Папярэдняя старонка: Мемуары

Аповяды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года ў Франкфурце-на-Майне 


Аўтар: Кіт Барыс,
Дадана: 21-10-2012,
Крыніца: Народная Воля №№48-49 - 58-59.



Цярновы шлях

"...I я ўзяўся за ўспаміны Барыса Кіта. Я сам яму прапанаваў зрабіць такія ўспаміны, я запісаў іх на магнітафон, пасля ішла мая праца - вывядзенне на паперу. Як вядома, пра Кіта напісана ўжо некалькі кніжак, у тым ліку і на беларускай мове, і ў Беларусі яны выдадзеныя. Але ўсё ж быў вельмі важны яго суб'ектыўны погляд на многія рэчы. I каб найбольш наблізіцца да гэтай ісціны яго жыцця, я падумаў, што патрэбна, каб загучаў яго голас - менавіта з яго інтанацыямі, з яго ацэнкамі, асабліва што датычыць іншых людзей, гістарычных постацяў, якія не знайшлі справядлівай ацэнкі ў гісторыі Беларусі, у мінулым Беларусі. А Кіт быў апошні або ёсць апошнім, хто можа засведчыць праўду на гэты конт. I вось, калі вы чыталі яго ўспаміны, там ёсць шмат персанажаў, і ацэнка, якая даецца ім, яна абсалютна іншая, чым ужо ўсталяваная ў беларускай нацыянальнай гісторыі".
З кнігі "Быкаў на Свабодзе". Радыё Свабода, 2004, с. 271.

Аповяд першы [1]

4 ліпеня, кавярня «Шнайдар»

Апоўдні цэнтральная, самая людная вуліца Франкфурта-на-Майне - Цайль набывае свой звычайны паўсядзённы выгляд - запаўняецца мінакамі, турыстамі, проста бадзяжным, разнамоўным людам. Ля дужа змадэрнізаванага металёвага Давіда, што сядзіць на забітым няўдаку Галіяфу, ужо Васіль Быкаў і Барыс Кіт. Франкфурт на Майне, кастрычнік 2001 г.. прыткнуліся два-тры заўсёдныя выпівохі з бляшанкамі піва ў руках. Мясьціна тут здатная, трошкі ў засені таксама змадэрнізаваных, стыльна падстрыжаных платанаў, побач піўны шапік з гамбургерамі, бутэрбродамі ды іншай закусьсю, якая, аднак, ня дужа вабіць тутэйшых выпівох. Іх вабіць піва, якога ўсюды хапае. I тут, побач з цэнтральным Каўгофам, і ўнізе, пад зямлёй, куды вядуць прыступкі рухомае стужкі эскалатара. Там гандлёвае жыцьцё ў сьпякотны час віруе нават з большым імпэтам, чым угары - аж тры паверхі U-бана ды S-бана зь безьліччу шапікаў, кавярняў, касаў, транспартных аўтаматаў, харчовых, кветкавых ды сувенірных крамак.

Бацька Б.У.Кіта - Уладзімір Аляксандравіч, 1970 г.

У сярэдзіне холу на чорных плітках падлогі мастакі-ходнікі ўжо да паловы намалявалі свае каляровыя выявы - прыгожы жаночы твар з даўгімі валасамі і вялізнымі зьдзіўленымі вачыма. Яны малююць пасьлядоўна, зьверху ўніз, старанна і па чарзе апрацоўваючы ўсе дэталі партрэту. Так вымагае іх тэхналёгія. Гэта - рэалісты, працы якіх хіба і можна згледзець на бетонных плітках гарадзкіх плошчаў. У галярэях і музэі сучаснага мастацтва - спрэс авангард, нефігуратыўнасьць, каляровыя рэбусы на пляншэтах са старых газэтаў ды раскіданых на блішчастым паркеце слановых экскрэмэнтаў. А рэалізм тут, пад нагамі. Хаця, канешне, гэта вельмі састарэлы, манэрны рэалізм, які, аднак, упарта чапляецца за жыцьцё, можа, перад сваім канчатковым скананьнем.

Гледачоў за мастакоўскім шчыраваньнем небагата, куды болей народу воддаль, дзе ўжо ва ўсю моц сучаснай электронікі грыміць і грукоча невялічкі, але дужа крыклівы аркестрык. То дзялянка моладзі, якая ў сваім захапленьні і не загляне за вугол сувэнірнага шапіку на самотнага музыку-баяніста, што, прыткнуўшыся на нейкай скрынцы, зморана і нягучна наігрывае сабе "Подмосковные вечера". У яго зашмальцаванай кепцы ля ног зь пячаткай швейнай фабрыкі "Сьвятлана" паблісквае некалькі дробных манэтаў жоўтага колеру. Наўрад ці дзядзька заробіць на "Мерсэдэс", хіба - на бутэльку чырвонага, што ў ягоным стане таксама няблага. Мусіць, на радзіме і таго не выпадае.

Мой суайчыньнік паяўляецца нечакана блізка, з-за пляча. Шчырыя абдымкі па-маладому размашыстых рук, асьветлены радасьцю, чыста паголены твар і першыя словы на роднай мове, - так, нібы тое ў Карэлічах ці Наваградку. У спадара Барыса, як заўжды, цэлафанавая валізка з газэтамі, там, ведаю, "Наша ніва" і "Газэта выборча", якім ён найбольш давярае з усіх даступных тут беларуска-польскамоўных выданьняў. Але і таго хапае, прачытваецца па чарзе (па калейцы, як кажа спадар Барыс).

- Ну што? Куды ідзем? - зь вельмі натуральнай радасьцю сустрэчы пытаецца спадар Барыс і зараз жа сам адказвае: - А пойдзем у "Шнайдар". Самая старая кавярня ў Франкфурце. А паколькі і мы старыя, дык у самы раз будзе...

Тулячыся ад сьпякотнага сонца ў куртатых ценях дамоў, двое старых брыдуць у бок недалёкага вакзалу. Спадар Барыс апрануты лёгка, але ня без пэўнага густу - у сьветлым пінжаку, пры чырвоным гальштуку з залатой брошкай (падарунак нямецкіх навукоўцаў), лёгкай, какетлівай кепачцы, - каб сонца не пякло яго гладкую, бы адпаліраваную галаву. Але сонца ён быццам і не заўважае: захоплена апавядае пра начныя тэле- і радыёнавіны. Яго дужа турбуе сусьветнае і нацыянальнае бязладзьдзе, аднолькава адчувальнае па абодва бакі Атлантыкі.

- Усё трэба перажыць у свой час. У Нямеччыне і ня гэткае было. Жах, што перажыла Нямеччына за сваю гісторыю. Але, усё перажыўшы, нарэшце зрабіла выбар. Вунь царква сьвятога Паўла - былы першы парлямант, калыска нямецкай дэмакратыі. Ёй паўтара стагодзьдзя. Канешне, і дэмакратыя - ня мёд. Але, як вядома, іншыя сыстэмы і яшчэ горшыя. У тым ліку і камуністычная.

Тут добра - можна па-свойму гаварыць голасна, ня тоячыся ня толькі ад паліцыянтаў ці "моваведаў у штацкім", як на радзіме, а і наогул, - ніхто тут цябе не разумее. Ды й ня слухае таксама. Кожны жыве ўласным клопатам і ўласным зацікаўленьнем.

Кавярню "Шнайдар" можна прыкмеціць загадзя - здалёк відаць ейныя парасоны над белымі столікамі, за якімі ўжо сядзяць. Цяпер будуць сядзець да позьняга вечару. Але мы не сядаем пад парасонамі - мы заходзім ва ўтульны порцік, дзе малады, атлетычнага выгляду кельнэр радасна, бы даўняга знаёмага, вітае спадара Барыса. "Ён вас ведае?" - "Вельмі верагодна. Але я яго - не". У амаль яшчэ пустым пакоі знаходзім утульнае месьцейка ля вакна, і спадар Барыс найперш пералічвае гістарычныя постаці, якія тут некалі сядзелі (ці маглі сядзець) - ад Гётэ, чый дом блізка за вуглом, да банкіра Ротшыльда або колішняга канцлера Вілі Брандта, чыім імем названа суседняя станцыя U-бана. Кельнерка, што пачынае паслугоўваць нам (ня дужа маладая, ды надта ж прыветлівая жанчынка), услухаўшыся ў нашу размову, ціха пытаецца, хто мы? Нашага адказу "беларусы" ня можа зразумець, і тады спадар Барыс гучна, бы злуючыся, кажа "вайсрусіш". Кельнерка згодна ківае галавой - тое слова ёй болей знаёмае.

- Вось так! - кажа спадар Барыс. - Яны нас ня ведаюць. Колькі я тут жыву, рэдка каго сустракаў, каб ведаў хоць слова "Беларусь". Хіба старэйшыя з вайны памятаюць. Ды й тыя забываюцца. Па сабе ведаю...

- Ну вы - ня дзіва. Столькі год на чужыне.

- Так, на чужыне. Толькі дваццаць гадоў пражыў у Беларусі, астатнія семдзесят - на чужыне. А во дзіва: тое наша, беларускае, з часам усё мацнее. Мабыць, пад сто год стану стоадсоткавым беларусам. Нейкі дзівосны рух - назад, а не наперад, - са шчырай усьмешкай заканчвае спадар Барыс і праз хвіліну з сур'ёзным выглядам працягвае пра тое, дзеля чаго мы сюды і завіталі.

- Мне вельмі прыемна гутарыць са спадаром Быкавым, нашым народным пісьменьнікам. Я ўжо шмат гаварыў пра сябе, але, можа, толькі цяпер што-небудзь запішацца. Безумоўна, найцікавейшая частка майго жыцьця - гэта жыцьцё ў Беларусі, куды я прыехаў недзе каля 20-га году. У Пецярбургу жыць далей было немагчыма з прычыны спачатку лютаўскай рэвалюцыі, а пасьля кастрычніцкага перавароту. Цяпер шмат пішацца і гаворыцца, што была вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, але ў сапраўднасьці не было ніякай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта быў маленькі пераварот, некалькі гадзін - Аўрора пад Зімні палац стрэліла, і адтуль усе ўцяклі. Але хутка пачаўся страшэнны голад, пракарміцца было немагчыма, таму мае бацькі вырашылі паехаць дахаты, на вёску ў Беларусь. Спачатку мяне адвезьлі да крэўных, да маёй цёткі, у вёску Сапатніца, што праз пятнаццаць кілёметраў ад Карэлічаў. Ну, там я дачакаўся, пакуль прыедзе сям'я, бацька і маці. У вёсцы таксама быў голад, страшэнны, безумоўна, выкліканы вайной. Якраз між Карэлічамі і вёскай праходзіла лінія Гіндэнбурга, тут адбываліся баі, і ўсё было зьнішчана. Мы спадзяваліся, што будзе трошкі лепш, чым у Пецярбургу, дзе людзі паміралі ад голаду. На жаль, лепш не было. Давялося на першых часох есьці крапіву і капаць гнілую бульбу на панскіх палёх. Карэлічы належалі да польскага графа Жалтоўскага, які меў найбольш зямлі. Во мы ішлі на поле і капалі бульбу.

Пазьней мы пераехалі зь вёскі Сапатніцы ў Карэлічы, у маленькі дом. Вялікага дома цяжка было пабудаваць, але нейкую хатку мой бацька збудаваў. На жаль, была бедная такая хатка, драўлянай падлогі мы ніколі ня мелі, жылі на зямлі, без падлогі. Бацька меў 1 гектар зямлі, і яму ўвесь час даводзілася хадзіць у панскі маёнтак на заробкі. Я спачатку вучыўся ў Карэлічах - у польскай пачатковай школе. Уся польская палітыка была скіравана на тое, каб асіміляваць беларусаў. І так здарылася, што адзін наш настаўнік прозьвішчам Рамановіч быў вялікі патрыёт, беларус, і страшэнна не любіў усё, што рабілі палякі ў Заходняй Беларусі, на нашых землях. Пасьля польска-савецкай вайны замест таго, каб даць зямлю беларусам, далі яе асаднікам, былым польскім вайскоўцам, а нам нічога. Давялося гараваць так і далей. Зямлю графа Жалтоўскага таксама раздалі асаднікам. Жалтоўскі паходзіў з беларускай шляхты, але, на жаль, уся наша шляхта здрадзіла Беларусі, перайшла на польскі бок. Рабіла польскую справу і не прызнавала, што Беларусь мае сваю культуру, сваю мову і павінна мець сваю незалежнасьць.

Настаўнік Сьцяпан Рамановіч проста ня мог сьцярпець, што робіцца на нашых землях. У сваіх лекцыях ён выказваў крытыку, можа, не надта вострую, трохі закрытую. Напрыклад, адзін раз у чацьвертай клясе пачынаў альгебру, самае першае зь яе - гэта знакі плюс, мінус. Я быў першым матэматыкам у клясе. У школу хадзіў босы, падпяразаны путам, нават не было рэмня ніякога. І вось: Кіта - да табліцы, значыць, да дошкі. Ён гаварыў па-польску, таму што выкладаньне было толькі на польскай мове. Лік ёсьць пазытыўны і негатыўны. Ёсьць кляса пазытыўных, якіх мы адзначаем плюсам наперадзе, і ёсьць кляса негатыўных лікаў, якіх мы адзначаем мінусам. А пасярэдзіне нуль. Як гэта добра зразумець? Я ўжо стаю каля табліцы, і настаўнік на прыкладзе продажу на кірмашы жыта распавядае арыфметычную задачку з набыткам і стратай. I ў ёй меўся сацыяльны элемэнт. А на задняй парце сядзелі дзеці польскіх асаднікаў, якія данесьлі пра тое бацькам: маўляў, Рамановіч крытыкуе і сьмяецца з асаднікаў. Бацькі пайшлі да дырэктара, заядлага паляка, таксама былога легіянэра. Справа пачалася адразу. Выклікалі з Наваградку школьнага інспэктара і зрабілі вялікае дасьледваньне, каб звольніць настаўніка з працы. Усіх нашых вучняў выклікаюць, пытаюцца: гэта ён гаварыў ці не гаварыў і як гаварыў? Хлопцы-беларусы зразумелі, што дрэнь справа, і, як сягоньня памятаю, напярэдадні сабраліся каля рэчкі Сервеч і дамовіліся: не здамо свайго настаўніка, не прадамо яго. Мяне першага выклікалі, бо я ж тады каля дошкі быў. Нічому такому дрэннаму ён не вучыў, кажу, ні проціў каго не выступаў. Няпраўда, мне гавораць, вось ён казаў так, вось сьведка. А я кажу: не! І ўсе пацьвердзілі, што нічога ён не гаварыў дрэннага. І яго ня звольнілі, а толькі перавялі ў Польшчу, каб нэйтралізаваць. Вось гэты выпадак паказвае, якая была атмасфэра ў Беларусі ў самым пачатку. Я мушу сказаць, што маё сьведчаньне вельмі памагло, можа, выратавала яго.

Здарылася так у жыцьці, што я выратаваў яго зноў. Мінула шмат гадоў, прыйшлі Саветы, я тады займаў высокае становішча ў Баранавічах, быў акруговым школьным інспэктарам. І вось сяджу ў сваім кабінэце, і нехта стукае да мяне ў дзьверы. Кажу: калі ласка, заходзьце. Увайшоў высокі афіцэр. Пытаюся, у чым справа? Кажа, у вас у Карэлічах ёсьць дырэктар школы Рамановіч, але мы маем зь ім важны клопат. Да нас прыходзяць весткі, што ён увесь час на лекцыях ганіць савецкую ўладу. Тады ганіў польскую, цяпер ганіць савецкую. Дык я кажу: а я яго ведаю, вы яго прабачце, ён проста такі чалавек. Я ім займуся. I мне паверылі. А каб я яго тады не абараніў, ён бы апынуўся ў Сібіры. Пазьней ён выйшаў на пэнсію, прыдбаў цудоўны дом у Вільні і там закончыў сваё жыцьцё. Жалаваньне, што плацілі ў польскіх школах, было добрае, ён меў 600 злотых, а, да прыкладу, карова каштавала 50 злотых, пуд жыта - 2 злотыя.

А тады, у пачатковай школе, настаўнік Рамановіч нам аддзячыўся, выбраў чатырох з нас і цэлае лета вучыў матэматыцы, падрыхтоўваў у Наваградзкую беларускую гімназію. Пасьля чаго я здаў экзамен у шостую клясу гімназіі. Вялікае дасягненьне было ў тым, што мы адразу трапілі ў шостую клясу. Я там вучыўся тры гады. Гэта адыграла страшна вялікую ролю ў маім жыцьці, бо ў гімназіі гартаваліся беларускія патрыёты, і я ўвесь час знаходзіўся на беларускім абшары. Пасьля пайшоў ва ўнівэрсытэт, пасьля заканчэньня яго быў дзесяць год настаўнікам, дырэктарам Віленскай беларускай і Наваградзкай гімназіяў. Гэта пры польскіх і савецкіх часох. Пасьля пры немцах быў дырэктарам Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі, затым Пастаўскай семінарыі і апошнім разам - дырэктарам Адміністрацыйна-гандлёвага інстытуту ў Маладэчне.

Трэба зазначыць, што беларуская вёска тых часоў заўсёды была патрыятычна настроена на беларускасьць. Дзякуючы ёй мы мелі родную мову, якую пазьней саветы, калі прыйшлі, сталі вынішчаць. Мае сябры, школьнікі, змагаліся супраць апалячаньня. Цэнтрам беларускасьці былі беларускія гімназіі. Мы таксама дапамагалі палітычнай дзейнасьці грамадзтва. З самага пачатку была заснаваная Беларуская сялянска-работніцкая Грамада, якая адразу паказала высокі беларускі ўздым. Цягам некалькіх месяцаў мы сабралі 100 тысяч сяброў. На чале Грамады стаялі: Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Радаслаў Астроўскі ды іншыя дзеячы. Астроўскі быў старшынёй Таварыства беларускай школы (ТБШ). Напачатку Польшча была дэмакратычная. А пасьля таго, як Пілсудскі зрабіў пераварот, у Польшчы ўстанавілася дыктатура, распачалося зьнішчэньне беларускага этнасу. I ўкраінскага таксама. Асыміляцыя меншасьцяў стала галоўнаю мэтай польскіх дзеячаў. Але тады ў нас была Грамада і панаваў вялікі ўздым сярод беларускага насельніцтва. Мы, вучні гімназіі, езьдзілі па вёсках і закладалі гурткі. Я сам заклаў гурток у Карэлічах, дзе майго бацьку абралі на старшыню. Уся вёска сабралася ў бацькавай хаце і вырашыла заснаваць гурток. Мой бацька быў інтэлігентны чалавек, прыехаў з Пецярбурга. Але, на жаль, Беларуская сялянска-работніцкая Грамада існавала нядоўга. Польскія ўлады яе проста спужаліся, хаця ў тыя часы яшчэ захоўваліся нейкія канстытуцыйныя правы, што дазвалялі палітычны рух нацыянальных меншасьцяў, які яны не маглі спыніць.Тады польскія ўлады прыпісалі ёй лучнасьць з камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі, забароненай у Польшчы. I ўчынілі суд над Грамадой, які і зьліквідаваў яе. Карэлічы і асабліва вёска Запольле былі страшэнна рэвалюцыйныя, яны проста рабілі паўстаньні, польская паліцыя арыштоўвала паўстанцаў і расстрэльвала ў Наваградку. А яшчэ раней паўсталі ў Ярэмічах, дзе паліцыя і войска арыштавалі шмат людзей, якіх прывезьлі ў Наваградак, а пасьля судзілі і расстрэльвалі. Я быў тады малы, меў 11 год ці што, памятаю, як нашых хлопцаў везьлі скаваных праз Карэлічы. Гэта было ў 21-м годзе. А ў нас чатырох, што паехалі ў беларускую гімназію, па-рознаму склаўся лёс. У Аркадзя Вярбіцкага, Язэпа Гоцкі, Канстанціна Васілеўскага... Трэба сказаць, што шмат нашых вучняў былі ўцягнены ў камуністычную партыю Заходняй Беларусі, ім нагаварылі ўцякаць ва Усходнюю Беларусь. Гоцку забілі немцы, Васілеўскі згубіўся недзе на Захадзе. На жаль, шмат нашых, што пераходзілі савецкую мяжу, там лічылі шпіёнамі і нішчылі. I сярод іх Аркадзь Вярбіцкі, мой сябра, зь якім я разам вучыўся ў пачатковай школе, гімназіі і ўнівэрсытэце. Перад тым яго судзілі за прыналежнасьць да кампартыі, ён доўгі час сядзеў на Лукішках, на суд мяне выклікалі як сьведку абароны. Тады была такая адвакатка Заштаўт-Сукяніцкая, полька, яна бараніла ўсіх нашых людзей, дык гэта яна паклікала, каб я сьведчыў. Што я сьведчыў? Я ж жыў з імі разам на адной кватэры ў Наваградку, яны выпісвалі шмат газэтаў зь Менску. Дык адвакатка пыталася: ці газэта атрымана нелегальна, з рук, ці прыйшла па пошце? Я выйшаў і сьведчыў, што гэтая газэта, якую яны атрымалі, прыйшла па пошце, і пытаньне зьнялося. Вярбіцкі атрымаў невялікі тэрмін - пяць год турмы, пасьля пайшоў у саветы і згінуў. Было шмат такіх выпадкаў і ў нас, у гімназіі. Усе, што пайшлі ва Усходнюю Беларусь, усе згінулі. Было гэтак. Падчас вучобы я быў найлепшы матэматык, усе мае таварышы прыходзілі да мяне рашаць задачы. Кожны дзень у мяне зьбіралася поўная хата хлопцаў. А паліцыя пільнуе, што гэта яны робяць? Дык усіх нас арыштавалі. Безумоўна, я ведаў усё, што рабілася, а на допыце - я хачу гэтым ганарыцца - нічога не сказаў. Як на мяне ні націскалі. А тых, якія расказалі пра сябе, дык засудзілі аж на сем гадоў турмы. І так яны дасядзелі да прыходу Чырвонай Арміі, а пасьля прыходу яе ім далі яшчэ па 12 гадоў - у дадатак. А чаму? Ну, палякі ўсё ж раз'ядалі камуністычную партыю Польшчы, для чаго прымянялі мэтады засылкі сваіх агентаў, як пасьля і пры саветах рабілася. Дайшло да таго, што Сталін загадаў забараніць кампартыю Заходняй Беларусі. І ўсіх пасадзіў. І там былі шмат якія мае сябры. Ніколі не забудуся, быў такі Панько, я зь ім дружыў, родам ён з Наваградку. І калі палова вучняў апынулася ў камуністычнай партыі, а пасьля ўсіх нас арыштавалі, ён, відаць, прызнаўся ў чымсь, і яму далі сем год. І ён усе сем год сядзеў. Прыйшлі саветы, дык замест таго, каб зрабіць яго героем, яму далі яшчэ 12 год. А пасьля, пры немцах, таксама лавілі такіх, што зьвязаныя былі з камуністамі, і забівалі. Адзін мой знаёмы сядзеў так пры Польшчы за камунізм, пасьля сядзеў пры камуністах, а як прыйшлі немцы, дык таксама пасадзілі яго ў тую самую турму. Адзін стары турэмшчык яго пазнаў і сказаў немцам: што вы робіце - ён жа тут сядзеў пры камуністах? І яго выпусьцілі. Вось так.

Камуністы мяне вабілі да сябе ўвесь час. Але што мяне ад іх ратавала? У нас быў дырэктар Цеханоўскі, беларускі нацыяналіст, дык ён узгадоўваў нас беларускімі патрыётамі, заснаваў беларускі гурток і ўсё агітаваў працаваць толькі на беларускую нацыянальную справу. І тым нас выратаваў. Хаця я таксама памагаў тым хлопцам, што прыходзілі да мяне па матэматыку, перапісваў ім усялякія паперы. Але заўсёды, усё жыцьцё я ставіў матэматыку вышэй за палітыку.

У маладосьці ўсе мы былі надта лібэральныя. Як некалі Чэрчыль сказаў: хто да 30 гадоў ня быў лібэральны, то ён сэрца ня меў, а хто пасьля 30 не зрабіўся кансэрватарам, то ён галавы ня меў. Але мы ўвесь час былі перадусім беларускія патрыёты. Усе 10 год, як я настаўнічаў, я праводзіў беларускасьць. Нават у клясе па матэматыцы чытаў беларускія вершы, каб захапіць вучняў. Бо каб захапіць матэматыкай, трэба нешта асаблівае рабіць, і я лекцыі пачынаў зь вершаў. Чытаў Ільяшэвіча, Хмару, Танка, Арсеньневу. Прыгожыя вершы. Танк быў папулярны.

Пазьней ужо мы чулі пра яго кепскае, што ён занадта пачаў хваліць "солнышка". Але, можа, яму так выпадала. Я быў надта расчараваны, калі пазьней, ужо ў Амэрыцы, чытаў "Новае рускае слова", дзе на дзьвюх старонках - пра Танка, што ён найбольш за ўсіх славіць "солнышка". Ня ведаю, ці то праўда было. Але я нічога пра яго не хачу гаварыць, бо я ня ведаю. Я мог бы яго таксама спаткаць, ён увесь час круціўся ў Вільні, аднак не заходзіў да нас. Ён таксама быў пракамуністычны, і, мабыць, хаваўся. Але ў той час і Грамада была зьвязаная з камуністамі. Нават Астроўскі! Але тады я яго ня ведаў. На маіх вачох ён быў гады чатыры, калі я бачыў, што ён робіць. І магу сказаць, што ён заўсёды шмат рабіў пазытыўнага для Беларусі, я яго заўжды лічыў беларускім патрыётам. Ён быў скарбнікам Грамады, старшынёй Таварыства беларускай школы. Паходзіць ён са Слуцка, дзе стварыў першую ў Беларусі беларускую гімназію і стаў яе дырэктарам. Браў таксама актыўны ўдзел у Слуцкім паўстаньні. Во які ён чалавек.

У Вільні было шмат розных партыяў. Быў таксама Беларускі сялянскі саюз, на чале яго стаяў Васіль Рагуля, сэнатар. Існавала Хадэцкая партыя на чале з ксяндзом Адамам Станкевічам, яна мела сваю ўласную друкарню і шмат рабіла для беларускай справы. Яны былі ўсе шчырыя беларусы. Трэба аддаць ім належнае - рабілі вялікую беларускую справу. Тыя ж Глякоўскі, Гадлеўскі ды іншыя. А ў нас, праваслаўных, беларускіх сьвятароў было зусім мала. Быў такі апантаны беларус Аляксандр Коўш, які вёў багаслужбу на беларускай мове.

Як прыйшлі немцы, палякі адразу хапіліся за ўсе ўлады і даносілі на беларусаў, зьнішчалі іх нямецкімі рукамі. Немцы расстралялі і Аляксандра Каўша. Але ў яго быў сын Станіслаў Коўш, былы вучань нашай гімназіі, я яго выпісаў у Амэрыку, дзе ён зрабіўся сьвятаром і пабудаваў прыгожую імя Еўфрасіньні Полацкай царкву ў Саўт-Рывэры. Але памёр ужо таксама.

 Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі. Барыс Кіт - першы злева ў другім радзе, 1933 г.

Цяпер пра гімназіі. У Польшчы было восем беларускіх гімназіяў. Найбольш дзейныя: Радашкаўская, Клецкая, Наваградзкая і Віленская. У 34-м годзе наша Наваградзкая была ўжо зачыненая. Яны зачыняліся, бо польскія ўлады хацелі асыміляваць Заходнюю Беларусь, якую яны называлі "Крэсы Усходнія". Але беларусы рабілі сваё, асабліва інтэлігенцыя, якая групавалася ў беларускіх гімназіях. Чатыры гімназіі - Радашкаўская, Барыс Кіт у класе Наваградскай беларускай гімназіі, 1939 г. Наваградзкая, Клецкая, Віленская - па чарзе былі зачыненыя, хоць усе мы змагаліся за іх існаваньне, рабілі ўсё, што магчыма, каб толькі ўтрымаць іх. Але тое было вельмі цяжка, бо польскія ўлады змагаліся проціў нас. З другога боку, дужа перашкаджалі камуністычныя ўплывы з Усходняй Беларусі, якія давалі ўладам падставу зачыняць гімназіі. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі была вельмі закаранена ў гэтых гімназіях. Радашкавічы проста называлі месцам перапраўкі беларусаў на Усход. Падобна, у меншай ступені тое адносіцца да Клецкай гімназіі, пазьней Наваградзкай, Віленскай гімназіяў. Хоць у Віленскай за часам Грамады вялікая колькасьць вучняў і нават настаўнікаў (такіх, як Астроўскі) былі членамі кампартыі. Але пасьля 37-га года, калі пачалася сталіншчына ва Усходняй Беларусі і зьнішчэньне ўсяго беларускага, калі ссылалі беларускіх паэтаў і дзеячаў у Сібір, заходнія беларусы-патрыёты зразумелі, у чым справа і перасталі глядзець на Усход. Гэта адносіцца да Луцкевіча і Астроўскага таксама. Яны вырашылі, што немагчыма далей арыентавацца на Усход. І з боку польскіх уладаў ім прапанавалі нейкае супрацоўніцтва толькі дзеля таго, каб яны перасталі кантактаваць з Усходняй Беларусяй. Пачалі ім даваць дапамогі, грошы і так далей. Але гэта было толькі напачатку. Праўда, былі і лібэральныя палякі. У Наваградак, напрыклад, прыйшоў ваявода Бэчковіч, які пасьля быў ваяводам Віленскім. Дык ён адзін зь першых польскіх лібэралаў зацікавіўся беларускай справай і нават хацеў дапамагчы беларусам, каб вырваць іх з-пад камуністычнага ўплыву. Нават прыходзіў да нас у гімназію інспектаваць нашу дзейнасьць. Пазьней ён дапамог атрымаць ёй дзяржаўныя правы. Бо раней беларускія гімназіі ня мелі ніякіх правоў, былі прыватныя, а паступіць у польскія беларусам не давалі. Беларусы змушаны былі ехаць у Чэхію. А чэхі так нам сімпатызавалі, што давалі магчымасьць прыезджым без усякай засьцярогі паступіць у Карлаў унівэрсытэт у Празе і вучыцца далей. Шмат зь іх пасьля вярнуліся на Беларусь і працавалі ў нашых школах. Напрыклад, Аляксандр і Пётра Орсы, Мікалай Гарошка ды іншыя. Цяжка было толькі перабрацца цераз мяжу. У Празе стварыўся беларускі цэнтр, там пазьней былі Ларыса Геніюш і Васіль Захарка.

Але ў 28-м годзе з дапамогай ваяводы Бэчковіча мы здолелі атрымаць дзяржаўныя правы, і ня трэба было ехаць у Чэхію, ехалі ў Вільню ці Варшаву і там канчалі ўнівэрсытэты. Дапамагала ў гэтым таксама Тэкля Грынеўская, жонка наваградзкага старосты, полька беларускага паходжаньня, якая пазытыўна ўплывала на Бэчковіча.

Беларускія гімназіі за часамі Польшчы былі платныя. Але бедныя вучні, што не маглі заплаціць і добра вучыліся (як я, напрыклад), заўсёды атрымлівалі стыпендыі. Такіх было шмат. Адным зь іх быў Леанід Барысаглебскі. Ён не эміграваў зь Беларусі, скончыў у Вільні фізычны факультэт і быў увесь час навукоўцам. Мы разам вучыліся яшчэ ў Наваградзкай гімназіі, дзе я адзін час быў старшынёй літаратурнага гуртка. Дык, памятаю, Барысаглебскі пісаў лепш за ўсіх. Ён выдатны навуковец, публікаваўся нават у замежных часопісах, я ў Амэрыцы чытаў ягоныя працы. Цяпер ён даўно пэнсіянэр, жыве ў Менску, некалькі разоў мы там спатыкаліся...

Што ж да Зыгмунда Бэчковіча, памятаю шмат цікавых момантаў адносна яго. Ён так хацеў, каб наша Наваградзкая гімназія была лепшай, прыходзіў да нас на лекцыі. Між іншым, часта мяне выклікалі да дошкі, бо я быў найлепшым матэматыкам. Пазьней ён даваў стыпендыі найлепшым вучням, дзяржаўны статус найлепшым настаўнікам. Гэта яшчэ да атрыманьня дзяржаўных правоў. Калі ж былі атрыманы дзяржаўныя правы, тады ўсе настаўнікі займелі добрую пэнсію. Увогуле, у Польшчы школьніцтва стаяла на вельмі высокім, прывілеяваным узроўні. Але толькі школьніцтва. Настаўнікі, як і іншыя працаўнікі, заўсёды атрымлівалі аванс. Калі аванс на іншых службах даваўся з выбарам, дык у школьніцтве - аўтаматычна ўсім. Звольніць настаўніка зь дзяржаўнай працы, як мяне, напрыклад, якога прасьледвалі за маю беларускую дзейнасьць, калі я меў поўнасьцю ўсталяваныя правы, школьная кураторыя ня мела права. Не зважаючы на ўсе мае палітычныя справы, школьная кураторыя не магла мяне звольніць. Па закону, каб звольніць усталяванага настаўніка, трэба было яму прыпісаць нейкую крымінальную справу, паслаць у міністэрства, і толькі міністэрства магло вырашыць, ці можна яго звольніць. За мной ніякай крымінальнай справы не было, а палітычных было шмат, дык мяне не маглі звольніць. Палітычная дзейнасьць зрабіла толькі тое, што мяне абвесьцілі пэрсонай нон грата і не выпушчалі за мяжу. Я хацеў паехаць у Эўропу, запісаўся ў экскурсію настаўнікаў, якая мелася паехаць вакол усёй Эўропы, заплаціў грошы. Мяне зьбіраліся спатыкаць у Берліне нашыя беларускія дзеячы, такі Шкутка. Але я не прыехаў, бо ў апошнія дні прыйшла тэлеграма з губернатарства Віленскага: пану ня ёсьць дазволены выезд за мяжу. Гэта было вельмі сур'ёзна. Але вайна ўсё перавярнула. У 70-м годзе я прыехаў як прадстаўнік акадэміі навук Амэрыкі і выкладаў у Ягелонскім унівэрсытэце. Вось так. Яны мяне не пушчалі з Беларусі, і я езьдзіў па ўсім сьвеце з Амэрыкі.

Я быў рэпрэсаваны польскімі ўладамі, сядзеў у розных турмах - за Грамаду ў Наваградку, на Лукішках за справу Таварыства беларускай школы. На Лукішках сядзеў разам з Шырмам, які з Хворастам быў у суседняй камары. Хвораст быў кіраўніком танцавальнай часткі ў Шырмы, быў страшэнна нэрвовы, ледзьве ня плакаў, хадзіў, крычэў, і я яму стукаў празь дзьверы: ціха ты, перастань. А мы з Хворастам некалі здавалі матуральныя дзяржаўныя экзамены. Ён разам з Шырмам выехаў у Менск, і там яны рабілі свае справы. Шырма быў вельмі прыемны чалавек. Вельмі добра ведаў я тады доктара Марцінчыка, памятаю яго беларускую дзейнасьць. А яго сястра Люба вучылася ў нашай гімназіі і стала доктарам мэдыцыны. Пасьля вайны яна выйшла замуж за беларуса Аляксандра Аўдзея, былога старшыню Стоўпцаўскага павету пры немцах, які скончыў палітэхніку ў Мюнхене і застаўся ў Нямеччыне будаваць дамы. Яны жылі ўвесь час каля Штутгарта, але бедная Люба захварэла на рак селязёнкі. Я застаў яе перад самай яе сьмерцю ў Штутгарце, і яна сабрала ўсіх беларусаў, што жылі там, каб мяне прывітаць. Хутка пасьля і памерла. Была надзвычай добрым чалавекам. Вось якія выходзілі з нашай гімназіі патрыёты. Можа, і ня ўсе яны бралі ўдзел у грамадзкай працы, але ўсе любілі сваю Беларусь. Яны таксама матэрыяльна падтрымлівалі беларускую справу. У нас шмат было або мэдыкаў, або адвакатаў. Быў такі Глінскі, патрыёт, адвакат, старшыня Беларускага студэнцкага саюза. Я спаткаў яго на эміграцыі, у Лёндане. У эміграцыі мала каму з нашых беларусаў удалося зрабіць кар'еру, дык яны мусілі фізычна працаваць. Глінскі Канстанцін да канца жыцьця прадаваў білеты на мятро. Калі я прыязджаў у Лёндан, найперш ішоў да яго, і той дзівіўся: што-о, адкуль ты ўзяўся, Барыс? З Амэрыкі, кажу, прыехаў цябе адведаць. І мы пазьней спатыкаліся ў розных выдатных мясьцінах гораду.

Перад самай вайной польскія ўлады так прыціснулі нас за беларускую справу, што немагчыма было дыхаць. Мы, настаўнікі, скончыўшы адзін год, ня ведалі, ці пачнем другі, Так цяжка стала, што мы рашылі пажаліцца. I зрабілі беларускую дэлегацыю ў Варшаву - да паслоў у Сойме і ўлады. У гэтую дэлегацыю ўключылі Глінскага, мяне і Астроўскага. А на той час Зыгмунд Бэчковіч, які добра да мяне ставіўся, стаў ужо сэнатарам. Мы пайшлі да яго, каб ён нам дапамог пабачыць высокіх міністраў. А той кажа: "Мяне так адсунулі, што цяпер я для вас нічога ўжо зрабіць не магу". І мы пабачылі толькі ніжэйшых чыноўнікаў, сэнатарку Ванду Пэльчынскую, якая што-нішто паабяцала. Калі вярнуліся дахаты і кураторыя даведалася пра паездку, дык Астроўскага першага паслала ў Лодзь настаўнікам. I тое яго ўратавала. Бо як пачалася вайна, Лодзь падпала пад немцаў. А жонка яго засталася ў Вільні. Саветы арыштавалі яе і выслалі ў Казахстан. Пасьля Натальлю Арсеньневу выпусьцілі з Казахстану, а Антаніну Астроўскую - не, і яна там памерла.

Перад самым нямецкім нападам на Польшчу прыйшоў загад перавесьці выкладаньне ў гімназіях на польскую мову. Але было ўжо позна, хоць улады гэтак сьпяшаліся. Пасьля прыходу Чырвонай Арміі ў нас шмат што зьмянілася. Замест Васіля Кавалевіча дырэктарам стаў я. Нас ахапіў незвычайны энтузіязм, здавалася, пачынаецца час спрыяньня беларушчыне. Мы разгарнулі гімназію ва-ўсю: тысяча вучняў, сто настаўнікаў, дзесяць інтэрнатаў. Моладзь Наваградчыны рынулася да нас вучыцца. Але тое трывала вельмі нядоўга. Прыйшла чутка, што Сталін аддае Вільню Літве, дзе зможа збудаваць вайсковыя базы. Мае вучні прыслалі дэлегацыю на чале з Лашэвічам. Выходзіла так, што нам трэба вяртацца дахаты, у Наваградак. Там я найперш зайшоў да кіраўніка абласнога школьнага адзьдзелу Арсенія Саўчанкі і распавёў яму ўсю гісторыю Наваградзкай гімназіі, як нас прыцясьнялі палякі. Гэта яго так усхвалявала, што ён сказаў: таварыш Кіт, ідзіце і рабіце ўсё, што палічыце патрэбным. Мы забралі назад свой будынак, адрамантавалі. Я паехаў у Вільню, забраў 80 працэнтаў усёй гімназіі і перавёз цягніком у Наваградак. Спадар Лашэвіч, які мне памагаў, захапіў яшчэ і аркестр, які прывёз у Наваградак. Дарэчы, гэты аркестр адыгрываў вялікую ролю ў нашай гімназіі, паднімаў наш дух, іграў па сьвятах, удзельнічаў у парадах. Першы раз у Наваградку мы скарысталі яго ў дзень гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ён іграў на плошчы. З прамовай тады выступаў Лашэвіч. У сваёй прамове ён на польскі манер ужыў слова "жыды", што дужа не спадабалася савецкім кіраўнікам, і тыя зьвярталіся да мяне з пратэстам. А пасьля мой сябра па працы Панько на мяне данёс, што я ў Вільні рабіў вялікую беларускую нацыянальную працу, і мяне зьнялі з пасады дырэктара гімназіі. Але праз кароткі час той самы Саўчанка, абласны школьны кіраўнік, прызначыў мяне на болей высокую пасаду - інспэктара ўсіх школаў Баранавіцкай вобласьці.

Дарэчы будзе зазначыць, што мой былы вучань Аркадзь Лашэвіч быў вялікім рупліўцам беларускае справы, калі пасьля вайны працаваў ваяводам у Беластоку. Праз гэта яго перавялі ў Варшаву.

Я некалі шмат езьдзіў па сьвеце і шмат дзе спатыкаў сваіх сяброў. Пра Глінскага ўжо казаў, а другі быў Барыс Суравы, які пры немцах служыў школьным інспэктарам Слонімскага павету. Дык ён быў кухарам у польскім рэстаране ў Лёндане. Калі я прыязджаў да яго, ён заўсёды хадзіў у шапцы, такой белай. Ён яшчэ жыве, а Глінскі памёр ужо.

Або вось лёс выдатнага беларускага пісьменьніка і драматурга Аляхновіча, які прабыў шмат год на Салаўках. Яшчэ да вайны яго выменялі на Браніслава Тарашкевіча. Тады Аляхновіч прыехаў у Вільню, напісаў славутую кнігу "У кіпцюрох ГПУ", якая разышлася па сьвеце ў дзесяці ці болей мовах. Я быў на сходзе, дзе ён распавядаў пра сваё зьняволеньне. А ў 39-м годзе, як прыйшлі саветы, Аляхновіч быў змушаны хавацца ў лесе, баючыся арышту. З прыходам немцаў пасяліўся ў Вільні. Але аднойчы да яго пастукаўся нехта, і калі гаспадар адчыніў дзьверы, той стрэліў у яго і забіў на вачох жонкі. Мы ўсе яго паважалі і любілі, асабліва ягоныя драматычныя п'есы, якія ставілі ў нашай гімназіі. Я браў удзел у тых спектаклях.

Аповяд другі

5 ліпеня, кавярня «Шнайдар»

Другі раз мы абралі іншую дарогу - ад Гаўптвахэ ў бок вакзалу. Крыху збоч наперадзе высіліся гонкія слупы хмарачосаў Камерцбанку, Выставачнага комплексу, Дойчабанку ды іншых. Тут яны відаць адусюль, бы нязьменныя сымбалі нямецкай фінансавай магутнасьці, знак еднасьці з заакіянскім сябрам. Спадар Барыс заўважае маю цікаўнасьць.

- Уражвае, але? Уражвае... А ўсё чаму? Падобныя на нью-ёркскія. Тут шмат што падобнае на амэрыканскае. Хаця і сваё ня горшае. Але ж гэта Амэрыка стварыла пасьляваенную Нямеччыну. Так што дзякаваць Богу, што менавіта Амэрыка, а не, прыкладам, Савецкі Саюз.

- Савецкі Саюз тады не даваў, а браў. Рэпарацыі і так далей.

- Во і добра, што браў, - нечакана пагаджаецца спадар Барыс. - Старызну пабраў, а на тое мейсца Амэрыка прывезла найноўшае. І Нямеччына паднялася з друзу.

То праўда. У гістарычным музэі на Ромеры месьцяцца вялізныя макеты разбуранага ў вайну Франкфурту. Жахліва. Гораду няма. Адны руіны, сярод якіх пракладзены сьцежкі-дарожкі для транспарту. А цяпер? Усё адноўлена. Стары, яшчэ з часоў Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі цэнтр дбайна рэканструяваны. Бы цацкі, шчыльненька стаяць на плошчы сярэднявечныя фахверкі, сьцены, агароджы... Брусчатка на плошчы ранейшая, яе зьбераглі, не залілі асфальтам. Дзіўна, што сярод руінаў ацалелі цэрквы, - зрэшты, гэта ўсюды загадка. Цэрквы выстаялі нават пасьля дывановых бамбовак - тут, і ўсюды. Ці не памагаў ім Бог? Цяпер усё, бы новенькае. Бы летась збудаванае.

А ў нас?

Тое праклятае пытаньне на Захадзе раз за разам стукае ў голаў, тузаецца ў душы - хоць ты не глядзі на навакольле ці забудзься на пакінутае дома. Параўнаньні міжволі выклікаюць благія пачуцьці, настройваюць на самаедзкі, крытычны да сябе лад. Хоць бы нагледзеўшыся на гэтую ўрбаністыку - старую ці мадэрновую, але аднолькава звабную і для пагляду, і для карыстаньня. Ня хочацца згадваць пра нашы струхлелыя драўляныя хаціны, зарослыя крапівой падмуркі пабураных цэркваў ды новыя сілікатныя аборы, амаль аднолькавыя для кароў і людзей.

- А ў нас - савецкае. Бо Сталін жа не прыняў плян Маршала. Для Сталіна ягоная камуністычная фанабэрыя была вышэй за лёс народу. Хоць бы і народу-пераможцу.

Фанабэрыя ці нянавісьць - тое зьмясьцілася ў адно, у паталягічную нянавісьць да Захаду, якому ён рыхтаваў сьпярша сусьветную рэвалюцыю, а затым атамную вайну. Было б што есьці, ён, напэўна, рушыў бы ад Бэрліну да Ля-Маншу, каб канчаткова вырашыць ненавісную праблему капіталізму. А разам і любага яму сацыялізму. Ды для пераможцаў не хапала хлеба. Зброі было навалам, а хлеб зьнік. Як было бяз хлеба рабіць сусьветную рэвалюцыю?

У кавярні тым часам пуставата, мы выбіраем сабе ўтульны куточак у канцы разгароджанай на адсекі залі. Але паступова заля пачынае напаўняцца - гэта ў банках-хмарачосах пачынаецца перапынак на абед. Ціха, без мітусьні банкаўскія клеркі рассаджваюцца за столікамі. То ў бальшыні маладыя людзі ў строгіх гарнітурах і з сур'ёзнымі тварамі. Піва яны ня п'юць, болей - ваду, хутка і моўчкі ядуць і па адным зьнікаюць, кіруючы да сваіх разумных кампутараў. Мы не сьпяшаемся, і кельнэр чакае - што будзем есьці? Але найперш - што будзем піць? Піва - о'кей. Але якое? Тут дзесяткі гатункаў піва. (Зноў няпростая праблема выбару.) Спадар Барыс прастадушна жартуе:

- Выбар піва - ня выбар прэзыдэнта. Тут трэба галаву мець, каб не спудлаваць, бо жывату ж адказваць. - І раптам рашуча загадвае:

- Цвай маль вейцэн-бір!

- Гросэ?

- Гросэ!

- Яволь! - згодна адгукаецца вышкалены, франтавата апрануты кельнэр, і праз хвіліну на стале паяўляюцца два перапоўненыя, зь пенай келіхі.

- Ну цяпер пагамонім...

- Другая сусьветная вайна, ці другая яе частка, калі немцы напалі на Савецкі Саюз, усіх нас захапіла раптоўна. Я тады знаходзіўся ў Вільні. А ў Вільню трапіў, уцёкшы з Беларусі. Калі я яшчэ быў школьным інспэктарам Баранавіцкай вобласьці, дык аднойчы дачуўся, што ў Наваградку ладзіцца вялікае зборышча беларускіх пісьменьнікаў, прыехалі Янка Купала і Якуб Колас ды іншыя. Я хацеў зь імі спаткацца і прыехаў з Баранавічаў у Наваградак. Але перад тым, як пайсьці на сход, зайшоў да свайго старэйшага прыяцеля доктара Станіслава Станкевіча, які яшчэ працаваў настаўнікам у маёй гімназіі. I ён мне сказаў: "Барыс, дрэнная справа. Як цябе перамясьцілі з Наваградка ў Баранавічы, дык НКВД усіх нашых настаўнікаў паклікаў і пытаўся, што ты рабіў за часам польскім у Вільні? Разам з Астроўскім і гэтак далей. Так выглядае, што табе трэба нешта рабіць, можа, выехаць куды з Баранавічаў". Я тады вырашыў паехаць у Вільню. Празь якіх два тыдні пачалася вайна.

Аднойчы, калі мы з прыяцелем Кавалевічам - былым дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі - гулялі па горадзе, пачаліся алярмы, як нам падалося, - пробныя. Але я зірнуў на неба і пабачыў "месершміта". Не, кажу, гэта ня пробныя. Гэта паветраны напад. У першы ж дзень быў зьнішчаны віленскі аэрадром Парубанак. Пачаліся жахлівыя бамбардыроўкі Вільні, і я вырашыў пакінуць яе. Тады ж вечарам вырашыў дабірацца да Баранавіч, дзе была мая жонка. Яшчэ патрапіў даехаць цягніком да Ліды, а ўжо ад Ліды пехатой, каб узяць сваю жонку і недзе хавацца. Немцы нас перахапілі, як я зь цяжарнай жонкай ішлі з Баранавічаў, дагналі нас у Сталовічах, дзе яны стралялі ва ўсіх падворках. Мы схаваліся ў гумне і сядзелі там тры дні і тры начы. Немцы так хутка ішлі наперад, што пакінулі ззаду цэлыя арміі. Атрымлівалася так, што ўдзень ідуць немцы, а ўначы - савецкія войскі. Канавы, узбочыны - усё было завалена цяжкой савецкай зброяй. Калі мы праходзілі праз Карэлічы, я раптам спаткаўся з адным сваім знаёмым, Друцькам, той быў на кані, аказваецца, ён ужо камендант паліцыі. Убачыўшы мяне, ён аж закрычаў: "Барыс, адкуль ты? Мы цябе шукаем, каб расстраляць. Уцякай хутчэй!" Ён і яшчэ ўратаваў аднаго - Дыдышку, якога загадаў скінуць з грузавіка, калі яго вязьлі на расстрэл. Той пасьля скончыў кансэрваторыю і цяпер жыве ў Менску. А Друцька зьнік.

Прыйшлі ў Лебедзева, дзе я доўгі час сядзеў на печы, хаваўся. Тады я дачуўся, што немцы, заняўшы Баранавічы, расстрэльвалі нашых школьных інспэктароў. Расстралялі і аднаго вячэрняга інспэктара, Генрыха Дэмбінскага, выдатнага польскага сацыялістычнага дзеяча. А пазьней пачалося будаўніцтва беларускага школьніцтва. Беларускі актыў стаў наракаць, што я сяджу, нічога не раблю. Ксёндз Гадлеўскі, які тады быў галоўным школьным інспэктарам усяе Беларусі (пазьней яго расстралялі немцы), паводле чутак, казаў: што гэты Кіт сядзіць там на печы, пара ўжо яму вылазіць адтуль. Тады я паехаў у Маладэчна, дамовіўся са школьным інспэктарам. Далейшыя мае падзеі ўжо вядомыя, бо былі апісаныя... Тады я і вырашыў заснаваць у Маладэчне беларускую настаўніцкую семінарыю. Дарэчы сказаць, што ўсе школы, дзе я калісь працаваў ці арганізоўваў іх, былі чыста беларускія. Мяне зацікавіла маладэчанская традыцыя, бо там яшчэ за царскім часам існавала настаўніцкая семінарыя, што было важна. Беларусы таму спрыялі, асабліва школьны інспэктар Маладэчанскага раёна спадар Яворскі, які і дагэтуль жыве, сядзіць у Сібіры, куды ён быў сасланы пасьля вайны. Ён быў надзвычай цудоўны беларускі патрыёт і пачаў са мною беларускае школьніцтва на Маладэчне. Каб атрымаць дазвол, нам даводзілася езьдзіць у Менск, у школьны адзьдзел генеральнага камісарыяту, там быў нямецкі начальнік Сівіца, а ягоны заступнік - беларус доктар Яхім Скурат. Скурат быў мой калега па Віленскаму ўнівэрсытэту, я зь ім сябраваў, і ён памагаў мне. Мы ўгаварылі немца Сівіцу даць нам дазвол адчыніць беларускую настаўніцкую семінарыю. З гэтым дазволам мы ўсьцешаныя прыехалі ў Маладэчна, і я разгарнуў усю справу. Атрымалі асобны дом, надрукавалі афішы. На працягу некалькіх дзён запісалася 300 чалавек моладзі. Але хутка ўсё зьнікла. Мы ня ведалі, што, апроч Менску, трэба яшчэ атрымаць дазвол ад нямецкага гебітскамісара Шмідта ў Вялейцы. Як ён даведаўся, што я без ягонага дазволу адчыніў семінарыю, дык так зазлаваў і на сваёй машыне прыехаў у Маладэчна. Найперш зачыніў друкарню, дзе друкаваліся афішкі, і шукаў мяне, каб арыштаваць. Тады я паехаў у Менск да спадара Скурата і таго ж Сівіцы, а яны: "Ну што ж, мы цябе пашлем у другое мейсца". І паслалі мяне ў Паставы таксама дырэктарам беларускай настаўніцкай семінарыі, якая ўжо была адчыненая. Яе адчыніў школьны інспэктар і мой калега Пятро Шчасны. Там на мяне гневаліся, бо я парушыў нямецкі закон, каб не прымаць у беларускую школу дзяцей іншых нацыянальнасьцяў, напрыклад, палякаў. Я паціху прымаў іх, бо мне было іх шкада. Дык мяне за тое крытыкаваў Шчасны, нават пагражаў.

Аднойчы, як я ехаў да свае хаты ў Лебедзеве, мяне арыштавалі і пасадзілі ў турму. 30 дзён я сядзеў у Глыбокім. Мяне абвінавачвалі, што я нібыта маю сувязь з партызанамі, што я англа-амэрыканскі шпіён і г. д. Умовы ў турме былі страшэнныя - на дварэ сьцюжа, а ў склепе стаяла адна печка, якая заўсёды капціла. Я накрываўся кажухом, каб зьберагчы вочы. Завяліся вошы. Кожную ноч чакаў сьмерці. Нас было там чалавек 30, дык кожную ноч расстрэльвалі чалавек 25, на наступны дзень зноў нагоняць і зноў бальшыню расстраляюць уначы. I так цягам месяца. Мне шчасьціла заставацца ў ліку тых пяці. Кожную ноч заходзіць нямецкі жандар і пачынае зачытваць прозьвішчы, а як даходзіць да К, дык пачынае цьвеліць: кі, кі... Усе мы там баяліся сьмерці, уначы расказвалі адзін аднаму розныя аповяды. I я разам зь іншымі думаў, што, можа, гэта апошні мой дзень. Сядзела шмат беларусаў, сялянаў. Памятаю аднаго, які са мной вельмі дружыў, пазьней яго расстралялі, ён расказваў, як яго арыштавалі. "Мая вёска была блізка ля чыгункі, дык уначы зімою прыйшлі партызаны, сабраліся ў маёй хаце, пасьля пайшлі на чыгунку і падклалі міну, ну і ўзарвалі цягнік. А раніцай прыйшлі немцы, бо на сьнезе ўбачылі сьлед ад чыгункі аж да маёй хаты, і арыштавалі мяне. І вось я з вамі тут сяджу і чакаю сьмерці". Такіх людзей там было шмат. Памятаецца мне адзін настаўнік, сядзеў таксама за сувязь з партызанамі. Наогул там працэнтаў, можа, 80 сядзела за сувязь з партызанамі. А вось яшчэ адзін такі, усё мне распавёў. Кажа, яшчэ адна ноч мінула, але я адчуваю, што памру. А ў яго такія прыгожыя боты, халявы такія новыя, кажа: забярыце іх. А я яму: што вы, яшчэ будзеце жыць. Ды ён не паверыў і ў сваіх ботах халявы парэзаў. І праўда, прыйшла ноч, узялі 25 чалавек і яго таксама. А пасьля назад везьлі толькі вопратку. Паглядзеў я праз вакно і бачу: вялізны воз вопраткі, а наверсе ягоныя боты з парэзанымі халявамі.

На той час ужо працавала Беларуская цэнтральная рада ў Менску, і там даведаліся, што я сяджу ў Глыбокім. Яны баранілі сваіх людзей. А ў Глыбокім быў прадстаўнік БЦР Нікандра Мядзейка. Ён дамогся, каб мяне перавялі ў галоўную цэнтралю СД у Вялейцы. Цягніком мяне, скутага, прывезьлі ў Вялейку. Пачалося новае зьняволеньне. Кінулі мяне ў камару, бачу, уся падлога занятая людзкімі целамі, няма куды ступіць. Нехта падняўся, пытаецца: "А ты вошы нам прывёз ці не?" Такое было вітаньне. Пачалося турэмнае жыцьцё. Кожнага дня выпушчалі нас пагуляць на двор. У дзьвярох стаяў вартавы, але не немец, а паляк, паскудны такі чалавек. Па прозьвішчы Генрых Сянкевіч. Пазьней усіх іх паарыштавалі ці ў Польшчы, ці ў Амэрыцы. За 30 дзён у мяне вырасла чорная барада, дык гэты Сянкевіч падумаў, што я жыд. Ён адмыслова зь мяне зьдзекваўся. Як я праходзіў празь дзьверы, дык ён мяне біў гумовай палкай па галаве, я ледзьве ня падаў. Неяк раз нас павялі ў лазьню, і ён пабег за мной паглядзець, ці я жыд? Упэўніўся - не. На допыце ў гестапа шмат чыноўнікаў гаварылі па-расейску, гэта былі латышы. Латышы заўсёды адыгрывалі страшна паскудную гістарычную ролю. Яны расстрэльвалі пры бальшавікох у ЧК, а як прыйшлі немцы, апынуліся ў складзе вялікай эсэсаўскай дывізіі. Як у нас некалі казалі: ці ёсьць латышская нацыя? Адказвалі: няма. Ёсьць латышская прафэсыя. Не хачу абражаць гонар усяго латышскага народа, але, кажу шчырую праўду, - былі розныя латышы.

Так здарылася, што ў немца Шмідта, гебітскамісара Вялейкі, які забараніў мне семінарыю, быў беларускі давераны пры Віленскім гебітскамісарыяце Кастусь Касяк, мой былы вучань зь Віленскай беларускай гімназіі. Ён мяне і ўратаваў. Гэта быў дужа таленавіты вучань. Калі я ў Вільні аднойчы захварэў і лёг ва ўнівэрсытэцкі шпіталь, дык Касяк кіраваў заняткамі па матэматыцы. Пражыў ён усяго каля 30 гадоў. Пра ягоную сьмерць ёсьць дзьве вэрсіі. Адна - што яго павесілі ў Вялейцы пасьля прыходу Чырвонай Арміі. А другая вэрсія была іншая, яна выкладзена ў кнізе Юзафа Мацкевіча, знакамітага польскага пісьменьніка, які апісаў ганебную дзейнасьць АК на беларускіх землях, вынішчэньне беларускай эліты празь нямецкія рукі. Кніга называлася "Не магу маўчаць", гэта быў вельмі шляхотны крок з боку польскага пісьменьніка. Ён напісаў, што Кастусь Касяк загінуў у Валожыне, куды перад канцом быў пераведзены начальнікам раёну, а там на яго данесла немцам АК, і ён быў расстраляны.

Гэта я пра сябе апавядаў, але тое ж рабілася ва ўсёй Заходняй Беларусі. Трэба зазначыць, што напрыканцы акупацыі Беларусі немцы давалі болей магчымасьці беларусам. А напачатку ўся ўлада ў раёнах была ў руках палякаў, якія па загаду АК займаліся справай ліквідацыі беларускай інтэлігенцыі. Можна згадаць вельмі шмат прозьвішчаў нашых людзей, якія тады загінулі. Рабілася гэта спосабам даносаў. Немцы без суда і сьледства адразу расстрэльвалі. Варта было толькі паказаць, што во той камуніст, не зважаючы, ці то праўда, ці не. Быў загад Гітлера зьнішчаць усіх палітрукоў, усіх савецкіх чыноўнікаў ці камуністаў.

Нарэшце немцы зразумелі, чаму палякі скрозь занялі кіруючае становішча. Бо яны прыехалі з Галічыны і першаклясна гаварылі па-нямецку. А мы, беларусы, не. I перакладчыкі тлумачылі немцам так, каб было нам на шкоду. Так прайшло гады два, а пасьля немцы ў адну ноч перастралялі ўсіх польскіх начальнікаў раёнаў. У Маладэчне ў нас быў такі Віктар Уневіч, ён прыкідваўся беларусам. Тады ўжо выгадней было назваць сябе беларусам, чым палякам, бо да палякаў прымаліся больш суровыя меры, чым да беларусаў ці ўкраінцаў. Беларусы і ўкраінцы апынуліся ў немцаў на больш прывілеяваным становішчы. Калі бралі палонных, палякаў і расейцаў не пушчалі, а беларусаў і ўкраінцаў пушчалі дахаты. Дык Віктар Уневіч, начальнік Маладэчанскага раёна, пачуў, што я беларус, інтэлігент, сяджу на печы, увесь час прысылаў да мяне прапановы, каб я выйшаў і што-небудзь рабіў, а не сядзеў на печы. А я думаю: дзякуй табе, бо ты выцягваў людзей наверх, а затым расстрэльваў. Не, лепей буду хавацца. І хаваўся, аж пакуль не пайшоў працаваць у семінарыю. Вось выйшла ў Беластоку кніжка пра адну беларускую дзяячку, нашу былую гімназістку Ганну Катковіч. Яна была толькі перакладчыцай і за гэта страшэнна пацярпела. Яна ўцякла на Захад, у Нямеччыну. Але там папала ў савецкую акупацыйную зону, пасьля перабралася ў Польшчу, і напачатку там нічога зь ёй не здаралася. А затым папалася ў Смерш, які ўсіх гэткіх хапаў і вывозіў у Сібір альбо расстрэльваў. І яе таксама саслалі ў Сібір, дзе яна і памерла. Такі лёс Ані Катковіч.

Астроўскі і ўвесь беларускі актыў бачылі, што немцы адступаюць, што іхняя справа дрэнь і яны цяпер будуць згаджацца з усім, што беларусы захочуць. Далі дазвол на БЦР, арганізацыю, да якой належала школа, СБМ; дазволілі арганізаваць Беларускую самаахову, нешта падобнае да арміі. Усё тое рабілася згары, Астроўскі са сваімі памочнікамі часта не ва ўсім выконвалі загады генеральнага камісарыяту. Немцы, вядома, вагаліся, каб не даць занадта самастойнасьці беларусам ці ўкраінцам. Але нікому яны не далі столькі самастойнасьці, колькі беларусам. Пасьля Курску справы нямецкія пайшлі яшчэ болей уніз, але іхняя карная палітыка не слабела. Я быў тады падрыхтаваны памерці ў нямецкай вязьніцы, і быў выратаваны толькі дзякуючы маім сябрам.

Астроўскага ў часе вайны я амаль ня бачыў. Я зь ім працаваў у Вільні, калі ён быў дырэктарам гімназіі. Тады ён рабіў на нас цудоўнае ўражаньне як беларускі патрыёт і палымяны прамоўца. Мы тады ўжо ўведалі, што ён вялікі беларускі дзяяч, браў удзел у Слуцкім паўстаньні, заклаў у Слуцку першую беларускую гімназію і, здаецца, належаў да БНР у 18-м годзе. Пасьля пераезду ў Вільню ён быў дырэктарам беларускай гімназіі, адначасна адыгрываў вялікую ролю ў дзейнасьці Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, а таксама Таварыства беларускай школы, быў скарбнікам БСРГ і старшынёй ТБШ, што пазьней пераняў ад яго Рыгор Шырма. Палякі яго судзілі разам з усімі за ўдзел у Грамадзе. Будучы дырэктарам, ён трапіў у вельмі цяжкую сытуацыю. Тады гімназіі і нашыя вёскі ўсё яшчэ былі пад уплывам камунізму, спадзяваліся, што на Усходзе ствараецца нашая бацькаўшчына, новая наша дзяржава. Камуністычная прапаганда мела вялікі посьпех. Усюды ствараліся гурткі, якія рабілі абструкцыю ўладам і, замест таго каб дапамагчы беларускай справе, толькі шкодзілі ёй. У Віленскай гімназіі ўжо не стала магчыма працаваць. I калі туды прыйшоў Астроўскі, ён найперш пачаў рабіць парадак. Тады падняліся супраць яго, казалі, што ён садзіць вучняў у турму. Але гэта няпраўда, ніколі ён нікога не садзіў. Іншая справа, што многія самі траплялі ў турму, а ён выцягваў з турмы, ратаваў іх. Напрыклад, вучня з Брэста Міколу Засіма, якому ён даў стыпендыю і вывучыў на доктара. Астроўскі заўжды праводзіў вялікую патрыятычную беларускую дзейнасьць. У Вільні ён таксама быў вельмі знаны сярод польскай інтэлігенцыі, выступаў у клюбе Влучэнгі, дзе інфармаваў польскую эліту пра беларускія справы. Некалькі разоў я там быў і чуў, як Астроўскі мужна крытыкаваў польскія ўлады за іх негатыўныя адносіны да беларусаў. У 34-м годзе была зачыненая Наваградзкая беларуская гімназія, у 32-м - Клецкая. Мы ў Наваградку будавалі новы будынак гімназіі, бацькі вазілі пясок, камяні, працавалі і мы самі. Той будынак пазьней улады ў нас адабралі. А калі будавалі, праз Наваградак праязджаў прэзідэнт Польшчы Ігнат Масьціцкі, і яму даручылі закласьці вуглавы камень. Пры гэтым ён мусіў сказаць прамову, дзе паабяцаў, што ніхто не зачыніць гэтую гімназію. Але пасьля ўсё ж зачынілі. I вось падчас аднаго сходу выступіў Астроўскі, які сказаў: як вам можна верыць? Тады з першага раду ўстаў ваявода віленскі Кірцікліс і сказаў: "Пан дырэктар, вы можаце гаварыць усё, толькі не чапайце нашага дастойнага прэзідэнта". Тое сталася дужа небясьпечна, але Астроўскі быў чалавек мужны.

Аповяд трэці

6 ліпеня, гатэль «Хілтан»

Ваенны боль здаўна сядзіць у душы кожнага беларуса - і ў тых, хто ваяваў, і ў тых, хто нарадзіўся пасьля вайны. Увогуле тое зразумела: надта шмат тады перажылося, ператрывалася. А яшчэ больш, можа, засталося ў загадках - не асэнсаванае і не засвоенае, замененае пасьля прапагандовымі мітамі, болей зручнымі для разуменьня, чым праўда. I для народнай памяці таксама. Паступова міты зацьмілі сьвядомасьць народу.

Барыс Кіт з жонкай і сынам Уладзімірам. 1944 г.

Спадар Барыс Кіт - не салдат, не партызан мінулай вайны, але і не калябарант, не прыслужнік акупантаў. Найперш ён - беларускі інтэлігент, патрыёт сваёй краіны. Як і ў міжваенны час, ён імкнуўся заставацца верным свайму настаўніцкаму пакліканьню - вучыць дзяцей. Ён ведаў, што без асьветы нацыя прападзе. Нават калі яе не панішчаць акупанты, як панішчылі саветы. Тысячы іншых тады мелі іншую мэту - проста выжыць, захаваць свабоду, перажыць вайну, што таксама было нялёгка.

Група беларусаў у лагеры Ватэнштат - Германія, 1946 г. Першы справа - Барыс Кіт.

Але ж, як і ў кожнай нацыі, у беларусаў існавала свая нацыянальная інтэлігенцыя, свая эліта, якая не магла не адчуваць уласны абавязак перад народам, мела грамадзкае сумленьне. Чым і як можна было яго спатоліць у ліхі час вайны і акупацыі? Усё тое, як нярэдка здаралася ў нашай гісторыі, значна ўскладнялася становішчам між молатам і кавадлам. Можна было не прымаць акупантаў, але і як было прыняць шматгадовы бальшавіцкі рэжым, які добра такі спалавініў нацыю, - адных пастраляў у сотнях Курапатаў, іншых саслаў у Сібір. Астатніх загнаў у калгасы, якія дзесяць год марнелі ў голадзе і бязладзьдзі. Вольны сьвет быў недасяжны, а над Беларусьсю з абодвух бакоў зеўрала пагібель.

Ці было тое? Ці, можа, толькі падалося? Так даўно і трудна перажылося, што аж ня верыцца. Але мушу паверыць.

Мы сядзім за нізенькім столікам у вестыбюлі амэрыканскага гатэлю "Хілтан". Вестыбюль вялікі (сапраўды ў амэрыканскім стылю), вышынёй ня меней чым скляпеньні славутага Кёльнскага сабору. Зрэшты, тут усё вялікае, амаль грандыёзнае, прасторнае з размахам. Затое ўсе пачуваюцца вольна - і абслуга, і кліенты. Нізкія столікі пачакальні зь мяккімі грувасткімі крэсламі побач паслугоўваюцца адной увішнай маладзіцай у чырвонай уніформе, якая падае піва, марозіва, каву. Робіць яна тое спрытна, лёгка і прыгожа, бы танцуе на сцэне. Хоць і дзень і відно, але над кожным столікам зьзяе бра ці таршэр. Такое ж сьвятло аблівае мэталёвае стылізаванае дрэва з жалезным лісьцем, што стаіць у залі, каменныя скульптуры каля ўваходу. Па ўсёй вышыні сьценаў-паверхаў, прарэзаных па вертыкалі празрыстымі каналамі ліфтаў, мякка снуюць угору-ўніз такія ж празрыстыя кабіны. Усё навідавоку, бы ў гіганцкім акварыюме. Тут няма мейсца цеснаму, паўзмрочнаму эўрапейскаму інтыму - размах стадолы, памеры аэрапорту, шоу-залі. Але і добра. Тым болей у гэты сьпякотны час, калі нябачныя кандышаны гоняць адкульсь прахалоду, а на вуліцы 35 па Цэльсію.

- На пачатку вайны ў беларусаў яшчэ існавала спадзяванка на немцаў, бо хто ж ведаў, што яны стануць такімі, якімі сталі. Спадзяваліся на лепшае. Напрыклад, доктар Шчорс меўся быць прэзідэнтам Беларусі. Але Гітлер павярнуў усё ў другі бок і павёў вельмі дрэнную, антычалавечую палітыку, нішчыў народы, не даваў ім ніякай незалежнасьці. Ягоны міністр Розенберг хацеў нешта зрабіць для Беларусі, Украіны ці Літвы, даць нейкую аўтаномію і з гэтым аднойчы прыехаў у Бэртэсгаген. Дык Гітлер так на яго накрычэў, амаль выгнаў з памяшканьня, загадаў, каб ён такім глупствам не займаўся. Вядома, што пачалося далей і як паўплывала на ўвесь ход вайны, а ўрэшце прывяло да паразы Нямеччыны.

Беларусы ў гэткіх умовах рабілі тое, што маглі рабіць. Найперш школьніцтва. Галоўным школьным інспэктарам Беларусі стаў ксёндз Гадлеўскі, у Менск з Прагі прыехаў Ермачэнка. Астроўскі яшчэ ня мог прыехаць, - баяўся, што Ермачэнка зробіць данос Кубэ на былую прыналежнасьць Астроўскага да кампартыі. Таму Астроўскі паехаў сьпярша ў Смаленск, дзе стаў адміністратарам. Ён меў выдатныя якасьці як чалавек і адміністратар, і асабліва сярод маладых беларусаў карыстаўся бязьмежнай павагай і даверам.

Адзін з найвялікшых беларускіх патрыётаў - Гадлеўскі. Тут дарэчы будзе зазначыць, што нашыя беларускія ксяндзы былі болей актыўныя, чым праваслаўныя сьвятары, якія вялі багаслужбы па-расейску. Каталіцкія сьвятары арганізаваліся ў мястэчку Друя, дзе быў манастыр. Яны пачалі актыўную беларусізацыю каталіцкай царквы, гутарылі ў касьцёлах па-беларуску, а не па-польску. У той час як польскія ксяндзы заўсёды ўбівалі беларусам думку, што тыя ня ёсьць беларусы, а ёсьць палякі. Нават прывіленскія беларусы, якія спрадвеку размаўлялі па-беларуску, называлі сябе не беларусамі, а тутэйшымі. На пытаньне "Якая ваша рэлігія?", адказвалі: "Польская", а "На якой вы гаворыце мове?", адказвалі: "На простай".

Я найбольш меў справу з Гадлеўскім. Ён першы арганізоўваў беларускае школьніцтва на Беларусі, сьцягнуў мяне зь печы ў Лебедзеве, дзе я доўгі час хаваўся ад расстрэлу. З ягонай рукі я пераехаў у Маладэчна і пачаў працаваць у школьніцтве. Апроч Гадлеўскага, быў таксама ксёндз Галякоўскі, добры мой прыяцель. Мы разам працавалі ў Віленскай беларускай гімназіі, я выкладаў матэматыку, а ён каталіцкі закон Божы. Ён быў вельмі добры чалавек, прыемны, вялікі энтузіяст беларускай справы. Абодва яны былі расстраляны немцамі ў Менскім гестапа. Магчыма, што на іх былі нейкія фальшывыя даносы, як гэта рабілася палякамі, АК, каб вынішчыць беларускую інтэлігенцыю, канчаткова далучыць будучыню Беларусі да Польшчы. Зрэшты, то была традыцыйная палітыка даваеннай Польшчы, асабліва ў адносінах да меншасьцяў. Тады, да вайны, беларусы яшчэ жаліліся ў Лігу нацый, езьдзілі ў Жэнэву, даводзілі, што беларуская меншасьць прасьледуецца. I ня толькі беларуская (3 млн.), але і ўкраінская, якой было 7 млн., і габрэйская (3 млн.), і нямецкая (таксама 3 млн.). Іншыя меншасьці былі больш агрэсіўныя, больш апазыцыйныя. Асабліва ўкраінцы, якія мелі нават тэрарыстычную арганізацыю, забівалі высокіх польскіх чыноўнікаў.

У час акупацыі немцы зразумелі, што самы варты беларус Астроўскі, які перад вайной пражываў у Лодзі. Ермачэнка ж зусім іншы чалавек у параўнаньні з Астроўскім. Калі Астроўскі быў чалавек самастойны, адважны, дык Ермачэнка ўсё цягнуўся да немцаў, мяккі характар. Ён ня быў лідэр. Пасьля забойства Кубэ, як прыйшоў Готбэрг, Ермачэнку звольнілі з працы, і ён вярнуўся ў Прагу. На Беларусі была зарганізавана БЦР, як уступка немцаў беларусам. У кнізе Туронка ўсё тое выкладзена вельмі праўдзіва, заснаванае на дакумэнтах. Там, напрыклад, ёсьць зьвесткі пра Кубэ, што ён спрыяў беларускай справе, дазволіў школьніцтва і г. д., загадаў, каб у беларускіх школах не ўжывалася ні расейская, ні польская мова, а толькі беларуская. Тое, вядома, не падабалася ні Сталіну, ні Гітлеру. Калі забілі Кубэ, дык Гімлер сказаў так: "Добра зрабілі! Калі б савецкія партызаны яго не забілі, дык бы мы яго павесілі. За тое, што ён вельмі шмат рабіў для Беларусі". У канцы кнігі Туронак піша, што так сталася лёсам: расейцы русіфікавалі Беларусь, палякі паланізавалі, а немцы - беларусізавалі.

У чэрвені 44-га года Астроўскі і БЦР яшчэ пасьпелі склікаць Другі Усебеларускі кангрэс у Менску. Трэба сказаць, гэта быў чыста беларускі, надзвычай прадстаўнічы зьезд. Рэч у тым, што нашы беларускія патрыёты не працавалі для немцаў, яны працавалі для Беларусі, - усе гэтыя настаўнікі, дырэктары. Я таксама прыехаў у ліку дэлегатаў з Маладэчна. У Менску найперш забег у школьны адзьдзел генеральнага камісарыяту, дзе даведаўся сумную вестку пра мае справы. На той час я быў дырэктарам Адміністрацыйна-гандлёвай школы ў Маладэчне і хацеў стварыць вышэйшую школу. Нам загадалі прыслаць у Менск праграмы тае школы. Дык аказалася, мая праграма нарабіла пярэпалах у камісарыяце, мяне абвінавацілі, што я заснаваў ня школу, а цэлы ўнівэрсытэт. Начальнік пачаў біць кулакамі па стале і крычаць. Там жа мне паведамілі, што мая школа зачыняецца. Я нікому нічога не сказаў, вярнуўся са зьезду, скончыў навучальны год. Раздаў вучням прыгожыя дыплёмы.

Але пра кангрэс. На яго зьехалася нешта каля 1300 дэлегатаў, самая эліта Заходняй і Усходняй Беларусі. Панаваў вялікі энтузіязм, выступала шмат выдатных людзей. I ня толькі Астроўскі, але і ксёндз Адам Станкевіч, Шкялёнак, Хвёдар Іляшэвіч, які прыехаў зь Беластоку, ды іншыя. Немцы ставіліся да таго абыякава, ім ужо было не да беларускіх справаў. Я заўважыў на бальконе драматычнага тэатру толькі двух немцаў. Вёў кангрэс Яўхім Кіпель. Было аднагалосна вырашана прадаўжаць агульнабеларускую справу, запачаткаваную ў 18-м годзе БНР. Але адольваў сум, бо ўжо трэба было складваць манаткі і ўцякаць ад Смерша, які жорстка распраўляўся зь людзьмі - калябарантамі ці не калябарантамі, абы хто меў што-небудзь супольнае зь немцамі. Хапалі і высылалі ў Сібір. Вельмі шмат і маіх вучняў, і маіх настаўнікаў адпакутвалі на Сібіры. I я б таксама там апынуўся, калі б застаўся ў Беларусі. Калі я ў 93-м годзе прыехаў у Маладэчна, дзе мне мэрам гораду Генадзем Карпенкам і ягоным заступнікам Віктарам Ганчаром было арганізавана спатканьне, дык аказалася, што палова маіх вучняў прайшла праз Сібір. Але завошта? Толькі за тое, што яны вучыліся ў маёй школе. Тое было і радасна і сумна. Яшчэ на маім спатканьні сядзелі і Ермаловіч, і Каханоўскі, якіх ужо няма. А імпрэзу вёў адзін з маіх выдатных вучняў, акадэмік, прафэсар Пётра Кузюковіч, вядомы мэдычны дзеяч Беларусі. Выступалі, можа, 30 ці 40 чалавек. Пасьля 94-га года, як зьмянілася сытуацыя на Беларусі, туды я болей ня езьдзіў.

На эвакуацыю я выехаў зь Лебедзева, дзе жыў у бацькоў маёй жонкі. Прозьвішча яе бацькі было знакамітае ў Беларусі - Корсак. Ён быў патрыётам беларушчыны, а як прыйшлі саветы, дык яго заарыштавалі, і ён восем год прабыў у Сібіры, адкуль вярнуўся хворым і хутка памёр. Ехалі да Вільні на сялянскай фурманцы. Адтуль да Варшавы - на цягніку. Тое было нялёгка, бо я ня быў сябрам БЦР, ня меў адпаведных дакумантаў, якіх увесь час патрабавалі ўлады. У Варшаве першым чынам пайшоў у Беларускі камітэт пад кіраўніцтвам доктара Мікалая Шчорса, майго ўнівэрсытэцкага сябра. Ён быў вельмі здатны чалавек, патрыёт, паходзіў з Новага Сьвержаня каля Стоўбцаў. Непадалёк адсюль была рэзыдэнцыя графа Храптовіча зь вядомай бібліятэкай, у якой працаваў яшчэ Адам Міцкевіч. Скончыўшы мэдыцыну ў Віленскім унівэрсытэце, заўсёды браў актыўны ўдзел у беларускай палітыцы і ўсім імпанаваў сваім інтэлектам. Ён быў найлепшы кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі. Але з нагоды непрымальнай палітыкі немцаў Шчорс хутка адмовіўся ад гіпатэтычнага прэзыдэнцтва.

Лёс мне даў магчымасьць жыць на Беларусі толькі 20 год. Але ўсе тыя беларускія дзеячы, што прайшлі каля мяне, засталіся вельмі для мяне пашаноўныя, я ўсіх іх люблю - і Тарашкевіча, і Астроўскага. Яны прысьвяцілі свае жыцьці барацьбе за беларускую справу. Гэта значыць, што Беларусь жыве і будзе жыць заўсёды.

У Варшаве Шчорс з жонкай працаваў тады ў шпіталі, але ён адначасна быў старшынёй Беларускага камітэта. Што яны рабілі? Памагалі беларусам, якія ўцякалі на Захад. Гэтыя камітэты былі і ў Варшаве, і ў Вене, і ў Бэрліне. Вось там, у Варшаве, я атрымаў афіцыйную паперку, зь якой мог ехаць далей. У Бэрліне мяне спаткаў у камітэце Букатка, які даў новую паперку, і я паехаў далей - у Вену. Цікава, што маё прабываньне ў Бэрліне супала зь вядомай спробай нямецкіх генералаў забіць Гітлера 20 ліпеня 44-га года. Але мы таго і не заўважылі з свайго лягеру. Дзіўна, аднак, што цяпер немцы недастаткова шануюць тых герояў, асабліва графа Штаўфенберга, які з бомбай у партфелі прайшоў да самага Гітлера і, па сутнасьці, ахвяраваў сваім жыцьцём. Хоць і няўдала. Гэтая няўдача каштавала жыцьцяў яшчэ мільёнаў людзей.

Зь Вены мы пайшлі пехатой да Зальцбурга. Чыгункі не працавалі, бо амэрыканцы разбамбілі ўсе станцыі. Ля Зальцбурга спыніліся ў перасяленчым лягеры, дзе спаткалі шмат беларусаў. Я спаткаў там Міколу Хмыза, цудоўнага чалавека, які належаў да БЦР і якога я пасьля выпісаў у Амэрыку. Але з Зальцбурга я мусіў вярнуцца ў Вену па рэчы. Там на станцыі рабілася неверагоднае, выехаць зь Вены было ўжо немагчыма, і я ўзяў білет на мясцовы цягнік да Сан-Пельтэна. Далей цягнікі не хадзілі. Але, гляджу, стаіць санітарны цягнік з параненымі. Я між вагонамі і сунуўся. Усю дарогу ішла бамбардыроўка, чыгунку штурмавалі амэрыканскія самалёты. У час налёту ўсе пасажыры выскоквалі зь цягніка і беглі ў лес. І мы так даехалі зноў да Зальцбурга. Хмыз кажа: "Барыс, я ніколі не магу прабачыць сабе, што дазволіў табе вярнуцца ў Вену". Я надта запаважаў яго за тыя словы. Зноў пайшлі пехатой да Баварыі, і там сядзелі ў баўэра, пакуль не дачакаліся канца вайны. То была французская зона, а пасьля мы перайшлі ў амэрыканскую. У Мюнхене я тры гады працаваў ва ўкраінскай гімназіі, а яшчэ запісаўся ва ўнівэрсытэт на факультэт мэдыцыны. У Мюнхене быў заснаваны міжнародны ўнівэрсытэт, дзе я вучыўся год на мэдыцыне. Але немцы не маглі сьцярпець таго, націснулі на амэрыканцаў, каб зачыніць унівэрсытэт, чаго і дамагліся. На факультэт мэдыцыны ў нямецкім унівэрсытэце ў Мюнхене было 30 кандыдатаў-беларусаў, зь іх прынялі двох - Рамука і мяне. Доктар Рамук цяпер жыве ў Чыкага. Толькі я пачаў навуку, як прыйшоў дазвол выехаць у Амэрыку, што я і зрабіў. А Рамук застаўся.

Я ўжо распавядаў, што на тым часе пачаў дзейнічаць Барыс Рагуля, які праз Рым дамогся магчымасьці навучаньня для беларусаў у Бэльгіі, у горадзе Лювэне. А ў Мюнхене ў той час быў заснаваны беларускі студэнцкі саюз пад старшынствам Калодкі, майго добрага сябра. У Амэрыку было выехаць цяжка, у іншыя краіны лягчэй, таму шмат паехала ў Англію на вугальныя шахты, а таксама ў Аўстралію. Некаторыя адтуль хутка паўцякалі, бо працаваць там было дужа цяжка. Прэзідэнт Амэрыкі Труман выдаў дэкрэт - дазвол на прыём 200 тысяч эмігрантаў. Гэты акт дужа паспрыяў прыёму беларусаў у Саўт-Рывэр, дзе першым апынуўся я. Я меў прывілею, бо ў адрозьненьне ад іншых праследваўся немцамі. Зноў жа існавала сістэма квотаў - колькасьць эмігрантаў залежала ад памеру краіны, а таксама ад таго, у якой краіне нарадзіўся. Я скарыстаў расейскую квоту, бо нарадзіўся ў Расеі, але заўсёды лічыў сябе беларусам. I я першы пачаў беларускую справу ў Амэрыцы. А як паз'язджаліся іншыя, пачалі ствараць партыі ды сварыцца між сабой, дык я ад усяго гэтага ўцёк у Каліфорнію. Ну, але пра тое пасьля.

А ў Мюнхен Аляксандр Калодка прыехаў не з Беларусі, а зь нямецкага канцлягера Аўшвіц, дзе ён сядзеў. Раней ён быў у Вялейцы ўпаўнаважаным пры гебітскамісары. Але там на яго данесьлі, мабыць, з АК, і ён апынуўся ў канцлягеры. Пасьля ён выехаў у Аўстралію, дзе і памёр. (Як мяне прывезьлі скутага з Глыбокага ў Вялейку, дык я кажу следчаму: можа, Калодку трэба паклікаць? Ён, можа, нешта зрабіў бы. А той зьдзіўлена: што-о? Калодка твой даўно ў Аўшвіцы).

Перад адпраўкай зь Мюнхена ўсе павінны былі прайсьці праверку. Мяне праверылі і знайшлі, што ўсё ў парадку. Самае галоўнае - яны не хацелі браць камуністаў. Калі камуніст, дык нават не пачыналі гутаркі. Быў такі закон, паводле якога сябрам кампартыі не дазвалялася эміграцыя ў Амэрыку. Я ўжо гатовы быў да паездкі, але патрэбны быў хтось у Амэрыцы, каб згадзіўся падтрымаць, апеквацца на першым часе. А я нікога ня меў. Адно выйсьце - арганізацыі: яўрэйская, каталіцкая, пратэстанцкая і праваслаўная. Быў прысланы дырэктар, які дапамагаў пратэстантам і праваслаўным. Пайшоў я па адпаведную паперку, але мне адмовілі. Маўляў, настаўнік, не ведаеце ангельскай мовы, што вы будзеце там рабіць? Вярнуўся дахаты. Аднак празь нейкі час чую: той дырэктар зьехаў, прыехаў новы - жанчына. А беларус такі чалавек, што калі яго выганяць празь дзьверы, дык ён улезе ў вакно. То наша беларуская рыса. Пайшоў я да новай дырэктаркі. Неспадзяваная перашкода: сакратарка памятала, што той раз мне адмовілі, і папярэдзіла дырэктарку. Зноў паехаў дахаты. Празь нейкі час чую, што прыехала новая дырэктарка. Цудоўная такая жанчына, амэрыканка Рут Прагер. Зноў еду туды трамваем, а тая самая сакратарка, латышка па нацыянальнасьці, зьдзівілася: што вы зноў тут? І пайшла па калідоры ў прыбіральню. Дык я хуценька за яе сьпіной - да дырэктаркі. Тая паглядзела мае дакуманты і засталася задаволеная. Сказала, што заўтра прышле выклік, каб прыехаў з сям'ёй. Вось так усё павярнулася дзякуючы выпадку: латышка ў пэўны момант пайшла ў прыбіральню. Але назаўтра выкліку няма, няма і пасьлязаўтра. Паехаў я туды зноў. Што ж аказалася? Мае дакуманты ляжаць у шуфлядцы ўсё ў той сакратаркі. Тады я - да дырэктаркі ўжо з жонкай і шасьцігадовым сынком. Тая захапілася асабліва сынам, "такі прыгожы хлопчык!", дала яму шакалядку. Усё а'кей. Пасьля я тую дырэктарку спатыкаў у Каліфорніі, яна прыязджала да мяне на госьці...

Аповяд чацьвёрты

7 ліпеня, кавярня «Шнайдар»

За акіянам усё інакшае - і зямля, і клімат, і побыт. Гаспадарка і людзі. Нават сваё звыклае, прывезенае з сабой, робіцца іншым. Найперш тыя самыя людзі, землякі, што разам перажылі ваенныя драмы і трагедыі, цяпер хочуць быць лепшымі адзін да аднаго, болей талерантнымі і спагадлівымі. Ды, на жаль, далёка ня ўсе.

Барыс Кіт з жонкай і сынам Уладзімірам (у цэнтры). Саўт-Рывер, 1949 г.

Старое жыцьцё, як і старыя адносіны, упарта не пушчаюць на волю ўжо, здавалася б, зусім вольных людзей, якімі толькі можна зрабіцца ў Амэрыцы. Сталася так, што канфлікт наміж БНР і БЦР у Амэрыцы, мяркуючы па ўсім, абвастрыўся. Цяжка вытлумачыць, кажа спадар Кіт, што на тое паўплывала. Ці асабістыя адносіны кіраўніцтва, ці ідэёвыя разыходжаньні, якіх быццам бы і не было. А можа, і прошукі са Старога сьвету, хоць бы і тамашніх спэцслужбаў - праз Англію і сумна вядомага нават для эміграцыі Кіма Філбі.

А хутчэй - усё тое разам у сваёй брутальнай сукупнасьці і прычынілася да канфлікту, які так ці інакш, то затухаючы, то разгараючыся, доўжыцца і па сёньня, бянтэжачы беларускую дыяспару ды падаючы злосныя спадзяваньні нашчадкам нядаўняй імпэрыі. Мабыць, з тае прычыны гэтыя палітыкі на пачатку абвяшчэньня незалежнасьці мэтраполіі вельмі актыўна ўзяліся за справы дзесяткі год нават не ўспомненае дыяспары (хіба апроч спэцслужбаў, якія ніколі не выпушчалі яе з-пад свае пільнай увагі), пачалі яе згуртоўваць, аб'ядноўваць, ідэёва апрацоўваць - хоць бы дзеля фінансавай ад яе падтрымкі. Галоўнаю ж мэтай было - перадача сымбалічных уладных паўнамоцтваў ад БНР (ды і БЦР таксама) у рукі новых уладаў. Вельмі яны клапаціліся тады наконт пашырэньня свае ўлады, якую неўзабаве болей зубатыя і драпежныя вырвалі ў іх усю дарэшты.

Да гонару беларускай дыяспары трэба зазначыць, што яна так і не саступіла хоць бы і сымбалічнай свае ўлады.

Спадар Кіт гаворыць пра тое з застарэлым імпэтам, і робіцца бачным, колькі сілаў ды эмоцыяў укладзена ім у тую балючую праблему. Асабліва з мэтай палагодзіць людзей, што былі яму аднолькава дарагія, ды апынуліся па розныя бакі канфлікту.

- Нарэшце я займеў дакуманты - вырваў з рук сакратаркі. І мы паехалі ў Брэмен, селі там на параход "Марскі тыгр". Гэта быў 48-ы год, самы пачатак. Апынуліся на параходзе згаладнелыя і змучаныя. А там усё завалена ядою, і ўсё бясплатна. (Па прыезьдзе на месца і ўсталяваньні належала за ўсё заплаціць.) Надвор'е было някепскае, але хутка ледзьве ня ўсе палеглі з марскою хваробай. Не хварэлі толькі я з сынам. І мы елі за ўсіх.

У Амэрыку такім чынам я прыехаў адным з самых першых.

Сьпярша тыдні два мы мусілі жыць у гатэлі, у Нью-Ёрку. Трэба было падумаць, што рабіць далей. Я ведаў, што нашыя беларусы ўжо некалі прыязджалі сюды і недзе сяліліся. Найбольш у штатах Нью-Ёрк і Нью-Джэрсі. Непадалёк быў гарадок Саўт-Рывэр - "Паўдзённая рака" па-беларуску, там жылі старыя эмігранты. Я туды і паехаў. І знайшоў там беларусаў нават зь дзявочым прозьвішчам маёй жонкі Корсак. Старэнькая спадарыня Корсак дужа гасьцінна прыняла нас, пасяліла ў сваім доме. Але працу я дастаў у суседнім горадзе Нью-Брансвіку, на вялікай фармацэўтычнай фірме. Сьпярша працаваў у адзьдзеле прадукцыі, бо ня ведаў ангельскай мовы. На маё шчасьце, кіраўнік вытворчасьці гаварыў па-нямецку. Пасьля я самавукам авалодаў ангельскай, што ўвогуле мне давалася няцяжка, бо я добра ведаў нямецкую і французскую. А ангельская мова, як вядома, гістарычна склалася з французскай, мовы саксаў і англаў. Адсюль - англа-саксонская. Пасьля мяне, як чалавека вучонага, магістра матэматыкі, перавялі ў лябараторыю, і я пачаў працаваць фармацэўтычным хімікам. Маім абавязкам было кантраляваць адпаведнасьць зьмесьціва рэцэптуры. Тое дужа строга правяралася дзяржаўнымі інспэктарамі. Здаралася, што чагось не хапала, і тады справа ішла ў суд, прысуджаліся мільёны даляраў штрафу. Доўга распавядаць, але аднойчы я ўратаваў фірму ад вельмі буйнога штрафу.

Апроч вытворчасьці, у Саўт-Рывэры я займаўся і грамадзкай працай. Ганаруся тым, што з маёй дапамогай шмат якія беларусы перабраліся з Эўропы ў Амэрыку. Без падтрымкі крэўных ці знаёмых тое было дужа няпроста. Але ў 48-м годзе прэзідэнт Труман выдаў дэкрэт аб спрошчанай працэдуры эміграцыі з Эўропы на 200 тысячаў перасяленцаў. Вось за гэта я і ўхапіўся. Варта было напісаць паперу, што бяру на сябе абавязак апеквацца на першым часе, забясьпечыць кватэрай ды працай, паслаць паперу свайму чалавеку, і той без вялікага клопату мог пераехаць у Амэрыку. Сотні беларусаў па майму выкліку зрабілі тое.

Але ішоў час, і ён рабіў сваю справу. Беларусы падзяліліся палітычна - на крывічоў і зарубежнікаў. Усе крывічы апынуліся ў Нью-Брансвіку, а некрывічы - у Саўт-Рывэры. Адны пазьбягалі другіх. Рэч у тым, што на Другім кангрэсе ў Менску была прызнаная БЦР, але ўзнавілі і БНР. Узьніклі супярэчнасьці. Шмат з тых бэнээраўцаў, што выступалі супраць БЦР, нядаўна яшчэ працавалі з Астроўскім у Менску, а цяпер абвінавачвалі яго ў калябарацыі зь немцамі. Тады зьявілася думка аднавіць БНР. Казалі, нібыта Захарка перадаў Абрамчыку нейкія архіўныя паперы, на падставе якіх Абрамчык стаў прэзідэнтам. Выходзіць, што Абрамчык - тэстаментавы прэзідэнт. На баку БЦР усё ж было больш беларусаў, чым на баку БНР. Пачалі рабіць БНР, дзе, як казаў мне мой сябра Калодка, выплыла і маё прозьвішча. Дзякаваць Богу, мне пашчасьціла ня ўлезьці ні ў якую палітыку. I тут я страшэнна ўдзячны Астроўскаму, які не ўцягнуў мяне ў БЦР. Увогуле ён лібэральна паставіўся і да БНР, але бэнээраўцы пачалі прыдзірацца да яго. Ну і Астроўскі не саступіў. Ён раней за ўсіх прыехаў у Амэрыку, і яго прызналі ў Вашынгтоне, бо Амэрыка баялася, што будзе вайна з СССР. Але прыехаў Кушаль і ўсё панішчыў. Водгукі таго перажытага адчуваюцца і дасюль.

Кіпель едзе ў Беларусь праз Нямеччыну. Мне зь беларускай амбасады звоніць Чайчыц: да вас хочуць прыехаць Кіпелі, ці можна палагодзіць гэта? Але я дрэнна сябе адчуваў, хварэў і не пагадзіўся іх прыняць. Баюся, што тое яны, магчыма, зразумелі кепска, як злосны акт. Дык я папрасіў Ліду Савік, каб яна ў Менску перапрасіла Кіпеляў, што Барыс Кіт страшэнна шкадуе, што ня мог спаткацца зь імі. Я шаную Кіпеляў, асабліва ягонага бацьку, які скончыў сваё жыцьцё ў маёй калёніі ў Саўт-Рывэры. Я бачыў яшчэ, як Яўхім Кіпель вёў Другі Усебеларускі кангрэс у Менску. Я таксама быў там. Гэта быў выдатны сход, сабралася ўся беларуская эліта, выступаў мой сябра Анішчык, заступнік Астроўскага Шкялёнак, выдатны беларускі дзеяч, якога пасьля схапілі і забілі. Езавітава таксама. Самае першае - на Кангрэсе прызналі БНР, яе асягненьне. Я ня быў з Астроўскім у БЦР. Але і ў гімназіі, і ўсюды ён нас, беларусаў, захопліваў. Мы лічылі яго за самага вартага беларускага дзеяча. Ён выдатна кіраваў беларускай гімназіяй плюс вёў выдатную грамадзкую працу. Маладыя яго вельмі любілі і падтрымлівалі. Як я пасьля быў дырэктарам пяці гімназіяў і семінарыяў, дык імкнуўся ў сваёй працы насьледваць досьвед Астроўскага. Таксама хацеў гаварыць палымяныя прамовы і т. д. Пасьля вайны Астроўскі жыў у Лёндане, у свайго сына. І калі я езьдзіў у Англію, заўсёды адведваў яго. Пазьней ён пераехаў у Амэрыку. Ён яшчэ нешта хацеў зрабіць для сваёй БЦР, але ўжо тады перайшлі ў БНР.

Забягаючы наперад, скажу, што ў Амэрыцы я працаваў у чатырох міністэрствах: міністэрстве абароны, міністэрстве камунікацыі, міністэрстве камэрцыі і міністэрстве транспарту. У міністэрстве камэрцыі рабіў у адзьдзеле стандартаў. То быў асабліва важны адзьдзел, бо пасьля вайны стандарты мер і вагаў у Эўропе і Амэрыцы былі розныя, што перашкаджала разьвіцьцю прамысловасьці і гандлю. Мне было даручана прэзентаваць амэрыканскую дэлегацыю на ўсіх міжнародных паседжаньнях і камісіях па стандартызацыі. Камісіяў было дзьве, адна зь якіх мела аж сто пададзьдзелаў. Я быў кіраўніком адной гэтай камісіі. Мы працавалі ў Эўропе - адзін раз у Празе, а другі ў Цюрыху. У Празе, не зважаючы на тое, што я меў дыпляматычны амэрыканскі пашпарт, мяне правяралі аж чатыры разы, - такі быў недавер з усходняга боку. Заўсёды адчуваў сябе шчасьлівым, калі пакідаў тэрыторыю савецкай імпэрыі, хоць там заставалася мая радзіма - Беларусь. У той час, апроч Польшчы і Чэхіі, я нідзе на савецкім баку ня быў. У Польшчу прыязджаў як прадстаўнік Амэрыканскай акадэміі навук. Але ўражвала, што ў гатэлі, калі выходзіў з нумару, бачыў, як сядзіць у калідоры кабета і пільна глядзіць, хто, дзе, з кім ходзіць. На захадзе такога не было нідзе. I ў мяне ўвесь час жыў страх. Таму ў Варшаве папрасіў майго сябра Каханоўскага, зь якім разам сядзелі ў Глыбоцкай турме, каб ён выйшаў на высокі мост, што побач зь лётнішчам, і паглядзеў, ці сеў я ў аўстрыйскі самалёт рэйсам на Вену. Калі не, каб тэлефанаваў у амэрыканскую амбасаду. На шчасьце, усё абышлося добра.

Хачу ўспомніць пра Анішчыка, майго даўняга, яшчэ наваградзкага сябра. Пасьля школы ён паехаў у Познань, там скончыў унівэрсытэт, затым працаваў у Катавіцах. А ў час вайны абараняў Варшаву, дзе дужа шмат перажыў. Казаў пасьля, што толькі Бог яго выратаваў у тым пекле. Ён вельмі здольны пісьменьнік і журналіст, напісаў некалькі кніг. Цяпер, пасьля сталінскага гулагу, жыве ў Вільні і нядаўна прыняты ў сябры Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Мне вельмі падабаюцца таксама ягоныя вершы. Але ўзрост бярэ сваё, ён толькі на тры гады маладзейшы за мяне... Пасьля я спатыкаўся зь ім у Салечніках, куды прыязджаў на запачаткаваньне беларускага таварыства культуры майго імя, туды ж прыехаў і Аляксей Анішчык. Ён напісаў пра мяне кнігу "Выбраныя Богам".

Яшчэ хачу распавесьці пра майго даўняга знаёмага, кіраўніка Вашынгтонскага праваслаўнага сабору, прафэсара Джоржтаўнскага ўнівэрсытэту Дзьмітрыя Грыгор'ева. Ён вянчаў майго сына, хрысьціў унучку. Вучыў ва ўнівэрсытэце, дзе выкладаў расейскую мову і літаратуру, маю нявестку, якая цягам 30 год працуе ў "Голасе Амэрыкі". Нявестка паходзіць з армян, яе бацька Азараў, гэта быў выдатны сьпявак, удзельнік хору Жарава - з данскіх казакаў. Часам яна прэзентавала розныя амэрыканскія выставы ў Савецкім Саюзе. У 68-м годзе куравала выставу амэрыканскай архітэктуры ў розных савецкіх гарадох, была зь ёй і ў Менску, у опэрным тэатры.

Нядаўна прафэсар Грыгор'еў вярнуўся з Санкт-Пецярбурга, дзе ён кіраваў міжнародным семінарам па творчасьці Дастаеўскага. На два дні спыніўся ў Франкфурце, і мы спатыкаліся, гутарылі. Адведалі праваслаўную царкву ў Вісбадэне.

Аповяд пяты

13 ліпеня, гатэль «Хілтан»

У Нямеччыне ўсталявалася небывалая сьпёка. Гарадзкія вуліцы, сьцены дамоў, нават каменная брусчатка маставых - усё патыхае гарачынёй, ад якой нідзе няма схову. У крамах, кавярнях і нават метро духата і парнасьць, здаецца, няма чым дыхаць. У скверы каля гатэлю фантан, які круглы год струменіць густымі пырскамі навакол, чамусьці выключаны, мабыць, з прычыны недахопу вады. Кандыцыянэраў у вокнах нідзе не відаць, пры звычайным надвор'і ўлетку яны і непатрэбныя.

Атрымана амерыканскае грамадзянства, 1954 г.

У "Хілтане" свой мікраклімат - тут няма і знаку ад сьпёкі. У вестыбюлі прыемная прахалода, таму ля столікаў зранку сядзяць людзі, збольшага прыезджыя, але, мабыць, і тутэйшыя, як мы, напрыклад. Піва і напоі тут, як заўжды, сьцюдзёныя, у гэтую гарачыню асабліва прыемныя. Спадар Барыс сёньня ўпершыню бяз гальштука, каўнер сьвежай кашулі вольна расшпілены. Зь яго сакратаўскага кшталту твару не сыходзіць ранішняя лагода.

- Гэта што - сьпёка! Во на ўсходзе Амэрыкі сьпёка. А тут - семкі...

- Што - і ў Каліфорніі горача?

- Не. У Каліфорніі надзіва мяккі клімат. I дужа стабільны: зімой і ўлетку 25 па Цэльсію.

- Рай проста!

- Так. Але да таго раю яшчэ трэба было дабрацца. Дарогі ў рай заўсёды вядуць цераз пекла.

Ну што ж, тады ўспомнім дарогі...

- У Амэрыцы мне, аднаму зь першых, давялося закладаць беларускія арганізацыі ці прадстаўляць Беларусь на маніфэстацыях паняволеных народаў. Першая такая маніфэстацыя была праведзеная ў Нью-Ёрку ў 48-м годзе пад патранажам Соmmon couse - магутнай арганізацыі, якая падтрымлівала паняволеныя народы - асабліва ў Савецкім Саюзе. Прадстаўнікі ўсіх паняволеных народаў сабраліся ў Карнэгі-хол. Беларусам там найперш дапамаглі ўкраінцы, якія ўсё зрабілі дзеля нашай прысутнасьці на маніфэстацыі. Напрыклад, прафэсар Дабраньскі, які быў старшынёй Агульнага камітэту ўкраінцаў у Амэрыцы. Разам з прадстаўнікамі іншых паняволеных саветамі народаў я сядзеў зь бел-чырвона-белым сьцягам у асобнай лёжы Барыс Кіт - першы злева. Каліфорнія, 1957 г. Карнэгі-холу, побач з Дабраньскім. У мемарыяльнай кнізе паняволеных народаў я падпісаўся ад Беларусі, чым і ганаруся. Але для прадстаўніцтва мне не хапала жанчыны, дык украінцы далі мне сваю жанчыну, спадарыню Скубу з Нью-Ёрку, і тая сядзела сярод усіх з беларускім бел-чырвона-белым сьцягам. У Саўт-Рывэры быў заснаваны так званы Злучаны амэрыканска-беларускі камітэт дапамогі. Усё тое палагодзіў украінскі адвакат Гаўрылік. Гэты камітэт працуе і па сёньня, дапамагае эмігрантам, выдае сваю прэсу. I нават збудаваў адну з самых прыгожых у Амэрыцы беларускіх цэркваў у Саўт-Рывэры імя Еўфрасіньні Полацкай.

У Каліфорніі я спаткаў старшыню ўкраінскага камітэту Міколу Новака. Заўсёды з вялікай удзячнасьцю думаю пра яго (ён ужо не жыве), успамінаю, як шмат ён памог нам, беларусам. Тады ён займаў высокае становішча і, маючы добрыя сувязі з амэрыканцамі, вельмі спрыяльна паставіўся да прадстаўнікоў зь Беларусі. Спачатку то быў я, а пасьля прыехаў мой былы вучань Чэслаў Найдзюк, і мы з дапамогай украінцаў арганізавалі беларускую дзейнасьць у Каліфорніі. Найперш з дапамогай Новака, які ня толькі дапамагаў арганізацыйна, але і ў асабістым пляне. Напрыклад, ён апекваўся сям'ёй беларускіх артыстаў зь Менску Мяленьцьевых, якіх я таксама выпісаў у Амэрыку. Новак усё зрабіў, каб памагчы гэтай артыстычнай сям'і ў Каліфорніі. Яны нават спрабавалі неяк замацавацца ў Галівудзе. Сам Новак меў вялікага прыяцеля, амэрыканца ўкраінскага паходжаньня, артыста Джэка Паланса, празь якога хацеў палагодзіць сям'ю Мяленьцьевых. Сам Мяленьцьеў памёр, але жывуць ягоныя нашчадкі, маюць свае дамы, усё ў іх палагоджана. Я заўсёды ганарыўся беларускім мастацтвам, якое несьлі там артысты Мяленьцьевы. У Каліфорніі як бы круглы год сьвята, сонечна, урачыста. Там чалавек заўсёды шчасьлівы. У Каліфорніі са мной заўсёды быў мой былы вучань Чэслаў Найдзюк, брат Язэпа Найдзюка, слаўнага тым, што адным зь першых напісаў гісторыю Беларусі. Яшчэ раней прыляцеў у Нью-Ёрк Уладзімір Тамашчык, былы член камуністычнай партыі, што сядзеў у польскай турме, а падчас немцаў быў заступнікам старшыні беларускага камітэту ў Беластоку. Яго я раней спаткаў у Нямеччыне. Я вельмі любіў Тамашчыка, і калі прыехаў у Амэрыку, дык пасылаў яму "пачкі", г. зн. прадуктовыя пасылкі. Пазьней ён таксама прыехаў у Амэрыку і пачаў працу на рэлігійным накірунку: разам з прыяцелямі заснаваў беларускую аўтакефальную царкву. У Амэрыцы былі дзьве беларускія праваслаўныя цэрквы. Адна зьвязаная з вуніяй, а другая заставалася ў Саўт-Рывэры. Усе крывічы належалі да гэтай царквы Тамашчыка, які зрабіўся сьвятаром, а пазьней біскупам. А тыя зарубежнікі, што пасяліліся ў Саўт-Рывэры, належаць да беларускай праваслаўнай кананічнай царквы, што падпарадкавана Канстаньцінопальскаму патрыярхату. Але ўсе яны былі супраць патрыярхату Маскоўскага.

Тамашчык заняў становішча архіяпіскапа беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Амэрыканскі сэнат мае звычай перад першым сходам запрашаць сьвятара, каб прачытаць малітву. Туды прыходзяць і каталікі, і пратэстанты, і мусульмане, і іудзеі. Прыйшла чарга і да Тамашчыка, ён прыехаў у Вашынгтон, затрымаўся ў маёй хаце. І кажа: "Я заўтра перад малітвай у кангрэсе маю спаткацца з віцэ-прэзыдэнтам Амэрыкі Хамфры, можа, табе цікава?" І мы накіраваліся ў сэнат, дзе адбылося маё асабістае знаёмства з віцэ-прэзыдэнтам Хамфры, які сказаў, што шмат добрага чуў пра мяне. А пазьней мы сфатаграфаваліся з сэнатарамі. Гэта было у 68-м годзе.

Апавядаючы аб беларускай дзейнасьці праваслаўных сьвятароў, нельга ня ўспомніць сьветлай памяці мітрапаліта ўсёй Беларусі (незалежнага ад Маскоўскага патрыярхату) Філафея, пахаванага на праваслаўных могілках Вісбадэну ў Нямеччыне. Мітрапалітам ён быў абраны на адмысловым сходзе грамадзянаў і сьвятароў, дзе і я прысутнічаў, у опэрным тэатры Менска падчас нямецкай акупацыі. Мітрапаліт Філафей быў вялікі беларускі патрыёт, размаўляў чыста па-беларуску і шмат зрабіў для беларусізацыі праваслаўнай царквы ў Беларусі. Разам зь іншымі беларускімі сьвятарамі - пазьнейшымі арцыбіскупамі Венедзіктам (былым настаўнікам рэлігіі ў Наваградзкай беларускай гімназіі) і Анастасіям (эміграваў у Аўстралію) пасьля вайны выехаў у Заходнюю Нямеччыну, дзе з прычыны адсутнасьці беларускай царквы прылучыўся да расейскай, незалежнай ад Масквы зарубежнай царквы (адсюль назоў - "зарубежнікі") і быў да канца жыцьця арцыбіскупам Бэрліна і ўсяе Нямеччыны. Вельмі цешыўся, калі спаткаў мяне падчас аднаго з сваіх прыездаў у Франкфурт. Гаварыў са мной толькі на найлепшай беларускай мове.

Маю надзею не памыліцца, уважаючы мітрапаліта Філафея першым незалежным у сучаснасьці кіраўніком праваслаўнай царквы ў Беларусі. Тым самым ён уваходзіць у беларускую гісторыю.

Спадар Янка Нахаёнак, адзін з эмігрантаў у Нью-Ёрку, паходзіў з таго самага мястэчка Лебедзева, адкуль была і мая жонка. Калісьці я рабіў спробу вызваліць нашых хлопцаў і яго ў тым ліку ад немцаў. Пайшоў да сп. Астроўскага, а той паслаў мяне да Кушаля, ягонага вайсковага міністра. Яны мелі права, як арганізоўвалі беларускую самаахову, патрабаваць ад немцаў усіх сваіх людзей. I я выкарыстаў гэтую сытуацыю, каб выратаваць сваіх землякоў з Карэліч. Але Кушаль не зрабіў для таго нічога, і ўсіх гэтых хлопцаў пазьней саветы расстралялі. А была і другая сытуацыя. Ужо ў Бэрліне на месцы вайсковага міністра стаў Езавітаў, я яго папрасіў за хлопцаў, і ён умомант усё палагодзіў. Выратаваў усіх беларускіх хлопцаў і Нахаёнка, які пасьля быў вялікі дзеяч БАЗА, заснаваў цяперашнюю беларускую праваслаўную царкву ў Нью-Ёрку.

Ёсьць расповяд пра тое, што, будучы старшынёй у Барысаве, доктар Станкевіч выратаваў пісьменьніка Міхася Клімковіча, аўтара гімна БССР. Гэта вельмі падобна на Станіслава Станкевіча. Тыя нашы, што пры немцах называліся бургермайстрамі, былі часцей за ўсё толькі адміністратарамі, кіравалі грамадзянскім жыцьцём. А карнымі справамі, расстрэламі займаліся адмысловыя нямецкія адзінкі і паліцэйскія часці.

У Саўт-Рывэры было няблага, але з часам пачаліся сваркі паміж арганізацыямі, паміж крывічамі і зарубежнікамі. Я стараўся стаяць вышэй гэтых звадак, не далучацца ні да тых, ні да іншых. На маё рашэньне пакінуць Саўт-Рывэр, можа, найбольш падзейнічала драматычная гісторыя, што здарылася з Юркам Віцьбічам, які разам са мной працаваў у фармацэўтычнай фірме. Там жа працавала і яшчэ каля 20 беларусаў, якіх я туды ўладзіў. Сварка паміж БЦР і БНР даходзіла і да нашай фабрыкі, і там людзі былі падзеленыя на два лягеры. Трэба сказаць, што шмат якім беларусам-інтэлектуалам было спачатку вельмі цяжка працаваць на фізычнай працы. Хаця ў нас яшчэ было адносна няцяжка, сп. Віцьбіч быў уладжаны ў адзьдзел, што вырабляў таблеткі. Вядома ж, я апекваўся ўсімі беларусамі, якія там працавалі. I калі кіраўнікі фірмы хацелі вясьці справу з маімі людзьмі, дык заўсёды прыходзілі да мяне. Аднойчы Віцьбіч прыйшоў да мяне ў лябараторыю і папрасіў якіх таблеткаў для сну. Я даў яму маленечкую бутэлечку фэнабарбіталу. Пасьля, калі я праходзіў па цэху, Віцьбіч мяне запытаў, у якім гэта чане знаходзяцца тыя таблеткі. Ну, я паказаў. Але неўзабаве жонка Віцьбіча пачала скардзіцца, што пасьля працы яе муж валяецца дома, нібы п'яны чалавек. Я зразумеў, што гэта ад вялікай колькасьці тых таблетак. Неяк раз да мяне ў лябараторыю прыходзіць адзін з кіраўнікоў фірмы і пытаецца: што гэта сталася з адным вашым чалавекам? Аж сп. Віцьбіч ляжыць на падлозе, і яго твар пакрыты белым парашком. Я адразу да яго, пытаюся, колькі ён таблетак прыняў. Кажа: пяцьдзесят. Я адразу выклікаў таксі і адвёз яго ў шпіталь. Па дарозе Віцьбіч сказаў мне, што хацеў скончыць жыццё самагубствам. Тры дні яго адкачвалі. На шчасьце, Віцьбіч не памёр. Але я таксама ня спаў тры начы. Ня дай Бог, калі б ён памёр, дык ягоная сьмерць лягла б страшнай плямай на ўсіх беларусаў. Дык я не сказаў пры рассьледваньні, што ён хацеў скончыць самагубствам, бо тады б яго маглі да канца дзён засадзіць у вар'яцкі дом. Усё тое так на мяне падзейнічала, што я вырашыў неадкладна выехаць у Каліфорнію.

У Каліфорніі я ня меў крэўных ды і знаёмых таксама. Хіба што ў адной сям'і мог нядоўга начаваць. I я шукаў працу. З працай, як заўжды, было дужа цяжка. Каліфорнія на фармацэўтычную індустрыю была куды бяднейшая, чым усход Амэрыкі. Доўга і марна хадзіў па розных канторах, нічога нідзе не знаходзіў. Тады запісаўся чорнарабочым на фабрыку тэлевізіі. Там я трапіў у адзьдзел, дзе робяць скрынкі для тэлевізараў, дзе іх фарбуюць. Мне трэба было іх выціраць пасьля фарбаваньня. Фарба была страшэнна ядавітая, ад яе доўга сьмярдзела ўся вопратка, і я зразумеў, што доўга тут ня вытрываю. Пайшоў да кіраўніка фабрыкі, паскардзіўся яму. Перавялі ў іншы, шліфавальны адзьдзел. Але тое было ня лепш, даводзілася дыхаць сталёвым пылам. Праз тыдзень прыйшло паведамленьне, што мяне прынялі ў адну хімічную лябараторыю хімікам. Хімічная лябараторыя доктара Ховарда ў Лос-Анджэлесе, празь некалькі крокаў ад самога Галівуда. Аднак я папрацаваў там толькі пару месяцаў. Пасьля мяне прыняла іншая, багацейшая, фармацэўтычная фірма. Там я працаваў тры гады. Быў кантрольны хімік, падпісваў годнасьць усіх лекаў, што праходзілі празь лябараторыю, у асноўным вітаміны. Нас кантралявалі дзяржаўныя кантралёры, штрафавалі, калі выяўляліся якія-небудзь недахопы.

Затым у маім лёсе была яшчэ адна хімічная фірма - па вытворчасьці парашкоў для чысткі, фірма дужа вялікая і багатая. Там я вызначаў формулы невядомых прадуктаў і прыдумаў уласную мэтоду, якую пасьпяхова выкарыстоўваў для пэўных аналізаў.

Аднойчы я пайшоў на забаву ў польскі камітэт, дзе спаткаў прафэсара Макшыцкага з колішняй Варшаўскай палітэхнікі. Ён быў спэцыялістам па аэрадынаміцы і ў той час займаў важную пасаду ў фірме North American Aviation Inc. То была найвялікшая ракетная фірма Амэрыкі. З размовы Макшыцкі даведаўся пра маю асноўную прафэсію - матэматыку і запрасіў у ягоную фірму. З таго часу пачалася мая астранаўтычная кар'ера, самы шчасьлівы і ганаровы пэрыяд майго жыцьця. Там не было ні зайздрасьці, ні карысьлівасьці, я меў справу зь вялікімі вучонымі, якія стараліся толькі дапамагчы. I поўная свабода ва ўсіх маіх ініцыятывах. У фірме існавала такая завядзёнка, што першыя шэсьць месяцаў ніякай працы нікому не давалі, можна было толькі знаёміцца, унікаць у справу. I я хадзіў, знаёміўся.

У адзін цудоўны дзень да мяне падыходзіць мой кіраўнік Роберт Браўн і кажа: "Хопіць табе хадзіць бяз працы. Мы хочам цябе выкарыстаць як хіміка напачатку. А рэч у тым, што дагэтуль палівам для ракетаў скарыстоўвалі карасін. Але цяпер у нас зьявіўся намер шукаць іншае, мацнейшае паліва. І ёсьць меркаваньне, што ім можа стаць плыўкі вадарод. Аднак мы нічога ня ведаем пра яго. Вось ты нам дай, калі ласка, усё пра плыўкі вадарод: ён магчымы ці немагчымы на паліва для ракетаў".

Нешта празь месяц я даў ім даклад - цэлую кнігу, - усё, што знайшоў. Галоўная цяжкасьць была ў тым, што гэты плыўкі вадарод пры нізкай тэмпературы дужа выпароўваецца. Ён складаецца зь дзьвюх розных малекул, адна малекула пераходзіць у другую і пры тым выдзяляе страшэнную цеплыню. Як пазбыцца гэтай цяжкасьці? Але ў маім дакладзе было і пра гэта. Даклад пайшоў па начальству ўсё вышай і вышай. I было знойдзена, як змагацца з тымі цяжкасьцямі. Напрыклад, як затрымаць параваньне. Прымянілі самыя найлепшыя ізаляцыйныя матэрыялы, якіх не было раней. Прыдумалі каталізатар, які ўнутры робіць парадак. Празь некалькі год было нарыхтавана новае паліва, якое ўжывалася ў "Аполёне". Гэтае паліва ўжываецца і зараз у вялікіх ракетах, у тым ліку і ў "Шатле". Такі мой удзел у першапраходзтве астранаўтыкі. Як наша фірма атрымала заказ падрыхтаваць падарожжа на Месяц, нам далі шмат мільярдаў даляраў, і мы нанялі яшчэ 30 тысяч іншых падобных фірмаў - такі вялізны быў аб'ём работы. Працавала каля паўмільёна знакамітых вучоных і інжынераў. На гэтым матэрыяле я напісаў кнігу - кнігу пра ракетнае паліва. То быў першы ў гісторыі падручнік, яго чыталі ва ўсім сьвеце, пакаленьні вучоных і інжынераў карыстаюцца ім аж да сёньня. Пазьней працаваў і выкладаў пра мэтады сувязі з сатэлітамі, рабіў даклады на сусьветных канфэрэнцыях. То была частка праграмы "Аполён" - знакамітае падарожжа на Месяц. Найвялікшае дасягненьне чалавецтва.

Маё матэрыяльнае становішча стала стабільным, я купіў цудоўны дом з садам. Блізка быў акіян. На працу езьдзіў на аўтамабілі. Клімат у Каліфорніі цудоўны - зімой ня холадна, а ўлетку ня горача. У Лос-Анджэлесе круглы год каля 25 градусаў па Цэльсію. Часам цяжка пазнаць, ці то на дварэ зіма, ці лета. I ад таго рабілася трошкі сумна... Як паехаў на новую працу, дом мусіў прадаць, бо купіў новы ў Вашынгтоне, у якім і дагэтуль жыве мая жонка. Яна палымяная патрыётка Беларусі, дома мы заўсёды размаўлялі зь ёй толькі па-беларуску.

Аповяд шосты

25 ліпеня, гатэль «Шаратон - Арабэля»

Мабыць, правільна сказана, што ад дабра дабро не шукаюць. Мы ж на той раз вырашылі знайсьці і яшчэ лепшае мейсца - пайшлі ў шыкоўны (таксама, дарэчы, амэрыканскі) гатэль "Шаратон - Арабэля". Тым болей, што мянялася тэма і матэрыял аповяду, хацелася зьмяніць і мейсца.

На далёкім Захадзе, у Каліфорніі, спадар Кіт канчаткова адрынуў ад сябе ўсе эўрапейскія комплексы ды ілюзіі - з вайной, галечай, варажнечаю паміж сваімі. Яго талерантная натура прагнула міру і душэўнай гармоніі, пры якіх толькі і магчыма было разгарнуць свае стваральныя здольнасьці. Тое надарылася не адразу, але, як сказана, - шукайце і знойдзеце.

Спадар Кіт шукаў. Але тут трэба зазначыць, што шукаў ня толькі ён - шукала і Амэрыка. Яе амэрыканскі гонар, разварушаны першымі савецкімі посьпехамі ў космасе, патрабаваў як найхутчэйшага рэваншу. Настала пільная патрэба ў адмысловых талентах і вялікіх грошах. Грошай, як вядома, Амэрыцы не пазычаць, а таленты трэба было пашукаць. Без аднаго, тады мала каму вядомага беларуса Амэрыка не магла абысьціся, і лёс ці выпадак аднойчы прэзентаваў яго перад Амэрыкай. Тое сталася, як ужо распавядана, пасьля доўгага блуканьня на неабсяжных індустрыяльных джунглях Амэрыкі, нялёгкае працы ў атрутных цэхах, пры зьнясільваючых канвэерах. Але ў Амэрыку разам з беспрытульнымі выгнаньнікамі прыйшла яшчэ і карпаратыўная эўрапейская салідарнасьць, штось ад пратэстанцкай этыкі. Геніі сапраўднай навукі ў Амэрыцы адкінулі ўсе нядаўнія рознасьці і дэмакратычна, бы роўныя, паставіліся адзін да аднаго. Роўным сярод роўных апынуўся ў новай навуцы і беларус Барыс Кіт. Тое найперш сталася грунтам яго хуткага посьпеху.

У шыкоўным, сьцішаным, прахалодным гатэлі нас напаткала няўдача.

Утульна сабе ўладкаваўшыся за нізкім столікам у холе, мы доўга гутарылі пад магнітафон. Гаварыў, вядома, спадар Барыс, ягоны субяседнік запісваў. Але калі пад канец хацеў праверыць запіс, аказалася, што магнітафон не працуе. Пачалі тузаць, шчоўкаць, стукаць, памянялі батарэйкі - усё было марна. Тады паклікалі маладога, выкшталцонага чалавека з гатэльнай абслугі. Той дужа чула паставіўся да нашай праблемы, але памагчы ня мог. Панёс наш магнітафон, каб з кімсьці параіцца. А як вярнуўся, ягоны прыгожы твар і зусім спахмурнеў - магутная амэрыканская фірма ня мела магчымасьці палагодзіць нашу бяду.

Што ж, бывае, калі тэхнічныя магчымасьці і краіны-гіганту абмежаваныя нават у дачыненьні да маленькай пабытовай рэчы. Давялося ісьці ў вялізны супермаркет купляць новы магнітафон.

А як купілі новы, наш стары (праўда, у іншым мейсцы) запрацаваў нават лепш, чым раней, тым шчасьліва ўратаваўшы ніжэй надрукаваны аповяд.

- Тады Амэрыка рабіла першыя крокі ў астранаўтыцы, яшчэ да запуску савецкага спадарожніка. Тыя крокі, як, безумоўна, і спробы Савецкага Саюза, былі стымуляваны ракетнымі спробамі немцаў падчас Другой сусьветнай вайны, калі яны першы раз у горадзе Пенемюндэ выпусьцілі ракету А-4. То была першая ракета, але яна рухалася на плыўкім паліве - карасіне. Фактычна тым было запачаткавана разьвіцьцё астранаўтыкі. Кіраваў праектам Вернер фон Браўн. Па сканчэньні вайны фон Браўн і ягоныя супрацоўнікі шукалі мейсца, дзе працаваць далей у сваёй галіне. I вось частка спэцыялістаў паехала ў Савецкі Саюз, а частка - у Амэрыку. Менавіта немцы зрабілі вялікую справу ў астранаўтычным прагрэсе ў абедзьвюх краінах. Фон Браўн прыехаў у Амэрыку, дзе і прадаўжаў ранейшую працу, распачатую ў Пенемюндэ, далей ён браў удзел у праэкце "Аполён", распрацаваў ракету "Сатурн-5", якая панесла касьмічны карабель на Месяц. А сам касьмічны карабель рабілі на нашай фірме. Тут трэба зазначыць, што і першыя посьпехі Савецкага Саюза, асабліва палёт касманаўта Гагарына, прычыніліся да стымуляцыі разьвіцьця астранаўтыкі ў Амэрыцы. Запуск савецкага спадарожніка на арбіту ўзварушыў усю Амэрыку. Савецкі Саюз, які здаўна лічыўся адсталым у свае тэхналёгіі, аднак жа здабыў такі посьпех. У Амэрыцы шмат у чым абвінавачвалі прэзыдэнта Эйзенхаўэра, што не падняў Амэрыку ў належным часе. Новы прэзыдэнт Кенэдзі дужа энэргічна ўзяўся спрыяць астранаўтычным праэктам, і, праўда, празь якіх два гады дабіўся вялікага посьпеху. Гэта паказвае, як шмат залежыць ад кіраўніка ў кожнай справе.

У Каліфорніі я спаткаў найвыдатнейшых вучоных Амэрыкі, працаваў з доктарам Джонам Брэквалам. Хто ён такі? Як і я, ён па адукацыі матэматык, скончыў унівэрсытэт у Аксфордзе, пасьля атрымаў дактарат Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Гэта быў геніяльны матэматык, якога клікалі для кансультацыі ў розныя адзьдзелы маёй фірмы. Дык ён на вырашэньне цяжкіх пытаньняў па матэматыцы заўсёды запрашаў мяне. Пазьней ён быў прафэсарам Стэнфордзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі. Я зь ім вельмі сябраваў, запрашаў у свой прыгожы дом, дзе жыў. Цікавы быў там мой адрас: Brookhaven, Garden Groove, Orange, California, што ў перакладзе гучыць як: вуліца ручэйнага прыпынку, горад садовага росту, павет памаранцавы. Дом быў вялікі, новы, з прыгожым садам, у якім расьлі 8 памаранцавых дрэваў, 18 вялікіх эўкаліптаў, што рабілі мне нямала клопату, бо эўкаліпты скідвалі кару, якую кожную суботу патрэбна было зьбіраць. Там мае калегі гулялі ў брыдж. Зноў жа доктар Брэквал быў першаклясны піяніст. То быў найшчасьлівейшы пэрыяд майго жыцьця...

Фірма на той час працавала над праэктам "Навахо", гэта назва індзейскага племя. То былі нашы першыя крокі ў галіне космасу. Яны доўжыліся да пары, пакуль не прыйшла новая філязофія балістыкі. Сьпярша ўжываліся ракеты, якія кіраваліся толькі электроннымі апаратамі. Але праз пэўны час запанавала балістыка. Гэта азначала, што ракеты трэба пераводзіць на гравітацыйны спосаб кіраваньня. Так, як мы, напрыклад, кідаем камень, калі ён ляціць па парабале і падае. Тады іх палёт мае адзін кірунак пад уплывам адной сілы - гравітацыі. Ну, амэрыканцы пэўныя рэчы прапусьцілі. Польскі пісьменьнік Ваньковіч, які жыў у Амэрыцы, пісаў, што Амэрыка - гэта магутны слон, які мала рухаецца, і яго трэба неяк падшпорыць. Але ўжо калі пачне рухацца, дык нешта зробіць. І вось такой шпорай для Амэрыкі быў савецкі спадарожнік. Амэрыка была дужа зацікаўлена, чаму гэта Савецкі Саюз выйшаў наперад, і зьвярнула ўвагу на тых вучоных, якія ведалі расейскую мову. У іх ліку апынуўся і я. Мяне паклікалі ў Вашынгтон, дзе я быў прыняты ў астранаўтычны адзьдзел Міністэрства паветраных сілаў. Там была група вучоных, што займалася дасьледваньнем астранаўтычнага прагрэсу Савецкага Саюза. Таксама, як і ў Савецкім Саюзе дасьледвалі, што робіць у гэтай галіне Амэрыка. Пачаліся спатканьні вучоных, прыезды савецкіх вучоных у Амэрыку, таксама, можа, у меншай ступені, прыезды амэрыканцаў у Савецкі Саюз. Сакрэтнасьць ва ўзаемадачыненьнях заўсёды дужа высока трымалі савецкія ўлады і ня дужа высока - амэрыканцы. У Вашынгтон прыязджалі выдатныя навукоўцы Савецкага Саюза. Дык мяне часта клікаў амэрыканскі ўрад браць удзел у тых спатканьнях. Безумоўна, мэта была адна - супрацоўніцтва ў супольнай справе, ніякай варожасьці ці падазронасьці. Амэрыка ніколі ня мела на мэце, каб ваяваць.

Пачаліся спатканьні і канфэрэнцыі. I я магу з гонарам сказаць, што заўсёды быў кліканы на іх і супрацоўнічаў ці не з усімі расейскімі калегамі, што наведвалі Амэрыку. Мне даручана было правесьці першы ў гісторыі ЗША-СССР сход на высокім узроўні з мэтай палагодзіць супрацоўніцтва ў астранаўтычных дасьледваньнях. Адбылося гэта ў 1960 годзе ў Шаратон-гатэлі ў Вашынгтоне.

Аповяд сёмы

29 ліпеня, ваколіцы Пальмэн-гартэн

Мы нетаропка ідзем па ваколіцах славутага ў Франкфурце Палмэн-гартэну, здаўна аблюбаванага заможнай гарадзкой буржуазіяй. Ды й раён наскрозь буржуазны з выгляду, багаты, прыгожы і ціхі. Туг утульныя, схаваныя ў суцэльнай засені аграмадных платанаў вуліцы з шыкоўнымі, розных стыляў будынкамі (ад эўрапейскага барока да мадэрну найноўшых напрамкаў), усё дбайна дагледжанае, упрыгожанае, бы спрадвеку існае. Здаецца, ніякая вайна тут ня зрушыла і каменьчыку з гэтай буржуазнай добраўпарадкаванасьці мінулых стагодзьдзяў. Сярод падстрыжанага кустоўя і кветнікаў Барыс Кіт, Леў Гарошка. Парыж, 1958 г. дрэмлюць беласьнежныя вілы, сьвежа зелянеюць абструмененыя вадой лужкі. Пры аднолькавай упарадкаванасьці ўсё тут рознае - характарам, стылем, коштам. Архітэктура разнастайнасьці тут - шаноўная пані. I бязьлюдзьдзе. Мейсцы на ходніках і падворках застаўлены аўтамабілямі самых розных фірмаў, мадэляў і марак - на ўсёй вуліцы ня знойдзеш і двух аднолькавых. I ўсе яны нерухомыя, бы прыкутыя да мейсца ўдзень і ўначы, зімой і ўлетку. Можна толькі зьдзіўляцца, навошта купляць іх, калі ня езьдзіць.

- Каб мець, - кажа спадар Барыс.

Сапраўды, тут зусім інакшая пабытовая псіхалёгія, чым у нас, на ўсходзе. Нашаму чалавеку з адвечным нязбыўным клопатам, як пражыць, пракарміцца, тое зразумець цяжка. У спадара таксама быў аўтамабіль, пакуль была патрэба езьдзіць на ім па філіях унівэрсытэту. А як зьнікла патрэба, зьнікла і аўто. Каб пазбыцца клопату, бо меркаваньне "мець" - не ў ягоных правілах. Усё ж ён таксама чалавек з усходу, хоць і пражыў жыцьцё ў атачэньні заходняй культуры.

Як бы жыцьцё каго ні камячыла - кідала ўніз ці ўзвышала, ён, каб і хацеў, ня можа зьмяніць свайго Богам закладзенага мэнталітэту, як ня ў стане і забыцца, адкуль паходзіць. Найперш бацькава хата, родны кут, ну і людзі. Асабліва тыя, што дабром і годнасьцю адзначыліся ў ягонай душы. Тым болей пакрыўджаныя лёсам, абылганыя гісторыяй, несправядліва скараныя.

Такіх людзей на жыцьцёвым шляху Барыса Кіта шмат. Можа, аж занадта шмат, і таму віною - вайна. Меркаваньне Боскае і чалавечай справядлівасьці вымагае слова праўды пра іх.

Тым болей ці не ад таго, апошняга, хто гэта слова можа сказаць.

- Можна так меркаваць, што пад уплывам нейкіх прычынаў, у тым ліку і вонкавых, беларусы ў Амэрыцы падзяліліся прыблізна на тры часткі: крывічоў (людзі, якія падтрымлівалі абноўленую раду БНР Абрамчыка), зарубежнікаў (тыя, што гуртаваліся каля Астроўскага і БЦР) і беларусаў наогул. Зарубежнікі лічылі, што БЦР, якая склікала Усебеларускі кангрэс, найбольш выказвае волю беларускага народу. Аднак вялікая частка гэтых людзей у Амэрыцы стварыла так званую "тэстамэнтную" БНР. Натуральна, што згоды між імі было мала. Але я ніколі ня браў удзелу ў іхнім канфрантаваньні, па магчымасьці шанаваў і адных і другіх, лічыў іх за патрыётаў Беларусі. Можна сказаць, што я належаў да трэцяй групы, якая ладзіла беларускую справу без якой бы там партыйнасьці. Дзякаваць Богу, што мяне не ўцягнулі ў БЦР, і я ня меў у гэтых адносінах ніякога клопату. Яшчэ калі пачыналася рада БНР у Нямеччыне, мой вялікі прыяцель Калодка, які прысутнічаў на першым сходзе БНР у Мюнхене, сказаў, што трэба паклікаць Барыса Кіта. Але хтось запярэчыў, быццам я шмат працаваў з Астроўскім, таму мяне клікаць няварта. Я рабіў беларускую справу без усялякіх партыяў, без усялякага ўплыву. У 48 годзе, калі я прыехаў у Амэрыку як адзін з першых беларусаў, дык да 50 году, да выезду ў Каліфорнію, рабіў беларускую справу адзін, бо нікога болей не было. А трэба было прысутнічаць на розных імпрэзах, як, напрыклад, на маніфэстацыях паняволеных народаў у Нью-Ёрку. Тое рабіў пры падтрымцы ўкраінцаў, за што вялікі ім дзякуй. Асабліва прафэсару Дабраньскаму і спадарыні Скубе.

Цікава, што, канфрантуючы між сабой, і староньнікі БНР і староньнікі БЦР усе беларускія сьвяты спачатку адзначалі разам, а затым бэнээраўцы - у Нью-Ёрку, а бэцээраўцы - у Саўт-Рывэры, хоць БЦР на другім кангрэсе запісала ў пратакол, што яна падтрымлівае і працягвае справу БНР, закладзеную ў 18-м годзе.

Тут я хацеў бы распавесьці пра спадара Шчорса.

Я яго выпісаў у Амэрыку адным зь першых, можна сказаць, за тое, што ён уратаваў маё жыцьцё. Калі я ўцякаў на Захад і дабраўся да Варшавы, дык перш за ўсё пайшоў у Беларускі камітэт, на чале якога стаяў Шчорс, а ягоным сакратаром быў Ханяўка, таксама вядомая асоба ў гісторыі Заходняй Беларусі. Рэч у тым, што я не належаў да якіх-небудзь арганізацый і таму ня меў ніякіх дакумантаў. Але старшыні камітэту на той дзень не было, быў толькі сакратар, якога я папрасіў даць мне дакумант, каб я мог ехаць далей. Але Ханяўка даў мне такі дакумант, што я мог трапіць толькі ў лягер остарбайтараў. Амаль што на сьмерць. Тады я паехаў у шпіталь, дзе працаваў Шчорс, і той страшэнна зьдзівіўся, даў мне лепшы дакумант, зь якім я ўжо меў магчымасьць дабрацца да Бэрліну.

Спадар Шчорс рабіў вялікую беларускую справу і ў Амэрыцы. Можа, найбольшая яго заслуга ў спробах кансалідацыі беларускіх груповак, між якімі ішла дробная, але несканчоная палітычная барацьба.

Што да ўкраінцаў, дык быў яшчэ адзін цікавы момант у маім жыцьці. Пасьля вайны ў Мюнхене мяне запрасілі ва ўкраінскую гімназію выкладаць матэматыку. Хоць я і ня ведаў украінскай мовы, але нічога, украінцы мяне разумелі, і я цэлы год выкладаў па-беларуску. Пазьней перайшоў ужо на ўкраінскую мову. А перад самым ад'ездам у Амэрыку мне прапанавалі стаць дырэктарам тае гімназіі. Я быў дужа зьдзіўлены і пытаюся: чаму? А яны кажуць: "Дзеля палітычнай згоды. Бо ўкраінцам, дзе адны - бандэраўцы, іншыя - канавальцы або мельнікаўцы, цяжка прыйсьці да згоды. А вы - чалавек нэўтральны, болей для таго прыдатны". Вельмі шкада, адказваю, але я ўжо атрымаў візу ехаць у Амэрыку. Мушу сказаць, што я заўсёды быў страшэнна захоплены ўкраінцамі, іхнімі адносінамі да беларусаў, інтэлектуальнаю сілай іх інтэлігенцыі, якая куды мацнейшая, чым у нас.

Яшчэ з часоў маёй працы ў Вільні я адчуваў пэўную непрыязь між каталікамі і праваслаўнымі. Так сталася, што статыстычна каталікі болей прычыніліся да беларускай справы, чым праваслаўныя. Я вельмі паважаў дзейнасьць каталіцкіх ксяндзоў Гадлеўскага, Глякоўскага, Абрантовіча, якіх ведаў асабіста. Пазьней пачаліся нашы ўніяты. Леў Гарошка - незвычайны чалавек, мой калега па гімназіі, які пачаў новы ўніяцкі беларускі рух на Захадзе. Спадар Надсан ёсьць ягоны нашчадак, калі так можна сказаць. У той час, як вельмі мала можна назваць слынных прозьвішчаў нашых праваслаўных сьвятароў, хіба абавязкова ўспомніць Аляксандра Каўша. Я ведаю ўсю яго дзейнасьць, выпісаў ягонага сына і майго вучня Сьвятаслава ў Саўт-Рывэр, дзе ён заклаў і будаваў царкву. І хоць каталікоў сярод сьвятароў была прыблізна адна траціна, яны зрабілі больш, чым астатнія, праваслаўныя. З боку каталікоў, можа, з гэтай прычыны, была пэўная засьцярога да праваслаўных, лічылася, што каталікі болей шчырыя беларусы. Я сам праваслаўны, але заўсёды стараўся быць шчырым беларусам. Хаця і сярод беларусаў былі выдатныя праваслаўныя дзеячы, як названы ўжо доктар Шчорс ды іншыя.

Доктар Шчорс самааддана змагаўся за кансалідацыю беларусаў у Амэрыцы, шукаў нейкі супольны грунт для абедзьвюх груповак. Самым надзейным, на думку Шчорса, было паяднаньне на культурніцкай глебе. Ён вельмі добра выказаў гэта ў сваім лісьце да спадара Чаропкі, які нядаўна быў надрукаваны ў часопісе "Архэ". Вось што ён піша: "Ваша дастойнасьць. Беручы пад увагу выказанае Вамі падчас мае бытнасьці ў Чыкага заінтарасаваньне справай кансалідацыі нашага грамадзянства ў межах ЗША, нягледзячы на неатрыманьне адказу на мой апошні да Вас ліст, пішу ізноў. Хацеў бы давесьці да Вашага ведама факт спатканьня і адбыцьця даўжэйшае гутаркі між Вашым слугою і старшынёй Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня сп. Інжынэрам Гарошкам. Хаця гутарка насіла, так сказаць, шчупальны характар, можна, аднак, на яе падставе зрабіць наступныя вывады: незаінтарасаваньне ў кансалідацыі нашых сьціплых сілаў гэтак званае крывіцкае стараны. Спадар Гарошка на проціўлеглым ад майго пункце гледжаньня. Я прапанаваў і далей прапаноўваю кансалідацыю й супрацоўніцтва на плошчы нацыянальна-грамадзкіх і культурных дачыненьняў, уважаючы, што апошняе ёсьць шмат лягчэйшым да прывядзеньня ў практычнае жыцьцё з прычыны адсутнасьці спэцыяльных разыходжаньняў. Сп. Гарошка ўважае, што трэба спачатку скансалідавацца на палітычным адрэзку, і нават запрапанаваў "просты" рэцэпт практычнага яго вырашэньня: зьліквідаваць БЦР і прызнаць БНР.

Тэарэтычна рэцэпт сапраўды просты, нават вельмі просты - толькі што нерэальны. Кансалідацыя і супрацоўніцтва нармальна базуюцца на пэўных кампрамісах, уступствах кантрагентаў, а не на бескампрамісных праэктах самаліквідацыі. Каб апошняя наступіла, ня трэба гутарак аб супрацоўніцтве. Патрэбна толькі перакананьне аб фальшывасьці займанага становішча, а гэта ніхто зь людзей, гуртуючыхся вакол БЦР, ня мае і мець ня будзе. БЦР - гэта не тэстамэнтавы твор, гэта таксама і ня твор эміграцыйны, падобна гэтак званай Радзе БНР, якая паўстала ў сарамлівых абставінах і паўканспірацыйна праведзеным зьездзе аднае крывіцкай групоўкі ў Остэргофэне (Нямеччына). БЦР - гэта ўстанова, пакліканая і пацверджаная воляй, калі ўжо не ўсяго беларускага народу, то прынамсі ўсяго яго актыву. 1039 дэлегатаў у сталіцы Беларусі Менску - гэта ня некалькі дзесяткаў эмігрантаў аднае групоўкі ў задрыпаным нямецкім гарадзішку. Параўнаньня тут ня можа быць ніякога! БЦР не паўстала воляй эміграцыі й ня можа быць воляй эміграцыі зьліквідавана. Яе можа зьліквідаваць ІІІ Усебеларускі Зьезд на Бацькаўшчыне, толькі і вылучна". Гэты ліст пацьвярджае, як Шчорс заўсёды імкнуўся да кансалідацыі.

Спадар Шчорс прыехаў у Саўт-Рывэр, дзе мной быў закладзены Беларуска-Амэрыканскі дапамогавы камітэт, які выпісваў людзей зь Нямеччыны. Але калі я ў 50-м годзе паехаў у Каліфорнію, ён пераняў усе мае беларускія справы і стварыў яшчэ лепшую арганізацыю (Беларускі кангрэсавы камітэт), што мела на мэце вось гэтую кансалідацыю ўсіх беларускіх партыяў (спадар Барыс Кіт смяецца, робячы паўзу). Пасьля ягонай сьмерці і да канца гэтай арганізацыі яе прэзыдэнтам быў спадар Завістовіч у Вашынгтоне. Ён таксама вельмі шмат зрабіў, прэзентуючы беларусаў у сталіцы ЗША, у спадара прэзыдэнта Клінтана. А сам спадар Завістовіч быў нават абраны прэзыдэнтам Камітэту ўсіх паняволеных народаў, што было вялікім гонарам для беларусаў. Мяне завочна абралі віцэ-прэзыдэнтам гэтага камітэту.

А доктар Шчорс, апроч таго, быў выдатны хірург і шмат каго зь беларусаў лячыў у Саўт-Рывэры. Яго там памятаюць і дагэтуль. Апошнія дні ягонага жыцьця прайшлі на поўначы ЗША - у Пляцбурзе, дзе ён таксама меў уласны мэдычны цэнтр. За яго выдатную лекарскую дзейнасьць быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Амэрыканскай хірургічнай асацыяцыі, што ёсьць вялікім гонарам і для нас, беларусаў.

Аповяд восьмы

1 жніўня, гатэль «Хілтан»

Барыс Кіт зь яго несумненнай беларускай мэнтальнасьцю змалку выхоўваўся ў поліэтнічным асяродку. Ягоныя адносіны да іншых рэлігіяў склаліся самыя талерантныя і дэмакратычныя. Праваслаўны паводле паходжаньня, ён цьвяроза ацэньвае ролю гэтай канфэсіі ва ўласным жыцьці, таксама як і іншых канфэсій для іншых людзей і нацый. У гэтым сэнсе ён чалавек XX стагодзьдзя, надзелены пэўнаю доляй жыцьцёвага скептыцызму. Ён не  Грамата падзякі Барысу Кіту ў сувязі з яго адыходам з працы ў Міністэрстве абароны ЗША. Вашынгтон, 1970 г. абагаўляе ніводзін народ і валодае даўняй, пацьверджанай жыцьцём прыхільнасьцю да народаў-суседзяў - украінцаў, летувісаў, расейцаў. I габрэяў таксама, зь якімі беларусы цягам стагодзьдзяў мірна дзялілі гаротны лёс на агульнай зямлі.

Падарожжа з Тамарай у ЗША. Штат Невада, 1978 г.

Мы зноў - ва ўтульным прахалодным холе Хілтан-гатэлю, дзе па-ранейшаму гасьцінна і ўтульна ў гэты сьпякотны дзень незвычайнага для Эўропы сьпякотнага лета. Спадар Кіт нязьменны ў сваім маладым аптымізме зь яго хай сабе маленькімі, даступнымі радасьцямі жыцьця. Высокія келіхі вайцан-біру, як заўжды, вільготна спатнелі па бакох - што можа быць болей зваблівае ў гэты душны час лета. Сёньня намі паслугоўваецца маленькая чарнавачка-тайландка, якая так радасна ўсьміхаецца, бы нецярпліва чакала нас зранку. А можа, і сапраўды чакала? Калі і не нас, дык таксама няблага. Галоўнае - каб дачакалася, - па-маладому белазуба сьмяецца спадар Кіт.

- Цягам свайго жыцьця я прыйшоў да высновы, што габрэі заўсёды былі нашымі прыяцелямі. Нашая справа заўжды была зь імі зьвязана. Ва ўнівэрсытэце я знаўся з многімі габрэямі, у Амэрыцы таксама вельмі часта спатыкаў іх то ў якасьці начальнікаў у міністэрствах, то - розных навукоўцаў на кангрэсах. Звычайна даведаўшыся, што я зь Беларусі, тыя пыталіся, скуль: зь Менску ці зь Пінску? I радасна паведамлялі: дык мае ж дзяды прыехалі адтуль. Калі я рабіў доктарскую працу, дык кіраўніком яе быў таксама габрэй, сусьветна вядомы матэматык. Вядома гісторыя беларускага габрэйства, сумесная зь беларускай гісторыяй. Амэрыка прэзыдэнта Трумана выдатна прычынілася да стварэньня габрэйскай дзяржавы Ізраіля. Я быў у 94-м годзе ў Ізраілі на сходзе Сусьветнай Астранаўтычнай акадэміі, дзе мне ўручалі дыплём поўнага акадэміка, і шмат чаго пабачыў там. Найперш, як шмат Амэрыка памагла Ізраілю. I гэта добра. Народу, які цярпеў тысячагодзьдзі, трэба было памагчы. У Іерусаліме на сьценах унівэрсытэту значацца прозьвішчы шматлікіх яго амэрыканскіх фундатараў.

У пару свае маладосьці я меў яшчэ большыя стасункі з габрэямі. Маім першым юнацкім каханьнем была габрэйка Рыва Траевіцкая, якая ў гады халакосту згінула ў Баранавічах. Яна паходзіла з Карэліч, а я тады жыў у Агародніках, быў ужо студэнтам унівэрсытэту, і яна прыходзіла да мяне, каб кансультавацца па матэматыцы. А пасьля прызналася, што прыходзіла зусім не за матэматыкай, а толькі, каб пабачыць мяне. Мы былі разам чатыры гады. Пазьней яна зь сям'ей пераехала ў Наваградак, а я вучыўся ў Вільні, але часта прыязджаў у Наваградак, каб пабачыцца зь ёю. Пасьля вайны я ездзіў шукаў яе, таксама і ў Іерусаліме, дзе задакументаваны прозьвішчы ўсіх загіблых, але не знайшоў нідзе.

Тут нялішне будзе сказаць, што амэрыканцы аднолькава спрыяльна ставіліся да ўсіх нацыяў. Ні ў чым не прыгняталі, не абмяжоўвалі, давалі поўную свабоду для разьвіцьця культуры і эканомікі. I ня дзіўна, бо амэрыканскі народ ёсьць сабраны зь людзей розных нацыяў, усім ім давалася свабода. Самы дэмакратычны лад - гэта амэрыканскі спосаб жыцьця, і я ганаруся, што зьяўляюся грамадзянінам Злучаных Штатаў. Беларусы таксама зрабілі свой пасільны ўклад у будаўніцтва таго ладу. І беларускі досьвед у Амэрыцы паказаў, што і мы ёсьць нягоршы за іншых народ, нам трэба толькі дэмакратыя для жыцьця ў Беларусі, якое мы ніколі ня мелі.

У Амэрыцы ёсьць вялікія абшчыны розных нацыянальных меншасьцяў, напрыклад, нямецкая - каля 40 мільёнаў, польская - 10 мільёнаў, італьянская - 15 мільёнаў, ірляндская - 10 мільёнаў, меншыя - расейская, беларуская, даволі вялікая ўкраінская. Украінцы заўжды ідуць разам зь беларусамі, падтрымліваюць адзін аднаго. Як я закладваў Беларускі дапамогавы камітэт, дык ягоны статут зрабіў накшталт украінскага. А зарэгістраваць яго дапамог украінскі адвакат. Справамі меншасьцяў заняволеных народаў (Беларусь, Украіна і г.д.) апеквалася амэрыканская арганізацыя "Common Cause".

У 72-м годзе я выйшаў на пэнсію зь дзяржаўнай працы ў Вашынгтоне. Апошнім часам я там працаваў у міністэрствах абароны, камунікацыі, камэрцыі і транспарту. Ва ўсіх гэтых міністэрствах мы, матэматыкі, рабілі адну справу - разьвівалі новыя мэтады падняцьця эфэктыўнасьці адміністрацыйнай дзейнасьці. Пры дапамозе матэматычных разьлікаў тое можна рабіць ва ўсіх галінах - вайсковай, індустрыйнай і г. д. Усюды пачала ўжывацца новая навука, якая выкарыстоўвала прыкладную матэматыку, што прыносіла мільёны даляраў эканоміі. Пасьля выхаду на пэнсію я выкладаў матэматыку ў Мэрылендзкім унівэрсытэце, стаў поўным прафэсарам. Неўзабаве атрымаў прапанову паехаць у Эўропу, дзе ў 12 краінах існавалі філіялы Мэрылендзкага ўнівэрсытэту - усюды, дзе стаялі амэрыканскія войскі. Найболей такіх амэрыканскіх адзьдзелаў было ў Нямеччыне, куды я прыехаў і пачаў выкладаць матэматыку, пражываючы ў Франкфурце-на-Майне, дзе знаходжуся аж да сёньня.

Аднойчы ў Франкфурце мне патрэбна было перакласьці некаторыя дакуманты на нямецкую мову, і я зайшоў да адной перакладчыцы, якая паходзіла зь Вільні. І яна мяне пазнаёміла з Тамарай. Проста мы йшлі вечарам каля Тамарынай хаты, і перакладчыца кажа: тут мае прыяцелі ўкраінцы жывуць. Дык я: давайце зойдзем. Так я патрапіў у Тамарыну сям'ю. Тамара нарадзілася ў Кіеве. Тады я быў яшчэ даволі малады і жвавы, і ў нас з Тамарай пачалося цеснае знаёмства. А яна была выдатная асоба, толькі што скончыла інстытут чужаземных моваў у Франкфурце. А раней жыла ў Амэрыцы, скончыла амэрыканскую гімназію і ўнівэрсытэт, выдатна валодала ангельскаю мовай, як і нямецкай, французскай, украінскай і расейскай таксама. У нас зь ёй знайшлося шмат супольных інтарэсаў. Часта я даваў ёй рабіць праверку майго ліставаньня з прыяцелямі, што яна рабіла вельмі добра. Шмат хто з нас гаварыў на розных мовах, але ніхто ня мог так добра пісаць, як Тамара. Сьпярша яна працавала тут у адным ангельскім банку, а пасьля я дапамог ёй знайсьці працу ў Дзяржаўным банку Нямеччыны, дзе яна адразу зрабілася сакратаркай самога прэзыдэнта банку. Мяне захапіла яе інтэлігентнасьць, любоў да мастацтва, яна першаклясна іграе на раялі, няблага сьпявае, а ў маладыя гады была балярынай. Тое ўсё разам дапамагло мне жыць у Франкфурце. Гэтак мы разам жывем аж 30 гадоў, хоць жывем у розных кватэрах. Яна ёсьць мая спадарожніца жыцьця.

Увогуле, нямецкая навука стаіць вельмі высока. Мне было лягчэй зрабіць дактарат тут, у Нямеччыне, чым нават у Амэрыцы. Чаму? На жаль, у Амэрыцы не залічаюць нічога, што ты зрабіў у Эўропе, трэба пачынаць усё ад самага пачатку. Я ўжо меў з Віленскага ўнівэрсытэту дыплём магістра матэматыкі, гэта амаль што дактарат, з тым і працаваў. А як прыехаў сюды, у Нямеччыну, дык унівэрсытэт у Рэгенсбургу залічыў усё, што я зрабіў раней, у тым ліку і ў Вільні. Трэба было толькі зрабіць доктарскую дысертацыю, абараніць яе перад камісіяй. Маёй тэмай быў абраны аналіз матэматычнай дзейнасьці аднаго з найвялікшых матэматыкаў сьвету - Антона Зыгмунда. Абарона адбылася пасьпяхова, і я атрымаў дыплём доктара філязофіі ў галіне агульнай гісторыі навукі і матэматыкі - так напісана ў маім дыплёме. І ў Эўропе, і ў Амэрыцы вельмі важна, калі займаць высокія становішчы, дык каб мець дактарат. Каб я меў дактарат у Амэрыцы, я б дасягнуў яшчэ болей высокага становішча.

Жывучы ў Эўропе, я дапамагаў у вучобе абодвум сынам, якія скончылі па чатыры факультэты і цяпер ёсьць выдатныя адмыслоўцы Амэрыкі. Дапамагаць дарослым дзецям было не ў традыцыях амэрыканцаў. Там, калі дзеці паступалі ва ўнівэрсытэты, дык павінны былі самі зарабляць на жыцьцё і на вучобу. Але тое было вельмі цяжка і не магло не адбіцца на посьпехах у вучобе. Я дапамагаў сынам яшчэ дзесяць год з Эўропы. Цяпер старэйшы працуе начальнікам дэпартаменту ў НАСА (некалі ён захапляўся спортам і нават быў чэмпіёнам Амэрыкі па тэнісу). Малодшы - мэдык, высокакваліфікаваны хірург. Усе маюць свае дамы, сем'і. Жывуць у Амэрыцы.

Леанід Іванавіч Сядоў, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук СССР, кожны год прыязджаў на Захад прадстаўляць СССР на ўсіх астранаўтычных кангрэсах. Мы пазнаёміліся ў 58-м годзе на кангрэсе астранаўтыкі ў Амстэрдаме. Пасьля ён часта прыязджаў у Амэрыку, і дзярждэпартамент кожны раз прасіў, каб я займаўся ім. Я вазіў яго па Амэрыцы, паказваў навуковыя цэнтры. Аднойчы здарыўся такі цікавы мамэнт. На кангрэсе астранаўтыкі ў Токіё яго папрасілі зрабіць мемарыяльны даклад у Такійскім унівэрсытэце. Ён быў прафэсар аэрадынамікі. І вось велізарная заля ў Токіё, сядзяць прафэсары і студэнты - тысячы чалавек, у першым радзе амэрыканскі амбасадар і я зь ім побач. Выступае Сядоў. У Японіі абавязкава патрэбна гаварыць зь перакладчыкам. Ён папрасіў перакладчыка-японца, які б мог перакладаць з расейскай. Але тут аказалася, што перакладчык ня можа перакласьці, каб было зразумела. Тады ён кажа, што, можа, зрабіць пераклад на ангельскую мову, якую японцы таксама ведаюць. Але хто будзе перакладчыкам? Юр'еў, камерцыйны аташэ савецкай амбасады ў Токіё. Пачынаецца даклад. Але Юр'еў ня ведае матэматыкі і ня можа перакласьці матэматычныя тэрміны. Тут умяшаўся я і выратаваў становішча - пачаў перакладаць усе матэматычныя тэрміны. Сядоў вельмі дзякаваў мне. А амэрыканскі амбасадар сказаў, што ён вельмі ганарыцца мной, як амэрыканцам.

Шмат навукоўцаў прыязджала з Савецкага Саюза, усіх іх я добра ведаў. Ніколі не забудуся, як у Іерусаліме мне ўручалі дыплём акадэміка астранаўтыкі. Атрымаўшы, я пайшоў на сваё мейсца, але на шляху завітаў да савецкіх вучоных і ўсім падаў руку. Навукоўцы не займаліся палітыкай, хаця ім часьцяком даставалася ад палітыкаў. Іх саджалі і рэпрэсавалі. Некаторых ніколі не выпушчалі на Захад, такіх, як Каралёў, Курчатаў. Я ўсіх ведаў, а Курчатава ніколі і ня бачыў. Цяпер ягоным імем названы нават адзін хімічны элемэнт. Увогуле, новыя элемэнты вынаходзілі ў Амэрыцы, давалі ім амэрыканскія назовы: амэрыцыўм, каліфорніўм, бярклеўм... Вядома, вялікую справу зрабіў расеец Мэндэлееў - уклаў усё ў сістэму, яго славутую Табліцу Мэндэлеева. Таму адзін з элемэнтаў называецца мэндэлеўм.

Шмат якія беларусы рабілі толькі самае найлепшае дзеля Беларусі, выводзілі Беларусь у сьвет. Нямала пачалося і зь ініцыятывы майго сябра і калегі па гімназіі Льва Гарошкі. Усім беларускім уніятам трэба сказаць найвялікшую падзяку за тое, што яны найбольш трымаліся беларускай справы. Сяднёў - слынны чалавек у Беларусі, таму што ён вялікі паэта, і я намагаўся колісь, каб ён атрымаў намінацыю на Нобэлеўскую прэмію. Я зрабіў яму дзьве намінацыі - Мюнхенскага ўнівэрсытэту і Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту. Наогул, я заўсёды быў захоплены нашымі беларускімі паэтамі, якія ёсьць бясцэнны наш скарб. Беларусь - краіна паэтаў, тое ўсе ведаюць.

Аповяд дзевяты

4 жніўня, рэзыдэнцыя Васіля Быкава

Спадар Кіт гэтую кватэру (як, дарэчы, і ўласную) гучна называе рэзыдэнцыяй, хай будзе так. Насамрэч гэта простая, без усялякіх прэтэнзіяў, img/image013.jpg казённая (службовая, як мовілі б у нас) кватэра, дзе няма нічога лішняга і ёсьць усё неабходнае для побыту - паводле сярэдніх заходніх стандартаў. Самае, аднак, прывабнае для гаспадара, вядома, за выключэньнем ягонага рабочага стала, гэта вялізны стары каштан за вакном. Ён першы ўвесну радуе вока порсткімі пупышкамі ў гольлі, затым лісьцём, у ім круглы год скачуць-гуляюць вавёркі, а наверсе нават прытулілася гнязьдзечка нейкага птаха. Каштан прыгожы вясной і ўлетку густым лісьцьвяным убраньнем, прывабны зімой строгаю графікай гольля. Праўда, ён ужо няплодны, мабыць, ад старасьці. А можа, з прычыны незвычайнай пражэрлівасьці гарадзкіх вавёрак, якія ўвесну дашчэнту ад'ядаюць яго крохкія сьвечкі.

Цікава назіраць жыцьцё гэтага дваравога волата, калі б побач не было водгукаў іншага жыцьця, поўнага чалавечых высілкаў, драмаў, а то, здаралася - і радасьцяў...

- Прыйшоў час зрабіць кароткі агляд таго, што мной зроблена ў астранаўтычных арганізацыях Амэрыкі.

Ад 56-га да 58-га году мне давялося быць адным з першапраходцаў у самых пачаткавых касьмічных дасьледваньнях Амэрыкі. Фірма, у якой я працаваў, ужо ўпаміналася вышай. Я браў удзел у дасьледваньні і пабудове самых першых інтэркантынентальных стратэгічных ракетных сістэмаў, а таксама быў першы дасьледнік ужывальнасьці плыўкага вадароду як ракетнага паліва. Яно цяпер ужываецца ва ўсіх галоўных ракетах сьвету, у тым ліку ў касьмічным караблі "Аполён", таксама ў чаўночным касьмічным караблі "Шатл". Я ж у той час падрыхтаваў першы гістарычны падручнік па астранаўтыцы, у якім былі выкладзены прынцыпы ракетнага дзеяньня, а пасьля агляд усіх магчымых ракетных паліваў. Гэты падручнік разышоўся па ўсім сьвеце, ім карысталіся пакаленьні ракетных інжынераў аж да сягоньня. Падручнік мае прадмову Тэадора фон Кармана, бацькі сучаснай аэрадынамікі. Усё тое было да часу запуску савецкага спадарожніка. Пасьля мяне запрасілі ў Вашынгтон, дзе я працаваў да 63-га году спачатку ў Міністэрстве паветраных сілаў ЗША, у адзьдзеле замежных касьмічных дасьледваньняў. Я быў там і дасьледнік і дарадчык па ўсёй замежнай касьмічнай дзейнасьці, у тым ліку і Савецкага Саюзу. У выніку маёй тамтэйшай дзейнасьці змог выдаць фундаментальную кнігу (600 стар.) аб гісторыі і сучасным становішчы савецкай касманаўтыкі.

З 63-га па 65-ы год я працаваў у тэлефонна-тэлеграфнай фірме ІТТ, вядомай сваімі філіяламі ва ўсім сьвеце. У той час яна заснавала ў Вашынгтоне свой касьмічны філіял, дзе праводзіліся дасьледваньні ў пабудове сатэлітаў сувязі. Рыхтавалася падарожжа на Месяц, і я адмыслова займаўся пабудовай сувязі зь ім - часткай вялікага праэкту "Аполён". Пасьля да 68-га году працаваў у Нацыянальным бюро стандартаў, адзьдзеле Міністэрства камэрцыі, дзе я займаўся разьвіцьцём стандартаў, асабліва ў амэрыканскай касьмічнай індустрыі. Часта быў дзяржаўным прадстаўніком ЗША ў камісіях у Эўропе па агульнай сусьветнай стандартызацыі. У гэтым жа міністэрстве я працаваў як спэцыяліст новай навукі, якая тады буйна разьвівалася ў Амэрыцы, гэта Operations Research Analysis - навука павышэньня эфектыўнасьці дзеяньняў у розных галінах індустрыі ці вайсковых дзеяньняў пры дапамозе матэматыкі. У той жа галіне я працаваў яшчэ ў трох міністэрствах - абароны, транспарту, камунікацыі. Маёй працай былі матэматычныя разьлікі для павышэньня эфектыўнасьці дзеяньняў у міністэрствах. Гэта была новая навука, што нарадзілася пасьля Другой сусьветнай вайны з вопыту ўсіх матэматычных вынаходжаньняў для вайны, як, напрыклад, энігмы ў Англіі - матэматычнага апарату, які падслухоўваў нямецкія перамовы і дапамог перамагчы фашызм. Або з разьлікаў, як змагацца з падводнымі лодкамі Нямеччыны ў Сусьветным акіяне. З дапамогай гэтых разьлікаў сілы альянсу змаглі зьнішчыць нямецкі падводны флёт і арганізаваць дапамогу Савецкаму Саюзу.

У 1972 годзе я выйшаў на пэнсію і атрымаў пасаду прафэсара Мэрылендзкага ўнівэрсытэту, выкладаў матэматыку ў эўрапейскім адзьдзеле, галоўная кватэра якога месьцілася ў Гайдэльбэргу. Там я працаваў аж да 92-га году, выкладаў матэматыку ў 40 амэрыканскіх цэнтрах у Эўропе. Гэта таксама была вельмі цікавая праца. Нас, выкладчыкаў, было шмат, і мы працавалі ў васьмі краінах Эўропы. Апроч таго, нашыя філіялы былі ў Азіі і Афрыцы, дзе разьмяшчаліся амэрыканскія войскі, нават у В'етнаме, дзе мы выкладалі матэматыку на авіяматках. Амэрыканцы клапаціліся, каб іхнія салдаты падчас службы атрымлівалі адукацыю. Найбольшая колькасьць амэрыканскага войска была ў Нямеччыне. Я ўвесь час жыў у Франкфурце, і кожны сэмэстр атрымліваў новае прызначэньне, у іншы горад, куды і езьдзіў на ўласным аўтамабілі. Я ганаруся ня толькі тым, што 15 год працаваў у Беларусі для беларускага школьніцтва, але і тым, што 30 год быў прафэсарам амэрыканскага ўнівэрсытэту і маю найвышэйшыя ўзнагароды. Пра Мэрылендзкі ўнівэрсытэт адзін з вялікіх ангельскіх гісторыкаў Торнбэй неяк сказаў: у Мэрылендзкім унівэрсытэце сонца ніколі не заходзіць. Тое праўда, бо ён меў свае адзьдзелы і ў Азіі, і ў Эўропе, і ў Амэрыцы, і сонца над імі ніколі не заходзіла.

Антон Зыгмунд, адзін з найвялікшых матэматыкаў XX стагодзьдзя, быў маім прафэсарам у Віленскім унівэрсытэце. Падчас Другой сусьветнай вайны Амэрыка запрасіла яго да сябе і тым выратавала ад пагібелі. Там ён увесь час быў прафэсарам аднаго з найвялікшых унівэрсытэтаў Амэрыкі, Чыкагскага, дзе тварыў новую матэматыку. Шмат якія ягоныя вучні сёньня сталі слыннымі матэматыкамі. Пад канец сваёй дзейнасьці ён з рук прэзыдэнта Кенэдзі атрымаў найвялікшую навуковую ўзнагароду Амэрыкі. Ён быў цудоўны чалавек, заўжды рупіўся пра сваіх студэнтаў. Прыехаўшы ў Амэрыку, я ўзнавіў зь ім сувязь, ён пісаў мне рэфэрэнцыі для паступленьня на працу. З Эўропы я часам наведваў яго ў Чыкага і аднойчы запытаў, колькі пад яго кіраўніцтвам выйшла дактароў матэматыкі. Дык ён кажа: "Ну, каля ста". - "А ці хто-небудзь напісаў пра вас, зрабіў аналіз вашае дзейнасьці?" Аказалася - ніхто. Дык я падумаў, што трэба тое зрабіць мне. І з гэтага ўсё пачалося.

Я ўзяў у яго матэрыялы і, ужо жывучы ў Нямеччыне, зьвязваўся з рознымі ўнівэрсытэтамі, асабліва з унівэрсытэтам у Рэгенсбургу, адным са старэйшых у Нямеччыне. Там я спаткаў прафэсара Тота і прапанаваў яму 10 тэмаў, апошнім у якіх стаяла прозьвішча Зыгмунда. Дык Тот выбраў менавіта яго. Пяць год я працаваў над дысертацыяй. Трэба было разабраць 900 тэарэмаў Зыгмунда ды шмат чаго іншага. За гэтую працу я атрымаў ступень доктара.

Варта адзначыць адзін момант маіх асабістых дачыненьняў да Зыгмунда. У Вільні я жыў у Новай калёніі, і Зыгмунд аднойчы прыехаў да мяне і на летні час пасяліўся ў маім доме разам з жонкай, таксама матэматыкам унівэрсытэту, і малым сынком. Сын часта хварэў, а я езьдзіў у аптэкі па лекі для яго. Праз шмат год жонка Зыгмунда памерла ў Амэрыцы, а сын скончыў адзьдзел эканомікі ва ўнівэрсытэце і стаў вельмі пасьпяховым бізнесмэнам. Ён жыў у Англіі, меў уласны самалёт. Падчас сьвяткаваньня свайго дня народзінаў з двума калегамі паляцеў на тым самалёце, які пацярпеў катастрофу. Усе загінулі. Гэта так падзейнічала на бацьку, што хутка памёр і Зыгмунд.

З Гайдэльбергскага ўнівэрсытэту, які налічвае каля 600 гадоў, выйшла вялікая колькасьць славутых навукоўцаў у розных галінах. Беларусі ў гэтым сэнсе ня так пашанцавала. Затое Беларусь славутая сваёй літаратурай, якая сапраўды робіць ёй сусьветную славу. Кепска, што беларуская дыяспара ў некаторых адносінах папсавала імідж Беларусі. Галоўным чынам сваімі звадамі. Праўда, з амэрыканцамі ў яе былі нармальныя адносіны, затое між сабой увесь час сварыліся. Без асаблівых прычынаў. Я заўсёды быў супраць таго, стараўся памірыць усе групоўкі. У сваю калёнію Саўт-Рывэр прымаў усіх, не зважаючы на партыйную прыналежнасьць, і тым ганаруся. Але яны таго ня ведаюць, і хай гэта сягоньня прагучыць. У Амэрыцы я ня меў ніякіх сувязяў з расейцамі, за выняткам хіба аднаго сьвятара з Вашынгтона, айца Дзьмітрыя Грыгор'ева. Мы зь ім мелі добрыя адносіны, але, на жаль, у апошні час разышліся ў сваіх палітычных перакананьнях. Як і шмат якія расейцы, ён цяпер думае адно і тое ж: Расійская імперыя - адзіная і непадзельная. А я стаю за незалежнасьць Беларусі, чаго яна поўнасьцю заслугоўвае. Тое прызнаюць усе народы сьвету, што не спадабалася, аднак, айцу Дзьмітрыю.

Пра міжваенную Вільню, яе побыт і людзей вельмі добра напісала ў сваёй невялічкай кніжцы Галіна Войцік. Мне было цікава прыпамятаць, як мы колісь хадзілі на Нямецкую вуліцу і там карысталіся кулінарным майстэрствам габрэяў. На той час габрэі складалі палову насельніцтва Вільні. Самым папулярным прадуктам там быў, вядома ж, селядзец. Вялікага антысемітызму не было, але на вуліцы Нямецкай часам узьнікалі канфлікты. Як у вядомым выпадку, калі кінутай кімсьці цаглінай быў забіты польскі студэнт. Тое паслужыла зачэпкай для немалых сутычак розных слаёў насельніцтва. А ў выніку ва ўнівэрсытэце габрэяў пасадзілі на адным (левым) баку аўдыторый, а негабрэяў - на другім. Я сядзеў на габрэйскім баку - з салідарнасьці з габрэямі.

Ва ўнівэрсытэце ў Вільні я сябраваў з некаторымі студэнтамі-літоўцамі. Пасьля належаў да Беларускага студэнцкага саюзу, а гэты саюз супрацоўнічаў зь літоўскім і ўкраінскім студэнцкімі саюзамі, і мне даводзілася штогод удзельнічаць у гадавым банкеце гэтых трох саюзаў. Мы зьбіраліся ў прыгожай залі гімназіі, якая называлася Аполё, на вуліцы Міцкевіча. Затым болей за ўсё спатыкаўся зь літоўцамі на эміграцыі. Там мы бралі актыўны ўдзел у літоўскіх імпрэзах, прысьвечаных незалежнасьці, - ці то літоўскай, ці то ўкраінскай. Памятаю прафэсара Бержышку, аднаго з заснавальнікаў незалежнасьці Літвы ў 1920 годзе, генерала Раштыкіса, шэфа генеральнага штаба Літвы. Мы ня раз спатыкаліся, фатаграфаваліся. Адна з такіх фатаграфій ёсьць у кнізе па гісторыі Літвы. На ўкраінскіх сходах я заўсёды гаварыў па-беларуску, а на літоўскіх мяне перакладаў мой сябра Чэслаў Найдзюк, які ведаў літоўскую мову. У 93-м годзе, калі я зьбіраўся ехаць у Вільню, літоўскі чыноўнік тамтэйшых авіялініяў прызнаўся мне ў Франкфурце, што ён таксама вучыўся па маёй кнізе. Ён патэлефанаваў у Вільню, і мне далі аўтамабіль для паездак, дзе мне было патрэбна. Тое было маё апошняе спатканьне зь Літвой.

У даваеннай Вільні адбылося маё знаёмства з доктарам Янкам Станкевічам, які тады быў беларускім паслом польскага сойму ў Варшаве і вельмі шмат зрабіў для беларускай мовы. Гэта ён вярнуў ва ўжытак слова с п а д а р, якое ўжывалася ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Але ягоная ініцыятыва з увядзеньнем слова К р ы в і я выклікала вялікі закалот у беларускім замежжы ў Амэрыцы. Не зважаючы на тое, трэба адзначыць яго вялікія ініцыятывы, скіраваныя на беларускае адраджэньне. Я блізка ведаў усю ягоную сям'ю, памятаю маленькім хлопчыкам Вячку, які затым стаў дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода. Некалі я сябраваў з ягонай маці-чэшкай, мы разам езьдзілі ў Наваградак дапамагаць тамтэйшым вучням здаваць матуральныя экзамены.

Аповяд дзесяты

12 жніўня, кавярня «Вінервальд»

Спатыкацца ў гарачыню на нашым звыклым мейсцы каля Давіда сёньня было нязручна, і мы ўранку дамовіліся па тэлефоне перанесьці сустрэчу ў засень - пад цяністыя дрэвы збоч кавярні "Вінервальд". Тут адносна ціха, столікі зранку вольныя, ёсьць дзе прытуліцца. Так сталася, што я прыйшоў раней, пачаў чакаць спадара Кіта, які заўсёды прыходзіў роўна ў прызначаны час. Трохі незвычайная для чалавека такога ўзросту завядзёнка, зь якой, як нехта сказаў, і вырасла пратэстанцкая этыка.

Калі ёсьць вольны час, у галаву лезуць розныя (не абавязкова дурныя) думкі. Найперш пра таго, каго я мушу выглядаць між людзей навакол. Безумоўна, спадар Кіт чалавек выключны, не такі, як усе ці нават бальшыня людзей. Сваю выключнасць ён засьведчыў посьпехамі ў вучобе - у гімназіі ды ўнівэрсытэце. Затым яму было наканавана перажыць жахлівыя выпрабаваньні ваеннага часу, клопаты эмігранцкага жыцьця. Але як бы склаўся ягоны лёс, калі б не было тых выпрабаваньняў, калі б яму давялося жыць у нармальным грамадзтве? Як бы разьвіўся ягоны матэматычны талент, яго фэнаменальныя хімічныя здольнасьці? Калі матэматыкай ён займаўся ўсё жыцьцё, дык хімія - толькі эпізод у ягоным даўгім жыцьці. І гэткія ашаламляльныя вынікі!

Ці ёсьць тут якая залежнасьць паміж прафэсійнасьцю і Боскім азарэньнем вынаходніка, што, здараецца, адорвае навукоўца? Дзякуючы ці насуперак - вось у чым пытаньне. Якая тут роля розуму, асяродзьдзя і загадкавай падсьвядомасьці?

А можа, уся справа ў шчодрае міласьці яго вялікасьці выпадку?

Спадар Кіт, які зьяўляецца ў роўна прызначаны час, як заўжды, са сваёю чароўнай усьмешкай, кажа, што, каб зразумець тое, сьпярша трэба выпіць.

А выпіўшы, абыякава махае рукой - хай тое тлумачаць іншыя. Аматараў да чужых спраў заўсёды хапае...

- У 1958 годзе на астранаўтычным кангрэсе ў Амстэрдаме я спаткаў Тэадора фон Кармана, бацьку сучаснай аэрадынамікі, які дапамог у развіцьці звышгукавой авіяцыі. Падышоў да яго з просьбай напісаць прадмову да майго падручніка па астранаўтыцы. Тое асабліва хацела мая друкарская фірма. Ён пагадзіўся, і назаўтра я прыйшоў да яго ў гатэль, дзе сабраліся шмат журналістаў - гэта быў час, калі Савецкі Саюз запусьціў свой першы спадарожнік. Фон Карман доўга распытываў пра маю працу і быў асабліва задаволены, што я супрацоўнічаў зь ягоным вучнем, выдатным вучоным Эдвардам фон Дрыестам.

Пасьля на працягу пяці гадоў я працаваў разам з фон Карманам, рабіў для яго выпіскі ў бібліятэцы кангрэсу ў Вашынгтоне. Ён вельмі высока цаніў маю кнігу пра ракетнае паліва. Я часта сустракаўся зь ім у Вашынгтоне, а таксама ў Парыжы, дзе ён працаваў у якасьці прэзыдэнта міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Пад канец жыцьця ён захапляўся навуковай гісторыяй, у прыватнасьці творамі амэрыканскага пісьменьніка Гарэта П.Сэрвіса, а таксама кнігай Жуль Верна пра палёт на Месяц. Я дапамагаў яму ў пошуках такога роду літаратуры. На жаль, ён памёр за шэсьць год да палёту амэрыканцаў на Месяц, на 81-м годзе жыцьця. Пахаваны ў Аахене, дзе некалі заклаў інстытут аэрадынамікі, які цяпер носіць імя фон Кармана.

На тым самым кангрэсе я пазнаёміўся таксама з фон Браўнам. А пасьля ў Вашынгтоне зноў адрэкамендаваўся яму, і тут аказалася, што ён мяне памятае з мінулага разу і чытаў маю кнігу. Пазьней ён шмат разоў тэлефанаваў мне, асабліва з нагоды прыезду савецкай дэлегацыі, зь якой ня мог размаўляць па-расейску. Тады я выконваў яму ролю перакладчыка. Госьці цікавіліся шмат якімі праблемамі астранаўтыкі, і я вазіў іх у розныя інстытуты, паказваў, што робяць амэрыканцы. Вялікай сакрэтнасьці ў дачыненьні да расейскіх калегаў тады не было. Лічылася, што дасягненьні Амэрыкі павінны служыць усяму сьвету. Вучоныя Савецкага Саюза выдатна карысталіся тым.

Я 40 год знаёмы з вядомым пісьменьнікам Амэрыкі Фрэдэрыкам Ордвэем, які ўзяў удзел у маёй вялікай, на 600 старонак кнізе па гісторыі савецкай астранаўтыкі. Гэта была другая мая вялікая кніга. Дарэчы, Ордвэй напісаў каля 10 кніг для фон Браўна, які сам не пісаў шмат. Ён быў спонсарам пры маім уступленьні ў Сусьветную акадэмію астранаўтыкі.

Прыехаўшы з Амэрыкі ў Эўропу, я стаў сябрам нямецкага астранаўтычнага таварыства і кожны год езьдзіў на іхнія сходы. Таварыства мела імя Германа Обэрта, славутага вучонага, што ўваходзіць у лік трох першых піянэраў астранаўтыкі (Цыялкоўскі, Обэрт, Годард). Я яго ведаў асабіста, спатыкаў на сходах і 30 год быў сябрам гэтага таварыства. Мяне выбралі ў савет дырэктароў таварыства і вельмі добра да мяне адносіліся, бо цанілі мае амэрыканскія заслугі. Яны мне далі дзьве ўзнагароды - залатую брошку і вялікі залаты мэдаль Германа Обэрта на стужцы. Мой прыяцель Аўгуст Штаац 30 год быў старшынёй гэтага таварыства. Ён разам з фон Браўнам працаваў у Пенемюндэ, а першы раз я спаткаў яго ў 58-м годзе на астранаўтычным кангрэсе ў Амстэрдаме. Гэтым часам мне давялося спатыкацца зь іншымі славутасьцямі, як напрыклад, Вернэр Хайнэрбэрг - бацька квантавай мэханікі. Або Юлій-Роберт Опэнгаймэр - бацька атамнай бомбы, Эдвард Тэлер - бацька вадароднай бомбы, Вілі Месэршмідт - канструктар нямецкіх самалётаў, ды іншыя. Спатыкаўся і з савецкімі вучонымі, лаўрэатамі Нобэля Басавым і Прохаравым, а таксама Блохінцавым, Будкерам, Сядовым, Благанрававым, Багалюбавым, Вэкслерам і інш.

Можна падзяліць мой уклад у разьвіцьцё астранаўтыкі на дзьве галоўныя часткі - гэта дзейнасьць у ЗША і ва ўсім сьвеце.

Найперш - дасьледчая праца ў Каліфорніі і ў Вашынгтоне ў фірмах, ужо ўспомненых вышэй, удзел у разьвіцьці першых касьмічных ракетных сістэмаў і мэтадаў касьмічных сувязяў "Аполён" і другое - удзел у сусьветнай касманаўтыцы праз:

1. Публікацыі кніг і артыкулаў.

2. Садзейнічаньне супрацоўніцтву ЗША і СССР у астранаўтыцы (вёў першыя канфэрэнцыі ў Вашынгтоне).

3. Дзейнасьць у сусьветных астранаўтычных арганізацыях (кангрэсы, рэфэраты).

4. Спатыканьне ці супрацоўніцтва з найвялікшымі дзеячамі сусьветнай астранаўтыкі.

Дзеля таго, што ўся вышэйуспомненая мая дзейнасьць у галіне астранаўтыкі пачалася ў 50-60-х гадох мінулага стагодзьдзя, г.зн. калі пачаўся бурны ўздым гэтай славутай навукі, маю надзею, што гісторыя можа залічыць і мяне ў шэрагі яе першапраходцаў.

Немцы вельмі добра адносіліся да амэрыканцаў, і мае сувязі зь немцамі працягваюцца. Я сябрую з прафэсарам Шлёцам (Бэрлін), які ўзначальвае таварыства беларуска-нямецкіх спатканьняў. У мінулым годзе ён заснаваў прэмію Барыса Кіта для дапамогі беларусам. Я таксама ўдзельнічаю ў гэтым праэкце - памагаю грашыма. Лаўрэатам маёй прэміі ўжо стала прафэсар Лідзія Савік зь Менску.

Трагічны лёс спасьцігнуў Вацлава Іваноўскага, у часе вайны, пры немцах, бургамістра Менску, забітага партызанамі. Я добра ведаў гэтага інтэлігентнага чалавека, які пры нашых нячастых сустрэчах у Менску ласкава называў мяне Кітачкам. Маючы пэўныя паўнамоцтвы, ён спрабаваў выкарыстаць іх дзеля беларусаў і беларускае справы і з поўным правам можа быць залічаны да герояў беларускага народа. Народ толькі тады існуе, калі мае сваіх герояў. У гэтым сэнсе хачу ўспомніць спадароў Генадзя Карпенку і Віктара Ганчара, зь якімі меў прыемную сустрэчу ў Маладэчне. Тады абодва яны здаліся мне вельмі перспектыўнымі палітыкамі. Дужа шкада, што лёс абышоўся зь імі гэтак бязьлітасна.

На заканчэньне хачу распавесьці пра аднаго з найвыдатнейшых дзеячаў беларускага адраджэньня Браніслава Тарашкевіча, старшыню Беларускай сялянска-работніцкай Грамады на самым пачатку яе нараджэньня. Тады беларускае сялянства яшчэ захоўвала сваю беларускасьць, што выявілася ў арганізацыі самой Грамады, якая адразу сабрала 100 тысяч сяброў. Яе гурткі былі створаны па ўсёй Заходняй Беларусі. Мы, вучні гімназіі, таксама далучыліся да гэтага руху, я арганізаваў гурток нават у сваёй роднай вёсцы, дзе мой бацька стаў яго старшынёй.

Гісторыя Грамады ёсьць адзін з самых выдатных мамэнтаў гісторыі Беларусі. Я меў гонар асабіста спаткаць Браніслава Тарашкевіча. Як тое адбылося? Незвычайна актыўная дзейнасьць беларусаў занепакоіла польскія ўлады. Тарашкевіч ды іншыя лідэры Грамады адчулі, якая над намі навісае пагроза. Менавіта ў такі час Браніслаў Тарашкевіч прыехаў у нашу Наваградзкую беларускую гімназію. Ён растлумачыў нам пра пагрозьлівае становішча для Грамады, наладзіў спатканьне з актывам гімназіі, у ліку яго пяці чалавек апынуўся і я. Мы абгаворвалі наша становішча, выпрацоўвалі меры ў адказ. Тарашкевіч папярэдзіў нас, каб мы былі болей асьцярожныя, схавалі нашы білеты Грамады. Тое было правільна, бо моладзь, як заўжды, ня дужа асьцерагалася. Хутка пасьля таго Грамада была ўсё роўна забароненая польскімі ўладамі, адбыўся вялікі працэс у акруговым судзе ў Вільні. Але, не зважаючы на забарону, мы рабілі беларускую справу далей. Такім у маёй памяці застаўся Браніслаў Тарашкевіч, які пасьля апынуўся ў Савецкім Саюзе і згінуў.

Хочацца хоць напрыканцы гэтых аповядаў успомніць яшчэ адну падзею, якая здарылася зусім нядаўна. Газэты ў Польшчы, а таксама ў Беларусі шмат пісалі аб памершым Юрыю Гедройцу, па народжаньню беларусу, які перад вайной быў вялікі польскі дзеяч, а пасьля вайны - рэдактар польскага часопісу "Культура" ў Парыжы. Гедройц спрыяў беларускай справе, трымаў у сваім часопісе г.зв. "Беларускую хроніку", якой кіраваў мой прыяцель Уладзімер Брылеўскі зь вёскі Залесьсе, што каля Маладэчна. Брылеўскі пісаў вельмі добра і гэтым шмат зрабіў для беларускай справы, за што яму належыць вялікая ўдзячнасьць і пашана ад усіх беларусаў.

Аповяд адзінаццаты

17 жніўня, Grosser Hasenpfad 1, рэзыдэнцыя Барыса Кіта

Адзіночны нумар у някепскім, але і не ў шыкоўным гатэлі. Усё, як усюды ў такіх выпадках: канапа, пісьмовы стол, столік дзеля часопісаў і img/image014.jpg газэт. За ім годна закусіць і выпіць калі з добрым госьцем. Ні факса, ні ксеракса, ні кампутара - пэўная колькасьць уласных ды іншых, патрэбных кніжак. У тым ліку і кніг пра гаспадара, выдадзеных на радзіме і ў сьвеце. Пейзаж за вакном цудоўны. Гарадзкі краявід з вышыні шостага паверху набывае асабліва прывабную зманлівасьць рамантычнай крывулястасьцю вуліцаў, зелянінай маленькіх скверыкаў, разнастайнасьцю чарапічных дахаў. На сьценах жа - хатняя экспазыцыя дыплямаваных заслугаў гаспадара і - Беларусь у яе візуальных выявах. Тут Барыс Кіт жыве 30 гадоў, такім жытлом задаволены, іншага яму і ня трэба. Усё іншае - жабрацкае, так сабе, і нават багатае - усё ў мінулым. Перажытое, пераадоленае...

Можа, менавіта тут найбольш бачна пэўная неўкаранёнасьць у тутэйшае, хай сабе і годнае жыцьцё, адчуваньне яго адноснай часовасьці. Увогуле, тое зразумела. Беларус ужо фактам сваіх народзінаў укаранёны ў іншае - у свой сьціплы куточак на Наваградчыне, Амсьціслаўшчыне ці Полаччыне і, па вялікім рахунку, ня ў стане ўкараніцца ні ў які іншы. Нават і самы для таго здатны. Душа яго будзе не там - будзе Дома.

Амэрыка спаўна ацаніла незвычайнасьць маштабу таленту гнанага беларуса. I ён, беларус, шчодра адплаціў ёй за давер і гасьціну. Бо змалку засвоіў хрысьціянскую максіму - за дабро належыць плаціць дабром. Ягоны ўклад у сусьветную навуку быў, па сутнасьці, рэабілітацыяй Беларусі, своеасаблівай адплатай лёсу за яе векавую адсталасьць, збэшчаныя народныя таленты. Цяпер на дзесятым дзесятку жыцьця Барыс Кіт справядліва ўсьведамляе, што свой чалавечы і грамадзянскі доўг сплаціў цалкам. Перад часам, людзьмі і Богам. Засталося хіба сплаціць рэшту далёкай занядбанай радзіме, што прадаўжае гібець у нэньдзе і паняверцы. I колькі ў яго хапае сілы і часу, ён штодзень робіць тое...

- Ад самага пачатку я стаяў і стаю за сапраўдную і поўную незалежнасьць Беларусі. Тое засьведчана ва ўсіх кнігах пра мяне, у юбілейным альбоме таксама. Ва ўсе часы я змагаўся за вольную Беларусь, бо той стан ёсьць натуральны для кожнага разьвітога народу. За гэта стаіць увесь дэмакратычны сьвет, аснову якога зараз і складаюць незалежныя краіны і нацыі. А паяднаньне з Расеяй ёсьць найгоршае наша няшчасьце. Саюз - калі ласка, як гэта нярэдка робіцца паміж цывілізаванымі дзяржавамі. Паяднаньне ж ёсць паглынаньне Беларусі. Я думаю, азначае пры ўсім, што зараз ёсьць, яна цалкам можа разьлічваць на ажыцьцяўленьне рэальнай незалежнасьці. Хаця ў нас нямала і старых людзей зь іх састарэлымі комплексамі, выпрацаванымі падчас Савецкага Саюзу. Але ж нават Афрыка мае сёньня пад сотню незалежных дзяржаваў, якім ніхто не дыктуе чужую волю. Беларусь мае даўнюю, самакаштоўную культуру з часоў Вялікага Княства Літоўскага - гэтай садружнасьці трох народаў з тэрыторыяй ад Балтыйскага да Чорнага мора. I ў той дзяржаве беларуская культура і асабліва мова былі агульнымі для ўсіх, бо былі найбольш высокаразьвітыя. Пра тое красамоўна сьведчыць Статут ВКЛ. Але так сталася, што меншая частка таго княства - Жмудзь - пераняла яго агульную назву, а большая засталася пры іншай назве, што ўнесла блытаніну ў пазьнейшую гісторыю ВКЛ. Першай сталіцай княства быў Наваградак, сучасны і слынны беларускі горад, дзе сёньня я ганаровы грамадзянін, што ёсьць найбольшы для мяне гонар.

Цяпер найбольшая мая надзея на моладзь. Увогуле, усе прагрэсіўныя працэсы, што адбываліся ў розных дзяржавах, рабіліся пераважна рукамі маладых. I я цешуся, што ў нас такая нацыянальна сьвядомая моладзь. Яна возьме ў рукі ўсё і найперш - лёс краіны. Я б толькі хацеў параіць ёй: вучыцца! І абавязкова ў беларускамоўных школах, на сваёй роднай мове.

Беларускім прэзыдэнтам я хацеў бы бачыць шчырага беларускага патрыёта і дэмакрата, які сябраваў бы з дэмакратычным Захадам, спрыяў разьвіцьцю рынкавай эканомікі і нацыянальнай культуры, каб дамагчыся стану, які ёсьць на Захадзе. Каб палагодзіў сяброўскія адносіны з усімі краінамі сьвету.

Сяброўкай Беларусі павінна стаць Амэрыка. Яна болей за іншых здатная, каб дапамагчы Беларусі вылезьці з той ямы, куды яна трапіла. Так, як гэта зрабіла Амэрыка для Нямеччыны, для Эўропы цалкам. Амэрыка мае для таго ня толькі матэрыяльныя магчымасьці, але і свае даўнія дэмакратычныя традыцыі. Яна ніколі нічога ня мела супраць Беларусі, заўжды падтрымлівала дэмакратычны лад ва ўсіх краінах, змагалася з сусьветным таталітарызмам. XX стагодзьдзе стала стагодзьдзем Амэрыкі. Нядаўна яшчэ страшэнныя яе ворагі Нямеччына і Японія зь яе дапамогай сталі самымі разьвітымі і дэмакратычнымі краінамі сьвету. Амэрыка - апірышча дэмакратыі, і яна несумненна дапаможа Беларусі, якой належыць толькі прыняць тую дапамогу. Але каб зрабіць тое, Беларусі трэба адхрысьціцца ад яе чэкісцка-камуністычнага мінулага. Што ў дадзеных варунках, на вялікі мой жаль, сумніўна.

Аповяд дванаццаты

Заключны

У гэтым маім апошнім аповядзе хачу перадусім выказаць маю ўдзячнасьць Васілю Быкаву за яго каштоўную ініцыятыву запісаць успаміны аб маёй амаль стогадовай дзейнасьці на карысьць нашай гаротнай Бацькаўшчыны і ўсяго сьвету. Мне выпала ўдача з ласкі Божай спаткаць яго тутака, у Франкфурце-на-Майне, і на працягу амаль усяго 2001 году працаваць над гэтымі маімі сьціплымі аповядамі.

Я хацеў бы, каб усе мае рэчы, усе дакуманты, якія я маю, перадалі ў Карэлічы, у якіх я вырас, дзе жыла мая сям'я, і мае бацькі ляжаць на тамтэйшых могілках. Гэта было б найбольш гожа і разумна. У Наваградку ёсьць музэй Міцкевіча, і тое правільна, бо ён там жыў, вучыўся. А я найбольш зьвязаны з Карэлічамі. Частка майго архіву знаходзіцца ў Наваградку, а рэшту я хацеў бы аддаць у Карэлічы.

Карыстаючыся гэтай магчымасьцю, хачу таксама выказаць маю падзяку ўсім беларускім аўтарам, якія калісь пісалі і друкавалі пра мяне ў кнігах або часопісах, асабліва цягам мінулага стагодзьдзя ў Беларусі. Маю сьветлую надзею, што ўся вышэй успомненая дзейнасьць будзе карыснай для будучыні Беларусі.

Хай жыве Беларусь - незалежная дэмакратычная дзяржава!



[1] Захоўваецца аўтарскае напісанне.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX