Папярэдняя старонка: Мемуары

Сваяк Казімір. Дзея маёй мыслі, сэрца і волі 


Аўтар: Сваяк Казімір,
Дадана: 30-07-2012,
Крыніца: Менск, 1992.



4-е выданне

Зьмест

I. Пачаткі

II. У павятовай школе ў Сьвянцянах

III. Прад Сэмінарыяй. (1906-1908)

IV. У Сэмінарыі (1909-1911)

V. Дыяканат. Пачаткі хваробы. (1912 г.)

VI. У Закапаным. Пачатак вайны. Канец дыяканату. (1912-1915)

VII. Першыя гады сьвяшчэнства. Камаі. Клюшчаны. (1915)

VIII. Клюшчаны; Праца сярод моладзі. Вайна.Беларуская мова ў касьцеле i ў школе. (1916)

IX. Пад клёнам. (Клюшчаны, 21.IX.1916)

X. На другім вікарыяце - у блудным коле (Карыцін 1916-1917)

XI. Сьцежкаю сьмерці (Карыцін. Далістова. Закапанае. Лапеніца. Беларускія казаньні i школы. Закапанае. Падбродзьдзе. Клюшчаны. Буйвідзы. Засьвір. 1917-1919)

XII. Апошнія ўспаміны. (Засьвір. Закапанае 1922-1925)

ДАДАТАК

ЗАЎВАГІ

ПАСЬЛЯСЛОЎЕ


I. Пачаткі

Далёка ты, родная старонка, aд мяне...

На крыльлях хмарных ляціць мысьль мая туды, дзе я ўбачыў сьвет, дзе айцец мой дарагі, Сваяк Казімір. Дзея маёй мыслі, сэрца і волі.дзе маці мілая, дзе сястрыца родная.Родзяцца во думкі:то сьветлыя, як вясеньнае сонца над роднаю вёскай, то сумныя, як ночка цёмная, сьлязьлівая, восенная...

Прад вачамі стаіць уся прошласьць, што мінула як блыскі сьвятла, на векі згаснутага... Ня вернецца ніколі... Што-дзень, што-момэнт далучаецца да яе новая хваля і... прападае вечна. Ах, шчасьлівы той, што збудаваў сабе стройную, горную мінуўшчыну... Чаму я неспакойны, чаму бязвольны?!...

Дарагіі Сабяры сілы духа... Стаў прад сабой усё, што прайшло... Будуй новаё, што-раз высшае жыцьцёі...

Шуміць цёмны лес навокал Гаруноў, малой вёскі беларускае. Кругом ні жывой душы. Зрэдка толькі адзавецца зьвяга сабак вясковых, што чуюць ваўкоў. Людзцы сьпяць адны, другія кончаць вячэру. У хаце апошняй, пры самым лесе, мігціць праз акно агоньчык.

Дзеткі акружылі навокал бабулю i слухаюць пільна казкі. Усе ўжо расходзяцца спаць. Ім толькі не да сну, бо якраз байка ідзець абсамым цікаўнымі "...Крыся абярнулася ў вад.нку i жывець у азярку. Што-дзень чуе яна голас жалосны з берагу -Крыся, Крыся, маладзян плачыць... Што-дзень адзываецца яна з жвіраватага дна - іду-бягу, paca вочкі залівае, жвірок ножкі падбівае..."

Слухалі дзеткі казкі-песьні. Аж заміралі з ахвоты даведацца, чым гэта кончылася, аж блішчэлі ix вочы. I ўнаочы пасьля пяялі яны ціхутка праз сон: "Крыся -Крыся! - Іду-бягу "... Шчасьлівае дзяцінстваі Як жа яно жыва запісалася ў маей памяці. Няма ўжо тэй бабулі. Зьмяніла яе новае пакаленьне. Забыліся абёй чудьня ўсе. Ах, вечны табе спакой, родная! Прыдзі хоць у сьйе йшчэ да мяне...

* * *

Помню ноч. Сям'я наша тады была падзелена. Часьць жыла ў Гарунох, a часьць у глухім засьценку Загіні. У засьценку жыла старушка, брат i я. Брат пасьвіў. Прыгналі раз дамоў. Прышла жывёла - брата ня было : прапаў негдзе. Бабуля ня спала i плакала поўна неспакою. Лес быў кругом вялікі, э балотамі, гушчарамі, хмызьнякамі. Вадзілася многа ваўкоў. Што-ноч чуваць было ix завываньне; навадзіла яно i адважнаму дрыжачку на плечы... Цёмна. Поўнач. Алеся няма...

"Найсьвятша Матка да касьцела хадзіла,

Сваё Дзіцятка за ручку вадзіла" - мовіла бабуля свае пацеры голасам плачлівым i безнадзейным. Мне было страшна. Утуліўся глыбока, закрыў вочы i вушы і... заснуў здаровым дзіцячым сном. Назаўтра з зарой брат вярнуўся. Начаваў пры агні ў лесе, не баючыся ні ваўкоў, ні благіх людзей...

Незваротны час! Як жа я тады блізкі быў прыроды, як зжыўся з шаптуном-борам, з зялёным гаем, кветным лугамі. Быць любіў і пад навальніцай-громам i пад гарачым сонцам i на балючым марозе. Якое здароўе біла з майго твару!.. A цяпер!..

*

Цэлую ноч гудзела мяцеліца, гонячы сыпкі сьнег i насыпаючы гурбы. Цяжка дзеткам ісьці ў школку, завеена дарога не блізкая, a i мароз шчыпае вушы. Але мы ў поце, з румянымі тварамі бяжом праз насыпы, лезем праз гурбы - сьмешна неяк i лёгка. Радосная пара! Як доўга помніцца верш, навучаны на памяцьі Як доўга стаіць у вачах вучыцель суровы, што мерыў элосна ўдары лінейкай "бяз дай прычыны". У імгле мінуўшчыны ёнздаецца лепшым i болей людзкім. Мімавольна забываесься, што ён быў п'яніца горкі i маскаль наравісты... A які вясёлы быў паварот з школы! Далёка сьлізгаліся па гладзекькім лядку; прыжмурыўшы адно вочка, паказывалі язык дзяўчынкам, чапалі шалуцькавата кожнага сустрэчнага, празывалі i сьмяяліся з боўдзелаў i злых сяброў. Дзе ж было дзець тую жывасьць i энэргію дзіцячую, што як ручай рвалася разьліцца. Напраска хацелі судзяржаць нас старшыя, называючы "распусьнікамі". Мы сваё права мелі...

II. У павятовай школе ў Сьвянцянах

Гразка было ехаць да павятовага места, дзе меў я зачаць свае навукі па скончанай людовай шхолцэ. Конь ледзь цягнуў воз, у каторым сядзеў пахмурны бацька i я маўчлівы, задуманы. "От, дарога цяжкая, адазваўся ўрэшце бацька - глядзі, каб не пашлі намарна гэты труды i захады". Я маўчаў. Баязьлівы мой характэр быў прычынай цяжкіх мысьляў, поўных неспакою i прачуцьця нявыясьненага...

Эх ты сьветазарная дарога навукі! Сьвеціш ты маладой душы, як ясны месяц сярод майскай ночкі. A ўвойдзеш у тваю краіну, адкрываюцца штораз новыя сьветы, новыя зоры, неразгаданыя, недаступныя! Вось-вось ухваціш адзін праменчык, нацешысься ім, разьясьніш цемру быту, аж эьяўляецца другі, трэці... i сілы ападаюць, аж маркоціцца твая істота i малее, разумеючы, што кароткае жыцьцё Бог даў для пазнаньня, або што пэўна ня тут нам угадаць усе тайніцы быту, - трэба адмены цэлай істоты.

Прывёз я ў места душу чыстую, чуткую, узгадаваную на ральлі людовай фантазіі i сьпеўную, пакорную для Таго, каго ўважала за Найвышшага Пана ўсяго сьвету. Шырока раэвярнулася яна на подмух жыцьця школьнага, жывога, гарачага. Усе мысьлёвыя інтарэсы маладзяжы я скора пераймаў, разумеў і прымаў бяз глыбейшай крытыкі. Але маладзяж, з каторай праводзіў я час, была з грунту благая, безідэйна, хоць гарачая. Яна патрапіла вырваць з душы маей добрыя зароды веры ў жыцьцё загробнае. Але каомплетным бязверцам ня быў я ніколі. Сьветагляд гэны адбіўся ўемна на маральнасьці маіх мысьляў i намераў. Рэлігію пачаў уважаць я за нешта фальшывае ў жыцьці людзкім...

Раз была працэсыя Божага Цела. Я ўжо канчаў меставую школу. Ішоў з адным жыдком "інтэлігентным" між людзей i відзеў здалёку ксяндза з монстранцыяй. Дзіўная мысьль прышла мне ў галаву. "Каб гэтых людзей адарвалі-бы мы да сябе, адазваўся я да Абрама, прапалі-б перасуды". На маё зьдзіўленьне патомак Ізраэля нічога не адказаў. Ня ведаю, што ён тады думаў. Але здалося мне, што рэлігія мусіць мець нейкую нялюдзкую аснову, бо сказаўшы гэта, я вельмі спахмурнеў: адазвалася нешта нейкае, чаго я ня мог, ці ня ўмеў казваць.

III. Прад Сэмінарыяй. (1906-1908)

З восені 1906 году я інтэрэсуюся рэлігіяй i варочаюся павольна да пакінутай малітвы.

Помню дзіўны момант. Я прыехаў у Вільню з дарагім сваім айцом. Зайшліся ў катэдру, бацька дзеля Бога, a я сам ня ведаю дзеля чаго: маліцца я ня мог. У капліцы адпраўлялася набажэнства. Колькі асоб з твару, як мне паказалася, інтэлігентных кленчы ў малітве i размышленьні. Асаблівая ціш, контраст вулічнага шуму, панавала ў сьвятыні. Aд абразоў сьвятых біў нейкі спакой няземскі. На аўтары павольна таелі, як бы ў сьлязах балючых, гарачыя сьвечкі...

Бацька апусьціўся на каленкі i пачаў свае малітвы. Сэрца маё забіла трывогай. Прад вачамі стаяла будучыня неразгаданая, тайнічная. Здалося мне, што лёс мок ня толькі ад мяне залежны. Агляд Прадвечны Бога мусіць быць над кожным. Чаго Ён ад мяне жадае?... Ці Ягоная помач мне не патрэбна?... Я хацеў высокага зразуменьня i вялікіх учынкаў. Мысьль мая аднак спакарнела, відзячы сваю слабасьць i зьменнасьць... Я маліўся.

1.VІ.1907. Вялікая працэсыя. Спатыкае нейкі ксёндз пры касьцеле сьв Рафала. Прыраўняў ён сягоньнешні трыумфальны ход да выхаду першых хрысьціянаў з катакомбаў рымскіх... "Кожны чалавек пры сумленнай працы можа дабіцца дабрабыту"... Можа i праўда. Але ці наш гаротнік мала працуе? A што ёсьць у яго? - Бядота, цемра, гора...

7. VI. Сёньня Імша на маю інтэнцыю і сяброў маіх па навуцы. Атрымаў 7 рублёў ад бацькі. Няхай Бог заплаціць.

9.VI. Пачалася вакацыя. Пані старшая ад штодзеннага парадку звольніла. Час школьны пераляцеў як маланка. Іду да споведзі.

13.VI. Еду да бацькоў. Дождж, як з вядра.

14. VI. Ня маю тым часам чым заняцца. Ад гутаркаў з бабамі бяруць нудоты.

15. VI. Пазнаёміўся з адным соцыялістам. Ня верыць у Бога... Бедны!...

19-20. VI. У бацькоў усё ідзе "па старому". Займаюся пчаляркай. Бяру лекцыі францускія ў дварэ.

1 ліпень. Быў у касьцеле. Адбылася прыміцыя маладога ксяндза (Янкі Семашкевіча).

14. VII. Чытаю конфэрэнцыі рэлігійныя кс. Залэнскага.

15.VII. Памёрла хросная матка. Пяяў разам з сялянамі псальмы Давіда. Людцы пяюць закусваючы... часам пажартуюць, пасьмяюцца. Хочыцца, каб было неяк іначай. Але хто дасьць іншую форму паховінаў?...

16. VII. Рана павязьлі нябошчыцу да касьцёла. Я астаўся ў хаце. Праклённае гультайства!

18.VII. Мысьлю аб споведзі. Адкладаю на посьле.

29.VII. Хочаць у нашай парафіі закладаць гурткі соцыялістычныя. Шкода мо працы i захаду! Каб свае здольнасьці i сілы лепш абярнулі на працу: "з Народам для Бога" - a не: "бяз Бога для Народу".

30. VII. Паслаў "Конфэрэнцыі" галоўнаму піонеру сацыялізму. Можа скарыстае.

1 жнівень. Мала думаю. Благія навычкі ізноў падымаюць галаву.

5.VІІІ. Спаткаўся з школьным сябрам Лявосем. Ня страціў веры ў Бога, як большая частка маіх старых прыяцеляў. Цуд ласкі Божай!

Аспажа. Дождж такі рэдка калі бывае. Чаго мяне ліха пагнала ў мястэчка? Бога толькі грашыў у касьцеле. Эт, каб хутчэй ехаць ізноў у Вільню. Там пры працы навуковай ня будуць дакучаць мне благія мысьлі. Трывога мяне агарняе.

Займаюся крыху беларушчынай. Куды глянеш, усюды сумная жальба.

16. VIII. Жыцьцё маё дагэтуль плыло спакойна, ціха. Што будзе, як паставіць яно ўсялякія перашкоды, заскемы? Я такі слабы, зьменны.

19.VIII. Пан Б. даў чытаць Талстога. Дзякую. Можа i прыдасца.

20.VІІІ. Зманны сьвет, зманнае людзкое жыцьцёі У аднэй хвілі здаровы чалавек - сусед паў трупам. Што гэта, можа апоплексыя?... Дарма ратаваў. Заўтра еду ў Вільню.

22.VІІІ. Дарагі Тата i Мама! З ласкі Найвышэйшага прыехаў шчасьліва на старую кватэру да добрай Пані Ш. Лекцыі пачнуцца ад сягоньня. Цалую сардэчна Вашы рукі. Сын.

21 верасень. Выбраў сабе небясьпечную дарогу: уступіць у сэмінарыю. Баюся, хоць чую руку Божую, што не дарма вырвала мяне з тагo балота гнойнага, у каторае пачаў лезьці забіўшы Бога ў сваім сэрцы.

Пецярбург 26.VІІ1 да 15 кастрычніка. Пер'шае ўражаньне на Фантанцы - прыкрае-балючае. Выгрузка вугля. Людзі чорныя, брудныя... A тут палацы, помнікі масты багатыя - дзела рук убогіх... На крыві i касьцях стаіць харошы гораді... Экзамены пашлі добра. За фракцускі 5. Быў у Эрмітажы, хадзіў па сьвятынях... Цягнець мяне нешта да роднае Вільні...

Вільня. Канец кастрычніка. Чытаю "Угодовцы". Хаджу на ражанцовае набажэнства.

Дзень задушны. Быў у катэдры. Падчас казаньня стаяў пры мне нейкі малы чалавечак i сьмяяўся злосна. Звычайны тып недаверка. Пры словах "Чысцовыя атхланьні..." - хіхатаў. Толькі неяк крыва i няшчыра, як бы чуўсам цэлую лёгкаяьць i пустату свайго паступку.

7 лістапад. Споведзь сяньня. Холад i голад духовы. Не адчуваю патрэбы блізьняга. Самалюб я! "Мысьлі вялікія пачатак бяруць з сэрца"... Што будзе з мяне?...

8 сьнежань. Непавіннае Пачацьце Маці Божай. Праца навуковая пайшла слаба. Паказываецца, што замнога даў веры сваім здольнасьцям. Стараюся. Прыказка "што ўбіў, тое ўехаў" стасуецца добра i да мяне.

1 студзень 1908 г. Прыехаў з Вільні да хаты 22.ХІІ. Сьнегу поўна ўсюды. Няма куды йсьці на лёд. Трэба пакуль што пакінуць мой штодзеньнік, каб лепей быць гатовым да эгзаменаў сэмінарных. Багаслаў Божа!

22 ліпень. Прыехаў з Вільні кандыдатам да сэмінарыі духоўнай. Думаю заняцца дзяцьмі вясковымі, каб адчыніць ім вочы на сьвятло Божае. Прачытаў кніжыцу Плятэроўны "На пшэломе". Вельмі вельмі падабалася. Чытаю Мораўскага "Вечоры над Леманэм". Харошая рэч. Шкода толькі, што ня ўсё разумею... мо йшчэ не дарос.

27 сьнежань. Дзіўныя нашы вясковыя гульні. Здаецца мне, што мэта гульняў - гэта добры выпачынак па працы, ну i забаўка. Харошая гэта штука танцы, але небясьпечныя яны. Люблю глядзець на вясёлую маладзяж, што скача аж да поту, аж да ўпаду. Люблю стройныя i мэтныя жарты, мілыя вясковыя песьні. Але што жі - Я ня маю чаго йсьці на вечарніцы да маіх вясковых сяброў. Грашаць там Бога i горшаць людзей. Ня ўся моладзь бяз стыду. Найчасьцей двух-трох найдзецца шалуцькаў і яны перашкодзяць забаўляцца ўсім. Знойдзецца водка, a як яна ёсьць, пачынаецца стыдная забава. Не хачу быць сьведкам чужых грахоў i блуду. Я хацеў-бы на вечарынцы маладосьці жывой, вясёлай, але чыстай. Што-ж тут адзін зробіш!. Я разьмінаюся ўжо з імі.

IV. У Сэмінарыі (1909-1911)

"Для Бога няма прошласьці ані будучыні, ёсьць толькі цяпершчына, што цягам сваім абымае тры эпокі часу... Чым-не ёсьць час, у каторым мы трываем? Гэта мамэнты, пералётныя для нас, нерухомыя для Бога... Чым-жа ёсьць само жыцьцё чалавека? Гэта хвіліна нязначная ў вечнасьці...

Мы неспакойныя, калі відзім хвіліны гэтай хуткі разьдзел на дробныя часткі, з каторых кожную завём годам, ставім вялікую рожніцу між жыцьцём 20, 30, 50. 100 гэтых дробных часткаў, гадоў. Балючая трывога нас агарняе, калі відізм, што ідзе апошняя наша гадзіна, трэба кончыць гэта жыцьцё, прайсьці праз сьмяротны скон сэрца, што трэба пакінуць зямлю, кінуцца ў лона вечнасьці...

Чалавек... лётны пыл у нязьмерных прасторах, пункт на шырокім зямлі абшары, момэнт у цяглым разьмеры часу... A колькі ў яго заходаў, каб добра прыладзіцца на гэты кароткі сон жыцьця; каб сабраць багацтвы, урады, дастойнасьць, каб напіцца кадзілла пахвалаў, што яму так дорага прадаюць другія людзі - попелы, пылінкі, як ён сам...

Бог адзін Вялікі, Бязьмерны... Хочачы падвышыць гэты нізкі быт чалавечы, даець яму Сябе Самога, найперш у часе, a посьле ў вечнасыді. A чалавек сумняваецца, хіляецца, таргуе: ня хоча верыць у зманнасьць благога...Страшная сьлепасьць!

*

Й чаго мне жалець, кідаючы гэта сумнае жыцьцё? Дастаткаў сьвету? - Яны не запоўняць пустаты майго сэрца.. Значэньня ў людзей? - Яно ніколі не здаволіць мяне. A можа пахвалаў людзкіх? - Ах, нічога яны ня варты: родзяць нуду i неспакой, Можа сваякоў, ці прыяцеляў сваіх? - Большая частка ix пайшло ўжо да Бога, да вечнасьці i чакаюць мяне ; тыя, што асталіся, будуць сьпяшацца за мной; спаткаемся на лоне Бога, дзе лучацца прыяцелі неба i зямлі...

У Бога, у аднаго Бога, ёсьць усялякае дабро маё, вялікасьць мая, хвала мая, шчасьце маё, супакой сэрца майго - у часе i ў дзень вечнасьці...

О Божая вечнасьць! О без заходу, сонейка яснае, радасьць бязупынная, астаноў адпачынны падарожных, дарагая айчына наша! Вітаемо Цябе з гэтай даліны сьлёзнай! Хутка - скоранька прымі нас да ціхога спачынку свайго, поўнага жыцьця. сьветласыді, і агрмоніі"...

Вільня, 23.XI.1909. Час, каторы я цяперака перажываю - вельмі для мяне важкі. Мае ён прынясьці мне крыху дасканальнасьці хрысьціяніна, каторая аднак зьмяніла-б мяне ў іншага чалавека. Бог толькі ведае, як пойдзе мне гэта праца-труд; адно толькі ведаю, што без Яго помачы - нічога ня будзе. Адразу хапіўся я паправіць свой стасунак з бліжнімі i даведаўся, што рахунак сумленьня штодзенны дужа да гэтага памагае. Зрабіў тое, што прымусіў сябе да большай увагі. Для карысьці майго характару перастаў чытаць кніжкі легкага зьместу. Прачытаю цяпер Буго "Le christianisme et le temps prćsent", затым Салаўёва "Нравственную философию". Падчас вакацыі займуся бэльлетрыстыкай...

2.ХІІ. Я зразумець мне пакору?... Чалавек створаны на падобнасьць Божую, кароль зямлі, так багата абдараваны Богам... праз заслугу Езуса Хрыстуса мае частку боскасьці ў сабе... ён гэта відзіць i разумее... Чаму-ж ён павінен мысьліць аб сабе нізка, як аб апошнім між людзей?

Чаму такі перакон лічыцца цнотай?...

Бог хочыць міласьці i гонару, хоць ix Яму ня трэба, - чаму ж той, хто ў мазоле здабывае сабе Ласку Божую, ня можыць прагнуць хоць малой макуленькі пашаны? - Калі чалавек у вачах нашых здаецца вялікім, то дзякуючы каму? Без яго волі стварыў яго Бог на падобнасьць сваю і падняў да годнасьці сына прынятага. Боская міласьць надзяліла яго гэнымі дабрадзействамі. Калі ён узьнёсься выжэй над сваю нізкую браць сілай розуму i цноты, гэта "рука Божая падвышыла яго". Ён павінен Табе, Божа - дзякаваць шчыра i быць пакорным.

5.VII. Дзякую Богу за сягоньняшнюю споведзь. Няхай мяне сьцеражэць Бог: ад самалюбства, ад нячыстоты сэрца i мысьлі, ад застою на дарозе да самапаправы. "Чыстае сэрца ствары ў мяне, Божа, a духа простага аднаві ў глыбіні душы маей".

12.XII. Прыеду дамоў клерыкам. Каляды кінуць новае сьвятло на мой характэр i памогуць мне пазнаць самога сябе. Буду мець розныя пакусы, аказыі. Ці знайдзецца сіла датрываць у сваіх добрых пастановах? Божа, будзь Ты маей сілай у Комуніі Сьвятой!...

23 студзень 1910 г. Істота дасканальнасьці Езуса ў тым, што ўсе Яго сілы духовыя i цялесныя ў найлепшай з сабой гармоніі, згоднасьці.Хрыстус жыў людзка: бываў на пачастунках, плакаў, гневаўся, a ніхто ня можаць сказаць, што Бог-Чалавек у чым-колечы быў замала цнатлівы, меней дасканальны, як хоць бы найбольшы сьвяты. Сьвятыя людзі былі дасканальнымі найчасьцей толькі ў вадным якім-кольвек кірунку. Хрыстус усім, заўсягды, усюды множыў хвалу Божую: кожнай сваей мысьляй, кожным словам, кожным рухам.

Мне не дайсьці пэўна да дасканальнасьці сьвятых, a тым больш Хрыстусавай... Але буду прасіць Пана майго, хай навучыць, чаго мне перш-наперш патрэба. Тым часам працую з Яго помачай, каб падбіць пад панаваньне волі свае выабражэньні, што мяняюцца, як тыя повіды на хмарным небе.

Цяпер час дайсьці да гэнай гармонійнай стройнасьці характэру, да роўнаважнасьці сілаў душы маей... .

31.І. Хочаш жыць з людзьмі паводле волі Божай - адрачыся свайго самалюбства. Падставай добрага жыцьця з бліжнім - гэта афярнасьць.

Праўдзівая набожнасьць плывець з волі пры помачы ўчуцьця. Павінны мы паддацца волі Божай у слабасьцях натуры нашай, як: няхват памяці, малая здольнасьць да навукі, нястройнасьць фізычная i т.п. (З сьв. Альфонса). Калі хто пры нас сумуе, міласьць хрысьціянская кладзе на нас павіннасьць пацехі i падзелу чужога смутку.

Зайздрасьць тады лезець у душу нашу, калі глядзём на дабро блізьняга з злоснай трывогай, што карысьць наша праз гэта меншыцца. Агонь агнём, a гнеў гневам згашаны быць ня можа (З сьв. Яна Хрыэ.).

13.ІІІ. Шукай добрага ў бліжнім тваім. На благое не зьвяртай увагі.

20.ІІІ. Пашто думаць аб мінуўшчыне або аб будучыне? Карыстай з тэй ласкі Божае, каторую цяперака маеш. На думкі, што ніколі ня збудуцца, шкода часу.

1 красавік. Пакора гэта тая пустасьць, у каторай ставіцца фундамэнт веры, надзеі i міласьці.

8. V. Думаў, што чалавек лучыцца з Богам учуцьцем, выабражэньнем. Наіўнасьць!... Калі прызнаюся, што я нішто прад Богам. калі затону ў віры сваей нізкасьці, калі зразумею, што добрыя мае чыны - гэта чыны Божыя, бо з Яго ласкі, - калі воля мая будзе адналітная з воляй Божай, тады будзе гэна лучнасьць, тады буду падобны да Бога-Чалавека Хрыстуса. "Хто чыніць волю Айца Майго, жыве ў Мяне, a Я ў ім".

25. IX. Божа мой! Я мала яшчэ люблю Цябе... Сэрца маё не належыць яшчэ зусім да Цябе. Найлепшы Ойча! Запалі ў сэрцы маім міласьць Тваю! Калі буду слугой аўтара Твайго, хай буду паводле волі Тваей. Дзева-Маці Божая! Прысягаю прад Табой, што ніколі ня возьму разлукі з Богам. Лепей хай умру! ..

Божанька! Дай мне разгадаць, зразумец. дapory, па якой вядзеш сьвет людзкі! Чаму так лёгкім сэрцам дапускаеш Ты на нас вялізарныя беды?... Няўжо грэх людзкі так паганы ў вачах Тваіх?!...

2.Х. Міласьць у небе ёсьць цягам далейшым міласьці на зямлі. Яна ёсьць там скончанай у цэлай натуры чалавека: ён усей істотай сваей любіць Бога.

Ненавісьць пякельная ёсьць цягам ненавісьці земскае. Вораг Бога на зямлі астаецца ворагам Бога па сьмерці.

30.Х. Ня губі духовай радасьці, калі ў жыцьці спатыкаеш толькі церні. Йдзі ўсьлед Боскага Мучаніка Хрыстуса,

22 студзень 1911 г. Маю надзею, што мэты раз пастаўленай ня кіну. Хрыстус варты адзін, каб быць Яму паслушным, ісьці за Ім... больш ніхто. Але трэба быць да Яго падобнымі... "Вазьмі крыж свой, ды йдзі за Мной!" Будзь чыстым! Сьцеражы вока свайго!

20.II. На сьмерць Кунцэвіча - сябры. Мой Мікалайка! Даўно ж гэта было, калі мы ў садзе, змовіўшы пацеры, глядзелі на неба, усыпанае зорамі. Месяц зважны, задуманы, бледы выплываў з-за хмараў. Ён на цябе глянуў вокам трывожным, казаў бы, таіў нешта сумнае: можа сказаць хацеў, што ты ўжо нядоўга будзеш жыхаром гэтага сьвету... З паўночы павеяў север востры. Мне здалося, што ты задрыжэў на ўсім целе. Ты глянуў у неба вокам бліскучым і, успомніўшы, што яно "поўна хвалы Божай", пачаў мне расказаваць аб яго сялянцах...

*

Блыск урочлівы сплываў з прастораў на зямлю. Гарод у зелені дрэваў, між муроў даўней кляшторных, быў ціхі i тайнічны. Здалёку толькі, калі-некалі далятаў шум места. Нястройныя нейкія галасы данасіліся да нас - абарваныя, блудныя. Фальшывае якоесь сьвятло заглядала да нас з-за дамоў ночнай Садомы i Гаморы. Із таго хаосу вырываўся i далятаў да маей душы стогн якісь глухі, шэпт жалосны, плач дзіцяці ўбогага, - хліп стрыманы душы на малітве, шэпт нікому нязнаны, што ў схове ад сьвету выліваў чуцьцё свайго болю прад Тварцом усесьвету... Далёка негдзе гудзела музыка скочная, пякельная, a ад яе ў фалях паветра круціліся цені разбаўленых буржуёў i куртызан распусных... Мы падышлі да муру касьцёла. Праз закратаванае ваконца відаць было малое сьвятло. Яно лыпала i дрыжэла прад аўтарам Усёмоцнага...

*

Чаму-ж на добрым твары тваім, мой браце, суммасьць глыбокая палажыла свой одціск? Ці пры аднэй мысьлі аб зманнасьці шалёнага сьвету забалела сэрца тваё? Можа ты прасіў тады Бога жыцьця i сьмерці, каб Ён увольніў цябе ад змаганьня з ураеныіем i фальшам? Можа думаў, што там у Бог a болей зробіш праз сваю малітву, як на гэтай даліне сьлёзаў і плачу?...

Богу спадабалася твая ціхая малітва. Ён узяў цябе, краску маладую, сьвежую. На тым сьвеце, відаць, для цябе стасаўнейшае мейсца. Засеяў зерне хараства i праўды i пашоў прад трон Божы прасіць, каб меў літасьць над намі ў нядолі нашай...

*

Хоць пакінуў ты мяне, добры таварыш, ведаю аднак i чую, што дух твой ёсьць пры мне. Бог ужо не дазваляе відзецца нам вачамі цела, але душы нашы знаюцца i цяпер. Прашу цябе, пакінь мне дары душы тваей: каб я мог Богу верыць, як ты; каб мілым быць усім; каб мець глыбокі характар, як твой - мой наймілейшы!...

*

16.ІІІ. Сяньня рэколекцыі. У горле суха, у душы зімна. Хто дасьць мне вырвацца з гэтага стану лянівае мысьлі, халоднага пачуцьця? Хто вывядзе мяне з лябірынту трывожных думкаў, неразумных жаданьняў, нясьмелых пастановаў?

17.ІІІ. Бяруся ізноў за рэформу свайго характару... Сьцеражыся абмовы, антыпатыі. Сьмешнае адкрыцьцеі Я ня церплю тых, у кім віджу свае ўласныя недахваты. Трэба маліцца за тых, каго чым кольвечы абразіў, або каго не люблю. Гляджу на аднаго калегу - ён усім мілы, улёсьлівы. Колькі ў ім гатовасьці адрачыся свайго права, колькі спрыяйнасьці ў кожным руху, у кожным мілым усьмешку... Аднак здаецца мне, што мне такі дар быў-бы небясьпечным. Я палюбіў бы таварыства, візыты, пустасьць сьвету. Мая нясьмеласьць i "простасьць" усьцерагла мяне ад многа ўпадаў. Астаецца адно: быць сабой i старацца характар зрабіць сільным, цьвёрмым, да афяры скорым. Трэба мець сэрца адданае міласна цэламу грамадзянству, асабліва бедным i крыўджаным. Такая міласьць пакажа, што рабіць. Ня буду ніколі скупым самалюбам.

1.IV. 3 лісту да брата. Рух палітычны ці наагул грамадзкі мае падклад этычны, дык у такіх перасіленьнях, якія мы перажываем, ці-ж можа быць душа чалавека спакойнай? Адраджэньне мовы нашае i то мае сувязь з справамі этыкі, бо ці ж падклад яго не вяжыцца з пытаньнем: "можна, нельга?" Соцыялізм ня можа ня ўмешывацца ў справы натуры рэлігійнай, бо этыка i рэлігія - дзьве сястры неразлучныя i абедзьве ў натуры чалавека. Мы павінны дайсьці да выснову, што калі адкінем хрысьціянства з руху нашага народнага, то ён, гэты рух, расплывецца ў зсякай міжнароднасьці i этычнай разьвязласьці. «Не пакідайма мовы роднай, каб не ўмерлі». Не пакідайма рэлігіі глыбокай нашай, каб не загавець душой...

*

Вясна. Набліжаецца Вялікдзень. Неўзабавам адпачыну на лоне маці-прыроды. Раджу пайсьці на асобнасьць каждаму i гутарыць з ею - скажа многа. З прыродай гаварыць трэба, з былінкай травіцы, з горкамі, з сыр-борам. Сьвятыня людзкімі рукамі пастаўлена, памагае нам маліцца, a праз малітву рабіць дабро людцам. Тым-больш павінна гэтага даканаць сьвятыня Бога Жывога - Праўда ў цэлай красе сваей i аздобе. Глянь на неба, усеянае зоркамі. Кожная - гэта сьвет асобны. Зямелька наша такая ніклая. A мы, a я "Капелька ў моры. Хто-ж пойме вялічыню творчасьці Божай!...

11.IV. Здаўна я думку мілую думаў, каб паехаць на Ясную Гару ў Чэнстахову з паклонам Маці Божай. Хацелася мне бліжэй пазнаць законьнікаў, каб мець сваё ўласнае зданьне аб ix жыцьці. Шчасьлівы траф. У панядзелак Радаўнічны еду я з таварышам у старану Варшавы.

Усю ноч спаў. На раніцы, глянуўшы ў вакно, убачыў я хаткі ляпянкі i лагі бязлесныя Польшчы. Нічога цікавага - падумаў. Пад'ехалі пад Прагу. Касьцёл цудны сьв. Флёрыяна, чысты готык, заманіў нашы вочы. Заходзім, каб пасіліцца духовай стравай i дзівіць пекнасьць будоўлі. Па Комуніі сьвятой ідзём у места. Варшава, сталіца Польшчы, харошае места. Многа аб ёй можна пісаць. Але мэтай нашай падарожы яна ня была. Зьвёўшы дзень цэлы на аглядзе старых хасьцёлаў, помнікаў, палацаў, - мы сьпяшаем у Чэнстахову.

A 7-ай рана былі на мейсцы. Шырокая палісада вядзе да кляштару. Пакінуўшы рэчы ў фурце, з б'ючым сэрцам, уходзім да капліцы... Трохі цемнавата. Над аўтаром, між цэнных вотаў, дарагіх каменьняў, афяраў даўнейшай пабожнасьці, відаць абраз Цудоўнае Маці Божай. Пры аўтары йшла Імша. У ціхасьці, пакоры кленчыў я на цьвёрдай пасадзцэ каплічнай. Што мысьліў, ня ведаю; чаго хацеў, ня помню. У немай малітве прабыў я цэлую Імшу...

Пазналі колькі законьнікаў. Мне падабаліся, але ня ўсе. Калега мой астаўся ў Айца Піюса. Я пашоў ізноў у капліцу. Прачытаў аддзел сьв. Паўлы. Словы: "Мяне ўжо афяраваць маюць i час разьвязкі маей надходзіць" - занялі мае думкі.

Я мысьліў аб афяры, якую магу Богу афяраваіць. Кожны духоўны каталіцкі мусіць быць афярай, бо з волі Хрыстуса складае на аўтары афяру чыстую, сьвятую.

Назаўтра былі ў споведзі i збліжыліся да Эўхарыстыі. Ехалі дамоў мацнейшыя духам, з ахвотай да жыцьця і працы.

27.IV. Рэколекцыі прад вышэйшымі сьвячэньнямі. Страшна! Мушу сказаць ужо напэўна: ці будзе з мяне "поп", ці не. Выбіраю патронкай сьв. Тэрэсу. Яе прашу, каб малілася за мяне.

Быць ксяндзом, афярнікам "Бога Жывога" - страшная рэч, але i вялікая. Страшная, бо трэба нагнуць сябе моцна да афяры i самаадрачэньня. Вялікая, бо ў парадку рэлігійным няма на сьвеце чалавека большае годнасьці за вернага свайму прызову ксяндза. Баюся прыняць сьвячэньня.

30.IV. Вечар. Быў у споведзі. Заўтра спакойна прымаю субдыяконат. Пашто хіляцца i храмаць? Прыпомніўся сьв. Франціш, кідаючы ляску і плашч, калі пачуў голас Эванэліі, што зваў яго да новага, вышэйшага жыцьця. Св. Тэрэса ніколі не сумнявалася, калі ішло аб выбар чаго дасканальшага...

Ад заўтра буду між духоўных...

Сьв. Тарэса, сьв. Ёзэф няхай зьлітуюцца. Калі маю прыняць ксяндзоўства не пазваны, няхай гэны прызоў яны мне ўпросяць. Калі адступлю мо праз здраду Езуса, няхай лепей недачакаю дня!...

V. Дыяканат. Пачаткі хваробы. (1912 г.)

15.V.1912. З лісту да брата: «Учора вярнуўся з Коўны, з новым стопнем духоўным дыяканату. Ня стану апісваць табе, як я змагаўся з сабой, як цярпеў, адважваючыся на гэта. Але разважаньні мае прынялі форму пастановы. З рэлігіі калісь я сьмяяўся, цяпер цаню яе высока. Хістаўся толькі дух мой i сумняваўся, баючыся цяжкіх павіннасьцей ксяндзовых, так як я ix сабе прадстаўляю: ці дадзержу, ці ня буду такім самым, якіх шмат. Думаю, што насколькі сьвет духовы перавышае сьвет фізычны, настолькі праца дзеля ідэалаў вечных перавышае звычайнае лятуценьне за славай i гонарам. Вось баюся сваей слабасьці, хоць вера не пакідае мяне, вера ў сілу надпрыродную Хрыстовую, сілу містыцызму. Ён мяне павядзець, дасьць энэргію, калі ласкаў быў мяне выбраць»...

Жнівень. Сяджу ў хаце ня сумны, але й ня радасны. Я хворы. Навукі перарваліся. Быць можа трэба іх зусім адкінуць. Чую ў сабе рабака ў грудзёх, што хоча згрызьці здаровы дагэтуль мой арганізм. Тады трэба будзе разьвітацца з усім - i з думкамі аб будучай працы з народам для Бога. З гэтай думкай найцяжэйшая разлука... Божа! Дай мне зразуменьне, па якой маю ісьці дарозе да валадарства Твайго! Не дапусьці, каб калі зьбіўся на оступ! Я прымаю ўсё ахвотна з рукі Тваей - цярпеньня i сьмерць нават: абы толькі ісьці сьледам Хрыстусовым, абы збавіць сябе i тых, каго мне паручыш. «Бог мой - усё маё!..»

Аднак цяжка. Нейкі камень лёг на сэрца. Чорная мэлянхолія як змора села пры мне. Нічога рабіць не магу. Мысьлю аб жыцьці сваім. Шчасьлівы, хто з усіх трудоў сваіх выйдзе з трыумфам! Жыцьцё разарванае, рухлівае страшыць мяне, жыцьцё адзінокае забівае мяне... Ах, цяжка мне біцца з сваімі думкамі...

10. VIII. Мысьль мая толькі па зямлі паўзе, убогая i зьменлівая. Воля толькі цэлая да Цябе нахілена, o Божа!... Штодзень прад сном сваім я кажу: «Стану пры сьмерці, пастараюся быць да яе гатовым!»

Чытаю ўсё, што пападзецца ў рукі. Нічога з гэтага ня помню. Важна тое, каб мысьль не драмала. О, каб мне навучыцца кіраваць яе, як вясьляр лодку на мутных фалях!...

12.ІХ. Калі часам у восені нікнуць дні дажджліаыя, плачлівыя, a вецер асушыць балоты, сонца блісьне ясьней i азалоціць лісты дрэў, - тады чуюся не яе пекнасьці - вабіць вока, забаўляе выабражэньне. У такі дзень вышаў я на даўжэйшую праходку. Вецер сьціх. Сонца ўжо схілілася на захад. Голае поле, прыкрытае толькі аржышчам, пацягненым срыбнымі ніткамі павучыны, раскошна адпачывала, выдаўшы багатую карысьць чалавеку з засеваў. Мусіць цяпер спачыць, каб з новымі сіламі дацца на вясну чалавеку ўрабляць сябе йзноў. Ціха шэпчацца лісты асіны, a шэпт гэты поўны нечага таёмнага, неадгаднага... Поўны пачуцьця жывой роскашы хаджу я па полях i межах вясковых. Было мне добра на душы. Здавалася, што пачаў я новае жыцьцё...

Бедны! У начы мусіў адпакутаваць гэну прыемнасыць. Сон адляцеў, пал нейкі дзіўны i смага зьвялічылася...

8.Х. Дохтар нараіў мне ехаць у іншы клімат - заграніцу. Грошаў трэба многа, a дай Божа, каб не пашлі на глум. Веру аднак, што хвароба мая ня ёсьць на сьмерць, але на "аказаньне хвалы Тваей, o Божа". Што-кольвек дзеецца, з допусту Твайго дзеецца. Я спакойны.

Прагну, каб Тваё Імя сьвятое, o Божа, знаным было між таго народу, з каторага я вышаў.

18.X. Дзень за днём сплывае роўна, аднастайна, як тыя каплі дожджу, што спадаюць адна за аднэй з высокасьці. Тыя, з кім жыву ў маіх думках, мала мне спагадаюць. Няма з к ім падзяліцца думкамі, што выплываюць спад сэрца. Адзін я. A да гэтага адзіноцтва трэба прывыкнуць. Асобнасьць углыбляе індывідуальныя здольнасьці - падымае сілы духа. У цішы чутней даходзіць голас з засьвету.

Ах, пара мне ехаць, шукаючы здароўя!... Адна Комунія з верай прынятая магла-б мяне здаровым зрабіць. Але я цуду не жадаю, не хачу. Пашто мне адклон ад агульнага права ў прыродзе. Калі навука людзкая вылечыць - добра.

Заўтра нядзеля. Зьбяру сілы духа, падыму ўвыш сэрца жаданьне... Спаць пapa/ Добрае ночы, дух мой збалелы/ Душ засьвету хай моляцца за цябе/ Дух усіх духаў хай павевам сваім прынясе табе спакой і моц новую i сілу.

23.X.1912. На імяніны майго Пробашча. (Першы мой верш беларускі).

Ў дзень гэты шчасьця i вясельля,

Нясу Табе, Ксянжок, жычэньня:

Высокага жыцьця, сьвятога,

Што мае мэтай Пана Бога.


Жыві афярна, міласэрна,

Людзям нясі асьвету з неба,

Душой служы ім, гойна, верна,

Баліць Табе хай ix патрэба.

Ў загробным жыць я жычу сьвеце,

У вечным pąi, у вечным леце,

Бога хваліць праз усе векі

I не забыць мяне - калекі.

Задушкі. Трачу зусім цярплівасьць. Пагоды няма. Неяк жудасна - сумна. Еду да Вільні. Можа не вярнуся спад апекі дахтароў. Мысьлі хмарныя,.. "Маці, ня плач... Ойча, стрымай сьлёзы..." «Эй, гані, браце, коніка, бо сэрца рвецца ад болі i пачуцьця»... Дождж. Слота. Сумная прырода. Чаго-ж ёй плакаць? Нігдзе ані згуку, ані шопату. Ані жывой душы. Сільны вецер атрасае зімныя каплі з пачарнелых дрэваў. Яны пырскаюць мне ў вочы, лезуць за шыю... I вецер зьдзекуецца з мяне...

7.XІ. У Вільні дахтары настрашылі. Як найхутчэй ехаць заграніцу. Што будзе з гэтага?... Эт, усёроўна...

9.XІ. М-ка, Каркожышкі. Зьбіраюся да выезду ў Закапанае. Чакаю ўрадавага пашпарту. Касьцёл тут - будоўля неасаблівая: бяднота й пакора. Маліцца прыемна, слухаць Імшы - міла, камунікаваць - наймілей. Што тут рабіць мне? - Глядзець i думаць...

Чую што-дзень грамафон, каторы цешыць мяне, што жыцьцё ёсьць поўнае хараства, вясёласьці, пустаты, дурноцтва, варыяцтва, комізму, трагізму, павагі, сьветласьці i г.д. Выбірай, што падабаецца. Хочацца часам так шчыра заплакаць, як скрыўджанаму дзіцяці, a часам сьмяяцца, сьмяяца бяз упынку...

23.XI. У дарозе заграніцу. У Варшаве трапіў якраз на паховіны арцыбіскупа. Многа сьвятла i блеску i шуму. Праяжджаючы праз Чэнстахову, шчыра аддаўся апецы Божае Маці.

24.XI. Кракаў. Забаўлюся тут нядоўга. Заўтра буду на мейсцы свайго лячэньня.

VI. У Закапаным. Пачатак вайны. Канец дыяканату. (1912-1915)

Сьнежань 1912. Закапанае. Час сходзе быстра. Сілаў прыбывае. Таварыства тым добрае, што скора зьменнае: адны выяжджаюць, другія наяжджаюць. Тыпы цікаўныя людзей. Поле для абсэрвацыі характэраў добрае.

Зацікавілі мяне законы, каторых у нас не асталося пад гаспадаркай расейскай ані духу. Бліжэй пазнаў я рэгулу законьнікаў Марыянаў, добрай славы ў нас, хоць нешырокай. Гісторыя ix чыстая, констытуцыі простыя, хоць суровыя. Да ix загарэлася найсільней мая сымпатыя. Чаму? Ня ведаю. Можа гэта па тэй прычыне, што ўжо гэты закон належыць да гісторыі - a рэгула магла-б быць дастасаванай i да нашых часаў, каб нашліся такія людзі.

Май 1913. Еду дамоўкі з запасам адноўленьіх сіл. Пакідаю харошы куточак сьвету, багаты ў пышныя повіды. Не забудуся ніколі даліны Косьцеліскай, куды езьдзіў у таварыстве двух ксяндзоў. Была цудоўная ноч. Месяц усплываў на неба i што хвіліну хаваў свой твар між блядавых хмаркаў, як воўна. Пры гэтай частай зьмене сьвятла што-раз мяняліся повіды, даючы жыўную страву для выабражэньня. Цудны булькот ручайкоў, дзіўныя контуры скальных абрываў, тайнічныя шэпты "смрэкаў" - усё гэта складала абраз, поўны спакою i маестату ночы.

Кракава я не бяруся апісаць. Што ў ім найбольш мяне кранула - гэта дух прошласьці, што выглядае да цябе з кожнага мейсца.

Жнівень 1913. Ад даўнага часу чую да цябе, маці Беларусь, асаблівую прывязнасьць - i болей чым прывязнасьць: надта гэта адчуцьцё глыбока зарылася ў сэрцы - пэўна гэта міласьць, каханьне з сэрца. Люблю я цябё i сільма люблю. Аб'ехаў я нямала ўжо сьвету, шукаючы красы i праўды, a найбольш бачу тэй i другой у сваім родным краі, у сваей мілай зямельцы. Стройны горы i даліны ў Татрах, прыемны малюнкі ў зямлі Кракаўскай, a ўсё-ж цуднейшы наш бор вяльможны, пякнейшыя роўні i гai нашы: страйнейшыя, бо гавораць проста дадушы тваей, a мова іх пранікае цябе цэлага, лечыць раны сэрца твайго. О, хараство тут неапісанае, бо роднае, простае - як душа русьняка. Ты, браце Беларусе, выдаешся мне лепшым.. ад другіх народаў. Ты пакрыўджаны і нешчасьлівы, пакінены праз многа сваіх родных сыноў i дочкаў, аддадзены на зьдзек чужынцаў - і то здаўна - ты бедны, гаротны. I тут пэўна ляжыць прычына, чаму ты так блізкі сэрцу і душы маей. Цябе ня сказіў фальш, не ляжыць на тваіх плячах крыўда чужая: свая толькі ўрэзалася крывава на іx і хіліць цябе да зямлі. Праўда i шчырасьць жыве йшчэ ў душы тваей - недарма-ж называюць цябе "простым", даючы спазнаць, што другія народы здаўна ўжо скрывіліся. Пазнай толькі добра, хто ты, гарніся да прасьветы, a станеш сільным: a гэта сіла дасьць волю духу твайму, так цяжка загнанаму i пакрыўджанаму...

Не хачу я пакінуць цябе, маці Беларусь, хоць хутка мус скажа ізноў разьвітацца з табой. Хачу служыць табе, аддаць сябе для дабра душы тваей. A яна - душа твая - чакае афяраў. Патрэбны афяры, калі мае прысьці выбаўленьне. Я не пайду шырокім разгонам людзкога рахунку. Я хачу толысі служыць тваім духоўным патрэбам, Беларусе. A яны аграмадны. Сапраўды сказаць трэба: "Жніво вялізнае, a працаўнікоў мала". Божа, дай мне зразумець i ўпэўніцца, якой жадаеш ад мяне службы. Аддаючыся найбліжэйшым братом маім, я хачу споўніць Волю Тваю, шукаць праўды i нясьці знайдзеную другім.

13. VIII. Сягоньня, слухаючы звон наш цудны касьцельны, раблю пробу аддаць уражаньне вершам. Па польску пішуць усе. Беларус - сірата: сьмяюцца з яго мовы. Я люблю бедных, апушчаных... Буду пісаць па беларуску. Мова беларуская ёсьць гладкай i згучнай: можа служыць i да паэзыі (але сам сябе я да паэтаў залічыць ня важуся). Пастараюся выгладзіць стыль свой беларускі. Згодзіцца ў будучыне.

20.IX. Да маці надмагілкай. Не гаруй ты, маці, i незабівайся, калі дзіцятка роднае, дарагонькае, як краску без пары зьвянутую, кладзе i у магілку... Ах, праўда - цяжка разлучыцца з каханьнем тваім, што грудзямі ўскарміла, сьлязамі абмыла, сэрцам служыла. Смутак нязьмерны шчэміць яго. Але ж ты, маці, - хрысьціянка. Дзе вера твая i спадзея жыцьця вечнага? Ці ж тут у магілцы пясковай канец усяму? Не, не. Там у сьвеце вышэйшым, дзе сьлёзы гінуць, дзе радасьць бяз меры, - убачыш сваё дзіця, калі заслужыць тэй ласкі захочаш. Уцямш ясна, што дарма забівалася над яго магілкай, зьдзівішся, што не разумела шчасьця, скрытага ў маладой, на пачатку, або ў квеце веку, сьмерці...

6.ХІ. Скуль бярэцца гэта нізкая пагарда да нашай роднай мовы? Ці сапраўды яна ня будзе здатнай да выражэньня праўды вышэйшага парадку, як гэта было калісьці? Ніколі! Я веру ў духоўную творчасьць беларуса. Ён сваю мову агладзіць i лік слоў зьвялічыць. Ад зьмены такой веры маей я буду бараніцца як змога. Сумлівасьць i маладушнасьць - набок...

7.Х. Вось я не такі хварлівы. як думаў... Я ня ўмру яшчэ. Хоць, узяўшы на розум, ня ведаю, ці гэта будзе лепей. Мо быў бы шчасьлівейшым на тым сьвеце. Павіннасьць духоўных цяжкая. Слабасьць мая аграмадная, лянівасьць дужая. Мысьлі гэтыя трывожаць мяне... Пакіну ix. Пацеха мая адзіная - гэта Бог. Мэта ясная, a помач ад Яго ласкі - пэўная.

8.XI. Ня рань свайго трывожнага сэрца: ня бойся нікога.

Усё прамінае - усё, апроч Бога...

Еду ізноў заграніцу.

Закапанае, 29.XI.1913. Стан здароўя, паводле слоў дохтара, слабы. Але пэўна мыліцца эскуляп. Я чую ў сабе дужа - многа сілы жыцьцёвай.

Трохі марозіць. Учора быў сьнег. Санная дарога пышная. Уночы зоркі іскрацца i паляцца на небе пад музыку ручайкоў горных i шум хвойкаў. "Гасьцей" многа незнаёмых. Кожнага псыхолёгія цікаўная. Трэба спазнаць.

2.ХІІ. Атрымаў ліст ад аднэй пабожнай законьніцы. Намаўляе мяне да жыцьця законнага. Усё мяне кліча да жыцьця афярнага i цярплівага. Што-ж - Я на ўсё гатоў. Толькі цяпер я - чэрап разьбіты, нікому няварты. Яшчэ не прышла гадзіна мая, a мо і зусім ня прыдзе.

3.ХІІ. Дзень прайшоў бяз творчасьці духовай: мысьлі дрэмяць, сэрца зімнае...

Жнівень 1914. Разгарэлася вайна вялізарная... Мой Божа! Гэта рэч так сумная i так праціўная маей натуры, што лепей аб ей зусім ня пісаць. Мусіць адбыцца якісь пераварот у сьвеце. A кожны сьвятовы пераварот каштуе мільёны людзей. Як гэта сумна, што чалавек, істота разумная, ня можа змагчы найвялікшага зла на сьвеце - вайны. Бясьсільны ён тут, a лепей скажам подлы. Жыцьцё людзкое ёсьць найцаньнейшым дарам божым. Да жыцьця, як пэўнай формы быту - кіруюцца ўсе творы. Мусім шанаваць жыцьцё навет малога жучка, бо права да яго згубы мы ня маем. Адабраць жыцьцё чалавеку гэта праступак, каторы толькі Бог помсьціць можа дастойна. Вайна ёсьць згуртаваньнем усіх праступкаў. Яна ёсьць ганьбай чалавечасьці. Яна матка ўсялякай нядолі. Няма нічога на сьвеце так паніжаючага чалавека, як вайна. Роўнай пагібелі, што нясе яна людзкасьці, не знаходзім у зьвяроў. Бог дапушчае такое зло на сьвет, каб зьніжыць пыху людзкую. Ня Бог прычына вайны - злосьць людзкая, завісьць i пыха. Што Бог дазволіў, каб кроў лілася - ня дзіва. Вольнай волі чалавека. Ён нё касуе. A між людзкой злосьці і ненавісьці патрафіць аказаць сваю найвышэйшую ўладу i справядлівасьць...

5.V. 1915. «Ой цяжка, цяжка: не сярмяжка цяжка, але доля цяжка». Канчаю ўжо час свайго дыяконату трыгадовага, a сумнасьць цяжкая залягае трывожнае сэрца маё. Сумнасьць тая, што родзіць цярпеньне - глыбокае, крыжавое. Гнаны зманнасьцяй сьвету i людзкой спадзеі, я думаў найсьці пацеху i шчасьце ў рэлігіі i аддаўся Богу без разьдзелу. Я чуў іскру Божую ў сабе да засеву на ніве людзкой - праўды Божай. Але баяўся чапіць гэты скарб свой, ведаючы, што калі аддацца ксяндзоўству, то трэба гэта зрабіць усей істотай сваей: з крывавай афярай самога сябе. Верыў я, што гэта мог-бы зрабіць, бо ласка Божая для мяне была падана, гатова. I быў момэнт, калі я гэта зрабіў, залажыўшы сабе вечны ідэал - праз цярпеньне.

Мой Божа г ці я ўстаю цьвёрдай ступнёй на выбранай дарозе? Ах, ніколі не адбяры ад мяне гэтай надзеі, бо згіну. Дай мне цярпеньне, хоць бы як мора глыбокае, але i сілу дай зьнясьці і вытрываць. Ласка Твая прымус нада мной учыніла - не пакідай мяне. Я сын таго народу, што найбольш цярпеў, цярпіць i цярпець будзе. Цярпеньня хачу, але такога, каторае з мяне зрабіла-б чалавека стальнога характару. Народ наш вялікі, a лічыцца найменшым. Няхай i я - сын яго - такім буду. Народ наш нешчасьлівы, без сучаснасьці пэўнай, бяз будучыны яснай - але глыбокі ў жыцьці сваім ціхім, скрытым, сьпеўным. Няхай i з маім так будзе жыцьцём: глыбокасьць духа, шырокасьць сэрца, агонь мовы і песьня, песьня тайнічная, бязьмерна сумная, хоць вечнай спадзеяй жывая.

6.V. Няма большага суму, як абмануцца ў сіле сваей. Смутак такі, калі яго не ўмяркуе моц вышэйшая, даходзіць да роспачы. Сумна кончыцца час майго дыяканату, пачынаецца прэсбітэрат маладога ідэалісты. Прызнаюся - чуцьцё перажытае ў мінуты, калі даведаўся я, што зара буду ксяндзом, было так спакойнае i патольнае, што сапраўды болей яго цаню, чым усё дазнанае ў часах апошніх. Аджыла ў мяне вера ў жывучасьць таго голасу, каторы зьвінеў калісьці ў вушах маіх : "Ідзі за мной!" I болей яшчэ: ня чуў я галасу адпору натуральнага, што мяне хватаў i адцягаваў ад ідэі Хрыстовага сьвяшчэнства, манячы да сьвету, каторы прымаў мяне i прымае дагэтуль з шырокім усьціскам. Але дарэмна! - Яму ня даўся і ня дамся!

7.V. Трэці дзень рэколекцыяў. Божа мой, як малым выдаюся я прад тым, чаго вымагае з мяне наш Касьцел сьвяты. Што-ж я праз гэтых колькі дзён зраблю, каб стаць на вышыню свайго пазнаньня? Духа трэба, духа Божага. Ён у адзін момэнт здольны перарадзіць чалавека, абы толькі той прыгатаваў ральлю чыстую. Божа, Божа! Я гатоў На ўсё, бо зьмерыў цэлую глыбіню сваей немачы... Бедны я, бедны... Дыяканат мой канчаецца...

VII. Першыя гады сьвяшчэнства. Камаі. Клюшчаны. (1915)

6. VII.15. Ад 31 мая адпраўляю ўжо Імшу сьвятую, спавядаю, выступаю на амбоне ў імя Божае. Страшна робіцца пры мысьлі аб тым, як далёка мне да праўдзівага афярніка Хрыстусовага. Адну маю пацеху толькі. Чую, што Бог ёсьць пры так трудных варунках міласьці маей, - што ён мяне ўспамагае, ня бачучы на ўсю брыду майго гультайства духовага. Ці на дарозе поступу бліжэй да Бога зрабіў я хоць шаг уперад? - Ня ведаю. Ці назад адышоў? - Ня ведаю... Цэлы дзень сыходзіць неяк скоранька i бяз нуды. Богу дзякую, што я нідзе i ніколі не спазнаў, што гэта "нуда". Мне нудна не было. Каб хацеў, я ўсюды мог-бы жыць, разьвіваючы тыя таленты, якія добры Бог зьліў на мяне. Ведаю, што яны ёсьць. Бядую, што яны да-ліся мне на зьдзек, бо я мала стараюся разьвіць ix у духу Божым.

5. VІІІ. 3-га жніўня прыехаў на свой вікарыят у Камаі. Беларусь шчырая. Навет разгаварыцца іначай трудна. Касьцёл падобны да нейкай крэпасьці з сярэдніх вякоў. Пробашч чалавек залаты. Пакуль-што яшчэ нічога не раблю. Хаджу ў лес, аглядаю мейсцы, пазнаю людзей. Наагул здаецца, што тут дрэнна ня будзе. Працы ёсьць. Адна бяда: ня маю, дзе сваіх кніжкаў падзець. Трохі цесна. Але іначай быць ня можа. Трэба прывыкнуць.

Мысьлі сумныя не пакінулі мяне. Здаецца мне, што духоўная старана майго жыцьця змалела. Мысьлю ляніва. Беларушчына жыва мяне інтэрэсуе. Баліць мне сэрца, як чую жаргон тых, што хочуць кінуць мову родную на карысыдь чужой. Але я нікому ня кідаюся з сваім поглядам на гэту справу. Магу я мыліцца пад тым узглядам, што беларуская мова заваюе сабе права між народаў, але ніхто мяне не праканае, што бытцам мы гаворым расейскім жаргонам. Гэта праціўна i нашай гісторыі i нашаму бытавому пачуцьцю.

4.IX. Яшчэ аб вайне. Больш году ўжо ліецца кроў цэлай Эўропы. Шырацца голад i пошасьці, шалее агонь, рабунак - a канчатку нядолі не відаць. І што зрабілася чалавеку, гордаму з свайго розуму, пышнаму з апанаваньня прыроды. Ці ж дабру вынаходаў i працы пакаленьняў дзеля цывілізацыі суджаны быў такі сумны канец?! 0, злосьць гібучая, сьляпая ты страшэнна! Так заўсёды: што чалавек правай рукой збудуе, левай стараецца зьвярнуць - i то ў імя лепшае будучыны... Іронія. Казаў-бы за мора сьлёзаў крывавых можна купіць сабе шчасьце...

Вайна чапіла ўжо i наш куточак зямлі. З свайго пасаду прыехаў я ў родную старонку ў Клюшчаны на фэст. Тутака мяне i захапілі выпадкі. 30-ты ліпень прайшоў спакойна, хоць у паветры ўжо вісела бура. Цяжкасьць нейкая ўсім удзялялася. Я казаньне мовіў. Мімаволі кончыў славамі: "З Богам будзем жыць i паміраць". Вечарам пачаўся хуткі адступ расейскага войска. Відаць былі блізка пажары: знак, што апошнія рады расейцаў неўдалёчку. Праз усю ноч быстры адход кавалерыі.Урэшце зьніклі казакі, запаліўшы ў мястэчку адзін дамок i зрабіўшы перапуд. Людзі вынасілі i вывазілі дабро, хаваліся ў лес. Настала ў канцы ціш, цяжкая ціш. Дзе-ня-дзе праляталі казакі пяруном. Каля гадзіны 2-гой прышлі першыя нямецкія разьезды. Амаль бязстрэлу была занята ўся парафія. Пад аднэй толькі вёскай згінула колькі чалавек казакоў

Над Вяльёй бітва. Грымяць гарматы бяз упынку. Колькі там бяды i гopa людцам, той толькі асудзіць можыць, каму далося гэта самому перажыць. Калі-ж зьлітуешся, o Божа, i дасі спакой усім, хто вадзіцца, забыўшыся закону Твайго найвышшага?!

9.Х. Прасунулася шмат войска праз мястэчка i вёскі. Начавалі, бралі, глумілі і самі ўспамагалі, гледзячы на бядоту нашага сялянца. Хто зьліча, колькі перанёс ён на сваіх плячах праз гісторыю свайго быты. Перанясець пэўна i канечныя пасьледы гэтай вайны. Але сьлёзы коцяцца, відзячы ўсё, што цярпеў i церпіць беларус - мужык. Жыцьцё такое ў бязладзьдзі i нзрвознасьці родзіць дзіўныя настроі духовыя. Адзін тутака дастаў нейкай маніі пабожнасьцi прачуцьця. Часта вельмі гаварыў аб сьмерці. Пачаў верыць у свае сонныя візіі, звольна згубіў зусім парадак у сваіх мысьлях. Канец яго трагічны. Кінуўся, як зварыяцелы на аднаго гузара, каторы даў пa ім агонь, кладучы трупам на мейсцы. У апошніх гадзінах прад выпадкам усё маліўся, гаворачы, што "ўжо час ягоны прышоў".

22.XI. Тутэйшы парафіяльны хор абхадзіў сёньня дзень сваей патронкі, сьв. Цэцыліі - i адначасна ўгодкі свайго існаваньня. Хор гэты пяяў на маей прыміцыі. Мае ён у сабе многа людзей шчыра пабожных i добрых сьпевакоў. - Люблю я яго i дзеля таго йшчэ, што многа ён каштаваў мне мысьлі - i апроч таго ня чураецца беларускасьці.

Перш-найперш была прамова аб жыцьці сьвятой Цэцыліі - з адказам на важнае пытаньне, чаму сьв. Цэцылія лічыцца патронкай каталіцкага сьпеву. "З песьняў сьв. Мучаніцы - сьпявачкі (так мовіў прамоўца) дайшоў да нас адзін глыбокі матыў: 'Сэрца маё, o Божа, хай будзе чыстым'. Даець ён нам верны адказ, чаму сьв. Цэцылія ёсьць патронкай касьцельнага сьпеву. Знаць сьвятая сьпявачка мела глыбокае паняцьце таго хараства найвышэйшага, што пачатак бярэ ад Творцы стройнага, неаб'ёмлівага сьвету. Пад загадам таго няземскага хараства, вяла яна сваё жыцьцё - чыстым i ў кожным моманце пекным. Да гэнага няземскага, духовага хараства патрапіла яна накланіць i Валерыя свайго заручніка. Ясна, што такая высокая i так чыстая міласьць мусіла зрадзіць песьню, - песьню, каторае стройнасьць трудна выясьніць, гармонію каторай твораць хоры анёлаў. Пяяла сьвятая сьпявачка, бо яе сэрца рвалася з міласьці да Хрыста. I гэта адна прычына, дзеля каторай сьв. Цэцылія ёсьць патронкай сьвятых сьпеваў.

Апроч таго каталіцкая песьня мае асновай цярпеньне - мучаніцтва. Рэлігійная песьня гэта песьня жывая, у тым значэньні, што выдаець учуцьцё людзкое вельмі жыцьцёвым - у блізкім зьвязку з жыцьцём. A мэта нашага жыцьця земскага гэта жыцьцё вечнае ў небе. A дарога туды цярністая, высланая болем i горам. Прыслухацца варта нашай песьні касьцельнай: "Сьвяты Божа". Колькі ў ей болі, колькі енку душы прагнай Бога i жыцьця вечнага - a прыгорбленай да зямлі цярленьнем ціхім мучаніцтвам. Песьня набожная i цярпеньні ў тайнічным, глыбокім з сабой зьвязку. I тутака скрываецца, другая прычына, чаму сьвятая дзева-мучаніца ёсьць патронкай касьцелькых сьпеваў. Яна пяяла, бо мілавала. Цярпела, a цярпець з міласьці - гэта роскаш. Жыцьцё яе было '' песьняй Божае міласьці i глыбокага цярпеньня''..,

Пасьля гэтакай прамовы разляглося шумнае:"Аd multos annosi" (Ha доўгія леты). Дай Божа, каб наш хор пяяў доўга-доўга хвальбы Божыя ў нашым касьцеле. У канцы быў адчыт "Аб беларускае песьн'' майго пяра i мысьлі маей. Адчыт пакінуў на ўсіх мілае ўражанньне. "Многа ў ім - казалі - жальбы i суму : так, як i ў песьні нашага русьняка".

VIII. Клюшчаны; Праца сярод моладзі. Вайна.Беларуская мова ў касьцеле i ў школе. (1916)

Новы 1916 год. Адбыўся сягоньня т. зв. "літэратурны вечар" нашага хору. Усе дэклямацыі павяліся як найлепей. Найвыбітнейшыя песьняры Беларусі нашлі тут дастойнае мейсца. Найболей падабаецца ўсім наш стары Багушэвіч. Яго "Праўда" пакінула на ўсіх тварах сьлед глыбокага задуменьня. "Ой, цяжка, цяжка" - словы гэты ўзяты спад сэрца беларуса. Напрасна заклінаець ён нядолю сваю, каб адышла яна "на сухія пушчы, ці на бездарожжа, на пяскі сыпушчы", яна прыліпла да яго збалелай душы і, здаецца. з ім на векі зраслася.

20.ІІІ.1916 г. Вясна пачынаецца... Дарога псуецца. Пачало ізноў грымець на фронце па даўжэйшым перарыве. У роднай парафіі многа нядолі. Тыфус пануе. Людзі мруць... Сягоньня быў у Зялёнцэ. Страшэнная хвароба покладам палажыла асоб з дзесятак. Спавядаў асоб 15. Божа, колькі цярпеньня, колькі бязраднай нядолі. У першай хаце хворы малады мужчына. Просіць, каб яго ратаваў... Чуе, што трэба памерці... Неспакойны. Бытнасьць Божую i несьмяротнасьць сваей душы так жыва адчувае, што гэтым мог-бы зьвярнуць да Бога хоць бы найбольш фанатычнага бязьверца. Бедны, бедны... Пытаюся: "Ці можаш маліцца?" - "Ты, ойча, маліся за мяне"... Іду ў другую хаціну. Пры парозе шырокія нары. Цесна. Колькі сем'яў высяленцаў жывуць тут. Пры нарах кленчыць мужчына з абвязанай галавой. З першага пагляду відаць, што тыфосны. На нарах дзьве кабеты. Енчаць безнадзейна... Воддаль два ложкі. На першым мужчына ў страшным пале, на другім маладзіца. Пры ейным ложку - калыска. У куце бедныя, схварэлыя дзеці. Слухаюць матчынай споведзі i хоць нічога не разумеюць, ведаюць, што трэба... плакаць. Яны плачаць ціха, як сталыя: гора вучыць іх яшчэ ў калысках.

Бедныя, бедныяі Бацькі вашы церпяць сумныя посьледы вайны можа за грахі свае... A вы за што?... Тайніца з тайніцаў... Ах, пэўна вы церпіце за "вялікіх" гэтага сьвету - афяра нявінная. За гордасьць i пыху ад прэзыдэнтаў, цароў i міністраў. Бог розум адабраў... Яны сталіся забіўцамі мільёнаў... Ці ваша пакута адкупіць іхную віну?...

Можа, як вы сталымі будзеце, зьвядзіцё дазваньня разьню людзей, што завецца вайной - стыдам i пракляцьцем людзкасьці...

Заходжу ў трэцюю хату. Хворае дзяўчо. Разьвітаецца пэўна з жыцьцём гэтым. Аднаго толькі жадае - збаўленьня душы i еднасьці з Хрыстусам.

A тымчасам сонца, выбіўшыся з-за хмар, усьмяхаецца да людзей сваім сьмешкам вясьняным. Яно пабудзіць зара да жыцьця кожную траўку, кожную ніклую расьлінку, разьвясееліць усю прыроду, напаўняючы чалавека - караля прыроды сумам і задумай глыбокай... над канечнасьцяй цярпеньня.

27.ІІІ.16. Справа беларушчыны зачынае прымаць зусім правідны характар. Там, дзе складаецца арганізацыя якая-кольвечы, дабывае права для сваей мовы i эвычаю. Як можнa дадумацца, зложыцца звольна i касьцельнае жыцьцё з правам для мовы роднай. "Гоман" Віленскі ясна даводзіць патрэбу адбудовы уніі- мадвечнай веры бацькоў нашых". Багаслаў Божа! ... Пад гэтым новым павевам i я ў сваім родным касьцеле сказаў 21.XI.15 добрую часьць казаньня роднай гаворкай. Ціш была нямая... Ад часу, як Край быў заняты сілай нямецкай, пачулі ўсе адразу, што школа зусім мае быць іначай у нас арганізавана. У часе калядным зладзілі мы тут "курсы" каб на скорую руку прыгатаваць вучыцялёў вясковых. Аснавалі 7 школхаў, э каторых 4, маючыя лепшых вучыцялёў, і дагэтуль чынныя. Усюды было дадзена права для роднае мовы. Было пастаноўлена, каб пачатковая навука адбывалася па-беларускаму, a старшыя дзсці мелі побач i папольску. Работа. пайшла ахвотна, хоць некаторыя гаспадары спачатку крывіліся на язык "просты"...

Паўсталі такжа проціў мяне i паны. Яны былi нездаволены з майго сяброўства з "простымі". Даказвалі яны народу, што беларушчына - справа шкодная для каталіцкага касьцёла, што шырыць умілаваньне гэтай "рускай" гаворкі ня мае сэнсу, што касьцёл тутэйшы быў заўсёды польскім i г.д. Адзін з ix перадаў вестку ў Вільню, што парафія Клюшчаны беларусіцца.

Як відаць, палякі ня хочаць прызнаваць беларусу права браць лёс свой у свае рукі.

Літвін пазнае Беларуса па яго бацькаўскай мове, Паляк кажа, што хто мовіць пацеры ў ягонай мове, той Паляк. Гэта нелёгічна i нова. Даўнейшая "опінія"судзіла іначай. Зьвязь з польшчынай відочна рвецца. Дружба з Літвой зацясьняецца ўсё мацней. Так i быць мусіць. Заплакаў-бы Міцкевіч, каб увідзеў, як "народ" у яго паняцьці, дзеліцца...

13.V.16. Трэба пачаць працу болей агульную ў пісьменстве сваім. Замнога займаюся сваімі суб'ектыўнымі перажываньнямі.., Папробую змусіць да послуху пяро, каб вучыцца і вучыць... Горкі гэта хлеб, як кажуць. Але дзеля горычы ад вялікай Ідэі адходзіць нельга. Буду што-кольвек пісаць. Хоць бы адзін чалавек з тварам русьняным, чытаючы гэта маё пісаньне, скарыстаў i загарэўся міласьцяй хараства i Праўды - была-б для мяне награда вялікая... мне, што на дарозе каротхай сваёй спаткаў ужо многа асоту i вужакаў...

12.VІ. Гарой, гарой тутэйшая моладз. Зладзілася першая забава - прэдстаўленьне. Перашод прышлося зламіць дужа-многа. Але ўканцы ўсё ўдалося. На сцэне стала. "Праклённае зельле" - жывы драматычны абразок з нашага вясковага жыцьця. Забава падчас, калі за вёрст 40 грьмяць гарматы. Аднак яна была патрэбай. Дух адпачыў i зажыў хоць на крыху новым жыцьцём. Песьні родныя зрабілі сымпатычнае ўражаньне, хоць энтузыязму ня вызвалі.

30.VII. Цікаўная сягоньня была гутарка. Гурток моладзі на зборы разьбіраў пытаньне: "Які характар лічыш эа найлелшы i чаму?". П. Эск выказаў цесны эьвязак між добрым характарам чалавека-хрысьціяніна i найлепшым характарам Бога-чалавека, Хрыстуса. Сьвятыя наслядоўцы жыцьця Яго даюць нам многа навукі i спазнаньня. Найгорай псуе характар людзкі нячыннасьць. П. Р. гаварыў аб тым уплыве, які маець на разьвіцьцё нашага характару склад фізычны нашае натуры i грамадзянства. П. Альфіч захваліваў пакору, цярплівасьць, мужства - найстрайнейшыя аздобнікі характару; ганіў бязрупнасьць i парыўчасьць. Мысьлі аб характары свае перадаў я таварыству меней-болей у гэтакіх словах.. "З пазнаньня самога сябе чалавек мусіць дайсьці да пакоры, гэта знача, да зразуменьня сваей слабасьці духовай, гультаяватасьці i залежнасьці суцэльнай ад ласкі Божай. Чалавека, каторы відзіць пакорна слабасьць i ўсьцяж стараецца папраўляцца, бязупынна да гармонійнага выканчэньня сябя ісьці, я назаву чалавекам найлепшага характэру.

Пакора бароніць ад найгоршай хваробы характару, ад бязьверра, каторае ёсьць затратай пачуцьця адказнасьці прад Богам. Пакора асьцерагае прад самаглюбствам, навучаючы што ты ня лепшы за другога, a затым мусіш мець выразумеласьць для людзей i пашану. Пакора бароніць ад неахвоты i роспачы, бо дае зразуменьне слоў Хрыстуса: "Без Мяне нічога ня можаце". Дае спазнаньне слоў сьв. Паўла: "Усё магу з Тым, каторы змацняе мяне". Агульне скажам, што характар найлепшы мусіць быць дасканальным, мусіць мець усе ўлады розуму, волі гармонічна разьвітымі. Чалавек абсолютнай дасканаласьці мець ня можа. Ёсьць яна толькі ў Богу. У Хрыстусе маем найстрайнейшы ўзор характару. Каб мець характар блізкі да гэтага Боскага ўзору, патрэба: 1) Старацца мець вялікую жыцьцёвую спраўнасьць, каторая вучыла б нас кожны выпадак жыцьцёвы абярнуць для карысьці духоўнага разьвіцьця характару. Назавём гэта бязупыннай творчасьцяй духа. 2) Мець вялізную чуласьць на тое, што вокал нас дзеецца, каб усё відзець i разумець, у сьвятле вечнатрывалай асновы несьмяротнай ідэі. Назавём гэта дарам вышэйшае празорнасьці. 3) Навучыцца болей слухаць, чым гаварыць; болей рабіць, чым малоць языком. 4) Упадкаў сваix ніколі сабе не дараваць. Спавядацца з ix i прад Богам i прад сабой, каяцца i ісьці ўсьцяж наперад. 5) Дабіраць сабе лепшае таварыства людзей, але не гардзіць анікім; мець літасьць навет над злыднем, памятаючы, што i ca мной магло-б блага быць, каб не ласка Божая i свая асьцярожнасьць. 6) Прыглядацца жыцьцю людзей, каторых завём "вялікімі", "сьвятымі" - асабліва-ж углядацца ў Божую постаць Хрыстуса. 7) Дужа многа думаць i разважаць над людзкім жыцьцём, як аб вельмі важнай i глыбокай праяве быту"...

IX. Пад клёнам. (Клюшчаны, 21.IX.1916)

Сягоньня пайду я пад разложыстае дрэва на могілках бацькоў маіх... Пагода плахучая... Загавару я да душ сялянцаў, што "адышлі згэтуль" i паслухаю голасу прыроды магільнай i памалюся за душы ўсіх, што цярпелі i ўзываць буду іхнае апекі над маей зямліцай...

Адчыніў я шырокую браму магільніка. Простая палісада дзеліць яго напал. На ўзгорку статуя Маткі Божай з скрыжаванымі рукамі на грудзёх. Дрэў i дрэўцаў галіны прысланяюць рады крыжоў, драўляных, простых. З мокрых пажаўцелых лістоў спадаюць каплі нябескай расы. Між дрэў найстаршы - клён, пасярэдзіне магільніка. Пад ім яшчэ ніхто не ляжыць. Там мейсца для мяне...

Чаму я так люблю места памёршых? Чаму, прыехаўшы дзе на сьвежае мейсца, перш-найперш знаёмлюся з нябожчыкамі на магілах? Чаму для мяне голас магільны такі тужліва-сумны і разам блізкі, мілы?... Вера мая. Табе дзякую за тое, што мяне знаёміш з духамі, - мілейшая мне лучнасьць з тымі, што ўжо на тым сьвеце, як з тымі, што тут жывуць яшчэ ў змаганьні, у далечыне ад Бога...

Вось стану я пад клёнам' дзе мо спачне мая калісь галоўка, азіреуся кругомі плачу поўнай сьлязой. Колькі ўжо галіны гэты лічылі жалосных выправадзінаў на гэтай сумнай палісадзе. Колькі тут праз векі разлягалася енку i плачуі A бацька-клён стаяў так заўсягды спакойна, разважна. Толькі дрыжаньне гальля i шэпт лісьця даводзілі, бытцам клён чуе i ціха гавора малітву за спакой душы людзкой, што "нарадзілася да новага жыцьця"... Колькі тут пакаленьняў. A што-ж асталося па ix?... Няварта было-б жыць», каб па сьмерці ўсё кончылася. Але на шчасьце - сьведка сам Бог, сьведка голас людзкасьці, - чалавек жыве i па сьмерці ў лепшай частцы сваей. Лёгшы пад крыжам, толькі пачатак дарогі прабыў. "Хоць i памёр, жыў будзе",

Чаго ж тут плакаць? Няхай галосяць бязьверцы. Але яны зімны... Несьмяротнасьць сваю закладаюць у затраце сваей язьні i ў нябыцьці.

Як сьмерць прыгожа лучыць усіх. Якая стройная унія. Адно тут грамадзянства, адна вера, адна міласьць. Адзін Бог - адна людзкасьць. A гэтай людзкасьці адна міласьць Божая, або... адна ненавісьць. Так як i на гэтым сьвеце. Адзін Касьцёл Божы Міласьці - i адзін збор шатанскі ненавісьці. Насупроціў... слова Божае: "Fiat lux" - станься сьвятло - i слова Ягонае: "Ессе nova facio omnia" - чыню во ўсё на нова - становяць два бакі аднэй карты бытаваньня істот разумных.

Гісторыя сьвету - гэта гісторыя пакоры i пыхі анёлаў i людзей. Пакора называе Бога панам сваім, пыха сябе ставіць на мейсцы Бога. Пакора хваліць Быт, пыха ніштосьць. Пакора вывышшае. пыха зьніжае. Шчасьце, за каторым гнаўся род людзкі - гэта Сам Бог. Няшчасьце, каторае выбраў сабе першы i апошні грэшнік, гэта разлучнасьць з Богам. Шчасьлівы чалавек, каторы ўмее сказаць: "Бог мой і ўсё маё".

Учора згасла адно маладое жыцьцё. Незадоўга прад сьмерцяй я спытаў: "Ці ня будзеш, дзіця маё, наракаць на Бога, калі забярэць цябе з гэтага сьвету?" "Не" адказала яно i то так проста, так лёгка, што я вышаптаў: "Анёлам адным той сьвет павялічан"... Дзяўчо гэта ляжыць тут неўдалёчку. Моліцца мо за мяне... Спаткаемся... Будзь багаслаўлены час, у каторым я зьвярнуўся, да Бога...

Бач, як азалаціла сонца жоўтыя лісты майго клёну. Касулькі яго ажывілі гэту мясьціну памёршых. I здалося мне, што гэты старэнькія крыжы з паблякшай зоркай палатнянай аднавіліся i загаманілі вечнай мовай Жыцьця з Божае ласкі. Недарма наш русьняк хіліць пакорна галаву прад гэтым знакам збаўленьня, нядарма значыць ім свае адкрытыя грудзі. Крыж вучыць яго веры Хрыстовай, крыж бароніць яго ад злой долі i распусты.

Чаму ж гэта ўзьеліся так на крыж некаторыя пісакі?... Русьняк жыве, то не замерла вера яго ў цудоўны знак крыжа. Русьняк зажыве паўнейшым жыцьцём, калі зглыбіць i пашырыць у сабе веру ў Хрыста ўкрыжаванага, праз каторага сьляпым вочы адкрываюцца, нямым голас даецца. Русьняк згіне, калі злыдні адбяруць ад яго веру ў Бога i Яго Сына Езуса...

Мой БожаІ Чую я падзячнасьць за тое, што мысьль мая - маўляў каля вялікага цэнтру, - круціцца каля вечнае ідэі: "Deo servire regnare est" - служба Богу - гэта панаваньне... Я хацеў бы знайсьці якуюсь сынтэзу жыцьця свайго... Але пашто? Якая быць можа сынтзза жыцыдя, каторае толькі гарэла само ў сабе, не выдаючы ясьнейшага полымя на сьвет? Якая аднак сынтэза кожнага жыцьця, што вось тут пад крыжам знайшло свой часовы канец?... Можа-бы гэту сынтэзу абнялі словы: "Спазнаў, чым ёсьць крыж i праз цярпеньні знайшоў Бога". Я ахвотна напісаў бы гэта на пліту грабовую табе, чалавеча.

Вось аж куды заблуталася мысьль мая, аж да асновы людзкога бытаваньня. Яна йшчэ неспакойная, але роўная. Хацеў-бы, каб была чыстай i простай. Хацеў-бы, каб на магіле маей напісалі: Кс. Кастанты Стэповіч. Жыў гадоў НН... Стараўся быць чыстай i простай мысьлі.

X. На другім вікарыяце - у блудным коле (Карыцін 1916-1917)

Клюшчаны, 2.XI. 1916. Бывай здарова родная старонка! Глыбокая, моцная сувязь злучыла мяне з табой. Тут я нашоў сілу да жыцьця, тут пазнаў ясныя хвіліны супкою; тут нашоў новыя намэты працы хаўруснай, тут спазнаў, як сумна жывецца гаротнаму селяніну ў цемры, грэху i блудзе забітасьці... Мой родны куточ! Будзь здароў! Дасьць Бог, увідзімся. A калі ў чужыне зімнай застуджу я свае сілы жыцьцёвыя, ты прымі мяне ізноў, каб нашоў я ў табе добрую крыху патолі... Бывайце заўсёды дужы i здаровы вы ўсе, каго сэрцы біліся ў такт з маімі Капайце ў цьвёрдай грудзе сабе дарогу на прывольле i незабывайце, што мэта наша горная: вясёла ідзіце за сьветлай зарніцай Праўды: "з народам для Бога".

Другі мой вікарыят па Камаях. У Вільні быў колькі гадзін праездам. У колах польскіх - салідарнасьць з Варшаваю. Апавешчана "Каралеўства Польскае" незалежным... Якія мы нешчасьліўцы, што ня можам падобна як Палякі ўзяць лёс свой у свае рукі.

У парафіі Карыцін большасьць беларусаў, гавораць чуць ня ўсе пабеларуску. Гутарка мала рожніцца i ад нашай надвялейскай. Ідэя маладой Беларусі тутака нязнана; цікаўна, што тутэйшыя "шкаце" ставяць сябе куды вышэй ад суседніх мазуроў за Беразовай. Беларусы-ж з-пад Янава i Карыціна кажуць, што яны нешта лепшае, як запушчанскія "шкаце". Польшч тут палітыку можа вясьці ўдачна на сваю карысьць, бо каталік усё роўна, што i Паляк...

З трывогай бяруся да кіраўніцтва цэлай грамады дэвоткаў. Здароўе мала, a работы шміт. У такой сфэры сьмешна было-б падымаць думку аб Беларусі. Калі знайду якую.інтэлігентную душу, пастараюся пазнаёміць яе з справай. каторая ляжыць на сэрцы мне. Веру, што: "Жыве Беларусь!". Работа мая тымчасам чыста касьцельная i культурная. Мо вазьмуся за хор, бо страшэнна запушчаны. A тымчасам: "Бог памож!"

25.XІІ.16. Божа, Божа! Так, здаецца, заплакаў-бы ціха i балесна, каб аж страпянуліся ўсе струны душы: можа-б гэта разагнала тую журбу, што зьядае ізноў мяне. Неадлучна ты ад мяне, ліхая мая сумнасьць, бо i я сам сабе нейкую трагедыю строю: складаецца яна мо сама, a мо i я творца яе, a канчатак яе будзе загубай маей, хоць несуцэльнай... Я не здаволен з самога сябе. Я кажды шаг свой пачынаю ставіць бяз тэй пэўнасьці, каторую дае сіла з Бога: з пакоры i малітвы. Што-раз мне сумней, a нямаш душы зроднай: я слабы i ня маю каму спавядаць "простую" душу маю...

2.II.1917. Сумую як заўсёды. Прылучылася слабасьць з сільнае застуды. Не магу ні гаварыць наголас, ні пяяць. A работы шмат.

Праца над самым сабой мае многа разьбіцьця - што выводзе мяне ўжо няраз з роўнасьці духоўнай. Баюся, каб не растроіцца. Як тут удзяржаць i разбудзіць жыцьцё глыбейшае ў другіх, калі сам павольна на мель асядаю...

Аб'яжджаю крыху парафію з калядой: сьлёзы, больш нішто. Усьмеху рэдка спаткаць. Людзцы прыбіты нядоляй вайны - a шмат прымірае з голаду.

20.11. ... Рэдка спаткаць душу з верай жывой, што відзіць ясна тайніцы быту людзкога, бо прывыкла мысьль затапляць у сьвятле Божай развагі. Вось адзін прыклад. Дзяўчо на ложу сьмерці, у сухотах. Вочы гараць ня толькі полымем з палу: відаць у ix нейкі праблеск засьвету i спакой з пэўнасьці жыцьця вечнага. "Мне не патрэба лекаў ніякіх людзкіх, чакала толькі Лекара Боскага. Усё роўна мне жыць, ці памерці, нават большая ахвота да сьмерці, бо ад жыцьця тутэйшага нічога не спадзяюся. Умру ахвотна, баюся толькі, ці Хрыстос прыйме мяне грэшніцу".

13.III. Улез я ў блуднае кола... Запяяў я "тутэйшым" колькі шчырых песьняў беларускіх, сказаў пару казкаў, задэклямаваў "Званара" i даў прачытаць "Пчалінку". Паказываецца, што тут многа хто мог-бы палюбіць Беларусь, a прынамсі яе людовую паэзыю - духа глыбейшага яе. Бо відзеў я на гэтых успробах, што "вочкі ix гарэлі". Але тут пачынаецца гэты блудны круг. Сяньня мой пробашч пры абедзе зьнячэўку пытаў: "Хто гэта даў да чытаньня беларускую кніжыцу, што чытаюць у мястэчку, сабраўшыся вечарам?" Адказаў я, што гэта мая работа. - "Няхай ксёндз незаводзіць тутака ніякай новасьці. Прашу ня шырыць ані песьняў, ані казкаў, ані дэклямацыяў беларускіх". Я даў сваю згоду (І). Чаму?.. Пробашч пасьля выясьніў, што - гэтага вымагае касьцельная палітыка з Вільні (І). Гэтага хоча касьцельны ўрад. Ёсьць-бо небясьпека, што ад умілаваньня роднай мовы, Беларус пачне дамагацца нават рэформы ў касьцеле. Хай жыцьцё плыве сваім карытам. Ня трэба будзіць духа самабытнасьці, бо гэта тымчасам небясьпечна для еднасьці Касьцёла... Што тут справядліва, a што не?... Пакінь!... Пакінь, браце, свае думкіі Ты любіш Беларус! Міласьць твая нешчасьлівая. Крыйся ты з ею. Бойся яе акас ць, бо гэта можа даць урон для нейкай палітыкі, ведзенай у імя праўды (І). Я мусіць зблудзіў. Што-ж я зраблю, калі люблю так душу Беларуса. A віджу яе i пазнаю ў іншым шмат сьвятле, чым другія. Я мушу пакінуць тое, што ўелася ўжо ў маё сэрца.

Ну. буду біцца цяпер з... сваімі думкамі. Мо беларуская муза ізноў будзе са мной. Зачну пісаць.

Каб як вылезьці з гэтага блуднага колца, стаўлю сабе такі парадак: 1) Слухаць пробашча ў тым, што датыча чыста нацыянальнай прапаганды - значыць пакінуць байкі, песьні i нават гаворкі аб беларушчыне... Ці я вытрываю?! 2) Трэба зараіцца з дрўгімі сябрамі. 3) Пісаць на-нова дзеньнік, каб было дзе думку пакінуць. Маўчаць i больш думаць.

17.IV. Час плыве... Між мной i пробашчам тымчасам зносіны нібыто добрыя, але чуецца нешта анормальнае. Маё блуднае кола яшчэ больш сьціснулася. Ці-ж мне можна вытрываць. ані слоўца нікому?... Але-ж я слова даў не гаварыць аб Беларусі, ня вучыць новых песьняў, каб ня збудзіць руху. A тут мяне пытаюць, - што рабіць? Кажу проста: "Мне забаронена гаварыць аб гэтым". Такая гаворка йзноў уводзіць у той круг, каторы завязаўся. A як тут не запяяць роднай песьні, калі просяць?! I сьмех i грэхі... Аж во нашоў я зьнячэўку выхад з блуднага кругу. Як хто загамоніць са мной аб "гэтым" - я i пытаю: "Ці ты лічыш сябе Беларусам?" Калі: "так" - добра, будзем аб "гэтым" гаварыць, калі: "не" - дай спакой, мне аб гэтым нявольна з табой талкаваць - A што, ці-ж ня добры выхад? I воўк сыты i каза цэлая... Ха, ха!

Сяньня маю нос спушчаны на квінту, як кажуць сьпевакі: пробашч сказаў, што мала спавядаю. A бадай ты скіс (ня пробашч. але я) : гэта ж ты са сьпевамі апушчаешся... Але ж гэта ня праўда. У сумленьні я спакойны. Я нездароў, a спавядаю ня менш "яго". Мог бы сказаць "яму", што ад Каляд у Карыціне крывё'i плюю. Але "сыты галоднаму не спагадае".

7. V. Выпала пяро мне з рук, не магу ўжо прымусіць яго да паслухмянасьці. A тут такое адзіноцтва, такая душная атмосфэра. Я шукаю, перад кім мог-бы выліць крыху тэй пякоты з сэрца - I не знаходжу. Ізноў вярнуўся да дзеньніка, але пяро няслухае... паржавела.

Сумна мне, хоць ты вазьмі ляж ды i ўмры. Але як тут уміраць, нічога добрага не зрабіўшы? A мо і не зраблю?... От біся, чалавеча, як рыба аб лёд. Калісь трапіш у проруб...

Баліць мне сэрца за народ, каторага няшчасьце не змагу апісаць.

Пячэ нутро мае сум з бясьсільнасьці сваей да направы перш сябе, потым бліжніх маіх...

Плача сэрца маё над нядоляй, над упадкам духа тых, што звалі сябе дужымі...

Скалыхнуліся ўсе думкі мае, спуджаныя сумам ліхім i вялікай трывогай.

Я тут у гэтым Карыціне да часу. Добра тут. Мне пэўна будзе шкода пакінуць яго. Нашоў тут крыху сэрц, каторыя б'юць у такт з маім, шукаючы Бога. Але на мяне зваліўся цяжар такі, каторы выпраўляе мяне адгэтуль. Дай-жа Божа канец гэтай вайне. Ах. Божанька, хутчэй, бо людцы ня вытрываюць i будуць разам з бязьверцамі клясьці Огляд Твой. Я-ж чакаю канца яе, каб папрацаваць яшчэ на ніве Божай i народнай, a тады памерці. Ах, лёгка гэта сказацьі Як-жа трэ будзе перажыць гэты момэнт нарадзін да вечнасьці. Прызнаюся шчыра, я ўміраць баюся. Але трэба. Божанька, памажы мне споўніць наказы Твае i зразумець волю Тваю сьвятую. Вось, так хацелася-б збудаваць нешта нейкае для хвалы Тваей. Адну душу выратуеш з балота грэху, - колькі-ж радасьці. A каб жа з такіх душ збудаваць цэлы касьцёлак, або прынамсі залажыць фундамант... Што-ж за шчасьце! Колькі-ж радасьці ў небе... Асушы адно вочка з сьлёзцаў - i так сэрца расьце. A каб жа гэтымі сьлёзцамі паліць "нядолю нашу беларускую" - колькіж было-б сьвятла i патолі?

18.VI. Жыцьцё ня ладзіцца. Найгорш з здароўем. Даю я гэтай парафіі праўдзівую кроў сваю. Ужо колькі разоў меў сільны ўплаў крыві з горла. Цікаўна мне, што мой пробашч ня верыць відаць у маю хварлівасьць i калі я часам скарачу сваё заняцьце, зара бывае чырвоны i надуты.

Нядаўна прыходзіць адна асоба i перасьцерагае сакрэтна, каб я сыскаў беларускія кніжыцы, калі каму пазычыў. Ад часу гутаркі з пробашчам я не даваў нікому чытаць ніякай брашуры, апроч вучыцеля, бо ён сябе палічыў Беларусам. A тут разшырылася вестка, што я сьпевакоў частую кніжкай беларускай. Вось што яна мне сказала: "Я чула, што з ксяндза вельмі нездаволены ў клябаніі за шырэньне думкаў беларускіх. Хай ксёндз будзе асьцярожны. Яны лічуць нас такімі дурнямі, што нам забараняюць нат чытаць беларускія кніжкі" За гэту перасьцярогу я вельмі падзякаваў, насьмяяўся i падумаў: - Жыве Беларусь i тут. "Іншыя - кажа, - ксяндзы давалі чытаць гэтыя кніжыцы": "адну - кажа, - я дагэтуль трымаю"... Значыць, думка аб роднай старонцы так жыва, што сочыцца праз ледзь значныя ходы. Тут неяк даведаліся, што я Беларус i не адзін прасіў ужо ў мяне "вершыкаў". Што-ж? Трэба на жаданьне іx адказаць паводле тэй нормы, "каб воўк быў сыты i каза цэлая". Блудны круг мой разьвязаўся, a зьвязваецца для ворагаў Беларусі.

19.VІ. Сяньня я шчыра гаварыў з пробашчам аб маіх адносінах да людзей i да яго самога. Паказалася, што лучыць нас сільная толькі ідэя каталіцызму. Такую пропасьць убачыў мж сабою a ім, што трудна будзе жыць, Нараіў мне ўступіць. Добра. Я пастанавіў адлучыцца. Дзе толькі падзенуся?! Нездаволены найгорш, што зрадзілася тут думка aб Беларусі не без майго ўдзелу.

3. VII.17. Сьцены тутака маюць вушы. Парафія ўжо гамоніць аб маім выезьдзе. A мо прачуваюць? Ну, І сапраўды палажэньне незавіднае. "Хору вучыць ня можна". Атрымаўшы такі прыказ. я закінуў работу над ім. Кожнае маё слова, кожны рух нават у касьцеле нехта наглядае. Я зусім замкнуўся.

12.VІІ. Справа з хорам вось які прымае кірунак.Я пакінуў працу на жаданьне пробашча, каторы ў арганізацыі маей дагледзіў небясьпечнасыдь раздваеньня. Адна паненка даказала пробашчу, што я сею думкі беларускага нацыяналізму. Той паверыў бяз доказаў. Прызнаўся мне такжа, што меў даручэньне ад кс. Любянца наглядаць мае паступкі ("mieć oko"). Я згадзіўся кінуць работу.

XI. Сьцежкаю сьмерці (Карыцін. Далістова. Закапанае. Лапеніца. Беларускія казаньні i школы. Закапанае. Падбродзьдзе. Клюшчаны. Буйвідзы. Засьвір. 1917-1919)

У Карыціне 4.VIII.1917 захварэў я па сільным уплыве крыві i дастаў запаленьне лёгачнае апоны. Праляжаў там да вясны 1918 году Калі немагчыма проста было ўжо прабываць "на кватэры" ў Карыціне, выехаў у Далістова, скуль за месяц паехаў у Закапанае дa санаторыі. Там быў ад 13.ІІІ да жніўня, пасьля жыў у гарняка на Быстрым, a ў канцы капэлянам пры шпіталі кліматычным да ліпня 1919 году. Вярнуўся да Клюшчан, пабываўшы ў кс. Гэрмановіча ў Лапеніцы (пад Ваўкавыскам).

27.VII.1919. Лапеніца. Прамаўляў тут пабеларуску. Неспадзявана добрай душой была выслухана прамова, хоць колькі асоб з мяйсцовай шляхты спачатку ўсьміхнуліся, то "папросту" аб Богу стаў вучыць Людцы прывыклі клясьці толькі долю сваю i грашыць пабеларуску, вось дзіўным здалося, што можна і хваліць Бога гэтай мовай, каторая годная ўзгарды ў вачах паноў усіх гатункаў i падпанкоў. Заінтэрэсаваньне збудзілася аднак немалое - асабліва (як паказалася пасьля) спаміж праваслаўных. Гэтых апошніх можна было-б такім парадкам пацягнуць да Касьцёла i яго навукі, бо польшчыны яны ня церпяць.

3.VIII. Другое казаньне. Спачатку адзін голас (на хорах) нездаваленьня. Ніхто ўжо ня ўсьміхаецца, толькі двух дзяцюкоў крышку маніфэстацыйна выходзяць з касьцёла. Ціш, заінтэрэсаваньне небывалае.

4.VIII. Быў дзекан. Не ўспамінае аб казаньнях: нічога ня ведае. Гутарылі крыху аб Беларусах.

8.VIII. Прышоў ліст ад дзекана, Забараняе навук беларускіх цэлай сваей "павагай".

10.VIII. Адзін шляхціц перасьцерагае, каб навукаў беларускіх ня ўводзіць.

Казаньня беларускага сяньня ня было. Людзі, каторым падабаліся такія навукі, былі нездаволены.

15.VIII. Зельная. Людзі спадзяваліся беларускага казаньня. Нездаваленьне было лёгка адчуць. Раманоўскі з Карэвіч бароніць справы i паўстае на "дурняў", што не разумеюць патрэбы ў нас навук беларускіх праз узгляд на праваслаўных. Было сяньня ў касьцеле шмат i праваслаўных, каторыя спадзяваліся беларускай навукі.

17.VIIІ. Навукі няма. Па набажэнстве справа прыняла шырокія формы. Паказваецца, што ў дзекана былі дзьве бабы i адзін шляхцюк, вядомы брахалка. Адначасна адбываўся зьезд ксяндзоў i дзекана (7.VІІІ). Былі ўведзены аскаржыцелі тыя i расказвалі справу прад форум духоўным. Выснавам быў пратэст, падпісаны ксяндзамі проці ўваджэньня беларускай мовы ў касьцёл. Проціў пробашча кс. Я. Гэрмановіча пачаўся байкот цэлага дзеканату. Адзін малады ксёндз, a такжа клерык стаў па старане пробашча. Добры знак. Пробашч ствярджае, што раздваеньня ў парафіі па праўдзе няма. Хто згадае: мо праціўнікі беларускіх казаньняў зьвядуцца цалком. Паказалася, што ёсьць крышку тут сьведамых Беларусаў. Тымчасам пробашч паставіў справу такім парадкам, што калі казаньні ня ўвойдуць - ён адракаецца парафіі.

22.VІІІ. Людзі з Грыневіч ужо другі раз дапытываюцца, ці будзе казаньне пабеларуску.

24.VIII. Ад рана сход сялян у справе школ. Вось што прыгаварылі: "Дня 24 жніўня 1919 г. мы грамадзяне з вёсак: Грыневічы, Дзямідавічы, Мухайлы, Боркі, Камяніца i Малая Лапеніца разьбіралі ў будынку школьным патрэбу адкрыцьця школ. Сход адбыўся пад загадам кс. пробашча Лапяніцкага Кс. Я. Гэрмановіча.

Сход пастанавіў: 1) Адкрыць дзьве школы ў Мал. Лапеніцы (для хлапцоў i дзяўчат) i адну ў Вялікай Лапеніцы. 2) Навука ў гэтых трох школах павінна адбывацца пабеларуску, з дадатковым прадметам польскім. 3) Сход выбраў спаміж сябе Раду Школьную з ніжэй падпісаных асоб: старшынёй кс. Я. Гэрмановіча, сэкрэтаром С. Шчыглінскага, сябрамі Тодара Пякарскага з Грыневіч, Яся Бублея i Пятрука Ляхоўскага. 4) Сход даручае Радзе Школьнай здабыць грошы на паправу будынкаў школьных, знайсьці вучыцялёў Беларусаў i к..б чым хутчэй магла пачацца навука. (Подпісаў трыццаць).

25.VIIІ. Прышоў.адказ ад біскупа, у каторым паклікаючыся на цьверджаньне дзекана, што беларускія казаньні быццам шкодзяць Касьцёлу, забараняе ўводзіць ix. Праваслаўных раіць сабіраць у школе i клябаніі. Вычуваецца з лісту, што біскуп пад уплывам дзекана i апініі пануючай з прыкрасьцяй зрабіў гэта.

Зіму 1919-20 году быў ізноў у Закапаным. Вярнуўся я ў маі. Тымчасам жыву ў Падбродзьдзі, як "абыватэль вольнага паветра". Няма ведама, што рабіць. Пайсьці на парафію: мала сіл. A блуканьне даела дадушы. Займаюся шчырэй пісьменствам.

З Падбродзьдзя астаўся мілы ўспамін, але насколькі помню, ніводзін твор новы ня вышаў у мяне. Перапісаваў толькі "Унію на Беларус" для рэд. "Крыніцы". Частыя разьезды не пазволілі мне сабрацца з думкай. Чакалі зрэшта новага пералому ў жыцьці палітычным, новае окупацыі.

Прад самай інвазіяй бальшавікоў перабраўся я з Падбродзьдзя ў Клюшчаны, дзе прабыў пераход войск савецкіх i прыбыцьцё літоўскіх, замяшчаючы ўцёкшага пробашча. Атрымаўшы назначэньне ў Буйвідзы. я там прабыў да 2.ХІ.1920 г. як тымчасовы пробашч. Пасьля пераехаў у Засьвір як пробашч сталы, гдзе прабываў, разьвіваючы сваю народную ідэолёгію, з трудом ломячы ўсялякія запоры. Русьняк тут голы i галодны. Проста жаль глядзець. Цёмны як халява, a не даецца кіраваць: не давярае. Такое меў уражаньне дагэтуль. Ахвоть добрай i волі ёсьць між людцоў. Толькі што шмат чуў ён ужо баламуцтва палітычнага i зьняверыўся. Зрэшта, трэба яго найперш накарміць.

Засьвір, 10.ІІІ.21. Hanicaў сёньня два даволі ўдатныя вершыкі: "Кавэрня" i з "Кніг Мудрасьці". Заўважыў як важна мець прыгатаваны матэрыял. Посьле перарабіць ужо лёгка. Трэба выпісываць мысьлі, пісаць нарысы. Рэфлексыі мае ўпрасьціліся, бо i жыцьцё прыняло формы спакайнейшыя. Школа беларуская зьліквідавалася, бо ня было добрага пэдагога i конкурэнцыя зьела. Малая бяда. Цяпер маю больш дзяцей пад сваей апекай. Людзей тут выдатнейшых не знаходжу. Але грунт да працы ёсьць.

11.III.21. Веснавое тхненьне ў прыродзе. Нейкая новая сіла ўходзе ў нэрвы i кроў чалавека. Птушкі ўжо строяць канцэрты.

12.ІІІ. Маю ў другім тыдні адправіць рэколекцыі з дзяцьмі. О, каб-жа i сам адновіўся душою пры гэтым. Інспірацыя духоўная малее, бо i чытаю мала...

13.ІІІ. Dominica Passionis. Людцы спавядаюцца i пакутуюць. Тымчасам новага нічога. Толькі сава гукае неўдалёчку, палохаючы забабонных людзцоў. Ходзяць чуткі аб ваенных опэрацыях на літоўскім фронце. Няўжо йзноў будзе новае што?

16.III. Большую часьць дня спавядаў. Пераглядаю свае матэр'ялы, каб што з музай тварыць, але тымчасам нічога новага. Гавораць ужо i тут аба мне, як аб Беларусе. Нічога ня шкодзіць. Бяда толькі, што народ наш ня мае найменшае дозы крытыцызму, калі яму суліць Польшч усё, ня выключаючы i... "Królewstwa Niebieskiego"...

24.V. Май. Салавейка што-ноч спаць не даець думкам збуджаным. Цудныя ночы. Раскошныя дні. Толькі сэрца так ные, так плача, моўбы не стаець яму чагось. Я не хачу абніжыць сваіх намэтаў горных. A сэрца так сьціскаецца. Хоць ты кінься куды, каб уцячы ад самога сябе...

26. V. Артызм родзіцца з цярпеньня, a не з угодлівасьці сабе. Сонны я i лянівы. Марыя Найсьвяцейша, не пакінь мяне і пашто абніжацца духам. Творчасьць мая павінна выяўляцца ня ў пустым жыцьця кругавароце. Далоў банальнасьць. Далоў залежнасьць ад перасудаў "таварыства". Будзь свабодны і ня дайся зьвязацца ніякімі вузламі эгаізму свайго ці чужога. - Езу! Я помню, што цярпеньне - маці творчасьці.

30. V. Ах, гэты май; гэты цудоўныя чары ночы, у каторых можна ўсё зьведаць i ўсё... згубіць. Як-жа было-б шчасьліва на зямельцы, каб зьніштожыць на ей эгоістычныя сэрцы. A кожнае шчасьцейка так дорага каштуе - каштуе столькі сьлёз... гора. Няма на сьвеце трываласьці ў нічым. Усе яго вартасьці няцэнны. Каб ня было-б іншага жыцьця, ня варта было-б прыходзіць на даліну цярпеньня... Пяро мне выпадае з рук ад безгалоўя ў думках. Няма парадку ў ідэях, няма ў розуме, няма ў волі сілы.

Сэрца нешта благое прароча

І згрудзей яно вырвацца хоча.

20.VI. Ляжу. Горла сіпіць ужо тыдзень. Адбыў падарож у Вільню i Дзісеншчыну. Змогся. Два разы прамаўляў пабеларуску. Напісаў артыкул "Сьледам за Дзедам".

5.VII. Сёньня ўночы меў дзіўную рэвізію. Падчас, калі я быў з братам i клерыкам у садзе заняты гутаркай, залез якісь сышчык у кватэру, перабраў i растрос чуць ня ўсе кніжкі, паразьдзіраў канвэрты, ператрос ложкі i сьлед па ім застыў. На гэта могуць адважыцца толькі заклятыя ворагі беларусаў.

Арыштавалі кс. Пятроўскага. I мяне перасьцерагаюць. Хай вас хутчэй вон нагамі...

6.VII. Хістаецца дух мой міжы разьбёжнасьці сьцежак бытаваньня. Як-жа я чуўся бязвольным. Творчасьць мая так стрымалася, што ледзь спраўляю буднія працы дзеля фізычнага існаваньня. A жальба духа на ідэал нязбыты, недасягнены ўсіляецца. Няўжо жыцьцё так і ўплыве на марах ідэалу бяз зьдзейсьненьня сноў за волю душы народнай, да каторай я жадаў бы прылажыць свае зерняткі? Змаганьне з кволасьцю, з бясьсільлем ідзе ў маю некарысьць. Божа, дай мне не пакінуць творчасьці духа майго! Пазволь мне - памажы мне быць карысным справе духоўнага адраджэньня майго брата занядбанага. A мне будзь міласьцівым, бо сам часам ня ведаю, што раблю ў хвілі сумніву i мукі. Агні хай распаляцца ў сэрцы маім, каб загарэлася новым парывам натхненьня: чыстага, вялікага. Прызываю вас, духі лепшыя, i лучуся з вамі сардэчна, каб вясьці жыцьцё горнае, каб не скупацца ў брыдзе жыцьцёвай, каб ня згінула маё прызваньне быць "сьвятлом i соляй". Хрыстэ, жыві ў душы маей. Ачысьці яе, калі яна брудна. Барані мяне ад благога духа няверы!

XII. Апошнія ўспаміны. (Засьвір. Закапанае 1922-1925)

19.11.22. Ня сплю. Пятухі запяялі. Такая журба есьць, што апісаць немагчыма. Хоць ты куды дзенься. Я ня маю абсалютна каму верыць. Здраджаюць мяне людзі, каторым, здаецца, аддаў бы ўсё. Сьмейцеся з мяне ўсе сілы таёмныя засьвірскага кляштару. Я не пайшоў за воляй ix... Адпакутую напэўна. Каб толькі не абніжыць свайго пасланьня, у каторае верыць не перастану.

13.Х.23. Закапанае. Пасьля абеду ўзьнялася бура. Мяне разбудзіў са сну магутны пярун, каторы ўдарыў гдзесь блізка i пагасіў электрычнасьць у цэлым курорце. У горах ляжыць сьнег. Жыцьцё плыве даволі манатонна i жудка. Спаткаўся з другам па містыцызьме, старым сваім знаёмым з 1913-14 г. Цяпер высока стаіць: генэральны сэкрэтар хадэцыі. Атмосфэра законьнікаў акружае мяне. Арыгінальны меў сон, у каторым я гіну з рукі ўсходняга свайго нібы брата, між двух праціўных ідэаоёгіяў (сымболізаваных у двух містычных кірунках), пакінены нават бацькамі, каторых прашу (як нябошчык) справіць хаўтуры.

1.ХІ. Задушкі. Адзін у гэты год дзень гэты абайду. Йду заўтра на могілку Яна Луцкевіча. Спавядаюся. Што прынясе мне пералом духовы, ці пазволе мне Бог ісьці далей? Трыццаць трэці год крытычны, я мушу быць заўсёды на ўсё прыгатаваны. Стан здароўя не варожа нічога добрага, хоць ня ёсьць благі вельмі. Маліся - трымайся - вытрывай: вось праграма духовая на далейшы шлях. Працуй, разьвівайся, гартуйся - помні на словы "Я ўскрашэцьне i жыцьцё: хто верыць у Мяне, хоць-бы i памёр - жыць будзе". Які я цудны меў сон на гэту тэму, a які страшны: змаганьне двух нябошчыкаў. Брр! Аднакжа такія сны не забываюцца, хоць i тлумачацца лёгка мысьлямі папярэднімі. Псыхіка ў сьнё сымболізуецца дзіўна: расказваць сны - гэта тое самае, што адкрываць сябе.

2.ХІ. Могілкі. Сумная адзінокая магілка ваякі ідэі беларускай: Яна Луцкевіча. Вечны супакой яму, Божа, дай. Напісы некаторыя дужа пекныя. Вось прыклады:"Роśwęсіł się i zginął", "Rwał się ku szczytom i padł ich ofiarą", "Boże! Żyłam, boś chciał - umarłam, boś kazał, zbaw mię, bo możesz", "Uleciała do Boga w szóstej wiośnie życia"...

Ці можна будзе калі сказаць аб цэлым сьвеце фізычным: "радзіўся, жыў, памёр?"...

14.ХІ. Засьвір. Радасьць i вясельле. Радасьць бяссумная, хоць бяз прычыны. Рад, што ўзноў да сваіх вярнуўся...

7.ІV.24. Закапанае. Размысьляю. "Жыцьцё маё гэта толькі дробны эпізод у існаваньні маім. Як лёгка аднак паверыць у прээпзыстэнцыю. Ці ж Бог паводле Бібліі не "ўдыхнуў" у цела духа? Значыць з сябе даў нешта. Сапраўды, "з нічога" можа толькі "нічога". I нерэальнасьць зьявішчаў матэр'яльных можа быць даказанай. Нават можна паверыць Гэгелю, што быт (матэр'яльны) i нябыт ідэнтычны. Жыцьцё гэта толькі адзін з многіх спосабаў праявы самасьведамасьці духа, каторы актам творчым адвечнай Божае любові выяўляе сябе ў форме часу i прасторнасьці. Той сьвет i гэты сьвет неразьдзельны, a сьвет духа больш пэўны, чым сьвет экспэрымэнту нашых змыслаў. Езус няхай жыве ўва мне!

3.11.24. Калі верыць снам і прачуцьцям, то вясна гэта для мяне мае быць крытычнай.

Я здрадзіў музу маю i чую помсту яе: верш ня клеіцца, бо натхненьне не зьяўляецца. На'т мая адвечная журба пераходзе ў стан толькі сільнай, казаў бы, нэўрастэніі. Хай Бог бароне мяне ад пакрыўленьня душы.

20.11. Сёньня кончыў хроніку касьцёла свайго. Справу кантракту на дом пакляшторны пераслаў дзекану i да Курыі. Хай робяць, што хочаць. Чуюся нязгорш. Горла толькі нешта здэлікатнела.

Муза мая, ты чараўніца! Гдзе ты i чаму сёньня не адведала мяне: я так чакаў сэрцам пламенным. Замест раскошнага i чыстага свайго пагляду прыслала ты мне духа благога: як мара начніца навеела на мяне пачуцьцё прыніжэньня i слабасьці. О як я люблю цябе, дарагая! I як ласкаю думкамі сваімі красу дзявоцтва твайго вечнага!

10.11.25. Сёньня быў у мяне вечарам ваявода Рачкевіч. Закрыстыян, каторы пільнаваў прыезду, не дапільнаваў. Позна ўваліўся (каля гадз. 10 веч.) з цэлай сьвітай. Спатканьне наагул мела характар дрэнны: раз - крышку неўспадзеўна, a другое - позна. Думаю, што выснавы з яго будуць не на плюс. Плюнь шчыра ў бок ix, толькі шкада, што можа быць не на карысьць Засьвірскаму касьцёлу. Абвёў яго я па ўсіх калідорах i ў сьвятыні.

13. VI. Здароўе маё горш: боль у правых грудзях колькі дзён не ўступае. Эх, ты доля - доля. Аднак: "Contra spem spero!" (Проціў надзеі надзеюся).

22. V. Сёньня зьнячэўку ўлез да мяне сам міністар Тугут. Страшэнна чалавек халодны: мо так i трэба міністрам. Прыехаў з сваім "Клюбам Працы". Хамінскі вельмі мілы i элеганска паддзяржаў мяне ў маім лішнім клопаце. Пытаўся міністар аб мове беларускай у школе:"Ці склалі дэклярацыі бацькі?". Ня выразіў нічога на дзераўляным твары, як бы крыху падпарахнелым. Нічога не сказаў, калі даведаўся, што ў касьцеле ўжываецца беларуская мова ў характары "pomocniczej".

КАНЕЦ

Увага Рэдактара-Выдаўца. "Дзея маей мысьлі, сэрца i волі" - гэта запіскі Каз. Сваяка аб ягоным жыцьці ад дзяцінства да 1925 г. уключна. З наступнага 1926 г., як бачым, няма ніякіх запісак, бо ў гэтым годзе песьняра-мысьліцеля сярод нас ня стала.

Рукапіс «Дзеі» быў у сваім часе польскімі ўладамі арыштаваны i далучаны да судовай справы, якая прыгатаўлялася Сваяку за беларускасьць, але якая з нястачы доказаў была скасавана. Быў тады такжа вернуты i рукапіс гэтай "Дзеі".

Xc. Ад(ам) Ст(анкевіч)

ДАДАТАК

Аўтабіяграфія Казімера Сваяка (кс. Кастуся Стэповіча)

Радзіўся я ў вёсцы Барані, Сьвянцянсхага пав. 19.ІІ.1890 з бацькоў сялян поўвалочнікаў. Да гадоў 10, г.зн. да сканчэньня народнай школы, мусіў прайсьці ўсе беды i журбы сялянскага дзіцяці, каторае мае навучыцца цяжкой працы хлебароба. Якісь час жылі мы ў глухім засьценку, як арандатары, закіненым у глухім лесе. Там прыйшлося мне спаўняць роль памошніка пастыра Марціна, каторы быў фактычна маім першым "вучыцелем". Варт ён успаміну дзеля таго, што быў тыпам тырана, але меў адну добрую старану: знаў шмат прыказак i вялікі лік прыпевак - ад сьмешных i нявінных да найраспусьнейшых на сьвеце. Пасьля стройных казкаў-песьняў маей бабкі, творы народныя, пераказаныя мне Марцінам, шмат пужалі маю дзіцячую ўяву.

Добры тата мой, зарабіўшы на сырах i масьле з кароў, што з Марцінам трэба было мне ганяць па райстох, i атрымаўшы запамогу з двара, гдзе век свой быў лоўчым пастанавіў мяне аддаць "у навуку".

У 1905 г. я кончыў меставую школу ў Сьвянцянах; у годзе першай расейскай рэвалюцыі, калі здарылася важкая пераацэнка грамадзкіх вартасьцяў. Ідэалам маіх добрых родзічаў было відзець мяне ў духоўным стане. Я пайшоў па лініі жыцьця, якая мне здавалася найпрасьцейшай i якая была здаўна ў матчыных снах. Дапоўніўшы чацьвертую клясу эгзамінам у Петраградэе ў 1907 г., я як восемнаццацілетні маладзік быў ужо ў Сэмінарыі Духоўнай у Вільні. Год 1906 і 7 пражываў я ў Вільні як асьпірант i тады пазкаёміўся э беларускай працай («Наша Ніва»).

Праз тры гады сэмінарскіх студыяў я працаваў ня помнячы аб Божым сьвеце. аж на чацьвертым цяжкі сэмінарскі сыстэм зламіў мяне: я мусіў выехаць у горы, каб ратаваць сваё здароўе. У гэтым часе аддаў я ў рэдакцыю "Беларуса" першыя свае творы ("Прад Богам") i пачаў адтуль працу ў розьвітку беларускай народнай ідэалёгіі.

Прабыў зіму 1912 i 1913 г. у Закапаным i з гэтай прычыны толькі вясной 1915 г. высьвяціўся на ксянлза ў Петраградзе э рук біскупа Цепляка.

Першы мой вікарыят быў у Камаях Сьвянцянскага павету. З месяц па прыезьдэе туды прыйшла нямецкая акупацыя. Побыт мой аказаўся там лішнім. Я прабываў тады цэлы год у сваей роднай парафіі Клюшчанах, гдзе дружы ў з моладзяй, якая рвалася да новага жыцыдя.

Адтуль назначамы я быў вікарым у Карыцін (Гродзеншчына) - Карыцін, гдзе я зруйнаваў сваё здароўе. Быў там ад палавіны 1916 да вясны 1918 г. Сільны ўплыў крыві з лёгкіх, каторы прадзяржаў мяне 6 месяцаў у ложку, прымусіў мяне зноў шукаць ратунку ў горах. Год 1918 i зіму 1919 я правёў у Закапаным. У 1920 годзе, падчас наезду бальшавіцкага, я знаходзіўся ў Клюшчанах, a падчас панаваньня літоўскага заступаў "уцекінера" пробашча ў Буйвідзах над Вяльлёй. Адтуль увосень 1920 г. я назначаны ў Засьвір, гдзе прабываў да часаў апошніx i гдзе маё здароўе ўшчэнт зруйнавалася, паміма выезду ў горы .

Пісаў у Шпіталі Кліматычным

Закапанае. 21XІІ.1925 г. К. Сваяк

На паправу здароўя паэты ўжо ня было ніякай надзеі. Разумеў гэта добра i сам ён. У астатніх сваіх лістох з Закапанага .... жадаў ён ужо толькі аднаго, каб "сярод сваіх мог дажыць кароткі свой дзянёк" i каб над ім "ня было дзярно чужое" .

Вось жа згодна з апошняй воляй паэта пад канец красавіка 1926 г. удалося яго яшчэ з Закапанага прывезьці ў Вільню, у вагон i з вагону носячы на насілках, i палажыць у Літоўскую Клініку, дзе дагараючы паэт беларускі спаткаў дужа цёплую і сардэчную апеку.

6 траўня 1926 Казімер Сваяк (Ксёндз Канстанты Стэповіч), як сьвечка на аўтары мук і цярпеньня, згас і адышоў у лепшую краіну.

(Станкевіч А., Казімер Сваяк. Нарысы аб ягонай ідэологіі Вільня 1931, бач.8-10).

ЗАЎВАГІ

Ш. Прад Сэмінарыяй (бач. 7-10)

Бач. 8. 1.VI.1907. Пасьля першай расейскай рэвалюцыі 1905 былі выдадзеныя законы, якія давалі большую свабоду неправаслаўным веравызнаньням. Да гэтага часу каталікі ня мелі права рабіць публічныя працэсыі і званіць у званы.

Бач. 8. 1 ліпень. Кс. Янка Семашкевіч (1883-1953). Беларускі каталіцкі сьвятар, адзін э пачынальнікаў беларускага нацьіянальна-рэлігійнага адраджэньня. Скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю. Быў вядомы як беларускі паэта. Пісаў пад псэўдонімам Янка Быліна. Выйшлі друкам ягоны зборнік вершаў "На прызьбе" (1918 г. другое выданьне 1924) i камэдыя "Выбары старшыні". Напісаў і пераклаў з іншых моваў шмат рэлігійных вершаў i песьняў.

Бач. 9. Пецярбург 26.VIII. Тут напэўна памылка : павінна быць 26.ІХ. У Пецярбург Стэповіч езьдзіў здаваць завочна іспыты за чатыры клясы гімназіі, што было абавяэкова для паступленьня ў духоўную сэмінарыю

V. Дыяканат. Пачаткі хваробы (бач. 17-20)

Бач. 17. 15.5.1912. Малодшы брат Альбін Стэповіч (1892-1934). з якім Сваяк быў вельмі блізка. Aльбін браў актыўны ўдзел у беларускім жыцьці i ў 1928-30 гг. быў паслом у польскі сойм ад Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. Меў немалыя музычныя здольнасьці. Да канца свайго жыцьця кіраваў беларускім хорам у касьцеле сьв. Мікалая ў Вільні. Напісаў музыку на словы многіх беларускіх паэтаў. У 1935 г. у Вільні выйшла пасьмяротна ягоная кніга песьняў "За Бацькаўшчыну".

VI: У Закапаным. (бач. 20-24)

Бач. 20. Сьнежань 1912. Закон (ордэн) Айцоў Марыянаў, закладзены ў 1673 г. польскім сьвятаром Станіславам Папчынскім, быў вельмі пашыраны ў Беларусі. У выніку палітыкі царскага ўраду у адносінах да каталіцкіх законаў пасьля паўстаньня 1863, у пачатку XX стагодзьдзя гэты закон амаль зусім знік. Адрадзіў яго ў новай форме ў 1909 годзе блаславёны Юры Матулайціс, будучы біскуп Віленскі. У 1923 годзе Біскуп Матулайціс залажыў манастыр беларускіх айцоў Марыянаў у Друі. Сярод законьнікаў гэтага манастыра былі Андрэй Цікота, Фабіян Абрантовіч i Язэп Гэрмановіч (паэта Вінцук Адважны). З Друйскага манастыра выйшаў таксама Біскуп Часлаў Сіповіч.

З запісу ў «Дзеі» выглядае, што Сваяк ня ведаў пра абнаўленьне Закону Марыянаў.

X. На другім вікарыяце (бач. 32-36)

Бач. 36. I2.VIІ. Кароль Любянец (1866-1939?), адзін з найбольш шавіністычна настроеных каталіцкіх сьвятароў у Bіленскай дыяцэзыі. Належаў да партыі польскіх нацыянал-демакратаў (эндэкаў). НейкІ час займаў пасаду Інспэктара Віленскай духоўнай сэмінарыі.

XI. Сьцежкаю сьмерці (бач. 36-41)

Бач 37. Язэп Гэрмановіч (1890-1978). Беларускі сьвятар блізкі прыяцель Сваяка, з якім яны разам паступалі ў Віленскую сэмінарыю. За сваю беларускасьць шмат пацярпеў ад апалячаных касьцельных уладаў. У 1924 годзе ўступіў у Закон Марыянаў у Друі. Сярод ягоных выхаванцаў быў будучы Біскуп Часлаў Сіповіч. У 1932 г. а. Гэрмановіч быў змушаны выехаць у Манчурыю. У1949 г. быў арыштаваны камуністамі і правёў шэсьць гадоў у савецкіх лагерах. Ягоныя ўспаміны э таго часу пад назовам «Кітай, Сібір, Масква» выйшлі друкам у Мюнхэне ў 1962 г. Вызвалены пасьля сьмерці Сталіна ў 1956 г., праз Польшчу i Італію, у 1960 г. ён апынуўся ў Лондане, дзе заставаўся да канца жыцьця. Айцец Гэрмановіч ведамы як беларускі паэта i пісьменьнік. Пісаў пад псэўдонімам Вінцук Адважны. Сярод ягоных твораў трэба ўспомніць зборнік вершаў "Беларускія цымбалы" (Вільня 1933), паэму "Гануліны клопаты" (1935), аповесьць "Хлапец" (1935) і шмат іншых.

Бач. 38. 25.VIII Біскупам тады быў Юры Матуіайціс. Ён ставіўся прыхільна да беларусаў, але відаць павінен быў лічыцца з шавіністычнымі настроямі польскага духавенства.

Бач. 40. 5.VII. 3 нагоды гэтага здарэньня наймалодшы брат Сваяка, Бэрнард Стэповіч, які быў адным з размоўцаў (другім быў клерык Казімер Кісель ), пiшa, што ягоны брат, на загад сьвянцянкага старасты, знаходзіўся ўвесь час пад паліцэйскім наглядам. Між іншым працаўніца сірацінца ў Засьвіры, нейкая пані Варша, была платным супрацоўнікам польскай тайнай паліцыі, (Бэрнард Стэповіч, З успамінаў пра Казіміра Сваяка. 1980, бач.25-26. Машынапіс у бібліятэцы Ф. Скарыны ў Лёндане.)

Там жа. Кс. Міхал Пятроўскі быў пробашчам у Барунах. Будучы сьведамым беларусам, ён успамагаў беларускі рух, размаўляў з людзьмі па-беларуску. Дзекан Ашмянскі, кс. Чурскі (?) (паводле некаторых вестак. быў на службе польскіх уладаў), у лісьце ад 23 жніўня 1919 г. пісаў Пятроўскаму: "Прашу паслухаць маёй прыяцельскай рады i не размаўляць з народам па-беларуску... Захоўваньнем кс. Пробашча занепакоены ўсе ўлады, узбурэньне паўстае велізарнае.. Кс. Пробашч, можа моцна пацярпець". Старшыня часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы, ген. Макжэцкі, у лісьце ад 22 лютага 1921 г. да Бікупа Матулайціса дамагаўся пераносу Пятроўскага з Барунаў на нейкую польскую парафію, бо "нельга выпусьціць з рук таго, што палякі здабылі праз вякі, i Баруны павінны стацца асяродкам польскай культуры". Матулайціс не задаволіў дамаганьняў Макжэцкага. Пятроўскі быў арыштаваны 28.6.1921 г. і пасаджаны ў Віленскую Лукішскую турму, дзе яму нават не дазволілі адпраўляць сьв Імшу. З прычыны слабога сэрца, яго вы пусьцілі з турмы i аддалі пад нагляд пробашча касьцёла сьв. Якуба, a пасьля пробашча сьв. Сьцяпана ў Вільні, прыставіўшы на ўсякі выпадак яшчэ ўзброенага паліцыянта. 22 кастрычніка Пятроўскі быў звольнены, але бёз права павароту ў Баруны. Ніякіх абвінавачаньняў яму не прадстаўлена, але ўладам трэба было абясшкодзіць Пятроўскага на час выбараў у Віленсхі сойм, які меў вырашыць аб прылучэньні Віленшчыны да Польшчы (А. Станкевіч, Родная мова ў сьвятынях, Вільня, 1929, бач.130.137-38; Т. Górski, Stosunek Biskupa Jerzego Macutewicza do spraw językowych w Diecezji Wileńskiej, 1918 - 1925. Rzym 1970, str. 54-55)

XII. Апошнія успаміны (бач. 41-43)

Бач. 41. І.ХІ Іван Луцкевіч (1881-1919), адзін э найбольш выдатных дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Разам з братам Антонам i Аляксандрам Уласавым быў закладчыкам газэты "Наша Ніва", Беларускай сацыялістычнай Грамады i Беларускага музэю ў Вільні, які насіў ягонае Імя. Як і Сваяк, памёр ад сухотаў і быў пахаваны ў Закапаным.

Бач.42. Польскія напісы "Пасьвяціўся і загінуў"; "Ірваўся да вершалінаў і паў іхняй ахвярай"; "Божа, я жыла, бо Ты так хацеў; памерла, бо Ты так загадаў; збаў мяне, бо можаш" "Вылецела да Бога на шостым годзе жыцьця".

ПАСЬЛЯСЛОЎЕ

Казімер Сваяк - літаратурны псэўдонім беларускага каталіцкага сьвятара і паэты Кастуся Стэповіча (1890-1926). Ягокая "Дзея...", зьяўляецца ўнікальным творам у беларускай літаратуры. Гэта не ўспаміны і ня дзеньнік, але "запіскі", якія пісаліся на працягу гадоў з розных нагодаў. У цэлым яны даюць нам духоўны партрэт аўтара як чалавека, сьвятара i беларуса. Адначасова "Дзея" - важны гістарычны дакумант цяжкасьцяў і перашкодаў, з якімі прыходзілася сутыкацца першым беларускім сьвятарам у іхніх намаганьнях данесьці Слова Божае свайму народу на роднай мове. Хоць апісаныя Сваяком падзеі мелі месца на пачатку XX стагодзьдзя, але яны ня страцілi сваёй надзённасьці i сёньня.

Гатае выданьне зробленае з першага віленскага пад рэдакцыяй кс. Адама Станкевіча: Kazimier Swajak, Dzieją majej myśli, serca i woli. Wilnia, 1932, Wyd. "Chryścijanskaj Dumki". Мова тэксту першага выданьня захаваная поўнасьцю, a таксама падзел на разьдзелы, хоць праўдападобна гэты падзел быў зроблены не аўтарам, a рэдактарам. Правапіс віленскага выданьня шмат дзе непасьлядоўны. У цяперашнім выданьні захаваныя толькі тыя яго асаблівасьці, якія, на думку рэдактараў адлюстроўваюць мову аўтара.


Выданьне МНВП «СТЕНЕР» па замове Беларускай Каталіцкай Грамады. Надрукавана МП ЕДФ. Замова № 544. Н. 1000 асоб.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX