Вярнуцца: Мемуары

Успаміны Апалоніі Далеўскай з Серакоўскіх


Аўтар: Далеўская Апалонія,
Дадана: 18-08-2019,
Крыніца: НАША СЛОВА № 20 (1379), 16 траўня 2018.; № 21 (1380), 23 траўня 2018.; № 22 (1381), 30 траўня 2018.; № 23 (1382), 6 чэрвеня 2018.; № 24 (1383), 13 чэрвеня 2018.; № 25 (1384), 20 чэрвеня 2018.; № 26 (1385), 27 чэрвеня 2018.; № 27 (1386), 4 ліпеня 2018.; № 28 (1387), 11 ліпеня 2018.; № 29 (1388), 18 ліпеня 2018.; № 30 (1389), 25 ліпеня 2018.; № 31 (1390), 1 жніўня 2018.; № 32 (1391), 8 жніўня 2018.; № 33 (1392), 15 жніўня 2018.; № 34 (1393), 22 жніўня 2018.; № 35 (1394), 29 жніўня 2018.; № 36 (1395), 5 верасня 2018.; № 37 (1396), 12 верасня 2018.; № 38 (1397), 19 верасня 2018.; № 39 (1398), 26 верасня 2018.; № 40 (1399), 3 кастрычніка 2018.; № 41 (1400), 10 кастрычніка 2018.; № 42 (1401), 17 кастрычніка 2018.; № 42 (1401), 17 кастрычніка 2018.; № 43 (14021), 17 кастрычніка 2018.; № 44 (1403), 31 кастрычніка 2018.; № 45 (1404), 8 лістапада 2018.; № 46 (1405), 14 лістапада 2018.; № 48 (1407), 28 лістапада 2018.; № 49 (1408), 5 снежня 2018.; № 50 (1409), 12 снежня 2018.; № 51 (1410), 19 снежня 2018.; № 52 (1411), 26 снежня 2018.; № 1 (1412), 2 студзеня 2019.; № 2 (1413), 9 студзеня 2019.; № 3 (1414), 16 студзеня 2019.; № 4 (1415), 23 студзеня 2019.; № 5 (1416), 30 студзеня 2019.; № 6 (1417), 6 лютага 2019.; № 7 (1418), 13 лютага 2019.; № 8 (1419), 20 лютага 2019.; № 11 (1422), 13 сакавіка 2019.; № 12 (1423), 20 сакавіка 2019.; № 14 (1425), 3 красавіка 2019.; № 15 (1426), 10 красавіка 2019.; № 16 (1427), 17 красавіка 2019.; № 17 (1428), 24 красавіка 2019.; № 18 (1429), 2 траўня 2019.; № 19 (1430), 8 траўня 2019.; НАША СЛОВА № 20 (1431), 15 траўня 2019.



Пераклад Станіслава Судніка


Уступ

[Пра братоў Францішка і Аляксандра]

Генеалагічная табліца Далеўскіх гербу Круцыні

Некалькі ўрыўкаў з успамінаў і лістоў маіх братоў Канстанціна і Цітуса Далеўскіх

Пра Міхала Беркмана

[Пра Зыгмунта Серакоўскага]

Некалькі ўспамінаў з падарожжа, якія адносяцца да нашага прыватнага жыцця

[Зыгмунт Серакоўскі ў студзеньскім паўстанні]

Кароткія нататкі з [18]63 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства на Літве

Праблема адраса Дамейкі

Дадатак

Кароткія нататкі распараджэнняў Каралеўства на Літве ў 1863 г.

Праблема адраса Дамейкі


Успаміны Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай друкуюцца паводле кнігі "Apolonia z Dalewskich Sierakowska. Wspomnienia", выдавецтва Neriton Гістарычнага інстытута Варшаўскага ўніверсітэта, 2010 г., апрацавалі Ёланта Сікорская-Кулеша і Тамара Байрашаўскайтэ, у перакладзе Станіслава Судніка. Кнігу знайшоў і даставіў у Ліду Леанід Лаўрэш.

Уступ

Для свайго пакалення аўтарка гэтых запісак была перш за ўсё жонкай Зыгмунта Серакоўскага, удава па павешаным Мураўёвым камандзіры студзеньскага паўстання на Літве. Была "польскай гераіняй" з паштовак, якую, як інфармаваў подпіс пад малюнкам, "у вязніцы Мураўёў прымушае глядзець на смерць свайго мужа Зыгмунта" [1]. Паштоўка паказвае Апалонію скутую ланцугамі, якая стаіць з Мураўёвым і жандармам ў закратаваным памяшканні, акно якога выходзіць на пляц экзекуцыі, і звязвае аўтарку гэтых успамінаў з чорнай легендай пра падступства Мураўёва "Вешальніка", а кароткае сямейнае жыццё, так драматычна закончанае, з легендай пра Серакоўскага.

(88KB) Apolonia z Dalewskich Sierakowska. Wspomnienia.

Побач з тым была вядомая - асабліва паміж ліцвінамі - як Далеўская, адна з дзесяці геройскіх чальцоў сям'і, сястра "сібірчыкаў", "пакутнікаў з Літвы", сям'і славутай патрыятызмам, ахвярнасцю і пакутніцтвам [2]. Адзін з першых чытачоў успамінаў - Уладзіслаў Загорскі - занатаваў 4 красавіка 1916 г. у сваім дзённіку: "Пры чытанні гэтага рукапісу жудасць сціскае сэрца, такія страшныя лёсы былі ўдзелам сям'і Далеўскіх. Два браты расстраляныя, два іншыя адбылі катаргу. Маці, сёстры і швагры зняволены і высланы ў глыб Расіі. Муж Апалоніі Серакоўскай павешаны ў Вільні. Сама п. Серакоўская пасля страты мужа выслана на выгнанне на ўсход"[3].

Пра жыццё Апалоніі мы не ведаем занадта шмат. Была адной з дзесяцёх дзяцей Дамініка Далеўскага і яго жонкі Дамінікі з Наркевічаў (гл. генеалагічную схему). Метрычныя кнігі занатавалі, што Апалонія Фердынанда Дамініка нарадзілася 19 студзеня 1838 г. у Кункулцы, у Салечніцкай парафіі, ахрышчана была 6 красавіка таго ж года ў Салечніках. Хрышчонымі бацькамі былі Самуэль Лацкі, капітан расійскіх войскаў і Апалонія Ратоўт, начальніца сясцёр міласэрнасці ў Вільні [4].

Далеўскія належалі да незаможнай шляхты, жыўшай на Віленшчыне, якая праўдападобна прыбыла ў Вялікае Княства Літоўскае ў XVII ст. з Люблінскага ваяводства [5]. Бацькі Апалоніі валодалі дакладна не акрэсленым, невялікім маёнткам Руднікі і купленым у 1825 г. засценкам Кункулкай у Троцкім павеце Віленскай губерні, размешчаным на поўдзень ад Вільні. У 1848 г., калі памёр Дамінік Далеўскі, удава праўдападобна прадала маёнтак (Апалонія піша пра "невялікую суму, атрыманую пасля пазбаўлення ад гаспадаркі") [6] і з дзецьмі перабралася ў Вільню, каб "быць бліжэй да зняволеных (найстарэйшых сыноў) і для лепшага выхавання дзяцей". Усе сыны і дочкі хадзілі ў школы. Хлопцы аднак аддавалі перавагу канспірацыйнай дзейнасці над навукай. У выніку Аляксандр і Францішак кінулі гімназію перад заканчэннем апошняга класа, а малодшыя - Канстанцін і Цітус - з той самай прычыны не закончылі распачатую ў Маскве вучобу ва ўніверсітэце.

Маці ўдзяляла шмат увагі адукацыі дачок. Пра чатырох з шасці сясцёр вядома, што яны скончылі пансіён. Тэкля і Юлія дапамагалі маці, выкладаючы ў Вільні, для Апалоніі і Ксаверы выкладанне было сродкам утрымання пасля вяртання з высылкі.

Найвялікшай падзеяй у жыцці дзяўчынкі - падлетка было зняволенне і высылка на катаргу двух найстарэйшых братоў - Аляксандра і Францішка, заснавальнікаў Братняга звязу польскай моладзі на Літве [7] (які называлі таксама змовай братоў Далеўскіх). Была гэта ў 40-х гадах найвялікшая канспірацыйная арганізацыя на забраных землях. Серакоўская прысвяціла яе мэтам і дзейнасці шмат увагі ў сваіх запісках.

Калі ссыльныя вярнуліся ў канцы 50-х гадоў, Апалонія была ўжо паннай на выданне. У таварыстве братоў і сясцёр вярцелася ў коле віленскай творчай і чыноўнай інтэлігенцыі. Сярод яе знаёмых былі між іншым Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля і Міхал Андрыёлі.

Летам 1861 г., маючы трохі за дваццаць гадоў, адметная прыгажосцю Апалонія пазнаёмілася з Зыгмунтам Серакоўскім, капітанам расійскай арміі. Ён меў за сабой васьмігадовы побыт у штрафной вайсковай частцы на так званай Арэнбургскай лініі і вучобу ў Акадэміі Генеральнага штаба, перад сабою - ясную гарантаваную чыноўніцка-вайсковую кар'еру ў Пецярбургу. Працаваў у Генеральным штабе над рэформамі дысцыплінарнага права, якое прымянялася ў войску. Адначасова праводзіў менш ці больш канспірацыйную дзейнасць у асяродку польскіх і расійскіх рэвалюцыянераў і прыхільнікаў рэформ. Серакоўскі быў незвычайнай, захопленай жаданнем дасягнення вялікіх чыноў, харызматычнай, нязвыклай, што падкрэслівалі не толькі яго найбліжэйшыя сябры, асобай. Не месца тут, каб прыгадваць біяграфію гэтага выбітнага дзеяча [8]. Успаміны Апалоніі дадаюць да яе некалькі дэталяў.

Пасля года знаёмства (што ў іхнім выпадку абазначала тры спатканні) ажаніліся 30 ліпеня/11 жніўня 1862 г. у Кейданах, дзе жылі сястра і швагер Беркманы. Аднак жа ў метрычных кнігах касцёла св. Яна ў Вільні віднеецца запіс пра шлюб Апалоніі з Зыгмунтам, датаваны 11 ліпеня (старога стылю) 1862 г. Як сведкі фігуруюць Аляксандр Аскерка і Францішак Далеўскі [9]. Цяжка прыняць, што Апалонія нават ужо сямідзесяцігадовая, калі запісвала ўспаміны - не памятала, дзе выходзіла замуж [10]. Таму праўдападобна, што зроблены толькі запіс у касцёле св. Яна як парафіяльным Апалоніі, каб быць у згодзе з касцельным правам, якое загадвала прыняцце сакраманту жаніцьбы ў парафіі маладой.

Зыгмунт Серакоўскі знайшоў у сваёй абранніцы, выхаванай у сям'і ў патрыятычных традыцыях, таварышку, пра якую марыў, на цяжкае жыццё. 5/17 ліпеня 1862 г. ён пісаў маці: "Ваш Зыгмунт і яго багданка Апалонія ўзаемна закаханыя і далі ўжо сабе слова злучыцца вузлом вечным. (...) Апалонія гатовая (у) кожную хвілю ўсё прысвяціць Айчыне - яна дапаможа мне выканаць належны найвялікшы абавязак без выскакаў, але і без вагання!... Я вельмі шчаслівы - не тым ідылічным шчасцем, калі марыш пра кветкі і мураву, але шчасцем чалавека, які мае самаразуменне свайго паклікання і адчувае сілы выканаць яго - і мае каля сябе духа-апекуна, які не дасць яму зрабіць недарэчнасці, не дасць яму заснуць і ярка сніць, які дадасць яму сілы быць заўсёды прыгожым і шляхетным чалавекам. Так я разумею мой шлюбны саюз з Апалоніяй (полькай, вядомай на ўсю Вільню), так яго разумеюць усе мае прыяцелі..."[11]

Для жонкі Серакоўскага пачаўся перыяд паскоранай адукацыі. Адразу па шлюбе яна суправаджала мужа ў яго службовым падарожжы ў Заходнюю Еўропу. Быў гэта яе першы выезд па-за Літву. Убачыла сталіцы даўняй Польшчы (Варшава, Кракаў). Была ў Познані, Вене, Ліпску, Ўроцлаве, Берліне і нарэшце ў Нанцы і Парыжы. Аглядала фабрыкі, хадзіла на тэатральныя спектаклі, але найбольшае ўражанне на яе зрабіла паседжанне парламента ў Берліне. Пазнаёмілася з многімі выбітнымі постацямі польскага палітычнага жыцця. Старэйшы на дзесяць гадоў Зыгмунт быў дасведчаным правадніком для маладой і хутчэй павярхоўна адукаванай жанчыны. Імпанаваў ёй шырокімі ведамі. Гэта нямногія хвілі асабістага жыцця, пра якія яна піша ў запісках.

Хвароба [12] зрабіла немагчымым для Серакоўскай далейшае падарожжа з мужам - вярнулася ў Вільню, а муж выехаў у Алжыр.

На пачатку 1863 г. сужонцы пасяліліся ў Пецярбургу. Апалонія ўспамінала гэты побыт, як чаканне на выбух паўстання і выезд мужа, які ўжо раней згадзіўся ўзначаліць паўстанне на Літве. Па выкліку паўстанчых уладаў 6 ці 7 красавіка абое прыбылі ў Вільню. Тым самым капітан Серакоўскі перакрэсліў сваю пецярбургскую кар'еру назаўсёды.

Праз тыдзень (15 красавіка 1863 г.) абое выехалі ў Коўню, адкуль Апалонія падалася да сястры ў Кейданы, а Серакоўскі (пс. Даленга) - у аддзел. Удзел Серакоўскага ў паўстанні трываў не поўны месяц. Кампанія, распачатая арганізацыяй найбольшага паўстанчага згрупавання і першымі ваеннымі поспехамі, закончылася для параненага ў найбольшай бітве ў паўстанні зняволеннем (11 траўня) і выракам смерці.

Не гледзячы на захады сям'і і ўмяшанне дыпламатаў, не ўдалося Серакоўскага ані ўратаваць ад смерці, ані хоць бы адцягнуць выкананне выраку, для чаго фармальнай падставай магла быць цяжарнасць жонкі. Серакоўская старалася ў высокага саноўніка Дзмітрыя Мілюціна пра дапамогу ў атрыманні згоды, на спатканне з мужам. Вайсковы міністр напісаў да тагачаснага генерал-губернатара Назімава: "Прыкладаючы ліст пані Серакоўскай, маю гонар паведаміць пану, што ад Вашага рашэння будзе залежыць допуск да спаткання з мужам, калі не прызнаеце гэтага за немажлівае, але заўсёды не іначай, як пры сведках"[13].

Для Мураўёва, ад 14/26 траўня новага галоўнаначальніка на Літве, смерць Серакоўскага была сродкам для застрашэння грамадства і паказу волі да задушэння паўстання любой цаной. Яшчэ і таму ён павёў справу да па магчымасці найхутчэйшага выканання выраку Серакоўскаму [14].

У паўстанні бралі ўдзел усе Далеўскія. Францішак належаў да кіраўніцтва лагера белых, Цітус і Канстанцін аказаліся на баку чырвоных. Канстанцін змагаўся ў аддзеле. Сястра Юлія з мужам Міхалам Беркманам дзейнічалі На Ковеншчыне, а Ксавера была сакратаркай Францішка ў літоўскім паўстанчым урадзе. Аўтарка запісак у сваю чаргу піша пра сваю ролю як кур'еркі.

Усе чальцы сям'і панеслі кару. Цітус быў расстраляны на пачатку 1864 г. [15], Францішка, сапраўднай ролі якога ў паўстанні расейцы не ведалі, зноў прыгаварылі да катаргі, Апалонію вывезлі. Былі высланы і ўжо ніколі не атрымалі права на вяртанне ў радзімы край: Юлія і Міхал Беркманы, Дамініка Далеўская з дочкамі Зузаннай, Юзэфай і Ксаверыяй [16]. Толькі Канстанціну ўдалося ўцячы з Літвы, але загінуў у 1871 г., расстраляны ў Парыжы.

Пасля трох месяцаў хатняга арышту Мураўёў загадаў "неадкладна" вывезці Серакоўскую з Вільні, нягледзячы на цяжарнасць [17]. 29 верасня 1863 г. "Серакоўская Апалонія Далеўская, удава па Зыгмунце, за старанне аб мужы перад царыцай (была) сасланая ў Наўгародскую губерню"[18]. Падобна, што жаданнем Мураўёва было, каб асела ў мястэчку Кірылаў у ваколіцах Ноўгарада, дзе панавалі вельмі дрэнныя кліматычныя ўмовы. "Моцна хворую, амаль бездапаможную" вывезлі з Вільні чыгункай 24 верасня 1863 г. у таварыстве жандарма і акушэркі Юзэфы Барычэўскай. Наступнага дня была ў Пскове. Паводле Дыбоўскага тамтэйшы губернатар атрымаў распараджэнне, каб яе затрымаць у вязніцы да родаў, "пасля чаго дзіця, калі мужчынскага полу, будзе ў яе адабранае", але дзякуючы дапамозе зычлівых расейцаў і падпісанню асведчання, што здаровая і просіць аб пераездзе ў Ноўгарад, у той самы дзень выехала [19]. Дзякуючы захадам пецярбургскага генерал-губернатара Аляксандра Суворава, магла застацца ў Ноўгарадзе, куды прыбыла 26 верасня [20].

Серакоўская не апісала свайго побыту ў высылцы. Трохі святла на першыя месяцы яе жыцця пасля выезду з Вільні праліваюць лісты маці і сястры Зыгмунта Серакоўскага да яго прыяцеля Браніслава Залескага [21].

Серакоўскія прасілі ехаўшага ў Пецярбург праз Пскоў знаёмага ксендза, каб даведаўся, ці дзіця нарадзілася "калі дзіця ўжо нарадзілася і ўкінута ў дом падкідышаў, каб хто-небудзь узяў яго да сябе, каб трымаў яго там на печы, або зрабілі які-небудзь знак, каб, барані Божа, не памыліцца, забіраючы потым; калі не нарадзілася да Пскова і павезлі хворую далей - каб даведацца, дзе ёсць. Калі ў Пецярбургу - звярнуцца да майго (Марыі) доктара, каб той прасіў Суворава аб дазволе бачыцца з ёй і ці не можна, каб нейкі час пабыла ў Пецярбургу? Калі ўжо і адтуль яе павезлі далей - неадкладна паведаміць Марыі (?) у Маскве - яны пэўна зробяць, што толькі змогуць". У чарговым лісце таксама цікавіліся асабліва лёсам дзіцяці: "як Пан зробіць, каб тое дзіця не загінула; бо каб яна (Апалонія) памерла і злучылася з Зыгмунтам, была б напэўна больш шчаслівая, чым жывучы без яго на свеце, але каб хоць дзіця вырваць - уратаваць і нам аддаць! Была б гэта ўся наша пацеха на свеце і такая вялікая памяць для ўсіх, хто Зыгмунта любіў" [22].

У канцы лістапада 1863 г. атрымалі канкрэтную інфармацыю ад пецярбургскага лекара Марыі Серакоўскай. Фрагменты яго ліста Марыя цытавала Залескаму: "Дзякуючы Богу братовая маецца амаль добра - пасля адбылага жудаснага падарожжа - хваробу сваю перанесла шчасліва, хоць з вялікімі цяжкасцямі, даў бог пані пляменніцу, а любімай маме ўнучку, жыве цяпер у Ноўгарадзе, ні ў чым не мае патрэбы, зрэшты калі будзе што патрэбна, сваякі гэта парадзяць - здымае жыллё, якое складаецца з чатырох пакояў досыць выгадных, мае з горада чалавека - таксама і акушэрку, моцна ёй адданую - і ва ўсім дагледжана, калі я даведаўся, што жыве ў Ноўгарадзе, слабая паводле свайго фізіялагічнага стану, хочучы пераканацца, як ёсць у рэчаіснасці, а не могучы сампаехаць, прасіў, каб мяне замяніў Фердынанд, што ён па-братэрску (з гатоўнасцю) выканаў: нованароджаная прыйшла на свет ноччу (21 кастрычніка/2 лістапада)[23]. Тамашні акушэр вельмі прыстойны чалавек - ёсць дамашнім лекарам у доме губернатара - абяцаў сваю дапамогу ў любым выпадку, радзіць толькі, каб маці не карміла сама, зважаючы, што мае занадта вычарпаныя сілы, чаго аднак пад ніякім довадам дамагчыся не можа!"[24].

Новыя весткі прыйшлі толькі восенню: "Ад братовай не маем ані слова, толькі чулі, што прасіла праз Суворава, каб адной сястры пры ёй жыць дазволілі"[25]. Сапраўды, восенню 1864 г. да Апалоніі прыбыла Тэкля, якая раней была ў Іншары, і абедзве з дзіцем пасяліліся ў вёсцы Баравічы каля Ноўгарада [26]. Наступным этапам была Самара, дзе яны злучыліся з маці і сёстрамі. Там у 1866 г. памерла дачка Серакоўскай [27].

Маніфест аб амністыі Аляксандра ІІ, выдадзены ў 1867 г. прынёс маці і дочкам вызваленне з высылкі. Ім дазволілі пасяліцца ў Варшаве. Серакоўская аказалася ў Каралеўстве Польскім найпазней, на пачатку 1868 г. [28] Наступнымі прыехалі Беркманы, а ў 1883 г. - таксама Францішак. Праўдападобна Апалонія спачатку жыла з свякроўю і швагеркай, а пасля іх выезду - з сёстрамі, найперш з Ксаверай, а пазней з Тэкляй [29]. Апекай атачыла яе сям'я Ігнацыя Бараноўскага, вядомага варшаўскага лекара. Апалонія абарачалася ў асяродку былых ссыльных з Літвы, якім не дазволілі вярнуцца ў радзімыя краі пасля адбыцця пакарання або атрымання амністыі.

Нарцыза Жміхоўская, якая асабіста пазнаёмілася з Серакоўскай, пакінула з таго перыяду нечаканыя меркаванні на яе тэму ў лісце да Эдварда Каплінскага: "Яго (Беркмана) "швагерка" пані Серакоўская, якая, пазначым у дужках, выдатна выглядала, хоць моцна небяспечная для грамадскіх асноў - уцелаўлёная прапаганда арыстакратыі! Хачу верыць, што мае гартаваныя, нават пераходзячыя ў стаіцызм прынцыпы, аднак тым не менш так рухаецца, так ходзіць, гаворыць, глядзіць, як быццам бы яе Пан Бог для персідскіх кілімаў стварыў, у аксаміты і шаўкі ад дзяцінства спавіваў і на адны кветкі, дыяменты і прыгажосці глядзець ёй дазваляў. Рэдкасная антытэза лёсу!"[30]

Апалонія Серакоўская займалася ў Варшаве настаўніцтвам, вяла таемныя школкі для дзяўчат, дачок сібіракоў з Літвы, вучыла з малодшай сястрой Ксаверай [31]. Мела таксама нейкі капітал, размешчаны на працэнты [32].

Былі гэта для яе цяжкія часы не толькі з прычыны асабістых страт, якія панесла, але, напэўна, і з атмасферы непрыязні ў адносінах да ініцыятараў збройнай барацьбы, якая прывяла да такой велізарнай паразы. Рэха тых перажыванняў чуваць і ў яе ўспамінах.

Апалонія Серакоўская памерла адразу пасля І Сусветнай вайны 2 студзеня 1919 г. [33] у Варшаве і была пахавана ў сямейным магільніку на Павонзках.

* * *

Невядома дакладна, калі Апалонія Серакоўская пачала пісаць гісторыю сваёй сям'і. Напэўна, пісала на пачатку 1913 г. (пра швагра, які памёр 18 лютага 1913 г., піша, што "дагарае") і, напэўна, закончыла працу ў 1915 г. Увесь тэкст трапіў найперш у Львоў у рукі Анелі Якубоўскай, удавы па таварышу па зброі Зыгмунта Серакоўскага, доктары Сатурніне Якубоўскім, якая яго прагледзела і ўнесла невялікія папраўкі. Пазней прыяцель Серакоўскіх, праф. Бенедыкт Дыбоўскі завёз яго ў Вільню (прыбыў найпазней у студзені 1916 г.) і 4 красавіка 1916 г. уручыў Уладзіславу Загорскаму, тагачаснаму віца-старшыні Віленскага таварыства сяброў навук [34]. Загорскі пакінуў нататку, што Серакоўская напісала ўспаміны ў 1914 і 1915 гг. [35]

Быў гэта чыстапіс, напісаны рукой Апалоніі, што пацвярджае, акрамя Загорскага [36], таксама параўнанне почырку з двума вядомымі лістамі Серакоўскай ад 1917 і 1918 гг. [37]

Загорскі паклаў тэкст Серакоўскай у архіў Віленскага таварыства сяброў навук разам са сваёй нататкай, у якой пералічыў шэсць асобна панумараваных частак, якія кладуцца як дзённік, у наступнай паслядоўнасці: "Некалькі ўрыўкаў з успамінаў пра Канстанціна, Цітуса Далеўскіх і пра Аляксандра Далеўскага" (с. 1-18), "Нататкі з 1863 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства Польскага на Літве" (с. 1-22), "Дэталі пра гады, праведзеныя Зыгмунтам Серакоўскім у арыштанцкіх ротах" (с. 1-14), "Пра Міхала Беркмана" (с. 1-3), "Пра сям'ю Далеўскіх" (с. 1-22), "Некалькі ўспамінаў з падарожжа, якія адносяцца да майго прыватнага жыцця" (с. 15-39) і фатаграфіі [38].

У сітуацыі, калі кожная частка мае загаловак і асобную нумарацыю старонак, цяжка меркаваць станоўча, ці тая чарговасць адпавядала ўкладу, перададзенаму Серакоўскай і чарговасць з'яўлення ўспамінаў і нататак (так трэба было б абазначыць гэты рукапіс). Гэта праўдападобна. З заўваг самой Серакоўскай вынікае, што тэксты пра Далеўскіх і мужа з'явіліся пасля "Нататак з 1863 г. і некалькіх распараджэнняў Каралеўства Польскага на Літве", а ўспаміны пра швагра Беркмана былі напісаны, калі ён яшчэ жыў, значыць, перад лютым 1913 г.

Праўдападобна, узнікненне ўспамінаў Серакоўскай звязана з пяцідзясятымі ўгодкамі выбуху паўстання, якія адзначалі ў 1913 г. Звароты былі накіраваны да жывых сведкаў падзей аб напісанні ўспамінаў ("без прэтэнзіі на літаратурную закончанасць") ішлі адусюль - ад удзельнікаў паўстання, гісторыкаў, прадстаўнікоў новага пакалення, якое пазбавілася паслястудзеньскай траўмы і жыло ў новых палітычных умовах, а таксама ад дзяячак жаночага руху, якія хацелі задакументаваць удзел жанчын у студзеньскім паўстанні [39]. Запіскі Серакоўскай самі па сабе ёсць сведчаннем пастудзеньскай свядомасці пакалення, зацікаўленага ў абгрунтаванні свайго лёсу. Добра праінфармаваны Загорскі напісаў, што да напісання ўспамінаў Серакоўскую ўгаварыў гісторык Генрык Масціцкі (гл. заўв. 35), выкладчык у Таварыстве навуковых курсаў.

Апалонія Серакоўская мела таксама асабістую нагоду, каб узяцца за пяро. У 1913 г. гісторык і былы паўстанец Тадэвуш Кажон (Карзон, Korzon) паказаў ёй рукапіс успамінаў Якуба Гейштара, аднаго з кіраўнікоў белых на Літве, прыяцеля Серакоўскага з часоў вучобы і знаёмага братоў Далеўскіх. Кажон супрацоўнічаў у той час пры падрыхтоўцы ўступу і заўваг да тых успамінаў [40]. Серакоўская прызнала тэкст Гештара хлуслівым у адносінах да ролі свайго мужа і братоў Францішка і Цітуса ў паўстанні [41]. Якуб Гейштар - гэта амаль адзіны чалавек, пра якога Серакоўская піша непахвальна і досыць востра, выразна памяншае яго ролю ў падзеях 1863 г. Паўстае таксама ў абарону Антонія Яленскага, свайго прыяцеля, абвінавачанага Гейштарам у здрадзе. Выпраўляе таксама непраўдзівую, як піша, інфармацыю пра свайго мужа, змешчаную ў кніжцы Валерыя Пшыбароўскага "Гісторыя двух гадоў. 1861-1862" [42]. За прызнанне "Кароткіх нататак з 1863 г." за тэкст, напісаны з мэтай замацавання ў памяці прозвішчаў і чыноў людзей, якія ўзялі ўдзел у паўстанні, а таксама ў пэўным сэнсе ў іх імя, удавой па іхнім камандзіры і прыяцелі, сведчыць сам тэкст, у якім аўтарка называе дзясяткі паўстанцаў, а таксама копія нататак з заўвагамі і зменамі (пра што далей) [43], зробленымі напэўна кімсьці з удзельнікаў апісваных падзей або на падставе атрыманай ад іх інфармацыі.

Акрамя партыі хутчэй асабістай, якая датычыла братоў, мужа і сясцёр, Серакоўская звярталася таксама да сваіх пляменніц і пямяннікаў. Думала пра напісанне чарговых частак: "Калі жыць буду, пішучы для маладых з нашай сям'і гісторыю нашу пра бадзянне па Расіі, вярнуся да часоў увязнення Зыгмунта"[44].

Успаміны Серакоўскай прыбліжаюць падзеі на Літве 40-60 гадоў ХІХ ст., апісаныя перадусім з перспектывы ролі ў іх чальцоў сям'і Далеўскіх і Серакоўскага. Датычаць змовы братоў Далеўскіх, іхняй высылкі на катаргу, дзейнасць у перыяд, які папярэднічаў паўстанню, удзелу ў паўстанні і зняволення сясцёр і братоў. Неяк паралельна бяжыць жыццё Зыгмунта Серакоўскага, якое аўтарка апавядае ад дзяцінства, пра высылку на Арэнбургскую лінію, наступны перыяд - перыяд нарачэння і сямейнага жыцця, службовае падарожжа ў Лондан і Алжыр, нарэшце перыяд пачатку паўстання, ці кампаніі Серакоўскага і апошніх дзён жыцця мужа. У раздзеле пра брата Канстанціна цытуе яго лісты з французска-прускай вайны, а ў раздзеле пра Францішка і Аляксандра згадвае апошнія гады Францішка, праведзеныя ў Варшаве (пералом ХІХ і ХХ стст.).

Ад аповядаў пра дзейнасць і характары братоў і мужа трохі адстаіць частка "Нататкі з 1863 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства Польскага на Літве", якая апісвае ўтварэнне цывільных паўстанцкіх арганізацый, праведзеныя бітвы і жыццё ў лагеры Серакоўскага. Паколькі лёсы ўсіх герояў перапляталіся, а тэкст паўставаў паступова і ў форме чарговых біяграфій, многія рэчы Серакоўская паўтарае. Заўсёды, аднак, піша трохі іначай.

Расійскі гісторык В. Бікуліч ацэньвае запіскі Серакоўскай як адзін з двух, побач з Якубам Гейштарам [45], найважнейшых помнікаў пра студзеньскае паўстанне (на Літве і Беларусі) [46]. Ацэнку слушнасці гэтай думкі пакінем спецыялістам па гісторыі студзеньскага паўстання. Успаміны Серакоўскай па яскравасці апісання не параўнаць з запіскамі Гейштара, якія "пырскаюць жыццём". Аднак, нягледзячы на канструкцыйную і літаратурную слабасць, бароняцца яны вагой перажыванняў герояў і трагізмам іхніх лёсаў. Іх значэнне па-за тэматыкай, звязанай з найважнейшымі падзеямі ў гісторыі Польшчы пасля раздзелаў, вызначае той факт, што аўтарка была найбліжэйшым чалавекам да постацяў, якія адыгрывалі ў іх першарадную ролю. Кожны гісторык, які займаецца гісторыяй Літвы ў 40-60 гадах павінен адчуваць сябе абавязаным заглянуць у гэтыя запіскі.

Ацэнка верагоднасці паасобных інфармацый напэўна не ў адным выпадку створыць гісторыкам клопат. Розніца ў дэталях паміж паасобнымі фрагментамі самога віленскага тэксту і копіямі здараюцца досыць часта. Серакоўская, пішучы, мела звыш 70 гадоў, а, значыць, успамінала часы паўстагоддзя назад. Што, аднак, больш важнае, большасць апісваных фактаў знала з другой рукі: аповедаў сведкаў падзей (пераказваных ёй у ходзе і адразу пасля іх, а таксама ўжо ў Варшаве) і апублікаваных успамінаў сяброў мужа (Браніслава Залескага, Яна Станевіча, Бенедыкта Дыбоўскага, Браніслава Люткевіча). Да найкаштоўнейшых фрагментаў успамінаў належаць абшырна цытаваныя лісты ад братоў і мужа.

Аднак, перш за ўсё Серакоўская выступае ў ролі ахоўніцы памяці пра гераізм чальцоў сваёй сям'і. Піша з пафасам. Тэкст момантамі мае агіяграфічны характар. Успамінамі будуе сваім блізкім помнік. Малюе постаці велічныя, бязмежна адданыя Бацькаўшчыне, бескарысныя, бездакорнай пачцівасці і гатоўнасці да самаахвярнасці ў кожнай сітуацыі. Пакутніцтва і смерць не толькі паводле вопісу Серакоўскай, не толькі ўлічаны ў іхняй дзейнасці, але проста пажаданыя. Яна сама з'яўляецца быццам стварэннем рамантычнага ўяўленя. Іграе сваю ролю да канца, за найвялікшы скарб прызнаючы мінулае свае сям'і, злучанае з лёсам Польшчы.

Серакоўская паказвае сваіх братоў і мужа, як правадыроў канспірацыйнай дзейнасці і паўстання на Літве. Побач з тым называе сотні канспіратараў, паўстанцаў, ссыльных, якія, што відаць асабліва ў біяграмах, даюць сведчанне самаадданасці і прынесенай ахвяры, якімі былі смерць, калецтва, высылка, страта маёмасці, зняволенне, эміграцыя.

Гісторыю студзеньскага паўстання распавядаюць, што зразумела, перш за ўсё мужчыны. Не шмат дзённікаў напісаных жанчынамі, хоць іхнія ўдзел і роля ў тых падзеях бясспрэчная [47].

Калі рысай жаночай мемуарыстыкі мела быць дамінацыя матываў эмацыянальных, штодзённых і сямейных, то гэтыя запіскі такіх умоваў не выконваюць. Таксама маці і сёстры выступаюць толькі на столькі, наколькі звязаны з галоўнымі героямі апавядання-мужчынамі. Ёсць гэта, напэўна, эфект свядомага выбару, звязанага з вызначанай сабе мэтай пісання, але можа таксама вынікаць з дасведчання Серакоўскай, атачонай з маладосці героямі, у святле дзейнасці якіх яе штодзённае жыццё магло падавацца малазначным. Нягледзячы на гэта чытач даведваецца сёе-тое і пра ціхіх гераінь паўстання і пра цалкам невядомы ў літаратуры ўдзел жанчын у дзейнасці Братняга звязу.

Запіскі Серакоўскай не мелі шчасця ў выдаўцоў. Уладзіслаў Загорскі парыхтаваў тэкст да друку, працу скончыў у жніўні 1926 г. [48] Праўдападобна смерць у 1927 г. спрычынілася да таго, што іх не выдалі. Як каштоўную крыніцу ацаніў успаміны рэдактар серыі: "Студзеньскае паўстанне. Матэрыялы і дакументы" [49]. Аб неабходнасці выдання запісак пісала Марыя Янён у лекцыі пра Серакоўскага [50]. Фрагменты лістоў шырока цытаваў у сваім артыкуле Бікуліч [51].

Амаль сто гадоў тэкст Серакоўскай праляжаў у рукапісе, але чытаўся гісторыкамі. Перад вайной аўтографам карысталіся даследчыцы змовы братоў Далеўскіх і ўдзелу жанчын у студзеньскім паўстанні - Ганна Буйвід і Марыя Брухнальская [52], а таксама аўтар жыццяапісанняў Далеўскіх для Польскага біяграфічнага слоўніка - Станіслаў Касцялкоўскі. Пасля вайны на запіскі Серакоўскай спасылаліся літоўскія, польскія і расейскія даследчыкі канспірацыйнай дзейнасці Далеўскіх і біёграфы Зыгмунта Серакоўскага, у т.л. Вітаўтас Мэркіс, Давід Файнгаўц, Анатоль Смірноў і Бікуліч [53]. Аднак, спасылаючыся на запіскі Серакоўскай, карысталіся з розных пераказаў іх, найчасцей з рэшты копій, не заўсёды інфармуючы пра тое і не здаючы сабе справы з розніцы паміж імі.

У ходзе падрыхтоўкі гэтай рэдакцыі ўспамінаў з'індэнтыфікаваны, побач з аўтографам Серакоўскай, шэсць іншых яго пераказаў. Маем пры гэтым аўтограф, перададзены Загорскаму (Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў у Вільні) [54] і копію ўсяго або часткі віленскага аўтографа, усе напісаныя іншай, не Серакоўскай, рукой:

- "Запіскі Апалоніі Серакоўскай ІІ" (Бібліятэка ўніверсітэта ў Варшаве) [55], гэта копія раздзела: "Пра сям'ю Далеўскіх";

- "Краткие заметки по поводу рапоряжений, изданных центральными органами восстания в Варшаве, для руководства восстанием в Литве в 1863 году - вопоминания" (РГБ в Москве) [56], гэта няпоўная копія "Нататак з 1863 г. і некалькі рапараджэнняў Каралеўства Польскага і Літвы";

- "Запіскі Серакоўскай" (музей літаратуры імя А. Міцкевіча ў Варшаве) [57]; гэта копія ўсяго аўтографа, падрыхтаваная да выдання;

- "Запіскі Серакоўскай", (Музей літаратуры імя А. Міцкевіча ў Варшаве) [58], гэта выдавецкая (рэдактарская) копія на падставе віленскага аўтографа;

- "Пра сям'ю Далеўскіх" ("Кур'ер Віленскі") [59]; гэта фрагмент успамінаў на падставе тэксту (копіі), які быў у 1929 г. ва ўласнасці Марыі Ардэнгі, плямянніцы Апалоніі Серакоўскай, дачкі Францішка.

Акрамя таго ёсць яшчэ адзін тэкст успамінаў пра Серакоўскага, які, напэўна, не быў перададзены Загорскаму, бо няма яго ў Віленскім рукапісе. Ёсць гэта напісаная рукой Серакоўскай некалькістаронкавая "Рэляцыя аб арганізацыі паўстанцкіх уладаў на Літве ў 1862-1863 гадах і аб дзейнасці Зыгмунта Серакоўскага", будучы дапаўненнем "Кароткіх нататак з 1863 г.". Аўтограф знайходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, быў выдадзены ў 1984 г. у выдавецкай серыі, прысвечанай Студзеньскаму паўстанню [60], мы абмінаем яго ў гэтай рэдакцыі.

Акалічнасці з'яўлення копій, якія знайходзяца ў Варшаве і ў Маскве не былі да канца высветлены. На падставе параўнання тэкстаў нельга катэгарычна сказаць, калі ўзніклі і хто іх зрабіў. Запіскі, якія захоўваюцца ў БВУ трапілі туды ў 1956 г. у выніку пакупкі, быць можа ад нашчадкаў Караля або Юльяна Еніке (разам з двума лістамі Серакоўскай да Караля), а можа ад нашчадкаў Францішка Далеўскага. Яго дачка Марыя Ардэнга была ўласніцай ўспамінаў Серакоўскай, напэўна часткі, якая датычыла братоў Далеўскіх, апублікаванай у "Кур'еры Віленсім". Параўнанне абодвух тэкстаў не дае аднак пэўнасці па прычыне рэдакцыйных зменаў. Праўдападобна, копія ўзнікла ў коле сям'і.

Маскоўская копія не ёсць копіяй цэлых "Кароткіх нататак з 1863 г.", як дагэтуль прызнавалася [61]. Загінула сярэдняя частка рукапісу.

У Аддзел рукапісаў РГБ трапіла 23 сакавіка 1953 г. з тамтэйшага Аддзела рэдкіх кніг, дзе ў сваю чаргу аказалася з нейкім кнігазборам. Параўнанне яе з аўтографам паказвае шмат розніц, адны маюць характар моўны, іншыя гэта шмат апушчаных фрагментаў і шмат дапаўненняў. Нехта, напэўна, з кола былых паўстанцаў умяшаўся ў тэкст, далёка выходзячы за межы таго, што можна было б назваць рэдагаваннем.Таму ў пэўным сэнсе ўспаміны Серакоўскай маюць некалькі аўтараў.

Паўстала за тым пытанне, ці ўлічваць копіі ў цяперашняй рэдакцыі і ў якім аб'ёме. Падача розніц (а таксама змен) можа быць каштоўнай для спецыяліста, а таксама для таго, каго цікавяць канкрэтныя факты і ацэнкі, як і таго, хто канцэнтруецца на сферы свядомасці. Кожная з копій, асабліва маскоўская уключае новыя элементы. За ўлік копій гаварыў таксама факт іхняга функцыявання ў навуковым авароце. Таму цяперашняя рэдакцыя ўлічвае копіі БВУ і маскоўскую, хоць на розных падставах (абгаворваюць гэта рэдактарскія заўвагі).

У ходзе работ над падрыхтоўкай цяперашняй рэдакцыі былі знойдзены яшчэ два пераказы ўспамінаў, якія знайходзяцца ў Музеі літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве. Былі ў 1971 г. набыты (хоць не маюць сувязі з профілем дзейнасці музея) пры аказіі пакупкі лістоў Элізы Ажэшкі, ад дачкі Уладзіслава Загорскага, Галіны Стульгінскай. Гэта два асобнікі (трохі адрозныя) апрацаванага да выдання віленскага аўтографа.

Запіскі, падрыхтаваныя Загорскім утрымоўваюць вельмі шмат рэдакцыйных і стылістычных паправак (перастаноўка слоў, звароты, абзацы, дапіскі і апушчэнні, падзел на меншыя раздзелы, пастаўлены загалоўкі і зроблены змест). Пры яго вывучэнні хвілямі ўзнікае ўражанне стасункаў з іншай крыніцай, а не з арыгінальнымі запіскамі Серакоўскай. Набывае на гэтым чытач, але гісторык траціць аўтэнтычны пераказ. Канешне нельга выключыць, што Серакоўская не мела нічога супраць моўных паправак, а можа нават таго хацела, але сёння яе намераў адгадаць не можам. Схіляе гэта, згодна з абавязковымі на сёння стандартамі ў рэдактарстве, да вяртання да рукапісу, які Серакоўская перадала Бенедыкту Дыбоўскаму. Аддаём на рукі чытачу аўтэнтычны тэкст, апошні запіс аўтаркі.

[Пра братоў Францішка і Аляксандра][62]

Калі жыццё малодшага сямейства Далеўскіх [63] ішло яшчэ ў спакоі і шчасці пад вокам бацькоў у Кункулцы [64], у тым дарагім для нас вясковым зацішку, ужо старэйшыя браты: Францішак нар[оджаны] ў 1825 годзе ў Рудніках [65], у Віленскай губерні, у Лідскім павеце [66] і Аляксандр на два гады малодшы, [народжаны] ў 1827 годзе ў Кункулцы, у тых жа самых губерні і павеце, пасля атрымання пачатковай адукацыі ў базыльянаў былі пераведзены ў гімназію [67]. Тут яны патрапілі з'яднаць любоў і павагу калегаў, а таксама прызнанне выкладчыкаў, як выключна здольныя вучні, натуральна акрамя настаўніка расейскай мовы, які звыкла гаварыў з іроніяй, папраўляючы працы Францішка: "Ну, Далевский, ты что-то горазд много рассуждать, скверный твой будет конец". Пасля напісання працы на тэму "Бойся Бога, не будзешь бояться человека", выкрыкнуў абураны на цэлы клас: "Надо наконец этому орлёнку подрезать крилья!" Здзейсніў пагрозу. Францішак выйшаў з гімназіі без права паступлення ва ўніверсітэт [68]. З погляду на асабістую кар'еру страціў, з погляду разумовага развіцця ў аблюбаваным кірунку атрымаў.

З часоў побыту ў гімназіі ў памяці калегаў пазаставаліся хвіліны, калі малы Францішак у час перапынку сядзеў на настаўніцкай кафедры, а хлопцы заслухваліся байкамі, якія ён апавядаў. Аднаго дня настаўнік, занепакоены незвычайнай цішынёй, забег у клас і даведаўшыся, што на гэта ўплывала, прасіў, каб з гэтага часу Францішак што дзень нешта калегам апавядаў. Часамі калегі апавядалі пра Бумбавіча, любімага імі настаўніка матэматыкі, які часта, ці то калі быў змучаны, ці то калі вучні не вельмі разумелі яго выкладанне, прывык звяртацца да Францішка са словамі: "Далеўскі патлумач за мяне гэтым гебесам" [69] або стоячы каля дошкі пытаўся:"Далеўскі, а ў цябе як там?" Пасля выслухвання адказу прызнаваўся з прастатой: "Не ведаў, што яшчэ і тым спосабам можна развязаць, але бачу, што твой спосаб прасцейшы і яснейшы".

Я пыталася некалі ў брата, што паўплывала і калі ўзнікла думка заснавання "Братняга звязу моладзі на Літве"? [70]

- Пачатку не бачу. Што паўплывала? Усё. Памятаю, пасля выхаду з дзіцячых гадоў, у вакацыйныя часы, калі з братам Аляксандрам, туляючыся па палях і нашай пушчы, размаўлялі, найчасцейшай тэмай тых размоваў было пытанне: "Што рабіць. каб выгнаць ворага і вызваліць Польшчу?"

Што паўплывала? Усё. Успаміны бацькі і маці, апавяданні дзядулі Наркевіча пра Напалеона і вялікія надзеі, якія на яго ўскладалі, пра спазнаны балючы падман, уласныя ўспаміны пра польскія гуфы ў 1831 годзе [71], няволя Краю, смерць пакутнікаў, катаванні палкамі, вывазкі ў Сібір, віды старой Вільні, яе замка, знакамітых гор, гмаха былога ўніверсітэта, зрабаваных касцёлаў, успаміны пра Міцкевіча і філарэтаў. Адным словам Польшча і ўся Літва, з усім, што перажыла, клікала да свабоды і справядлівасці [72].

Генеалагічная табліца Далеўскіх гербу Круцыні

Даты нараджэння і смерці чальцоў сям'і розныя ў розных крыніцах.

Даты нараджэння Францішка і Аляксандра не выклікаюць сумнення. Даты нараджэння Канстанціна і Зузанны (блізняты), Апалоніі, Цітуса, а таксама Ксаверы падаюцца паводле метрычных кніг Салечніцкай парафіі і парафіі Св. Яна ў Вільні (LVIA, zesp. 604, іnw. 19, vol. 34, s. 152 v., nr 38; vol. 39, s. 271, nr 53; іnw. 20). Дату нараджэння Тэклі падаём па апісанні ўзросту ў актах следчай камісіі (LVIA, zesp. 438 vol. 1, k. 434). У сваю чаргу Уладзіслаў Загорскі падае даты "каля 1830 г." (LVIA, zesp. 1135, inw. 8, vol. 38, k. 121), а Бенедыкт Дыбоўскі (праўдападобна) - 1829 г. (надпіс на фатаграфіі ў Музеі літаратуры імя А. Міцкевіча ў Варшаве (МЛ), запіс І.06218). Ён таксама занатаваў на фатаграфіі дату нараджэння маці Дамінікі (МЛ, запіс І.60214). Даты нараджэння Юліі запісаў Загорскі ( ibidem), такая самая віднеецца на адвароце фатаграфіі (МЛ, запіс І.06216). Дату нараджэння Юзэфы падаём па апісанні ўзросту ў актах следчай камісіі (LVIA, zesp. 438, ap. 1, b. 434).

Даты смерці Дамінікі, Францішкі і Амеліі, Юліі, Цітуса, Ксаверы [73] відны на надмагіллі сям'і Далеўскіх на Павонзках (гл. К. Віткоўская, Могілкі на Павонзках, дадатак CD да кнігі: eadem, Павонзкі - гаваркія камяні. Надмагільныя надпісы на Павонзкаўскіхмогілках у Варшаве, Кракаў, 2009), а Аляксандра на надмагіллі на Росах. Дату смерці Юзэфы падаём па надпісе на фатаграфіі Ксаверы (МЛ, запіс І.06215), а Апалоніі па некралозе ў "Кур'еры Варшаўскім" (ад 3.І.1919).

(79KB) Генеалагічная табліца.

Пасля трагічных падзей у Галіцыі ў душах маладых Далеўскіх паўстала датуль невядомая трывога, з якой нарадзілася пытанне, ці ж пасля столькіх цярпенняў, мукаў, ахвяраў і працы нашай супольнасці, справа адраджэння заміж таго, каб ісці наперад, адступае, дае бандыцкія плёны, якія праяўляюцца ў падняцці брата супраць брата? Ці ж духоўнае жыццё нашага люду развіваецца толькі пад уплывамі выпадку, ці краем кіруе злая або добрая сіла? Ці ўласна грамадства нічога супраць тых уплываў зрабіць не ў стане?

Пэўнага дня Францішак даверыў малодшаму брату Аляксандру свае думкі, планы, жаданні. Аляксандр жывы, гарачых пачуццяў, лягчэй запальны, у якога слова на столькі мела толькі значэнне, на колькі давалася для ўцялення ў дзеянне, выслухаўшы брата з расчырванелым тварам выгукнуў: "Браце! Гэтага не дастаткова, што ты добра думаеш і адчуваеш, гэта не толькі добра, гэта дасканала, тое, што ты тут гаворыш! Трэба гэта адразу распаўсюдзіць сярод нашай маладой браціі і адразу ўзяцца энергічна за работу. Заснуём Братні звяз на жыццё або смерць для дабра Бацькаўшчыны, будзем працаваць без перапынку не зважаючы на ўсялякія цяжкасці і перашкоды да апошняга дыхання, і ўбачыш, браце, што пры Божай дапамозе Польшча і Літва нашыя, адроджаныя справай, чыстыя, шляхетныя, здэмакратызаваныя, бо справядлівасць патрабуе, каб крыўда, нанесеная люду праз занядбанне яго была ўзнагароджана пад'ёмам яго ў асвеце. Ачышчаны люд са здзіўленнем убачыць святло, зразумее дабро і стане як брат пры шляхце да супольнай працы дзеля вызвалення Бацькаўшчыны ад перавагі ворага, а час і акалічнасці падкажуць хвілю паўстання Польшчы".

Ад гэтага часу існаваў Братні звяз моладзі на Літве. Уплыў, які аказвалі абодва браты Далеўскія ад наймалодшых гадоў жыцця на сваіх калегаў, і стасункі, завязаныя з гэтай моладдзю, ад гэтага часу хутка расшыраліся, дасягаючы ўсякіх пластоў на Літве і па-за Літвой. Францішак вырашыў не пакідаць Вільні, Аляксандр выехаў на вёску, каб быць жывым злучнікам вёскі з горадам.

У новапаўсталай арганізацыі лозунгі былі: "Праз працу, праўду і справядлівасць дажыць да з'яднання і незалежнасці". Той, хто ўступаў у Звяз павінен быў быць гатовым для добрай справы панесці пакутніцкую смерць, не толькі не выдаць сяброў Звяза, але, на колькі гэта акажацца мажлівым, для абароны арганізацыі прыняць на сябе віны іншых. Арыштаванаму можна шукаць сродкаў ацалення без крыўды іншым, але нельга вучыць непрыяцеляў шляхам, якімі Звяз ідзе да мэты. Абапірацца на моладзь, але прытым старацца карыстацца з дасведчанасці старэйшых, бо жыццё - вялікая кніга мудрасці, з якой не раз добра зачарпнуць, прыстасаваць, нешта змяніць або ўнікнуць.

Звяз сягаў да ўсіх навучальных устаноў на Літве і ў Расіі. Заданнем яго было зарганізацыя жыцця моладзі ва ўніверсітэтах, [у] ліцэях, акадэміях і г.д. Уплываць, каб пільна аддавалася навуцы для падрыхтоўкі дзейных, разумных і сур'ёзных дзеячоў на будучыню. Не дажыла арганізацыя да неадкладнага вызвалення Бацькаўшчыны, але спачатку - да яе адраджэння духоўнага праз прышчапленне і распаўсюджанне цнот, ведаў і дабрабыту, выклікаючы нароўна чысціню душы і цела, устрыманне ў ежы і напоях, справядлівасць і павагу нават да ворагаў Бацькаўшчыны і шанаванне чалавека без розніцы веравызнання і нацыянальнасці, так, як бы мы хацелі, каб шанавалі нас, нашых маці, сясцёр і дачок, пашырэнне польскасці праз вывучэнне мовы, гісторыі і літаратуры; апеку над недарослай моладдзю, каб захаваць ад псавання, ад нэндзы роўна як духоўнай, так і матэрыяльнай [74].

Пачаць рэформы з сябе саміх. Не агалошваць тэорыі, але ўцяляць іх у дзейнасць і шляхетнай дзейнасцю прыкладам добрым вучыць і пераконваць, што дабро і справядлівасць павінны ўсюды і заўсёды кіраваць дзейнасцю чалавека, роўна як сярод сваёй супольнасці, так і сярод ворагаў на дзяржаўных пасадах. Не дапускаць расіян у польскія сем'і.

Тыя, хто жыве за мяжой або ў Расіі, трацяць права кіраваць лёсам краю, але ў хвілі патрэбы, выкліканыя сваякамі, павінны паспяшыць краю на дапамогу. Падзеі ў замежных дзяржавах могуць уплываць на нашую справу толькі на столькі, на колькі пасля падліку ўласных сілаў прызнаем сябе дастаткова моцнымі для апошняга чыну.

Няпраўдай ёсць тое, што падаюць некаторыя, быццам бы ў 1848 годзе Далеўскія хацелі выклікаць збройнае паўстанне на Літве. Нягледзячы на сваю маладосць, яны добра разумелі, як многа спачатку трэба зрабіць, пакуль сонца свабоды ўзыдзе. Для набліжэння да тых шчаслівых дзён, хацелі яны прасвяціць народ, з'яднаць усе пласты і вызнанні ў краі, навучыць прывілегіяваны клас ахвярнасці і адмаўленню ад эгаістычных мэтаў, стварыць пласт людзей годных заняць пасады кіраўнікоў у хвіліну будучай працы і ў будучым вольным краі. Далеўскія і іхнія браты па Звязе разлічвалі працу не на некалькі гадоў, а на некалькі пакаленняў.

Узрушаныя гарачыя патрыятычныя пачуцці не далі ўтрымацца ў акрэсленых межах. Падзеі 1848 года страсянулі моладзь на Літве [75] Асабліва рамеснікі, нягледзячы на апазіцыю кіраўнікоў, рваліся да зброі.

Вызначылі выбух паўстання на дзень рэзурэкцыі, разлічваючы на тое, што пры натоўпах, якія запаўнялі звычайна ў гэты дзень вуліцы горада, лягчэй ім будзе ажыццявіць намер захопу зброі з цытадэлі [76].

Адзін з рамеснікаў, Янкоўскі, здрадзіў [77]. Праз два тыдні Далеўскія былі зняволены [78] па прычыне ліста, знойдзенага ў студэнта харкаўскага [79] ўніверсітэта Маўрыцыя Кл[ячкоўскага], хаця ліст быў без подпісу, быў у ім адказ на пытанне: "Што мне рабіць? Навучы мяне, падкажы!"

Маці наша ў 1848 годзе страціла бацьку (Наркевіча), у сакавіку - мужа, а ў красавіку таго ж года аплаквала зняволенне двух старэйшых сыноў. Пакінула вёску, каб быць бліжэй да зняволеных і для лепшага выхавання дзяцей. Цяжкая ў яе была доля. Непрывычная да гарадскога жыцця, высакародная і міласэрная па натуры. У штодзённых пілігрымках пад муры вязніцы (Дамініканскія) [80] мусіла глядзець на згараваныя, сплаканыя грамадкі, слухаць нараканні, што гэта яе сыны вінаватыя ў цяжкай іхняй долі і нэндзы, якую мусяць цярпець, будучы пазбаўленыя работнікаў [81]. Смутная і спустошаная пасля вяртання дадому запяразвала фартух, каб пры дапамозе слугі і старэйшых дачок браць прывезеныя з вёскі прыпасы і пячы булкі, хлеб, смажыць і гатаваць для тых,хто наракае на яе сыноў пад турэмным мурам.

Хутка знікалі запасы, разлічаныя пры выездзе з вёскі на доўгі час для ўласнай грамадкі. А зняволенне трывала каля трох гадоў (ад красавіка 1848 [82] года да 26 лістапада 1850 года). Маці мусіла звярнуцца да дзядзькоў [83] у Берасцейскім павеце на падставе нявыкананага тастаманту. Тым больш, што невялікая сума, атрыманая пасля сыходу з гаспадаркі не размешчаная на працэнт магла лёгка і хутка вычарпацца. З трох дзядзькоў адзін толькі Ян Далеўскі (жанаты з Савіцкай дачкой Людвіка, сасланага на цяжкія работы ў часы дзекабрыстаў) абавязаўся плаціць штогод па 500 рублёў.

Жыццё ў той час было танным, але ў кожным разе гэтай сумы не магло выстарчыць. Трэба было шукаць працу. Тэкля [Енік], якая налічвала ў той час другі дзесятак гадоў узялася за яе, адкінуўшы ўсялякія асабістыя жаданні. Знайшла ўрокі музыкі і спеваў, а тая нашая добрая, салодкая, сардэчна любячая малодшае сямейства, Юля (Беркман), ледзь прыбыўшы з пансіёна, дапамагала матцы каля дома і дзятвы.

У першыя гады не мела нашая сям'я ніякіх звестак ад зняволеных. Ужо ўсе маці карысталіся правам бачыцца з сынамі, акрамя нашай.

У камісіі [84] засядалі, як галоўныя чальцы дэ Раберці і Чэваці.

Бедная наша маці аднаго дня падалася да таго апошняга з запытаннем, што за прычына, што ёй адной нельга бачыць сыноў?

- Пані пытаецца? Сыны пані нас даводзяць да роспачы. Характар старэйшага ўводзіць нас у здзіўленне. Хрыстус толькі здольны да таго, што ён робіць. Ставім сведкаў, якія яго топяць сваімі прызнаннямі, наўпрост прыгаворваюць да смерці. Пані думае, што ён гневаецца, адхіляецца, адпіхваецца - дзе там, ані адзін мускул не здрыганецца яму на твары. Слухае, глядзіць, маўчыць. І так пастаянна. А бываюць сцэны зусім для нас незразумелыя. Прывезлі з Харкава студэнта Маўрыцыя Кл[ячкоўскага], каб у вочы сыну пані паўтарыў свае прызнанні. Няхай жа пані ўявіць сабе - той заміж прызнанняў падае яму ў ногі з крыкам: "Францішку! Прабач! Прабач! Здрадзіў табе, выдаў цябе, пагубіў цябе!"

Кожны з нас нагой адпіхнуў бы здрадніка. Сын пані нахіліўся, падняў яго, абняў за плечы, цалаваў, суцяшаў. Мы былі ўсе ўзрушаны, але гэта да нічога не вядзе - губіць іншых і сябе - шкада такога члавека! А чакае яго смерць або ўвязненне ў нейкай з расейскіх цвердзяў. Цяпер з падамініканскіх муроў перавезлі яго ў цытадэль. Гэта кепскі знак! Вельмі кепскі! Пасадзілі яго ў цёмны лёх на хлеб і воду, без змены бялізны (пані гэта разумее?), без пасцелі і г.д. Нам гэта баліць, але мусім тое рабіць, такі наш абавязак. З Пецярбурга шлюць выгавары [85] за нашую апешнасць і бяссілле. Ужо трэці год засядае камісія.

Пані, як маці, полька, разумная кабета, якая любіць і дбае пра будучыню польскай моладзі, магла б сваіх сыноў прывесці да апамятання, што марнуюць сваё жыццё, губяць іншых. Шмат павар'яцела па іхняй віне. Змарнаваная будучыня столькіх маладых людзей ляжыць на сумленні сыноў пані!

Ці не хоча пані з імі пабачыцца? Ці не хоча сказаць, што звернецца да іхняга сумлення, каб пакаяліся перад маці і Айчынай?

- Можаце не заканчваць! Пры такіх умовах не хачу бачыць маіх сыноў! Я выхавала іх у страху перад Богам і ў пачуццях абавязкаў перад бліжнімі. Яны не ведаюць, што такое абман. Мне няма ім чаго сказаць. Калі гавораць, што маюць чыстае сумленне ад усялякай віны - верце ім, або калі маўчаць, то значыць, што не маюць вам што сказаць.

- Вось жа, уласна - перарваў Чэваці - бачу, што пані не ведае сваіх сыноў; што пані мыляецца ў сваім меркаванні пра іх! Ці пані ведае, як было з малодшым сынам? Старэйшы, Францішак, маўчыць, на нашыя просьбы і грозьбы глухі; а гэты малодшы, Аляксандр з тым сваім сімпатычным тварам, з шэрымі вачыма - ашукаў нас - ганебна адвёў нас у бок! Так далёка, што мы гатовыя былі вызваліць яго. Паўтараў пастаянна: "Сумленне мне нічога не гаворыць, не адчываю сябе вінаватым. Я не жыў з братам, не магу адказваць за яго дзеянні, пра якія не ведаю. Няхай сам за сябе гаворыць". І такая праўда гучала ў яго голасе, так выглядаў нявінна, што мы паверылі. Аж тут якраз пачынаюць сыпацца прызнанні! Выйшла на яву са слоў людзей, уцягнутых ім, што той нявінны сынок пані, на справе горшы за старэйшага; з той толькі розніцай, што датычна да старэйшага маем яго ўласнаручны ліст як довад, а датычна малодшага - галаслоўныя прызнанні вязняў. Абодва сядзяць у цямніцы; кожны, натуральна, асобна, а пакоры дагэтуль не відаць. Не можам даць сабе з імі рады.

Аднак знайшлі раду. Губернатар Бібікаў, адной ночы з'явіўся асабіста ў турэмны лёх, дзе сядзеў Францішак [86]. Гаварыў як прагрэсіўны, ліберальны расіянін, які разумее роспачнае становішча палякаў і страшную крыўду ім нанесеную. Доўга дэкламаваў, гаварыў, прадстаўляў, як бы гэта было шляхетна з боку Далеўскіх, калі б для вызвалення таварышаў з вязнення зрабілі нязначныя хоць якія прызнанні, толькі каб даць магчымасць закончыць следства.

Францішак абураны і знецярплівены выгукнуў:

- Пане генерал, калі сапраўды ўдаеш пачцівага чалавека, то павінен ведаць, што калі б нават што і знаў, то не сказаў бы.

- Хопіць і гэтага! Хопіць! - выгукнуў абрадаваны Бібікаў, болей нам не трэба!

Браты ўспаміналі, што з розных пунктаў гледжання, гады даастрожнага вязнення не прайшлі для іх бескарысна. Пятнаццаць гадоў стасункаў з людзьмі на свабодзе ў звычайных умовах жыцця не навучылі б іх і палове пазнання людской душы як з добрага, так і з кепскага боку, што некалькігадовае вязненне. Падсалоджвалі сабе гады няволі складаннем матэматычных задач (Францішак гаварыў, што гэта ратавала яго ад вар'яцтва).

Адзіныя кніжкі, якія дайшлі да іх рук, былі Біблія і "Роздумы пра спадчыну Хрыстуса" [87].

Былі ў вязненні балючыя прыклады, узрушальныя, як напрыклад гісторыя маладога Макрэцкага. Сын мяшчанкі, калега Далеўскіх, пасвечаны ў іхнія планы. Калі яго маці з'явілася ў паноў з камісіі з просьбай пабачыцца з сынам, прынялі яе натуральна падобна, як нашую маці: гразілі, страшылі, абяцалі, у канцы дазволілі. Няшчасная маці, убачыўшыся з сынам, кінулася да ног свайго адзінага. Навошта адмаўляць, што Далеўскія ўцягнулі яго ў канспірацыйную арганізацыю. Бо тое самае чула ад яго самога.

Макрэцкі звар'яцеў! Перапалоханым поглядам углядаўся ў маці, робячы знак святога крыжа над яе галавой, выгукваў: "У імя Айца, і Сына, і Духа Святога! Ойча наш, які ёсць у небе. Свяціся імя Тваё, прыйдзі каралеўства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі". Былі гэта выразы, якія пастаянна паўтараў.

Суддзі вырашылі, што "прытварыўся", пасадзілі яго, як Далеўскіх, у цёмны лёх, пасля чаго прыгаварылі на 15 гадоў цяжкіх работ. Звар'яцелага закавалі ў кайданы і пагналі ў Сібір. Далеўскія, на колькі толькі маглі, апекаваліся над ім. Подлая салдатня ў дарозе на этапах і ў турмах выкарыстоўвала яго для найбольш паніжальных паслуг. Наш добры, гарачага сэрца Аляксандр, не раз адхіляў яго і сам іх за яго выконваў.

Пасля абвяшчэння маніфесту ў 1859 г. браты рассталіся, не лічачыся ні з пачуццямі асабістымі, ані з інтарэсамі, памятаючы адно толькі, што кожны, каму надараецца права вяртання ў Айчыну, павінен вяртацца, каб ёй далей служыць. Макрэцкі ў сваім зацменні пазнаваў толькі Францішка і Аляксандра. Першага называў: "Бог бацька", другога: "Бог сын". Аляксандр, вяртаючыся ў край, забраў няшчаснага з сабою, маючы надзею, што від знаёмых і любімых месцаў верне яму прытомнасць. Марная надзея. На від Вострай Брамы спыніў хаду, твар яму зарумяніўся, вочы заблішчалі. Трывала гэта адну толькі хвіліну, пасля чаго твар зноў набыў мёртвы, апатычны выраз. Жыў у нас больш, чым паўгода. Лекары пастанавілі неабходнасць аддання няшчаснага ў дом вар'ятаў. Ніхто з сям'і не азваўся ні да яго, ані пра яго.

Наогул, моладзь наша ў 1848 годзе дзейнічала добра, шляхетна. Няшмат удалося, а і гэта, можа не з браку духу, не праз подласць, але хутчэй з-за недахопу ўмення распазнаць фальш, абман і двудушнасць чальцоў камісіі.

У 1848 годзе перад сваім увязненнем браты Далеўскія дамовіліся ў выпадку зняволення старацца аб тым, каб хоць адзін з іх дваіх ацалеў і мог застацца ў краі для правядзення працы далей. А калі гэта акажацца рэччу немагчымай, прымаць віну вышукваных на сябе, каб тыя ацалелі і маглі працаваць далей. Тым спосабам многія з чальцоў першай звязавай арганізацыі (вядомыя толькі Далеўскім) з кола шляхецкай моладзі па вёсках, універсітэтах, семінарыях, карпусах ацалелі і маглі пазней завіхацца на ніве асветы люду, ліквідацыі паншчыны і г.д.

Францішка асудзілі на смерць, прысуд замянілі ў выніку старанняў сям'і перад Бібікавым на 15 гадоў катаргі; Аляксадра - на 10 гадоў [88], але ён прасіў пра магчымасць раздзяліць лёс брата. Прабыў у Сібіры 7 гадоў, вярнуўся ў 1856 годзе ў снежні; Францішак прабыў ад лістапада 1850 да 1860 года - 10 гадоў.

Пашана і прызнанне вялікай шляхетнасці абодвух братоў Далеўскіх, якія захоўваліся ў сэрцы Літвы ад 1848 года, зрабілі, што з хвілі іхняга вяртання згрупавалася яна з верай вакол іх.

Нядоўга абодва ўлюбёныя браты крочылі ў любімай працы поруч. Аляксандр памёр у 1862 годзе.

Аляксандр, вяртаючыся з Сібіры, для паразумення з моладдзю затрымліваўся ў Казані [89], у Маскве і ў Пецярбургу, дзе ад Зыгмунта (Серакоўскага) пачуў шмат каштоўных падказак адносна вясковых праблем.

Так, гэтыя два браты, якія бязмежна любілі Бацькаўшчыну, моцна адрозніваліся, аднак, па настроі, тэмпераменце. Любоў да Бацькаўшчыны, сумленнасць і поўная ўпартасць у асабістых поглядах роўныя ў абодвух. Розум, воля і лагічнасць, якія ўказвалі хутка і ясна надзейную, найправільнейшую дарогу, па якой павінна крочыць грамадства, будзілі веру, пашану і бясспрэчнае падпарадкаванне грамадства кірунку Францішка. Аляксандр будзіў да сябе больш, чым Францішак, братэрскія любоў і давер. (Прыгадваюцца мне ў гэтую хвілю словы аднаго з чальцоў арганізацыі: "Францішка баімся, саромеемся і слухаемся; Аляксандра любім, распавядаем яму пра нашыя слабасці і тропім яго парадам").

Аляксандр верыў брату, стараўся заглушыць у сабе запал і парывы, тараваў і аблягчаў дарогу брату, хаця чуццём схіляўся больш у бок партыі руху [90]. За колькі гадзін перад сконам падняўся яшчэ на пасцелі з даўнім бляскам у вачах і з заклічнымі словамі: "Не прыціскаць, не душыць парываў духу народа!".

Пахаванне яго было першай вялікай маніфестацыяй народных пачуццяў, для выражэння якіх за труной ішлі не толькі жыхары Вільні, але рабілася ўражанне, што Літва журботная, бедная, урачыстая хавае аднаго з сыноў сваіх. Сяляне і работнікі, з якімі ў часы правядзення работ на чыгуначнай лініі зблізіўся і падаў довады шчырай да іх любові, і як таксама і моладзь, вернутая з выгнання і, прасілі сям'ю, каб ім дазволіла паставіць сваім коштам помнік і выразаць уласнымі рукамі крыж і агароджу [91]. На валуне выбілі словы:

"Аляксандр Далеўскі, нар. 12 студз. 1827. пам. 14 красавіка 1862 г.

Не змардаваны нядоляй

вучань Хрыстовы,

Верны Майстру сэрцам

і паслушны чынам

Дух мацаваў свой

адважным словам

Usque ad finem.[92]

Сябры па выгнанні,

цябе мы праводзім як брата

Магілу тваю

лаўрам адвагі вянчаем,

Далоні сабе падаём

тваім заклікам узняты.

Usque ad finem."

Духавенства хавала яго паводле цырыманіялу, прынятага пры пахаванні капланаў. Спаведнік, выходзячы ад Аляксандра, сказаў: "Святы! Не мы за яго, але ён няхай там за нас моліць Бога".

Пасля смерці бацькі была гэта першая ахвяра, якую смерць паклікала з грона нашай сям'і. Не буду апісваць, чым быў той удар для Францішка. Мы бачылі толькі, што ад таго часу з падвойнай энергіяй і аддачай пасвяціў ён сябе справе Бацькаўшчыны. Яго розум, яго трапныя і справядлівыя меркаванні пра падзеі і пра людзей зрабілі, што ўся Літва не толькі згрупавалася, але з бясспрэчнай верай у яго моц як аднаго на той час чалавека, здольнага пакіраваць лёсамі Літвы, абаперлася на яго.

Пры целе Аляксандра не было пахавальных прамоў (не было, бо не магло быць). Толькі ўзрушаны Севярын Ромер пры апусканні цела ў зямлю прамовіў у некалькіх словах: "Быў гэта сярод нас Ян, які пракладваў дарогу Хрысту".

Праца развівалася ўдачна і былі відочныя яе вынікі. (Праз узмоцненую працу цягнуліся да з'яднання і незалежнасці). Але, аднак, у 1863 годзе тыя вялікія надзеі трэба было прынесці ў ахвяру на імя салідарнасці з Польшчай.


У 1848 годзе найважнейшых вязняў звычайна трымалі ў цытадэлі і адтуль вывозілі. У лістападзе "таго ж года" наша маці таемна атрымала паведамленне, што 26 лістапада вывезуць кібіткай [93] з вязніцы абодвух Далеўскіх.

Уся сям'я, не выключаючы дробнай дзятвы, слуг, сяброў і калегаў братоў, аказалася ў той дзень перад узыходам сонца на дарозе, якая ішла пад гару. Не ведаю, ці ўтрымалася ў памяці ўласна ў той час атрыманае ўражанне, ці пазнейшы аповед старэйшых сямейнікаў, але здаецца мне, што адчуваю сёння: холадна, шэра, раса, жудасная санлівасць. Я спала на каленях маці. Распавядалі мне, што раптам у аддаленні з боку горада пачуўся паштовы званок. Моладзь сарвалася, маці ўсунула аднаму з іх торбачку з грашыма для ўручэння сынам. Кібітка наблізілася, раздаліся воклічы:

- Хто?

- Далеўскія!

- Куды?

- На Сібір!

Голас маці сярод цішы.

- Няхай вас суправаджае малітва і дабраславенства маці!

- Маці! Вернемся! Бог з намі! Да пабачэння ў краі!

Кібітка затрымалася, што было для сабраўшыхся рэччу незразумелай. Літасць з боку жандарма? Ці ямшчыка? [94] Мабыць, тое другое.

Кабецкі караім з Трокаў, калега братоў (нешта ў родзе Браніслава Залескага з погляду на высакароднасць і дабрыню сэрца) падбег першы учапіўся за кібітку. Францішак паціснуў яму руку, грошы адхіліў. Кібітка памчалася.

У далейшым падарожжы гналі іх пеша, закутых у кайданы, прымацаванымі да аднаго прута з разбойнікамі [95]. Моладзь нашая, ідучы з імі, вучылася сягаць глыбока ў людскую нядолю, у нэндзу гэтага свету.

Францішак меў побач з сабой старавера [96] з Пскоўскай губерні. Асудзілі яго на 15 гадоў цяжкіх работ за абразу, нанесеную князю, прыгонным якога быў. Старавер меў чатыры дачкі, найпрыгажэйшыя з усёй вёскі. Князь штогод браў іншую, адсылаючы раней узятую бацьку на пасмешышча і на няславу сям'і ў вачах усёй вёскі. Засталася яму ўжо толькі наймалодшая, адзіная, гадоў пятнаццаці. Пэўнага дня прыйшлі з двара і па яе. Бацька не даў. Схавалася. Праз некалькі дзён прыйшоў воз з розгамі. Адшукалі і выцягнулі дзяўчыну. Сяклі розгамі бацьку, маці і яе за супраціў. Павалаклі Дуняшку ў двор. Зроспачаны бацька склікаў усю вёску. Узброіліся розгамі. Ідуць у двор. Князь выходзіць, каб разграміць і разагнаць зухвалы зброд ў перакананні, што прыйшлі прасіць аддаць дзяўчыну. Раскольнікі [97] кідаюцца на яго. Паваліўшы, вучаць розгамі. Пасля экзекуцыі князь сказаў толькі такія словы: "Васька! Васька! Что ты сделал. Лучше было меня убить, чем так обесчестить" [98].

Васька ў маладосці быў узяты для паслуг панічу. Вучыўся з ім, у школах рабіў за яго ўрокі. Быў з князем ва ўніверсітэце. Здаў за яго экзамен і за яго атрымаў дыплом. Пасля чаго быў адпраўлены ў вёску, як прыгонны - мужык.

Палітычныя вязні хутка прыйшлі да высновы, што для забеспячэння жыцця, для атрымання дапамогі і апекі дасведчаных разбойнікаў, мусяць аддаваць ім усе свае "падзённыя" [99] грошы, што без іх практычнай рады бедакам не хопіць сіл на далейшую дарогу. Яны навучылі палітычных здымаць кайданы і зачапляць іх за прут. На прывалах разбойнікі захоўвалі для палітычных найлепшыя куткі, якія не раз мусілі здабываць ад іншых сілай. Па прыбыцці на этап кідаліся як шалёныя, распіхваючы і дратуючы тых, хто ім стаяў на дарозе, каб першымі заваліцца гурбой у той кут, добра ім вядомы з паўтараных ужо паходаў той дарогай. Навучылі палітычных выбірацца з этапаў у горад, фальшаваць пераклічкі, ці паверкі [100] (якія выгнанцамі называліся паняверкамі), г.зн. заміж непрысутных ставіць ужо палічаных.

На нейкім [з] этапаў, было гэта на Навагоднюю куццю, моладзь ўспамінала, што ў тую хвіліну робяць у іх, у родных дамах. Нехта пачаў тонкім голасам мурлыкаць папулярную на Літве мазурку; "Недалёка ад вёсачкі хадзіў я каля рэчкі. Там бачыў прыгожую Басю, з прыгажосці цешыўся". Спяваў тонкім голасам, перадаючы спеў сваёй малой сястрычкі. Некалькі іншых далучылі свае галасы. Паўстаў у выніку вясёлы аркестр. Моладзь сарвалалася да танцу, пабракваючы кайданамі. Раптам раздаўся надрыўны крык: "Так! Ах так! Яшчэ! Яшчэ!" Павярнуліся ў бок, адкуль голас паходзіў.

Кленчыў на нарах стары з тварам заплаканым, узрушаным. Выгнанцы бачылі ўжо на папярэдніх этапах гэтую постаць прыгорбленага старога. Ён маўчаў, і яны не адзываліся. Кожны быў заняты ўласнаю мукай. Худыя, замёрзлыя, скалечаныя грубымі кайданамі цягнуліся ад этапа да этапа.

Грымнула вестка сярод выгнанцаў, што гэта няшчасны Лукасінскі, міласціва аблашчаны маніфестам з Шлісельбургскай цвердзі на 15 гадоў цяжкіх работ. З гэтага часу атачылі яго магчымай у тых акалічнасцях апекай. Нядоўга ўжо яе патрабаваў

На некаторым з наступных этапаў замардавалі яго разбойнікі за 30 капеек, якія меў пры сабе, у этапавым калідоры

(Сёння ведаю, што тут памылка. П[ан] Аскеназы спраўдзіў і давёў, што Лукасінскі памёр у Шлісельбургскай цвердзі. Хаця магло быць і тут непаразуменне. Звычайна ў выпадку смерці каго-небудзь з прыгавораных да прыбыцця на месца, вызначанае дэкрэтам, канвойны дае знаць пра смерць у цвердзь каменданту, адкуль узялі вязня. Адтуль мог выйсці адказ на пытанне шукальнікаў інфармацыі, ці жывы Лукасінскі і дзе ён знайходзіцца? "Памёр". Да канца тэрміну або да смерці ў той жа цвердзі захоўваюцца пазасталыя пасля прыгаворанага грошы і паперы).

Ва ўсякім разе, ужо ніколі сям'я не даведаецца, кім быў той няшчасны стары. А колькі ж было да яго падобных згубленых, забытых усімі?

Францішак захварэў на тыф. Канвойныя хацелі пакінуць яго ў шпіталі. Аляксандр супрацівіўся таму. Ужо ведаў, чым ёсць этапны шпіталь для вязняў. У тых шпіталях толькі здаровы мог цудам выжыць. А што, калі цяжка хворы!

Апавядаюць выгнанцы, што доктар там што дзень заходзіць, дакладней становіцца на парозе шпіталя, бо далей не з рукі ступіць з-за цяжкага паветра, чарвей і бруду. І так здалёку крычыць загадным голасам: "Паказаць языкі!" Адны высоўваюць, іншыя цяжка хворыя не чуюць і не разумеюць, а іншыя яшчэ плююць на доктара са сваіх ложкаў. Доктара гэта мала хвалюе. З урачыстай мінай вяртаецца, сядае і без ніякага роздуму і сумнення выпісвае для ўсіх без выключэння адзін і той жа сродак, гледзячы толькі на яго таннасць.

Аляксандр забраў Францішка. Кінулі яго на воз ці падводу з рэчамі. Мароз жудасны! На кожным этапе бег няшчасны Аляксандр пераканацца, ці брат яшчэ жывы. Жыў і папраўляўся. Што яго вылечыла? Цяжка зразумець. Чыстае паветра? Мароз? Ці слёзы і малітвы далёкай маці?!

Дарога трывала цэлы год. Як ім прайшлі гады тэрміну і дзе? няшмат ведаю. Не хацелі ніколі нам апавядаць і муціць спакой маладосці. Ведаем толькі ад іх суседзяў па ссылцы, што калі ўжо ім можна было знаходзіцца ў Іркуцку, ужо там ведалі, што набліжаецца новая партыя прыгавораных. Паўсталі сярод старэйшай генерацыі нарады, сумненні - хто яны? як іх прыняць? ці прыгарнуць? і да т.п. У канцы ўзнікае агідная рэч. Знаходзяцца такія ўжо ў лепшым быце (прозвішчаў не называю), якія галасуюць за тое, каб пачакаць для праверкі, ці вартыя, ці не вартыя прыняцця ў таварыства. З тога ліку вылучыліся Гофмайстар, Добрыч, Сцягенны, Пётр Высоцкі і некалькі іншых, прозвішчаў якіх не памятаю. Пётр Высоцкі прывітаў гарачым сэрцам новапрыбылых, вымучаных, бяссільных, без вопраткі і без сродкаў для жыцця. Высакародны, дабраслаўляю сёння яго памяць, як яго дабраслаўляла ўсе пазасталыя дні жыцця маці нашая за дабрыню, аказаную няшчасным.

Пасля ўладжвання фармальнасцяў, калі ўжо асуджаным было можна падумаць пра свой лёс, Пётр Высоцкі наняў малую хатку, паставіў самаварык (ці нешта падобнае), прыкрыў стол нейкім кавалкам падранай кашулі, рукавы якой віселі па абодва бакі стала, паставіў пасярэдзіне латунны ліхтар з запаленай лаёўкай (сальнай капцілкай), пры тым хлеб, цукар, гарбата, на столачку місу з вадой і чыстыя кашулі. Сам узрушаны, дрыготкі выбег прывітаць і прыняць абодвух Далеўскіх. Увёўшы ў дом, абдымаў, цалаваў кожнага з іх па-чарзе. Пасля чаго паварочваецца ў бок стала: "Гляньце! Па-нашаму засядзем тут за сталом, так як сядзелі на нашай любай Бацькаўшчыне! За сталом, накрытым сурвэтай!".

Тое, што Высоцкі зрабіў для Далеўскіх, іншыя, вышэй пералічаныя, зрабілі для іхніх таварышаў.

Вось адгэтуль і крыўда загняздзілася ў сэрцах малодшай генерацыі. Не маглі прабачыць да смерці эгаізму старэйшых, якія адхіляліся ад тых, якія цярпелі за тую ж справу, што і яны. Непрыязнь тая павялічылася яшчэ, калі пасля маніфесту старэйшыя падзялілі іркуцкую бібліятэку паміж сабой, даводзячы, што ўжо ні выгнанцаў, ні прычын для выгнання не павінна быць.

Малодшыя даводзілі, што паколькі бібліятэка паўстала па большай частцы з краёвых ахвяраванняў (Ендрыёва Снядэцкая з Вільні і Ружа Сабаньская з Варшавы найбольш спрычыніліся да яе ўзбагачэння) з думкай пра выгнанцаў і наогул пра тых з палякаў, якіх нешчаслівыя шляхі жыцця аддалілі з краю, павінна там застацца, а не вяртацца на Бацькаўшчыну, як прыватная ўласнасць. Малодшыя пакінулі сваю ў кс. Швярніцкага пры каталіцкім касцёліку. 1863 год паказаў, хто меў слушнасць.

Далеўскія пасля пасялення ў Іркуцкуу найперш заклапаціліся пра лёс сялян і рамеснікаў. Купілі за 5 рублёў домік з зямлёю. Быў там вялікі пакой і яшчэ большая кухня, а таксама гаспадарчае памяшканне. Запрасілі да сябе ўсіх, якія не мелі дзе прытуліцца. Было жыллё, але з чаго жыць і прыадзецца? Францішку прыйшла шчаслівая думка, адзіная якая магла пры працы забяспечыць спажыву вялікай грамадзе. Арганізавалі бойню. Першыя 25 рублёў пазычыў з вялікім неспакоем і ваганнем Рачынскі Францішак купіў валоў, распрадаў мяса і сплаціў доўг са значным прыбыткам. Рачынскі выдзеліў большую суму, атрымаў большы прыбытак. У канцы Францішак мог ужо трымацца на ўласных сілах. Заснаваў сталую бойню, якая дазваляла яму прадаваць лепшыя часткі мяса, рабіць мыла і свечкі. Галовы, ногі і абрэзкі забяспечвалі бедакоў бясплатным пажыўным харчаваннем.

Каля гэтага ўсяго трэба было людской працы. Тым самым дасягнулі мэты, якой было жыллё, харчаванне і праца для тых, якім гэта патрабавалася да таго часу, пакуль знойдуць сабе нешта лепшае і больш адпаведнае.

Францішак сам [або] у саправаджэнні Фларыяна Даноўскага ездзіў конна па аддаленых статках для вышуквання валоў. Праводзіў у тых небяспечных і цяжкіх падарожжах часта цэлыя тыдні і месяцы як летам, так і ў час моцных марозаў і зімовых замецяў. Аляксандр з таварышамі вёў работы дома.

Распавядаў нам Даноўскі наступную прыгоду: аднаго дня зімовай парой, калі ён з Францішкам ехаў праз сібірскія пусташы, пакрытыя тоўстым слоем снегу, і калі найменш чакалі, з-пад кучы снегу выскачылі некалькі адчайных беглых бандытаў.

Нашы падарожныя не мелі пры сабе ніякай зброі. Давядзецца загінуць - паглядзелі адзін на аднаго. Раптам Даноўскаму прыходзіць шчаслівая думка - спрабуе - раптам удасца. Сягае рукой у кішэню, у якой меў схаваную чорную сухую каўбасу - здзервянела. Прымаючы грозную паставу, цэліцца ў найбліжэйшага разбойніка гукаючы: "Один шаг ближе и убъю! Стой не шевелись" [101]. Уражаныя разбойнікі, прымаючы сухую каўбасу за пісталет, падаюць у снег на калені і крычаць: "Батюшка родной! Прости! Прости! Виноват!" [102] Даноўскі, бачачы добры вынік сваёй задумкі, яшчэ з гразнейшым тварам крычыць: "Развярнуцца і бегчы не аглядваючыся, бо, як толькі якога лоб убачу, пальну і заб'ю на месцы!"

І так з выцягнутай кілбасой, са зведзенымі брывямі, з грознымі вачыма стаяў, пакуль абое не зніклі.

У Далеўскіх, з улікам акалічнасцяў, справа ішла добра, а было б яшчэ лепш, каб не іхняя натура спачування, якая клікала: давай, давай, не клапоцячыся пра тое, ці дадзенае будзе калі вернута.

Не тут канец радасці ў нядолі. Домік Далеўскіх стаўся цэнтрам духоўнага жыцця для выгнанцаў. Тут збіраліся, вучыліся, радзіліся, чыталі. Тыя, хто ўмеў болей, дзяліліся сваімі ведамі з менш адукаванымі. Бывалі рэфераты, лекцыі па прыродзе, гісторыі і літаратуры. А колькі ж там было людзей не проста здольных, а годных заняць універсітэцкія кафедры. Многія з маладых людзей, якія перарвалі свае навучальныя курсы, тут не толькі, што не занядбалі, але яшчэ расшырылі абсяг сваіх ведаў і падрыхтаваліся да здачы экзаменаў.

У тым ужо лепшая доля ссыльных за эмігрантаў. На Сібіры няшчасце яднала людзей розных становішчаў і здольнасцяў. Падтрымлівалі адзін аднаго. У эміграцыі распарушваліся і часта гінулі для краю.

З якім узрушэннем роўна як інтэлігентныя, так і простыя людзі ўслухваліся ў чытаныя ўголас лісцікі, напісаныя не раз рукой не адпачыўшай ад гэбліка або молата. Тыя простыя словы былі ў стане ўзрушыць іх болей, чым творы лірычныя або паэмы геніяльных пісьменнікаў. Лісты да ссыльных праходзілі праз кантроль спецыяльнай камісіі. Новапрыбылым была забаронена ўсялякая карэспандэнцыя.

Праз цэлыя дзевяць доўгіх гадоў мы атрымалі толькі адзін лісцік, напісаны іх рукой, з іхнім уласным подпісам (які стрэпаны і пажоўклы хаваю па сённяшні дзень), высланы з дарогі - з Казані.

Ад тога часу мы камунікавалі вельмі рэдка і то праз пасярэдніцтва трэціх асоб, невядомых нам, якія там жылі. Радаваліся і таму, бо даводзілі нашай маці, што яе дарагія сыны, а нашы браты, жывыя, але як іхняе жыццё там складалася не мелі паняцця. Толькі пазней, пасля маніфесту з вуснаў іхніх таварышаў па выгнанні мы даведаліся пра тое, што апісваю.

Далучаю копіі лістоў з Казані.


"1850 года, 9 снежня.

Найлюбімейшая мама! Пасля выслухвання 26 лістапада дэкрэту, які прыгаварыў мяне на 15 гадоў работ у мінах [103], у той жа час пакінуў Вільню і ўчора прыбыў у поўным здароўі ў Казань, праз некалькі гадзін пакідаю гэты горад, ідучы ў далейшую дарогу.

Прашу цябе, найлюбімейшая мама, і вас, дарагія сёстры, калі не пра поўны спакой, то, прынамсі, пра мажлівы ў такім такім становішчы, што да майго лёсу. Памятайце, што на свеце няма такога месца і становішча, дзе было б цалкам добра або цалкам кепска. Бог ёсць усюды, усюды Ён апякуецца над сваімі дзецьмі. Развітваюся з вамі, найлюбімейшая мама і сёстры.

Найадданейшы сын, брат Францішак Далеўскі.


Любімая мама, браты і сёстры!

Пішу з Казані, аддалены ад вас на тысячу з лішнім вёрст [104], шчаслівы, што магу вам паведаміць пра сябе, я здаровы, прытым малады, а таму маю дастаткова сіл, каб перацерпець нягоды.

Развітваюся з вамі, любімая мама, браты і сёстры. Заўтра рушым у далейшае падарожжа. Я асуджаны на 10 гадоў цяжкіх работ. Братнія пажаданні ўсім.

Адданы сын Аляксандр Далеўскі".


"Милостивая государыня!

На письмо Ваше к Г [осподину] Генерал-Губернатору Восточной Сибири от 16 марта т[ого] года, переданного мне Его Высокопревосходительством честь имею уведомить Вас, что сыновья Ваши находятся в Нерчинских горных заводах и как состоящие на работах на основании существующих постановлений писать к родственникам своим не имеют права. Вы же и другие родственники могут к ним адресовать в гор[од] Читу на имя Г[осподина] исправляющего должность военного губернатора Забайкальской области, которым они будут переданы по принадлежности.

С должным уважением и преданностью честь имею быть Вашим, Милостивая государыня, покорным слугою.

К. [Дер]

№ 1610

9 октября 1856

Иркутск

Ее Выс[око] Благ[оро] дию

Г[оспо]же Доминике Далевской." [105]


Гэта адзіныя весткі, якія дайшлі да нас. Польскіх газет выгнанцы не атрымоўвалі, а толькі пры пасярэдніцтве прыватных жыхароў - замежныя, якія не выклікалі пярэчанняў. Большасць ссыльных была спрагнёная па вестках са свету. Аляксандр, каб дагадзіць тым, якія не валодалі чужымі мовамі, прывык ім чытаць французскія ці нямецкія, перакладаючы на польскую такім чыстым стылем і ўласцівым падборам выразаў (што ў вуснах ліцвінаў ёсць вялікай асаблівасцю), што слухачы былі перакананыя, што чытае польскую газету і ў першыя дні апавядалі таварышам, хвалячыся, што, аднак, іх можна атрымоўваць. Вялікім было таксама і здзіўленне, калі даведаліся, як выглядаюць рэчы на самай справе.

У вольныя хвілі Францішак працаваў над матэматыкай, гісторыяй і палітычнай эканоміяй, як абавязкова патрэбнымі для арыентавання ў будучым жыцці. Аляксандр з вялікім запалам вывучаў інжынерную справу. Вазнякоўскі, паводле апавяданняў Аляксандра Краеўскага, напісаў вельмі каштоўную працу ў тым кірунку. Паслаў яе ў міністэрства. Як пазней аказалася, вынаходніцтва Вазнякоўскага прыўлашчылі. Паступілі так без цырымоніі з сібіраком. Праца Аляксандра на выгнанні аказалася болей запатрабаванай у краі, калі пасля вяртання атрымаў месца ў французскай кампаніі, якая праводзіла Варшаўска - Пецярбургскую [106] чыг[уначную] лінію. Ён дыплома не меў, таму мусіў адбыць некалькімесячную практыку на найпрасцейшых інжынерных работах.

Аляксандр збудаваў адзін з найбольшых мастоў на рацэ Віліі ў Сантаках [107].

Кампанія ацаніла яго здольнасці і бездакорную сумленнасць, па-гэтаму даверыла яму кантроль усіх выдаткаў. Але тут спаткаў ён супярэчнасці. Разлічвалі на тую вялікую яго сумленнасць, пакуль яна была патрэбная ў асабістых інтарэсах пры расходах, але пры здачы работ ураду хацелі абысціся без яе, ведучы бухгалтэрыю так, каб магчы напоўніць свае кішэні расейскімі грашыма. Але перашкодай гэтаму стала вялікая сумленнасць Аляксандра. Адкінуў з абурэннем прапанаваныя яму сто тысяч. Спрабавалі ўцягнуць у гэтую справу Антонія Зялінскага, начальніка руху, сардэчнага прыяцеля Аляксандра, як і ўсёй нашай сям'і. Дарэмна, бо быў гэта найшляхетнейшы чалавек у свеце (бацька доктара Эдварда Зялінскага).

Таму, клянучы дурных палякаў, вярнулася французская кампанія на Сену без спадзяваных прыбыткаў (прынамсі на гэтай лініі). Быў час, што Аляксандр, выязджаючы з Сантакоў у Вільню на свята, мусіў забіраць з сабой бухгалтарскія кнігі з-за апасення, каб у яго адсутнасць не ўчынілі злоўжыванняў.

Пасля смерці Аляксандра Францішак заняў пасля яго пасаду на чыгунцы [108].


Пасля вывазу братоў у Сібір у 1850 годзе моладзь роўна як з горада, так і з вёскі, а таксама іхнія сем'і атачылі нашую маці і ў сю сям'ю пашанай і братэрскай любоўю першых хрысціян. Вучылі, перасцерагалі, сачылі, каб хто з паганым намерам не ўціснуўся ў тую сям'ю. Мы раслі з перакананнем, што свет ёсць прыгожым і добрым творам Божым. Не толькі, каб мы не ведалі брудных адмоўных бакоў жыцця, але нават паняцця не мелі, што чалавек такім можа быць. Першымі і найбліжэйшымі сябрамі для нас былі маці, браты і сёстры. Чужых давераных мы не мелі, не адчувалі патрэбы іх шукаць. У сям'і не было таямніц. Мы дзяліліся ўсімі ўражаннямі. Не ашчаджалі сабе крытыкі і насмешак, выкрыўшы нейкі адмоўны бок у кім-небудзь з нашай сям'і - у сёстрах, ці ў братах, але нельга нам было ані слухаць, ані весяліцца з чужых абгавораў. Маці нагадвала, а старэйшая сястра Тэкля востра граміла ўсялякія намеры ў тым кірунку.

Мы мелі звычай вечарам збірацца пры ложку маці, хоць бы ў найпазнейшы час, ці то пасля працы, ці пасля вяртання з тэатра або са сходаў у знаёмых і ў сябе. Атачыўшы яе, мы апавядалі ўсё-ўсё, кожнае да нас і намі сказанае слова. Маці слухала цярпліва. Смяялася, а часамі ўстаўляла нейкі дасціпны анекдоцік у форме крытыкі, калі ў тым была патрэба.

Калі мы скончылі пансіён, для нас арганізавалі вышэйшы курс навук. А ў тым была вялікая патрэба. І так мяне на восьмым годзе аддалі ў Шляхецкі інстытут [109] (Главацкай). Праз чатыры гады закончыла той інстытут з чатырох класаў. Можна сабе ўявіць, якім няцяжкім было заканчэнне пансіёна, калі дванаццацігадовая дзяўчынка магла гэта зрабіць. У тым пансіянаце вучылі нібыта найбольш і найлепей.

Каб атрымаць патэнт пра заканчэнне [110], трэба было мець шаснаццаць гадоў і адбыць настаўніцкую практыку, ці як настаўніца ў прыватным доме, ці як папінерка [111] ў інстытуце. Хацела першага, але пакуль тое магло наступіць, цешылася з таемных курсаў: матэматыкі, прыроды, гіст[орыі] і літар[атуры], эстэтыкі і педагогікі. Манюшка вучыў музыцы, а перад ім добрая, сардэчная, поўная ахвярнасці Генрыета Таквіч, а пасля выезду Манюшкі - Міхалоўскі Габрыель, Шэмеш - рысунку, Андрыёлі - маляванню, маст[ацкім] спевам, опернаму мастацтву - Навакоўскі, акрамя таго вучылі французскую, ангельскую і італьянскую мовы. (Сумна прызнаць, што ў Вільні мы адчувалі вялікі недахоп у навучанні польскай мове. Не мелі нават добрай граматыкі. Над польскай мовай Літва пачала працаваць толькі пасля вяртання з выгнання).

Мы вялі жыццё так дзейсна, так працавіта, што не мелі ані мы, ані нашыя браты, ані нашае найбліжэйшае атачэнне ўяўлення пра пачуцці нейкага разгульнага кахання, бо іншым сэрцы нашыя і думкі былі запоўненыя. Так мы цалкам былі пад уражаннем вялікай, гарачай любові да Айчыны, што не задумваліся нават над тым, ці могуць абудзіцца ў сэрцах нашых нейкія іншыя, больш гарачыя пачуцці.

Пры агульным руху на Літве і жанчыны нашыя пыталіся сябе: а мы, ці ж мы нічым не можам спрычыніцца да паляпшэння агульнага стану адсталасці ў нашай любімай Літве?


Жанчына-ліцвінка з натуры добрая, сумленная ў выкананні сваіх абавязкаў, здольная да ахвярнасці, дзейная, прадбачлівая і гаспадарлівая. Умее задаволіцца малой, ціхай роляй у грамадстве, не любіць розгаласу, не любіць апраўляць сваё хатняе шчасце ў рамкі лішку і пыхі. Умее быць шчаслівай у колку сямейнікаў, любіць у ім караляваць, але гэты скіпетр можа ашчаслівіць яе толькі тады, калі дадзены ёй з кахання, з прызнання, а не здабыты барацьбой або падступствам. Любіць адчуваць разумовы верх мужа, брата і сына і тым ганарыцца і захапляецца. Жанчына-ліцвінка мае шмат станоўчых рысаў, але ў 1848 годзе і пазней - пазней, нават у 1863 годзе, была яшчэ выразна старасвецкая і забабонная.

Аддаючы дачок у навуку нашыя абывацелькі звыклі больш-менш выказваць свае пажаданні такім чынам: "Прашу навукі адпаведнай для майго дзіцяці. Бог даў нам дастатак, мы не трывожымся пра заўтрашні дзень нашых дачок. Ім патрэбна ўмець толькі тое, што абавязкова патрэбна ў свеце. Дасканалае французскае маўленне, музыка, салонныя спевы, натуральная гісторыя, французская літаратура, каб не скампраментавацца ў размове. Гувернанткамі, дзякуй Богу, не будуць".

У той час не на шмат адрознівалася і праграма выхавання сярэдняга паніча шляхетнага стану. Братні звяз у 1848 годзе пастанавіў ваяваць з тымі цёмнымі поглядамі на выхаванне, ваяваць з адмоўным трактаваннем усялякай працы як разумовай, так і фізічнай. Бедная шляхцяначка рабіла страшны мезальянс, выходзячы замуж не за землеўладальніка, а за доктара, адваката, настаўніка і да т.п. Да настаўніц, якія замянялі матак, адносіліся не на шмат лепей, чым да слуг, бо яны былі платныя. З большым гонарам выступаў падупадлы шляхціц або шляхцянка, якія туляліся па дамах крэўных дальшых або бліжэйшых на ласкавым хлебе, чым жанчына, занятая карыснай для грамадства працай, якая стаіць у ім уласнымі сіламі.

Пра нашую маці адзываліся яшчэ ў 1862 годзе: "Бедная гэтая пані Далеўская, мусіць звар'яцела з вялікага няшчасця! Чаму ж яна кажа вучыць сваіх дачок? Хіба з іх усіх думае парабіць гувернантак, філасофак? [112] А шкода прыгожых дзяўчынак, "паходжання старашляхецкага, маглі б яшчэ зрабіць добрую партыю, нягледзячы, што беспасажныя, а так тая доўгая навука адпужне ад іх цэлы свет".

Маці была глухая да тых усіх радаў і нагадванняў, паўтарала нам наўсцяж адно: "Вучыцеся, калі хочаце свайго і іншых шчасця, калі хочаце быць карыснымі на свеце".

Жанчыны, набліжаныя да Братняга звязу праз сваіх мужоў, братоў або сыноў як па вёсках, так і па гарадах пастанавілі ваяваць з тымі поглядамі словам, пісьмом, прыкладам і працай, ставячы сябе ў ролі настаўніц. Для падтрымкі гэтых намаганняў многія спрычыніліся да навукі паважанага і шаноўнага настаўніка гісторыі Аляксандра Здановіча, настаўніц Ядвігі Кучынскай і Кліманскай (Дэштрунг) і многіх іншых. Прышчаплялі погляды, што настаўніцкая прафесія адкрывае перад жанчынай поле найпрадукцыйнешай грамадскай працы, што ў руках выхавацельніц знайходзіцца будучыня Польшчы і кожнага краю, што чым яны стануць вышэй, тым больш паспяхова выганяць уплыў чыжаземцаў, такі чужы, такі згубны для духу і звычаяў нашых сямей. Настаўніцтва - гэта капланства.

Братні звяз моладзі, нягледзячы на арышты, Сібір і арыштанцкія роты, не толькі не загінуў, але з падвойнай энергіяй развіваўся і пашыраў ідэі роўнасці, праўды, працы, братняй любові, ведаў і надзей на збаўленне.

Таму ў 1861 годзе працаўнікі, даўнія таварышы Далеўскіх, цяпер ужо дарослыя мужчыны, сталі з верай побач тых, дзесяць гадоў таму назад высланых маладзёнаў, а цяпер так, як і яны самі, узбагачаных досведам, да далейшай сумеснай працы.

З досведу былых падзей у каралеўстве, Літва пастанавіла найперш бараніць край ад заўчаснага выбуху, у выпадку немажлівасць пазбегнуць таго, быць салідарнай з каралеўствам.


Паўстанне пачалося. Літва бярэ ў ім удзел. Не буду тут гаварыць ні пра людзей, ні пра дзейнасць з тых часоў, бо нашая кальварыйская дарога яшчэ не скончана. Нямала яшчэ трэба будзе перахварэць, ператрываць, каб сёння ворагаў не вучыць, якімі шляхамі край наш ішоў да мэты. Тое толькі дадам, што пры нашых вялікіх цярпеннях, Бог абдарыў нашую сям'ю вялікай ласкай, даў нам пазнаёміцца з найлепшымі і найшляхетнейшымі людзьмі ў краі.

У нас на Літве адзін, канешне, быў склад чальцоў, найперш для мірнай працы, які засядаў у Цэнтральным літоўскім камітэце [113] (з выбару большасці ў краі), потым тыя ж самыя ў Кіраўнічым аддзеле Літвы [114], прызнаным уладай Каралеўствам Польскім. Так трывала да 10 ліпеня новага стылю 1863 года. Потым у выніку арыштаў пад канец паўстання, пасля зняволення Францішка Далеўскага 10 ліпеня новага стылю [115] распараджэнне, прысланае з Варшавы змяняе Кіраўнічы аддзел на Выканаўчы [116].

У Кіраўнічым аддзеле былі:

1. Пячатка аддзела, а таксама ўнутраныя справы: Францішак Далеўскі;

2. Краёвая каса: Антоні Яленскі;

3. Начальнік горада: Аляксандр Аскерка;

4. Замежная карэспандэнцыя: Ігнацы Лапацінскі;

5. Сакратар: Вагнер (Оскар);

6. Вайсковасць: Якуб Гейштар і яго намеснік (таварыш) Цітус Далеўскі.

Таму так склалася, што да хвілі зняволення Францішка ў нашым доме складалі яму рапарты, справаздачы з дзейнасці і баёў у правінцыях, ён зацвярджаў усялякія пастановы, бланкі і г.д. Тут з'яўляліся найперш пасланцы з Каралеўства, з-за мяжы і з Расіі [117].

Ён умеў з дзіўным, але нейкім суровым паважным цярпеннем сярод збораў рознародных людзей як і пасланнікаў у інтарэсах справы сядзець моўчкі, на выгляд абыякава, спакойна; але слухаў - чуў і аглядаў усё і ўсіх. Рэдка яму здаралася мыляцца ў сваім меркаванні пра чалавека, з якім прабыў кароткую хвілю. Быў ён хцівы да добрых вынікаў працы, не быў пустым і амбітным, не быў хцівым да славы.


Прыпамінаецца мне адна хвіля з тых часоў. Было гэта яшчэ ў часы перад паўстаннем. Мы былі ў досыць вялікім таварыстве, сабраным у нас. Нехта запрапанаваў, каб заміж гульні "ў цэзураванага" [118] кожная з пань падала тэму для дыскусіі. Калі прыйшла чарга да мяне, я выбрала "Шчасце ці слава?" Кожны павінен быў падпісаць сваё прозвішча пад адным ці другім і абгрунтаваць, чаму?

Я выбрала шчасце, бо што ж агульнае са мной магла мець слава? А адчула б горача шчасце ў шчасці народа, але не напісала гэтага, бо выглядала б прэтэнзіянальна, як фраза для выказвання сваёў бескарыслівасці. Падпісала сваё імя пад шчасцем, бо яно - удзел чалавека, які жыве яшчэ тут на зямлі, калі слава найчасцей пасля смерці аздабляе прозвішча, а я не ведаю, ці душы па-за светам мераюць адной з намі меркаю шчасце і славу. Скрытыкавалі мяне жудасна, ніхто не стаў на мой бок. Зыгмунт жартаваў са сваёй практычнай жонкі; Францішак паглядваў на мяне раз за разам. Усе паны старэйшыя і малодшыя падпісалі свае прозвішчы пад славай, апрача Францішка і Зыгмунта, якія амаль у адных і тых жа выразах аб'явілі, што: "Узношу над славай шчасце ўбачыць, хаця б у астатнія хвілі жыцця, ажыццяўленне сваіх ідэалаў і мэтаў усяго жыцця".

Так - Францішак не быў амбітны. Калі зычлівыя да яго людзі з абурэннем гаварылі пра тое, што нехта прысвоіў яго ідэі і задумы і абвяшчае за свае, найспакойней адказваў: "Павінен цешыцца і цешуся, бо гэта довад, што прызнае іх за добрыя, а тым самым лепей імі праймаецца і ўкараняе ў грамадства. Не пра сябе, але пра справу дбаць трэба". Ён верыў у вялікую гармонію і парадак у Сусвеце, што нічога ў ім не робіцца выпадкова. Быў гэта глыбокі мысліцель, у дзеяннях рашучы, спакойны. Коратка, ясна, разумна і пераканаўча ўмеў гаварыць.

Распавядалі мне пра часы побыту Францішка ў Ноўгарадзе [119]. На шматлікім сходзе з'явілася нейкая чыноўная фігура (здаецца мне, што Вітэ). Калі мінулі цырыманіяльныя прадстаўленні, гэтая фігура пачала разглядацца па зале. Вочы гэтага пана спыніліся на Францішку, які сядзеў ціха і спакойна глядзеў на атачэнне.

- Кто этот господин? [120], - пытае.

- Далеўскі.

- З Вільні?

- Так з Вільні, вярнуўся з Сібіры.

- Господи помилуй! [121] - усклікнуў - Той Далеўскі, які трос усю Літву?! Хто ж бы гэта падумаў, гледзячы на яго. Дзе ў ім тая моц, тая сіла, якая завалодала ўсёй Літвой?!


Назаву яшчэ некалькіх, якіх ужо няма:

Антоні Яленскі, высакародны, шляхетны, ахвярны. Калі сілай думкі не мог быць наперадзе, то яго гатоўнасць да служэння Бацькаўшчыне, сціплыя меркаванні пра сябе і вялікая ахвярнасць рабілі яго дарагім для Краю. Памятаю яго словы: "Трэба вам скарбніка, які фундушам сваім паручыўся б за сумы, якія паступаюць з краёвых ахвяраванняў. Мяне, як аднаго з найзаможнейшых выбірайце - бяруся - гатовы служыць маёмасцю, жыццём сваім і ўсёй будучыняй сыноў маіх".

Служыў верна, сумленна, на камісіі паводзіў сябе вытрымана. Паводле Францішка і многіх іншых закіды і выдумкі Гейштара на Яленскага несправядлівыя, не падмацаваныя нічым [122].

Аляксандр Аскерка, разумны, спакойны з тактам і годнасцю, сябар Францішка і Зыгмунта. Разумеліся, супольна, згодна дзейнічалі.

Якуб Гейштар, адзін з нарухлівейшых у Ковенскай губерні ў часы мірнай працы. Карыстаўся ўплывам у сваёй ваколіцы [123].


Пасля зняволення Францішка 10 ліпеня 1863 года заканчваецца дзейнасць Кіраўнічага аддзела Літвы, настаюць часы Выканаўчага аддзела, паўсталага з былых дапаможных чальцоў пры першым аддзеле. Найчыннейшымі і найвыбітнейшымі з любога пункту гледжання ў тыя апошнія часы былі Уладзіслаў Малахоўскі, Канстанцін Каліноўскі і Цітус Далеўскі. Не названыя мной былі без закідаў, але і без ініцыятывы.

Пасля прыгавору Дамейку Малахоўскі, як начальнік горада, уцякае. У гэты час Цітус і Канстанцін дамаўляюцца, што каторы з іх дваіх будзе зняволены пазней, той прыме ў вачах [следчай] камісіі ўсю адказнасць на сябе, што ўжо не меў таварышаў, а трымаў дыктатарскую ўладу. (Не было на Літве такой хвілі, якую Мураўёўская камісія прадстаўляе, што дыктатарам быў Каліноўскі, што ўся ўлада была ў яго руках).

У часы Каліноўскага (які ўзяў сабе ўнутраныя справы) было пяць чальцоў і пасля яго смерці было столькі ж.

Мы ведалі Каліноўскага шмат гадоў, быў ён сябрам простага люду - можа нават мужыкаманам, але ніколі не быў ворагам якой-небудзь праслойкі свайго народа. Тое, што прыпісвае камісія пра яго радасць, што шляхта вывезена і вымардавана, магло быць сказаным, каб адвярнуць вочы камісіі і Мураўёва ад шляхты, няшчаснай і змучанай. Ён, які кіраваў унутранымі справамі, не мог гэтага гаварыць, бо ў апошнія часы абапіраліся ўсе інтарэсы згасаючага паўстання на жыхарах. Дзейнічалі між іншым разам з імі: Агінскі Міхал [124], князь Юзаф Тышкевіч, Падбярэзскі, і шмат іншых не шкадавалі ні сябе, ні маёмасці сваёй. Напэўна было многа сярод іх дрэнных, слабых і эгаістаў, але большасць выказала шмат шляхетнасці і ахвярнасці асабістым шчасцем і маёмасцю на патрэбы Бацькаўшчыны. Бенедыкт Тышкевіч, уладальнік Біржаў [125], прывёз на 30 тысяч зброю, акрамя абавязковых складак на тыя ж мэты [126].


Усе высілкі паліцыі аказаліся бясплоднымі для выкрыцця Літоўскага аддзела. Вільня нашая малая, сцяснёная, з развітым (трэба прызнаць), як ва ўсіх меншых гарадах, пляткарствам, без добрай волі жыхароў, якія працівіліся ўсякім справам маскоўскай паліцыі, усе даўно, а дакладней у самых пачатках былі б высачаны, а тым больш Францішак. Горад ведаў, якую ён займае пасаду. У першыя часы ён сам адзін быў галоўнай апорай для грамадства, ён падае думку арганізацыі і супольнай працы ўсяго краю і ўсіх пластоў яго. На працягу ўсяго часу паўстання, г.зн. да рассейвання ўсёй нашай сям'і, дом наш быў поўны людзей, роўна як з белай партыі, так і руху. Вазы вясковыя і гарадскія вечна стаялі перад брамай.

Уся наша сям'я была заўсёды пад наглядам паліцыі. Яшчэ за губернатарствам [127] Назімава [128] доўгі час два жандары стаялі ў сенях, але гэта не ўплывала на ход нашага жыцця. Планіроўка памяшкання была дасканалая. Наставілі шпіёнаў, каб сачыць кожны крок Францішка. Выклікалі яго неаднаразова для адказаў на пытанні, чым займаецца? дзе бывае? каго ведае? і г.д. Адказы Францішка нічога ім не давалі. Жыхары горада ведалі ўсю нашу сям'ю, калі не асабіста, то наглядна, падалі ў той час вялікі довад сваёй да нас зычлівасці. Імя і заслугі Францішка былі яшчэ ў памяці віленцаў, цанілі яго і сачылі за яго бяспекай. Колькі разоў з кола габрэяў, рамеснікаў і нават вулічных хуліганаў прыходзілі перасцярогі і падказкі, якія і дзе высочваюць яго агенты і шпіёны, але і тыя не заўсёды былі вернымі ўраду.

Габрэі найбольш з нядолі, для кавалка хлеба займалі гэтыя ролі, не ведаючы, што за імі самімі пільна назіралі праз іхніх аднаверцаў, якія перасцерагалі Францішка, заўсёды ў час.

Маскоўскі ўрад мусіў сабе даставіць з Расіі, выхаванага імі шпіёна, афіцэра Гаеўскага. (Мелі здраднікаў са страху за ўласнае жыццё, такіх як Парафіновіч, Кушалеўскі, Купсць, доктар Дзічкоўскі і некалькі яшчэ іншых няшчасных, але не мелі шпіёнаў па прафесіі). Гэты Гаеўскі прыбыў у шпіталь сясцёр міласэрнасці [129] як хворы. Прадставіўся сястры Анелі [Гаеўскай] яе племеннікам, адданым у кадэцкую школу ў дзіцячыя гады, якога яна не ведае. Звярнуўся да яе са слязамі, каб выстаралася яму пропуск у паўстанцкі лагер. Хоча змагацца, хоча памерці для змыцця ганьбы, што датуль служыў ворагам Бацькаўшчыны. Бедная Анеля паверыла.

Сёстры Францішка Юзэфа, Тэкля і нават нашая малая Ксавера звычайна адвозілі ўсялякія паперы сёстрам міласэрнасці Ганне Дамброўскай або Анелі Гаеўскай.

Калі Тэкля прыбыла на вуліцу Савіч да сясцёр, Анеля сумела вымаліць абяцанне, што тая звернецца да Францішка, каб атрымаць тое, пра што прасіў плямяннік. Гэта ўсё падалося Францішку моцна падазроным, адмаўляўся, паддаўся аднак меркаванням, што за столькі ахвярнасці з боку сясцёр, трэба адплаціць узаемным даверам.

У дзень, прызначаны на спатканне Францішка з Гаеўскім, схаваная паліцыя ўжо чакала.

Маскоўскі ўрад патрабаваў доказаў віны, арыштаваўшы Францішка без іх, на прызнанне яго не мог разлічваць (яшчэ з 1848 года ў Вільні быў Галер, які ведаў і памятаў паводзіны Францішка на камісіі), а ў ліку арыштаваных да таго не знайшоўся ні адзін голас, які сведчыў бы супраць Далеўскага, а тым больш абвінавачваў бы яго. Пры ператрусе не знайшлі пропуска, укладзены быў у канверт з фатаграфіяй нарачонай Ф[абіяны] Д[ыбоўскай]. Яна яго аберагла. У рукавічцы было 500 рублёў, прызначаных для Гаеўскага. Грошы забралі, рукавічку кінулі на стол, з канверта вытраслі фатаграфію, пропуск на танюткай паперы прыліп і застаўся ўнутры канверта. Пасля ўступнага допыту і асабістага вобшуку Францішак, выходзячы халаднакроўна пацягнуўся па рукавічку, якая ляжала на канверце. Забраў адно і другое. Пасля выхаду зжаваў і праглынуў пропуск. Таму не меў Мураўёў ніякага доказу яго віны. Сумленныя манашкі не прызналіся, каму належалі знойдзеныя пры ператрусе паперы.

Францішка затрымалі і пасля двух гадоў вязненне асудзілі на дваццаць гадоў цяжкіх работ [130] на падставе: "Так как слухи говорят. что он был членом Жонду Народовего, так как яго шурин был Сераковский и так как он уж был прежде осуждён на 15 лет" и да т.п. [131] Такі ж лёс спаткаў абедзвюх манашак, прыяцелек і таварышак у дзіцячых гадах нашай дарагой маці.


Тэкля 10 ліпеня ў дзень зняволення Францішка вярталася з урока музыкі дадому без ніякіх кепскіх прадчуванняў. Ёй насустрач выбегла Ксавера з перапужаным тварыкам:

- Тэкля не ідзі дадому! Уцякай! Уцякай куды-небудзь, схавайся - шукаюць цябе. Францішак, Аня, Анеля арыштаваныя. Гаеўскі быў шпіёнам, засланым паліцыяй!

Тэкля затрымалася як бы скамянелая. У яе галаве праляталі думкі, куды пайсці? Што рабіць? Столькі маем сяброў! А, аднак, у тую хвілю як жа свет ёй падаўся пустым! Нікога ў думках не бачыла і нідзе не магла схавацца. Несвядома звярнула ў бакавую вуліцу і ішла ўздоўж наперад і таксама несвядома стала перад мурам Бакшты [132], даўнім жыллём братоў, дзе ў 1848 годзе іх адведвала. Ах так! Тут сёння жывуць (прыгадала сабе) старыя сібіракі, сям'я Тамаша Булгака ў ніжніх пакоях, дзе некалі жыла сям'я Ходзькаў. Адчыніла брамку, прайшла ўвесь сад з адной думкай, якая білася ў мазгах, што скажу? Як буду тлумачыць, калі зняволяць, каб не заплакаць, не пагубіць іншых? Ані ў адну хвілю не падумала пра сябе. Запірацца? Ці прызнавацца? Ён адзін толькі пакутаваць будзе. Але тут Францішак, Ганна, Анеля, знойдзеныя паперы. Што ў іх было? Можа згуба для многіх!

Пані Тарэса выйшла ёй насустрач. На словы жалю, трывогі адказала пацалункамі, абдымкамі знямоглай. Завяла яе ў бакавы пакой. палажыла спаць. Тэкля спаць не магла. Была ўвесь час з думкамі, а хутчэй з адной, што скажа. каб не размінуцца з прызнаннямі брата і манашак.

Пані Тарэса не спала таксама. Яна разумела Тэклю, праходзіла ўжо цяжкую дарогу, зняволенне, двухкратна Сібір [133]. Пасярод ночы стала над ложкам Тэклі. Высокая, худая, звыкла бледная, з дабразычлівым разумным выразам твару. У адной руцэ трымала свечку, у другой разгорнутую "Біблію".

- Не спіш Тэкля? Трывожныя думкі сон табе ад вачэй адганяюць, і я заснуць не магу. Думала пра цябе, пра вас. Адгарнула Біблію, што яна табе варожыць? Глядзі! "На бурах, муцы і трывозе даплывеш да спакойнай даліны!" Супакойся, даверся Богу. Ён нас не пакіне. Прышле табе натхненне. Вяртайся дадому, там цябе павінны застаць - унікнеш новых высвятленняў, дзе была? з кім? або ў каго? У любым выпадку цябе знойдуць і зняволяць. Дзе ж бы ты, бедная, доўга магла хавацца?


Тэклю пасадзілі таксама як Францішка і сясцёр міласэрнасці ў цытадэлі. За ўваходам у лёх ударыла яе застаялае, гнілое паветра, цемната амаль поўная, бо слабое святло, якое прабівалася праз вузкае, коса выбітае ў тоўстым муры акенца, не магло прабрацца ўнутр. Ступіла некалькі крокаў далей - стаяла нешта збітае з дошак, што мела ўдаваць ложка са змятай непрыкрытай саломай, столік і крэселка. Дрыжала як у ліхаманцы з холаду? ці з трывогі? Першы погляд вока паказаў ёй усю жудасць становішча. Магчыма, тут у гэтай халоднай, вільготнай цямніцы будзе праводзіць яна дні, тыдні, а можа цэлыя гады? Але заміж адказу запанавала адна і тая ж самая страшная думка над усім, што перад тым адчувала. Што сказаш? Як тлумачыць будзеш, каб ад тваёй віны ніхто не пацярпеў?

На працягу некалькіх дзён не выклікалі яе на камісію. Тыя першыя дні для вязняў ёсць сапраўднай мукай, з-за пастаянна паўтаранага ў думках пытання, якое турбавала нашую бедную сястру. На трэці дзень, калі праходзіла калідор, нехта ўсунуў ёй у руку паперку са словамі: "Гавары, што па просьбе сястры Анелі схіліла брата, каб яе кузіна Гаеўскага пазнаёміў з горадам і яго ваколіцамі. Так гавораць Францішак і абедзве сястры". Новая трывога, ці гэта не подступ камісіі? Атрымала неўзабаве другую цыдулку тога ж самага зместу, а таксама параду, каб пасля папярэдняга допыту прасілася пра перавод у шпіталь з-за нездароўя, г.зн., ёй будзе лепей і здаравей. Цыдулка была падпісана літарай F. Ужо не сумнявалася. Гэта пісаў і раіў брат Францішак (меў адметны, уласцівы яму спосаб пісьма).


Тэкля прабыла ў цытадэлі больш за год. У той час у выніку здрады доктара Дзічкоўскага зняволілі Цітуса Далеўскага, Канстанціна Каліноўскага, Тэклю Зяновіч і Сыракомліху. Дзічкоўскі сказаў камісіі, дзе і ў які час можна застаць Цітуса. Не ведаў толькі, пад якім прозвішчам Цітус хаваўся, тую паслугу аказала паліцыі Сыракомліха, з'явіўшыся ў хвілю, калі ў яе жыллі арыштавалі Цітуса і Зяновіч, якая ў яе жыла. Гэтая апошняя была вядомая сваім высакародствам, гераізмам і патрыятызмам. На другі дзень пасля зняволення высакародная Тэкля Зяновіч прыслала цыдулку Сыракомлісе, каб не выдавала на пэўную смерць Цітуса, адзінага ўжо з той усёй шматлікай сям'і: каб адклікала свае першыя прызнанні, тлумачачы вялікім падабенствам Маеўскага (пад гэтым прозвішчам у той дзень хаваўся) да Цітуса, якога ведала шмат гадоў назад. Сыракомліха на пацвярджэнне сваіх прызнанняў і тую запіску перадала ў рукі камісіі.

Калі Цітус, прыведзены з падземнага лёха, з вачыма, якія іскрыліся з голаду і мукі, выпацканы ў гразі і пяску, стаў для астатняй з ёй вочнай стаўкі, падбегла. крычучы: "Што ж гэта ўчарнеў пан у надзеі, што не пазнаю. О, пазнаю і я, і дзеці мае. Скажыце, ці ведаеце гэтага пана? Дзеці адказвалі нават па-расейску (Цітус і Каліноўскі па чарзе прыстройвалі іх у школы, у памяць пра іхняга бацьку). "Тит Далевский", - а праз дзесяць дзён таксама сведчылі: Константин Калиновский", - пацвердзілі, што скарысталіся з урокаў расейскай мовы. Дзеці малыя, нявінныя - ішлі бедныя за злым прыкладам маці.

Бог добры, справядлівы забраў нашага шляхетнага сардэчнага Людвіка [Сыракомлю] перад той ганебнай хвіляй. Няшчасная гэтая кабета выдала на смерць нашага брата, а праз усе гады жыцця з мужам была яго з'ядаю і пагружала яго тым у хваробу, якая прыспешыла яго смерць.


Дня 31/12 1863 года - яўрэйчык, выкліканы ў шпіталь для рамонту разбітага акна, павернуты плячамі да зняволеных напаўгаворачы, напаўмармычучы, без павароту галавы сказаў: "Сумная вестка. Сёння а восьмай расстралялі Цітуса Далеўскага" [134].

Словы гэтыя ўвагналі Тэклю ў доўгую, цяжкую хваробу, была блізкая да вар'яцтва.

Пад канец другога года зняволення, пасля заканчэння допытаў перавялі яе ў памісіянарскія муры [135]. Як жа добра былі яны ёй знаёмыя. Якім жа неміласэрным ёсць людскі лёс.

Муры гэтыя ў перадпаўстанцкія часы служылі майстэрняй для мастакоўжывапісцаў. Найдаўжэй там жыў стары Адам Шэмеш (згаданы Фелінскай у запісках) [136] і Эльвіра Андрыёлі.


Вільня ў тыя часы была такой жа ахвярнай, як і Варшава. Былі там адзінкі гатовыя да вялікіх ахвяраў, але наогул у 1858-1859 [гадах] паводзіла сябе абыякава, не спяшалася з хлебам і соллю прыняць бадзягаў, якія вярталіся з Сібіры. Маладзенькі ў той час Андрыёлі, заўсёды кампанейскі і гарачых пачуццяў, ламаў сабе галаву, як запабегчы бядзе, не звяртаючыся да ласкі грамадства, якое само з уласнай ініцыятывы не пачувалася абавязаным спяшацца на ратунак. Прыйшоў у канцы да смутна-арыгінальнай думкі. (Была гэта сапраўдная насмешка лёсу з тых бедных пакутнікаў). Задумку тую выконваў у вялікай таямніцы для ашчаджэння ім болю і змірэння. У ліку вернутых выгнаннікаў былі такія, чые крэўныя вызначаліся вялікай заможнасцю.

У тыя часы Вільня рыхтавалася да дэманстрацыйнага прыёму цара. Абвешчаны конкурс на падрыхтоўчыя работы, як то: маляванне транспарантаў, двухгаловых арлоў і да т.п. рэчаў. Нягледзячы на сорам і прыніжэнне, што такі першаразрадны мастак бярэцца за такія пасрэдныя работы, у сакрэце перад нашай сям'ёй і перад усімі, Андрыёлі прыняў удзел у конкурсе і атрымаў працу. (Ссыльныя апавядалі нам пра тое пазней).

Андрыёлі, паставіўшы кублы з фарбай чорнай, белай, жоўтай і чырвонай пасярэдзіне велізарных залаў узброіў сібіракоў пэндзлямі, сам узяўся за накіды двухгаловых арлоў, каб яны маглі пацягнуць іх адпаведнымі фарбамі. Тым спосабам зарабілі каля некалькіх тысяч рублёў.


Бедная Тэкля, ці ўваходзячы ў тыя муры стаялі перад вачыма яе вобразы і вясёлыя хвілі, там так нядаўна праведзеныя, калі наш любімы стары Шэмеш арганізоўваў там для нашага адпачынку пры дапамозе Эльвірыя Анд[рыёлі] жывыя карціны з твораў Сыракомлі і тацавальныя забавы з "Вяселля ў Айцове" [137], дзе, як арганіст Сыракомля выступаў у першай пары з нашай сястрой Юліяй Беркман, а Беркман, Карловіч, Лыка і Маркоўскі складалі наш аркестр. Кракаўскія строі, прыпеўкі, шчаслівая моладзь, развясёленая (у тым ліку нашыя дарагія браты Канстанцін, і Цітус, і Аляксандр з дабратой і паблажлівасцю прыглядаліся да нашай забавы), дасціпныя імправізацыі з нагоды Сыракомлі і поўныя дасціпу Міхала Беркмана. Тут ўзнік зварот да песенькі:

Узлез коцік на плоцік

і мурлыкае.

Прыгожая песня і невялікая.

Мы таму хітраму коціку

самі паможам мурлыкаць

на плоціку.

і г.д." [138]


І тая апошняя прыгожая мазурка, дзе Эльвіра Андрыёлі ў першай пары з Ксаверай. Як жа яны абое прыгожа выглядалі! Андрыёлі - гэта італьянскі тып, з палымянымі вачыма, у кракаўскім строі і гэтая, нашая, прыгожая, ружовая бландыначка ў вяночку з палявых ружаў, напалову шчаслівая, напалову засаромленая тым, што ўсе спынілі танец, каб на іх паглядзець і абдарыць воплескамі.


Некалькігадовае зняволенне і страшныя этапы адабралі ў Тэклі здароўе на ўсё жыццё. Пад Вялікдзень 1865 года выправілі з Вільні некалькі вялікіх партый у Сібір, у тым ліку былі Францішак Далеўскі, Тэкля і абедзве сястры міласэрнасці Ганна Дамброўская і Анеля Гаеўская, а апрача іх таксама шмат прыяцеляў і знаёмых нашай сям'і. Пасля прыбыцця ў Маскву з-за перапоўненых этапаў сагналі вязняў на вялікі, адкрыты пляц, дзе мусілі чакаць - стаяць, сядзець або ляжаць на вільготнай зямлі ад раніцы да ночы без ніякай кармёжкі.

Перад ноччу пасля вызвалення Цітаўскіх казармаў [139], сказалі партыі перайсці праз падворак, які меў такі жудасны выгляд, што Дантэ нават нічога падобнага не намаляваў у сваім пекле. Партыю загналі ў лёхі пад казармамі. Пры слабым мігатлівым асвятленні паражаў зрок шэраг калон, якія падпіралі скляпенне, пры кожнай калоне стаяў кубел для нечыстот. Паветра жудаснае, нары наўкола.

Тэкля здранцвела са стомы пасля дарогі, пасля нядаўна адбытай хваробы і пасля страшнага ўдара (смерць Цітуса), упала на нары ў нейкім найглыбейшым куце, закрыўшы вочы абедзвюмя рукамі палажыла галаву на падарожны клуначак. Адно толькі мела жаданне: нічога не бачыць, нічога не чуць, нічога не адчуваць.

Было ўжо каля паўночы. Кожны лёг, дзе мог, не думаючы ані пра тое, дзе знайходзіцца, ані пра тое, куды ідзе, не памятаючы пра час і месца.

Раптам нейкі прыцішаны шолах, рух, потым пасяродку казарменнага падзямелля разлягаецца цудоўны, скіраваны ў неба хор жмудзінаў: "Вясёлы нам сёння дзень настаў" [140]. Людзі тыя святыя, выгнаныя з сядзіб сваіх папаленых, зраўнаваных з зямлёю, пазбаўленыя ўсяго, якія неслі на руках бледных, змучаных немаўлят, падтрымлівалі хворых старых - сёння гэтыя людзі адны не забылі пра Бога, не забыліся ўшанаваць Хрыста словамі "Алялюя"! Сабраныя ў грамадку, укленчыўшыя, з рукамі і вачыма ўзнесенымі да неба. Усе без розніцы веры мужчыны і жанчыны выбухнулі адным вялікім плачам.


Партыя прабыла ў Ціткоўскіх казармах каля чатырох месяцаў. Тэлеграмы адусюль паведамлялі, што паўсюдна этапы былі перапоўненыя, трэба чакаць іхняга апусцення.

Таму, што Тэкля перажыла і ператрывала тыя цяжкія выпрабаванні, удзячныя мы сардэчнай, спачувальнай апецы і клапатлівасці пані Кяльчэўскай, якая ў той жа час была выслана з усёй сям'ёй. Сваякі Зяновіча, сям'я губер[натра] мас[коўскага] - Тучковы, а менавіта Абаленскія паведамленыя шаноўным князем Суворавым, што ў этапе знаходзіцца Далеўская, якой сястра была жонкай Серакоўскага, адведвалі яе часта, прысылалі са сваёй ліўрэйнай службай прысмакі на прыгожых падносах, якія хворая Тэкля есці не хацела, але была радая, што яе таварышы па падарожжы маглі паесці. Князю Абаленскаму ўдзячныя былі палёгцы, што далейшая дарога магла адбывацца коньмі. З той палёгкі скарысталіся шаснаццаць жанчын, а было гэта для іх вялікім шчасцем, бо калі для мужчын этап быў мукай, то чым жа ён быў для жанчын? Яны праходзілі дантаўскае пекла ў найагіднейшых формах і вобразах.

Праўда, партыі, што гналі з Літвы, складаліся пераважна з інтэлігентаў, якія ўмелі адчуць роспачлівае становішча кабет (а былі ў іх ліку дзяўчаткі гадоў па пятнаццаць).

Але чым мужчыны былі больш субтэльныя ў адчуванні іхняй сарамлівасці і прыгнечанасці, тым яны больш цярпелі. Сярод маскоўскага салдацтва, сярод той дзікасці, можа быць, адчувалі сябе, як сярод зборышча звяроў. Два прозвішчы ўспамінала Тэкля з удзячнасцю Горскага і Дзяжбіцкага. Хаця ўсе без выключэння былі добрыя і людскія. Прыпамінала, як бедакі на этапах здымалі з сябе армякі [141], каб з іх рабіць заслоны для жанчын; як сачылі за тым, каб ні адзін жарт або брутальнае слова не абразілі пачуццяў тых бедных кабет, як клапатліва выбіралі для іх найлепшыя куткі і да т.п.

У той час высылалі літоўскіх маршалкаў за непадпісанне адрасу Мураўёву [142]. Калі выходзілі з казармаў у шматлікіх шэрагах нашай моладзі з песняй на вуснах "Яшчэ Польска не згінэнла..." і т.д.

Натоўпы жыхароў Масквы - пешых, арыстакратыя ў павозках, сабраліся, каб паглядзець на тых "метежников" [143] з выказам інтэлігентным, шляхетным, поўным годнасці і павагі, тым постацям, узнёслым, боскім. Натоўпы крычалі: "Удивительный народ" [144] Павозкі з маскоўскай арыстакратыяй суправаджалі партыі да наступнага пастою.

Тэкля гаворыць, што сёння яшчэ паўстае ёй часамі перад вачыма вобраз партыі пасля трохдзённага знаходжання пад замком. Твары жоўтыя, амаль зялёныя, вочы запалыя, хістаюцца, як бы пад уплывам алкаголю.

Прывезлі Тэклю ў Іншар [145], дзе яна застала шмат знаёмых, а менавіта Напалеона Яленскага, які дзесяць гадоў назад за пададзеную просьбу пра адмену паншчыны і вызваленне сялян быў сасланы на Каўказ, і Яна Вішнеўскага з сям'ёй.

Пачцівыя выгнанцы арганізавалі для яе, на колькі ў тых умовах было мажлівым, пакойчык з камфортам. Пасля вязніц, пасля этапаў, на тле трагічных лёсаў цэлага Краю і нам найбліжэйшых прыяцеляў побыт у Іншары, далёка ад віду перажытых жудасцяў мог падацца месцам перадыху. Праз год Тэкля пакінула яго, каб дзяліць мой самотны на бязлюддзі лёс у Баравічах [146], адкуль стараннямі князя Суворава перасялілі нас у Пецярбург, у Самару [147], а ў канцы пасялілася са мной у Варшаве да выхаду замуж за Людвіка Еніке. Жыццё пад апекай гэтага высакароднага, разумнага і далікатнага чалавека мусіць Бог прызначыў ёй як узнагароду за ўсе перажытыя мукі і трывогі. Была шчаслівая. Гэтага чалавека яна магла глыбока кахаць і шанаваць.

Мураўёў выслаў нашую маці, а таксама сясцёр Юзэфу, Зузанну (Турскую) і Ксаверу [148]ў Кунгур [149], дадаючы поўныя міласэрнасці словы: "Няхай жа тая маці, якая выхавала гэтых бунтаўшчыкоў, сядзіць пры дарозе, якая вядзе да цяжкіх месцаў пакарання: няхай глядзіць, як яе сыноў, сваякоў, прыяцелеў, закутых у кайданы, будуць гнаць, як быдла на рэзню". Так тут няшчасная атрымоўвала ад тых шэрагаў, закутых у кайданы, тысячы выказаў пашаны, прызнання і гонару. Дабраслаўляла іх святым крыжам і праводзіла гарачай малітвай, каб Бог падтрымаў іх у нядолі і вярнуў на родную зямлю.

Аднаго дня прайшла праз Кунгур без доўгай затрымкі партыя, у якой былі абедзве нашыя пакутніцы, сёстры міласэрнасці Ганна Дамброўская і Анеля Гаеўская. Да іх трэба прымяняць слова "пакутніцы". Калі ўсіх, якіх гналі ў Сібір , без зважання на ўзрост, агульначалавечыя заслугі і адукацыю, штурхаючы, падганяючы, то манашкі сталіся мэтай такіх жудасных падходаў і заігрыванняў салдацтва, жандармаў і афіцэрства, што толькі, мабыць, цудоўная моц з неба ўзброіла іх і падтрымала, што не пасягнулі яны на сваё жыццё. Дзе яны аказаліся? Што з імі сталася? Не ведаем. Не маглі мы пра іх атрымаць ад ссыльных ніякіх пэўных вестак.

Абцяжараныя кайданамі, у шэрых катаржных сукманах, бледныя, вымучаныя валакліся, спатыкаючыся, як Хрыстос несучы свой пакутніцкі крыж. На від нашай маці Ганна падняла чорныя, выразныя свае вочы, якія іскрыліся ў гарачцы. Выраз твару гаварыў пра зацятасць у болю, у пакуце. Кіўнула галавой у бок маці. Вочы іх спаткаліся, пасля чаго зноў уперлася перад сабой на дарогу.

Анеля - тая таўстушка, свежая, ружовая. Што з ёю сталася? Пахілілася. згорбілася, з галавой нізка на грудзі апушчанай, прыгнечаная. збялелая. Не адважылася паглядзець у вочы маці. Ганна ёй не прабачыла, і яна сама сабе прабачыць не магла здрады плямянніка. (Так яна думала, а ў сапраўднасці быў гэта шпіён у ролі яе плямянніка).

Працягнулася і партыя, у якой быў Францішак. Не дазволілі яму падысці да маці, хаця ўсім чужым не забаранялі. Прывітала яго на этапе і ўручыла нейкую ашчаджаную на тую мэту суму грошай. Радавалася, што згадзіўся ўзяць, што яму там у Сібіры прыдадуцца для запачаткавання жыцця. Хутка даведалася, чаму яму твар так раз'ясніўся, калі браў грошы з яе рук.

Былі гэта дні пякельнай гарачыні. Цяжкія катаржныя сукманы былі сапраўдным катаваннем для прыгавораных. Балела Францішку, што тым пакутам не можа дапамагчы.

Аж тут раптам, як з неба, з рук маці, зусім неспадзявана трапляе яму ў рукі дастатковая сума, каб прыадзець тых у партыі, якія не мелі, у лёгкія кашулі. Выстараліся на трохі даўжэйшы побыт у Кунгуры, што было мажлівым, бо чым далей, чым глыбей у Сібір, тым быў лепшы люд, тым улады былі больш паблажлівыя, а дакладней больш спачувалі палітычным.

Каханая, высакародная Фабіяна Дыбоўская пры развітанні клапацілася, як сястра (бо з нас нікога ўжо ў Вільні не было), апранула Францішка ў чорны, лёгкі, непрамакальны ангельскі плашч.

Таварышы апавядалі, што ўсю дарогу Францішак меў твар спакойны, амаль вясёлы, дадаваў ім адвагі, жартаваў з сябе, што правёў канікулы на Літве, а цяпер вяртаецца ў свой дом у Сібіры. У Кунгуры купіў вялізарны самавар, каб хапала гарачай, калі не гарбаты, то хоць вады для партыі, даводзіў, што гэта абавязковае для бяспекі ад тыфу.

Усе кунгурцы вырушылі на Табольскую дарогу. І маці нашая з дочкамі стала пры дарозе, каб хоць поглядам яшчэ раз, можа, апошні развітацца з сынам.

Францішак на выгляд маці, якую шанаваў, як святую, выбраўся з калоны, упаў перад ёй на калені, схіліў галаву да яе ног, каб іх абняць, пацалаваць. Калі падняў яе, твар быў смяртэльна бледны - маці прытуліла тую галаву да грудзей без енку, без плачу, без нараканняў.

Партыя рушыла ў далейшую дарогу. Доўга яшчэ стаяла маці, углядваючыся ў тую шэрую, павольна сунуўшуюся калону, сярод якой віднеўся чорны плашч сына.


Як жа адрознівалася гэтая дарога ад першай, чатырнаццаць гадоў назад. У той час малады, поўны веры і энергіі, поўны запалу да працы, якая вядзе да любімай мэты, ішоў побач з братам не толькі па крыві, але і з братам па духу. Суправаджала іх надзея і вера, што патрафяць ператрываць, перамагчы ўсякія запоры. што вернуцца да сваіх братоў, каб разам з імі працаваць.

А сёння? Усё адступілася ад яго, пакінула яго, нічога яму не засталося. Найдарожэйшыя, найбліжэйшыя яму пайшлі з гэтага свету, або раскіданы, як павялыя лісты па далёкім свеце. Край знішчаны, таварышы па працы памардаваныя, або валакуцца той самай дарогай, каб ужо ніколі не вярнуцца на радзіму. Маці на старасці гадоў закінута на мяжу Сібіры, Аляксандр мёртвы, Тэкля ў Іншары хворая, змучаная. Дзе Апалонія Серакоўская, не ведаў, Цітус забіты. Смерць гэтага апошняга, як сам гаварыў, як прызнаваўся з болем Францішак, была найбольш балючым ударам. На яго ўскладаў старэйшы брат усе свае надзеі, ён меў у будучыні быць носьбітам дарагіх яму ідэалаў. Верыў у моц, у здольнасці, у энергію Цітуса, што ён падыме, выдабудзе з друзу мэту жыцця старэйшых братоў, загоіць раны і распачне новае жыццё. Ён - Францішак - ужо не вернецца, ужо не стане да працы там, дзе вызначаў месца малодшаму брату. Дваццаць гадоў катаргі! Гэта больш, чым цэлае жыццё чалавека!

Сіла думкі, сіла любові да Айчыны не аслаблі, але сіла жаданняў вытрымкі, падтрымкі жыцця знікла. Хацеў смерці - прагнуў яе як найхутчэй - бо для чаго прадаўжаць тое жыццё?! Лічыў сябе [нечытэльна] для Краю непрыдатным. У хвілях барацьбы - ламання духу сумлены, шляхетны Мар'ян Дубецкі, як анёл Божы стаяў пры ім, не пакідаў яго. Хвароба сэрца і астма, якія праявіліся яшчэ ў Краі, без асцярожнасці, развіліся ў Сібіры. Такі стан трываў да маніфесту. Прыехаў у водпуск у Варшаву на тры месяцы. Ажыў. Апрытомнеў. Умацаваў сябе [150].

Дазволілі яму выбраць месца пасялення ў Расіі без права вяртання ў Край. Я з вялікім страхам думала пра тое і рабіла ўсялякія магчымыя старанні праз прыяцелеў мужа ў Пецярбургу, у Вільні, праз губернатара ў Варшаве. Усюды чула адзін адказ: "Далеўскі мае вярнуцца? Няхай дзякуе Богу, што яму пакінулі жыццё". Была знявераная, бо ці ж для Францішка жыццё бясчыннае, бязмэтнае ў Расіі магло мець якую-небудзь вартасць?!

Раптам найнеспадзявана атрымоўваю дэпешу з Пецярбурга: "Брат пані вяртаецца ў Варшаву з усімі правамі". Была шчаслівая і азадачаная, адкуль тая раптоўная змена. Дзякуючы старанням шляхетнага і вернага прыяцеля, калегі са школьных гадоў доктара Фелікса Рымовіча Францішак атрымаў вольнасць. Доктар Фелікс Рымовіч атрымаў Францішка ў падарунак ад свайго пацыента Чарэвіна, п'яніцы, "телохранителя" [151] цара Аляксандра ІІІ.

Пан Фелікс скарыстаўшыся з незвычайна добрага гумору Чарэвіна прасіў яго пра вызваленне Францішка царскай ласкай.

- Кто он таков? Как его фамилия? - пытаўся.

- Далевский.

- Старик или молодой?

- Около 50 лет.

- Богат?

- Бедный.

- Так бери его себе - нет опасности. Что же может сделать бедный человек? Не будет иметь никакого влияния! [152]

Францішак вярнуўся [153]. Ажаніўся ў Ноўгарадзе з полькай Амеліяй Сакалоўскай. Жонка, дзеці ажывілі яго. Кахаў яе больш за жыццё. Мусіў сабраць усю волю, каб нягледзячы на хваробу, якая з кожным днём падточвала сілы, працаваць для здабыцця хлеба для сям'і.

Ад дня вяртання на працягу дваццаці гадоў працаваў цяжка, без адпачынку. Не было гэта справай лёгкай для чалавека, які праз усё жыццё імкнуўся да вялікіх мэтаў, рысаваў шырокія планы грамадскай працы, пачувацца шчаслівым, праводзячы жыццё над мёртвымі рахункамі ў канторы Дамброўскай чыгункі. Месца гэтае атрымаў дзякуючы Блоху (праз Л. Еніке). Радаваўся, аднак, атрыманай пасадзе. З нагоды дасягнутага ўзросту пасля дваццаці гадоў быў звольнены. Чыгунка перайшла ў рукі ўраду.

Калі Францішак быў добрым братам для малодшага сямейства, то лёгка сабе ўявіць, якім быў бацькам для сваёй дзятвы. На выгляд разрадаваных тварыкаў дзяўчатак, якія выбягалі на яго спатканне, нягледзячы на стому пасля доўгіх гадзін працы і доўгай пешай дарогі ад Саскага парку да Фраскаці, дзе найдаўжэй жыў, нягледзячы на змучанасць, твар яго раз'ясняўся, гладзіў малыя галоўкі, туліў, даваў сябе валтузіць, лезці на фатэль, на якім спачываў, на калені, шчабятаць, апавядаць пра свае радасці і жалі.

Кожная фраза, кожнае слова да іх сказанае, мелі думку прышчаплення ў тых маленькіх душачках асноваў праўды, дабрыні і справядлівасці.

Я не чула ніколі з вуснаў яго слова асуджэння нават для найгоршых людзей. Заўсёды знайходзіў нешта для іхняга апраўдання, дурнаватых і пустых пазбягаў, для асабістых непрыяцеляў [меў] словы прабачэння.

Ён сам навучыў сваю дзятву першай малітве, як яго вучыла яго абагаўлёная маці; ля яго калень дзятва адмаўляла малітву Божую.

Часамі, асабліва ў апошнія гады, у размове з сям'ёй пераносіўся ўспамінамі ў гады маладосці. Твар яму разрумяньваўся, калі гаварыў пра Літву, пра яе лясы, палі, пра засеянае збожжа, пра вясковых людзей. Любіў жартаваць, што як жонка выйграе ў латарэю (мела адну прэміёўку [154]), купяць на Літве невялікую калонію і будуць з дзецьмі сярод люду працаваць.

Я няраз думала, што ў тых умовах ён знайшоў бы ў гэтым большае задавальненне, чым ў канторскай працы. Вучыў бы люд жыць чэсна і шчасліва, задавольвацца малым. Я апавяала яму, што моладзь, якая ў той час збіралася ў маім доме, прагне з ім пазнаёміцца, рада была б пачуць яго парады і ўказанні, прасіла іх шмат разоў. Падзяліся з імі, і для іх, і для цябе будзе тое добра. Не, ты мыляешся - гаварыў - мусяць яны самі знайсці дарогу выхаду з цяжкасцяў. Кожная эпоха мае заданне для выканання - калі ёсць патрэба, знойдуцца і людзі адпаведныя той патрэбе.

Апошнія восем гадоў быў зноў сабой даўнім. Абтросся ад немачы духу. Жыў у коле сям'і, даўніх прыяцеляў (хаця іхні лік пастаянна змяншаўся, смерць забірала аднаго за другім) і былых сваіх таварышаў па канторскай працы (менавіта адданым, сардэчным аказаўся Фрыдляйн [і] яго сям'я). Атачалі яго пашанай і верай. Пры з'яўленні чужых плыняў і заклікаў спяшаліся да пана Далеўскага па параду і ўказанні.


Францішак у час паўторнага побыту ў Сібіры паддаўся перад сілай роспачлівых пакут душы. Сумненне пхала яго да прагнення забыцца ў смерці, пагружала яго ў доўгую, цяжкую хваробу, але ён ніколі не перастаў быць верным мэтам, акрэсленым у маладосці. Ніколі не аслабла яго вялікая любоў да Бацькаўшчыны. Розум, памяць (надзвычайная), хуткае меркаванне пра рэчы, пачуццё праўды і справядлівасці ніколі яго не пакідалі да хвіліны смерці.

Да канца цікавіўся інтэлектуальным рухам сярод нашай моладзі. Любіў яе так, як бы хіба мог любіць уласных сыноў. На іх від твар яго прамяніўся жыццём. Верыў у яе, верыў, што большасць заўсёды імкнецца да добрага, хоць не раз рабіла памылкі, але паводле яго, яна толькі ў стане выправіць тыя памылкі - не сёння, то заўтра. Любіў моладзь, любіў да яе прыслухоўвацца, глядзець на яе.

Хвароба сэрца і астма хутка развіваліся. Што дзень была відна змена ў арганізме. У апошнія гады быў дзіўна заглыблены ў сябе. Пра што думаў? Калі пыталася - смутна ўсміхаўся. Што думаў пра лёсы Краю? Ці пра дзяцей? Ці пра блізкую смерць. Чытаў надзвычай шмат, да апошняй хвілі цікавіўся грамадскімі справамі ў Краі і ўва ўсёй Еўропе.


С>мутна глядзець на чалавека, душа якога жыве поўным жыццём, думка ясная, лагічная, пругка рушыць наперад з часам; а цела адстае, паступова замірае, слабне.

Размаўляючы з ім у апошнія часы пра Спасовіча. пра згоднікаў [155], пыталася, што ён думае пра супольнае з Расіяй жыццё?

"Ні сёння, ані праз сто гадоў поўнай супольнасці быць не можа і не будзе. Уся мінуўшчына Польшчы і Расіі будзе таму перашкодай. Сёння не маем паміж сабой нічога агульнага. Праз доўгія гады можа дайсці толькі да побыту федэратыўнага. Кіраўніцтва будзе належаць да найбольш здольнага народа са славян. Якога? Сёння прадказаць цяжка. Польшча не згіне, ператрывае, перацерпіць яшчэ многа, пройдзе, можа, праз доўгія гады выпрабаванняў, але ператрывае, жыць будзе".

У апошнія дні жудасна пакутаваў. Не скардзіўся, не прасіў ратунку. Сядзеў у сваім любімым фатэлі з рукамі сплеценымі, як да малітвы, з выразам адрачэння, як бы размалення душы.

Апошнюю найдаўжэйшую размову, перад смерцю, правёў з п[анам] Міхалам Грыбоўскім, якога высока цаніў, і які пакінуў пакой Францішка ўзрушаны, са словамі на вуснах: "Сапраўдны хрысціянін".

Дзіўнае супадзенне, падобны выраз прамовіў каплан, выходзячы ад Аляксандра ў 1862 годзе.

Францішак памёр 25 красавіка 1904 года каля чацвёртай па паўдні.

Некалькі ўрыўкаў з успамінаў і лістоў маіх братоў Канстанціна і Цітуса Далеўскіх

У выніку пад'ёму сялянскай праблемы [156] думка моладзі, якая вучылася па ўніверсітэтах пачала паварочвацца да практычных заняткаў, каб тым шляхам наблізіцца да народа, эфектыўней над ім працаваць, нішчачы пры тым шкодны, падбухторчы ўплыў ураду.

Канстанцін Далеўскі, студэнт маскоўскага ўніверсітэта, адзін з першых пераходзіць з другога курса матэматычнага факультэта на каморніцтва. У сакавіку 1862 года пасля ўвядзення новага ўлажэння [157] заняў пасаду землямера ў Ковенскай губерні. Разумнасць, трапнасць, справядлівасць і вернасць светлым мэтам руху з'ядналі на ім гарачую любоў і веру люду, а таксама сяброўства і прызнанне аколічных зелеўладальнікаў.

Дзень майго шлюбу 11 жніўня новага стылю 1862 года быў днём, у якім яго ў апошні раз у жыцці бачыла.

Калі Серакоўскі на трэці дзень велікодных святаў прыбыў у Шаты [158] да Фларыяна Даноўскага, Канстанцін стаў каля яго, а сельская моладзь, з якой зжыўся ў час выканання сваіх абавязкаў паспяшыла за ім, як і грамадка блізкай яму моладзі, з якой не расставаўся аж да апошняй хвілі паўстання, менавіта трое Гейштараў [159], сыны Стэфана з Забелішак [160], двое Шэнгельмеераў, Шукшта, Мілашэвіч і некалькі іншых.

З Шатаў Серакоўскі выправіў Яна Жахоўскага з дзясяткам з лішнім маладых людзей у Тарэсбор (Квеле) [161], у фальварак князя ў Андронінскіх лясах [162] для заснавання лагера, а сам у кампаніі Ігнацыя Ляскоўскага, д-ра Траскоўскага і невялікага аддзела (16 чалавек) свежа сабраных накіраваўся да Пашумера [163], маёнтка Генрыка Вялічкі (камісара). (Тут, а не ў Вільні, як няправільна апісвае аўтар "Гісторыі двух гадоў" [164], Зыгмунт змяніў вайсковую форму на цывільную, у якой яго ўбачыў Генрык Вялічка).

Падаю тут некалькі ўрыўкаў з розных лістоў, напісаных да сястры Апалоніі Серакоўскай, і перасланых пры пасярэдніцтве пані Гадэбскай пасля смерці Канстанціна.

"Ледзьве мы аддаліліся ад Шатаў на нейкія некалькі дзясяткаў крокаў па лужку ў бок бору, убачылі маскоўскі аддзел, які сунуўся гасцінцам. Было нас звыш дзясятка, і амаль зусім не ўзброеных. Я меў фузейку, падобную да той, якою (можа памятаеш?) будучы дзяцьмі пужалі вераб'ёў з прыдарожных вішань, з той толькі розніцай, што мая даўняя страляла, а гэтая, якую цяпер меў перавешаную цераз плячо, слухаць мяне не хацела. Таварышы мае мелі стрэльбы ад дзядоў і прадзедаў, дастаныя са схованак, дзе да таго хаваліся, як памяць, ад вока паліцыі. Не адна з іх, роўна як і мая, у гэтую хвілю не была прыдатная для абароны. Гледзячы на шэрагі маршыруючых маскалёў, думаў сабе: пакуль дабяжым да лесу, перастраляюць нас на лузе, як качак. Не ведаю, што думалі мае таварышы. Што да мяне, не адчуваў страху, толькі вельмі было цікава ведаць, што Зыгмунт зробіць у тым становішчы? Сталі ўсе, як укапаныя. Паглядзеў на нас - бачыў - шкода яму нас было. Раптам гукнуў: "Падай на зямлю!" У адзін момант расцягнуліся ўсе на лужку непадалёк дарогі, а снег, які за паўгадзіны пачаў падаць, сыпаў і сыпаў, пакрываючы нас сваім белым пухам.

Масква прамаршыравала тут жа каля нас - нехта, відочна, данёс, што новы аддзел збіраецца ў Шатах. Уварваліся, білі няшчаснага Фларыяна [Даноўскага], надзявалі яму некалькі разоў вяроўку з пятлёю на шыю, дапытваючыся, у які бок пайшлі паўстанцы? А мы так блізка і не ведалі, што там адбываецца. На шчасце пайшлі, а мы ўскочылі ў Шаты ў час, каб уратаваць жыццё высакароднаму Фларыяну".

Даноўскі пасля ўпадку паўстання да позняй старасці жыў у маёнтку Альфрэда Ромера, аточаны добразычлівасцю ўсёй сям'і, і сам да іх быў шчыра прывязаны.

У Пашумер з Коўні прыйшоў запыт, дзе Даленга [165] загадае размяшчацца аддзелам для пераходу пад яго камандаванне. Указаны Трускоўскія [166] лясы ў Крамянецкай пушчы [167], паміж Кейданамі [168] і Сурвілішкамі [169], як найвыгаднейшы пункт для скіраваных з некалькіх бакоў большых аддзелаў, як і з-за патрыятычна настроенай люднасці.

"У Пашумеры, - піша Канстанцін, - прынятыя з гарачымі пачуццямі Вялічкам, затрымаліся аднак коратка, толькі столькі, колькі наш ваявода запатрабаваў часу для паразумення з камісарамі (а было іх шмат, як: губернскі, павятовыя, парафіяльныя, лагерныя, раз'ездныя), натуральна, не ўсе былі тут патрэбныя і прысутныя. (Вышэйшыя па пасадзе ведалі сваіх ніжэйшых, але ніжэйшыя і найніжэйшыя нічога не ведалі пра начальнікаў вышэйшых, якія не былі ў непасрэдным судакрананні з імі). Для нас побыт у Пашумеры быў неабходны, каб пры дапамозе кавалёў направіць як такую нашую зброю, нягледзячы на тое, што перад выхадам кожны з нас з вялікай стараннасцю аглядаў сваю; і асадзіць патрэбную колькасць кос для свежа прыбылых дабраахвотнікаў.

Пакуль мы прыбылі ў Трускоўскія лясы мелі яшчэ адну сустрэчу з непрыяцелем, невялікага значэння для ходу справы, але для нас асабіста велізарнага. Даленга жартаваў з нас, гаворачы, што адчувае ўсю нашую нікчэмнасць супраць сілы ворага, пакорна пападалі ў Шатах перад ім тварам уніз, за тую нашую ганьбу - дадаў - належыць нам сатысфакцыя.

Нядоўга на яе чакалі. Калі мы крочылі краем Трускоўскіх лясоў, дагнала нас вестка, што масква на нашым следзе - даганяе нас. Даленга гукае:

- За крыўду, нанесеную Даноўскаму, за нашую ганьбу і з-за неабходнасці здабыцця хоць жмені зброі тут будзем чакаць і біцца! Адступіць на некалькі дзясяткаў крокаў, каб хто нас не высачыў і не здрадзіў, вынырнуць з лесу і паўзучы на чацвярэньках зблізіцца да дарогі, туды, дзе бачылі, буйна растучы ядловец, расцягнуцца доўгай лініяй: стрэльба - дзве касы, стрэльба - дзве касы..., а калі масква параўняецца з даўжынёй нашай лініі, па камандзе адначасова выстрал, звон у косы і скок на каркі непрыяцелю!

Як сказана, так і зроблена. Было нас у той час каля сямідзесяці пяці чалавек. Па большай частцы прыбылі адначасова з Зыгмунтам з Пецярбурга, Масквы і Вільні, толькі замарудзіліся пры развітанні з сем'ямі.

На неспадзяваны гук стрэльб, звон кос, на крыкі: Бі! Забівай!, як пусцяцца нашы маскалі ўбок цераз равы, цераз палі, лугі, а мы - за імі. Чапляліся, як п'яўкі. Не жыццё іхняе нам было патрэбнае, а іхняя добрая зброя. Якога даганялі, не адпускалі іначай як пасля аскубання найперш багатага пер'я. Дурні не аглянуліся, нават, ані разу, не ведалі, як нас было няшмат.

Наш любімы ваявода свяціўся - рады быў за нас - і мы радаваліся, тулілі да сябе, як прывыклі гаварыць даўнія жаўнеры, здабытую зброю, як каханку (няхай толькі мае сястрычкі не абураюцца такім выразам).

Пасля таго нашага першага хрышчэння, правадыр наш прадказваў нам, калі так далей пойдзе, аднаго партызана хопіць на трох маскоўскіх салдатаў: аднаго пераможа адвага, атрыманая ў спадчыну ад продкаў, другога - любоў да Бацькаўшчыны і тэцяга - абарона ўласнага жыцця.

Расейскі салдат слухае каманды. Калі афіцэр струсіць і ўцякае, нічога не стрымае салдата ад яго прыкладу, а калі падае забіты, салдат лічыць сябе вольным ад усякіх абавязкаў і таксама ўцякае).

Ад гэтай хвілі многія з нас перайшлі як стральцы пад каманду палкоўніка Антаневіча. Не было гэта, аднак, поўным развітаннем з касой, вярталіся да яе не раз, калі нам не хапала боепрыпасаў".


Падрабязнасці тыя з першых дзён пасля прыбыцця Зыгмунта на Ковеншчыну апавядаў мне таксама Уладзіслаў Сыпнеўскі, асістэнт на працягу васьмі гадоў прафесара Красоўскага, слаўнага хірурга ў Пецярбургу. Сыпнеўскі быў ардынатарам адной з хірургічных залаў, потым практыкаваў у Коўне, чалавек ужо з сівымі валасамі не вагаўся кінуць усё, што здабыў працай і здольнасцямі, каб у хвілі краёвай патрэбы стаць як просты жаўнер пад каманду Зыгмунта, а пасля бітвы як хірург лячыць і даглядаць параненых.


5/17 красавіка прыбыў Колышка з аддзелам каля сямідзесяці чалавек, за ім - кс. Мацкевіч з пяцюдзесяццю парафіянамі з Ляўды [170]. З аддзелам Даленгі, які вырас пасля выхаду з Шат да ста дваццаці, было ў той час пад яго камандай наогул не больш за дзвесце сорак чалавек.

Рухаючыся якраз у Трускоўскія лясы Колышка ўвёў у зман маскалёў дэманстратыўным маршам, прабраўся паміж войскамі непрыяцеля, пасля чаго злучыўся з Даленгам, за што атрымаў публічную пахвалу перад усім войскам.

Канстанцін у перасланых лістках дзеліцца з намі атрыманым уражаннем пры сустрэчы даводцаў і аддзелаў ў глыбокай пушчы, пры прыняцці прысягі, пры электрызуючай прамове Серакоўскага да камандзіраў і да аддзелаў. Далей апісвае набажэнства і дабраславенства злучаных войскаў, прыбыццё засцянковай шляхты, бліжэйшых зелеўладальнікаў і сястры Юліі Беркман з Кейдан з лістамі з Вільні. У канцы - паход у Андроніскую [171] пушчу, бітву пад Генетамі [172], недалёка ад Рогава [173], выдатную перамогу, узяцце лагера і смерць блізкіх яму, менавіта Баляслава Гейштара, які вяртаўся з распараджэннямі з Вільні ад Аддзела, куды быў пасланы з рапартам і просьбай даць зброі.

Няпраўду гаворыць аўтар "Гісторыі двух гадоў". што Длускі распусціў свой аддзел па загаду Літоўскага аддзела, што быццам бы гэта спрычынілася для змарнавання людзей і часу. Пасля выбуху паўстання Длускі быў адным з першых, як чалец партыі руху. сабраў аддзел і распачаў партызанку, неўзабаве, аднак, распусціў свой аддзел па загаду той жа партыі руху, якая прызначыла яго камісарам Ковенскай губер[ні]. Зыгмунт даручыў яму, аддаючы пад яго камандаванне найлепшую моладзь, накіравацца ў бок мора (Палангі) [174].

Па дарозе да Тэрасбору далучыўся Люткевіч з пяццюдзесяццю чалавекамі, узброенымі цапамі. Касакоўскі з малым аддзельчыкам, але ўзброеным, прыбыў з Вількамірскага [павета] ў Тэрасбор (Кнэбе), дзе ўжо чакалі Станішэўскі, Дамінік Малецкі і Захоўскі. Малым аддзельчыкам, як Кушлейца, якому ў пачатку здаў свой аддзел Длускі, Шылінга і іншым загадана было затрымацца па паветах, у той час, калі шляхі калоны Даленгі, Колышкі і кс. Мацкевіча з Тэрасбору накіраваліся на поўнач.


Ведаю сёння, што Канстанцін дзяліўся з намі толькі тымі ўражаннямі, дзе не было болю, мукі, падставы, каб нас засмуціць, аднак змяшчаю яшчэ адзін урывак з асобных лісткоў, прысланых нам з Парыжа.

"Ці памятаеш, што я табе пісаў пра нашае ляжанне пад лёгкай пуховай снежнай пярынай у Шатах? У той час Зыгмунт жартаваў, але я бачыў таемны смутак і тугу на яго твары. Ён не пагодзіцца з лёсам, які яму дастаўся ва ўдзел, з-за недахопу зброі марна гуляць з маскоўцамі ў ката і мышку па нашых пушчах! Гэта добра для мяне, для кожнага з нас - тут ні мудрасці, ні энергіі не трэба, толькі мужыцкі спрыт і шмат бравурнасці. Паб'ю, ці мяне паб'юць - малая шкода і малы прыбытак; знойдзецца хутка той, хто мяне заменіць. Не для таго Серакоўскі выракся і кінуў усё, у што верыў, што добрае і карыснае. Ён дзеяч і здзейсніць мусіць нешта, што сапраўды будзе карысным для краю. Так я ў той час думаў - бачыў, што мае нейкія планы, што кожная хвіля бяздзейна, бяспланава праведзена нецярплівіць яго, але што тут пачаць? Што значаць мэты і планы ў вайне без зброі! Каб жа ж яна нам як найхутчэй прыбыла! (Сёння ведаю, што мы чакалі таго, што не мела ніколі прыбыць!)

Шэпт кружыць па нашых аддзелах, што ў выпадку неабходнасці, што да зброі, пахапаўшы прыватную, дастаўленую з ваколіцы Бірж, Бенедыктам Тышкевічам, у роспачы пойдзем з ёй па больш (у Дынабургскую фартэцу)[175]

Апавядаюць рухаўцы, прыбылыя з разбітай партыі Звяждоўскага, што і ён меў намер напасці на Дынабург пры дапамозе работнікаў, засланых унутр. Тое, што тут у нас шэпчуць паміж сваімі падаецца мне пры ўплывах і стасунках Зыгмунта за рэч зусім мажлівую. (Ведаеш, напэўна, пра што гавару?)

Першае ўражанне пасля прыбыцця ў Тэрасбор было чыста жывёльнай натуры, есці і спаць як найболей. Мы ўжо тры дні не нюхалі паху мяса, не здымалі з ног ботаў, не засыналі спакойна. Толькі сёння наеліся. Забілі некалькі валоў для ўшанавання дня прыбыцця ў лагер нашага ваяводы. Што за рух! Што за гоман! Пастаянна сустракаеш каго-небудзь неспадзяванага. Пастаянныя выгукі:

- Што? І ты тут?

- А ты што думаў? Што без мяне Польшчу адваюеш!

Смех, жарты, вяселле. Што за рознароднасць постацяў! Старэйшыя, маладыя, ксяндзы, вайскоўцы, студэнты яшчэ ў сваіх мундзірах, чыноўнікі, бацькі з сынамі і г.д. Бачыў інжынера, 70-гадовага старога з сівой галавой і з 25-гадовым сынам, прыбылі з глыбокай Расіі.

На ноч нашая старшына размяшчаецца ў лямусах[176], свірнах і адрынах[177]. У дворыку размяшчаецца нашая сёння ўсяўладная майстэрня зброі і фабрыка боепрыпасаў. Мы шэрыя размяшчаемся, дзе хто можа. Я на ўскрайку лесу ўпаў на зямлю, як камень, ботаў зняць не магу, ногі маю апухшыя да калень, а разразаць боты шкада. Нягледзячы на жудасную змучанасць заснуць не магу.

Каб быў жанчынай, плакаў бы ў тую хвілю голасна. Гэты вялікі мурашнік, бачаны хвілю назад. Гэта ўсе свае. Тут няма ворага. Адно вялікае пачуццё ажыўляе тут усіх - супольныя для ўсіх вера і надзея!

Ноч цудоўна прыгожая, шум дрэваў, месяц узбіўся высока над намі. Здаецца, што яго вясёлы ўсмешлівы твар гаворыць: "Бачу вас, сачу за вамі, павяду вас дарогай збавення!" Думка мая адарвалася ад атачэння і павандравала далёка ў нашую дзяціных гадоў Рудніцкую пушчу[178]і Салечнікі[179](Туды, дзе нядаўна Нарбут змагаўся з верай і надзеяй! Сумны канец).

Хвілю назад я бачыў некалькі постацяў, якія кіруюцца ў бок лесу, дзе стаяць пікеты[180]. Гэта быў Зыгмунт - яшчэ не спіць - ішоў з некім мне незнаёмым, напэўна, каб праверыць, ці ўсё ў парадку. Ад часу нашага сюды прыбыцця што хвіля прыводзяць то адзіночных людзей, то грамадкі моладзі. Лічба пастаянна расце. Заўтра пачнецца нашая школа. Так мне пільна патрэбна тая навука, што быў бы рады яе сёння пасля ночы пачаць.

Прыпамінаў сабе тваю просьбу, перасланую мне праз Беркмана: "Зыгмунт. ведаю, будзе клапаціцца пра вас; клапаціся і ты пра яго". Не такая гэта латвая рэч, як табе можа падасца. Па-першае, я трымаюся далёка ад галоўнага штабу, каб не думалі, што Зыгмунт атачаецца сваімі; па-другое, не паслухае мяне і з таго пункта погляду мае поўную рацыю. Раз паспрабаваў. На маю просьбу, каб бярогся, каб выбраў паміж намі такіх, на якіх цалкам мог бы абаперціся, і паставіў іх на варту, а сам спачыў з верай, што ўсё выканана , як павінна быць, бо такіх, як мы, тут усюды поўна ў Краі, але калі яго сярод нас не стане, прападзе ўся справа і мы з ёю разам. Абняў мяне сардэчна, смяяўся, гаворачы: "Дух хоча, але цела млее". Жыццё аддасце, але на доўгатэрміновую пільнасць і дакладнае выкананне абавязкаў сёння гэтая ўся моладзь не здольная - з часам, г.зн. праз пару тыдняў загартуецца."


У першы дзень пасля прыбыцця Зыгмунт зноў выслаў рапарт з патрабаванне зброі ў Вільню, у Пецярбург (ці не прыйшла зброя, якую чакалі, цераз Кранштадт) і ў Парыж. Ва ўсім нашым лагеры было ледзьве трохі больш за дзесяць пісталетаў, якія належалі выключна камандзірам.

Зыгмунт нецярплівіўся, рваўся да поспеху, да дзейнасці, пакуль непрыяцель не апамятаўся ад першай хвілі адпору, пакуль не сцягнуў на нашую зямлю сваіх большых сілаў, звычайна расцярушаных, г.зн. раскіданых па вялікіх прасторах.

Канстанцін запытаны Зыгмунтам, да чаго адчувае сябе найбольш здольным як партызан, адказаў з уласцівай яму праматой: "Зброі не маю і валодаць ёй добра не ўмею, з ваенным мастацтвам не знаёмы. Магу ў гэтую хвілю як найлепей прыдасца, як просты шараговец, касінер, бо рукі маю моцныя, а зрок слабы, таму мушу мець непрыяцеля блізка, пад рукой". Аднак пазней, калі ўжо здабыў сабе зброю, служыў у стральцах пад камандай палкоўніка Антаневіча. У сваіх лістах да сясцёр жаліўся на смутны лёс партызанкі, пераможац ці пераможаны, партызан заўсёды мусіць адступаць. Рапарты, аднак, гаварылі, што заўсёды адступаў апошнім, каб хоць пад градам куль збіраць зброю па палеглых, або выносіць параненых.


Быў звычай у нашых родзічаў два разы на год прыводзіць патрэбных рамеснікаў для задавальнення патрэб усяго двара. У той час у якасці ўзнагароды і забавы можна было нашым малым брацікам прыглядацца і вучыцца, што аказалася неацэнным досведам у лагерным жыцці.

У перапынках партызанскай барацьбы, у лясных трушчобах мацнейшыя вучыліся жаўнерскай спраўнасці, лілі кулі, рамантавалі зброю і вопратку, вастрылі і насаджалі косы. Слабейшыя лячыліся і адпачывалі. А трэба было карыстацца з кожнай хвілі, бо гэтыя адпачынкі былі кароткія.

"З усіх рамеснікаў, - пісаў да нас Канстанцін, - у нашым лагеры найбольш ліслівасці і падлізвання атрымоўвалі шаўцы, бо ад іх ласкі і спешнасці залежыць наш абутак, а я прыйшоў да ўсведамлення, што лягчэй прызвычаіцца да ўсякай нястачы, чым да маршыравання басанож, або ў парваным боце".


У лістах сваіх гаворыць, што нягледзячы на часты вялікі недахоп найнеабходнейшых рэчаў, нягледзячы на няпэўнасць лёсу паўстання, нягледзячы на голад і холад, лічыць за сваё найшчасліўшае жыццё тыя хвілі з часоў паўстання, якія правёў пад кіраўніцтвам Даленгі.

"Мы перамагалі, - піша, - пераследавалі не раз трохкратна мацнейшага непрыяцеля на адлеглаць цэлых вёрст, бралі палонных, адбівалі вязняў і боепрыпасы".


Канстанцін верыў у перамогу нават пад Біржамі [181], калі б прыбыў у час кс. Мацкевіч і не цяжкая рана Зыгмунта, а з-за таго неабходнасць яго аддалення з лагера [182].

"Хвілі, - піша Канстанцін, - якія я перажыў пад яго кіраўніцтвам, былі хвілямі трыумфу польскага духу над гвалтам, былі шчасцем, захапленем. Люд дабраслаўляў нас з плачам, абдымаў, цалаваў, а перад Зыгмунтам кленчыў. Маці роўна як з двароў, так і з вёсак самі прыводзілі і аддавалі сыноў сваіх, а шэрыя сукманы так нас дэмакратызавалі, так нас збраталі, што сапраўды адчувалася глыбока ў душы, што ўсе мы сыны адной маці.

Зыгмунт мучыўся думкай пра бязмэтавае, бяздзейнае пражыванне дзён, калі, паводле яго, кожная хвіля плаціць крывёй і будучай нядоляй краю, а я гледзячы на тую дзіўную з'яву, пра якую датуль не меў паняцця, сяўбы шляхетных, узнёслых думак, пачуццяў і неабходнасці выканання абавязкаў, думаў, што тое, што ён сёння сее ў душах соцень ідучых за ім, ёсць дастатковая праца для чалавека ў кароткія дні яго жыцця. Сяўба тая павінна даць багатыя плёны ў душах унукаў і праўнукаў . Больш вартая адна хвіля такога жыцця, чым жыццё без следу доўгія гады да сівых валасоў.

Бачачы той дзіўны ўплыў, які рабіў на цэлыя грамады, пытаўся не раз са здзіўленнем, пад уздзееннем якой сілы ёсць гэтая з'ява? Магнетызм? Іскры генія? Ці іскры Божай? Ведаеш, калі яго ўбачыў у першы раз у дзень твайго шлюбу, жаль меў да цябе, што выходзіла не за таго, каго табе ў сваіх думках прызначаў. Дзівіўся, што бачачы яго наледзве тры разы, адважылася выйсці за яго. Сёння не дзіўлюся ўжо нічаму, разумею цябе. Прабач мне, што ва ўспамінах маіх звяртаю мае словы да тваіх асабістых пачуццяў".


Пасля выхаду з Тэрасбору пад Латвелямі [183] непрыяцель пераважнымі сіламі акружыў нашыя аддзелы. Зацятая бітва трывала да ночы. Пад Зыгмунтам конь забіты, шапка прастрэлена. З наступленнем ночы непрыяцель адступіў. Мы ўтрымаліся на нашых пазіцыях, падабралі зброю. Нягледзячы на безумоўную перамогу, Даленга, прадбачачы напад наступнага дня, пасунуў аддзелы глыбей у бок маршу кс. Мацкевіча. Раз'ездны камісар Гружэўскі, родам з той ваколіцы, ведаючы яе дасканала, пераважна заселеную кальвіністамі, сам таго ж вызнання, указаў двух праваднікоў: лесніка і селяніна, якія ведалі дасканала кожную сцяжынку ў тых пушчах. Яны, па пераходу, вядомаму толькі ім самім і найбліжэйшым жыхарам, правялі нашыя аддзелы на невялікае ўзвышша, не надта густа парослае дрэвамі, а за ўзгоркам цягнулася бездарожная пушча. Гружэўскі, як я чуў, пасля прызначэння праваднікоў рушыў у бок кс. Мацкевіча для таго, каб прымусіць яго паспяшацца.

"Пазіцыя нашая паводле меркаванняў усіх вайскоўцаў была выбрана дасканала. Да 12½ гадзін чакалі на ёй. Не бачачы непрыяцеля атрымалі загад пакінуць яе. У хвілю, калі калоны пачалі спускацца з узвышша, раздаліся выстралы. Мы былі здраджаны. Зноў завязалася бітва, гэтым разам страшная, роспачная. Нашы касінеры два разы кідаліся ў атаку, два разы сустрэтыя густым градам куль мусілі адступаць. Частка стральцоў пайшла за іх прыкладам. Мы, якія стаялі бліжэй да нашага палкоўніка Антаневіча, трымалі пазіцыю, але калі той палёг і ў нас скончыліся боепрыпасы, многія з нас, шчасліва адступіўшы, схапіліся за косы. Найбліжэйшыя мае таварышы ў шарэнзе леглі. Юзя Гейштар з куляй у сэрцы з разгону прабег яшчэ некалькі крокаў, упаў, а я не падняў, не вынес яго з поля бітвы, не мог адарваць вачэй ад непрыяцельскіх шарэнг, чуў адзін толькі голас: "Наперад! Наперад! Каса сёння ўжо наша адзіная зброя!" Вівульскага з цяжкай ранай вынеслі з поля бітвы. Гаварылі мне - я там не прысутнічаў, што Зыгмунт на кані, прашыты куляй у бок, пакладзены на мураве, сказаў сябе прыпадняць і напалову ўкленчыўшы супакойваў, заахвочваў да далейшай бітвы, кіраваў ёю, неба засланілі хмары, халодны, пранізлівы вецер мяце нам снег у вочы. Кожны з нас адчувае, што прабіла рашучая гадзіна, вырашальная для далейшых лёсаў нашай кампаніі, а з ёй і ўсёй справы.

Пад моцным напорам і націскам касінераў, якімі ўжо ў тую хвілю ніхто не кіруе, непрыяцель хістаецца. Божа! молімся ў душы, калі Мацкевіч у час выканае свой абавязак, непрыяцель пад агнём з двух бакоў будзе загнаны ў балота. Перамога будзе ў нас.

Чытаў потым апісанне гэтай бітвы ў газеце. Масква гаварыла, што адступіла з-за набліжаўшайся ночы, але мы бачылі, што яе шэрагі захісталіся пад нашым напорам, пад ударамі нашых кос. Можа, меркавалі па яго сіле, што новыя аддзелы прыбылі нам на дапамогу? Адступілі. Мы ўтрымаліся на пазіцыях пры значных стратах не так у колькасці азвяр, як камандных сілаў. Зыгмунт паранены каля шостай вечарам. Перад дзясятай маскоўскае войска адступіла."


Як жа тая "Гісторыя двух гадоў" падзіцячы іджывая. На некаторай там старонцы, з жадання абвінаваціць Зыгмунта, напісана - ён забраў з сабой Колышку. Дзіця нават зразумела б нонсанс такога сцверджання. Бітва такая крытычная, столькі камандных афіцэраў забітых або параненых. Ён сам, Даленга, мусіць адысці і здаць камандаванне Ляскоўскаму, якому пакінуў акрамя сваёй калоны яшчэ і калону Колышкі без камандзіра.

З Зыгмунтам адышлі апрача Касакоўскага, Траскоўскага і Касцялкоўскага дзесяць чалавек. Не дазволіў на большую колькасць, прадбачачы ў блізкім часе далейшую бітву. Быў прывезены з 8 на 9 траўня ў Скробішкі [184], у той жа дзень - у Мядэйкі [185], куды прывёў аддзел войска Колышка, 10 раніцай - у Вільню, дзе вакольнай дарогай яго прывезлі ў шпіталь св. Якуба.

Пасля Біржанскай бітвы Канстанцін у ранзе афіцэра застаўся ў аддзеле Ляскоўскага. Я пазнаёмілася з ім у Вільні, прыбыў туды адначасова з Зыгмунтам. З дзяцінства выхоўваны ў школе кадэтаў па-польску гаварыць не ўмеў, што яму перашкаджала ў прыцягненні сімпатый людзей. Ацэньвалі яго вялікую сумленнасць як правадыра, яго вялікую дбайнасць і працавітасць. Гаварылі яго падначаленыя: "Калі б раней не ведалі і не мелі над сабой Серакоўскага, можа б Ляскоўскі нас задаволіў". Тыя словы пацвярджае і кс. Жахоўскі. У Вільні, чуючы яго, які гаварыў так кепска па-польску, звярнулі на гэта ўвагу. "Так, - адказаў, - гаварыць па-польску не ўмею, але адчуваць і памерці па-польску патрафлю".


9 траўня а шостай гадзіне , г.зн. на другі дзень пасля адходу Зыгмунта падцягнуўся кс. Мацкевіч, пад Шнуркішкамі [186] завязалася зноў заўзятая бітва, але нашае войска змучанае і вычарпанае двухдзённай бітвай ад раніцы амаль да ночы, галоднае, пазбаўленае сваіх любімых камандзіраў (Даленга, Колышка, Вівульскі, Антаневіч), без боепрыпасаў і раззлаванае на кс. Мацкевіча за спазненне не магло ўжо настроіцца на геройскую, як у мінулы дзень, бітву, сёння ўжо не бітву, але на пэўную смерць, даць сябе цалкам выбіць.

Ляскоўскі пасля збору аддзела, часткова рассеянага, з калонамі Зыгмунта і Колышкі вярнуўся ў Панявежскі павет.

Біржанскія ваколіцы былі пераважна заселены немцамі, а, дакладней, кальвіністамі. Дзве тамашнія парафіі вядомыя былі варожым духам да палякаў і паўстання (пад уплывам, як гаварылі, пастараў). Гэта іхнія людзі былі праваднікамі нашых аддзелаў, яны быццам бы навялі маскоўскае войска. Мне распавядалі, што бедны Гружэўскі, які як кальвініст належаў да тых парафій, пасля Біржанскай бітвы ўпаў у род шалу - дакараў сябе, што з тым выбарам праваднікоў можа мімавольна стаўся прычынай паразы.


Ксёндз Мацкевіч ад гэтага часу трымаўся пушчы, якая называлася Павятоўка [187] недалёка ад Кракінава [188], з якой час ад часу вынырваў, але заўсёды сюды вяртася, калі расейскае войска шукала яго ў вялікіх лясах.

У адной з такіх вылазак з Павятоўкі яго аддзел быў нагнаны расійскім войскам каля Панявежыка [189]. Ані геройства, ані адчаянасць аддзела не маглі яго зберагчы, амаль увесь мацкевічаўскі аддзел быў вымардаваны, і так страшна здзекаваліся над параненымі і трупамі, што на другі дзень маці не маглі пазнаць сваіх сыноў у тых нялюдска змасакраваных парэштках. Мацкевіч у таварыстве некалькіх ацалелых і свайго ад'ютанта Андрыёлі [190] вярнуўся ў Павятоўку. З гэтага часу не была гэта ўжо партызанская барацьба, але толькі бачнасць яе працягу і чаканне канца, а, дакладней, сродкаў, каб перабрацца за мяжу. Вясной, пасля крушэння надзеяў кс. Мацкевіч у таварыстве свайго ад'ютанта стаў над ярам недалёка ад вёскі Вількі [191] з намерам перайсці мяжу. Каб падмацавацца перад дарогай, зайшоў у самотна стаяўшую хату. Кружацца сёння там аповесці, што гаспадар паведаміў стражнікам і выдаў у іхнія рукі кс. Мацкевіча, пасля чаго сам згінуў без вестак. Іншыя гавораць, што стражнікі, якія кружылі па мяжы, што аддзяляла Літву ад Польшчы, выпадкова ў хаце яго знайшлі і пазналі. Ва ўсякім разе няшчасны кс. Мац[кевіч] са сваім ад'ютантам былі дастаўлены ў Коўню, дзе першы загінуў на шыбеніцы, а другі, г.зн. Андрыёлі, уцёк з вязніцы. Так дзіўна ад таго часу ішоў яго шлях, што многія прымаюць аповесць пра яго лёсы за выдуманую, аднак жа была праўдзівая. Тым часам камісарам у Коўні быў мой швагер Міхал Беркман, выконвала яго абавязкі ў многіх выпадках жонка Юлія пад імем Юльяна Далеўскага, пад гэтым імем Мураўёў шукаў ковенскага камісара. Пасля Беркмана быў прызначаны і выдатна свае абавязкі выконваў яўрэй д-р Шапіра.


Канстанцін пасля расстання з Ляскоўскім быў нейкі час з Грахоўскім, пасля чаго меў свой аддзел. Цяжка паранены здаў яго Руткоўскаму, а сам лячыўся пад стараннай апекай высакароднай, шляхетнай пані Ціш...

Літва, жывая ілюзорнай надзеяй збройнай інтэрвенцыі, трывала да вясны 1865 года, трывала да апошняга голасу, які выгукнуў: "Перастаць, усё страчана". А якім гэтае трыванне было ў нас цяжкім, Богу і тым, якія цярпелі і жыцці свае няслі ў ахвяры, было ва ўсёй сваёй сіле вядомым.

Пасля выгнання з Краю ўсёй нашай сям'і, пасля смерці Цітуса застаўся толькі Канстанцін, які туляўся па ковенскіх пушчах.

Выканаўчы аддзел на Літве раскіданы або выбіты. Тыя, хто застаўся ў жывых, мелі адно толькі заданне для выканання: ратаваць, хаваць і шукаць сродкі ратунку для яшчэ жывых, але ўжо прыгавораных ахвяр, а менавіта рэшткаў аддзелаў.

На вестку пра смерць Цітуса Ковенская губерня прасякнутая літасцю, засяродзілася на шуканні сродкаў, каб (як прывыклі выказвацца ў тыя часы) выпхнуць найперш Канстанціна за мяжу. Некалькі месяцаў прайшло ад хвілі, як прыйшло з Варшавы распараджэнне: "Перастаць, усё страчана!", а партыі усё яшчэ туляліся. Літва не мела грашовых сродкаў, каб выправіць іх за мяжу. Канстанцін толькі ў верасні ледзь змог выбрацца за мяжу праз Рыгу. Якім спосабам, мне не сказалі. Канстанцін выбраўся сам, але ён не мог цешыцца з атрыманай свабоды, ведаючы, што церпяць пазасталыя ў Краі яго таварышы. Вяртаецца восем разоў. Збірае раскіданых і часцёва выводзіць іх за мяжу. Пані Ціш..., дачка былога камісара, якая ведала пра гэта, паўтарала мне словы свайго бацькі: "На тое, што зрабіў Канстанцін, трэба больш ахвярнасці і мужнасці, чым памерці пад слупам ад кулі". Бо колькі ж ён мусіў пераадолець цяжкасцяў і небяспек, калі брат камісара Ц. [192], каб перабрацца за мяжу, лічыў за адзін мажлівы сродак даць сябе закруціць у карабельны ветразь і так кіданым і калыханым паміж небам і марской пропасцю выбрацца з межаў Расійскай дзяржавы.

На працягу ўсіх васьмі гадоў не адступаўся і дапамагаў Канстанціну Малашэвіч, малады ліцвін з засцянковай шляхты. Партыя, якія выводзіў Канстанцін, складаліся, апроч моладзі са шляхты, з сялян-жмудзінаў і засцянковай шляхты, якія не хадзелі здавацца і прыносіць прысягу на вернасць. Пасля прыбыцця ў Парыж бачыў многіх з эміграцыі, якія змагаліся з сапраўднай, крайняй нэндзай. Ён, будучы ў ранзе афіцэра, мог бы карыстацца месячнай дапамогай, якую выдзяляў французскі ўрад [193], але тыя, якія змагаліся як шарагоўцы, нічога не атрымалі, і Парыжскі камітэт [194] пра такіх не клапаціўся. Што з імі пачаць? Край падтрымліваць не быў у стане. Еўрапейскія ўрады неахвотна прымалі польскіх уцекачоў. Італьянцы давалі нават на дарогу, абы іх пазбыць. Мелі ў Парыжы шмат знаёмых, як Галянзоўскага (Галіноўскага), Халхоўскіх, Багдана Залескага і шмат іншых. Але Канстанцін патрабаваў дапамогі не для сябе, а для тых няшчасных, адарваных ад сваіх сядзіб. Патрабаваў для іх не міласціны, а працы, спосабу для жыцця.


Канстанцін, будучы ў школах, не прыдаваў вялікага значэння вывучэнню чужых моваў. Умеў толькі столькі, колькі школа навучыць магла. Сцвярджаў, што ані забаўляцца, ані перапісвацца з чужаземцамі не будзе, хоча ўмець толькі столькі, колькі трэба для разумення вартых рэчаў на чужых мовах. Лёс распарадзіўся іначай. І ў тым была новая цяжкасць знайсці працу для сябе і для тых няшчасных, якіх прывёў на чужыну. Не траціў энергіі. Найперш сам падаецца ў Швейцарыю, знайходзіць там працу для сябе, а потым для сваіх таварышаў у Ст. Галене на заводзе жалезных вырабаў. Палякі, прынятыя заводскім кіраўніцтвам, рабочымі ўспрымаліся як няпрошаныя госці. Мусілі зносіць шмат прыдзірак і пераследаванняў. Такі быў лёс і Канстанціна да пэўнага дня, калі пасля звыклых насмешак адзін з рабочых кінуў на яго голую нагу жалеза, распаленае да белага. Жалеза зашыпела. Канстанцін не аглянуўся нават, хто і што кінуў. Адхіліў нагу і далей без прызнаку болю ці гневу на твары каваў сваю работу. Тая халодная кроў, тое валоданне сабой і болем заімпанавала рабочым, а можа адчулі сорам з-за брутальнасці таварыша, досыць, што ад той пары пачалі больш збліжацца, атачаць клопатам і служыць палякам сваімі парадамі.

У той час, калі ён прайходзіў звыклае пекла ў жыцці эмігранта, я была ў Ноўгарадзе. У лістах яго не было скаргаў і нараканняў; былі яны толькі невыказна журботныя. У адным з іх гаворыць: "Не хачу дастаткаў і шчасця, калі ўвесь мой Край енчыць у нэндзы і нядолі".


Цяжкія былі шляхі жыцця маіх бедных братоў! Усе тыя, аднак, цярпенні былі б нічым, калі ў душы тлела хоць іскра веры ў збавенне Бацькаўшчыны пасля ўсіх тых вялікіх расчараванняў. З тою верай нічога б ім не было цяжкім для знясення, для ператрывання. але ці захавалі яны тую веру, раскідваючыся па свеце? Думаю, што так.

Канстанцін заспакоены ў канцы за лёс тых сваіх найбяднейшых вярнуўся ў Парыж. Не ведаю, хто яму выстараўся месца ў чытальні Міцкевіча, з якім мы пазнаёміліся ў 1861 годзе, калі размаўлялі з Францішкам пра намеры Літвы ў выпадку выбуху паўстання ў каралеўстве.

"Месца гэтае, - піша Канстанцін, - лёгкае па абавязках, але разам з тым цяжкае, бо да 11 ½ вечара". У іншым лісце гаворыць: "Я ў адной з найбольшых сталіц свету, а пачуваюся больш самотным, чым у літоўскай пушчы. Гэты холад, гэтую абыякавасць да долі нашага краю, гэтую нязносную чужаземшчыну часам не вытрымаць. Ведаю, што не можа быць іначай у гэтым адарванні ад таго ўсяго, што сваё, ва ўмовах супраціўных натуры паляка з погляду на мясцовасць, клімат, паняцці і грамадскія стасункі".

Найахвотней і найчасцей Канстанцін бываў у таварыстве Браніслава Залескага. Андрыёлі, Эдварда Пажэрскага.

Піша яшчэ: "Калі ўсе свае церпяць, не хачу асабістага шчасця, хаця і прызнаюся, што часамі дазваляю марам уносіцца ў іншы свет, у мой, у акрэс іншай карыснай працы. Рад быў бы выехаць з Парыжа, калі не ў Галіцыю, то ў Турцыю, у Амерыку, хоць куды-небудзь, абы пазбыцца наяўнай у Францыі палітычнай атмасферы. Паўстала партыя ці групоўка (не ведаю ўжо, нават, як яе назваць) бяссільная, без пэўна абазначанага шляху, мэты, а на маю думку неразумная і несумленная, якая хацела даказаць вялікія рэчы з дапамогай крыку і галасу, а паказала ў выніку ўсю сваю штучнасць і шкоднасць; не ўмела ані пацягнуць, ані пераканаць масы і дала ўраду ў рукі зброю, легалізуючы яго тэрарызм, а сама канчаткова здэмаскавалася. выказваючы ўсю сваю нікчэмнасць".

З ліста пасля аблогі Парыжа выпісваю толькі тое, што адносіцца да той аблогі [195].

"Пасля сяданскай паразы і пасля абвяшчэння рэспублікі[196]палякі стараліся сфармаваць асобны абарончы аддзел, але гэта ім было рашуча забаронена[197]. З той нагоды мы мусілі параскідацца па розных батальёнах. Да аднаго з такіх, а менавіта да нацыянальнай гвардыі дзейных ці рухомых батальёнаў я запісаўся пад нумарам 115, што мне дало магчымасць браць удзел у вылазках гэтых батальёнаў супраць аблажыўшых горад немцаў. (Наогул нас бераглі). Таму мы прынеслі Францыі меншую карысць, чым хацелі, за прытулак, які яна дала бадзягам.

Абаронныя сілы былі вялізныя і на працягу такога кароткага часу досыць добра арганізаваныя. Пры такіх моцных фатыфікацыйных збудаваннях і пры такім шчырым, гарачым запале здавалася ўсім, што абарона надзейная і мы будзем мець найлепшыя ад той абароны вынікі. А аднак мусілі здацца. Прычына гэтага, як мне здаецца і наколькі сам бачыць мог, былі недалёкасць і няздольнасць камандзіраў. Можа б грамадская думка ім гэта выбачыла, бо не іхняя была віна, што яны аказаліся на неадпаведных пасадах. Але што найгоршае, іх падазравалі ў злой волі.

У тую хвілю, калі да вас пішу, той урад ужо не дзейнічае. Уцёк у Вярсаль[198]. На вуліцах барыкады, стральба, расстрэлы - поўны хаос. Цяжка адгадаць, чаго хочуць, да чаго імкнуцца, адзін час можа гэта праясніць. Але найсмутнейшым, найагіднейшым ёсць выгляд братазабойчай вайны, забойстваў, абвінавачванняў і братняй нянавісці. Як бы я ахвотна кінуў усё і ўцёк ад таго віду.

Дадам яшчэ некалькі слоў пра апошнія часы, а дакладней дні бамбардзіроўкі Парыжа. Не была яна такою страшнай, як можа здавацца. Бомбы не дасягалі нават да паловы горада, у другой частцы Парыжа можна было быць спакойным, што ні адзін снарад не дастане, чаму спрыяла як мясцовасць, так і адлегласць умацаванняў, якія баранілі горад.

Я жыў, аднак, у той частцы, якую наймацней бамбардавалі. Упала пяць бомб на маю вуліцу. Адна з іх сарвала суседні дах; наступныя як найспакайней праляталі над дамамі. Пасля некалькіх дзён мы асвоіліся з бамбардаваннем. Гарсоны[199]навыперадкі ганяліся за асколкамі бомб, за якія плацілі па некалькі су[200], каб імі аздобіць бюро, камін або схаваць на памяць. У апошнія часы мы адчувалі вялікі недахоп харчавання, а яшчэ больш паліва. За фунт[201]дроў плацілі каля трох грошаў, і то ледзьве можна было дастаць па білетах і ў адпаведнай колькасці. Індык - 200 франкаў, фунт сабачага мяса - 5 франкаў. Не адчуваў найменшай згрызоты сумлення, спажываючы сабаку ці ката; пераконваючы сябе, што гэта прадрассудкі і забабоны людскія. Калі будзеце калі - небудзь у абложаным горадзе, памятайце, што сабакі на малых нагах, з кароткімі пыскамі на шмат смачнейшыя за бульдогаў і п'явак. Спачатку хаваўся, ядучы тыя прысмакі, потым знайшлося больш ахвотнікаў. Запрашаючы на мясны пачастунак, рабілі адзін другому ўзаемныя штукі. Цяпер вялікая рэдкасць у Парыжы сабака, а яшчэ большая кот.

Я меў у той час трохі размешчаных грошай. Цяперашняя хвіля была найбольш адпаведнай для іх спажывання. Аддаў прытым усе свае найлепшыя рэчы ў заклад. Так што ў хвілю аблогі было ў мяне каля 300 франкаў, што на тыя часы была значная сума. Хапіла б багацею на паўтара індыка! Жыццё лагернае, жаўнерскае, злучанае з надзеяй, ажывіла мяне. Адчуваю сябе здаравейшым".


Камуна, пагражаючы смерцю, прымушала палякаў, якія нарадзіліся ў Францыі, уступаць у яе шэрагі. Міцкевіч Уладзіслаў, хочучы пазбегнуць таго прымусу, выехаў у Брусель, абавязаўшы Канстанціна апекавацца кнігарняй і чытальняй, перакананы, што Канстанціну, як нядаўна прыбыламу, з боку камуны не пагражае ніякая небяспека.

Канстанцін праз увесь час аблогі Парыжа служыў у батальёне нацыянальнай гвардыі пад нумарам 115. Быў пільным і сумленным у выкананні сваіх службовых абавязкаў; у вылазках на абложнікаў - адважны і баявы. Генерал Троху прыслаў гэтаму батальёну некалькі вайсковых медалёў, пакідаючы гвардзейцам выбар найбольш заслужаных. Батальён прызнаў, што тая ўзнагарода павінна дастацца палякам, як найсумленнейшым у выкананні службы. Уручылі Канстанціну, той засведчыў, што паколькі батальён не меў шчасця спаткацца ў сур'ёзнай па сутнасці бітве з непрыяцелем, сумленне не дазваляе яму прыняць гэтыя аздобы. Медалі вярнулі генералу.

Ліст прысланы цераз эміграцыю ў рукі Людвіка Еніке, рэдактара "Тыднёвіка ілюстраванага" [202], ужо пасля смерці Канстанціна Далеўскага, сведчыў пра яго вялікія мужнасць і адвагу, паказаныя падчас вылазак гвардзейцаў на асаджаўшых немцаў. Да гэтага ліста далучылі лямпу, захопленую гарэўшай перад вачыма нямецкага каменданта форта. Пасля ўдачнай вылазкі батальён паставіў Канстанціна на сваім чале і, несучы тую запаленую лямпу, вярнуўся ў Парыж, спяваючы Марсельезу.

Пасля заключэння перамір'я [203] Канстанцін пайшоў у адстаўку і вярнуўся на даўняе месца. Падчас грамадзянскай вайны і кіраўніцтва камуны не браў ніякага ўдзелу. Перажываў за тое, што не могучы пакінуць Францыі, мусіць быць сведкам братазабойчай вайны.


Дня 27 траўня [204] пасля ўваходу арміі ў Парыж нейкі чалавек, нядобразычлівы да гаспадара дома, у якім была кнігарня, данёс, што з таго дома быў стрэл. Данясенне было зусім фальшывае, нягледзячы на гэта, улады хутка даведаліся, што там жывуць палякі, загадалі іх забраць.

У той час у Канстанціна жыў Вярніцкі, якому ён у сваім пакойчыку праз літасць даваў паратунак. Забралі абодвух. Прывялі за некалькі дзясяткаў крокаў да Люксембург-скага палаца. Там капітан з арміі выконваў абавязкі цэлага трыбунала. Звычайна пыталіся прозвішча. У тыя часы польскае імя было дастатковым довадам віны [205]. Абвінавачаны чуў толькі два выразы, вымаўляныя манатонна, абыякава: "A droite! A gauche!" [206] Тыя, якіх накіроўвалі направа, адходзілі вольныя, а тыя, якія налева, знаходзілі неадкладную смерць у Люксембургскім садзе. 800 чалавек расстралялі за тыя некалькі дзён. Канстанціна Далеўскага накіравалі налева. Раздаўся стрэл. Палёг ад рукі тых, якіх нядаўна засланяў сваімі грудзямі. Эміграцыя, пасылаючы па ім некалькі звестак, дадала словы:

"Быў гэта чалавек справядлівы, шляхетны, нястомны і сумленны працаўнік на кожным полі, куды кідаў яго няўмольны лёс; ціхі. замкнуты ў сабе, скоры і гарачы ў аказанні дапамогі тым, каму яна была патрэбная. Адзін поціск рукі быў вымоўным довадам пачуццяў у таго чалавека. У коле найбліжэйшых, у даверлівай гутарцы з прачуласцю гаварыў пра лёсы сям'і і Бацькаўшчыны".


Музыка Шапэна пасля 1831 года на словы невядомага мне аўтара [207]. Апошняя песня, прынесеная мне настаўнікам спеваў у 1862 годзе:


Лісце з дрэва аблятае,

што вырасла на волі.

Над магілаю спявае

птушачка з-над поля:

"Не было, не было,

Польшча, шчасця табе,

Усё, як сон, прайшло,

А дзеці ў труне".


У агні гарады,

папалены сёлы,

жанчын праз гады

сказ невясёлы:

"Усе з дому пайшлі

ў зрэбных світах,

з сабой косы ўзялі,

гіне ў полі жыта".


Калі пад Варшавай

сабралася дзятва,

здалося, што са славай

Польшча ўся прыйшла.

Біліся зіміцу,

біліся вясну,

а восенню ўжо біцца

не было каму.


О, Польшча-краіна,

каб нашыя брацці,

што за цябе гінуць,

узяліся за працу,

каб па жмені зямлі

з Айчыны забраць,

далоньмі б маглі

ўсю Польшчу падняць.


Ды сабраццца з сілай

маем шанец цьмяны,

бо здрайцаў прыбыла,

а люд збыт паслухмяны.


Спяваючы ў той час, не думала, што блізкі час, у якім нам суджана сцвердзіць ахвяраю ўсяго жыцця праўду тых слоў.


Некалькі кароткіх успамінаў пра брата Цітуса і апошнія ўражанні перад пакіданнем Вільні назаўсёды

За жыццё і шчасце аднаго з братоў, жыццё і шчасце ўсіх шасці сясцёр. Мы гаварылі і пачуваліся б шчаслівымі, калі б нам Бог дазволіў тыя словы замяніць на дзеянне. За тую нашую вялікую любоў браты нашыя плацілі нам сардэчнай чуласцю, дабратой і даверам.

У памяці маёй бачу дваіх малодшых: Канстанціна і Цітуса ў часы нашых загарадных вылазак з маці, якія ішлі перад намі. Канстанцін абдымае шыю Цітуса сваёй рукой, які, заглядзеўшыся на прамоўцу, не чуе нашых галасоў, што клічуць пабегаць. А Канстанцін меў што яму распавесці. Ад сёмага года жыцця ён жыў у Вільні пры старэйшых братах Францішку і Аляксандру на Бакшце, у доміку, які належаў некалі сям'і Ходзькаў. Уваходзілі туды праз малую брамку ў тоўстым муры, які акаляў сад і цягнуўся пад гару ў бок Росаў. У найвышэйшым яго пункце ўздымаўся малы двухпавярховы домік. У той час першы паверх стаяў пустым; на другім паверсе ў двух пакоях жылі перад самым зняволеннем браты Далеўскія. З аднаго боку быў від на Росы і далёка расцягнутыя зялёныя лясы; з другога - на разасланы горад з Антоклем, Замкавай гарой, Бекешавай, Трыкрыжскай і берагамі Віліі [208].

У тых то пакойчыках збіралася звязкавая моладзь (Братні звяз моладзі на Літве). Тут малы Костусь быў неаднаразова сведкам таго, што стала галоўнай мэтай жыцця яго двух старэйшых братоў; тут першы раз бачыў уварванне ноччу паліцыі, ператрус і арышт. Апрача тых, атрымаў яшчэ шмат іншых, датуль яму невядомых уражанняў, як від вожаных па вуліцах Вільні палітычных вязняў: Рэнера, Гофмайстра і Багуслаўскага [209]. Бачыў праяўленыя на тварах жыхароў пагрозу, абурэнне і жаль, чуў іхнія апавяданні пра катаванні палкамі Рогра. Уражанні тыя зрабілі надвор'е ў душы дзіцяці і былі напэўна нагодай таго, што ў нашым дзяціным коле рабіліся дзіўныя рэчы, напрыклад, у першы раз Цітусік, маючы ледзьве гадоў шэсць, хацеў, каб яму сястрычка праткнула ручку іголкай, распаленай да чырвані. Калі не згадзілася, нярвова плачучы, назваў яе бабай і сам сабе тое зрабіў. Ручка апухла. Цярпеў доўга і балесна. Не дазволіў ёй нават сказаць старэйшым, што было прычынай той раны. Іншым разам дамогся ад малых таварышаў, каб яго павесілі на клямцы (для выпрабавання вытрымкі). Хлопцы пасля зробленага разбегліся, перапужаныя, па садзе. Прыход старэйшага брата Аляксандра ўратаваў жыццё Цітуса.

Апавядала нам маці са слязамі, як, падгавораная губернатарам Бібікавым і прыяцелямі, першы раз у жыцці не слухаючы голасу ўласных перакананняў, вырашыла аддаць малога Цітуса ў школу кадэтаў [210]. Угаворвалі: дзіця там заўсёды нечаму навучыцца, увойдзе ў сістэмнае жыццё і навуку, а маці тым часам з погляду на свае інтарэсы будзе магчы забраць яго і памясціць адпаведна са сваімі жаданнямі.

Цітусік не супраціўляўся, не адпрошваўся. Увесь час рыхтаваўся да экзаменаў. вучыўся дасканала, пільна і старанна рабіў свае ўрокі. Праз нейкі час захоплены настаўнік паведаміў маці, што дзіця ўмее ўжо болей і лепей, чым хочуць у школе. Цітусік паехаў, але маці у той жа вечар, уваходзячы ў свой пакой, знайшла на століку каля свайго ложка кніжку для набажэнства, на якой на адваротным баку вокладкі было напісана непастаўленай ручкай, вялікімі літарамі: "О, маці-полька! Кепска сын твой пачуваецца! Двух старэйшых пашча дзікага звера зжэрла, а ты сама трэцяга кідаеш яму на пажыву".

Бедны наш брацік нікому не паскардзіўся. Маўчаў. Але што там у яго малой душцы мусіла рабіцца! Што ён у той час думаў? Што цярпеў? Разлічваў толькі на сябе, выязджаючы, шапнуў плакаўшай сястры: "Не плач - вярнуся!"

Вярнуўся, бо адказваў на экзамене так надзвычай кепска, што яго адаслалі дадому, як зусім няздатнага да навукі. Браты нашыя хадзілі ў школы ў Вільні. З наступленнем вясны бегалі ў ранішні час купацца ў Вілейцы. Часта здараліся спазненні ў школу. Маці і старшая сястра выгаворвалі, хлопцы не апраўдваліся, маўчалі.

Аднойчы грамадка бедна апранутых хрысціян і яўрэяў забегла за імі на наш падворак. Вялікі быў перапалох і здзіўленне нашай маці. Выйшла. Пытаецца, што да чаго.

- Навошта панічы ўцякаюць - гукнуў нейкі яўрэйчык. - Панічы не разумеюць. Мы хочам дабра. Мы хочам панічоў завесці ў ратушу і сведчыць [што] на працягугэтай вясны яны ўжо траіх дзяцей і двух дарослых выратавалі. Мы хочам, каб атрымалі медаль і ўзнагароду. Штодзень на беразе ракі яны пільнуюць, а, бачачы няшчасце, кідаюцца ў ваду і ратуюць.

Вілейка наша ля падножжа гор, акаляўшых горад, на працягу лета малая, плыткая, ледзьве пазначаная вузкім струменьчыкам, на вясну разліваецца шырока, і хуткай плынню зносіць хаты, жывёлу, людзей, калыскі з дзецьмі. развальвае і падмывае нават мураваныя дамы. Нягледзячы на страшныя небяспекі, бедная хрысціянская і яўрэйская люднасць, зважаючы на тое, што нідзе танней не знойдзе жылля, пасля кожнай разрухі адбудоўваецца нанава і вяртаецца на даўняе месца. (Так прынамсі было ў часы, пра якія пішу.)

Брацікі нашыя вечна марылі пра жыццё добрае і карыснае народу, у той час ужо моцныя, рослыя і добра плавалі, кожнай вясной пасля ночы поўнай небяспекі для беднага люду беглі на раку, каб яму нечым дапамагчы. Ведалі таксама многіх наўзбярэжных жыхароў у твар і па прозвішчы. У 1863 годзе люднасць Зарэчча [211] адплаціла прыгаворанаму на смерць Цітусу, але перад наступленнем тых страшных часоў не магла іначай выказаць сваёй удзячнасці, нягледзячы на пратэсты і гнеў, хацела ўжыць нават сілу, каб, як ім здавалася, недасведчаных завесці па ўзнагароду.

Ледзьве маці ўдалося іх супакоіць і пераканаць, што магчымасць аказаць дапамогу бліжняму ёсць найвышэйшай узнагародай.

Пасля вяртання з Сібіры першым клопатам Аляксандра адносна сям'і было выслаць малодшых братоў ва ўніверсітэт. Ад 1852 года каляжанскае жыццё ў Маскве было ўжо заарганізавана Савіцкім [212] і др. Маткевічам, паводле задумы Фр[анцішка] Дал[еўскага]. Гэты ўніверсітэт стаяў найвышэй з погляду агульнасці мэтаў абодвух народаў і падбору прафесараў. У 1859 годзе Канстанцін паступіў на матэматычны факультэт, Цітус - на юрыдычны. У той час у гэтым універсітэце моладзі польскай вучылася каля 500 чалавек. Шмат з таго ліку было амаль без ніякіх сродкаў утрымання. Універсітэцкі статут гаварыў, што кожны з больш заможных, стасоўна да велічыні сваіх фундушаў, быў абавязаны складаць працэнт на падтрымку для калег, якія мелі патрэбу, і на павелічэнне бібліятэкі. Акрамя таго калегі з вышэйшых курсаў абавязваліся сачыць, прытуляць і дапамагаць у навуцы бяднейшым. На надзорных сесіях таварыства выбірала са свайго кола: бібліятэкара, касіра, галоўнага зборшчыка і факультэтных зборшчыкаў. Заданнем апошніх было абысці ўсіх калег свайго факультэта для збору падатку і здачы потым на рукі галоўнага зборшчыка. Вось жа Цітус Далеўскі вызначаючыся шляхетнасцю характару, чыстатой звычаяў, гарачай любоўю да Краю і энергіяй, нягледзячы на свае сямнаццаць гадоў, быў абраны калегамі галоўным зборшчыкам [213]. Прыняты абавязак выконваў да выезду з універсітэта.


Пакуль не прыйшоў у Маскву заклік да бою ад Літ[оўскага] аддз[ела], занепакоеная моладзь пасля варшаўскіх выступленняў пасылала некалькі разоў Цітуса для больш дакладнага інфармавання на Літву і ў Пецяр[бург] да Серакоўскага. З Вільні вярнуўся з даручэннем Аддз[ела], каб студэнты заставаліся на месцы; што таксама часова паўстрымала моладзь, якая рвалася ў бой. У сакавіку 1863 года другі раз быў пасланы ў Пецяр[бург] па казанскай справе [214]. Цітус пасля вяртання быў зняволены, праз дзесяць з нечым дзён быў адпушчаны на волю. У першыя гады пылкага руху за свабоду, перад самым паўстаннем, у Расіі ўсе адозвы друкавалі ў Маскве, потым - у Пецярбургу.

Калі самыя гарачыя ў канцы студзеня і на пачатку лютага пакінулі Маскву, Цітус з-за казанскай справы мусіў застацца з групай найдзелавіцейшых і найэнергічнейшых калегаў для аказання дапамогі Кяневічу. Афіцэр Чарняк, расеец з Пецярбурга, быў найвыбітнейшым дзеячам у Казані пры Кяневічу. Справа была здраджана студэнтам-расіянінам. Кяневіч пры вяртанні з Парыжа быў арыштаваны на граніцы.

Адной ночы ў Маскве, калі некалькі маладых людзей цягнула скрынкі, напоўненыя адозвамі да салдат і да расейскага народа, каб утапіць у канале, патруль вынырнуў з бакавой вуліцы. Моладзь, кінуўшы на беразе скрынкі, уцякла. Цітус застаўся адзін, разумеючы фатальныя наступствы таго, калі паліцыя знойдзе скрынкі. Ператрусы ў студэнтаў, следства, і польская моладзь будзе затрымана ў Маскве на час паўстання, і справа Кяневіча пагоршыцца. Цітус з напругай усёй сваёй сілы адна за другой кідае скрынкі ў канал, пасля чаго, бачачы немажлівасць пазбегнуць арышту, бяжыць у бок патруля, каб схаваць след месца, дзе ўтапілі адозвы. Затрыманы, аб'яўляе з ходу, што складзе свае прызнанні камісіі, а не паліцыі. На допытах тлумачыўся так лоўка і разумна, што праз пару тыдняў яго вызвалілі. Моладзь, засаромленая і прыгнечаная фактам сваёй баязлівасці, з таго часу, як сама нам прызнавалася, была слепа паслушнай у руках Цітуса.

Прыбылую з Масквы моладзь Літ[оўскі] аддзел далучыў да сумесных работ. Цітус, як мне падаецца [215], неахвотна застаўся ў Вільні, хацеў ваяваць як жаўнер. Аддзел, бачачы неабходнасць паставіць некага з найчыннейшых і з найэнергічнейшых пры Гейштары, прызначыў Цітуса намеснікам, памочнікам.


Лёсы нашай першай друкарні былі невыказна сумныя. На пагорках Бяльмонта [216] пад карэньмі разложыстай прыгожай сасны, на схіле ўтварыўся натуральны невялікі грот з уваходам, заслоненым зараснікамі

Тут паставілі малую друкарню. Было там, на думку расказчыкаў, вельмі нязручна і цёмна. Аднаго дня (перад прыбыццем Цітуса) пасланец, які пайшоў, каб забраць адозвы на правінцыю, застаў уваход засыпаным. Дзе тры маладзёны, якія там з раніцы працавалі? Генрык Км., выцягнуты напаўжывы, ацалеў, дзякуючы толькі малому прытоку паветра праз карэнні, з якіх пясок асунуўся да падножжа ўзгорка. Тыя, хто працаваў глыбей, загінулі Там, аднак (калі мяне памяць не падводзіць), была надрукавана першая адозва "Да зброі!" [217].

Пасля прыбыцця Мураўёва нашая друкарня хавалася ў розных пунктах. У канцы, дзякуючы добрай заплаце, перанеслі яе на Мураўёўскую. З тога часу была зусім бяспечная, друк быў выразны і чысты. Апошняя друкарня была задумай Каўфмана. Я была ў той час у Пецярбургу, дзе расейцы, як і палякі, забаўляліся апавяданнем пра прыгоду часоў кіраўніцтва Каўфмана на Літве. Невядома, ці для прадаўжэння ўрадавага тэрору, ці для сыску, сказалі двум салдатам занесці і схаваць сярод вялікага стосу дрэва, навезенага на падворак пэўнага ўладальніка (вядомага заможнасцю), друкарню з роду тых, якія ўжываліся ў часы паўстання. Пасля чаго быў арганізаваны пільны ператрус ва ўсім доме. Арыштавалі гаспадара. Пярэчыў. Выклікалі сведкаў, салдатаў, якія ў час ператрусу знайшлі друкарню. Друкарню паставілі на відным месцы. Выступае на сярэдзіну залы салдат з дурнавата шырока расплюшчанымі вачыма, з чырвоным перапужаным тварам.

- Как тебя зовут? - пытецца чалец камісіі.

- Тимофей Дарук.

- Хорошо. Скажи, брат, как и где ты нашёл эту машину?

- Да вот так. Его превосходительство господин полицмейстер призвал меня и Ивана Долгасова и приказал нам взять вот эту машину и занести на Виленскую улицу.

- Дурак! Что ты за глупости болтаешь? Спрашиваю тебя, как ты нашёл эту машину и где?

- Да вот так, Ваше превосходительство. Где мы поместили, оттуда и взяли.

- Поди вон, безмозглый дурак. Сумашедший, или что? [218]

Слухаючы пытанні і адказы, роўна як арыштаваны, так і чальцы камісіі пырскалі вясёлым смехам. Але хто быў пакараны? Не ведаю. Ці ўладальнік дома? Ці паліцмайстар? Ці Каўфман? Праўдападобна, найменш вінаватыя - салдаты.


Мушу аддаць належнае Мураўёву, што пра сваю ўласную дачку так не клапаціўся, як клапаціўся пра мяне. Апрача двух жандармаў у перадпакоі, некалькі разоў на дзень жандармскі палкоўнік заскакваў для вывучэння, як са мной і ўва мне. Пасля чаго складаў асабіста Мураўёву рапарт. А дзясятай раніцай і вечарам давераны яго казак з'яўляўся, гонячы цераз горад на сваім, як ён сам, чорным кані, пакрыты калматай чорнай апончай з асабістымі Мураўёва распараджэннямі, калі мне можна выйсці ў таварыстве жандарма на прагулку, а калі маю застацца ў доме і г.д. Адзін з такіх лісткоў я ўручыла пану Дыбоўскаму.


Становішча маёй сям'і з кожным днём станавілася цяжэйшым. Францішак і Тэкля зняволены. Маці і сясцёр мучаць пастаяннымі выклікамі на дазнанне ў камісію [219]. Цітус хаваецца ў Вільні пад чужым прозвішчам. Юлію Беркман шукаюць як Юліяна Далеўскага, камісара Коўні. Канстанцін змагаецца з цяжкім лёсам, як паўстанец.

Ад 15 чэрвеня [220] ляжала хворая без памяці. Пра той страшны перажыты дзень. Дабраславёнае цярпенне цела, якое забівае хоць на кароткую хвілю веліч цярпення душы.

Можна зайздросціць звар'яцелым шаленцам, якія да канца жыцця трацяць памяць пра мінулае. Сястра Зузанна і Антанёва Зялінская, якая сумела ўталкаваць жандармам, што ёсць доктарка, даглядалі мяне. У канцы жніўня ў першы раз я магла супакоіць маці, адведаць яе. У гэты час я даведалася пра жудаснае жыццё жыхароў Вільні, а менавіта арганізацыі - прасіла і вымагала, каб мне аддалі на захаванне ўсё, што магло б найбольш скампраментаваць арганізацыю, а менавіта Аддзел. Што да мяне, то мне ўжо нічога не было страшным.

Прыпомнілася мне адна хвіля з тых часоў. Мы мелі пастаянную факторку [221], якая ад часу нашага прыбыцця ў Вільню дастаўляла нам патрэбныя тавары. Калі я была зняволена, ёй адной вольна было прыходзіць з таварамі. Звязвала прыходы з чаканым дзіцяткам.

Пакуль мне дазвалялі хадзіць да маці, я штодзень яе адведвала. Жандарм нёс за мной пакет з тым, што мне давалі на перахаванне. Цітус чакаў мяне ў азначаныя дні, ставіў пячаткі, браў або дадаваў паперы, пасля чаго я забірала ўсё назад. Калі Мураўёў забараніў мне паказвацца на вуліцах горада, хадзіла на Росы, там за помнікам Аляксандру, або за адной з трох сосен, што раслі на магіле, клала ўзяты ад жандарма пакет, адыходзіла. Цітус чакаў недалёка. Тут, як перад тым у маці, выконваў тое, што было патрэбным. Адыходзіў, а я вярталася, каб забраць назад.

Аднаго дня казак прывёз загад, які забараняў прагулкі. Пасля адыходу пасланца Мураўёва пачула размову жандармаў: праз пару гадзін мае быць у мяне ператрус, загадана ім пільна сачыць, што ў мяне робіцца.

Уражаная не мела паняцця, дзе схаваць пакет (былі ў ім пячаткі Аддзела), што скажу, адкуль іх маю. З тысячы варыянтаў ні адзін не задавальняў. Раптам заходзіць факторка Цырка з таварам. Знала мяне з чатырох гадоў жыцця. Сама была малым дзіцем, калі яе маці займалася факторствам у нас.

- Цырка! Цырка! - выгукнула, - я ў гэты час вельмі няшчасная. Глянь, маю рэчы пры сабе, якія не павінны трапіць у рукі паліцыі. Тут праз гадзіну будзе ў мяне праверка! Цырка, ці разумееш, якое гэта страшнае няшчасце можа наступіць для многіх?!

- Пані, давай гэта Цырцы! Забяру сабе. У мяне, у такой беднай жыдоўкі ніхто, нічога не будзе шукаць. Давай!

- Слухай, а калі ў цябе зробяць праверку? Ты згінеш. Нас забіваюць, высылаюць у Сібір, але вас, яўрэяў, апрача гэтага, б'юць, трэціруюць і мучаць. Цырка! Цырка, і цябе біць і мучыць будуць, а ты маеш маленькую дачушку. Ці ты памятаеш пра тое?!

- Ведаю! Ведаю! Але давай мне гэта ўсё, толькі хутка! Схаваю. Бог ёсць у небе!

Так гаворачы, Цырка раптоўна схапіла з маіх рук пакет, палажыла ў сярэдзіну тавараў - выбегла. Былі гэта часы, калі Мураўёў загадаў правесці праверкі па ўсім горадзе ў адзін час.

Я жыла пры Вострай Браме каля брамы пабазыльянскага кляштара, адтуль магла бачыць вокны дамоў па левым і правым баку вуліцы. Налева насупраць дома Ледахоўскага жылі калегі Цітуса: Попел, Барановіч і Сулістроўскі. Цітус у дзень хоць на хвілінку заскокваў да іх, каб з акна мяне павітаць і супакоіць, што жывы - вольны.

Пасля выхаду Цыркі я наблізілася да акна, каб бачыць, як яна аддаляецца. Якое ж было маё ўражанне, калі ўбачыла аддзел войска, які адначасова атачаў дом, дзе быў Цітус і дзе я жыла. Пасля праверкі ў мяне паспяшыла да акна.

Непрытомным позіркам сачу за выходзячымі з брамы салдатамі. Ці не вядуць Цітуса? Не, я яго сярод іх не бачу. Падымаю вочы да акна, дзе яго звыкла бачыць. О, Божа! Гэта ён. Бляднейшы толькі, але спакойны, усміхаецца - вітае мяне паклонам тут жа над галовамі адыходзячых салдатаў.

Распавядалі яго таварышы. Цітус пасля бяссоннай ночы, бадзяжнай, рана змучаны зайшоў да іх са словамі:

- Тры ночы не спаў, учора мелі праверку. Сёння маю надзею без небяспекі для вас спакойна заснуць.

Адчыніў акно, прывітаў мяне, пасля чаго змучаны ўпаў на ложка. Попел наблізіўся, каб зачыніць акно. Адразу гукае:

- Цітус, войска! Паліцыя перад домам!"

Цітус скочыў з ложка. Кінуўся да дзвярэй суседняга пакоя. пацягнуў іх. Замкнутыя. Цішыня. Ужо войска ідзе. Ужо пад дзвярыма. Цітус адным скокам становіцца пры сцяне з боку, у які адчыняюцца дзверы.

На ўдары прыкладамі Попел дзверы адчыніў. Аддзел з паліцыяй уварваўся. Адчыненыя дзверы затлуміла салдатня. Цітус прыпёрты да муру за дзвярыма. Пасля кароткай праверкі, пасля допыту, чыё паліто ляжыць на крэсле, чыя шапачна на стале - войска з паліцыяй пайшло. Цітуса закрылі дзверы, засланіла салдатня.


У дзве гадзіны з тварам смяртэльна белым з залатвеннем дробных справункаў прыйшла Цырка. Пасля перабытых узрушэнняў з пачуццём, як бы ў яе асобе я ўбачыла ўсіх маіх: маці, братоў і сясцёр, абняла шыю Цыркі з плачам.

- Ці ведаеш, была праверка ў памяшканні, дзе знаходзіўся Цітус. Не знайшлі яго. У цябе, дзякаваць Богу, не было?

- Ой была! Была! Ужо не жыву! Ужо памерла! Уварваліся, ледзьве мела час той паскудны пакунак уціснуць пад маю Сорку ў калысцы. Брыдзіліся беднага дзіцяці, з усёй калыскай перавярнулі. Дзіця выпала на падлогу, на яго - пярынка. На дне калыскі нічога не было. Пярынка закрыла пакунак і дзіця. Бог злітаваўся над намі і над вамі. Пані рабіла з літасці дабро, і я гэта рабіла з літасці над вамі, а Бог у небе быў яшчэ больш літасцівы - ратаваў нас, бо мы дабра хацелі.

30 верасня каля дзявятай гадзіны раніцы, чуючы арганы і спеў "Вітай ,Пане", які з дзяцінства так моцна любіла, што плыў з Вастрабрамскай капліцы, наблізілася да акна, але від шматлікай незвычайна спяшаўшайся на імшу люднасці, а таксама далятаўшыя праз адчыненае акно словы праклёнаў і галосны жаночы плач змусілі мяне выхіліцца з акна. Былі гэта жанчыны з народу. Адна з іх мела вочы, уткнёныя ў нейкі прадмет на рагу дома, у якім я жыла, іншыя, кленчачы, з плачам і нараканнямі абдымалі мур і цалавалі яго. На мой від, падняўшы рукі чынілі знак крыжа. У тую хвілю на другім баку вуліцы ўбачыла Антанёву Зялінскую з тварам смутным, заплаканым, якая ішла ў бок Вострай Брамы, і яна мяне перажагнала.

Уражаная ўбегла ў пярэднюю, прасіла жандара, каб даведаўся, што людзі бачаць на рагу майго дома. Прадчувала нейкае новае, страшнае няшчасце. Прыпамінаўся мне пярэдадзень 15/27 чэрвеня - і ў той час, як сёння, толькі тлумней, люд спяшыў да Вострай Брамы, і ў той час, як і сёння, жагнаў мяне і выказваў свае гарачыя пачуцці. А я не ведала, што было прычынай.

Жандар вярнуўся са словамі:

- Нічога не сталася, толькі прыгаварылі завочна на смерць нейкага Цітуса Далеўскага, і прызначана ўзнагарода таму, хто яго выдасць і пакажа. На рагу гэтага дома і іншых паразлеплены абвесткі.

Я не крыкнула, не заплакала. Вайшла ў свой пакой, замыкаючы дзверы на ключ за сабой. Што рабілася са мной у той дзень, не ведаю, нічога не памятаю. Ачуняла ноччу на зямлі з галавой абапёртай на крэсла. Месяц свяціў ярка мне на твар, напэўна гэта ён мяне апрытомніў. Ці самлела, хочучы маліцца ці ўпасці на крэсла - не ведаю. Не плакала.

На наступны дзень прыбыў кн. Шахаўскі з даручэннем Мураўёва, што хоча са мной бачыцца, пагаварыць, праняты літасцю над маім лёсам. Ён сам заапякуецца над маім дзіцем, калі прыйдзе на свет, аддасць сам на выхаванне, каб яно было лепшым за тое, якое меў яго бацька. Мяне вывезці загадвае ў Расію, "дзе пані будзе лепей, чым сярод сваіх. Край мужа не прабачыць пані пройгрышу, аплюе памяць яго і пані. Лепей пані будзе ў Расіі, маладая, прыстойная, выйдзе пані хутка замуж, а як пані зменіць прозвішча, зможа жыць у Краі. Дзядзя, шкадуючы, загадае выстарацца для пані поўную мужаву пенсію і пашпарт за мяжу або туды, дзе пані спадабаецца пасяліцца, толькі няхай падпіша, што прызнае смерць мужа заслужанай".

Не буду апісваць майго абурэння. З таго, што ў той час пад уражаннем пагрозы выказала, памятаю толькі словы, якія мне праз два гады прыпомнілі ў Пецярбургу:

- Скажы свайму дзядзьку, што ён сёння супраць мяне і Бацькаўшчыны маёй бяссільны, перастаў ужо быць страшным, давёў нас да пачуццяў найвышэйшай нянавісці і пагарды да сваёй асобы. Крыўдаў, нанесеных мне і маёй Бацькаўшчыне, не можа ўжо ані павялічыць, ані паправіць. Жадаю, што да мяне, лепш дзяліць слёзы і пакуты з маім Краем, чым з вамі дастаткі і поспех. Жадаю смерць ад нястачы, чым хлеб з рукі бандыта, якім ёсць Мураўёў, з той рукі, крывёю маіх палітай. Ідзі, пан! Не разумееш мяне, не ў стане зразумець. Мураўёва, той агіды бачыць не хачу, хіба буду сілай змушана. Літва памятае, як па-зверску абышліся з маці Валовіча! [222]

- Слоў пані паўтарыць дзядзьку не магу.

- Паўторыш - за гэта спакойная. Ведаю, што сумееш паўтарыць. Яшчэ раз я паўтараю, што я ўжо вас усіх не баюся. Адыдзіся пан!


Што рабілася са мной ад той хвілі, не ўмею распавесці. Пад вечар сказала жандару падрыхтаваць павозку. Паслухаў. Можа, думаў, што выканаю свежа дадзены мне загад. А я, магла быць здольнай на адну толькі прытомную думку, якая гукала: "Да маці, да маці!". Так - туды мяне на фатэлі ўняслі жандары. Ад гэтага часу прытомнасць мяне пакінула, нічога не бачыла, нічога не памятала. Ведаю толькі з апавяданняў маці і сясцёр. Ноч цэлую ніхто не спаў, доктар не адходзіў. Раніцай падаўся да Мураўёва з прадстаўленнем, з пункту свайго прызвання, што высылка ў тым стане здароўя пагражае мне смерцю.

- Тем лучше [223], - адказаў са злосцю.

Пасля доўгага стараннага ўглядвання ў геаграфічную карту вырашыў выбраць за найадпаведнейшую для мяне мясцовасць Белаазёрск [224], паколькі там не было палякаў. На прадстаўленне доктара Фавеліна, што Белаазёрск акружаны балотамі з рэзкімі вятрамі з Валдайскіх высотаў, можа мне кепска адбіцца на плодзе - з яшчэ большым запалам паўтарыў:

- Тем лучше.


Я ў той час, не ведаю, пад уплывам лекаў ці гарачкі падавала выгляд шчасця і спакою. Нічога не чула, нічога не бачыла, ані слёз маці, ані сясцёр, ані прыбыцця палкоўніка Эслінгера, які дагаджаючы жаданням Мураўёва, загадаў жандарам схапіць мяне з ложка (ледзьве бедная маці мела час ахінуць мяне нейкім, ляжаўшым найбліжай ранішнім уборам і накрыць футрам). Гэтага ўсяго не памятаю, расказвалі мне, не памятаю нават, ці мяне маці пажагнала. Была цалкам непрытомная. Адно мне пастаянна снавала па галаве, што памерла, што душа бессмяротная, што мне добра пасля смерці, спакойна, няма нічога з усяго мінулага, што мяне выносяць у труне з дому, бо цела памерла - гэта маё пахаванне!

Калі везлі мяне цераз горад, адно толькі ўдарыла маё ўяўленне ці памяць - сярод тых тлумаў, снуючых па вуліцы, вялікія, чорныя, поўныя смутку і трывогі, упёртыя ў мяне вочы брата Цітуса. Чаму я тыя вочы пастаянна бачыла перад сабой, распавядалі мне потым, што кожнага, хто спыняўся хоць на хвілю на вуліцы, арыштоўвалі. А, аднак, я яго пастаянна бачыла, стаяўшага перад вачыма.

Так мусіў выглядаць наш дарагі брацік праз тры месяцы, калі ішоў на смерць, толькі так гаварылі, у той час ішоў спакойны, з усмешкай на губах. Сёння той усмешкі не было.

У той дзень, ці рэчаіснасць? Ці гарачкавае відзенне? Бачыла яго апошні раз у жыцці.


Не ўсе дні на Літве былі днямі слёз, мукі і смерці. Мела і яна свае хвілі ясныя, прамяністыя, поўныя абяцанняў на будучыню. Тымі днямі быў найперш месяц красавік [225]. Кожная добрая вестка з лагера паіла Край радасцю. Пастаянныя перамогі, расійскія войскі даюць драла, управы замыкаюцца, пакідаючы мястэчкі ў руках нашых войск. З усіх бакоў Літвы спяшаліся ў гарады, а менавіта ў Вільню па бліжэйшыя дэталі шчаслівых вестак. З'езд шляхты больш шматлікі, твары ўсіх шчаслівыя разпрамененыя, кожны мае нешта распавесці, або запытаць. Людзі шукаюць адзін аднаго. Сямейныя дамы перапоўнены гасцямі, якія вядуць жывыя размовы пра бягучыя хвілі, якія абяцаюць так многа на заўтра. Ніхто не мае моцы сядзець дома ў самотнасці. Я была ў той час яшчэ вольная, цэлыя дні праводзіла ў маці. І ў нас на Вялікай вуліцы ў доме Ромера шматлюдна. Усе радуюцца! Толькі адзін наш Краёвы аддзел бачыць падняты над Бацькаўшчынай меч пагрозы, пры ўпаяльных шчасцем рапартах, заключаны ў адным выразе: "Зброі! Зброі нам трэба як найспешней. З цэпам і касой нядоўга будуць трываць нашыя трыумфы, згуба блізка, у нашых акалічнасцях кожную страчаную хвілю не ўдасца нагнаць, толькі хуткія дзеянні могуць мець добры вынік. У супраціўным выпадку чакаюць нас страшныя Фермапілы, пасля якіх нікога не застанецца, каб даць сведчанне пра праўду".

Калі ўся Літва радуецца, няшчасны наш Аддзел у сваім бяссіллі адносна зброі, бачыць пераддзень непазбежнай гібелі Краю.

Не раз пазней у дні майго бадзяння па Расіі пыталася сябе, ці разумнейшай, менш легкадумнай пры высылцы Гейштарам тых 75 тысяч на зброю магла быць шчаслівай яе дастаўка? Бачачы нечуваныя цяжкасці пры дастаўцы нават адзіночных штук зброі, думаю, што Літва тую дарогу ніколі не магла б асіліць. Латвей ужо морам, але і гэта бедную Літву падвяло. Немалыя сумы на тую мэту прысвяцілі Ірэні Агінскі і Бенедыкт Тышкевіч - той зброяй толькі і змагаліся. Іншай не было.

Хто быў вінаваты на Літве ў тых перажытых няшчасцях? Ніхто і ўсе. Прыгнечаная Літва, якая доўга цярпела пастаянны ўціск і несправядлівасць, выбухнула роспачлівым намаганнем скінуць з сябе ўдушвальнае ярмо. Хто ж у стане захаваць спакой і згоду з лёсам, калі яму боль угрызаецца ў мазгі і ў сэрца. З цяжкай ганебнай доляй нельга пагадзіцца, і з тым, хто ёсць таму прычынай, не можа быць прымірэння. Скінуць ярмо, а потым гаварыць: роўны з роўным, вольны з вольным жыць можа. Увесь наш край браў удзел у кіраўніцтве, і дзейнасць Аддзела была ў руках з'ездаў з цэлага Краю. Чальцы былі адказныя перад Краем кожны за сваю дзейнасць. Браты мае самі вялі сваю дзейнасць, не даручаючы нікому. Даводзілі, што калі хочаш мець здаровае, дакладнае меркаванне пра рэч, трэба самому да яе прыкласці рукі. Тым больш, што шмат найвыбітнейшых людзей у Краі ў нарызыкоўнейшых выпадках хацела непасрэдна паразумецца з Францішкам, як напр. гэта мела месца з Цітусам і Агрызкам. На прапанову Прыбыльскага праз яго наўпрост, а не праз Літву ўвайсці ў стасункі з Каралеўствам, Агрызка адмовіў. Не спыніў (свае) працы, згоднай з патрэбамі Літвы. Дапамагаў, спачуваў і кантактаваў з ёй толькі праз пасярэдніцтва Цітуса, прадстаўленага яму Зыгмунтам у 1862 годзе.

Цітус ад траўня, ці паловы красавіка (не памятаю) прызначаны таварышам, памочнікам Гейштара. Прымае на сябе абавязкі, якія змушаюць яго да сутыкнення з людзьмі розных слаёў і ступені падрыхтоўкі пры дастаўцы ідучым у паўстанне зброі, грошай, пры інфармацыі аб рухах войск і ўрадавых распараджэннях, пры прыёме рапартоў і г.д. Пасля зняволення Гейштара тую самую дзейнасць праводзіў пры Юзафе Каліноўскім (кс. Рафале).

Ад хвілі прыняцця гэтых абавязкаў смерць Цітуса была непазбежная. А, аднак, о, Божа! як жа нам цяжка было з гэтым згадзіцца. Хвіля тая адцягвалася толькі, дзякуючы шляхетнай і міласэрнай апецы віленцаў.

Мураўёў думаў, што прысутнасць сям'і абцяжарыць яму захоп Цітуса ў свае рукі. Цяпер ужо ніхто з нас не стаяў яму на дарозе, уся сям'я рассеена. Ад той пары, каб каго не аддаць на згубу, некалькі начэй Цітус правёў пад адкрытым небам, на могілках, якія называў сваёй неаспрэчнай пасесіяй. Помнік брату Аляксандру засланяў яго ад вока ворага, а магіла бацькі служыла падушкай.

Не ведаў Мураўёў, не знаў Літву, што з хвілі абвяшчэння выраку смерці і прызначэння цаны за яго галаву, жыхары Вільні стануць апекунамі жыцця Цітуса. Удзячнасць сям'і належыць усім віленцам, а менавіта п[аням]: Радзевіч, Гелене Ямант, якую кахаў і якая была адным ясным праменчыкам у яго роспачлівай долі, апрача іх - сям'і князя М[іхала] Агінскага. Прасілі Цітуса, угаворвалі, каб уцякаў за мяжу. Высакародны, верны сяброўству з Францішкам Фелікс Рымовіч прыслаў яму пашпарт, грошы ад пецяр[бургскай] арганізацыі і ўказанні па арганізацыі ўцёкаў. Цітус не згадзіўся. Ставіў пытанне: "Ці ўжо ўсё зроблена? Ці барацьба з непрыяцелем скончана? Ці, калі я ад'еду, ніхто не зойме майго, як вы кажаце, небяспечнага месца? Калі хто мае загінуць на гэтым месцы, дзе знаходжуся, лепш сам загіну!"

Я ўспамінала ўжо ў нататках з 1863 года, што Парафіновіч, інж. Кушалеўскі (з Коўні) сведчачы супраць Якуба Г[ейштара], што той, будучы старшынём Выканаўчага Аддзела, пасля зняволення чальцоў Кіраўнічага Аддзела 10 ліпеня новага стылю прыкрываўся Цітусам. Д-р Дзічкоўскі назваў, дзе і ў каторыя гадзіны можна было яго знайсці. Дзельны, энергічны доктар Шапіра, яўрэй, прызначаны камісарам у Коўні, некалькіразова прысылаў Цітусу перасцярогу пра грозныя для яго прызнанні вязняў у камісіі ў Коўні.

Паліцыя, арыштоўваючы Цітуса [226] ў Сыракомліхі, не была пэўная ў яго тоеснасці, наўва прозвішча Цітуса перад паліцыяй, а поым на камісіі выдала яго на смерць.

Мой дарагі брацік, як мала я ведаю пра цябе! Чаму цябе так пераследаваў і асудзіў завочна на смерць Мураўёў?

Чаму? За што? Былі ж больш вінаватыя за цябе, увесь Аддзел першага складу ацалеў. Гейштар памыляецца, змяшаў справу Цітуса з Каліноўскім. Ты адзін быў без суда на смерць прыгавораны, не Каліноўскі. Праводзіш пры турэмнай браме калег, якія ідуць на смерць. Ты пры экзекуцыі Зыгмунта стаіш найбліжэй і праводзіш няшчаснага, але гэта былі рэчы малыя - рэчы пачуцця, але дзе ж твая віна, якая ўзбудзіла такую страшную нянавісць Мураўёва? Ці, можа, страх за сваё жыццё? Не ведаю і ведаць не буду, а ты ж нам ніколі пра сябе не гаварыў.

Змяшчаю копію ліста да Гэлі Ямант.

"З нагоды здрады доктара Дзічкоўскага быў падасланы шпег да Сыракомліхі. Калі ўвайшоў, уварвалася за мной паліцыя і зняволіла ўсіх, хто знаходзіўся ў памяшканні. Знайшлі пры мне і ў памяшканні паперы, якія моцна мяне кампраментавалі.

Першыя два дні зняволення былі яшчэ зносныя, на трэці дзень адабралі ад мяне ўсё. Застаўся толькі ў бялізне. Перавялі мяне ў цёмны, халодны лёх без падлогі, не далі пасцелі, мусіў спаць на вільготных цаглінах. На працягу трох дзён жыў на хлебе і вадзе.

У суботу, у той дзень, калі мяне сніла, выклікалі мяне ў камісію на так званыя вочныя стаўкі з Сыракомліхай. На яе просьбы і закляцці мусіў падпісаць яе прызнанне, якое канчаткова мяне тапіла. Засведчыў пры тым камісіі, што, калі мне не аблегчаць умовы, раструшчу сабе галаву аб рог мура. Твар мой мусіў быць страшны. Вочы блішчалі з голаду і холаду, твар у гразі, рукі ў пяску і брудзе. Чалец камісіі адскочыў уражаны.

Вярнуўся ў свой лёх з думкай пра самазабойства. Ужо меўся яго здзейсніць, калі прынеслі мне плашч і некалькі збітых дошак. Гэта была раскоша!

Цяпер я карыстаюся правамі, якія належаць усім вязням, бо знаходжуся пад ваенна-палявым судом. У панядзелак ваенна-палявы суд перашле свой вырак па мне Мураўёву. У аўторак або ў наступныя дні буду замардаваны.

У жыцці маім не спазнаў шчасця. Дзяліў з маёй сям'ёй яе вялікую нядолю і ўсялякія маральныя ўдары. Любіў маю Бацькаўшчыну, і для яе міла мне цяпер аддаць жыццё. Пакідаю маю сям'ю пад апеку майго народа, бо з нас братоў ніхто не застанецца жывым.

Праз тры дні свята Божага Нараджэння. Прашу цябе - разламі аплатку ў імя маё. Буду з вамі думкай, пачуццем або духам.

Маці і ты дабраславіце мяне на смерь, ад якой толькі цуд або твае малітвы збавіць мяне могуць. А таму маліся і прасі Бога пра ласку для мяне.

Пытаешся мяне, ці не патрэбна чаго? Таго, што маю, хопіць да маёй смерці. У небе пабачымся. Пакідаю вас назаўсёды.

Дамініканскія муры, 22 [снежня] 1863 года / 3 [студзеня] 1864 года.

Цітус.

Тарэсія.

Падтрымайце ўцехай маю сям'ю".


У канун Новага Года, 30 снежня 1863 / 12 [227] студзеня 1864 года вывелі Цітуса на смерць перад расстрэлам з камеры, з якой у 1850 годзе вывелі найстарэйшага брата Францішка ў Сібір. Дзень быў ясны, але марозны. Цітус, выходзячы, абцёр твар хустачкай (якую меў у сябе) і зажадаў плашч і галёшы, гаворачы: "Калі б я дрыжаў ад холаду, вы сказалі б, як пра Зыгмунта Серакоўскага, якога цягнулі на смерць пасля цяжкай аперацыі, зробленай напярэдадні, што ногі дрыжаць пада мной са страху перад смерцю". Тыя, хто яго ў той час бачыў, гавораць, што ішоў з пагоднай усмешкай на вуснах і відавочна падрос у лёху, бо як бы ішоўшыя за ім бачылі яго галаву, якая ўзвышалася над натоўпам.

Памёр - расстраляны на 22 годзе жыцця.


Таварышы Цітусіка пасля вяртання з Сібіры апавядалі нам розныя прыгоды з яго жыцця ў часе вышукаў Мураўёва. Пэўнага дня, калі знаходзіўся ў панства К. [228] у адсутнасць іхняга сына, уварвалася паліцыя, якой данеслі пра тое. Цітус спакойна адчыніў дзверы, пытаючыся, чаго яны сабе хочуць?

- Ці тут жыве пан К.?

- Тут, гэта я.

- Гавораць, што ў пана знаходзіцца Цітус Далеўскі.

- Прашу абшукаць памяшканне і праверыць фальшывы данос.

Пасля праведзенай праверкі Цітус зачыніў дзверы за паліцыяй.

Іншым разам, калі позна вечарам пасля адпраўкі княгіні ў спальню і адпраўкі службы забавіўся размовай з князем М[іхалам] Агінскім, паліцыя пачала званіць і грукаць. Агінскі, які заўсёды вызначаўся фіглярным гумарам, увапхнуў Цітуса ў спальню, сарваў з яго вопратку і абутак, упакаваў у свой ложак, пакінуўшы свае рэчы пры ложку, а Цітусавы ў шафцы, накінуў на плечы вісеўшы ліўрэйны сурдут, босы ў бялізне шэптам пытаў:

- Якое ліха так позна грукае? Княства ўжо спіць.

- Адчыняй! - паліцыя.

- А не магло б панства пачакаць да заўтра, да дня - разбудзіце, панове, княства.

- Глупец! Адчыняй! - Вядзі нас да князя.

- Не смею - спіць.

Пайшлі самі, заглядаючы ў кожны куток, у шафы, пад сталы і ўварваліся ў спальню. Бачаць спячых, адхілілі коўдру - малады брунет. Прабачаюцца, выходзяць. Цітуса нідзе, ні следу. Данос фальшывы. Агінскі зачыніў за імі дзверы, смеючыся весела, свавольна са сплеценага паліцыі фіглю.

Шмат іншых аповесцяў кружыла па Вільні, але нам апавядалі толькі тыя, якія не выказвалі ўсёй мукі такога жыцця. Не хацелі нас засмучаць.


Аляксандр Далеўскі нарадзіўся ў 1827 годзе ў Кункулцы, у Віленскай губерні, у Лідскім павеце. Закончыў Віленскую гімназію без права паступлення ва ўніверсітэт. Сузаснавальнік з братам Францішкам Братняга звязу моладзі на Літве, які імкнуўся да распаўсюду ў краі ведаў, маральнасці, польскасці і дабрабыту, які будзе мірным шляхам весці да жаданай мэты праз з'яднанне ўсіх слаёў грамадства ў Краі. Лозунг: "Праца, праўда і справядлівасць". Пасля трох гадоў зняволення, з якіх два ў падзямеллі, асуджаны на 10 гадоў цяжкіх гадоў у рудніках. Маніфест дазволіў яму вярнуцца пасля сямі гадоў катаргі. Спяшаецца ў Край не столькі для заспакаення пачуцця тугі, наколькі, каб служыць яму на выбраным кірунку. Доўгая дарога яшчэ падоўжылася побытам Аляксандра сярод моладзі ў Казанскім, Харкаўскім, Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах, дзе яго ўсюды сардэчна віталі і праводзілі з надзеяй сумеснай з ім працы ў Краі. У Пецярбургу бачыцца з Зыгмунтам Серакоўскім, які нядаўна вярнуўся з арыштанцкіх рот, той абяцае Аляксандру падтрымку ў цяжкім становішчы Літвы пры займанні пасад сумленнымі людзьмі. Будзіць веру ў лепшыя часы праз магчымасць правядзення неабходных рэформ пры ўдзеле людзей добрай волі, якія атачаюць цара. Дае Аляксандру патрэбныя ўказанні ў развязванні сялянскай праблемы. Паплаўскі, які вёў работы на новабудаванай Пецярбургска-Віленскай каляі, ад гэтага часу меў быць і быў пасярэднікам паміж Вільняй і Пецярбургам.

Так. Аляксандр пасля вяртання ў Край не спачываў. Першым заданнем ў грамадскай вобласці было сабраць, з'яднаць разбэрсаныя вузлы Братняга звязу, пазаймаць у Краі найважнейшыя ўплывовыя пасады людзьмі, якія вызначаюцца цнотай і розумам. У той час па прадстаўленні Аляксандра пані Бучынская выязджае ў Варшаву для знаёмства з філантрапічнымі інстытуцыямі, ужо ўведзенымі ў каралеўстве. На Літве маглі быць толькі таемныя. Кс. Шылейка і кс. Гундзюс дзельна дапамагаюць гэтай высакароднай жанчыне. Заможныя сем'і ахвотна аказваюць дапамогу - менавіта: Ян Тышкевіч, Бенядыкт Тышкевіч, Козелы, Кліманская, Лапацінскія (Вацлаў). З жыхароў Вільні начыннейшымі былі сем'і: Фалевічаў, Прыбыльскіх, Сыракомлі, п[анства?] Шлягер і Тамулевіч, сям'я Пажэрскіх, Севярын Ромер і шмат іншых.

У Ковенскай губерні Дамінік Бацярскі атрымоўвае месца настаўніка ў духоўнай семінарыі ў часы біскупства кс. Валанчэўскага. Корзан - сакратара, зацверджанага ўрадам, пры губернатары Хамінскім.

Ігнацы Хмялеўскі [229] (пазнейшы ваяводскі цывільны [начальнік] Ковенскай губерні пераводзіцца з сынам Конрадам на вышэйшую пасаду ў Коўню. Конрад патрафіў прыцягнуць да сябе агульную сімпатыю, а потым займець і шырокія ўплывы.

Дзіўная рэч, што ў Гарадзенскай губерні першая праява руху адбылася пад уплывам вайскоўцаў, як: інжынер Маліноўскі, Кароль Ельскі, Шумкоўскі; з цывільных Казімір Мітарноўскі, два сібіракі Ануфры і Дыяніз Скаржынскія, Солтан, Юзаф Абламовіч, у Беластоцкім павеце - Старэнскі.

Назва руху спачатку абазначала толькі буджэнне ад спячкі да больш чыннага, карыснага жыцця. Моладзь, якая пазней стала на чале руху, паўсталага да 1861 года, працавала супольна з Аляксандрам. Чатыры гады сышлі пасля вяртання Аляксандра, чатыры гады высілкаў, якія рабіў Край для пад'ёму дабрабыту, маральнасці і пашырэння ведаў, у пазнанні і збліжэнні ўсіх пластоў Краю. Пры пасярэдніцтве Паплаўскага Зыг[мунт] С[еракоўскі] прыбіраў шмат стрымліваючых перашкод. Францішак вярнуўся пасля дзесяці гадоў катаргі.

[Аляксандр] працаваў у французскай кампаніі, якая пракладвала Пецярбургска-Віленскую чыгунку. Памяццю пра яго на Літве ёсць Сантоцкі мост, адзін з найбольшых на Літве.

Памёр за 9 месяцаў перад выбухам паўстання ў красавіку 1862 года.

На пахаванні не было прамоваў, бо не магло быць, толькі Севярын Ромер, калі апускалі цела ў магілу сказаў такія словы: "Быў ён сярод нас, як Ян, які па пушчы пракладваў дарогу Хрысту".

Аляксандр Далеўскі пахаваны на Росах у Вільні.

У выданні эміграцыі ў Раперсвілі [230] "Памятка для польскіх сямей" [231] ёсць мова пра Аляксандра Далеўскага. (Не чытала. таму не магу паўтарыць выказванняў).

Пра Міхала Беркмана

Даты нараджэння Міхала Беркмана дакладна не ведаю. З першага класа ў Віленскай гімназіі сябраваў з Францішкам Далеўскім, таму дапускаю дату, набліжаную да нараджэння таго, г.зн. 1825 або 1824 год. Пасля заканчэння матэматычнага факультэта ў Харкаве быў настаўнікам у Віленскай гімназіі да 1858 г. Быў жанаты з Юліяй Далеўскай.

Вільня ад вяртання выгнанцаў у канцы 1856 года мела шмат людзей здольных, якія разумелі абавязак працы і прысвячэнне асабістых мэтаў для дабра Краю. Правінцыі спалі за выключэннем, якія належалі да Братняга звязу з 1848 года, гэтыя больш актыўныя адзінкі групаваліся па гарадах.

Інжынер Паплаўскі, які кіраваў работамі на новабудаванай Пецярбургска-Віленскай чыгуначнай каляі пасля паразумення Зыгмунта з Аляксандрам (які вяртаўся з Сібіры) быў абраны пасярэднікам паміж Вільняй і Пецярбургам у пытаннях найважнейшых спраў Літвы. (Памяць у Варшаве па Зыгмунце С[еракоўскім] з тых часоў ёсць кансерваторыя, закладзеная Ап[алінарыем] Кутскім (Контскім, перакл.). Прыйшла яму шчаслівая думка праз заснаванне музычнай школы ў Варшаве згрупаваць расцярушаныя па свеце артыстычныя сілы, даць ім сродкі для задавальнення ўласных патрэб і карыснай працы для Краю. Пасля паразумення з Манюшкам, Янотам Станжынскім, Слівінскім і іншымі, падаўся ў Пецярбург, разлічваючы на вядомасць свайго прозвішча і стасункі, там завязаныя, старацца пра дазвол у міністэрстве.

Усюды чуў: "Отказать" [232]. Страціўшы надзею пасля месячных безвыніковых захадаў у пярэдадзень пакідання Пецярбурга сустрэўся ў цукерні з Паплаўскім. Той, чуючы скаргі Кутскага на кепскі вынік старанняў, запытаў:

- Ці быў пан у Серакоўскага?

(Паўтараю даслоўна словы Кутскага.)

- А хто такі той Серакоўскі?

- Афіцэр Генеральнага штаба пры ваенным міністры.

- О, дзеля Бога, што ж з маёй школай можа мець агульага ваенны міністр і афіцэр Генеральнага штаба?!

- А, аднак, паслухай, пан, мае рады, ідзі да яго, чаго ніхто не можа, ён адзін патрафіць тое зрабіць. Даў мне адрас. Я застаў Серакоўскага, які збіраўся на выхад. Выслухаў у маўчанні, запытаўся толькі, як доўга яшчэ я затрымаюся ў Пецярбургу? Чуючы, што хачу яшчэ сёння ад'ехаць, сказаў мне прыйсці а чацвёртай. У вызначаную гадзіну без веры і надзеі званю ў кватэру Серакоўскага, пасля таго, як адчынілі чую хуткія крокі за сабой. Пасля прывітання падае мне паперу. О, дзіва! Быў гэта дазвол па ўсёй форме на адкрыццё Кансерваторыі з абавязальніцтвам урада даплачваць 8000 руб. штогод.

Праз удзячную памяць аб Серакоўскім высакародныя настаўнікі, вышэй названыя, сумленнай працай дапамагалі (у час, калі я кіравала таемнай школай з польскай мовай) дзяўчынкам маім, якія ішлі ў настаўніцы, атрымаць патэнты настаўніц музыкі, што ім давала магчымасць працы ў польскіх дамах без гімназічных патэнтаў. (А трэба было працаваць для сябе і сваіх сродзічаў, вярнуўшыхся выгнанцаў з Літвы).

І вось пры пасярэдніцтве таго ж Паплаўскага Міхал Беркман быў пераведзены ў Кяйданы, дзе застаў свайго калегу, высакароднага, шанаванага ўсімі ў ваколіцы даследчыка прыроды, інспектара Міхала Турскага, які пазней ажаніўся з Зузаннай Далеўскай. Неўзабаве прыбылі др. Шылінг і др. Юзаф Касцялкоўскі. Хутка прыйшлі да поўнага паразумення ў коле тых высакародных людзей пры падзеле кірункаў працы, павернутай на дабро Краю. (Спачатку без думкі пра паўстанне.)


Уплывалі на моладзь не толькі агалошваючы добрыя прынцыпы, але вучачы ўласным прыкладным жыццём, сумленнай працай, чэснасцю і справядлівасцю прымяняць тыя прынцыпы ў жыццё.

Беркман, праз сыноў уваходзячы ў стасункі з бацькамі, уплываў на адных і на другіх; Шылінг, як доктар, уздзейнічаў у бліжнім радыусе на жыхароў мястэчка і вёсак; Касцялкоўскі - у дальшым радыусе, як больш знаёмы з ваколіцай; уладальнік Кяйдан Мар'ян Чапскі не шкадаваў ані сябе, ані сродкаў, калі патрэбна была дапамога. Юлія Беркман сябравала з ваколічнымі землеўладальнікамі, дапамагала ўсім, даглядала хворых, вучыла вясковую дзятву ладу і навукам.

Пасля варшаўскіх выступленняў [233] адбылася змена ў жыцці Кяйдан. Дом Міхала стаўся пунктам для паразумення ваколіцы. Касцялкоўскі што-раз часцей і на даўжэй выязджаў; Шылінг і Канстанцін Далеўскі закладвалі штораз дальшыя кругі ў сваіх вандроўках па вёсках. Кс. Мацкевіч становіцца штораз больш частым госцем у Міхала. 30 ліпеня/11 жніўня 1862 года выпадкова ў першы раз сустрэўся ён з Серакоўскім у Беркмана ў дзень шлюбу Зыгмунта з Апалоніяй Далеўскай.

Міхал Беркман цалкам адпавядаў пасадзе, якую займаў. Ціхі, просты, сціплы ў ацэнках сябе, заўсёды адсоўваўся ў цень, каб не звяртаць на сябе ўвагі. Таму ён быў сапраўды карысны агулу. Быў усебакова адукаваным і інтэлектуальным чалавекам. Здольны матэматык, прыродазнавец, музыка, паэт, удачлівы і дасціпны імправізатар у розных акалічнасцях. У часе свайго побыту ў Вільні на таварыскіх сходах увязваўся ў спрэчкі з нашым любімым, натхнёным Людвікам Сыракомлем. Той быў заўсёды мілым, дасціпным і сардэчным, калі Міхал умеў быць з'едліва рэзкім, але тая рэзкасць заўсёды была скіравана ў бок тых, каго не шанаваў. У такіх выпадках таварыства з асцярогай глядзела на два агеньчыкі, што загараліся ў яго вачах. Быў музыкам немалой сілы на віаланчэлі і скрыпках, няраз дапамагаў Манюшку ў падборы галасоў у музычных і вакальных калектывах.

Пасля выбуху паўстання Міхал, звольнены ўладамі з Кяйданаўскай гімназіі, быў прызначаны Літ[оўскім] аддз[елам] камісарам у Коўні. Выконваў гэтыя абавязкі пад імем Юліяна Далеўскага, якога пазней так пільна шукаў Мураўёў. У гэты час жонка Юлія была невымерна карыснай памочніцай мужу. Праз два гады абое зняволены, уканцы сасланыя ў Вятку [234].

У гады зняволення ў Коўні Міхал быў для сваіх таварышаў сапраўднай уцехай у смутку і неспакоі. Арганізоўваў харавыя спевы на польскія матывы або канцэрты пры дапамозе грэбеняў, пер'яў і саломак і да т.п. інструментаў. У такія хвілі ўся адміністрацыя вязніцы збіралася ў калідорах, і нават камендант з сям'ёй і з гасцямі сваімі прыходзіў паслухаць тых бедных польскіх музыкаў і сваякоў.

Такога роду забавы былі невядомымі ў турэмных мурах Вільні.

З Вяткі Міхал быў пераселены ў Самару [235], дзе зарабляў на ўтрыманне сваё і жонкі, працуючы ў статыстычным бюро Самарскай губерні пры губернатары Абухове, калегу Зыгмунта. Пасля абвешчанага маніфеста яму дазволілі, а хутчэй загадалі, пасяліцца ў Каралеўстве Польскім без права затрымання хоць бы на пару гадзін на Літве.

Камітэт дапамогі, арганізаваны ў Варшаве, начале якога стаялі: сібірак Стэфан Добрыч, Ігнацы Бараноўскі, Еніке, Матыльда Натансон (Гадэбская), Ружа Сабаньская, жонка Генрыка Краеўскага (дачка эмігранта Лявіцкага, стала жыла з сям'ёй Міцкевіча, да часу вяртання ў Край), жонка Цэльса Лявіцкага, Аляксандра Карвоўская і шмат іншых. Камітэт клапаціўся, каб прыбывалая рэшта (прайшло 22000 чалавек) [атрымала] часовае ўтрыманне і жыллё, пакуль знойдзе сабе адпаведны занятак па гарадах або ў сем'ях па вёсках.

Сям'я наша лічылася шчаслівай, бо магла разлічваць на ўласны працэнт, рэгулярна прысыланыя па 50 рублёў штомесяц. Перад агульнай нядоляй і нэндзай квота гэтая адносілася да ўмоў дастаткавых. Беркман меў на Вялікай вуліцы ў Вільні невялікі дом каля Петрашкевіча (які ацалеў ад увагі Мураўёва), прададзены за 10 тысяч, даў яму сціплыя працэнты. Для здабычы сродкаў для жыцця Міхад даваў урокі ў прыватных дамах спачатку па сорак грошаў за гадзіну, а хадзіў з Наваліпя на Вясковую. Калі яму супольнікі па выгнанні паказвалі бязмэтавасць такой працы, адказваў: "Мяне тут ніхто не ведае, жаданне большай платы за маю працу было б выцягваннем рукі па міласціну, бо тутэйшая супольнасць ведае адно толькі, што я маю патрэбу, а не ведае, што я ўмею, калі мяне спазнаюць, самі ацэняць, ці праца мая вартая больш за 20 капеек".

Першыя ўрокі былі ў пані Вайсенгоф, дзякуючы яе рэкамендацыям - урокі ў Сабаньскіх [236], Лесераў, Блоха, якія аплачваліся па 3 рублі за гадзіну. Праз некалькі гадоў атрымаў месца ў Тэхнічнай школе Варшаўска-Венскай чыгункі [237].

З-за паважнага веку мусіў яе пакінуць. Жонка Юлія памерла ў першыя часы пасля прыбыцця ў Варшаву. Сёння Міхал Беркман - стары, хворы, бездапаможны, дагарае ў Скярневічах пад апекай роднага брата Юзафа Беркмана, утрымліваецца на малы працэнт у 480 рублёў штогадова.

Пакуль яму хапала сіл і здароўя ў добрай і злой долі быў грамадству карысным. шляхетным, дзейным, няхцівым (таму не нажыў капіталу), любячым працу.


Дэталь адносна Шылінга.

Партыя руху распачала паўстанне на Літве, да яе ліку належаў Шылінг (гарачы патрыёт, адданы бедным, хворым, не толькі лячыў, а часта падтрымліваў уласным грошам бедныя сем'і). Сфармаваў малы аддзел, які пазней пасля прыбыцця Серакоўскага вырас да большай колькасці. Ці быў Шылінг у Тарэсбадзе на вайсковых вучэннях? Не ведаю. Ведаю толькі з данясенняў рапартоў, што быў у ліку аддзелаў, пакінутых па паветах. Пазіцыі займаў у ваколіцах Кяйдан. Нагнаны Ганецкім, ранены ў бітве, упаў з каня, нага засталася ў стрэмені. Верхавы конь са стайні М[ар'яна] Чапскага, панёс няшчаснага, цягнучы і расшарпваючы цела аб парканы, разбіваючы аб каменні, з парэшткамі забітага ўскочыў у стайню.

[Пра Зыгмунта Серакоўскага]

Дэталі і цэлыя абзацы, якія адносяцца да гадоў, праведзеных Зыгмунтам Серакоўскім у арыштанцкіх ротах узяты з успамінаў Браніслава Залескага і Браніслава Люткевіча [238].

Зыгмунт Серакоўскі нарадзіўся 19/31 мая 1827 года [239] на Валыні, у павеце Луцкім у сям'і Ігнацыя і Фартунаты з Мараўскіх Серакоўскіх. Продкі яго на працягу многіх пакаленняў служылі Бацькаўшчыне, а адзін з іх Ян,кашталян бельскі, быў амбасадарам Рэчы Паспалітай у Турцыі. У выніку смутных падзей у сям'і і Краі радавы маёнтак скурчыўся настолькі, што ўжо бацька Зыгмунта мусіў арандаваць зямлю найперш у Луцкім павеце, а потым на Украіне ў ваколіцах Умані [240], дзе таксама арганізоўваў у 1831 годзе паўстанцкія гуфцы, якія аддаў пад кіраўніцтва генерала Колышкі. Ігнацы спраўна змагаўся ў бітвах пад Дашавам [241] і Абадоўкай [242]. Загінуў пад Лятычовам [243]. У чатырохгадовага дзіцяці застаўся адзін толькі жывы ўспамін пра бацьку, было гэта апошняе развітанне.

У апошні вечар, калі бацька выбіраўся ў паўстанне, дзіця, не могучы заснуць, дамагалася, каб бацька ўласнаручна накрыў, паслухаў дзіця і, прыкрываючы яго коўдрачкай, сказаў фразу, якую Зыгмунт не забыўся да смерці: "Спі цяпер, ад гэтага часу ўласнымі грудзьмі цябе прыкрываць буду!" З той памяццю рос сірата, а ўсё атачэнне пастаянна гаварыла яму пра Бацькаўшчыну. У першыя гады пасля смерці мужа Фартуната Серакоўская з тройкай дробных дзетак правяла пры сваёй маці, удаве па Віктары Мараўскім. таварышы Касцюшкі ў яго бітвах з маскоўцамі. Зыгмунт усё сваё жыццё ўспамінаў з чуласцю і з пашанай гэтую святую жанчыну і вялікую патрыётку. Гэта яна прышчапіла ў сэрцы ўнука найвышэйшыя пачуцці, якімі ён вызначаўся на працягу жыцця.

Пасля яе смерці дзядзька Цэлермант прыгарнуў сіротаў [244], ваяр з-пад Гарохава і Астраленкі [245], абуджаў рыцарскасць у душы хлапчыны. Пасля смерці дзядзькі маці з дачкой Марыяй пасяліліся пры сваяках у каралеўстве Польскім, а Зыгмунт, пакінуты на ўласныя сілы, пракладваў сабе дарогу жыцця вялікімі здольнасцямі, уроджанай шляхетнасцю душы і працай. Галоўнымі рысамі яго характару былі выключная хуткасць думкі, багатае ўяўленне, вялікія спачуванні сэрца да людской нядолі і моцная воля, што ў малым дзіцяці праяўлялася ўпартасцю, якую не ўдавалася зламаць, асабліва, калі вымавіў у такіх выпадках: "Эм".

Апавядала маці пра сваё вялікае ўражанне з той нагоды, калі ўрад дзяцей палеглых паўстанцаў забіраў у вайсковыя карпусы [246].

Маці Зыгмунта для ацалення сына вырашыла прадставіць яго ўраднікам, якія аб'язджалі з гэтай мэтай ваколіцы, як дзяўчынку. У прызначаны дзень прыбрала сынка ў сукенкі сястрычкі, перавязала светлыя валосікі блакітнай стужачкай і аб'явіла яму, што на сёння ён будзе дачушкай Геленкай. Не згаджаўся. Просьбы і цукеркі не дапамагалі. Пасля доўгіх намаганняў у раздражненні сказаў: "Эм". Маці, уражаная, старалася дзіця забавіць, каб забыў пра сваё няшчаснае, а сёння такое грознае "Эм". Усе запабяганні аказаліся марнымі. Калі чыноўнікі прыехалі, маці ўвяла сынка, называючы яго Геленкай. Чыноўнік пацягнуўся па пяро, каб запісаць у кнігу. Бачачы тое, Зыгмусек у перакананні, што, калі запішуць, застанецца назаўсёды дзяўчынкай, падбег, гукаючы: "Я - сын, Зыгмунт Серакоўскі!"

Абурэнне чыноўнікаў на няўдзячнасць палякаў беднай маці ледзьве ўдалося залагодзіць ахвяраваннем рэштак пазасталай маёмасці.

Зыгмунт пачатковае навучанне атрымоўваў у доме Уладзіслава Падгарадэцкага разам з яго сынам. Адтуль перайшоў у трэці клас жытомірскай гімназіі [247], якую закончыў як адзін з найлепшых вучняў.

У 1845 г. паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт. Выбраў гэты ўніверсітэт у надзеі, што ў ім застане найбольш сабранай моладзі з Польшчы і з Літвы. Памыліўся. Было яе там менш, чым у Маскве і ў Дэрпце, а і тая ў той час яшчэ неарганізаваная жыла, дзелячыся на групы: ад бацькоў землеўладальнікаў, не землеўладальнікаў, вышэйшых чыноўнікаў і моладзі, якая трымалася на ўласных сілах. Заможнейшыя рэдка наведвалі лекцыі, марнавалі час і грошы на жыццё гуляшчае і свавольнае. Патрыятычныя пачуцці ў большасці грунтаваліся на спевах польскіх песенек і чытанні ў той час сурова забароненых уладамі Красінскага, Славацкага і Міцкевіча. Моладзь, якая абапіралася на ўласныя сілы (да гэтага ліку належаў Агрызка) пільна наведвала лекцыі.

Зыгмунт зблізіўся найперш з Агрызкам, Ал. Фалевічам [248], Ал[яксандрам] Аскеркам і многімі іншымі, якіх я не ведаю.

Маладую агністую душу Серакоўскага занялі выключна стасункі з моладдзю. За кароткі час ён стаўся яе душой, ажывіў і падняў сваім запалам, згуртаваў любоўю і разаграваў да вышэйшых мэтаў. Бацькаўшчына была заўсёды мэтай усіх яго думак, дзеянняў і мараў.


Дом Куроўскіх у Каталоўшчыне [249] ў ваколіцах Вільні стаў у час іх жыцця ў Пецярбургу пунктам, дзе засяроджваліся ўсе найшляхетнейшыя паняцці і імкненні. Зыгмунт сябраваў з іхнімі дзвюмя плямяннікамі Зяновічамі, з якіх старэйшы ў 1848 годзе быў асуджаны на Сібір, а пазней прызначаны Табольскім губернатарам (парадніўся з Тучковымі і Абаленскімі).

Моладзь, прыведзеная да Куроўскіх Зыгмунтам, знаходзіла адпачынак пасля працы і магчымасць паразумецца ў пытаннях, якія цікавілі ўсіх. Збіралася яна тут з верай у гарачае спачуванене гэтай сям'і, пранятай духам чыста нацыянальным, свойскім.

Лозунг супольнай працы ў імя праўды, справядлівасць і любові да бліжняга пачалі пашырацца пад канец верасня 1846 года, а правадной зоркай для ўсёй моладзі быў Зыгмунт, які, звязваючы тую моладзь штораз большай супольнасцю імкненняў, рыхтаваў як бы сетку будучых працаўнікоў на роднай ніве [250].

Зыгмунт зросся з гэтай моладдзю, прагнучы заўсёды пазнаёміцца з краем, скарыстоўваў канікулы на адведзіны дамоў некалькіх калегаў. У такіх выцечках знаёміўся з Валынню, Украінай і Літвой, тут нават даўжэй забавіўся, аддаючыся амаль выключна вясковаму люду, будзячы ў іх пачуццё годнасці і імкненне да лепшай будучыні. Умеў ён ад першых гадоў маладосці з'ядноўваць у сабе простыя сэрцы. Натоўп заўсёды яго прыцягваў і як бы электрызаваў і ў той час здабываліся з яго душы іскры, якія глыбока западалі ў сэрцы слухачоў. Універсітэта не хапала для той пастаянна пылаючай душы, бачачы там ужо моладзь, згрупаваную і разбуджаную, хацеў яшчэ дайсці і да той, якую ўрад у вайсковых карпусах і ў навуковых установах выхоўваў на сваіх слуг і як свой інструмент.

І не адно польскае сэрца, ад немаўляцтва замкнутае, пад уплывам яго слоў станавілася тым, чым яго Бог стварыў, забілася любоўю да Бацькаўшчыны назаўсёды. Не адзін чалавек з тых, якія вызначыліся ў барацьбе ў 1863 годзе, прызнаўся потым, што спатканне з Серакоўскім складала эпоху ў яго жыцці.

Зыгмунт, верачы ў Божы элемент, прышчэплены ў душы кожнага чалавека, перанёс сваю дзейнасць і на расійскую моладзь, пашыраючы шляхетныя асновы, якія падымалі дух да свабоды. Моладзь расійская узрушаная навізной дарог, якія вядуць да мэты, кінулася да працы з яшчэ большым запалам, чым моладзь польская. Урад іх у тым не падтрымлівае, не бачыць, не разумее. Многія, шукаючы праўды, справядлівасці і неабходнасці адплаты за крыўды, пераходзяць у запале межы карыснасці. Талстой, лічачы мужыка за брата, заміж таго, каб яго падняць, сам абмужычваецца. Князь Д. [251] будуе гмах паводле ўсіх еўрапейскіх патрабаванняў для бяздомнай дзятвы, якую атачае княскім дастаткам, чым заміж карысці прыносіць маральную страту, бо далейшае жыццё не можа даць ім падобных дастаткаў на шляху сумленнай працы. Прызначана гадавая зарплата пану Фердынанду Рэз. 10 тысяч.

Калі кандыдат на гэтую пасаду прыслаў адказ, што асновы філантрапіі не павінны даваць кіраўнікам лішкаў, што пры поўным утрыманні лічыць 30 рублёў у месяц за зусім дастатковыя, атрымаў ліст, які мне пан Рэз. паказваў, праз некалькі месяцаў, пан Дэм. піша: "Хачу мець за дырэктара чалавека разумнага, а не вар'ята, які, калі яму даюць 10 тысяч, задавальняецца 30 рублямі на месяц".

(Такіх прыклдаў у тым новым грамадстве на шляху развіцця паняццяў хрысціянскіх, этычных магла бы працытаваць шмат, але ў кожным разе ёсць надзея, што праўда і справядлівасць з часам і там трыумфаваць будуць. Ці будуць? Божа, як гучна голас сумнення, векавога досведу гукае - не!)

Эдвард Жалігоўскі (Сава) апавядаў свае ўражанні маёй сям'і пра апошнія канікулы, праведзеныя з Зыгмунтам у панства Крукоўскіх у Каталоўшчыне, дзе застаў шматлікую згрупаваную моладзь з Вільні, з Пецярбурга і з суседства. (Была там у той час Тэкля Далеўская).

Першыя тыдні сплылі ў звычайных вясковых забавах, як: прагулкі, купанне, плаванне на чоўне па ставе, паездкі і да т.п. Усё гэта ў канцы надакучыла ўсяму таварыству сваёй манатоннасцю. Пачалі штораз даўжэй заседжвацца ў пакоях, штораз часцей засядаць за стол для спажывання вясковых прысмакаў, і гэта ўсё для разнастайвання часу.

Аднаго дня, праведзенага падобным чынам, пані Куроўская паведаміла нашаму таварыству вестку пра хуткае прыбыццё Зыгмунта і пра высланне па яго брычкі ў Вільню

Пасля абеду, калі ўсё таварыства сабралася на верандзе насупраць уязной брамы, вочы ўсіх павярнуліся ў бок набліжаўшайся брычкі.

Але што сталася? Брычка заміж таго, каб спыніцца перад ганкам, накіравалася ў бок стайні. Пан Куроўскі паклікаў фурмана.

- Што ж не прывёз паніча? - спытаў.

- Прывёз, але паніч застаўся на лугах. Спазніўся, бо паніч не хацеў у брычку, гаворачы, што грэх ёсць дабраахвотна згаджацца на заключэнне ў чатырох сценах і пазбаўляць сябе віду прыгожага свету Божага. Сеў пры мне на козлах і то не на доўга. Як толькі ўехалі ў Панарскія горы [252], паніч саскочыў і адтуль бег або ішоў краем лесу, услухваючыся ў песні птушак і людзей. Сказаў нават аратаму ў полі паўтарыць яму песню:

"Ой, валы мае, два паловыя,

Чаму ж вы не арыце?

Ой, гады мае маладзецкія,

Чаму ж вы марна гінеце?"

і г.д.


Дзівіўся вазніца, што паніча магла заняць песенька такая старая і такая сумная.

- А калі ўжо выехалі, - гаварыў далей, - на дарогу цераз лугі, і забрынчалі косы, паніч скочыў у той бок, а потым загукаў, павярнуўшыся да мяне: "Браце - едзь у двор, праз хвілю там буду!" А калі хлопцы на лузе ўбачылі паніча, такі паўстаў крык, воклічы: "Паніч, наш добры паніч прыехаў!" [253]. Кінулі косы, абступілі колам, віталі, і паніч застаўся з імі. Пэўна, няхутка адтуль вырвецца.

Не скончыў гаварыць, як на дарозе паказаліся вазы з сенам, а на адным з іх вясёлы, разрадаваны твар Зыгмунта, які свяціўся жыццём і маладосцю. Саскочыў - убег на веранду - ужо вітаецца, абдымаецца.

Пан Жалігоўскі пытаецца, ці дасягнуў мэты, для якой надаўжэй затрымаўся ў Вільні? Ці бачыўся з братамі Далеўскімі?

- Быў на Бакшце - размаўляў з Францішкам. Аляксандра не бачыў. Гаварылі мне, што ён год знаходзіцца на вёсцы. Вяртаючыся з Бакшты, сустрэў працэсію, гэта мяне даўжэй затрымала.

- Ах, дык гэта пан быў, - адазваўся нехта з прыбылых з Вільні, - тым студэнтам, які ішоў у шэрагах цахавікоў, а потым сваёй прамовай так праняў, такога дадаў энтузіязму нашым рамеснікам, што як апавядаюць у Вільні, мог бы іх пан павесці за сабой у агонь?

- Быў узрушаны іхнім сардэчным, поўным даверу прыёмам. Пазнаёміўся з сям'ёй Тамашэвіча - нажаўшчыка, Будрэвіча - шаўца і многіх іншых. Шчыры, сардэчны гэта народ.

Гэтая размова накіравала на больш агульную пра падзеі ў краі і за мяжой, аб арыштах у Казанскім універсітэце, аб рамесніках на Літве, якія рваліся да бою, аб немагчымасці ўздзейнічаць на іх заспакойвальна, пакуль не высветліцца, як выглядае справа ва ўсім Краі і за мяжой, г.зн. у Галіцыі і ў Венгрыі.

Прыезд Зыгмунта быў накшталт яснага промню ў пахмурныя, слотныя дні, ажывіў нас усіх, разварушыў. Нават звычайныя вясковыя заняткі, жарты і забавы страцілі сваю банальную афарбоўку. Кожны перажыты дзень пакінуў нешта для будучых успамінаў. Аднаго дня - апавядаў пан Эдвард, вяртаючыся з хаты, размешчанай на канцы вёскі, сеў адпачыць пад прыдарожнай грушай, адкуль мог чуць размовы ў прылеглых хатах, не будучы сам бачным. Да яго вушэй даляцеў дрыготкі, пераплецены з кашлем голас з бліжняга падворка. "О, мой залаты, ясны панічу. Мабыць, Бог паслаў цябе на зямлю для таго толькі, каб нёс дапамогу і ўцеху няшчасным. Я маліўся да Бога, каб хутчэй забраў мяне, старога, з гэтага свету. Ой, цяжка, цяжка жыць старому! Калі сяду да агульнай місы за стол, вочы сына гавораць: для чаго ты тут? Працаваць не можаш, у цягасць нам, месца займаеш! Нявестка зневажае, крыўдзіць. выганяе. Але ад часу, як на цябе гляджу, як чую, што гаворыш, думаю сабе - не ўсе яшчэ на тым божым свеце пагарджаюць старым. Неяк мне весялей на душы ад часу, як мой сын, нявестка і ўся вёска бачаць цябе - мой ты ясны панічку - сядзячым вось, як зараз, на адным зэдліку, або ў полі на снапку, не смеюць кпіць з мяне і мяне адганяць. А калі ты прыйшоў да нас на малако і не хацеў сесці за стол, пакуль я, стары, не займу месца - еў са мной, размаўляў, называў бацькам, дзеці мае сталі для мяне іншымі. Ці цябе, мой залаты, баяцца? Ці Бога? Бо сказаў ты тады: "Каму Бог захаваў да позняй старасці: бацьку, маці. дзядоў, таму даў довад сваёй вялікай ласкі і дабраславенства свайго". Мой ты залаты, панічу, ты нават не ведаеш, колькі ты мне, старому, зрабіў добрага! Лягчэй мне жыць і смерці ўжо не клічу".

Не чуў пан Жалігоўскі далейшай размовы. Адышоў, бачачы гаспадароў, набліжаўшыхся з поля.


Калі дзяліўся з таварышамі пачутай размовай у хаце, пані Куроўская пыталася: ці ён памятае казанне тры тыдні назад агалошанае пробашчам, які з натуры ёсць ні дурным, ні пазбаўленым адукацыі, але несказана лянівы і чэрствы. Праўдападобна, выцягнуў з нейкай адвечнай папкі, або перапісаў адно з часоў панавання Сасаў. Плёў нам , апранутым у сціплыя, чорныя сукенкі пра жанчын дэкальтаваных, абвешаных золатам і дарагімі каменнямі. Заклікаў з пафасам, каб закрылі аголенае цела перад алтаром, які прадстаўляе пакуты Божыя. Адны, слухаючы гэтае казанне, смяяліся, іншыя, абураныя, выйшлі з касцёла, а мужычок наш бедны на працягу некалькіх нядзель разглядаўся па касцёле, шукаючы вінаватага, аголенага, абвешанага золатам. Зыгмунт слухаў тое казанне, стаяў спакойна да канца. Калі мы выходзілі з касцёла, знік нам з вачэй. Не паехаў з намі. Паведаміў толькі цераз касцельнага служку, што вернецца пеша цераз лес.

Мы здагадаліся - застаўся, каб паразмаўляць з пробашчам. Што яму гаварыў? Як на яго паўплываў? Не ведаем, але ведаем, што прабыў на пробстве некалькі гадзін, што ў наступныя дні таварышаваў пробашчу пры наглядзе за палявымі работамі і на пробстве ў вольныя хвілі ад капланскіх заняткаў, дайшоў да яго, разбудзіў яму душу, змяніў яго цалкам. Параўнай, пан, апошняе казанне з даўнімі. Ці звярнуў, пан, увагу на выраз твару нашага люду? Узрушаны, заслуханы ў словы, скіраваныя да яго, да яго паняццяў і патрэбаў.

- Пробашч наш. пасля знаёмства з Зыгмунтам склікае вясковую дзятву на навуку рэлігіі, размаўляе з іхнімі бацькамі. Толькі цяпер знаёміцца з імі. Гэта ўсё, дзякуючы Зыгмунту, - гаварыла далей пані Куроўская. - Бачылі і чулі, што робіцца кепска, але ніхто з нас не задаў сабе працы, каб бараніць тых бедных простых людзей, якія заставаліся датуль пад такім нядбалым кіраўніцтвам. Зыгмунт узяў братэрскай сардэчнасцю зачарствелую душу, навярнуў, пераканаў пра неабходнасць жыцця і дзейнасці іначай, а перад намі не ўспамінаў ані адным словам, што зрабіў.

- Тую размову мы праводзілі, - закончыў пан Жалігоўскі, - пры канцы нашых канікулаў. Расстаёмся. Ці яшчэ спаткаемся? Дзе? і калі? Мы задавалі сабе праз некалькі дзён пазней пытанне, на той жа самай верандзе, дзе месяц назад віталі прамяніўшыся шчасцем і маладосцю твар Зыгмунта. Для многіх з нас там сабраных набліжаўся грозны 1848 год.


У 1848 годзе Еўропа ўзрушылася, а весткі, якія адтуль ішлі страсянулі польскую моладзь, якую больш разважным удалося з цяжкасцю ўстрымаць ад неадкладнага пакідання курсаў у Пецярбургу. У час святаў Вялікадня, у дзень разурэкцыі, сабраныя студэнты ўсіх факультэтаў, афіцэры і кадэты пад уплывам гарачых слоў Зыгмунта, узнесеныя запалам, упалі на калені для адспявання гімну "Божа, што ж Польшча", гімну так пазней вядомага ў нашым краі. Пасля заканчэння малітвы, пасля адспявання "Яшчэ Польшча не загінула" папрысягалі ўсё сваё жыццё прысвяціць Бацькаўшчыне. Датрымалі прысягу - большасць з іх аддала сваё жыццё ў 1863 годзе.

1848 год застаў Зыгмунта пры канцы навучання ва ўніверсітэце. Зыгмунт вырашыў падацца за мяжу для вывучэння стану рэчаў. Пры пераездзе мяжы быў арыштаваны і дастаўлены спачатку ў Кіеў, адтуль пазней у Пецярбург у ІІІ аддзел Імператарскай канцылярыі [254].

Пастаўлены перад камісіяй, у якой засядаў генерал Дубэльт і гр. Арлоў, Зыгмунт, падхоплены маладым запалам, прасякнуты верай, што праўда мусіць пранікнуць у сэрца найвялікшага ворага і бандыта, заклікаў да справядлівасці, разбіваў і выкрываў памылкі і шкоду, якія наносіліся самой Расіі правядзеннем палітыкі пераследу. Гаварыў пра неабходнасць гістарычнага вызвалення Польшчы і жыцця з ёю ў стасунках братэрскага суседа, што прынесла б большую карысць, чым мець унутры дзяржавы ворага, якога самі сваёй згубнай ганебнай палітыкай ствараюць. Арлоў і Дубэльт, якія засядалі ў камісіі. слухалі са здзіўленнем смелыя гарачыя вывады, бачылі, як з кожным днём словы вязня паглыбляюць цяжкасць яго становішча. Дубэльт, які не таіўся з вялікай да Зыгмунта сімпатыяй, называў яго сынам, летуценнікам, паэтам, рад быў бы яго апраўдаць, вызваліць. Не раз сам, слухаючы словы ўзнёслага ў запале маладзёна, забываўся да такой ступені, што слухаючы крытыку цёмнага дэспатызму ўраду, выразіўся; "З тым справіцца лёгка, для чаго ёсць шалік імператара Паўла!" [255]

Зыгмунта дзён колькі трымалі ў цёмным лёху для змякчэння гонару. "Паглядзім як тая птушка будзе спяваць пасля выхаду з цёмнай клеткі, жывучы на хлебе і вадзе!" - адазваўся Арлоў.


Жаданага выніку ІІІ аддзел не дасягнуў. Прадставілі справу цару, той асудзіў Зыгмунта ў арыштанцкія роты ў Арэнбургу [256]. (Паводле сцвярджэнняў палкоўніка Люткевіча, які служыў у Арэнбургскіх батальёнах.) Жандарм, які экскартаваў Зыгмунта, уручыў Абручэнцаву даручэнне размясціць вязня [257] ў як найбольш бязлюдным, пустынным месцы. Таму прызначылі Зыгмунта ў 1-шы батальён, які стаяў ва Уральску [258] і ў роту, якая складала гарнізон будаваўшайся ў той час новай цвердзі на ўсходнім беразе Каспійскага мора, на паўвостраве Мангышлак [259], якая называлася Новапятроўскам [260].

У канцы жніўня 1848 года прыбыў Зыгмунт на месца прызначэння. Была гэта абсалютная пустыня, пазбаўленая ўсякай расліннасці. Збожжа, сена і ўсякія прадукты мусілі дастаўляць з-за мора. Фартэчка на невялікім узгорку, тры вярсты ад мора, не мела ніякіх краявідаў апрача раскіданых кіргізскіх магіл і салёных азёраў. Без ніякіх слядоў чалавечага жыцця, ані гарадоў, ані вёсак. На працягу двух летніх месяцаў што два тыдні прыбываў паравы карабель з Гур'ева [261]. Зімой з-за замерзлых берагоў перарывалася і тая камунікацыя са светам. Ніякага іншага таварыства акрамя сотні казакаў і роты салдат. Ніякіх вестак, ніякіх лістоў, ні газет пра падзеі, што трэслі ўсю Еўропу.

Няшчасны выгнанец шукаў паратунку ў працы і знайшоўшы чатырнаццацігадовага хлопца, нашчадка ссыльнага з 1831 года, пасвяціў яму ўсе свае вольныя хвіліны і з такім запалам і хуткасцю аддаўся навуцы таго хлопца, што сам пазней жартаваў з сябе і дзівіўся, што яму галава не лопнула, так хацеў у яе ўсё адразу ўпакаваць.

Да побыту ў Новапятроўску адносіцца анекдот пра Серакоўскага, як выкладчыка салдацкай літаратуры. Абавязаны быў вучыць ёй тых, хто не ўмеў чытаць. Трэба было сказаць фразу, а некалькі дзясяткаў салдат за ім паўтарала. І так бяздумна вучылі фразу за фразай, чым хутчэй, чым невыразней, тым лепей. У адным з тых мудрых настаўленняў сказана: "Ад салдата патрабуецца няшмат: любіць імператара, Бога і Бацькаўшчыну". Серакоўскі перанёс знак прыпынку і засталося ў Новапятроўску, напэўна, па сённяшні дзень настаўленне, якое абавязвае, што ад салдата патрабуецца "няшмат любіць імператара".

Другі анекдот адносіцца да побыту ва Уральску, дзе маёр Міхайлаў цёмны, грубых звычаяў пераэкзаменоўваў новапрыбылых, у іх ліку быў і Зыгмунт. Загадалі яму прадэкламаваць пункцікі: "Солдат есть имя общее знаменитое; первейший генерал и последний рядовой называется солдатом"[262]. Зыгмунт гаворыць павольна, робячы акцэнт на выразе "Первейший генерал и последний рядовой называется солдатом".

- Скверно! Скверно! [263] - крычыць Міхайлаў.

Клічуць фельфебеля, каб паказаў [264], як трэба гаварыць. Той у такі цудоўны спосаб патрафіў вярцець языком, што ні адзін выраз, ні адну думку не ўдалося ўхапіць.

- Вот так-то нужно говорить [265].

На другі дзень кліча Зыгмунта. Паўтараецца тая ж сцэна. Міхайлаў пеніцца, крычыць. Таварышы, палякі, прысутныя пры тым, глядзяць з трывогай; а калі той дзікі сатрап загадае біць непаслушнага? Не дазволяць таго, хоць бы іх усіх вымардаваць мелі.

Раптам Міхайлаў сярод крыкаў, праходзячы каля Зыгмунта шэпча:

- Прийди завтра ко мне на чай [266].

Зыгмунт не верыць сваім вушам. Аднак на наступны дзень іде да Міхайлава. Той найперш праганяе дзяжурнага: "Поді вон" [267], пасля чаго замыкнуўшы дзверы на ключ, набліжаецца дам Зыгмунта з салодкай усмешкай і гаворыць, як умее, найдалікатней:

- Послушай, ты - студент, умный человек, поймёшь, что нельзя говорить: "Первейший генерал и последний рядовой называется солдатом", - видишь - когда я ему в рожу, так и он мне в рожу [268].

Зыгмунт мусіў ужыць усё сваё красамоўства, каб пераканаць Міхайлава, што "образованный человек" [269] не можа так бяздумна перакручваць язык, як бедны непісьменны салдат. У канцы паўстала ўмова, што Міхайлоў ужо ніколі не выкліча палякаў на публічнае выступленне, але хоча, каб Серакоўскі прыходзіў да яго штодзень на чай. Той чай з цёмным звычайным п'яніцам быў для Зыгмунта сапраўдным мучэннем, але хадзіў, бо дабіўся многіх зменаў. Міхайлаў з гэтага часу не біў па твары шарагоўцаў за не досыць вясёлы выгляд, не загадваў у манежы двум шараговым салдатам, узброеным розгамі біць маршыруючага пасярэдзіне за няўмеласць рухаў і шмат іншых зменаў патрафіў дамагчыся ад Міхайлава.

"Пан маёр не мог зразумець, што за такі мудрённый народ[270]ёсць сасланым пад яго каманду. Зыгмунт вучыў новапрыбылых, каб адказвалі, што "за намаганні з мэтай пад'ёму нацыі". Міхайлаў гэтага не разумеў, таму тым большага ўяўлення набраўся пра народ, дзе кожны салдат так высока выказваецца.

З Уральска Зыгмунт быў прыкамандзіраваны да 2-га батальёна, які пастаянна кватараваў у Арэнбургу[271]. Тут ён застаў большае кола палякаў, як: Фішара, Браніслава Залескага, двух братоў Пятроўскіх, Эдварда Пажарскага, д-ра Круневіча, Станевіча і шмат іншых, асуджаных у арыштанцкія роты. Змена месца знаходжання была ўдалай. Арэнбург быў цэнтрам кіравання абшырных правінцый; большы доступ да кніжак, газет і што найважнейшай было рэччу для ссумаванага выгнанца, весткі з краю. Становішча Зыгмунта палепшылася, калі пасля Абручова заняў месца генерал Аляксей Пяроўскі[272], чалавек вялікай шляхетнасці і вышэйшых думак, пры якім[273]польскія выгнанцы маглі спадзявацца на лепшае абыходжанне і ацэнку".

Да першых дзён прыбыцця Пяроўскага адносіцца аповесць палкоўніка Люткевіча. Мела гэта месца ў час манёўраў. Пасля розных паваротаў прайшла перад генералам пяхота, пасля чаго па камандзе мела раздзяліцца на два крылы правае і левае, пакідаючы пляц вольным для імчаўшай конніцы.

У апошніх шэрагах пяхоты пастаўлены былі свежа далучаныя аддзелы, у іх ліку быў бледны, хілы яўрэйчык з Вільні ці з Гародні. "Заўсёды дзівіўся, - гаварыў пан Люткевіч, - чаму той бядак быў залічаны на вайсковую службу? Кураня мацнейшым і трывалейшым магло быць за яго, а сёння ўпаў, шынель, цяжкі ранец. Цягнуўся гэты бядак, не ведаю ўжо якім высілкам. Пры хуткім павароце направа, налева, дыхання яму, відочна, забракла - упаў самлелы.

А тут кавалерыя гоніць, аж зямля стогне. Раздушыць, здратуе. Раптам з шарэнгаў нейкі салдат вырываецца. Бяжыць і проста з пад капытоў вырывае ахвяру. Струпянеў - гэта Серакоўскі. Паварочваю ўражаныя вочы на Пяроўскага. Але стаўся сапраўдны цуд - Пяроўскі апусціў вочы і, не падымаючы іх, павярнуў каня ў бок. Гэта азначала для нас - можам не бачыць таго, што сталася.

Не буду пералічваць усіх таксама грозных для яго жыцця выпадкаў у час вайсковай службы, але тое толькі скажу, - гаварыў далей пан Люткевіч, што не меў ані я, ані яго таварышы моцы ўстрымаць яго, калі ішлося пра аказанне дапамогі няшчасным.

Праўда, што ва ўсім нашым батальёне, не выключаючы нашага генерала, мы ўсе яго пасля бліжэйшага знаёмства горача любілі, быў ён у тым нашым бязлюдным пустынным жыцці промнем, які разаграваў і асвятляў нас. Было ў ім нешта накшталт іскры з неба, якая запаляла ў нашых душах гарачэйшыя, шляхетнейшыя пачуцці і румяніла твары перад здзяйсненнем у яго прысутнасці якога-небудзь брыдкага ўчынку.

Другі памятны мне выпадак таго ж роду здарыўся ў першыя дні нашага побыту над Сыр-Дар'ёй[274]. Зыгмунт стаяў на варце. Сярод ночы выпала мне абысці цвердзь, для праверкі, ці ўсё ў парадку.

Ноч была светлая, месяц у поўні далёка асвятляў стэп спакойны, аднастайны, дазваляючы адрозніць найдрабнейшую дэталь. Мусілі быць вельмі чуйнымі. Какандцы[275]кружылі, чакаючы на прыдатную хвілю для захопу цвердзі.

Ведаў, што ў тую ноч Зыгмунт стаяў на варце каля скалы ля падножжа гары. Ноч была незвычайна марозная. Прызнаюся - быў трохі неспакойны, як таксама нашыя палякі вытрымаюць той холад? Набліжаюся ціха - гляджу - стаіць бедны наш Зыгмунт, здаецца быццам зусім не чуйны да марозу, які праймае да мазгоў касцей. Дзе ён ёсць думкай? Ці на Літве? Ці на Украіне? Ці ў Пецярбургу ў коле сваіх таварышаў? Ледзве ў мяне тая думка праскочыла, пачуўся ля ног нашых слабы балесны чалавечы енк.

Пэўна, папярэдняя варта падстрэліла дазорнага кіргіза. Абадрала яго і пакінула лёсу. Пакуль я меў што падумаць і сказаць. Зыгмунт пакідае пляцоўку, спускаецца па схіле, і я нябачны пасоўваюся асцярожна. Гляджу - скідае з сябе шынель, зрывае з сябе кашулю, прыкленчвае, расцірае параненаму рукі, ногі і грудзі, бінтуе раны і паставіўшы яго на ногі гаворыць па-татарску: "Уцякай няшчасны, бо загінеш ці ад рук нашых, ці ад холаду". Пасля чаго Зыгмунт спяшаецца на сваё месца, і я цішком аддаляюся, каб ён мяне не ўбачыў і каб як найхутчэй змяніць яго з варты, бо, стоячы ў адным шынялі, змёрз бы.

З'явіўся. Я адаслаў дзяжурнага, непатрэбнага тут сведку і камандую рэзкім голасам: "Cнять шинель!" Зыгмунт стаіць, не ўздрыгне, толькі пільна глядзіць мне ў вочы. Яшчэ раз камандую грозна: "Снять сейчас же шинель!"[276]

Замест усякага адказу Зыгмунт кідаецца да мяне, хапае мяне за плечы і, смеючыся, весела гукае:

- Ах ты стары абманшчык! Шпігуеш за мной і яшчэ разыгрываеш! Не сыдзе табе гэта бяскарна. Давай мне тут зараз жа сваю кашулю! Давай, бо будзе табе кепска! Паскарджуся, што бачыў усё, а не застрэліў мяне, ані аддаў пад суд!

Не было рады - жыццё мілейшае, чым кашуля. Апрануў, напаіў азяблага гарбатай і адправіў у казармы непапраўнага грэшніка".

Пан Люткевіч разумеў Зыгмунта, любіў яго, бо сам быў рэдкім тыпам чэснага чалавека, чулага і літасцівага сэрца.


Апавядаў у сваіх успамінах пра Зыгмунта Браніслаў Залескі. "Перад узяццем Ак-Мячэці[277]батальёны, у якіх знаходзіліся нашы выгнанцы стаялі доўгі час у Арэнбургу. Тут, як усюды, Зыгмунт стаўся душой кола, у якім мусіў жыць. Прыцягваў. прывязваў да сябе і з часам, маючы ўжо выбітае ў мясцовых уладаў становішча, патрафіў уплываць на лёс не аднаго са сваіх таварышаў. Сходзіліся да яго паслухаць агністых, буйным ўяўленнем і гарачымі пачуццямі напоўненых апавяданняў, або дысертацый. Сходкі тыя называў на ўласцівай яму мове "Вялікім малаком", бо бедны салдат гасцям сваім, якія збіраліся ў казармах, нічога больш акрамя малака ахвяраваць не мог".

Усё, што рабілася на свеце, жыва яго займала, газеты чытаў прагна і для сваіх калегаў быў крыніцай усякіх палітычных паведамленняў. Пошта прыходзіла два разы на тыдзень, але восенню і вясной часта ў непрывычныя гадзіны. Зыгмунт пільнаваў прыбыццё кур'ера і праводзіў цэлыя гадзіны за чытаннем газет. Ноч, слота, замяць, нічога яго стрымаць не магло. У фельдфебеля заўсёды патрафляў атрымаць сабе дазвол, а калегам, якія яго ўгаворвалі, каб адклаў на заўтра, звычайна адказваў: "А калі ноччу памру, а Пан Бог спытаецца, што робіцца на свеце, і акажацца, што не ведаю, скажа мне, што быў дурнем і не меў сумленнай і неабходнай цікавасці, бо былі ж сродкі даведацца".

Вычытаныя весткі адразу разносіў калегам, ня раз будзячы іх сярод ночы, каб хутчэй нейкай весткай падзяліцца. Кожнае няшчасце сувыгнанцаў жыва яго хвалявала, і адразу ў меру магчымасці стараўся парадзіць яму, дапамагчы.


Пасля прыезду Пяроўскага разыгралася смутная драма ў коле выгнанцаў, у адной з малых фартэцаў Арэнбургскага краю, у Орску [278]. Быў там прыгавораны ў рабочую роту малады Дабкевіч, слабога здароўя, але вялікага гонару. Камендант Недабраво, які не цярпеў палякаў, здзекаваўся з яго. Аднаго дня, спаткаўшы яго вяртаўшагася з работ, затрымаў, злаяў і закончыў словамі: "Подлы, як увесь твой народ". Дабкевіч, які цярпліва знёс асабістыя абразы. на тыя словы кладзе сякеру, якую нёс з работы, на зямлю, бярэ розгу і б'е ёй палкоўніка, гаворачы: "Мяне можаш лаяць, але народу майго не смей!"

Дабкевіч аддадзены пад вайсковы суд, быў прыгавораны да 6000 палак. Пяроўскі, не могучы скасаваць прыгавор, зменшыў яго да 1000. На экзекуцыю Зыгмунта прывезлі ў Арэнбург. Зыгмунт ужыў усе спружыны, каб таму перашкодзіць. Разлічваў і на тое, што лекары выкажуцца, што Дабкевіч не зможа вытрымаць палак. Дактары былі гатовы выдаць жаданае пасведчанне чалавеку бледнаму, шчупламу, які, здавалася, адной нагой стаіць у магіле, але той на запытанне засведчыў, што здаровы і пакаранне вытрымае.

Гаварыў потым, што сумленне не дазволіла салгаць, і верыў, што паколькі не зрабіў нічога кепскага, то тое, што на яго Бог пасылае, вытрымаць можа.

Заставаўся яшчэ адзін сродак выратавання яго, дамовіцца з салдатамі, ад удараў якіх залежала жыццё або смерць прыгаворанага да палак. Зыгмунт са звыклай для яго энергіяй і запалам заняўся той справай. Таварышы злажыліся на пачастунак для салдатаў, а ён патрафіў да іх так прамовіць, так іх праняць, што прыгаварылі, што з Дабкоўскім нічога не станецца. Выканалі абяцанне. Прыгавораны на атрыманне 1000 палак меў ледзьве некалькі чырвоных пясюгоў на плячах. Дабкевіч праз некалькі гадоў вярнуўся на Бацькаўшчыну, а жыццём сваім быў удзячны Зыгмунту, які правёў дні старанняў за яго ацаленне ў гарачкавым стане.


У салдацкім жыцці, пераплеценым разумовай працай, гутаркамі з таварышамі па нядолі, навучаннем дзяцей, прайшлі для Зыгмунта найлепшыя гады маладосці.

У 1854 годзе, атрымаўшы падафіцэрскае званне, па ўласным жаданні быў выкліканы ў стэп. Некалькі месяцаў назад Пяроўскі здабыў какандскую цвердзь Ак-Мячэць, за 500 вёрст на ўсход ад Аральскага мора над Сыр-Дар'ёй. Здабыча гэтая была для Расіі важнай, паколькі злучала яе арэнбургскія ўладанні з сібірскімі, адкрывала дарогу ў Індыю і называлася Сыр-Дар'інскай лініяй. Пастанавілі збудаваць некалькі малых фартэцаў над гэтай ракой, а з Ак-Мячэці, пераназванай у форт Пяроўскага, зрабіць сапраўдны пункт абароны, які панаваў бы над стэпам.

Для перабудовы фартэцы прызначылі інжынера генерала Бурнеўда (Burneaud), капітана сапёраў пад Ватэрлоа, а пасля разгрому Напалеона служыўшага ў расйскім войску. Быў гэта чалавек вялікай шляхетнасці. Зыгмунта прызначылі пад яго каманду. На працягу некалькіх гадоў, якія правёў над Сыр-Дар'ёй быў ён правай рукой таго шаноўнага старца. Зыгмунт надзіраў за работамі, засноўваў цагельню, а жыццё ў тым новым краі, дзе нібы закладаліся падваліны цывілізацыі, займала і прыцягвала агністае ўяўленне выгнанца. Выкарыстоўваныя для работ кіргізы, дзеці прыроды, прастатой і наіўнасцю сваёй краналі паэтычны і чулы бок яго душы. Зыгмунт хутка стаў іхнім улюбёнцам. Прывыкшыя да іншага зусім абыходжання з імі маскалёў, выпрошвалі заўсёды, каб малады паляк ім загадваў і заробленыя грошы ім выплачваў. Зыгмунт з уласцівай для яго энергіяй узяўся за вывучэнне татарскай мовы; праз хуткі час мог ужо з імі размаўляць. Калі даходзіла да выплат, стараўся заўсёды мець дробныя срэбныя грошы, каб кожнаму мог выплаціць у рукі належнае, любімымі дзецьмі стэпу, срэбнымі манетамі, што іх набольш захапляла. Дзейная натура Зыгмунта, знайшоўшы там пажыву для сябе, пачувалася над Сыр-Дар'ёй больш шчаслівай, чым у Арэнбургу. Кола сутаварышаў палякаў, якіх і там застаў, яшчэ больш скрасіла яму той побыт. І ўмеў знайсці пры тым усім хвілі для навучання і развіцця маладога хлопца, сына расейскага купца, якога там знайшоў (Лёўка Кібераў). Была гэта адна з уласцівасцяў яго істоты, што на маладую, дзяціную яшчэ душу, рабіў асаблівы ўплыў, як бы магнетычнай сілай прыцягваў яе да сябе і пад подыхам яго агністай і поўнай любові душы, развівалася яна хутка, як кветка пад сонца промнем. Маладзенькі хлопец прынік да яго ўсім сэрцам і праз некалькі год, ужо пасталеўшы, вёў з ім перапіску, звяртаючыся па параду, як да бацькі.

Пасля некалькіх месяцаў Бурнеўд вярнуўся ў Арэнбург, і Серакоўскі перайшоў пад каманду начальніка Сыр-Дар'інскай лініі, генерала Фітынгофа, у той час пасланы ў аддзеле, выпраўленым для пагоні за какандцамі, якія, не могучы адабраць Ак-Мячэці, нападалі на расейскія табуны, наносячы шкоду ахове, Зыгмунт ледзь жыццём не паплаціўся. Было гэта ў студзені, дзень быў цёплы, як часта здараецца зімой у тых краях, і неабачлівы генерал выбраўся ў дарогу, узяўшы намёт і цёплую вопратку толькі для сябе аднаго, а не падумаў ніколькі пра салдат. На трэці дзень мароз 25º застаў лёгка апрануты аддзел сярод голага стэпу. Грозная смерць была блізкая, і толькі прытомнасць і энергія некалькіх палякаў, якія па пяць гадоў пражылі ў стэпе і былі абазнаныя з тамтэйшым жыццём, выратавалі аддзел.

У той час памёр цар Мікалай. Зыгмунт Серакоўскі па прадстаўленні Бурнеўда і Пяроўскага атрымаў афіцэрскі чын і мог нарэшце пакінуць Арэнбург [279].


Паводле выказванняў людзей, якія ад 1846 года дзейнічалі побач з Зыгмунтам Серакоўскім, ва ўмовах дэмакратызацыі асноў жыцця ў Расіі роўна як у коле польскім, так і ў коле расійскім уплыў Зыгмунта быў невымерны.

Дзейнічаў сам, пранікнуты пачуццём веры, надзеі і любові, прышчапляў таксама ў паніклыя душы веру ў мэтавасць жыцця, надзею на вызваленне ад сіл, якія абцяжарваюць рух да волі духу і побыту прыгнечаных народаў, любоў і справядлівасць да слабых і прыгнечаных.

Калі Зыгмунта не стала ў 1848 годзе, польскае кола распалася, але найбліжэйшыя да яго калегі, якія гарэлі пачуццём любові да Бацькаўшчыны, працавалі далей.

У той час калегі-расейцы дзяліліся на мірных, паводле ідэй, прышчэпленых польскім колам, і рэвалюцыйных - праз Герцэна і іншых расейскіх эмігрантаў. Першыя ствараюць кола людзей добрай волі, дзякуючы якім, г.зн. іхнім старанням, Зыгмунт з Арэнбурга прыбывае ў сталіцу пасля адмены жорсткага закона для сасланых у салдаты палякаў не даваць ім ні адпускоў, ні адстаўкі, пакуль не выслужаць 10 гадоў у званні афіцэра; як таксама пасля адмены адносна ўжо толькі Зыгмунта неабходнасці выслужыць у званні афіцэра два гады на фронце.

Браніслаў Залескі піша пра Зыгмунта: "Дзевяць цяжкіх гадоў прайшло ад хвілі, калі Серакоўскі ў суправаджэнні жандармаў пакідаў Пецярбург. Маладзён, які растачаў у той час перад Арловым і Дубэльтам свае паэтычныя мары і маладзенькую веру, вяртаўся сёння мужчынам, больш сканцэнтраваным ужо ў сабе, які ведаў жыццё з многіх бакоў, але заўсёды роўна палымяна любіў Бацькаўшчыну і нават усё чалавецтва. Некалькігадовае жыццё ў казармах і вайсковых шэрагах пазнаёміла яго непасрэдна з усімі цяжкасцямі і горасцямі маскоўскага салдата, паступаючы ў вайсковую акадэмію[280]і маючы праз гэта адкрытую дарогу ў Генеральны штаб, пастанавіў усе свае здольнасці і працу прысвяціць найперш прынясенню палёгкі тым няшчасным".


Зыгмунт вяртаецца з Арэнбурга з шырокай, вялікай, далёка сягаўшай праграмай не тапіць трона, Расіі і ўласнай Бацькаўшчыны ў моры крыві, а шляхам разумных рэформ ісці да аўтаноміі ў Польшчы праз канстытуцыю, прынятую ў дзяржаве.

Вырашаў праз уплыў людзей добрай волі, саноўных, высока стаяўшых і яму адданых прыбіраць з установаў нягодных кіраўнікоў справамі дзяржавы, абсаджаць установы як найадпаведнейшымі, найшляхетнейшымі для гэтага людзьмі і такімі атачаць трон, каб пад іх уплывам выйшла ініцыятыва канстытуцыі ад цара, якога ўважаў прызнаваць за рэч абавязковую пры наяўным стане рэчаў у дзяржаве і ў жыцці людзей, якія яе насялялі. (У той ролі найчыннейшым і найкарыснейшым быў кузін, з Раманавых князь Сувораў, пры двары ў ролі сямейнага дарадцы і княжна Алена Паўлаўна.)

Цытую словы Браніслава Залескага: "Акалічнасці, здавалася, таму спрыяюць і прынамсі заспакойваюць надзеі шляхетнай душы. Царстваванне Аляксандра распачалося абвяшчэннем вялікіх рэформ. Прыніжаная ў Крымскай[281]капманіі Расія, хутка адышла ад улюбёнасці, якой агульна была прасякнута, да Мікалая пад уплывам агітацыі расейцаў, якія прыступілі да крытыкі ўсякіх яго рэакцыйных распараджэнняў, нязгодных з поступам ХІХ стагоддзя. Імператар Аляксандр выказвае жаданне рэформ, дазваляючы нават сялянскую рэформу, пра якую прасіла літоўская шляхта. Даручае стварыць некалькі камісій, якія мелі падрыхтаваць праекты найразумнейшых рэформ".


У той час пачынаюць змагацца ў Расіі два магутныя ўплывы: Герцана і таксама іншых эміграгнтаў, г.зн. рэвалюцыйны і мірны, шырока прапагандаваны людзьмі добрай волі, якія прагнулі ўвядзення заходніх інстытуцый, без пралівання крыві, дэмакратычна-канстытуцыйна. Абодва тыя бакі заклікалі да неабходнасці рэформ.

Урад прыніжаны Крымскай вайной цешыў сваё грамадства і замежную думку паказным лібералізмам. Больш за дзясятак камісій працавала без ніякай сумеснай ідэі, таму іхняя праца не магла прынесці карысці без удзелу людзей сапраўднай добрай волі.

Кожны з мацнейшых розумаў меў абазначаны шлях, ішоў па ім, ствараючы кола, не аглядваючыся, не ўнікаючы ў працу іншых, ішоў па ім з думкай зрабіць як найлепей, як найболей і як найхутчэй (народ церпіць). Серакоўскі заняўся праектамі неабходных рэформ і арміяй; Кастамараў, Кавелін і Спасовіч з колам юрыстаў і прафесараў; Панц[ялееў] [282] і Бальтазар Каліноўскі - універсітэцкая моладзь; Тургенеў, Талстой, Чарнышэўскі [283] і шмат іншых выказваюць салідарнасць, кепскі ўплыў ураду на ўсё грамадства, уціск народа і да т.п. патрабуюць рэформаў на ўсіх палях. Агрызка меў у сваім уладанні польскую касу, а для дабра Польшчы стаяў на варце раздачы пасад, будзіў пільнасць расійскага грамадства, каб не дапускаць людзей старой, знікчэмнелай руціны з мікалаеўскіх часоў, невукаў і хабарнікаў на пасады. Князь Д[аўгарукаў] у жандармерыі сочыць за выкараненнем фальшывых даносаў і за бяспекай кола [Канст., Гніокр.? Ферд. Рэз.? [284]] рэдактар апускаецца да найніжэйшых слаёў, пільнуе, збірае і размяшчае бяздомную дзятву. Пад уплывам Зыгмунта нават такія "Маскоў[скія] Ведамасці" [285] становяцца да паслуг ліберальнага боку і стаяць на баку паступальнага руху.

На колькі бачыць, ведаць і зразумець магла, увесь той рух пасоўваўся хутка і з моцным уплывам наперад, захопліваючы праменнямі ідучымі з Пецярбурга ад класа, які стаіць найвышэй, пачынаючы ад трона ў найбліжэйшым коле, абдымаючы ўсю Расію. Тым ён адрозніваўся ад рэвалюцыйнага, які найперш узрушаў найніжэйшыя слаі, народ. Мірная партыя лічыла той рух за небяспечны і шкодны для краю ў выпадку, калі б забракла перадавікоў, народ першы паў бы ахвярай.

Цяжкае гэта было заданне, але нейкі час яно трыумфавала, нягледзячы на структуры рэвалюцыйна-анархічныя, нігілістычныя, якія зрывалі працу, а хутчэй на нейкі час абцяжарвалі яе. Нігілізм перашкаджаў роўна як рэвалюцыйнай, так і мірнай працы, сеючы асновы поўнага перавароту, залівання крывёй, вынішчэння ўсяго грамадства. Калі пыталіся, што далей пасля знішчэння? адказвалі: "Няхай з нічога яшчэ раз свет вылунае, няхай стары. згнілы паслужыць за ўгнаенне для прышлага, новага".

Прыпамінаецца мне хвіля спаткання Бэрві з маёй сям'ёй на караблі, які ішоў Волгай у бок Пярмі [286]. Яго везлі ў Сібір з жонкай (на колькі памятаю, княжной Галіцынай [287], з якой узяў шлюб у вязніцы) з дачушкай і з малюткім сынком. Мела галаву з коратка астрыжанымі валасамі, апранута была ў шэрую сукманку, бегала, гушкаючы сынка, па караблі, называючы яго "малым мілым катаржнікам".

Бэрві, бачачы маці маю і сясцёр у жалобе, з жандармамі наблізіўся, прадставіўся і паведаміў ім, што яго вязуць на цяжкія працы ў Сібір. Пры той аказіі гаварыў доўга з запалам распавядаючы свае тэорыі, у канцы дадаў, што і ён верыць ва ўваскрасенне Расіі пасля трох дзён.

Першы дзень пануе ў ёй цемра і хаос . Сярод глыбокай цемры часу ад часу слабыя пробліскі святла, але яно служыць толькі для таго, каб аблегчыць паўзучым гадам і дзікім бестыям лавіць, душыць і жэрці істотаў, створаных на вобраз і падабенства людзей, якія хаваюцца ад бестыяў у цемры (бюракратыя на вяршыні сваёй моцы).

Другі. Істоты, створаныя на вобраз і падабенства людзей, прагнуць жыць і бачыць святло, бароняцца, нішчаць дзікіх бестый (рэвалюцыя).

Трэці дзень міру, людзі, выкупаныя ў крыві дзікіх звяроў, запальваюць святло, жыццё пачынаецца.


Дванаццацігадовая мая сястрычка з уражанымі вочкамі пытаецца ў яго:

- Пане, а што з Польшчай у той час будзе?

- Пані пытаецца, што будзе з Польшчай? Прыйдзе такая хвіля ў часе барацьбы з дзікімі бестыямі, хвіля цяжкая для перажыцця, калі загукаем: "Мы ж браты вашыя, разам на дапамогу!" Вы паверыце - ха! ха! ха! вы паверыце, вы - мяккі народ! Мы падставім плечы, вы ўпадзеце нам на грудзі, прыціснем моцна, так моцна. аж задушым!

- Але ж гэта подла, што пан гаворыш! - закрычала з абурэннем і са слязамі малая.

- Так, гэта подла - і гэта шчасце наша, гэта адно нас робіць падобнымі да людзей, якія маюць меркаванне пра рэчы (і чаго звяры пазбаўлены), што мы бачым і адчуваем нашую подласць!


Серакоўскі, вядомы ў акадэміі як найздольнейшы вучань, скончыў яе курс і ў 1857 годзе быў прызначаны ў Генеральны штаб [288]. Была гэта хвіля, якая дазваляла яму ажыццявіць мэту, да якой імкнуўся з прагаю, а прынамсі на крок наблізіцца да яе; найперш падтрымаць няшчаснага салдата расійскай арміі, вярнуць яму месца сярод людзей, абараніць ад катавання палкамі, выкінуўшы з дысцыплінарнага кодэксу цялесныя пакаранні. Аддаўся гэтаму з усёй яму ўласцівай энергіяй і вытрымкай. Тут былі патрэбны не філантрапійныя дэкларацыі і заклікі супраць палак, але трэба было скласці довады іхняй шкоды. Серакоўскі, маючы вольны доступ да архіваў Ваеннага міністэрства, цяжка працуючы, склаў статыстыку пакаранняў і праступкаў у расійскім войску за некалькі дзясяткаў гадоў; пасля дадання да іх параўнальных табліц дысцыплінарных кодэксаў усіх еўрапейскіх войскаў давёў:

1) Што расійскі кодэкс за часы Пятра Вяікага [289] найлагоднейшы за ўсе, сёння ўсе іншыя пераважаюць строгасцю.

2) Што колькасць праступкаў у расійскім войску нечувана перавышае статыстыку еўрапейскіх армій, якія па меры пастаяннага больш лагоднага заканадаўства, становяцца больш маральнымі, даказваў, што цялесныя пакаранні абавязкова павінны быць адменены.

Працу яго ваенны міністр аддаў камітэту [290], які працаваў над пераглядам дысцыплінарнага кодэксу. Ад яго меркавання залежала ўсё. У ліку чальцоў камітэта было некалькі генералаў з мікалаеўскіх часоў, гэтыя, верачы толькі ў палкі, жадалі адкінуць прапанову і аддаць аўтара ў простыя салдаты за збэшчванне расійскай арміі довадам, што тае мае больш злачынстваў, чым іншыя ў Еўропе. Хвіля для Зыгмунта і яго справы была крытычная. Маладыя прыяцелі Серакоўскага, якія засядалі разам са старымі, вышэй згаданымі, атрымалі перамогу. Працу яго прызналі за добрую і карысную і аддалі яе на абдумванне, а аўтара дэлегавалі для ўдакладнення звестак у тым кірунку на міжнародны кангрэс у Лондан у 1861 годзе [291].

Са справы, якая ўтрымоўвае увесь ход дэбатаў на Міжнародным кангрэсе ў Лондане ў 1861 годзе, выпісваю толькі тыя прамовы Серакоўскага, якія ўплывалі на пастановы таго ж кангрэсу.

Выступаў па праблемах статыстыкі маральнасці і па праблемах вайсковасці. Аднагалосна быў выбраным сакратаром з боку замежных дзяржаў.


Секцыя 5 займалася арміяй і ваенна-марскім флотам. Пастанавілі дэбатаваць толькі над тым, што ўжо было прадметам разгляду на кангрэсе ў Бруселі [292].

Серакоўскі ўносіць адзіную новую прапанову, што да параўнаўчай статыстыкі, на колькі і якія пакаранні, а менавіта цялесныя, спрычыняюцца станоўча або адмоўна да маральнасці ў арміі? А затым, каб дайсці да пэўнасці прапануе, каб сам Кангрэс звярнуўся да ўсіх дзяржаў, а менавіта да тых, дзе ёсць вайсковыя трыбуналы і таемныя архівы, каб далі яму вольны доступ да іх.

Праблема тая разбудзіла жывую зацікаўленасць усяго сходу. Наступілі доўгія, гарачыя дэбаты за і супраць прапановы. Прэзідэнт Stanhope, Balfour, дакладчык Legoyt і многія іншыя былі за прапанову. Апасаліся толькі абразіць і абудзіць падазрэнне дзяржаваў, ці пад відам статыстыкі Англія не ўпіхне палітыкі, хочучы праз параўнанне меншай або большай дэмаралізацыі ў арміі прыйсці да высновы пра меншую ці большую сілу дзяржавы.

У канцы, хоць і ў змадыфікаванай форме, атрымаў Серакоўскі тое, чаго прагнуў, г.зн. вольны доступ да вайсковых архіваў і трыбуналаў усіх еўрапейскіх краін.

Дакладчык Legoyt закончыў такімі словамі:

- Панове! Дні сходаў падходзяць да канца. Кожная хвіля важная. Гэтая справаздача будзе кароткай. Ніякіх змен паводле кангрэсу ў Бруселі, апрача адной новай прапановы, унесенай у гэтай секцыі панам капітанам Серакоўскім.

Пан Серакоўскі, капітан расійскага Генеральнага штаба, выказаў пажаданне, каб наш кангрэс даў яму імянное даручэнне да ўсіх начальнікў статыстычных бюро за мяжой для аблягчэння яму тым вывучэння стану вайсковай крыміналістыкі, што яму даручана ў яго дзяржаве.

Секцыя пасля дэбатаў прызнала, што ваш, панове, сход магчыма перайшоў бы межы сваёй місіі, а можа, і межы этыкету, падтрымаўшы пажаданні ў той форме. Але прагнучы падтрымаць, на колькі гэта ёсць у моцы секцыі, каштоўную працу пана Серакоўскага, важнасць якой цалкам прызнае, секцыя выразіла свае пажаданні наступным спосабам:

Кангрэс з прыемнасцю вітаў бы ўсе ўрады, якія аддадуць для скарыстання ў навуковых мэтах вучоным замежных дзяржаў, якія працуюць над параўнальнай вайсковай крыміналістыкай, усякія дакументы, сабраныя ў архівах адносна да сваіх армій.

Вітаў бы кангрэс з такой жа прыемнасцю ўрады, якія прывыклі абнародаваць сваю карную статыстыку адносна да арміі і якія выдзялялі б тым жа вучоным нататкі паясняльных дакументаў адносных да арганізацыі ікампетэнцыі вайсковых трыбуналаў у сваіх дзяржавах.

Адзін з чальцоў прапанаваў прыбраць з праграмы пытанне адносна да колькасці спраў, іх калібру і сістэмы, але я, - гаварыў далей Legoyt, - раблю заўвагу, што Францыя дае прыклад, выстаўляючы на сваю рызыку, поўную яснасць у тым поглядзе. Прыгадваю яшчэ тут, што Францыя абвяшчае штогод па тым пытанні Compterendu du Materiel[293]асобна для арміі і для ваенна-марскога флоту.


Секцыя 6. Дакладчык Legoyt з секцыі 6 пра статыстыку маральнасці з дапамогай прэсы называе толькі тры найгалоўнейшыя прамовы: з Галандыі Ackersdyka супраць статыстыкі маральнасці; з Іспаніі Ripalda за статыстыку мараль[насці]; хоць бы толькі пералікам і вылічэннем спраў карысных Зыгмунта Серакоўскага наступным чынам:

Legoyt:

- Капітан Серакоўскі сцвярджае, што доктар Ackersdyk памыляецца, калі даводзіць немагчымасць правядзення статыстыкі маральнасці (з дапамогай прэсы).

Серакоўскі:

- Дазвольце мне, пане прэзідэнце, дадаць некалькі слоў. Пан Quetelet ёсць бацькам той статыстыкі, якую можна назваць статыстыкай маральнасці? якую прымаюць як сацыяльную анатомію, а заданнем яе будзе стварыць новую навуку сацыяльную фізіялогію. А таму, што да мяне, то адкідваю найнесправядлівейшы закід, які да яе можа быць прыменены, што ёсць прапагандысткай фаталізму, што да нічога не вядзе, хіба толькі да заспакаення пустой цікавасці. Гэта не так. Пан Quetelet і ўсе з яго школы падтрымліваюць супраціўнае, што вядзенне статыстыкі маральнасці дапамагае заканадаўцам і адміністрацыі ў паляпшэнні грамадства, паказвае яго сённяшні рэальны стан. Тая ж самая статыстыка сцвярджае таксама, што там, дзе праводзяцца паляпшальныя рэформы роўна як у заканадаўстве, так і ў адміністрацыі, упаўшая маральнасць папраўляецца, лік парушэнняў і злачынстваў змяншаецца. Статыстыка маральнасці не толькі не заслугоўвае імені прапагандысткі фаталізму, ёсць гэта хутчэй ідэалізм, напоўнены верай ва ўдасканаленне народа. Але і гэтае сцвярджэнне было б памылкай, бо ёсць яна хутчэй рэалізмам - ёсць сапраўднай навукай. Вучоныя, якія вывучалі гісторыю звычаяў і заканадаўстваў з канца ХVІІІ стагоддзя, ужо давялі, што статыстыка маральнасці, што статыстыка судовая пасля правядзення разумных рэформ дапамагае ў паляпшэнні звычаяў і ў змяншэнні колькасці праступкаў і злачынстваў.

Збор прыняў прамову з жывым прызнаннем.

Пасля трываўшых нейкі час дыскусій прызналі статыстыку маральнасці, якая абнародваецца пры дапамозе прэсы, сведчаннем інтэлектуальнай і маральнай сілы краю.


Секцыя 2. Санітарная статыстыка (кіраўнік Shaf-tesbury). На першым месцы - прадстаўлены план міс Nightin-gale, план апрабаваны ў шматлікіх вялікіх шпіталях, таму пастанавілі рэкамендаваць яго ўсім урадам.

Пан Legoyt пасля зачытвання ліста міс Nightingale, да якога былі далучаны паперы, што даводзілі чаканыя вынікі тых жа планаў, закончыў выказваннем удзячнасці ад імя ўсіх замежных дэлегатаў высокапастаўленым асобам у Лондане, якія не толькі адчынілі для прыбылых свае салоны, але частавалі іх яшчэ гасцінна і прыязна за сваімі сталамі, а менавіта лорду Ebringtonowi, міс Gutts і міс Nightingale, чыё імя вядомае ва ўсёй Еўропе з-за яе бязмежнай адданасці і гераічнай працы ў час Крымскай вайны, дзе была для арміі сапраўднай збаўчай апорай.

(Міс Nightingale, найбагацейшая партыя ва ўсёй Англіі не выйшла замуж, каб усё сваё жыццё прысвяціць філантрапічным мэтам, да якіх ішла разумна і з вартай здзіўленню вытрымкай.)

Гавару пра тую секцыю, а за тым і пра лонданскіх асабаў, бо Зыгмунт у іхніх салонах быў частым госцем, зычліва і з прыемнасцю прыманым і адзначаным. Распытвалі доўга і з зацікаўленнем пра лёсы Польшчы, пра яе адносіны да Расіі, пра яе надзеі і змаганні. Тут ён пазнаёміўся і зблізіўся з многімі знакамітасцямі у Англіі, як сем'і Derby'ch, Nitchel'a, Russela, які аказваў яму шмат сімпатыі і прызнання, слухаў з захапленнем яго прамовы. У першы дзень пасля знаёмства запытаў: "Пан не расеец?" Калі Серакоўскі адказаў, што ён - паляк, сказаў: "Я быў у тым упэўнены". Схіляў яго да пакідання Пецярбурга, прапаноўваў яму адпаведную яго сіле розуму пасаду ў Лондане. Дадаў:

- Шкода жыцця, шкода здольнасцяў!

Перад пакіданнем Пецярбурга Зыгмунт атрымаў ліст таго ж зместу.

Даслоўная копія:

"Legoyt. Captain Sierakowski contends that doctor Ackersdyck is mistaken in asserting the impossibility of moral statistics.

Sierakowski. Permettezmoi M.le President d'ajouter quelques mots. M. Quetelet est le pere de ce qu'on peut appeler la statistique morale, de dette statistique qu'on regarde comme l'anatomie sociale, et qui doit tendre a creer une nouvelle science, celle de la physiologie sociale.

Eh bien, je repousse, pour mon compte, le reproche le plus injuste, qui puisse etre fait a la statistique, celui qui consiste a dire qu'elle propage le fatalisme, ou qu'elle ne mene a rien, que c'est de la pure curiosite.

Cela n'est pas. M. Quetelet et tous ceux de son ecole disent, au contraire, que la statistique morale aide le legislateur et l'administrateur a corriger les defauts de la societe, en montrant son etat actuel. La statistique demontre que, des qu'il y a des reformes salutaires apportees dans la legislation et dans l'administration, les mans moeurs se corrigent, le nombre des d?lits et des crimes s'amoindrit.

Loin donc d'encourir le reproche de pousser au fatalisme, on pourrait peutetre dire de la statistique que c'est de l'idealisme, c'est de la foi en la perfectibilite humaine, mais cela n'est pas, non plus, c'est plutot du realisme, c'est de la vraie science.

Tous les hommes, qui ont etudi? l'histoire des moeurs et des legislations depuis la fin du 18 eme siecle ont constate qu'il etait juste de dire que la statistique morale, que la statistique judiciaire demontrait qui les reformes bien faites aidaient a corriger les moeurs et a diminuer les d?lits et les crimes. (Vives approbations)" [294].

Копія прамовы дакладчыка пана Legoyt-a.

'Monsieur le capitaine a l'etat major Russe Sierakowski avait emis le desir que le Congres le recommandat nominativement a M.M. les chefs des Bureaux de statistique etrangers et facilitat ainsi les etudes de criminalites et fac [?] [выкраслена] militaire qui lui ont ete confies dans son pays. La section a pense que Votre assemblee sortirait des limites de sa mission et peut-etre meme de convenances en accueillant un voeu formule dans ces termes. Mais jalouse d'encourager autant qu'il pourrait depen-dre d'elle les estimables travaux deja entrepris par M. Sierakowski et dont elle a reconnu tout l'interet, elle a emis le voeu suivant, qu'elle soumet avec confiance a Votre ratification.

Le Congres verrait avec plaisir les divers gouvernements mettre a la disposition des savants etrangers occupes d'etudes sur la criminalite militaire comparee les documents qu'ils ont pu recueillir sur celle de leurs armees respectives.

Il verrait egalement avec plaisir les gouvernements qui publient habituellement la statistique criminelle de leurs armees faire preceder ce document de notes explicatives sur l'organisation et la competence des tribunaux militaires de leurs paysr".

На тым жа кангрэсе ў 1861 [1860] годзе была прынята аксіёма, аснованая на матэматычных вылічэннях, што большасць войск неабучаных не можа перамагчы меншасці ў 100 000 абучананага жаўнера, хіба што ледзве магла б зраўняцца ў лакальных бітвах пры роўнай спраўнасці і энергіі.

"La verite de ce principe a ete frequement demontree, mais elle ne peut etre demontree en trop de formes, car elle contient cet enseignement solenel que le devouement patriotique meme allie au courage heroique et a l'adresse personnelle dans l'usage des armes ne pourrait defendre l'independance nationale, a moins que ces qualites ne soient combinees a l'organisation scientifique qui permet au chef de concentrer les efforts du tout ou d'une poignee de soldats sur un point donnе dans le plus bref delai et avec l'effet le plus complet[295].

Палажэнне гэтае было выказанае і горача падтрыманае роўна як на Кангрэсе, так і ў прыватных колах Серакоўскім.

"Пасля прайшоўшага Кангрэсу Серакоўскі адведаў у навуковых мэтах Парыж[296]. Турын, Вену і Берлін. Рэкамедаваны міністрам амбасадарам у тых сталіцах, меў магчымасць вывучыць дакладна ўсё, што яму для мэты было патрэбным. Мемарыяламі, высыланымі з падарожжа, не пераставаў падтрымліваць неабходнасць рэформ. Падарожжа і сутыкненне з захадам і яго цывілізацыяй развілі і расшырылі яшчэ болей здольнасці і паняцці Серакоўскага. Працы[297]яго былі прызнаны такімі выдатнымі, што іх міністр перадаваў імператару ў арыгінале, і што ў вачах заўзятых праціўнікаў давала яго думкам права на існаванне ў Расіі. Стаў вядомым у цэлым Пецярбургу, а не толькі ў вышэйшых сферах ваеннага міністэрства".

"Вяртаючыся з замежжа, калі затрымаўся ў Варшаве, Сухазанет[298], былы міністр, а цяпер намеснік Каралеўства Польскага, захацеў пабачыцца з Серакоўскім, на тлумачэнне, што едучы з-за мяжы не мае мундзіра, Сухазанет загадаў адказаць, што не мундзір, а галава Серакоўскага яму патрэбная. Падобныя словы і прыём даказвалі вялікае ўжо значэнне Серакоўскага ва ўрадавых колах".

(Часта здаралася, што цар запрошваў змест мемарыялаў Серакоўскага ўжо пасля паметак у Камітэце. Маю ў сябе адзін такі "Аб не прызначэнні на пасады асобаў не паводле здольнасцяў, а па пратэкцыі". Часта выклікаў да сябе Зыгмунта і казаў яму чытаць і тлумачыць праблемы. змешчаныя ў мемарыялах.)

"Зыгмунт пасля вяртання ў Пецярбург быў як найлепей прыняты генералам Мілюціным і бачыў прыбраныя з кодэксу цялесныя пакаранні. Гэтая змена пакіравала на наступнае, г.зн. на рэфармаванне турам і на заснаванне дысцыплінарных рот на ўзор цывілізаваных краёў. Зыгмунт падаў гэтую думку Мілюціну. Той прыняў яе добра і ў другі раз выслаў Серакоўскага за мяжу, менавіта ў Францыю і Алжыр".

Некалькі ўспамінаў з падарожжа, якія адносяцца да нашага прыватнага жыцця

"У 1861 годзе Зыгмунт праязджаючы праз Вільню пазнаёміўся з сям'ёй Далеўскіх. Двух старэйшых братоў Францішка і Аляксандра, а таксама сястру Тэклю (сёння Яніке) знаў ужо з 1846 года. Складалася яна з чатырох братоў: Францішка, Аляксандра, Канстанціна і Цітуса і шасці сясцёр. З адной з малодшых Апалоніяй Зыгмунт узяў шлюб у 1862 годзе, выязджаючы за мяжу на чатыры месяцы, два адпачынку і два ў інтарэсах дзяржавы"[299].

Так дзіўна, не раз нават па-дзівацку, як бы з жадання паменшыць сімпатыі да яго памяці апісваюць Зыгмунта менавіта ў "Гісторыі двух гадоў", дзе аўтар прадстаўляе яго блякла-жоўтым, з малымі заўсёды апушчанымі вачыма, з губамі з'едліва сціснутымі і г.д. Апісаннем тым лупцуе сам сябе, калі гаворыць пра яго словы, натхнёныя, электрызуючыя і падымаючыя натоўпы. Каб гэта было мажлівым, пры малых вачах, заўсёды апушчаных і губах з'едліва заціснутых?!


Сёння спытаю сябе, якім жа мне падаўся, калі яго першы раз убачыла, як чалавека пабочнага, зусім чужога.

Ад варшаўскіх падзей жыхары Вільні звыклі збірацца што пятніцу а шостай гадзіне за Зялёным мостам, на ўзгорку пад фігурай Збаўцы, называнай Чырвоным Крыжам [300]. У адну з пятніц, калі мы з сёстрамі вярталіся, пайшоў дождж, што нас прымусіла зайсці да знаёмых. Было каля сёмай, калі мы ўвайшлі пад браму нашага дома. Ва ўсіх вокнах было цёмна, толькі гасцявы пакой быў асветлены. Відочна, нехта быў у нязвыклую гадзіну ў брата Францішка. З пярэдняй, у якой таксама не гарэла лямпа, сястра для прывядзення ў парадак вільготнай ад жажджу вопраткі, пабегла ў пакой маці, я затрымалася ў цёмнай пярэдняй, занепакоеная відам нейкага вайскоўца, які стаяў каля брата пасярод пакоя (вайскоўцы ў нас не бывалі - полькі не глядзелі ніколі на праход войска, адварочвалі галовы, сустрэўшы вайскоўца на вуліцы).

Зацікаўленая гляджу і думаю - дзіўны твар. Гэты твар адрозніла б сярод найінтэлігентнейшых людзей. Уражваў выявай розуму, энергіі, станоўчасці, побач з дзіўнай прамяністасцю вялікіх цёмна-, шэра-блакітных вачэй, адлюстроўваючых кожную думку, кожнае пачуцце. Уся постаць гэтага чалавека ад першай хвілі бачання цягнула. прыкоўвала да сябе.

Размаўлялі, а я стаяла задумаўшыся, аж пакуль Францішак, не ведаю, ці заўважыўшы некага, стаяўшага ў пярэдняй, увайшоў.

- Гэта ты, - сказаў, - як жа гэта добра. Калі ласка, увайдзі, забаў госця на хвіліну - я пайду да Севярына (Ромера), можа там каго з патрэбных мне людзей застану. Адразу вярнуся.

Я ўвайшла - прадставіўшы Зыгмунта Серакоўскага, Францішак пайшоў. Села, паказала госцю на фатэль. Што было далей, не сумела б распавесці. Ці мы размаўлялі? Ці мы маўчалі? Памятаю толькі, што дзівілася сама сабе, што не абразілася, калі ён асмеліўся адсунуць нецярплівай рукой падсвечнік, стаяўшы на стале, які яму часткова мяне засланяў. Углядаўся сваімі блакітна-шэрымі прамяністымі вачыма, як мне здавалася, са здзіўленнем.

Брат вярнуўся, а за ім увайшло некалькі чалавек - я выйшла. У кабінеце брата сядзелі дзве сястры, гатовыя ўвайсці ў залу ў выпадку з'яўлення паліцыі ў браме. Яны гаварылі, што сплёўшы рукі над галавой я прайшла ў свой пакой са словамі: "Адбылося". А што адчувала тады? Што думала? Памятаю пачуццё трывогі, уражання перад нечым, што адбылося, чаго ўжо не адсунуць назад, ані адклікаць нельга, а што адтуль будзе ўсім, на ўсё маё жыццё.

Наступным днём, г. зн. у суботу была пэўная, што Зыгмунт прыйдзе не дзеля брата, але выключна дзеля мяне, але цэлы дзень сышоў. Зыгмунт не прыйшоў.

Звычайна ў нядзелю збіралася ў нас больш людзей. Цэлы дзень сышоў - Зыгмунт не прыходзіў. Была здзіўленая і заведзеная. Вечарам каля дзясятай званок. Я стаяла ў дзвярах, якія вялі з кабінета брата ў залу - увайшоў Зыгмунт. Вітаўся з маці, з братамі, з калегамі з Арэнбурга, у канцы з неспакоем аглянуўся вакол па пакоі, як бы каго шукаў. Убачыў мяне, наблізіўся, узяў руку са словамі:

- Прашу мяне прабачыць , што ўчора не быў, быў з Алесем у Караля Фалевіча ў Верках, маглі вярнуцца толькі чоўнам, вясляр спазніўся - прыбылі ў горад ноччу.

Ён тлумачыў, і я тое тлумачэнне прымала зусім натуральна, як бы мне яно належала пасля ўчарашняга чакання.

Размаўлялі ў кабінеце, дзе быў з намі брат Аляксандр.

На наступны дзень рана Зыгмунт ад'ехаў за мяжу. Вяртаючыся, затрымаўся на адзін дзень - быў у нас. Праз некалькі дзён (можа Зыгмунт размаўляў з братам) Францішак увайшоў рана ў наш пакой, разбудзіў мяне, падняў з пасцелі, паставіў і, гледзячы мне проста ў вочы, запытаў:

- Скажы мне шчыра, ці табе Зыгмунт больш падабаецца, чым усе, якіх ведала дагэтуль?

Праз хвілю маўчання і вагання я адказала:

- Я сама не ведаю.

Пасля сыходу двух тыдняў сястра Беркман забрала мяне ў Кяйданы. Я зразумела - маці і браты не хацелі, каб бачылася з Зыгмунтам, калі той будзе паўторна праязджаць праз Вільню.

У Вільні снавалі апавяданні пра намеры Мілюціна ажаніць Зыгмунта з плямянніцай - пра намеры Філосафа, Штрэфлера ў Вене і іншыя таму падобныя весткі. Злучэнне Зыгмунта з нашай сям'ёй, так моцна скампраментаванай, не толькі было б канцом кар'еры, але ў будучыні пагражала яму смерцю. Я ў той час гэтага не разумела.

Сястра Беркман атрымала ў траўні тэлеграму з запытаннем ад Зыгмунта, ці можа ён прыехаць у Кяйданы?

30 ліпеня/11 жніўня 1862 года адбыўся наш шлюб у Кяйданах у фарным касцёліку [301]. Пасля правядзення тыдня з сям'ёй, якая сабралася ў Беркманаў, праз Коўню, дзе сабраная вялікая колькасць жыхароў чакала ў кватэры Якуба Гейштара, і Вільню, пасля паразумення з Цэнтральным камітэтам у Францішка Далеўскага, Зыгмунт накіраваўся ў Варшаву, дзе мы знаходзіліся ў таварыстве некалькіх знаёмых сямей з Літвы, у іх ліку былі ад даўна блізкія знаёмыя абоіх, як Ганна з Турчынскіх Славінская і прыяцель Зыгмунта пан Бенядыкт Дыбоўскі.


Набліжалася да Варшавы з дзіўным неспакоем і ўзрушэннем. Мела там пазнаць і ўбачыць той горад, які быў першым па ахвярах за Бацькаўшчыну, горад, абліты ўжо крывёю тых ахвяр, сустрэць і пазнаёміцца са жменькай людзей, якія меліся вырашаць лёсы Літвы і нашага жыцця. Перад тымі думкамі Варшава гістарычная, цывілізацыйная паменшала ў маіх вачах.

Пры дзённым святле мы праехалі (у той час яшчэ драўляны) мост. Горад і яго старажытны замак былі спавітыя ў смузе. Церушыў дробны, імглісты дождж. Мы спыніліся ў Еўрапейскім гатэлі. Таварыства разбілася. Кожны шукаў іншых уражанняў, стасоўна да сваіх жаданняў і прыхільнасцяў.

Зыгмунт цэлы дзень заняты, жыве сярод сваіх і фігур чыноўніцкіх, вяртаецца ў гатэль смутны і задумлівы. Бывае на судах Ярашынскага і Ржонкі.

Вечарам тры нумары, якія мы займаем 20,21, 22 - поўныя людзей, асаблівых вечарам.

Экзекуцыя адбылася над абодвума асуджанымі [302]. Страшнае гэта зрабіла на мяне ўражанне. Ці ж тыя слёзы , у той час пралітыя, той боль, які не паддаецца выказванню, які адчула ад весткі пра пакутніцкую смерць тых маладых, невядомых мне людзей, быў голасам прадчуцця ўласных пакутаў у недалёкай будучыні.

А потым Кракаў, якія ж інакшыя ад Варшавы выклікаў ува мне ўражанні. Сумнай, разжаленай свежа пралітымі слязамі, здавалася мне, што ступаю па магільніку, дзе спачывае пахаванай уся вялікасць Бацькаўшчыны, і што кожная ўзлятаўшая пылінка ёсць часткай праху тых веліканаў, чыя прайшоўшая вялікасць ёсць сёння нашай моцай. Знікла з маёй душы ўразлівасць на ўсякую прыемнасць, такі боль і смутак мяне агарнуў, што сыходзячы па ступеньках да лёхаў, дзе спачываюць у трунах парэшткі нашых каралёў, гатовая была ўпасці на калені і абдымаць тыя труны, заклікаючы да тых прахаў аб літасці, аб дапамозе. Авалодала ўзрушэннямі, апомнілася, але не магла здабыць з сябе ні аднаго слова - стаяла, услухвалася ў словы Зыгмунта і ва ўражанні ўласнай душы.

Пасля наведвання ўсіх памятных мясцін Кракава і яго ваколіц: Вялічкі, Бялан, падаліся мы ў Вену. Урадавых даручэнняў Зыгмунт там не меў, але, аднак, працаваў тут вельмі шмат у архівах, ва ўрадавых бібліятэках, адведваў асоб, патрэбных для папаўнення шуканых звестак, а вечарамі часта да пазна пісаў. Гаварыў, што для падтрымкі справы, мэты свайго жыцця, яшчэ шмат мае для залатвення і мусіць залатвіць.

У першыя дні пасля прыбыцця мы выбраліся ў таварыстве пана Бенядыкта Дыбоўскага ў Шонбрун, дзе меў рэзідэнцыю генерал Штрэфлер, вялікі прыяцель Зыгмунта. Калі мы прыбылі на перон перад палацам, уся сям'я: бацькі, дочкі выбеглі на прывітанне Зыгмунта. Абдымалі, цалавалі, як блізкага, як бы належаўшага да радні. Зыгмунт любіў людзей, таму і яны адплачвалі яму гарачымі пачуццямі.

Мужчыны аддаліліся ў дальшыя пакоі, а пані Штэфлер забаўляла мяне далікатным апавяданнем пра першыя хвілі знаёмства з Зыгмунтам, аб уражаннях, якія выклікалі ў яе мужа вялікі розум, веды і шляхетнасць Зыгмунта, што чалавек такі геніяльны ёсць прызначаны адыграць вялікую ролю ў сваім жыцці, у свеце.

Пасля гарбаты ўсё таварыства накіравалася ў горы для адведвання Звярынца [303] і прыгожых ваколіц, якія атачалі палац.


Пасля наведвання Вены, яе выстаў і ваколіц, пасля частага, амаль штодзённага наведвання венскіх тэатраў мы накіраваліся ў Ліпск, Уроцлаў і іншыя гарады, дзе Зыгмунт меў шмат знаёмай універсітэцкай моладзі. На даўжэй мы затрымаліся ў Познані. Пасля адбытых досыць шматлікіх візітаў у журналістаў і слаўнейшых літаратараў, павозкай, прысланай панам Негалеўскім па аднаго з дэпутатаў, Зыгмунт сабраўся, каб адведаць іх у Мараўніцы (пад Сміглавам).

Чуючы стук набліжаўшайся павозкі, думаючы, што гэта прыязджае чаканы прыяцель, пан Негалеўскі выбег на ганак у папялістай блюзе, падпаясанай шырокім пасам, з тварам вясёлым, усмешлівым, загарэлым, з белымі валасамі ў беспарадку вакол галавы, уяўляў сапраўдны тып польскага шляхціца, земляроба - толькі позірк хуткі, твар поўны жыцця з выразам энергіі дазваляў у ім дадумацца энергічнага, разумнага і пяруннага парламенцкага прамоўцу.

Мужчыны, хочучы зрабіць яму неспадзяванку, схаваліся глыбока ў павозцы, просячы мяне, каб выхілілася цераз акно і вітала гаспадара. Я ахвотна згадзілася, забаўленая гэтай сітуацыяй.

На той від пан Негалеўскі голасна крыкнуў:

- Што гэта? У імя Айца, і Сына, і Духа! Што гэта? Хто гэта?

Мужчыны з галосным смехам выскачылі з павозкі, жартуючы з яго ўражання.

- Мае панове, не ведаю, ці былі б менш за мяне здзіўленыя і ўстрывожаныя метамарфозай. Калі б заміж доўгага носа пана Бянткоўскага і яго чорнай чупрыны і твару, неспадзявана ўбачылі (тут натуральная ветлівасць і галантнасць вымагалі дадаць) маладзенькі, светлы тварык, які ў дадатак смяецца і фіглярна падміргвае?!

Наступілі прадстаўленні і высвятленні. Неўзабаве прыбыла (не памятаю з якой пабожнай пілігрымкі ў групе пань з суседства) пані Негалеўская. Пасля чаго абед, прагулка, агледзелі ў зале бюро з парыжскай выставы, ахвяраванае пану Негалеўскаму з надпісам: "Удзячныя супляменнікі за ацаленне ад задуманай прускім урадам змовы па ўцягненні жыхарства Вялікапольшчы ў рэвалюцыйны рух". (Пан Негал[еўскі] перахапіў карэспандэнцыю ўрадавых агентаў, аселых у Лондане, з берлінскай паліцыяй. Усю тую справу з доказамі на руках выказаў у парламенце, здэмаскаваў нікчэмную інтрыгу).

Пад вечар з'ехалася бліжэйшае суседства і яшчэ некалькі дэпутатаў. З якой жа зацікаўленасцю я прыслухвалася да ішоўшых там размоваў. Якое ж тут іншае бурліла жыццё ад нашага, поўнага таямніцы і пагрозы. Вера ў мажлівасць жыцця з прусакамі (як мне ў той час здавалася) пераважала, апрача Негалеўскага, Кантака і Гутара. Бісмарк у пазнейшы час развіў непрымірымы патрыятызм.

Размова мужчын працягнулася да позняга вечара. З якой зацікаўленасцю ўслухваліся яны ў паведамленне Зыгмунта аб сітуацыі ў Расіі і ў Краі. Гаварыў аднак толькі тое, што мела сувязь з нашай справай.

Чуючы голас некага з дэпутатаў, што парламент для палякаў, гэта ў Прусіі пустая фраза, кепска ці добра гаворым, гэта для нас мае заўсёды адзін вынік выразнае, станоўчае: "Не!".

- То для чаго, панове вы ездзіце на сойм? [304] - пытаю.

- Найперш, каб не страціць пляцовак, нам належных, чакаць зручнай хвілі; уключыцца ў барацьбу, не страціць умоў для абароны, шукаць для яе сродкаў, а найчасцей, каб служыць баластам для пад'ёму сваёй справы і паніжэння непрыяцеляў.

- Не, панове, - загукаў горача пан Уладзіслаў - не толькі для гэтага. У 1848 годзе мы бачылі перад сабой два заданні для выканання. Першым ёсць бараніць нашыя правы божыя, святыя нацыянанальныя, гістарычныя і праўна-палітычныя, якія знаходзяцца пад паручыцельствам усёй Еўропы, і гарантаваныя манархамі, якім аддалі нас у дзяржавы. Для забеспячэння міру ў Еўропе створаны ў структуры еўрапейскіх краін асобны зусім стан палітычна-міжнародны з забеспячэннем ўсяму нашаму народу, нягледзячы на падзелы паміж трымя захопніцкім скіпетрамі, павагі полькай нацыі і тэрытарыяльнай супольнасці праз ухваленне асобнай польска-нацыянальнай эканамічна-гандлёва-палітычнай сістэмы з асобнымі консуламі ў кожнай зоне акупацыі ад манархій захопнікаў і еўрапейскіх. Каралі, прымаючы ў дзяржавы даручаную ім частку Польшчы выразна і даходліва прызналі нашую Бацькаўшчыну і абавязаліся шанаваць нашую нацыю, нашую мову як краёвую і свабоду нашага польскага каталіцкага касцёла.

Нашыя дэпутаты ёсць абаронцы ўсяго народа - не частак яго. Абавязкам іх ёсць жадаць выканання ўмоваў належных і адпаведных прысязе. Нашыя дэпутаты для падтрымкі салідарнасці стварылі Польскае Кола [305], ці сойм у сойме. Задачай Кола ёсць дамагацца асобнай канстытуцыі, гарантаванай нам венскімі трактатамі і адозвай караля пры акупацыі ў 1815 годзе, таму Польскае Кола ніколі не ўмешваецца ў справы чыста нямецкія. У міжнародных справах кіруецца прынцыпамі свабоды, роўнасці, справядлівасці і добрасумленнасці. Ва уласных справах бароніць свабоды Касцёла, рэлігіі, дамагаецца вяртання ў школах польскай мовы, а ў справах адміністрацыйна-судовых побач з нямецкай польскай мовы.

Абавязкі згвалчаны, умовы не вытрыманы. Не маем асобнай канстытуцыі не маем сойму ў сябе, падымаем наш пратэстны голас не ў сябе на сваёй зямлі, а ў краі чужым, варожым і на чужой мове, але і гэта нас не стрымвае, не страшыць. Едзем туды, каб заклікаць да справядлівасці і пратэставаць супраць гвалтоўнага парушэння вышэй выражаных абавязкаў, супраць накінутай нам супольнай канстытуцыі, супраць бюджэту для павелічэння арміі, бо яна служыць для павелічэння ўціску польскай нацыі і яшчэ супраць павелічэння падаткаў.

Вось агульны вобраз нашага парламенцкага жыцця і для чаго туды едзем.

Я сардэчна падзякавала за тлумачэнне і паважны адказ, просячы пры тым, каб даў мне на пісьме, як памятку з Мараўніцы

Наступны дзень была гэта субота. Паны прыбылі з Познані, начавалі ў Мараўніцы. Зыгмунт правёў з імі ранішнія гадзіны, а пан Негалеўскі правёў мяне па ўсёй узорна арганізаванай гаспадарцы. Усё тут для мяне было навіною пасля Літвы. Асабліва захапілі мяне жылыя дамкі для работнікаў - ахайныя, белыя, аточаныя дрэўцамі і кветкамі. Унутры чыста, сталы пакрытыя сурвэтамі, а на іх кніжкі з народных выдавецтваў. "Wielkopolanin" [306] амаль у кожнай хаце. Дзятва чыстая, у белых або каляровых кашульках. Такому дворыку не адзін заградовы шляхціц на Літве пазайздросціў бы.

А аднак нягледзячы на тыя ўсе добрыя бачаныя і чутыя рэчы, Вялікапольшча - гэтае гняздо нашай старашля-хетчыны - менш мне падабалася, чым Літва і Каралеўства. Паверхня нізкая, плоская, без узгоркаў і багатых лясоў.


Пасля вяртання ў Берлін мы засталі ўжо ўсіх дэпутатаў з Вялікапольшчы і Заходняй Прусіі сабраных на сойм. Зыгмунт, бачачы маю вялікую зацікаўленасць соймам і жыццём нашых дэпутатаў, дзякуючы запабегам пана Банткоўскага дастаў два білеты на галярэю - гэтая прыемнасць перавысіла ўсе тэатры і канцэрты. Пры падказках і заўвагах, якія рабіў Зыгмунт, магла зарыентавацца і ў канцы сачыць за ходам спрэчак; чула выступ Вальдэцка і бурныя воплескі яму пасыланыя; прыгледзелася да ардынарнай, буйвалаватай постаці Бісмарка; да сутычкі Кантака з нейкім немцам, які яму дзякаваў за вельмі карысны твор напісаны нашым супляменнікам, на што Кантак адказваў больш-менш дакладна такімі словамі: "Працаваў над тым творам, не думаючы пра нямецкую дзяржаву, якая не ёсць маёй Бацькаўшчынай. Я - паляк. Але калі немцам патрэбна скарыстацца з маёй працы, то і няхай - калі ласка!"

Зыгмунт затрымаўся ў Берліне даўжэй з-за вялікага з'езду людзей з розных бакоў Польшчы: дэпутаты, карэспандэнты, вучоныя і да т.п. Раніцой Зыгмунт працуе, пасля снедання выязджаем разам, заўсёды нас нехта суправаджае; на вячэрняй гарбаце збіраемся больш шматлікім колам знаёмых. Найчасцей былі Гутры, Кантак, Лібэльт [307] і Банткоўскі.

Зыгмунт не раз паўтараў: "Хачу, пакуль жыву, каб ты пазнаёмілася з найлепшымі людзьмі і даведалася ўсё, што ёсць найлепшае на зямлі". Так ведала, адчувала яго амаль бязмежнае каханне да мяне, але больш за ўсё кранала мяне яго амаль бацькоўская чуласць і клопат пра мой разумовы і маральны бок. Перад кожнай лекцыяй, перад кожным канцэртам, перад галярэяй карцін або цікавай судовай справай, на якія мяне часамі браў, менавіта ў Францыі, заўсёды знайходзіў час і цярплівасць мяне падрыхтаваць і ўсё растлумачыць. Не магла зразумець, як чалавек ледзь трыццаціпяцігадовы, проста з універсітэта прыгавораны на нуднае, самотнае жыццё ў бязлюдным стэпе ў атачэнні казармаў, салдафонства, а потым прыгавораны на цяжкую працу ў акадэміі, а яшчэ далей у жыцці з вялікім, цяжкім заданнем у душы, увесь ім пранікнуты, спрацованы збіраннем матэрыялаў, патрэбных для ажыццяўлення яго, заняты шуканнем сэрцаў і думак сярод людзей, здольных яго зразумець і падтрымаць тое заданне для правядзення яго ў жыццё - прабягае Еўропу, усюды сочыць, шукае праўды, працуе цяжка, амаль без адпачынку, а ў стасунках з атачаўшымі яго светлы, пагодны, сонечны, просты і натуральны. Запытвалася не раз сябе, як гэты чалавек меў час, сілы і здольнасць адолець гэта ўсё, адукавацца так усебакова, так грунтоўна і глыбока пазнаёміцца нават з эстэтычным бокам цывілізаванага свету.

Як дасканала ведаў ён гісторыю музыкі, жывапісу і архітэктуры. Як умеў адрозніць школы, эпохі і роды з усёй іх нескарыстанай прыгажосцю: літаратуру і гісторыю свету. Гэтага я зразумець не магла. І часта здаралася, калі на канцэртах класічнай музыкі звяртаў маю ўвагу і тлумачыў: я думала са страхам пра яго прыспешанае, падвойнае жыццё, дзе праца на працягу гадзін раўнялася гадам.

Пазней прыпамінала сабе, як у дзень апошняга выезду з Пецярбурга Уладзімір Спасовіч не пайшоў ва ўніверсітэт. Правёў цэлы дзень з Зыгмунтам, які ў сваім кабінеце сартаваў паперы, выняў у той час тоўстую кніжку, апраўленую ў чорнае палатно, падаючы яе Уладзіміру сказаў:

- Вось мая трохмесячная праца па-за дзяржаўнай, знойдзеш тут усе еўрапейскія краі апрача Іспаніі. Не маю і не буду ўжо мець часу там быць. Будзь і скончы. Слухай, Уладзя, ты са мной не пойдзеш, не пойдзеш у паўстанне, бо і марны быў бы з цябе паўстанец, але працаўнік з цябе сумленны, лагічны, веру, калі мяне ўжо не будзе, ты далей будзеш працаваць для дабра Бацькаўшчыны.

Уладзімір, стоячы пры акне адгортваў аркушы паданай яму кніжкі і чытаў.

- Шкода, шкода такой галавы, - гаварыў сам да сябе. - Зыгмунце, што ты выканаў за тры месяцы, для мяне мала было б трох гадоў, - дадаў.


У далейшым падарожжы Зыгмунт часта затрымваўся, і нават збочваў з дарогі толькі, каб паказаць мне нейкую мясцовасць, памятную сутыкненнем народаў у парэвалюцыйных бітвах, або цуды архітэктуры і прыроды. Даўжэй, аднак, у тых месцах, дзе найбольш было польскай моладзі ва ўніверсітэтах, як: Ліпск, Уроцлаў, Гайдэльберг, тут нават патраціў некалькі дзён на наведванне прыгожых ваколіц пад кіраўніцтвам аднаго са студэнтаў, якога Зыгмунт называў Стасем Гайдэльбергскім (пан Станіслаў Крумінскі).

У Нанцы, ці то ў выніку моцныў уражанняў, ці лішняй нагрузкі, я занемагла. Устрывожаны Зыгмунт вёз мяне спешна пад апеку парыжскіх дактароў і шаноўнай, любімай пані Багданавай Залескай, якая ў гэты час дала доказы мацярынскай дабрыні і клапатлівасці.

Уся польская калонія тут была Зыгмунту добра знаёмая, як і моладзь, што вучылася ў навуковых установах [308].

Парыж рабіў ўражанне нейкага польскага горада, сканцэнтраваўшага ўсе нашыя рэгіёны - найбольш, аднак, было прадстаўнікоў з Літвы, нават сустрэла тут калег Зыгмунта з арыштанцкіх рот, як Круневіч і Браніслаў Залескі, пасля пераезду мяжы прадстаўленых мне, і, праўдападобна, едучых тым жа, што і мы, цягніком з Пецярбурга: Зыгмунта Падлеўскага, Яраслава Дамброўскага, Юзафа Галянзоўскага (Галіноўскага) і яшчэ дваіх, чыіх прозвішчаў не памятаю. Уладзіслава Касоўскага Зыгмунт спаткаў бадзяўшымся па Парыжы. Паўгода назад пакінуў ён Пецярбург, каб падацца ў Італію ў ролі інструктара фармаваных там польскіх легіёнаў [309]. Італьянскі ўрад не дазволіў гэтага. Легіёны распусціліся. Уладзіслаў Касакоўскі аказаўся ў Парыжы без грошай, без пасады, без мэты, без пашпарта і без магчымасці вяртання. Зыгмунт заняўся яго лёсам. Пабег у кансулят. Што гаварыў, як прадставіў справу - не ведаю, але ведаю, што Касоўскі быў вернуты на ранейшую пасаду і быў пасланы з Парыжа з важнымі паперамі для ўручэння ў рукі цару. У Пецярбургу на станцыі чакала яго дворная карэта з экскортам, якая павезла легіянера ў Зімовы палац [310]. Касоўскі пасярэднічаў паміж Вільняй і Пецярбургам і вазіў Францішку пасылкі: шрыфты, зброю і да т. п. рэчы.

Зыгмунт, не хочучы пазбаўляць мяне прыемнасці пазнаёміцца і пачуць размовы цікавых для мяне людзей, прымаў іх у маіх пакоях, што разам з усім было больш бяспечным. А калі я ўжо была здаравейшая, карысталася са шматлікіх запрашэнняў на абеды і вячэрнія зборы даўней тут асеўшых сямей.


15 жніўня арганізоўваюць у Вярсалі забаву, якая называецца "Вялікімі водамі", каб правесці час разам польскае таварыства заняло для сябе некалькі вагонаў. Нешта ў машыне самсавалася, адлажылі асвятленне фантанаў на некалькі гадзін, пра што забылі паведаміць парыжскую станцыю.

Пасля забавы таварыства распарушылася па парку, па палях Трыанона [311], у канцы аказалася на станцыі трохі змучанае самой забавай і агляданнем палаца, карціннай галерэі і іншымі асаблівасцямі. Усе былі аднак у як найлепшым настроі. Зыгмунт, весела смеючыся, жартуючы пастанавіў сесці толькі ў такое купэ, дзе ўсе будуць маладыя, і дзе ўсе твары будуць яму сімпатычныя. Ужо тры разы пасля адчынення дзверцаў гукаў: "Не, не тут, ідзём далей!" У канцы заскакваем [мы] абое. Усе тут маладыя і вясёлыя, як і мы. Зыгмунт развясёлены нахіляецца да мяне са словамі, якія так часта вымаўляюцца дзецьмі: "Што б ты рабіла ў падобным...". Не дакончыў. Раздаўся не крык, не енк, але толькі з соцень грудзей жудаснае: "Ах!" Пазней - поўная ціша і цемната. Вагон наш перавярнуўся акном да зямлі, пры якім я сядзела. Зыгмунт як заўсёды не думае пра сябе, засланяе мяне, падтрымлівае ўсёй сілай цяжар васьмі чалавек, выкінутых са сваіх месцаў. На шчасце ўсе маладыя, моцныя, ужо ўзбіраюцца на верх вагона праз другое акно, чапляючыся за паліцы, сеткі і г.д. Дванаццатая гадзіна, поўнач, ані аднаго агенчыка. Лямпы і ліхтары пагаслі. Цемра поўная. Па шуме дрэў можна толькі здагадацца, што мы ў лесе. Выбіраемся праз акно, нягледзячы на заклікі: "Ne vous bongez pas! Ne vous bongez pas!" [312] Цяпер чуем з пэўнай адлегласці енк і крыкі пра дапамогу. Чыгуначная служба бяжыць уздоўж лініі заклікаючы: "Les medecins! Les Medecins au secours" [313].

Вагоны збіліся ў кучу. Наш (лакаматыў) яшчэ манеўраваў, калі кур'ерскі з Парыжа даскочыў перарваў ланцуг, адны вагоны нагрувасціў, іншыя раздушыў або толькі перавярнуў. Шаснццаць вагонаў з падарожнымі разбіта..

Зыгмунт пакінуў мяне пад дрэвам, а сам з іншымі паспяшыў на дапамогу: ратаваць, выцягваць, пераносіць. Нейкі англічанін паспяшаўся на месца здарэння з просьбай аб размяшчэнні параненых у яго блізка размешчаным палацы. Асвяцілі ўвесь палац. Не буду апісваць усёй жудасці і жахлівых сцэн. Польскае таварыства ацалела, апрача няшчаснай пані Цеханоўскай, якая быццам бы мела адарванымі абедзве нагі.


Не раз пазней у цяжкія і балесныя гадзіны жыцця думала, чаму ў той час не загінулі абое разам? Вагон наш быў першым каля раздушаных. Зыгмунт спрабаваў адказаць і абходзіў маўчаннем - для чаго і на што былі патрэбны абоім пазнейшыя пакуты.

Тры гадзіны прайшло ад крушэння вагонаў. Мы вярнуліся ў Парыж. Тэлеграма данесла пра выпадак. Гатэль пані Бойс на Калізеі быў увесь асветлены. Ніхто не спаў. Чакалі вестак пра наш лёс. Калі экіпаж затрымаўся на Калізеі, 7 перад англійскім пансіянатам пані Бойс, яна, уся служба, госці, усе выбеглі сустракаць. Жывучы тут цэлы месяц, мы пазнаёміліся і зжыліся з многімі англійскімі сем'ямі. Цяпер яны выказвалі нам сардэчную радасць з нагоды цудоўнага, як гаварылі, ацалення. Наш шаноўны служка, стары Пётр, прывязаны да абоіх, бегаў узрушаны, узрадаваны ад Зыгмунта да мяне, гукаючы: "Vous etes surs! Grace a Dieu, vous etes sauves!" [314] Калі Зыгмунт адыходзіў на даўжэйшы час, звыкла даручаў шаноўнаму Пятру глядзець за маладой, недасведчанай паняй. Не раз Пётр паступаў са мной страшна дэспатычна. Аднаго дня ў адсутнасць Зыгмунта пан Багдан Залескі і пан Севярын Галянзоўскі, папярэджаныя Зыгмунтам, што жонка засталася адна, прыйшлі яе забавіць "et lui tenir compagnie" [315] да вяртання мужа. Былі Пятром даложаны, але і адпраўлены, нягледзячы, што выразна яму гаварыла: "Recevoir" [316]. "Jamais, - адказаў з упартасцю. - Je connais tous ces vieus-la! Mon maitre est absent, je ne les recevorai pas!" [317] Паны, якія стаялі на некалькі ступенек ніжай, чулі ўсю размову з Пятром, якую апавядалі, смеючыся, Зыгмунту.


У пярэдадзень майго выезду ў Вільню, а Зыгмунта ў Алжыр, мы хацелі абое разам залатвіць некаторыя справы, як довад памяці для сям'і і прыяцеляў. У адной з крамаў ці згубіла, ці ў мяне нехта выцягнуў партманэтку з кішэні, у якой быў абручальны пярсцёнак, што стаў лішне свабодным на пальцы пасля хваробы. Сядаючы ў экіпаж, з уражаннем заўважыла згубу. Забабонныя ліцвіны ўспрымаюць такое за кепскае прадказанне. Зыгмунт звычайна жартаваў з усіх забабонаў і прадказанняў, у гэты раз выраз яго твару змяніўся на адно імгненне вока. Супакойваў і суцяшаў мяне. Усялякія пошукі, абвяшчэнні праз паліцыю і газеты, ахвяраванне вялікай узнагароды аказаліся дарэмнымі. Вырашылі зрабіць другі абручальны пярсцёнак. Прасіла - таму мы пайшлі ў касцёл Св. Магдалены, прысягаючы там перад алтаром ужо не да смерці, але захоўваць вернасць і пасля смерці [318]. Згублены абручальны пярсцёнак быў паводле ліцвінаў другім кепскім прадказаннем. Першае было ў дзень шлюбу, які адбыўся ў фарным касцёле ў Кейданах, на Жмудзі. Пасля заканчэння цырымоніі Зыгмунт абняў плечы жонкі, каб з ёй выйсці з касцёла. Дзень быў пахмурны. Калі ўжо былі пасярэдзіне касцёла, касцельная служба расчыніла шырока дзверы перад маладой парай. У тую хвілю з-за хмараў упаў ясны сноп праменняў на іх абоіх, пасля чаго сонца зноў схавалася за хмары, а калі выйшлі з касцёла пайшоў густы дождж пры проблісках сонечных промняў. З натоўпу людзей, што запоўнілі гару, на якой узносіцца касцёл адазваліся галасы забабонных жмудзінаў: "Бог праменямі сваімі дабраслаўляе, шчасліва будуць жыць, але коратка! Дождж з промнямі - гэта слёзы на ўсё жыццё з прызначэння неба". Абое гэта чулі. Зыгмунт прытуліў мацней плечы жонкі. Ішоў, гледзячы перад сабой, сходзячы сказаў толькі: "Няхай споўніцца Божая воля - абы не па нашай віне".

Калі перад домам мы выйшлі з экіпажа - брама расчынілася. Вясковая дзятва ў белых кашульках з кветкамі ў ручках стаяла па абодвых баках дарогі, усыпанай да ганка валошкамі. (Былі гэта мае вучаніцы і вучні з прылеглых вёсак, а менавіта з Ібян [319], у 1863 годзе спаленых, зраўняных з зямлёй, а жыхароў гэтай асады пагналі ў Сібір.)

Маці наша з жонкай Стэфана Гейштара прыняла нас на ганку хлебам і соллю. А тыя ўсе, якія селі з намі спажыць першы абед, які ж смутны быў іхні канец пасля прайшоўшага года.

Маці наша з малодшымі сёстрамі сасланая на граніцу Сібіры. Юлія з Далеўскіх Беркман (шуканая Мураўёвым, як Юліян Далеўскі, камісар Коўні, зняволеная разам з мужам на два гады), вывезены абое ў Вятку, Францішак Далеўскі - у Сібір на 20 гадоў катаргі; Канстанцін Далеўскі расстраляны, Цітус Далеўскі расстраляны. Якуб Гейштар - у Сібір; Шылінг забіты ў паўстанні; кс. Мацкевіч, які ў той дзень прыбыў да Беркмана і быў затрыманы на абед, павешаны; Канстанцін Каліноўскі расстраляны. Трое Гейштараў, сыны Стэфана, забітыя, чацвёрты сасланы ў Сібір; Чапскі - на цяжкія работы ў Сібір. Адзін толькі прыбылы з Пецярбурга Ян Станевіч ацалеў.

Усе гэтыя ўспаміны, без ведання будучых страшных лёсаў, з дня шлюбу стаялі перад вачыма нашага ўяўлення. І той малы ў Кяйданах домік (Страбейкаў), аточаны дрэвамі, падворак з клумбамі рознакаляровых кветак, вялікая гасціннасць і сардэчнасць Беркманаў пры частаванні радні на працягу тыдня; радасць Зыгмунта ад магчымасці правесці некалькі дзён сярод лясоў, палёў і вясковага люду, а таксама жыхароў суседніх маёнткаў; іхняя гасціннасць і жаданне прыняць, вера і прызнанне яму аказваныя. Прыпаміналіся нам нашыя вылазкі да цудоўных бароў; найчасцей мы пакідалі экіпаж на краі лесу, а самі заглыбляліся, раскашуючы шумам дрэў, відам надзвычай пышнай папараці і смарагдавых палянак. Усё гэта мы перажылі яшчэ раз, ідучы плошчай Рэвалюцыі, па вуліцы Калізея

На наступны дзень я, праведзеная Зыгмунтам і панам Уладзімірам Міловічам, накіравалася ў Вільню.

Змяшчаю некалькі ўрыўкаў з лістоў, напісных з падарожжа:

"Афрыка, Алжыр, 3 лістапада/22 кастрычніка 1862 года.

Мая наймілейшая!

(Я не злоўжываю словамі вітанняў.) Вечар цудоўны. Блакітнае мора пазалочана промнямі месяца. Горад Алжыр уздымаецца, надстаіць паўколам над затокай. Ля падножжа майго жылля (Hotel de la Regence, Place du Gouvernement) натоўпы людзей, узвышаюцца апельсіны і пальмы, газавыя свяцільнікі, як ясныя зоркі на зямлі. А людзі? Арабы, маўры, негры з разложыстымі плячыма, геркулесавыя іх ногі і рукі мускулістыя - аголеныя, апаленыя - рэпразентуюць ідэал мускульнай сілы. Але тутэйшыя людзі, прыродныя жыхары гэтай зямлі маюць толькі плечы, рукі і ногі для перамяшчэння цяжараў і ўсё тое няшчаснае племя прыгаворана толькі на тое, каб перамяшчаць-пераносіць цяжары. Але аднак не раз сустракаюцца ў іхніх чорных вачах іскры запалу і выражэнне сілы, але сілы дзікай неабучанай - і адчуваюць вышэйшасць схуднелага, змучанага, але пазначанага думкай твара еўрапейца і слепа паддаюцца загадам той думкі. А еўрапеец што тут парабляе? Гаворыць пра цывілізацыю, а думае перш за ўсё пра сваю карысць. А жанчыны? Бедныя - знак няволі носяць на твары - толькі на вочы пакінута адтуліна, а ўвесь твар закрыты грубай заслонай. А вочы іх - гэта вочы нявольніц - не здаюць сабе справы з таго, што бачаць і чуюць - няма ў іх пачуцця чалавечай годнасці - словам, гэта - нявольніцы.

Французскія афіцэры лепшыя тут, чым у Парыжы. Лагернае жыццё мае сваё абаянне. Яны ў тым лагеры, любяць гэты вялікі лагер, але бачна, што больш любяць нешта большае за той лагер. Любяць Францыю, любяць Бацькаўшчыну.

Такія першыя ўражанні зрабіў на мяне Алжыр. Паўтараю: вечар сённяшні так цудоўна прыгожы, што забываецца, што ўвесь люд той нявольнік, што жанчыны нявольніцы, а бачыцца толькі прыгожае неба - яснае, блакітнае; цёмна-блакітнае, найпрыгажэйшае мора, агні на зямлі. Гоман людзей на плошчы - абаяльнасць ва ўсёй прыродзе."


"Афрыка. Алжыр, 1/13 лістапада 1862 года. Вечар перад поўначчу.

Мая наймілейшая! Мая найдаражэйшая! Прычына ўсіх клопатаў і неспакояў маіх!

І так, атрымаў сёння нарэшце першы ліст ад цябе, першы ліст ад жонкі!

Гэты ліст зрабіў на мяне такое ўражанне, як яда-падсілкаванне для чалавека. што памірае з голаду. Я рады, шчаслівы, але пры тым так узрушаны, што яшчэ не прыйшоў да нармальнага стану. Калі б часта, калі б што дзень пісала лісты, напэўна атрымоўваў бы іх без такога ўзрушэння, як цяпер. Прызвычаіўся б нават да іх, былі б яны для мяне хлебам штодзённым - звычайнай рэччу - як штодзённая малітва. А ўласна лісты жонкі, бадай што, павінны быць такой малітвай, такой штодзённай асалодай і пацехай. Цяпер я не толькі твой муж, які дзеліць усё з табой, хутчэй каханак - я дрыжу ад узрушэння, пастаянна ў стане напружання і чакання. А ты хочаш, каб быў здаровы, моцны і дзейсны. Ад цябе гэта залежыць - давай мне штодзень натхненне - будзь маім анёлам-ахоўнікам - і я буду здаровым. моцным і дзейсным.

Мне міла, мне соладка, калі да цябе хоць некалькі слоў накрэмзаю. Пры гэтым заўсёды маю табе столькі распавесці.

Сёння чытаў некалькі разоў твой ліст, а ўчора атрымаў тэлеграму. Параўноўваў у думках - лічыў дні і гадзіны. Тэлеграма твая выслана да мяне 30 кастрычніка/11 лістапада каля 1/2 да 7. Ведаеш, што было тры месяцы таму назад? Мы ехалі да касцёла, каб прысягнуць жыць і памерці разам! Ці ж не дзіўнае супадзенне. Ані я, ані ты напэўна, высылаючы тэлеграму не думала пра тое!

Тое ўсё, што гаворыш і пішаш пра Польсцю - гэта вельмі міла - вельмі - нават за шыю яе абдымаеш і песціш, і называеш савёй найбліжэйшай! Пішаш, што ніколькі не сумняваешся, што ўбачымся. Мая наймілейшая, і я не сумняваюся. Тры месяцы таму мы абяцаліся самі сабе "не пакінуць аж да смерці" - ужо перад расстаннем у Парыжы - сказалі сабе "не пакінуць і пасля смерці". Бог сведка, так і будзе, Польсця?! Чакае нас прыгожая будучыня. Будучыня належыць нам.

Нягледзячы на ўсякія турботы, і неспакоі, і клопаты гэта добра - кахаць, добра мне з табой, мая прыгожая, мілая, светлая.

Соладка мне думаць і [пра] цябе і пра твае вочкі, і пра твае валосікі і ручкі, пра тваю найчыстую душу і шчырае сэрца і ясную галоўку і здаровую параду, якую ў найважнейшых варунках можна ад цябе атрымаць.

Вучыся ты цяпер ад мамы тых дробных штодзённых навыкаў, веданне якіх ёсць абавязкова патрэбнае. Вучыся гаспадарцы - заглядвай на кухню. Вучыся рабіць парадак у доме. Мама будзе для цябе найлепшым правадніком. Бо гэта не перашкодзіць табе чытаць, граць, спяваць і даваць парады. Крымінальны кодэкс ёсць больш празаічнай і цяжкай рэччу, чым хатняя гаспадарка або падручнае кухарства, а аднак ён у сённяшнім стане грамадства ёсць абавязкова патрэбным - і бачыш - твой Зыгмунт мусіць ім займацца і займаецца."


"3/15 лістапада. (Урывак з ліста.)

Учора зрабіў конную вылазку за 3 мілі ад Алжыра ў кляштар трапістаў[320]. (На маё шчасце бедныя прыгавораныя да публічных работ працуюць цяпер у найпрыгажэйшых мясцінах Алжыра - у кляштары трапістаў - у цяснінах Атласа. так званых парогах Хіфы (рэчкі) - Gorges de la Chiffa[321]- і нарэшце ў гарах Kabylii Dzurdzura[322]. Так, аклядаючы публічныя работы, адведаў я найпрыгажэйшыя мясціны Алжыра).

І так еду ў Staoueli[323] - a la Trappe[324]. Будзяць мяне перад усходам сонца. Неба пагоднае, хоць вецер досыць пранізлівы, з усходам сонца іду ў горад, дзе наймаю верхавога каня. Божа, прабач алжырскім стайням, дзе наймаюць коней для падарожных! Ёсць гэта па большай частцы старыя клячы - вельмі добрыя з выгляду.

Выязджаем - дарога ўецца пад гару, вельмі стромая, так што ад'ехаўшы амаль мілю, бачым яшчэ горад і мора пад нагамі. Від найпрыгашэйшы, але любавацца тым відам мне перашкаджае мой аргамак, якога крыкам і бічам мушу заахвочваць да галопу або рысі, і які такі цяжкі, што трасуцца ад яго горы Атласу, іначай мой аргамак ідзе паволі, як мул або ослік, на якіх ездзяць вакольныя маўрытане і каланісты. І так некалькі хвілін ваюю з канём, пасля чаго пускаю яго вольна - крокам і любуюся гарамі, і морам, і горадам, белым, узнятым на вельмі крутой гары.

Нарэшце дабіраюся да вяршыні гары, і тут цяпер пачынаецца барацьба з канём, які нарэшце пускаецца цяжкай рыссю і такім жа цяжкім галопам, ад якога, шчыра гавару, трасецца шаша, так праязджаю звыш дзясятка кіламетраў і зноў бачу мора, бачу цясніны Хіфы, якія праразаюць горы Атласу і нарэшце клаштар трапістаў. Над морам бялее вёска Sidi Ferruch[325], дзе высадзіліся ў 1830 годзе французы. Кляштар трапістаў стаіць на месцы, дзе была генеральная бітва, якая адчыніла ім брамы Алжыра.

За вярсту ад кляштара сустракаю прыгавораных да публічных работ, карыстаюся з таго, каб vous derogez a ma dignite du Cavalieri[326]адпачыць і прайсціся. Пасылаю каня ў кляштар, а сам паколькі ўжо дзясятая гадзіна - хвіля адпачынку для тых, хто працуе, іду пеша разам з імі ў іхні лагер. Аглядаю ўсё, ем з імі снеданне, знаёмлюся.

Найбольш выклікае спачуванне малады хлопец, de Bertin з дэпартамента de l'Eure. Мае толькі 19 год - маладзенькі, прыгожы, румяны. Пайшоў дабраахвотнікам у войска год таму назад. Прадаў кашулю, і за гэта прыгавораны да работ на цэлы год. Таўчэ і разбівае камяні пры шашы. Суцяшаю яго - прадказваю яму, што можа яшчэ быць Marechal de France[327]. Усміхаецца бедны хлапчына. Мы ўжо прыяцелі. Нейкі Veillox - стары жаўнер, падчас чэрвеньскіх дзён у 1848 годзе[328]не хацеў змагацца ані супраць народа, ані з народам супраць войска. Тры дні хаваўся ў сваякоў у Парыжы. Вайсковы суд зняволіў яго, але Cavaignac выслаў яго ў Афрыку. Тут стары ваяка, кепска прыняты, кінуўся са зброяй на начальніка, быў прыгавораны на смерць. Потым памілаваны, яшчэ год павінен прабыць на работах, а потым два гады ў войску. Чакае хвілі вызвалення і сумуе па сваёй прыгожай Францыі.

А поўдні іду да трапістаў, гэта тыя ж самыя бяланскія камедулы, толькі больш карысныя, бо камедулы займаюцца выключна сузіраннем і агародам. Тут паны трапісты абрабляюць зямлю і маюць рукадзельныя майстэрні і г.д. Велізарная іхняя ферма - узорная. Трапісты ані слова не прамаўляюць паміж сабой - заручаюцца, што за 20 гадоў не прамовілі адзін да другога. Але айцец, які суправаджае падарожных (pere hotelier[329]) мае права забаўляць падарожных размовай. Усе іншыя, якіх адведваю пры працы, мусяць маўчаць - айцец гатэльнік за іх гаворыць. Я спакушаў пастаянна вялебных айцоў, пытаючыся айца гатэльніка, чаму і іншыя айцы - брацці не маглі б паразмаўляць з вандроўнікам, і накіраваць на добрую дарогу? Айцец гатэльнік даводзіць, што гэта правілы збору, а айцы-работнікі, сапраўдныя французы, канешне rienz dans leurs barbes[330](таму што носяць велізарныя борады) мігамі і жэстамі паказваюць, што не могуць слова прамовіць, хаця відно, што радыя былі б, і, калі б не было айца-гатэльніка, ахвотна занялі б яго месца. Быў паміж імі на працягу двух гадоў адзін паляк, стары жаўнер. Пры абвяшчэнні італьянскай вайны[331]скінуў габіт і ўзяўся за зброю. Айцец-гатэльнік паведаміў, што мусілі яго звольніць з кляштара, бо нягледзячы на пасты і малітвы цэлымі начамі чуў гукі труб, ржанне коней, лязгат зброі. Ускокваў начамі і непрытомны аддаваў загады - рыхтаваўся да бою. Рукапаложаны айцец вырашыў, што, відаць, такая воля Божая ці спакуса д'ябальская - і ваяка рушыў у лагер. Пасля вайны, гаварылі, калі вяртаўся ў кляштар, згінуў па дарозе ў Марока.

Айцец-гатэльнік на маё настойванне, каб айцы навярталі вандроўнікаў: "Навяртаць вас, - гаворыць, - павінны грозныя надпісы, размешчаныя на мурах кожнай залы, кожных сенцаў". Вядзе мяне і загадвае чытаць надпіс. "Eternite"[332]вялікімі літарамі паўтараецца дзесяць разоў на пачатку і на канцы кожнага верша, а вершы апісваюць, якія раскошы ў небе, якія пакуты ў пекле і як усё ёсць марнасць над марнасцю на гэтым свеце, падоле плачу.

Скончыў чытанне.

- А што праўда, што гэта вельмі страшна? - пытаецца айцец-гатэльнік. - Вечнасць. Ці падумаў вяльможны пан пра тое?

- Не страшна, ойча, але суцяшальна, - адказваю. - Вечнасць, вечнае жыццё, гэта найвялікшая пацеха чалавека.

- Як гэта думка пра вечнасць узбудже ў вяльможнага пана не страх, але пацеху? - пытаецца айцец-гатэльнік.

- Так, ойча, найвялікшую пацеху, з той толькі розніцай, што і дзень сённяшні, што і жыццё на на зямлі ёсць часткай той вечнасці. Таму трэба і на зямлі жыць прыгожа, цудоўна, так, як у вечнасці.

- Гэта непадобна, - адказаў айцец-гатэльнік. А д'ябал, а спакусы яго? Гэта непадобна. Лепей вечна маўчаць, чым штодзённа блюзнерыць.

- Так, напэўна, лепей маўчаць, чым блюзнерыць, лепей гаварыць і рабіць на славу Божую на божай зямлі, чым маўчаць і закапацца пры жыцці ў магілу, - адказаў.

- Гэта непадобна. Свет ці магіла. Вечнасці ці прадонне! Няма для чалавека выбару - адказваю. Бог ці свет! Жадаем Бога, а не вас!

Што ж было далей гаварыць. І так той с[святы?, стары?] манах, як евангелічны фарысей, дзякуе Богу штодзённа, што дазволіў яму быць трапістам, кандыдатам у неба, дзякуе, што не ёсць чалавекам, і ўсіх людзей, якія жывуць на свеце, мае за кандыдатаў у пекла?!

А другой развітаўся з айцамі. А трэцяй развітаўся з вязнямі і рушыў назад у Алжыр. Праліўны дождж і пранізлівы вецер дакучаў мне ўсю дарогу, конь упіраўся - і трэба было найвялікшых намаганняў, каб яго скіраваць на рух прыспешаны. Змучыў руку, махаючы пастаянна дубчыкам, ногі, даючы каню шэнкелі[333]і голас ад крыку: "Allons"[334]. Праўда гнаў тры мілі галопам або добрай рвссю. Прыехаў у Алжыр, ледзве могучы ўтрымацца на нагах. Пасля гарбаты збіты, змучаны заснуў на канапе. Аб адзінаццатай прачнуўся, яшчэ горш - усе жылы дрыжалі ад стомы. Напіўся яшчэ раз гарбаты, накрыўся коўдрамі. Сёння пачуваюся здаровым, моцным і добрай думкі".


(Урывак з ліста) "з 5 на 6 лістапада. Ноч.

Пазнаёміўся сёння з панам маршалам Pelissierам. Вельмі гэта цікавы чалавек. Усё, што пра яго гавораць, менавіта ў Англіі, поўная фальш, пра яго грубаватасць, пра трубны голас, крыклівы і г.д. - наадварот, гаворыць вельмі ціха, хаця не раз лішне з'едліва, зласліва.

Былі адразу (як у нас гавораць) за панібрата, і не толькі з ім, але і з паняй маршалавай!, вельмі прыгожай іспанкай - маладой, белай, прыгожай, чарнабровай, добрага росту, жывой і прыветлівай. Адным словам, абое вельмі мілыя людзі, даверлівыя, ветлівыя і гасцінныя. Добра і міла з імі і ў іх. З панам маршалам размаўляў самнасам пару гадзін. Была гэта несказана цікавая размова. Больш з яе даведаўся, чым з дзесяці прачытаных кніжак. Цікавая гэта рэч жыццё і людзі.

Бачыў тут і вельмі смутныя рэчы - алжырскія турмы ў плачэўным стане ў параўнанні з французскімі. Здаецца мне, што мог бы некалькі спрычыніцца да іх паляпшэння, дзякуючы пану маршалу. Прашу Бога, каб гэта наступіла і пажадай шчыра ад усёй душы, каб твой муж зрабіў нешта добрае на свеце".

"9/12 лістапада Алж[ыр], каля поўначы.

Я лішне нецярплівы, патрабавальны?! Ці ж няпраўда? Можа - не ведаю.

Але слухай, Польцю, што табе скажу: ні адна жанчына не была болей, а бадай не была так каханай, як ты каханая. У сярэднія вякі гаварылі, што не гадзіцца так любіць стварэнне, што толькі Тварца гадзіцца так любіць.

Не ведаю - можа, можна адарвана палюбіць усёй душой невядомую прыгажосць, дабро і праўду, але гэта пэўна, што лепей ўкласці ўсё каханне ў бачны прадмет, у бачную істоту. Я не саромеюся і не шкадую аб гэтым каханні. Я пакахаў цябе ў імя таго, што святое - у імя прыгажосці, дабра і кахання. Праўда, што я ўсё непасрэдна да цябе адношу, у табе свет бачу. Але я ў табе пакахаў і хачу кахаць крыніцу прыгажосці, дабра і праўды. Бо такое каханне не можа быць грахом, як сцвярджалі сярэднявечныя людзі). Праўда, што ў табе сабраўся ўвесь свет, усё жыццё. Я верыў і хачу верыць, што ты можаш быць для мяне анёлам-ахоўнікам, што ты можаш, што ты захочаш клапаціцца аб тым, каб развейваць у нас і наўкола нас найсвяцейшую тройцу: прыгажосць, дабро і праўду.

Жанчына! Ёсць гэта тлумачэнне, так, гэта тлумачэнне, бо ані ты не магла б мяне, ані я не мог бы цябе шанаваць, каб усё забыў для цябе. Не - я нічога не забыў, але толькі кожная думка, кожнае пачуццё, цэлы свет адбіваецца для мяне ў табе. Ты ёсць прызма, праз якую я гляджу на свет.

Не спужаўся смерці, падаючы табе руку (а думаў пра смерць), не спужаўся, бо меў надзею, што праз цябе, у табе буду чэрпаць сілы для жыцця і смерці прыгожай. Не саромеюся і не шкдую таго, веру, што гэта мажліва, веру, што гэта можа быць сілай, а не слабасцю.

Але пабач вынік таго, які мой стан: Прачынаюся з рання - першая думка пра цябе, іду на спачынак - апошняя думка пра цябе. Гавару, раблю што і адначасова думаю, ці добра гэта? Ці Полька была б радая гэтаму?

Гляджу на прыгожы пейзаж, на прыгожага чалавека і думаю, чаму тут Полькі няма, і адразу другая думка - трэба з Полькай падзяліцца. І так нават у найдрабнейшых дэталях жыцця.

Я працую і хачу працаваць нават мацней, чым раней, для таго, каб мець права перад уласным сумленнем прысвяціць потым гадзіну пісанню да цябе, на размову з табой. І таму, бачыш, я маю права дамагацца, каб ты хвіліну часу прысвячала мне штодзень. Я прагну толькі іскры ўзаемнасці.

Польцю! Карыстайма з хвілін, у якія можам дзяліцца думкамі і пачуццямі."


"Алжыр. 19 на 20 лістапада 1862 года.

Мілая мая, дарагая мая, найяснейша пані мая!

Сёння мне добра. Адчуваю, што Польця мяне кахае, што не можа мяне не кахаць. Маю сёння самаспазнанне сілы, магутнасці і неацэнных скарбаў, якія ў табе маю. Доўга сёння пра тое думаў.

Слухай, Польцю! Сёння быў у вельмі шматлікім таварыстве дома ў маршала. Размаўлялі пра гісторыю. Я гаварыў пра неабходнасць ахвярнасці і, гаворачы гэта, адчуваў, якое гэта шчасце быць багатым, быць так м[оцна] багатым, якім я сёння ёсць. Якое гэта шчасце мець цябе - мець столькім ахвяраваць. Што ж ахвяруе той, каму жыццё абрыдла? Я маю бязмернае шчасце ахвяраваць - я маю цябе. Пачуццё гэтае дае сілу, дае павагу, дае годнасць словам і дае годнасць чынам. Цешуся, Польцю, я сёння добра гаварыў, а яшчэ лепей адчуваў.

Слухай далей: гаварыў табе, што будучы шкаляром, думаў толькі аб тым, каб быць першым, ва ўніверсітэце пазбыўся гэтага цалкам, хацеў быць толькі добрым. Але потым у жыцці, бачачы столькі тых кепскіх і дурных людзей, якія займаюць высокія пасады, адчуваючы сваю моц і сілу, зноў не раз прагнуў узнясення сябе, прагнуў яго pro publico bono (у такім разе, гэта нават варта пахвалы), але прагнуў яшчэ і для самога сябе. Ведаеш, што на версе, на вярхах свабодней дыхаецца. Нават навакольным пропасцям горы надаюць прыгажосці. Не дастаткова гэтага. Ведаў з гісторыі, што так званая вялікасць не дае шчасця - прагнуў яе, не здаючы сабе справы - напэўна думаў: іншым гэта не дало шчасця, бо нічога, апрача сябе, не любілі, таму мне можа - дасць. (Чалавек, між іншым, заўсёды марыць пра шчасце).

Цяпер, наколькі вялікасць адносіцца да мяне самога, страціла яна для мяне ўсю прыгажосць. Напэўна, прагнуў заўсёды заняць становішча такое, на якім мог бы карысць найвялікшую, мажлівую прынесці, прагнуў заняць становішча толькі тады, калі думаў пра абавязкі чалавека і грамадзяніна. Але калі думаю, калі мару пра шчасце асабістае, цяпер - прысягаю табе- нічога больш не прагну - толькі, каб жыць з табой, каб глядзець у ясныя твае вочы, на прыгожую галаву, глядзець на цябе - і думаць разам з табой і адчуваць разам з табой. І веру, што з табой магу многія рэчы давесці, адшукаць, пра якія сам ніколі б не даведаўся, ніколі б не знайшоў і не дабіўся. Хто ведае? Можа разам з табой, мой анёле, зразумеем лепей вечнасць, і будучыню, і праўду. Бачыш, Польцю, які я шчаслівы."


"Парыж, 6 снежня/24 лістапада 1862 года.

Мая мілая, каханая дзяціна! Ведаеш ужо з апошняга ліста, што па прыездзе ў Парыж атрымаў твае тры лісты. Наймілейшы, напісаны 17 лістапада. Была цяжка хворая. Пішаш, што ўжо ўстала. што добра табе. Дзяціна наймілейшая! Будзь ты здаровая!

Дзіўная рэч, як за чатыры месяцы ты стала мне неабходнай. На працягу майго побыту ў Афрыцы цэлая драма разыгралася ў маёй душы.

1 студзеня (1863 года) / 20 снежня (1862 года) маю надзею быць з табой. Праз тыдзень 1/13 снежня выязджаю з Парыжа; 8/20 снежня буду ў Берліне, 13/25 снежня буду ў Варшаве. Няхай сабе Ясь гаворыць, што хоча, я там быць павінен абавязкова, каб пабачыцца з сваякамі [335], табе ўжо знаёмымі і іхнімі прыяцелямі, мушу яшчэ быць у Бруселі, у Гельдэльбергу. Маю яшчэ шмат зрабіць. Прасі Бога, каб выканаў усё шчасліва і добра. Чакай і маліся.

Усе інтарэсы ты залатвіла разумна і добра. Лісты твае дасканалыя; чытаў іх усе тут разам з захапленнем.

Уладзя Міл[овіч] і Браніслаў [Залескі]: цалуюць твае ручкі. (Лаеш мяне, а чаму нічога мне не пісала пра сваю хваробу?)

Твой на векі вякоў Зыгмунт."


"Варшава. Ноч 27/15 снежня.

Польця мая! Найперш паведамляю: інтарэсы службовыя, а хутчэй кодэксавыя, ідуць дасканала. В[ялікі] князь [Канстанцін], генерал Рамсай, начальнік штаба[336]і г.д. Усе, каму чытаў маю працу, вельмі ёй задаволены і маюць пра тое пісаць ваеннаму міністру.

Сёння, ад дзявятай з раніцы да дзясятай вечарам не здымаў мундзіра. Рана В[ялікі] князь прыняў мяне вельмі ласкава, цікавіўся ўсім, што чуў пра Алжыр і пра Францыю; у генерала Рамсая быў на абедзе, у начальніка штаба на гарбаце.

Я вельмі рады, што праца мая так добра прынята.

Сёння якраз можна сказаць, закончыў дзяржаўныя інтарэсы. Але В[ялікі] князь зажадаў, каб перапісалі яшчэ ў штабе некаторыя з маіх прац і нататак. Маю гэта за адзін дзень скончыць.

Паведаміў ужо ўсім, што выязджаю ў нядзелю. У панядзелак паміж другой і трэцяй буду ў Вільні."


"Пецярбург, 24-7, 1863 года. (Урывак з ліста.)

Мая мілая! Сёння быў у міністра [337] і ва ўсіх маіх начальнікаў. За працу маю быў шчодра ўзнагароджаны вельмі прыветлівым, прыязным і сардэчным прыёмам. Міністр гаварыў, што вельмі рады, што я ўжо вярнуўся. Усе мне гавораць, што быў неабходны ў тыя менавіта [часы?]."

[Зыгмунт Серакоўскі ў студзеньскім паўстанні]

Пасля вяртання з Алжыра Зыгмунт пасля некалькідзённага побыту ў Вільні выехаў у Пецярбург, каб злажыць у міністэрстве справаздачу са свайго падарожжа і арганізаваць жыллё. Сардэчныя прыяцелі ўжо пра тое падумалі, таму што, калі ён прыбыў, усё ўжо было зробленым, так што на Новы год сабралася ў Зыгмунта найбліжэйшае колка, каб са мной пазнаёміцца і прывітаць у дзень прыезду.

Наша дарагая маці баялася, што Зыгмунт лішне мяне песціць, дагаджае, адгадвае мае думкі і жаданні, а што ж бы яна сказала на тое, бачачы, як яго тут усе цэняць, любяць, хапаюць і запрашаюць. Натуральна, што многа з тых адзнак зычлівасці сплывала і на мяне, бо ведалі, што ўсякая, аказаная мне зычлівасць, робіць яму вялікую прыемнасць.

Неўзабаве пазнаёмілася з усімі найвыдатнейшымі людзьмі з польскага таварыства. Расіян і вайскоўцаў Зыгмунт не запрашаў дадому, апрача Рахнеўскага, з якім я пазнаёмілася перад выездам з Пецярбурга.

Зыгмунт усе дні праводзіў у міністэрстве. Спяшаўся скончыць распачатыя дзяржаўныя работы. Хацеў, сыходзячы адтуль назаўсёды (бо з агульнага настрою ў краі бачыў неабходнасць падрыхтоўкі да гэтай хвілі), хацеў пакінуць пасля сябе карысную спадчыну ў зацверджаных найпільнейшых рэформах.

Я тут бачыла і чула шмат рэчаў для сябе новых, пра якія ніхто ў нас у Вільні не здагадваўся, хіба толькі Францішак ведаў пра іх ад Зыгмунта. Кіраваліся прынцыпам - Літва не ведае і не мяшаецца ў справы і працу дзеячаў у Пецярбургу і ў Расіі, як таксама і Пецярбург - да працы на Літве, за выключэннем у выпадку патрэбы на дапамогу і параду.

Вечары мы праводзілі найчасцей на сходах і прыёмах, якія давалі на нашае прывітанне, але і тут, так як і ў нас у краі, усіх займала адно, весткі з Бацькаўшчыны, весткі з міністэрства і з-за мяжы - заўсёды толькі нашая справа.

На тых усіх прыёмах уражвалі мяне: пышнасць і смаката, адным словам, лішак, тым больш, што мне сядзела ў памяці прынятая на Літве стрыманасць у ядзе, у вопратцы і ў напоях. Нават папяросы і цыгары былі забаронены. Прыпамінаю сабе, як у адзін з вечароў забавіў нас усіх Вітольд Аскерка, калі заскочыў з раздутымі ноздрамі, гукаючы: "Што гэта? Чую выразна на лесвіцы пах папяросаў! Нехта тут курыў? Безумоўна, курыў!" Сапраўдная зайздрасць малявалася на яго твары. Супакоіўся, чуючы, што гэта цэнзар Аўэр, праходзячы да свайго жылля, здзейсніў тое злачынства, за якое не можа быць прыцягнуты да адказнасці.

Ашчаджаныя грошы накіроўвалі на краёвыя справы.


Нягледзячы на прыёмы, візіты і пачастункі, думка, што неўзабаве можа прыйсці Зыгмунту просьба аб дапамозе з Вільні, атручвала мне кожную хвіліну жыцця. Не гаварыла яму пра тое, але дранцвела на гук званка ў нязвыклы час, на выгляд з'явіўшайся нейкай асобы, мне невядомай, з лістом, на ўручаную Зыгмунту тэлеграму, бо не ведала, калі, праз каго і ў які час яна можа прыйсці з Вільні.

Аднойчы дзіўным чынам нікога з чужых не было ў нас вечарам. Мы сядзелі ў салоніку. Я ўселася зручна ў кутку сафы. Зыгмунт выцягнуўся на ёй з галавой на маіх каленях. Вочы меў заплюшчаныя. Візітку, якая ляжала на стале, я рвала на драбнюткія частачкі, клала іх яму на лоб, пасля чаго лёгенька здзьмухвала. Паперкі беглі па твары, вусах, барадзе - твар варушыўся, торгаўся, але вочы не расплюшчваў, сам не варушыўся. Праз хвілю падняўся, узяў мае рукі, меў выраз спакойны, сур'ёзны. Гаварыў доўга, прыпамінаў мне перадшлюбную размову. У той час мы не гаварылі пра шчасце, пра дарогу жыцця, усланую ружамі, але пра заўтра страшнае, крывавае, роспачнае, пра слёзы, пра сіроцтва і бадзянні. Запытвалі ў той час сябе, ці будзем мець сілы цярпець без скаргі? Ці, нягледзячы на ўсю жудасць, не зрабіць замах на сваё жыццё? Гаварыў, што няма жыцця без мэты. Найгоршая істота ёсць атамам нябачным, нічога нязначным асобна ўзятая, але ў тым слаўным ланцугу, які з'ядноўвае Сусвет, можа ёсць дробным, нябачным, а, аднак, нязгасным агнём. Ці чалавек, як атам, які належыць да ланцуга ў Сусвеце мае права з эгаістычнай думкай сысці з гэтага свету? Не! - мусіць жыць, мусіць напоўніць да дна келіх горычы, калі ён яму прызначаны, але для нас, палякаў - гэта не келіх горычы, гэта святая камунія!

Ці Зыгмунт у той дзень застаўся дома ў чаканнні, можа, абяцанага пасланца з Вільні і пачаў гэтую размову, каб мяне падрыхтаваць да весткі, якую чакаў з такой трывогай - не ведаю, але якраз у той час слуга паведаміў, і амаль адначасова з яго словамі ўвайшоў Аляксандр Аскерка (чалец Літоўскага аддзела, прыяцель і калега Зыгмунта з універсітэцкіх часоў).

Зыгмун падняўся. Хвілю стаялі, углядаючыся адзін у другога. Зыгмунт прамовіў першы:

- Ты прынёс мне смяротны прыгавор!

Дамовіліся захоўваць як наймацней таямніцу адносна мэты выезду Зыгмунта. Прызналі неабходным прасіць на падставе ўяўнай хваробы жонкі вывезці яе неадкладна за мяжу [338]. Просьба пра адстаўку мела быць высланай з Вільні, пададзеная цяпер, ацаліла б праўдападобна жыццё Зыгмунту. Па якой-небудзь прычыне яго зняволілі б, не дапусцілі б таго, каб ён стаў на чале паўстання на Літве, ён, які ведаў так добра Расію, яе слабыя бакі і яе сілу, ён, які рабіў на іх такі вялікі ўплыў, а што ж цяпер, думаў бы - на сваіх.


Перад выездам з Пецярбурга гаварыў мне:

- Пайдзі я ў гэтую хвілю ў адстаўку, ацаліў бы сябе, г.зн. прадоўжыў бы сваё жыццё, але не выканаў бы абавязку з погляду Бацькаўшчыны, з погляду сваіх субраццяў, якія клічуць мяне ў сваёй патрэбе. З тым сведчаннем жыць бы не мог, не хацеў бы, нават з табой. І ты мной пагарджала б, бо ты таго, якога кахала, у якога верыла, ужо ўва мне не знайшла б. Давай, будзем мець веру, давай, будзем мець надзею, але калі нам не пашанцуе, не трацьма духу, дабраславім хвілю, якая нам дадзена, цярпець і памерці за Бацькаўшчыну. Смерць на шыбеніцы не ёсць ганьбай для паляка. Гэта крыж для хрысціяніна. З часам шыбеніца стане сімвалам пакутніцкіх часоў Польшчы.

Калі пазней, калі мяне ўжо не будзе, пачуеш галасы, што загінуў як ахвяра націску, маральнага прымусу - запратэстуй, я іду па ўласнай маёй волі, па маім уласным перакананні, нічым не прымушаны.


Зыгмунт. вяртаючыся з Алжыра, на некалькі дзён затрымаўся ў Вільні, тут у губернатара Назімава атрымаў загад ад імператара (сам пра тое прасіў) на агляд цвердзяў, турмаў і на праслухванне вайсковых судоў.

Камендантам у Вільні быў генерал Вяткін, пад камандай і наглядам якога знаходзіліся вайсковыя вязні. Зыгмунт у час сваіх праездаў праз Вільню ніколі не мінаў Вяткіна (чалавек гэты просты, грубаваты, але не ведаў фальшу і двурушнасці цывілізаваных расейцаў, з простага мужыка, жудасна брыдкі (таму называўся ў Вільні "прыгожым") нейкай нам невядомай удачай падняўся да рангу генерала, ажаніўся з кузінай Суворава. Натура добрая, але ардынарная. Вяткін шчыра прывязаўся да Зыгмунта, апрача таго, імпанавалі яму падарожжы, блізкія стасункі з міністрам і іншымі высокапастаўленымі асобамі. (На Літве і ў Расіі Зыгмунт меў ужо вялікі розгалас.)

У сілу атрыманых царскіх даручэнняў Зыгмунт зажадаў ад Вяткіна змены тагачаснай сістэмы і адмены цялесных пакаранняў, ужываных у турмах. Жаданне тое суправаджала лекцыя па тэорыі. Вяткін не меў загаду з Пецярбурга, тэорыі не быў у стане зразумець, але, не могучы супраціўляцца ўплыву Серакоўскага, адмяніў цялесныя пакаранні ў турмах. Крок гэты апярэджваў праектаваную рэформу. У Пецярбургу яшчэ дэбатавалі над ёй, а ў Вільні яна ўжо ўвайшла ў жыццё. Акрамя вымовы, прысланай Вяткіну, вайсковыя ўлады мелі доказ, што турмы могуць існаваць без палак. У тыя часы вярнуцца да даўняй сістэмы было рэччу немажлівай.

Цяпер пасля пакідання Пецярбурга, калі затрымаўся на некалькі дзён у Вільні, быў, як звыкла, у Вяткіна і Назімава, апошні з узрушэннем уручыў яму тэлеграму з міністэрства, віншуючы яго са званнем падпалкоўніка [339].

(Як бы падазравалі мэту яго выезду і спрабавалі яго тым затрымаць.)


Па сыходзе многіх гадоў пыталася мяне маці:

- Калі б табе дадзена было выцерці і з сэрца, і з памяці ўсё тваё мінулае, якое б жыццё для сябе стварыць хацела?

- Калі пакутніцкая смерць дарагіх для нас была неабходнай, непазбежнай, калі ўсе паразы, знішчэнне краю і слёзы там пралітыя былі гістарычнай неабходнасцю, непазбежныя, то такое, якое пражыла, не інакшае. Ані адной хвілі, ні аднаго пачуцця не хацела б сцерці з памяці (а памяць маю страшна бязлітасную). Адны памятаюць, гэта значыць - ведаюць, як было; для мяне памятаць - гэта ведаць, чуць і бачыць, як даўней. Каб была мастаком, магла б аднавіць пэндзлем кожную рысу, кожнае адценне выразу твару так, як у той час бачыла. Звычайныя штодзённыя рэчы сцерліся цалкам. Гаварыла маці і так адчувала. Бо, калі страшны гром, які выцяў з волі Бога, нішчачы ўсё маё шчасце і жыццё, быў большым, амаль чым людская душа можа перанесці; тая ж самая воля Божая дала мне спазнаць найвышэйшага асабістага шчасця: кахаць і быць каханай найвысакароднейшым чалавекам на зямлі. Калі мусіла глядзець і падзяляць пакуты майго мардаванага народа, то бачыла яго ў найпрыгажэйшыя хвілі яго жыцця.

Сёння могуць рацыянальныя людзі з халоднай крывёй крытыкаваць, наракаць і здзекавацца, і пляваць на тую старонку нашага мінулага, якая была зместам тагачаснага пакалення і ўсяго жыцця маёй сям'і, але хто яе перажыў, хто яе бачыў, той толькі мае паняцце, чым яна была.

У памяці маёй замацавалася, як бы вялікая, высакародная хвіля натхнення, адухаўлення цэлага народа. У Польшчы ва ўсіх трох дзялянках, у Расіі, на эміграцыі, усюды, дзе хто насіў імя паляка, маладыя, старэйшыя ўсіх узростаў адно адчувалі, адно супольнае мелі жаданне жыцця ці смерці, але разам, за Бацькаўшчыну. Маючы ў душы тыя ўспаміны, разумею запал і радасны ўздым першых хрысціян, калі тыя ішлі на мукі і на смерць за веру. Быў гэта момант, у які знікалі ўсе злыя інстынкты ў нашым грамадстве і пряўляліся ўсе яго добрыя бакі: ахвярнасць, самаахвярнасць, любоў да бліжняга, вера ў шляхетнасць чалавечай душы - і ўсё гэта ў імя аднаго вялікага пачуцця, любові да Бацькаўшчыны!


У той час нашая сям'я пазнаёмілася з Зыгмунтам, Францішак і Аляксандр ведалі яго ад 1846 года. Была гэта постаць так цяжкая для зразумення і для апісання для тых, якія яго не ведалі і не бачылі, як быў цяжкім для зразумення і для апісання для тых, якія не жылі і не атрымалі ўражанняў 1863 года, той цудоўны момант у нашай гісторыі.

Бачачы і чуючы Зыгмунта, адчувалася, што дух Божы кіраваў тым чалавекам. У яго прысутнасці кожны пачуваўся лепшым, здальнейшым да высакародных учынкаў. Калі гаварыў, твар яго пераўтвараўся, прыкоўваў зрок, пакараў душу слухача. Серакоўскі не знаў хвіль, праведзеных у бяздзейным спакоі. Думка яго заўсёды дзейная, пільна планавала ўсё, што можна, што трэба зрабіць, каб ашчаслівіць тых найбяднейшых і пераследаваных, падняць пагразшых у бяздзейнасці і ў эгаістычным дабрабыце. Зыгмунт ніколі не сумаваў, і ніхто ніколі не спазнаў суму ў яго таварыстве. Калі стаў паводле абавязку або прыгожага чыну, не вагаўся ахвяраваць шчасцем і жыццём сваім. Ніхто яго ніколі не бачыў панурым, маркотным або апатычным. Не верыў у знікненне Духу Божага ў чалавеку. Надзелены нечуванай энергіяй і воляй, быў сапраўдным панам сам над сабой. Не разумеў так часта паўтараных палякамі выразаў: "Зробіцца", "Неяк будзе", "Мне ўсё адно". Не мог зразумець, як чалавек, абдораны думкай і воляй, можа гаварыць: "Неяк будзе" замест "Зраблю", а найхутчэй тое апатычнае: "Мне ўсё адно". Любіў усіх людзей: балела яму за ўсякую дробязь. У выпадку найбольшага падзення чалавека не пагарду, а літасць адчуваў да яго, не думаў, як яго пакараць, але як яго паправіць і падняць.

Пэўнага дня было характэрнае ў тым родзе здарэнне. У ранні час нехта пазваніў, просячы пра сустрэчу з Зыгмунтам. Выйшаў. Праз хвілю вярнуўся, пытаючыся ў жонкі.

- Польцю, колькі маеш грошай у бюро?

- Яшчэ ўсе, што даў мне ўчора на хатнія выдаткі.

- Як жа гэта добра! Давай жа мне ўсе да гроша.

- Зыгмунце, а што будзе заўтра? - пыталася я, смеючыся.

- Заўтра?! Ах ты нядобрая хрысціянка! Нядобра ведаеш пацеры: "Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння", - тут выразна няма згадкі пра заўтра. Прашу цябе, бяжы ў залу, там застанеш бедную сплаканую маці семярых дзяцей, бацька якіх упаў нізка, спаняверыўся. Прытулі яе збалелую і прыгнечаную, суцеш яе. Польцю, ты зразумееш, як яна моцна няшчасная. Еду ў міністэрства, трэба яго ратаваць, трэба яму даць час выправіцца, падняцца ў вачах дзяцей, жонкі, уласнага сумлення і грамадства.

(На жаль, быў гэта паляк, палкоўнік Лаш... [340]; сёння бачу ўнукаў таго чалавека, занятых карыснай працай. Клопат Зыгмунта за іх лёс не пайшоў на марна.)

Паўстанне Зыгмунт разглядаў з усіх бакоў сродкам не для нашага часу. Едучы ў Парыж, гаварыў мне:

- Праз гадоў 20-30, туды-сюды, мусіць наступіць сутыкненне інтарэсаў еўрапейскіх дзяржаў, чакаюцца вялікія, страшныя перавароты. Мы сёння ледзьве можам сабрацца на пратэст, але і пратэст павінен быць аблічаным і выкананым так, каб паказаў, акрамя крывавых ахвяр, пэўную сілу і моц, а адной з найважнейшых ёсць маральная, духоўная моц ва ўзгодненых памкненнях агулу...

... Перамога сёння ў нашых умовах ёсць в[ельмі] цяжкай справай, хіба толькі пры дастатковым узбраенні, беручы на ўлік наш вялікі запал, агульную ахвярнасць, адкідванне асабістых мэт, як таксама разлік на слабыя бакі нашых непрыяцеляў, якія стаяць пры ўладзе, г. зн. брак сумлення, брак патрыятычных пачуццяў і вялікая апатычнасць у арміі - аднак у кожным разе паўстанне зараз без неабходнай падрыхтоўкі будзе полем крывавых Фермапілаў, з якіх не выйдзе ніхто, каб даць сведчанне праўды.


Перад выездам за мяжу ў 1862 годзе Зыгмунт адведаў Літву, Падолле, Украіну, паразмаўляў станоўча з Цэнт[ральным] Літ[оўскім] Камітэтам [341] і ў Варшаве прадставіў Нац[ыянальнаму] Ур[аду] [342] ўсю страшную заўчаснасць паўстання. Паслаў у Лондан (на колькі памятаю) Нікаровіча з даручэннямі да ўплывовых асоб. Бачыўся пры пасярэдніцтве князя Напалеона з імператрыцай Яўгеніяй і імператарам Напалеонам. Усюды чуе адно: не час, трэба чакаць. Нягледзячы на запэўніванні Нацыянальнага Ураду ў Варшаве, што паўстанне будзе адкладзена на год або два, аблічыў, прадбачыў, што паводле агульнага настрою ў Краі, таго роспачлівага парыву да свабоды, Нац[ыянальны] Ур[ад] не будзе мець моцы ані стрымаць, ані пакіраваць паўстаннем.

На Літве не было такога вялікага разлому ў народзе, як у Каралеўстве, нягледзячы на назвы партый "Белай" і "Чырвонай", была там адна патрыятычная партыя, якая дагэтуль не выходзіла з-пад агульнага кіраўніцтва. Абывацелі, сяляне ўнутраных губерній, рамеснікі, універсітэцкая і школьная моладзь ахвотна падпарадкоўваліся кіраўніцтву спачатку Цэнтральнага Камітэта, а потым Літоўс[кага] Аддз[ела] [343].

На Літве надавалі назву партыі "Белай" тым, якія лічылі за неабходную падрыхтоўчую працу, мірную, праз пашырэнне паняццяў працы, ведаў і маральнасці, з'яднання ў памкненнях да супольнай мэты ўсіх слаёў і вызнанняў.

Назву партыі "Чырвонай" ("Руху") надавалі пераважна моладзі, якая рвалася да неадкладнага паўстання, абвінавачвала Літ[оўскі] Ад[дзел] у лішнім шкодным прамаруджванні, у нескарыстанні з агульнага настрою.

Нягледзячы на адзінства і агульную працу на Літве, нягледзячы на перакананне Нац[ыянальнага] Ур[аду] ў Варшаве ў неабходнасці адкладу, Зыгмунт прадбачыў, што парыў Краю можа быць мацнейшым ад волі кіраўнікоў і таму (на колькі я магла бачыць) рабіў за мяжой усё тое, што магло забяспечыць Край ад выбуху ў хвілю нечаканую. З той мэтай ездзіў у Брусель і затрымваўся, вяртаючыся з Алжыра, у Варшаве.

Не будучы цалкам пасвечанай у яго дзейнасць за мяжой, у падрыхтоўку і забеспячэнне, якія там вяліся, хачу пакінуць апісанне тых хвілін лепей за мяне абазнаным ва ўсёй той справе.


Паўстанне выбухнула. Людзі злой волі і маскоўскі ўрад пачалі і на Літве пашыраць анархію. Літва, абапіраючыся на дамовы з Зыгмунтам, мелася яго выклікаць на дапамогу ў выпадку крайняй патрэбы. Пасля склікання арганізацыі Аддзела ў поўным складзе, галасаваннем прызналі патрэбу неадкладна паслаць Аляксандра Аскерку да Зыгмунта [344].

Першыя словы, якія я пачула з вуснаў брата Францішка пасля прыбыцця ў Вільню, былі:

- Бараніў горача жыццё Зыгмунта, такое патрэбнае Краю. Бедная сястра, баронячы яго, не думаў, аднак, у той час, што разам бараню тваё шчасце, а гэта, напэўна, у вачах грамады адняло сілу маіх пераканаўчых слоў. Паддаўся большасці галасоў, якія гукалі, што "Серакоўскі сёння можа толькі сваёй прысутнасцю і ахвярай ацаліць Край ад анархіі, ён адзін можа з'яднаць і пакіраваць паўстаннем". Далейшыя дэталі, якія адносяцца да часу, праведзенага Зыгмунтам у Вільні; да паседжання Літ[оўскага] Аддзела і плану наступных дзеянняў, пададзенага Зыгмунтам як ваяводам ковенскім і віленскім, я змясціла ў нататках з 1863 года.

Пасля некалькіх дзён, праведзеных у Вільні, Зыгмунт Серакоўскі (вядомы ў паўстанні пад імем Даленгі) выехаў начным цягніком з велікоднага вечара ў Коўню ў таварыстве жонкі і яе сястры Зузанны (цяпер Турская) [345]. На працягу ўсёй дарогі ніхто не прамовіў ні слова ані пра будучыню, ані пра заўтра, ані пра расстанне. Зыгмунт не спаў, углядваўся ў даль, паглыблены ў думкі, але пагодны, спакойны.

У першы дзень святаў Зыгмунт ноччу пакінуў усіх яму дарагіх, парваў з усім мінулым, каб пайсці на нэндзу. холад, каб быць гнаным ва ўласным Краі, як злачынец, пайсці на спатканне можа з калецтвам, можа са смерцю, несучы з сабою толькі адно вялікае пачуццё, якое кіравала ім і прысвячала яму праз усё жыццё сярод вельмі зменнага чаргавання нядолі і долі - любоў да Бацькаўшчыны, пачуццё святога абавязку ў адносінах да яе.

Абавязак! Страшны гэта выраз, што тыранізуе душу чалавека, які яму надаў, прызнаў права кіраваць сабой.

Я павінна, можа, была шукаць суцяшэння ў думцы, што ў тую хвілю ўвесь Край церпіць, што на парозе ні аднаго двара, хаты або загроды жонкі, маці, дочкі і сёстры сплаканыя праводзяць і дабраслаўляюць сваіх найдаражэйшых. Не - гэта для мяне не магло быць суцяшэннем. Каб жа ўласным цярпеннем магла акупіць слёзы ўсіх тых няшчасных!

Суровая, бязлітасная Бацькаўшчына! Схапіла ў ясны шчаслівы дзень жыцця сваю ахвяру і кінула яе ў чорную ноч на крывавую муку і гаворыць пераносіць пакуту з радасцю, высмоктвае па кроплі кроў з сэрцаў сваіх ахвяр і хоча, каб яе дабраслаўлялі і рыхтавалі і далей сэрцы і душы, гатовыя аддаца ёй на пакуту.

Зыгмунце, пры расстанні не знайшоўся нават на адно слова надзеі, каб даць палёгку няшчаснай, кінуў страшны выраз:

- Абдымі моцна шыю, каб у хвілю, калі пятля сціскацца будзе, мог памятаць поціск тваіх рук! Лягчэй мне будзе паміраць!

Бацькаўшчына! Калі канец пакутам за цябе? Смерць, кроў вакол.

Лягчэй было Хрысту паміраць на крыжы. Ён ведаў, што сваёй смерцю. сваёй пакутай ашчаслівіць чалавецтва, свет збавіць. А мы? Мы церпім. ведаючы, што сёння даём сябе ўкрыжаваць, каб заўтра сыны і дочкі нашыя мусілі прайсці праз тыя самыя катаванні. Гавораць, што нічога не гіне, нічога не ідзе на марна на тым свеце, але ці будуць сабраны і палічаны крывавыя слёзы нашыя і ўся вялікая нядоля пакаленняў, якія пасля нас прыйдуць?


Браніслаў Залескі гаварыў пра Зыгмунта: "Серакоўскі ўсім сваім жыццём давёў, што любіў людзей і прагнуў дабра для іх, што гатоў ахвяраваць за іх. Апошнія гады працаваў у мэтах гуманітарных, але ніколі, ані на хвілю не пераставаў быць палякам і ў тым свеце, які ўяўленнем і думкай сваёй агарнаў заўсёды найдарожшай яму была тая найнешчаслівейшая Бацькаўшчына. Як будучы маладзёнам гатоў быў аддаць ёй сваё жыццё, так цяпер ясная індывідуальная ў будучыні пазіцыя, а што найбольшае, сямейнае, ледзьве пакаштаванае шчасце, паклаў на яе алтар"[346].

Зыгмунт перад тым, як пайсці на бой, з улікам добрых стасункаў з міністрам і сапраўдных яго поглядаў, напісаў да яго ліст, у якім паведаміў, што дакуль мог служыў сумленна ўраду, сёння аднак не можа быць глухім да голасу Бацькаўшчыны і насуперак клікаўшым яго братам не ў стане застацца ў непрыяцельскіх шэрагах, мусіць змагацца, таму ідзе ў адстаўку і сведчыць, што ўжо ад той хвілі лічыць сябе вольным ад усіх абавязкаў перад урадам. Скончыў такімі словамі: "Можа, праз колькі тыдняў падпіша пан на мяне вырак смерці, але і ў той час не з зможаш адмовіць мне ў павазе"[347].


Паўстанне выбухнула ў краі, які яго не хацеў, бо бачыў у той час усю немагчымасць правесці яго ўдачна - не быў да яго падрыхтаваным. Зброі Літва не мела і бачыла немажлівасць яе дастаўкі ў патрэбнай колькасці, нават паляўнічую зброю ўрад у той час сканфіскаваў. Заставаўся адзін сродак - перакоўваць косы на жаўнерскую зброю, якой трэба было ўмець валодаць. Таму галоўным, а хутчэй першым заданнем камандзіраў было вучыць моладзь абыходзіцца са зброяй, з касой, трымаць шыхт, выконваць сігналы, адліваць кулі і да т.п. Гэта ўсё можна было ажыццявіць у хвілі, вольныя ад нападаў ворагаў, у глыбінях пушчы. Настаўнікамі былі самі камандзіры, якія ў час бою станавіліся ў шэрагі, як простыя жаўнеры, кідаліся ў найнебяспечнейшыя пункты для падтрымання запалу і дапільнавання выканання аддадзеных загадаў.

Паводе слоў Браніслава Залескага: "Даленга зразумеў, што народны дух, узняты любоўю да Бога і Бацькаўшчыны ў той час, у паўстанні на Літве быў адзіны матэрыялам. Распальванне гэтага духу, з'яднанне як найшырэйшых падстаў для паўстання, лічыў за галоўную сваю задачу. Ад маладых гадоў любіў народ, умеў прамовіць да тых простых сэрцаў. Сам шмат цярпеў, разумеў цярпенне іншых і бачыў вялікую нядолю тых, хто спрадвеку працуе на зямлі. Марыў пра грамадства, якое б кіравалася правам справядлівасці і любові. Заклікаючы народ да бою, прагнуў уліць у душы тых бедных веру, што, калі перамогуць, усім будзе добра ў вернутай Бацькаўшчыне. Люд яму верыў, гарнуўся да яго і ішоў за яго голасам".


Паўстанне на Жмудзі трывала найдаўжэй і ішло найбольш паспяхова. Люд асабліва пасля выступлення Даленгі браў у ім удзел. Выклік яго адбыўся пасля доўгіх ваганняў і нарадаў. Пайшлі на той крок. як на адзіны выніковы сродак пазбавіцца ад пашыраўшайся анархіі.

На трэці дзень святаў Серакоўскі (Даленга) ў суправаджэнні капітана Ляскоўскага і д-ра Траскоўскага прыбыў у Шаты ў Панявежскім павеце да Фларыяна Даноўскага [348]. Адтуль выправіў Яна Жахоўскага ў Кнэбю (Тарэсбор), княжацкі фальварак для заснавання лагера, а сам з шаснаццацю чалавекамі падаўся ў Пашумер да Вялічкі, павятовага камісара. Хвілі там праведзеныя, як і паход у Трускоўскія лясы, дзе наступіла злучэнне паўстанцкіх аддзелаў Ковенскай губерні, апрача дробных аддзелаў, якія атрымалі загады застацца па паветах для далейшага фармавання, я занатавала, пішучы пра Канстанціна Далеўскага.

Першым на зборнае месца з'явіўся Колышка, які абмінуў умелым маршам два аддзелы маскоўскіх войскаў, за што атрымаў потым пахвалу перад сабранымі камандзірамі.

Узрушальным быў від пры спатканні тых дзвюх жменек людзей у глыбокай пушчы, сярод голых яшчэ дрэў, на зямлі, пакрытай снегам, а мейсцамі вязкай граззю. Радасць біла з вачэй усіх, калі тыя камандзіры сталі адзін перад адным. Колышка сагнуў калена, кладучы зброю да ног Даленгі і прамаўляючы прысягу ісці з ім на жыццё або смерць за Бацькаўшчыну. Гарачыя словы Даленгі, іхнія сардэчныя, братнія абдымкі зэлектрызавалі моладзь, якая з захапленнем віталася, абдымалася.

Пасля размовы з Даленгам Длускі - Ябланоўскі з найлепш узброенай універсітэцкай моладдзю быў пасланы ў бок мора [349]. Астатнія, як: Кушлейка, Цытовіч, Дамброўскі [350], Колышка, кс. Мацкевіч падаліся з Зыгмунтам у бок Тарэсбору для навучання моладзі вайсковай справе.

У лесе пад Генетамі недалёка ад Рогава 6 красавіка Даленга, апавешчаны пра гнаўшаеся за паўстанцамі расейскае войска, арганізаваў засаду. На невялікай палянцы, удачна акружыўшы ворага, нанёс яму паразу, 80 салдатаў палажыў трупамі, маскоўскую кавалерыю загнаў у балота і забраў увесь абоз з боепрыпасамі [351].

Уцякаўшыя маскалі разнеслі вестку пра яго перамогу, што падняло дух у ваколіцах, наводзячы страх на непрыяцеля. Недалёка ад Карсакішак [352] правёў другую пераможную бітву, што яму дазволіла на працягу цэлага тыдня свабодна праводзіць арганізацыю аддзелаў у Кнебях, а потым, падзяліўшыся на тры калоны пад камандаваннем Даленгі, Колышкі і Мацкевіча пусціцца ў далейшы шлях к Біржам, маёнтку Бенедыкта Тышкевіча, дзе ў вядомай яму мясцовасці меў захапіць схаваную вельмі значную партыю зброі.

(Пасля адходу Зыгмунта ведаю, што Ляскоўскі там перамяшчаўся са сваім аддзелам). Даленга ішоў гасцінцам праз мястэчкі і парафіяльныя вёскі: Субач [353], Камаі [354], Солы [355], Скапішкі [356]. Панядэль [357], Панямунь [358] і Попелы [359]. Маскоўскія ўправы ўцякалі. Быў гэта сапраўдны трыумфальны паход. Пасыланыя наперад паўстанцы паведамлялі жыхарам пра надыход аддзела. Узрушаныя натоўпы збіраліся пры касцёлах. Ксяндзы выходзілі з працэсіяй на сустрэчу. Даленга сыходзіў з каня, прымаў дабраславенства каплана, за працэсіяй зайходзіў у касцёл, пацалаваўшы прыступкі алтара, кленчачы з харугвай у руках слухаў набажэнства. Ксёндз Пэжа, лагерны капелан выступаў на амбоне, прамаўляў да люду, у простых выразах тлумачыў мэту паўстання, якой былі шчасце і свабода ўсіх. Пазней спявалі Te Deum. Удзяленне дабраславенства ўсяму аддзелу заканчвала ўрачыстасці. Люд тлумна ціснуўся, дастаўляючы ўсё, што было патрэбна і зносячы харчы. Жанчыны прыводзілі дзятву, каб паглядзела на абаронцаў веры і Бацькаўшчыны.

Набожныя жмудзіны, бачачы паўстанцаў, якія пачыналі справу з Богам, верылі, што справа гэтая святая. У адной з мясцовасцяў Даленга, бачачы старога, які заліваўся слязамі, укленчыў перад ім і прасіў дабраславенства. У Солах вясковая дзетвара атачыла яго, сыплючы яму да ног кветкі "аер", якія ўжываюцца ў касцельных урачыстасцях. Аддзел разрастаўся. Запал быў вялікі. Каб была зброя, можна было фармаваць цэлыя палкі. Большую частку добраахвотнікаў мусіў Даленга адправіць да лепшых часоў, г.зн. да тых, калі зброя будзе.

Меў добрыя надзеі, а прыём людзей падняў яго дух. Былі гэта несумненна найвышэйшыя хвілі ў яго жыцці. Хутка пасля іх мела наступіць пакутніцтва.

Рухаліся да пункта, указанага тром калонам, і чым бліжэй набліжаліся да Курляндыі, тым з непрыязнейшым сустракаліся прыёмам. Двары стаялі пусткамі, латышы, беручы прыклад з паноў, зносячы з сабой прадукты, хаваліся ў лясах, пазней аднак не грамадства курляндскае, а бедны люд дастаўляў прадукты аддзелам. Часта паказвалі няправільныя дарогі, што нечувана вымучвала аддзелы, а Ганецкі, паведамлены спраўнікам Баляславам Сясіцкім (параднёным як праз сваю сям'ю, так і праз сям'ю жонкі Памарнацкай амаль з усёй Ковенскай губерняй) пра рух нашага войска, групаваў сілы для таго, каб перарэзаць нашым войскам дарогу на поўнач.


7 траўня / 24 красавіка [360] ледзве авангард Колышкі пад Латвелямі праз мілю за Біржамі злучыўся ў малым ляску з Даленгам, маскоўскія фарпосты адкрылі агонь. Неўзабаве падышоў маёр Мерлін з дзвюма ротамі, і бітва працягвалася 4 гадзіны. Перад ноччу маскалі адступілі да Мядэйкаў, а Даленга з Колышкам размясціліся ў густой пушчы пад Гудзішкамі [361]. (Пад Латвелямі перамога была на нашым баку). Бітва цягнулася да ночы. Маскалі мелі 65 забітых і 85 параненых. Нашыя страты былі нязначныя. Сволкень, які прывёз рапарт апавядаў пра зацятую бітву, у якой забілі каня пад Зыгмунтам, і ён меў прастрэленую шапку. Апавядаў пра ўзяцце ў палон Мерліна, якога Даленга загадаў выпусціць, гаворачы: "Даю табе свабоду, але памятай, калі ты будзеш панам жыцця палоннага паляка, абыдзіся з ім так высакародна, як сёння з табой паступаем". Паколькі Мерлін не меў зусім пры сабе грошай на дарогу, Зыгмунт даў яму тры рублі на аплату пераезду ў Мядэйкі ці Новааляксандраўск [362]. Чула ў той час крытыкуючых той учынак Зыгмунта - дзівіліся, што не загадаў яго расстраляць. Ніколі з палонным Зыгмунт так не паступіў. Пра абмен на палоннага паляка не магло быць мовы ў партызанскай вайне - з кім і дзе пра тое дамаўляцца?


Назаўтра, г.зн. 8 траўня [363] на два аддзелы Зыгмунта і Колышкі, якія налічвалі да 700 чалавек, ударыла да 3000 маскалёў [364].

Пазіцыя нашая, паводле думкі камандзіраў, была выбрана дасканала. Да 12 ½ гадзін чакалі на ёй. Не бачачы непрыяцеля, войска атрымала загад пакідаць яе. Калі абозы пачалі спускацца з вышыні, раздаліся стрэлы. Былі здраджаны. Зноў завязалася бітва, тым разам страшная. Нашыя касінеры два разы кідаліся ў атаку, два разы сустрэтыя густым градам куль мусілі адступаць. Частка стральцоў пайшла па іх прыкладу. Стаяўшыя бліжэй да палкоўніка Антаневіча ўтрымалі пазіцыю, у іх ліку быў Канстанцін Далеўскі і Ян Жахоўскі. Зыгмунт быў усюды, заахвочваў голасам, падпіраў плячом, заклікаў да мужнасці і бою, але калі Антаневіч упаў і забракла боепрыпасаў, многія са стральцоў схапіліся за косы - праз увесь час бою, да канца быў чуцён адзін голас толькі заклікаючы: "Наперад! Наперад! Каса сёння ўжо нашая адзіная зброя!" Вівульскага з цяжкай ранай вынеслі з поля бітвы.

Апавядаюць, што Зыгмунт на кані, прашыты куляй у бок, загадаў сябе прыпадняць, нягледзячы на цяжкую рану напаўкленчачы, супакойваў атачаўшых яго, заахвочваў да далейшай бітвы, кіраваў ёю [365]. Неба засланілася хмарамі, моцны, пранізлівы вецер нясе снег у вочы. Ваяры адчулі, што гэта хвіля станоўчая, вырашальная для далейшых лёсаў усёй нашай кампаніі, а з ёй і справы.

Пад моцным напорам і націскам касінераў непрыяцель хістаецца. Калі Мацкевіч выканае ў час свой абавязак, непрыяцель, узяты пад агонь з двух бакоў, будзе загнаны ў балота - перамога і гэтым разам застанецца за намі.

Маскоўскія газеты апісвалі, што маскалі адступілі з-за набліжаўшайся ночы, але Даленга бачыў, што адступілі яны пад напорам касінераў, не далі выбіць - утрымаліся на сваіх пазіцыях, нягледзячы на трохкратна мацнейшага ворага. Поле бою ўслана іхнімі трупамі. Як бы нашыя беззбройныя хлопцы цешыліся і трыумфавалі, каб не страшная вестка, што камандзір смяртэльна паранены каля 5½ гадзін. Даленга, прашыты куляй, далей камандаваць не мог, лежачы на мураве прызваў касінераў, якія ў гэты дзень найбольш вызначыліся, дзякаваў ім за мужнасць, здаў камандаванне Ляскоўскаму, развітаўся з атачаўшымі, запэўніваючы, што хутка вернецца.


Пасля адступлення непрыяцельскіх войскаў Даленга пакладзены на возе ў таварыстве верных шараговых і траіх яму найбліжэйшых: ад'ютанта Касакоўскага, камісара Касцялкоўскага і д-ра Траскоўскага пад заслонай ночы быў адвезены ў блізкі фальварак Камароўскіх Скробішкі, размешчаны ў глыбокай пушчы.

Дворык быў зусім пусты. Пасля агляду раны Зыгмунт, калі застаўся адзін, не заснуў, нягледзячы на стому і цяжкія раны, але піша - запаўняе алоўкам кніжачку. Быў там пераказ усёй яго дзейнасці на Літве, апісанне і прычыны Біржанскай паразы, думкі яго пра паўстанне і ўсю дзейнасць на Літве, сардэчныя словы развітання для краю з нязломнай верай у лепшую будучыню.

Недалёка ад Скробішак камісар Юзаф Касцялкоўскі меў роднага брата Ільдэфонса, да яго паслаў па воз і коней для параненага камандзіра, калі адмовілі, паехаў сам і сілай іх забраў. Не ведаю, пад уплывам якіх пачуццяў няшчасная жонка Ільдэфонса Касцялкоўскага падалася да мясцовага спраўніка Баляславя Сясіцкага і расказала яму ў хвілю, калі там быў Ганецкі, пра месца знаходжання Даленгі. Каля восьмай прыбыў воз. Яраслаў Касакоўскі, калі ўвайшоўшы ў пакой застаў Зыгмунта спячым, праняты літасцю, стаяў з паўгадзіны, чакаючы, каб сам прачнуўся. Так, Зыгмунт прачнуўся, але ў той час, калі маскалі акружылі двор.

Паведамлены жонкай Ільдэфонса Касцялкоўскага, дзе знайходзіцца Даленга, Ганецкі выслаў Вангаса ў Скробішкі, адкуль вязняў у колькасці дзесяці чалавек перавезлі ў штаб, які размяшчаўся ў Мядэйках.

Хлуслівае апісанне Цылава, як роўна і аўтара "Гісторыі двух гадоў", сцэн і размоў, якія вялі маскалі з Зыгмунтам у Скробішках, у Мядэйках і па дарозе ў Вільню. Зыгмунт меў патрушчаныя рэбры, сядзець, крычаць і дыспутаваць не мог, не быў у стане з-за гарачкі і стану непрытомнасці. Везлі яго ў Вільню ноччу. Ранены пад Гудзішкамі 26 красавіка/8 траўня. У бітве пад Шнуркішкамі [366] 9 траўня, калі падышоў кс. Мацкевіч, Зыгмунт ужо не быў (нават Цылаў гэта пацвярджае); у лісце, напісаным мне з вязніцы пытаўся мяне пра тое, ці кс. Антоні - з Ігнасем?

Быў прывезены ў Вільню ранішнім экспрэсам 11 траўня/29 красавіка. Вільня ўжо ведала пра паразу, натоўпы маліліся ў Вострай браме, вязняў везлі не праз горад, а вакольнай дарогай у шпіталь св. Якуба.

Ганецкі пасля бітвы пад Шнуркішкамі 9 траўня/27 красавіка з вязнямі ў колькасці 40 чалавек і з параненымі расейцамі прыбыў 12 траўня, увайшоў праз Вострую браму з музыкай, але ніякіх польскіх штандараў не было. І гэтым разам вязняў везлі акольнай дарогай. Параненых расейцаў было больш, чым нашых. На наступны дзень хавалі з вялікай пышнасцю нейкага забітага маскоўскага палкоўніка.

Хлуснёй ёсць роўна і тое, што гаворыць Ганецкі, што бачыў праз акенца вязніцы Зыгмунта, які сядзеў пры акне. Няшчасны не мог паварушыцца. Гарачка не адступала на працягу некалькіх тыдяў. Каб мог хадзіць, выкралі б яго з вязніцы, што было б справай няцяжкай пры вялікай сімпатыі да вязня ўсяго шпітальнага кіраўніцтва, дактароў (і ў расійскіх колах, паколькі па задумцы Назімава і Вяткіна выдзелілі памяшканне для параненага ўнізе для аблягчэння яму ўцёкаў) [367]. Нават пры Мураўёве палкавыя дактары Маеўскі, Гарадкоў і асабісты лекар Мураўёва Фавелін, а таксама салдаты абслугі шпіталя былі адданыя Зыгмунту, менавіта пры пасярэдніцтве вышэй названых вялася перапіска з вязнем.

Пасля першай аперацыі рана здавалася блізкай да загаення, але дзіўна балела, пасля даследвання аказалася, што другое рабро было раструшчана, костка выходзіла часткамі пры пастаяннай гарачцы, асабліва начамі, таму ўсе праекты віленцаў па выратаванні параненага адпадалі, на іх і сам Зыгмунт не згаджаўся [368].

Пасля кожнай ночы, праведзенай у моцнай гарачцы, калі пад раніцу змучаны засынаў, з'яўляўся нехта адзін або некалькі з Камісіі, будзілі яго пад выглядам клопату пра здароўе і пачыналі допыт, заўсёды ў форме гутаркм. Гэта ўсё было для параненага вязня сапраўдным катаваннем. Колькі самавалодання, колькі сілы патрабавалася няшчаснаму, каб не кінуць у гарачцы нейкага выразу, які зможа зашкодзіць справе або людзям, якія стаяць ля стырна ў Каралеўстве, у Вільні або ў Пецярбургу, а якраз таго і чакалі. Найнікчэмней, найбольш па-здрадніцку паступіў князь Шахаўской, калега [з] універсітэта і акадэміі - прапагандыст у сваёй супольнасці прынцыпаў вольнасцевых, канстутыцыйных.

На аснове словаў Зыгмунта (калі прыйшоў яго адведаць , як калега, прыяцель) - "Калі б хацеў, мог бы ўцячы з вязніцы - больш табе нічога не скажу", Шахаўской прызнаў за неабходнае паставіць па загадзе свайго дзядзі [369] шэсць салдат у пакоі, дзе быў Зыгмунт і столькі ж на лесвіцы.


Змяшчаю некалькі лісткоў, ацалелых з часоў мураўёўскіх праверак:

"Вайсковы лекар Гарадкоў з Пецярбурга, мой ардынатар, што раз больш асвойваецца з маскоўскімі пагрозамі. Сёння вельмі добра выступаў, гаворачы пра імператара, пра сітуацыю ў Расіі. Калі б перарвалася перапіска, маю дзвюх пасланак, родных сясцёр, Адна з іх у шпіталі "кашталянка", мужам адной з іх ёсці Мачульскі, прыстаўлены пры шпіталі.

Чуў сёння ад Прыгожага[370], ягамосць імператар вельмі клапатліва і няблага, г.зн, без закідаў хлусні распытваўся пра маё здароўе і раны".


"Анёле! быў у мяне сёння зноў Шах[аўской] з даручэнне Мур[аўёва].

(Найперш, каб не забыць - напісаў цераз яго да цябе лісток, просячы пашукаць маю запіску "Польского вопроса"[371]. Шах[оўскі]: абяцаў што сам у цябе будзе сёння або заўтра. Трэба, каб аднак у цябе нічога болей не было, менавіта лістоў маіх. (Мур[аўёў] хоча мець гэтую запіску). Трэба будзе паслаць каго-небудзь у Пецяр[бург]. Даў адну Міл[юціну], трэба ўзяць ад яго і пасля гэтага пашлеш Шах[оўскаму].

Найперш паведаміў мне Шах[аўской], што ўчора і пазаўчора траіх расстралялі . Двух ксяндзоў і абывацеля (толькі не трывожся. (Ці ж смерць страшная?). Потым, што Мур[аўёў] мае вялікую ахвоту і мяне, як найхутчэй расстраляць, хоць бы хворага.

Учора рана разлютаваўся супраць мяне - вечарам прызваў Шах[аўскога] і сказаў яму ехаць да мяне з настпнымі прапановамі: "Si Mr. Serakowski aime son pays, s`il veut conjurer le malheur, le carnage, qui ruine de meme la Pologne que la Russie, qu`il ecrit ce memoire sur la situation du pays, sur ce qu`il y a faire. Je lirai ce memoire et je l`enverrai a l`empereur"[372](Шах[аўской] дадаў: тады пераканаўся, што Веляпольскі - здраднік, што і кс. Канстанцін [слова нечытэльнае] не шчыры)".


Да Тэклі Далеўскай.

"1) Мая дарагая! мушу шпіёніць за маім анёлкам, скажы мне, ці яна сапраўды досыць здаровая і моцная? скажы праўду!

2) Ці ведае яна, што трэба быць вельмі асцярожнай, асабліва ў стасунках з Міл[юціным] і з Нітх[елем] (Мілюцін і Нітхель пры ангельскім пасольстве (сакратар), іначай могуць яе затрымаць, а гэта было б фатальна. Калі думаеш, што яна не досыць памятае пра гэта (можа заўтра хто паедзе), трэба было б ёй напомніць.

3) Маё здароўе, як звыкла. На ноч гарачка ўзмацняецца, трызню, зноў прытомнасць і г.д. Найлепш мне па паўдні, паміж трэцяй і шостай.

4) Трэцяя костка з крыжа зламана, выходзіць часткова. Спрабаваў аднак сёння хадзіць, вельмі цяжка.

5) Поля пісала, што дзеці[373]мае жмудскія сумуюць па мне. Дзе яны цяпер знаходзяцца? Напішы, калі можаш, дзе Ігнась?[374], ці здаровы? Толькі памятай, агульнымі фразамі. Ці Антась[375]з ім?"

9/12 чэрвеня (ў Аддзел).

"Mes chers amis!

1) Soyez bien sur vos garde - (le Szuwaloff cidevant chef de la 3 eme section est a Vilna, je crois qu`il fait la haute police.

2) On voulait faire l`incision mardi - j`ai prie qu`on at-tende jeudi. Aujord`hui dr Lachowicz etait avec les medecins mil[itares] fon a Azour`e qu`encore nous est prise, je marche a presente la tete en arriere avec grande douleur et difficulte - je ne peux meme me representer estce je pourvais descendre une montagne, ou un escalier - mal avoir des or brises.

Qu`est ce que vous appelez maison d`Ignace? 16 roubels a fait 1500 kopiejki, n`estce pas? Un homme veut un capesk. Je vous embrasse et vos enfantes, que Dieu vous les garde.

Jeudi il faudra faire l`incision je ne pourrai bouger au moins une semaine"[376].


На наступны дзень г.зн. 10/22 чэрвеня праведзена цяжкая аперацыя. Ляховіч знайшоў трэцюю патрушчаную костку - дастаў часткі

Таму тры дні не было вестак са шпіталя. Сям'я лічыла гэтае маўчанне за неабходнасць для хворага пазбягаць ўсякага руху і ўзрушанняў, а тым часам там рабіліся рэчы жудасныя, дзікія. Праз два дні, г.зн. 24 чэрвеня з'ехалася камісія. Разлічвалі, што знясілены, збалелы вязень страціць сілу волі, прытомнасць думкі, самавалоданне і будзе вымушаны ў канцы сазнацца, "якія галоўныя асобы кіруюць усім паўстаннем у Каралеўстве і на Літве?" Дзве гадзіны мучылі няшчаснага, у канцы падняты абурэннем закрычаў:

- Дамагаюся суда яўнага і адваката! Нічога не ведаю, але хоць бы і ведаў, то вам не скажу.

Вестка пра тыя здзекі над вязнем і пра сказаныя ім словы на наступны дзень разышлася па ўсім горадзе. Толькі зняволеная жонка нічога пра тое не ведала.

У пятніцу 26/14 чэрвеня паведамілі мне, што а восьмай па паўдні прыедзе паліцмайстар, палкоўнік Эслінгер (давераны Мураўёва) забраць мяне для спаткання з мужам.

Усю дарогу думала пра самавалоданне, пра ўстрыманне ад слёз, каб слязьмі і пакутамі сваімі не пабольшыць яго цяжкай долі, не пагоршыць стану здароўя.

Пры ложку хворага стаяў стол, за якім сядзеў камендант Вяткін і нейкія чальцы камісіі: каля дзвярэй шэсць жаўнераў і столькі ж пры дзвярах у калідоры.

Далі чвэрць гадзіны. З гэтай кароткай чвэрці засталіся ў маёй памяці, запаўшыя на ўсё доўгае цяжкае жыццё, бязмежная змучанасць на твары каханага чалавека - лоб, далоні і шчокі палалі агнём - толькі вочы яснелі шчасцем і вусны радасна ўсміхаліся.

Пры прывітанні, пры першых словах не звяртаў увагі на прысутнасць непрыяцеляў. Здавалася, што іх не бачыць, не ведае пра іх.

Я ўкленчыла пры ложку.

- Польцю, сказаў паўголасам, - учора я падпісаў сабе вырак смерці словамі: "Нічога не ведаю, але хоць бы і ведаў, то вам не скажу".

Што са мной сталася, не ведаю - апошнія словы, якія яшчэ чула, былі:

- Божа! Цябе не падрыхтавалі, цябе не папярэдзілі, што гэта наша апошняе спатканне.

Калі вярнулася да мяне прытомнасць, запэўнілі мяне, што заўтра рана і з таго часу штодзень будзем бачыцца. Вяткін правёў мяне і тое ж самае паўтараў, стоячы каля дрожак.

Доктар Фавелін іначай апавядаў у Пецярбургу тую хвілю. Як бы на словы Зыгмунта пра падпісанне выраку смерці жонка сарвалася з калень, каб прыхіліць галаву да ног пакутніка - сіл не стала - упала самлеўшая. Ці так было? Не ведаю. Памятаю толькі апошнія чутыя словы і што мне гаварылі пасля вяртання прытомнасці.

Вярнулася дадому. Прасядзела цэлую ноч без святла, чакаючы раніцы, каб у любую хвілю быць гатовай ехаць у вязніцу Зыгмунта, калі па мяне прыедуць. Заўтра буду іншай, не засмучу яго недахопам сілы волі і самавалодання.

Шэры, імглісты ранак завітаў нарэшце, а першым гукам будзіўшагася да жыцця горада было глухое буханне на ратушавым пляцы, проста перад маімі вокнамі. Ведала, што гэта магло абазначаць - малілася за таго, які сёння меў расстацца з жыццём [377].

Каля дзявятай з'явіўся Эслінгер. Выбягаю ўжо апранутая для выезду.

- Прыйшоў па загаду генерал-губернатара Мураўёва паведаміць, што н[айяснейшы] п[ан] найміласціва вяртаў мужа пані да сваіх ласк і да чыноў, падтрымкі і становішча пры ўмовах даведзеных г[енерал]-г[убернатарам] Мураўёвым, каб назваў прозвішчы асоб, якія належаць да Нацыянальнага ўрада. Муж пані адапхнуў найвышэйшую ласку, не назваў жаданых прозвішчаў і за гэта ў тую хвілю, калі гавару, гіне нізкай смерцю на шыбеніцы.


Карэспандэнцыя з Вільні ў кракаўскі "Час" у 1863 годзе.

"Ад раніцы злавесны бубен абвяшчаў гораду новую ахвяру для Масквы, новага пакутніка свабоды. Па дзявятай Серакоўскі атачоны натоўпамі войска з адкрытай галавой, стоячы ў дрожках, абапёрты на плечы ксендза і шпітальнага слугі, нягледзячы на пакуту ад незагоенай раны, са звыклай свабодай на твары, вітаў люд, які ціснуўся пры дарозе. Пасля прыбыцця на пляц даступіўся да яго яшчэ раз нейкі агент Мураўёва і перад шыбеніцай ад імя цара абяцаў поўнае прабачэнне, размяшчэнне пры боку цара і казачны лёс, каб толькі выдаў галоўныя спрунжыны ўраду ў Варшаве і на Літве.

Серакоўскі адказваў гучным смехам і словамі: "Каб твой цар карону мне сваю на галаву ўзлажыў, нічога не даведаецца, жыццё мне забярэ, але подлым не зробіць!"

Прачыталі дэкрэт. Серакоўскі адмовіўся яшчэ раз. Развітаўся з капланам, упаў на зямлю, пацалаваў яе ў апошні раз.

Кат падышоў - Серакоўскі скінуў накінутую на яго кашулю, бо хацеў, каб да астатняй хвілі толькі сіла яго перамагла, хацеў тым пратэставаць супраць гвалтавання ўсякіх правоў.

Забойцы пацягнулі яго да шыбеніцы. Апошнія яго словы былі: "Ойча, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі".

Каплан перажагнаў ужо вісячага.

Герой Літвы ўжо не жыў".


Змяшчаю яшчэ адзін лісток [378] з вязніцы:

"Да пабачэння. Памятай, гавары Мілюціну і Нітчалу (сакратару пры англійскім пасольстве) не толькі пра мяне, але пра тое, што некалькі соцень чалавек знаходзяцца ў падобным, як я, становішчы. Вераснёўскі, паручнік-інжынер, брат Альфа (слугі Веляпольскага), які прыбыў у наш аддзел у палове красавіка, завяраў, што ён - сто дзявяты афіцэр, які выехаў з Пецярбурга, тое ж самае было і з Масквы, і з іншых мейсц. Заб'юць мяне - але ці ж годна, каб усіх забівалі? Гэта ж будзе горш, чым massacre de la Syrie[379]. Скажы М[ілюціну] і Н[ітчалу], што кроў тая ўпадзе раней ці пазней на іхнія галовы або на дзяцей іх. Вераснёўскі гаварыў, што калі ён і яго калегі падавалі ў адстаўку, сказана ім адкрыта: "З адстаўкай ці без адстаўкі - будзеце расстраляны".


(4 ліпеня № 149) [380].

Карэспандэнцыя з Варшавы дня 30 чэрвеня 1863 года ў кракаўскі "Час".

"Дня 27 чэрвеня ў Вільні, Мураўёў загадаў замардаваць на шыбеніцы Зыгмунта Серакоўскага, вядомага кіраўніка паўстання на Жмудзі пад прозвішчам Даленгі. Серакоўскі быў паранены куляй у пазваночную косць, таму не мог ні хадзіць, ні сядзець, то везлі яго і на эшафот узнеслі яго салдаты і знізу на гару на вяроўцы цягнулі: быў гэта жудасны, уражвальны від. Гэтая шляхетная і разумная галава на дзень цэлы ў пятлі павешаная, застанецца ў памяці народа на вякі. Напярэдадні экзекуцыі, на чвэрць гадзіны маладой яго жонцы, якую ўзяў у мінулым годзе, дазволілі адведаць яго, ляжаў у ложку і быў у пастаяннай гарачцы з-за цяжкай хваробы.

Серакоўскі родам з Валыні, з вядомай і шанаванай сям'і: прыгавораны ў маладым веку за патрыятызм да арыштанцкіх ротаў, даслужыўся там да рангу афіцэра. Убачыў у ім вялікія здольнасці, такт і высокую вывучку генерал Пяроўскі - губернатар, і яму дазволілі падацца ў Пецяр [бург] у вайсковую акадэмію. У Пецярбургу паўсюль звяртаў на сябе ўвагу, навучэнцы вайсковай акадэміі лічылі яго за свайго лідара і рэальна быў лідарам у свеце ідэй вольных і прагрэсіўных. Ён зрабіў з вайсковай акадэміі школу шляхетных і вольнадумных людзей у Расіі; ён праз іх больш за Герцана ўплываў на афіцэраў і расійскую армію ў ліберальным кірунку. З другога боку заставаўся ў пастаянных стасунках з польскай эміграцыяй і з родным краем, у якім таксама не раз браў ініцыятыву ў кірунку нацыянальнай працы, якая вядзе да незалежнасці. Ведаў пра ўсё, што робіцца ў краі і добрай парадай уплываў на намаганні патрыётаў. У Пецярбургу да канца быў як бы прарокам для светлых і вольнадумных людзей.

Пасля выпуску з акадэміі як афіцэр Генеральнага штаба застаўся ў Ваенным міністэрстве, дзе неўзабаве пры міністры Мілюціне стаў адной з найбольш значных і ўплывовых фігур. Па яго парадах і ініцыятыве міністр правёў у арміі не адну рэформу. (Асабліва падтрымліваў с[ветлай] п[амяці] Серакоўскі рэформу ў расійскім вайсковым дысцыплінарным праве, намагаючыся правесці адмену ў тым войску цялесных пакаранняў, падтрымліваў гэта прадстаўленнямі зробленымі ў Ваеннае міністэрства, калі два разы быў пасланы ўрадам у Аўстрыю, Прусію, Францыю і Англію для вывучэння вайсковага дысцыплінарнага правапрымянення і вайсковых вязніц. Чулі ад яго, аднак, не раз, як гаварыў, што, калі адменяць палачную дысцыпліну ў расійскім войску, то маскоўскі салдат перастане быць быдлячынай і не будзе сляпой зброяй дэспатызму, і будзе можна з яго нешта зрабіць для справы свабоды.) Пасылалі яго некалькі разоў за мяжу, дзе пазнаёміўся з многімі знакамітымі вайскоўцамі ў Францыі і ў Італіі. Гарыбальдзі прасіў, каб застаўся пры ім начальнікам яго штаба, таму што ўсе бачылі ў ім вялікія вайсковыя здольнасці і велізарныя веды. Яго прадстаўленні, яго старанні і праекты ўплывалі на рэформу вайсковых дысцыплінарных асноў у Расіі, яго праекты, яго праца прывялі да адмены цялесных пакаранняў у расійскім войску. Быў гэта чалавек, які калі за нешта браўся, мусіў гэтага дабіцца, таму датуль грукаўся ў Пецярбургу, датуль укладаў у вушы міністру патрэбу адмены цялесных пакаранняў, пакуль той нарэшце не ўзяўся гэта праводзіць. Але свайго дабрадзея расейскія салдаты ў Вільні павесілі. Павесілі чалавека, у якім пачуцці і паняцці чалавечнасці вялі яго дарогай справядлівасці. Паляк, якіх мала, любіў больш за ўсё край і яго незадлежнасць, не перашкаджала яму гэта аднак імкнуцца да справядлівага ў Расіі прагрэсу, да дабрачыннасці, асветы і ачалавечвання нават непрыяцеляў Бацькаўшчыны. Прыгожае гэта жыццё: у польскай гісторыі як ваяр і пакутнік заняў не простае месца", а ў гісторыі свабоды ў Расіі, якая толькі нараджаецца, будзе згадваны як чалавек найбольш карысны.

Згодны з прынцыпамі Цэнтральнага Камітэта падтрымліваў яго праграму, у якой бачыў ідэю агульнанацыянальную і вышэйшую за ўсе дэмакратычныя ідэі. Паўстанне лічыў заўчасным, аднак, як толькі сталася яно фактам, кінуў Пецярбург, кінуў званне расійскага палкоўніка і вялікую кар'еру, якая яго там чакала і паспяшаўся ў Вільню, адкуль паехаў на Жмудзь, як вайсковы начальнік Ковенскага ваяводства. Не буду паўтараць баёў, якія правёў, перамог, якія атрымаў, скажу толькі, што ён высока падняў жмудскае паўстанне, што ён быў надзеяй усёй Літвы, што ў ім прадбачылі знакамітага камандзіра часткі будучай польскай арміі.

Зайздросны лёс забраў ад нас залішне рана гэтага чалавека; цяжка паранены, з абывацельскага дома ўзяты дзікім ворагам, скончыў прыгожае і карыснае сваё жыццё на шыбеніцы, на якой бандыт Мураўёў, выконваючы дадзеныя сабе інструкцыі, нягледзячы на званне расійскага падпалкоўніка, павесіў яго.

Серакоўскі меў характар адкрыты, шчыры, станоўчы, цалкам жаўнерскі. Любіў прыяцеля ўсёй душой, для непрыяцеля, як кожны польскі жаўнер, умеў быць хрысціянінам, у жыцці прыватным быў без плямы. Захоплівала яго ўсё, што было прыгожым і ўзнёслым і смела выражаў сваю думку перад маскалямі. У песнях напэўна апяюць не адзін чын яго жыцця і памяць пра гэтага знакамітага чалавека і пакутніка застанецца надоўга ў народзе".

У лістку, перасланым перад аперацыяй у Аддзел піша: "Хацеў бы вас у хвілю смерці маёй бачыць у апошні раз. Я вас вельмі люблю!

А ты, мой Анёле, ці будзеш мець моц, сілу хоць з далёку - поглядам развітацца са мной, стаячым пад шыбеніцай?!

Ваш - твой Зыгм[унт]".

Кароткія нататкі з [18]63 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства на Літве

Ад падзелу Польшчы на Літве намаганні вызвалення ад маскоўскага гвалту не спыняліся ніколі, і Братні звяз, заснаваны Францішкам і Аляксандрам Далеўскімі ў 1846 [годзе] быў далейшым працягам тых намаганняў толькі не цераз паўстанне, але мірным шляхам, для пераадолення тых перашкод, якія ў папярэдніх паўстаннях былі прычынай няўдач і сталі перашкодай для здабыцця свабоды.

Праца сяброў Звязу, нягледзячычы на зняволенні, Сібір і пастаянныя пераследы не спынілася, наадварот, тая ж самая моладзь праз жыццё і яшчэ больш цеснае ўнікненне ў патрэбы краю, яшчэ больш асэнсавана рухалася да мэты дарогай праўды, справядлівасці і безупыннай напружанай працы, пашыраючы шляхетныя прынцыпы і думкі для з'яднання і павышэння маральнасці ўсіх пластоў грамадства.

Узрушаныя гарачымі патрыятычнымі пачуццямі не змаглі ўтрымацца ў акрэсленых межах. Падзеі ў Еўропе ў 1848 годзе страсянулі моладзь, асабліва рамесніцкую, якая нягледзячы на апазіцыю кіраўнікоў вызначыла паўстанне на дзень рэзурэкцыі ў надзеі, што пры натоўпах, якія заліваюць у той дзень вуліцы горада, лягчэй ім будзе выканаць намер захопу зброі з арсенала.

Адзін з рамеснікаў здрадзіў. Пачаліся арышты. Праз два тыдні Далеўскія былі зняволены з-за ліста, знойдзенагга ў студэнта Харкаўскага ўніверсітэта.

Многія з сяброў Звязу, якія былі ў непасрэдных стасунках з Далеўскімі, ацалелі і вялі далей распачатую працу. Праз год пасля вывазу Далеўскіх у Сібір, г.зн. у 1851 годзе, калегі іхнія Леапольд Савіцкі і Леапольд Маткевіч ствараюць у Маскве студэнцкую арганізацыю паводле праграмы, складзенай Далеўскімі. Студэнты ў довад прызнання дэлегуюць Сатурніна Якубоўскага для ўручэння ад іхняга імя пярсцёнка Маткевічу.

Рамуальд Кабецкі, караім з Трокаў, апрача ўплыву на сваіх субраццяў пахвальна дзейнічаў са Станіславам Калкоўскім у Адэскім ліцэі [381].

У Дэрпце Браніслаў Залескі, Лапацінскі, Антаневіч, Мітарноўскі, які быў там гадоў з восем для нагляду за заснаванай арганізацыяй. Адным словам, дзе толькі магла зграмадзіцца жменька інтэлегентнай моладзі, яе ўплыў пашыраўся на атачэнне.

У Пецярбургу Серакоўскі з колам моладзі, паўсталым пад яго ўплывам, мае перад сабой задачу цяжкую для выканання, тут іншыя ўмовы і іншая супольнасць, выгадаваная пад уплывам нігілізму, пагарды і плявання на сваё грамадства, дзе атрыманне ведаў ёсць толькі сродкам для здабыцця магчымасці ўжывання пажадлівых інстынктаў і сілы для прыгнечання слабейшых.

Перамагаючы нігілізм і яго ўплывы пры што раз павялічваным коле людзей добрай волі, прышчапляючы сярод расейскага грамадства: веру ў вышэйшую мэту жыцця; надзею на вызваленне ад сілаў, якія стрымліваюць рух да свабоды духу і побыту; любоў і справядлівасць да слабых і прыгнечаных.

Серакоўскі першы групуе вакол сябе, арганізуе, уплыў яго невымерны. З хвілі, калі яго не стала, роўна кола польскае і расейскае ў 1848 годзе разбіліся, але калегі-расейцы, бліжэйшыя да яго (ведаю гэта з іх уласных вуснаў) не перастаюць працаваць.

Зыгмунт вяртаецца з Арэнбурга з праграмай шырокай, вялікай, якая далёка сягае. Мэтай яе ёсць аўтаномія ў Польшчы праз наданне канстытуцыі ва ўсёй Расійскай дзяржаве. Палякі павінны працаваць для Польшчы, расійцы - для дабра Расіі, узаемная дапамога. падтрымка і добрая рада. Пасля Крымскай вайны настаюць часы рэформ. Тыя людзі добрай волі займаюць ужо ў той час высокія ўплывовыя пасады, яны падтрымліваюць спраектаваныя Серакоўскім рэформы. Кола іх пашыраецца, прыходзіць вера ў лепшую будучыню. З палякаў, якія супрацоўнічалі з Серакоўскім. былі: Агрызка, Балтазар Каліноўскі, Спасовіч, Нарымскі, Баршчоў, д-р Залеўскі, д-р Казлоўскі. Апоцкі, Рымовіч і г.д. Большасць з іх пасля выбуху паўстання гіне або пакутуе з братамі ў краі. (Пагаднення ў тыя часы не было, узнікла яно пазней, у 1866-67 годзе).

Па літоўскіх вёсках і гарадах вядзецца паўсюль ціхая, мурашкавая праца. Большы рух з'яўляецца пасля вяртання выгнанцаў з Сібіры і арыштанцкіх рот. Аляксандр Далеўскі ў гэты час вярнуўся з Сібіры. Аляксандр Далеўскі разбуджае на Літве яшчэ большы рух, групуе адзіночак, заахвочвае да грамадскай працы. Дамаўляецца з паняй Бучынскай, заахвочвае яе да паездкі ў Варшаву для знаёмства з тымі, хто працуе там па заснаванні школак, ахоў, прытулкаў і г.д. Пані Бучынская пры дапамозе кс. Шулейкі арганізуе колка работніц у грамадскай справе на Літве. Найбольшай дапамогай у намаганнях Аляксандра былі: Альфрэд Ромер і Вінцэнты Рудаміна. Сярод шляхты перадавыя ў працы: Ромеры, жонка Ендрэя Снядэцкага. Напалеон Яленскі, Людвік Яленскі, Козелы, Клімаскія, Лапацінскія, Вагнер, Ян Тышкевіч, Эміль Аскерка і шмат - шмат іншых. Моладзь, якая мысліла больш сур'ёзна, будзіла да практычных дзеянняў бацькоў сваіх і ўсю супольнасць.

Аляксандр не адпачывае пасля вяртання з катаргі, гуртуе, злучае, звязвае раскіданыя вузлы Братняга звязу. Маршалкі ў апошнія месяцы 1857 г. склікаюць шляхту (найчыннейшым тут быў Ян Тышкевіч, звязаны цесным сяброўствам з абодвума Далеўскімі).

На сумеснай нарадзе ўхваляюць неабходнасць стварэння губернскіх камітэтаў [382] з мэтай падрыхтоўкі праектаў дзейнасці. На сесіях абмяркоўваюць, радзяцца. Большасць шляхты за вызваленне сялян. Губернатары ствараюць цяжкасці, нягледзячы на гэта шляхта на Літве пастанаўляе адмяніць прыгон на падставе чаканага царскага рэскрыпту, праводзіць рэформу нічым не бянтэжачыся. Натуральна, знайходзяцца асобы, якія апанаваны і кіруюцца эгаістычным інтарэсам, аднак пад націскам думкі ў Краі, ужо моцна пашыранай, лічацца з агулам, які жадае падаць просьбу да імператара пра адмену прыгону і вызваленне сялян.


У палове 1858 і [1859] годзе настаюць часы небывалага шалу на Літве. Пецярбург гаворыць пра рэформы. Верыць у іх. І Літва па яго прыкладзе радуецца, як бы ў дзень досвітку шчаслівых часоў. Верыць у магчымасць жыцця пад скіпетрам найшляхетнейшага з цароў, Аляксандра ІІ. Паўстаюць шматлікія праекты выказвання яму сваёй лаяльнасці. Губ[ернатар] Назімаў падае свой праект прыняцця яго свецкім балем. Літва згаджаецца, але пад уплывам найвыбітнейшых у краі асобаў, а менавіта выгнанцаў (менш легкаверных) дадае ад сябе намер падання адрасу з выдзяленнем найпільнейшых патрэб, менавіта вызваленне сялян, увядзенне ў пачатковых школах выкладання польскай мовы або той, якой размаўляе мясцовая люднасць, рэлігійная талеранцыя і ўніверсітэт у Вільні.

Апрача балю хоча выдаць яшчэ альбом на памяць пра яго знаходжанне [383]. Стары Адынец, напэўна страціўшы розум, піша свой "Ойча наш" [384], у якім называе цара дзедзічам Ягелонаў. Горад падстройваецца, асвяжаецца, малююць транспаранты, двухгаловых арлоў і г.д.

Назімаў на вестку пра праектаваны адрас забараняе шляхце прыезд у Вільню ў час побыту цара. Маршалкі, карыстаючыся належнымі ім правамі, збіраюцца ў Дамейкі, марш[алка] віленскага, для паразумення, што рабіць з адрасам. Найчыннейшымі са шляхты ў той справе былі: Ян Тышкевіч і Ромеры. Дамейка дае слова. што сам яго ўручыць імператару. Але ў пярэдадзень яго прыезду Дамейку знайсці не могуць. Занепакоеныя маршалкі спяшаюцца да ковенскага губернатара Хамінскага, пра якога былі добрыя водгукі. Той ім сказаў шчыра, што Дамейка адначасова даў шляхце слова, што сам адрас падасць, а Назімаву, што зусім не будзе пададзены.

У хвілю агульнага абурэння Ромер вымаўляе памятныя словы: "Урад робіць вялікую памылку, адкідваючы шчыры зварот літоўскай шляхты, якая прадстаўляе неабходныя патрэбы Краю, задавальненне якіх ёсць адзіны сродак забеспячэння шчасця і спакою народа. Паколькі ўрад нас адпіхвае, мы не бяром на сябе адказнасці за наступствы. Выканаем наш абавязак. Нягледзячы ні на што, верым, што народ наш жыве і жыць будзе!"

Ромер прамовіў ад імя кола маршалкаў, якія рэпрэзентавалі Край. Маршалкі падалі адрас [385] адрэдагаваны, па зместу вельмі сціплы, просячы толькі ўніверсітэт, аднак цар прыняў іх словамі, якія абурылі ўсю Літву: "Скажыце шляхце, што я ёю вельмі незадаволены. Няхай яна памятае і Еўропа, што гэта не Польшча!"

Словы гэтыя ўпалі на Літву ў хвілі веры большасці Краю ў дабрыню і справядлівасць Аляксандра ІІ.


У той час Францішак Далеўскі ўжо вярнуўся з Сібіры. Аляксандр быў тут ужо некалькі гадоў. Сабраныя маршалкі, з якіх многа дзесяць гадоў назад яшчэ маладзёнамі належалі да Братняга звязу, на зборы шляхты ў Яна Тышкевіча паразумеліся з Далеўскімі і запрасілі іх на больш шматлікія з'езды ў Ковенскай, у Менскай і Віленскай губернях. Там Францішак прадстаўляе сабраным будучы план дзеянняў, абапёрты на сістэму колаў і колкаў, які можна прымяніць роўна як па вёсках, так і па гарадах. На пачатак кожная губ[ерня] ставіла на чале сябе двух наўплывовейшых чалавек, якія б пастаянна паміж сабой раіліся пры кіраванні губерняй, а ў кожным павеце па два найбольш вядомых і на якіх цалкам можна было б разлічваць, бо праз іх якраз мелі быць прышчэплены прынцыпы і меркаванні. Гарады арганізуюцца стасоўна да ўмоваў жыцця людзей, якія іх насяляюць.

Першым найпільнейшым заданнем арганізацыі было:

1) Справядлівае і хуткае развязанне сялянскай праблемы (не можа быць поўнага паразумення і ўплыву на чалавека ў няволі).

2) Земляробчае таварыства на ўзор Каралеўства Польс[кага] з мэтай пад'ёму земляробства, а таксама для лягчэйшага ўзаемапаразумення.

3) Крэдытнае таварыства.

4) Школкі. (Тут кожны грамадзянін быў абавязаны выбраць у сваёй вёсцы найздольнейшага хлопца з сумленнай сям'і і прыслаць яго ў горад. Абавязкам гарадской арганізацыі было памясціць яго да вядомага сумленнем і польскімі прынцыпамі рамесніка, а моладзі прысвяціць свае вольныя хвілі на навучанне вясковай дзетвары; рамяству вучыліся б у таго ж рамесніка).

Гэтым спосабам праз кароткі час вёскі нашы мелі б у сваім коле патрэбных рамеснікаў, а разам і настаўнікаў, калі не яўных то тайных, а што найважней людзей сумленных прынцыпаў.

Гэтая праца не павінна была ніколі перапыняцца. Вынікі яе на Літве праявіліся ў час паўстання і ў адносінах да яго нашых мужыкоў і пры першых выбарах у Думу [386] ў адказе таго ж літоўскага хлопца: "Не зямлі больш, а ваш розум нам патрэбны".

Думку сумеснай няспыннай працы падаў Фра[нцішак] Дал[еўскі], але Край наш любімы быў яе выканаўцам. У хуткім часе ўся Літва арганізавалася, а бачачы неабходнасць пастаяннага паразумення па прапанове Францішка ўстанавіла Цэнтральны Камітэт [387], які складаўся з Францішка Далеўскага (Аляксандр ужо памёр), Антонія Яленскага. Аляксандра Аскеркі, Ігнацыя Лапацінскага і Аскара Вагнера. Край ажывіўся, цешыўся надзеяй працы, хоць павольнай, але карыснай. Арганізоўваўся, выбіраў людзей даверу - колы і колкі пашыралі маральнасць, лад, ашчаднасць, устрыманасць, веды і працу. Мэта - свабодаБацькаўшчыны. Каб дайсці вынікова да гэтай мэты, утрымаць грамадства ад змоваў і заўчасных паўстанняў.

Акрамя мірнай працы, палітычная агітацыя пастаянна ўзрастала. З некаторых універсітэтаў моладзь высылае сваіх дэлегатаў у Варшаву на штогадовы збор Зем[ляробчага] т[аварыства]. Многа шляхты туды падаецца, нягледзячы на перашкоды з боку губернатараў, з-за чаканых там забурэнняў.

Неўзабаве прыйшла ў Вільню вестка пра варшаўскія падзеі і першыя іх ахвяры 15/27 лютага 1861 года. Вестка тая страсянула ўсю Літву і апранула яе ў жалобу, нягледзячы на пагрозы Назімава, што ўсякае праяўлення спачування да тых падзей будзе ўладамі сурова карацца.

Напэўна больш балючай за першую была вестка пра роспуск Зем[ляробчага] тав[арыства] [388].


У той самы час, г. зн. у 1861 годзе, па загадзе цара ў першыя дні студзеня маршалкі збіраюцца ў губернскіх гарадах для выбару чальцоў па вясковых справах. Сялянская рэформа, наколькі ад намаганняў краю гэта залежала, праводзілася шчасліва. Ажыццяўлялася на Літве першае галоўнае заданне. Устаноўлены губернскія ўправы, пасярэднікі. (Сакратаром Губернскага ўрадавага камітэта быў прызначаны Тадэвуш Корзан). Наогул, выбар людзей быў задавальняльны. Грамадскую працу Літва вяла з запалам. Моладзь працуе супольна са старэйшымі і сваёй верай у паспяховасць той працы пабуджае іх да энергічных дзеянняў. Цэнтральны камітэт у Вільні ўзначальвае працу агулу.

У тым жа годзе ў траўні 1861 г. праяўляецца пачатак нашага ва ўсіх вымярэннях трагічнага паўстання 1863 года.

У дзень св. Станіслава [389] ў Віленскай кафедры падчас пад'ёму раздаўся спеў гімну "Божа, што ж Польшча", выкананы моладдзю, якая прыбыла пераважна з-за мяжы. у тым ліку былі Бенедыкт Дыбоўскі, трое Ліманоўскіх: Люцыян, Баляслаў і Юзаф, Карэва, Зыльвяровіч і іншыя, якіх не памятаю. Усе гэтыя маладыя людзі пасля набажэнства былі арыштаваныя. Натоўп пераважна жанчын падаўся да Назімава, патрабуючы вызвалення вязняў. Дэманстрацыя скончылася без кровапраліцця.

Ад таго часу па ўсёй Літве распачаліся спевы, дэманстрацыі, якіх ужо ніхто не меў моцы стрымаць.

У ліпені таго ж года сабраўся шматлікі з'езд шляхты ў Вільні з мэтай канчатковай падрыхтоўкі праекта Крэд[ытнага] т[аварыства] [390], а разам для прыняцця супольнай праграмы дзейнасці ў сувязі з пашыраючыміся дэманстрацыямі. Што да Кр[эдытнага] т[аварыства] Варшава дала свае парады, прыслаўшы дваіх вельмі разумных чалавек: Уратаноўскага і Клабукоўскага. Статут. як сцвярджалі, быў выдатна складзены, але зацверджання ўрадам не атрымаў.

За колькі дзён перад 6 жніўнем пачала кружыць па Вільні пагалоска пра прыбыццё працэсіі з Варшавы [391] Спачатку ніхто з жыхароў Вільні гэтаму не верыў, аднак пагалоска ўпарта паўтаралася. Хто быў яе аўтарам? Адкуль пайшла? З якой мэтай? Пыталіся ў сябе.

Напярэдадні азначанага дня расейцы, начальнікі ўстаноў і дырэктары школ раніцай апавясцілі пагрозу: "З-за пэўнасці, што набліжаецца працэсія з Варшавы, паведамляем вам, панове, што калі б нават прыбылым не хапала харчоў або памяшкання, а вы б паспяшаліся да іх з дапамогай, будзеце выдалены з устаноў, а вучні са школ".

Ад той хвілі зніклі ўсякія сумненні ў галовах нашай сумленнай люднасці. Пяклі, смажылі, чысцілі свае жытлы, каб прытуліць змораных, згаладнелых варшавякаў. 6 жніўня ад паўдня цягнуліся незлічоныя натоўпы ў бок Пагулянкі [392], несучы з сабой харчы. Дарэмныя былі перасцярогі, дарэмныя заклікі, што гэта падступства ўраду, што хочуць іх сабраць у адным пункце для арганізацыі пагрому безабаронных, каб адбіць віленцам раз назаўсёды ахвоту да дэманстрацый. Абураны натоўп адкідаў перасцярогі, прымаючы іх за галасы паліцыі. Раптам з бакавых вуліц у месцы, дзе многа гадоў назад адбылася экзекуцыя Канарскага, войска пачало акружаць і сціскаць найбольш зграмаджаных людзей. Раздаліся выстралы, секлі палашамі, білі прыкладамі. Трывога, крык, енкі, заклікі: "Не аддаваць маскалям параненых і забітых!" Нягледзячы на біццё, народ бароніцца, не дае.

Арыштаваных шмат. Параненых схавалі ў бакавых прылеглых вуліцах, дзе адчыняліся дзверы дамоў для іх прыняцця. Адны крычаць: "У палац! Да Назімава, адабраць параненых!" Іншыя (Рудаміна): "У касцёл! На Анёл Панскі за палеглых". На шчасце гэты голас перамог.

Ужо позна было, калі натоўпы ў ясную месячную ноч, спяваючы "Божа, што ж Польшча" накіраваліся Нямецкай вуліцай [393] да Вострай Брамы.

Увесь горад браў удзел. Люд з добрай верай, іншыя, каб на колькі можна, надаць як найменш грозны кірунак дэманстрацыі, іншыя яшчэ з цікавасці. Усе дамы ў той дзень сталі пусткамі.

У першыя дні н[овага] 1862 г[ода] ўведзены ў жыццё "Надаўчы ліст" [394].

У некаторых мясцовасцях сяляне выказвалі гатоўнасць адрачыся ад усялякіх выгадаў за наданне ім шляхецтва (разумеючы напэўна ў тым небіццё палкамі, незбыткаванне кожнага над хамам, нездаванне ў рэкруты і да т.п.). Жмудзіны асабліва. У князя Ірэнія Агінскага (належаў да пецярбургскай арганізацыі) сяляне не хацелі ніякіх змен, прасілі, каб іх пакінулі ў спакоі, так упарадкаваных, як датуль жылі.


Рэтаўшчына [395] Агінскага была сапраўдным аазісам. Агінскі з зацятасцю ўзяўся за справу ашчасліўлення сваіх прыгонных, а меў іх звыш 10 тысяч мужчынскіх душ (так у той час лічылі прыгонных). Пачаў сваю справу з адшукання ласкаў двара, узяў замуж Каліноўскую, даму двара імператрыцы. Іменаваны шамбелянам. Прадставіў імператару Мікалаю свае добры як бунтоўныя, прасякнутыя свабодалюбівымі прынцыпамі, якія аказваюць згубнае ўздзеянне на суседнюю люднасць. Пераканаў імператара ў неабходнасці адасаблення іх. І пра свае добрыя намеры вывесці сваіх прыгонных на правую дарогу.

Пасяліўся сярод свайго люду. Першым, у выключным парадку, атрымаў права адмены ў сябе паншчыны. Увёў гмінныя ўправы, заснаваныя на галасаванні. Меў 12 гмін, як войт кіраваў імі, закладвае банкі ўкладава-пазыковыя ці ашчадныя, пазбаўляе свае добры ад рэкруцкага набору за выплату 700 рублёў з гміннай касы, будуе для войска казармы (не памятаю, на якой адлегласці) з тым, каб нага жаўнера ніколі не ступіла ў яго воласці. (Апавядалі ў Пецярбургу і смяяліся з прыгоды аднаго палкоўніка, які бавячы час у тамтых краях. хацеў навочна пераканацца ў парадках у Рэтаўшчыне. Памежныя слупы абвяшчалі, што кожны вайсковец, які пераступіць мяжу атрымае 50 бізуноў. Паштовы вазніца асцерагаў, але высакамерны палкоўнік адказаў: "Дурак, это меня, полковника, не касается" [396], але ледзве пераехаў з дзясятак крокаў за слупы, памежная варта схапіла п[ана] палкоўніка, даставіла ў гміну, там асудзілі і прыгавор выканалі, пасля чаго пад экскортам адправілі прэч за мяжу. Палкоўнік паскардзіўся. Агінскага арыштавалі, вызвалілі праз тры месяцы, але са свайго боку ён распачаў працэс супраць дзяржавы на 100 тысяч кампенсацыі за страты, якія панёс у час сваёй адсутнасці. Выплацілі.) Закладвае крамы, базары, склады прыпасаў, уводзіць устрыманні. У яго не ведалі гарэлкі. Ва ўсе тыя паляпшэнні ўкладваецца гміна, але аднак, нягледзячы на тыя выдаткі, Рэтаўшчына славіцца ладам, багаццем і спакоем. Як гміны, так і сам князь, які, калі засядаў ва ўправе як войт, заўсёды ўбіраўся ў самаробны сукман (праўда, што той сукман меў атласную падшэўку).

Князь Ірэні не меў дружбы са шляхтай, не імкнуўся да папулярнасці. Шляхта не раз чаплялася да яго і псавала работу. Быў патрыётам - умеў ашчаслівіць люд, быў для яго добрым кіраўніком і апекуном, меў абазначаную мэту жыцця і дасягнуў той мэты.


Восенню 1862 года склікалі вялікі з'езд у Вільні з усіх губерняў. Прыбылі: з Гарадзенскай Станіслаў Солтан, Юзаф Замойскі і марш[алак] Старэнскі (Стажэнскі). З Менскай: Ельскі, Магільніцкі і марш[алак] Лапа. З Магілёўскай: Ігнацы Брастоўскі (Бжастоўскі). Акушка і марш[алак] князь Стэфан Любамірскі. З Ковенскай: Жылінскі, марш[алак] Мядэкша, Коньча і інш. З Віленскай: Лапацінскі, Вагнер, Ромер, Рудаміна. Тызенгаўз і марш[алак] Дамейка. Дамейка старшынствуе.

На тым з'ездзе былі прадстаўлены два мемарыялы.

1) Старэнскага (Стажэнскага), які дамагаўся шанавання нацыі пры разумным довадзе немагчымасці выкаранення палякаў.

2) Адрэдагаваны Крывіцкім і прадстаўлены Дамейкам з просьбай пра ўніверсітэт. (Францішак быў за другі, бо не верыў у выніковасць першага, а ўніверсітэт быў пільна патрэбны).

На тым з'ездзе па жаданні ўсёй Літвы выбіраюць пастаянны камітэт у Вільні з наступных чальцоў: Фр[анцішак] Далеўскі, Аляксандр Аскерка, Антоні Яленскі, Ігнацы Лапацінскі, Аскар Вагнер і дэлегаваныя з губерній з боку шляхты: Старэнскі (Стажэнскі), Зыберг-Плятар і Якуб Гейштар з Ковенскай [губ.], апрача тых яшчэ з кожнай губерні ад моладзі па адным негаспадары (якія не мелі нерухомай маёмасці).

На тым з'ездзе зацвердзілі яшчэ пры адсутнасці Крэдытнага і Земляробчага т[аварыстваў], адкінутых урадам, прымяніць да земляробчых гаспадарак сістэму колаў і колкаў. Збірацца, раіцца, заводзіць супольныя машыны, арганізоўваць выставы і да т.п. Пры ўвядзенні гэтай сістэмы завязваліся больш цесныя стасункі і пашыраліся прынцыпы і думкі.

Дамейка падпісвае ўставу [397].

У лістападзе таго ж года скліканы гэты з'езд дэлегатаў [398]. Дамейка адмовіўся прысутнічаць. Супраціўляецца падпісанню ў верасні ўхвалы з тым зместам. Згаджаецца толькі на з'езд шляхты і прысутнасць Фр[анцішка] Далеўскага. Што да іншых, даводзіць, што іхняе прыбыццё надало б з'езду канспірацыйны выгляд.

Сабраныя абураныя на Дамейку, абіраюць на яго месца Гячэвіча (вялікіх здольнасцяў). На тым з'ездзе пастанавілі выслаць дэлегацыю на з'езд у Варшаву для прыняцця супольнай праграмы для ўсіх тэрыторый, забраных Масквою, пры ўдзеле дэлегатаў з Галіцыі і з Вялікапольшчы.

З Літвы - Зыберг-Плятар і Станіслаў Старынскі (Стажынскі) [399].

З Вялікапольшчы - Гутры і Качароўскі.

З Русі - Баранецкі і Міхал Солтан.

З Каралеўства - Крыжта-порскі і Суфчынскі.

З Галіцыі ніхто не прыехаў

Паседжанне адбылося ў Варшаве ў Кроненберга. Рэальны Нацыянальны ўрад не быў рэпрэзентаваны. Прадстаўнікамі Белай партыі былі: Леапольд Кроненберг, Людвік Горскі і князь Тадэвуш Любамірскі. Побач з Кроненбергам засядалі Гарадзенскі і Юльян Пашкевіч.

Пасля стварэння Цэнтральнага Літоўскага камітэта ў Вільні ў павялічанай колькасці чальцоў, якія рэпрэзентавалі адзінства Краю, паседжанні адбываліся супольна з дэлегатамі ў колькасці васямнаццаці чалавек у Яленскага, які меў адпаведнае абшырнае памяшканне ва ўласным доме, а затым найбяспечней і больш абасоблена - у Аскеркі, а найчасцей - у Далеўскага, толькі ўчацвярых: Далеўскі, Яленскі, Аскерка і Лапацінскі. Гэтая група, якая складалася з некалькіх чалавек, мела амаль заўсёды большасць галасоў за сабой. Збіраліся малым лікам, каб пазбегнуць доўгіх, а часта бясплодных дыскусій. Працавалі ўзмоцнена, згодна з поўнай свядомасцю, чаго хочуць і куды імкнуцца.

Якуб Гейштар спачатку браў удзел як дэлегат Ковенскай губерні, пазней як чалец Камітэта, не бываў амаль ніколі выкліканым на тыя дэтальныя нарады (перашкаджаў у працы). Верылі ў яго добрыя намеры і любоў да краю, але не ўмеў забыць пра сваё "я", пабайваліся яго шматмоўнасці, інтрыговасці, жадання быць бачным, чутым, каб ім захапляліся. Шляхта з яго павета любіла яго за словы адкрытыя, ганарыстыя, хаця часамі грубыя і не канкрэтныя. Не абражаліся. Нікому гэта не магло шкодзіць. Сказаныя ў коле сваіх - шляхты, з якой зналіся, раслі. Але іншая ўжо была рэч у часы так гарачыя, калі адно слова, сказанае чалавекам, стаяўшага ў шэразе людзей, якія кіравалі справамі Краю, слова тое магло стацца целам і прынесці Краю невымерную шкоду.

Гейштар прывык, што ў сваім павеце яго лічылі за асобу выбітную, калі яго лёс паставіў у іншыя акалічнасці і побач з іншымі людзьмі для супольнай працы не мог пагадзіцца з іхбольш высокім становішчам і большым прызнаннем агулу для іншых, чым для яго. Балела яму гэта, раздражняла. І не раз справаджаны нізкімі пачуццямі зайздрасці і пыхлівасці стараўся, калі не панізіць, ачарніць, то прынамсі замаўчаць іхнія заслугі, а сябе высунуць.

Пішу пра тое, бо здарылася мне і чуць яго прамаўляўшага і чытаць тое, што пісаў крыўднымі словамі пра людзей высакародных і заслужаных, таму толькі, што мелі абыякавы погляд на яго. Пыха і жаданне адыгрываць першую ролю былі няраз нагодай з яго боку для фальшывага кроку.

Першы раз праявілася гэта на з'ездзе дэлегатаў з усяго Краю ў Варшаве. Гейштар хацеў быць дэлегаваным, але большасцю галасоў выбралі двух вышэй названых, з якімі ні ў якім разе не мог ехаць з-за сялянскай справы, якая клікала яго ў Коўню. Аднак пасля залатвення свайго абавязку паспяшаўся ў Варшаву пад відам выдання твораў Сыракомлі на карысць сірот.

Прыбыў пасля першага паседжання. Ціснуў на Старынскага (Стажынскага) і на Плятара, каб уступілі яму свой голас, гарантуючы, што ні адным словам не выйдзе з выказанай у Вільні праграмы. У гэты час Літва паведаміла Каралеўству, што ў выпадку паўстання не зможа ў ім узяць удзел. З нагоды немагчымасці дастатковай падрыхтоўкі, бо для з'яднання людзей для ўдзелу патрабуецца праца цэлых гадоў. Дэлегаты мелі выказаць Каралеўству. што сілы на Літве меншыя, чым можа здавацца, як з погляду на людзей, так і на грошы, што жаўнера можна выставіць найвышай з інтэлегенцыі, з класа рамеснікаў і з дваровай службы; выказаць яшчэ пра поўную адсутнасць зброі і вялікую цяжкасць яе дастаўкі; што паўстанне можна выклікаць толькі ў чатырох цэнтральных губернях, дзе народ найпраўдападобней застанецца абыякавым, што да далейшых, дзе мова і вера розныя, спробы выкліку паўстання могуць даць грозныя вынікі. Адным словам абавязкам дэлегатаў было выказаць рэальны стан Літвы. Апрача праблемы паўстання ўлажыць сумесную праграму дзейнасці для ўсіх частак Польшчы і выбраць адно выданне для кіраўніцтва грамадскай думкай Краю.

"Белая" партыя ў Каралеўстве была супраць паўстання. Шляхта там у ніякім разе не мела намеру браць у ім удзел, таму хутка прышлі з улікам гэтага да паразумення, толькі Гутры горача таму супраціўляўся і не хацеў нават прысутнічаць пры дыскусіях наступнага дня.

У выніку пастанавілі:

1) Паўстанне адкласці;

2) Прыняць праграму Літвы (што тычыцца супольнай працы);

3) Кіраўніцтва грамадскай думкай аддаць часова пазнаньскаму Колу паслоў;

4) Кракаўскі "Час" як пасярэдніцкае выданне для карэспандэнцыі, нашае мусіла праходзіць праз Варшаву.

У час нарадаў у Кроненберга Гейштар некалькі разоў выказваўся, як кажуць на Літве, "па-своему". Раз выклікаў пытанне з боку старшыні: "Што пану дае права гаварыць нам грубасці?" Другі раз ён жа адазваўся: "Пане Гейштар, хто так гаворыць на з'ездзе, як пан у гэтую хвілю, павінен заўтра разаслаць адозву да паўстання".

Пасля паседжанняў, пад выглядам візітаў наступілі даверлівыя паразуменні. Гейшар у размове з Гутарам, які заклікаў да неадкладнага паўстання, абавязуецца як чалец Літоўскага камітэта збіраць зброю ад пачатку 1863 года (шчасце, што не ведаў, што Камітэт ужо ад 1861 года, г.зн. ад першых варшаўскіх падзей, прадбачачы, да чаго гэтыя падзеі вядуць, дастаўляў яе ў вялікй таямніцы з Расіі, найчасцей асобнымі адзінкамі, прысыланымі на імя Францішка).

Маскоўскі ўрад перад паўстаннем канфіскаваў усялякую зброю ад прыватных асоб, таму было яе вельмі мала, схаванай літоўскай моладдзю.

Гейштар бачыўся з Краеўскім, Гілерам, Юргенсам і Рупрахтам, пераканаўся, што калі паўстанне выбухне, агул не будзе мець сілы не ўзяць у ім удзел, і Літва, хоць і пагражае, будзе з Каралеўствам салідарная.

Пра тую здраду чутых даверлівых галасоў і рашэнняў у Цэнтр[альным] Літоўскім камітэце даведаліся ўжо пасля ўпадку паўстання. Сам Гейштар пра тое разглагольставаў і пісаў - відочна, не разумеў, чым і як далёка зграшыў.

У 1862 годзе ў першыя дні жніўня Цэнтр[альны] Літоў[скі] камітэт даручыў Зыгмунту, які ехаў на чатырохмесячны побыт за мяжу, вывучыць карыснасць замежных двароў для польскай справы. Тое ж самае даручэнне ён атрымаў ад чальцоў Нац[ыянальнага] ўр[ада] ў Варшаве.

Зыгмунт пасля адведвання Вялікапольшчы, Галіцыі, замежных унівесітэтаў затрымліваецца надаўжэй у Вене і ў Берліне ў час з'езду ў парламента. У Парыжы бачыцца з князем Напалеонам. З ім і ім[ператрыцай] Яўгеніяй мае аўдыенцыю ў імператара Напалеона. Прыняў ласкава. Не адабраў надзеі ў Польшчы. Сказаў чакаць (на колькі памятаю гэта ў той час імператарам былі прамоўлены словы: "Я гатовы, няхай толькі Англія выставіць хоць аднаго жаўнера ў довад нейтральнасці. З-за няскончанай італьянскай справы, без паразумення з суседнімі дзяржавамі рэч немажлівая - не сёння, трэба чакаць").

Серакоўскі пасылае з Парыжа ў Лондан (наколькі памятаю) Нікаровіча з рэкамендацыйнымі лістамі і з даручэннем да ўплывовых там асобаў для вывучэння спрыяння сённяшняй хвілі для польскай справы. Усюды чуецца адно: "Не сёння", трэба чакаць. З тымі інфармацыямі вяртаецца з Алжыра, спяшаецца ў Варшаву, тут чуе запэўніванні, што выбух паўстання адкладзены на год або на два гады.

Зыгмунт вяртаецца ў Пецярбург праз Вільню поўны добрых думак, колькі ж за два гады можна зрабіць! У Пецярбургу прыняты ўладамі не толькі добра, але сардэчна, радасна. Міністр Мілюцін гаворыць, што яго выглядалі з вялікай нецярплівасцю, што ў змесце будучых рэформ чакаюць яго важныя работы. Сувораў, Шувалавы, Даўгарукаў, Патапаў і іншыя, усе сардэчна вітаюць яго, і стары Шувалаў кідае жарт:

- Enfin, enfin Vous etes parmi nous, et nous pensions, que Vous nous quitterez pour les legions!

- Pas encore [400], - адказаў Зыгмунт, смеючыся

- О, не жартуй, пан. Манаршая ласка і нашая прыязнь затрымаюць пана.

Серакоўскі з верай у лепшае заўтра бярэцца за працу. Прадстаўляе міністру, напісаны ім "Польский вопрос". Міністр Мі[люцін] прымае, абяцае ўчытацца і падтрымаць. Зыгмунт мае надзею, што пры дапамозе, пры ўзаемадзеянні ўплывовых. высокапастаўленых асоб і людзей добрай волі правядзе ў Краі найпільнейшыя рэформы, якімі не толькі адкладзе кровапраліцце, але зробіць паўстанне бязмэтным, лішнім.

Брутальная, безаглядная, легкадумная да пачуццяў народа палітыка Веляпольскага пакіравала іначай.


11/23 студзеня 1863 года выбухнула паўстанне ў Польшчы.

Камітэт Руху [401](які быў заснаваны побач з Цэнт[ральным] Літоў[скім] кам[ітэтам] і дзейнічаў самастойна) выдае ўжо ад сябе, як ад адзінай улады, адозву [402] да Літвы.

У той час галоўнымі прадстаўнікамі Руху на Літве былі: Канстанцін Каліноўскі, Звяждоўскі, афіцэр Генеральнага штаба, Эдмунд Вярыга, Ахілес Банольдзі, Зыгмунт Чаховіч, Казелла [403], які потым адыграў выбітную ролю ў Каралеўстве; Уладыслаў Малахоўскі, Длускі, доктар і капітан, Залескі, абывацель, Ду Лаўрэнс, камісар з Варшавы ад Нац[ыянальнага] Ур[ада] (гэтыя ўсе ад прыезду Аляксандра Дал[еўскага] і Длускага ды Ду Лаў[рэнса] акрамя Банольдзі, былі нам добра вядомыя).

Нягледзячы на выступленне Камітэта Руху, Цэнт[ральны] Літ[оўскі] камітэт склікае з'езд, на якім надае маршалкам: Лапе, князю Любамірскаму і Гячэвічу за Дамейку голас раўназначны з чальцамі Цэнт[ральнага] Літ[оўскага] камітэта, хоча пры гэтым склікання дэлегацый з губерній для выбару іншых асобаў на сваё месца, або ўпаўнаважвання тагачасных для неадкладнага дзеяння для абароны Краю ад пагрозы анархіі.

Быў гэта момант, калі кожны дзейнічаў на ўласны розум, а маскоўскія ўлады падмаўлялі сялян да нападаў на двары і да знішчэння першых слабых аддзелаў, паўстаўшых па распараджэнні Партыі Руху. У Інфлянтах урад трыумфаваў: раскольнікі нападаюць на двары, рабуюць, мардуюць, аддзел Звяждоўскага разбіты, ён уцякае за мяжу, адкуль вяртаецца і ў Каралеўстве гіне пад Апатавым [404]. Плятар Леан (дзейны, шляхетны) нападае на транспарт зброі, схоплены інфлянцкім мужыччом, гіне расстраляны ў Дынабургу. Мужычок наш літоўскі, падбухтораны слухае, падтаквае, у паўстанне не ідзе, але абяцанням і падбухторванням урадавым не верыць - трымаецца нейтральна. Не было прыкладу даносаў і нападаў на двары і паўстанцаў, таму не ўводзіліся па распараджэнні Каралеўства тэрор і прымус адносна нашых сялян.

З'езд скліканы 15/27 [студзеня]. Маршалкі, да якіх далучыліся Зуберг-Плятар і Станіслаў Старэнскі (Стажэнскі) [405], засядаюць у Камітэце, ёсць прапанова, каб пакінуць усіх і ўсё, як датуль было, да 15 сакавіка, а ў той час склікаць з'езд, бо да той пары высветліцца сіла паўстання або яго ўпадак.

Камітэт не хацеў і не мог застацца бяздзейным сведкам у так важнай для Краю хвілі. Таму першая прапанова, г.зн. скліканне з'езду з дэлегатаў на 25 студзеня большасцю галасоў прайшла.

25 студзеня сабраныя дэлегаты выбіраюць надалей тых жа самых з упаваўнаважаннем дзейнічаць паводле ўласнага меркавання, браць ці не браць удзел у паўстанні (ці разарваць дасюлешнюю салідарнасць з Польшчай, або з ёй разам жыць цярпець і памерці). Адзін з дэлегатаў ад моладзі з Менскай губерні, Геранім Кяневіч, сын эмігранта, выхаваны ў Парыжы, прадставіў свой праект дыверсіі ў Расіі праз выклік руху над Камай і Волгай, дзе паводле яго, захавалася памяць пра дзейнасць Пугачова. (Кяневіч быў чыноўнікам Пецярбургскай чыгункі, прыбыў туды з французскай кампаніяй для пракладкі чыгуначнай лініі Пецярбург-Вільня. Быў інжынерам.)

Далеўскі не верыў у мажлівасць ажыццяўлення гэтага плану і з многіх іншых прычын быў яму супраціўным. Галасы падзяліліся. Кяневіч засведчыў гатоўнасць дзейнасці на сваю адказнасць і знайсці капітал на тую мэту ў прыватнай асобы (Юзаф Тыш[кевіч] улажыў 15 тысяч) і пасвяціў свой уласны капітал (другія 15 тысяч).

Змову адкрылі. Здрадзіў расеец, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта (не памятаю прозвішча). Кяневіч зняволены на мяжы, калі вяртаўся з Парыжа пасля ўручэння там 25 тысяч, выдадзеных з літ[оўскай] касы Гейштарам на зброю; расстраляны ў Казані.

На тле выбуху паўстання ў Каралеўстве Літва не магла, не павінна была застацца абыякавай. Гісторыя мінулых паўстанняў гаварыла: "Калі б паўстанцкі рух быў перанесены і сканцэнтраваны на Літве, можа быць інакшым быў бы вынік нашых мінулых паўстанняў?" А таму, калі з'езд дэлегатаў з Краю пакінуў Літ[оўскаму] Камітэту развязванне гэтай з усіх бакоў трагічнай праблемы, Камітэт ад імя Літоўскага краю пастанавіў дзейнічаць салідарна з Каралеўствам. Паклаў на ахвяру не толькі жыцці найлепшых сваіх сыноў, не толькі маёмасць, але і мэту шматгадовых намаганняў, накіраваных з верай, пры супольным з'яднанні ўсіх пластоў і вызнанняў, да свабоды.

Большага доказу любові да Бацькаўшчыны, які ў той час выказаў Францішак Далеўскі, мабыць жыццё чалавека не выказвае (апрача Зыгмунта Серакоўскага).

Ад першых гадоў маладосці, на ўсіх сцяжынах жыцця, ці то ў школе ў коле таварышаў, ці ў атачэнні любячай сям'і, ці ў турэмным лёху і ля катаржных тачак, дух яго жыў поўным жыццём, думка планавала і малявала вобразы будучай з'яднанай спакойнай працы ў цэлым краі. Праняты ёю, бачыць перад сабою толькі адну мэту жыцця - ратунак Бацькаўшчыны

А аднак, калі яму Бог дазволіў уцяліць у дзейнасць працу духу ўсяго жыцця, калі ўжо бачыў усю сваю Літву, прыймаўшай яго праграму за супольную, за праводную нітку будучай працы ўсяго грамадства - Францішак, якога год назад не ўзрушылі ўгаворы і закляцці Канстанціна Каліноўскага, які ўпаў перад імі на калені, заклікаючы:

- Францішак, кінь шляхту, кінь гэтых марудаў, эгаістаў. Яны стаяць толькі, дзякуючы табе! Ты іх трымаеш, ты імі кіруеш, гэтая чарада бараноў не патрафіць ісці самастойна, бо ты адзін не дапускаеш да паўстання, ты адзін яго тут стрымліваеш! Перайдзі да нас! Цудаў дасягнём, калі ты нас падтрымаеш, калі ты сярод нас станеш! Твая галава і тваё сумленне нам патрэбныя.

Францішак маўчаў.

- Маўчыш! Значыць, не! Ведаю цябе, не пойдзеш з намі. Значыць, супраць нас! Калі так? Ты ведаеш - я сам, цябе тут у тваім уласным доме, сярод тваёй сям'і зарэжу!

- Зрабі гэта, калі думаеш, што гэта будзе з карысцю для справы, - адказаў спакойна.

Канстанцін выбег.

Яго не напужалі пагрозы як Каліноўскага, так і Шварца. Сёння на тле большасці галасоў братоў у Каралеўстве, якія жадалі ахвяры, паддаўся - знішчыў, парваў уласнымі рукамі справы ўсяго свайго жыцця.

Удзел Літвы ў заўчасным паўстанні забіваў усю выпешчаную ў марах будучыню. Вялікая гэта была з яго боку ахвяра - вялікі боль душы!


Партызанка пачалася на Літве без зброі, без грошай і без патрэбных людзей на ўсіх пасадах.

У Інфлянтах пачынаюць Леан Плятар і Звяждоўскі.

У Ковенскай кс. Мацкевіч з аддзелам з маладых, пераважна з народу са сваёй парафіі Ляўды. Длускі-Ябланоўскі, пазнейшы паўнамоцны камісар, прызначаны на гэтую ж Ковенскую губерню Партыяй Руху. Усе мелі ў распараджэнні вельмі нешматлікія аддзелы. Кс. Мацкевіч каля - 50, Колышка - 70, Длускі - ад 50 да 60 чалавек, Шылінг, Малецкі, I. Жахоўскі і іншыя - ледзве трохі больш за дзесятак. Усе, за малым выключэннем, узброеныя старымі паляўнічымі стрэльбамі.

У Віленскай губерні: у Лідскім павеце Нарбут з малой жменькай біўся коратка, але ўдачна; у Віленскім Казела [406], у Троцкім Любіч [407], Лада [408], Віславух (прозвішча Пасербскі).

У Менскай губерні: Міхал Ляскоўскі [409] камандаваў аддзелам Баляслава Святарэцкага (Свентажэцкага), ім сфармаваным і ўтрымваным яго коштам. (Святарэцкі быў камісарам у тым жа аддзеле).

У першыя дні студз[еня] Казела прыехаў да Зыгмунта з прапановай ад Партыі Руху прыняць гетманства на Літве. Зыгмунт адмовіўся і моцна загневаўся на нязгоду і раздваенне ў дзеяннях.

У Магілёўскай губерні распачынае Чудоўскі, забіты ў першай сутычцы. Пасля яго прыняў камандаванне Звяждоўскі, разгромлены ў Віцебскай губерні. (Аўтар "Гісторыі двух гадоў" памылкова апісвае Звяждоўскага як высокага, віднага, яркага бландына. Звяждоўскі быў невысокі, з чорнымі валасамі і вачамі. А вось Чудоўскі супадаў з апісаннем таго бландына. Абодва былі нам добра знаёмыя.)

Большасць моладзі цярпліва чакала распараджэнняў Цэнтр[альнага] Камітэта на Літве.

У той час з'явіліся пасланцы з Кароны ў Камітэт ад Белай партыі, Руху і ад Велапольскага, кожны з іх хацеў нечага іншага. У палове лютага Цэнтр[альны] Камітэт выслаў Антонія Яленскага ў Варшаву. Той прывёз адказ, што грамадства ў Каралеўстве мае застацца бясчынным сведкам руху, а пасля ўпадку паўстання падасць пратэстны адрас супраць злоўжыванняў Расіі. Побач з той весткай паведаміў яшчэ, што паўстанне пашыраецца і агул яму сімпатызуе.

Пастанова шляхты з Кароны здзівіла і канчаткова расчаравала Літву ў Белай партыі, Літва не магла ісці следам за ёй, за кроў людзей заплаціць адрасам.

Пасля паразумення з Яленскім Нацыянальны ўрад загадаў Ду Лаўрэнсу, чыё ўмяшанне ў справы Літвы было шкодным (на што найперш скардзілася і Партыя Руху на Літве) здаць уладу і пячатку Цэнтр[альнаму] Літоў[скаму] камітэту, які ад гэтага часу носіць назву Распарадчага аддзела Літвы. Абавязкі падзялілі:

Фр[анцішак] Далеўскі - пячатка аддзела і ўнутраныя справы (да 10 ліпеня 1863 года);

Ал[яксандр] Аскерка - начальства горада;

Ант[оні] Яленскі - краёвая каса;

Якуб Гейштар, намеснік Цітус Далеўскі - вайсковасць;

Ігнацы Лапацінскі - карэспандэнцыя;

Аскар Вагнер - сакратар;

Ду Лаўрэнс - прадстаўнік з Кароны з роўным голасам.

Камітэт Руху здаў пасады і паперы без супраціву і ахвотна паддаўся кіраўніцтву Распарадчага аддзела, але інакшай была справа з паўстанчымі аддзеламі, якія ўжо распачалі партызанку. На пачатку не хацелі яны падпарадкоўвацца распараджэнням роўна як з Варшавы, так і з Вільні.


Літоўскі аддзел меў перад сабой велізарную, цяжкую задачу: за месяц сакавік рэарганізаваць мірную Літву на ваенную, не маючы ніякіх для гэтага сродкаў апрача вялікага запалу агулу і гатоўнасць яго ў кожную хвілю для дабра Бацькаўшчыны аддаць сваё жыццё. Трэба было забяспечыць правінцыю, ахопленую рухам, дастаткам прадуктаў, бялізны, зброі, знайсці патрэбныя грошы і людзей на ўсе пасады, як: ваяводскіх камісараў, павятовых, парафіяльных, раз'язных і г.д.

У час мірнай арганізацыі наша шляхта згаджалася на ўсякія пажаданыя змены ў сваім жыцці і дзейнасці, апрача падаткаў на патрэбы ў Краі, а ў гэты час увесь цяжар упаў на яе (у нас не было прамысловага класа). У канцы згадзілася на складкі, але тыя паступалі вельмі скупа, і з тых сум трэба было выдаткоўваць на народную асвету, а гэта быў кошт не малы, бо мужычок наш рады быў вучыцца, але на навуку даваць грошы не любіў. У хвілю паўстання ў касе не было вялікіх запасных сум. Цяпер настала неабходнасць аблажыць падаткамі грамадства, як прыпамінаю, плацілі 3 ад 100. Многія не хацелі і той сумы плаціць. За месяц сакавік арганізавалі Літву да бою - без зброі, бо наяўны запас быў нічым у параўнанні з патрэбаю.

Аддзел дасканала ведаў усе слабыя бакі свайго Краю, працуючы некалькі гадоў у вузкім коле над яго праблемамі. Ведаў у тую настаўшую хвілю, што сапраўдны цуд ацаліць нашую Літву ад страшных вынікаў заўчаснага паўстання, аднак не адступіў перад той страшнай, крывавай маніфестацыяй пачуццяў еднасці з Каронай.

Пра яўны ўрад Літва не думала, бачачы поўную немагчымасць гэтага. Я чула не раз супярэчлівыя думкі адносна таго погляду. У канцы прызналі, што яўны ўрад патрабуе апоры прынамсі на 100-тысячную добра ўзброеную армію. У супраціўным выпадку становіцца хвіліннай цацкай лёсу. Зыгмунт у час сваёй бытнасці ў Вільні кінуў думку, што можа больш выніковым было б паўстанне, каб Літва сама ўзяла стырно кіраўніцтва ў сябе без аглядкі на кіраўніцтва з Каралеўства. Так і было да 10 ліпеня новага стылю, пасля чаго, г.зн. пасля ўвязнення амаль усіх з Аддзела, кіраўніцтва перайшло ў рукі былой Партыі Руху і Літва ўжо кіраваная, а не кіраўнічая носіць назву Выканаўчага аддзела.

У гэты час Гейштар без упаўнаважання Краю запраектаваў Тызенгаўзу свой план: Якуб Гейштар будзе яўна рэпрэзентаваць дыктатара, а Тызенгаўз даваў бы інструкцыі. 1) Калі шчаслівы вынік завершыць справу, дакладней, паўстанне, Тызенгаўз выступіць як дыктатар, а Гейштар адсунецца - у выпадку няўдачы Гейштар застаўся б у ролі дыктатара. Тызенгаўз, забаўлены наіўнасцю прапановы, на наступны дзень перадаў яе Аддзелу. Як жа часта Гейштар пустымі прапановамі ўводзіў у вялікі клопат Урад Лівы.


Пасля абвяшчэння дыктатарам Лянгевіча прыйшлі новыя распараджэнні з Варшавы:

1) Каб палякі сыйшлі з пасад маршалкаў, пасярэднікаў і іншых. Праз маршалкаў і пасярэднікаў Аддзел звязваўся з Краем. Гэтым распараджэннем насаджвалі Літве на гэтыя пасады расейцаў, як навочных сведкаў усёй дзейнасці, у само сэрца Краю і гэта ў час паўстання.

2) Прызначылі ў Варшаве Вацлава Пшыбыльскага, без паведамлення, а дакладней без паразумення з Літвой пасярэднікам паміж Вільняй, Пецярбургам і Варшавай.

Аддзел прыняў тыя весткі са здзіўленнем, бо Вацлаў быў так неадпаведны на той пасадзе ў Варшаве, як Ду Лаўрэнс у Вільні. Не ведаў ні Краю, ні яго патрэб.

Неўзабаве прыбыў граф Юзаф Замойскі з дзвюма новымі прапановамі:

1) Выслаць да Лянгевіча прадстаўніка Літвы.

2) Каб землеўладальнікі не бралі ўдзелу ў паўстанні для аховы зямель ад канфіскацыі.

Хто ж у такім разе рабіў бы ў нас паўстанне? Забылі пра тую вялікую розніцу, што ў Кароне народ ідзе ў паўстанне без шляхты, а на Літве - шляхта без народа.

Аддзел толькі часткова падтрымаў тое апошняе распараджэнне пасля паразумення з галоўнымі кіраўнікамі (захоўваючы як наймацней таямніцу). Найбуйнейшыя ўладальнікі зямель на Літве, як: Тызенгаўз, Горват, Тышкевічы, Яленскі, Радзівілы і інш. не будуць браць удзелу ў паўстанні, г.зн. не далучацца да баявых аддзелаў. Таму паўстанцкія аддзелы будуць абмінаць іхнія маёнткі, але яны, уладальнікі той ашчаджанай зямлі, абавязваюцца:

1) уносіць павялічаны падатак не ў рукі зборшчыкаў, а непасрэдна ў цэнтральную касу ў Яленскага.

Гэтыя ж самыя ўладальнікі ашчаджаных маёнткаў:

2) не будуць ухіляцца ад пасад у таемнай арганізацыі;

3) будуць ратаваць пакрыўджаную люднасць;

4) падтрымліваць і апекавацца вязнямі;

5) а пасля прадбачанага ўпадку паўстання ўжыць захаваную маёмасць на выкуп сканфіскаваных зямель меншай уласнасці;

6) у выпадку арышту не выдаць ані людзей, ані справы, а ўжыць усякія сумленныя дыпламатычныя сродкі для ацалення зямлі.

Адсюль выплываюць дзіўныя тлумачэнні многіх з наймажнейшых паноў на Камісіі, а менавіта беднага М[ацея] Радзівіла, так асуджанага недасведчанымі. Ён займаў месца акруговага паўстанцкага начальніка. Арыштаваны тлумачыў: "Бацька вучыў нас шанаваць уладу, цаніць парадак і спакой у Краі. Паўсталыя забурэнні мярцвілі нас. Мы цешыліся. калі настаў час заспакаення (Камісія дадала ад сябе, "калі прыбыў Мураўёў"). Прыняў месца акруговага кіраўніка, калі разышлася па Краі пагалоска пра інтэрвенцыю, калі б гэтага не зрабіў, увесь Край асудзіў бы мяне".

Адгэтуль выплывае таксама і яго адказ пры выбарах у Варшаве на пасаду ў Дабрачыннасці [410], калі грамада чыніла прычэпкі і закіды: "Не ведае левая рука, што робіць правая".

Нямала пацярпела сям'я Тышкевічаў за адкупленыя маёнткі на Літве з маскоўскіх рук, а стараліся толькі выканаць чэсна і сумленна ўскладзены на сябе абавязак.

Першая адозва Аддзела "Да зброі!" выйшла 19/31 сакавіка [411], пасля яе наступіла чытанне маніфесту па касцёлах аб вызваленні сялян (у Ковенскай губерні дадалі і "аб ушляхценні". Памятаю тую хвілю - быў гэта праект Гейштара, таварышы жартавалі з яго: "Што ж ты, Якубе, хочаш нашага непісьменнага, босага мужычка прыбраць у тогу, якая сёння ў нас з плячэй спадае?" Упіраўся ў выраз "ушляхцення" заміж "надання грамадзянскіх правоў". Згадзіліся, каб часу не траціць).

Спачатку разаслалі даручэнне ў фармаваўшыеся аддзелы, каб устрымаліся з уступленнем у бой да прачытання ва ўсім Краі маніфесту ў прысутнасці люду і шляхты адначасова па касцёлах.

Паўстанне на Жмудзі трывала найдаўжэй і найвыніковей вялося. Тамтэйшы люд браў у ім удзел, асабліва пасля выступлення Серакоўскага. Спачатку толькі ў аддзеле кс. Мацкевіча былі сяляне з Ляўды яго парафіі. Длускі верыў у народ, але (як чула) зняверыўся пасля першых сутычак, калі пераканаўся, што ён разбягаецца пры першым залпе.

У Віленскай, у Менскай і ў Магілёўскай губернях аддзелы фармаваліся пераважна з інтэлігентнай моладзі. І на Жмудзі люд павялічваў колькасць аддзелаў, але ахвярнасць, баявітасць, геройскія высілкі былі справай нашай інтэлігентнай моладзі. Гаварыць іначай - азначала б ілгаць.

Наогул народ паводзіў сябе спачувальна, але бяздзейна. Яўрэі ўсюды дапамагалі. Не было з іх ані здраднікаў, ані даносчыкаў. Так прынамсі было ў 1863 годзе.

Выклік Серакоўскага наступіў пасля доўгіх ваганняў і нарадаў. Фр[анцішак] Далеўскі быў супраць гэтага, даводзіў, што выклік Серакоўскага ёсць не толькі памылкай і грахом, бо пазбаўляе Край чалавека патрэбнага, неабходнага, смерць якога будзе стратай агульначалавечай, але ёсць яшчэ крокам вельмі непалітычным. У выпадку перамогі Серакоўскі пры сваім вялікім уплыве на ўрад можа аб'яднаць і адсачыць найкарыснейшыя ўмовы; у выпадку ж паразы (а пра тое не павінны забываць, бо гэта ў сучасным нашым становішчы ёсць наўпрападобнейшы канец) ён адзін ёсць у стане згладзіць няшчасці Краю, якія стануць наступствам паразы. Калі цяпер ён пакіне сваю пасаду паслушны закліку Бацькаўшчыны, будзе лічыцца ўрадам за здрадніка і прыцягне на тую Бацькаўшчыну, якой сябе пасвяціў, тым большую помсту і здзекі ворага над пераможанымі.

Толькі Антоні Яленскі падтрымліваў Францішка. Але ж большасць галасоў, якія прадстаўлялі ўвесь Край, вырашылі пра неабходнасць гэтай ахвяры, лічачы Серакоўскага за адзінага чалавека, які быў у стане з'яднаць аддзелы, што дзейнічалі самастойна пад рознымі лозунгамі, часта сеялі нянавісць сялян да шляхты, апрача таго мужыкаманскія, літваманскія і г.д. Прозвішча, пасада і заслугі Серакоўскага мелі ўжо вялікі розгалас не толькі на Літве і ў Расіі, але і за мяжой, а таму выклік Серакоўскага і прызначэнне яго правадыром Літвы быў адзіным сродкам разбуджэння духу і веры ў выніковасць паўстання.

На самай справе была гэта хвіля, калі найвялікшыя эгаісты гатовы былі далучыцца да агульнай справы, разумеючы: "Відавочна, настала хвіля шчаслівага развязання нашай справы, калі такі Серакоўскі кідае такую высокую, такую перспектыўную для яго пасаду, каб пайсці ў бой як паўстанец".

Нават Тызенгаўз, на выгляд такі халодны, які пралічваў усе шанцы, на вестку пра выступленне Серакоўс[кага] абвяшчае гатоўнасць выдаць любую жаданую суму на зброю; і плача на вестку пра біржанскую паразу і арышт Зыгмунта.

У той якраз час ўвайшло ў дзеянне распараджэнне ашчаджаць вялікія маёнткі па паразуменні з Зыгмунтам. (Ён ашчаджаў няшчасны Край, не думаў пра выгадныя адпачынкі для сябе, ішоў гасцінцам або лясамі).

Пасля прыбыцця Серакоўскага ў Вільню сабраўся Аддзел у поўным камплекце пры ўдзеле многіх вайскоўцаў, якія належалі да арганізацыі. Гейштар, як прадстаўнік вайсковасці ў Аддзеле і як той, хто найлепей ведаў Ковенскую губерню, апісвае яе ўжо зарганізаванай, гатовай да бою і чакаўшай на прыбыццё камандзіра для злучэння ўсіх аддзелаў і захопу зброі ў Лібаўскім порце, на якую сам выслаў з цэнтральнай касы 75 тысяч у трох сумах па 25 тысяч праз Кяневіча, праз Нелавіцкую і праз Сівіцкую ў Парыж. (Літва ні адной штукі зброі за тыя грошы не атрымала, і па сённяшні дзень няма разумення, што з тымі грашыма стала).

Серакоўскі, слухаючы тыя справаздачы, улічваючы іх, складае план пачатку барацьбы, які атрымаў прызнанне сабранай дэлегацыі і вайскоўцаў. У кожным павеце арганізаваць мясцовае паўстанне, захапіць як найхутчэй зброю, пасля чаго пакінуць усюды ў паветах малыя аддзельчыкі і на чале, што найменей, пяці тысяч увайсці ў Віленскую губерню, каб і тут разгарнуць паўстанне на больш высокім узроўні. Стасуючыся да гэтага плана іншыя ваяводствы, на колькі можна, мусілі б падтрымаць у сябе паўстанне, пакуль Серакоўскі збярэ больш сур'ёзныя сілы.

(У сакавіку месяцы Гейштар выехаў з Вільні ў Ковенскую губерню для яе арганізацыі, але, як гаварылі, больш часу траціў у коле шатлікай сабранай шляхты на апавяданні пра свае дзельныя выступы ў Варшаве, чым на арганізацыю губерні. Прызначыў Аляксандра Хмялеўскага ваяводскім цывільным камісарам Ковенскай губерні і забыў пра тое папярэдзіць Длускага, які дагэтуль кіраваў, выбраны партыяй Руху.

Таму, калі Серакоўскі прыбыў у Коўню, першым з'явіўся Длускі, як камісар, яны доўга да світання размаўлялі паміж сабой. Пасля адходу Длускага Зыгмунт увайшоў у пакой жонкі са словамі:

- Ашукалі - ніхто і нішто мяне тут не чакае, апрача смерці! Вярнуцца? Распавесці гэта і чакаць, аж пакуль Край збярэ больш сур'ёзныя сілы пад маё кіраўніцтва? Ты маўчыш? - Ах як добра, як разумна робіш, што ў гэтую хвілю нічога мне не гаворыш! Калі б сказала: "Ідзі - ісці трэба!", балела б гэта мне, думаў бы, яна не дбае пра мяне, пра маё жыццё. Калі б закрычала: "Вяртаймася, кідай усё, маеш права пасля ілжывых прадстаўленняў Гейштара, што аддзелы і зброя чакаюць", - не паслухаў бы цябе, а як жа мне балела б, што ты не здольная да вялікай ахвяры - для Бацькаўшчыны! Не! - я не адступлю, буду дзейнічаць, як бы мяне атачалі найлепшыя ўмовы. Пераадолею цяжкасці! Калі маё жыццё патрэбна Бацькаўшчыне, буду рады найперш змагацца з цяжкасцямі, потым з ворагам і жыць для яе, калі смерць мая неабходная, з радасцю для яе шчасця прыму яе на шыбеніцы!

Аддзелы ў Ковенскай губерні, апавешчаныя камісарамі пра прызначэнне Даленгі (без высвятлення на нейкі час, кім ён быў у рэальнасці, каб не ўзбудзіць большую пільнасць і энергію расійскіх уладаў), адмовіліся падпарадкоўвацца роўна як Нац[ыянальнаму] ў[раду] ў Варшаве, так і літоўскаму.

(Адстаўкі Зыгмунт не прасіў, ліст да Мілюціна выслаў з Вільні, змест яго пан Дыбоўскі прыводзіць у сваіх успамінах пра Зыгмунта).

З выразу твару, з тых вачэй хутка скіраваных у даль, я ведала, што паўстаў новы план, ужо ні на кога не разлічваць, толькі на сябе. Пры расставанні Францішак казаў яму: "Памятай, у любую цяжкую хвілю звяртайся да Фларыяна Даноўскага, на гэтага чалавека можаш заўсёды разлічваць". Таму Зыгмунт найперш падаўся ў Шаты да Даноўскага і ехаў з цяжкім сэрцам - ані людзей, ані зброі, ані ладу, ані арганізацыі, на дапамогу якой маглі б разлічваць, пры непрыязна настроеных аддзелах. Адно яго толькі пачуццё вяло і стрымлівала ад адступлення - выканаць абавязак перад Бацькаўшчынай!

Паводле ўспамінаў кс. Яна Жахоўскага: "У першыя дні Велікодных святаў шырыцца па Ковенскіх пушчах пагалоска аб прызначэнні ваяводам нейкага Даленгі, якога ніхто не ведаў". Жахоўскі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, адзін з першых пакінуў яго і далучыўся да жменькі моладзі, каб распачаць партызанку. Бачыў Серакоўскага ў Пецярбургу ў супольна знаёмых сем'ях. Чуючы вестку аб прыбыцці правадыра ў Коўню, вырашыў там яго шукаць. На трэці дзень святаў, 6 красавіка, на шырокім Ковенскім гасцінцы бачыць экіпаж, а ў ім вайскоўца пры поўнай форме, у таварыстве двух іншых. Калі экіпаж наблізіўся, пазнае са здзіўленнем бачанага ў Пецяр[бургу] палкоўніка Серакоўскага. Кідаецца да яго. Экіпаж затрымліваецца. Серакоўскі пазнае яго, хапае за плечы, абдымае, цалуе, гукаючы: "Жахоўскі! Жахоўскі, ты тут!" (Жахоўскі - сёння ксёндз, доктар - успамінаў тыя хвілі са слязамі.)

Суправаджалі Зыгмунта д-р Траскоўскі і Ігнацы Ляскоўскі.

Зыгмунт даручыў Жахоўскаму прывесці свой малы аддзел (16 чалавек) у Шаты да Фл[арыяна] Даноўскага, былога сібірака, калегі Далеўскіх. Адтуль рушылі ў Пашумер да Вялічкі (камісара), дзе Зыгмунт затрымаўся, а Жахоўскага выслаў у княжацкі фальварак Кнебе (Тарэсбор) у Вількамірскім павеце для заснавання лагера. Праз тыдзень Серакоўскі налічваў у сваім аддзеле 400 дабраахвотнікаў, была гэта моладзь з універсітэтаў, якая цярпліва чакала закліку Літоўскага аддзела. Пасля выхаду з Пашумера спецыяльна апавешчаныя большыя аддзелы сабраліся ў азначаным Даленгам пункце ў Трускоўскіх лясах у Крамянцінскай пушчы, меншыя мелі застацца па паветах, але прыбыць найперш у Кнебе. Колышка, рухаючыся ў Трускоўскія лясы на пункт збору, увёў у зман непрыяцеля дэманстрацыйным маршам, пасля чаго злучыўся з Даленгам, за што атрымаў пахвалу перад усім войскам.

Паводле слоў навочных сведкаў, якія прыбывалі з рапартамі ў Вільню, узрушальны быў від спаткання тых двух камандзіраў і жменек моладзі ў глыбокай пушчы, сярод голых яшчэ бязлісых дрэў, на зямлі, снегам пакрытай, а месцамі гразкай тванню. Радасць біла з вачэй усіх, калі тыя камандзіры сталі адзін перад адным. Колышка сагнуў калена, кладучы зброю да ног Даленгі, пры абвяшчэнні прысягі ісці з ім на жыццё або смерць за Бацькаўшчыну. Гарачыя словы Даленгі, іхнія сардэчныя, братэрскія абдымкі наэлектрызавалі моладзь, якая з захапленнем віталася, паціскала рукі адны адным.

(Колышка - вучань Уладзіслава Касоўскага ў Кунеў [412] - ведаў Зыгмунта.)

Пасля выхаду з Трускоўскіх лясоў пад Генетамі недалёка ад Рогава Даленга даў першую ўдалую бітву, сам амаль не панёс стратаў, а пераважныя сілы непрыяцеля прымусіў да адвароту пры вялікай колькасці стратаў. Бітва выйграна, а што было найважнейшай рэччу ў смутных умовах нашага войска забралі абозы і маскоўскую амуніцыю. Колькасць дабраахвотнікаў хутка павялічвалася. Пасля той бітвы прыбыў у Вільню з рапартам і апавядаў дэталі вышэй апісаныя Баляслаў Гейштар з заклікамі аб спешным прысыланні зброі. Вяртаючыся, пераследваны маскоўскім аддзелам, схаваўся ў сялянскай хаце. Знойдзены, загінуў жудаснай, пакутніцкай смерцю, прабіты пікай праз вушы навылет. Сканаў у муках, не выдаўшы ні мэты свайго падарожжа, ані месца знаходжання аддзела.

Праз некалькі дзён Даленга быў зноў атакаваны ў Карсакінскіх лясах, дзе прывітаў непрыяцеля трапнымі стрэламі з засады і прымусіў адступіць.

Адтуль рушыў у Вількамірскі павет у фальварак Кнебе, дзе яго чакаў Жахоўскі, Малецкі, Касакоўскі і некалькі іншых з меншымі аддзеламі. Правёў тут цэлы тыдзень за навучаннем моладзі вайсковым навыкам, сігналам, адліву куль, асаджэнню кос, чыстцы зброі і г.д.

Не буду апісваць далейшых лёсаў кампаніі, іншыя, лепей за мяне абазнаныя, гэта зробяць; дадам толькі тое, што мне вядома з лістоў брата Канстанціна Далеўскага. Даленга не прымаў у вачах моладзі позы непераканальнага рыгарыста. Калі шмат поглядаў адрознівала яго ад атачэння і прымушала выконваць яго волю і загады, то адно супольнае вялікае пачуццё аб'ядноўвала іх раўняла, ведучы на верную смерць, за малым выключэннем ацалелых.

Даленга вымагаў ад падначаленых парадку і дакладнага выканання абавязкаў, але цешыўся, бачачы іхнюю, хоць хвілінную, радасць і забыццё, баяўся думаць, што ўся гэтая моладзь прыгаворана на непазбежную гібель. Любоў да справы і любоў узаемная іх спаяла. Пасля зняволення Зыгмунта прыслалі ў Вільню пасланца, просячы кавалак кашулі, у якой быў паранены, хацелі ім падзяліцца, перахоўваючы тыя часткі, як ім дарагую рэліквію. (Дала шэрую, ядвабную, у чорныя клеткі.)

Паводле слоў рапарта і апавяданняў тых, якія прывезлі рапарты пра паход трох калон пад кіраўніцтвам Даленгі, кс. Мацкевіча і Колышкі на поўнач у бок Бірж (уласнасць Бенедыкта Тышкевіча, добра Зыгмунту і нашай сям'і знаёмага). Калі б прыйшоў транспарт зброі, дастаўлены караблём з Англіі, тут у ваколіцы Бірж мела быць прынята і схавана зброя ў невядомай мне колькасці, ведаю толькі, што на тую мэту выдаў Тышкевіч 30 тысяч рублёў. Праўдападобна ішлі туды для атрымання хоць той колькасці. Паход гэты быў сапраўдным трыумфальным маршам. Была гэта вербная нядзеля, перад тыднем пакут і перад уваскрашэннем. Была вера ў грудзях усіх, калі зброю здабудуць, перамога і ўваскрашэнне блізкія.

А такі быў наплыў моладзі з народу, што Даленга, не маючы зброі для іх узбраення, вымушаны быў абмінаць вёскі, бо вясковая моладзь, узброіўшыся цапамі і сякерамі, цягнулася за войскам, упрошваючы прыняць. Люткевіч камандаваў аддзелам з 50 чалавек, узброеных толькі цапамі (называлі іх цапавікамі).

У пачатку паўстання, г.зн. у часы Кіраўнічага аддзела Літвы і Даленгі, войска нашае не спазнала занядбання з боку грамадства. Даленга клапаціўся і апекаваўся моладдзю, як камандзір і дбалы бацька. Сяляне са свайго боку забяспечвалі ахвотна тым, чым былі ў стане (сумы, выдаваныя на ўтрыманне войска, відавочна, не былі дастатковымі, бо, як апавядаюць, не раз Даленга мусіў залазіць у сваю прыватную касу для забеспячэння патрэб жаўнераў; лагерная каса была ў руках Антаневіча). Траскоўскі меў у сваім распаджэнні асабістую касу Даленгі. Пасля сыходу Даленгі лёс аддзелаў падлёг вялікім зменам, а пад канец быў роспачлівым: бо пасля ўвязнення Зыгмунта і Кіраўнічага аддзела, што мела месца ў першыя дні ліпеня, арганізацыя аслабла, страціла веру ў поспех справы, згуба пагражала ўсім.

Пасля пераможнай бітвы пад Латвелямі Свалкень, жыхар Ковенскага павета, быў высланы з рапартам у Вільню. Яму Аддзел даручыў паспяшацца з паведамленнем, што Ганецкі з 3000-ай арміяй спяшаецца перарэзаць Даленгу дарогу на поўнач. Свалкень заміж таго, каб спяшыць дзень і ноч, правёў адзін дзень у Вільні, пасля чаго падаўся ў свой фальварак адпачыць другі дзень. З часам ён знайшоў лагер, уручыў перасцярогу, але ўжо не Даленгу, а Ляскоўскаму, які ў той час быў ужо ў Панявежскім павеце.

З вялікай колькасці людзей, з якімі лёс зблізіў Зыгмунта, адным з бліжэйшых быў ксёндз Александровіч у Дынабургу. Зыгмунт цаніў яго розум, нязломную нічым энергію, вялікую сумленнасць і любоў да Бацькаўшчыны.

Пакідаючы назаўсёды Пецярбург, бачыўся з ім і, вядомы пачуццём, якое мусяць засведчыць людзі блізкія да смерці, хочучы пераказаць сваю апошнюю волю, сваё апошняе даручэнне, пакінуў яго не ў Пецярбургу, а ў кс. Александровіча. Ад яго таксама атрымалі: дадзены Зыгмунтам на схованку "Польский вопрос", другі асобнік дадзенага Мілюціну, трэці быў дадзены Нітчалу, сакратару пры ангельскім пасольстве.

Калі Зыгмунт дзейнічаў на Ковеншчыне, кс. Александровіч, працуючы за дзесяцярых, дзелавіта вёў працу ў сябе ў Дынабургу. Не разлічваючы на дакладнасць іншых камісараў, сам адследжваў рух і распараджэнні рас[ійскіх] вайсковых уладаў. Гэта ён дае знаць у Вільню пра тое, што планы Зыгмунта некім здраджаны, і пра сабраныя каля Бірж вялікія маскоўскія сілы, для перарэзвання дарогі польскаму войску. Падазрэнне ўпала на Баляслава Сясіцкага (спраўніка), які меў брата, польскага камісара ў Вількаміры. Баляслаў страціў усе рысы чалавека - паляка - застаўся толькі спраўнік. Мечыслаў, прыяцель Гейштара, лічыўся тым за сумленнага, гарачых пачуццяў паляка. Ці пры такім блізкім кроўным сваяцтве патрафіў захаваць паўнату таямніцы? Не ведаю. Ва ўсякім разе рабілі яму з той нагоды закіды - цярпеў іх, але давесці невінаватасць не было спосабу. Баляслаў Сясіцкі пасля біржанскай паразы, баючыся за сваё жыццё, прасіў перавесці яго ў Расію, атрымаў пасаду ў Баравічах, дзе я мела пакуту, будучы там на выгнанні, бачыць яго часамі як спраўніка, а ў Самары - Ільдэфонса Касцялкоўскага, чыя жонка выдала Зыгмунта ў рукі маскалёў.

Кс. Александровіч зняволены, пераносіў адно з найгоршых у тыя часы вязненняў. Адказваў так разумна, што пры перакананні камісіі, быццам ён у сваёй асобе спалучаў дзейнасць ваяводскага начальніка і камісара, тая камісія не магла яму нічога даказаць, мусіла прыгаварыць толькі на пасяленне, але цяжкае вязненне падкасіла здароўе і сілы. Памёр у турме. Смутна мне, што не мела мажлівасці пазнаёміцца з так цэненым Зыгмунтам чалавекам.

Апрача ксяндза Александровіча шмат мела Літва дзелавітых капланаў, узорных у жыцці, вялікіх патрыётаў, як: кс. Бышэўскі ў Троках (рэшту жыцця правёў у Ватыкане), кс. Пежа ў лагеры Зыгмунта (павешаны Мураўёвым), кс. Скарупскі ў Н[ова] Аляксандраўску, сасланы ў Сібір, кс. Гундзюс, прыгавораны да Сібіры, памёр у дарозе ад тыфу; кс. Ішора, павешаны, кс. Зямацкі, павешаны [413] і шмат, шмат іншых, якія прыступалі да справы Бацькаўшчыны, як да алтара і ад якога не адышлі, не пакінулі, хоць увесь гмах валіўся ў друз і іх ля падножжа алтара пахаваў.

Гінулі на шыбеніцы, у турмах, у вязніцах пакутавалі, цярпелі нястачу на пасяленнях і ў Сібіры. Ім горш было, чым свецкім, няраз у паняверцы мерлі з голаду. Калі расіянам рабілі вымовы, чаму ксяндзам не даюць пасад, як свецкім на выгнанні, адказвалі з наіўнасцю: "Да вот видите, неловко, вашего ксендза нельзя ругать" [414].

Афіцэр Казакоўскі з аддзела кс. Мацкевіча апавядаў, што ў месцы, дзе аддзелы затрымаліся, некалькі дзён былі чутны выстралы пад Біржамі. Калі Казакоўскі налягаў на кс. Мацкевіча, каб спяшыць з дапамогай, той адказваў: "Не маю на гэта выразнага загаду". (Паўтараю рэч чутую, але без веры ў праўдзівасць, бо праўда была б невыказна смутная.) Калі б кс. Мацкевіч марыў пра ролю ваяводы ў Ковенскай губерні, калі б зайздрасць да вялікага ўплыву, які аказваў Зыгмунт на люд, дыктавала тыя словы, то вялікая любоў да Бацькаўшчыны, святасць справы не дазволілі б яму на падобны ўчынак. Кс. Мацкевіч спазніўся!

Памылкова некаторыя гавораць, што Зыгмунт пасля шчаслівай бітвы пад Латвелямі пасунуўся глыбей у пушчу, каб знайсці выгаднае месца для апошняй бітвы. Ён яе не прагнуў, наадварот, рады быў пазбегнуць, каб магчы пасунуцца далей з мэтай яму вядомай. Дапускаў, аднак. магчымасць нападу і чакаў да паўдня. Калі ўжо абозы пачалі спускацца з лясістага ўзгорка, вораг распачаў бітву. Гавораць, што Даленга з усёй уласцівай яму прытомнасцю думкі пашыхтаваў сваё войска да бітвы, якая з вялікай зацятасцю ішла ад паўдня да позняга вечара. Ніхто мне ніколі не распавядаў ходу ўсёй бітвы. Ведаю толькі, што Зыгмунт пасля ранення каля пятай па паўдні, будучы параненым яшчэ кіраваў бітвай, заахвочваў да бою, але калі з прычыны набліжаўшайся ночы непрыяцель адступіў - нашы падабралі сваіх параненых і зброю, кс. Мацкевіча ўсё не было. Зыгмунт пасля перадачы камандавання Ляскоўскаму, пасля развітання з войскам, адны кажуць, што быў адвезены, іншыя, што быў аднесены на руках верных з атачэння глыбей у пушчу ў фальварак Камароўскіх Скробішкі. Суправаджалі яго д-р Траскоўскі, ад'ютант Яраслаў Касакоўскі, камісар д-р Юзаф Касцялкоўскі і дзесяць верных, баявых з аддзела, у тым ліку ведаю, што быў д-р Сатурнін Якубоўскі. Двор быў пусты. На варце застаўся толькі стары слуга Сыруцяў, які, калі пасля нашага шлюбу паны стараліся ўшанаваць маладую пару абедам, прасіў, каб яму ў довад заслуг дазволілі стаяць за крэслам Зыгмунта і прыслужваць яму. У Скробішках таксама адзін стары слуга прыняў параненага камандуючага.

Пасля перавязкі раны Зыгмунт застаўся адзін. Не заснуў пасля знямогі, пакуты і болю - піша - запаўняе алоўкам маленькую кніжачку. Было гэта апісанне ўсёй дзейнасці Даленгі на Літве, апісанне і прычыны біржанскай паразы, уласныя меркаванні пра паўстанне і ўсю дзейнасць на Літве. Сардэчныя словы развітання для Краю з нязломнай верай у лепшую будучыню.

Паводле апавяданняў Гейштара кніжачка была пакладзена ў архіў, забраная адтуль па заданні Малахоўскага і Гейштара, аддадзена на захаванне пані Уласевіч, у хвілю нейкага перапалоху была кінута ёю ў агонь.

Шкада, што Гейштар не хацеў ці не мог дэтльна паўтарыць змест яе, а абмежаваўся толькі абагульненнямі, дадаючы для тых, хто яго ведаў, што чытаючы кніжачку здавалася, што чуе, як ён (Зыгмунт) гаворыць [415].

На раніцу агледзелі паўторна рану, моцная гарачка яшчэ ўзмацнілася, у канцы Зыгмунт заснуў сном цяжкім, гарачкавым.

Недалёка ад Скробішак Юзаф Касцялкоўскі меў прыроднага брата Ідэльфонса Касцялкоўскага, да яго тры разы пасылалі паўстанцаў, якія суправаджалі Зыгмунта па воз і каня, на іх доўгія ўгаворы жонка Ідэльфонса адказала рэзкай адмовай. У канцы падаўся сам Юзаф, забраў воз і каня сілай. У палове восьмай прыбыў воз. Распавядаў Яраслаў Касакоўскі, калі ўвайшоў ў пакой, застаў Зыгмунта спячым, у гарачцы, праняты літасцю чакаў, пакуль сам прачнецца. Так сплыло паўгадзіны. Прачнуўся, але ў той час, калі маскалі акружылі двор [416].

Паўстанцы крычалі: "Здрада, здрада!"

Пасля таго, як Юзаф забраў воз, Ільдэфонсіха падалася да спраўніка Сясіцкага, дзе ў той час знаходзіўся Ганецкі (паводле апісання жонкі Сясіцкага), якраз у хвілю яе прыбыцця піў каву на ганку. Нягледзячы на прысутнасць генерала Ільдэфонсіха голасна прасіла спраўніка, каб яе не прыцягвалі да адказнасці за ўзяты воз і коней для параненага Даленгі, які цяпер знаходзіцца ў Камароўскіх у Скробішках. Ганецкі адышоў, каб распарадзіцца пра неадкладны арышт Даленгі.

Не буду падаваць далейшых дэталяў, бо так розныя і спрэчныя паміж сабой, што толькі затрымацца магу на адной, што Зыгмунт у хвілю арышту быў у моцнай гарачцы. У размовы і дыспуты з расейскімі афіцэрамі ўдавацца не мог.

Апавядаў мне Доніч пасля вяртання з Сібіры, таварыш Колышкі ў хвілю арышту апошняга:

- Пасля бітвы, пасля ўдалення Зыгмунта ў Скробішкі, пасля збору раскіданых аддзелаў першыя словы Колышкі былі: "Дзе камандуючы? Хто яго суправаджае?" Пачуўшы адказ выгукнуў: "Маруды пагубяць яго - за мной дзесяць з майго аддзела! Спяшайма яму на дапамогу! Да бяспечнага месца толькі шэсць гадзін дарогі, перанясём яго лясамі на руках!" Набліжаючыся да Скробішак зайшоў па больш дакладную інфармацыю ў прыдарожную хату. У той жа момант ускочыла гаспадыня з крыкам: "Уцякайце! Маскалі ідуць!" Некалькі суправаджаўшых Колышку выскачыла цераз акно ў бок лесу, калі ён збіраўся зрабіць тое ж самае, пачуў ужо каля хаты словы салдата: "Теперь, когда Доленга пойман" [417]. Колышка ўпаў на лаву са словамі; "Не маю ўжо для чаго ўцякаць - усё страчана - камандуючы ўзяты". Салдаты ўварваліся. На пытанне, кім ёсць, адказаў: "Колышка, якога ад даўна шукаеце".


10 траўня Даленга, Колышка і грамадка вязняў, якая яго суправаджала, былі перавезены ў Вільню.

Абодва загінулі аднолькавай смерцю: Колышка 10/29 чэрвеня [418], Даленга 15/27 чэрвеня 1863 года. Цела Зыгмунта ў прысутнасці каменданта Вяткіна і доктара Фавеліна знялі ноччу і пахавалі пад Замкавай гарой [419].

Жыхары горада рабілі тысячы праектаў выкрадання Зыгмунта са шпіталя. Адны з іх былі немажлівыя з-за стану яго здароўя; на іншыя не хацеў пагадзіцца, бо пацягнулі б за сабой вялікія ахвяры. Віленская моладзь хацела напасці на шпіталь, захапіць параненага, пакласці яго ў човен, дзе б яго ўжо чакалі і Віліяй вывезці ў бок Закруту [420], а адтуль у лагер у Троцкім павеце. Зыгмунт не згадзіўся, бо было б гэта прыгаворам для моладзі на вынішчэнне, а для горада на дзікую помсту Мураўёва.

Зыгмунт у адным са сваіх апошніх лістоў з вязніцы піша: "Стоячы пад шыбеніцай буду яшчэ пратэставаць супраць варварскага бяспраўя ўраду адносна маёй Айчыны".

Паўстанцы звярталіся ў Аддзел з запытам, ці была б мне палёгкай кара, адмераная Ільдэфонсісе праз спаленне яе двара і павешанне яе самой? Адказала, што смерць ці жыццё такой нікчэмнай істоты не можа параўнацца з жыццём і смерцю Серакоўскага. Няхай жыве - няхай згрызоты сумлення будуць карай, а дзеці, калі іх мае, можа пакрыюць цнотамі сваімі крыўды ўчыненыя Краю.

1) (Абвяржэне памылкова пададзенага апісання Цылевым і аўтарам "Гісторыі двух гадоў".) Колышка пасля арышту быў адпраўлены ў Мядэйкі, а не ў Скробішкі, туды таксама і Зыгмунт быў спачатку са Скробішак адвезены. Усе, г.зн. Зыгмунт, Колышка і 20 маладых паўстанцаў, якія іх суправаджалі, а таксама Траскоўскі, Касцялкоўскі і Касакоўскі былі пад моцнай вартай з жандармскім палкоўнікам Собіным экспрэсам прывезены ў Вільню ў незвычайна ранні час - перавезены ціха вакольнай дарогай у шпітталь 10/29 красавіка. Ганецкі прыбыў 12-га звычайным цягніком, увайшоў праз Вострую Браму без польскіх штандараў, з музыкай. але вуліцы былі пустыя, вязняў усяго было каля сарака, пераважна параненых.

2) Абманам ёсць апісанне аўтара "Гісторыі двух гадоў" Зыгмунта перад выездам у Коўню, быццам бы хадзіўшага і аддаваўшага візіты ўрадавым фігурам у цывільным строі. Вайскоўцам можна было толькі за мяжой насіць цывільную вопратку, калі б яго так убачылі ў Вільні, з пэўнасцю арыштавалі б, прынялі б за азнаку пакідання вайсковай службы, таму, як бы мог аддаваць візіты, гуляць у більярд з Назімавым, наведваць абеды і г.д.? Як жа шмат, амаль усё, што адносіцца да Літвы ёсць абманам у той справе.

Мураўёў неўзабаве пасля свайго прыбыцця на Літву выдаў камюніке [421]: "Калі паўстанцкая партыя пакажацца на адлегласці 3 вёрст ад двара, маёнтак будзе падлеглы секвестру за ўдзел у паўстанні - канфіскацыі. Вёска ў першы раз праціць штраф, у другі раз раўняецца з зямлёй".

З прыбыццём Мураўёва следчая Камісія распачыная сваю дзейнасць. Праславілася ў ёй фальшам, падступствам, абманам, прыдумваннем цэлых доўгіх прызнанняў, паклёпамі на людзей, найбольш шанаваных Краем, як: апошнія хвілі Зыгмунта, цалаванне Агрызкам рук па локці старшыні, каб яму ацаліў жыццё; Колышка, які ўскладае віну за сваё зняволенне на Зыгмунта і выракаецца яго; кс. Мацкевіч, які выказвае на Камісіі сваю нянавісць да польскай шляхты, на згубу якой бунтуе мужыкоў; Авейда, які здраджвае арганізацыю для ацалення жыцця. (J. Гогель [422] сфальшаваў прызнанне Касоўскага на Агрызку і наадварот, пасля чаго на патрабаванне неабходнасці вочнай стаўкі не зрабіў яе, бо выйшаў бы на яву ўвесь нікчэмны абман.) Жандарм Лосеў мабыць першы і апошні раз у жыцці сказаў праўду, калі яму нехта з вязняў вымаўляў крыўды за фальш:

- Што ж вы, панове палякі, думаеце пра нас, што мы ў вачах вашага грамадства падымаць і ўшляхетніваць вас захочам? Не, панове, заданнем нашым ёсць не толькі выдабыць з вас прызнанне, але яшчэ выпусціць вас з рук нашых такімі чорнымі, каб вашыя маці вас не пазналі.

Акрамя Лосева яшчэ нікчэмнейшымі былі Гогель, Ратч, Юган, Віселіцкі, Цылаў, Шамшаў і шмат іншых да іх падобных, якія добра пасавалі да Мураўёва.

Вікары Ішора - іхняя першая ахвяра. Пасля прачытання маніфесту пайшоў з партыяй. На вестку пра зняволенне пробашча вярнуўся і здаўся ў рукі ўладаў. Павешаны.

41) Літ[оўскі] аддзел выдаў адозву, якая заклікала да вытрымкі ў выкананні абавязкаў у інтарэсах краю і не падаць духам з-за той нявіннай ахвяры. Адозва з'явілася ў дзень экзекуцыі на мурах горада. Гэта падказала Мураўёву, што ёсць Аддзел Нац[ыянальнага] Ур[аду] і друкарня.

Праходзяць экзекуцыі кс. Зямацкага - 75-гадовага старога [423], Лясковіча, Ляснеўскага і шмат іншых.

Прыходзіць з Варшавы інструкцыя [424] ў палове чэрвеня перад зняволеннем Кіраўнічага аддзела:

1) Замест вышэй названага - Выканаўчы аддзел. Старшыня і 4 чальцы для чатырох секцый, а таксама камісар з Варшавы з асобнай пячаткай і правам прызначэння ваяводскіх і павятовых камісараў без ведама Аддзела.

2) Прызначаецца значны пенсіён для ўсіх чыноўнікаў (дагэтуль чыноўнікі на краёвай службе не атрымоўвалі ніякай аплаты).

Гэтыя пастаянныя змены мучылі наш Край і тармазілі ўсялякую працу, пераконвалі пры тым, што Край знаходзіцца ў руках людзей, якія не маюць разумення пра яго стасункі і інтарэсы.

Можна дапускаць, што ў Каралеўстве не было лепей, і там былі пастаянныя змены. Высылалі, няволілі і мардавалі. Кожная змена прыносіла новыя распараджэнні, якія былі вынікам падбору людзей з што раз напэўна меншай падрыхтоўкай і ўменнем дастасавацца да што раз цяжэйшых акалічнасцяў.

Да хвілі пераняцця Каронай кіраўніцтва нашымі справамі на Літве панавала найпаўнейшая згода як у Камітэце, так пазней і ў Аддзеле, пасля арышту чальцоў якіх на іх месца ставалі іхнія былыя памочнікі, ужо абазнаныя са справай і яе ходам. Усе супольна працавалі і дапамагалі адны адным, нават моладзь з так званай Чырвонай партыі ахвотна падпарадкавалася распараджэнням Аддзела і прыступіла да супольнай працы. Малыя амбіцыйкі і парожнасць некаторых чальцоў з арганізацыі не тармазілі працы.

Асобае распараджэнне, якое надавала камісарам, прыбылым з Каралеўства, невядомым нашаму Краю, правы прызначэння людзей на такія высокія пасады, уражвала грамадскасць. Лёсы Літвы, яе бяспека ў руках такога легкадумнага Ду Лаўрэнса.

Увесь Аддзел падаў у адстаўку [425] - было гэта за пяць дзён да смерці Зыгмунта. Пакуль прыйшоў адказ з Варшавы 10/22 чэрвеня, зняволілі Аскерку і Яленскага. Эдвард Пажэрскі, начальнік нашай паліцыі ўцякае ў Парыж. На месца Аскеркі выбіраюць Уладзіслава Малахоўскага; Вагнера - на месца Яленскага, сакратаром К[араля] Ф[алевіча]. Далеўскі лічыў за абавязак перад Краем не перапыняць дзейнасці да прыходу адказу з Варшавы.

Дамейка, абазнаны са справамі, вучыць і падказвае Мураўёву, каго прыбіраць. І таму сказалі Вагнеру і Лапацінскаму выехаць з Вільні. У той жа час на месца Вагнера выбралі Марыконі.

10 ліпеня новага стылю зняволены Францішак Далеўскі. На працягу двух гадоў зняволення не знайшлося нікога, хто б засведчыў супраць яго, нават фатограф К[орзан], які выдаў Аскерку, Яленскага і іншых. Калі захварэў на тыф у Кунгуры, дзе сёстры Далеўскага, даглядаючы хворых у тыфозным шпіталі, наблізіліся да яго (відочна, ведаў іх наглядна), то закрычаў: "Панны Далеўскія! Я подлы, выдаў Аскерку, Яленс[кага], але, Божа, ты бачыш, што гэта не я выдаў Францішка!"

Літва заплаціла Камісіі (а хутчэй пры пасярэдніцтве Камісіі - Мураўёву) за жыццё Далеў [скага], Аскеркі і Яленскага 15 тысяч. Ян Завіша за Гейштара - 900 рублёў. Завалакіцілі справу да адмены ваеннага становішча, а з ім і смяротных прыгавораў.

Пасля зняволення Далеўскага прыбыў у Вільню як пасланец з Варшавы Юзаф Каліноўскі (кс. Рафал), прывёз пячатку і мандаты. Новыя чальцы:

Гейштар - старшыня;

Малахоўскі - начальнік горада;

Юзаф Каліноўскі - вайсковыя справы, памочнік Цітус Далеўскі;

Канст[анцін] Каліноўскі - унутраныя справы;

К[ароль] Ф[алевіч] - сакратар;

Ду Лаўрэнс - камісар.

Нядоўга гэта ўжо трывала. Замена людзей на ўсіх пасадах, даўняя арганізацыя рассыпалася. Амаль што не было з каго выбіраць, лепшая большасць вымардавана або вывезена, пастаянныя арышты, экзекуцыі, множацца здраднікі, шпегі, ссылкі.

У гэты смутны час Нац[ыянальны] ўр[ад] уводзіць:

1) Жандармерыю на Літве з простых, неабучаных людзей, з правам вынясення смяротных прыгавораў нядбайным і здраднікам.

2) Жадае арганізацыі вясковага люду (дзіўнае няведанне нашага краю);

3) Абвясціць на Літве паспалітае рушэнне (з каго?).

4) Распачаць неадкладна паўстанне на Падоллі, Валыні, Украіне, у Віцебскай, Менскай і Магілёўс[кай] губернях.

Смутныя былі вынікі тых спробаў. Каля Жытоміра, Павалочы, Кіева мужыччо, узброенае дубінамі і сякерамі наводзіла маскоўскае войска і вымардоўвала без міласэрнасці нашую моладзь [426]. Тэрор, скіраваны на нашых бяздзейных мужычкоў, быў повадам для іх аддацца пад апеку Мураўёва.

Цэнтр[альны] камітэт выканаў свой абавязак прадстаўляючы на з'ездзе ў Варшаве, а потым цераз Яленскага рэальны стан Літвы і чаго ад яе ў дадзеную хвілю Каралеўства магло спадзявацца. Усе тыя распараджэнні ў хвілю, калі паўстанне канае. Двары апустошаныя, дабразычлівыя вёскі папалены, зраўняныя з зямлёй або ад жаху гатовыя схіліцца на бок ворага. Паспалітае рушэнне! Арганізацыя люду! Не было ўжо нікога, каб падтрымаць грошам, хлебам і апекай атачыць апошнія жменькі туляўшыхся паўстанцаў, казалі ім ператрываць да наступнага лета і тады распачаць рух з большай сілай!

Край цярпеў, збіраў на ахвяру рэшту сваіх сіл, каб датрываць да гэтай абяцанай хвілі. Інтэрвенцыя - верыў, верне нам права, магчымасць жыцця.

З тых часоў атрыманы ліст сёстрам, сасланым у Кунгур ад Цітуса з Вільні пад прынятым імем Тарэсы выражае сваю надзею ў наступных словах:


27 лістапада/9 снежня.

Адрывак з ліста: "Што да мяне асабіста, вяду жыццё, як звыкла свабоднае, вясёлае, на колькі акалічнасці, якія мяне атачаюць, гэта дазваляюць. Займаюся тымі самымі абавязкамі, што перад вашым выездам, хоць цяпер маю шмат больш клопатаў. Але ж што яны значаць пры вытрымцы і добрым гуморы, і гавару вам праўду, я сёння такая шчаслівая, такая вясёлая, як уся навакольная прырода. А прырода мусіць адчуваць шчасце і весялосць, калі мае даць такія багатыя плады, якія нам перадаюць нашыя гаспадары. Паводле іх пасеенае жыта ў гэтым годзе дасць ураджай, які забяспечыць нам хлеб, патрэбны для падтрымкі нашага жыцця. А таму: няхай жыве жыта! якое мае даць нам шчасце - падтрымаць нашае існаванне.

Ураджаі гэтага года былі някепскія, аднак у параўнанні з абяцанымі - нічым. Гаспадары вераць і нас запэўніваюць, што з часам будзем купацца ў дастатку - што дай, Божа!"


Апошнія чатыры зімовыя месяцы ў 1864 годзе якімі ж былі цяжкімі для бедных паўстанцаў, расцярушаных, але не жадаўшых скласці зброю, каб скарыстацца з мураўёўскага маніфесту. У тым ліку былі: Ляскоўскі, кс. Мацкевіч, Канстанцін Далеўскі, Ян Жахоўскі, Ст[аніслаў] Булгароўскі і шмат іншых. Цэнтр[альны] камітэт выканаў свой абавязак, прадстаўляючы на з'ездзе ў Варшаве, а потым праз Яленскага сапраўдны стан Літвы і чаго ад яе можна спадзявацца. Пшыбыльскі, якога Варшава сама сабе выбрала, не пытаючы Літвы, на яе прадстаўніка, не ўмеў стаць на абарону як інтарэсаў Літвы, так і ўсёй справы.

Усе тыя распараджэнні ў хвілю, калі паўстанне канае. Двары апустошаныя, дабразычлівыя вёскі папалены, зраўняныя з зямлёй або ад жаху гатовыя схіліцца на бок ворага. Паспалітае рушэнне! Арганізацыя люду! Не было ўжо нікога, каб падтрымаць грошам, хлебам і апекай атачыць апошнія жменькі туляўшыхся паўстанцаў. казалі ім ператрываць да наступнага лета і тады распачаць рух з большай сілай!

Апошнія 4-ы зімовыя месяцы ў 1864 годзе якімі ж былі цяжкімі для бедных паўстанцаў, расцярушаных, але не жадаўшых скласці зброю, каб скарыстацца з мураўёўскага маніфесту [427]. У тым ліку былі: кс. Мацкевіч, Канстанцін Далеўскі, Жахоўскі, Штэнгельмееры і шмат іншых, як Булгароўскі, Ліпінскі.

Зіма была, як ніколі датуль суровая. Марозы даходзілі да 25-30 градусаў. Няма дзе схавацца. Маскоўскае войска ператрасае ковенскія ваколіцы, шукаючы рэшткі туляўшыхся паўстанцаў. Ніхто ім не адважваўся даць схованку як у хатах, так і ў дварах, якіх няшмат засталося, бо каго не зняволілі за ўдзел у паўстанні, вывезлі ў Расію за непадпісанне адраса.

І ў светлы час, і ў змроку наш сумлены жмудскі мужычок, праняты літасцю, бег шукаць нашых няшчасных у аддаленых глыбінях пушчы, несучы ім сухі кавалак хлеба, спечанага з вотрубаў, ад якога крывавіліся язык і паднябенне спажываўшага, ці кавалак старога елкага сала, але і тут паводле апавяданняў Жахоўскага рабілася ім крыўда. Сала закопвалі ў зямлю (свіран беднякоў). Дзікі ноччу, прывабленыя яго вострым пахам, выкрадалі. А яны самі? На марозе ад якога з гарматным гукам лопаліся старыя дубы, скурчыўшыся, прытуліўшыся адзін да аднаго, пад прыкрыццем назбіраных днём сухіх галін, зложаных кучай, праводзілі ночы тры месяцы. Сумленны наш люд, застаючы іх так раніцай, гаварыў з літасцю:

- Панічыкі - няхай споўніцца Божая воля! Прыходзьце хоць ночку правесці ў хаце.

Няшчасныя не адважваліся скарыстацца. Там пад страхой чакала на іх смерць і згуба сумленных людзей.

Пасля апошніх распараджэнняў, прысланых з Варшавы па арганізацыі люду, жандармерыі, паспалітага рушэння, руху ў красовых губернях, адкуль да гэтага часу прыходзіла падмацаванне ў моладзі і ў грашах, настае ў Выканаўчым аддзеле хвіля бунту, абурэння. Аддзел пад выглядам, што не можа супольна працаваць з Гейштарам, высылае з мэтай адхілення яго Ду Лаўрэнса ў Варшаву, той з намерам хуткага вяртання пакідае свой паўнамоцны мандат на Літве ў Канстанціна Каліноўскага, карыстаючыся з чаго, Аддзел аб'яўляе сваё абурэнне на агульным сходзе вуснамі Уладзіслава Малахоўскага:

- Досыць нам гэтай залежнай ролі! Варшава не разумее нашых патрэб. Павінны самі радзіць над дабром Літвы! Мы пастанаўляем ад гэтага часу разарваць гэтую залежнасць, якая нас губіць!

Гейштар адзін апелюе разрыву салідарнасці з Каралеўствам. Ніхто яго не слухае, а потым большасць пастанаўляе выслаць наступныя ўмовы: Літоўскі камітэт незалежны ад Кароны, камісар з Варшавы мае толькі дарадчы голас, роўна, як з Літвы ў Варшаве.

Пасля атрымання гэтай пастановы Варшава прысылае ў Вільню Авейду-Шмідта для пагаднення Літвы з Каронай. Усё было ўжо запозна.

Праблема адраса Дамейкі

Пасля Біржанскай бітвы Дамейка падтрымлівае планы Мураўёва, агітуючы за паданне адраса [428], у форме ўказанй Мур[аўёвым]. Адрас не толькі асуджае паўстанне, але і адмяняе ўсю нацыянальную мінуўшчыну, абвяшчаючы, што Літва заўсёды была Расіяй і прагне ёй застацца.

Знайходзяцца на Літве такія, якія яго падпісваюць з Дамейкам, у вялікай сваёй нядолі трацяць галаву і сумленне. Тыя, хто не падпісвае, ідуць на выгнанне. Літва вылюдняе. Народ лічыць Дамейку за здрадніка, адступаецца. Пакуль Дамейка не падпісаў Аддзел пастанаўляе не дапусціць яго да гэтага чыну і іншых прыхільнікаў адцягнуць, адпужнуць, каб гэтае паскудства не пашыралася. З гэтай мэтай выносіць смяротны прыгавор Дамейку. Прысланыя жандармы аказаліся няўдалымі. Літва не знаходзіць выканаўцаў прыгавору сярод сваёй супольнасці. Ліцвіны гавораць, што лягчэй сябе пазбавіць жыцця, бо пасля выканання прыгавору жонкі, дочкі і нарачоныя адвярнуліся б ад іх, як ад забойцаў. Даставілі з Варшавы Бянькоўскага. Той наносіць Дамейку ўдар штылетам, але Дамейка выжывае і распавядае Мураўёву апісанне штылетніка, менавіта, што быў бландынам. Стаўленыя перад Дамейкам бландыны ідуць на шыбеніцу, бо Дамейка не ўпоўнены ў ідэнтыфікацыі. Павесілі ў гэты час семярых, некалькі са Шляхецкага інстытута, амаль дзяцей, усёй віной якіх былі светлыя валасы. У той час на вуліцах Вільні не было відаць бландынаў. Устрывожаныя маці фарбавалі трынаццаці- і дванаццацігадовым сынам валасы.

Бянькоўскі зняволены, павешаны. Малахоўскі, як начальнік горада найбольш адказны, уцякае. Здановіч, сын прыстойнага чалавека і шанаванага педагога, здраджаны калегам (Купсцем), расстраляны. Канстанцін Каліноўскі расстраляны 22 студзеня 1864 года новага стылю. Юзаф Каліноўскі асуджаны на цяжкія работы. Гейштар зняволены. Захавала яму жыццё тое, што здраднікі, называючы яго старшынём у другім складзе чальцоў Аддзела, ніколі яго не бачылі. Сасланы ў Уфу. Парафіновіч, Кушалеўскі і д-р Дзічкоўскі гаварылі пра Гейштара, што яго не ведаюць асабіста таму, што сам ніколі не дзейнічаў, а засланяўся Цітусам Далеўскім, які выконваў за яго абавязкі.

Цітус ад прыбыцця ў Вільню (у траўні 1863 года) амаль ад пачатку мусіў хавацца пад узятым прозвішчам. У хвілю арышту яго ў Сыракомліхі меў пашпарт на імя Маеўскага. Сыракомліха, хоць была пра тое папярэджана, выдала ўласнае прозвішча Цітуса, гэта павяло яго на смерць, бо ад 1 кастрычніка 1863 года расклеены быў на мурах горада прыгавор Мураўёва, які выракаў яго завочна на смерць, і абяцаў высокую ўзнагароду таму, хто яго выдасць. Цітус Далеўскі пасля агалошвання выраку заахвочваўся ўсімі да ўцёкаў, з Пецярбурга прыслалі яму пашпарт, грошы і ўказанні па арганізацыі ўцёкаў. Не хацеў скарыстаць - гаварыў: "Калі пасля маіх уцёкаў ніхто ўжо не стане на маё месца - згаджаюся. У супроцьлеглым разе, калі нехта пасля мяне мае загінуць - застаюся, хачу гінуць сам".

Расстраляны 31 снежня 1863 года /11 студзеня 1864 года. Апошняя экзекуцыя ў тым, г. зн сышоўшым годзе. Канстанцін Каліноўскі пачынае праз 10 дзён сваёй смерцю 1864 год.

Выкрытая менская арганізацыя паказвае на Гейштара, як старшыню ў другім складзе сяброў Аддзела. Дастаўлены з Уфы, пасаджаны ў цытадэлі. Арыштоўваюць ваяводскага начальніка Віленскай губерні Мікалая Гядройця (чалавек сумлены, але слабой волі - заміж таго, каб апраўдвацца, сам сябе найстрожай асуджае перад сваёй супольнасцю, якая злітавалася над ім, прабачыла яму). Выдаў ён Камісіі Антонія Яленскага, як скарбніка ў Аддзеле. Антоні доўгі час стаяў на сваім першым прызнанні, што ў такія небяспечныя часы прымаў вялікія прыватныя сумы для захоўвання, гарантуючы ўласным фундушам.

Пры заснаванні Камітэта пастанавілі, у выпадку арышту, бачачы немагчымасць выкруціцца з цяжкага становішча і шматлікіх неабвержных довадаў віны, прымаць адказназнасць за дзейнасць датуль пазасталых на свабодзе, каб ацаліць датуль вольных, а тым самым забяспечыць на будучыню магчымасць далейшай працы, а ніякім чынам не выдаць справы ані шляхоў, якімі край ідзе да мэты.

Яленскі трымаўся шляхетна, не выдаў ні справы, ні людзей. Хворы, змучаны двухгадовым вязненнем пры здрадзе Гядройця і выдачы яго менскай арганізацыяй, бачачы немагчымасць выкруціцца ад нагрувашчаных супраць яго довадаў, прызнаецца, што быў краёвым скарбнікам.

Гейштар, дастаўлены з Уфы, знаходзіцца ў падобным, што і Яленскі, стане ў выніку прызнанняў Кашыца, менскай арганізацыі і папярэдніх прызнанняў Парафіяновіча, Кушалеўскага і Дзічкоўскага. Прызнанні ўсіх сходзяцца ў тым, што Гейштар быў старшынём ў другім складзе Аддзела.

Становішча абодвух бязвыхаднае. Дазволілі ім пабачыцца. Яленскі незаўважна перадае Гейштару запіску, у якой піша, што для прыкрыцця датуль не выкрытых пакажа на яго, як на старшыню, а на сябе, як на скарбніка пры Далеўскім і Каліноўскім, якія былі ўжо мёртвымі. Разлічваў на сілу Гейштара - памыліўся.

Гейштар нейкі час трымаўся добра, неўзабаве, аднак, Камісія дакапалася да яго слабых бакоў. Пачалі яму ліслівіць, расхвальваць яго вялікі розум, справядлівасць, праўдзівасць, якімі нават Мураўёў захапляецца, называючы яго адзіным у Польшчы разумным і справядлівым чалавекам, які не ведае падману. А пры тым усе чальцы Камісіі: Лосеў, Гогель, Юган і Шамшаў так яго любяць, так прагнуць яго выратаваць.

Ах той Мілтан у сваім "Страчаным раі" як жа вялікае паказвае веданне тайнікоў людской душы, малюючы шатана з пекла, які шукае шлях з пекла да чалавека, свежа створанага Богам. Шатан у сваіх пошуках распытвае сустрэтага анёла, ліслівіць яму і даведваецца, што найшырэйшая і найпрасцейшая дарога да чалавека ідзе праз перадпекла, якое называецца фанабэрыя.

На тым шляху няшчасны Гейштар быў пераможаны панамі з Камісіі, шатанамі з пекла. Пры пастаяннай ліслівасці мучылі абодвух, роўна Ялен[скага], як і Гейштара пастаянна паўтаранымі пытаннямі ўдзень і ўначы. Пакідалі ім наледзве пару гадзін спачынку. Чальцы Камісіі змучаныя пакутамі вязняў мяняліся, а гэтыя мусілі ім пастаянна адказваць. Яленскі на думку Камісіі быў вызначаны, як: "Хитрый полешук ничего нам не сказал, чего мы прежде не знали - ни одной личности нам не указал" [429]. Няшчасны Гейштар паддаўся. Піша прызнанне - выдае ўсю нашу справу - увесь ход нацыянальнай працы. Вучыць Мураўёва, у чым палягае нашая сіла. Нічога не мінае. Пачынае ад мірнай працы, якую прыпісвае сабе, выдае арганізацыю колаў і колкаў, тыя ніткі, якія звязваюць Літву.

Піша пра паўстанне, пра першы Аддзел і пра другі, ужо з іх амаль нікога не было ў жывых, або былі за межамі Краю. Што ж да першых, калі б не тыя 15 тысяч, вярнулі б іх і замардавалі б.

Ад гэтага часу ў сетцы арганізаваных кол і колак пачынаюцца масавыя арышты і высылкі. Адзін чалец правініўся, сылаецца ўся сям'я, яе атачэнне і знаёмыя. Мураўёў цешыцца. Ратч піша гісторыю паўстання 1863 года.

Гейштар ад той пары зненавідзеў Яленскага, не мог яму прабачыць, што той аказаўся мацнейшым за яго. Апрадваўся перад грамадскасцю, што прызнаючыся ацаліў краёвы гонар (у вачах Камісіі? у вачах Мураўёва наш гонар?).

Думаю, што зрабіў гэта ў нейкім хваравітым запале. Бо ці ж ёсць мажлівай рэччу, каб паляк у здаровым розуме мог на Камісіі сказаць: "Мужыка літоўскага ніколі не будзеце мець на сваім баку. Калі дасце яму веды, будзе станоўча наш, калі пакінеце яго ў цемры, не будзе ні ваш, ні наш". Натуральна, у такім разе Масква выбірае цемру, а не сваятло на Літве. Абодва, г.зн. Яленскі і Гейштар, асуджаны на Сібір.

Мураўёў быў ідэолагам, сейбітам анархіі на Літве. Ліцвін, калі стаіць перад задачай выканання свайго абавязку або на абароне сваіх правоў, здольны на вялікія геройскія ўчынкі, але найдакладней няздольны да выбухаў шалёных, раз'юшаных.

Літву доўгія гады крыўдзілі, тапталі. Ліцвін парываўся да сваёй абароны, але тыя навязаныя яму крыўды насілі хоць бачнасць права. Бараніліся ў імя сваіх правоў, бараніліся, каб цярпець, каб жыць. Настала ў канцы хвіля доўгага стрымліванага жалю, абурэння - выбуху пачуццяў цэлага народа! Рвануўся таксама цэлы народ - рвануў кайданы пад гнятлівай пятой ворага. Была гэта роспач. Не было подласці.

Мураўёў разбудзіў іншыя, датуль невядомыя, пачуцці: помсты, адказу, бязмежнай пагарды і нянавісці.

Як прыклад далучу факт, які сведчыць пра вялікую мяккасць у характары ліцвіна. Перад прыбыццём Мураўёва Дамейка браў удзел у палітычнай працы літоўскай шляхты. Ведаў усіх, ведаў пра ўсіх акрамя прозвішчаў людзей, засядаўшых у Камітэце. Відочна, хацеў на Літве адыграць ролю Веляпольскага. Разумеўся з Мураўёвым, даваў яму падказкі па хутчэйшым задушэнні ўсялякага руху. Асуджаны на смерць супляменнікамі. На Літве не знайшлося выканаўца выраку. Трэба было дастаўляць з Каралеўства. А аднак за тую справу павесілі семярых амаль дзяцей без суда і следства.

За пераход аддзелаў на адлегласці 4 вёрст або доказу выкання выракаў шпіёнам або здраднікам на той жа адлегласці палілі і раўнялі з зямлёй вёскі. На азначанай адлегласці ад асады Ібян маскоўскае войска знайшло ў лесе павешанага шпіёна. Асаду спалілі, зааралі, людзей пагналі ў Сібір. Бедныя жмудзіны. Сёстры мае былі сведкамі. Немаўляты паміралі ля грудзей згаладалых маці. Журботная грамадка пабожных жмудзінаў укленчыўшы каля маці малілася, пасля чаго ўкідала цельца ў Каму або Аку ці засыпала жоўтым пяском на Табольскай дарозе.

Пасля зняволення сына маршалка Баэйра, Атона за ўдзел у паўстанні (быў камісарам у Сакольскім павеце) пужалі старых бацькоў спаленнем двара, канфіскацыяй усёй маёмасці (што таксама мела месца, Спасовіч абараніў), павешаннем адзінага сына. Загадалі маршалку прыбыць на афіцэрскі баль у Саколку з дочкамі ў бальных туалетах. Калі бацька з'явіўся адзін, апраўдваючыся хваробай наймалодшай дачкі, Скварцоў загадаў яму неадкладна вяртацца па дачок, дадаючы насмешліва: " Прывезці красавіцу Вольгу хоць бы з ложкам".

Чым паўстанне было бліжэй да канца, тым кіраванне Мураўёва было больш лютым і самавольным. Гавару тут толькі пра тое, што бачыла і пра тых, каго асабіста ведала. Лютасць, знішчэнне, падрыў існавання на цэлыя годы, калі не назаўсёды сеялі зёрны анархіі на Літве. Нішчыць за знішчэнне, забіваць за смерць нявінных, за падкоп пад існаванне Краю падарваць давер і фінансы Расіі.

Пачалі ад таго апошняга, як найпільней патрэбнага ў цалкам зруйнаваным Краі. Паўстала за мяжой Таварыства фальсіфікатараў. Настаўнікамі іхнімі былі анархісты, дакладней нігілісты расійскія, якія жылі ў Лондане. Калі эмігранты ліцвіны (выхаваныя ў Расіі), якія там схаваліся, апавядалі пра страшны стан Краю, пра яго нэндзу, нядолю і поўнае зруйнаванне, адказвалі ім з лёгкасцю: "Какой вы мягкий народ!" [430] Сказалі, куды і да каго падацца па інструкцыі, каб адплаціць за зрабаваны, збяднелы Край. Заснавалі фабрыкі, інструктарамі на якіх былі расейцы, найперш у Лондане, потым у Берліне, Парыжы, Швейцарыі, Швецыі, але з-за цяжкасці перавозу фальшыфых грошай у Расію, трапілі яны толькі ў Пецярбург.

Ведаю пра тое, бо было некалькі арыштаваных і асуджаных. Спасовіч бараніў іх, я бывала на судах.

Невыказна смутным, можа, найсмутнейшым з усіх няшчасцяў ёсць прышчапленне ў душах спакойнага люду зёрнаў бандытызму.

У літоўскіх яўрэяў найперш праявілася анархія, бо яны таксама атрымалі найбалеснейшы ўрок жыцця без правоў. Бітыя, прыніжаныя, абрабаваныя. Са спакойных, пакорных сталі і аказаліся здольнымі вучнямі расейцаў і ў канцы сталі бунтаўшчыкамі, анархістамі.

Не трачу надзеі. Літва апамятаецца і зверне з кепскай дарогі.

Дадатак

Кароткія нататкі распараджэнняў Каралеўства на Літве ў 1863 г.[431]

Ад падзелу Польшчы, намаганні вызваліцца з-пад маскоўскай улады на Літве не спыняліся ніколі, і Братні звяз, запачаткаваны Францішкам і Аляксандрам Далеўскімі ў 1846 г. быў далейшым працягам тых намаганняў, шляхам мірнай працы для пераадолення тых перашкод, якія ў папярэдніх паўстаннях былі прычынамі няўдач.

Праца сяброў Звязу, нягледзячы на вязненні, Сібір і пастаянныя пераследы, не спынілася, наадварот, тая ж самая моладзь праз жыццё і больш цеснае ўнікненне ў патрэбы Краю, яшчэ больш вынікова імкнулася да мэты дарогай справядлівасці, права і няспыннай трывалай працы, пашыраючы шляхетныя прынцыпы і думкі для з'яднання і павышэння маральных устояў усіх пластоў грамадства.

Парушаныя гарачыя патрыятычныя пачуцці не далі ўтрымацца ў акрэсленых межах. Падзеі ў Еўропе ў 1848 годзе страсянулі моладзь, асабліва рамесніцкую, якая нягледзячы на апазіцыю кіраўнікоў, рвалася да зброі. Вызначылі выбух паўстання на дзень Рэзурэкцыі, разлічваючы на тое, што пры натоўпах, якія звыкла заліваюць вуліцы горада, латвей ім будзе выканаць намер захопу зброі з арсенала. Адзін з рамеснікаў здрадзіў. Далеўскія былі арыштаваныя з-за знойдзенага ліста ў М[аўрыцыя] Кл[ячкоўскага], студэнта Харкаўскага ўніверсітэта. Ліст утрымоўваў адказ на пытанне: "Вер мне, скажы што рабіць?". Быў без подпісу.

Многія з сяброў Звязу, якія былі ў стасунках толькі з Далеўскімі, ацалелі і вялі далей распачатую працу. Праз год пасля вывазу Далеўскіх на Сібір іхнія калегі Леапольд Савіцкі і Леапольд Маткевіч засноўваюць студэнцкую арганізацыю (паводле праекту Далеўскіх) у Маскоўскім універсітэце. Студэнты ў довад прызнання заслуг уручаюць Маткевічу пярсцёнак.

Караім з Трокаў Рамуальд Кабецкі апрача ўплыву на сваіх субраццяў пахвальна дзейнічае ў Адэскім ліцэі.

У Пецярбургу Серакоўскі з колам польскай моладзі, якое ўзнікла пад яго ўплывам, мае перад сабой нашмат цяжэйшую задачу, чым у Краі, бо мусіць прыстасоўваць, а потым цалкам замяніць у многіх выпадках прынцыповыя меркаванні, прымяняючыся да ўмоў і мясцовага грамадства, выхаванага пад уплывам нігілізму, пагарды і плявання на сябе і сааё грамадства, дзе здабыццё ведаў ёсць сродкам толькі для здабыцця магчымасці ўжывання жыцця і сілы для ўціску слабейшых. Гэта было пераможана пры што раз павялічваўшымся коле людзей добрай волі з расейцаў і прышчэплены вера, надзея і любоў. Прышчэплены іскры Божыя ў страчаныя душы, вера ў мэту жыцця, надзея на вызваленне ад сіл стрымліваючых рух да свабоды духу і побыту; любоў і справядлівасць адносна слабых і прыгнечаных.

Серакоўскі першы збірае кола каля сябе, уплыў яго невымерны. Ад хвілі, калі яго не стала ... кола развалілася, але бліжэйшыя да яго калегі не перасталі працаваць. Вяртаецца з Арэнбурга з шырокай, вялікай, далёка сягаўшай праграмай: аўтаномія на Бацькаўшчыне праз наданне свабодаў, канстытуцыйнага права ва ўсёй дзяржаве. Настаюць часы рэформ. Супрацоўнічаюць пры Серакоўскім Агрызка, Спасовіч, Балтазар Каліноўскі, а таксама найвыбітныя сілы ў Расіі.

У той жа час у Краі па вёсках і гарадах літоўскіх без заклікаў, без дэкламацый вядзецца ціхая, мурашкавая праца. Сярод шляхты наперадзе Ромеры, жонка Ендрэя Снядэцкага, Кліманскія, Лапацінскія, Вагнер, Ян Тышкевіч, Напалеон Яленскі, Эміль Аскерка, Козелы і шмат іншых. Моладзь, якая думае больш сур'ёзна, пабуджае да карыснай дзейнасці сваіх бацькоў і ўсю супольнасць. Яшчэ большы рух на Літве з'яўляецца пасля вяртання выгнанцаў з Сібіры і з арыштанцкіх рот. У той час прыбыў у Вільню з Іркуцка Аляксандр Далеўскі.

Маршалкі ў 1858 годзе ў апошнія месяцы года склікаюць шляхту. На супольнай нарадзе ўхваляюць неабходнасць стварэння губернскіх камітэтаў з мэтай падрыхтоўкі праектаў дзейнасці. На сесіях спрачаюцца, радзяцца. Большасць шляхты за вызваленне сялян з-пад прыгону. Губернатары ствараюць цяжкасці. Шляхта на Літве, нягледзячы на гэта, пастанаўляе адмяніць прыгон на падставе царскага рэскрыпту (праводзіць, нічым не бянтэжачыся).

Натуральна, ёсць асобы, якія апануюць, кіруюцца эгаістычным інтарэсам, аднак пад націскам думкі ў Краі, ужо моцна пашыранай, далучаюцца да агулу, які жадае падаць просьбу да цара пра адмену паншчыны і наданне свабоды прыгонным.

У палове 1858 і [18]59 г. настаюць часы небывалага руху на Літве. Пецярбург гаворыць пра рэформы. Верыць у іх. І Літва за яго прыкладам цешыцца, як бы ў дзень досвітку шчаслівых часоў. Верыць у магчымасць жыцця пад скіпетрам найшляхетнейшага з цароў Аляксандра ІІ. Паўстаюць шматлікія праекты выказвання яму сваёй лаяльнасці. Губ[ернатар] Назімаў падае свой праект прыёму цара яркім балем. Літва згаджаецца, але пад уплывам найвыдатнейшых у Краі асобаў, а менавіта выгнанцаў (менш лёгкаверных) дадае ад сябе - падача цару адраса, у якім выказвае свае жаданні, г.зн. аб вызваленні ад прыгону сялян, аб увядзенні ў пачатковых школах польскай мовы, або той, на якой размаўляе мясцовае насельніцтва, аб рэлігійнай талерантнасці і аб універсітэце ў Вільні.

Пад уражаннем разбуджанай веры ў шляхетнасць і справядлівасць Аляксандра ІІ хочуць яшчэ апрача балю выдаць яркі альбом на памяць пра яго бытнасць. Стары Адынец зусім траціць галаву, пішучы свой "Ойча наш", у якім цара называе дзедзічам Ягелонаў. Горад упрыгожваецца, асвяжаецца, малююць транспаранты, двухгаловых арлоў і г.д.

Назімаў на вестку пра праектаваны адрас і яго змест забараняе шляхце прыезд у Вільню ў час побыту цара. Аднак маршалкі, карыстаючыся належнымі ім правамі, збіраюцца ў Вільні ў Дамейкі, віленскага маршалка, з мэтай паразумецца з паданнем адраса. У гэтай праблеме найчыннейшымі былі: Ромеры і Ян Тышкевіч.

Дамейка дае слова, што сам яго ўручыць імператару, але ў пярэдадзень прыезду цара маршалкі нідзе яго знайсці не могуць. Занепакоеныя падаюцца да цывільнага губернатара Хамінскага, пра якога былі добрыя водгукі ў Краі. Той ім гаворыць, што Дамейка адначасова даў ім слова, што адрас падасць, а Назімаву, што адрас зусім не будзе пададзены.

У хвілю агульнага абурэння Ромер вымаўляе памятныя словы: "Урад робіць вялікую памылку, адкідваючы шчыры зварот літоўскай шляхты, якая прадстаўляе неабходныя патрэбы Краю, задавальненне якіх ёсць адзіны сродак забеспячэння шчасця і спакою народа. Паколькі ўрад адпіхвае, мы не бяром на сябе адказнасці за наступствы. Выканаем наш абавязак. Нягледзячы ні на што верым, што народ наш жыве і жыць будзе!"

Ромер прамовіў ад імя кола маршалкаў, якія рэпрэзентавалі Край. Маршалкі падалі адрас, адрэдагаваны, па змесце вельмі сціплы, просячы толькі ўніверсітэт, аднак цар прыняў іх словамі, якія абурылі ўсю Літву: "Скажыце шляхце, што я ёю вельмі незадаволены. Няхай яна памятае і Еўропа, што гэта не Польшча!"

Словы гэтыя ўпалі на Літву ў хвілі веры большасці яе грамадства ў дабрыню яго і справядлівасць.

У той час вярнуўся з Сібіры Францішак Далеўскі. (Аляксандр быў у Вільні з год.) Сабраныя маршалкі, з якіх многія дзесяць гадоў назад яшчэ маладзёнамі належалі да Братняга звязу, паразумеліся з ім на зборы ў Яна Тышкевіча і запрасілі на больш шматлікія з'езды ў Ковенскай губ[ерні] у Рудаміны ў Панікштах, у Менскай у Яленскага ў Дамайчыцах і ў Віленскай у Лапацінскага.

На пачатак кожная губ[ерня] ставіла на чале двух наўплывовейшых чалавек з грона абывацеляў, якія б пастаянна паміж сабой маглі раіцца для кіравання губерняй, а ў кожным павеце - па два найбольш вядомых і на якіх цалкам можна было б разлічваць, бо праз іх якраз мелі быць прышчэплены прынцыпы і думкі. Першым найпільнейшым заданнем арганізацыі было:

1) Справядлівае і хуткае развязанне сялянскай праблемы (не можа быць поўнага паразумення і ўплыву на чалавека ў няволі).

2) Земляробчае таварыства на ўзор Каралеўства Польс[кага] з мэтай пад'ёму земляробства, а таксама для лягчэйшага ўзаемапаразумення.

3) Крэдытнае таварыства.

4) Школкі. (Тут кожны грамадзянін быў абавязаны выбраць у сваёй вёсцы найздольнейшага хлопца з сумленнай сям'і і прыслаць яго ў горад. Абавязкам гарадской арганізацыі было памясціць яго у вядомага сумленнем і польскімі прынцыпамі рамесніка, а моладзі прысвяціць свае вольныя хвілі на навучанне вясковай дзетвары; рамяству вучыліся б у таго ж рамесніка). Гэтым спосабам праз кароткі час вёскі нашы мелі б у сваім коле патрэбных рамеснікаў, а разам і настаўнікаў, калі не яўных, то тайных у асобах тых жа рамеснікаў.

Гэтая праца не павінна была ніколі перапыняцца. Вынікі яе на Літве праявіліся ў час першых выбараў у Думу ў адказе таго ж літоўскага мужычка: "Не зямлі нам больш, а ваш розум патрэбны".

Думку сумеснай няспыннай працы падаў Францішак Далеўскі, але Край наш любімы быў яе выканаўцам. У хуткім часе ўся Літва арганізавалася, а бачачы неабходнасць пастаяннага паразумення па прапанове Францішка ўстанавіла Цэнтральны Камітэт, які складаўся з Францішка Далеўскага (Аляксандр ужо памёр), Антонія Яленскага, Аляксандра Аскеркі, Ігнацыя Лапацінскага і Аскара Вагнера. Край ажывіўся, цешыўся надзеяй працы, хоць павольнай, але карыснай. Арганізаваўся, выбіраў людзей даверу. Колы і колкі пашыралі маральнасць, лад, ашчаднасць, устрыманасць, веды і працу. Мэта - свабода Бацькаўшчыны. Каб дайсці вынікова да гэтай мэты, утрымаць грамадства ад змоваў і заўчасных паўстанняў.

Нягледзячы на мірную дзейнасць, палітычная агітацыя пастаянна ўзрастае.

З некаторых універсітэтаў моладзь высылае сваіх дэлегатаў у Варшаву на штогадовы збор Зем[ляробчага] т[аварыства]. Многія са шляхты туды падаюцца, нягледзячы на перашкоды з боку губернатараў, з-за чаканых забурэнняў у Варшаве..

Неўзабаве прыйшла адтуль вестка пра варшаўскія падзеі і першыя іх ахвяры 15/27 лютага 1861 года. Вестка тая страсянула ўсю Літву і апранула яе ў жалобу, нягледзячы на пагрозы Назімава, што ўсякае праяўлення спачування да тых падзей будзе ўладамі сурова карацца. Чыноўнікі трацяць пасады; моладзь выдаляецца з навуковых устаноў.

Напэўна больш балючай за першую была вестка, атрыманая неўзабаве пасля гэтага, пра роспуск Земляробчага таварыства.

У той самы час, г. зн. у 1861 годзе па загадзе цара ў першыя дні студзеня маршалкі збіраюцца ў губернскіх гарадах для выбару чальцоў для вясковых спраў.

Сялянская рэформа праведзена ўдачна. Ажыццяўлялася на Літве першая галоўная задача.

Устаноўлены губернскія ўправы, пасярэднікі (сакратаром на Ковенскую губерню быў прызначаны Тадэвуш Корзан). Наогул выбар людзей быў задавальняльны. Грамадскую працу Літва вяла з запалам. Моладзь працуе супольна і сваёй гарачай верай у паспяховасць той працы пабуджае іх да энергічных дзеянняў старэйшых, марудных у працы агулу.

У тым жа годзе ў траўні 1861 г. праяўляецца пачатак нашага ва ўсіх вымярэннях трагічнага паўстання 1863 года.

У дзень св. Станіслава ў Віленскай кафедры падчас пад'ёму раздаўся спеў гімну "Божа, што ж Польшча", выкананы моладдзю, якая прыбыла пераважна з-за мяжы. У тым ліку былі Бенедыкт Дыбоўскі, трое Ліманоўскіх: Люцыян, Баляслаў і Юзаф, Карэва, Зыльвяровіч і іншыя, прозвішчаў якіх не памятаю. Пасля набажэнства ўсе вышэй пералічаныя былі арыштаваныя. Натоўп, пераважна жанчын, падаўся да Назімава, патрабуючы вызвалення вязняў. Дэманстрацыя скончылася мірна без кровапраліцця.

Ад таго часу па ўсёй Літве распачаліся спевы, дэманстрацыі, якіх ужо ніхто і нішто не магло стрымаць.

У ліпені 1861 года сабраўся шматлікі з'езд шляхты ў Вільні з мэтай канчатковай падрыхтоўкі праекта Крэдытнага таварыства, а разам для прыняцця супольнай праграмы дзейнасці ў сувязі з пашыраючыміся дэманстрацыямі. Што да Крэдытнага таварыства Варшава дала свае парады, прыслаўшы двух вельмі разумных чалавек: Уратаноўскага і Клабукоўскага. Статут, як сцвярджалі, быў выдатна складзены, але зацверджання ўрадам не атрымаў.

За колькі дзён перад 6 жніўнем пачала кружыць па Вільні пагалоска пра прыбыццё працэсіі з Варшавы. Спачатку ніхто з жыхароў Вільні гэтаму не верыў, аднак пагалоска ўпарта паўтаралася.

Хто быў яе аўтарам? Адкуль пайшла? З якой мэтай? Пыталіся ў сябе.

Напярэдадні азначанага дня расейцы, начальнікі ўстаноў і дырэктары школ раніцай апавясцілі пагрозу: "З-за пэўнасці, што набліжаецца працэсія з Варшавы, паведамляем вам, панове, што калі б нават прыбылым не хапала харчоў або памяшкання, а вы б паспяшаліся да іх з дапамогай, будзеце выдалены з устаноў, а вучні са школ".

Ад той хвілі зніклі ўсякія сумненні ў галовах нашай сумленнай люднасці. Пяклі, смажылі, чысцілі свае жытлы, каб прытуліць змораных, згаладнелых варшавякаў.

6 жніўня ад паўдня цягнуліся незлічоныя натоўпы ў бок Пагулянкі, несучы з сабой харчы. Дарэмныя былі перасцярогі, дарэмныя заклікі, што гэта падступства ўраду, што хочуць іх сабраць у адным пункце для арганізацыі пагрому безабаронных, каб адбіць віленцам раз на заўсёды ахвоту да дэманстрацый.

Абураны натоўп адкідаў перасцярогі, прымаючы іх за галасы паліцыі.

Раптам з бакавых вуліц у месцы, дзе многа гадоў назад адбылася экзекуцыя Канарскага, войска пачало акружаць і сціскаць найбольш зграмаджаных людзей.

Раздаліся выстралы, секлі палашамі, білі прыкладамі.

Крык, енкі, заклікі: "Не аддаваць маскалям параненых і забітых!" Нягледзячы на біццё, народ бароніцца, не дае.

У першыя дні новага 1962 года ўведзены ў жыццё Надаўчы ліст.

У некаторых мясцовасцях сяляне выказвалі гатоўнасць адрачыся ад усялякіх выгадаў за наданне ім шляхецтва (разумеючы напэўна ў шляхецтве небіццё палкамі, незбыткаванне кожнага над хамам, нездаванне ў рэкруты і да т.п.). Жмудзіны асабліва.

У іншых, як у кн. Агінскага сяляне не хацелі ніякіх змен, прасілі, каб іх пакінулі ў спакоі, так упарадкаваных, як датуль жылі. Рэтаўшчына Агінскага была сапраўдным аазісам. Агінскі з зацятасцю ўзяўся за справу ашчасліўлення сваіх прыгонных, а меў іх звыш 10 тысяч мужчынскіх душ (так у той час лічылі прыгонных).

Пачаў сваю справу з адшукання ласкаў двара, узяў замуж Каліноўскую, даму двара імператрыцы.

Іменаваны шамбелянам. Прадставіў імператару Мікалаю свае добры як бунтоўныя, прасякнутыя свабодалюбівымі прынцыпамі, якія аказваюць згубнае ўздзеянне на суседнюю люднасць.

Пераканаў імператара ў неабходнасці аддзялення іх і пра свае добрыя намеры вывесці сваіх прыгонных на правую дарогу.

Пасяліўся сярод свайго люду. Першым, у выключным парадку, атрымаў права адмены ў сябе паншчыны. Увёў гмінныя ўправы, заснаваныя на галасаванні.

Як войт, абраны гмінай, кіруе ёй, закладвае банкі ўкладава-ашчадныя ці пазыкавыя, пазбаўляе свае добры ад рэкруцкага набору за выплату 300 рублёў з гміннай касы, будуе для войска казармы (не памятаю, на якой адлегласці ад сваіх вёсак) з тым, каб нага жаўнера ніколь не ступіла ў яго воласці. Закладвае крамы, базары, склады прыпасаў, майсэрні сельскагаспадарчага начыння і г.д., уводзіць устрыманні.

У яго не ведалі гарэлкі. Ва ўсе тыя паляпшэнні ўкладваецца гміна, але, аднак, нягледзячы на тыя выдаткі, Рэтаўшчына славіцца ладам, багаццем і спакоем, роўна як гміна, так і сам князь, які, калі засядаў ва ўправе як войт, заўсёды ўбіраўся ў самаробную сукману (праўда, што тая сукмана мела атласную падшэўку). Ірэні не меў міру са шляхтай, не імкнуўся да папулярнасці, шляхта не раз рабіла яму паскудствы і псавала работу.

Быў патрыётам - умеў ашчаслівіць люд, быў для яго добрым кіраўніком і апекуном, меў абазначаную мэту жыцця і дасягнуў той мэты.

Восенню 1862 года склікалі вялікі з'езд у Вільні з усіх губерняў. Прыбылі: з Гарадзенскай Станіслаў Солтан, Юзаф Замойскі і маршалак Старэнскі (Стажэнскі). З Менскай: Ельскі, Магільніцкі і маршалак Лапа. З Магілёўскай: Ігнацы Брастоўскі (Бжастоўскі), Акушка і марш[алак] князь Стэфан Любамірскі. З Ковенскай: Жылінскі, марш[алак] Мядэкша, Коньча і інш. З Віленскай: Лапацінскі, Вагнер, марш[алак] Дамейка, Тызенгаўз. Дамейка старшынствуе.

На тым з'ездзе былі прадстаўлены два мемарыялы.

1) Старэнскага (Стажэнскага), які дамагаўся шанавання нацыі пры разумным довадзе немагчымасці выкаранення палякаў.

2) Адрэдагаваны Крывіцкім і прадстаўлены Дамейкам з просьбай пра ўніверсітэт.

На тым з'ездзе па жаданні ўсёй Літвы выбіраюць пастаянны Камітэт у Вільні з наступных чальцоў: Фр[анцішак] Далеўскі, Аляксандр Аскерка, Антоні Яленскі, Ігнацы Лапацінскі, Аскар Вагнер і дэлегаваныя з губерній з боку шляхты: Старэнскі (Стажэнскі), Зыберг-Плятар, а таксама з кожнай губерні ад моладзі па адным негаспадары (якія не мелі нерухомай маёмасці). З Ковенскай губерні большасцю галасоў быў абраны Конрад Хмялеўскі, але Гейштар так зручна пакіраваў справай, што заняў яго месца.

На тым з'ездзе зацвердзілі яшчэ пры адсутнасці Крэдытнага і Земляробчага таварыстваў, адкінутых урадам, прымяніць да земляробчых гаспадарак сістэму колаў і колкаў... [432]


Калі б шчаслівы вынік завершыў дзейнасць, дакладней паўстанне, Тызенгаўз выступіў бы як дыктатар, а Гейштар адсунуўся б. У выпадку няўдачы Гейштар застаўся б у ролі дыктатара. Тызенгаўз, забаўлены наіўнасцю гэтага праекту, на наступны дзень перадаў яго Аддзелу.

Як жа часта Гейштар пустымі прапановамі ўводзіў у вялікі клопат Урад Літвы.

Пасля абвяшчэння дыктатуры Лянгевіча прыйшлі новыя распараджэнні з Варшавы:

1) Каб палякі сыйшлі з пасад маршалкаў, пасярэднікаў і іншых. Праз маршалкаў і пасярэднікаў Аддзел звязваўся з Краем. Гэтым распараджэннем насаджвалі на гэтыя вызваленыя пасады расейцаў, як навочных сведкаў усёй дзейнасці ў само сэрца Краю і гэта ў дзень паўстання.

2) Нацыянальны ўрад прызначыў у Варшаве Вацлава Пшыбыльскага, без паведамлення, а, дакладней, без паразумення з Літвой, пасярэднікам паміж Вільняй, Пецярбургам і Варшавай.

Аддзел прыняў тыя весткі са здзіўленнем, бо Вацлаў быў так неадпаведны на той пасадзе ў Варшаве, як Ду Лаўрэнс у Вільні. Не ведаў ні Краю, ні яго патрэб.

Неўзабаве прыбывае гр. Замойскі з дзвюма новымі прапановамі:

1) Выслаць да Лянгевіча прадстаўніка Літвы.

2) Каб шляхта, г.зн. сельскія жыхары не бралі ўдзелу ў паўстанні для захавання зямель ад канфіскацыі.

Хто ж у такім разе рабіў бы ў нас паўстанне? Забылі пра тую вялікую розніцу, што ў Кароне народ ідзе ў паўстанне без шляхты, а на Літве - шляхта без народа.

Аддзел толькі часткова падтрымаў тое апошняе распараджэнне пасля паразумення з галоўнымі кіраўнікамі (захоўваючы як наймацней сакарэтнасць). Не ўсе нават чальцы Аддзела былі пасвечаны ў таямніцу.

Найбуйнейшыя ўладальнікі зямель на Літве, як: Тызенгаўз, Горват, Тышкевічы, Яленскі, Радзівіл і інш. не будуць браць ні яны, ні іхнія сыны чыннага ўдзелу ў паўстанні, г.зн. не далучацца да баявых аддзелаў. Паўстанцкія аддзелы будуць абмінаць іхнія маёнткі, але яны, уладальнікі, абавязваюцца:

1) уносіць павялічаны падатак (не ў рукі зборшчыкаў, а непасрэдна ў цэнтральную касу ў Яленскага).

Гэтыя ж самыя ўладальнікі ашчаджаных маёнткаў:

2) не будуць ухіляцца ад пасад у таемнай арганізацыі;

3) будуць ратаваць пакрыўджаную люднасць;

4) падтрымліваць і апекавацца вязнямі;

5) а пасля прадбачанага ўпадку паўстання ўжывуць захаваную маёмасць на выкуп сканфіскаваных зямель меншай уласнасці;

6) у выпадку арышту не выдадуць ані людзей, ані справы, а ўжывуць усякія сумленныя дыпламатычныя сродкі для ацалення сваёй зямлі.

Адсюль выплываюць дзіўныя тлумачэнні многіх з наймажнейшых паноў на Камісіі, а менавіта беднага Міхала Радзівіла [433], так асуджанага недасведчанымі.

Ён займаў месца акруговага паўстанцкага начальніка.

Арыштаваны тлумачыў: "Бацька вучыў нас шанаваць уладу, цаніць парадак і спакой у Краі. Паўсталыя забурэнні мярцвілі нас. Мы цешыліся. калі настаў час заспакаення (Камісія дадала ад сябе, "калі прыбыў Мураўёў"). Прыняў месца акруговага кіраўніка, калі разышлася па Краі пагалоска пра інтэрвенцыю, калі б гэтага не зрабіў, увесь Край асудзіў бы мяне".

Адгэтуль выплывае таксама і яго адказ пры выбарах у Варшаве на пасаду ў Дабрачыннасці, калі грамада чыніла прычэпкі і закіды: "Не ведае левая рука, што робіць правая".

Нямала пацярпелі Тышкевічы за адкупленне маёнткаў на Літве з рук расейцаў, а яны толькі чэсна і сумленна выканалі ўскладзены на сябе абавязак.

Першая адозва Аддзела "Да зброі!" выйшла 19/31 сакавіка, пасля яе наступіла чытанне маніфесту па касцёлах аб вызваленні і ўшляхценні сялян (у Ковенскай губерні дадалі і ўшляхценне). Памятаю тую хвілю - быў гэта праект Гейштара, таварышы жартавалі з яго: "Што ж ты, Якубе, хочаш нашага непісьменнага, босага мужычка прыбраць у тогу, якая сёння ў нас з плячэй спадае?" Упіраўся ў выраз "ушляхцення" заміж "надання грамадзянскіх правоў". Згадзіліся, каб часу не траціць.

Спачатку разаслалі даручэнне ў фармаваўшыеся аддзелы, каб устрымаліся з уступленнем у бой для прачытання ва ўсім Краі маніфесту ў прысутнасці люду і шляхты адначасова.

Паўстанне на Жмудзі трывала найдаўжэй і найвыніковей вялося. Люд, асабліва пасля выступлення Серакоўскага, браў у ім удзел. Спачатку толькі ў аддзеле кс. Мацкевіча былі сяляне з Ляўды яго парафіі. Длускі верыў у народ, але зняверыўся пасля першых сутычак, калі пераканаўся, што ён разбягаецца пры першым залпе. У Віленскай, у Менскай і ў Магілёўскай губернях аддзелы фармаваліся пераважна з інтэлігентнай моладзі. Люд паводзіў сябе абыякава. Яўрэі ўсюды дапамагалі. Не было з іх ані здраднікаў, ані даносчыкаў.

Выклік Серакоўскага наступіў пасля доўгіх ваганняў і нарадаў. Фр[анцішак] Далеўскі быў супраць гэтага, даводзіў, што выклік Серакоўскага ёсць не толькі памылкай і грахом, бо пазбаўляе Край чалавека патрэбнага, неабходнага, смерць якога будзе стратай агульначалавечай, але ёсць яшчэ крокам вельмі непалітычным. У выпадку перамогі Серакоўскі пры сваім вялікім уплыве на ўрад можа аб'яднаць і адсачыць найкарыснейшыя ўмовы; у выпадку ж паразы (а пра тое не павінны забываць, бо гэта ў сучасным нашым становішчы ёсць найпраўдападобнейшы канец) ён адзін ёсць у стане згладзіць няшчасці Краю, якія стануць наступствам паразы. Калі цяпер пакіне сваю пасаду паслушны закліку Бацькаўшчыны, будзе лічыцца ўрадам за здрадніка і прыцягне на тую Бацькаўшчыну, якой сябе пасвяціў, тым большую помсту і здзекі ворага над пераможанымі.

Толькі Антоні Яленскі падтрымліваў Францішка. Але ж большасць галасоў, якія прадстаўлялі ўвесь Край, вырашылі пра неабходнасць гэтай ахвяры, лічачы Серакоўскага за адзінага чалавека, які быў у стане з'яднаць аддзелы, што дзейнічалі самастойна пад рознымі лозунгамі, якія часта сеялі нянавісць сялян да шляхты, апрача таго мужыкаманскія, літваманскія і г.д. Прозвішча, пасада і заслугі Серакоўскага мелі ўжо вялікі розгалас не толькі на Літве і ў Расіі, але як правадыра Літвы былі адзіным сродкам разбуджэння духу і веры ў поспех паўстання.

На самай справе была гэта хвіля, калі найвялікшыя эгаісты гатовы былі далучыцца да агульнай справы, разумеючы: "Відавочна, настала хвіля шчаслівага развязання нашай справы, калі такі Серакоўскі кідае такую высокую, такую перспектыўную для яго пасаду, каб пайсці ў бой як паўстанец".

Нават Тызенгаўз, на выгляд такі халодны, які пралічваў усе шанцы, на вестку пра выступленне Серакоўс[кага] абвяшчае гатоўнасць выдаць любую жаданую суму на зброю; і плача на вестку пра Біржанскую паразу і арышт Зыгмунта.

У той якраз час увайшло ў дзеянне распараджэнне ашчаджаць вялікія маёнткі па паразуменні з Серакоўскім. (Ён ашчаджаў усіх, мінаў вёскі, ішоў гасцінцам або лясамі).

Пасля прыбыцця Серакоўскага ў Вільню сабраўся Аддзел ў поўным камплекце пры ўдзеле многіх вайскоўцаў, якія належалі да арганізацыі. Гейштар, як прадстаўнік вайсковасці ў Аддзеле і як той, хто найлепей ведае стан Ковенскай губерні, прадставіў яе ўжо зарганізаванай, гатовай да бою і чакаўшай на прыбыццё камандзіра для злучэння ўсіх аддзелаў і захопу зброі, якая чакае ў Лібаўскім порце, на якую сам выслаў з цэнтральнай касы 75 тысяч у трох траншах па 25 тысяч праз Кяневіча ў Парыж.

(Літва ні адной штукі зброі за тыя грошы не атрымала, і па сённяшні дзень няма разумення, што з тымі грашыма стала.)

Серакоўскі, слухаючы тыя справаздачы, улічваючы іх, складае план пачатку барацьбы, які атрымаў прызнанне сабранай дэлегацыі і вайскоўцаў.

У кожным павеце арганізаваць мясцовае паўстанне, захапіць як найхутчэй зброю, пасля чаго пакінуць усюды ў паветах малыя аддзельчыкі, на чале што найменей пяці тысяч увайсці ў Віленскую губерню, каб тут разгарнуць паўстанне на больш высокім узроўні. Стасуючыся да гэтага плана, іншыя ваяводствы, на колькі можна, мусілі б падтрымаць у сябе паўстанне, пакуль Серакоўскі збярэ больш сур'ёзныя сілы.

Пасля прыбыцця Серакоўскага ў Коўню першым з'явіўся Длускі (як камісар). Доўга да світання размаўлялі паміж сабой абодва нахіленыя над картай Краю Генеральнага штаба. Пасля адходу Длускага Зыгмунт увайшоў у пакой жонкі са словамі:

- Ашукалі - ніхто і нішто мяне тут не чакае апрача смерці! Вярнуцца? Распавесці гэта? Адступіць да часу падрыхтоўкі Краем большых сілаў у маё распараджэнне? Ты маўчыш? - Ах як добра, як разумна робіш, што ў гэтую хвілю нічога мне не гаворыш! Калі б сказала: "Ідзі - ісці трэба!" - балела б гэта мне, думаў бы, яна не дбае пра мяне, пра маё жыццё. Калі б закрычала: "Вяртаймася, кідай усё, маеш права пасля ілжывых прадстаўленняў Гейштара, што аддзелы і зброя чакаюць", - не паслухаў бы цябе, а як жа мне балела б, што ты не здольная да вялікай ахвяры - для Бацькаўшчыны! Не! - я не адступлю, буду дзейнічаць, як бы мяне атачалі налепшыя ўмовы. Пераадолею цяжкасці! Калі маё жыццё патрэбна Бацькаўшчыне, буду рады найперш змагацца з цяжкасцямі, потым з ворагам і жыць для яе, калі смерць мая неабходная, з радасцю для яе шчасця прыму яе на шыбеніцы!

Аддзелы ў Ковенскай губерні, апавешчаныя камісарамі пра прызначэнне Даленгі (без высвятлення на нейкі час, кім ён быў у рэальнасці, каб не ўзбудзіць большую пільнасць і энергію расійскіх уладаў), адмовіліся падпарадкоўвацца роўна як Нац[ыянальнаму] ў[раду] ў Варшаве, так і літоўскаму.

З выразу твару, з тых вачэй хутка скіраваных у даль, я ведала, што паўстаў новы план, ужо ні на кога не разлічваць, толькі на сябе.

Францішак пры выездзе, пры развітанні казаў яму:

- Памятай, у складаную, цяжкую хвілю звяртайся да Фларыяна Даноўскага, на яго можаш заўсёды разлічваць.

Зыгмунт верыў Францішку, бо заміж Пашумера найперш падаўся ў Шаты да Даноўскага, і ехаў з цяжкім настроем - ані зброі (бо Длускі спраўдзіў, не было яе ў Лібаве), ані людзей, пры непрыязна настроеных аддзелах. Адно яго толькі пачуццё вяло і стрымлівала ад адступлення - выканаць абавязак перад Бацькаўшчынай!

Паводле ўспамінаў кс. Яна Жахоўскага: "У першыя дні Велікодных святаў шырыцца па Ковенскіх пушчах пагалоска аб прызначэнні Ковенскім ваяводам нейкага Даленгі, якога ніхто не ведаў. Жахоўскі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, адзін з першых пакінуў яго і далучыўся да жменькі моладзі, каб распачаць партызанку. Бачыў Серакоўскага ў Пецярбургу ў супольна знаёмых сем'ях. Чуючы вестку аб прыбыцці правадыра ў Коўню, вырашыў там яго шукаць. На трэці дзень святаў на шырокім Ковенскім гасцінцы бачыць экіпаж, а ў ім вайскоўца пры поўнай форме, у таварыстве двух іншых. Калі экіпаж наблізіўся, пазнае са здзіўленнем бачанага ў Пецярбургу палкоўніка Серакоўскага. Кідаецца да яго. Экіпаж затрымліваецца. Серакоўскі пазнае яго, хапае за плечы, абдымае, цалуе, гукаючы: "Жахоўскі! Жахоўскі, ты тут!" (Жахоўскі успамінаў тую хвілю са слязамі.)

Суправаджалі Зыгмунта д-р Траскоўскі, які яго не пакінуў да апошняй хвілі жыцця. У лагеры быў касірам Даленгі. Другім быў Ігнацы Ляскоўскі.

Зыгмунт даручыў Жахоўскаму прывесці свой малы аддзел (16 чалавек) у Шаты да Фларыяна Даноўскага, былога сібірака, калегі Фр[анцішка] Далеўскага. Адтуль рушылі ў Пашумер да Вялічкі (камісара), дзе Зыгмунт затрымаўся, а Жахоўскага выслаў у княжацкі фальварак Кнебе (у Вількамірскім павеце) для заснавання лагера.

Праз тыдзень Серакоўскі налічваў у сваім аддзеле 400 дабраахвотнікаў, прыбылых з універсітэтаў і з-за мяжы. Была гэта моладзь, якая цярпліва чакала закліку Літоўскага аддзела. Пасля пакідання Пашумера Даленга пад Генетамі недалёка ад Рогава правёў першую ўдачную сутычку, сам амаль не панёс стратаў, а пераважныя сілы непрыяцеля прымусіў да адвароту пры вялікай колькасці стратаў. У час гэтай бітвы Колышка дзелавіта ўвёў у зман непрыяцеля, пасля чаго злучыўся з Даленгам, за што атрымаў публічную пахвалу перад усім войскам. Бітва выйграна, а што было найважнейшай рэччу ў смутных умовах нашага войска, забралі лагеры і маскоўскую амуніцыю. Адным з першых прыбыў Колышка з прызнаннем камандавання Даленгі. Паводле слоў Канстанціна Далеўскага, узрушальны быў від спаткання тых двух камандзіраў і жменек моладзі ў глыбокай пушчы, сярод голых яшчэ бязлістых дрэў, на зямлі снегам пакрытай, а месцамі гразкай тванню. Радасць біла з вачэй усіх, калі тыя камандзіры сталі адзін перад адным. Колышка сагнуў калена, кладучы зброю да ног Даленгі, пры абвяшчэнні прысягі ісці з ім на жыццё або смерць за Бацькаўшчыну. (Стрымаў, не пакінуў яго, разам загінулі.) Гарачыя словы Даленгі, іхнія сардэчныя, братэрскія абдымкі наэлектрызавалі моладзь, якая з захапленнем віталася, паціскала рукі адны адным.

Колькасць дабраахвотнікаў хутка павялічвалася. Пасля гэтай бітвы Зыгмунт выслаў Баляслава Гейштара з першым рапартам у Вільню, просячы зброі.

Праз некалькі дзён Даленга быў зноў атакаваны ў Карсакінскіх лясах, дзе прывітаў непрыяцеля трапнымі стрэламі з засады і прымусіў яго адступіць.

Адтуль рушыў у Вількамірскі павет у фальварак Кнебе, дзе яго чакаў Жахоўскі, Малецкі, Касакоўскі і некалькі іншых з меншымі аддзеламі. Правёў тут цэлы тыдзень за навучаннем моладзі вайсковым навыкам, сігналам, адліву куль, асаджэнню кос, чыстцы зброі і г.д.

Не буду апісваць далейшых лёсаў кампаніі, іншыя лепей за мяне абазнаныя гэта зробяць; дадам толькі тое, што мне вядома з лістоў брата Канстанціна Далеўскага. Серакоўскі не прымаў у вачах моладзі позы непераканальнага рыгарыста. Калі шмат поглядаў адрознівала яго ад атачэння і прымушала выконваць яго волю і загады, то адно супольнае вялікае пачуццё аб'ядноўвала іх раўняла, ведучы на верную смерць за малым выключэннем ацалелых. Даленга вымагаў ад падначаленых парадку і дакладнага выканання абавязкаў, але цешыўся, бачачы іхнюю хоць хвілінную радасць і забыццё, баяўся думаць, што ўся гэтая моладзь прыгаворана на непазбежную гібель. Любоў да справы і любоў узаемная іх спаяла. Аддзелы любілі яго, верылі яму, гатовыя былі дзяліць з ім пераможную бітву і смерць. Пасля зняволення Зыгмунта, прыслалі ў Вільню, просячы кавалак кашулі, у якой быў паранены. Хацелі ім падзяліцца, перахоўваючы тыя шматкі, як ім дарагую рэліквію. (Дала шэрую ядвабную ў чоныя клеткі.)

Паводле слоў рапарта паход трох калон пад кіраўніцтвам Даленгі, кс. Мацкевіча і Колышкі на поўнач у бок Бірж (дзе мела быць дастаўлена і схавана W.F. у невядомай мне колькасці зброя). Ф[ранцішак] Дал[еўскі] пры расстанні паведаміў таксама і гэта Зыгмунту.

Паход войска быў сапраўдным трыумфальным маршам. Была гэта вербная нядзеля, перад тыднем пакут і перад уваскрэсеннем. Была вера ў грудзях усіх, калі зброю знойдуць, перамога і ўваскрэсенне блізкія.

А такі быў наплыў моладзі з народу паводле слоў Жахоўскага, што Серакоўскі, не маючы зброі для іх узбраення, вымушаны быў абыходзіць вёскі, бо вясковая моладзь, узброіўшыся цапамі і сякерамі, цягнулася за войскам, упрошваючы прыняць. Люткевіч камандваў аддзелам з 500 чалавек, узброеных толькі цапамі (называлі іх цапавікамі).

Апавядае таксама Жахоўскі, што ў часы, калі іх вёў Даленга, не зналі голаду і занядбання з боку грамадства.

Даленга клапаціўся і апекаваўся моладдзю, як камандзір і дбалы бацька. Сяляне са свайго боку забяспевалі ахвотна тым, чым былі ў стане.

Патрабаваў ад камісараў вялікай акуратнасці. Пасля сыходу Даленгі лёс аддзелаў падлёг вялікім зменам, а пад канец быў роспачлівым. Пасля арышту Зыгмунта і Аддзела першага складу арганізацыя аслабла, страціла веру ў поспех справы, згуба пагражала ўсім. Афіцэры з аддзела Зыгмунта, з якіх некалькіх сустрэла хаваўшыміся пасля ўпадку паўстання, гаварылі, што Зыгмунт імкнуўся на поўнач, каб пасля захопу схаванай там зброі зрушыць эстаў і латышоў, што на іх думку было справай больш, чым праўдападобнай для поспеху пры цудоўным дары ўздзеяння на народ і прыцягненнем да сябе ўсіх тых, якія маглі наблізіцца да яго.

Пярэчылі яны яшчэ непрыязнаму стаўленню латышоў да палякаў.

Курляндскія немцы здраджвалі і наводзілі непрыяцеля. Латышы хаваліся ўлясы не перад набліжаўшымся польскім войскам, а перад маскоўскім, якое залівала Біржанскія ваколіцы. (3 тысячы.) Народ ахвотна звозіў і зносіў паўстанцам са сваіх схованак патрэбныя харчы. А пасля бітвы не курляндскія двары, а мужычок прытуляў і апекаваўся параненымі.

Што ж афіцэры гаварылі яшчэ, пасля таго, як даведаліся пра ненадзейнасць зброі ў Лібаве, пра намеры захопу яе з Дынабургскай фартэцы пры дапамозе...

Аддзел паведаміў Зыгмунту пра згрупаваныя маскоўскія сілы для перарэзвання яму дарогі ў той бок. Свалкень, якому гэта было даручана, заміж таго, каб спяшыць дзень і ноч, затрымаўся на цэлы дзень у Вільні, пасля чаго даручыў некаму перасцярогу для пошуку Даленгі, а сам падаўся ў свой фальварак. З часам знайшлі лагер, уручылі перасцярогу, ўжо не Даленгу, а Ляскоўскаму, які адступаў у Панявежскім павеце пасля біржанскай паразы

Нікчэмнае нядбальства Свалкеня згубіла Зыгмунта.

З усіх амаль людзей, з якімі лёс зблізіў Зыгмунта, мабыць найбліжэйшым быў ксёндз Александровіч ў Дынабургу. Зыгмунт цаніў яго вялікі розум, незламаную нічым энергію, вялікую сумленнасць і любоў да Бацькаўшчыны. Пакідаючы назаўсёды Пецярбург. бачыўся з ім і вядомы пачуццем, якое мусяць засведчыць людзі блізкія да смерці, хацеў пераказаць сваю апошнюю волю, сваё апошняе даручэнне. Пакінуў яго не ў Пецярбургу, а ў кс. Александровіча. У яго, а не ў Пецярбургу пакінуў сваю найкаштоўнейшую працу. Адтуль узялі другі асобнік дадзенага Мілюціну, трэці быў дадзены Нітчалу, сакратару пры ангельскім пасольстве.

Калі Зыгмунт дзейнічаў на Ковеншчыне, кс. Александровіч, працуючы за дзесяцярых, дзелавіта вёў працу ў сябе ў Дынабургу. Не разлічваючы на дакладнасць іншых камісараў, сам адсочваў рух і распараджэнні вайсковых уладаў. Гэта ён дае знаць у Вільню пра тое, што далейшыя планы Зыгмунта некім здраджаны, і пра сабраныя каля Бірж вялікія маскоўскія сілы, для перарэзвання дарогі польскаму войску. Падазрэнне ўпала на Баляслава Сясіцкага (спраўніка ў Н[ова] Аляксандраўску), які меў брата, польскага камісара ў Вількаміры. Баляслаў страціў усе рысы чалавека - паляка - застаўся спраўнік. Мечыслаў, прыяцель Гейштара, лічыўся тым за сумленнага, гарачых пачуццяў паляка. Ці пры такім блізкім кроўным сваяцтве патрафіў захаваць дакладнасць таямніцы? Не ведаю. Ва ўсякім разе рабілі яму з той нагоды закіды - цярпеў іх, але давесці невінаватасць не было спосабу. Баляслаў Сясіцкі пасля біржанскай паразы, баючыся за сваё жыццё, прасіў перавесці яго ў Баравічы, дзе я мела пакуту будучы там на выгнанні, бачыць яго часамі як спраўніка, а ў Самары - Ільдэфонса Касцялкоўскага, чыя жонка выдала Зыгмунта ў рукі маскалёў.

Кс. Александровіч зняволены, пераносіў адно з найгоршых у тыя часы вязненняў. Адказваў так разумна, што акрамя пераканання Камісіі, быццам ён у сваёй асобе спалучаў дзейнасць ваяводскага начальніка і камісара, не магла яму гэтага даказаць, мусіла прыгаварыць толькі на пасяленне, але цяжкае вязненне падкасіла здароўе і сілы. Памёр у турме. Смутна мне, што не мела мажлівасці пазнаёміцца з так цэненым Зыгмунтам чалавекам і прыяцелем.

Апрача ксендза Александровіча колькі ж яшчэ мела Літва дзелавітых, шляхетных капланаў, узорных у жыцці, вялікіх патрыётаў, як: кс. Бышэўскі ў Троках, які рэшту жыцця правёў у Ватыкане, і кс. Пежа ў лагеры Зыгмунта, і кс. Скарупскі ў Н[ова] Аляксандраўску (Сібір), кс. Ішора, павешаны, кс. Зямацкі (павешаны) і шмат, шмат іншых, якія прыступалі да справы Бацькаўшчыны, як да алтара і ад якога не адышлі, не пакінулі, хоць увесь гмах валіўся ў друз і іх ля падножжа алтара пахаваў.

Гінулі на шыбеніцы, у турмах, у вязніцах пакутавалі і цярпелі нястачу на пасяленнях і ў Сібіры. Ім горш было, чым свецкім, няраз у паняверцы мерлі з голаду. Калі расіянам рабілі вымовы, чаму ксяндзам не даюць пасад як свецкім на выгнанні, адказвалі з наіўнасцю: "Да вот видите, неловко, вашего ксендза нельзя ругать" [434].

Мураўёў неўзабаве пасля свайго прыбыцця на Літву выдаў камюніке: "Калі паўстанцкая партыя пакажацца на адлегласці 3 або 4 вёрст ад двара, маёнтак будзе падлеглы секвестру за ўдзел у паўстанні - канфіскацыі.

Вёска ў першы раз плаціць штраф, у другі раз раўняецца з зямлёй".

Сяквестр не моцна адрозніваўся ад канфіскацыі. Бывалі такія прыклады. Сын пані Станішэўскай загінуў у паўстанні. Маёнтак падлёг сяквестру, бо ўрад меў яго ў падазрэнні, што загінуў у паўстанні, але на гэта не меў доказаў. Яе самую выслалі ў Расію. Пасля 4 гадоў, калі вярнулася, загадалі ёй заплаціць 5 тысяч за адміністрацыю. (Маёнтак быў добра загаспадараны і прыбытковы да адміністрацыі. У руках ураду страціў сваю даўнюю вартасць.) Пані Станішэўская не мела тых 5 тысяч для аплаты ўрадавага доўгу; урад за той доўг забраў маёнтак, бо не знайшлося нікога, хто б даў болей. Палякам нельга было набываць зямлі.

З прыбыццём Мураўёва следчая Камісія распачынае сваю дзейнасць. Праславіліся ў ёй фальшам, падступствам, абманам, прыдумваннем цэлых доўгіх прызнанняў для ўцягнення лёгкаверных: жандарм Лосеў (які, мабыць толькі раз у жыцці сказаў праўду, калі яму нехта з вязняў вымаўляў крыўдны фальш: "Што ж вы, панове, думаеце пра нас, што мы ў вачах вашага грамадства падымаць і ўшляхетніваць захочам? Не, панове, заданнем нашым ёсць не толькі выдабыць з вас прызнанне, але яшчэ выпусціць вас з рук нашых такімі чорнымі, каб вашыя маці вас не пазналі"). Акрамя Лосева - Гогель, Ратч, Юган, Віселіцкі, Цылаў і шмат іншых да іх падобных.

Вікары Ішора - іхняя першая ахвяра. Пасля прачытання маніфесту пайшоў з партыяй, але на вестку пра зняволенне пробашча вярнуўся [і] здаўся ў рукі ўладаў. Павешаны.

Літ[оўскі] аддзел выдаў адозву, якая заклікала да вытрымкі ў выкананні абавязкаў у інтарэсах краю і не падаць духам з-за той нявіннай ахвяры. У дзень экзекуцыі адозва з'явілася на мурах горада. Гэта падказала Мураўёву, што ёсць Аддзел у Вільні і друкарня.

Праходзяць экзекуцыі кс. Зямацкага - 75-гадовага старога, Лясковіча, Ляснеўскага і іншых.

Прыходзіць з Варшавы інструкцыя ў палове чэрвеня перад зняволеннем Кіраўнічага аддзела:

1) Замест Кіраўнічага аддзела - Выканаўчы аддзел. Старшыня і 4 чальцы для 4 секцый, а таксама камісар з Варшавы з асобнай пячаткай і правамі прызначэння ваяводскіх, павятовых камісараў без ведама Аддзела.

2) Прызначаецца значны пенсіён для ўсіх чыноўнікаў (дагэтуль на Літве чыноўнікі на краёвай службе не атрымоўвалі ніякай аплаты).

Гэтыя пастаянныя змены мучылі наш Край і тармазілі ўсялякую працу, пераконвалі пры тым, што Край знаходзіцца ў руках людзей, якія не маюць разумення пра яго стасункі і інтарэсы.

Можна дапускаць, што ў Каралеўстве не было лепей, і там былі пастаянныя змены, бо наколькі ведаю, там некалькі разоў змяняўся склад чальцоў Нац[ыянальнага] ўр[ада]. Высылалі, мардавалі і няволілі. Кожная змена прыносіла новыя распараджэнні, якія былі вынікам падбору людзей з што раз напэўна меншай падрыхтоўкай і ўменнем дастасавацца да што раз цяжэйшых акалічнасцяў.

Да хвілі пераняцця Каронай кіраўніцтва нашымі справамі, на Літве панавала найпаўнейшая згода як у Камітэце, так пазней і ў Аддзеле і ў стасунках з грамадствам. Усе супольна працавалі і дапамагалі адны адным, нават моладзь з так званай Чырвонай партыі ахвотна падпарадкавалася распараджэнням Аддзела і прыступіла да супольнай працы. Малыя амбіцыйкі і парожнасць некаторых чальцоў з арганізацыі не тармазілі працы.

Асобае распараджэнне, якое надавала камісарам, прыбылым з Каралеўства, невядомым нашаму Краю, правы прызначэння людзей на такія высокія пасады пераважвала лёсы Літвы. Калі бяспека ў руках такога легкадумнага Ду Лаўрэнса.

Увесь Аддзел падаў у адстаўку. Пакуль прыйшоў адказ з Варшавы, 31 траўня зняволілі Аскерку і Антонія Яленскага. Эдвард Пажэрскі, начальнік нашай паліцыі ўцякае за мяжу. На месца Аскеркі выбіраюць Уладзіслава Малахоўскага; а на Яленскага - Вагнера, сакратар К[араль] Ф[алевіч]. Далеўскі лічыў за абавязак перад Краем не перапыняць дзейнасці да прыходу адказу з Варшавы. Па загадзе Мураўёва Вагнер і Лапацінскі выязджаюць на вёску (пастараўся пра гэта Дамейка). Праз10 дзён пасля арышту Аскеркі і Яленскага зняволілі Фр[анцішка] Далеўскага. Афіцэр Гаеўскі (шпіён, засланы заміж плямянніка адной з сясцёр міласэрнасці, якога яна не ведала, дзіцем быў аддадзены ў корпус) прасіў яе выстарацца для яго бланк у лагер. Паверыла яму і выпрасіла ў сястры Францішка паручыцца за яго (Далеўскія не належалі да Камітэта кабет, выконвалі толькі тое, чым братам сваім хоць трохі ўслужыць маглі). Перахоўвалі архіў і іншыя паперы ў бабулек.

Францішак, ідучы ў кватэру Гаеўскага з грашыма ў 500 р[ублёў] і з бланкам, пакінуў дома ўсё, што б яго магло скампраментаваць у выпадку арышту. У Гаеўскага, дзе ўжо чакала паліцыя, сумеў знішчыць бланк, так што Мураўёў не меў доказаў яго віны, а на працягу 2 гадоў зняволення не знайшоўся ні адзін голас, хто б засведчыў супраць яго. Нават такі фатограф К[орзан], які выдаў Аскерку, Яленскага, калі захварэў на тыф у Кунгуры, а сёстры Далеўскага, якія даглядалі хворых у тыфозным шпіталі, наблізіліся да яго (відочна, ведаў іх наглядна), то закрычаў: "Далеўскія! Я подлы, выдаў Аскерку, Яленс[кага], Пажэрскага, але, Божа, ты бачыш, што гэта не я выдаў Францішка!" Літва заплаціла Камісіі (як дапускаю, Мураўёву пры пасярэдніцтве Камісіі 15 тысяч за жыццё Яленскага, Аскеркі і Далеўскага. Ян Завіша даў за 900 рублёў. Завалакіцілі справу да адмены ваеннага становішча, а з ім і смяротных прыгавораў.

Пасля зняволення Францішка Далеўскага прыехаў з Варшавы Юзаф Каліноўскі (кс. Рафал). Прывёз пячатку і мандаты.

Новыя чальцы:

старшыня Гейштар,

горад - Уладзіслаў Малахоўскі,

вайсковыя справы - Юзаф Каліноўскі,

сакратар - К[ароль] Ф[алевіч],

камісар - Ду Лаўрэнс.

Нядоўга гэта ўжо трывала. Замена людзей на ўсіх пасадах (а амаль што не было ўжо з каго выбіраць, лепшая большасць вымардавана або вывезена), пастаянныя арышты, экзекуцыі, праз кожныя колькі дзён множацца здраднікі, шпегі, ссылкі.

У гэты смутны час Нац[ыянальны] ўр[ад] уводзіць:

1) Жандармерыю на Літве з простых, неабучаных людзей, з правам вынясення смяротных прыгавораў нядбайным і здраднікам.

2) Жадае арганізацыі вясковага люду (дзіўнае няведанне нашага краю);

3) Абвясціць на Літве паспалітае рушэнне (з каго?);

4) Распачаць неадкладна паўстанне на Падоллі, Валыні, Украіне, у Віцебскай, Менскай і Магілёўскай губ[ернях].

Смутныя былі вынікі тых спробаў каля Жытоміра, Павалочы, Кіева. Мужыччо, узброенае дубінамі і сякерамі наводзіла маскоўскае войска на партыі моладзі і вымардоўвала без міласэрнасці.

Цэнтральны камітэт выканаў свой абавязак прадстаўляючы на з'ездзе ў Вільні, а потым цераз Яленскага рэальны стан Літвы і чаго ад яе можна спадзявацца. Прыбыльскі, якога Варшава сама сабе выбрала, не пытаючыся Літвы, на яе прадстаўніка, не ўмеў стаць роўна як на абарону Літвы, так і ўсёй супольнай справы.

Усе тыя распараджэнні ў хвілю, калі паўстанне канае. Двары апустошаныя, дабразычлівыя вёскі папалены, зраўняныя з зямлёй або ад жаху гатовыя схіліцца на бок ворага. Паспалітае рушэнне! Арганізацыя люду! Не было ўжо нікога, каб падтрымаць грошам, хлебам і апекай атачыць апошнія жменькі туляўшыхся паўстанцаў. Казалі ім ператрываць да наступнага лета і тады распачаць рух з большай сілай!

Апошнія 4 зімовыя месяцы ў [18]64 годзе былі цяжкімі ў ператрыванні для бедных паўстанцаў, расцярушаных, але не жадаўшых скласці зброю, каб скарыстацца з мураўёўскага маніфесту. У тым ліку былі: кс. Мацкевіч, Канстанцін Далеўскі, Жахоўскі, Штэнгельмееры і шмат іншых, як: Булгароўскі, Ліпінскі.

Зіма была, як ніколі датуль суровая, маразы даходзілі да 25 градусаў. Няма дзе схавацца. Маскоўскае войска ператрасае ковенскія ваколіцы, шукаючы рэшткі туляўшыхся. Ніхто ім не адважваўся даць схованку як у хатах, так і ў дварах, якіх няшмат засталося, бо каго не зняволілі за ўдзел у паўстанні, вывезлі ў Расію за непадпісанне адрасу.

І ў светлы час і ў змроку наш сумлены жмудскі мужычок, праняты літасцю, бег шукаць на[шых] няшчасных у аддаленых глыбінях пушчы, несучы ім сухі кавалак хлеба, спечанага з вотрубаў, ад якога крывавіліся [язы]к і паднябенне спажываўшага, ці кавалак старога елкага сала, але і тут паводле апавяданняў Жахоўскага рабілася ім крыўда. Харч закопвалі ў зямлю (свіран беднякоў). Дзікі ноччу, прывабленыя яго вострым пахам выкрадалі. А яны самі? На марозе, ад якога з гарматным гукам лопаліся старыя дубы, скурчыўшыся, [пры]туліўшыся адзін да аднаго, пад прыкрыццем назбіраных днём сухіх галін, зложаных кучай, праводзілі ночы праз 3 месяцы. Сумленны наш люд, застаючы іх так раніцай, гаварыў з літасцю:

- Пан[ічы]кі - няхай споўніцца Божая воля! Пры[ходзь]це хоць ночку правесці ў хаце.

[Ня]шчасныя не адважваліся скарыстацца, там пад страхой чакала на іх смерць і згуба сумленных людзей.

Пасля апошніх распараджэнняў, прысланых з Варшавы па арганізацыі люду, жандармерыі, паспалітага рушэння, [ру]ху ў красовых губернях, адкуль да гэтага часу прыходзіла падмацаванне ў моладзі і ў грашах, настае ў Выканаўчым аддзеле хвіля бунту, абурэння. Аддзел, не могучы супольна працаваць з Гейштарам, хоча? яго пазбыцца, з гэтай мэтай выязджае Ду Лаўрэнс [у] Варшаву, той з намерам хуткага вяртання пакідае свой паўнамоцны мандат на Літве ў Канстанціна Каліноўскага. Аддзел, карыстаючыся адсутнасцю камісара [?], замененага імгненна памочнікам, [аб']яўляе сваё абурэнне на агульным сходзе вуснамі Ул[адзіслава] Малахоўскага:

- Досыць нам [гэта]й залежнай ролі! Варшава не разумее нашых патрэб. Павінны самі радзіць над дабром Літвы! Мы пастанаўляем ад гэтага часу разарваць гэтую [залеж]насць, якая нас губіць!

Гейштар адзін апелюе разрыву салідарнасці з Каралеўствам.

Таму большасць, нягледзячы на яго апазіцыю, [па]станаўляе выслаць наступныя ўмовы:

- Літоўскі камітэт незалежны ад Кароны.

- Камісар з Варшавы мае толькі дарадчы голас, роўна, як з Літвы ў Варшаве.

Пасля атрымання гэтай пастановы Варшава прысылае ў Вільню Авейду-Шмідта [для] пагаднення Літвы з Каронай. Усё было ўжо запозна!

Праблема адраса Дамейкі

Пасля Біржанскай бітвы Дамейка падтрымлівае планы Мураўёва, агітуючы за паданне адраса, у форме, [ука]занай Мураўёвым.

Адрас не толькі асуджае паўстанне, але і адмяняе ўсю нацыянальную мінуўшчыну, [абвя]шчаючы, што Літва заўсёды была Расіяй і пр[агне] ёй застацца.

Знайходзяцца на Літве такія, якія [яго] падпісваюць з Дамейкам, у вялікай сваёй [ня]долі трацяць галаву і сумленне. Тыя, хто не падпісвае, ідуць на выгнанне. Літва вылюдняе. Народ лічыць Дамейку за здрадніка, адступаецца. Пакуль Дамейка падпі[сваў], Аддзел пастанаўляе не дапусціць яго да гэтага чыну і іншых прыхільнікаў адцягнуць, [ад]пужнуць, каб гэтае паскудства не пашыралася. З гэтай мэтай выносіць смяротны прыгавор Дамейку. Прысланыя жандармы аказаліся няўдалымі. Літва не знайходзіць выканаўцаў прыгавору сярод сваёй супольнасці. Ліцвіны гавораць, што лягчэй сябе пазбавіць жыцця, бо пасля [вы]канання прыгавору жонкі і дочкі адвярнуліся б ад іх, як ад забойцаў. Даставілі з Варшавы Бянькоўскага. Ён наносіць Дамейку ўдар штылетам, але той выжывае і распавядае Мураўёву апісанне, менавіта, што быў бландынам. Стаўленыя перад Дамейкам бландыны ідуць на шыбеніцу, бо Дамейка не ўпэўнены ў ідэнтыфікацыі. Павесілі ў гэты час ? некалькі са Шляхецкага інстытута амаль [дзя]цей, усёй віной якіх былі светлыя валасы. У той час на вуліцах Вільні не было відаць бландынаў. Устрывожаныя маці [фар] бавалі трынаццаці- і дванаццаці-гадовым сынам вала[сы].

Бянькоўскі арыштаваны - павешаны. Малахоўскі, як начальнік горада, найбольш [ад]казны, уцякае. Здановіч, сын прыстойнага чалавека і шанаванага гісторыка, расстраляны. Канстанцін Каліноўскі расстраляны. Ю[заф] Каліноўскі - Сібір. Гейштар зняволены. Захавала яму жыццё тое, што здраднікі, назыв[аючы] яго старшынём у другім складзе, нік[олі] яго не бачылі. Сасланы ў Уфу. Парафіновіч, Кушалеўскі і Дзічкоўскі гавораць пра Гейштара, што не ведаюць яго асабіста та[му], што сам ніколі не дзейнічаў, а засланяўся Цітусам Далеўскім, які звычайна выконваў за [я]го ўсе абавязкі. Цітус ад прыбыцця свай[го] ў Вільню, ад самага пачатку мусіў хавацца пад узятым прозвішчам. У хвілю арышту яго ў Сыраком[ліхі] меў пашпарт на імя Маеўскага. Сыраком[ліха], хоць была пра тое папярэджана, выдала яго [ўлас]нае прозвішча, гэта павяло яго на смерць, бо ад 1 [кастрыч]ніка абвесткі, расклееныя на мурах горада, абвяшчалі прыгавор Мураўёва, які выракаў [яго] завочна на смерць і абяцаў высокую ўзнагароду [?] таму, хто яго выдасць. Цітус Далеўскі расстр[аляны] [?] снежня 1863 года. Выкрытая менская арганізацыя 1 (студзеня) 64 г. [па]казвае на Гейштара, як на старшыню ў другім складзе Аддзела. Дастаўлены з Уфы, пасаджаны ў цытадэлі. Арыштоўваюць Мікалая Гедройця, той выдае Антонія Яленскага, як скарбніка [ў] Аддзеле. Антоні праз увесь доўгі час свайго [зня]волення цвярдзіў адно, што прымаў [у] такія небяспечныя часы вялікія прыватныя сумы для захоўвання, гарантуючы ўласным фундушам.

Пры заснаванні Камітэта пастанавілі, у выпадку арышту, бачачы немагчымасць [вы]круціцца з цяжкага становішча і шматлікіх неабвержных довадаў віны, прымаць адказнасць за дзейнасць датуль пазасталых на свабодзе, каб іх ацаліць і тым самым забяспечыць на будучыню магчымасць далейшай працы.

[І] ніякім чынам не выдаць справы ані шляхоў, якімі край ідзе да мэты.

Яленскі адказваў шляхетна, не выдаў ні справы, ні людзей. Хворы, змучаны двухгадовым вязненнем з-за здрады Гедройця і выдачы яго м[енскай] арганізацыяй, бачачы немагчымасць выкруціцца ад нагрувашчаных супраць яго довадаў, прызнаецца, што быў краёвым скарбнікам.

Гейштар, дастаўлены з Уфы, знаходзіцца ў падобным, што і Яленскі, стане ў выніку прызнанняў Кашыца, менскай арганізацыі і папярэдніх прызнанняў Парафіяновіча, Кушалеўскага і Дзічкоўскага. Прызнанні ўсіх сходзяцца ў тым, што Гейштар быў старшынём ў другім складзе Аддзела.

Становішча абодвух бязвыхаднае. Дазволілі ім пабачыцца. Яленскі незаўважна перадае Гейштару запіску, у якой піша, што для [прыкры]цця датуль не выкрытых чальцоў Аддз[ела] пакажа на яго, як на старшыню, а сябе [як] скарбніка пры Далеўскім Цітусе [?] Каліноўскім, ужо асуджаных і пакар[аных] смерцю. Разлічваў на сілу Гейштара - памыліўся.

Гейштар нейкі час трымаўся добра, але неўзабаве Камісія дакапалася да яго слабых бакоў.

Пачалі яму ліслівіць, расхвальваць яго вялікі розум, справядлівасць, праўдзівасць, якімі [нава]т Мураўёў захапляецца, называючы яго адзіным у Польшчы разумным і справядлівым чалавекам, які не ведае падману. А пры тым усе чальцы Камісіі: Лосеў, Гогель, Юган і Шамшаў так яго любяць, так прагнуць яго выратаваць.

Ах, той Мілтан у сваім "Страчаным раі" як жа вялікую паказвае знаёмасць тайнікоў людской душы, малюючы вобраз шатана з пекла, які шукае шлях да чалавека, жыхара зямлі, створанага Богам. Шатан зму[чаны] доўгімі безвыніковымі пошукамі [расп]ытвае сустрэтага анёла і даведваецца, што най[ш]ырэйшая і найпрасцейшая дарога з усіх напатканых дарог, якая называецца "фанабэрыя", беспамылкова завядзе яго наўпрост да чалавека.

На тым шляху няшчасны Гейштар быў пераможаны панамі з Камісіі, шатанамі з пекла. Пры пастаяннай ліслівасці мучылі абодвух роўна як Яленскага пастаянна паўтаранымі пытаннямі ўдзень і ўначы. Пакідалі ім наледзве пару гадзін спачынку. Чальцы Камісіі змучаныя пакутамі вязняў мяняліся, а гэтыя мусілі ім пастаянна адказваць. Яленскі на думку Камісіі быў вызначаны, як: "Хитрый поле[шук] ничего нам не сказал, чего мы пре[ж]де не знали - ни одной личности нам [не] указал". Ад пачатку да канца трымаўся [пры] тых жа самых сцверджаннях. Няшч[асны] Гейштар пасля змагання з самім сабой - [?]. Піша прызнанне - выдае ўсю наш[у справ]у - увесь ход нацыянальнай працы. В[учыць] Мураўёва, у чым палягае нашая сіла. [Нічога] не мінае. Пачынае ад мірнай працы, якую прыпісвае сабе, выдае арганізацыю колаў і колкаў, тыя ніткі, якія звязваюць увесь край. Піша пра паўстанне, пра першы Аддзел і пра другі (ужо з іх амаль нікога не было ў жывых), што ж да першага, калі б не тыя 15 тысяч, вярнулі б іх і [за]мардавалі б. Іншых, датуль не выкрытых, замоўчвае. Ад гэтага часу ў сетцы арганізаваных кол і колак пачынаюцца масавыя высылкі. [А]дзін чалавек з сям'і правініўся, сылаецца ўся [ся]м'я, яе атачэнне і знаёмыя. Мураўёў цешы[цца]. Ратч піша гісторыю паўстання 1863 года.

[Ге]йштар ад той пары зненавідзеў Яленскага, не мог яму прабачыць, што аказаўся мацнейшым [за] яго. Апраўдваўся перад грамадскасцю, [што] зрабіў прызнанне для ацалення краёвага гонару. (У вачах Камісіі? у вачах Мураўёва? наш гонар?). Забыў пра сваю прысягу: "[Не] вучыць ворага шляхам, якімі мы ідзём да мэты." Думаю, што зрабіў гэта ў нейкім хваравітым [за]пале.

Бо ці ж ёсць мажлівай рэччу, каб паляк у [з]даровым розуме мог на Камісіі сказаць: "Мужыка літоўскага ніколі не будзеце мець на сваім баку.

Калі дасце яму веды, будзе станоўча наш, калі пакінеце яго ў цемры, не будзе [ані] ваш, ані наш".

Натуральна Масква хоча другога.

Якая ж розніца; споведзь перад грамадствам прызнанняў на Камісіі Агрызкі і Гейштара. Першы ў сваёй прастаце і яснасці - вялікі; другі? Абодва засуджаны на Сібір.


Мы закончылі публікаваць пераклад успамінаў Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай. Безумоўна, ёсць прэтэнзіі да якасці, але публікацыя ішла "з калёс". Тым не менш, у бібліяграфіі паўстання 1863 года ўжо ёсць гэтыя ўспаміны на беларускай мове, імі можна карыстацца, на іх можна спасылацца. Як падаецца, белых плямаў у гісторыі паўстання стала трошкі менш.

Пераклаў успаміны Апалоніі Далеўскай Станіслаў Суднік, кніжку з публікацыяй успамінаў па-польску здабыў Леанід Лаўрэш.

Праца над гісторыяй паўстання працягваецца, абяцаем новыя публікацыі.



[1] Малюнак Канстанціна Працлаўскага, выдадзены ў выглядзе паштоўкі ў серыі "Гераіні Польшчы" Салонам польскіх мастакоў у Кракаве ў 1902 г.; гл. іл.12.

[2] Зыгмунт Серакоўскі, інфармуючы сваіх прыяцеляў пра прыезд, так рэкамендаваў жонку: "Прыбыў у Парыж з жонкай - з дому Далеўская з Вільні - сястра сібірчыкаў. Толькі 40 дзён, як пажаніліся"; Бібліятэка Ягелонская (далей БЯ), ркпс 921 1ІІІ, т. 17, ліст Зыгмунта Серакоўскага да Зофіі і Юзафа Багдана Залескіх з VIII або ІХ 1862, к. 147; ibidem, ркпс 6502IV, т. 42, ліст Якуба Гейштара да Юзафа Ігнацыя Крашэўскага ад 4.ХІ.1874, к. 386; Б. Дыбоўскі, Успаміны з паўвекавога мінулага, Львоў 1913, с. 49; Успаміны пра Далеўскіх, "Кур'ер Віленскі" 1929, нр 94:"вельмі патрыятычная сям'я і звыш усякіх слоў нешчаслівая", "сям'я стократ заслужаная, пакутніцкая і шчыра ахвярная".

[3] Бібліятэка нацыянальная (далей БН), ркпс 10457, Уладзіслаў Загорскі, Дзённік з часоў еўрапейскай вайны 1914-1919, т. 2, к. 97.

[4] Lietuvos Valstrybes Istorijos Archyvas - Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей ЛДГА), збор 604, інв. 20, п. 95. Загорскі падае, як дату нараджэння 1845 год; ЛДГА. збор 1135, інв. 8, п. 38, к. 121. У сваю чаргу Бікуліч піша, што Апалонія мела 20 гадоў у 1861 г., таму нарадзілася ў 1841 г. В.Б. Бікуліч. Успаміны А. Серакоўскай (Далеўскай) і іншыя матэрыялы пра З. Серакоўскага ў ЦГГА Літоўскай ССР, у К столетию героической борьбы "за нашу и вашу свободу". Сборник статей и материалов о восстании 1863 г. Москва, 1964, с. 76.

[5] Урускі. Сям'я, гярбоўнік польскай шляхты. Варшава, 1906, т. 3, с. 57; А. Бранецкі. Гярбоўнік польскі, т. 4, Варшава, 1901, с. 65-66. Дакументальна пацвердзілі шляхецтва і ў 1847 г. былі ўпісаны ў кнігі шляхты Віленскай губерні.

[6] Станіслаў Ланец піша, не спасылаючыся аднак на крыніцы, што маёнтак Руднікі і фальварак Кункулка былі канфіскаваныя ў сям'і пасля студзеньскага паўстання і перайшлі ў дзяржаўны скарб. С. Ланец. Зыгмунт Серакоўскі (1826-1863). Ольштын. 1999, с. 93.

[7] Найбольш падрабязна пра звяз гл. Д. Файнгаўз (Д. Файнгаўц). Канспірацыйны рух на Літве і Беларусі, 1846-1848. Варшава 1965.

[8] Самую поўную на гэты час біяграфію гл. А. Смирнов, Сигизмунд Сераковский. Москва, 1959.

[9] ЛДГА, збор. 604, інв. 20, п. 95, с. 322. нр 59. Дадзеныя з метрычных кніг, дзякуючы др. Чаславу Малеўскаму.

[10] Пра шлюб у Кейданах гл.: Бібліятэка Чартарыйскіх (далей БЧ), ркпс 6938, ліст Юстыны Кярсноўскай з Залескіх да брата Браніслава ад 14.ІІІ.1862; Я. Станкевіч, Успаміны пра Зыгмунта Серакоўскага. галоўнакамандуючага студзеньскага паўстання на Літве і Жмудзі. вытрымкі з запісак Яна Станкевіча, Коўня, 1939.

[11] Цыт. за В. Кошчыц, Зыгмунт Серакоўскі галоўнакамандуючы на Жмудзі ў 1863 г., Кракаў, 1906, с. 55-56.

[12] Апалонія захварэла ўжо ў Нанцы, дзе лекар прапісаў ёй некалькі дзён ляжання ў ложку; БЯ, ркпс 921 1ІІІ, т. 17, к. 147, ліст Зыгмунта Серакоўскага да Зофіі і Юзафа Багдана Залескіх.

[13] ЛДГА, збор 378, PS, 1863. п. 321. Ліст ад 8/20.V.1863.

[14] За выкананне выраку праз павешанне, а не расстрэл адказвае Мураўёў. У той жа час няпраўда, як абманваліся ў ХІХ ст., што Мілюцін выпрасіў у цара замену кару смерці на катаргу. Гл. напр. А. Іванскі, Запіскі 1856-1876, Варшава, 1968, с. 142.

[15] "(...) нашага Цітуса расстралялі ў Вільні - вестка гэтая моцна мяне ўразіла, здаецца, што кола нашай сям'і выбрана на адны няшчасці", - пісала маці Серакоўскага да Браніслава Залескага; БЧ, ркпс 6956/ІІІ, ліст ад 29.І.1864.

[16] ЛДГА, кампл. 421, інв. 1, vol. 1792, к. 1 (Дело о высылке из г. Вильны дворянки Д. Далевской с дочерми девицами Зузанна, Юзэфа и Ксавера и вдовы А. Сераковской;20.ІХ.1863-5.ХІ.1864); ibidem, кампл. 419, інв. 1, vol. 183, к. 115, 116 (дат. вызначэння жандармаў у канвой Далеўскіх і Серакоўскіх на час падарожжа).

[17] Праўдападобна была на сёмым месяцы цяжарнасці.

[18] ЛДГА, кампл. 1248, інв. 1, vol. 622, к. 24 аб. (Жанчыны, замешаныя ў паўстанні 1863 г. на Літве).

[19] Даты прыбыцця ў Пскоў і Ноўгарад на падставе інфармацыі пскоўскага губернатара, перасланай віленскаму цывільнаму губернатару (ЛДГА, кампл. 378, PS? 1863, vol. 999, к. 52); Б. Дыбоўскі, воп. ціт., с. 50.

[20] Я. Станевіч, воп. ціт., с. 44,46.

[21] БЧ, ркпс 6956/ІІІ, лісты Фартунаты Серакоўскай да Браніслава Залескага, бпаг. Ад 5.ХІ.1863 г. дапытваліся Залескага, "ці няма вестак ад Аполькі". Ведалі "пра ўсё вераломства з братовай", чулі пра вывазку з Вільні і дарогу праз Пскоў.

[22] Там жа, ліст ад 15.ХІ.1863.

[23] Таму непраўдзівай ёсць інфармацыя Бікуліча, што дзіця нарадзілася ў Пскове 25 верасня. У крыніцах, на якія ён спасылаецца, гэтай інфармацыі няма. В.Б. Бікуліч, воп. ціт.

[24] БЧ, ркпс 6956/ІІІ, ліст ад 28.ХІ.1863.

[25] Там жа. Ліст ад 14.Х.1863, а ў снежні: "Мы пра нашую малую такія толькі атрымалі весткі: la petite parle le non de son pere. elle fait ses dents не маці гэта пісала" (24/12.(ХІІ.)1864 з Варшавы). Пазней весткі даходзілі яшчэ радзей.

[26] Паводле Дыбоўскага жыла без сродкаў для жыцця і лекарскай апекі два гады. Пад канец другога года дазволілі прыехаць у Баравічы Тэклі. B. Dybowski, op. cit.

[27] Фартуната Серакоўская атрымала вестку 9.ІХ.1866, што "наша малое дзіцятка з маці зноў саслана аж у Самару", але не мае яе адрасу; BCz. rkps 6956/ІІІ, ліст ад 22.ІІ.1867(?).

[28] Нарцыза Жміхоўская ў лісце да Ванды Грабоўскай ад 6.ІІІ.1868 піша, што хацела б "абавязкова" адведаць Серакоўскую (але можа сястру ці маці Зыгмунта?); N. Zmichowska, Listy, t. 5: Narcyssa i Wanda, wyd. B. Winklowa, H. Zytkowicz, Warszawa, 2007, s. 424.

[29] На вул. Воўчай, 27, кв. 6; Універсітэцкая бібліятэка ў Варшаве (далей BUW), ркпс 1832.

[30] N. Zmichowska, Listy, t. 3: Miodogorze, oprac. М. Romankowna, Wroclaw-Warszawa-Кrakow, 1967, s. 294. list z 7.ІІІ.1869.

[31] B. Dybowski, op. cit. s. 50; М. Odrezyna, biogram: Dalewska Кsawierа, w Polski slownik biograficzny, t. 4, Wroclaw, 1989, s. 394.

[32] BUW, rkps 1832.

[33] "Кurier Warszawskі", № 3 ад 3.І.1919 і № 8 ад 8.І.1919; Cmientarz Powanzkowski, Warszawa, 1984, s. 167.

[34] МL, ркпс 490/t. 2, Pametniki Sierakowskiej. Wstep dopamietnika, k. 204-204v; LVIА, zesp. 1135, іnw. 38, k. 127. У дзённіку Загорскі запісаў: "перад выездам (Дыбоўскі) запрасіў мяне з Галяй (дачкой Загорскага) на гарбату. Ахвяраваў на запіскі некалькі сваіх прац і фатаграфіі і ўручыў запіскі свайго брата Эміля пра братоў, загнаных з-за яго на катаргу і на выгнанне, а таксама запіскі Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай, ёю ўласнаручна напісаныя"; BN, rkps 10457, Wladyslaw Zahorski, Dziennik..., t. 2, k. 96v.

[35]"У 1914-1915 гг. па просьбе п. Генрыка Масціцкага - гісторыка напісала вышэй пададзеныя свае ўспаміны, якія перагледжаны ў Львове п. Якубоўскай, удавой па др. Сатурніну Якубоўскаму, таварышы па зброі Зыгмунта Серакоўскага ў паўстанні, праф. Бенедыкт Дыбоўскі прывёз у Вільню і ўручыў мне"; МL, rkps 490/t. 2, k. 204-204v.

[36] BN, rkps 10457. Wladyslaw Zahorski, Dziennik..., t. 2, k. 96v.

[37] BUW, rkps 1832, list do Каrola Jenikego.

[38] LVIA, zesp. 1135, іnw. 8, vol. 38, k. 127. Фатаграфіі (фармат візітоўкі) Дамінікі Далеўскай, маці і дачок: Юліі Беркман, Тэклі Яніке, Зузанны Турскай, Ксаверы Далеўскай і асоб, якія згадваюцца ў запісках: Антаніны з Керсанаўскіх Зялінскай, Генрыкі з Баэтаў Стралецкай, Чарнеўскай і Анеты з Пажэрскіх Ракоўскай цяпер знаходзяцца ў Музеі літаратуры ў Варшаве, быць можа, Загорскі падрыхтаваў іх да выдання.

[39] Напрыклад Якуб Гейштар спасылаўся на збор "праўдзівых матэрыялаў" пакаленнем 1863 г.; W. Sliwowska, Сібір у жыцці і памяці Гейштараў - паслястудзеньскіх ссыльных. Вільня-Сібір-Вятка-Варшава. Warszawa, 2002, s. 99; L. Міchalska-Brachа, Марыя Брухальская і яе даследванні ўдзелу жанчын у студзеньскім паўстанні, у Шматкультурным гістарычным цэнтры Львова ў ХІХ - ХХ стагоддзях, t. 4, Lwow-Rzeszow, 2006, s. 437.

[40] J. Gieysztor, Pamietniki Jakobа Gieysztora z lat 1857-1865, t. 1-2, Wilno, 1913.

[41] V.B. Bikulic, op. cit. s. 113-114; S. p. Аpolonia Sierakowska "Кurier Wilenskі", № 8 ад 8.І.1919.

[42] (W. Przyborowskі), Historya dwoch lat. 1861-1862 przez Z.L.S., t. 1-5, Кrakow, 1892-1896. У абарону Зыгмунта выступіў таксама Дыбоўскі, пратэстуючы нават супраць памылковага прадстаўлення фізічнага выгляду прыяцеля. Пшыбароўскі карыстаўся расійскімі працамі, напісанымі на замову тагачасных уладаў; B. Dybowskі, W ime prawdy (Выпраўленне фактаў, датычных біяграфіі Зыгмунта Серакоўскага, напісанай аўтарам "Гісторыі двух гадоў"), (b.d і m.w.).

[43] Расійская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве (далей РГБ), аддзел рукапісаў , кампл. 218, кардон 401, № 1, с. 1-24, 48-101.

[44] BN, rkps ІV.6538 (mkf 21343). Быць можа была ў змесце лістоў ад сясцёр і копій лістоў з высылкі сястры Ксаверы, пра якія піша Марыя Ардужына, дачка Францішка Далеўскага. Спасылаюцца на іх у бібліяграфіі да біяграмы Ксаверы Далеўскай у Польскім слоўніку біяграфічным (гл. заўв. 31).

[45] J. Gieysztor, op. cit.

[46] V.B. Bikulic, op. cit. s. 59.

[47] Гл. запіскі Тэадоры Маньчуньскай з Нарбутаў і фрагмент запісак Людвікі Радзевіч з Ямантаў; Іs.L. Rodzievic atsiminimu, у: 1863-1864 metai Lietuvoje Straipsniai ir dokumientai, Каўнас - Швеса, 1991, с 124-126 (гэты фрагмент у першыню быў апублікаваны ў: К. Калиновский, Из печатного и рукописного наследия, Мінск, 1988, с. 163-165; T. Narbutaite-Monciunskiene, Prisiminimai: 1863-juju m. sukilimo 130-osioms metinems, выд. R. Griskaite, "Metai", 1993, № 6, с. 96-113); М. Брухнальская "Ціхія гераіні. Удзел жанчын у студзеньскім паўстанні", т. 1, Места Пястава, 1934.

[48] МL., rkps 490 / t. 2, Запіскі Серакоўскай.

[49] Рэвалюцыйны рух на Літве і Беларусі, 1861-1862 г., Масква, 1964, с. 217, заўв. 1.

[50] М. Янён, Зыгмунт Серакоўскі - Валенрод паўстання на Жмудзі, у выд. Пасмертнае жыццё Конрада Валенрода, Варшава, 1990, с. 457-551.

[51] V.B. Bikulic, оp. cіt.

[52] Г. Буйвід, Звяз братняй літоўскай моладзі, Вільня, 1934; М. Брухнальская. оp. cіt.

[53] В. Мэркус, Dalevskiu seima, Вільня, 1967; Д. Файнгаўц, 1863: Літва і Беларусь, Варшава, 1999 (карыстаўся рукапісам нататак, якія знаходзяцца ў BN і называюцца "Нататкі пра паўстанне 1863 г. на Літве" або "Рэляцыя пра дзейнасць паўстанцкіх уладаў на Літве ў 1863 г.", спасылаецца таксама на запіскі Серакоўскай у Маскве), там жа, Канспірацыйны рух ... (цыт. запіскі ў BUW); А. Смірноў, оp. cіt. (спасылаецца на тэкст у РГБ і BUW).

[54] LVIA, zesp. 1135, іnw. 8, vol. 38, k. 1-101.

[55] BUW, rkps 2453, аkс. 474, k. 3-57.

[56] РГБ, Аддзел рукапісаў, кампл. 218, кардон 401, № 1.

[57] ML, rkps 490, t. 1, 2.

[58] МL, rkps 491.

[59] "Kurier Wilenski", 1929, № 94, 96, 97, 99.

[60] BN, rkps ІV.6538, k. 28-29 v. (mkf № 21343); Рэвалюцыйны рух на Літве і Беларусі.... с. 210-217.

[61] А. Смірноў, оp. cіt. s. 118; V.B. Bikulic, оp. cіt.

[62] Пачатак уласна "Успамінаў" Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай.

[63] Гл. уступ і генеалагічную схему.

[64] Кункулка. засценак, размешчаны на поўдзень ад Вільні, недалёка ад Малых Салечнікаў.

[65] Руднікі (літ. Руднінкай. р-н Салечніцкі), вёска, размешчаная на поўдзень ад Вільні.

[66] Лідскі павет быў далучаны да Віленскай губерні ў 1843 г., раней належаў да Гарадзенскай губерні. Пасля перасоўвання межаў паветаў Руднікі і Кункулка аказаліся ў Троцкім павеце Віленскай губерні.

[67] Хлопцы хадзілі спачатку ў павятовую школу (пачатковую), якую трымаў ордэн базыльянаў у Вільні, а пазней - у першую Віленскую губернскую гімназію, якая ўзнікла ў 1840 г. са школы базыльянаў.

[68] Францішак пакінуў школу (1846) з-за недабранадзейнасці перад яе заканчэннем, г. зн. перад заканчэннем VII класа, што выключала спробы паступлення ва ўніверсітэт. Разам з ім гімназію пакінуў і Аляксандр, вучань VI класа.

[69] Гебес (Hebes, лац.) - туман, тупая, абмежаваная галава, але таксама балбес, сарвігалава.

[70] Звяз выступае ў крыніцах і літаратуры пад назвамі: Братні звяз моладзі на Літве, "Братні звяз" польскай моладзі ў Вільні, Братні звяз літоўскай моладзі, а таксама Змова братоў Далеўскіх.

[71] У час лістападаўскага паўстання на Літве змагалісядобраахвотныя аддзелы і рэгулярныя часткі польскай арміі.

[72] Гаворка ідзе пра бунт - крывавае выступленне мужыкоў супраць шляхты ў 1846 г. у заходняй Галіцыі.

[73] У некралозе Ксаверы пададзена, што памерла ў веку 46 гадоў. Каб так было, то мусіла б нарадзіцца ў 1854 г., а гэта значыць праз шэсць гадоў пасля смерці Дамініка Далеўскага: "Кур'ер Варшаўскі" ад 30.VII.1900 г.

[74] 27.ІХ.1846 г. Аляксандр, былы вучань VI класа, атрымаў пасведчанне дырэкцыі школ Віленскай губ., якое дазваляла падрыхтоўваць дзяцей да школы. Вучыў як рэпетытар у Вільні і Берасцейскім павеце Гарадзенскай губ.; у Вільню вярнуўся ў канцы 1848 г.

[75] Пасля выбуху ў сакавіку 1848 г. рэвалюцыі ў Берліне разлічвалі на вайну паміж Расіяй і Прусіяй, а таксама на ўваход у край аддзелаў пад кіраўніцтвам эмігранта Людвіка Мераслаўскага. Пазней? у сувязі з інтэрвенцыяй расійскіх войскаў у Венгрыю, змоўшчыкі планавалі выклік паўстання як дыверсійных дзеянняў.

[76] Цытадэль, ці Стары арсенал стваралі ўрадавыя будынкі над Віленкай ля падножжа Замкавай гары, размяшчалася тут вязніца; цяпер Музей прыкладнога мастацтва.

[77] Янкоўскі даў прызнанне пасля няўдалай спробы атруціцца. Яны навялі на след кіраўніцтва Звязу.

[78] Францішка арыштавалі ў ноч з 9 на 10, а Аляксандра з 11 на 12.IV.1848 г.

[79] Клячкоўскі ў той час вучыўся ў Казані.

[80] Змоўцаў пасадзілі ў даўнім кляштары дамініканцаў пры касцёле Святога Духа ў Вільні, які пасля касацыі ордэна (1844) замянілі на вязніцу.

[81] Звяз быў папулярны сярод рамесніцкай моладзі, вучняў.

[82]У рукапісе памылка. Павінна быць 1849 г. Вырак суда зацверджаны 19.ХІ.1850 г., а 26 лістапада гэтага ж года Далеўскія пакінулі Вільню.

[83] Гл. генеалагічную табліцу.

[84] Спецыяльная следчая камісія склікана 29.ІІІ.1849 г. у Вільні для развязвання справы Братняга Звязу, складалася з чатырох чалавек: Чэваці, дэ Раберці, маёра Данілава і ротмістра Галера.

[85] Выгавар - вымова, наганяй.

[86] Такая размова мела месца 10/22 VI 1849 г.

[87] Tomasz a Kempis, O nasladowaniu Chrystusa, перакл. Т. Матушэвіч, Вільня, 1841.

[88] Кару смерці, змененую на ссылку атрымаў таксама і Аляксандр.

[89] Казань - губернскі горад, які ляжыць на галоўным ссыльным шляху з каралеўства і заходніх губерній у Сібір, універсітэцкі цэнтр. Сёння сталіца Рэспублікі Татарстан.

[90] Партыяй руху называлі лагер чырвоных, радыкальнае згрупаванне ў студзеньскім паўстанні.

[91] Аляксандр быў пахаваны на могілках на Росах. Надмагільную пліту паставілі на складкі віленскія мастакі: Баляслаў Русецкі, Эдвард Паўловіч і Альфрэд Ромер. Была абноўлена і нанава адкрыта ў міжваенны перыяд.

[92] Usque ad finem (лац.) - аж да канца.

[93] Кібітка - турэмная карэта, якая служыла ў Расіі для перавозкі вязняў у высылку.

[94] Ямшчык (з рас.) - паўсюль ужываная ў тагачаснай Літве назва вазніцы.

[95] Прыгавораных у дарозе на месца кары часта злучалі ланцугамі (прымацаванымі да ног або рук), якія зачаплялі за адзін прут.

[96] Стараверы, іначай стараабрадцы-праваслаўныя, якія не прынялі рэформ, праведзеных у XVII ст. у праваслаўнай царкве, застаючыся пры старых абрадах; афіцыйнай царквой прызнаваліся за секту.

[97] Раскольнікі ці стараабрадцы. Назва ад слова "Раскол".

[98] Васька! Васька! Што ты зрабіў? Лепш было б мяне забіць, чым так абняславіць.

[99] Напэўна сума, якую вязні атрымлівалі падчас дарогі на дзённае пражыванне. Наогул называлася гэта "харчовае" або "кармавое".

[100] Гаворка ідзе пра сістэму праверкі прысутнасці, ад рас. слова "поверать" - правяраць.

[101] Адзін крок бліжэй і заб'ю! Стой не варушыся!

[102] Бацейка родны! Прабач! Прабач! Вінаваты!

[103] Міны (з франц.) капальні.

[104] Расейская мера даўжыні ў ХІХ ст. Адна вярста - гэта 1066,8 м.

[105] "Міласцівая пані!

На ліст Ваш да п[ана] генерал-губернатара Усходняй Сібіры ад 16 сакавіка т[аго] года, перададзены мне яго экселенцыяй, гонар маю паведаміць Вам, што сыны Вашы знаходзяцца ў Нерчынскіх горных заводах і як тыя, якія знайходзяцца на работах, на падставе існых пастановаў пісаць да сваякоў сваіх не маюць права. Вы ж і іншыя сваякі могуць да іх адрасаваць у гор[ад] Чыту на імя п[ана] выканаўцы абавязкаў ваеннага губернатара Забайкальскай вобласці, якім яны будуць перададзены па прынадлежнасці.

З належнай павагай і адданасцю гонар маю быць Вашым, міласцівая пані, пакорным слугою.

К [нечытэльна]

№ 1610

9 кастрычніка 1856

Іркуцк

Вяль[мож]най

п[ані] Дамініцы Далеўскай."

[106] Адрэзак Пецярбург-Вільня быў здадзены летам 1860 г.

[107] Сантакі (літ. Santaka, р-н Віленскі) - мясцовасць каля Немянчына. Чыгуначны мост на рацэ Віліі пры ўпадзенні ў яе ракі Жаймяны, на адрэзку Немянчын-Падброддзе

[108] Францішак працаваў наглядчыкам будаўнічых работ пры Варшаўска-Пецярбургскай каляі на адрэзку каляі Вільня-Раканцішкі (Новая Вільня) у 1861 і да паловы 1862 г.

[109] Віленскі Шляхецкі інстытут, ці існая ад 1834 г. элітарная школа для хлопцаў, надзіраў за дзяржаўным інстытутам для дзяўчат шляхецкага паходжання. Была гэта галоўная жаночая школа ў Вільні, адкрытая ў 1848 г., якой кіравала Караліна Главацкая. Ксавера Далеўская таксама закончыла пансіён Главацкай і таемныя курсы.

[110] Шляхецкі інстытут меў права экзаменавання і выдачы настаўніцкіх дыпломаў, атэстаты тыя павінны былі зацвярджацца радай прафесараў Кіеўскага ўніверсітэта.

[111] Папінерка (з франц. pepiniere) - дзяўчына, якая выконвала абавязкі настаўніцы ў навучальнай установе (школе) узамен на адначасовае бясплатнае навучанне ў той жа ўстанове.

[112] Філасофка - жанчына, якая цікавіцца навукай, вучоная, сціплых запатрабаванняў, якая аддае перавагу незалежнасці над ранейшымі звычаямі.

[113] У 1862 г. на Літве дзейнічалі дзве арганізацыі: чырвоных (ад ліпеня - Літоўскі правінцыйны камітэт, у складзе: Кастусь Каліноўскі, Людвік Звяждоўскі, Баляслаў Длускі, Ахілес Банольдзі, Эдмунд Вярыга, пазней таксама Ян Козел-Паклеўскі, Зыгмунт Чаховіч, Антоні Залескі), а таксама белых (ад з'езду ў верасні - таксама Літоўскі правінцыйны камітэт у складзе: Антоні Яленскі, Аляксандр Аскерка, Віктар Стажэнскі, Станіслаў Плятар-Зыберг, Францішак Далеўскі і Якуб Гейштар). Таму Серакоўская Цэнтральным літоўскім камітэтам называе Літоўскі правінцыйны камітэт белых.

[114] Правінцыяльны кіраўнічы аддзел Літвы ўзнік 11.ІІІ.1863 г.

[115] Францішка Далеўскага арыштавалі 10.VI.1863 г.

[116] Дэкрэт ад 14/26.VI.1863 г. Правінцыйнаму кіраўнічаму аддзелу Літвы аб утварэнні новага кіраўнічага органа Выканаўчага аддзела на Літве.

[117]У копіі BUW іначай "адзін быў толькі склад чальцоў ураду. Найперш засядацелі (у Цэнтральным літоўскім камітэце) (з выбару большасці краю), потым тыя ж самыя ў Н[ацыянальным] л[ітоўскім] аддзеле з малымі зменамі ў выніку арыштаў, ужо пры канцы паўстання г.зн. ад 10 чэрвеня ст[арога] ст[ылю]. Пячатку аддзела трымаў Францішак Далеўскі, касу - Антоні Яленскі, начальнік горада і паліцыі - Аскерка, карэспандэнцыю замежную і краёвую - Лапацінскі, Вагнер - сакратар, вайсковасць - Якуб Гейштар (але на самай справе ніколі ёй не займаўся), за яго найцяжэйшыя справы з чужымі людзьмі - Цітус Далеўскі. Пад канец праз пару тыдняў застаўся ўжо толькі адзін Канстанцін Каліноўскі. Не ведаю, як тое склалася, але да хвілі арышту ў Далеўскага звычайна складалі рапарты, у яго былі справаздачы з дзейнасці і баёў па правінцыях, ён зацвярджаў бланкі, тут найперш з'яўляліся прыбылыя з каралеўства, з замежжа і з Расіі.

[118] Таварысцкая гульня "цэнзараванне" заключалася ў знаходжанні памылак, крытыцы і ацэнцы выказванняў іншых для забавы.

[119] Францішак жыў у Ноўгарадзе пад надзорам паліцыі ў 1875 - 1883 гг.

[120] Хто гэты спадар?

[121] Божа, злітуйся!

[122] Пра спрэчку Яленскага з Гейштарам абшырна: W. Sliwowska, Syberia w zyciu i pamieci Gieysztorow - zeslancew postyczniowych. Wilno-Sybir-Wiatka-Warszawa, Варшава. 2000, с. 60-69.

[123] У копіі BUW інакш: Мікалай Гедройць.

[124] Серакоўская, мабыць, блытае асобы. Міхал Агінскі ў 1863 г. меў 15 гадоў. Можа, гаворка ідзе пра яго бацьку Ірэнія, які аднак памёр 18.ІІ. (ст.ст.) 1863 г.

[125] Біржы (літ. Біржай, р-н Біржанскі), гарадок і абшырныя добры ў Панявежскім павеце Ковенскай губ., на памежжы Жмудзі і Курляндыі. Уладальнікам Біржаў быў яго брат, гр. Ян (1802-1862), які ўтварыў Біржанскую ардынацыю (1862), пасля яго бяздзетнай смерці прынятую Міхалам (1828-1897), сынам Юзафа (1800-1845), старшым братам Яна і Бенедыкта Эмануэля.

[126] Вышэй названыя пазбеглі смерці, дзякуючы звыклым, але ніколі ў адносінах да расейцаў не надзейным сродкам. Два ацалелі О[скар] В[агнер] і І[гнацы] Л[апацінскі] і свежа абраны К[араль] Ф[алевіч]. На месца арыштаваных выбралі Цітуса Далеўскага, які ад самага пачатку паўстанчага руху, пасля выезду з Масквы бясстомна працаваў і выконваў найцяжэйшыя работы пры Нац[ыянальным] ад[дзеле], Канстанціне Каліноўскім, які ў апошнія часы трымаў адзін усю ўладу Літвы. Абодва былі расстраляны ў [18]63 г. Абодва без дакору, поўныя запалу і ахвярнасці.

[127] У копіі BUW далей ёсць тэкст (пад лініяй, іншай рукой, цямнейшым чарнілам). Калі Ковенская губерня выбрала сваім дэлегатам Я. Гейштара, які потым быў прызначаны чальцом аддз[ела], Францішак Далеўскі даставіў з Масквы Цітуса. Ужо пасля выкліку Серакоўскага, даючы яму права замяшчэння ва ўсіх найцяжэйшых справах, г.зн. у вайсковай дзейнасці Якуба, якога пабойваліся з нагоды вялікай шматмоўнасці і палітычнай бястактактнасці. Цітус стрымаў абяцанні, не прыняў ніякай пасады ў аддзеле, як чалец не хацеў уцякаць за мяжу і саступіць свае абавязкі некаму іншаму, пакуль Гейштар быў на сваёй пасадзе.

[128] Назімаў выконваў функцыі ген.-губернатара ў перыяд 10/22 ХІІ 1855 - 3/15 V 1863.

[129] Шпіталь на вуліцы Савіч, кіравалі ім сёстры міласэрнасці.

[130] Часовы палявы суд прыгаварыў Францішка да 12 гадоў катаргі, але Мураўёў падвысіў яму, як рэцыдывісту, пакаранне да 20 гадоў.

[131] Паколькі чуткі гавораць, што ён быў чальцом Нац[ыянальнага] Ур[аду], паколькі яго швагер быў Серакоўскі і паколькі ён ужо раней быў асуджаны на 15 гадоў.

[132] Бакшта (літ. Boksto), вуліца ў Вільні на Старым Месце.

[133] Булгак была сасланая ў другі раз у 1863 г., а г.зн. пасля гэтай сустрэчы.

[134] Цітус быў расстраляны 30.ХІІ.1863 / 11.І.1864 г. на Лукішскім пляцы ў Вільні.

[135] Кляштарныя будынкі кс. місіянараў (паўлінаў) пры касцёле Унебаўзяцця Божага , размешчаныя па-за даўнімі гарадскімі мурамі (сёння вул. Subaciaus), якія разам з касцёлам зачынілі па загаду расейскіх уладаў (1844). Шматразова змянялася прызначэнне, была тут м.ін. турма, школа для дзяўчат (1856), псіхіятрычны шпіталь (1859).

[136] E. Felinska, Wspomnienia z podrozy do Syberii, pobytu w Berezowie i Saratowie. Вільня, 1877. Шэмеш быў зяцем Фелінскай, наведваў яе з жонкай у Саратаве (1842), дзе знаходзілася ў высылцы.

[137] "Вяселле ў Айцове" - папулярны балет Юзафа Дамса і Караля Карпінскага.

[138] Версія Сыракомлі папулярнай песні. У 1855 г. Віктар Кажынскі напісаў да тых слоў (тры страфы) Сыракомлі песню для голаса з фартэпіяна. Раней у 1849 г. Манюшка на спатканні з прыяцелямі напісаў трохгалосны канон да папулярнай песні (варшаўскай) "Узлез коцік на плоцік".

[139] Цітаўскія казармы - казармы на маскоўскім прадмесці Цітава, у 60-я гады ХІХ ст. пераробленыя на арыштанцкую.

[140] Wesoly nam dzis dzien nastal - папулярная вялікодная песня, словы і музыка якой вядомыя з ХVI ст.

[141] Армяк (з рас.) - верхняя сялянская вопратка з грубага сукна, падобная да кафтана.

[142] Мураўёў ініцыяваў складанне вернападданіцкіх адрасоў шляхтай, змушаючы землеўладальнікаў да лаяльнасці пад пагрозай зняволення і канфіскацыі. Тут аднак Серакоўская мыляецца адносна акцыі, якая мела месца пад канец 1862 г., за што маршалкі і шляхта былі высланы на Сібір яшчэ вясной 1863 г.

[143] Ракашанам.

[144] Дзіўны народ.

[145] Іншар - павятовы горад у Пензенскай губерні над рэкамі Іншарай і Ісой.

[146] Баравічы - павятовы горад у Наўгародскай губернні недалёка ад Ноўгарада.

[147] Самара - цэнтр Самарскай губерні над Волгай пры ўпадзенні ў яе ракі Самары.

[148] У кастрычніку 1863 г.; гаворка пра сясцёр Серакоўскай.

[149] Кунгур - павятовы горад Пензенскай губерні.

[150] Прыехаў у 1875 г., у выніку маніфесту амністыі Аляксандра ІІ ад 1874 г.

[151] Целаахоўнік.

[152] - Хто ён такі? Як яго прозвішча? - пытаўся.

- Далеўскі.

- Стары ці малады?

- Каля 50 гадоў.

- Заможны?

- Бедны.

- То бяры яго сабе. Няма небяспекі. Што ж можа зрабіць бедны чалавек? Не будзе мець ніякага ўплыву.

[153] Далеўскі вярнуўся на пастаянна з ссылкі ў сілу маніфесту, абвешчанага ў траўні 1883 г. з аказіі каранацыі Аляксандра ІІІ. Пад амністыю трапілі ўсе паўстанцы.

[154] Білет расейскай латарэі (латарэйная прэміёўка).

[155] Згоднікі - прыхільнікі паразумення з Расіяй узамен на нацыянальную канцэсію, асабліва рэпаланізацыю адміністрацыі і школьніцтва.

[156] Ад 1856 г. у Расіі ішлі работы над сялянскай рэформай, якая ўключала ліквідацыю прыгону.

[157] Пасля ліквідацыі прыгону (улажэнне ад 19.ІІ/3.ІІІ 1861 г.) і ўвядзення для асобных рэгіёнаў асобных улажэнняў, якія датычылі разняволення, распачалі на Літве вясной 1862 г. абмер сялянскіх зямель. Канстанцін працаваў як каморнік пры так зв. пасярэдніку ў Ковенскім пав.

[158] Шаты (літ. Seta, кейданскі р-н), мястэчка ў Вількамірскім пав., над ракой Абелай за некалькі кіламетраў ад Кейдан. Даноўскі быў там у той час гмінным пісарам.

[159] Гаворка пра Баляслава, Браніслава і Юзава Гейштараў.

[160] Забелішкі (літ. Zabieliskis, Кейданаўскі р-н), двор і добры Стэфана Гейштара ў Ковенскім павеце, страчаныя ў выніку паўстання (маёнткі секвестраваны і выстаўлены на продаж).

[161] Тарэсбор (літ. Teresboras, Анікшцкі р-н) - фальварак паблізу Кнэбі (Kniebiai) і мястэчка Анікшты ў Вількамірскім павеце. Тут Серакоўскі стварыў лагер і фармаваў рэгулярнае войска. У лагеры было каля 2500 паўстанцаў. Праводзілі вучобу, заснавалі збройную майстэрню, дзе кавалі косы і выраблялі кулі. 21.IV.1863 г. праз тыдзень аддзел пакінуў лагер.

[162] Андроніскія лясы, у Вількамірскім пав., у ваколіцы казённага мястэчка Андронішкі (літ. Andrioniskis, Анікшцкі р-н) над ракой Святой.

[163] Пашумер (літ. Pasumeris) - двор Вялічкаў у Вількамірскім павеце.

[164] Гаворка ідзе пра кнігу Валерыя Прыбароўскага "Historia dwoch lat, 1861-1862" (т. 1-5, Кракаў, 1892-1896), якая з'явілася пад псеўданімам Z.L.S.

[165] Псеўданім Зыгмунта Серакоўскага ад гербу Серакоўскіх.

[166] Трускоўскія лясы ў Панявежскім павеце; казённае мястэчка Трускаў (літ. Truskava), каля 26 км ад Кейдан.

[167] Крэмянцінская пушча (літ. Kremenciskiu vienkiemis), назва паходзіць ад хутара Крэмянцішкі ў Тарэборскіх лясах.

[168] Кейданы (літ. Kedainai, Кейданскі р-н) горад у Ковенскім павеце.

[169] Сурвілішкі (літ. Surviliskis, Кейданскі р-н), казённае мястэчка ў Ковенскім павеце над Невяжай, на Панявежскім гандлёвым тракце.

[170] Ляўда (літ. Liaude) тэрыторыя ў Паневежскім і Ковенскім паветах над ракой Ляўдай (прытокам Нявежы), заселеная дробнай шляхтай.

[171] Андроніская пушча (літ. Andrioniskio miskas, Анікшцкі р-н).

[172] Генеты (літ. Genetiniai) мясцовасць у Вількамірскім павеце. Бітва 6.IV.1863), выйграная аддзелам Серакоўскага.

[173] Рогаў або Рогава (літ. Raguva), мястэчка над Нявежай (Вількамірскі пав.) пры тракце з Вількаміра ў Панявежу. У ваколіцы найбольшыя ў павеце лясы, у якіх арганізаваўся аддзел Серакоўскага.

[174] Паланга (літ. Palanga), горад у паўднёвай Курляндыі, недалёка ад мяжы з Прусіяй, які належаў у той час гр. Юзафу Тышкевічу.

[175] Дынабург (латв. Daugavpils), павятовы горад і цвердзь у Віцебскай губерні (Польскія Інфлянты) над Дзвіной.

[176] Лямус - склад, дом звычайна мураваны і асобны для захоўвання розных рэчаў, забяспечаны ад агню.

[177] Адрына - гумно, стадола для сена.

[178] Рудніцкая пушча (літ. Rudninku giria, Панявежскі р-н) расцягнулася паміж вёскай Руднікі і Нёманам у Троцкім пав.

[179] Салечніцкая пушча расцягнулася ў Віленскім павеце, галоўнае мястэчка Салечнікі (літ. Salcininkai, Салечніцкі р-н).

[180] Пікет - малы аддзел жаўнераў, які стаіць на пасту або паблізу варты.

[181] Найвялікшая бітва (25-27.IV.1863), праведзеная групоўкай Серакоўскага, закончылася разбіццём і рассейваннем аддзела.

[182] Аддзел Мацкевіча дабраўся на другі дзень вечарам.

[183] Латвелі (літ. Latveliai, Біржанскі р-н), вёска ў Панявежскім пав., на поўнач ад Біржаў, недалёка ад Мядэяк.

[184] Скробішкі (літ. Skrebiskis, Біржанскі р-н), уласнасць сям'і Тызенгаўзаў у Новааляксандраўскім пав. Ковенскай губерні.

[185] Мядэйкі (літ.Medeikiai, Біржанскі р-н), вёска на поўнач ад Біржаў у Панявежскім пав.

[186] Шнуркішкі (літ. Sniurkiskiai, Біржанскі р-н), вёска ў Панявежскім пав. на захад ад блізкіх Біржаў.

[187] Пушча Павятоўка (Pavietava), нізкі лес недалёка ад вёскі Лебедзі (Lebedziai, Ковенскі р-н).

[188] Кракінаў (літ. Krekenava, Панявежскі р-н, казённае мястэчка над Нявяжай у Панявежскім пав.

[189] Панявежык (літ. Paneveziukas, Ковенскі р-н) мясцовасць у Ковенскім павеце.

[190] Ад'ютантам кс. Мацкевіча быў Фларыян д'Артузі, а не Андрыёлі, як была пераканана Серакоўская.

[191] Вілька (літ. Vilkija, Ковенскі р-н), вёска ў Ковенскім пав. Тут разыгралася апошняя бітва аддзела кс. Мацкевіча.

[192] Быць можа: Клеты (Анаклеты) Цішкевіч (Кілінскі), пра сям'ю няма інфармацыі.

[193] Французскі ўрад выплачваў падтрымку эмігрантам пасля заверкі звестак спецыяльнай камісіяй у прэфектуры паліцыі.

[194] Цэнтральны польскі камітэт, які называлі таксама Французска-польскім, заснаваны ў 1831 г., узнавіў дзейнасць пасля 1863 г. Атрымаў буйныя фундушы і дапамог дзясяткам палякаў.

[195] У перыяд французска-прускай вайны немцы аблажылі Парыж ад 19.ІХ.1870 да траўня 1871, нягледзячы на ранейшае перамір'е.

[196] Пад уражаннем прайгранай бітвы пад Сяданам (2.ІХ.1870) і ўзяцця ў няволю Напалеона ІІІ французы аб'явілі дэтранізацыю імператара і абвясцілі рэспубліку (4.ІХ.1870).

[197] У жніўні і верасні польская эміграцыя намагалася атрымаць згоду на ўтварэнне польскага аддзела на баку французскай арміі. Французскі ўрад, не хочучы псаваць свае адносіны з Расіяй, згоды не даў.

[198] Пасля выбараў 8.ІІ.1871 г. быў утвораны ўрад, які эвакуяваўся з Парыжа пасля 17 сакавіка ў сітуацыі нарастання рэвалюцыйнага напружання ў сталіцы.

[199] Гарсоны (з франц. garcon) - хлопцы.

[200] Су - манетная адзінка ў тагачаснай Францыі.

[201] Фунт - каля 0,4 кг.

[202] Папулярны тыднёвік, які выходзіў у Варшаве з 1859 г.

[203] 29.І.1871 г. (дзень пасля падпісання Парыжскай канвенцыі з прусакамі пра спыненне збройных дзеянняў) Часовая камісія польскай эміграцыі выдала адозву, якая заклікала палякаў, што змагаліся ў французскіх частках, скласці зброю.

[204] Французскае ўрадавае войска (вярсальцы) ўвайшло 21 траўня. 27 і 28.V мелі месца масакры камунараў.

[205] На баку рэвалюцыянераў змагалася шмат палякаў, таксама сярод камандзіраў, адсюль пераслед палякаў урадам.

[206] A droite! A gauche! (франц.) - На права! На лева!

[207] Песня Вінцэнта Поля, "Спеў з магілы" з прысвечанага Лістападаўскаму паўстанню цыклу "Песні Януша" (Парыж, 1835); музыка Фрыдарыка Шапэна (воп. 74, но 17).

[208] Антокаль, у ХІХ ст. прадмесце, цяпер квартал Вільні; Бекешовая і Трыкрыжская - горы, якія атачаюць Вільню; Вілія (літ. Neris) - рака, якая цячэ цераз горад.

[209] Гаворка пра вырак з 1848 г. Прыгавораных везлі цераз горад на адкрытым возе ў суправаджэнні войска, жандармаў і ката. Затым была праведзена публічная экзекуцыя, якая палягала ў даванні прыгавораным аплявух і ламанні над галавой шаблі на знак страчанага шляхецкага тытулу.

[210] У заходніх губернях былі два корпусы кадэтаў: у Берасці Літоўскім і ў Полацку.

[211] Зарэчча, у ХІХ ст. прадмесце, сёння квартал Вільні за ракой Вілейкай.

[212] У частцы "Кароткія нататкі з 63 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства на Літве" выступаюць Леапольд Савіцкі і Леапольд Маткевіч. Абодва не названы ў даступнай літаратуры на тэму "Агула".

[213] Гаворка ідзе пра таварыства "Агул". Спачатку (ІІ.1861) быў гэта саюз студэнцкіх зямляцтваў, які аб'ядноваў студэнтаў з заходніх губерняў у Маскве. Змяніўся ў палітычную арганізацыю пад уплывам патрыятычных маніфестацый на польскіх землях. На канец 1862 года налічваў звыш 400 сяброў. Цітус Далеўскі належаў да актыўных кіраўнікоў "Агулу".

[214] Казанская справа ("Казанская змова") - змова польскіх і расійскіх рэвалюцыянераў (з кола Серакоўскага, з "Зямлі і Волі"), якая мела на мэце выклікаць у 1863 годзе сялянскі бунт на Волзе (у Казанскай губерні). Цітус Далеўскі браў удзел у падрыхтоўцы (люты) акцыі. Змову выкрылі, шмат удзельнікаў прыгаварылі да смерці.

[215] Дапісана алоўкам на месце закрэсленым алоўкам: "Зняволены ў Маскве, вярнуўся ўжо пасля Біржанскай бітвы".

[216] Бяльмонт - прадмесце на ўсход ад Вільні.

[217] Праўдападобна, адозва Літоўскага правінцыйнага камітэта, паміж 10 і 20.І.1863 г.

[218] - Як цябе завуць?

- Цімафей Дарук.

- Добра. Скажы, брат, як і дзе ты знайшоў гэтую машыну.

- Ды вось так. Яго правасхадзіцельства спадар паліцмайстар паклікаў мяне і Івана Даўгасава і загадаў нам узяць вось гэтую машыну і занесці на Віленскую вуліцу.

- Дурань! Што за глупства мелеш? Пытаюся цябе, як ты знайшоў гэтую машыну і дзе?

- Ды вось так, Ваша правасхадзіцельства. Дзе мы памясцілі, адтуль і ўзялі.

- Пайшоў вон, бязмозглы дурань. Вар'ят ці што?

[219] Справу Францішка і Тэклі вёў Часовы палявы суд пры штабе Віленскай вайсковай акругі.

[220] 15/27 чэрвеня - дзень экзекуцыі мужа.

[221] Факторка, пасярэднічка ў гандлі.

[222] Зверху алоўкам рукой Апалоніі дапісана: "Шахаўскі аб'явіў волю Мураў[ёва], каб прыехала асабіста пабачыцца з ім і пагаварыць.

[223] Тым лепей.

[224] Белаазёрск - павятовы горад у Ноўгарадскай губ.

[225] Перыяд кампаніі і поспехаў Серакоўскага.

[226] Арыштованы 20.ХІІ.1863 г.

[227] Павінна быць 11 (розніца паміж календаром юліянскім і грыгарыянскім была 12 дзён).

[228] Няма інфармацыі.

[229] Не Ігнацы, а Аляксандр Хмялеўскі

[230] У Раперсвілі ў Швейцарыі паўсталі ў 1870 г. польскія музей і бібліятэка, якія збіралі ўспаміны, што датычылі польскай эміграцыі. асяродак праводзіў таксама выдавецкую дзейнасць.

[231] А. Nowolecki. Pamiatka dla rodzin polskich: krotkie wiadomosci biograficzne o straconych na rusztowaniach, rozstrzelanych, poleglych na polu boju oraz zmarlych w wiezieniach na tulactwie i na wygnaniu sybieryjskim: 1861 - 1866, ч. 1, Кракаў, 1868.

[232] Адмовіць.

[233] У маніфестацыі ў Варшаве 27 лютага 1863 г. загінула 5 чалавек, а 8 красавіка звыш 200. Por. с. 167.

[234] Вятка (цяпер Кіраў), губернскі горад, каля 1500 км ад Пецярбурга. Беркманы знаходзіліся ў высылцы ў Макар'еве ў Кастрамской губерні.

[235] Самара, губернскі горад на левым беразе Волгі пры ўпадзенні ракі Самары, звыш 1800 км ад Пецярбурга.

[236] Сабаньскія, можа, гаворка ідзе пра сям'ю Фелікса Сабаньскага.

[237] Прафесійная школа закладзена ў 1871 г.

[238] Bronislaw Zaleski, Zygmunt Sierakowski, "Оjczyzna", 1865, nr 27-31. Праца Люткевіча не захавалася.

[239] Серакоўскі нарадзіўся 26.V.1826 г. у Лучшах, фальварку, які арандаваў яго бацька. Меў малодшых брата і сястру: Марыю і Ігнацыя.

[240] Умань - павятовы горад у Кіеўскай губерні.

[241] Дашаў - мястэчка ў Ліпавецкім пав. Бітва паміж Гарадком і Дашавам (2/14.V.1831) закончылася паразай колькасна слабейшых аддзелаў Колышкі.

[242] Гаворка ідзе пра Абодна, вёску ў Браслаўскім павеце, месца сутыкнення паўстанцкага войска з войскам расійскім.

[243] Лятычоў - павятовы горад у Падольскай губ., месца сутыкнення расійскіх войскаў і паўстанцкага аддзела. Бацька Зыгмунта загінуў пад Майданам 11/23.V (вёска ў Лятычоўскім пав. на мяжы з Літуньскім), дзе ген. Колышка пацярпеў канчатковую паразу ў сутыкненні з расійцамі.

[244] Серакоўская з дзецьмі спачатку перабралася ў Жытомір, дзе жыў яе брат Каятан Цэлерман Мараўскі, а потым да маці.

[245] Бітвы ў лістападаўскім паўстанні: Альшынка Гарохаўская (25.ІІ.1831), Астраленка (26-29.V.1831)

[246] Пасля задушэння лістападаўскага паўстання расейцы стараліся выслаць у закрытыя вайсковыя школы асірацелых дзяцей палеглых паўстанцаў.

[247] Была гэта даўняя павятовая шляхецкая школа, пераробленая ў 1832 г. у расійскую губернскую гімназію. Серакоўскі вучыўся там у 1838-1843 гадах. Закончыў навучанне са срэбным медалём. Пазней два гады працаваў рэпетытарам.

[248] Хутчэй гаворка ідзе пра Караля Фалевіча.

[249] Каталоўшчына або Каталова (літ. Katiliai, р-н Троцкі), маёнтак над ракой Салаўкай.

[250] Серакоўскі стварыў колка (Пецярбургская група) студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, якія паходзілі з Літвы і Беларусі, і падтрымліваў кантакты з чальцамі Братняга звязу.

[251] Князь Д. і Фердынанд Рэз. - постаці не ідэнтыфікаваныя.

[252] Панарскія горы - узгоркі на на заходніх прадмесцях Вільні.

[253] У Далеўскай гэтая фраза пададзена амаль чыста па-беларуску - з канцавым "у" у слове "прыехаў" ( Перакл.).

[254] У канцы 1848 г. Серакоўскі ўзяў чатырохтыднёвы водпуск з вучэльні і выехаў у Херсонскую губ. па справах спадчыны. 21.ІV быў арыштаваны ў Пачаеве (Крамянецкі пав., Валынская губ.) нібыта за намер пераходу мяжы з Галіцыяй. Пасля затрымання яго ў Крамянцы і Жытоміры прывезлі яго ў Пецярбург, дзе следства праводзіў ІІІ аддзел асабістай канцылярыі Яго Імператарскай Вялікасці.

[255] Алюзія да смерці Паўла І, якога, як кажуць, задушылі шалікам.

[256] Арэнбург, губернскі горад, пры ўпадзенні ракі Оры ў Урал. Быў гэта адзін з найбольшых гарадоў на так званай Арэнбургскай лініі, ці лініі вайсковых цвердзяў ад Уральска да Троіцка. Серакоўскі быў прыгавораны на бестэрміновую службу ў штрафным Арэнбургскім корпусе за "падазрэнне ў намеры ўцячы за мяжу". Царскім рашэннем накіраваны шарагоўцам у Спецыяльны вайсковы корпус. Была гэта частка з астрожнымі ўмовамі службы, у якую траплялі палітычныя, асуджаныя галоўным чынам у 33-40-х гадах ХІХ ст.

[257] Серакоўскі прыбыў у Арэнбург 31.V.1848 г.

[258] Уральск, горад на Сібірскім тракце да Уладзівастока. Серакоўскі знаходзіўся там ад 30.VIII.1849 да 30. VIII.1852 г., служыў у 1-ай роце 1-га батальёна.

[259] Мангышлак, паўвостраў на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Каспійскага мора.

[260] Новапятроўск (цяпер форт Шаўчэнка), застава на паўв. Мангышлак, 800 км ад Арэнбурга. Серакоўскі правёў тут 9 месяцаў, адасланы як шараговец у 2-гі паўбатальён 1-га Арэнбургскага лінейнага батальёна.

[261] Гур'еў, горад над Каспійскім морам.

[262] Салдат - гэта імя агульна слаўнае: найпершы генерал і апошні шараговец называецца салдатам.

[263] Найпершы генерал і апошні шараговец называецца салдатам. Кепска! Кепска!

[264] Фельдфебель - вышэйшая сяржанцкая ступень, ці ў роце найстарэйшы з сяржантаў (старшына).

[265] Вось так трэба гаварыць.

[266] Прыйдзі заўтра да мяне на гарбату.

[267] Пайшоў вон!

[268] Паслухай, ты - студэнт, разумны чалавек, зразумееш, што нельга гаварыць: "Найпершы генерал і апошні шараговец называецца салдатам", - бачыш - калі я яму ў морду, то і ён мне ў морду.

[269] Адукаваны чалавек.

[270] Дзіўны народ.

[271] Серакоўскі знаходзіўся ў Арэнбургу ад 1.ІХ.1852 да 6.VI.1854 г.

[272] Не Аляксей, а Васіль Пяроўскі.

[273]Тут у канцы с. 52 рукапісу на палях старонкі з левага боку вертыкальна алоўкам упісана: "Сын Міхайлава сасланы ў Сібір у 1863 годзе за палітыку, а Абручова - у 1862 годзе за ўдзел у выдавецтве "Зямлі і волі". Дачушка плямянніка Пяроўскага павешана ў Пецярбургу за замах на жыццё Аляксандра ІІ.

[274] Серакоўскі знаходзіўся ў форце Ак-Мячэць ад ІХ.1853 г., заняты на разбудоўванні ўмацаванняў.

[275] Какандцы - жыхары Какандскага (Каканд) ханства, якое межавала з Расіяй уздоўж Сыр-Дар'і.

[276] Зняць шынель. Зняць зараз жа шынель.

[277] Ак-Мячэць (цяпер Кызыл-Арда), пабудавана ў 20-х гадах ХІХ ст., найдалей на поўнач высунатая цвердзь Какандскага ханства, на правым беразе Сыр-Дар'і, на скрыжаванні караванных шляхоў з Ташкента, Бухары і Хівы ў Заходнюю Сібір. Мела велізарнае гаспадарчае і стратэгічнае значэнне. Расейцы ўзялі яе ў 1853 г. Перайменавана ў Пяроўск. Серакоўскі ўдзельнічаў у яе ўзяцці.

[278] Орск - цвердзь над Уралам, 220 км ад Арэнбурга.

[279] Серакоўскі закончыў службу ў ІІ.1856 г. У верасні прыбыў у Пецярбург, атрымаў прызначэнне ў падсталічны полк кавалерыі, у 1857 г. атрымаў званне падпаручніка.

[280] У жніўні 1857 г. Серакоўскі паступіў у Акадэмію Генеральнага штабу ў Пецярбургу. Рыхтавала між ін. спецыялістаў у вобласці статыстыкі, чым цікавіўся Серакоўскі.

[281] Закончаная паразай вайна Расіі з Турцыяй, Францыяй і Англіяй (1853-1856); выявіла слабасць Расіі, даючы повад для правядзення рэформ царом Аляксандрам ІІ.

[282] Панцялееў успамінаў Серакоўскага: "Карыстаўся велізарным уплывам у польскіх колах і меў разлеглыя стасункі ў расійскіх таварысцкіх сферах, а з многімі расейцамі быў нават у вельмі цесным сяброўстве"; W. Pantielejew, Wspomnienia, Варшава, 1964. с. 106.

[283] Падобна, як шмат палякаў у Пецярбургу і Маскве, Серакоўскі належаў да кола знаёмых і супрацоўнікаў Чарнышэўскага.

[284] Постаці не ідэнтыфікаваныя; тэкст нечытэльны.

[285]"Московкие ведомости" - расійская газета, якая выдавалася ў 1756-1917 гг. Выражала інтарэсы кансерватыўнай часткі расійскай эліты.

[286] Пермь - губернскі горад над ракой Камай (на сярэднім Урале), блізка ад Кунгура, у які вывезлі маці і сясцёр Далеўскіх.

[287] Жонкай Бэрві-Федароўскага была Эрміёна Бэрві з Жамчужных (пам. у 1924 г.).

[288] Серакоўскі скончыў вучобу (1859) з выдатным вынікам і быў прадстаўлены да звання штабс-капітана; быў прыняты на службу ў статыстычны рэферат дэпартамента Генеральнага штаба, ад V.1861 г. як капітан Генеральнага штаба далучаны да групы, што працавала над праектам новага вайсковага дысцыплінарнага кодэксу.

[289] Так зв. "Вайсковыя артыкулы" 1715 г.

[290] Праект вайскова-судовай рэформы разглядалі ў некалькіх камітэтах і камісіях. Тут камітэт пад кіраўніцтвам ген. М. Сухазанета, утвораны ў ліпені 1862 г. Серакоўскі працаваў над праектам змякчэння адбывання пакаранняў у вязніцах і адмены цялесных пакаранняў.

[291] Міжнародны статыстычны кангрэс у Лондане адбыўся 16-22.VII.1860 г. Серакоўскага дэлегавалі вясной у Еўропу з мэтай збору інфармацыі пра ўмовы ўтрымання вайсковых арыштантаў. У Бруселі ён адведаў Ёахіма Лялявеля і асобна падтрымаў яго фінансва, як успамінае Аўгуст Іванскі. A. Iwanski, Pamietniki 1832-1876, Варшава, 1968, с. 117.

[292] У Бруселі ў 1853 г. адбыўся першы Міжнародны статыстычны кангрэс.

[293] Compte-rendu du Materiel - справаздача.

[294] Пераклад гэтага ліста пададзены вышэй.

[295] Праўдзівасць гэтай высновы выказвалася шматкратна, але нельга яе выказаць цалкам фармальна, паколькі ўтрымлівае яна высокую навуку, што адно патрыятычнае заангажаванне злучанае з геройскай адвагай і асабістым уменнем у карыстанні зброяй, не маглі бы абараніць нацыянальнай незалежнасці, калі гэтыя якасці былі злучаны з навуковай арганізацыяй, якая дазваляе начальніку сканцэнтраваць высілкі ўсіх або часткі жаўнераў у дадзеным пункце неадкладна і з як найлепшым вынікам (франц.).

[296] У Парыжы ў 1860 г. Севярын Гашчынскі безвынікова намагаўся зацягнуць Серакоўскага ў тавянізм. Напісаў пра Серакоўскага: "Паганец поўны, але чысты, шчыры з вялікім жыццём і агнём. Думкі радыкальныя, дэмакратычныя. Рассталіся сардэчна"; S. Goszczynski, Dziennik Sprawy Bozej, т. 2, Варшава, 1984, с. 82.

[297] У перыяд ад VII.1860 да ІІ.1861 г. Серакоўскі напісаў і апублікаваў чатыры карэспандэнцыі "Извлечения из писем о военно-уголовных учреждениях главнейших европейских государств", "Морской сборник", 1862, № 1-4.

[298] Сухазанет як ваенны міністр перад Мілюціным пасылаў Серакоўскага за мяжу, каб пазнаёміўся з пануючай там пенітанцыянарнай сістэмай.

[299] Серакоўскі атрымаў камандзіроўку і адпачынак 2/14.VІІ.1862 г. на выезд з даручэннем ураду, каб агледзець турэмныя ўстановы ў Парыжы і Лондане.

[300] Фігура Збаўцы з крыжам, прызнавалася за цудатворную, стаяла на беразе Віліі насупраць касцёла св. Рафаіла ад 1720 г.

[301] Ва ўрачыстасцях і вяселлі ўзяло ўдзел шмат гасцей з Коўні і Вільні. м. ін. Якуб Гейштар, Канстанцін Каліноўскі, кс. Антоні Мацкевіч. Сведкам быў прыяцель з Арэнбурга Ян Станевіч.

[302] 21 жніўня 1862 г. страчаны Ярашынскі, а 26 - Ржонка. Серакоўскі, прыехаўшы ў Парыж, прасіў Зофію і Юзафа Багдана Залескіх аб дапамозе ў пошуках лекара і лекаркі для жонкі, якая: "Нажаль, у дарозе моцна слабла на здароўе з-за ўражанняў у Варшаве". Ягелонская бібліятэка. Аддзел рукапісаў., ркпс. 921 1ІІІ, т. 17, арк. 147.

[303] Найстарэйшы заалагічны сад у свеце, закладзены на тэрыторыі імператарскага палаца Шонбрун у Вене.

[304] Трэба разумець - "прускі рэйхстаг".

[305] Польскае Кола ў прускім парламенце ўтваралі дэпутаты з Познаньшчыны, Шлёнска, Памор'я і Мазураў.

[306] Не мог гэта быць "Wielkopolanin", бо выходзіў ад 1883 г. Негалеўскі выдаваў для "ўсіх станаў" "Gonca Wielkopolskiego", але выданне таксама пачало выходзіць пазней (ад 1877 г.).

[307] Іваньскі ўспамінае, што ў снежні 1860 г. разам з Серакоўскім спаткаліся з Лібэльтам у гатэлі Базар у Познані. "Ойча, ты нас вучыш адчуваць і думаць па-польску! - выгукнуў раптоўна Серакоўскі, абдымаючы ўваходзячага патрыёта"; A. Iwanski, op. cit., c. 146.

[308] Серакоўскі: "Прабыў таксама даўжэйшы час на парыжскім бруку [...] жыў на Елісейскіх палях, у англійскім пансіянаце, з раніцы залатвяў, як пасланнік мін. Мілюціна, справы службовыя і складаў афіцыйныя візіты, а вечарам не выходзіў з Лацінскага квартала, праводзячы свой час з эмігрантамі і моладдзю; найчыстай вады энтузіястамі, у кожную працу ці размову ўкладваў усю сваю душу, перакананнямі сваімі набліжаўся да радыкальных"; A. Iwanski, op. cit., c 141-142.

[309] Гаворка ідзе пра спробу стварэння польскага легіёна ў Італіі, распачатую восенню 1860 г. Людвікам Мераслаўскім. Кароль Віктар Эмунііл ІІ згадзіўся на стварэнне ў Італіі польскай вайсковай школы.

[310] Зімовы палац (Зимний дворец) у Пецярбургу, сядзіба цара, сёння музей Эрмітаж.

[311] Трыанон - частка вярсальскага парку

[312] Не кранайцеся з месцаў! Не кранайцеся! ( франц.).

[313] Лекара, лекара на дапамогу! ( франц.).

[314] Ацалелі! Дзякуй Богу, ацалелі! ( франц.).

[315] І скласці ёй кампанію ( франц.).

[316] Прыняць ( франц.).

[317] Ніколі. Не ведаю гэтых старых! Няма майго пана і іх не ўпушчу! ( франц.).

[318] У рапартах ваеннага ведамства захавалася нататка пра шлюб Серакоўскага ў Парыжы.

[319] Ібяны (Ібенай, сёння р-н Кяйданскі) - шляхецкая ваколіца ў Ковенскай губерні, Ковенскім павеце, дашчэнту спаленая ў час паўстання 1863 г.; ад 1866 г. заселена стараверамі.

[320] Трапісты, папулярная назва паслядоўнікаў найбольш дакладных правілаў, Кантэмпляцыйны ордэн.

[321] Gorges de la Chiffa, франц. назва перавала Шабат аш-Шыфа ў Алжыры.

[322] Dzurdzura, горны пояс з вапнавых скал у Тэльскім Атласе.

[323] Staouel, горад на захад ад Алжыра.

[324] На ўзор трапістаў (з франц.).

[325] Sidi Ferruch, вёска за 35 км ад Алжыра, месца высадкі (14.VI.1830) французскіх жаўнераў, распачаўшая шматгадовае пакарэнне Алжыра.

[326] Не паступаючыся маёй годнасцю кавалерыста (франц.).

[327] Маршалам Францыі (франц.).

[328] Другая пасля лютаўскай рэвалюцыя ў Парыжы ў 1848 г., крывава задушаная войскам ІІ Французскай Рэспублікі.

[329] Айцец-гатэльнік (франц.).

[330] Пасміхаюцца ў бароды? (франц.).

[331] Гаворка ідзе пра вайну П'емонта і Францыі супраць Аўстрыі (1859), якая распачала працэс уз'яднання Італіі.

[332] Вечнасць (франц.).

[333] Астрогі, шпоры.

[334] Пайшоў! (франц.).

[335] Над словам дапісана "Rz[ad] N[arodowy]" ("Нацыянальны ўрад").

[336] Гаворка ідзе пра Аляксандра Мінквітза.

[337] Гаворка ідзе пра Мілюціна - міністра вайсковых спраў, начальніка Серакоўскага.

[338] Серакоўскі атрымаў 28 дзён водпуску на лячэнне жонкі за мяжой.

[339] Серакоўскі закончыў службу ў званні капітана (тады капітан адпавядаў сённяшняму маёру, і адпаведна наступным званнем было званне падпалкоўніка. Сённяшняму званню капітан тады адпавядала званне штабс-капітан. А Мілюцін, пішучы пра выезд Серакоўскага са службовай дэлегацыяй, зусім запісаў: палкоўнік; Д.А. Мілюцін. Успаміны, т. 1, Масква. с. 482-483.

[340] Постаць не ідэнтыфікавана.

[341] Серакоўскі сустрэўся ў жніўні 1862 г. у Вільні з прадстаўнікамі лагера "белых" і "чырвоных". Згадзіўся стаць камандзірам збройных сіл на Літве.

[342] Серакоўскі сустрэўся з чальцамі Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта, ці тагачаснай улады "чырвоных". Прадставіў стратэгічны план паўстання. Прапаноўваў пачаць паўстанне на Жмудзі, куды марскім шляхам меліся дастаўляць зброю. Далей паўстанне мела пашырыцца на Віленшчыну і Гарадзеншчыну, а таксама здабыць Дынабург - важны камунікацыйны вузел, каб затрымаць хуткае перакідванне расійскіх войск у Каралеўства.

[343] Літоўскі Аддзел або Аддзел Кіраўніцтва Правінцыямі Літвы быў утвораны ў Вільні 27.ІІ/11.ІІІ.1863 г. пасля фактычнага распаду Літоўскага Правінцыйнага Камітэта ці Правінцыйнага Часовага Ураду на Літве і Беларусі ў выніку заснавання камітэта "белых" з урадавым камісарам Ду Лаўрэнсам. У яго склад увайшлі чальцы камітэта "белых": Якуб Гейштар, Аляксандр Аскерка, Антоні Яленскі, Ігнацы Лапацінскі і Францішак Далеўскі.

[344] У І.1863 г. па справе прыняцця пасады галоўнага кіраўніка паўстання на Літве ездзіў да Серакоўскага прадстаўнік Літоўскага Правінцыйнага Камітэта Козел-Паклеўскі. Аскерка паехаў на пачатку сакавіка ад імя Кіраўнічага Аддзела Правінцыямі Літвы, новага ўраду прыхільнікаў "белых".

[345] Серакоўскі прыехаў у Вільню 27.ІІІ/7.ІV, пасяліўся ў гатэлі і праз тыдзень з нечым паехаў у паўстанцкі лагер, які паўставаў на Ковеншчыне. Суправаджала яго жонка.

[346] P.R., Zygmunt Sierakowski, "Ojczyzna", 1865, № 27.

[347] Біёграф Серакоўскага праф. Смірноў не знайшоў гэтага ліста ў архіве Мілюціна. А. Смирнов, Сигизмунд Сераковский, Масква, 1956, с. 98, 133.

[348] Серакоўскі з Длускім прыбылі 3/15.IV. Планавалі стварыць каля Шат у Крамянцішскіх (Крамянцінскіх) лясах галоўны лагер паўстацкага злучэння. 7/19.V. злучэнне Серакоўскага і Колышкі (каля 450 паўстанцаў) рушыла ў Рогаўскую пушчу. Да іх далучыўся аддзел ксендза Мацкевіча. Дабраліся да мэты праз два дні.

[349] Длускі быў пасланы на прускую мяжу з мэтай даўзбраення аддзела Серакоўскага. Вярнуўся са зброяй і боепрыпасамі, якія аднак забяспечылі толькі чвэрць ад неабходнага.

[350] Вядомая нам літаратура не падае ні аднаго Дамброўскага ў тым лагеры.

[351] Бітва мела месца 9/21.IV.

[352] Карсакішкі (літ. Карсакішкіс, р-н Панявежскі), вёска і фальварак у Вількамірскім павеце на край Карсакішскага лесу. Сутычка адбылася 15/27.

[353] Субач (літ. Субачас, Купіскі р-н), казённае мястэчка над ракой Вяшынтай, Вількамірскага пав.

[354] Камаі (літ. Камаяі, Рокіскі р-н), мястэчка ў Новааляксандраўскім пав.

[355] Солы (літ. Салас, Рокіскі р-н), добры над ракой Солай у Вількамірскім пав.

[356] Скапішкі (літ. Скапішкіс, Купіскі р-н), засценак і вёска, Вількамірскі пав.

[357] Панямунь (літ. Панямуніс, Рокіскі р-н), мястэчка на Неманкам, Новааляксандраўскі пав.

[358] Панядэлі (літ. Пандэліс, Рокіскі р-н), мястэчка на ракой Апошн, Новааляксандраўскі пав.

[359] Попелы (літ. Папіліс, Біржанскі р-н), мястэчка і добры над ракой Ровяй. Новааляксандраўскі пав.

[360] Павінна быць 25 красавіка.

[361] Гудзішкі (Гудзішкай, Пасвольскі р-н), вёска ў Панявежскім пав. У літаратуры называецца таксама як Гудзышкі.

[362] Новааляксандраўск (Езяросы, літ. Зарасай, Зарасайскі р-н), павятовы горад у Ковенскай губерні.

[363] Паводле Грыгарыянскага календара.

[364] Расейцаў было найбольш 1800, у тым ліку, аднак, 200 нямецкіх егераў з Курляндыі, якія складалі выдатна абучаную баявую частку, і гэта яны, нягледзячы на велізарную баявітасць паўстанцаў, вырашылі вынік бітвы.

[365] Серакоўскі быў паранены ў пазваночнік. Параненага і скрываўленага яго вынес з поля бою ад'ютант Касакоўскі.

[366] Шнуркішкі, тут разыграўся трэці дзень так зв. бітвы пад Біржамі (27.IV./9.V.1863).

[367] На левых палях ад паловы тэксту надпіс алоўкам рукой Анелі Якубоўскай: "Д-р Сатурнін Якубоўскі, якога везлі ў адным купэ з Серакоўскім у Вільню таксама сцвярджае, што Серакоўскі быў так цяжка хворы, што ў ніякія размовы не ўдаваўся".

[368] Віленская арганізацыя рыхтавала ўцёкі і выезд Серакоўскага за мяжу, паколькі не быў ужо здольны кіраваць ваеннымі дзеяннямі. Падобна, калі напісалі яму, што ўсё гатова адпісаў: "La Raine d`Angleterre pense a moi" ("Ангельская каралева думае пра мяне"). Быў прадстаўлены ёй падчас лонданскага кангрэса. Успаміны пра Літву невядомага аўтара з 1855-1867 гадоў, Biblioteka Polska w Paryzu, nr akc. 3564, k. 132-133.

[369] Мураўёва.

[370] Гаворка пра Аляксандра Вяткіна.

[371] "Польский вопрос" - праект дэмакратычных рэформ у Польшчы і Імперыі, напісаны Серакоўскім восенню 1862 г. Тэкст апублікаваны ў "Русской старине", 1884, nr 1, s. 48-60 (j. ros.); J. Sawicki, Ludzie i wypadki z 1861-1865, Lwow, 1906, s. 76-96 (j. pol.), s. 147-160; B. Dybowski, Pamieci Zygmunta Sierakowskiego, Lwow, 1906, s. 76-96 9j. pol.)

[372]"Калі пан Серакоўскі любіць свой край, хоча быць для яго карысным, хоча пазбавіць яго ад няшчасця, разні, якая зруйнуе роўна Польшчу, як і Расію, і піша тую запіску аб сітуацыі ў краі, пра тое што трэба зрабіць. Прачытаю запіску і перашлю яе імператару" (франц.)

[373] Дапісана: "Аддзелы".

[374] Дапісана над імем: "Ляскоўскі".

[375] Дапісана над імем: "кс. Мацкевіч".

[376] Мае дарагія сябры!

1) Будзьце пільныя - (гэты Шувалаў, даўней шэф 3 секцыі ў Вільні, веру што перш за ўсё спрву кантралюе.

2) Хацелі зрабіць надрэз у аўторак - маліўся, каб дачакаць чацвярга. Сёння доктар Ляховіч быў з вайсковымі лекарамі. (Далей незразумела.) Хаджу, адхіляючы галаву назад з вялікім болем і цяжкасцю. (Далей незразумела.) Што называеце домам Ігнацыя? 16 рублёў дае 1500 капеек, ці няпраўда? Цалую вас і вашых дзяцей, няхай Бог мае над імі апеку. У чацвер трэба зрабіць надрэз - дамагаецца пан М[аеўскі], які прыбывае ў чацвер - пасля надрэзу не змагу ляжаць што найменш тыдзень (франц.).

[377] Серакоўскі быў павешаны на Лукішскім пляцы. Мураўёў зацвердзіў смяротны вырак, нягледзячы на ўмяшанне многіх асоб.

[378] Апублікавана ў "Powstanie na Litwie i Bialorusi, 1863-1864 r., Масква, 1865, с. 19. Ліст быў напісаны на пачатку траўня н.с. (перад 8.V), калі Серакоўская ехала ў Пецярбург з мэтай атрымаць згоду пабачыцца з мужам.

[379] "Сірыйская масакра" (франц.) разня хрысціян у Сірыі ў 1860 г., учыненая туркамі.

[380] Прыпісана алоўкам: "Крашэўскі".

[381] Адэскі ліцэй - у Адэсе сярэдняя школа і пансіён для хлопцаў, створаныя пад апекай губернатара Рыхеля (Richelieu), ад 1837 г. вышэйшая школа, ад 1862 г. Наварасійскі ўніверсітэт.

[382] У 1857 г. па даручэнні ген.-губернатара Назімава і са згоды маршалкаў шляхты ў Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губ. утвораны так зв. камітэты для ўлажэння новых інвентарных перапісаў, складзеныя з маршалкаў і землеўладальнікаў. Цар пазнаёміўся з вынікам прац камітэтаў і дазволіў на скліканне губернскіх камітэтаў па паляпшэнні быту сялян, якія мелі распрацаваць праекты адмены прыгону.

[383] Шляхта ў надзеі на аднаўленне ўніверсітэта выдала так зв. Альбом ("Na pamiatku pobytu Najjasniejszego cesarza Jego Mosci w Wilnie 6 i 7 wrzesnia 1858") з творамі у т.л. Ходзькі і Адынца, прыняты негатыўна з нагоды лаяльнага зместу.

[384] Назва верша Адынца "Przyjdz Krolestwo Boze!". Цар названы "дзедзічам думкі і любові Ягелонаў", "бацькам народа".

[385] Віленскі губернскі соймік яшчэ ў Х.1855 г. падрыхтаваў адрас да цара, у якім у т.л. прасіў пра вяртанне Віленскага ўніверсітэта. Адрас, падпісаны павятовымі маршалкамі, дайшоў да рук Аляксандра ІІ, але неадкрыты канверт з адрасам адаслалі ў Вільню. Падрыхтоўкі адраса з просьбай аб аднаўленні ўніверсітэта і вяртання ў школы польскай мовы зажадала шляхта, сабраная на віленскім сойміку на пачатку 1859 г, а таксам на менскім, восенню 1859 г. Да перадачы адраса, аднак, не дайшло. Ковенская і віленская шляхта з ініцыятывы Якуба Гейштара падрыхтавала новы адрас з паўтарэннем папярэдніх просьбаў і намерылася яго ўручыць цару падчас яго паўторнага побыту ў Вільні (15.Х.1860). Аляксандр ІІ аднак прыняць адрас адмовіўся і выказаў вядомыя словы, якія абурылі літоўскую грамадскасць.

[386] Першыя выбары ў абвешчаную маніфестам ад 30.Х.1905 г. Дзяржаўную Думу адбыліся ў 1906 г., у іх узялі ўдзел таксама і жыхары заходніх губерняў Расіі.

[387] У выбраны на з'ездзе белых (ІХ.1862) новы камітэт ўвайшлі: Віктар Стажэнскі (Старэнскі), Станіслаў Зыберг-Плятар, Якуб Гейштар, Аляксандр Аскерка, Антоні Яленскі і Францішак Далеўскі.

[388] 25.ІІІ.1861 г.

[389] 8 траўня.

[390] Намер утварэння Земскага крэдытнага таварыства, а таксама Земляробчага таварыства паўстаў у коле землеўладальнікаў у 1860 г. Склікалі камісію для ўлажэння Статута таварыства, у склад якой увайшлі згадваныя ва ўспамінах Серакоўскай: А. Аскерка, С. Ромер і К. Фалевіч. Сабраны ў Вільні 1.VII.1861 г. з'езд землеўладальнікаў з Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай і Менскай губерній, а таксама прадстаўнікі даўніх польскіх Інфлянтаў прадыскутавалі праект. Прынятыя артыкулы апублікаваны ў форме брашуры, выдадзенай Адамам Ганорым Кіркорам: "Праект статута Земскага крэдытнага таварыства для Літоўскіх губерній" ("Projekt Ustawy Towarzystwa Kredytowego Ziemskiego dla Guberni Litewskich").