы. Але аднаго таварыша, п. Заламая, з некаторымі пахолкамі страшна пасеклі; усе астатнія паўцякалі. Князь пан гетман, які ні пра што не ведаў, выступіўшы a трэцяй або чацвертай гадзіне ночы, ціха ішоў на Мазыр. Паколькі тады быў дужа моцны мароз, спыніўся ў вёсцы за паўтары мілі ад Мазыра, дзе, сяк-так распаліўшы вогнішча, грэўся ў чаканні дня. Пад раніцу прывялі туды языка, нейкага казака, які паведаміў пра разгон княскай казацкай харугвы i тое, што дзеелася; паведаміў таксама пра непрыяцельскае войска, што ў Мазыры яго было некалькі тысяч. Старшы над імі быў мазырскі сядляр, другі Міхенька. Толькі заднела, князь спешна выступіў з войскам да места. Летучы туды, адмарозіў я сабе паўноса, які потым ледзь адцёр.

Падышоўшы пад самае места ад ракі Прыпяці, князь выслаў харугвы i ў адзін, i ў другі бок, але ўздоўж ракі гарэлі вогнішчы. Здраднікі не давалі нам падступіцца, зрабіўшы вал i акопы вакол места, у равах i на пагорку, але з Божай успамогай узялі мы над імі вікторыю. Князь быў загадаў пяхоце i агнявым, перадусім кампаніям капітана Ропа i капітана Раецкага 33, ісці на штурм, але непрыяцель прычыніў ім немалую шкоду. Бачачы тое, загадаў князь колькім каронным харугвам кінуцца на тыя валы, што былі невялікія, але дужа склізкія, аднак непрыяцель даў адпор. Іншыя харугвы, якім было загадана выпрабаваць удачу з другога боку места, таксама не далі рады, аж нарэшце загадаў князь усяму войску спешыцца ды ісці на штурм.

Тады нашыя, даўшы колькі залпаў з гармат, пайшлі на штурм, a паперадзе ix, спешыўшыся са сваёй райтарыяй, Ганцко[п]ф. Тым часам хтосьці з нашых пацэліў у непрыяцельскую бочку пораху, які ўвесь пайшоў з дымам, пасля чаго нашыя, кінуўшыся наперад, з ласкі Найвышэйшага Госпада ўзялі верх над непрыяцелем, які адразу кінуўся наўцёкі. A нашыя працягвалі распачатую вікторыю, рубаючы i палячы дамы, a перадусім немцы, якія не мелі літасці не толькі да саміх казакоў, але да ix жанчын i дзяцей таксама; хто змог уцёк, але нямногія ўратаваліся: сядляр толькі тамтэйшы, які быў старшым над апалчэннем, уцёк на добрым кані. Сярод мноства палонных схапілі толькі таго другога, яго таварыша, палкоўніка Міхеньку, якога разам з астатнімі ўбілі на палю. Князь пан гетман, пажадаўшы агледзець трупы, загадаў кожнай харугве даць яму ў суправаджэнне па два таварышы, сярод якіх разам з іншым таварышам ад харугвы князя канюшага, Багуслава Радзівіла, быў i я. Мы, аб'язджаючы ў хмызняку (голым у гэты час) між пагоркамі трупы, адну мелі радасць, як у ловах, бо непрыяцель, уцякаючы па равах i балотах, хацеў схавацца ў хмызняку, які, аднак, быў голы кожны быў нам бачны з пагорка. Нашыя хто з пташынкі, хто з мушкета забівалі ix з пагорка, кожны свайго. Калі ж хтосьці з ix, як заяц, дабіраўся да поля, то i там не меў ратунку, бо заўважыўшы яго, харугвы, што стаялі ў полі, рубалі яго i рознымі спосабамі мардавалі.

Interea падпалілі места, потым ледзь змаглі патушыць. Між тым князь пан гетман загадаў драгоніі i пяхоце, каб не прапускалі ў места нікога ні з таварыства, ні з пахолкаў, што i зрабілі.

Драгонія Отэнгаўза i пяхота Юшкевіча на загад князя расчышчалі брамы i ўсе гасподы, a войску было загадана ісці ў Хмелішчы, дзе мы начавалі i мінулую ноч. Князь таксама вярнуўся з намі, пакінуўшы ў Мазыры колькі нямецкіх харугваў.

Абтрубілі ў войску, каб пад страхам смерці ніхто не асмельваўся ехаць сам або пасылаць чэлядзь у Мазыр, куды два дні ніхто не пасылаў.

13 februarii зноў абтрубілі, што кожны, хто пажадае, можа паехаць у Мазыр па здабычу, але не было патрэбы, бо што было, тое парабавалі для князя, рэшту забрала драгонія i пяхота. Вось так, што не змаглі забраць, тое нам, бедакам, пакінулі, нібы кажучы: «На табе, нябожа, што мне нягожа». Не прыпала нам ніякай здабычы, хіба што прывёз я футра куніцы, нейкае сала; цынк жа, медзь, срэбра, золата, грошы etc. усё дасталося князю.

У панядзелак выступілі з Хмелішчаў, са Скрыгалоўскай Слабады, на Бабруйск, які п. Валовіч, польны пісар [72], ужо чатыры тыдні трымаў у аблозе з паўтара тысячамі вояў.

З Дубровы, за 7 міль ад Бабруйска, рушыў князь з войскам па прамым гасцінцы на Бабруйск, па іншым шляху паслаў з п. Рыгорам Мірскім, стражнікам BKJI, частку войска, якая ўключала харугвы: гусарскую п. стражніка; князя канюшага; гусарскую п. Гасеўскага, стольніка BKJ1; таксама казацкія п. Караля Есьмана, п. Паўловіча усіх разам блізу тысячы [чалавек]. Тым часам князь адправіў у Тураў, каб рэшта войска, якая заставалася там, ішла ў Бабруйск.

У суботу 34 перад апоўднем прыйшлі мы пад Бабруйск і, не паказваючыся на вочы непрыяцелю, спыніліся ў лесе за ракой Бярэзінай, прыблізна за паўчвэрць мілі ад места. Як толькі надышла ноч, мы па чарзе неслі варту, стоячы адзін ад аднаго на адлегласці 5-6 локцяў. Князь пастаянна пасылаў [з прапановай] здавацца, абяцаючы даць свабоду, але яны ніяк не згаджаліся. Князь, хочучы схіліць ix страхам, загадаў нашым харугвам (21 februarii, у нядзелю, увечары) раз'язджаць перад местам, але тыя здраднікі падумалі, што гэта былі тыя ж Валовічавы людзі, i адмыслова [казалі] нам: «Валовіч страшыць, але не ўдасца яму нас застрашыць».

22 februarii прыйшла з Турава палова нашага войска, з якім князь ранютка абступіў места. Бачачы, што непярэліўкі, непрыяцель скарыўся, здаўшыся князю; выйшлі папы на чале працэсій. Але ім тое ўжо не памагло, бо заняўшы места, загадаў хапаць усіх здраднікаў; сярод казакоў узялі там палкоўніка Паддубскага. Месцічам, аднаіс, не ўсё прабачыў князь. Пасля таго як харугвы былі распісаныя па гасподах, загадалі ім зайсці ў места, дзе мы прабылі тры дні; аднак пад страхам смерці было загадана не браць па гасподах нічога, акрамя ежы сабе i корму коням, але i тое было з'едзена казакамі падчас аблогі, не дужа шмат нам засталося. У Бабруйску - за адну хустку, якую той быў узяў у гасподзе насуперак загаду гетмана, загадаў князь павесіць на браме аднаго пахолка, паклаўшы пры ім тую хустку. Кожны дзень, пакуль мы былі ў Бабруйску, каралі палонных, саджаючы на палю; першым быў Паддубскі, які быў жывы на палі гадзіну (а калі б яго так пасадзілі на палю ўлетку, мог бы пражыць i тры дні) так удала патрапіў зрабіць кат.

26 februarii. Праз тры дні выступілі з Бабруйска ў Рэчыцу i дайшлі туды. Спачатку было цяжка з сенам i любым правіянтам, таму замест сена давалі мы коням счарнелую салому, якая некалькі гадоў прыкрывала страху. Аднак жа потым, з ласкі Божае, знаходзілі ў вёсках i сена, i розную жыўнасць, у тым ліку ў ямах, бо не было ніводнае душы, як па вёсках, так i па мястэчках, якая б не мела сваёй уласнай ямы (або некалькіх); адно што хавалі, але потым, калі нашыя дапалі да тых ямаў, i найбяднейшы таварыш мог разжыцца колькінаццацьмі бочкамі збожжа. За ўвесь час, пакуль мы перабывалі ў Рэчыцы, у мяне самога было болыд за 30 бочак рознага збожжа. Але потым сяляне, ці, хутчэй, местачкоўцы, пачалі мерці з голаду. Для ўсяго войска, то бок гетманскага палка, былі вызначаны дымы ў бліжэйшых шляхецкіх вёсках. На гусарскія харугвы прыпала па паўдыма на каня, a на казацкія - 1 дым на 3 кані.

Нашай харугве прыпалі Солтанаўскія вёскі Маладуша i Чашова, дзе дасталіся мне ткаль i рыбак. Ткаль усё ж дапамагаў маёй чэлядзі здабываць жыўнасць, але рыбака я быў вымушаны ўзяць да сябе, як абадранца, якога карміў хлебам, ён жа мяне часам ніштаватай рыбай, a часта i выдатным шчупаком - я быў не ў стане тае рыбы пераесці, таму нешта еў сам з чаляднікамі, нешта раздаваў розным людзям, нешта вэндзіў, i навэндзіў нямала.

Прыбыўшы ў Рэчыцу a die 15 martii, прастаяў там наш абоз ad diem 19 iulii, a потым яшчэ i звычайным парадкам, прынятым для абоза, то бок з выстаўленнем стражы i варты, i пастоў, з пасыланнем разведкі i раз'ездаў etc. Тройчы мелі ў касцёле генеральнае кола.

16 iunii адправілі ў разведку пад Гомель п. Бянько, вайсковага абознага, з некалькімі казацкімі i драгунскімі харугвамі ды асобнай чэляддзю ад кожнай харугвы. Я ішоў з чэляддзю з нашай харугвы; на загад пана стражніка, які быў замест гетмана, уся яна рухалася пешшу. З намі вершнікаў ледзь набіралася чатыры сотні, a ўсіх разам людзей было тысяч дзве, калі не больш. У той жа вечар пераправіліся мы каля Глыбава, двара п. Халецкага, праз Дняпро i ўначы рушылі далей. На світанку дайшлі да аднае затокі, што выходзіла з возера. Там перавезліся мы на чаўнах, якія мелі з сабой для пераправы, a коні плавам. Пераправіўшыся, праз паўмілі дайшлі да другой затокі, называнай Крапіўна, дужа глыбокай. Пакуль перапраўляліся, я, каб было хутчэй, пайшоў пешшу ўбок, у лес, шукаць пераправы, i знайшоў, i мы, старшына, перайшлі па раскіданых бярвёнах. Потым, калі падышоў да берага, кажуць мне, што мой чаляднік, Стафан Заблоцкі, сеўшы на каня Мінакоўскага, іншага майго чалядніка, i пусціўшы майго каня наперад, хацеў пераплысці. I пераплыў бы, але на сярэдзіне ракі ўпусціў каня, конь пачаў тапіцца; ён, хочучы ўратаваць i сябе, i каня, злез з каня i паплыў, але коні ўтапілі яго нагамі, заціснуўшы паміж сабой. I так хутка тое сталася, што не паспелі яго ўратаваць з чаўна. Дужа шкада мне было яго, бо быў добры чаляднік i не даў мне памерці ў абозе з голаду. Затым рушылі мы далей, i калі, дайшоўшы да нейкай пустой вёскі, за дзве мілі ад Гомеля, пусцілі пасвіць коні, некаторыя капітаны, змовіўшыся, ні за што не хацелі ісці далей, кажучы, што «не маем ні пораху, ні куль». Сказаўшы тое, пайшлі да Бянькоўскага, абознага, які меў тады curem [73] над тым войскам. Бянькоўскі ж хацеў incepta continuare [74], але немцы mordicus [75] уперліся i не хацелі. Тады пасля доўгіх дысцэптацый вярнуліся мы да таго млынка за дзве мілі ад Гомеля, у вочы не бачыўшы непрыяцеля. I калі вярталіся, хаця ўвесь час была пагода, вада паднялася так, што на найменшых брадах вымушаны былі плысці.

20 iunii вярнуліся мы ў Рэчыцу з разведкі, не зрабіўшы нічога, за што не варта было б нам падзякаваць. Але было б справядліва, каб пасціналі шыі тым нямчышчам, якія, узбунтаваўшыся, не захацелі ісці далей, бо наймаліся выключна дзеля рабункаў; можа, i не ўсе з ix, але такіх шмат.

7 iulii прыехаў у Рэчыцу князь, пан гетман, якога ўрачыста сустракала ўсё войска, выстраіўшыся па харугвах непадалёку ад места, пры гасцінцы. Прабыўшы ў Рэчыцы трохі больш за два тыдні, адправіўся князь, пан гетман, у Лоеў Назаўтра выступіў за князем полк п. смаленскага ваяводы, у якім была i нашая харугва, потым полк п. Гасеўскага, стольніка ВКЛ, з палком п. стражніка. У Рэчыцы пакінуў князь пана Караля Есьмана i Шварцкопфа, ротмістра райтараў, з некалькімі сотнямі людзей, даўшы ім інфармацыю [76] неадкладна, як толькі дзе заўважаць непрыяцеля, спаліць перадмесці, a самім абараняцца з места i замка. I пакуль мы вярнуліся з Лоева, харугвы, пасля з'яўлення непрыяцельскіх атрадаў, выпалілі ўсе перадмесці.

У сераду ўсе палкі злучыліся пад Зэмбінам, за 3 мілі ад Лоева. Там адпачывалі мы дзень; князь са старшынай аддаў войску распараджэнне, што збіраецца адправіць на байдаках пяхоту i ўсіх агнявых, якіх было больш за тысячу, якімі вызваўся рэгіментаваць п. Вінцэнт Корвін-Гасеўскі, стольнік ВКЛ; коннае ж войска ўсё павінна было ісці па сушы. Так яно i было.

16 iulii. Такім чынам у пятніцу 35 раніцой выступілі мы з-пад Зэмбіна на Лоеў. Усе агнявыя ішлі з панам стольнікам па вадзе на байдаках, на якіх парабілі сабе гуляй-гарады, каб мець лацвейшы подетуп да непрыяцельскага берага. Князь, пан гетман, падышоў з каронным войскам пад Лоеў адразу па апоўдні, але ні сам ён, ні войска не паказвалі, што рыхтуюцца да бітвы. Аднак усе мы затрымаліся ў лесе, непадалёку ад Лоева, чакаючы, пакуль падыдуць байдакі, якія павінны былі з'явіцца пад Лоевам у. той самы час, што i мы. Але байдакі з пяхотай спазніліся i прыйшлі ўжо незадоўга да заходу сонца; таму i нашае, i кароннае войска падышлі да Дняпра, да байдакаў. Пачалі былі нашы, то бок пан стольнік ВКЛ з агнявымі, збліжацца на байдаках да непрыяцельскага берага, які быў у развілцы між рэк Дняпро i Сож, бо ў тым месцы, пад самым Лоевам, рака Сож упадае збоку ў Дняпро. Непрыяцель акапаўся між тымі рэкамі i моцна адтуль абараняўся. Як нашыя на байдаках з гуляй-гарадоў, так i яны з байдакаў вялі магутны агонь; страляніна працягвалася з паўтары гадзіны, a там ужо надышла ноч 36. Таму князь гетман загадаў байдакам адступіць назад i высадзіцца за Дняпром, таксама ў развілцы між Сожам i Дняпром 37.

ДЫЯРЫУШ [БАГУСЛАВА KAЗIMIPA] МАСКЕВІЧА ПРА ВАЙНУ З МАСКОВІЯЙ, ЯКАЯ АДБЫВАЛАСЯ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ, I ЯЕ ЗАВЯРШЭННЕ ЯВ. ЯМ. П. ПАЎЛАМ САПЕГАМ [77], ВЯЛІКІМ ГЕТМАНАМ ВКЛ, I ЯВ. ЯМ. П. ЧАРНЕЦКІМ, РУСКІМ ВАЯВОДАМ

У зборы паспалітага рушэння ў Наваградку пануе пастаянная трывога з-за маскоўскага войска, якое цар [78] даручыў князю Івану Андрэевічу Хаванскаму, ваяводу i вяцкаму намесніку, аддаўшы яму вялікую булаву, a малую - князю Сямёну Лукічу Шчарбатаму.

Хаця той Хаванскі не быў абазнаны ў рыцарскай справе, аднак жа меў адважнае сэрца: даручыў быў яму цар камандаванне сваім войскам i ў 1658 годзе адправіў здабываць Пскоў, бо пскавічы паднялі паўстанне 38. Маючы некалькі дзясяткаў тысяч войска, страціў там яго нямала; разгневаўшыся за тое, хацеў цар аддаць загад пра яго сказанне (такі там звычай), потым, разважыўшы, загадаў яму канечне захапіць Пскоў, у якім налічвалася 100 000 паўстанцаў. Tandem напаткала яго ўдача, што дамогся міру шляхам перамоваў, чым цар, нарэшце, застаўся задаволены, але ўжо не меў да Хаванскага поўнага афекту.

Прыгнятала Хаванскага тое, што цар не глядзеў на яго вясёлым вокам, a таму пачаў шукаць шляхоў, каб дагадзіць i выправіць ранейшую памылку. I знайшоў-такі ў мінулым 1659 годзе, калі войскі, па сваёй звычайнай пыхлівасці легкадумна ўспрымаючы непрыяцельскія, пачалі рабіць набегі на заваяваныя [маскоўцамі] паветы i ваяводствы, спусташаючы, у прыватнасці, Гарадзенскі, Віленскі, Ашмянскі, Лідскі, Вількамірскі, Браслаўскі, Наваградскі, Слонімскі, Ваўкавыскі, Менскі, Аршанскі, Амсціслаўскі etc.

Занепакоены тым, цар адправіў 10 000 войска, i калі задумаўся, каго б над ім прызначыць (шмат баярскай знаці загінула пад Рыгай, іншыя былі разасланыя з рознымі даручэннямі), убачыў тут Хаванскі прыдатны для сябе момант i пачаў прасіць цара, каб аддаў камандаванне войскам яму, абяцаючы як найлепш сябе праявіць.

Цар адобрыў яго намер, наказаўшы, каб абавязкова пастараўся перамагчы. Тады ён пайшоў на Полацк, i даведаўшыся, што нашае 6 000 войска пад камандаваннем п. Валовіча, віцебскага ваяводы [79], i п. Мікалая Юдыцкага, мальтыйскага кавалера, размясцілася на пастой у Мядзеле i ваколіцах, кінуўся да Мядзела i стаў гатовы да бітвы. Бачачы тое, нашыя таксама пашыхтаваліся каля Мядзельскага возера, i [войскі] сышліся. Некалькі нашых харугваў (Госпадзе Божа, прабач ім!), толькі сышоўшыся, кінуліся ўцякаць у той час, як непрыяцель ужо збіраўся адступіць, але, бачачы тое, кінуўся за нашымі ў пагоню i без вялікіх цяжкасцей забіваў уцекачоў, пераследуючы ix [на] 10 міль. Таксама нашыя (даруй ім, Хрысце!) так пусцілі коні, што многія з ix назаўтра пасля тае мядзельскае бітвы аказаліся ў Наваградку, a непрыяцель, баючыся сустрэцца наперадзе з большымі сіламі, адступіў назад, да Мядзела.

Адтуль паслаў Хаванскі да цара: паведамляючы пра вікторыю, прасіў пра далейшы ардынанс. Усцешаны тым, цар загадаў яму здабыць [поўную] вікторыю.

Тады Хаванскі скіраваўся праз Лідскі край да Гародні, не наступаючы на Наваградак, бо яму данеслі, што ў Наваградку знаходзіцца 20 000 войска, хаця насамрэч нас было некалькі соцень паспалітага рушэння i дзве драгунскія харугвы Юрыя Глябовіча, жамойцкага старосты. Так пакараў тады нас Госпад Бог, што шляхта ніякім чынам не хацела збірацца на паспалітае рушэнне. Былі такія, што зараней абладавалі сабе месцы ў ляхавіцкай, нясвіжскай i слуцкай фартэцыях 39. Праз гэтую нязгоду i ўпартасць усе й пагінулі.

Калі ішоў Хаванскі па Лідскім павеце, выступіў супраць яго Лідскі павет i пераняў на мыце 40, дзе беспаспяхова спрабаваў зашкодзіць непрыяцелю на пераправе, a той адно пасмяяўся з ix пераправіўшыся з боку броду, паехаў далей, пакінуўшы ix ззаду. Больш яны не супраціўляліся, толькі ўгорская пяхота пана Пасудзеўскага [80], то бок надворнага гетмана, i драгонія капітана <...>, абараняючыся, адышла за Нёман.

Расчысціўшы сабе шлях, непрыяцель пайшоў проста на Гародню. Спачатку Гародня супраціўлялася, a потым ob defectum praesidii [81] здалася, хаця ям. гарадзенскі губернатар быў прысягнуў хутчэй памерці, чым здацца непрыяцелю.

Не затрымаўшыся там, непрыяцель рушыў на Падляшша, бо даведаўся, што ўсе нашы паны вайсковыя аднаго таварыства налічвалася 800 - былі на пастоі каля Заблудава. Выступіўшы ў вігілію [82] Божага Нараджэння 1659 года з Гародні, назаўтра ўварваўся ў Заблудаў i высек там усіх, каго застаў на набажэнстве ў царкве, набраў нявольнікаў i захапіў дужа вялікую здабычу, a потым ужо, шукаючы па навакольных дамах, паціху губіў, мардаваў etc.

Едучы ўслед за ўдачай, скіраваўся да Берасця i каго там застаў, таго не прамінуў. A паколькі дзейнічаў імкліва, то амаль не захапіў сходу Берасця, камендантам якога быў ям. <...> i Свянціцкі, пяхотны ротмістр гетмана. A з тае прычыны, што добра падрыхтаваліся да абароны фартэцыі i мелі больш за 2 000 людзей, легкадумна паставіліся да ворага. Таксама i непрыяцель, ахоплены адчаем, не захацеў губляць людзей падчас штурму i адступіў.

Бачачы тое, берасцейскае войска тым Больш не лічылася з непрыяцельскім. A паколькі непрыяцель адступіў перад адным толькі выглядам фартэцыі, трыумфавалі, i на знак трыумфу было загадана раздаць пяхоце віно з гетманскіх склепаў. Нават сама старшына не пераймалася. У той добрай надзеі нават не дадумаліся выставіць шыльвахаў [83].

Бачачы тое, арыштаваныя маскоўцы спусцілі з валу аднаго свайго салдата, каб паведаміць Хаванскаму, што цяпер прыдатны час, бо ўсе п'яныя. Той, не марудзячы, як найхутчэй рушыў уначы з войскам да Берасця, i калі прыбыў, неадкладна распачаў штурм, маючы пры сабе драбіны.

Ix заўважылі, але ўжо на валах; далі колькі залпаў, ды было позна. Непрыяцель уварваўся ў замак, a пяхотны ротмістр танчыць з паннай Бяганскай; яго ледзь не схапілі ў самім танцы, але змог уратавацца. Тут ужо масква да нікога, нават самага найменшага, літасці не мела - увесь замак сплываў крывёю. Толькі трох са старшыны пакінулі жывых, усіх астатніх пусцілі пад меч.

За гэтае праліццё бязвіннае крыві судзіцьме Госпад Бог таго, хто стаў таму прычынай. Сам непрыяцель дзівіўся, што так латва здабыў такую фартэцыю (на што ніяк не спадзяваўся). Пабраўшы там яшчэ Большыя, чым у Заблудаве, скарбы, яшчэ болыд i ўзганарыўся.

Дачуўшыся пра тое, п. Гіляры Палубінскі, польны пісар BKJI, палкоўнік i рэгіментар войскаў BKJI іп absentia pro tunc [84] ям. п. гетмана Паўла Сапегі, пачаў збіраць пад Кляшчэлямі войска. Даведаўшыся, выступіў супраць яго Хаванскі, пакінуўшы ў берасцейскім замку 800 чалавек.

Таксама ў той час нашыя пп. літоўскія камісары п. Юрый Глябовіч, п. на Дуброўне, жамойцкі староста; Крыштаф Завіша, п. на Бакштах, вялікі маршалак BKJI, i Цыпрыян Бжастоўскі, рэферандар BKJI, чакаючы ў Сяльцы сваіх калег, каронных камісараў, хаця i самі былі ахоплены страхам, напісалі, аднак, адразу Хаванскаму, каб спыніў праліццё крыві, «паколькі нас адправілі дзеля годнага вырашэння справы паміж манархамі».

Ha што [Хаванскі] звычайна адказваў: «Трактаты трактатами, a война войною нехай будет». Што ж было рабіць? Даўняе гэта выслоўе, што sicator dat leges [85]. Таксама пастараліся паны камісары пра свае граматы propter securitatem [86].

У мінулым 1659 годзе, іп octobris, выправіў быў кароль ям. [87] п. Яна Корсака, полацкага падкаморыя [88], да цара, афектуючы, каб пасля пачатку камісіі да самага сканчэння яе дзейнасці абодва бакі прыпынілі вайсковыя дзеянні. Паабяцаць то паабяцалі, але абяцання не датрымалі, не ведаю, чаму. Тым часам Наваградскае ваяводства, застаючыся пры дужа малых сілах, кожнага разу просіць п. гетмана пра дапамогу, які toties quoties [89] адпісвае: «Думайце пра сябе самі, паколькі я не магу затрымаць войска: не даходзіць заслужное, то наогул не хоча слухацца».

Тым часам з-пад Магілёва ішоў полк п. Яна Сасноўскага, полацкага кашталяна; ваяводства папрасіла яго застацца, абяцаючы i правіянт са шляхецкіх уладанняў, i сплату чвэрці. Нічога нам не ўдалося, бо адмовіліся: «Маем ад п. гетмана іншы ардынанс». Наогул, усё зло абрынулася на гэтае ваяводства i ніяк не мінецца.

Пакінутыя ўжо ўсімі, напісалі мы пп. камісарам: няхай згодна з пастановай сойма i воляй Рэчы Паспалітай як мага хутчэй вырашаюць справы належным чынам, a мы запрашаем ix сюды, каб параіцца, што нам рабіць i ці зможам да сканчэння працы камісіі пачувацца ў бяспецы ва ўласным доме. Падалі наступныя довады. Першы, што ўсіх нас тры фартэцыі capere [90] не могуць. Другі, што праз сёлетні страшны неўраджай фартэцыя не зможа прыняць шляхту i немагчыма будзе пазбегнуць голаду. Трэці: калі ўсе разбягуцца, прыйдзе ў канчатковы заняпад усё ваяводства, як i Божыя касцёлы, i не застанецца ў жывых ніводнага, нават найменшага, селяніна. На тое атрымалі адказ, што «ў такім выпадку i conscientia tuta [91], i Рэч Паспалітая мае прабачыць. Паддайцеся, вашмосці, непрыяцелю, бо дзе цяжка пераскочыць, не зашкодзіць падлезці». Тыя лісты маюцца ў актах.

Да ўсяго, калі нашая старшая брація, пачаўшы з пана ваяводы, не захацела заставацца i кожны цягнуў у свой бок, упрасілі мы ўсе п. Яна Корсака, наваградскага падсудка [92], застацца з тымі, хто не мог выехаць праз беднасць, i дзеля абароны касцёлаў etcвыдаўшы яму асекурацыю з нашымі ўласнаручнымі подпісамі, што ўсе мы слёзнымі просьбамі ўпрасілі i прымусілі п. Яна Корсака, наваградскага падсудкаь, застацца з малодшай браціяй, абяцаючы ўсюды заступацца за ям. перад Рэччу Паспалітай i ЯКМ. Але пазней тая ж старшая брація абышлася з ім нядобра.

Я, Маскевіч, ашмянскі маршалак, страціўшы коні (бо ўжо ўвосень паздыхалі) i хлеб праз неўраджай, быў вымушаны застацца ў той грамадзе з панам падсудкам, на што не магу скардзіцца, бо ўсе мы штодня былі ў небяспецы. I калі б нашыя войскі прамарудзілі яшчэ тыдзень, усіх нас аддалі б пад меч. То хай будзе Богу хвала, што прыспешыў нашае войска i даў яму хуткую перамогу над непрыяцелем.

Вяртаюся да ранейшага. Калі Хаванскаму ў Берасці данеслі пра польнага пісара [93], то выступіў супраць яго, хочучы даць бой, але нашыя, паколькі сілы былі няроўныя, адступілі назад, за пушчу, у бок Прусіі. Той таксама не кінуўся ў пагоню, a падаўся ў Наваградак. Пасля гэтага Слонімскі i Ваўкавыскі паветы адправілі да Хаванскага паслоў з субмісіяй, якіх ён прыняў. Ваўкавыск, трохі спазніўшыся, страціў сваіх паслоў, якія былі забітыя ў дарозе маскоўскай разведкай. I хоць не пайшло ўсё плазам (бо адных ужо сціналі, іншых чвартавалі), аднак жа i карысці не прынесла.

Давялося i нашаму Наваградку пасылаць з такой самай субмісіяй, i яны былі прынятыя ў Сяльцы п. Павел Байкоўскі, амсціслаўскі падстолі, п. Самуэль Гадэбскі, пінскі падстолі, п. Самуэль Вярэйскі.

Interea князь Мышэцкі, віленскі ваявода, даведаўшыся пра непарадкі ў нашым ваяводстве, паслаў з капітанам Мінам Стафанавічам Шылавым i харужым Ігнаціем Падрэзавым 200 вершнікаў, хочучы захапіць наваградскі замак i апярэдзіць Хаванскага ў славе. Яны туляліся па-над Нёмнам, баючыся нашай грамады.

Тым часам пан наваградскі харужы [94] выступіў 9 februarii ca сваёй світай i прыхільнікамі з Наваградка на Слуцк, i адразу ж яго мечнік, Захарыя з Оршы (той, што пры здачы царскім маёрам Даніілам Зылёвым наваградскага замка называў сябе вечным слугою пана Стафана Францкевіча), ускочыўшы на каня, кінуўся да Нёмна, да тае масквы, каб паведаміць, што шляхта выступіла з Наваградка. Усцешаныя такой магчымасцю, тыя рушылі на Наваградак, заначаваўшы ў Ізве п. Бразоўскага.

Назаўтра, калі яны падыходзілі да Наваградка, прыслаў Рыгор Рыгоравіч Чырыкаў з лістом, каб віленскі ваявода не ўмешваўся ў справу, паколькі для прыняцця прысягі ад шляхты Хаванскі паслаў яго. Капітан адказаў: «Калі б вестка застала нас там, за Нёмнам, мы б паслухаліся, a поколькі мы ўжо каля места, то не». Увайшлі тады пад вечар у места i скіраваліся прама ў замак: назіраючы на вуліцах грамады месцічаў, не маглі не ўстрывожыцца i замкнуліся там. Неадкладна правялі нараду наконт уласнай бяспекі, на якой харужы alias прапаршчык Васіль Падрэзаў прапанаваў быў, зрабіўшы ўначы вылазку з замка, усіх выразаць. Але капітан строга яму тое забараніў, i ўначы яны пабіліся між сабою. Капітан усё ж перамог i не дазволіў, з ласкі Божай, учыніць разні i вылазкі з замку.

Die 11 februarii вынайшлі, аднак, як дамагчыся бяспекі: узяць да сябе кагосьці старшага са шляхты. Так i зрабілі.

У аўторак раніцой паслалі да п. Яна Корсака, наваградскага падсудка, каб неадкладна з'явіўся да ix у замак. Застаўшы яго на ранішняй імшы ў аа. езуітаў, не далі яму нават даслухаць i загадалі ісці неадкладна. Мусіў, небарака, non tam libenter; quam reyerenter [95] адразу пайсці. З ім адправілася i шляхта, якая заставалася ў Наваградку, але ў замак з панам падсудкам пусцілі не ўсіх, толькі асобных. Там пасля прывітання яму сходу загадалі: «Пане падсудку, ты павінен быць тут з намі да ўказу гасудара». Той адмаўляўся, але марна. Шляхта хацела яго замяніць: «Нас 6 застанецца тут замест яго аднаго». Не пагадзіліся i на тое, i давялося пану падсудку асабіста застацца ў цяжкай няволі. Як меркавалася, зрабілі так таму толькі, што занялі пусты замак ні вогнепальнай зброі, ні пораху, ні жыўнасці. «А так кажуць, калі пажадаюць, лёгка вымараць нас голадам; цяпер жа змушаны будуць выяўляць павагу да падсудка».

Die 11 februarii Рыгор Рыгоравіч Чырыкаў, вызваліўшыся пасля складання прысягі Слонімскім паветам (дзеля чаго i быў туды пасланы), прыехаў з той самай мэтай i ў Наваградак, хочучы заадно ачысціць замак ад віленскіх людзей, але неспадзявана быў уведзены ў замяшанне Падрэзавым. Бо калі ў ярасці зайшоў у замак, яго адразу з галасам атачылі з абодвух бакоў; там распранулі яго з усіх шатаў, a захопленую ім здабычу аддалі пад варту, або караул на ix мове.

Хаванскі, мяркуючы, што згаданы Рыгор усё яшчэ заняты прысягай слонімскай шляхты, выслаў іншага баярына, Івана Аляксеевіча Зелянова, для прыняцця прысягі ад наваградскай шляхты. Прыехаўшы, Іван хацеў сваёй адвагай i маскву ў замку застрашыць, i таго Чырыкава вызваліць. Але як толькі заехаў у замак, усчалі яны між сабой такую сварку, што страх было й слухаць; ён таксама нічога не парадзіў, толькі вызваліў Чырыкава. Аляксандр Булгак, які заняў быў месца прыстава Чырыкава, ледзь уцёк з места на сваіх дзвюх у Дзераўную, кінуўшы i коні, i рэчы на гасподзе; усё тое потым забрала масква ў замак.

Die 14 februarii той Зеляноў загадаў усёй шляхце сабрацца раніцой для складання прысягі ў Барысаглебскай царкве. Тыя ж, у замку, баронячыся з усяе моцы, прыслалі да шляхты, каб не складала прысягі [нікому], толькі ім, пагражаючы, што «як толькі складзяце прысягу Зелянову i пачняце выходзіць з царквы, будзем вас рэзаць».

Перастрашаныя шляхціцы не ведалі, як тут паводзіцца, пакуль Зеляноў не даў слова, што ім няма чаго баяцца, i так пайшлі з ім у царкву. Калі прыйшлі, паставілі перад царскай брамай пульпіт [96] i паклалі на яго Евангелле. Пасля гэтага Зеляноў чытаў тэкст прысягі, запісанай на двух аркушах наступнымі словамі:

«Я N., присягаю Богу Всемогущему, в Троице Святей единому, и осудареви цареви и великому князю Алексею Mихайловичу, всея Великия, и Малыя, и Белыя Руси самодержцу (далей пералічваюцца ўсе царскія тытулы), и его благоверной царице и великой княгине Mиpии Ильиничной, и благоверному осударю царевичу и великому княжичу Алексею Алексеевичу» etc. Тут дадае, што абяцае цалкам адрачыся ад польскага караля, не выяўляць да яго прыязнасці, не стасавацца з ім ні пісьмова, ні праз людзей, не папярэджваць яго, ваяваць супраць яго, таксама не пераходзіць на бок іншаземнага манарха ні хрысціянскага, ні турэцкага цара, ні шведскага, ні французскага i г. д., але ва ўсім быць верным цару, ва ўсім паслухмяным (і за кожным разам пералічваліся тытулы). Гэтай прысягай Хаванскі хацеў аддаць [нашу] дзяржаву ў вечнае падданства маскоўскаму цару. Але тое як ваўку пацеры. Нарэшце, у канцы прысягі былі розныя праклёны, каб той, хто складае прысягу, спужаўшыся, не здраджваў цару. Вось якія былі formalia [97] ў канцы: «А буду я обьявляться великому осудару своему цару etc. npoтив обвещания своего проступить (в которым слове не будет в сей записи написано вышей сего) и я за тое кламство[98]и проступление да буду отлучон и непрощен от Светыя одиносущныя Тройцы, единого Бога, в сих славимого в нынешнем веке и в будущем. Затресуся, яко Кайн, еще и на земли, и да отверзется земля и пожрет мя, яко Дафана u Авирона41, и дa восприиму проказу Гезиеву42и удавленне Иуды u суд иму и смерть Анании и жены его Сафиры43, и часть моя в нынешнем веке и в будущемъ будет с небожными Евузитами44, и жилище мое да будет в вечном огни с дьяволом сатаной и ангелы его».

Хаця за той прысягай сачыў асабіста Іван Аляксеевіч, аднак жа чутно было ў натоўпе нараканне i ўсе замест прысягі чыталі пра сябе пацеры або толькі мармыталі. Цяжэй было з тымі, якія прыехалі пазней i прысягалі асобна, бо павінны былі выразна прамовіць кожнае слова прысягі, якая складалася ў замку, у пакоі капітана Міны Стафанавіча Шылава, перад маскоўскім папом.

Пасля прысягі Зеляноў раздаваў усім карткі, даючы атэстацыю, што такі i такі склаў прысягу, маёмасць яго такая i такая etc. За тую картку бралі 6 грошаў або хто што мог даць.

Таго ж дня Зеляноў папярэдзіў усіх, каб шляхта збіралася з майном у Наваградак, бо каго разведка застане ў доме, не будзе літасці.

Тады я, Маскевіч, перавёз жонку з дзецьмі i ўсе свае рэчы ў Наваградак. Пусціла мяне пані падсудкава на пастой у другі дом свайго наваградскага двара; іншая ж шляхта спынялася, дзе хто змог.

Калі ж заяўляўся ў Наваградак Хаванскі, тады ўся шляхта размяшчалася па кляштарах - у дамініканцаў, у езуітаў, у манахаў, у манашак i двор п. падсудка быў вольны. Акрамя таго войска спынялася ўсюды, бо для яго было мала ўсяго Наваградка. Аднак жа размяшчаліся так, што i на вуліцах было поўна [народу].

Той Іван Аляксеевіч Зеляноў, зведаўшы афронт (бо масква, пра якую я пісаў, не саступіла яму замка i прывяла яго ў замяшанне), кінуўся да Хаванскага, паведаміўшы яму пра тое i прыдаўшы, што пляменніка таго, Рыгора Рыгоравіча Чырыкава, яшчэ больш пачалі ненавідзець. Таму Хаванскі неадкладна паслаў на чале трох райтарскіх харугваў ротмістра Івана Якаўлевіча Кушалёва, каб выкінуў з замка тую маскву. Але харужы Ігнацій Падрэзаў, замкнуўшы замак, абараняў падыходы, i хаця не страляў па ix, аднак, сам асабіста стоячы на замкавай браме i кідаючы каменне, скінуў з маста тры харугвы, многіх скалечыўшы каменнем i самому Кушалёву пацэліў цаглінай у лоб ды прабіў яму косць. A капітан, які закрыўся з тым Падрэзавым у замку, не жадаў умешвацца i трымаўся свайго інтарэсу.

Die 15 februarii прызначыў Хаванскі на наваградскае ваяводства Афанасія Андрэевіча Тархова, але яго таксама не пусцілі ў замак, чаму Зеляноў быў рады, бо сам спадзяваўся стаць наваградскім ваяводам, у чым, аднак, памыляўся.

Тым часам у Наваградку штодня чакалі Хаванскага з войскам, бо той хацеў агледзець наваградскі замак. Tandem, будучы ў Слоніме i прыняўшы дэцызію [99] тамтэйшай шляхты, увайшоў у Наваградак у дзень св. Мацвея [100]. Паколькі было вельмі шмат снегу, не маглі ісці ўсе разам, таму рушылі па чатырох гасцінцах слонімскім, дзярэчынскім, беліцкім i з боку Ізвы. I як пачалі ісці ў аўторак па апоўдні, то дзень i ноч ішлі без перапынку, i толькі ў суботу апоўдні асталявалася войска ў Наваградку.

Калі ў сераду павінен быў нарэшце прыйсці Хаванскі, загадалі ўсёй шляхце сустракаць яго за местам. Тады Зеляноў у вялікую непагадзь (ішоў снег з дажджом), адправіў нас на беліцкі гасцінец; міма нас папераменна ішлі войскі i вазы. [Спачатку з'явіўся] князь Сямён Лукіч Шчарбаты, да яго ад імя ўсёй шляхты сказаў колькі слоў пан Людвік Праташэвіч, наваградскі падчашы; той прыняў ix міласціва і, дакляраваўшы царскую ласку, рушыў у Наваградак.

Больш як праз гадзіну падышоў Хаванскі, i калі п. Людвік Праташэвіч мовіў да яго колькі слоў ад імя шляхты, прыняў ix міласціва, але ўжо не так прыхільна, як польны гетман, - сурова i як бы трошкі ўшчуваючы шляхту, каб ужо з большай вернасцю i прыхільнасцю, чым цяпер, служылі цару, бо за трэцім разам цар ужо не будзе такі міласэрны, a загадае ўсіх выразаць i ўсё знішчыць агнём. Бліжэй да места сустрэла яго духавенства з месцічамі, i тых прыняў eadem humanitate [101]. Паміж вазамі гналі статкі прыгожых коней, жарабцоў, вярблюдаў, аслоў, ланяў, везлі паваў, марскіх свінак, галубоў etc., нявольнікаў i пабраных у палон людзей, на санях везлі знаць. Сярод ix была пані Палубінская, старая парнаўская ваяводзіна [102], [жонка] п. польнага пісарас [103] з яе ўнучкай, паннай Халецкай 45 (ехала на сваіх санях чацверыком). За ёй везлі п. Міхала Льва Абуховіча, оскага i пшаломскага старосту, якога схапіў быў пад Шлудным выпраўлены ў разведку Пётр Іванавіч Хаванскі, старшы сын Хаванскага. Але тады свае, не ўступаючы ў бітву, пакінулі яго, ён адзін з дзвюма сваімі харугвамі пайшоў у бой i так добра трымаўся, што ўсе маскоўцы выказвалі яму павагу. Абараняючыся, забіў 7 i параніў колькінаццаць, пакуль конь не скінуў яго ў снег; тады схапіў яго масковец, i то не адразу, a нанёсшы мноства ранаў. Ён, пазнаўшы здалёк, аклікнуў мяне; ледзь паспелі парадавацца за сябе, што жывыя, як ад'ехаў, трымаючыся масквы. Аднак папрасіў, каб я сустрэўся з ім на гасподзе, але дзеля таго давялося мне прасіць у гетмана дазволу i стражніка, пры якім удалося абмяняцца выключна парай сакрэтных словаў, бо адразу пачынаў прыслухоўвацца. A калі б чалавек захацеў сказаць штосыді на лаціне, то суспіцыя, таму i тут трэба было дагаджаць. Было мноства іншых паланёных, але ўжо не такіх пашанотных.

Заехаўшы ў Наваградак з трубамі, бубнамі etc., Хаванскі адправіўся ў замак, сам Падрэзаў расчыніў перад ім браму, i ён заехаў на самы дзядзінец. Уся масква схіліліся перад ім; тут i п. Корсак, наваградскі падсудак, выйшаў са сваіх палатаў, пра якога спытаў Хаванскі, што за ён будзе. Паведамілі, што гэта той падсудак голова, якога Падрэзаў узяў пад варту. Тады [Хаванскі] загадаў яму пакінуць замак, a таго Падрэзава неадкладна ўзяць пад караул: два салдаты моцна ўхапілі яго за кудлы на скронях i павялі ў двор п. Яна Кярсноўскага, наваградскага земскага суддзі, да Хаванскага, які там спыніўся; там яго звязалі i ўзялі пад варту.

Мы адразу прыйшлі туды з падарункамі (як нам загадалі) для Хаванскага, якому паднеслі залаты ланцуг вагой 10 фунтаў, гусарскія залатыя шоры, таксама вагой 10 фунтаў, i сапфіравую рэч з дыяментамі вагой 150 фунтаў.

Калі мы яму тое аддавалі, быў у кампасіі [104] перад намі, маўляў, «як жа я магу браць ад вас, агалелых, бо ўжо ж вы сваю кроў, a не дары мне падносіце!» Аднак жа ўзяў, бо сам i загадаўраней, каб паднеслі дары, то бок, каб мы прыходзілі не з пустымі рукамі. Месцічы i жыды падносілі падарункі асобна.

Прыняўшы дары, папярэдзіў: «Вы павінны - кажа - быць вернымі цару, бо за такое іншым разам не будзе да вас міласці. A цяпер даклярую, што, не жадаючы ствараць вам цяжкасцей, заўтра раніцой адыходжу з ўсім войскам у Пскоў, у Масковію. A вы, калі пачуеце тут пра войска польскага караля, або калі ён нападзе тут на нашых, хавайцеся па лясах, па балотах etc., але не далучайцеся да ix. Не адкладаючы, пасылайце мне вестку ў Пскоў, и я прибегну вас оберегать».

Ужо ж мы дужа цешыліся з тае даклярацыі, менавіта што з ласкі Божае мела прайсці тая хмара, аж уначы прынесла ліха ліст ад пана Палубінскага, польнага пісара BKЛ, у якім той вызывае [Хаванскага] на бітву; да ўсяго аблаяў яго ў тым лісце, што дужа ўзрушыла Хаванскага, які адразу адмовіўся ісці ў Пскоў i пачаў прыгатаванні супраць пана пісара.

Тады ж пытаўся, чаму тут так мала шляхты. Мы адказалі, што ўсе былі разам, i толькі калі Падрэзаў забраў ад нас пад варту падсудка, усе перапужаліся i паз'язджалі ў замкі. Загадаў падаць на сваё імя чалабітную, то бок супліку, на Падрэзава, i як толькі падалі, загадаў яго, аголенага па пояс, двойчы правесці туды i назад па рынку, жорстка б'ючы бізунамі, пакуль не сплыў крывёй.

Die 27 februarii. Пакуль Хаванскі быў у Наваградку, масква танна прадавала розныя фанты [105], бо тое, што каштавала 10 злотых, можна было атрымаць за злоты i танней. Штуку тонкага палатна можна было набыць за орт i танней, a за кварту гарэлкі аддалі б з радасцю. Мне, Маскевічу, аршанскаму маршалку, надарылася купіць за тры кварты звычайнай палёнкі, вялікае, in quarto, officium [106] у срэбранай аправе i іншую, жаночую кнігу пад назвай «Szafarnia duchowna» 46. У той час па злотым плацілі за палёнку, па два за aquavita [107], якую яны [108] называлі диковинной палёнкай або віном, бо наогул усё, што ім падабаецца, называюць диковинным.

У месце нікому, нават наймізэрнаму чалавеку, не было крыўды, але каго засталі ў хаце на вёсцы, таго абабралі да ніткі i таму дапяклі. Аднак дзеля пракорму сябе i коней разведка не хадзіла далей за 2 мілі, i мы былі вымушаны пасылаць дадому ахоўныя атрады, пазычаючы то ў вялікага, то ў польнага гетмана.

Польны гетман спыніўся ў плябаніі, ваяводства паднесла яму рубінавую ружу, або хутчэй вузел, i залатыя бранзалеты. Усё каштавала 300. Надарылася польнаму гетману прыехаць да гасподы Хаванскага. Як толькі зайшоў у палаты (бо ў ix не прынята сустракаць адзін аднаго ў двары), пачаў жагнацца перад абразамі, якіх было расстаўлена нямала, затым здалёку пачаў кланяцца да зямлі Хаванскаму, i зрабіўшы 6 паклонаў etc., выпрастаўся. A ўслед i Хаванскі таксама адбіў яму столькі ж зямных паклонаў, i падышоўшы адзін да аднаго, пацалаваліся i пачалі свае канферэнцыі.

За два дні да адыходу з Наваградка адправіў на Русь, як сцвярджаюць, 15 000 вазоў, за якімі цягнулі 100 гармат для сябе адабраў з дзясятак, 16 пакінуў у наваградскім замку. Некаторых нявольнікаў, напрыклад, пана Абуховіча i іншых важных паноў, паслаў у сталіцу, a пані парнаўскую ваяводзіну i некаторых, не настолькі пашанотных, пакінуў у наваградскім замку. A пры ваяводзе Афанасію Андрэевічу Тархову пакінуў віленскага капітана Міну i другога капітана, Максіма Тархова, сына ваяводы.

Die 29 februarii сам Хаванскі выступіў з Наваградка супраць п. Палубінскага (у нядзелю на заходзе сонца; i як прывык рабіць усё спехам, так i цяпер учыніў, бо за адну ноч дайшоў да Дзярэчына, вёскі пана польнага пісара, паўсюль палячы i рабуючы сялянаў), якога застаў на рацэ Буг. Бачачы, што сілы няроўныя, пан пісар адступіў, аднак, за Буг. За ноч прыбыло вады ў рацэ, таму Хаванскі павярнуў назад, моцна прыгнечаны, што дарма збіваў ногі; раз'юшаны, рушыў прама да наваградскай фартэцыі. Тое, хаця не такі быў яго намер, згубіла ўсё ваяводства i іншыя паветы.

Die 4 martii, калі па ад'ездзе Хаванскага з войскам (якога ў Наваградку налічвалася 30 000) усё супакоілася, адправіў я дзяцей i майно дадому, маючы там замкавы ахоўны атрад салдата Рамана Фаміна. Але тае ж начы Здановіч, нясвіжскі зямянін [109] i ротмістр, зрабіўшы з некалькімі дзясяткамі вершнікаў напад з Нясвіжа, захапіў той ахоўны атрад, што ледзь не нарабіла мне вялікага клопату. Той ахоўны атрад мне вярнулі, бо быў ім без патрэбы, але ж давялося мне самому папаездзіць дзеля яго, a потым яшчэ i з жонкай.

Узялі былі наваградскі ваявода з капітанам штосьці сабе да галавы i загадалі шляхце, аб'яднаўшыся ў пяцёркі, перабываць па чарзе пры ix, у Наваградку, па два тыдні. Доўжылася тое нядоўга, паспелі змяніцца тры чаргі - усім давялося перабрацца ў Наваградак, бо Хаванскі быў пайшоў пад Ляхавічы.

Але перш чым вярнуўся з Палесся Хаванскі, нямала панаехала з замкаў шляхты, якая прысягнула ваяводу перад замкам i атрымала граматы. Аднак самі сябе ашукалі, нябогі, бо пазней пашкадавалі. Калі маскоўцы пачалі руйнаваць ваяводства, мучыць людзей, паліць двары i вёскі, то ўжо не было магчымасці адмовіцца, хіба падступна змовіўшыся з людзьмі з замка, каб яго схапілі як прыхільніка караля, бо ўсім, хто здрадзіў хоць раз, пагражала смерць. Пакідаючы Наваградак, Хаванскі пры развітанні са шляхтай паўтарыў ad intende [110]: «Вось жа, панове шляхта, укрепляю вас, чтобы есте право осудару служили, з Палубінскім ды іншымі людзьмі караля не лучились, да кого з вас, присяглых, хоть одного поймаю на бою с Полубинским, всё воеводство выстинаю[111]и выпалю».

Formalia [112] граматы, якая выдавалася кожнаму, хто склаў прысягу: «Лета седмь тысяч сто седмьдесят осмого, месяца N., дня N. По осудароеу царову i великого князя Алексея Михайловича, всея Великая, и Малыя, и Белыя Руси самодержца, указу. Одпущен [в] Новогродку Новогродского воеводства шляхтич N. в маетность свою N. з сёлами и дворами осударовым всяким чинослуживым людом. И того шляхтича не бить и не грабить и в полон не имать, да и жены его, и детей, и маетности не влочь и никакой шкоды не чинить, потому што он осударови Крест цаловал a на его, великого осудара, всякие запасы хлебные положил. К той памяти Офанасий Андреевич Тархов печать свою приложыл».

Пакладаючыся на той часовы мір, спачатку пакінуў ляхавіцкую фартэцыю пан Траян Вайніловіч, наваградскі войскі, перадусім з-за таго, што маскоўцы (а менавіта чаляднікі палкоўніка Фёдара Карнілавіча Беклямішчава, якія заставаліся ў Наваградку) выкапалі ў Барышыне, яго ўладанні, мноства яго рэчаў; прыехаўшы ў Наваградак, склаў у палатах капітана прысягу ў прысутнасці маскоўскага папа.

Пасля прысягі паехалі ваявода з капітанам, a з імі i некалькі шляхціцаў, да гасподы таго палкоўніка на Жыдоўскай вуліцы. Прыехаўшы туды, загадаў адчыніць склеп, які перад тым запячатаў сігнетам. Агледзеўшы рэчы, адразу паслаў капітана i п. Корсака, падсудка, выносіць рэчы ў сенцы, сам жа ваявода ў палаты не заходзіў i іншым не дазваляў з-за фальшывага абвінавачання, на якое здатныя маскоўцы. Затым усё вынеслі ў 6 мяхах на падворак, спраўдзілі i запісалі, аднак самых каштоўных рэчаў ужо не было: 300 талераў гатоўкі, дыяментавых маністаў, залатых ланцужкоў, больш сотні коп жамчугу etc. Аднак было мноства найпрыгажэйшых аксамітных шатаў, штук матэрыі, аздобленых палашоў, некалькі шораў. Агулам налічыў п. войскі шкоды на 15 000.

Тыя рэчы зноў апісалі, паклалі ў тыя самыя мяхі i павезлі ў замак, a там, паклаўшы ў вялікі куфар, замкнулі i запячаталі, пры тым ваявода апраўдваўся: «Я кажа не магу табе тое аддаць без указу вялікага баярына». Бачачы, што нічога не даможацца, адправіўся пан войскі да гетмана пад Ляхавічы i там разнюхаў, што не атрымае сваіх рэчаў, бо яшчэ падчас перабывання ў замку палкоўнік прыводзіў яму такі довад, што рэчы былі забраныя ў яго тады, калі ён яшчэ не склаў прысягі, быў изменником. Тут ужо задумаўся, як бы зноў пранікнуць у ляхавіцкі замак, i знайшоў-ткі спосаб. Не пярэчыў Хаванскаму, калі той паслаў яго са Стафанам Бруханскім, наваградскім гродскім [суддзёй], на розговор да замка i там падкінуў нейкі лісток, просячы, каб яго схапілі, як здрадніка. Выйшлі з замка [пасланыя] на розговор, падчас якога Хаванскі загадаў схіляць узятых у аблогу да дэдыцыі i пагражаць ім, калі на тое не пагодзяцца; яны ж адразу схапілі пана войскага, сцвярджаючы, што «гэты здраднік бываў на нашых нарадах, ведае фартэцыю» etc.

Бруханскага не ўзялі, «бо ён не бываў у нашым замку». Першы падман удаўся настолькі, што нават Хаванскі падумаў, што захоп быў гвалтоўны.

Да такога самага спосабу прыбег i Ян Харлінскі, наваградскі падваявода. Па сваёй волі пакінуўшы нясвіжскі замак, склаў Хаванскаму прысягу і, паднёсшы яму дары, набраў залогу i для сябе, i для Астровак, увесну пазасяваў дома. Быў пры ім нейкі Гарышэўскі, перабежчык да маскоўцаў, які называў сябе яго крэўным i з якім вадзіў нейкія справы. Нягледзячы на гэта, не ўцягваў яго ў непрыемнасці, пакуль не паслаў у Нясвіж, просячы сябе схапіць, што i сталася. Але як толькі яго схапілі, то ўся шляхта адразу [аказалася] ў небяспецы. Усклікнулі ўсе маскоўцы: «Вот, изменники все, всех вырубить треба!» Госпад Бог міласэрны цудоўным чынам паўстрымаў той меч, аднак тады ўжо загадалі рабаваць i паліць усе двары, акрамя Наваградка, што i сталася.

Мы ж пачалі раіцца: што рабіць? A паколькі munera рlаcant [113], паслалі з дарамі да Хаванскага, просячы злітавацца (бо не павінны мы цярпець з-за аднаго), паколькі мы добра паводзімся; відавочна, што нясвіжскія людзі дапякалі i Хаванскаму. Ледзьве мы яго ўгаварылі, але i сам Хаванскі не мог ужо стрымаць войска ад палення, рабавання i мардавання людзей. Бачачы тое, іншыя [людзі] з фартэцый, якія збіраліся ў Наваградак, мусілі заставацца [на месцы]. Тыя, што былі ў Міры, непадалёк ад Нясвіжа, дамовіўшыся з Самуэлем Аскеркам, мазырскім земскім суддзёй, палкоўнікам ЯКМ, прабраліся ў Нясвіж, у прыватнасці, п. Альбрыхт Мераеўскі, лідскі падчашы, мой айчым з маёй пані маці i пан Стафан Праташэвіч etc. I тое, дзякаваць Богу, нейкім чынам удалося. Я, Маскевіч, ашмянскі маршалак, перабываючы з жонкай i дзецьмі ў пана Аляксандра Швяйкоўскага ў вёсцы Любча, глядзеў, што дзеелася, i хаця мы маглі пайсці за Нёман, не хацелі прымаць на свае душы няшчасця ўсёй браціі, але калі б ім (барані Божа!) што-небудзь сталася ад маскоўцаў, ужо ж бы мы далі сабе рады. Вяртаюся да свайго звычайнага расповеду па днях i гадзінах.

Die 20 martii, да прыходу Хаванскага пад Ляхавічы, выехалі нашы літоўскія пп. камісары на камісію п. жамойцкага старосты п. маршалак, п. рэферандар i п. Сарбеўскі, грабавецкі староста, [а таксама] менскі кашталян, з ліку якіх адзін, п. жамойцкі староста, едучы па сэрвацкім гасцінцы, быў у мяне, Маскевіча, ашмянскага маршалка, на абедзе ў Сэрвачы, a начаваць паехаў у Мір.

На наступны дзень, у суботу, паехаў з п. Тамашом Жыжэмскім. Ледзь змусіў Хаванскі ix выбрацца з таго Сяльца на тую ўдаваную камісію, ухваленую соймам не так дзеля перамоваў з маскоўцамі, як для стрымлівання маскоўскага напору, каб непрыяцель, звязаны камісіяй i перамовамі, не наступаў так хутка на дзяржаву.

Але выглядае на тое, што д'ябал таварышаваў Хаванскаму, бо ён, не зважаючы на камісію - будзе ці не? усёй моцай ваяваў нашу дзяржаву. Вядома, здагадваўся, што ўсё робіцца simulata fronte [114], хаця i камісары ўжо едуць на камісію. I колькі ні пісалі яму камісары, што «ніяк не можам пачаць камісіі, пакуль не перастанеш праліваць кроў нашых братоў», заўсёды адказваў аднолькава: «Война войною, коммиссия коммиссиею».

Аднак жа i сама па сабе камісія ніяк не клеілася, бо як толькі з'ехаліся камісары ад абодвух бакоў, раптоўна памёр маскоўскі камісар, без якога маскоўцы не хацелі распачынаць i паслалі аж да цара, каб прызначыў на яго месца іншага, бо ў ix нават самыя дробныя справы не вырашаюцца без царскага ведама.

Узнікла i другая перашкода: казак Хмельнічэнка 47, які схаўрусаваў з маскоўскім войскам, вымагаў, каб на перамовах засядалі i яго камісары. З чым нашыя камісары ні за што не хацелі згаджацца, кажучы, што «гэта падданы нашага Гаспадара, ён не можа тут знаходзіцца, i мы з нашымі падданымі побач засядаць не хочам». Па гэтым пытанні адправілі яны [пасланцоў] да цара, a нашыя да ЯМ караля.

Трэцяя [прычына] адкладання камісіі: Хаванскі не хацеў abstinere ab armis [115], пра што я пісаў вышэй, i нашыя паслалі да караля з данясеннем пра тое, што рабілі для зацягвання часу.

Праз колькі тыдняў прыйшла вестка, што загадана абавязкова распачаць камісію, але маскоўцы, якія звыклі заўсёды гвалтам навязваць уласную волю, спанатрыўшы, што тое робіцца дзеля зацягвання справы, наўзаем знайшлі прычыну: паслалі дзеля чагосьці да цара i павінны былі дачакацца яго адказу, i толькі па вяртанні пасланца маглі пачынаць камісію.

У той самы час ЯМ кароль, заключыўшы пакт са шведамі 48, сабраўся выступіць супраць маскалёў, да чаго ўвесь час яго схіляў татарскі хан, просячы ні ў якім выпадку не мірыцца з маскалямі, alias адступіцца ад яго i разам з казакамі паверне супраць яго свае сілы.

Прасіў таксама я пана жамойцкага старосту падчас яго перабывання ў мяне, каб напісаў наконт мяне Хаванскаму, з якім яны лічыліся крэўнымі, бо i адзін, i другі паходзілі ад князёўны Карэцкай, i таму Хаванскі высока цаніў пана старосту, сцвярджаючы, што няма ў Літве [Большага] чалавека. Напісаў па сваёй ласцы Хаванскаму, заступаючыся за мяне як свайго слугу, але мне не прыйшлося перадаваць ліста, ды ён i не дапамог бы.

Die 23 martii, вярнуўшыся з Падляшша, у аўторак па Кветнай Нядзелі [116] падышоў з войскам пад Ляхавічы Хаванскі. Таго ж дня быў у мяне п. Аляксандр Швяйкоўскі, мой швагер, які двума тыднямі раней прыехаў з жонкай са слуцкай фартэцыі. Не верачы (хаця i склаў, як i іншыя, прысягу маскоўцам), што дома будзе ў бяспецы, выбраўся ў Наваградак, хочучы атрымаць ад наваградскага ваяводы Уселюб (маёнтак свайго цесця, п. Тамаша Гібеля), які ўжо называў сваёй уласнасцю i сцвярджаў, што аддадзены яму ў [жончыным] пасагу. Аднак за колькі тыдняў да таго ўпрасіў быў яго [117] сабе ў ваяводы Афанасія Андрэевіча Тархова ў якасці ўраду Юры Пятроўскі, наш абываталь, які аддаў у замак адну трыццатую частку збожжа, a рэшту загроб сабе. Параіўшыся, вырашыў пасля ехаць пад Ляхавічы, да Хаванскага, i лепш ад яго атрымаць грамату на вёскі, a не ад ваяводы, які dependebat [118] ад таго ж Хаванскага, маючы тую аказію, што туды ж, да Хаванскага, накіроўваўся ад браціі наш пан наваградскі падсудак, з якім ехаў i я з лістом ад пана жамойцкага старосты.

Назаўтра мы выправіліся ў Валеўку i там з'ехаліся з п. Янам Корсакам, наваградскім падсудкам. A паколькі пану швагру шкада было чапаць свайго гнядога румака (за якога яму давалі 600 фларынаў), ён пакінуў яго ў Шчанове ў п. Маркевіча, пазычыўшы ў яго шлапачка. Але тае ж начы, напаўшы, абрабавала Маркевіча маскоўская разведка i разам з іншымі рэчамі забрала i таго румака. Мая жонка разам з пані швагровай [119], даведаўшыся ў аўторак, што мінулае начы маскоўская разведка абрабавала таксама i шляхту пад Гарадзішчам, у той жа дзень выехалі ў Наваградак разам з усім дабром, некаторыя рэчы, аднак, закапаўшы дома ў зямлі; не ўсё там ацалела - большасць пабраў шатан. У Наваградку ўпрасілі пастою ў кляштары дамініканцаў, дзе доўга давялося ім перабываць. A калі б не выехалі ў той жа дзень, то было б сэрвацкай шляхце ад разведкі тое самае, што Маркевічу ў Шчанове.

Die 26 martii адправіліся мы з Валеўкі ў Почапава пад Ляхавічы, куды прыбылі ў Вялікую пятніцу [120]. Праз некалькі гадзін [пасля нашага прыезду], раніцай, даў нам Хаванскі аўдыенцыю, абяцаючы безумоўную бяспеку для нас, шляхты, i для чэрні, шторазу, аднак, нагадваючы, каб мы не изменяли цару, пагражаючы знішчэннем i смерцю.

Паколькі палкоўнік Фёдар Карнілавіч Беклямішчаў, прысабечыўшы рэчы пана наваградскага войскага, ніяк не жадаў з імі расставацца, i разгневаўшыея на наваградскага ваяводу Афанасія Андрэевіча Тархова за рэвізію гэтых рэчаў, як я пісаў раней, абвінаваціў яго перад вялікім баярынам Хаванскім, то дамогся таго, што Хаванскі пазбавіў яго месца ваяводы, прызначыўшы іншага, Паўла Мітрафанавіча Галянiшчава-Кутузава. Таму на той самай аўдыенцыі [Хаванскі] адразу прадставіў нам новага ваяводу i ўласнай рукой напісаў яму грамату на ваяводства.

Не адпусціў нас у той дзень, a назаўтра раніцой, i тое пасля таго як мы з п. Корсакам, наваградскім падсудкам, паднеслі ў падарунак рубінавую штучку, бо мы абавязкова хацелі быць у Наваградку на Вялікдзень, a без падарунка нас бы не адпусцілі. Нізашто не хацеў даваць нам ахоўнага атраду з абозу. Толькі пасля паднясення чагосьці вартага ў падарунак [атрымаеш, што хацеў] яны наогул страшэнна прагныя i хцівыя людзі.

A 9-й раніцы выехалі мы з абозу з новым ваяводам, праз дзве мілі я з ім раз'ехаўся (бо мне трэба было збочыць дадому), узяўшы з сабой суправаджэнне Фёдара Галянішчава, пляменніка ваяводы. Са мной паехаў i пан Аляксей Швяйкоўскі. Пабыўшы трохі дома, уначы мы выехалі ў Наваградак на велікодную ютрань, на якую ледзьве паспелі.

Die 28 martii, на самы Вялікдзень, пад вечар, прыбыў ваявода на наваградскае ваяводства [121]. Мы сустрэлі яго, хоць i невялікай грамадой, аднак старога ваяводы пры гэтым не было. Як толькі заехаў у замак, прывіталіся са старым ваяводам i пацалаваліся паводле звычаю, хоць i не са шчырым сэрцам. Стары ваявода зладзіў яму прыём у палатах, дзе на накрытым стале былі гарэлка, піва, хлеб i соль etc. Выпіўшы па чарцы-другой гарэлкі, мы разышліся.

Die 29 martii, назаўтра, адзін здаваў другому замак, таму цэлы дзень нікога туды не пускалі. У той самы дзень стары ваявода з'ехаў [з замка].

Раніцой у аўторак Галянішчаў з'явіўся да свайго антэцэсара, які спыніўся на рынку, на гасподзе злотніка Крукоўскага. Туды ж скіраваліся i мы з панам Швяйкоўскім, але прыдворны Хаванскага, нейкі Доніс, запыніў нас на рынку, распытваючы, ці не маем якіх палубаў [122], якія вырабляліся наваградскімі месцічамі, на продаж або ў падарунак гасудару. Мы адказалі, што не маем, i пайшлі. A ён тым часам, прыйшоўшы ў кляштар, пачаў забіраць вазы, [пра што] нам паведамілі. Мы звярнуліся з тым да ваяводы, кажучы, што нам чыніцца крыўда. Ваявода наказаў, каб прыдворны перастаў, але пасля таго як яны пабачыліся, стрэў д'ябал язычніка. Тады сам ваявода з капітанам ды іншымі маскоўцамі адправіўся ў кляштар аа. дамініканцаў. Агледзеўшы вазы, пачаў прасіць дабром, каб мы падарылі цару па адным палубе, то бок у яго казну, абяцаючы як-небудзь за тое аддзячыць. Мы былі вымушаны тое зрабіць non tam libenter, quam reverenter [123] i даць na адным палубе. Самога яго запрасілі мы ў сваё кола на гарэлку. П'ючы гарэлку, кляўся аддзячыць нам за тыя палубы, абяцаючы п. Швяйкоўскаму Уселюб, маёнтак яго цесця, a мне Асташын п. Яна Швяйкоўскага, майго швагра, пра які (хочучы захаваць маёнтак ад маскоўскай інквізіцыі) я сам прасіў ваяводу; загадаў нам тут жа ісці з ім у замак.

Прынеслі таксама шатаны п'янага Юрыя Пятроўскага, з якім п. Аляксей Швяйкоўскі пасварыўся за спустошаныя вёскі. Паколькі ён добра-ткі запазнаўся з маскоўцамі i супрацоўнічаў з імі, то схіліў на свой бок капітана i ваяводу, паднёсшы ім падарункі. Зграшыў дзеля гэтага, бо дужа ўпадабаў быў Уселюб i не хацеў яго саступіць. Таму сказаў, што «ты, пане Швяйкоўскі, здрадзіў цару ям., бо маеш стасункі са слуцкай фартэцыяй, вось i цяпер прывёз ты ліст, прысланы са Слуцка i перададзены мне». Што не адпавядала праўдзе, бо яму хтосьці іншы прывёз i перадаў той ліст ад уселюбскага ксяндза плябана, у якім той просіць за касцёл i сваю плябанію. Пачуўшы тое, ваявода адразу загадаў усім нам пакінуць палаты, кажучы, што тут осударево дело, засталіся толькі Пятроўскі са Швяйкоўскім i маскоўцы.

Праз гадзіну пасля пачатку тае інквізіцыі адправілі п. Швяйкоўскага пад караул у салдацкі пакой i нікому не было дазволена з ім размаўляць або бачыцца. A следам капітан Міна Стафанавіч Шылаў, асядлаўшы каня, паехаў з подьячйм, то бок пісарам, Мяленціем у кляштар апісваць рэчы пана Швяйкоўскага (даведаўшыся, я кінуўся за ім, бо спыніўся з п. Швяйкоўскім у адным пакоі, у рэфектары). Там адразу спытаў, дзе куфры п. Швяйкоўскага. Сама ям. [124] хоць i ўстрывожаная, паказала на куфар. Капітан загадаў яго адчыніць, a калі адчынілі, загадаў подьячему, вымаючы, апісаць усе рэчы.

Агледзеўшы куфры п. Швяйкоўскага, пачаў адчыняць i мае, a калі я сказаў, што гэта мае, не звярнуў на тое ўвагі, але загадаў неадкладна адчыніць i заадно былі апісаныя i [мае] ўсе рэчы. Калі ж бачыў штосыді срэбранае або адметнае, то клаў сабе ў кішэню. Або й горш. Так, у п. Швяйкоўскага забраў шэсць срэбраных лыжак, вельмі прыгожы пісталет з эбенавай аправай, a ў мяне, Маскевіча, ашмянскага маршалка, пазалочаны чакан з аправай.

Апісаўшы ўсе рэчы, нават у самых малых скрыначках, загадаў занесці ix у іншую келлю i запячатаць; пры дзвярах дзень i ноч знаходзілася варта маскоўцаў. Мала таго, апісаўшы ўсю маю i п. Швяйкоўскага вогнепальную зброю, замкнулі яе там жа, у келлі. Потым пачаў апісваць коні. Усе нашыя коні стаялі ў адной стайні; не зважаючы ні на што, апісаў усіх i п. Швяйкоўскага, i мае, i п. Кушлянца, i п. Андрэя Сасноўскага etc. Пасля вопісу забралі ix у замак, i калі я прасіў пана ваяводу, кажучы, што я не вінаваты, аблаяў мяне, прыгразіўшы, што «і табе будзе тое самае, што i Швяйкоўскаму», бо «ты его шурин, то и ты так изменник, яко и он». Тут ён быў паклікаў варту, каб схапіла мяне, але затым прыйшло з дзясятак маскоўцаў i яны штосьці там яму патлумачылі, я ж не чакаў болей ды адмовіўся i ад коней. Прыйшоў я да гасподы, аж ужо i ўсе палубы з рэчамі пабраныя, у якіх было драбязы на некалькі дзясяткаў злотых.

Ужо быў i давёў п. Швяйкоўскі сваю рацыю, a ўсё замыльвалі вочы. Interim, аднак, шукалі любой зачэпкі, каб мець хоць нейкі доказ ягонай здрады.

Сярод іншых рэчаў капітан забраў куфэрак п. Швяйкоўскага, спадзеючыся знайсці ў ім якія-небудзь лісты пра стасункі з фартэцыямі. У маёй жонкі таксама забраў маленькую скрыначку, у якой яна цягам 6 гадоў захоўвала мае лісты, нават дробныя цыдулкі, a паколькі тых лістоў было вялікае мноства, з тым Большай ахвотай забралі. Чыталі ix там у сябе з тыдзень, a не знайшоўшы нічога такога, аддалі мне лісты, a скрыначка прапала, хаця была непаглядная, пакрытая маскоўскім часаным каменнем накшталт шкла, размаляваная ўсярэдзіне. I хаця не знайшлі довадаў супраць п. Швяйкоўскага, усё адно застрашвалі яго, што «цябе будуць мучыць, a потым страцяць, бо ў нас кажуць такое права: калі некага абвінавацяць у здрадзе цару, то, не даючы таму апраўдацца, адразу аддаюць на страту». Таму ён, паколькі справа йшла не пра дробязі, адкупіўся, i той водкуп абышоўся яму ў некалькі соцень злотых. Tandem яго адпусцілі, намыліўшы, як у лазні.

Die 2 aprilis. Аднак я цягам некалькіх дзён дамагаўся ад ваяводы [вяртання] коней. Вядома, загадаў вярнуць, але праз зубы, бо паклаў вока на майго паморца, адно што не меў нагоды i магчымасці тое зрабіць. Вярнуў жа, аднак, мне іншыя коні, a паморца пакінуў, што капітан Міна [125] патлумачваў мне рознымі прычынамі. Ужо ён i ўгаворваў, што ваявода будзе мне абавязаны за таго каня, i пагражаў, аднак без афекту. Вымушаны быў я аддаць яму срэбраную чарку i ледзь вярнуў таго каня. Хоць коням i давалі сена, аднак загадалі былі цягам 4 дзён не даваць ім пойла, i калі вярнулі, то ледзьве я ix адпаіў.

П. Кушлянец не меў магчымасці адмовіць ваяводу, калі той таксама пачаў вымагаць у яго каня паморца, таксама дэраша, якога як быццам бы i купіў, але заплата была наступная: загадаў [ваявода] нагледзець штосьці з маёмасці любога абываталя з ліку тых, што ўкрыліся ў замку, хочучы тое аддаць, але [п. Кушлянец] быў згодны хутчэй адмовіцца ад каня, чым узяць такую заплату. Тады ж узялі былі пад караул п. Сасноўскага, таксама абвінавачанага ў здрадзе цару, але i ён, хаця й без віны, павінен быў адкупляцца.

Die 5 aprilis. Ужо i Хаванскі заняўся штурмам ляхавіцкага замка i ўвечар, пад першыя сны, падышоў пад мур такім чынам, што ўзятыя ў аблогу, пачуваючы сябе ў бяспецы, таго не заўважылі. I калі б самі маскоўцы не ўсчалі крыку: «Царев, царев город!», то захапіў бы Ляхавічы такім самым чынам, як i Берасце Літоўскае. Пачуўшы той крык, кінуліся ўзятыя ў аблогу ў беспарадку на вал i з ласкі Божай ледзь скінулі непрыяцеля з вала ў рукапашнай. Tandem ужылі вогнепальную зброю i далі ўжо магутны адпор, з ласкі Божай прычыніўшы немалую шкоду непрыяцелю, які быў вымушаны ў канфузіі [126] адступіць у свой табар, каб падрыхтавацца да наступнага штурму.

Тым часам праз Наваградак праязджаюць пасланнікі - то з абозу, то ў абоз, то ад цара, то да цара. A для нас гэта найбольшае няшчасце, бо шляхта павінна была па чарзе суправаджаць па некалькі міль кожнага пасланніка, часам i ў Вільню.

Die 19 aprilis. У гэтым нашым утрапенні спарадзіла мне жонка дачку Крысціну ў кляштары аа. дамініканцаў у Наваградку, у келлі, дзе маскоўцы, з ласкі Божай, не магла нічым нашкодзіць. Аднак, прыпадабняючыся маскоўцам, быўя вымушаны неадкладна абаслаць узварам 49 ваяводу i капітана, бо такі ў ix звычай. Пасля ён i сам нагадаў, каб я запрасіў яго на хрысціны, на якіх, набраўшы з сабой маскоўцаў, піраваў як хацеў у тым самым рэфектары.

Але мне гэта выйшла бокам, бо ў той самы дзень у Сэрвачы маскоўцы, напароўшыся, выкапалі ў гаі мой вялікі куфар са срэбрам, сукнямі, рысінымі футрамі, разнастаймым палатном i рознымі дробязямі, чым прычынілі мне шкоды на 5 000 злотых.

У той самы дзень. Пад Наваградкам, у Ваўковічах п. Корсака, падсудка, было i маё, i п. Швяйкоўскага быдла - мы спадзяваліся, што там яно ўцалее ад маскоўцаў, тое абяцаў мне i сам ваявода. Мікіта Савіч Галянішчаў, стрыечны [брат] наваградскага ваяводы, прыехаўшы ў Ваўковічы, забраў [не толькі] ўсё маё быдла, але нават звезеную туды здабычу Хаванскага ды іншай шляхты. Назаўтра, калі мне паведамілі, я адправіўся туды i выкупіў быдла, як сваё, так i п. Швяйкоўскага: даў яму 15 талераў, асабіста ваяводу - 1.

Паколькі нам сталася такая нявыкрутка, адправілі мы да Хаванскага п. Людвіка Праташэвіча i п. Паўла Ладзяту з просьбай, каб не ўскладаў на нас такога цяжару. Нас quidem супакоілі, але па-ранейшаму не было бачна ніякага паляпшэння. Мы зноў адправілі [пасланца], п. Юрыя Пятроўскага, вялікага прыяцеля Хаванскага, які дамогся таго ж, што i пасланыя перад ім.

У травені, калі Хаванскі рыхтаваўся да другога штурму, абмовіўся неяк гарадзішчанскі млынар, чараўнік, п'ючы ў Гарадзішчы з маскоўцамі: «Калі б я захацеў, то паказаў бы Хаванскаму такі спосаб, што ён адразу захапіў бы Ляхавічы». Пачуўшы тое, маскоўцы спешна павезлі яго да Хаваыскага, перад якім мусіў паўтарыць сказанае i якому абяцаў тое ўчыніць, чым Хаванскі быў дужа задаволены i неадкладна ашчаслівіў яго падарункам. Падахвочаны, здраднік папрасіў толькі, каб яму выдзелілі i людзей для работы, i ўсё, што спатрэбіцца. Хаванскі абяцаў усялякае спрыянне. Тады той паабяцаў для пачатку зрабіць такую драбіну на шрубах, па якой адначасова маглі перамяшчацца 2 000 людзей. Потым сказаў, што замовіць [127] усе замкавыя ружжы i гарматы, спробу чаго быў вымушаны ўчыніць у прысутнасці Хаванскага на маскоўскай гармаце: калі замовіў гармату, тая не змагла ніякім чынам выстраліць. Чаму таксама быў Хаванскі невыказна рады, разумеючы, што тое ж зробіць i з замкавай артылерыяй. Але добры Госпад Бог не даў злу ўзяць верх. I трэцяе: абяцаў той млынар наслаць на ўзятых у аблогу снег з градам, які хоць i патрапіў на ix, але не даў абяцанага выніку.

Die 8 maii. Прыслаў Хаванскі ў Наваградак Івана Савіча Галянішчава, афектуючы, каб мы як шляхта, так i месцічы, i жыды паставілі яму пажадана па 100 локцяў тоўстых вяровак, але ні ў якім выпадку не менш як па 50. Не прычакаўшы таго, паехаў па розных прыстанях, распытваючы пра ваенныя караблі i ліны: гэта згаданы млынар загадаў усяго таго расстарацца для падвядзення драбіны пад мур.

Die 10 maii. Тады ж быў рускі Вялікдзень, з прычыны чаго наваградскі ваявода Павел Мітрафанавіч Галянішчаў загадаў даваць яму валачобнае 50, i мы былі вымушаны паднесці яму вялікі пазалочаны келіх i 4 срэбраныя лыжкі.

Таго ж дня прыехаў ад Хаванскага [да нас] ганец у Вільню, Міхайла Іванавіч Балыпоў, якога нам, шляхце, было загадана суправаджаць 10-га [чысла] ў Вільню. Мусілі мы выдзеліць па чалядніку, але пад Дзевянішкамі ўсе павярнулі назад, бо прыйшла вестка, што нашае войска заняло Вільню з боку Жамойці, дзе быццам бы бачылі i князя канюшага [128], але тое няпраўда: гэта ўсяго толькі разведка [на чале] з Сусецкім, уварваўшыся ў Вільню, забіла некалькіх маскоўцаў i вярнулася назад.

Die 11 maii. Пані парнаўская ваяводзіна, якая была зняволена ў наваградскім замку, адпушчана са сваёй унучкай, паннай Халецкай.

Die 14 maii. Злітаваўшыся, прыставіў да нас Хаванскі ахоўны атрад Сямёна Іванавіча Дуброўскага, каб не даваў паліць шляхты, то бок дамоў i вёсак, a тым Больш рабаваць. Але ён не спраўляўся, i адно таго дамогся, што жывучы ў Ваўковічах п. Корсака, наваградскага падсудка, толькі яго i абараніў; i добра таму было, бо яго не спалілі, i ўсе ярыны пазасяваў, як прынята. На тым самым тыдні, перад Святкамі [129], спалілі дзве мае вёскі, Сэрвач i Зубавічы, нават i кала не засталося.

П. Аляксандр Швяйкоўскі, даўшы наваградскаму ваяводу адкупное за сваё вызваленне, дамогся, што ваявода аддаў яму Уселюб, на які ён давёў сваё, хоць i сфальшаванае цесцем, права - нібыта Уселюб аддадзены яму ў пасаг; аднак папярэдне добра падмазаў ваяводу i капітану. Бачачы тое, вырашылі i мы з маім шваграм, п. Швяйкоўскім, паехаць да ваяводы ва Уселюб, куды прыбылі разам з жонкамі ў святачны панядзелак позна ўвечары.

Die 17 maii. Раніцой уварвалася ва Уселюб чэлядзь Арцёмія Какошкіна, гатовая рабаваць i паліць. Аднак мы, схапіўшы, паслалі ix да наваградскага ваяводы. Здзівіла тое Какошкіна, які ўсё адмаўляў. Мы таксама, будучы напагатове, паведамілі пра тое ачольніку нашага ахоўнага атрада, Сямбну Дуброўскаму, які стаў на бок свайго сваяка, Андрэя, але тая фурыя [130] нічым не дапамагла.

Die 21 maii. Прыслаў цар Хаванскаму пад Ляхавічы тры тысячы сваёй адборнай i добра ўзброенай пяхоты, якая палегла пазней, падчас другога штурму. Неўзабаве Хаванскі, каб даведацца пра размяшчэнне нашага войска, спешна адправіў у разведку пад Вільню 6 харугваў, якія начавалі ў нас, ва Уселюбе, не без узрушэння з нашага боку: забралі з двара быдла на паўкапы, ад іншых пазбыліся хлебам i просьбай.

У той жа дзень перад заходам сонца маскоўскі капітан, які кагадзе падышоў з пяхотай, мусіў адступіць ад ляхавіцкага замка, з вялікай пыхай распачаўшы штурм, але ганебна страціўшы людзей. Тады ўначы Хаванскі распачаў вальны штурм, але драбінаў, зробленых гарадзішчанскім млынаром, ніяк не маглі зрушыць праз вялікі памер спаруды. Спачатку, аднак, той млынар, тройчы абышоўшы вакол, апасаў замак суровай ніткай. Але шатан нічога не змог проціпаставіць Божай моцы, бо [нашыя] мужна абараняліся i наносілі непрыяцелю вялікую шкоду, таму ён зноў мусіў адступіць у вялікай канфузіі. Падчас таго штурму забілі некалькі вусатых баб, якіх нашыя бачылі пазней, прагульваючыся.

In iunio пан Фердынанд Рор, беліцкі дзяржаўца, на моцы маскоўскай граматы жывучы ў Беліцы, сабраў з сотню людзей i пераняўшы за Нёмнам пэўных маскоўцаў, страціў ix; сярод іншых схапіў Івана Якаўлевіча Кушалёва, які ехаў у Гародню да Хаванскага. Даведаўшыся пра тое, адправіў Хаванскі дзве райтарскія харугвы, каб схапілі яго як шыша i спалілі Беліцу, a лідскую шляхту рабавалі i сціналі. Але не схапілі яго, толькі абрабавалі трохі шляхецкіх дамоў i вярнуліся.

Спалілі ў Сэрвачы мой двор, свіран, гумны etc. A паколькі была там яшчэ адна яма, з салам i розным мясам, даведаўшыся пра якую, сяляне паведамілі маскоўцам, то апошнія ўжо былі радыя тым пажывіцца. Нейкім чынам мяне папярэдзілі, i я выслаў туды ахоўны атрад Івана Іванавіча Манастырова, чым апярэдзіў, з ласкі Божай, тых, што збіраліся прычыніць мне шкоду. Але страшна было заехаць дадому, бо пабачылі мы нямала пасцінаных як жанчын, так i мужчын, маіх падданых, якіх развалаклі i грызлі сабакі, бо ix не было каму пахаваць.

Бачачы, што захапіць Ляхавічы сходу цяжка, пачаў [Хаванскі] шукаць спосабу, як бы тое зрабіць: ужо i абяцаннямі спакушаў узятых у аблогу, ужо i пагражаў [ім], нарэшце загадаў усім нам пісаць ад сябе, пераконваючы, каб здаліся на царскае імя. Але я, Маскевіч, ашмянскі маршалак, з ласкі Божай пазбег падпісання таго ліста. У замак з тым лістом адправілі п. Корсака, нашага наваградскага падсудка, з Радзівонам Какошкіным. I тое скончылася нічым, вярнуўся confusus [131].

Атрад, што быў адпраўлены схапіць Рора, вярнуўся да Хаванскага, які спытаўся ў таго каменданта, ці паліў ён за Нёмнам i сцінаў. Адказаў, што не. Тады загадаў быў яму самому сцяць галаву, i ледзьве яго адгаварылі.

Затым паслаў другога, падпалкоўніка Васіля Багданавіча Данілава, з тысячай чалавек лавіць Рора з яго прыхільнікамі ды сячы i паліць Лідскі павет. Аднак Ліда, папярэджаная, разбеглася, i Рор ca сваімі таксама. Што-нішто, аднак, падпалілі, i каго са шляхты i чэрні злавілі сцялі.

Таксама тыя маскоўцы, якія з намі ўжо i размаўлялі, i браталіся, не давяраючы нам, пастаянна намаўлялі Хаванскага, каб загадаў нас парубаць. Але Госпад Бог міласцівы так уладкаваў сэрца Хаванскага, што заўсёды за нас заступаўся, «бо казаў не маю на тое ніводнае прычыны». Яны ж яму пастаянна даводзілі, што «пабачыш, якімі йзменнйкамй яны акажуцца». Больш за ўсіх патрабавала нашае смерці руская шляхта, як, напрыклад, маскоўскі палкоўнік Слонскі i іншыя. Але з ласкі Божае ўсё тое абярнулася іначай.

Але зрабілі так, што загадалі нам з'явіцца на паспалітае рушэнне, з-за чаго мы былі ў адчаі, бо не маглі пазбегнуць таго, чаго хацелі пазбегнуць. Аднак паслалі п. Самуэля Вярэйскага i п. Казіміра Чарняўскага, слугу п. Керлы, старадубскага маршалка, да п. Хаванскага з просьбай выявіць міласэрнасць, каб нас, як моцна пацярпелых, не бралі. Той адразу сустрэў ix такімі словамі: «Добре ж, вы будете нести варту» i загадаў усім конным з'явіцца ў абоз, a пешым i старым у наваградскі замак.

Пацешыў яго той Чарняўскі (бо ўмеў яму дагадзіць), аднак [Хаванскі] не перадумаў і, напісаўшы грамату з наказам на паспалітае рушэнне, адправіў ix. A калі п. Вярэйскі вёз тую грамату, збілі яго моцна на дарозе маскоўскія шышы i грамату адабралі, i той прыехаў у Наваградак ледзь жывы.

Тым часам нашыя войскі 6 000 з яв. ям. п. Паўлам Сапегам, гетманам BKJI, i 4 000 з яв. ям. п. Чарнецкім, ваяводам рускім, - наступалі на Слонім, але пра ix ніхто нічога не ведаў, бо ў Слоніме былі захоплены дзве [маскоўскія] харугвы, з якіх мала хто змог уцячы да Хаванскага i паведаміць.

Атрымаўшы данясенне, Хаванскі неакладна выправіў супраць нашага войска Сямёна Лукіча Шчарбатага, польнага гетмана, i Зміева, мяркуючы, што гэта яшчэ наступае перад войскам нейкі магутны атрад разведкі. Калі ж пасланыя прынеслі дакладнае пацвярджэнне, што рухаецца вялікая моц, выступіў сам на чале ўсяго войска пад Мыш, пакінуўшы ў акопах пад Ляхавічамі колькі соцень пяхоты (было гэта ў нядзелю, 27 iunii). Не затрымліваючыся ў Мышы, уначы пайшоў на Палонку п. Бруханскага, дзе перад яго прыходам наш палкоўнік Кміціч, адпраўлены з пярэдняй стражай, меў сутычку з маскоўцамі i частку з ix паклаў. Тым часам са Слоніма спяшалася на дапамогу i нашае войска.

Die 28 iunii. Сышліся ў Палонцы абодва войскі, якія раздзяляла дужа гразкая пераправа паміж дваром i мястэчкам. I хаця войскі мелі намер сысціся не тут, аднак жа так сталася, пачалі выстрайвацца адно супраць другога.

Каб вызваліць больш месца для пастраення, загадалі ям. п. гетман з ям. п. рускім ваяводам адсунуць назад вазы. Бачачы тое, пачаў Хаванскі без адкладання прабірацца па гразі да нашых, усклікаючы да сваіх, што ўжо утекает литва.

Шчарбаты са Зміевым не раілі яму перапраўляцца, аднак пыхлівы непрыяцель не зважаў на тое, кажучы: «Або не ведаете, што литва завсегда утекает? Як их догоним, коли тепер заўчасна не переправимся

Моцна панізіў Госпад Бог варожую пыху, бо як рушылі нашыя адразу з імпэтам на непрыяцеля, то не далі яму й ачомацца: маскоўцы, колькі ix было па гэты бок пераправы, усе палеглі; толькі старшына ўцякла за пераправу да адборнай, улюбёнай самім царом пяхоты, якой было шэсць тысяч.

Яснавяльможныя ім. паны ачольнікі, бачачы вялікую да сябе ласку Божую, рушылі валам на пераправу, якая хоць i была дужа топкая i цяжкая для праходу, але Госпад Бог так перанёс усё войска, што ўсе нібы па цвёрдай паверхні прайшлі. I хаця сілы невялікія, бо толькі 7 харугваў (змяшаўшы казацкія i гусарскія) былі кінуты супраць 6 000 адборнай маскоўскай пяхоты, высеклі яе так, што ніводзін не ўратаваўся 51. Бачачы тое, маскоўскія вершнікі [кінуліся] са старшынай на ўцёкі. Хто мог, дабіраўся да сваіх.

Атрымаўшы з ласкі Божай такую хуткую i нечаканую вікторыю над непрыяцелем, да самага Нёмна заслаўшы трупамі палі як з боку Палонкі, так i з нашага, рушыла нашае войска за ўцякаючымі рэшткамі непрыяцеля. За што хай будзе праслаўлёна імя Гасподняе навекі. Амэн.

Die 29 iunii. Раніцой дайшла вестка пра тое да Наваградка. Цяжка й перадаць, як радаваліся мы таму, што нас, якія ўжо танулі i якіх амаль паглынула непрыяцельская прорва, уратавала i выцягнула асаблівая Божая міласэрнасць, бо нібы зноў нарадзіўся на свет чалавек, які, будучы па провідзе Божым пад непрыяцелем, не раз мусіў паміраць, калі маскоўцы ўводзілі навіны, калі Хаванскі загадаў усю шляхту сцінаць, рабаваць, паліць, браць у палон etc.

Калі б нават чалавек надумаў выбрацца з таго полымя, то не было як, бо следам жонка, дзеці, следам усе бяднейшыя браты, якія не маглі даць рады, падвергліся б небяспецы, i ўжо напэўна нікога не пакінулі б жывога. Мусілі мы чакаць у спадзяванні па міласэрнасці Божай, за якую toties quoties sit Nomen Domini benedictum [132].

Пераклад на беларускую мову - Бразгуноў А. У.


Пераклад падаецца na выданні: Pamiętniki Samuela i Bogusła­wa Kazimierza Maskiewiczów, wiek XVII. Opracował, wstępem i przypisami opatrzył Alojzy Sajkowski. Redakcja i słowo wstępne: Włady­sław Czapliński. Wrocław, 1961. S. 221-303.

_________________

1 У спалучэнні з прыметнікамі, утворанымі ад назваў мясцовасцей, «пан» азначае «кашталян».

2 Дачка імператара Фердынанда II Габсбурга, каралева Цэцылія Рэната была пляменніцай Ганны Габсбург, жонкі Жыгімонта III i маці Уладзіслава IV.

3 Насамрэч каранацыя Марыі Людвікі Ганзага адбылася 15 ліпеня 1646 г.

4 ...загадваючы куфэркам г. зн. выконваючы абавязкі скарбніка.

5 ...збіраць пастойнае г. зн. збіраць грошы, прызначаныя на ўтрыманне княскага двара.

6 На час смерці бацькі старэйшаму, Дзмітрыю, было 5 гадоў, a малодшаму, Канстанціну, 3. Пазней Дзмітры стаў в. кар. гетманам, a Канстанцін - бэлзскім ваяводам.

7 Сойм адбываўся 25 X 7 XII 1646 г.

8 Станіслаў Канецпольскі памёр 11 III 1646 г.

9 Паскуднік хвароба вачэй у коней, называная таксама напасцю.

10 Панцырнай харугвы, вядомай як пяцігорская. Першыя пяцігорскія роты з'явіліся ў 1560-я гг. калі ў BKJI пачалі служыць кабардзінцы (з Пяцігорска i Бештаў). Першапачаткова пяцігорскія роты складаліся з асоб кабардзіна-татарскага паходжання, пазней з мясцовых ураджэнцаў. На ўзбраенні мелі кароткія дзіды, шаблі, лукі, пісталеты, ручніцы, шчыты i кальчастыя панцыры з улемамі-місюркамі. Пяцігорцы як від кавалерыі мелі ўніверсальны характар.

11 Крэпасць Кудак была збудавана ў 1635 г., але ў тым самым годзе знішчана. Адбудавана ў 1639 г., a ў 1648 г. захоплена казакамі.

12 Аўтар спасылаецца на план крэпасці, які відавочна знаходзіўся ў аўтографе помніка.

13 У 1648 г. Вялікдзень прыпаў на 12 красавіка.

14 Насамрэч падзея адбывалася 26 травеня.

15 25 травеня Максім Крыванос падышоў да кар. войска з тылу (з боку м. Стэблеў).

16 Насамрэч 27 травеня.

17 Гэта была частка кавалерыі пад камандаваннем Крыштафа Карыцкага, які пасля корсунскага разгрому злучыўся з князем Ераміяй Вішнявецкім i ваяваў пад яго камандаваннем.

18 Насамрэч 28 травеня.

19 Кароль Уладзіслаў IV памёр 20 травеня.

20 Насамрэч каля 10 чэрвеня.

21 Вішнявецкія парадніліся з родам Горскіх пасля замужжа Марыны, сястры Міхала Вішнявецкага.

22 ... на Сейміту. Выраз незразумелы, паколькі ніводнага геаграфічнага аб'екта з падобнай назвай не існуе. Магчыма, павінна было быць «на сойміку».

23 ...князёў Збаражскіх. Гаворка пра князёў Вішнявецкіх, якія пісаліся князямі на Збаражы (перайшоў да ix пасля смерці вуя, князя Юрыя Збаражскага, кракаўскага кашт.).

24 Мазавецкім ваяводам у 1632-1652 гг. быў Станіслаў Варшыцкі, пазнейшы кракаўскі кашт.

25 Насамрэч вестка дайшла да князя 17 ліпеня.

26 24 ліпеня была пятніца.

27 ...кідацца з матыкай на сонца - рызыкаваць выступіць з меншымі сіламі супраць непрыяцеля..

28 ...мусэльбасовы, але моцна абшарпаны табельнік. - Гаворка пра т. зв. табенькі, кавалкі скуры, якія перашкаджаюць нагам церціся аб стрэмя, абшытыя мусэльбасам (баваўнянай тканінай).

29 Насамрэч 23 верасня.

30 у гербоўніку Каспара Нясецкага згадваюцца Мікалай Бральніцкі (пад 1621 i 1623 гг.) i Станіслаў Бральніцкі (пад. 1631 г.) герба Газдава. Магчыма, адзін з ix i быў мужам цёткі мемуарыста.

31 Каранацыя Яна Казіміра адбылася 17 I 1649 г.

32 Памылка мемуарыста. Віленскім ваяводам быў не Геранім Хадкевіч (мазырскі ста), a яго бацька, Крыштаф Хадкевіч.

33 Атака распачалася з двух бакоў. З аднаго ўдарылі драгунскія харугвы самога Януша Радзівіла i Вінцэнта Гасеўскага, a з другога дзве харугвы пяхоты пад камандаваннем Мацея Гасеўскага, Ропа i Віхмана.

34 20 лютага.

35 Падзея адбывалася не ў пятніцу 16 ліпеня, a праз тыдзень, таксама ў пятніцу, 23 ліпеня.

36 Падзеі адбываліся ў ноч з 24 на 25 ліпеня.

37 Тут быў створаны абарончы лагер, у які войска зайшло 28 ліпеня. Генеральная бітва адбылася 30 ліпеня i працягвалася ўвесь дзень. Казакі пацярпелі паразу, паранены атаман Крычэўскі апынуўся ў няволі, дзе неўзабаве памёр.

38 Падаўленне пскоўскага паўстання адбывался ў 1650 г.

39 Трохкутнік фартэцый Ляхавічы Нясвіж Слуцк значна абцяжарваў маск. войску захоп усёй Беларусі.

40 ...пераняў на мыце. - На месцы, дзе да вайны збіралася мыта за праезд па шляху. У даным выпадку - гэта населены пункт Мыто (Мыта) на рацэ Дзітва - месца дзе бралася мыта за пераправу праз раку - Л. Лаўрэш.

41 Дафан i Авірон, сыны Эліава. У выніку пакарання за бунт супраць Майсея «раззявіла зямля вусны свае i праглынула ix i дамы іхнія... i сышлі яны з усім, што належала ім, жывыя ў апраметную, i накрыла ix зямля, i згінулі яны» (Кніга Лікі, 16:32, 33).

42 Гаворка пра Гіезія, слугу прарока Елісея, пакаранага праказай за нявер'е (4-я кніга Царстваў, 5:20).

43 Ананія i Сафіра за хлусню былі пакараныя раптоўнай смерцю (Кніга Дзеяў Апостальскіх, 5:1-11).

44 Евузіты - жыхары Евузы, пазнейшага Ерусаліма (Кніга Ісуса, сына Нава, 10 i 11).

45 Дачка Соф'і Сапегі з Палубінскіх, Эўфразіна, была замужам за Халецкім.

46 «Szafarnia duchowna» - аскетычны твор Паўла з Прасныша (Паўла Сімпліцыяна, † 1646). Сярод іншага змяшчае збор малітваў i пабожных разважанняў.

47 казак Хмельнічэнка - Юры, с. Багдана Зіновія Хмяльніцкага.

48 Гаворка пра т. зв. Аліўскі мір (заключаны ў Аліўскім цыстэрцыянскім кляштары пад Гданьскам), перамовы пра які працягваліся з 23 сакавіка па 4 травеня.

49 ...абаслаць узварам. - Пачаставаць кампотам з сухафруктаў.

50 ...загадаў даваць яму валачобнае. - Тут у іранічным сэнсе: загадаў прынесці даніну. Валачобніцтва было старадаўнім звычаем выключна беларусаў (вядома таксама ў памежных з Беларуссю рэгіёнах Расіі, якія ў свой час уваходзілі ў склад ВКЛ), прымеркаваным да першага дня Вялікадня. Звычайна група моладзі абыходзіла двары вёскі i віншавала гаспадароў са святам песнямі, пажаданнямі шчасця ў сям'і, дабрабыту ў гаспадарцы i ўрадлівасці ў полі. Значную ролю адыгрываў механоша збіральнік пачастункаў (валачобнага) якімі адорвалі валачобнікаў удзячныя гаспадары.

51 Было знішчана 18 тыс. маск. пяхоты.



[1] 24 лютага.

[2] 29 верасня.

[3] Намеры, імкненні.

[4] Рэкамендацыйныя лісты.

[5] Два з паловай.

[6] Грызэльда Вішнявецкая.

[7] Мікалая (?) Длатоўскага.

[8] Уладзіслава Дамініка Заслаўскага-Астрожскага.

[9] Шалашы або драўляным будане.

[10] 14 красавіка 1647 г.

[11] 22 красавіка 1647 г.

[12] Братавых сыноў.

[13] Аляксандра Людвіка Радзівіла.

[14] Крысціны Даніловіч.

[15] Ежы Асалінскага.

[16] 21 верасня.

[17] Часовы побыт.

[18] Падпарадкавання.

[19] Пяхоту, узброеную мушкетамі.

[20] 29 верасня.

[21] Багдана Храптовіча † 1649.

[22] 2 кастрычніка.

[23] Наўзаем.

[24] Роў.

[25] Стражы.

[26] Прыхадні.

[27] З той умовай.

[28] Скіраванні; тут: асаблівасці.

[29] Капец, памежная пазнака.

[30] Вятроўнік (spirea).

[31] 12 лістапада.

[32] Братавай дачкі.

[33] Багдан Хмяльніцкі.

[34] Мікалая Патоцкага.

[35] Аляксандру Дамініку Казаноўскаму.

[36] Якуб (?) Асінскі.

[37] Ваенны лагер.

[38] Задумы, намеры.

[39] Ад намеру.

[40] Марцін Каліноўскі.

[41] Гераніма Адама Сяняўскага.

[42] Мікалая Патоцкага.

[43] He думаючы, рашуча.

[44] Паміж надзеяй i страхам.

[45] Першым.

[46] Гэта значыць, у Рудаўцы.

[47] 11 чэрвеня.

[48] Соф'і Хадкевіч з Горскіх.

[49] Гэта значыць, загубілі, забілі.

[50] Не выканаўшы задання.

[51] Януша Тышкевіча.

[52] Нарадзе.

[53] Працівіўся.

[54] Парадзе.

[55] Напярэдадні.

[56] Самуэля Асінскага.

[57] Гэта значыць, па ворагах.

[58] З усяе моцы, з усіх сіл.

[59] У ягадзіцу.

[60] Брыдка курылі - няўмела стралялі.

[61] Яна Паца.

[62] Францішка Забрыдоўскага.

[63] Ганна Соф'я Зяновіч.

[64] Па твары.

[65] Мацея Францкевіча-Радзымінскага.

[66] Уладзіслаў Дамінік Заслаўскі-Астрожскі.

[67] З такой пышнасцю.

[68] Рыгорам Мірскім.

[69] Багуслава Радзівіла.

[70] Януш Радзівіл, в. літ. гетман.

[71] Юрыя Караля Глябовіча.

[72] Уладзіслаў Валовіч.

[73] Апеку.

[74] Прадоўжыць распачатае.

[75] Моцна.

[76] Указанне.

[77] Янам Паўлам Сапегам.

[78] Аляксей Міхайлавіч Раманаў.

[79] Уладзіслава Валовіча.

[80] Казіміра або Мікалая Пасудзеўскага.

[81] Праз брак абаронных сіл.

[82] 24 снежня.

[83] Стражнікаў.

[84] У адсутнасць цяпер.

[85] Бандыт устанаўлівае законы.

[86] Дзеля бяспекі.

[87] Ян Казімір.

[88] Яна Корсака.

[89] За кожным разам.

[90] Умясціць.

[91] Сумленне спакойнае.

[92] Яна Самуэля Корсака.

[93] Аляксандра Палубінскага.

[94] Мацей Францкевіч-Радзымінскі.

[95] Не так па сваёй волі, як па неабходнасці (з павагі).

[96] Аналой.

[97] Фармулёўкі.

[98] Хлусню.

[99] Рашэнне; тут: прысягу.

[100] 25 лютага.

[101] З такой самай чалавечнасцю.

[102] Соф'я Сапега з Палубінскіх.

[103] Канстанціна Сапегі.

[104] Расчуліўся.

[105] Заклады.

[106] У чацвёрку, выданне.

[107] Гарэлку.

[108] Гэта значыць, масква.

[109] Землеўласнік.

[110] Пагрозліва (?).

[111] Выражу, вырублю.

[112] Фармуляр, форма.

[113] Дары супакойваюць (робяць прыхільнымі).

[114] З задуменным тварам (дзеля падману).

[115] Адмовіцца ад зброі (спыніць вайну).

[116] 23 сакавіка.

[117] Гэта значыць, Уселюб.

[118] Быў у залежнасці.

[119] Гэта значыць, з жонкай Аляксандра Швяйкоўскага.

[120] 26 сакавіка.

[121] Гэта значыць, заняць пасаду ваяводы.

[122] Закрытых вазоў.

[123] Не так па сваёй ахвоце, як пад прымусам.

[124] Гэта значыць, жонка Швяйкоўскага, сястра Б. К. Маскевіча.

[125] Міна Стафанавіч Шылаў.

[126] Ганебна, з сорамам, у замяшанні.

[127] Гэта значыць, зачаруе з дапамогай замовы.

[128] Багуслава Радзівіла.

[129] Перад 16 травеня.

[130] Ярасць.

[131] Прысаромлены.

[132] Аднак хай будзе праслаўлена Імя Божае.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX