Папярэдняя старонка: Янковский Плакид

Алісіёнак В. Маргінальнасць Плацыда Янкоўскага 


Аўтар: Алісіёнак Віталь,
Дадана: 10-12-2011,
Крыніца: Алісіёнак Віталь. Маргінальнасць Плацыда Янкоўскага // XIX СТАГОДДЗЕ: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. Мн., 2000. C. 146-149.



Плацыд Янкоўскі (1810-1872) паходзіў з беднай шляхецкай сям'і. Ягоны бацька Габрыэль - удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, пазней стаў уніяцкім святаром. Плацыд, малодшы ў сям'і, нарадзіўся ў вёсцы Войская Брэсцкага павету, вучыўся ў Свіслацкай і Брэсцкай гімназіях, а з 1826 г. на тэалагічным аддзяленні Віленскага ўніверсітэта, дзе апрача адмысловых прадметаў вывучыў замежныя мовы і меў мажлівасць шмат чытаць. Пасля ўніверсітэта П. Янкоўскі выкладаў ва ўніяцкай Жыровіцкай семінарыі. Ажаніўшыся з Галенаю Тупальскаю, дачкою прэзідэнта Літоўскае кансісторыі, атрымаў мажлівасць мець наўпроставыя дачыненні з кіраўніцтвам Уніяцкае царквы і зрабіць кар'еру. Але гэта быў час, калі царызм рукамі Іосіфа Сямашкі душыў Унію, змушаў святароў перамяніць веравызнанне. П. Янкоўскі ўжо ў 1837 г. пісьмова абавязаўся перайсці на праваслаўе. Ён быў адным з тых, хто падпісаў акт скасавання Ўніі, атрымаў ордэн, аднак кар'еры і ў праваслаўнай царкве не зрабіў. Быў пробашчам царквы ў Вільні, пасля - на Слонімшчыне. Апошнія гады жыў у Жыровічах у самоце, парваўшы ўсе дачыненні са светам.
У 1835 г. П. Янкоўскі пад псеўданімам Віталіс Каму-едзе выдаў зборнік "Хаос", які напачатку планаваўся як альманах. Зборнік складаецца з некалькіх дзесяткаў дробных твораў прозаю і вершам, гумарэсак і філасофскіх эсэ. Якраз гэты зборнік прынёс П. Янкоўскаму славу гумарыста. У часы скасавання Ўніі пісьменнік нічога не друкаваў. І толькі ў 1841 г. выйшлі два томікі "Дашлюбных і даспліновых лістоў", што, як і папярэдні зборнік, мелі мешаніну жанраў і стыляў: успаміны, абразкі, апавяданні ды вершы. Гэтае выданне прынесла П. Янкоўскаму мянушку "нашага Стэрна" (Г. Равускі). У гэтым жа годзе пісьменнік друкуе сваю першую і - як лічаць літаратуразнаўцы - лепшую аповесць "Засценак", а таксама наладжвае супрацоўніцтва з Ю.І. Крашэўскім, вынікам чаго сталася "Складзеная аповесць" - твор, напісаны двума пісьменнікамі. Уяўляў цікавасць прапанаваны П. Янкоўскім выдавецкі праект "Ліцьвіны" - стварэнне шэрагу адметных тыпаў жыхароў краю, у якім меліся прыняць удзел вядомыя літаратары - Ю.І. Крашэўскі, Г. Равускі, І. Ходзька, Л. Штырмер. Аднак спадзяванні П. Янкоўскага не спраўдзіліся. Калегі-пісьменнікі не падтрымалі выданне сваімі тэкстамі. П. Янкоўскаму заставалася адно публікаваць свае творы (праўда, не пад тытулам "Ліцьвіны"). Да 1849 г. яны з'яўляліся на старонках перыёдыкі ды асобнымі выданнямі пад псеўданімам John of Dycalp (прачытанае наадварот імя Плацыд). Узмацненне мікалаеўскае рэакцыі прывяло да таго, што П. Янкоўскі паступова адмаўляецца ад літаратурнае творчасці. Напачатку яшчэ друкуецца пад іншымі псеўданімамі, а з сярэдзіны 50-х гг. увогу ле перастае пісаць па-польску.
Патрэбнасць увесь час даводзіць сваю лаяльнасць да царызму, а таксама здымаць абвінавачванні ў антырасійскіх сімпатыях [1], вымусіла П. Янкоўскага, пачынаючы з 1863 г. пайсці на супрацоўніцтва з "Литовскими епархиальными ведомостями" і "Виленским вестником". Ён дасылаў у рэдакцыі свае тэалагічныя працы, абразкі вясковага жыцця святароў, успаміны пра ініцыятараў скасавання Ўніі. Зрэшты, праўду пра апошнія гады існавання Ўніі гаварыць ён не мог і не хацеў, бо гэта азначала забіваць забітае (паводле ягоных слоў: страляць на могілках), відаць, дарагое яму: "Можа і я сам, хто шмат грашыў, шмат перажыў, ведаю асобныя прычыны і акалічнасці, якія цалкам не адпавядаюць фактам. Але гэтыя рэчы без усялякае страты, зрэшты, для гісторыі адыдуць ціха ў магілу разам са мною" (з ліста да М. дэ Пулле). Усё гэта абумовіла поўнае адасабленне пісьменніка ад грамадства ў апошнія гады ягонага жыцця.
Польскія літаратуразнаўцы З. Стэфаноўская і К. Барташынскі вылучаюць дзве характэрныя рысы, уласцівыя творам П. Янкоўскага. Па-першае, гэта перадаксальнасць сітуацыі, калі аўтар-святар у сваіх творах амаль не закранае тэматыку, звязаную з ягонай прафесіяй, і ў той жа час прапануе чытачу тэксты, насычаныя літаратурнымі алюзіямі, філасофскімі высновамі, звесткамі, разлічанымі на эрудыта. Другая асаблівасць, характэрная для П. Янкоўскага, - гэта рамантычнае адмаўленне ад прыхільнасці да пэўнага акрэсленага літаратурнага жанру, будаванне тэксту на памежжы розных жанраў, у якіх пераплятаюцца элементы аповесці, абразка, показкі, успамінаў, эсэ, афарызму, пададзеных як у празаічнай, так і вершаванай форме.
Бясспрэчна тое, што П. Янкоўскі імкнуўся сваёй творчасцю даць пэўны малюнак жыцця тагачаснага грамадства. І гэта заўважаецца не толькі ў праекце "Ліцьвінаў". У значнай ступені гэта датычыць большасці ягоных тэкстаў. Асобныя з ягоных твораў выдатна падыходзяць пад вызначэнне "фізіялагічныя нарысы". Напрыклад, абразок "Тры браты дзедзічы" можна разглядаць як удалае адлюстраванне звычаяў дэградаванае шляхты - напаўпісьменнае, абмежаванае, інтарэсы якое не выходзяць з кола задавальнення першабытных жыццёвых патрэбаў. Дакументалізм пісьменніка спалучаецца з гумарыстычнасцю, якая мяжуе з іранічнасцю. А гэта ўзвышае, абстрагіруе фізіялагічнасць, надае твору знешне незаўважальныя рысы алегарычнасці. Бо ж калі радаводнае дрэва братоў дзедзічаў сягае да Рурыка, дык, відавочна. думка пісьменніка не можа спыніцца на прайграных у карты прыгонных Харытоне ці Улляне. Дзівацтвы змізарнелае шляхты, урэшце, на больш высокім узроўні перарастаюць у вайну пана Спас... са сваімі рэцэнзентамі. І патлумачыць усё гэта магнетызмам, думаецца, будзе недастаткова.
Выразна адчуваецца ў творчай манеры П. Янкоўскага імкненне да паказу незвычайнага, сенсацыйнага. У шэрагу сваіх тэкстаў ён звяртаецца да рэдкіх з'яў і выпадкаў. Напрыклад, апавядае пра незразумелыя хваробы, трагічныя непаразуменні, пра сям'ю, што шмат гадоў хавалася ў ліцьвінскіх лясах ад людзей і г. д. Асобныя даследчыкі адзначаюць няўменне пісьменніка інтэграваць свае фабулы ў цэласную структуру літаратурнага тэксту. Нават у найлепшым з яго твораў - аповесці "Засценак", які відавочна распадаецца на дзесяткі абразкоў, хоць і палучаных асобаю галоўнага герою.
"Адасабленне П. Янкоўскага, што сталася асабліва відавочным у апошнія гады ягонага жыцця, не было выпадковым. Адасабленне гэтае можна патлумачыць як сімвалічнае (...) Гэта быў менавіта (у розных значэннях слова) пісьменнік літаратурнае маргіналіі. Ён быў на маргіналіі, бо апяваў "засценак", адну толькі правінцыю; бо быў няздольны [2] надаць партыкулярнаму ранг агульнага, як гэта чынілі іншыя, нават менш значныя пісьменнікі ягонага рэгіёну (...). Ён быў маргінальным літаратарам, займаючы пазіцыю, якую можна акрэсліць як адмаўленне - хоць і не без зразумелае матывацыі - ад нацыянальнага, ад традыцый польскае супольнасці", - зусім слушна пішуць сучасныя польскія даследчыкі З. Стэфаноўская і К. Барташынскі, тым самым яшчэ раз пацвярджаючы беларускасць польскамоўнае літаратуры на тэрыторыі ўсходніх абшараў былое Рэчы Паспалітае.

БІБЛІЯГРАФІЯ

Творы Плацыда Янкоўскага (Johna of Dycalpa) [3]

Chos. Szczypta kadzidła cieniom wierszokletów. Wilno, 1835. [Witalis Komujedzie].
Pisma przed-ślubne i przed-splinowe. T. I-II. Wilno, 1841.
Zaścianek. Niedawna kronika spisana przez... Wilno, 1841.
Chwila. Opowiadanie. Wilno, 1842.
Litwini. Prospekt // Tygodnik Petersburski. 1842. № 93.
Ostatni upiór w Bielehradzie. Dosłówny wyciąg z Kroniki czeskiej, wieku XVI. [Powieść]. Wilno, 1842.
Przeczucie. Komedyjka we 3 aktach. Wilno, 1842.
Krzysztof Arciszewski. [Art. i scenka dramatyczna.] // Radegast. Pismo zbiorowe. Wilno, 1843.
Opowiadania. Wilno, 1843.
Pamiętnik Elfa. T. I-II. Wilno, 1843.
Powieść składana. [Współaut. J.I. Kraszewski]. Wilno, 1843.
Puszkin na polach elizejskich // Rocznik Literacki. Ptb., 1843.
Doktor Panteusz w przemianach. Rękopis ze skryni ś. p. Przybysława Dyamentowskiego, stolnika urzędowskiego. Lipsk, 1845.
Sędzia Pieniążek. Improwizacja wypracowana. Wilno, 1845.
Opowiadania wierszem. Wilno, 1846.
Anegdoty i fraszki doznanej usypiającej własnośći, przez Komitet Medyczny sprawdzone i aprobowane. Wilno, 1847.
Nowe opowiadania. Lipsk, 1847.
Kilka wspomnień uniwersyteckich. Wilno, 1849.
Krynice. Ze wspomnień i gawęd z sobą symym. Wilno, 1853. [Autor dawnego autoramentu].
Książeczka in 16 mo bez tytułu i nazwiska autora. Wilno, 1854.
Kabała z odpowiedzi wirujących stołów i tabliczek dosłowne spisana. Wilno, 1855. [Pewny Dymissijowany Pomocnik Stołu].
Adaś. Opowiadanie. Wilno, 1856. [Pseudonym].
Posiedzenia wiejskie we IV-ch niedzielach. Wilno, 1856. [February Luty].
Jan Ziółkowski // Kronika Wiadomości Krajowych i Zagranicznych. 1857. № 296.
Fanaberie pana stsrosty kaniowskiego. Z pism pośmiertnych. Warszawa, 1873.
Doktor Panteusz w przemianach i inne utwory. Wybór, oprac. i wstęp L. Sokół. Warszawa, 1985.
[Zawiera opowiadania: Autopopobiografia, Zeno Wszędzie-jedzie, Eleonora, Nos, Oko, Herbata,
Pożar, Wspomnienie o Krzysztalewiczu, Sposób na bezsenność, Memorabilia o Rosieńskim Judelu, Jeszcze dzicy, Jasełka; powieści: Zaścianek, Doktor Panteusz w przemianach, Krynice]. Даследаванні творчасці Плацыда Янкоўскага М. дэ Пулле. Плакид Гаврилович Янковский (John of Dycalp) // Древняя и Новая Россия. 1876. Т. ІІ.
Chrkiewicz W. Placyd Jankowski (John of Dycalp). Życie i twórczość. Wilno, 1928.
Sokół L. Wstęp // Jankowski P. Doktor Panteusz w przemianach i inne utwory. Warszwa, 1985.

[1] Паводле М. дэ Пуле, П. Янкоўскі, служачы ў праваслаўнай царкве, захаваў знешні выгляд уніяцкага святара.
[2] Відавочна, што тут павінна ісці гаворка не пра няздольнасць
[3] Іншыя псеўданімы пісьменніка пазначаюцца ў квадратных дужках.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX