Вярнуцца: Янкоўскі Плацыд

Засценак


Аўтар: Янкоўскі Плацыд,
Дадана: 10-12-2011,
Крыніца: XIX СТАГОДДЗЕ: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. Мн., 2000. C. 150-153.



Я перакананы ў слушнасці наступнай тэорыі лорда Брогхама. У часе сну мы не маем аніякіх мрояў, душа займаецца тады абсалютнай гутаркай з сабой. Абсалютнай - гэта значыць непадпарадкаванай, бо тады мы ўпэўненыя, што нас ніхто не разумее. Толькі падчас абуджэння нашыя бедныя пачуцці пачынаюць штосьці падслухоўваць з тае размовы душы: адтуль бяруцца сны, урыўкі чутак, недакладныя, як усе падслуханыя рэчы. І чым часцей сон неспакойны і перапынены, тым болей мрояў. Шчаслівы ж той, хто спіць моцна, бо для яго непатрэбныя тыя чуткі, а тлумачальнік слоў - непатрэбная літаратура. Ах, так спаў і лорд Брогхам у маладосці, так спаў і я ў тую памятную ноч.
Як толькі пачало світаць, мяне абудзілі гукі трубаў і тупат коней. Адкрыўшы вочы, я заўважыў, што ляжу пад бярозай на магілцы, а навокал былі толькі крыжы, камяні і магілы. Калі ж я зірнуў на гасцінец, адкуль чуў шум, то ўбачыў перад сабой незлічонае мноства ўзброеных вершнікаў у белым і на белых конях, з нейкай прыгожай музыкай паперадзе. Ранішняя імгла не дазваляла заўважыць, як высока яны плылі па-над зямлёю.
Сон ужо даўно адышоў прэч, але тое, на што я глядзеў, здалося мне больш дзіўным за любы сон. Аслупянелы, нерухомы, не мог ні маліцца, ні плакаць, ні думаць. Толькі нейкае незразумелае адчуванне авалодала мною, што, напэўна, я зачараваны. Пра падобныя здарэнні няраз чуў не толькі ад кабет, але нават і ад бацькі. Раптоўна змяшаныя, гэтыя ўспаміны ўзмацніліся ў тое імгненне і паўздзейнічалі на маю слабую галаву так моцна, што сама каралева варажбітак не змагла б зачараваць мяне лепш. У імгненне вока агонь прабег у мяне ўнутры, пасля зрабілася холадна, пасля ізноўку горача, вочы міжволі закрыліся; быў прытомлены, але адчуваў сябе ўжо блага і урэшце самлеў.
Калі ж я апрытомнеў, то незямное войска і музыка зніклі. І не дзіўна бо сонца ўжо ўзыйшло. Ах, чаму ж і другая частка маіх нядаўніх мрояў не адляцела разам з першымі сонечнымі промнямі! Але страшныя памяткі смерці, як і дагэтуль, атачалі мяне. Не мог цяпер сумнявацца ў тым, што правёў ноч на могілках і што гэта былі вядомыя ў нашым наваколлі шведскія магілы, па-над якімі няраз раней, як чуў ад старых, бачылі ноччу палкі палеглых у гэтай мясцовасці рыцараў, што ў паветры змагаліся між сабой. Але я ўжо быў на гасцінцы і бег з усяе моцы, ды толькі было такое адчуванне, што бягу не сваімі нагамі і мяне зачаравалі.
- Куды ж ты гэта так ляціш, маё дзіцятка? - спытаў мяне якісьці старац, якога я нагнаў па дарозе. О, нельга выявіць маёй радасці ад гэтага пытання.
- Ці ж я сапраўды бягу, мой ойча? Ці бачыце мяне? - усклікнуў я, смеючыся і плачучы папераменна. -Дакраніцеся да мяне!
І хацеў з гэтымі словамі скочыць яму на шыю. Дзядок з перасцярогаю адхіліўся ад мяне, палічыўшы, відаць, за вар'ята.
- Блаславі цябе Божа, маё беднае дзіцятка! - сказаў ён заікаючыся і ад- махваючыся кіем. - І даўно з табой гэтае няшчасце здарылася?
- Сёння! Сёння! - загаласіў я. - Ах, як мяне цяжка пакараў Бог!
- Бог з табою, маё дзіцятка! А ці чыталі над табой экзарцызмы?
- Ах, не! Не яшчэ! Завядзіце хутчэй, мой ойча, мяне да касцёла! Заўжды буду ўспамінаць вас у сваіх малітвах! - І з гэтымі словамі ўпаў перад ім на калені.
Стары паглядзеў мне ў вочы, бы хацеў ўбачыць, ці не ёсць гэта рэлігійны экстаз, а пасля сказаў лагодна:
- Добра! Зрэшты, я сам іду на імшу да фарнага касцёла, ідзі за мною, дзіцятка, і я завяду цябе да пробашча.
Па тых словах прыспешыў ён хаду і высунуў трошкі кій з рукі. Кій пачаў валачыцца за ім па зямлі, і я пазнаў у гэтым звычайны манеўр жабракоў, калі тыя праходзяць праз вёску і абараняюцца ад сабак.
Больш размоў паміж намі не было, я ішоў на адлегласці, якую паказаў мне дзядок; ўжо з першага ўзгорку ўбачыў мястэчка. Не дайшоўшы трохі да яго, мы звярнулі на сцяжынку, што вяла наўпрост да касцёла.
- Стань тут, маё дзіцятка, на бабінцы, - сказаў дзядок, калі мы прыйшлі на месца, - і прасі Бога пра цуд; а я пакуль зайду да арганіста і папытаюся, ці прачнуўся ўжо ксёндз.
Я ўкленчыў ля касцела і пачаў паўтараць усе вядомыя мне малітвы. Перажытыя нядаўна відовішча і абрад, да якога прыгатаваўся, так захапілі мае думкі, што ўвесь свет падаўся мне іншым. Ніколі яшчэ зямля не была такая зялёная, а нябёсы - блакітнымі. І ў самім сабе адчуваў вялікія змены. Спрычынілася да гэтага нядаўняя непрытомнасць і тое, што ўжо суткі нічога не еў.
Праз некаторы час пачуў за спіною шоргат ад крокаў і галасы. Азірнуўшыся, убачыў за сабою некалькі чалавек, якія назаўжды засталіся ў маёй памяці такімі, якімі я іх убачыў у тую хвіліну. Бліжэй стаяў, а хутчэй лунаў нада мною, невымерна высокі і худы чалавек у кароткім белым кажушку, у акулярах і з экзарцыстыйнай кніжачкай у руках. Быў ён, што смерць, сухі і бледны, а ногі меў такія доўгія і цыбатыя, што сапраўды ўражвала тая адвага, з якою ён хадзіў на іх. Нос быў вялікі і акуляры выглядалі на ім, як маленькія дзеці на спакойным гальштынскім кані. Гэта быў арганіст. Трохі далей, склаўшы рукі, прыглядаліся да мяне з найвялікшай увагай нейкія дзве старыя кабеты. Як ластаўкі на даху, схілялі яны свае галовы то ў адзін, то ў другі бок, калі глядзелі на мяне, і ў бесперапынным шэпце між сабой дзяліліся нейкімі перасцярогамі. Праз колькі дзён, калі мы пазнаёміліся бліжэй, я не мог знайсці ў іх аніякага падабенства з ластаўкамі, але ў той час быў яшчэ зачараваны. Адна з іх была жонкай арганіста, другая - ахмістрыня плябані. Абедзьвюм разам было блізу ста двадцаці год. А за імі стаяў мой знаёмы дзед.
- Як цябе завуць, маё дзіцятка, і ці быў ты бежмаваны? - спытаў у мяне арганіст урачыстым харальным голасам.
Я сказаў яму, як праз сон, сваё імя і дадаў, што яшчэ не бежмаваўся.
- Ну, калі так, то перш трэба да ксяндза. Можа на такі выпадак ёсць якая асобная апастрофа?
Сказаўшы гэта, ён пайшоў, а на мяне пасыпаліся іншыя пытанні: "Ці даўно ў цябе гэтая хвароба? Ці часта ёю хварэеш? Ці не абліў цябе хто знянацку халоднай вадой? Альбо можа хто даў напіцца якога зелля? Альбо калі- небудзь сарваў залом на збожжы? Ці можа калі зрываў кветкі, што так прыгожа квітнеюць ружовым, а ў сярэдзіне маюць зярняткі падобныя да макавых? Можа калі еў такія зярняткі?" - Што ў мяне пра гэта пытаецеся? - адказаў я трохі са злосцю. - Ці ж я не ведаю, што гэта блёкат?
- Божа мой! - сказала, не хаваючы надалей свайго шкадавання, жонка арганіста. - Ён пры памяці і з твару не выглядае на вар'ята.
- Так, - адказала ахмістрыня, - але ці ж не бачыш, якія ў яго вочы!
Насамрэч, не дужа ветліва мусіў я паглядаць на абедзьвюх маіх экзаменатарак. Страх і голад, як вядома, надаюць нейкую дзікасць погляду чалавека, а ўва мне зараз спалучалася ўсё гэтае. На шчасце, хутка вярнуўся арганіст і загадаў ісці да пробашча.
Ксяндзом быў сівы чалавек з поўным дабрыні поглядам. Пераканаўшыся з асобных маіх адказаў, што я не вар'ят, ён адпусціў арганіста і стаў распытваць пра маё паходжанне, узрост, здароўе і рэлігійныя веды: ні адным словам не даў мне зразумець, што быццам бы лічыць мяне вар'ятам і не забыўся нават спытаць, ці снедаў я сення. Калі ж даведаўся, што не еў ад учарашняга, добры стары даў мне келішак віна і булку, а калі ўбачыў, што здолеў абудзіць у мяне давер, толькі тады спытаўся, пра прычыну, што прывяла мяне сюды. Я распавёў яму ўсё, як на споведзі. Слухаў ён мяне з увагай і толькі часам усміхаўся, калі я ў запале апавядаў пра сваю хваробу ці пра паветранае войска.
- Вось цяпер бачыш, маё дзіця, - сказаў пасля ён лагодна, - як блага пакідаць бацькоўскі дом без дазволу і богаславення бацькоў. Калі ты баяўся пакарання, трэба было спрабаваць пакорай і саступлівасцю перапрасіць бацьку, і хоць бы ён, урэшце, ужыў суровыя меры, але гэтае пакаранне не было б такім, пра якое ты распавёў.
- Ах! - перапыніў я, - калі мой бацька лупцуе, то заўсёды лічыць, што ніколі не памыляецца.
- І пасля, - працягваў далей ксёндз, пакінуўшы мае словы без увагі, - не мусіў ты начаваць у полі, бо мог захварэць ад холаду і страху, і не ўбачыў бы тое паветранае войска, якое сёння зранку з'явілася да нас у мястэчка.
- Гэта, напэўна, звычайнае войска сюды прыйшло, бо я ж і раней бачыў нашу армію. А тое, якое я сёння назіраў, было ў белым, на белых конях і відавочна плыло на паўлокця ад зямлі.
- Так табе падалося ад імглы, - тлумачыў пробашч, - а коней і белы ўбор салдат можаш зараз убачыць на ўласныя вочы. Гэта летняя вопратка коннага войска. Рух адбываецца звычайна ноччу ці пад самы ранак, бо тады не так горача і не морацца людзі і коні.
Я слухаў тое тлумачэнне з адкрытым ротам і не мог нічога запярэчыць, але ж у душы быў перакананы ў існаванні паветраных шведаў.
- Малітваў ніякіх над табой чытаць не буду, бо не трэба гэтага; паслухаеш імшу, паснедаеш са мной, а пасля адпраўлю цябе да бацькі, - сказаў ён урэшце.
- О, няхай пане дабрадзею змілуецца нада мною! - загаласіў я. - Далібог, тата так проста мне гэтага не спусціць!
- Ну, то я наперад напішу пра цябе, маё дзіцятка, бацьку, а як ён прыедзе, то будзем прасіць разам прабачэння.
- Так ужо лепей, - крыху супакоіўся я, - але Бог ведае, што з гэтага атрымаецца. Бацька калі ужо намераўся што зрабіць, то кажа: "Не дарую, хоць бы сам ваш дзядуля-нябожчык прасіў мяне за вас".
- Ну-ну, убачым! Зараз можаш пайсці і паглядзець здалёк на сваё павет- ранае войска, але не забудзь вярнуцца, як толькі зазвоняць да імшы.
Я пацалаваў руку гэтага добрага чалавека, і з хлопцам, якога даў мне ксёндз, мы прыскокам пабеглі на кірмаш. На самой справе, там стаялі белыя коні і ля іх хадзілі ў белым палатняным адзенні жаўнеры, бачыў сярод іх і трубачоў, але гэта ўсе было такім звычайным, так мала падобным да маіх цудоўных эскадронаў.
"Трэба ж было, - думаў сам сабе, - каб у гэты ж час прыйшлі сюды і гэ- тыя жаўнеры! Быццам спецыяльна, каб мне не паверылі, што я бачыў, і чаго ніхто з іх і ўявіць не можа!"
Але ў гэты час зазванілі да імшы.

пер. В. Алісіёнка
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX