Папярэдняя старонка: Янковский Плакид

Алісіёнак В. Тэматыка і праблематыка польскамоўнае творчасці Плацыда Янкоўскага 


Аўтар: Алісіёнак Віталь,
Дадана: 12-11-2011,
Крыніца: Кафедра гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта, khblit.narod.ru.



ХІХ cтагоддзе для Беларусі і беларусаў сталася стагоддзем як вялікіх набыткаў, так і вялікіх стратаў ў галіне літаратуры. Ліцвінска-беларуская зямля нарадзіла ў гэты час шмат пісьменнікаў і паэтаў, але трагічны лёс краю выкрасліў іх, іхнюю творчасць з гістарычнае памяці народа на доўгі перыяд. І толькі апошнія некалькі год ладзяцца актыўныя спробы выправіць памылку. Асобным літаратарам "пашанцавала": іхняя спадчына паступова ўводзіцца ў беларускі кантэкст, але большасць усё яшчэ чакае свае "рэабілітацыі". Адным з такіх незаслужана забытых пісьменнікаў мінулага з'яўляецца дастаткова вядомы ў сярэдзіне ХІХ стагодзя Плацыд Янкоўскі (1810-1872), паэт і празаік гумарыстычнага кірунку.

Адной з першых кніг П. Янкоўскага была аповесць "Засценак", выдадзеная ў 1841 годзе ў Вільні. Гэты твор меў сярод чытачоў і крытыкаў даволі станоўчыя водгукі. Так, у лісце ад 18 верасня М. Грабоўскі пісаў: "У сваёй рэцэнзіі я параўноўваю Пана з Сянькоўскім і прызнаю за Панам вялікі ўзровень, бо Пан мае не толькі досціп, але і несумненны паэтычны настрой і таму Вы - пісьменнік надзвычай цэласны і глыбокі, бо досціп без душы - толькі агеньчык, што праз хвіліну згасне". А вось што ў лісце ад 1 кастрычніка зазначае Г. Равускі: "Твой "Засценак" - найцудоўнейшая кветка!.."

У гэтай аповесці ў храналагічным парадку распавядаецца пра жыццё і прыгоды хлопца з шляхецкага засценка. Умоўна ў творы можна вылучыць тры часткі. Кожны раздзел аўтар папярэджвае вершаваным эпіграфам (ад чатырохрадкоўя да некалькіх строфаў) "згодна з пануючай тады модай у Еўропе, уведзенай В. Скотам" [1], што нагадвае рамантычныя тэксты. Сам стыль апавядання П. Янкоўскага нельга аднак назваць дасканалым: сувязь паміж асобнымі часткамі часам слабая, героі паводзяць сябе не заўсёды натуральна, падзеі то запаволеныя, то спрасаваныя вельмі шчыльна і г. д. Але ўвесь аповяд, дзеянні герояў (хлопца Мацея, ксяндза-пробашча, жыхароў ваколіц і інш.) прасякнуты глыбокім замілаваннем, любоўю да свайго краю, яго прыроды.

У "Засценку" П. Янкоўскі паказаў маляўнічыя абразкі з жыцця беларускай засцянковай шляхты, то камічныя, то з асуджэннем пэўных адмоўных рысаў. Аўтарскі погляд суадносіцца ў творы з пазіцыяй ксяндза і часам бывае задужа павучальным. Але нягледзячы на нейкія дробныя недахопы, трэба высока ацаніць вартасць твора. "Засценак" мажліва паствіць у адзін шэраг з "Успамінамі Сапліцы" Г. Равускага і "Успамінамі квестара" І. Ходзькі.

Для Плацыда Янкоўскага найбольш багатымі на ўражанні былі дзіцячыя гады (успаміны, скарыстаныя ў "Засценку"), а таксама час яго вучобы ў Віленскім універсітэце (з 1826 па 1830 гады). Усе астатнія падзеі губляліся на тле гэтых часоў. І ў найбольш цяжкія перыяды свайго жыцця П. Янкоўскі звяртаецца да мінулага, імкнучыся абараніцца ад рэчаіснасці.

Так, пасля падпісання акта аб скасаванні уніі з'яўляецца "Засценак"; у час, калі ён пераязджае ў Бялавічы і рве адносіны з амаль усім літарартурным асяроддзем, выходзяць "Некалькі універсітэцкіх успамінаў". Гэтай кнігай П. Янкоўскі займеў вядомасць і як гістарыёграф Віленскага універсітэта. І таму "Успаміны…" цікавяць нас не толькі як мастацкі твор, але і як сведчанні чалавека, што заспеў апошнія гады існавання гэтай установы. Асноўныя падзеі адбываюцца на фоне апошніх тыдняў навучальнага года, і мы маем магчымасць адчуць, убачыць усе важнейшыя моманты гэтага часу: перадэкзаменацыйная падрыхтоўка, штогадовае закрыццё навучальнага года, маляўнічае апісанне выезду студэнтаў на адпачынак, вобразы прафесараў Гродка і Франка, узаемаадносіны паміж студэнтамі. П. Янкоўскі падае гэтыя моманты ў розным настроі: ад лагоднага гумару да ледзь стрыманага пафасу. Вось як перадаюцца хваляванні студэнтаў перад іспытамі: "Заняткi перад iспытамi, у час да якога адносiцца нашае апавяданне, слушна называлiся крыжовымi днямi ў акадэмiчным календары. Усялякi рух у горадзе цiшэў цi не на палову, бо колькасць той маладой, вясёлай, бегатлівай, смехатлівай моладзi, што вечна за чымсьцi спяшаецца, сягала за дзесяць, за двадцаць тысяч чалавек. I раптам увесь гэты маляўнiчы тлум, як па чыiмсьцi загадзе цi закляццi станавiўся сур'ёзным, смутнеў, збiваўся ў маленечкiя групкi i знiкаў дзесь, нiбы пачыналiся рэкалекцыi" [2]. Але завяршаецца падрыхтоўка, здаюцца экзамены - заканчваецца навучальны год. Пераканаўча падае аўтар строгасць побыту студэнтаў, якія месціліся ў кляштары кармелітаў босых. "Келлi на ўсiх трох паверхах кляштару (цяпер ужо значна пераробленага i прыстасаванага да iншых мэтаў) былi такiя шматлiкiя i маленечкiя, што ўвесь кляштар мажлiва было палiчыць мадэллю нейкага аграмаднага будынка, для якога магло б хапiць жыхароў гэтага места. Увесь трэцi паверх кляштар часта аддаваў вучням унiверсiтэта. Плата была невялiкая" [3]. Зразумела, што студэнты, якія жылі тут, былі бедныя.

Выключна маляўніча падае П. Янкоўскі сцэну выезду студэнтаў з Вільні. Шчаслівая з нагоды заканчэння вучобы, гаманлівая, няўрымслівая моладзь сядае ў вазкі і рушыць у шлях, не чакаючы фурманаў, якія пасля ў роспачы мусяць шукаць сваіх коней. На прыпынку таксама няма спакою. Натуралісты і аграномы даследуюць глебу, эканамісты размаўляюць з вяскоўцамі пра даходы, медыкі шукаюць хворых, паэты складаюць вершы - усе імкнуцца што-небудзь рабіць. Адносіны выкладчыкаў да студэнтаў і студэнтаў да выкладчыкаў падаюцца аўтарам выключна сардэчнымі. Гэта не два варожыя лагеры, а шчырыя дарадцы, настаўнікі і адданыя, прыхільныя вучні. У творы мы бачым толькі двух прафесараў: дэкана Гродэка і прафесара Франка, вобразы розныя, але абодва станоўчыя. (Зазначым, што гэтыя персанажы не вымышленыя, бо такія людзі сапраўды працавалі ва універсітэце).

"Некалькі універсітэцкіх успамінаў" створаныя на высокім мастацкім узроўні, але не толькі гэтым яны вартыя нашай увагі. Бо важны і змест, які мае гістарычнаю вартасць.

У тым жа, што і "Засценак", 1841 годзе П. Янкоўскі выдае два томікі "Дашлюбных і даспліновых [4] лістоў", што складаліся з твораў розных жанраў, пераважна гумарыстычных (апавяданні, успаміны, вершы, байкі, абразкі). Трэба зазначыць, што П. Янкоўскі зведаў найбольшую вядомасць і папулярнасць менавіта як пісьменнік-гумарыст. Але ягоны гумар сярод крытыкаў выклікаў розныя, часам палярныя меркаванні. В. Харкевіч характарызуе яго так: "У віну Янкоўскаму, як гумарысту, ставілі недахоп зласлівасці, кніжнасць і частае выкарыстанне навуковых выразаў, недахоп шырокіх гарызонтаў і г. д., то зноўку прарочылі найсвятлейшую будычыню гумарыста, найбольшага ў Польшчы (М. Грабоўскі)" [5]. Апрача гэтага, П. Янкоўскі, па меркаванні некаторых крытыкаў, меў пэўнае падабенства ў творчым стылі да англійскага пісьменніка Лоўрэнса Стэрна. Яго так і называлі - "наш Стэрн". У другім томе найбольш цікавымі з'яўляюцца "Абразкі местачковага жыцця". Тут аўтар малюе тыповае жыццё звычайнага беларускага мястэчка, поўнае сваіх дробных падзей і навінаў. Перад чытачом паўстаюць яскравыя тыпы: хадзячая газета Фарнентэ, выкшталцоныя Эдмунд і Эдвард, кабеты, для якіх усё цікава, і іх мужы, што цікавяцца толькі картамі. Вось як распавядаецца пра сварку паміж мужчынамі на балі: "пан Д. ударыў па ілбе сакратара, не скажу дакладна чым: шчыпцамі ці шчотачкай. От такая чорная паласа! Пабачце самі, калі не верыце. Д. відаць набраў сабе ў галаву, доўга трос кашальком і крычаў "Заб'ю і заплачу!" [6]

У "Лістах" П. Янкоўскі змясціў таксама шэраг вершаваных твораў. (Да вершаванай формы ён звяртаўся даволі часта, ці не ў кожнай кнізе стараўся змясціць хоць некалькі тэкстаў). Але што тычыцца гэтага боку творчасці П. Янкоўскага, то тут мы мусім амаль цалкам пагадзіцца з меркаваннем В. Харкевіча, што "паэтам ён ніколі не быў, уся яго паэзія адзначаецца, перадусім, убоствам формы, дарэмна ў ёй шукаць не толькі красамоўства, але і ладнае формы" [7]. Бо, сапраўды, яго паэзію нельга паставіць у адзін шэраг з прозай па мастацкіх каштоўнасцях, хоць часам П. Янкоўскаму ўдаваліся вельмі неблагія тэксты. Вершаваныя творы ў кнізе даволі разнастайныя па тэматыцы. Адны з іх - маралізатарскія байкі, як, напрыклад, "Муха", дзе чалавек параўноўваецца з мухай, бо ён таксама ляціць да нейкіх асалод жыцця, паглынаецца імі, не можа зразумець і ўбачыць істотнае, дзеля чаго патрэбна жыць. Прыкладна такі ж змест мае байкі "Бацька і Кастусь", "Джон Дыцальп і курыца".

Магчыма вылучыць у "Лістах…" і проста гумарыстычныя вершыкі. Напрыклад, "Дзве кумы", дзе адна кабета распавядае другой, што бачыла дрэнны сон: яе любімая пярэсценькая курачка моцна захварэла і яна нічога не можа зрабіць, якія б сродкі не ўжывала. Аўтар імкнуўся высмеяць забабоннасць людзей, але вялікіх мастацкіх вартасцей такія вершы не маюць.

Нечым да такіх вершаў падобныя гумарэскі П. Янкоўскага. Асаблівасцю іх з'яўляецца тое, што яны напісаныя прозай і вершам. Не ўсе яны таксама раўназначныя па вартасці, а найбольш цікавая - "Зэбэдэюш Браніёта", дзе распавядаецца пра аднаго пана, які ў дзень шлюбу напісаў сваёй жонцы адмысловы верш. А выбітны ён быў тым, і на гэтым палягае камічны эфект, што назвы знакаў прыпынку ў тэксце набываюць пераноснае значэнне.

У кнізе мажліва адшукаць таксама і вершы філасофскага складу, але іх няшмат, бо сам характар кнігі настройвае на іншы лад чытача (адзін з такіх вершаў - "Камета Галея"). Асобна ад гэтых твораў знаходзяцца два пераклады з А. Пушкіна - "Гусар" і "Русалка", а таксама "Венгерскі доктар Наскары". Апошні з гэтых вершаў цікавы тым, што сам аўтар пазначае яго як апрацоўку камічных паданняў, што ходзяць па Беларусі.

Такім чынам, хоць паслугоўваўся П. Янкоўскі вершам даволі часта, але паэт з яго не атрымаўся. Празаічныя ж гумарыстычныя творы ў "Лістах" з'яўляюцца арыгінальнымі і больш дасканалымі. Пісьменніку сапраўды ўдалося ў сатырычным выглядзе паказаць жыццё местачковай шляхты.

Плацыд Янкоўскі за сваё жыццё спазнаў шчасце і поспех, горыч і пакуты, літаратурнае прызнанне і хуткае забыццё. Сваю вядомасць як літаратара John of Dycalp зазнаў у складаны час для святара П. Янкоўскага - час скасавання уніі, час ломкі традыцыйнага жыцця. Мо адсюль паходзіць жаданне пазбегнуць гэтай рэчаіснасці і аддацца ўспамінам пра лепшае - пра мінулае ("Засценак", "Некалькі універсітэцкіх успамінаў", "Апавяданні"), пасмяяцца ("Дашлюбныя і даспліновыя лісты", "Суддзя Грошык" і інш.). John of Dycalp - гэта іншы чалавек за Плацыда Янкоўскага. Як чалавек мягкага характару, ён часта трапляў пад уплывы іншых: Іосіфа Семашкі ці суполкі "Tygodnika Petersburskiego" - М. Грабоўскага, Г. Равускага ды інш. Але заўседы адчуваў сябе ліцвінам-беларусам, любіў свой край, народ. І гэту любоў пераносіў у свае творы.

Ён не пазначыў сябе ні прыхільнікам рамантызму, што паступова згасаў, ні адэптам рэалізму, бо, зрэшты, не лічыў сябе канчаткова літаратарам, успрымаў гэта як справу для душы. (Але, між тым, схіляўся да рамантызму.)

Літаратурная спадчына П. Янкоўскага даволі шматлікая і розная па сваіх мастацкіх вартасцях: ёсць творы высокага ўзроўню, але ёсць і такія, што наўрад ці вартыя вяртання.

Зазнаўшы забыццё яшчэ пры жыцці, стаўся цалкам запамятаны пасля смерці. Не прыняты палякамі, што лічылі яго крэсавіком-ліцвінам, а тым больш расійцамі, быў невядомы і для сваіх - беларусаў. Беларусы - нацыя - донар, што цягам гісторыі аддавала сваіх творцаў іншым народам, але настаюць часы вяртання. Павінен заняць пачэснае месца сярод тых, хто вярнуўся да жыцця ў нацыянальнай памяці і літаратуры, і Плацыд Янкоўскі.



[1] Charkiewicz.W. Placyd Jankowski : Życie i twórczość. Wilno, 1928. S. 126.

[2] John of Dycalp. Kilka wspomnień uniwersyteckich. Wilno, 1854. S. 15.

[3] Ibidem. S. 21.

[4] Сплін - маркотны, сумны настрой. (Рэд.)

[5] Charkiewicz.W. Placyd Jankowski: Życie i twórczość. S. 91.

[6] John of Dycalp. Piśma przedszlubne i przedsplinowe. T. 2. Wilno, 1841. S. 16.

[7] Charkiewicz.W. Placyd Jankowski: Życie i twórczość. S. 111.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX