Вярнуцца: Мемуары

Грыневіч В. На рэках Вавілону (Успамінкі ўцекача)


Аўтар: Грыневіч В.,
Дадана: 18-11-2017,
Крыніца: Грыневіч В. На рэках Вавілону (Успамінкі ўцекача) // Спадчына 1997. №4. С. 165-181.



Друкуецца паводле газэты "Беларускі Шлях", 1918 г., №№ 73, 75, 78, 84-86, Менск.

"Клікала я прыяцеляу маіх, -
Яны ашукалі мяне.
(Плач Ерэміі, 1, 19)

I

Асабліва страшным i надоўга ў патомках памятным будзе на Беларусі канец лета ў 1915 г. Тагды ўцекаўшая с-пад нямецкаго націску расійская армія начала сьпешную, надоўга слаўную, эвакуацыю цывільнаго насялення. Падзеі гэта саўсім нідаўняго часу, аб ix, нэўна, усе ішчэ помняць. Помняць так сама i аб тых страхах аб нямецкім войску, якія сеяліся прадстаўнікамі расійскай улады сярод насялення i змушалі яго кідаць родныя вуглы i ўцякаць у "брацкую" Расію з верай у помач у добрае сэрцо яе жыхароў. Усе тутака, у гэтых мейсцох, помняць тую жывую, зруйнаваную Беларусь, якая сярод раскладаных на вуліцах гарадоў i ў чыстым полі, асенняй слаты, нізлічаных штодзённых матэрыяльных страт, плачу малых i стогнаў старых устрамлялася на ўсход. Чалавеччае гора зьлітай уцекачоўскай масай запанавало на ўсіх дарогах. Чым далей у Вялікаросію, тым радзейшай рабілася маса, тым болей сьцежак займалі ўцекачы, i паволі гусьцело насяленне канцовых пунктаў гэтаго паходу - гарадоў цэнтру, усходу i далёкіх усходніх акраін ніаб'ятнай імпэрыі. У адным з такіх пунктаў - Казані, давялося i мне пражыць тры гады. Вот аб тым, што я бачыў там, ні аб усім жыцці, а толькі аб аднэй з яго старой, я i хачу гэта расказаць.

ІІ

М. Казань, у каторым я разам з другімі ўцекачамі апыніўся ў канцы жніўня 1915 г. - даўнейшая сталіца Казанскаго царства,- стаіць на левым беразі р. Казанкі, вярсты за 2-3 ад таго мейсца, дзе яна дападае да Волгі. Адзін з найстарэйшых Расійскіх унівэрсытэтаў i неколькі іншых выжэйшых школаў, як мужчынскіх, так i жаноцкіх, пяць мужчынскіх i больш як столькі жаноцкіх гімназіяў, дзьве рэяльныя i адна гандлёвая школа, тры тэхнічных, адна агранамічная i шмат ніжэйшых школаў, а таксама школа для прыватных місіянэраў для Сыбіры i Далёкаго Усходу i Праваслаўная Духоўная Акадэмія, робяць Казань праўдзівым цэнтрам асьветы для агромнай тэрыторыі. У горадзе i вакол яго раскідано шмат хвабрык, спаміж ix ёсьць знаныя ва ўсім прамысловым сьвеце, як напр., хвабрыка мыла, сьвечак, гліцарыны i інш. братоў Крэстовніковых.

Старыя жыхары хваляць свой горад, але нам, уцекачом, ён паказаўся інакшым. Место с такой лічбай прасьветных устаноў, мінаючы ўжо жыхароў, якія здаваліся нам дзікаватымі, ня мае выгляду i парадкаў нават нашых далёкіх ад эўрапэйскага ўстройства мест.

У горадзе можна заблудзіцца, па прычыне браку нумэрацыі дамоў, ніймення на рагох вуліц дошчэчак з ix назвамі. Па гэтых бэз'імённых вуліцах спакойна ходзюць сьвінні i іншая жывёла...

ІІІ

Дзе-б яно ні было, але прытулак, свой кут,- найважнейшае для чалавека. Але з гэтым нам тут прыйшлося цяжка. Першыя хвалі ўцекачоў у Казані адразу пазаймалі ўсе вольныя ўмешканні. А за імі прыбывалі ішчэ i ішчэ. Цэны на кватэры шалёна палезлі ўгару. Цэны на хлеб i ўсякую еду таксама. Найчасыдей без усякаго мення, якое ішчэ можна было-б прадаць, без капейкі грошай у кішэні, людзі нашыя праве паміралі з голаду па колькі дзён i каля яго, - пад адкрытым небам, на холадзе.

С пачаткам гэтай "іміграцыі" ў Казані пачалі адкрывацца камітэты дапамогі ўцекачом. Такім чынам, паўсталі расійскі, польскі, латышскі, літоўскі i інш. камітэты, але - нішчасьце! - не было каму адчыніць беларускаго камітэту. Па ўсёй дарозе i тутака людзі розных нацыяў спатыкалі матэр'яльную падмогу i духоўнае падтрыманне ад сваіх братоў, адны беларусы нідзе не спатыкалі гэтаго. Ратуючыся ад загібелі, ішлі нашыя людзі пісацца ў расійскія i польскія камітэты, дзе ix прыймалі ахвотна, і, трэба аддаць справядлівасць, памагалі нароўні з сваімі, але, даючы хлеб, забіралі ад ix беларускую душу.

IV

Натуральна, што, даючы "свой" хлеб "сваім" людзям, дзеячы польскіх i расійскіх камітэтаў стараліся абгладзіць, дапасаваць да сваіх патрэб, зрабіць больш сваймі ўцекачоў беларусаў i гаратліва ўзяліся падкормліваць ix сваім патрыотызмам у дадатак да хлеба. Зьяўлялася лішні раз, i можа найлепшая, праможнасьць па свайму заапекавацца над гэтымі непрычэсанымі па іхняму "сваімі" людзьмі, i яны гэтай праможнасьці не абмінулі, а выкарысталі як найлепей.

Хто кемнейшым i спрытнейшым аказаўся пры гэтым, трудна рашыць. Здаецца, аднак, што роўна здольнымі былі расійцы, i палякі. Пры гэтым зазначыць трэба, што расійцы ў русыфікацыі аказаліся спрытнейшымі ў сябе дома, чым будучы ў нас. Тамака, можна сказаць, яны разьвярнуліся ў ва ўсю шыр. Школы, бурсы, кнігі, уплыў духавенства, тутаркі пры афіцыяльных зносінах з уцекачамі - усё было пушчана ў рух. Як-жа, - надавалася "счастливая возможность" зглынуць у "Русскомъ море" беларускую крупіцу, ці-ж можна было яе абмінуць?

Палякі не адставалі ў гэтым ад сваіх непрыяцеляў. Ды й ні дзіво, бо для чаго, а для дэнацыяналізацыі, так ці іначай зьвязаных з імі народаў, у ix ёсьць свая, старэйшая за рускую, мэтода, свая школа. Гэтыя наібольшую ўвагу зьвярнулі на маладыя пакаленні, бачучы ў ix тую сілу, якая возьме жыцьцё ў свае рукі ў неданёкі час. Старыя беларускія "хлопы" не так былі цікавы для ix, тым болей што праз дзяцей найлягчэй перамяніць i бацькоў Асабліва карыснымі для гэтай мэты аказаліся бурсы паадчыняныя імі для моладзі. У гэтых бурсах маладыя душы моцна зашнуровываліся ў пярэстыя шаты польскаго патрыотызму.

Цэлы год такі стан рэчы панаваў у Казані. Паволі ўцекачы беларусы, як моладзь, так i старэйшыя, паназвычаіваліся палякаваць i маскаляваць ды пакепліваць с тых, хто ішчэ трымаўся свайго. Здавалося, што ўсё беларускае задушано гэтта, i "прыяцелі" маглі-б спраўляць блюзьнерскія памінкі па папаўшэй сюды беларушчыне.

Але так здавалося толькі. "Свой край - свой звычай", жылі ў сэрцах уцекачоў, i жыцьцё сваё азнаймлялі нудой па сабе. А раз жыла нуда па родным краі - жыва была душа беларуская. Патрэбны былі толькі людзі, каторыя б здалелі паказаць ёй дарогу з туману, якім ахуталі яе "дабрачынцы" з чужых камітэтаў I такія людзі у хутцэ зьявіліся.

V

Скора Беларусы настолькі паказалі сябе, што аб ix пачалі гаварыць i ў Казанскім грамадзянстве i ў Казанскай прэсе. Пачатак гэтаму сваёй працай палажыў Я.Станкевіч. Апісаць варункі гэтай працы i ўсё, што рабіў гэты шчыра беларускі пагрыота, трэба-б было многа мейсца. Змучаны днём на вучэнні з салдатамі, ён мусіў вечарам ісьці за пяць верст у горад, i ні завеі з гурбамі сьнегу, ні траскучы мароз не маглі паўстрымаць яго ў лягеры. Ня раз можна было бачыць прапаршчыцісую, усю абвеяную сьнегам, у цяжкіх салдацкіх ботах, пасоўваючуюся позна ноччу ў лягеры, хвігуру, - гэта Станкевіч варочаўся з гораду, дзе ў якой-нібудзь камораццэ, у сырым муры i, здаралося, у цёмным склепе праводзіў ён вечар, чытаючы нашым селянам - уцекачом, кніжкі аб Беларусі, расказуючы аб яе долі, вучачы чытаць старых i малых. Зерняты, кіданыя Станкевічам у праўдзівую глебу, не асталіся бязплоднымі. Хутка маладыя i старшыя селяне пачалі зьбірацца ў гурткі. То там, то сям пачалі адбывацца сходкі. Пачулася патрэба мець сваю кватэру для нацыянальных гурткоў, але беднасьць нашых селян не пазваляла яе здаволіць.

I, аднак, дзякуючы ўсё таму-ж Я.Станкевічу, ужо на першым тыдні па Вялікадні ў 1917 г. у новым тэатры беларусы здолелі паставіць сваю вечарыну, якая, з аднаго боку, павінна была прыцягнуць над беларускі штандар шырэйшыя колы, а з другого - даць матэр'яльныя сродкі для працы. Моральны ўсьпех вечару быў найпамысьльнейшы, матэр'яльна таксама: чыстага даходу атрымалося 435 руб. с капейкамі.

Далей удалося дастаць дазваленне ад загадчыцы Некрасаўскай бібліотэкі, склікаць там сходы, калі чытальня не будзе занята, без уселякай платы, апрача расходаў на электрычнасьць i за вечары сторажу. Дзякуючы гэтаму, нам удалося зрабіць несколькі агульных сходаў. Расійцы, бачыўшыя гэтыя сходы, не маглі пасьля надзівіцца. Задзіўляла i будзіла зайздрасьць у ix тая адналітасьць думак, якая панавала на гэтых сходах. Тутака, праве, нізаметнай рабілася рожніца між багатым i бедным, адукаваным i анальфабэтам, усе былі - беларусы, каторых туга па радзімым краі сабрала пад адзін дах параіцца аб супольным дзеле - сваім нішчасьці i нішчасьцях роднай стараны.

Расійцы хутка апамятаваліся ад свайго задзіўлення, калі ўбачылі, да чаго вядуць гэтыя сходы, i заварушыліся каля ўсякіх перашкодаў. Асаблівую ўвагу сваю зьвярнулі яны на "вінавайцу" прабуджэння беларусаў у Казані, арганізатара i кіраўніка ўсей культурнай працы Я.Станкевіча. Нават прыгражалі сарваць з яго ахвіцэрскія апалеты, i каб ні страх перад ваенным судом, - напэўне, зрабілі-б гэто. Аднак нялюбы імі "вінавайца" не ўнываў. Нібавам, дзякуючы яго стараниям, афіцыяльна адкрыўся ў Казані беларускі гурток пад найменнем "Пралеска", які пад кіраўніцтвам Станкевіча павёў шырокую нацыянальна-культурную працу. На нішчасьце, ваенныя павіннасьці Станкевіча, каторы мусіў як ахвіцэр расійскай арміі ісьці на фронт бараніць чужую яму справу, пазбавілі "Пралеску" яе энэргічнаго кіраўніка - арганізацыя начала хірэць i скарачаць сваю чыннасьць...



"Успамінаючы аб гэтым,
Праліваю я душу маю."
(Эха Раза)

VI

Жыцьцёвай сілы падалі зноў "Пралесцэ", вярнуўшыяся з вакацыяў у Казань, вучні Віленскай школы, каторыя, усіупіўшы ў арганізацыю, пачалі гуртаваць каля яе наперш моладзь і, бачна прыглядаючыся да ўсяго беларускага руху, паведамлялі аб ім усіх уцекачоў. Ix усілкі рабіліся, каб пакіраваць палітычную мысьль уцекачоў у бок уразумения i прызнання ніабходнасыді беларускай дзяржаўнай нізалежнасьці. Вянчаў гэтую шчырую працу той наказ дэлегатам на першы беларускі зьезд у Маскве, першым пунктам якога было: нізалежнасьць Беларусі.

Не абыйшлося пры гэтым i без перашкод, якія рабіліся ўжо ні чужымі, але сваймі людзьмі, рэнэгатамі беларусшчыны. Сярод ix асабліва адзначыліся Шайновіч з Гродзеншчыны i праваслаўны сьвяшчэннік Тэодоровіч.

Дзякуючы культурна-прасьветнай працы "Пралескі", нацыянальная сьвядомасьць сярод уцекачоў расла с кожным днём. Нарастала патрэба ў нацыянальна-палітычнай арганізацыі, якая павінна была адкрыта змагацца за нізалежнасьць Беларусі. Але для стварэння такой арганізацыі ў маладых працаўнікоў "Пралескі" ніставало адвагі. I вось у гэты пераломны час яны знайшлі падтрыманне, хаця i нідоўга, ад служачых Менскаго аддзялення расійскаго дзержаўнаго банку. За ix пачынам 10.ХІ 1917 г. у Некрасаўскай бібліотэцэ быў скліканы агульны сход усіх беларусаў, с тэй ці іншай прычыны папаўшых на жыццё ў Казань. Для асьведамлення аб мэце сходу былі адбіты на шапірографе адозвы i апавешчэння, у якіх гаварылося, што сход склікаецца дзеля стварэння нацыянальна-палітычнай арганізацыі.

Перад назначанай гадзінай досыць уместная заля Некрасаўскай бібліотэкі перапоўнілася народам. Hi глядзя на перапаўненне, у залі панаваў найлепшы парадак. Відаць было, што людзі адчуваюць урочыстасьць хвілі. Прабіла ў канцы i назначаная гадзіна. Адкрыты прамоваю аднаго з арганізатараў, сход афіцыяльна пачаўся. Прапазыцыя адчыніць у Казані аддзел Беларускай Рады шчыра віталася i была прынята аднагалосна. Пастанова аб патрэбе стварэння беларускаго войска была прынята воплескамі i выклікала ў учасьнікаў сходу жаданне злажыць i свае ахвяры на карысыдь Ц. Вайск. Рады ў Менску. Вялікая Рада ў Менску прызнавалася адзіным правамоцным кіраўнічым нацыянальным органам. Быў выбраны ўрад паўстаўшай ад гэтаго сходу Беларускай Казанскай Рады.

VII

Аднак ніхват людзей, здольных да сьвядомай нацыянальна-палітычнай працы, тамаваў чыннасьць Казанскай Рады i зрабіў яе меней карыстнай, чым гэта было трэба ў той час. Бежанская маса, якая складалася з селянства i дробнаго i сярэдняго чыноўніцтва, мала сьвядомаго нацыянальна i нідасьвядчонаго палітычна, ці магла выдзеліць такіх людзей. Выбраны загадчыкам спраў Рады Жукоўскі не аказаўся адпаведным свайму становішчу. Разам с тым усілкам шчырых працаўнікоў i добрых беларусаў, як гр. гр. Канановіч, Арлоўскі, Шакул, Лабука i інш., не ўдавалося перамагчы таго індэфэрэнтызму, які панаваў сярод уцекачоў, i выклікаць ix да самадзейнай працы. Усё-ж такі ідэя нізалежнай дзержаўнай Беларусі шырылася нікаторымі сябрамі Рады i гміж рабілася культурная работа: чыталіся лекцыі i інш.

Але канец i гэтай рабоце палажыў разгон большэвікамі агульнабеларускаго зьезду ў Менсісу. Ішчэ да гэтаго, праўда. Казанская Рада цярпела ні мала ад большэвікоў i асабліва ад нападак большэвіцкаго правадыра ў Казані Грасіса, каторы нацкоўваў на яе цёмныя сілы. Натуральна, што ў той час, як Менскі большэвіцкі "совнарком" так "рашуча" паступіў са зьездам, рэпрэзэнтоваўшым у с ю Беларусь, Казанская Рада, якая прэдстаўляла нівялічкую (у пороўнанні) групу беларусаў, павінна была перастаць істнаваць. Так i зрабілося. Рада была зачынена, але беларуская нацыянальная праца ішла далей, сваім торам.



"Атдай мне моладасьцъ сваю -
У сьвеце другім я табе заплачу. "
(Шылер. "Міласьць дa краю")

VIII

Пасьля таго, як была праве зачынена Беларуская Рада ў Казані, аб палітычнай працы ў шырокім значэнню гэтаго слова ні надта многа было можна думаць, i ўсім лепшым сілам краю, закіненым сюды, аставалася толькі культурная праца, на якую i была зьвернена ўся ўвага. Новая эра працы вызвала i новых працаўнікоў, між каторымі на асаблівую ўвагу заслужывае жыхар Гродненскай губ. Пружанскага пав. Уладыслаў Багдановіч. Як тыпічны беларус, ён не любіў ніколі вылазіць наперад i крычаць аб сваей працы, а ўсё, што рабіў, рабіў ціха, стараючыся прынясьці як можна болі карысьці роднай справе i як найменей пахвалы сабе. Ціха i спакойна працаваў гэты чалавек, ня гонячыся за тым, каб гаварыць аб нашых заданнях у шумных сходах, i, дзякуючы гэтай працы, многа перш заядлых маскаляфілаў працерлі сабе вочы i сталіся прыкладнымі сынамі роднай бацькаўшчыны. У гэтым часе, як У. Багдановіч шырыў нашы ідэі між селянамі, дачка яго Ганна Багдановіч шчыра шырыла нашу літэратуру i нацыянальнае пачуцце паміж тых дзеўчат, каторыя вучыліся ў гімназіях.

IX

Працуючы над нашым культурным адраджэннем, с. У. Багдановіч i блізкія да яго людзі, аднак, не запаміналі i таго, што Казанскія беларусы, апрача спынення працы ў Казанскім аддзеле Менск. Бел. Рады, больш нічым не запрагэставалі проціў тых зьдзек, якія рабіліся камісарамі Западнаго краю над нашым народам. Скора да гэтага зьявілася падхадзяшчая хвіля. У лютым месяцы паміж Расіяй i Нямеччынай пачаліся перамовы аб згодзе, i Маскоўская Бел. арганізацыя разаслала адозву да ўсіх беларусаў, просячы далучыцца да яе адозвы к дэмократыі ўсяго сьвету, у каторай яна пратэставала проціў падзелу Беларусі. Адозва гэта спазьнілася i папала ў Казань толькі тагды, калі ўжо Троцкі, не падпісаўшы ўмовы, выехаў з Бярэсьця, i такім парадкам у нас быў падхадзячы момэнт злажыць свой пратэст Менскаго "совнаркома". Сход быў скліканы ў кватэры Рускаго камітэту помачы ўцекачам, што дало магчымасьць папу Тэадаровічу самазванна, бяз выбару на тоя, як сябру кіраўніка Рускаго камітэту, зрабіцца прэзэсам сходу. Былі ўнесяны дзьве рэзалюцыі, у першай з каторых, унесянай с. Багдановічам i іншымі блізкімі да яго людзьмі, быў зложаны пратэст проціў Менскаго "совнаркома", а таксама прасілося, каб беларусам па ўсей Расіі вольна было тварыць свае нацыянальныя арганізацыі, а таксама, каб Беларусь была прызнана Расійскім урадам самабытнай i нізалежнай дзержавай i каб ей было дадзено право паслаць на новыя перагаворы аб згодзе сваіх прадстаўнікаў. Гэта рэзалюцыя падабалася ўсім селянам, а ні папу Тэадаровічу, каторы не пасароміўся падрабіць галасаванне, каб правясьці рэзалюцыю зусім адваротную тэй, якой патрабавалі жыццёвыя інтарэсы нашаго краю. Пратэсты шчырых беларусаў не маглі паўстрымаць папа Тэадаровіча ад гэтай подласьці, бо чым жа іншым можна назваць такі паступак.

Так рынулася наша надзея на тое, што, можа, нам усёткі ўдасца далажьщь свой голас да пратэсту проціў таго зьдзеку, які ў нашай роднай старонцэ чынілі над нашымі братамі тые, каторые ішлі з штандарам "вольнасьць, роўнасыдь i брацтво".



Hi ў шумнай бяседзе сябры пазнаюцца -
Сябры пазнаюцца у ніўзгодзе.
(З расійскаго)

X

Час бег i памінутна прыносіў да нас усё новыя i новыя весткі, i, гледзячы на тое, якія яны былі, то смутней, то весялей рабілося ў усіх беларусаў на душы. Пачалі скора данасіцца праз газэты ніясныя чуткі аб тым, што ўзнова ідуць перамовы між Расіяй i Нямеччынай аб згодзе. Скора гэтыя весткі сталі шчырай праўдай, i ў усіх зрадзілася надзея на тое, што на астанку ўдасца чагось дачакацца. Цяпер ужо надта мала каго з закіненых у гэты далёкі край нашых селян цікавіла справа аб тым, у чыю карысьць скончыцца ўсё гэта страшэннае змаганне. Праўда, i без таго было ясна, што Расія мусіць згадзіцца на ўсе варункі, якія будуць дадзены Нямеччьшай, але i гэта мала каго цікавіла.

Змучаных голадам i холадам на чужыне, ix мала абходзіла справа як Нямеччыны, так i Расіі. Найбольш, што цікавіла ix, - гэта пытанне, ці скора будзе можна паехаць да сваіх хат, у родную старонку, дзе - як гавора наша старая прыказка -"i куст - маці". Hi "дэмакратычная" Расія, ні сеяныя страхі аб немцах, - не магло заглушыць ахвоты хутчэй вярнуцца ў родны край. Па праўдзе, i не было чаго жалець нашым селянам у Pacii. Прыехаўшы туды, яны, замест абецанаго братэрскаго ім народу, спаткалі зусім чужых людзей, каторыя ня толькі не сьпяшылі прывітаць ix па братэрску, але, наадварот, стараліся паказаць сябе ўсюды лепшымі, разумнейшымі, зухавацейшымі, ад каторых наш народ спатыкаў на кожным кроку толькі кпіны з сваей вопраткі, з сваіх звычаеў i сваей мовы. Асабліва цяжка даставалася нашым людзям за нашу мову. I, па праўдзе, яна ніздатна да такой лаянкі, як расійская, дзеля чаго, мусіць, i паказалася расійцам брыдкаю. Адно хто добра ў Казані аднасіўся да нашых людзей, то гэта татары.

Змучаныя расійскімі зьдзекамі над усім сабе сьвятым i прывучаныя бараніць i шанаваць у сё сваё, яньгпрыхільна спаткалі нашых братоў. Шчырая ім за гэта належыць падзяка i жаданне як мага хутчэй дачакацца тэй хвіліны, калі ім удасца скінуць апеку чужынца i заняць у сьвеце тое мейсцо, якое ім належыць дзеля ix нацыянальнай сьвядомасьці.

XI

I бачылі тут нашы людзі, хто ім брат, а хто - вораг. Ворагамі нашымі найгоршымі i аказаліся Расійцы. Вызваная вайной даражыня i разруха ставіліся ў віну бежанцам, i ня толькі ў кватэрах расійцаў, але i на вуліцах ні раз можна было чуць словы, што як ні было бежанцаў, то ўсё было танна i ўсяго было многа, а як панаехала бежанцаў, то ўсё дзеля гэтага падаражэло. Ні раз нашым уцекачам прыходзілася дрыжэць за сваё жыццё, бо па гораду пачыналі хадзіць слухі, што маскалі зьбіраюцца выразаць усіх бежанцау Пакуль быў цар, то, прынамсі, хоць было на каго скідаць віну Тагды гаварылі, што абрусіцельную палітыку вядзе цар i яго сьвіта i што гэтая сьвіта i ён шыраць такія весьці, каб людзі менш у ўсем вінавацілі вайну Але хоць скора ністало цара, "братское" аднашэнне да нашых людзей не палепшалося, але рабілося горшым. Скора нашых людзей пąчaлi ужо сыстэматычна байкатаваць. Рабочыя хаўрусы паволі начал i націскаць на хвабрыкі, каб тыя не прынімалі на работу ўцекачоў, што хвабрыкі мусілі спаўняць. Акцябрская рэвалюцыя не палепшыла справы нашых уцекачоў. "Братэрство, вольнасьць i роўнасьць" былі толькі для маскалёў, але ні для нашых гаротных людзей, за каторых не было каму ўступіцца, ня толькі што, каб памагчы. Беларускаго камітэту помачы ўцекачом у Казані стварыць не ўдалося, i нашы людзі, такім парадкам, былі аддадзены ў апеку тых самых расійцаў, каторыя так над імі зьдзекаваліся. Гэты "дэмакратычны" пераварот у Расіі i наступіўшае за ім безрабоцце перш-на-перш ударыў нашых людзей, бо ix, перш за каго, пачалі рабочыя саюзы гдзе мага выкідаць з хвабрык i не дапускаць станавіцца на работу. Слаба памагаўшы да таго часу Расійскі камітэт помачы уцекачом пачаў, што раз' то болей, абрэзаць сваю i без таго скупую помач. Цяпер ужо ўсім было відаць, што НІ адзін цар любіў зьдзекавацца над нашым народам, а што тэта ён рабіў за згодаю ўсяго Вялікарасійскаго народу

XII

Бачылі тэта нашы людзі, i горка станавілася ў ix на душы, але ўсёжткі ня трацілі надзеі, што "братскій" народ апомніцца, але i гэта надзея скора рухнула. Надыйшла весна, i пачаў у жыццё правадзіцца дэкрэт "зямля ўсім тым, хто на ей сам будзе працаваць". Нашы селяне, перастрашаныя лгарскімі весткамі, якія носяцца па Расіі аб нямецкіх "зьдзеках" над нашым краем, думалі так сама скарыстаць з гэтаго дэкрэту i, дастаўшы па куску зямлі, назаўсёды астацца ў "братской" Расіі. Толькі i тут чакаў ix вялікі смутак. Вясковыя селяне - расійцы - i слухаць не хацелі, каб уцекачоў надзялілі зямлёй. Ды i гдзеж надзеліваць зямлёй нашых людзей, калі нават обшчаство, каторае "мело" многа маёнткаў, ані пядзі не ўступало з ix суседняму, хоць тое "ні мело" нават i трох дзісяцін панскай зямлі, якой бы магло пашырыць свае паласы.

Гэтыя варункі застаўлялі нашых людзей усе свае думкі зьвертаць у старану роднаго краю.

Нікому не хацелася брацца за справу ці распачынаць які-нібудзь інтэрас. Кожны чакаў толькі той гадзіны, каб як хутчэй паехаць дамоў, i кожная вестачка з роднаго краю маланкай абегала нашых гаротнікаў. Тугу па родным краю не маглі зглушыць фалшаваныя страхі аб тых "антыдэмократычных" парадках, якія завялі немцы ў нас. Кожны як мага пачаў зьбіраць грошы на дарогу i на тое, каб пасьля там, у родным краі, мець на адбудаванне сваей зьнішчанай гаспадаркі. Тыя, хто меў болі адвагі i троху грошы, пачалі рызыкаваць прабрацца дамоў, i ўжо перад Вялікадням па новаму стылю выехала цэлая партыя.

На ix усе глядзелі, як на дзіво, i прасілі пісаць як можна часьцей, праве чуць ні с каждай станцыі. Нікаторыя з ix шчыра споўнілі гэту просьбу, i скора пачалі прыходзіць весткі, каторыя i страшылі, i разам падавалі надзею, што ўсёткі сяк-так заехаць у родную старонку можна. А ў гэтым як раз часе ў камітэт помачы ўцекачам адна за другой прыходзілі тэлеграмы, каб уцекачам ні пазвалялі ехаць с той прычыны, што ў Оршы, праз якую найбольш ехало ўцекачоў, надта трудна дастаць ад нямецкага ўраду пазваленне праехаць, i што з гэтай прычыны прыходзіцца чакаць часам нават па два тыдні. Слухі гэтыя скора пацьвярдзілі i лісты адтрыманыя з Воршы i Менску. Гэтым карысталі Расійскія большэвіцкія газэты i ўсё болі i болі пужалі нашых людзей. Ня раз пужалі нават тым, чаго тут цяпер ня бачу. Але праўду, відаць, кажуць, што міласьць да роднага краю сільнейшая ад усяго, бо нічога не магло паўстрымаць хвалі вертаўшыхся да хаты ўцекачоў, i яна дзень ада дня ўсё становілася шырэй i шырэй. Найбольш ехалі праз Воршу, Полацк i Дзьвінск, а той факт, што с тых, хто паехаў, не варочаўся ніхто назад, дадаваў ахвоты іншым. 3 гэтай хваляй i я праз Полацк дабраўся дамоў.

Пасьляслоўе

Зьвестак пра аўтара ўспамінаў аб трагічным лесе беларускіх уцекачоў Першае сусьветнае вайны захавалася няшмат. Ураджэнец Віленшчыны Вячаслаў Грыневіч разам зь іншымі жыхарамі заходняе i цэнтральнае часткаў Беларусі зьведаў гаротны лёс выгнаньня. Апынуўшысяў далёкай Казані, ён бярэ актыўны ўдзелу нацыянальным жыцьці тамтэйшага беларускага асяродку. Увосень 1918 г., вярнуўшыся на радзіму, Грыневіч перабіраецца на жыхарства ў Вільню, дзе працуе фатографам-мастаком. Напачатку 1921 г. у віленскай газеце "Наша Думка" зьмяшчае свае публіцыстычныя нарысы "Хвароба і лякарства ад яе", ў якіх распавядае пра ўцекачоў ваеннага часу, паказвае складаны працэс нацыянальнага ўсьведамленьня беларусаў на чужыне, паступовае "выздараўленьне ад расейскага ці польскага дуру". У 1923 г. пад псэўданімам "Гры-віч" друкуе ў выдаваныму Празе часапісе "Беларускі Студэнт " першыя празаічныя творы: "Паміж двуха гнёў"і "За што?". Тэма апавяданьняў - падзеі ў беларускай вёсцы падчас польскае акупацыі i савецка-полькай вайны 1919-1920 гг., змаганьне заходнебеларускага сялянства за свае нацыянальныя i сацыялъныя правы. Як празаік, Грыневіч вылучаецца здольнасьцю да эпічнага мастацтва, тонка адчувае побыт i псыхалёгію сялянскага жыцьця. У другой полове 20-х на старонках постграмадаўскай прэсы (газэты "Зара Працы", "Наша Справа" ды інш.) ён зьмяшчае шэраг апавяданьняў. Не абмінаў Грыневіч i гістарычнае тэматыкі. У часапісе "Родныя Гоні" за 1927 г. было апублікавана ягонае апавяданъне "На парозе 1386 г. ", прысьвечанае падзеям прыняцьця Крэўскае уніі.

Успаміны "На рэках Вавілону" - дэбют Вячаслава Грыневіча ў беларускім друку. У 1995 г. ca скаротамі яны былі перадрукаваныя ў квартальніку "Байрам" (№ 1) Беларускага згуртаваньня татараў-мусульманаў ("Аль-Кітаб"), але з-за мізэрнага накладу гэтага выданьня (некалькі дзясяткаў асобнікаў) успаміны i дагэтуль мала вядомыя шырокаму чытачу.

Уладзімер ЛЯХОЎСКІ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX